«Развітанне»

407

Описание

отсутствует



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Развітанне (fb2) - Развітанне 110K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Борис Михайлович Микулич

І

Тонкая песня самавара, быццам струмень вады, што прабіў сабе шлях праз каменне, далятае са сталовай у яго пакой. Акрамя гэтай песні — ні гуку. Цішыня і нерухомасць пануюць ва ўсім доме. Гэта лепш. Добра, што мінуў перыяд, калі сваякі, ахопленыя спачуваннем і жалем, рабілі шмат непатрэбнага, слухаючы дактароў. Ад гэтых клопатаў было яшчэ цяжэй хвораму, нервы напружваліся, і вось-вось, здавалася, павінен быў наступіць фінал. Хворы ішоў да сябе ў пакой, дзе былі маўклівыя і на першы погляд безуважныя, але сапраўдныя сябры — кнігі. Усё чакалі сваякі, што скончыцца вайна і што можна будзе адвезці яго ў Крым ці на кумыс, а можа — за мяжу. Але вайна ішла, водгукі яе дакатваліся і сюды, няўхільна лезлі ўгору цэны на харчы, раслі разбэшчанасць, разгул, карупцыя, ажыятаж спекулянтаў, а канца не было. Першы, хто зразумеў, што хвораму трэба даць спакой ад надакучлівых клопатаў, быў бацька, Адам Юр’евіч. Ён, як і сын, разумеў, што хвароба невылечная, што толькі цуд можа спыніць яе страшную плынь... Але ў гэты цяжкі час ні бацька, ні сын у цуд не верылі. Сяброў было мала, але і яны паступова перасталі наведваць дом: адны пайшлі ў армію; другія з поспехам ажыццяўлялі набытыя ў ліцэі веды, рабіліся «падаючымі надзею» юрыстамі; трэція ўжо цалкам акунуліся ў вір жыццёвых дробязей, і песня іхняя была прапета; чацвёртым... Сярод сяброў быў толькі адзін — Павел Курнатоўскі, які не прымаў яго «славянафільства», але кпіў мякка, і было відаць, што кпіць ён больш, каб толькі кпіць, чым па сутнасці. Гэты юнак аднаго разу зацягнуў Максіма на патаемны сход, які адбываўся ў невялікай хатцы на самым беразе ракі. Было цёмна, асенні дробны дождж ліў на зямлю, з ракі рваў халодны вецер. Як вяртаўся з гэтай сходкі, кашаль разрываў грудзі, балела ў ключыцы, і ледзьве дабраўся дадому, доўга сядзеў над лістом і зрабіў тады першы накід аднаго са шматлікіх роспачных вершаў пра «цёмнае ліха», якое развеецца ад утульнай, «тонкай і ціхай» песні самавара... Не, для барацьбы арганізм яго быў занадта слабы — сухоты перамаглі юнацкія сілы...

Так, яму значна лягчэй, калі ён адзін, у сваім пакоі, дзе паліцы з любімымі кнігамі, дзе на лямпе зялёны кружок, А на паперах, на шырокім пісьмовым стале светлы круг ад лямпы, спакойны, утульны. Ёсць запаветнае месца ў пісьмовым стале, тут складзены ліст «Нашай нівы», кніжкі далёкіх таварышаў, некалькі экземпляраў «Вянка»,— пасланцы далёкай радзімы!.. Вянок, якім вянчаюцца поспехі? Ці вянок на магілу? А можа, на маладосць, пакрамсаную сухотамі? Купала, як выйшаў «Вянок», сказаў словы захаплення. Першакласны паэт, з літаратурным імем Ясакар, пісаў, што кніжка прынесла яму многія хвіліны асалоды. У адным з лістоў пераказвалі думку Цёткі пра тое, што яго «Вянок» ззяе кветкамі беларускага летняга поля...

І ў памяці паўстаў вобраз гэтай энергічнай жанчыны і паэтэсы. Тое, як яна залівіста смяецца, як дасціпна скача з крышку няўклюдным і сарамлівым Янкам Купалам. І тое, як падышла яна да яго, дакранулася рукой да форменнай тужуркі і сказала: «Трэба прыехаць да нас назаўсёды, зняць гэтую скуру, і хвароба пройдзе». Ці пройдзе?

Набягае яно

Вечарамі, начамі,

Адчыняе акно

І шамрэе кустамі...

Ён заўсёды слухаўся свайго натхнення, цалкам аддаваўся ўладзе музыкі, якая ўзнікла ў ім, ніколі не заціскаў яе, не стрымліваў, не абмяжоўваў. Лісткі пакрываліся дробным, але вельмі выразным почыркам, яны адкладаліся адзін да аднаго, парамі, з цягам часу ён вяртаўся да іх. Тады пачыналася праца, шліфоўка, праверка рытму, замена слоў. Яго мякка папракнулі ў кніжнасці мовы. І цяпер, апрацоўваючы вершы, ён заўсёды помніў гэты папрок. А думкі музычнай хваляй цяклі і адліваліся ў пяшчотныя, у запаветныя радкі:

І гавора адну

Старадаўнюю казку —

Аб любоў і вясну,

І жаночую ласку...

І хваля праходзіць, музыка сціхае. І зноў у полі ўвагі цячэ тонкая песня самавара. Пра што гэта? Пра каханне? Пачуццё тугі па радзіме, якое саграе, суцяшае, абнадзейвае. «След нагі на пясочку» — гэта ж з песень беларускіх, уласцівы народнай песні вобраз. Ён з кнігі? З Шэйна? Ці з запісаў бацькі? Няхай. Але гэты вобраз ён бачыць перад сабой, гэта вобраз радзімы, вярбы, ціхай люстранай ракі і жоўтага пясочку на беразе, на якім ледзь вільготныя сляды...

А як лепш — «старадаўнюю» ці «старажытную»? Гэта трэба апрацаваць. Развага ўжо ўзяла перавагу над пачуццём. Адкласці. Атрамант* высахне, пачуцці астынуць, у яго вялікае ўмельства глядзець на свае вершы староннім позіркам, халодным позіркам чытача і крытыка. І таму яго вершы маюць такую выдатную форму.

Новыя кнігі, часопісы, альманахі ляжаць перад ім. З іх ён выбера тое, аб чым напіша чарговую рэцэнзію ў мясцовую газету. Гэта яго пасільны заработак, які амаль цалкам ідзе на тыя ж кнігі. У дваццаць пяць гадоў трэба было б жыць самастойна, зарабляць не толькі на сябе, але і на сям’ю. Колькі разоў узнікалі гутаркі аб гэтым! Але такт Адама Юр’евіча, бацькі, згладжваў вострыя куты. Аб гэтым будзем думаць, калі льга будзе паправіць здароўе...

Максім раскрывае кнігу. Быў час, калі захапленне сімвалістамі было вельмі моцнае. Але скора ён пачаў добра разбірацца, дзе пачыналася тут сапраўдная паэзія, а дзе апускалася заслона перад прорвай, за якой — пустата. Блока і асабліва Брусава ён даўно вылучыў з плеяды агулам ахрышчаных «дэкадэнтамі» паэтаў, вылучыў за тое, што яны выйшлі ў свет сапраўднага жыцця і мастацтва, а не спыніліся перад гэтай заслонай. Захапленне Брусава армянскімі паэтамі падзяляў і ён, Максім. Але тое, што ён чытаў цяпер, уразіла яго не толькі хараством формы і глыбінёй думкі, а нечым яшчэ большым.

Перад ім былі пераклады з Саят-Новы.

І тое, што гучала як баявы заклік сто пятнаццаць, сто дваццаць гадоў таму назад для іншых людзей, авалодала Максімам Багдановічам з нечаканай свежасцю і сілай. Быццам яго ўласныя, нясмелыя, але запаветныя думкі кіравалі і гэтым армянскім паэтам, імя якога авеяна любоўю народнай і легендамі.

Перад ім вырысоўвалася маленькая Грузія, якую ён ніколі не бачыў і, мусіць, ніколі не ўбачыць, але лёс якой быў яму блізкі і зразумелы, бо ён быў такім жа, як лёс яго радзімы, яго Беларусі. «Краю мой родны! Як выкляты богам,— колькі ты зносіш нядолі». Зноў, зноў на тваіх палях гадзюкамі віецца калючы дрот, зноў цела зямлі тваёй парэзалі акопамі і траншэямі, зноў у дыме і агні гінуць твае вёскі і мястэчкі, зноў з папялішч, з раскіданых гнёздаў бягуць людзі, уцекачы... зноў бот немца-заваявальніка топча твае палеткі...

А там... Орды Ага-Магамет-Хана, разбэшчаныя рабаўніцтвам орды, ляцелі на Грузію, на старадаўні прыгожы горад Тбілісі. Тады Тбілісі быў горадам не толькі грузінскіх паэтаў, ён быў прытулкам армянскай музы: многія народы Закаўказзя лічылі яго сваёй Меккай. Ці не тым, няўхільна ўзнікла раўналежна астатняй думцы параўнанне, для беларусаў, літоўцаў, яўрэяў Вільня была пэўны час. Многія народы і многія гарады схілілі пакорлівую галаву перад касым і драпежным Ага-Магамет-Ханам. Многа разоў грузінскія і армянскія землі пакрываліся попелам ад падпаленых рукой бязлітаснага заваявальніка сёлаў і гарадоў, трупамі ненавісных мусульманскім ордам хрысціян... Але Тбілісі, як фенікс, зноў падымаўся, зноў распраўляў крылле, зноў спяваў сваю салаўіную песню. І зноў ён быў у коле персіянскіх войск, ужо трон драпежнага персіяніна стаяў у старажытным саборы Мцхеці... І ўзняўся народ, узняўся грузінскі, армянскі народ, узняўся магутнай з’яднанасцю, каб грудзьмі абараніць сваю Мекку, адстаяць ці памерці... Няхай князі спрачаюцца паміж сабой, ім патрэбна ўлада і багацце, а народу патрэбна жыццё, воля, шчасце... Узброеныя чым папала жыхары Тбілісі выходзяць насустрач спрактыкаваным коннікам шаха, а паперадзе іх, узнімаючы ўгору рукі, узвышаючы голас, ідзе, спяваючы баявую песню, што кліча на бой за Айчыну, ідзе Саят-Нова**...

Цішыня, нерухомасць. Не сочыцца праз каменне тонкі струмок вады. Заціх самавар у сталовай. Між лапатак боль — значыць, многа сядзіць, значыць, позна. «Я бальны, бяскрыдлы паэт...» Максім Багдановіч адсоўвае кнігу, якая так уразіла яго. Ён узнімаецца з крэсла і колькі хвілін стаіць нерухома, яшчэ ахоплены думкай. Каштанавыя валасы над высокім ілбом, такія ж вочы, якія часта цямнеюць, здаюцца нават чорнымі, над чырвонымі, хваравіта-яркімі вуснамі мяккія вусы, трохі святлейшыя за валасы. Твар вельмі бледны, малочна-белы, толькі на скулах ружавеюць дзве плямы сухотнага румянцу. Ліцэйская тужурка, у ёй вельмі ўтульна, хоць яна і старая ўжо. Максім ідзе ад стала да печкі, каля якой, на сцяне, вісіць люстэрка ў металёвай простай акантоўцы. Матчын падарунак. Было гэта тады, калі сын, хлопчыкам, употай пагаліўся. Маці, мякка ўсміхаючыся, сказала: «Ну, раз пагаліўся, значыць, і люстэрка трэба заводзіць». Маці размаўляла па-руску, як і ўсе ў доме, але часта ў гаворцы чулася яе мяккае «дз». Люстэрка вісела ля печкі. І яно было сведкай таго, як змяняецца аблічча паэта ад хваробы. «Цёмнае ліха», «цёмнае ліха» — вобраз гэты любіў паўтараць. Так, сягоння яно развеялася, гэтае ліха. Саят-Нова дапамог. Яго мужны голас, напоены любоўю да прыгнечанай радзімы, быццам уліў сілы. А заўтра? Ці хопіць мужнасці перасіліць боль, кашаль, безуважна глядзець на кроў, не страчваць надзеі, калі раптам не хапае паветра, раптам здаецца, што цябе душыць і што вось-вось спыніцца сэрца, назаўсёды спыніцца сэрца? Што дасць сілы?

«...зняць гэтую скуру, і хвароба пройдзе...» Чые гэта словы? Ах, гэта сказала вясёлая і энергічная Цётка, стаўшы на хвіліну сур’ёзнай і чула-ўважлівай.

Не! «І думкі мкнуцца мімаволі туды, дзе расцвіла вясна...» Ён даўно гэта выказаў такімі простымі і велічна-прыгожымі словамі. Яго слуцкія ткачыхі адчувалі тое ж, што і ён, бо што больш страшнае — няволя ці сухоты? Ён стаіць перад люстэркам і ўжо не глядзіць у яго. Тое, што непакоіла вось ужо многа дзён, што намагаўся ён заглушыць работай, чытаннем, перакладамі, шліфоўкай вершаў для новай, лепшай, кнігі, зноў валодае думкамі, зноў патрабуе прыняць рашэнне.

Набягае яно

Вечарамі, начамі...

Саят-Нова... Вецер ля ракі ў асеннюю ноч... Сур’ёзныя і чула-ўважлівыя вочы Цёткі... Газеты з доўгімі спісамі забітых, лінія франтоў са знаёмымі і дарагімі назвамі мястэчкаў і гарадоў... Дым і стогны... І людзі на папялішчы... «Краю мой родны! Як выкляты богам...» Рашэнне, рашэнне!..

* Атрамант (уст.) — тое, што і чарніла.

** Саят-Нова (сапр. Аруцюн Саадзян; 1712—1795) — армянскі паэт, буйнейшы прадстаўнік армянскай свецкай сярэдневяковай паэзіі.

ІІ

Нечакана для сваякоў ён праявіў упартасць і, паклаўшы ў маленькі фанерны баульчык некалькі кніжак, рукапісы, ручнік, люстэрка, развітаўся з імі і сабраўся на Беларусь. Ён нават не хацеў, каб яго праводзілі на вакзал, але бацьку ў гэтым ён не мог адмовіць. Ужо ў вагоне, перад тым як развітацца, бацька сказаў:

— Беражы сябе, Максім...

Ён зірнуў на бацьку глыбокімі вачыма — яны былі цёмныя, амаль чорныя, і гэта сведчыла аб тым, што ён хвалюецца.

— А хіба гэта дапаможа?

Адам Юр’евіч не глядзеў на яго, глядзеў на сваю пышную і прыгожую бараду. Ніводнага сівога валаска не было ў ёй. Бацька быў не тое, што сын, бацька быў дубам. Ён павінен быў сыну сказаць іншае, але не мог гэтага сказаць.

— Пры развітанні заўсёды павінна быць надзея,— сказаў бацька.

Скора пачуўся званок. Бацька, развітваючыся, пацалаваў у лоб. А калі выйшаў на перон, спыніўся, але не каля яго вагона, а воддаль. З твару споўз выраз насцярожанай уважлівасці, на твары была непрыкрытая роспач. Міма спяшаліся насілынчыкі, чуліся апошнія словы, якімі абменьваюцца звычайна на вакзалах, жандары і чыгуначнікі напоўнілі перон. Але ўсё гэта ішло паўз яго ўвагу. Усё гэта нібы адбывалася недзе далёка ад яго, ад яго свядомасці.

— Сынка праважаеце?

Гэта быў як-ніяк саслужывец — бацюшка, ліцэйскі настаўнік. Прыйшлося адказваць.

— Лячыцца паехаў?

— Так, лячыцца,— сказаў і адчуў, што сорам і крыўда пякучым комам слёз збіраюцца ў горле. Але што яму скажаш? Хіба ён, свяшчэннік, зразумее, што сын паехаў і не на вайну, і не на курорт, а туды, дзе ніцыя вербы, ціхія люстраныя рэкі, жоўты пясочак на беразе, на якім ледзь вільготныя сляды... туды, дзе віецца гадзюка — калючы дрот, цела зямлі парэзана акопамі і траншэямі... дзе цяжка і страшна здаровым, а не такім, як яго сын. Не, не зразумее ён гэтага, і не трэба аб гэтым гаварыць.

Поезд набаўляе скорасці. Пэўны час Максім глядзіць у акно, але томяцца вочы, і ён пачынае пазіраць на пасажыраў. Вось дама ў чорным адзенні, чорная вуаль* апушчана на твар. А па ім хто-небудзь надзене жалобную вуаль? Вось шыракаплечы, шырокабароды, шыракатвары чалавек гадоў пяцідзесяці. Ад яго пахне віном. Твар чырвоны, задаволены, надта здаровы. Мусіць, бычынае сэрца і такія ж бычыныя нервы. Гэтаму вайна на руку. Далей — чыноўнік, пенснэ, форменная тужурка, нізкім вожыкам падрэзаныя валасы і дагледжаныя бачкі. Бязлікая асоба, для карыкатур у «Сатырыкон»**. Далей — сям’я з трох чалавек, дробныя землеўласнікі або заможныя мяшчане. Яны — маленькі кругленькі муж, вежападобная жонка ў капелюшы, што нагадвае індыйскую пагаду, і дачка, маленькая дзяўчынка гадоў васьмі з чысценькім прыгожым тварыкам, не падобным ні на матчын, ні на бацькоўскі. Нягледзячы на тое, што поезд ідзе якую-небудзь гадзіну, ужо расклалі пакуначкі, торбачкі, скрыначкі са смажаным, вараным, печаным і вячэраюць, ці не, падвячоркваюць. Ва ўсіх вельмі добрыя зубы і надта добры апетыт.

— ...а салдацікі дзякуюць яго благароддзе,— чуецца з канца вагона павольнае апавяданне пра тое, як нейкая важная персона наведала шпіталь. У голасе — слодыч, замілаванне, голас дрыжыць слязой.

І — ноч. І не можа Багдановіч заснуць. Нічога не баліць, нават лёгка дыхаць, і думак асабліва цяжкіх ці складаных няма, і вагон пагойдвае досыць рытмічна, а спаць не можа. Што замінае, што непакоіць?

— ...генерал не бярэ тую страву, якую яму на талерцы паднеслі, а ўзяў лыжку і ў бачок палез самаўласна, у бачок, разумееце? — цячэ замілаваны галасок, павольна, разважліва.

Я хлеба ў багатых прасіў і маліў —

Яны ж мне каменні давалі...

раптам праносяцца ў думках радкі старога верша, і пасля іх грукат вагонных колаў на рэйкавых стыках робіцца больш выразны, больш настойлівы. Не, яму не заснуць, гэта ясна. Калі б ён курыў, ён бы выйшаў у тамбур, а так ісці няма чаго. Але ўслед за гэтай думкай другая прымушае яго ўзняцца, накінуць на плечы шынель і выйсці з вагона. Соннае мармытанне і храп засталіся за дзвярыма. Цячэнне паветра ад шпаркага руху поезда было, як вецер. І ізноў у памяці ўзнік вобраз Паўла Курнатоўскага, цемра, дробны дождж, хатка на беразе ракі і вецер. Аб чым тады ішла гутарка? Аб тым, што вайна — а яна тады толькі пачалася — канчаткова аголіць усе супярэчнасці капіталістычнага грамадства, што цяжар яе ляжа на плечы пралетарыяў і незаможнага сялянства, што на вогнішчы яе будуць грэць рукі прамыслоўцы, банкіры, купцы. Вецер быў надта рэзкі. Ён спрабаваў павярнуць да яго твар, але лёгкім не хапіла паветра, закашляўся, і кашаль суняць удалося толькі дома, праз гадзіны дзве.

І тыя каменні між імі і мной

Сцяною вялізнаю ўсталі.

Безумоўна, гэты цыкл вершаў «З песень беларускага мужыка» — лепшае, што ім напісана. У новай кніжцы ён збярэ іх у адно, і яны, з’яднаныя адзінай выпакутаванай думкай, загучаць з новай сілай... Ён, калі думае аб іх, не адчувае сябе «эмігрантам», ён нібы бачыць сваю радзіму, дыхае яе паветрам, падстаўляе твар сонцу яе...

Поезд спыняецца. Нейкая станцыя. Праваднік павісае з ліхтаром на падножцы. Пасажыраў няма. Толькі станцыйны ліхтар у цемры. Вельмі самотны ліхтар. Б’юць у звон. Поезд ідзе далей. Праваднік асвятляе Багдановічаў твар ліхтаром.

— У вас няма папяросы? — пытаецца Багдановіч.

Праваднік дастае папяросы і дае яму закурыць ад свечкі.

— На фронт?

— Так, на фронт.— Ён зацягваецца дымам таннае папяросы, і ад непрызвычаенасці пачынае туманіць галаву. Вострае, непрыемнае і разам з тым салодкае адчуванне. Праваднік ідзе ў вагон, а ён прытуляецца лбом да шкла дзвярэй. Іскры ад цягніка, далёкія агні, зоркі. Яшчэ нядаўна ён бы мог з гэтага мільгання кавалкаў свету плесці дзівосныя вобразы, рытмы, адліваць іх у санеты, рандо. Яшчэ нядаўна ён бы мог з гэтага руху пасмаў дыму, хмараў, цемры, агнявых водбліскаў ляпіць дзівосныя прывіды — дэманаў, лесуноў, русалак. Але цяпер... цяпер ён ужо больш не можа гэтага. Чаму? Ці сталасць прычына гэтаму? Ці страцілася хараство ўсіх гэтых вобразаў, якія ўвабраў ён і з твораў антычных геніяў, і з мудрасці народнай творчасці?

Я хлеба ў багатых прасіў і маліў —

Яны ж мне каменні давалі...

І гэтае каменне стала сцяной паміж сытымі і мужыком, усё вышэй і вышэй гэтая сцяна. І што будзе, калі яна заваліцца, каго пахавае пад сабой? Адсюль — яшчэ адзін крок, яшчэ адно слова. «Чуеш гул? Гэта сумны, маркотны лясун пачынае няголасна граць...» Чуеш гул? Гэта рвуцца нямецкія снарады над беларускай зямлёй, гэта стогне зямля пад ботам заваявальніка, гэта галосіць маці, ломячы рукі над папялішчамі, над магілай сваіх дзяцей...

Багдановіч уздрыгнуў. І рэчаіснасць адразу бярэ яго ў бязлітасныя абдымкі, прымушае ісці ў вагон, і начное паветра б’е яму ў нос сумессю перагару, поту, адэкалону і ваксы. Ён прабіраецца да свайго месца і выпростваецца на лаўцы. Спаць.

— Канешне, у наш час сорак тысяч — гэта вельмі маленькая сума, гэта не капітал,— прачынаючыся, чуе Багдановіч голас чыноўніка.— Але яшчэ нядаўна за такі фальварак плацілі пятнаццаць, ну, самае большае, дваццаць тысяч. Потым — фронт, лінія фронту вельмі блізка.

Яму адказвае шыракаплечы шырокабароды пасажыр, вылушчваючы лыжачкай рэшткі з яечнае шкарлупкі. Прычмоквае, заядае булачкай, намазанай маслам. Жуюць, прычмокваюць, глытаюць, аблізваюцца, смокчуць усе ў вагоне.

— Апошняе не можа служыць, васпан, перашкодай. Нашы генералы стрымалі натоўп, лінія фронту ўжо некалькі месяцаў стаіць на адным месцы... а калі і зварухнецца, дык у іхні бок... Можаце быць упэўнены.

— Так, гэта так,— твар чыноўніка кіслы, і па ім нельга разабраць, ці кажа ён шчыра, ці не,— але ўсведамленне таго, што недзе побач вайна... Потым гэтыя ўцекачы, дэзерціры, палонныя... Не, мы перадумалі. Мы вырашылі паехаць на дачу...

Дама ў чорным адзенні раптам дастае чорную мярэжкавую хусцінку, прыкладае яе да вачэй, не падымаючы вуалі, і плечы ў дамы пачынаюць уздрыгваць. Багдановіч сядзіць насупраць яе, ён разумее, што трэба падаць шклянку вады, але зрабіць гэтага не можа. Дзіўная скаванасць ва ўсіх членах, дзіўная безуважнасць да гора гэтай жанчыны.

— Мы...— усхліпвае жанчына, і на хвіліну спыняюцца цмоканне, жаванне, глытанне, аблізванне, што перапаўнялі дагэтуль вагон.— Мы спадзяваліся прывезці Жоржа са шпіталя ў свой маёнтак і вось... вось не паспелі. Уявіце сабе, ён памёр у шпіталі, сярод салдат, у смуродзе, у паразітах...

— А ці ўпэўнены вы,— раптам пытаецца Багдановіч, і ружовыя плямы ўсплываюць на яго шчоках,— ці ўпэўнены вы, што паміраць на белай прасціне, сярод фіялак і ландышаў, нават пад салаўіныя пераклікі лягчэй?

— Але паразіты, гной, кроў,— усхліпвае жанчына, і ўсе недаўменна глядзяць на бледнага і дзёрзкага маладога

чалавека. Глядзяць і бачаць, што ў цёмных вачах яго — агні, а чырвоныя, залішне чырвоныя вусны крывяцца ад усмешкі.

— Вы не паважаеце матчынага гора,— басавіта кажа вежападобная жанчына ў капелюшы, на якім ліловыя стужкі паплецены ў індыйскую пагаду.

— Наадварот,— адразу ж адказвае Багдановіч.— Мне вельмі цяжка ад таго, што тысячы матак нават не могуць знайсці магіл сваіх сыноў, занесеных снегам у Прусіі, у Мазурскіх балотах, у Галіцыі...

— Яны загінулі за Айчыну,— перапыняе яго чыноўнік.

— Дык суцешце гэтым даму. А вы клапоціцеся аб набыцці фальварка,— разам з кашлем вырываецца хрыплы крык,— вы клапоціцеся аб тым, куды лепш патраціць сорак тысяч, бо заўтра яны яшчэ больш упадуць у цане...

— Малады чалавек!..

Але ён ужо не слухае. Ён бярэ свой баульчык і ідзе, не, не ідзе, а бяжыць з вагона. Злосць і агіда душаць яго. У тамбуры ён застанаўліваецца. А калі поезд спыняецца на станцыі, ён пераходзіць у другі вагон.

Гэта вагон трэцяга класа, напоўнены дробным людам, салдатамі, сялянамі. І на верхніх паліцах сядзяць па некалькі чалавек, звесіўшы ногі трохі што не на галовы тым, што сядзяць унізе. Разутыя боты з закарэўшай граззю, лапці, аборкі, а вось пустая калашына, перавязаная ружовай істужкай... Селянін, які сядзіць на кулі, пасунуўся і моўчкі даў яму месца ля акна. Багдановіч паставіў на падлогу баульчык і апусціўся на яго. І тут яго ўзяў кашаль... Селянін падтрымліваў Багдановіча за плечы, жанчына ў даматканым жакеце і ў вялікай хустцы на плячах трымала перад ім бляшаны чайнік, а на далоні, на далоні — ружовы ледзянец. Навошта ледзянец? Багдановіч сіламоць усміхнуўся, але гэта была не ўсмешка, а грымаса болю.

— Як скруціла хлопца,— сказаў нехта згары.— Яго трэба пакласці.

Не, не, яго класці не трэба, ён не будзе класціся, ад гэтага яшчэ горш. Хто, што развее на гэты раз «цёмнае ліха»? І разам з кашлем, са стогнам, з хрыпам ён выціснуў з горла такія словы:

— Не клапаціцеся, не варта, пройдзе, усё пройдзе. Лепш падумайце аб горы, аб тым народным горы, якое пануе на нашай зямлі. Вось ці хопіць сілы здужаць яго, гэта гора?..

«Памірае»,— падумала жанчына. «Блазан ці вар’ят?» — мільганула ў галаве бязногага. «Добры чалавек, праўду гаворыць»,— уздыхнуў селянін і ўспомніў трох сваіх сыноў, на якіх прыйшла пахавальная. «Сацыяліст, сухоты, мусіць, у астрозе дастаў»,— здагадаўся маленькі яўрэй і памацаў пры гэтым чорны картуз на галаве. «Памрэ»,— канстатавала жанчына і схавала ў кішэню ружовы ледзянец.

Не, ён не памёр. Ён перасіліў смерць, як многа разоў дагэтуль. Але ён доўга не мог гаварыць, ён толькі слухаў. Прыпадак як бы спрыяў таму, што да яго паставіліся даверліва, і ўсе яму апавядалі аб сваіх турботах. І з апавяданняў гэтых паўставала перад ім народнае гора — маўклівае, шэрае, няўхільнае, цяжкае і даўкае гора.

А за вокнамі была ўжо Беларусь — вузкія палоскі супеску, узгоркі з соснамі, дзікая груша сярод поля, саламяныя стрэхі... «Краю мой родны! Як выкляты богам,— столькі ты зносіш нядолі!..»

* Вуаль — лёгкая празрыстая тканіна.

** «Сатырыкон» — штотыднёвы часопіс сатыры і гумару ліберальна-буржуазнага кірунку; выдаваўся ў 1908—1914 гг.

ІІІ

Недалёка ад Мінска поезд раптам спыніўся. Багдановіч чамусьці, узяўшы свой баульчык, выйшаў з вагона. Поезд стаяў перад апушчаным шлагбаумам. Чыгунку пераразала дарога, і па ёй, здавалася, бясконцай чарадой цягнуліся калёсы, пешаходы, прывязаныя да вазоў каровы. Больш усяго ішло людзей уздоўж дарогі. А на калёсах быў іхні скарб — кажухі, клеткі з курамі і парасятамі, клункі адзежы, кулі з мукой, куфры. А на гэтым сядзелі дзеці, жанчыны. Коні былі стомленыя, і мала іх было добрых, усё больш хударэбрыя. Людзі ішлі ў лапцях, у атопках, многія былі босыя. А дарога — месіва веснавой гразі, якая ўжо не замярзала і ўначы. А над дарогай ляжала шэрае хмарнае неба, навокал, часткова ўзараныя, ляжалі шэрыя палеткі,

бор на ўскраі неба быў таксама, здавалася, ахутаны шэрай ватай. Твары ў людзей скрозь былі стомленыя, нібы дым крануў іх, закапціў шэрай копаццю. Па беларускай дарозе ішло народнае гора.

Быццам прыкаваны да зямлі, стаяў Багдановіч у накінутым шынялі, з фанеравым жоўтым баулам у абедзвюх руках, стаяў і глядзеў на людзей, коней, колы, дарогу. І вось у полі зроку паплыў воз, на якім, на чорным ад часу куфры, сядзеў хлопчык у вялікай шапцы з паламаным брылём і, трымаючы чорнымі ад бруду рукамі кавалак хлеба, прагна еў яго. Нічога асаблівага не было ў гэтым, але нешта як бы падштурхнула Багдановіча, ён падлез пад шлагбаум, кінуў на воз свой баул і пайшоў побач з возам. Ісці было лёгка, нібы не было нядаўняга прыпадку, нібы не было цяжкой, знясільваючай хваробы.

Уцекачы...

З-пад Ваўкавыска, з-пад Гродна, з-пад Вільні...

Куды?

У Мінск... Абы-куды... Толькі далей ад пекла, ад жахаў, ад разбурэння і гвалту, ад папялішчаў і нямецкіх парадкаў...

Яны з розных мястэчак і вёсак, з-пад розных гарадоў, яны ніколі б не сустрэліся, каб не гэтае гора, каб не гэтае цёмнае ліха. Няшчасце з’яднала іх. Калі чалавек шчаслівы, яму не трэба шукаць падтрымання. Гора кідае яго на пошукі таварышаў, гараваць супольна лягчэй.

Багдановіч пераходзіў ад воза да воза, распытваў, слухаў, слухаў адну і тую ж гісторыю пра няшчасце, расказаную аднолькавымі словамі. Страшнае было ў тым, што большасць сярод гэтых людзей выкладалі дэталі свайго няшчасця з нейкай пакорлівасцю, з нейкай безуважнасцю, з бязмернай безнадзейнасцю. Ён слухаў сялян і жанчын, дзяцей і старых, а недзе ў мазгу, у маленькім куточку яго, узнікла і знікла, зноў узнікла і зноў знікла пытанне: паэт, што ты зрабіў, каб аблегчыць народнае гора? Ды хто з іх ведае, што ён паэт? Колькі з іх умее чытаць? Як можа трапіць да іх кніжка, надрукаваная невялікім тыражом у друкарні пана Марціна Кухты?

Ён набавіў ходу і нагнаў пярэдні воз.

На ім сядзела дзяўчына гадоў семнаццаці. Русавалосая. З чыстым, крыху вузкім тварам. Сінія вочы. Лёгкая ружовасць. Трохі абветраныя вусны. Даматканая рудая світка, пашытая на мужчыну, а на галаве — хустка з крамы. А ў руках кніжка. Не ў першыя рукі трапіла кніжка, без корачак, з пашарпанымі краямі.

— Чытаеце?

Дзяўчына ўзняла вочы на бледнага студэнта, у сіняй глыбіні вачэй яшчэ гарыць цікавасць да таго, што толькі што чыталася.

— Але ж.

Студэнт паклаў руку на воз і пайшоў побач. Відаць, што яму так лягчэй ісці. Па чырвоных вуснах, вельмі яркіх, па чырвоных плямах на шчоках зразумела дзяўчына, што ў хлопца сухоты.

— Сядайце.

Ён матнуў галавой.

— Не, каню цяжка,— сказаў ён.— Я дайду, скора горад.

— Вы таксама ратуецеся?

— Так, ратуюся, толькі не ад немцаў.

Яна паклала кніжку ў кішэню, і гэта скіравала ягоныя думкі на іншы шлях.

— Дык што ж вы чытаеце?

Яна апусціла вочы.

— Ат, нічога, адну кніжку...

Ён засмяяўся:

— Бачу і сам, што кніжку... Хіба да кніжак вам? Вы што — кніжкай хочаце захіліць свае вочы ад гэтага жаху? Хіба да кніжак цяпер?

Яна глядзела на яго і мала што разумела. Чаму такім гневам гучаць словы гэтага хворага студэнта і чаму да яе накіраваны яны? Цьмяна, але яна ўсё ж уцяміла сэнс папроку.

— А што ж рабіць, па-вашаму? Плакаць? Ужо няма слёз. Што ж рабіць?

Ён ішоў моўчкі.

— Што рабіць? — як бы перапытваючы самога сябе, паўтарыў ён яе запытанне. Потым рэзка кінуў: — Не ведаю.— І, закашляўшыся, адстаў.

Набліжаўся Мінск.

На ўскраіне горада хворы студэнт зноў нагнаў воз, на якім сядзела русавалосая дзяўчына. Яна не чытала, а з цікавасцю глядзела навокал. Надзеяй сустракала яна незнаёмы горад. Шчаслівая. Кніжка ляжала ў кішэні. Высоўваўся пашарпаны край.

— Скажыце, якую кніжку чыталі вы?

На гэты раз засмяялася яна.

— Вы цікавы! Не скажу.

Прыемны быў у яе твар — малады, з выразам надзеі.

— Ну, хоць на развітанне,— і ён засмяяўся па-маладому, бо быў па сутнасці такім жа,— хоць імя сваё скажыце. Ваша імя...

Пад яго позіркам дзяўчына апусціла вочы.

— Вераніка,— ціха сказала яна.— А ваша?

— Ахрысцілі Максімам.

Дзяўчына паднялася з куфра. На твары было здзіўленне. Яна выцягнула з кішэні кніжку і кінула яму ўслед:

— Гэта — на шчасце, кніжку напісаў таксама Максім. Па-нашаму напісана кніжка. Назва яе «Вянок».

Ён спыніўся, нешта хацеў сказаць, але воддаль паказалася конка, гаспадар заезнага дома голасна пачаў выхваляць свой дом, запрашаць прыезджых. Недзе званілі ў званы. Гук касцельнага звону павісаў у паветры і рассыпаўся, быццам мыльны пухір. Воз з дзяўчынай плыў перад яго затуманенымі вачыма, потым знік, на яго месца пайшлі шэрыя бароды, світкі, вазы, коні, дарога...

ІV

Самуіл Плаўнік працаваў на біржы досыць багатага гандляра лесам. Ён быў у яго і за пісара, і за бухгалтара, і за дзесятніка. Шмат абавязкаў было ўскладзена на Самуіла Плаўніка гаспадаром. І за гэта плаціў гаспадар 80 рублёў у месяц. Гадзін дзесяць трэба было быць на біржы, толькі па пятніцах работу канчалі а другой гадзіне. Гаспадар быў набожны і суботні дзень сустракаў, як належыць набожнаму яўрэю. Яго універсальны канторшчык таксама, мусіць, быў набожны — не раз здзіўляў гаспадара тонкім веданнем Талмуда, а на старадаўняй яўрэйскай мове гаварыў так, як рэдкі рабін. Гаспадар паважаў за гэта служачага. Але не ў малітвены дом, не ў сінагогу спяшаўся з лясной біржы Самуіл Плаўнік. У маленькай сваёй кватэры, у дзесятку дамоў, у цесным коле сяброў і знаёмых яго ведалі пад іншым прозвішчам, Ясакар — так падпісваў ён свае беларускія вершы. Змітрок Бядуля — так падпісваў ён свае апавяданні, і здавалася, што розныя гэта людзі, бо рознымі былі вершы і апавяданні.

Сярэдняга росту, каранасты, вялікія вочы злёгку навыкаце, таўстыя пачуццёвыя вусны, цёмна-рудыя кольцы валос. Вельмі мілагучная гутарка, з лёгкім яўрэйскім напевам і багата энергіі — колькі ён пісаў у гэтыя гады, усяго: і вершаў, і апавяданняў, і нарысаў! Колькі часу траціў на арганізацыю беларускага клуба — «Беларускай хаткі» на ўскраіне Мінска,— колькі знаходзіў увагі да таварышаў, якія прыехалі з захаду, адкуль гнала іх вайна! Фронт набліжаўся. Вільня страціла сваё значэнне культурнага асяроддзя, цэнтрам беларускай культуры рабіўся Мінск. Меркавалі аб выданні газеты, часопіса, арганізоўвалі бібліятэку.

У гэтую пятніцу 1916 года, як заўсёды, спяшаўся Самуіл Плаўнік к сабе на кватэру. Вось ён сышоў з конкі, далікатна прапусціўшы жанчыну з кошыкам. Жанчына глянула ў яго вялікія, злёгку навыкаце вочы і падумала, што шмат каму варта было б павучыцца такой далікатнасці, як у гэтага яўрэя. Вось ён ідзе праз губернатарскі сад і з амаль хлапечай цікавасцю назірае за тым, якія дзівосныя ўзоры саткала сонца з ценяў на дарожках. Вось на хвіліну ён спыняецца на мосце і назірае за тым, як басаногі хлопчык стаіць у вадзе з вудай. Ногі пасінелі — вада, мусіць, яшчэ халодная. А скінуць боты і залезці да хлопчыка на пару, сачыць за тым, як трымціць на паверхні вады чырвона-белы паплавок... Наўкола шуміць горад, авеяны вясновымі вятрамі. Вось, ужо страціўшы нацягнутасць і празмерную саліднасць, ён трохі што не бяжыць па дашчатым тратуары. Хутчэй дадому, за стол, на якім ляжаць аркушыкі з вершамі — яшчэ гарачымі ўчарашнім натхненнем. Гэта — цыкл мудрых вершаў, рэмінісцэнцыі біблейскіх паданняў, цыкл «псалмоў». Яўрэй, ён перадасць паэтычнымі вобразамі на мове, якая зрабілася для яго роднай і якую ён ведае нават лепш, чым мову хедэра, ён перадасць неўміручыя вобразы старажытнай Бібліі. Ён з імпэтам адчыняе фортку і бачыць на ганку сваю сястру.

— Самуіл,— кажа яна па-яўрэйску, што бывае толькі ў выключных выпадках,— да цябе зноў прыехалі. Нейкі студэнт.

Хто ж гэта можа быць? Святочны настрой, які паяўляецца заўсёды, калі вось-вось возьмешся за работу, пагрузішся ў пякучыя вобразы, якія жывуць у мазгу ўвесь час, гэты святочны настрой сціхае. Зноў, мусіць, клопаты чакаюць яго.

Насустрач падымаецца, трымаючыся касцістай белай рукой за грудзі, Максім Багдановіч.

Умомант гаспадар акідвае вачыма госця. Боты і штаны абляпаны граззю, быццам чалавек доўга ішоў. Шынель кінуты на зэдлік, шынель стары і таксама забруджаны. Каўнер форменкі расшпілены,— якая тонкая шыя!

— Вітаю вас, Ясакар! — з усмешкай, ад якой твар робіцца нейкім напружана-пакутным, кажа госць.— Калі не прагоніце, госцем буду.

Ясакар ідзе да яго і разводзіць рукі, каб абняць і пацалаваць. Але Багдановіч ловіць яго рукі і паціскае іх.

— Не трэба, гэта небяспечна... я хворы.

— Божа ж мой,— крыху здэтанавана, але вельмі шчыра кажа Плаўнік,— пацалавацца пры такім спатканні — гэта ж неабходна...

Але Багдановіч не здаецца. А тут яшчэ і кашаль — Багдановіч, знясілены, апускаецца на канапу. Чорт ведае што — усю дарогу было так добра, ён кіламетраў сорак прайшоў пяшком, і было добра, а тут...

— Не, не, пацалуемся пры развітанні, а цяпер не трэба. Навошта я ішоў пеша? Я не мог, я не меў права. Хіба маем мы права ездзіць, карыстацца здабыткамі цывілізацыі, калі сотні, тысячы людзей, страціўшы сваю хату, месяць шэрыя дарогі стомленымі нагамі, калі ногі гэтыя адмярзаюць, мокнуць, пакрываюцца язвамі?.. Падумай, Ясакар, як гэта жахліва! — І ён кашляе, зноў кашляе...

— Паляжы, Максім Адамавіч,— клапоціцца гаспадар.— Папалуднуем. Чаму ж вы нічога не паспытаеце?

З суседняга пакоя чуецца голас сястры — ледзь чуваць у ім і грэблівасць, і іронія, і абражанасць:

— Мусіць, я не смачна гатую?!

Зноў пакутлівая ўсмешка крывіць твар. Плаўнік глядзіць на гэты твар і думае, якая жорсткая хвароба — сухоты, як мала засталося ад гэтага маладога чалавека...

— Гэта маё суцяшэнне,— нахіляе сваю каштанавую галаву Багдановіч,— мая хвароба... Я як падумаю, што дзесяткі такіх людзей гінуць у акопах, і гінуць бессэнсоўна, дык мне лягчэй, што пакутую і я... Не, не! — Ён спыняе намер гаспадара.— У гарбату не трэба цукру. Не трэба! Мне давялося бачыць хлопца, вельмі худзенькага. Ён з такім смакам еў чэрствы хлеб, такі хлеб, Ясакар!..

Гаспадар нясмела паціскае плячыма.

— Не трэба перабольшваць, Максім Адамавіч... Гэта ж...

Увечары збіраюцца госці. Яны прыйшлі вітаць паэта, але ён ловіць на сабе заклапочаныя позіркі, заўважае, што прысутныя вельмі асцярожна абыходзяцца з ім, і ён робіцца пахмурым, злым, замкнёным. Яго просяць чытаць, але ён катэгарычна адмаўляецца. Не, не, ён прывёз рукапіс. Думаў у Вільні друкаваць, а цяпер гэта немагчыма. Хаця і лепш: усё, усё трэба перарабіць, перайначыць, многае напісаць нанава. Аб пакутах чалавечых, аб народным горы. Вось ён толькі адпачне і будзе працаваць, працаваць...

А ўначы ён прыходзіць да Бядулі, прысоўвае да ложка крэсла, на каленях раскладае рукапіс новай кнігі.

— Я вось думаю, што справа беларускай культуры будзе скора справай самых шырокіх народных мас. Вось глядзі, Ясакар, што выходзіць... Ужо і другіх нацый людзі далучаюцца да гэтай плыні... Вось ты фігура сімвалічная. Яўрэй, а колькі такіх, якія б маглі пайсці да палякаў?.. А дзеячам рускай культуры многім было б лепш быць... Але ў іх прачынаецца сумненне. А чаму? Таму, што прачынаецца народ і за гэтым народам будучыня.

— Не можна ж гэта тлумачыць выгадай!

Багдановіч зусім нізка апускае над ім твар.

— Ты мяне не разумееш. Так многа думак, што іх цяжка выказаць. Я кажу аб дыяпазоне. Разумееш? Вось кінь камень у ваду, пойдуць кругі, усё больш шырокія...— І раптам перайшоў на шэпт, хрыплы і шпаркі: — Толькі я часам баюся, што зробленае будзе пахавана пад попелам гэтай вайны, яна зноў адкіне наш народ у сваім развіцці назад...

— Наадварот,— тут ужо Бядуля не вытрымлівае і садзіцца на ложку.— У такія страшныя часы, як вайна, прыгнечаны народ і падымае свой голас. Ды вайна не можа цягнуцца доўга, народы скончаць яе, і тады на поўную моц загучыць наша ліра...

Глыбокі сум быў у Багдановічавых вачах.

— Баюся, што гэта будзе не скора. Мне не дажыць.

Ён падняўся з крэсла. Лісткі рукапісу паляцелі на падлогу, і ў цішыні нібы пачуўся шэлест пажоўклага лісця... Цень ад Максімавай постаці ўпаў на сцяну, перасунуўся на столь. Цень нагадваў фантастычнага птаха. Птах узмахваў крыллем. Ён, ходзячы і размахваючы рукамі, слухаў Бядулю,— усё ж не згадзіўся:

— Не, не... не хопіць сілы, каб дачакацца. Вось Купалу я зайздрошчу. Ён — з народам, і ў яго многа сілы, ён дачакаецца. І ты дачакаешся. А я — не.— Потым трахануў галавой, нібы адганяючы думкі.— Дык я хоць кніжку ў спадчыну пакіну. Можа, і яна дапаможа наблізіць час, калі беларуская культура выйдзе на шырокае поле. Можа, праз гадоў трыццаць яе і будуць чытаць. Ну, спі, а я пайду.

І ён сядзеў да світання.

Світанне ішло празрыстае, прахладнае.

Многа лісткоў, перакрэсленых, падала на падлогу.

Толькі як развіднела, не распранаючыся, ён забыўся цяжкім сном. Шэрае неба і пад ім — бясконцая дарога... вязкі бруд абляпіў колы... а адно з іх загразла... Воз цяжкі, а яму, Багдановічу, канешне, трэба дапамагчы, каб воз выехаў... на куфры, што стаіць на возе, сядзіць дзяўчына і чытае кніжку... дзяўчына хоча злезці дапамагчы... не, не, не трэба, ён не хоча, ён дужы, яму ж толькі дваццаць пяць гадоў... усяго дваццаць пяць гадоў!

V

Усё бліжэй і бліжэй насоўваўся фронт. Мінск перапоўнены быў уцекачамі, параненымі, людзьмі, якія нажывалі грошы на пастаўках, на перапродажах, людзьмі, якія шукалі ў незлічоных шпіталях родных — памёршых, людзьмі, якія прыязджалі ў пекла вайны, каб у рэстаранчыках, казіно, кафейнях, у публічных дамах забыць усё на свеце. Мінск быў перапоўнены афіцэрамі, гандлярамі, какоткамі, быў перапоўнены людзьмі ў шэрых світках і лапцях. Для ўцекачоў арганізавалі камітэты, якія мелі размеркавальныя пункты, сталоўкі, але народу ўсё прыбывала і прыбывала, сродкаў было мала, транспарт быў загружаны ваеннымі перавозкамі, і народ доўга тоўкся ў горадзе, люта галадаў і пакутаваў.

Беларуская культурная інтэлігенцыя пайшла працаваць у камітэты — час для сяброўскіх вячорак быў не надта падыходзячы... Не відовішча, а хлеба трэба было ў першую чаргу даць гэтым людзям, кавалак хлеба... А з хлебам — добрае слова. З прыватных кватэр сюды, у камітэт, былі перанесены дэбаты, тут пісаліся творы і тут жа чыталіся... І тут пачалося тое, што павінна было пачацца, няўхільна, абавязкова,— тут пачалося размежаванне. Адны — былі і такія — сцвярджалі, што прыход немцаў дасць волю беларусам, самастойнасць. Другія бачылі ў прыходзе кайзераўскіх войск пагібель. Яны сцвярджалі, што толькі пры дапамозе славян беларускі народ вызваліцца з рабства. Трэція патрабавалі, каб беларускі народ падняць на самастойнае паўстанне. І калі аднаго разу ўдалося ўцягнуць у спрэчкі Багдановіча, ён выказаўся рэзка і катэгарычна:

— Я ведаю гісторыю і ведаю, што ніколі тэўтоны не былі братамі славянам. Саюз з немцамі — гэта наша пагібель.

І больш ён не гаварыў, ён не ўмеў спрачацца, яму цяжка было слухаць бясконцыя гутаркі, ён пакідаў таварышаў і некуды знікаў.

І рукапіс кнігі параскіданы ляжаў на стале, а наўкола — на канапе, на крэсле, на падлозе — валяліся лісткі. Сястра Плаўніка спачатку прыбірала іх, але гэта было дарэмна. Багдановіч вяртаўся то на світанні, то ўначы, то яго не было па два-тры дні. Прыходзіў, садзіўся за рукапіс, зноў раскідваў лісткі, хадзіў па пакоі, страшна кашляў і ўсё гаварыў сам сабе:

— Не тое, не тое...

Аднаго разу Ясакар падабраў з падлогі лісток са страфой верша. Сум быў у ім і выключная прыгажосць. І ён шчыра сказаў:

— Якая пекната, божа ж мой!

Багдановіч шпарка глянуў на яго, і вочы пры гэтым зрабіліся цёмнымі.

— Не, не тое. Цяпер не аб гэтым трэба пісаць! —І вырваўшы з рук лісток, ад гэтага рэзкага руху закашляўся, пачаў быў шукаць насоўку.

Плаўнік уздрыгануў.

— Трэба лячыцца,— адно сказаў ён, супакоіўшыся, глушачы ў сабе адчуванне прыкрасці.— Не можна без барацьбы губіць такі талент, Максім Адамавіч... Бессэнсоўна. Трэба ўзяць сябе ў рукі, спыніць гэтыя вашыя начныя праходкі. Гэта ж і здаровы не працягне доўга, калі ночы не спаць.

Багдановіч глядзеў на яго, вочы святлелі, але Ясакар бачыў, што позірк паэта адсутнічае, ён задумаўся, і бледны, стомлены твар прасвятлеў і стаў сапраўды маладым. Ён ціха, без афектацыі загаварыў:

— Я не хаджу піць у кампаніі або на спатканне з каханай. Смешна, але прызнаюся, што ў мяне нават не было каханай жанчыны, не было кахання. Дваццаць пяць гадоў!.. Быў ідэал, бачу яго, але яшчэ не знаю, што лепей — каб быў гэты вобраз у вершах ці каб быў ён у рэчаіснасці.— Павольна ўзняўся з крэсла і блізка падышоў да Плаўніка.— А не хадзіць я не магу... пячэ тут, на сэрцы... я так хутчэй папраўлюся. Я хаджу па начных вуліцах, выходжу ў поле, на рэчку, іду росным берагам. А які світанак бачыў пазаўчора! Вам, можа, неспакойна, дык я перабяруся да каго-небудзь жыць.

— Божа ж мой! — адно толькі сказаў Плаўнік з незахованым абурэннем.— Рабі, што хочаш, толькі не губі сябе.

Павольна павёў у бакі галавой.

— Не. Я хаджу на спатканне з Беларуссю. Я знаю, што гэтае спатканне апошняе, што гэта — развітанне... І не магу не хадзіць.

І ён хадзіў, блукаў па Мінску і яго ўскраінах.

Заходзіла сонца, і ў чырвоным святле апошніх праменняў блукаў самотны чалавек, то сочачы за тым, як ружовыя хмаркі дрыжаць на паверхні ракі, то за тым, як зялёнае лісце дрэў паступова цямнее і робіцца зусім чорным.

Паднімалася сонца, і было кожны раз вялікім шчасцем бачыць, як абуджаецца пры яго ўсходзе жыццё, як птахі спяваюць радасны гімн світання, як знікаюць ранішнія туманы, як сонца, усеўладнае сонца ажыўляе зямлю...

Ішла ноч, зоры мігцелі ў сінім небе, а калі выплываў з-за воблака месяц, яны бляднелі, а зямля афарбоўвалася ў зеленавата-ліловы колер...

Багдановіч ішоў з ускраін у горад. Ён любіў гэты горад уначы. Ён любіў лавіць вухам абрыўкі смеху, музыкі, крокі позніх пешаходаў. Чыстым было паветра, і здавалася, гарадскія вуліцы пахнуць полем, палявымі кветкамі.

Так, ён адпачываў пасля таго, што бачыў удзень.

Ён мог бы зачыніцца ў пакоіку, пакорліва прымаць гасціннасць мілага, чулага Плаўніка. Ён хадзіў па заезных дамах, па рынку, па вуліцах, па касцёлах і цэрквах, і гора, народнае гора паўставала перад ім. Ён доўга не мог зразумець, чаго ён шукае. І аднаго разу думка запалілася ярка, нібы вячэрняя зорка, запалілася, і Багдановіч нават засмяяўся. Гэта ж вельмі проста — яму дваццаць пяць гадоў, усяго дваццаць пяць гадоў! Вобраз русавалосай дзяўчыны з чыстым, крышку вузкім тварам, дзяўчыны ў даматканай мужчынскай світцы з кніжкай у кішэні паўстаў перад ім і ўжо неадлучна ішоў побач з ім. Ён садзіўся над ракой — і дзяўчына садзілася побач. Ён праходзіць пад дрэвамі тэатральнага сквера — і насустрач ішла яна. Ён бачыў, як світанкам рэшткі туману растаюць у блакітным паветры — і там ён бачыў яе вочы... «Вераніка»... Мусіць, яна жартавала... Ён уваходзіў пыльны, потны, стомлены, але нейкі супакоены і шчаслівы. Першае, што ён рабіў заўсёды, як прыходзіў, глядзеў у люстэрка, якое падаравала калісьці маці. Ён яго павесіў ля акна і кожны раз здымаў.

— Слухай, Ясакар, а я папраўлюся. Ты глядзі — нават загарэў.

Плаўнік бачыў хваравітую жаўцізну, бачыў, як абцягнула скура скулы яго, але ці маўчаў, ці пераводзіў гутарку на што іншае.

— Будзем верыць, што ты паздаравееш. Табе б на поўдзень, да мора.

Ён вешаў люстэрка на цвік ля акна і жартаваў:

— Добра, што мы не верым ні ў бога, ні ў чорта. Не, я не хачу загінуць у салёных вірах белапеннага сіняга мора.— Гэта ён успамінаў свой верш, адзін з лепшых, адзін з перлаў. Ён гэта ведаў, ведаў і тое, што «Эмігранцкая песня» вельмі папулярная сярод яго сяброў.— Не, Ясакар, я хачу памерці тут. Толькі суцеш сястру, я не памру ў гэтым пакоі, каб не рабіць ёй клопату. Я памру...

Ясакар робіць нецярплівы жэст рукой:

— Досыць, ну, досыць! Гэта ж... божа мой! жахліва...

Раптам Багдановіч падыходзіць да стала, перабірае лісткі, бярэ адзін з іх.

— Я блукаю па вуліцах і шукаю адну дзяўчыну. Я сустрэў яе тады, пад Мінскам. Яе лёс мяне вельмі непакоіць. Яна жартам назвалася Веранікай...— І, памаўчаўшы, раптам рэзка, з нястрыманым пачуццём дадаў: — Прыходжу і пішу. Пішу вось што. Я табе прачытаю, верш я назваў «Пагоня».

Ён чытае глухім, нізкім распевам. Коні, коні! Сімвал, старадаўні герб Вільні, Вострая Брама, гісторыя! Але не гістарычнымі вобразамі гучыць верш. Аб тых, хто ў цяжкі час выпрабавання выракся Айчыны, аб тых, што забылі, як можна пакутаваць за Айчыну. Пра тугу па радзіме, якую просіць паэт, каб яна даравала запозненага ў любові сына і дазволіла памерці за яе... Глухім голасам чытаў Багдановіч, але хваляванне ахапіла Ясакара, хваляванне напоўніла пакой, хваляй выплеснулася за дзверы і прымусіла насцярожана застыць на месцы клапатлівую гаспадыню. Няўжо гэты хворы чалавек — мільганула ў яе думка — валодае такой сілай?

Слёзы стаялі ў Ясакаравых вачах.

Паўтараючы любімае сваё «божа ж мой», ён выбег з пакоя.

А ўвечары ён пайшоў да знаёмага чыгуначніка, каб той дапамог адправіць Багдановіча на поўдзень.

І зноў была ноч. Цёмна-сіняе неба, як аксамітны дыван, ахінула горад. На вежы б’е гадзіннік. Гукі падаюць, як зоры, падаюць і гаснуць. Музыка, спевы, смех. Вальс. Стары, сентыментальны, але вельмі прыемны вальс. Пакружыцца б. Каб усё навакольна паплыло і, плывучы, злілося ў суцэльныя агнёвыя пасы — блакітныя, жоўтыя, зялёныя. Асветленае акно. І ў ім — пары, пары. Вось адна з іх спыняецца ля акна, жанчына абмахвае твар веерам і потым лёгка б’е ім па падбародку свайго кавалера.

Далей!

Уздоўж тратуара стаяць фурманкі. Коні ківаюць галовамі, а фурманы сядзяць на козлах. Маўчаць. Калі Багдановіч сцішае крок, яны ўжо насцярожана падымаюць галовы, гатовыя на спаборніцтва. Вас падвезці? Куды? Трыццаць капеек у любы канец горада.

— Не, мне трэба ў пекла на спатканне з Люцыферам...

Далей!

Вузкія вулачкі, што паднімаюцца на пляц, нагадваюць выкалатыя вочы. Агінаючы кафедральны сабор, Багдановіч напрамкі перасякае пляц і праходзіць пад вежай. Ад сцяны адлучаецца постаць, лёгкая, тонкая. Жанчына!

— Вазьміце мяне з сабой,— ціха кажа яна.

— Адрасуйцеся да Дантэ, у яго былі здаровыя нервы і лёгкія.

Ён важыцца прайсці, але жанчына ловіць яго за руку.

— Паслухайце... Я не ела тры дні!..

— Вы добрая хрысціянка, калі пільнуецеся пастоў!

Вось газавы ліхтар прыняў іх у сваё святло. Багдановіч павярнуўся да жанчыны, і кроў штуршкамі прыліла да твару.

— Вераніка!

Ліхтар ліў на твар малочнае святло, твар быў бледны, без ценяў, без румянцу, вусны таксама здаваліся белымі, бяскроўнымі. Яна ўскрыкнула і зняможана апусцілася на тратуар. Ён падняў яе. Рукі дрыжалі, цела працінаў холад, сэрца гулка білася, што вось-вось, здавалася, не вытрымае грудная клетка. І маўчалі. Маўчанне цягнулася, мусіць, некалькі хвілін, а здавалася, што праходзяць гадзіны. Фурман, праязджаючы, спыніў свой фаэтон і спытаўся: «На Вясёлую? Трыццаць капеек». Нецвярозы ваенны, падышоўшы, казырнуў і, ікаючы, папрасіў прабачэння. Усё гэта вярнула Максіма да рэчаіснасці, і зноў даляцелі абрыўкі смеху, спеваў, музыкі. Стары сентыментальны вальс... Быццам нічога гэтага на свеце не было — ні галоднай бяздомнай дзяўчыны, ні ўцекачоў, ні блізкага фронту, ні калецтва, ні смерці, ні жахаў! Багдановіч борзда пачаў шукаць па кішэнях, але ў рукі траплялася толькі дробязь — срэбныя манеткі. Ён іх усе сабраў, набралася рублі два, мусіць. Гэтага было вельмі мала, недарэчна мала! Пальцамі ён намацаў гадзіннік, адшпіліў яго і разам з манеткамі паклаў ёй у руку.

— Вось... А заўтра прыходзьце ў камітэт, там дапамогуць. Я зраблю ўсё... Прыходзьце, чуеце?

Жанчына ціха плакала.

І зноў быў дзень. Вірліва ішло жыццё ў перапоўненым людзьмі горадзе. Узнікалі гандлёвыя фірмы, заключаліся кантракты, нажываліся капіталы, капіталы гінулі. Кожны публічны дом зрабіўся біржай і казіно. У сінагогах вырашаліся камерцыйныя пытанні, у цэрквах адбываліся рандэву і шлюбы — на рынках. Узрос попыт на наркотыкі. За віно плацілі вялікія грошы. І віна была рака. Шаснаццацігадовыя ішлі пад вянец са старымі і гандлявалі сваім сумленнем. Гандлявалі ўсім: тухлым мясам, ботамі з кардонным падборам, правам не ісці на вайну, будучымі міністэрскімі крэсламі і целам. Кіпеў чалавечы натоўп, пераліваўся з вуліцы ў вуліцу, з пляца на пляц, з рынку на рынак, напаўняючы паветра разнастайнай гаворкай, лаянкай, рогатам, лямантам, звонам званоў і неадчэпнымі — «Падайце, Хрыста радзі, калеку няшчаснаму...» Абрубак чалавека блытаўся пад нагамі пешаходаў, і на бруднай кашулі целяпаўся Георгіеўскі крыж...

І зноў быў дзень, і дзяўчына ў камітэт не прыйшла. Багдановіч сядзеў і моўчкі чакаў. Не дачакаўся. Пайшоў блукаць па горадзе, заглядваючы ў кожны заезны дом. Дні і ночы хадзіў па вуліцах, не заўважаючы ні натоўпу, ні тлуму, трацячы сілы. Аднаго разу, апынуўшыся на пляцы, ён адчуў страшную стомленасць. Апусціўся на лавачку. Спякотны быў дзень, парыла. Каўнер рэзаў шыю. Дыхаць было ад гэтага цяжка. Не трэба было садзіцца на сонцы, але не хацелася кратацца.

Перад ім ляжаў пляц, на шэрым бруку соваліся цені фаэтонаў, калёс, коней, туды-сюды, у розных кірунках. Увага настолькі аслабла, што, апроч гэтых ценяў, ён нічога не ўспрымаў — ні колеру, ні гуку.

І ўспомнілася яму, як у папярэдні прыезд — тады ён быў дужы — пайшлі яны з Купалам у поле. Яно ляжала перад імі ўсё ў кветках. Дзівосны стракаты дыван, па якім праплывалі цені воблакаў і птахаў. Паэты ляглі сярод кветак, і над імі было неба, сіняе, у белых воблачках. Купала расказваў пра тое, якая прага ў вёсцы да беларускай кніжкі, якім поспехам карыстаецца газета. А потым Купала чытаў. Якія гэта былі вершы! Багдановіч добра разумеў, што Купала — лідэр. Творы былі кавалкамі жыцця, цяжкага, гаротнага жыцця, крыху сумныя часам, а больш з сонечнай надзеяй. Было прыемна, што Купала цэніць яго водгукі і заўвагі, верыць ягонаму шчыраму захапленню гэтымі велічна-скупымі вершамі. І тады ўпершыню — настолькі былі моцныя пачуцці, выкліканыя вершамі Купалы,— Багдановіч зразумеў, што трэба, абавязкова трэба пакінуць свой утульны пакой, застацца тут, на Беларусі, каб слухаць біццё сэрца яе...

На пляцы спыніўся рух ценяў.

Гэта спыніла стомлены поступ думак і прымусіла ўвагу зноў уключыцца ў навакольнае.

Вось што ўбачыў ён.

Перасякаючы пляц, ад сабора ішло чалавек дваццаць салдат, у накінутых шынялях, без рамянёў, няголеныя, брудныя, а вакол гэтых дваццаці ўдвая большы ішоў канвой, узброены, маўклівы, і крокі гучалі барабанным россыпам. Крыху збоку ішоў афіцэр, добра паголены, вельмі бліскучы. Стоўпіліся пешаходы, жанчыны важыліся перадаць грошы, але афіцэр далікатна прасіў не падыходзіць блізка. Ён нешта сказаў, і словы паляцелі з вуснаў у вусны, ад пешахода да пешахода, паляцелі, як вараннё, і нарэшце даляцелі да Багдановіча.

— Нямецкія шпіёны, бальшавікі.

Але ён бачыў стомленыя няголеныя твары, простыя салдацкія твары, вельмі шэрыя на яркім сонцы, такія ж, як і шынялі. Твары былі спакойныя, але ў іх паэт чытаў не абыякавасць і безнадзейнасць, што ўразілі яго тады, пры спатканні з уцекачамі, а стрыманую суровасць і ўпэўненасць. Так, з пекла ішлі гэтыя людзі, людзі з гэткім выразам на твары бачылі ўсё — і холад, і голад, і смерць, і знявагу, і абразу, яны, некранутыя, маглі прайсці праз агонь, праз ваду, паўстаць з попелу, паўстаць з магіл. «Бальшавікі!» — біліся крылы варання. «Шпіёны! Шпіёны!» — каркала вараннё. «Хрыстапрадаўцы! Здраднікі!» — зусім блізка ад Багдановіча прагаварыў чалавек у чорным кацялку, з чорнымі вусікамі і з бабачкай-бантам пад напудраным ружовым падбародкам. Бант быў чорны, а па чорнаму — чырвоныя і белыя гарошыны, вельмі модны бант.

— Вы ў гэтым упэўнены? — спытаў Багдановіч і адчуў, як агіда да гэтага пана ў кацялку робіць голас яго рэзкім і задзірыстым.— Простыя людзі — сяляне і рабочыя, салдаты... вы верыце, што яны могуць прадацца немцам?

У круглых вачах — недаўменне, спалох.

— Малады чалавек, тут не месца для такіх дэбатаў.

Вельмі было прыемна бачыць, як пульхны карак набракаў крывёю. І кінуў наўздагон пану ў чорным кацялку:

— Паклікаць гарадавога!

Арыштаваныя праходзілі паўз яго.

Багдановіч усхапіўся. Адчуў, як гайданулася пад ім зямля, нібы ад землеўздрыгу. Трэцім ад краю ішоў салдат з тварам Паўла Курнатоўскага. Няголены і схудалы, ён выглядаў зусім маладым. І быў вельмі дзіўным кантраст бледнага твару і вялікіх чорных, з гарачым бляскам вачэй. Багдановіч ірвануўся да яго. Канваіры замяшаліся, і гэтага моманту якраз хапіла для таго, каб паэт і арыштант маглі абняцца.

— За што?

— За праўду.

І перад вачыма вокамгненна паўсталі хатка на беразе ракі, ноч, дробны дождж і вецер. І не было залітага сонцам пляца, а толькі — гарачы бляск вялікіх, усё ўвабраўшых у сябе вачэй. Змрок над Волгай, над зямлёй, імянуемай Расійскай імперыяй.

— Спыніць! — крыкнуў афіцэр.

Яго груба адарвалі ад таварыша, строй самкнуўся, шэрыя шынялі праплылі перад ім.

— Бывай, Павел!

— Бывай, Максім. Не думаў, што будзе такое развітанне!

І зноў на пляцы засоваліся цені, зноў грукат вялікага

горада напоўніў слых. Быццам нічога не было — ні канвою з вінтоўкамі, ні бліскучага афіцэра, ні шэрых твараў, ні шэрых шынялёў, ні гарачых праўдзівых вачэй...

І не было сіл, зусім не было сіл...

VІІ

Клопатамі сяброў удалося сабраць патрэбную суму грошай, каб адправіць хворага паэта на поўдзень. На Плаўніка ўсклалі цяжкі абавязак угаварыць паэта ехаць лячыцца, пераканаць яго ў тым, што грошы на дарогу — гэта аванс пад будучую кнігу, над якой ён будзе працаваць у Ялце, не спяшаючыся, як стане лягчэй са здароўем.

А са здароўем было дужа дрэнна.

Наступіў момант, калі Багдановіч цэлымі днямі не паднімаўся з пасцелі, адмаўляўся ад ежы, скрозь усю ноч цяжка кашляў, задыхаўся, харкаў крывёю. У рэдкія хвіліны зацішша ён любіў гаварыць аб будучым, аб тым, як беларуская культура зойме пачэснае месца сярод славянскіх культур, аб тым, як надыдзе такі час, калі ўсе культуры злучацца ў адну, агульначалавечую. А часамі раптам яго апаноўвалі цяжкія думкі, і тады ён гаварыў аб пагібелі цывілізацыі, аб тым, што тэхніка, развіваючыся, паглыне і мастацтва і самую сябе. У «Беларускай хатцы» наладзілі вечар і запрасілі Багдановіча. Але чытаць прыйшлося старыя вершы — пра восень, пра старасць, пра лесуна. Цыкл «З песень беларускага мужыка» чытаць не дазволілі, але выйшла так, што нехта пусціў па руках рукапіс «Эмігранцкай песні» і «Пагоні», і гэта стварыла своеасаблівую атмасферу гарачай прыхільнасці да паэта.

Ён чытаў глухім, нізкім распевам.

Дзіўныя вершы пра тое, як брыдзе ў абшарпанай шкуры лясун па дарогах, рог абламаны аб дрэва, спяшаецца стары небарака ў дрыгву, у цёплыя імхі... Дзіўныя вершы пра тое, як лясун пачынае перабіраць струны-сосны і як гранне дзівоснага струманту палоніць свет.

Але слухачы чулі іншы голас за гэтымі вершамі: голас вялікай любові і нязмернага болю за лёс Айчыны. І як канчаліся вершы, воплескі трапяткімі галубамі шугалі ў паветра. Яшчэ і яшчэ прасілі яго чытаць. І праважалі яго гуртам, шумлівым і гаваркім гуртам моладзі. І ўжо ля самай кватэры Багдановіч сказаў да Плаўніка:

— Вось і развітанне... Апошнія дні я ўвесь час развітваюся...

На ганку, калі Багдановіч прайшоў у пакой, Плаўніка перапыніла сястра:

— Самуіл! Я прыбірала ў пакоі і выпадкам зачапіла люстэрка.

— Глупства, не заўважыць.

Але ён заўважыў. Ён зняў пустую акантоўку і сабраў з падаконніка кавалкі шкла. Трымаючы ўсё гэта ў руках, моўчкі сеў на ложак і задумаўся. І як увайшоў у пакой Плаўнік, паэт узняў на яго вочы, і столькі суму было ў іх, столькі несхаванага болю, што ў Плаўніка зашчымела сэрца...

— Значыць, канец.

— Ды што ты, Максім, гэта выпадак, дробязь. Ты ж сам казаў, што не верыш ні ў бога, ні ў чорта.

Аскеп’е і парожняя акантоўка ляжалі на далоні, і, нібы зачараваны імі, глядзеў Багдановіч і бачыў дзіўны адлюстровак лямпы, паўтораны некалькі разоў.

— У чорта не веру, а ў гэта — веру. Матчын падарунак. Не, гэта канец.

І кінуў аскеп’е на стол, і мільганулі аганькі на стале.

— Канец, — паўтарыў і ўзняўся з месца, падышоў да акна і прыхіліўся белым высокім ілбом да шыбіны. — Развітаўся з маладосцю, з сяброўствам, радзімай. Магу паміраць спакойна, як паміралі нашы продкі. Шкада толькі, што не на бранным полі, а дзе-небудзь на шпітальным ложку. Не, не, не пужайся. Я паеду. Цяпер мне ўсё адно. І не трэба мне ехаць на поўдзень, лішнія турботы, але я паеду. А як бы хацелася дажыць да сапраўднага світання!

— Божа ж мой,— з хваляваннем прашаптаў Плаўнік,— мы дажывём, Максім! «І будзе ўнукам панаванне там, дзе сягоння плача дзед». Так сказаў наш паэт. І гэты час блізка, толькі ўзыдзе сонца. Вось пабачыш.

Багдановіч паглядзеў на таварыша. Які гэта мілы, ветлівы і таленавіты чалавек. Няхай жыве і працуе, ён шмат яшчэ зробіць, гэты выдатны паэт і белетрыст, падумаў Багдановіч, а выказаў думку інакш:

— Праўда, Ясакар, мы дажывём. Мы! А я, Максім Багдановіч., не дажыву. Канец.

* * *

Праз некаторы час у Ялце надышоў канец.

І хоць пісаў ён, што кніга з друкарні пана Марціна Кухты парушае яго самоту, ён адчуваў сябе самотным.

А яшчэ праз колькі часу — у кастрычніку таго ж 1917 года — надышло сапраўднае світанне, аб якім марыў хворы паэт.

17.1.1947

г. Байрам-Алі

Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

Комментарии к книге «Развітанне», Борис Михайлович Микулич

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства