Піліп Ліпень. Гісторыя Ролянда
«Як вы можаце захапляцца байкамі, у якіх няма нічога, акрамя глупства і бязглузьдзіцы?» – казаў ім мудры Улуг.
«Менавіта за гэта мы іх і любім», – адказвалі султаніхі.
Вальтэр
Сынопсіс
Я й сам раней ня ведаў, што такое сынопсіс, і ўпершыню пачуў пра яго ад Б. Паляўніка, калі той, лагодна пасьмейваючыся, гартаў мае запісы. «Ня ўмееш апавядаць складна і па парадку, дык напішы хоць караценькае тлумачэньне, прадмоўку. А то ўсё зблытана, пераблытана, нічога не зразумела. Уступчык. Каб я адчыняў і адразу разумеў, што ў цябе ў галаве. Што спачатку ты ўцёк, а ў канцы цябе злавілі. А пасярэдзіне ты хаваесься і ўспамінаеш сваё жыцьцё: ад маленства і дагэтуль. Успамінаеш і робіш высновы. І што ты ўсьвядоміў сваю няправасьць і дурную капрызнасьць, засаромеўся, і зрабіўся ціхі і паслухмяны». Ён пакашліваў і абкусваў нажнічкамі задзірыны вакол пазногцяў. «І ты павінны пазначыць галоўную думку. Хай не аканчальна, але хаця б напрамачак. Га?» «Я – пераможца». «Пераможца? Ты?» «Так. У канцы я перамагу». Ён па-добраму засьмяяўся і загадаў прынесьці нам яшчэ гарбаты і коржыкаў; ён увасабляў непахіснасьць і непарушнасьць. Што ж, у тыя гадзіны фінал яшчэ не надышоў, хоць ужо нарастаў на гарызонце велічным навальнічным фронтам, прабліскваючы яснай ісьцінай: той, хто злосны й хлусьлівы, жорстка паплаціцца; той, хто чысты й адважны, зьведае асалоду трыюмфу. І зараз, нанава пацьвердзіўшы ўсе пастуляты сваёю ўласнай гісторыяй, я лічу за магчымае абвясьціць ня толькі галоўную думку, але й галоўнае папярэджаньне, адрасаванае ўсім несправядлівым і недальнабачным ганіцелям: збойцеся! Кіньце задуманае, пакуль яшчэ ня позна – альбо будзеце бязьлітасна зрынутыя!
Але вернемся да сынопсісу. Апавяданьне выкладаецца ціхімі сьціплымі кавалкамі, праз нэрвовасьці жыцьця пісанымі ў розную часіну сутак і не заўсёды ў належных умовах, аднак кожны кавалак мае нязьменную мэту: навучыць, наставіць і накіраваць; ці хаця б не нашкодзіць. Іншаму пэданту мае кавалкі могуць падацца ня вельмі сувязнымі, празьмерна разрозьненымі і ня складнікамі суцэлага; таму я, каб папярэдзіць падобнае ўражаньне, распавяду ўвесь сюжэт наўпрост зараз. Калі я быў яшчэ зусім маленькі, як той вядомы «крэольчык», мае бацькі, даволі нядбайна жадаючы мне дабра, выправілі мяне на вучэньне ў адну падазроную ўстанову, якая заканамерна аказалася ня чым іншым, як змрочнымі падземнымі сутарэньнямі, логавам злавесных праграмароў. Трывала перажываючы нягоды і пазбаўленьні, нястомна гартуючыся духам і воляй, праз шмат гадоў я, падобна графу Монтэ-Крыста, вырваўся зь цямніцы; але ў адрозьненьне ад апошняга быў вымушаны ўцякаць і хавацца. І ў засьценках, і ў туляньнях мне дапамагалі ня страціць надзею і не зламацца толькі ўспаміны пра бясхмарнае дзяцінства, поўнае радасьці, і залацістае пасьпяваньне – вось вам і сувязь. Калі ж нягоднікі нагналі і схапілі мяне, і паспрабавалі пазбавіць мяне маёй унутранае радзімы, я з гогатам раскідаў і прабадаў іх, як ураган раскідае бульбяныя ачысткі, а меч Фрыдрыха Барбаросы прабадае якія-небудзь нясьвежыя вафэльныя сурвэткі. Мяркую, далейшыя тлумачэньні залішнія.
1. Уцёкі
Я ўцякаў імкліва, нястрымна – зайцам праз капусныя гароды, белай падпалухай над тынам, дзікім кабаном па канавах.
Яны – цяжкімі чобатамі за сьпіной. Саплі таўстымі насамі, зрэдку ўзрыквалі:
– Стой, Ролю! Стой, падлюга! Трымай яго. Стой, кандом! Мярзотнік.
Цераз скрыжаваньні на чырвоны, вужакай паміж грузавікамі й газэлямі, лёгкай віхурай па водаканалах.
– Сыдзе, паскуда. Стой, каму кажу! Стой, нягоднік.
Піх! Пах! Пістоны. Падціскаю вушы, ныраю ў пад'езд, у чорны ход, у калідор, хаваюся ля ваконных кратаў.
Рассыпаліся па дварох. Адзін пасунуўся сюды: гулкія абцасы на лесьвіцы, рып дзьвярэй – азызлы бляндын зь вечна тлустымі валасамі.
– Выходзь па-добраму! Выходзь, горай будзе. Гэй, Ролю?
Я – ціхутка, на падаконьніку, нябачны воку боцік-уцякач. Глядзіць праз маю галаву ўніз, на мінакоў.
2. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Як мяне аддалі на вучэньне
Калі мне споўнілася чатыры гады, мама з татам задумаліся, куды мяне аддаць. Тата схадзіў на станцыю, прынёс газэту з аб'явамі. Яны сядзелі ўсутыч на ўслончыку ля брамы і ўчытваліся – мама ў паркалёвым сарафане, тата ў кавэркотавым каптане, зусім маладыя. Тычыліся каленямі. Я езьдзіў побач на трохколавым ровары з понажамі, у маленечкіх сандалях. Рыпелі палавіны, падварочваліся палавікі. Мама з татам пілі чай з самавара, упрыкуску. Сахарочак салодкі-салодкі, каменны. Не кусай, а смакчы.
– Глядзі, якія вочкі блакітныя! Можа ў сувораўскае?
– Ну не! Раджала-раджала, а потым на вайне заб'юць!
Аб'яваў шмат, і ўсе каляровыя: аддайце вашых дзетак у рамеснае на фрэзэроўку, у манастыр на іканапіс, у хор на сьпевы, у інстытут на геадэзію, у піянэрлягер на лета.
– Глядзі, у рэклямныя боты бяруць! Га?
– Рэкляма – справа добрая.
У суботу апоўдні прыйшоў рэклямар-залучальнік – чалавек сур'ёзны, упэўнены, у чырвонай кашулі і скураным картузе, крыху цыганаваты.
– Вось гэтага? Дарослы малец! Самы час да працы прыахвочваць. Хадзітка сюды, – ён працягнуў мне цукерку ў залатым фанціку.
– Ці доўга навучаеце? Ці дорага бераце? – пытаўся тата.
– Вучыцца будзе да чатырнаццаці гадоў. Потым на вольныя выпускаем. Штогод бярэм мяшок пшаніцы, тры курачкі дый рубель срэбрам. Нядорага гэта, зямляк. Ці дровамі, калі хочаш.
– А ці праўду кажуць, што цела ягонае зямное вы сабе забіраеце? – мама нэрвова мяла фартух.
– Што вы, матухна! Забабоны старой жоны. Мы дзетак віртуалізуем, сумленна й навукова, усё як мае быць. Бот – прафэсія станавітая.
– Ці мажліва? Ані ручак, ані ножак у сыночка!
– Дык на што яны? Ручкі з ножкамі паламаць нядоўга. Вось, калі ласка, паглядзіце, – і ён адцягнуў каўнер, дэманструючы жахлівую блізну. – Збойцы напалі! Ледзь жывы застаўся. А калі ты бот, дык заўсёды ў поўнай бясьпецы. Хадзі сабе ды паплёўвай. Праўду кажу!
Яны з татам закурылі, а я, сьціскаючы ў кішэні фанцік, наблізіўся й крадком крануў дзядзьку за чырвоны рукаў.
– На сёньня дык гэта самае бойкае рамяство, ужо паверце. Лепей ня знойдзеце! Як сыр у масьле катацца будзе, – і ён далікатна выпусьціў тытунёвы струмень уніз, паміж каленяў.
– Дык ты яго наўпрост зараз забярэш?
– Куды мне яго зараз! Мне яшчэ ў сто месцаў трэба. У канцы жніўня прывозьце.
3. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра тату
У жніўні таце прыйшла позва, і ён прыбыў на раённы ваенкамат, з тугім вузельчыкам за плячом.
Крывы й хмурны маёр з врунгелеўскім шнарам на шчацэ агледзеў яго у ўвесь фрунт, прызнаў прыдатным да страявой і спытаў строга:
– Дык ты з інтэлігентаў, ці як?
– Ніяк не, таварыш маёр!
– Хлусіш. На мысе напісана. Нукася пакажы, што ў вузельчыку.
Што было рабіць? Паказаў: тамок Рыльке, дысок Шнітке, альбом Айвазоўскага.
– Ат ты, кулацкі сынок. У гарбат яго!
Потым тата ніколі не распавядаў, што такое гарбат. Было зразумела, што гэта батальён – але які? Ці то гарадзкі, ці то горны, ці то гарбаты, ці то чайны? Замест адказу на пытаньні тата ўставаў з фатэля, выпінаў грудзі, супіў бровы і маршыраваў на месцы, аддаючы чэсьць кудысьці ўлева ўверх; потым паступова зьдзімаўся, добрыўся і пачынаў успамінаць, як ён сустрэў маму.
4. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра маму
Тата расказваў, што сустрэў маму ў чыстым полі: яна стаяла пасярод сініх васільковых прастораў і, раскінуўшы рукі насустрач сонцу, сьпявала Песьню пра зямлю Малера. Ейны голас быў такі моцны, а скулы такія высокія, а стан такі тонкі – што агаломшаны тата ня мог паварушыцца. Зь неймавернай намогаю адрываючы ногі ад зямлі, ён пачаў рабіць крокі, а вецер разьвяваў ейную сукенку так плыўна, а ейная каса была такая тоўстая... Ён адольваў прыцягненьне, ён змагаўся з самою зямлёй, з суцэльнай велізарнаю плянэтай – і перамагаў, і набліжаўся! А ейны позірк быў такі ясны, што паветра сьвятлела. Ён нястомна штурхаў зямлю назад і назад, але зямля круцілася яму насуперак, не пускала, адносіла прэч. І тады ён кінуўся рукамі наперад і ўніз, і пабег як воўк, як конь, але не пасьпяваў, не дасягаў, і тады ён скокнуў, успыхнуў, паляцеў сокалам. І тады яна ўбачыла яго, і глядзела, не адрываючыся, і ён ляцеў па погляду, як па прамяню, і зямля ўжо не магла перашкодзіць.
5. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра Ролянда
Калі тата прыйшоў у радзільню, з букетам чырвоных гербэраў, шакалядкай і ролтанам, яго адразу на парозе паведамілі, што парадзісе ўсе забараняецца – каб пазьбегнуць небясьпечных аляргіяў. Прыйшлося аддаць мэдсястрыцы. Але мала таго – мама аб'явіла, што хоча назваць мяне Лоэнгрын. Дакладней, пакуль што яшчэ не аб'явіла, а пралепятала – Лоэнгрын!.. Паклаўшы сваю лёгкую далоньку на ягоную смуглую далоню. Тата запрацівіўся – у пасьляваенны час нямецкія імёны былі, мякка кажучы, нямодныя. Тады мама ўжо аб'явіла:
– Так! Лоэнгрын. Ці Тангейзэр! Ці, на благі канец, Парсыфаль. І маўчы. І чуць ані пра што іншае не хачу.
– Дык ты толькі ўяві, родная, як гэта гучыць – Лоэнгрын Сяргеевіч! – пачаў быў выкручвацца тата. – Недарэчна ж! Давай мо Леанідам? Леанід – амаль што Лоэнгрын, але бяз гэтага ганебнага вагнэрыянства.
Мама расплакалася і сказала, што рыцарства й рамантыка чужыя тату, што тата – сухар і цынік. Але тата паказаў цьвёрдасьць, абцягнуў гімнасьцёрку:
– Не бываць гэтаму! Каб у мяне, у франтавіка, першынец з гэткім імём? – ляснуў кулаком па камоду. – Ня дзеля таго я ў акопах прухнуў, ня дзеля таго кроў праліваў, каб сына майго фашыстам дражнілі!
– Ты!.. Ты... чэрствы чалавек! Ты... пачвара! І нават кветак ня здолеў прынесьці!
А мэдсястрыца, так як тут, прапанавала кампраміс: назваць немаўлятку Ролянд. Гучна, адважна, але па-француску. Глядзіце, якія ў яго шчочкі – сапраўдны Нястрымны Ролянд! А пакуль малы, можна клікаць Ролю. Мама зазьзяла: дзякую, мілая сястрычка! Ролянд – гэта яшчэ лепей чымся Лоэнгрын! Так, хані? І паглядала на тату ласкава, прасьветленымі вачыма. А ў таты нат сьлёзы набраклі – якое добрае імя! Французы – яны ж саюзьнікі. І наогул ён усё францускае любіў. Рэмбо, Рэнуар, Рамэн Ролян.
Мне запомнілася, як шчасьлівы тата нёс мяне дадому, казытаў вусамі, як паказваў мне мой пакоік, і як у той жа дзень падараваў ножык – маленькі, але сапраўдны вайсковы, з пахам сталі.
6. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра фармаваньне асобы
Па раніцах, калі сонейка ўжо падымалася, пад нашымі вокнамі раздаваліся крыкі гандляроў і рамесьнікаў. Малако! Малако! Масла! Запраўка нажоў і нажніцаў! Агуркі! Агуркі! Хамуты й вупраж! Боты! Боты! Старыя тэлефоны! І чаго толькі яшчэ не прапаноўвалі, калі бадзёрымі галасамі, калі заспанымі. Матэматыка! Італьянская літаратура! Псыхалёгія! Псыхалёгія! Аднойчы тата з нудоты выйшаў на ганак і паклікаў гэткага: гэй ты, хадзі сюды.
– Чаго загадаеце, вяльможны пан? – псыхоляг быў мужык гадоў сарака, чорны, з вострымі вочкамі.
– Ты што гэта, га? – тата пазяхнуў.
– Дык вось, прапаную.
Папа сказаў паднесьці яму. Пакланіўшыся, псыхоляг выпіў і выцер рот.
– Вось, прыкладам, дзетак выхаваньню спрыяем, – заўважыў ён у мой бок. – Ці не жадаеце?
– Але.
– Мэтодыкі сучасныя, карысныя, вельмі разнастайныя. Ці чулі, прыкладам, пра кіраванае камплексаваньне?
– Але.
– Фармуючы асобу накіраванымі, стала быць, штурхамі стрэсаў, спараджаюць прадказальныя комплексы. Як спадчыньніка вашага плянуеце, значыцца, адукаваць?
Тата пачухаў брыво, пажаваў нетаропка, дый кажа: кантэкставая рэкляма. Можа, тата пакпіць надумаў над псыхолягам, а можа й не, аднак жа той быў ня дурань. Узяў ён аловак, узяў аркушык, дый накрэмзаў тату плян на месяц:
а) Абуджаць пасярод ночы крыкамі «кроў! кроў!»
б) Пераканаць, што малако піць сорамна.
в) Палохаць, што п'яўкі запаўзуць у пісюн.
г) Прымусіць насіць футравыя панталёны.
І зачытаў шэптам, каб я ня чуў. Праслухаўшы плян, тата паморшчыўся і зрабіў псыхолягу гэтак ручкай – гуляй дзей. Дайце яму, колькі ён там бярэ. Псыхоляг, адступаючы задком і дзякуючы, выправіўся сваёй дарогай, а тата цэлы дзень хадзіў задуменны ды ўсё пазіраў на мяне.
7. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра вішню
Адзін з сама яркіх дзён майго дзяцінства – калі мама прынесла дамоў вішню. Мы з брацікамі стоўпіліся вакол стала, штурхаючыся локцямі, а мама прыбрала талеркі ўбок і асьцярожна разгарнула анучку. Анучка была белая, і вішня ўспыхнула на ёй, загарэлася барвяна-чырвоным. Буйная, сакавітая, са сьледам чаранка. Спыніўшы подыхі, мы глядзелі на цуд. «Мамухна, ці яна сапраўдная?» – спытаў маленькі Толік. Колік тыцнуў яго каленкай. «Так, сынок, гэта сапраўдная вішня! Рэж, Ролю», – наша мама была маладая й усхваляваная, залатавалосая, самая прыгожая. Я быў сама старэйшы й сама адказьнейшы. Засяродзіўся, нахмурыўся. Рэзаў упэўнена. Падзяліў пароўну, па-братэрску. І мы зьелі яе, сур'ёзна і ўрачыста. Мы разумелі, што каштавала маме гэтая вішня.
8. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра дзядулю
– Мамухна, – пыталіся мы, калі былі маленькія, – дзе-тка нашыя дзядулі і бабулі?
– Ох, коцікі мае, – адказвала мама, калі была ў гуморы, – ох, маленькія. Падаўней багата было ў вас і дзядуляў, і бабуляў, і ўсе такія гожыя, такія харошыя. А сама добры быў дзядуля Грыгор, быў ён волатава росту, як у казцы, і вельмі шмат дабра дзейсьніў, сапраўдныя подзьвігі. Часы ж тады былі лютыя, галодныя, ежы не было зусім, толькі лясы дрымучыя. Моцна галадаў дзядуля Грыгор і вагу губляў з кожным днём, і добрых спраў рабіць ня мог. І рассудзіў тады другі дзядуля, Георг – а быў ён звычайнага росту – што дзеля дабра мусіць ён сваё цела аддаць дзядулі Грыгору, каб той ня згінуў. Зьеў дзядуля Грыгор дзядулю Георга і сілаў набраўся, і яшчэ больш вырас, вышэй лесу, і столькі дабра зьдзейсьніў, што птушкі засьпявалі і кветкі зацьвілі. Зьдзейсьніў – і зноў прагаладаўся, і думае: ці ня зьесьці мне адну бабулю? Шкада яму бабулю, але дабро ж больш патрэбнае, і зьеў. І паперла дзядулю Грыгора, і вырас ён высока-высока, да самага неба, і пачаў чыніць яшчэ больш дабра, усім народам на радасьць і суцяшэньне, а сонейка ў небе сьмяялася і сьвяціла ласкава. А як зьеў дзядуля Грыгоры другую бабулю, зрабіўся ён такі велізарны, што яго нават і не відаць стала, бо ўжо завельмі вялікі, і творыць ён з таго часу дабро небывалае, неабсяжнае, дапамагае самім архангелам.
– А нас ён ня зьесьць?
– Ня бойцеся, любыя, у яго цяпер кожны зуб як галяктыка, а кожны жавок як тысяча гадоў – таму хай есьць, вы нічога не заўважыце.
А калі мама была не ў гуморы і нічога не адказвала, нам усё роўна бачыліся ў нябёсах неверагодна велізарныя дзедавы зубы, і мы намагаліся рабіць усе справы хутчэй, хутчэй, каб пасьпець.
9. Змрочныя засьценкі. Пра заканчэньне ўсяго
Усё рана ці позна канчаецца – гэта ведаюць нават малыя дзеці, і я таксама ведаў. Але паніка завалодала ўсёй маёю істотай, і я ня мог анічога ведаць. Паўдня я хаваўся ля ўваходу ў гасьцёўню, у цені вешалкі, выціскаючы дрыготкім пазногцем лагчынку на шпалеры. І, абраўшы момант, сьлізгануў у дзьверы.
– Мамухна, – піскнуў я, – татухна! Не адсылайце мяне туды!
Яны пакрывіліся – я парушыў іхную паабедзеную самоту. Але мне трэба было застаць іх разам, умаліць іх разам.
– Мо годзе ўжо, Ролю? Мы з году ў год адкладаем адсыланьне, – хвалюючыся, яна падліла сабе яшчэ марціні, даўгія кіпці стукнулі аб шкло. На ножцы келіху дрыжалі складаныя блікі.
– Пакіньце мяне побач з вамі, мамухна!
– Побач з намі ты застанесься дамарослым, – стрымана сказаў тата. Глыбока пагрузіўшыся ў фатэль, ён калыхаў нагою ў лакавым туфлі і гуляўся з абцужкамі.
– Пакіньце мяне побач з вамі, татухна!
Яны пазіралі на мяне халодна і няўхвальна. Я падбег да татулі, цалаваць яму рукі, але да яго было не падступіцца праз локці, калені, туфлі, і я павярнуўся да матулі. Яна, адгадаўшы мой намер, падняла рукі высока. Я паваліўся й загаласіў, горка, з падвывам. Мамчына чорная сукенка няўмольна хістанулася, яна пацягнула ланцужок званка. Адвядзіце яго. Зьбірайце яму куфар.
A. Уцёкі ды туляньні. У зялёнага дантыста
Пасьля ўцёкаў я быў вымушаны хавацца, і на некаторы час мяне прытуліў у сваёй хаце адзін зычлівы дантыст. Ён вызначыў мне маленькі пакоік з высокім ложкам, матрасам на спружынах, камодкай і зялёным таршэрам. У тыя дні я нічога ня мог рабіць, толькі ляжаў і ляжаў. Капа на ложку была мяккая, у зялёны рубчык, і пахла пылам. Уткнуўшы ў яе нос, я разглядаў рубчыкі. Часам, сабраўшыся зь сіламі, адгарнаў край і глядзеў на гладкі выварат. Як жа так, думаў я, з аднаго боку рубчыкі, а з другога няма. Я нічога ня мог рабіць, толькі варушыў пальцамі на нагах, паціраючы іх адзін аб адзін, і скура ледзь-ледзь парыпвала. За адчыненым акном зелянелі бярозы, шумелі машыны, а я стагнаў зь нязмогі. Увечары прыходзіў дантыст, прысаджваўся на матрас і карміў мяне булкай з сырам, а потым частаваў гідкім півам Тубарг грын. Дантыст не пераапранаўся пасьля працы й хадзіў па хаце ў сьветла-зялёным халаце, усьміхаючыся й зазіраючы мне ў рот. У яго самога зубы расьлі дробныя, круглявыя, на адлегласьці адзін ад аднаго. Я не сумняваўся, што ён перапоўнены усялякімі паскудзтвамі, але хаваў непрыязнасьць, і толькі аднаго разу, пад канец, спытаў, чаму ён так любіць зялёны колер. Нават нісан твой зялёны. Дантыст адказаў, што зялёны супакойвае. Значыць, ты адчуваеш патрэбу ў заспакаеньні? Цябе нешта трывожыць? Не-не-не, засьмяяўся ён, проста я па прыродзе сваёй спакойны чалавек, і люблю ўсе спакойнае. Дык можа, спытаў я, ты таксама ў партыю зялёных пойдзеш? Чаму б і не, адказаў ён, што ў гэтым дрэннага? Мне няма чаго было сказаць, і я моўчкі глядзеў у столь. Я нічога ня мог рабіць, сілаў не хапала нават на агіду да гэтае падлы. Калі я крыху ўзмацнеў, дык адразу сышоў, пакінуўшы на камодцы грошы, значна больш, чым было прыстойна. Мне хацелася, каб ён адчуў маю пагарду. З тае пары мы ніколі не сустракаліся, і што зь ім сталася, я ня ведаю.
B. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра сіняга дантыста
Даўным-даўно, калі мы былі маленькія, летнія вакацыі доўжыліся ня тры месяцы, як у цяперашніх шкаляроў, а цэлых шэсьць. А ў пераступным годзе дык і ўсе сем. А часам і на восьмы месяц можна было прыйсьці і ўбачыць на школцы замок. Не кажу ўжо пра тое, што ў нулявы месяц таксама ніхто не вучыўся, бо дырэктар езьдзіў кудысь далёка на курсы павышэньня кваліфікацыі. Мы з брацікамі ўсё лета сядзелі дома й глядзелі сэрыялы, ужо з гукам, але яшчэ чорна-белыя, і ўсе спрэс бесьсюжэтна-павучальныя. Таму мы ня вельмі любілі тэлевізар і амаль яго не ўмыкалі, дні й нядзелі запар забаўляючы адзін аднаго шарадамі й фантамі. Зрэшты, сядзець дома нам ня надта падабалася, і мы з раніцы да ночы зьнікалі ці то на возеры, ці то ў лесе, ці то на закінутай фабрыцы зубное пасты. А ўвечары, наеўшыся перад існом хлебу з сочывам, мы высоўваліся ў вакно, у цемру і шчокат конікаў, і прыслухоўваліся да размоваў мамы з татам, якія пілі віно на тэрасе першага паверху. Звычайна яны марудна абмяркоўвалі гаспадарчыя пляны на заўтра, часам перарываючыся на матылькоў, што зьляцеліся да лямпы, а потым пачыналі расказваць адно аднаму незразумелыя й злавесныя дарослыя казкі.
– Жыў-быў адзін чалавек, – пачынаў, прыкладам, тата. – Можа нават памятаеш – дантыст з дваццатага дому?
– А як жа, памятаю, – мама заўсёды ўсіх памятала. – І што ён?
– Кажуць людзі, што жыў-быў той дантыст, жыў-быў, і вось аднойчы ўвосені зьявіліся ў яго пад вачыма сіняватыя кругі. Ён спачатку падумаў быў – гэта празь недасып, і пачаў больш спаць, сьпярша па дзевяць гадзінаў, потым па дзесяць, а потым і да самага абеду. Але кругі не праходзілі, і нават патроху павялічваліся. Засмуціўся дантыст, пайшоў да лекара, і лекар загадаў яму кінуць піць – пячонка маўляў у вас. Кінуў дантыст піць, а заадно й курыць – бо таксама шкодна – і стаў чакаць. Але кругі не праходзілі, а толькі сінелі патроху. Зажурыўся дантыст і пайшоў да другога лекара, і той загадаў яму есьці кальцыюм ды фосфар – селязёнка маўляў у вас. Пачаў дантыст есьці кальцый, фосфар, а заадно і ёд, бо таксама карысна. Месяц еў, два еў, але і гэта не дапамагло – кругі толькі горай акругляліся. Замаркоціўся дантыст – ды й замазаў кругі тонавым крэмам. Паглядзеў у люстэрка ды ўздыхнуў з палёгкай. Але на жаль... з кожным днём усё больш і больш крэму патрабавалася, сінь ужо на шчокі распаўсюдзілася, хоць і трохі зьбялела. Раззлаваўся дантыст. І што мне да гэтых кругоў, думае. Пляваць на іх! Навошта хвалявацца пра тое, на што ня можаш паўплываць? Перавярнуў ён у хаце ўсе люстэркі да сьцяны – і зажыў прыпяваючы. Але й гэтага хітрыка ненадоўга хапіла. Прачынаецца ён аднойчы ўраніцу і бачыць: зрабілася ягоная коўдра блакітная, а засынаў ён быццам бы пад белай, хоць дакладна ня памятаў. Глупства, кажа сабе дантыст, калі дакладна ня памятаю, значыцца глупства гэта ўсё, значыцца яна сіняя і была. Але на наступную раніцу сьцены ў хаце таксама сіняватыя зрабіліся! Падбег дантыст да люстэрка, пераварочвае, і ах – ён увесь сіні, як гуманоід зь іншае плянэты! Не, не, гэта нейкая трызна, крычыць сабе дантыст, гэта нэрвы, мне трэба супакоіцца і разьвеяцца. Умыкнуў тэлевізар, а ў тэлевізары шоу: навукоўцы выявілі ў космасе сіняе гравітацыйнае зрушэньне! А гледачы ўсьміхаюцца ды навукоўцам пляскаюць, наіўныя. Кінуўся дантыст да вакна, паветра сьвежага глынуць – а там ужо й неба спрэс блакітнае!
– Жах які! – сказала мама.
– Страціў тады дантыст прытомнасьць, паваліўся, а калі ачуўся – патэлефанаваў у вар'ятню нумар тры і здаўся добраахвотна. З тае пары яго й ня бачылі.
– Які самаадданы чалавек!
– Так, сапраўдны альтруіст! Уяві, што было б, ня здолей ён сябе спыніць...
C. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра чорнага дантыста
Пасьля вячэрняе казкі бацькі гасілі лямпу і звычайна адразу ўладкоўваліся спаць, але мы некаторы час чакалі й прыслухоўваліся: іншы раз у поўнай цемры гучала яшчэ адна гісторыя, напаўголасу, зусім ужо беспрасьветная.
– Памятаеш таго дантыста, з клінікі на праспэкце? – пыталася, прыкладам, мама.
– Не. Што за ён? – тата ніколі нікога ня памятаў.
– Нязначна. Слухай: жыў-быў адзін дантыст. І меў ён дзівацтва – больш за ўсё на сьвеце яму падабалася выбачацца ды перапрашацца. Пачыналася з малога. Падыдзе, бывала, да чалавека на вуліцы й кажа: выбачайце, колькі часу? Адказваюць яму, а ён дзякуе ды просіць прабачэньня за турботы. Нібы нічога асаблівага, вось толькі вочы нейкія падазрона чорныя. Ці, скажам, ідзе перад чалавекам па ходніку, а потым раптам спыніцца, у бок адскочыць і прапускае яго наперад, са шчырымі шкадаваньнямі і паклонамі. Ці ў трамваі – усім запар месца саступае, рукі да сэрца прыціскае, а ў самога сьлёзы пакутныя на вачах. Дзівак, думалі людзі, крыху на ветлівасьці зглузьдзіў, і ўсьміхаліся яму, і ахвотна выбачалі за ўсе, а часам і самі сустрэчна перапрашалі. Але, як высьветлілася, не задавальнялі яго гэткія простыя прабачэньні. Людзі дасьведчаныя прадказвалі, што дабром дантыст ня скончыць. І сапраўды, неўзабаве зьдзейсьніў ён пачварны выбрык: вырваў кліенту тры лішнія зуба, а потым паваліўся на калені, ногі абняў і давай сьлязьмі паліваць. Жудасны быў скандал! З таго часу баяліся да яго людзі па зубы зьвяртацца, і наогул усяляк пазьбягалі. Як убачаць, дык на другі бок пераходзяць. Пачаў тады дантыст з-за рога выскокваць. Выскачыць, харкне на калашыну – і ну зьняважана каяцца! Ці жуйку мог у валасы ўляпіць, ці гуашшу абліць, ці спадніцу задраць. Доўга яго людзі трывалі, але калі ён немаўлятку з возіка за ногі выхапіў, каб потым перад матуляй папрасіць прабачэньня, ня вытрывалі: скруцілі, клікнулі санітараў і пасадзілі ў вар'ятню нумар чатыры. І даравалі, бо хворы чалавек, шалёны. У вар'ятні дантыст быццам бы заціх, выправіўся, і ў шпіталёвую царкву панадзіўся хадзіць, у Ісуса прабачэньне вымольваць. Тамтэйшы бацюшка яго не любіў, але прычапіцца не было да чаго – моліцца чалавек і моліцца. А праз год, калі пастанавілі санітары адпусьціць дантыста дадому, бацюшка іх папярэдзіў: страшны гэта чалавек. Чаму, бацюшка? – пытаюцца санітары. Таму, мілыя, што ён у мяне пра Ісуса выпытваў – ці праўда, што Той усім даруе. Дык што ж тут дрэннага, бацюшка? А тое, што ня хоча ён, каб Ісус яму дараваў. Псых ён, бацюшка, не бярыце да галавы, мы яго абкалолі да поўнае бясшкоднасьці. І адпусьцілі санітары дантыста дадому. Месяц прайшоў, другі прайшоў, усё ціха. Але аднаго разу ўвечары раптам званок у пажарнікаў – галосіць хлопчык ды з жаху задыхаецца: дзядзечкі, чарната вакол распаўзаецца! Ратуйце! Сусед наш, пачвара дантыстая, чорныя малітвы на ўвесь голас чытае! Клікнулі пажарнікі санітараў і разам да дантыстава дому памчаліся. І бачаць: зь дзьвярэй ды з вокнаў дантыставых выцякае чарната й круціцца, да неба падымаецца, сьвятло сонечнае засьціць. Зразумелі тады санітары, што задумаў дантысты невыбачальнае злачынства супраць роду чалавечага зьдзейсьніць! Выбілі яны з пажарнікамі дзьверы, уварваліся, а дантыст сядзіць на падлозе сярод чорных сьвечкаў і гойдаецца, інфэрнум заклікае. Пачалі тады санітары з пажарнікамі ў яго срэбранымі кулямі страляць, падзіравілі нібы дуршляг, ды ўсё дарма. Выцякла зь цела дантыстава ягоная чорная кроў, чорным туманам выпарылася і чорнай ноччу зямлю ахутала. Заплакалі тады санітары, заплакалі пажарнікі, заплакаў бацюшка, і пачалі ўсе разам у Ісуса прабачэньне прасіць. І было ім прабачэньне падаравана, але толькі палавіннае. З тае пары скараціўся дзень, і зьявілася ноч, і пачалі яны зьмяняцца кожныя суткі. А калі ў цемры прыслухацца, дык можна пачуць, як чорны дантыст бясконца перад усімі просіць прабачэньня.
– А калі ўзяць, дый дараваць яму? – прапанаваў тата. – Чаму б і не? Урэшце, асабіста мне ноч нават падабаецца.
– Што ты! Ня ўздумай! Хочаш яго яшчэ больш раздражніць?
D. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра зубныя шчоткі
Калі нам з Ху́ліё, маім зводным братам, яшчэ дарылі падарункі на Каляды, за некалькі дзён да сьвята мы традыцыйна перакопвалі ўсю хату, шукаючы чырвоныя шкарпэткі. У Санту мы ўжо тады ня верылі ні на грош і, пераглядваючыся, як ваўчаняты, па некалькі разоў на дзень плянавіта абшнарывалі кожны пакой.
У адзін з такіх ператросаў мы натрапілі на радовішча зубных шчоткаў: у ніжняй шуфлядзе камоды, пад матулінымі швэдрамі. Першую шчотку, сінюю, знайшоў Хулі. «Ролю, бач! Старая зубная шчотка! Навошта яна тутака?» Ён скокнуў на крэсла, адчыніў фортку й зашпурнуў шчотку ў цёмна-сінюю вечаровую прастору. У той дзень падарункаў мы не знайшлі, і ўраніцу аднавілі пошукі з новымі сіламі.
На гэты раз у камодзе корпаўся я. Шчотка ляжала на самым нізе, паміж махеравым швэдрам і газэтай, якая высьцілала дно. Тронак быў шэры, зь серабрыстымі іскрынкамі. Шчацінка роўная, белая. «Ролю? Ты чаго там? Нутка... Ваў, каб я падох! Шызануцца можна! Зноў шчотка, у тым жа месцы!» І мы забыліся пра падарункі, і заняліся навуковымі экспэрымэнтамі.
Высьветлілася, што шчоткі зьяўляюцца ў шуфлядзе выключна па адной, ва ўмовах наяўнасьці ня менш за тры швэдары ў стосе, але ніяк не часьцей чатырнаццаці разоў у суткі. Тронкі: белыя, чырвоныя, зялёныя, палавые, у падоўжную палоску, у рубчыкі, з паўпразрыстымі ўзорамі, з гумовай акантоўкай, са спружыністым зыгзагам; шчацінкі: новенькія і бліскучыя, зь лёгкімі сьлядамі пасты паміж валасінкаў, жоўклыя, сьцёртыя да самага заснаваньня, фарбаваныя перакісам, заплеценыя ў касічкі й нават сівыя.
E. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра нараджэньне Хуліё
Калі мы былі зусім маленькія, пасьля абеду нас з Хуліё захутвалі ды клалі спаць, а мы, вядома, спаць зусім не зьбіраліся. Мы чакалі хвілінак пяць, высоўвалі з-пад коўдраў ногі і пачыналі шаптацца.
– Што ты памятаеш сваё самае раньняе, Ролю?
– Ну... я памятаю, як мама прынесла вішню. А ты?
– А я памятаю, як я нарадзіўся.
– Хлусіш!
– Ня хлушу!
– А чым дакажаш?
– Я памятаю ўсё. Памятаю акушэрку: яна была такая прыгожая! Чорныя валасы, прамыя, як у індыянкі, і зялёныя вочы. Я адразу закахаўся ў яе!
– Ты ня мог закахацца, бо ты ж ледзь нарадзіўся.
– Мог! І яна таксама пакахала мяне. Яна падняла мяне на рукі і мовіла: які мужчына! Які прыгажун! І я хацеў адказаць ёй, што яна цудоўная, як месяц, але голас ня слухаўся мяне – я быў надта маленькі. Я памятаю маршчынкі на ейных вуснах, а калі яна ўсьміхалася, яны разгладжваліся. І яна пацалавала мяне, Ролю!
– Яна не магла цябе пацалаваць, бо гэта негігіенічна.
– Магла! Яна адхінула павязку, і цалавала мяне, і напявала: мой волат, мой рыцар! Каханьне вышэйшае за гігіену, запомні, Ролі. А на ейных шчоках былі ямачкі. І яна казытала мяне, і пакусвала пальчыкі.
– Мама б не дазволіла ёй.
– Мама спала пад наркозам. Мама спала, а мы цалаваліся! Яна насіла кароткі белы халацік, і расшпільвала яго на сьпякоце – а на шыі вісела срэбнае сэрцайка. І яна купала мяне ў купелі, і схілялася да мяне, і валасы падалі, і халацік разыходзіўся, і мы плёскаліся, і ныралі, і плылі. Ах, Ролі, якія ў яе былі ямачкі! Яна ляжала на жываце, а я ляжаў тварам на ямачках і лашчыў ейныя ногі, і кроплі сьцякалі, і засыхаў пясок, і сьпявалі пеначкі. У яе быў такі вытанчаны нос, Ролі, нібы ў герцагіні, з крыху ўзьнятымі ноздрамі й незвычайна тонкі, і вушкі прасьвечвалі на сонцы. Я кожны дзень прыносіў ёй велізарны букет бардовых півоняў, і яна хавалася ў іх тварам, а я падхопліваў яе й нёс на руках у гай, да раўчукоў і жаўрукоў. І ўвесь дзень граў вайсковы аркестар, і ёй так падабалася мая парадная форма... Ролю? Сьпіш?
F. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра нараджэньне Толіка
У дзень, калі павінен быў нарадзіцца Валік, мы з самае раніцы ўладкаваліся на лавачцы ў радзільным парку, пад вялікім клёнам. Тата мітусіўся, кідаўся, лётаў туды-сюды на таксоўцы, то па букеты, то па падгузьнікі, а мы бесклапотна пілі сідр і закусвалі рознакаляровымі пампушкамі. Мы ведалі, што будзе хлопчык, і нават імя абралі загадзя, і зараз заставалася толькі гадаць, які ён народзіцца.
– Толькі б ён нарадзіўся прыгожы! – прыгаворваў Хуліё, прыкладаючыся да бутэлькі.
– Ці ня ўсё роўна? – казаў я. Сідр разьмякчаў мой язык, і я быў здольны вымавіць некалькі фразаў запар: – Здольнасьць да мысьленьня нашмат важнейшая. Пустагаловы амапавец, што шугае дэманстрантаў або паэт-аваргардыст – паміж імі прорва. Вось што сапраўды важнае, Хулі.
– Ты ксэнафоб, – уздыхаў Хуліё. – Ты разважаеш прадузята і вузка. Не, не, галоўнае – каб ён нарадзіўся прыгожы! Прыгажосьць – вышэйшая за ўсё! Роўна прыгожымі могуць быць як і плечавень-амапавец у магутным бронежылеце, у драпежным падскоку, і крохкі дысідэнт з адухоўленым тварам, са сьцягам свабоды. Галоўнае – прыгажосьць. Хіба не?
– Не! – запярэчыў я, але тут дзьверы радзільні расчыніліся, і на ганак зь пераможнымі крыкамі высыпаліся шматлікія лекары. Яны размахвалі рукамі й гукалі: сюды, сюды! хутчэй! радуйцеся! Забыўшыся на ўсё, мы пабеглі да ганка, а адтуль, зь нетраў радзільні, насустрач нам ужо ўзыходзіў надзвычайна горды тата, несучы на руках буйное немаўля. Глядзіце, дзеці, гэта ваш брацік, Толік! Немаўля па-сяброўску пасьміхаўся й падміргваў. А дзе ж Валік? – зьдзівіліся мы. Валіка пакуль няма, – патлумачыў шчасьлівы тата, – пакуль толькі Толік.
10. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра свабоду выбару
Адразу пасьля Толіка нарадзіўся Колік.
– Бачылі новага браценіка? Падабаецца? – ганарыўся тата. – Глядзіце, які валасаты!
Мы спачатку холадна сустрэлі Коліка, заняўшы пазыцыю маўклівага назіраньня. А тата заставаўся на вяршынях шчасьця і фантанаваў новымі пэдагагічнымі ідэямі. Прыкладам, ён параіўся з дырэктарам школы і вырашыў выпрабаваць на Коліку новы мэтад вучыць немаўлятак размаўляць. Недапушчальна, патлумачыў нам тата, недапушчальна й вельмі небясьпечна ўдзёўбваць у галаву немаўля слова «мама». Хіба з гэткім падыходам можна чакаць, што асоба вырасьце свабодная і думаючая? Дзіця павіннае самастойна выбіраць свой стартавы лексыкон! Тата прынёс зь бібліятэкі тоўсты політэхнічны слоўнік і з раніцы да вечара праседжваў ля Колікавай калыскі, чытаючы яму артыкулы па альфабэту. У абедзенны перапынак тату падмяняла мама з Авідыюсам і Вэргіліюсам, а падчас першага й другога сьняданку, раньняе й позьняе вячэры, падвячорка, ланча й перакусаў – падмянялі мы. Пашыраючы татаў мэтад, мы на розныя лады лаяліся Коліку мацюкамі, а калі мацюкі канчаліся – распавядалі па ролях анэкдоты пра пералюбствы.
Але, нягледзячы на нашыя агульныя намаганьні, роўна ў год Колік адкашляўся й выразна прамовіў:
– Мама.
Разгубленыя і зьдзіўленыя, мы запыталіся тату: як жа так? Значыць, усе нашы намогі былі дарэмныя? Але тату немагчыма было зьбіць з панталыку ці прывесьці ў засмучэньне:
– Не, дзеткі, не дарэмныя. Мы выканалі свой абавязак. Цяпер мы ўпэўненыя, што Колік не цярпеў лінгвістычны гвалт і зрабіў свой выбар сьвядома й разумна! Дык ура! Шампанскага!
11. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра нараджэньне Валіка
Аднойчы, бліжэй да абеду, тата гучна паклікаў нас у гасьцёўню. Адклаўшы гульні, мы спусьціліся ўніз і замерлі ў паважлівым чаканьні. Тата паглядзеў на маму, мама кіўнула.
– Дзеці, – сказаў тата. – Мы доўга адкладалі гэтую навіну, але час надышоў. Дык вось: у вас ёсць яшчэ адзін брат. І пойдзем адразу знаёміцца.
Мы зьдзівіліся, але зрабілі выгляд, што нічога такога. Усьлед за бацькамі мы прайшлі ў правае крыло, падняліся па лесьвіцы і апынуліся перад звычайнымі хваёвымі дзьвярыма. Тата націснуў на клямку, штурхнуў дзьверы і прапусьціў нас наперад. Сьветлы пакой, акуратны ложак, стол, кніжныя паліцы з політэхнічнымі слоўнікамі. Ля вакна муляўся цыбаты хлопчык у шэрым строіку.
– Гэта Валік, – шапнуў тата за нашымі сьпінамі, і яны з маці ціха адышлі, каб нам не перашкаджаць.
Мы раўніва агледзелі пакой і, ня ўбачыўшы цікавага, запыталіся:
– Дзе твае цацкі?
Валік прыадчыніў рот, потым зачыніў і паціснуў плячыма.
– Ўва што ты ўмееш гуляць?
– У шахматы.
– А ў тэтрыс?
– Не.
– Мы цябе навучым.
– Сапраўды?
Валік раптам надзвычайна ажывіўся: ён падбег да нас, пачаў паціскаць рукі, сьмяяцца, зазіраць у вочы.
– Дык вось вы якія, мае брацікі! Тата доўга не хацеў мяне да вас пускаць, маўляў, вы гуліганы й навучыце мяне благому. Але ж гэта перабольшаньне? Так? Зараз тата раптам дазволіў, незразумела чаму – можа, пераканаўся, што я таксама гуліган? Ах, я ўжо ведаю, што мы будзем добрымі сябрамі! Хто з вас Хуліё, дазвольце мне адгадаць? Ты? Ура! Вось бачыце, вось бачыце! Я так даўно марыў пра вас, і вы нават сьніліся мне. А я, ці сьніўся вам я?
Мы, вельмі расчуленыя, сардэчна цалавалі Валіка і запэўнівалі, што і ён нам сьніўся.
– Але што ж гэта я! Запрашаю!
Ён пасадзіў нас за стол, разьліў па кубках гарбату ды пасунуў кожнаму сподачак зь печывам і мармэлядам. І раптоўна спыніўся й гукнуў:
– Мо пойдзем у лес? Па грыбы, па ягады! Вы любіце па грыбы?
Мы шчыра ўхвалілі грыбы, і ён зазьбіраўся: расчыніў шафу, надзеў кашнэ і плашч, абраў моцны кошык, прычасаў шчотачкай валасы і прысеў на ложак, каб перашнураваць туфлі. Але тут яго напаткала зьнясіленасьць: ён сядзеў, абапёршыся локцямі на калені, і ня рухаўся. Мы дапілі гарбату.
– Валю?..
– Ах, пакіньце мяне…
Але мы, вядома ж, не пакінулі яго, павялі з сабой і з тае пары больш не расставаліся.
12. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра мужчыну
Аднойчы мы з брацікамі паспрачаліся, у якім узросьце робяцца мужчынамі: у чатырнаццаць альбо ў шаснаццаць? Даказаць лёгікай аніводную з гіпотэзаў не атрымлівалася, і мы мусілі зьвярнуцца да таты, хоць і баяліся, што ён скажа васемнаццаць, і прыйдзецца чакаць занадта доўга. Але тата, як звычайна, палічыў за лепшае не канкрэтаваць, а распавесьці казку:
– Жыў-быў калісьці падаўней хлопчык, які таксама хацеў як мага хутчэй зрабіцца мужчынам. Гэта здавалася яму амаль недасяжным, неверагодным, але ён набраўся цярплівасьці й паклаў сабе пэўны ўзрост: васемнаццаць. Доўгія гады ён правёў у чаканьні, і вось нарэшце адметны дзень надышоў. Было шмат гасьцей, шмат урачыстых прамоваў, дарослы наручны гадзіньнік і корцік у падарунак. Некалькі дзён хлопчык прыслухоўваўся да пачуцьцяў, але мужчынам сябе па-ранейшаму не адчуваў. Напэўна, трэба навучыцца курыць цыгару і піць віскі? – падумаў ён і прыступіўся да заняткаў. І навучыўся, але гэта таксама не наблізіла яго да мэты. Тады ён раптам натхніўся: усё проста! неабходна спазнаць жанчыну! І ён пайшоў і спазнаў. Мужчына я цяпер ці не? – разважаў ён, час ад часу спазнаючы для надзейнасьці іншых жанчын. Але няўпэўненасьць не пакідала яго. Тады хлопчык запісаўся добраахвотнікам у войска, адслужыў некалькі гадоў, а апошняга году трапіў на сапраўдную вайну, дзе забіў некалькі ворагаў і цудам выжыў сам, абышоўшыся шнарам. Калі ён вярнуўся дадому, дык замнога не разважаў – ажаніўся, нарадзіў сына, пасадзіў дрэва й пабудаваў хату, усё як запаветалі клясыкі. А каб замацаваць вынік, нарадзіў яшчэ аднаго сына і дзьвюх дачок. Пасьля гэтага думкі пра мужчыну на некаторы час пакінулі яго, але потым... потым вярнуліся з новай сілай. Разбагацець! – вырашыў хлопчык і заняўся бізнэсам. Было няпроста, але за тузін гадоў упартае працы ён дасягнуў мэты, і зрабіўся адным з найбагацейшых людзей у горадзе. Але мужчына не пускаў яго й мучыў нават на тэрасе ўласнага паляццо на ўзмор'е. Улада! – прыйшло яму ў галаву неяк уноччу. Падумана – зроблена. Перамовы з уплывовымі сябрамі, узаемакарысныя паслугі, сумесныя ўгоды, прадуманыя шлюбы сыноў і дачок – і вось ён ужо катаўся зь мігцелкай. Ён загадваў, і яму з паклонамі ды страхам у вачох слухаліся сотні людзей. Але й гэта не спатоліла ягоную прагу зрабіцца мужчынам. Трэба зьдзейсьніць нешта добрае, – прыйшоў да высновы хлопчык, – нешта добрае й бескарысьлівае. Выдаткаваўшы палову багацьця, ён пабудаваў шыкоўны шпіталь для бедных і буйную школу для сіротаў, а тым, хто цярпеў асаблівыя нястачы, прызначыў шчодрыя пэнсіі й стыпэндыі. Да таго часу і дзед ягоны, і бацька памерлі, і ён зрабіўся старэйшым у сям'і. А ў горадзе ён стаў сама паважаным чалавекам, сапраўдным старэйшынам. Барада ягоная была раскошна доўгая й сівая, апранаўся ён у беласьнежны гарнітур, а ў рукох заўсёды трымаў моцны кій. І вось тады, калі хлопчыку споўнілася восемдзесят пяць, ён усьвядоміў аканчальна: мужчынам робіцца той, хто годна сустрэне сьмерць. І памёр. Вось як, дзеткі.
– Але ж татухна! Атрымліваецца, што зрабіцца мужчынам пры жыцьці зусім ніяк не магчыма? – усклікнулі мы.
Папа сьцьвярджальна нахіліў галаву, але ягоныя вочы хітра жмурыліся – і праз гэта рабілася весела й наогул анічога не зразумела.
13. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра казуркаў
Наш тата быў надзвычай чульлівы і жаласьлівы чалавек, перакананы веган, і ставіўся паважліва да кожнае казуркі. Ён заўсёды насіў з сабой лінейку, каб пластаць нас з брацікамі па пальцах, калі мы ўздумаем катаваць кацянятак ці шчанюкоў. Зрэшты, схільнасьці да зьдзекаў над жывёламі мы ня мелі, і яму толькі аднойчы ўдалося падлавіць нас – калі мы намерыліся падсмажыць павелічальным ішклом прусака, які заблукаў на кухонным падаконьніку. Тата імгненна пастроіў нас па росту і жорстка выялаў, пагражаючы трыбуналам. Прусак, сказаў ён, гэта мірнае насельніцтва; ён сьпяшаецца дамоў да матухны, а тая чакае яго, з надзеяй глядзіць у вакно, і выплакала ўжо ўсе сьлёзы! А вы? Што вы робіце? Вы хочаце расправіцца зь нявіннай маленькай істотай як бандыты, як злодзеі, як куклюксклянаўцы – і толькі за ягоную прыналежнасьць да вусякоў? О, і гэта мае дзеці! Мы, прысаромленыя, хлюпалі насамі. Зразумелі? Спачні.
Адзіным выключэньнем з усіх жывёлаў, якія падлягалі міласэрнасьці, была моль. Тата ненавідзеў моляў за тое, што адна зь іх праела дзірку ў ягоным любімым ваўняным шаліку, уласнаручна зьвязаным мамай. Згледзеўшы молю, тата выдаваў адважны ваяўнічы кліч, гукаючы ўсіх нас на вайну. Змагацца належыла тапкамі. Мы хуценька выграбалі з шафы тапкі – іх меўся цэлы стратэгічны запас – і беглі на заклік. Трапіць тапкай па молі было няпроста, але гэта толькі дадавала нам адвагі і ўдаласьці. Са страшэннымі крыкамі мы шпурлялі ў молю нашы снарады, падымаючы пыл і грукат, абвальваючы кнігі, карціны й рондалі, пакуль не зьяўлялася мама. Яна лавіла молю ў далоні і выпускала на вуліцу.
Пасьля гэткіх сутычак тата задаволена разгладжваў вусы і йшоў на кухню да прусака, якога назваў Ота, на нямецкі манер. «Мір табе, дружа мой Ота! – урачыста абвяшчаў тата, – дабрабыт табе і дастатак! Прымі гасьціннасьць гэтае хаты, бо яна – ад сэрца! Будзь шчасьлівы! Жыві! Дзей! Любі!» І крышыў прусаку булку. Мы аднойчы надумаліся высачыць, дзе жыве Ота, і ці дзеліцца ён булкай са сваёй матухнай, але ён сноўдаў па кухні бязмэтнымі коламі дый, падобна, ня меў ані сям'і, ані прытулку. Напэўна, гэта самотны прус-вандроўнік, вырашылі мы. І сапраўды, не прайшло й месяца, як ён зьнік. Тата чакаў паўтары дні, а потым загадаў нам абшукаць усю хату і гарод – раптам Ота зьнепрытомнеў і ляжыць дзесьці, пакутуе і чакае дапамогі? Але пошукі нічога ня высьветлілі, і тата быў зьбянтэжаны й нават абражаны. Некаторы час ён спадзяваўся на вяртаньне Ота, і яго калі-нікалі можна было застаць на кухні – сагнуўшыся, ён зазіраў пад шафку – тады мы адцягвалі ягоную ўвагу і прасілі распавесьці казку.
14. Уцёкі ды туляньні. У мокрых нагавіцах
Пасьля зялёнага дантыста я тыдзень ці два хаваўся ў таварыша, у адной з камораў цакалёвага паверху санстанцыі, дзе ён служыў метадыстым. Ён паставіў мне ложак-раскладанку з шэрым брызэнтам на спружынах і паклаў камякаваты сеньнік. Пацукоў няма? Пацукоў няма. Курыць нельга? Курыць нельга. Ён пакінуў мне Новы Запавет, пакунак грэчы, алюміневы рондаль і кіпяцільнік. Вось табе ключ, замыкай знутры і сядзі. Прыбіральня ў канцы калідору, але толькі ноччу, каб ніхто ня бачыў. Я падзякаваў яму, і ён сышоў. Было вельмі ціха, ля сьценаў стаялі старыя кардонавыя скрыні. Я адчыніў адну – пульхныя зьвязкі папераў, табліцы, лічбы. Пад стольлю – вакно з кратамі, шэрае неба. Я заснуў.
Удзень я спаў, а ўвечарох да мяне пачалі вяртацца дзіцячыя страхі. Электрычнасьць на ноч вымыкалі, і я з сумам глядзеў на цёмнае, амаль нябачнае акенца. У першую ж ноч я перасунуў раскладанку да сьцяны і паклаў у галаве пад сеньнік Новы Запавет. Ляжаў, скурчыўшыся, і прыслухоўваўся да цішыні. Прадчуваньне шоргату, выразны пульс у здраньцьвелай руцэ. Шоргаты прыходзяць няхутка, толькі ў поўнай цемры. Першы – самы ціхі. Мімаволі глынаеш, і глыток выходзіць палахліва гучны. Цьмяныя ценярысы скрыняў, дзьве зоркі ў вакне. Шум машыны, за які чапляесься слыхам – даўжэй, калі ласка, даўжэй! Збочвае – водбліск фараў на столі – зьнікае. Далятае шум цягніка, згладжаны, занадта далёкі, каб дапамагчы.
Карціць у прыбіральню. Саджуся. Як ісьці ў гэткай цемры? Падаўшыся наперад, як астэахандрозавы дзед, расьпяўшы рукі, я намацваю дзьверы, намацваю ў кішэні ключ. Дзе сьвідравіна? Калі я згублю ключ, дык прыйдзецца шнарыць па падлозе. Нясьмела чыркаю запалкай – асьляпляльна! – шчык-шчык замок, расчыняю дзьверы. Даўгі калідор цягнецца направа й налева, трубы пад нізкай стольлю кладуць тлустыя цені. Чорныя павароты ў глыбінях калідора вагаюцца, ссоўваюцца. Запалка апякае пальцы. Я загрукваю дзьверы, шчык-шчык. Схаджу ўраніцу! Калі ўжо сьветла, але яшчэ нікога няма. Кладуся, падціснуўшы ногі, заплюшчваю вочы. Шоргаты чакаюць, а потым прыходзяць ізноў.
Хтосьці крадзецца па калідоры, нячутна, на дыбачках. Спыняецца ля дзьвярэй. Пульс б'ецца ў маім горле. Нехта павольна-павольна прысядае, падлязае ў шчыліну. Трызна, трызна! Нікога там няма! Злосьць напалову з жахам. Я адважна паварочваюся на сьпіну, і спружыны выдаюць мяне рыпам. Нешта лёгкае падае мне на твар, і я з хрыплым крыкам луплю рукой, ускокваю! Па далоні размазалася мярзота – ці тое прусак, ці тое павук. Я сутаргава адціраю далоню аб сеньнік, адчуваючы ў штанах цяпло й вільгаць. Абмачыўся! Рыкаючы з роспачы, скідаю нагавіцы, майткі, стаю з голымі нагамі ў цёмным склепе санстанцыі, жаласны й нягеглы. Як мне праць нагавіцы? Як сушыць?
Ураніцу таварыш выслухоўвае мяне і прапануе прынесьці пампэрсы. Навошта саромецца? У нас у аптэцы прадаюцца. А нагавіцы давай сюды, у мяне дома пральная машына. Калі добра не памыць і ня высушыць – засьмярдзяць, будзеш як валацуга. Пахадзі пакуль без штаноў, ніхто ж ня бачыць. Дый не хвалюйся, з кожным такое здараецца, магло б і горай. Грэчу варыў, не? Вось табе рондаль, толькі вымый потым, каб не прыкарэла. Нічога, нічога, патрывай, братка, усё гэта часовае. Ён шукае поглядам Новы Запавет, і я выцягваю яго з-пад сеньніку. Ён ухвальна пасьміхаецца, ківае. Чытай, чытай, пакуль сьветла.
15. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра два тыпы
– Амаль усіх жанчын, дзеткі, можна падзяліць на два тыпы, – казаў нам тата, калі мы былі маленькія. – Ёсьць простыя жанчыны, а ёсьць жанчыны ўзьнёслыя.
Ён уздыхаў, матляў галавой, і загадзя бедаваў на цяжары й нягоды, якія жанчыны абрынуць у будучыні на нашыя далікатныя галовы. Жанчыны простыя, якія нічога акрамя грошай не разумеюць, будуць патрабаваць ад вас грошы і пагарджаць вамі за іхны недахоп. Жанчыны ўзьнёслыя, якія захапляюцца «вялікімі людзьмі» ці «вялікімі думкамі», будуць патрабаваць ад вас сумеснага захапленьня і пагарджаць вамі за вашу невялікасьць. Тата з журбою глядзеў нам у вочы і сумна абдымаў за плечы. Мы хмурыліся. Мы ня ведалі ніякіх жанчын, акрамя мамы, і лічылі, што тата кажа менавіта пра яе. Тата кмеціў гэта і дадаваў – эх, дзеткі! вось ваша мама зусім не такая. ваша мама – асаблівая! А якая наша мама? – пыталіся мы, пачынаючы ганарыцца, але тата ўжо спазьняўся на працу, пасьпешліва павязваў гальштук, пляскаў па кішэнях у пошуках ключоў, хапаў капялюш і бег.
Каб спраўдзіць, у чым жа розьніца паміж нашаю мамай і вусьцішнымі жанчынамі, мы з Хуліё пераапрануліся ў Жан-Поля Сартра і Альбэра Камю, прыляпілі вусы й бародкі дый увайшлі да яе. Мама глядзела сэрыял, гуляючыся з пультам.
– Мы Жан-Поль Сартар і Альбэр Камю! Мы прыйшлі паведаміць, што вы ўдастоеныя экзыстэнцыяльнае прэміі памерам у 100 000 эўра.
Мама пасадзіла нас піць гарбату зь лімонам і мармэлядам, наліла каньяку, прапанавала пледы. Яна распытвала нас пра Францыю, распавядала пра сваё жыцьцё-быцьцё. Напрыканцы яна заўважыла:
– Амаль усіх мужчынаў можна падзяліць на два тыпы – тых, каму проста карціць патрахацца, і тых, каму карціць, каб імі захапляліся. Аднак бываюць і выключэньні, вось да прыкладу тата маіх дзетак.
Мы не зразумелі, што значыць «патрахацца», але зацікавіліся. Па-першае, словам, па-другое, татам. Мы пераапрануліся ў Эмілі Дыкінсан і Эмілі Бронтэ і паехалі да таты на ягоную працу, у надзеі сустрэцца зь ім падчас перапынку на абед. Нам трэба было ехаць на трамваі-тройцы, але Хуліё прапанаваў сесьці ў сямёрку, каб скасаваць рог. Праз гэта мы спазьніліся да таты дый так анічога і не даведаліся. Але мы не замаркоціліся! Мы пайшлі да возера, сядзець на зрыве і глядзець на чаек.
16. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра вінэгрэт
Нашыя мама з татам, як і ўсе сем'і ў тыя сьветлыя часы, жылі ў суцэльнай гармоніі, душа ў душу, і нават ніколі не сварыліся. Ну зрэшты вядома часам усёткі сварыліся, дый даволі часта, але ўжо прынамсі ня тое што сучасныя пары. Цяпер чуць што, дык адразу бягуць па роспуст, а тады не, ані ў думках не было, хоць лаяліся натуральна штодня, нават успомніць пацешна. Прыкладам, тата мой быў, як зараз кажуць, grammar nazi, то бок за коску ці за які апостраф гатовы задушыць, а мама найперш за ўсё шанавала свабоду, і да лямпачкі ёй было. І вось аднаго разу тата выкрыў, што яна ня мае ні самамалага паняцьця, як патрэбна пісаць слова «вінэгрэт». І ён пасадзіў яе за парту, побач з намі, двоечнікамі, і прымусіў пісаць «вінэгрэт» сто радкоў, а калі хоць раз памыліцца, дык дзьвесьце. Каб не губляць перад намі ягоную павагу, яна падпарадкавалася, і села, і напісала – зь мілосным тварам. Але потым! Потым яна пайшла на кухню дый прыгатавала чатыры розныя стравы, па-першае, традыцыйны вінэгрэт, а па-другое-3-4, навінкі сэзона: веныгрэт (з салодкім перцам, кэш'ю і дзікім рысам), віныгрэт (з бананам, вішняй і ролтанам) і венэгрэт (з партвэйнам, цукатамі і кока-кольнай падліўкай). Яна сама іх вынайдавала, а значыць мела права паназываць як хоча! І тата ўсё зьеў, і нават з задавальненьнем, але яна прымусіла яго запомніць, як называецца кожная страва! І гатавала іх кожны дзень, і калі ён памыляўся ў назьве, дык ішоў стрыгчы газоны, а ён гэта цярпець ня мог, але ня мог жа ён губляць павагу.
17. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра каханьне
Калі мы былі маленькія, мабільныя тэлефоны былі рэдкасьцю. І вось на Каляды нам падарылі наш першы тэлефон, адзін на ўсіх. Тэлефанаваць не было каму, але затое былі гульні – тэтрыс і зьмейка. Мы гуляліся па чарзе, а ўвечары Хуліё выдумаў забаўку: разаслаць смскі па выпадковым нумарам. Мы напісалі на дзесяць нумароў «Я не магу безь цябе жыць», і пачалі чакаць.
Хутка прыйшлі адказы: «Я кахаю цябе, Волька», «Каб ты падох, мярзотнік», «Вы не туды патрапілі». Астатнія не адказалі.
А праз пару дзён прыйшло апошняе: «Тамлюся ў салодкай зьнямозе… О, як сэрца трымціць! Рукі нясьмела песь». 70 чароўных сымбаляў.
І Хуліё цэлы тыдзень хадзіў узрушаны, ўражаны. Ён быў цьвёрда перакананы, што гэтая смска прыляцела ад цудоўнае дзяўчынкі, якая прызначаная яму лёсам, але пакутаваў і кроіўся, не адважваючыся ёй патэлефанаваць. Ён закахаўся. Нарэшце рашучы Колік узяў у яго мабілку дый патэлефанаваў сам. «Гэта мужык», – сказаў Колік, вяртаючы тэлефон. Ён лічыў, што пытаньне зараз закрытае. Але Хуліё толькі пасьміхнуўся. І працягваў кахаць тую дзяўчынку.
18. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра паўнавартаснасьць і насычанасьць
У нашым горадзе надзелы зямлі вакол дамоў былі не прастакутныя, як усюды, а шасьцікутныя, нібы соты. Рабілася гэта дзеля таго, каб кожная сям'я мела болей суседзяў – ня трох, а пяцёх. Вядома, у гэткіх абставінах узьнікалі пэўныя складанасьці з вуліцамі, але ж вуліцы – ані не галоўнае, ні ў горадабудаўніцтве, ні ў жыцьці. А што галоўнае? Галоўнае – гэта паўнавартаснасьць і насычанасьць, фармулявалі жыхары нашага горада. А хіба можна дасягнуць паўнавартаснасьці й насычанасьці з дапамогай адное толькі шасьцікутнасьці? На жаль, нельга. Таму лічылася карысным і правільным як мага часьцей абменьвацца хатамі й пераяжджаць – і такім чынам набываць яшчэ больш суседзяў.
Наша сям'я пераяжджала ня надта часта, не часьцей за раз на год – таму што тата быў чалавек самавіты і мерны, а мама была пераборлівая і згаджалася толькі на прасторныя хаты, «каб хлопчыкі не патыкаліся адзін аб аднаго». Але шмат хто з гараджанаў, зь невялікімі сем'ямі, ці зусім самотнікі, мяняліся хатамі ледзь ня кожнага месяцу. Транспартныя кампаніі квітнелі; на вуліцах штодня здараліся зацяжныя заторы з-за даўгіх сінебрэзэнтавых фураў, што спрабавалі ўпісацца ў заблытаныя павароты завулкаў. З самае раніцы па ўсім горадзе дымілі дызелі, жыгалі мэнэджэры па нерухомасьці, лаяліся грузчыкі, галасілі гаспадыні трэснутых раяляў...
Сумную славутасьць набыў адзін з гараджанаў, сталы хімік-неарганік, гарачы аматар пераездаў, які ў пяцьдзесят тры гады раптам выявіў, што пажыў абсалютна ўва ўсіх хатах гораду. Тыя, хто ў момант выяўленьня знаходзіліся непадалёк, распавядалі, што хімік выдаў надзвычайнае сілы крык, працяглае нутровае выцьцё, ад якога халадзелі рукі й пакрываліся дрыжыкамі сьпіны. Ён выскачыў і пабег вуліцай, б'ючы сябе ў грудзі й разьдзіраючы вопратку, з рыкам і хрыпам, сеючы паніку сярод квяточніцаў і бакалейнікаў. Яго атрымалася супакоіць толькі бутэлькай вэрмута, прычым адны сьцьвярджалі, што ён прыняў яе ўнутар, а іншыя, злосныя – што атрымаў ёю паміж вачэй. Потым няшчасны пасяліўся ў намёце на краі гораду, ля новае шматпавярховае будоўлі – ён днямі праседжваў на паддонах з цэглай, у маўклівай нудзе, а прарабы яго праганялі. Але па кватэры ў гэтым доме ужо стаяла чарга, і хімік неўзабаве зьнік. Адны сьцьвярджалі, што ён падаўся ў другі горад, а іншыя, злосныя – што будаўнікі яго замуравалі.
19. Змрочныя засьценкі. Гэта наша Вучылішча
Татаў нісан разьвітальна гуднуў, з хрумстам разьвярнуўся па жвіру і пакаціў назад, да далёкага дому. Бязь сьлёз, бяз крыку, я глядзеў усьлед. Як толькі я міргнуў, нісан зьнік у гаях, а мяне ўзяў пад локцік хмурны старэча-праважаты. Я быў апошні, астатнія прыехалі на аўтобусе і чакалі мяне. Дзіўныя дзеці: у лядашчых шэрых вопратках, панурыя, кульгавыя. Нас вялі ўздоўж бэтонавага плота да двухпавярховага будынку з чырвонае цэглы, і я разглядаў спадарожнікаў. Скурчаны хлопчык у паўкажушку і галёшах; хлопчык са шнарамі на голенай галаве; хлопчык без рукі; дзяўчынка зь велізарнай галавой, завінутай у ваўняную хустку; дзяўчынка на мыліцах. Мне зрабілася моташна і я пачаў глядзець лепш на плот: увесь з квадрацікаў, быццам вафлёвы, з тоўстымі трубамі, іржавай арматурай. Ля будынку, наспазор закінутага, з пустымі вокнамі, нам загадалі шыхавацца па двое. Я патрапіў побач зь дзяўчынкай у чорных акулярах, яна паклала лёгкую руку мне на плячо і ўсьміхалася ў прастору. «Гэта наша Вучылішча», – сказалі старэчы-праважатыя. Яны пачалі спускацца па лесьвіцы ў сутарэньне. Гэта нагадвала казку пра Гары Потэра, але там дзеці йшлі па лесьвіцы ўверх, а мы йшлі ўніз. Халодныя вільготныя сьцены, змрок. Унізе нас сустракаў маленькі чалавечак, увесь вывернуты, з вогненным поглядам, і пытаўся: як тваё імя? І запісваў у кнігу. Калі ён убачыў мяне, ягоныя вочы загарэлiся асаблівым агнём: які добранькі! якi чысьценькі! Ролю? Так-так... Мне было жудасна, але я нібы здранцьвеў і ня мог крычаць. Нас правялі ў пакоі. Я паставіў свой куфар на скрыню і атупела сядзеў. Вокнаў не было, але ложак быў мяккi, спружынавы. Хлопчык насупраць мяне, слабы, з бледнымі валосікамi, не чакаючы пытаньняў, пачаў распавядаць нарасьпеў, разгойдваючыся, як рабочыя знайшлі яго ў салянай шахце і ўсынавілі. Рабочыя выкармілi яго просам і здорам, сьвiнячым тлушчам, дабрадзеі. Паглядзі на мае пальчыкі, Ролю. І тады, убачыўшы ягоныя пальчыкі, я закрычаў.
1A. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра прэсную ваду
Калі мы былі маленькія, тата амаль кожны вечар заходзіў пакласьці нас спаць, накрываў коўдрамі і распавядаў казку. Тата ведаў мноства змрочных і страшных казак, і такія мы любілі больш за ўсё, але часьцютка ён перамяжаў іх добрымі і аптымістычнымі, у выхаваўчых мэтах. А часам трапляліся гісторыі, у якіх наогул нічога немагчыма было зразумець, прыкладам казка пра ваду.
– Жыў-быў адзін чалавек, ні высокі ні нізкі, ні худы ні тоўсты, і вось аднойчы ён прачытаў артыкул пра экалёгію, у якім палохалі разнастайнымі катастрофамі і выміраньнем. Асабліва яго жахнула – аж сэрцайка сьціснулася – што можа скончыцца прэсная вада. Чаму менавіта гэта жахнула, а ня тыя дзіркі ў азонавым пласьце? Ці яшчэ што? Ніхто ня ведае. Можа, ён гарбаты многа піў. Карацей кажучы, страціў ён з тых часоў і спакой, і сон. Мучыўся-мучыўся, думаў-думаў, і прыдумаў. Купіў ён, значыцца, хатку ў вёсцы зь дзялянкай зямлі, разьмеціў дзялянку на квадраты, і на кожным квадраце стаў капаць ямы. Вырые яму, забэтаніруе дно й сьценкі як сьлед, а потым напоўніць яе вадой і вечка гермэтычна прыладзіць. Справа вядома няпростая й няхуткая, але за год, не ператамляючыся, ён пасьпеў закансэрваваць 20 кубамэтраў. І далей бы кансэрваваў, але тут вада пачала даражэць, даражэць, а потым і катастрофа грымнула. Не засталося больш на зямлі прэснае вады, і чалавецтва вымерла. А той чалавек свае запасы карыстаў эканомна, і яму да самай сьмерці вады хапіла, гадоў дваццаць яшчэ пражыў. А шкарпэткі ў моры мыў – бо працца можна і ў салёнай вадзе, нічога страшнага. Вось як здараецца, дзеткі. Добрай ночы!
Тата пагасіў сьвятло і выйшаў.
– Жудасная казка! – сказаў Хуліё дрыготкім голасам. – Усе памерлі.
– Але галоўны герой жа выжыў! І дажыў да натуральнае сьмерці, – сказаў Колік. – Гэта хэпі-энд.
1B. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра абсалютны чэпчык
Наша мама гістэрычна баялася вухавёртак. У маленстве яе настрашыла бабуля: калі будзеш дрэнная дзевачка, дык яна запаўзе табе ў вуха і працяне бубенную балонку! Мама, вядома, ня кінула быць дрэннай дзевачкай, але з тае пары клалася спаць толькі надзеўшы каптурык. Нават у летнюю сьпякоту! Тата хацеў быў пераканаць яе ў сьмяхотнасьці страхаў: іроніяй, лёгікай, Вікіпэдыяй, юнымі натуралістамі, але ўсё дарма.
Затое маме было лёгка рабіць падарункі! Ня трэба думаць. На Новы год, на Восьмае сакавіка, на Дзень нараджэньня – новы каптурык, хто на які здольны. Тата аддаваў перавагу прэстыжу і клясыцы: чорны крэп-жаржэт, чырвоны атляс, залатая аблямоўка. Мне падабалася пяшчотнае: я абіраў мяккую пражу пастэлевых тонаў, шоўк і тонкую казіную воўну, вышываў прыгожымі літарамі «Мілосная Матухна, Ролі Любіць Цябе» і сэрцайка. Толік лічыў, што важнейшыя за ўсё дыхтоўнасьць і карыснасьць: тўідавыя чапцы з футравым падбоем, з вушамі, гумкай і завязкамі, каб аніводная казурка не прабралася. Валік майстраваў мастацкія хэндмэйды на розныя стылі: дада й дэкаданс, Дорэ й Дэлакруа, зь нечаканымі дадаткамі з каляровае саломкі, лінолеума або аднаразовых кухаляў. Хуліё адмаўляўся ўдзельнічаць у гэтым вар'яцтве: ён заўсёды дарыў толькі кветкі, толькі чырвоныя гербэры.
Ну а Колік – Колік маяўся. Часовы сродак? Замілавальны, але фармалёвы падарунак? Не, Колік быў не такі! Ён заўсёды мерыўся на абсалютнае. Са сьвята на сьвята Колік дарыў дробязі: навалку, рондаль ці скрыню з цукеркамі, а сам нястомна хмурыў лоб, думаў, цяміў. Чытаў Апакаліпсіс і Е.П.Б. І вось аднойчы, на маміныя Мяніны, урачыста паднёс: просты белы чэпчык. З выразным надпісам на вывараце: «Вухавёртка Памры Сьмерцю Чорнай». І чатыры жудасныя крыжы.
Надзела мама чэпчык, паклалася, заснула. А сярод ночы пачуўся зь ейнага пакою крык! Убег тата, убеглі мы. Расказала – зьявіўся да яе ўва сьне Вярхоўны Вухавёрт, паваліўся на калені дый моліць: «Спалі, матухна, чэпчык гэты злавесны, пашкадуй маіх дзетачак! Клянуся табе цэркамі маімі царскімі, што сыдзе наш народ з тваёй хаты назаўсёды і аніколі блізка не наблізіцца!» Што ж. Памеркавалі мы й пастанавілі на сямейнай радзе: прымаем запавет казуркавы. Выйшлі ў гарод, выкапалі ямку, дый спалілі чэпчык дашчэнту. І зямлёю засыпалі.
Вось такім чынам і разбаялася наша мама вухавёртак – бо паверыла. Але чэпчыкі ўсё роўна любіла, па абычцы.
А Коліка мы запаважалі.
1C. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра першую Валікаву карціну
Наша мама, заўзятая прыхільніца ўсяго ўзьнёслага, часта вадзіла нас у музэй. У нашым горадзе быў толькі адзін музэй – мастацкі. Некаторыя менавалі яго галерэяй, некаторыя – выставачным цэнтрам, аднак паказваць у ім было зусім няма чаго – бо ў нашых краях з самага палеаліту не нараджалася ані мастакоў, ані скульптараў, ані нават калекцыянтаў. Але дырэктар музэю, чалавек бадзёры і дзейны, заступіўшы на пасаду, не разгубіўся ў складаных абставінах і разьвесіў на сьценах копіі палотнаў славутых мастакоў. Прынтараў, каб друкаваць рэпрадукцыі наўпрост з інтэрнэту, у тыя часы яшчэ не прыдумалі, і дырэктар мусіў рабіць копіі ўласнаручна. Маляваць ён ня ўмеў, і копіі былі радыкальна мінімалістычныя – тэкставыя. Гэта было даволі дзіўна – раскошныя рамы з шырокімі пустымі ватманскімі лістамі і стрыманымі радкамі апісаньня ў сярэдзіне – але затое музэй мог дазволіць сабе шэдэўры, якія й ня сьніліся ніводнай сталічнай галерэі. Побач віселі «Бабілёнская вежа» Брэйгеля, «Сыкстынская Мадонна» Рафаэля, «Вяртаньне блуднага сына» Рэмбрандта, «Дабравешчаньне» фра Беата Анжаліка, «Дэман» Ўрубеля, «Зорная ноч» Ван Гога, «Абарона Петраграда» Дэйнэкі й яшчэ незьлічонае мноства ня менш вядомых карцін. У першых залях рамы былі велізарныя, на паўсьцяны, але дырэктар скора зразумеў, што такім парадкам аніякага месца ня хопіць, і таму з залі ў залю памеры карцінаў усё драбнелі й драбнелі, дасягнуўшы нарэшце фармату пісчае паперы.
З усіх братоў толькі я ахвотна хадзіў з матуляй у музэй. Мне падабаліся чысьціня, пустэча і цішыня, гучнае рыпаньне паркету і багацьце незразумелых тэкстаў. Астатнія брацікі, убачыўшы маму яшчэ здалёк, кідаліся наўцёкі. Хтосьці хаваўся ў хляве, хтосьці ў крапіўных зарасьніках, хтосьці караскаўся на дрэва і ціхарыўся. Але сяго-таго маме ўдавалася адлавіць і далучыць да культуры.
Валік таксама аднойчы быў схоплены, бо страціў на бягу сандалю і не пасьпеў стаіцца паміж сьмецьцевых бакаў. Адведзены за руку ў музэй, ён, наўпроці за мяне, адчуў там горыч і зьнявагу. Ён бачыў на паштоўках, якія павінныя быць музэі. Валік дапушчаў, што пару тэкставых карцінаў – гэта файна і хвацка. Але ня ўвесь жа музэй цалкам! І ён пакляўся запоўніць ягоныя сьцены сапраўднымі карцінамі.
Першую сваю карціну Валік зрабіў з паламанага будзільніка, разабраўшы яго на часткі і прыклеіўшы іх да кавалка кардонавае скрыні.
Дырэктар музэю ахвотна прыняў яе ў дар і павесіў на шляхецкім месцы – паміж Монэ і Дэга.
1D. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра самага маленькага кампазытара
Аднойчы, калі мы з Хуліё прыйшлі пасядзець на зрыве ля возера, мы засьпелі там маленькага чалавечка. Ён быў ня карлік, а проста невысокі й худзенькі, каля сарака, у палітончыку. Бясклопатна ківаючы галавою, ён адшчыпваў кавалачкі ад булкі, катаў зь іх галкі і шпурляў чайкам. Гэтае месца было нашае, і мы прапанавалі яму назвацца, на што ён прыязна адрэкамэндаваўся як сама маленькі на сьвеце кампазытар.
– Адкуль вы ведаеце, што вы сама маленькі? А раптам які Самарціні ці Джамініяні быў яшчэ меншы? – сказаў Хуліё.
– Справа ня ў росьце, – сказаў чалавечак. – Проста я мала чаго напісаў. Усяго толькі адну караценькую мэлёдыю!
І ён, падняўшы брыво, прыгожа прасьпяваў яе: лу-лу-лу!
– Так, а калі я напішу мэлёдыю яшчэ карацейшую? – сказаў я з супярэчнасьці. – Лу-лу? Тады ўсё? Вы ўжо ня сама маленькі кампазытар?
– Усё роўна я сама маленькі. Бо рост таксама важны! – лёгка перамеркаваў ён. – Паглядзіце: вы хай і дзеці, але ўжо вышэйшыя за мяне на паўгалавы і таўсьцейшыя!
Запярэчыць было няма чаго, і мы прызналі за ім ягоны тытул. Ён адламаў нам палову булкі, і мы пачалі катаць і шпурляць, а чайкі не ленаваліся й кідаліся нават за ледзь прыкметнымі дробкамі. Сама маленькі кампазытар распавёў нам, што больш за ўсё на сьвеце любіць зэфір у шакалядзе, і заўсёды мае з сабою скрыначку. Ён навучыў нас, як правільна яго есьці: трэба спачатку акураценька абкусаць шакаляд, вось так, глядзіце, а потым ужо сам зэфір, ён тады асабліва далікатны; і не зубамі, а вуснамі і языком. Падабаецца?
1E. Уцёкі ды туляньні. У жудасным доме
У свайго таварыша на санстанцыі я прабавіўся тыдзень ці два, пакуль аднойчы ён не сказаў, што знайшоў мне месьцейка лепей. І вось, на досьвітку, у дубарыну і парась, ён адвёз мяне на сваім нісане да кабеты. Кабета гэтая была гадоў шасьцідзесяці або шасьцідзесяці пяці, з валасяной куляй на патыліцы, як раней любілі настаўніцы. Яна ўсьміхалася мне сухенькімі вуснамі і паказвала хату: тутака лазенка, тутака кухня. Ейны адзіны сын зьехаў працаваць у ЗША праграмарам. Я сьцепануўся і хутка апусьціў вочы, каб яна не заўважыла, як затыхкала маё сэрца. «Сын дасылае мне штомесяц пэўную суму, каб я ні ў чым ня мела патрэбы», – працягвала яна са стрыманым гонарам. Я прымусіў сябе лічыць, што гэта проста супадзеньне – бо куды ж мне ісьці, звонку лютаўская пустэча, голад. Мы жылі добра, хоць крыху дзіўна: яна вязала, я глядзеў у вакно. Што яна вязала, каму? Я спытаў яе пра фотаздымкі ў гасьцёўні, і яна адказвала – з ласкавымі зморшчынкамі ад вачэй – што гэта ўсе тыя, каго яна ў сябе прымала, такія ж балезныя. Што азначае «такія ж» і што азначае «балезныя»? хворыя? хваравітыя? – цяміў я, але прымусіў сябе лічыць, што гэта проста супадзеньне, нават не супадзеньне, а словазлучэньне. Мы жылі добра: перабіралі рыс і грэчку, адлучалі ўбок каменьчыкі. Але потым усё раптам зьмянілася, скрывілася, выявіла сапраўдны твар. Яна пачала купляць пакункі з рознымі прысмакамі – печыва ў пакунках, цукеркі ў пакунках, разынкі ў пакунках – і распорвала пакункі нажом. Навошта ўспорваць нажом? Ці на пакунках ня робяць адмысловыя зубчыкі, каб разрываць рукамі? Ці хаця б нажніцамі? Успароўшы пакунак, яна шматзначна паглядала на мяне, і я карчанеў. Пакункі лопаліся з сухім шамаценьнем, чырвоныя ледзяшы рассыпаліся па абрусе. Фотакарткі ў гасьцёўні нема крычалі мне. Марудзіць было нельга. Прыхапіўшы колькі праграмаравых асыгнацыяў, у вадну з начэй я зьбег прэч з жудаснага дому.
1F. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра жаданьні
Калі мы з брацікамі былі маленькія, мы жыцьця не ўяўлялі без таго, каб удосталь не пападглядаць за суседзямі праз шчыліны ў плоце. Звычайна кожны з нас абіраў свой бок, і старанна за ім назіраў – а перад існом мы расказвалі адзін аднаму што бачылі. Час бег, суседзі зьмяняліся, і чаго толькі мы не наглядзеліся!
Аднаго разу Коліку трапіўся сусед з чырвоным дахам, адвакат, дамарослы філёзаф і вялікі дзівак. Праз колькі дзён Колік распавёў, як той наўпрост у піжаме выйшаў на ганак, выпрастаў рукі ў бакі і коратка выклаў сваю філязофію:
1. Той, хто мае жаданьні – дурак.
2. Той, хто ня мае жаданьняў – мярцьвяк.
3. Ёсьць толькі адзін спосаб ня быць ані тым, ані другім: мэтадычна і бесьперапынна рабіць тое, што табе можа захацецца, яшчэ да моманту ўзьнікненьня жаданьня.
4. Іншымі словамі, трэба рабіць тое, чаго табе ня хочацца.
Суседзкія тэзісы ўчынілі між нас фурор – мы закінулі ўсе астатнія платы, засяродзілі ўвагу на філязофскім і былі сьведкамі таго, як сусед увасабляе тэорыю ў жыцьцё. Некаторы час ён папросту вадзіў да сябе па раніцах розных дзевак, а да абеду напіваўся п'яны – відавочна, апярэджваючы такім парадкам цялесныя прагі. Але ўсё гэта атрымлівалася ў яго занадта лёгка, хутка надакучыла, і ён пачаў шукаць справы, якія б яму не хацелася рабіць у большай меры. Ён пачаў падымацца на досьвітку, абліваўся халоднай вадой і падоўгу катаваў сябе практыкаваньнямі з гірай. Неўзабаве ж, мабыць адчуўшы смак да спартовага ладу жыцьця, кінуў яго і перайшоў да складанейшых і бессэнсоўнейшых заняткаў: выбіраў гарох і сачавіцу з попелу, як у братоў Грым, выбіраў проса з маку, як у Шарля Пэро, выбіраў нарэшце мак з маку, замяраючы кожную макаўку штангенцыркулем і адзначаючы паказаньні ў табліцы. Але й гэта адваката не суцяшала – часьцяком ён ускокваў, пляваўся і трос кулакамі зь незадаволенасьці. Мы ўжо не сумняваліся, што справа дабром ня скончыцца, і так яно і здарылася. Аднойчы ўранку мы ўбачылі, як адвакат выйшаў з хаты, несучы вяроўку і кайданкі, і рашуча рушыў да высокае яблыні. Толік адразу ж кінуўся выклікаць пажарных, а мы ў боязі глядзелі, што будзе. Сусед ускараскаўся на яблыню, прывязаў да сука вяроўку, вяроўку прывязаў да кайданкаў, а кайданкі пстрыкнуў на зьведзеных ззаду руках. Удалечыні ўжо выла пажарная сырэна, але ён пасьпеў асьцярожна сасьлізнуць з галін і павіснуць. Рукі выкручваліся, выломліваліся ў яго за сьпіной, ён рыкаў з болю, але твар ягоны зьзяў праз шчасьце незвычайнае жыцьцёвае паўнаты – вось зараз ён і праўда ня быў ані мерцьвяком, ані дурнем! Праз чвэрць гадзіны пажарныя ўжо зьнялі суседа, выслухалі, паставілі двойку па лёгіцы і адвезьлі ў вар'ятню нумар пяць. З тых часоў мы яго й ня бачылі, напэўна, ён знайшоў сваё аканчальнае шчасьце недзе там.
20. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра лупцоўку
Наш тата быў самы рахманы чалавек у сьвеце, і ніякіх фізычных пакараньняў не прымаў прынцыпова. Але толькі пакуль справа ня тычылася літаратуры! Калі адзін з нас атрымліваў двойку па літаратуры, дык тата ружавеў зь лютасьці, успамінаў, што ён франтавік, і загадваў: адлупцаваць! Лупцоўка была наша ўлюбёная забаўка – двоек выпадала багата, лупцавалі што ні дзень, і кожнаму карцела адпомсьціць іншаму за ўчора. Мы нават загадзя пачыналі выцягваць дзягі з нагавіцаў, калі бачылі, што хтосьці вось-вось схопіць двойку. Колькі вясёлых гісторый здаралася! Прыкладам, аднойчы Колік назваў Набокава сытай буржуйскай адрыжкай і, не чакаючы адзнакі, выскачыў у вакно і ўскараскаўся на стары дуб. Мы трэсьлі дзягамі, а ён рагатаў і шпурляў зьверху жалуды. Чырвоны з гневу, тата зароў: пілуйце!! Піла знайшлася адразу, але тут выступіў Валік: я ня буду пілаваць. Што?! Ты што – брыдкі талстовец?! Я ня брыдкі, з годнасьцю адказваў Валік, і ня нейкі там таўстовец, а хіпі. Цяпер тата нават пачарнеў. Адлупцаваць!! Мы з гікамі кінуліся на Валіка, а Колік саскочыў з дрэва і дапамагаў.
Мама потым заўсёды падоўгу суцяшала тату: яны ж не са злоснасьці, а з глупства. Бо малыя зусім, неразуменныя, бадай што немаўляткі.
21. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра замаруджанасьць
Наша мама была вельмі ласкавая і ніколі на нас не сварылася, а калі й сварылася, дык толькі за гультайства. Але гультаяваць, тупнець і марудзіць мы любілі больш за ўсё на сьвеце: складвалі рукі на стале, апускалі на іх галаву і забаўляліся, факусуючы і расфакусуючы позірк. Ці глядзелі ў вакно, дзівіліся на птушачак нябесных. Ці проста ляжалі, водзячы пальцамі па шпалерам. Мама, калі бачыла гэта, нападала на нас і гучна сварылася – яна хацела, каб мы былі дзейныя і мэтлівыя. А тата, які не жадаў адкрыта супярэчыць маме, але жадаў нас абараніць, спрабаваў зьмякчыць становішча:
– Паслухай, маці, казку. Жыў-быў хлопчык, вельмі добры, але надзвычай замаруджаны – да таго, што ніколі не пасьпяваў рабіць урокі, ніколі нічога ня памятаў, і нават зь першай ў другую клясу ня мог перайсьці. І вось у дзесяць гадоў хлопчыка абсьледавалі экспэрты – і пастанавілі, што ягонае разьвіцьцё адпавядае чатыром гадам, і перавялі ў спэцшколу. Зажыў замаруджаны хлопчык у спэцшколе. Там на яго нарадавацца не маглі: і ветлівы, і прыязны, і вясёлыя песьні напявае нязьменна. Акрамя таго, ён навучыўся пісаць каліграфічным почыркам і выдатна чарціць. І паляцелі гады... І вось у дваццаць гадоў хлопчыка зноў абсьледавалі экспэрты – і пастанавілі, што ягонае разьвіцьцё адпавядае сямі гадам, але што годзе яго карміць з дзяржаўнае кішэні. Замаруджанага хлопчыка ўладкавалі ў праектнае бюро чарцёжнікам, каб ён капіяваў інжынэрныя чарцяжы. І ён капіяваў самазабыўна! Ды так спраўна і дакладна, што сам Вярхоўны Архітэктар свае праекты нікому акрамя яго не даручаў. І паляцеў час... Аднагодкі хлопчыка даўно займелі сем'і, сядзібы і аўтамабілі, а ён анічога вакол не заўважаў, толькі чарціў і чарціў у асалодзе. А ўжо як ён цыркулі свае любіў! Бывала, адкрые гатавальню і любуецца, водзіць пальцам па аксаміце – і так гадзінамі. І павольна-павольна сталее. Зьмяняліся інжынэры, зьмяняліся Вярхоўныя Архітэктары, у аднагодкаў унукі вырасталі, і вось споўнілася хлопчыку шэсьцьдзесят пяць гадоў. І вось абсьледавалі яго зноў экспэрты і кажуць: разьвіцьцё вашае асобы адпавядае пятнаццаці гадам. Файна! – думае хлопчык. Пайшоў ён па вуліцы, з клінікі ў бюро, а вакол вясна! Сонейка, птушачкі, кацяняткі! Ідзе ён міма школы і бачыць раптам дзевачку, на год ці на два маладзейшую, але якую! І сукеначка кароценькая, у гарошак, і пантопелькі ласкаваныя, і касіца, і бацянькі! Зачырванеў хлопчык, забянтэжыўся, але ўсё-ткі адважыўся – падышоў да дзевачкі і кажа: ты клёвая! давайма сябраваць? хочаш цукерку? Але дзевачку ажно перакрывіла, і як залямантуе яна: ратуйце! вычварэнец дамагаецца! Выскачылі тут нянькі, выскачылі мамкі, прыбеглі жандары – і ну хлопчыка вязаць, ну біць, ну праклінаць! Ах ты брудны старэча! Ах ты вырадак! Ах падонак! Ягонае шчасьце, што не пасьпеў ён ані дакрануцца да дзевачкі, ані пацалаваць – адпусьцілі яго, але запісалі ў асаблівы сьпіс. А потым ён неўзабаве захварэў, дый так і памёр пятнаццаці гадоў, незразуметы і адкінуты...
– Вось і я пра тое ж! Нельга дзецям дазваляць марудзіць! – сказала мама і пачала на нас яшчэ горай сварыцца.
22. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра смуроднага чалавека
Калі мы былі маленькія і ледзь-ледзь хадзілі ў пачатковую школу, з паўднёвага боку ад нашае хаты пражываў незвычайна смуродны чалавек. Назіраючы за ім праз шчыліны ў плоце, мы з брацікамі былі вымушаныя прыціскаць да насоў хустачкі зь фіялкавай вадой – да таго невыносныя міязмы ён струменіў. А які неасьцярожны матылёк, калі пралятаў побач зь ягоным разяўленым ротам, у той жа момант падаў як падбіты. Сусед наш праз гэта мучыўся невымоўна, і кожную раніцу, спадзеючыся на нечаканае пасьвяжэньне подыху, выходзіў у кветнік і нясьмела зяхаў – але мятлушкі нязьменна сыпаліся, як яблыневыя пялёсткі. І штораз сусед пакутліва плакаў, усхліпваючы і ўздрыгваючы. А аднойчы, каб хоць трошачкі загладзіць віну перад матылькамі і мятлушкамі, ён задумаў зьнішчыць адзінага ў нашым месцы энтамоляга. Сусед прысачыў энтамоляга на рагу каля цырульні, схапіў за каўнер і пачаў дыхаць яму ў твар. Энтамоляг вырываўся, але мы з брацікамі падасьпелі і дапамагалі трымаць. Энтамоляг круціўся, губляў прытомнасьць, прасіў міласьці й запытваў – за што? за што? Калі мы патлумачылі яму, за што, ён пакляўся больш аніколі не лавіць матылькоў. Зьлітваўшыся, сусед зачыніў рот і знакамі загадаў нам адпусьціць нягодніка – бо кожны мусіць мець шанец, дзеткі, нават сама закаранелы паскуднік. З тае пары мы пасябравалі са смуродным чалавекам; выявілася, што ён зусім ня злы й нават прыемны. Часам ён заходзіў да нас у госьці, папярэднічаючы сваё зьяўленьне бронзавым званочкам, каб нашыя бацькі пасьпелі намачыць хустачкі ружовай вадой і прыкрыцца. А мы з брацікамі дык і зусім прывыклі да ягонага паху. Цяпер мы адчувалі ў ім розныя адценьні – дзёгаць, імбір, карыцу, марскія ракавінкі – толькі занадта моцныя.
23. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра невядомага чалавека
– Татухна! – сказалі мы аднаго разу, калі ён еў булку, – Мы хочам вырасьці і зрабіцца славутымі! Усе будуць нас ведаць, а ты будзеш ганарыцца.
Мы думалі, тата ўзрадуецца і пачне нас цалаваць, але ён нават не ўсьміхнуўся.
– Нуда нейкая, – махнуў тата рукой. – Такое кожны байбус хоча. Вось вы б паспрабавалі пахацець наадварот – каб вас аніхто на сьвеце ня ведаў! Не спрабавалі? Ага. Але ж бывае. Вось паслухайце, – ён паклаў булку, атросься і пачаў распавядаць.
– Жыў калісьці падаўней адзін вясёлы хлопчык, добры, але троху дурнаваты. Хадзіў ён рупліва ў школу, марыў зрабіцца славутым артыстам, сябраваў з хлопчыкамі, сябраваў зь дзевачкамі, а ў адну дзевачку быў нават закаханы. І вось аднойчы на вялікім перапынку, папалуднаваўшы макаронамі, капустай і кефірам, размаўлялі яны ўсе разам, жартавалі, сьмяяліся – і хлопчык зьнянацку са сьмеху не стрымаўся й выдаў з дупкі гучны гук. Да таго выразны, што нават на другім канцы клясы павярнулі галовы. А дзевачка, у якую ён быў закаханы, стаяла бліжэй за ўсіх – дык ёй прыйшлося заціснуць нос і ўцячы, і не са злоснасьці, а з аб'ектыўных прычынаў. А з калідора ўвайшоў завуч і прычапіўся да хлопца з роспытамі, ці добра кормяць у сталоўцы. Тут на шчасьце празьвінеў званок, і хлопчыка нават падражніць не пасьпелі – але ўсе заняткі ён прасядзеў прыгнуўшыся, дрыжучы і паміраючы са зьнявагі. Пасьля заняткаў ён выскачыў за дзьверы, пабег дадому і паскардзіўся матулі на колікі. Яго паказалі лекару, далі пілюлі й пакінулі ў ложку да канца тыдню. За гэтыя дні хлопчык дужа зьмяніўся і пасталеў, стаў мала казаць і шмат думаць. Упрасіў ён маці, каб перавяла яго ў іншую школу, на другім раёне, далей ад сораму. Але і ў новай школе не супакоіўся: усё баяўся, што чуткі пра гучны гук сюды таксама дойдуць. Ні з кім не сябраваў, нікога не кахаў, усё маўчаў дый вочы хаваў. Сур'ёзным зрабіўся, удумлівым. Давучыўся сяк-так на няпоўнае і паехаў у суседняе месца, запісаўся на рабфак на токара. Там хлопца патроху адпушчаць стала... Але й месяца не прайшло, як убачыў ён на вучылішчах тую самую дзевачку, што нос заціскала і ўцякала – яна, бач, ткацкую справу тутака вывучала. І быццам бы яна яго таксама заўважыла, і быццам бы зморшчылася, але здалёку не разгледзець было. Не зьбіраючы рэчаў, хлапец клікнуў таксоўку да вакзалу і ўскочыў у таварны цягнік. Ён правёў ноч, дзень і яшчэ ноч на гурбе вугалю. І вырашыў цьвёрда: мяне ня будзе ведаць аніхто на сьвеце. Цягнік прывёз яго ў буйны партовы горад, дзе яго запраўды ніхто ня ведаў і ведаць не хацеў. Хлопец насунуў кепку, зьняў кут у камуналцы для сьляпых, і зажыў будзённай грузавой працаю, то на порце, то на рынку, то на вакзале. Пасьля працы ня піў; зачыняўся на ключ і марыў, як пройдуць гады, і ці рана ці позна нікога не застанецца, хто чуў і ведаў. Штомесяц заходзіў на фэйсбук і на аднаклясьнікі, правяраў, зьлічваў па блякноту. Доўга жылі, халеры, доўга. Але паціху ўсё ж пачалі выміраць – а куды дзенуцца. І сам хлопчык ужо старэнькі зрабіўся, ледзь ногі цягнуў, уладкаваўся апольнікам у грамадзкую лазьню. І вось аднойчы на Восьмае сакавіка зайшоў той хлапчук ў інтэрнэт і бачыць: усе перадохлі падлы нарэшце! Адзін я застаўся! Ніхто мяне ня ведае ў цэлым сьвеце! Вось толькі тая дзевачка жывучая... Апошняя, паскуда, і яшчэ вершыкі піша, у труну не сьпяшаецца:
Пахнула чарназёмам, торфам, рыбаю,
Пахнула перагноем, позьняй восеньню,
Мяне працяла шчасьцем запаведаным,
З тае часоў малю: прыйдзі, мой літасны!
Занепакоіўся хлапчук – ат як мяне перажыве? Зазьбіраўся. Узяў ён з сабою булку, узяў качаргу, дый паехаў на таварным цягніку... Дый даехаў... Мда... Вось як, дзеткі.
24. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра законы статыстыкі
– І што жа, і што жа, татухна?
– Што сталася зь імі потым?
– З хлопчыкам і дзевачкай?
– Яны памірыліся?
– Яны пажаніліся?
Тата не хацеў распавядаць далей, але мы прычапіліся да яго – скакалі вакол, церабілі за рукавы, зазіралі ў вочы і перашкаджалі есьці бацьвіньне. З уздыхам ён адклаў лыжку і раскрыў рот – і мы адразу зьбялелі, заціхлі і моцна-моцна ашчаперылі ягоныя ногі ў прадчуваньні жахаў.
– Ну добра. Даехаў значыцца хлопчык, і запытаўся людзей: дзе тутака жыве Тарэза Мікалаеўна Ласункевіч? Паказваюць яму людзі – ідзі туды. Пайшоў ён і бачыць – стаіць хата. Падняўся ён на ганак, пазваніў у званочак – а званочак працяжненькі, трывожненькі, а гузік з трэшчынкаю – і чакае. Зашорхала нешта ўсярэдзіне, страпянулася, скрыгатнула нібы здалёка, і голас знутры яму пакорліва гэтак кажа: заходзьце. Адчыніў ён дзьверы, а за імі яшчэ дзьверы, як у тамбуры, і голас знутры пакорліва просіць спачатку вонкавыя закрыць, каб проймаю старыя косткі не працягнула. Тут бы яму зразумець, што пастка гэта, але ён з хваляваньня не зразумеў – жывот уцягнуў і дзвярыма ляснуў. Пстрык! І зачыніўся замок. І цішыня. Ірвануўся хлопчык, ламануўся, націснуў плячом, нападдаў нагой, але дарэмна ўсё – крэпкія дзьверы дубовыя, моцныя завалы гартоўныя. Была ў яго качарга з сабой, але нават не падняць яе, бо занадта вузка. Захрыпеў ён тады, закірхаў: дапамажыце! дапамажыце! ратуйце, людцы добрыя! А сам чуе знутры нядобры сьмех. Адчыняецца ўва ўнутраных дзьверах акенца, і адтуль тая дзевачка, ужо старэча старажытная, рагоча і пальцам тыкае. «Ачмуціла я цябе, чарвячок! Не перажывеш ты мяне, бо я разумная, ты дурны, а статыстыка ўсемагутная – жанчына жыве даўжэй. І ведай: твой гучны гук я памятаю выразна! Быццам у вушы ўпячатаўся!» Як пачуў гэта хлопчык – ажно скурчыўся ў сарамяжлівых сутаргах, а старэча віскоча і кулачкамі пераможна трасе: памятаю! памятаю! так і здохнеш зганьбованы!.. Але ён яшчэ колькі дзён пратрымаўся, бо ўзяў з сабой паўмісачак бацьвіньня. Ведаеце, такія паўмісачкі з празрыстым вечкам? А потым памёр, з голаду і прыніжэньня.
Пасьля гэтага аповеду мы з брацікамі доўга плакалі, але тата толькі плячыма паціскаў: самі, маўляў, напрасіліся. А зараз ідзіце, ідзіце, гуляйце.
25. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра вандраваньні на кухню
Калі мы былі маленькія, выпадалі дні, калі хацелася далёкіх падарожжаў і рызыкоўных прыгод, але ішоў дождж. Многія б здаліся і да вячэры нудзіліся б і пакутавалі, але толькі ня мы! У такія дні мы з брацікамі рабілі зэдлікавую вылазку на кухню. Мы запасіліся правіянтам, прэснай вадой, порахам і крэпкімі вяроўкамі, садзіліся на зэдлікі і шырокімі дзягамі прыточвалі лыткі да ножак, каб ступакі не краналіся падлогі. Трэба было, ірвануўшыся ўсім целам дагары, зрушыць цэнтар цяжару і скокнуць на сантымэтар-другі наперад, ці хаця б пасунуцца наўскасяк на трох ножках. На чале ішоў адважны Колік, утропы сьмелы я, за мной хвацкі Хуліё, за ім відалы Валік, а замыкаў экспэдыцыю нястомны Толік. На шлях па пакоі да парога патрабавалася паўгадзіны. Гордая цьвярдыня парога была першым сур'ёзным выпрабаваньнем – пераадолець яго былі здольныя толькі дужыя ваяры, дый то пасьля даўгіх зьнясільваючых спробаў. За парогам цягнуўся да гарызонту змрочны нязьведаны калідор, прамы, але поўны небясьпекаў – канапаў, скрыняў, куфраў, выбаяў у паркеце і стыкаў лінолеума. Мы рухаліся гужам, запаліўшы ліхтарыкі і падбадзёрваючы адзін аднаго акрутнымі воклічамі. Шлях быў няхуткі і няпросты, але нам надавала сілаў думка пра татаў пакой у канцы калідора. Пачуўшы нас, ён выходзіў і махаў здалёку рукой, а калі мы набліжаліся, сардэчна прывітаў і частаваў вяленым авечым сырам. Ён чытаў нам прасторнае пажаданьне, гладзіў па галовах і замілавана бласлаўляў. Умацаваўшы дух, мы пакідалі ягоны гасьцінны прыстанак, самотны фарпост перад дзікай цясьнінай лесьвіцы. Ці спалохае нас стромкі спуск, ці захаладзіць кроў? – пыталіся мы сябе, і цьвёрда адказвалі: не! Колік ужо стаяў ля зрыва і, кінуўшы нам мужны погляд, хапаўся за парэнчы і скакаў насустрач скалістым расколінам. Зь неверагоднымі намаганьнямі спусьціўшыся на адну прыступку, ён працягваў мне здолу крэпкую руку, і я рушыў усьлед за ім. Ці ёсьць што крапчэйшае за руку брата? Мы пачыналі сыходжаньне. Ножкі зэдлікаў рыпелі, трэскалі, прорва зяўрала, тэктанічныя разломы размыкаліся, і ўсе надзеі мы ўскладалі на дзьвюх багіняў: долю і фартуну. Амаль кожную хвілю мы былі за паўподыху ад падзеньня! Але бязбоязнасьць, сталёвая вытрымка і непахісная воля вялі нас з прыступкі на прыступку, усё ніжэй і ніжэй. І вось мы ўжо ўнізе, на бязьмежнай, засушлівай аблоне вітальні. Абцёршы пот і дапіўшы рэшткі вады, мы кідаліся ў апошні рывок, роўны, але сама цяжкі. Стомленасьць і голад ціснулі нас да падлогі, але трэ было даскакаць, даскакаць любою цаной. Хуліё, дрыжучы, абапіраўся на маё плячо, Толік цягнуў за сабой Валіка, а Колік, ссунуўшы бровы, шалёна гайсаў наперадзе. Але нашай дакладнай узнагародай была кухня – абрыс ейных высокіх дзьвярэй ужо дрыжаў удалечыні і надаваў нам сілаў. Ужо бачылася ля вушака матчына постаць, яна трымала брылём руку над вачыма, узіраючыся ў пыл і марыва пустыні. Угледзеўшы нас, яна зрывала з галавы хустку і шчасьліва махала, а потым зьнікала ў кухні. І тут наша моц цудоўна аднаўлялася – Хуліё хроп і вырываўся наперад, яго выпярэджваў Валік з полымем ў вачох, Толік наганяў, і ўсе мы адначасова увальваліся ў кухню. Стол быў ужо накрыты: пірагі і піражкі, бліны і булкі, кексы і завітушкі, пірожныя і пернікі, печыва і – вялізарны торт, пад белым крэмам, пад чорным шакалядам, упрыгожаны сьвечкамі, папяровымі кветкамі і буйнымі трускаўкамі. Смак перамогі!
26. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра двух мудрацоў
А часам, стомленыя адважнымі дасягненьнямі і зухвальскімі зьдзяйсьненьнямі, мы з брацікамі адчувалі прагу ціха і рупліва духоўна ўдасканальвацца. Тады мы ішлі да таты і прасілі яго расказаць павучальную казку.
– Татухна, а хто быў сама мудрэйшы чалавек на зямлі? – прыкладам, пыталіся мы.
– Сама мудрэйшых чалавекаў, дзеткі, было адразу двое, – адказваў тата, не задумваючыся. – І кожны зь іх, прабавіўшы па сорак год ў паскрамленьні і ўзьнёслых разважаньнях, стварыў уласнае вучэньне. Абодва вучэньня былі незвычайна глыбокія, дасягалі аж да самага дна быцьця, але адно да аднаго яны ані ня былі падобныя. Першы мудрэц вучыў, што быцьцё невымоўна складанае, і трэба маўчаць, бо нават малейшае маўленьне будзе непамерным упрошчаньнем. Другі ж мудрэц, наадварот, вучыў, што быцьцё невымоўна простае, і трэба маўчаць, бо нават малейшае маўленьне будзе непамерным ускладненьнем. Абодва мудраца хадзілі па горадзе – так-так, яны абодва жылі ў нашым горадзе – і несьлі людзям сьвятло Ісьціны. Так-так, ад іх зыходзіла чароўнае зьзяньне, і людзі, што набліжаліся да іх, пазбаўляліся хваробаў, і цялесных, і душэўных. І вось аднойчы перасекліся шляхі двух сьветлых мудрацоў, на пустэчы за запалкавай фабрыкай. Убачылі адзін аднаго мудрацы і спыніліся. Людзі ж, што цягнуліся за імі, сотня ці нават тысяча, таксама спыніліся ў паважным аддаленьні. Мудрацы моўчкі апусьціліся на траву і пазіралі адзін на аднаго з ухвалай, а сярод людзей праз такі канцэнтрат мудрасьці прайшла хваля радашчаў і замілаваньня. Доўга сядзелі мудрацы бяз руху, распаўсюджваючы вакол праўду і дабро. Нарэшце адзін зь іх падняў руку далоньню ўверх – і людзі, убачыўшы гэты знак, узрадаваліся, а некаторыя акрыялі ад праказы. Другі ж у адказ пасьміхнуўся – і людзі, убачыўшы гэтую ўсьмешку, заплакалі са шчасьця, а некаторыя ацаліліся ад халеры. Калі ж мудрацы падняліся з травы і зрабілі крок адзін да аднаго, усе людзі прасьвятліліся і хорам засьпявалі хвалу Творцу, а калі яны раскрылі раты, усе да аднаго ўзьнесьліся на неба. Так ніхто і не даведаўся, што сказалі адзін аднаму сама мудрэйшыя людзі на зямлі.
Тата замоўк, а мы з брацікамі, страціўшы ўсю руплівасьць, сталі навыперадкі пытацца, што здарылася далей з мудрацамі – яны проста павіталіся? ці пачалі спрачацца? ці ўсё ж прамаўчалі? ці ўзяліся за рукі, і адбылася анігіляцыя? ці злучыліся ў аднаго, удвая мудрага? – але тата сказаў, што гэта вялікая таямніца, якой ніхто ня ведае. Вось калі будзеце за запалкавай фабрыкай, дык пашукайце там. Можа, штосьці знойдзеце.
27. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра закон захаваньня
Калі мы з брацікамі былі маленькія, мы мелі аднолькавы рост і аднолькавыя памеры, і маглі папросту мяняцца вопраткай і ботамі. Толькі Колік крыху адрозьніваўся – у яго была вялікая галава, на памер большая за нашыя. Колік з гонарам насіў татавы шапкі і капелюшы, а мы ціха зайздросьцілі і марылі пра вялікія галовы. Кеміў ён заўсёды марудна, бо біяхімічныя сыгналы мусілі бегчы павялічаны шлях, але затое часта выдаваў нечакана арыгінальныя думкі. Прыкладам, калі дырэктар на занятках па фізыцы тлумачыў нам закон захаваньня энэргіі, Колік доўга кумекаў, а потым запытаўся: ці нельга гэны закон пашырыць таксама і на мэтафізыку? У форме закона захаваньня дабра? Дырэктар, не раздумваючы, пагадзіўся, ухваліў Коліка і паставіў яму дзясятку – ён любіў актыўны ўдзел вучняў у занятках. Але Колік ужо тады быў чалавекам дзейным – думкі для яго былі толькі рыхтаваньнем да справы. Увечары, перад існом, ён папрасіў нашае ўвагі і сказаў кароткую прамову:
– Браты! Дабра ў нашым сьвеце – строга вызначаная і нязьменная колькасьць. Калі камусьці добра, дык камусьці дзесьці абавязкова дрэнна. І гэта не абстрактнае разважаньне, а прамая залежнасьць! Таму: абавязак кожнага сумленнага чалавека, які стаіць на пазыцыях гуманізму – абмежаваць сябе ў дабры і шчасьці, каб іншым людзям, хай невядомым і выпадковым, яго прыбыло. Вы згодныя?
Мы былі ўсхваляваныя і згодныя.
– Я ведаў, што вы пагадзіцеся! Прапаную зараз класьціся спаць, а раніцай абраць, ад якога задавальненьня мы адмовімся дзеля шчасьця іншых людзей.
З пачуцьцём вялікае адказнасьці мы пагасілі сьвятло і заснулі, а ўранку правялі дэбаты і галасаваньне. Дзеля ўсеагульнага дабра мы пастанавілі пайсьці на сур'ёзную ахвяру – назаўсёды адмовіцца ад нашага ўлюбёнага ранішняга гогалю-могалю. Надзеўшы парадныя гарнітуры, мы спусьціліся ўніз і ўрачыста аб'явілі сваю няпростую пастанову маме. Мама, пляснуўшы рукамі, адразу прасякнулася нашай альтруістычнай ідэяй і нават прасьлязілася з гонару за сыноў. Яна паклікала тату, радасна патлумачыла яму, і тата таксама прасякнуўся. Ён моцна пацалаваў усіх і, гукаючы з захапленьня, пабег у краму па шакалядны торт, каб падзякаваць нам ад імя чалавецтва.
З тае пары, верныя дзіцячаму абяцанку, мы больш аніколі ня елі гогалю-могалю.
28. Уцёкі ды туляньні. Ва ўтульнай шчыліне
Пасьля жудаснага дому праграмаравай маткі я зажыў па-панску. Кішэні пырыліся грошамі, і я пачуваў сябе таямнічым багацеем, якому зь нейкага дзівацтва падабаецца сноўдацца ўраньні па дварох пяціпавярховых прадмесьцяў. Людцы вакол пасьпешліва выгульвалі сабакаў, кашлялі і беглі на працу, выкідалі ў сінія бакі чорныя пакункі са сьмецьцем, а я зь вясёлым тварам сядзеў на лаўцы і пацепваўся з бадзёрага марозіка. Люблю прахалоду, люблю лядок! Добра нікуды не сьпяшацца і пазірацца, прытупваючы. Сем'яніны з магутнымі торсамі шпурлялі сьмецьце ў бакі здалёку, з разгону, і караскаліся ў высокія ніссаны; бабулькі ў палітонах клалі свае абвіслыя мяшэчкі нясьмела, быццам з сумневам, і азіраліся на мяне. Патрэбныя мне вашы мяшэчкі! Замест мяшэчкаў я пайшоў купляць сабе зімовую куртку, крама як раз адчынілася, але гандляры-патрыёты сказалі мне, што валюту не бяруць. Тады я зьвярнуўся ў абменны кіёск на рагу, але мянялы сказалі мне, што адзінкі не бяруць. «Адзінкі?» «Адзінкі». Спрачацца было б зьняважліва. Я вярнуўся ва двары, пасьвістаў у арцы, перавязаў завязкі на ботах, зрабіў круг вакол бакаў. Сем'янін з магутным торсам шпурнуў у бак пінжак і зьехаў. Пінжак быў шэра-сіні, меў палёныя тытунёвыя плямы і зьлёгку віснуў на плячох, але ўсё роўна мне спадабаўся – чымсьці няўлоўным. Так здараецца – некаторыя рэчы раптам прыцягваюць, і гэта вышэй за ўмоўнасьці. Настрой узыймаўся. Я па-сяброўску ўсьміхнуўся бабульцы, што частавала галубоў булкай, але яна адвярнулася і няўмольна чакала, пакуль галубы даядуць усю булку. Няўжо яна лічыць, што я да таго згаладалы? Дзяўчына, зачараваная ўласнай прыгажосьцю, прынесла сьмецьце ў стракатай папяровай торбе з буціка і выдалілася, цокаючы. Што там у яе? Ну проста каб пацікавіцца, ня болей. Там былі нейкія каляровыя аркушыкі, шматкі, канчурыкі. Можна было б пайсьці куды-небудзь, але я застаўся. Добры двор, добрае надвор'е, і паміж бакаў утульная шчыліна – амаль што невялікі пакоік.
29. Змрочныя засьценкі. Гэта брытва
На другі дзень зьняволеньня ў Вучылішчы нас пачалі па чарзе адводзіць аглядаць. Поўны трывожных прадчуцьцяў, я трымцеў, калаціўся і, каб заспакоіцца, смактаў разьвітальны пачастунак Хуліё – вялікі зялёны лядзяш-зорачку. Нячутна зьявіліся дзядкі, узяліся за мяне і моўчкі павялі па калідорах і лесьвіцах. Ля белых дзьвярэй яны спыніліся, а мяне падштурхнулі ўнутар. Я зайшоў, і яны ціха зачынілі за мной. Пасярод вялікага пакоя стаяў стол, за ім сядзеў мажны чалавек з валасамі, сабранымі ў хвост. Зьлева ўся сьцяна ад падлогі да столі была занятая кампутарамі, а справа на канапах распляжыліся размаітыя праграмары ў белых саколках, чалавек пяць. Яны елі піццу з грыбамі, макаючы яе ў кетчуп, пілі фанту і паглядалі на мяне.
– Як цябе завуць? – спытаў лагодна чалавек з валасамі.
– Ролянд, – адказаў я і дадаў з павагай: – сэр.
Тут адзін праграмар рохкнуў, потым рохкнуў і закашляўся другі, а потым яны ўсе ўзапар зарагаталі. Ролянд! – рагаталі яны, – Ролянд! Вось пацеха! Яны трэсьліся са сьмеху, кігікалі, пляскалі рукамі па каленках і ўціралі вочы. Ролянд! Вось забава! На саколкі сыпаліся дробкі і грыбы, на джынсы ляцелі капачкі кетчупу. Адзін толькі чалавек з валасамі не сьмяяўся і пазіраў ветліва.
– Ці ёсьць у вас тэлефон, сэр? – асьмеліўся я. – Мне трэба патэлефанаваць дадому, да маці і таты. Мяне прывезьлі сюды абмылкова.
Ён здагадліва паківаў і зьвярнуўся да праграмароў: бачыце, яго сюды абмылкова прывезьлі. Але праграмары з гэтага толькі мацней разьвесяліліся – яны ўжо стагналі з рогату, скігаталі, курчыліся і ажно спаўзалі на падлогу.
– Ну дык што, сэр?
– Што?
– Калі ласка дайце мне тэлефон.
І тут ён з грукатам устаў – яму пэўна надакучыла гуляць у добрага пана – ссунуў бровы і грымнуў страшным голасам: будзе табе тэлефон! Нясіце шапку! Праграмары імгненна сьціхлі, згорбіліся і замітусіліся па пакоі як мурашкі. Двое пасадзілі мяне на ягонае крэсла, двое паднесьлі і насунулі на мяне белую футравую шапку. Патыхнула сабачынай. Пяты стаў перада мной і загадаў заплюшчыць вочы. Заплюшчы вочы! Не заплюшчу! – дзёрзка гукнуў я. А гэта ты бачыў? Ён выцягнуў з кішэні брытву. Гэта брытва! Зараз як шасну! Я зажмурыўся з жаху, і яны пачалі нешта рабіць, чымсьці шамацець, пстрыкаць клявішамі, пікаць курсорамі. Потым усё болей павольна, усё цішэй. Цішыня. Я чакаў, дыхаў, сэрца тахкала. Нічога не адбывалася. Нарэшце я наважыўся і расплюшчыў вочы. Цемра.
2A. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра целы
Нам з брацікамі з малога маленства хацелася сабаку. Хоць якога, хоць сама зачуханага мопса, хоць сама беспароднага дварняка, хоць нават коціка. І вось аднойчы ўвечары мы ня вытрымалі і пайшлі да таты. Ён, як звычайна, сядзеў на бальконе і еў чарэшню.
– Ну і навошта вам сабака?
– Ну... Мы будзем зь ім гуляць, будзем зь ім сябраваць, будзем яго даглядаць. Мы навучым яго прыносіць табе тапкі!
Тата рагатнуў і перапытаў, ці сапраўды мы хочам сабаку. Сапраўды? Так, так, татухна!
– О, наколькі сьмешны чалавек у сваіх жаданьнях... Вы, дзеткі, падобныя да мітычнага Тантала, але Тантала звар'яцелага, які стаіць у вадзе і ня бачыць яе, і зьнемагае са смагі.
– Ты маеш на ўвазе, што ў нас ёсьць сабака, але мы ня бачым яго?
– Так, дзеткі! І гэты сабака – ваша ўласнае цела.
– Цела?..
– Цела. Жывёльная абалонка, падараваная вам Госпадам. Гэта грубая памылка, дзеткі, утоесаміць сябе зь целам. Вы разумееце?
– Разумеем...
– Калі разумееце, дык чаму б вам не ўспрымаць сваё цела як адасобленую істоту? Вось глядзіце: я частую сваё цела чарэшняй. Гам. Гам. За гэта я прашу цела падняць руку дагары. Глядзіце! Бачыце, як яно слухаецца? Цела такое можа, што сабаку й ня сьнілася! Глядзіце: маё цела размаўляе з вамі. Яно і чытаць умее, і пісаць, і лічыць. Хіба сабака на гэта здольны? Вось як. Памяркуйце пра гэта. А я пакуль выведу сваё цела на шпацыр.
Татава тэорыя моцна ўразіла нас, і мы меркавалі да позьняе ночы. Крыху паспаўшы, мы ўскруціліся ўдосьвітку і пачалі вывучаць са сваімі целамі першыя простыя загады, і, бяссумна, дасягнулі б значных посьпехаў, каб ня матухна. Матухна расшалопала, што адбываецца, і назаўтра ж прынесла аднекуль двух белых сабачкаў невядомай пароды, надзвычай добрых і ласкавых. Сабачкі сталі жыць у нас. Яны гаўкалі, гойсалі адзін за адным па гароду, і больш за ўсіх любілі маму, бо яна іх карміла.
2B. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра цырк
Кожнае лета да нас прыяжджаў цырк, і на пустцы вырастала цэлае мястэчка яркіх шатроў. Папа вельмі паважаў цыркавое мастацтва і абавязкова вадзіў нас на паказы, па некалькі разоў на сэзон. Нам было цікава й весела – клоўны, штукары, акрабаты, дрэсыраваныя зьвяры, марозіва – і мы цешыліся разам з татам. А ўзімку мы чыталі кніжкі. І вось аднаго разу мы прачыталі аповесьць ці то Джэка Лёндана, ці то Сэтан-Томпсана, ужо ня памятаю, у якой былі апісаныя пакуты цыркавых зьвяроў. Выявілася, што яны рабілі трукі зусім не па-добраму! Выявілася, што пра выхаваньне ведамі і ласкай не было й памоўцы! Мэтадычнае катаваньне плюс жорсткія выкруты – вось што было. Са сьлязьмі мы прыйшлі да таты і запыталіся: як жа гэта? Тата, абдымаючы нас, запэўніў, што ўсялякія жахі і вівісэкцыі адбываліся толькі ў мінулым стагодзьдзі, а цяпер усё ўжо даўно добрае і сумленнае.
І калі надышло лета, ён ізноў наважыўся весьці нас у цырк – у першы ж дзень паказаў. І тут высьветлілася, што Колік не паверыў таце ні крышачкі. Уначы ён падхапіўся на ложку і прамовіў натхняльную казань, у якой намаляваў чорнага дрэсыроўніка ў скураным фартуху, з акрываўленым бізуном. А фартух – як вы думаеце, з каго ён зроблены? Але мае брацікі толькі пасьмяяліся. Усе яны давяралі таце. Акрамя таго, Валіку падабаліся клоўны, Толік любіў эскімо, а Хуліё быў таемна закаханы ў дзяўчынку на шары. Толькі я пайшоў за Колікам.
На наступны дзень мы схаваліся ў сухадоле і пакляліся, што павінныя змагнуцца са злом. Мы пастанавілі спаліць цырк. А таце мы сказалі, што ня хочам прапускаць упадабаны мульт па БТ і сёньня зь імі ня пойдзем. Калі яны сышлі, мы счакалі паўгадзіны і пабеглі ў гараж, дзе стаяла каністра з бэнзынам. Мы прывязалі яе да жалезнай калясцы і з рыпам павезьлі абыходнай дарогай, бліжэй да платоў. Гэта было вельмі цяжка, але мы падолелі. Потым я каціў каляску ўздоўж цыркавое агароджы, а Колік нахіляў каністру, і бэнзын выліваўся роўна, без пярэрваў. Мы хацелі, каб агонь пайшоў з усіх бакоў адразу, і не пакінуў цырку ані шанцу.
– Колю! А што, калі згараць зьвяры?..
– Не. Зьвяры ўцякуць. Але нават калі згараць – гэта лепш, чым пакутаваць усё жыцьцё ў няволі.
– Колю! А што, калі згараць тата ды брацікі?..
– Не. Мы, калі падпалім, пабяжым і папярэдзім іх, каб ратаваліся.
Зрабіўшы поўнае кола, мы кінулі каляску, прыселі на кукішкі і шоргнулі запалкай. Запалкі гарэлі і палілі пальцы, але бэнзын ня пыхаў. Што такое! Колік сунуў мезенец у бэнзын, панюхаў, лізнуў. Вада! Чорт, як гэта можа быць! Мы глядзелі адзін на аднаго, на каністру, на запалкі. Раптам Колік паказаў мне за сьпіну: бач! У чырвоных цыркавых весьніцах стаяў штукар, абапёршыся плячом на слуп. У чорным фраку і чорным цыліндры, скрыжаваўшы на грудзях рукі. Высокі і змрочны, ён нядобра назіраў за намі, напэўна ўжо даўно.
– Цікай, Ролю! Бяжым!
Мы ўскочылі і пабеглі, і штукар дазволіў нам уцячы.
2C. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра зімовыя развагі
Аднойчы ўвясну, калі мы сядзелі на тэрасе і пілі какаву, прыйшоў тата і прывёў з сабою маленькага белага чалавечка ў камізэльцы.
– Уявіце, – сказаў тата, – гэты мясьё цэлую зіму ня бачыў людзей!
На гук татава голасу чалавечак заўсьміхаўся й заварушыўся, быццам узбажаў зазірнуць таце ў рот. Мама запрасіла яго за стол, і ён, удзячна выгінаючыся, падбег да яе, сеў побач. Яна дала яму вялікі кавалак булкі з маслам, і чалавечак урачыста прыняў яго дзьвюма рукамі, як крохкую каштоўнасьць. Я прапанаваў яму цукру, і ён захоплена вылупіўся на мяне, высока падняўшы бровы. У яго былі вялікія зялёныя вочы з густымі вейкамі.
– Уявіце, – сказаў тата, – ён усю зіму разважаў у адзіноце!
Чалавечак заківаў і шчасьліва засьмяяўся. Здавалася, кожнае наша слова дастарчала яму асалоду. Мы паспрабавалі распытаць яго пра вынікі зімовых роздумаў, ці хаця б пра іхную тэму, але ён ня здолеў сказаць анічога, толькі ўсьміхаўся і падтакваў. Колік пхнуў мяне і шапнуў: ніякую не зіму, а гадоў дваццаць! Паціху мы забыліся зьвяртаць на яго ўвагу і загаварылі пра сваё, а ён маўчаў, радасна пераводзіў вочы з твару на твар і адкусваў булку па кавалачку.
– Глядзіце, – сказаў тата, – ён заснуў. Стаміўся!
Белы чалавечак спаў, паклаўшы булку на жывот. Тата з мамай аднесьлі яго на канапу і накрылі шалем. Увесь дзень і ўвесь вечар ён спаў. Мы падыходзілі й глядзелі, як ён сьпіць: рот быў шчыльна сьціснуты, бровы нахмураныя, а маленькія ручкі трэсьліся. А ўраніцу мы з прыкраю выявілі, што чалавечак зьнік. Мы яго расчаравалі? – засмуціліся мы. Не, сказаў тата, хутчэй за ўсё, ён насыціўся ўражаньнямі й вярнуўся да сябе, адпачыць, бо зразу памногу нельга.
2D. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра аднаго манаха
У нашым двары ля самае брамы расла вялізная бяроза, і нам падабалася спаборнічаць, хто вышэй залезе. Аднаго разу мы да таго распаліліся, да таго старанна караскаліся і да таго высока забраліся, што потым ня здолелі зьлезьці. Бяроза гойдалася, вецер шумеў, мы пішчалі са страху. Тата! Тата! Тата палез да нас і зашчаміўся паміж галінаў. Тады мы пачалі клікаць маму: мама! мама! Мама выглянула ў вакенца і патэлефанавала пажарнікам. Пажарнікі прыехалі, хуценька ўсіх зьнялі і расьселіся піць чай, стрымана гордыя, вусатыя, з бліскучымі каскамі на каленях. І пакуль мама зьбірала на стол, тата паскардзіўся на парваны пінжак, пашчуняў нас і расказаў паданьне пра празьмерную стараннасьць.
– Калісь падаўней ратаваў у манастыры душу адзін манах. Быў ён да таго слабкі духам, што аднойчы сказаў сабе – не пазьбегнуць мне падседаў д'яблы, усё роўна спакусіць, як ні пніся. Але ўжо калі прадаваць душу, дык задорага! І паабяцаў ён сабе трымацца на ўсе жылы, датрываць да самае апошняе, самае раскошнае спакусы, і толькі тады зьвергнуцца. Чакае-чакае, валэндаецца вакол манастыра, на сонцы пячэцца. І бачыць – ідзе па дарозе зь вёскі нейкі хлопец, зь дзьвюма бутэлькамі піва, ледзянымі, запатнелымі. Спыніўся, пасьміхаецца ласкава. Выпі бутэлечку, брат чарнец! А сам адкаркоўвае, і п'е, і жмурыцца. Выпі! Цёмнае, тваё ўлюбёнае! Праглынуў манах. Аж у вачох у яго памутнела – так запрагнуў ён піва халадзенькага. Але ж не, утрываю! Нагмурыў ён бровы, зрокся спакусы і акрыў хлопца хросным знакам. Пшыкнула, і зьнік хлопец. Уздыхнуў манах з палёгкай і пачаў далей чакаць. Тыдзень чакаў, месяц чакаў. І вось на зыходзе лета, блукаючы ў лесе навакол, пачуў ён пяшчотны голас. Пайшоў на голас і бачыць: ляжыць на мяккіх імхах панначка – ды такой дзіўнай прыгажосьці, што падагнуліся ў манаха ногі. Такога чыстага твару, такой чароўнае ўсьмешкі, такіх ясных вачэй ён аніколі ў жыцьці ня бачыў. Яна выгінала сьпіну, ідэальная форма, і вабіла яго, і клікала, і ляжала ў той самай паставе – як мадэля Густава Курбэ.
– Што за пастава такая? – зацікавіўся тут адзін з пажарнікаў.
– Ды як жа? Няўжо ня бачылі? Схадзіце ў наш музэй, там гэтая карціна таксама павінная быць. Ну дык вось, ляжыць яна, значыць, і ўсё ў яе відаць, і так распаліўся манах, што задрыжаў і змакрэў увесь наскрозь. Зрабіў адзін крок, зрабіў другі, зрабіў трэці і амаль ужо нахіліўся, але тут апамятаўся, нагмурыўся і зрокся! І перахрысьціў. Пшыкнула, і прапала панначка. Уздыхнуў манах, паківаў галавой і пачаў далей чакаць. Месяц чакаў, год чакаў. І вось наступнай восеньню, калі ён уладкоўваўся спаць пасьля пацераў, зьявіўся яму сам д'ябла, з рагамі і капытамі. Спалохаўся манах. А д'ябла перайшоў адразу да справы: хочаш кіраваць усім сьветам? Не! – зракаецца манах. Усе землі, ўсе горы, усе акіяны будуць тваімі… Не! Усе скарбы... Не! Усе жанчыны і мужчыны... Не! Уся ўлада будзе ў тваіх руках.... Не!! Кожнае стварэньне будзе слухацца цябе беспярэчна і хваліць цябе нястомна... Не!!! – і ўстаў манах, і сьцяў зубы, і перахрысьціў д'яблу апантана. Пшыкнула, і зьнік д'ябла. А потым на хвілінку вярнуўся і кажа: ну, тады мне болей няма чаго табе прапанаваць. Бывай здаровы. І згінуў ужо назусім. Вось так і зрабіўся той манах праведнікам.
2E. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Першая пажарная казка
Выслухаўшы тату, пажарнікі ветліва ўхвалілі ягоную гісторыю і сказалі, што ім на службе таксама шмат чаго прывялося пабачыць. Вось прыкладам бачылі, як жыў сабе жыў адзін нудны чалавек. Ня толькі для іншых нудны, гэта само сабой зразумела, але й сам для сябе. Сярэдняга росту, прыстойна апрануты, выхаваны і сумленны. Усё ў яго было добра, камфортна і шчасна – аж да позехаў. Крэпка мучыла таго чалавека ўласная нудота. Здаралася, выйдзе на кухню ў шкарпэтках, ды й плюне з агіды – да тога ўсе шэрае і будзённае. Яму кажуць: завядзі сабе жонку зь дзецьмі ці хаця б сабаку, а ён мяркуе – ага, ажэнісься, а яна потым паўкватэры адсячэ і алімэнты, не-не; і сабака не пасуе – шпацыруй зь ім два разы на дзень у дубарыну, а потым яшчэ і памрэ, хавай яго. Яму кажуць: ну дык зьезьдзі ў які Нэапаль ці ў Барсэлёну, фоцікам папстрыкай, а ён мяркуе – а калі пакункі выкрадуць? Альбо зьясі якуюсь дрэнь, дрыстачка нападзе, дык і прасядзіш у прыбіральні ўсё падарожжа. І супраць кожнае забаўкі знаходзілася ў яго пярэчаньне, а то нават і два. Таму ён цэлымі днямі бавіўся дома, глядзеў ТБ або чытаў кніжкі.
І вось аднаго разу чытаў ён Талстога, пазяхаў, і прачытаў пра манаха, які сабе палец адсёк. Во якая добрая думка – сьцяміў ён адразу. Пайшоў ён у камору, узяў сякерку, ды й секануў. Кроў, боль, белая костка! Пабег ён тэлефанаваць у хуткую дапамогу, прыехалі, павезьлі зь мігцелкай у больніцу. Там мазалі мазямі, прыпякалі, зашывалі, а потым яшчэ два тыдні на перавязку хадзіў. А потым яшчэ два месяцы балела, і цэлы год можна было спамінаць. З тае пары чалавек гэты болей ня нудзіўся! Хадзіў вясёлы, радасны, для кожнага ў яго ласкавае слова знаходзілася – і людзі ад яго напітваліся дабром і шчасьцем. Штогод ён сабе па пальцу адсякаў, на нагах і на руках па чарзе, нялёгка, але неабходна. На дваццаць пяць гадоў хапіла, да самае пэнсіі, пакуль не згарэў. Цыгарэту не ўтрымаў, выпала, пакацілася і хату запаліла. Вось як, дзеткі, зразумелі сэнс? Галоўнае – знайсьці свой шлях у жыцьці.
– Але як жа на дваццаць пяць год хапіла? – спытаў Колік. – Ён што, мутант быў?
– Не, ну які табе мутант, проста пяць пальцаў лекары назад прышыць здолелі. Ён іх потым па другому разу сёк.
2F. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Другая пажарная казка
Пасьля першага пажарніка ўзяў рэй другі, ён распавёў даволі змрочную казку. Быццам бы служыў у суседнім палку адзін лейтэнанцік, гадоў дваццаці пяці ці трыццаці, з блакітнымі вачыма і пшанічнымі вусамі, сапраўдны анёл. І быццам бы быў той лейтэнант цалкам шчасьлівы ў жыцьці, і цалкам усім задаволены. І быццам бы зьвярнуўся ён аднойчы ў думках да Галоўнага Пажарніка: гэх, бацьку! Які шчасьлівы я! Усё ў мяне ёсьць, што пажаданае мне – і розум, і хараство, і сіла ў руцах, і жонка, і дзеткі, і добрыя сябры, і ўлюбёная праца, і белая яхта. Такі шчасьлівы я, што зараз і памерці не шкада! Але Галоўны Пажарнік нічога яму не адказаў, толькі паварушыў вусамі – сам, дзей, разумей, паміраць табе ці не. Лейтэнант вядома не памёр, і нават некаторы час яшчэ больш шчасьлівеў: атрымліваў мэдалі, пісаў вершы і нараджаў дзетак. Але потым паціху, паволі, усё пайшло наспад – розум пачаў дубянець, хараство завядаць, вершы не пісаліся, рукі слаблі й не маглі ўтрымаць брандспойт. Далей – болей: сябры занялі грошай і зьніклі, жонка сышла ў сэкту, дзеці зрабіліся алькаголікамі і прапілі спачатку яхту, а потым і хату. А сам ён захварэў на розныя невылечныя хваробы, і пэнсіі не хапала нават на пігулкі. Зьбіраў бляшанкі й бітае шкло, сварыўся з бамжамі, начаваў у скрыні з-пад тэлевізара, а што зробіш? І быццам бы зьвярнуўся ён аднойчы ў думках да Галоўнага Пажарніка: ты гэта што, наўмысна, га? Але Галоўны Пажарнік ізноў яму не адказаў, толькі паварушыў вусамі – сам, дзей, разумей, я табе нічога не абяцаў. І яшчэ некалькі год мучыўся гэны лейтэнанцік, а потым нарэшце памёр, але памёр зусім нядобра: забілі яго падлеткі арматурай да паўсьмерці, і ляжаў ён на сьнезе ля сьмецьцевых бакаў, пакуль не замёрз зусім.
Ну і казка, падумалі мы, ня казка, а дрэнь. Усе асуджальна нахмурыліся і ўтаропіліся на пажарніка-апавядальніка. Той, зусім маладзенькі, барвяна пачырванеў, згорбіўся, напружыўся і нэрвова паскубваў вусы. Але наш тата выратаваў становішча – гучна варухнуўшы крэслам, ён устаў і прапанаваў усім яшчэ баршчу.
30. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Трэцяя пажарная казка
Пасьля баршчу прамовіў трэці пажарнік. Ён расказаў, што даўным-даўно, калі яшчэ ягоны дзед быў курсантам, у іхнае брыгадзе служыў пажарнік сярэдняга ўзросту, у чыне мічмана, рахманы і разважлівы, заўжды ладна прымагляваны. Ён меў вялікія крэпкія зубы, умеў хутчэй за ўсіх размотваць пажарны рукаў, а пах дыму чуў за цэлых пяць міляў. І вось аднаго разу ішоў ён з прыгажуняй жонкай ці то ў кіно, ці то ў тэатар, і раптам кажа ёй: пяройдзем на другі бок, бо нейкае нядобрае прадчуваньне. І праўда, толькі яны перайшлі, як зьверху хруснула, і на ходнік павалілася здаравенная цагліна, у тое самае месца, дзе яны б зараз апынуліся. Парадаваўся мічман на сваю інтуіцыю, пачаставаў жонку ліманадам. А праз тыдзень другі выпадак. Выходзіў ён уранку з суседам з пад'езду, і раптам цап суседа за руку: чакай! Бо нядобрае прадчуваньне. Спыніліся яны, а празь імгненьне бахнула ў небе, і маланка лупанула прама ў ганак. Во як. Але далей – болей. Наступнай раніцай выйшаў мічман з кватэры, дачакаўся ліфта, а ў ліфце іншы чалавек зьверху спускаецца. Едзеце? Не, ня еду, і вы выходзьце хутчэй, бо нядобрае прадчуваньне! І выцягнуў мужыка зь ліфта без тлумачэньняў, і толькі дзьверы зачыніліся, пачуўся страшэнны грук, скрыгат, а потым, далёка ўнізе – гах! – гэта ліфт абарваўся і грымнуўся. З таго дня мічман наогул кінуў выходзіць з кватэры – бо прадчуваньне не дазваляла. З працы ён звольніўся, папярэдзіўшы ўсіх калег пра нядобрыя прадчуваньні. Ніхто яго не паслухаў, і дарма: на наступны дзень загарэлася пажарнае дэпо і згарэла дашчэнту, а палову пажарнікаў пад суд аддалі за нядбайнасьць і невыкананьне. Мічмана тым часам нядобрае прадчуваньне пачало адціскаць у спальню: то тостар стрэліць хлебам амаль у вока, то лядоўня затрасецца і сьцебане токам, то з вадаправоднага крану раптам пальецца атрутная кісьля. Ён адаслаў жонку зь дзецьмі да бацькоў і схаваўся пад канапу, абклаўшыся пухоўкамі. А нядобрае набліжалася ўсё бліжэй і бліжэй: з трэскам развалілася шафа, у суседзяў зьверху прарвала каналізацыю, са столі сарвалася лямпа й разьбілася на вострыя аскепкі. Калі задыміліся шпалеры, мічман ня вытрымаў – выскачыў на балькон, з балькона на дрэва, з дрэва на зямлю – і пабег! А мы яго ўжо пільнавалі за рогам з ломамі – бо Галоўны Пажарнік патэлефанаваў нам і загадаў зьнішчыць гэтага ёлупа, празь якога ўсе бядоты. Мы пагналіся за ім, але набліжацца баяліся – сьвет вакол яго разбушаваўся страшэнна! Падалі велізарныя дубы, наляталі вісклівыя сьмерчы, асядалі падмуркі, сыпаліся мэтэарыты, успыхвалі бэнзакалёнкі, а ў асфальце расчыняліся грозныя прорвы з бурлівай лавай. Мічман доўгімі скокамі імчаў да рэчкі, спадзеючыся на паратунак у прахалодзе хваляў, але прадчуваньне ў апошні момант здрадзіла яму: з вады ўспучылася неверагоднае вышыні цунамі, памарудзіла імгненьне і абрынулася на мічмана ўсёй моцай.
І сьвет адразу зьнерухомеў, заціх.
Вось з тае пары ў нас у горадзе і зрабілася ціха, дзеткі.
– Але чаму ён быў мічман? – спытаў Колік, аднак пажарнікі ўжо падняліся і разьвітваліся: паціскалі рукі таце, казалі камплімэнты маме, а нам падарылі па чырвонаму цукроваму пеўнічку.
31. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра другога манаха
Калі мы былі маленькія, мы мелі непрыстойную звычку – калупацца ў носе. Перад існом, у таямнічай цемры, поўнай шоргатаў і павеваў, па абуджэньні, у соннай асалодзе, пад цяжкай цёплай коўдрай – мы ляжалі ў калысках і аддаваліся пяшчотнай загане. Але, як кажуць, грэх не схаваеш у мех! Аднойчы ўнядзелю ранкам да нас увайшоў тата, наўпрост з марозу, з румянай усьмешкай, з кучаравай бародкай. Ён напэўна прынёс нам лядзяшы ці пернікі, ці мо хацеў заклікаць усіх на каток – але брыдкае відовішча жахнула й разьюшыла яго. З грукатам ботаў, зьбіваючы букеты і бязладна лямантуючы, ён выскачыў са сьвятліцы. Гора мне! Авохці мне! Дзеці мае! Сыны мае! Вырады! Чуваць было, як ён рыдаў і нішчыўся з нашае нізасьці, а мама суцяшала яго. А потым мама ўвайшла да нас, села на канапу і распавяла казку пра манахаў.
– Калісьці падаўней ратаваўся ў адным манастыры манах. Быў да таго слабкі духам, што хутка зразумеў – не пазьбегнуць мне падседаў д'яблы, усё роўна спакусіць, як ні пніся. Таму, калі ўжо трэба грашыць, дык лепей дробненька, чым буйна! Усё ж да Бога бліжэй. І каб ад сьмяротных грахоў засьцерагчыся, прыдумаў ён цалюткі дзень у носе калупацца. Сказана – зроблена. Цяпер толькі служба з працай канчаліся, ішоў манах у сваю кельлю, клаўся на салому і палец у нос паглыбей запіхваў. Завітае калі-нікалі да яго д'ябла, і сьмяецца задаволены: у няспынным граху манах. Наш чалавек. І далей сьпяшаецца, з цнотаю змагацца. Так год праляцеў, дзесяць, трыццаць, і надышоў час манаху паміраць. І, выпускаючы дух, памаліўся ён: даруй мне Божа! І памёр. Паглядзеў-паглядзеў на ягоную душу Бог – і дараваў. А хто б не дараваў? Ну калупаўся ў носе, так. Затое зла нікому не нарабіў ані найменшага. І забраў таго манаха на неба. Як даведаўся пра гэта д'ябал – узбурыўся не на жарт! Затупаў капытамі, замахаў крыламі – і ажно хвалі полымя па пеклу пайшлі, закурчыліся грэшнікі. Ашукаў мяне хітры чарнец! Затрос галавой, заскрыгаў зубамі – і такі агністы ўраган падняўся, што нават чарцям горача зрабілася. А манах сядзіць на воблачку і рагоча. Ужо не дастанеш яго! І з тае пары д'ябла разумнейшы зрабіўся: як убачыць, што нехта ў носе калупаецца, адразу ўсіх чарцей кліча, каб ушчыльную хітруном заняліся. Ну? Хочаце, дзеткі, каб вамі чэрці ўшчыльную заняліся?
І з тога часу мы ніколі больш не калупаліся ў носе.
32. Уцёкі ды туляньні. У цяпле
Увечары, выбраўшыся са стылае шчыліны, я прываліўся сьпіной да сьмецьцевага баку, задраў галаву і глядзеў на зоркі. Пад зоркамі ляцелі доўгія бялявыя космы – ці то нізкія аблокі, ці то дым. Прыгожа. І абрамленьне вакол – цагляныя сьцены, цёмныя галіны, ліхтары. І тая прыгожая дзяўчына якраз вярталася дадому. Хоць можа гэта была й не яна, бо замест абцасаў – кеды. Яна ці не яна ўсьміхнулася мне, вусны бліснулі ў сьвятле ліхтара. Мне пашанцавала, што яна была нападпітку: я падаўся ёй рамантычным, францускім, кшталту Арцюра Рэмбо, і яна павяла мяне да сябе. Яна назвала імя, але я адразу забыў. На ёй былі талстоўка, шалік, шапка, матлятыя шаравары. Мы тупалі па лесьвіцы, я разглядаў шаравары, а сусед курыў і рабіў абыякавы выгляд. Дома яна дала мне адкаркаваць шампанскае і пачала расказваць, як пасварылася з бойфрэндам: ён такі мярзотнік! Ежы ў яе амаль не было, і я намазваў на хлеб кетчуп і еў. Хлеб і кетчуп пахлі аднолькава – халадзільнікам. «Мне падабаецца, што ты такі олдскульны». «Што значыць олдскульны?» «Ну... старамодны. Гэты твой сіні пінжак. Ты слухаеш мэтал-рок?» «Так, я слухаю мэтал-рок кожны дзень памногу, але як ты даведалася?» Задаволеная, яна накіравалася ў ванную, яе хістала. Я азіраўся: пыльна, усе кубкі або сколатыя, або трэснутыя, чорны чайнік. Хутка яна выйшла. «Ты сьпі на канапе, а я лягу на ложак». Пакуль яна не раздумалася, я прыцiснуўся да канапы, хутчэй зажмурыўся і накрыўся чымсьці навобмацак. Яна сноўдала, шархацела пакетамі, потым нарэшце вымкнула сьвятло і рыпнула. «Ох, як мне холадна». Я старанна задыхаў, прытворна роўна. Было трохі страшна, але яна заснула імгненна. Хутаючыся ў плед – гэта быў сапраўдны клятчасты плед – я пракраўся на кухню і сеў на кукішкі, упёршы калені й далоні ў гарачую батарэю, а галаву паклаў на падаконьнік. Пахла цёплым пылам. Усё тыя ж зоркі, космы, галіны, але зараз у двайной аконнай раме, у цяпле.
33. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра падзеньні і ўзьлёты
Яшчэ адзін наш сусед, паўднёва-заходні, быў выключна прыемны й ветлівы чалавек. Ён заўсёды першы вітаўся з-за плоту, нязьменна ласкава пасьміхаўся і любіў напяваць штосьці італьянскае. Часьцютка ён завітваў да нас пагутарыць, прыносіў хатняе віно для таты і півоні для мамы, а нас частаваў шакаляднымі цукеркамі. Вытанчаны і ўражлівы, ён ахвотней за ўсё казаў пра паэзію альбо пра музыку, што кранула яго. А аднойчы завёў такую размову:
– Ці не заўважалі вы, сябры, што стан нашае душы бесьперапынна вагаецца, але пры гэтым статыстычна раўнаважны? Калі сёньня мы маем прыўзьняты настрой, дык назаўтра трэба зь вялікай верагоднасьцю рыхтавацца да хандры? І наадварот, калі ўвечары мы сумуем, дык ураніцу напэўна будзем вясёлыя? І што чым вышэйшы ўзьлёт, тым ніжэйшае будучае падзеньне?
Тата з мамай пацьвердзілі, што сапраўды, і яны такое калі-нікалі заўважаюць. Потым загаварылі пра нешта іншае. Хто б мог падумаць, як усё павернецца?
Празь некалькі дзён, калі сусед ізноў завітаў да нас, ён выглядаў узбаламучаным, ўзьнятым, быццам яго зьлёгку ліхаманіла. Мама наліла яму баршчу, і мы пачулі, як лыжка ў ягонай руцэ калацілася і дзынкала аб талерку. Ён нагадаў тату з мамай пра мінулую гутарку і сказаў, што разьвіў са сваіх назіраньняў цэлую тэорыю:
– Мне прыйшла ў галаву думка, што настроі можна ўзяць пад кантроль і з посьпехам кіраваць імі. Дакладней, сьвядома апускацца ў смутак з мэтай наступнага небывалага ўзьлёту. Уявіце батут: чым з большаю сілай скокнеш уніз, тым больш моцна цябе падкіне. Так ці не? А ў паветры ты падгінаеш ногі, і зноў падаеш на пругкую тканіну, яшчэ глыбей, і зноў узьнімаесься, яшчэ вышэй, з усяе спружыннае сілы... І вось што я падумаў, сябры: калі злавіць рытм і не пабаяцца з кожным скокам усё ніжэй апускацца ў бездань тугі і роспачы, дык амплітуда тваіх ваганьняў хутка вырасьце настолькі, што ты адарвесься і накіруесься ўверх, як ракета! Як ракета, што дасягнула касьмічнае хуткасьці і пераадолела зямное прыцягненьне! Увысь, угору, да блісканьня зораў!
Ён натхнёна махнуў рукой, зачапіў талерку, і гарачы густы боршч выліўся на ягоную белую кашулю. Тата войкнуў, Хуліё падавіўся цукеркай, а мама рынулася па ручнік. Сусед жа, бліснуўшы вачыма, ускочыў і з розмаху пляснуў кулаком па малочніку са сьмятанай. Пырснулі парцалянавыя аскепкі, сьмятана на абрусе зьмяшалася з крывёю. А ён, бледны і імклівы, выбег прэч, ня слухаючы нашых трывожных гуканьняў і ўгавораў.
Больш ён не зьяўляўся. Дзьверы не адчыняў, на званкі не адказваў. Зь ягонага дому час ад часу чуліся то няўцешныя екатаньні і дэманічны рык, то стогны асалоды і анёльскія сьпевы. Тата з мамай хваляваліся і нават месца сабе не знаходзілі: а раптам сусед адарвецца у ніжнім пункце амплітуды – і паляціць ня ўверх, а ўніз?..
Але ў адну з наступных начэй мы прачнуліся з трэску і яркага сьвятла, якое азарыла пакой. Мы стоўпіліся ля вакна і з хвіліну назіралі сонечнае сілы зьзяньне, якое ішло з суседняга двара; а потым раптам узьнікнуў мэлядычны зык, быццам ад велізарнае струны, і ўспыхнула – асьляпляльна блакітна.
34. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра самага дурнога чалавека
Аднаго разу на пачатку ліпеня да нас у горад прыехаў атракцыён «Упершыню: Самы Дурны Чалавек На Сьвеце». Прапусьціўшы некалькі дзён, каб было менш народу, мы з брацікамі выправіліся глядзець. Невысокі зялёны шацёр, немаладая білетэрка ў джынсах, з маленькім касавым апаратам на шыі. Яна прыўзьняла полаг, і мы, схіліўшыся, увайшлі. Зьверху зьзяла кволая лямпачка, стаяў стол, стаяла крэсла. Ён ляжаў на ложку, увесь у пухоўках, русявы, з бародкай, з сумнымі вачыма. А пагутарыць зь ім можна? Можна, толькі ня доўга.
– Прывітаньне! – сказалі мы.
– Прывітаньне, – сказаў ён проста.
– Як цябе завуць?
– Саша.
– Колькі табе гадоў?
– Дваццаць восем.
– Ты ведаеш, колькі будзе два плюс два?
Ён зірнуў на нас з дакорам, коратка ўздыхнуў і адвярнуўся. Хопіць, шапнула білетэрка, ён стаміўся. Мы ціхутка выйшлі. А што ён любіць? Можна яму штосьці смачненькае купіць? Білетэрка адказвала, што можна прынесьці мармэляду. Мы зьлёталі ў краму, і, прытуліўшыся вушамі да брызэнтавых сьценак, слухалі, як яна дрынкае міскамі, невыразна ўгаворвае яго і суцяшае. Потым зьявіліся яшчэ гледачы, і мы, разьвітаўшыся зь білетэркай, пасунуліся дадому. Нам было сумна, няёмка і сорамна, быццам мы былі ў чымсьці вінаватыя.
35. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра неацэнны дар
Калі мы з брацікамі перайшлі ў чарговую клясу, ужо ня памятаю ў якую, можа ў пятую, у нас зьявіліся два новых прадмета – геалёгія і біяграфія. Настаўніка нам далі надзвычай рахманага і лісьлівага, былога абата, народжанага пуэртарыканца, уладальніка дзіўна сініх вачэй, якія адразу выклікалі падабаньне. Ён апранаўся сьціпла і строга, у чорны часучовы гарнітур, і толькі па пятніцах дазваляў сабе ўпрыгожыць яго дзікім гвазьдзікам у пятліцы. Лагодны, але запальчывы! І мы любілі яго дражніць у кожным зручным выпадку.
– Дзеці! Дзеці мае! – напрыклад усклікаў ён, раптам са сьлязьмі захапленьня перарываючы чытаньне Іаана Златавуста. – Жыцьцё – гэта неацэнны дар! Ці разумееце вы?..
– Не! – адказвалі мы, адразу ж напускаючы на сябе змрочны выгляд. – Жыцьцё – дрэнь. Бо яно рана ці позна канчаецца.
– Ну дык што, што канчаецца? – адказваў ён цярпліва. – Уявіце, што нехта даў вам пакатацца на неверагодна спартовым ровары? Хіба вы не пракаціліся б з удзячнасьцю?
– Не! – адказвалі мы ўпарта. – Калі ня можаш падарыць назусім, дык ня трэба й даваць!
– Але навошта вам ровар назусім? – адказваў ён нецярпліва. – Бо вам рана ці позна надакучыць на ім катацца!
– Усё роўна! – адказвалі мы з выклікам. – Калі мы будзем ведаць, што ровар рана ці позна адбяруць, гэта атруціць нам усё задавальненьне!
І тады ён успыхваў, абураўся, пляскаў кніжкай аб стол і зь лютым рыкам імчаўся да нас, з намерам цягаць за віхры і абрываць вушы. А мы з віскатам і рогатам, перакульваючы парты, уварочваліся ад яго, выбягалі з клясы й хаваліся ў жаночай прыбіральні, туды ён увайсьці не адважваўся.
36. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра папераджальную археалёгію
Аднаго разу ў жніўні, гуляючы па завулках, мы ўбачылі чалавека, які корпаўся ў сінім сьмецьцевым баку. Ён перахіліўся цераз бераг бака і, стоячы на дыбачках, намацваў нешта ў глыбіні. Мы адразу сьцямілі, што гэта жабрак альбо валацуга – мы ведалі пра іх па кнігах і татавых казках. Мы сабралі па кішэнях, у каго што было – ледзяшы, арэшкі, жуйкі – наблізіліся да яго і працягнулі дары. Ён не заўважаў нас, і Колік тузануў яго за фалду. Чалавек з крактаньнем выпрастаўся і павярнуўся да нас – круглатвары, вастраносы, у маленькіх акулярыках.
– Вы што? – стрымана абурыўся ён, заўважыўшы міласьціну. – Я ня бомж! Я археоляг!
Аднак ледзяшы, арэшкі і жуйкі ўзяў і схаваў у торбу.
– Сапраўдныя археолягі ня корпаюцца ў баках! – сказалі мы.
– Так, звычайна я хаджу на гарадзкі сьметнік. Зараз проста міма йшоў і зазірнуў.
– Сапраўдныя археолягі вядуць раскопкі ў пустэльні!
– Ха-ха, – засьмяяўся чалавек. – Вашыя сапраўдныя археолягі – дурні! Капаюць, разгадваюць герогліфы, ствараюць тэорыі, надзімаюцца – але ўсё проста! Ня трэба ні гойсаць па пустынях, ні капаць – усе адказы ў нас перад носам. Глядзіце, вось начны гаршчок, вось зношаныя кеды, вось банка з-пад кількі – яны цудоўна захаваліся і кажуць пра цывілізацыю нашмат больш, чым нейкія там тысячагадовыя чарапкі! Я разглядаю, фатаграфую, інтэрпрэтую і ўпісваю ўсе знаходкі ў каталёг. Паверце, мой каталёг непараўнальна багацейшы і шырэйшы за любыя музэі! Я – папераджальны археоляг. Мая праца, хай і простая, несувымерна больш значная за патугі гэных «сапраўдных археолягаў». Уявіце: праз тысячу гадоў, калі гаршчкі, кеды і банкі струхлеюць, мае працы будуць мець найвялікшае значэньне для навукі!
Мы з брацікамі да таго пранікліся ідэяй папераджальнай археалёгіі, што запрасілі вучонага да нас і праводзілі яго ў дрывотню, дзе захоўваўся сямейны хлам. Пад ягоныя няўціхныя захапленьні мы напаўнялі вялізны стары чамадан паламатымі гадзіньнікамі, дзіравымі тапкамі, імбрыкамі бяз рыльцаў, прабітымі роварнымі камэрамі, згарэлымі прасамі, падрапанымі дыскамі і парэпанымі кружэлкамі. Сыходзячы, расчулены археоляг паабяцаў згадаць нас у падзяках да сваёй будучай манаграфіі – за неацэнны ўнёсак у навуку.
37. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра бескамплексовае жыцьцё
Сярод нашых суседзяў, акрамя асобаў дзіўных, падазроных і адкрыта небясьпечных, часам трапляліся і ўзоры станоўчасьці. Такіх мы з брацікамі не любілі, бо лічылі іх затоенымі нягоднікамі, а чарговага суседа ў хаце з круглымі комінамі незалюбілі асабліва – за правы прабор, за сьветла-шэры гарнітур, за сына-студэнта з планшэцікам, за жонку ў камізэльцы, але больш за ўсё за тое, што ён бегаў па раніцах. Сусед завёў нязносны звычай аббягаць свой сад чатыры разы, потым бегчы ў горад роўна на паўгадзіны, а потым ізноў аббягаць сад чатыры разы. Некалькі дзён мы трывалі, наліваючыся гневам, а ў панядзелак раніцай абстралялі яго з-за плота маркоўнымі агрызкамі.
Ён спыніўся і зьдзіўлена круціў галавой, а мы холадна разглядалі ягоныя пругкія красоўкі, мускулістыя галёнкі і шорты зь лямпасамі.
– Дзеткі, – сказаў ён, заўважыўшы нарэшце нас, – вы не падумайце!
Мы цяжка маўчалі, даючы яму зразумець, што ўжо падумалі.
– Ведаю, ведаю. Але на самой справе ў труне я бачыў гэта ўсё! Проста я маю ідэю.
Гэта нас зацікавіла, і мы дазволілі яму працягваць. Ідэя суседа грунтавалася на тым, што чалавек схільны да разьвіцьця нэгатыўных псыхічных комплексаў ня толькі ў дзяцінстве, але і ў дарослым жыцьці.
– Кажуць, што ў дзіцёнка – ранімая псыхіка, а ў дарослага – задубелая. Якая памылка! Вось паглядзіце, які я пяшчотны – крыкніце мне ў вуха штосьці.
Сусед нахіліўся і прыціснуў вуха да шчыліны паміж дошак плота. Мы кінуліся да вуха і наперабой зараўлі: «Кроў!! Кроў!!» Ён здрыгануўся, выпрастаўся і паказаў на сваёвока, якое пачало нераўнамерна торгацца.
– Бачыце? Вось і комплексы таксама, іх атрымаць прасьцей простага! Зробісься вар'ятам ці маньякам якім-небудзь – і паспрабуй потым вылячыся. Я лічу, што да пяцідзесяці мінімум трэба берагчыся. А берагчыся – гэта значыць жыць без узрушэньняў, сярэднім жыцьцём, як прынята. Сям'я, праца і ўсё такое, разумееце мяне? А ўжо потым, апасьля, калі псыхіка выстаіцца... Ужо потым можна разгуляцца!
Ён памахаў нам і працягнуў забег, мільгаючы рыфлёнымі падэшвамі. Тлумачэньне гучала пераканаўча, і мы запаважалі суседа – ідэйныя нам падабаліся. А больш за ўсіх прасякнуўся Толік, менавіта тады ён і пачаў выношваць пляны свайго будучага бескамплексовага жыцьця. І нават калі сям'я суседзяў у адну з начэй загадкава зьехала, і папаўзьлі змрочныя чуткі, Толік не расчараваўся.
38. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра Толіка
Толік вырас русявым, прысадзістым мужчынам: жонка, дзьве дачкі, тры пакоі, сытраен, сэнбэрнар, інжынэр, шчасны жывоцік. Здаецца, усё годна, але ён унутры сумаваў. Ледзь вып'е – пачынае невыразна скардзіцца. Што табе ня так, Толю? – спытаеш. Ды мне б, кажа, у неба! І блішчыць п'янай сьлязой, круціць гузік камізэлькі. Ён любіў насіць ваўняныя камізэлькі і кашулі ў дробную клетачку. Марыў лётаць – кіраваць велізарным срэбным лайнэрам. Уяўляў свае вялікія надзейныя рукі на штурвале. Пстрыкаць дагледжаным пазногцем па маномэтры. Другому пілоту – парады хаджалага. Не баіся, юнга, гэта проста віхуры паветра! Я яму кажу: кінь, Толю, навошта табе гэта трэба? Пілоты дрэнна канчаюць, Толю. А ён не сьцішаецца: востра адточаны аловак, мапа, лінія курса! Крэпкая кава, баромэтар з чырвонага дрэва! Нядбайны погляд на храномэтар. Рубка. Нязмушана зьбягаць па вінтавой лесьвіцы. Выходзіць на палубу ў беласьнежнай фуражцы. Туууууу! Пар з трубаў... Толік, Толік, гэта ўжо не самалёт, а параход! Эх, Ролю, да чаго ж ты прыземлены чалавек... Прыходзіла жонка, дзьве дачкі і сэнбэрнар, усаджвалі Толіка ў сытраен, везьлі дадому. А ён, разваліўшыся на заднім сядзеньні, марыў плаваць.
39. Змрочныя засьценкі. Гэта наш апошні шанец
Пасьля агляду я ачуўся пазьней за ўсіх. Астатнія – іх, здаецца, было трое – ужо размаўлялі, сьвяціліся далёкімі каляровымі плямкамі ў чарнаце. Цёмна, але не балюча.
– Сказалі, буду займацца прэстыжнымі аўто, – бойка вяшчала чырвоная. – А я на машыны знаюся выдатна, мне лекарка часопісы зь бібліятэкі прыносіла два гады запар. Усё ведаю! Сказалі, ты нам спадабаўся, выяві сябе, і мы цябе так прасунем, што любы пазайздросьціць. За год, сказалі, можна топ-ботам зрабіцца. Бо ў мяне ўсе здольнасьці ёсьць. З усіх мяне аднаго выбралі! Сказалі, у мяне будуць вялікія льготы, а калі здолею, дык у міжнароднае перавядуць. А я нават не рыхтаваўся, так, распавёў пра сябе трохі, і адразу запаважалі. Таму што...
– Ай, машыны – гэта нудна, – звонкі бурштынавы галасок, пэўна дзяўчынка, магчыма тая самая нявідучая, зь якой я ішоў. – Мне таксама прапаноўвалі, але я абрала музыку. Рэклямаваць новыя альбомы і канцэрты! А ты, Куценька?
– Нярухо-омасьць, новабудо-оўлі, – нарасьпеў працягнуў сірата з саляных шахтаў, ясна-сіні, яго нельга было не пазнаць. – Там до-обра, вакол лясы і палі, і птушкі ў небе сьпяваюць, а паветра салодкае-салодкае. Глядзі-іце, і гэты прачнуўся.
– Прывітаньне! – яны крыху наблізіліся, плыўна пагойдваючыся. – Як цябе завуць?
– Ролянд, – адказаў я і засьвяціўся пурпуравым.
– О, прыгожанькі! І што табе сказалі?
– Хто?
– Ну, на аглядзе? Куды цябе вызначылі?
– Ня ведаю... я нічога не зразумеў. Згадвалі нешта пра локшыну... Ролтан, каб дакладна.
Яны захіхікалі, дробна уздрыгваючы: якая лухта!
– Навошта ж ты згадзіўся? – спытала дзяўчынка.
– Ты што, зь недаразьвітых? – спытаў аўтазнаўца.
– Я нармальны.
– А як сюды патрапіў наогул?
– Мяне мама з татам адправілі, каб прафэсію атрымаў.
Яны захіхікалі: мама з татам! прафэсію!
– Дзіво-отна, – прасьпяваў сірата, – мы ўсё з прытулаў ды са шпіталяў, у цяжкіх выявах, не жыхары-ы. Гэта наш апошні шанец быў. А ты на што хварэ-эў?
Я сутаргава прыдумляў, на што ж такое жудасна-сьмяротнае я хварэў, але ў галаву нічога ня йшло, акрамя катару, і было так сорамна, так сорамна, што хацелася згаснуць.
3A. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра аднаго дыспэчара
Увесну, калі цямнела ўжо позна і класьціся ў ложак трэба было завідна, страшныя казкі перад існом гублялі прывабнасьць, і мы з брацікамі ўсё часьцей аддавалі перавагу павучальнасьцям. Мы ўжо не патрабавалі, каб казкі распавядаў менавіта тата, і болей ахвотна слухалі маму.
– Жыў-быў на сьвеце адзін чалавек, – нарасьпеў пачынала мама, і на імгненьне запавольвалася, быццам раздумваючы, пра якога дзівака расказаць гэтым разам. – Адзін, значыцца, найдабрэйшы чалавек, па прафэсіі дыспэчар. Усё жыцьцё ён жыў сумленна і правільна, і шмат дабра рабіў людзям. Аднаму зь пераездам дапаможа, за другога ў банку заручыцца, трэцяга з патрэбным знаёмым зьвядзе. Адказвалі яму людзі пашанай і павагай, і падабалася гэта дыспэчару. І чым старэйшы ён станавіўся, тым больш падабалася. І ўрэшце да таго ён асмакаваўся, што ўжо і думаць ані пра што іншае ня мог – толькі як бы зрабіць дабро ўсім і кожнаму бяз выключэньня, каб кожны да яго падзяку адчуваў. Але пазнаёміцца з усімі людзьмі ў горадзе, даведацца пра іхныя патрэбы і прыняць удзел было б занадта доўга, жыцьця б не хапіла, і таму пачаў дыспэчар прыдумляць розныя хітрыкі. Напрыклад, кідаў на тратуар дзясятку, або вешаў на лавачку торбу зь яблыкамі, або пакідаў на парапеце букецік сьвежых ландышаў – і глядзеў, хто падбярэ, і запамінаў твар. І прыемна было дыспэчару, што потым аднойчы можа ён падысьці да таго чалавека і сказаць: а памятаеш, ты дзесяць даляраў знайшоў? Дык ведай, гэта я паклаў, адмыслова для цябе. І чалавек да яго адразу ж падзяку адчуе. Вельмі, вельмі многіх адабрадзеіў дыспэчар, але потым і гэтага яму мала здалося. Пачаў ён дабрыню сваю распаўсюджваць на людзей значных, кшталту эстрадных сьпевакоў, кінаактораў або палітыкаў: то выхваліць сябрам новы дыск, то ўгаворыць ўсіх пайсьці новае кіно глядзець, то заагітуе прагаласаваць. Знакамітасьцям – паслуга, а дыспэчару – радасьць і задавальненьне. Так і жыў той дыспэчар: ані дня не праходзіла бяз добрае справы, як для простых людзей, так і для вялікіх. А аднойчы ў славалюбным імпэце наважыўся ён самому Госпаду Богу паслугу зрабіць: абраў зь ліку знаёмых сама закасьнелых атэістаў і цэлы месяц прапаведваў ім Эвангельле, ды з такім запалам, што ўсе яны запар паверылі і на Вялікдзень пахрысціліся. Але гэтым разам нядоўга радавацца наканавана было дыспэчару: у той жа вечар лупанула ў яго маланка, праўцом на трамвайным прыпынку, і забіла ўсьмерць. А адзіная сьведка, бабулька, якой ён як раз у гэты момант ландышы падносіў, сьцьвярджала, што замест грому прагучаў зь неба голас: «Ты кім сябе ўявіў?»
3B. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра далёкія краі
Калі мы з брацікамі былі маленькія, мы часта марылі пра далёкія краі. Ні тата, ні мама ніколі нікуды ня езьдзілі і не маглі нам анічога расказаць, а гугл-мапс яшчэ не вынайдавалі – і мы марылі паводле раманаў Дзюма, Дыкенса і Дастаеўскага. Мы хадзілі на вакзал і глядзелі на цягнікі. Стаялі на мастку над рэйкамі і спрачаліся: ці зьмяняюць чалавека далёкія краі? Колік казаў, што падарожжы ня болей за пярэстыя малюнкі перад вачыма, а малюнкі ня здольныя значна ўплываць на сталую асобу. Валік пярэчыў, што справа ня толькі ў малюнках, але ў інакавай атмасфэры, якая пранізвае і насычае душу.
А аднойчы зь цягніка сышоў чалавек зь вялікай валізай на колцах. Мы пабеглі ўтропы. Колцы стукалі па каменьчыках, валіза гойдалася, падскоквала, але мы разглядзелі налепкі: Парыж, Пецярбург, Портсмут. Сапраўдны падарожнік! А ў астатнім чалавек быў звычайны – шэрая куртка, сінія джынсы, чаравікі як у таты. Ён паглядзеў на гадзіньнік, высмаркаўся ў хустку, дачакаўся трамвая-тройкі і зьехаў. Апошняе, што мы бачылі – як ён купляў квіток у кандуктара. Усё гэта нічога не даказвала і не абвяргала.
Мы пайшлі ўздоўж трэцяе лініі, а калі трамвай ехаў назад, нясьмела зьвярнуліся да кандуктара: ці не казаў чаго цікавага той падарожнік? «Атож, – адказаў кандуктар, – ён бурчаў і скардзіўся, і адкрыў сакрэт, што падарожжы даспадобы толькі абмежаваным і прыземленым людзям, для якіх штодзённасьць пераважае мару. Уяўная Флярэнцыя значна пераўзыходзіць рэальную, так ён і заявіў». І кандуктар урачыста бомкнуў у званочак.
З тае пары мы кінулі хадзіць на вакзал і так анідзе і не пабывалі, акрамя Толіка, дый і ён па службе.
3C. Уцёкі ды туляньні. У дзявоцкай хаце
Раніцай, сыходзячы на працу, дзяўчына спрабавала мяне абудзіць і ціхенька казала «гээй», але я старанна хроп, прыцмокваючы для сапраўднасьці. Калі яна кранула мяне за плячо, я хрыпла мыкнуў, таргануўся, і яна адскочыла. Пастаяўшы паўхвіліны і павагаўшыся, яна хмыкнула і пайшла – вырашыла пакінуць мяне ў хаце. Я чуў, як яна лье ваду ў ваннай, чысьціць зубы, рыпае створкай шафы і выдае нейкія плястмасавыя гукі ля люстэрка ў пярэднім пакоі. Нарэшце грукнулі дзьверы, павярнуўся ключ. Цікава, ці змагу я выйсьці?
Я сеў. Дыван на падлозе быў бэжавы, пухнаты, прыемны нагам, у куце стаяў стол з ноўтбукам, на сьценах віселі батыкі з хрызантэмамі. У лядоўні знайшоўся слоічак абястлушчанага ёгурта, зусім самотны сярод наледзі. Расьцягваючы ёгурт, я разглядаў палічку з дыскамі і кнігамі: было шмат Бэтховэна і Булгакава. Якая слаўная дзяўчына! Я раскрыў шафу. Яна перапрала летнюю вопратку і расклала яе акуратнымі стосікамі, перамяжоўваючы галінкамі ляванды і размарына. Ёй падабаўся салатавы, далікатна-ліловы і хлапчуковыя кашулі ў клетачку. Бялізну яна любіла белую, у мяккія рубчыкі і са складачкамі. Я ўставіў Бэтховэна у прайгравальнік і лёг у ейны ложак, папесьціцца. На начной тумбачцы яна разаслала карункавую сурвэтку і пасадзіла зайчыка. У ніжняй шуфлядзе захоўваліся каляровыя стужачкі, скуматкі і гузікі. У сярэдняй ляжалі нэсэсэр, лакі-шэлакі і пілачкі. У верхняй, зачыненай на ключык – а ключык хаваўся пад сурвэткай – таемны дзявочы дзёньнік. Я разгарнуў наўздагад: «Кахаць... кахаць... кахаць без аглядкі... ведала б Воленька... ведаў бы ён, як кахаць без звароту! Не, не... маё прызначэньне – кахаць».
Папесьціўшыся пад гукі струнных, я пайшоў на кухню, глядзець у вакно. Па дарозе кацілі машыны, па сырых газонах ішлі галкі, два студэнта ў палітонах курылі і сьмяяліся. І тут я ўбачыў яго! Ён, не сьпяшаючыся, шпацыраваў па тым баку, і, здаецца, быў тут ужо доўга. Белы Паляўнік! У белым гарнітуры, такім недарэчным у вецер і дождж! Ён рабіў выгляд, быццам чакае трамвая, і разглядаў газэты ў шапіку. У любую сэкунду ён мог павярнуць галаву, падняць вочы і заўважыць у вакне мяне, але я нібы здранцьвеў. «Хавайся, хавайся, уцякай!» – шаптаў я сабе, але быў няздольны нават зварухнуцца. Прыйшоў трамвай, але Паляўнік, вядома, ня сеў у яго. Як ён высачыў мяне? А я яшчэ ня верыў! Хто ж выдаў? Той зялёны дантыст? Трамвай рушыў, і Паляўнік пачаў павольна-павольна паварочваць галаву, падымаць вочы. І я застагнаў, захрыпеў, кінуўся – і зваліўся ў вузкі прамежак паміж плітой і мыйкай. Сьцяўся і замер, дрыжучы. Пасьпеў? Ці ён заўважыў?
3D. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра Коліка
Мы з брацікамі ўсе ўрадзіліся ня цукровыя, ну а Колік – дык зусім без найменшае слодычы, нават з добрай гарчынкай. З раньняга дзяцінства ягоныя свавольствы адзначаліся экспэрымэнтальнасьцю і падчыркнутай непрыстойнасьцю: не свавольствы, а сапраўдныя выбрыкі. Напрыклад, залазячы ўвечары ў ложак, можна было трапіць пад коўдрай у паўвадкі клубок вараных спагеці – халодных, сьлізкіх, брыдкіх – ці ліпкую купку гнілых яблыкаў. І гэта толькі самае бяскрыўднае! За кожную падобную гідасьць мы разам лупілі Коліка, а тата пэдагагічна заходзіў зь іншага боку і ўзьдзейнічаў дабром і ўгодай – і паціху нам удалося ўбіць яму ў галаву сямейныя каштоўнасьці.
Тады Колік перанёс сваю дэструктыўную актыўнасьць на школу: гнуў лінейкі, ламаў вугольнікі, драпаў на партах, плюхаў гуашшу па свежапабеленай столі, выкрадаў сочыва са сьціплых вахцёрскіх схованак. З настаўнікамі паводзіўся ваўкавата і дзёрзка. Вучыўся дрэнна, але рана выявіў нязвычнасьць думак. Аднаго разу на заўвагу дырэктара, што ён ня слухае ўрок, Колік заявіў: «Тут і слухаць няма чаго! Вы нас падманваеце, няма ніякай Аўстраліі і Акіяніі». «Ды як жа няма, Коленьку, міленькі?» «А вось так! Ці вы там былі? Мапа – гэта хлусьня! Падумаеш, мапа». Карацей кажучы, рана пачаў задумвацца пра сэнсы. Ну і як водзіцца пакацілася – спачатку тытунец, потым самагончык, потым крадзьба. Краў нейкія дробязі, з чыстае юнацкае адвагі: шклянку сьмятаны ў краме, пярэстыя прасьціны ў суседкі, напільнікі са школьнае майстэрні. Калі лавілі – біўся, ненавідзеў, кусаўся! Пачаліся прывады ў жандармэрыю, пэдсаветы, кардонныя тэчкі са штампамі «сацыяпат» і «мізантроп». Зьнікаў, не зьяўляўся дома тыднямі. Мама плакала, тата хадзіў са змрочным тварам. Вяртаўся худы, злы, бясшумны. Развагі, што трэба вучыцца і добра сябе паводзіць – каб выбіцца ў людзі – каб быць шчасьлівым – не пераконвалі яго. Ён глядзеў так, быццам зь ім гаварылі на іншай мове, і думаў сваё. А на пагрозы пакараньня і турмы адказваў, што мы самі ў турме, толькі гэтага ня бачым.
А ўвясну сапраўды трапіў у калёнію – рабунак нейкага недарэчнага абутковага склада, непавага да вартаўніка, аплявуха жандару. Вартаўнік, начальнік склада і жандар спрабавалі дараваць яму – патрабавалі толькі перапрасіць – але ён адкінуўся наадрэз.
Праз год выйшаў дарослым. Мама вохнула, калі ён зьняў швэдар – белакаменная царква ва ўсю сьпіну, з парталам, галубамі і бізантыйскім амбонам унутры. Працаваць адмовіўся з пагардай. Вёў дзіўнае жыцьцё: удзень спаў у садзе на гамаку або чытаў усё, што пад руку траплялася. Начамі зьнікаў. Падарыў таце таўшчэзны залаты ланцужок. Тата вылупіў вочы: «Адкуль? Навошта мне гэта?» «Сямейныя каштоўнасьці!» Коліка ў калёніі крыху прыгняло, але думаў ён па-ранейшаму нязвычна. Усе размовы зводзіў да пытаньняў адноснасьці арыентыраў і магчымасьці спасьціжэньня. Потым сеў ізноў, надоўга.
І вось аднойчы раніцай, калі ўсе яшчэ спалі – бразнула клямка, рыпнулі весьнічкі. Я выглянуў у вакно вэранды: вярнуўся! Пакуль ён мыўся, чысьціў зубы і перапранаўся ў хатняе, я накрыў на стол, сьпехам, што было: пачатая бутэлька, слоік з саленьнямі, чорны хлеб, бульбачка. «Ну, вітаю, Колю!» «Цудоўна, брат!» Паслабіўся патроху, залагоднеў. «Як ты лічыш, Ролю, ці ёсьць наша цывілізацыя каштоўнасьцю?» Я лічыў, што ёсьць. «А што больш каштоўнае, Ролю, цывілізацыя або прыемнасьць з чаркі гарэлкі? Глядзі, як цені бярозавага лісьця вагаюцца на шкле. Ці абумоўленае адно іншым, Ролю?»
3E. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра камэту
Мае брацікі падабраліся вельмі розныя. У кожным зручным выпадку яны адзін аднаго недалюблівалі: чыталі маралі, вучылі жыць і распавядалі казкі з крыўднымі намёкамі. Асабліва прыпадала Хуліё – за ягонае захопленая пакланеньне перад жанчынамі. Вось і зараз, калі Хуліё, прачнуўшыся на золку і не заўважыўшы нас, выйшаў на ганак, ягоныя вусны варушыліся, шэпчучы палкую лірыку. Падзьмуў ранішні ветрык, страпянуліся кучары на чале, затрымцела туніка, прыадчыняючы пяшчотнасьці – і я мімаволі залюбаваўся браткам. А Колік, скептычна гуляючы ножыкам, хмурыўся.
– Ну здароў, Хулі, – нарэшце сказаў ён.
– О! Колю! – Хуліё радасна пайшоў да нас, раскрываючы рукі. – Ты вярнуўся!
І яны, ледзь пасьпеўшы абняцца і расцалаваць адзін аднаго, пачалі спрачацца – бязь лішніх прадмоў. Не абцяжваючы сябе нават тэзісамі, Колік адразу перайшоў да аргумэнтаў і расказаў гісторыю, нібыта чутую ім у Смаленскім цэнтрале:
– Жыў-быў – чуеш, Хулі? – жыў-быў пацан. Ну гэта значыць юнак. І вось аднойчы сустрэў гэты юнак выдатную дзяўчыну і пакахаў яе ўсёй душою. Была яна да таго прыгожая, што ён ня мог адвесьці позірку зь яе твару – і яна мусіла жартоўна пстрыкаць яго па носе. Была яна да таго разумная, што заўсёды выйгравала ў яго ў шахматы – і потым так весела рагатала і так ласкава гладзіла яго вінаватай далонькай, што ён быў гатовы прайграваць мільён разоў запар! Яна была выдатна адукаваная – ведала на памяць старажытных паэтаў, гісторыю жывапісу і біяграфіі славутых кампазытараў. Яна валодала бездакорным густам у строях і ў стравах, яна зьмешвала яму ягоныя любімыя напоі і сьпявала яму ягоныя ўлюбёныя песьні. Зь ейнага голасу ён расьцякаўся па зэдліку і падоўгу ляжаў, песьцячыся ў хвалях шчасьця. Зрэдку яна рабілася сумная, але спосаб вярнуць ёй радасьць быў просты і надзіва прыемны. Яны жылі разам шмат, шмат гадоў, душа ў душу. Паціху дзяўчына пастарэла і страціла прыгажосьць, але юнак працягваў кахаць яе ў тую ж сілу. Ён нават дзівіўся на сабе – як мала, аказваецца, азначала для яго прыгажосьць. Гады беглі далей, і паціху хваробы перамаглі ейны вясёлы нораў, а алькаголь і старасьць зьвялі на нішто розум і адукаванасьць. Але юнак кахаў яе ані ня менш. Калі яна сьпявала, ён усьміхаўся, прыжмурваў вочы і ўяўляў ейны малады твар. Ён ахвотна даглядаў яе – бо яна па-ранейшаму была ягонай каханай. Паціху страціўся і голас... а неўзабаве яна памерла. Юнак пахаваў яе, але і праз гэта каханьне ня скончылася. Ён стаяў ля расчыненага ў ноч акна, глядзеў на зоркі і думаў пра тое, што каханьне – бясконцае. І раптам у чорным небе зьявілася камэта, буйная і яркая. Калі бачыш камэту – трэба загадваць жаданьне! Камэта таксама заўважыла юнака, памахала рукой і гукнула: «Гэй! Загадвай, не марудзь! Любое жадааньне!» – тут Колік перапыніўся, каб прамачыць горла.
– І? – нецярпліва спытаў Хуліё, – і што ж загадаў юнак?
– Ён папрасіў у камэты астранамічны атляс і тэлескоп, – пакепліва сказаў Колік, хрумстаючы агурком. – Яму вельмі падабаліся зоркі і камэты – і захацелася вывучыць пра іх лепей.
– А як жа ягонае каханьне? Чаму ён не папрасіў вярнуць сваю дзяўчыну?
– А навошта? Пражыць разам яшчэ пяцьдзесят гадоў? Які ў гэтым сэнс? Бо ён і так кахаў сваю дзяўчыну вечным каханьнем.
3F. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Яшчэ пра камэту
Выслухаўшы Коліка, Хуліё некалькі хвілін маўчаў, каб пераканацца, што працягу ня будзе. Ён нетаропка аб'еў вінаградную гронку, выплюнуў костачкі на сподак і страсянуў чубком:
– Вы ня супраць, калі я працягну гэтую казку?
Мы былі ня супраць. Я засяроджана кіпяціў ваду ў рондалі, а Колік габляваў ножыкам рагульку.
– Ну дык вось. Атрымаўшы атляс і тэлескоп, юнак бавіўся астраноміяй некалькі гадоў, пакуль не надакучыла. Потым яму захацелася актыўнасьці, ён набыў скейт і ўзяўся за катаньне і трукі: высокія скокі, перавароты, бардзюры, крайкі, лаўкі, клюмбы, трамвайныя рэйкі, пажарныя дэпо. Потым пастанавіў спасьцігнуць мастацтва самэлье: бяз стомы параўноўваў густы маладых і старых вінаў, нюхаў, глядзеў на прасьвет і пускаў бурбалкі. Прызвычаіўся адкаркоўваць бутэлькі чайнай лыжачкай ці нават грабянцом. Потым яму заманулася самому вырабляць віно – ён завёў вінаграднік у Гішпаніі і дамогся посьпехаў, ягоны херас высока ацанілі нават старэйшыя вінаградары. Потым высек вінаграднік і пасадзіў ядловец, каб ігнаць джын. Потым кінуў джын і дваццаць гадоў вывучаў філязофію ў Марбурскім унівэрсытэце. Выступіў з рэзкай крытыкай фэнамэналёгіі Гусэрля, быў спрыяльна прыняты ў акадэмічных сфэрах. Выкладаў. Кінуў філязофію і паплыў вакол сьвету юнгай. Зататуіраваўся з галавы да ног. Потым паплыў яшчэ раз – ужо сам-адзін, на ўласнай яхце. Кінуў якар у Японіі, каб дасягнуць дасканаласьці ў валоданьні мячом. Нарэшце яму надакучыла ўсё аканчальна. Юнак адшукаў свой стары астранамічны атляс, зрабіў складаныя вылічэньні і вызначыў, што тая камэта прылятае толькі раз на тысячу год! А прайшло ўсяго толькі дзьвесьце. Што было рабіць? Прыйшлося чакаць. Каб заняць час, ён іграў на мандаліне, займаўся альпінізмам, гадаваў рэдкіх акварыюмных рыбак, курыў опіюм, плаваў з аквалянгам, складаў сымфоніі, гуляў у зборнай па хакеі, праходзіў курсы псыхааналізу, жангляваў факеламі, будаваў замак з запалак і фанцікаў, здабываў нафту, скакаў з парашутам, разганяў працэсары, шукаў скарбы на атлянтычных выспах, развучваў Махабхарату, зьбіраў манэты і маркі, прымаў роды ў вадзе, паляваў на зомбі, пісаў п'есы і да поўнага атлуменьня валяўся на пляжы. Апошнія сто гадоў ён проста габляваў ножыкам рагулькі. За месяц да прылёту камэты юнак стаў ля вакна і не адыходзіў ані на хвілю, баяўся перапусьціць. І вось – яна! Убачыла яго, засьмяялася. «Хачу вярнуць сваю дзяўчыыну!» – гукнуў ён камэце. «Табе ў маладым выглядзе або ў старыым?» – гукнула камэта. «У маладым, калі моожна!» – крыкнуў ён. «Дообра! Заплюшчы воочы і ўяві яе, як мае быыць!» – пракрычала камета, адлятаючы. Ён зажмурыўся, уявіў сваю дзяўчыну і, заміраючы, расплюшчыў вочы. Які жах! Дзяўчына зьявілася, але гэта была зусім не ягоная каханая! Таксама нядрэнная, так-так, нядрэнная... мм, нядрэнная. Але ня тое, ня тое! За тысячу год ён няблага прызабыў сваю каханую і зараз ня здолеў як сьлед яе ўявіць. З прыкрасьці юнак ляпнуў сябе па каленках і ледзь не заплакаў, – і тут Хуліё перапыніўся, каб глытнуць хераса і зьесьці фінік.
– І? – нецярпліва спытаў я, – і чым усё скончылася?
– Ну а чым, па-твойму, усё магло скончыцца, Ролю? Зараз той юнак сядзіць і чакае другую тысячу гадоў, каб паспрабаваць яшчэ раз.
Колік пакрывіўся і пстрыкнуў запальнічкай.
40. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра жудасную жанчыну
Калі мы з брацікамі былі маленькія, мы яшчэ засьпелі амаль усе старадаўнія традыцыі нашага мястэчка. Нават такую экзатычную, як выхаваньне хлапчукоў у бардэлі. Лічылася, што гэта спрыяе ўзмужненьню і папярэджвае гомаэратызм. І вось, калі мы крыху падраслі, у першую суботу верасьня тата заказаў нам ранішні сэанс у адной прыстойнай установе на краі горада, за фартэпіяннай фабрыкай. Мы паехалі туды на роварах, наперадзе павольны тата, за ім – зграйкай мы, з закасанымі калашынамі, каб ня трапілі ў ланцуг. Аднапавярховы будыначак з аканічкамі і белымі сабачкамі. Тата правёў нас на вэранду, пасадзіў на кушэтку і загадаў чакаць, а сам сышоў, каб мы былі самастойныя. Першы павінен быў ісьці я, як сама старэйшы. Я нэрвова церабіў гальштук, тузаў запанкі, і датузаўся – адна зь іх вывалілася і паляцела пад кушэтку. Я палез за ёй, і ў гэты момант дзьверы ў пакой адчыніліся. Жахлівае відовішча! Жудасная жанчына ў чорнай шыпастай скуры, зь бізуном, з вампірычна крывавым ротам і фіялетавымі аваламі вакол вачэй! А якія ў яе былі пазногці! ААА!!! – залямантаваў Толік і кінуўся наўцёкі. Усе – за ім, штурхаючыся, спатыкаючыся і падвываючы са страху! «Куды ж вы, дзетачкі?!» Але яны ўжо імчаліся па садзе. А мяне яна схапіла за руку так моцна, што я ня мог вырвацца. Ад яе патыхала пагрозьліва салодка, «разлажэньнем» – мільганула думка. Трэ было цяміць хутка, інакш сьмерць! І я зрабіў першае, што прыйшло на розум – разьмякнуў і прыкінуўся мёртвым. Паваліўся на падлогу, закінуў галаву, закаціў вочы, пусьціў сьліну. Яна войкнула і пачала дзьмуць мне ў твар – салодка! – а потым нарэшце адпусьціла і пабегла ў пакой, напэўна па ваду. На азадку ў яе быў велізарны выраз, ва ўсю шырыню! І я ўскочыў, і рынуўся вонкі, да брацікаў. Яны ўжо чакалі мяне пад яблыняй, і трымалі напагатове мой ровар. Павольна, павольна мы разганяліся, а жахлівая жанчына неслася ўтропы, хрыпла крычала, наганяла, цягнула атрутныя кіпцюры! Кляц-кляц, наўпрост за сьпіной! Сабачкі люта гаўкалі. Толькі б не калашына ў ланцуг! Але шчасьце: мы ўжо выкаціліся з травы на дарогу і набіралі хуткасьць. Яна адстала і шпурнула ў нас яблыкам, а сабачкі яшчэ з хвіліну беглі. На ўсялякі выпадак мы паехалі дадому вакольнай дарогай, каб зьбіць сабачак са сьледу.
Але таце мы сказалі, што ўсё прайшло добра, бо хто яго ведае.
41. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра каханьне
Калі мой брат Хуліё, узьнёслы падлетак, упершыню закахаўся, ён адчуў такую жальбу, што заплакаў. Яны ляжалі на лузе, у палыновым пылу, у пылку белых рамонкаў, у строкаце стракозак.
– Я так кахаю цябе! Не памірай, калі ласка! – ён гладзіў яе па прыполу сарафана, быццам апошні раз.
– Што? З чаго гэта мне паміраць? – насьцярожылася яна.
– Мы ўсе памром... – сіняга-сіняга сарафана.
– Што? Ты дурань!
Яна была старэйшая за Хуліё і надумалася, што ён намякае на ейны ўзрост. І сышла, і кінула зь ім сустракацца, і памерла.
42. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра вумныя кніжкі
У нашай сям'і асаблівым інтэлектам аніхто ня мог пахваліцца, ну а мы з брацікамі дык зусім – урадзіліся поўнымі тупіцамі. Чамусьці нашыя мазгі не жадалі дасканаліцца, і мы з кожным годам не разумнелі, як нармальныя дзеці, а ўсё больш тупнелі і тармазіліся. Магчыма, гэта ўтваралася праз ручнікі, якімі мама перавязвала нам галовы, каб мы менш балюча біліся, падаючы ноччу з ложка. Магчыма, гэныя ручнікі пераціскалі нейкія важныя артэрыі, і нашыя мазгі не атрымлівалі належнага жыўленьня.
Калі мы скончылі трэцюю клясу, перад тым, як адпусьціць нас на вакацыі, дырэктар школы вымераў нам інтэлекты і пацмокаў языком. «Такой кепскай адзнакі я яшчэ ня бачыў, – сказаў ён. – Вам пара разумнець, пакуль яшчэ ня позна! Мазгі – яны хутка дубянеюць, і потым ужо наогул анічога ня зробіш. Я вам раю чытаць пабольш кніжак. Ручаюся, гэта лепшае, што вы можаце распачаць! Сам я ў дзяцінстве таксама быў тупак, але кожны год чытаў па кніжцы, мазгі зараджаліся, як батарэйкі, і ў выніку вось – зараз я вышэй за сярэдняга, нават дырэктар. Памяркуйце!»
Мы памеркавалі і пастанавілі, што сапраўды пара брацца за розум, але што кожны год чытаць па кніжцы – гэта занадта. Лепш прачытаць адну, але надзвычай складаную, і тады мазгам хопіць зарада на ўсё жыцьцё. Мы пабеглі ў бібліятэку і спыталі сама разумнейшыя кніжкі, якія толькі яны маюць. Бібліятэкары пашапталіся, пашабуршаліся і прынесьлі, на адмысловым лякіраваным падносіку. Мы падыходзілі па адным і цягнулі наўздагад, з зачыненымі вачыма: Хуліё выцягнуў «Фэнамэналёгію духу», Колік – «Крытыку чыстага розуму», Толік – «Быцьцё і час», Валік – «Лёгіка-філязофскі трактат» з камэнтарамі, а мне прыпаў «Уліс».
Спачатку я ўзрадаваўся, што з раманам будзе прасьцей, чым зь філязофіяй, ды дзе там – кніга аказалася жорсткай і зубаскрышальнай! Закусіўшы рукаў, я цэлых тры жудасных дні запар упарціўся, не здаваўся і прадзіраўся скрозь абзацы, нават у прыбіральні. Мне таксама хацелася стаць дырэктарам! Але маё юнае цела нясьцерпна пакутавала жахлівым чытвом і ў адзін цудоўны момант аканчальна адхіліла яго – пальцы самі сабой расьціснуліся, і Джойс паляцеў у сьмярдзючую яму. Вылавіць яго не было ніякай надзеі, цяжкая таміна адразу патанула. «Авохці мне! – забедаваў я, – цяпер ужо ніколі не пазбыцца мне тупасьці!» Спустошаны, ані не паразумнеўшы, са сьлязьмі роспачы на вачох, я выйшаў з прыбіральні і павалокся на возера, да зрыву, глядзець на чаек.
Як жа я ўзрадаваўся, калі спаткаў тамака ўсіх маіх брацікаў! Выявілася, што Хуліё страціў Гегеля ў лесе, Колік выпадкова спаліў Канта ў вогнішчы, Толік незнарок спрэс заліў Гайдэгера чарнічным сочывам, а ў Валіка адабралі Вітгенштэйна хуліганы. Мы абняліся і доўга плакалі разам, а потым купаліся. Зразумела, на наступны ж дзень мы пабеглі ў бібліятэку зноў, але ў падаўжэньні абанэмэнта нам адмовілі.
43. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра дзёньнік
Калі ў нас з брацікамі пачалі прабівацца першыя бакенбарды, мы вычыталі ў юнацкім часопісе, што вельмі карысна весьці дзёньнік, запісваць у яго ўсялякія падзеі – і потым аднойчы, праз гады, будзе прыемна разгарнуць яго і ўсё ўспомніць. Як і належала, мы вялі дзёньнікі ноччу, глыбока пад коўдрай, зь ліхтарыкамі. І, зразумела, хутка за гэтым заняткам нас застукаў тата. Мы зрабілі непавінныя выгляды, а ён зрабіў выгляд, што нічога не заўважыў. Але без зануднае павучальнае казкі не абышлося:
– Жыў-быў адзін чалавек, які вельмі турбаваўся каб анічога са свайго жыцьця ня страціць. Спачатку ён вёў дзёньнік, і скрупулёзна ўносіў туды кожны свой рух.
– І? – мы былі раззлаваныя і наважаныя скептычна.
– А потым дзёньніка яму здалося мала, і ён купіў фотапарат, і кожны дзень фатаграфаваўся, калі-нікалі нават па некалькі разоў.
– І?
– А потым і фотаздымкаў яму здалося мала, і ён купіў відэакамэру і дыск зь велізарнай памяцьцю, і бесьперастанку здымаў сябе ў вышэйшай якасьці. Менавіта так, ішоў па вуліцы, адставіўшы руку з камэрай, і здымаў сябе.
– І?
– І ён засьняў усё-прыўсё сваё жыцьцё, да сама глыбокае старасьці. А потым ціхамірна сканаў.
– І?
– І ўсё! А што вы яшчэ хацелі?
44. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра самага разумнага чалавека
Глядзець Сама Разумнага На Сьвеце Чалавека мы з мамай і татам паехалі ў абласны опэрны – бо ў наша мястэчка яго не прывозілі. Перад тым, як ісьці ў касу, тата адвёў нас у тэатральны рэстаран, спачыць з дарогі, і тут нам пашанцавала – за суседнім столікам абедаў сам Старэйшы Білетэр. Ён павітаў нас, паслаў бутэльку бажале і крыху распавёў пра атракцыён. Паказ ішоў ужо другі сэзон, людзей было не зашмат, але ён усё ж параіў ня йсьці з усімі, а набыць пэрсанальныя квіткі і сустрэцца з Сама Разумным На Сьвеце Чалавекам асабіста, наўпрост у ягоных апартамэнтах. «Калі?» «Зараз». Тата ахвотна падпісаў чэк, мы даелі салаты і паехалі на ліфце – ён жыў тут жа, у пэнтхаўсе адміністрацыйнага корпуса. Старэйшы Білетэр адамкнуў замок сваім ключом, але сам заходзіць ня стаў, расчыніў дзьверы і саступіў убок. «Пяць хвілін». У пэнтхаусе было прасторна і сонечна, Эванс летуценна падыграваў Холлу, віселі партрэты Пірагова, Боткіна і яшчэ некалькіх, незнаёмых нам. Сама разумны чалавек сядзеў на тапчане, закінуўшы нагу на нагу, паліў цыгарэту з мэнтолам і гартаў часопіс. Мы расьселіся ўздоўж супрацьлеглае сьцяны на крэслах і глядзелі на яго. Ён насіў штаны ў вузкую палоску, вольны хатні пінжак і балеткі. «Напэўна, трэба нешта спытаць у яго», – шапнуў тата.
– Прывітаньне! – сказалі мы.
– Прывітаньне, – адгукнуўся ён, ветліва адарваўшыся ад часопіса.
– Як цябе завуць?
– Аляксандар.
– Колькі табе год?
– Трыццаць два.
У ягоных вачох чыталася незвычайная моц думкі, спакойная і сьвядомая, і за кожным словам стаяў імгненны ланцуг інтэлектуальна бездакорных высноваў. Мы губляліся – пра што запытацца? Чым адрозьніваецца кангруэнтнасьць ад канвэргентнасьці? Ці зьяўляецца рацыянальнай пастаянная Эйлера? Як распазнаць нягодніка зь першага погляду? Навошта ў носе растуць валасы? Усё гэта было дурное і недарэчнае, маўчаньне доўжылася, і нас пачала падшыбаць благая весялосьць.
– Колькі будзе два плюс два? – дрыготкім голасам спыталі мы і зарохкалі, душачы сьмех.
Тата з мамай таксама рохкнулі. Сама Разумны На Сьвеце Чалавек паглядзеў на нас з дакорам. Ён адкашляўся, зірнуў на гадзіньнік і апусьціў вочы назад у часопіс. Ягоныя бровы былі зьдзіўлена паднятыя, але ён стрымаўся і ня стаў вымаўляць нам, бо мы заплацілі за квіткі і мелі права на ўсё.
45. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра прадказаньні
Адной з улюбёных забавак у нашым горадзе былі аракулы. Бліжэйшы да нас аракул знаходзіўся на суседняй вуліцы, насупраць малочнае крамы – шэрая дашчаная будка зь зялёным эмаляваным вядром на столку. Калі вам прыходзіла ў галаву думка – вы запісвалі яе на аркушык і кідалі ў вядро, а калі шукалі прадказаньне – ціхутка загадвалі пытаньне, засоўвалі руку паглыбей і выцягвалі штосьці наўздагад. З усіх нас да аракула часьцей зьвяртаўся закаханы Хуліё – каб атрымаць падказку пра шляхі да ўзаемнасьці. Аракул часам сапраўды гаварыў справу, але звычайна абвяшчаў нешта абстрактнае ці нават расхалоджваў.
«Сэксуальная пацяга існуе дзеля таго, каб нават самая грубая чалавечая душа мела магчымасьць зьведаць каханьне. Мяккі, але настойлівы штуршок у сьпіну».
Прачытаўшы такое, Хуліё сьмяяўся і махаў рукой, а Колік адбіраў у яго аркуш і наклейваў над сваім ложкам – ён меў ідэю, што шмат маленькіх прадказаньняў аднойчы дасягнуць крытычнае масы і зьліюцца ў адно велізарнае, усёабдымнае.
46. Уцёкі ды туляньні. У ахвяру
Трасучыся са страху, я прасядзеў паміж плітой і мыйкай ўсю раніцу. Трывожны вецер пастукваў форткай, падрыгваў фіранкай. Нага дранцьвела, казыталася, калолася іголачкамі, а потым быццам зьнікла, стаяла асобным прадметам. Чорны павучок доўга-доўга спускаўся па куце, агінаў маё плячо, агінаў локаць... схаваўся ў шчыліне пад ліштвай. Палудзень. Цень аконнае рамы доўга-доўга поўз па падлозе, пераламваючыся на табурэтах, бялеў... растаў пад сталом. Набліжаўся вечар, Паляўнік ня йшоў, але страх не праходзіў.
Калі нарэшце шчоўкнуў ключ, я тузануўся, спатнеў, прахалодныя струменьчыкі пацяклі па рэбрах. Лёгкія крокі – гэта магла быць і дзяўчына-гаспадыня, і бясшумны ён! Але пяшчотны кашаль выдаў жаноцкасьць – і я рвануўся са свайго закутка, прывалокваючы чужую непатрэбную нагу, убачыў яе, упаў. Я абняў яе за туфлі і залапатаў:
– Выратуй! Выратуй!
Яна прысела, ускудлаціла мае валасы і запэўніла:
– Я выратую цябе.
Яна вырвала лісток з нататніка і рупліва-нахільна напісала адрас свайго лецішча, гадзіну на паўночнай электрычцы. «Там цябе ня знойдуць. Ніхто ня ведае, а бабуля памерла». Я цалаваў яе туфлі, цалаваў калготкі на костачках, такія непрыемныя вуснам – і тут грынуў званок! Аглушальна!
– Выратуй! Выратуй! – бязгучна прашаптаў я.
– Я кахаю цябе, – бязгучна адказала яна.
Яна штурхнула мяне за вешалку, пазахінала кажухамі і расчыніла дзьверы. Цішыня. Ён, ён, бясшумны Паляўнік! Я ўціскаўся ў сьцяну, адасабляючыся ад кажухоў, каб яны ня ўздрыгвалі праз удары майго сэрца. Толькі б не паглядзеў, толькі б не паглядзеў! Два ціхіх кроку, выразнае дыханьне забойцы. Чаму яна маўчыць? Але яна не падвяла, не дала паглядзець:
– Заходзьце! Вось сюды, сюды. Як прыемна ад вас пахне... дазвольце... ах, нічога, проста нітачка ў вас на каўняры. Вось сюды, сюды сядайце. Гарбаты? Сыру? Ах, і добра, што ня хочаце, я толькі што са службы і да таго стамілася... Нічога, калі я прылягу? Не-не, ня рухайцеся... О, мае ножкі, як вы натрудзіліся... Вы не маглі б трошачкі..? Так, вось так, вось так... О... Які вы моцны! Так, так... Калі ласка... Так, так... О!..
Ложак выратавальна рыпаў, і я адважыўся рассунуць кажухі, павольна-павольна, плачучы з жаху і баючыся ўсхліпнуць. Яна пакінула дзьверы прыадчыненымі, мая ахвярная! Бласлаўляючы яе, я сьлізгануў на пляцоўку і паляцеў уніз па лесьвіцы, праз тры, празь пяць прыступак, да трамвая, на вакзал.
47. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра пыласосьніка
Па чацьвяргах да нас прыходзіў пыласосьнік – дужы мужчына ва ўзросьце, з шырокімі вусамі на сур'ёзным твары, у вязанай кофце і вэльвэтавых штанах. Пыласос ён насіў на брызэнтавым рамяні цераз плячо, цёмна-сіні самсунг, маленькі, але моцны. Паважна павітаўшыся з татам і мамай і пачаставаўшы нас з брацікамі маркоўным пірагом, ён умыкаў пыласос у разэтку і прымаўся за справу. Ён пыласосіў старанна, з задавальненьнем, усьміхаючыся і напяваючы, не прапускаючы аніводнага сантымэтра. Ён не ленаваўся і ня грэбаваў насадкамі: шчотка для падлогі, плоскі плашчак для дываноў, тарка для канапаў, соска для цяжкіх кутоў. Мама не аднойчы згадвала, што пыласосьнік ходзіць па хатах выключна дзеля ўласнага задавальненьня, але аднойчы мы вырашылі даведацца пра гэта ў яго самога. З хвіліну мы штурхаліся ў яго за сьпіной, саромеючыся падысьці, і нарэшце выштурхнулі Валіка. Зьбялеўшы, Валік крануў пыласосьніка за рукаў. Павярнуўшыся і ўбачыўшы нас, ён вымкнуў пыласос і падняў на лоб шкляныя матацыклетныя акуляры, якія напранаў для бясьпекі.
– Дзядзечка, навошта вы пыласосіце? – піскнуў Валік.
– Падабаецца, – адказаў ён проста. – Вядзеш шчоткай па пылу, а за ёй роўны чысты сьлед застаецца. Праз гэта мне прыемна становіцца, і адчуваю лёгкае такое ўзбуджэньне, быццам з горкі лячу. Як у піянэрскім лягеры ўбачыў пыласос ў першы раз, так і закахаўся ў яго!
– Але няўжо ж вам не надакучыла?
– Не, дзеткі, не надакучыла... – пакруціў ён галавой і задумаўся, а за хвіліну прамовіў: – Я вам вось што скажу, дзеткі. Празь зьменьлівасьць – усе беды чалавечыя. Адзін жанчыну пакахае, а потым разьлюбіць і кіне, іншы пачне сымфонію пісаць, стоміцца і плюне, а трэці шчанятку прыгрэе, прылашчыць, дый утопіць праз паўгады. Запомніце: чалавеку, якому надакучыла, імя паганец. А што будзе, калі ён у Госпада спачатку паверыць, а потым надакучыцца? Маўчыце? Вось як.
І ён, пагладзіўшы нас па галовах, працягнуў уборку, а мы марудна падняліся ў свой пакой і селі на ложку, з запозьненым каяньнем успамінаючы, як учора папрасілі маму не гатаваць больш прасяную кашу. Яна яшчэ так скоса зірнула...
48. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра фізычную культуру
Акрамя іншых прадметаў, у нашай школе вывучалі фізычную культуру. Выкладаў яе сэньёр Рунас, былы абат, народжаны пуэртарыканец. Не па сваёй волі, вядома, а па прызначэньню дырэктара – настаўнікаў у тыя часы дужа не хапала. Сэньёр Рунас быў чалавекам духоўным і пагарджаў фізычнай культурай. Усе нашыя практыкаваньні складаліся з павольнага гуляньня да школьнага стадыёна і сядзеньня на травяністым узгорку пад яблыняй. Некаторы час мы традыцыйна глядзелі на праплываньне аблокаў, а потым ён частаваў нас цукеркамі «кароўка» і пачынаў занятак:
– Ці магчымае ў наш час хоць нешта? Ці магчымае прынцыпова? – голас сэньёра Рунаса быў сумны. – Што б мы ні сказалі, што б ані падумалі – усё ўжо накрэсьлілі на скрыжалях Вялікія. Гекатомбы Вялікіх строга сочаць за нашымі наймалейшымі пукамі: «га? што ты тамака наважыўся? мы ж ужо пісалі пра гэта – сто гадоў таму і нават тысячу!» Любую нашую думку можна раскласьці на Вялікія складнікі. Любую, любую, любую. Што вы на гэта скажаце, дзеткі? Думайце.
– Апакаліпсіс блізкі, як ніколі, – звыкла адказваў Толік, і ўсе моршчыліся з гэткай банальнасьці.
– Хутка наперадзе якасны скок, пераход на новы ўзровень. Нечуваны фазавы зрух! – казаў я, з усіх сілаў спрабуючы не зарагатаць і праз слова пачмыхваючы. Але мае жарты даўно надакучылі, і ўсё слухалі Валіка.
– Толькі плябей і выскачка разглядае ўласныя думкі скрозь чужыя прызмы! – усклікаў Валік узьнёсла. – Моцны і сьмелы ня чуе шэпту з магілаў, моцны і сьмелы стварае сьвет нанава!
– Толькі плябей і выскачка пагарджае футболам! – перарываў Колік, нахабна гледзячы абату ў вочы. – Сапраўдны арыстакрат духу не баіцца цела, яно падуладнае яму, як паслухмяны інструмэнт. Брамс абліваўся халоднай вадой, а Брытэн гуляў у тэніс!
Карацей, у нас было весела. Потым мы ўсе разам ішлі шукаць Хуліё, і знаходзілі яго ў зарасьніках багуна – ён ляжаў і закахана стагнаў, і цёрся плячыма аб купіны, як кот. Ён марудліва паварочваў на нас свой погляд, але нічога ня бачыў і ня чуў, пагружаны ў салодкія мары. Сэньёр Рунас яго заўсёды хваліў і ставіў прыкладам: вось вам чалавек новага сьвету! Вучыцеся.
49. Змрочныя засьценкі. Гэта толькі пачатак
Паціху чарната ажывала. Праяўляліся вобразы, прадметы, і ўсе – чароўна насычаных колераў, зь цьвёрдымі акруглымі гранямі, быццам зробленыя зь ледзянцоў. Дакрануцца было немагчыма, і я глядзеў. Мае таварышы, якія аказаліся жыцьцяздольнейшымі за мяне, ужо на ўсю моц займаліся: дзяўчынка Леначка, былая сьляпая, танчыла перад люстэркам у велізарных ліловых слухаўках, а вакол яе ў такт нячутнай музыцы ўспыхвалі россыпы далікатных промняў; аўтааматар Рыгор, сагнуўшыся над джойсьцікам, насіўся па сэрпантынам на навюткіх нісанах, перакульваўся, ляцеў, узрываўся букетам вогненных аскепкаў і імчаў далей; шахцёрскі сірата Куценька з блажэннай усьмешкай плыў на белай хмарцы над залатымі палямі, над зялёнымі лясамі, над новабудоўлямі, з жаўрукамі.
– Як до-обра, Ролю, га? Як хо-ораша! – сьпяваў Куценька.
Я не адказваў.
– Не лянуйся, ствары штосьці, зрабі сабе па-альчыкі.
– Мне тут не падабаецца.
– Ну навошта ты адразу! – Леначка ссоўвала слухаўку. – Гэта толькі пачатак! Далей будзе цікавей! Ну што ты дзічысься?
– Не хачу. Сыду.
– Цябе не адпусьцяць!
– Уцяку.
– І як жа ты ўцячэш?
– Уцяку.
– Да матухны захацеў? А пра Белага Паляўніка чуў? – паварочваўся Рыгор. – Ад яго не схаваесься, ён за кілямэтры зьбеглых чуе! І бачыць скрозь сьцены, скрозь атамную рашотку! Ловіць такіх, як ты, коле з шпрыца атрутай і душыць.
– Лухта.
– Сам ты лухта! Ляжыш тут і ня ведаеш анічога. А нам ужо шмат чаго распавялі.
– Яны ня могуць трымаць тут чалавека супраць волі.
– Чалавека мо й ня могуць. Але хто тут чалавек?
Я маўчаў.
– І ведаеш што?
Ён нахіліўся да мяне. «Каго зьбеглага зловіць – наругаецца і скарыстаецца. Жах які шалёны, усё яму мала». Ён адвярнуўся і самазадаволена круціў галавой, разьмінаючы шыйныя пазванкі. На ўкормленым карку пераліваліся зморшчыны скуры. Гад! І тут я раптам зразумеў той унутраны рух, якім ствараюць рэальнасьць і робяць сабе пальчыкі. Я ўжо адчуваў, як яны распухаюць і выцягваюцца – дужыя, касьцяныя, з агрубелымі кончыкамі.
4A. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра словы
Калі мы былі маленькія, перад існом нам абавязкова патрабавалася казка. Мама распавядала выключна добрыя казкі, і ўгаварыць яе на страшную было амаль немагчыма. Іншая справа – тата. Патушыўшы лямпу, ён запальваў ліхтарык і сьвяціў сабе на твар зьнізу, каб дадаць жудасьці. Ён ведаў, якія казкі мы любілі больш за ўсё – калі ў іх таямніча зьнікаюць маленькія хлопчыкі.
– Жыў-быў адзін хлопчык, зусім звычайны: вучыўся сярэдне, паводзіў сябе паслухмяна, любіў валачашчых сабакаў і час ад часу ірваў на каленках штаны. Бацька ягоны працаваў у будоўлі – да позьняе ночы ўзводзіў жыльлёвыя масівы, а часам і наогул у камандзіроўку зьяжджаў. А маці была мастачкай, займалася батыкам і керамікай, і на хлопчыка ў яе таксама часу бракавала – то выставы, то сэмінары, то творчая ліхаманка. Таму на мозг яму ніхто ня ціснуў, і ён разьвіваўся вольна ва ўсе шэсьць бакоў. У малодшай школе хацеў, як і многія, стаць пажарнікам і сьледчым, а крыху пазьней, клясе а пятай – архітэктарам або мастаком, накшталт маці з бацькам. Благія кампаніі шчасна абышлі яго бокам, дый ён і не сябраваў ні з кім асабліва, толькі з адным тоўстым аднакляснікам-выдатнікам. А дзівацтвы ягоныя ўпершыню выявіліся ў сёмай клясе, калі на занятках па грамадазнаўству зноў пачалі абмяркоўваць пляны на будучыню. Дзеці пасталелі: хто хацеў займацца прафэсійным спортам, хто – мэдыцынай, хто – бізнэсам. Тоўсты выдатнік абвясьціў, што стане лінгвістам і філёзафам. Потым чарга дайшла да нашага хлопчыка, і ён сказаў, што ягонае прызначэньне – кабарын. «Гагарын? – недачула настаўніца, – ты хочаш стаць касманаўтам?» «Кабарын», – паўтарыў хлопчык. «Барын!» – гукнуў нехта, і ўсе рагаталі. «Кабан! Ха-ха-ха! Кабан!» «Ціха, дзеці! – настаўніца падумала, што хлопчык пажартаваў. – Ня сьмешна. Сядай. Хто наступны?» Але з тых часоў заўсёды, калі гаворка заходзіла пра прафэсію, хлопчык казаў, што ён стане кабарынам. Некаторыя сьмяяліся, а некаторыя дапытваліся – і хлопчык пачынаў тлумачыць ім значэньне слова, але зразумець чамусьці ні ў каго не атрымлівалася. Нарэшце ўсе зацьвердзіліся, што хлопчык занадта загуляўся ў свой жарт, ужо надакучыўшы, і гэтую тэму абыходзілі бокам. За ім замацавалася мянушка Кабарын, а пра гісторыю мянушкі пакрысе забыліся. Прайшло пару гадоў, і школа скончылася. Увечары бацька падарыў хлопчыку сталёвую запальнічку і скрынку з прэзэрватывамі, а потым спытаў, куды той пойдзе вучыцца. Хлопчык адказваў, што паступае ў каледж, і назваў спэцыяльнасьць. Бацька не зразумеў з назвы ніводнага слова, але каб не губляць годнасьці, выгляду не падаў. Ці мала бывае спэцыяльнасьцяў? Галоўнае – сын ведае, чаго хоча. А маці ўдзельнічала ў чарговым вэрнісажы і наогул засталася ня ў курсе. І вось: прыкладна празь месяц, калі маці йшла перад існом у прыбіральню, яна ўбачыла за прыадчыненымі дзьвярыма ваннага пакою постаць сына, усю ў рабізьне, як гэта бывае на экране тэлевізару падчас дрэннага прыёму сыгналу. «Сынок!» – паклікала яна спалохана, і ён павярнуўся да яе, зрабіўшыся цалкам нармальным. Ён чысьціў зубы. «З табой усё добра?» – спытала яна. «Афуль вялф кабарын сінул», – ён неразборліва ўсьміхнуўся ёй скрозь пену пасты. Маці зрабіла выгляд, што зразумела яго, і ўсьміхнулася ў адказ. Наступным разам бацька, вярнуўшыся з будоўлі моцна падпіты, прыабняў хлопчыка за плечы і па-сяброўску пацікавіўся – ці маюцца у ягонай групе дзеўкі фігурыстыя? «Валдорн мунія пэнезполд кабарын. Сямболіпі геліскул», – паківаў хлопчык шчыра. Ягоныя плечы пікалі. Бацька зьбянтэжана паглядзеў на яго, але сьпісаў усё на гарэлку і пайшоў спаць. З таго дня хлопчыка ўжо ніхто ня мог зразумець. А потым ён зьнік. І сабакамі яго шукалі, і вадалазамі, і сяброў апытвалі, і дзевак фігурыстых. Нарэшце прыйшлі да аднаклясніка-выдатніка дапытвацца. «Ну а чэ ж вы хацелі? – адказваў выдатнік удумліва і з дыхавіцай. – Ён стаў-такі кабарынам». «Але што, што гэта такое?!» – усклікнуў бацька. «Дык у тым і справа, што незразумела, што гэта такое. Слова гэтага ў чалавечай мове няма. І паняцьця такога няма. А ён узяў, дый атаясаміўся з гэтым. Выйшаў, як гавораць, за межы разуменьня. Ступіў!» «Але гэта ж проста слова! Слова! А дзе наш сыночак?» – загаласіла маці. «Даволі словаў! Дзе цела?» – падтрымалі яе сьледчы і пажарнік. «Ну чэ ж вы гэткае кажаце, га? – выдатнік засьмяяўся тоўстымі шчокамі. – Дарослыя ж людзі. Высьмяхаецеся, ці што? Дэрыду не чыталі, ці што? Няма, няма аніякіх целаў, каб вы ведаць хацелі, – і, вытрымаўшы значную паўзу, важка вымавіў: – Ёсьць толькі словы».
4B. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра недаеданьне
Па аўторках пасьля школы мы з брацікамі звычайна зьбіраліся і рабілі тое, чаго яшчэ ні разу раней не рабілі. Напрыклад, аднойчы мы выправіліся ў рэстаран. Адмыслова дзеля гэтага мы пераапрануліся ў белыя кашулі, чорныя строі, лакавыя туфлі, прычасаліся і ўвайшлі. Мы стараліся паводзіць сябе бездакорна: па чарзе важка казалі пра палітыку, стрымлівалі міміку, не дакраналіся да твару і сядзелі прама, прыціскаючы локці да бакоў. Калі прынесьлі ежу, мы па-шляхецкі адтапырылі мезенцы і з выглядам знаўцаў боўталі віно ў келіхах, разглядаючы яго на прасьвет. Ежа была ня надта смачная, але мы мэтадычна зьелі ўсё да дробачкі, наклаўшы кожную нажом на відэлец і пражаваўшы з зачыненымі вуснамі 33 разы. Мы спрабавалі адгадаць па афіцыянтам, ці добрае пра нас складаецца ўражаньне, але афіцыянты чамусьці адводзілі ад нас погляды, і на іхных тварах не было й ценю належнае пачцівасьці. Прываліўшыся плячыма да сьцяны, яны глядзелі кудысь у акно. Нават чаявыя яны прынялі холадна й напышліва, а ахоўнік праводзіў нас адкрыта пагардлівым позіркам.
«Што мы зрабілі ня так?» – спыталі мы ў таты з мамай, вярнуўшыся. Тата заўважыў, што толькі дурні ходзяць у рэстаран, бо там табе могуць плюнуць у талерку, але мама патлумачыла: ані ў якім разе нельга даядаць ежу да канца, гэта верх непрыстойнасьці. Ідзіце і паспрабуйце яшчэ раз, у вас усё атрымаецца.
«Што за абсурд і бязглузьдзіца?» – падумалі мы, але паслухаліся мамінае парады і вярнуліся ў рэстаран. Зараз, дачакаўшыся падачы супу, мы нават не дакрануліся да яго, і толькі дакорна маўчалі, зрэдку прамакаючы лбы хустачкамі. Вынік быў імгненны: афіцыянты занепакоіліся, забегалі вочкамі, заскублі бародкі. Зьмяніце! – крыкнуў Колік празь дзесяць хвілін. Прыбралі суп і прынесьлі наступныя стравы. Цяпер афіцыянты сьмешна драбязілі і лісьліва падхіхіквалі. Мы моршчыліся і адсоўвалі прыборы далей. Мы закурылі і стрэсвалі попел са зьдзіўленай пагардай, быццам попельніца была заплёваная. Прыбярыце! Нясіце кампот! – загадаў Валік празь дзесяць хвілін. Падлашчваючыся і зазіраючы ў вочы, афіцыянты вынесьлі кампот. Стоячы за нашымі сьпінамі, яны зьняважана горбіліся і манежыліся, як малпы. Мы кінулі на стол сурвэткі, кінулі банкноты і падняліся. Яны пабеглі да нас, падаючы паліто, капелюшы і пальчаткі. У змрочным маўчаньні мы выйшлі. Я выходзіў апошні і бачыў краем вока, як ахоўнік працягнуў нам усьлед малітоўна складзеныя рукі. Уся ягоная пастава выяўляла роспач. Трагедыя адрынутага апостала.
Вось так з кожным аўторкам няробленых спраў заставалася ўсё менш. Мы глядзелі ў будучыню з некаторай асьцярогай – што будзе, калі мы зробім абсалютна ўсё?
4C. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра пляваньне
На шчасьце, аўторкі хутка канчаліся, упэўненасьць і аптымізм вярталіся да нас, і мы з палёгкай казалі адзін аднаму: не, справы ніколі ня скончацца! Таму што адна справа цягне за сабой дзесяць іншых. «Жыцьцё невычэрпнае, прынамсі невычэрпнае чалавекам», – так мы думалі па серадах, і з гэтае думкі нам рабілася лёгка і радасна. Мы спаборнічалі: хто хутчэй прыдумляў новую справу, таго на ўвесь дзень менавалі трыюмфатарам. Аднойчы Валік прыдумаў пайсьці паглядзець, як гатуюць ў рэстарацыі. Дакладней, спраўдзіць татавы словы, ці на самой справе кухары й афіцыянты плююць у ежу, і калі так, дык у які менавіта момант? Бо калі плюнуць, прыкладам, у гарачае да гатовасьці, дык палкі пар мусіць абясшкодзіць заразную сьліну? Мы пераапрануліся ў кухараткаў і пракраліся на кухню праз чорны ход, беззабаронна абмінуўшы ахову. Мы адразу зразумелі, што прыйшлі не дарма – на кухні было надзіва весела! Кухары з рогатам спаборнічалі, хто трапней заплюне ў харчо: адыходзілі на дзесяць крокаў, на дванаццаць, мылялі вуснамі і шчокамі, стымулюючы сьліну. У піццу плявалі пад кожную каўбаску, у сушы плявалі пад кожную рыбку. Афіцыянты не адставалі, на бягу падплёўвалі ў мусы, соўсы і чызкэйкі, а нажы і відэльцы перад падачай аблізвалі сваімі распухлымі ад празьмернасьцяў языкамі. Мы запыталіся ў самога тоўстага кухара, па выглядзе шэфа, ці перадаецца сьнід празь сьліні? Вядома! – важна пацьвердзіў ён, і ўсе іншыя кухары згодна заківалі. І ня толькі сьнід, і ўсё астатняе таксама! Давайце, дзеткі, ну! Плюйце ў салаты! Мы спачатку крыху саромеліся, але потым увайшлі ў смак і з гіканьнем заскакалі па кухні, заплёўваючы ня толькі салаты, але й чыстыя талеркі. Вось малайцы! – нахвальвалі нас кухары, – вось прыгажуны! Яны хутка-хутка шаткавалі моркву і кідалі нам аранжавыя кружочкі, а мы лавілі ратамі і хрумсталі. Потым у ахоўнікаў надышла перазьменка, і яны далучыліся да нас, але ім больш падабаўся студзень. Ну дык што, тлумачылі нам ахоўнікі, ну дык што, што ў яго наплявалі? Па-першае, сьліна нячутная на смак, па-другое, мы самі сухотныя і бацылу не баімся, па-трэцяе, ганарыстасьць нам чужая. Ахоўнікі падарылі нам вялікі сьвісток, крыху абкусаны па краі, з аксаміцістым белым шарыкам усярэдзіне, а кухары падарылі зручную прыхватку зь сінімі васьміножкамі.
З тых часоў мы ніколі ня грэбавалі есьці у рэстаранах.
4D. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра працу мастака
Яшчэ да таго часу, як мяне аддалі на вучэньне, мой брат Валік, выдатнага таленту мастак-партрэтыст, ужо дамогся шырокага грамадзкага прызнаньня. Рамантычна наважаныя дылетанты лічаць, што жыцьцё мастака поўніцца натхненьнямі, творчымі імпэтамі і працякае за мальбэртам, палітрай і палотнамі – але гэта дрымучы міф. На пісаньне партрэта Валік губляў ня больш за паўгадзіны – ён быў пасьлядоўнікам мінімалістычна-экспрэсіўнае школы – а потым пачыналіся званыя абеды. Праца мастака ў тыя часы аплачвалася мізэрна, і Валіку, адзіны карміцель малютак-брацікаў, мусіў пісаць партрэты штодня, а потым яшчэ й заставацца на абед, каб зэканоміць на харчах.
Званыя абеды Валік ненавідзеў тужлівай нянавісьцю. Пісаць партрэты яго запрашалі альбо з нагоды паўналецьця дачкі, альбо на чэсьць срэбранага вясельля, альбо па факту выхаду ў адстаўку – і зразумела, што і заказчыкі, і іхныя госьці былі спрэс невыносныя пачвары. Чаго каштавалі адны толькі інспэктарыхі! Агурок ня лез у рот, калі яны пачыналі павучальныя гутаркі пра тонкую энэргетыку, нэгатыўны магнэтызм і духоўныя практыкі. Глытай, глытай! – прымушаў сябе Валік, але горла сьціскалася, не прымаючы нават сьлізкі салёны грыбочак. А масьцітыя, мацёрыя намесьнікі? Яны былі яшчэ горай за сваіх жонак: навальваліся на плячо, сыта дыхалі каньяком і з прыцмокваньнем, з сапеньнем, з пачмякваньнем успаміналі свае гнюсна-студэнцкія гады. Калі намесьнікі нарэшце сыходзілі ў курыльню, і зьяўлялася нявызначаная паўза, Валік пасьпешліва набіваў рот бульбай і памідорамі. Кусаў, жаваў, глытаў, запіваў кефірам. Шчасьце, калі абед на гэтым канчаўся! Але часьцяком канец быў кепскі: ці то гаспадары, ці то госьці патрабавалі музыку. І, пасьля кароткіх роздумаў пра рэпэртуар, прыжмурвалі вочы, з аднадушна глыбокай павагай шэпчучы: Аббу!
Гэта Валік ўжо ня мог вытрымаць! У шаленстве ён ускокваў, перакульваючы крэслы і абрушваючы кашпо, і равеў першабытным голасам: ненавіджу! ненавіджу! праклінаю мярзотную Аббу! І падаў у непрытомнасьці.
Пачынаўся перапалох. Валіка ўкладвалі на пярыны, пырскалі размарынам, тэлефанавалі фэльчару, паілі парашкамі і давалі нюхаць соль. Нарэшце выклікалі павозьніка і адпраўлялі дадому. Мадамы вагалі галовамі ўсьлед: «Які выкід нэгатыўнае энэргіі! Творчая асоба, што зробіш».
Мы беражліва здымалі Валіка з каламажкі, вялі ў хату. Чысьцілі яму зубы, прычэсвалі і клалі спаць. Заўтра зноў трэба было ісьці батрачыць.
4E. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра холад
Калі пачынала халаднець, перад існом да нас з брацікамі падымалася мама і захінала ў коўдры і пледы. Яна настойвала, каб мы спалі ў піжамах, хоць нам гэта здавалася нядужасьцю, нявартай моцных духам і загартаваных целам асобаў. Пачакаўшы, пакуль яна спусьціцца па лесьвіцы, мы скідалі зь сябе ўсё, разнасьцежвалі фортку і засыпалі ў суровай прахалодзе. Але аднойчы мама па нешта вярнулася і, застаўшы нас мужна голымі, шчыра зьдзівілася.
– Няўжо вы ня чулі казку пра холад? Дык слухайце: жыў-быў адзін чалавек, у чыне старшыны, і вышэй за ўсё ў жыцьці ён ставіў холад. І ўлетку і ўзімку абліваўся ён халоднай вадой, суп еў выключна зь лядоўні, споднікі не прызнаваў, спаў галяком на бальконе і шанаваў загартоўку як сама галоўную чалавечую дабрачыннасьць. Усіх перасягнуў сваёй загартаванасьцю старшына: і адважных сяржантаў, і хвацкіх лейтэнантаў, і крэпкіх маёраў, тыя толькі дзівіліся й разводзілі рукамі ў захапленьні – куды, дзей, нам да яго! Нялёгка даводзілася старшыне, кожны зімовы дзень быў для яго пакутлівым выпрабаваньнем, але ён не здаваўся: са скрыгатам расчыняў дзьверы ў мяцеліцу і піў ледзяны кефір тварам да ветру, а потым залазіў у гурбу і са стогнамі расьціраўся мокрым ручніком. І вось аднаго разу вярнуўся ён дадому са службы да таго прамёрзлы, галодны і стомлены, што з жалю да сабе ў яго аж сьлёзы навярнуліся. І вось сядзіць ён, і бачыць раптам пад крэслам шкарпэткі – старэнькія чорныя шкарпэткі, з латкамі на пятцы – і дай, думае старшына, надзену я гэныя шкарпэтачкі, вялікай бяды ня зробіцца, ах, якія шкарпэтачкі. Нацягнуў ён шкарпэткі, дый так у іх і заснуў. І з таго дня паслабеў і пакаціўся па нахільнай: спачатку ложак з балькона ў пакой перацягнуў, потым пачаў у майтках спаць, потым у кашулі, потым пад шынялём. Але ўсё захоладна здавалася няшчаснаму старшыне! Накрываўся ён і коўдрамі, і пярынамі, і футрамі, і электрагрэлкамі, і дываны на сябе грувасьціў, і матрацы, і поліэтыленавую плёнку для парнікоў, і лінолеум, а пад канец выскачыў і пабег да шахцёраў: апусьціце мяне, братцы, у самую глыбокую шахту! Хачу, каб зямля была ўкруг мяне і каб грэла! Зьдзівіліся шахцёры, але не запярэчылі: прывязалі яго вяроўкай і спусьцілі на сама глыбокі падземны ўзровень. А старшына, калі дна дасягнуў, вяроўку перарэзаў і пачаў капаць, капаць як крот, уніз ды ўніз, і закапаўся, і ніхто яго з тых часоў ня бачыў. Кажуць, што дакапаў ён да самае магмы і ў пекла праваліўся, але й тамака яму холадна, і раз у год чутныя ў той шахце працяглыя стогны... Вось як, дзеткі.
Два разы тлумачыць нам было ня трэба! Мы сьпехам нацягнулі піжамы, схаваліся пад коўдрамі і пледамі і з тае пары ніколі ня спалі ў холадзе.
4F. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра музыку
Калі мы з брацікамі былі маленькія, тата рабіў усё, каб выгадаваць нас адукаванымі і культурнымі. Ён чытаў нам кніжкі, расказваў казкі, вадзіў у кіно, у цырк, і купіў велізарную лакаваную радыёлу. І мы ахвотна адукаваліся! А радыёла адразу стала нашай улюбёнкай – за глянцавыя клявішы. Але таце гэтага ўсяго здавалася недастаткова. Хмурны і заклапочаны, ён наракаў, што вялікая белая пляма ў культурным жыцьці ствараецца праз адсутнасьць у горадзе філярмоніі. І з прыкрасьцю адсоўваў кубак з гарбатай. Але наш тата ня быў пустым летуценьнікам або вечна незадаволеным нэндзам, ён быў чалавекам дзеяньня.
Неўзабаве ён дамовіўся з дырэктарам школы наконт арэнды актавае залі па выходных. І мы пачалі ладзіць філярманічныя канцэрты! Мы прывозілі на калясцы радыёлу, вялікія дынамікі, печыва і пернікі. Расстаўлялі крэслы і рассаджваліся. Тата выступаў у ролі дырыжора: строгі чорны швэдар, ускудлачаныя валасы і настаўніцкая ўказка. Ён стаяў на эстрадзе, гледзячы ўніз. Калі ўзьнікала музыка, ён падымаў твар, засяроджваў бровы і зачынаў чарціць ў паветры указкай, то плыўна, то рэзка і адрывіста, імкнучыся патрапляць у такт. Час ад часу ён пазіраў на нас, і гэта значыла, што ён піша словы, і трэба адгадваць. «Брукнэр – вялікі кампазытар», – чыталі мы. Але Брукнэр і Малер былі нам нудныя. Больш за ўсё мы любілі Шастаковіча. Мы чакалі, пакуль тата паставіць Пятую сымфонію, і тады кідалі крэслы, пачыналі скакаць і бегаць па зале. Гэта не забаранялася, наадварот – тата ўхваляў харэаграфію. Нам падабалася залазіць на эстраду і кідацца адтуль у рукі братоў, на манер панкаў. Тата ўсьміхаўся і таксама трошачку прыскокваў. Паркет парыпваў. Калі кружэлка заканчвалася, мы, цяжка сапучы, ішлі ў буфэт, елі булачкі з павідлам і слухалі татавы развагі пра карыснасьць музыкі. Мама, пасьпешліва тупаючы, уносіла чыгун з баршчом, поўны, цяжкі, гарачы. Тата ускокваў, падхопліваў – не апячыся, матухна! Што ж ты раней не прыйшла? Першае аддзяленьне такое слаўнае было! Ну, хоць на другое пасьпела. Давайце, дзеткі, бярыце лыжкі! Ешце хутчэй і пойдзем. Другое аддзяленьне пачынаецца! І мы глыталі, сьпяшаліся, баяліся спазьніцца.
Вось так пакрысе мы і заахвоціліся музыкай.
50. Уцёкі ды туляньні. У паўночнай электрычцы
У паўночнай электрычцы да мяне прычапіўся старэнькі кантралёр у шапцы-пеўнічку. Ён ня гнаў мяне вон, але шматслоўна і ўтомна дакараў, ставячы ў прыклад сябе ў юнацтве: яму, маўляў, даводзілася цэлы тыдзень мясіць цэмэнт, каб назапасіць на квіток, і ані разу ён не занядбаў. Мы сядзелі на апошняй лаве ў тарцы вагона, і ён прыціскаў мяне да акна, намагаючыся дацягнуцца вуснамі да майго вуха – каб я не прапусьціў ані слова. Нягледзячы на ягоную літасьць, я не адчуваў падзякі і моўчкі злаваўся. Скончыўшы фразу, ён паціраў пальцам свой нераўнамерна разрослы сітаваты нос, праз што той небясьпечна выгінаўся ў падножжы. «А ўсё таму, што да працы прывучаныя былі змалку. Я зь пяці гадоў сякеру ў руках трымаў і дровы калоў». Я не стрымаўся і запярэчыў наўгад: «Гэта ня вы былі. Будызм вучыць. Няма ні цела заўсёднага, ні душы. Гэта ня вы былі зь сякерай». Кантралёр чмыхнуў: «Лухта. Я вось напрыклад песьню люблю, якую мы дзецьмі на Каляды сьпявалі. Калі б я цяпер быў ня я, хіба б я любіў? А аднойчы сякера адскочыла і мне па назе жах, і шнар застаўся! Калі б я цяпер быў ня я, хіба б ён застаўся? Паказаць?» Ён нагнуўся падгарнуць калашыну, але я пакруціў галавой. Што запярэчыць, я не знайшоўся. Я з сумам глядзеў на маркотныя засьнежаныя палі за акном і ўсё мацней падазраваў кантралёра ў саўдзеле. Нельга даць яму высачыць! Навошта я вызнаўся, да якой станцыі еду! «Мне зараз сыходзіць». «Як? Табе яшчэ два прыпынкі!» «Не, мне ўжо, я памыліўся». Дзьверы рассунуліся, і я выскачыў на пэрон, у лужыну, пад мокры сьнег. Кантралёр глядзеў на мяне з акенца і махаў рукой. Трое нізкіх змрочных мужыкоў глядзелі на мяне з-пад навеса. Каб зрабіць гожы выгляд, я купіў піва і чабурэк у вусатай гандляркі з алюмініевым вазком. Мужыкі ўхвальна закурылі, электрычка рушыла, а кантралёр, аддаляючыся, усё махаў і махаў. Я роўным крокам прайшоў міма мужыкоў, спусьціўся па прыступках, шпурнуў піва з чабурэкам у хмызьняк і накіраваўся па сьцяжыне ўздоўж рэек.
51. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. На зьлёце юных мастакоў
Аднойчы ўвосень майму брату Валіку прыйшло запрашэньне на зьлёт юных мастакоў. Ён страшна ўзрадаваўся, склаў у вялікую тэчку лепшыя свае малюнкі, падперазаўся і выскачыў на ганак, але мама злавіла яго за руку. «Куды ж ты адзін?» Мама ўхваляла ягоныя заняткі жывапісам і настойліва ва ўсім дапамагала. «Я цябе адвязу. Хто яшчэ з намі?» Ніхто не хацеў, і, каб мы не выглядалі нягоднікамі, я сказаў, што таксама паеду, і мама ў падзяку пацалавала мяне.
А Валік нават не заўважыў, ён хваляваўся і ўвесь час пытаўся маму, ці не прамінула яна паваротку. Бліжэй да праспэкту пачаўся глухі затор, на самім праспэкце рух быў перакрыты, і мы пакінулі машыну прама на праезнай частцы. Было незвычайна людна, і мы ўзяліся за рукі, каб не згубіцца ў натоўпе. Плыні дызайнэраў, фатографаў, архітэктараў, іхных матак і бабуль павольна пасоўваліся наперад ва ўзбуджаным гомане. Вакол ДК Прафсаюзаў стаяла ачапленьне. «Толькі мастакі! Прашу вас! Толькі мастакі!» Змучаны жандар зірнуў на запрашэньне і прапусьціў Валіка. «Прабачце, але вам туды няма куды, самі бачыце». Мы бачылі: сквэр і лесьвіца ля параднага кішэла бэрэтамі, эцюднікамі, з бальконаў і з даху махалі рукамі, там было вельмі шчыльна, як у трамваі. Валік адразу згубіўся. «Ну што?» – сказала мама. Мы пачалі прасоўвацца назад, усё роўна мы б ужо не знайшліся з Валікам. Нам насустрач плылі новыя й новыя натоўпы, і мы ледзь выбраліся; у мяне адарваўся гузік з кофты. У парку было крыху вальней, і мы ўсталі ў чаргу ў кафэтэрый. Там анічога не прадавалі, акрамя ролтана і нэскафэ, але ўсе навокал былі такія сьвяточныя, прыгожа апранутыя і так заразьліва сьмяяліся і елі, што іншага і не хацелася. Дзяўчына побач з намі разьбіла аб'ектыў, але задорыста распавядала сяброўкам, што не шкадуе, што наступнага тыдню будзе зьлёт юных літаратараў – а там наогул чума! З кожным годам у геамэтрычнай! Там такое! Мама падняла брыво: хочаш? Толькі трэба крыху раней выехаць.
Валік вярнуўся ўвечары, цалкам шчасьлівы, хоць яму не хапіла ні вымпелаў, ні значкоў. Ён праглынуў некалькі кавалкаў пірага і рынуўся да мальбэрта. Пазьней ён успамінаў, што гэты зьлёт аканчальна ўмацаваў яго ў намеры ісьці шляхам мастака.
52. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра недавер
Сярод шматлікіх дзівацтваў наш тата меў адну асабліва незразумелую звычку: закрывацца на кручок у прыбіральні і ў ванным пакоі. Гэтая ягоная манера засмучала і крыўдзіла нас з брацікамі, і мы падоўгу прастойвалі ля зачыненых дзьвярэй, з дакорам тузаючы ручку.
– Чаму, татухна?.. Няўжо ты нам не давяраеш?.. – пыталіся мы са сьлязьмі, калі дзьверы нарэшце адчыняліся, і зьяўляўся тата, ахінуты адэкалёнавым воблакам.
Будучы ў кепскім настроі, тата расчышчаў сабе шлях штурханцамі, у дабратворным жа ўсаджваў нас на калені, раздаваў зэфір, мармэляд, манэткі і распавядаў гісторыю.
– Жыла-была на сьвеце дзяўчына, кучаравая ды добразычлівая. І сустрэла яна аднаго разу хлопца, спэцыялістага па кандыцыянэрам, і пакахала яго. Усім ён быў добры, і пяшчотны, і працавіты, і палкі, ды толькі недаверлівы зьлёгку. Ніяк, напрыклад, не хацеў называць ёй дзявоцкае прозьвішча сваёй маці – дробязь, але непрыемна. Ці, яшчэ прыкра, не дазваляў класьці цукар сабе ў гарбату. Толькі сам! Няўжо ты мне не давяраеш? – абражалася яна, а ён толькі паціскаў плячыма і хмурыўся. І вырашыла дзяўчына на блін распляскацца, але даказаць яму, што вартая даверу. Выйшла за яго замуж, нарадзіла двух сыноў, варыла кожны дзень капусту, драла бульбу, а на іншых мужыкоў нават не глядзела. Часам з надзеяй задавала навадныя пытаньні пра маці, але ён нязьменна адмоўчваўся, рабіў выгляд, што не заўважыў. Чакала яго, калі ён трапіў у турму, чакала яго, калі ён пайшоў на фронт. Даглядала яго, калі ён вярнуўся кантужаны. Працавала, каб грошай хапала. Мыла, варыла, цыравала, сама ваду насіла, сама дровы калола. Так і жыцьцё праляцела, пяцьдзесят гадоў разам. І вось сядзяць яны аднойчы на ганку пад ракітаю, ля самавара, старэнькія зусім, дый на жвавых праўнучкаў любуюцца. Сонейка сьвеціць, птушачкі сьпяваюць, і ў абодвух сьлёзы замілаваньня. І пытаецца яна яго, руку рукою накрыўшы, як, дзей, прозьвішча матухны тваёй? Ці не пара ўжо даверыцца нарэшце, адкрыцца? Ці ня вартая я? Але ён толькі вочы адводзіць, нягоднік! Ня вытрымала тады бабулька, успыхнула як порах, выхапіла мантажны нож і кінулася на дзеда. А ён ускочыў, выкруціўся, гад, дый пабег па вуліцы. Бяжыць і крычыць: так я і ведаў, нельга табе давяраць!
53. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Аднойчы ўвечары
Аднойчы ўвечары, калі тата за няма што адлупцаваў нас з брацікамі бізуном і як нічога ніякага сеў піць какаву з грэнкамі, мы шэптам запыталіся маму: чаму ты выйшла за яго замуж? Менавіта за яго? І мама шэптам расказала нам такую казку:
– Жыў-быў калісьці падаўней адзін хлопчык. І вось аднаго разу ішоў ён ішоў і ўбачыў прывабную дзяўчынку. Падышоў ён да яе і кажа: давай сябраваць! А яна яму ў адказ толькі чмыхнула: я люблю кінарэжысёра Кубрыка, а ты хто такі? Засмуціўся хлопчык і пайшоў далей. Жыў ён быў і раптам бачыць перад сабой другую дзяўчынку, значна больш прывабнейшую за тую першую. Усьміхаецца ён ёй: давай сябраваць! А яна яму ў адказ пагардліва: я люблю кінарэжысёра Кустурыцу, а ты хто такі? Плюнуў хлопчык і пайшоў сваёй дарогай. Доўга, ці коратка, вандраваў ці на печы ляжаў, ды толькі сустрэў той хлопчык ізноў дзяўчынку, гэтым разам зусім бліскучую і асьляпляльную. І кажа ён ёй, зь некаторым сумневам, але ўсё-такі кажа: давай сябраваць? Але гэтая дзяўчынка і наогул яго адказам не ўганаравала, толькі адгарадзілася партрэтам кінарэжысёра Курасавы. І ўскіпеў тады той хлопчык з абурэньня, і разьюшыўся, і зароў страшэнным басам: пачакайце ж, няшчасныя! Гора, о, гора вам! Прыступіўся хлопчык да справы са стараннасьцю й запалам, шмат часу згубіў, але дасягнуў посьпехаў, і зрабіўся ён... – мама ўрачыста перапынілася, – і зрабіўся ён мастаком Кандынскім.
– О, мамухна!
– О, няўжо?
– І сапраўды гэта быў ён?
– Паверыць немагчыма!
– Так-так, мілыя. І прыбеглі тыя дзяўчынкі, пакідаўшы кінарэжысёраў, і прыбеглі іншыя, і прыбеглі яшчэ трэція, і хто толькі не прыбег, але позна ўжо было...
– А чаму было позна, мамухна?
– Таму. Позна і ўсё. Адкінуў ён іх. І з тых часоў, дзеткі, дамовіліся ўсе дзяўчынкі сьвету не адмаўляць хлопчыкам ані ў сяброўстве, ані ў чым...
Мама прамакнула вочы, а мы з павагай паглядзелі на тату. Тата павольна, з годнасьцю, запраўляў у тостар новую партыю хлеба.
54. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра вялікага мысьляра
Калі-нікалі наш тата здараўся ў асабліва добрым гуморы, і тады яго нават ня трэба было прасіць – ён сам вылоўліваў нас і пачынаў штосьці распавядаць. Але, баючыся нудоты, мы з брацікамі не пускалі апавяданьні на самацёк і задавалі ўсялякія навадныя пытаньні, на ўсялякія цікавыя тэмы. Напрыклад, за што ён пакахаў маму. Прыгадаўшы маму, тата абавязкова расчульваўся, смаркаўся, волка міргаў і пачынаў расказваць, кожны раз рознае.
– Ваша мама, дзеткі, дзяўчынкаю была жах якая хуліганка.
– Хуліганка? Мама? – мы выкруглялі вочы і недаверліва трэсьлі галовамі.
– Так! Уявіце сабе, аднойчы яна зьбянтэжыла вялікага мысьляра, – ён рабіў паўзу, каб мы яшчэ мацней зацікавіліся, і пачынаў. – Слухайце: жыў-быў у нашым месцы адзін вялікі мысьляр, які перасягнуў усіх у ведах і мудрасьці, і здольны быў даць адказ на любое пытаньне. Прыходзілі да яго людзі з навакольных вёсак, з далёкіх гарадоў і нават з суседніх краінаў, каб ён разьвязваў разнастайныя цяжкасьці і накіроўваў да ісьціны. Усё мог растлумачыць мысьляр: і чым азімыя лепш за яравыя, і чым дэмархія пераважае джамахірыю, і чым сінус пераўзыходзіць косінус. Аднак з гадамі стаў мысьляр стамляцца людзкой марнасьцю, стаў ён цяжыцца тлумачыць дурням відавочныя рэчы. Упершыню гэта адбылося падчас чарговага чэмпіянату – прыйшлі да мысьляра людзі і запыталіся: адкажы, о наймудрэйшы, ці на самой справе Спартак выдатнейшы за Дынама? І калі раней мысьляр улёг бы ў грунтоўныя доказы і прывёў бы прагных на праўду да бясспрэчных высноў, дык зараз ён толькі коратка сказаў: ідзіце ў дупу. Зразумелі людзі, што размысьлівае мысьляр пра вялікае, і ня трэба шукаць у яго адказы на занадта простыя пытаньні. Але і іншым пытаючым пачаў даваць ён такі самы адказ. Чым Тэлеман лепш за Купэрэна? Чым цэляфан пераважае поліэтылены? Чым Тэртуліян пераўзыходзіць Арыгена? На ўсё адказваў мудры старац: ідзіце ў дупу. Зразумелі людзі, што перайшоў мысьляр на новую ступень пазнаньня, і любое зямное пытаньне для яго прымітыўнае і вартае жалю. Сталі людзі чакаць зь нецярплівасьцю, і нават зь некаторай горыччу – калі ж нарэшце знойдзецца хтосьці, хто задасьць годнае пытаньне? Але нават калі з Амэрыкі патэлефанаваў яму выбітны сучасны фізык і спытаў пра кванты і кваркі, і таго паслаў мысьляр у дупу. Ну дык вось, даведалася пра гэтага мысьляра ваша мама – а яна тады была зусім дзевачка – надзела сукенку ў гарошак, запляла касічкі, завязала блакітныя банты, і пайшла да яго. І спытала: ці можа, дзядзечка, быць на сьвеце нешта лепшае за сонейка? Адчыніў рот мысьляр, дый толькі не павярнуўся ў яго язык дзяўчынку маленькую вылаяць, ужо вельмі яна была мілая ды прыгожая. І пагадзіўся ён зь ёю, што няма нічога лепш за сонейка, і пагладзіў па галоўцы, і пачаставаў цукеркай. І ўзрадаваліся людзі, і панесьлі на руках і вялікага мысьляра, і вашу маму-дзевачку, і аказалі ім вялікія ўшанаваньні. І доўжылася сьвяткаваньне тры дні і тры ночы...
– Але татухна, хіба гэта хуліганства?
– Хуліганства сама сапраўднае, нават не сумнявайцеся.
55. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра захады
Аднаго разу пад вечар, калі мы з брацікамі гулялі каля прыпынку ў капейкі, з трамвая выскачыў падазроны чалавек зь дзьвюма чорнымі торбамі, азірнуўся па бакох і шмыгнуў на вулачку, якая вяла паўз Белкаапсаюза да возера. Злодзей, вырашылі мы і рушылі ўсьлед за ім. Ён быў апрануты непрыметна: джынсы, красоўкі, сьветлая куртачка з капюшонам; няўцямнага колеру валасы сабраныя ў хвосьцік. Мы стараліся не адрывацца, ішлі амаль ушчыльную і нават бачылі маленечкую прарэху ў яго пад пахай, яна расчынялася і зачынялася ў такт крокам. Ён зладзеявата сьпяшаўся наперад і наперад, не спыняючыся, толькі крыху памарудзіў перад шырокімі вокнамі Гарводаканалу, у якіх адбівалася зружавелае неба, а калі вуліца скончылася, патупаў, уцягнуўшы галаву, наўпрост праз луг, да зрыва. На самым краі ён разаслаў газэтку, сеў і раскрыў сумкі. У адной выявіўся фотаапарат, у другой – аб'ектывы. Мы былі расчараваныя: проста фатограф. Але, каб не марнаваць перасьлед, мы дачакаліся, пакуль ён усё скруціць, наладзіць і прыцісьнецца да вочка, і з крыкамі выскачылі з кустоўя – з разьлікам немудрагеліста напалохаць. І ён сапраўды тузануўся і выпусьціў камэру, але не залаяўся і не пагнаўся за намі, а прыціснуў рукі да грудзей і пачаў шаптаць нешта ўмольнае. Мы спынілі прыскокі, наблізіліся і прыслухаліся. Ён шаптаў: зьлітуйцеся, даражэнькія дзеткі! не кажыце нікому! Мы нічога не разумелі, але на ўсялякі выпадак прынялі грозны і непрыступны выгляд, каб разгаварыць яго. Праз гэта ён зусім спалашыўся і ўжо не шаптаў, а стагнаў уголас. Высьветлілася, што ён жанаты, мае двух немаўляткаў і цягне іпатэку, і мы ня можам губіць яго, калі ў нас засталася хоць кропля чалавечага. Мы зрабілі погляды крышачку больш спагадлівыя, і тады ён даў волю сьлязам і распавёў, што ўжо сотню разоў заракаўся фатаграфаваць захады, і апошнім разам пратрымаўся амаль год, але сёньня выпіў сто грамаў і сарваўся. «Я ж прафэсіянал... фотакор-дакумэнталіст... калі даведаюцца пра захады – запагарджаюць, зьнішчаць, з гразьзю зьмяшаюць... няслава страшэнная... з часопіса выставяць... зганьбяць... нават на вясельлі ня пусцяць... нават у дзіцячыя садкі... пад плінтус загоняць... літасьці прашу... парвуць партфоліё... бездань роспачы... таксістам...» «Але што дрэннага ў захадах? – зьдзівіліся мы. – Нам падабаецца!» Ён ваўкавата зірнуў на нас і, не сумняваючыся, што мы зьдзекуемся і цкуем яго, расплакаўся. Тады мы нарэшце пашкадавалі яго і сказалі, што кошт нашага маўчаньня – тры кіляграма мармэляду. Фотакор адразу павесялеў і таропка павёў нас у гастраном, адводзячы вочы і нацягваючы капюшон, нібы ад ветру, але на самой справе ў надзеі, што мы не запомнім ягоны твар.
56. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра давер
Аднойчы, прагульваючы заняткі, мы блукалі па прамзоне і натрапілі на маленькую фабрыку зубное пасты. Ля прыбранай аранжавай прахадной стаяў дырэктар фабрыкі ў гальштуку і нахвальваў мінакам прадукцыю: у нас самая лепшая паста, багатая фторам і кальцыем! Купіце нашу пасту і пераможаце карыес! «Ілжывы капіталіст... мы табе ня верым!» – прашыпелі мы і пагардліва прайшлі міма, але ён дагнаў нас, папрасіў хвілінку ўвагі і расказаў такую гісторыю:
– Кажуць людзі, што жыў калісьці падаўней на сьвеце адзін чалавек, па прафэсіі таваравед. І што пайшоў ён, чалавек гэты, аднаго разу ў парк падчас абедзеннага перапынку. І быццам бы ўзяў ён з сабой ці то ноўтбук, ці то нейкі пляншэт, каб, калі сумна зробіцца, у тэтрысы пагуляць. Сеў ён, значыцца, на лаўку пад ракітаю і знай сабе гуляе, а тут, скуль ні ўзяўся, бамбіза ў кепцы. І кажа бамбіза яму: «Дайтка ты мне, братка, ноўтбук твой патрымаць, бо прыгожы вельмі!» Павагаўся імгненьне чалавек... але не, не даў даверу бамбізе. А ну як схопіць і пабяжыць? Не ўжо! Адвярнуўся, зачыніў ноўтбук і прэч пайшоў, ад бяды далей. А бамбіза яму наўздагон: «А чаму гэта ты мне не давяраеш? Іншым нябось многа чаго давяраеш, а мне нават ноўтбук не? Праз кепку, ці што? Нелягічна! Несправядліва!» І ўсё б нічога, ды толькі запалі тавараведу ў душу бамбізавы словы, і пачаў ён імкліва да ўсіх давер істрачваць. Рэгуліроўшчыка на скрыжаваньні западозрыў у сквапнасьці, калегаў на працы – у прадажнасьці, прыбіральшчыцу – у схільнасьці да катаваньня. Сябры клічуць, запрашаюць на гарэлачку – ці не спаіць хочуць? Жонка дома грачанай кашкі прапануе – ці ня тоўчанае шкло падсыпала? Маці родная тэлефануе, з днём анёла віншуе, у госьці хоча зайсьці – ці не лязо прыгатавала? І замкнуўся той чалавек у прыбіральні, і вонкі не выходзіць, і на факсы не адказвае – бо не давярае нікому. Дзень сядзеў, два сядзеў, а потым зьявіўся яму наўпрост у прыбіральню анёл зь белымі крыламі – і ну ўгаворваць, ну суцяшаць! Але й анёлу не даверыўся чалавек – ніякі ты не анёл, кажа, а бес падступны! І прагнаў анёла. Крэпка пакрыўдзіўся на яго анёл – і паскардзіўся сапраўдным бесам. А бесам толькі таго і трэба! Ледзьве задрамаў недаверлівы чалавек, напалі яны на яго і зьелі, разам з трыбухамі, а костачкі на зубной парашок размалолі. Прачнуўся ён – а яго ўжо й няма, толькі вада з крана капае. Вось так і загубіў чалавека недавер ягоны. Вось як, дзеткі.
– Значыцца, яму трэба было ў самым пачатку даць бамбізе ноўтбук патрымаць? – спытаў Валік.
– Цямлівы хлопчык! – пахваліў яго дырэктар.
Ён расчуліўся і падарыў Валіку цюбік зубное пасты, з уласнай кішэні, а мы памеркавалі, параіліся і купілі на ўсе грошы цэлую скрыню, каб ня быць недаверлівымі.
57. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра балет
Аднойчы падчас абеду мама абвясьціла, што бачыла на плоце цераз дарогу афішу пра балет. Яна марыла, каб мы вырасьлі прыстойнымі і адукаванымі людзьмі, і старалася нас усюды вадзіць. «Уяўляеце, зорка сусьветнае велічыні! У нас у горадзе! Абсалютна геніяльны харэограф! Ён настолькі апярэдзіў час, што яго сагналі з каралеўскага балета! І цяпер ён у нас, кожны вечар у ДК Прафсаюзаў!» Папа адразу ж пакволіўся, маўляў раптам занямог, адрэзаў сабе ладны кавалак торта і пайшоў у спальню, шоргаючы нагамі са слабасьці. Пакуль мама пранізьліва глядзела яму ўсьлед, Толік схаваўся пад стол, а Колік выскачыў на вэранду. «Хто пойдзе са мной сёньня, – сказала тады мама, – той можа ня йсці ў школу заўтра». Што ж, гэта была зусім іншая справа!
Гардэробнік у ДК Прафсаюзаў, прыняўшы ў нас паліто, падрабязна растлумачыў ідэю пастановак: танцаваліся сем шахматных партыяў паміж Бацьвіньнікам і Капабланкай, у дзень па партыі. «Каб вы прыйшлі месяцам раней, дык убачылі б спэктаклі на вялікай сцэне. А зараз грошай на арэнду няма, гледачоў няма, трупа разьбеглася». Зараз відовішчы адбываліся наўпрост тут, у гардэробе. Час яшчэ не надышоў, але, каб не прымушаць нас чакаць, гардэробнік сказаў, што распачнуць неадкладна. Ён рассадзіў нас па лавах і ляпнуў па нізенькіх дзьвярох у нейкую каморку. У той жа момант адтуль, быццам толькі і чакаў сыгналу, выйшаў маэстра з шахматнай дошкай пад пахай. Гадоў пяцідзесяці, з заспаным тварам, у замуляваным швэдры і чорных джынсах. Мы няўпэўнена папляскалі, а ён высыпаў фігуры на гардэробную стойку, расставіў іх на дошцы і, схаваўшы за сьпіной дзьве пешкі, працягнуў гардэробніку кулакі, каб той абраў колер. Гардэробніку выпаў белы, і ён стаў гуляць за Капабланку.
Спачатку мы не разумелі, у чым жа тут балет, але паступова ўцягнуліся і ўбачылі: і востры, бездакорна плястычны стыль маэстра, з усёй моцай клясыцызму ў бэкграўндзе, і натхнёную экспрэсію гардэробніка, тонкую і бязбоязную, сьмела скінуўшую ярмо традыцый. Калі маэстра ўздымаў руку і перасоўваў фігуру, гэта было неверагодна рэалістычна, быццам і не танец зусім, а само жыцьцё, вычышчанае ад непатрэбнага, ад шалупіны слоў і напластаваньня сэнсаў; калі ж хадзіў гардэробнік, гэта кожнага разу быў ня проста ход, але сымбаль ходу, глыбока архэтыпічны, насычаны кодамі й знакамі.
Партыя доўжылася паўтары гадзіны, але мы не адарваліся ні на сэкунду, а калі ўпала заслона, ускочылі і зладзілі грандыёзную авацыю. Хуліё кідаў пад ногі артыстам пышныя букеты бэзу, Валік сьвістаў, крычаў і скакаў, а я сьлізгануў між радоў, узьбег на сцэну, падскочыў да гардэробніка (да маэстра не адважыўся) і, пацалаваўшы яму руку – яна пахла крэмам – прасіў прыняць мяне на навучаньне. Той паблажліва абяцаў падумаць і нават узяў візытоўку, але так і не патэлефанаваў.
58. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра дні нараджэньня
Калі мы былі маленькія, дні нараджэньня надыходзілі яшчэ вельмі рэдка, і мы любілі іх асабліва моцна. Бывала, падчас чаканьня чарговага дня нараджэньня мы пачыналі зьнемагаць і мучыцца за месяц да ягонага наступленьня, і ні пра што больш не маглі думаць, і нічога не маглі рабіць. У такія пэрыяды мы кідалі хадзіць у школу і бавілі дні ў ложках альбо ў садзе пад яблынямі, хвалюючыся і прадчуваючы. Маме з татам падабалася нас песьціць і балаваць, і яны загадзя выведвалі нашыя патаемныя жаданьні, рабілі працяглыя шопінгі, а па вечарох зачыняліся ў бакоўцы і бяз стомы шамацелі пакавальнай паперай. Зрэшты, нашыя жаданьні з году на год не зьмяняліся. Колік заўсёды хацеў сьцізорык, і калі атрымліваў яго, спачатку сядаў на кукішкі, растапырваў пальцы левае рукі на падлозе і хутка-хутка біў лязом паміж імі, а потым выходзіў на вуліцу і шпурляў яго ў сьцены і дрэвы. Валік аддаваў перавагу электрычным ліхтарыкам, і за доўгія гады ў яго сабралася іх безьліч. Большую частку ліхтарыкаў ён прымацаваў да ложка, і ўночы запальваў, праз што ложак рабіўся падобны да злавеснага касьмічнага карабля, навалы мірных галяктык. Хуліё кожнага разу прасіў у мамы з татам новыя кашулю і гальштук, і адразу пасьля ўручэньня доўга і грунтоўна прымяраў яе перад люстэркам, а потым сядзеў зь летуценнай усьмешкай, глыбока ўздыхаў, і мы ведалі, што апоўначы ён ўстане, ціхенька выберацца праз акно і зьнікне на некалькі дзён. Што тычыцца Толіка, дык ён прызнаваў толькі ядомыя падарункі, пажадана вялікія і салодкія. Тата заказваў на кандытарскай фабрыцы неабсяжны шакалядны торт, а мама некалькі дзён запар гатавала супы, бліны, пірагі, зразы і галубцы – яна была перакананая, што з салодкага пачынаць шкодна. Складаней за ўсё было са мной – я ставіў маму і тату ў тупік сваёй абыякавасьцю да прадметаў, і яны мусілі дарыць мне ўсялякую драбязу кшталту вудачак, капялюшыкаў ці мячыкаў. Але для мяне ў днях нараджэньня самы значны быў момант, калі ўсе зьбіраліся разам, і я бачыў кожнага – тату з ружай і келіхам шампанскага, маму ў фартуху і з чарпаком, брацікаў у шортах і з магутнымі кавалкамі торта, сэрпантын, канфэці, пэрлямутар і алябастар – і тады я ўвесь сьціскаўся, напружваўся і з усіх сілаў запамінаў, задрукоўваў у памяці кожны падрабязак. І цяпер гэтыя адбіткі заўсёды са мною, нібы нябачны і бязважкі альбом зь вялізнымі фотаздымкамі.
59. Змрочныя засьценкі. Гэта твой дзень нараджэньня
Толькі ўспаміны пра дні дзяцінства, поўныя ўцехаў, і пра ласкавых брацікаў не давалі маёй душы памерці ў змрочных засьценках Вучылішча. Кожнае імгненьне, праведзенае там, было напоўненае болем і пакутамі. А дні нараджэньня, быццам на зьдзек з маёй памяці, якая хавала запаветнае, праводзіліся ў Вучылішчы з асаблівай нялюдзкасьцю. Пачыналіся яны так: Галоўны Праграмар, няўмольны кат, зьбіраў усіх у актавай зале і, павольна абводзячы нас лютым поглядам, ставіў харал Spiritus Festum, заўсёды адзін і той жа, нібыта ўрачысты і ўзьнёслы, але напраўду закліканы прынізіць і абразіць. Каб ня чуць гідотнага арганнага гулу, я гнуўся, хаваўся за плечы Куценькі і ўстаўляў у вушы пальцы. Кат амаль заўсёды заўважаў мой выкрут, падбягаў, ламаючы шарэнгі, хапаў мяне за локаць і выводзіў на сцэну.
– Гэта твой дзень нараджэньня! – сіпеў ён мне, злосна ўсьміхаючыся, і махаў ў залю рукой, каб усе падпявалі і віншавалі.
Ён падаваў мне вялікі мех з падарункамі – ганебнымі шакаляднымі батончыкамі – і жорстка хмыліўся. Усе помсьліва пляскалі, нават добры Куценька. Я абліваўся потам, баючыся, што цяпер мяне прымусяць іх есьці пад сьвіст і цюгаканьне, але так здаралася не заўсёды, часьцей кат загадваў мне казаць прамову. Ён падштурхоўваў мяне да мікрафону, крывому, аблупленаму, з брудам, уеўшымся ў сетачку, з кіслым пахам чужых ратоў.
– Подласьць, подласьць!.. – адчайна пішчаў я ў мікрафон. – Вакол адна подласьць!
Галоўнаму Праграмару толькі таго і трэба было – ён ківаў фэльчарам, тыя ўзьбягалі на сцэну і ўміг прывіналі мяне рамянямі да насілак. Шырокімі крокамі яны несьлі мяне прэч, цыбатыя і састарэлыя, з прыжмурам садыстаў, а кат браў слова сам і хлусіў у мікрафон пра маё ператамленьне. Фэльчары ж, не абцяжарваючыся пераносам мяне ў палату, наўпрост за запавесамі расчынялі свае чорныя валізкі і адломлівалі дзюбкі ў велізарных ампулаў, а я крычаў, крычаў...
5A. Уцёкі ды туляньні. У дыване
Ключ ад лецішча знайшоўся традыцыйна пад каберцам. Я падняў ключ, але апусьціць каберац на месца ня змог – у паддывановым пясочку застаўся кранальна чысты сьлед ад ключыка, і ці можна было зьнішчыць яго? Пакінуў побач, пераступіў, адчыніў. Унутры было цёмна, пахла холадам і пылам. У пошуках вымыкальніка я працягнуў руку да сьцяны і намацаў нешта шурпатае, што аказалася пры сьвятле запальніцы вываратам дывана, завінутага і пастаўленага старчма. Вымыкальнікі знайшліся крыху далей, цэлая скрыня маленькіх тумблераў у сьцяне; я мэтадычна клацаў усімі па чарзе, і дом паступова асьвятляўся – ад пярэдняга пакою да глыбінь. Было падобна, што сюды прыяжджалі толькі фэсьціць: у кутах зелянелі калёніі бутэлек, на падлозе валяліся недакуркі, запалкі, коркі, расьціснутыя цукеркі, сталы былі застаўленыя мятымі плястыкавымі талеркамі, тлустымі шклянкамі, скрынкамі ад тартоў з акамянелым крэмам. Я павольна ішоў па пакоях, абіраючы сабе прытулак. Чапляў нагамі слоікі з-пад масьлінаў, абыходзіў ліпкія лужыны лікёру, кранаўся валасамі сэрпантынаў, што зьвісалі зь жырандоляў, пстрыкаў пазногцем па высахлых цытрынавых скарыначках. Я адчуваў сымпатыю да гэтай хаты, да тых, хто тут весяліўся, і мне таксама хацелася нешта сьвяткаваць, хай і са спазьненьнем. Заўважыўшы на кніжнай паліцы стракаты папяровы каптур на матузку, я надзеў яго на галаву і наблізіўся да люстэрка, упрыгожанага стужкамі і сьняжынкамі з фальгі. Адбітак мяне напалохаў: дзікі погляд, запалыя шчокі. Дзе я? Колькі гадоў мяне носіць? Я глядзеў міма люстэрка, на нейкую карціну, і думаў: мо для гэтага і патрэбная сям'я, сябры, доўгія сувязі на ўсё жыцьцё – каб плыць па часе разам і не адчуваць пастаяннага жаху праз тое, што знаёмыя берагі зьнікаюць за гарызонтам, і ўсё вакол чужое. На карціне была вёска, яблыні, хатка. Я зьняў яе і ўглядаўся, пакуль не задубелі пальцы. Як увамкнуць ацяпленьне, я ня ведаў, залазіць у чужы ложак было брыдка, і я прыдумаў разьвінуць адзін з дываноў – чырвоны, з чароўнымі птушкамі – легчы на яго і, коцячыся, завінуцца ў рулён. Вось так я і сустрэў той дзень нараджэньня – у дыване, у папяровым каптурыку, разглядаючы хатку і яблыні на карціне.
5B. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра шкадаваньні
Калі мы былі маленькія, нішто не засмучала нас мацней за панядзелкі – выходныя заўсёды аказваліся нечакана караценькія, і мы не пасьпявалі нават асмакаваць іх, ня кажучы ўжо пра тое, каб правесьці з карысьцю хаця б пару гадзінаў. Усе панядзелкі напралёт мы ў змрочным жалю ляжалі ў ложках, або ў роспачы бадзяліся па садзе, або зь невыходнасьці малявалі флямастэрамі на шпалерах. Калі тата бываў не на дзяжурстве, ён звычайна адчуваў наш смутак і прыходзіў, і суцяшаў нас апавяданьнямі пра сваю далёкую і цудоўную маладосьць. Аднойчы ён расказаў такую гісторыю:
– Калі я быў малады, дзеткі, я наведваў адзін клюб. Ён называўся, – тата прыслухаўся, ці няма паблізу мамы, – ён называўся Клюб Прасраўшых. Гэта было нешта кшталту сустрэч ананімных алькаголікаў – кожны па чарзе браў слова і распавядаў, як ён загубіў сваё жыцьцё. Напрыклад, уставаў сумны чалавек з сур'ёзным тварам, кашляў і апавядаў, як дзесяцігодзьдзямі скурваў па пачку ў дзень, а цяпер, калі ён раптам зразумеў, што ягонае прызваньне – лёгкая атлетыка, цяпер ужо занадта позна. А іншыя ў мае гады яшчэ толькі... Усё, усё прасраў... Ці, напрыклад, уздымаўся пэнсіянэр у зялёным шаліку і трос галавой: у васемнаццаць яму прапанавалі граць у рок-гурце Дорз, тады невядомым, а пасьля ўзьняўшымся да сусьветнае славы, але ён палічыў за лепшае застацца цымбалістым у ДК Прафсаюзаў. Потым яшчэ клікалі ў Радыёхэд, але ён і гэта прасраў... Ці, напрыклад, чарга даходзіла да маладога хлопца ў швэдры, якога душылі рыданьні, і пра ягоную трагедыю мы мусілі здагадвацца па загадкавых абрыўках, што прарываліся скрозь стогны: альгебру на выдатна... яскравы бліск... Нобэлеўская прэмія... яна была гарэзьлівая й грацыёзная... Мікелянджэла... шаленства бэзу... усё прасраў...
А аднойчы, дзеткі, здарыліся запар некалькі дзіўных супадзеньняў, якія загубілі наш клюб. У той дзень ішоў дождж, і першы прамоўца паказаў нам свой парасон, вывернуты ветрам, з паламатымі пруткамі. Усё жыцьцё, сказаў ён значна, я працаваў. Я не хапаў зорак, але зарабіў добра, купіў тры кватэры. Я думаў – забясьпечу сабе стабільнасьць і тады ня буду ні пра што думаць, і займуся літаратурай, менавіта так, літаратурай. І што ж? Час сышоў, неяк няўлоўна сышоў, і вось цяпер я зьнясілены старэча, і ўсе позна... Я ўсё прасраў! – і ён гаротна, але з годнасьцю высмаркаўся. Некаторы час усе маўчалі, а потым выступіў мужчына, даволі бруднага выгляду, і заявіў абвяржэньне: я ўсё жыцьцё прысьвяціў літаратуры! Я ўсё жыцьцё пісаў, і напісаў тры даўжэзныя, тры выдатнейшыя раманы, і што ж? Мяне выселілі з інтэрнату, і я вымушаны туляцца па сябрам і сяброўкам, цыраваць ім шкарпэткі, чысьціць чаравікі... Ці гэта ня я ўсё прасраў?.. Мы ўсе адчулі няёмкасьць праз такую супярэчнасьць і вельмі ўзрадаваліся, калі падняўся адзін з навакоў, добра ўкормлены, у клятчастым пінжачку, і пачаў гаварыць пра сябе. Паводле ягоных словаў, ён трыццаць гадоў сумленна пражыў з жонкай, а яна раптам наадрэз ахаладзела да яго і цяпер глядзіць, як на чужога, і кідаецца, і адштурхвае, і лямантуе. А я ж маю патрэбу ў ласцы... Ах, як я быў дурны! Колькі я мог мець палюбоўніц! Дзесяткі! Сотні! Але цяпер ужо позна, я пацёрты і пацяганы... Паглядзіце, які я сівы! Я нікому не патрэбны! Усё, усё прасраў... І мы б працяліся да яго спачуваньнем, калі б не высокі маршчыністы бляндын, які перапыніў яго і з сумнаю ўсьмешкай стаў пералічваць жаночыя імёны, шмат, шмат імёнаў, і ўсе яны былі ягонымі каханкамі... Але навошта? Скажыце, навошта? Бо чалавеку ж патрэбная толькі адна, адзіная! Ах, як позна я ўсё зразумеў... Як позна ўсьвядоміў... Усё, усё прасраў... Мы зьбянтэжана пераглядваліся, хмурыліся і рабілі адзін аднаму вялікія вочы, але знайшоўся мажны брунэт, які падняў рукі, заклікаў да цішыні, і сказаў: я ўсё жыцьцё змарнаваў на сябе. Кар'ера, каханьне, забаўкі, творчасьць, падарожжы. Але я так мала часу надаваў маёй маленькай дачцэ... А цяпер яна вырасла і зрабілася наркаманкай і прастытуткай! Усё, усё прасраў... Ягоная прамова кранула ўсіх, мы прасьлязіліся і далі сабе абяцаньне надаваць дочкам больш увагі. Але ў гэты момант ускочыў нейкі ўжо ня ведаю хто, і пракрычаў: а я дваццаць гадоў запар не адыходзіў ад дачкі! Я кінуў усё і быў заўсёды зь ёй! Я чытаў ёй Паўстоўскага і Плятонава! Я сьпяваў ёй Палестрыну і Пахэльбэля! Я... я ... А яна, паскуда, вырасла і зрабілася наркаманкай і прастытуткай! Ну і тады, дзеткі, быццам нешта пстрыкнула, і мы ўсе паваліліся з рогату. Мы качаліся па падлозе і вішчалі, і курчыліся, і пляскалі сябе па сьцёгнах да поўнае зьнямогі. І з таго дня клюб зачыніўся, і больш аніхто ні пра што не шкадаваў.
5C. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра венікі
У доме на захад ад нас, з бучным яблыневым садам, даволі доўга пражываў ціхі і прыстойны сусед гадоў пад трыццаць, кіраўнік ў папяровай кампаніі. Ён жыў са станавітай маці і двума коткамі, любіў вячэраць за столікам на двары, ляжаць па выходных з кніжкай у гамаку, і заўсёды ветліва вітаўся з намі. Спачатку мы падглядвалі за ім з асаблівай падазронасьцю, але нічога злачыннага не наглядзелі, акрамя драбязы – аўтары ўсіх кніжак былі на літару Б: Брох, Брэхт, Барнс, Бірс і яшчэ ўсялякія. Хутка нам стала нецікава, і мы перасталі яго сачыць. Мы б так анічога пра яго і не даведаліся, калі б ён амаль штодня не шыбаваў паўз нашае школы – напэўна, ягоны офіс знаходзіўся непадалёк, і апоўдні ён выбіраўся паабедаць. Спачатку мы не зьвярталі на яго ўвагі, але ў нейкі момант ён пачаў зьяўляцца зь венікам пад пахай, кожны дзень. Гэта выглядала нечакана – гарнітур, капялюш, пальчаткі і раптам зухаваты венік, з каляровымі вяровачкамі, чырвонымі і сінімі, як у цыгана. Тыдзень ці паўтары мы чакалі, а потым падышлі і спыталі прама:
– Чаму?
Ён быў гатовы да гэтага пытаньня, і нават ня стаў удакладняць, менавіта што чаму:
– Я змагаюся з уласнай слабасьцю.
– Як гэта?
– Разумееце, аднойчы матухна адправіла мяне на базар па венік. Я выбраў самы вялікі і прыгожы венік, і панёс яго ў руцэ, бо ў торбе ён не зьмяшчаўся. І, магчыма, вы палічыце мяне эксцэнтрыкам, але па дарозе я адчуваў моцную зьбянтэжанасьць. Насустрач мне ішлі іншыя мужчыны – хто з элегантнай жанчынай, хто з бампэрам для джыпа, хто з элітным дабэрманам, хто са скрыняй калекцыйнага партвэйна, хто на благі канец з высокатэхналягічным мыйным пыласосам – і ўсе, здавалася мне, глядзелі на мяне з пагардай...
Мы з брацікамі адчынілі былі раты, але ён зрабіў нам рукой і працягнуў:
– Вядома, на самой справе ніхто зь іх не адчуваў да мяне пагарды. Але мяне закранула маё ўласнае ўспрыманьне, зразумейце. З тых часоў, каб перамагчы слабасьць і ўмацаваць сябе, я пачаў хадзіць па венікі кожную суботу. Але куды мне столькі венікаў, і да таго ж, навошта ісьці абавязкова на базар, надумаўся я нядаўна. З таго дня я проста заўсёды нашу з сабою венік, усюды.
Ён падміргнуў нам, пачаставаў арахісам і разьвітаўся, а мы паспрачаліся, ці доўга будзе доўжыцца ягоная барацьба, і сышліся на тым, што нядоўга. Аднак мы памыляліся: з цягам часу барацьба толькі разьлютавалася, і неўзабаве наш сусед ужо ня проста цягаў венік пад пахай, а нёс яго высока над галавой, як нясуць дзеці цацачны самалёцік, уяўляючы сябе пілотамі. Часам ён спыняўся і абвяшчаў нарасьпеў: «Людзі! Ці бачыце мой венік? Глядзіце ж!» А потым ён раптам перастаў зьяўляцца, і каля школы, і ў яблыневым садзе – па чутках, маці павезла яго адпачываць на воды.
5D. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра страшныя казкі
Часьцяком мы з брацікамі прасілі перад існом менавіта страшную казку, але на тату калі-нікалі знаходзіла ўпартасьць, і ён, сеўшы ў нас у нагах і памуляўшы сівую сківіцу, расказваў нешта кшталту:
– Жылі-былі хлопец і дзяўчына. І вось аднойчы пазнаёміліся яны і пакахалі адно аднаго, і дзеткі ў іх нарадзіліся. І жылі яны доўга і шчасьліва да самае сьмерці.
І змаўкаў. Мы крыху чакалі – мо будзе працяг? – і пачыналі абурацца:
– І ўсё? Але татухна, хіба гэта страшная казка? У страшнай казцы павінныя быць зомбі!
– Якія там зомбі, сыночкі. Хіба ж зомбі страшныя? Не... Сьмерць! Сама па сабе. Вось што страшна, сыночкі, асабліва вам, маладзенькім. Жывеш і ведаеш, што абавязкова памрэш – у мяне ў юнацтве праз гэтую думку заўжды валасы варушыліся. Варушыліся-варушыліся, ды і павыпалі пакрысе... Бачыце? – ён схіляў галаву.
– Але татухна! – крыўдавалі мы. – Хіба гэта казка наогул? У казцы павіннае быць чароўнае!
– Дык ці ж не чароўнае вам: жылі-былі? Жыцьцё, сыночкі – вялікае чараўніцтва і цуд, вы самі памяркуйце. Ані пра якое жыцьцё нават згадкі быць не павінна, калі разважыць; але яно чамусьці ёсьць... І каханьне – цуд, хоць і меншы. Бачыце, колькі цудаў? І двуроднасьць – цуд, і дзетак нараджэньне. І маўленьне – цуд, словы – цуд. Але ж сама чароўнае – быцьцё. Бачыце, колькі цудаў?
Мы моўчкі злаваліся. Тата пазяхаў, жадаў нам добрае ночы, гасіў сьвятло і шаркаў уніз, а мы, пасердаваўшы яшчэ пару хвілін, пачыналі самі распавядаць казкі. Ужо яны былі і чароўныя, і страшныя! І драпежныя зомбі, і лютыя мутанты, і злавесныя стогны са склепа – усяго было багата.
5E. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра землянога чалавека
А часам нам з брацікамі сустракаліся пэрсанажы нават цікавейшыя за герояў тых казак. Напрыклад аднойчы, падчас штогадовага падарожжа вакол нашага вялізнага возера, мы натрапілі на землянога чалавека. Колік, які зьбіраў у падлеску гальлё для вогнішча, першы ўбачыў яго і трывожна сьвіснуў у два пальцы. Мы пабеглі на сьвіст і апынуліся на бура-чорнай выпаленай паляне, пасярод якой ляжаў у кучы попелу незвычайна тоўсты чалавек. Ён, мабыць, спаў, але праз наш сьвіст прачнуўся і моўчкі глядзеў на нас.
– Ты хто? – запыталіся мы.
– Дурное пытаньне, – адказаў ён.
– А што ты тут робіш?
– Жыву.
– Наўпрост на зямлі?
– Ну.
– А навошта?
Зьмірыўшыся з нашай цікаўнасьцю, чалавек з высілкам сеў, пацерабіў бараду – зь яе пасыпаліся дробныя вугольчыкі – і пачаў расказваць. Высьветлілася, што раней ён быў звычайны бюргер, валодаў невялічкай крамкай скургалантарэі, а па вечарох чытаў міжнародныя навіны. І вось чытаў ён навіны, чытаў, а ў адзін выдатны дзень яго раптам напаткала крышталёва яснае разуменьне: павінная здарыцца трэцяя сусьветная вайна, павінная здарыцца хутка й немінуча! А чым яна скончыцца? Тым, што ўвесь сьвет згарыць дашчэнту, і будуць адны толькі галавешкі. А што гэта значыць? Што не застанецца ніякай ежы. А што застанецца? Застанецца толькі выпаленая зямля. І толькі той, дзеткі, здолее выжыць пасьля жудаснай вайны, хто зможа гэтай зямлёю харчавацца. І пачаў ён пакрысе прывучаць сябе да зямлі: спачатку ў суп падмешваў, потым у дранікі, потым у кампот, а праз паўгода рашуча перайшоў на строгую земляную дыету. Зямля пераварвалася цяжка, і ён прыдумаў адмысловую мэтоду: есьці памалу, але вельмі часта, і пастаянна пераварочвацца са сьпіны на жывот і з боку на бок, каб сьценкам страўніка працу палягчаць. Зь цягам часу зусім прызвычаіўся, кінуў горад і пайшоў у лес. Выпальваў палянкі, каб да ваенных рэаліяў наблізіцца, і жыў на іх, а ваду піў з возера.
– Глядзіце, які я тоўсты! Яшчэ таўсьцейшы за вас. Добрая зямелька, тлустая! Хочаце паспрабаваць? З малачком, га?
Земляны чалавек і сапраўды выглядаў выключна ўкормленым і шчасным, вось толькі вочы ягоныя былі падазрона жоўтыя, а можа проста так сьвятло адбілася.
– А ці няма ў вас, дзеткі, стронцыю ці цэзію? Ізатопаў, га?
– Што?..
– Эх вы, двоечнікі. Ну а градусьнік прынамсі ёсьць?
Толік, які заўсёды насіў з сабой градусьнік згодна з мамчыным патрабаваньнем, зьбегаў да заплечніка і прынёс. Земляны чалавек надкусіў кончык тэрмомэтра, закінуў галаву і вытрас у рот шэрыя кропелькі ртуці, а потым асьцярожна сплюнуў у далонь дробныя аскепачкі шкла. Нам гэта дзіка спадабалася, і мы папрасілі дазволу прыйсьці ў госьці яшчэ раз. Ён быў ня супраць, але папярэдзіў, што на днях сыходзіць адсюль і выпраўляецца на поўдзень, да Чарнобыля.
5F. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Квіток за электрычнасьць
Калі мы былі маленькія, квіток з рахункам за электрычнасьць прыносілі раз на месяц, кожны другі аўторак, у канвэрце з выявай лямпачкі. Тата разрываў канвэрт, змрочна вывучаў лічбу і заходзіўся лаянкай:
– Падлюгі! Брудныя мярзотнікі! Сволачы! Ашуканцы! Прадажныя пачвары! О, якая беззаконнасьць!
Млеючы з далучэньня да глыбіняў жыцьця, мы падслухоўвалі ў пярэднім пакоі забароненыя нам словы. Каго ён лаяў? Паштароў, бугальтараў, урад? Мы ня ведалі.
– Нягоднікі! Падонкі! Разбойнікі! О, нізасьць падзеньня чалавечага! Паскуды!
Словы былі кожнага разу розныя, і, даслухаўшы, мы беглі ў свой пакой і пачыналі гульню. Па-першае, мы абіралі, хто кім будзе. Напрыклад, Колік гуляў за нягодніка, Толік – за падонка, Валік – за бруднага мярзотніка, Хуліё – за ашуканца, ну а я – за паскуду. Па-другое, садзіліся па альфабэту, па першай літары абраных словаў, трэсьлі рукамі і на «раз – два – тры» выкідалі выпадковую колькасьць пальцаў. Па-трэцяе, запісвалі лік – напрыклад, 58693. Потым заставалася толькі дадаць некалькі нулікаў, намаляваць пад капірку новы квіток, на наступны месяц, і чакаць чарговага паштара – каб перахапіць канвэрт і падмяніць рахунак.
60. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра законы дыялектыкі
Калі мы былі яшчэ зусім маленькія, тата аднойчы прывёў у госьці нейкага старэнькага сацыяліста, ці то кельнера з паба, ці то масажыстага з лазьні. Добры дзядуля прысеў на столак, пакаштаваў партвэйну, патыцкаў на гузікі пульта і пачаў:
– Бачыце? Ідэі марксізму-ленінізму пацьвярджаюцца! Паводле законаў дыялектыкі колькасны прырост нязьменна цягне за сабой якасны пераскок. Музыкі больш не патрэбныя, бо іх зашмат, зараз музыку зьбіраюць з гатовых кавалачкаў дыджэі. Мастакі не патрэбныя – зараз кіруюць куратары і галерысты. І ў літаратуры таксама будзе так, а можа і ўжо ёсьць, толькі мы не...
– Дазвольце, але якія тут Маркс і Ленін? Гэта Гегель! – перапыніў яго тата.
І пакуль яны пярэчылі адзін аднаму, мы пабеглі ў бібліятэку і сьпехам склалі недарэчны, але глыбакадумны мікс з Коласа, Купалы і Куляшова:
Сьвеціць мне зорка з бяздонных глыбінь
Пад жніўныя вечна старыя напевы.
З надзеяй гляджу на крыніцу спатканую...
І гэтак далей. Але калі мы вярнуліся, каб дэклямаваць, нас нават не заўважылі: дыскусія зьдзейсьніла якасны пераскок у паняційную фазу. Тата і добры дзядуля стаялі адзін насупраць аднаго, набычыліся, цяжка дыхалі і наступальна высунулі правыя плечы. Прыйшла мама, разьвяла іх, тату паклала на канапу, а дзядулю павяла праводзіць дадому. А мы, шэптам прамаўляючы тосты, дапілі партвэйн.
61. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра мары
Калі мы былі маленькія, у нашым горадзе яшчэ жыла адна старая традыцыя – памінкі па спраўджаным марам. Так, кожны чалавек у нашым горадзе рана ці позна ажыцьцяўляў свае мары – хто купляў крэмавы кабрыялет, хто выдаваў дачку замуж за магната, хто перамагаў у конкурсе прыгажосьці, хто выконваў арыю ў Ла Скала, хто знаходзіў у гародзе чароўны скарб – і тады спраўляліся памінкі. На гэтых памінках ня прынята было піць віно, есьці салаты і сьпяваць песьні. Прынята было запрашаць у хату адзін са шматлікіх віялянчэльных квартэтаў – і тужліва слухаць. Два віялянчэлісты гралі смыкамі, а два – білі па струнах драўлянымі даўбешкамі, адбіваючы павольны жалобны такт. Праслухаўшы дзьве-тры доўгія п'есы ў хаце, памінальнікі і госьці выстройваліся ў працэсію і з квартэтам на чале журботна цягнуліся па вуліцах горада – уздоўж і папярок, нярэдка перасякаючыся і пераплятаючыся зь іншымі працэсіямі. Віялянчэлісты былі вельмі моцныя, яны працягвалі граць прама на хаду, утрымліваючы інструмэнты за грыф адной рукой і ёю ж заціскаючы лады.
Мы з брацікамі цярпець не маглі гэтыя памінкі! Яны заўсёды перашкаджалі нам спаць, рабіць урокі – і ўвогуле наганялі нясьцерпную нуду. Мы нават падскоквалі, калі чулі гукі віялянчэлі! Мы адмыслова елі шмат яек, каб заставаліся кардонкі – іх можна было наляпляць на сьцяну і павышаць гукаізаляцыю. І мы ўвесь час марылі – як мага больш, як мага мацней, як мага гарачэй – імкнучыся намарыць такое, што пэўна ніколі ня збудзецца.
62. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра кандуктараў
Кожную другую пятніцу тата апранаў цёмна-шэры трэнч і капялюш-хомбург з рубчатай стужкай, прымаглёўваў нас грабянцом, і мы ехалі ў Палац Прафсаюзаў, на штомесячны Канцэрт Кандуктараў. Было шмат людзей, і тата раз-пораз раскланьваўся, паціскаў шырокія рукі, цалаваў шчацінныя шчокі. Мы праціскаліся да самае эстрады, калупалі лінолеум і нудзіліся, пакуль кандуктары сьпявалі свае павольныя блюзы. Але мы ведалі, чаго чакаць: хутка пачыналася спаборніцтва кандуктараў, калі кожны браў у рукі білецік і адгадваў:
– Гэта жнівень 1972 года.
– Гэта трамвай-тройка.
– Гэта паміж Батанічным садам і Аўтастанцыяй.
– Гэты чалавек сьпяшаўся.
– Чаму?
– Таму што паглядзіце: якія дзірачкі, якія ўмяцінкі. Адразу адчуваеш чалавека, па ягоных руках. Кожная рука білецік трымае па-свойму. Ці ня так? Скура. Сіла суставаў. І пах. Паглядзіце на гэтыя зьмятасьці.
– Гэты чалавек сумаваў.
– Па жанчыне. Па каханай.
– Па пажылой жанчыне. Па маці.
– Але як жа гэта?
– Таму што паглядзіце: якія зморшчынкі.
Зьнерухомеўшы, мы лавілі кожнае слова. Састарэлыя кандуктары прымалі адзін у аднаго квіточкі артрытнымі пальцамі. Чым старэйшы, тым больш вопытны, Ролю. Кандуктары распавядалі з эстрады, разгойдваючыся ў абдымку:
– Сэнс ня ў тым, каб ізлавіць! Лоўля – тлен, штрафы – тлен, пакараньні – тлен!
– Ня той кандуктар, хто пакараў, а той кандуктар, хто наставіў, хто перавыхаваў!
– Сапраўдны кандуктар – хто сам быў перавыхаваны! Той, хто быў у цемры, але ўпусьціў у сябе сьвятло! Той, хто ўсьвядоміў! Той сапраўдны кандуктар! Толькі той!
Яны падкідвалі фуражкі, і тата падкідваў хомбург, і крычаў, і мы пляскалі, і крычалі, і плакалі, не саромеючыся, адкрыта гледзячы адзін аднаму ў твар, і цалавалі адзін аднаго, і кляліся стаць лепшымі, стаць сапраўднымі, стаць праўдзівымі.
63. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра самага злога чалавека
Калі мы былі маленькія, нам карцела хутчэй даведацца пра ўсё, і асабліва пра ўсё самае-самае. Мы марылі прачытаць Кнігу рэкордаў Гінэса, але ў бібліятэцы яе не было, дый нам бы і ня далі. Таму мы пыталіся пра ўсё ў таты і ў мамы.
– Татухна, а хто сама злы чалавек на сьвеце?
– О-о, дзеткі... Быў такі чалавек, гэта праўда. Жудасны тып. Сам б я вам пра яго распавядаць ня стаў, але калі ўжо вы папрасілі... Працаваў ён фрэзэроўшчыкам на заводзе, і хоць вядома нядобра асобу азначаць адной толькі прафэсіяй, але больш пра яго ніхто нічога ня ведаў. Дык вось: аднойчы прачытаў ён у сеціве, што кожную сэкунду на зямлі памірае шэсьць чалавек. Кожны, хто сумленьне мае, дык зажурыўся бы, а гэны фрэзэроўшчык наадварот – страшэнна ўзрадаваўся! Пачаў гігікаць і мазольныя рукі паціраць адна аб адну. Пайшоў ён на балькон, выкурыў папяросу зь вялікім задавальненьнем, а потым – шчоўк пальцамі! І кажа сабе: шэсьць чалавек памерла! Шчоўк! Яшчэ шэсьць. Так і павялося – ходзіць ён і пальцамі пстрыкае, і хмыліцца. А потым яму гэта недастаткова выразна здалося, і прыдабыў ён у цэху пускальнік ад станка з вялікай чырвонай кнопкай, і ўжо ня пстрыкаў пальцамі, а на кнопку націскаў. Націснуў – шэсьць чалавек у Афрыцы памерла! Націснуў – яшчэ шэсьць у Амэрыцы! Задаволены быў дзіка. Хлопцы-электрыкі, хто разумнейшы, пераконвалі яго, няма дзей аніякае сувязі паміж кнопкай і сьмярцямі: нават калі ты на кнопку не націсьнеш, дык усё роўна ж памруць! А фрэзэроўшчык ім падморгваў: глядзіце, вось я націскаю – і вось, памерлі дзесьці ў гэты момант! статыстыка дзей ня хлусіць! І што яму запярэчыць? Дый баяліся пярэчыць, бо мала што. А фрэзэроўшчык усё зьлейшы рабіўся, пачаў ужо адкрыта па вуліцах са сваім пускальнікам хадзіць, і людзей зьнішчаць. Нічога чалавечага ў ім не засталося. Ідзе, напрыклад, насустрач маладая маці зь немаўляткам на руках, а фрэзэроўшчык спыніцца, прыжмурыцца і на кнопку бязьлітасна цісьне. Або школьніцы з рукзачкамі ў школу бягуць – ну хто не замілуецца? – а фрэзэроўшчык хмурыцца і душыць, душыць на кнопку з усёй сілы. Трывалі-трывалі людзі ягоныя злачынствы супраць чалавецтва, але калі лік забітых да мільёна наблізіўся, ня вытрымалі. Падышлі яны да фрэзэроўшчыка і кажуць: чаму ты злы такі? што мы табе дрэннае зрабілі? мы ж любім цябе! што табе трэба, скажы? хочаш, багацьце табе зьбяром? хочаш, у кругасьветнае падарожжа на яхце адправім? хочаш, самую прыгожую дзяўчыну замуж за цябе аддамо? хочаш, мэрам горада абяром? Але фрэзэроўшчык толькі зарагатаў – анічога мне не патрэбна! – і ну на кнопку ціскаць, хутка-хутка. Засмуціліся тады людзі аканчальна, накінулі фрэзэроўшчыку на галаву мяшок, і пачалі нагамі дубасіць. Так да сьмерці і забілі, і закапалі ў яры за горадам. А кнопку бэнзынам аблілі і падпалілі. Вось як, дзеткі.
– Эх, шкада нас там не было! Гад! Ужо мы б яго..!
64. Уцёкі ды туляньні. Далонь гестапаўца
На лецішчы жылося прывольна, пакойна. Ляцелі дні, беглі тыдні. Я патроху прыбіраўся, ссыпаючы хлам'ё і сьмецьце ў склеп, і абжываўся, знаёміўся з рэчамі. Тэлефон не званіў, суседзі не зьяўляліся, і ўсё было б добра, калі б раптам не адбылася падзея, якая расчыніла перада мною цёмныя глыбіні маёй душы: распад вочапкі вафэльнага ручніка. І, шчыра кажучы, яна адбылася зусім ня раптам, а нарастала павольна, выразна, пад маім халодным позіркам. Пасьля першага ж мыцьця рондаляў я заўважыў: вочапка-тасёмка на кухонным ручніку надарвалася, і яе ўтрымлівала адна толькі белая нітачка, тонкая і слабая. Як мне прыйшло ў галаву ўчыняць падобны экспэрымэнт, я зараз не магу патлумачыць. І раней, і цяпер я ўзяў бы нітку з іголкай і падладзіў бы вочапку, але тады... Быццам цень сышоў на мой розум, і загарэлася цікаўнасьць садыста – колькі яна пратрымаецца? І я, выцершы ручніком бітон ці казан, вельмі акуратна, каб не тузануць, вяртаў яго на кручок ля мыйкі. Але нітачка апынулася капронавай, сьмелай, яна трымалася з апошніх сілаў, ня рвалася і толькі даўжэла патроху. Яна нібы стагнала: зьлітуйся, зьлітуйся, дапамажы! Але я рабіў выгляд, што ня чую, і доўжыў сваю жорсткую забаўку. І вось аднойчы, калі я выцер гусятніцу, зноў павесіў ручнік і асьцярожна адступіў да вакна, ён зь мяккім шолахам упаў на падлогу. Адбылося. Мякка падаў сьнег за вакном.
Ішлі кароткія сьнежныя дні, ішлі чорныя ночы. Вочапка хваравіта тырчала, прышытая за адзін канец, і саслабелая, падраная нітачка таілася ў складках вафэльнае тканіны. Я вешаў ручнік ужо безь яе, наўпрост за падсечаны край. А ў апошні дзень, выціраючы вымыты таз, я адчуў, што палец заблытаўся. Гэта была яна, нітачка, змучаная, нязграбная. Яна ўжо ня мела сілаў ані хавацца, ані баяцца. Я прыжмурыў вочы, тонка звузіў вусны і моцна тузануў, каб адарваць яе. Але яна і тады не адарвалася, а толькі пацягнулася, даючы мне яшчэ адзін шанец на дабрыню і спагаду. Глядзі, я расьцягнутая, я разарваная, мне ўжо ня жыць, чаго ж табе яшчэ?.. Так, я глядзеў на яе. Жадаючы адчуць мяжу нітачкі, я цягнуў далей, але мяжы не было. Не такая ты простая, ліса! Адкуль ты цягнесься? Я запаліў верхняе сьвятло і паднёс яе да вачэй. Нітачка жыла не сама па сабе, але цягнулася прама з вочапкі, складаючыся ў ейныя папярочныя валокны. Няшчасная вочапка ўжо напалову распусьцілася, падоўжныя нітачкі віселі пухнатым кутасікам. Ня ў сілах спыніцца, я пачаў цягнуць нітачку далей і далей, пакуль яна ўся не апынулася ў маёй руцэ, доўгая, зь пераламанымі перагібамі. Падоўжынкі разьляцеліся па падлозе, некалькі апалі на джынсы, некалькі прыляпіліся да мокрай далоні. У здранцьвеньні я глядзеў на сваю далонь – далонь нягодніка, далонь ката, далонь гестапаўца.
65. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра добрае выкладаньне
Наш тата, чалавек недаверлівы і падазручы, калі-нікалі прыходзіў у школу і сядзеў на занятках, каб спраўдзіць, ці добрае ў нас выкладаньне. Такія адведзiны заўжды канчаліся спрэчкамі і лаянкай з дырэктарам, і заняткі перарываліся на сярэдзіне.
– Гэткі падыход падлыжны ў корані, – абураўся, прыкладам, тата, калі мы хліпалі і смаркаліся на літаратуры, шкадуючы Муму ці Эмму. – Нельга чалавеку лічыць выдумку за праўду і ліць сьлёзы па нейкіх неіснуючых пэрсанажах!
– Але вы не разумееце! – абражаўся дырэктар, – Справа ж ня ў тым, існуюць пэрсанажы ці не, а ў тым, што чалавек, чытаючы, вучыцца спачуваць і спагадаць.
– Якая непразорлівасьць! – дакараў яго тата. – Вы наладжваеце дзяцей есьці вадзяністую ежу і аддаляцца ад жывога жыцьця. Пасьля салодкае кніжнае жуйкі чалавеку нашмат цяжэй рэагаваць на рэальнасьць, бо яна патрабуе самастойнага кусаньня! Небясьпечны эскапізм, ад якога недалёка й да фашызму.
На гэта дырэктару было ўжо складаней адказаць, і ён, каб расьцягнуць час і сабраць думкі, адчыняў бар, наліваў сабе і таце па чарцы «Вясковай», браў яго пад руку і запрашаў у сад. А мы толькі таго і чакалі! І на пакуты Свана, і на зьнямогі Дэдала, і на маркоту Жывага нам было напляваць. Мы весела пляскалі хрэстаматыямі, абціралі тэатральныя сьлёзы і даставалі доўгачаканыя бутэрброды.
Калі тата і дырэктар вярталіся з саду, нярэдка выяўлялася, што яны памяняліся пунктамі гледжаньня. Напрыклад, тата цяпер ганьбіў пісьменьніка Г. Мэлвіла за наіўнае блізарукае самаздаволеньне: як жа гэтая сволач магла быць такая дурная, што бязь ценю сумневу прадказвала кітовым статкам доўгія гады? У таты на вачох нават слёзы блішчалі – што яна, гэтая сволач Г. Мэлвіл, занадта рана памерла, і ўжо ніяк не магчыма тыкнуць яе подлай пысай у Чырвоную кнігу. Дырэктар пацяшаўся: падумаеш, кіты, што за справа нам да іх, калі мы іх аніколі ня бачылі і ня ўбачым; шкадаваць кітоў – тое ж самае, што шкадаваць Уэлсавых марсіянаў. Людзей шкадуйце, людзей! Г. Мэлвіла шкадуйце, хіба ён ня вымер як кіт?
Праз падобныя развагі бутэрброды захрасалі ў горле. На шчасьце, а гэтай гадзіне звычайна прыходзіла мама і забірала нас дадому. Яна мела вельмі ясныя погляды на літаратуру і заўсёды хутка рассоўвала ўсё па месцах. Г. Мэлвілам яна пагарджала: замест таго, каб захапляцца жанчынамі, ён захапляецца кітамі! Гэта была ейная галоўная прэтэнзія. Але потым яна дадавала: удумайцеся! Захапляючыся кітамі, ён лупіць шкуру, трыбушыць, удыхае водар вантробаў і, сарамліва атуліўшыся за грот-мачтай, густуе сьвежы тлушч. Вам гэта нічога не нагадвае?.. Папа рагатаў, а дырэктар не адважваўся пярэчыць, ён толькі зьлёгку матлашыў нам валасы на разьвітаньне, прыгаворваючы якую-небудзь ласкавую бязглузьдзіцу: любіш Пэтрарку, любі і Рэмарка.
66. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра акрыяньні
Аднойчы ўвесну, бліжэй да канца красавіка, мы заўважылі ў глыбіні панадворку на паўночны захад ад нас нейкае няўлоўнае варушэньне. Гэтая сядзіба пуставала больш за паўгода, і мы з брацікамі ўжо стаміліся чакаць новага суседа. Мы хуценька прыпалі да плота з усёй магчымай пільнасьцю, але доўга нічога ня бачылі, апроч счарнелых гурбаў і вільготных галінак агрэсту. І калі б ня мэтад мастакоў-паштаўнікоў – разьбіць прастору на квадрацікі і падрабязна разгледзець кожны – мы б так яго і не знайшлі. Ён сядзеў на тоўстым цурбане, прываліўшыся да сьцірты дроваў, і ціхамірна жмурыўся на сонейка. Ватоўку ён наставіў парусам, каб ветрык веяў за пазухі, але не прадзімаў; локвіцы трымаў на каленях, і далоні зьвісалі строма, быццам каменна-цяжкія. Здавалася, суседу прыносіў незвычайнае задавальненьне кожны ўздых – так задаволена пасьміхаўся ён бледнымі вуснамі. Мы прапанавалі яму халвы, але ён толькі слабка кіўнуў галавой.
– Я яшчэ не зусім акрыяў, дзеткі. Я пасьля пераезду дужа хварэў, а цяпер вось крыху ачуняў, падымаюся на ногі. Такое прыемнае акрыяньне...
Як жа мы зьдзівіліся, калі выйшаўшы на вуліцу ноччу – а мы заўсёды выходзілі ноччу, каб пераканацца ў тым ці ў іншым – мы ўбачылі суседа, які ляжаў на гурбе, у адной толькі сподняй кашулі.
– Хутка цёпла стане, дзеткі, трэба лавіць момант. Я знарок захворваю, каб потым папраўляцца – дзіўнае адчуваньне...
Ён прабавіў у ложку яшчэ некалькі дзён, і хутка ізноў смакаваў асалоду акрыяньня, седзячы ў імлявасьці ля сьцірты і назіраючы за павольнымі аблокамі ў вышыні. Увогуле прастуджвацца я ня вельмі люблю, казаў ён, аддаю перавагу атручваньням: пасьля атруты асаблівая пяшчота і ўмытасьць сьвету, чароўная стомленасьць. Мы прынесьлі яму абутковага клею і адбельвальніку, і ён неахвотна паеў, дзеля ветлівасьці. Да хіміі ён быў абыякавы, яму больш падабаліся расьлінныя атручваньні – густыя настоі з разнастайных багуноў і баршчэўнікаў, на галодны страўнік. Часам для разнастайнасьці ён рэзаўся ножыкам, каб потым летуценна чухацца і зьдзіраць корачкі, часам націраў мазалі ці да салодкага болю перанапружваў цягліцы. Дома ён хадзіў у цяльняшцы і трыко, і ў яго было нечакана звычайна – рэпрадукцыі, радыё, газавая пліта. Звычайную ежу ён таксама еў, напрыклад макароны, але са стрыманасьцю і зьнежывеласьцю ў вачох, зрэдку паводзячы брывом. Спачатку мы турбаваліся, што сусед можа не разьлічыць сілы і дачасна паляцець у вырай, але паступова супакоіліся – натхненьне ні разу не падвяло яго, і ён, па чуткам, бесклапотна цешыў сябе да глыбокае старасьці.
67. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра каханьне
Калі мы з брацікамі перайшлі ў наступную клясу, дырэктар сабраў нас каля аранжарэі і ўрачыста абвясьціў пра пачатак новага курсу батанікі. Узьвесяліўшыся, мы загаманілі, заштурхаліся локцямі – бо вельмі любілі розныя расьліны, асабліва брокалі – але Хуліё нахмурыўся і, узвысіўшы голас, заявіў прама ў твар дырэктару:
– Чаму вы вучыце нас нязначнаму, а значнаму ня вучыце?
– Што ж па-твойму значна, дзіця?
– Каханьне! – адказваў Хуліё зь вялікай упэўненасьцю.
Мы былі ўражаныя братам і ўзрадаваліся. Дырэктар таксама ўзрадаваўся: ён абняў Хуліё, усхваліў яго і падарыў касьцяны грабеньчык з тонкімі разьбянымі сузор'ямі. Не сыходзячы зь месца, дырэктар адмяніў усякую батаніку і паслаў запыт у міністэрства на годнага настаўніка каханьня.
У міністэрстве нас зразумелі спачатку занадта прамалінейна і даслалі гарачага брунэта з затуманеным позіркам, у беласьнежнай кашулі, расшпіленай да самага жывата. Ён пагладжваў сябе па загарэлых грудзях, гуляў колцам у правым смочку, і раз-пораз нахіляўся да нашых вушэй, нібы жадаючы нешта шапнуць, але не шаптаў, а лізаўся, зьвіліста і казытліва. Менавіта ў лізаньні і заключалася асноўная ягоная ідэя: толькі з асалодай аблізаўшы, можна сапраўды пакахаць. Успомніце пацалункі, успомніце самыя патаемныя пяшчоты? Хіба ж не? Мы ахвотна лізаліся на занятках, але ўвогуле паставіліся да брунэта скептычна, і неўзабаве яму ў дапамогу зьявіўся другі настаўнік.
Гэты быў таксама затуманены, але бледны і імпэтны; ён вучыў, што разьвіваць каханьне трэба нястомнымі разважаньнямі аб аб'екце, а самыя лепшыя разважаньні – гэта складаньне вершаў. Падбіраючы рытм і рыфмы, мы падступаем да аб'екта з розных бакоў, разглядаем яго адначасова адусюль, і ў кожнай словаформе адшукваем ягоную дасканаласьць. Трэці настаўнік, у тоўстым вязаным швэдры, дапаўняў і часткова абвяргаў другога: пры разважаньнях пра каханьне, дзеткі, належыць апэраваць ня словамі, але паняцьцямі, і перш за ўсё варта выразна вызначыць тэрміналёгію і пабудаваць сэмантыка-статыстычны граф-вэктар. Чацьвёрты настаўнік прыкаціў на ровары і, прыгладзіўшы далоньню чубок, завёў размову пра сямейны уклад, пра здаровую спадчыну, пра моцную дзяржаву, пра мудрасьць продкаў. Матэматыка – добра, казаў ён, але векавыя традыцыі прашчураў – куды як лепей.
Дырэктар ледзь пасьпяваў мяняць расклад заняткаў, мы зьнемагалі пад практыкаваньнямі, а настаўнікі ўсё прыбывалі і прыбывалі: ускудлачаныя мастацтвазнаўцы, напамаджаныя псыхіятры, тэлеёлягі, кібэрнэтыкі, адэпты духоўных практык, хімікі, артысты кіно і нават эканамістыя. У канцы вучэбнай чвэрці яны паспрабавалі зладзіць нам іспыт, але праз выкладчыцкую цісканіну мы з брацікамі так і ня здолелі прабіцца ў актавую залю.
Мы пайшлі да возера і нерухома сядзелі на зрыве да самага абеду. Мы былі да такой ступені перапоўненыя каханьнем, што баяліся паварушыцца – пры неасьцярожным руху каханьне лопнула б знутры нашыя тонкія абалонкі. Мы патроху выпускалі яго – на шырокую ваду, на павольныя аблокі, на травяныя мятлічкі, адзін на аднаго – і яно сачылася з нас мядовымі бруямі, амаль дотыкавымі. А я выявіў – хоць схаваў гэта ад брацікаў у той дзень – што пакахаў свой мезенчык. Трохі скрыўлены, з кранальнымі зморшчынкамі, ён здаваўся мне маленькай вясновай кветкай у сваёй чароўнай безабароннасьці. Апусьціўшы руку ў кішэню, я непрыкметна лашчыў яго, і ён адказваў мне ледзь прыкметным, але адданым дрыжаньнем.
68. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра пазыкі
Больш за ўсё на сьвеце наш тата любіў пазычаць грошы. Ані дня не праходзіла, каб ён не прыносіў дадому новы пульхны канвэрт з асыгнацыямі – то ад суседзяў, то ад калегаў, то ад аднаклясьнікаў, то ад бакалейнікаў, то ад стаматолягаў. Кожнага разу, здымаючы капялюш, ён патрасаў канвэртам і гукаў у наш бок: пазычайце сьмела, дзеткі! пазычайце памногу! пазычайце з ахвотай! Мы звычайна не згаджаліся і наўмысна пярэчылі яму – каб ізноў паслухаць павучальную казку пра добрасьць пазыкаў. Нам падабалася, што ў галоўнага героя з аповеду ў аповед непрадказальна зьмяняюцца рысы, кшталту прычоскі, даўжыні носу або прыхільнасьці да пэўнага гатунку зубнога парашку, і мы ўгаворвалі тату маляваць яго як мага больш падрабязна. Тата моршчыўся і нецярпліва апісваў зьнешнасьць, біяграфію, жыцьцёвы ўклад, звычкі, а потым, са значнасьцю зірнуўшы на нас, пераходзіў да бессэнсоўнай існасьці. Нібыта той чалавек пражываў у некаторым царстве і да сутаргаў не любіў пазыкаў, і нават ня толькі грашовых, а ў любых відах і формах. І нібыта аднойчы, чысьціўшы зубы, ён памеркаваў, што шчасьлівая і поўная асалодаў маладосьць – гэта таксама ня што іншае, як пазыка, узятая ў старасьці, які неўзабаве прыйдзецца зь лішкам вяртаць хваробамі, беднасьцю і адзінотай. Зрабіўшы гэтую выснову, ён зразумеў, што праз сваю бестурботнасьць ужо пасьпеў багата пазычыць, і пачаў пасьпешліва выпраўляць становішча. Ён спусьціўся па вуліцах уніз, да занядбаных докаў, і, абраўшы самае вільготнае і цёмнае сутарэньне, пасяліўся там пустэльнікам. Сілкаваўся ён сьлімакамі і вустрыцамі, пітную ваду браў са зьліўной трубы запалкавае фабрыкі, а зубы чысьціў пяском і піўнымі вечкамі. Неўзабаве ў яго разьвіўся кашаль і каленныя дрыжыкі – добрыя знакі, што пацьвярджалі слушнасьць шляху – і ён бавіў вечары, падсумоўваючы колькасьць часу, што засталася для выплаты пазыкі і аканчальнага выкупу. Атрымлівалася гадоў пяць ці дзесяць, у залежнасьці ад спосабу вылічэньня, але дзеля пэўнасьці ён пражыў у сутарэньні спачатку пятнаццаць, потым яшчэ тры, а потым нечакана здырдзіўся. «Што значыць здырдзіўся, татухна?» – пыталіся мы. «Гэта значыць паляцеў у вырай, дзеткі! Гэта значыць дарма выплачваў, гэта значыць дарма пазыкай грэбаваў!» Мы расчынялі ружовыя раткі, жадаючы спрачацца, але тут ўваходзіла мама, і тата, ужо ня слухаючы нас, тэлефанаваў у рэстарацыю, заказваў шампанскае, вячэру і торт.
69. Змрочныя засьценкі. Ролтан-бой
– Што, паскуда? – казаў мне мой праграмар. – Дастукалася?
Яму было даспадобы зьвяртацца да мяне ў жаночым родзе. Ён штурхаў мяне каленкай пад рэбры, і мае далікатныя вантробы адгукаліся глухім вохам. Што значыць паскуда? Да чаго я дастукаўся? Ён прыносіў мне кардонавую скрыню з абутковымі прыладамі – рознымі шчоткамі, слоічкамі, цюбікамі, аксамітнымі анучкамі – і піхаў у яе тварам.
– Бачыш? Бачыш?
Спачатку я ня бачыў розьніцы паміж ваксай і гуталінам, і за гэта ён «рабіў мне сьліву», заціскаючы між двума пальцамі нос і неміласэрна выкручваючы. Схіліўшы галаву, я старанна начышчаў і паліраваў ягоныя лакавыя вастраносыя туфлі, дамагаючыся чорна-вясёлкавага пераліву на выгібах, але ён ані разу мяне не пахваліў, і толькі зьдзекаваўся, рэзка выторгваючы нагу, каб я паваліўся.
– Курвяня бязглуздая!
Час ад часу ён страшыў, што перапіша мяне зь пі-эйч-пі на джава-скрыпт, але я не палохаўся, бо не разумеў. У яго былі шырокія лілова-сінія вусны, быццам зьмёрзлыя, і маленькі трохкутны носік з кранальнымі шэрымі валасінкамі ўсярэдзіне, на якіх падчас сядзелі кропелькі. Пальцы ў яго былі маршчыністыя, пляскатыя, з лускавінкамі сухое скуркі вакол пазногцяў.
– Пачакай жа! Я цябе правучу!
Ён пазяхаў. Ён даваў мне тупы кансэрвавы нож і прымушаў адчыняць яму бляшанкі са згушчаным малаком і заплюшчваць зубчыкі, каб ён не параніўся. Пакуль я хадзіў па сайтах, рэклямуючы рашчынную локшыну, ён ласаваўся згушчонкай, чэрпаючы яе адмысловай кававай лыжачкай, зусім маленькай, каб доўжыць асалоду. Даеўшы згушчонку, ён вадзіў пальцам па сьценках бляшанкі, зьбіраючы рэшткі, і мне не заставалася зусім нічога.
– З гэтага часу цябе клічуць Ролтан-бой! Зразумела?
Дрыжучы з голаду, я наліваў у апусьцелую бляшанку цёплае вады, і яна ледзь бялела. Вагаючы нагой, ён назіраў, як я п'ю. Адрабляючы падачку, я цыраваў ягоныя сырыя шкарпэткі – ён сьцьвярджаў, што трэба спачатку цыраваць, а потым мыць, так крапчэй – і да крыві калоўся крывой іголкай. Убачыўшы кроў, ён ажыўляўся, хапаў мяне за руку, выцягваў і з запалам чакаў, пакуль крывінка капне.
– Нягеглік нікчэмны! Нават крыві ў табе няма. Ідзі!
Лежучы на халодным кафлі, побач зь венікам і шуфлікам, я з сумам успамінаў уцехі бацькавай хаты. Каб адпомсьціць майму праграмару, я адкалупваў кавалачкі чорнае фарбы з шуфліка, агаляючы шэры мэтал – хай заржавее! Венік мне падабаўся, і я прысоўваўся да яго бліжэй: ён пахнуў травой і дрэвам, садам і домам, татавым пінжаком, мамінай кофтай.
6A. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра сумневы
Калі я быў зусім маленькі, я марыў вырасьці і зрабіцца паэтам. Я пісаў вершы і ўпотай ад брацікаў прыносіў іх маме, а яна чытала і хваліла: вельмі добра! Але аднойчы я раптам засумняваўся – ці можа яна сказаць, што верш дрэнны? Яна ж мама! На гэтае меркаваньне яна засьмяялася, падліла сабе трохі марціні і пасадзіла мяне побач на ложак.
– Паслухай казку, Ролю, – яна лашчыла мяне па валасах. – Жыў-быў адзін хлопчык, які марыў вырасьці і зрабіцца кампазытарам. Ён пісаў песьні і прыносіў іх маме, а мама слухала і хваліла: вельмі добра! Але аднойчы ён раптам засумняваўся – ці можа мама сказаць, што песьня дрэнная? Пайшоў ён да сяброў, прасьпяваў ім песьню, і сябры таксама ўхвалілі: вельмі добра! І нават пачалі напяваць яе й падыгрываць на гітары. Але хлопчык яшчэ горай засумняваўся – а раптам яны толькі дзеля ветлівасьці ўхвалілі? Сапсаваўся ягоны настрой, і праляжаў ён цэлы тыдзень на канапе. І раптам чуе – па радыё гучыць ягоная песьня, і дыктар з павагаю называе ягонае імя. Хлопчык зь нечаканасьці так і сеў на канапе! Але потым ізноў лёг – падумаеш, эстрадную песеньку напоркаў, па радыё круцяць пад саксафонік, ці вялікае гэта дасягненьне... Вось калі б прыкладам я сур'ёзную п'есу для вялікага акадэмічнага сымфанічнага аркестру склаў – тады б запраўды... Месяц ляжаў хлопчык, два ляжаў, а потым бачыць па тэлевізары: абвяшчаюць са сцэны канцэртнае залі ягонае імя, і аркестар іграе ягоную песьню. Хлопчык нават пакрывіўся з прыкрасьці – да чаго ж дакаціліся гэтыя аркестры! І Аббу, і Куін, і хутка ўвогуле гоп-стоп пачнуць іграць. Зрабіў хлопчык выснову, што важны ня факт выкананьня аркестрам, а культуралягічнае прызнаньне... а песьня мая ўсё ж дрэнь. І працягнуў ляжаць, варочацца й хмурыцца. Тым часам яму пачалі прыходзіць пасылкі: і манаграфіі ад вядучых мастацтвазнаўцаў пра ягонае глыбокае майстэрства, і калекцыі дыскаў ад знакамітых дырыжораў з запісамі ягонае песьні, і артыкулы з сур'ёзных часопісаў – і ўсюль ягоную песьню мянуюць ня йначай як пранізьліва геніяльнай. Але хлопчык толькі моршчыўся ды коўдру нацягваў – уся гэтая слава пустая й часовая... у стагодзьдзях застануцца Бах і Глінка, а мяне праз год забудуць... песенька благенькая. Пакутаваў-пакутаваў хлопчык, дый так усё жыцьцё й прапакутаваў, так і памёр на канапе. І пацяклі гады ды стагодзьдзі, эпохі ды эоны... Але на гэтым гісторыя ня скончылася! Аднойчы шум! крэк! бляск яскравы! Разлупіў хлопчык вочы і бачыць: Страшэнны Суд пачаўся і Другое Прышэсьце. Дрыжыць зямля, вывяргаюцца вулканы, паўстаюць мерцьвякі з долаў, і неба зьзяе асьляпляльна! І ляцяць зь неба Архангелы ды ў трубы трубяць, але ня проста дудзяць, а тую самую ягоную песьню граюць з асаблівай урачыстасьцю. Ня Бахаву й ня Глінкаву, на дзіва. Вось тады нарэшце хлопчык крыху падбадзёрыўся, пацёр далонькі і мовіў: хай яго... нядрэнную песьню я ўсё ж такі склаў!
Мама пасьміхнулася, перахрысьціла мяне і адправіла спаць, а я тым жа вечарам вырашыў, што болей не хачу быць паэтам.
6B. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра матэматыку
Калі мы з брацікамі былі маленькія і хадзілі ў сярэднюю школу, усе прадметы ў нас вялі два пэдагога: сам дырэктар, манумэнтальна велічны паўночнік, знаўца працоўнага навучаньня і паэзіі, і сэньёр Рунас, былы абат, народжаны пуэртарыканец, аскет і містык. Яны нядрэнна ладзілі, часта вячэралі разам, і абодва пагарджалі матэматыкай, проста не выносілі яе – і таму матэматыкі ў нас не было. Са сталіцы да нас пэрыядычна накіроўвалі матэматыкаў, але ўсе яны аказваліся хлюпікі і не вытрымлівалі нават найменшага выпрабаваньня. І дырэктар, і сэньёр Рунас любілі зьдзекавацца над імі, вынаходзячы тысячы спосабаў. Напрыклад, калі хтосьці з гэтых няшчасных, у зашпіленай даверху кашульцы, у сінім пінжачку і з партфэлікам, грукаўся, нясьмела ўваходзіў у клясу і выцягваў шыю, жадаючы назвацца, дырэктар рабіў выгляд, што не заўважае яго і ўрачыста абвяшчаў:
– А цяпер, дзеткі, казка!
Матэматык муляўся ў кутку, зьнемагаючы з сарамлівасьці, а дырэктар грымеў:
– Жыў-быў на сьвеце адзін чалавек, па прафэсіі лямошнік, які вельмі дрэнна ведаў матэматыку. На базары яго аблічвалі і абважвалі што ні дзень, падатковыя інспэктары і страхавыя агенты дралі патройныя стаўкі, і нават начальнік абчмурываў па зарплаце. Але лямошніку было на ўсё гэта напляваць, бо яго хвалявалі толькі запраўды сур'ёзныя пытаньні: жыцьцё і сьмерць. Чытаў ён шмат газэтаў і часопісаў на гэтую тэму, і аднойчы вычытаў статыстыку, што верагоднасьць памерці да шасьцідзесяці гадоў складае пяцьдзесят адсоткаў. У той жа дзень кінуў лямошнік піць, курыць, смажыць сала і бегаць за кабетамі, і купіў сабе ровар. Пачаў ён аблівацца халоднай вадой, іспаць на цьвёрдым, харчавацца гароднінай і садавіной, адціскацца на костачках і скакаць са скакалкай. А калі сэрца пабольвала, выконваў падвойную нагрузку. Гады беглі, а ён усё здаравеў, гартаваўся, і нават не адразу заўважыў, як шэсьцьдзесят прамільгнула. А калі заўважыў, ізноў пачытаў статыстыку і даведаўся, што верагоднасьць памерці з шасьцідзесяці да сямідзесяці складае трыццаць адсоткаў. Парадаваўся лямошнік, і трохі даў сабе волю, купіў мяккую пярыну і па выходных дазваляў сабе папесьціцца. Але ў астатнім быў крэпкі і цьвёрды яшчэ дзесяць гадоў! Тым часам верагоднасьць паміраньня ўсё зьніжалася і паміж сямюдзесяцьцю і васьмюдзесяцьцю гадамі складала ўсяго толькі дзесяць адсоткаў. Вы, дзеткі, ужо зразумелі, у чым была ягоная матэматычная памылка? Вось і дарма! А лямошнік той не зразумеў, і разумець не хацеў, і пляваць яму было на матэматыку. Стаў ён паменш бегаць, паменш скакаць, ды пабольш увечар есьці, каб існы цікавыя сьніліся. Так дацягнуў ён да васьмідзесяці гадоў, а на наступны дзясятак верагоднасьць была нікчэмных пяць адсоткаў. Тут лямошнік зусім паслабіўся – пачаў пакурываць, заказваў за вячэрай бутэлечку бардо і заляцаўся да афіцыянтаў. І начальнік ягоны, і агенты, і інспэктары ўжо даўно дуба далі, а лямошнік, можна сказаць, толькі жыць пачынаў – і гарызонты былі бясхмарныя! Да ста гадоў, пакуль верагоднасьць вагалася каля двух адсоткаў, ён яшчэ стрымліваў сябе, а потым... Эх, дзеткі! Не жыцьцё зрабілася ў лямошніка, а суцэльны ўгар і бразыльскі карнавал. Днём спаў і піў шампанскае, а ўначы з клюба ў бар, з бара ў дансынг, з дансынга ў бардэль – і віскі ракой, і дым слупом, і аджыка бочкамі. Так і жыве дагэтуль, і ў вус ня дзьме. А ўсё чаму?..
Тут дырэктар нарэшце зыркаў у куток, але матэматыка ўжо не было ў клясе. Яго яшчэ можна было ўбачыць у вакно – ён атупела ішоў да трамвайнага прыпынку, прыгорблены і уздрыгваючы, аканчальна ўсьвядоміўшы ўласную недарэчнасьць.
6C. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра гіпэркантроль
Калі мы з брацікамі пачалі падрастаць і пайшлі ў школу, нашым таце з мамай больш ня трэба было няспынна даглядаць нас, і яны заахвоціліся наведваць разнастайныя курсы і сэмінары. Яны нават наводзілі будзільнік на зарана, каб перахапіць газэты і рэклямныя ўлёткі наўпрост з пальцаў паштальёна, а потым, прыціскаючыся плячыма, прагна і падрабязна прачытвалі. «Невэрбальныя камунікацыі», «Эфэктыўны мэнэджмэнт», «Трэнінг памяці», «Ёга і сучасны бізнэс», «Разьвіцьцё артыстызму» – яны не прапільноўвалі нічога, і бедавалі на перакрыжаваньні лекцыйных раскладаў. Калі трэба было выбіраць нешта адно, дык перад простымі тэмамі яны аддавалі перавагу дзіўным і містычным, кшталту «Дыягностыкі кармы» ці «Гаючых дотыкаў», а яшчэ лепш – псыхалягічныя або псыхіятрычныя, гэтыя наогул нібы мёдам вабілі іх. А аднойчы яны патрапілі на загадкавую лекцыю «Пра наступствы гіпэркантроля», пасьля якой вярнуліся прыціхлыя і пасаромленыя. Яны ўвесь вечар вінавата паглядалі на нас, а ўраніцу спакаваліся і зьехалі ў акіянічны круіз, на цэлых два тыдні – наўмысна каб пакінуць нас зусім без нагляду.
Застаўшыся адны, мы адразу ж кінулі чысьціць зубы, мыцца і праць шкарпэткі. Мы валяліся ў ложку да вечара, а потым ўскочылі, запалілі ўсё сьвятло, пусьцілі ўсю ваду, расхінулі ўсе вокны. Мы ўсьміхнуліся адзін аднаму і пачалі мэтадычна парушаць забароны, адну за адной, усё, якія здолелі ўспомніць. Мы пускалі газы, плявалі на падлогу, брудна лаяліся, лашчылі забароненыя месцы, цалаваліся, асемянялі аднаклясьніцаў, кралі, сядзелі ў калёніі, пілі мэтыл, нюхалі клей, курылі карычневы цукар, рэзалі вены, гандлявалі ворганамі і зброяй, і чаго толькі не рабілі! Грунтоўна стаміўшыся і згаладнеўшы, мы раз-пораз падыходзілі да вакна і глядзелі на рог, з-за якога павінен быў зьявіцца татаў уазік, але бачылі толькі курэй, якія капаліся ў дарожным пылу, у ружовых променях захаду. У нас заставалася трохі печыва і мочанага гарошку, і мы расьцягнулі іх да серады, а потым яшчэ і да пятніцы.
У суботу мы адправілі таце з мамай тэлеграму, што ўсьведамляем усе наступствы і згодныя на гіпэркантроль. Але яны ўсё ня ехалі, і мы ціхутка плакалі: як гэта несправядліва, бо мы ж ня мелі нічога супраць, ані слоўка ня мовілі! Мы ня ведалі, што рабіць, у роспачы рассоўвалі па пакоі мікрафоны, камэры і самапісцы, ляжалі на ложках бяз коўдраў і галасілі. Але, нягледзячы ні на што, тата з мамай прыехалі толькі праз два тыдні. Яны паправіліся і паружавелі, і спачатку ні за што не жадалі кантраляваць нас. Ай ну вас, адмахваліся яны, колькі можна ўжо! Неверагодных высілкаў каштавала нам упрасіць іх узяцца за нас ізноў. Зь неахвоткай, з натугай, са скрыпам прывіваўся новы гіпэркантроль. Але паступова ён мацнеў, шырыўся, і абяцаў быць нечуваным, небывалым! Якія ж мы былі шчасьлівыя! Цэлы дзень мы кружыліся па пакоях, па паркетах у радасных вальсах, у сьвяточных палянэзах!
6D. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра цытаты з клясыкаў
Калі мы з брацікамі пачалі падрастаць, тата стаў часьцей распавядаць дарослыя казкі, з усялякімі ўхіламі і намінкамі, каб мы не адставалі ў разьвіцьці і мелі дакладнае разуменьне пра жанчын.
– Жыў-быў у нашым горадзе, на вуліцы Багдановіча, адзін непрывабны юнак, па прафэсіі рознарабочы. Тварам ён быў грудкаваты, ростам кароткі, розумам бедны, а на жыцьцё ледзь-ледзь зарабляў праз кволасьць у грудзёх. Больш жа за ўсё на сьвеце ён любіў глядзець на жанчын, і сама салодкай ягонай марай было сысьціся з кім-небудзь зь іх пабліжэй. Але жанчыны яго цураліся, і ні водная не жадала дараваць гаротнаму хоць крышачку сваіх любатаў. Толькі і заставалася юнаку, што ўздыхаць і бадзяцца па базару. І вось аднойчы купляў ён у бабулек гарбузовыя семкі і пачуў раптам, як адзін прадавец кавуноў кажа другому: «Чым меней мы жанчыну любім, тым болей ёй падабаемся! Вось як клясык сказаў! Дакладна так!» І юнак, які цалкам істраціў быў надзею, праз такую непарушную цытату моцна акрыяў і пастанавіў сабе – спадабаюся жанчынам што бы там ні было! Прыйшоў ён дадому, сеў на зэдлік, заплюшчыў вочы і прыступіўся да трэніроўкі. Аніякае канкрэтнай жанчыны ён не ўяўляў і стараўся любіць як мага менш адразу ўсіх. Спачатку было няпроста, аднак неўзабаве ён спрактыкаваўся і здолеў ня толькі не любіць, але й адкрыта ненавідзець усіх разам і кожную паасобку. А клясык гэны і сапраўды меў рацыю: не мінула й месяца, як даведаліся пра тога юнака жанчыны, і пачалі да ягонай хаты прыходзіць і шпацыраваць, на вокны паглядаць. Як высунецца ён у фортку – дык адразу войкаюць і ружавеюць з сарамлівасьці. Юнак жа быў цьвёрды: плюне і назад схаваецца. Усё мацней і мацней падабаўся ён жанчынам, і неўзабаве яны нават сыходзіць адтуль кінулі, начавалі ўжо наўпрост пад ягоным бальконам, і ўсё болей і болей іх рабілася. Пачаў тады юнак запускаць іх да сябе па адной, каб кожнай асабістую пагарду выказаць і насьмяяцца бязьлітасна. Стагналі жанчыны, галасілі, але з цытатай нічога зрабіць не маглі, толькі мацней юнака кахалі, з усяго горада сьцякаліся і нават прыяжджалі з вобласьці на цягніках. А ён, бывала, выйдзе на балькон, дый вачыма бліскане, дый рукою гнеўна патрасе, дый аблае іх зьверху брыдкімі праклёнамі. Тым часам сабралася іх некалькі тысячаў, і праз такую шматлікасьць істрацілі яны ўсякую надзею хоць імгненьне правесьці сам-насам з улюбёным. Хутка і разьвязка надышла, жахлівая і жудасная! Аднойчы ўноч падняліся ў натоўпе нараканьні, узьнялося хваляваньне, не стрывалі жанчыны свайго пякучага каханьня бязвыйсьцевага, запалілі паходні, дый рынуліся да юнака – кожная жадала першая абажаньне выказаць – і зруйнавалі на сваім шляху і сад, і хату, і бліжэйшы гастраном, і самога юнака затапталі... Вось як, дзеткі. Вось як здараецца. Таму будзьце асьцярожныя з цытатамі з клясыкаў – бо яны занадта маюць рацыю, празьмерна нават, для нас, людзей простых і немудрагелістых.
6E. Уцёкі ды туляньні. У лес
Не пасьпеў я акрыяць пасьля распаду вочапкі і хаця б колькі дзён пацешыцца дачнай бяздумнасьцю, як зазваніў тэлефон. Абліўшыся халодным потам, я пакляўся сабе ні за што на сьвеце ня браць слухаўку. Але ён назойліва званіў і званіў, змаўкаў і зноў званіў, і я ня вытрымаў, узяў – толькі паслухаць краёчкам вуха, ані гуку. «Алё, гэта ты? Чакаеш мяне, коцік?» Гэта была яна, тая, мая выратавальніца. Я асьцярожна павітаўся, і яна, працягваючы клікаць мяне коцікам, літаральна за некалькі фразаў павярнула справу да жаніцьбы. «Ты ж кахаеш мяне, ну скажы?» З наіўнасьці я распачаў палеміку, каб давесьці, што ёй лепей выйсьці за Белага Паляўніка – нашмат лепей, непараўнальна лепей! Яна засьмяялася: ах, ён не пасуе, ну які зь яго муж. «Ты ня бойся, ад цябе нічога не спатрэбіцца, я ведаю, мужчыны ня любяць клапаціцца, толькі апраніся там неяк прыстойна. Я хутка буду». Апусьціўшыся на канапу, я атупела цёр лоб і разважаў, колькі часу ў мяне засталося – паўдня? Дзьве гадзіны? Калі нават яна не прадалася Беламу Паляўніку і не плянуе мяне выдаць, дык ён напэўна пойдзе за ёю ўпотай. Ці часу не засталося зусім?
Скінуўшы нязмогу, я сеў да паўночнага вакна, прыціснуўся рукамі і ротам да замёрзлага шкла і адагрэў, адлізаў круглую празрыстую пляму, якраз па памеру маёй падзорнае трубы. І ўмлеў. Едуць! Ужо адарваўшыся ад засьнежанага гарызонту, наўпрост на мяне ляцелі на тройцы з бразготкамі! Размаляваныя сані! Дзяцюк у расхінутым кажусе, у вышыванцы, падпяразанай саматканым поясам, ліха кіраваў, стоячы на паўсагнутых, і ягоны зубаты рот ці то сьпяваў, ці то крычаў; за ім праглядаліся шматлікія сваты ў шапках з лакавымі брылямі, свацьці ў сукенках, вусаты гарманісты і сама нявеста – пульхная, барвяная, з таўкачом і ступай, сымбалямі таўчэньня і зьліяньня. Шкадуючы пра немагчымасьць жаніцьбы, я замітусіўся па хаце, зьбіраючы рэчы, зрэшты рэчаў у мяне не было, але трэба ж было нешта зьбіраць, хоць бы якія слоікі, тазікі, прышчэпкі, потым шпурнуў іх, схапіў са сьцяны тую карцінку зь вёскай, яблынямі і хаткай, сунуў за пазуху. Сьлізгаючы і блытаючыся ў палавіках – у задні пакой, з трэскам зімовае заклейкі – у вакно, у падваконную гурбу, у лес!
6F. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра мізэрнасьць
У гады майго дзяцінства жыхары нашага мястэчка былі ўсе як адзін вельмі пабожныя і мкнуліся да рэлігіі ў любых формах і праявах. Царквы, касьцёлы, мячэці, сынагогі, пагады дзесяткамі мясьціліся ў цэнтры, працавалі кругласутачна і ні гадзіны не пуставалі, ня кажучы ўжо пра выходныя і сьвяты, калі да іх з усіх закуткаў цягнуліся прыбраныя чаргі. У нашай сям'і таксама аддавалі належнае рэлігіі – два-тры разы на тыдзень мама апранала хустачку і хадзіла ў праваслаўную царкву, а тата па аўторках і чацьвяргах ваксаваў да бляску пантоплі і ехаў да саентолягаў. Нас з брацікамі бацькі выпраўлялі на службы па раніцах ў нядзелю, але дакладных канфэсіяў не навязвалі і рабілі толькі адну ўмову: вярнуцца не раней абеду.
Пхацца і нудзіцца ў чэргах мы не любілі, і таму агіналі цэнтар і выходзілі на вуліцу Талстога, прамую, даўгую, усю ў старых таполях і двухпавярховых купецкіх будынках. На гэтай старадаўняй вуліцы сяліліся тыя, хто не здавольваўся афіцыйнымі плынямі і бажаў прапаведаваць сам. У кожных дзьвярэй стаялі адэпты новых вучэньняў і запрашалі да сябе гараджан, якія павольна шпацырылі міма ў пошуках ісьціны. Гэта нагадвала вуліцу Дастаеўскага, вядомы раён бардэляў, але калі там цябе цягнулі за руку вульгарныя хрыплыя цёткі, дык тут пераважалі ціхія і чысьценькія дзядзі, у сьветлых штанах са стрэлачкамі. Мы абіралі якога аднаго і заходзілі на гарбату зь печывам.
Самы просты і зразумелы быў прапаведнік мізэрнасьці, дзядзя Коля, сівенькі, худзенькі, зь зіхатлівымі вочкамі. Ён усаджваў нас на канапу, частаваў фіялетавымі сьлівамі з трэснутым бачком і вучыў:
– Шчасьце ў мізэрнасьці, дзеткі. Скіньце гонар, утапчыце яго ў бруд і пасыпце зьверху сьмецьцем. Усе беды чалавека і чалавецтва – праз гонар. Хочаце быць свабоднымі? Будзьце мізэрнымі. Вам больш ня трэба ні намагацца зрабіцца лепш за іншых, ні саромецца недахопаў. Вось у мяне пытаюцца: кім ты працуеш? А я пасьміхаюся ім у твар і кажу: я не працую, бо нічога ня ўмею... А дзе ты вучыўся? Я вучыўся на памыйніцы... Якое ў цябе аўто? Я да таго ўбогі, што ў мяне няма нават ровара... Ты чытаў Юнга? Не, я да таго тупы, што наогул зь цяжкасьцю чытаю... Табе падабаецца фрыкасэ і кюрасао? Не, я ем ролтан і запіваю вадой з крана... Ты быў у Амстэрдаме? Не, я далей гастранома зроду не выбіраўся... І тады яны губляюць цікавасьць і сыходзяць, а я яшчэ на адзін крок набліжаюся да канчальнага шчасьця і да Творцы. Вы думаеце, Творца вялікі і бліскучы? Не, дзеткі, Творца мізэрны.
– Але як жа Ён у такім выпадку стварыў неба і зямлю? – слушна пытаўся Толік.
– Вось так і стварыў, як умеў, і вельмі добра атрымалася, асабіста мне ўсё даспадобы без выключэньняў. І калі вас спытаюць, дзеткі, вы таксама адказвайце: вам нешта не падабаецца? вы чымсьці незадаволеныя? дык у чым жа справа? ідзіце к чорту!
70. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра замежныя мовы
Калі нам з брацікамі надышоў час вывучаць замежныя мовы, дырэктар школы прызначыў настаўнікам сэньёра Рунаса, былога абата, народжанага пуэртарыканца. На першыя заняткі мы надзелі бярэткі і гетры, каб быць падобнымі да замежных дзяцей, і, наперад смакуючы сапраўдных Вэрлена і Фроста, расьселіся за партамі. Сэньёр Рунас, узышоўшы на катэдру, ухваліў нашыя гетры, але абвясьціў, што ніякай лексыкі і граматыкі выкладаць нам ня будзе – гэткія практыкаваньні толькі для мужыкоў.
– Запомніце, дзеткі! – патлумачыў ён. – Галоўнае – успрымаць тэмбры, назіраць твары, адчуваць эмоцыі! Слухайце сэрцам, а не прыземленым мозгам! Каб разумець іншую гаворку, вам патрэбныя не зубрэньне і памяць, але засяроджваньне і чуласьць! Калі сустрэнеце замежніка, дык расчыніцеся яму насустрач, і ўсё адчуеце, што ён мае вам паведаміць!
Мы ня надта ўразумелі спачатку, і дужа засумняваліся – як жа даведацца, напрыклад, пра што сьпяваецца ў замежнай песьні?
– А пра што там, па-вашаму, можа сьпявацца? – чмыхнуў сэньёр Рунас. – Звычайна сьпяваюць пра каханьне, часам, хто дурны – пра сьмерць, часам, хто ўзьнёслы – пра Творцу. Навошта вам дакладнае значэньне словаў? Слухайце музыку!
– Ну а калі кінастужку наважымся паглядзець? Ці зразумеем бяз моваў замежныя сюжэты?
– Дык нашто вам гэныя сюжэты! Няўжо важна, хто менавіта забіў якога-небудзь Біла? Шукайце прыгажосьць, глядзіце на актораў, сачыце кампазыцыю кадру!
– Ну а кнігі, кнігі?
– Цьфу! Лайдакі напісалі, а вы чытаць намерыліся?
– Ну а калі політэхнічны слоўнік?
– Цьфу!
– Ну а калі, – уздыхнуў летуценна Хуліё, – калі я запытаюся ў замежнае, але невымоўна прыгожае дзевы, ці кахае... і яна апусьціць погляд і шапне ціха і горача адно толькі слова... Як тады ўразумець – «так» ці «не»?
Гэтая задача спачатку зьбянтэжыла сэньёра Рунаса, але ён хутка выправіўся і адказваў, што пытацца ў такіх выпадках трэба ня дзеву, а ейнага вартага бацьку, сівога і ўладнага, з моцнымі пальцамі ў персьценях, і ўжо па выразу ягонага твару і грамавому голасу пэўна ніяк не пераблытаеш.
Тэорыя сэньёра Рунаса не зусім нас пераканала, і мы завіталі да дырэктара школы, які, аднак, выслухаўшы, выказаў зь ёю найпаўнейшую згоду. Потым мы пайшлі да мамы з татам, і яны таксама горача пацьвердзілі, а каб мы больш не сумняваліся, напісалі ліст міністру адукацыі. Неўзабаве прыйшоў адказны ліст, з гербавай пячаткай, у якім міністар шматслоўна нахвальваў нашу школу, дырэктара, сэньёра Рунаса, маму і тату, і ў самых ласкавых выказах суцяшаў і супакойваў нас. Тады мы нарэшце з палёгкай уздыхнулі і паверылі.
71. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра нянавісьць
Калі я быў маленькім хлопчыкам і яшчэ не патрапіў у Вучылішча, мне марылася вырасьці і зрабіцца статыстыкам. Статыстык – гэта чалавек, які апытвае людзей і зьбірае статыстыку. Я марыў клясыфікаваць ўвесь сусьвет! На вуліцу мяне праз малалецтва не пушчалі, і я апытваў сваіх, запісваючы адказы ў тоўсты сшытак, у блакітную клетку.
Я: што (ці каго) ты ненавідзіш больш за ўсё на сьвеце?
Толік (мой брат): сьпякоту!
Кодэкс праўдзівага статыстыка абвяшчае – няварта патрабаваць тлумачэньняў. Толькі пытаньне і адказ. Для адказу Толіка тлумачэньні і непатрэбныя – да таго змучаны ягоны мясісты твар, да таго велізарныя плямы поту атачаюць падпахі і хрыбетнік. Ён абцірае лоб рукой, і на руцэ застаюцца шырокія мокрыя палосы.
Я: што (ці каго) ты ненавідзіш больш за ўсё на сьвеце?
Тата (мой тата): шашаляў!
Тата сядзіць пад сталом са сьмертаносным слоічкам у руцэ і мэтадычна абрызгвае ножкі, стальніцу і сучляненьні. Старадаўняе чырвонае дрэва, фамільныя скарбы. Шашалі з году ў год мутуюць, прыстасоўваюцца да яду і зноў нязмушана псуюць мэблю.
Я: што (ці каго) ты ненавідзіш больш за ўсё на сьвеце?
Мама (мая мама): марціні!
Мама ляжыць на ложку ў халаце і цёмных акулярах. Учора яна вярнулася вельмі позна і толькі нядаўна прачнулася. Ідзі прынясі мне халоднай вадзіцы, Ролю, мне млосна, каламуціць. Толькі глядзі гатаванай.
Я: што (ці каго) ты ненавідзіш больш за ўсё на сьвеце?
Колік (мой брат): дазіральнікаў!
Колік прысеў на кукішкі, растапырыў пальцы левае рукі на падлозе і хутка-хутка тыкае ножыкам паміж імі. Важна не параніцца. Напэўна, дазіральнікі кепска даглядалі яго ў турме, білі, кідалі ў халодны карцар, адбіралі цыгарэты.
Я: што (ці каго) ты ненавідзіш больш за ўсё на сьвеце?
Хуліё (мой брат): губную памаду!
Хуліё закрыў далоньню слухаўку, каб адказаць мне, а зараз ізноў палка шэпча ў яе: жар прадчуваньня! прага жаданьня! асалода зьліцьця! Чаму ён ненавідзіць губную памаду? Гэта наогул незразумела! Ён махае мне, каб я сышоў.
Я: што (ці каго) ты ненавідзіш больш за ўсё на сьвеце?
Валік (мой брат): прафэсійных дэкляматараў!
Не, ніяк не магчыма ўтрымацца і не парушыць кодэкс праўдзівага статыстыка!
Я: але за што ты ненавідзіш прафэсійных дэкляматараў?
Валік (гнеўна): за тое, што гэтыя людзі ня ведаюць сораму! сваім мярзотна-аксамітным барытонам яны афарбоўваюць у высакароднасьць самыя лядашчыя вершыкі! з роўна-бессэнсоўнай ўдумлівасьцю чытаюць і рэклямныя слоганы, і найвялікшых паэтаў! пустышкі, падлы, курвы! ненавіджу ўсёй душою!
Тупік. Як можна зьбіраць статыстыку, калі ўсе адказы абсалютна розныя?
Але я не адчайваўся і яшчэ доўга марыў быць статыстыкам.
72. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра Амэрыку
Калі мы былі маленькія, мы вельмі хацелі жыць у Амэрыцы. Мы ўяўлялі яе па фільмах Д. Лукаса і Д. Лінча. І вось аднойчы мы пастанавілі, што чакаць больш няма чаго, што час надышоў, і паехалі на трамваі-тройцы ў амэрыканскую амбасаду. Паслы як раз елі кавун. Нас таксама пачаставалі кавуном і запрасілі ў кабінэт. Ну? – сказалі яны. Я вырасту і буду вельмі добрым праграмаром, – сказаў Толік. Бо мы ведалі, што іх трэба чымсьці зацікавіць, а ня проста так. Праграмаром? А што ты ўмееш рабіць? Я добра лічу! Толік прад'явіў ім дзёньнік з выдатнымі адзнакамі, а потым, каб давесьці, узяў аркушык і памножыў у слупок, і падзяліў, і склаў дробы. Але яны паматлялі галовамі – ня ўразіла. Я вырасту і буду вядомым прадусарам... ці хаця б мастаком, – сказаў тады Валік. Сапраўды? Валік паказаў ім свой алоўкавы пэйзаж, на якім тата стрыг газон. Але ніхто зь іх нават не працягнуў рукі, каб паглядзець бліжэй. Тады ўстаў Хуліё і прасьпяваў ім песьню, усьміхаючыся і падморгваючы, а мы пляскалі і тупалі ў такт. Ён намагаўся з усіх сілаў, і калі б яны былі дзяўчаты, ім бы сапраўды спадабалася, але яны былі лысыя саракагадовыя дзядзькі, без усялякіх штучак, і яны толькі паківалі галовамі. Шанцаў заставалася ўжо мала! Я – былы вязень і прашу палітычнага прытулку, – сказаў тады Коліку, – я быў у калёніі! А па якім артыкуле? Колік назваў. Ты спазьніўся на трыста гадоў, крымінальнікаў мы больш не бярэм! Толькі прыстойных людзей! І тады я роспачна сказаў: вазьміце нас на ворганы. Сьвежыя дзіцячыя ворганы, сама выдатнае якасьці! Паслы пераглянуліся і некаторы час пільна пазіралі на нас, нібы ў задуменьні. Але потым раптам напусьцілі на сябе злосны выгляд, быццам мы ім ужо надакучылі. Яны справодзілі нас, прыгаворваючы, што мы ёлупы, і нас ня тое што ў Амэрыку, нас нават у трамвай нельга пускаць. Ідзіце, ідзіце, і каб мы вас больш тутака ня бачылі! Мы выйшлі, селі ля дзьвярэй і, не змаўляючыся, горка заплакалі – але не таму што нас ня ўзялі, а таму што нам зрабілася шкада нашых далікатных ворганаў. І з тых часоў мы больш аніколі не хацелі жыць у Амэрыцы.
73. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра сухары
Калі сыноптыкі абяцалі некалькі сонечных дзён запар, тата выпраўляўся ў гастраном, купляў тры-чатыры булкі чорнага хлеба і наразаў яго роўнымі лустамі на садовым століку.
– Але татухна, няўжо ты сапраўды мяркуеш, што?..
– Так, – рахмана адказваў ён.
Тата нацягваў над хлебам танюткую белую марлю, каб не садзіліся мушкі.
– Так, у кожны момант можа пачацца, – казаў тата. – Вы проста мала чаго ў жыцьці бачылі, дзеткі.
Уночы тата раз-пораз падымаўся і правяраў сыноптыкаў – а раптам усё ж такі зьбіраецца дождж?
74. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра абурэньне
Аднойчы ноччу, ужо ў ложку, у поўнай цішыні, Колік зьнянацку сказаў: «Вы абураецеся?..» Мы зусім не абураліся і, рыпнуўшы матрацамі, зьдзіўлена павярнуліся да яго, і ён працягваў. «Вы абураецеся?.. Вы ўзмучоныя тым, што вашыя мэты і жаданьні – зусім ня вашыя? Што яны абумоўленыя інстынктамі, спадчыннасьцю, комплексамі, выхаваньнем, соцыюмам, рэклямай, разьмяшчэньнем зорак нарэшце? Але ці ня ўсё роўна? Калі б вашыя, запраўды вашыя жаданьні й існавалі, хіба ня былі б яны такімі ж дурнымі і нікчэмнымі?» Мы ляжалі і думалі ў чорную столь. Што нам было адказваць? Мы не варушыліся і рабілі выгляд, што сьпім. Але Колік усхваляваўся – ён падыходзіў да кожнага з нас і трос за плечы, патрабуючы адказу. Ягоны голас пачынаў перарывацца і ўздрыгваць, і мы разумелі, што ён вось-вось сарвецца. Мы спынілі прыкідвацца, усталі і абнялі яго; зламаўшы слабы супраціў, паклалі пад коўдру. Мы расьселіся вакол і пяшчотна суцяшалі яго: «Не такія ўжо й дрэнныя нашыя жаданьні, не такія ўжо і нізкія інстынкты, не такая ўжо і пагарджаная спадчыннасьць». Мы падтыквалі коўдру вакол азглелага худзенькага цела і гладзілі яго па нагах, як ён любіў: «Сьпі, братка Колю... сьпі... а заўтра рана-раненька пойдзем на возера, глядзець вугроў». Ён супакоіўся, аціх, і мы, змоўкшы, прыслухоўваліся да ягонага подыху. Дазволіўшы на хвілінку разьвіцца слабому сумневу, мы шукалі ў сабе гэнае абурэньне і не знаходзілі. Але як толькі мы падняліся і пайшлі да ложачкаў, Колік сеў і папрасіў: «Паабурайцеся са мной, хоць бы трошачкі!» І мы раптам пагадзіліся, нечакана лёгка! Мы вярнуліся і абурыліся з усім запалам і лютасьцю, на якія толькі былі здольныя. Мы лаяліся, рыкалі, тупалі нагамі і пагражалі зьнесьці, зруйнаваць, зьнішчыць, спапяліць адным толькі поглядам! Мы трэсьліся, кідаліся і ўзьнімалі да столі гнеўныя кулакі: о, як мы разьюшыліся! Колік прыкметна павесялеў – ён завінуўся ў коўдру і заўзята пад'южваў нас, пабліскваючы вачыма. «Дык вось чаго ты на самой справе жадаў, Колю? Каб мы буянілі і ярыліся?» – падміргвалі мы яму на хаду. «Так», – кіўнуў ён з усьмешкай. І мы працягнулі скакаць і кружыцца па пакоі, пакуль зьнізу не застукала па батарэі мама.
75. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра жаніцьбу Хуліё
Калі мой брат Хуліё дасягнуў сталасьці, ён перш за ўсё захацеў ажаніцца. У нашым горадзе выходзіла адмысловая газэта, дзе друкаваліся шлюбныя аб'явы з фотаздымкамі і адрасамі нявест, і мы набылі Хуліё самую сьвежую. Ён закахаўся на першай жа старонцы – у круглявую дзяўчыну зь ясным поглядам і вабнай усьмешкай. Увесь тыдзень ён летуцеў і нават ня мог спаць, а ў пятніцу мы пачысьцілі вопратку шчоткамі і пайшлі жаніцца. Яна адчыніла нам, і мы вохнулі – яна была нашмат выдатнейшая, чым у аб'яве.
– Я кахаю цябе і хачу з табою ажаніцца! – сказаў Хуліё палка. – А гэта мае брацікі!
Але яна нахмурылася і зачыніла дзьверы. Дарэмна ён грукаў і крычаў, што не ўяўляе безь яе жыцьця, што ў ягоных грудзях палае пажар, што ён памрэ праз каханьне – усё дарма. Яна выглянула ў фортку і загадала нам сыходзіць, бо зараз патэлефануе жандарам.
Шлях дадому падаўся нам чорным, нібы згасла сонца. Мы сядзелі на лесьвіцы і спустошана маўчалі. Хуліё скамянеў. Ён не дакрануўся ні да марозіва, ні да агрэсту.
– У яе няма сэрца, – сказаў ён праз гадзіну.
– Затое твар прыгожы, – сказаў Колік.
– Прапануй ёй яшчэ раз, – сказаў Валік.
– Ажаніся з кім-небудзь іншым, – сказаў Толік.
Але Хуліё толькі пагардліва ўсьміхаўся. Ён вырашыў больш аніколі не жаніцца.
76. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра жаніцьбу Коліка
Калі мой брат Колік дасягнуў сталасьці, ён таксама неадкладна захацеў ажаніцца.
Ён даў аб'яву ў газэту, і яму адразу пачалі прыходзіць лісты. За тыдзень прыйшоў цэлы велізарны мяшок. Колік задуменна хадзіў вакол мяшка, і мы спыталі, калі ж ён нарэшце сядзе чытаць. Але Колік адказваў, што чытаць лісты ня мае ніякага сэнсу. Бо зашмат фактараў. Напрыклад, калі напісана без памылак, дык ня факт, што дзяўчына прыгожая. Калі яна прыгожая, дык ня факт, што яна здаровая. Калі яна здаровая, дык ня факт, што ДНК добра супадаюць. Калі ДНК супадаюць, дык ня факт, што яна са шчаснай сям'і. Калі яна са шчаснай сям'і, дык ня факт, што яна не дурная. Калі яна не дурная, дык ня факт, што яна не палятуха. І наагул, ня факт, што яна ня зманіць. І наагул, усё вельмі хутка мяняецца – што сёньня праўда, тое заўтра хлусьня. Таму, сказаў Колік, патрэбны прынцыпова іншы альгарытм выбару нявесты.
Мы пагадзіліся і пачалі прапаноўваць альгарытмы. Хуліё: абраць ліст з сама прыгожым почыркам. Я: абраць ліст, на якім больш за ўсё паштовых марак. Толік: абраць самы вялікі канвэрт. Валік: абраць самы доўгі тэкст. Але Колік раскрытыкаваў нашыя спосабы як недастаткова аб'ектыўныя. Ён прагнуў абсалютнае бесстароннасьці.
Колік ізноў даў аб'яву ў газэту, з заклікам прапанаваць яму аптымальны мэтад выбару нявесты зь мяшка. Ягоная праблема аказалася блізкая шмат каму, і водгукі пасыпаліся адразу ж, пераважна дзівачныя і мудрагелістыя. Скласьці лісты самалёцікамі – які далей праляціць з балькона. Скласьці лісты караблікамі – які далей праплыве па ручаі. Падпаліць лісты – які будзе даўжэй гарэць у вунітазе. Пералічыць лісты і вырахаваць квадратны корань зь іхнае колькасьці. Напісаць на кожным зь лістоў літару, зьмяшаць і прачытаць атрыманыя словы. Выкладваць лісты на дарозе адзін за адным, пакуль кудысь не прывядуць. Пабудаваць зь лістоў піраміду. Сплесьці лісты ў стужку. Зрабіць тое, зрабіць сёе. За тыдзень лістоў з прапановамі выбару лістоў назапасілася таксама цэлы велізарны мяшок. Праблема выбару выбару.
Тады Колік пастанавіў зрабіць паўзу і пакуль што не жаніцца.
77. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра жаніцьбу Валіка
Калі мама заўважыла, што мы з брацікамі дасягнулі сталасьці, яна сабрала нас і распавяла пэўны, спраўджаны пакаленьнямі спосаб выбару нявесты. Прыйшоўшы да дзяўчыны дадому, трэба непрыкметна правесьці пальцам па паліцы, па падаконьніку або па сьпінцы крэсла: калі на пальцы застанецца пыл, дык дзяўчына – неахайная, і трэба хутчэй сыходзіць, калі ж палец акажацца чысты, дык можна сьмела жаніцца. Узрадаваныя прастатой і надзейнасьцю мэтаду, мы горача дзякавалі матухне, а больш за ўсіх быў задаволены Валік – бо ён ужо даўно марыў спалучыцца шлюбам. На чарговым гуляньні па бульвары ён падышоў да дзяўчыны ў белай сукенцы, якая чытала кнігу пад каштанам. Мы стаялі воддаль і ня чулі іхнае размовы, але хутка Валік падаў дзяўчыне руку, дапамагаючы падняцца, і яна павяла яго праз сквер да сваёй хаты. Мы чакалі больш за гадзіну, але не сумавалі – елі марозіва, цукровую вату і дражэ, пілі ліманад. Нарэшце з параднага выбег шчасьлівы Валік, ён здалёк махаў нам і крычаў, што старанна праверыў усюды, і чысьціня – ідэальная, нават у сама захаваных кутох вэранды і тэрасы. У радасным хваляваньні мы пашыбавалі да крамы гатовага адзеньня, каб прымерыць Валіку белы шлюбны гарнітур, але раптам Колік усклікнуў: стойце! Бо мэтодыка недасканалая! Што, калі пыл выцірала не яна, а ейныя бацькі? Мы спыніліся, уражаныя відавочнасьцю. Мы вярнуліся назад, пазванілі ў дзьверы і прапанавалі бацькам нявесты чэсны варыянт: мы забіраем дзеўку на два тыдні на выпрабаваньні, а ў заклад пакідаем Ролю, ён мала есьць і сядзіць ціха. Бацькі павялі сябе дзіўна: няўпэўнена пераглянуліся і нахмурыліся. Калі так, заявіў Валік гнеўна, дык я скасоўваю заручыны! І мы завярнуліся і пайшлі, ганарлівыя, але засмучаныя. А маме не сказалі нічога, каб ня вагаць лішняга разу ейны ідэалізм.
78. Уцёкі ды туляньні. У аўтобусе
Зь лесу я выскачыў у яр, у купіны, у карэнішчы і сьнег, зь яру – да аўтобуснага прыпынку. Лаўка, празрыстая сьценка, нахільны брылёк. Ледзяны вецер тузаў вузенькую аб'яўку «Шчаняткі, Кацяняткі», і ў мяне сьціснулася сэрца. Хто і навошта набывае гэных кацяняткаў?.. Міма праносіліся велічэзныя грузавікі, раўлі, ірвалі паветра, злавеснае «Мяса, Мяса» на чорных фургонах, барвовых прычэпах, а я стаяў пад вузенькім брылём, безабароннае зайчаня ў брудных пырсках.
Яшчэ хвіліна, і я б ня вытрымаў, я б памёр, але мне зноў была зробленая літасьць: жвавы аўтобус з рэклямай асьпірына, згледзеўшы мяне, велікадушна зьмяніў паласу, запаволіўся і адчыніў дзьверы. Я ступіў усярэдзіну, і ён ірвануў далей. Трымаючыся за дрыготкі поручань, я азіраўся, а шафёр сьмяяўся мне і пляскаў далоньню па дыванку каля рычага: сюды, сюды плаці! Дыванок быў завалены меднымі і бронзавымі манэтамі, фальшывымі сьпінтрыямі. Я ня меў грошай і кінуў на дыванок сваю шапку, дыхтоўную, крэпкую вязаную шапку, якая каштавала двух такіх аўтобусаў, але шафёр кінуў сьмяяцца, выпусьціў руль, замахаў рукамі, затармазіў. Але ззаду абурыліся, заступіліся: хай едзе! хай едзе! ці ня бачыш, што за чалавек! ехай давай! нябось не зьбяднееш!..
Я сеў у канцы салёна і глядзеў у вакно на панурыя елі, спачатку пагартаў Карнэля, потым пачаў слухаць. Двое ззаду размаўлялі асьцярожнымі мужчынскімі галасамі: раней бывала ўбачыш дзяўчыну і вух, а цяпер перш на суставы глядзіш, на шырыню значыцца, суставы яны братка важныя, і каб залозы бяз хібаў, мяне яшчэ бацька папярэджваў, а я па маладосьці ня верыў. Я перасеў, каб ня чуць. Наперадзе ў прагале між сядзеньняў пагойдваліся далікатнае вушка, срэбная кропелька, русявая пасмачка, і я выцягнуўся, спрабуючы разгледзець ейныя суставы, але яна спала, захутаўшыся ў доўгі пухавік, рукі ў рукавіцах. Праз праход – непакойная тоўстая старая; яна папраўляла высокі бярэт, то зрушвала, то ледзь паварочвала, падлазіла пальцам і пачэсвала. Зьняла: пераклала ўнутры нейкія анучы, мяшэчкі, хустачкі, надзела зноў. І раптам задрала рукаў і ўкусіла сябе за друзлую локвіцу. Павярнулася да мяне – ці бачыў – але я пасьпеў адвярнуцца. Чые гэта хустачкі? – думаў я панічна. Калі я заплюшчваў вочы, мне здавалася, што нехта нячутна падыходзіць да мяне і заносіць сякач; у адчыненыя вочы лезьлі жудасныя падрабязнасьці, скура, мяса. Я сеў да шафёра і аддаў яму свой сіні шалік. Ён прыняў як належнае, сур'ёзна кіўнуў; цяпер, хай і ненадоўга, але я быў пад ягонай абаронай. Я раскрыў Расіна і разглядаў літары, рахманы разварот, прыстойную паперу, і пакрысе зноў змог успамінаць.
79. Змрочныя засьценкі. Гэта нясьцерпна
Гэта быў спачатку сама звычайны дзень – папіскваў прынтэр, пастукваў сканэр, рэклямар і праграмар пілі піва і елі эклеры. Белыя кропелькі ў куткох вуснаў: гідка, але звыкла. Але потым пазваніў той пузаты заказчык, ён таксама нешта жаваў у вакенцы чата – і загадваў. Тлустая буржуйская рожа! Мы ўсё сьцепануліся з агіды, але й гэта было будзённа. Рэклямар ківаў, лісьліва такаў, а калі чат згас – павярнуўся да праграмара і скамандаваў: ты зразумеў? Так, сэр! Праграмар падышоў да нас, зьнясіленых банэрамі боцікаў, і прасіпеў: трэба пайсьці ў онляйн-дзёньнік да дзевачкі Каценькі і прарэклямаваць ёй брыдкія вычварэнствы. Хто з вас пойдзе? Палова з нас адразу апрытомнела! Дзяўчынка Каценька вучылася ва ўнівэрсытэце, захаплялася кінастужкамі і любіла коцікаў – і зь ёй, зь ёй трэба было зрабіць гэта!.. Ролю, ты пойдзеш. Не, не! – сказаў я. Я быў ужо многайчы мучаны тым праграмаром, і біты, і катаваны, і жывуткага мейсца на мне даўно ўжо не засталося, і гатовы я быў на ўсё – але толькі не на гэта! Не! Што?.. Што ты сказаў? Што ты паважыўся мне сказаць? І ён пачаў, як заўсёды, замяняць у маім целе зьменныя на пастаянныя. Гэта было так, быццам рукі-ногі гіпсавалі ў балючых паставах, але я скрыгатаў зубамі і трываў! Я быў звыклы да пакутаў і вырашыў гэтым разам выстаяць! І ён, злосна прыжмурыўшыся, наблізіў да мяне твар: ах так? Чакай жа, непакора! І стаў яшчэ хутчэй пстрыкаць па клявіятуры. Усе мае сябры-боцікі плакалі з жаху, а я плакаў праз боль і страшнае прадчуваньне. І тут ён увёў у маё цела формулу, якая бясконца дакладна вылічвае велічыню пі. Вы ўмелі ў дзяцінстве прасоўваць нітачку з носа ў рот? Непрыемна, але затое фокус. А тут – нібы тоўстую, грубую вяроўку прасунулі з рота ў зад і бясконца цягнуць. Гэта нясьцерпна! І я страціў прытомнасьць, а калі ачуўся – расплакаўся, упаў на калені і маліў праграмара аб літасьці. І я пайшоў да Каценькі ў дзёньнік і прарэклямаваў брыдкія вычварэнствы. І Каценька глядзела на іх круглымі вачыма. І буржуй сыта лічыў даляры.
І я пакляўся сабе: клянуся! Пра што я кляўся, я пакуль ня ведаў, але мая клятва гарэла як агонь! Яна абавязкова павінная была зьдзейсьніцца!
7A. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра разуменьне
У дзяцінстве я не разумеў вельмі многа чаго. Напрыклад, я не разумеў, навошта па суботах абавязкова хадзіць у тэатар, навошта абавязкова на Зюскінда, навошта абавязкова ісьці туды ў кампаніі сям'і старшыні гарвыканкама і сям'і старшыні райспажыўсаюза і навошта абавязкова запрашаць іх перад тэатрам на абед. Нават калі тата з мамай рахавалі, што ў будучыні мы з брацікамі ажэнімся са шматлікімі дачкамі старшыняў, гэтыя суботы ўсё роўна былі недарэчна заўчаснымі – так я думаў. І вось аднойчы, калі служанкі разьлівалі суп, тата са старшынямі абмяркоўвалі нейкага вугорскага кінаапэратара, а мамы й дачкі балбаталі пра экспрэсіяністаў, мяне быццам муха ўкусіла.
– А вось я не разумею! – віскнуў я і падхапіўся.
Усе павярнуліся да мяне ў непаразуменні, а я пасьпешліва цяміў, на што абрынуцца, і абрынуўся на самае каштоўнае.
– А вось я не разумею, у чым сэнс гэтага вашага таркоўскага «Зэркала»! Няма ніякага сэнсу! Прыгожы фанцік! Вадзіца! Пустышка! Вартае жалю перайманьне італьянцаў! Бамбіза-школьніца, якая стварае глыбокія вочы перад трумо!
Я бачыў, як на ілбе ў таты надзімаюцца жылы шаленства, як старшыня гарвыканкама ў лютасьці рве на шматкі сурвэтку, як старшыня райспажыўсаюза сьціскае чыгунныя кулакі – але ўсё б можа і абышлося, калі б ня Колік. Колік падбег, стаў побач са мной, скрывiў жахлівую рожу, падняў нагу і працяжна пёрнуў!
Нават пасьля маёй дзёрзкай прамовы гэта ўчыніла эфэкт выбуху. Навошта ён гэта зрабіў? Каб падтрымаць мой выклік грамадзкім асновам? Каб падкрэсьліць глупства маіх слоў? Не разумею... Усё таргануліся, быццам атрымалі поўху – а потым тата і старшыні ўскочылі, перакульваючы крэслы, і з ровам рынуліся да нас! Яны скруцілі, зьмялі нас, кінулі на канапу, сарвалі штаны і доўга, доўга сьцябалі дзягамі. Ых! Ых! Бі, не шкадуй! Шчанюкі! Клікнулі конюха, ён прынёс папругу, пачалі хвастаць папругай. Ых! Ых! Пачвары няўдзячныя! Малакасосы! Мамы й дачкі асуджальна глядзелі, а брацікі зларадна паказвалі нам языкі.
Затое ў тую суботу мы не пайшлі на Зюскінда.
7B. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра новага фізкультурніка
Аднойчы пасьля вялікага перапынку, калі мы сыта аддзімаліся і летуценна прыцмоквалі, дырэктар увайшоў у клясу зь незнаёмым чалавекам, атлетычным шатэнам у сінім спартовым гарнітуры і буцах.
– Ура, хлопцы! – сказаў дырэктар з гонарам. – Цяпер у вас новы настаўнік фізычнай культуры, ён будзе весьці толькі фізкультуру і нічога больш. Гэта сапраўдны прафэсіянал, тройчы чэмпіён футбольнае лігі, непераможны галкіпэр Уда Дыркшнайдэр! Сустракайце!
Новы фізкультурнік раскланяўся з прыязнай усьмешкай, і мы ветліва папляскалі, але ён нам адразу не спадабаўся сваімі буцамі і выпнутымі грудзьмі. На наступны дзень, седзячы на лаўцы ў спартзале i чакаючы званка, мы змрочна назіралі, як ён разьмінаецца – кідае ў сьценку мячык, энэргічна баксуе і адціскаецца на моцных пальцах.
– Так! Пастроіліся па росьце! – загадаў ён бадзёра. – Так-так. Я бачу, кожны з вас хварэе на залішнюю вагу. Таму мы будзем шмат бегаць, скакаць і гуляць – паліць калёрыі. Нельга быць такімі тоўстымі, гэта шкодна для здароўя і проста непрыгожа! Згодныя?
Першым усхліпнуў Хуліё. За ім прасьлязіўся Валік і ўцёрся рукавом. Толік захлюпаў носам і высмаркаўся ў хустачку. Колік закрыў твар рукамі і затросься. Я моўчкі стаяў, не хаваючы гаротныя сьлёзы.
– Што? Што такое, хлопцы? Ня бойцеся, заняткі будуць вясёлыя й не занадта складаныя!
Але нас было ўжо не спыніць! Хуліё працяжна стагнаў, склаўшы рукі і падняўшы твар да высокай столі; Валік зажмурыўся, прысеў на кукішкі і галасіў; Толік хрыпеў і задыхаўся, бесьперапынна ікаючы; Колік скавытаў, а я гучна клікаў маму. Фізкультурнік, вядома, ня быў гатовы да гэткага павароту. Ён мітусіўся вакол нас, суцяшаючы, угаворваючы і працягваючы рукі. Убег дырэктар з мяшком шакалядак і, гнеўна зірнуўшы на фізкультурніка, пачаў шаргацець фальгой і частаваць нас, але мы адштурхоўвалі яго. Хуліё катаўся па падлозе, нема завываў; Валік, вар'яцка вылупіўшы вочы, разрываў вопратку і драпаў сабе грудзі; Толік з размаху біўся галавой аб швэдзкую сьценку; Колік з ровам і соплямі выдзіраў пукі валасоў з галавы і кідаў у фізкультурніка, а я залез на падаконьнік, адчыніў акно і адрынута выпрастаўся на фоне ранішняга неба. Вецер прыгожа разьвяваў мае валасы, і я з горыччу чытаў элегію Багушэвіча, разьвітваючыся зь несправядлівым сьветам.
– Вось бы паказальна адлупцаваць вас, маленькія таўстуны! – усклікнуў раззлаваны фізкультурнік, але дырэктар зашыкаў на яго і напаўголасу распавёў пра нашага тату, што той франтавік, і засечак на ягоным прыкладзе больш, чым футбалістаў у УЕФА. Тут новы фізкультурнік прыкусіў язычок і ціхенька звольніўся. З тых часоў фізычную культуру зноў стаў выкладаць сэньёр Рунас.
7C. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра аднаго паштара
Ну, а калі ўспамінаць паштароў, дык усе яны як адзін былі надзвычай дзіўныя, і ўсё хутка некуды зьнікалі. Напрыклад, адзін зь іх меў невытлумачальную непрыязнасьць да мёртвых і заўсёды моршчыўся, калі заходзіў з тэлеграмай у нашу хату (тут трэба дадаць, што ў нас звычайна гралі й сьпявалі мерцьвякі: то Брамс, то Барток, а то нават Цой).
– І ахвота вам мярцьвячыну гэтую спажываць? – пляваўся паштар, чакаючы подпісу.
– Дух – бесьсьмяротны, – адказваў тата расьсеяна, калі быў дома.
– Яны не мерцьвякі, яны зараз глядзяць на нас зь неба і радуюцца, – адказвалі мы рахмана, калі таты не было.
– Сьмярдзіць як! Глядзіце, і самі засьмярдзіце, – пагражаў ён няпэўна. – Мала вам жывых, ці што? Жывых спажывайце, кіньце нэкрафагію! Яд, трупны яд! Паслухайце добрага савета: кіньце.
Сам жа ён быў не занадта здаровага выгляду: вочы гараць, шчокі запалі, скура зеленаватая, з ноздраў кусьціцца жорсткі волас. Але мы яго не баяліся, прывыклі да ўсякіх дзівакоў. Пачастуеш яго, бывала, белым хлебам зь мёдам – ён прыме і есьць з апэтытам, а пальцы худыя-худыя, кіпцюрыстыя. Пахадзіў ён, пахадзіў, а неўзабаве і зьнік; людзі казалі, што спачыў: глядзіць цяпер на нас зь неба і радуецца.
7D. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра арабіку ды рабусту
Мой брат Толік расказваў, што ў час службы ў войску яго да паўсьмерці замучыў адзін злосны капрал. Капрал быў вялікі прыхільнік кавы і зьдзекаваўся з навабранцаў ня як усе, а адмыслова: варыў каву зь непадпісанага слоічка і прымушаў спрабаваць і адрозьніваць на смак арабіку ад рабусты. Хто не адрозьніў – дзесяць кругоў вакол казармы з поўнай выкладкай! Празь месяц усе салдацікі навучыліся вызначаць гатункі прыўдала, і толькі Толік працягваў бегаць вакол казармы, праклінаючы свой неадчувальны язык. А больш за ўсё на сьвеце Толік ненавідзеў бегаць! Але Толік ужо тады быў інжынэр, і ён пакляўся вывесьці ўнівэрсальны Закон Арабікі ды Рабусты, не завязаны на слабыя і недасканалыя ворганы ўспрыманьня. Кожную раніцу перад катаваньнем ён уважліва прыкмячаў усё вакол – воблачнасьць, тэмпэратуру, колькасьць птушак у небе, хуткасьць ветру, бляск ботаў капрала ў люмэнах, інтэнсіўнасьць брэху далёкае сабакі ў долях дэцыбелаў – назіраў і шукаў заканамернасьць. І на бягу, задыхаючыся, праводзіў пільны аналіз. І нарэшце знайшоў! На дзіва проста: перад першым глытком кавы трэба паглядзець на гадзіньнік, памножыць лік хвілін на два пі і ўзяць сінус! Калі вынік дадатны – у турцы арабіка, калі адмоўны – рабуста. Як усё лёгка! Толік радаваўся, штодня з гонарам перамагаў і больш ужо ніколі ня бегаў вакол казармы. Капрал разводзіў рукамі і ўздыхаў – больш не было каго ганяць з поўнай выкладкай.
– Толік, Толік, – сьмеючыся, пыталіся мы, – а што, калі б капрал засыпаў у турку сумесь арабікі і рабусты?
– Гэта было немагчыма, – адказваў Толік. – Наш капрал быў сапраўдным пурыстым. Альбо арабіка – альбо рабуста! Сумесі – для сьвіней, так ён казаў.
7E. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра выхваляньне
У дзяцінстве мы з брацікамі таксама былі сапраўдныя максымалісты. Калі хтосьці хоць крышачку нам падабаўся, мы захапляліся ім безумоўна і ўсхвалялі да нябёсаў, а калі хоць чымсьці гідзіў, адразу ненавідзелі і намагаліся зьнішчыць. Асабліва даставалася суседзям – тым, хто падазраваўся намі ў розных ганебнасьцях і мярзотах. Некаторыя зь іх, якія здолелі даказаць сваю невінаватасьць, велікадушна выбачаліся намі, зь іншымі жа, высьведчанымі, мы абыходзіліся па ўсёй строгасьці.
Аднойчы ў пачатку ліпеня ў хату на ўсход ад нас засяліўся прыстойны мужчына пад шэсьцьдзесят, сярэдняга росту, паўнаваты, круглатвары, аматар дыхтоўных ваўняных гарнітураў, якія ён насіў нават дома – мы бачылі ўсё скрозь шчыліны ў плоце. Некалькі дзён ён усьміхаўся і махаў нам здалёку, а неўзабаве прыйшоў знаёміцца. Першай жа справай ён захапіўся мамчыным кветнікам, і зь вялікай увагай выслухаў ейны аповед пра вяргіні і гіяцынты, вохаючы і падтакваючы. Увайшоўшы ў хату, ён уцягнуў паветра і з паважлівым зьдзіўленьнем спытаў, чым у нас пахне. «Адмысловая сумесь латакіі?» –запытаўся ён у таты. Тата горда пацьвердзіў і, пасадзіўшы суседа ў фатэль, пачаў задаволена распавядаць пра цярністы шлях, па якім яму давялося прайсьці ў пошуках свайго тытуню, і як цяпер ён выпісвае яго з самой Вірджыніі. Сусед слухаў і салодка пасьміхаўся, жмурыўся, глыбока дыхаў; адну руку ён трымаў у кішэні, а другой паціраў грудзі пад пінжаком. За гарбатай з грэнкамі й абрыкосавым джэмам сусед цмокаў і стагнаў з задавальненьня, закочваў вочы і найпадрабязьнейшым чынам запісваў у нататнічак рэцэпты. Пра сябе ён казаць пазьбягаў – жыве маўляў ціха і сьціпла, зьбіраецца завесьці коціка – і адразу мяняў тэму, нахвальваючы маме ейных дзетак, гэта значыцца нас. Колік штурхнуў мяне каленкай: будзь напагатове. Слухаючы, як Валік выхваляецца апошняй карцінай, а Толік мяньціць пра свае посьпехі ў прыродазнаўстве, я з увагай разглядаў суседзкі твар: чорныя вочы хаваліся ў шчасных шчылінках, барвовыя вусны блішчалі, кончык языка непрыстойна палізваў у куткох.
Уначы мы ўчынілі савет: мы ўжо аканчальна пераканаліся, што наш сусед – пачвара, але пакуль ня ведалі, якія менавіта злачынствы ён творыць. Мы пастанавілі сачыць яго, і ўвесь наступны дзень назіралі, як ён бяз справы шпацыраваў па гораду й вітаўся зь мінакамі: тых, хто быў ня супраць пабалбатаць, ён запрашаў на лавачку ці за столік кафэ, частаваў півам ці кавай і, спрытна накіраваўшы размову да выхваляньня, жмурыўся, пагладжваў сябе і глыбока дыхаў. Хутка зрабілася відавочна, што наш сусед сілкуецца чужым самаздаволеньнем, і мы ўсёй душой зьненавідзелі яго. Назаўтра мы падпільнавалі суседа ў кандытарскай, і, напрасіўшыся на пачастунак, выбралі месца ў глыбіні залі. Мы адціснулі суседа ў кут, акружылі яго з усіх бакоў і, не чакаючы пірожных-макаронаў, прыняліся выхваляцца. Хуліё сказаў, што практычна ўсе дзяўчаты ў горадзе закаханыя ў яго – сусед адразу заўсьміхаўся і сыта звузіў вочкі – і доўга пералічваў імёны, прычоскі, а калі нарэшце згадаў, што сама герцагіня даслала яму ўмольны ліст са згодай на ўсё, сусед закрактаў з асалоды і прамакнуў сурвэткай лоб. Не даючы яму апамятацца, Колік пахваліўся, што ведае на памяць усе прэлюды Баха, і можа па адной толькі ноце пазначыць нумар па каталёгу, дату напісаньня, дату першай публікацыі, выканаўцу й студыю грамзапісу. Сусед зглытваў і дрыготкай рукой церабіў гальштук, ён зьняў пінжак, хрыплым голасам паклікаў гарсона і папрасіў «яшчэ ласункаў мілым дзеткам, ды пабольш, а мне халоднай вадзіцы». Тады Толік узяў слова і вокамгненна перамножыў адзінаццаць шасьцізначных лікаў, выняў з выніку корань трэцяй ступені, вылічыў натуральны лягарытм, а потым узяўся транспанаваць матрыцы Якобі – няправільна, але напорыста, не пакідаючы часу на праверку – і сусед патроху спаўзаў з канапкі, расшпіліўшы кашулю і задыхаючыся. Толік міргнуў Валіку, і Валік заявіў, што праз год ён зробіцца найвялікшым мастаком у горадзе, а праз два – у сьвеце, яму маўляў ўжо прыйшло афіцыйнае апавяшчэньне з Луўра, у пазалочанай канвэрце. Потым мы падняліся і ўрачыстым хорам распавялі, што наша генэалягічнае дрэва ўзыходзіць да Вільгельма Заваёўніка, сына Роберта Магніфіка. Сусед хрыпеў, сінеў, і ўжо яўна нічога ня чуў, але я нахіліўся да яго й рытмічна заганяў проста ў вуха: «Я! Я! Я!», пакуль той не застыў з ружовай пенай на вуснах.
7F. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра адказнасьць
Калі мы былі маленькія, Восьмае сакавіка ў нашым горадзе лічылася найважнейшым сьвятам і адзначалася з асаблівай помпай і пышнасьцю. З самае раніцы трэскаў і грукатаў салют, на вуліцах было не прайсьці праз кветкі, паветраныя шары, жанглёраў і акрабатаў, з дахаў хат раз-пораз шпурлялі сэрпантын і пэргамэнтных драконаў, а на плошчах запускалі фантаны з чырвоным і ружовым пеністым віном. Па традыцыі, тата роўна апоўдні дарыў маме раскошны падарунак, кальцо з дыямэнтам альбо закладны вэксаль, а потым мы ўсе разам ладзілі перад ёй невялікі сямейны паказ. Падчас мы сьпявалі, падчас танцавалі, а падчас, прыбраўшыся ў старадаўнія карункі зь лямбарда, гулялі спэктакаль. Прыкладам, была кароценькая пастаноўка, у якой мы з брацікамі па чарзе дэклямавалі павучальныя выказваньні розных заслужаных людзей, а тата, схаваўшыся за лядоўняй, пранікнёна-аксамітным голасам аб'яўляў іхныя імёны і прафэсіі:
Мы ў адказе за тых, каго прыручылі! Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры, авіятар
Мы ў адказе за тых, каго навучылі! Вера Мікалаеўна Конанава, пэдагог
Мы ў адказе за тых, каго палячылі! Марцін Крыстафэр, хірург
Мы ў адказе за тых, каго накармілі! Сурэн Авакян, кухар
Мы ў адказе за тых, каго пасадзілі! Гюнтэр Вайнкопф, судзьдзя
Мы ў адказе за тых, каго замачылі! Паола Веранэзэ, мафіёзі
Мы ў адказе за тых, каго заразілі! Ван дэр Маален, носьбіт ВІЧ
Мы ў адказе за тых, каго ўкусілі! Андраш Мікеш, вампір
Мы ў адказе за тых, каго апрамянілі! Пі Пі, іншаплянетнік
Мы ў адказе за тое, што пілі! Алесь Буховіч, алькаголік
Мы ў адказе за соус чылі! Усе разам, стройным і мужным голасам
Гэтая пастаноўка ня вельмі спадабалася маме – яна палічыла, што мы незаслужана кпім зь ейнага ўлюбёнага Экзюпэры, і ў пакараньне прымусіла нас ускапаць і ўгнаіць усе прызначаныя пад радыску градкі, нягледзячы на сьвята.
80. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра сьметанковае масла
Больш за ўсё на сьвеце наш тата пагарджаў сьметанковым маслам. Калі тата ўспамінаў пра сьметанковае масла, бровы ягоныя панура хмурыліся, а куткі вуснаў апускаліся, быццам ён з усіх сілаў стрымліваў праклёны, што падступалі зь нетраў душы. Затое перад маргарынам тата млеў. За сьняданкам, гледзячы, як мы ўмінаем тоўстыя, шчодрыя маргарынавыя бутэрброды, ён упадаў у сэнтымэнтальны настрой і сардэчна ўздыхаў:
– Ешце, ешце, дзетухны мае. Карова – дурніца, маргарын – маладзец!
Вочы ягоныя набрыньвалі вільгацьцю, і ён, ня ў сілах падолець замілаваньне, уставаў і хадзіў укруг стала, ласкава гладзячы нас па галовах. Але часам, не ўтрымаўшы абурэньня, ён спыняўся, гнеўна тупаў нагамі і люта грымеў:
– Ну а калі я хоць раз – паўтараю, хоць адзін толькі раз! – заўважу, што хтосьці з вас!.. Еў сьметанковае масла!.. Я!.. – і, абводзячы нас пагрозьлівым позіркам, тата загадваў: – За мной!
Мы, пасьпешліва глытаючы рэшткі бутэрбродаў, паслухмяна беглі за ім. Тата спускаўся па гулкай лесьвіцы ў гараж, запальваў сьвятло і расхінаў дзьверцы варштата. Мацаў унутры, абіраючы велізарны цьвік, і моцнымі рухамі выцягнутых рук згінаў і разгінаў яго. Раз, раз, раз! Цьвік пакорліва ламаўся, і тата працягваў нам ягоныя астанкі, няроўныя й гарачыя на зломе.
– Вось так будзе з кожным! Уразумелі?
– Так, татухна.
Мы вельмі любілі й паважалі тату, але з пачуцьця пратэсту й цікаўнасьці нам нястрымна карцела паспрабаваць сьметанковага масла, хоць бы маленечкі кавалачак. І вось аднойчы, выбраўшы пахмурную бязьмесячную ноч, мы разьбілі вакно ў гастраноме нумар тры і забраліся ўсярэдзіну, сьвецячы ліхтарыкамі. Мы знайшлі малочны аддзел і, дрыжучы з узбуджэньня, пачалі перабіраць халодныя брыкецікі масла – якога пакаштаваць? Першы адважыўся Валік – ён адгарнуў фальгу, зажмурыўся і лізнуў. Як гідка, прашаптаў ён. Усьлед за ім асьмеліліся й мы – разгортвалі, нюхалі, кусалі. Я да цяперашняга часу памятаю гэты невыносна агідны смак сьметанковага масла! Мы доўга пляваліся, выціралі языкі сурвэткамі, запівалі масла дзюшэсам – але ўсё дарма, ягоны брыдкі смак крэпка прыклеіўся да нашых гартаняў. І толькі дзякуючы Хуліё, які сьцяміў закусіць маргарынам, мы здолелі ад яго адкараскацца.
З тае пары мы заўсёды верылі таце і ніколі не сумняваліся.
81. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра ракавыя шыйкі
Па серадах а трэцяй, калі не было дажджу, мы ўсёй сям'ёй выпраўляліся на абед да бургамістра, што месьціўся з жонкай, дачкамі і шматлікай чэлядзьдзю ў двухпавярховай сядзібе за млынкамбінатам. Здалёк углядзеўшы нас у бінокаль, бургамістар выходзіў за браму, расстаўляў ногі мацней і сьпяваў невялікую прывітальную арыю, часам з Караля Артура, часам з Маўра. Ён быў неверагодна тоўсты і дзеля свабоды рухаў насіў найшырэйшыя шэвіётавыя бэрмуды і прасторнае гішпанскае понча. Яму падабаліся пярсьцёнкі з рубінамі, паясовыя кінжалы й адмысловыя пірсынгі, якія ён зрэшты сабе не дазваляў. Жонка ягоная, Мар'я Сьцяпанаўна, да рэвалюцыі валодала рачным портам, была жанчынай спаважнаю, нешматслоўнай, і любіла прыгаворваць: у добры час сказаць, а ў благі памаўчаць. Мы з брацікамі падазравалі, што яна хоча выдаць за нас сваіх дачок, і загадзя дамовіліся наадрэз адрынуцца, калі зойдзе гаворка. Але дзяўчаты былі такія далікатныя й вытанчана-бледныя, што мы не адводзілі ад іх погляд ні на хвіліну. Яны таксама калі-нікалі паглядалі цераз стол у наш бок, часам нават гульліва, скрозь куфлі альбо скрозь цукровыя крэндзелі. Кожнага разу, як падавалі суп, прыгажуні заміралі, быццам зь нечаканасьці, і кранальна міргалі – яны не пераносілі бульбяны суп, але пры гасьцях саромеліся адмовіцца. Аднойчы паміж стравамі яны павялі нас у сваю сьвятліцу, упрыгожаную партрэтамі Сьвіфта й Дэфо. Мы сядзелі на ложку зусім побач, амаль удотык, і ўпершыню разглядалі іхныя твары ва ўсіх падрабязнасьцях: прыпухлыя з гарачага супу вусны, зялёныя з крапінкамі вочы, насы з высакароднымі гарбінкамі, якія крышачку нацягвалі скуру знутры. Вейкі ў іх былі сьветлыя, амаль непрыкметныя, і павекі праз гэта здаваліся асабліва цялеснымі й адкрытымі, а вочы – яркімі, зіхатлівымі й прыцягальнымі. Ні мы, ні яны ня ў сілах былі стрымліваць пачуцьці: мы схапіліся за рукі й пакляліся адно аднаму не разлучацца больш ні на імгненьне, што б ні здарылася. Мы замкнулі дзьверы і пацягнулі да іх трумо й піяніна, але бургамістар ужо адчуў нядобрае і загрукатаў уверх па лесьвіцы. Ён мог бы разбурыць нашу барыкаду адным толькі рухам, але палічыў за лепшае дзейнічаць лісьліва: паабяцаў нам вандроўку на катамаранах, паветранага зьмея і экскурсію ў забаронены для дзяцей музэй катаваньняў. Мы з сумневам пераглядваліся й маўчалі, а ён, ня ведаючы, што ў нас адбываецца, абяцаў усё больш, усё шчадрэй: і новыя сукенкі, і хакейныя клюшкі, і кацянятаў, і заняткі па танцам, і ракавыя шыйкі. На ракавых шыйках мы запляскалі ў ладкі й гучна пракрычалі пра нашую згоду. Мы хутка рассунулі трумо й піяніна, адамкнулі дзьверы і напрыканцы лёгка пацалаваліся ў шчокі – адклаўшы клятву альбо зусім адмяніўшы яе, мы скакалі ўніз праз тры прыступкі, а жонка бургамістра ўсьміхалася й зноў і зноў паўтарала сваю прыказку.
82. Уцёкі ды туляньні. У антыкварнай краме
Аўтобус высадзіў мяне на ўскраіне вялікага горада, з шэрым небам і вільготным ветрам, з гарызонтам спрэс у фабрычных трубах. Таксістыя ў расхінутых дублёнках прапаноўваліся й бессаромна зазіралі ў вочы, але я хаваў твар і адварочваўся. Я нават ня ведаў, як называецца горад – зажмурыўся, калі праяжджалі паказальнік, каб ня ведаць. Знайсьці таго, хто сам ня ведае, дзе ён, удвая складаней – так я разважыў. Асвойваючыся, я цягнуўся па пярэстым гандлёвым галерэям, стаяў ля вітрын, разглядаў манэкены. У антыкварнай краме сівы спадар энэргічна паліраваў аксаміткаю медны імбрык, і я зайшоў паглядзець.
– Гэта што ў вас? – ён кіўнуў на карціну ў мяне пад пахай.
Я паказаў. Сапраўды, чаму б і не прадаць.
– Гэта ён?! – антыквар выпуліў на мяне вялізныя вочы.
Я паціснуў плячыма. Нейкая хатка.
– Гэта ж Вэляскес! – ён падбег да вымыкальніка, запаліў усе лямпы і ўтаропіўся акулярамі ў карціну. – Вэляскес!
– Ня думаю, – паспрабаваў я астудзіць ягоны запал, але ён толькі раўніва тузануў плячом.
– Гэта Вэляскес!
– Але дазвольце, Вэляскес маляваў вяльможаў, а тут вясковая хатка і яблыні... Куры нейкія...
– Малады чалавек! Вы будзеце мяне вучыць? Што вы хочаце за вашага Вэляскеса?
Я падняў далоні і падняў бровы, імкнучыся надаць жэсту найбольшую нявызначанасьць. Ён коратка застагнаў і пабег у бакоўку. Бываюць жа такія энэргічныя сівыя спадары! Я зазірнуў за ім: ён прысеў каля сэйфа і пікаў кодавым замком. Павярнуўся: «Сакваяж ёсьць?» Сакваяжа ў мяне не было, і ён схапіў свой партфэль, вытанчана-кракадзілавы, карычнева-каньячны, вытрас зь яго паперы і пачаў набіваць пачкамі банкнотаў. Даляры, дойчмаркі, фунты стэрлінгаў, японскія ены, нейкія незразумелыя аблігацыі, даверху, з горкай. Я прыняў партфэль, зьлёгку адхінаючы руку й малюючы на твары агіду напалову з пагардай, і мовіў:
– І імбрык.
– Які імбрык?
– Медны.
Ён войкнуў, на сэкунду зажмурыўся, нібы разьвітваючыся зь імбрыкам, а потым кінуўся, сунуў яго ў пакунак з нахільнымі надпісамі «дзякуй» і падштурхнуў мяне да дзьвярэй. Не сьпяшаючыся, я выйшаў і рушыў далей, у адной крамцы прыцаніўся да паласатых шалікаў, у другой спытаў папяросы, у трэцяй даведаўся, дзе тут бліжэйшае агенцтва нерухомасьці.
83. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра заняткі сьпеваў
Наш школьны настаўнік сьпеваў, сэньёр Рунас, былы абат, народжаны пуэртарыканец, быў чалавек бяскрыўдны, але крыху шалёны, і мы доўга не маглі да яго прызвычаіцца. Прыкладам, у яго на стале стаяў партрэт Моны Лізы ў плястыкавай рамцы з сэрцайкам, быццам яна была ягонай дзяўчынай. І ён круглы год насіў паласатую вязаную шапачку, нават у сьпякоту. Сьпяваць ён не сьпяваў, толькі сіпеў на губным гармоніку, і чаму дырэктар наогул яго прыняў настаўнікам – гэта таямніца. Сэньёр Рунас часьцяком прапускаў заняткі толькі дзеля таго, каб паслухаць музыку ва ўласную асалоду, сам-на-сам, можна падумаць, іншага часу яму не хапала. Спачатку нам гэта падабалася, а потым стала злаваць, і мы ўсё выведалі. У ягоным кабінэце на падваконьні стаяў пляскаты чорны прайгравальнік, а са стала выцягвалася вялікая шуфляда, у якой ён захоўваў свае ўлюбёныя сто дыскаў, роўна сто. Ён рэгулярна выпісваў па каталёгах новыя дыскі – ён сам нам пра гэта распавёў – і абнаўляў калекцыю, аддаючы былых фаварытаў на пагарду й ганьбу. І калі шляхам ў школу мы знаходзілі ў памыйнай яме Кіта Джарэта альбо «Палаючыя вусны», змаляваныя зьдзеклівымі флямастарнымі рэмаркамі, то было зразумела, што ён зьмяніў іх на якіх-небудзь Маркуса Попа альбо «Сьмерць у чэрвені». Дзікая безгустоўшчына! Аднойчы мы ня вытрымалі і на вялікім перапынку залілі яму шуфляду з дыскамі расплаўленым плястылінам. Мы чакалі гішпанскае апантанасьці, але ён толькі пасьмяяўся: туды ім і дарога, дзеткі! І калі б толькі гэта. Бывала, глядзіць у кляснае вакно і ўздыхае: пасьля такой прыгажосьці, дзеткі, і памерці не шкада! Мы таксама глядзім туды, але нічога асаблівага ня бачым – бярозкі, птушкі. А падаконьнік вам таксама прыгожы? – пытаемся. І ён урачыста пацьвярджае, і пачынае апісваць годнасьці падаконьніка: і гладкі, і шырокі, і тоўсты. І так з усім. Аднойчы мы прынесьлі яму птушыны памёт у поліэтыленавым пакуначку і працягнулі. Але й тут ён застаўся задаволены – пачаў нахвальваць чалавечы нюх, наколькі ён, маўляў, моцны й чуйны, якія тонкія адценьні здольны адрозьніваць. Колік нават прапаноўваў замкнуць яго ў каморы на пару дзён – як ён тады засьпявае? Але мы памеркавалі й рассудзілі, что лепш не чапаць. Кім зрабіўся бы сэньёр Рунас без сваіх ружовых акуляраў – невядома. А раптам увёў бы розгі? І мы зусім пакінулі яго ў спакоі, а на занятках сьпеваў гулялі ў дурачка альбо палілі вогнішча за школьнай аранжарэяй.
84. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра станаўленьне
Калі мы з брацікамі былі маленькія, кожны бацька, кожны знаёмы дый кожны проста цікаўны ёлупень важыўся запытацца: кім вы хочаце стаць, дзеткі, калі пасталееце? Быццам гэта мае хоць нейкае значэньне! Кім, кім, кім? І паступова думка пра станаўленьне ўбілася ў нашыя ілбы, і мы патроху сапраўды пачалі хацець кімсьці стаць. Толькі Колік не паддаваўся на ціск. Спачатку ён папросту ігнараваў пытаньні, адмоўчваўся, а потым, калі дарослыя раз за разам ухвалялі нас, а на яго глядзелі паблажліва, як на малога, раззлаваўся. Ён пачаў дражніць і выкпіваць нас, і асабліва чамусьці нападаў на Валіка, які захацеў стаць мастаком.
– Уяві, Валю, у сьвеце зараз мільён мастакоў! І ўвесь гэты мільён сядзіць ля мальбэртаў і пэцкаюць пэндзьлікамі! І ты, як дурніла, будзеш сядзець і пэцкаць? Левай-правай, левай-правай! Я – адзін зь мільёна, гэта гучыць горда! Ха-ха!
Але Валік стрымана й лягічна адказваў:
– Ну добра, Колю, а ты што будзеш рабіць?
– Я нічога ня буду рабіць!
– У такім выпадку ты будзеш адным са ста мільёнаў гультаёў! Ха-ха! Валяюся на канапе й ганаруся!
Тады Колік абвясьціў, што ён будзе сядзець у куце й трымацца правай рукой за левае вуха! Такога ніхто ў сьвеце ня робіць, ну хіба што пару чалавек! І праўда, цэлы тыдзень ён не гуляў, ня песьціўся, не хадзіў на вуліцу і марнаваў увесь свой вольны час на сядзеньне ў куце й трыманьне правай рукой за левае вуха. Нам было шкада Коліка, і мы стараліся не зьвяртаць на яго ўвагу, каб не правакаваць упартасьць. Але праз тыдзень ён сам кінуў – бо зразумеў, што рызыкуе патрапіць у лік дзесяці мільёнаў вар'ятаў. «Людзей замнога, ўжо вельмі замнога», – палюбіў ён з тых часоў прымаўляць з крывой усьмешкай. З Валіка ён больш ня кпіў, цікаўных ёлупаў абыходзіў бокам і паціху ўліваўся ў лік ста мільёнаў крымінальнікаў.
85. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра майстэрства выставаў
Мой брат Валік, мастак, вельмі доўга не мог дамагчыся прызнаньня. Людзі ў нашым горадзе былі перанасычаныя мастацтвамі, яны толькі й ведалі, што абурацца й высьмяхацца. Сьпярша Валік вельмі балюча перажываў свае выставы, на кожнай зь якіх яго нязьменна прыніжалі і аб'яўлялі нікчэмным эпігонам, але потым прызвычаіўся, асвоіўся і адбрэхваўся спраўна. Бывала, падыдзе да яго якая эрудыяваная кабета з мастацтвазнавак і скажа:
– І навошта было маляваць гэтыя марыны? Усё роўна да Айвазоўскага не дацягнеце.
– А ў вас дзеці ёсьць? – пытаўся Валік, нават не задумваючыся.
– Вядома! – напышліва адказвала кабета.
– І навошта было нараджаць? Хіба яны стануць Македонскімі?
– Хам!
– Манюка! – рагаталі мы з брацікамі. – Няма ў цябе ніякіх дзяцей, мы ж ведаем!
Ці, бывала, падыдзе які часапісец з фотаапаратам і прагундосіць:
– Вам не здаецца, што ваш пэйзажны стыль занадта нагадвае Шышкіна?
– Сапраўды? – хмыкаў Валік, – а вам не здаецца, што ваш нос занадта нагадвае нос Рэпіна?
– Дазвольце, але ж я не абіраў свой нос!
– А чаму чаравікі як у сутэнёра? Ці таксама не абіралі?
– Што?.. Ды я зараз!..
Але мы з брацікамі ўжо абсядалі яго, разьмінаючы адзін аднаму трыцэпсы. Шышкіна, кажаш, нагадвае? Пойдзем-ка з намі ў прыбіральню, сябрук.
Пакрысе выставы зрабіліся нашай улюбёнай забаўкай. Бывала, мы стаялі у Валіка за сьпіной і падганялі: малюй, малюй! А калі ён не пасьпяваў, дык несьлі выстаўляць ягоныя старыя карціны, усё роўна ўсім было ўсё роўна.
86. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра сканчэньне сусьветнага цыклу
Хуліё прыйшоў дадому рана, змрочны як хмара. «Што здарылася?» – запыталіся мы. «Яна мне адмовіла!» – адказваў Хуліё з сумам і безвыходнасьцю. Ён закрыў твар далонямі й горка заплакаў. Мы пляскалі яго па плячох і суцяшалі як маглі.
– Ну й добра, што адмовіла, яшчэ лепей знойдзеш! – сказаў Колік.
– Ну й добра, што адмовіла, ня будзеш час марнаваць на глупства! – сказаў Валік.
– Трэ было ажаніцца з той, сама першай! – сказаў Толік.
А я пабег у краму па шакалядны торт.
За тортам тата ўзяў слова і прапанаваў нам паслухаць суцяшальную казку. Мы моўчкі, з поўнымі ратамі, заківалі.
– Жыла-была юная дзяўчына. Была яна разумная, далікатная, і на выгляд прыгожая. І, як належала, марыла пра каханьне. Хлопцы на яе таксама заглядаліся, а адзін суседзкі малец нават быў у яе закаханы, але ён ёй зусім не падабаўся. Дзяўчына не сьпяшалася й чакала свайго шчасьця. Аднойчы, калі яна купляла ў шапіку цыгарэты, падышоў да яе спрытны пралаза, агледзеў з галавы да ног і прапанаваў: паляжым, цукерка? Праз такое нахабства ў яе нават дух захапіла – сышла хуткім крокам, ані слова не адказаўшы, а потым успамінала з абурэньнем і шкадавала, што не абсякла прайдзісьвета. Мінула з таго выпадку трохі часу, і аднойчы ўвечары пастукаўся да яе той суседзкі малец, вушасты і кволы. Паваліўся на калені, палка прызнаўся дый пачаў прасіць стаць ягонаю жонкай. Нядоўга думаючы, яна адмовіла й выправадзіла. І адчула прыемнасьць унутры. Яшчэ празь некалькі дзён спынілася побач зь ёй на вуліцы машына, выйшаў адтуль пажылы паскуднік і пачаў абяцаць шчадроты. Пайшоў на хрэн, старэча! – працадзіла яна й зрабіла выразны жэст. Адвярнулася й выдалілася незалежна, вялікае задавальненьне праз гэту адмову атрымаўшы. Далей – болей. Ані дня не праходзіла, каб хтосьці чагосьці гэтай дзяўчыне не прапаноўваў. То ў начны клюб, то ў летні адпачынак, то замуж, то піва выпіць, то брыльянт за пацалунак, то вечнае каханьне. А яна з асалодай адмаўляла, усё дасканалей і напышлівей. Ужо ня марыла яна ні пра што, шчасьлівая аднымі адмовамі. З кожным годам яна ўсё харашэла, усё налівалася сокамі, усё афармлялася ды фармавалася. Кавалеры таксама ўсё багацелі ды прыгажэлі. Сваталіся да яе модныя дыджэі, вытанчаныя тэнары, ляўрэаты Букераўскіх прэмій, адважныя генэралы, мажныя бізнэсмэны, насьледныя арыстакраты, акторы й алімпійскія чэмпіёны. І ўсё атрымлівалі пагардную адмову. А адзін раз пад Новы год падышоў да яе ў гастраноме вельмі сур'ёзны спадар зь вельмі знаёмым тварам. Вой! Гэта ж прэзыдэнт! Дый ня просты, а амэрыканскі! Таксама руку й сэрца прапануе. З адмысловай халоднасьцю адмовіла яму дзяўчына. Зарыдаў прэзыдэнт у голас, не хаваючыся, а неўзабаве з засмучэньня падаў у адстаўку. Як жа гэта прыемна, сястрыцы! Пасьля тога выпадку ўсквітнела дзяўчына да такой асьляпляльнай прыгажосьці, што нават сонца й месяц свой ход запавольвалі, калі яна на прамэнад выходзіла. І вось ішла яна аднаго разу па бульвары, а насустрач ёй – малады, статны, прыгожы, у ізьзяньні індыгавам – сам Гасподзь Крышна. Устаў ён перад ёю, і кажа: ці станцуеш Раса-Лілу са мною? А яна яму напышліва так, з вартасьцю: прыбяры лапы!
Тут тата, як належала, узяў паўзу й пачаў нетаропка адразаць сабе трэці кавалак.
– І што ж потым, татухна? – як належала, нецярпліва спыталі мы.
– Потым, зразумела, зьявіўся Гасподзь Шыва й спапяліў сусьвет, – адказаў тата. – Пасунь мне імбрычак, Ролю.
87. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра кіно
Калі мы былі маленькія, у нас дома быў толькі адзін тэлевізар, і па ім лавіўся толькі адзін канал, і ўвечары па ім круцілі заўсёды адзін і той жа сэрыял. Сэрыял быў нямецкі, невыносна нудны, але мама яго любіла й глядзела кожны дзень. Каб мы не журыліся, мама частавала нас пудынгам з разынкамі і падрабязна тлумачыла незразумеласьці.
– Мама, а чаму ўсе цёці аддаюцца гэтаму дзядзе? Ён жа састарэлы, пузаты й няспынна п'е піва?
– Ах, дзеткі! Ну, па-першае, цёці самі немаладыя й любяць піва. А на тоўстых тады была мода. Калі ты худы – значыць хворы. Цёці самі тоўстыя, бачыце? А яшчэ незадоўга да таго была вайна і мужчынаў зусім мала засталося. А яшчэ ён задуменны, як ваш тата.
Даеўшы пудынгі, мы ішлі да таты. Тата, паводле сваёй звычкі, нерухома сядзеў у фатэле й пазіраў у вакно. Ён мог так вельмі доўга пазіраць – мы нават некалькі разоў засякалі сэкундамерам, і рэкорд быў 28 хвілін 32 сэкунды, а потым у яго зачасаліся нага.
– Тата, а чаму ты не глядзіш з намі Фасбіндэра?
– Ах, дзеткі... – тата паднімаў позірк, пасьміхаўся і на некаторы час зноў вяртаўся да роздумаў, але пра нас не забываў і неўзабаве адказваў, як бы вынырваючы: – Навошта патрэбнае кіно, калі ёсьць акно? Глядзіце, як калыхаюцца бярозкі, як плывуць аблокі, заўсёды непаўторна. Вось калі б вакон не было, тады б сапраўды. Але ж яно ёсьць?
88. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра ціхмянага пустэльніка
Аднойчы, бадзяючыся па гаях і пералесках уздоўж закінутае шашы, мы з брацікамі натрапілі на невялічкую хатку з высокім флюгерам у выглядзе савы, якая ляжала на баку. Мы адразу ўспомнілі, што якраз недзе тут мусіў жыць вядомы пустэльнік, што выдаліўся з гораду каб дзеяць добрыя справы – так расказвалі. Мы абышлі хатку вакол і сапраўды ўбачылі пустэльніка: ён сядзеў на зэдліку ля клубнічнае градкі. Ён мацаў пад лісьцем, зрываў ягаду, аглядаў яе з усіх бакоў, паласкаў у рондальчыку з вадой і адпраўляў у рот. Ён быў апрануты ў цыраваны пінжак, выцьвілыя галіфэ і шлёпанцы на босую нагу; на твар выглядаў зусім старэнькім, але цалкам бесклапотным і задаволеным.
– Ваша сава павалілася! – зазначылі мы.
– Гэта вецер яе нахіліў, а паправіць я не магу, занадта высока, – адгукнуўся пустэльнік. – Затое цяпер яна азначае ня проста мудрасьць, а ціхмяную.
Ён распавёў, што клубніцы ў гэтым годзе кіслыя, але затое радыска смачная. «Хочаце рыдысачкі?» Мы не хацелі. Ён падаўся нам дзіўным, і, каб яго выкрыць, мы разьвіталіся, адышлі й схаваліся ў маліньніку. Пустэльнік яшчэ крыху паласаваўся кіслай трускаўкай, падняўся й пайшоў у хату – дзіўна лёгкай хадой, ледзь кранаючыся зямлі, як юны гімнаст, а над ягонай галавой вагалася паветра – ці то зь цеплыні й волкасьці, ці то са сьвятасьці. Мы троху счакалі, потым наблізіліся й сталі глядзець праз акно, што ён робіць. Ён пахадзіў па пакоі, пачухаў бараду, сеў за кампутар і пачаў чытаць. Раз-пораз ён ківаў, усьміхаўся, круціў галавой і прымаўся нешта пісаць, потым ізноў чытаў. Прайшла гадзіна, прайшлі дзьве, мы ўжо пасмакавалі і клубніцу, і радыску, а ён усё чытаў і пісаў.
– Во нахабнікі! – за нашымі сьпінамі раптам паўстала суровая баба зь бітонам, і мы спалохана адскочылі ад акна. Мы сталі апраўдвацца і патлумачылі, што проста хацелі праверыць. – Чаго там правяраць? Ня ведаеце быццам? Ён чытае дзёньнікі ў інтэрнэце! Усе запар! Дзе вершы пахваліць, дзе апавяданьні, дзе разважаньні, і так кожны дзень, год за годам! На каго людзям спадзявацца яшчэ, як не на яго? Хто яшчэ імі зацікавіцца, хто супакоіць, хто абнадзеіць? Ведалі б вы, якою я была, пакуль ён мае сьмятаньнічкі не заўважыў! Гістэрычкай, ветрагонкай, гарпіяй на ўвесь сьвет узлаванай! А цяпер бачыце? Нейкія няшчасныя сьмятаньнічкі, падзялілася рэцэптам, а ён знайшоў, прачытаў, і так ухваліў пранікнёна, што я нібы перарадзілася й сэнс здабыла! Цяпер малачко яму нашу. Ён сьвяты, кажу вам! Вось вы самі паспрабуйце – ці атрымаецца ў вас? Не. Самі ведаеце, што не! Плюнеце празь дзесяць хвілін і ня вытрымаеце. Вось як.
89. Змрочныя засьценкі. Гэта мора
Праз паўгода ці год майго замыканьня ў Вучылішчы наступіў нядоўгі шчасны пэрыяд – я скарыўся лёсу, звыкся, і нават агідныя шакалядныя батончыкі ўжо здаваліся мне зноснымі. Мы з таварышамі, выканаўшы ўсе даручэньні праграмароў і жвава прарэклямаваўшы заданьні, пасьля падвячорку былі аддадзеныя самі сабе. Калі ў першыя месяцы мае аднакурсьнікі, былыя інваліды, сьпяшаліся пацешыцца даступнасьцю дзіцячых мараў і гарэзілі ў целах мускулістых супэрмэнаў і сустаўных фотамадэляк, дык потым гэта надакучыла, і ў моду ўвайшлі матэматычныя забаўкі: імчацца зь віскам ідэальнымі кропкамі па гіпэрбалах, нападаць зьнянацку й браць адно з аднаго вытворную, аб'ядноўвацца ў шматмерныя масівы й матрыцы, а потым бурна перамнажацца. Адзін я захоўваў хваравітую прыхільнасьць да свайго былога аблічча і падоўгу ўзіраўся ў люстэрка, намагаючыся ўспомніць, ці такі быў у мяне нос, колькі павінна быць рэбраў і так выглядаюць сапраўдныя ключыцы. А яшчэ Лена, якая жыла музыкай нават па-за заняткамі, і вольны ад рэклямы поп-зорак час праводзіла ў выяве ліловага праменьчыка, бесьперапынна прапускаючы скрозь сябе насычаныя пост-сымфанічныя, пост-джазавыя і пост-эстрадныя плыні. Лена толькі зрэдку набывала цялеснасьць, выяўляючыся на сваім ложку з задуменным і крыху ашалелым выглядам. Радуючыся кампаніі, я запрашаў яе пагуляць, і яна паслухмяна рушыла за мной. Лена, у мінулым сьляпая, уяўляла ўласнае цела толькі па ўнутраных адчуваньнях, без візуальных, і часам, павярнуўшыся да яе, я палохаўся зь яе міжвольна ўзбуйнелай галавы ці паўмэтровых далоняў. Пад маім позіркам яна засяроджвалася й вярталася ў прыдатны дзяўчыне стан, а я браў яе за руку, каб не забывалася. Прамінуўшы плятанавую алею і доўгі каменны спуск да набярэжнай, мы заходзілі ў кавярню «Бакен» і заказвалі па маленькаму кубачку шакаляду. Яна ўвесь час прыслухоўвалася – да чужых размоў, да шыпеньня кавамашыны, да званкоў, да гудкоў – і раптам пачынала калыхаць галавой, быццам лавіла рытм. Потым я браў човен і, агінаючы катэры й яхты, кіраваў да выгібу зарослага хвоямі мысу. Лена вярцела кончык каўняра, пастуквала сандаляй па борціку, вывуджвала з вады шышкі й выкладвала зь іх Л. Стаміўшыся веславаць, я выпускаў вёслы і падсаджваўся да яе на карму. Хвоі ледзь чутна шумелі, хвалі блішчалі, на гарызонце разгараліся жоўтыя й ружовыя палосы захаду. «Гэта мора. Табе падабаецца?» «Так». Я асьцярожна цалаваў яе ў шчаку і, каб ня даць ёй засумаваць, даставаў шакалядны батончык. Яна безуважна зьядала кавалачак і, схіліўшыся набок, апускала руку да вады, вадзіла пальцамі. «Назад?» «Я лепш сама». І зьнікала. Так здаралася заўсёды, і я прызвычаіўся. Я падграбаў да берага, выцягваў лодку на пясок і вяртаўся лесам.
8A. Аповед Коліка. Пра аднаго індыйца
Мой брат Колік расказваў, што аднойчы зь ім у вязьніцы сядзеў індыец. Ён сядзеў на нарах у паставе лётасу, прыжмурыўшы вочы, і ледзь усьміхаўся. Колік спытаў індыйца, за што ён трапіў у турму, і той засьмяяўся: гэта ня я ў яе трапіў, а яе вакол мяне пабудавалі. Я тут даўно сяджу, спакон веку. Як жа цябе не прыбілі, пакуль будавалі? – зьдзівіўся Колік. Гэта таму, што я толькі часам выяўляўся, адказваў індыец; як убачу добрага чалавека, дык сілаю волі прабадаю матэрыяльнасьць. Каб Колік паверыў, ён узьняўся над нарамі і трохі павісеў. Ён сказаў, што ўцячы зь вязьніцы можна трыма спосабамі: засяроджваньнем, канцэнтрацыяй і факусаваньнем. Колік абраў факусаваньне, і індыец патлумачыў: падобна таму, як расплываюцца абрысы прадметаў, калі выдаляеш позірк да гарызонту, так расплываюцца й самі прадметы – калі выдаляеш сьвядомасьць да ісьціны. Коліку гэта спадабалася, і ён пачаў трэніравацца кожны дзень, спачатку па гадзіне, потым па дзьве, потым дні напралёт. І так натрэніраваўся, што аднойчы, як толькі ён сфакусаваўся, хоп – і скончыўся ягоны тэрмін. З тых часоў Колік вельмі паважаў усё індыйскае, але далей трэніравацца баяўся, бо аднойчы так сфакусуесься, і раптам хоп – і скончыцца твой зямны тэрмін.
8B. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра манэткі
У дзяцінстве, калі нам ня спалася, мы прыдумлялі сабе ўсялякія вясёлыя гульні. Аднойчы Колік прапанаваў распляскаць манэтку, каб яна зрабілася гладзенькая. Мы паклалі манэтку на малаток, а другім малатком пачалі лупіць па ёй. Яна плюшчылася, але лічбы ўсё роўна заставаліся бачныя. На грук і ляск прыйшла мама ў піжаме – што адбываецца? І загадала нам ня крыўдзіць манэтку.
– Пакладзіце яе ў скарбонку, да сястрычак. З манэткамі лепш не жартаваць! Давайце, накрывайцеся коўдрамі, а я вам казку апавяду. Жыў-быў на сьвеце адзін чалавек, які вельмі манэткі не любіў. І партманэт яны тапырылі, і кішэні адцягвалі, і дрынчэлі назойліва, і назапашваліся захутка. Адзін час ён іх жабракам раздаваў, але бывала тыдзень праходзіш, і ніводнага бадзягі не сустрэнеш. Тады стаў ён манэткамі ў краме расплачвацца, стараўся з сабой поўныя кішэні драбніцы насіць, каб любую суму можна было набраць. Але бабкі ў чаргох на яго чмыхалі, прадаўніцы пырхалі, жандары касіліся, дый манэтак ня дужа зьмяншалася. Ужывеш усё да адзінай, а табе ўжо новую рэшту адсыпаюць. Стаў тады той чалавек прыносіць дадому манэткі й пад канапу іх выгружаць. Назапасілася ў яго пад канапай цэлая гара! Пыл, павуціньне, таполевы пух, сухія камарыкі – усякі бруд на іх зьбіраўся, а прыбраць немагчыма, ня мыць жа кожную раз на месяц. І затужыў тады чалавек, і паскардзіўся Ўсеўладнаму: «Зусім замучылі мяне манэткі!» «Не наракай па дробязях! – адказваў Усеўладны. – Зубы чысьціш? Шкарпэткі цыруеш? Лухту з барады вычэсваеш? Вось і манэткамі ня грэбуй». Але не паслухаўся чалавек. Разгулялася ў ім гардыня, і з тае пары ён наогул манэткі браць перастаў. Яму крычаць: рэшту! рэшту вазьміце! А ён каўнер падымае, як шпіён, і сыходзіць хутчэй. А потым і зусім заганарыўся: згарнуў з-пад канапы ўсе манэткі ў вялікую торбу і выкінуў на сьметнік. І падлогу пад канапай вымыў. І ўздыхнуў з палёгкай. Але адну маленькую манэтачку не заўважыў. Схавалася яна пад ліштвай, а ноччу, калі чалавек заснуў, паклікала сяброў на помсту. І накінуліся яны на чалавека! Прачынаецца ён у жаху, а на яго насядаюць: зубная шчотка тыкаецца ў твар – чысьці зубы! шкарпэткі па нагах паўзуць – цыруй нас! кашуля душыць – прасуй мяне! талеркі брынкаюць – мый нас! сьмецьцевае вядро сьмярдзіць – вынось мяне! Чалавек адбіваецца, як можа, ды дзе там! Канапа скача – ляжы на мне! Коўдра ўвінаецца ўдавам – пакрывайся мной! Падлога дрыжыць – хадзі па мне! Зьявіліся й людзі: жанчыны віскочуць – кахай нас! мужчыны равуць – сябруй з намі! дзеці пішчаць – зараджай нас! Нават цела ўласнае ўзбунтавалася: страўнік булькае – кармі мяне! лёгкія сапуць – дыхай намі! мозг хлюпае – думай мной! І нарэшце пачуўся страшэнны шум і грукат: зазірае ў вакно само жыцьцё, велізарнае, моцнае, лютае – жыві мяне! «Не хачу! – крычыць чалавек. – Ня буду! Ідзіце прэч! Прэч адсюль к чорту!» «Ха-ха-ха! – сьмяюцца яны. – А мы самі чэрці й ёсьць!» І пацягнулі яны яго ў пекла. Там ён і згінуў. Вось як, дзеткі.
Мы маўчалі. Хоць нам і здалося, што казка ня вельмі дарэчы, але з тых часоў мы ніколі ня плюшчылі манэткі.
8C. Уцёкі ды туляньні. У новай кватэры
Аддаўшы ўросламу агенту сакваяж з банкнотамі, я ўступіў у кватэру.
Забудова 1960 года, апошнія дваццаць гадоў пад арэндай, санвузел сумешчаны. Вітальня зь ціхамірнымі шпалерамі колеру рачной хвалі, прадоўжная тумбачка на ножках, забытыя вусьцілкі. Пад вымыкальнікам убіты дзюбель, на ім вісіць прыгожы грабянец. Я сеў на тумбачку і прымерыў вусьцілкі: вялікія, але можна абрэзаць.
Пакой з паркетам і кніжнай шафай. Кожны дасьведчаны жыхар пакінуў у шафе літаратурны сьлед: сяброўкі-прадаўніцы складвалі стосікам іранічныя дэтэктывы; інжынэр зь цяжарнай жонкай пэдантычна сартаваў сіненькіх кішэнных Паланіка, Павіча й Муракамі; духоўна сталы маляр паставіў у кут абраз і завёў карычневы агульны сшытак, куды школьным почыркам перапісваў малітоўнік.
Кухня: цэгла, алей. Верхні пласт быў бэжавы, а ў месцах удараў начыньня аб сьцены праглядалася гісторыя рамонтаў: блакітны, зялёны й цёмна-зялёны пэрыяды. Адчуваючы хваляваньне археоляга, я азіраўся. На кожнай са шматлікіх гарызантальных паверхняў грувасьціліся чайныя прылады: чайнікі для кіпячэньня, імбрыкі для заваркі, скрыні для гарбаты, гурткі, сподкі, прыхваткі, падносы. Калі я адчыніў адну з шафак, у мяне заняло дух – ён быў поўны імбрычкаў, кубачкаў, чайных скрыначак, падсітачкаў, падставачак, а ў глыбіні хаваліся яшчэ нейкія малазразумелыя заварныя рэчы. Як істоце ўразьлівай, мне адразу ж захацелася выпіць чаю. Я паставіў грэцца ваду ў чайніку са сьвістком і асьцярожна патрос вялікую чайную скрыню, якая стаяла на палічцы над плітой. Пустая. І другая, меншая, пустая. І ўсё зьмешчаныя ў межах дасяжнасьці скрынкі таксама аказаліся пустыя. Акрамя адной – у ёй, па іроніі гаспадароў, захоўвалася кава ў зернях. Але ж мае нясьмелыя пошукі неўзабаве ўвянчаліся пачатым пакункам «Yoga tea». Выбраўшы кубак з качачкай, я заліў пакецік саламянага колеру кіпенем і счакаў чатыры хвіліны. Водар быў цудоўны, смак быў цудоўны, эфэкт быў супакойлівы і расслаблівы. Узьлезшы на прадоўжную тумбачку і падціснуўшы ногі, я ўявіў сябе шакалядным індыйцам, які плыве па хвалях супакою на белым лётасе, кудысь у глыбіні часоў, да 1960 году да нашай эры.
8D. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра адвароты партрэтаў
У юнацтве, калі нам з брацікамі было няма чым заняцца, мы ішлі ў майстэрню да Валіка і бавіліся там да самага вечара – валяліся на канапах, палілі ў столь, расказвалі анэкдоты й елі інжыр. Валік рана выславіўся сваімі партрэтамі, меў шмат заказаў і няспынна працаваў, але супраць нашай бязьдзейнай прысутнасьці не пярэчыў. Па першасьці, калі Валік не пасьпяваў да тэрміну, ён нават прасіў нас дапамагчы й даручаў падмаляваць акуляры альбо бародкі, аднак хутка пераканаўся ў нашай непрыдатнасьці да вытанчанага і дазваляў толькі зьбіваць падрамнікі дый падпісваць назвы на адваротах. Мы стараліся як маглі! Сьціснуўшы да пасіненьня вусны, мы каліграфічна выводзілі: «партрэт Я. К. у туніцы», «партрэт Я. К. на маскарадзе», «партрэт В. Б. з кіем». Часам мы свавольна дадавалі розныя недарэчныя падрабязнасьці: «малявана ля падножжа Фудзі пры паўднёвым ветры», «малявана сэпіяй пад узьдзеяньнем сангрыі» альбо «памятайце: партрэты выяўляюць ня зьнешнасьць, а ўнутранасьць». Валік, як даведаўся пра нашыя забаўкі, моцна раззлаваўся і наогул забараніў чапаць свае партрэты. З тых часоў ён нават падрамнікі майстраваў сам, хай крывенькія, затое без падвохаў. Як жа мы зьдзівіліся, калі празь некаторы час выявілі, што ён пакрысе зразумеў, асмакаваўся і цяпер сам піша на адваротах партрэтаў разнастайныя сэнтэнцыі, максымы й нават лірычныя нататкі.
«Чалавечае жыцьцё падобнае да жыцьця спэрматазоіда. Кожны з нас з усіх сілаў імкнецца, але большасьці не ўдаецца нават дасягнуць маціцы жыцьця, ня кажучы ўжо пра запладненьне».
«Чым больш мэтаў ты дасягаеш, тым ты бліжэйшы да бязмэтнасьці».
«Глупства – гэта прыгожа. Бязглуздая дзяўчына выходзіць з грамадзкай прыбіральні каля гастранома з пыхай герцагіні Германцкай. У захапленьні я заміраю і прапускаю трамвай».
8E. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра філязофію
Калі мой брат Колік чарговым разам вярнуўся з турмы, мама зноў на яго навалілася: ідзі працаваць! Скраў – сеў – скраў – сеў, табе яшчэ не надакучыла? Ужо барада хутка сьсівее, а ты ўсё бяз клёку ў галаве. І неяк прыпала гэта яму на настрой, лягло на душу, і Колік наважыўся. Але працы ў нашым мястэчку было мала, а для чалавека, які сябе паважае – дык і зусім анічога ня знойдзеш. Адна непрыстойнасьць: мясьці вуліцу, сьвідраваць дзіркі, прадаваць вымыкальнікі. І Колік прыдумаў уладкавацца настаўнікам. Тлумачыць дзеткам правільнае жыцьцё – годны занятак. Ён пазычыў у Толіка сьвяточны гарнітур і прыйшоў у школу. Настаўнікаў не хапала, і дырэктар ахвотна прыняў яго – весьці працу й фізкультуру, на пачатак. А то ўсё сам ды сам.
І справа пайшла! На занятках дзеткі вастрылі напільнікамі арматуру, на фізкультуры сядзелі на кукішках, не адрываючы пяткі ад зямлі – хто даўжэй. Дырэктар заходзіў, ухваляў. Праз тыдзень Колік падахвоціўся весьці яшчэ й філязофію. Давай! Чаму не? Пэдагог ты здаецца добры.
– Ну што? – сказаў Колік, увайшоўшы ў клясу ў панядзелак раніцай. Тоўстыя хлопчыкі ў акулярах, дзяўчынкі з касіцамі. Глядзелі на яго. – Прадмет наш называецца «філязофія», а не «гісторыя філязофіі», таму усялякімі там дасакратыкамі я вас мучыць ня буду. Ведаеце, дзеткі, адзін знакаміты джазмэн сказаў: жыцьцё кароткае, а музыка цудоўная; такім чынам, разумней за ўсё спажываць як мага больш часу на музыку. Бачыце, як у некаторых атрымоўваецца рабіць слушныя высновы з дурных перадумоў. Жыцьцё ў яго кароткае, вось асёл! Яно вельмі доўгае, дзеткі. Але гэта зусім ня значыць, што трэба шмат балбатаць. Таму даволі балбатні, пачынаем заняткі!
І яны дзьве гадзіны запар слухалі джаз на клясным прайгравальніку, Джэні Лі ды Лісу Экдаль.
Але дзецям такі падыход не спадабаўся. Тоўстыя хлопчыкі ў акулярах спадзяваліся пачуць пра Ніцшэ, дзяўчынкі з касіцамі чакалі падрабязнасьці пра трагічнае каханьне Абэляра. Дзеці пайшлі й паскардзіліся дырэктару. Дырэктар паклікаў Коліка да сябе і зрабіў яму нагонку. Колік спачатку хацеў зарэзаць дырэктара, але потым падумаў, што той не такі ўжо й вінаваты, і звольніўся. І з тае пары ўжо ніколі не працаваў.
8F. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра сьвежасьць успрыйманьня
Кожны год на першае верасьня тата дарыў нам з брацікамі вялікую скрыню шакалядных пернікаў. У дзяцінстве мы проста млелі з гэтых пернікаў, і цэлы доўгі год старанна чакалі іх – каб тым жа вечарам старанна падзяліць іх на роўныя кучкі й навыперадкі зьесьці, сапучы і ўздрыгваючы з задавальненьня. Але час бег, густы сталелі, і мы паціху халаднелі да шакалядных пернікаў. Цяпер, калі тата, трыюмфальна абводзячы нас вачыма, адчыняў сакваяж і даставаў карычневую скрыню, мы ветліва дзякавалі яго, але ўжо ня біліся за права яе адкрыць, а чакальна пастуквалі пальцамі і ўздымалі бровы, цьмяна спадзеючыся на нешта большае, ці то на каньяк, ці то на цыгары, ці то на адпіс, мы й самі ня ведалі, на што. А аднойчы, калі Валік дазволіў сабе пазяхнуць ва ўрачысты момант, тата пасур'ёзьнеў, сеў з намі за стол і распавёў такую казку:
– Жыў-быў на сьвеце адзін цырульнік. Няблага ішлі ў яго справы – людзі валілі, грошы вадзіліся, здароўе не заўважалася, жонка й малыя дзеткі і ласкавыя былі, і вясёлыя. Цякло жыцьцё, цякло й кожным днём цешыла, шмат, шмат гадоў. І ўсё б добра, ды вось толькі пачаў ён заўважаць з гадамі, што й неба ўжо не такое блакітнае, як раней, і аблокі не такія пульхныя, і лісьцікі ўвясну не такія клейкія. Ня дурань быў цырульнік, памятаў ён прымаўку пра старасьць і салодкасьць вады, і разумеў, што гэта не навакольле зьмяняецца, а ў яго самога густ да жыцьця слабее. І стаў марыць цырульнік пра тое, каб вярнуць сабе сьвежасьць успрыйманьня. Бывала, выйдзе да возера на зрыў, глядзіць удалячынь і сумуе. А аднаго разу стаяў ён так на беразе, і бачыць раптам – зорка падае. Ня доўга думаючы, загадаў цырульнік жаданьне: хачу сабе сьвежасьць успрыйманьня юнацкую! У той жа момант успыхнула зорка і згасла, а цырульніка рэзка скаланула і адпусьціла. І адчуў ён, як страпянулася ўнутры ўспрыманьне, скінула каросту дый зрабілася як у юнацтве – у сто разоў мацнейшае. Зажмурыўся ён са шчасьця, удыхнуў поўныя грудзі паветра... і выдыхнуў пасьпешліва – сьмярдзючае было паветра й цяжкае. Азірнуўся вакол: трава шэрая, дрэвы крывыя, неба бурае. Перасохла горла ў цырульніка са спалоху, дастаў ён з сакваяжу мінэралку, паўгадзіны таму ў гастраноме набытую, сербануў – а яна горкая, сьлізістая і зь пясочкам чорным. Закрычаў цырульнік, пабег, дый толькі адчувае, якія слабыя ягоныя ногі, якое адрузлае цела. Спыніўся ён, абмацаў сябе і здрыгануўся. Выхапіў люстэрка, зірнуў – і зноў закрычаў. І зразумеў тады цырульнік, што не ўспрыйманьне ягонае з гадамі прытупілася, а аб'ектыўная сапраўднасьць акашмарылася. Шмат гадоў яна кашмарылася патроху, а ён патроху прывыкаў. Вось як, дзеткі. А цырульнік гэтага ня вынес... адчыніў сакваяж, расклаў прама на зямлі брытвавы набор, дый...
– Але татухна, – перарвалі мы, каб ня слухаць самае страшнае, – атрымліваецца, шакалядныя пернікі сталі нам менш падабацца таму, што яны сапраўды сапсаваліся?
– Атрымліваецца, што так, – адказаў тата, але такім ізмрочным і пагрозьлівым тонам, што з тых часоў мы ніколі не адмаўляліся ад шакалядных пернікаў, і елі іх з ранейшым смакам.
90. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра разважлівых людзей
Калі наш тата амаль заўсёды бываў у гуморы і, бяз стомы арудуючы шылам, бясклопатна напяваў пад нос песенькі, пра шаланды, пра лаў супрым ці пра прыгожую млынарыху, дык мама часам адкладала рукадзельле й сядзела ў вялікім смутку, незразумела зь якой прычыны. У такія моманты, каб яе адцягнуць, мы прасілі казку, і яна згаджалася. Пасьля вясёлых казак мы разам весяліліся, ну а пасьля сумных разам і сумавалі – бо гэта лепш, чым у самоце і немаведама з чаго.
– Даўным-даўно, дзеткі, далёка-далёка, была адна краіна. Людзі ў гэнай краіне жылі простыя, мірныя й разважлівыя. І вось аднаго разу, калі надышоў час выбіраць ім кіраўніка, выбралі яны маладога й простага хлопца, такога ж разважлівага, як і самі. Радаваліся людзі – наш чалавек, добрае зь ім будзе жыцьцё! Але вось нядоля – хлопец, як толькі на трон узьлез, адразу нібы атупеў: пачаў такія глупствы з трыбуны казаць, што і ў цырку не пачуеш. Падзівіліся людзі, пасьмяяліся, а потым разважылі – ну дык што, што глупства, мы й самі ня надта разумныя, ці нам яго асуджаць? Так і павялося. Пачаў ён хлусіць, а людзі меркавалі – ну дык што, хіба нам не выпадае хлусіць? Пачаў ён цёмныя справы каламуціць, але людзі меркавалі – ну дык што, мы б таксама каламуцілі на ягоным месцы, хіба мы такія ўжо празрыстыя? Так і цёк час. Справы ў краіне ішлі як у балоце, але кіраўнік не жадаў сыходзіць з трона, затыкаў ірты і падмяняў на сваю карысьць законы, а людзі меркавалі – ну дык што, гэта здаровая прага да ўлады, хіба няма яе ў кожным з нас? Ён лаяўся зь іншымі краінамі, а людзі меркавалі – ну дык што, затое мы самі па сабе. Ён саджаў у турму і караў сьмерцю няўгодных, а людзі меркавалі – ну дык што, можа яны й праўда ў чым вінаватыя. Кіраўнік, вядома, не ахці, разважалі людзі, але лепш за яго ўсё роўна нікога не адшукаць, бо мы й самі далёка не анёлы. Так і цяклі гады. А аднойчы, калі кіраўнік, ужо састарэлы і дужа хворы, здарыўся ў асабліва дрэнным настроі, ён выступіў па радыё і кажа: як вы мне ўсё надакучылі! каб вы здохлі, тупыя вырадкі! Здохніце! І разважылі людзі – і на самой справе, ён мае рацыю, чаму б нам ня здохнуць, усё роўна ж рана ці позна ў зямлю сыдзем? Разьвіталіся яны адно з адным, уздыхнулі, дый памерлі ў той жа дзень усе.
– А што сталася з краінай, матухна? – спыталі мы.
– Зьнікла з мапы, дзеткі. Рашчынілася. Ці схлопнулася.
– Хіба так бывае, матухна?
– Бывае. Зямля вакол стульваецца, стульваецца... хоп – і няма!
Мы падумалі, падумалі, і вырашылі, што ўсё гэта нават добра: затое географы й картографы атрымалі новую працу, купілі жонкам футры, а дзецям санкі.
91. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра пасіўнасьць
– Татухна, чаму ты такі палітычна пасіўны? Ні на мітынгі ня ходзіш, ні на пікеты, не пратэстуеш зусім ніяк? – дапытваліся мы.
Тата ўздымаў бровы вышэй, зьбіраючы на лбе пабольш зморшчын, і з дэманстратыўна старэчым бразджаньнем запытваў:
– Дык супраць чаго пратэставаць?..
Некалькі сэкундаў мы, перапоўненыя абурэньнем, не маглі нават вымавіць, а потым нас прарывала:
– Татухна! – усклікаў Валік, – няўжо ты ня бачыш, як мала ў нас свабодаў? Няўжо вечныя кайданы, вечная боязь Сыбіры й расстрэлу табе даспадобы? Даспадобы, калі горшыя перасьледуюць і зьнішчаюць лепшых? А што, калі заўтра прыйдуць за табой? Будзеш пакорліва лізаць лямпасы?
– Ціха! Не вярзі лухту! – перарываў Колік. – Татка! Як можна цярпець гэтую гніль і брыдоту! Свабодаў занадта шмат! Людзі нахабнеюць, слабеюць і разбэшчваюцца! А што, калі заўтра зьняславяць матухну, а потым і нас, тваіх дзетачак? Выкажаш ім гуманны дакор? Альбо нават зусім прамаўчыш?
– Браткі, апамятайцеся! – гукаў Толік. – Пратэставаць трэба супраць крайнасьцяў і невуцтва! Тата, мы павінныя цьвёрда выступіць за закон і супраць беззаконьня! Усё павіннае вырашацца не наводмаш, а законнымі працэдурамі! Трэба абапірацца на сусьветны шматвяковы вопыт юрыспрудэнцыі й палітыкі!
– Тат, ня слухай! – Хуліё ускокваў на крэсла. – Трэ проста любіць адно аднаго! Трэ проста любіць дабро й пагарджаць злом! Трэ разам выступіць супраць няпраўды! Разбурыць хісткую хлусьню! Чым менш зла, тым больш дабра, гэта відавочна! Вось за што трэба змагацца!
Пакуль брацікі выкрыквалі, тата нячутна адыходзіў і вышмыгваў цераз запасны выхад. Ён сыходзіў вузкімі сьцежкамі між градак і парнікоў, хаваўся ў плямістым цені памідорнага лісьця, а я краўся за ім. Прывіўшы вішню і ўгнаіўшы агрэст, ён зрываў напаўсьпелы салодкі агурочак і паварочваў яго, прымерыцца дзе смачней. І ўздрыгваў, заўважыўшы мяне: «Ролю? Навошта ты тут? Ідзі да брацікаў, бо няёмка ж…» Я імпэтна кідаўся да яго, абдымаў за нагу, прыціскаўся да цьвёрдага галіфэ. «Што з табой, дзіця?» Я шаптаў яму ў штаны, як я таксама саромеюся сваёй пасіўнасьці, але як мне ўсё абсалютна незразумела, і як я ня ў сілах змагацца з чымсьці адвольным, з адное толькі вітальнае актыўнасьці. Тата пасьмейваўся і казаў, што ў мяне, падобна, характэрны прыступ юнацкага старэцтва. «Табе трэба больш назіраць несправядлівасьці. Вось глядзі!» І ён, злачынна расчыніўшы рот, рыкаў і люта адкусваў палову цела ў далікатнага пупырчатага агурочка.
92. На адвароце партрэта. Пра палітыку
«Калі ты не цікавісься палітыкай, дык палітыка зацікавіцца табой.
Калі ты не цікавісься эканомікай, дык эканоміка зацікавіцца табой.
Калі ты не цікавісься каустыкай, дык каустыка зацікавіцца табой.
Калі ты не цікавісься акрабатыкай, дык акрабатыка зацікавіцца табой.
Калі ты не цікавісься табурэткамі, дык табурэткі зацікавяцца табой.»
93. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра каханьне і запалкі
Увясну мы з брацікамі любілі сядзець на вэрандзе, паліць запалкі і размаўляць. Толік умеў выцягнуць запалку са скрынкі й падпаліць яе адной рукой, Хуліё ўмеў сунуць падпаленую запалку ў рот, а Колік саскрабаў серу, загортваў у бляху ад кансэрвавай банкі і рабіў пэтарды. І чамусьці відовішча агня, хай і мізэрнага, натхняла нас на размовы пра каханьне, калі асабістыя і прадметныя, а калі й няўклюдна-агульныя.
– Калі хочаш спраўдзіць сваё каханьне, – уздымаў раптам паказьнік Толік, – трэба адкінуць ейную зьнешнасьць. Уявіць яе бязь цела й падумаць, за што яшчэ яе можна кахаць. Калі знойдзецца, за што – дык гэта й ёсьць сапраўднае каханьне. Бо цела тленнае.
– Не, Толік, – адказваў натхнёна Хуліё, – сапраўдным каханьнем кахаюць менавіта за прыгажосьць. Прыгажосьць – гэта боская іскра, і ў часовасьці – ейная праўдзівасьць. Кахаць мінучае – вось сапраўдны арыстакратызм духу! Вечнасьці прагне толькі баязьлівец альбо дурань.
– Што вы вярзеце? – абураўся ў такія моманты Колік, – хіба не зразумела, што кахаць за нешта – гэта нізасьць? Прыгожае цела, шчырая душа, тонкі густ аб'екта – гэта ўсё толькі мыліцы для вашага каханьня! Адкіньце іх! Вы можаце хадзіць! Сапраўднае каханьне ня ведае прычынаў.
Яны глядзелі на мяне, але мне было няма чаго сказаць, і я нічога ня ўмеў рабіць з запалкамі. Я казаў толькі: «я люблю вас, брацікі!» – і лашчыўся. «Але мы не пра гэта!» – хмурыўся Толік. «Ён як раз пра гэта!» – заступаўся Хуліё. «Не пра гэта ані ён, ані мы!» – заяўляў Колік. Ну а Валік дык і зусім грэбаваў спрачацца, ён увесь час працаваў: бяз стомы майстраваў з запалак хаткі, дрэвы, чалавечкаў і нават сэрцайкі.
94. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра служанак
Наш тата, люты й непрымірымы сноб, любіў зьневажаць простых звычайных людзей і ўсяляк зь іх зьдзекавацца. Прыкладам, прыблізна раз на месяц, зьведаўшы, што Валік дапісвае чарговы партрэт, ён абавязкова клікаў служанку і загадваў ёй мыць, а сам сядаў у фатэль і чакаў. Неўзабаве зьнясілены музай Валік, кладучы на палатно апошнія мазкі, пачынаў – гэта было ягонай нязьменнай артыстычнай манерай – пачынаў крычаць са свайго пакоя «о, як жа цяжка канчаць! о, лепш бы я не пачынаў! о, канчаць цяжэй за ўсё на сьвеце!» – і тата гукаў яму ў адказ «будзь мужны, сыну! канчай цьвёрдай рукою!» Тата ведаў, што на плябейскім арго «канчаць» азначала «аргазьміяваць», і чакаў рэакцыі служанкі. І калі служанка хіхікала, ці хаця б усьміхалася, ці хаця б сарамліва чырванела, тым самым прызнаючыся ў веданьні нізкага нэалягізму – тата ў той жа момант ускокваў і пагардліва роў: «што?! ды як вы можаце! прэээч! прэээч з маёй хаты, бессаромная пачвара! разьлік вам дашлюць па пошце! прэч адсюль прэээч!» Няшчасная са сьлязьмі ўцякала, мы рагаталі, а тата адзьдзімаўся й разгладжваў змакрэлыя з гневу вусы. Але аднойчы каса снабізму трапіла на камень жыцьцёвай мудрасьці – пажылая служанка, пачуўшы Валікавы крыкі, выпрасталася, задуменна абаперлася на швабру і з уздыхам мовіла: «так, дзеткі, канчаць цяжэй за ўсё на сьвеце, чыстая праўда». Тут ужо тата нічога ня мог зрабіць, і прыйшлося яму зь вялікай неахвотаю пакінуць служанку яшчэ на адзін месяц.
95. Ліст Толіка. Пра таталітарызм
Аднойчы мы вярнуліся з гуляньня і засьпелі маму ў сьлязах. «Што здарылася, матухна?» Яна сядзела ў фатэле ля вакна, агаломшана разгладжваючы падол сукенкі на каленях. Яна падняла з падлакотніка канвэрт, паказала нам, і зноў апусьціла руку. «Што гэта, што?»
– Ліст ад Толіка.
Наш брат Толік, дасьведчаны інжынэр, некалькі тыдняў таму паехаў у камандыроўку ў чужую краіну.
– Я вядома чула, што там трывожна, у навінах перадаюць часам, але такога! Такога я не чакала! Усё жахліва, жахліва... Ах, хоць бы ён вярнуўся жывы! Вось паслухайце.
Мы расьселіся вакол, усхваляваныя.
«Добры дзень, мілая матухна. Пішу пасьпешліва й нават ня ведаю, ці хопіць часу скончыць ліст – на першым паверсе грукат ботаў, ляск і крыкі. Гэтае зьвяр'ё ўварвалася ў кватэру да чарговае ахвяры, і зараз пачнуцца ператрусы ў суседніх кватэрах, таму напэўна не абмінуць і мяне. Хоць да іншаземцаў пакуль ставіліся паблажлівей, але яны вар'яцеюць з кожным днём. Як я радуюся, што ня ўзяў з сабой у дарогу аніводнае кніжкі! За кантрабанду тут бязьлітасныя пакараньні. Матухна, ты не ўяўляеш, якія тут парадкі! Народ жыве ў пастаяннай боязі з таго часу, як дарвалася да ўлады партыя культур-дэмакратаў. Яны прапагандуюць высокую культуру, а ўсіх нязгодных бязьлітасна рэпрэсуюць. Ты ня слухаеш акадэмічную музыку? Ты не чытаеш паэзію? Ня ходзіш у тэатар? Значыць, ты ўжо ў чорных сьпісах. А калі ў цябе знойдуць тамок з дэтэктывам ці фантастыкай, дык ты без суда й сьледзтва адпраўляесься на лесапавал! Людзі стогнуць, літаральна стогнуць пад фашысцкім прыгнётам! Школьнікаў штомесяц экзамэнуюць, і дзетак, якія ня ўмеюць адрозьніць на слых Гайдна ад Гендэля, высылаюць у пэрыфэрыйныя інтэрнаты. Колькі зламаных лёсаў! На вуліцы цябе можа спыніць патруль, і калі ты ня ведаеш, што адбывалася ў дзесятай частцы Адысэі альбо ў другім акце Тангейзэра, цябе цягнуць на прымусовыя работы да паўгода. Рэгулярныя аблавы! За знойдзены пры вобыску дыск Аббы адзін тутэйшы фармацэўт атрымаў дзесяць гадоў бяз права перапіскі. Людзі зьнікаюць бязь вестак! Сантэхніка, які адкрыта заявіў, што не разумее Матыса, на наступны дзень павезьлі ў кайданках, і больш пра яго ніхто ня чуў. А фашысты весяляцца й жыруюць. Уладкавацца працаваць можа толькі член партыі – які мае два дзясятка рэцэнзіяў на кінастужкі францускай новай хвалі альбо выдадзены зборнік санэтаў. Хунта перасягнула ўсе межы дазволенага! Людзей зганяюць на выставы экспрэсіяністаў і прымушаюць выказваць думкі! Нязгодных і некампэтэнтных – за краты. Апазыцыя вымушаная хавацца ў каналізацыі. Матухна, тут дзеецца жудаснае! Нядаўна, пасьля гучнай справы над маладой жанчынай, якая ўсяго толькі спытала ў краме казку пра Гары Потэра – а я ж яе таксама чытаў! – калі ёй, маці дзьвюх маленькіх дзяўчынак, прысудзілі пажыцьцёвую катаргу, народ ня вытрымаў і выйшаў на вуліцы пратэставаць. Я бачыў гэта з балькона! Адважныя бяззбройныя людзі, каля тысячы чалавек, сабраліся на плошчы з плякатамі і гукалі – свабоду! Імгненна плошча была акружаная паліцыяй і ўнутранымі войскамі. Фашысты кідаліся на старых, на жанчын і дзяцей, зьбівалі дубінкамі й шпурлялі ў аўтазакі. Дэманстрацыю задушылі за паўгадзіны, на асфальце засталіся лужыны крыві. Мамачка, я плакаў! Я, дарослы мужык, плакаў! Матуля, усё, у дзьверы стукаюць! Я запячатваю канвэрт і хаваю ў кальсоны. Пацалуй за мяне тату і брацікаў».
96. Уцёкі ды туляньні. У чужым горадзе
Чужы горад прыняў мяне нібы ўзьбітыя пярыны, мякка й глыбока. Сам сабой усталяваўся асьцярожны парадак: ноччу й раніцай спаць, пасьля абеду альбо ўвечары – выходзіць. Баючыся жалезнага ліфта, я спускаўся лесьвіцамі з пахам пабела, прабіраўся блытанымі лёджыямі, імкліва праскокваў жудасны чорны тамбур на першым паверсе. Ішоў спачатку прама, пасьля ўбок, потым наўздагад, блукаў, бадзяўся па незнаёмых вуліцах, пад лютаўскімі ліхтарамі. Насоўваў на вочы вэльвэтавую жакейку, хаваючы твар у цені брылю.
Але часам адбываліся незразумелыя ўсплёскі быцьця, і вакол раптам пачыналі ўзьнікаць сябры дзяцінства. Зьяўляліся наплывамі – адразу памногу, розныя, маладыя, старыя, разнаполыя, рабыя, пярэстыя. Ідзеш па бульвары, прыкладам, а насустрач мужык у пухнатым капюшоне, раскарачаны, шчакасты. Яшчэ здалёк пачынае прыглядацца i ўсьміхацца, зьбівае капюшон на патыліцу, расчыняе рот: Ро... Але ты ныраеш у цёмную арку. Ён не рызыкуе за табой, расчаравана праплывае міма. У цёмнай арцы – уркі-падлеткі, трое. Здароў, Ролю! Як ты, прачухаўся пасьля выпускнога? Мы тут гэта, з адным жэўжыкам хочам перацерці. Пастаіш на шухеры? А потым піўка вып'ем! Няпэўна матнуўшы галавой, вынырваеш назад, пад ліхтары. Там табе ўжо махаюць зь нісана пышныя шматдзетныя брунэткі: Ролю, Ролю, ты настаўніцу павіншаваў? Паехалі з намі ў рэстарацыю! Тоўстыя чырвоныя вусны, салодкія блясткі. Мужык у капюшоне аглядаецца на іхны сьмех: Роооллю! Вось ты дзе! Колькі гадоў! Радасна паварочвае і насоўваецца, пар з рота. Падлеткі круцяць мантыроўкай, прыязна выскаляюцца скрозь сьняжынкі.
Ідзіце к чорту! Я вас ня ведаю! Усе мае сябры даўно здохлі!
Бяжыш, бяжыш, кудысь па прыступках, да засьнежаных набярэжных.
97. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Кафяня
У далёкія школьныя гады мы з брацікамі любілі зьбірацца ў старой дрывотні, якая выходзіла тылам на пустку. Калісьці тут запасіліся дровы, а цяпер захоўваліся дошкі, іржавыя ровары ды ўсякая драбяза, якую шкада выкінуць. У паўзмроку мы рассаджваліся па сваіх улюбёных мястэчках і вялі бясконцыя гутаркі пра высокае і чыстае. А аднойчы ў пачатку ліпеня мы засьпелі ў дрывотні чалавека: маленькі, худзенькі мужчына за трыццаць, з шэрай скурай і замучаным тварам, ён убіўся паміж дошкамі і зламанай шафай, сьціскаючы ў руках кніжку. Убачыўшы нас, ён спалохана прыгнуўся, але ня ўцёк. Колік працягнуў руку, і той пакорліва аддаў яму кнігу, якая аказалася Кафкай.
Мы празвалі яго Кафяня. Ён амаль не размаўляў і быў істотай бяскрыўднай і рахманай – пакорліва чысьціў нам чаравікі, паслужліва праціраў рукавом дошкі, каб мы не запэцкалі штаны, і нават некаторы час вырашаў за нас арытмэтыку, пакуль ня высьветлілася ягоная слабасьць у дробах. Мы зьлітаваліся над ім, не праганялі, і нават прыкормлівалі рэшткамі сьняданкаў, але еў Кафяня квола. Кафку мы час ад часу адбіралі ў яго й выкідалі, але ён кожнага разу зноў аднекуль здабываў яго і зноў чытаў. Мы прыносілі яму нармальныя кніжкі, але здаровага рэалізму ён не разумеў і, прачытаўшы паўстаронкі, уздымаў на нас зьдзіўленыя журботныя вочы. Мы любілі яго дражніць: Валік выскаляў зубы і праводзіў адзінцам па горле, намякаючы на Ёзэфа К., Толік мераў падлогу дрывотні шырокімі крокамі, паказваючы каморніка, а я знаходзіў вялікага жука-гнаявіка, саджаў яго ў запалкавы скрынак і прапаноўваў Кафяняці паглядзець. Ён высоўваў скрынак і пацешна ўздрыгваў, палохаючыся жука. У адзін зь дзён Кафяня сьціпла адкашляўся і выказаў ціхае жаданьне пабачыцца з нашым татам, але мы толькі пасьмяяліся. Наш тата цябе праглыне й не заўважыць! Лепш ня лезь.
У жніўні, калі надышла сьпёка, і мы ўсе дні бавіліся на возеры, Кафяня яшчэ больш заціх і запаволіўся. Ён пачаў худнець, зьмяншацца, скукожвацца, і за тыдзень зусім сышоў на нішто. Ягонае прахалоднае бязважкае цельца зьмясьцілася ў кардонке з-пад красовак, і мы закапалі яе на пустцы.
– Можа, мы дрэнна зь ім абыходзіліся? – спытаў я.
– Ды кінь. Ня білі, не абражалі, не прымушалі. Нават кармілі. Што яшчэ чалавеку трэба? – запярэчыў Колік.
– Там кніжак не засталося пасьля яго? Трэ было б спаліць, – прадбачліва сказаў Толік.
І сапраўды, за дошкамі мы знайшлі некалькі Кафкаў у безнадзейна карычневых вокладках, рознай ступені зачытанасьці. Мы выграблі іх у гарод, лінулі газай і дачакаліся, пакуль дагараць.
98. Аповед Коліка. Пра галоўнае пытаньне
Аднаго разу, вярнуўшыся з суду ў прыўзьнятым настроі, цалкам апраўданы, Колік распавёў пра дзіўнага спадарожніка ў прыгараднай электрычцы:
– Аўтобусы я не выношу, а на таксі грошай не хапіла. І вось вам загадка, брацікі. Падсеў да мяне мужык зь перабітым носам і пачаў пытаньні задаваць. Паслухайце. «Сябра, куды гэтая электрычка ідзе?» Я кажу, куды; зразумелая рэч, што ён і сам ведаў – але трэба ж размову распачаць. «Сябра, вінца вып'еш?» Я адмаўляюся – ня п'ю ўраніцу. «Сябра, як цябе зваць?» Кажу. Ён кажа, што ў яго адзін сябар добры ёсьць, таксама Коля. «А гадоў табе колькі, Колік?» Кажу. Ён кажа, што яму трыццатнік восеньню. Ні многа, ні мала, кажа. «Колік, а футбол ты любіш? За каго балееш?» Кажу. Расказвае хвілін пяць, як ён таксама зь дзяцінства заўзее за Дынама. «Колік, а дзяўчына ёсьць у цябе?» Кажу. Гэта было важнае для яго пытаньне: ён зажурыўся і два прыпынкі бедаваў пра памылкі маладосьці і пра страту каханай. І тут мне надышоў час сыходзіць. Ну дык вось, брацікі, гэта я ўсё навошта. Калі я падняўся, ён затрымаў маю руку ў сваёй і, засяроджана ўзіраючыся ў мяне, задаў апошняе, сёмае, самае галоўнае пытаньне. Вось вам і загадка! Якое было самае галоўнае пытаньне?
– Колік, ці йснуюць дабро і зло? – зьмеркаваў я.
– Колік, ці йснуе свабода волі? – зьмеркаваў Валік.
– Колік, выручы на дваццаць рублёў? – зьмеркаваў Толік.
– Колік, я табе падабаюся? – зьмеркаваў Хуліё.
Колік пераможна ўсьміхаўся, пстрыкаў пальцамі і адмоўна матляў галавой. Счакаўшы хвіліну, можа будуць іншыя здагадкі, ён падняў палец і з гонарам працытаваў:
– Колік, ты думаеш, Сальеры сапраўды атруціў Моцарта?
99. Змрочныя засьценкі. Першая курсавая работа
Спэцыяльнасьць: Рэклямны бот
Прадмет: Брэндынг і залучэньне
Навучэнец: Ролянд
Тэма: Дзесяць парадаў нэафіту
Прэлюдыя
1. Абіраючы гатунак Ролтану ў гастраноме, падыдзіце да паліцы, зачыніце вочы і працягніце рукі наперад. Паспрабуйце пачуць, што кажа Вам сэрца. Вы можаце не пачуць ягоны голас адразу ж, але не перапыняйце практыкаваньне. Павольна вядзіце далоні ўздоўж паліцы. Калі далонь будзе накіраваная на сугучны Вам гатунак, пальцы адчуюць лёгкае цяпло і прыемную вібрацыю.
2. Абраўшы гатунак, прыміце яго ў рукі. Зьвярніце ўвагу на пакунак: кончыкі павінныя быць роўныя і прамыя, бяз зморшчынаў і загінаў. Не дазваляйце касіру камячыць пакунак. Калі ў наяўнасці толькі зьмятыя пакункі, сыходзьце прэч і адзначце гэты гастраном на мапе, каб больш не вяртацца туды.
3. Дома, перад выкрыцьцём пакунку, начыста вымыйце рукі, пазьбягаючы касмэтычных сродкаў з занадта яркім або цытрусавым пахам. Адпачніце некалькі хвілін на зэдліку, дыханьне мусіць выраўняцца. Адключыце тэлефон.
4. Выкрыйце Ролтан швейнымі нажніцамі з прамымі і шырокімі лёзамі. Выгнутыя манікюрные нажніцы, канцылярскія нажы, садовыя сэкатары або брытвы не падыходзяць. Ня рвіце пакунак рукамі.
Акт
5. Запомніце, Ролтан не абавязкова есьці. Глядзіце на яго, удыхайце водар, пяшчотна кранайцеся пальцамі. Каб зьмякчыць дотыкі, можна нацерці рукі алеем. Вы можаце пацалаваць Ваш Ролтан.
6. Калі Вы абавязкова хочаце зьесці Ролтан, рабіце гэта нетаропка і ўдумліва. Ешце над талеркай. Не чытайце, не размаўляйце і не глядзіце тэлевізар у час ежы. Засяродзьцеся на пранікненьні Ролтана ў Ваша цела.
7. Вы можаце ўвамкнуць фонавую музыку, якая дапамагае канцэнтрацыі. Я раю пачаткоўцам запісы Браяна Іна і Робэрта Рыча, а прасунутым знаўцам – «Прэлюдыі і фугі» Шчадрына. Музыка дапаможа Вам наладзіцца на слушны рытм і атрымаць устойлівую сувязь з Ролтанам.
8. Адчуўшы, што Ваша сэрца ўсхвалявана затахкала, расстаўце ногі шырока, моцна вазьміцеся за стол або за сядзеньне. Калі Вас накрые хваляй Яднаньня, важна ўтрымацца на зэдліку, ня ўпасці і не траўмавацца.
Постлюдыя
9. Калі Вы пачалі есьці Ролтан, будзе адпаведна зьесці яго да канца, да самае апошняе дробкі. Калі Вы рассудзілі ня есьці Ролтан, загарніце яго ў марлю або ў іншую тонкую х/б тканіну. Захоўваць лепш у цёмным месцы, якое добра ветрыцца, але не ў лядоўні.
10. Пасьля Акту прабаўце некалькі гадзін у спакоі і цяпле. Можна прыняць расслабляльную ванну.
9A. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра дзіўную жанчыну
Аднойчы ў канцы лета, у той час, калі мухі запавольваюцца і сумна садзяцца на рукі, наш паўночны сусед зьехаў у лацінскі квартал, а замест яго ў цаглянай хаце з двума комінамі пасялілася таямнічая асоба. Грузная, прыгорбленая, у цёмна-сінім плашчы з глыбокім манаскім каптуром, яна вечарамі бязмэтна блукала па садзе, узбуджаючы нашу цікаўнасьць. Мы зьмеркавалі, што новы сусед – адэпт чарговага духоўнага вучэньня, і зьвярнуліся па тлумачэньні да таты, але тата нічога ня ведаў і адправіў нас да мамы. «Ах, дзеткі, – сказала мама і ўздыхнула, – я чула пра яе, гэта зусім не адэпт, а дзіўная жанчына. Яна нарадзілася цудоўна прыгожая, і магла б знайсьці сваё шчасьце ў каханьні, але ведаеце... Многія з жанчын лічаць, што іх трэба кахаць не за цела, а за душу. Але мы проста лічым – усё роўна, маўчым ці кажам пра гэта – але ніводнай з нас і ў галаву б не прыйшло... А яна наважылася – і зьнішчыла сваю прыгажосьць. Як?.. Баюся нават падумаць як, ніхто яе ня бачыў зблізку ўжо шмат гадоў. І чакае дагэтуль свайго рыцара...» Мы з брацікамі паціснулі плячыма і пераглянуліся, і толькі Хуліё не паціснуў і не пераглянуўся – і мы адразу скемілі.
Уначы мы прыкінуліся, што сьпім, а самі назіралі за Хуліё, і калі ён палез у акно, палезьлі за ім. Ён пракраўся між грушамі да паўночнага плота і клікаў – эй! эй! – а мы стаіліся ў яго за сьпіной і слухалі. Дзіўная жанчына хутка зьявілася, але не наблізілася й каптура не падняла. Хуліё назваўся і пачаў прызнавацца ў каханьні, а мы сачылі кожны ейны рух. Выслухаўшы прызнаньні, жанчына падышла да плота, скінула каптур і расхінула плашч. Яна стаяла нерухома, з гонарам, а мы сьвяцілі на яе ліхтарыкамі. Ці была яна пад плашчом цалкам голай, мы не зразумелі – бо зморшчыны сала зьвісалі нізка й кідалі нераўнамерныя цені – але ейны твар быў напраўду непрыгожы! Вывернутыя вусны, разрэзаныя ноздры, шнараваныя шчокі, грудкаватая галава, перасаджаныя на шыю валасы... Яна нібы пыталася – ці пакахаеш мяне гэткаю? І Хуліё кахаў, кахаў, ён узьляцеў цераз плот і кінуўся да яе, абняў, прыпаў. «Кахаю, Кахаю! Кахаю цябе без аглядкі!» Яна вызвалілася: «Кахаеш?» «Кахаю! Цела для майго каханьня – нішто! Я прадчуваю, наколькі моцная й чыстая твая душа, і кахаю цябе!» «Э не! Чаго захацеў! Ведай: душа мая нашмат брыдзейшая за цела». Мы вохнулі: яна аказалася яшчэ больш дзіўная за аповед матухны! Яна выцягнула з кішэні белае кацяня і скубанула яго за вусікі, ды так моцна, што яно запішчала. Мы хорам запратэставалі, а яна зарагатала: «Чыстая душа любому дурню спадабаецца. Але хто пакахае мяне саму па сабе, без усялякіх даважкаў?» Каб аканчальна адвадзіць Хуліё ад сваёй душы, яна рыгнула, пачасала пахвіну й прысела на кукішкі, задраўшы плашч, але ў яе, на шчасьце, нічога не атрымалася. Хуліё стаяў на каленях у сырой траве – сапраўдны прэрафаэліцкі рыцар! – і дрыжаў зь імпэту, усё больш распаляючыся. «Кахаю, кахаю! – упарта гукаў ён і працягваў да яе рукі. – О, не адкідай мяне!» І тут Колік ня вытрымаў і крыкнуў: «Стоп, Хуліё! Эй, кабета, ты хоць сама разумееш, што вярзеш? Што значыць без усякіх даважкаў?» Яна тузанулася, захінулася й мовіла: «Не, ну якія ж сьвіньні!» І пайшла. Мы перацягнулі Хуліё назад цераз плот, сьпехам суцешылі і пачалі спрачацца – ці абсурдна кахаць чыстую Боскую іскру ў пэўным чалавеку? Ці не абсурдна? Ці яна мела на ўвазе нешта іншае, і мы дарма яе спудзілі?
А дзіўная жанчына больш не зьяўлялася, і неўзабаве ў паўночны дом уехаў новы сусед.
9B. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра цёмную вуліцу
Калі мы з брацікамі былі маленькія, мы рэдка нудзіліся. А калі ўсё ж такі нудзіліся, дык клаліся раней спаць. Але часам здаралася нам праспаць усю ноч, усю раніцу і ўвесь дзень да вечара, а нуда не праходзіла – і тады мы злаваліся. Тады мы ішлі на край гораду, на цёмную вуліцу за піянінавай фабрыкай, і шукалі сабе ахвяру. Нам падабаліся дужыя мужчыны сярэдняга ўзросту, асабліва былыя пяхотнікі ці дэсантнікі – плячыстыя, з раненьнямі, зь сівізной у жорсткіх вусах.
– Гэй, дзядзечка! – пiшчаў яму Толік.
– Што табе, хлопча? – адказваў ён з дабрынёй.
– Дзядзечка, патрасі губой! – прасіў Толік і сьмяяўся.
«Што?!» – вэтэран хмурыў бровы і рабіў крок да Толіка, а той уцякаў і рагатаў: «пасасі вусы!» Гэтая нявінная дражнілка быццам апякала вэтэрана – нязьменна – і ён зь лютым ровам кідаўся за Толікам. І тут выскоквалі мы:
– Стой! Ты, брудны мярзотнік, мы запісалі цябе на камэру!
– Што?!
– Усё запісана: як ты гонісься за маленькім хлопчыкам, за нашым пяшчотным брацікам! – крычаў Колік.
– Юрлівая пачвара! Гвалтуюць! Людзі! – крычаў Валік.
– Ролю, тэлефануй жандарам! – крычаў Хуліё.
І я спакойна пачынаў тэлефанаваць у жандарню.
– Дзеці, ды вы што, звар'яцелі?!
– Маўчы, падлюга!
– Згніеш за кратамі!
– Такіх стэрылізаваць трэба!
Тады ён пачынаў разумець – і змрочна выцягваў свой сумленны кашалёк. «Ха-ха! Засунь яго назадкі! Навошта нам твае грошы!» «Што ж вам трэба?!» «На калені станавіся!» Гнеў шыбаў яму ў твар, і ён непакорліва ўздымаў галаву – але мы нагадвалі яму, што чакае яго ў казематах, і ён адразу ламаўся. Зважна, з годнасьцю ўставаў на калені, паводзячы магутнымі плячыма. Сьпявай песьню! Якую песьню? Рымскага-Корсакава! Залаты пеўнік! І ён, скаланаючыся з прыніжэньня, сьпяваў. І скуль толькі словы ведаў? Але нам гэтага было мала: мы прагнулі ягоных сьлёз. Павольна, павольна, з цынічнай ухмылкай, Колік агаляў цырульную брытву, і працягваў.
– Што?! Навошта?!
– Брый вусы.
І тады, бачачы ў нашых вачах няўмольную жорсткасьць, ён пачынаў плакаць. «Толькі ня гэта, толькі ня гэта, толькі ня гэта...» – мармытаў ён, хрыпла усхліпваючы. «Добра, утрыся! Ты прабачаны», – і мы адварочваліся й моўчкі сыходзілі ў ноч, пакідаючы яго рыдаць на асфальце. Пляскалі адзін аднаго па плячах, падміргвалі. Файная субота!
9C. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра кропнага пракуратара
У адзін з чэрвеняў, калі зацьвілі першыя настуркі, у суседні дом, паўднёва-ўсходні, уехала новая жанчына. Тата з мамай сказалі, што гэта ўдава нейкага ці то пракурора, ці то куратара, якая перабралася да нас з роднага горада дзеля зьмены навакольля й забыцьця. Мы з брацікамі, па сваёй традыцыі, прыняліся за ёй назіраць. На звычайную ўдаву яна была падобная мала: замест чорнае сукенкі насіла каляровыя халацікі і кожную раніцу, калі сьвяціла сонейка, ляжала ў шэзьлёнгу з тамком Бадлера й келіхам. Увесь ейны сад зарос высокім дзікім кропам, але ўдава нават ня думала яго выскубаць і разьбіваць градкі, як гэта зрабіла б любая дабрачынная гаспадыня. Зрэшты, нам гэта было дарэчы, бо кроп – выдатная маскіроўка.
А аднойчы, калі мы абмяркоўвалі чарговае суседзкае бікіні, Толік войкнуў: «нехта кінуў у мяне каменьчыкам!» Наступны каменьчык патрапіў у Коліка. А потым кроп ля плота заварушыўся, і зь яго высунулася кудлатая й вясёлая галава незнаёмага дзядзькі.
– Ты хто? – спыталі мы.
– Я пракуратар, – адказаў ён.
– Хлусьня валасьня, – сказалі мы. – Пракуратар памёр.
– А вось і не! – падміргнуў ён. – Усё гэта лухта!
Пачатак нам спадабаўся, і мы ссунулі дошку ў плоце, каб дзядзька залез на нашу тэрыторыю. Ён сеў на траву, пачаставаў нас мятным дражэ і расказаў, што пракуруе кроп, мёртвым толькі прыкідваецца, а больш за ўсё на сьвеце любіць рабіць глупствы.
– Бо раз на дзень я зьдзяйсьняю незвычайна разумны ўчынак, і мне больш няма пра што турбавацца! Хочаце падрабязнасьці?
– Ну?
– Слухайце: усё сваё жыцьцё, да самых сарака двух гадоў, я рабіў спрэс адныя толькі абуральныя глупствы, адно за другое бессэнсоўнейшыя. Але потым сказаў сабе: годзе! Я пайшоў да знаёмага акадэміка і спытаў: што ён ведае самае разумнае? Ён памеркаваў-памеркаваў, і кажа: гіпотэза Пуанкарэ! Я спытаў: і пра што яна? Ён памеркаваў-памеркаваў і кажа: калі ты закрыеш рот, зацісьнеш нос і заткнеш вушы, дык адразу ж зробісься гамэаморфавым трохвымернай сфэры! Я яму падзякаваў, пайшоў у пашпартны стол і ўзяў сабе прозьвішча Сфэра. Цяпер я Канстанцін Дзьмітрыевіч Сфэра, цёзка Бальмонта. А раз на дзень я заплюшчваю рот, заціскаю нос, затыкаю вушы і раблюся гамэаморфавым трохвымернай сфэры! Зразумелі? Га? Як вам?
– Мы здамо цябе ў жандармэрыю. Нельга ганьбіць паэтаў! – паабяцалі мы.
– Ды хто вам паверыць, дзеткі! Жуйце катлеткі! – зарагатаў ён і палез назад да сябе. Мы пахмурна назіралі, як гутаюцца суквецьці кропу, выдаючы траекторыю ягонага руху. Калі яна дасягнула шэзьлёнгу, пачуўся віск і шчасьлівы сьмех.
9D. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра грыбы
Часам, бліжэй да восені, нешта шчоўкала, і нам з брацікамі раптам пачынала неадольна хацецца грыбоў, і ніякай моцы не было трываць. Мы ведалі загадзя, што ня вытрываем, і ня стрымлівалі жаданьне. Мы апраналі зялёныя брызэнтавыя курткі, ўстыкалі гумовыя боты, бралі крэпкі кій, парасон, кошык і выпраўляліся ў лес. Лес ляжаў блізка, адразу за маргарынавай фабрыкай, густы й ігласты, з травяністымі прасекамі і глыбокімі ярамі. Хадзілі чуткі, што ў любым яры, калі добра пакапаць, можна знайсьці напалеонаўскі скарб, але мы ні разу не спускаліся ўніз, баючыся зьмей. Дый нашто нам скарб – медныя манэткі, гнутыя гільзы, глупства. Агінаючы яры, мы прабіраліся ўглыб лесу, тыкаючы перад сабой кіям. Мы асьцерагаліся ваўчыных ям, выкапаных вяскоўцамі нам на злосьць, але ўсё роўна даволі часта ў іх падалі. Згледзеўшы падзеньне, вяскоўцы саскоквалі з дрэваў і зьедліва кпілі з нашай бездапаможнай валтузьні ў гліністым брудзе. Тупыя гарадзкія пераросткі! – лаялі яны нас. Тлустыя пачвары! Самі яны былі маленькія й худзенькія, як верабейкі, і мы б лёгка пераламалі іхныя кволыя шыйкі, калі б дацягнуліся. Але мы павінныя былі аддыхацца, перш чым выбрацца зь ямы. Карыстаючыся гэтым, яны прымаліся зьдзеквацца з нашага невуцтва і прапаноўвалі ў абмен на вызваленьне невыканальныя ўрокі: гэй ты, цытуй, сука, Сэнэку! гэй ты, перакладай, падла, Плятона! Яны больш за ўсё шанавалі старажытную філязофію. Вядома, ім было лёгка – штодзённае сьвежае паветра, сырадой, стрыжы і жаўрукі. А нашыя чэрапы, мы аж адчувалі гэта, пакрывала знутры кароста фабрычнага ўгару. Нарагатаўшыся, яны спускалі порткі й лілі гарачыя бруі, жоўтыя й аранжавыя, нам на галовы, а мы, як маглі, засланяліся парасонам. Вычарпаўшыся, вяскоўцы вярталіся на пашы, і тады мы караскаліся адзін аднаму на плечы й вылазілі. Перад усімі грыбамі мы аддавалі перавагу рыжыкам і ваўнянкам – за іхную мілую круглую форму й вясёлы колер. Мы набіралі поўныя кошыкі, а калі кашоў не хапала, напаўнялі грыбамі пазухі, башлыкі й падбрушыны. Вяртаючыся дадому, мы сьпявалі песьні, звычайна расейскіх ці нямецкіх кампазытараў, зрэдку ангельцаў. Мама ўжо чакала нас: усаджвала за гарбату зь печывам, а пакуль мы пілі, пякла велізарны грыбны пірог. Тыя грыбы, якія не зьмяшчаліся ў пірог, яна саліла на зіму, і тата з самага верасьня да самага красавіка закусваў імі гарэлку, нахвальваючы добрых дзетак і гаспадарлівую жоначку.
9E. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра люты
У нашай сям'і люты ненавідзелі ўсё: мама за свой дзень нараджэньня, які штогод старыў яе, а тата за тое, што занадта кароткі; Толік за холад, а Хуліё за безвыходнасьць; Колік за тое, што памёр Летаў, а Валік за тое, што Пастэрнак плакаў. Мы прыдумалі, як пазбавіцца ад лютага: вырваць яго з календара спрэс, а кожную дату студзеня расьцягнуць на два дні. Студзень атрымаўся задоўгі, але затое пасьля яго адразу надыходзіў сакавік! Так мы жылі доўга й шчасна, пакуль аднойчы люты не заявіўся да нас асабіста. Ён аказаўся даволі прыемным чалавекам з бародкай і ў карычневым швэдары, з пахам адэкалёна. Люты прынёс зялёнага чаю й завёў ветлівую гутарку пра кінэматограф, але мы насьцярожана маўчалі. Нарэшце змоўк і ён, а потым папрасіў тату на пару слоў. Потым дзьверы бразнулі, і тата вярнуўся зь цёмным тварам. Што, што, татухна? Ён сказаў, што раз мы такія паскуды, ён вымушаны зрабіць ультыматум, – сказаў тата. Ён сказаў, што бярэ жнівень у закладнікі, і што заўтра пачне адрэзаць у яго па дню ў дзень, пакуль зусім нічога не застанецца. Ліпень, а потым адразу верасень. Блеф, блеф! Не, ня блеф, ён пакінуў фотаздымкі. Каламутныя, мабільныя, але ўсё было відаць: заплаканыя вочы, разьбітыя вусны жніўня. Толік усхліпнуў і пабег тэлефанаваць у жандармэрыю, але там яго абсьмяялі й кінулі слухаўку. Дык што ж, паддавацца на шантаж? Ні ў якім разе! – і Колік агаліў нож. Спыніся, ён мацнейшы за нас, – і тата затрымаў ягоную руку. І ўсё паніклі, зьвялі. Давайце, нясіце каляндар, што рабіць... І пакуль несьлі каляндар, я памеркаваў і наважыўся. Што мне? Давайце я буду ўвесь час жыць у лютым, за вас! Яны, вядома, не хацелі мне даваць, але я настаяў, што мне, на самой справе, ну? Ён мне нават чымсьці падабаецца, ага. Буду часам да вас у госьці заходзіць, у красавіку там ці ў траўні! Гэта нічога страшнага, нават весела. Чаму б і не? Хаця б часова? І яны пагадзіліся.
І з таго часу я заўсёды жыву ў лютым.
9F. Зь ліста Толіка. Пра маленькае сьвята
<...> Сёньня наогул нейкі дзіўны выдарыўся дзень, зламаліся тры лінейкі запар, а потым верабей заляцеў у фортку, ледзь выгнаў на вуліцу, але гэта ўсё драбяза. Пасьля абеду прыйшоў хлапец з суседняга дэпартамэнту, мы зь ім ня вельмі знаёмыя, так, здароў-здароў, і прынёс канвэрт.
Гэта вам, кажа. Мне? А што там? А тамака грошы, бярыце. Грошы? Якія грошы? Ну, там ня вельмі шмат, паўтары тысячы даляраў, для вас. Паўтары тысячы? Гэта такая прэмія, ці што? Ды не, ня прэмія, гэта я сам сабраў, адмыслова для вас, зрабіць прыемнае. Прыемнае?? Ну, купіце сабе штосьці, я ад чыстага сэрца.
Я падумаў быў вясёлкава, можа ён закахаўся? Але не ж, у яго жонка й дзетачкі быццам, і каляндар зь дзяўчынаю ў бікіні над сталом, дый я прыгажун сумніўны, не, тут нешта іншае. Можа, я выглядаю, як жабрак, і ён хоча дапамагчы? Ці мо ён гангстэр які ці наркадылер, і думае, што я яго недзе бачыў, і за маўчаньне плаціць? Але ён кажа – не, не, што вы! Гэта проста падарунак, ад душы, зарабіў, адкладваў патроху і вам дару. Ну дык купіў бы мне скрыню гінэса, быў бы нармалёвы падарунак? Не, гінэс – гэта занадта просты падарунак, а мне хочацца нешта ярчэйшае, нібы маленькае сьвята. Сьвята??
Карацей, я яго выставіў і грошы браць ня стаў, бо раптам заўтра ягоная жонка заявіцца з паліцыяй, ці яшчэ якая-небудзь засада? Хіба можа чалавек узяць і грошы проста так падарыць? Лухта.
Як вы там, братачкі? <...>
A0. Уцёкі ды туляньні. У шахматы
Па вечарах я сядзеў дома й паліў сьвятло, апусьціўшы хвалістыя жалюзі. Мне падабалася ўмыкаць і вымыкаць лямпачкі, разглядаючы іхны адбітак у прыжмураных вачах: жоўты, які хутка згасае да чырвонага, барвовага. Ці падоўгу ляжаць у ваньне, раз-пораз апускаючыся пад ваду і ўяўляючы сябе чалавекам-амфібіяй з жабрамі маладое акулы. Не выцірацца ручніком; сушыцца голай сьпіной да батарэі, рэбры да рэбраў, мокрыя да гарачых. Паліць запалкі, прымушаючы згараць кожную да самага кончыка, у апошні момант перахапляючы іх за астылую галоўку. Пагасіўшы сьвятло, паліць блакітны газ, назіраючы, як напякаюцца да бардовага краты. Гуляць у плястмасавыя шахматы з адламатымі шышачкамі ў каралёў.
Гуляючы з сабой у шахматы, добра паставіць з процілеглага боку дошкі чый-небудзь фотаздымак. Толькі ўявіце сьпіс магчымых спаборнікаў: зь ягонага багацьця займае дух! Алёхін і Бацьвіньнік, Чачот і Чарот, Холмс і Ўотсан. Зь літаратурнымі героямі лёгка дазволіць сабе любыя вольнасьці, уключаючы дзіцячы мат і фук, бо часьцяком няма ніякіх дадзеных пра іхны ўзровень падрыхтоўкі. Для забаўкі можна сабраць цэлую кампанію супраціўнікаў, прыкладам доктара Жывага, прынца Гамлета, камісара Мэгрэ й дзядзьку Антося, напышліва даць фэрзя ў якасьці форы, прымусіць іх бялець, спалохана раіцца, сьціскаць адзін аднаму локці. Некалькі бліскучых хадоў – і яны зьняважана капітулююць. Зрэшты, удосталь нацешыўшы ўласнае самалюбства, пачынаеш шукаць больш цікавых партнэраў. Кшталту слоіку фасолі ў таматавым соўсе. Нечалавечыя павароты ейнае шахматнае думкі зачароўваюць, падахвочваюць задумацца пра глыбінныя пытаньні жыцьця, сьмерці, сьвядомасьці. Аднаго разу я нават ледзь не прайграў.
Пасьля перамогі добра павячэраць зрынутым спаборнікам. Ён маўчыць і згодны насычыць трыюмфатара сваім кансэрваваным целам, ці відэльцам, ці лыжкай. З кожным слоікам мая магутнасьць узрастае.
A1. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра фарбоўку платоў
Калі мой брат Валік, мастак, быў малады, ён раз на год увясну кідаў маляваць партрэты і наймаўся да кагосьці з гараджан маляром. Сапраўдны мастак, заяўляў Валік, павінен умець фарбаваць. Мастак, які ня ўмее пафарбаваць плот, падобны да шэф-кухара, які ня здольны пасмажыць яечню. Ганьба гэткаму мастаку! Нацягваючы камбінэзон, ён абводзіў нас пільным поглядам, быццам мы таксама мелі дачыненьне да мастацтваў. За дзень, асабліва калі фарба была жоўтая, Валік мог пафарбаваць па пэрымэтры двароў пяць, а гэта ж цэлы кілямэтар платоў. Прафарбаваўшы тыдзень-другі, ён задавальняўся, здымаў камбінэзон і вяртаўся да мальбэрта.
Але прыходзіла лета, фарба на платах трэскалася са сьпёкі, і на дошках праступалі выявы, якія складаліся ў партрэты: нейкія незнаёмыя постаці, няясныя, туманныя, то дарослыя, то дзеці, то старыя. Гараджане ня скардзіліся на Валіка, ім гэта нават падабалася – яны разглядалі ўзьніклыя твары, абмяркоўвалі, пасьмейваліся, а часам і хваліліся адзін перад адным, у каго больш артыстычна. Валік жа, які не вяртаўся на адно месца двойчы, доўга ні пра што не падазраваў, а калі яму нарэшце расказалі пра нечаканы эфэкт, быў вельмі раззлаваны – бо ён, атрымліваецца, ня ўмеў як сьлед пафарбаваць плот.
У чарговую вясну ён пачаў фарбаваць больш павольна і дбайна, наносіў два пласта з інтэрвалам, каб не засталося ні найменшае прагаліны. Пасьля кожнага плота ён запрашаў нас ацаніць ягоную працу; мы ўважліва ўглядаліся, не знаходзілі ані заганаў, ані неаднароднасьцяў, і супакойвалі Валіка. Новыя платы пасьпяхова вытрымалі лета, але восеньню, нажаль, вятры і дажджы прымусілі фарбу пажухнуць, набухнуць, выцьвісьці плямамі – і партрэты праявіліся з новай сілай. Рысы твараў набылі выразнасьць, настроі – глыбіню, і цяпер яны глядзелі прама ў вочы, іншыя сур'ёзна, іншыя з усьмешкай, а іншыя з пагардай. Валік злаваўся, хадзіў змрочны, а гараджане радаваліся.
Наступнай вясной да Валіка выстраілася цэлая чарга ахвотнікаў да мастацтва, але ён прыняў толькі адзін заказ, у пажылой выхавальніцы. Ён купіў самыя трывалыя фінскія фарбы, купіў замест валіка нямецкі фарбапульт, і працаваў з гэтым плотам цэлы месяц: зачышчаў наждачкай кожную дошку, грунтаваў і паліраваў паверхню да поўнае гладкасьці, пакрываў італьянскім пакостам, фарбаваў у тры пласта, а зьверху наносіў ахоўны вадастойкі лак. Мінула лета, мінула восень, а узімку, у самыя маразы, з плотам здарылася такое... Пажылая выхавальніца прыбегла да Валіка праз завіруху, у тапках – яна стаяла й глядзела на яго застыглымі вачыма, і ў іх яшчэ можна было ўбачыць водбліск асьляпляльнай прыгажосьці, што засьвяцілася з плота.
У наступны ж дзень плот раскупілі па дошках бліжэйшыя галерэі, музэі й калекцыянты, а Валік нават не пайшоў глядзець. З тых часоў ён больш аніколі не фарбаваў платы, больш анічога не заяўляў, і ў ягоных бакенбардах завялася першая сівізна. А аднойчы мы засьпелі яго на выхадзе з будаўнічага рынка, з шырокай дошкай у руках. Памуляўшыся, ён патлумачыў нам, што мае намер шліфаваць, апрацоўваць і фарбаваць гэтую дошку незьлічонымі пластамі доўга-доўга, шмат гадоў, можа нават да самае сьмерці – каб потым, рана ці позна, на ёй успыхнуў і зазьзяў Абсалют.
A2. На адвароце партрэта. Пра Сонца
«Больш за ўсё на сьвеце я люблю сьвятло. Сьвятло Сонца. Сонца.
Калі я палюбіў Сонца, я палюбіў электрычныя лямпачкі. Я запальваю лямпачку й ведаю – мірыяды драбнюткіх істотаў, што насяляюць мой пакой, радуюцца ёй. Для іх мая лямпачка – Сонца. Я ніколі не гашу лямпачку.»
A3. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра тагасьветнае вітаньне
Аднойчы ўдосьвітку нас абудзілі хроп і ржаньне. Спачатку мы падумалі, што нам прысьніўся сон, і працягвалі ляжаць, заспана пераглядваючыся. Але зыкі паўтарыліся, зараз ужо ў зваротным парадку: спачатку іржаньне, а потым хроп. Мы выйшлі на балькон, і на сапраўды ўбачылі ўнізе каня, карычневага з чорнай грывай. Мы накінулі махрыстыя турэцкія халаты і спусьціліся да яго. Ён стаяў рахмана, зрэдку ўздрыгваючы скурай. На конях мы зусім ня зналіся й нікроплі не разумелі, якой ён пароды і скуль узяўся. «Магчыма, гэта конь Пржэвальскага, – зьмеркаваў Толік, – ён адбіўся ад табуна й забрыў да нас». «Болей падобны да траянскага каня, – западозрыў Колік, – ад ворагаў». Мы з апаскаю агледзелі каня, але нічога пагрозьлівага не знайшлі. «Можа, ён уцёк з цырка альбо зь мясакамбіната?» – паспачуваў Хуліё. Але сьлядоў зьдзекаў, катаваньняў ці спробаў забойства таксама не было; конь нават дазволіў сябе пагладзіць, не брыкаючыся й не шарахаючыся. «Давайце лічыць, што гэта нам тагасьветнае вітаньне ад Пятрова-Водкіна», – прапанаваў Валік. Мы прыжмурыліся: водбліскі ранішняга сонца на ягонай гладкай шэрстцы папраўдзе былі чырвоныя. Мы паспрабавалі пагаварыць з канём і патлумачыцца: «Мы, конь, зусім ня знаўцы, каб ты разумеў. Скакаць мы ня ўмеем, а араць нам няма патрэбы». Конь ніяк не рэагаваў, і мы пайшлі расказаць пра яго маме з татам. Але яны й чуць нічога не захацелі пра каня – падумалі, што гэта чарговы наш жарт. «Разьбірайцеся самі», – сказалі яны. Што ж, мы адвялі каня ў хлеў, далі ўдосталь аўса й сена, налілі сьвежай калодзежнай вадзіцы й расчасалі грыву. Да вечара ён аддзячыў нас добрай порцыяй гною для мамчыных гартэнзіяў і лёг спаць. Мы з брацікамі павячэралі спаржай і бульбяным пюрэ, абмяркоўваючы, як у суботу павядзем каня купаць, потым паглядзелі жахі пра зомбі і таксама заснулі. А ўраніцу нас чакаў нябачаны дагэтуль фэномэн: замест вялікага жывога каня мы знайшлі ў стойле невялікую цацку, з чырвонага плюшу зь белай тканкавай мордай. Мы былі дужа зьбянтэжаныя і, хоць мяккі конік нам спадабаўся, рассудзілі яго не чапаць і пачакаць далейшых мэтамарфозаў. Сапраўды, праз тры ночы адбылася яшчэ адна трансфармацыя: гэтым разам у буйнога чорнага шахматнага каня, са злосна зьведзенымі бровамі й ашчэранымі зубамі. Мы ня вытрымалі й аднесьлі яго таце, вялікаму аматару шахматаў. Пра тагасьветнае мы палічылі за лепшае змоўчаць. На дошцы конь не зьмясьціўся, але тата ўсё роўна быў рады і ўдзячны нам, ён паставіў каня на сэрвант, на прыгожую робленую сурвэтку. Потым мы час ад часу заходзілі праверыць яго, але ён ужо канчальна застыў і больш не зьмяняўся.
A4. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра сястрычку
Калі мы з брацікамі крыху пабольшалі, мы зьмеркавалі, што было б цудоўна мець малодшую сястрычку, летуценную й вясёлую, абараняць яе й песьціць, і ганарыцца, што яна самая прыгожая. Але рэакцыя мамы нас зьдзівіла: «Ай не, – сказала яна, – спачатку можа й так, а потым не. Мы б зь ёй увесь час спрачаліся, сварыліся, вы ж ведаеце, я люблю, каб усё было па-мойму, ай не, я б не хацела. І потым, яна б нагадвала мне пра маладосьць». «А мы? Мы не нагадваем табе пра маладосьць?» «Вы – не». Рэакцыя таты зьдзівіла нас яшчэ больш: ён і чуць анічога не хацеў пра дачок, і нават самое пытаньне засмуціла яго – ён закрыў твар рукой і маўчаў, пагойдваючы галавой. «Я б ня вытрымаў, – нарэшце сказаў ён, – я б ня вытрымаў, што яна, далікатная й родная істота, вырасьце й пачне здымацца ў порна». «Але чаму, – усклікнулі мы – чаму абавязкова ў порна? Хіба ўсе дзяўчаты здымаюцца ў порна?» «Усё роўна гэта жудасна, – сказаў тата. – Яна б кахалася з нэграмі, з жандарамі, са скінхэдамі, гэта быў бы бесьперапынны кашмар, я б не перажыў яго». Мы пераглянуліся і разьвялі рукамі. «А калі мы будзем здымацца ў порна?» «А вы рабіце што хочаце».
A5. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра мірыяды часьцінак
Калі мой брат Хуліё адчуваў, што закахаўся, ён у той жа дзень ішоў на пошту і набываў новы тэлефон. Распараны са сьпёкі, ён уваходзіў, пасылаў нам лагодны погляд і, не здымаючы сандаляў, сядаў да стала. Мы абставалі яго, прасілі паказаць мэлёдыі, але ён адганяў нас, і не даваў нават нумару. Шорхаючы пэргамэнтам, ён разгортваў тэлефон, калыхаў яго на руках, увільгатняў подыхам і праціраў гузікі шматком аксаміту. Мы назіралі з кутоў. Ён усоўваў батарэйку, уводзіў у памяць нумар каханай і пяшчотна гладзіў экранчык. «Кахаю, кахаю цябе!» – выдыхаў Хуліё. Ён хаваў тэлефон на грудзях, пакідаў нам для забавак кардонку, а сам сыходзіў у аранжарэю, аддавацца мроям. Мы назіралі звонку, скрозь ішкло ды апэльсінавае лісьце, як ён, закінуўшы галаву, шэпча вершы, як праводзіць пальцамі па вуснах, як павольна разгойдваецца. Часам ён ускідаўся і пачынаў складаць каханай прызнаньне, гадзінамі падбіраў словы, мучыўся, а потым выдаляў усё, бо словы слабыя, і надоўга прыпадаў да экранчыка пацалункам. Мы плямкалі па шкле панамай ці плаўкамі, і Хуліё ўздрыгваў, але не зьвяртаў на нас увагі. Мы хадзілі вакол, назіралі і ўсё чакалі званка, каб пачуць, якая зайграе мэлёдыя, і ўбачыць, як Хуліё будзе прызнавацца. Але ягоны тэлефон не званіў ніколі. Бывала, да самага вечара ён праходжваўся між пульхнымі ялінкамі морквы, мучыўся, таміўся, нібы тлеў; але потым раптам успыхваў, хапаў люстэрка, шчотачку, папраўляў прычоску і, раскінуўшы рукі ды зачыніўшы вочы, усклікаў ва ўсе грудзі кудысьці ўверх: кахаю, кахаю!
– Ах, братцы! – нарэшце Хуліё выходзіў, і ягоныя вочы гарэлі, шчокі палалі, – я перапоўнены каханьнем! Знутры бурліць, булькоча, уздымаецца! Тугі ток крыві! Калі я бачу жанчыну, я адчуваю – я магу зрабіць яе шчасьлівай! Любую! Нават кульгавую п'янічку! Калі б я быў зь ёй, яна б не была такая! Оо, якая б яна была! Сьвет пасьмешкі, чырвань радасьці, вочы-зоры! Я б напоўніў яе жыцьцём – паўнаважкім, паўнавартасным! Усіх, усіх жанчын! Кожная бясконца цудоўная! Я хачу разарвацца на мірыяды часьцінак – і не магу! Я хачу зрабіць шчасьлівымі ўсіх!
Мы хмыкалі.
– Ты хоць бы адну зрабі шчасьлівай, вось тады й паглядзім, – значна казаў Толік.
– Эх! Пра што мне з вамі! Мужыкі! – ён махаў рукой і сыходзіў марыць у ноч, у зоры.
A6. На адвароце партрэта. Пра перамогу над дзікай прыродай
«Працэс эмансыпацыі набраў такую сілу, што ўжо ня можа спыніцца, яго рухае нястрымная інэрцыя. Роўныя з мужчынамі правы даўно абмінутыя, але цяжкі лякаматыў нясецца далей, да незалежнасьці ад прыроды наогул. На вокладцы вядомых часопісаў (а значыць, зь некаторым спазьненьнем, і ў чытацкіх мазгах): "Вібратар з пультам кіраваньня", "Каханьне да сябе", "У пошуках аргазму", "Што рабіць, калі цябе прымушаюць нараджаць". Традыцыйная вокладкавая мадэля па-ранейшаму прывабная й дагледжаная, але гэта – часова. Лёгіка й сумленнасьць патрабуюць адмовіцца ад прыгажосьці й паказаць сваё сапраўднае аблічча – кволае, бруднае й бессэнсоўнае.
Зрэшты, да гэтага яшчэ далёка, пакуль няма ні неабходных сацыяльных магчымасьцяў, ні ўнутранай сьмеласьці. Але ў пэрспэктыве нас чакае поўная перамога над дзікай прыродай – гэта безумоўна.»
A7. Зь ліста Толіка. Пра смутак
<...> Мы сядзелі зь ім у бары, і ён да таго сумны быў, што нават піва гаркавіла, але я ведаў, што ў яго ў жыцьці збольшага ўсё няблага. І раптам ён мне: «За гэтыя паўгадзіны, што мы пражываем зараз, ты калісьці будзеш гатовы аддаць некалькі гадоў – ці нават усё астатняе жыцьцё». «Чаму б гэта?» – кажу. «Таму што мы не адчуваем часу». «І таму ты такі маркотны?» «Так. Хвіліны цякуць, сьцякаюць, і я загадзя смуткую па іх, быццам з будучыні». «Смуткуеш, значыцца?» «Я смуткую па тым, што калі памру, буду смуткаваць па ўсім па гэтым, па піўной пене, па бульбе, па песеньцы з радыё, па плёмбе ў зубе, па табе». І ледзь ня плача. А сам здаравенны, і пры сям'і, і не бядкуе, і не залежны не які, я ж яго ведаю, працуем разам колькі гадоў. «Ну а калі б цябе, – кажу, – араць, лес валіць?» А ён толькі ўздыхае. Вось як людзі з сыці шалеюць!
Як вы там, братцы? <...>
A8. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра старэчую грэблівасьць
Калі мы былі маленькія, сьпякота пачыналася ня як цяпер, бліжэй да абеду, а з самае раніцы, і ўжо пасьля першага сьняданку можна было ісьці на возера купацца. Мы выходзілі праз далёкія весьніцы ў гародзе і йшлі – пустэчай, шэра-зялёным палыновым полем, поплавам. Перад возерам шырокай дугою ляжаў пясчаны пляж, у тыя часы яшчэ малалюдны. Дзяўчыны са швейнае фабрыкі прыгожа гулялі ў мяч, мускулістыя хлопцы слухалі рэйв па радыёпрыёмніку, сямействы зь немаўляткамі бялелі пад парасонамі, бабулі ў старамодных бікіні куналіся й сьціпла сыходзілі загараць ў высокія травы. Мы ныралі, плавалі й куляліся, пакуль у галаве не пачынала зьвінець, а потым выпаўзалі на бераг і заводзілі з кім-небудзь размову.
– Дзядуля, мы табе падабаемся? – сарамліва пыталіся мы, прыкладам, у пэнсіянэра на стракатым ручніку.
Мы прысядалі на кукішкі вакол і разглядалі ягоны загарэлы жывот з тугім пупком.
– Хе-хе-хе, – сьмяяўся ён, прытрымліваючы брылёк кепкі й безь цікавасьці паглядаў на нас. – Гэткія вы хітруны. Вы думалі што ж? Э не! З гадамі, дзеткі, іншымі ўсё больш грэбуеш, затое сам сабе ўсё больш падабаесься. Бач якія, хе-хе. Будзьце самакрытычныя, хлопчыкі: у цябе радзімка вунь дзе выскачыла, у цябе верхняя губа занадта тонкая, а ў цябе каленкі тырчаць. Ідзіце, сонца не заступайце, нічога вам ад мяне не перападзе.
Незвычайна крыўдна! Спадзеючыся ўзбудзіць пэнсіянэраву рэўнасьць, мы перамяшчаліся да дзяўчын з фабрыкі і часам азіраліся. Але ён абыякава накрываў твар газэтай і ані не шкадаваў пра нас.
A9. Змрочныя засьценкі. Гэта мыла
Пасьля абароны курсавой работы праграмары страцілі да мяне ўсякую цікавасьць. Зь нясьмелым недаверам я назіраў, як іхныя погляды губляюць драпежнасьць і засмужваюцца нудой. Склаўшы рукі на каленях, яны стомлена разглядалі мяне, паварочваючы то бокам, то тылам. Нарэшце, загадаўшы не спыняць рэкляму локшыны ні на імгненьне, яны канчальна забыліся пра мяне й прыступіліся спачатку да піццы, грунтоўна абмяркоўваючы маянэзы й кетчупы, а потым да новых пэрспэктыўных праектаў. Зразумела, я адразу ж спыніў рэкляму і больш да яе не вяртаўся. Дні напралёт я варочаўся на тапчане й блытаўся ў прасьцінах, прыдумляючы пляны помсты і разбурэньня Вучылішча. Я марыў пра дынаміт – пра высокую піраміду з чырвоных выбуховых цыліндраў і чорны бікфордаў шнур, пра аглушальны грукат і клубы белага дыму – але дзе было здабыць дынаміт? Ні дынаміту, ні падводных тарпэдаў, ні запальных бомбаў са сьмелых самалётаў, нічога. Што заставалася рабіць? Павагаўшыся колькі часу, я вырашыў вынішчыць праграмароў па адным – хай не ў адкрытым баі й без урачыстых тратылавых грымотаў, хай подла – але мне было не да высакароднасьці. У прыбіральні я нагледзеў вялікі кавалак гаспадарчага мыла, запасны, і ў адну хмурную раніцу панёс яго за пазухай і схаваў пад тапчаном. Плян ужо нарадзіўся, просты й бязьлітасны: нацерці прыступкі ганка мылам, густа, да сьлізкасьці, каб праграмары, ступіўшы на ганак, зрыналіся й гінулі. Я ведаў, якія падазроныя й асьцярожныя могуць быць гэтыя істоты, і таму прымеркаваў адмысловую тактыку, каб усыпіць іхную пільнасьць: націраць кожны дзень па маленькаму кавалачку прыступкі, нязначнаму й непрыкметнаму паасобку. Я ўставаў рана-ранюсенька і пачынаў мыліць прыступкі ля самых краёў, пад парэнчамі, зганяючы ў траву мурашак і павольную напаўпразрыстую тлю. Мыла клалася ліпкім жаўтлявым пластом, згладжваючы смалістыя хваёвыя валокны, і пахла помстай. А дзясятай зьяўляліся першыя праграмары, яны бадзёра зьбягалі ўніз, на асфальтаваны надворак, і пад акорды Чыка Корыя рытмічна прысядалі й разводзілі ў бакі злачынныя рукі. Жмурачы вочы, я жадаў ім зла. Яны пазіралі на мяне, але я прыгінаўся дадолу і прыкідваўся, што здзьмухваю пыл і таполевы пух. З кожным днём бясьпечная матавая дарожка на ганку звужалася, замяшчаючыся мыльным глянцам, і я лічыў дні й сантымэтры да расплаты. І вось, у адну суботу, падхапіўшыся на досьвітку, я пасьпешліва замыліў апошнюю палоску, самую сярэдзінку. Затаіўшыся за дзьвярыма, я са стукатам сэрца чакаў, і, пачуўшы будзільнік, плюхнуў на ганак вадой з таза. Пацякло, бліснула. Расчыніліся дзьверы: пабеглі. Пабег Галоўны Праграмар, выскаляючыся ваўчынай усьмешкай, пабеглі прыхвасьні. У гумовых красоўках, у нагавіцах зь лямпасамі, яны падскоквалі, распырсквалі мыльную пену і ўпэўнена спружыньвалі на тоўстых порыстых падэшвах. Я ня верыў вачам – чаму яны не сьлізгаюць, не зрынаюцца, ня гінуць? Няўжо фізыка нямоглая, няўжо законы фрыкцыйнага ўзаемадзеяньня нікчэмныя? «Здохніце!» – у нямоглай лютасьці захрыпеў я й закалаціў палкай у таз, але яны нават не пачулі мяне. Усё было дарма.
AA. Уцёкі ды туляньні. У навушніках
Барахло, што засталося на антрэсолях ад старых гаспадароў кватэры, я выкідаць ня стаў, і раз на месяц, зацьвердзіўшы драбіны, падымаўся й паглыбляўся па пояс у прасторнае цёмнае нутро. Працягнуўшы руку наўздагад, я шнарыў, мацаў і цягнуў. Што толькі не знаходзілася! Медныя тазікі, бадмінтонныя ракеткі, храмаваныя зьмяшальнікі, гумовыя купальныя кругі-акулы, флянэлевыя кашулі. Аднаго разу трапіліся вялікія чорныя навушнікі, мяккія, утульныя, з завітой у працяглую сьпіраль провадам. Навушнікі прыйшліся мне па памеру, і я палюбіў насіць іх на вуліцу замест шапкі. Акрамя цяпла навушнікі даюць значную гукаізаляцыю: зьнешні шум заціхае, а замест яго зьяўляюцца таямнічыя прыгукі ад дыханьня, крокаў па сьнезе, трэньня валасоў аб каўнер.
Зрэшты, пахадзіўшы некалькі дзён у цішыні, я занудзіўся і вырашыў паслухаць аўдыёкнігу. Аўдыёкніга добрая, калі яна доўгая, і калі ў актора нізкі, аксамітны й даверны голас – так я разважыў. «Вайна і мір» Л. Н. Талстога – вось што я спытаў у краме. «Вайна і мір» ідэальна падыходзіць для бясконцага лютага – бязьмежны цягучы сэрыял з рэгулярнымі ўкрапінамі каштоўных і паўкаштоўных сцэнаў. Пакрысе я захапіўся: часта здаралася, што дабраўшыся да дому, я не спыняў кнігу, залазіў наўпрост у паліто на канапу і даслухваў чарговую частку да канца.
Я слухаў Талстога дзень за днём сто дзён, і ён бяз стомы радаваў мяне ладным складам, як радуе дзед унука добрай кашаю. Прагорклыя пілюлі развагаў спачатку былі малыя, круглявыя і праглыналіся непрыкметна. Аднак у эпілёгу дзед выракаваў, што даволі песьціў унука, і ўзяўся за мяне ўсур'ёз. Я гуляў па двары і, ня сьмеючы пакрыўдзіць дзядулю, пакорліва слухаў ягоныя млосныя навучаньні, пакуль раптам ня страціў нітку канчальна, адцягнуўшыся на птушак, які дзяўблі ў сьнезе. Што яны дзяўблі? Грэчку? Проса?
Вярнуўшыся да слуханьня празь некалькі хвілін, і не разумеючы ўжо анічога, я пачаў улоўліваць у кнізе новыя гукі, раней утоеныя ад мяне: смутны гул, падобны да гуду электрычных правадоў, шоргат перагортаў старонак, мэталічны бразгат. Бразгат, мабыць, адбываўся, калі артыст-чытальнік ставіў перад сабой міску зь верашчакай, зьбіраючыся сьнедаць. Чытальнік, як і я, відавочна нудзіўся ў эпілёгу, за ягонымі інтанацыямі чулася стрыманае пазяханьне, а часам ён пачынаў балавацца са сваім голасам, робячы яго то напеўным, то хрыплаватым, то трагічна-выкрываючым.
І раптам – як промень сонца скрозь хмары! – я зразумеў, што артыст ня проста балуецца, а падае мне знакі, гуляе са мной. Цяпер мы зусім забыліся пра настаўніка-дзядулю! Я ўступіў у гульню, усьміхаўся і падміргваў новаму таварышу, нашэптваў яму сьмешныя слоўцы й школьныя анэкдоты. Мы сьпяшаліся: стралялі з рагаткі па бляшанкам, палілі вогнішча ў жаночай прыбіральні й малявалі на цагляным плоце велізарнае чорнае ROCK.
Але тут кніга няўмольна скончылася, і я адчуў пранізьлівае пачуцьцё страты й непапраўнай памылкі: сто дзён я змарнаваў на нуднага дзеда! Не заўважаючы, як мой сябар пакутуе ў адзіноце і ўсімі сіламі намагаецца прыцягнуць маю ўвагу. Хто даражэйшы – настаўнік ці сябар? Дурное пытаньне. Хай ён нявумны, нячосаны й вырасьце п'янчугам, хай. Сябар – ён даражэйшы за ўвесь пэдсавет! Даражэйшы за любыя саслоўі!
Пераслухоўваць, выкручвацца й хітрыць цяпер было позна. З прыкрасьці й разуменьня ўласнае нізасьці я размахнуўся і шпурнуў навушнікі ў сінія сьмецьцевыя бакі.
AB. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра жаніцьбу Толіка
Калі Толік надумаўся ажаніцца, ён ня стаў разважаць і марудзіць. Не прайшло й тыдню, як ён схадзіў у філялягічны інстытут і прывёў адтуль дзяўчыну дзівоснага хараства, знаёміцца. Яна была да таго асьляпляльная, што мы з брацікамі ў моцнай паніцы схаваліся ў хляве й сядзелі там, трасучы галовамі, пакуль яна не сышла дадому. Толік, сказалі мы яму, навошта табе такая? Яна ўцячэ зь першым жа кінарэжысэрам! Дурні вы, адказаў Толік і ажаніўся.
Ейная прыгажосьць была нібы выбух бомбы! Калі мы раней таксама хацелі ажаніцца, дык зараз гэта зрабілася немагчыма: любая дзяўчына побач зь ёй паганіла б позірк нерухомага назіральніка. Некаторы час мы цешыліся тым, што хадзілі ў кіно й рагаталі над выродлівасьцю кінаакторак, але потым туга апанавала нас. Хуліё зьехаў служыць на Каўказ, Колік сеў у турму, а Валік зачыніўся ад людзей і зяцята пісаў.
Але самае неверагоднае, што Толікава жонка нават і ня думала нікуды зьбягаць: яна спраўна нараджала яму дачок, трымала сядзібу ў чысьціні й парадку ды захаплялася кулінарыяй. Празь сем ці восем гадоў пасьля жаніцьбы Толік асьмялеў настолькі, што сам паслаў ейны партрэт славутаму кінарэжысэру Віму Вэндэрсу. Яму адказаў Вэндэрсаў прыказчык, у лісьце ён наракаў на прафсаюзы і прапаноўваў зрабіць жонцы Толіка шнар на бачным месцы, каб тая хоць колькі зраўнялася зь іншымі акторкамі. Але Толік, вядома, не пагадзіўся: калі так, сказаў, дык пляваць мне й на самога Віма Вэндэрса!
AC. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. На вясельлі ў Толіка
На вясельлі ў Толіка было шмат шампанскага, шмат ружаў, белыя галубы, крэмавы лімузын і струнны квартэт. Акрамя звычайнага фатографа запрасілі яшчэ й відэаапэратара, каб ён здымаў усё ў руху. Відэаапэратар адрозьніваўся ад фатографа ашаламляльна: калі фатограф, юнак у саколачцы й джынсах, усё вясельле сьціпла прасядзеў у старонцы, нешта зьлічваючы на паперцы (потым высьветлілася, што ён перамнажаў мэгапікселі), дык відэаапэратар, сівы й станісты, зьявіўся ў шляхецкім мухаяравым каптане, меў шырокую русявую бараду і трымаўся генэралам. Выпіўшы гарэлкі й расчуліўшыся, відэаапэратар расказаў такую гісторыю:
– Жыў-быў аднойчы на сьвеце адзін добры чалавек. Была ў таго чалавека свая хата, жонка была, і дачкі паслухмяныя, і бабулька-матуля, і пародзісты сабака, і нават котка. І быў той чалавек і здаровы, і прыгожы, і цямлівы, і зусім шчасьлівы быў. Але аднаго разу за вячэрай усьвядоміў той чалавек сваю шчаснасьць да таго востра, што нават заплакаў сьлязьмі: як жа шаную я вас, мае мілыя родныя людзі! Якія дарагія вы мне! Расцалаваў ён усіх і на сон блаславіў; самому ж ня сьпіцца. Ляжаў ён і разважаў: колькі небясьпекаў жыцьцё тоіць, падумаць страшна! Умомант я шчасьце свае страціць магу – ці то нягоднікі на дачок паквапяцца, ці то мярзотнікі далікатную жоначку заб'юць, ці то падлы старэнькую матулю зарэжуць. Бо колькі выпадкаў падобных было. Жах! Усю ноч праварочваўся добры чалавек, а ўраніцу не пайшоў на працу, дома застаўся. Замкнуў дзьверы на велізарную завалу, дачок у школу не адпусьціў, жонцы ў цырульні адмовіў, матулі ў булачную забараніў. Сабаку й котку ж пачаў прывучаць да ўнітаза. Ежу ён заказваў праз інтэрнэт, а сьмецьце здрабняў і спускаў у каналізацыю. Так і зажылі, у міры й лагодзе. І ўсё б добра, ды толькі скончыліся аднойчы ашчадкі ў таго добрага чалавека. І аказаўся ён перад выбарам: хуткая, але спакойная сьмерць з голаду – ці дрыготкае жыцьцё ў вечным страху, а потым усё роўна сьмерць. Што б вы абралі, дзеткі?
Мы, вядома, абралі хуткую сьмерць з голаду, але ў шчасьці, любові й супакаеньні.
– Вось. І ён так абраў. І я б так абраў. І любы мужчына, калі ён мужчына, так абярэ. Астатнія ж – недальнабачныя дурні, баязьліўцы і здраднікі.
Тут прайшоў шэпт, што зараз выйдуць маладыя, і мы пасьпяшаліся туды, кідаць рыс і сэрпантын.
AD. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра шэры пясочак
Часьцяком, каб як сьлед пакрыўдзіць адзін аднаго пасьля падвячорку, мы з брацікамі чакалі, пакуль цыгары раскурацца, і распачыналі гісторыі з усялякімі намёкамі. Ніколі нельга было адгадаць, хто пакрыўдзіцца першы, а часам крыўдзіўся нават сам апавядальнік. Таму, каб пазьбегнуць правакацыйных перагляданьняў і пераморгваньняў, як толькі гісторыя пачыналася, мы ўставалі й разварочвалі фатэлі ў розныя бакі. Хуліё любіў гісторыі пра каханьне, Колікі – пра турму, Валік – пра мастацтва, Толік – пра далёкія краіны, ну а я расказваў усё запар, што ў галаву прыйдзе:
– Жыў-быў аднойчы чалавек, спэцыялісты па сталі, даволі дурны, але разважлівы і з пачуцьцём уласнае годнасьці. Больш за ўсё на сьвеце яму падабалася тварыць, ствараць – але не абы-што, а толькі новае, дагэтуль нікім ня створанае – і пасьля шматлікіх расчараваньняў, калі ён пераконваўся, што ягоныя тварэньні даўно й многайчы пераўзыдзеныя, ён нарэшце ясна ўсьвядоміў свае сьціплыя магчымасьці. З аднаго боку наступалі вынаходнікі, якія ўжо даўно прыдумалі ўсё карыснае для чалавечага жыцьця – тостэры, батарэйкі, увільгатняльныя крэмы, сэквэнсары, аладкі з тварагом – але на гэтым не супакойваліся й працягвалі бурна нараджаць ідэі. Зь іншага боку насядалі мастакі, якія ў незьлічоных колькасьцях стваралі бескарыснае – адны займаліся прыгожым, іншыя спэцыялізаваліся на брыдкім – цэлыя тысячагодзьдзі карцінаў, скульптураў і дэкаратыўных пано. Каб напэўна пазьбегнуць перасячэньняў і з вынаходнікамі, і з мастакамі, і з разнастайнымі іхнымі помесямі, кшталту архітэктараў альбо дызайнэраў, чалавек пастанавіў займацца толькі такімі творамі, якія ня будуць прыносіць карысьці й ня будуць мець ані канцэпцыі, ані зыркага выгляду. Добра ўсё абдумаўшы і ўпэўніўшыся, што зараз ужо дакладна ён ня страціць часу дарма, чалавек закасаў рукавы і ўзяўся працаваць. Перш за ўсё ён прынёс дадому поўную торбу сталёвых габлюшак і пачаў разгладжваць іх і раскладваць радамі крыж-накрыж; заліў іх кіпенем і паставіў іржавець; праз тыдзень саскроб скрабалкай іржу, а самі габлюшкі стоўк молатам у парашок; узяў аркуш, намазаў клеем, выклаў на аркушы кругі з іржы й квадраты са сталёвага парашку і заклеіў зьверху поліэтыленам; прабіў у гэтым бутэрбродзе іголкай частыя дзірачкі, скруціў у трубку і абматаў ваўнянымі ніткамі. Атрымалася Тварэньне №1, трэніравальнае. Так і павялося: чалавек шчыраваў бяз стомы і прыкладна раз на тыдзень сканчаў новы твор. Праз паўгода ў яго скончылася месца ў шафе, праз год – на антрэсолях, празь пяць – у гаражы. Тады ён прыдумаў штогод на кастрычніцкія сьвяты зьбіраць усе тварэньні ды плюшчыць і прэсаваць іх у тонкія пласьціны, дзеля зручнасьці стасаваньня. Цяпер яму ўжо нічога не перашкаджала, і ён займаўся чыстай творчасьцю цэлых дваццаць пяць гадоў, пакуль не запоўніў пляскатымі творамі ўвесь гараж і не ўздыхнуў з палёгкай. Паглядзеў чалавек на свае мазалі ад стамескі й долата, паглядзеў на маршчыны ад няспыннага думаньня, і прыступіў да фінальнай фазы: разваліў роўныя стосы ў кучу, раскалоў тварэньні сякерай на кавалкі, раздрабніў кавалкі кусачкамі на трэскі, размалоў трэскі ў ручной кавамолцы на шэры пясочак. Набраў поўны кош пясочку і пайшоў у Нобэлеўскі камітэт – бо быў гэты чалавек не з сарамлівых. Разгледзеў Нобэлеўскі камітэт уважліва шэры пясочак ў мікраскоп, падзівіўся на небывала складаную структуру, рукатворную прытым, і прысудзіў чалавеку ганаровае званьне ды прыстойную прэмію – за ўпартую працу і вялікі ўнёсак.
Хоць гэтай гісторыяй я спадзяваўся пакрыўдзіць і Валіка, і Толіка адначасова, але яны чамусьці ня ўскоквалі, не сыходзілі і працягвалі сядзець. Я падняўся і абышоў фатэлі: усе мае брацікі спалі, прыадчыніўшы раты і падклаўшы пад галовы маленькія габэленавыя пухоўкі. Шклянкі былі дапітыя, цыгары акуратна пагашаныя ў попельніцах, гальштукі паслабленыя, і гэта азначала толькі адно – яны заснулі наўмысна, з мэтай абразіць мяне як апавядальніка.
AE. На адвароце партрэта. Пра туфлі
«Больш за ўсё на сьвеце я не люблю высокія жаноцкія туфлі з адтулінай на носе.
З гэтае адтуліны заўсёды выглядае пазногаць на крывым, згорбленым адзінцу. Гэты крывы палец ператварае жанчыну ў вычвару, і ўжо нішто ня ў сілах яе выратаваць.»
AF. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра пазнаньне
Калі Коліку споўнілася сорак тры гады, ён абвясьціў, што жадае спазнаць жанчыну. На нашае пытаньне, чаму ён не спазнаў яе раней, як усе прыстойныя людзі, Колік адказваў – чым даўжэйшае падрыхтаваньне, тым паўнавартасьнейшае пазнаньне. Мы не паказалі выгляду, але адразу адчулі, якія мы дурні. Мы надзелі палітоны й пайшлі па вуліцы, разглядаючы кабет. Самі мы даўно спазналі па жанчыне, а Хуліё нават і не адну, і нам было сумна, але брат ёсьць брат. Нягледзячы на доўгае падрыхтаваньне, Колік відавочна ня ведаў, чаго хацеў, і мы дапамагалі яму абіраць. Вунь тую? Ці можа вунь тую? Нарэшце Коліку спадабалася адна ў кофтачцы, і мы павялі яе дамоў. Яна была крыху дзіўная – села на канапу, трымаючы сумачку на каленях, і моўчкі азіралася. Каб не бянтэжыць Коліка, мы нацягнулі лёску й завесілі канапу прасьціною, з узорам з рыбак і прадоўжнага багавіньня, а самі ўладкаваліся ў фатэлях ля вакна, упёршыся нагамі ў батарэю. Колік ціха варушыўся з жанчынай, батарэя грэла, мама ўнізе слухала радыё й рыпала дзьверцамі духоўкі. Хутка пачуўся ўздых, і мы зразумелі, што Колік ужо спазнаў жанчыну. Жанчына выпіла шклянку вады і пайшла, а мы спусьціліся да мамы. Па радыё давалі «Пікавую даму», мы вячэралі кукурузных хлебам. «Ты ж не расчараваны?» – спыталі мы Коліка напаўголасу. «Не-не, што вы», – адказваў ён, але надта хутка, і ў нас засталіся сумневы. Неўзабаве вярнуўся з працы тата, прынёс кветкі і каньяк, і мама шапнула яму пра сёньняшнюю падзею. «Прааўда?!» – радасна правуркатаў тата. У такія хвіліны ён станавіўся зусім малады: роўныя зубы, сінія вочы, залацістыя валасы. Абняўшы нас усіх па чарзе, ён прамовіў урачысты тост у хвалу пазнаньню, і яны з мамай паднесьлі Коліку падарунак – набор пухнатых зялёных ручнікоў. Было радасна назіраць, як ён, зазьзяўшы, расчулена дзякаваў бацькам і, пажадаўшы адразу ж выпрабаваць ручнікі, мыліў у ракавіне галаву. «Пазнаньне, пазнаньне», – сьпявала вада, струменілася белая пена, пераліваліся цягліцы пад вільготнай скурай перадплеччаў, і не было ў цэлым сьвеце нікога шчасьлівейшага за нас.
B0. Зь ліста Толіка. Пра бессаромнае апярэджваньне
<...> Паверх, на якім я тут працую – калідор зь дзьвярыма па абодва бакі. У тупіку калідора – вялікае вакно з выглядам і прыбіральні, адна жаночая і адна мужчынская. Мае дзьверы – самыя блізкія да тупіку. І калі я выходжу ў бок прыбіральні, дык лаўлю на сабе погляды тых, хто вандруе здалёк – зь сярэдзіны калідора ці нават з самага пачатку. У вачах гэтых людзей – глухая роспач, бо цяпер яны вымушаныя чакаць, пакуль я ўдосталь накарыстуюся ўнітазам, бачком і рукамыйнікам. Як несправядліва – яны выйшлі раней, а я бессаромна іх апярэджваю. Некаторыя зь іх, больш эмацыйныя, з прыкрасьцю махаюць рукамі, сардэчна сплёўваць і вяртаюцца назад – зь мілым ліхам. Але мне таксама несалодка – заўсёды выглядаць ліхадзеем. Часам, у асабліва сарамлівыя дні, я спыняюся і ўсіх прапускаю – раблю выгляд, што выйшаў проста пастаяць.
Як вы там, братцы? <...>
B1. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра непакой
У час, калі нам з брацікамі споўнілася па сорак пяць гадоў, мы адчувалі сябе цудоўна: яшчэ поўныя сілаў, але ўжо дасьведчаныя, на што іх выдаткоўваць, яшчэ здольныя марыць, але ўжо вопытныя. Так нам здавалася. Нам вельмі падабалася жыць! Але мы чулі тут нейкі падвох і ніяк не маглі вызваліцца ад непакою. І вось, калі бацькі зладзілі нам урачыстае сьвята ў Макдоне, арандаваўшы там адмысловы закутак на дзьве гадзіны і накупляўшы гару смажанай бульбы й марозіва, мы запыталіся ў таты прама: што з намі будзе далей? Не сьпяшаючыся адказваць, тата ўважліва і зь веданьнем справы разгледзеў па чарзе кожнага з нас: адцягваў мочкі і заглядаў у вушы, адцягваў вусны і заглядаў у зубы, адцягваў павекі і зазіраў у вочы. Здаволены аглядам, тата жартаўліва пагразіў пальцам і прадказаў, што ўсе мы празь некаторы час ператворымся ў гнюсных старэчаў. Але гэта нічога, дадаў ён, гэта ня страшна, у гэтым ёсьць нават асаблівая прыемнасьць! А потым, сказаў тата, вы ператворыцеся ў белыя воблачкі і паляціце на неба; такім чынам, непакоіцца зусім няма пра што.
B2. На адвароце партрэта. Пра сангіну
«Я хачу партрэт сангінай! – стрэліла яна з парога. Партрэт з ангінай? – сказаў я знарочыста асобна, з халоднай грэблівасьцю, бо я сьпяшаўся й быў раздражнёны ейным крыўляньнем, – як вы сабе яго ўяўляеце? распухлая чырвоная шыя ці проста шалік? Не прыкідвайцеся! – яна бесклапотна выскалялася і пацепвала рукой, як малпачка. Я не карыстаю сангіну! – ускіпеў я, – я пагарджаю ўсімі, хто калі-небудзь маляваў сангінай! усіх да адзінага! сыходзьце! Калі вы пагадзіцеся, я пакажу вам свае плечы, – яна значна ўзьняла бровы. У імпэце лютасьці я сьціснуў кулакі й затупаў, не шкадуючы паркету, але зрэшты імгненна ўзяў сябе ў рукі й загадаў ёй распрануцца – каб пакпіць над ейнай непрыгожасьцю і зьняважыць як мага балесна. Але калі яна сьцягнула блузу... О, я ў той жа момант зразумеў, што яна мела права, мела права на ўсё! Поўныя, спусьцістыя, клясычна асымэтрычныя, рухомыя геамэтрычна бездакорным каркасам, яны адразу запоўнілі мае думкі сваёй сілай і цудоўнай круглявасьцю, раскошнай пышнасьцю і багацьцем танальных адценьняў, хоць стоп, адкуль жа адценьні? Усё роўна! Я выцягнуў усю сангіну, якая толькі знайшлася ў мяне, багата сангіны, і цяпер зачаравана прысмоктваюся, учапляюся, цягну час, не хачу яе адпускаць. О!..»
B3. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра вераломства і дараваньне
Мой брат Валік вырас вельмі раўнівым партрэтыстым. Ён не пераносіў усіх астатніх мастакоў, нават калі яны не складалі яму аніякай канкурэнцыі: і пэйзажыстых, і марыністых – нават бяскрыўдных, нікому не зрабіўшых зла анімалістых. Спачатку, у пэрыяд станаўленьня брата, мы ўсяляк заахвочвалі ягоную неталерантнасьць, ваяўнічасьць, каб ён уздужаў, але пакрысе выявілі, што аказаліся заціснутыя ў вельмі вузкія рамкі: дома ў нас віселі толькі партрэты, намаляваныя Валікам, а калі ён заўважаў хоць бы сама сьціпленькі чужы натурморцік, хаця б у сама цёмным кутку на вэрандзе, дык пачынаў яго выкпіваць, зьдзеквацца і абражаць, і не супакойваўся, пакуль мы яго не здымалі. Што ж, брацік даражэйшы за ўсіх! – лічылі мы і ня ўпарціліся. Мы рахмана чакалі, пакуль ён зьедзе на чарговы вэрнісаж ці які сэцэсіён – і тады ўжо давалі сабе волю! Усе агорклыя партрэты адпраўляліся ў дрывотню, і сьцены займала доўгачаканая разнастайнасьць: мама любіла біблейскія сцэны часу раньняга Рэнэсансу, тата – нямецкіх экспрэсіяністых, а мы з брацікамі ўпрыгожвалі калідоры і спальні фотаздымкамі кацянятак, шчанюкоў і панадлівых акторак у купальніках. Валік доўга нічога не падазраваў, пакуль аднойчы не вярнуўся з аэрапорта за забытым партсыгарам і не застаў нас на кухні за прыладжваньнем над лядоўняй рэпрадукцыі Філіпа Ліпі. Мы павярнуліся на грукат: Валік паваліўся й ляжаў нежывы; толькі слабкая сьляза няўцешнасьці скацілася па ягонай бледай скроні. Мы кінуліся да яго, абнялі, прытуліліся, але якое магло быць нам апраўданьне? Ягоны погляд згас, нос завастрыўся, канцавіны абмяклі й пахаладзелі. Мы малілі ў яго прабачэньня, але ён толькі дрыжаў, нібы ў ліхаманцы, і здушана стагнаў. Мы перанесьлі яго на пярыну, падалі булёна са шпінатам і журботна селі ў нагах, напаўголасу руйнуючыся й раскайваючыся ў сваім вераломстве. Невядома, чым бы гэта скончылася, калі б Колік не прапанаваў нясьмела: а хочаш, мы ўсё спалім?.. Ты нам даруеш? І Валік страпянуўся, і імпэтна сеў, грозна бліскаючы вачыма: так! паліце зараз жа! Мы ўскочылі, забегалі, пачалі зрываць са сьцен карціны, цягнуць на двор, валіць у кучу і паліваць газай, а Валік змрочна назіраў з балькона. Нарэшце тата выцягнуў запалкі. Успыхнула, загуло, затрашчала! Паваліў зьедлівы чорны дым, прама нам у твары, але мы не адыходзілі – гэта было пакараньне за нашу здраду. Праз гадзіну, калі ўсё згарэла й трохі астыла, Валік спусьціўся й растаптаў попел. Потым ён уздыхнуў, велікадушна выпіў мамінага кампоту і здолеў крыху дараваць нам.
B4. Уцёкі ды туляньні. У трывозе
Неўзабаве пасьля ўсяленьня высьветлілася, што мяне зьнелюбілі бабулькі. Калі я праходзіў міма, глядзелі падазрона і напружана. Калі ішоў ззаду – ёй у булачную і мне ў булачную, чаму б не? – нэрвова азіраліся, спыняліся і з прыжмурам прапускалі наперад.
– Ты чаго, бабуля, кідаесься? – спытаў аднойчы ў адной з каўняром.
Я старанна напускаў на сябе свойскі выгляд, але яна не паверыла, адступіла на крок.
– Ідзі давай, куды ішоў! Прайдзісьвет! – яна пагрозьліва ўзмахнула торбай. – Бач, панадзіліся!
У множным ліку мне адчулася некаторае заспакаеньне: значыць, ня я адзін панадзіўся. Каб не пагаршаць і не нагнятаць, я паважна ўсьміхнуўся і працягнуў свой шлях. А ішоў я ў краму «Малако». На ганку павярнуўся: да бабулькі далучылася іншая, у тоўстай ваўнянай хустцы, і яны пра штосьці нядобра згаварваліся, ківаючы ў мой бок.
Асьцерагаючыся непрадказальных наступстваў, з таго дня я пачаў залагоджваць і прыручаць бабулек: пакідаў на лавачках і выступах падмуркаў цукеркі, манэткі, прышчэпкі, шкляначкі зь лекамі ды ўсякія іншыя прыемныя дробязі. Спачатку, калі яны, заўважыўшы чарговы падарунак лёсу, не сьпяшаліся прымаць яго, але патрэсвалі паказальнікамі й гучна пыталіся мінакоў наконт страты, я быў упэўнены, што гэта толькі праз палахлівасьць. Акажыся яны сам-на-сам з падарункам, сарамлівасьць адступіць і радасьць не замуціцца, я быў упэўнены. Але, на маю трывогу, у адзіноце бабулькі былі яшчэ больш дзіклівыя і трапяткія: ані люстэркі, ані грабеньчыкі, ані прыгожанькія кардонныя скрыначкі ня вабілі іх. Якія падвохі чулі яны ў нявінных драбніцах? Яны не дакрануліся ні да яблыкаў, ні да сушак з макам, ні нават да шакалядных кексаў. Уздрыгваючы вузлаватымі кулачкамі, бабулькі падтыкалі хусткі тужэй і абыходзілі мае прынашэньні па акружнасьці, быццам тыя былі невядома якія заразныя.
Што я мог зрабіць? Узяць іх сілай? У мяне не было сілы. Ласкай? У мяне не было ласкі. І я стаў проста цурацца бабулек, абгінаць, высьлізгваць, рабіцца нябачным. Я больш не хадзіў у краму «Малако». Шэры шалік, капюшон, люстраныя акуляры, кансьпіратыўная пляшка мінэралкі ў руцэ, хада сьледапыта з наска на пятку – і яны, здавалася, пакрысе перасталі мяне заўважаць.
B5. Аповед Коліка. Пра сьмешнага чалавека
Колік апавядаў, што аднойчы зь ім у вязьніцы сядзеў вельмі сур'ёзны чалавек. Твар гэтага чалавека ня вельмі хіліў да бестурботных зносінаў, але ягоны доўгі тэрмін ледзь-ледзь пераваліў за сярэдзіну, ён нудзіўся і сам заводзіў размовы. І ці тое Колік выклікаў у яго асаблівы давер, ці тое ня здолеў нарэшце трымаць праблемы ўнутры, але распавёў ён Коліку ўсю сваю паднаготную. Ён адкрыўся, што больш за ўсё на сьвеце ненавідзеў і баяўся выглядаць сьмешным. Адкуль гэта пайшло, ён успомніць ня мог, напэўна, нешта дзіцячае. Прыкладам, калі ў трамваі яму ўсьміхалася дзяўчына, ён думаў ня пра салодасныя пацалункі, а пра вялікую ружовую больку на сваім ілбе; калі ўсьміхаўся юнак – ня пра пяшчотнае сяброўства, а пра тое, што ягоная кашуля састарэлага фасону; калі ўсьміхалася бабуля – ня пра вішнёвыя пірагі, а пра свае нямытыя вушы – ці не відаць здалёк? І ўсё гэта думалася не мімалётна, а вельмі хваравіта. Паступова ён стаў увесь вольны час аддаваць на выгляд – трэніраваў перад люстэркам сур'ёзны выраз твару, старанна замазваў скурныя недасканаласьці танальным крэмам, два разы на дзень галіўся, абстрыгаў валасінкі ў носе і вышчыпваў лішнія бравінкі. Вопратку ён купляў самую модную, каб не выглядаць адсталым, але пачынаў яе насіць на паўгода пазьней, каб не выглядаць піжонам, і прытым абіраў стрыманыя расфарбоўкі, пажадана манахромныя, каб пазьбегнуць непрыстойных асацыяцыяў. Каб ня езьдзіць у насьмешным трамваі, ён набыў сабе аўто прэстыжнай нямецкай маркі, але ня самай апошняй мадэлі й не занадта вялікае, бо пра ўладальнікаў вялікіх машынаў пэўна жартуюць. Музыку слухаў пяцідзесяцігадовай даўніны, правераную часам, чытаў выключна клясыкаў, а каб не здавацца снобам ці пурыстым, часам піў гарэлку і курыў папяросу. Сяброў ён не заводзіў, бо сябры любяць павесяліцца і пакпіць, і тым больш не заводзіў жонкі, каб ня ставіла яго ў сьмешныя становішча. Але, нягледзячы на ўсе намаганьні, лавіў ён на сабе час ад часу незразумелыя пасьмешачкі – і шалеў тады страшна. Столькі сілаў, столькі гадоў, столькі грошай выдаткавана, а яны хіхікаюць, паскуды! А крымінальны выпадак здарыўся зь ім у суботу, калі ён на сваім Аўдзі колеру мокры асфальт заехаў на аўтазапраўку. Выйшаў – бездакорна паголены ды прычэсаны, з дагледжанымі пазногцямі ды чыстымі вушамі, у крыху пакамечанай францускай кашулі, зьлёгку пацёртых італьянскіх джынсах і новых японскіх трусах – а яму насустрач маладзенькі запраўнік у камбінэзоне, і сьмяецца. Ты чаго сьмяесься? – пытаецца чалавек, а сам ужо шалее ўнутры. Ды не, нічога, анэкдот успомніў, – адказвае запраўнік, а сам аж душыцца. Пацямнела тады ў вачох у сьмешнага чалавека – кінуўся ён на запраўніка і забіў яго да сьмерці цаглінай. З тых часоў сапраўды перасталі яму ўсьміхацца, спачатку ў вар'ятню адправілі, потым у турму.
А нядаўна, працягнуў Колік, я яго бачыў на вуліцы. З доўгімі валасамі і барадой, у скураной камізэльцы і клятчастых нагавіцах, ён ішоў, размахваў рукамі і крычаў: сінічкі! сінічкі! Вырашыў, мабыць, пераадолець страх і ступіць насустрач лёсу – зрабіцца сьмешным. Але ніхто зь мінакоў не сьмяяўся, усе апускалі вочы, дый мне таксама чамусьці не да сьмеху было.
B6. Зь ліста Толіка. Пра слабасьць
<...> Страшэнная слабасьць!
Калі бачыш, як хтосьці ласуецца цукеркай – у той жа момант пачынаеш жадаць цукерку. О, асалода слабасьці! Міг жаданьня: калі хтосьці чытае газэту, калі хтосьці курыць, калі хтосьці сьмяецца, калі хтосьці нясе кветкі ці навюткі пыласос, калі хтосьці з уздыхам садзіцца на крэсла.
Стаць моцным: стойкасьць і абыякавасьць.
Крэпасьць крэмню: сказаць цукерцы Не. <...>
B7. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра падземнага дзядулю
Калі мы з брацікамі перасталі расьці й зрабіліся зусім дарослыя, мы аднойчы адважыліся: пара нарэшце зьведаць усё схаванае й затоенае пра нашу сям'ю, падазрона станоўчую. Мы набраліся сьмеласьці ды пайшлі наўпрост да таты, які грэўся на сонейку за садовым столікам. Згледзеўшы нас, ён устаў і з задавальненьнем пацягнуўся, ускінуўшы рукі й грацыёзна выгнуўшы сьпіну.
– Па тытунец, дзеткі? – ён памяшаў пальцам пласт махоркі, што сушылася на газэце.
– Мы ня курым. Мы прыйшлі па іншае: будзь ласкавы, раскажы нам пра нашых дзядуляў і бабуляў. Хопіць усіх гэтых змоўчваньняў і недамовак!
– Хіба я вам не расказваў? – разыграў ён нявіннасьць.
– Не.
– О! Як жа гэта? Яны былі выдатныя людзі, незвычайна выдатныя! Паслухайце: дзядуля быў шыракаплечы, станісты, як малады Зэўс, у клятчастай кашулі і з барадой, сапраўдны геоляг! А ягоная ўсьмешка! Адкрытая, белая, шырокая – нібы само шчасьце на цябе прамянее. Кожны вечар, паднімаючыся з саляных шахтаў, ён разводзіў вогнішча, браў гітару і, абвёўшы ўсіх позіркам, кранаў струны... Аніводная дзяўчына, калі яна была кемлівая і дабрадзейная, не магла не пакахаць яго! А сама кемлівая зь іх была ваша бабуля – дзіўна асьляпляльная прыгажуня, настаўніца малодшых клясаў, да таго дабрадзейная, што нават апошнім прайдзісьветам пры выглядзе яе хацелася пачаць жыцьцё зноўку. І да таго пакахалі адно аднаго бабуля й дзядуля, што нядоўга думаючы пажаніліся, зь вялікімі ўрачыстасьцямі й пышнасьцю. І жылі яны доўга і...
– Але праз што яны памерлі? – змрочна ўдакладнілі мы.
– Ну вось навошта вы перарываеце?
Тата згубіў нітку і спыніўся, і мы з прыкрасьцю зашыкалі адзін на аднаго. Зьбіраючы думкі, тата церабіў бакенбарды і загінаў пальцы, быццам штосьці лічыў, і неўзабаве працягнуў:
– О, яны былі чыстыя ды ідэальныя, і адначасна ідэалістычныя, няспынна захапляліся Мэтэрлінкам ды К'еркегорам, і, гледзячы на старэйшых людзей – а ў тую юную пару ўсе былі для іх старэйшымі – палохаліся: чаму тыя гэткія шэрыя, пустыя й цынічныя? Калі яны такімі зрабіліся? Ці зробімся й мы?.. Гэтыя думкі не давалі дзядулі спакою, і ён, кінуўшы вогнішчы й гітару, узмоцнена разважаў, а бабуля дапамагала й падтрымлівала яго. Нарэшце ён абвясьціў, што адказ вышуканы: людзі непазьбежна псуюцца праз дурныя вонкавыя ўплывы. Бабуля была цалкам згодная, і яны ў тую ж ноч пастанавілі, што зараз знаходзяцца на піку сваёй ідэальнасьці, і трэба пакуль ня позна абараніцца ад заганных узьдзеяньняў звонку. Яны сабралі ўсе рэчы, якія маглі несьці, і спусьціліся ў саляныя шахты. Яны ішлі ўсю ноч, увесь дзень, сыходзілі ўсё глыбей і далей, пакуль нават самыя аддаленыя відэакамэры не перасталі фіксаваць іх, і яшчэ глыбей і далей, у самыя нетры. І там, у сэрцы саляных пячэраў, яны зажылі паўнаважкім, непадуладным гнілі й гнюснасьці жыцьцём.
– Але што яны тамака елі? – зьдзівіліся мы.
– О, яны завялі сад і агарод, пасеялі пшаніцу, пабудавалі маленькі млын, гадавалі козаў і рабілі сыр.
– Але што яны тамака пілі?
– О, пад зямлёю струменяцца найчысьцейшыя крыніцы! Яны пасадзілі ў іх марскую капусту й здабывалі агар-агар.
– Але як яны жылі тамака ў цемры, бязь неба ды сонейка?
– О, пад зямлёй сьвеціцца магма, яна зусім як сонейка, і нават утульнейшая. А замест неба яны глядзелі адно аднаму ў вочы.
– А ты, атрымліваецца, стуль уцёк?
– О не, дзеткі, у вашых бабулі зь дзядулем такі парадак: яны гадуюць сваіх дзетак толькі да сярэднешкольнага ўзросту, а потым адпраўляюць наверх.
– А хто ня хоча лезьці наверх?
– О, у іх не пытаюцца.
B8. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра аднаго байкера
Валік расказваў, што аднойчы яму патэлефанаваў чалавек, які назваўся байкерам, і папрасіў намаляваць свой партрэт. У прызначаны дзень байкер зьявіўся, але зь дзіўнай бясшумнасьцю і ў дзіўным выглядзе: акуратная прычоска, блакітная кашуля, белыя льняныя нагавіцы ды сандалі. Валік спытаў, як яго намаляваць, і байкер працягнуў яму фотаздымак: напышліва падняўшы руку, ён сядзеў на велізарным матацыкле, увесь у скуры й джынсе, у сталёвай касцы, з доўгімі валасамі ды барадой. Валік пасадзіў яго на зэдлік, зрабіў першыя накіды і дзеля падтрыманьня размовы спытаў, чаму не было чуваць грукату ягонага матацыкла. Паморшчыўшыся, байкер зь неахвотай адказаў, што пакінуў яго ў гаражы. Валік падняў бровы. Каб парадаваць байкера, ён завёў хард-рок, і з паўгадзіны працаваў моўчкі. Але байкер, мабыць адчуваючы недаказанасьць і няёмкасьць, коўзаўся, хмурыўся, і нарэшце ня вытрымаў і пачаў тлумачыцца:
– Вы не падумайце, я на самой справе байкер. Я люблю свой чопэр, я сабраў яго ўласнымі рукамі, але ён жудасна раве і аглушае мяне. Да таго ж людзі раздражняюцца. Да таго ж для хрыбетніка не здарова. І гэтыя бясконцыя фуры на трасах, гэтыя вечныя джыпы, якія цябе абганяюць... Я хаджу пешшу. Тое ж самае з рокам – я яго вельмі люблю, але слухаю рэдка, празь яго ў мяне баліць галава. Вымкніце, калі ласка. Я аддаю перавагу эмбіэнту. Бачачы зьдзіўленьне Валіка, ён пасьпешліва працягваў:
– Я й на самой справе байкер! У мяне ёсьць і членства ў клюбе, і скураны гарнітур, пашыты на заказ. Вельмі прыгожы, самы лепшы! Але ў ім так горача й нязручна, і гэты ягоны пах... ён мне непрыемны. А каўбойскія боты так па-дурному стукаюць абцасамі. І валасы доўгія я таксама люблю, але зь імі столькі важданіны, і як ні пніся, выглядаюць неахайна.
Байкер яшчэ доўга апавядаў пра свае заблытаныя адносіны зь півам, чарапамі, арламі, нямецкай вайсковай сымболікай ды нонканфармізмам, а Валік натхнёна працаваў.
Праз тыдзень партрэт быў гатовы: задуменны байкер у сьветлай вопратцы сядзеў напаўпаварота на сонечным узьлеску лісьцянога лесу, пад бярозай, адной рукою пагладжваючы каласкі квітнеючай травы, а ў другой трымаючы тамок Пятруся Броўкі. Убачыўшы партрэт, байкер шчасьліва заўсьміхаўся, сардэчна падзякаваў Валіку і пакінуў яму падвойны ганарар.
B9. Змрочныя засьценкі. Гэта мусіць спрацаваць
Няўдача з гаспадарчым мылам наладзіла мяне яшчэ больш рашуча. Наступнай раніцай я падняўся ўдосьвітку, пасьнедаў фасолевым супам і апрануўся ў непрыкметны брызэнтавы дажджавік і гаматныя шэрыя брыджы. Выйшаўшы праз заднія весьніцы Вучылішча, я накіраваўся да чыгуначнай ветцы, што пралягала ў пяці мілях на ўсход, за Бродзкімі ўзгоркамі. Каб скараціць шлях, я зьвярнуў са жвіровай дарогі й пайшоў напрасткі, па камяністым старарэччы. Сонца ўставала ў бледных аблоках, і я шыбаваў спачатку на яго, а потым пачаў збочваць налева, уважліва гледзячы пад ногі, каб не спатыкнуцца. Жыўнасьці амаль не траплялася, толькі рэдкія перапёлкі ды вужы. Праз гадзіну, пераадолеўшы чаротнік і мелкі ручай, я падняўся на ўзгорак і ўбачыў чыгунку. Ад старажылаў я чуў, што ў гэтых месцах таварныя цягнікі часта сыходзяць з рэйкаў і падоўгу стаяць, занядбаныя, і надзея не падманула мяне: уздоўж пуцей ляжалі на баку вагоны, замілавальна цацачныя здалёк. Стрымліваючы радасьць, я з падвойнай асьцярогай спусьціўся ўніз. Праз удар вагоны лопнулі ў месцах сучляненьняў, і з прарэхаў, ружовых сьвежай іржой, высыпаліся тавары – цырульныя брытвы, скальпэлі, дроцікі, канцылярскія нажы, шавецкія шылы, вастрыльныя брускі. Даверху напоўніўшы заплечнік і трохі перадыхнуўшы, я пасьпяшаўся назад і вярнуўся якраз да абеду, да расольніку й тушаных баклажанаў з сырам. Рэшту дня я правёў з Чосэрам і келіхам белага віна, потым крыху падрамаў, і а другой гадзіне ночы, калі праграмары ўлягліся, пракраўся ў клятую кампутарную залю. У апраметнай цемры зьзялі зялёнымі кропкамі агеньчыкі мадэмаў, дрыжаў аранжавы праменьчык роўтэра. Мой плян быў просты: прыляпіць плястылінам да падлогі нажы й скальпэлі, тарчма, лёзамі ўверх, а калі раніцай прыйдуць праграмары, выскачыць з-за дзьвярэй і закрычаць, затупаць нагамі – каб яны зь нечаканасьці аступіліся, упалі й зарэзаліся. Рызыкоўна, але арыгінальна, думаў я, гэта мусіць спрацаваць. Седзячы на падлозе, я разьмінаў плястылін і ўяўляў кроў, барвовыя ручаі й лужыны, і як я гучна вымаўлю: «Помста!» Але раптам, калі я жыкнуў маланкай заплечніка, з далёкага кута сонна спыталі: «Хто тут?» «Гэта я, Ролянд», – мярцьвеючы, выціснуў я. «Га-а, Ролю! Што ж ты тутака, унучак?» Я пазнаў голас: састарэлы вартаўнік Трафім, пратэжэ Галоўнага Праграмара. Ён шоргаў да мяне, пазяхаючы. «Вось, верабейкаў падхарчаваць надумаў», – схлусіў я, напружваючы горла. Калі ён данясе, мяне дызасэмблююць у тую ж хвілю! «Усе верабейкі ноччу сьпяць, хлопча», – ён падышоў, ад ягонай чорнай постаці павявала сонным цяплом і аўчынай. «Што ў цябе ў торбачцы?» «Булачка». Ён пагладзіў мяне па галаве цьвёрдай мазольнай далоньню: «Ідзі спаць, мой добры». Я мог бы паласнуць яго, але ці працяне лязо жалезныя мазалі?.. Зь цяжкім сэрцам я вярнуўся да сябе і схаваў заплечнік на антрэсолях – да лепшых часоў.
BA. Аповед Коліка. Музычнае прынашэньне
Колік апавядаў, што аднойчы зь ім у вязьніцы сядзеў дзед-рэцыдыўнік. Старэнькі зусім, худзенькі, хворы, у акулярыках. І неяк пакрысе сышліся яны, пасябравалі, і расказаў дзед Коліку гісторыю свайго жыцьця. Расказаў, што першы раз сеў у пятнаццаць гадоў, за забойства.
– У той час я ў музычную школу хадзіў. Па клясе скрыпкі. І ня тое каб з-пад бацькоўскай палкі, а на самой справе музыку крэпка любіў. Клясыку. Воось... І аднаго разу хлапчук знаёмы, гурта Лед Зэпэлін прыхільнік, кажа мне: Лед Зэпэлін – гэта вяршыня музыкі! Няма нікога лепей за Лед Зэпэлін! Ведаеш, як у моладзі бывае. Лішняга кажуць. Ну, і паплаціўся хлапец за свае словы. Роварным ланцугом я яго. Але мне таго разу пашанцавала: трапіў да добрага адваката ды да жаласьлівага судзьдзі. А яшчэ хваля такая тады паднялася, сацыяльная, а потым яшчэ і амністыя, карацей, выйшаў я ўсяго праз чатыры гады. Паразумнеў, пасталеў. Пайшоў на завод працаваць, у тэхнікум паступіў завочна. Скрыпку вядома кінуў, але да музыкі любоў – гэта ж назаўсёды, сам разумееш. Барока я тады вельмі шанаваў. І значыцца выйшлі мы аднаго разу з брыгадзірам на перакур, слова за слова, а ён і кажа: рамантызм – гэта вяршыня клясычнае музыкі! Няма нічога лепей за рамантызм! Чуеш, Колік? Так і сказаў. Шуманы з усялякімі Шапэнамі, значыцца, вяршыня! Ну й што мне, трываць было, ці што? Заваліў яго наўпрост там, у цэху, на падлогу, дый аб станіну станка пару разоў галавой. Воось... Тады ўжо са мной цырымоніцца ня сталі, упаялі тузін бязь лішніх размоў. Дый то – не зьбегаў жа зь месца забойства, павінаваціўся, пакаяўся. Ну а наогул я чалавек мірны, працавіты, паслухмяны – адседзеў дзясятку станоўча, і адпусьцілі. Выйшаў значыцца я, у самым росквіце сілаў. Колькі мне там было, трыццатнік з хвосьцікам. Уладкаваўся сьлесарам, ажаніўся, дзетак завёў...
– Як жа яна за цябе пайшла? Не спалохалася?
– А чаго палохацца, я ж мухі не пакрыўджу. Толькі калі за музыку. А яна ў мяне музыку не любіла наогул. За гэта і ўзяў. А што я? Я добры быў мужык. Ці шмат добрых мужыкоў? Сядзеў, ну так, сядзеў. Мала хто сядзеў. Карацей, жылі мы душа ў душу, дабро нажывалі, на канцэрты хадзілі. У той час я пачаў на Гендэля западаць. Праз Гендэля – душа ачышчаецца, сам ведаеш. Ну й аднаго разу пасьля канцэрту сустрэлі мы майго сябрука, таксама былога зэка. Адкуль ідзяце? З канцэрту. Што слухалі? Барока. О, барока я таксама паважаю! І кажа: Скарлаці – гэта вяршыня барока! Няма нікога лепей за Скарлаці. Адправіў я бязь лішніх слоў жонку дадому, а сябрука забіў. Ну а што было рабіць? Зарэзаў я яго. Далі мне пятнаццаць, зь іх пяць у дурцы праваляўся. Добра хоць тэлевізар дазвалялі, канал Культура, і радыё. Вось там я й прыахвоціўся да Жарускі. Анёл! Як ён Гендэля сьпявае! Воось... А потым, пад канец тэрміну, пілаваў з адным дровы, разгаварыліся. Я кажу – люблю дзей Гендэля. А ён кажа: так, Гендэль! І Цэнчыч – гэта ягоная вяршыня! Лепей за Цэнчыча ніхто Гендэля не сьпяе. Чуеш, Колік? Ну і. Сам разумееш. Хто ж такое стрывае? Вось і сяджу...
– Ну добра, але толку? Навошта забіваць было? Даў бы проста па мордзе. Ведаў жа, што потым тэрмін матаць? Усё роўна на зямлі шэсьць мільярдаў з уласнымі густамі. Усіх не заб'еш! Сэнс было?
А дзед адказваў Коліку, што не шкадуе ні пра што. Што спачатку сам сябе не зусім разумеў, але цяпер зразумеў. Што ён зьдзяйсьняў не злачынствы, а своеасаблівыя музычныя прынашэньні, ахвяры богу музыкі. І прычапіўся да Коліка – якую арыю Жарускі ён лічыць вяршыняй? Але Колік не паддаўся на правакацыю і адмовіўся адказваць.
BB. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра час
Калі мы з брацікамі пасталелі і ўзмужнелі, наш час, як водзіцца, стаў дужа паскарацца, што да крайнасьці нас турбавала. Аднойчы мы нават не стрывалі й паскардзіліся на час таце. Суцяшаць нас ён і не падумаў, але затое расказаў нам новую гісторыю, пра аднаго этнографа з суседняй вуліцы.
Быццам бы той этнограф таксама хваляваўся наконт часу, не хацеў, каб ён мінаў, і шукаў спосабы барацьбы. І быццам бы ён прыдумаў, што калі на адмераны табе час паўплываць немагчыма, дык ніхто не забараняе зьмяніць ягонае ўспрыманьне знутры. А менавіта – паскорыць свае думкі й пачуцьці так, каб за звычайнае чалавечае жыцьцё пражыць цэлых два суб'ектыўных. Чым не ідэя? І этнограф прыступіў да трэніровак. Па-першае, трэніраваў хуткасьць думаньня: разгадваў крыжаванкі, гуляў у шахматы, вучыў на памяць расклад электрычак – і ўсё з сэкундамерам. Па-другое, хуткасьць адчуваньня: хутка-хутка нюхаў фіялкі, слухаў Бітлз на паскоранай перамотцы, імкліва гартаў альбом Тэрнэра, намагаючыся адначасна атрымаць асалоду ад кожнае асобнае марыны. Па-трэцяе, хуткасьць цела: бегаў па пакоі, скакаў са скакалкай, падцягваўся на турніку і рабіў сто ўдыхаў у хвіліну. У яго доўга нічога не атрымлівалася, але ён упарціўся, не здаваўся – і вось, у адну прыгожую раніцу, сонечную й вясновую, ён выйшаў на вуліцу й вохнуў: мінакі рухаліся павольна-павольна, як вадалазы ў глыбіні. Аўто каціліся амаль незаўважна, і ён ступіў на праезную частку і пайшоў перад велізарным грузавіком, бесклапотна дымячы папяросай. Зазірнуў у кафэ, прысеў за столік да дамы й выпіў ейную каву, пакуль яна глядзелася ў люстэрка. Атрымалася! Атрымалася! Я перамог! І ён працягнуў трэніроўкі, патроіўшы намаганьні. І неўзабаве ў горадзе пачалі адбывацца дзіўныя рэчы: неверагодныя рабаваньні банкаў і вінных скляпоў, зьнікненьня страваў у рэстаранах і модных гарнітураў у буціках. А ўсе жанчыны той вясной раптам зрабіліся дзіўна задуменныя і да красавіка зацяжарылі. Так... Што зь ім стала потым, з гэным этнографам, ніхто ня ведае. Мусіць, час спыніўся для яго зусім. Разумееце?
– Але татухна, атрымліваецца, ён рухаўся са звышгукавою хуткасьцю? Тады ўсе павінныя былі чуць роў і гул, а за ім павінен быў заставацца сьлед пара, як за самалётам! – інжынэрна сказаў Толік.
– Ня будзь такім наіўным, сынку. Ён рухаўся не са звышгукавою, але са звышсьветлавою хуткасьцю, – строга адказаў тата.
А як жа законы Эйнштэйна? А чаму ён не загарэўся праз трэньне аб атмасфэру? А як ён мыўся, бо вада ж цякла занадта павольна? А навошта яму нябачнаму былі модныя гарнітуры? А ён не заразіўся ад незнаёміхаў дрэннымі хваробамі? Але тата раззлаваўся, затупаў нагамі і прагнаў нас прэч.
BC. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра славутага гардэробніка
Празь некаторы час пасьля Толікава вясельля высьветлілася, што ягоная жонка, станістая чарнабровая філялягіня, мае шырокія сувязі ды знаёмствы; і ня толькі ў бібліятэчных колах, але і ў артыстычных. Так часта бывае – адно чапляецца за другое. Мы як маглі карысталіся гэтай новай магчымасьцю і здабывалі квіткі на любыя імпрэзы, якія б нам ні ўздумаліся. Зрэшты, імпрэзаў было няшмат – тыя гады выдаліся пахмурныя, дажджлівыя, трывожныя, і ніхто не хацеў да нас ехаць, акрамя ўсім назалелых утаймавальнікаў леапардаў. Таму гастролі славутага гардэробніка, ураджэнца нашага месца, які праславіўся ў сусьветных сталіцах небывалай бездакорнасьцю й нябачанай дагэтуль дасканаласьцю, грынулі нібы гром. За квіткі, прададзеныя й перапрададзеныя ў той жа дзень, сварыліся, біліся, зьдзяйсьнялі ганебнасьці, судзіліся й назаўсёды расставаліся. Колькі лёсаў было паламана праз гэтыя гастролі, не зьлічыць! Але толькі ня нашых: мы, шчасьліўчыкі й любімчыкі, ціхамірна пагладжвалі цісьнёныя квіткі ў верхніх кішэнях пінжакоў.
У азначаны на квітках дзень мы прыйшлі да ДК Прафсаюзаў за дзьве гадзіны, у пяць, і бавіліся ў фае, песьцячы сябе аранжадам і капучына з аўтаматаў. За паўгадзіны да пачатку фае імкліва напоўнілася, дый да таго шчыльна, што мы з брацікамі толькі са значнымі намаганьнямі здолелі прасунуцца й сабрацца разам. Неўзабаве прыбыў і гардэробнік, прама з аэрапорту, без спазьненьня: ён пругка выскачыў з крэмавага лімузына і на дыбачках пабег да стойцы. Яму было каля пяцідзесяці пяці, можа бліжэй да шасьцідзесяці; ён насіў стрыманы чубчык, шэры строй зь нітачкай люрэкса і чырвона-карычневыя чарапахавыя макасыны. Усе сьціхлі й сталі ў чаргу. Зь першага ж узмаху рукі зрабілася відавочна: сусьветная славутасьць даецца не задарма. Хірургічна адточаныя рухі і фатаграфічна вывераная міміка, палемічнасьць паэта і фактура філёзафа, жар і палкасьць юнага закаханага – усё спалучалася ў ім, у нашым гардэробніку. Нас нібы закруціла магутнай, але ласкавай і асьцярожнай віхурай – і адразу адпусьціла; паліто ж стройнымі чародамі павісьлі на плечках, быццам нават абноўленыя ды папрыгажэлыя. Сьціскаючы нумаркі спатнелымі далонямі, мы узрушана тапталіся на лесьвіцы, пакуль служэбніцы не накіравалі нас уверх, у залю: арганізатары шоу прыдумалі невялікі клясычны канцэрт, закліканы адцяніць паўнату гардэробнага майстэрства. Абвясьцілі фартэпіяна, прэлюды Рахманінава. Кволы піяністы граў пасьпешліва і змазана, мы коўзаліся й пазяхалі; яму самому карцела хутчэй вярнуцца ў гардэроб, і ён зьбіўся на баркароле, бязладна скончыў і, ані не саромеючыся, пасьпяшаўся з усімі ўніз. І тут мы сталі сьведкамі сапраўднага мастацтва: сілы, лёгкасьці, напоўненасьці жывым сэнсам і глыбіннай мудрасьцю. Нумаркі ўзьнімаліся й ляцелі, шынэлі й манто мяккімі хвалямі ападалі праз стойку – усё было да крайнасьці проста і праз гэта асабліва узьнёсла, азорана невядомай дагэтуль свабодай і шырынёй. У той вечар мы забыліся пра ўсё й не саромеліся сьлёз, мы шапталі шчасьліва: брава! Бравісіма! Бласлаўлёны! А ён, сказаўшы невялікую прамову – чыстыя й ясныя словы пра радзіму, бацькоў і радасьць творчасьці – моцна паціснуў працягнутыя рукі, разьвітаўся і адбыў.
BD. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра галеньне
Аднаго разу ў сераду, у першай палове жніўня, калі мы з брацікамі сядзелі ў агародзе вакол вогнішча й пяклі на дубчыках хлеб, з-за суседзкага плоту да нас данесьліся гукі ўдараў і трэск парванае тканіны. Мы паспрачаліся, каму першаму ісьці глядзець на суседзкія падзеі, і выпала Валіку. Ён накіраваўся да плоту, а мы сумленна далічылі да дваццаці і толькі тады дагналі яго. У шчыліны паміж дошкамі мы ўбачылі новага суседа: ён шпацыраваў наўпрост па градках з пагрозьлівым выглядам, прыгорбіўшыся й шырока рассунуўшы тоўстыя рукі, як разьятроны злыдзень. Ён раз-пораз біў сябе кулаком у грудзі і разьдзіраў каўнер паласатага швэдару. Мы паклікалі яго, і ён павярнуўся – укормлены клерк сярэдніх гадоў, стрыжаны бобрыкам і дужа няголены, у чорных шортах і сандалетах. Убачыўшы нас, ён падабрэў, супакоіўся і нават усьміхнуўся:
– Гэта я галюся так, хлопцы.
– Голісься?
– Ага. Свой уласны спосаб прыдумаў. Звычайнай брытвай не магу – раздражненьне моцнае на скуры.
– І што за спосаб?
– Ну, трэба крэпка-крэпка раззлавацца на шчаціньне, і яно само выпадае.
– Жартуеш?
– Якія жарты! Валасінкі ажно з цыбулінкамі са скуры вылятаюць, як кулі. Палохаюцца мабыць. Потым месяц гладзенькі хаджу. Але раззлавацца трэба вельмі крэпка, вось у чым праблема. Няпроста гэта.
Ён пацёр падбародак, ацэньваючы даўжыню воласа. Мы, стараючыся не пераглядацца, спачувальна паківалі й вярнуліся да вогнішча. Хай яго, ці мала усялякіх дзівакоў. Ня будзеш жа з кожным спрачацца і даказваць праўду, гэта было б таксама свайго роду вар'яцтвам. Мы пяклі хлеб да хрумсткай прыгарачкі й не зьвярталі больш увагі на гукі. Колік расказваў пра сукамэрнікаў, Валік – пра заказчыкаў, Хуліё – пра каханых. Але справа на гэтым ня скончылася. Позна ўвечары, калі мы ўжо ўлягліся спаць, пажадалі адзін аднаму добрай ночы і ўтульна падаткнулі коўдры, з вакна да нас даляцеў такі апантаны роў і праклёны, што мы, схапіўшы ліхтары, рынуліся ўніз – бо мала што, можа чалавек да бяды сябе давёў і мае патрэбу ў дапамозе. Хай і дзівак, але добрасуседзтва ніхто не адмяняў. Трэскаючы дошкамі, мы палезьлі цераз плот, дапамагаючы адзін аднаму, саскочылі на градкі й пабеглі вакол дома да ўваходу. Мы ўбачылі ярка асьветлены ганак і суседа, які сядзеў ля сьцяны. Ён зьвярнуў да нас мажны твар, шчасьлівы і ўлагоджаны, і мы пераканаліся: на ім не было аніводнага валаска! Рудаватыя шчацінкі апалі на ягоныя калені, на рукавы, на дошкі ганка. Мы адчувалі моцную віну за скепсіс і недавер, але ён і ня думаў дакараць нас, і нават дазволіў дакрануцца да сваіх шчокаў, гладкіх і пяшчотных нібы ў дзяўчыны.
BE. Уцёкі ды туляньні. У лютаўскую сьцюжу
У лютаўскую сьцюжу добра чытаць штосьці духоўнае, кшаталту Споведзі Аўгустына альбо камэнтароў да будыйскіх Сутраў. Дабраталюбіе таксама падыходзіць. Сядзіш ля батарэі цэнтральнага ацяпленьня, загарнуўшыся ў коўдру, п'еш гарбату й нетаропка сочыш за развагамі мудрых убеленых старцаў. Старцы ўдумліва тлумачаць, настаўляюць. Ты, памеркаваўшы, з сур'ёзным выглядам пагаджаесься. Зрэдку ўстаеш і заварваеш яшчэ гарбаты, ясі абаранак. Утульна.
У лютаўскую сьцюжу ўсё пакрысе пачынае бэсьціць. Будзь асьцярожны – гаворыш сабе – узгарэцца лёгка, астыць няпроста. Стаіш тварам да сьцяны, не варушысься, ня дыхаеш, не расплюшчваеш вочы. Але ці доўга можна вытрымаць? У зьнямозе адчыняеш вочы й бачыш шпалеры, і яны бэсьцяць цябе да дрыжыкаў, да самае глыбіні – гідкія зялёныя паперыны, са зьдзеклівай дбайнасьцю налепленыя на сьцяну! Хтосьці разгладжваў іх, прамакаў анучкай і сядзеў на зэдліку, любуючыся разным бардзюрам! Невыносна!
Прамучыўшыся некалькі дзён бясконцым клёкатам абурэньня ў грудзях, я выправіўся ў шпалерную краму – набыць штосьці іншае, любое, абы-якое, і заляпіць нянавісную зеляніну спрэс. Грошай у мяне не было, і я меў намер скрасьці некалькі непатрэбных трубак, можна нават запэцканых ці бракаваных. Але, хоць я быў апрануты цалкам прыстойна – футра й чыстыя вастраносыя боты – да мяне адразу прычапілася непрыязная прадаўніца ў пінжаку й прынялася з сумневам распытваць, куды мне шпалеры. «Што значыць куды?» – дзівіўся я. «У які пакой?» «У зялёны!» «У вас зялёная мэбля ці шмат расьлінаў?» «У мяне зялёныя шпалеры!» «І вы хочаце такія самыя?» «Не!» «Але ж калі вы іх заклеіце іншымі, дык пакой ужо ня будзе зялёны?» Я ўжо зразумеў, што мне яе не падмануць, і ганебна адступаў да выхаду, а яна ўсё насоўвалася й пакепліва прыжмурвала вочы, калыхаючы завушніцамі. «Дайце ж мне хоць флямастар, каб я іх зафарбаваў!» Але яна толькі пасьмейвалася, ківаючы галавой. Што ж, мне было не прывыкаць да жорсткасьці. Калі б зварыць боршч, думаў я, вяртаючыся празь вецер, можна было б плёскаць ім на сьцены, афарбоўваючы барвяным! Але дзе ўзяць буракі, дзе ўзяць ваду, дзе ўзяць агонь?
У лютаўскую сьцюжу добра ляжаць у гурбе, у ботах, у тоўстай футры, апускаючы рукі ў сьнег і спрабуючы намацаць у глыбіні скрозь лёд траву, цыбуліны цюльпанаў, чорную, друзлую, духмяную клюмбу. Шарсьцінкі дрыжаць, сьняжынкі сыплюцца. Прабягаюць міма сабакі на жылаватых лапах, плямістыя, пародзістыя, сьлізгаюць на лыжах школьнікі, шоргаюць уперавалку чыесьці цешчы. Шпалеры, вы больш ня ўладныя нада мной, я вас не заўважаю. Зоркі мігцяць – бачыце?
BF. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра вялікую жанчыну
– Я ж ужо прызнаваўся вам, брацікі, – пачаў Хуліё, – што з раньняга юнацтва марыў пра вялікую жанчыну, па-сапраўднаму вялікую? Зразумела, што гэта толькі ганебныя й непрыстойныя немаўляцкія комплексы, але вы ж не асудзіце мяне? Дык вось, ці паверыце, сёньня раніцай я сустрэў яе, дакладней вядома не менавіта яе, але прынамсі па-сапраўднаму вялікую дзяўчыну. Яна стаяла ля вітрыны гастраному й разглядала марынады, у простай паркалёвай сукенцы і зь зялёнай сумачкай праз плячо. Ейны чорны бліскучы паясок знаходзіўся на ўзроўні маіх вачэй – уяўляеце рост! – але зрэшты ён сядзеў не на таліі, а вышэй, бліжэй да грудзей, у адпаведнасьці з модай. На нагах у яе былі самаробныя вераўчаныя сандалі, тонкія, зграбныя, перавязаныя за шчыкалаткі на антычны манер. Я загаварыў зь ёй, і яна адказвала зь ветлай усьмешкай, а вочы яе былі шэрыя, даўгаватыя. Адказваючы, яна наўмысна не нагіналася да мяне, каб не падкрэсьліваць нахілам розьніцу ў нашым росьце. Было прыкметна, што ёй больш падабаецца слухаць аніж гаварыць, і я ўзяўся забаўляць яе казкамі. Мы йшлі па вуліцы, і да мяне часам давяваў пах ейнае парфумы – рамонак і размарын. Я прапанаваў ёй марозіва, але яна, падзякаваўшы, сказала, што аддае перавагу халоднай сьмятане. Мы ўзялі па слоічку сьмятаны і спыніліся на набярэжнай, гледзячы на раку. Яна ела знарочыста павольна, акуратна зьлізваючы велізарным языком густыя сьмятанныя кроплі з лыжачкі. Ейныя цёмна-русыя валасы былі сабраныя ў сьціплы нядоўгі хвосьцік, і я, ня маючы магчымасьці іх разгледзець, папрасіў падарыць мне адзін валасок на шчасьце. Усьміхнуўшыся, яна выскубнула валасок са скроні: пругкі, тоўсты як лёска, ён канчаўся бледнай цыбулінкай памерам з запалкавую галоўку...
– Пакажы!
– Пачакайце, дайце дараспавесьці. Вы глядзелі калі-небудзь на жаночы твар зьнізу? Паглядзіце. Гэта прыгожа: плыўныя абрысы ніжняе сківіцы, цёмныя авалы ноздраў, чароўная сымэтрыя... Трохі абвыкшы да мяне, яна пачала паводзіць сябе вальней: пакашлівала, папраўляла шлейкі, перахілялася цераз парапет, каб разгледзець маленечкіх павучкоў, якія жывуць у расколінах каменя. Ейныя галёнкі былі моцныя, мускулістыя, а зьлёгку сітаватая скура толькі дадавала шарму. Мне хацелася дакрануцца да яе, правесьці далоньню па доўгім цягліцам, але я баяўся, што зь нечаканасьці яна можа ўбрыкнуць і зашыбіць мяне. Я стаяў побач, радуючыся блізкасьці, любаваўся, сьмяяўся, штосьці казаў, і ўжо наважыўся запрасіць яе на вячэру, як раптам яна абвясьціла, што ёй пара – муж чакае. Што ж, нядзіўна, падумаў я, яна занадта прыгожая, каб быць вольнай. Яна падала мне руку – неабсяжную і далікатную, з гнуткімі пальцамі, якія моцна звужваліся да кончыкаў. Вось чаму яна ня носіць заручальнае кольца, разважаў я – кольца спадае. Падае на падлогу, на асфальт, і коціцца, закочваецца пад канапы, пад лаўкі... Памарудзіўшы, яна сказала, што бачыць у маіх вачах смутак, і падарыла мне магніт на халадзільнік – на разьвітаньне. І Хуліё, раскрыўшы торбу, нарэшце паказаў нам усё, што засталося ад вялікай жанчыны: плястыкавы слоічак з-пад сьмятаны зь сінім надпісам «Гармалзавод №2», дужы волас сантымэтраў дваццаці даўжынёй, які канчаўся незвычайна магутнай цыбулінай, і круглы жоўты магніт з выявай смайліка.
C0. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра адрозьненьні
Калі мы былі маленькія, нас заўсёды зьдзіўлялі пакуты аднагодкаў, якія быццам шукаюць і не знаходзяць адрозьненьняў паміж мамай і татам. Усе гэтыя тэлеперадачы, кніжкі, дактары са сваімі шматпавярховымі тэорыямі – мы глядзелі на іх з жалем і крыху пагардліва. У нашых мамы й таты адрозьненьні былі выпуклыя, выразныя і запаміналіся выдатна.
Па-першае, мама сыпала ў гарбату дзьве лыжачкі цукру, а тата – тры. Мы не аднойчы крадком перамянялі іхныя кубкі, ужо прыгатаваныя, і яны імгненна адчувалі няслушнасьць слодычы: тата моршчыўся і выплюхваў гарбату ў рукамыйніцу, а мама хмурылася, адсоўвала кубак і казала, што вып'е пазьней, але ніколі не выпівала.
Па-другое, мамчын наказ нязьменна складаўся з сарака пяці слоў, а татаў – са ста дванаццаці. Куды б мы не накіроўваліся, хай нават цераз дарогу па квас, яны настойліва прамаўлялі нам наказ, жадаючы здароўя ды дабра, і нагадвалі пра правілы прыстойнасьці, адпаведныя дзяцінству: мама – крыху стрымана, тата – болей шырока.
Па-трэцяе, на наша частае пытаньне «матухна, ну чаму мы такія мярзотныя?» мама пляскала рукамі й суцяшала нас: «што вы, вы ніякія не мярзотныя, вы вельмі нават добрыя», і пералічвала прычыны і ўчынкі, якія рабілі нас несумненна добрымі. Тата ж на такое пытаньне адказваў зусім інакш: «нічога, дзеткі, гэта нічога, усе людзі мярзотныя, і я мярзотны, і матуля таксама, а пра суседзяў я наогул лепей прамаўчу».
Гэта трэцяе мае брацікі ўспрымалі гэтак жа, як гарбату ці наказы – як пацешную неістотную другаснасьць; але мяне яна выбівала з каляіны, і я надоўга заставаўся быццам між двух крэслаў, у трывожнай няўпэўненасьці, якая ледзь чутна зьвінела на фоне будзённага жыцьця. Здаралася, я нават пачынаў зьвяртаць увагу на тэлеперадачы, на кніжкі, прыслухоўвацца да дактароў, пакуль штосьці радаснае не адцягвала мяне, і я з паўусьвядомленай палёгкай не забываў.
C1. Зь ліста Толіка. Заўсёды разам
<...> Ведаеце, што такое «ляжачы паліцэйскі»? Гэта горб на асфальце, ля пешаходнага пераходу, перад якім зьмяншаюць хуткасьць, аберагаючы падвеску.
Калі пярэднія колы пераяжджаюць церазь яго, ты чакаеш, каб машыну прыпадняла на задніх – і тады можна будзе зноў паскорыцца. Але ўсё не прыпадымае й не прыпадымае... Трывожнае адчуваньне. Дадаеш газу. Дрэвы й хаты праплываюць за акном – але дарога роўная. Паліцэйскі зьнік? Ці твая каламажка ператварылася ў неверагодна доўгі лімузын?
А можа, ляжачы паехаў з табой?..
Так! Ён паехаў з табой!
Ён немаведама за што палюбіў цябе, і зараз вы заўсёды будзеце разам. <...>
C2. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра яечню
Калі мы былі маленькія, тата няспынна вучыў нас знацца на людзях. Прыкладам, за сьняданкам:
– Запомніце, сынкі,
той, хто разьбівае яйка аб бераг патэльні – цёмны, ненадзейны чалавек,
той, хто разьбівае яйка нажом – самаўпэўнены нэўротык,
той, хто любіць цалкі – пазёр і крыўляка,
той, хто зьмешвае жаўток зь бялком – мэлянхолік і дэкадэнт,
той, хто смажыць яечню пад вечкам – баязьлівец і слабак,
той, хто перагортвае яечню – блізкі да роспачы фаталіст,
той, хто перчыць яечню – хцівы й карысьлівы чалавек.
Сам жа тата ніколі не гатаваў яечню, бо, відавочна, баяўся жудасных выкрыцьцяў.
C3. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра парылку
Аднаго разу ў чэрвені, калі мы з брацікамі зноў прыкметна падрасьлі, тата паглядзеў на нас, прызнаў нарэшце роўнымі сабе і адмяніў прымусовыя наведваньні бардэлю. Упершыню за шмат гадоў мы адчулі волю і ўздыхнулі на поўныя грудзі. Цяпер мы самі абіралі сабе забавы па густу, уключна з сама дарослымі. А ўжо колькі ў нашым мястэчку было забавак у тыя старадаўнія часы! Безьліч. Гуляеш, бывала, па набярэжнай... Ці вось лепей пра парылку. У нас ані ў саўну, ані ў рускую лазьню ніхто з грамадзян не хадзіў – нудота. Затое любілі такую цікавую пацеху – нам яна таксама спадабалася – называлася духоўная парылка. Купляеш квіток і заходзіш у паўзмрочную залю, кшталту бібліятэчнай, а там унутры сканцэнтраваны незвычайна высокі градус духоўнасьці. У цэнтры стаіць вялікі экран, на яго пускаюць фільмы Таркоўскага, само сабой зразумела чорна-белыя; з дынамікаў грае Пярт; чытальнік дэклямуе Гесэ, нарасьпеў і з прыдыханьнем; па сьценах разьвешаныя рэпрадукцыі Рэмбрандта. А пажылая акторка паказвае пантаміму пра пакуты Сартра. І чым даўжэй у парылцы сядзіш, тым больш узвышаесься, пашыраеш сьвядомасьць і перапаўняесься мэтафізычнай вытанчанасьцю. А калі зусім няма сілаў трываць – выскокваеш праз чорны ход на паветра! А там табе ўжо падносяць шклянку гарэлкі ды грыбочак на плястмасавым відэльцы! Выпіваеш – і вух з разьбегу ў сьмецьцевы бак! Добра! Вынырваеш, увесь у брудзе, сьлізі й лушпіньні, а табе тут хрась па мардасам – і ты таксама ў адказ хрась! І ну давай у скокі пад заліхвацкія гоп-стопы! А потым ізноў у духоўную парылку ідзеш. І так разоў па пяць. Уся кароста з душы сыходзіць.
C4. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра ўзаемнае запаленьне
Аднаго разу бліжэй да вечару, перад адным са шматлікіх летніх сьвятаў, Хуліё прызнаўся нам, што пакахаў цырульніцу. Ён павёў нас сьпярша па праспэкце, потым скрозь трохпавярховыя каштанавыя вулачкі, і спыніўся перад пыльнай вітрынай з выявай грэбню. За шклом сядзела самотная матрона, паліла цыгарэту ў касьцяным муштуку і разгадвала крыжаванку. «Хулі! Няўжо гэта яна? Яна ж фарбаваная!» – тактоўна намякнулі мы на перавагу ейнага ўзросту. Але гэта была толькі фармальнасьць – мы ведалі, што каханьне Хуліё заўсёды вышэйшае за ўмоўнасьці і абставіны. «Што мне рабіць? – спытаў ён рады, – як заваяваць ейную спагаднасьць?» Мы разглядалі цырульніцу, елі яблыкі і раіліся. Ісьці да яе стрыгчыся было нікчэмна, пасылаць кветкі – банальна. Мы пастанавілі дзеля знаёмства і ўзаемнага запаленьня зладзіць нешта кшталту выратаваньня ад разбойнікаў, толькі наадварот, каб разбойніца была яна – фатальная і рамантычная, але з патрэбаю ў клопаце. Мы ўваліліся ўсе разам і загадалі: «Рукі за галаву! Мы камісары. Паступіла інфармацыя, што ў вашай цырульні захоўваюцца шэдэўры, якія былі прысвоеныя нацыстымі ў час другое сусьветнае вайны». Колік выцягнуў татаў рэвальвэр і папераджальна крутнуў барабан. Цырульніца неахвотна адарвалася ад крыжаванкі і з дакорам глядзела на нас. «Няўжо незразумела? – патлумачыў ёй Валік, – імем закону паказвай тумбачкі!» Яна грузна паднялася й пачала адчыняць парэпаныя дзьверцы, а Хуліё захоплена разглядаў ейную стаць. Мы схіліліся да тумбачак і старанна прастуквалі кожную, выяўляючы падвойныя сьценкі. Я быў бліжэйшы за ўсіх да Хуліё і чуў, як ён зашаптаў цырульніцы: «Уцякайма са мной! Я выратую цябе! Памагатыя падкупленыя! Білет на параход на дваіх – толькі ты ды я!» І яна паверыла, і прыціснулася да ягонага пляча. Замершы, мы назіралі на ейным твары далікатныя хвалі: давер, ўдзячнасьць, надзею на шчасьце. Яны высьлізнулі на вуліцу, прыхапіўшы толькі самае неабходнае – жамчужныя каралі, пашпарты, аблігацыі – спынілі таксоўку ды зьніклі ў напрамку да паўночнага порту.
C5. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра энэргію расстаньняў
Мой брат Валік у маладосьці быў сапраўдны падлюга. Калі звычайнаму хлопцу ад дзяўчыны патрэбныя цялесныя асалоды, ці каханьне, ці сямейныя ўюты, дык Валіку патрабавалася расстаньне. Спачатку закахацца, потым расстацца, а на атрыманай энэргіі намаляваць карціну. Прычым безадказнае каханьне яго не задавальняла, ані ў той, ані ў іншы бок – толькі ўзаемнае. Сам ён захапляўся імгненна, але не ў звычайных прыгажуняў, якія яму былі нудныя нібы чэрствы хлеб, а ва ўсялякіх незвычайных панначак, прыкладам, з крывымі зубамі, ці з валасамі на твары, ці прышчавых, ці з празьмерна шырока расстаўленымі вачыма. Такія дзяўчыны часта аказваліся асабліва безабаронныя й захапляліся Валікам сьмяротна, тым болей што ён быў харошы тварам, разумны ў гутарцы і бадзёры ў ложку. Ён завабліваў іх партрэтамі, наўпрост у трамваі: ці ня будзеце ласкавыя папазіраваць? А ў самога ўжо была арэндаваная кватэра на месяц. Партрэты выходзілі дыхтоўныя, хоць ён пісаў іх лёгка й хутка, дарыў тым небарачкам, а галоўнае натхненьне пакідаў на растаньне. Калі адчуваў, што пара, то аб'яўляў няшчаснай: даруй! Сёньня наш апошні дзень. І прыдумляў падставу: у мяне жонка й дзеці, ці я гей, ці я заразіўся сьнідам, ці яшчэ якую-небудзь лухту. І пачыналася бура! Дзяўчына пакутавала, зьнемагала, а Валік лавіў хвалю, цешыўся, напітваўся. І ўжо потым, па памяці, пісаў такі партрэт, што дух займала!
Мы з брацікамі казалі яму не аднойчы: досыць паскудзтваў! Пераадолей брыдкую прыхільнасьць! Але ён толькі пасьмейваўся. І што мы маглі зрабіць? Мы скардзіліся таце, і тата кожнага разу нас супакойваў: кіньце, ня перабольшвайце, з узростам пройдзе. І сапраўды, прайшло, і нават занадта. Дарэмна мы спадзяваліся на пляменьнікаў: з гадамі дзяўчыны абрыдлі Валіку канчальна. Калі мы насядалі на яго, ён адмахваўся і цьмяна казаў, дзей узяў ад іх усё, што яны маглі даць, і цяпер пераключыўся на больш тонкія крыніцы энэргіі – прадметы. У тую пару ён жыў ужо сам па сабе, у хаце наводшыбе, і мала меў зносінаў з намі, але яго час ад часу можна было пабачыць з саначкамі, на шляху да сьметніка, а на саначках заўсёды стаяла нешта, загорнутае ў коўдру. Партрэты больш не пісаў, а пісаў натурморты, дзіўнае прыгажосьці й сілы, якія прымушалі ўздрыгваць. Адну са сваіх сталых працаў ён прысьвяціў тату: «Партрэт табурэта». Чысты, пачуцьцёвы, працяты пяшчотай і сьветлай тугою – ад яго нават у поўнага падлюгі бягуць па хрыбце мурашкі і блішчаць сьлёзы. Ад яго хочацца стаць лепей.
C6. На адвароце партрэта. Пра апошні дзень
«Нам заставаўся разам адзін дзень.
Мы накінуліся адно на аднаго, мы лашчылі адно аднаго, мы ўгрызаліся, мы ўпіваліся, мы ўсмоктвалі кожную рыску, але целы такія канечныя.
Мы сьнедалі й абедалі, і нам здавалася, што ў нас яшчэ столькі часу.
Мы размаўлялі, але думкі такія канечныя.
Мы глядзелі кіно, а потым шкадавалі, што змарнавалі дзьве каштоўныя гадзіны.
Мы ўспаміналі, мы сьвяціліся, мы сьмяяліся.
Мы плакалі.
Мы выкурылі цыгарэту.
Калі ж скончацца гэтыя бясконцыя паўгадзіны! Якой-небудзь музыкі!
Апошнія пяць хвілін, унутры так пуста, а ўсё вакол павялічылася, выпучылася.
Апошні погляд у вочы.
Бывай.
Бывай.»
C7. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра велізарны скарб
Калі мы былі маленькія, нас час ад часу апаноўвала жаданьне шукаць скарбы. Спачатку мы ўяўлялі сабе некалькі казачных месцаў, у якіх мог хавацца скарб: у яловым лесе, прывалены замшэлым трохкутным каменем; у склепе старадаўняга будынку, умураваны ў мэтровы цагляны мур; на беразе возера, пад пяском, на лініі месячнай дарожкі. У нашым горадзе й ваколіцах было ўдосталь падобных месцаў, і мы днямі напралёт бяз стомы махалі рыдлёўкамі пад задаволенымі поглядамі грыбнікоў, дворнікаў і рыбакоў. Мы не журыліся вельмі доўга, але патроху зажурыліся: за разбойніцкімі камянямі ўдавалася знайсьці толькі іржавы дрот, у купецкіх сьценах – толькі сатлелае пакульле, у пірацкіх затоках – адны трухлявыя дошкі. І мы надоўга закінулі шукаць скарбы, на ўсю зіму. Але потым, калі зноў прыйшла вясна, і мы значна пасталелі, мы зразумелі: яліны, падвалы ды куфары – гэта для прасьцякоў. Багацей жа прадбачлівы схавае скарб там, дзе ніхто не здагадаецца. І мы ўзяліся за пошукі з новымі сіламі. Шукалі ў сініх сьмецьцевых баках, аблупленых і сьлізготных, на пыльных верхніх паліцах бакалейных крамаў, між шпаламі трамвайных рэек, пад пешаходнымі сьвятлафорамі, на старых цыганскіх вогнішчах, у пясочніцах дзіцячых садкоў, на вытаптаных сабачых пляцоўках, на агароднінных базах за бочкамі з агурочным расолам. Вынікі прыкметна палепшыліся – цалюткія падарункавыя скрыначкі, прыдатныя да працы напільнікі, спартыўныя сьвісткі, скруткі махеравага прадзіва – але паўнавартасныя скарбы па-ранейшаму хаваліся ад нас. Роспач пакрысе авалодвала намі, і ўжо амаль была авалодала, як раптам, нечакана і без аніякіх прычынаў, у самым выпадковым месцы, нас асьвятліла азарэньне! Выпадковае месца аказалася звычайнае і непрыкметнае, у куце гасьцёўні, паміж канапай і крэсламі, і мы зьнерухомелі там, захоплена пераглядваючыся: мы канчальна зразумелі, што скарб знаходзіцца менавіта тут, прама вось тут. Аднак яго не было відаць, і празь некалькі хвіляў кожны з нас пачаў па-свойму тлумачыць гэтую нябачнасьць.
– Можа, мы памыліліся? – сказаў Валік.
– Можа, ён быў тут, але яго падабрала мама? – сказаў Толік.
– Можа, у нас прадбачаньне, і ён вось-вось выявіцца? – сказаў Хуліё.
– Можа, мы занадта нявартыя, каб бачыць ягонае хараство? – сказаў я.
– Не, братцы, – сказаў Колік. – Скарб тут, і мы вартыя, проста ён занадта велізарны! Гэта неверагодных памераў каштоўны камень, настолькі гіганцкі, да таго калясальны, што ўся Зямля разам зь Месяцам і Сонцам лёгка пралятаюць скрозь ягоную крышталічную рашотку! І ён толькі наш, абсалютна і назаўсёды, бо акрамя нас аніхто ня ведае.
C8. Уцёкі ды туляньні. У ліфце
У лютаўскую сьцюжу часам пераступаеш мяжу роспачы, і самыя відавочныя небясьпекі пакідаюць цябе абыякавым. Так, амаль цэлы тыдзень па вечарох я езьдзіў у ліфце, не зьвяртаючы ўвагі на пагрозьлівую адзнаку, што спыняла мяне раней: адзін зь ліфтаў нязьменна знаходзіўся на першым паверсе, а другі – на адным зь верхніх. 14, 15, 16, 17. Чаму заўсёды так? Нават калі разважыць, што спускаюцца на першы паверх значна часьцей, чым паднімаюцца на любы іншы, дык чаму падымаюцца толькі на самы верх? Няўжо па мяне? Гэтыя злавесныя думкі думаліся дзіўным чынам асобна ад мяне; я ж уваходзіў нагамі ў ліфт, націскаў пальцам гузік. Я заўважыў, што ўваходжу заўсёды правай, а націскаю не паказьнікам, але сярэднікам, быццам цела маё інстынктыўна спрабуе мяне абараніць, выконваючы адмысловы ахоўны рытуал.
Аднак неўзабаве мне было дадзенае апошняе папярэджаньне. Паднімаючыся да сябе, я праяжджаў паўз засеўшага ў суседняй кабіне мужчыны. Былі чутныя раздражнёны жаночы крык і нясьмелы апраўдальны бас. Спачатку я не разьбіраў слоў. Потым, па меры майго набліжэньня, высьветлілася, што дыспэчар з дынаміка патрабуе не націскаць больш на кнопку выкліку, а мужчына пакорліва запэўнівае ў сваім і-так-ненацісканьні. Я халадзеў і дрыжаў, упікаючы сябе за бессэнсоўнае глупства. Хутчэй, хутчэй! Галасы павольна праплылі, засталіся ўнізе, і нарэшце, аднекуль зьверху кабіны паблажліва пстрыкнула. Дзьверы адчыніліся. О, палёгка! Пакляўшыся больш аніколі не ўваходзіць у ліфт, я выйшаў. Памарудзіў. Што з тым гаротнікам? Можа трэба падтрымаць яго? Крыкнуць у шахту «трымайся, хлопча!» Ці распавесьці суцяшальны анэкдот? Альбо павучальна пазлараднічаць: «Так табе й трэба, прыдурак. Пешшу хадзі». Або: «Чуеш, гэй, ты ў якой кватэры жывеш?» Ён абнадзеіцца, раптам я чымсьці дапамагу: «У 265». А я: «Ну, пайду перадам прывітаньне тваёй жонцы й дзетачкам!» Такое б ён пэўна запомніў.
У рэшце рэшт я нічога не сказаў. Каму гаварыць? Хіба можа папярэджаньне быць цялеснае? Гэта толькі міраж, створаны анёламі. На самой справе няма ні дыспэчаркі, ні баса, а гэты ліфт затаіўся цяпер на першым паверсе і чакае сапраўдную ахвяру – мяне. Я стаяў ля вакна побач са сьмецьцеправодам і глядзеў на вогненны паток машынаў на кальцавой дарозе. Пачуцьцё падказвала мне, што пара зьбірацца, але я зноў пераканаў сябе: тут мяне ня знойдуць.
C9. Змрочныя засьценкі. Гэта скарб
Вучылішча рэклямных ботаў, у якім доўжыліся мае пакуты, звонку было падобнае на доўгі барак часоў другой сусьветнай вайны, але пад зямлёй распасьціралася на квартал ушыркі і на тры паверхі ўглыб, як злавесны айсбэрг з чорнае цэглы. Гаварылі, што ніжні ярус, у якім знаходзіліся нашыя вучнёўскія кельлі, абапіраецца на скалу й нават часткова высечаны ў ёй. Гэта ўзрушвала мяне, і я раз-пораз спрабаваў пераканацца ў рэчаіснасьці скалы, адкалупваючы ў розных месцах шпалеры – але пад імі заўсёды ляжаў роўны пласт тынку, і ні чорнае цэглы, ні вульканічнага каменя не было відаць. Я прастукваў сьцены костачкамі пальцаў да болю й садзеняў, і гукі мэлядычна зьмяняліся ад кута да кута – але як зразумець, дзе скала, дзе гіпс, а дзе таемная пячора? І ці такое ўжо непарушнае Вучылішча? Стаміўшы сябе бясплённымі здагадкамі, у пятніцу пасьля абеду я паехаў на аўтобусе ў будаўнічы гіпэрмаркет і спытаў прадаўнікоў, чым звычайна адколваюць тынк. Яны параілі мне шыкоўную бронзавую кірку, цёмна-карычневую, цяжкую, з прыемным гладкім дзяржаньнем, але яна была завялікая для маёй цеснай каморы і пэўна ўчыніла б у ёй непапраўныя разбурэньні. Замест яе я набыў цьмяна-шэрае зубіла і стройны малаток з раздвойваньнем на вытанчана загнутым канцы. Каб заблытаць сьляды, я вярнуўся ў вучэльню на маршрутцы, неяк прабавіўся да поўначы, пакуль ўсе заснулі, счакаў дзеля надзейнасьці яшчэ паўгадзіны і пачаў акуратна цюкаць, прама па-над галавой. Я стараўся трапляць у такт ціканьню гадзіньніка ў калідоры, цік-так, цюк-цюк. Тынкоўка была дыхтоўная, амаль у палец таўшчынёй, а адразу за ёй аказаліся асінавыя дошкі, сухія-сухія, з дробнымі ломкімі сучкамі. Тут была б дарэчы дрыль з кальцавой пілкай, але я не сьпяшаўся. За гадзіну й сорак хвілін я выбіў з дошкі прастакутнік прыкладна ін-кварта і асьцярожна выцягнуў яго. За дошкай бязвольна бугрыўся друзлы вапняк, і цяпер праца пайшла спорна. Я хутка апускаўся ў цёмную нару, зрэдку з раздражненьнем перарываючыся на выграбаньне пяску. Сыпкая гурба на падлозе расла, час бег, і сілы пачалі патроху пакідаць мяне. Не спадзеючыся дабрацца за адну ноч да глыбіннага вулькана, я ўжо пачаў падумваць пра адпачынак, як раптам зубіла правалілася, рука тузанулася, і малаток балюча трапіў па костачцы. Таемная пячора! Зьлізваючы брудныя сьлёзы, я пашыраў дзірку, пакуль ня здолеў прасунуць туды руку й галаву. Прынюхаўся, ці няма грымучых газаў, запаліў лямпу дый адразу ж зажмурыўся праз моцны водбліск. Унутры пячоры, зьзяючы белым мармурам, стаяў бюст Імануіла Канта, патанаючы ў шчодрых россыпах бірузы й зялёнага турмаліну. Так, я быў шчасьліўчык, а гэта быў ён – сапраўдны напаўкаштоўны скарб!
CA. Аповед Коліка. Пра выхаваньне
Мой брат Колік апавядаў, што аднойчы трапіў у камэру разам з дырэктарам школы, ня нашым, вядома, а іншым. Дырэктар сядзеў на кукішках ля сьцяны, пагружаны ў сум, і сьлёзы блішчалі за шклом ягоных акуляраў. Колік прысеў побач, пачаставаў дырэктара чарнаплоднай рабінай, і той з уздыхам расказаў яму сваю сумную і павучальную гісторыю.
Дырэктар, аказваецца, вельмі любіў сваю працу і дзяцей – і больш за ўсё на сьвеце хацеў, каб яны вырасьлі добрымі, прыстойнымі людзьмі. І, калі яму даверылі цэлую прыватную школу, ён прыдумаў арыгінальны выхаваўчы плян. Усім вядома, распавёў ён Коліку, што ў стадыі станаўленьня падлеткі непазьбежна бунтуюць супраць акружэньня. І гэтую магутную энэргію бунту можна выкарыстоўваць! Як? Ты сам зьмяркуй: калі асяродзьдзе справядлівае, дэмакратычнае і шчаснае, дык бунтары робяцца панкамі, пэрвэртамі ды футбольнымі фанатамі. А калі вакол царызм і няроўнасьць, дык бунтары – дзекабрысты і ўзьнёслыя паэты. Такім чынам, неабходна ізаляваць школу ад зьнешняга сьвету і зладзіць унутры самыя агідныя, брудныя, подлыя парадкі, кшталту «120 дзён Садома», толькі з заняткамі. Чым горай, тым лепей. Тады на выхадзе атрымаюцца чыстыя, сьветлыя, радасныя асобы, адкрытыя для станоўчае працы і творчасьці! Зацікавіць пэдагогаў-калегаў новым мэтадам было ня цяжка, спонсары й дабрачынцы ўхвалілі, бацькам наабяцалі небывалых узьлётаў, не ўдаючыся ў падрабязнасьці – і экспэрымэнт пачаўся. Аднак яго чакаў зруйнавальны правал у першы ж год! Бо дырэктар чамусьці не ўлічыў, што да бунтарства схільны зусім ня кожны падлетак. У той год нашчэнт усе дзеткі аказаліся канфармістымі! Яны хутка прызвычаіліся і зь вялікай ахвотай аддаваліся подласьцям, узаемным зьдзекаваньням і самым гнюсным вычварэнствам. І на калядных вакацыях прадэманстравалі свае заганныя захапленьні бацькам. І на Новы год за дырэктарам прыйшлі прыставы.
Але дырэктар усё ж не пакідаў надзеі пасьля выхаду з турмы даказаць разумнасьць свайго мэтаду. Неабходныя сэпарацыя й сэгрэгацыя, сказаў ён. Трэба даваць дзецям падрабязныя тэсты, а потым канфармістыя – налева, у звычайную школу, бунтары – направа, у маю.
CB. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра перамогу
9 мая тата як заўсёды падняўся рана і адразу прыбраўся ў парадны цёмна-сіні гарнітур, цяжкі праз багацьце ордэнаў. У прыўзьнятым настроі ён спружыніста праходжваўся паміж сталамі, пашчыпваў вусы й камандаваў сэрвіроўкай: бульбачку сюды! морквачку туды! кветкі разьбіць на дзьве групы! садавіну пірамідкамі! сьпіну роўна, Толік! жывот уцягнуць! вымкнуць рок-н-рол, паставіць Гераічную сымфонію! Ролю, ролтан яшчэ рана! сурвэткі хаткамі! дзе рыбныя відэльцы? так вас разгэтак! надзьмуць шарыкі!
У гэты дзень сабраліся ўсе: мама сагнала паклоньнікаў-дэкадэнтаў і млява панавала побач з татам на чале галоўнага стала; Колік у беласьнежных спартовых нагавіцах ліха адкаркоўваў бутэлькі; Толік з жонкай і дачкамі сноўдаў з тэрасы на кухню, прыносячы ўсё новыя й новыя стравы, сальніцы ды перачніцы; Валік з таямнічай пасьмешкай паставіў ля сьцяны скрутак з падарункам таце, мяркуючы па форме – сваёй новай карцінай; Хуліё, ня ў сілах разлучыцца ні на імгненьне з новым каханьнем, прывёў яе з сабой – дзеву чароўнае прыгажосьці і юнацтва, і яна адразу выклікала ў мамы раўнівыя погляды. Роўна ў дванаццаць тата з грукатам крэсла ўстаў і ўзьняў келіх з шампанскім. Усе зьнерухомелі. Цішыня. Белыя сабачкі схаваліся пад стол і асьцярожна выглядалі.
– Я, – тата зрабіў паўзу для большай урачыстасьці, – Я, дарагія мае дзеткі, прайшоў усю вайну! Я біўся адважна. Вы можаце мной ганарыцца. Біў ворага ў хвост і ў грыву! Гнаў гада да самага Бэрліна! Паказаў фрыцу саву смаленую!
– У якіх войсках ты змагаўся, хані? – сьвецкім тонам спыталася мама.
– Паказаў, кажу, фрыцу саву смаленую! Тост нельга перарываць, – ён паклаў маме руку на плячо, зазірнуў у келіх і трохі памарудзіў, усё-такі зьбіўшыся. – Дык што гэта я казаў? Ага! Падумайце: калі раз за разам абвяшчаць тост за перамогу, ці ня будзе гэта выглядаць занадта саманадзейна й самаўлюбёна? Ці наадварот, занадта баязьліва, быццам мы, дрыжучы са страху, дзяўбем мантру-абярэг? Ці нават з такога пункту гледжаньня: фрыцы ж таксама пілі за перамогу, аднак не перамаглі, так ці не? Такім чынам, каб ураўнаважыць перакошаньні й выратаваць адным стрэлам мноства зайцоў, я ўзьнімаю гэты келіх за паражэньне! Ура!
Дзева, прыведзеная Хуліё, засумнявалася й кінула некалькі хуткіх поглядаў па бакох: як мы ўспрымем? Але нам было не прывыкаць! Мы й вокам не міргнулі, і зараўлі: Ура! Ура! Ура!
CC. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра простага чалавека
У тыя гады, калі Валік зарабляў на жыцьцё партрэтамі, мы з брацікамі любілі сядзець у ягонай майстэрні, за японскай пэргамэнтнай шырмай, лізаць салодкую акварэль і падглядваць за жывапісуемымі заказчыкамі. Каго толькі ў Валіка ня перабывала! І генэралы, і тэлевядучыя, і модныя журналісты, і дужыя ваенмары. Прыкладам, аднаго часу да яго панадзіўся хадзіць пісацца непрыкметны чалавек з суседняй вуліцы, па прафэсіі падліковец. Ён прыходзіў прыкладна раз на месяц, і аднойчы мы засьпелі яго. Ён пераапрануўся ў чыстае і каля гадзіны пазіраваў на драпіроўцы моўчкі, пакрысе хмурнеючы, хмурнеючы – і нарэшце пачаў скардзіцца.
– Як бачыце, я вельмі просты чалавек. Вам можа гэта здацца нязначным, але вы не ўяўляеце, да якой ступені я прасякнуты прастэчай. Я прасьцейшы, чым вы ці хто-небудзь іншы, нашмат прасьцейшы. Мяне гэта прыгнятае страшэнна! Немагчыма прымірыцца. Прыкладам, пагляджу штосьці з Антаніёні, і ўвесь дзень хаджу змрочны: вось якія бываюць людзі, ня тое што я. Чаму ж я такі ганебны? Складаюся з простых жаданьняў чаму? Паесьці, пазабаўляцца, паспаць? А калі пажалісься таварышам і сяброўкам, дык тыя імкнуцца суцешыць па-рознаму: адны кажуць, што ўсе рэжысэры – крыўлякі; іншыя, наадварот, што ня ўсім жа быць грандыёзнымі; трэція – што толькі ў шчырасьці й жыве ісьціна; чацьвёртыя – што зусім не такі я просты, як здаецца; пятыя – што складанасьць, калі разабрацца, ні што іншае як псыхоз. І, пагадзіцеся, той факт, што ўсе гэтыя развагі адрозьніваюцца, сьведчыць пра іхную няслушнасьць. Хіба не? І, выходзіць, аніякага суцяшэньня мне няма й быць ня можа: я просты, і кропка.
Але на гэтым ён не супакоіўся і пачаў старанна будаваць ужо ўласныя высновы, якія хітрамудра апраўдвалі прастэчу, а потым урачыста руйнаваў іх. Здавалася, ён быў здольны вывяргацца гадзінамі. Валік паглядаў на нас і нахіляў галаву, нібы кажучы: вось так заўсёды! Мы з брацікамі з пагардай разглядалі ягоны твар праз шырму: нос, лоб, бровы – прасьцяцкія, немудрагелістыя, хваравіта зьбянтэжаныя. Калі Валік выйшаў у прыбіральню, мы выскачылі й надавалі падлікоўцу нясільных, але зьневажальных падпатыльнікаў і аплявухаў. «Пайшоў, пайшоў адсюль!» Адразу ўсьвядоміўшы сваю безабароннасьць, ён схапіў пінжак і рынуўся да выхаду, а мы падганялі яго штурхялямі. «Прэч!» Выскачыўшы на ганак, ён даўся ілбом аб нізкую бэльку брыля і завыў, а мы пасьмяяліся й пляснулі дзьвярыма. Валік, вярнуўшыся, ухваліў нас: «Трываць не магу гэткіх; дзякуй вам, браты».
CD. На адвароце партрэта. Пра далікатныя прызнаньні
«У мэтро, прыхінуўшыся да дзьвярэй, стаяла пара. Трымаючыся за рукі, тварам да твару, профілем да мяне. Яны закахана ўсьміхаліся і размаўлялі, нячутна за шумам, і былі такія маладыя, такія харошыя. Я глядзеў на іх: складаныя абрысы ў перакрыжаваньні сьветлавых плямаў, іскры ў валасах, водбліскі на вуснах. На крыле носа ў юнака была мілая радзімка, а на крыле носа ў дзяўчыны, у сымэтрычным месцы – які жах – прыліпла казяўка. Шэрая казяўка, якую выкалупваць з ноздры й скочваюць у маленькі шарык. Чаму ён ня скажа ёй пра казяўку? Чаму не змахне нядбайным рухам? – напружана разважаў я. – Можа, ён баіцца разбурыць рамантычнасьць імгненьня? Можа, я стаў міжвольным сьведкам далікатнага прызнаньня? Ён зьмеркаваў прынесьці ў ахвяру форму, думаючы толькі пра існасьць? Але як ён памыляецца! Бо казяўка ператварае іхнае каханьне ў непрыстойныя кпіны, у зьдзек, у брудны намёк! Ці ня лепей нязмушана скінуць яе ды пачаць прызнаньні з пачатку? Ці ня трэба мне ўмяшацца? Але тут дзяўчына ледзь павярнула галаву, сьвятло лягло пад іншым вуглом, і казяўка ператварылася ў нявінны пірсынг. О, якое палягчэньне! Але дарма я сышоў і не пазнаёміўся зь імі... цяпер хачу абавязкова напісаць іхны партрэт, хай і па памяці.»
CE. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра скрыначкі
Калі мы былі маленькія, вучыцца па нядзелях нам было асабліва цяжка. Нават на сацыялёгіі мы хутка нудзіліся – пачыналі скабліць ножыкамі вечкі партаў альбо расчыняць рот і пстрыкаць сябе па горле, каб атрымаўся бутэлечны гук. Дырэктар, сталы вопытны пэдагог, адчуўшы гэта, адразу кідаў выкладаць і ладзіў перапынак, абносячы нас кафэйнікам і малочнікам, ну а кубкі й цукар мы заўсёды трымалі напагатове. Сам ён кавы ня піў; даставаў тытунь, даваў нам панюхаць і набіваў люльку. Раскурыўшы яе як сьлед, расказваў гісторыю.
– Жыў-быў чалавек, ён рабіў скрыначкі. Да адных прыляпляў ручкі, а да іншых прывязваў вяровачкі. Як надышоў яму час паміраць, ён не спалохаўся, а сеў і памеркаваў, што наапошку трэба ў жыцьці зрабіць. Схадзіў ён у лес, схадзіў у краязнаўчы музэй, паспаў з жанчынай, зьеў торт, паглядзеў на захад – вось такі ў яго быў немудрагелісты густ. Усё зрабіў, што хацеў, а часу яшчэ даволі засталося. Пачухаў чалавек галаву, дый сеў ізноў за скрыначкі, да адной ручку прылепіць, да іншай вяровачку прывяжа. Людзі яму кажуць: кідай ты свае скрыначкі дурныя, нікому яны не патрэбныя ў цэлым сьвеце, зрабі штосьці вартае! Гэта што напрыклад? – пытаецца чалавек. Пачухалі людзі галовы, дый і не знайшліся што адказаць. І пасьпеў той чалавек яшчэ многа скрыначак зрабіць.
Пасьля такіх гісторый мы, напалоханыя, браліся за заняткі з новымі сіламі.
CF. Зь ліста Толіка. Пра пляцкарт і купэ
<...> але калі ў вас наперадзе ноч у пляцкартным вагоне, можаце згуляць у гульню «адгадай мяне». Хто з навакольных мужычкоў будзе храпці ўва сьне? Вунь той, дварф-мацак з шырокай сківіцай і кучаравымі перадплеччамі? Ці той, ветлівы бледны пэнсіянэр? Альбо той сьціплы, з залысінамі, у мятай палатнянай кашулі, падобны да сэрыйнага забойцы? Я сыграў, і мне выпаў пэнсіянэр. І ён ня толькі хроп, але нават аднаго разу прамармытаў «мама». Ну а калі вы набылі квіток у купэ, дык рыхтуйцеся да горшага. Паверце хаджаламу! У адгадайку можна нават не гуляць: храпці будзе менавіта той з вашых спадарожнікаў, які пшыкае зараз бляшанкай зь півам. Празь піва ягоны грозны подых зробіцца асабліва духмяны, а стварыць яшчэ лепшую канцэнтрацыю смораду дапаможа другі спадарожнік. Ён неспакойна зашчоўкне дзьверы, баючыся легендарных разбойнікаў, якія выкрадаюць па начох чаравікі. Пахі не турбуюць яго, бо гэныя каштоўныя чаравікі самі зьяўляюцца магутнай крыніцай, і ягоны нюх прытуплены. Трэці спадарожнік, нэрвовы й сіне-жылісты, абавязкова захоча апусьціць на вакно чорную заслону, каб яго не трывожылі ліхтары, што праплываюць звонку. Заслона будзе заядаць, і вам прыйдзецца змацаваўшы сэрца яму дапамагчы. І вось вы ўжо скурчыліся на кароткай верхняй паліцы, слухаючы аглушальны храп, задыхаючыся, у апраметнай цемры. Падобна да пекла? Так. Толькі ня ўздумайце выходзіць вонкі праветрыцца: вярнуцца назад будзе ўдвая цяжэй <...>
D0. Аповед Коліка. Пра вінаватага чалавека
Колік апавядаў, што аднойчы зь ім у астрозе сядзеў сумны чалавек з конскім тварам, тоўстымі зморшчынамі на лобе і шырокімі пазногцямі. На пытаньні пра прычыны зьняволеньня ён цёр лоб, мяў зморшчыны нібы цеста, гаротна ўздыхаў і прызнаваўся, што адправіў аднаго малойчыка да продкаў. Нічога дзіўнага ў гэтым не было, Колік і сам ня вельмі шанаваў малойчыкаў, але з нуды ён стаў да сумнага чалавека прыглядацца й выпытваць ненадакучліва пра абставіны. Чалавек спачатку аднекваўся, адмоўчваўся, але з часам, як гэта бывае зь людзьмі замкнёнымі і дзіклівымі, прызвычаіўся да Коліка, даверыўся безумоўна дый распавёў пра сябе ўсё, што ведаў. З самага юнацтва памятаў ён сябе зусім не зламысным, але наадварот – сьмірным і сарамлівым. Саромеўся ён самых розных рэчаў: уласнае непрыгожасьці, нядбайнасьці, нясьмеласьці, а калі аднойчы ўпоцемку наступіў на галоднага бяздомнага шчанюка – упершыню выразна ўсьвядоміў сябе вінаватым. Гэта ўсьведамленьне зацьвярдзела й шчыльна засела ўсярэдзіне ягонае галавы, быццам у загадзя падрыхтаванай адтуліне, і з таго часу ўжо не пакідала яго. Ён адчуваў віну літаральна за ўсё: за няшчырасьць аднагодкаў, за хваробы бацькоў, за цяжарнасьці дзяўчат, за нелюбоў начальнікаў, за мізэрнасьць чыноўнікаў, за сьмерць акварыюмных рыбак, за нявыхаванасьць сыноў, за пажар на першым паверсе, за бессаромнасьць урада, за атлусьценьне жонкі, за хлусьлівасьць міністраў, за пляўкі на лесьвіцы, за азонавыя дзіркі, за мат на сьцяне, за стагнацыю юстыцыі, за паламаную лаўку. Калі б я наведваў зь імі выставы, хіба зламалі б яны лаўку? Калі б я пазьбягаў дэзадарантаў-антыпэрсьпірантаў, хіба зьявіліся б дзіркі? Калі б я хадзіў на дэманстрацыі, няўжо не расквітнела б юстыцыя? Але час быў беспаваротна выпушчаны, і зь непазбыўнага засмучэньня пайшоў чалавек здавацца ў турму за ўсе свае правіны й злачынствы. Жандары яго зь некаторым спачуваньнем выслухалі, але ў турму не прынялі й далі накіраваньне да псыхааналітыка. Псыхааналітык аказаўся малойчыкам у акулярах і футравай камізэльцы, кульгавенькі; ён практыкаваў гештальт-тэрапію і адразу ж падступіўся да вінаватага чалавека з аналізамі. І зьмеркаваў вінаваты чалавек: адпраўлю-ка я гэтага малойчыка кволенькага да продкаў! Адным болей, адным меней, а мяне затое пакараюць нарэшце па заслугах. Схапіў ён скрыню для аналізаў і ну малойчыка дубасіць! Малойчык хворанькі тут жа душу на неба і выпусьціў, а вінаватага чалавека пабілі бізунамі і забралі ў астрог.
D1. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра практыку і тэорыю
Дырэктару нашае школы, які вёў шматлікія прадметы, часьцяком і самому назалялі ўсе гэтыя лекцыі, задачкі і нікчэмныя дыктоўкі, і ён аб'яўляў вольныя практычныя заняткі. Мы сустракалі іх радаснымі воклічамі – нягледзячы на адмысловую строгасьць і структураваньне, яны ніколі не бывалі маркотныя. Мы наўзахапкі прапаноўвалі ідэі, і часам дырэктар сапраўды дазваляў нам абіраць самастойна, але звычайна ён сядаў за стол, сьціскаў галаву рукамі, і праз хвіліну абвяшчаў тэматыку і плян дзеяньняў. Прыкладам: пошук межаў і ўмоў ператварэньня ўсьмешкі ў грымасу. Мы па чарзе старанна расьцягвалі ў усьмешках раты, замяраючы кожны мілімэтар зруху куткоў вуснаў і кожны градус расчыненьня сківіцы, заносілі дадзеныя ў табліцы і будавалі па іх падрабязныя рознакаляровыя графікі. Або: фіксацыя моманту наступленьня візуальнай старасьці. Мы шукалі самую новую парту й прымаліся драпаць яе сьцізорыкам, уважліва назіраючы, як яна праходзіць усе ступені паскрэбанасьці й парэпанасьці да поўнае і адназначнае састарэласьці. Або: даследваньне мэханізму ўзгараньня лютасьці. Колькі разоў у залежнасьці ад надвор'я і часу сутак трэба абазваць сеньёра Рунаса доўбнем, каб ён абразіўся і ў гневе ўскочыў? Усе ўрокі мы выконвалі скрупулёзна і зь вялікім натхненьнем, і дырэктар не шчадзіўся на выдатныя адзнакі.
Аднак калі надыходзіў час чарговага іспыту, усё роўна па якім прадмеце, дырэктар рабіўся суровы, непрыступны і кожнага разу задаваў нам адно й тое ж пытаньне, тэарэтычнае:
– Што такое сядзіць унутры чалавека і штурхае яго да дзеяньня?
– Любоў! – адказваў Хуліё.
– Не. Калі я хачу папраць ручнік і грэю ваду, у гэтым няма любові.
– Розум! – адказваў Толік.
– Не. Калі я аддаю перавагу гальштукам у гарошак перад гальштукамі ў палоску, і ежджу па іх у краму на другім канцы гораду, у гэтым няма розуму.
– Комплексы! – адказваў Колік.
– Не. Калі я выходжу на балькон, і глыбока ўздыхаю, і радуюся ранішняму сонцу, і пачынаю напяваць, у гэтым няма комплексаў.
Мы ведалі, што дырэктар сам ня ведае адказу на сваё пытаньне і трапятка спадзяецца на нашу выпадковую адгадку, якая зможа ўсё праясьніць, але з павагі да яго рабілі дурнаватыя твары і зусім ня крыўдзіліся на двойкі.
D2. Уцёкі ды туляньні. У адзін з апошніх дзён
У адзін з апошніх дзён, вярнуўшыся дахаты, я засьпеў дзьверы ў кватэру разнасьцежанымі, каберац – затаптаным, падлогу на пляцоўцы – пакрытую белымі крэйдавымі сьлядамі, цераз парог да лесьвіцы. Думкі спыніліся ўва мне, і я павольна ўвайшоў. Мой улюбёны зялёны плястмасавы тазік сустрэў мяне ўверх дном, зь непапраўнай расколінай ад ручкі праз усю бакавіну. Куртка распласталася ля яго, з вывернутымі кішэнямі, з вытрыбушаным капюшонам, з падпаленымі запальнічкай гузікамі. Я заплакаў. У кутку, на павароце да кухні, ляжаў зьнявечаны зэдлік, з выламанымі ножкамі, з выдраным з тарцу кантам. Кроплі клею на сучляненьнях, яловыя сьлёзы на сколах вуглоў. Хто мог быць да такой ступені жорсткі? У ваннай лілася вада – кран быў скручаны, кафляная плітка пабітая долатам, мыйка сточаная напільнікам. З разэткі цягнуўся доўгі кабель, да самае кухні, дзе на стале скурчыліся відэльцы, лыжкі й рондальчыкі, кожны з падвойным зьмяіным укусам ад электрычнае дугі. Па падаконьніку быў рассыпаны чай, і кожную чаінку мэтадычна раздушылі чымсьці цяжкім, жалезным. Нехта выкручваў лямпачкі і з высілкам трос іх, каб сарваць сьпіралькі. Нехта заганяў пад шпалеры зубачысткі і абломваў іх, як стрэмкі. Нехта плюхнуў у сальніцу вады, добра высушыў фэнам і атрыманым каменьчыкам падрапаў люстэрка. Але самае жудаснае выявілася ў пакоі: тоўсты сіні том Сэтан-Томпсана «Жыцьцё дзікіх зьвяроў» быў зьнявечаны й бязьлітасна разадраны. Скамечаныя, сжаваныя й зьдзекліва разгладжаныя старонкі высьцілалі падлогу і ложак, адныя запэцканыя, іншыя забруджаныя, трэція з пакеплівымі рэмаркамі на палёх. Асабліва дасталася лісічкам – нехта ненавідзеў лісічак настолькі, што дробна ірваў ды крэмзаў кожны малюнак, пераціраючы абрыўкі далонямі да распушаных галачак. Лісічкі, лісічкі, шаптаў я ў падушку, зваліўшыся на ложак, прабачце мяне, бо я ўсё гатовы быў зрабіць дзеля вас, заўсёды, прабачце мяне.
D3. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра самага добрага чалавека
Напярэдадні сьвятаў, перад Калядамі ці перад днямі нараджэньня, калі мы з брацікамі чакалі казачных падарункаў, нам ужо не хацелася слухаць страшныя казкі, а хацелася чагосьці надзвычай добрага. Тады мы ішлі да мамы й залазілі да яе пад шырокі вязаны плед.
– Матухна, а хто быў найдабрэйшы чалавек на сьвеце?
– Шмат іх было на сьвеце, дзеткі, добрых людзей! – ахвотна адгукалася мама. – Усёй ночы ня хопіць, каб толькі імёны пералічыць. У адным нашым месцы пражывала ніяк ня меней за тры тысячы самых добрых людзей, а сама найдабрэйшы зь іх быў адзін судзьдзя. Насіў ён сівую бараду-рыдлёўку, як Дзед Мароз, паходны фрэнч колеру хакі, як Робін Гуд, і зялёныя вэльвэтавыя нагавіцы зь дзіўнай назвай штроксы, як чараўнік Гудвін. Да кожнага стварэньня меў ён ласку: і птушачкам кармушкі майстраваў, і кацянятак малачком частаваў, і дзетак малых пернічкамі трактаваў. Час той быў няпросты, трывожны, галодны, а ён увесь свой паёк судзейскі людзям раздаваў – то сябрам, то суседзям, а то й нават дзяўчынам незнаёмым наўпрост на вуліцы. Працаваў ён на знос, па дваццаць гадзінаў запар – бо вельмі шмат людзей у тыя часы пад суд трапляла, хто сапраўдны злачынец, а хто й па намове несправядлівай. Зь беднасьці ды зь няшчасьцяў злосныя былі людзі, і паклёп не за нягоднасьць лічыўся, а за вымушанасьць. Судзьдзя ж наш усіх адной меркай судзіў, ні на твары, ні на чыны не глядзеў, ні на артыкулы, ні на абставіны – усім аднолькавы расстрэл. Аднак для кожнага прысуджанага хвіліна ў яго знаходзілася з тлумачэньнем і суцяшэньнем: жыцьцё маўляў цяпер халоднае й небясьпечнае, сынку, куды як лепей спакойная сьмерць; ідзі зь мірам і нічога ня бойся. Многія слухаліся яго, але многія й наракалі: ды як жа нашыя дзеткі, згінуць жа без карміцеляў! А судзьдзя ім у адказ: у дзіцячым доме крапчэйшыя вырастуць, ужо паверце мне; ведаю не па чутках, не трывожцеся; а хто ня выжыве, дык так яно і лепш. Бывала, нават салдацікаў стомленых добры наш судзьдзя падмяняў: ідзіце пасьпіце, унучкі, высьпіцеся, дый сэрца спакайнейшае будзе, я тут сам пастраляю. Тады мала хто зь людзей яго любіў, хутчэй за пачвару лічылі, і толькі некаторыя разумелі. Аднаго разу на досьвітку вёў ён на расстрэл сьвятара, і той па шляху ўпікнуў судзьдзю: столькі людзей ты загубіў, стары, пра душу уласную забыўшыся; што цяпер сам перад Судом скажаш? Праўда твая, брат, адказваў судзьдзя, не турбуюся я пра душу уласную, што мне зь яе; толькі пра людзей думкі мае, каб ім добра зрабіць; вось і ты – навошта табе нягоды зямныя, ляці сабе ў рай. Дужа зьдзівіўся сьвятар гэтым словам і, падумаўшы, пакланіўся судзьдзі й руку пацалаваў. А неўзабаве пасьля гэтага зьнік судзьдзя – кажуць, падпільнавалі яго ў лесе няўдзячныя грамадзяне, забілі й замучылі да сьмерці амаль што голымі рукамі, ды ў яру закапалі. Вось як бывае, дзеткі. Хочаце кампоціку?
Але мы з брацікамі ўжо ня чулі прапанову – мы салодка спалі пад цёплымі матулінымі рукамі, і нам сьніўся добры ваенны Дзед Мароз з доўгай мяккай барадой колеру сьнегу.
D4. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра старэнькіх
У дзяцінстве, калі мы з брацікамі бачылі старэнькіх, мы не маглі ўтрымаць сьлёзы. Іхныя няспраўныя рухі, іхная бездапаможнасьць і безабароннасьць, іхныя далікатныя як цукар косткі і тонкая карычневая скура – усё выклікала ў нас глыбокі смутак і хваравітае пачуцьцё безвыходнасьці. Мы ішлі за старэнькімі некалькі кварталаў, усхліпваючы і падтрымліваючы адно аднаго за плечы, а потым, ня маючы сілаў трываць роспач, садзіліся на лаўку і плакалі. Бывала, старэнькія азіраліся й заўважалі нас – тады яны вярталіся, распытвалі і, даведаўшыся прычыну гора, прымаліся суцяшаць. У справу ішлі і апавяданьні пра тое, як цудоўна ім жывецца, і песенькі, і пірожныя, і нават хлапушкі, але мы не маглі супакоіцца і ўсё галасілі, галасілі. «Цьфу на вас, маленькія прыдуркі!» – азлабляліся тады старэнькія і сыходзілі нэрвовай хадой, нахмурыўшы бровы. А мы стагналі, вылі адно ў аднаго на грудзях. Выплакаўшыся ўволю, мы абціралі апухлыя вочы і глядзелі, што пакінулі старэнькія. Зь пірожных нам больш за ўсё падабаліся шакалядныя бульбачкі, празь іх на душы рабілася весялей. Часам трапляўся пірог з капустай, а зрэдку – вэнджаныя яйкі. Некаторыя старэнькія пакідалі нам сурвэткі ды пакуначкі для сьмецьця, і мы рабілі зь іх чалавечкаў, а потым давалі разьвітальны салют з хлапушак. І тыя старэнькія, каго мы пазьней сустракалі другім ці трэцім разам, больш не выклікалі ў нас смутку – бо мы зь імі ўжо разьвіталіся.
D5. Зь ліста Толіка. Пра мармэлядкі
<...> альбо піва, альбо тытунь, альбо піца – дробязі гэта ўсё, ну, для мяне прынамсі. Але ёсьць у жыцьці рэчы, да якіх прызвычайваесься, і адмовіцца потым – намаганьне тытанічнае. Вось, ці паверыце, прыахвоціўся я да такіх маленечкіх цытрынавых мармэлядак, жоўценькіх. Пакуначак за вячэрай – ці шмат гэта? А кожная мармэлядка пасыпаная цукарком. Год еў, два еў, а цяпер захацеў спыніцца – і не! Не магу адмовіць сабе. Яны паўкругленькія, як долькі. Нават да сымптомаў даходзіць – горыч у горле, цяжар у тулаве, сьлёзы бясьсільля... А бывае, зьбярэсься ўвесь у кулак, як сталь! І не зьясі! І не зьясі! А потым, калі ўжо ня зьеў, мяркуеш: ну вось, я ж перамог? Перамог. Зараз можна хаця б адну? Можна. А рукі ўжо самі фанцік разгортваюць! І зноў прорва расчыняецца... яны такія кісьленькія <...>
D6. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра чаканьне
Калі мы з брацікамі ўзмужнелі, ані дня не праходзіла, каб Хуліё не расказваў нам у падрабязнасьцях пра сваіх прыгожых сябровак і пра сваё каханьне да іх, такое неаднолькавае і кожнага разу непадобнае. Але часам да яго падступалася мэлянхолія, і ён пачынаў абстрагавацца і абагульняць.
– Ведаеце, брацікі, я з самага дзяцінства чагосьці чакаю – і ад дзяўчынак, і ад дзяўчат, і ад жанчын. Чагосьці! Нейкіх асаблівых слоў, можа. Якія кудысьці паклічуць, усё аканчальна патлумачаць і ўсё назаўжды зьменяць! І пачнецца сапраўднае жыцьцё, шчасьлівае, паўнаводнае! Але чамусьці гэта ніколі не адбываецца...
– А я табе скажу па сакрэце, Хулі, – сказаў па сакрэце Толік, – у мяне хоць і жонка, і дзьве дачкі, але я таксама дагэтуль чакаю таго самага!
І яны сумна акруглілі вочы, і паляцелі летуценнымі поглядамі за гарызонт.
– А я вам скажу, хлопцы, – сказаў Колік знарочыста груба, – гэта вы зусім ня бабу чакаеце, а Бога.
І яны зь нечаканасьці нахмурыліся, і пачухалі патыліцы.
– А я вам скажу, – сказаў Валік, – гэта мы ўсе чакаем сьмерць.
Але Хуліё цярпець ня мог падобнае псэўда-філязофскае балбатні; у падобных выпадках ён моўчкі ўставаў і пачынаў зьбірацца ў кіно.
D7. На адвароце партрэта. Пра пачуцьці
«Пачуцьці юнае дзяўчыны слабыя, нетрывалыя, неразьвітыя. Сёньня яна шануе Кундэру, заўтра – Керуака, а ты ў ейных вачох – толькі абрыдлы, нікчэмны пёс.
Іншая справа – кабета сталая, сьпелая, поўная сапраўднае палкасьці. Кастанэды й Картасары мільгаюць у ейных вачох пярэстымі іскрынкамі, і толькі ты сьвецісься моцным і роўным сьвятлом.»
D8. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра дырэктара школы
Самым лепшым старэнькім зрабіўся наш дырэктар школы. Ён прыходзіў раз ці два на год да кагосьці з нас на дзень нараджэньня, альбо на імяніны, альбо на іншае сьвята, альбо папросту казаў у дамафон:
– Які сёньня выдатны дзянёк...
Яго нязьменна суправаджала жонка, але дзіўна – яна ніколі не ўваходзіла да нас, як бы мы яе ні ўпрошвалі. Не! – яна вызваляла руку й глядзела так сурова, што мы адступаліся. Пакуль дырэктар сядзеў у нас, яна заходзіла ў гаспадарчую краму ці шпацыравала па вуліцы, праплываючы бэзавым ў прасьветах плоту.
Дырэктар быў прыгожым старэнькім: белыя-белыя валасы, тонкая бледная скура, роўны авал твару, лоб у элегантных маршчынах. Адзінае, што яго псавала – гэта тоўстая карычневая пляма на скроні.
– Кім ты зараз, Толік? Інжынэрам? О-о, як добра, як добра, я заўсёды ведаў, што зь цябе выйдзе толк. Памятаеш правіла шруба?..
Толік, саромеючыся, маўчаў, браў шчотку й лёгенька чысьціў яму плечы, як у дзяцінстве, нейкія ледзь прыкметныя парушынкі. Я, наліўшы дырэктару крыху віна, сядаў ля яго на падлогу і схіляў галаву яму на калені, уцягваючы ўтульны, драўняна-імшысты пах адэкалёну. – Ролю, Ролю, памятаеш, як табе падабаліся алябастравыя шарыкі?..
Я ня памятаў аніякіх шарыкаў, і нават дрэнна ўяўляў сабе, што такое алябастар; здаецца, ён блытаў мяне з Томам Соерам. Але я толькі ківаў і ўсьміхаўся, бо ці ня ўсё роўна.
– Ну, а ты Колю, як жа ты так, га?.. Душа за цябе баліць...
Колік зьбянтэжана скрыжоўваў рукі, хаваючы наколкі на костачках. Абараняючыся, ён адказваў, што галоўнае – прага дасканаласьці, няважна, чым займаесься, паэзіяй ці разбойствам.
– Вы ж самі нас так вучылі.
Дырэктар браў сухімі пальцамі келіх і выпіваў глыток, потым уздыхаў, жмурачыся з задавальненьня. Памятаеце, як мы сьпявалі ў клясе? Давайце сьпяём?.. І ён павольна, старанна пачынаў: «жылі дванаццаць разбоойнікаў...» Мы сьпявалі некалькі песень, а потым ён уставаў, і мы праводзілі яго да весьніцаў, да жонкі. У дырэктара былі такія сухія пальцы, што на келіху не заставалася ніякіх сьлядоў, быццам зь яго пілі ў пальчатках.
D9. Змрочныя засьценкі. Гэта піца
Аднойчы за сьняданкам, папіваючы ля барнае стойкі капучына й чакаючы першых круасанаў – мне падабалася ўстаць крыху раней і есьці іх гарачымі – я разважаў пра лёсы Гісторыі, пра старажытныя імпэрыі, пра Грэцыю і Гіпэрбарэю, пра готаў і гунаў, пра ролю асобы ў шляхах цывілізацыі. І раптам мяне азарыла: чаму б не атруціць маіх ненавісных ворагаў, як гэта зьдзяйсьнялася спакон веку зь непажаданымі царамі й герцагамі? Атручэньне – просты й мірны спосаб адпраўленьня на неба, які не прыцягвае лішняе ўвагі, у пэўным сэнсе нават заканамерны, «сваёй чаргой». Некаторую цяжкасьць выклікала тое, што праклятыя праграмары замест віна пілі газаваны аранжад «фанта», а газіроўку немагчыма адкаркаваць непрыкметна – бо яны адразу ж заўважаць, што бурбалак стала менш. Таму заставаўся складаны шлях – труціць цьвёрдую ежу. Але прымітыўнасьць і пастаянства праграмароў аказваліся тут вялікай запамогай: яны сілкаваліся адной толькі піцай, якую заказвалі ў рэстаране насупраць. Адкусваючы па кавалачку круасаны, пышныя й далікатныя, крышачку сакавітыя, цудоўныя, я прадчуваў доўгачаканае – помсту і заспакаеньне. Змоўніцкі падміргнуўшы гарсону, я насунуў капялюш на вочы і, уяўляючы сябе маладым Дэлонам на яркім сонцы, перасек вулачку і, незаўважаны, нырнуў у паўзмрок піцэрыі. Сьвіснуўшы круглявых кухаратаў, якія ўмомант зьбегліся да мяне з сутарэньня і з тэрасы, я падрабязна праінструктаваў іх і перадаў у маленькія мучныя ручкі тры скрутка: сьвінец, мыш'як і цыянід. Не перапякіце, мурзяняты, іначай усё сапсуяце! Іхны лісьлівы ільсьняны гаспадар пакланіўся мне з кута, і я ўсьміхнуўся – гэты ведае толк. Пакуль піца пяклася, я сеў за столік звонку, выцягнуў ногі і разгарнуў газэту. Сонца прыгравала, лашчыла скрозь капялюш, безумоўна ўхваляла маю задуму, і я ўяўляў, як гэта будзе: «Спадары, каму піцу? Сьвежая! Ай да піца! І, хоць да абеду яшчэ далёка, яны паўскокваюць, згрудзяцца вакол, вечна галодныя, вечна паношаныя, вечна зашмальцаваныя, і будуць цягнуць касьцістыя рабаватыя рукі, і хапаць сама шырокія шматкі, і тоўста выціскаць кетчуп, і прагна жаваць, і вусны будуць у муцэ, і па бародам пацячэ жоўта-зялёны алей. І яны будуць курчыцца ў незваротных сутаргах, і маліць аб дапамозе, і паміраць. І я, нарэшце, праз гады пакутаў, скіну ярмо, скалупну таўро і выйду на волю, да брацікаў, да мамы й таты!» Піцы вынес сам гаспадар – на велізарных фаянсавых талерках, шчодра сырныя, румяна таматавыя, пахучыя мацярдушкай, з далучанай у адзнаку даверу высокай бутляй воцату. Падхапіўшы ўсё разам зь небывалым для мяне спрытам, я стрымгалоў рынуўся ў машынны цэх, дзе корпаліся над паскалем ці асэмблерам прысуджаныя да ўмярцьвеньня нягоднікі. Першы паверх, парог, другі, трэці – ужо чутныя іхныя гугнявыя галасы – чацьвёрты, падвойныя чорныя дзьверы, парог – «Спадары!» – і першыя павароты галоў, першыя бясколерныя рыбіныя вочы – і раптам хруст, страта раўнавагі, быццам ступіў ў яму – палёт на падлогу, на дубовы ў бэжавых пражылках лямінат... гэта падламаўся мой абцас! Я бачыў на сабе ўсе плоскія вочы, я бачыў пыл на падлозе, бачыў, як востра раскалоўся фаянс, як размазаліся па фальшывых дошках піцы, як коціцца ўздоўж ліштвы сьвінец, як церушыцца праз шчыліны мыш'як, як выпараецца цыянід. «Які ты нязграбны, Ролтан-бой, авохці. Гэта піца? Што ж, ты пазбавіў нас піцы, наколькі нечаканай, настолькі й пажаданай! За гэта ты будзеш жорстка пакараны; але пасьля. А зараз прэч адсюль!»
DA. Зь ліста Толіка. Пра сьлёзы
<...> міжволі задумваесься пра тое, як добра і проста было раней, калі кожная твая сьлязінка выклікалася пэўнымі цялеснымі прычынамі: ці то тата сьцебане пугаўём за двойку, ці то мама паставіць на калені за адарваны рукаў, ці то сам, не ўпісаўшыся на ровары ў паварот, рассадзіш сабе локці аб асфальт. Альбо сьлёзы голаду позьнім вечарам, калі лядоўня на замку, і няма нічога, акрамя прэснае гародніны, сыру й кіслых яблыкаў. Памятаеце? Далей – болей складана. Сьлёзы губляюць сувязь зь фізыкай, і тым цяжэй іх утрымаць. Не праходзіш па конкурсе празь ганебны атэстат, не бяруць на працу праз бародаўкі на руках, нявесты бягуць з-пад вянцу праз твае запалыя грудзі і няведаньне моваў, амбасады адмаўляюць у візах праз бруд у загібах пашпарту. І сталі б мы пераадольваць, калі б ведалі далейшае? Гады ідуць, і прычыны для сьлёзаў робяцца ўсё драбязьнейшыя: жонка пазьбягае ласкі, дачкі абзываюць старым бараном, хуліганы разьбіваюць люстэрка задняга агляду... Здаецца – да чаго сьмяхотна! Але рыданьні ірвуцца з глыбіняў усё нястрымней. І час ляціць, ляціць. Вось ужо плачаш зь нейкіх птушачак, зь нейкіх дурных кацянятак, зь вершыкі й песенькі. І вось ужо й птушачак ня трэба – ты плачаш і плачаш, і хай усё добра – але падвываеш і ўсхліпваеш, і нікому цябе не спыніць... Як невыносна сумна! Скажыце, брацікі, ці так сама ў вас? Ці мы падобныя? <...>
DB. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра пакуты
Калі таты не было дома, а ў нас з брацікамі высьпявалі невырашальныя пытаньні, мы падымаліся ў сьвятліцу й падступаліся да мамы.
– Матухна, а чаму ў нашым месцы ўсе такія шчасьлівыя ды задаволеныя жыцьцём? Дзе ўзьнёслыя пакуты, дзе гордыя агоніі?
– Ах, дзетачкі вы мае. Вадзіліся ў нас раней пакутнікі, а як жа. Вадзіліся, ды пазводзіліся, – мама мовіла павольна, знарочыста напеўна, па-быліннаму, а каса ў яе была тоўстая-тоўстая, залатая.
– Ах, матухна, раскажы! Як яны пазводзіліся?
– Чаму не расказаць? І раскажу. Слухайце, дзеткі мае мілыя. Даўным-даўно-задаўно вадзілася ў нас у месцы замнога пакутнікаў: у каго хваробы ды немачы, у каго каханьне безадказнае, у каго грошай нястача, а ў каго й сапраўдны сусьветны смутак. Плакалі яны, гаравалі ды маленьні гарачыя ўзносілі. А адзін зь іх, сама няшчасны, прачнуўся аднойчы з разуменьнем у сэрцы. Сабраў ён усіх пакутнікаў і сказаў: «Невыносная юдоль смутку, сілаў больш няма сьмерці й райскіх асалодаў чакаць! Даволі марудзіць! Заб'емся, браты й сёстры!» «Так, так!» – загаманілі ўсе. Але ён загадаў ім пачакаць: «Пачакайце! Самазабіцца – страшны грэх. Зробім, браты й сёстры, мудрагеліста: хай мяне ўтопіць хтосьці з вас, і я, нявінна загублены, палячу прама на неба! А забойца, значыцца, няхай пакаецца потым – і даруецца яму. А потым, значыцца, няхай яго наступны заб'е, і таксама пакаецца. Зразумелі? Тапіце мяне цяпер!» І ўтапілі яго, і адляцела душа. Пакаяліся людзі ўзорна, і адно за аднаго ўзяліся. І адлятала душа за душою ў сіняе неба. Вось так і пазводзіліся ўсе нашыя пакутнікі, усяго за тыдзень. Толькі адзін застаўся, апошні, якога ўжо няма каму тапіць было – нікога, акрамя шчасьлівых людзей, не засталося. Так і мучыўся ён да самае старасьці, небарака...
– І што ж, матухна, яны ўсё сапраўды патрапілі ў рай?
– Ах, дзеткі мае любыя, гэта ёсьць таямніцай вялікай, анікому не вядомай. Вось калі памрэм самі, тады й даведаемся.
– А ці хутка мы памрэм, матухна?
– Ох і ня хутка яшчэ, дзетачкі! Дый куды сьпяшацца, бо салодкае ж жыцьцё ў нас?
– Чысты мёд, матухна!
DC. Уцёкі ды туляньні. У галіньні
«Аўтамабілі далёка пераўзыходзяць сваіх уладальнікаў: зірніце на вытачаныя, імклівыя рысы сучасных сэданаў і на людзей унутры – з шэрай скурай, зь віслымі шчокамі, з пахам страўніка. Аднойчы ўбачыўшы гэта, ужо ня бачыш анічога нявартага ў слынных інспэктарскіх хабарах: уявіце лаўца жэмчугу, які расчыняе ракавінку і знаходзіць ўсярэдзіне не далікатна-малочны шарык, а зацьвярдзелы кавалачак калу». Так разважаў я, шпацыруючы ўздоўж транспартнага кальца, што плыла ў барвовым вячэрнім пыле. Я адчуваў, што асочаны, і ўжо не хаваўся. Я ласаваўся вяленымі бананамі з плястыкавага пакунку, і пальцы мае былі салодкія й ліпкія, як у маленстве. Перад чарговай заблытанай дарожнай разьвязкай ходнік абрываўся, і мне нічога не заставалася, як падняцца па купінаватаму насыпу ўверх, да лесапарку. Далікатныя яблыні, сукаватыя грушы, стройныя кедры, лапчастыя піхты, шэрыя слаістыя плятаны – усяго тут хапала, і ўсё гэта было ня тое. Мне патрэбны дуб, зразумеў я, толькі магутны талстоўскі дуб, а мае ліпкія пальцы, мае няроўна адрослыя пазногці дапамогуць мне на яго ўзьлезьці. Дуб уздымаўся непадалёк, магутны, каржакаваты, з надзьмутымі мускуламі валокнаў, з тысячай безыменных жалудоў, рассыпаных па сьнезе. Паставіўшы нагу ў разьвілку мажных ніжніх камлёў, я памарудзіў хвіліну, гледзячы ўверх, у галінастую крону, і палез. Спачатку я быў вымушаны раз-пораз запавольвацца, выглядаючы і разьмяркоўваючы пасільны шлях, але патроху галіны зарабіліся танчэйшыя і часьцейшыя, і я ўзьбіраўся бесьперапынна. Цямнела, шэрасьць унізе ператварылася ў чарноцьце, захад цьмянеў і згасаў. Калі перада мной адкрыўся вялікі прасьвет у галіньні, я спыніўся й сеў, баязьліва зьвесіўшы ногі і моцна трымаючыся за сук. Я бачыў мільёны гарадзкіх агнёў, якія калыхаліся рухамі паветру, напаўпразрыстыя дымы, узыходзячыя з жаролаў далёкае электрастанцыі, круглы лютаўскі месяц і высокія зоры. Я разумеў, што зьлезьці з дуба ўжо немагчыма, але быў спакойны. Так: трэба проста ўпасьці, праляцець бесьцялесна між галінаў да зямлі, атрэсьці сьнег і пайсьці дадому спаць. Але я ня меў сілаў скокнуць, ірацыянальны інстынкт скоўваў мяне і ўціскаў у халодны ствол. Так: трэба проста заснуць, і зваліцца ўва сьне, і прачнуцца праз прызямленьне. Спачатку я зачыніў быў вочы й лічыў авечкаў, што разганяліся, штурхаліся і плыўна пераляталі цераз плот, потым кінуў і адчыніў, і лічыў сэданы, што сьлізгалі між мастамі, бясшумныя ў агульным шуме, плыні, што гарэлі справа чырвоным, зьлева жоўтым, фары, што малявалі яркія шлейфы, феяў сьненьня.
DD. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра жыцьцё з Хуліё
Калі мы вырасьлі, наша хата амаль заўсёды пуставала. Толік езьдзіў па камандзіроўках, Колік сядзеў у турме, Валік пустэльнічаў, мама з татам таксама кудысьці падзеліся, быццам пакрысе расталі. У вялікай хаце было сьветла й ціха, толькі цягнуў летні ветрык ды ў далі калідораў нячутна праплывала пакаёўка. Мы з Хуліё зноў былі ўдваіх, як калісьці. Часам мы ляніва марылі завесьці двух белых сабачкаў, падобных да тых, даўніх, але часьцей проста ляжалі ў шэзьлёнгах, моўчкі і нерухома. Нам падабалася, каб з самага золку басэйн быў напоўнены сьвежай вадой, і ў ім плавалі півоні. Пакуль сонца ўставала за хатай, мы пускалі кіно на заходняй сьцяне, якія-небудзь старыя мэлянхалічныя фільмы, звычайна бяз гуку. Днём мы выходзілі прагуляцца па набярэжных, і тады Хуліё пачынаў скардзіцца, што яму ніколі не ўдаецца выглядаць на ўсе сто: калі ён апранае сьвежую кашулю, дык забывае абпырскацца адэкалёнам; калі старанна голіцца, дык забывае адпрасаваць нагавіцы; калі начышчае туфлі да бляску, дык забывае зрэзаць пазногці. Зрэшты, часам і я лавіў сябе на неахайнасьці – і валасы, якія тырчалі з носа й вушэй, і плямы гарчыцы на кашулі, і адарваныя гузікі. Хіба за ўсім усочыш? Пасьля абеду мы разыходзіліся па пакоях – Хуліё спаў, а я рабіў штосьці гаспадарчае, прыкладам, прасаваў пінжак. Калі Хуліё не спалася, ён уваходзіў і пачынаў рабіць зьдзіўленыя вочы. Даводзілася тлумачыць, што так, я прасую пінжак. «Навошта?» «Бо ўчора памыў». «Хіба пінжакі мыюць?» «Так, мыюць, калі не жадаюць аддаваць у хімчыстку». «Ты сапсуеш яго», – казаў ён. «Няхай, – казаў я. – Затое да яго дакраналася не ўдушальная хваля хімікатаў, а мой ласкавы цёплы прас». Тады ён сядаў у фатэль і заводзіў размову. «Забаўна было б, скажам, калі б усё, дазваньня ўсё на сьвеце хтосьці адкрыў». Зараз прыходзіла мая чарга зьдзіўляцца, і я нават набіраў у грудзі паветра для гаворкі, але ён спыняў мяне рашучым жэстам. «Дзень Робэрта Сьміта, адкрывальніка носа й дыханьня! Дзень Жуля Парцьё, які вынайдаваў зрок! Сусьветнае сьвята (выходны) на чэсьць Івана Пятрова, які выявіў існаваньне рук і ног! Ці Ду Го, першапраходца размнажэньня родавым спосабам! Дха Барындры, заснавальніка першага сяброўства!» Ну і трызна, думаў я, ён звар'яцеў.
DE. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Ключ да мужчынскае існасьці
«Ці не схадзіць нам прагуляцца, Ролю? Так, крышку, да гастранома й назад?» У Хуліё рахмана-запытальныя блакітныя вочы, адмовіць ім аніяк немагчыма. Па шляху да крамы ён круціць галавой, махае рукамі і разглядае сустрэчных кабет. Працяжна смаркаецца ў сьнег і рагоча. «Хулі, хопіць! Параспуджваў усіх прыгажуняў. Ты зараз грубы й непадобны да сябе. Што з табой?» Яшчэ гучней рагоча: «Паслухай казку, Ролю! Давай распавядаць казкі, як раней? Пастой! Паслухай». Мы спыніліся ля вадасьцёкавай трубы, ля абледзянелай гурбы, рукі ў кішэні.
«Даўным-даўно, у некаторым царстве, у некаторым гаспадарстве жыла-была прынцэса. І разумніца, і прыгажуня, і татава ўлюбёнка – усім добрая! – дый толькі не была яна жыцьцём задаволеная. Хацелася ёй не дзяўчынкай быць, а хлопчыкам. Хацелася цягаць за касічкі, падстаўляць падножкі, разьбіваць насы ды пляваць праз зубы. І чым старэйшая яна станавілася, тым мацней ейнае жаданьне распалялася. У тыя даўнія часы апэрацыяў па зьмене полу яшчэ не прыдумалі, але прынцэса верыла, што ёсьць нейкі ключ да мужчынскае існасьці, і трэба толькі яго знайсьці, як цела ейнае ператворыцца. Задок сплюсьнецца, плечы пашырацца, вырасьце морквачка – і спазнае яна шчасьце! Доўга шукала ключ прынцэса. Стрыгла валасы пад машынку, а пазногці – пад нажніцы, насіла каўбойку, джынсы й чаравікі з квадратнымі насамі, курыла крэпкі Кэмэл, кахалася з пакаёўкамі... Але мужчынам ўсё ніяк не рабілася, і нават пакаёўкі важыліся ад яе ўцячы, замуж за гусара. Прынцэса не адступалася: піла піва, хадзіла на футбол ды на рыбалку, сябравала са злодзеямі ды з падонкамі, вывучылася па мацеры лаяцца ды па-турэмнаму... Але нічога не дапамагала – заставалася яна да таго прывабнай, што рыбакі баяліся й бянтэжыліся, а падонкі бляднелі й лапаталі пра каханьне. Яшчэ гарачэй узялася прынцэса за справу: занялася найноўшай філязофіяй, напісала бліскучую працу па тэорыі няпэўных мностваў, засвоіла Perl, узламала сетку мэрыі й выклала туды порна, набыла сабе джып-пікап памерам з грузавік... Але ўсё дарма! Шыя заставалася лілейная, а грудзі – трапяткія. Роспач! Да самых апошніх мераў зьвярнулася прынцэса: піла шклянкамі гарэлку, закусвала лукам, спала без каханьня з усімі запар і храпла ўва сьне. Але й гэта дарэмна... І вось аднойчы ня вытрымала яна, прыбегла ў сьлязах да бацькі-бацюхны, павалілася тварам у мантыю, дый расказала ўсё начыстую. Пабедаваў-пабедаваў цар, але рабіць няма чаго, трэба дачцэ дапамагчы. Бо вельмі лібэральны гэны цар быў. Адправіў яе да мудраца-старца, на паўночны востраў, у манастыр. Доўга, ці хутка, цераз горы ды цераз мора – дабралася прынцэса да старца. Выслухаў яе старац і кажа: высмаркацца на зямлю табе трэба, панначка. Вось ключ да мужчынскае існасьці. Жахліва зрабілася прынцэсе й гідотна! Закрычала, загаласіла, заламала локці белыя. Аднак што ж, калі йсьці – дык да канца. Выйшла яна з хаты, расставіла ногі на сьнезе шырэй, заціснула адну ноздру пальцам, а ў другую як дзьмухне з усіх сілаў! Вылецеў з носа сморк, даўся аб зямлю – і цуд адбыўся! Грымнуў у зімовым небе гром, зазьзяла вясёлка. Скаланулася цела дзявочае: пашырыліся плечы, набракла морквачка, закучаравілася бародачка. Ператварылася прынцэса ў прынца – і зажыў прынц прыпяваючы! Ходзіць па замку гогалем, ды паплёўвае. А раз-пораз дый высмаркаецца на зямлю-матухну, каб эфэкт замацаваць. Ажаніўся, дзетак малых завёў. А калі бацька-цар састарыўся, на трон узышоў».
DF. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра хлопчыка
Мы ішлі. Гулкімі цыліндрамі тунэляў, зьвілістымі мастамі-мнаганожкамі, складанымі супляценьнямі хуткасных магістраляў. Усё прысыпанае шэрым пылам. «Не прытуляйся, Хулі, запэцкаесься». Прамінулі чэзлы парк. Агародкі зламаныя, лавачкі спаленыя, ногі гудуць. Хуліё цяжка дыхае, ён стаміўся. Неба бялявае, цьмянае. Ідзем марудна, упарта. «Не, адпачнем, прысядзем! Раскажы казку, Ролю, твая чарга». Добра.
«Жыў-быў на сьвеце хлопчык. І тварам прыгожы, і шчокамі румяны, і валасамі залацісты – дый толькі ня быў ён жыцьцём задаволены. Хацелася яму ня хлопчыкам быць, а анёлам бесьцялесным. Асабліва не падабалася хлопчыку мужчынская свая існасьць – і часта па пакоі ў змрочнасьці соўгаўся, думы думаў. Што ж гэта дзеецца, – хмурыў бровы, – што ж за зьнявага такая? Навошта ўвесь сьвет праз прызму палавога інстынкту бачу? Навошта ўсіх дзеяў рухавік – прага размнажэньня? Навошта гэты гарачы стрыжань ўва мне? Цямнеў поглядам, спускаў шорты й калготы, разглядаў сябе ў люстэрку халодным позіркам. І зноў па пакоі соўгаўся, на зэдліку журбаваў, пра волю бедаваў... І пакрысе з суму ды тугі непазбыўных пачаў хлопчык у памерах зьмяншацца. І чым драбнейшы станавіўся, тым менш тугі ды няшчасьця ў ім зьмяшчалася. За зіму зусім у дробачку ператварыўся, ростам з салдаціка цацачнага. А калі вясна надышла, дык нават ў люстэрку сябе зьнябачыў. Кропкай хлопчык зрабіўся, і не засталося ў ім ані стрыжня, ані прагі, ані вагі зямной. Узьняўся ён над падлогай, зрабіў круг над зэдлікам, дый вылецеў у фортку, у неба вясновае, вячэрняе. А там! Цёплай зямлёю пахне, маладою травой, дымком далёкім. Ляціць сабе хлопчык па-над бярозамі ды радуецца – як хораша анёлам быць!»
E0. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра анёла
Калі сьцямнела, мы сышлі з дарогі і спыніліся на схіле сухога пагорка, пад шатамі старадаўняга дуба. Жалуды. Хуліё зладзіў вогнішча, а я падзяліў пароўну фінікі ды ролтан. «Гэта называецца разьбіць бівак», – дасьведчана сказаў Хуліё. Мы сагналі смагу, спатолілі прагу, улягліся паўтульней ды глядзелі, як іскры ломанымі траекторыямі ляцяць у цёмнае паветра – і згасаюць. Хуліё прыкурыў жытан ад галінкі, адкашляўся і ўзяўся за вячэрнюю казку.
«Думаеш, Ролю, анёлам так ужо хораша жывецца? З аднаго боку безумоўна так, але зь іншага! Яны такія маленькія, Ролю, што ня могуць сядзець – правальваюцца скрозь малекулярную структуру табурэтаў і наогул прадметаў. І таму яны вымушаныя ўвесь час трымацца на ляту. Само сабой, пакрысе ў іх за крылцамі адрастаюць магутныя цягліцы, але пачаткоўцам ох як несалодка спачатку. Большасьць вядома вытрымліваюць... Ну дык вось, Ролю, быў у іх там адзін маладзенькі анёл, слабенькі, які паміраў проста – да таго цяжка яму было. Пакуль астатнія гімнасьпевамі займаліся ў этэрах прамяністых і шанаваньні Творцу ўзносілі, гэты маладзенькі ўсё ўніз глядзеў. Зайздросьціў ён зямным стварэньням са страшнай сілай! Устойлівасьць, глеба пад нагамі, упэўненасьць. Зразумела, чалавекам жадаць зрабіцца яму і ў галаву не прыходзіла – бо завельмі ўжо подлая ды брыдкая пачвара, ну і жывёлы ненашмат лепей – кроў, косткі, кішкі, брррр. Але вось да прыкладу каменем быць – сумнавата здавалася. Больш за ўсё яму кветкі падабаліся! Ты якія кветкі любіш, Ролю? Гербэры? Ну-ну. А вось яму абсалютна ўсё роўна было, якія кветкі – абы толькі крылцамі не махаць больш ніколі, ніколі. Думаў ён думаў, і вось што прыдумаў: трэба яму брудам абляпіцца, каб на семечка кветкавае зрабіцца падобным, у зямлю ўпасьці, дый вырасьці! Счакаў ён момант, калі Стваральнік адвярнуўся, склаў крылцы – і на сьметнік сьпікіраваў, у самую памыйніцу. Плюх у лужыну! Але ня ліпне бруд да эманацыі чыстага духу. Сьцяў тады зубы маладзенькі, запоўз нейкаму бамжу за пазуху – і напаўняўся там з тыдзень выпарэньнямі смуроднымі. Пацяжэў трохі, акруглявіўся. Потым на тыдзень у мех з тухлявымі цыбулямі. Потым у гнілыя рыбіныя вантробы, потым... Карацей кажучы, Ролю, пааблез з анёльчыка патроху ягоны глянец нябесны, і аброс ён такі тленам і брудам. Даляцеў з апошніх сілаў да лугу і ў матку сыру-зямлю ўпаў. Але вось крыўда: восень ужо настала. Прыйшлося яму яшчэ пад сьнегам цэлую зіму дрыжаць».
Пазяхаючы, Хуліё адвярнуўся і нацягнуў на галаву швэдар. Я крануў яго і спытаў, каб зрабіць прыемна: «Гэй... дык чым жа казка скончылася?» «Ну... вырас ён кветачкай увясну». «А якой кветачкай?» «Ну... рамонкам. Давай ужо спаць».
E1. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра рамонак
Лясамі Мэсапатаміі, стэпамі Ўсурыі – за наступны дзень мы да таго стаміліся, што занядбалі магчымасьць дажджу і спыніліся нанач ля краю рамонкавага поля. «Рамонкавая гарбата павышае тонус і патэнцыйную энэргію. Заварым гарбаты, Ролю?» – ён ужо забыўся пра сваю ўчорашнюю казку. «Стой! Не чапай іх! Рамонкі – гэта небясьпечныя, сьмяротныя кветкі». Хуліё прысеў са страху. Рамонкі нядобра калыхаліся, барвовыя ў сьвятле вогнішча. «Так-так, Хулі! Вось паслухай, што я табе раскажу, раз ужо мая чарга: жыў-быў рамонак. Вырас ён на лужку ля сьметніка, на сонейку, прыгожы, высокі. Яму б жыцьцю радавацца, ды толькі ня мог ён – бо дрэнныя пахі заміналі. То тухлым гарбузом павее, то гнілымі яблыкамі, то скіслай капустай. А сысьці нельга нікуды. І наракаў рамонак – за што яму, харошаму, пакараньне гэткае крыўднае? Пачаў жывёлінам зайздросьціць, якія на лапах бегаць могуць і спаць, дзе ўздумаецца. Асабліва яму кацяня падабалася, што ў тутэйшага бамжа жыло – чорненькае, зь белымі вусамі ды блакітнымі вачыма. Гуляла з сухімі сьцяблінкамі, высочвала жукоў, вылізвала лапкі. І ўзмаліўся аднойчы рамонак з усіх сілаў: хачу, хачу кацянём быць! А расьліны – яны дваістую існасьць маюць: кветкі ў неба глядзяць, а карані падземным агнём сілкуюцца. Паляцела малітва і ўверх, і ўніз. Творца пачуў і толькі плячыма паціснуў – дурань. Затое д'ябла падступны – тут як тут! Кажа рамонку: хочаш з кацянём памяняцца? Хачу, хачу! Бліснуў вокам, пстрыкнуў пальцам – хоп! Трымай асалоду! І зьнік. Памяняў. Ды толькі падмануў трошкі – стаў рамонак не кацянём, а адразу дарослай пацёганай коткай. І зьведала яна, Хулі, ох зьведала... І ботамі была бітая, і з голаду памірала, і дзетак ейных два разы на год бомж тапіў, і хвост дзеці падпалілі, і... ня буду працягваць», – я змоўк, зглынаючы сьлязу. «Кепская гісторыя, Ролю. Ну а што рамонкавая гарбата? Чаму яе піць нельга?» «А таму што ў адным з рамонкаў – тое кацяня, Хулі, гвалтоўна зачараванае ды зьнерухомленае. Яно ўжо даўно там у тыгру лютую ператварылася. Кранеш – і адразу руку адгрызе».
E2. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра котку
Падняўшыся на апошні перацяг, мы апынуліся амаль ля мэты, у некалькіх гадзінах шляху. Гастраном праглядаўся наперадзе, чорным велічам у вячэрнім паветры. Мы рассудзілі заначаваць тут, у гроце, пад абаронай шырокай скалы. Шурпатая, з карычневымі прожылкамі. Вецер сьвішча зьверху, але нам цяпло пад ваўнянымі пледамі. Гарачыя тэрмасы. «Расказвай, Хулі». «Ну, слухай...
Жыла-была ў адной прынцэсы котка. Любіла яе прынцэса, душы ня чула! Пячонкай гусінай прама з рук карміла, лапкі ў ружовай вадзе абмывала, у ложак з сабою брала, залатым грабянцом расчэсвала. Ды толькі не было шчасьця ў коткавай душы – бо шмат крыўдаў ёй даводзілася цярпець. Калі кароль употай ад прынцэсы нагой пад рэбры пхне – дык гэта яшчэ нічога, кароль ёсьць кароль. Але калі кухарка мокрым ручніком уздоўж сьпіны сьцепане, ці конюх ботам сьмярдзючым на лапу наступіць, ці прышчавы паж за хвост адцягае, ці блазан пярчоную сасіску падкладзе – аніякае не было моцы ў коткі гэткія зьнявагі трываць! І надумалася котка ў чалавека ператварыцца, а лепш за ўсё ў дзяўчынку, каб усе песьцілі, у стужкі ды банцікі прыбіралі і ніхто ніколі ня крыўдзіў. Выйшла яна аднойчы ноччу на балькон, вушы-вусы да Месяца зьвярнула ды просіць: дапамажы мне, брацік-Месяц, хачу дзяўчынкай зрабіцца! Павярнуўся да яе Месяц: прывітаньне, коцейка, мілая сястрычка! Якраз поўня, мая ўлада – дапамагу табе. Ці ёсьць дзяўчынка, якая любіць цябе? Ідзі, зазірні ёй у вочы да самага дна – і перамяняесься зь ёю целамі. Спалохалася котка: ёсьць такая дзяўчынка, прынцэса яна, любіць мяне. Але ж не падлюга я! А месяц сьмяецца ў адказ: якая ты дурненькая, котка. Ідзі, ідзі. Павольна пайшла котка з балькона, цяжка. Села ў тузе да прынцэсы на пухоўку. То падыме галаву, то апусьціць. Дрыжыць, дыхае няроўна, хвастом торгае. Але да раніцы, пакуль Месяц яшчэ на небе відаць было, адважылася, мяўкнула гучна. Прачнулася прынцэса, усьміхаецца – а котка глядзіць ёй у вочы, да самага дна. Пачуўся тут у паветры звон, быццам тонкая струна парвалася – і ператварылася котка ў прынцэсу! У тую ж раніцу кухарку – у бардэль, конюха – на руднікі, пажа – на вайну, блазна – у ваўчыную яму, прынцэсу... Прынцэсу у добрыя рукі, з вачэй далей. І пачалося у коткі новае жыцьцё – шчасьлівае ды бясхмарнае... Ролю, ты дзе? Ролю!»
Але я быў ужо далёка. Хмыз схаваў уцёкі. Ляцеў: далей, далей, на ўсход, да ўсходу! Бывай, Хулі.
E3. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра жыцьцё з Хуліё
Па начох Хуліё ня сьпіцца, ён варочаецца, рыпае матрацам, уздыхае. Мы ўстаём і выходзім на балькон, глядзець на зоркі. Зорак няма, па небе плывуць доўгія каламутныя хмары. Хутка зіма, Хулі. Так. Мы маўчым, а потым ён пачынае расказваць пра набалелае – ізноў пра жанчын, як заўсёды.
– Ведаеш, Ролю, перад словам «каханьне» дзяўчыны ўжо даўно аддаюць перавагу слову «адносіны». «Завесьці адносіны», «у нас зь ім адносіны».
– Ну, чарговы ўплыў з ангельскай, рылэйшаншыпы там у іх, – пазяхаючы, мяркую я.
– Не, Ролю... Ты не разумееш. Дзяўчыны – яны ўжо даўно страцілі надзею зьведаць каханьне. Цяпер яны выказваюцца стрымана і асьцярожна. Яны здавольваюцца малым, яны прывыклі да плоскага...
– Але ты ж, Хулі? Ты ж, вядома, працягваеш дараваць ім паўнавартаснае жыцьцё? Паўнавартасныя пачуцьці?
– Не, Ролю... Яны ўжо не разумеюць гэтага. Працэс зайшоў занадта далёка, вірус трапіў у кроў, маска зраслася з тварам. Калі кажаш пра каханьне, цябе не разумеюць, ня чуюць. Цяпер замест «я цябе кахаю» належыць казаць «я хачу мець з табой адносіны».
Я сьмяюся: «ты мяне разыгрываеш, Хулі!» Але ён клянецца й нават прыводзіць да прыкладу вершы сучасных паэтак. Ха-ха! Разьвесяліўшыся, мы некаторы час забаўляемся тым, што прыдумляем рыфмы да слова «адносіны». Падкосіны, перакосіны, авіязносіны. А потым вяртаемся ў ложак.
Назаўтра высьвятляецца, што Хуліё зноў закаханы. Гэта бачна па ягоным палымяным вачам, па хрыпламу дыханьню, па нэрвоваму паторгваньню. То не заўважае мяне, узбуджана гуляючы пальцамі па падаконьніку, то робіцца неадчэпны – прапануе паслухаць разам Чатырнаццаты квартэт. Што? Квартэт, Ролю, квартэт. Сядзь. Кінь сваю локшыну. Пазьнейшыя квартэты Бэтховэна – вось вяршыня дасканаласьці! Пачынае тлумачыць мне разбуральную ролю сэптакорду. Дзень напралёт не ўстае з канапы, запоем чытаючы карычневае «Нараджэньне трагедыі з духу музыкі». Няўжо яна скрыпачка, Хуліё? Як яе клічуць? Не адказвае – млее, курчыцца, салодка усьміхаецца. Гладзіць сябе па грудзях. Вочы цёмныя, цялячыя. І калі ён нарэшце пасталее?
– Вось раней, – скардзіцца Хуліё за вячэрай, забыўшыся на закаханасьці, – вось раней было добра! Ідзеш, бывала, па вуліцы, альбо едзеш у трамваі, а маладзенькія дзяўчыны так і глядзяць на цябе! Нават знаёміцца зь імі не абавязкова, з адных поглядаў унутры ўсё палае. А цяпер? Калі і глядзіць хто, дык толькі які пажылы паскуднік. А то яшчэ й горай. І што з гэтым рабіць, Ролю?
– Сам ты пажылы паскуднік! – пакрыўдзіўся я і адвярнуўся, – Вось цяпер на цябе наогул ніхто не паглядзіць.
E4. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра цёмных ды сьветлых існасьцяў
Увечары Хуліё ўзбуджаны, ускаламучаны, удзень – выглядае спакойным і ўраўнаважаным. Стоячы на бальконах (дзіўны дом: у суседніх пакоях – асобныя бальконы), мы блазнавалі, перакідваліся скрынкай з запалкамі, перагіналіся ўніз і абмяркоўвалі магчымасьць адвольнага кіраванага перанясеньня каханьня з аб'екта на аб'ект. Прыкладам, калі А запаліла ў табе агонь, але ёй ці табе гэта не да часу ці не да месцу – ці можна перамясьціць каханьне на В без істотных стратаў магутнасьці? Каб дабру, як кажуць, не прападаць? Хуліё, у процівагу ўчорашнім захапленьням, бравіраваў і сьцьвярджаў, што перанясеньне магчымае. А я, захапіўшыся развагамі, выпусьціў скрынку з рук і прайграў.
Потым пачалося зноў. Пакуль я заварваў локшыну, Хуліё хутка-хутка пісаў алоўкам у нататніку – фармуляваў свае сёньняшнія сымптомы. Зачытаў:
1. яна здаецца мне верхам дасканаласьці (я кіўнуў);
Ён зірнуў і сказаў, што навошта так недаверліва ківаць, што лепей за яе ён і на самой справе нікога й ніколі не сустракаў! Ён з выклікам пазіраў, гатовы даказваць і спрачацца. Я прамаўчаў. Ён працягваў.
2. цікавасьць да іншых жанчынаў зьнікла зусім;
3. цялесная прага да яе зьмянілася на цеплыню й пяшчоту;
4. падумаеш пра яе – і адразу гарачы мёд па венах (я не ўтрымаўся, падняў брыво);
5. і наогул, ні пра што, акрамя яе, не магу думаць!
Я падсунуў яму талерку, і мы елі. Ён разамлеў, разьмякнуў. Ягоная ўсьмешка блукала па кухоннаму начыньню, погляд пранізаў прадметы, дасягаючы іхнае ісьціны. І ўсё ж такі мы заспрачаліся (ягоныя вочы загарэліся шалёным агнём, рукі ўчапіліся ў крэсла):
а) аб'ект значны; ты закахаесься, калі аб'ект блізкі да твайго ідэалу;
б) аб'ект нязначны; ты закахаесься, калі ў цябе ёсьць патрэба закахацца.
«Ролю, ты варты спачуваньня ў сваёй няздольнасьці зразумець!» – сказаў ён мне у канцы, сыходзячы ў свой пакой. Ён хіснуўся ў пале каханьня і ўчапіўся ў вушак. «Раскласьці табе, Хулі?» «Сыдзі».
Ноччу ён прыходзіць да мяне і садзіцца ў нагах, панурыўшы галаву.
Я: Кінь, брат. Вось паслухай – я гэта прачытаў у старцаў – калі ты сумуеш, дык лепшы сродак лячэньня – гэта ўявіць, што твая туга ня ёсьць вынікам тваіх пачуцьцёў і пакутаў, а ёсьць насланьнём. Нябачныя цёмныя існасьці віруцца вакол цябе, выклікаюць у табе смутак і старанна ўзгадоўваць яго, каб потым харчавацца выпарэньнямі атручанай душы. Гані, гані іх, Хулі! Кыш, падлы! Прэч! І адразу лягчэй становіцца – пэўна табе кажу.
Хуліё: Але ў такім выпадку лягічна выказаць здагадку, што калі табе добра й весела – гэта ня меншае насланьнё. Так-так, сьветлыя існасьці спакваля закладваюць у цябе мушыная лічынкі радасьці, гадуюць – і прагна імі насычаюцца. Глядзі, як палаюць іхныя сквапныя вочы! Кыш, кыш, паразыты!
* перапалоханы шолах крылаў, карканьне, крактаньне *
E5. На адвароце партрэта. Пра праўду
«І вось аднойчы ты разумееш: ўсё, што прымаў раней за крыўду, за глупства, за неразуменьне – усё гэта праўда, а ты быў няправы. І што ты быў дрэнны, і ёсьць дрэнны – і калі, калі ўжо ты зробісься добры?»
E6. Уцёкі ды туляньні. У пошуках
«Людзі, што вечна пакутуюць, не такія ўжо й дурні, якімі здаюцца на павярхоўны погляд. Хіба боль – ня лепшы спосаб адчуваць пульс і жар жыцьця?» Так разважаў я, спускаючыся па лесьвіцы.
На кожнай лесьвічнай пляцоўцы я зварочваў у калідорчык з кватэрамі і ў пошуках незамкнёных дзьвярэй націскаў усе ручкі адна за адной. Ня тое каб мяне пацягнула красьці, не, зусім не; я шукаў толькі шчырасьці й адкрытасьці. Мне здавалася, што вось, я зараз увайду, і мяне абнімуць, і назавуць братам, і будуць глядзець сур'ёзнымі сінімі поглядамі. І будзе ўрачыстая прысяга, кшталту клятвы на вернасьць айчыне, урачыстая да сьлёз на вачох.
Адкрытыя дзьверы трапіліся мне ці то на дзевятым, ці то на восьмым паверсе, але за імі мяне чакала нешта іншае: зэдлік з падушачкай на сядзеньні ды рэпрадукцыя Пэруджына з пакланеньнем вешчуноў. На рыпеньне завесаў з глыбіні кватэры адгукнуўся старэчы голас: «Унучак? Унучак?» Я ўявіў, як зараз будзе – зьдзіўленьне, тлумачэньне, бясконца доўгае знаёмства – і ціхенька прычыніў дзьверы. Не, гэта было ня тое, што я шукаў.
Чым ніжэй я спускаўся, тым больш траплялася мне незамкнёных дзьвярэй. За аднымі стаяў густы капусны пар, за другімі школьнікі вучыліся катацца на роліках, за трэцімі аголеная мокрая жанчына шлёпала з ваннай па забыты ручнік. Некаторыя дзьверы застылі прыадчыненыя, пахла смажанай рыбай, крэпкім адэкалёнам, коткі церліся бакамі аб вушакі, студэнты перапісвалі канспэкты. Я не разумеў, што шукаю, але мэтадычна марудзіў ля кожнага парога, дакранаючыся да карычневых і чорных абіўкаў, да залацістых цьвічкоў, зьлічваючы нумары і шрыфты, параўноўваючы гузікі званкоў.
На першым паверсе ўсе дзьверы вагаліся ў разнасьцежанасьці, варушымыя парывістымі скразьнякамі. Я ішоў як у сьне, зазіраючы ў цёплыя праёмы, паглядаючы на пышныя футры на вешалках, на ваўняныя шалікі, на ўзорыстыя рукавіцы. Апошнія дзьверы, за рогам ля лесьвіцы, разьмяшчаліся бокам да мяне, і я ня мог бачыць, што ўнутры. Як у сьне, я набліжаўся, крок, другі, трэці, і вось мне адкрылася: нізкае крываногае крэсла, сьпіной да ўваходу, а ў ім – плечы ў белым гарнітуры, стрыжаная патыліца, валасы па сьпіралі вакол цэнтра. Белы Паляўнік! Я зьнямеў. Дзявочыя ногі былі відаць па-за крэслам, нафарбаваныя пальцы й калені ўпіраліся ў падлогу, рытмічна ўздрыгвала пасма. «Хто ж ставіць крэслы ў вітальні сьпіной?» – стукнула пустая думка. Узмаліўшыся, я адступіў на дыбачках, прадрабязіў па шэрай кафлі, рынуўся праз чатыры прыступкі ўверх, ратаваць пажытак.
E7. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра завершанасьць
Калі мы прыступілі да вячэрняга рагу, Хуліё паскардзіўся, што яго няспынна мучыць пачуцьцё незавершанасьці: колькі б часу ён ні бавіў побач са сваёй каханай і як бы ён яго ні бавіў, кожнага разу потым здаецца, што ня ўсё сказаў, ня ўсё зрабіў, што за мітусьнёй і валтузьнёй так і не дасягнуў чагосьці сама галоўнага.
– Я спрабаваў шмат разоў, і так, і гэтак, але заўсёды ў выніку адно, – Хуліё горка ўздыхнуў. – А ты, Толік? Ты, жанаты на адной жанчыне шмат гадоў, узгадаваўшы зь ёю дзьвюх дачок, ці адчуваеш ты завершанасьць і задавальненьне ў каханьні?
Толік падняў бровы ў адзнаку таго, што пачуў пытаньне і зараз пачне адказваць, і даволі доўга дажоўваў з паднятымі бровамі. Дажаваўшы, ён адпіў добры глыток шампанскага, і цьвёрда сказаў:
– Не. Усё роўна ёсьць незавершанасьць. Можа, трэба памерці разам?
Валік заўважыў, што гэта наўрад ці дапаможа:
– Бо незавершанасьць, пра якую вы кажаце, нашмат шырэйшая: яна ўзьнікае ў адносінах і да сваякоў, і да сяброў, і да проста знаёмых, а часам нават і да выпадковых мінакоў. Не заўважалі?
– І да прадметаў, – дадаў Колік, адкаркоўваючы новую бутэльку. – Гэта ж Кант. Абмежаванасьць пазнаньня. Вашая завершанасьць немагчымая ў прынцыпе.
І тут усё разам паглядзелі на мяне. Браты засьпелі мяне зьнянацку: я разгортваў цукерку, стараючыся не шамацець фанцікам. Ну! Кажы зараз ты, Ролю!
– Ва ўмовах абмежаванасьці пазнаньня абавязак кожнага сумленнага чалавека – адмовіцца ад каханьня, – сказаў я, чырванеючы.
E8. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра баязьлівасьць
Аднойчы ў суботу, калі тата сядзеў у сонечным квадраце каля вакна, піў каву, курыў цыгару і быў відавочна задаволены жыцьцём, мы з брацікамі прыбеглі да яго і сказалі:
– Татухна, як ты можаш мець такі шчасьлівы выгляд, калі на сьвеце столькі зла й пакутаў? Гэта злачынны эгаізм! Гэта подласьць!
Тата пачырванеў, спахмурнеў, пагасіў цыгару наўпрост у каву й рашуча падняўся:
– Праўду кажаце, дзеці мае! Праўду кажаце! Пра кідаць падлець, надышоў час дзейнічаць!
– Так, татухна, дзейнічаць!
– Ну дык вось. Ты, Толік, ідзі знайдзі жабракоў, бяздомных і галодных, ды пабольш, і прывядзі іх сюды, няхай жывуць у нашай хаце. Падорыш ім сваю вопратку й цацкі, а сам ідзі ў дзіцячы дом. Вы, Валік і Колік, бяжыце ў паліклініку ды аддайце сябе на ворганы, выратуйце жыцьцё цяжка хворым. Ды глядзіце ня скнарнічайце! Ты, Хуліё, бяры матулю, вадзі па вуліцах ды прапаноўвай яе гаротнікам, што прагнуць жаночае пяшчоты, гарбунам, старэчам, вычварэнцам. І сябе прапаноўвай, не лянуйся. А мы з табой, Ролю, пойдзем на вайну, будзем змагацца за справядлівасьць! Вось табе вінтоўка ды кулі. Ты будзеш страляць за чырвоных, а я за белых, ці наадварот.
– А чаму ня разам, татухна?
– Бо па-свойму маюць рацыю і тыя, і другія, і ўсім патрэбная наша дапамога! Ну, што глядзіце? Людзі пакутуюць, гінуць, а мы вылежваемся! Наперад, сыны!
Але нам раптам зрабілася шкада ўсяго нашага, і мы заплакалі, і ўцяклі. Збаяліся. Слабакі. І з таго часу мы ніколі не перашкаджалі таце піць каву ды курыць цыгару.
E9. Змрочныя засьценкі. На паляваньні
Доўга й балюча перажываючы ганьбу няўдалага атручэньня піцы, я два тыдні бязвылазна прасядзеў у пакоі і выбіраўся толькі ў сталовую і ў бібліятэку – каб паабедаць зь Ленай і пагартаць леташнія паэтычныя падшыўкі. Зрэшты, я практычна адразу пачаў выгадваць новы плян, ня меней клясычны: забойства на паляваньні. Кожную сераду праграмары выяжджалі конна ў лясную сядзібу, дзе стралялі бажаноў, гналі кабаноў, цкавалі мядзьведзяў, лавілі лісаў – гледзячы па сэзоне. Раней я пазьбягаў браць у гэтым удзел, шкадуючы безабаронных зьверанятаў, але зараз палез на антрэсолі й дастаў свой стары дзевяцімілімэтровы карабін. Садзьмуў пыл, пагладзіў халаднаваты бярозавы прыклад, пстрыкнуў па цаўю, хукнуў у рулю; потым паляжаў трохі ў ложку, уяўляючы, як за паўдня перастраляю ўсіх узурпатараў па адным. Ніхто й не западозрыць; я ж вярнуся ў Вучылішча трыюмфальным пераможцам і ратавальнікам. Я зірнуў у вакно: праграмары ўжо сядлаліся, моцна тупалі ботамі, дзяліліся тытунём, падцягвалі папругі, частавалі коней яблыкамі ды арахісам. Я трываць ня мог конскага паху і таму вырашыў паехаць на маршрутным таксі. Марудзіць было нельга; сьпехам паліўшы са слоіка з адталай вадой бягоніі, я замкнуў дзьверы й пабег на падворак. Праграмары гарцавалі і сьвісталі, іхны авангард ужо выцягваўся з брамы направа, у бок шашы. Маршрутка чакала мяне – тоўсты сівы таксісты ветліва махаў рукой і бадзёра газаваў. Я ўладкаваўся на пярэднім сядзеньні побач зь ім, і ён рушыў, на хаду наводзячы радыё. Перадавалі цягучы электрычны блюз; мы набралі хуткасьць, і праграмары адразу апынуліся далёка ззаду, а праз паўгадзіны я, шчодра расплаціўшыся, саскочыў на пясчаную абочыну. Таксісты заглушыў рухавік і разгарнуў сьняданак, а я паглыбіўся ў пушчу. Цьвілі баршчоўка й гусіная цыбуля, пырхалі маленечкія каролікі й крапіўнікі, здалёку даносіліся бразгат кузьні й рыпаньне млыну. Кожная сьцяжынка тут была мне знаёмая, і я, упэўнена узяўшы да поўначы, абмінуў сядзібу, перабраўся цераз яр і падняўся на парослы маладым хвойнікам пагорак, адкуль адкрываўся стратэгічна бездакорны агляд. Бавячы час, я расклаў вогнішча, заварыў гарбату са сьвятаяньніку й чабору ды сядзеў назіраў вавёрак. Неўзабаве, праз гадзіну ці крыху больш, пачуўся паляўнічы ражок, зьявіўся белы трохкутны вымпел, мільгануў між ствалоў барвяны плашч Галоўнага Праграмара. Яны сьпешыліся й разышліся шырокім няроўным ланцугом, высока падымаючы калені ў зарасьніках асакі й быльнёгу. Адзін, знаёмы мне азызлы бляндын, выключны мярзотнік, караскаўся па ўзроўку ў мой бок, і я саўгануўся яму насустрач, наўскасяк. Атросшы нагавіцы, ён пазяхнуў і пачаў круціць нямытай галавой, выглядаючы здабычу. Я падняў карабін, старанна прыцэліўся ў пукаты лоб, і тут ён заўважыў мяне. «А, Ролтан-бой! Ідзі-тка сюды. Паглядзі, што гэта з маёй стрэльбай? Бачыш, як руля сплюснулася? Быццам молатам раскляпалі. З чаго такое можа здарыцца? А ў цябе нармальна? Слухай, дай мне сваю, табе яна ўсё роўна непатрэбная. Я пакуль лез, двух гарнастаяў бачыў! Харошы карабін. На табе за гэта арэшкаў... а ўвечары яшчэ верашчакі паясі. Вось дзякуй! Ну бывай».
EA. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра самага лепшага пакупніка
Зрэдку, зь вялікай асьцярогай, мы прасілі расказаць казку Толікаву жонку, у мінулым філёляга, а цяпер бухгальтара. Яна працавала ў краме на рагу, ведала шмат чаго й ахвотна адгукалася на нашыя просьбы. І хоць яна засмучалася, што замест казак у яе кожны раз атрымоўваюцца жыцьцёвыя апавяданьні, нам было патрэбнае метавіта гэта – каб крыху прызямліцца.
– Жыў-быў на сьвеце адзін чалавек, ня добры й ня дрэнны, не таўсты й не худы, імуноляг па прафэсіі, і ўздумаў ён аднойчы зрабіцца самым лепшым пакупніком ў нашай краме. Па-мойму дык самы лепшы той, хто шмат грошай гаціць, але ён разважаў інакш: пастанавіў купіць і пакаштаваць усе прадукты без выключэньня. Ён пачаў ад уваходу і рухаўся ўглыб, купляючы ў дзень па два-тры прадукты – прыкладам, малако, лук і арахіс – і мэтадычна запісваў усё ў нататнік. На наступны дзень правяраў уважліва, ці не зьявіліся на пройдзеным шляху якія навінкі, і калі так, дык браў іх таксама. Даведаўшыся выпадкова пра гэтага чалавека, наш гаспадар усхваляваўся страшэнна – чалавек ён нэрвовы, містычны, і ўсякія гэткія штукі адчувае тонка. Ён сказаў, што як толькі перакаштуе імуноляг усе прадукты, здарыцца жудасная катастрофа, і нельга гэтага дапусьціць. Стаў гаспадар хітрыць: то новы плаўлены сырок у глыбіню малочных паліцаў падкіне, то шакалядны батончык пад зэфірам схавае, то гарэлачныя цэньнікі месцамі памяняе. Але імуноляг той быў біты воўк, ён усе гэтыя заначкі выяўляў улёт – і ўжо да канца гандлёвае залы, да самой касы ў татальным сваім каштаваньні набліжаўся. Выдумаў тады гаспадар новы выкрут, кажа касірцы: як папросіць ён кавы рашчыннай – не давай яму, скажы дзей шкодна. Так яна й зрабіла. Але імуноляг не прасьцяк быў: я, кажа, лепей за вас ведаю, што шкодна, а што не! Калі ласка кавы мне, а інакш я скардзіцца буду, ня маеце права! Прыйшлося прадаць, а куды дзявацца. Палічылі мы тады прадукты і запанікавалі: заўтра самы апошні дзень надыходзіць! Усё перакаштаваў нягоднік-імуноляг, акрамя мятных ледзянцоў! Заплакаў тады гаспадар, заплакала касірка, заплакаў грузчык, дый я таксама заплакала. І адважыліся мы на апошні сродак: павесілі на мятныя лядзяшы цэньнік 1.000.000 даляраў. І чакаем, і са страху трасемся, усю ноч напралёт дрыжым. Назаўтра, ледзь расквітнела, зьяўляецца імуноляг. Абышоў усю краму, з нататнікам зьлічыў, і да лядзяшоў накіраваўся, з ухмылкай злавеснай. Але як убачыў цэньнік – тварам зьмяніўся, ды як зараве! Ірвануў на сабе кашулю са злосьці, гузікі так і пырснулі. Вые, шыпіць, нагамі тупае, плюецца, ды толькі зрабіць нічога ня можа. Няма ў яго такіх грошай. Так і сышоў ні з чым. Кажуць, на нейкі гіпэрмаркет пераключыўся, дзе за ім ужо ніхто ня ўсочыць...
– Ваш гаспадар, значыцца, дурылка? – сьмяяліся мы. – Баламут?
– Ужо калі хто й дурылка, дык дакладна ня ён, – адказвала Толіткава жонка. – Бо катастрофа і сапраўды набліжалася: калі імуноляг пачаў папяросы ды жуйкі з касы купляць, зямля стала ўздрыгваць пад падлогай у глыбіні, ня вельмі, але пагрозьліва. І нейкі дзіўны шум, быццам далёкі-далёкі сьвіст!
EB. Зь ліста Толіка. Пра пяшчоту
<...> і вымушаны быў узяць купэ, хоць я купэ не выношу – гэтую адвечную курыцу з пакета, гэтыя размовы, гэтае радыё, а пасьля бярушаў у мяне галава баліць. Так і аказалася: п'яненькі пабрыценькі ў кашулі ды інтэлігентная пара. Яны пачалі спачатку пра надвор'е, потым пра палітыку, і ўсё касіліся на мяне. Акасееце, думаў я ў адказ, гледзячы ў чорнае вакно. Пара расказала, што яны настаўнікі й едуць да сясьцёр, а п'яненькі быў пасьпяховым ***стым і ехаў па бізнэсовым справам. Ён трываў з усіх сілаў, але калі прынесьлі чай не стрываў і спытаў мяне: а вы хто? Але больш за ўсё на сьвеце я ненавіджу п'яненькіх пабрыценькіх ***стых, асабліва з карымі вочкамі, асабліва з пасьмешачкай, а больш за ўсё – у сьветлых кашулях у тонкую палоску. І я ўзяў ды ляпнуў не падумаўшы: я дару мужчынам ласку й пяшчоту... бо пяшчоты так нямнога ў нашых велізарных гарадах... а яны дораць мне падарункі. І нясьмела панурыўся, папунсавеў. І зноў імпэтна ўзьняў твар: але гэта ня тое, што вы падумалі, не-не, зусім ня тое! І зноў апусьціў. Павісла паўза. Настаўнікі, зрабіўшы выгляд і нібыта абыякава падняўшы бровы, зашамацелі цэляфанам, рассыпалі на сурвэтку соль і пачалі катаць вараныя яйкі. Пабрыценькая кашуля разьмешвала цукар. Мне здавалася, што я дапёк і параніў яго: увасабленьне заганы едзе зь ім у адным купэ й нават заняло ніжняе месца! Але дзе там. Калі я выйшаў у прыбіральню, ён дагнаў мяне ў калідоры і, нясьмела пракашляўшыся, стаў удакладняць наконт пяшчоты. Напусьціўшы на сябе пыхлівасьць, я сказаў, што прымаю толькі жэмчугі й амэтысты. У замяшаньні ён замоўк, і я праціснуўся бокам назад, пад абарону настаўнікаў. А потым, ужо ў цемры, калі настаўнікі заснулі, ён зьвесіўся са сваёй паліцы і правёў рукой па маім плячы. Ён напалохаў мяне! На шчасьце, у кішэні пінжака ў мяне быў дарожны швейны наборчык, я навобмацак дастаў іголку й лёгенька кальнуў ***стага ў далонь. Ён напужаўся: падскочыў і заскуголіў у сябе на палацях – пэўна, падумаў, што гэта шпрыц, і я заразіў яго сьнідам. А настаўняткі, аказваецца, усё бачылі, ня спалі – панічна блішчалі вачыма, як зацкаваныя грызуны <...>
EC. Аповед Коліка. Пра Буду
Мой брат Колік апавядаў, што аднойчы зь ім у камэры сядзеў прафэсар-усходазнаўца, спэцыялісты па будызму. І аднаго разу, за цыгаркай, прафэсар расказаў Коліку, што на самой справе гісторыя Буды Гаўтамы трохі розьніцца з той, якую мы прызвычаіліся чуць у школе.
Што на самой справе ён нарадзіўся зусім ня ў царскай сям'і, а ў шавецкай майстэрні, пад варштатам. Што быў ён не прыгожы, а выродлівы, і не разумны, а дурны, як палена. Усе, хто бачыў Гаўтаму, адчувалі агіду й пагардліва клікалі яго Лярвёнак. Адзіны, хто цаніў яго, быў гаспадар майстэрні – бо Лярвёнак з самага маленства ўмеў хутка спорваць падэшвы са старых чаравікаў. Таму, калі да гаспадара прыйшлі браміны і прадказалі, што Лярвёнка нельга выпускаць з майстэрні, інакш ён не застанецца шаўцом, гаспадар загадаў яму ня сьмець падыходзіць да дзьвярэй. І прыгразіў малатком. Так прайшло гадоў пяць ці дзесяць, але аднойчы ў пятніцу гаспадар выпіў на шклянку болей за норму і цалкам страціў прытомнасьць – і Лярвёнак адважыўся ўзяць у яго ключы. І выйшаў агледзецца. Тое, што ён убачыў звонку, узрушыла яго! Спачатку яму сустрэлася дзяўчына, невыказна прыгожая, сапраўдная багіня. Яна размаўляла па тэлефоне і працокала міма, нават не заўважыўшы Лярвёнка. «Хто гэта?» – спытаў ён мінака. «Гэта дзяўчына, ідыёт! Але нават і ня мар, гэта ня для брудных голых прышчавых тупых лярвёнкаў, як ты», – засьмяяўся мінак. Лярвёнак сумна пайшоў па вуліцы далей і неўзабаве ўбачыў аўтамабіль, невыказна прыгожы, як калясьніца Феба. «Што гэта?» – спытаў ён другога мінака. «Гэта кабрыялет, дурань! Але нават і ня мар, табе трэба дзесяць жыцьцяў працаваць шаўцом, каб на яго назапасіць», – сплюнуў мінак. Лярвёнак сумна пайшоў па вуліцы далей і неўзабаве ўбачыў, як зь невыказна прыгожага аўтамабіля выходзіць хлопец, і невыказна прыгожыя дзяўчыны абступаюць яго, зазіраюць у вочы, цягнуць аркушыкі й імкнуцца пакратаць за рукаў. «Чаму?» – спытаў ён трэцяга мінака. «Гэта кінаактор, крэтын! Але нават і ня мар, гэта ня для бязродных выродлівых неданоскаў», – адрэзаў мінак. Будзь Лярвёнак разумнейшы, ён бы не паверыў шкодным мінакам. Але ён быў дурны і паверыў. І адвярнуўся. І сказаў: «Жыцьцё – гэта пакуты. Жаданьні – крыніца пакутаў. Каб пазбавіцца жаданьняў, трэба ачысьціць розум». І пайшоў прэч з горада, у лясы, практыкаваць васьмярковы шлях.
ED. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра часткі цела
У юнацтве Хуліё больш за ўсё на сьвеце любіў жаночыя каленкі. Ён ахвотна й падоўгу расказваў нам, якія яны бываюць, якія асалоды ў сабе ўтойваюць і як дужа розьняцца з мужчынскімі. А як жа душа? – дражнілі мы яго, але ён адказваў, што душа само сабой вядома, і тым ня менш каленкі. Ішоў час, і з узростам ягоная цікавасьць усё ж крыху ўзвысілася: ён прызнаў, што жаночыя сьцёгны вышэйшыя за каленкі, і толькі яны вартыя палу. Гэтай любові яму хапіла на шмат гадоў, а потым ён нечакана для ўсіх падняўся яшчэ вышэй: да радасьцяў тазу й заду. Замацаваўшыся на гэтай вышыні, ён прабавіў там доўгія гады, у пяшчоце і заслужана-салодкай нячыннасьці. Але вышыня па-ранейшаму вабіла яго, і аднойчы Хуліё даказаў, што ён яшчэ ў форме: зьдзейсьніў дзёрзкі рывок да таліі. І потым, ледзь аддыхаўшыся – да грудзей! Мы назіралі, абмяркоўвалі, рабілі прагнозы і стаўкі – куды далей? Толік лічыў прамалінейна – шыя, а потым твар, валасы; я выступаў за бясьпечнае ссоўваньне ў бок – плечы й рукі; Колік пэўніў, што здарыцца нечуванае – Хуліё зрушыць пэрпэндыкулярна, зацьвердзіць трохвымернасьць прасторы й пакахае паветра. «Паветра?» «Паветра!»
Але Хуліё спыніўся на дасягнутым і больш аніколі не зьмяняў сваю любоў.
EE. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра песьні
Мой брат Колік, дасягнуўшы сталасьці, зрабіўся дасканала непахісным чалавекам, стрыманым і поўным годнасьці, нібы стары індзейскі правадыр. Мы з брацікамі не аднойчы правяралі – зьнянацку крычалі яму ў вуха, ці чыркалі запалку пад самы нос, ці замахваліся рыдлёўкай – але ён нават не міргаў; толькі потым, праз хвіліну, зьлёгку ўсьміхаўся з пагардай. Але была і ў Коліка свая слабасьць: песьні пра маму. Нязначна чые, хоць Высоцкага, хоць Вярцінскага, хоць самага апошняга эстраднага шансанье – на Коліка яны дзейнічалі магічна! Ён дранцьвеў і зачаравана слухаў, зглытваючы і абціраючы вочы на прыпевах. Мы заўсёды зьдзіўляліся і казалі яму: навошта табе гэтыя песьні, калі крок ступіць да жывой і здаровай мамы? Ці ня глупства, ці ня грэх плакаць па тым, хто побач, хто на першым паверсе фарбуе вусны перад авальным люстэркам? На гэта Колік адказваў, што калі мы чагосьці не разумеем, дык ці ня лепш прамаўчаць, аніж лезьці, блытацца й набівацца? Ну тады растлумач нам, напіралі мы, так, мы не разумеем, мы толькі й чакаем тлумачэньняў! Але Колік хмыкаў і дзень у дзень нічога не тлумачыў. Ня ў сілах ані пахіснуць яго, ані пакінуць у спакоі, мы паціху зьмянілі тактыку: цяпер, зрабіўшы выгляд, што ўсё зразумелі, а на самой справе жадаючы павесяліцца й пакуражыцца, мы пачалі падсоўваць Коліку розную сумнеўную музыку – то Шубэрта, то Гершвіна, то Брэля, то японскі эмбіэнт, то нарвэскі дум, то ўвогуле васьмібітныя мэлёдыі зь відэагульняў – і казалі: гэта пра маму. І Колік, які ня ведаў ані назваў, ані моваў, даверліва міргаў вачыма, сядаў і з заміраньнем слухаў. Мы некаторы час гігікалі і перамігваліся ў яго за сьпіной, а калі стамляліся перамігвацца, узьбівалі пухоўкі, накрываліся пледамі і таксама паглыбляліся ў песьні. А часам заходзіла і мама, раздавала нам лякрычныя палачкі, падтыкала пледы, устаўляла саломінку ў кактэйль і слухала разам з намі.
EF. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра тату
Адзін з сама яркіх дзён майго дзяцінства – калі тата прынёс дадому мікрахвалёвую печку. Колькі было весялосьці, узрушэньня й радасьці! Толік і Колік тупацелі па хаце, абіраючы ёй прыгожае месца – на люстраным трумо, на падаконьніку, пад лісьцем фікуса, побач з політэхнічнымі слоўнікамі, на лядоўні, на раялі – а Валік цягнуў сьледам падаўжальнік. Папіскваючы зь нецярпеньня, мы спрабавалі нашыя першыя рэцэпты: разагравалі ролтан, плавілі плястылін, пяклі на дубчыках абрыкосы й райскія яблычкі. Гэта быў наш маленькі камін!
Але тата ня браў удзел. Уткнуўшыся ілбом у шыбу, ён сумна глядзеў у цемру, марнаваўся – чакаў маму. Ён дужа кахаў маму, дужа безадказна! Тата казаў, што каханьне падобнае да арэляў – яно рэдка застаецца ў раўнавазе. Тата быў занадта цяжкім і засеў унізе, а мама ўзьляцела высока-высока ў халоднае паветра. Яна звычайна зьяўлялася дома ўдосьвітку, раскошная, напудраная, пагардна стомленая. Тата, які дагэтуль чакаў у куце вітальні, ускокваў з крэсла, падбягаў, цягнуўся вуснамі. Мама ніколі не прымала пацалунак, але ён тым ня менш штовечар апырскваў вусы й бараду духамі, з флякона з гумовай грушай-пульвэрызатарам. Але хопіць пра сумнае! Вось як мы паджартавалі аднойчы над татам: Толік і Колік вылілі ягоны «Comme de garçons» у фікус, а Валік насікаў у апусьцелы флякон. Увечары тата як заўсёды багата апшыкаў твар, і вакол яго павісла воблака даўкага паху мачы. Жоўтыя кропелькі на лінзах пэнснэ. Вядома, ён усё заўважыў. Але туга ўжо даўно зьела яго знутры – ён ня здолеў ані засмуціцца, ані раззлавацца. Вочы ягоныя як былі, так і засталіся – сумныя й вільготныя, як лістападаўскі вечар. Апусьціўшы рукі, мы стаялі й глядзелі, як ён атупела абцірае бараду рукавом. Толік заплакаў, а Колік абняў тату за нагу. «Татухна, татухна, матуля вось-вось прыйдзе, вось пабачыш!»
F0. Уцёкі ды туляньні. У дарогу
Не пасьпеў я пакласьці ў баул швэдры, як Белы Паляўнік ужо стаяў у дзьвярох. Цяпер я як сьлед разгледзеў ягоны твар: лоб марадзёра, нос мучыцеля, рот юрліўца. Ён нічога не казаў, і я ня ведаў, што рабіць. Адвага пакінула мяне. Не хапала нават сілаў працягнуць руку па шырокі шавецкі нож, які я заўсёды трымаў на стале. Нарэшце ён прамовіў:
– Зьбірайся.
– Куды? – недарэчна мэкнуў я.
– Назад.
Палёгка, адтэрміноўка. Я думаў, ён зганьбіць і заб'е мяне адразу. Дрыготкімі рукамі я сабраў швэдры, перамяжоўваючы іх клуначкамі сашэ, прыладзіў зьверху прас. На дно другога баула я апусьціў коўдру, на яе – гантэлі, на іх – прасьціны, навалачкі й шторку для ванны. У трэці баул ляглі кілімок, шкарпэткі, майткі, талеркі, шапачка для плаваньня. У чацьвёрты – лялечная хатка, пара крышталёвых келіхаў, пажухлы Пэтрарка, патэльня, зімовыя вусьцілкі, кашулі, запанкі, каўнерыкі. Гэта была яшчэ наўрад ці палова, але ледзь я дакрануўся да пятага баула, Белы Паляўнік спыніў мяне кароткім гартанным вокрыкам.
Толькі цяпер я ўсьвядоміў, як асеў, як прывязаўся. Каб пацягнуць час, я прапанаваў яму кавы ці какавы, але ён непрыступна матнуў галавой. Аднак дазволіў мне даесьці маленькія бэжавыя пернічкі са смачнай фруктовай начынкай – не хацеў надломваць мяне раней часу. Я жаваў пернічкі і гладзіў абрус: бывай, бывай. Я аглядаў усё – патрэсканыя трубы, выцьвілыя шпалеры, лятуневыя шпінгалеты. Маю сальніцу, маю перачніцу, мае зубачысткі. Ня ў сілах саўладаць, я парасьпіхаў іх па кішэнях. Яму было ўсё роўна.
Мы выправіліся. Белы Паляўнік падхапіў першыя два баула і панёс іх зусім лёгка, нават памахваючы. Я валачыўся сьледам, хістаючыся пад цяжарам і закусваючы губу. Мы спусьціліся ў ліфце і выйшлі на дарогу. Таксоўка спынілася імгненна: мясісты гвардыі лейтэнант у адстаўцы, зь пярсьцёнкам-пячаткай. На чыгуначным вакзале я сядзеў на баулах, Белы Паляўнік стаяў па квіткі, шукаў касірцы бяз рэшты. Мы чакалі цягнік у піўной, пілі таматавы сок. Насільшчык у фуражцы каціў мой пажытак, правадніца ўсьміхалася, начальнік цягніка казыраў і ляскаў абцасамі. Калі мы засталіся ў купэ адны, Белы Паляўнік загадаў мне разгортваць ложак, апранаць піжаму і класьціся.
F1. Зь ліста Толіка. Пра загадзеньне
<...> набыў у апошнія гады вельмі пажыўную звычку загадзя разьвітвацца з усім, што можа аказацца дорага. Да прыкладу, з чалавекам: глядзіш яму ў вочы, чуйна слухаеш голас, з сумам любуесься рысамі. Кажаш сабе: прыйдзе час, і я больш ніколі ня ўбачу яго, ніколі, ніколі. І за некалькі дзён, у якія зноў бачыш яго, насычаесься растаньнем, напітваесься, перагараеш. І потым табе ўжо лёгка і спакойна, бо ты ўжо разьвітаўся. Рыхтык гэтак жа зь месцамі, з хатамі, з гарадамі, з усім. Рабіце гэта загадзя, братцы, так нашмат прасьцей, паверце. Ідзіце й разьвітвайцеся прама зараз, што карысьці марудзіць? <...>
F2. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра самага пошлага чалавека
Мы з брацікамі вельмі доўга былі маленькія, але пакрысе ўсё ж уздужалі й сталі зусім дарослыя; аднак наш тата нічога й ведаць не хацеў і па-ранейшаму імкнуўся распавядаць нам казкі. Хоць спалі мы цяпер у розных пакоях, адгароджваліся ад яго жонкамі, немаўлятамі, крэдытамі, зімовай рыбалкай, замыкаліся на замкі, але ён час ад часу ўсё ж прымудраўся засьпець нас разам і расказаць казку. І чым болей ён старэў, тым бессэнсоўнейшыя рабіліся ягоныя гісторыі.
– Паслухайце, дзеткі. Жыў на сьвеце калісьці падаўней адзін добры чалавек, па прафэсіі аналітык. Усім ён быў добры, і галянтны, і далікатны, і тварам прыгожы, але была ў яго маленькая слабасьць, кшталту нэўрозу – панічна баяўся здацца пошлым. Праз гэтую боязь правёў ён паўжыцьця ў ненатуральнасьці і натужнасьці, намагаючыся ўсё рабіць вытанчана і дасканала – і за зьнешнім выглядам сачыў, і гаворку шліфаваў, і густ разьвіваў – і затаміўся страшна. І вось аднойчы ў суботу, за ранішняй яечняй, яго быццам электрычным токам ударыла: чаго гэта я, га? Што за глупства? Што за дзяцінства? І пастанавіў ён тут жа, не сыходзячы зь месца, зацьвердзіцца і стаць самым пошлым чалавекам на сьвеце. Сказана – зроблена. Купіў ён у той жа дзень чорны гарнітур з бляскам, вастраносыя туфлі, лакавую скураную сумачку, адгадаваў вусы і пазногаць на мезенцы, і пайшоў па вуліцах. Аналітыку ён хутка кінуў і падаўся ў адстаўныя вайскоўцы, а па вечарох завучваў Ільфа, Пятрова ды Гайдая, каб цытаваць. Хаду ж адмыслова рэпетаваў перад люстэркам – стараўся выгнуць ногі колам, як у жакея. Неўзабаве аднак усяго гэтага яму падалося мала, і ён надумаўся завесьці адпаведную кабету. Доўга шукаў ці не, але ж такі знайшоў, і якую! Гадоў пад пяцьдзесят, таксама з былых, мажная, загадчыца, фарбаваная-перафарбаваная, з залатым крыжыкам, завітая і на абцасах. Яна адчувала такую ж хваравітую цягу да пошласьці, і яны адразу пакахаліся. Ён прыходзіў да яе зь лікёрам і тортам, а яна чакала ў капелюшы з вэлюмам і панчохах ў сетачку; потым вячэра пры сьвечках, ток-шоу, караоке, гарэлачка, таксоўка, рэстарацыя, ікорка, танга і камасутра. А па раніцах яны ляжалі ў ложку, елі эклеры, выціралі пальцы аб прасьціны і раіліся: што болей пошлае – Кент шасьцёрка ці Ява Плятынум? Брус Лі ці Брус Лябрус? Баярскі ці Бродзкі? Куінз ці Дорз? Шышкін ці Босх? Але доўга так, вядома, цягнуцца не магло, паціху пачаў аналітык сумаваць і задумвацца: што болей пошла – жыцьцё ці сьмерць? Быцьцё ці нябыт? Іманэнтнае ці трансцэндэнтнае?..
У такіх месцах нават мне рабілася млосна – я перарываў тату, хлусіў, што пара на працу і ўцякаў, пакідаючы яго аднаго. Мне нашмат болей падабалася цішыня: абыходзіць хату вакол, асьцярожна рассоўваючы травы, непрыкметна заглядваць у вакно і назіраць, як ён жуе цукерку, нячутна сёрбае гарбату, складае й разгладжвае фанцік.
F3. Аповед Коліка. Пра задуменнага чалавека
Мой брат Колік апавядаў, што аднойчы патрапіў у камэру да надзвычай задуменнага чалавека. Калі звычайныя задумлівыя людзі ніколі не адмовяцца ад гутаркі і будуць старанна слухаць вас хоць тры гадзіны запар, дык той сукамэрнік быў не такі: не зьвяртаючы ні на што ніякай увагі й нават не пазнаёміўшыся з Колікам, ён дні напралёт ляжаў з заплюшчанымі вачыма, але ня спаў, а пра штосьці ўзмоцнена разважаў – гэта было відаць па зрушэньням ягоных броваў і маршчынаў на лобе. Уначы ён, здаецца, ненадоўга заснуў, але пад раніцу чхнуў, пачухаўся і неяк дзівосна засоп. Ня вытрымаўшы, Колік устаў і патрос яго за плячо, і трос, пакуль чалавек не расплюшчыў вочы. «Чаго табе?» «Ты мне спаць замінаеш. Пагаворым?» Чалавеку відавочна не хацелася размаўляць, але ён зь ветлівасьці сеў, праціраючы вочы. «Больш за ўсё на сьвеце я люблю думаць. Толькі гэтым і займаюся, ага. Няма лепшага задавальненьня! Часам зусім выпадаю – дык ты мяне штурхай, калі перашкаджаю, гэта нармальна». Чалавек расказаў, што яго пасадзілі ўжо даўно, пасьля таго, як ён распавёў усім пра свае думкі. «Быццам мне ёсьць нейкая розьніца, дзе думаць! Ідыёты». Ня ў сілах утрымацца, ён ізноў лёг і закрыў вочы. Часам ён усьміхаўся, варочаўся, крактаў, прыцмокваў, а апоўдні да таго задумаўся, што пачаў гігікаць і нават лёгенька падскокваць ўсім целам. Колік ізноў стаў трэсьці яго і запатрабаваў падзяліцца думкамі. Але чалавек зірнуў на яго і засьмяяўся: «Не ўжо! Досыць мне і тога разу. Столькі крыкаў і мітусьні. Больш я нікому не даверуся». Колік спачатку абурыўся, але потым ачахнуў – не забіваць жа чалавека праз такую драбязу. Затое за ім было пацешна назіраць: як ён, паглыбляючыся ў роздумы, грымасьнічае, то кусаючы вусны, то аблізваючыся, а то й стогнучы з асалоды.
F4. Зь ліста Толіка. Пра тэатар
<...> і я паляцеў. Цалкам самадастатковая краіна, але часам ім патрэбныя тэхнічныя спэцыялісты кшталту мяне. Людзі тамака – усе творчыя, ну дашчэнту ўсё, уявіце. Вам бы спадабалася. Хто пісьменьнік, хто музыкант, хто скульптар, хто дызайнэр, а хто й філёзаф нават. Прычым ня вытычкі нейкія, а спадчынныя, дынастычныя, у доўгіх пакаленьнях. Вось толькі невясёлыя ўсё, панурыя. Я спачатку не разумеў, чаму, а потым перакладніца мне патлумачыла: ім няма каму паказаць свае працы. Па-першае, кожны заняты сваімі, а па-другое, у іх назьбіралася столькі заведама выдатнае клясыкі, што марнаваць час на сумніўных сучасьнікаў – проста глупства. Я быў дужа зьдзіўлены і зь цяжкасьцю паверыў, але ў той жа вечар пераканаўся, што яна ані не забольшыла. Гуляючы па набярэжнай, я натрапіў на невялікі тэатар, было якраз сем, і я наважыўся зайсьці. Квіткоў не спыталі, заля была пустая. Калі празь некалькі хвілін заслона рассунулася, дык акторы, убачыўшы мяне, расчынілі раты са зьдзіўленьня. Яны закрычалі, заклікаючы кагосьці, і з глыбіняў выскачыў напалоханы пастаноўца – ён падбег да мяне і стаў паціскаць руку, выбачацца за штосьці й жаласна зазіраць ў вочы. Нарэшце ён махнуў хустачкай і спэктакаль пачаўся. Я не разумеў ані слова, але глядзеў уважліва, усьведамляючы ўласную адказнасьць, і нават баяўся паварушыцца. Здаецца, гэта была гістарычная п'еса. Акторы сьпявалі, скакалі й рухалі дэкарацыі. Калі ўсё скончылася, я падняўся і стаў пляскаць, а яны кланяліся. Пастаноўца ўсхліпнуў, закрыў твар далонямі, і я, паддаўшыся імпэту, абняў яго за плечы і прыцягнуў да сябе. Ён плакаў у мяне на грудзях, мармытаў расчуленыя падзякі, а акторы спусьціліся і таксама плакалі. Я гладзіў іх па валасах, суцяшаў, цалаваў у мокрыя твары, і яны цалавалі мяне ў адказ, а потым <...>
F5. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра школьныя дні
Калі мы з брацікамі ўзгадаваліся ды сталі аканчальна дарослыя, на нас часам па-ранейшаму навальвалася непераадольнае жаданьне пайсьці ў школу. У такія дні мы клаліся спаць крыху раней, а раніцай, пасьнедаўшы крэпкім індыйскім чаем з кексамі і курагой, начэплівалі ранцы і йшлі цугам па школьнай сьцежцы, па росных пустках, па імглістых ярах. Наша школа, цяпер дзіўна маленькая, ужо не вырастала шэрым гмахам здалёк, як раней, а нечакана выяўлялася ў зарасьніках зьдзічэлых сьліў: карычневая, у нарастах вапняку і ракавінак, з крывымі шчарбінамі паміж рагавых цаглінаў. Мы агіналі агароджу з поўначы, каб не глядзець на магілы дырэктара і настаўніка фізкультуры, і ўваходзілі праз заднія весьніцы, нагінаючыся і прытрымліваючы адзін перад адным тугія сьлівавыя галіны. Бэтонная лесьвіца даўно раскрышылася, і мы, ускараскаўшыся па гурбе пазасьмяглых глёбусаў, залазілі ў школу цераз акно сталовай. У сталовай яшчэ лунаў слабы водар кіслае капусты і печанае бульбы, у высокіх сэрвантах яшчэ можна было адшукаць пакунак-другі фруктовых вафляў, але цішыня й белы пыл тленьня, што выслаў пустыя паверхні, прымушалі нас захоўваць стрыманасьць і сур'ёзнасьць. Мы пераабуваліся ў лямцавыя тэпцікі і мякка рухаліся па калідорах, зазіраючы ў аўдыторыі. Дошкі аблезьлі зь зялёных у шэрыя, крэйда ссыпалася, табліцы Мендзялеева пацямнелі й набраклі халоднай восеньскай расой. Кожны крок узбуджаў гул у доўгіх масьніцах, сыпаўся пясок, трэскалі шкляныя аскепкі. Стаміўшыся, мы збочвалі ў клясу, прысаджваліся за фанэрныя парты. Калені й жываты не зьмяшчаліся ў вузкіх праёмах, і мы мусілі стрымліваць подых і з высілкам усоўваць іх сантымэтар за сантымэтрам. Уладкаваўшыся і прадыхаўшыся, мы ўяўлялі, што пачаліся заняткі геамэтрыі, і цяпер нас чакаюць пабудовы бісэктрысаў і мэдыянаў. Пэналы з алоўкамі і цыркулямі нам цяпер заменьвалі шчыльныя поліэтыленавыя пакеты з хлебам, аранжавыя тэрмасы з настоем цыкорыя і шырокія нажы для шынкоўкі капусты. Толік хутка-хутка круціў ручку генэратара на паходнай электраплітцы, Валік чысьціў часнык, Колік цёр сыр, а мы з Хуліё алеілі патэльню па акружнасьці і наразалі хлеб роўнабаковымі трыкутнікамі. Грэнкі смажыліся, паветра ў клясе дрыжала і сагравалася, з акна праглядвала сонца, лашчачы залысіны. Мы хрумсьцелі грэнкамі, маўчалі, а часам задавалі адзін аднаму розныя пазнавальныя задачы: пра цягнікі ды адлегласьці, пра колькасьць яблыкаў, пра малако ў бітонах. На салодкае быў джэм і бісквіты, а потым мы трохі драмалі, крадком, пакуль не здавалася, што зьвініць званок. Нам было пара вяртацца, але парты моцна трымалі нас пасьля насычэньня: мы мусілі з усіх сілаў напружваць ногі й рукі, каб вызваліцца. З трэскам кашуляў і скрыпам рамянёў мы выдзіраліся ў праходы, адсопваліся, зьбіралі ранцы. Мы спрабавалі жартаваць, але выходзіла паныла, і мы тапталіся, азіраліся, адкідвалі вечкі ў надзеі знайсьці штосьці забытае, і нарэшце марудна сыходзілі, ужо плянуючы і прадчуваючы наступнае вяртаньне.
F6. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра ляжаньне
Самы цяжкі час для нас з брацікамі надышоў, калі мы ўдосталь насамарэалізоўваліся. Сьпярша здавалася, што гэта вельмі патрэбна і вельмі няпроста – самарэалізавацца – але потым... Можа, камусьці гэта і сьмешна, хто ўжо ўсё ведае, але нам тады было зусім не да сьмеху. Мы ляжалі на канапах і марудліва пілі віно, літры віна, то кіслага, то салодкага, усё адно якога – а што яшчэ было рабіць? Толік спарадзіў дзьвюх дачок, купіў ім кватэры, машыны, выдаў замуж, Валік атрымаў чын тройчы заслужанага мастака, Хуліё пакахаў усіх дзяўчын у межах кальцавое дарогі, Колік прымусіў выдыгаць перад сабой самых закаранелых злачынцаў. І нават я навучыўся дакранацца пальцамі да падлогі, не згінаючыся ў каленках. Што далей? З нуды мы разжыліся шэрым лямцом і шылі тапкі, нейкія бязглуздыя, нікому не цікавыя тапкі. Калі шыеш тапку, добра ўкалоць шылам палец: выступае шарык крыві, забаўна надзімаецца і сасьлізгвае кропляй на споднікі. Размазваеш кроплю і разглядаеш – на што падобна? Шкада, гэты чырвоны хутка жухне і ператвараецца ў карычневы, чорны. Адварочваесься, шукаеш хоць макулінку новага, хоць бы ў прытхлых складках прасьцінаў. Быццам доўгая хвароба, без акрыяньня, бяз гуку, бяз звону ў вушох – але ж рана паміраць? І ляжыш у піжаме, у нейкім бессэнсоўным швэдры, у вязаным пуловэры, глытаеш гарачы кампот. Хіба так павінна быць? Адзінай нашай надзеяй заставалася будучыня – раптам у будучыні штосьці здарыцца, звонку альбо ўнутры, і нам ізноў захочацца ўстаць?
F7. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра вытанчэньне
Калі мы з брацікамі былі маленькія й хадзілі ў школу, быў у нас адзін цьвердалобы настаўнік, сэньёр Рунас, у мінулым ці тое абат, ці тое ксёндз. Ён займаўся з намі фізкультурай і працай, і твар ягоны быў безпачуцьцёвы, як у тыбэцкага аскета. Мы ўсё чакалі – калі ж ён заплача? Але ён ня плакаў і ня плакаў, ён быў зусім бяздушны і ўчарсьцьвелы. Аднойчы Колік знарок ушчаміў сабе палец вечкам парты, да крыві, і паказаў яму, але той нават брывом не паварухнуў, паглыблены ў сваё. Аднак цярплівы заўсёды застаецца ў выйгрышы, і мы з брацікамі выйгралі: калі надышла пара сэньёру Рунасу паміраць – заплакаў ён, як дзіця. Пажаліўся ён нам, што шкада яму расставацца з кветачкамі лугавымі, зь сінім небам, з сонейкам, шкада невыразна. Што ж ты ня плакаў, дзядзька, калі да месцу было, калі да часу? – злараднічалі мы. Хоць зрэшты злараднасьць наша была напалову са спачуваньнем – быццам мы самі паміралі разам з сэньёрам Рунасам – з такім незвычайным для нашых гадоў спачуваньнем. Мы сабралі яму палявых кветачак, галінак папараці, травяных мяцёлачак і ўсякіх дароў агарода: агрэсту, яблыкаў, рознай радыскі. Ён быў расчулены і не засмуціўся, што нясьпелае й нямытае, якая яму ўжо была розьніца, недарэчна мерцьвяку турбавацца пра страўнасьць. Мы сядзелі ля магілы й раіліся, як жа мы цяпер будзем вывучаць фізкультуру ды працу? Мы дамовіліся нічога не казаць дырэктару пра сьмерць сэньёра Рунаса, інакш бы ён знайшоў нам новага настаўніка, зноў якога таўстаскурага мужыка, і чакай потым чакай, пакуль ён вытанчыцца. Мы самі бегалі, скакалі, пілавалі лобзікам і ставілі сабе адзнакі ў клясны журнал – і дырэктар так нічога і не заўважыў. Мы былі такія тонкія, што ледзьве не ўзьляталі, лягчэйшыя за паветра, сьветлыя, прыгожыя, кучаравыя. Мы марылі, што калі вырасьцем, станем настаўнікамі.
F8. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра пасланьні
Пасьля сьмерці сэньёра Рунаса нам у спадчыну засталося мноства найцікавешых прадметаў. Вярнуўшыся ў школу, мы расьселіся на дыване ў настаўніцкай і высыпалі зьмесьціва шуфлядаў ягонай камоды і пісьмовага стала ў вялікую агульную гурбу. Спачатку мы ня рухаліся і проста разглядалі тое, што апынулася на паверхні: вадзяны компас, чорны паяльнік з загнутым джалам, набор радыёаматарскіх адвёртак, балён з газам для запальніцаў, калода эратычных ігральных картаў, велізарнае павелічальнае шкло, бляшаная скрынка з-пад ледзянцоў з выпуклымі аленямі, аптычны кабель са мноствам дзіўных вузельчыкаў, рознакаляровы веер з узорамі акрылу, добры кавалак гаспадарчага мыла, шпрыц з тэрмапастай і разрозьненыя касэты з польскім джазам. Потым мы пачалі шукаць канцы ды куты, што тырчалі з гурбы, і цягнуць наўздагад: будаўнічая грунтвага з бурбалкамі ў шкляных капсулях, кардонную тубу з доўгай люлькай, зьвязак ключоў зь бірулькай у выглядзе рэвальвэра, пакунак сандалавых араматычных палачак, тонкую жоўтую тэчку на матузках. У тэчцы хавалася нечаканае: аказваецца, сэньёр Рунас на працягу многіх гадоў пісаў пасланьні самому сабе, з тагачаснасьці ў будучыню. Адчуваючы козыт цікаўнасьці ў жываце, мы сталі гартаць і чытаць.
***
Мне ў 15ць гадоў. Раней не адчыняць.
Ну што? Ты ўжо... гэта? Не, сапраўды? Як яно??...
Мы ўзраўнавалі: чаму ён пытаўся пра патаемнае нейкага мітычнага будучага сябе, а ня нас, сваіх верных вучняў? Зрэшты, нягледзячы на інтрыгу першага запісу, далей пайшлі такія маркотныя банальнасьці, што мы хутка кінулі і раўнаваць, і смуткаваць, і гарталі ўжо па дзесяць старонак за раз.
***
Калі ты ўжо забыўся, як гэта пакутліва, дык прачытай і павер: трэба трымацца з усіх сілаў, каб не закахацца.
***
Калі табе яшчэ не 25ць, дык не чытай!
Дык што? Ты ўжо ажаніўся? Не магу ўявіць цябе ў вясельным гарнітуры!
***
Ну, дык што?
***
Такім чынам, ты ўжо абзавёўся джыпам і жыватом, самаздаволены запанелы ханжа? Хацеў бы я паглядзець на цябе, як ты пацееш у фраку ды пэнснэ на сходзе якіх-небудзь заснавальнікаў. Ад душы жадаю, каб у час прамовы твой кляпан ня вытрымаў напору газаў!
***
Добры дзень. Не ўчыняй зь дзецьмі тое, што мой бацька ўчыняў са мной. Ты ж ужо ажаніўся? Не сячы іх, не адбірай юнацкія пяшчоты, не палі вершы, ня бі па вуснах, не прымушай бясконца клянчыць і кланяцца, не высмоктвай сокі, не выплюхвай быдляцтва. Будзь здаровы.
***
Не зазірайся на выпускніцаў, май годнасьць. Май павагу да жонкі. Яна ў цябе ўжо ёсьць? Гэта ганебна, калі станісты пэнсіянэр вядзе пад руку вяртлявую студэнтку. Гэта жудасна! Яна ж на абцасах ледзь трымаецца. Ты пра гэта пашкадуеш! Яна будзе цябе падманваць з інструктарамі ў балёньневых куртках. Посьпехаў.
***
Калі будзеш паміраць, пляшывы старэча, успомні пра мяне. Я – гэта ня ты. Я жывы, а ты выгарэў. Мне цябе зусім не шкада. Бывай.
***
Калі будзеш паміраць, не забудзься падгаліць бровы, каб не выглядаць па-дурному. Бывай.
F9. Змрочныя засьценкі. Гэта чэсны бой
Чарада жорсткіх няўдач і паражэньняў пакінула глыбокі шнар на маёй далікатнай самасьвядомасьці, і без таго пакурчанай, і быццам прыціснула цяжкім матрацам, і быццам высмактала ўвесь мой сок. Ня маючы болей сілаў супрацьстаяць фатуму, я не падымаўся з ложку і бяздумна глядзеў тэлефільмы. Асабліва мне падабаліся гісторыі на тэму каратэ і самба: як зграбныя героі сам-адзін ці зь верным сябрам ішлі насустрач несправядлівасьцям, дужаліся, змагаліся, балянсавалі на мяжы гібелі й нязьменна перамагалі. У той жа вечар я перамог роспач і немач і прыступіўся да трэніровак. Я падцягваўся на пальцах, адціскаўся на костачках, па паўгадзіны запар стаяў на галаве, трымаў пудовую гіру на ўзроўні плячэй і рабіў расьцяжку на двух табурэтах. Адмысловую ўвагу я надаваў брушному прэсу: у паставе лежачы напружваў квадрацікі і ўціраў у іх эўкаліпт – дзеля адценьня і асьвяжэньня. Я набыў сабе прасторныя баксёрскія трусы, сінія, атлясна-пералівістыя, з двума ліловымі лямпасамі, і скрутак элястычнага бінта, каб эфэктна закруціць кулакі. Гэта будзе адкрыты, чэсны бой! Роўна апоўдні я папрасіў вартаўніка Трафіма ўдарыць у гонг. Ён, нязьменна ласкавы і прыязны, пагладзіў мяне па сьпіне і прапанаваў некалькі гонгаў на выбар: сычуаньскі, ганконскі і тайляндзкі, і я на імгненьне зьбянтэжыўся, але потым адважна абраў самы буйны, з выпуклым сьветлым саском пасярэдзіне. ДОНН – задрыжала і згусьцілася паветра, завібравалі таўшчэзныя муры Вучылішча. Я ішоў, амаль плыў у гуле гонгу да фізкультурнае залі, дзе ўладарыў Галоўны Праграмар, дзе панаваў жывёльны культ мускулаў. Было брудна, душна, наплёвана, патыхала сырым мясам і мускусам, і сьвежы міртавы струменьчык, які цягнуўся за мною, амаль адчуваўся, амаль сьвяціўся. Бамбізы-праграмары прагульваліся ўкруг рысталішча, палёпваючы сябе па літым дэльтам, перасмыкваючы цягліцамі грудзей, падражніваючы адзін аднаго рыкам і хрыплай лаянкай. Убачыўшы мяне, яны люта ашчэрыліся: адны пачалі круціць мажнымі лапамі, быццам скручваючы мяне ў бараноў рог, а іншыя высоўвалі сінюшныя языкі і закачвалі вочы, малюючы мой хуткі лёс. Высока падняўшы галаву, я ўскочыў на рынг і абвёў вачыма натоўп. Бурболіла піва, узьляталі банкноты і блянкі ставак, разяўленыя раты гарлапанілі й рагаталі, і адна толькі Лена глядзела шэрымі вачыма і заўзела за мяне, але я ведаў: зусім ня праз сымпатыю, а каб выказаць абыякавасьць. Тым часам журы, пагардзіўшы жэрабем, выставіла супраць мяне сама зачахлага, сама бездапаможнага кодэра, але нават гэтая бледная нікчэмнасьць, што з гігіканьнем падымалася на дашчаны памост, выглядала ў параўнаньні са мною Мядзьведзь-гарой. Толькі раунд, паўтараў я сабе, адзін раунд, пратрымацца раунд – нават гэта будзе тытанічнай перамогай для мяне і катастрофай для іх. Каб раззлавацца, разьюшыцца і набыць лютасьць бэрсэрка, я балюча ўкусіў сябе за мезенец і пагрозьліва закрычаў: сьцеражыся! У адказ ён паўторна гігікнуў і наблізіў да мяне велізарны палец з абкусаным пазногцем, складзены для пстрычкі. Я падскочыў, гнутка выварочваючыся на ляту і рыхтуючыся да кідку кобры, але позна: шырокі пазногаць ужо нагнаў мяне і пругка нападдаў, ды так моцна, што я паляцеў спачатку кулём, а потым наўпрост дагары нагамі – і даволі далёка – і прызямліўся на гурбу рознакаляровага рызьзя дзесьці ў куце буфэту. І бамбізы, і публіка адразу ж забыліся на мяне і заняліся сваімі справамі – хто ваксаваў пантофлі, хто распальваў люльку, хто абналічваў чэкі; Лена глядзелася ў люстэрка й фарбавала вусны, то выпінаючы іх, то падгінаючы й расьціраючы адно аб адно, каб разраўнаваць памаду.
Заставалася зьмірыцца?
FA. Уцёкі ды туляньні. У купэ
У суботу Белы Паляўнік нанава абмацаў мяне і знайшоў нататнік. Ён чытаў, закінуўшы нагу на нагу, і рытмічна торгаў пальцамі, праз што заднік тапкі адсоўваўся ад пяткі і зноў змыкаўся зь ёй, нібы рот. Ён чытаў і хрумсьцеў салёнай саломкай, сёрбаў гарбату, а я бездапаможна выгінаўся й выцягваўся пад прасьцінай. Захапіўшыся чытаньнем, ён зьлёгку рухаў вуснамі, шырока расстаўляў ногі і паціраў пахвіну рубам далоні. Ён мачаў саломку ў гарбату:
– Вось бачыш! Усе твае гісторыі супярэчаць адна адной. Сам памяркуй, – ён аблізваў саломку і кусаў.
– Хлусьня.
– Ды кінь, кожны можа прыхварэць. Галоўнае, што зараз ты ў добрых руках. Бачыш, ты прапусьціў коску, – ён нахіляў да мяне нататнік.
– Хлусьня!
– А з больніцы навошта зьбег?
– Гэта ня больніца!
– Ляжаў-ляжаў, узяў і зьбег. Бягунок! Ну дый што казаць, што было тое было. Але годзе – зараз спакой і харчаваньне. Ніякіх турботаў. Павер мне, бо я – твой лекар. Дай-ка руку.
– Ты ня лекар, а забойца.
– Цю! Сэрцайка так і калоціцца. Прыдумаў нейкіх брацікаў, а сам ізжаўцеў увесь. Табе трэба больш тлустага есьці. Гэй, сьцюард!
Зьявіўся правадыр у фуражцы, стаў у дзьвярох, выразьліва не зважаючы на мяне.
– Нясіце супчык і катлеты, ды борзда. І падліўку!
Правадыр кінуўся, закамандаваў адрывіста і неразборліва. Унесьлі паднос.
– Бяры лыжку, еш.
– Пусьціце!
– Ах ты гад, расплюхаў! – і яны наваліліся ўсе разам. – А ну рот расчыняй. Зачэрпвай гусьцейшае яму, з фрыкадэлечкай. Бач, прывыкнуў, значыцца, локшыну сваю сухама. Жары катлету. Кусай, сказаў. Давай, мужык, круці яму руку, хай глытае. Масла ў пюрэ не забыліся? Брацікі ў яго, цаца якая. Еш давай. А цяперака кампот. Асьцярожна, зубы. І яблыкі таксама, а што ж ты думаў. Ну, паварочвай яго. Трымай яму нагу, ня бойся, вось тут. Няхай сьпярша на жываце паляжыць, а пасьля на сьпіне, каб страўнік з усіх бакоў ежу патравіў.
FB. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра нюансы
Калі мы з брацікамі зрабіліся дарослыя, мы адразу зацікавіліся рэлігіяй, а асабліва сувязьзю жыцьця з замагільлем. Грэх, карма, страшны суд, рай, пекла, рэінкарнацыя, уваскрэсеньне, нірвана... Што з намі будзе? Што трэба рабіць? Ні тата, ні мама, ні дырэктар школы, ні пажарнікі пэўна нічога растлумачыць не маглі, і кожная размова зь імі канчалася тужлівымі навучаньнямі – трэба дзей добра сябе паводзіць і не балавацца. Зрэшты, мы й ня надта спадзяваліся – бо скуль ім ведаць? Мы кожны дзень хадзілі да раённай больніцы і падоўгу сядзелі на лавачцы ў сквэры, чакаючы выпісаных хворых – але ня простых, а тых, хто перажыў клінічную сьмерць. Людзей, якія бачылі тагасьвет, можна было адразу пазнаць па новаму камплекту пасьцельнае бялізны – заахвочвальных прызоў ад галоўнага ўрача. Многія ўваскрэслыя былі слабыя й сумныя, але часам трапляліся цалкам бадзёрыя і жыцьцярадасныя. Згледзеўшы бялізну, мы ўскоквалі з лаўкі, падбягалі й пыталіся: ну, як яно там? Адны паціскалі плячыма ды скардзіліся, што нічога не пасьпелі ўбачыць, акрамя чарноцьця, іншыя пацьвярджалі зьвесткі пра сьветлы тунэль. Трэція ж, ацаніўшы нас позіркам, прысаджваліся на лаўку, загадвалі зьбегаць па каньяк і, адпіваючы па глыточку наўпрост з рыльца, заводзілі аповеды з падрабязнасьцямі – вось яны нам і былі патрэбныя. Аповеды гучалі самыя неверагодныя, абуральна супярэчныя адзін аднаму, але мы не сумняваліся, што ўсе яны – праўда.
– Ведаеце, у раі аказаліся нечакана важныя такія нюансы, пра якія ў жыцьці ніколі й не падумаеш! – дзяліўся ўражаньнямі каржакаваты пекар з хлебазавода. – Каб вы разумелі, адразу ўдакладню, што значную частку жыцьця я правёў у няспынным граху, даволі-такі разбэшчаным... пра падрабязнасьці іншым разам. Спыніўся я, не паверыце, толькі бліжэй да пяцідзесяці – не празь нейкую падзею, не, проста само прыйшло – дык вось, усьвядоміў я ўсю нізасьць свайго існаваньня і стаў крэпка на шлях дабрадзеі. Пасьціўся, маліўся, усім дараваў, добрыя справы рабіў. Вельмі стараўся, не жартую. І вось значыцца мінулага тыдню: паміраю, лячу, хвалююся вядома... але архангелы мяне амаль без замінкі прапусьцілі. Увайшоў я, пахадзіў, пабыў... Там вядома выдатна, што і казаць, але я цяпер не пра гэта хачу. Вы ж бачыце, я чалавек вельмі таварыскі, адкрыты, інтэграцыя ў соцыюм для мяне – гэта ўсё. А тут чамусьці мяне пазьбягаюць – робяць выгляд, што занятыя ці сьпяшаюцца, альбо абыходзяць па далёкай дарозе. Ды што ж гэта такое! То да аднаго я, то да другога, але ўсё вітаюцца цераз зубы й адварочваюцца, аніводнай усьмешкі! Да таго крыўдна мне зрабілася, хлопцы, што сеў я й заплакаў. Доўга я плакаў і стагнаў, доўга, пакуль нарэшце ня зьлітаваўся нада мною адзін анёл і не паклікаў да сябе ў церамок. «Зараз я патлумачу, чаму ты ізгой». Ён увамкнуў праектар і пачаў маё жыцьцё пракручваць на паскоранай перамотцы – у іх усё запісана штохвілінна – шукаць патрэбны момант. Пакуль ён перамотваў, я з сораму дзесяць разоў халодным потам абліўся: вось тут я подла схлусіў! вось тут утаіў! вось тут абгаварыў! вось тут здрадзіў! вось тут... ой не, толькі ня тут, калі я й яна... калі мы... калі ўсё даведаюцца... ой не! Але ён круціў усё далей, і нарэшце спыніў: я ўвечары здымаю шкарпэткі ды кідаю ў пральную машыну. І пазірае. «І што ў гэтым дрэннага?» – зьдзівіўся я. «Ты іх панюхаў!» «Што?!» «Ты нюхаў свае шкарпэткі!» «Ну дык што? Я нюхаў, каб пераканацца, што яны брудныя, усяго толькі». «Быццам яны маглі быць ня брудныя!» «Але каму праз гэта шкода?» «Шкоды нікому. Гэта проста агідна!» «І таму вы?..» «І таму мы». «Але ж я рабіў дабро столькі гадоў запар!» «Рабіў, так – і вось ты ў раі. Але большага не чакай». «Цудоўна! Няўжо аніхто аніколі ня нюхаў шкарпэтак, толькі я адзін?» «Ня толькі; але ўсе яны адназначна трапілі ў пекла. Ня праз шкарпэткі, зразумела, былі іншыя прычыны. Але для супадзеньня занадта відавочная тэндэнцыя! Адзін ты ў рай прасякнуў». І ён устаў, даючы зразумець, што сказаў усё. Ну а я не разважаў, выскачыў зь церамка й адразу бягом назад, уніз, на зямлю – на шчасьце, магчымасьць была, тунэль гэны яшчэ не зачыніўся. Пашанцавала, можна сказаць.
– А на зямлі колькі часу прайшло?
– Дык хвіліна ўсяго. Кажу ж, пашанцавала.
– Гм... Ну а далей што? Якія пляны?
– Ня ведаю. Пажыву пакуль, там відаць будзе.
FC. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра зайздрасьць
Тата быў строгі да Хуліё, свайго сына ад першай жонкі. Асабліва ён не любіў ягоных каханьняў. Даведаўшыся, што Хуліё зноў закаханы, тата тым жа вечарам склікаў нас да свайго прапахлага карыцай і апэльсінамі ложа. І расказваў якую-небудзь злосную, жорсткую казку. Быццам бы жылі-былі прыкладам ну... Ну хай хлопец і дзяўчына, і ў сьветлы вясновы дзень яны ўпершыню дакрануліся вуснамі вуснаў. І кахалі яны адно аднаго так моцна, што нічога вакол не заўважалі. Плылі аблокі, зьмяняліся дні й ночы, зімы й леты, а яны ўсё глядзелі адно аднаму ў блакітныя вочы й кружыліся, кружыліся. Пацалунак за пацалункам, шчасьлівы сьмех, замілаваны шэпт… Завітала да іх аднойчы чароўная фея і зморшчылася: што за памыйніцу вы тут разьвялі? Усюды аб'едкі, агрызкі, шкарпэткі, сьлізкія талеркі, пустыя бутэлькі, мёртвыя мухі, ірваныя гумкі. Гнілыя яблыкі. І самі ляжаць у лужыне бруду, абняўшыся: тлустыя, маршчыністыя, храпуць, булькаюць...
– Тата, спыніся зараз жа! – Хуліё ўскокваў і ўцякаў на тэрасу.
Тата проста зайздросьціў яму. Зьнясілены сівы старэча: плакаў, зачыніўшыся рукой. Мы пагардлівым цугам выходзілі ад яго і самі складалі канец: зайздросная фея заблытвалася ў правадах лямпы й згарала праз электрычны ток-шок. А яны нават ня чулі. Радасна сьмяяліся, глядзелі на ўсход сонца, трымаліся за рукі, гладзілі адно аднаго па валасах, ніколі не паміралі.
FD. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра распад
Аднаго разу, калі мы з Валікам гулялі ў го, папіваючы чай, на лесьвіцы пачуўся тупат. «Гэта толькі Хуліё можа так бегчы», – заўважыў Валік. Убег Хуліё. «Братцы, ратуйце, ратуйце!» – і ён пацягнуў нас за рукавы. «Куды? Што здарылася?» Мы выйшлі за ім. «Хутчэй, хутчэй жа! Яна распадаецца!» «Хто распадаецца?» Мы шыбавалі за ім па вячэрніх вуліцах, і Хуліё бязладна расказваў пра сваё апошняе каханьне, дзяўчыну з гістарычнага факультэта. «Нам было так добра разам! Яна таксама захаплялася хіп-хопам, уяўляеце! Яна была такая прыгожая, лепш за ўсіх! Яна марыла пра кацяня! Мы гадзінамі глядзелі на зоры! Мы маглі цалавацца ўсю ноч!» «Дык што здарылася, Хулі?» Ён заплакаў. Мы йшлі ў кірунку да фартэпіяннае фабрыцы, гэта было ўжо зразумела.
«Спачатку ў яе адарваўся мезенчык!» «Што??» «Яна гладзіла мяне, і ў яе адваліўся мезенчык! Так дзіўна, без крыві, бяз болю, проста адпаў!» «Што за лухта?» «Яна сказала, што нічога страшнага! Мы так кахалі адно аднаго! Мы сустракаліся ў катакомбах фартэпіяннай фабрыкі, там столькі зацішных куточкаў! Мы кахалі адно аднаго так моцна, так па-рознаму, па дзесяць разоў на ноч! У мяне не было такое асалоды ніколі! Я вывяргаўся і ўздымаўся зноў, вывяргаўся і ўздымаўся!» «Кідай, Хулі, давай па справе».
«Потым у яе адвалілася нага!» «Што??» «Яна скакала на мне, і ў яе адвалілася нага!» «Ты што, расчляніў яе?» «Не-не, што вы, зусім не, проста яна неяк няёмка падвярнулася й адвалілася, як у лялькі! Я жахнуўся, але яна сказала, што гэта таксама ня страшна, што так часам бывае ў маладых дзяўчат, што я – ейнае першае каханьне!» Мы запалілі ліхтар і асьцярожна спускаліся ў катакомбы. «А да доктара не спрабавалі схадзіць?» «Не, яна не змагла б ісьці без нагі! Але яна сказала, што гэта й ня трэба! Што яна можа пакуль пажыць тут, ва ўлоньні нашага каханьня! О, яна была такая пяшчотная, а я быў такі нястрымны! Мы зьліваліся ў шалёным пале, як дзікія тыгры! Як гнуткія леапарды!» «А потым у яе адвалілася рука, так?» «Так, так!» Хуліё рыдаў, спатыкаўся, і Валік прытрымліваў яго за локаць. «Гэта тут!»
Мы ўвайшлі ў пакойчык, які раней быў кельляй наладчыка. На белай шаўковай коўдры, у сьвятле сьвечак, ляжала дзяўчына такой чароўнай прыгажосьці, што нагадвала абрысамі твару й постаці антычных багіняў. Толькі тулава. Мы прыязна павіталі яе, стараючыся не глядзець на даверліва адкрытыя грудзі, лілейныя, лебядзіныя. «Гэта твае браты, Хулі? Якія вы падобныя!» Голас ейны быў моцны і звонкі, сонечны, дзіўны ў гэтым земляным прыцемку. Ейныя ногі, рукі, пальцы акуратна ляжалі на варштаце і нагадвалі нейкі недарэчны вялікі канструктар. Я хацеў дакрануўся да нагі – цёплая ці не? – але падумаў, што дзяўчыне можа быць сорамна.
Што мы маглі зрабіць? Валік зьбегаў і выклікаў лекараў. Лекары зьдзіўлена паківалі галовамі, паклалі дзяўчыну на насілкі, канцавіны сабралі ў мех і зьехалі. «Бывайце! – крыкнула яна нам сонечным голасам з машыны. – Бывай, Хулі!»
Па дарозе дадому мы павучалі Хуліё: не сустракайся з чароўна прыгожымі, не сустракайся са студэнткамі, не сустракайся ў катакомбах. Добра яшчэ, што ў цябе ёсьць брацікі. А калі б ня мы? І Хуліё, уздыхаючы, абяцаў быць разумнейшы.
FE. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра музыку
Калі мы былі маленькія, маме дужа не падабалася, што тата ставіў нам ўсякую такую музыку. Мама баялася, што мы зьедзем з глузду – яна так і казала. Яна ўпотай падмяняла татавага Стравінскага на Пугачову ды Мадону. А нам было ўсё роўна, абы паскакаць. І вось аднойчы, позьнім вечарам, мама ўвайшла да нас у пакой, каб пападтыкаць коўдрыкі й пацалаваць у лобікі, але засьпела, як мы замест існу ў ложках скачам з зэдліка на зэдлік пад «Сымфонію псалмоў» і падпяваем на ўсё горла. Мама нахмурылася, вымкнула прайгравальнік і прысела на Валікаў ложак.
– А зараз, дзеткі, кладзіцеся ў пасьцелькі, а я вам страшную казку распавяду. Бачылі ў двух кварталах адсюль, па дарозе да рынку, хату, змрочную й пазабіваную дошкамі? Бачылі? А ведаеце, хто там раней жыў? Раней жыў там хлопчык, што таксама любіў музыку, як вы. І спачатку, пакуль ён слухаў звычайныя нармальныя песьні, усё ішло добра – вучыўся на выдатна, займаўся лёгкай атлетыкай, хадзіў бабулі ў краму па малако, нават матам ня лаяўся. Але потым, хто яго ведае чаму, стала яму мала нармальнай музыкі, стаў ён слухаць ўсякае такое. Пачаў слухаць рок – і стаў вучыцца горай, зь лёгкай атлетыкі перайшоў на цяжкую. Гэта б яшчэ нічога, дзеткі, але потым і рок яму надакучыў, і зьмяніў ён рок на клясыку. Вучыўся цяпер пасрэдна, спорт закінуў, а бабуля гаротная ўжо сама хадзіла па малако, з кійком. І калі б на гэтым усё скончылася! О!.. Але на жаль, на гару цяжка падымацца, а каціцца ўніз лягчэй лёгкага... Плюнуў той хлопчык і на клясыку – прыахвоціўся да ўсякіх дзікунстваў кшталту мадальнага джазу й розных гэтых імправізацыйных выкрутаў. У школу ён, зразумела, больш не хадзіў, а старэнькую бабулю ганяў па віно й цыгарэты. Дрэнная справа! Але няма каму было яго спыніць, няма каму было за руку ўзяць, і ўсё бліжэй ён да прорвы набліжаўся: Штокгаўзэн, Ксэнакіс, Кэйдж, і хто там у іх яшчэ бывае. А потым... Потым адправіў хлопчык бабулю ў багадзельню, выкінуў усе кружэлкі на сьметнік, а сам замкнуўся ў хаце і стаў слухаць цішыню. Рыпаньні даху, трэскі дошкаў, шоргаты мышак, шум хвілінаў у вушох. Так і жыў... Даведаліся пра гэта санітары з вар'ятні нумар адзінаццаць – і паслалі да яго аднаго мэдбрата, каб угаварыць. Дзень прайшоў, два прайшло – не вяртаецца мэдыцынскі брат. Паслалі яны другога – і той не вярнуўся. Паслалі трэцяга – ціха. Устрывожыліся тады санітары! Узялі яны вілы ды дубіны, клікнулі на падмогу пажарнікаў, і пайшлі ўсе разам на хлопчыка. Прыйшлі – і аслупянелі! Сядзіць хлопчык з нажом у руках, а ля ног ягоных мёртвыя мэдбраты, тыя што першымі прыйшлі, зарэзаныя! Што ж ты, загаласілі санітары, учыніў? Што ж ты, вылюдак, нарабіў? Навошта людзей жывых загубіў? А хлопчык ім у адказ: хацеў я, кажа, паслухаць, як кроў у іх з горла выцякае... Ох і музыка... Вось дык музыка... Дый толькі ня кожнаму яна па сэрцы прыйдзецца! Кінуліся тады на яго санітары, кінуліся пажарнікі, і ну вязаць. А хлопчык як ускочыць! Нож як выхапіць! Як зарагоча!.. Куды дзецца, мусілі ўсыпіць яго. А ў хаце гэнай з тых часоў ніхто й не жыве – кажуць, зь яе па начох музыка злавесная даносіцца, быццам аднекуль з-пад зямлі... Вось як, дзеткі.
Такой страшэннай казкі мы зроду ня чулі! Мы ляжалі пад коўдрыкамі, зьнямелыя з жаху, а мама, падумаўшы, што дзеткі сьпяць, ціхутка, на дыбачках, выйшла. Усю ноч мы вачэй не зьвялі й баяліся нават дрыжаць, і з таго часу слухалі толькі Пугачову ды Мадону, дый іх з асьцярогай.
FF. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра забароненыя тэмы
Аднойчы мы з брацікамі, начытаўшыся кніжак пра прыгоды ды мэдыцынскіх даведнікаў, прыйшлі да мамы й спыталі:
– Матухна, калі ты народзіш нам яшчэ аднаго браціка ці сястрычку?
Мама зьдзівілася, але было відаць, што ёй прыемна.
– Ня ведаю, мілыя мае... А навошта вам брацік ці сястрычка? – яна чакала пачуць нясьмелыя пяшчоты.
– Мы хочам пакаштаваць плацэнту!
– Што?!.
– Мы прачыталі, што ў Аўстраліі ядуць чалавечую плацэнту – бо яна багатая на вітаміны й вельмі смачная!
Да нашага зьдзіўленьня й жалю, у матухны з вачэй раптам пырснулі сьлёзы, і яна імкліва павярнулася да папы: гэта ты, ты іх навучыў! пачвара! нелюдзь! і яны вырастуць такімі самымі! І выбегла прэч. Тата пабег сьледам, суцяшаць і супакойваць, і мы пабеглі, але нам не адчынілі.
Празь некаторы час тата выйшаў і сказаў нам, што ўсё добра, мама супакоілася, але каб мы й думаць забыліся пра плацэнту. Але татухна!.. У Аўстраліі!.. Мы не ў Аўстраліі, – сказаў ён цьвёрда. У нас такое не прынята. Маме гэтая тэма непрыемная, вы ж бачылі. Яна чалавек эмоцыяў. І наогул, у кожнай асобы ёсьць забароненая тэма. Таму забудзьцеся, і кропка. Вось ажэніцеся самі, будзеце есьці плацэнту колькі захочаце. А да мамы больш не чапляйцеся. Дый навошта вам гэная плацэнта? Хадземце лепш я вам марозіва куплю. І мы пагадзіліся, і пайшлі па марозіва.
Мама потым больш ня крыўдзілася, толькі часам ласкава называла нас «мае канібалікі».
100. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра пахі
Аднойчы за вячэрай, калі чайнік бадзёра шумеў, а з тостара пругка выскоквалі падрумяненыя лустачкі хлеба, Хуліё нечакана паскардзіўся, што ад жанчын стала дрэнна пахнуць.
– Сьмярдзяць усе, адна ў адну, проста невыносна.
– А памыць? – прапанаваў Валік, нашмароўваючы булку варэньнем. – Гані іх у ванну.
– Дык мыў.
Хуліё ня еў і бязмэтна калыхаў лыжачкай у кубку. Ён выглядаў кепска: нячэсаныя сівыя пасмы падалі на пакамечаны каўнер, бязвыйсьцева апушчаныя куткі вуснаў пераходзілі ў млявыя маршчыны.
– Гэй, – паклікаў Хуліё, – хадзі сюды.
Увайшла мілавідная дзяўчына ў прасторнай байкавай кашулі.
– Сядай. Вось панюхайце яе.
– Яна ж без трусоў! – абурыўся Толік, мачаючы бісквіт ў какаву. – У мяне жонка й дачкі, я не зьбіраюся нюхаць тваіх дзевак!
– Я ня дзеўка, – сказала яна.
– Ты толькі зьверху панюхай, – сказаў Хуліё.
Мы падышлі й пачалі яе нюхаць.
– Трохі шыпрам пахне, але гэта ад тваёй кашулі, – сказаў Колік.
– Шампунем нейкім, – сказаў Валік.
– Яна сьнедала? Ану дыхні, – сказаў Толік. – Зубной пастай можа, ці гумкай.
– Агуркамі, – сказаў я, бо мне сапраўды так здалося.
– Усё, ідзі, – загадаў Хуліё, і яна пайшла, на імгненьне павярнуўшыся ў дзьвярох і прашаптаўшы «кахаю цябе».
Мы селі й працягнулі вячэру. Колік падклаў сабе тварагу, пасыпаў яго роўным пластом цукру і ўпрыгожыў канцэнтрычнымі коламі карыцы. Я наліў яшчэ кавы і ўзяў пасьцілу.
– Няўжо вы не адчуваеце? Зямлёй пахне, мне нават адсюль чутна. Пасьля яе быццам воблака засталося, шэрае, вільготнае. Тленам. І ўсе яны так. Колькі ні мый.
Сумна было чуць ад Хуліё такое. Усё жыцьцё ён пражыў безжурботным аптымістам, а цяпер сядзеў прыгорблены, прыжмурана глядзеў у адну кропку бляклымі сьлязьлівымі вачыма. Мы моўчкі елі. Ён трохі памаўчаў з намі, паківаў галавой, а потым разьвітаўся, вярнуўся да сабе і больш не выходзіў.
101. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра соннага дзядулю
Калі мы з брацікамі былі маленькія, мы былі вельмі тактоўныя. Мы ніколі не пыталіся ані ў таты, ані ў мамы пра складаныя рэчы, а калі й пыталіся, дык адразу ж адчувалі, што зрабілі бестактоўнасьць. У нас пачыналі гарэць сьпярша вушы, потым твар, а потым па ўсім целе разьліваўся жар – вельмі прыемна! Галоўнае было не пусьціць струменьчык, і дзеля гэтага мы перад пытаньнямі абавязкова наведвалі прыбіральню. Нашай улюбёнай бестактоўнасьцю было пытаньне пра дзядулю – празь яго мама кожны раз уздрыгвала і прыгожа бялела, нібы сапраўдная герцагіня.
– Ваш дзядуля, – мама хутка брала сябе ў рукі, і як нічога ніякага расказвала, – ваш дзядуля быў выдатны чалавек. У маладосьці ён працаваў брыгадзірам на гармалзаводзе – надзвычай сумленным, працавітым і змыслым – а калі мы зь сястрычкамі нарадзіліся і трохі падрасьлі, ён кінуў гармалзавод, кінуў брыгадзірства і аддаўся сну.
– Аддаўся сну? Як гэта? – мы абдымалі маму мацней, каб не прапусьціць ані слова.
– Гэта значыць, палюбіў сны й пачаў увесь час спаць. Нам гэта так падабалася! Прыходзіш дадому, а ён чысты, задаволены, у прыбранай піжаме – у ложку ляжыць, сьпіць і ўсьміхаецца. Зрэдку прачнецца ненадоўга, перакусіць бульбачкі са сьмятанкай, расцалуе нас – і зноў спаць сьпяшаецца. А ўжо бабуля ваша – а наша, значыцца, матуля – тая й зусім на яго нарадавацца не магла! Вышывала яму без канца прасьціны, навалачкі ды падкоўдранікі, каб саладзейшы быў сон. І чубчык яму падраўняе, і вусы шчотачкай распушыць, і валасінкі ў ноздрах зрэжа. А дзядуля, бывала, нібы адчувае ў сьне ейную ласку: сапе ўдзячна, уздыхае і прыцмоквае, быццам цалуе мілую жоначку сваю.
– Што ж яму сьнілася, матухна?
– Гэтага ён не казаў, сыночкі. Аднымі намёкамі абыходзіўся – маўляў, нешта і чароўна прыемнае, і казачна пяшчотнае адначасова. І ўважлівы вельмі быў: калі дзень нараджэньня набліжаецца ці яшчэ якая ўрачыстасьць – абавязкова прачнецца ды павіншуе сардэчна, і мудрае пажаданьне скажа. Як зараз памятаю, стаім зь сястрычкамі каля яго на каленках і гладзім па руцэ, а ён такі моцны й прыгожы, уздымаецца магутна пад шаўковай коўдрай, і пахне пралескавым адэкалёнам, сапраўдны сонны рыцар зь Нібелунгаў.
Нам вельмі падабаўся аповед пра дзядулю, і мы ніяк не маглі зразумець – чаму мама ўздрыгвае і бялее? Што такое страшнае зьдзейсьніў дзядуля на гармалзаводзе? Мы былі ўпэўненыя: ён зьдзейсьніў нешта жудаснае. Уяўляючы сябе таямнічымі і злавеснымі брыгадзірамі, мы апраналіся ў піжамы, затыкалі вушы тугімі ваткамі і засыпалі, не дачакаўшыся вячэры.
102. Трывожны сон. Пра позьнюю восень
Позьняй восеньню, калі робіцца зусім холадна й пачынае рана цямнець, можна здабыць сабе сабаку. Вуліцы вакол мэтро пустэльныя, дзьме вецер, гойдаюцца дрэвы, сеецца сухі сьняжок. Выхад з мэтро абнесены бэтонным бортам вышынёй па пояс, за ім можна зручна схавацца й чакаць. Калі сесьці на кукішкі, дык зь лесьвіцы цябе заўважыць немагчыма. Пад нагамі халодны асфальт, высахлыя лісьцікі, недакуркі, каменьчыкі. Кожны дробны прадмет акуратна заносіцца сьнегам. Чакаць каля паўгадзіны. Сьнег у складках высахлага лісьціка. Раз на паўгадзіны зьнізу чуецца шоргат, шум, і па лесьвіцы ўверх бягуць сабакі. Буйныя касматыя дварнякі, рудыя, шэрыя, палавые, яны накіроўваюцца кудысьці наперад па вуліцы. Калі плынь вычэрпваецца, трэба вызірнуць праз борт, хутка схапіць аднаго з апошніх, зацягнуць да сябе. Правай рукой заціснуць яму пысу, каб ня гаўкнуў, наваліцца ўсім целам. Шалёныя, спалоханыя вочы. Як ён ірвецца! Наваліцца. Скрабе кіпцюрамі, выгінаецца, рыкае. Добра, што куртка з тоўстага брызэнту. Паказаць яму нож. Рык зьмяняецца на ціхі енк. Біць зьнізу каленам небясьпечна, можна штосьці паламаць. Ціха. Сабачая зграя ўжо расьсеялася. Зьвязаць яго. У мех.
Дома цябе ўжо чакаюць: дзьверы адчыненыя, водар печаных яблыкаў. Жонка не глядзіць, але ганарыцца мужам-храбрацом. Дзеці паважліва тоўпяцца. Браты паціскаюць руку, пляскаюць па плячы, цокаюць языкамі. Сёстры вышываюць узоры. Дзядуля сьпіць.
103. Злавесны сон. Пра соннага дзядулю
«Дзядуля! Дзядуля! Дзядуля! Толькі не засынай зараз! Прашу цябе! Дзядуля! Калі ласка! Вось ужо й мэтро блізка! Толькі не засынай, толькі не засынай!» Хіліцца, хіліцца сівая галава. «Охохо, унучак...» Сьнег у складках пледу. «Дзядуля!» Вось ужо й галасы гандлярак чуваць. Відаць, як гандлярка нахіляецца й лашчыць сонную сабаку.
104. Уцёкі ды туляньні. У палаце
За акном ляцелі пералескі, плылі аблокі. Дрыжала фіранка, пазьвяквала лыжачка ў шклянцы. Белы Паляўнік маўчаў, сашчапіўшы пальцы на каленях, а я плакаў, маліў яго, церабіў ільняную калашыну:
– Спыніся! Адпусьці! Пашкадуй мяне! Мне страшна – нейкія сабакі, нейкі дзядуля... Навошта ты служыш гэтым пачварам?.. Гэтым злачынным праграмарам? Бо ты ж такі моцны! А моцны мусіць быць добры!
– Рудольф, паслухай мяне: ты сам праграмар. Ты проста захварэў і зьлёгку трызьніш. Падтрызьніваеш, я б сказаў.
– Я не Рудольф! – віскнуў я. – Што за брыдота!
– Рудольф. Ты добры сумленны праграмар, ты проста падхварнуў і зьлёгку тэмпэратурыш. Глядзі: у цябе нават нумарацыя па шаснаццатковай сыстэме ідзе. Глядзі: кожная шаснаццатая – як ты ў нас у шпіталі, а кожная дзесятая – як ты ўцякаеш. Стаў бы я табе хлусіць! Бо я – твой лекар. Я цябе вылечу, абяцаю.
– Які ж ты лекар! Лекары ходзяць у халатах, а ты – у гарнітуры!
– У касьцюме мне зручней. Дый табе ня так перад людзьмі сорамна. Бо як ганебна – зь лячэбніцы зьбегчы! З санаторыя!
– Хлусьня! Хлусьня! Я не хачу назад! Выпусьці мяне зь цягніка! Я скокну, зьнікну, і ніхто ніколі не пачуе пра мяне! Я пакачуся па насыпу!
– Які яшчэ цягнік? – ён моршчыўся і чухаў пахвіну. – Мы ў палаце, у лязарэце, стаім грунтоўна, нікуды ня едзем.
– Зьлітуйся! Пашкадуй! Ёсьць жа ў табе хоць кропля? Усё разбураецца! Усё на мяжы сьмерці! Яшчэ трохі, і я страчу усіх да адзінага, нават матухну! – рыдаў я.
– Затое мы знойдзем тваю сапраўдную маці, – і ён зь бязьлітаснай усьмешкай працягнуў мне фотакартку: крывыя чорныя крэслы, пажылая пара з хваравіта худымі тварамі, з вачыма ў рэзкай рэтушы.
– Не! Не!
Але правадыры ўжо ўносілі падносы: тлусты боршч з ватрушкамі, гарлачык сьмятаны, пругкія пельмені, барановая нага ў карычневых грыбах. Усе не мясьціліся, тоўпіліся ў калідоры. Ану адчыняй раток! Ням-ням! Як смачна будзе нашаму Рудольфіку! Скажы доктару АА! Ня хочаш? Чакай жа, непакора! І ён выхапіў з сакваяжа сталёвую лінейку, і ўціснуў мне яе між зубоў.
105. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра надмагільлі
Калі мы былі маленькія, мы аднойчы паспрачаліся – ці ахоўвае могілкі патруль? Колік сьцьвярджаў, што без патруля шукальнікі скарбаў распатрашылі б усе магілы; Толік сьмяяўся і заяўляў, што ніякага могілкавага патруля не існуе; Валік даводзіў, што патруль існуе, але ахоўвае ня могілкі, а горад, на выпадак паўстаньня мерцьвякоў; мы ж з Хуліё спрачаліся пра іншае – ці на самой справе на могілках растуць суніцы, ці паэткі выдумляюць?
Пасьля абеду мы пачалі зьбірацца, але адцягваліся то на зэфір, то на кацянятак, то на мультфільмы і ў выніку выправіліся а палове на сёмую, а дабраліся да могілак у пачатку дзевятай, ужо ў лёгкім прыцемку. Ні хвацкіх марпехаў, ні спэцназаўцаў, як спадзяваўся Валік, мы ня ўбачылі, але вакол паласатай каравульнай будкі сапраўды шпацыраваў патруль – састарэлы вусаты грэнадзёр, у фуражцы й доўгім шэрым дажджавіку з шырокім каўняром, са штыкавой стрэльбай за сьпіной. Мы запыталіся ў яго, ці не было здарэньняў, і ён лагодна запэўніў, што сёньня ўсё спакойна. На пытаньне пра суніцы ён разьвёў рукамі – ня ведаю дзей, не цікавіўся. Мы падзякавалі яму за службу й рушылі ўглыб кладоў, узіраючыся ў траву вакол магілаў. Нам трапляліся кветкі, завялыя і штучныя, вянкі, лямпадкі, сьвечкі, цукеркі, чарачкі, але ніякіх суніцаў не было, ні буйных, ні дробных. Хутка нават Хуліё кінуў шукаць, выказаўшы здагадку, што ў змроку яна хаваецца, а ўраніцу на сьвятле зноў выглядае. Гэта называецца геліятрапізм. А яшчэ бывае геліямарфізм, дадаў Толік. Мы папляліся назад, разглядаючы надмагільлі, і ўжо амаль дайшлі да брамы, як раптам на адным з помнікаў я заўважыў знаёмыя твары. У адну сэкунду я кінуўся туды, схіліўся і ў жаху закрычаў. Брацікі падбеглі да мяне і таксама закрычалі: на надмагільлях былі высечаныя партрэты нашых таты й мамы! Конікі змоўклі, з капліцы ўзьляцела зграя крумкачоў, а грэнадзёр засьвістаў і затупаў да нас, набіваючы на хаду стрэльбу. Пераканаўшыся, што нам ніхто не пагражае, ён з палёгкай крэкнуў, высьветліў адрас і бязь лішніх размоў адправіў нас дадому на таксі.
Даведаўшыся, што мы пабывалі на могілках і ўсё бачылі, мама з татам абдымалі нас, гладзілі, суцяшалі, казалі, што жывыя й здаровыя й пражывуць яшчэ сто гадоў, і што надмагільлі стаяць на будучыню, каб нам потым ня трэба было займацца й заказваць. Як фараоны будавалі сабе піраміды, ведаеце? Але мы ім не паверылі – мы адчувалі, што гэта зусім нездарма, і цяпер усё будзе дрэнна, вельмі хутка.
106. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра свабоду
– У старасьці, дзеткі, ёсьць адна запэўная перавага, – тата казаў павольна і так ціха, што мы мусілі напружана ўслухоўвацца. – У старасьці больш ня трэба нікому саступаць месца.
Голас-шолах, як паперка на ветры. Сівая галава на белай пухоўцы.
Мы асьцярожна паднялі яго з ложка і маленькімі крокамі павялі да трамваю. Кандуктар цярпліва чакаў. Пасадзілі на лаву. Тата дыхаў глыбока, няроўна і трымаў мяне за руку нягнуткай пэргамэнтнай далоньню. Пот слабасьці выступіў на ягоным жаўтлявым ілбе. Рушылі са званочкам. Падыходзілі бабулькі, інваліды, цяжарныя дзяўчыны, і тата бессаромна разглядаў іхныя мыліцы, пратэзы, жываты, ясным позіркам свабоднага чалавека.
107. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра сьмерць Толіка
Больш за ўсіх сьмерцю таты быў узрушаны Толік. Ён падоўгу сядзеў на матрацы, калупаючы пальцам пыл у лагчынках шыўкоў, атупела блукаў позіркам па кніжных паліцах, маўчаў, а калі зьяўляўся хтосьці з нас, хапаў за руку і адчайна ўзіраўся ў вочы. Вусны ягоныя ўздрыгвалі, бровы падымаліся жаласнай хаткай. «Уявіць не магу», – шапнуў ён нам, кіўнуўшы на двор, на дачок. Мы зразумелі: ён падумаў пра іхнае пахаваньне. Мы стаялі ля вакна і назіралі, як ягоныя бялюткія дзяўчынкі з рогатам ганяліся за сабачкамі. Сукеначкі, сандалікі, блакітныя банты. Як мы маглі яго суцешыць? Як угаворваць, як пераконваць?
Мы паспрабавалі захапіць Толіка ягонай даўняй марай, сядзібай на ўзьбярэжжы. Узяўшы калькулятар, мы доказна падлічылі, што да пяцідзесяці пяці можна пабудаваць невялікую вілу, вырасьціць ружовы сад і жыць бяз клопатаў да самага канца, яшчэ гадоў дваццаць. Ці дзесяць, ці трыццаць, тут ужо як пашанцуе, пераконвалі мы Толіка, ад спадчыннасьці залежыць; уяві – дваццаць гадоў на віле, на беразе мора! Толік быццам зацікавіўся, і нават пачаў выпытваць пра мэтры квадратныя і пра гатункі, але мы адчувалі, што гэта павярхоўна.
Празь некалькі дзён мы знайшлі Толіка ў садзе пад яблыняй. Ён выглядаў вінаватым, але адначасна радасным, нібы вызваліўся ад цяжару. На ягоным твары зыбаліся шэрыя цені лісьця, па рукаве поўз жук. Мы ня выпусьцілі ні сьлязінкі: гэта была здрада. Ягоная ўдава, станістая румяная філялягіня, нават не пажадала наблізіцца – паглядзела здалёку, сабрала дачок, сабакаў і зьехала, і мы былі зь ёй згодныя. Мы прыбралі Толіка ў ягоны ўлюбёны ільняны гарнітур і ўсунулі ў нагрудную кішэню ягоны ўлюбёны цыркуль. Завялі касэту зь Ніньзя цьюн, паставілі вазы зь вяргінямі, прычасалі. Мама сьпякла піражкі з тварагом. Мы сядзелі ўкруг на табурэтках, елі піражкі і пачуваліся атупела. Ня тое каб мы злаваліся на яго, але было прыкра. Толькі й добра, што тата не даведаецца.
108. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра сьмерць Коліка
Перад самай сьмерцю Колік зрабіўся прыбіты і нізашта не хацеў выходзіць з турмы, хоць ягоны апошні невялікі тэрмін зусім скончыўся. Мы прыйшлі за ім у астрог і сьпярша ўгаворвалі, потым паспрабавалі цягнуць, але ён моцна ўшчаперыўся за ножкі ляжанкі, умураваныя ў падлогу. Рослыя гвардзейцы ў выходных гімнасьцёрках назіралі з калідора ды пасьмейваліся, а праз пару хвілінаў, стаміўшыся чаканьнем, адштурхнулі нас і сталі ціснуць каленямі Коліку на пальцы. Яны згрэблі яго, як старую коўдру, правалаклі па лесьвіцы і выштурхнулі за браму. «Ідзі дахаты, дзед». Раней бы Колік не пацярпеў, думалі мы, ведучы яго пад рукі па цёмнай алеі, ну дый добра. Цьвілі ліпы, сьпелі сьлівы, але наш брат нічога не заўважаў. Дома ён забіўся пад пісьмовы стол і моўчкі сядзеў там, адмовіўшыся нават ад бутэрбродаў з шакалядным маслам. Ні разгаварыць, ні пакласьці яго ў ложак не атрымалася, а ўраніцу мы ўбачылі, што ён забарыкадаваўся пад сталом, пабудаваўшы сьцяну зь цёмна-сініх політэхнічных слоўнікаў. Наш Колік уявіў, што ён ізноў у турме, і мы – ягоныя вартаўнікі. Ён люта глядзеў на нас у шчыліну паміж слоўнікамі, лаяўся, пляваўся, патрабаваў на змрочным жаргоне то баланду, то сухары і пагражаў чымсьці незразумелым і жахлівым. Коленьку, Коленьку, плакалі мы, ты дома, ты сярод брацікаў, але ён толькі пагардліва шыпеў. Мы ведалі, што яму засталіся лічаныя гадзіны, і пыталіся празь сьлёзы, якую ён хоча труну, але ён толькі шаптаў: сукі, сукі. Шаптаў усё цішэй і цішэй, усё больш павольна, і мы нічога не маглі зрабіць.
109. Змрочныя засьценкі. Гэта магілы
Часам, каб ня страціць звычку да жывое гаворкі, я сядаў да Лены на сяньнік і пачынаў гаварыць. Але, нажаль, усе мае аповеды, і пра мараходку, і пра кругасьветныя плаваньні, і пра далёкія краіны, поўныя асалодамі і збытныя сьпелымі фруктамі, Лена слухала з абыякавасьцю. «Усё роўна гэта ўсё несапраўднае. Ці варта марнаваць запал на ўяўнае? На пустое, бессэнсоўнае паветра?» Мяне абражала гэтая горкая, няветлівая праўда, і я гарачыўся: «Нічога, вось пабачыш, хутка я ўцяку па-сапраўднаму! У рэальны сьвет! Там мяне шукаюць браты, вось толькі падаць бы вестку!» Яна глядзела адхілена, а аднойчы сказала: «Ты спазьніўся, ты ўжо не ўцячэш». Я пахаладзеў, прадчуваючы непапраўнае: «Скуль ты ведаеш?» «Нашыя целы ўжо забілі й закапалі. Я бачыла труны, іх несьлі наверх». «Даўно?» «Учора ноччу». Я войкнуў: «Пабеглі, Лена, пабеглі хутчэй!» Яна хмурылася й не хацела, але я цягнуў яе за вязаны рукаў, і яна паддалася, баючыся расьцяжак. Мы беглі па каменных лесьвіцах, уздоўж узрушаных факельных агнёў; па кедравых галерэях, уздоўж занавешаных вокнаў, падпаленых золатам знутры; па хваёвых тэрасах, уздоўж накрытых да вячэры сталоў са стройнымі кандэлябрамі; па росных ходніках, уздоўж паркавых ліхтароў з шарамі туманнага сьвету; па імшыстых могілкавых сьцежках у поўнай цемры. «Чуеш? Гэта магілы», – шаптала Лена. Я чуў: пахла прэлым лісьцем, зямлёй, елі гойдаліся й ледзь чутна шумелі, удалечыні ўскрыквалі драчы, шчоўкалі й шыпелі глушцы. Зь дзесятка сьвежых магілаў сваю я пазнаў адразу: сама маленькая, сама крывенькая, яна нясьмела тулілася да зарасьнікаў бружмелі. Адпусьціўшы вязаны рукаў, я схапіў рыдлёўку і пачаў капаць. Вядома, праграмары паленаваліся капаць глыбока, і зусім хутка лязо грукнула аб дошку. Без аніякага жалю да пазалоты я выдраў абцугамі цьвікі й выцягнуў накрыўку наверх. Маё крохкае цела пяшчотна бялела ўнізе, у простай падлеткавай матросцы і сьціплых шальварах. Як мне вярнуцца ў яго, як злучыць выгнаную манаду з плоцьцю? Я лёг на край магілы і працягнуў руку, крануў чало: безнадзейны холад, лёд. Што было рабіць? Я схапіў сябе за каўнер і, напружыўшы мускулы, ірвануў. Каўнер гучна трэснуў, распужаўшы цецерукоў, але вытрымаў. Цела аказалася па-птушынаму лёгкае, быццам анучнае, і я адным рухам падняў сябе зь ямы, паставіў на ногі й прываліў да сасны. Здранцьвелая галава глядзела па-над маім плячом на чорны гарызонт. Лена безуважна назірала. «Пойдзем шукаць тваё?» «Не». Як хочаш. Я абняў сябе, прыціснуўся шчакою да шчакі і ўціскаўся з усіх сілаў да таго часу, пакуль не адчуў спачатку цьмяную, а потым выразна нарастальную дрыготу пранікненьня.
10A. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра дасягненьні
З пошты мы з Валікам ішлі праз парк. Селі адпачыць на лаўцы. Апошні сонечны дзянёк! Вакол прыгожа. Залатое лісьце, блакітнае неба, белыя аблокі. Залаты канвэрт у Валіка ў руцэ. Валік жмурыцца насустрач сонцу. Ветрык варушыць сівы завіток з-пад бярэтцы.
– Ведаеш... Ролю, – Валік казаў вельмі павольна, з доўгімі паўзамі, – Як дзіўна... Я дасягнуў усяго... пра што марыў... Але цяпер аказалася... што мне гэта не патрэбнае... Таму што... няма з кім падзяліцца... Усе даўно памерлі... Мама... тата... Як я жадаў стаць... годным... Каб яны... мною ганарыліся... І... вось я стаў... Але мной... ужо няма каму ганарыцца... Памерлі брацікі... Глядзі... Луўр... Напісана на канвэрце – Луўр?.. Хочуць купіць... мае карціны... Нобэлеўская прэмія... па жывапісу... Хто парадуецца са мной?.. Памерлі сябры... Памятаеш... я закрываўся ад усіх... злаваўся... што перашкаджаюць... Ні з кім не размаўляў... Ад знаёмых... пераходзіў на другі бок... Зьехаў у іншы горад... Каб пісаць... пазьбягаў жанчын... А цяпер... Бачыш як... Ролю... Навошта гэта ўсё... Каму гэта ўсё...
– А калі б табе вярнулі маладосьць, Валю? Як бы ты жыў? Іначай?
Для яго мая гаворка была занадта хуткая, і ён не разабраў ні слова. Павярнуў да мяне галаву. Сівыя пучкі з вушэй.
– Ты штосьці сказаў... Ролю?..
10B. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра канец жыцьця
Тым летам ўсё памірала. Людзі, прадметы, паняцьці. Нават не памірала, а дакладней губляла сувязь з жыцьцём, высыхала й рассыпалася. Даходзіла да сьмешнага: аднойчы я прачнуўся, паставіў ногі на падлогу, але замест тапкаў намацаў толькі два пыльныя пагорачкі. З таго дня я хадзіў па хаце басанож, балазе восень выдарылася цёплая й сонечная. Спускаючыся ранкам у апусьцелую гасьцёўню, я падоўгу ўспамінаў, што цяпер належыць зрабіць – бо меюцца ж розныя ранішнія справы, цэлыя пасьлядоўнасьці непарушных рытуалаў – але мая галава была лёгкая й пустая, як кветка фізалісу. Накінуўшы прасторны татаў плашч, я зьбягаў у двор і марудзіў ля ўваходу ў сямейную крыпту, ужо зацягнутую да сярэдзіны вінаграднымі парасткамі. Мне падабалася трымаць далонь на шурпатым шэрым камні, з імшыстай прозеленьню ў расколінах. Я ведаў, што зусім хутка таксама лягу пад гэты камень, да дзядоў, таты й брацікаў, і ў чаканьні апошняга дня з разьвітальнай урачыстасьцю прагульваўся па горадзе. Мая труна была заказаная на пятніцу, і я, баючыся прапусьціць яе, перш за ўсё накіроўваўся да газэтнага латка, каб зьверыць дату. Калі ж латочнік памёр, я мусіў хадзіць далей, да ратушы. Па вуліцах чародамі плылі пахавальныя падводы, каціліся клубкі сухіх водарасьцяў і бярозавых коцікаў, у вышыні ляцелі гракі й чорныя крэчаты. Прамінуўшы тры кварталы, я збочваў направа, зноў праходзіў тры кварталы і зноў збочваў, спраўляючы замкнёны шпацыр. Многага ўжо не было: ні запалкавае фабрыкі, ні возера, ні трамвайных рэйкаў; на іхным месцы застаўся шэры пясок і кароткая жорсткая траўка. Я намагаўся зазнаць засмучэньне, спусташэньне, роспач, але ня мог. Каб зрабіць хоць штосьці, я чмыхаў альбо пырхаў, разганяючы цішыню вакол галавы, а вярнуўшыся дадому, дапамагаў сьвету паміраць – раскладваў у двары вогнішча са старых часопісаў, выцьвілых джэмпэраў, зламаных аконных рамаў.
У пятніцу, як і было дамоўлена, я выправіўся ў атэлье насупраць ДК Прафсаюзаў. Шлях быў няблізкі, і я выйшаў загадзя, зацемна. На бульвары было ажыўлена: цягнуліся сяляне, беглі сабакі, па лагчынкам віліся вужы. У шэрай вадзе канала адбіваліся запозьненыя ліхтары, здалёку даносіліся гукі струннага квартэта. Велізарны шпіль ДК Прафсаюзаў, які нагадваў ці то Астанкінскую, ці то Эйфэлеву вежу, мерна выяўляўся і раставаў між таполяў, а я лічыў крокі й загадваў жаданьні. Сто крокаў – хачу юнага Хуліё, сто крокаў – хачу маладую маму, калі зьбіўся – трэба лічыць нанова. Атэлье аказалася зачыненае, і мінакі патлумачылі мне, што мой трунар памёр. Некаторыя мінакі, яшчэ не дайшоўшы да рогу, садзіліся на лавачкі ды паміралі са старасьці, некаторыя рашчыняліся ў паветры, кіўнуўшы галавой на разьвітаньне. «Не, – думаў я, – гэтак таксама нельга, без труны. Не».
10C. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра паступленьне ў інстытут
Каб трымацца далей ад сьмерцяў, мы зь юным Хуліё набылі квіткі й паехалі паступаць у інстытут, уяўляючы сябе юнакамі Баккачча, якія бягуць з зачумленага горада. Мы забаўлялі адзін аднаго флярэнтыйскімі плёткамі й песенькамі пра каханьне, елі вафлі й пілі салодкую каву зь вяршкамі. Хуліё хацеў паступіць на энэргетычны факультэт, а я – на гістарычны. Мы ўяўлялі, як будзем хадзіць адзін да аднаго ў госьці праз шмат гадоў: барадатыя, мажныя, у акулярах і тоўстых белых швэдрах, мы будзем дарыць адзін аднаму рэдкія мінэралы ды калекцыйныя тытуні. З вакзала мы ўзялі таксі да заапарка, каб паглядзець, як гарыла корміць дзіцяня – Хуліё даўно пра гэта марыў. Аднак ніякага заапарку мы не знайшлі, хоць таксісты спраўджваў па мапе й прысягаў, што бачыў яго тутака не раней чым у сераду. Затое мы выявілі непадалёк прыстойны гатэль: са швэйцарам, глыбокімі мяккімі канапамі й пальмамі ў каменных кадках. Мы зьнялі прасторны двухпакаёвы нумар, змылі пад душам чыгуначны пыл і адкаркавалі бутэльку кьяньці. Зь віна ў нас разыграўся апэтыт, але мы зьмеркавалі не губляць часу на абед і ехаць на іспыты. Інстытут знаходзіўся паблізу, у вялікім старадаўнім будынку з калёнамі і бальконамі. Швэйцар быў той самы, што і ў гатэлі: згледзеўшы, куды мы накіраваліся, ён абагнаў нас зухаватым трушком і ветліва ўсьміхаўся каля параднага. Паводле ягоных слоў, многія прафэсары ўжо памерлі, але турбавацца ня трэба, бо гэта адбываецца натуральна, адпаведна паставам жыцьця, спадзяюся, вы разумееце. Але ня бойцеся, студэнты паміраюць радзей за пэдагогаў, сьмялей, прашу вас. Мы прайшлі ў высокія дзьверы, абмінулі шэраг карычневых трунаў з кутасікамі і павярнулі направа, да экзамэнацыйнай залі. За катэдрай, убранай белымі й ружовымі глядыёлюсамі, шушукаліся прафэсары, худзенькія, дабратлівыя, са сьветлымі ад старасьці вачыма. Мы цягнулі білеты й адказвалі, а яны пастуквалі алоўкамі па графінам і заахвочвальна пакашлівалі. Пасьля іспытаў, сунуўшы гальштукі ў кішэні, мы з Хуліё сядзелі ў рэстаране і ў задуменьні глядзелі ў вакно, на агні вячэрняга горада. Адпусьціць вёслы і плыць па цячэньню, да ціхага цёмнага мора, ці змагацца?
10D. Гісторыі сталасьці ды згасаньня. Пра нямаму
У сярэдзіне сэмэстру да нас прыехала мама. Першым чынам яна завохала й пачала нас харчаваць. У нашай мамы залатыя рукі: літаральна за пяць хвілінаў яна заварыла чароўна далікатную локшыну. Пакуль мы елі, яна прабірала нас. Паглядзі на сябе, Хулі, да каго ты падобны! Што сказаў бы тата! Хуліё вінавата глытаў. А ты, Ролю, га? Ты павінен быць яму ўзорам – а сам? Што гэта? А што гэта? Пальцам, поўным дакору, яна паказвала на плямы й прарэхі ў маёй піжаме. Калі мы сыта адклалі лыжкі, яна прымусіла нас памыцца ды прычасацца. Потым мы цырымонна прайшлі ў пакой. У пакоі мама адчыніла фортку і завяла размову пра ўнукаў – яна вельмі хацела ўнукаў. Уяўляючы сябе маладой мамай, яна пачала весела кружыцца, а мы сядзелі на канапе й глядзелі. Ейныя пярэстыя спадніцы ўзьляталі, рукі малявалі ў паветры плыўныя фігуры, а ўсьмешка была летуценная, сямнаццацігадовая. Музыку! Хуліё корпаўся ў кружэлках, абіраючы нашыя ўлюбёныя песьні, я пляскаў у ладкі й прытупваў. Пакружыся, матухна!
Файныя выходныя.
Але ў панядзелак ейнае кружэньне ператварылася ў рэзкі віхор, рукі злымі зьмеямі ўзьвіліся ўкруг набраклага жывата, а замест дзявочага твару выскалілася мёртвая псіная пашча! Салодкая італія Чэлентана зьмянілася на крыважэрны рык і віск Deicide: Crucifixation!!! Uuuuuuuuaaaaaa!!! Пенныя камякі зьляталі з крывых іклоў. Гэта не мая мама, гэта не мая мама, гэта не мая мама! – у жаху ўсхліпваў Хуліё, бездапаможным немаўляткам дрыжучы ў мяне на грудзях. Падхапіўшы яго на рукі, я бег да прайгравальніка. Спыніць! Вырваць шнур, сагнуць іголку, растаптаць кружэлку! Па махрыстых дыванах, па пярэстых палавіках, па сьлізкаму лінолеўму. Патрывай, міленькі Хулі! Мёртвыя маланкі з чорных псіных вачніцаў – усьлед. Выбухі, полымя, скакучыя вогненныя павукі! Але пасьпелі – хруснуў аб паркет нетрывалы корпус, прашыпела іскра па струнах бас-гітары, і ўсё спынілася.
Нас уратавала цішыня.
10E. Уцёкі ды туляньні. У падшклянак
Я ведаў, што гэта апошняя ноч у цягніку, а раніцай мы прыбываем. І я ведаў, што адзіны мой шанец – засьпець Белага Паляўніка зьнянацку. Затаіўшыся, я чакаў, а ён недаверліва паглядаў на мяне, баючыся выбрыкаў. Нарэшце, калі ён устаў, юрліва падміргнуў і выйшаў у прыбіральню, я ўскочыў і прыпаў да дзьвярэй. Зьлічыўшы да трыццаці, я высьлізнуў і прабег па валкім калідоры ў купэ правадніцы. Яна чытала кніжку з шырокай чырвонай закладкай. Падняла на мяне вочы:
– Што?
– Усё!
З размаху вымкнуўшы сьвятло, я кінуўся на яе, схапіў за валасы, паваліў на падлогу. Чакаеш яго? Чакаеш? Адказвай! Яна екатала й вырывалася, скрэбла абцасамі аб рундук. Я заштурхаў правадніцу пад сядзеньне і, адной рукой сьціскаючы ейныя космы, уладкаваўся наверсе. Вольнай рукой я сяк-так узьбіў падушку й нацягнуў на сябе прасьціну. Правадніца плакала і спрабавала мяне ўкусіць, але я як сьлед сьціснуў і страсянуў: пісьнеш – пазванкі пераламаю!
Я ўсё пасьпеў своечасова: якраз грук у дзьверы. Увайдзіце! – прасьпяваў я па-жаноцку. Мой голас дрыжаў, але ён не заўважыў. Сапучы й масажуючы пахвіну, Белы Паляўнік увайшоў. Няёмка засунуўшы за сьпіной дзьверы, ён пачаў распранацца, бразгаючы спражкай. Нельга было дапусьціць ані найменшае хібы. Дакладным рухам я сьцягнуў са стала падшклянак са шклянкай, выплюхнуў гарбату пад падушку й сунуў сьледам шклянку. Белы Паляўнік ужо абмацваў мае калені, і я падняў іх, рассунуў як мага шырэй, а паміж ног, на месцы любаты, прыбудаваў цёплы падшклянак. Ён ужо налёг на мяне і спрабаваў пацалаваць у вусны, але я ўварочваў галаву. Мілая, мілая, – шаптаў ён, мацаў мае грудзі і ўсё важдаўся, усё масьціўся ямчэй. Ад яго пахла яечняй і тварагом, і я цягнуўся носам да вакна, да тоненькай нітачцы скразьняку. Нарэшце ён заварушыўся, ўзрыкваючы і топчучы мяне. Я лічыў да трыццаці, лічыў да шасьцідзесяці, лічыў да дзевяноста. Ён усхлюпваў, енчыў, прыцмокваў, пакусваў мяне за шыю, але я трываў і лічыў. І вось, зьлічыўшы да трохсот, калі ён ужо стагнаў, дрыжаў, а зь ягонага носу капалі кропелькі, я адкашляўся і вымавіў сваім звычайным голасам, гучна й выразна:
– У падшклянак?
Так, я засьпеў яго зьнянацку! Ён застыў, потым ускочыў, завыў, садраў зь сябе падшклянак, закруціўся па купэ, зьмятаючы нябачныя ў цемры прадметы і праклінаючы сваю ганьбу. Пацягнуўшыся, я ўмыкнуў сьвятло. Ха-ха-ха! Паглядзіце на яго! У падшклянак! Цяпер, у прыніжэньні, ён зрабіўся слабкі й маленькі, нейкі бледны заморак. Скурчыўшыся, ён забіўся пад стол і прыкрываў галаву мокрай газэтай. Вядома, я мог пашкадаваць яго, але дзеля чаго? Тым болей што правадніца ўжо падавала мне свой чыгуначны ліхтар. Узважыўшы яго ў руцэ – цяжкі, наліты жалезам – я размахнуўся й з усяго пляча прыпячатаў белае цельца.
10F. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра суцяшэньні
Часам наша мама адварочвалася, пачынала плакаць, плакаць, сыходзіла кудысь у кут, у стары фатэль. Гэта было так, быццам усё ў сьвеце хруснула, сапсавалася і спынілася – немагчыма было ні гуляць, ні весяліцца. Мы абступалі яе і хмурна маўчалі, не адважваючыся спытаць. І яна хутка пыталася сама: вы не злуяцеся на мяне?.. За што ж, матухна! – усклікалі мы. За тое, што я вас нарадзіла і вы жывяце?.. Што ты, нам падабаецца! – запэўнівалі мы яе. Проста вы пакуль ня ўсё ведаеце – і яна плакала яшчэ горай – бо вам давядзецца паміраць... Ну дык што ж, дзіва якое, раз і памёр! Жыцьцё доўгае, а паміраць хутка! Не... можна так паміраць, што даўжэй за жыцьцё падасца... Матухна, сьмяяліся мы, і гэта ўсё, што цябе турбуе! Ужо будзь упэўненая, мы да гэтага не дапусьцім! Глядзі, што мы зробім! І Колік пачынаў душыць Валіка, а Валік тэатральна пучыў вочы і трос рукамі. Толік бег у сенцы і цягнуў адтуль велізарную двухручную пілу, а Хуліё ніцма клаўся на лаву і агаляў сваю пакорлівую шыю. Мы абступалі Хуліё, жорстка шчэрылі зубы й рабілі выгляд, што пілуем. Мы апавядалі замагільнымі галасамі, як будзем скакаць з бальконаў, ныраць у віры, пускаць газ, ліць бэнзын і падпальваць. Ня бойся, матухна, ужо гэта мы здужаем! І вось скрозь сьлёзы ўжо блішчала ўсьмешка, і мама сьмяялася разам з намі, і абдымала нас, і пускалася ў скокі. І зноў усё пачынала рухацца – шасьцярэнькі зачэпліваліся, гадзіньнікі цікалі, мы жылі.
110. Зь ліста Толіка. Пра ісьціну
<...> Ісьціна ісьцінай, але Плятон мне сябар – так вучыў нас тата.
А яшчэ даражэйшыя – брацікі.
Як вы там? Ці спазналі ісьціну? Ці ўспамінаеце пра мяне здалёку? <...>
111. Гісторыі заліцістай сталасьці. Пра Гадзілу
Раней Хуліё ніколі ня бачыў Гадзілу так блізка. Зараз яна ціхамірна спала, утульна ўладкаваўшыся ў разломе сьцяны Токіё Таўэр і выставіўшы вонкі сваю неабсяжную сьпіну. Хуліё загадаў Куміко чакаць унізе й нічога не распачынаць, а сам асьцярожна ўзьлез на гіганцкі хвост і, прыгнуўшыся, стаў падымацца па сонным целе. Высокі бок наперадзе мерна ўздымаўся і ападаў. Дасягнуўшы рэбраў, Хуліё спыніўся, сеў на кукішкі. Дагэтуль яму здавалася, што скура Гадзілы павінная быць грубая, шурпатая, ледзь не скамянелая, і цяпер ён дзівіўся на ейную прыемную цёплую пругкасьць. «Які я мужык аднак, наўпрост у ботах... Зьняць можа... Добра, здаецца чыстыя...» Расстаўляючы ногі дзеля ўстойлівасьці шырэй, ён пераадолеў хісткі бок і, мякка ступаючы, рушыў па шыі. Пад матава-бледнай скурай пульсавала блакітная жылка, і Хуліё нахіліўся, правёў па ёй пальцам. «Зусім як у Толіка на скроні... А ў Коліка такія пад каленкамі...» Хуліё адчуваў, як у ягоных грудзях расьце хваляваньне. Твар Гадзілы быў асабліва пяшчотны, над ім лунаў лёгкі водар жаноцкасьці і паўдзённага сну. «Хуліё-сан! Хуліё!» – даляцеў зьнізу тоненькі голас Куміко. «Дурнічка», – паморшчыўся Хуліё і нагнуўся да кутка вуснаў Гадзілы. Пунсовыя, пульхныя, такія блізкія. Гадзіла ледзь чутна прашаптала нешта ўва сьне. Хуліё апусьціўся на калені, здымаючы зь сябе кашулю, лёг. Спражка здрадніцкі бразнула. Бліжэй, бліжэй, яшчэ бліжэй. Здаецца, яна адчувае. Але як пяшчотна! Яшчэ, яшчэ, вось так...
112. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра Політэхнічныя Слоўнікі
– Ведаеце, дзеткі, колькі працы на іх пакладзена? – казаў тата асаблівым голасам, адкрываючы адзін з політэхнічных слоўнікаў і пагладжваючы тонкія старонкі маршчакаватымі пальцамі. – Каб зрабіць аркушы, кітайцы раньняй-раньняй вясной пачынаюць гадаваць рыс, басанож у ледзяным сьнезе. Калі рыс вырастае, яго вараць у кашку і раскочваюць у аладку, вельмі-вельмі тоненькую. Потым пасыпаюць сольлю і сушаць пад сонцам.
– А навошта сольлю, тата? – пытаўся Толік.
– Каб чарвячкі не завяліся, сынку. І вось калі высахне рысавая аладка, яе наразаюць на аркушыкі. А пакуль кітайцы наразаюць, кітайкі зьбіраюць: чарніцы, ажыны, парэчкі й ціснуць зь ягадаў сок на чарніла. Потым самы разумны кітаец бярэ жалезныя літаркі, мачае іх у чарніла і аддрукоўвае на старонках. Гэта сама важная праца, бо памыліцца ані ў водным слове нельга.
– А скуль кітаец ведае па-нашаму, тата? – зьдзіўляўся Колік.
– Ён мае такі адмысловы ўзор, сыночак. Называецца эталён. Ён глядзіць у эталён і падбірае патрэбныя літаркі. Бачыш, як раўнюсенька? – тата вёў пазногцем па радку. – Гэтаму доўгія гады вучацца. А потым трэба сшыць старонкі, каб атрымалася кніга. Бачылі, як цукровую вату робяць? Вось і нітачкі гэтак сама робяць, толькі ня з цукру, ён крохкі, а з бульбянога крухмалу. Калі кніга сшытая, згушчаюць агурочны сок і атрымліваюць элястычную скурку. Са скуркі робяць вокладку. Таму што бяз вокладкі Слоўнік зматлашыцца хутка.
– Значыцца, Слоўнік ядомы, тата? – здагадаўся Валік.
– Так, сынок. Толькі трэба пільнаваць і ня даць яму разварыцца. Хочаце паспрабаваць? Тады давайце спрытна! Валік, бяжы па ваду, Колік, цягні са склепа казан, Толік, нарві кропчыку, Хулі, чысьці моркву, Ролю, запальвай агонь. Да мамінага прыходу якраз пасьпее!
113. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра чараўніцтва
У канцы вясны і пачатку лета ў нас зьяўлялася шмат новых людзей – коміваяжоры, рамесьнікі, артысты, прапаведнікі, музыкі, тэрапэўты – яны ішлі сэзонным шляхам праз наша месца на поўнач, кожны па сваёй асабістай патрэбе. Стомленыя й галодныя, яны зазіралі загарэлымі тварамі да нас цераз плот, і мы часта пускалі то аднаго, то іншага адпачыць і падсілкавацца, у абмен на апавяданьні пра далёкія краіны і незвычайныя прыгоды. Аднойчы мы прывячалі ў сябе чалавека, які назваўся чараўніком. «Ты штукар?» – удакладнілі мы. «Не, я менавіта чараўнік». Насаты, чорнавалосы, у кашулі са стаячым каўняром і шырокіх джынсах, ён зь вялікім задавальненьнем піў квас і паглынаў мамчыны кексы, адкусваючы адразу па палове. Мы папрасілі яго прадэманстраваць сваё мастацтва, і ён не адмовіўся, але папярэдзіў, што чараўніцтва патрабуе вялікіх выдаткаў энэргіі, і яму трэба будзе зьесьці шмат тлустага. Сама тлусты ў нас на кухні аказаўся гарчычны алей, і чараўнік, уздыхнуўшы, спытаў хлеба – бо проста алей не палезе. Ён адпіваў глыток алею, закусваў чорным хлебам і зноў стаічна глытаў. Ён адолеў два кубкі і сказаў, што больш ня здолее – і зараз ужо як атрымаецца, так атрымаецца. Чараўнік доўга выціраў рот сурвэткай, быццам мяркуючы, а потым паклаў перад сабой алюмініевую лыжку й пачаў рабіць над ёй складаныя магічныя пасы. Было бачна, што яму няпроста: на скронях успучыліся вены, на лобе выступіў пот. Праз хвіліну ці дзьве лыжка здрыганулася, і ейны пярэдні край стаў скрыўляцца, хвалявацца, зазубрывацца. Мы зразумелі, што лыжка хутка ператворыцца ў відэлец, і радасна запляскалі ў ладкі. Але чараўнік болей ня мог, ягоныя рукі ўпалі, і ён зьнясілена адкінуўся на сьпінку крэсла.
– А што ты яшчэ ўмееш? – мы тузалі яго за рукаў, не даючы аддыхацца.
Ён стомлена паціснуў плячом.
– Нічога.
– Толькі відэлец?
– Так.
– І ўсё?
– Усё.
– Але які ў гэтым толк?
– Ніякага. У сапраўдным чараўніцтве ніколі няма толку. А калі толк раптам зьяўляецца, дык чараўніцтва зьнікае. Вось як, дзеткі.
Мы запытальна паглядзелі на тату, і яны паважна кіўнуў, пацьвярджаючы словы чараўніка.
114. Гісторыі заліцістай сталасьці. Пра фатаграфію
Аднойчы, калі мы пілі кампот, мой брат Валік падняўся з-за стала і голасна заявіў: я глыбока пагарджаю фатаграфіяй як мастацтвам. Гэта было крыху нечакана, і мы асьцярожна спыталі – чаму?
– Таму што гэта мастацтва пасыўных назіральнікаў, ня здольных на стварэньне. Мастацтва выбраць прастакутны кавалачак быцьця і націснуць кнопку! Мастацтва рассунуць рукі й ногі! Мастацтва пражэктараў і ліхтарыкаў! Мастацтва рабіць мноствы копіяў у надзеі, што на адной зь іх складзецца ўдалая кампазыцыя! Вартая жалю маладушнасьць, якая імкнецца да бяспройгрышнасьці. Мастацтва вытрымкі й дыяфрагмы! Мастацтва крадзяжу ў прыроды. Чуеце? Усе фатографы – дробныя зладзюжкі! Нават дызайнэры і архітэктары, нізкія рамесьнікі, і тыя ствараюць. А гэтыя?
– Але Валік, пачакай, а як жа...
Мы сталі зьбірацца з думкамі, каб годна запярэчыць яму. Мы ўсе любілі фатаграфію. Колік захапляўся Янам Саудэкам, Толіку падабаўся Ансэль Адамс, я заглядваўся МакКарры, а Хуліё быў закаханы ў Мону Кун. Але пакуль мы адчынялі раты, Валік выйшаў прэч, на вуліцу.
А фатографы ўсё чулі. Яны ня былі схільныя трываць зьнявагі, і бязь лішніх слоў пачалі дубасіць Валіка. Яны павалілі яго на зямлю й лупілі штатывамі. На дапамогу, на дапамогу! – клікаў Валік. Фатографы нішчылі ягоныя мальбэрты і ўтоптвалі ў бруд фарбы. Што рабіць? Трэ было ратаваць брата! Мы выскачылі й накінуліся на фатографаў. Яны пахіснуліся. Мы пагналі іх да лесу. Пад абцасамі трушчалі аб'ектывы і ўспышкі. Яны расьсеяліся ў гушчары. Нікчэмнасьці! – крыкнуў Валік і запусьціў ім усьлед экспаномэтрам.
З тых часоў мы варагавалі з фатографамі.
115. На адвароце партрэта. Пра гарызонт
«Больш за ўсё на сьвеце я люблю гарызонт.
Таму што ён заўсёды прамы.
Нават калі ён заслонены стрэхамі ці елкамі, ты ведаеш, што за імі існуе роўная лінія.
Сталасьць.»
116. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра існаваньне мамы
Аднойчы ў нядзелю, з самага ранку, калі мы з брацікамі яшчэ песьціліся ў ложках і, гледзячы ў столь, разважалі над убачанымі снамі, Колік сказаў: а што, калі наша мама ў сапраўднасьці не існуе? Іншым гэтая фраза магла б падацца неадназначнай, з выразнай нястачай тлумачэньня, але мы адчулі сэнс імгненна, і ў паветры зазьвінела трывога. Мы апусьцілі ногі на прахалодную падлогу і ў задуменьні варушылі пальцамі. Мы з надзеяй абмацвалі локці нашых начных кашуляў: бо калі яны зацыраваныя, дык гэта ж довад?.. Мы высунуліся ў вакно, мы выскачылі на лесьвіцу і закрычалі – мама, мама! – і яна адгукнулася зьнізу, заклапочана і адначасова весела – бяжыце мыйцеся, толькі ня ўсе разам! Мама прыгатавала нам просты пірог зь яблыкамі, і хіба сама ягоная прастата ня была довадам? Мы кусалі гарачы пірог, і тата кусаў гарачы пірог, агаляючы белыя зубы, але ў існаваньні таты мы не сумняваліся, дакладней, ягоная сапраўднасьць нас не трывожыла, нават каб ён аказаўся ўяўны, мы б не зьдзівіліся. Калі мама праходзіла міма, мы непрыкметна працягвалі руку, дакранаючыся да сукенкі, мы чапалі яе за мокрую руку, мы ўслухоўваліся ў ейны голас. Як мы маглі яшчэ запэўніцца? Толік перакуліў гарбату, каб яе раззлаваць, і яна раззлавалася: сьвежы абрус! Але ці не хаваюцца за прадказальнасьцю змрочныя прорвы? З бясьсільля мы не маглі есьці, і тата ахвотна даядаў нашыя порцыі, і зьбялелы Валік пусьціў па крузе цыдулку: мы можам даведацца, ці існуе яна, толькі калі яна перастане існаваць. Хуліё зарыдаў і кінуўся, і абняў яе за ногі, а яна, даведаўшыся, ў чым справа, засьмяялася й распусьціла валасы – дзіўная, нечаканая рэакцыя! «Так, так! Мяне не існуе!» І яна, накінуўшы плашч, зьехала некуды на ўвесь дзень, спачатку на біенале, потым у тэатар, потым у рэстарацыю. І як ні дзіўна, менавіта гэта пераканала нас стоадсоткава!
117. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра аканчальную мэту
Калі мы былі маленькія, навакол знаходзілася мноства ахвотнікаў прасьвятліць нас па плоцевай справе – на кожнай вуліцы, у кожным завулку нас падваблівалі розныя, і пажылыя, і маладзейшыя, і шапталі нязьменнае: а ведаеце, хлопчыкі, навошта вам вашыя кранікі? а ведаеце, скуль бяруцца маленькія дзеці? Спачатку мы кожнага разу адказвалі, што ня ведаем, і людзі зь вялікім задавальненьнем пускаліся ў тлумачэньні, заўсёды падобныя, але зь некаторымі варыяцыямі, часьцяком абумоўленымі тэрміналёгіяй: адны аддавалі перавагу запаветным і забароненым словам, другія – знарок дзіцячым, часам нават самаробным, трэція абыходзіліся жэстамі, падміргваньнямі й выгібамі гнуткіх языкоў. Нас усё гэта доўга забаўляла, але пакрысе надакучыла, і мы ў час шпацыраў пачалі пазьбягаць закуткаў і падваротняў, шыбавалі па краі ходнікаў, паміж ліпамі й брукам. Так нам удалося пазбавіцца мінакоў, але цяпер на нас зьвярнулі ўвагу таксістыя і кіроўцы аўтобусаў: яны ехалі сьледам, дуднілі й аблізвалі тоўстыя вусны. У рэшце рэштаў мы спыніліся і з раздражненьнем адказалі шафёрам: так, так, мы ўжо ведаем, навошта нам нашыя кранікі. Мы думалі, яны на гэтым супакояцца, але не, іхныя вочы замасьліліся, і яны спыталі: а ці бачылі мы ўвачавідкі, як наш тата робіць маме яшчэ аднаго браціка? Не! Мы хуткім крокам сышлі і ўвесь дзень праседзелі дома, але потым пасаромеліся сваёй маладушнасьці й вырашылі раз і назаўсёды высьветліць, навошта ўсе гэтыя размовы, і якая іхная аканчальная мэта. Мы выйшлі на трамвайны прыпынак і падступіліся да першага напатканага дзяжурнага. Ён усьміхнуўся нам: што, хлопчыкі, гуляеце? Так. А ведаеце, навошта вам вашыя кранікі? Так. А вы бачылі, як ваш тата топча вашу маму? Так. А самі ўжо спрабавалі? Так. А хочаце яшчэ раз паспрабаваць? Так. Ён павёў нас дварамі да сваёй хаты, пачаставаў булачкамі і парэчкай, і сёе-тое паказаў, і сёе-тое папрасіў, і мы на ўсё згаджаліся бяз ваганьняў: і глядзелі, і чапалі, і цягнулі, і рухалі, і церлі, і мялі, і трэсьлі. Потым, калі ён ужо нічога не распытваў і не жадаў, толькі ляжаў на тахце, вохкаў і крактаў, мы пакінулі яго, вярнуліся дадому і прабавілі вечар у ляноце і незадаволеньні. Вынік здаваўся нам бязглуздай недарэчнасьцю, мы крыху паслухалі радыё й рана заснулі. Але ўранку адбылося нечаканае: з акна мы ўбачылі, як учорашні дзяжурны, прыгорблены, сноўдаецца паўз нашага параднага. Мы спусьціліся; ён дрыжаў, пацепваўся, ягоныя блакітныя вочы былі няшчасна й просьбітна раскрытыя. Ён ступіў да нас і прамармытаў: ідзіце да мяне, хлопчыкі, я кахаю вас! Кахаю! Вядома, мы не пайшлі да яго, і сагналі, і загадалі ня сьмець зьяўляцца, але тое, што адбылося, незвычайна натхніла нас. Мы падскоквалі, абдымалі адзін аднаго і радаваліся: хто б мог падумаць! Атрымліваецца, аканчальная мэта – гэта каханьне!
118. Вяртаньне. У сьцюарда
Калі я вяртаўся на начным цягніку з калядных вакацыяў, мне ўздумалася заказаць сабе кавы з цукрам і вяршкамі. Сьцюард у цёмна-сінім форменным строі, маладжавы бляндын, запрасіў мяне ў сваё купэ, пасадзіў у крэсла і прапанаваў згуляць у адну цікавую гульню, пакуль кава будзе гатавацца. Мы паглядзелі адзін аднаму ў вочы і адчулі ўзаемную прыхільнасьць – так часам здараецца, ведаеце? Ён аказаўся вялікі мэляман: сьцены былі запоўненыя палічкамі з кампакт-дыскамі, а невялікія свабодныя прасторы займалі плякаты славутых рок-гуртоў. Гульня складалася ў вызначэньні на слых хто ёсьць хто па маленькім музычным фрагмэнце. Першы ход ён уступіў мне, і я, каб не карыстацца ягонай фанатэкай, зьбегаў да свайго сакваяжу і прынёс сёе-тое. Але мая прадбачлівасьць мне не дапамагла: Гудмэна ад Фрымэна ён адрозьніваў зь лёгкасьцю, Малера ад Ван дэн Будэнмаера – з пстрычкай пальцаў, Х-RX ад Combichrist – з хвацкім каленцам. Я ж на ягоным фоне выглядаў крэтынам: Сябры мне здаваліся Верасамі, Пярт – Прайснэрам, а Napalm Death абуральна пераблытаўся з Ragazzi Dildos. Ветліва зрабіўшы выгляд, што не заўважыў мае памылкі, ён адвёў зьняслаўленага мяне ў гасьцёўню, пачаставаў вытанчанай швэйцарскай локшынай і завёў даверную размову.
– Калі ты хочаш нешта скончыць, дык лепей зрабіць гэта ў самым пачатку, – сказаў ён.
– Што ты маеш на ўвазе? – сказаў я.
– Хіба ты ня ведаеш, што ўсё аднойчы скончыцца? – сказаў ён.
– Якое глупства! – сказаў я.
– Ты падобны на страуса, які хавае галаву ў пясок.
– Я не разумею цябе.
Змаўчаўшы, ён выглянуў у сад і памахаў дачцы, якая млява гайдалася на гамаку, нацягнутым між дзьвюх яблыняў. Маладая, белая, у ліловай сукенцы, яна зірнула на мяне і апусьціла вочы. «Дурная размова! – сердаваў я на сябе, – Замест таго, каб спаць, я марную час на нейкага сьцюарда!» Я зрабіў выгляд, завохаў, зазьбіраўся. Ён праводзіў мяне да дзьвярэй, падцягнуты і элегантны, трымаючы выпешчанымі пальцамі папяросу, крыху на адлёце. Я выйшаў у цемру й вузкасьць вагона, які імчаў скрозь сьнег. Хістала. Далёка наперадзе паравоз пракрычаў зязюляй. Я палез на сваю паліцу, праз чыісьці валізкі, цюкі, торбы, тугія вузлы, наступіў каленам на нагу спадарожнаму памежніку (той усхрапнуў і перавярнуўся) і нарэшце заснуў.
119. Мілае Вучылішча. Гэта разьвітаньне
Я сарамліва стаяў перад Ленай, у сваім вуглаватым ледзяным целе, у недарэчнай доўгай цяльняшцы, у вузкіх пахавальных макасынах. Патыліца садзела, у валасах засела сухая хваёвая ігліца, з кішэняў сеялася асінавае пілавіньне. Я падняў рукі, і суставы рыпнулі. Цягліцы былі напоўненыя глейкім воскам, халодным плястылінам. Яна з жахам глядзела, абхапіўшы сябе за плечы. Як шкада, што толькі цяпер я здолеў зачапіць яе, растапіць лёд, усхваляваць. Ступіла да мяне:
– Усё роўна не разумею! Чаму ты бяжыш? На што зьмяняеш Вучылішча? У нас жа ёсьць усё? Чаго табе бракуе?
Я маўчаў, а потым бліснуў вачыма:
– Пагарджаю подласьцю! Ненавіджу нікчэмнасьць!
– Пра што ты? – не паверыла яна. – Няўжо ты ўсур'ёз так думаеш?
Я маўчаў, а потым выдыхнуў іншае:
– У мяне няма цябе!
– Зноў сьмяесься? – яна матнула галавой, адкідаючы гэтае глупства. – І ты не баісься Белага Паляўніка?
Я маўчаў, а потым нарэшце паспрабаваў сказаць як ёсьць, сумна і шэра:
– Няма ніякіх паляўнікоў, гэта ўсё няпраўда. Тым больш, я даўно нікому не патрэбны тут, і мая локшына ўсім сьмешная. Я сыходжу. Цябе ня клічу. Вучыся. Вазьмі маю другую курсавую. У тумбачцы. Ім спадабаецца. Пра кансэрвы... кансэрваваньне.
Вусны дрэнна слухаліся мяне, і я памяў іх пальцамі. Лена зразумела гэта па-свойму, ступіла яшчэ раз і абняла за шыю. «У цябе няма ў роце мурашкаў?» Я праверыў языком. «Не». Яна стала цалаваць мяне, а я гладзіў яе па тоўстай касе і сумаваў, бо яна цалавала разьвітальна і не прапаноўвала застацца. Мае пальцы, памёршы, ня страцілі чуласьці, і я адчуваў кожны ейны валасок. Вярнуцца было немагчыма, сыходзіць было страшна. Хоць прайшло ўсяго некалькі дзён, я ведаў, што дома ўсё зьмянілася, і туды доўга будзе нельга. Дзесьці трэснула галінка, і Лена трывожна адарвалася ад маіх вуснаў, зірнула чорнымі ў цемры вачыма, блізка-блізка, падштурхнула. Я пайшоў, шчоўкаючы каленкамі і правальваючыся ў сьнег, падносячы да твару далоні і намагаючыся разгледзець, ці ёсьць трупныя плямы. Ззаду хруснула, яшчэ хруснула, і я пабег.
11A. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра аблокі
Па меры нашага сталеньня мы з брацікамі рабіліся ўсё больш летуценныя і захопленыя. Перад страшнымі казкамі мы ўсё часьцей аддавалі перавагу сутонным мроям на нераскладзеных ложках. Мы ляжалі на коўдрах у вятроўках і даверху зашнураваных ботах – каб у любы момант магчы ўскочыць і ўзьняцца насустрач дабру, адкрыцьцям і прыгажосьці. Больш за ўсё на сьвеце ў тую пару мы любілі аблокі, і нават мроілі звычайна не на сьпіне, а на баку, гледзячы скрозь вокны на высокія вячэрнія нябёсы.
– Братцы! – падхапіўся аднойчы Колік. – Давайце зьнясем столь!
Мы адразу ўявілі, як гэта будзе выдатна – ляжаць дагары, тварам да твару з аблокамі, маючы перапонай адзінае толькі празрыстае паветра – і ўзрадаваліся, і ўславілі Коліка. Пасьля нядоўгіх спрэчак мы пастанавілі не ламаць столь, але акуратна й прыгожа зрэзаць. Валік расставіў драбінкі й пачаў вызначаць лінію рэзу, нахільную да захаду, а мы пабеглі ўніз, у склеп па інструмэнт. Мне дасталася тоўстая нямецкая балгарка, сіне-чорная, у кляксах цэмэнту, і пацёртыя такарныя акуляры. Працягнуўшы падаўжальнікі ва ўсе куты, мы дружна завылі электрапіламі, уразаючыся ў белую цэглу. За адзін раз мы, вядома, не пасьпелі, хутка стаміліся, але на наступны дзень працягнулі адразу пасьля абуджэньня. Мы пілавалі цьвёрда і ўпарта, пакуль Валік ня сьвіснуў – і тады мы саскочылі з зэдлікаў і назіралі, як плыўна сасьлізгвае дах з нашага пакою, амаль бяз скрыгату, хутчэй з гучным шоргатам, і падае ў сад, у зарасьнікі падтыньніку і ландышаў. Мы былі ўзрушаныя раптам разнасьцежанай прасторай і воляй, і доўга стаялі, задраўшы галовы. Надвор'е выдалася сама ўдалае – яснае, ветранае – і аблокі плылі й ляцелі над намі, ад сьнежных да дымчаста-сініх. Мы прапыласосілі падлогу, зьмянілі коўдры, і ўлягліся на сьпіны. Мама, завітаўшы да нас з запрашэньнем на абед, заўважыла, што цяпер мы не абароненыя ад дажджу, а тата нагадаў пра птушак, якія апаражняюцца на ляту. Яны мелі рацыю, але мы ані не расчараваліся: гэта была справядлівая цана за аблокі. Мы сьпехам паабедалі, вярнуліся ляжаць і глядзелі неадрыўна – як яны губляюць насычанасьць, ружавеюць, чырванеюць, шарэюць і рашчыняюцца ў чарноцьці.
11B. Гісторыі заліцістай сталасьці. Пра хандру
Калі на майго брата Толіка насоўвалася восеньская хандра, дык не было ад яе лепшага сродку, чым яечня. Ягоная жонка загадзя прыкмячала сымптомы хуткай тугі і бегла ў краму, загадаўшы дочкам мыць патэльні, расьпякаць іх і змазваць маргарынам. Першая порцыя прысьпявала, і жонка лісьліва клікала: Тоолю?.. Толік павольна, нібы сумняваючыся, уваходзіў, грузна сядаў за стол, аглядаў відэлец і прыступаў. Жаваў нетаропка, але спорна: першая патэльня, другая, трэцяя. Моўчкі рухаў сківіцамі, глядзеў у талерку і заядаў белай булкай. Дзяўчынкі падносілі кісель і салодкі чай. Чацьвёртая, пятая. Мы таксама падцягваліся на кухню, падміргвалі гаспадыні, і нам перападала па яечку. Шостая, сёмая. Нарэшце Толік уздымаў прасьветлены твар, сонечна ўсьміхаўся і казаў: як жа я вас усіх люблю, родныя вы мае! Ён цалаваў жонку, абдымаў дачок, а нам крэпка паціскаў рукі.
11C. Аповед Коліка. Пра жука
Колік апавядаў, што аднойчы зь ім у камэры сядзеў жук. Чорны, пажылы, з маленькімі вочкамі.
– За што цябе сюды пасадзілі, жук?
– Ды ні за што, я сам прыляцеў.
Жук лічыў, што яму тут самае месца – ніхто не трывожыць, ёсьць ляжанка, кавалачак хлеба, неба ў акенцы й нават кніжкі. Жук сказаў, што дзеткі ягоныя даўно ўжо вырасьлі, матуля ў вырай адляцела, а жонку скляваў верабей.
Жук вучыў гішпанскую мову па падручніку.
– Навошта табе гішпанская мова, жук?
– Ды вось мару Лорку пачытаць у арыгінале.
– Думаеш, у нас тутака Лорка ёсьць?
– Ну, дзеля такой справы я б і вылецець мог, у цэнтральную бібліятэку.
Калі Колік даседзеў, жук расказаў яму на разьвітаньне, як знайсьці скарб.
Колік паехаў на электрычцы да далёкай станцыі, сышоў у лугох і знайшоў дрэва-дуб. Пачаў пад ім капаць і выкапаў старадаўнюю манэту. Паехаў зь ёй на рынак. Нумізматы давалі за яе толькі сто рублёў, але Колік шугануў іх, і яны далі дзьвесьце. Так, для жука гэта было значным багацьцем. Колік купіў на дзьвесьце рублёў кацяня, каб яно вырасла і лавіла дрэнных вераб'ёў.
11D. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра валявыя падбародкі
Калі мы з брацікамі былі маленькія, мы прачыталі ў адной кніжцы выраз «валявы падбародак». І нам адразу захацелася валявыя падбародкі! Некалькі дзён запар мы разьміналі, расьціралі і расьцягвалі адзін аднаму падбародкі і, несумненна, дамагліся б значных посьпехаў, калі б нам не перашкодзіла мама. Застаўшы нас за працэдурамі, яна паківала галавой і расказала пра двух бакалейнікаў з суседняй вуліцы, якія таксама захапляліся падбародкамі й нават спаборнічалі паміж сабой, у каго валявейшы. І быццам бы закінулі яны бакалею, сядзелі дома і дні напралёт трэніравалі падбародкі, а ўвечары выходзілі мерацца. Яны станавіліся адзін насупраць аднаго, выпіналі падбародкі – вялізныя, як шафы – і напружвалі волю. І празь іхную волю на цэлую мілю вакол паветра электрызавалася і зьвінела, а мінакоў прыхінала хваляй пакоры – яны валіліся на калені і паўзьлі да бакалейнікаў, выгінаючыся ўсім целам у рабскім пакланеньні. І вось аднаго разу, калі падбародкі бакалейнікаў ужо зрабіліся гіганцкімі, як дзевяціпавярховыя дамы, яны пасварыліся – з-за бутэрброда з тварагом – і схапіліся. Яны ўздымалі й абрыналі падбародкі, крышачы вакол цэлыя кварталы, а зямля скаланалася й трэскалася, агаляючы старажытныя геалягічныя пласты. А бакалейнікі ўсё не сунімаліся, усё мацней абрыналі, усё магутней напружвалі волю. І ў адзін момант супалі іхныя ўдары, і пачуўся страшэнны грукат. Раскалолася зямля да самае магмы, лінула зь яе вогненная лава й змыла-спаліла начыста і бакалейнікаў, і ўвесь горад.
А цяпер кладзіцеся спаць, дзеткі.
З таго дня мы адмовіліся ад валявых падбародкаў. Нас напалохалі не тэктанічныя катастрофы, а бутэрброды з тварагом – мы іх цярпець не маглі!
11E. Зь ліста Толіка. Пра падгляданьне
<...> атрымліваю асалоду праз падгляданьне. Каб вы яго бачылі, вы б таксама не ўтрымаліся, уявіце: высокі, падстрыжаны пад гаршчок, у кофце з горлам. Ён у нас вылічае лягарытмы. Ад мезенцаў да костачкаў прыдалоньняў – жорсткія чорныя парасьлі, як вусы. І да таго задуменны, што выходзіць курыць, не зачыняючы дзёньніка. Ледзь ён за дзьверы – я кідаю алоўкі й цыркулі, саджуся на ягонае месца ды чытаю. Вось вам пару ўрыўкаў:
«Калі я ем арэхі альбо семкі, дык заўсёды трымаю ў розуме птушыныя яйкі. І тыя, і гэтыя – зародкі. Зароджаны».
«У нажа, у існасьці, нашмат больш агульнага з лыжкай, чым зь відэльцам. Прызначэньне як нажа, так і лыжкі – адлучаць частку ад цэлага; у той час як відэлец – усяго толькі нанізвае. Нанізаны».
«Калі ўдумацца, ядзеньне – тая ж паэзія. Жавок-жавок-жавок-глыток, націск-націск-націск-рыфма. Зыходзячы з гэтага, грунтоўныя старажытныя грэкі мелі найлепшае страваваньне. Страваваны».
А ўчора, братцы, я не ўтрымаўся і ў час перакуру напісаў яму ў дзёньнік нейкую лухту, першае што прыйшло ў галаву: «На канчальны рахунак, радасьць і подласьць вельмі блізкія, бо яны абедзьве ёсьць якарамі». І што б вы думалі? Ён прыйшоў, прачытаў, а потым дапісаў: «Рознасьць толькі ў напрамку – подласьць кінутая ў рэчаіснасьць табой, радасьць кінутая рэчаіснасьцю ў цябе. Сасьцябнуты». Я аж зайшоўся, зашыпеў, сяджу, пырхаю са сьмеху, ёкаю, нагой прытупваю, па калене палыпваю, булькачу, а ён бровы хмурыць і пальцамі так вырушыць па-асабліваму, разважае. А чаравікі, чаравікі якія! Бывае, нахілюся пад стол і гляджу на ягоныя чаравікі, і аж курчуся, аж не магу <...>
11F. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра карысьць шчырых прызнаньняў
Калі мы з брацікамі былі маленькія, мы часта хадзілі панурыя і прыгнечаныя, з самых разнастайных падставаў. Але асабліва часта – праз маму і тату. Нам было сумна і сорамна, што яны няўхільна старэюць і аднойчы памруць, а мы так і не пасьпелі зрабіць нешта важнае, сказаць штосьці галоўнае.
Аднаго разу пасьля сьняданку мы шчыра прызналіся ў гэтым таце – і ён сьпярша падняў бровы, быццам не зразумеўшы, а потым рохкнуў і зарагатаў. Ён сьмяяўся, тросься і абціраў сьлёзы так доўга, што мы раздражніліся і пашкадавалі пра сваё прызнаньне. Увайшла мама, і ён, прыдушана чмыхаючы, расказаў ёй. Мама сьпярша падняла бровы, быццам не зразумеўшы, а потым рохкнула і зарагатала. Яна сьмяялася, трэслася і абцірала сьлёзы так доўга, што мы абразіліся да самае глыбіні душы. Мама з татам пераглядваліся й папісквалі, павісквалі са сьмеху, валяліся на канапе, пляскалі сябе па каленках і трымаліся за жывоцікі. «Ох, умарылі! Ох, ратуйце!» Тата хутка-хутка лупіў далонькай па падушцы й пучыў вочы, а мама камячыла чэпчык і трэсла галавой. Мы адчулі невыносную роспач і хацелі ўцячы, але яны не пусьцілі. Клікнулі конюхаў, загадалі секчы. Нас расклалі, распрасталі на тапчане і секлі доўга, са сьвістам, з адцяжкай.
З таго разу мы панурваліся значна радзей, а пакрысе зусім кінулі і сумаваць, і саромецца.
120. Гісторыі заліцістай сталасьці. Пра сьмерць Валіка
Мой брат Валік час ад часу губляў смак да жыцьця. Ён кідаў жывапіс, адварочваў мальбэрты да сьцяны і дні напралёт ляжаў на канапе, пазіраючы ў столь альбо ў шпалеры. Зрэдку ён выходзіў на кухню, каб паесьці печыва, але гэта відавочна не давала яму ніякага задавальненьня. «Ды што з табой, Валік? Здарылася штосьці? Карціна не ідзе?» – пытаўся я. Але ён адказваў, што карціны яго больш не цікавяць, і наогул нічога не цікавіць. «Бачыш зэдлік? Бачыш стол? Нават яны мне не цікавыя. Я доўга любіў іх, але зараз усё скончана. Я ўжо ўсё спазнаў, Ролю, ужо пражыў сваё жыцьцё. Яно болей ня любае мне. Унутры ў мяне холадна й пуста. Я памёр. Сьмерць». Ды як жа так! Я тармасіў Валіка, напяваў яму нашыя ўлюбёныя песенькі, цягнуў купацца на возера, распальваў камін, каб ён паглядзеў на агонь, запрашаў у кіно на ранішні сэанс. Толік расстаўляў шахматы. Ягоныя дачкі заклікальна махалі бадмінтоннымі ракеткамі. Белыя сабачкі скакалі й весела гаўкалі. Хуліё тэлефанаваў сяброўкам, тыя ахвотна зьбягаліся й паглядалі на Валіка зазыўна і абяцанна. А мама ў гэты час, зьняўшы бранзалеты і пярсьцёнкі, зьбірала парэчку, агрэст і пякла свой фірмовы пірог. З паху мамінага пірага кружылася галава! Сяброўкі Хуліё голадна прынюхваліся. Але Валік вяла зьядаў кавалак, дзякаваў і ўставаў, накіроўваўся да свайго пакою. Дзяўчын ён абыходзіў па выдаленай дузе. Нічога не дапамагае! Колік спыняў яго, наліваў гарэлкі, расказваў анэкдоты і байкі. Валік сядаў, піў, але не весялеў і не п'янеў, а потым раптам засынаў. І наступнай раніцай усё паўтаралася.
І вось мы ўзлаваліся.
Але тата сказаў, што ведае, што рабіць.
Празь дзень мы ўвайшлі да яго. «Падымайся!» – загадаў тата. Валік павярнуўся сьпіной і папрасіў пакінуць яго. Не, падымайся! Колік і Толік схапілі яго за рукі. Ён упіраўся, але мы былі дужыя. Ідзіце к чорту, хлопцы... Але мы груба вывалаклі яго з пакоя ў хату, з хаты на двор. У двары стаяла сьвежая чорная труна. Побач – сырая магіла, камякі зямлі, карэньчыкі травы. Кладзіся ў труну! Валік не хацеў. Колік трэснуў яму па галаве, а Толік даў пад дых. Яны зьбілі яго з ног і штурхнулі ў труну. Упаў, стукнуўся галавой. Ня рыпайся! Ты ж памёр! Вось табе сьмерць! Паднялі цяжкую накрыўку, навалілі з глухім драўляным стукам. Прышчыкнулі непакорлівыя пальцы, запхалі ўнутар. Малаткі, цьвікі! Валік крычаў ўнутры. Апускайце яго! Ён біўся ўнутры, плакаў.
Увечары выпусьцілі.
Глядзелі асьцярожна – ці не пакрыўдзіўся?
Але Валік не пакрыўдзіўся! Ён пацягнуўся зацёклымі рукамі, паскакаў нагамі. Усьміхаўся. З задавальненьнем зьеў заўчарашняга пірага, потым зьеў супу й выпіў гарэлкі. Паставіў Толіку мат, і нават ляпнуў сяброўку Хуліё па азадку! Потым пайшоў да сябе і зашоргаў мальбэртамі. «Здаецца, атрымалася», – сказаў тата.
121. На адвароце партрэта. Пра шкадаваньні
«Трэба жыць так, каб не было шкада бязмэтна пражытых гадоў – сказаў ідэаліст.
Лепш шкадаваць пра тое, што зрабіў, чым пра тое, чаго не зрабіў – сказаў практык.
Толькі шкадаваньне і дае нам адчуваць сябе людзьмі – скажу я.
Імкніцеся да шкадаванняў, братцы!»
122. Вяртаньне. На пэроне
Люблю кацянятак!
Калі вяртаесься з вакацыяў на цягніку ці на электрычцы, кацяняты чакаюць цябе на пэроне, нецярпліва мяўкаючы і працягваючы гульлівыя лапкі з выпушчанымі кіпцікамі.
У кацянятак кіпцікі вострыя, як іголкі.
Правадніцы прымаюць у цябе сакваяжы, а кацяняты скачуць, караскаюцца па крысах паліто, залазяць на плечы, на шапку, ліжуць у шчокі. У кацянятак шурпатыя языкі, яны ліжуць бязгучна, жмурачы з задавальненьня вочы.
«Ведаеце, кацяняткі – бо толькі вы й ведаеце! – гэтае салодкае пачуцьцё падзеньня на чатыры лапы! Калі, здаецца, вы ў ледзяной безвыходнасьці – але раптоўны скок, выгіб, пераварот! – і вы як нічога ніякага шпацыруеце па чэрвеньскай траўцы, непадуладныя небясьпекам. Ведаеце, калі хтосьці – хто ўявілі немаведама што! – аканчальна забыліся й наважыліся – нейкія там, прыкладам, мышкі – і страшаць вас санаторыямі, лязарэтамі... а вы іх гэтак спрытна хоп! І вось яны ўжо цёплым падатлівым мяшочкам пад лапай. Разумееце? Вы – непахісныя, вы – узвышаецеся, а яны – нават ня мышкі, яны – парушынкі, варсінкі. Кожны ваш рух абрынае на іх сусьвет. Зрынайце бяз роздумаў! Бо вы маеце права, а ім па заслугам. Разумееце?»
Кацяняты разумеюць: бягуць па сьнезе, грэбліва й зябка пацепваючы лапкамі. Кацяняты пухнатыя і сьнег пухнаты: сьняжынкі датыкаюцца да шэрстцы, завісаюць.
І дарэчы, калі вам нехта скажа, што кацяняты пераборлівыя ў ежы – ня верце!
123. Гісторыі заліцістай сталасьці. Пра агуркі
Падобна таму як у Індыі, калі верыць падарожнікам, каровы шануюцца як сьвятыя жывёлы, так у нашым горадзе сьвятымі расьлінамі, а дакладней сьвятымі пладамі, здаўна лічыліся агуркі. Але, у адрозьненьне з усходняй традыцыяй, зьмяшчаць сакральнае ўнутар сябе ў нас было не блюзьнерствам, а вялікай набожнасьцю, і кожны намагаўся ўжываць агуркі ў ежу як мага часьцей. А калі хтосьці выкарыстоўваў іх іншымі спосабамі, як прыстойнымі, так і ня вельмі, дык гэта ніколькі не асуджалася й нават моўчкі віталася. У нашай сям'і агуркі любілі па-рознаму: тата – сьвежыя са сьмятанкай, мама – марынаваныя зь перчыкам, Толік – салёныя з лісьцікамі парэчкі, Колік – тушаныя з морквачкай, Валік – вэнджаныя зь бярозавым дымком, а мы з Хуліё – дробна пакрышаныя, зь ёгуртам і часныком. Хуліё сьцьвярджаў, што так ядуць у Грэцыі, і я верыў яму, і хацеў быць падобным да Тэсэя, пераможцы кентаўраў. Агуркамі нас традыцыйна забясьпечваў Толік – пасьля службы ён па звычаю заяжджаў на каапэратыўны рынак і купляў поўны багажнік разнастайных агуркоў, а мы да таго часу ўжо чакалі яго ў двары, выставіўшы стол-кнігу і выпрастаўшы ягоныя паліраваныя крылы. З голаду ўсе нэрваваліся: тата заточваў нажы да вастрыні скальпэлю й часта сам жа імі рэзаўся, мама кожныя дзесяць хвіляў нецярпліва разагравала суп, мы з брацікамі задзіралі адзін аднаго і крыўдна абзываліся. Нарэшце расчынялася брама, і закочваўся Толік на сваім вялікім сінім пікапе. З крыкамі мы імчаліся да яго й дапамагалі згружаць з кузава скрыні, банкі, кадкі.
А на выходных, калі службы ў Толіка не было, мы хадзілі па агуркі ў дзікія гароды за кальцавой дарогай, пакінутыя лютэранскімі аграрыямі яшчэ да нашага нараджэньня, але дагэтуль багата ўраджайныя. Агуркі ў дзікіх агародах патроху драбнелі, з кожным годам вырастаючы на няўлоўныя мілімэтры менш, затое толькі там можна было адшукаць унікальныя паасобнікі – чырвоныя, альбо закручаныя сьпіральлю, альбо са шматлікімі фігурнымі адтулінамі й выпукласьцямі. Прасьцейшыя мы елі на месцы, а рарытэты, нікім раней не апісаныя, несьлі паказаць маме з татам. Аднойчы ў жніўні, збочыўшы з аграрнай сьцяжынкі й прадзіраючыся праз сухія колкія зарасьнікі, Хуліё раптам зьдзіўлена войкнуў. Мы спыніліся. Ён нахіліўся, рассунуў скручанае лісьце, з высілкам сарваў і падняў на далоні чароўны капрыз прыроды – сапраўдны залаты агурок! Мы стоўпіліся вакол. Ён быў маленькі, зусім яшчэ карнішон, але на рэдкасьць дасканалы – роўны, зьлёгку выгнуты, са спраўнымі пупырышкамі ды засохлай кветкай зь белага золата. Любуючыся мяккімі жоўтымі водбліскамі на нашых тварах і торсах, мы ўрачыста панесьлі яго дадому, і ўсе сустрэчнікі ў голас казалі нам, што наша знаходка – на шчасьце. Мама з татам зьдзівіліся, захапіліся й таксама пацьвердзілі будучае шчасьце. Мы радаваліся, паціскалі адзін аднаму рукі й асьцярожна прадчувалі – якое яно будзе, нашае шчасьце? Мы паклалі залаты агурочак на захаваньне ў мамчын куфэрак з каштоўнасьцямі дый зажылі з новай сілай, ужо бяз боязі, ужо ведаючы, што чакае наперадзе.
124. Зь ліста Толіка. Пра Зямлю
<...> А часам як працяне цябе! І думаеш: якая ж яна велізарная, Зямля. Ты ляжыш на канапе, коўдрай накрыўшыся, а яна пад табой унізе, такая здаравенная! Уявіць толькі, якая яна здаравенная! І прыцягвае да сябе, не адпускае. І як яна прыцягвае? Незразумела. І навошта ты ёй, каб так прыцягваць?
І, ведаеце, задумаесься так, дый засьнеш паволі. А яна пад табой – велізарная – усьміхаецца, і паварочваецца, і ляціць скрозь эфіры <...>
125. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра асыгнацыі
У нашым месцы, як і ў многіх іншых маленькіх гарадках, было зусім няма куды падзець грошы. Кватэры й машыны не куплялі: у жыльлі ніхто ня меў патрэбы, дамоў хапала зь лішкам, і некаторыя нават пуставалі, а на аўто не было куды ехаць – сьмешна ж катацца да хлебнае крамы й назад. Падарожнічаць у іншыя краіны ленаваліся – да аэрапорту давялося б паўдня трэсьціся ў аўтобусе. Па тэлефонах не размаўлялі – усе жылі ў двух кроках адно ад аднаго, які сэнс. Ну а кампутары з інтэрнэтам нам замянялі казкі ды павучальныя гісторыі, якіх кожны ведаў незьлічонае мноства. Апраналіся ў нас непераборліва, школа была бясплатная, бібліятэка – бясплатная, бардэль – бясплатны, кіно каштавала нейкую драбніцу. Ну што яшчэ? Рэстарацыі? Ды ніхто ў іх не хадзіў, каму яны патрэбныя. Карацей кажучы, грошы запасіліся імкліва. Бывала сьпіш-сьпіш, а прачнесься – і ў цябе пад падушкай ужо некалькі асыгнацыяў. Зразумела, працаваць аніхто зроду не працаваў, што за глупства, усе дарослыя бавілі дні ў прахалодзе і прыемнай бязьдзейнасьці. Мы з брацікамі таксама не занадта абцяжарвалі сябе школай – заняткі-другія дый хопіць. Мы любілі есьці «белы наліў» і сьлівы, гуляць у біту й выплаўляць волава з трактарных акумулятараў. А ўвосень нам падабалася раскладаць са зьляжалых асыгнацыяў вогнішча – яны падоўгу тлелі, гаркаваты дым падымаўся ў высокія нябёсы, а мы сядзелі вакол, курылі ды марылі. Але тата, калі бачыў наша вогнішча, заўсёды моршчыўся – ён казаў, што нельга так рабіць, бо дзесьці ў гэтую самую хвіліну іншыя людзі пакутуюць праз недахоп грашовых знакаў. Каб паказаць нам добры прыклад, ён зьбіраў асыгнацыі ў драўляную скрыню з-пад яблыкаў, забіваў яе, трапляючы малатком па пальцах, і адвозіў каляскай на пошту – адпраўляў у які-небудзь буйны горад, дзе, на ягоную думку, людзі асабліва пакутавалі. Наставіўшы нас на шлях гуманізму, ён у стоме залазіў у гамак з кубкам кампоту, чвэртачкай пірага і кніжкай, звычайна пра прыгоды, Жуля Вэрна ці Бяляева. Ці пайшлі нам на карысьць ягоныя ўрокі? Хто б ведаў.
126. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра пыл
Мы з брацікамі былі вельмі ахайныя дзеткі і любілі прыбірацца ў сваім пакоі. Асабліва нам падабалася падмятаць: дні напралёт мы мялі падлогу мяцёлкамі, венікамі ды шчоткамі, і нам ані не надакучвала. Але выносіць намецены пыл ленаваліся, і згарналі яго пад канапу. Калі пыл пачаў вывальвацца з-пад канапы пластамі, мама заўважыла гэта і, не сыходзячы зь месца, пасадзіла нас на калені і распавяла казку. Пра тое, што пыл – зусім ня бруд і ня сьмецьце, а маленькі нябачны народ, драбнюсенькія істоты, якія штодня нараджаюцца ў невядомай для сябе краіне й імкнуцца на радзіму. Для іх сьметнік – гэта радзіма, як для нас радзіма – неба, тлумачыла мама. Таму пакідаць пыл назаўжды пад канапай – вялікая жорсткасьць. Яго трэба беражліва зьбіраць і адпраўляць у сьмецьцевае вядро, потым адносіць у сьмецьцевыя бакі, свайго роду перавалачны лягер, а адтуль ужо яны патрапяць у сваю сапраўдную краіну, да татаў і мамаў, за імі прыедзе адмысловая вялікая машына. Пасьля гэтае казкі нашу ляноту як вада змыла! Мы старанна зьбіралі кожную парушынку і, абмінаючы вядро, несьлі іх на руках да сьмецьцевых бакаў, а адзін з нас заўсёды пільнаваў ля бакаў, чакаючы машыну. Калі машына прыяжджала, мы беглі да яе, упрыгожвалі стужкамі, кветкамі, ёлачнымі цацкамі, палілі бэнгальскія агні, бабухалі ўсьлед хлапушкамі й шпурлялі сэрпантынкі. Бывай, пыл! Будзь шчасьлівы! А вярнуўшыся дадому, мы елі торт і пілі сідар, і кожны дзень быў паўнаважкім сьвятам.
127. Гісторыі заліцістай сталасьці. Пра запал і задор
Калі нам з брацікамі споўнілася па шэсьцьдзесят шэсьць гадоў, мы ані ня страцілі сваёй жвавасьці: весяліліся й дурэлі, як і ў пятнаццаць. Абліваліся пырскаўкамі, кідаліся сшыткамі, страляліся сьлівавымі костачкамі, лупілі адзін аднаго ручнікамі, абзываліся – «сьвіньня!» «сам сьвіньня!» – і рагаталі без супынку, і куляліся. Мама з татам толькі дзівіліся – і скуль у іх столькі запалу і задору? Рэцэпт жа быў вельмі просты:
1. Абудзіўшыся дарана, зьесьці вялікую вычышчаную моркву.
2. Зьесьці смачную цукерку.
3. Выйшаўшы на балькон, распрастаць плечы і прасьпяваць звонкую, радасную песьню.
Ну а тыя дні, у якія не знаходзілася ў нас ані морквы, ані цукеркі, мы бавілі ў ложку.
128. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра самага шчаснага чалавека
– Матухна, раскажы нам пра самага шчаснага чалавека!
– Зноў? Толькі ўчора ж!
– Так, так! Зноў!
Тады мама рабіла ўмову: зьесьці яшчэ па два бутэрброды з маслам і сырам, ці яшчэ па талерцы прасяной кашы з лукам і яйкам, ці яшчэ па гуртку гарачага малака зь мёдам і каньяком. Яна лічыла, што мы худзенькія і карміла ва ўсякім зручным выпадку. Што ж, мы з гатоўнасьцю згаджаліся, а дзеля забавы закідвалі галаву і расчынялі раты, малюючы галодных птушанятак. Самае вясёлае здаралася, калі мама па няпамятлівасьці прапаноўвала нам зьесьці тое, чаго ўжо не было ў печы, прыкладам, яшчэ раніцай зьедзены боршч са сьмятанай і грэнкамі – і тады яна сьмешна войкала й пляскала рукамі, а мы падалі на падлогу, курчыліся і хрыпелі з уяўнага голаду.
– Жыў-быў чалавек, які валодаў умельствам адчуваць шчасьце ва ўсякі час сутак і ў любым хоць трохі падыходным месцы. Бывала, сядаў на зэдлік, засоўваў рукі ў кішэні, крыху коўзаўся для зручнасьці – і заміраў у асалодзе. Многіх раздражняла гэтая ягоная манера, асабліва заўсёдная ўсьмешка, і яны намагаліся перашкодзіць яму: гучна тупалі, крычалі, рагаталі, мацерна лаяліся, умыкалі на ўсю моц Бэтховэна, а часам нават падыходзілі й стукалі палкамі па ножкам зэдліка. Чалавек праз гэта напраўду губляў самавалоданьне – ускокваў і гнеўна крычаў – але хутка сьціхаў і апускаўся назад у шчасьце. Аднойчы, каб дапячы яго, яны дадумаліся да злоснай нізасьці: прынесьлі кацяня і пачалі яго трэціраваць у чалавека ўваччу. Але ён, як толькі заўважыў, павёў сябе рашуча – ускочыў, зароў, раскідаў нягоднікаў па пакоі, а кацяня аблашчыў і адпусьціў на волю. З тых часоў яны яго баяліся, і шчасьцю асьцерагаліся перашкаджаць. Шмат дзён і месяцаў правёў ён у шчасьці, але потым вышукаўся адзін паскуднік, невядома адкуль выскачыў, і стаў ён шчасьліваму чалавеку атруту ў вушы ўліваць. Пакуль ты тутака песьцісься, казаў, людзі пакутуюць! Ты сядзіш на зэдліку, як баязьлівы страус, а яны і паміраюць ні за што! Колькі сьлёзаў, колькі стогнаў у сьвеце! Ды азірніся ж ты, калода нячулая, навіны хоць паглядзі! І азірнуўся чалавек, паслухаў радыё, пачытаў пэрыёдыку, і прыйшоў у моцны жах зь несправядлівасьці, зь беззаконьняў і зь бездапаможнасьці сваёй. І занудзіўся ён, затужыў, і ператварыўся хутка ў сама няшчаснага чалавека на сьвеце, быццам навыварат выкруціўся. А паскудзе толькі таго й трэба: ходзіць па кухні, гігікае, далонькі пацірае, чаёк зялёны заварвае. Доўжылася так некаторы час, але потым неяк у пятніцу ўваходзіць паскуда да чалавека, а той ізноў шчасьлівы! Сядзіць на зэдліку ля сонечнага акенца і жмурыцца, і усьміхаецца. Як жа так?! Як ты можаш?! – абураецца паскуднік. Ды вось так, – адказвае чалавек, – не магу больш за ўвесь сьвет сумаваць, бо я ўсяго толькі чалавек. Калі перада мной кацяня не трэціруюць, дык я й шчасьлівы, і нішто мне не замінае! Паскуда праз такія словы зашыпеў, затросься дый згарэў сінім полымем, а чалавек уздыхнуў вольна і засьмяяўся. Вось такі, дзеткі, быў ён, сама шчасны чалавек.
129. Змрочныя засьценкі. Другая курсавая работа
Спэцыяльнасьць: Рэклямны бот
Прадмет: Трэндынг і ўцягваньне
Навучэнец: Ролянд
Тэма: Пра хатняе кансэрваваньне
Паважаныя праграмары, сёньня мы хочам сказаць пра кансэрваваньне жыцьця.
Не пра крыягенныя агрэгаты, якія захоўваюць целы багацеяў, а пра просты хатні спосаб, не складанейшы за засол агуркоў ці закваску капусты.
Давайце ўспомнім: у нашых таямнічых мазгах некаторыя гукі, пахі, адчуваньні незвычайна трывала зьвязаныя з падзеямі зь мінулага. Самае знакамітае апісаньне гэтай сувязі вы ня раз сустракалі ў пачатку рамана Пруста, калі смак пірожнага зь ліпавай гарбатай вяртае героя ў далёкае дзяцінства, поўнае ўцехаў і асалодаў. Пірожнае дзейнічае на манер Уэлсавай машыны часу, але без усялякіх прыземленых недарэчнасьцей: толькі мадэрнісцкая лёгкасьць, толькі цякучыя летуценьні. Аднак карысьць апісанага эфэкту аўтар не вывучае, пірожнае для яго – толькі зручная выпадковасьць, прыступка, дзьверы ў апавяданьне. Так і мы з вамі, шаноўныя праграмары, натрапляючы час ад часу на закансэрваваныя кавалачкі нашага доўгага і шчасьлівага жыцьця, радуемся ім, але ня бачым вялікіх магчымасьцяў. Радасьць першабытнага чалавека, які нечакана атрымаў агонь: ён грэецца ля вогнішча й ня думае ні пра прычыны, ні пра мэтады.
Давайце памяркуем: само сабою напрошваецца наўмыснае зьвязваньне, сьвядомае кансэрваваньне, строга рэгулярнае, якое робіць магчымым кіраванае паглыбленьне ў любы пэрыяд нашага мінулага. Мэтодыка простая, вясёлая й заключаецца ў строгай дыскрэтызацыі слыхавых, смакавых і нюхальных адчуваньняў.
Давайце пачынаць ужо зараз.
Вось што важна:
1. Аптымальны пэрыяд дыскрэтызацыі, на наш погляд, паўгода. На працягу паўгода вам трэба слухаць аднастайную музыку, піць аднолькавыя напоі, закусваць падобнай ежай, выкарыстоўваць толькі адзін парфум.
2. Па сканчэньні азначанага пэрыяду неабходна крута (!) зьмяніць набор кансэрвантаў. Да праслуханага / выпітага ў мінулым пэрыядзе ні ў якім разе не вяртацца.
3. Эфэкт будзе тым мацнейшы, чым шырэйшыя вашыя густы, мілыя праграмары.
4. Кансэрвы павінныя як сьлед настаяцца. Выкрываць пакунак можна толькі па сканчэньні некалькіх гадоў.
Каб падштурхнуць вас да канкрэтных думак і дзеяў, прапануем распрацаваны намі варыянт кансэрвацыі трох гадоў жыцьця:
Год першы, студзень – чэрвень
Музыка: арганныя творы раньняга барока (Букстэхудэ, Пахэльбэль, Пёрсэл) / Напой, закусь: кефір, салодкае печыва / Пах: Eternity (Calvin Klein)
Год першы, ліпень – сьнежань
Музыка: рускі рок (Аукцыён, Акварыюм, Аліса) / Напой, закусь: чырвонае сухое віно, шакаляд / Пах: Drakkar Noir (Guy Laroche)
Год другі, студзень – чэрвень
Музыка: рутс-рэгі (Burning Spear, Culture, Боб Марлі) / Напой, закусь: зялёны чай, садавіна / Пах: Fahrenheit (Christian Dior)
Год другі, ліпень – сьнежань
Музыка: кул джаз (Чыт Бэйкер, Дэйв Брубек, Пол Дэзманд) / Напой, закусь: гарэлка, саленьні / Пах: Opium pour homme (Yves Saint Laurent)
Год трэці, студзень – чэрвень
Музыка: эмбіэнт (36, Biosphere, Boards of Canada) / Напой, закусь: шампанскае, баўгарскі перац / Пах: Egoist (Chanel)
Год трэці, ліпень – сьнежань
Музыка: гpайндкоp (Cannibal Corpse, Carcass, Cephalic Carnage) / Напой, закусь: кампот, цьвёрдыя гатункі сыроў / Пах: Zen Men (Shiseido)
Ці выразна мы раскрылі ідэю кансэрваваньня? Калі ласка, вашыя пытаньні.
12A. Гісторыі бясхмарнага дзяцінства. Пра самага мудрага чалавека
– Татухна, раскажы нам пра сама мудрага чалавека!
– Хіба я вам не расказваў?
– Так, але мы ўжо забыліся!
Тады тата клікаў маму, і яны раіліся, якія вітаміны даваць нам для разьвіцьця памяці. Рыбін тлушч? Чарніцу? Шалфей? На кожную прапанову мы радасна падтаквалі, і кожны хацеў быць першы: мне! мне! Масаж паднябеньня ды паласканьні? Балючыя пакараньня? Прымусовыя мэдытацыі? Але як бы далёка не заводзіла тату з мамай фантазія, яны нязьменна аддавалі перавагу перад іншымі сродкамі ёду. Значна гледзячы адно на аднаго, яны казалі:
– Ёд. Ёд.
Мы садзіліся на зэдлікі ў шэраг і выпроствалі сьпіны. Тата строга сачыў, каб мы не гігікалі, а мама ішла па ёд і тампоны. Ёдам належала мазаць віскі, каб ён усмоктваўся праз поры прама ў мозг і стымуляваў памяць. У Хуліё валасы расьлі занадта нізка, і тата мусіў падбрываць яму вакол скроняў. Пасьля працэдуры мы сядзелі нерухома дзесяць хвілінаў, а тата расказваў пра самага мудрага чалавека.
– Жыў-быў адзін чалавек, які ўсё жыцьцё праводзіў у напружаных разважаньнях, разьмеркаваньнях і роздумах. І вось аднаго разу ў канцы жыцьця ён раптам адчуў, што ўсё, пра што б ён ні падумаў, зрабілася нарэшце простае і яснае, быццам асьвяцілася сонцам. Ён дасягнуў незвычайнае мудрасьці і зразумеў безвыключна ўсё. І яму захацелася ўжыць сваю мудрасьць на справе, каб стала шчасьце. Але за якую праблему ўзяцца, якое пытаньне разьвязаць? У хваляваньні чалавек выйшаў з хаты і пайшоў па вуліцы. На вуліцы шпацыравалі людзі, пагойдваліся дрэвы, плылі аблокі. Ён бачыў, як ляніва вылізваюцца коткі, як усьміхаюцца адзін аднаму дворнікі, як дзеці скачуць на драўляных коніках. А мудрасьць усё ўзрастала, усё набрыняла ў ім, і патрабавала выйсьця. Ён чамусьці зайшоў у гастраном і пайшоў між радоў, і пачуў, як вагаецца хлопец ля лядоўні, абіраючы: малако альбо кефір? І павярнуўся чалавек да хлопца, і бліснуў вачыма, і вымавіў гучна, уклаўшы ў слова ўсю сваю неверагодную мудрасьць:
– Кефір.
І ўспыхнула асьляпляльна, і зазьзяла, і хіснуўся сусьвет, і ўсе, хто быў у той момант у гастраноме, зьведалі прасьвятленьне. І стала шчасьце. Вось такі, дзеткі, быў ён, сама мудры чалавек.
12B. На адвароце партрэта. Я жывы
«Калі ўсё вакол здаецца шэрым, абрыдлым, моташным,
я кажу сабе: я жыву, я жывы
І ўсё расквітае.»
12C. Пра лета
Лета. Цішыня і ціхмень. Ляжыш у гамаку, у дрэўным цяні, лянуесься. Сьпякота з самае раніцы, а да поўдня прадметы пачынаюць плавіцца і плыць. Павекі ўнутры ярка-барвяныя.
Дзесь далёка брэша сабака, павольна, вельмі павольна. Тоненька рыпае галінка пад пятлёй гамака. Пралятаюць мушкі. Садзяцца табе на распаранае плячо, труць лапкі.
З мушкай можна пасябраваць. Прывітаньне, мушанька, – кажаш тоўстымі са сьпёкі вуснамі. Глядзіць на цябе рашучымі зялёнымі вачыма. Мушанька, а мушанька? Прынясі мне халоднае вадзіцы ды вуууунь той яблычак, з чырвоным бачком? Мушка добранькая – слухаецца, прыносіць. І ляціць імкліва па сваіх справах.
Павучкі, конікі, далікатныя бярозавыя вусенькі – мае мілыя сябры.
Комментарии к книге «Гісторыя Ролянда», Пилип Липень
Всего 0 комментариев