Жан-Поль Сартр
Пакой
Пераклаў Змiцер Колас
I
Панi Дарбеда трымала кавалачак рахат-лукуму, сцiснуўшы яго самымi кончыкамi пальцаў. Яна беражна паднесла яго да вуснаў i затаiла дыханне, баючыся, каб тонкая цукровая пудра, якой ён быў прысыпаны, не зляцела ад яе неасцярожнага подыху. "Пахне, як ружа", - падумала яна. Потым рэзка ўкусiла студзянiстую масу, i яе рот напоўнiўся своеасаблiвым затхлым водарам. "Дзiўна, як хвароба абвастрае пачуццi". Ёй падумалася пра мячэцi, пра падлiзлiвых жыхароў Усходу (даўно, яшчэ ў час сваёй вясельнай вандроўкi, яна была ў Алжыры), i яе вусны кранула ледзь прыкметная ўсмешка: рахат-лукум быў такi самы, падлiзлiвы.
Ёй давялося некалькi разоў правесцi далоняй па кнiзе, бо, нягледзячы на перасцярогi, старонкi пакрылiся тонкiм слоем белай пыльцы. Цукровыя зернеткi суха парыпвалi пад рукой, скатвалiся, слiзгалi па гладкай паперы. "Нiбы ў Аркашоне, калi я чытала на пляжы..." Лета 1907 года яна правяла на марскiм узбярэжжы. У яе тады быў вялiкi саламяны капялюш з зялёнаю стужкай; яна сядала каля самай дамбы i брала раман Жып цi Калеты Iвэр. Вецер сыпаў на каленi жменi пяску, i час ад часу яна абтрасала кнiгу, узяўшы яе за ражкi. Цяпер у яе было такое ж пачуцце: толькi пясчынкi былi зусiм сухiя, а цукровыя зернеткi крыху лiплi да кончыкаў пальцаў. Яна зноў убачыла палосу шэра-мацiцовага неба над чорным морам. "Ева тады яшчэ не нарадзiлася". Яна адчувала сябе ацяжэлаю ад успамiнаў i адначасова - нейкаю вычварнаю, як брызельны куфэрак. Раптам ёй прыгадалася назва рамана, якi яна чытала тады: ён называўся "Мiлая панi" i быў даволi забаўны. Але з той пары, як невядомая хвароба не дазваляла ёй пакiнуць гэтага пакоя, панi Дарбеда аддавала перавагу ўспамiнам i гiстарычнай лiтаратуры. Яна хацела, каб боль, сур'ёзныя кнiгi i пiльная, несупынная ўвага да мiнуўшчыны, да сама тонкiх пачуццяў дазволiлi ёй даспець, як прыгожаму аранжарэйнаму плоду.
Крыху раздражнёна яна падумала, што хутка ў дзверы пастукае муж. У iншыя днi ён прыходзiў толькi пад вечар, моўчкi цалаваў яе ў лоб i, сеўшы насупраць у глыбокi фатэль, пачынаў чытаць "Тан". Але чацвер - гэта быў яго дзень: у чацвер пан Дарбеда на гадзiну хадзiў у госцi да iхняй дачкi - звычайна памiж трэцяю i чацвёртай. Перад тым як пайсцi, ён заўсёды заходзiў да жонкi, i яны з горыччу гаманiлi пра зяця. Гэтыя гамонкi, у якiх можна было прадбачыць кожную дробязь, бо яны паўтаралiся кожны чацвер, знясiльвалi панi Дарбеду. Пан Дарбеда запаўняў сабой увесь гэты звычайна цiхi пакой. Ён не садзiўся нi на хвiлiну i ўсё хадзiў сюды i туды, круцiўся ваўчком. Кожны яго палкi выпад ранiў панi Дарбеду, як востры шкляны асколак. А ў гэты чацвер усё мелася быць яшчэ горш, чым звычайна: ад думкi, што зараз ёй давядзецца пераказаць мужу Евiныя прызнаннi i ўбачыць, як яго вялiзнае жахлiвае цела закалоцiцца ў гневе, панi Дарбеду ўганяла ў пот.
Яна ўзяла са сподка кавалак лукуму, некалькi iмгненняў нерашуча пазiрала на яго i потым сумна паклала назад: ёй не хацелася, каб муж бачыў, як яна есць лукум.
Пачуўшы стук, яна ўздрыганулася i адказала слабым голасам:
- Увайдзi.
Пан Дарбеда ўвайшоў на дыбачках.
- Я зараз пайду да Евы, - сказаў ён, як i кожны чацвер.
Панi Дарбеда ўсмiхнулася.
- Пацалуй яе ад мяне.
Пан Дарбеда не адказаў i заклапочана зморшчыў лоб: кожны чацвер, у аднолькавы час, яго апаноўвала глухая злосць, якая прымешвалася да цяжкасцяў страўлення.
- Вяртаючыся назад, я зайду да Франшо. Мне б хацелася, каб ён сур'ёзна пагутарыў з ёй i пастараўся пераканаць.
Ён часта хадзiў да доктара Франшо. Але марна. Панi Дарбеда нахмурыла бровы. Раней, калi яна адчувала сябе яшчэ добра, яна пацiскала плячыма. Але з той пары, як хвароба абцяжыла яе цела, яна замянiла рухi, якiя вельмi стамлялi яе, наборам грымас. Яна кiвала - вачыма, казала "не" - куточкамi губ, ускiдала бровы замест плячэй.
- Можа, яго трэба забраць у яе сiлай.
- Я ўжо казаў табе, што гэта немагчыма. Закон зроблены вельмi кепска. Франшо мне неяк казаў, што ў iх амаль заўсёды жудасныя цяжкасцi з крэўнымi: ёсць такiя, што нiяк не могуць рашыцца цi наогул - упарта хочуць пакiнуць хворага ў сябе; а ў дактароў звязаныя рукi - яны могуць толькi выказаць сваю думку, нейкае меркаванне, i ўсё. - Счакаўшы, ён дадаў: - Гэта трэба, каб ён учынiў публiчны скандал цi яна сама папрасiла б, каб яго забралi.
- Ну... - сказала панi Дарбеда, - калi гэта i будзе, дык яшчэ не заўтра.
- Ужо ж.
Ён павярнуўся да люстра, запусцiў у бараду пальцы i пачаў яе расчэсваць. Панi Дарбеда абыякава пазiрала на магутны чырвоны карак свайго мужа.
- Калi яна i далей так будзе, - сказаў пан Дарбеда, - дык хутка звар'яцее яшчэ болей, чым ён. Гэта ж жудасна небяспечна для здароўя. Яна не адыходзiць ад яго нi на крок: сама нi да каго ў госцi не ходзiць, апроч цябе, i да сябе не запрашае нiкога. А якое ў iх у пакоi паветра? Няма чым дыхаць! Яна нiколi не адчыняе вокнаў, бо П'ер - не хоча. Нiбыта трэба пытацца ў хворага! Яны там, здаецца, паляць у сябе нейкiя духмянасцi, розную брыдоту: адчуваеш сябе, як у царкве. Далiбог, я часам пытаюся ў сябе... Ведаеш, у яе нейкiя дзiўныя вочы...
- Я не заўважыла, - сказала панi Дарбеда. - Па-мойму, яна выглядае нармальна. Хiба што, вядома, сумная.
- У яе такi выгляд, нiбы яе з таго свету вярнулi. Калi яна спiць? Калi есць? Лепш у яе пра гэтае не пытацца. Але мне чамусьцi здаецца, што, маючы пад бокам такую цацу, як П'ер, яна ўсю ноч павiнна не заплюшчваць вачэй. - Ён пацiснуў плячыма. - Па-мойму, гэта ўвогуле чорт ведае што - каб мы, яе бацькi, i не мелi права абаранiць яе ад самой жа сябе! Заўваж, што за П'ерам, дарэчы, у Франшо даглядалi б лепей. Там вялiкi парк. Дый потым, - дадаў ён, крыху ўсмiхнуўшыся, - мне здаецца, што ён хутчэй бы знайшоў агульную мову з такiмi ж, як сам. Яны ж - тыя самыя дзецi, iм трэба даваць пабыць сам-насам: яны любяць сакрэты, любяць утвараць гэткiя масонскiя ложы. Я табе кажу: вось куды яго трэба было аддаць з першага ж дня - i яму ж на карысць. Вядома! Яму там было б толькi лепей!
Праз пэўны час ён дадаў:
- Прызнаюся табе, мне непрыемна думаць, што яна там з П'ерам адна, асаблiва ноччу. Уявi, што, калi што здарыцца. У П'ера, дарэчы, увогуле нейкi дужа ўжо хiтры выгляд.
- Не ведаю, - адказала панi Дарбеда, - цi трэба праз гэта так хвалявацца. Асаблiва калi ўлiчыць, што ў яго заўсёды быў такi выгляд. Увесь час здавалася, што ён з усiх кпiць. Небарака, - сказала яна, уздыхнуўшы, - быць такiм ганарыстым i дайсцi да такога. Ён жа лiчыў сябе разумнейшым за ўсiх нас. Якiм тонам ён казаў табе: "Вашая праўда", - каб толькi закончыць спрэчку... Гэта яшчэ дзякуй Богу, што ён не можа ўбачыць, у якiм ён стане.
Яна з непрыязнасцю ўспомнiла яго доўгi, заўсёды крыху схiлены ўбок iранiчны твар. Першы час пасля Евiнага вяселля панi Дарбеда вельмi хацела, каб яе адносiны з зяцем зрабiлiся болей блiзкiмi. Але як яна нi старалася, усё было марна: той заўсёды быў вельмi маўклiвы, амаль нiколi не гаманiў i з усiм адразу згаджаўся з абсалютна абыякавым выглядам.
Пан Дарбеда развiваў сваю думку.
- Франшо мне паказваў, якiя ў iх там умовы, - сказаў ён. - Проста цудоўныя! У кожнага хворага - свой пакой, скураныя фатэлi - калi ласка, ложкi-канапы. Нават тэнiс ёсць, ведаеш. А яшчэ збiраюцца будаваць басейн.
Ён стаяў насупраць акна i пазiраў скрозь шыбу, крыху калываючыся на сагнутых нагах. Раптам, не вымаючы рук з кiшэняў i ўвагнуўшы плечы, ён спрытна крутануўся на абцасах. Панi Дарбеда адчула, як яе пачынае прашыбаць пот: гэта паўтаралася кожны раз; зараз ён пачне кiдацца з кута ў кут, як мядзведзь у клетцы; i пры кожным кроку чаравiкi ў яго будуць рыпець.
- Мiлы дружа, - сказала яна, - я малю цябе, сядзь, ты мяне вельмi стамляеш. - I з няўпэўненасцю ў голасе дадала: - Я маю сказаць табе нешта важнае.
Пан Дарбеда сеў у нiзкi фатэль i паклаў далонi сабе на каленi; па спiне ў панi Дарбеды прабегла дробная дрыготка: час прыйшоў, ёй трэба было ўсё расказаць.
- Ты ведаеш, - сказала яна i ад збянтэжанасцi закашлялася, - ты ведаеш, што я бачылася з Евай у аўторак.
- Ну.
- Мы пагаманiлi з ёй пра тое, пра сёе, шмат пра што ўспомнiлi. Яна была вельмi мiлая. Я даўно ўжо не бачыла яе такою даверлiваю. Ну, я крыху яе распытала, разгаварыла яе наконт П'ера. I вось... я даведалася, - дадала яна зноў збянтэжаным голасам, - я даведалася, што яна вельмi iм даражыць.
- Мне гэта, чорт раздзяры, добра вядома, - сказаў пан Дарбеда.
Ён крыху раздражняў панi Дарбеду, яму заўсёды трэба было тлумачыць кожную дробязь - каб стаялi ўсе кропкi над "i". А панi Дарбеда марыла жыць сярод людзей чуйных i вытанчаных - такiх, каб разумелi яе заўсёды з паўслова.
- Ды не ж, - сказала панi Дарбеда, - я маю на ўвазе, што яна даражыць iм iначай, чым мы сабе гэта ўяўлялi.
Пан Дарбеда гнеўна закацiў злыя вочы, як рабiў кожны раз, калi не надта добра разумеў сэнс намёка цi нейкай навiны.
- Што? Што значыць "iначай"?
- Шарль, - прамовiла панi Дарбеда, - не стамляй мяне. Ты ж павiнен разумець, што ёсць рэчы, якiя мне, як мацi, можа быць цяжка назваць...
- Ды я нiводнага слова не разумею з усёй тваёй балбатнi, - знервавана сказаў пан Дарбеда. - Не хочаш жа ты сказаць, што?..
- Менавiта! - сказала яна.
- Дык яны ўсё яшчэ... яшчэ дагэтуль?
- Так! Так! Так! - з прыкрасцю адказала яна нiбы трыма сухiмi ўдарамi.
Пан Дарбеда развёў рукамi, апусцiў галаву i змоўк.
- Шарль, - занепакоена прамовiла жонка, - мне не варта было казаць табе гэтага. Але я ўсё роўна не здолела б трымаць гэта ў сабе.
- Наша дзiцё! - паволi выцiснуў ён. - З гэтым вар'ятам! Ды ён жа яе нават не пазнае! Ён называе яе "Агата". Ды гэта ж трэба, каб яна абсалютна страцiла пачуццё годнасцi!
Ён падняў галаву i сярдзiта зiрнуў на жонку.
- Ты ўпэўненая, што правiльна зразумела?
- Памылiцца было немагчыма. Але ж я, як i ты, - спешна дадала яна, - я таксама не магла ёй паверыць. Зрэшты, я i цяпер не магу яе зразумець. Ды я пры адной толькi думцы, каб да мяне мог дакрануцца гэты няшчасны... Увогуле, уздыхнула яна, - мне здаецца, што гэтым ён яе i ўтрымлiвае.
- Вiдаць! - прамовiў пан Дарбеда. - Памятаеш, што я сказаў табе, калi ён прыйшоў прасiць яе рукi? Я сказаў табе: "Па-мойму, ён занадта падабаецца Еве". А ты мне тады не захацела паверыць.
Раптам ён грукнуў кулаком па стале i густа пачырванеў.
- Ды гэта ж нейкая разбэшчанасць, ненармальнасць! Ён заграбае яе сваiмi лапамi, цалуе, называючы Агатай, i вярзе пры гэтым нейкую бязглуздзiцу пра статуi, якiя лётаюць, i рознае чорт ведае што! А яна яму ўсё дазваляе! Ды што памiж iмi такое? Ну няхай сабе шкадуе яго ўсiм сэрцам, няхай аддасць яго ў якi дом, дзе зможа бачыцца з iм кожны дзень - калi ласка. Але я нiколi нават не мог сабе ўявiць... Я лiчыў яе ўдавой... Паслухай, Жанета, - сказаў ён сур'ёзным голасам, - я буду гаварыць з табой шчыра. Па-мойму, калi ў яе ёсць яшчэ нейкi розум, было б нават лепей, каб яна завяла каханка!
- Шарль, змоўкнi! - крыкнула панi Дарбеда.
Пан Дарбеда стомлена ўзяў са столiка пакiнутыя пры ўваходзе кiй i капялюш.
- Пасля таго, што ты мне паведамiла, - сказаў ён, падводзячы рысу размове, - мне ўжо амаль няма на што спадзявацца. Зрэшты, я ўсё-такi пагутару з ёй: гэта мой абавязак.
Панi Дарбедзе не цярпелася, каб ён хутчэй пайшоў.
- Ведаеш, - сказала яна, каб крыху падбадзёрыць мужа, - па-мойму, у Евы ўсё-такi болей упартасцi, чым... iншага. Яна ведае, што ён невылечны, i ўсё роўна натурыцца. Яна не хоча ў гэта паверыць.
Пан Дарбеда задуменна гладзiў сабе бараду.
- Упартасцi?.. Можа, i так... Што ж, калi ты маеш рацыю, яна ўрэшце павiнна стамiцца. З iм не так ужо весела кожны дзень, i потым - ён амаль увесь час маўчыць. Калi я вiтаюся, ён толькi вяла працягвае руку i нiколi не размаўляе. А калi яны застаюцца адны, яго, вiдаць, зноў апаноўваюць неадчэпныя думкi: яна мне расказвала, што часам ён крычыць, нiбы яго рэжуць, - у яго галюцынацыi. Статуi. Ён iх баiцца, таму што яны гудуць. Кажа, што яны лётаюць вакол i закатваюць перад iм вочы.
Надзеўшы пальчаткi, ён сказаў зноў:
- Стомiцца, можна не сумнявацца. Але раптам раней ачмурэе? Няхай бы хоць трошкi бывала на людзях, бачылася са знаёмымi: можа, сустрэне якога добрага хлопца -ды хоць бы такога, як Шродэр, iнжынер у Сiмплона, - каго-небудзь з будучыняй, пацiху-патроху пачне сустракацца, у адных, у другiх, а потым, глядзiш, i прызвычаiцца да думкi, што трэба пачынаць жыць па-новаму.
Панi Дарбеда нiчога не адказала, баючыся, каб размова не ўспыхнула зноў. Муж нахiлiўся да яе.
- Ну ўсё, - сказаў ён, - мне трэба iсцi.
- Бывай, татачка, - адказала панi Дарбеда, падстаўляючы лоб, - пацалуй яе ад мяне i скажы, што яна наша мiлае няшчаснае дзiцятка.
Калi муж пайшоў, панi Дарбеда адкiнулася на спiнку фатэля i зняможана заплюшчыла вочы. "Колькi ж у iм жывасцi", - з папрокам падумала яна. Калi да яе крыху вярнулася сiла, яна паволi выпрастала бледную руку i, не расплюшчваючы вачэй, навобмацак узяла са сподка кавалак лукуму.
Ева жыла замужам у старым будынку на вулiцы Бак. Пан Дарбеда жвава адолеў сто дванаццаць прыступак, што вялi на шосты паверх, i, нацiскаючы на званок, дыхаў роўна, зусiм не запыхаўшыся. Яму з прыемнасцю прыгадалiся словы, сказаныя паненкаю Дармуа: "Для свайго ўзросту, Шарль, вы выглядаеце проста цудоўна". Нiколi ён не адчуваў сябе гэткiм здаровым i дужым, як у чацвер, асаблiва пасля такiх вось прабежак па лесвiцы.
Яму адчынiла Ева. "Дый хто ж яшчэ, сапраўды, - пакаёўкi ў яе няма. Гэтыя дзяўчаты проста не могуць у iх затрымацца: я ўяўляю сябе на iх месцы". Ён пацалаваў дачку.
- Дзень добры, няшчаснае наша дзiцятка.
Ева павiталася трошкi холадна.
- Нейкая ты бледненькая, - сказаў пан Дарбеда, памацаўшы яе за шчаку, зусiм жа амаль не рухаешся.
Запанавала маўчанне.
- У мамы ўсё добра? - спытала Ева.
- Такi-сякi. Ты ж бачылася з ёй у аўторак? Ну - як заўжды. Цётка Луiза, вось, учора прыходзiла ў госцi. Ёй гэта было вельмi прыемна. Яна ж любiць, калi да яе хто завiтвае. Але лепш, каб госцi не заставалiся доўга. Цётка Луiза, дарэчы, прыехала ў Парыж разам з малымi - усё праз тую гiсторыю з закладам маёмасцi. Я табе, здаецца, расказваў - дзiўная гiсторыя. Яна заходзiла да мяне ў кантору, параiцца. Я сказаў, што дзвюх думак тут быць не можа: трэба прадаваць. Зрэшты, яна ўжо знайшла пакупнiка - Брэтанеля. Памятаеш Брэтанеля? Ён цяпер ужо не займаецца справамi.
Раптам ён змоўк. Ева яго ледзьве слухала. Ён са смуткам падумаў, што нiшто ўжо яе не цiкавiць. "Нават кнiгi. Раней iх даводзiлася ў яе проста з рук выдзiраць. А цяпер - цяпер яна зусiм не чытае".
- Як П'ер?
- Добра, - сказала Ева. - Хочаш яго пабачыць?
- Вядома, - вясёла адказаў пан Дарбеда, - трэба нанесцi яму невялiчкi вiзiт.
Ён вельмi спачуваў няшчаснаму хлопцу, але не мог глядзець на яго без гiдлiвасцi. "Я проста не цярплю розную хворасць". Праўда, П'ера тут вiнавацiць няма ў чым: усё - плён яго цяжкай спадчыннасцi. Пан Дарбеда ўздыхнуў: "Колькi нi сцеражыся, а калi даведваешся - заўсёды ўжо надта позна". Не, П'ер быў тут неадказны. Хоць загана заўсёды жыла ў iм - яна складала сутнасць яго характару. Гэта не тое, што рак цi сухоты, ад якiх можна абстрагавацца, калi хочаш ацанiць чалавека, якi ён ёсць сам па сабе.
Тая нервовая грацыя, тая вытанчаная няпростасць, якiя так падабалiся Еве, калi ён пачынаў да яе заляцацца, - усё гэта былi кветкi будучага вар'яцтва. "Калi ён ажанiўся з Евай, ён ужо быў ненармальны; проста гэтага было яшчэ не вiдно. Цiкава, - падумаў пан Дарбеда, - дзе ж усё-такi пачынаецца адказнасць? Цi, правiльней сказаць: дзе яна канчаецца? Як бы там нi было ён надта многа займаўся самааналiзам, увесь час толькi i капаўся ў сабе. Але што гэта прычына цi следства хваробы?" Ён iшоў за дачкой па доўгiм змрочным калiдоры.
- Гэтая кватэра для вас надта вялiкая, - сказаў ён. - Вам бы варта было пераехаць.
- Ты кожны раз гэта кажаш, тата, - адказала Ева, - але ж я табе ўжо казала, што П'ер не хоча пакiдаць свайго пакоя.
Ева была нейкая дзiўная: часам можна было нават засумнявацца, цi разумее яна стан свайго мужа. Сапраўдны шаленец, а яна выконвае ўсё, што яму нi ўздумаецца, i паважае ўсе яго меркаваннi, нiбыта ён пры сваiм розуме.
- Калi я што кажу, дык толькi дзеля цябе, - крыху з прыкрасцю прамовiў пан Дарбеда. - Мне чамусьцi здаецца, што калi б я сам быў жанчына, дык мне было б страшна сядзець у гэтых цёмных старых пакоях. Я проста хачу, каб у цябе была новая, светлая кватэра - iх шмат будуюць апошнiм часам, у раёне Атэйля, напрыклад. Тры невялiкiя пакоi, свежае паветра. Яны цяпер якраз панiзiлi цэны, бо не могуць знайсцi жыльцоў; самы момант.
Ева мякка павярнула ручку ў дзвярах, i яны ўвайшлi ў пакой. Ад цяжкага ладанавага духу да горла ў пана Дарбеды падкацiў камяк. Шторы былi запятыя. У паўзмроку над спiнкай фатэля ён разгледзеў худую патылiцу: седзячы да iх спiнай, П'ер еў.
- Дабрыдзень, П'еру, - сказаў пан Дарбеда, павысiўшы голас. - Ну што, як мы сёння сябе адчуваем?
Ён блiжэй падышоў да хворага, што сядзеў за маленькiм столiкам. У П'ера быў хiтры i прытворшчыцкi выгляд.
- О, мы елi яйкi ўсмятку, - сказаў пан Дарбеда яшчэ гучней. - Гэта смачна!
- Я не глухi, - азваўся П'ер мяккiм голасам.
Пан Дарбеда знервавана перавёў вочы на Еву, каб узяць яе ў сведкi. Але тая сустрэла яго чэрствым позiркам i нiчога не адказала. Пан Дарбеда зразумеў, што яна пакрыўдзiлася. "Ну i тым горш для яе". Выбраць правiльны тон з гэтым няшчасным проста немагчыма: розуму ў яго не больш, чым у чатырохгадовага дзiцяцi, а Еве хочацца, каб да яго ставiлiся як да чалавека, як да дарослага. Пан Дарбеда не мог перамагчы ў сабе нецярплiвага жадання, каб хутчэй настаў час, калi гэтая дурацкая абыходлiвасць будзе ўжо недарэчная. Хворыя заўсёды яго крыху раздражнялi - асаблiва вар'яты: яны нiколi не мелi рацыi. П'ер, напрыклад, небарака, - ён жа не мае рацыi па ўсiх пунктах, слова не можа сказаць, каб лухты не ляпнуць, але дзе ўжо яго прасiць быць крыху болей сцiплым цi хоць бы часам прызнаваць свае памылкi - марная справа.
Ева прыбрала яечнае шалупiнне, падстаўку i паклала перад П'ерам кувэрт з нажом i вiдэльцам.
- Што ён будзе есцi цяпер? - з радаснаю ўсмешкаю спытаў пан Дарбеда.
- Бiфштэкс.
П'ер ужо ўзяў вiдэлец i трымаў яго кончыкамi сваiх доўгiх i бледных пальцаў. Потым пiльна агледзеў з усiх бакоў i каротка ўсмiхнуўся.
- Гэты раз не ўдасца, - прашаптаў ён i паклаў вiдэлец назад, - я быў папярэджаны.
Ева падышла да стала i з непадробнай цiкаўнасцю ўтаропiлася ў вiдэлец.
- Агата, - сказаў П'ер, - дай мне iншы.
Ева прынесла, i П'ер пачаў есцi. А яна, так i не паклаўшы падазронага вiдэльца, сцiснула яго ў руцэ i разглядала, не зводзячы вачэй: здавалася, яна робiць над сабой жудаснае намаганне. "Чорт разбярэ iх адносiны i ўсе гэтыя выбрыкi!" - падумаў пан Дарбеда. Ён адчуваў сябе вельмi нiякавата.
- Асцярожна, - сказаў П'ер, - трымай яго пасярэдзiне спiны: у яго клюшнi.
Ева ўздыхнула i паклала вiдэлец на сервавальны столiк. Пан Дарбеда адчуў, што яго цярпенню прыходзiць канец. Ён лiчыў зусiм непатрэбным саступаць усiм прыхамацям гэтага небаракi - нават самому П'еру гэта толькi на шкоду. Франшо сам яму неяк казаў: "Нiколi нельга патураць трызненню хворага". Замест таго, каб даваць яму новы вiдэлец, лепей трэба было мякка, не напiраючы, пастарацца яго абразумiць, даць яму зразумець, што першы - такi самы, як iншыя. Пан Дарбеда падышоў да сервавальнага столiка i падкрэслена ўзяў вiдэлец. Потым паволi правёў пальцамi па яго зубах i павярнуўся да П'ера. Той са спакойным выглядам рэзаў на талерцы мяса i, дарэзаўшы, падняў на цесця мяккi i невыразны позiрк.
- Я хацеў бы трошкi з табою пагутарыць, - сказаў пан Дарбеда дачцэ.
Ева паслухмяна выйшла за iм у салон. Толькi сеўшы на канапу, пан Дарбеда заўважыў, што ўсё яшчэ трымае вiдэлец у руцэ. Ён раззлавана кiнуў яго на столiк i сказаў:
- Тут неяк лепей.
- Я нiколi сюды не заходжу.
- Можна мне запалiць?
- Вядома, тата, - спешлiва адказала Ева. - Можа, хочаш цыгару?
Пан Дарбеда задаволiўся скруцiць прывычную яму цыгарку. Ён не адчуваў няёмкасцi, думаючы пра размову, якую меўся пачаць. Намнога болей несамавiта яму было, калi ён гутарыў з П'ерам: з iм ён адчуваў нейкую няёмкасць за свой розум - як той волат, што баiцца сваёй жа сiлы, гуляючы з дзiцем. Усе яго вартасцi - светласць, яснасць, дакладнасць - абарочвалiся супраць яго ж. "З маёй беднай Жанетай, што трэба прызнаць, - амаль тое самае". Вядома, панi Дарбеда была не вар'ятка, але хвароба, як бы мовiць... усыпiла яе. А Ева наадварот, яна ўся была ў бацьку: гэткая ж простая i лагiчная; гутарыць з ёю было прыемна. "Таму я i не хачу, каб мне яе сапсавалi". Пан Дарбеда падняў вочы; ён яшчэ раз хацеў убачыць разумныя, тонкiя рысы сваёй дачкi. Але яго чакала расчараванне: у некалi такiм ясным, такiм празрыстым аблiччы было цяпер нешта мутнае i невыразнае. Ева па-ранейшаму была вельмi прыгожая. Але пан Дарбеда заўважыў, што яна старанна, амаль па-святочнаму нафарбавалася. На павеках ляжалi ценi, доўгiя вейкi пакрывала чорная туш. Бацьку было цяжка глядзець на гэты бездакорны i густы макiяж.
- Ты ж уся зялёная пад сваёю фарбай, - сказаў ён дачцэ. - Я нават баюся, каб ты не захварэла. Як ты пачала фарбавацца! Ты ж была заўсёды такая сцiплая.
Ева не адказала, i пан Дарбеда пэўны час збянтэжана ўзiраўся ў яе блiскучы i змардаваны твар з цяжкаю шапкай чорных густых валасоў. Яму падумалася, што яна нечым падобная да трагедыйнай актрысы. "Я нават дакладна ведаю, да якой. Да той румынкi, што ля Аранжскiх муроў выконвала ролю Федры на французскай мове". Ён шкадаваў, што зрабiў дачцэ гэтую непрыемную заўвагу: "Як у мяне вырвалася! Не трэба было настройваць яе варожа праз гэткую дробязь".
- Прабач, - з усмешкай сказаў ён. - Ты ж ведаеш, я стары прыхiльнiк усяго натуральнага. Што зробiш, не падабаюцца мне ўсе гэтыя памады ды масцi, што цяперашнiя жанчыны лепяць сабе на твар. Але я, вядома, не маю рацыi, трэба жыць разам з часам.
Ева прыязна ўсмiхнулася. Пан Дарбеда запалiў цыгарку i некалькi разоў зацягнуўся.
- Дзяўчынка мая, - пачаў ён, - я, уласна, вось што хацеў табе сказаць... Давай пагутарым, як раней. Ты толькi сядай, калi ласка, i паслухай мяне ўважлiва: трэба ж давяраць свайму старому тату.
- Лепей я пастаю, - сказала Ева. - Што ты мне маеш сказаць?
- Я проста хацеў задаць пытанне, - ужо больш суха сказаў пан Дарбеда. Куды ўсё гэта цябе завядзе?
- Усё гэта? - здзiўлена паўтарыла Ева.
- Але, усё гэта. Усё гэтае жыццё, што ты сабе ўтварыла. Паслухай, - сказаў ён пасля кароткай паўзы, - не трэба думаць, што я цябе не разумею (на яго раптам сапраўды найшло прасвятленне). Але тое, што ты хочаш зрабiць, - не ў чалавечай сiле. Ты хочаш жыць толькi сваiм уяўленнем - так? Не хочаш дапусцiць, што ён хворы? Ты не хочаш бачыць П'ера такiм, якi ён цяпер, - я правiльна разумею? Твае вочы бачаць толькi былога П'ера. Але, мiлае маё дзiцё, дачурка, вытрымаць такое доўга немажлiва, - пан Дарбеда перавёў дых. - Ну добра, я раскажу табе адну гiсторыю, хоць, можа, ты яе ведаеш. Калi мы былi ў Сабль-д'Алоне, табе было тры гады, i твая мацi пазнаёмiлася з адной прыгожай маладой жанчынай. У яе быў чароўны хлопчык. Вы гулялi з iм кожны дзень на пляжы, былi такiя яшчэ маленькiя: што дзве цацкi. Мы называлi цябе ягонай нявестаю. I вось колькi часу пазней, у Парыжы, твая мацi захацела сустрэцца з гэтай жанчынай - i тут ёй паведамiлi, што яе напаткала вялiкае гора: яе мiламу хлопчыку машынай адрэзала галаву. Тваёй мацi параiлi: "Калi пойдзеце да яе, крый Божа, не заводзьце гаворкi пра смерць яе сына - яна не хоча верыць, што яго больш няма". Твая мацi пайшла - i што? Яна ўбачыла паўзвар'яцелую кабету: тая жыла так, нiбы яе малы ўсё яшчэ жыў; яна гаманiла з iм, клала на стол прыборы... Урэшце, яна жыла ў такiм нервовым напружаннi, што праз паўгода яе давялося сiлай забраць у вар'ятню, дзе яна праседзела цэлыя тры гады. Не, дзiцятка маё, - прамовiў пан Дарбеда, - не, так жыць немажлiва. Было б намнога лепей, каб яна адважна прызнала ўсю праўду. Ёй давялося б, вядома, добра папакутаваць адзiн раз, але потым - усё сцерлася б з часам. Павер мне, лепей заўсёды глядзець рэчам у твар.
- Ты памыляешся, - з намаганнем прамовiла Ева, - я выдатна ведаю, што П'ер...
Слова не здолела зляцець з яе вуснаў. Яна стаяла вельмi напружаная, сцiснуўшы рукамi спiнку фатэля; у нiжняй частцы аблiчча ў яе было нешта сухое i непрыемнае.
- Дык што... значыць? - здзiўлена ледзь не крыкнуў пан Дарбеда.
- Што "значыць"?
- Ты?..
- Я люблю яго такога, якi ён ёсць, - скора i з прыкрасцю прамовiла Ева.
- Гэта няпраўда! - з нацiскам сказаў пан Дарбеда. - Няпраўда, ты не любiш яго, ты не можаш яго любiць. Такiя пачуццi можна мець толькi да здаровага, да нармальнага чалавека. Я, вядома, не сумняваюся, што ў цябе ёсць да П'ера пэўнае спачуванне, што ў табе яшчэ жыве ўспамiн пра тыя шчаслiвыя тры гады, якiмi ты яму абавязаная. Але не кажы мне, што ты яго любiш, я табе не паверу.
Ева стаяла моўчкi, з адсутным выглядам утаропiўшыся ў дыван.
- Магла б, нарэшце, i адказаць, - холадна сказаў пан Дарбеда. - Не думай, што мне гэтая размова меней цяжкая, чым табе.
- Усё роўна ж ты не паверыш.
- Ну, калi так, калi ты ўсё-такi яго любiш, - з роспаччу закрычаў ён, гэта вялiкае гора - i для цябе, i для мяне, i для тваёй беднай мацi, бо зараз я скажу табе нешта, што раней лiчыў за лепшае стаiць: менш як праз тры гады П'ер зробiцца поўным вар'ятам, ён абернецца ў жывёлу.
Ён са злосцю зiрнуў на дачку: ён быў на яе сярдзiты за тое, што яна сваёй упартасцю прымусiла яго раскрыць ёй гэтую цяжкую навiну.
Але Ева нiяк не адрэагавала; нават не падняла вачэй.
- Я ведала.
- Хто табе гэта сказаў? - аслупянела спытаўся ён.
- Франшо. Я ведала яшчэ паўгода назад.
- Вось маеш... А я ж так яму раiў цябе пашкадаваць, - горка прамовiў пан Дарбеда. - Зрэшты, можа, так яно i лепей. Але ж у такiм выпадку ты павiнна зразумець, што было б проста недаравальна трымаць П'ера ў сябе. Барацьба, якую ты вядзеш, асуджаная на паражэнне: гэта не тая хвароба, якая можа яшчэ адступiць. Каб мы хоць на нешта былi тут здольныя, каб яго можна было ўратаваць якiм-небудзь лячэннем, лекамi - тады я не кажу. Але паглядзi сама: ты была такая прыгожая, разумная, вясёлая, а цяпер - сама забiваеш сябе дзеля сваёй жа прыхамацi i абсалютна без нiякай карысцi. Зразумела, ты была проста цудоўная, мы ўсе гэта бачылi, але цяпер - усё, кончана, ты выканала свой абавязак, болей за свой абавязак; цяпер упарцiцца проста было б амаральна. Дзiцё маё, ёсць жа, урэшце, i абавязкi да самога сябе. I потым - ты зусiм не думаеш пра нас. Табе трэба, - паўтарыў ён, нiбы молатам выбiваючы словы, трэба аддаць П'ера ў клiнiку да Франшо. Ты з'едзеш з гэтай кватэры, што дала табе толькi няшчасце, перабярэшся да нас. А калi ў цябе ёсць патрэба быць карыснай другiм, палягчаць чыесьцi пакуты - што ж, у цябе ёсць твая мацi. За беднай кабетай няма каму прыглядаць, апроч санiтарак, а ёй бы зусiм не зашкодзiла, каб побач хоць часам быў нехта блiзкi. I яна ўжо, - дадаў ён, яна будзе здольная ацанiць усё, што ты дзеля яе зробiш, i будзе табе за гэта ўдзячная.
Настала доўгае маўчанне. Пан Дарбеда пачуў, як у суседнiм пакоi спявае П'ер. Зрэшты, гэта было мала падобна да спеву, нагадваючы болей хуткi, пранiзлiвы рэчытатыў. Пан Дарбеда падняў вочы на дачку.
- Значыць, не?
- П'ер застанецца са мной, - мякка сказала яна, - я вельмi добра з iм ладжу.
- Пры ўмове, што займаешся дурасцямi цэлы дзень.
Ева ўсмiхнулася i кiнула на бацьку нейкi надзiва кплiвы i цi не вясёлы позiрк. "Так i ёсць, - раззлавана падумаў пан Дарбеда, - яны толькi гэтым i займаюцца; прабаўляюцца ў ложку".
- Ты, напэўна, ужо зусiм тут здурнела, - сказаў ён i ўстаў.
Ева сумна ўсмiхнулася i шапнула нiбыта сабе:
- Не зусiм.
- Не зусiм? Я толькi адно магу табе сказаць, маё дзiцё, ты мяне палохаеш.
Ён паспешлiва яе пацалаваў i выйшаў. "Трэба было б, - падумаў ён, спускаючыся па лесвiцы, - прыслаць ёй пару добрых здаравякоў, каб яны сiлай забралi ў яе гэтае Богам пакрыўджанае няшчасце ды сунулi яго пад душ, i не пыталiся - хоча ён таго цi не".
Стаяў пагодны восеньскi дзень, цiхi, без нiякiх загадак; сонца залацiла прахожым твары. Пана Дарбеду нечакана ўразiла iх адкрытая прастата: адны былi загарэлыя, другiя гладкiя, але на кожным адбiлiся i свая радасць, i свае турботы, такiя знаёмыя i яму.
"Я ведаю, за што папракаю Еву, - падумаў ён, паварочваючы на бульвар Сэн-Жэрмен. - Я папракаю яе за тое, што яна жыве па-за ўсiм чалавечым. Бо П'ер ужо не чалавек. I ўвесь той клопат, усю любоў, што яна аддае яму, - яна iх забiрае ў другiх: ва ўсiх гэтых. Нiхто не мае права адгароджваць сябе ад людзей; як нi круцi - мы жывём у грамадстве".
Ён з прыязнасцю зiрнуў на прахожых; яму падабалiся iх сур'ёзныя, ясныя вочы. На гэтых залiтых промнямi вулiцах, сярод людзей пачувалася неяк надзейна, бяспечна, як у вялiкай сям'i.
Жанчына з распушчанымi валасамi спынiлася перад раскладзенымi проста пад адкрытым небам таварамi. За руку яна трымала дзяўчынку.
- Што гэта? - спытала дзяўчынка, паказваючы на радыёпрыёмнiк.
- Нiчога не чапай, - адказала ёй мацi. - Гэта прыёмнiк, ён робiць музыку.
Пэўны момант яны стаялi моўчкi, з захапленнем разглядаючы апарат. Пан Дарбеда расчулена схiлiўся да дзяўчынкi i, зазiрнуўшы ёй у вочы, усмiхнуўся.
II
"Пайшоў". Дзверы на лесвiцу суха клацнулi i зачынiлiся; Ева была ў салоне адна: "Няхай бы ён лепей памёр".
Яе рукi сцiснулi спiнку фатэля: яна ўспомнiла бацькавы вочы. Як пан Дарбеда, з выглядам знаўцы, схiлiўся да П'ера, як сказаў яму: "Гэта смачна!" такiм тонам, нiбыта ён ведае, як трэба гутарыць з хворымi. Як глядзеў на яго, i П'ерава аблiчча адбiвалася ў яго вялiкiх, глыбокiх, спрытных вачах. "Я ненавiджу яго, калi ён так яго разглядае, ненавiджу, калi толькi падумаю, што ён яго бачыць".
Евiны рукi саслiзнулi з фатэля, i яна павярнулася да акна. Яе вочы адразу аслеплi ад яркага сонца. Увесь пакой быў запоўнены яго промнямi; яны лезлi паўсюль: ляжалi бялявымi плямамi на дыване, вiселi сляпучым пылам у паветры. Ева даўно ўжо адвыкла ад такога бессаромнага, такога стараннага асвятлення, што вылiзвала кожны кут, надрайвала мэблю i прымушала яе блiшчаць, як руплiвая гаспадыня. I ўсё ж яна падышла да акна i прыўзняла фiранку. Якраз у гэты момант з будынка выйшаў пан Дарбеда. Нечакана для сябе Ева ўбачыла яго шырокiя плечы. Бацька падняў галаву, лыпаючы вачыма, зiрнуў на неба i, як падлетак, шырока ступаючы, рушыў прэч. "Мацуецца, - падумала Ева, - нiчога, хутка ў яго пачнецца яго калаццё". Нянавiсць у ёй ужо знiкла: за што яго ненавiдзець - у гэтай галаве нiчога няма, апроч хiба сама маленькага клопату выглядаць маладзейшым. Але калi яна ўбачыла, як бацька павярнуў на бульвар Сэн-Жэрмен i знiк, яе зноў ахапiла злосць. "Ён думае зараз пра П'ера". Нейкая частка iх жыцця вырвалася з гэтага зачыненага для ўсiх пакоя, i цяпер яе ганяла па вулiцах, пад сонцам, пад нагамi ў людзей. "Няўжо нас так i не здолеюць нiколi забыць?"
Вулiца Бак была амаль бязлюдная. Старая кабета дробным трушком пераходзiла праезджую частку; смеючыся, прайшлi тры дзяўчыны. I потым - мужчыны - дужыя i сур'ёзныя, яны неслi ў руках партфелi i гаманiлi памiж сабой. "Нармальныя", падумала Ева i сама здзiвiлася, заўважыўшы ў сабе столькi нянавiсцi. Тоўсценькая прыгожая жанчына кiнулася насустрач элегантнаму пану. Той абхапiў яе рукамi i пацалаваў у вусны. Ева выцiснула чэрствы смяшок i апусцiла фiранку.
П'ер ужо не спяваў, цяпер суседка з трэцяга паверха села за пiянiна; яна грала "Эцюд" Шапэна. Ева адчула сябе спакайней i ступiла была да П'ерава пакоя, як раптам спынiлася i з нейкай трывогай абаперлася спiнаю аб сцяну: кожны раз, калi яна выходзiла з пакоя, яе агортвала панiчнае пачуццё пры думцы, што туды трэба вярнуцца. Тым не менш яна разумела, што не здолее жыць больш нiдзе: гэты пакой вабiў яе, яна яго нават любiла. З халоднай цiкаўнасцю, нiбы каб выйграць хвiлiну-другую i набрацца духу, яна прабегла позiркам па салоне: нiдзе нiякага ценю, нiякага паху. "Як у чакальнi ў дантыста". Фатэлi, абабiтыя ружовым ядвабам, канапа, строгiя, сцiплыя, па-крэўнаму простыя зэдлi; добрыя памочнiкi чалавека. Ева ўявiла, як нейкiя важныя паны, апранутыя ва ўсё светлае - зусiм такiя, якiх яна бачыла толькi што за акном, - уваходзяць у гэты салон i, не спыняючы пачатай размовы, нават не турбуючы сябе тым, каб зiрнуць, куды яны трапiлi, упэўненаю хадою iдуць на самы цэнтр пакоя; а адзiн закiнуў за спiну руку, i тая валачэцца за iм, як след за караблём, - па мяккiх падушках на мэблi, па розных прадметах, сталах, а ён нават не ўздрыгваецца, сутыкаючыся з усiм гэтым. Калi ж на дарозе iм трапляецца мэбля, iм i ў галаву не прыходзiць яе абысцi, i яны, гэтыя салiдныя iмасцi, дужа спакойна перастаўляюць яе на iншае месца. I вось, нарэшце, яны сядаюць, так i не перапынiўшы сваёй размовы, так i не зiрнуўшы вакол сябе. "Салон для нармальных", - падумала Ева. Са сцiснутым трывогаю горлам яна глядзела на ручку, якую трэба было павярнуць. "Трэба iсцi. Я нiколi так доўга не пакiдаю яго аднаго". Трэба было адчынiць гэтыя дзверы; потым Ева крыху пастаiць на парозе, каб даць вачам прызвычаiцца да паўзмроку, а пакой усёй сiлай пастараецца выштурхнуць яе прэч. Яна павiнна будзе вытрымаць гэтае супрацiўленне i прайсцi ўглыбiню. Раптам яна адчула пякучае жаданне ўбачыць П'ера. Ёй бы так хацелася разам з iм пакпiць з свайго бацькi. Але П'еру яна была непатрэбна; Ева нават не магла прадугадаць, як ён зараз яе сустрэне. З нейкай своеасаблiваю гордасцю яна раптам падумала, што ёй ужо нiдзе няма месца. "Нармальныя лiчаць, што я яшчэ належу да iх. Але я сярод iх не здолела б заставацца гадзiны. Я хачу, я адчуваю патрэбу жыць там, па той бок гэтай сцяны. Але там мяне не прымаюць".
Усё вельмi змянiлася вакол яе: святло нiбы састарэла, яно пачынала сiвець, рабiлася цяжкiм, як вада ў вазе з кветкамi, калi яе два днi не мяняюць. Ева глядзела на рэчы, пакрытыя гэтым старым святлом, i заўважала на iх даўно забытае пачуццё меланхолii: той самай, што адчуваеш вячэрняй парой у самым канцы восенi. Яна нерашуча, амаль збянтэжана пазiрала вакол: усё гэта было так далёка - цяпер, у iхнiм пакоi не было нi дня, нi ночы, нi пары, нi меланхолii. Яна цьмяна прыгадала далёкiя-далёкiя восенi, восенi яе маленства - i раптам уся напружылася: успамiны выклiкалi ў яе страх.
Яна пачула П'ераў голас:
- Агата! Ты дзе?
- Iду! - крыкнула яна.
Яна адчынiла дзверы i прайшла ў пакой.
Густы ладанавы водар напоўнiў ёй ноздры i рот. Яна шырока распяла вочы, выставiла наперад рукi - пах i паўзмрок даўно ўжо злiлiся ў яе ў адзiнае цэлае, нешта даўкае i мяккае, нiбы вата, такое ж простае, такое ж знаёмае, як паветра, агонь цi вада, - i асцярожна рушыла да бледнай плямы, якая, здавалася, лунала ў тумане. Гэта быў П'ераў твар: П'ерава адзенне (а з той пары, як ён захварэў, ён апранаў усё чорнае) раставала ў цемры. П'ер сядзеў з закiнутаю назад галавою i заплюшчанымi вачыма. Ён быў прыгожы. Ева палюбавалася на яго доўгiя, загнутыя на кончыках вейкi i села побач на нiзкае крэсла. "Яму, напэўна, нешта балiць", - падумала яна. Яе вочы патроху прызвычаiлiся да змроку. Спачатку выплыў стол, пасля ложак, пасля П'еравы асабiстыя рэчы - ножны, слоiк з клеем, кнiгi, гербарый, рассыпаны на дыване каля фатэля.
- Агата?
П'ер ужо расплюшчыў вочы i глядзеў на яе з усмешкай.
- А ведаеш, што вiдэлец? - сказаў ён. - Гэта я, каб напалохаць гэтага тыпа. А так - у iм амаль нiчога не было.
Евiны апасеннi знiклi, i яна, цiха i коратка засмяяўшыся, сказала:
- Гэта табе выдатна ўдалося. Ён сапраўды ледзь не звар'яцеў ад страху.
П'ер усмiхнуўся.
- Ты бачыла? Як ён пачаў яго круцiць, ухапiўся ледзь не аберуч. I вось што, заўваж, - сказаў ён, - яны не ўмеюць браць рэчы: яны iх хапаюць.
- Твая праўда, - сказала Ева.
П'ер мякка пастукаў па левай далонi ўказальным пальцам правай рукi.
- Вось яны чым бяруць. Спачатку падносяць пальцы i, як толькi ўдалося спаймаць прадмет, адразу цiснуць на яго ўсёй далоняй - каб прыдушыць.
Ён гаварыў хутка, аднымi кончыкамi губ; выгляд у яго быў азадачаны.
- Цiкава, чаго яны хочуць? - нарэшце прамовiў ён. - Гэты тып ужо прыходзiў раней. Навошта яны яго падсылаюць? Калi iм хочацца ведаць, што я раблю, яны могуць проста зiрнуць на экран - дзеля гэтага iм нават не трэба нiкуды выходзiць. Значыць, i яны робяць памылкi. Маюць такую ўладу i робяць памылкi. А я - не раблю, гэта мой козыр. Хофка, - сказаў ён, - хофка! - Ён замахаў перад iлбом рукамi. - Сволач. Хофка, пафка, суфка! Што, хочаш яшчэ?
- Звон? - спыталася Ева.
- Звон. Уцёк, - сказаў ён i сярдзiтым голасам пачаў далей развiваць сваю думку. - Гэты тып - iх падначалены. Ты яго ведаеш, ты выходзiла з iм у салон.
Ева не адказала.
- Што ён хацеў? - спытаў П'ер. - Ён павiнен быў табе гэта сказаць.
Нейкае iмгненне Ева вагалася i потым адказала з жорсткай цвёрдасцю ў голасе:
- Ён хацеў, каб цябе пасадзiлi пад замок.
Калi П'еру старалiся сказаць праўду мякка, ён ставiўся да яе з недаверам, яму трэба было рэзаць яе прама ў вочы, каб аглушыць, паралiзаваць яго падазрэннi. Ды Ева i сама лiчыла, што лепш абысцiся з iм жорстка, чым ашукаць: калi яна хлусiла i ён, здавалася, даваў гэтаму веры, яна не магла адолець у сабе пачуцця перавагi, за якое сама сябе ненавiдзела.
- Пасадзiць мяне пад замок! - з iронiяй паўтарыў П'ер. - Яны там сапраўды, вiдаць, з глузду з'ехалi. Ды што гэта мне, што мне iх сцены? Яны думаюць, напэўна, што гэта здолее мяне спынiць. Я часам нават пачынаю думаць - можа, ёсць дзве банды? Сапраўдная, мурынава, i яшчэ адна - банда якiх-небудзь прыдуркаў, што хочуць паўсюль сунуць свой нос i лепяць дурасць на дурасцi.
Ён ускiнуў над падлакотнiкамi фатэля рукi i з задавальненнем, уважлiва на iх паглядзеў.
- Сцены... Сцены мы пройдзем. Што ты яму адказала? - спытаў ён i з цiкаўнасцю павярнуўся да Евы.
- Што цябе не пасадзяць.
П'ер пацiснуў плячыма.
- Не трэба было так казаць. Ты таксама зрабiла памылку. Прынамсi, калi не сказала гэтага наўмысна. Трэба даць iм выкласцi ўсе iх карты.
Ён змоўк. Ева сумна апусцiла галаву. "Яны iх хапаюць!" Якiм грэблiвым тонам ён гэта сказаў - i як гэта дакладна. "Няўжо i я - таксама хапаю? Дарма я сачу за сабой: па-мойму, большасць маiх рухаў усё роўна яго раздражняюць. Ён проста не кажа мне гэтага". Раптам яна адчула сябе няшчаснай i вiнаватаю, як тады, калi ёй было чатырнаццаць i панi Дарбеда, яшчэ лёгкая i жвавая, казала ёй: "Можна падумаць, што ты проста не ведаеш, куды падзець свае рукi!" Ева баялася варухнуцца, але якраз у гэты момант адчула неадольнае жаданне перамянiць паставу. Стараючыся не дакранацца да дывана, яна паволi падабрала ногi пад крэсла. Яе вочы глядзелi на настольную лямпу, падстаўку ў якой П'ер пафарбаваў чорнаю фарбай, i на шахматную дошку. На дошцы П'ер пакiнуў толькi чорныя пешкi. Часам ён уставаў, падыходзiў да стала i браў iх адну за адной. Ён гаманiў з iмi, называючы iх Робатамi, i здавалася, пешкi ажываюць у яго руках нейкiм цёмным, глухiм жыццём. Калi ён клаў iх на месца, Ева падыходзiла i брала iх таксама (у такiя моманты ёй здавалася, што яна выглядае смешна); пешкi зноў абарочвалiся кавалачкамi мёртвага дрэва, але на iх заставалася яшчэ нешта няясна-няўлоўнае, падобнае на пэўны сэнс. "Гэта яго рэчы, - падумала яна. - У гэтым пакоi нiчога майго няма". Раней тут было крыху яе мэблi. Маленькi iнкруставаны столiк з трыльяжам, якi ёй застаўся ад бабкi i якi П'ер, жартуючы, заўсёды называў: твой столiк. Пасля ён забраў гэты столiк сабе. Толькi П'еру рэчы адкрывалi сваё сапраўднае аблiчча. Ева магла глядзець на iх гадзiнамi: яны з нястомнаю i злою ўпартасцю прымушалi яе расчароўвацца, паказваючы адно сваю вонкавую абалонку - тую, што бачылi i доктар Франшо, i пан Дарбеда. "Усё роўна, - падумала Ева цi не з трывогай, - я бачу iх iначай, чым бацька. Не можа быць, каб я iх бачыла абсалютна так, як i ён".
Яна варухнула каленямi: у нагах ужо бегалi мурашы. Цела было напружанае i прамое, як палка, i пачынала балець; Еве здавалася, што яно занадта жывое, надта прыкметнае. "Я так хацела б зрабiцца нябачнаю i заставацца тут; каб бачыць яго i каб ён мяне не бачыў. Я яму непатрэбная; я ў гэтым пакоi лiшняя". Яна крыху павярнула галаву i зiрнула на сцяну над П'ерам. На сцяне былi напiсаны пагрозы. Ева гэта ведала, хоць была няздольна iх прачытаць. Яна часта глядзела на вялiкiя чырвоныя ружы, якiмi была размалявана сцяна, пакуль яны не пачыналi скакаць у вачах. Ружы гарэлi ў паўзмроку. Часцей за ўсё пагроза была напiсаная пад самаю столлю, злева над ложкам, але часам яна перамяшчалася. "Трэба ўстаць. Я не магу, не магу больш сядзець у адной паставе". Апроч таго, на сцяне былi белыя дыскi, падобныя да разрэзанай напалам цыбулiны. Дыскi круцiлiся на адным месцы, круцiлiся... рукi ў Евы пачалi дрыжаць. "Я часам ужо вар'яцею... Ды не, не, - з горыччу падумала яна, - я не магу звар'яцець. Я проста нервуюся, вось i ўсё".
Раптам яна адчула, як П'ер узяў яе за руку.
- Агата, - пяшчотна прамовiў ён.
П'ер усмiхаўся, але трымаў яе руку кончыкамi пальцаў, нiбыта з гiдлiвасцю цi так, як трымаў бы за спiну краба, баючыся, каб той не ўхапiў яго клюшняй.
- Агата, - сказаў ён, - я так хацеў бы табе давяраць.
Ева заплюшчыла вочы, i яе грудзi паднялiся ў глыбокiм уздыху. "Не трэба нiчога адказваць. Тады ён супакоiцца, i паверыць, i болей не будзе нiчога казаць".
П'ер адпусцiў руку.
- Агата, я цябе, вядома, люблю, - сказаў ён. - Але я не магу зразумець. Чаму ты ўвесь час сядзiш у гэтым пакоi?
Ева не адказала.
- Скажы, чаму?
- Ты выдатна ведаеш, што я кахаю цябе, - суха адказала яна.
- Я не веру табе, - сказаў П'ер. - За што табе мяне кахаць? Я павiнен выклiкаць у цябе жах: у мяне неадчэпныя думкi.
Ён усмiхнуўся, але адразу раптам пасур'ёзнеў.
- Памiж табою i мной - сцяна. Я цябе бачу, я з табой гаманю, але ты - па той бок. Што не дае нам любiць адно аднаго? Мне здаецца, што раней гэта было прасцей. У Гамбургу.
- Але, - сумна прамовiла Ева: "Зноў Гамбург". П'ер нiколi не гаварыў пра iх сапраўдную мiнуўшчыну. Нi Ева, нi ён - у Гамбургу нiколi не былi.
- Мы гулялi з табой уздоўж каналаў. Там была барка, памятаеш? Чорная барка; i сабака на мосце.
Ён выдумляў паступова; выгляд у яго быў няшчыры.
- Я трымаў цябе за руку. Скура ў цябе была тады iншая. Я верыў усяму, што ты мне казала. Маўчаць! - закрычаў ён.
Хвiлiну ён прыслухоўваўся.
- Яны хутка прыйдуць, - абвясцiў ён змрочным голасам.
Ева ўздрыганулася:
- Прыйдуць? Я ўжо думала, яны не вернуцца нiколi.
Апошнiя тры днi П'ер адчуваў сябе спакайней, статуi не прыходзiлi. Ён жудасна iх баяўся, хоць нiколi не прызнаваўся ў гэтым. Еву яны не палохалi; аднак, калi яны пачыналi лятаць па пакоi i гусцi - яе палохаў П'ер.
- Падай мне ворчку.
Ева ўстала i ўзяла ворчку: гэта быў набор склееных П'ерам кавалкаў кардону, якiм ён карыстаўся, каб заклiнаць прыход статуй. Ворчка была падобная да павука. На адным кавалку кардону П'ер напiсаў: "Улада над пасткамi", - на другiм: "Чорнае". На трэцiм была намалёвана галава, якая смяялася, i ад вачэй у яе разыходзiлiся зморшчынкi: гэта быў Вальтэр. П'ер узяў ворчку за лапу i пачаў пiльна яе разглядаць. Выгляд у яго быў змрочны.
- Яна мне болей не можа служыць, - нарэшце прамовiў ён.
- Чаму?
- Яны яе перайначылi.
- Ты зробiш другую?
Ён паглядзеў на Еву доўгiм позiркам i працадзiў скрозь зубы:
- А табе вельмi хацелася б.
Ева злавала на П'ера. "Кожны раз, як яны прыходзяць, ён загадзя папярэджаны. Як яму гэта ўдаецца? Ён жа нiколi не памыляецца".
Ворчка бездапаможна, жаласна звiсала з кончыкаў П'еравых пальцаў. "Ён заўсёды знаходзiць прычыну, каб ёю не скарыстацца. Калi яны прыходзiлi апошнi раз, у нядзелю, ён запэўнiваў, што недзе яе згубiў. Але ж я бачыла - яна ляжала за слоiкам з клеем. Ён не мог яе не заўважыць. Мне нават часам здаецца, цi не сам ён iх запрашае". Нiколi немагчыма было сказаць з пэўнасцю, калi П'ер бывае шчыры. У некаторыя моманты ў Евы ўзнiкала ўражанне, што яго сапраўды, мiма яго волi, апаноўвае нездаровы рой прычэплiвых думак i прывiдаў. Але iншы раз у П'ера быў такi выгляд, нiбы ён сам усё выдумляе. "Ён пакутуе. Пакутуе. Але да якой ступенi верыць сам у гэтых статуй i мурына? Ва ўсякiм выпадку, я ведаю, што статуй ён не бачыць - ён iх толькi чуе: калi яны пралятаюць, ён адварочвае галаву. А потым запэўнiвае, што бачыў. Ён iх нават апiсвае". Яна прыгадала пачырванелае аблiчча доктара Франшо: "Ды што вы, мiлая панi, што вы, усе вар'яты - хлусы; i вы марна трацiце час, калi хочаце адрознiць тое, што яны адчуваюць сапраўды, ад таго, што толькi кажуць, што адчуваюць". Яна ўздрыганулася: "Ды пры чым тут гэты Франшо? Я не збiраюся думаць, як ён".
П'ер устаў, падышоў да сметнiцы пад паперу i выкiнуў ворчку. "Як ты - вось бы як мне хацелася думаць". П'ер ступаў дробна, рухаючыся на самых дыбачках i прыцiскаючы локцi да цела, каб займаць як мага менш месца. Вярнуўшыся, ён сеў i зiрнуў на Еву з замкнёным выглядам.
- Трэба будзе дадаць чорнай фарбы, - сказаў ён, - у гэтым пакоi не стае чорнага.
Ён зусiм зашыўся ў фатэль. Ева з сумам глядзела на яго як бы скупое цела, заўсёды гатовае скурчыцца, сцiснуцца: галава, рукi, ногi - былi падобныя да скарачальных органаў. Насценны гадзiннiк прабiў шэсць гадзiн; пiянiна змоўкла. Ева ўздыхнула. Статуi прыходзiлi не адразу: iх трэба было чакаць.
- Хочаш, я запалю святло?
Ёй не хацелася чакаць iх у змроку.
- Рабi, што хочаш, - сказаў П'ер.
Яна запалiла маленькую настольную лямпу, i па пакоi разлiўся чырвоны туман. П'ер таксама чакаў.
Ён сядзеў моўчкi, але вусны ў яго ўвесь час варушылiся, на фоне чырвонай смугi яны выдзялялiся дзвюма цёмнымi плямамi. Ева любiла П'еравы вусны. Раней яны былi пачуццёвыя i хвалюючыя; але цяпер даўно страцiлi сваю пачуццёвасць. Яны безупынна растульвалiся ў дробнай дрыготцы i сцiскалiся, сплюшчвалiся i разлучалiся зноў. Толькi яны i жылi на гэтым акамянелым, як мур, аблiччы, нагадваючы сабой двух палахлiвых звяркоў. П'ер мог мармытаць так цэлымi гадзiнамi, але нiводнага слова так i не злятала з ягоных вуснаў, i часта Ева як загiпнатызаваная сачыла за гэтым ледзь прыкметным рухам. "Я люблю яго губы". П'ер нiколi ўжо не цалаваў яе; ён жудасна баяўся дотыкаў: уначы да яго дакраналiся мужчынскiя рукi, цвёрдыя i сухiя, шчыкалi яго па ўсiм целе; жаночыя, з доўгiмi-доўгiмi пазногцямi, лезлi да яго з агiднымi пяшчотамi. Часта ён клаўся ўвесь апрануты, але рукi слiзгалi пад вопратку, сцягвалi кашулю. Аднойчы ён пачуў, як нехта смяецца, i раптам нечыя тоўстыя губы прылiплi яму на рот. З той ночы ён не цалаваў больш Евы.
- Агата, - сказаў П'ер, - не глядзi на мой рот!
Ева апусцiла вочы.
- Я выдатна ведаю, што па губах можна навучыцца чытаць, - дадаў ён з задзiрлiваю ганарлiвасцю.
Яго рука на падлакотнiку фатэля дробна дрыжала. Указальны палец выпрастаўся, тройчы стукнуў па вялiкiм, i ўсе астатнiя сцiснулiся: гэта было заклiнанне. "Хутка пачнецца", - падумала Ева. Ёй хацелася абняць, абаранiць П'ера.
П'ер раптам загаварыў вельмi гучным i велiкасвецкiм тонам.
- Памятаеш Санкт-Паўлi?
"Не адказваць. Гэта можа быць пастка".
- Гэта там я з табой пазнаёмiўся, - ён быў нiбы задаволены. - Я адбiў цябе ў аднаго дацкага марака. Мы з iм нават ледзь не пабiлiся, але я сказаў, што плачу за ўсiх, i ён даў мне цябе забраць. Зрэшты, усё гэта было толькi камедыя.
"Брэша. Ён не верыць нiводнаму свайму слову. Ён ведае, што мяне завуць не Агата. Ненавiджу, калi ён хлусiць". Але яна ўбачыла яго нерухомыя вочы, i яе гнеў адразу растаў. "Ён не хлусiць, - падумала яна, - яго нервы гатовыя лопнуць. Ён адчувае, што яны ўжо блiзка, i гаворыць, каб перашкодзiць сабе пачуць". П'ер абедзвюма рукамi ўчапiўся ў ручкi фатэля. Яго твар спалатнеў, па iм блукала ўсмешка.
- Дзiўныя ўсё-ткi бываюць сустрэчы, - сказаў ён, - але я не веру ў выпадак. Я ў цябе не пытаюся, хто цябе падаслаў. Я ведаю - ты не адкажаш. Але ўсё-ткi табе добра ўдалося мяне асляпiць.
Ён гаварыў цяжка, вымаўляючы фразы хуткiм i рэзкiм голасам. Некаторыя словы яму не ўдавалiся i вылiвалiся з вуснаў мяккай бясформеннай масай.
- Ты пацягнула мяне за сабой у сама святочнае скопiшча, памiж стойламi чорных аўтамабiляў. Але за машынамi хавалася цэлае войска чырвоных вачэй, што пачыналi падмiргваць, як толькi я паварочваўся да iх спiнай. Цяпер я разумею ты, вiдаць, рабiла iм нейкiя знакi, хоць сама ўвесь час вiснула ў мяне на руцэ. Я тады нiчога не бачыў. Я быў занадта зачараваны вялiкай цырымонiяй Каранавання.
Шырока расплюшчанымi вачыма ён глядзеў проста перад сабой. Потым вельмi хутка i нейкiм куртатым рухам правёў па лбе рукой, нi на хвiлiну не перапыняючы гамонкi: ён не хацеў маўчаць.
- Бо тады было каранаванне Рэспублiкi, - ледзь не крыкнуў ён пранiзлiвым голасам, - уражлiвае ў сваiм родзе вiдовiшча: там былi жывёлы ўсiх масцей, якiх прыслалi з калонiй спецыяльна на цырымонiю. Ты ўвесь час баялася згубiцца сярод малпаў. Я сказаў - сярод малпаў, - паўтарыў ён задзiрлiвым тонам, пазiраючы вакол сябе. - Хоць мог бы сказаць i сярод мурынаў! Паганыя неданоскi, што сноўдаюць пад сталамi, - выкрытыя i прыбiтыя на месцы маiм Поглядам. Загадана маўчаць! - закрычаў ён. - Маўчаць! Слухай маю каманду: усiм смiрна! Зважай на ўваход статуй. Тра-ля-ля, - ён выў, прыстаўляючы рукi да рота рупарам, - тра-ля-ля, тра-ля-ля!
Раптам ён змоўк, i Ева ўсвядомiла, што статуi ўвайшлi ў пакой. П'ер сядзеў з пагардлiвым выглядам i быў увесь напружаны i бледны. Ева таксама напружылася; i яны абое застылi ў поўнай цiшынi. У калiдоры нехта хадзiў: гэта была Мары, што прыходзiла дапамагаць iм у гаспадарцы, - яна, вiдаць, толькi зайшла. "Трэба будзе даць ёй грошай на газ", - падумала Ева. I тут статуi пачалi лётаць; яны праляталi якраз памiж Евай i П'ерам.
П'ер натужлiва вухнуў i, падабраўшы пад сябе ногi, яшчэ глыбей зашыўся ў фатэль. Стараючыся адвярнуцца, ён круцiў галавой i час ад часу хмыкаў кароткiм смехам, на лбе ў яго блiшчалi кропелькi поту. Ева не магла болей вынесцi выгляду гэтай збялелай шчакi, гэтага рота, перакошанага дрыготкай грымасай; яна заплюшчыла вочы. I перад ёй, на чырвоным фоне павекаў, адразу заскакалi залацiстыя жылкi; яна адчувала сябе старою i ацяжэлай. П'ер шумна дыхаў зусiм побач з ёй. "Яны лётаюць, i гудуць, i схiляюцца да яго..." Яна адчула лёгкае казытанне, нейкую няёмкасць у правым плячы i ў баку. Iнстынктыўна яна ўсiм целам адхiлiлася ўлева - нiбы каб унiкнуць дотыку з чымсьцi непрыемным, нiбыта каб прапусцiць нейкую цяжкую, нязграбную рэч. Раптам падлога рыпнула, i Еве жудасна захацелася расплюшчыць вочы, зiрнуць направа, адагнаць паветра рукой.
Але яна стрымалася i не расплюшчыла вачэй, ажно ўздрыгануўшыся ад гэтай чаканай i горкай радасцi. "Я таксама баюся", - падумала яна. Усё яе жыццё затаiлася ў правым баку. Яна нахiлiлася блiжэй да П'ера, па-ранейшаму не расплюшчваючы вачэй. Цяпер ёй досыць было аднаго, сама маленькага намагання, i ўпершыню - яна ўвойдзе ў гэты трагiчны свет. "Я баюся статуй", - падумала яна. Гэта было як нейкае сляпое, утрапёнае перакананне, як закляцце; Ева ўсёю сiлаю хацела паверыць у прысутнасць статуй; яна старалася ператварыць гэтае трывожнае аняменне, што паралiзоўвала ёй правы бок, у нейкае новае пачуццё - у дотык. Сваiм бокам, рукою, плячом - яна адчувала, як яны пралятаюць побач.
Статуi ляталi паволi i нiзка; i ўвесь час гудзелi. Ева ведала, што ў iх хiтры, хлуслiвы выгляд i што вакол вачэй, з каменя, у iх растуць вейкi; але ўвогуле яна iх уяўляла кепска. Яна ведала, што яны яшчэ не зусiм жывыя i iх вялiкiя целы пакрытыя, нiбы цёплымi лушпiнамi, кавалкамi плоцi; што на кончыках пальцаў у iх лушчыцца камень i далонi заўсёды свярбяць. Ева не магла ўсяго гэтага ўбачыць, яна толькi ўяўляла, што нейкiя вялiкiя кабеты, велiчна i ўрачыста, слiзгаюць недзе зусiм побач з ёй i што ў iх - чалавечы выгляд i цвердалобая ўпартасць каменя. "Яны схiляюцца да П'ера". Ева зрабiла над сабой такое моцнае намаганне, што рукi ў яе пачалi дрыжаць. "Яны схiляюцца нада мной..." Раптам жудасны крык апалiў яе холадам. "Яны дакранулiся да яго". Ева адчула вялiкую стому. "Гульня, - падумала яна з папрокам, - усё гэта толькi гульня. Я нi на iмгненне не паверыла ў iх шчыра. А ён увесь гэты час пакутаваў сапраўды".
П'ер абмякнуў i глыбока ўздыхнуў. Але зрэнкi ў яго былi яшчэ расшыраныя, ён увесь быў мокры ад поту.
- Бачыла? - спытаў ён.
- Я не магу iх бачыць.
- Тым лепш для цябе: яны б цябе напалохалi. Мне што, - сказаў ён, - я прывычны.
Рукi ў Евы яшчэ дрыжалi, у галаве пульсавала кроў. П'ер выняў цыгарэту. Але не запалiў.
- Мне ўсё роўна, калi я iх бачу, - сказаў ён, - але я не хачу, каб яны да мяне дакраналiся, я баюся, каб мне не перадалося iх скулле.
Ён падумаў хвiлiну i спытаў:
- Ты iх хоць чула?
- Чула, - сказала Ева, - гудуць, як матор у самалёта. (У мiнулую нядзелю П'ер сам гэта апiсваў.)
П'ер усмiхнуўся крыху паблажлiва.
- Ну, ты перабольшваеш, - сказаў ён. Твар у яго быў па-ранейшаму бледны. Ён зiрнуў на Евiны рукi. - Ды ў цябе рукi дрыжаць. Бедная мая Агата, як цябе гэта ўразiла. Але цяпер няма чаго хвалявацца: да заўтрага яны болей не прыйдуць.
Ева не магла гаварыць, у яе клацалi зубы, i яна баялася, каб гэтага не заўважыў П'ер. П'ер доўга яе разглядаў.
- Ты проста чорт ведае якая прыгожая, - сказаў ён, кiваючы галавой. Шкада, вельмi шкада.
Ён хутка выпрастаў руку i мякка крануў яе за вуха.
- Мой чароўны дэман! Ты мяне крыху бянтэжыш, ты занадта прыгожая, i гэта адцягвае маю ўвагу: я не магу засяродзiцца. Нiчога б яшчэ, каб не трэба было рэзюмавання...
Ён змоўк i здзiўлена зiрнуў на Еву:
- Я не гэтае слова... Яно прыйшло... яно прыйшло, - сказаў ён з няпэўнай усмешкай. - На языку было зусiм iншае... а гэтае... заняло яго месца. Не памятаю ўжо, што я хацеў сказаць.
Ён хвiлiну падумаў i трасянуў галавой.
- Добра, - сказаў ён, - трэба паспаць, - i дадаў дзiцячым голасам: Ведаеш, Агата, я стамiўся. У мяне ўжо ўсё блытаецца ў думках.
Ён кiнуў цыгарэту i ўтаропiўся ў дыван з занепакоеным выглядам. Ева падсунула яму падушку.
- Можаш таксама паспаць, - сказаў П'ер i заплюшчыў вочы, - яны болей не прыйдуць.
"РЭЗЮМАВАННЕ". П'ер спаў з застылай на твары цiхамiрнай усмешкай; галава ў яго нiзка схiлiлася, i здавалася, што яму хочацца пацерцiся шчакой аб плячо. Еве спаць не хацелася, яна думала: "Рэзюмаванне..." Твар у П'ера раптам зрабiўся дурны, i слова, доўгае i бясколернае, само выкацiлася з рота. П'ер зiрнуў перад сабой здзiўлена, нiбы ўбачыў гэтае слова i не пазнаў; рот у яго быў млява разяўлены; нешта нiбы надламалася ў iм. "Ён стрызнiў. Гэта здарылася з iм упершыню; зрэшты, ён i сам заўважыў. Ён жа сказаў, што ў яго ўсё зблыталася ў думках". П'ер цiха, салодка застагнаў i плаўна махнўў рукой. Ева зiрнула на яго цяжкiм поглядам. "Якi ён цяпер прачнецца!" Гэтая думка не давала ёй спакою. Кожны раз, калi П'ер засынаў, яна толькi пра гэта i думала, яна не магла сябе перасiлiць. Ева ўвесь час баялася, каб ён не прачнуўся з мутнымi вачыма i не пачаў раптам трызнiць. "Якая ж я дурнiца, - падумала яна, - гэта ж павiнна пачацца не раней як праз год. Франшо сам так казаў". Але трывога не пакiдала яе; праз год: зiма, вясна, лета, пачатак яшча адной восенi. Аднойчы твар у яго перакрывiцца, скiвiца адвiсне, i ён адно паўрасплюшчыць слязлiвыя вочы. Ева схiлiлася да П'еравай рукi i прыпала да яе вуснамi: "Я заб'ю цябе раней".
Комментарии к книге «Пакой (на белорусском языке)», Жан-Поль Сартр
Всего 0 комментариев