Яны ўжо звыкліся, што ім трэба будзе ісці пехатой аж чатыры з добрым гакам кіламетры: цямнеецца, каго станеш чакаць,— машыны з леспрамгасаўскай аўтакалоны больш не пойдуць. Вінаваты быў ён, сам Завішнюк. Калі разабрацца — то які чорт панёс яго нанач у Лонву са Мсціжаў, дзе давялося быць увесь дзень на нагах, дзе не выпала добра прысесці перакусіць... I яго дзяўчаты — Жэнька са Светай, якія маўчаць усю дарогу, між сабой нават не гавораць,— гэтага не даруюць яму.
За плячыма ў Завішнюка трыножнік, у адной руцэ скрынка, у другой скрынка... Яго дзяўчаты нясуць свае чамаданы і ягоны рэчавы мяшок. Яны ўзялі мяшок у яго з рук... Забрала сама Жэнька,— сабе на плечы.
Дарога, падняўшыся па пагорак, агінае лагчыну і выходзіць на лажок, які парос сіўцом і пад’ялоўцам. Воддаль, пад лесам, пад’ялоўцу ўжо не відаць: ён, як чорныя копкі сена, хаваецца ў белым тумане.
Наперадзе, на далёкім пагорку ля маяка, які чарнее на зялёным небе, што сухое дрэва, рыкаюць каровы: пастухі пагналі дамоў скаціну. За ёй падымаецца на дарозе белы пыл і цягнецца полем аж у вёску.
Брэша сабака, крычаць на сутонні пастухі, галёкаюць на ўсё горла, як і сто, як і дзвесце гадоў назад у гэтым лясным краі — на Мсціжаўшчыне.
Завішнюк падумаў, што пастухоў ужо не дагоніш, і пайшоў паволі: несці скрынкі было цяжка. Дзяўчаты дык тыя даўно прысталі — спыняліся і аставаліся ззаду.
Нылі над вухам рэдкія ўжо камары — баяліся холаду. Ля бяроз, што пазаціхалі нанач ля дарогі, пырхалі сініцы. Недзе ля вёскі, за кустамі ў тумане, гагаталі гусі і крычалі дзеці. Там, дзе зайшло сонца і дзе былі відаць рэдкія сосны, пачынала цяпер бялець у цемнаце новымі стрэхамі Лонва.
Побач недзе была яшчэ дарога. Там скрыпелі калёсы: з балота калгаснікі вазілі сена. Завішнюк бачыў іх ля моста на шашы, калі яшчэ было відна. У калёсах на балота ехалі жанчыны. I цяпер далёка па лесе чуваць іхні гоман:
— Ідзі па-ма-гай!.. Кола валіцца-а-а!..
Завішнюк спатыкнуўся, выпусціў з рук скрынкі і дастаў з-пад ног кавалак гусеніцы: цяжкі, белы, вышараваны за лета аб пясок. Запахла мазутам.
Ягоныя дзяўчаты спалохаліся, але ён устояў па нагах, і дзяўчаты засмяяліся — першы раз за ўвесь вечар. Змораныя, яны засмяяліся, відаць, і ад таго, што заўважылі, як у вёсцы заблішчалі агні. Значыць, ісці было ўжо не так далёка.
Комментарии к книге «Лонва», Иван Николаевич Пташников
Всего 0 комментариев