А човен ад яго руху так захістаўся ды закруціўся, што Мірон ледзь уседзеў, ухапіўшыся рукамі за бакі яго. Але пры гэтым ён выпусціў з рук вясло. Струмень падхапіў бездапаможны човен і панёс яго далей, да другой алешыны. Падплываючы да яе, Мірон перахіліўся цераз борт і ўчапіўся рукамі за галіну. Тут ён адчуў, што човен нібы выслізгвае з-пад яго. Трымаючыся за галіну бадай што над вадой, Мірон стараўся падцягнуць да сябе човен нагамі, але скончылася гэтая справа тым, што галіна абламалася, хлопец паляцеў у ваду дагары нагамі, а човен, атрымаўшы апошні штуршок і паварочваючыся ў розныя бакі, жвава панёсся наперад. Пакуль Мірон зноў учапіўся за дрэва ды агледзеўся, човен быў ужо так далёка, што дагнаць яго не было ніякай магчымасці, тым больш чалавеку адзетаму і абутаму.
Усё гэта адбылося так хутка, што Віктар, які таксама выбіраўся з вады і ўзлазіў на дрэва, нават не заўважыў, што робіцца за яго спіной, тым больш што Мірон за ўвесь гэты час не падаў аніводнага гуку.
Азірнуўся Віктар — ні чоўна, ні Мірона няма! Што за дзіва такое?
— Міро-о-он! — гукнуў ён.
— Ну! — адгукнулася зусім блізка.
— Дзе ты?
— Тут!
Глянуў Віктар — і вачам сваім не верыць.
— А дзе ж човен?
— Не ведаю.
— Як жа так?
— Ды так. Паплыў.
— Што ж гэта такое? — у роспачы крыкнуў Віктар.
— Прыгода, — спакойна азваўся Мірон са свайго дрэва.
— Што ж ты нарабіў?
— А можа, гэта ты нарабіў?
— Ты ж у чоўне застаўся!
— Хацеў бы я паглядзець, як ты застаўся б, каб цябе так штурханулі, — адказаў Мірон.
Так спрачаліся яны, пакуль не прайшло першае ўражанне ад няшчасця. Ніхто нікога сур'ёзна не вінаваціў, ды і карысці ніякай ад гэтага не было б, але ж трэба было па прывычцы аднаму аднаго папікнуць. І толькі пасля таго сталі яны абмяркоўваць, як выйсці са становішча.
А становішча было такое, што ім нікуды нельга было падацца, апрача таго лесу, што віднеўся наперадзе за кіламетр ці трохі болей. Невядома, ці здолелі б хлопцы праплысці такую адлегласць у адзежы, у сцюдзёнай вадзе, каб гэта была рака ці возера. А на залітым вадою балоце яны мелі шмат «станцый» для адпачынку — дрэвы, кусты і проста неглыбокія мясціны.
Комментарии к книге «Палескія рабінзоны», Янка Маўр
Всего 0 комментариев