Часам, праўда, шпарыла яго па хвасьце тая кабета, што наведвалася ў гэты бесталачын хутарок ды наводзіла ў ім усё тыя-ж парадкі (пасьля вячэры, Антон дубасіў яе чамусьці на мяшкох з мукою ў каморы). Даставалася тады й Малюце, які, замест даць драпака ў зарасьлі чарносьліву, скавытаў i падлізваўся бабе. Яна адыходзіла адсюль пасьля трэціх або й пятых пеўняў, не пазьней як на сьвітаньні, нарагатаўшыся з гаспадаром.
Вярталіся сюды спакой ды бесклапоцьце. Баньдзіт, іншы раз уранак, неяк спачувальна пазіраў са свае вышыні на таго Малюту ўнізе, які дрымотна лыпаў на яго бельмакамі, i здавалася, што ў такую хвілю яны думаюць пра адно й тое-ж: чаму гэта кот з сабакаю не зжывуцца?
Антон тым часам утомна храпацеў, як пшаніцу прадаўшы, пакуль не будзіў яго піск галоднае сьвіньні з парасятамі (авечак ён не трымаў, а карова-ж, ад старасьці, рыкала мала й глуха). Яму сьнілася пагода. Ягоную ўціхлую здаволенасьць можна было параўнаць зь ліпаю, калі яна цьвіце ў касавіцу, у закуцьці прыгуменьня, за якім беляхціць палоска грэчкі, запахацеўшы асельле ажно па ельнік з Барсуковаю гарою.
Баньдзіт па-свойму пачуваўся гаспадаром на хутарку: пацукоў біў з разважанай заўзятасьцю, наскокваючы на ix з агароджы ў сьвінятніку, дзе любілі яны матлашыць; затое-ж мышэй ён як бы пашкадоўваў, каб не зьвяліся яны, ці што. Малюта ня меў столькі занятку, зладзюгі паітрападалі, пужаў толькі зайцоў, што панаджваліся ў капусту; абачліва пабрэхваў на дзікоў, дратуючых бульбоўнік за садком з гушчэчаю смуродзінаў. Антон упаляваў быў з абрэза ўгадованага адзінца, якога ледзь адшукалі назаўтра, у сырадэлі каля Сьмяцюховае сасны (куля разьвярэдзіла яму вантробу).
Сабацы даводзілася набрацца жуду, калі ў маразечу прыбіўся сюды воўк ад Верхрадулінскае дарогі. I кату тады рабілася сьцішна.
Але Баньдзіт не застаўся-б сабою, калі-б утрываў без чаўпасы (ён будзе век зьдзіўлянца сваёй дурноце!). Здарылася зь ім такое: неяк дабраўся да бутэлечкі з валерыянам, выкаціў яе са шкапчыка, разьбіў i налізаўся таго дуру як трэба. Антон-жа, нічога ня скеміўшы, спалохаўся ня ў жарт тым, што Баньдзітка ашалеў, недзе скусаны пацамі або развалацужанымі дварнякамі... Хітра займеў ён прыяцеля ў салявы мяшок і, быццам у падзяку яму за службу, панёс у поле цкаваць сабакаю.
Комментарии к книге «Доўгая сьмерць Крынак», Сократ Янович
Всего 0 комментариев