Сяргей Грахоўскі ГОРАД МАЛАДОСЦІ
Нарыс
Падрыхтаванае на падставе: Сяргей Грахоўскі, Горад маладосці. Нарыс, — Мінск: Дзяржаўнае выдавецтва БССР Рэдакцыя мастацкай літаратуры, 1960.
Рэдактар: В. Адамчык
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
Хата на ўскраіне
Увесь дзень парыла. Ластаўкі вырываліся ca сваіх гнёздаў i чыркалі тонкімі крыламі па лагодных хвалях спакойнай ракі. На крутых узбярэжжах шамацеў апалены сонцам званец, млосна пагойдваўся пад цёплым ветрыкам малады алешнік, густа заплецены бела-зялёным хмелем. Дзынкалі пчолы, прысядаючы i выгінаючыся на буйных кветках канюшыны, хаваючыся ў венчыках танканогіх званочкаў. На тым беразе Дзвіны імчаліся грузавыя машыны па размяклым ад спякоты асфальце, i толькі рэха даносіла запозненыя гукі: нібыта шыны адрываліся ад густа намазанай клеем шашы.
Вецер зусім сціх, а з-за лесу начала выпаўзаць шэра-сіняя хмара, акаймаваная залатым абадком чэрвеньскага сонца. Разамлелыя куры купаліся ў сыпучым пяску, а як толькі недзе далёка завуркатаў глухі гром, пачалі збіраць жоўценькіх куранят пад свае натапыраныя крылы. Упалі першыя буйныя кроплі дажджу і, нібыта крупінкі жывога срэбра, задрыжалі i пакаціліся на дарожным пыле. Па шырокай Дзвіне заскакалі спорныя дажджынкі. Здавалася, хтосьці нябачнаю рукою забівае мільёны шкляных цвікоў у шэрую роўнядзь вады. Пачаўся першы летні лівень.
У гэты час да левага берага Дзвіны лрычаліла лодка. З яе выскачыў рослы, шырокі ў плячах мужчына. На ім быў выцвілы вайсковы кіцель, добрыя юхтавыя боты i шэрая картовая кепка. Ён адным махам узбег на высокі бераг i хутка пайшоў, пераскокваючы каламутныя лужыны, пакрытыя бурбалкамі i леташняю кастрыцаю. Незнаёмы ўскочыў у сенцы першае хаты, што стаяла ў канцы вёскі, непадалёк ад ракі. Было чуваць, як ён атрасаецца ад дажджу, доўга выцірае ногі i шукае ўпоцемках клямку. Дзверы яму з хаты адчыніла немаладая гаспадыня.
— Заходзьце, калі ласка. Здымайце свой пінжачок — сушыцеся,— яна фартухом змяла i без таго чысты сасновы тапчан, запрашаючы госця сесці.
— Нy i хлабышча, як з вядра,— пазіраючы ў акенца, абы не маўчаць, сказаў незнаёмы.
— Дзякаваць богу, дачакаліся, а то ж усё засмягла, лён аж пакруціўся,— радавалася гаснадыня першаму чэрвеньскаму дажджу.
— Ільну вашаму дождж ужо не патрэбен. Заўтра касіць пачнём ваш лён.
Жанчына залыпала вачыма, нібыта ёй сказалі, што яе хату наставяць дагары нагамі.
— Але, але, будзем касіць. Заўтра рабочыя прыбудуць, палаткі будзем ставіць, а на ільнішчы горад пачнём будаваць. Пазнаёмімся: Сабко Рыгор Васільевіч — начальнік участка.
— А мы Плаксы,— адказала кабета i дадала: — Прозвішча такое ў нас, i веска суседняя Плаксы завецца, а цяпер калгас «Чырвоная зорка». А мяне Ганнаю завуць.
— А па бацьку як?
— Ат, я ж не настаўніца ці не старшыніха, каб яшчэ па бацьку звалі,— i памаўчаўшы, буркнула: — Мікалай бацька быў.
— Якіх толькі прозвішчаў на свеце не бывае, а вось Плаксаў не чуў. Чаму ж гэта так вёску ахрысцілі i людзей Плаксамі празвалі? — пацікавіўся Рыгор Васільевіч.
— Ніхто ўжо i не помніць, з якіх пор наша вёска так завецца. Некалі мая бабка расказвала такую казку, а можа i праўду.
Расла яшчэ за князем на ўзбярэжжы Дзвіны-ракі дзяўчына-красуня, разумніца i рукадзельніца, з голасам салаўіным, з косамі, як чысты лён. Звалі яе Алёнкаю. Кожнага яна засланяла ад крыўды i знявагі, заступалася за слабых i небаракаў, для кожнага ў яе добрае слова было. А выйдзе на бераг Дзвіны, заспявае песню — званы змоўкнуць у княжацкім Полацку, хвалі прыціхнуць каля берагоў, жаўранкі злятаюцца да яе, садзяцца на плячо i слухаюць тую Алёнчыну песню.
Плылі ад самага мора, ішлі па лясных гушчарах харобрыя малайцы, каб зірнуць на яе красу, каб пачуць яе песню, каб сказаць, што жыць без яе не могуць. Адны клікалі яе з сабою да сіняга мора, другія ў глухія нетры, як райскую птушку, што прыносіць святло i радасць, спакой i шчасце. Яна ўсіх прывячала, a ні з кім не хацела ісці з бацькавай хаты.
Дачуўся полацкі князь пра красуню-Алёну i загадаў гайдукам забраць яе ў свой церам — хай служыць яму i спявае песні. А не паслухае — скруціць рукі, прыкаваць да чоўна i прывезці туды, дзе Палата зліваецца з Дзвіною. Горка заплакалі Алёнчыны бацька i маці, збегліся блізкія i далёкія суседзі, прасілі тых вылюдкаў пакінуць дзяўчыну на волі, пыл на дарозе прыбілі слязьмі, як дажджом. A калі пачалі гайдукі круціць вяроўкамі Алёнчыны рукі, яна i кажа:
— Не трэба. Сама пайду. Пацешу вялікага князя.
I пабегла з высокае кручы да княскага чоўна. Моўчкі стаялі ўсе на беразе. Здавалася, сонца заходзіць, холадам цягне з шырокай Дзвіны.
А яна сарвала ля берага белую лілею, запляла ў свае светлыя косы i заспявала жаласную песню:
Нe журыцёся, татка з мамкаю, Не журыся, мой любы, не плач; Прыплыву я да вас лябёдачкай, Як пасцелецца белы туман, Узыйду я вясноваю красачкай, Каб не ўбачылі князь або пан.Махнула рукою i скочыла ў халодныя хвалі Дзвіны. Толькі кругі разышліся наўкол ды вынырнула белая лілея i паплыла, паплыла па шырокай рацэ да самага сіняга мора, а за ёю плылі салёныя людскія слёзы, i мора ад ix зрабілася яшчэ саланейшае.
З веку ў век плакалі людзі на гэтым беразе Дзвіны, не ведаючы літасці ад князя i пана, цара i ўраднікаў. Тады, мабыць, i празвалі вёску нашу Плаксамі, a ўсіх, хто жыў у ёй, так Плаксамі i да гэтага часу завуць, хоць нашы дзеці плакалі толькі ў калысках, ды i то рэдка. Мабыць дзяды i мы за ix сваё адплакалі пры Мікалаю.
Дождж сціхаў. Сонца асвятліла верхавіны стромкіх елак, i на ix тысячамі вясёлак загарэліся дажджынкі. Рыгор Васільевіч маўчаў, пазіраючы праз мокрыя шыбіны на шырокую Дзвіну i на калгасны лён, што палёг ад дажджу. Яму, пэўна, уяўлялася прыгажуня-Алёна, успаміналіся тыя дзяўчаты, што сёння афармляліся на работу i заўтра прыйдуць сюды, не рваць, a касіць лён i на гэтым ільнішчы будаваць самы малады ў свеце горад.
— Трэба, каб гэтую казку заўсёды памяталі нашы дзеці i ўнукі, каб яны мацней любілі i бераглі тое, што ёсць у ix,— нібы гаворачы сам з сабою, пачаў Рыгор Васільевіч.— А то яны часам самага галоўнага не заўважаюць, як не заўважае чалавек паветра, без якога ні дыхаць, ні жыць не можа.
— Але ж, але ж! Ой, як шанаваць i берагчы трэба ўсё, чым мы цяпер жывём, каб болей ні людзей, нi вёсак не звалі Плаксамі,— адказала Ганна Мікалаеўна.
Памаўчаўшы, нібы не адважваючыся адразу, Рыгор Васільевіч начаў дзелавым тонам:
— Я хацеў бы, Ганна Мікалаеўна, на нейкі час пасяліцца ў вашай хаце. I не толькі самому жыць, але i кантору сваю тут мець.
— Жывіце, калі да спадобы прыйшлося. Месца хопіць усім: мы толькі ўдваіх ca старым засталіся, a дзеткі, дзякаваць богу, паразляталіся куды каторы. Большы ў лётчыках служыць, во на картачцы з жонкаю i ўнучкам першанькім сядзяць. Сярэдні за інжынера ў Мінску на трактарным заводзе, а малодшы па электрыцы ў нашым калгасе робіць.
— Цяпер яму ў нас работы хопіць на ўсё жыццё. На гэтым месцы будзе горад большы за Полацк, а завод, якому роўных няма ва ўсёй Еўропе.
— А што ж у ім будуцъ рабіць, у гэтым горадзе? Мы ўжо, мабыць, не дажывём, пакуль яго пабудуюць.
— Што вы, што вы! Праз год тут будуць стаяць дзесяткі дамоў, кінатэатр, школа, магазіны, а як зробім усё гэта, за Новым Дваром пачнём завод будаваць. З нафты будзем рабіць i бензін, i газу, i дзесяткі іншых рэчаў. Вось так, Ганна Мікалаеўна.
— Дзе ж тую нафту возьмуць?
— Па трубах, цётухна, з Волгі нафта прыйдзе сюды.
Ганне Мікалаеўне здавалася, што гэты загарэлы мужчына расказвае ёй, нібы малому дзіцяці, вясёлую казку, а сам нават i не ўсміхнецца. Пасля ёй успомнілася, што ўвесну некалькі дзён запар нізка кружыўся самалёт над ix полем, а пасля прыязджалі сюды ў легкавушцы нейкія людзі ў капелюшах, хадзілі, прыглядаліся, штосьці паказвалі адзін аднаму, размахвалі рукамі, доўга нешта разглядалі праз каморніцкія трубкі на трыногах. З гэтага, мабыць, усё i пачалося.
Рыгор Васільевіч заначаваў у гасціннай хаце Плаксаў. Неўзабаве гэтая невялічкая хатка на ўскраіне вёскі зрабілася штабам буйнейшай будоўлі на Беларусі.
Першы дзень
Назаўтра зранку тут з'явіўся прараб Сікорскі, майстра Пілюшэнка, маладыя рабочыя Бягуноў, Квачонак — усяго сем чалавек. На ўзбярэжжы ракі напялі брызентавую палатку — гэты паходны домік усіх будаўнікоў. А пасля сюды паплылі па Дзвіне баржы з бярвеннямі i дошкамі, цэментам i гравіем, цвікамі i арматурай. На беразе выгружалі машыны, лапаты, прадукты i абсталяванне для першага бетоннага вузла.
Хлопцы ўзяліся скасіць зялёны калгасны лён на тым месцы, дзе будзе галоўная магістраль новага горада. Шкада было глуміць мяккі даўгунец, старанна выпаланы калгаснымі дзяўчатамі. Кожны з гэтых незвычайных касцоў добра ведаў цану людское працы. Кожны з ix прыйшоў сюды з палёў Гродзеншчыны i Палесся, з Віцебшчыны i Случчыны. З кожным днём расла сям'я будаўнікоў: прыбывалі вялікімі групамі i ў адзіночку хлапцы i дзяўчаты з камсамольскімі пуцёўкамі i з гарачым жаданнем будаваць. Кожны дзень турысцкія рукзакі i зрэбныя мяшэчкі, пашытыя клапатлівымі матчынымі рукамі, самаробныя фанерныя чамаданчыкі i пашарпаныя куфэркі з'яўляліся каля канторы УНР-121, каля тае самае канцавое хаткі Ганны Мікалаеўны Плаксы, у якую забег ад дажджу Рыгор Васільевіч Сабко.
З раніцы да вечара да яго ішлі i ішлі новыя рабочыя з непаслухмянымі юначымі чубамі i з косамі, заплеценымі белымі каснікамі, у форменных вучнёўскіх сукенках i ў спартыўных касцюмах з блішчастымі «маланкамі».
«Дзеці, зусім дзеці,— думаў аб сваіх «кадрах» Рыгор Васільевіч.— Кожнаму з ix яшчэ патрэбна мама, бацькоўская апека. Што я з імі буду рабіць? Ніводнага спецыяліста! Яны ж яшчэ нічога не ўмеюць». I ён, хаваючы свой лірычны настрой, афіцыйна i сухавата пытаўся ў наступнага наведвальніка:
— Прозвішча? Спецыяльнасць? Што ўмееш рабіць?
I амаль заўсёды чуў адзін адказ:
— Спецыяльнасці пакуль што няма. Скончыў дзесяцігодку, a рабіць буду ўсё, што загадаеце. Хачу быць мулярам. Хачу быць тынкоўшчыцай, хачу быць бетоншчыкам, цесляром, электрыкам.
Тут жа складваліся брыгады. Брыгадзірамі прызначаліся тыя, чыё прозвішча лягчэй было запомніць: «спецыялісты» былі ўсе аднолькавыя. Кожнай брыгадзе выдаваліся лапаты, усе накіроўваліся на адзін аб'ект — капаць катлаваны для падмуркаў пад інтэрнаты. З'явіліся першыя сем палатак на беразе Дзвіны, вечарамі загараліся вогнішчы, засыпаючы іскрамі зорнае неба, у кацялках булькаў чай i ў змроку плыла то гарэзная, то ціхая i задуменная песня. Палатка i рамантычны быт, праца ў адным катлаване здружылі ўсіх першых навасёлаў. А тыдзень назад яны не ведалі, што недзе жывуць такія цудоўныя ix равеснікі, што яны стануць неразлучнымі сябрамі, а можа i спадарожнікамі на ўсё жыццё.
К ночы прыходзілі баржы з цэглаю i шчытамі зборных дамоў, шчэбенем, шклом i шыферам. Адпрацаваўшы змену па будаўнічай пляцоўцы, хлапцы i дзяўчаты ішлі на бераг Дзвіны на разгрузку. Адны ўяўлялі сябе Карчагінымі, другія ўспаміналі будаўнікоў Камсамольска-на-Амуры, i ўсе жылі ў чароўным свеце герояў з любімых кніг. Сціралася мяжа паміж рамантыкай юнацкіх мараў i сапраўднасцю. A сапраўднасць была прыгожая i суровая. Самастойнае жыццё пачыналася на голым месцы, над трапяткім дахам палаткі, пры святле зыркага кастра, у нялёгкай рабоце. Здавалася, змора бярэ верх над усімі жаданнямі — толькі б дабрацца да свайго месца, упасці i заснуць. А тут невялічкі, хударлявы Валеры Фралоў, углядаючыся ў зорнае неба, перабірае лады на баяне i ціха спявае «Школьны вальс». Вакол яго збіраюцца тыя, хто толькі ўчора развітаўся з роднаю школаю, з блізкімі сябрамі i любімымі настаўнікамі. I ўжо суладная песня плыве над ракою, адгукаецца рэхам у прыбярэжным хвойніку, нібыта ёй адказваюць сябры i аднагодкі, што запалілі кастры на вялікіх будоўлях каля Старобіна i Бярозы, на Ангары i ў Казахстанскіх стэпах.
А праз чатыры дні, у першай дэкадзе чэрвеня, паабапал адзначанай вешкамі шырокай магістралі будучага гарадка ўжо было закладзена восем інтэрнатаў.
Кароткі адрас
На станцыю Полацк кожны дзень прыбывалі таварныя саставы з кароткім адрасам: «Нафтабуд».
На платформах стаялі новенькія мінскія самазвалы i пад'ёмнікі «Піянер», вагоны былі загружаны цэглаю i сухім тынкам, таўравымі бэлькамі i швэлерам. Саставы разгружаліся хутка. Пакгаузы i станцыйныя павеці былі завалены абсталяваннем i матэрыяламі. Але як гэта ўсё даставіць туды, дзе разгарнулася будаўніцтва горада беларускіх нафтавікоў? «Чырвоны мост» праз Палату, так-сяк адноўлены пасля вайны, наўрад ці вытрымае такую нагрузку, а мост праз Дзвіну можа прапускаць толькі машыны з грузам 3-4 тоны. Пасля дажджу на грунтавых дарогах гадзінамі равуць цяжкія самазвалы, коўзаюцца ў разбітых гразкіх каляінах, пакуль ix не выцягне трактар. На будаўнічай пляцоўцы гадзінамі прастойваюць рабочыя, чакаючы цэглу i вапну, цвікі i шыфер, а матэрыялы ляжаць на чыгунцы або марудна паўзуць на машынах па разбітых дарогах.
— Што рабіць? — упарта думае начальнік участка, седзячы позна ноччу ў маленькай хатцы Ганны Мікалаеўны. Нядаўна тут тоўпіліся майстры i брыгадзіры, маладыя муляры i бетоншчыкі. Усе яны патрабуюць аднаго — бесперабойнай дастаўкі матэрыялу i шырокага фронту работ. І не толькі патрабуюць, a i раяць, кожны ідзе ca сваімі прапановамі i парадамі.
Рашэнне, здаецца, знойдзена. Заўтра раніцай трэба дамовіцца з трэстам i пачынаць будаваць праз Дзвіну пераправу. Хоць часова будзе развязаны вузел, што паспеў зашмаргнуцца ў першы месяц. «Эх, дарогі — пыл ды туман»,— уздыхае начальнік участка, праглядаючы зводкі дзённай выпрацоўкі, правяраючы парады, намячаючы заданні брыгадам на заўтрашні дзень. За месяц існавання будоўлі калектыў вырас да 228 чалавек, а вопытных, кваліфікаваных майстроў можна пералічыць па пальцах. Прыйдзецца вучыць моладзь — адкрыць філіял будаўнічага вучылішча. Неабходна сталовая, лазня, трэба найхутчэй закончыць першыя інтэрнаты, каб да восені людзі жылі пад дахам. Рамантыка рамантыкай, а жыццё — жыццём.
Колькі клопатаў, самых неадкладных спраў прыносіць кожны дзень! I ўсё трэба вырашаць сёння, вырашаць грунтоўна, каб болей ужо да яго не вяртацца.
Большасць рабочых жыве ў навакольных вёсках, ходзіць на працу за 3-5 кіламетраў, i ніхто не ные, ніхто нічога не патрабуе, бо няма ад каго патрабаваць. Будуюць самі i для сябе. Перад вачыма Рыгора Васільевіча, буйным планам, як на экране, праходзяць твары самых маладых будаўнікоў, што толькі сёння прыехалі на яго ўчастак.
Ён успамінае траіх выпускнікоў Смалоўскай сярэдняй школы — стройную бялявую Раю Бацінька i яе чарнавокую сяброўку Галю Германтаву, а за імі, пераступаючы з нагі на нагу, моўчкі стаяў ix учарашні аднакласнік Дзіма Павядзёнак. Дзесяць год правучыліся ў адным класе i просяцца ў адну брыгаду. Пра работу ў канторы i слухаць не хочуць.
— Нас пастаўце туды, дзе трэба болей браць i далей кідаць,— за ўсіх адказаў Дзіма.
«Не, з такімі не прападзеш, з такімі можна горы звярнуць»,— думаў ноччу Рыгор Сабко.
Неспакойная пасада
У Полацку з'явілася новая ўстанова з кароткаю шыльдаю на сцяне: «Трэст № 16 «Нафтабуд». Упраўляючы трэстам Пятро Іванавіч Катаводаў таксама быў добраахвотнікам. Ён шмат папрацаваў на сваім вяку: адбудоўваў разбураны вайною Мінск, кіраваў міністэрствам, а пасля цяжкай хваробы яму далікатна прапанавалі пайсці на пенсію, a калі не згадзіўся пакінуць працу, угаварылі паехаць у Сочы i ўзначаліць санаторый «Беларусь». Гэтую прапанову Пятро Іванавіч успрыняў, як асабістую абразу.
«Значыць, у тыраж спісваюць, шануючы мае нервы i сэрда, хочуць, каб я ў белых штоніках гуляў паміж кветак i кіпарысаў i да канца сваіх дзён быў курортнікам, каб адключыўся ад тае энергіі, якая мне дае жыццё»,— думаў Катаводаў.
— На спакой я яшчэ не збіраюся. Дайце любую, але цяжкую работу, каб жыць перспектывамі, а не ўспамінамі, каб складаць планы, а не мемуары пісаць. Хоць брыгадзірам у Полацк пашліце,— даводзіў Пятро Іванавіч таварышам, якія хацелі «ўдружыць» яму спакойную работу.— Без хвалявання i клопатаў мне дыхаць не будзе чым.
I сапраўды, стаўшы на чале трэста, ён ператварыў сваю ўстанову ў аператыўны штаб будоўлі. Ён не заседжваўся ў кабінеце i нікому не даваў праціраць локці за пісьмовым сталом.
За дзень упраўляючага трэстам можна было сустрэць на будаўнічай пляцоўцы, на месцы разгрузкі матэрыялаў i абсталявання, на аўтабазе i на складах энергазбыту, у кабінетах сакратара райкома партыі i старшыні гарсавета. Скрозь у яго былі неадкладныя справы, вялікі клопат аб самым маленькім і, здавалася б, другарадным.
Надыходзіла восень. Трэба было паспець закончыць хоць першыя восем інтэрнатаў, пабудаваць воданапорную вежу, лазню i кінатэатр, а каб зрабіць гэта, неабходна было, перш за ўсё, звязаць горад з новабудоўляй надзейнай магістраллю.
І якраз дарэчы з гэтым жа пытаннем да ўпраўляючага трэстам прыйшоў Рыгор Васільевіч Сабко.
— Нашымі грузамі забіта чыгуначная станцыя, а мы прастойваем без матэрыялаў. Трэба нешта рабіць, Пятро Іванавіч.
— А што вы прапануеце, таварыш Сабко? — ссоўваючы на лоб акуляры, пытаецца ў начальніка ўчастка Катаводаў.
— Пакуль што адзінае выйсце — паром праз Дзвіну каля Ахотніцы. З абодвух бакоў пракладзём дарогі, i машыны пойдуць напрасткі.
— У нас ужо i баржы ёсць. Сёння яны прыйдуць да вас. Стаўце цесляроў рабіць насціл. Кладзіце дарогу да самага берага ракі,— як нечаканую прыемную навіну паведаміў упраўляючы трэстам. А Рыгору Васільевічу здавалася, што прыйдзецца «прабіваць» сваю прапанову, шукаць у некага падтрымку, даводзіць відавочнае. Значыць, з упраўляючым трастам яны думалі аднолькава.
— Вы ж разумееце, што да восені мы павінны пасяліць маладых рабочых у інтэрнаты, паклападіцца, каб у ix было цёпла, светла i ўтульна, i абавязкова — весела,— працягвае Катаводаў.— Ім трэба кіно i кнігі, радыё i танцы, тады кожнаму захочацца жыць i працаваць у сваім горадзе.
На стале ўпраўляючага трэстам ляжыць вялікая каляровая карта будучага горада беларускіх нафтавікоў. Ад сасновага бору, што абдымае заўтрашні горад зялёным крылом, ідзе шырокі праспект. У цэнтры ён стварае паўкальцо, пераходзячы ў вялікую плошчу. На плошчы — цэлы архітэктурны ансамбль прыгожых адміністрацыйна-грамадскіх будынкаў, а насупраць — універсальны магазін, пошта, тэлеграф. Палац культуры, кінатэатр, гасцініца, бібліятэка. На абодва бакі ад цэнтральнай магістралі раскінуліся так званыя мікрараёны, забудаваныя чатырох- i пяціпавярховымі дамамі. У кожным такім раёне ёсць свае школы, дзіцячыя сады, магазіны, кінатэатры, сталовыя, прадугледжаны i гаражы для індывiдуальных машын. Ад цэнтра зялёная алея, з газонамі i кветкамі, вядзе ў парк культуры i адпачынку, на стадыён, разлічаны на тры тысячы месц, да лодачнай станцыі i на пляжы, што раскінуліся на беразе Дзвіны.
Горад спраектаваны так, каб у ім было шмат святла i сонца, дрэў i кветак, каб спявалі птушкі i раслі здаровыя дзеці. Кожны дом будзе мець сваё аблічча, свой колер, сваю прыгажосць. У кватэрах прадугледжаны i газавыя пліты, i прасторныя балконы, i душавыя пакоі, i зручныя сцянныя шафы. Тут на кожнага чалавека будзе прыпадаць 12 квадратных метраў жылой плошчы, а жыць у горадзе будзе не менш за 60 тысяч чалавек.
Паўночна-заходняя частка новага Полацка, дзе разгарнулася будаўніцтва першых інтэрнатаў, стане ўскраінай горада, яго пачаткам. На карце ўжо ёсць асфальтаваныя дарогі, тралейбусныя лініі, якія злучаць горад з нафтаперапрацоўчым заводам, яны пройдуць пад засенню векавых дрэў ад санаторыяў i дамоў адпачынку, што вырастуць у сасновым бары паміж горадам i заводам.
А пакуль што трэба капаць зямлю, засыпаць балаціны на будаўнічай пляцоўцы, рабіць паром, будаваць першыя інтэрнаты i абсталёўваць бетонарастворны вузел. Пакуль што на ўзбярэжжы Дзвіны бялеюць толькі брызентавыя палаткі, а маладыя рабочыя ходзяць начаваць у Шніткі, Слабаду i Новы Двор.
Mалады рабочы клас
Кожны будаўнік — у пэўнай ступені паэт i летуценнік, з вялікаю вераю ў свае сілы i магчымасці. Закладаючы падмурак на новым месцы, ён ужо бачыць дах i светлыя вокны, шырокія лесвічныя маршы i ўтульныя пакоі, новыя праспекты i цэлыя архітэктурныя ансамблі, якія вырастуць з-пад яго кельмы.
Але вопытных муляроў на будоўлі было яшчэ вельмі мала. Многія начальнікі ўчасткаў i прарабы неахвотна адпускаюць кваліфікаваных рабочых на новыя месцы. У ix ёсць свой план, які ў асноўным павінны выконваць муляры. Не хацелася начальніку УНР-125 Мінскага трэста № 5 адпускаць маладога, але стараннага i працавітага Пятра Якавенку. Ён сам доўга ўгаворваў яго «не рабіць глупства» і, не пераканаўшы ўпартага хлопца, даручыў інспектару аддзела кадраў Зоі Карлаўне ўздзейнічаць на Пятра.
А пры разліку ніяк не мінеш гэты аддзел.
Нібыта нічога Не ведаючы, Зоя Карлауна здзівілася, што Якавенка пакідае сталіцу i хоча ехаць «к чорту на ражон».
— I чаго ты не бачыў у гэтым Полацку? Гразі даўно не мясіў, надакучыла жыць па-людску? Я там жыла некалі, i цяпер мяне ланцугом туды не зацягнеш. Дык гэта ж горад, a будоўля пачынаецца на голым месцы, там i нахаладаешся i нагаладаешся.
— Вось таму i еду. Ведаю, што не на курорт. У райкоме нас аб усім папярэдзілі,— стрымана кінуў хлапец.— Пуцёўка ўжо ёсць, а вас папрашу хутчэй аформіць усе мае справы, каб сёння выехаць.
A назаўтра з новымі сябрамі ў невялічкім аўтобусе з надпісам «Службовы. Нафтабуд» ён ехаў ад полацкага вакзала туды, дзе пачнецца новая старонка яго жыцця. Можа ён стане пастаянным жыхаром новага горада, можа там прыйдзе першае шчырае каханне, i праз многа гадоў ён будзе расказваць сыну, што на месцы галоўнай магістралі рос калгасны лён, а на ўскраіне лесу было такавішча глушцоў, будзе паказваць дамы, якія ён будаваў сам. Так думалася ў дарозе. A «навічкі» наперабой дапытваліся ў немаладога шафера, што пабудавана, што будуецца, дзе жывуць рабочыя, ці многа прыгожых дзяўчат, ці бывае кіно.
— Прыедзеце, пабачыце,— нібы баючыся расчараваць сваіх пасажыраў, адказваў нафтабудаўскі вадзіцель.
За горадам пачалася роўная асфальтаваная магістраль, замігалі вёскі i пералескі, трубы ільнозаводаў i чыгуначныя семафоры. Аўтобус абганяў калоны самазвалаў з гравіем i цэментам, а насустрач імчаліся парожнія машыны. З кабін выглядалі запыленыя маладыя твары, нібы хацелі разгледзець, ці не едуць часам у аўтобусе ix знаёмыя, сябры або землякі. Ужо на шашы адчувалася, што недзе непадалёк ідуць вялікія работы, i гэты рытм, гэты імклівы pyx прыўздымаў Пятра i яго спадарожнікаў, хацелася хутчэй усё ўбачыць сваімі вачамі, пасябраваць з гэтымі шафёрамі i хлапцамі, якія прыехалі раней за ix, не адчуваць сябе навічкамі.
Звярнуўшы налева, аўтобус стаў у доўгую чаргу машын каля пераправы. На фоне цёмнага сасонніку відна была недабудаваная воданапорная нежа, некалькі аднапавярховых дамоў у рыштаваннях i бугаркі свежанакапанай зямлі, а далей ішло поле з кусцікамі i ўзгоркамі.
Пасяліўся Пятро са сваімі новымі сябрамі за шэсць кіламетраў ад будаўнічай пляцоўкі, у вёсцы Падкасцельцы. На работу i з работы спярша хадзілі пехатою, з песнямі i жартамі, можа таму i дарога не вельмі цягнулася. Але набліжалася восень, з дажджамі i цёмнымі начамі, з халоднымі вятрамі i гразкімі дарогамі. Будаўнікі спяшаліся хутчэй закончыць першыя восем інтэрнатаў, ашаляваць часовую сталовую, здаць у эксплуатацыю кацельную i воданапорную вежу, каб цёпла, светла i чыста было ў новых інтэрнатах. У ix ужо завіхаліся тынкоўшчыкі i маляры — такія ж маладзенькія i малавопытныя хлапцы i дзяўчаты, як i тыя, з якімі разам прыехаў Пятро Якавенка. Былыя выпускнікі Смалоўскай школы Рая Бацінька, Галя Германтава i Дзіма Павядзёнак, Юра Чаркасаў з Петразаводска i Каця Ніколіна з Ціхвіна ў брыгадзе маленькай рухавай Галі Сяргун тынкавалі першыя дамы, услед за імі ішлі маляры брыгады Марыі Брыкоўскай, нядаўняй дзесяцікласніцы з-пад Львова. Тут яны атрымалі першую працоўную загартоўку, тут вучыліся будаўнічаму майстэрству, пасябравалі шчыраю дружбай.
А брыгада муляроў, у якую залічылі Пятра Якавенку, ужо клала сцены будучага кінатэатра. Раніцою цэгла накрывалася хрусткім інеем i балюча калола пальцы, парывы халоднага ветру рэзалі твар, але звінелі кельмы, чуліся жарты i смех маладых муляроў. Падсобнікам у Пятра быў амаль яго равеснік, ціхі хлапчук у акулярах. Ён больш маўчаў, у час перакураў садзіўся асобна, нібыта некім пакрыўджаны. Хлапцы спрабавалі жартаваць з яго, а Пятро даваў яму ў рукі кельму, падбадзёрваючы:
— Смялей, браце, болей раствору бяры. Вось так! Добра! Бачыш, як па масле ідзе. Праз які месяц i мяне перагоніш,— а сам, нібы дапамагаючы свайму неафіцыйнаму вучню, падпраўляў тыя цагліны, што часам вытыркаліся ca сцяны, шчыльней прыціскаў ix адну да другой. Так непрыкметна падручны станавіўся мулярам, вясёлым гаваркім хлопцам, роўным з усімі членамі брыгады, сапраўдным будаўніком. Неўзабаве яму быў прысвоены разрад. На будоўлі з'явіўся яшчэ адзін кваліфікаваны муляр. А яго месца заняў другі падручны, каб у самым хуткім часе стаць побач са сваім настаўнікам. Так было ў кожнай брыгадзе. Але стыхійная, выпадковая, як пішуць у афіцыйных паперах, падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў не магла забяспечыць будоўлю добрымі мулярамі, бетоншчыкамі, тынкоўшчыкамі i сталярамі. Трэба было вучыць маладых рабочых.
Увосень адкрыўся вучэбны пункт па ўсіх будаўнічых спецыяльнасцях.
Дні ўсё рабіліся карацей i карацей. Лужыны пахруствалі тонкім лядком, вецер гнаў па зямлі пажоўклае лісце, дранцвелі рукі ад халоднага раствору i настылай за ноч цэглы. У многіх рабочых не было цёплай вопраткі, бо, выпраўляючыся ў сваю першую жыццёвую дарогу пад гарачым ліпеньскім сонцам, яны забыліся, што за летам прыходзіць восень i зіма. Апрача тапачак i спартыўных куртак, трэба мець яшчэ добрыя боты i ватоўкі, рукавіцы i цёплыя шапкі. I будаваць трэба круглы год i ў любое надвор'е. Тэрмінова складаліся спісы на выдачу цёплай спецвопраткі. Грузавікі разам з цэглаю i арматураю везлі тэрміновы груз — целагрэйкі i рукавіцы, валёнкі i кірзавыя боты. Пад дажджом, на ветры i холадзе працавалі маладыя будаўнікі, гартуючы сваю волю i выпрабоўваючы вытрымку. А тых, што спалохаліся i ўцяклі, ніхто не шкадаваў i не ўспамінаў — значыць, не вытрымалі першы экзамен, значыць, яшчэ но акрыялі духам, не дараслі, каб насіць пачэснае імя будаўніка.
Праз чатыры месяцы
Набліжалася свята Кастрычніка. Кожны ўспамінаў, як ён летась святкаваў гэты дзень у сябе дома, як маці вешала чыстыя фіранкі, засцілала накрухмалены кужэльны абрус, пякла смачныя пірагі, як у школе да позняй ночы рэпеціравалі новы спектакль, выпускалі святочныя нумары насценных газет, у класах пахла дзеразою i хваёвымі лапкамі. У кожнага былі сотні клопатаў i перадсвяточных спраў. А цяпер ва ўсіх адзіны клопат — закончыць i здаць да 41-й гадавіны Кастрычніка 8 інтэрнатаў i кацельную. У новых будынках гаспадарылі электрыкі: ставілі разеткі i выключацелі, прыбіральшчыцы мылі падлогу i расстаўлялі ложкі i тумбачкі.
У часе абедзеннага перапынку, або ідучы з работы, кожны забягаў на ганак інтэрната і, баючыся наслядзіць, праз адчыненыя дзверы аглядаў свае будучыя пакоі, любаваўся жоўценькай чыстаю падлогай i шырокімі светлымі вокнамі. Пакоі яшчэ пахлі свежаю маслянаю фарбаю — гэтым спецыфічным пахам хуткага наваселля.
Шостага лістапада з Новага Двара, Шніткоў, Плаксаў i Слабады ішлі са сваім халасцяцкім скарбам маладыя будаўнікі ў першыя інтэрнаты жылога гарадка беларускіх нафтавікоў. Не раскладваючы рэчаў, яны па-гаспадарску абходзілі ўсе пакоі, спрабавалі, як дзейнічаюць краны ў рукамыйніку, ці добра зачыняюцца дзверцы ў пліце на агульнай кухні, дакраналіся да гарачых радыятараў паравога ацяплення, a пасля агляду браліся ўладкоўваць свой быт: засцілалі ложкі, прыбівалі кніжныя палічкі, развешвалі ў шафах свае выхадныя касцюмы.
У новым доме хочацца, каб усё было чыстае i новае, a ў многіх хлапцоў занасіліся кашулі, паадрываліся гузікі, пакамечылася ў чамаданах вопратка. Кожны з ix, раскладаючы свае рэчы, думаў, як памыць, папрасаваць i пачысціць сваё адзенне хоць к вялікаму святу. I тут у дзверы пакоя нехта асцярожна пастукаў.
— Заходзьце! — разам грымнула некалькі хлапечых галасоў.
На парозе з'явіліся дзве невялічкага росту бялявыя дзяўчынкі, настолькі падобныя адна да аднае, што ix можна было адрозніць толькі па прычосках: у аднае кароткія кучаравыя валасы непаслухмянымі кудзеркамі падалі на лоб, a ў другое былі акуратна зачасаныя на прабор i перавязаныя блакітнаю стужкаю.
— Праходзьце, дзяўчаткі, сядайце. Ну, як у нашым «палацы» падабаецца? — загаварыў вясёлы Міхась Пятровіч.
— Ці не прымакоў прыйшлі выглядаць? — нехта гарэзліва пажартаваў.
A дзяўчаты стаялі моўчкі, не ведаючы, як сябе трымаць сярод малазнаёмых юнакоў: пакрыўдзіцца i ўцячы ці ўсё ж сказаць, чаго прыйшлі.
— Які з цябе прымак, калі кашуля ў цябе чорная, як у камінара,— абрэзала жартаўніка бойкая Зоя. Яна падышла да хлапца i загадала: — Здымай кашулю i давай сюды. Заўтра на дэманстрацыю пойдзеш у чыстым.
Хлопцы спачатку нехаця, прыкрываючы жартамі сваю няёмкасць, пачалі збіраць усё, што даўно не бачыла мыла i гарачай вады. У астатніх пакоях адбывалася тое ж самае. З хлапечага інтэрната выбягалі дзяўчаты з пакункамі i вянзэлкамі, а падвечар паміж электрычнымі слупамі на доўгіх вяроўках сушылася мноства кашуль i маек, вымытых клапатлівымі дзявочымі рукамі. Камсамолкі з інтэрната № 2 узялі шэфства над хлапцамі, што пасяліліся па суседству з імі. Кожнаму ўспаміналася родная сястра або маці, што заўсёды сачыла, каб на ім была чыстая кашуля, адпрасаваны каўнерык, каб ён меў беленькую насоўку. Тады гэта было непрыкметным, нібы свой абавязак выконвалі блізкія людзі. А тут зусім чужыя, часам малазнаёмыя дзяўчаты самі прыйшлі i камандуюць, як дома. I кожны адчуў сябе ў вялікай i дружнай камсамольскай сям'і, кожны ведаў, што побач сапраўдныя сябры, што яны заўсёды дапамогуць i выручаць. Ужо зусім інакш сустракалі назаўтра хлапцы сясцёр Зою i Зіну Андрэевых, дзякавалі за чыстую, адпрасаваную бялізну, частавалі ix цукеркамі i пячэннем, шчыра i проста, як даўнім сябрам, расказвалі пра сябе, распытвалі пра ix жыццё.
Зоя расказвала, што яна з дзяцінства захаплялася спортам, a скончыўшы школу, паступіла ў Віцебскі фізкультурны тэхнікум. Не прапускала яна ніводнай сустрэчы футбалістаў i лёгкаатлетаў, ведала прозвішчы ўсіх пераможцаў на саюзных i міжнародных спаборніцтвах. Асабліва яна любіла кінаартыстаў, запісвала новыя песні з апошніх фільмаў i адчувала сябе шчасліваю. A скончыўшы тэхнікум, працавала выкладчыцай фізкультуры ў школе. Як-ніяк адчувала сябе настаўніцай, на вачах у дзяцей павінна была трымацца паважна, хоць i хацелася разам з імі пабегаць за мячом, пагуляць у гарадкі. A Зіна пасля вучобы ў Полацкім гандлёвым тэхнікуме працавала за прылаўкам — важыла селядцы i каўбасу, хадзіла ў белым халаце i ўсё была нечым незадаволена. Яна з зайздрасцю глядзела на сваіх равесніц з трыкатажнай фабрыкі «КІМ». «Вось людзі заняты сапраўднаю справаю,— думала яна,— а якая карысць з мяне? Толькі i ведаеш: «Трыста кіеўскай», «Дзвесце лівернай», «Паўкіло селядцоў». Не, трэба мяняць спецыяльнасць».
Зусім выпадкова даведаўшыся, што каля старажытнага Полацка пачалося будаўніцтва буйнейшага ў краіне нафтаперапрацоўчага завода i будоўля абвешчана камсамольскай, Зіна адразу прыйшла да першага сакратара райкома камсамола прасіць пуцёўку ў Полацк. А той, не спяшаючыся, пачаў ёй расказваць пра цяжкасці, якія яе сустрэнуць на будоўлі, пра тое, што там яшчэ голае месца i рабіць прыйдзецца ўсё сваімі рукамі; ён далікатна намякнуў, што магазіна там пакуль што няма i давядзецца перакваліфікавацца.
Зіна нават пакрыўдзілася, што яе не так зразумелі, і, заірдзеўшыся, выпаліла:
— Мне сорамна стаяць за прылаўкам у белым халаціку, калі мае равеснікі будуюць Брацк i ўздымаюць цаліну. Хачу быць будаўніком, i дайце мне, калі ласка, пуцёўку ў Полацк.
A назаўтра да сакратара з такою ж просьбаю прыйшла i Зоя. Жаданні сясцёр супалі. Яны былі сярод першых на будаўнічай пляцоўцы будучага горада нафтавікоў. Выгружалі з баржаў дошкі i бярвенні, засыпалі шлакам сцены інтэрнатаў, падносілі раствор мулярам. Балелі з непрывычкі рукі i ногі, на світанні хацелася спаць, але ніхто не скардзіўся. Камсамольцы будавалі свой новы горад i з замілаваннем глядзелі на кожную цагліну, пакладзеную сваімі рукамі ў сцены, якім стаяць вякі i вякі. Хутка Зіна начала працаваць мулярам, а Зоя пайшла ў брыгаду на растворны вузел.
Пасля шэфскага візіту ў хлапечы інтэрнат, многія ix пачалі зваць не па імёнах, а ласкава i пяшчотна: «сястрычка».
Вечарамі ў інтэрнатах было людна i весела. У чырвоных кутках ляскалі касцяшкі даміно, перагортваліся свежыя газеты i часопісы, разбіраліся шахматныя задачы i разгадваліся красворды, праводзіліся палітінфармацыі i камсамольскія сходы. Камсамольцамі былі амаль усе маладыя будаўнікі. У кожнага былі свае прэтэнзіі i прапановы. Муляры патрабавалі ад растворнага вузла бесперабойнай падачы раствору, тынкоўшчыкі папракалі муляроў за няроўныя сцены, а маляры — тынкоўшчыкаў за агрэхі ў ix рабоце. На сходах заўсёды разгараліся спрэчкі, ішла прафесійная размова аб тэмпах i якасці працы; у словах кожнага гучала асабістая зацікаўленасць усім, што рабілася на будоўлі. Кожны адчуваў сябе гаспадаром усяго, што будавалася ў яго горадзе. З абурэннем расказвалі маладыя тынкоўшчыкі з брыгады Галіны Сяргун сакратару партыйнага камітэта пра тое, што муляры, закончыўшы кладку сцен воданапорнай вежы, адразу пачалі разбіраць рыштаванні — выкопвалі слупы, разбіралі памосты, i толькі скончыўшы гэтую работу, успомнілі, што вежу яшчэ трэба тынкаваць, а без рыштаванняў тынкоўшчыкі нічога не зробяць. Брыгада прыйшла на аб'ект, i ёй давялося зноў ставіць толькі што знятыя рыштаванні. Недагляд прараба каштаваў дзяржаве больш за дзве тысячы рублёў i некалькі дарэмна страчаных рабочых дзён.
Але на будоўлю ўсё часцей i часцей прыязджалі кваліфікаваныя муляры i тынкоўшчыкі, дзесятнікі i прарабы. Ехалі з сем'ямі i сваім скарбам у двух чамаданах: ведама, будаўнікі. Многія з ix аднаўлялі Сталінград, Краматорск, Мінск i Магілёў. Яны заўсёды спяшаюцца на пярэдні край, туды, дзе патрэбна ix майстэрства, веды i жыццёвы вопыт. Многія з ix параўноўваюць сябе з манеўровымі паравозамі, што выцягваюць цэлыя эшалоны з тупікоў.
З Данбаса прыехаў брыгадзір тынкоўшчыкаў Латышаў, з Мінскага трактарнага завода — Іван Сымонавіч Бахір, аднаўляў Сталінград i беларускую сталіцу малады муляр Генадзь Матросаў. Цяпер сотні кваліфікаваных рабочых будавалі новы горад на Дзвіне, вучылі моладзь майстэрству, вытрымцы i настойлівасці. Кожны дзень у парткоме станавіліся на ўлік камуністы, што прыязджалі на закліку сэрца, што лічаць сваім абавязкам заўсёды быць на пярэднім краі. Сярод ix былі слесар Валянцін Казёл, i маляр Надзея Пятроўна Дзермянцова, i тынкоўшчык Мікалай Баравы, i праслаўлены муляр, дэпутат Вярхоўнага Савета БССР Сымон Міхайлавіч Жаваранак, i Уладзімір Кандратавіч Пэк, i Эдуард Зарэка, i сотні маладых i пажылых камуністаў. Прыйшоўшы ў брыгады, яны станавіліся тымі спружынамі, што рухаюць кожную справу плаўна, але імкліва, без штуршкоў i затрымак. Яны рабіліся дарадчыкамі для моладзі, неафіцыйнымі інспектарамі па якасці, хадатаямі па вялікіх i малых справах сваёй брыгады.
Спачатку шмат было непаразуменняў з нарміраваннем, няправільна закрываліся нарады, асобным рабочым заработная плата налічалася не па фактычнай выпрацоўцы, а падганялася ў адпаведнасці з каштарысам, спушчаным на аб'ект. Асобныя работнікі бухгалтэрыі перавыдаткі матэрыялу, пераробкі па віне дзесятнікаў i прарабаў перакрывалі заработай платай рабочых. Камуністы вырашылі навесці парадак у гэтай важнай справе.
На будоўлі кожны дзень з'яўлялася сціплая невысокая жанчына ў гумовых ботах i ў цёплай пуховай хустцы. Яе добрыя шэрыя вочы бачылі кожную драбніцу, яны ўмелі зазірнудь у душу кожнага чалавека, сагрэць i падбадзёрыць васемнацдацігадовага муляра Віктара Мяцеліцу i пажылога цыгана Аляксея Селязнёва, што з першага дня з вялікаю сям'ёю прыйшоў на будоўлю. Але гэтыя светлыя вочы рабіліся сухімі, калі яны заўважалі, што нейкі рахункавод лёгкай рукою перакідае костачкі на лічыльніках, каб толькі як-небудзь вымеркаваць патрэбную кантрольную лічбу за кошт таго ж Селязнёва або Віці Мяцеліцы.
— Ад Тамары Аляксандраўны нічога не схаваеш,— адны гаварылі пра яе з гонарам, другія з адчаем.
Загадчык прамысловага аддзела Полацкага гаркома партыi Тамара Аляксандраўна Кажура, дачка бабруйскага чыгуначніка, усё бачыла, усё ведала, высока цаніла кожную капейку, запрацаваную мазалём, i з партыйнай прынцыповасцю наводзіла парадак у справе працы i заработай платы. Яна сачыла за кожным аб'ектам, за кожнаю брыгадай, за працаю кожнага будаўніка i за кожным нарадам у бухгалтэрыі. З ёю раіліся рабочыя, як хутчэй прасяваць пясок на растворным вузле, як арганізаваць бесперабойную падвозку матэрыялаў, i перш чым ісці ў бюро рацыяналізацыі, гаварылі з Тамарай Аляксандраўнай аб сваіх вынаходніцтвах i прапановах.
Камуністы станавіліся душою кожнай брыгады, участка, усяе будоўлі. Па ix раўнялася моладзь, за імі ішлі ўсе нафтабудаўцы.
“Першы курс будфака”
Гнілая зіма мінулага года была асабліва цяжкаю для будаўнікоў. Ноччу ляпіў мокры снег, раскісалі дарогі, ледзяною карою абрасталі тросы пад'ёмнікаў, a ўвесь дзень імжэў не то дождж, не то снег. За змену целагрэйкі прамакалі невылёт i пачыналі пахнуць нейкаю балотнаю тхлінай. Над самымі рыштаваннямі вісела нізкае шэрае неба, нібы прыціскаючы кожнага да зямлі. Позна світала i рана змяркалася. Можа таму i настрой у некаторых быў пахмуры, як гэтыя шэрыя снежаньскія дні.
Але скончыўшы змену, кожны азіраў свой гарадок i заўважаў, што ён вырас за гэты дзень: задыміла труба ў новай лазні, з'явіліся дахі яшчэ на трох інтэрнатах, паставілі кроквы на кінатэатры, перакрылі аконныя праёмы на будынку школы. У гэтыя дні каля вёскі Новы Двор разгарнуў сваю работу УНР-126 па будаўніцтву вытворчай базы нафтаперапрацоўчага завода. Тут закладваюцца дзесяткі заводаў будаўнічых матэрыялаў: палігоны жалезабетонных канструкцый, магутныя растворныя вузлы, заводы шлакабетонных блокаў, гіпсавых перагародак, цэментныя i бетонныя заводы. Пад ix закладку трэба было капаць катлаваны — выняць сотні тысяч кубаметраў зямлі. 10 снежня на будаўнічую пляцоўку вытворчай базы прыбыла з Мінска першая механізаваная брыгада камуністычнай працы на чале з праслаўленым беларускім бульдазерыстам Героем Сацыялістычнай Працы Сымонам Місуновым. Загулі бульдозеры i экскаватары, нібы дыктуючы тэмп працы ўсёй будоўлі. Гледзячы на старэйшых сяброў, у спаборніцтва за званне брыгад камуністычнай працы ўключыліся тынкоўшчыкі Галіны Сяргун, маляры Марыі Брыкоўскай i бетоншчыкі Пятра Блахіна.
Пеця Блахін, як ласкава ўсе завуць яго на будоўлі, у 1957 годзе скончыў Нізкаборскую сярэднюю школу ў Суражскім раёне i адразу па камсамольскай пуцёўцы паехаў асвойваць цаліну ў Кустанайскіх стэпах. Спакойны, разважлівы, з практычным розумам, высокі хлапец з Беларусі адразу спадабаўся ўсім навасёлам цаліннага саўгаса. За што б ні ўзяўся камсамолец Блахін, усё ў яго выходзіла так, нібы ён дзесяткі гадоў толькі гэтым i займаўся: браўся за сякеру — i яму мог пазайздросціць любы цясляр, цагляная сцяна з-пад яго кельмы выходзіла, як адлітая. I ўсё ён рабіў з любоўю i стараннем, спакойна i ўпэўпена, без мітусні i абыякавай паспешлівасці. А вясной ён дачуўся, што каля Полацка пачынаецца будаўніцтва першага ў рэспубліцы нафтаперапрацоўчага завода. У гэтым старажытным горадзе, на заводзе шклянога валакна, працуе яго старэйшая сястра, i Пеця ў першым жа лісце засыпаў яе пытаннямі пра будоўлю на Дзвіне. Не так проста добраму работніку адпрасіцца ў родныя мясціны, але i тут Блахіну пашанцавала: у ліпені ён ужо чакаў свае чаргі каля хаты Ганны Мікалаеўны Плаксы. Цяпер на дзвярах гэтай канцавой хаты вісела шыльда, напісаная чарцёжпым шрыфтам на аркушы пажоўклага ад сонца ватмана: «Упраўленне начальніка работ — 121, трэста «Нафтабуд».
Тут Блахіна назначылі ў брыгаду муляроў, а як толькі пачаліся работы на будаўніцтве вытворчай базы, Пеця Блахін узначаліў брыгаду бетоншчыкаў. З нейчай лёгкай рукі яе пачалі зваць «першым курсам будфака»: усе яе члены былі выпускнікі сярэдніх школ, i не якія-небудзь троечнікі, якім не было куды дзецца пасля дзесяцігодкі! Тут бетоншчыкам працуе Аляксандр Гугнін, што ўвесну 1958 года скончыў Полацкую сярэднюю школу з залатым медалём, i Мікола Пышко, i Гаўрыла Вярыга, i Алесь Пазняк, атэстаты якіх не сорам паказаць любой прыёмнай камісіі любога інстытута. Паказчыкамі i якасцю працы ix брыгады ганарыцца ўся камсамольская арганізацыя трэста, увесь калектыў нафтабуда. 196, 201, 214 працэнтаў выканання — такія лічбы заўсёды стаяць супраць прозвішча Блахіна на дошцы паказчыкаў.
На будаўнічай пляцоўцы бетоншчыкаў адразу i не адшукаеш: яны ў глыбокіх катлаванах, падрыхтаваных брыгадай Місунова, робяць апалубку, ставяць арматуру, заліваюць бетонам падмуркі будучых цэхаў i заводаў. Але як весела i дружна працуюць учарашнія дзесяцікласнікі, колькі кемлівасці i выпаходлівасці праяўляе кожны з ix, якія цікавыя гаворкі вядуць яны ў час перапынку аб кнігах Кочатава i Рэмарка, аб вершах Блока i Сельвінскага, горача спрачаюцца аб фельетоне, толькі што прачытаным у «Чырвонай змене» або ў «Комсомольской правде». I не дзіўна, што кожны пакой інтэрната маладых нафтабудаўцаў хутчэй нагадвае студэнцкі інтэрнат, чым інтэрнат будаўнічых рабочых. Над кожным ложкам — палічкі з кнігамі, на сценах — партрэты любімых пісьменнікаў i рэпрадукцыі з карцін славутых мастакоў, на тумбачках — падручнікі па трыганаметрыі, фізіцы i хіміі, канспекты i сшыткі.
— У інстытут рыхтуецеся? — спытаешся ў чубатага хлапца, што схіліўся над падручнікам.
— Пакуль не, але вучыцца прыйдзецца. Каб працаваць на заводзе, які мы будуем, трэба мець грунтоўную адукацыю. Вось i брыгадзір наш, ды i многія з нас мараць вучыцца на завочным аддзяленні Маскоўскага нафтавага інстытута.
— А чаму не на схацыянары?
— Толькі абыякавы чалавек можа кінуць пачатую справу, не скончыўшы яе,— адказвае Мікола Пышко.— Хіба ж цяпер мяне адарвеш ад таго, што тут зроблена i робіцца кожны дзень? Вось быў я не так даўно ў адпачынку, у бацькоў на Гродзеншчыне, i так закарцела хутчэй вярнуцца сюды, што дзён за пяць да тэрміпу пачаў збірацца ў дарогу.
— Куды ты спяшаешся, сынок? — занепакоілася маці.— Можа, чым табе не ўгадзіла?
— Што ты, мамачка, лепш i не трэба, але ж дадому пара,— не падумаўшы, растлумачыў я.
— Дзе ж твой дом, сынок? Няўжо ты нас зусім цураешся? Хто ж цябе там так прысушыў да таго Полацку? — ледзь не плачучы, дапытвалася маці.
— I сапраўды, нібы прысмактала мяне да гэтай зямлі, нібы прырос да нашай брыгады, а з хлопцамі, якіх ведаю толькі год, здаецца, рос з самага маленства i ўжо жыць без ix не магу.
Так разважае кожны член брыгады Блахіна, так разважае амаль кожны малады рабочы юнага горада на Дзвіне. Але яшчэ не усе бетоншчыкі працуюць так, як «першы курс будфака» Пеці Блахіна. Побач з яго брыгадай стаўляюць апалубку i арматуру такія ж маладыя i здатныя хлопцы, як i яго, а скончыцца дзень i глядзіш — ледзь дацягнулі да 9З нрацэнтаў. Назаўтра прыйдуць, а на аб'екце няма ніводнага апалубачнага шчыта, не рассартавана арматура, не падрыхтаваны цвікі, «схапіўся» бетон да пачатку змены. Сядзяць без работы, лаюцца, папракаюць свайго брыгадзіра Міколу Рудзенчыка, а той бегае, крычыць, размахвае рукамі, абвінавачвае майстра, прараба, а справа стаіць на месцы.
Да сваіх суседзяў у вольную хвіліну падыходзіць арматуршчык з брыгады Блахіна — Алесь Пазняк.
— Чаго вы лаецеся, хлопцы? Працаваць трэба, а не лаяцца. Вы чакаеце, калі скончыцца змена, кінулі рыдлёўкі i хутчэй на аўтобус, а што заўтра будзеце рабіць — ніхто і не падумаў. А я ўчора ўсю арматуру рассартаваў, цвікоў назапасіў, Сашка Гугнін шчыты падрыхтаваў на сёння, a брыгадзір да нашага прыходу на змену дзве машыны бетону арганізаваў. I сёння ў нас працэнтаў дзвесце будзе. А вы дадому першыя на аўтобусе едзеце, а на дошцы паказчыкаў — на чарапасе паўзеце.
— Каб нам такога брыгадзіра, як ваш, дык i мы б не адсталі. А то ходзіць наш Мікола, нібы ўчарашні дзень згубіў.
У брыгаду Рудзеньчыка не-не дый забяжыць Пеця Блахін, нібы шукае майстра Рыбакова ці загадчыка склада. Ссуне палінялую кепку-аладачку на патыліцу, нахмурыцца i нібы незнарок параіць, дзе лепей выгрузіць бетон, як зручней замацаваць апалубку або хутчэй звязаць арматуру. I бетоншчыкі Рудзеньчыка адразу ажываюць, пачынаюць завіхацца.
Пазіраючы з катлавана, невысокі рыжаваты хлопец звяртаецца да Блахіна:
— Ты вось што, Пеця, скажы, чаму так выходзіць: паглядзіш — твае хлопцы ўсё робяць, нібы гуляючы, з перакурамі, з жарцікамі, i не адзін не ўпацее, а мы аж ca скуры вылузваемся, i ўсё наперакасяк выходзіць. У цябе дзвесце к канцу дня, a ў нас — нуль цэлых i кол дзесятых працэнта.
— Ты вучыў у школе байку Крылова, як мядзведзь дугі гнуў? — пытаецца Блахін.— Дык вось i ты, як той мядзведзь, усё на пуп бярэш, a дугі не выходзяць. Усё з розумам рабіць трэба. Вось учора ты апалубку не падрыхтаваў, а сёння i вылузваешся са скуры. Думаць трэба!
— Ты б, Пеця, да нас хоць на тыдзень прыйшоў, памог на ногі стаць,— загаманілі бетоншчыкі Рудзеньчыка.
— Калі мае хлопцы адпусцяць, магу памяняцца з Мікалаем,— не то жартам, не то ўсур'ёз адказаў Пеця Блахін i хуценька пабег да сваёй брыгады.
Тут хочацца забегчы крыху наперад. Як толькi краіна даведалася аб патрыятычным пачыне вышневалоцкай ткачыхі Валяйціны Гаганавай, у шматтыражцы «Сцяг новабудоўлі» з'явілася інфармацыя:
«Камсамолец Пятро Блахін, які ўзначальваў перадавую камсамольска-маладзёжную брыгаду бетоншчыкаў УНР-126, выказаў жаданне перайсці ў адну з адстаючых брыгад «Нафтабуда».
Ужо некалькі дзён ён узначальвае былую брыгаду Міколы Рудзеньчыка. Першыя дні работы паказалі, што ў бліжэйшы час брыгада будзе ў ліку перадавых».
Вясна на Дзвіне
Да саракагоддзя Савецкай Беларусі ў гарадку нафтабудаўдаў засялілі яшчэ восем інтэрнатаў, пусцілі ў ход лазню i воданапорную вежу, адкрылі амбулаторыю i бібліятэку, магазін i цырульню, накрылі будынак кінатэатра. Але колькі намаганняў, колькі энергіі прыклалі маладыя будаўнікі, каб напісаць у сваім рапарце гэтыя кароткія радкі сухой інфармацыі!
Зімою амаль усе маладыя рабочыя вучыліся ў філіяле будаўнічай школы, набывалі спецыяльнасці муляраў i тынкоўшчыкаў, сантэхмантажнікаў i арматуршчыкаў, а практыку праходзілі на аб'ектах, якія «не замарожваліся» i зімою: узводзілі сцены школы-дзесяцігодкі, паліклінікі, дзіцячага сада, некалькіх шматнавярховых жылых дамоў на 232 кватэры. Адзін за адным здавалі пад засяленне новыя інтэрнаты. К вясне ix ужо было трыццаць. У адзін з ix з Полацка пераехаў трэст № 16 «Нафтабуда» i дырэкцыя нафтаперапрацоўчага завода. У невялікім кутнім пакоі размясціўся дыспетчарскі пункт. Тут стаяць селектары i тэлефонныя апараты, звязаныя дзесяткамі правадоў з усімі ўчасткамі i службам: будоўлі. Сотні тэлеграм i тэлефонаграм штодзённа прыбываюць сюды з Украіны i Латвіі, Урала i Башкірыі аб адгрузцы «Нафтабуду» шчэбеню i цэменту, швэлеру i цэглы, каналізацыйных труб i кабеля. Тут няспынна б'ецца пульс вялікай будоўлі, што раскінулася на дзесятак кіламетраў уздоўж берага Дзвіны.
Мінулая вясна на Дзвіне пачалася рана i дружна. Як толькі прайшоў крыгаход, на рацэ затарахцеў буксірны кацер i пацягнуў з аднаго на другі бераг вялізны паром. У горад нафтабудаўцаў ён перавозіць гружаныя аўтамашыны, а назад — паражняк. Каля пераправы, з аднаго i з другога боку,— заўсёды даўжэзная чарга машын. Ix паток расце з кожным днём, гадзінамі «загараюць» шафёры, чакаючы кароткай каманды старога абветранага паромшчыка — «давай!»
Пераправа адыграла сваю ролю ў першыя месяцы будоўлі, а цяпер з'яўляецца тормазам усяго ходу работ. Муляры прастойваюць, чакаючы цэглу, а машыны з цэглаю расцягнуліся ў чарзе ад берага да самай Ахотніцы. Трэба шукаць выйсце, нешта рабіць, каб грузы ішлі без затрымак на будаўнічыя пляцоўкі. Мост адразу не пабудуеш, a вузкія палявыя дарогі, залітыя веснавою вадою, ператварыліся ў пасткі для кожнай машыны. Як толькі падсохлі дарогі, ад Полацка мастоўшчыкі пачалі класці шашу ў напрамку новабудоўлі, a ім насустрач з гарадка нафтабудаўцаў рушылі брыгады дарожнікаў, загрукаталі каменедрабілкі i бульдозеры каля Слабады i Плаксаў, але за дзень ці за тыдзень не пракладзеш шашу на дзесяткі кіламетраў, а грузы патрэбны сёння, зараз, у гэтую ж хвіліну. I ў цесным кабінеце ўпраўляючага трэстам збіраюцца інжынеры i начальпікі ўпраўленняў, тут першы сакратар Полацкага гаркома партыі тав. Сямёнаў i «маці нафтабудаўцаў» — Тамара Аляксандраўна Кажура, побач з ёю — прадстаўнік Міністэрства будаўніцтва тав. Раговін. Гэта нават не нарада, гэта хутчэй аператыўнае пасяджэнне баявога штаба ў палявых умовах. Рэгламент — тры хвіліны. Уносіць толькі канкрэтныя прапановы. Лаканічнасць прамоў нагадвае мову тэлеграфа — толькі самае істотнае. I ўсе сходзяцца на адным: да таго, як будзе пабудаваны капітальны мост праз Дзвіну ў раёне будоўлі, на месцы пераправы патрэбен наплаўны мост. Тут жа даецца заказ на тэрміновую тэлефонную размову з начальнікам Віцебскага ўпраўлення рачнога флоту тав. Прадонам.
— Патрэбна дзесяць баржаў для наплаўнога моста праз Дзвіну! — крычыць у трубку Катаводаў.— Хопіць. У нас сваіх ёсць чатыры штукі... Так, так, наплаўны мост, як на фронце. У нас i ёсць фронт, пярэдні край сямігодкі,— i твар Пятра Іванавіча расплываецца ўсмешкай. Гледзячы на яго, усе разумеюць, што мост будзе, i таксама ўсміхаюцца. Гэта толькі эпізод у бурным жыцці будоўлі. Кожны дзень ідзе закладка новых аб'ектаў: жылыя дамы, магазіны, яслі, бетонныя палігоны, пракладваецца шырокая асфальтаваная магістраль, якую тут завуць дарогай «А». Яна злучыць жылы гарадок з вытворчаю базай i нафтаперапрацоўчым заводам тралейбуснымі i аўтобуснымі лініямі. На ўзлессі пачынаецца будаўніцтва зялёнага тэатра, праектуюцца паліклініка i дом адпачынку, якія вырастуць у маляўнічым бары паміж гарадком i вытворчаю базай. Пасля работы камсамольцы абсталёўваюць тайцавальную пляцоўку, а брыгада добраўпарадкавання асфальтуе тратуары i вуліцы, саджае маладзенькія ліпкі i клёны, робіць кветнікі i газоны, электрыкі вядуць высакавольтную лінію. I амаль у кожнай справе ўзнікаюць непаразуменні i непаладкі, чагосьці пе хапае, штосьці не выходзіць, нейкі малавопытны рабочы дапусціў брак... Але гэтыя драбніцы губляюцца ў шырокім развароце работ, якімі пачалася вясна на Дзвіне.
З месца будоўлі пераязджаюць на цэнтральную сядзібу калгаса «Чырвоная зорка» былыя жыхары вёскі Слабада. Перавозяць хаты, хлявы i лазні. Ад былога ўпраўлення начальніка работ — № 121 ужо засталіся толькі сенцы: новую хату будуе ў калгасным пасёлку Ганна Мікалаеўна Плакса. Яна глядзіць на горад, што ўзняўся за нейкія дзесяць месяцаў на леташнім ільнішчы, i з прыхаванай пахвалою ў голасе кажа свайму былому кватаранту:
— Я ж думала, Рыгор Васільевіч, што вы жартавалі ca старое бабы тады, як схаваліся ў нас ад дажджу. Хто б мог думаць, што з такою блазнотаю за восень i за зіму гэтулькі тут наварочаюць. Каб сама не бачыла, не паверыла б,— і, памаўчаўшы, дадала: — Вось улезем у новую хату, першым госцем будзеце. Каб не ваш завод, стаяў бы наш катух яшчэ сто год. Толькі саду шкада, але ён тут нікому не замінацьме, хай добрыя людзі спажываюць ды дабром успамінаюць.
А сады гэтаю вясною стаялі, нібы замеценыя завірухай, белыя-белыя. Над імі гулі раі пчол, выгінаючы аксамітныя спінкі ў венчыках яблыневых кветак, i неслі ўзятак на новыя пасекі ў свае даўно абжытыя вуллі.
Па дарогах днём i ноччу ў воблаках рудога пылу беглі машыны, кожны дзень усё вышэй i вышэй уздымаліся сцены жылых дамоў. Следам за мулярамі ішлі тынкоўшчыкі Мікалая Завадскага i Галіны Сяргун, a ў першых паверхах ужо завіхаліся маляры Марыі Брыкоўскай. Каля кінатэатра заасфальтоўваліся пляцоўкі i тратуары, падвешваліся люстры да столі ў новай сталовай. А непадалёк ад садоў, што засталіся на былых калгасных сядзібах, на будынку трохпавярховай школы рабочыя ўкладвалі карнізныя пліты i ставілі кроквы. Дваццацідвухметровы вежавы кран спрытна падаваў на апошні наверх бетонныя бэлькі i цяжкія пліты i ўкладваў ix на месца з такою дакладнасцю, што рабочым заставалася толькі крыкнуць: «Лады! Малайчына, Валя!» А кран ужо каціўся з густым цоканнем па рэйках далей, круціліся лябёдкі, напіналіся тросы, i доўгая страла зноў з нейкаю артыстычнай грацыёзнасцю несла новы груз на высокі белы будынак. У празрыстай шкляной кабіне, асветленай гарачым майскім сонцам, на фоне чыстага сіняга неба быў відзён сілуэт кранаўшчыка, i знізу не пазнаеш — хлапец ці дзяўчына з такім майстэрствам кіруе гэтым вялізным паслухмяным механізмам. Кожны, праходзячы каля школы, спыняецца i падоўгу глядзіць, задраўшы галаву, на віртуозную работу крана. За шклом кабіны ён заўважае букецік кветак. Няўжо дзяўчына?
— Гэта наша Валя Забаронька,— тлумачыць майстар участка, нядаўні выпускнік Мінскага політэхнічнага інстытута Анатоль Шымко.— Яна сама не сядзіць i нікому не дае заседжвацца. Хлопцы скардзяцца, што пакурыць няма часу, калі Валя на змене.
Але якраз Валіна змена скончылася, i па стромкай лесвіцы з хуткасцю маладзенькай вавёркі збегла на зямлю бялявая вясёлая дзяўчына. Яна нешта даводзіла свайму зменшчыку, аб нечым папярэджвала яго, інструктавала тонам адказнага i старэйшага майстра. Потым, гарэзліва жартуючы, штурхнула яго ў плячо, i той паслухмяна палез у кабіну.
Мабыць, не ўпершыню пыталіся ў Валі, чаму яна стала кранаўшчыцай, a дзяўчына заўсёды, весела смеючыся, адказвае:
— Спытайцеся ў маёй мамы. Яна мяне з маленства верхалазам звала. У нас за Лагойскам растуць высачэзныя сосны, дык калі я яшчэ была ў чацвёртым класе, нашы хлапчукі лазілі на ix здымаць грачыныя яйкі, а я ўбачу, што яны ідуць, аббягу нацянькі, хуценька ўзбяруся на саменькі верх i сяджу. Палезе каторы, а я адтуль — шышкамі, шышкамі яго па спіне. Ён, як гарбуз, скоціцца на зямлю i крычыць: «Злазь, бо спілім хвою!» Так я ix i адвучыла. А дома маці лае, што сукенку падрала, што ўсе ногі ў стрэмках i смале. Цяжка ёй было пасля вайны. Татка загінуў на фронце, а яна ўвесь час у бальніцы санітаркай працавала i мяне з братам вучыла. Я, як толькі скончыла дзесяцігодку, адразу пайшла ў Мінскае вучылішча на машыніста вежавага крана вучыцца. Маме адразу i не прызнавалася, якую спецыяльнасць сабе выбрала. Даведалася яна, дык як загалосіць: «Кінь, дачушка,— кажа,— галаву скруціш. Лепш ідзі да нас у бальніцу за рэгістратара». Ледзь я яе пераканала, што кран у мяне не вышэйшы за нашу хату.
Валя, падняўшы ўгору галаву, доўга глядзіць на свой дваццацідвухметровы кран, побач з якім яна здаецца зусім маленькім i кволенькім падлеткам.
— Любата! — гаворыць яна.— Адтуль на дзесяць кіламетраў відаць вакол; уся будоўля, як на далоні,— і, памаўчаўшы дадае: — Наша, камсамольская.
Кожны дзень — флагі
20 мая пачаліся работы на будаўнічай пляцоўцы нафтаперапрацоўчага завода. Пакуль што быў створаны толькі прарабскі ўчастак. На месцы будучага завода-гіганта рабочыя высякалі хмызняк, складалі яго ў лаўжы, а на ачышчаных пляцоўках пачыналі закладаць падмуркі складаў пад абсталяванне i будаўнічыя матэрыялы, пачыналі будаваць памяшканне вучэбнага камбіната i сталовую, a самі пакуль што абедалі па-паходнаму, пад невялічкаю павеццю, што прытулілася да маладога бярэзніку. У першы дзень работ на новым рубяжы будаўніцтва быў узняты чырвона-зялёны флаг нашай рэспублікі. Да слупа імправізаванай сталовай прымацаваны фанерны плакат: «Закончым будаўніцтва першай чаргі беларускага нафтагіганта на год раней тэрміну!»
Убачыўшы тое, што зрабілі маладыя будаўнікі за дзесяць месяцаў, верыш кожнаму ix абавязацельству, кожнаму ix слову. Зробяць, пабудуюць, скараціўшы ўсе тэрміны i графікі, бо будуюць самі гаспадары свой горад маладосці, горад першай сямігодкі. I аблічча яго не будзе падобна на тыя гарады, што будаваліся нашымі продкамі i бацькамі. Тут — гарманічнае спалучэнне некранутай прыроды i самай дасканалай тэхнікі сучаснага горадабудавання. Кожны кусцік, кожнае дрэва ў лесе клапатліва ахоўваюцца будаўнікамі. Лес павінен застацца лесам — з чарнічнікам i вываратамі, з грыбнымі мясцінамі i чыстымі азярынкамі крынічнай вады, з імшарынамі i птушынымі гнёздамі. Голле гэтага старога бору ўжо цяпер калышацца пад вокнамі трохпавярховых дамоў, з паркетам i паравым ацяплепнем, з халадзільнікамі i ваннамі. Ад жылога гарадка вытворчую базу аддзяляе векавы бор, што працягнуўся на пяць кіламетраў ушыркі. У ім будуць пабудаваны санаторыі i піянерскія лагеры, дамы адпачынку i рабочая паліклініка.
Паміж заводам i вытворчаю базаю застаецца некранутая трохкіламетровая зялёная зона, што падыходзіць да самай Дзвіны. А на вуліцах гарадка ўжо шумяць маладыя прысады.
Смалістыя бары, верасовыя паляны i лясныя кветкі напоўняць новы горад водарам жыцця i сілы, прынясуць здароўе i радасць жыхарам беларускага нафтагорада. Тут усё — для чалавека, для яго будучага, для яго дзяцей. На нашых вачах расце горад камуністычнага заўтра, які праз некалькі год стане прамысловым раёнам старажытнага Полацка, магутным цэнтрам Савецкай Беларусі.
I сёння працоўныя будні чаргуюцца з урачыстасцямі перамог: амаль праз дзень начальнік будаўнічага ўпраўлення Рыгор Васільевіч Сабко здае дзяржаўнай камісіі то новы 16-кватэрны дом, то цудоўны будынак сталовай, якая можа ўпрыгожыць любы раённы цэнтр, то кінатэатр, то прадуктовы магазін, не горшы за многія сталічныя. Патрабавальная i прыдзірлівая камісія заўважае кожную шчыліну ў дзвярах, дрэнна закітаваную шыбу, няроўна пафарбаваную падлогу i праз такія «дробязі» не прымае аб'ект. Будаўнікі хвалююцца i крыўдзяцца, але старшыня дзяржаўнай камісіі няўмольны.
— Калі б вы так зрабілі асабіста для мяне, я, магчыма, i прыняў бы, а вы ж будуеце не толькі сабе, але i сваім нашчадкам. Перарабіце! Не хачу, каб вам перад імі было сорамна.
I перарабляюць. Праходзіць дзень, два — i над новым аб'ектам уздымаецца чырвона-зялёны флаг. Глядзіш на гэтыя флагі i здагадваешся, што ўжо ўступіла ў строй сталовая, кінатэатр, новы жылы дом, гараж. Асабліва прыгожа выглядаў дом каля самага лесу, у якім адкрываўся першы ў гісторыі гарадка піянерскі лагер. На арцы i на франтоне трапяталі ад ветру сцяжкі. Рабочы полацкага завода будаўнічых дэталей прывёў свайго адзінаццацігадовага сына ў лагер нафтабудаўцаў.
— Тата, а татачка, якое сягоння свята? — пытае хлапчук.
— Ніякага свята няма, сынок. Бачыш, усе працуюць.
— А чаму столькі флагаў развешана?
— Э... э... тут кожны дзень свята. Як закончаць новы будынак, так i сцяг павесяць — святкуюць будаўнікі перамогу. Вось хутка i на школе з'явіцца сцяг, ужо i вокны зашклілі, i пляцоўку асфальтам залілі.
Але ў сярэдзіне школы яшчэ стукалі сантэхмантажнікі, маляры шпаклявалі дзверы i адцягвалі панэлі ў калідорах i школьнай сталоўцы, сталяры абсталёўвалі спартыўыую залу. Школа была ўдарным аб'ектам ударнай будоўлі. Да майстра кожны дзень прыходзілі добраахвотнікі, пытаючы: «Можа трэба чым дапамагчы?» Ішлі тыя, што не паспелі закончыць сярэднюю школу i марылі сесці за парту пасля работы, прыходзілі бацькі першакласнікаў, i кожны прапаноўваў сваю дапамогу. Па некалькі разоў на дзень у школу заходзілі Сабко, Катаводаў i галоўны інжынер трэста Плоткін, не дапускаючы перабояў у забеспячэнні матэрыяламі, прастояў механізмаў.
Першага верасня над дахам школы ўзвіўся чырвоны сцяг, упершыню зазвінеў званок — зранку за парты селі дзеці будаўнікоў, a ўвечары — маладыя муляры i тынкоўшчыкі, шафёры i бетоншчыкі, тыя, хто будаваў школу сабе i сваім нашчадкам. У дзесятым класе вучыцца Каця Ніколіна. Пачатак навучальнага года супаў з вялікай радасцю ў яе жыцці — Кацю прынялі ў рады Камуністычнай партыі. У восьмы клас прыйшлі муляр нафтабуда, завочніца Мінскага энергетычнага тэхнікума Ліля Ашурак i работніца УНР-124 Рая Курыловіч, селі за парты вячэрняй школы Генадзь Быкаў i Мікола Маскевіч — больш за 300 юнакоў i дзяўчат вучацца цяпер у сваёй вячэрняй школе рабочай моладзі. Часам каля настаўніцкай можна сустрэць былых выпускніц Смалоўскай школы, выдатных тынкоўшчыц Галю Германтаву i Раю Бацінька. Цяпер яны, студэнткі-завочніцы Віцебскага педінстытута, прыйшлі на кансультацыю да сваіх будучых калег.
— Вось збудуем завод, закончым інстытут i прыйдзем настаўнічаць у гэтую школу. Тут жа ёсць частка i нашай працы,— гавораць студэнткі-тынкоўшчыцы.
...Вечарамі самы юны горад нашай рэспублікі заліты злектрычнымі агнямі. Ідуць заняткі ў школе, у кінатэатры дэманструецца новы фільм, у чырвоных кутках інтэрнатаў праводзяцца палітзапяткі. У рацыяналізатарскім бюро над чарцёжнымі сталамі схіліліся электраманцёр Лебедзеў i прараб Варашок — яны заканчваюць афармленне тэхнічнай дакументацыі на свае вынаходствы. У новых дамах іграюць баяны i гучаць суладныя песні — гэта брыгадзір тынкоўшчыкаў Мікола Завадскі, шафёр Iван Канапелька i асфальціроўшчык Міхась Лазуцкі спраўляюць наваселле.
A заўтра раніцою пачнецца новы працоўны дзень на новым рубяжы першай сямігодкі.
Перспектывы
Hi ў аддзелах трэста, ні ва ўпраўленнях начальнікаў работ, ні ў брыгадах не любяць гаварыць аб зробленым. Яго кожны бачыць сам. Тут усе думаюць аб заўтрашнім i паслязаўтрашнім дні, складаюць планы i намячаюць перспектывы, а яны сапраўды велічныя. К канцу 1961 года першая чарга нафтаперапрацоўчага завода павінна даць прадукцыю. Тут жа, на тэрыторыі завода, будзе пабудавана магутная цеплавая электрастанцыя, створаны вялікі вучэбны камбінат. Скончаць яго сённяшнія будаўнікі i стануць спецыялістамі нафтавай прамысловасці. Яны зоймуць свае месцы каля складаных машын у будучых цэхах завода, што неўзабаве вырасце тут, на ўзбярэжжы Заходняй Дзвіны. Праз некалькі месяцаў ад станцыі Ксты ў малады Полацк прыйдуць першыя цягнікі з абсталяваннем для нафтавага завода Савецкай Беларусі. К вясне ўзнімуцца сцягі яшчэ над дзесяткам трохпавярховых дамоў рабочага гарадка, сотні сем'яў справяць наваселле. На ўзлессі, каля самай Дзвіны, з'явіцца яшчэ адна вуліца, забудаваная прыгожымі катэджамі для лепшых рабочых будоўлі, a імі стануць сотні сённяшніх, нікому яшчэ невядомых, хлапцоў i дзяўчат, чые працоўныя біяграфіі пачаліся год таму назад на калгасным ільнішчы, каля вёскі Слабада. Яны памножаць славу рабочага класа нашай краіны, славу народа — будаўніка камунізма.
Комментарии к книге «Горад маладосці», Сергей Иванович Граховский
Всего 0 комментариев