Міхась Южык
ПЕРАКУЛЕНЫ ЧАС
Раман
Куды? Адкуль?.. –
маўчанне.
Не дасць адказу час.
Стаю – і сам пытанне,
іду – і сам адказ.
Алесь Разанаў
1
Што выбіла яго з каляіны, Васіль Сурмач аніяк не мог даўмецца. Хмурны кастрычніцкі дзень? Дык яшчэ ўчора, пры такім жа, здаецца, надвор’і, пачуваўся ён болей чым здорава. Можа, пабачаная сёння ў абедзенны перапынак пахавальная працэсія? Ды не так працэсія, як хлопец у дамавіне. Так, малады хлопец. Васіль наогул не выносіў глядзець на пахаванні. А хто любіць? Гэтыя галашэнні, роспач. Яму заўсёды станавілася млосна ды шкада, балюча шкада родзічаў нябожчыка. Няшчасныя, ім жыць з гэтым жахам усё жыццё! Тады мімаволі разбіраў страх: а што калі памрэ хто з блізкіх? Дальбог, не для яго гэта нерваў. І вось сёння, каторы ўжо раз за апошнія месяцы, злавесным напамінам мільганула: а і мне ж паміраць! Гэтая подлая фраза ўпарта сядзела ў свядомасці. І рабілася яшчэ балючэй і вусцішней ад таго, што, як здавалася Сурмачу, ведае пра гэтую неадхільнасць смерці адзін толькі ён. Ва ўсякім разе, у СКБ завода, дзе працаваў дваццаціпяцігадовы інжынер Васіль Сурмач, панавала тыповае мітусліва-заклапочанае жыццё, а на тварах саслужыўцаў не было відаць і следу думак аб вечным.
Комментарии к книге «Перакулены час», Михаил Южик
Всего 0 комментариев