Паступова выявілася, што Мірон цікавіўся больш батанікай, а Віктар — заалогіяй. Чытаючы кнігі, кожны з іх галоўную ўвагу звяртаў на сваю галіну навукі. У жывым кутку Віктар важдаўся з трусамі, мышамі, жабамі, а Мірон — з рознымі раслінамі. Паступова кожны з іх досыць сур'ёзна азнаёміўся са сваім любімым прадметам.
Калі прыйшла вясна і дзесяцідзённыя канікулы, хлопцам вельмі захацелася зрабіць вылазку за горад, куды-небудзь падалей, на некалькі дзён, пабачыць славутае палескае разводдзе. Такая вылазка ім здавалася цікавейшай, чым арганізаваная экскурсія ўлетку.
— Там усё ідзе па раскладзе, як заняткі ў класе, — казалі яны. — Загадзя ведаеш, дзе калі будзеш і што цябе там чакае. Не можаш пайсці, куды захочаш, спыніцца, дзе сам хочаш, рабіць, што табе падабаецца. Такія падарожнікі ў дарозе адчуваюць сябе як дома, не ведаюць незвычайных прыгодаў і небяспек. Якое ж гэта падарожжа?!
Калі яны сказалі аб сваім плане некаторым з таварышаў, дык тыя паднялі іх на смех:
— Ну і выдумалі! Якая карысць ад такога падарожжа, які сэнс?
— Нічога вы не разумееце! — пакрыўдзіліся сябры і больш ужо ні з кім не распачыналі гаворкі на гэтую тэму.
Але цвёрда пастанавілі выканаць свой намер чаго б гэта ні каштавала, каб даказаць усім, што незвычайнае падарожжа цікавей, чым звычайнае.
І вось нашы падарожнікі апынуліся ў чоўне сярод бязмежнага мора. І пакуль што былі задаволены.
— Давай вычарпаем ваду шапкамі, — прапанаваў Мірон.
— Ды нічога іншага не застаецца, — згадзіўся Віктар. — Толькі баюся, што ты пачнеш варочацца, як мядзведзь, і перакуліш лодку.
— А я баюся, каб яна не перакулілася ад руху твайго языка, — спакойна сказаў Мірон і, зняўшы шапку, пачаў вычэрпваць ваду.
Зараз жа далучыўся Віктар, і вада хутка была вычарпана. Можна было ехаць далей.
— А да таго лесу, мусіць, далёка, — прамовіў Мірон.
— А што, можа, спалохаўся? Можа, назад хочаш ехаць? — упікнуў Віктар.
— Каб толькі ты не спалохаўся, — насмешліва адказаў Мірон.
— Ну, гэтага, брат, не дачакаешся! — свіснуў Віктар. — Першы раз па моры еду.
— Толькі карабель наш псуе падарожжа, — уздыхнуў Мірон.
— А ты сядзі спакойна, і ўсё будзе добра, — сказаў Віктар і ўзяўся за вясло.
— Ды навошта ты зноў становішся? — крыкнуў Мірон. — Дай лепш буду я, а ты адпачні.
— Паглядзім, — усміхнуўся Віктар і аддаў вясло.
Мірон асцярожна, але цвёрда прыладзіўся на каленях і пачаў веславаць.
Комментарии к книге «Палескія рабінзоны», Янка Маўр
Всего 0 комментариев