«Сукенка»

327

Описание

отсутствует



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Сукенка (fb2) - Сукенка 124K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Зараслава Каминская

ЗАРАСЛАВА КАМІНСКАЯ

СЭКАНД

АПОВЕСЦЬ

Гэтую сустрэчу пачнём з двярэй.

Дзверы белыя. Дзве створкі. Дзве круглыя ручкі. Вазьміце за адну ручку (у далоні — нібы халодная абабраная бульбіна), за другую (другая бульбіна), расчыняем і — о, дык гэта шафа! Хм.

— Не ведаю, што апрануць.

Швэдры, швэдры, швэдры; байкі, світшоты, цішоткі, джынсы; яшчэ блакітны выцягнуты швэдар; нешта скамечанае, зялёнае і бліскучае ляжыць каля сценкі; чырвоная куртка.

— Абрыдла ўсё гэта. І гэта. А блакітны ўвогуле час выкінуць.

Але з іншага боку, каб пазнаёміцца з новым чалавекам, няма нічога лепшага за тое, каб зазірнуць да яго ў шафу.

— І якая ўвогуле розніца, што апранаць.

Тым больш, што ў душу зазірнуць цяжэй. Пасуньцеся, каб не замінаць, — вы ж бачыце, дзяўчына выбірае вопратку.

— Ніхто, мама, даўно на мяне не глядзіць.

А мы паглядзім. Доўгія рудыя валасы, як у русалкі, белы твар, а вочы — грэцкі мёд, амаль чорныя. Яшчэ рабацінкі. Далей (ніжэй) глядзець не будзем, бо пакуль дзяўчына стаіць перад шафай у майтках і станіку. Не, не будзем.

— Ты сама ні на каго не глядзіш.

— Так, так, так, ва ўсім вінавата я сама. Для цябе я — красуня, канечне. Але ўсё ў гэтым свеце не такое, якім табе здаецца.

Гаворачы, яна пацягнула з паліцы чорныя джынсы — і ўся джынсавая кіпа абрынулася на падлогу.

Калісьці ў гэтай шафе быў парадак: кожная рэч — на сваім месцы. Роўна-роўна віселі спадніцы-спадніцы, кофтачкі-кофтачкі, сукенкі-сукенкі. Ляжалі шкарпэткі, хаваліся станікі, таіліся майточкі, і нават калготы не скручваліся ў косы. Парадак, заведзены маці.

Больш яго не прытрымліваліся.

— Сапраўды, усё ў тваім свеце такое, якім здаецца табе, дачушка.

Пасля зімы ўвогуле складана было ўціснуцца нават у чорныя джынсы. І гэтая акалічнасць таксама не спрыяла размове.

— Ты думала, што будзе лёгка. Адразу табе ў тэатры і ролі, і грошы. І падарожжы, і ўвесь свет, а не гэтая маленькая кватэра. І муж. Але жыццё ідзе, і нічога гэтага ў цябе няма. Прабач, мая дарагая актрыса, што не падрыхтавала для цябе дэкарацыі.

— Чаму ж не падрыхтавала? Падрыхтавала! Паважаныя гледачы, перад вамі — аднапакаёвая кватэра. Сцены, — яна павяла рукой, — абклеены шэрымі шпалерамі. Белая мэбля, а шторы — таксама шэрыя. І канапа — шэрая. Усё, як я хацела! Сапраўды, я так хацела! Дзякуй за ваш падарунак! Дзякуй за рамонт! Дзякуй!

Нарэшце зашпіліла гузік на джынсах і пакланілася.

— Аля, я не жадаю працягваць размову ў такім тоне.

Яна нацягнула блакітны швэдар і пляснула дзверцамі. Пасля адчыніла, схапіла чырвоную куртку, зноў пляснула:

— Я гуляць.

І прэч з шэрай кватэры.

Няёмка зрабілася, калі бегла па лесвіцы. Калі выйшла з пад'езда, стала зусім сорамна. Псіханула. Навошта? І куды зараз ісці?

Не вяртацца ж.

***

Побач з домам, дзе жыла Аля, некалькі месяцаў таму з'явіўся сэканд-хэнд: уначы прывезлі белы пласцікавы вагончык памерам з трохпакаёўку — у параўнанні са шматпавярхоўкамі ён здаваўся танным кітайскім куфэркам. Гандлявалі паношаным адзеннем. У дні распродажу ўнутр было не прабіцца, у дні за­возу — таксама. Казалі, што менавіта тады (і толькі тады) можна выцягнуць з кучы брэндавую, дарагую, якасную рэч, якую яшчэ ніхто не апранаў. Канечне, кожны час мае свае легенды, але шукаць папараць-вопратку выпраўлялася шмат прыгожых жанчын.

Калі пакупнікоў не было, у дзвярах стаяла прадаўшчыца і глядзела на двор. Маладая, танклявая, з блакітнымі вачыма і кучаравымі чорнымі валасамі, нібыта растрапанымі ветрам. Заўсёды ў тым са­мым адзенні (хаця, здавалася, мае такія магчымасці дзеля пераапранання): кашуля ў чорную і чырво­ную клетку, сінія джынсы. Дзяўчына была падобная да Элі, што толькі-толькі выйшла на ганак свайго вагончыка, занесенага ўраганам у невядомую краіну: «Toto, I've a feeling we're not in Kansas anymore». І яна глядзела навокал і разумела: так, яна больш не ў Канзасе. Але «Элі» гэта не палохала.

Аля не была знаёмая з прадаўшчыцай: толькі нядаўна пачала з ёй вітацца — ківала, калі праходзіла по­бач. Кіўнула і зараз: «Элі» стаяла ў дзвярах, з бутэлькай піва ў руцэ, абапёршыся аб вушак. Здалёк падавалася, быццам яна абапіраецца на цемру, якая шчыльна падступае да плячэй. У краме Аля ніколі не была і не ведала, што там, у цемры.

У адказ «Элі» завітальна махнула бутэлькай. Аля вырашыла зайсці.

— Яшчэ працуеце?

— Амаль зачыняемся. Але ты можаш стаць апошнім пакупніком. Я спадзяюся, што апошнім. Заходзь.

У нос шыбанула хімічным пахам: дэзінфекцыя павінна была не толькі сцерці бруд, але і памяць пра мінулае жыццё сукенак, куртак, швэдраў. Калісьці яны пахлі чужым целам, чужой парфумай, чужой краінай — цяпер не засталося нічога, што нагадвала б пра чужых.

— Я — Жэня. Я цябе часта побач бачу. Ты ж у мяне ніколі не была, так? Ну, аглядайся.

«Гармідар», — падумала Аля невядома чаму, бо, па праўдзе кажучы, усё было ўпарадкавана. Рэчы віселі па класах: нагавіцы да нагавіц, курткі да куртак, камізэлькі да камізэлек. Ды гэты парадак не быў падобны да геаметрычнага парадку сапраўдных крам: там рэчы множыліся, дзесяцерыліся, паўтаралася шмат разоў — зноў, і зноў, і зноў, і зноў. Яны выстройваліся ў рады, камбінаваліся па колерах, рыфмаваліся па сезонах.

Тут ніводная рэч не паўтаралася двойчы — проза жыцця, адсутнасць рыфмы.

Аля ішла ўздоўж вешалак і асцярожна кранала касматыя шалікі, слізкія сінтэтычныя сукенкі, скураныя курткі, а на пальцах заставаўся той уедлівы хімічны пах. Чытала раздрукоўкі на сценах: «Калі ласка, не больш за пяць рэчаў на прымерку адначасова», «Адміністрацыя не прымае назад прададзеныя рэчы і не вяртае грошы», «Адміністрацыя не прымае рэчы ад мясцовага насельніцва і не гандлюе імі».

— Адміністрацыя — гэта я, — Жэня злавіла Альчын позірк. — Таму магу піць піва. Будзеш? Я тады зачыню дзверы.

Аля ўзяла шкляную бутэльку і зрабіла глыток:

— Добра гандлюецца?

— За пару тыдняў прадала палову партыі. А зараз чакаю завозу. Ты сядай, — запрасіла Жэня і сама села ў стары фатэль — залезла з нагамі. — Калі хочаш, можаш расказаць, чаму ў цябе няма настрою.

— Так, хатняя сварка. Звычайная.

— Мне здавалася, у тваёй сям'і не сварацца. Прабач, я не тое каб сачыла, але ж запомніла цябе з бацькамі — бачыла вас разам у двары.

— Прыязджаюць у госці. Раней жыла з імі, цяпер — адна.

— А яны так сумуюць, што прыязджаюць пасварыцца?

Аля ўсміхнулася і села на вузенькую канапу, якая стаяла ля сценкі.

— Ды не, гэта я так, сама зачапілася. На працы дасталі. Дарэчы, я актрыса.

— О, вось гэта праца! Я — максімум касцюмер.

— Якая там праца! Не той спектакль, не той тэатр, не тыя грошы. Калі вучылася, я ўсё інакш сабе ўяляла. А цяпер гэта не жыццё, а так. І не будзе ў мяне іншых дэкарацый.

Жэня пра нешта задумалася, некалькі імгненняў павагалася, пасля — ускочыла і кінула Алі пакецік з чыпсамі:

— Ведаю, як табе настрой падняць. Выбірай сабе вопратку. Павер мне, старому касцюмеру, гэта працуе. Набывала што-небудзь у сэкандзе?

— Неяк не даводзілася. Ды я адзенне ўжо некалькі гадоў не купляла, не тое каб яно мне было патрэбна.

— Тым больш. Ты давай дапівай і прайдзіся.

Аля паставіла бутэльку ля канапы і нясмела накіравалася ў глыб крамы, бы ў гушчар лесу. Не зірнула на сукенкі, не заўважыла спадніцы — рыўком рассунула іх, як рассоўваюць кусты, і схапіла швэдар, памаранчавы і калматы.

Пайшла да люстэрка, што ззяла ў прымерачнай, бы лясное возера сярод дрэў-вешалак. І там таксама віселі раздрукоўкі «Абавязкова памыйце рэчы перад тым, як апранаць» і «Звяртаем вашу ўвагу, у кожнай рэчы ёсць свая цана (напісаная на цэтліку). На вагу не прадаём».

Аля зняла свой расцягнуты блакітны швэдар, апранула новы (ну, не новы, але вельмі добры на выгляд), памаранчавы. Нібы не абцягвае занадта і нічога не вытыркаецца. А на іншае глядзець няма чаго. Да таго ж мяккі швэдар так утульна абняў цела!

— Бяру!

— То і файна! Грошы ёсць?

— Хвіліначку, — Аля памацала кішэні курткі, — ура, ёсць!

Жэня нават расчаравалася — нібы хацела ёй гэты швэдар падарыць.

— Ды ты пашукай сабе яшчэ што-небудзь.

— Не, гэтага калматага мне дастаткова. — Аля паглядзела на цэтлік і аддала грошы. І, нешта ўспомніўшы, зноў абмацала куртку, пасля — папляскала па кішэнях джынсаў.

— Блін, забыла тэлефон і ключы. Нязвыкла без іх. Зараз зганяю.

— Пачакай!

Ды Аля ўжо накінула куртку на новы швэдар і выбегла з крамы. Пра сварку з маці згадала толькі перад кватэрай. Дзіўна, гэты памаранчавы хітрун насамрэч палепшыў настрой! Ці, падумала Аля, гэта зрабіла піва. І націснула на званок.

Адчыніла дзверы маленькая тоўстая жанчына ў махрыстым халаце:

— Нарэшце. Колькі можна цябе чакаць? Вячэра ў сем. Ужо восем!

— Вы хто?

Таўстуха пакрывілася:

— Што за жарты! Аляўціна, ты спазнілася, а знаходзіш час жартаваць.

— Гэта, здаецца, з мяне жартуюць. Вы сяброўка маці?

Аля асцярожна абмінула дзівачку і пайшла ў пакой:

— Мама, я...

Але маці не было. Больш за тое, пакоя не было. Дакладней, пакой быў, але гэта быў не яе пакой. Усё вакол ззяла памаранчавым: шпалеры, фіранкі, нават столь. Каля фатэля сядзеў вялізны заяц і глядзеў на яе безуважнымі вачыма. Да яго Аля і звярнулася:

— Калі вы паспелі пераклеіць шпалеры?

Махрыстахалатавая выйшла з-за яе спіны, панюхала паветра, войкнула і села на канапу (канапа была ў памаранчавыя ружы):

— Алкаголь! Я адчуваю алкаголь! Аляўціна, ты п'яная!

І ціха заплакала.

Аля адчыніла шафу — гэта не яе рэчы! Вось паркалёвая спадніца, нейкія вычварэнскія леапардавыя легінсы і нешта падобнае да баа.

— Ай-яй, дачушачка, што ты з сабой нарабіла! Такая заўжды прыгожанькая, а зараз як са сметніка апранутая, п'яная.

Таўстуха раптоўна скончыла енчыць, паднялася і сказала строга:

— Аляўціна, хадзем у кухню. Табе трэба заесці. Добра, што я сёння прыгатавала боршч. Пагаворым пра твой учынак ранкам. Зараз ты не ў сабе.

Аля зрабіла выгляд, што ідзе ў кухню, а сама выскачыла ў калідор і пабегла па лесвіцы. Прыслухалася — яе не праследавалі — і прыхінулася лбом да шурпатай сценкі, заплюшчыла вочы:

— Я не ў сабе, я не ў сабе, я не ў сабе.

І тут мільгнула здагадка — піва. Ёй нешта падмяшалі ў піва! Цяпер зразумела, хто вінаваты.

Жэня стаяла ў дзвярах, чакала:

— І навошта было так хутка ўцякаць?

— Што ты мне насыпала ў піва?

— Ціха-ціха, гэта не піва. Заходзь, я растлумачу.

— Нікуды я не пайду.

— Ну, добра, давай я буду тлумачыць усяму двару. Гэта закляты вагончык, а на цябе пачала дзейнічаць яго магія. Хочаш, адкацім твае галюцынацыі? Зайдзі і пераапраніся, як была.

Жэня ўсміхнулася і сышла з ганка, даючы дарогу. Аля замкнула за сабой дзверы, хутка нацягнула родны блакітны швэдар, памаранчавы кінула на канапу.

Моўчкі прайшла паўз Жэню, набрала код пад'езда і паднялася да сябе. Націснула на званок. З-за дзвярэй пачулася матчына:

— Хто там?

— Гэта я. Забыла ключы.

Ёй адчыніла сумная маці. Яе маці. Аля не ведала, што сказаць, а таму толькі моўчкі абняла яе. І адчула, як яе абдымаюць у адказ. Так яны і стаялі некалькі хвілін.

— Ты прабач мне.

— І ты мне.

Забрала ключы і тэлефон і зноў абняла, ужо на развітанне:

— Мне там трэба яшчэ схадзіць.

— Я без цябе не буду класціся, ведай. Таму вяртайся няпозна.

***

Жэня стаяла на тым самым месцы.

— І?

— Афігенна!

— Тады пайшлі, раскажу далей, піва яшчэ ёсць. Калі не баішся.

Зноў занялі свае месцы (Жэня — у фатэлі, Аля — на канапе):

— Як я і казала, гэта незвычайная крама. Дакладней, і крама, і не крама — калі яна вырашыць адкрыць табе сваю сутнасць. Я тут магу паспрыяць, але канчатковае рашэнне за ёй. Таму віншую — ты прайшла гэты ўзровень!

— І што гэта — тэлепорт? Партал? Пляцоўка для трансгрэсіі?

— Ты можаш нацягаць якіх хочаш слоў з фантастыкі, але я не ведаю, які тут тэрмін падыдзе. Расказваю, як працуе, а ты называй, як хочаш.

— І як працуе?

— Я ж расказваю. Ты апранаеш чужое адзенне — і быццам бы апранаеш на сябе чужое жыццё.

— Навошта гэта?

Жэня зрабіла глыток:

— Тут і я не да канца ведаю. Для разнастайнасці?

— Якая там разнастайнасць! Той жа пакой, толькі памаранчавы.

— Гэта таму, што ты выбрала адзенне, падобнае да таго, што сама носіш. І вось таму кватэра падобная да тваёй, але ты жывеш не адна, а з маці, я здагадалася? Ды і жыццё ў цябе такое, троху больш памаранчавае. Давай абмяняем швэдар хіба што на гэту панкаўскую цішотку — і ты пабачыш, як усё зменіцца.

— А мяне там ў гэтай цішотцы не заб'юць звар'яцелыя панкі? — Аля ўціснулася ў нешта чорна-чырвонае і падрапанае.

— Хіба толькі ты каго заб'еш! Калі пажадаеш, канечне. З майго ўласнага вопыту і ў каго з нашых пытала — заўсёды трапляеш у асяроддзе, дзе да цябе добра ставяцца. Смярцей у нас яшчэ не было — наадварот, некаторым жыццё так падабалася, што яны ў ім і заставаліся. Таму наперад, каралева панкаў!

Аля знікла ў прыцемках: на двары стала змрочна. У вокнах шматпавярховак загараліся люстры і лямпачкі, таму побач з імі маленькі вагончык здаваўся асабліва нежылым. Чорны бязлюдны востраў, які акружылі вясёлыя гмахі круізных лайнераў: там п'юць, ядуць, гамоняць, танчаць, грае музыка. Чорны востраў — маўчыць.

Жэня правяла рукою па пластыкавай сцяне — нібы пагладзіла яе — ласкава, развітальна. А пасля стук­нула кулаком — руку працяў боль. Час запальваць святло: глядзіце, на востраве — маяк, тут таксама ёсць жывыя душы, хутчэй, хутчэй сюды!

Прыбегла Аля:

— Нічога сабе! Ніколі не магла б уявіць, што з маёй кватэры можна такое зрабіць: шпалер няма, з мэблі — толькі гірлянды пад столлю. Ну і дыван, ці матрас, ці што там на падлозе. Цёмна, мала што разгледзіш. Вечарына чалавек на дваццаць, я нікога не ведаю — але мяне, здаецца, усе ведаюць. Я сказала, што пайду ім яшчэ гарэлкі куплю, вось так і збегла.

Аля расчырванелася і цяжка дыхала. Жэня паднялася і працягнула ёй новую бутэльку піва:

— Ці мо табе гарэлкі?

— Дарослыя дзяўчынкі гарэлку з півам не мяшаюць. Я так і панкам сваім сказала. І што, ты таксама гэтак пераапранаешся?

— Не зусім. Але і твой шлях я прайшла. І па кватэрніках розных пабадзялася.

— І суседзі нічога не падазраюць? І сям'я? І ўсе так могуць?

Жэня адказвала стомлена — як зорка, якой задаюць адны і тыя ж пытанні.

— Не, суседзі нічога не падазраюць. І сям'я нічога не падазрае. І я казала ўжо, што не ўсе так могуць, не ўсе, а толькі абраныя, мной ці не толькі мной. Але ты задаеш такія нецікавыя пытанні! Ты трапіла ў новы свет ці зразумела, што твой свет — не такі, якім ты яго ведала. А пытаешся пра фігню, — і змяніла тон на бадзёра-трэнерскі: — Ну, давай прыдумвай добрае пытанне.

Аля пасядзела, памаўчала, але нічога лепшага не вынайшла, як спытаць:

— Жэня, што гэта?

— Ох, на гэта пытанне я не ведаю, як адказаць. Магу толькі сказаць, як гэта.

Для нас гэта — магчымасць падарожнічаць у іншыя, чужыя, вымярэнні, пераапранаючыся ў чужое адзенне. Патойбочнае жыццё сэкандаў. І не толькі майго — іх у краіне сотні. Але, як я ужо казала, падарожжы, змена асяроддзя — гэта толькі для нас з табой. Для астатніх — іншы эфект: рэчы змяняюць тых, хто іх апрануў.

Сэканды тут з'явіліся ў дзевяностыя. Тады, калі ў нас адчыніліся дзверы, рухнулі сцены, ляснулі заслоны — і засталіся мы голымі, сам-насам з усім светам. Ён — стары, з вялікім набыткам, майном, якое збіралася стагоддзямі, мы — зноў маленькія, зноў нам пачынаць спачатку. І галоўнае, мы — чужынцы, мы зусім іншыя, зусім, і як нам жыць было ў гэтым новым старым свеце? Тады і прыдумалі гэтую адаптацыю: перадаваць нам старое майно.

Калі ты, Аля, апранаеш чужую рэч, ты трапляеш у іншую рэальнасць. Калі, ну, да прыкладу, цёця Галя апране — гэтая рэч пачне пакрыху, вельмі-вельмі павольна, уплываць на яе характар. То бок, перадаваць энергію папярэдняга ўласніка. Яго характар, стаўленне да жыцця. І вось ужо Галя можа пяць хвілін у дзень паглядзець «Еўраньюс» без агіды, а Пеця, напрыклад, пашпацыраваўшы ў замежнай куртцы, якая раней на­лежала ўласніку рэстарана, пачне свой бізнес і адчыніць кавярню з кавай навынас.

На нашых суайчыннікаў чужыя рэчы дзейнічаюць, ну, не ведаю, быццам прышчэпка еўрапейскіх каштоўнасцей, еўрапейскага характару, еўрапейскага ладу жыцця. Такі спосаб знешняй адаптацыі: нашы людзі даношваюць еўрапейскія рэчы, а рэчы напаўняюць іх еўрапейскай энергіяй. На сталых людзей дзейнічае горш, на маладых лепш — маладая энергія лягчэй паддаеца ўплыву, а старая такая задубелая, а дуб шалікам не падсячэш — так, галіначку падвязаць, каб хоць які вынік атрымаўся. Ну, вось. Зразумела што-небудзь?

— І ты дапамагаеш распаўсюджанню гэтых... каштоўнасцей ці насамрэч проста барахла?

— Калі спрошчана, то так.

— А калі няспрошчана, то хто гэта прыдумаў? Каму гэта патрэбна?

— Гэтага я не ведаю. Тое, што я распавяла, мне расказалі, калі бралі на працу. І крыху сама дадумала. А больш мне ведаць не трэба. Раз у месяц бывае завоз, я атрымліваю новыя рэчы, вяртаю тое, што зусім не прадаецца. Здаю грошы, пакідаючы сабе зарплату. Два выходных у тыдзень. Тады магу выпраўляцца ў падарожжы. Як ты разумееш, па Еўропе. Але спачатку вандравала так, як ты сёння, — у альтэрнатыўных рэальнасцях. Цяпер мне даступны іншы ўзровень — перамяшчэнне ў прасторы.

Некалькі хвілін у вагончыку была цішыня. Аля ўстала і зноў прайшлася паміж радоў. На гэты раз яны не нагадвалі лес — хутчэй лабірынт, у якім можна і згубіцца, і нечакана знайсці выйсце.

— Ведаеш, Жэня, калі ты толькі тут з'явілася са сваім вагончыкам, ты нагадала мне Элі, занесеную сюды з далёкай краіны. А зараз я бачу, што ты і ёсць Элі: у бясконцым падарожжы, сам-насам з сусветам.

— Так, гэтаму століку ўжо хопіць. Больш піва не атрымаеш.

— Раскажы, раскажы яшчэ. Дзе ты пабывала?

— Няўжо табе хочацца распытваць? Перад табой — столькі магчымасцей. Ты можаш не слухаць, а ўдзельнічаць! Гэта ж самае неверагоднае здарэнне ў тваім жыцці, а ты: «Раскажы, раскажы». Валі туды сама! Хопіць быць слухачом, цуды могуць адбывацца і з табою.

— Сёння позна.

— Дзевяць гадзін. Яшчэ адзін раз зганяць паспееш! Ну, давай! — Жэня амаль угаворвала.

— А давай! Што параіш?

— Эх, нікуды без інструкцый — завязвай з гэтым. Дам параду апошні раз, пасля — сама. Заўжды выбірай нешта нязвыклае. Памятаеш памаранчавы швэдар? Жыццё амаль не змянілася, бо ты апранула амаль тое, што і заўжды. Калі хочаш нязвыклага, не таго, што ўжо маеш, дык і рабі нязвыклае.

Аля ціха пайшла па лабірынце. Гэтак яна хадзіла ў кніжнай краме, шукаючы, што пачытаць. Тут замест кніг былі пінжакі і спадніцы, але кожная рэч таксама абяцала перанесці ў іншы свет: «У якое жыццё занясе гэты пярэсты кафтан? Мабыць, што-небудзь веганскае. А спартыўная байка? Буду фітаняшкай. А вось гэта?»

І тут Аля ўбачыла яе.

Сукенку-Якую-Няма-Куды-Насіць.

Яна і раней заўважала такія, але то былі сукенкі не з яе жыцця, а з паралельнага сусвету. І не таму, што занадта дарагія: у яе жыцці не адбывалася нічога, што дало б нагоду апрануць нешта прыгожае.

Апранула яе — блакітную, доўгую, неверагодную. Паглядзела ў люстэрка — русалка з рудымі валасамі. Аля ўжо і забылася, што падобная да русалкі. Забылася і пра тое, як ёй пасуе такое адзенне.

— Элі, я знайшла нязвыклае, — Аля адсунула фіранку. — Мне здаецца, мы з гэтай сукенкай былі знаёмыя ў мінулым жыцці.

— Выдатны выбар, — Жэня паглядзела нечакана сур'ёзна. — Ты адразу змянілася.

— То вырашана: бяру яе. І мы пайшлі. «Павалілі», як ты і хацела.

— Пачакай. Ёсць адна праблема, — Жэня збянтэжылася. — Сукенка даражэйшая за той швэдар, таму я не магу яго на яе памяняць. «У кожнай рэчы ёсць свая цана», — гэта правіла крамы, якое я не магу парушыць. Выберы штосьці іншае.

— Не, хачу яе.

— Тады, калі не шкада, абмяняй яе на сваю куртку. Гэтага будзе якраз дастаткова.

Аля павагалася: можа, вярнуцца заўтра з грашыма? Але прыгоды, але сёння, але карціць. І зірнула на сябе ў люстэрка. Русалка ўсё вырашыла:

— Забірай.

Жэня схапіла куртку, бы злавіла ў абдымкі:

— Ведай, я раблю для цябе выключэнне.

— Нічога не хачу чуць. Мы пайшлі.

І нырнула ў вечаровыя прыцемкі, і паплыла дадому. Калі б яна азірнулася, то пабачыла б, што Жэня ўсё яшчэ стаіць і прытуляе куртку да сябе.

***

Аля ціха адамкнула дзверы: у калідоры было цёмна, моцна пахла кветкамі. Запаліла святло.

— І дзе ты хадзіла?

Панкаў няма, таўстух няма, голас з пакою — мужчынскі. А вось і мужчына. Пацалаваў.

— Вельмі прыгожая сукенка, вельмі табе пасуе. Бачу, ты гатова ехаць.

У галаве пачало тлуміцца. «Згадай, калі ласка, што ты актрыса. Ну, калі ласка. Ну, родненькая. Давай падыграй яму. Вельмі цябе прашу».

— І куды мы едзем? — так сабе фраза, але для пачатку лепей, чым самлець.

Пакой выглядаў гэтаксама, як і ў яе жыцці: тыя ж шпалеры, тая ж канапа. Только вось вялізны букет чырвоных руж. І высачэзны мужчына. А так усё такое ж.

— Разумею, што няма ў гэтым горадзе годнага месца, каб адзначыць такую падзею, але спадзяюся, мой выбар рэстарана табе спадабаецца, — мужчына (хоць бы імя сваё назваў, ці што) паглядзеў на гадзіннік. — Час ехаць. Аля, астатнія кветкі я паставіў у кухні, калі ты не супраць. Водар вельмі моцны — спаць будзе немагчыма.

«Астатнія?»

— Я вады хачу, — буркнула (знаходлівая, малайчына!) Аля і амаль што пабегла на кухню, а там — кветкі, кветкі, кветкі. Кветкі.

— У горадзе болей няма кветак: твае прыхільнікі знеслі ўсе да тваіх ног. Таму давай сёння адзначым тваю прэм'еру. У мяне ёсць план, як гэта зрабіць.

«І чаму ён не размаўляе, як у старыя добрыя часы? «У мяне ёсць план, як гэта зрабіць, не быў бы я Даніла!»

— Каханы (выдатны зварот!), я згодна ехаць з табой куды хочаш, нават у рэстаран.

— То я выклікаю таксі?

Стоп. А ці можна так? Ці можна пакідаць кватэру? А калі дванаццаць ночы? Сукенка знікне? Дрэнна, што не распытала ўсяго. Рызыкнуць? Але эфект Папялушкі і ўсё такое, а пасля сядзець у рэстаране голай? А калі ёй спадабаецца і яна вырашыць застацца ў гэтым, палепшаным, жыцці, ці будуць тут яе бацькі? Патрэбна яшчэ адна інструкцыя.

Аля схапіла букет:

— Каханы, ты пачакай крыху, я толькі занясу кветкі суседцы. Яна такія любіць.

І выслізнула з кватэры.

На дварэ была зусім ноч, але яе холаду Аля не адчувала. «Толькі б ён не знік, пакуль я хаджу туды-сюды».

— Элі, нарэшце я трапіла ў вартыя дэкарацыі, — крыкнула яна з парога і спынілася. «Элі» стаяла з сумкай у руцэ, апранутая ў яе куртку. Гэта было непрыемна.

Калі людзі апранаюць ваша адзенне, звычайна гэта смешна — глядзець, як ваша вопратка ходзіць побач, самастойна, без вас, размахвае рукавамі, штосьці гамоніць. А тут зрабілася чамусьці страшна.

— Я прыйшла спытацца, ці можам мы паехаць у рэстаран. А чаму на табе мая куртка?

— Бо мы памяняліся, памятаеш?

— Так. Але, можа, я лепей прынясу табе грошы?

— Мне не патрэбны грошы. Мне было патрэбна тваё адзенне. Шкада, канечне, я думала, што ты там даўжэй пабавішся. Ды атрымалася, як атрымалася. Ты больш туды не вернешся, Аля.

— Я не вярнуся да Данілы?

— Не, ты больш не вернешся ў свае жыццё. Ты аддала мне сваю куртку. Я аддала табе сваю працу. Мы памяняліся.

Калені падагнуліся, і Аля ўпала ў фатэль:

— Толькі вось мне неабходна іншая згода на абмен. І спадзяюся, гэтая згода будзе атрымана. Памятаеш, я расказвала пра сваіх знаёмых, што заставаліся ў тым жыцці, якое ім падабалася? Калі б ты засталася ў той кватэры, то жыла б адным і тым днём, зноў і зноў, ён бы паўтараўся бясконца. Каб жыццё пайшло сваім шля­хам, павінен адбыцца абмен: хтосьці ідзе туды, хтосьці застаецца тут. Ты заставайся, а я пайду. Нічога, што я вазьму тваю піжаму?

Аля паспрабавала падняцца, але сукенка налілася такой вагой, што немагчыма было паварушыцца. У галаве ўсё паплыло. І ўжо праз сон пачула:

— Так і ведала, што згода будзе. Дабранач.

Сноў ніякіх не было. Ці гэта быў суцэльны сон?

***

Разбудзіў пах кавы. «Сон, так, гэта быў сон».

— Прачынайся!

Не.

— Хутчэй, я спяшаюся, а мне трэба табе шмат распавесці. Пра цябе клапачуся, між іншым.

Аля расплюшчыла вочы — «Элі».

— Ты пакуль што яшчэ не зможаш падняцца. У мяне ёсць такая перавага, ды хутка яна знікне. Пі, — «Элі» працягнула кубачак. — І слухай.

Аля зрабіла глыток. Зноў апоіць? Няхай.

— Гандаль — справа нескладаная. Табе прывозяць рэчы. Ты сама пішаш кошты на цэтліках, як прыдумаеш. Грошы аддаеш у дзень прывозу. Сабе пакідаеш зарплату. Гэта я табе казала, але паўтару. Праверкі сюды ніколі не прыходзяць, не хвалюйся. І галоўнае, — Жэня дастала з кішэні ключы і паперку з адрасам, — ты зможаш падарожнічаць. Па Еўропе. На жаль, толькі па суботах і нядзелях — такія туры выхаднога дня. Тут побач гатэль, нумар — за табой. Краму тады зачыняеш. Грошы — у цябе будуць, але там іх траціць можна толькі на ежу. І вось яшчэ: табе неабходна вярнуцца ў нядзелю да поўначы. Не вяртаешся — назаўжды губляешся недзе ў прасторы. Тут вельмі простыя правілы.

«Элі» паглядзела ў акно, быццам кагосьці чакала:

— Апранаеш рэч. Ідзеш у свой нумар — трапляеш туды. У якой краіне хочаш апынуцца, рэч з той краіны і апранаеш.

— Ты кудысьці спяшаешся? Карціць пачаць жыццё няўдалай акторкі?

— Мы з'язджаем на дачу.

І тут у вагончык увайшла маці. Альчына маці.

— Жэнька, ужо час ехаць. Ты казала, што хутка вернешся.

— Ма, мы ж вырашылі ехаць так раптоўна, у мяне засталіся справы.

— Добры дзень, — павіталася маці з Аляй. — У вас вельмі прыгожая сукенка.

— Дзякуй. Хутка ў нас завоз, — Аля сама не ведала, што гаворыць.

— О, нам «хутка» не падыдзе. Мы на дачу, на месяц. Дачцэ патрэбны адпачынак. Яна ў нас актрыса, — усміхнулася маці. — Ну, давай, бацька ўжо прыехаў. Мы чакаем, — сказала гэта той, іншай, і выйшла з вагончыка.

— Маці мяне забыла?

— І яна, і ўсе. Цябе ніхто больш не згадае.

— А калі я адмоўлюся гандляваць?

— Так, ты можаш адмовіцца. І вось хутка скончацца грошы. А ў цябе няма ні дакументаў, ні сяброў, і падзецца табе няма куда. Тады ты, напэўна, будзеш стаяць пад сваёй, ужо маёй, кватэрай, і сэрца тваё будзе аблівацца крывёю. І маё таксама, таму мне бачыць гэтага зусім не хочацца. І каб не бачыць, я вырашыла ўсім нам палегчыць перыяд адаптацыі — пакуль мы пабудзем на дачы. Час бегчы. Яшчэ пытанні?

— Адно. Чаму я?

«Элі» ўжо трымалася за ручку, але вярнулася і села на канапку.

— Ты не першая мая спроба. Але першая, каму атрымалася перадаць працу, — па нейкіх прычынах ты пасуеш да гэтага месца. Яно згадзілася цябе прыняць. Да таго ж, — памаўчала, — ты мне спадабалася. Я назірала за табой, за бацькамі. Мне спадабалася тваё жыццё.

— Ты яго не ведаеш!

— А ты? Дык вось, яшчэ крыху пра правілы. Спачатку ў цябе выпрабавальны тэрмін, але тут ён маленькі, з месяц. А пасля, калі праца табе надакучыць, ты павінна знайсці сабе новае жыццё. Так, як знайшла яго я. І парада на развітанне: гэта будзе лягчэй зрабіць, калі вагончык пераедзе ў іншае месца, — тут я ўжо некалькі разоў спрабавала, варыянты не спрацавалі. Ну, акрамя цябе, канечне. Бывай.

«Элі» зачыніла за сабой дзверы.

Аля сядзела ў фатэлі і трымала ў руках халодны кубак з кавай. Праз гадзіну яна змагла падняцца. І першае, што зрабіла, — зняла і выкінула сукенку. Замест яе апранула свае старыя джынсы і расцягнуты блакітны швэдар.

І тут зайшоў першы пакупнік. Пасля яшчэ адзін, і цэлая сям'я, і яшчэ, і яшчэ. Аля не глядзела на іх: добра, што ў яе нічога не пыталі і не звярталіся па дапамогу. Бралі рэчы, мералі, вярталі назад ці набывалі. І вось тут трэба было напружыць усю сваю моц: падлічыць грошы, каб даць рэшту. А гэта вельмі замінала думаць.

— Я вазьму гэтыя джынсы.

Трыццаць, без рэшты, цудоўна.

«У мяне ёсць ключы, я магу трапіць ў кватэру, каб. Каб проста трапіць. Можа, яна падманула, і там ёсць мае дакументы». Паляпала па кішэнях — пуста. «Сучка. Чаму я ўвогуле ёй веру? Так, у мяне ж ёсць мабільны! Каму патэлефанаваць? Калі бацькам, пэўна, слухаўку возьме яна».

— Куртка.

«Дае шэсцьдзясят. Куртка каштуе пяцьдзясят шэсць пяцьдзясят. Колькі рэшты? Мабільны, мабільны, калькулятар. Тры пяцьдзясят». Мабільны застаўся ў руках. Спярша Аля патэлефанавала лепшай сяброўцы, якую ведала з першага класа. Рыта сказала, што памыліліся нумарам, бо яна незнаёмая з ніякай Аляй. Пасля гэтага Аля вырашыла тэлефанаваць усім па чарзе. Магчыма, гэта жарт, вельмі жорсткі жарт, у якім згадзіліся ўдзельнічаць яе бацькі і сябры, іх падгаварылі, і Аля была згодна дараваць гэтую жорсткасць, каб толькі тое скончылася. Тады гэта змова, вядома, змова, але...

— Мне куртку і цішотку.

«Так, дванаццаць плюс сорак восем, шэсцьдзясят, усё дакладна, без рэшты. Калі гэта змова, то немагчыма, немагчыма падгаварыць усіх знаёмых». І Аля пачала тэлефанаваць. Усё жыццё прайшло перад яе вачыма: аднакласнікі, аднагрупнікі, калегі, парыкмахерка, стаматолаг, дырэктар яе тэатра, суседка. «Ваня кафэ», «Ларыса касцюм», «Ігар рыторыка». Ніхто не ведаў Алю. Залезла ў сацсеткі — яе акаўнты выдалілі. Набрала па памяці (так, на жаль, па памяці) нумар свайго былога каханага (нумар быў выдалены з кантактаў, яго забыліся намовіць) — і ён не ведаў Алю. Ніхто не ведаў.

— Гэтую сукенку.

Сукенка — плата. Усё дакладна, без рэшты.

Працоўны дзень скончыўся — Аля ўзяла ключы ад гатэля, паперку з адрасам і зачыніла краму. Калі праходзіла паўз свой пад'езд, з'явілася апошняя надзея. Канечне, у кватэру яна не трапіць, але гэта яе дом, ён павінен яе пусціць. Вельмі павольна, лічба за лічбай, набрала код. Не падышоў. Пасля яшчэ раз. І яшчэ, змяніўшы парадак лічбаў. Нічога. І гэтая апошняя няўдача так балюча кальнула сэрца, што Аля не вытрымала і заплакала. Адна, зусім адна ў цэлым свеце.

І так і пайшла, плачучы, да гатэля. І плакала ўсю ноч у сваім маленькім халодным нумары на маленькім ложку, плакала без суцяшэння і без надзеі. А пасля заснула. І як заўжды, калі прачыналася пасля «слёзных» начэй шкадавання, на раніцу з'яўвілася жорсткасць і абыякавасць да сябе.

У ванным пакоі — ўсё неабходнае: шампуні, рушнікі, нават касметыка. У шафе — новая бялізна.

«Клапатлівая сучка», — падумала Аля. І больш думаць пра яе сабе забараніла.

Па дарозе на працу зайшла ў гіпермаркет, купіла сэндвіч, каву і зарадку для мабільнага. Чацвер, гэта быў чацвер, да выходных засталося толькі два дні. Можна было патрываць. Галоўнае — рабіць усё механічна, паводле інструкцыі, дакладна лічыць грошы. І не глядзець у бок дома.

***

Пакупнікоў прыходзіла няшмат, з размовамі не чапляліся, толькі адна бабулька спытала: «А завоз у вас будзе ў наступны панядзелак, як заўсёды?» Ну, калі ў нас так заўсёды, то чаму б і не — Аля кіўнула. Больш размоў не было. Толькі перавешвала рэчы, пералічвала грошы, перапыняла непатрэбныя думкі.

Калі прыйшоў вечар пятніцы і краму пакінуў апошні пакупнік, Аля вельмі доўга вырашала, у што пераапрануцца: яна не ведала, якая рэч з якой краіны. Спачатку шукала, што спадабаецца ёй. На сукенкі не гля­дзела. Пасля кінула байкі і вырашыла знайсці тое, што ў мінулым жыцці не насіла. Цікава, трэба пераапранацца ў суботу раніцай? Ці з вечара пятніцы, каб больш часу засталося на падарожжа? Пэўна, з вечара пятніцы. Перамерала некалькі варыянтаў, стамілася, вырашыла, што ўсё адно, і схапіла першую байку, якая трапіла пад руку.

У нумары байку апранула — і нічога. Адчула сябе дурай — няўжо і тут падман, і будзе толькі дрэннае, а абяцанае добрае — не здзейсніцца? Распранулася. Зноў апранулася і залезла на ўсялякі выпадак ў шафу, зачыніла за сабой дзверы. Вылезла — нічога не змянілася. Дура і ёсць. Лягла спаць. На ўсялякі выпадак, у байцы.

Прачнулася — зноў нічога. А гэта ўжо не вечар пятніцы, гэта — субота. Лепш бы ёй не абяцалі казку — тады б яна яе не страціла.

Аля адчула, што вельмі галодная: ела толькі той раптоўны сэндвіч, а так піла каву — і, нацягнуўшы джынсы, выправілася ў краму.

Адчыніла дзверы — там быў не калідор. Лесвіца, вялізная каменная лесвіца. Аля падняла галаву — і вось яна, казка. На яе з дома насупраць глядзела гаргулья. Па вуліцы ішлі мніхі ў чорных расах, блазны ў стракатых касцюмах і гандляр з вялізнымі лялькамі. Пранеслася карэта, якой кіраваў кучар у джынсах. Здалёк пачулася музыка — той самы гадзіннік. Тая самая Прага.

Аля зачыніла дзверы. Зноў адчыніла — Прага нікуды не знікла. Прага! Схапіла грошы, якія ляжалі ў тумбачцы (дзякуй за еўра!), і пабегла ў горад.

Прага была для яе першым горадам па-за межамі. Па-за межамі ўяўнага, па-за межамі досведу, па-за межамі магчымага. То бок, першым горадам па-за межамі Беларусі і постсавецкага свету, куды яна трапіла. І тады таксама здалося, што апынулася ў казцы. Ці за кулісамі тэатра: міфічныя дамы, хімеры, статуі. Аля марыла, што стане знакамітай і прыедзе сюды з гастролямі, каб пажыць даўжэй.

І вось, прыехала. Аля ішла па знаёмых вуліцах і цешылася з таго, што яны знаёмыя, а калі стамілася, купіла глінтвейн і выправілася да сабора Святога Віта. Ужо зачынены, але і побач яна магла стаяць гадзінамі. Увасабленне прыгажосці, іншакраіннай, іншасветнай. Уначы яшчэ прыгажэйшы: здавалася, яго карункавыя вежы выразаны з цемры, ды гэтая цемра імкнецца да неба.

Вяртацца не хацелася, але сіл зусім не было. Аля адмыслова выбрала шлях цераз Карлаў мост — ніколі не бачыла яго пустым, а цяпер — толькі яна і статуі па баках. Паднялася па лесвіцы — а ўнутры ўсё тое ж: халодны нумар, маленькі ложак. У яго Аля ўпала, і больш нічога не было.

Раніцай Прага не знікла. Не знікла яна і пасля таго, як Аля прыняла душ. Страшэнна балелі ногі — як заўжды ў паездках. Таму ў нядзелю Аля ўсё больш сядзела: спачатку — у кавярні на Верхнім намесце, пасля — у трамваі: глядзела горад. Пад вечар — у рэстаране. Канечне, піўным. Піла няшмат: заўтра на працу.

ня завоз! Бамбіза не здзівіўся, калі пабачыў Алю, увогуле не выказаў ніякай рэакцыі: прынёс клункі — забраў грошы — пакінуў некалькі паперак еўра — сабраўся сыходзіць. Усё, як робат, ці хутчэй Жалезны Чалавек. Але на твар — Страшыдла.

— Ведаеце, я не гандлярка, я актрыса. І таму не маглі б вы перадаць там, што гэтая роля не для мяне?

Жалезны Чалавек моўчкі паглядзеў на яе і зрабіў тое, што і збіраўся — сышоў. Вось, сапраўды, сэрца яму бракавала.

І раптам — клункі былі падпісаны! Гэта значыць, яна магла выбіраць напрамак: Нідэрланды, Германія, Францыя, Фінляндыя, Бельгія. Вось, значыць, рысы якіх нацыянальных характараў завезлі да яе ў краму. Хто там палічыў, што менавіта іх не хапае беларусам? Але спытаць — няма ў каго, таму пагодзімся і будзем маўчаць.

Увесь тыдзень Аля жыла гэтымі клункамі: перабірала, падпісвала, прыдумвала кошты і пазначала «нацыянальнасць» рэчы, каб не пераблытаць маршруты. Што не паспела перабраць, пакінула ў вялізнай скрыні, якая стаяла каля акна. І увесь тыдзень Аля задыхалася ад густога хімічнага паху, якім былі насычаны рэчы: здавалася, ён насыціў і яе — валасы і скуру, і толькі гарачы душ мог яго змыць. І ўвесь тыдзень Аля выбірала, куды б ёй паехаць. Не. Паляцець? Патрапіць.

Выбрала Нідэрланды, бо хацела ў Амстэрдам. І там яна была (і шмат хто быў — гэты горад, як і Прага, быў адным з абавязковых маршрутаў для наведвання сярод яе сяброў). Цяпер, калі ўсё яе жыццё здавалася чужым і незнаёмым, яе вельмі цягнула да знаёмых месцаў.

У суботу апранула цішотку — адчыніла дзверы — і выйшла з хостэла каля плошчы Дам. Пашэнціла! Пашыбавала знаёмымі вузкімі вулкамі, чорнымі і рудымі, купіла смажаную бульбу ў кулёчку, пакаталася на кацеры па каналах, завітала на рынак цюльпанаў — і ўвесь час згадвала, як рабіла тое ж, але з сябрамі. Каб пазбавіцца думак, выправілася туды, куды ў мінулы раз не трапіла: рэшту дня правяла ў музеі Ван Гога. Але і там не магла пазбыцца ўспамінаў: гледзячы на карціну са спальняй, згадала ўласную кватэру, якую ў яе адабралі. Наступным разам трэба выпраўляцца туды, дзе не будзе напамінаў пра мінулае.

У дрэнным гуморы вярнулася да плошчы Дам. Яна абяцала сабе больш ніколі не катацца на «Чортавым коле», размешчаным побач з Боскім саборам, але зноў палезла. І там, наверсе, заплюшчыўшы вочы, зноў абяцала, што больш ніколі, абы толькі спусціцца на зямлю. Калі спусцілася, успомніла, што побач знаходзіцца кітайскі рэстаранчык, — і вырашыла апошні раз схадзіць у знаёмае месца.

Пакуль ела лапшу ў кісла-салодкім соусе (у Мінску такой няма), аглядала наведвальнікаў. Стыльныя прычоскі, стыльная вопратка, спартыўныя постаці. І ўсе прыгожыя. Асабліва мужчыны. Асабліва адзін. І чаму ў нас такіх няма? Добра, ёсць, але не столькі ж. І не такія.

Ён сядзеў адзін і таксама еў лапшу. А Аля тым часам прадстаўляла сабе яго жыццё. Будуе яхты. Тройчы на тыдзень ходзіць у трэнажорку. І гэта відаць нават праз кашулю. Дарэчы, сам сабе мые і прасуе кашулі — бо не чакае, што хтосьці іншы (іншая) павінен рабіць тое за яго. Стоп. Мые кашулі. «Абавязкова памыйце рэчы перад тым, як апранаць». Гэта правіла. Яно вісіць на сцяне. Таму гэта правіла. А яна ж ім ніколі не карысталася. А што будзе, калі скарыстаецца? Аля відавочна адчула хімічны пах ад сваёй цішоткі, які перабіваў нават пахі кітайскага рэстарана. Калі яе вымыць, мо яна пазбавіцца мораку?

Думкі ліхаманкава круціліся ў галаве, і Аля забылася, што ўсё яшчэ глядзіць на кашулю незнаёмца. Той перастаў есці і таксама паглядзеў на Алю. Яны сустрэліся позіркамі.

Аля ведала, дзе тут пральня. Тэрмінова трэба туды. Яна пакінула грошы і выскачыла з-за століка.

Незнаёмец таксама падняўся і накіраваўся насустрач. Ах, цудоўны горад, дзе ўсё проста, а чароўныя незнаёмцы самі падыходзяць знаёміцца, але не да часу, не да часу! Трываць немагчыма было ні секунды.

Аля бегла, абганяючы ровары, да памяшкання з вялізнымі пральнымі машынамі. Нейкая дзяўчына збіралася закідваць свае рэчы: яна ўсміхнулася, адмовілася ад грошай, а цішотку ўзяла. Аля засталася чакаць ў станіку, у пральні з акном ва ўсю сцену. Але гэта Амстэрдам — тут такім нікога не здзівіш.

Хацела апрануць мокрую цішотку, але дзяўчына настаяла на тым, што трэба пасушыць. Добра, пасушылі. Пасля — з усіх ног дадому. Перад самымі дзвярыма стала жудасна: а што, калі не адчыняцца і яна застанецца тут?

Не, пусцілі назад. Была ноч, і Аля не ведала, як праверыць, ці спрацаваў план. Мабільны. Каму патэлефанаваць? Маці. Першы званок — ёй.

Гудкі.

Ну, пазнай мяне, пазнай.

— Слухаю, мая родненькая.

Гэты голас.

— Я думала, ты адразу патэлефануеш. Чаму столькі чакала?

«Элі».

— З-за цябе я заўжды павінна быць побач з гэтым тэлефонам. Не трэба, каб ты турбавала маці.

Алю перасмыкнула:

— Гэта мая маці.

— Нарэшце! Падала голас. Паслухай мяне. Я дазволіла скарыстацца правам апошняга званка, каб яшчэ раз сказаць: цябе тут больш няма. Усё па-сапраўднаму. А зараз дадам твой нумар у блэк-ліст. І табе будзе лягчэй.

— Не трэба!

— Мне не трэба, каб ты ім званіла. Усё. Як сама? Падарожнічаеш?

— Падарожнічаю.

— Ну, падарожнічай.

Гудкі.

У чыстай цішотцы Алю ў Амстэрдам не пусцілі — дзверы адчыніліся ў калідор гатэля. Нікуды ісці не хацелася — усю нядзелю яна пракачалася ў ложку.

***

На наступным тыдні Аля не магла думаць пра тое, што адбываецца тут. Не хацела. Не хацела думаць пра краму, пакупнікоў, правілы. Тут — абрыдлая праца. Усімі думкамі — там. Бо там — мара. Увесь вольны час сядзела ў інтэрнэце: чытала пра краіны, іх ежу, славутасці, звычаі, адзенне, гарады, рэстараны, транспарт. Ці мала куды яна трапіць — трэба падрыхтавацца. Крыніц было шмат: гіды анлайн-часопісаў, парады мясцовых, водгукі суайчыннікаў — тых, хто адтуль вярнуўся. І тых, хто не вярнуўся.

У пятніцу яна выбрала кашулю з Бельгіі і яшчэ адну — з Фінляндыі. Трэба было праверыць, ці можна наведаць дзве розныя краіны за адны выходныя.

Дзверы адчыніліся на бельгійскі пляж: гатэль стаяў зусім побач з узбярэжжам. Паўночнае мора. Халоднае. Суворае. Шалёнае. Мора ёй не хапала больш за ўсё. Калі верыць гісторыкам, сацыёлагам і каму там яшчэ, мора не хапала ўсёй краіне. Для вольнага характару.

У турыстычным шапіку Аля прачытала: Ostende. Вецер мацнеў, надвор'е псавалася, людзі сыходзілі з пляжа. Аля накіравалася да вады: вось што ў нашым характары, дык гэта імкнуцца да мора, не звяртаючы ўвагу на абставіны, і купацца, нават калі холадна.

Вецер калмаціў валасы, кідаў у твар пясок і салёныя пырскі. Кашуля прамокла, марозіла скуру. Вялікая хваля дакацілася да яе кедаў: яны адразу набралі вады. Вяртацца дадому і тым больш пераапранацца не хацелася.

Аля павярнулая да горада: на узбярэжжы было шмат рэстаранчыкаў. Жоўтыя агеньчыкі пад шэрым навальнічным небам. І хоць нацыянальны характар настойваў на тым, што неабходна акунуцца (ат, якія там хвалі!), дзяўчына пайшла да гэтага святла.

Завярнулася ў плед і, і прытрымліваючыся парады невядомага падарожніка з інтэрнэту, замовіла пшанічнае піва. Яго, як і чакала, прынеслі з долькай апельсіна. І толькі Аля падумала пра тое, што неяк яна вандравала апошнія тыдні па піўных крамах і трэба наступным разам выбраць вінную, як пабачыла за суседнім столікам яго — будаўніка яхт з кітайскага рэстарана.

Добра, жыццё — суцэльная верагоднасць, і цалкам магчыма, што ён на мінулым тыдні быў ў Амстэрдаме, а цяпер — трапіў у Астэндэ. Такі сабе «Лятучы галандзец».

Ён устаў і «падплыў» да Алі:

— Ну, сёння ты ў пледзе, і так хутка збегчы не атрымаецца. Вітаю!

— Чаму ж! Я чэмпіён Фрунзенскага раёна па бегу ў пледах.

Аля падумала, што гэта самая недарэчная фраза, вымаўленая на гэтым беразе Паўночнага мора, і толькі пасля пра тое, што не, гэта не супадзенне, бо ён яе суайчыннік.

«Галандзец» усміхнуўся і сеў насупраць:

— Дык вось каго яна выбрала замест сябе.

«Галандцу» прынеслі каву, і цяпер ён сядзеў і размешваў лыжачкай цукар — укінуў у вір маленечкі ладненькі кубік. Аля заўжды пачувала сябе няёмка, калі яна піла, а суразмоўца абыходзіўся чымсьці безалкагольным, але тут вырашыла, што так яно і лепей, — і зрабіла глыток, каб паказаць, што нічога не баіцца. Долька сарвалася з краю келіха і нырнула ў празрыстую глыбіню. «Галандзец» скончыў перамешваць.

— Так, яна выбрала мяне. На жаль, гэты выбар са мною не быў абмеркаваны.

— Так заўжды і бывае, — «Галандзец» паглядзеў на мора. Пачалася залева, і мяжа паміж вадою і небам сцёрлася. — Мяне завуць Антон. Ты ж не думала, што адна ў гэтым свеце таннай вопраткі? У нас сетка — па ўсёй краіне. Мабыць, ты заўважала, што ў апошнія гады адчынілася шмат сэкандаў. Дык вось, гэта мы.

— Мы — хто гэта?

— Гэта пытанне пакіну без адказу. У Мінску зможаш пазнаёміцца з іншымі, каб не адчуваць сябе самотнай.

— А калі я не хачу знаёміцца? Не хачу сядзець у смярдзючай краме? Не хачу несці разумнае, добрае, вечнае?

— Ты заключыла дамову. Як яе разарваць, табе расказалі. Расказалі ж?

— Але тады я не вярну сваё жыццё.

— На жаль. Але калі мяне дакладна праінфармавалі, ты не была ім задаволена, ці не так?

Аля зрабіла глыток. Апельсін так і застаўся на дне.

— Ці не здавалася табе, што ўсё навокал, — табе насуперак? І не для цябе. І што жыццё ёсць, канечне, але там, там. І калі б табе іншыя абставіны — усё было б па-іншаму. Дык вось, цяпер у цябе будзе шанец выбраць сабе абставіны. Мне казалі, што ты актрыса. Гэта і добра — будзеш проста прымерваць ролі.

За вокнамі біўся вецер — здавалася, ён хутка падгоніць мора пад вокны, а яно раздавіць шкло і ўцягне Алю да сябе. Зрэшты, яе называлі русалкай.

— А ты хто? Гандляр?

— Я пастаўшчык. Я фармірую партыі і размяркоўваю іх па гарадах. Сачу, што каму патрэбна і ў які момант.

— Антон, можа, ты мне адкажаш, навошта гэта ўсё?

— Попыт. На гэта ёсць попыт. Уяві, гадоў трыццаць таму ніхто і падумаць не мог, што можна бу­дзе вось так на выходныя злятаць у Берлін, а квіток на самалёт будзе таннейшы, чым на цягнік да Масквы. Меж няма. Фізічных меж. Засталіся межы метафізічныя. Калі яны сатруцца, вам жа будзе лягчэй. А каб зразумець іншага чалавека, ёсць такая прымаўка: «Трэба пахадзіць у яго чаравіках». Put yourself in someone's shoes.

— У нас кажуць: «Свая кашуля бліжэйшая да цела».

— Казалі. А пасля з'явіліся сэканды.

Віхура за акном пачала супакойвацца. І пакрыху Алю апанавала стомленасць.

— Антон, а ты адкуль?

— З Мінска. Вучыўся ў Вільні. Там усё і пачалося.

Ён распавёў пра сваю вучобу, яна — пра сваю. Далей абмяркоўвалі новыя фільмы, старыя кнігі, іншыя гарады. Так за размовай прасядзелі да зорнай ночы, і калі Антон ужо разлічыўся і хацеў пайсці, Аля не вытрымала:

— Ты мне не дапаможаш вярнуць маё жыццё?

— А яно табе патрэбнае?

Памаўчаў.

— Некаторыя прадаўцы так, як ты, былі супраць. Яны спрабавалі парушаць правілы. Не выходзілі на пра­цу ці выходзілі, але не гандлявалі, абражалі пакупнікоў. Нават гэта не вымушала нашу, не ведаю, як назваць, няхай «сістэму», адмовіцца ад іх. Нават у выпрабавальны тэрмін, калі ўвогуле ўсе дамовы парушыць лягчэй. У выніку ўсе рэвалюцыянеры ўцягваліся. Але такіх было мала. Больш — тых, хто цешыўся з магчымасці бясконцых падарожжаў.

— І апошняе пытанне. Ці нельга выбіраць для гэтай працы тых, хто згодны?

— Пэўна, нельга. Мяне самога так знайшлі. То бок, правілы прыдумваў не я. Я — пастаўшчык. За што купіў, за тое і прадаю. І, Аля, вось яшчэ. Калі выпрабавальны тэрмін закончыцца, ты іх забудзеш. Знаёмых, сяброў, бацькоў. Усіх. Мінулага ў цябе не будзе. Толькі будучыня, а ў ёй — увесь сусвет. Павер мне, так трэба. Сваіх я не памятаю. Так лягчэй.

І пайшоў за дзверы, да мора, якое ўпадае ў сусветны акіян. Так трэба, так лягчэй.

***

Назаўтра яна апынулася ў Хельсінкі — значыць, за адны выходныя можна патрапіць у дзве краіны. Тут таксама быў вецер, ды вельмі яркае сонца: белая скура хутка пачала гарэць. На гарадскім пляцы стаяла царква, высока, на прыступках. Калі Аля паднялася, пабачыла ўдалечыні Фінскі заліў: паромы адыходзілі ў Швецыю, Нарвегію, Латвію. Горад здаваўся пустым, зачыненым на ўсе замкі — нядзеля. На кірмашы ля самай вады Аля купіла і з'ела кавалак ласося. Выканала хаця б адну параду, якую давалі падарожнікі з інтэрнэту. І вярнулася дадому.

На наступным тыдні Аля ўпершыню паглядзела на пакупнікоў. Адны — хутка выбіраюць, прымерваюць, плацяць, збягаюць. Іншыя — доўга гуляюць паміж вешалкамі, зносяць ці не паўкрамы ў прымерачную, прымерваюць, ідуць па новае, зноў прымерваюць і купляюць цэлыя гурбы. Прыходзілі жанчыны, якія набывалі адзенне сваім дзецям і сваім мужчынам, і сяброўкі, якія дапамагалі адна адной вышукваць модную вопратку. Тут усе яе суайчыннікі дазвалялі сабе тое, чаго не маглі дазволіць сабе ў звычайных крамах, — прыдбаць шмат прыгожых сучасных рэчаў. З іншага пляча, канечне. Але тое, што састарэла для адных, яшчэ магло служыць іншым — больш таго, вельмі пасавала.

Зачыніўшы краму, Аля пайшла гуляць па мінскіх вуліцах: і гэтак жа, як упершыню паглядзе­ла на пакупнікоў, падняла вочы на свой горад. Мінск больш не здаваўся стэрыльным, нудным, афіцыйна-дзелавым. Ён мяняўся: то там, то тут з'яўляліся месцы «не ад гэтага свету»: пра такія казалі, «як у Еўропе», бо калі апынаўся там, адчуваў сябе ў іншай, лепшай, рэальнасці. Але штосьці было ў іх мясцовае, сваё — і гэта лаялі, ды Алі гэтая «мясцовасць» падабалася. Узнікалі новыя прафесіі, цэ­лыя працоўныя класы найноўшых тэхналогій. І гэта не была падказка з «таго» боку: так прыдумалі свае. І было шмат людзей, апранутых па-новаму. Але хто можа з упэўненасцю сказаць, што яны пераймалі, а не стваралі свой стыль? Прастора навокал змянялася і рабілася прыдатнай для жыцця. Не, не змянялася — яе змянялі.

Узяць сэканды: з імі змянілася стаўленне да вопраткі ва ўсёй краіне, цяпер яны на кожным кроку. На кожным кроку. Аля згадала, што ёсць яшчэ невялічкі сэканд зусім побач, каля аўтобуснага прыпынку. Вось куды трэба было ісці ў першую чаргу — шукаць дапамогі, парады. Ці хаця б спачування.

Сэканд адчынены, але ў ім — нікога: працоўны дзень, амаль дзевяць гадзін вечара. Пах — той самы, што і ў яе краме, але да яго прымешваўся моцны пах добрай кавы і салодкай кветкавай парфумы. Ландышы?

— А вось і яна! Я ўжо думала, што не дачакаюся! То ты вельмі занята, каб праведаць суседку? Жартую-жартую, каву будзеш? — з-за вешалкі выйшла высокая белавалосая жанчына ў чорнай спадніцы і каралавай блузцы.

— Дзякуй, не трэба. А як ты мяне пазнала?

— А я не пазнала. Мне Жэнька твой здымак паказала, калі забегла на развітанне, — жанчына ўзяла кубак і цыгарэту і махнула рукой, запрашаючы з сабой на ганак. — Так спяшалася на «сваю дачу», усё паўтарала: «Надзя, калі Аля прыйдзе да цябе (дарэчы, я — Надзя), то ты ж дапамажы ёй па першым часе, слёзкі абатры, маршруцік парэкамендуй». А то ж Аля і не плача, і сама ўва ўсім разабралася. Дзе ўжо была?

— У Амстэрдаме, Празе, яшчэ ў Бельгіі.

— Нармалёва. Для пачатку, — Надзя зацягнулася. — Але толькі для пачатку. Запамінай: Францыя — але джынсы не бяры, а то занясе ў нейкі працоўны квартал Ліёна (там не файна, скажу я табе), выбірай сукенкі, як мага даражэйшыя, але тут ты не дура, разумееш, чаму. Цудоўна, калі завязуць Швейцарыю. Папярэджваю: гэта бывае вельмі рэдка, таму не вывешвай усе рэчы адразу на продаж, прытрымай што на ўсялякі выпадак, там краіна добрая. Ісландыю — ну, не ведаю, чакала я, чакала, так ні разу і не было. А як табе Ніца?

— Яшчэ не атрымалася трапіць.

— Ну, то будзеце ў нас на Калыме. — Надзя штурхнула яе локцем у бок і засмяялася, — запрашаю ў госці. Добра, што ты зайшла. Яшчэ б некалькі дзён і ўсё, прапаў бы мой шматгадовы досвед. Я, ведаеш, пераязджаю. Хопіць мне тут мыкацца, а правілы гэтага не забараняюць, я так Антону і сказала. Між іншым, вы ўжо бачыліся? І як табе Антон? — яна шматзначна падняла брові. — Паразумеліся? Ці ты чырванееш? — і зноў штурханула.

— Расказваў, як жыць далей.

— Ат, шмат ён ведае, як жыць. Жэнька дурненькая. Яна мяне не слухала, ты паслухай: калі захочаш мяняцца, то мяняцца можна і на той бок. Канечне, гэта зашмат працы: горад падыходзячы адшукай, паматайся там, каб знайсці чалавека, якога можна будзе... Ну, з якім можна будзе памяняцца. Падрыхтуй там усё. А пас­ля, калі ўсё сарвецца, пачні зноўку. Ты мовы ведаеш? Я лінгвістычны скончыла, мне з гэтым прасцей.

— І ты зараз у Ніцу?

— На поўдзень Францыі, да Міжземнага морачка, — выкінула цыгарэту. — Аля, ведала б ты, колькі гадоў я над гэтым працавала! А цяпер — глядзі ты, расказваю і не баюся сурочыць. Бо там верная справа. Колькі мяхоў з вопраткай я перакапала-перацягала, каб знайсці гэту аднюткую рэч! Пінжак Шанель, канечне, пацяганы, але там гэта завецца «вінтаж». І вось у Ніцы ў кавярні да мяне падбягае жанчына: «Няўжо гэта тая самая мадэль? І у такім добрым стане? Прадайце за любыя грошы, я калекцыянер, мне жыцця не будзе без гэтага пінжака». Ага, думаю, а сама: «Не магу я прадаць, ведаеце, гэта тая самая мадэль, вінтаж, між іншым». Так мы і пазнаёміліся. Запрасіла да сябе: вялізны будынак, вокнамі да мора. Не замужам. Іду я па той хаце і думаю: «Божачка, і як мне так шчасціць, што і мужа сабе змагу выбраць, а не як тут, некаторыя, абы за каго, толькі б за мяжу». Некалькі тыдняў на выходныя толькі туды і «ездзіла». Усё даведалася пра яе: закупае вопратку для буцікоў. Амаль тое, што і я раблю. Ты паглядзі, як тут у мяне ўсё ўладкавана.

Яны вярнуліся з ганка ў краму: толькі сукенкі, спадніцы і блузкі, класічныя нагавіцы, строгія кашулі роз­ных колераў. Некалькі з густам падабраных камплектаў з шалікамі і сумачкамі.

— Я люблю сваю працу, як бачыш. І мне падабаецца прыгожа апранаць нашых жанчын. А для некаторых толькі і магчымасці апрануцца, што ў сэкандзе. Таму я вельмі ўважліва выбіраю вопратку для сваёй крамы, шмат чаго вяртаю, адкуль прыйшло. І адразу бачу, што каму патрэбна. Вось цябе я б пераапранула ў штосьці больш «жаноцкае». Не, я не супраць нагавіц, калі толькі гэта не джынсы, але вось табе б я параіла...

— Дык што там Ніца?

— Ніца? Ніца неверагодная! Я ўжо люблю і той дом, і тую працу. Пытаешся, як я ўсё ажыццяўлю? Сказала, што я таксама калекцыянер і таму прадаць не прадам, але памяняюся на пінжак, апрануты на ёй у мінулы мой візіт, маўляў, яго мне не хапае ў маёй калекцыі. Яна там звар'яцела ад шчасця, але я зрабіла выгляд, што перадумала, каб памацней зачапіць, і вось узяла тыдзень на развагу. Насамрэч, на развітанне з Радзімай.

Надзя выключыла святло і зачыніла дзверы.

— Як жа ты памяняешся? Як яна тут зможа?

— А я як змагла? — Надзіны вочы прыжмурыліся, зрабіліся жорсткімі. — Я нічога не парушаю! І не трэ­ба яе шкадаваць: тут усе былі супраць, калі пра мой план даведаліся, бо таксама «як адаптацыя, як мова». Як-як. Як-небудзь. Няхай хутчэй выпрабавальны тэрмін заканчваюць, няхай яна забывае ўсё хутчэй — за дзень, а не за месяц.

— І што, забываеш усё? І не памятаеш ні мясцін, ні сяброў, ні бацькоў? — вельмі ціха спытала Аля.

— Нічога, — жорсткасць знікла. — Мне сказалі пра лінгвістычны, бо высветліла: разумею некалькі моў. Больш нічога не засталося. Ведаю толькі, што маю звычку ўвечары выпіць кубак добрай кавы і люб­лю духі, якія пахнуць ландышамі. Але не ведаю, чаму люблю: ці мае яны, ці імі, напрыклад, карысталася маці. — І зноў усмешка: — Вось гляджу на цябе і думаю, не паспееш ты з майго досведу скарыстацца, пераробяць яны правілы, перакрыюць шлях на захад. Галоўнае, каб мне паспець. Не буду, пэўна, чакаць выход­ных. Бывай!

І пацалавала ў шчаку.

— Ты не чула, каб каму-небудзь вярталі яго жыццё?

— Ніколі. Я ж казала, тут ўсё па правілах. Іншая справа, калі абставіны добра складуцца. Вось як у мяне. Ды не, я свае абставіны сама па кавалачках, па шматочках складала. Але калі ты хочаш пажаліцца, ідзі да кіраўніцтва.

— І дзе мне яго знайсці?

— Там, дзе можна знайсці ўсё. На Жданах.

***

Назаўтра Аля паехала ў Ждановічы: добра, што будны дзень, таму аўтобус познім ранкам быў напаўпусты, не тое што ў суботу ці нядзелю — не ўціснуцца. Праязджала Надзін сэканд — зачынены: цалкам верагодна, што Надзя ўжо гойсае ў цёплых хвалях, а тут думаюць, як падрыхтаваць новенькую.

На рынку людзей было таксама няшмат: маленькі натоўп з аўтобуса расцёкся па тэрыторыі — адны накіраваліся за прадуктамі, другія — за шпалерамі. Аля і некалькі жанчын пайшлі ў напрамку адзення. Перад будынкам, дзе прадавалася звычайная, новая вопратка, раскінуліся рады сэканд-хэндаў: рэчы віселі ў палатках і ляжалі вялізнымі кучамі пад адкрытым небам. Пакупнікі, нахіліўшыся, корпаліся ў рознакаляровых пагорках, нібы выбіралі з зямлі бульбу. Дапамагала ім вясёлая немаладая жанчына з загарэлым тварам.

— Бярыце-бярыце, ладны кажух! Нямецкі, толькі прывезлі. Зараз не апранеш — не сезон, затое зімою як знойдзеш!

Мужчына яшчэ круціўся перад люстэркам, але па твары ўжо было відаць — пойдзе дамоў з набыткам.

Аля глядзела, як шукае рэчы старая пара: у мужа ўжо было некалькі маек і кашуль, карычневыя нагавіцы, і цяпер ён угаворваў жонку ўзяць спадніцу — ружовую, з белымі кветкамі і зялёнымі лістамі. Яна аднеквалася і казала, што няхай грошы лепей будуць дзецям.

— Калі возьмеце шэсць рэчаў, сёмая пойдзе бясплатна! — жанчына раптам апынулася зусім побач з Аляй. І звярнулася ўжо да яе:

— Ну, то будзем знаёмыя! Мяне клічуць Стэфай, а цябе — Аляй, і за табою замацавана крама нумар 44, — Стэфа развінціла тэрмас і наліла ў кубак мятнай гарбаты. — Трымай і бяры тут у мяшэчку цукеркі, зараз я да цябе далучуся.

Яна забрала грошы за кажух, запакавала рэчы для мужа з жонкай: спадніца пайшла «ў падарунак». Вярнулася да Алі з двума раскладнымі зэдлікамі, крыкнула: «Маша, падмяні мяне», — і, наліўшы сабе гарбаты, села насупраць.

— Ну што, родненькая, сумуеш?

— Сумую.

— Нічога, пабаліць і перастане. Такое жыццё. У мяне кожны раз, калі да мяне хто новенькі прыходзіць, сэрца крывёю абліваецца. Але нічога я зрабіць не магу, хаця б тут і галоўная. Таму нават не пытай: не, нічога вярнуць не магу.

— Вы тут галоўная?

— Што, не падобная да кіраўніцтва? — Стэфа ўсміхнулася, адкусіла кавалачак шакаладнай цукеркі, запіла гарбатай. — Але ж гэта я. З мяне тут ўсё пачалося. У 90-я шмат хто па рэчы ў іншыя краіны катаўся, толькі я ўсё на захад, а не на ўсход. І вось вярнулася аднойчы з партыяй сэканда: ён разышоўся хутка, хут­чэй за новае адзенне. Год гандлявала, а пасля яны на мяне і выйшлі. Сказалі, што справу трэба пашыраць, ну і пра іншыя інструкцыі таксама.

— А вы раскажаце, хто «яны»?

— «Яны» — значыць, «не мы», і ўсё на гэтым. Адмаўляцца і не думала: калі б не мяне, ды знайшлі б іншую. А тое, што вось так з жыцця выдзіраюць — ну, чаго не бывае на свеце. Затое справу карысную робім. І старых апранаем, і малых. І не толькі апранаем.

— Вы пра характар?

— І пра яго. Не я адна вырашаю, што нам патрэбна. Абмяркоўваем, раімся, сочым за падзеямі. Я вось за тое, каб навучыцца жыццю радавацца, таму, што маем, а не сумаваць па таму, чаго няма. І вось замаўляю, а ты праз месяц выстаўляеш на акенца шыльдачку: «Італія, новы завоз!»

— Але ж у нас не Італія, ім там радавацца лёгка.

— Так, не Італія. Ды з чагосьці трэба пачынаць інтэгравацца ў сусвет, як тое кажуць. Ты ведаеш, колькі разоў я вяла такую размову? — Стэфа дастала з-пад кашуль і маек стары агульны сшытак у цыратавай вокладцы. — У мяне ўсё запісана, усе, хто працуе ў крамах па ўсёй краіне. Дык вось, калі толькі пачыналі, была адна крама і адна краіна, цяпер — зусім іншая. Змены ёсць, ды ты і сама гэтага не можаш не заўважыць. А тое, што дзеля гэтага табе неабходна ахвяраваць чымсьці сваім...

— Маім, — паправіла Аля, ды Стэфа гэтага не заўважыла.

— То гэта, родненькая, у жыцці без ахвяр ніяк. Пакінь мне свой тэлефон, каб калі што былі на сувязі.

Стэфа акуратна запісала нумар і зноў схавала сшытак.

— А тое, што ные, хутка супакоіцца. Вось пі гарбату з мятай, дапамагае ад нерваў. Ці ты маеш што яшчэ запытаць?

***

Аля падлічыла, што гэта будуць апошнія выходныя выпрабавальнага тэрміну — ён заканчваўся ў наступную сераду. Ёй хацелася вярнуцца ў Астэндэ, паразмаўляць з Антонам, але тую кашулю яна пасушыла і павесіла да астатніх — і нават не заўважыла, як яе купілі. Таму пашукала падобную, з Нідэрландаў. Згадала сваё абяцанне трапіць у вінную краіну — і знайшла прыгожыю чырвоную сукенку з Францыі.

У Астэндэ трапіць не атрымалася — кашуля прывяла ў Гаагу. Паўночнае мора там здавалася бэжавым, бэжавым быў і пляж, і нават неба. Аля зняла кеды і адчула паміж пальцамі халодны пясок — у пятку ўтыркнулася ракавінка. Накіравалася да гмаху палаца, які высіўся над узбярэжжам: акурат перад ім было некалькі кавярняў — з драўлянымі тапчанамі і мяккімі падушкамі. Падавалі каву і кактэйлі. Доўга не магла патлумачыць, што замаўляе латэ (афіцыянт даводзіў, што ў іх «латэ» значыць «малако»). Пасля, лежачы ў адзіноце на падушках, глядзела на мора і думала, што ўсё не так ужо і дрэнна: яна дапамагае глабальнаму працэсу яднання, а на выходных можа рабіць тое, аб чым мараць тут усе, — падарожнічаць. Да яе падбеглі два сабакі — канечне ж, бэжавыя — і адзінота знікла зусім.

Перад тым, як трапіць у Францыю, хацелася стаць вельмі прыгожай — гэтага жадання не было ўжо даўно, таму першую палову дня Аля правяла ў цырульні — зрабіла прычоску і манікюр. Пафарбавалася дома пакінутай касметыкай.

«Ну што, віно, я іду да цябе! Святкуем разам развітальны вечар! Хутка я забуду сваё мінулае. І нічога не будзе мяне турбаваць — застанецца толькі асалода ад адкрыцця новых мясцін. Таму спачатку закрыем старое».

І — не, гэта быў не Парыж, дзе заўжды хацелася пабываць. Гэта былі Каны — горад, дзе пабываць хаце­лася невыносна. Аля ішла да Палаца фестываляў на бульвары Круазет, нехта крыкнуў ёй: «Magnifique!» (Цудоўная!). Яна згадвала, як, калі паступіла на тэатральны, расказвала маці, што абавязкова трапіць у Каны — на чырвоную дарожку.

У той раз яны з маці хадзілі па крамах і намералі для Алі вельмі прыгожую і вельмі дарагую сукенку — зялёную, з залатымі блішчынкамі, што вельмі пасавала да яе рудых валасоў.

— Мама, калі я гляджуся ў люстэрка, то гляджу не на сукенку. Я бачу тое, што навокал: памятаеш магічнае люстэрка ў «Гары Потары»? Толькі тут магічная сукенка — і я. Вось я на сцэне, мой першы спек­такль — поспех, мама! Я апранаю гэтую сукенку пасля для прэзентацыі — і да мяне падыходзіць знакаміты рэжысёр: калі мы з табой захапляліся яго фільмамі, то і не думалі, што давядзецца пазнаёміцца з ім. І вось ён прапаноўвае мне галоўную ролю! І мой фільм трапляе на Канскі фестываль. А калі мяне запросяць на прэм'еру, то я змагу выбіраць з тысяч сукенак — але апрану гэтую, няхай зноў, і ў ёй апынуся на чырвонай дарожцы. Вось што я бачу перад сабой. Купім?

Яны купілі гэтую прыгожую і дарагую сукенку. Пасля Аля яе так ні разу і не апранула — не было куды. І зразумела ўсю дарэмнасць сваіх мар. З тых часоў, калі глядзелася ў люстэрка, бачыла толькі сябе — і нічога больш.

Віна расхацелася. Калі гэта развітанне, то трэба развітацца і з традыцыямі. Яны з сябрамі мелі запазычаны з фільма звычай: піць на моры тэкілу. Знайшла невялікую краму, купіла соль і лайм і пайшла на пляж побач з палацам. Села на камяні спіной да Круазэт, тварам — да Міжземнага: гэта мора цёплае і ласкавае.

У яе будзе тое, аб чым марыць большасць сяброў, — падарожжы ў іншую рэальнасць, якія дапамагаюць забыць пра рэальнасць гэтую. Душой — там. Тут — целам. Але з-за таго, што душа недзе «там», «тут», то бок, цэлая краіна, здаецца другаснай, on the second place, you know. І другасным здаецца ўсё: думкі, падзеі, дасягненні. Людзі.

Вось каб адразу нарадзіцца «там» — там і магчымасці былі б іншыя. І можна было марыць аб фестывалях. А «тут» — тут не трэба і пачынаць было.

Аля лізнула салёнае, зморшчылася ад горкага, укусіла кіслае.

Дрэнна, канечне, што яе пазбавілі выбару, — не выслізнеш. Хіба толькі... Ды дзеля гэтага патрэбны належныя абставіны. І рызыка. Абставіны — перш. І рызыка.

Аля паглядзела на гадзіннік: так і ёсць, вось і абставіны — палова дванаццатай. Калі не паспяшацца, яна не паспее да поўначы — і, здаецца, знікне. Цікавы варыянт, чаму б і не? Канечне, бракуе барацьбы з лёсам, ну і к чорту барацьбу. Ці пазмагацца?

Аля бегла дадому. Абставіны. І рызыка.

***

Заставалася тры дні. Аля турбавалася, што не паспее. Не паспее паглядзець на бацькоў, пакуль яшчэ іх памятае.

«Калі ласка, калі ласка, калі ласка, няхай яны прыедуць — і я зірну на іх апошні раз. Калі ласка!»

І яе пачулі: Аля бачыла, як пад'ехала машына. Яны ўтрох увайшлі у пад'езд.

Ну што, паспрабуем?

У пад'езд удалося праслізнуць — апярэдзіла бабульку-суседку, якая толькі-толькі адчыніла дзверы.

Паднялася па лесвіцы, націснула на званок. Сэрца білася вельмі хутка, як.

— Вы, пэўна, да Жэні?

Адчыніла маці. Гэта добра.

— Я вас пазнала! Вы з той крамы, што ўнізе. У мяне добрая памяць на твары. Заходзьце. Дачушка, гэта да цябе.

Жэня выйшла з яе пакоя. Памаўчалі. Аля забыла ўсе словы. Чула толькі, што сэрца б'ецца вельмі хутка, як...

— Пэўна, ты прыйшла, каб паведаміць, што быў завоз?

Аля кіўнула.

— Дзякуй. Усё, можаш ісці.

— Жэня, можна цябе папрасіць дапамагчы з гарбатай? — маці глядзела незадаволена.

І зніклі на кухні: адразу пачуўся громкі шэпт— пэўна, маці выказвала, што нельга так паводзіць сябе з гасцямі. Значыць, ёсць колькі хвілін — хопіць, каб завітаць у свой пакой.

Там усё было па-старому: яе канапа, яе расчыненая шафа, яе старыя рэчы. Дзякуй, што нічога яшчэ не паспела выкінуць. Сэрца грукатала, перакрываючы нават далёкі громкі шэпт. Толькі некалькі імгненняў сам-насам, яшчэ некалькі імгненняў — і:

— Што ты тут робіш?

— Захацелася прысесці!

— Не вельмі прыемна, калі так заходзяць у чужыя пакоі.

— Жэня! — мама зноў перапыніла. — Запрасі на гарбату.

Гарбаты Алі не хацелася — хацелася збегчы з дому, які ў яе ўкралі. Вось толькі апошні раз зірнуць на маці — і:

— Дзякуй, не трэба. Я сапраўды зайшла толькі дзеля таго, каб паведаміць пра завоз. І запрасіць да нас Жэню. Ёсць шмат цікавых брэндавых рэчаў. А зараз — бывайце.

І — прэч з кватэры, не аглядваючыся.

Аддыхалася толькі ў краме: дзіўна, за некалькі тыдняў яна пачала лічыць яе сваім домам. Здавалася, дом супакойваў. Але якая яму была справа?

Аля нервова перакладвала рэчы ў вялізнай скрыні, калі за спіною расчыніліся дзверы, — «Элі». Зноў у яе куртцы.

— Навошта ты прыходзіла?

— Развітацца. Пэўна, ты ведаеш, што хутка скончыцца выпрабавальны тэрмін, — і я ўсё забуду.

— Табе расказалі? Хто?

— Антон.

— Ну, вось і пазнаёміліся. Я не хацела цябе гэтым турбаваць.

«Элі» праглядала сукенкі, акуратна развешаныя на самым выгодным месцы:

— Добра ты тут кіруеш. Што, сапраўды прывезлі штосьці добрае?

— Так, і нават шмат. Але я не паспела развесіць усё.

— У скрыні?

«Элі» нахілілася і пачала корпацца. Аля намагалася размаўляць спакойна, як заўсёды.

— Ведаеш, Алька, я так даўно не купляла нічога для сябе — так, брала напракат. Што і забыла, якая гэта асалода — валодаць рэччу.

«Элі» выцягнула са скрыні зялёную сукенку:

— Яшчэ з цэтлікам выробніка — не апраналі, значыць! Рэдка так шанцуе. І дарагога брэнда — пэўна, бірку забылі зрэзаць, каштавала ж шалёныя грошы. Бачыш, мы робім раскошу дасягальнай. Я памераю, калі ты не супраць.

Аля паматала галавой. Абставіны складваліся. Гэта добра.

— Мне здаецца, будзе сімвалічна, калі першую рэч для пачатку новага жыцця я здабуду на сваёй старой працы, — «Элі» пераапраналася за фіранкай. — Мне пасуе, як лічыш?

Сукенка сапраўды пасавала — дарагая вопратка ўвогуле пасуе ўсім.

— У цябе такіх будзе шмат. А гэтую — я куплю.

Аля напружылася — цяпер:

— Там яшчэ няма цаны. Я магу напісаць, якую хочаш. Я прадавец. І ў цябе не хопіць грошай.

— І што ты хочаш?

— Я згодна памяняцца. На сваю куртку.

«Элі» рассмяялася:

— Ты хочаш паймаць мяне на маіх жа метадах?

— Навошта табе маё жыццё? У мяне няма ніякіх залатых перспектыў, падарожнічаць я магу раз, ну два ў год — а ты ж звыклая да іншага.

— Таго, што ў цябе ёсць, мне больш чым дастаткова. І гэтая сукенка падабаецца мне не настолькі. Я не буду мяняцца, — «Элі» пачала распранацца.

— Пачакай!

— Не, я шмат чакала. Я тут ужо два дзесяцігоддзі — вось табе яшчэ адзін плюс, тут не старэеш. І я стамілася глядзець на чужое, быць чужынцам — і там, і тут. Мне патрэбна сваё.

«Элі» скінула сукенку.

— Прабач, Жэня. Гэта была апошняя спроба.

Аля ўзяла цэтлік і напісала на ім кошт:

— Вось, трымай. Няхай гэта будзе ад мяне падарунак.

— Дзякуй. Гэта насамрэч мала. У мяне нават ёсць з сабою.

«Элі» працягнула грошы.

— Віншую з набыццём!

Вагончык страсянула.

— Ты чула? — «Элі» выглянула ў акно.

— Мабыць, вецер.

Цяпер — рызыка.

— Жэня, я яшчэ хацела цябе спытаць. Вось гэтыя правілы, тыя, што на сценах, яны абавязковыя для выканання?

Аля пакрыху пасоўвалася па вагончыку.

— Так, яны асноўныя.

— Бо ведаеш, я памыла цішотку і думала, што ўсё скончыцца, а мяне проста не пусцілі ў Амстэрдам.

— Ну, гэта правіла для пакупнікоў, а ты прадавец. Таму правіла ты не парушыла.

— А калі б парушыла?

— Гэта немагчыма.

— Ну, а калі б?

Аля павольна, вельмі павольна рухалася да дзвярэй. «Элі» заўважыла гэта. Аля спынілася.

— Тады кантракт з табой быў бы скасаваны.

— То прабач яшчэ раз, я парушыла правіла. Сукенка, якую ты купіла, належыць мне. Я выцягнула яе толькі што са сваёй шафы, калі заходзіла дамоў.

Аля прамаўляла гэта не для яе — хацелася, каб гэта пачулі сцены. Няхай дапамагаюць.— Зялёная сукенка з залацістымі пырскамі, якую некалькі гадоў таму мы набылі з матуляй. І так, маеш рацыю, яе ніводнага разу не апраналі.

«Элі» адкінула сукенку, нібы яна была атручана.

— У правілах напісана, што тут нельга гандляваць рэчамі, якія належаць мясцовым жыхарам. Я парушы­ла правіла для прадаўцоў і цябе ўцягнула. Баюся, я не вытрымала выпрабавальны тэрмін.

«Эл і» збялела і кінулася да выхаду. Аля была хутчэйшая — яна зачыніла за сабой дзверы, саскочыла з ганка і пабегла прэч. Азірнулася — ручка тузалася, ды дзверы не адчыняліся, хаця Аля нічога замкнуць не паспела. «Элі» засталася ў сваім вагончыку. Гэта магло значыць адно: згода атрымана.

На двары пачало цямнець — не было ніводнага чалавека, хто бачыў гэтую пастаноўку, у якой Аля сы­грала сваю лепшую ролю. Ды не, адзін быў. Там, на дзіцячай пляцоўцы, каля кучы немарскога пяску, стаяў Антон.

Аля ўсміхнулася.

— Шкада, — расчаравана пахітаў ён галавой.

Аля не сказала нічога і пайшла ў пад'езд. Там было адчынена. І кватэра — таксама.

— Ой, няўжо гэта я забылася зачыніць дзверы! — маці збянтэжана выглянула з пакоя. — Прабач, добра, што ты хутка вярнулася. Аля, што з тваім тварам?

— Нічога, я засумавала, — зноў абняла яна матулю.

— Нешта мы зашмат сёння абдымаемся. А калі ты сумуеш, то і не трэба нікуды хадзіць. Заставайся тут, са мною.

— Застаюся.

***

Раніцай вагончыка не было: ён знік гэтаксама уначы, як і з'явіўся.

Аля збіралася на працу ў тэатр:

— Ведаеш, роля ў мяне амаль што галоўная. Так, грошы маленькія. Нават не «смешныя» — з такога нельга смяяцца. Але вось што добра: мне прапанавалі ролю ў расійскім серыяле. Там і буду зарабляць, — яна расчыніла дзверцы шафы. — Так у нас амаль усе робяць: там зарабляюць, а тут — працуюць. Яны целам — там, а тут — душою. Вось такім чынам у нас у краіне тэатр і існуе. Затое існуе, затое наш. І прыемна, што я спрычыняюся да нечага такога, што, спадзяюся, змяняе гэтую прастору.

— Я ўвечары наведаюся на твой спектакль, для мяне, між іншым, гэта будзе прэм'ера, — маці стала по­бач з шафай і зазірнула ў неабсяжныя глыбіні.

— На жаль, апрануць мне на прэм'еру ўсё яшчэ няма чаго.

— Памятаеш, адмыслова для такога выпадку мы набывалі зялёную сукенку. Дзе падзелася?

— Хто ж зараз гэта можа ведаць! Давай мне пашыем новую? Ці лепей некалькі? А то адны толькі горы джынсаў, — выцягнула пару, але стос не паваліўся, утрымаўся.

Аля зачыніла дзверцы шафы — белыя, дзве створкі, дзве круглыя ручкі.

Здаецца, гэта канец.

Але — не.

Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

Комментарии к книге «Сукенка», Зараслава Каминская

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства