— Сваяцтва ў гэтых Родзевічаў, відаць, далёкае,— жартаўліва падхоплівае размову Танк,— адлегласць такая, калі не большая, як паміж фацэціямі Леапольда і рамантычнымі аповесцямі Марыі. Дзіва толькі, як такія анахранічныя аповесці маглі падабацца? Нават галовы кружылі моладзі...
Я гавару, успамінаючы свае даўнія ўражанні ад «Грыўды», «Лета лясных людзей», «Дэвайціса», што пісьменніца ўмела зачараваць рамантычнай бескарыслівасцю, летуценнай высакароднасцю, хоць сацыяльныя пазіцыі часта былі ў яе невыразныя, нават старамодныя, кансерватыўныя. Ледзь не разам з ёю і пра той жа край пісала Ванда Васілеўская, а карціны зусім розныя. У Васілеўскай кіпіць барацьба палешукоў супраць асаднікаў, а ў Родзевіч усё цягнецца старая патрыярхальная ідылія. Рахманыя, забабонныя мужыкі і шляхетны пан дзедзіч, місіянер. Ён ідзе на кліч продкаў, ідзе цывілізаваць край і вяртаць былую славу свайму роду. Невядома толькі, ад каго яна чула такія легенды. Сама хіба што і была іх стваральніцай і адзіным прататыпам-дзіваком. Сяляне мясцовыя ўспамінаюць яе добра: абыходлівая была з людзьмі, дапамагала, у каго бяда ці патрэба, турыстаў заўсёды частавала ў Грушаве хлебам і малаком, любіла гойсаць вярхом на кані, стрыглася пад «польку» і насіла мужчынскія боты і галіфэ. Усё гэта інтрыгавала моладзь. Відаць, літаратурныя заробкі дазвалялі пісьменніцы рамантычна адносіцца да сваёй гаспадаркі і навакольных людзей. Зрэшты, тут справа не ў грошах, а ў характары чалавека. Яна не магла быць іншай, нават калі б не мела маёнтка ці не мела літаратурных заробкаў. Была б захопленым, бескарыслівым, крыху зухаватым фантазёрам. Гэта ўзнятасць над практычнымі справамі і ачароўвала маладыя душы. Лепшыя яе творы і сёння перавыдаюцца. Я неяк купіў у кнігарні «Дэвайціс», перачытаў — і пашкадаваў, што разбурыў свае юнацкія ўражанні.
...За акном цягнецца голая бязлесная раўніна. Сяды-тады аднастайнасць гэтай роўнядзі нераразаюць аж да гарызонта старыя канавы — гэта ўсё адгалінаванні ад асноўнага Каралеўскага канала, які мы перасячом далей, за Антопалем. Глядзіш на гэтую панылую аднастайнасць пейзажу і думаеш: «Далёка адгэтуль павінна была шукаць Марыя Родзевіч такія рамантычныя аб'екты, як свяшчэнны волат-дуб Дэвайціс, пад якім адбываецца таямнічая дзея ў рамане».
Комментарии к книге «Зорны спеў», Владимир Андреевич Колесник
Всего 0 комментариев