Нарыс
Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Грахоўскі, Горад маладосці. Нарыс, — Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР Рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1960.
Рэдактар: В. Адамчык
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
Хата на ўскраінеУвесь дзень парыла. Ластаўкі вырываліся ca сваіх гнёздаў i чыркалі тонкімі крыламі па лагодных хвалях спакойнай ракі. На крутых узбярэжжах шамацеў апалены сонцам званец, млосна пагойдваўся пад цёплым ветрыкам малады алешнік, густа заплецены бела-зялёным хмелем. Дзынкалі пчолы, прысядаючы i выгінаючыся на буйных кветках канюшыны, хаваючыся ў венчыках танканогіх званочкаў. На тым беразе Дзвіны імчаліся грузавыя машыны па размяклым ад спякоты асфальце, i толькі рэха даносіла запозненыя гукі: нібыта шыны адрываліся ад густа намазанай клеем шашы.
Вецер зусім сціх, а з-за лесу начала выпаўзаць шэра-сіняя хмара, акаймаваная залатым абадком чэрвеньскага сонца. Разамлелыя куры купаліся ў сыпучым пяску, а як толькі недзе далёка завуркатаў глухі гром, пачалі збіраць жоўценькіх куранят пад свае натапыраныя крылы. Упалі першыя буйныя кроплі дажджу і, нібыта крупінкі жывога срэбра, задрыжалі i пакаціліся на дарожным пыле. Па шырокай Дзвіне заскакалі спорныя дажджынкі. Здавалася, хтосьці нябачнаю рукою забівае мільёны шкляных цвікоў у шэрую роўнядзь вады. Пачаўся першы летні лівень.
У гэты час да левага берага Дзвіны лрычаліла лодка. З яе выскачыў рослы, шырокі ў плячах мужчына. На ім быў выцвілы вайсковы кіцель, добрыя юхтавыя боты i шэрая картовая кепка. Ён адным махам узбег на высокі бераг i хутка пайшоў, пераскокваючы каламутныя лужыны, пакрытыя бурбалкамі i леташняю кастрыцаю. Незнаёмы ўскочыў у сенцы першае хаты, што стаяла ў канцы вёскі, непадалёк ад ракі. Было чуваць, як ён атрасаецца ад дажджу, доўга выцірае ногі i шукае ўпоцемках клямку. Дзверы яму з хаты адчыніла немаладая гаспадыня.
— Заходзьце, калі ласка. Здымайце свой пінжачок — сушыцеся,— яна фартухом змяла i без таго чысты сасновы тапчан, запрашаючы госця сесці.
— Нy i хлабышча, як з вядра,— пазіраючы ў акенца, абы не маўчаць, сказаў незнаёмы.
— Дзякаваць богу, дачакаліся, а то ж усё засмягла, лён аж пакруціўся,— радавалася гаснадыня першаму чэрвеньскаму дажджу.
— Ільну вашаму дождж ужо не патрэбен. Заўтра касіць пачнём ваш лён.
Комментарии к книге «Горад маладосці», Сергей Иванович Граховский
Всего 0 комментариев