Францiшак Багушэвiч
Тралялёначка
Вёска нашая, невялiкая вёсачка, меж прыгоркамi, пры балотцы; на выган пясочак з прыгоркаў спёрла, тут i лес блiзюсенька, лес хоць i чужы, але выгода ёсць... На канцы вёскi Бартак Сасок жыў. Цяжкi быў чалавек Сасок: за сваю шкоду, хоць з прыпадку зробленую, нiкому не даруе, хоць залатоўку возьме, а сам, бывала, уночы конна сядзе i пайшоў чужыя межы спасываць; каменне з свайго поля дык усё, бывала, цягне на чужое... Эй, нядобры быў чалавек: як пазыча суседу рубель, то яму трэба дзень араць, дзень касiць, дзень жаць, кожны дзень па грошу працэнту аддаць, а рубель рублём. Пазыча табе бульбы на насенне - то ўжо сей напалавiну i насенне насеннем аддай; i ўсё гэтак! Купе, бывала, у скарбовым лесе крадзеную калоду, такую, што парай конi як зрушыць, а сам па яе не паедзе - суседаў нашле: удасца - добра, а зловяць - яны прапалi! От якi быў Бартак! Бывала, шапкi здымаем прад iм, як прад панам, бо ў яго i пiсар i старшыня - прыяцелi, з акцызнiкам у мястэчку, як з кумам, вiтаецца, дык як жа тут шапкi не зняць? А можа, думалi, i ён старшынёй будзе?.. Суддзёй ужо ж ён i тады быў. Даўно, праўда, усё гэта было, але было!
Гадоў таму з пятнасце наш Бартак апрануў ужо чорны сурдут, стаў часта ўлегцы ў Вiльню ездзiць, казалi - у банку iнтарэсы мае, а i да Замораўкi чагось, бывала, наварачуе. Ад нас да Замораўкi недалёка, але туды нiхто не ўчашчае: там пан надта дзiкi якiсь быў, Прыбалдоў зваўся; сам казаў, што ён ганарал, але мундзеру таго, каб якi там быў у яго ганаралскi, блiскучы - таго нiхто не вiдзеў, хоць крычаў па-ганаралску i бiўся.
Прысылаў ён здвойчы ў нашую вёску то яек, то курэй або парасят купiць, як у яго там госцi збяруцца, але, бывала, нi пасланец не аддасць, нi ў дварэ нiхто не заплаце; вот затым у нас i перасталi яму гэтак прадаваць без грошы, а ён перастаў пасылаць надарэмне. Гаспадарка ў яго там iшла кепска: мы сеем ужо на зiму, а ён сабе касiць зачынае; мы на зiму аром, а ў яго зажынкi, i ўсё гэтак, а ўсё-тыкi ганаралам зваўся!..
Казаў i наш Юдка-каваль, што i яму 100 рублёў вiнен, а плацiць не хоча; а вот жа Бартак адважыўся-тыкi яму ўсе свае грошы - семсот руб. - пазычыць, узяўшы облiг на паўтары тысячы. Тагды ўжо з ганаралам часта i гарбату пiў! Бывала, пехатой пойдзе да яго, а вернецца ў вялiкай панскай каламажцы, а спаткаўшыся з нашым братам на дарозе, здалёку крычыць: "Эй, з дарогi!"
Комментарии к книге «Тралялёначка (на белорусском языке)», Франтишек Богушевич
Всего 0 комментариев