Апавяданні, аповесць
Падрыхтаванае на падставе: Міхась Зарэцкі, Кветка пажоўклая. Апавяданні, аповесць, — Мінск: Выдавецтва, 2002. — 431 с.
Copyright © 2015 by Kamunikat.org
У Саўках 1У Саўках чорная, густая, што дзёгаць, ноч распаўзлася па хмызняку. Заляпіла ўсе шчылінкі, усё ў адну цемру зліла. Равы патуліліся, схаваліся ў воўне арэшніку. Нешта ў сабе затаілі - таемнае, страшнае - і ждуць-падсцерагаюць, гатовыя праглынуць у сваё чорна-аксамітавае нутро. Маўчаць... Ды і ўсё навакол маўчыць у нейкім чакаючым напружанні. Быццам во-во нешта здарыцца - дзікае, страшэннае...
Далёка-далёка, на колькі вёрст цягнуцца бяздонныя прорвы-равы. Папарэзалі яны туды і сюды шырокае ўзгор'е. Быццам волат-асілак праехаў з сахой велізарнай і глыбокія раны парабіў у целе зямлі. Раны зараслі хмызняком-поўсцю, але такімі ж глыбокімі засталіся...
Страшна ноччу ў Саўках. Узгоркі, абрывы жывымі становяцца, сочаць вачыма чорнымі... Быццам з пагрозай гавораць: «Ану-тка, увайдзі!..» І мала хто адважыцца ў нетры пайсці, як цяжка заляжа ў равы хмурная ноч...
Ціха ў Саўках... Але зыкі чуваць... Ціхія зыкі-шэпты. Саўкі шэпчуць скрыдламі птушак-начніц, цікуючым хрустам сухіх ветак пад лапамі дзікіх звяроў...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
У самай глушы, там, куды вока людское не загляне ніколі, сумна-дрыготны бляск прашчупвае цёмныя веткі. Вогнішча... Людзі навакол... На тварах іх вогнішча грае дрыжачымі плямамі. Воддаль, афарбаваныя ў жоўта-чырвонае, галіны схілілі галоўкі і слухаюць... А за імі - цемра-жудасць...
Іх пяцёра... Адцятых ад усяго свету. Уцяклі, вырваліся з кіпучага мора жыцця. Ад іх адраклося жыццё, - і яны ад яго адракліся. У Саўках знайшлі сабе схову.
Дзеці зямлі. Ад свае вёскі таксама адарваліся. Перш была сувязь: хлопцы прыходзілі, нават дзяўчаты часамі заблуджвалі. Апавядалі, што дзеецца там. Есці насілі даволі. Саломы на будку, таго-сяго.
А потым усё слабей ды слабей сувязь трымалася. Нешта расло паміж тымі і гэтымі... Нейкая сцяна. Асабліва як маладыя пайшлі. Тыя сюды схавацца не адважыліся, пайшлі ваяваць. І цяпер - як адвярнула ўсю вёску...
Комментарии к книге «Кветка пажоўклая. Апавяданні», Михаил Зарецкий
Всего 0 комментариев