Уладзiмiр Арлоў
Няхай жывуць гановэрскiя вароны!
Мне хочацца хоць трохi пабыць жанчынаю. Цiкава, што яны адчуваюць - на вулiцы, у краме, у ложку... Цiкава зiрнуць зь сярэдзiны, як яны манэрнiчаюць, як кахаюць i як здраджваюць. Часам я хачу пераўвасобiцца ў адну кучаравую шатэнку са злосным позiркам, але падазраю, што ўжо даўно не выклiкаю ў яе анiякай станоўчай эмоцыi, а непрыхiльнасьцi да самога сябе мне не бракуе й без пераўвасабленьняў. Я не адмовiўся б пабыць пару дзён адной маёй знаёмай бляндынкаю, аднак прадчуваю, што потым замучае рэўнасьць да яе незьлiчоных прыхiльнiкаў. Пазнавальна, хоць i таксама небясьпечна, было б глянуць на сьвет i вачыма жонкi...
Напэўна, гэткiя думкi лезуць у голаў таму, што за вакном падае на цьмяна-вясёлкавы брук дождж, на стале курэюць чатыры вялiкiя кубкi кавы, а гаспадынямi трох зь iх апынулiся жанчыны.
Iх завуць Монiка, Сiльвiя й Мiрэла. Яны са смакам сёрбаюць каву, белая пара ад якой мудрагелiста зьвiваецца з лавандавым цыгарэтным дымком, яны са смакам шчабечуць на мове Гётэ й Дзюрэнмата i, мяркую, зусiм ня хочуць ператварыцца ў свайго вiзавi, што валодае нямецкай на ўзроўнi адукаванага чыюка з рэспэктабэльнай бюргерскай сям'i.
Каторая зь iх сталася б маёй абраньнiцаю ў выпадку экспэрымэнту зь пераўвасабленьнем?
Падобная да рубэнсаўскiх жанчын Монiка, што спрытна ладзiць самакруткi? Маленькая, зграбная й жывая, як мiркiль, Сiльвiя, што курыць "West"? Або смуглая, прыгожая нетутэйшаю (нягледзячы на бездакорную нямецкую мову) прыгажосьцю Мiрэла, якой не хапае на кубак кавы дзьвюх цыгарэтаў "Rоthmans"?
Пра аматарку самакрутак я ведаю толькi ймя.
Сiльвiя нарадзiлася ў Заходнiм Бэрлiне, але зьнелюбiла сьцiснуты кальцом гэдээраўскай сьцяны-анаконды горад настолькi, што ўцякла на захад, у Гановэр, дзе пачала пiсаць вершы й апавяданьнi.
Прозьвiшча Мiрэлы - Iванова. Дзякуючы ёй я ўжо ведаю па-баўгарску першае слова: "благодаря" - дзякую. Калi б я мог зараз стаць Мiрэлай, я ўспомнiў бы Сафiю, Вiташу, магчыма, задаўненыя ўжо ўцёкi ад жанiха за тры днi да вясельля - каб "не належаць нiкому, апрача паэзii".
Мiрэла любiць анатомiю. У сваiх вершах яна анатамуе зьявы й рэчы. Гэтую схiльнасьць падкрэсьлiвае яе падобны да компасу гадзiньнiк: на iм няма лiчбаў, а стрэлкi рухаюцца проста над вантробамi мэханiзму. Гадзiньнiк, што бесцырымонна анатамуе загадкавую субстанцыю часу, Мiрэла набыла ў бэрлiнскага магамэтанiна з турэцкiх кварталаў.
Комментарии к книге «Няхай жывуць гановэрскiя вароны! (на белорусском языке)», Владимир Алексеевич Орлов
Всего 0 комментариев