Андрэ Маруа
КАРЫЧНЕВАЯ МАГIЯ
У канцы мiнулага стагоддзя, - сказаў доктар Пцiклеман, - увайшло ў звычай у горадзе Пон-дэ-Лёр хадзiць вечарамi ў сад мэрыi на канцэрты мунiцыпальнай фiлармонii. I цяпер фiлармонiя выступае, як калiсьцi, заўсёды ў нядзелю, але ў садзе пуста. У прамыслоўцаў, камерсантаў i служачых, амаль у кожнага ёсць свая аўтамашына, вялiкая цi малая, i летнiя вечары яны праводзяць у вёсцы. Што да рабочых, то, у большасцi, кожны з iх мае свой радыёпрыёмнiк i, не выходзячы з дому, можа слухаць канцэрты з Парыжа альбо з Лазаны. Толькi некаторыя старажылы засталiся вернымi даўняй традыцыi, якая iм нагадвае аб мiнулых радасцях.
Колькi хлопцаў i маладых дзяўчат, гадоў сорак назад, адгулялi свае заручыны ў гэтым садзе ў алеях пад каштанамi! А тым часам iхнiя бацькi, патураючы маладым, павольна крочылi метраў за трыццаць, i медныя трубы мунiцыпальнага аркестра парушалi цiшыню вечара гучным выкананнем папуры з "Гугенотаў", "Блакiтнага Дуная" i "Латарынгскага марша". Раз у тыдзень гэта "Алея ўздыхаў" (будзем яе так называць) у сентыментальным жыццi Пон-дэ-Лёра рабiлася тым жа, што ў Парыжы "Сцежка дабрадзеяў".
Лiхтароў было мала. Прыцемкi абуджалi адвагу ў баязлiвых. Пах язмiну шырока разлiваўся ў паветры. I як было цiкава, сустракаючы пары закаханых, кожны раз по-новаму назiраць iх сваркi, iх зблiжэнне, i, нарэшце, гатоўнасць стаць мужам i жонкай.
Магчыма, самыя старыя жыхары Пон-дэ-Лёра яшчэ памятаюць чэрвеньскi вечар 1890 года, калi яны ўбачылi, як у садзе мэрыi нечакана з'явiўся палкоўнiк Дзюрук са сваёй жонкай i дачкой у суправаджэннi статнага мулата.
Выйшаўшы ў адстаўку, палкоўнiк Дзюрук прыняў кiраўнiцтва справамi Прамысловага клуба, што вельмi ўзрадавала яго членаў, бо папярэднi кiраўнiк быў толькi капiтанам. Трэба вам сказаць, што Пон-дэ-Лёр ганарыўся сваiм клубам, заснаваным пры Луi-Фiлiпе групай прамыслоўцаў - аматараў лiтаратуры i мастацтва. Там выступалi лектары з Парыжа, можна было паслухаць Брунецьера, Гастона Пары, там наладжвалi канцэрты, балi i азартныя гульнi ў карты. Аднаго разу два сталыя яго члены нават ледзь не пабiлiся на дуэлi, i прапанаваная палкоўнiкам працэдура паядынка была ўзорам кампетэнтнасцi i рамантыкi.
Комментарии к книге «Карычневая магiя (на белорусском языке)», Андрэ Моруа
Всего 0 комментариев