Іван ПТАШНІКАЎ
ЛОНВА
АПОВЕСЦЬ
Падзея, пра якую расказвае аповесць, адбылася ў нашых паўночных беларускіх лясах пасля вайны — у 1946 годзе. Людзі — сведкі яе — усе жывуць.
Аўтар
Раздзел першы
Жнівень. Ноч
Яны доўга стаялі на шашы...
Перад захадам сонца з зямлі сталі ўзлятаць вароны. Іх ганяла ветрам, чорных і лёгкіх, над раллёй, што цямнела далёка на пагорку за дарогай, аж ля маяка, куды трэба было ісці; іх прыносіла і сюды, да самай шашы, да моста, дзе тэлефонныя слупы, падымала, як шалёных, угору і шпурляла вобземлю, што леташняе збуцвелае лісце.
Сціх вецер — зніклі з вачэй вароны.
Толькі на захадзе, далёка за маяком, за рэдкі, выцераблены лес апускалася сонца, памалу-памалу — зачапілася і яшчэ доўга будзе вісець там, пакуль раптам не ацяжэе, не сарвецца і не знікне за сінім краем зямлі.
Было ціха.
Калі яны доўга глядзелі ад моста на гару, пачынаў дрыжаць у вачах малінавы захад і стукала ў галаве. Гэта ад цішыні. Глухой, даўкай і мяккай-мяккай... Такая цішыня пастае толькі ўвосень.
Восень на Мсціжаўшчыне пачынаецца ў жніўні. Пачынаецца ў такія ціхія цёплыя яшчэ вечары захадам сонца, калі на разасланы ўдзень на лагу ля дарогі лён ападае халодная, што вада са студні, раса; калі яшчэ на старым сіўцы на сцежцы гудуць познія пчолы, цяжкія, калматыя, а за плечы крадзецца холад — пастой доўга на дарозе, далёка ад вуглоў; калі яшчэ лётаюць над зямлёй чорныя жукі, гудуць, што вясной, а ў лагчыны спаўзаецца халодны туман, баючыся яшчэ, асцярожна, крадзецца ля самай зямлі, і здаецца тады, што ён хоча ахутаць, схаваць ад людскіх вачэй першыя асеннія ночы...
Калі яны крануліся дарогай, убачылі, што сонца яшчэ не зайшло. Гэта яны стаялі ў лагчыне ля моста, а падняліся дарогай на горку,— яно зноў выплыла з-за рэдкага лесу, загойдалася, вялікае-вялікае і блізкае. Цераз поле толькі перабегчы — і яго дастанеш рукамі. I на яго можна глядзець не прыжмурваючы воч — не слепіць. Мусіць, недзе там, дзе яно заходзіць,— густы туман.
Сонца зноў пачынае паволі ападаць за рэдкі лес — яно барвовае толькі знізу, зверху — жоўтае і — дрыжыць. Пасля яно раптам правальваецца між дзвюх сасновых вяршалін...
Яны зноў сышлі ў лагчыну.
На захадзе цяпер невялікі край неба стаў чысты і пунсовы: на пагоду; там заружавелася і рэдзенькая далёкая дарожка ад самалёта.
Комментарии к книге «Лонва», Иван Николаевич Пташников
Всего 0 комментариев