Ганна НАВАСЕЛЬЦАВА
РУСАЛЧЫНА ПЕСНЯ
Міфалагічнае
Явар і Каліна стаялі над глыбокім ярам. Шапталіся, калі вярталіся марозныя зімовыя чары, халадзілі вялікі свет. Цешыліся пад ясным маладым сонейкам. Звінелі лістамі тужлівай восенню, нібы жаліліся пра нешта яе дажджам. Явар і Каліна спявалі сваю лебядзіную песню. Ніхто яе не чуў, ніхто не прыходзіў у забытую даліну, дзе хаваўся той глыбокі яр. Падалі светлыя росы, ляцелі імклівыя вятры, змяняліся зімы і леты. Адно не ведалі Явар з Калінаю, што такі раўнадушны свет іх не пакінуў.
Тады русалкі сцягнулі месік-маладзічок. Падхапілі ды панеслі яго ў цёмныя-цёмныя нетры, не азёрныя, лясныя. Засвяціўся вялікі змрочны лес, весела загукаў магутным пошчакам лясун-уладар. І непраглядныя лясы зрабіліся чуйнымі ды ласкавымі, як ніколі таго не было. Ці мала, ці многа мінулася часу, але з іх, шчырых ды трывожных лясоў, нечуваным цудам-дзівам паляцела над светам русалчына песня: «Хочам, хочам закахацца, чалавечы лёс знайсці, і з каханымі застацца, і з людзьмі ў свет пайсці.»
Азывалася тая песня ад возера да возера, ад лесу да лесу. Панесла яе над жытнёвымі палеткамі вялікая русалчына спакуса. Дзівіліся той песні золкі ды туманы, вясёлыя яркія кветкі ды сцішныя ростані дарог. Не чакалі ад іх, ціхмяных русалак, лясных, азёрных ды палявых, такой чалавечай прагі. Толькі чым не ўсцешаць свет русалкі. Клічуць яны цёплыя дажджы, ад якіх наліваецца сілай жыта, вясёлае, густое, па якім хочацца бегчы, трымаючыся за рукі. Гукаюць яны вясну ў лясах. Мабыць, ад іх гукання з тых самых цёмных нетраў і прыходзіць яна, вясна, а з ёю радасць і чаканне новай сустрэчы. Гэта іх прыгажосцю чаруюць свет такія ціхія, такія ласкавыя сінія азёры. Слухалі іх песню жыты ды валуны, ласкава ўсміхалася сонейка над маладымі зялёнымі пагоркамі. Слухалі ўсе, а як не чулі.
Доўга ляцела русалчына песня над светам. Доўга ніхто не хапіўся іскрыстага маладзіка. Нібы зачараваная, песцілася зямля ў водблісках ласкавых зорак. А русалчына песня ляцела, чакала, шукала. І, нібы знайшоўшы некага дарагога, супынілася над тым глыбокім ярам. Пачуўшы яе, трывожна затрымцелі лістамі Явар з Калінаю, як узгадалі важнае. Штосьці забытае, але не страчанае.
Комментарии к книге «Русалчына песня», Ганна Навасельцава
Всего 0 комментариев