Міхась Зарэцкі КВЕТКА ПАЖОЎКЛАЯ
Апавяданні, аповесць
Падрыхтаванае на падставе: Міхась Зарэцкі, Кветка пажоўклая. Апавяданні, аповесць, — Мінск: Выдавецтва, 2002. — 431 с.
Copyright © 2015 by Kamunikat.org
У Саўках
1
У Саўках чорная, густая, што дзёгаць, ноч распаўзлася па хмызняку. Заляпіла ўсе шчылінкі, усё ў адну цемру зліла. Равы патуліліся, схаваліся ў воўне арэшніку. Нешта ў сабе затаілі - таемнае, страшнае - і ждуць-падсцерагаюць, гатовыя праглынуць у сваё чорна-аксамітавае нутро. Маўчаць... Ды і ўсё навакол маўчыць у нейкім чакаючым напружанні. Быццам во-во нешта здарыцца - дзікае, страшэннае...
Далёка-далёка, на колькі вёрст цягнуцца бяздонныя прорвы-равы. Папарэзалі яны туды і сюды шырокае ўзгор'е. Быццам волат-асілак праехаў з сахой велізарнай і глыбокія раны парабіў у целе зямлі. Раны зараслі хмызняком-поўсцю, але такімі ж глыбокімі засталіся...
Страшна ноччу ў Саўках. Узгоркі, абрывы жывымі становяцца, сочаць вачыма чорнымі... Быццам з пагрозай гавораць: «Ану-тка, увайдзі!..» І мала хто адважыцца ў нетры пайсці, як цяжка заляжа ў равы хмурная ноч...
Ціха ў Саўках... Але зыкі чуваць... Ціхія зыкі-шэпты. Саўкі шэпчуць скрыдламі птушак-начніц, цікуючым хрустам сухіх ветак пад лапамі дзікіх звяроў...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
У самай глушы, там, куды вока людское не загляне ніколі, сумна-дрыготны бляск прашчупвае цёмныя веткі. Вогнішча... Людзі навакол... На тварах іх вогнішча грае дрыжачымі плямамі. Воддаль, афарбаваныя ў жоўта-чырвонае, галіны схілілі галоўкі і слухаюць... А за імі - цемра-жудасць...
Іх пяцёра... Адцятых ад усяго свету. Уцяклі, вырваліся з кіпучага мора жыцця. Ад іх адраклося жыццё, - і яны ад яго адракліся. У Саўках знайшлі сабе схову.
Дзеці зямлі. Ад свае вёскі таксама адарваліся. Перш была сувязь: хлопцы прыходзілі, нават дзяўчаты часамі заблуджвалі. Апавядалі, што дзеецца там. Есці насілі даволі. Саломы на будку, таго-сяго.
А потым усё слабей ды слабей сувязь трымалася. Нешта расло паміж тымі і гэтымі... Нейкая сцяна. Асабліва як маладыя пайшлі. Тыя сюды схавацца не адважыліся, пайшлі ваяваць. І цяпер - як адвярнула ўсю вёску...
Ужо з тыдзень, як не было нікагутка. Два дні ўжо, як есці няма чаго. Пяклі грыбы, ягады збіралі, але ўсё ў жываце нешта ссе, нешта цягне...
Цяпер - хто ляжыць, хто сядзіць вакол вогнішча, і кожны думае сваю думку асобную. Маўчаць, а ў кожнага з вачэй глядзіць пытанне, рашуча паўстаўшае:
- Што далей?..
Грышка маўчанку парушыў...
- Ну што, хлопцы, прызаўнылі? Га?.. Дрэнна, кажаце? Што, Смоўж, нос павесіў?..
Смоўж, або Змітра Кандратаў, павярнуў ад свету ў цень свой твар. Не сказаў нічога.
- Во што, хлопцы! Трэба думаць. Ці тое, ці другое. Не здыхаць жа...
Сцёпка ўзняў галаву...
- Жраць хочацца. Здаецца, вала б з'еў... Вунь Смоўж, халера на яго, яўляцца ўжо надумаў... Га, Смоўж?..
Невядома, хто з іх падумаў аб гэтым: ці Сцёпка, ці Смоўж. Мусіць, у абодвух думка гэта лунала.
Смоўж і не зварухнуўся - быццам і не да яго казалася. А Грышка-завадатай пачуў хістанне сярод сябрукоў. Каб зніштожыць яго, гукнуў бадзёра-пагрозна:
- Я яго гэтак яўлюся, што не пазнае!
Аднак усе маўчалі. Грышка змяніў тон...
- Аб тым, што яўляцца, і гаварыць не варта. Нашто б тады і ўцякаць было! Не ўжо, як на мяне, дык калі зрабіў што - не вярні назад. Ды што там? Бачыш ты: не паелі дзень, гора якое... А там што, пірагамі б цябе кармілі? Чулі, якое жыццё там...
- Ды гэта глупства... Яўляцца, яўляцца... Хто гэта захоча яўляцца? Турмы не бачылі? Вось жраць няма чаго. З вёскі не нясуць, баяцца, мусіць.
- Не баяцца, а што ім за ахвота дармаедаў карміць? Пайшлі во маладыя, думаюць - і гэтыя могуць служыць, нечага лайдачыць.
- Ну, дык ідзі, чаго ты...
- Ды я не аб тое...
Грышка рашуча прамовіў:
- Во што, братцы! Бацькі карміць не хочуць - пражывём і без іх. На работу станем!
- На якую?
- На якую?.. А на такую, на якой за раз можна зарабіць столькі, колькі на іншай за год не заробіш...
Зразумелі хлопцы... Быццам засаромеліся, пахілілі галовы. Адзін на аднаго не глядзелі...
- Што замаўчалі? Спалохаліся? Страшна?
Зноў маўчалі... Потым азваўся адзін:
- Чорт яго... Каб было з чым... Голымі рукамі...
- Чаго? Адна ёсць стрэльба... Сцёпка да сваіх дабярэцца, двухстволку возьме.
Грышка з чаканнем углядаўся ў твары хлапцоў. Сцёпка ўдарыў Смаўжа па спіне.
- Як, Смоўж, га? Пойдзем на паляванне?
- Усё роўна...
Сказаў, а ў самога нутро халадзела. Бегчы адсюль, уцячы захацелася. Нялюбай, страшэннай здалася кампанія хлапцоў. Жудасць душу ахінула. Эх, і нашто ён прыйшоў сюды? Нашто паддаўся спакусе?
А хлопцы памалу разварушыліся. Іх захапілі новыя планы. Вочы жвава блішчэлі, як гаварылі, згаварваліся... Пасталі вакол вогнішча, асвятлёныя чырвоным дрыжачым бляскам. Як здані якія...
Доўга яны гаманілі, доўга парушалі глыбокую ціш, панаваўшую ў Саўках...
І згаварыліся...
2
Праз Саўкі прабягала дарога. Кулялася ў равы, узбягала на ўзгоркі... То тулялася па хмызняку, то вясёла, адкрыта ўсміхалася жоўтаю пакручастаю стужкаю.
Было адно месца, дзе дарога шпарка збягала па крутому скелзу. З аднога боку - гара, абросшая густым хмызняком, з другога - глыбокая прорва. Небяспечнае месца. Дарога вузенькая - толькі калёсам праехаць. Угару яшчэ нішто, а во ўніз - глядзі ды глядзі. Добра, калі конь стрымае, не пабяжыць, а то - беражыся! Троху-троху - і пакоцішся.
У гэтым месцы хлопцы заселі. Праслухалі, што з горада валасны будзе ехаць з грашыма. Рашылі пераняць тут...
Смоўж, што мышанёнак, прытуліўся ў кустах ля дарогі. Яго абавязак не трудны: як будзе спускацца, знецікі выскачыць, спудзіць каня, каб убок ірвануўся. Дарога вузенькая - напэўна пакоціцца ўніз. А там ужо хлопцы чакаюць - канчаць.
Доўга ўжо ждуць. Сонца хіліцца пачало к захаду. Цені пацягнуліся даўгія, даўгія... На кусты, на траву пачала класціся пазалота...
А яго ўсё няма...
Смоўж ляжыць дагары на зямлі. Скрозь галіны алешніку глядзіць у далёкае неба блакітнае і думае шчырую думу. Яму ўспамінаецца ўсё, што перажыў ён у апошні час. Як яго бралі ў жаўнеры, як не хацелася яму разлучацца з роднай вёскай, з роднымі людзьмі, як ён аж плакаў, ад'язджаючы ў войска. А там - жыццё цяжкае, жорсткае... Колькі ён слёз папаліў, колькі ночак не спаў - усё думаў аб роднай краіне. З Сцёпкам сышоўся. Бывала, чуць вольная часінка - усё гаварылі, успаміналі... Той і пабегчы яго падбухторыў.
Ой, як хацелася ў двор! Смоўж і не думаў тады, ці добра, ці дрэнна ён робіць; не думаў аб тым, што можа быць у канцы. Толькі б у двор...
Вось і прыбеглі. Нядоўга ў двары жыць прыйшлося. Небяспечна было заставацца ў вёсцы. У Саўкі пайшлі. З Грышкам злучыліся, яшчэ два хлопцы прысталі. Сперш нішто было. Нічога не рабілі, гулялі, дурэлі, апавядалі адзін аднаму пра свае вандроўкі. Хлопцы прыходзілі з вёскі - яшчэ весялей было.
А потым іначай пайшло. Адзін аднаму надакучылі, жыць па-воўчаму ў лесе абрыдла. Дый без работы мутарна неяк. Так захацелася жыць, як усе, акунуцца ў жыццё з галавой.
З вёскі пайшлі маладыя. Некаму стала й прыходзіць. Зусім забылася на іх вёска. Голад пачаўся. І ўсё цяжэй на душы рабілася. Чуў Смоўж, што не вытрывае.
І вось... урэшце...
Не, не чакаў гэтага Смоўж. Не хацеў, баяўся. Натура яго не згаджалася з гэтым. Але штось прымушала згаджацца і рабіць. Хто яго ведае? Ці сябрукоў ён баяўся, ці слабасці сваёй саромеўся. Але вось ляжаў і чакаў, гатовы на страшэннае дзела.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Здалёк затарабаніла каламажка... Сэрца ў Смаўжа закалацілася моцна, балюча. Быццам яго хто ціснуў, трымаў, а яно вырывалася... Думкі змяшаліся, як віхор, закруціліся... Міганулі сябрукі - далёкімі, чужымі здаліся...
Двор праляцеў, і чагось асабліва выразна прадставілася сястрыца Гануля...
Бліжэй, усё бліжэй... Вось угары і конь паказаўся... За ім каламажка, у ёй нейкі ў чорным... Ён!..
Ці злезе, ці не?.. Калі злезе - не трэба тады: усё роўна нічога не выйдзе... О, каб ды злез!..
Не... Толькі накруціў лейцы на рукі... Едзе, спускаецца... Яшчэ хвілінка адна...
Міжвольна Смоўж зірнуў на каня. Конік напружыўся, трымае - як мага... У вачах гэткая шчырасць, стараннасць, апаска... Смоўж успомніў свайго Палавога... Шкада да болю стала канька... Ужо наязджае... Яшчэ колькі крокаў...
Смоўж кіпцямі ўпіўся ў глебу...
Вось ужо тут... ужо трэба... ужо час...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Не... Не здолеў...
Конік, праехаўшы самую строму, смела пабег. Весела заляскатала каламажка... Усё далей і далей...
Смоўж схамянуўся... Што гэта? Як гэта так? Што цяпер будзе? Ці гэта добра, ці блага? Хлопцы... Яны што... Біць будуць, пэўна... Прагоняць...
Блізка пачуліся галасы. Смоўж, як непрытомны, кінуўся ў хмызняк, убіўся ў самы вялізны і густы куст і прытуліўся да зямлі, што зайчык. Усё яго цела траслося як у ліхаманцы. У галаве білася адна думка: каб скарэй, каб скарэй... І ўся істота яго ў гэты момант была працята адным жаданнем: каб скарэй пайшлі хлопцы!
А хлопцы гукалі, шукалі, лаяліся, пагражалі. Урэшце Грышка сказаў:
- Уцёк, трасца яго матары. Ну, добра; трапіць ён калі-небудзь нам у рукі... Пойдзем, хлопцы!
Чароўнай музыкай празычэлі ў вушах Смаўжа крокі пайшоўшых. Счакаўшы колькі хвілін, ён асцярожна вылез з куста і пачаў прабірацца па хмызняку. Шпарка, паспешна.
Дух занімала, сэрца зрывалася, а ў галаве, як кляўцом, біла:
- У горад... у войска... Няхай будзе што будзе. Турма, дык турма. Абы да людзей, абы жыць так, як людзі, а не туляцца, што воўк, па лясах...
А над Саўкамі ноч свае скрыдлы ўжо раскідала, усё ахінала ў таемную цемру...
У віры жыцця
1
Ужо добра сцямнела, як Міхалка прыкандыбаў да Шлёмкі.
У нізенькай, шэрай і бруднай хацёнцы дрыгацеў змрок. Шлёмка ўжо лямпу запаліў, але яна была такая малькотненькая, што пры ўсёй шчырасці і стараннасці ў яе не хапала моцы перамагчы цемры, панаваўшай у хаце, і яна толькі асвятляла сваім пудліва-жвавым бляскам нізенькі столік з гарой шавецкага начыння і кудлатую галаву Шлёмкі.
- Добры вечар! - гукнуў Міхалка, пераставіўшы сваю дзеравяшку праз высокі парог.
- А... Добры вечар, добры вечар!.. Ну-ну, добра, што зайшоўся... Сядай!..
Міхалка вольна ўздыхнуў, выцягнуўшы абедзве нагі. Відаць было, што ён добра змучыўся, пакуль дайшоў.
- А што ж... Трэба, як той кажа, хлеб есці.
- Гэта так...
- Ну, што табе ў воласці сказалі?.. Даўно прыехаў?
- А во, толькі што каня завёў на выган... Што?.. Ды што ж яны скажуць - адна хеўра... Далі зноў запіску. У іх, відаць, умова такая: тыя пішуць, каб вочы адвесці, а гэтыя толькі смяюцца - знаюць, што ніхто не пакарае за неслухмянства... Але спалохаліся, як сказаў, што ў губерню паеду... Я, брат, там нарабіў гвалту... А мне што? Усё роўна рабіць няма чаго. А праезд дармовы. У губерні нічога не зробяць - у Маскву паеду, да самога Леніна дайду, а свайго даб'юся. Мне не тое ў галаве, што там пожні на які воз не далі, - гэта глупства... Але час ужо іхнюю хеўру разагнаць.
- Не, але ж да чаго дайшло? Заселі, закупілі воласць, робяць што хочуць, ды яшчэ смяюцца з нашага брата.
- Якое, ужо і разгаварваць не хочуць. Учора Платоніха пайшла к сакратару, каб паперку даў у млын... Без фунтаў каб... І слухаць не стаў. Нічога, кажа, жыва будзеш, калі і фунты аддасі... А ў той не то што, дык у рот нечага пакласці; дастала недзе пудзік... Ведаеш, Шлёмка, я часам аж трасуся ад злосці. Здаецца, на шматкі б разарваў...
- Злосцю нічога не паможаш. Тут, брат, палітыка трэба... Во што, Міхалка: як сабе хочаш, а гэтага здарэння з пожнямі ніяк няможна прапусціць. Тут, брат, калі добра ўзяцца, можна - ведаеш што?..
- Каб толькі свае падтрымалі...
- Свае? Дык хто тут не рад будзе ад іх пазбавіцца?.. Ці ж гэта мы толькі з табой пакрыўджаны?.. Ды во цяпер... пожні гэтыя самыя... З бяднейшых жа нікому не далі, багацеі падзялілі.
- Ага, во яшчэ, Шлёмка... Узнаў я, колькі за арэнду плаціць належала... Якраз палавіну таго, колькі яны сабралі...
- Ага! Во! А ўсе бачылі, што жыта ўсё ў воласць павезлі... Дзе ж яно дзелася? Га? Хабар... Толькі што багацеі адмовяцца, скажуць, што менш ссыпалі...
- Дзядзька не збрэша... загрозяць хіба. Толькі й загразіць яго не дужа лёгка... Заўтра ўранні размяраць будуць. Споўзаю яшчэ раз, пагляджу, што яны запяюць.
- Ты, Міхалка, чуў, што Грышка зноў аб'явіўся тут у ваколіцах? Уцёк, кажуць, з астрога... Ужо ў Седлішчы, казалі, аднаго забітага знайшлі: з горада нейкі...
- Во, халера, а? Ізноў, значыцца, людзям спакою няма. І каторы раз!..
- Дарма ты, Міхалка, у воласці расхадзіўся. Лепей бы паціху, каб адразу, знецікі, а то ліха іх ведае... яны ж ні перад чым не спыняцца...
- Не баюся... Што будзе, то будзе... Калі ж не магу я неяк... Як закіпіць у сэрцы, як заклакоча, дык не толькі што... а, здаецца, біцца б палез...
- Э, гэта, брат, кепска...
Шлёмка даўно ўжо пакінуў работу. Гутарка захапіла абодвух. Ахінутыя таемным, змрочным светам капцілкі, яны ў гэты час былі падобны да загаворшчыкаў. Бліскучымі вачмі ўпарта ўглядаліся адзін у твар другога, махалі рукамі, нахіляліся адзін да аднаго і ўсё гаварылі, спяшаючыся, перапыняючы... А калі раптам сціхалі, углыбіўшыся ў свае думкі, у цеснай хацёнцы павісала жудасная ціш. І тады колькі часінак у паветры панавала напружана-жалобная песня цвыркуна.
Яна лілася срэбным ручайком з запечча, цудоўнымі струнамі звінела па хаце і быццам напамінала аб чымся адвечным, непазбыўным.
- Ведаеш, Шлёмка... ты граматней за мяне... Ты напішы аб усім, заяву гэткую напішы. Падпішамся ўсе... Баяцца будуць, але я ўгавару. А я паеду... Паеду проста ў губерню, уяўлюся ў Чаку, ці куды там, ды ўсё і выкладу, што ў нас тут робіцца...
- Ладна... Толькі каб гэта цішком, яны каб не зналі, а то загадзя прыгатуюцца... яшчэ падвядуць такую машынку, што і чыстымі застануцца... Ды і табе небяспечна...
- Ваўкоў баяцца - у лес не хадзіць... Ды мы дужа не будзем лапатаць. Толькі што тыя будуць ведаць, што падпісваць будуць... Але ўсё роўна: не схаваешся ад гэтых жулікаў...
- Ладна, глядзі!..
Сябрукі доўга яшчэ сядзелі і гаманілі... Як выйшаў Міхалка ад Шлёмкі, на вуліцах ужо пуста было, а ў вокнах цёмна: усе спаць паляглі.
Ноч была цёмная. Патыхаў мяккі, кволы ветрык. Разам з гэтым ветрыкам на Міхалку патхнула чымся бадзёрым, узмыўным. Ён горда выпяў грудзі, уздыхнуў глыбока-глыбока і шпарка пакавыляў.
На душы было лёгка, вальготна, быццам нейкі цяжар зваліўся. Прыняўшы пэўную пастанову, Міхалка супакоіўся... І толькі пад уплывам думак-летуценняў, якія трапяталіся ў яго галаве, нецярплівасць нейкая брала... Хацелася, каб хутчэй-хутчэй споўнілася задуманае. І ён, сам таго не прыкмячаючы, ішоў усё шпарчэй і шпарчэй, шырока махаючы сваёй дзеравяшкай.
2
- Ч-ы-ў-ры... Ч-ы-ў-р-ы... ч-ы-ў-ры...
Смагла косы ўпіваюцца ў пожню... З смакам жруць ядраную, сакавітую траву... Аж сліна цячэ... І то там, то сям на ўсім абшары пожань пад бліскучай сталёвай губой варушыцца і кладзецца ў роўныя гурбы шаўковая трава... Быццам нейкія цудоўныя звяры - малыя і пражэрлівыя - апанавалі пожню і скубуць-злізваюць яе густую поўсць... А часамі ўздымаецца каторы, весела-здаволена блісне на сонцы і запяе пабедна на ўсю ваколіцу.
- Лясь!.. лясь!.. лясь!.. лясь!..
Ядрана... Рана яшчэ... Толькі сонца нядаўна ўзышло і спрасонку зусім гультава свеціць... Пасля начнога сну яшчэ вочы сабе не прамыла... Нават не бачыць, што на кветках-красунях яшчэ смела-задзірліва ззяе раса...
У адным месцы гурток сялян... Сядзяць, ляжаць на густой воўне-траве. Воддаль косы паўторкнуты ў зямлю... Пагрозна блішчаць на сонцы вышмурыжанымі языкамі...
Тут багацеі ўсе... І савет тут: старшыня - здаровы мужык з грубым драўляным тварам - толькі вочы хітра, пудліва бегаюць, і пісар - яшчэ маладзенькі, жвавы і пранырлівы, што лісічка... Гэты - у фрэнчыку, галіфэ, з партфелем - камісар, дый годзе...
Сяляне гутараць... крычаць, рагочуць. Настрой вясёлы, бадзёры - ведама, моц сваю чуюць... Смяюцца здаволена. Старшыня з пісарам - асяродак кампаніі... Старшыня спляча рэжа, а пісар, важна махаючы рукой, цягне, што песню пяе... І сам здаволена прыслухоўваецца да сваёй гаворкі... Нахапаўся недзе слоў розных, якіх і сам добра не разумее, і пэўны, што разумны дужа...
- Нэп... Цяпер, брат, нэп у Расеі... Думалі камуністы з пралятарскім еляментам дзела мець, значыцца, усё па дземакраціі: камуны, таксама салхозы, культуры розныя, а выходзіць, собсцвенна, што пралятары на класавую точку стаў і... усё, значыцца... амінь. Ясцесцвенна, што трэба даць дарогу правільнаму еляменту... сушнасці, самастаяцельны елямент, ён мае значэнне...
- Ну і насабачыўся ты, а! - перапыніў адзін з сялян - белабрысы, чырвоны, з заўсёдашняй хітра-ліслівай усмешачкай на твары. - Во, цябе б у воласць, на месца Пронькіна... Вось бы адлемантараваў... хе-хе-хе-хе...
І селянін заліўся цянюткім дробненькім смяшком - быццам забрахаў малады шчанёнак...
Пісару гэта ўпадабалася, і ён з давольнай мінай нарыхтаваўся цягнуць далей сваю прамову, ужо нават пачаў:
- Ды не ў тым... Гэта што...
Але старшыня, якому, відаць, не па нутру прыйшлося, што хваляць яго памочніка, перапыніў, паказваючы, што і ён таксама троху ведае:
- Яно зразумела... Чалавек сталы, заможны, ён вагу мае, а не то што дрындушка якая...
- Ну, а як з хутарамі ў нас? - змяніў гутарку стары дзед. - Усё гаманілі, гаманілі, пісалі, а цяпер і не, чуць нічога... Мусіць, прымерзла нашая справа...
- Якое табе прымерзла... Ці ж цяпер можа прымерзнуць, улетку... Гэта, бачыш, жарка мераць цяпер, дык да зімы чакаюць...
Мужыкі зарагаталі...
- Ды і як жа мераць цяпер?.. Зусім не выпадае... Траву можна папсаваць...
- З хутарамі вось як дзела абстаіць... Собсцвенна на хутары няма сушчаствуючага закону, значыцца, дзяйсцвіцельнага... Трэба неабхадзіма, каб усё вобчаства па свайму собсцвеннаму дабравольнаму жаланію і страмленію прыняло катэгарычаскае пастанаўленне ў хадатальсцве аб раўнамерным раздзеле зямельнай собсцвеннасці...
- Гэта значыць, зямлю перадзяліць?
- Ясцесцвенна...
- Вунь як... Ну, гэта, брат, пачакай!..
- Яны б згадзіліся...
- Гэта значыць, працавалі, працавалі, а цяпер чорту лысаму, лайдаку спрадвечнаму... Не, дзякуй за гэта!
Белабрысы зрабіў выгляд, што хоча сказаць нешта дужа смешнае, і прапішчаў:
- Ты, кажаш, працаваў, а яны лайдачылі... А нашто ты найміта дзержыш?.. Гэта, брат, нельга... Толькі сваімі рукамі можна працаваць, а гэта ўжо будзе... Таварыш пісар, як гэта завецца?
- Эксплаатацыя...
Некаторыя зарагаталі...
- А цяпер, - дадаў белабрысы, - ты павінен аддаць свайму батраку палавіну зямлі, палавіну жывёлы...
- І ўзараць яму на першы раз.
- Не, брат, хутчэй ён падавіцца, пакуль я яму дам хаця атопак.
- Бацюшка йдзе!
- А... час ужо...
- Дачакаліся ўрэшце...
- Дык як, значыць, яму дзесяціну адрэжам? - запытаў старшыня.
- Як жа, трэба... Каб гэта так, а то яго ж пожню і дзяліць будзем...
- Гэта ж не яго, а царкоўная...
- Ну, гэта ўсё роўна...
- Таварыш пісар, а як у паперцы сказана? Га?.. - зноў залапатаў белабрысы. - Між бяднейшых раздзяліць, а?
І зноў пасыпаўся дробным, прыдушаным смехам...
Усе ўсталі... Падышоў поп, яшчэ малады, з рыжай бародкай...
- Здраствуйце!..
- Дзень добры, бацюшка!..
- Ну, што, таварышы, рабаваць нарыхтаваліся свайго бацюшку?..
- Ды не, бацюшка!.. Якое там рабаваць... Мы, можа б, і зусім не бралі ў вас, дык усё роўна возьмуць гэтыя - усякія там Цішкі ды Шлёмкі... Раз папера прыйшла, значыцца, каб царкоўныя пожні падзяліць між бяднейшымі сялянамі...
- Знаю, знаю... Усё іхняя работа... Карціць ім чужое дабро...
- Але, бацюшка, мы вас не пакрыўдзім... Мы ўжо так пастанавілі мірам, каб вам дзесяціну адрэзаць... З якога боку хочаце, з такога і выбірайце.
- Наш долг, собсцвенна, клапаціцца аб усіх гражданах, маючых нахаджэнне ў нашым раёне... Абсуджэнне наша - удаўлетварыць вас вазможнасцю... Дзесяціна вам будзе прадстаўлена ў заканамерную собсцвеннасць...
Пісар гэтыя словы сказаў так урачыста, такім важным тонам, што ўсе - і нават ён сам - раты паразявалі...
- Ну, што ж, дзякую і за гэта...
- А я так думаю, хлопцы, - гукнуў старшыня, - не паадсыхаюць у нас рукі, калі мы яшчэ па пракосу пройдзем бацюшку... Няўжо ж мы дазволім, каб наш бацюшка сам за касу ўзяўся!.. Нам жа сорам будзе...
- Эт!.. Аб гэтым і гаварыць не варта!..
- Адмерым, хлопцы, дый звалім зараз!..
- Вялікае спасіба... Няхай вам Бог памагае!..
Мужыкі ўжо ўзяліся за косы, але ўбачылі Міхалку, які, калдыбаючы, кіраваўся на іх ад дарогі, і спыніліся ў чаканні, зацікаўленыя... Пачалі закурваць і перамаўляцца ўпаўголаса...
Міхалка, ні на каго не гледзячы, ні з кім не прывітаўшыся, падышоў да старшыні і моўчкі падаў яму паперыну... Старшыня важна пакруціў яе ў руках, шчыра прыгледзеўся, стараючыся нібы разабраць, што ў ёй напісана, і, пэўна, не, разабраўшы нічога, аддаў пісару. Той прыдаў свайму птушынаму твару сур'ёзны выраз, які, вядома, і належыць прымаць «начальству» пры спаўненні служэбных абавязкаў, і стаў чытаць...
- Па вашаму дзелу рэзалюцыя не можа быць... Лугі падзелены... ясцесцвенна, і прычытаюшчая за арэнду сума з уладзельцаў узыскана... Значыцца, рэзультату не прадвідзіцца...
Бледны твар Міхалкі дрыжэў ад моцнага абурэння. Ён глядзеў на пісара такім поглядам, які без слоў гаварыў, што яму вельмі трудна стрымацца, каб не кінуцца на гэтага шчанюка...
- Вы павінны спаўняць загады вышэйшай улады, - скрозь зубы прагаварыў ён дрыжачым голасам.
- Калі табе воласць абяцала, дык ідзі дый касі там у воласці, - адпаліў старшыня.
Сярод сялян пачуўся смех, а белабрысы недзе ззаду захлынуўся сваім брыдкім сабачым рогатам...
Міхалку рванула...
- Зладзеі!.. Крывапіўцы!.. Бандыты!.. Падавіцца вам гэтаю пожняю!.. Жрэце!.. Піце нашу кроў, кулаччо праклятае!.. Няпраўда... Будзе вам канец, драпежнікам!.. Вы мяне папомніце!.. Я прыгатую вам месца!..
Цяпер хоць бы і хацеў стрымацца Міхалка - не здолеў бы!.. Прарвалася гадамі накіпеўшае мора злосці і нястрымана палілося бурлівай, бруднай патокай праклёнаў, пагроз і лаянкі.
Багацеі абурыліся... Залямантавалі на ўсе лады, абступілі Міхалку... Косы пагрозна заблішчэлі ў паветры. Справа станавілася сур'ёзнай. Ужо поп, закасаўшы полы, шпарка пашыбаваў прэч ад граху...
Але гвалт сялян быццам ацвярозіў Міхалку. Ён змоўк і смела глядзеў на раз'юшаных сялян. Тыя памалу адступілі. Міхалка павярнуўся і пайшоў на пожні. Услед яму неслася моцная лаянка, якую пакрываў прарэзлівы голас старшыні:
- Глядзі, крываногі, дабрыкаешся!..
Боль, абіда і злосць - моцная, агнявая злосць кіпела ў грудзях у Міхалкі... Горла сударгава сціскалася, а ў мазгу настойна, балюча білася думка: «Хутчэй, хутчэй кончыць гэты здзек, гэтае злачынства!..»
У той жа самы дзень, увечары, Міхалка падаўся ў горад...
3
Была бурлівая ноч. Стары Дняпро гойдаўся ўзад і ўперад цёмнымі хвалямі і сярдзіта бурчэў, нездаволены тым, што хтось турбуе яго, здзекваецца над яго старасцю. І ў хмурым здзіўленні слухаў, як дзесь угары, на высокіх абрыўных берагах, вые і тужыць збянтэжаны лазняк...
На самым беразе Дняпра, у капешцы, ляжаў Міхалка. Ён увесь закапаўся ў пахучае сена і ў зацішшы думаў-перадумваў свае думкі...
На дварэ шумела, гудзела, дождж жорсткі сцёбаў, а ў сене было гэтак цёпла, зацішна, прытульна... І чым больш разгульвалася вакол непагода, тым глыбей уваходзіў Міхалка ў самога сябе і ў пакоі прыводзіў да ладу свае думкі...
Учора вярнуўся ён з горада. Там справіў сваё дзела, узняў на ногі каго належыць. Цяпер быў пэўны, што хутка ўсё будзе ўскрыта і прыйдзе канец кулацкаму панаванню. Але вось, што гэта значыць, што, пакуль ён вярнуўся з горада, яму тут сена аддзялілі ды нават скошанага ўжо... Ён перш і браць не хацеў, але Шлёмка параіў узяць, каб супакоіць на які час ворагаў. Узяў... нават пільнаваць пайшоў нанач...
- Дык чаго ж гэта іх узняло? Ахамянуліся? Спалохаліся? Небяспеку пачулі?..
Міхалка здаволена ўсміхнуўся...
- Баяцца... Пачакайце, не тое яшчэ будзе!..
Але як ні быў пэўны Міхалка ў сваёй перамозе, у яго ні на адну часінку не выходзіла з галавы апаска. Усё здавалася, што не здадуцца так багацеі, што яшчэ будзе змаганне, дый не абы-якое - змаганне на жыццё і смерць. І здавалася яму, што «тыя» не сядзяць у гэты час «злажыўшы рукі», а рыхтуюцца, пільна рыхтуюцца... Але што яны могуць зрабіць?..
Міхалку ўспаміналася перасцярога Шлёмкі, успомніўся Грышка-бандыт... Кажуць, вярнуўся, тут ужо круціцца. І нешта падобнае да страху заварушылася ўсярэдзіне... Заб'юць... ім чалавека забіць - што муху... Ці мала здарэнняў было?
Але Міхалка хутка адагнаў палахлівыя думкі.
- Што мне баяцца? Чаго шкадаваць? Што мне чакаць ад жыцця? Згібла ўсё... Не чалавек ужо. Не будзе шчасця - усё роўна.
Шкада стала Міхалку самога сябе. Жаль аб мінулым, аб жыцці загубленым ускалыхнуў душу... І з нейкай балючай уцехай ён углыбіўся ва ўспамінкі. Адзін за адным замігацелі малюнкі таго светлага, прыгожага, што калісь было і счэзла назаўсёды, счэзла раптам, нечакана...
Быў як усе. Жыў поўным жыццём.
Як яшчэ малы быў, бегаў, гарэзваў... Першым быў сярод сябрукоў... Як тады вольна жылося!.. Нічога не знаў, не дбаў ні аб чым, знаў толькі гульні свае, забавы дзіцячыя.
Потым узрос. Паспытаў трохі гора. Бацька памёр, з адной маткай застаўся. Цяжка прыйшлося. Пазнаў, як трудна працоўнаму люду хлеб дастаецца. Але ўцеха была кветка-дзяўчына. З ёй усё гора сваё разважаў. Шчыра любіў яе, так, як толькі можна любіць. І яна яго таксама. Бывала, дзень - праца, а ўночы - часіны кахання. І праца была ніпачым.
А потым - расстанне. У салдаты ўзялі. Там яшчэ горш прыйшлося. Але затое там шмат навучыўся чаму, пазнаў - адкуль зло на зямлі, хто вінават, што простаму народу так цяжка жывецца. З людзьмі пазнаёміўся - нейкімі дзіўнымі, новымі. Усё дабіваліся шчасця гаротнаму люду... За гэта і пакуту неслі, гора прымалі. Пасля ўжо і сам гэткім стаў, але нічога зрабіць не ўдалося. У бойку пагналі, нагу адарвала. Доўга ў шпіталі ляжаў, са смерцю змагаўся. Перамог, але не на радасць сабе, вярнуўся бязногі ў двор...
Каханка чакала... І вось - стрэліся... Слёз колькі было... Бачыць шчасце і знаць, што няма яго, што ўжо разбілася, згублена - ой, як гэта цяжка! Хутка зноў разлучыліся... замуж пайшла. Сам гэта ўладзіў, каб не мучыць яе і сябе...
І пацягнулася шэрае, нуднае жыццё... Нават і вольнасць прайшла неяк неўзаметку. Усё багацеі арудавалі, сілу ўзялі зноў, як раней, бядоце дыхнуць не давалі. І так аж да гэтага часу. А цяпер - невядома.
І ў Міхалкі зноў адна за адной паляцелі думкі аб справе. Думкі назойлівыя, турботныя. Міхалка сабраў усе сілы і сілком перарваў іх... Зноў углыбіўся ў ружовыя, лагодныя ўспаміны. І пад уплывам іх ён супакоіўся. Думкі ахінуліся мяккай, смутнай пялёнкай, зліліся ў няясныя абразы і пачалі памалу пераходзіць у ціхую дрэму.
Раптам ён абудзіўся... Ці гэта здалося яму? Быццам гаворка пачулася... Міхалка прыслухаўся... Яшчэ... Цяпер ужо скрозь шум ветру і дажджу выяўна пачуліся галасы... Хто гэта?.. Хіба за сенам хто падцікаецца? Вызірнуць ці пачакаць?.. Вось і асцярожныя крокі нечыя...
- Тут ён, павінна... - пачуўся скрозь буру прыдушаны голас.
Міхалка пазнаў гэты голас... з дзяцінства ён знаёмы яму... Калісь яны з Грышкам былі першымі сябрукамі, толькі як выраслі, пайшлі па асобных пуцінах.
Міхалка сцяміў, чаго прыйшоў Грышка, чаго яму трэба... Па целу пабеглі мурашкі... Дух заняло... Што рабіць? Уцякаць або чакаць, затаіўшыся - мо не прымецяць?
Мацае нехта па сену... Вось ужо блізка... Схапіў за нагу...
- Тут!..
Нешта цяжкае навалілася на Міхалку.
- Усё!.. - мігнула ў Міхалкавых думках.
Але страх паддаў сілы... Ірвануўся, перакуліў некага, кінуўся ў мокрую, бяздонную цемру.
Бег як мог, не зважаў, што баліць, як агнём пячэ, абрубак-нага... І знаў, што не ўцячэ, але ўсё-ткі бег...
Раз... Дзеравяшка некуды глыбока ўехала... Рынуўся долу Міхалка... Моцна, балюча рванула застраўшая дзеравяшка, аж застагнаў нема ад болю...
Насціглі... наваліліся... прыціснулі... Біць пачалі...
- Гвалт! - неяк коратка, глуха панеслася ў бурлівым паветры і ўраз абарвалася ветрам...
Больш не мог крычаць Міхалка: нейкай бруднай анучай рот заткнулі... Білі, лаяліся... К Дняпру пацягнулі, штурхаючы...
Міхалка нічога не помніў. Пачуў, што чапляюць на шыю нешта цяжкое... Сцяміў тады...
«Як сабаку! - мігнула ў думках, - за праўду...» Сволачы, крыкнуць хацеў так, каб пачуў увесь свет, а замест таго прастагнаў неяк нема...
Шалёная, дзікая злосць агарнула... Сабраў усе сілы астатнія - ірвануўся...
Дарэмна. Сціснулі дужыя рукі... Нехта ўдарыў па галаве так, што Міхалка прытомнасць згубіў.
Пясок, каменні дробныя пасыпаліся ў ваду... Забулькаталі квола-жалобна, быццам заплакалі...
Плясь!!!
Пацалункам шчырым, магутным спаткаў Дняпро сваю ахвяру...
І сціхла ўсё на хвілінку... быццам жахнулася дзікай, страшэннай падзеі...
А потым усё зашумела, завыла... Лазняк зацягнуў хаўтурную песню...
4
На другі дзень толькі і было гамонак, што пра Міхалку. Дзе ён падзеўся?.. Усе гаварылі, і кожны на свой лад рабіў дагадкі. Адны не знаходзілі тут нічога надзвычайнага, казалі, што проста пайшоў куды па дзелу і неўзабаве вернецца; другія казалі - утапіўся ў Дняпры: адышоўся ў пацёмках ды няўмысля і бухнуў з высокага берага; трэція толькі ківалі галовамі ды мнагазначна цадзілі скрозь зубы:
- Тут нешта ёсць...
Але цяжкая праца хутка зацёрла цікавасць да гэтага здарэння.
Пагаварылі дзень-другі і перасталі... Забыліся, быццам і не было ніколі Міхалкі. Толькі бабы-плятухі з уласцівым ім мастацтвам усё тварылі да смеху цудоўныя байкі ды пакрыўджаная бядота часамі, разважаючы свае нягоды, успамінала вернага сябра:
- Эх, няма нашага Міхалкі... Ён бы пастаяў за нас, не даў бы ў крыўду. Ён бы дастукаўся, раскрыў усе іхнія злачынствы...
А Шлёмка, як толькі пачуў, што з Міхалкам нешта здарылася, адразу сцяміў, што гэта значыць, і ад шчырага сэрца пашкадаваў сябрука.
- Сам загубіў сябе... Не пасцярогся... Ну, цяпер мой чарод, трэба канчаць начатае дзела...
І ён паспешна стаў збірацца.
- Куды гэта ты? - запытала яго матка.
- Трэба, інтарэс ёсць...
І таемна-сур'ёзна дадаў:
- Калі хто спытае, скажы, што за таварам паехаў.
- Ой, мой сынок, ці не замысліў ты што? Глядзі, беражыся... Сам ведаеш, які час цяпер... Што толькі дзеецца - барані Божа!..
- Не бойся, мама!.. Я - круткі, мяне голымі рукамі не возьмеш...
Назаўтрага ён ужо быў у павятовым горадзе. Там ён проста накіраваўся ў мясцовае аддзяленне дзяржаўнай палітычнай управы.
Прыйшоўшы ў канцылярыю, ён спытаўся ў супрацоўнікаў, дзе можна бачыць загадчыка.
- А вам навошта ён?
- У мяне сакрэтнае дзела...
Супрацоўнікі здзіўлена абглядалі яго несамавітую фігуру.
- Пачакайце, ён заняты.
Шлёмка сеў на лаўцы і стаў абдумваць, як і што гаварыць загадчыку. Праз хвілін пятнаццаць яго запрасілі ў кабінет.
За сталом, закіданым цэлым возам паперы, сядзеў малады чалавек з выразлівым энергічным тварам.
- У чым справа?
Шлёмка пачаў:
- А...
З першых слоў перапыніў яго загадчык:
- У нас ужо ёсць папера з губерні... Я надта рад, што вы да мяне трапілі. Вы мне ўсё дакладна абмалюйце, што ў вас дзеецца, і нам тады будзе ясна, як, з якога боку лепш узяцца за гэту справу. І дзіўная ж рэч. Зусім пад бокам, а быццам краіна другая. Хваля рэвалюцыі не дакацілася да гэтага месца, не зварушыла стаячага балота. А шмат яшчэ ёсць гэткіх нечапаных балот!.. Ну, дык апавядайце!
І Шлёмка дакладна расказаў аб усім, што дзеялася ў іхнім сяле за апошнія гады і што цяпер дзеецца. Загадчык уважна слухаў, часамі запісваючы штось на паперку... Як Шлёмка скончыў, ён задаў яму колькі пытанняў, на якія Шлёмка з ахвотай адказаў.
- Ну, вось што... Цяпер мне ўсё ясна... Дзякую за вестку. Хутка мы паможам вам. Выбачайце, вось што яшчэ: вы не ведаеце, калі цяпер маюць быць у вас валасныя?
- У нядзелю пахату папоўскую дзяліць будуць - прыедуць.
- Ага... Ну, добра, добра. Цяпер вы едзьце ў двор і чакайце. Вядома, лепей, каб ніхто нічога не ведаў. Сваім таксама не кажыце.
- Я знаю. Я яшчэ і Міхалку гаварыў, каб асцярожна...
- А... Шкода хлапца, такіх нам паболей трэба. Шкода, шкода...
- Ну, бывайце здаровы!
- Бывайце!
З спакойным сэрцам Шлёмка вярнуўся ў двор. На яго адсутнасць ніхто ў сяле не звярнуў увагі. Не да гэтага было: ішла самая гарачая работа.
5
- Татка, татка!.. Ідуць!..
- Хто ідзе?..
- Дрозд прыехаў з воласці і яшчэ нейкі... Сюды ідуць!
- А...
І старшыня сельскага Савета борзда пасунуўся насустрэчу дарагім гасцям.
Па вуліцы зважна сігалі два чалавекі. Адзін з іх быў апрануты па-вайсковаму і на баку меў рэвальвер.
Валасных сустракалі і праводзілі цікавыя вочы сяльчан, якія па выпадку свята былі блізка ўсе на вуліцы. У адных вачах свяцілася толькі цікавасць, а з другіх яскрава глядзела несхаваная нянавісць...
- А, стары верабей! - загаманіў вайсковы, убачыўшы старшыню. - Ну, як маешся, чорт барадаты?
- А дзякую, нічога. Як вы? Ну, заходзьце, зрабіце ласку!..
- Зойдзем, зойдзем... Што, не чакаў?
- Як гэта не чакаў! Знаў, што сёння прыедзеце...
- Ну, гэта добра, што чакаў... Праўда, «Раманавіч»?
- Праўда, праўда, - з усмешкай адказаў «Раманавіч», ужо досыць стары, пануры мужчына.
У хаце ўжо гаспадыня завіхалася каля прыпечка.
- Ну, як, што? - запытаўся вайсковы, сядаючы на лаве. - Як тут у вас?
- Ды што? Як вам тут сказаць... Ганка! Ідзі на вуліцу! - крыкнуў ён раптам на дачку.
Тая ўжо знала: пабегла...
- Ды так у нас... вы ж, пэўна, ведаеце... чулі... Чорт яго ведае! Небяспечна. У губерні быў, невядома, што там натварыў. Сядзім вось цяпер, як на жары.
- Глупства. Слядоў не засталося пасля гэтага?
- Ну, нашы хлопцы не зблышуць.
- Дзе цяпер Грышка?
- Цяпер? У дварэ, пэўна. Ён у Сідара ў ёўні закватараваўся. Не, аб гэтым дык мы спакойны. Вось толькі страшна...
- Не бойся, стары, не прападзём. Зелля ж стане вочы заліць?
- Аб гэтым і гаварыць не трэба!
- З пахатай трэба пачакаць, - прамовіў «Раманавіч». - Пакуль не ўляжацца ўсё...
- Калі ж араць хутка час будзе...
- Ну, пачакаеце... Вось трэба зараз сабраць тут каго ды пагаманіць, парадзіцца...
- Яны хутка прыйдуць усе: бачылі ж, пэўна, як вы прыехалі...
І сапраўды, праз колькі часін пачалі збірацца мужчыны. Прыйшоў пісар, прыйшоў белабрысы, яшчэ чалавек пяць. У хаце загудзела гамонка... Спачатку паціху, потым усё смялей, а як селі за стол - вакол пляшкі самагону, - зусім разышліся... Крык, смех, гвалт - усё злілося ў адзін нязладны гуд. У вокны пачалі зазіраць цікавыя галовы, але мужчыны не зважалі на гэта: каго тут баяцца!..
- Дык, значыцца, зямлю дзяліць? - ужо каторы раз пытаўся вайсковы.
І, як і кожны раз, яму адказваў цэлы хор п'янеючых галасоў:
- Дзяліць!..
- Вядома, дзяліць!
- Чаго там чакаць? Каб злыдні якой дасталося!.. Што яны нам... ці вам? А мы не пастаім...
- Ды гэта вядома... ад нас не будзеце ў крыўдзе.
- Вы нам, а мы вам!
- Глядзіце ж, братцы! Вы знайце тое, што мы, можна сказаць, галаву сваю падстаўляем. Вы павінны гэта разумець...
- Вядома! Што мы - дзеці малыя!
- Калі што - не выдаваць, разам адказваць!
- Ды няўжо ж! Калі што - апошняе аддадзім, а выручым.
Усё п'яней і п'яней рабіліся мужчынскія галовы, усё гучней і бязладней станавілася гутарка. Ужо трудна было разабраць, што гаворыць кожны асобна. Нават і самі гаваруны, пэўна, не разумелі таго, што гаварылі. Гаварылі блізка ўсе, а слухаць - ніхто не слухаў.
І ўвесь гэты кірмаш засцілала густая хмара табачнага дыму.
Пачалі цалавацца, абымацца. Цяпер толькі і можна было вылучыць з агульнага шуму моцнае цмоканне ды жорсткія словы брыдкай лаянкі.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
- Салдаты, салдаты ідуць! - уляцела ў хату некалькі хлапчукоў.
Мужчыны перш і ўвагі не звярнулі. Толькі як колькі разоў пераказалі ім гэтае слова - «салдаты», - пасціхалі, пераварваючы, мусіць, у сваіх п'яных мазгах гэтую нечаканую вестку... І ніяк не маглі ўцяміць: ці гэта добра, ці дрэнна, што салдаты ідуць? Урэшце, пэўна, пастанавілі, што добра, бо раптам ажывіліся.
- Салдаты! А! Салдаты! Вось добра! Давайце іх сюды, галубочкаў! Вып'ем!
Пісар узняўся і прапішчаў, як толькі дазвалялі яму сілы:
- Няхай жыве Чырвоная Армія! Ура!..
- Урра! Урра! Чырвоная Армія!
У хату ўвайшло чалавек з пяць чырвонаармейцаў.
- Іменем рэвалюцыі вы ўсе арыштаваны!..
- Ха-ха-ха-ха!.. Го-го-го-го-го!.. Малайцы!.. Ну і малайцы!.. Арыштаваны!.. Го-го-го-го!..
- Маўчаць!.. Жарты тут ні к чаму! Будзьце ласкавы, паны самагоншчыкі, зараз жа ісці за намі!..
- Ха-ха-ха! Хе-хе-хе!..
Але ўжо ў п'яным рогаце пачулася нейкае недавер'е, апаска. Толькі зусім звар'яцелы пісар ніколькі не губляў прысутнасці духу. Ён, як мага, тыркнуў пляшкай аб стол, аж усё на ім зазвінела, і загвалтаваў:
- Пляшка арыштавана! Хо-хо-хо-хо! Арыштавана! Госці, прашу! Чырвоная Армія! Урра!
І ён, як непрытомны, крычаў, махаў рукамі, абарачваўся на ўсе бакі да сваіх сяброў. Але тыя ўжо сцямілі - пудліва маўчалі. І лямант пісара неяк дзіка, прарэзліва, непадтрымана раскідаўся па хаце...
Старшы з чырвонаармейцаў падышоў бліжэй да яго.
- Даволі! Выхадзі!
- Як? Што? Куды?
Пісар недалужна-п'яным поглядам азірнуўся па баках. Мужыкі ўсе маўчалі, не гледзячы адзін на аднаго, пісар зусім асалапеў, цяжка плехануўся на лаву, вылупіў вочы і сядзеў, нічога не разумеючы.
- Ну, дакуль сядзець будзеце! Выхадзі на вуліцу! Хлопцы, бяры іх!
Мужыкі сядзелі. Вайсковы замармытаў неслухмяным ад самагону і страху языком:
- Так-то яно так... але... як жа гэта... без усяго... раптам... Ні табе мандату...
- Што? Мандату? - заўважыў яго старшы. - Як праспішся, тады я табе мандат пакажу. А ты хто такі?
Толькі цяпер ён прыкмеціў рэвальвер.
- А... Будзьце ласкавы зняць ваша аружжа!
Той моўчкі аддаў рэвальвер.
- Ну, доўга чакаць яшчэ вас прыйдзецца?
Мужыкі заварушыліся:
- Дык як жа ж... Апрануцца, на дарогу ўзяць. Так раптам.
- Ладна. Сідаронак, ідзі скажы там на сяле, каб прынеслі ім што трэба. Ды там разам яшчэ дзве падводы вазьмі.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Усё сяло высыпала на вуліцу, як павезлі арыштаваных. У адным месцы чуўся смех, жарты, у другім спачуваючая гаворка. То там, то сям віднеліся заплаканыя твары, а некаторыя бабы галасілі, быццам хавалі ад'язджаючых.
Арыштаваныя моўчкі сядзелі на вазах, схіліўшы галовы. Думалі... Пэўна, успаміналі сваю чыннасць і загадвалі на тое, што іх чакае.
На краю сяла Шлёмка стаяў ля свае хацёнкі. На твары яго ззяла здавольненне. Як праязджалі міма, яго радасна-здаволены погляд на момант спаткаўся з панурым поглядам старшыні. Той здрыгануўся. У вачах злосць загарэлася. Мусіць, дагадаўся, чыіх рук гэта справа...
А Шлёмка святкаваў у душы. Ён бачыў рэвалюцыю, бачыў вызваленне. Ён бачыў, што і да іх сяла ўжо дакацілася хваля і магутным выплескам змыла адвечную крыўду.
Толькі адна хмурынка цямніла яго настрой: гэта памяць пра Міхалку. Не мог ён ніяк забыцца на свайго сябра. Як роднага брата, шкадаваў яго.
Але нейкі нутраны голас супакойваў Шлёмку, шаптаў яму:
- Гэтак павінна быць. Гэта неабходна. Рэвалюцыя ахвяр патрабуе...
Спакуса
Стораж Бяздзедаўскай святадухаўскай царквы, маленькі, увесь кудлаты, абшарпаны чалавечак, стаяў перад сваім бацюшкам у постаці чалавека, які развязвае нейкае надта важнае пытанне і так заклапочан, што проста й сказаць нельга...
Ён, праўда, прыйшоў толькі затым, каб узнаць - ці будзе заўтра адправа ці не, і ўвесь яго абавязак у гэтым выпадку складаўся з таго, каб дачакацца бацюшкавага адказу, пацерціся трохі ў бацюшкавай кухні і тады - або з паважным відам пасунуцца да званіцы і, спакваля ўзабраўшыся па небяспечных сходнях, баўкнуць разы са тры ў стары пабіты звон, або з такім жа паважным відам пашыбаваць у бліжэйшую вёску да свата Карнея. Але ў бацюшкі быў гэткі недалужны, пакорны і маркотны выгляд, што ён не мог больш нічога зрабіць, як толькі зморшчыць свой твар да таго, што ён стаў падобны на сушаную дулю, і гэтым паказаць, што ён не менш за бацюшку не ведае, што рабіць.
Па праўдзе сказаць, дык ён знаў, што трэба рабіць, і нават дзівіўся, чаму гэта бацюшка не дагадаецца, але... на тое бацюшка...
- Яно-то народу не надта многа будзе... Бачыце, бацюшка, праца самая... але ізноў падумаць, як жа ж і без абедні...
І стораж развёў рукамі.
Бацюшка, старэнькі і такі самы маленькі, як стораж, але «благаабразны», стаяў ля стала і ў задуме тарабаніў па сталу пальцамі. Вочы яго былі ўпяты ў раскалмачаны дашчэнту сторажаў лапаць, і ў іх відаць быў смутак. Што ён думаў у гэты час, якія думкі луналі ў яго сівенькай галаве, - невядома.
Стораж пастаяў трохі і гукнуў яшчэ раз, асцярожна дадаўшы ў свой голас трохі настойнасці:
- Народу-то не будзе, але...
Бацюшка перавёў свае вочы з лапця на сторажаў твар - не менш раскалмачаны за лапаць - і нічога не сказаў. Ціхім крокам адышоўся к акну.
Стораж трохі паварушыўся, патаптаўся - балазе бацюшка задам стаў і не бачыць - і, кашлянуўшы, прагукаў ужо з большай настойнасцю:
- Народу-то, напэўна, не будзе!
На гэты раз ён нават не дадаў «але» і ўжо спадзяваўся, што канец будзе такі, якога ён і жадае... Але бацюшка раптам схамянуўся, абярнуўся да яго і сказаў голасам, у якім чувалася нейкая сумная рашучасць:
- Во што, Сідар: цэрква - гэта не тэатр, і мы не павінны спыняцца перад тым, што не будзе народу. Богу ўсё роўна - ці поўная цэрква ці не.
- Ды гэта так, вядома... Дык, значыць, пазваніць?..
- Звані, звані, Сідар!
- Пайду пазваню...
Ён спакваля павярнуўся і пасунуўся к дзвярам, але ля самых дзвярэй спыніўся і, сам не ведаючы навошта, спытаўся:
- І ютраня будзе?
- Ну, дык як жа... Што ты гэта, Сідар, пытаеш?
Сідару трохі сорамна стала, што не ў лад спытаўся, і ён шыбчэй выйшаў за дзверы.
Праз колькі часу сіпла закашляў звон і абудзіў ваколічныя палі. Людзі не пачулі гэтага звону, бо царква з папоўскай і дзякоўскай сялібамі стаяла наводшыбе, і да бліжэйшае вёскі было вярсты дзве, але папоўскія куры, якія вандравалі вакол царквы, знецікі распалохаліся, і іх павадыр, чырвоны бліскучы певень, загвалтаваў, перамагаючы звон:
- Куд-кудак-так-так-так-так!..
* * *
Назаўтра бацюшка дужа здзівіўся: чаму гэта так рана зазваніў Сідар? Ён не ведаў, што ў таго быў пэўны рахунак: калі поп паслухае і раней прыпрэцца, то можна будзе раней да свата пайсці, а калі не - усё роўна страта невялікая... У адзін звон ён можа хоць цэлы дзень званіць: гэта ж не тое, што ва ўсе. Нават весялей... Стаў гэта ля акна, вяроўку зачапіў за нагу дый дзівуйся наўкола. Можна нават і піпку засмаліць. А нага ўжо па звычаю сама торгае.
Бацюшка пільна сабраўся, апрануў гэткую старэнькую, як і сам, расу з шырачэннымі рукавамі і пайшоў у царкву. Ранні халадок прыемна асвяжыў яго, а сіплы голас звону напамянуў аб чымсьці старым, нязменным і цягучым, як бесканцовая нітка.
Раптам звон чагось спыніўся, але праз хвілінку з падвойнаю сілай загвалтаваў сіпла-паспешна, быццам хто яго душыў.
- Гвалт-гвалт-гвалт-гвалт!..
І да яго далучыліся хорам другія - тонкія і прарэзлівыя:
- Ай-яй-яй-яй-яй!..
Бацюшка перахрысціўся. Ужо, дзякуй Богу, трыццаць год, як яго спатыкае гэты ўрачысты трызвон.
Але сягоння трызвон быў асабліва гучны і злосны, бо Сідар біў як мага, радуючыся, што яго план - выманіць раней папа - спраўдзіўся.
Царква была пустой. З халоднага змроку маркотна выглядалі нерухомыя твары святых. Было ціха, як у магіле, і толькі на клірасе таемна шапацелі пад дзякавымі пальцамі лісты кніг. Бацюшка па трыццацігадоваму звычаю спыніўся ў парозе, адбіў тры шчырых паклоны і тады толькі пайшоў уперад. Крокі гулкімі водгукамі каціліся па царкве.
Бацюшка ўвайшоў у алтар. Вакол стаялі і ляжалі розныя «святыя» рэчы. За доўгі час службы бацюшка так прывык да іх, што яны здаваліся яму блізкімі, роднымі.
Прыйшоў Сідар і пачаў дзьмухаць у жар. Рабіў гэта ён так шчыра, што па ўсёй царкве панёсся моцны сап, і царква на момант стала падобна на кузню.
Бацюшка апрануў абшарпаную, страціўшую ад доўгага ўжывання свой сапраўдны колер, рызу. Дзяк на клірасе паважна й працяжліва адкашляўся.
Сідар ужо насыпаў жару ў кадзіла і, спяшаючыся, нёс яго к папу, на хаду ўсё яшчэ дзьмухаючы ў яго так, што з яго бухалі іскры, як з паравіка. На сваім напружаным твары ён выяўляў гэткую рупнасць і паспешнасць, быццам ад таго - ці падасць ён у пару папу кадзіла, ці не падасць - залежаў лёс усяго свету.
Поп зірнуў на яго карузлыя ад працы рукі і ўспомніў, што матушка ўчора казала, што трэба наладзіць драбінку ў кароўніку. Благаслаўляючы кадзіла, ён сказаў Сідару:
- Я тут, Сідар, кадзіла сам вазьму, як трэба будзе, а ты йдзі к матушцы, яна табе пакажа там - драбінку наладзіць трэба.
Сідару гэта ўпадабалася, бо яго дужа цягнула з гэтае пустое самотнае царквы на светлае вольнае паветра. І ён, забыўшыся аб тым, што знаходзіцца ў царкве, голасна загаманіў тонам спраўнага майстры:
- А я, бацюшка, тое дрэўка вазьму, што на цвінтары валяецца. Яно нішто яшчэ...
- Тс! - перапыніў яго бацюшка, і ён, схамянуўшыся, спрытна пашыбаваў з царквы...
У царкве засталіся поп і дзяк адзін на адзін. Пачалася адправа.
Неяк дзіка зычэла ў бязлюднай царкве гэтая голасная малітва двух чалавек. Зусім не падобна было да набажэнства. Быццам проста сышліся два чалавекі і, ад нечага рабіць, пачалі перагуквацца адзін з адным. Поп нешта бурчэў сабе пад нос у алтары, а дзяк адно і тое самае «Госпадзі, памілуй» выводзіў з такімі пералівамі і на столькі ладоў, што яно ў яго выходзіла то на манер «каробачкі», то на манер «Ах, зачем эта ночь», а часамі нават чувалася ў ім нешта падобнае да апошняе часткі «Інтэрнацыяналу». Дзяку, відаць, надакучыла вечна адно й тое самае, і ён цяпер - балазе нікога няма - стараўся гэта «адно й тое самае» аздобіць, уліць у яго штось новае і весялейшае.
У вокны заглядала вясёлае сонца і, дзівуючыся, кідала то туды, то сюды свой цікаўны погляд. Пад гэтым поглядам твары святых на іконах быццам аджывалі і неяк плюшчыліся, моршчыліся, недавольныя, мусіць, тым, што робіцца тут каля іх у гэтым «святым» будынку.
І вось здарылася нешта дзіўнае, небывалае.
Дзяк чытаў «шастапсалміе». Чытаючы, ён таксама выводзіў на ўсякія лады, і яго голас то ўздымаўся на самыя высокія ноткі, то раптам спускаўся ўніз і - што люгашка ў балоце - рыпеў слабай надтрэснутай актавай.
Поп, ад нечага рабіць, сеў у вялізнае старадаўнае крэсла, што стаяла ў алтары, і задумаўся... І тут - д'ябал павярнуўся каля яго, ці што, - але ў галаву к яму палезлі самыя непрыстойныя думкі. Ён азірнуў змораным поглядам алтар, спыніўся на кожнай рэчы і - не пазнаў усяго гэтага.
Трыццаць год праслужыў ён у гэтай царкве і за трыццаць год ні разу не задумаўся аб тым: што ўсё гэта, навошта гэта і г. д. Усё ён прымаў як ёсць, да ўсяго адносіўся з заўсёдашняй, загадзя нарыхтованай, набожнасцю, як да святога. І вось цяпер раптам, ні з таго ні з сяго, усё змянілася... Быццам нешта адляцела ад святых рэчаў, быццам святы дух іх пакінуў, і яны здаліся яму проста звычайнымі, даўно знаёмымі рэчамі, гэткімі самымі, як і тая шафа, што трыццаць год стаіць на адным месцы ў яго кабінеце, як і той малюнак, што ўвесь аблупіўся, а ўсё яшчэ вісіць над яго ложкам.
Поп зірнуў на тоўстае, вялізнае Евангелле і ўбачыў у ім толькі прыгожую вялікую кнігу, падобную на матушкін альбом. Зірнуў на крыж і ўбачыў у ім толькі па-мастацку аброблены кавалак срэбра, зірнуў на чашу і ўбачыў у ёй звычайную пасудзіну, толькі на высокай назе. Яму нават чагосьці прыйшло ў галаву, што з гэтай пасудзіны дужа няёмка было б піць гарбату.
Зірнуў поп на сваю вопратку, і таксама яму дзіўна стала. Навошта ён апрануў яе, гэтую старэнькую, ужо дзіравую шмотку?..
Поп асалапелым поглядам азіраўся вакол. Прыслухаўся і пачуў, як дзяк на царкве нешта чытае; чытае няшчыра, нядбала, быццам абы-як пхае з рота словы, і яны лятуць бязладна - хто куды... Прыслухаўся поп да гэтых слоў, і яны, даўно знаёмыя яму, тысячу разоў слуханыя, раптам здаліся дзікімі, незразумелымі.
- Госпадзі Божа мой! што гэта за спакуса такая, - набожна прашаптаў поп і перахрысціўся.
Рука махінальна зрабіла знаёмы рух, а сам ён неяк збоку зірнуў на гэты рух, і таксама дзіўным, недарэчным ён яму здаўся...
Поп узняўся з крэсла і пайшоў к прастолу. У кроках яго не было ўжо звычайнай набожнай паважнасці... Пайшоў проста, як у хаце хадзіў. Падышоў і стаў ля прастола... Абапёрся рукой, як заўсёды ў хаце рабіў, калі к сталу падыходзіў. Потым заўважыў гэта і зняў руку...
«Нельга!» - падумаў.
А думкі ўсё лезлі і лезлі:
«Навошта ўсё гэта? Для каго?.. Няўжо для Бога?.. Няўжо яму трэба ўсё гэта, гэтыя розныя бліскучыя рэчы, гэтае бязглуздае чытанне там, на цэркве? Нашто яму гэта? А мо для людзей?..»
Поп думкамі пераляцеў туды, назад, за іканастас і ўявіў сабе гэтую царкву; пераляцеў далей, за сцены царквы, і ўбачыў сялян, шчыра працуючых на пожні.
«Для каго ж? Для каго? Навошта?..»
Дзяк кончыў. Сціхла ў царкве... Поп знаў, што яму трэба пачынаць эктэнію.
- Мірам...
Сказаў і сам злякаўся свайго голасу. Неяк дзіка празычэў ён у пустым скляпенні. Хацеў яшчэ гаварыць і не мог... Неяк саромеўся свайго голасу. Здаваўся ён яму чужым, староннім. І смешным, недарэчным здалося папу гаварыць нейкія незразумелыя, нікому непатрэбныя словы.
А дзяк, каб дарма не траціць часу, не чакаў канца і зацягнуў сваё спрадвечнае:
- Госпадзі, памілуй!..
Прапяяў і, не чуючы чарговага «возгласу» бацюшкі, працягнуў яшчэ раз:
- П-а-а-мі-л-у-у-у-й...
І гэта канчатковае «уй» ён цягнуў доўга-доўга, бо ўсё чакаў, пакуль поп па звычаі не перапыніць яго.
А поп маўчаў... І дзяку прыйшлося кончыць. Пачакаў, кашлянуў раз-другі, а ўсё нячутна. Урэшце, зацікавіўшыся, ён прасунуў галаву ў алтар. У алтары папа не было. Тады дзяк зазірнуў у бакоўку, дзе звычайна вісіць кадзіла, стаіць у гарнушку жар і ў шафе вісіць царкоўнае «аблачэнне».
Поп сядзеў на зэдліку, схіліўшы галаву. Поплеч з ім роілам ляжалі толькі што здзетыя рызы. Як убачыў дзяка, узняў галаву і зірнуў нейкім пустым, змораным і смутным поглядам...
- Не будзем служыць, Гаўрылавіч!..
- Што, захварэлі, бацюшка, а?..
- Не, Гаўрылавіч, не захварэў... Спакуса найшла... Д'ябал заўладаў мной... Слухай, Гаўрылавіч, скажы ты: нашто гэта ўсё?.. Каму гэта патрэбна?.. Для каго гэта?..
- Што для каго, бацюшка?..
Дзяк нічога не разумеў і, вылупіўшы вочы, глядзеў на бацюшку.
- Ды вось, Гаўрылавіч, служым мы з табою... я чытаю, ты пяеш... ну, вось сягоння, напрыклад... А для каго гэта мы служым?.. Для Бога? Для людзей?.. Ці думаў ты калі аб гэтым, Гаўрылавіч?..
Дзяк урэшце зразумеў. Зразумеў, праўда, па-свойму...
- Гэта праўда, бацюшка... Я таксама думаў... Яшчэ ўчора, як зазваніў Сідар, дык я й думаю: навошта служыць заўтра? Усё роўна ніхто не прыйдзе. Самая работа, сенакос... А для Бога, дык, вядома, што яму за карысць з нашае службы! Во, будзе прастольны, кірмаш, тады прыйдуць... І даход які-колечы будзе... Пойдзем, бацюшка!
І ён з здаволеннем зацягнуў, ідучы па царкве:
- Госпадзі, памі-і-лу-у-уй.
І «луй» спусціў так нізка, што з ахвотай цягнуў яго, пакуль і не выйшаў з царквы.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
На гэты раз Сідараў рахунак не ўдаўся. Ён размеркаваў так, каб ладзіць драбіну якраз да таго часу, калі ўжо трэба замыкаць царкву, аж выйшла іначай... Ён не зрабіў яшчэ й палавіны, як убачыў, што ідзе поп. Гэта яго надта здзівіла, і ён, разявіўшы рот, праводзіў папа асалапелым поглядам, аж пакуль той не схаваўся ў дзвярах сваіх пакояў...
Мар'я
1
Змрок ахінаў вёску... Выпаўзаў паволі з куткоў-закавулкаў і разліваўся наўкола сінява-шэрымі павадкамі. Глытаў усё ў сваё бяздоннае нутро: спачатку дрэвы, потым будынкі... І толькі адна вуліца не здавалася - усё бялела й бялела светлаю плямай-істужкай...
Пісар N-й роты Ляксандра Мішчанка сядзеў на прызбе і ў задуме слухаў, як звініць вячэрнімі зыкамі вёска... Зыкі зляталіся з розных бакоў размаітымі асобнымі адрыўкамі: дзесь зараве карова, авечка забляе; там хтось закрычыць, там зарагоча; сабака забрэша жвава-задзірліва, а тут - дзын! - жук праляціць ля самага вуха; шчыра-старанна гармонік недзе пішчыць нездалёк, моладзь рагоча, гвалтуе на йгрышчы...
Ляксандра любіць вячэрнія зыкі вёскі. Слухае ён іх без напружанасці, не стараючыся разбіраць, адкуль яны, што яны, а проста раскрывае ўсё нутро ім насустрэчу, і яны, зліўшыся ў адно цэлае, у адну зладную гармонію, ціха плывуць у душу і граюць сумна-дрыготна па струнах сэрца... Ляксандра прыслухоўваецца да гэтай чароўнай музыкі і плыве ціха-маркотнымі думкамі ў мінулае...
Дзіўная рэч гэта душа чалавека! Нездаволеная, ненасытная, зайздросная... Ці знойдзецца на свеце такі чалавек, які б ад шчырага сэрца калі сказаў:
- Я шчаслівы, я жыву поўным жыццём, мне болей нічога не трэба.
Не! Здрадлівыя мары заўсёды турбуюць, абураюць, узносяць на сваіх скрыдлах. А куды, да чаго - невядома!.. А пройдуць гады - і схамянецца чалавек. Зірне назад і ўбачыць тое, чаго калісь не прыкмячаў; убачыць прыгажосць, убачыць жыццё светлае, яскравае і з жалем прамовіць:
- Эх, было калісь. Не вернецца болей...
Ляксандра сядзеў нерухома, узлёгшыся на бярвенні хаты, і, углыблёны ў сябе, варушыў, перабіраў мяккамаруднымі думкамі мінулае... І сам дзівіўся таму, якія яркія, шматкалёрныя былі абразы гэтага мінулага, як многа было ў ім свежага, маладога. І дзе ўсё гэта дзелася? Чым бліжэй да цяперашняга часу, тым больш шэрым, будзённым выдае жыццё, пакуль не пераходзіць зусім у нейкае бяскветнае, нуднае мадзенне.
Як ён жыве цяпер? Хто яго ведае. Здаецца, і жыццё размаітае, багатае ўражаннямі: бесканцовыя вандроўкі, выдатныя здарэнні, а ўсё неяк згладжваецца гэта, робіцца нецікавым, нудным... Колькі перажыванняў, яркіх, абураючых! За апошні час чаго не было толькі: доўга на фронце быў, бачыў смерць перад сабой не раз... Потым на адпачынак сюды прыехалі - гульні, забавы вясковыя, цікавыя праявы новага вясковага жыцця. І ўсё гэта неяк проста, звычайна; усё прымаеш, як нешта будзённае, неабходнае. Шукаеш хараства - і яго няма... А пройдуць гады - і мо ўсё гэта іншым светам азарыцца, можа, таксама будзеш калі перабіраць ва ўспамінках сучасныя падзеі і будзеш дзівіцца таму, як калісь было хораша, шчасна.
Ляпнула бакоўка. Ляксандра знаў, што выйшла Мар'я... Справілася па гаспадарцы, накінула кажушок або хустку і выйшла супачыць на прызбе.
Дзіўная баба... Загадка нейкая... Жыве за гарбуном, дзеці ўжо дарослыя. А, пэўна, не любіць... Хіба ж можна любіць гэткую недарэку! І чаго яна пайшла за яго? Прыгожая... Яшчэ цяпер можа ўпадабацца, а ўжо гадоў трыццаць. А калісь, пэўна, красуняй была, якіх мала. Ніколі не гавора пра сябе. Калі датыркнецца яе гаворка, раптам насупіцца, змоўкне... у вачах смутак засвеціцца - ціхі, пакорны... І ні слова не скажа.
Мар'я падсела к Ляксандру.
- Чаго не ідзеш на ігрышча?.. Сядзіць, як верабейка. Стуліўся, згарбаціўся. Дзед...
Мар'я загаварыла ціхім, грубаватым і прыемным голасам. Здавалася, што ён выходзіў з самага нутра і затым быў гэткі шчыры, задушэўны...
Ляксандра адказаў, не абарачваючыся:
- Не люблю... Нецікава...
Замоўклі... Маўчалі і думалі. Раптам Ляксандру чамусь захацелася ўзнаць, аб чым думае Мар'я.
- Мар'я!
- Га!..
- Што думаеш?
- Надта цікавы. Што думаю, тое і думаю, табе што...
- Ягора чакаеш? Замаркоцілася?
- Ага. Ягора чакаю, замаркоцілася.
А сама тонка-таемна ўсміхаецца, грае шэрымі вачмі з-пад хусткі...
Ляксандра пачаў упарта разглядаць яе твар. У змроку ён выдаваў нейкім асаблівым, незвычайным і прыгожым.
Адвярнулася...
- Чаго глядзіш? Асурочыш...
Зноў маўчанка. Ляксандра захапіўся думкамі аб Мар'і. Яго ранейшы сумна-лагодны настрой разляцеўся, што дым. Ён цяпер думаў напружна, упарта.
Што за баба! Першы раз ён бачыць такую. Сялянка, простая сялянка, а колькі жаноцтва, колькі жыцця нутранога, колькі павабнасці - нейкай ціхай, прыветнай і разам таемнай.
Ляксандру неяк цягнула да гэтай жанчыны. Яна здавалася яму загадкавай, глыбокай і багатай натурай, якія часам трапляюцца сярод простых людзей, але ў большасці марна гінуць, заціраюцца жыццём, не развінуўшыся, не даўшы прастору сваім духоўным сілам.
- Ляксандра! - раптам азвалася Мар'я. - Глянь, які месяц прыгожы сягоння.
Месяц толькі што ўзняўся над суседскай хатай і ярка, выразна блішчэў на небе сваім круглым тварам...
- Бачыш, Ляксандра, вунь быццам чалавек ідзе сагнуўшыся, нясе нешта... Кажуць, гэта Каін Авеля нясе забітага.
- Гэта засень ад гор.
- Ад якіх гор?
- На месяцы горы ёсць. Месяц жа таксама, як і зямля... Там і горы і лагчыны ёсць.
- Ну кажы ты. А чаго ж ён бліскучы?
- Гэта ад сонца. Сонца свеціць на яго, дык ён яго свет і адбівае. Каб на месяц узлезці, дык стуль зямля б гэтаксама выдавала бліскучай кружэлькай...
- Іш ты...
- Ты, Мар'я, у Бога верыш?
- А што?
- Ды проста так, пытаюся...
- Веру.
- А баішся яго?
- Бога? Дык Бога кожны баіцца.
- А вось я не баюся.
- Дык ты ж чорту душу прадаў... бязбожнік...
- А чаму ён мяне не пакарае?
- Ат! Даволі чмурыць.
- Мар'я! Як ты была маладой, ці любіла ты гуляць?
- На тое й маладосць, каб гуляць. Цяпер во не пагуляеш.
- А хочацца?
- Ану цябе к ліху! Выгадае. Вунь дзеці бягуць, зараз вячэраць будзем.
Па вуліцы, уздымаючы цэлую хмару пылу, беглі дзве дзяўчынкі, а за імі армеец. Усе штось жвава крычалі, рагаталі. Падбеглі, запыхаўшыся. Дзяўчаткі зараз прытуліліся да маткі, а армеец падсеў к Ляксандру. Гэта быў яго таварыш па кватэры - узводны Кірыла Градаў.
- Ух! Каб ты ведаў, братка. Ну і пацеха!
Дзяўчаты не далі яму кончыць - зарагаталі зычным прарэзлівым смехам, аж пакаціліся. Градаў за імі.
- Ціха вы, шалёныя! - сцішала Мар'я. - Чаго вас разабрала?
- Мамулька, ведаеш, дзядзька Змітрок... Ха-ха-ха... Ой, не магу... Ха-ха-ха...
- Ану вас! Бацьку ці бачылі?
- Ідзе зараз: сходка ўжо кончылася.
- Дык што ў вас там такога смешнага? - запытаў Ляксандра.
- Ух! - урэшце супакоіўся Градаў. - Расказаць - нічога цікаўскага. Во, каб ты пабачыў. Стары Змітрок з Рыпінай у скокі пусціўся. Смяхоцце! Узяў яе во гэтак ды...
Градаў паказаў... Дзяўчаты і ён сам зноў пакаціліся са смеху.
У гэты час падышоў гаспадар. Гэта быў маленькі, гарбаты і кудлаты чалавечак. Пад бялясым, таемным светам месяца ён выдаваў нейкім казачным страшыдлам.
- Ляксандра! Ну, скажы ты, які народ! - зацягнуў ён тонкім галаском. - Вот ім каб наваліцца на аднаго ўсім. Сідар, Пётра, Гарасім яшчэ ні разу не ездзілі нікуды, і хоць бы што. То тое, то другое. А мне дык кожную нядзелю. Вот табе й праўда, справядлівасць. Га? Ну, што ты на гэта скажаш?
- Паедзеш? Калі? - запытала Мар'я.
- Заўтра... у горад...
- Ат! Сам вінават... Маўчыш, дык і едуць на табе.
- Якое маўчыш!..
- Ну добра... Пойдзем ужо вячэраць, ды спаць трэба класціся...
Усе пайшлі ў хату. Ляксандра яшчэ на часінку затрымаўся. Ён устаў, пацягнуўся соладка і азірнуўся навакол...
Уся сонная вёска купалася ў зеленаватым малацэ месячнага свету. Усё стаяла нерухома, быццам высечанае з цудоўнага самацветнага каменю. Было зусім ціха, толькі знекуль здалёку даносіліся ледзь чутныя, знікаючыя гукі гармоніка...
Ляксандру зачаравала хараство ночы. Ён адчуваў, як нешта з сярэдзіны ўздымаецца - гэткае добрае, згоднае - і разліваецца па ўсёй істоце дзіўным пачуццём.
- Ляксандра! Ідзі вячэраць! - пачуўся мілагучны задорны голас Мар'і.
Думкі Ляксандра зараз пераляцелі да Мар'і. У гэты момант яна здалася яму гэткай добрай, блізкай, роднай... Ды, пэўна, і ўсе людзі ў гэты час здаваліся яму гэткімі!
Ляксандра пайшоў у хату.
2
- Як ты сабе ні хочаш, а ў Мар'і ёсць многа цікавага. Яна неяк выдаецца ад усіх вясковых баб. Нешта ёсць у ёй гэткае... як табе казаць... ну, паэтычнае, ці што: хоць ты й не любіш гэтага слова.
- Чаму? Паэзія, гэта, ведаеш, добрая рэч. Я сам калісь, як было мне гадоў дванаццаць, быў паэтам, ды яшчэ якім! Бывала гэта - ночы, уздохі, охі, у кожным бабскім стварэнні бачыш нешта таемнае, трагічнае, чыстае... ведаеш, такое чыстае...
- Ану цябе! Кінь жартаваць... У мяне сягоння сур'ёзны настрой, і затым я хачу сур'ёзна гутарыць.
- А... А як гаварыць трэба: паэзіяй ці можна прозай?
- Як сабе хочаш.
Ляксандра з Кірылам ляжалі на высокім трысцене, укапаўшыся ў свежанакладзенае пахучае сена. Курылі, не зважаючы на небяспеку для гаспадарскага дабра, і гутарылі. Час ад часу ўспыхвалі цыгаркі і кідалі наўкола жаўтавата-чырвоны водблеск. З цемры выяўлялася нізкая страха, бэлька над самымі галовамі хлопцаў і дзівосныя карункі ўзварушанага сена.
Глыбокая ціш, адзінота наладжвалі на сентыментальны настрой. Хацелася гаварыць і гаварыць, выкладаць усе патаемныя думкі.
- Ну, вось слухай, - казаў Ляксандра, - пачнём з выгляду...
- Здобная баба...
- Не перапыняй! І свой цынізм пакуль што пакінь пры сабе. Зірні на твар. Яна не надта прыгожая, аб гэтым і гаварыць не будзем: нос троху кірпаты, шыракаваты рот. Адным словам - тыпічны твар сялянкі-беларускі. А якая рухавасць, якая выразлівасць! Нельга зірнуць, каб не спыніць на ёй свайго погляду. Ты не звяртаў увагі на яе вочы?
- Шэрыя.
- Ну, шэрыя. Але якое жыццё ў гэтых шэрых вачах!.. Як яна грае імі!.. Іншая гарадская дзяўчына магла б пазайздросціць.
- Во, гэта так... Затым я ніколі і не дзіўлюся, што ты да дзяўчат не ходзіш, а ўсё каля яе круцішся...
- Гэта нішто... Я знаю, што там ты за дваіх - за сябе й за мяне справішся.
- Іш ты, куды загнуў. А праўда - Гануля нішто... а?
- Праўда, праўда. Вось слухай, што было аднаго разу... Было гэта раз у нядзелю... увечары... Ягор, здаецца, у горадзе быў ці так некуды сышоў. Ну, ты й дзяўчаты, вядома, на вёсцы. Я ў садзе быў. Цёпла было. Ціха...
- Салавей пеў...
- Не, салаўя не было. Салавей вясной бывае. Ты, пэўна, гэтага не ведаеш. Салаўя не было, а так нейкая птушка, здаецца, цвіркала. Я сядзеў, ведаеш, там на лаўцы ля пчол. Сяджу, думаю... І так задумаўся, што не прыкмеціў, як нехта падкраўся ззаду і закрыў рукамі мне вочы. Я думаў - ты, ледзь ужо не вылаяўся як мае быць... Гляджу - Мар'я... Глядзіць неяк сумна-ласкава, усміхаецца... Я гэта як узяў яе за рукі... ад вачэй... так і трымаю... І неяк, ведаеш, шкода-шкода стала мне яе... Чаго, і сам не разумею. Неяк усё роўна як дзіцёнка якога пакрыўджанага. Захацелася прытуліць яе, прыгалубіць...
- Эге!..
- Ды кінь ты! Слухай. Яна раптам засаромелася, вырвала рукі, загаварыла аб нечым, не помню... Добра. Селі, гамонім. Доўга мы тады сядзелі. Я ўсё гаварыў аб адным, аб другім і ўсё вярнуў у пэўны бок... Усё, знаеш, аб жыцці, прыгостве, уцехах. Аб тым, як добра жыць, любіць...
- Ого!..
- Во, Кірыла, каб тады ты паслухаў мяне, дык бы ўсур'ёз сказаў, што паэт. Я сам сабе дзівіўся. Адкуль толькі словы браліся! Ну... Гляджу гэта - Мар'я ўсё смутнее, смутнее. Ну, я, вядома, не думаў, каб гэта так далёка магло зайсці.
- Ну, а што?
- Слухала, слухала, а тады раптам як зараве. Не то што, а як дзіцёнак якраз... Колькі гора, адчаю было ў гэтым плачы! Ну... я не ведаю... мне здаецца, каб каменні пачулі гэты плач, дык бы разжалабіліся.
- Ну, а ты што?
- Ды што я... Я ўжо не мог трымаць. Схапіў яе к сабе, абняў, стаў гладзіць па галаве, як дзіцё, угаварваць. Гаварыў нешта... і сам не помню... Гаварыў, а сам чуць не плакаў. А яна прыціснулася ка мне, быццам туляючыся ад каго, ды ўсё плача, усё плача... што далей, то горай...
Ляксандра змоўк. Павісла напружаная ціш. Дзесь заспяваў певень.
- Ну, а далей што?
- Далей?.. Пацалаваў я яе. Пацалаваў... у лоб, здаецца... Быццам яе апякло. Як закалоціцца ўся, задрыжыць... Вырвалася... уцякла... Не ведаю, мусіць, у хату пабегла... Во... Пасля таго колькі дзён старанілася мяне, саромелася зірнуць у вочы.
- Так, - задуменна гукнуў Градаў, - не, што і гаварыць, жыццё незайздроснае. Чаго толькі яна пайшла за яго, за гэткае страшыдла?
- Чаго? Мусіць, трэба было, па сваёй ахвоце не пайшла б.
- А мо на багацце пагалілася?
- Не падобна да яе.
- Ну, але ж і нелюбоцце са ўсяго свету. А хліпала якое, усё плача, скавыча... Багацей першы на вёсцы, а ўсё мала. Ну і не люблю ж я яго! У мяне заўсёды настрой на сто градусаў уздымаецца, як яго лішні раз у нарад назначаць або лішні пуд хлеба з яго выцягнуць. А Мар'ю любіць. Ды яшчэ як... проста моліцца на яе. Вядома, гонар... Сам дрэнь такая, а якую жонку мае.
- Што любіць, то любіць. А раўнуе як... ух!.. Як ён на мяне злосны! Па вёсцы плёткі ўсялякія ходзяць... што я надта часта з Мар'яй бываю, дык ён аж кіпіць.
- Ну, а як ты думаеш, Ляксандра, як яна да яго?
- Прывыкла, пэўна, дванаццаць гадкоў - гэта, брат, не жартачкі. Ды к таму ж і забабоны ўсякія, Бога баіцца. А ён знае гэта і грае на слабых струнках. Наўмысля абставіны гэткія робіць, як у манастыры ў якім. Ты ж бачыш: чуць вечар - лампадку засвеціць, сам на каленкі, яна на каленкі, дзеці на каленкі... Цэлая адправа царкоўная... І яна гэта шчыра... моліцца, кленчыць... ведаеш, на чулую душу, ды яшчэ ўзгадаваную ў забабонах, усё гэта робіць уплыў...
- Так...
Хлопцы яшчэ доўга гаманілі, але гутарка іхняя памалу траціла сваю жвавасць, пакуль, урэшце, не спынілася зусім. Хлопцы паснулі.
Пракрычалі другія пеўні. Ноч павярнула на сход. Нездалёк у садзе, мусіць, чуючы ранне, заціўкала птушка...
3
Павячэраўшы, Ляксандра ўзяў стары дзядоўскі кажух і пайшоў у сад. Ужо колькі начэй як ён начуе там, пільнуе паспеўшыя яблыкі.
Ляксандра залез у будку, ухінуўся з галавой у кажух і нарыхтаваўся заснуць. Але як ён ні стараўся, як ні плюшчыў вочы - заснуць не мог. Як назло, назойлівыя думкі лезлі чарадой у галаву і праціналі вострымі іголкамі лагодна-мяккую пялёнку дрэмы, якая во-во ўжо, здаецца, пачынала спавіваць розум. І Ляксандра зноў і зноў вяртаўся да яснай, цвярозай і нават асабліва напружанай свядомасці.
Урэшце яму надакучыла гэтак змагацца з бяссонніцай. Ён скінуў з сябе кажух, заклаў за галаву рукі і шырока расплюшчанымі вачмі ўпяўся ў чорную, непраглядную цемру.
«Свісь!» - пачулася аднекуль здалёк.
Ляксандра знаў, што Кірыла свішчыць з пуні. Сумна аднаму. А ў будцы спаць не хоча: вельмі падабаецца на сене... Ляксандра ўклаў у рот два пальцы і сцебануў у паветра тонкім, прарэзлівым свістам...
«Свісь!» - пачулася ўжо цішэй, заспакоена...
«Во чалавек, - падумаў Ляксандра пра Кірылу, - такому і жыць толькі. Здаровы і целам і духам, вечна вясёлы, вечна здаволены; на ўсё глядзіць проста, цвяроза, спляча. Аніякіх сумлеўкаў, аніякіх «балючых пытанняў», якія часамі замучваюць іншых. Усё проста, ясна, зразумела».
Ляксандра параўняў сябе з Кірылам - і толькі ўздыхнуў. Поўная процілежнасць. Нешта мяккае, расхлюпанае, сентыментальнае.
І ў Ляксандры раптам з'явілася нейкая абрыда к самому сабе, к сваім вечна турбуючым думкам, к сваім вечна плакучым настроям. А разам з абрыдай і злосць узнялася, гэткая брыдкая, прыкра-зайздросная злосць ка ўсяму на свеце. Успомнілася Мар'я і таксама здалася нялюбай.
«Старая баба, а корчыць нешта. Хоча прывабіць, мужыка ёй мала».
Ад ранейшага пачуцця да яе ў Ляксандры ў гэту часінку і сляда не асталося.
Раптам пачуліся ціхія марудныя крокі...
- Ляксандра, ты спіш? - ціха, асцярожна спытала, быццам баялася, каб не абудзіць.
Мар'я... Абабрала час, нечага сказаць. Якраз пад лад.
- Не яшчэ...
- Сумна мне нешта... Ягор, пэўна, не прыедзе сёння...
- Хіба табе з ім весялей?
Голас Ляксандра зычэў груба і прыкра.
- Ягор, пэўна, у горадзе з паненкамі загуляў. Ён, відаць, менш табой цікавіцца, чымся ты ім.
Мар'я маўчала...
- Дый не дзіва; на яго ж ткі і паглядзець люба... Красавец... У яго, брат, кожная баба закахаецца. А як малады быў... за ім, пэўна, дзяўчаты плоймай бегалі... Кожная праглася выйсці замуж за гэткага малайца.
Ляксандра сам не знаў - што і навошта ён гаворыць. У грудзях нешта бушавала, хацелася як бальней уцяць. Чакаў, каб сказала што-колечы насупраць, каб адказала груба, злосна, таксама, як ён.
А Мар'я маўчала. Урэшце прагукала з пакорнаю скаргаю:
- Ляксандра, нашто ты так гаворыш?..
І столькі пакуты, журбы было ў голасе, што Ляксандру сорамна стала.
- Што я раблю? Навошта?
І сам сабе дзівіўся. Вылез з будкі, прайшоўся ўзад і ўперад у цемры. Мар'я сядзела нерухома ля будкі. Здавалася няясным, шэрым клубком.
Ляксандра не знаў, што рабіць: ці падсесці да яе, ці зноў залезці ў будку, ці... Немаведама што... Каб хоць знаць сапраўдны настрой яе! Каб твар убачыць! Цёмна хоць вочы выкалі...
Ляксандру то здавалася, што Мар'я во-во заплача, як той раз, то здавалася, што смяецца яна ўцішку... Мо з усмешкай цікуе за ім...
Уздыхнула...
- Мар'я!..
- Ну...
- Дык ты кажаш - маркотна табе?
- Ай...
Голас дрыжыць... Цяжка ёй, беднай... Шукае спагады. А ён - толькі абразіў... А за што? Проста настрой дрэнны быў, а яна тут якраз прытрапілася...
- Мар'я!..
- Што?..
- Ты не злуеш на мяне?
- Ды не, Ляксандра, не.
Што тут рабіць?.. Супакоіць, уцешыць яе хочацца... Бедная... Любая...
Але як, з чым падысці? Са словам спагады? Не... гэта не тое. Што словы? На часінку, на дзве мо і заспакояць, загладзяць, а потым...
Любіць... Палюбіць гэтую простую, добрую, смутную, палюбіць пакрыўджаную жыццём... Палюбіць усёй істотай... Растапіць у гарачых праменнях усю тугу яе, маркоту... Любіць... кахаць...
Ляксандра падышоў да Мар'і, сеў поплеч. Абняў адной рукой, другой узняў пахіленую галаву.
- Мар'ечка, любая, родная! Кіньма тужыць! Не трэба! Будзем жыць! Шчасце, каханне...
Яна баранілася і рвалася, калацілася, бы злоўленая птушка.
- Пусці, Ляксандра! Не руш! Не трэба, грэх гэта... грэх... Пусці! Ягор...
- Няма грэху, любая... Нічога няма... і Бога няма... казкі ўсё, байкі... Не бойся, Мар'ечка!.. Нікому не аддам, ні Богу, ні чарцям...
І Ляксандра ўсё мацней і мацней туліў яе да сябе, песціў, галубіў, цалаваў мокры ад слёз твар...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
- Нікому не гаварыла, Ляксандрачка, ніводзін чалавек не ведае, папу на споведзі не казала. А табе скажу... усё скажу да дробачкі... Родненькі мой, залаценькі! Грэх у мяне ёсць... Цяжкі, страшэнны грэх. Божухна мой! Душыць ён мяне, сэрца сціскае. Усё жыццё, кожную часінку. Няма мне супакою, адхлыну. Ноччу страшна. Нешта насоўваецца, хапае, душыць. Здані. Стаіць, як жывы, уваччу мой родненькі, гаротны, плача, стогне, скардзіцца, заве, праклінае... Божачка мой міласэрны!
І Мар'я мацней тулілася к Ляксандру, быццам хавалася ад чаго, шукала абароны.
- Слухай, Ляксандра... Усё табе раскажу, усё па парадку...
Як была я дзяўчынай, любіла я хлопца аднаго, Андрэя-нябожчыка. Дванаццаць год прайшло, а й цяпер як успомню, дык штось шавальнецца ў сэрцы. Шчыра любіла яго. Бывала, не пабачу дзень, дык і не жыву. Уночы за тры вярсты бегала на спатканне. Добры быў хлопец: дужы, прыгожы... І ён мяне любіў не менш за майго. Так мы з год любіліся. Ладзіліся пажаніцца, марылі аб жыцці, аб шчасці. Але не судзіў Бог...
Нешта аднаго разу - якраз гэта на вясенняга Міколу было - гуляла я ў суседкі. Дзяўчаты, хлопцы былі. І Андрэй быў там... Прыбягае браценнік меншы: - Мар'я, - гукае, - хадзі хутчэй: сваты прыехалі!.. - Як пачула я гэта, дык мяне - як нажом разанула. Нават і йсці не хацела, але бацькі пабаялася: дужа сярдзіты быў. Пайшла. Увайшла ў хату, сябе не чуючы, аж тут ён... Ягор... Як убачыла, дык і павалілася. Самлела. Вадой адлівалі. Пасля матка ўгаварвае, бацька пагражае, а я адно: - Не пайду, ды і ўсё. - Так з тыдзень змагалася з імі. Але не хапіла сілы, бацька загразіў... Пракляну, кажа, калі не паслухаеш... Бедна жылі мы, сям'я вялікая, зямлі мала, даўгі... ледзь трымалася гаспадарка. Андрэй таксама быў бедны. А Ягор абяцаўся памагчы, даўгі дараваць. Мы ў яго ўсё пазычалі. Ну, добра, думаю, пайду, калі хочаш, толькі не на радасць табе. У першую ж ноч пасля таго, як згадзілася пайсці за Ягора, пабегла к Андрэю. Усё роўна... хоць месяц ды пажыву з любым... Ведаеш, Ляксандра, гай - там, за рэчкай? Ну, дык вось у тым гаі да самага вяселля мы з Андрэем ночкі караталі. Потым Андрэй ужо не жыў тут. Знік некуды і не вярнуўся. Насіліся чуткі, што недзе казакі забілі, проці цара бунтаваў. А тыдні праз тры пасля Пятра і вяселле згулялі... Толькі больш на хаўтуры было падобна.
Пажыла я месяцаў сем з Ягорам, а ў мяне і сын радзіўся...
Ой, Ляксандра, не магу я. Страшна мне. Стаіць ён перада мной, як жывенькі, вочкамі мігае, плача, усё ручкі свае ка мне цягне. Ляксандрачка, любы, ратуй мяне!..
Мар'я, трасучыся, шчыльней гарнулася да Ляксандры, а ён, перапоўнены жалем і пяшчотай, песціў, галубіў яе і ўсё супакойваў.
Навокал срэбна звінела напружаная ціша ночы і быццам з увагай прыслухоўвалася да гэтай страшэннай споведзі...
- Звялі мы яго. Жыцця не было. Піліў ён мяне, катаваў, без нажа рэзаў. Як каршун, упіваўся ў душу сваімі кіпцямі. Кожны дзянёчак, кожную часінку ён дапякаў мяне. Богам страшыў, пеклам, пакутай. А я, дурная, не падумала аб тым, што ў сто раз цяжэйшы грэх загубіць душу чалавечую, чымся саграшыць з любым! Ачмурэла я неяк... баялася яго... І вось - як цяпер помню...
Перад гэтым мы цалюткую ноч маліліся. Цэлую ночку на каленках прастаялі перад абразамі. Не малітва гэта была для мяне, а нейкая страшэнная варажба. Страшна мне было. На дварэ шумела, гудзела, быццам злаваўся хтосьці. Лампадка цьмяна свяціла перад абразамі. Святыя пазіралі неяк сярдзіта, пагрозна. А збоку ён стаяў... чужы, страшны... Я баялася зірнуць на яго, палохалася кожнага яго руху. Ён мне здаваўся нейкім страшэнным чараўніком. Стаім мы на каленках. І сілюся я маліцца, а не магу. Не йдуць на вум словы малітвы. Жудасна, страшна. Дзіцё заплача, а я падысці баюся, баюся зірнуць...
А пад ранне не стала сыночка майго, не стала даражэнькага. Задушыла я матчынымі рукамі. Божухна мой міласэрны! Толькі пасля я зразумела, што зрабіла. Задавіцца хацела - не даў, не адходзіў ад мяне ні на крок. І ўсё прымушаў маліцца... Прасіць у Бога яму царства нябеснага...
Вось з таго часу і дасюль не магу забыцца. Дзеці пайшлі - троху ўцешылася. А ўсё... Удзень нішто: праца, клапоты, уночы бясконца, здаецца, трызніцца.
Мар'я замоўкла. Гаворка яе супакоіла, і яна ціха сядзела, схіліўшы сваю галаву на Ляксандравы грудзі.
А Ляксандра, абураны яе апавяданнем, аддаўся напружным, бурлівым думкам. Злосць і жудасць разам бушавалі ў яго грудзях. О, спрадвечная цемра людская! Да чаго могуць давесці чалавека дзікія, ачмураючыя душу і сэрца забабоны! Разбурана жыццё, зломан, зніштожан дух чалавека, патаптаны прыгожыя, пышныя кветкі! І калі ўжо прагляне сонца? Калі развее гэтую страшэнную, чорную цемру?..
Пачынала днець...
4
Восень. Пара адцвітання. Колькі красы, колькі смутнага, ціхага хараства ў тваім чароўна-маўклівым задуменні! Хіба ж не хараство гэтая кволая, празрыстая пазалота, гэты апошні ўрачысты ўбор царыцы-прыроды? Хіба ж не могуць вабіць чалавека твае глыбока-тужлівыя шчырыя подыхі, твой безупынны, горкі плач - жоўты плач адцвітання? Хіба не могуць цягнуць да сябе твае шырока адкрытыя, вольныя абшары, твае ясныя, празрыста-дрыготныя далі, што абуджаюць чалавека нейкімі дзіўнымі парываннямі, акрыляюць, узнімаюць яго змарнелы дух і завуць некуды далёка-далёка, у чароўныя, нязведаныя краіны?
А гэтыя гарэзна-светлыя вясёлыя дзянькі, што часамі з'яўляюцца, як ласкавая ўсмешка на твары старога, і на часіну ажыўляюць тваё панура-сумнае аблічча. Хіба не варты яны тых шчодрых праменняў, якія жменямі раскідае нам маладуха вясна і якіх мы часамі нават не прыкмячаем затым, што іх многа?
І хто можа забараніць шчыра і моцна любіць цябе, жоўта-тужлівая, сумная восень!
Восень жыцця чалавека. Хіба не маеш і ты сваіх, толькі табе ўласцівых прываб? Хіба мала хараства ў гэтым адцвітанні душы, у гэтым сумна-пакорным развітанні з уцехамі, забавамі маладосці? Хіба не прыгожы гэтыя астатнія абуджэнні паволі засынаючага сэрца, гэтыя астатнія гулліва-радасныя выбухі заміраючага жыцця, гэтыя астатнія запозненыя асеннія кветкі?
І хто можа забараніць любіць цябе, чароўна-смутная восень чалавечага жыцця!..
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Ляксандра ўсёй душой аддаўся каханню. Гэта было дзіўнае, незвычайнае каханне. Цудоўна гарманіравала яно з сумна-ласкавымі павевамі восені.
Ляксандра любіў восень. Яна заўсёды навявала на яго нейкія чула-ўзнятыя настроі, напінала да дзіўнай напружнасці і пявучасці струны душы. Ён працінаўся бадзёрасцю, натхненнем, прагнасцю да жыцця, да моцных, ускалыхваючых усю істоту эмоцый...
Ён кахаў Мар'ю. Спачатку зусім звычайнае і простае пачуццё жалю да гэтае смутнае жанчыны потым сфармавалася ў сапраўднае глыбокае каханне. Яго вабілі квола-дрыготныя сумныя настроі надыходзячай старасці. Яго захаплялі гэтыя астатнія і затым асабліва яскравыя, палкія праявы жыцця, гэтыя астатнія выбухі згасаючага полымя. Яго цікавіла шчырая і ўпартая работа простага розуму, які з часоў маленства быў апавіты густым туманам забабонаў і цяпер раптам азарыўся нечаканым і асляпляючым святлом. І яму падабалася кідаць у гэты розум іскрачкі свету і потым сачыць, як з гэтых іскрачак выбухае полымя, як яно ахапляе ўсю істоту чалавека і абуджае яе вострымі, палкімі сумлеўкамі...
А Мар'я? Мар'я сама не знала, што з ёю робіцца... Ускалыхнулася даўно забытае, пахаванае, вярнулася маладосць. Заззяла жыццё даўно патрачаным бляскам, усміхнулася агнёва-прамяністай усмешкай. Парваліся ржавыя ланцугі-путы, і сэрца вольнаю птушкай пырхнула ў ружовае царства мар, кахання...
Так часамі ўжо ў познюю восень сонца шчыра прыгрэе засынаючую зямельку, і ажывіцца тая, блісне даўнейшым ззяннем-хараством, зноў апаўецца мінулымі вясёла-гуллівымі строямі...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Была ўжо глыбокая восень, як рота пакідала вёску. Ужо агаліліся дрэвы, ужо галуза-мароз папрабаваў сваю сілу - скаваў чорную голую зямельку.
На колькі дзён сударгава ажывілася вёска, каб потым раптам зацішэць, замярцвець у сваім звычайным зімовым быцці. Усе армейцы спяшаліся: хто хутчэй і спраўней зладзіцца ў дарогу, хто як найпаўней расквітацца з вясковымі ўцехамі, схапіць усё, што яшчэ можна схапіць. Удзень то туды, то сюды бегалі, сноўдаліся, як шалёныя, а ўвечары - астатнія вечарынкі, поўныя адчайнай вясёласці...
Градаў спраўляўся за траіх, калі не болей. Больш за ўсіх бегаў ён каля вазоў, на якія накладалася армейскае дабро, больш за ўсіх крычаў і загадваў (яму было даручана кіраваць пагрузкай) і затое больш за ўсіх і шчырэй за ўсіх скакаў на вечарынках, ямчэй і, трэба сказаць, з найбольшым поспехам завіхаўся каля дзяўчат. Спраўляўся ён і абабраць часінку, каб паджартаваць над Ляксандрам, над яго занадта маркотным настроем. Жартуючы, ён супакойваў яго:
- Не бядуй, сябра, маладую знойдзем! Былі б мы, а бабы будуць!
Ляксандра на жарты не адказваў. Ён сапраўды дужа маркоціўся. Ён яшчэ знаходзіўся пад першым свежым уплывам пачуцця. Не хацелася так скора рваць пачатага. І Ляксандра шукаў цяпер кожнай выгаднай часінкі, каб астацца адзін на адзін з Мар'яй, каб найболей пабыць з ёй удваіх.
У апошні перад выездам дзень увечары ўсе разышліся. Толькі асталіся ў хаце Ляксандра з Мар'яй.
Святла не палілі. Селі, прытуліўшыся адзін к аднаму, у сваім аблюбаваным куточку ля печы, і ў змрочнай цішы снавалі сумныя думкі.
- Ведаеш што, Ляксандрачка... Здаецца мне, што я сама сябе хаваю. Было добра, шчасна так, аджыла я, уваскрэсла была, а цяпер зноў цемень, зноў гарота. Што я буду рабіць? Дзеці... але што яны! Пройдзе колькі гадкоў - разлятуцца, як птушаняткі з гняздзечка, пакінуць сваю матку адну на беспрасветнае мадзенне. Адну я маю надзею, не ведаю, ці спраўдзіцца яна... Ляксандрачка, даражэнькі... галубок мой... Баюся я й казаць табе пра нештачка. Баюся і неяк саромлюся.
Замоўкла, і доўга сядзелі моўчкі, быццам кожны прыслухоўваўся к думкам другога. Урэшце Ляксандра прамовіў:
- Ну, кажы, любая, кажы ўсё, што ты знаеш, не хавай ад мяне нічагутка...
- Сорамна мне гэта казаць, проста язык не варушыцца...
І яна схавала на грудзях у Ляксандры свой твар...
- Ляксандра!.. Ці думаў ты калі-небудзь аб тым, што можа быць у канцы? Ну, ведаеш... жывуць людзі, кахаюцца, а потым...
- Што ты гаворыш!
- Ды я яшчэ не знаю, Ляксандрачка... Так проста здаецца... Хто яго ведае... Я хачу, каб гэта было. Гэта цяпер мая ядыная надзея...
- Ды не, Мар'я, гэта ж не жартачкі, гэта ж... Сапраўды, я не думаў аб гэтым. Дык няўжо гэта праўда? Няўжо... ды не, што ты гаворыш...
- Не знаю я, мой даражэнькі. Здаецца мне...
- Мар'ечка, мілая, дык як жа ж. Што ж мы рабіць будзем? Нельга ж так. Ведаеш што, родная. Хутка я звольнюся - у двор можна будзе ехаць. У дварэ ў мяне гаспадарка, зямля.
- Кінь і гаварыць пра гэта. Хіба я дурная, ці што, каб пайсці на гэта. Не ўжо, Ляксандра, нам не жыць з табой. Ты ж сам падумай: куды я табе. Мне хутка ўжо ў дамавіну трэба класціся, а ты малады, жыццё перад табою.
- Ды гэта ж немагчыма! Каб ізноў, каб і з гэтым было тое самае...
- Тое самае? Не ўжо, таго не будзе. Я ўжо не тая, другая я... Ты, Ляксандра, адчыніў мне вочы. Дзякую табе за гэта. Век буду помніць цябе, мой даражэнькі, збавіцель мой. Не, ужо не паддамся я, не ачмурыць ён мяне болей... А ведаеш, Ляксандра, не мучыць мяне ўжо цяпер той грэх. Шкода толькі, дужа шкода. Шкода сыночка, жыцця свайго шкода загубленага. І злосць усё расце на яго, на Ягора. Знялюбеў ён мне, яшчэ больш знялюбеў. Не ведаю, ці здалею я жыць далей з ім. Хіба ўцеха будзе, прыйдзе мо той, каго я чакаю. Ляксандрачка, галубок мой, каб ты ведаў толькі, як любіць я яго буду! За дваіх: за таго й за гэтага. Ну, кінь думаць, Ляксандрачка. Не муч сябе дарма. Едзь спакойна... Успомніш калі - добра, а не ўспомніш... Я цябе да астатняга дня буду помніць.
Ляксандра няўважна слухаў яе гаворку. У галаве натоўпам мітусіліся думкі. Недзе глыбока-глыбока ўсярэдзіне нараджалася новае нязведанае пачуццё, новае каханне да кагосьці невядомага, але блізкага.
- Ну, чаго ж ты ўсё думаеш? Кінь, каточак! Ведаеш што... дзе твая скрынка? Я табе на дарогу палажу чаго-колечы. А то прыйдзе Ягор, дзяўчаткі прыбягуць. Заўтра золачкам, казалі, пойдзеце.
І Мар'я запаліла лямпу, дастала з-пад лаўкі скрыню і пачала кахаючымі рукамі парадчыць Ляксандравы рэчы. Ляксандру ўспомнілася, як калісь гэтаксама выпраўляла яго ў дарогу нябожчыца матка. Сумна стала - ледзь не заплакаў...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Яшчэ цёмненька - па вуліцах вёскі засноўдаліся армейцы. Запрагалі коні, ускладвалі апошнія рэчы. Насіліся з клункамі, з торбачкамі, шукаючы месца, куды б ускінуць сваё небагатае дабро. Узняўся шум, крык...
Дзіўнай здавалася ў гэткі ранні час абуджаная вёска. Змрок, які яшчэ плаваў па вуліцах, даваў панаваўшай сумятні нейкую таемную афарбоўку. Самыя простыя словы, воклікі здаваліся надзвычайнымі, важнымі і ўрачыстымі... Засвяціўся золак... На ўсходзе неба цьмяна заблішчала халодная чырвань. Пасвятлела, і, ахінутая першым бяляса-сталёвым позіркам дня, выявілася вёска - уся ў срэбным уборы шэрані.
- Станавісь! - гулка, раскаціста паняслося ў марозным паветры.
Пачалі строіцца...
- Шагам марш!..
Зладнай калонай пасунуліся па вуліцы. З хат павысыпалі сяляне - у апошні раз зірнуць на «сваіх» чырвонаармейцаў, з якімі за колькі месяцаў супольнага жыцця паспелі зжыцца, што з раднёй...
Градаў, які вёў роту і надта быў здаволены гэтым, ішоў маладзец малайцом. Зграбны, прыгожы... Голас моцны, жалезны...
- Аць... два... тры!..
Пэўна, не адна пара вачэй з патаемнай журбой і каханнем праводзіла яго выдатную фігуру!
- Запявай!..
Позна ўвечары стаяла ля варот...
Позна ўвечары стаяла ля варот...
- зычна, шырока паняслося ў абшары...
А за ротай ішоў з гуртком нестраявых Ляксандра. Ішоў панура, сагнуўшыся. Маленькі, хударлявы, недалужны. Упяўся вачмі ў зямлю і нічога не прыкмячае. Ідзе і думае якуюсь глыбокую думку. Як праходзілі міма Ягоравага саду, зірнуў туды, але ўбачыў толькі нерухомыя дрэвы, пасыпаныя шэранню, ды скрывеўшую, ускалмачаную будку. Не прыкмеціў, што за парканам стаяла Мар'я...
Стаяла і глядзела на яго, праводзіла ўпартым, напружаным поглядам, быццам хацела як наймацней захаваць яго вобраз у сваёй душы. І ў гэтым яе поглядзе адбівалася непамерная, адчайная туга, туга чалавека, ад каторага адрываюць усё роднае, блізкае, дарагое.
Прайшлі... Выйшлі з вузкіх вясковых вуліц у шырокі абшар бяскрайнага поля. А Мар'я ўсё стаяла адна сярод апусцелага змярцвелага саду...
Здалёк даносілася ўсё далеючая, заміраючая песня:
...Не паспела сына пятага аддаць,
Як вярнуўся той стралковы полк назад...
Ці вернецца калі, ці не?..
Як гэта часам трапляецца
1
- Ух! - з палёгкай уздыхнуў Якуб, сеўшы ўжо позна ўвечары за стол вячэраць.
Аксіння, Якубава жонка, пачала поркацца ля печы, дастаючы вячэру. З розных куткоў хаты павылазілі ўжо паспеўшыя троху «прыкархнуць» дзеці і тож паселі, узлёгшыся на стол і соладка пазяхаючы, заплюшчыўшы вочы.
- Ну і змардаваўся... А каб яго!.. Цялюсенькі дзянёчак во гэтак памыкаеш, дык проста сябе не чуеш... Самая прыпар... хапаешся, хапаешся, а ўсё нясправа... Яшчэ заўтра прыйдзецца на Сянніках клін дакашваць...
Жонка падала вячэру. Пачалося маўклівае сёрбанне...
- А кабылу куды - на пожню пусціў? - спытала Аксіння.
- Ага... На начлег ужо не павялі, усе на пожню пусцілі...
- Прымкнуў?..
- А бадай цябе!.. Я й забыўся зусім... Ну, ужо так гэтую ноч паходзіць - цэла будзе... Ісці дужа далёка... Ат, ды хто там на яе дужа папаталіцца! Нічыпар і то сваю заўсёды вераўчаным путам путае...
- Гэта то так... але ўсё ж старожа лепш, як варожа. Нічыпар, дык яму што. Калі і ўкрадуць, бяда невялікая: сягоння ўкралі, а заўтра купіў... А вось ты купі папрабуй, калі ў цябе - што ў старца, дый таго не будзе...
- Ды цэла будзе... Не пайду ўжо... Ногі не йдуць... замарыўся за дзень... І адпачыць некалі будзе... Ды што там такое!.. Якая цяпер ноч?.. Хто ў гэткую ноч красці пойдзе?..
- Як сабе хочаш, Якуб, але смялей бы было... Мала што можа прытрапіцца... Цяпер вунь колькі паразвялося іх - гэтых злодзеяў... То там, то сям чуваць - дурэюць... Можа б, як сцягаўся?..
- Адкасніся ты!.. Ідзі сама, калі хочаш... Ліха яе не возьме, не бойся...
- Ды я б і сама схадзіла, дык не ўмею я замыкаць гэтае пута: замок нейкі дужа мудроны. Во Йванька, той майстра на гэтыя штукі, дык куды яго пасылаць... Ён вунь есць, а сам ужо казлы дзярэ... Схадзі, Якуб, усё роўна ўжо разам адпачнеш тагды...
- Ану цябе!.. Чаго гэта цябе ўзрупіла так?.. Ідзі ды йдзі... Не пайду... Сказаў, значыцца - канец!
Гаспадар ужо ўзняў троху голас, і затым гаспадыня свой значна знізіла...
- Як сабе хочаш... Гэта, вядома, тваё дзела... Яно толькі страшна мне нешта, ліха яго ведае... Быццам прадчуванне якое... Калі што, тагды ж мы прапалі зусім...
- Вось ты гавары больш, дык мо й прыгаворыш... Язык у цябе надта жосткі...
Як кончылі вячэраць і гаспадар ужо расперазаў дзягу, ладзячыся легчы, Аксіння яшчэ раз памкнулася ўгаманіць яго, але гаспадар гэтак гукнуў на яе, што яна ўраз сціхла і моўчакам паклалася спаць...
Хутка ўся хата напоўнілася дружным, шчырым сапам. Кожны соп на свой лад: адзін падсвістваў цененька-цененька й гэтак жаласна, быццам недзе далёка ціўкала самотнае птушанё; другі дзьмухаў з натугай і злосна, як кавалёвы мех, а сам гаспадар хрыпеў басам і з падхопам: пачынаў ціханька, асцярожна, быццам намацваючы, потым усё мацней і мацней і, калі ўжо яго сап пакрываў усе хатнія зыкі, раптам, падсярбнуўшы ў апошні раз, сціхаў, каб пасля кароценькага перапыну пачынаць спачатку.
2
Назаўтрага залачком Якуб, узяўшы патрэбнае начынне, пайшоў касіць, а за адным заходам звярнуў зірнуць на кабылу.
Па пожні то там, то сям чувалася моцнае цмяканне. Раніцай коні, як відаць, з асаблівай шчырасцю завінуліся каля травы і смагла, паспешна выгрызалі тое, што ўчора не зачапіла вострая каса. Часамі яны спынялі сваю працу, каб пырснуць здаволена, з смакам - і зноў пачыналі...
Яшчэ ранішні туман ахінаў пожню, і коні хаваліся ў ім так, што цмяканне іхняе было чуваць, а самых іх не відна было... І Якубу прыходзілася падыходзіць к самаму каню, каб пазнаць, ці яго гэта кабыла, ці не...
Ён ужо хацеў быў зусім кінуць шукаць, бо дзе ж знайсці ў гэткім тумане ды сярод гэткага стада... Але ўсё нешта роіліся ў галаве жончыны словы перасцярогі і брала нейкая невыразная апаска... Колькі разоў ні памыкаўся ён ісці, усё нешта цягнула яго назад - і ён ізноў шукаў...
Чым далей, тым усё больш і больш развяваўся туман, выяўляючы з-пад сябе пожню. Усё далей і далей можна было разглядзець ваколіцы... Урэшце ўзнялося чырвонае сонца і адразу пасунулася ўгару па цьмянаму небасхілу... Хутка яно заблішчэла сваім звычайным ззяннем і пяшчотна прыгрэла зямельку. Туман знік, і пачаўся дзень...
Якуб усё шукаў сваёй кабылы. Цяпер ужо - куды ні зірні - відаць было, аж дакуль дасягне вока. Якуб ужо бачыў усіх коней, якія пасвіліся на пожні, але як ён ні прыглядаўся, сваёй кабылы між іх не знаходзіў. Яго ахапіла ўжо сапраўдная трывога. А разам у грудзёх забушавала злосць на жонку...
- Прыгаварыла, каб ёй язык адсох! Во гэтыя бабы... Жыцця ад іх няма...
Аднак Якуб усё яшчэ не адчайваўся. Хаця ён і гаварыў сабе ў думках:
- Ну, вядома, укралі, што тут і глядзець яшчэ... Ах, каб цябе!.. Што ж цяпер? Прапала ўсё, хоць не жыві...
Але гаварыў ён гэта сабе больш дзеля таго, што спадзяваўся на адваротнае, бо ён знаў, што калі гаворыш адно, дык тагды напэўна выйдзе другое... А сам усё пільней і пільней углядаўся ўдалеч і ўсё чакаў, што во-во дзе пакажацца яго кабылка...
Ён прайшоў у адзін бок, дзе была яшчэ няскошаная пожня, дайшоў аж да берага рэчкі, а кабылы ўсё няма... Вярнуўся назад, к коням, накіраваўся ў другі бок, але не найшоў, бо... знайшоў пута...
Убачыўшы пута, Якуб падабраў яго толькі затым, што быў спраўным гаспадаром і знаў, што гэткая рэч у гаспадарцы заўсёды прыдасца. Але падабраўшы яго, ён адразу пераканаўся, што пута гэтае яго, уласнае, з яго ўласнае кабылы.
Пута было цалюткае... Кабыла магла толькі парваць яго, бо завязваў Якуб па-свойску, так, што іншы чалавек развязаць не зразу патрапіць... Значыць...
- Укралі!!!
Якуб выпусціў з рук пута, і яно, гадзюкай шавялнуўшыся, звалілася на зямлю... Пахіліў галаву. Ён чуў, што цяперака ўсё... пагібель, канец. Надзея недзе мігнула глыбока ўсярэдзіне, але зараз жа знікла... Няўжо цяпер не знайсці... Усё... канец... няма ратунку...
Якуб уявіў сабе будучае жыццё... Як будзе з голаду гінуць ён сам і яго сям'я... Усе яго дробныя дзетухны...
Але як успомніў ён жонку, яго настрой змяніўся. З адчаю ён перакінуўся на злосць, непамерную, лютую злосць...
- Прыгаварыла!.. Прыгаварыла!..
І, пасылаючы ёй у думках самыя жорсткія праклёны, ён шпарка пасягаў у двор. Што яму там трэба, зачым ён бяжыць туды, Якуб пакуль што і сам не ведаў... Але быццам штось штурхала яго туды...
Аксіння тапіла печку. Яна дужа здзівілася, як убачыла мужыка, і ніяк не магла згадаць, чаго ён прыйшоў гэтак рана. Але як убачыла яго твар, пакрыўлены ад злосці... хто яе ведае: ці зразумела, ці проста спалохалася, але раптам загаварыла гэтак ласкава, быццам угаварваючы:
- Якуб! Ну, што ты, што... га?.. Кажы, Якубачка!..
Але Якуб нічога не сказаў. Не мог гаварыць ад злосці... Толькі як схапіў Аксінню і пачаў яе лупсаваць як і чым трапіла, тагды развязаўся язык, і палілося мора лаянкі, гвалту...
- Прыгаварыла... а! Прыгаварыла, каб цябе ў магілу прыгаварылі!.. Пусціла мяне па свету!..
А Аксіння не баранілася. Яна ўжо знала, што здарылася, і ёй цяпер было ўсё роўна - ці заб'ець яе Якуб, ці не... І яна толькі ціханька стагнала...
А Якуба яшчэ больш абурала яе маўчанка. У галаве ў яго памуцілася. Захліпваючыся, скрыгаючы зубамі, ён бязлітасна катаваў сваю жонку... Спаганяў на ёй сваю злосць...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Праз тыдзень Аксінню хавалі...
Ноччу
1
Весела ў млыне...
- Тах-тах-тах-тах... - выразна лапеча латак...
- Ж-ж-ж-ж... - працавіта ўтораць яму жорны...
Сцены дрыжаць. У іх глухім ледзь чутным дрыжэнні чуецца змаганне з магутнай сілай...
Усе зыкі тонуць у няўпынным шуме вады на коле. Нейкай адвечнай, бесканцовай і даўно знаёмай песняй выдае гэты шум. І ўрачыстае жыццё і глыбокі спакой чуецца ў гэтай песні. Пад яе лад душа чалавека то абураецца бадзёрым рухам жыцця, то засцілаецца салодка-аксамітавай пялёнкай смутку і пачынае плаўка калыхацца ў зялёным моры ўспамінаў... І шум вады тады смела ўваходзіць у нутро чалавека, пранікае ў самыя патаемныя куткі і зліваецца з песняй душы ў ядыную дзіўную гармонію. Потым ураз вылятае, спуджаны прачнуўшымся розумам, і зноў гудзіць здалёк, зноў завець да бурлівага жыцця.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Ледзь дачакаўся Мікіта свайго чароду. Ён ужо блізка што дзесяты раз прыязджае на млын пасля таго, як яшчэ тыдзень таму назад прывёз сюды тры апошніх мяшкі збожжа. І немаведама адкуль панабралася столькі завозу. Пакуль змелеш, дык папакутуеш так, што век будзеш помніць... Але, дзякуй Богу, дачакаўся... Ужо з паўгадзіны, як Мікітава збожжа сыпецца з каша на жорны і адтуль белай, мяккай мукой злятае ўніз, якраз у рукі гаспадару... А той спрытна, з асобым гаспадарскім смакам заграбае яе ў чарпак і беражліва ўсыпае ў мех.
Ну й меле!.. Недарма даў прудніку паўфунта табакі... Яно можна б было і чвэрткай абысціся, але - няхай сабе: апошняе мліва, дык шкадаваць не варта. Затое жа і пусціў дык у самы раз. Мука - што пух, аж люба заграбаць яе... Але й млын наладзіўся, дый вады, мусіць, досыць: сыпець так, што ледзь справішся адграбаць.
Мікіту неяк аж шкода было, што шыбка мелецца... Хацелася, каб як даўжэй цягнулася мліва; здавалася, што ад гэтага прыбавіцца белай, пухавай мучыцы...
Трэба было толькі зірнуць у гэты час на Мікіту, на яго шчырую працу, на міну, з якой ён усыпаў у мех муку, каб адразу згадаць, што дзеецца ў яго сярэдзіне.
А там было свята цэлае. У гэты час Мікіта забыўся аба ўсім чыста на свеце і ўвесь аддаўся пачуццю поўнага здаволення... Дый як жа ж! Сколькі працы трэба было яму палажыць, сколькі гора, трывог перажыць, каб убачыць перад сабой гэтую беленькую мучыцу, гэты пачатак і канец усяго ў жыцці селяніна!.. Дык і не дзіва, што ён глядзеў на яе, як на сваё роднае дзіцё, і з асаблівай уцехай песціў яе сваімі рукамі, загадзя разважаючы, як ён прывязець яе ў двор, паставіць у запеччы і будзе спакойна чакаць вясны.
Сёлета Мікіту пашанцавала. Урадзіла зусім добра, і хаця зямлі ў яго лічылася ўсяго дзесяцін са тры, дый няўдоб'я парадкам, а ўсё ж як-ніяк, а коп 40 жыта нажаў ды ярыны блізка каля гэтага... Праўда, прыйшлося троху адсыпаць у казну, але што ж зробіш: і гэта трэба... Ды ўсё роўна хапіла пуню паставіць, справіць тое-сёе, а цяпер змеле, то да новага й на спажытак хопіць...
Перад вачмі Мікіты паплылі прыгожыя, светлыя малюнкі будучага. Ён ужо, як наяву, бачыў сябе заможным гаспадаром, з добра наладжанай гаспадаркай, з поўным свірнам, з цэлым стадам жывёлы...
Марылася яму нешта й зусім салодкае, аб чым ён неяк не то саромеўся, не то баяўся мысліць: гэта тое, што, можа, праз колькі месяцаў дасць яму яго маладая, ненаглядная Арынка...
Па Мікітаваму твару сама сабой пацягнулася давольная ўсмешка...
- Памажы Божа!..
Мікіта, здрыгануўшыся, абярнуўся... А бадай ты згарэў!.. Каго толькі не жадаў пабачыць Мікіта ў гэтую часінку, дык гэта Ягора Даўгога... А ён, як здань якая, стаяў ужо ззаду і ўсміхаўся нейкай дурной і разам хітрай усмешкай. Ой, гэта яго ўсмешка!.. І брыдка і жудасна ад яе робіцца. Вочы сабачыя бегаюць па баках, што мышкі, быццам баяцца сустракацца з чужым поглядам. А вусны неяк хваравіта скрыўлены і быццам гавораць з зларадствам:
- Усё знаю, мой міленькі, усё... Усе думкі твае бачу...
Сам даўгі, сутулаваты, галава маленькая... На галаве шапка зухавата закінута на патыліцу, полы кароткага кажушка расхінуты... Стаіць: рукі ў кішэні, ногі расставіўшы. Увесь выгляд даець уражанне чалавека, здольнага на ўсё...
Мікіта заўсёды баяўся Ягора і, як толькі мог, стараўся з ім не спатыкацца. Дый не толькі Мікіта, а блізка што ўсе добрыя людзі не надта любілі з ім дзела мець. Пра яго хадзілі ўсялякія чуткі. Казалі, што ён не спыніцца нават перад тым, каб чалавека загубіць. А што ўкрасці ці ашукаць каго сярод белага дня, дык пра гэта й гаварыць не прыходзіцца... І ніякім парадкам не можна было аслабаніцца ад яго. Яго й забіралі ўжо колькі разоў, і судзілі, і ў вастрог садзілі, - усё роўна выкруціцца і праз месяц-другі вернецца ў двор. У жаўнеры былі ўзялі - і адтуль вырабіўся...
Прысутнасць Ягора нейкім цяжарам лягла на Мікіту. Увесь яго добры настрой ураз разляцеўся, змяніўшыся прыкрай нялоўкасцю.
Ягор падышоў, пашчупаў муку...
- Мякка... Адно жыта?..
- Адно... Тры мяшэчкі наскроб... думаю да новага абысціся...
Вусны міжвольна злажыліся ў нейкую дурную, ліслівую ўсмешку... аж самому брыдка стала...
- Падатак здаў?
- А толькі надоечы авёс адвёз... бульба яшчэ асталася...
- Бяруць?..
- Бяруць...
Ягор пачаў закурваць. Нялоўкасць павялічвалася. Толькі шум вады мякчыў яе троху, запаўняючы пустату...
- Кажуць, Мікіта, ты пачаў разжывацца патроху? А?..
- Якое там!.. Перабіваюся як-колечы...
- Пуня пудоў у дваццаць увайшла?..
- Блізка...
- Добры будынак... учора бачыў праязджаючы...
Мікіту як бы хто скрабануў за сэрца... Ужо... Ужо людзі пачалі зайздросціць... Пачалі ўжо лічыць ягонае дабро... І Ягор нават зацікавіўся. Ой, гэта цікавасць да дабра не давядзець!..
Тым часам Ягор сказаў яшчэ колькі слоў, пакруціўся каля Мікіты і, усміхаючыся сваёй звычайнай усмешкай, узняўся на другі паверх...
Мікіта зноў застаўся адзін. Адразу ён пачуў вялікае палягчэнне, як бы яго аслабанілі ад цяжкай носкі. Жэсты яго зноў атрымалі сваю даўнейшую спрытнасць і акругласць, а ў галаве зноў паволі заварушыліся думкі аб будучыні. Але думкі гэтыя не былі ўжо такімі згоднымі і вальготнымі, як раней. Ад сустрэчы з Ягорам засталося на душы нешта смутнае, прыкрае... Нейкая няясная трывога, страх невядома чаго... Гутарка з гэтым чалавекам кранула новыя струны ў душы. Мікіта сцяміў, што людзі пачынаюць з зайздрасцю пазіраць на яго жыццё, і думка аб гэтым псавала ўсё хараство малюнкаў будучага, дадавала к ім шмат чорнага колеру. Толькі створыць ён у сваім ваабражэнні лагодны абраз, як адкульсьці з глыбіні з болем высачыцца кропля гаркаты і разбавіць салодкасць прыгожых мар... А тут раптам пракоціцца й зусім выразная хваля трывогі, звязаная з таёмнай асобай Ягора, і дапаследку папсуець настрой, навек ахвоту адаб'ець мысліць...
2
Як адмалоў Мікіта, было за поўнач. Ён завязаў мяшкі, падвёў к дзвярам сваю кабылку і ўзняўся на гару, каб гукнуць каго памагчы мяшкі ўскласці.
Навярху было таксама, як унізу, - прыцемна. Гарэла капцілка. Свет ад яе, хмурны і брудны, дрыжэў смутнымі плямамі на бліжэйшых рэчах, зліваючыся далей у густую цемру. Гэты дрыжачы свет, дрыжэнне самога млына і няўпыннае лапатанне латака - усё гэта злучалася ў адну згодную гармонію.
Каля жорнаў згуртавалася колькі мужчын. Пасярод стары пруднік з піпкай у зубах сядзеў на мяшку. Ён упёрся вачыма ў зямлю і зважна слухаў гаворку, зрэдку ківаючы кудлатай галавой. Апавядаў штось Ягор, а ўсе слухалі і час ад часу рагаталі ўгодлівым смехам...
Мікіта звярнуўся да мужчын:
- Браткі, адвярніцеся хто на часінку памагчы мяшкі ўскінуць!..
Адазваўся Ягор:
- Ужо едзеш? Ладна, пойдзем... Там і мой мяшок возьмеш... усё роўна міма ехаць...
Не ўпадабаўся Мікіту гэткі зварот дзела. Не хацелася яму дапамогі Ягоравай. Але нічога не зробіш: не адмаўляцца ж...
Сышлі ўніз, усклалі мяшкі на санкі. Мікіта перавязаў воз вяроўкай, сам сеў наверх і ўзяў лейцы...
Шчыра рванула застоіўшаяся кабылка, палазы зарыпелі і пасунуліся па гладкай зімовай дарозе... Ягор, хістаючыся на хаду ўзад і ўперад сваёй нязграбнай фігурай, пайшоў адзаду.
Пакуль ехалі местам, Мікіта нават і не прыкмячаў, што пагода змянілася. Праўда, снег сыпаўся з неба, і досыць часты, а часамі з-за вугла і вецер дзьмухаў сярдзіта, але самае пекла пачалося толькі тады, як праехалі рагатку і апынуліся ў белым, бяскрайным полі. Тагды толькі Мікіта ўзняў каўнер у сваім кажушку і глыбей насунуў шапку, бо сівер, не шкадуючы, пачаў сцебацца проста ў твар цэлымі жменямі жорсткага, халоднага снегу.
Усё навокал заслалася снегавым туманам, і як ні стараўся Мікіта разглядзець дарогу, далей дугі нічога не бачыў: толькі балюча рэзала вочы злая завіруха... Напаследак ён папусціў лейцы, павярнуўся бокам да сустрэчнага ветру і сеў нерухома, злажыўшы рукі і сагнуўшыся ў крук. Кабылка, адгадваючы дарогу, паўзла ціхім марудным крокам... А адзаду Ягор, таксама сагнуўшыся і сашчапіўшы рукі, тапіўся ў снягу і то даганяў, то блізка што зусім хаваўся ў шэрай імгле...
У Мікіты цяпер было пачуццё, што ў малога дзіцяці, каторае, туляючыся да чаго-небудзь, заб'ецца галавой у падушку... Пачуццё асобнасці ад усяго надворнага, ад усяго, што дзеецца навокал, моцнае ўглыбенне ў самога сябе, нейкае здаволенне і прыемная свядомасць свайго існавання. Мікіта як перастаў кіраваць, як звінуўся ў камок і аддаў сябе на ўладу завірухі, дык адразу і пачуў, што холад, імгла і шум ветру, панаваўшыя вакол, неяк абхінулі яго і захавалі ад усяго-ўсяго, што ёсць на свеце. У душы стварылася становішча ледзь падобнае да сну, нават думкі абвалакліся лёгкай пялёнкай туману... Толькі, як успамінаў пра Ягора, вяртаўся да яву. Непрыемна было чуваць яго прысутнасць адзаду, а найгорш - нялоўка было, што не пазваў сесці, шкадуючы кабылку. Мо раззлаваўся?.. Але ж і сапраўды цяжка! Чатыры мяшкі, сам, ды яшчэ бездарожжа такое...
Уехалі ў лес... Яшчэ вярсты дзве лесам, дый хутар Ягораў, а там недалёчка й Крыніцы, Мікітава вёска...
Лесам было зацішней і дарога лепшая. Кабыла прыбавіла шагу, турбуючыся да цёплага хлеву. Разам і Мікіту захацелася як барзджэй дабрацца дахаты... Азалеў увесь, дый спалох нейкі апанаваў: Ягора страшна... Яшчэ як толькі выехалі, заварушылася апаска. Сталі ўспамінацца розныя апавяданні пра Ягоравы чыннасці, пра яго смеласць і рашымасць, пра тое, як ён блізка што сярод белага дня рабаваў і губіў людзей, пра тое, як ён з спрытнасцю д'ябла выкручваўся з самых крытычных становішч. І мозг прарэзвала вострая трывожная думка, што Ягор замысліў што-небудзь і дзеля гэтага толькі прылучыўся да яго...
Пакуль ехалі полем, гэтая думка разбаўлялася ў агульным пачуцці Мікіты, пакрывалася агульным уражаннем завірухі. Цяпер жа, разам з тым як ціша і жудасць ледзь абудзілі яго і вярнулі да звычайнага душэўнага становішча, гэта думка раптам узмацнела да таго, што ўсяго Мікіту агарнула страхам. Страх гэты ўсё рос і пашыраўся і напаследак дасягнуў таго, што Мікіта не мог нават абярнуцца назад... Яму ўсё здавалася, што Ягор насцігае яго, што ён ужо нарыхтаваўся, каб ударыць. Па спіне прыкрай хваляй перабягаюць мурашкі, а неслухмяныя зубы пачыналі дробна тарабаніць. Душу ахапляла моцнае, пякучае жаданне хутчэй выбрацца з гэтага страшэннага лесу. А пагнаць кабылу не важыўся, баючыся, каб не выявіць перад Ягорам свайго страху...
А ў гэты час дзесь угары па густых макушках хвой бегаў шалёны вецер і, як п'яны мужык сваю жонку, бязлітасна тармашыў, тузаў і рваў пышныя галіны. Макушкі стагналі і ўздыхалі. Цяжкая пакута, глыбокая скарга чувалася ў іх голасе. І здавалася, што ўгары дзеецца штось таёмнае, вялікае і страшэннае, да чаго з ціхай урачыстай увагай прыслухоўваюцца задумённыя камлі дрэў...
Як выехалі з лесу, Ягор дагнаў Мікіту...
- Паганяй ты! - гукнуў над самым вухам...
Голас яго, знецікі спалохаўшы Мікіту, потым супакоіў яго.
Мікіта адразу чагось пачуў, што небяспека мінулася, і ён адказаў Ягору з павялічанай вясёласцю:
- Паспеем!.. Недалечка ўжо...
І, памаўчаўшы, дадаў, перамагаючы вецер:
- Ну і пагодка, няхай бы яна згарэла!..
Хутка цёмнай плямай паказаўся направа ад дарогі Ягораў хутар. Мікіту неспакой узяў... Хутчэй бы ўжо скінуць гэты няшчасны Ягораў мех, мінуць хутар... Там ужо з спакойным сэрцам спакваля дабраўся б як і дахаты. От толькі б пазбыцца гэтай прыкрай, цяжкай прысутнасці за плячыма страшнога чалавека!..
Чым бліжэй пад'язджалі, тым нецярплівей шморгаў Мікіта лейцамі... Яшчэ колькі часінак - і ўсё будзе добра, усё страшное застанецца адзаду, быццам і не было яго...
Пад'ехалі... Ягор пайшоў адчыніць бакоўку, а Мікіта ўзяўся за мех... Павярнуў, прыладзіў і стаў чакаць Ягора. А той нешта забавіўся: пэўна, у хату зайшоўся. Мікіту ўраз прадставілася свая хата разам з жонкай Арынай, смачнай вячэрай і цёплай пасцеллю. Эх, хутчэй бы даехаць!.. Ад нецярпення аж нагамі затупаў...
Як ужо добра надакучыла Мікіту чакаць, бакоўка ляпнула, і паказалася фігура Ягора.
- Чаго марудзіў? - гукнуў Мікіта.
Ягор не адказаў... Мо за ветрам не пачуў...
- Мусіць, у хату заходзіў?..
Зноў не адказаў... Цяпер ужо напэўна пачуў: блізка... Сунецца моўчкі - роўна, паволі, як таёмная здань...
І тут раптам спалох, востры страшэнны спалох, не той прыкры і цягучы, што быў у лесе, а балючы, агнявы страх смерці - блізкай, немінучай - працяў Мікіту. Ён пачуў, што ў асобе Ягора на яго насоўваецца сама смерць - страшная, няшчадная. З кожным крокам Ягора быццам нейкая сіла прыціскала яго да зямлі, адбірала астатнія сілы. Хацеў крыкнуць - не здолеў: бы язык адняло... Дрыжучы, трымаўся за воз і чакаў...
А Ягор ішоў... Роўна, спакойна, як ідзець час... Падышоў і ўзняў руку...
Суха і каротка ляснуў пісталет... Вецер падхапіў зык і разам з смяротным гвалтам чалавека захінуў у шэры снегавы абрус і аднёс некуды далёка ў неба...
3
Не спалася ў гэтую ноч Арыне... Толькі звечара заснула трохі, а потым разбудзіла шалёная завіруха... Гудзіць каля вуглоў, стукае ў дзверы, нібы дабіваючыся ў хату, нецярпліва бразгае аконнымі шыбамі. Быццам нячыстая сіла акружыла хату і круціцца вакол, шукае шчэлак, каб пралезці ўсярэдзіну... І плача і стогне ад злосці...
Арына моцна ўкрылася, прытулілася к сцяне, бы малое дзіцё к матчыным грудзям, і моўчкі слухае... Слухае зыкі шалёнай завірухі. І здаецца, чуець яна нейчыя ўрачыстыя, пабедныя спевы, нейчыя стогны і скаргі, нейкі д'ябальскі смех... Часамі выяўна заплача дзіцё пад акном, заплача і сціхне, згінуўшы ў пякельнай чарноце ночы...
Часамі чалавечы гоман вылучыцца з мора зыкаў, полаз заскрыпіць, конь засапець... І здасца Арыне, што прыехаў яе Мікіта... Заб'ецца радасцю сэрца, адразу пачуецца блізасць любага. Адляціць страх, а разам з ім адсунуцца кудысь удаль зыкі нягоды, згубяць сваю жыццёвасць і яскравасць... Узварухнецца Арына, уздымецца на ложку і прыслухваецца к начы, шукаючы яшчэ знаёмых, жаданых зыкаў, каб пайсці адчыніць свайму гаспадару...
Дарма!.. Толькі плача і смяецца ночная цемра... Абраз Мікіты адлятае кудысь далёка і смутнее, акружаны снегавой хмарай... А завіруха зноў падыходзіць, зноў завінаецца каля вуглоў, зноў ахапляе і напаўняе сэрца страхам і жудасцю. Арына кутаецца ў коўдру і прыціскаецца к сцяне ўсім сваім дрыжачым целам...
К ранню заснула Арына. Дый то не сон быў, а так нейкае забыццё. І ў сне Арына перажывала ўсё тое, што й наяву. Таксама гудзела нягода, толькі трымала яна нейкія выразныя формы, звінаючыся ў страшэнную здань, якая насоўвалася і пагражала... Спалох і жудасць прыкрай хваляй перабягалі па целу... А Мікіта кожную часінку пад'язджаў к двару. Пад'едзе - і зноў нейкай сілай аднясецца далёка назад... Зноў пад'едзе - і зноў аднясецца. І хочацца Арыне затрымаць яго, імкнецца яна да яго, а страшэнная здань стаіць на дарозе, расставіўшы рукі, і смяецца... Строіць страшэнную міну...
Як прачнулася Арына, па хаце ўжо расплыўся бледны свет рання. На дварэ сціхла. Пасля ночнага шуму гэтая ціш здавалася нават незвычайнай, вялікшай, чымся заўсёды. Быццам адпачывае ўсё - чыста ад шалёных ночных скокаў...
Дзянны свет адразу адагнаў ад Арыны ўсе ночныя мары і вярнуў яе да звычайнага гаспадарскага настрою. Апрануўшыся, яна зараз жа пачала затапліваць печку, спяшаючыся, каб барзджэй скончыць і пайсці на змену Мікіту.
Сягоння ізноў не змалоў... Божухна-бацюхна! Што гэта за парадкі! Цэлы тыдзень бегае, як сабака. Чакае-чакае... Учора, ад'язджаючы, казаў, што ўжо канешне змеле, аж вось як змалоў... Але хутчэй трэба спраўляцца: можа, яму й адвярнуцца нельга, каб паснедаць...
Арына вытапіла печку, дала скаціне і, апрануўшы старэнькі кажушок, пабегла на млын.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Мікітаву кабылку знайшлі на той бок места... Хвёдар Куксянок ішоў з вакзала пасля дзяжурства і ўбачыў яе ў баку ад дарогі ў хмызняку. Паглядзеў спачатку навокал, ці не відна гаспадара, гукнуў разы са два, а потым сеў ды паехаў... Падумаў, што збегла з млыну, а як з Мікітам жыў добра, то й рашыў адвесці яе яму...
На млыне не было ўжо нікога. Вада сышла, і сяляне разышліся па дварах.
- Ага!.. Пайшоў, значыцца, дамоў: думае - дадому ўцякла, - сказаў сам сабе Хвёдар і ўвайшоў у маленькую пруднікаву хатку, што стаяла поплеч з млыном...
Пруднік сядзеў на лаве й плёў лапаць. Каля печы бразгала качэргамі яго старая жонка. Апрача іх у хаце сядзеў яшчэ нейкі незнаёмы мужчына і пыхкаў піпкай. У хаце было цёмна і дымна...
Хвёдар увайшоў, прывітаўся і стаў закурваць...
- Што гэта, - адазваўся да яго пруднік. - У панядзелак змалоў, а сёння зноў прыехаў?.. Хаця б млыну пашкадаваў...
- Хіба толькі з млівам сюды заязджацца можна?.. А мо я ў госці к табе прыехаў...
- У госці... хм...
- Мікіта змалоў ці не?
- Які Мікіта?..
- Што ты, Мікіты нашага не знаеш? Міхальчонак...
- А... Змалоў... Яшчэ ўчора звечару... А што?
- Ды вось кабылу ягоную знайшоў на дарозе... Збегла, мусіць... Аж там за местам у хмызняку па снягу блуталася...
Пруднік узняў галаву...
- З возам?..
- Ды не, парожняя...
- Парожняя? Дык як жа ж гэта?
- А што?
- Хіба з двара ўцякла, бо адсюль ён з возам паехаў... Як змалоў, дык і забраўся адразу...
- Вось дык Мікіта!.. Пэўна, з Арынай сваёй доўга вітаўся, што кабылу з двара пусціў...
І Хвёдар весела зарагатаў... Закурыў яшчэ раз ды і ўзяўся за шапку...
- Э, пачакай, - нібы ўспомніўшы штось, затрымаў яго пруднік. - Ён жа ж, ведаеш, з гэтым забойцам паехаў, з Ягорам Даўгім... Каб не здарылася з ім чаго часам?..
Пруднік павёў па ўсіх сваім поглядам, у якім чыталася: - Ага, гэтага вы не падумалі! - і спыніўся на незнаёмым мужчыне... Той пачуў патрэбнасць адказаць і гукнуў няшчырым тонам:
- Так... Ад гэтага ўсяго можна дачакацца...
- Ну, ладна... Адно з двух: або Ягор забіў, або... жонка пацалавала... Бывайце здаровы!..
І Хвёдар пайшоў з хаты. А за ім пруднік:
- Хутчэй жа едзь, ды калі што - збірай народ ды проста да яго... па свежаму следу...
- Добра, добра! - крыкнуў Хвёдар, ускочыў у санкі і паехаў.
Хаця ён і не паказваў віду, але сам надта ўстурбаваўся, бо добра знаў Мікіту і знаў, што ён не кіне каня абы-як. Пэўна, сапраўды здарылася што... І Хвёдар шыбчэй пагнаў кабылу... Толькі выехаў ён за места, як спаткаў Арыну, Мікітаву жонку.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Арына адразу пазнала сваю кабылу і міжвольна прыбавіла шагу... Ахапіла радасць і жаданне хутчэйшай сустрэчы... Але як прыкмеціла, што ўпоражні едзе Мікіта, крыху пасмутнела, а як убачыла, што гэта зусім не Мікіта, нават спынілася, задзіўленая і спалоханая... У прадчуванні чагось нядобрага сэрца закалацілася ў грудзёх, як злоўленая птушка...
Стрэліся...
- Мікіта ў дварэ? - яшчэ здалёку запытаўся Хвёдар.
- Не, - адказала Арына. А ў самой аж дыхаць заняло...
- Ну дык сядай хутчэй, ды паедзем да вёскі: нешта благое здарылася...
Востры, агнявы жаль сціснуў Арыніны грудзі. Неяк разам міганула перад вачыма ўсё добрае, прыгожае, што было ў жыцці... Міганула і здалося навекі згубленым... Пуста стала ўсярэдзіне...
Села на санкі, нічога не разумеючы і, як малое дзіцё, слухаючы Хвёдара... Махінальна ўхапілася рукамі за розвалі, як ірванула пад Хвёдаравай пугай кабыла, і сядзела, бы непрытомная, упёршыся вачыма ў белую даль... Так і ехала да самай вёскі і толькі, як убачыла жоўтыя вакеніцы свае хаткі - пачула, як нясмела, быццам пужаючыся, стала ўздымацца з самага дна душы ружовая хмурыначка надзеі...
Невыразная, неасазнаная, без аніякіх формаў - яна радзілася ў сэрцы, каб хаця трохі падтрымаць агоньчык жыцця, каб хоць трохі працягнуць яго абарваную нітку...
І Арына ахамянулася... Свядомасць вярнулася да яе, а разам з ёй - маланкай асвяцілася ўсё, што толькі што здарылася, і яе сярпом разанула па сэрцу страшэннай праўдай... Загаласіла баба на ўсю вёску...
4
Не лёгка ўдалося Хвёдару ўзварушыць сялян. Ён і прасіў, і маліў, і лаяўся, і пагражаў - нічога не памагала... Вядома, нікому не хацелася залазіць у гэтую гісторыю, бо чапацца з Ягорам было не надта прыемна. І кожны - ці тым, ці другім адгаварваўся, каб не йсці за панятога. Толькі як пільна ўзяўся вясковы стараста ды яшчэ з маладых хто-колечы прылучыўся - згадзіліся мужыкі і цэлай грамадой пасунуліся к Ягораваму хутару, а хлапца Міхалку паслалі ў воласць...
Ідучы гаманілі... Успаміналі ўсе благія чыннасці Ягоравы і ўсё болей і болей загараліся злосцю і рашымасцю раз назаўсёды кончыць з гэтым злодзеем. Што Мікіту спарадчыў Ягор - у гэтым аніхто не сумляваўся, але што спыняла ўсіх, дык гэта добра вядомая хітрасць Ягорава... Напэўна, ужо ён абрабіў усё дзела гладка і схаваў канцы ў ваду. Цяпер мо сядзіць спакойна ды смяецца ім насустрэчу... І ўсе дзівіліся яго смеласці, адчайнасці. Гэта ж трэба: сеў пры ўсіх і паехаў, а тагды... Не, хіба сам чорт толькі мог рашыцца на гэткую штуку!..
Так разважалі ідучы сяляне, і, разам з непамернай злосцю на забойцу, у іх раджалася апаска, што дарма толькі сходзяць, што пасмяецца толькі над імі Ягор. Слядоў пакуль што няма ніякіх... Кабылу знайшлі дзесь аж за местам, а што з млыну ўмясцёх паехаў - дык гэтага яшчэ мала...
Ягора ў дварэ не было. Жонка яго, высокая худая кабеціна, сказала, што пайшоў на места. Калі вернецца - не ведае. Мужыкі пастаялі, пакурылі, перакінуліся парай слоў - і не ведалі, што рабіць... На іх задзіўлена пазіралі з пяколку Ягоравы дзеці - хлопчык з дзяўчынкай, - а на печы недавольна нешта мармытала старая матка. Сама гаспадыня, быццам і не прыкмячаючы нічога, сядзела на лаве і круціла верацяно.
Пастаяўшы яшчэ троху і пашаптаўшыся, мужыкі выйшлі на двор. З апушчанымі галовамі пачалі хадзіць па двару, вакол хаты. Абхадзілі - не знайшлі нічога... Пастаялі на дварэ, параіліся, што рабіць... Не прыдумалі нічога і пайшлі за вороты к гасцінцу. Там да самай дарогі толькі й відна было тых слядоў, што самі яны нарабілі. Усё было завеена, пахавана пад пялёнкай свежага снегу...
Стыдна і абідна рабілася... А злосць усё расла. І найгорш было тое, што не на кім было спагнаць гэтую злосць. Як назло, і жонка Ягорава - хоць бы слаўцом кранула: маўчыць, нібы не бачыць нічога й не разумее...
Ужо ладзіліся вярнуцца ў двор сяляне, як Пятрок Маркаў, што пільней за ўсіх прыглядаўся да зямлі, закрычаў:
- Э! Хадзіце-тку хутчэй сюды!..
Усе акружылі Пётру. Там, дзе павінна была быць зваротка з гасцінцу на Ягораў двор, ветрам здула снег, з-пад каторага ўсё больш і больш паказвалася свежай чырвонай крыві...
Потым загаманілі сяляне... Гэта ўжо быў не той нясмелы гоман, што чуваўся за часінку перад тым. У гэтым магутным гомане чувалася помста, помста не толькі за Мікіту, а за ўсё, што перацярпелі ад гэтага паганага чалавека...
Цяпер гуртам ізноў пасыпалі ў хату... Падступілі к Ягоравай жонцы... Хвёдар перад усімі...
- Што з Мікітам зрабілі?..
- З Мікітам? З якім Мікітам?..
- А!.. Не ведаеш!.. Нечага нявінёнтка корчыць!.. Годзе ўжо вам кроў нашу піць!.. Гавары, дзе Мікіту дзелі?
- Дадушы, нічога не знаю... Каб мне так сонца не ўбачыць... Каб мае дзеткі так жывыя былі, як нічога не чула й не бачыла...
І пайшла клясціся... Яе тонкі скавытлівы голас як пугай праразаў густую грамаду мужчынскіх гукаў... Дзеці пачалі плакаць...
А мужыкі не адступалі... Павялі туды, дзе чырвоная кроў сведчыла аб страшэннай дзеі...
Збялела баба, здрыганулася, як убачыла кроў. Быццам нейкая сіла таўкала яе ад таго месца... Адвярнулася, глядзела ўбок і ўсё лапатала:
- Дадушы, нічога не ведаю... Можа, скаціна скалечылася ці што якое... Мала хто тут па гасцінцу ездзіць... Якое наша дзела...
І пайшла, і пайшла...
Мужыкі сперш наступалі на яе, крычалі, пагражалі, а потым убачылі, што не даб'ешся ад яе аніякага толку, толькі дарма час патраціш...
- Ды на якое ліха яна нам здалася! - сказаў Лявон. - Што нам за карысць - з бабай вазіцца. Усё роўна - дзела яснае... Трэба цяпер яшчэ каму ў воласць пабегчы, пазваць міліцыю... дый заарыштаваць яго тут на месцы...
Лявон лічыўся чалавекам разумным, і к яго голасу заўсёды прыслухваліся сяляне. Зараз жа ўсе пакінулі бабу і сталі радзіцца, што рабіць далей...
Пятрок не згаджаўся з Лявонам.
- Эт, міліцыя, - гаварыў ён. - Ведаем мы гэтую міліцыю! Так табе яна й кінецца... Мо ён раней за нас ужо пабыў там дый падмазаў, дзе трэба. Міліцыя... Як на мой розум - пачакаць яго тутака ды паказаць яму такую міліцыю, каб ён помніў!..
- Кінь плявузгаць! - перапыніў Лявон. - Гэткім парадкам ты пападзеш сам у такую кашу, што не надта скора вывернешся... А што міліцыя? Дык хіба мы не знойдзем на яе ўлады? Трэба толькі самім узяцца за гэта, дык тады - хочаш не хочаш, а будзеш рабіць так, як па закону паложана. Сляды пэўныя - чаго ж тут яшчэ...
Сяляне пачалі спрачацца. Але прылучыліся да Лявона і вымаглі таго, каб зараз жа паведаміць міліцыю і перадаць справу ў рукі ўлады; другія, больш гарачыя, праглі папрабаваць моц сваіх кулакоў, паквітацца з Ягорам сваім парадкам...
Немаведама чым бы кончылася спрэчка сялян, каб адно нечаканае здарэнне не падмацавала Лявонаву старану.
Якраз у самы разгар справы прыбег Хвёдараў брат Ігнатка і прынёс на першы погляд зусім глупасную рэч - старэнькую паркалёвую хусцінку. Знайшоў ён яе, як выявілася з яго апавядання, на Мікітавых санках у саломе... А бабы ў адзін голас сказалі, што не адзін раз яны бачылі яе ў Ягоравай жонкі. Хусціна была задзелана ў крыві...
- Гэта ён завязаў, пэўна, каб кроў не цякла... слядоў каб не засталося... Што ж ён зрабіў з ім, злодзей?..
І мужыкі пачалі будаваць дагадкі аб тым, што адбылося ў гэтую ноч. Аднак цяпер ужо ўсе згадзіліся з прапановай Лявона, бо пэўныя былі, што цяпер ужо не выкруціцца Ягор, куды б ён ні кінуўся... Толькі пастанавілі пакінуць у Ягоравай хаце колькі чалавек, каб затрымалі Ягора, як прыйдзе, і не пускалі нікуды да прыезду міліцыі.
Народ разышоўся. Асталіся толькі тры мужчыны з Петраком на чале.
Цераз якіх паўгадзіны прыйшоў і Ягор. Па слядах, што нарабілі сяляне вакол хаты, ён, пэўне, адразу згадаў, у чым справа... Увайшоў у хату, прывітаўся і сеў на лаве...
Адразу нешта цяжкое павісла ў паветры. Хаця гаварылі аб самых звычайных рэчах, але галасы зычэлі неяк глуха, сур'ёзна і зважна. Чувалася, што пад звычайнымі словамі хаваюцца зусім не звычайныя думкі, што ў кожнай галаве ў гэты час ідзець свая асобная ўпартая работа, не маючая аніякага звязку з тэмамі гутаркі... Твары сялян былі сур'ёзныя, нават урачыстыя трохі; па твару Ягора поўзала яго звычайная ўсмешка...
Пасядзеўшы троху і пагаманіўшы, Ягор узняўся.
- Ну, вы сядзіце, грэйцеся, а мне трэба схадзіць у адно месца...
Пятрок загарадзіў дарогу...
- Не, пачакай...
Сказаў гэта спакойна і ціха, нават цішэй, чымся гаварыў дагэтуль... Але ў ціхім голасе чувалася моцнае абурэнне. Чувалася й тое, што Пятрок сумысля дадае троху драматызму ў свае дзеянні, што ён троху «грае ролю» і што яму гэта надта падабаецца...
- Пусці! - таксама ціха гукнуў Ягор.
- Не пушчу.
- Пусці, табе кажу! - загвалтаваў Ягор.
- Супакойся!.. Сядзь, пасядзі!..
- А гэтага не хочаш?..
У руцэ заблішчэў пісталет... Пятрок перш здрыгануўся, потым пастаяў троху, гледзячы проста ў твар Ягору, адышоўся і сеў на лаве...
- Ладна!.. Усё роўна - дарога табе адна!
- Пабачым! - сказаў Ягор і шчэз за дзвярмі.
Выбегшы з хаты, Ягор пашыбаваў у воласць, каб папярэдзіць небяспеку, але на паўдарозе спаткаўся з міліцыяй, якая яго й заарыштавала...
Уся акруга вольна ўздыхнула, як пранесліся чуткі аб тым, што забралі Ягора... Некаторыя, праўда, і каркалі, што хутка выкруціцца і вернецца на гора добрым людзям, але крынічане казалі, што зробяць усё, што толькі магчыма, а Ягора захаваюць туды, куды трэба...
А Мікіту цераз тыдзень знайшлі з прастрэленай галавой у раву, недалёка ад таго месца, дзе Хвёдар злавіў ягоную кабылу...
З нашых дзён
1
Па выпадку святочнага дня ў краме Дзям'янкаўскага спажывецкага таварыства незвычайная рухавасць. Да крамы раз-пораз падходзяць то купамі, то ў адзіночку сяляне: мужчыны, бабы, моладзь. Ідуць не з тым дзелавым заклапочаным відам, як звычайна ходзяць купцы ў краму. На тварах гультава-вясёлая святочная давольнасць, давольнасць адпачынку пасля тыднёвае цяжкае працы. Ідуць больш дзеля цікавасці. Ці давядзецца купіць што якое, ці не, а галоўнае - цікава падзівавацца, што новенькае прывязлі ў краму, чым узбагаціўся за апошні час «свой» кааператыў, а за адным ходам і апошнія навіны пачуць.
У самой краме народу, як той кажа, пальцам не пратыкнуць... А гоман стаіць, тлум страшэнны.
Тут «барадачы» косы разглядаюць... Круцяць іх ва ўсе бакі, важаць на руцэ, «звон» прабуюць. З рук у рукі перадаюць косы, праводзячы іх адпаведнымі ўвагамі, гэтак жа ёмкімі, як смяхотнымі...
- Так яна, здаецца, і нічога, а вот папрабуй кляпаць, дык і пасыпецца, што порах...
- Якая, во гэта пасыпецца?.. Столькі ты разумееш...
- Не, калі Змітра паклепець, дык напэўна адзін прут астанецца...
- Ну, а сам... Пасля твайго кляпання тож хоць на йгрышчы іграй на касе: лапатуха на лапатусе...
Троху далей бабы ўважна і з відавочным здаволеннем разглядаюць паркалі. Разварачваюць свежыя «штукі», шчыра абшчупваюць, глядзяць на свет, прабуюць драць асцярожна з краю. Робяць усё гэта з такім паважным і ўрачыстым відам, быццам і сапраўды вялікія знаўцы...
- Летась я сваёй Зосьцы якраз во гэткага на сукенку набрала, дык што ж бы вы думалі: як памыла, дык ён і аблез адразу... І такі стаў, што апрануць брыдка...
- Ага, яно, відаць, адразу аблезе...
І бабы з тым жа паважным відам бяруцца за другую «штуку».
- Не аблезе, цёткі, не аблезе, - заспакойвае баб прыказчык Саўка, маленькі, спрытны, рухавы мужычок, які спраўляецца ўсім паказаць, з усімі пагутарыць і ў той самы час зрэдку абкінуць здаволеным поглядам краму, багата абстаўленую рознымі таварамі.
У краму ціснуцца ўсё новыя і новыя асобы, і робіцца ўсё цясней і цясней. Выходзяць неахвотна... Нават як купяць і адыдуць ад прылаўка, - усё яшчэ стаяць купамі, гамоняць аб тым, аб другім, пачынаючы ад тавараў і канчаючы бадай не міжнароднай палітыкай... А як выйдуць з крамы, ізноў некаторы час сядзяць яшчэ на ганках і, плюскаючы на яркае паўднёвае сонца, разглядаюць адзін у аднаго справункі і толькі потым з тым самым вясёла-святочным відам разыходзяцца па пылкай, купаючайся ў шчодрых сонечных праменнях вуліцы...
2
А на другім канцы таго самага сяла Дзям'янкава стаяла другая крама тутэйшага багатыра Кубарскага. Высокі ганак, вялізныя вокны з жоўтымі выразанымі вакеніцамі, нават старая напалавіну аблупленая табліца з надпісам: «Бакалейная таргоўля Кубарскага», адным словам - усё на месцы: магазін, дый годзе... Аднаго толькі не ставала да поўнага ўражання - гэта купцоў. А іх сапраўды не відна было. Як быццам наўмысля згаварыліся сяляне не заходзіць у гэта «заведение». І «бакалейная таргоўля» выдавала чымсьці нежыццёвым, застыглым, целам без душы.
Затым не дзіўна, што гаспадар крамы, здаровы, дзябёлы мужык, сядзеў сярод сваіх тавараў у надта непрыемным настроі. Час ад часу ён абглядаў хмурным поглядам сцены сваёй крамы, абстаўленыя плоймай паліц з рознымі таварамі, і кожны раз сумна ўздыхаў.
Бывала, яго радавала багацце тавараў у краме, стварала ў яго душы прыемнае пачуццё поўнасці, здаволення, а цяпер... Цяпер ён прагнымі вачмі шукаў новага пустога месца дзе-небудзь на паліцы - і не знаходзіў яго. На паліцах стаяла сёння цалком тое, што стаяла ўчора, таксама, як учора стаяла тое, што надоечы, і г. д.
Кубарскі прыслухоўваўся да крокаў на вуліцы, з надзеяй чакаючы, што во-во яны пабліжэюць, раздадуцца на яго ганках, і вясёла-гарэзна задзілінкае павешаны на дзверы званок. Аднак крокі бліжэлі й далелі, зноў бліжэлі і зноў далелі, а ў краму ніхто не зазіраў.
У нецярплівасці Кубарскі раз-пораз падыходзіў к акну і цікуючым поглядам праводзіў сялян, якія праходзілі па вуліцы. Злосць яго брала, калі ён бачыў у руках некаторых з іх, відаць, толькі што здабытыя справункі.
- Во, ліха на іх галаву, завялі яшчэ нейкую хваробу... Кааператыў. Усякую трасцу выдумаюць... без гэтага і ўсё добра было... не... трэба ім...
У яго ў душы закіпвала злосць, такая нянавісць да новае ўстановы, што, здаецца, калі б была магчымасць, ён разрушыў бы ў пух і прах кааператыў і яго ўтварыцеляў. Ён бачыў, што кааператыў падрывае яго гандаль, і чуў, калі так будзе цягнуцца, дык хутка застанецца адно - закрыць сваю крамку ці, іншымі словамі, разарыцца, пазбыцца зусім сродкаў к бяспечнаму жыццю.
Але Кубарскі не хацеў гэтак скора здавацца. І, седзячы ў сваёй бязлюднай крамцы, ён увесь час упарта, напружна думаў, бясконца будаваў планы, вышукваў сродкі, як бы пазбавіцца ад гэтай навалы.
У апошні час асабліва настойна лез у галаву адзін план, план трудны, але ўсё-ткі магчымы. Кубарскі з усіх бакоў яго абдумваў, меркаваў, стараўся зараз згадаць усе магчымасці, падлічыць усе сродкі.
Сёння гэты план асабліва часта занімаў яго думкі, не выходзіў ані на часінку з галавы і здаваўся гэткім простым і пэўным, што ў хуткасці Кубарскі сам сабе задзівіўся: чаго ён яшчэ марудзіць?..
І ён рашыў дзейнічаць...
3
Пад вечар, калі ўжо сонца, схіляючыся к захаду, пачало працягваць па зямлі даўжэнныя цені і ў ціхім, нібы застыглым ад спякоты паветры, задрыжэла перадвячорная жоўць, - усе сяляне паразышліся, і ў кааператыве астаўся адзін прыказчык Саўка. Ён выцягнуў з скрыні дзянную выручку і стаў карузлымі, але абвыклымі рукамі перабіраць пакомчаныя замасоленыя паперкі.
Сёння выручка ладная. Каб гэтак кожны дзень, кааператыў шпарка пайшоў бы ўгару.
Саўку падабалася, калі кааператыў добра працаваў. Ён тагды з нейкім асаблівым каханнем глядзеў на сваю крамку і з асаблівым здаволеннем, з смакам арудаваў таварамі, якія знаходзіліся пад яго загадам. За час сваёй службы ён так зжыўся з ім, што лічыў яго чымсь сваім, родным, блізкім. Нягледзячы на тое, што пенсія яго была зусім невялічкая, нягледзячы на тое, што яго дамоўныя гаспадарчыя справы былі ні к чаму варты, - ён аддаваў кааператыву столькі часу, сколькі было трэба і нават не трэба.
Цяпер Саўка, падлічваючы выручку, быў таксама здаволены, як быў бы здаволены, каб пералічваў свае ўласныя грошы. І толькі адзін раз у яго міганула выпадковая думка:
- Эх, каб мне столькі грошай, каня можна б было купіць добрага!..
Але гэтая думка вылецела таксама шпарка, як і прыляцела, і замянілася думкамі аб тым, што трэба здабыць у краму, што мае добры ход, і г. д. Аба ўсім гэтым сёння ўвечары прыйдзецца меркаваць з «упраўленнем». Саўка так углыбіўся ў свае рахункі, што нават не ўгледзеў, як у краму ўвайшоў Кубарскі.
- Добры дзень!..
- Добрага здароўечка! - азваўся Саўка і сказаў гэта такім тонам, у якім ясна чулася, што ён надта здзіўлены нечаканым прыходам. - Што гэта, ці не воўк пад гарой здох, што Нічыпар уздумаў наведацца ў наш магазін?..
- Якое там, мыла трэба ў вас узяць.
- Во нешта... Ці ў вас свайго мала?..
- Ёсць і сваё, але казалі, у вас добрае прывязлі... «Ага! - падумаў Саўка. - Мусіць, нявыгадна сваё ўжываць: самому даражэй стоіць...»
Але зараз жа зрабіў звычайны дзелавы від і спытаўся:
- Сколькі вам?
- Ды хунцікі са два адваж...
Узяўшы мыла, Кубарскі, аднак, не рупіўся ісці. Ён сеў на зэдлік і азірнуў цікавым поглядам краму...
- А вы разжыліся трохі... нічога сабе... На сколькі ўсяго набярэцца?
- Міліярдаў на 35.
- О, грошы ладныя... Каб табе гэткія грошы, дык бы не служыў тут, я думаю...
Саўка не разумеў ясна, чаго хоча ад яго Кубарскі, але чуў, што ёсць нешта такое асаблівае, дзеля чаго той прыйшоў к яму.
- Сколькі атрымліваеш пенсіі?
Гэта было дужа прыкрае пытанне. Саўка атрымліваў пенсію не надта вялікую, і некаторыя з кулакоў часта шкелілі над ім, кажучы, што ён ад свае службы толькі шкоду ў гаспадарцы мае. І Саўка пастыдаўся адказаць Кубарскаму...
- Ат, троху даюць...
- Так... Жыццё тваё незавіднае...
Ён памаўчаў. Саўка ўзяўся зноў за сваё дзела, але яно ў яго не ладзілася: ён напружна чакаў, што скажа далей Кубарскі. Змаўчаўшы, той пачаў зноў:
- Служачаму чалавеку дрэнна цяпер жывецца... Цяпер той толькі і жыве, хто гаспадарку добрую мае...
- Аб гэтым што й гаварыць! З гаспадаркай чалавек - ён сам сабе пан. Працуе сабе памаленьку, у яго й тое і другое, ні ў чым ён не нуждаецца... Што й казаць... Але дзе ж яе ўзяць, гэту гаспадарку?..
У Саўкі была адна замілаваная думка, якую ён кукобіў праз усё сваё гарапашнае жыццё, думка, якая заўсёды неадходна стаяла перад яго вачмі. Гэта думка была - мець добрую, спраўную гаспадарку. Аднак выканаць гэтую думку яму ніяк не выпадала. Раней зямлі не было, потым і зямлю сталі даваць, а ўсё роўна нічога не выходзіла... Зямлі аднае мала. Да зямлі трэба яшчэ ўсялякая худоба, а вось яе якраз і няма.
Кубарскі патрапіў падысці да Саўкі, патрапіў крануць патрэбныя струны. Саўка ажывіўся, разгаманіўся. Пачаў выкладаць свае погляды на сельскую гаспадарку, будаваць планы і г. д. Кубарскі толькі патураў яму ды чакаў моманту, калі можна будзе пачаць. Як Саўка канчаткова захапіўся, ён мнагазначна прагукаў:
- А ўсё гэта табе можна мець.
Ад раптоўнасці Саўка асалапеў, падумаў, што жартуе, але Кубарскі глядзеў зусім сур'ёзна.
- Як гэта так?
- Як?.. А во так...
Кубарскі нагнуўся і сказаў паўшопатам:
- На сколькі, ты сказаў, у вас тут тавару?..
Саўка сцяміў і сціх. А Кубарскі гаварыў далей:
- Цяпер жа толькі так і можна, на гэтым свет увесь стаіць... Хто цяпер, скажы, жыве па сумленню, га?.. Дурань які, дык ён здыхае з голаду...
Кубарскі доўга гаварыў у гэтым кірунку. А Саўка ўсё маўчаў. Урэшце прагукаў нерашуча:
- Не, гэтак не выходзіць. Гэтак, брат, не варта... Абчэсцвеннае дабро...
- Ды гэта тваё дзела, як сабе хочаш... Вядома, каму можна, а каму й не...
І, прыдаўшы свайму твару выраз поўнай няўважнасці, ён дадаў:
- А ўжо вечар на дварэ... Трэба мне ўжо, мусіць, пасунуцца... Бывай здаровы!..
Узняўся і нібыта што пайшоў к дзвярам...
- Стой, падажджы троху! - відавочна змагаючыся сам з сабой, затрымаў яго Саўка.
І Кубарскі застаўся...
Як ужо шэрай гадзінай выходзіў ён з крамы, па яго шырокаму твару расплывалася здаволеная ўсмешка.
4
Чорная ноч настаражылася... Быццам зацяла дух і чула прыслухоўваецца да чагосьці, чагось напружна чакае...
Сяло спіць смяротным сном, ахінутае цемрай і магільнай цішой... Ані зыку... Ані руху... Быццам чорная бяздонная цемра прыціснула сяло магутнымі грудзямі і задушыла ў сваіх абнімках усе праявы жыцця...
Але... што гэта? Там, у канцы сяла, дзе густая цемень вуліцы ўліваецца ў гэткую ж цемень бязмежных палёў, - быццам шолах чуваць... Яшчэ і яшчэ... Што гэта? Хто важыцца турбаваць урачыста-лагодную цішу ночы?.. Хіба гэта забытая ў полі скаціна, спалохаўшыся ночнае цемры, прыйшла да будынкаў і шукае сабе ночнага прытулку?..
Чырк... Чырк...
Пудліва, нясмела выбухнуў агоньчык і зараз жа згас. За ім другі... Гэты ўжо затрымаўся, прадрыжэў некаторы час, і раптам - выбухнула полымя...
- Пажар!.. - недзе самотна празычэў спалоханы голас.
- Пажар! - адгукнуўся нехта ўжо ў другім канцы месца.
А цераз колькі часін усё сяло ажывілася. Забегалі людзі, узняўся гвалт, тлум...
Гарэў кааператыў... Полымя разраслося й кідала ў неба вялізныя агнявыя снапы. Вакол таго месца, дзе гарэў будынак, стварылася светла-чырвонае кола, абмяжованае сцяной мраку, і ў гэтым коле туды й сюды сноўдаліся ўзрушаныя людзі. Асвятлёныя плямістым, дрыжачым водблескам пажару, яны здаваліся нейкімі таёмнымі, незвычайнымі стварэннямі, якія сабраліся на дзікае, цудоўна-вясёлае свята. Іхныя абураныя рухі, іхная бязладная бягня па асвятлёнаму кругу, гвалты, паблытаныя, бязглуздыя і затым дзіўна-незразумелыя, - усё гэта рабіла ўражанне дзіка-жвавых, гуллівых і таёмных скокаў.
- Вады давайце!..
- Нясіце багор!..
- Тапор сюды давай!..
- Ламайце!..
- Раскідаць, братцы, трэба, а то на сяло пойдзе!..
- Сюды, сюды!..
- Ану, жывей, братцы!..
Сяляне стараліся з усіх сіл. Кожны знаў, што тут гарыць і яго маленькая частка.
Дзесь на сяле застагнаў спознены звон...
- Ключ у каго? - дагадаўся нехта. - Ключ дзе? Адамкнуць трэба, дабро ратаваць!..
- Ключ!.. Ключ!.. Ключ у каго?! - разам паляцела ва ўсе бакі...
- Ключ у Саўкі! - закрычаў нехта.
- А дзе ён?.. Саўка! Саўка!..
Але Саўкі нідзе не было, і, сколькі яго ні шукалі, найсці не ўдалося... Папрабавалі ламаць, але моцныя, надзейныя былі запоры і не паддаваліся.
А полымя не спала. Як наўмысля, борзда перакінулася яно на пярэдні бок і адагнала прэч кучку людзей, усё яшчэ, нягледзячы на вялікую спякоту, прабаваўшых як-небудзь саўладаць з дзвярмі.
Стала відавочным, што адратаваць нічога не ўдасца. Вось забурылася страха, а за ёй і столь. Хмара іскраў шуганула ў неба...
Сяляне стаялі вакол і толькі глядзелі, як гіне ў пражорлівым полымі іхнае дабро.
Але каб здалелі яны зірнуць усярэдзіну, туды, дзе ўжо нястрымана бушавала мора агню, - яны б убачылі, што ў гэтым агні гараць адны толькі голыя паліцы...
Крама была пустая...
5
«Бакалейная таргоўля Кубарскага» аджыла. Ізноў, як і раней, вясёла зазвінеў на дзвярах званок, ізноў загрукалі частыя крокі на высокіх ганках, ізноў чарадой пацягнуліся з крамы клункі з цукрам, соллю, бутэлькі з газаю, кавалкі рознакалёрнага паркалю.
Кубарскі праз цэлыя дні «працаваў» за прылаўкам, і на яго тлустым твары блішчэла давольнасць і патаёмная радасць.
Тручы ад здаволення рукі, ён думаў:
«Ага, даждаліся і мы свайго свята... Цяпер во няхай пагандлююць... Паглядзім, як скора яны ізноў разжывуцца...»
І ён быў пэўны ў сваёй моцы...
А з Саўкам тварылася нешта нядобрае. З часу пажару ён змяніўся - не пазнаць... Здзічэў, стаў стараніцца ад людзей, баяўся з імі сустракацца. Калі траплялася каму-небудзь загаманіць з ім пра кааператыў, ён неяк стуляўся, утупляў вочы, замінаўся і стараўся хутчэй спыніць гутарку.
Асабліва ўпарта ён унікаў стрэчы з Кубарскім. Калі той, устурбованы гэткай яго чыннасцю, памыкаўся знайсці яго і пагутарыць з ім, ён кожны раз стараўся ўцячы. Аднаго разу, нават спаткаўшыся з Кубарскім, ён зараз жа без усялякіх размоў павярнуў назад, быццам яго палохаў адзін від гэтага чалавека.
Па ўсяму было відаць, што Саўка мучыцца ў душы, што ў ім ідзе ўпартая барацьба з самім сабой і што гэта барацьба ў канцы канцоў павінна скончыцца чым-небудзь сур'ёзным.
І гэта здарылася.
Прыблізна тыдні праз два пасля пажару Саўка раптам паехаў у горад. Там ён, нікуды не заходзячы, пашыбаваў проста ў міліцыю і заявіў, што ён хоча гаварыць з начальнікам па надта важнаму дзелу. Яго правялі ў кабінет.
- У чым справа? - запытаў начальнік міліцыі.
- А во што, таварыш, - пачаў Саўка, і па тону, якім ён пачаў, можна было ўцяміць, што ён сапраўды рыхтуецца сказаць нешта важнае. - Ці чулі вы, што нядаўна ў Дзям'янкаве кааператыў згарэў?
- Ага, ведаю...
- Ну дык вось я прыйшоў да вас заявіць, што гэта я падпаліў яго...
- Як гэта так? А хто вы такі?..
- Я прыказчык гэтага кааператыва...
- Так... Што ж вас прымусіла падпаліць краму?..
- А ліха яго ведае... Спакусіў мяне гэты Кубарскі... Пагаліўся я на дабро абчэсцвеннае...
- Хто гэты Кубарскі?
- А гэта ў нас крамнік такі ёсць, таксама таргуе... Яму ад нашага кааператыва шкода вялікая была, дык вось ён і замысліў пазбавіцца ад яго і падбіў мяне, а я па слабасці і паддаўся...
- Ага, разумею... Во што: раскажыце мне ўсё па парадку.
Саўка расказаў, як прыходзіў да яго ў краму Кубарскі, як спакушаў яго, падгаварваў, як потым уночы ён, Саўка, абабраў краму і падпаліў яе, - расказаў усё чыста.
- Ну, во што, таварыш, - сказаў начальнік міліцыі, як Саўка кончыў. - Вы зрабілі злачынства, і злачынства, трэба сказаць, цяжкае, але ваша шчырае прызнанне, безумоўна, гаворыць у вашу карысць. Скажыце, ці ёсць у вас довады на тое, што Кубарскі меў якое-небудзь дачыненне да гэтае справы?
- Дык як жа ж... У яго і тавар увесь з кааператыва ляжыць. Ён сам мне параіў у яго скласці... дзеля смеласці...
- Ага... Во як... Гэта дужа добра...
Цераз месяц Саўка і Кубарскі стаялі перад народным судом...
Ворагі
1
- Пан Купрыянаў... Хто ж гэта такі? Нешта дужа знаёмае...
Гуторскі, старшыня N-й павятовай надзвычайнай камісіі, глядзеў на ляжаўшую перад ім паперу і як мага напружваў сваю памяць, стараючыся ўспомніць: дзе, калі ён чуў гэтае прозвішча?
- Былы памешчык Купрыянаў... Вядзе контррэвалюцыйную агітацыю. Ёсць чуткі, што мае сувязь з бандай Зарубы...
Гуторскі перачытваў раз за разам паперу. Купрыянаў... Купрыянаў... Ну недзе ж чуў ён гэтае слова! Во, так і круціцца каля галавы, а ніяк не схапіць...
Гуторскі аж узлаваўся. У нецярплівасці пацёр рукой лоб.
- А бадай цябе! Во дык аказія! Не, ужо, мусіць, не ўспомню!
Махнуў рукой і хацеў ужо супакоіцца, але раптам, быццам наўмысля, скаўзанулася ў галаве:
«Ніна Купрыянава...»
Успомніў. У душу патыхнула даўнім, ужо напалавіну забытым.
Ніна... Так... Ніна Купрыянава... Ледзь успомніў; а калісь у гэтым імені было многа блізкага, дарагога. Дарагога па-свойму, па-асабліваму. Гэта ж было тады, калі яму было шаснаццаць гадоў, калі ў душы дрыгацела вясновая свежасць, калі ўвесь кіпеў дзіўнымі шалёнымі парываннямі. Цяпер інакш, цяпер - розум. А тады было сэрца - маладое, яшчэ дзіцячае зусім. А што лепей?
- Усяму свой час...
Гуторскі ўздыхнуў, злавіў сябе на гэтым і ўсміхнуўся.
- Во табе й маеш... Раскіселіўся...
Узяўся зноў за працу, але ў галаве ўсё мітусілася знаёмае імя. Яго цікавіла, што за сувязь між гэтымі асобамі. Якое дачыненне мае тая Ніна да гэтага ўпартага пана? Няўжо радня? Яна-то, здаецца, з панскага стану была...
І неяк дзіка, прыкра было дапасоўваць тое светлае, празрыстае да гэтага чорнага, бруднага.
- А цікава... Пасыльны! - гукнуў Гуторскі. - Паклічце сюды Загруцкага!
Праз колькі часінак у кабінет увайшоў малады хлопец, агент сакрэтнага аддзела.
- Слухай, Загруцкі, ты маеш якія весткі пра памешчыка Купрыянава?
- Ёсць трохі.
- Ну?
- Што ну? Жыве вёрст за паўсотні адсюль у сваім маёнтку. Маёнтак таксама Купрыянавым завецца. Мае ладную гаспадарку. Гэта з такіх, што ўмеюць прыстасавацца да варункаў жыцця. Пакінулі яму зямлі трохі, жывёлы. З палаца чамусьці не выселілі. Ён, вядома, усё гэта падладзіў так, нібы сваёй працай жыць рыхтуецца. Ну, а там, ведаеш, ужо яго справа: ці сам, ці найме. У нас жа ці мала такім парадкам жыве яшчэ паноў! Збоку так, неўзаметку, у халадку.
- Ну, гэта ладна, свайго часу дажджэцца. А наконт контррэвалюцыі?
- Бурчыць там сабе пад нос.
- У мяне ёсць данос на яго, з кам'ячэйкі адзін піша.
- Усё магчыма. Гэта ж такі народ, што калі трохі замацуецца, дык і пачынае варушыцца, кіпцюркі свае паказваць...
- Так... А сям'я ў яго якая?
- А гэтага, брат, не скажу табе, бо не знаю.
- Ну, добра. Больш мне нічога не трэба ад цябе.
Загруцкі пайшоў.
«І ён нічога не знае. А цікава, дужа цікава».
Гуторскі зноў узяў у рукі паперку і задумаўся.
«Што з ім рабіць? Паслаць каго туды? Заарыштаваць? Час небяспечны... Заруба гэты... Калі сапраўды пан з ім у хаўрусе, дык цацкацца з ім не варта. Каго ж паслаць? Хіба самому паехаць?»
Ён часінку падумаў.
«Ну, вядома... Гэта найлепей... За адным заходам і ў воласць заехацца, праведаць, чаго яму там патураюць. Пэўна, звязкі ёсць. Так... Няйначай трэба ехаць. І зараз жа, не марудзячы».
Гуторскі даводзіў сам сабе пільную неабходнасць гэтай паездкі, і неяк сапраўды так выходзіла, што іначай і нельга абысціся... А перад вачмі лунаў няясны вобраз дзяўчыны, быццам купаўся ў цьмяным тумане мінуўшчыны і вабіў да сябе сумна-прыветным, чароўным хараством.
2
- Тах-тах-тах-тах! - гвалтуе матацыкл, уздымаючы пыл клубамі-хмарамі. Імчыцца, што звер які цудоўны, рэжа напалам шырокае, роўнае палатно дарогі.
Мільгаюць дрэвы абапал шляху. Далей за імі неяк бокам пераварачваюцца пярэстыя кавалкі пожань, зялёныя, але ўжо пачынаючыя жоўкнуць шнуры дабра. Дзе-нідзе хмызняк пракудлаціцца, гаёк усміхнецца весела на ўзгорку. І ўсё гэта гіне адразу адно за адным. Машына імчыць, што птушка ляціць, працінаючы палкае, нібы застыглае ад спякоты паветра. Кузаў плаўка гойдаецца, зыбае, як у калысцы. Горача, млява.
Гуторскі размяк зусім. Усё цела неяк апусцілася, раскінулася, як нежывое, па кузаву матацыкла. У галаве нешта расплылося, распаўзлося, нейкая млявая змора. Зацягнула, спавіла розум роўнай, цяжкай гладдзю. Не ўзнімаюцца, не варушацца думкі. Толькі няясныя вобразы, не вобразы нават, а так нейкія квяцістыя балачынкі, празрыстыя і кволыя, прасуваюцца, перавальваюцца маруднай хваляй. Не відаць ні твараў, ні рэчаў - нічога. І толькі адно сэрца распазнае ў гэтых вобразах-балачынках непазбыўна-знаёмае і адказвае на яго прыемным, салодка-абураючым пачуццём.
Нешта далёкае, няяснае... ружовае... Тады ўсё было ружовае, як часам неба на захадзе. Тады, праўда, не прыкмячаў гэтага. Ды яно і заўсёды так: адразу няма прыгоства, а з'яўляецца яно ўжо тады, як перакоцяцца магутныя хвалі гадоў.
А ўжо перакаціліся... Колькі гэта? Гадоў ужо дзесяць.
Тады ён вучыўся. Хлопцам-падросткам быў. А яна... Яна была беленькая, кволенькая дзяўчынка. Анёлачак такі. І тады ён любіў яе. Любіў па-дзіцячаму. Хацеў глядзець на яе без канца, маліцца ёй, цалаваць яе маленькія, быццам з воску злепленыя ручкі.
Не любіў так, як мужчына любіць кабету. У яго не было ніякай мэты, намеру. Былі летуценні, дзівосныя юнацкія летуценні. Ён будаваў з іх сабе асобны свет, сваё асобнае, патаемнае, чароўнае жыццё.
Мінула ўсё гэта. Мінула і пакрылася тоўстым пластом жыццёвага попелу...
Шафёр спыніў машыну, і яна запыхала на месцы, уздрыгваючы ад навалу нутраной энергіі і быццам парываючыся пабегчы.
- Таварыш Гуторскі! Можа, зойдземся ў хату вады напіцца? Ці хочаце?
Гуторскі толькі цяпер згледзеў, што ўехалі ў вёску.
- Добра, добра. Па праўдзе сказаць, смага такая, што, здаецца, вядро б выжлукціў.
Зайшліся ў хату. У хаце душна, як у пекле, і прыцемна, знадвор'я ўвайшоўшы. Старая бабулька поркаецца на палу.
- Бабулька, вады напіцца можна?
Азірнула з нейкай апаскай.
- Чаму няможна? Ці вады пашкадуем? У сенцах там вядро і кварта. А можа, квасу ўнесці? Халодненькі...
- О-то-то! - узрадаваўся шафёр. - Квасу, квасу, бабулька! Эх! - крактануў ён, быццам загадзя адчуваючы смак халоднага квасу.
Гуторскі сеў на лаўку і азірнуў хату. Брудная, цесная. Відаць, незаможна жывуць... Яму чагосьці ўсплыло на думку пытанне: як бы ён сябе адчуваў, калі б прыйшлося яму жыць у гэткіх абставінах, у гэтым агідным брудзе, з якога свеціцца цяглая, няўпынная праца, што займае ўсё жыццё, абмяжоўвае сабой круг інтарэсаў, імкненняў?
Ён здрыгануўся міжвольна. Не! Ён бы не ўжыў. Дарма што радзіўся ў гэткай самай хацёнцы, у гэткай самай хацёнцы ўзрос.
«Што ж гэта? Няўжо я так далёка адышоўся ад сялянскага жыцця? Няўжо я настолькі абынтэлігенціўся, апанеў? А калі ўзяць духоўнае жыццё... Што тут у мяне высталася супольнага з гэтымі людзьмі? Мала, зусім мала, каб не сказаць - нічога. І як жа гэта? Я стаю ва ўладзе, з'яўляюся прадстаўніком гэтых самых цёмных сялян, я выяўляю іхнія інтарэсы і ў той самы час не маю нічагутка з імі супольнага... Цікава... Адно толькі, што я зычу ім лепшай долі, хачу іх вывесці на свет, адно толькі гэта звязвае. Але гэтага мала. Правадыр не павінен далёка адыходзіць ад таго, каго ён вядзе... Трэба вярнуцца, трэба мець сувязь з сялянамі. Не тую дзелавую, службовую, што прыходзіцца мець, а звычайную, жыццёвую...»
Гуторскі ўспомніў пра свайго бацьку, які жыве недзе ў гэткай самай хацёнцы і ў якога ён не быў ужо гадоў пяць.
«Трэба даведацца», - падумаў.
Бабулька ўнесла квасу.
- Паедзем? - спытаўся шафёр, як напіліся.
- Не, пасядзім трохі. Ну, як жа жывём, бабулька? - памкнуўся завесці гутарку са старой.
- Як жывём? А так і жывём, як жывём...
Яна глядзела спадылба, непрыхільна, з відавочным недавер'ем.
- Ці далёка да Купрыянава?
- Недалёчка.
- Колькі вёрст?
- А хто іх... Ці я мерыла, ці што...
Гуторскі не знаў, што далей гаварыць.
- Пойдзем у засень, паляжым! - звярнуўся да шафёра, а сам думаў:
«Нават гутарыць развучыўся...»
Як паехалі далей, ужо сонца апусцілася нізка. Падыхнула вячэрнім халадком. Знікла даўнейшая млявасць, адчувалася лёгка, бадзёра.
Гуторскі пачаў свежай галавой абдумваць справу з Купрыянавым, будаваць план сваёй з ім сустрэчы.
3
Сярод старасвецкага, запушчана здзічэўшага парку стаіць палац пана Купрыянава. Купы багатай зелені стараюцца захаваць яго ад людскога вока, агортваюць яго старанна, але дзе ж схаваеш гэткую веліч? То там, то сям выглядаюць з натоўпу зялёна-скурыстых дрэў белыя кавалкі мураванай сцяны. Выглядаюць і ветла ўсміхаюцца праходзячаму воддаль падарожнаму.
Са шляху к панскаму двару вядуць ліпавыя прысады. Люба тут улетку ў спякоту! Волаты ліпы стаяць па баках велізарнай чарадой, не пускаюць на дарогу ані косачкі сонечнага свету. Цянёк, халадок...
- Едзь ціха! - гукнуў Гуторскі, як шафёр звярнуў у прысады, а сам міжвольна задзіваваўся на стогадовыя асілкі ліпы... Стаяць панура, нерухома, быццам нейкія цудоўныя, маўклівыя вартаўнікі.
Кончыліся прысады. Адкрыўся шырокі, роўны дзядзінец, акружаны напаўразбуранымі будынкамі. А за імі - зялёны гушчар.
На дзядзінцы ціха, бязлюдна. Ані чалавечка. Быццам нейкае смяротнае царства.
- А дзе ж дом? - агледзеў шафёр і спыніў машыну. Дом некуды знік, бы праваліўся ў скрозьдонне. Сталі азірацца. Не відна нідзе.
- Ці не сюды? - паказаў Гуторскі на заваротку ў парк.
І сапраўды, праехаўшы колькі крокаў, угледзелі зноў белыя муры.
- Не схаваўся! - пажартаваў шафёр.
- Хіба ад нас схаваешся! - адказаў Гуторскі.
Пад'ехалі к дому. Гэта быў пекны будынак. Лёгкі, павеўны і крохкі, быццам дзівосная фарфоравая цацка. І дзіўным здавалася, як магла гэткая кволая рэч захавацца блізка зусім нечапанай у кіпучую гадзіну людскога абурэння!
Каля дома было таксама ціха, нежыццёва. Зусім не відаць было прысутнасці людзей. Потым выбегла аднекуль з-за дома дзяўчынка і ўтаропілася, убачыўшы незнаёмых.
- Купрыянаў у дварэ?
- Ага, пан у дварэ.
- Пан? - насмешліва перапытаў Гуторскі.
- Ага, - не зразумела дзяўчынка. - І пані таксама ў дварэ.
«Во табе, - падумаў Гуторскі. - Быццам у даўнейшы час».
- Куды ўвайсці?
- А во, пазваніце ў парадную.
Гуторскі ўзняўся на ганак і таргануў за званок.
- Хто-то стрэне?
І аднекуль з глыбіні душы зноў узняўся белы, празрысты і кволы вобраз.
Пачуліся за дзвярмі лёгкія крокі. Ляпнуў завал, адчыніліся дзверы.
Гуторскі на момант аслупянеў. Перад ім стаяла дзяўчына...
Ён адразу пазнаў яе, тую самую Ніну, якую знаў дзесяць гадоў таму назад. Не, не тую, бо хіба ж гэта яна? Сталая, спелая красуня, прыгожая, вабная... А тая была белая, трохі ружовая, як пралеска. Ды не, гэта толькі след ад тае, яе працяг. Тае ўжо няма і не будзе, знікла...
І Гуторскі з цікавасцю разглядаў стаяўшую перад ім кабету. Любаваўся яе дзіўным хараством, хараством дзявочага красавання...
- Што вам трэба? - спытала тая прыемным кантральта.
У яе тоне пачулася непрыветнасць і нават пагарда. Яна, відаць, здагадвалася, якога гатунку чалавек стаіць перад ёй.
І Гуторскі схамянуўся. Закіпела ў грудзях варожасць, пачуў перад сабой у абліччы гэтае прыгожае дзяўчыны класавага ворага.
- Мне трэба бачыць пана Купрыянава, - сказаў груба, націскаючы на слова «пан».
- Прашу!
Павярнулася і пайшла ў пакоі. Гуторскі ўслед за ёй.
- Пачакайце тут, я скажу яму.
Гуторскі застаўся адзін.
- Не пазнала... Дый дзе ж пазнаць! Дзесяць гадоў праляцела...
Азірнуў пакой. Відаць, гасціная... Багатая мэбля, пярэстыя, лахматыя дываны, на каміне дзівосныя, дарагія статуэткі.
- Ого! Нішто сабе. Для іх, мусіць, і рэвалюцыі не было. Ну, лепш позна, чымся ніколі. Мы яшчэ тут наладзім рэвалюцыю...
Выйшаў пан. Маленькі, гладкі, угадаваны, як парсючок. Твар досыць прыемны, але хітры: вочы так і ўпіваюцца, быццам хочуць наскрозь працяць...
- Чым магу служыць?
Гаворыць ціхім, ліслівым голасам.
- Я старшыня чразвычайнай камісіі...
- Дужа прыемна. Сядайце!..
«Ну, - падумаў Гуторскі, - не веру, каб было табе дужа прыемна...»
Ён паказаў мандат.
- Каб не было непаразуменняў.
- Ды што вы! Я веру і так.
Але ўсё-такі прачытаў.
- Ну вось... Цяпер будзьце ласкавы адказаць мне на некалькі пытанняў...
- З ахвотай!
- Перш за ўсё: як, на якія сродкі вы жывіцё?
Па твары пана расплылася хваравіта-ліслівая ўсмешка.
- Ды як, таварыш... Зямлю адабралі, пакінулі, як па дэкрэту паложана... Жывёлу таксама... Вяду маленькую гаспадарку.
- Самі працуеце, значыцца?..
- Ну, як вам сказаць... прыходзіцца, вядома... хе-хе...
- Наймітаў дзяржыцё?
- Не, пастаянных не маю... Так, часам хто пасабляе...
- Так... Дом увесь займаеце?
- Увесь. Ды ён і не патрэбен нікому. Установу тут якую змясціць не выпадае, пасяліць таксама няма каго.
«Шэльма ладная! - падумаў Гуторскі. - Ды што з ім доўга гаманіць. Трэба проста ўзяцца».
- А во што, грамадзянін Купрыянаў, вы не ведаеце, дзе цяпер Заруба?
- Заруба? Бандыт? Хто яго ведае! Ходзяць чуткі, што тут каля блізу недзе вандруе. Пасля таго налёту на суседнюю воласць (вы ж, пэўна, ведаеце пра гэты налёт), дык пасля гэтага знік і дасюль не з'яўляецца.
- А больш вы нічога не ведаеце?
- Адкуль жа я магу ведаць!
- Так... вы, значыцца, з ім ніякага дзела не маеце?
- Божа барані... Што вы гэта?..
- Хм... Мне казалі, што вы з ім у блізкім звязку...
- Хе-хе... Вы ведаеце, таварыш, што на нашага брата дужа лёгка ўзвесці ўсякую плётку... І кожны гатоў даць веры, бо наша...
- Ладна. Я ўсё-такі павінен у вас зрабіць вобыск.
- Прашу, прашу!
Гуторскі быў пэўны, што вобыск кончыцца нічым. Яго разбірала злосць. Ён разумеў, што дарма паспяшыў паехаць, што зрабіў гэтым толькі памылку. А чаго паехаў?..
Ён цяпер знае чаго... Не справа цягнула, а нешта іншае... Паддаўся настрою, раскіс... Эх, дурань!
І ён злосна штурхаў рэчы, загадваў паказваць усе куткі, рыў усё і рабіў гэта блізка што не гледзячы: проста так, каб спагнаць злосць. Знаў, што нічога не знойдзе.
Пан віляў вакол, усміхаючыся ўгодлівай і разам хітрай, зларадаснай усмешкай. Аднекуль прыпёрлася і тоўстая пані. Тая вохала, стагнала над вухам, гатовая кожную часінку самлець.
А воддаль стаяла яна... Зграбная, прыгожая. Стаяла, горда ўзняўшы галаву, і глядзела пагардлівым, грэблівым поглядам, усміхаючыся патаемнай усмешкай.
Гуторскі раз-пораз кідаў на яе погляд і кожнага разу адчуваў нянавісць, варожасць і разам нейкую сімпатыю.
Яна падабалася яму як дзяўчына, вабіла сваёй дзіўнай жаночай пекнатой. Яму хацелася кінуцца да яе, схапіць у абдымкі, цалаваць... Не так, як калісь... цалаваць палкімі пацалункамі...
Гэта быў голас сэрца. А розум гаварыў іншае. Розум бачыў перад сабой ворага, злоснага класавага ворага. Свядомага, бо гэта яскрава свяцілася праз выраз яе твару.
І ў грудзях расла нянавісць.
У маленькай пекнай скрыначцы ляжалі яе лісты. Гуторскі дрыгануўся, як убачыў паміж іх колькі сваіх, што пісаў колісь, дзесяць гадоў назад.
А пад паперай ляжаў маленькі бліскучы браўнінг.
Яна першая ўбачыла яго. Схапянулася, пачырванела, потым збялела. Відаць, сама была на яго забылася.
- Гэта падарунак, - сказала.
- Гэта, ведаеце, - залапатаў пан, - адзін малады чалавек... знаёмы... ну...
Ён зрабіў такую міну, якая павінна была гаварыць:
- Вядома, маладое дзела... любасць, забавы...
Гуторскі паклаў браўнінг у кішэню.
- Выбачайце, але я не маю права звяртаць увагі на гэта. Я павінен канфіскаваць.
Бацька штось ізноў затарабаніў, але дачка спыніла яго:
- Не трэба, тата! Няхай!
Ужо абшукаўшы ўсю кватэру, Гуторскі раптам натрапіў на маленькую паперку. Ляжала яна на падлозе каля стала ў кабінеце пана, пэўна, згубленая. Гуторскі падняў яе проста затым, што практыка навучыла яго не прапускаць міма вачэй ніводнае драбязы. Падняў так, каб ніхто гэтага не заўважыў, і прачытаў неўзаметку.
У паперцы было напісана:
«Трыццатага будзем браць вашу воласць. Збірацца ў вас а дванаццатай гадзіне».
Гуторскі скомчыў паперку і схаваў у кішэню. У гэты час пан якраз забавіўся гаворкай з паняй. Ніна некуды выйшла, і, такім чынам, ніхто не заўважыў яго знайды.
- Ну, пакуль што, бывайце! - развітаўся ён і паспяшыў на двор.
Яго праводзіў насмешліва-давольны погляд Купрыянава, але ён не зважаў на гэта. Думкі яго паляцелі ў новым кірунку:
«Трыццатага... Калі ж гэта трыццатага?.. Паслязаўтра... Марудзіць нельга... Трэба спяшацца...»
- Гані ў горад! - кінуў ён шафёру.
Машына залопала, затропала і паляцела, што птушка. Убаку, паміж дрэў, мільганула постаць Ніны. Гуторскаму здалося, што і яна ўсміхаецца таемна-зларадаснай усмешкай.
- Ладна... Той смяецца, хто смяецца апошні... Скора ўбачымся.
Сонца ўжо зайшло. Па зямлі шэрым валакном распаўзаўся змрок. Стала ядрана, свежа.
Гуторскі падстаўляў твар, грудзі пад хвалю сустрэчнага ветру і цешыўся яго жорсткімі ласкамі. Унутры бушавала бадзёрасць, адвага. І раз-поразу ўсяго агортвала хваля нейкай дзіўнай, шалёнай радасці...
- Жыццё... барацьба... Як добра жыць! Як прыемна змагацца!
4
Назаўтра з самага рання Гуторскі запрасіў да сябе Матроса.
Той прыйсці не забавіўся. Ужо часін праз дзесяць пачуўся ў канцылярыі яго магутны голас.
Яго ўсе з тлумам віталі. Гэта быў любімец усіх: любілі яго і падуладныя, і начальства, і проста ўсе, хто толькі знаў. Непамерная фізічная дужасць і да яе надта добрая і простая натура, казачная смеласць, адважнасць - усё гэта рабіла з Матроса глыбока сімпатычную асобу.
Быў ён камандзірам асобнага атрада. Меў, як і кожны чалавек, сваю ўласную фамілію, але ўсе звалі яго Матросам - па яго ранейшай спецыяльнасці. І яму падабалася гэтае прозвішча...
- Ну што? - загудзеў ён, уваліўшыся ў кабінет.
- Дзела ёсць.
- Якое?
- Пачакай! У двух словах не скажаш... Сядай во...
Матрос сеў.
- Давай цыгарку!
- На! - і прыгатуйся да надта важнага...
- Прыгатаваўся ўжо. Пачынай!
- Колькі ты можаш набраць надзейных людзей?
- На каго?
- На Зарубу.
- Многа трэба...
- Як многа?
- Дзесяць чалавек.
- Слухай, Матрос, ты не выспаўся сёння ці мо жартуеш.
- А што?
- Ды тое, што сам не ведаеш, што вярзеш. Я думаў тэлеграфаваць у N, каб роту прыслалі...
- Ладна! Як зловім, тады тэлеграфуеш... Цяпер пачакай... Але расказвай, як і што...
Гуторскі расказаў усё па парадку.
- Маёнтак Купрыянава я ведаю добра, - пачаў разважаць Матрос.
І хоць ён ні на дробачку не змяніў выразу свайго шырокага, буйнага твару, але відаць было, што ён закіпеў, загарэўся ваяўнічым запалам.
- Маёнтак я добра ведаю... Там лес ці то парк... вялікі, гушчарны... а за ім - Дняпро. У самы бераг упіраецца парк... З Дняпра прыйдзецца і падцікацца, бо на дарозе варту паставяць... Так... Лодкі трэба... Лепш за ўсё на лодках. Лодкі ў Тросне на перавозе возьмем... Ну, акружым... Калі варта будзе - знімем... мае хлопцы мастакі на гэта... Ну, а там пабачым... Яшчэ трэба абмеркаваць...
- Ну, дык як з людзьмі?
- Усяго атрада не буду браць. Выберу чалавек пятнаццаць...
- Глядзі, каб мала не было... Гэта ж не злодзей які, банда цэлая...
- Гэта мая справа. Адказнасць бяру на сябе.
- Добра... Я сам таксама паеду.
- Яшчэ лепей. Толькі з умовай: мне не замінаць... Загадаў ніякіх, акрамя маіх... Там ты не начальнік, а падуладны...
- Аб гэтым не турбуйся. Я не маю ніякага намеру памыкацца на тваю вайсковую ўладу. Усе загады твае буду спаўняць няўхільна.
- Ну, я пайшоў... Увечары зайду да цябе, пагамонім.
- Заходзь на кватэру!
- Добра...
Гуторскі застаўся адзін. Хацеў узяцца за бягучую работу, але не работалася. Гісторыя з Купрыянавым заўладала яго галавой. Аб чым бы ні пачынаў думаць, думкі міжвольна, неўзаметку перабягалі на гэту цікавую справу.
То яму прадстаўлялася заўтрашняе дзела. Прадстаўлялася выразна, яскрава, з усімі драбнотамі, бо ён ужо перажываў яго ў сваім уяўленні. А то ўспаміналася тое, што было ўчора. Тады ў вачах станавіўся вобраз Ніны і зацямняў сабой усё іншае. Дрыгацеў дзіўнай вабнасцю, цягнуў да сябе, змушчаў яскравым, ззяючым хараством.
І тады Гуторскі зрываўся з месца і доўга хадзіў па пакоі, злуючы на сябе за тое, што не можа стрымацца, не можа ў корані перацяць гэта непатрэбнае, шкоднае пачуццё.
5
Маўкліва насупіўся старавечны купрыянаўскі парк. Сцішыўся, прытаіўся, быццам хоча ўсё падслухаць, усё захаваць у сваіх старых грудзях, сабраць цэлую векавечную гісторыю жыцця. Сабраць і пахаваць, нікому не сказаць ні аб чым, занесці з сабой у небыццё... І ўсё чуе стары цёмны парк. Усё, усё чыста, кожны ледзь чутны шолах, кожны рух, кожны ўздых чалавечых грудзей, кожны ўдар чалавечага сэрца.
І дарма думаюць тыя людзі, што вунь паўзуць па магутных карэннях, што сцелюцца дзеразой па зямлі ў нагах волата лесу, дарма яны думаюць, што ніхто іх не ўгледзеў, ніхто не пачуў! Людзі не пачулі, а маўклівы лес усё чуе і ўсё знае, толькі нікому не скажа...
А людзі паўзуць... Ціхенька, нішчыкам. Ані зыку, ані шолаху. Нават дыханне зацялі.
Толькі во тут двое шэпчуцца. Шэпчуцца так, як часам трава пад павевам кволага ветрыку. Больш угадваюць думкі, чым чуюць адзін аднаго...
- Святла не відаць... Вакеніцы зачынены.
- Можа, спазніліся, птушкі ўжо вылецелі?
- Грышка б свіснуў... Колькі гадзін?
- Было адзінаццаць, мінут дзесяць ідзём.
- Во ўжо дом.
- Не бачу нічога.
Вакол распасціралася чорная, густая цемра. Трэба было мець кацінае вока, каб угледзець што-колечы ў гэтай цемры. Як падпаўзлі ўжо на колькі крокаў да дома, тады толькі Гуторскі агледзеў перад сабою бялясую пляму мураванай сцяны. Нідзе ні агеньчыку. Ціха... Быццам усё павымерла ў гэтым вялізным таемным палацы...
- Цс! - сыкнуў Матрос.
Гуторскі спыніўся, зацяў дух, прыслухаўся...
Ціха ўсё, як у магіле.
- Ціў! - цвіркнула над самым вухам начная птушка. Гуторскі і не ўцяміў адразу, што гэта Матрос.
З розных бакоў ціха, нячутна паспаўзаліся людзі. Сабраліся ў гурток, што чорныя тараканы.
- Чакайце тут!
І Матрос знік у цемры.
- Ціў! - пачулася праз часінку недзе ўжо з другога боку палаца.
- Ціў! - быццам у адказ працвірчэла недзе яшчэ далей.
І зноў усё сціхла.
Паплылі доўгія, цягучыя хвіліны чакання. Ад нечага рабіць Гуторскі пачаў як мага, да болю напружваць зрок, стараючыся схапіць контуры палаца, але нічога не мог угледзець, апрача няяснай, расплыўчатай плямы.
Збоку нешта ледзь чутна зашумацела.
- Хлопцы! - пачуўся ціхі воклік Матроса, і зараз жа ён сам апынуўся сярод гуртка.
- Тут... Дзесяць штук... сам адзінаццаты. На дарозе адзін стаіць... З тым Грышка справіцца... Будзем чакаць ля ганкаў... Як выйдуць - накінемся. Я на Зарубу, рэшта - па двое на аднаго... Не даць схапіцца за аружжа, урукапашную... Страляць не трэба... усіх жыўцом... Ну, марш за мной!
Асцярожна абышлі дом. Ля ганкаў Матрос спыніў усіх.
- Рассыпайся вакол... у хмызняк, каб, калі часам святло з дзвярэй пакажацца, каб не ўгледзелі... Як свісну - пачынайце... Ну, марш!
Умомант, хто куды, рассыпаліся ў бакі. Гуторскі лёг, прытаіўся за кустом садовых кветак і аддаўся нейкаму прыемнаму, абураючаму пачуццю трывогі, напружанага чакання.
Поплеч нехта заварушыўся.
- Матрос! Ты?..
- Я... Ціху!..
Але Гуторскі не мог маўчаць. Ён падсунуўся бліжэй да Матроса.
- Ці здолеем, а?..
- Глупства... Народ плюгавы, толькі сам нішто, трохі дужы. Ну, але памерымся...
- Ды ты справішся...
- Пабачым...
- Што-то яны робяць цяпер?
- Вячэралі... Я знайшоў шчылінку ў вакенцы, глядзеў...
- І пан там?
- Там... частуе... І пані, і паненка... Прыгожая, каб яе пярун!..
«І Ніна там, - падумаў Гуторскі. - Як-то яна да ўсяго гэтага?»
І, нібы ў адказ на яго думку, з палаца раптам паліліся кволыя, ледзь чутныя гукі музыкі. Яны праходзілі праз тоўстыя мураваныя сцены, прыглушаныя, няпоўныя, далёкія-далёкія... І гэта прыдавала ім асаблівую чароўную вабнасць.
Гуторскі сціхамірыўся, увесь абярнуўся ў слых. Кволыя гукі раяля пацяклі проста ў душу і кранулі там сваім лёгкім павевам нейкія патаемныя, дзіўна-напружаныя, чулыя струны. Залуналі вобразы-кветкі, апавітыя сумам-журбою, ускалыхнуўся нейкі невыразны жаль. І быццам з туману ўзнялася паволі белая празрыстая здань тае Ніны, што была дзесяць гадоў таму назад...
Няўжо гэта яна? Няўжо гэта тая, што калісь даравала яму светлыя, чароўныя часіны, цяпер грае, цешыць сваёй музыкай яго ворагаў? Няўжо і сама яна, тая мілая, любая Ніна, цяпер яго вораг?..
Музыка сціхла, знікла чароўнасць. Зноў агарнула трывога чакання...
- Матрос!
- Ну!
- Ужо блізка дванаццаці, зараз павінны выпраўляцца...
- Ага... Трэба быць начаку...
- Ты ж Зарубу пазнаеш?
- Я яго бачыў, як яшчэ бандытам не быў... афіцэрам служыў у войску... У цемры трудна пазнаць, але ён першы выйдзе, павінна... Патраплю... Цс...
У доме пачуўся глухі рух. Пэўна, збіраюцца. Яшчэ колькі доўгіх, цягучых часінак... Во ўжо крокі загрукалі блізка, у сенцах... Ляпнуў завал, і ў расчыненыя дзверы разам з густой мужчынскай гамонкай хлынула паласа слабага свету, які выходзіў, пэўна, з унутраных пакояў палаца. Цемра ўвабрала ў сябе гэты свет, разбавіла сваёй чарнатой і абярнула ў шэры, дрыжачы змрок, у якім можна было згледзець толькі туманныя, няясныя постаці выйшаўшых з дома людзей.
Гуторскі ўпяўся ў іх напружаным, прагным поглядам. Сэрца забілася ў грудзях моцна, няроўна. Па целу пацякла нейкая нервовая млявасць. А рукі сударгава сціснуліся ў кулакі...
Колькі іх? Раз, два, тры, дзевяць чалавек... Чаму не дзесяць? Няўжо Матрос памыліўся?
Спускаюцца з ганкаў... Гутараць, рагочуць... Занадта смелыя... Пачакайце!..
Спусціліся. Сталі, аглядаюцца.
Быццам не важацца пасунуцца ў цемень... А мо ждуць каго? Мо хто застаўся? Трэба б саждаць...
- Матрос!
Але якраз у гэты момант прарэзлівы свіст працяў паветра.
Гуторскі здрыгануўся. Думкі ў яго неяк дзіўна пераблыталіся, паскакалі адна цераз адну пярэстай, шпаркай чахардой, зацямрылі свядомасць... Непрытомны, кінуўся ён, што дзікі крывяжэрны звер, на гурток асалапелых бандытаў і ўпіўся сударгава напружанымі рукамі ў нейчае цела...
У гэты момант з грукам зачыніліся дзверы палаца і ўсё знікла ў цемры.
Завязалася ўпартая бойка. Бандыты не здаваліся. У адчайных нечалавечых патугах вырвацца, уцячы - яны валаклі за сабой учапіўшыхся ў іх армейцаў. Злосныя праклёны, жорсткая лаянка агаласіла цёмны парк. Людзі, што шалёнае звяр'ё, качаліся па зямлі ў страшэнных абнімках.
Недзе нездалёк раздаўся стрэл. Гэта яшчэ болей перапалохала бандытаў. Яны рабілі апошнія з усіх сіл патугі, каб вырвацца... Але дарма! Што яны маглі зрабіць проці схапіўшай іх падвойнай сілы!.. Адзін за адным паляглі на зямлю з скручанымі рукамі і толькі, лежачы, усё яшчэ лаяліся, рычэлі скрозь зубы ад злосці...
А на колькі крокаў убок яшчэ чуліся гукі барацьбы - гэта Матрос боркаўся з Зарубам. Армейцы кінуліся былі к яму на дапамогу, але дарма...
- Не руш! - пагрозна зарычэў ён. - Я сам!..
Усе адхінуліся і толькі па зыках сачылі за ходам барацьбы, гатовыя кожную хвілінку кінуцца на дапамогу.
Гуторскі трымаўся як найбліжэй... Ён ужо забыўся на Матросаў загад і трымаў у руцэ наган з намерам пусціць яго ў ход, як толькі з'явіцца патрэба і магчымасць.
А барацьба ўсё цягнулася. Цемра не дазваляла бачыць, на чыім баку перавага, і толькі па адрывістых ускрыках, па сапенню, па стогнах можна было дагадвацца, што бандыт пачынае паддавацца.
Хлопцы й на сваіх палонных забыліся. Акружылі ўпоцемку барацьбітоў і рознымі воклікамі падбадрывалі Матроса:
- Так яго! Во-во-во! Ай добра! Цісні, цісні!..
Хоць і не ведалі добра, хто каго ў тую часіну ціснуў...
Але Матроса не трэба было падбадрываць. Ён увайшоў у азарт, разышоўся ваўсю. Яшчэ колькі хвілінак, і ён ужо пабедна соп, лежачы на абяссіленым ворагу.
- Дайце чым звязаць сцерву!
Яму вобмацкам падалі дзягу.
- Ага... Во табе... Паляжы, галубок!.. Досыць табе ўжо арудваць... Фу! - узняўся ён з зямлі. - Ну як, хлопцы?..
- Ляжаць.
- Усе?
- Да аднаго.
- Хто страляў?
- Я...
- Ты, Грышка?
- Я.
- Навошта?
- Не мог саўладаць... здаравенны... ледзь мяне не прыбраў...
- Прыстрэліў?
- Так точна.
- Хоць і кепска, але - маладзец!..
- Ну, во што, хлопцы! - загаварыў ён вясёла-ўрачыстым і разам жартаўлівым голасам. - Спраўна папрацавалі... Банду Зарубы можна лічыць знішчанай... Яшчэ адзін, можна сказаць, крок да... да... Ну, адным словам, няхай жыве Савецкая ўлада і Чырвоная Армія! Ура!..
- Урра! - рыканулі, як адна, дваццаць глотак.
- Уа! - адказаў водгукам цёмны парк.
А Матрос разышоўся. Нібы і сапраўды мітынг замысліў наладзіць сярод ночы ў гэтым незвычайным месцы.
- Слова даецца нашаму паважанаму кіраўніку і таварышу Паўлу Мікалаевічу Гуторскаму...
Гуторскі ніяк не чакаў гэтага. Ён засмяяўся. Яму дзіўным здалося гаварыць тут у цемры, сярод гэтага маўклівага, панурага парку, над ляжачымі, скручанымі бандытамі...
А хлопцы запляскалі ў ладкі:
- Просім, просім!..
- Толькі не больш аднае мінуткі. Час дораг! - дадаў Матрос.
- Яшчэ менш... Многа гаварыць не выпадае... Дзякую вам, таварышы, шчыра дзякую як ад сябе, так і ад імя нашай Вялікай Рэвалюцыі!..
- Ну, а цяпер памацаем у палацы... Грышка, ідзі грукай, адчыняй, а вы, хлопцы, бярэце сваіх палонных...
Дзверы былі незаваленыя. У пакоях цёмна. Агні ўсе затушаны. Гуторскі з двума армейцамі, трымаючы ў руках нарыхтаванае аружжа, увайшлі ў дом, а рэшта засталіся на дварэ. Тож дзеля ўсякага выпадку прыгатавалі аружжа.
У першым пакоі Гуторскі знайшоў лямпу. Запаліў яе і пасунуўся далей. Усюды было пуста, бязлюдна. У сталоўцы знаходзілася на стале непрыбраная пасуда, пляшкі, паследкі вячэры.
«Дзе ж паны? Няўжо паўцякалі з спалоху?» - падумаў Гуторскі.
Урэшце яны знайшліся.
У самым дальнім пакоі, у спальні, цьмяна свяціла лампадка. На ложку ляжала пані і вохала, а над ёй схілілася Ніна. Воддаль сядзеў пан. Пры святле ўнесенай лямпы Гуторскі разгледзеў яго твар. Ён выяўляў такі адчай, такую недалужнасць, такую пакорнасць, што Гуторскі міжвольна скрывіўся ад агіды: быццам пабітая скаціна...
- Вы арыштаваны! - сказаў ён няшчырым грэблівым голасам.
Пані яшчэ мацней застагнала. Ніна ўзялася яе сунімаць. Твар Ніны быў збялелы, але спакойны. Апавіты смуткам, ён выдаваў яшчэ прыгажэйшым.
І міжвольна, на паругу розуму, у сэрцы Гуторскага шавяльнуўся глыбокі, шчыры жаль да яе. Каб не даць волі гэтаму пачуццю, ён барзджэй выйшаў з пакоя, пакінуўшы ля пана аднаго армейца.
Выйшаў на ганак.
- Можна! Заходзьце! Усё спакойна...
Першы ўпёрся з сваім палонным Матрос.
- Ану-тка, паглядзім, які ён стаў... Даўно ўжо не бачыліся.
І раптам ён пасыпаўся плоймай самай буйнай, самай злоснай лаянкі.
- Што? Чаго? - кінуліся да яго ўвайшоўшыя армейцы.
- Не ён!.. Памыліўся!..
Той, з кім з такім запалам змагаўся Матрос, быў зусім не Заруба.
І сярод рэшты бандытаў не было атамана... Тут толькі схапянуліся, што ўсяго дзевяць злавілі, а павінна быць дзесяць.
Гуторскі ўспомніў, як ён хацеў быў затрымаць Матроса, і пашкадаваў, чаму не зрабіў гэта на хвілінку раней. Заруба, відаць, чагось забавіўся ў палацы і потым, пабачыўшы, што справа кепская, даў драла...
6
Гуторскі ніяк не мог забыцца на Ніну. Ні на часіну не схадзіла яна з думак. Ён злаваўся, кляў і сябе, і яе, і ўсё чыста на свеце - і ўсё роўна не мог пазбыцца назойлівага ўспамінку.
Перад вачмі ўвесь час лунаў яе вобраз, смутны, прыгожы, такі, якою бачыў яе апошні раз. Турбаваў, не даваў спакою...
Ён чакаў яе. Знаў, што прыйдзе. Захоча бацькі даведацца, а без яго дазволу не пусцяць.
І яна прыйшла. Як толькі паляпала ў дзверы, ён дагадаўся, пачуў, што яна...
- Увайдзіце!
Увайшла. Уся ў чорным. Як ідзе ёй чорная сукенка, якімі мяккімі, кволымі складкамі аблягае яе прыгожую постаць!
А хараство!.. Здаецца, яшчэ больш папрыгажэла.
- Сядайце!..
- Дзякую... Я да вас па справе...
- Ведаю. Чым магу быць карысны?
- Мне трэба бачыцца з бацькам, а на гэта, мне сказалі, трэба мець ваш дазвол.
Яна гаварыла скора-скора, спяшаючыся. Відаць, ёй было прыкра заставацца вока на вока з Гуторскім.
- Вы калі хочаце пабачыцца?
- Я б хацела атрымаць пастаянны пропуск, бо мне прыйдзецца яму прыносіць сёе-тое... з харчоў, вопраткі...
Гуторскі трохі падумаў.
- Во што, я вам зраблю гэта ў тым выпадку, калі вы мне дасцё слова, шчырае слова, што не будзеце выкарыстоўваць гэтых спатканняў для якіх-колечы іншых мэт, апрача тых, пра якія вы казалі.
Яна ледзь-ледзь усміхнулася.
- Вы мяне лічыце контррэвалюцыянеркай?
- Як ні прыкра прызнавацца ў гэтым, але так... Лічу вас не надта надзейнай у гэтым сэнсе...
- Ну, гэта зразумела. Я даю вам гэтае слова.
- Добра. Пачакайце часінку...
Ён напісаў і аддаў ёй пропуск.
- Дзякую...
Яна ўзяла пропуск, але не выходзіла. Нервова комчыла паперку ў руках, быццам нешта хацела яшчэ сказаць, ды не важылася.
На момант павісла маўчанка, і ў гэтай маўчанцы пачулася нешта недаказанае. Быццам абодва думалі адно, абодва хацелі сказаць гэта, але не мелі сілы пачаць.
Гуторскі знаў, што, калі не скажа яна, скажа ён, што, урэшце, не стрымаецца, але хацеў, каб яна пачала. Чакаў...
- Слухайце, - загаварыла яна, не гледзячы на яго і ўсё яшчэ цярэбячы ў руках паперку, - ці можна вам задаць пытанне адно... не службовае... нават інтымнае трохі?
У Гуторскага адлягнула ад сэрца. Ахапіла нейкая лёгкасць, гуллівасць, нейкае мяккае, прыемнае абурэнне. Ён прыблізна знаў, што скажа яна, і яго толькі дужа цікавіла, як яна скажа. Сам быў спакойны, бо пачала яна, і гэта станавіла яго ў пераважнае становішча.
- Прашу, прашу...
Ён усміхнуўся ласкава-таемна, быццам казаў гэтым:
- Кажы, мілая, але я й так ведаю, што ты хочаш сказаць...
А яе, відаць, кальнула гэта ўсмешка, кранула яе дзявочы гонар. Нават губу прыкусіла... Гуторскаму весела стала. Ён смяяўся ў душы і, углядаючыся ў яе твар упартым поглядам, чакаў, што скажа далей.
- Слухайце! - пачала яна зноў.
І зноў змоўкла. Ніяк не магла адважыцца сказаць.
Гуторскі ўсё глядзеў на яе, усміхаючыся. Урэшце, перамагаючы сябе, яна сказала:
- Скажыце... вы не той самы Гуторскі, каторы...
Далей не гаварыла... Адвярнулася, унікаючы стрэчы з яго поглядам.
- Той, - адказаў Гуторскі, - таксама, як вы тая Ніна, каторая...
І ён наўмысля не скончыў.
Хвілінку абодва маўчалі. Потым ён загаварыў:
- Во як трапляецца, Ніна Васільеўна! Было калісь так, а прайшло дзесяць гадоў! - і стала іначай. Так... Калісь мы не зналі, якая прорва нас дзеліць. Звяла доля нас у кучу, мы й не папыталі адзін другога: хто ты такі? Нас гэта не цікавіла, бо мы былі дзеці і не зналі нічога... Не паспыталі яшчэ ад «дрэва жыцця»... А потым усё вызначылася. Мы пайшлі рознымі шляхамі. І вось спаткаліся. Спаткаліся як ворагі...
- Ворагі, - задумлена працягнула Ніна. - Так... Вы праўду кажаце. Цяпер мы ворагі... І не затым, што я контррэвалюцыянерка, ды не... Я знаю, што стары лад не вернецца, не можа вярнуцца, бо ён несправядлівы, злачынны. Я й не хачу яго... прынамсі, мой розум не хоча... Але ёсць нешта глыбачэйшае, падсвядомае, што ўкладзена прыродай. Гэта нешта спавівае мяне, кіруе маімі ўчынкамі... Я знаю, што гэта дрэнна, хачу пераадалець сябе, але... не змога... Так і прыйдзецца застацца ў варожым вам лагеры... пакуль ён ёсць... а там... З вамі пайсці не магу, не пускае «тое нешта»...
У часе яе гаворкі Гуторскі ўважна разглядаў яе твар, і яго здзівіла тая шчырасць, з якой яна гаварыла. Відаць, доўга яна думала аб гэтым, доўга змагалася сама з сабой, пакуль прыйшла к гэтаму выразнаму, цвёрдаму пераконанню.
І Гуторскі міжвольна працінаўся павагай да яе. Яму падабалася гэткая самасвядомасць, гэткі аналіз самой сябе. А разам з павагай расло пачуццё сімпатыі, якое ў гэты момант знішчала ўсякую варожасць, адсоўвала некуды на задні план класавыя інстынкты.
Яму было шкада гэтае ніклае кветкі, гэтага хваравітага адсклёпку старога ладу. Яму захацелася суцешыць яе, заспакоіць, але не было слоў. Хацелася проста падысці да яе, прытуліць, прыгалубіць.
І яна чула спагаду. Апавядала яму, як лепшаму прыяцелю, раскрывала душу, вылівала набалелае...
- Я доўга думала, мучылася, усё хацела вызначыць - што я, навошта я... Я думала раней, што можна яшчэ знайсці сабе месца, можна далучыцца да новага... Згарнуць з сябе ўсё старое: старыя прывычкі, старыя нахілы, старыя імкненні... Я прабавала працаваць... служыла... настаўніцай была... падманіць хацела сама сябе. Дарма! Замест здавальнення - нейкае невыразнае пачуццё пустаты, адчаю... А потым - махнула рукой... Усё роўна... няхай будзе, што будзе!.. Хворая я да новага жыцця... адпетая... панская костка... ха-ха-ха!..
Яна засмяялася горкім і разам задорным, гарэзлівым смехам.
Гуторскі маўчаў. Ён думаў аб долі гэтае дзяўчыны.
Адпетая... Хворая... Няўжо яна аджыла ўжо сваё? У самым красаванні жыцця... Поўная фізічных сіл... поўная красы, хараства... Ці ўзяла яна хоць сваё ад жыцця? Ці ўсміхнулася яно ёй сваёй чароўнай усмешкай?
- Ніна Васільеўна! Ці любілі вы каго?.. Праўдзівым, поўным каханнем?..
Яна раптам змянілася.
- Не... не скажу вам гэтага... Не магу... Пасля, можа, самі ўзнаеце... Не, не скажу...
Яна неяк увабралася ў сябе, затулілася, быццам баялася, каб не сказаць лішняга. Ад ранейшага шчырага, сяброўскага настрою не асталося і следу. Яна зноў абярнулася ў тую заўзятую паненку, якую Гуторскі спаткаў у купрыянаўскім палацы.
Гуторскі каяўся, злаваў на сябе за тое, што задаў ёй гэтае далікатнае пытанне. Ён спрабаваў зноў выклікаць яе на інтымнасць, але не ўдавалася. Яна на ўсё адказвала кароткімі сухімі заўвагамі. Потым успомніла пра бацьку - зарупілася йсці. Ужо выходзячы, спыталася, што яе бацьку чакае.
- Скажыце праўду, не тоячы... Самае горшае... што?..
Гуторскі зірнуў на яе.
«Ці сказаць праўду, ці не?.. Трэба сказаць... Яна вытрымае ўсё...»
- Самае горшае, вы кажаце? Баюся, каб не была гэта вышэйшая кара...
Ён, сам таго не прыкмячаючы, перайшоў на рэзкі, афіцыйны тон. Нават злосць у ім чувалася.
Яна збялела, зірнула недалужным, спалоханым поглядам.
- Расстрэл?!
Але ўраз схамянулася, насупілася, бліснула з-пад чорных густых броў поглядам загнанага ўпартага звярка.
- Дзякую! - прагаварыла грубаватым, узрушаным голасам.
І выйшла...
7
Заруба зноў аб'явіўся. З новай, яшчэ вялікшай, яшчэ больш адчайнай бандай ён рабіў нечуваныя, страшэнныя па сваёй лютасці гвалты. Ён не разбіраў, хто з'яўляецца ахвярай яго злачынства. У аднолькавай мерцы цярпелі яго крывавыя здзекі і камуністы, і жыды, і сяляне. Быццам мсціўся ён за страту сваіх сябрукоў, быццам хацеў захлынуцца ў крыві.
І купрыянаўская практыка навучыла яго асцярожнасці. Як д'ябал, выкручваўся ён з-пад рук улады. Ніхто ніколі не знаў, дзе ён знаходзіцца. Сягоння паявіцца ў адным месцы, а назаўтра ўжо ў другім канцы павета грыміць яго разбойства.
Спалох ахапіў жыхарства павета.
Сярод цёмных сялян пайшлі розныя недарэчныя чуткі. Апавядалі пра розныя цудоўныя праявы, пра тое, як Заруба можа з'яўляцца адразу ў колькіх месцах, пра тое, як ён можа сярод людзей, на ўсіхніх вачах раптам знікнуць, бы праваліцца скрозь зямлю і г. д. Пачыналі лічыць яго нейкім надзвычайным стварэннем і баяліся аднаго яго імя...
Чака ўзрушылася, узнялася на ногі. Па ўсіх кутках павета былі разасланы агенты, узяты пад нагляд усе ненадзейныя асобы. Матрос з сваім атрадам безупынку лётаў па вёсках, сам Гуторскі таксама рэдка калі стыкаўся ў горадзе... Але ўсё дарэмна. Заруба рабіў сваю крывавую справу і аставаўся беспакараным. Як страшэнная здань, з'яўляўся ён нечакана, раптам у якой-небудзь вёсцы, рабаваў яе, катаваў сялян і знікаў невядома куды. Ніхто не мог нават на яго след натрапіць.
Гуторскі не чуў сябе ад клапот. Бясконцыя нарады, пасяджэнні разы два на тыдзень, а то і часцей, выезды ў павет, розная бягучая работа - усё гэта не давала яму і часінкі адхлыну.
У гэтай сумятні ён нават пазбыўся таго неспакойнага, турботнага пачуцця, якое гняло яго ў апошнія часы і якое было звязана з асобай Ніны Купрыянавай. Калі часам і ўспамінаў яе, дык яна выдавала чымсьці далёкім і малазначным. Гэта яго радавала, заспакойвала. Ён ужо пачынаў глядзець на ўсю гэтую гісторыю як на невялічкае, неглыбокае захапленне, якое так шпарка мінулася, як і пачалося.
Але неўзабаве яму прыйшлося пераканацца, што ён памыліўся.
Нешта аднаго разу трапілася яму праязджаць міма маёнтка Купрыянава. Ён яшчэ здалёк угледзеў густыя ліпавыя прысады, і сэрца яго закалацілася. Як наяве паўстала ўсё, што калісь тутака адбывалася, і ў вачах выразна, яскрава замітусіўся вобраз Ніны...
Ды такі любы, прыгожы, дарагі, быццам вобраз самага блізкага чалавека... Убачыць яе, зараз жа, незабаўна, убачыць - што б там ні было!..
І цяпер, наадварот, усё тое - работа, клопаты - здавалася далёкім, малазначным...
А тут - галоўнае... тут - усё!.. Тут тое, без чаго жыць нельга...
Тут - каханне...
Гуторскі сам злякаўся гэтага слова, як знецікі мільганула яно ў думках. Знедкуль з глыбі загаварыў ціхі, перасцерагаючы голас, але Гуторскі ўжо не слухаў яго.
- Ну што ж там! Любоў мае сваё асабістае права. Любоў не разбірае: ці вораг, ці прыяцель... яна бачыць толькі жанчыну, толькі яе жаночае хараство... І хіба не можа пралетарый любіць буржуйку? Хіба яму можа хто ці што забараніць гэта? Хіба на каханне можна, як і на ўсё, глядзець выключна з класавага погляду? Прэч забабоны!..
І Гуторскі звярнуў у прысады.
З таго канца прысад пасоўвалася насустрэч белая пляма. Сэрца падказала яму, што гэта яна... І не памылілася...
Але, як стрэўся, ледзь пазнаў - так змянілася яна. Схудзела, счарнела, вочы праваліліся глыбока-глыбока, глядзяць стуль неяк дзіўна-напружана, гараць ліхаманкавым аганьком і быццам шукаюць чагось.
Як убачыла Гуторскага, схамянулася, нібы ўзрадавалася. Усміхнулася хваравітай, але ветлай усмешкай, пайшла шыбчэй яму насустрэчу.
Гуторскі злез з каня і падышоў да яе. Яго агарнуў глыбокі жаль...
- Што гэта з вамі, Ніна Васільеўна? Вы хворая?
- Што, дужа змянілася? Я знаю... Не, гэта не ад хваробы...
Яна падала яму руку. Гуторскі ў першы раз пасля дзесяці год расстання паціснуў яе маленькую кволую ручку. І гэты поціск разбурыў дашчэнту тую сцяну, што стаяла між іх, замацаваў іх сяброўскую блізкасць.
Яны пайшлі па дарозе.
- Ну, дык усё-ткі што з вамі, а? Кажыце ўсё, не хавайце... як раней...
Ён глядзеў на яе з пяшчотай, устурбаваны, чакаў яе адказу. А яна ўпялася сваім поглядам удалеч і маўчала, быццам не прыкмячала ні яго, ні ўсяго, што навокал, углыбілася ў свае патаемныя думкі...
- Павел Мікалаевіч! - раптам адазвалася яна, і па голасу відаць было, што яна хоча сказаць яму нешта важнае, тое, што займае ўсю яе істоту. - Скажыце мне, да якіх меж павінна распасцірацца кроўнае пачуццё?.. Ну, напрыклад, любоў бацькоў да дзяцей або наадварот? Скажыце, як вы на гэта гледзіцё?.. Не вы асабіста, а ўсе вы, ваша партыя?..
- Я не зусім разумею ваша пытанне... Мне здаецца, што наогул ніякае пачуццё не паддаецца мерцы. У аднаго яно мацней, у другога - слабей...
- Але як павінна быць?.. Ну... я не ведаю, як вам лепей сказаць... Вось падумаем так: вам прыйшлося б выбіраць з двух адно - або страціць бацьку, або адмовіцца ад вашае справы... Што б вы выбралі?
Гуторскі злёгку ўсміхнуўся.
- Вы, Ніна Васільеўна, дрэнны прыклад узялі. Я ўжо больш пяцёх год не бачыўся з бацькамі, і калі й было ва мне раней якое сыновае пачуццё, дык цяпер яго няма й звання... Я б, вядома, не задумаўся...
Яна здзіўлена зірнула на яго.
- Так?
Трохі змаўчала і потым пачала з лёгкім абурэннем, нібы са злосцю:
- Ну, возьмем другі прыклад... Возьмем мяне. Неўзабаве вы расстраляеце майго бацьку...
- Гэта яшчэ невядома...
- Ды не... Не ўздумайце суцяшаць мяне, я не дзіцёнак. Так... І вось у мяне раптам з'явілася б магчымасць ратаваць яго. Але для гэтага я павінна была б аддаць тое, што для мяне самае дарагое, даражэй за ўсё, мо даражэй за жыццё... Што б вы зрабілі на маім месцы?
- Я? Выбраў бы, што даражэй...
- Што даражэй...
Яна трохі падумала.
- Не, не так... Гэта несправядліва, несумленна... Гэта занадта эгаістычна... Даражэй... Мала што даражэй, але ёсць яшчэ доўг, абавязак...
І яна зноў задумалася. А Гуторскі глядзеў на яе і нічога не разумеў. Дзеля чаго яна так захапілася гэтым пытаннем? Няўжо і сапраўды яна што мае на ўвазе да вызвалення бацькі? Але што? Самае дарагое... Мо даражэй за жыццё... Дзіўна...
- Ну, ладна! - раптам схамянулася Ніна. - Кіньма аб гэтым. Пагаворым аб чым-небудзь другім... Вы што, зноў прыехалі вобыск рабіць? А?.. Ці мо мяне ўжо маеце заарыштаваць? Браўнінг жа ў мяне знайшлі!.. Ха-ха-ха!..
Гуторскаму стала трохі не па сабе. Ён не знаў, што адказаць, бо й сам не ведаў, чаго паехаў... Пацягнула нешта, дый годзе. І ён памкнуўся адказаць жартам:
- Той раз я прыязджаў як вораг, а цяпер ехаў міма - дай, думаю, заедуся проста так, як падарожны. А што да вас, можаце не турбавацца: мы кабет заарыштоўваем толькі ў асаблівых выпадках, дый то самых злосных...
- А хіба я не злосная? Вы пэўны ў гэтым? А мо я зусім бандытка? Вы пра гэта не думалі? Ай думалі, што я на гэта не здольна?..
Яна глядзела проста яму ў твар задорна-гуллівым, гарэзлівым поглядам, поўная нейкай хваравітай, нервовай весялосці...
- Ну, зірніце на мяне: ці падобна я на бандытку? Ці такія бываюць бандыткі, а?..
Яна выпрасталася перад ім ва ўвесь рост, зграбная, дзіўна-прыгожая, з бліскучымі, ззяючымі спакусай вачмі.
Гуторскі загарэўся шалёнай страсцю, ад якой памуцілася ў галаве. Схапіць яе, сціснуць моцна-моцна, да болю, цалаваць... цалаваць без канца гэтыя гордыя, задорна-ўсмешлівыя вусны, гэтыя вочкі - бяздонныя, прамяністыя!
Ён акідаў яе ўсю палкім, агнёвым поглядам. Яшчэ момант, і кінуўся б да яе, агорнуты страсным каханнем...
Але яна схамянулася. Пэўна, прачытала ў яго вачах усё, чым кіпела яго нутро, і спалохалася. Ураз панікла, адвярнулася, загаварыла шыбка-шыбка:
- Ай, гэта ж мы на шлях ужо выйшлі... Вы што, у горад едзеце?.. А можа, заедзеце да нас?.. Клуб пагледзіцё... Мы ж ужо не жывём у палацы, клуб там адчынілі...
- Некалі, трэба спяшацца, - сказаў Гуторскі і сам здзівіўся свайму голасу, бо ён быў нейкі грубы, дрыжачы. - Бывайце здаровы!..
Яна яго затрымала.
- Павел Мікалаевіч! У мяне просьба ёсць да вас... невялічкая... Ці можаце вы мне паведаміць, як вырашыцца лёс майго бацькі, так, каб я... паспела...
- Добра, а дзе вы будзеце, тут?
- Магчыма, што тут, а можа, у горадзе, у цёткі... Савецкая, 18.
- Добра, я вам абяцаю гэта... Бывайце!
Ён ускочыў на каня і шыбка, не абарачваючыся, паехаў у бок горада.
8
Купрыянава прысудзілі к расстрэлу. У той самы дзень Гуторскі паведаміў Ніну.
Яна была ў горадзе і зараз жа прыйшла к яму. Прыйшла ўзрушаная, абураная. Не папытаўшы дазволу, убегла ў кабінет і загаварыла дрыжачым ад абурэння голасам:
- Ужо? Канчаткова?
- Так.
- Слухайце, Павел Мікалаевіч, вы можаце спыніць гэта, затрымаць хаця на які час?..
- А што?
- Павел Мікалаевіч! Я буду гаварыць з вамі адкрыта... Спадзяюся, што калі ў нас нічога не выйдзе, дык усё гэта астанецца толькі між нас... Вы мне можаце абяцаць гэта?
- Кажыце...
- У мяне ёсць прапанова, якая можа здаволіць і вас, і мяне... Вам жа мой бацька цяпер не страшны, вы добра ведаеце, таксама, як і я, як і ён сам, што з яго боку, нават калі б ён і вольны быў, нельга чакаць цяпер якой-колечы контррэвалюцыі... Бо ён занадта палахлівы для гэтага... Раз паспытаўшы горкага, ён не захоча яго... І вось... я вам дам выкуп за яго... Я дам у вашыя рукі чалавека, які для вас у тысячу разоў страшнейшы... Я вам дам Зарубу...
Гуторскі асалапеў ад нечаканасці. Яму адразу здалася дзікай, недарэчнай прапанова Ніны. Потым ён успомніў яе словы: аддаць тое, што даражэй за ўсё, мо даражэй за жыццё...
Быццам маланка працяла розум. Усё асвятлілася, усё стала зразумела...
Дык во тое дарагое, чым яна спадзявалася ратаваць бацьку! Во чаго яна мучылася, во што займала ўсю яе істоту! Во чаго яна так змянілася!..
Значыцца, надумала, адважылася аддаць свайго любага ў ахвяру, каб ратаваць бацьку.
Ніна з нецярплівасцю чакала адказу. Каб прыгледзеўся да яе Гуторскі, ён бы ўбачыў, як калацілася яна ўся, як высока ўздымаліся яе грудзі.
Але ён не глядзеў, ён баяўся на яе зірнуць, каб не выказаць свайго настрою, бо ён адчуваў, як унутры ў яго расце прыкрае, агіднае, але моцнае пачуццё, якое завецца рэўнасцю...
Дык во хто яе выбранец!.. Во каму яна падаравала сваё пачуццё, сваю ласку! Во хто ёй даражэй за ўсё на свеце!..
- Добра, - адказаў ён, не гледзячы на яе, - я пастараюся гэта ўладзіць. Адзін я не магу гэтага зрабіць, не важуся... Трэба парадзіцца... Але спадзяюся, што прапанова ваша будзе прынята... А вы пэўны ў тым, што гэта вам удасца? Хопіць у вас спрыту і... сілы волі?..
- Я адважылася... Зраблю...
- Вы дзе будзеце гэтымі часамі?
- Тут, у горадзе...
Ён больш нічога не гаварыў. Чакаў, каб пайшла, хацеў гэтага. Хацеў астацца адзін, прывесці да ладу свае думкі, пачуцці.
А яна марудзіла.
Ён узяўся за паперы, зрабіў від, што некалі... Яна асцярожна, нясмела спыталася:
- А што з ім будзе?
Быццам яшчэ спадзявалася на нешта...
- Самае горшае.
Яна пайшла.
Гуторскі, узрушаны, пачаў хадзіць узад і ўперад па пакоі. Кіпеў непамернай злосцю. І сумысля распальваў сябе, стараўся абярнуць сваю злосць на яе... Хацеў ненавідзець яе, хацеў вярнуць даўнейшую варожасць...
Але дарма. Таго ненавідзеў, як можа толькі ненавідзець закаханы мужчына шчаслівага пераспешніка... А яе - любіў. Кахаў моцным, палкім каханнем. Цяпер яшчэ больш, як даведаўся, што яна належыць другому...
Ён доўга хадзіў па пакоі, доўга думаў, змагаўся з сабой. Да яго прыходзілі, ён адказваў на пытанні, даваў загады і не прыкмячаў гэтага. Рабіў неяк махінальна, не думаючы.
Потым успомніў, што трэба спяшацца; трэба ўзяцца за выкананне таго, што абяцаў Ніне і чаго цяпер у глыбі душы жадаў сам.
Ён таго часу склікаў патрэбных асоб і на патаемнай нарадзе выклаў сутнасць справы. Ён упарта даводзіў, што неабходна прыняць прапанову, што гэтага патрабуе момант. Даводзячы другім, ён і сабе даводзіў, бо ў глыбі душы і сам не быў перакананы ў пільнай неабходнасці гэтага, стараўся падманіць сябе, бо баяўся сазнацца, што нешта іншае, апрача інтарэсаў справы, кіруе ім у гэтую часіну.
Прапанова была прынята, і выкананне прысуду над Купрыянавым затрымана.
А на другі дзень Гуторскі запрасіў да сябе Ніну і Матроса.
Матрос прыйшоў, як ужо Ніна сядзела ў кабінеце. Ён увайшоў хмуры, пануры. Знаў ужо ўсё і быў недавольны. Як убачыў Ніну, яшчэ больш насупіўся, настаражыўся. Моўчкі сеў воддаль на крэсла.
Гуторскаму таксама не па сабе было. Ён адчуваў нейкую нялоўкасць, нейкі цяжар. Прыкра было пачынаць гутарку.
Але пачала Ніна:
- Ну, давайце згаворымся!..
Гуторскі кінуў у бок Матроса пытлівы погляд.
- Ты возьмеш на сябе гэту справу?
- Я заўсёды свае абавязкі спаўняю.
Адказаў груба, недавольна.
- Назначце час і месца! - звярнуўся Гуторскі да Ніны.
Тая падумала.
- У пятніцу а дзесятай гадзіне ўвечары... У Купрыянава, у флігелі... Дзверы будуць адчынены...
- Усё роўна! - прабурчэў Матрос.
- Усё?
Ніна ўзнялася з крэсла. Гуторскі зірнуў на яе... Дзяржыць сябе проста, спакойна, быццам абгаварвае якую звычайную дробную справу. А там, унутры, пэўна, мора бушуе!
- Здаецца, усё, - адказаў ёй.
- Мне больш не трэба?
- Блізка што...
- Бывайце!
- Усяго добрага!..
Як яна выйшла, Матрос з запалам накінуўся на Гуторскага:
- Слухай, даражэнькі, што гэта табе завадзіла? Няўжо няможна б было абысціся без гэтае здрады? Не люблю я гэтага, не хачу... Хіба ў нас сілы не хапае самім злавіць яго?
- Супакойся, галубок! У цябе проста гаворыць запал заўзятага ваякі... А трэба глядзець на рэчы іншымі вачмі. Тыдзень чакання пагражае дзесяткамі лішніх ахвяр. Трэба мець на ўвазе агульную справу, а не глядзець толькі з сваёй званіцы...
- Ды не магу я іначай глядзець, натура не дазваляе...
Гуторскаму ледзь удалося ўгаманіць яго. Дый то ўсё бурчэў:
- Толькі на след узбіўся... Зарупіла... Яшчэ які тыдзень, і злавіў бы. Не трэба б было і бабскае дапамогі.
- Адкуль гэта ў яе спрыт такі? - урэшце зацікавіўся ён. - Як яна яго заманіць? Што, яна з ім у хаўрусе?..
Ён і не ведаў, што кранае балючае для Гуторскага пытанне...
- Кахаюцца, - адказаў той.
- А... Іш ты, знюхаліся... Знайшоў свой свайго... Але ж то, за бацьку аддаваць любага, хм... Прыгожая яна, ліха на яе... Кветка, а не паненка...
Гуторскаму было прыкра слухаць яго развагі, і ён парупіўся змяніць гутарку:
- Ладна! Давай лепей памяркуемся, як спрытней гэта абляпаць.
- Давай памяркуемся!..
9
Гуторскі чакаў Матроса. У нецярплівасці хадзіў узад і ўперад па кватэры, не знаходзіў сабе месца.
У галаве думкі мітусіліся, вострыя, калючыя. Мітусіліся, блыталіся, круціліся шалёным карагодам. Аж балюча было ад іх галаве.
Усё цела ахінулася нейкай прыкрай зморай. Балела ўсё, быццам пасля цяжкай працы. У знямозе ён садзіўся, валіўся ў крэсла, але зараз жа мусіў узняцца пад уплывам нейкай сударгавай, хваравітай энергіі. Не мог адпачыць, не давала нешта, і змораны, змардаваны ўсё хадзіў па пакоі.
- Нервы расхадзіліся. Што тут рабіць? Хіба легчы?..
Ён лёг на ложак, заплюшчыў вочы. Акунуўся ў прыемнае пачуццё спакою, нерухомасці. Думаў - засне...
Аж не... Штось пачало паволі ўздымацца з сярэдзіны, нейкая прыкрая хваля. Гоўтаецца, узмываецца ўсё вышэй, усё шырэй. І закупаліся ў ёй нейкія здані, нейкія страшыдлы. Растуць, крывяцца, выцягваюцца ў нейкія пакручастыя пасы, круцяцца, скачуць, рагочуць, ззяюць абрыдай. У галаве ад іх муціцца, атрутны туман расплываецца, хоча спавіць, затуліць, задушыць...
Страшна!..
Ён з патугай расплюшчыў вочы. Азірнуўся. Рэжа вочы яркі свет электрычнасці.
- Можа, ад свету? Пагасіць?..
Устаў, пакруціў кнопку. Стала цёмна.
Ён зірнуў у акно. Ноч чорная, такая, як тады... Хоць вока выкалі...
Лёг зноў. Зноў тое самае... А вочы расплюшчыў - замігацелі ў цемры дробненькія-дробненькія агеньчыкі-іскрачкі, быццам пакой напоўніўся гарачым прыскам.
- Не, нічога не выйдзе...
Зноў запаліў святло. Зірнуў на гадзіннік... Дванаццаць... Яшчэ гадзіны дзве або тры... Як марудна паўзе час!..
Сеў да стала, узяў нейкую кніжку.
- «Палітычная эканомія».
Адкінуў з агідай. Абрыдла, абрыдла ўсё!..
Што ж рабіць? Нават думаць - і то няможна. Усё блытаецца.
Папрабаваў уявіць сабе Ніну, яе твар, яе постаць - не можа... Замест твару - пляма адна расплыўчастая, постаць карожыцца ў нейкіх страшэнных, агідных формах... Поплеч Матрос - тож адна пляма...
Выразней за ўсіх Заруба прадстаўляецца, хоць і не бачыў ніколі... Высокі, зграбны, прыгожы... На твары - адвага, рызыка. А вочы гараць каханнем... да тае, да Ніны... да яго Ніны.
І ў сэрцы Гуторскага родзіцца зайздрасць. Зайздрасць і злараднасць. Ён святкуе пабеду... Ці тое, не ён, а той, хто заўладаў ім зусім, абязволіў яго... Святкуе пачуццё...
- А раптам ды...
Ён неяк не думаў дагэтуль, што, можа, не ўдасца, не выйдзе нічога. А цяпер магчымасць гэтага паўстала перад ім ярка, выразна...
Матрос упёрся, удваіх паехаў. Больш нізашто не захацеў людзей браць. А ці мала што можа здарыцца?..
- А тады што?
Мсціць будзе, ёй будзе мсціць...
А мо яна перадумала, здрадзіла? Можа, не сабрала сілы аддаць свайго каханага?..
Гуторскага ахапіла трывога. У падвойным абурэнні зноў засігаў па пакоі.
А час ішоў ціха, марудна, быццам наўмысля хацеў мучыць, выцягваць жылы. І з кожнай часінай расла нецярплівасць.
Ужо а трэцяй гадзіне прарэзліва зазвінеў званок.
Гуторскі схапянуўся, закалацілася сэрца. Пайшоў адчыніць.
Матрос... Уваліўся - змораны, пакомчаны, увесь у пылу. Рынуўся ў крэсла.
- Ну?..
Гуторскі застыгнуў у напружаным да болю чаканні.
- Прывёз... Здаў начальніку варты...
Гуторскі ўздыхнуў з палёгкай. Знікла напружанасць, замест яе слабасць, млявасць расплылася па целе. Аслабелы апусціўся на крэсла.
- Апавядай!
- Есці хачу...
- Самавар наладзіць?
- Ага...
Гуторскі выйшаў, узбудзіў гаспадыню. Як вярнуўся, Матрос сядзеў у той самай постаці, нерухомы. Відаць, усе сілы патраціў. Гуторскі не турбаваў яго, чакаў, пакуль сам пачне.
- Бінт ёсць? - спытаўся той.
- Ранены?
- Нажом пырнуў... Перавязаў, але, мусіць, дрэнна... Баліць...
Гуторскі дастаў у гаспадыні марлі.
Матрос быў ранены ў плячо. Рана досыць глыбокая, але не апасная. Гуторскі, як умеў, перавязаў яе.
Тым часам падалі самавар. Матрос - тоўсты, расхрыстаны - раскапусціўся за сталом.
- Давай усё, што ёсць... Калі дасі вала - і вала з'ем...
Сказаў гэта ён такім сур'ёзным, нават сярдзітым тонам, што Гуторскі не стрымаўся ад смеху. Пайшоў шукаць яды. А Матрос бурчэў яму ўслед:
- Смех... Каму смех, а каму галэхтар... Во так бы змардаваўся сам, дык не вала, а вярблюда б сажраў...
За гарбатай Матрос павесялеў, разгаманіўся.
- Ну, паехаў я, значыцца. Не хацелася, ты ж сам ведаеш. Ніякай ахвоты, проста спаўняю абавязак, дый годзе... Непрыемны абавязак, трэба дадаць... Прыехалі туды, коні ля шляху ў хмызняку паставілі, самі кругам абышлі. Падышлі к палацу. Я ж, знаеш, і забыўся зусім на флігель на той... І сяджу ля дому... чакаю... гляджу на гадзіннік, лічу часінкі. Даждаўся дзесяцёх - раз у дом... Пуста... Бадай цябе расперазала! Пуста... Сцены павыламаны ў сяродку... Што за праява, думаю... Дзе ж гэта ўсё падзелася? Добра, што хаця сцэна там ужо наладжана, па ёй толькі й сцяміў, што выселілі іх. Тады й пра флігель гэты ўспомніў, цямся ён зусім!.. Ну - у флігель. Дзверы расчынены... Адзін пакой, другі... Адчыняю дзверы ў трэці, аж яны там... сядзяць удваёчку, галубяцца... Гляджу - воддаль на стале пісталет. Я, не доўга думаючы, - скакель ды за яго... Ну, тут, знаеш, спалох такі, паніка...
Яна ўсхапілася, закалацілася ўся, кідаецца туды, сюды, месца не знаходзіць... Як жару хапіла... І ён ускочыў... Разлютаваўся, вочы гараць, ноздры раздуваюцца - звер зверам... Я на яго наган: - Ні з месца, - крычу. Але ён не з такіх, не спалохаўся. - Усё роўна паміраць!.. - Крыкнуў, схапіў са стала нож і - на мяне. Я не страляў... Вось ён і парнуў мяне... Ну, я, вядома, раззлаваўся... Кінуў наган на падлогу ды за яго, урукапашную... Схапіў за руку, ціскануў трохі, ён і нож выпусціў... Ну, боркаліся трохі... Скомчыў я яго... Грышка тут падаспеў - скруцілі...
Матрос сціх, узяўся за гарбату.
У пакоі павісла згодная ціша. Толькі маўклівае сёрбанне Матроса ды ласкавы подсвіст самавара парушалі яе мяккую цягучасць.
Гуторскі аддаўся ціхай задуме. Ён уяўляў сабе, як наяве, усё тое, аб чым апавядаў Матрос. Ён бачыў яе - узрушаную, непрытомную, з паламанай душой, з разбітым сэрцам. Хацеў пачуць што пра яе, але баяўся спытацца.
- Ну, а далей што?
- Што далей? Павялі... Яна ўсё кідалася да яго... «Любы, дарагі, сонейка маё! Гэта я здрадзіла, я прадала цябе...» Аж шкада было глядзець на яе...
- А ён?
- Ён таксама рваўся да яе. Скрыгаў зубамі, лаяўся. Каб дапусцілі - згрыз бы... «Не дарую, - кажа. - На тым свеце спаткаемся - і то памстуюся!..»
Матрос трохі памаўчаў.
- Шкадаваў я яе... Гэткі адчай, гэткая пакута! І ўсё за бацьку... Няварты ён гэтага... Дурная... Застрэлілі б - туды і дарога...
Гуторскі ўсміхнуўся.
- А ён больш варты?
- Ну, мала што...
Абодва заціхлі, углыблёныя кожны ў свае думкі...
10
Купрыянава выпусцілі, а Зарубу цераз тыдзень судзілі палявым судом і расстралялі.
Ніна жыла ў горадзе, і Гуторскі з ёй часта бачыўся. Яна з ім сустракалася ахвотна. Траплялася, што яны падоўгу сядзелі ўдваіх дзе-небудзь у далёкім кутку гарадскога саду і гутарылі.
Яна заўсёды была сумная, маркотная, як восень. Звычайна сядзела нерухома, упяўшы ў адну кропку свой пануры заледзянелы погляд.
Ён гаварыў, многа гаварыў аб жыцці, аб месцы ў ім чалавека, аб яго патрэбах, павіннасцях... Гаварыў і глядзеў на яе, любаваўся яе сумным, паніклівым хараством.
А яна - невядома: ці слухала яго, ці не... Маўчала, быццам укалыханая гукамі яго голасу. Як сціхаў, тады нібы прачыналася, усхаплівалася, гаварыла колькі слоў, узбівала яго на гутарку. І тады зноў маўчала... Слухала ці мо думала сваю бесканцовую патаемную думку.
Гуторскі даражыў гэтымі часінамі. Ён заўсёды марыў аб іх, шукаў іх і, калі доўга не бачыў Ніны, тужыў, нудзіўся, не знаў, куды дзецца. Работа абрыдла яму. Рабіў сваё дзела нядбала, няўважна. Не было даўнейшага запалу, даўнейшай энергіі. Усе дзівіліся і не зналі, што з ім за змена такая.
Знаў адзін Матрос. Таму толькі прызнаўся, адкрыў сваю душу.
Матрос, як выслухаў яго, паківаў задуменна галавой.
- Кепска, што і казаць... Не тое кепска, што ты закахаўся, а тое, што насур'ёз... Каб гэта так злёгка, неглыбока... Ну, тады глупства... пагуляў дый кінуў... А то... усё роўна нічога ў вас не выйдзе. Не пара вы... А перарабіць яе ты не здолееш, позна ўжо... Канчаць табе трэба, во што... Бо... цягнуць так... мякчыць яно, слабіць чалавека...
Гуторскі нічога не адказаў на яго словы. Ён і сам знаў тое, што гаварыў Матрос. Даўно знаў, тысячу разоў перадумаў, перамучыў у сваёй душы. О, ён добра знаў гэта, знаў, што нічога не будзе. І ўсё-ткі цягнуў. Сіл не ставала...
Аднаго разу ён падумаў пагаварыць з ёй, сказаць ёй усё.
Гэта было ўжо ўвосень. У парку, дзе сядзелі яны, ужо жоўтым дажджом сыпаліся з дрэў лісты, дываном засцілалі чорную згалелую зямлю. У паветры дрыгацеў сум адцвітання, сум надыходзячай смерці...
Гуторскі глядзеў на Ніну і бачыў у яе вачах адбітак гэтага суму, нібы частку яго, таго, што жоўтай маркотай спавіў усю прыроду. Частку асенняга глыбокага суму.
Яна была падобна да восені ў сваім смутным, паніклівым харастве. Быццам і яна, як тая прырода, дажывае свае апошнія дні, чакае смерці.
Гуторскаму было шкада яе. Ён пачаў гаварыць неяк раптам, нечакана для самога сябе, пад уплывам ускалануўшага душу непамернага жалю, пяшчоты.
- Ніна Васільеўна! Ці ведаеце, што я люблю вас?
Яна ўсміхнулася, зірнула ветла-ласкава.
- Ведаю, Павел Мікалаевіч!..
- А што вы скажаце на гэта?
- Вы хочаце знаць, ці люблю я вас?.. Я скажу вам. Не, не люблю... Можа, і люблю, ды не так, не такою любоўю, як вы мяне... Я так, як тады... як дзесяць год назад... Вы для мяне друг... Мне з вамі добра, лёгка так... А любіць? Не, я ўжо не палюблю нікога...
Яна замаўчала, углыбілася ў думкі.
- Ніна Васільеўна! - зноў звярнуўся да яе Гуторскі.
- Ну?
- Ці будзеце вы маёй жонкай?
Яна схапянулася, у вачах бліснула цвёрдая рашымасць.
- Не, не... ніколі...
- Чаму?
- Нічога не выйдзе з гэтага. Толькі папсуём жыццё адзін аднаму, згубім сябе... Мы - ворагі... Гэта часовае ўсё... І ваша, і маё... А тое праявіцца, праявіцца ў жыцці... наша варожасць... Ладу не можа быць, мы - розныя людзі. У мяне адны нахілы, а ў вас - другія, у мяне адна ўрода, у вас - другая... Неразумна і думаць пра гэта... Я не магу перавярнуцца, стаць падобнай да вас, таксама, як вы... ды што я, стаць такой, як я, гэта ж значыць кончыць самагубствам!..
Яна ўсміхнулася.
- А потым... яшчэ...
Яна раптам стала сур'ёзнай і быццам змагалася з сабой - сказаць ці не?..
- Яшчэ ёсць прычына... Я вам усё скажу як другу... Пасля гэтага вы назаўсёды пакінеце гэту сваю думку...
Яна спынілася. Гуторскі з трывогай і нецярплівасцю чакаў, што скажа далей.
- Я звязана, Павел Мікалаевіч... звязана назаўсёды... з тым, каго вы забілі... Моцнымі путамі звязана... у мяне... будзе дзіцянё...
Гуторскаму як перуном ударыла. Усяго ён чакаў, толькі не гэтага...
- Вы гэтага не чакалі? - гаварыла яна. - Але гэта так... Гэта праўда... Ну, во... спадзяюся, што ў нас з вамі не будзе больш ніколі гаворкі аб тым... Дый што вы, Павел Мікалаевіч! У вас жыццё наперадзе - поўнае, цэлае, незламанае. У вас ёсць чым і дзеля чаго жыць... для вас ёсць месца, пачэснае месца ў жыцці... А я... я ўжо нябожчыца... Жывая нябожчыца... Паспрабую яшчэ маткай быць, можа, тут знайду сабе месца, можа, здаволюся хоць на часінку... А калі не... тады...
Гуторскі слухаў яе, абураны глыбокім жалем. Гэты жаль ахапіў яго ўсяго, зліў у сабе ўсе пачуцці... Каб ён мог, каб ён умеў ратаваць яе, пагадзіць яе з жорсткім жыццём! Гэтую любую, дарагую яму дзяўчыну!..
У той дзень яны доўга сядзелі, доўга гутарылі...
Разышліся добрымі прыяцелямі.
11
Гуторскі прыхінуўся плячмі к пераборцы, што дзеліць адно купэ ад другога, закінуў галаву і аддаўся ціхай, салодкай нерухомасці. Мерна, аднастайна падрыгвае вагон. У такт гэтаму дрыжэнню самотна, жалобна дрынчыць у акне адбітае шкло.
У вагоне змрок. Усё шэрае, няяснае, расплыўчатае. Фігуры людзей - цёмныя плямы - нязграбна калышуцца, дзіўна, смешна трасуцца чорныя клубкі - галовы. Некаторыя гавораць, і, пакрытая глухім грукатам чыгункі, гутарка іх здаецца дзіўнай, незразумелай.
Гуторскага агортвае цягучая дрэма. Ён аддаецца ёй, заплюшчвае вочы. Але не засынае...
Мяккай, згоднай чарадой плывуць думкі, варушацца паціхеньку. Думкі-ўспаміны... Выглядае яна - смутная, прыгожая. Чуецца яе мілагучны шчыры голас...
- Бывайце здаровы... Не памінайце ліхам... Жывеце... па-свойму, па-новаму...
Шкада яе. Дужа шкада... Але нічога не парадзіш... Гэткі закон жыцця... бязлітасны закон... Усё старое вымятаецца, выкідаецца, як непатрэбнае смяццё. Расчышчаецца дарога новаму... Паўстае новае жыццё - здаровае, свежае, магутнае... Усміхаецца ядранай, прыгожай рунню... Прыйдзе час - і закрасуецца яно краскамі мнагацветнымі, апаўе зямельку дзіўным, казачным хараством!
Тады ўжо не будзе гэтых адсклёпкаў, гэтых пажоўклых лістоў старога, гнілога, забуранага навальніцай дрэва... Пацьмеюць, пагніюць, спарахнеюць, знікнуць, як дым пад павевам свежага ветру...
Гуторскі давольны тым, што едзе - едзе ў новыя месцы, да новых людзей, да новых уражанняў... Яшчэ ў тую бяссонную, доўгую ноч, пасля той канчатковай гутаркі з Нінай, у яго склалася пастанова паехаць...
Усю ноч ён тады прадумаў. Раскалупваў сваё нутро, рабіў пільны абгляд самога сябе. І тады ён зразумеў, што захварэў, што трэба лячыцца, пакуль не позна. Ён ясна вызначыў сваю хваробу, знайшоў яе карані, яе прычыну.
Ён адарваўся ад народа, адышоў ад яго. Патраціў звязак з яго жыватворчай глебай. Яшчэ момант - і парвуцца астатнія карані, якія яшчэ засталіся, якія яшчэ хаця слаба, але прывязваюць да працоўнае глебы, надаюць яшчэ жыццёвыя сілы. Парвуцца яны - і тады...
Гуторскі аж жахнуўся, як падумаў быў пра гэта.
Тады - усё. Тады смерць... Тады - гэткая доля, як Ніны Купрыянавай, - доля пажоўклых, адарваных ад дрэва лістоў...
І ён схамянуўся, рашыў лячыцца, пакуль не позна, ад сваёй хваробы. Рашыў вярнуцца, зліцца з працоўным народам, набрацца сіл жыватворчых, замацаваць сваё права на новае жыццё.
І вось ён едзе - едзе ў Чырвоную Армію, у яе гушчыню, поўную невычэрпнага запасу жыццёвай энергіі. Там ён набярэцца сіл, узновіць парваную сувязь, зноў пусціць карані. Там ён зноў стане здаровы!
Чыгунка ляціць, нясе ўсё далей і далей... Злёгку падрыгвае цёмны вагон...
- Дзын! Дзын! Дзын! - жалобна звягае ў цемры пабітае шкло...
Гуторскага агортвае цягучая дрэма...
Бацькаў сын
Увечары, як Сцёпка ўпарадкаваў скаціну і, змораны дзённай працай, уваліўся ў сваю мізэрную хатку, маці сказала яму:
- Хоць бы ты, сынок, да таткі даведаўся, занёс яму што-колечы. Мо галадуе тамака ў лесе?
Гаварыла старая ціхім, прытоеным голасам, быццам баялася, каб хто не падслухаў. Сцёпка таксама ёй адказаў:
- Мамка! Змарыўся я, ног пад сабой не чую.
А ў думках мільгнула:
«Лес, нетры... могільнік па дарозе... Страшна...»
Здрыгануўся міжвольна. А матка больш не настайвала. Уздыхнула цяжка, глыбока.
- Як сабе хочаш, сынок...
Колькі ціхай пакоры ў сумным матчыным голасе, колькі журбы невыводнай!.. Ах, нашто яна так, лепей бы сварылася, дык упяўся б, не пайшоў на наругу. А так - няма сілы, каб не пайсці. Хоць і страшна, хоць і жудасць хапае пры думцы адной...
І Сцёпка пайшоў. Адразу, нават не пачакаўшы вячэры, бо знаў, што, калі замарудзіць, - больш страху, жудасці набярэцца.
Сцёпка добра помніць тое месца. Там, дзе лес пераходзіць у багну, дзе пачынае пад нагамі слюнява цмякаць набраклы вільгаццю дол, там трэба шукаць маленькай вузенечкай сцежкі. Потым па ёй сярод куп'я, карчоў - валасатых страшыдлаў, паміж чорных лужын бяздонных, пакуль не адкрыецца ўзгорак, быццам нейкая выспа сярод багны-балота. Па ўзгорку направа, убок, да густога калматага хмызняку. Там спыніцца, ціханька свіснуць...
Сцёпку самае галоўнае - да лесу дабрацца. Там не так страшна, бо лес свой, лес не выдасць. У лесе кожнае дрэва знаёмае, кожная сцежачка. А вось пакуль да лесу... Вакол вёскі жандары польскія нікаюць, падсцерагаюць часам - крышка тады і бацьку й яму.
А страшней за ўсё - могілкі. Чаму так баіцца іх Сцёпка? Чаму такі жах наганяюць яны сваймі старымі пакарожанымі бярэзінамі, сваймі крыжамі паніклымі? Не верыць Сцёпка ні ў чарцей, ні ў нябожчыкаў, ведае - глупства гэта адно, не ўстануць мерцвякі з могілак, не задушаць яго. А вось страшна нечага.
Бяжыць Сцёпка краем дарогі, прыгінаецца нізенька, вострымі вочкамі бяздонную цемру свідруе. Ззаду, здаецца, нехта паўзе, насцігае. Вось хапае ўжо за полы доўгай сарочкі... Уцякаць?..
Не, гэта так, толькі здаецца. А пабегчы - тады прапаў, тады ўжо не адкараскаешся ад страху.
Наперадзе загараджвае дарогу цёмная пляма. Распаўзлася абапал дарогі, берагі свае ў цемры разбавіла, злілася з цемрай. Гэта - могілкі...
У Сцёпкі не сэрца ў грудзях, а жалезны клявец - гэтак стукае, б'ецца. Але йдзе, не спыняецца.
Чорная пляма разгарнулася ўшыркі, увабрала яго ў сваё нутро. З бакоў заплавалі няясныя цыбатыя цені крыжоў. Здаецца, пасуваюцца, набліжаюцца да дарогі.
А гэта што?.. Быццам нейкія крокі?.. Не, гэта ж сэрца так б'ецца. Глупства. Зараз канец, там поле, а далей і лес ужо.
Раптам паблізу хруснула нешта. Ірвануўся Сцёпка, у нагах нервовыя дрыжыкі... Але стрымаўся, заспакоіў сябе:
- Глупства. Мо птушка?
Наўмысля ход замарудзіў. Пайшоў, гледзячы проста перад сабой у кропку адну. Вось і канец. Лёгка ўздыхнуў, шпарчэй пасігаў па дарозе.
Лес раптам насунуўся вялізнай хмурай грамадай. Як уваходзіў Сцёпка ў яго, пачуў сябе маленькім-маленькім, быццам казюлька якая. Але пасмялеў, бо хіба ж можа што стацца гэткаму маленькаму хлопчыку пад аховай магутнага лесу-дзядулькі!
Ішоў па лесе вобмацкам. Натыкаўся на дрэвы і, мінаючы, абымаў іх з нейкай шчырай дзіцячай ласкай.
Патаемную сцежку ўраз адшукаў, бо не злічыць нават, колькі разоў вымерыў ён сваймі маленькімі крокамі гэтую дзікую мясціну. Па сцежцы паціху пайшоў, мацаў нагой, каб не збіцца, бо троху ўбок - і капут, загрузнеш у багне. Доўга прыйшлося цягнуцца. Змора валіла з ног, да зямлі прыціскала. Але йшоў, не спыняўся.
Урэшце сцежка вільнула раптам убок, і Сцёпка пачуў пад нагой цвёрды, бяспечны грунт. Тут - направа цяпер.
Пайшоў вольна, размашыста, нават галаву задраў угару. Цяпер ён не баіцца. Ані крушыначкі! Чаго ж яму баяцца, калі тут - колькі крокаў - і свае людзі: бацька, хлопцы вясковыя... А як бацька ўзрадуецца!
Вось і хмызняк. Сцёпка спыніўся. Перавёў дух, каб ямчэй было свіснуць, бо гэта ж самае цікавае. Вось толькі як: ці ў прыгоршчы, ці ў два пальцы? Лепш у прыгоршчы, мусіць, бо яно ў яго надта спрытна выходзіць, якраз як сава.
Сцёпка склаў рукі, прыладзіўся.
- Фіў...
Усміхнуўся здаволена. І сапраўды - якраз як сава... Зараз адкажуць. Тады можна пайсці.
Але нешта не чутна. Што ж гэта, няўжо не пачулі? Трэба другі раз...
Ізноў не чуваць. Паждаў часінку, яшчэ раз свіснуў.
Ізноў не чутна адказу. Няўжо ўсе паснулі? Не можа быць, варта павінна стаяць.
І раптам страх ахапіў Сцёпку. Зноў пачуў сябе адзінотным. Няўжо нікога няма? Няўжо пайшлі куды ў іншае месца? Што ж цяпер? Назад?..
Уявіў сабе Сцёпка дарогу: балота, могілкі...
- Не, не пайду. Трэ паглядзець, мо й сапраўды паснулі.
Сцёпка палез у кусты. Асцярожна рассуваў мяккае вецце, спыняўся, прыслухваўся.
Ціха, ані зыку, ані шолаху.
І чым далей, тым больш ахапляў Сцёпку жудасны страх. Шчыльней туліўся ён да зямлі, віўся па ёй, як вужака.
Раптам скрозь вецце агеньчык бліснуў. Смялей папоўз Сцёпка. Зноў агарнула радасць, здаволенасць. Праз колькі крокаў палянку ўбачыў наперадзе. Па ёй свет бегае цьмянымі дрыжыкамі, варушыць, карабаціць сонную траву. Гэта - ад вогнішча, што недалужна згасае сярод палянкі. І - што гэта? - вакол нікагутка. Пуста...
Сцёпка паціху высунуўся на палянку, пільна прыслухаўся. І раптам - быццам ударыла яго што, ашаламіла. Лёг на зямлю, прытаіўся, поўны вострага палкага жаху.
Ці не здалося гэта яму? Не, во яшчэ... яшчэ... Хрыпіць нехта. Ды так жа страшна, жудасна...
Задрыжэў Сцёпка ўвесь. Ляжаў нерухліва, не знаў, што рабіць. А там усё хрыпіць, усё хрыпіць...
Урэшце Сцёпка набраўся адвагі, узняўся паціху, пачаў уважна разглядаць палянку.
- Вунь ён!..
На ўскраю паляны цьмяны выблеск згасаючага вогнішча вызначыў цёмную фігуру. Нехта ляжыць, стогне. І больш, мусіць, нікога няма, адзін ён.
Сцёпка троху счакаў і потым гукнуў палахліва:
- Дзядзечка!
І сам здзівіўся свайму голасу: такі слабы, ледзь чутны. Другі раз паклікаў:
- Дзядзька!
У адказ зноў пачуўся цяжкі жудасны хрып. Тады ён бліжэй падышоў, пачаў разглядаць. У твар зазірнуў. І раптам кінуўся з дзікім прарэзлівым крыкам:
- Татачка!..
Бацька пазнаў сына. Напружыўся і загаварыў скрозь сударгавую хрыпоту:
- Сцёпка... сыночак... гэта ты... забілі мяне... знайшлі... выказаў нехта... Уцяклі каторыя... у Седлішча... так згаворана было... Ой, цяжка, баліць...
Зноў захрыпеў, застагнаў. На вуснах злавесным булькатам чорная кроў.
Сцёпка горка, адчайна плакаў. У роспачы туліўся галавёнкай да бацькавых грудзей.
Бацька раптам заварушыўся.
- Ой... цяжка... гарыць... ой... ой...
Апошні ўздых - і выпрастаўся, змоўк. Сцёпка перш не зразумеў, потым усё стала ясна.
- Памёр... Няма таткі!..
І дзіцячая крыўда агарнула болем пякучым. Слёзы яшчэ мацней паліліся, змяшаліся з бацькавай крывёй.
З гадзіну сядзеў так ля бацькі, плакаў усё. Потым устаў, азірнуўся.
Вогнішча згасла ўжо. Цемра ўсё заліла, затапіла.
У Сцёпкі ў галаве біліся думкі. Новыя, напружныя.
- Хто гэта? За што? За што яго татку згубілі?
Успомніў польскіх жандараў, якія ўвесь час бацьку шукалі, якія не раз яго самога пыталі і білі. І дзіцячыя кулачкі моцна сціснуліся ад прыліву вострага гневу.
- Гэта яны... яны забілі татку...
І разам у дзіцячай галаве сталлю прарэзалася пастанова:
- Не пайду ў вёску, не хочу... У Седлішча, казаў, уцяклі... Пайду шукаць...
Адважна разгарнуў кусты і пасігаў у той бок, дзе, як ён знаў, было Седлішча...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Матка чакала Сцёпку. Усе вочы праглядзела, вушы праслухала. Горам ахінулася матчына сэрца.
Няма сынка, не чуваць.
Няма і не будзе. Доўга не прыйдзе, дарма што так пільна яго матка чакае.
Не прыйдзе затым, што ён бацькаў сын і будзе рабіць бацькаву справу...
Гануля
Шэрая вёска. Цёмныя людзі. Цьмяная рэчка жыцця.
І да вольнасці, і пасля вольнасці тое самае. Праца сялянская - цяглая, ламучая, пот вёдрамі выганяе, як самагонку. А адпачынак - нуда. Цягнецца, што кісель. Тухлы.
У нядзелю, калі на места не падасіся, дык што ж: сядзіш, гамоніш-гамоніш, сядзіш, потым спаць забурышся. Нудна...
Бабы языкі точаць. Дурныя, вядома. І працаваць любяць. Калі не рукамі, дык языком. Мяліцамі трэпяцца. А перабяруць - усіх чысценька! А навыдумляюць - дзіву дасіся, лопнеш ад смеху.
А часамі бабы сплятуцца. Мужчыны далучацца, злосныя ад нуды. Тады бойка. Тады ў паветры замітусяцца: валасы, хусткі, спадніцы, бароды, вусы. Тады цікава і весела.
Дзеці... Во дзеці добра жывуць. Цвітуць, пузаны. Ім няма нуды. І працы няма. Балазе ім: за птушкамі, напрыклад, шарапацца даросламу неяк сорамна, хоць і ў нядзелю, а ім што - пайшоў ды пайшоў. А ўцеха якая! Ізноў жа табаку ў дзеда Лявона цягаць - даросламу што, а малому - хлебам яго не кармі, толькі дай магчымасць жменьку стырыць. Адным словам - «хвацка».
Вось якая вёска Будынкі. Звычайная? Вядома. Але гэта раней. А цяпер - ого, што цяпер...
Гануля... Бачылі, як красуецца стромкая маладая вішня; як яна ззяе, блішчыць веснавым хараством, як яна - свежая, сакавітая - смяецца сваім квяцістым уборам, радасць шчодрымі жменямі раскідае наўкола?
Зграбная, свежая. Стан пругкасцю мяккай, дзявоча-крамянай спакушае. Вабіць, абяцае ўцехі жаркія. Твар - чырванню рдзее. Любы, прыгожы, заўсёды з усмешкай чароўнай, гарэзлівай. Вочкі... Вочкі такія, што калі хочаш утапіцца ў таемным, яскравым бяздонні, дык зірні ў іх. Яны сваімі блакітнымі праменнямі схопяць твой погляд і пацягнуць магнэсам у жудасную і разам чароўную прорву.
Во якая Гануля. Але гэта таксама раней было. Потым былі цёмныя ночкі, палкія пацалункі, абнімкі, глыбокія, жаркія ўцехі. Потым пакута была.
А цяпер Гануля - дзеўка старая. Чырвань на твары пагусцела, у плямы сабралася, вочы туманам ахінуліся. Грудзі - тыя пульхныя, любыя, крамяныя булачкі - цяпер абвіслі. Брыдка.
І цяпер пры Ганулі дзіцёнак, хлопчык сінявокі.
Але добра. Што далей?
Восень была. На гародах, пажоўклых, счарнеўшых, бабы працавалі. Гануля ў цёткі Арыны за кавалак хлеба гародніну з чорнай зямлі калупала.
І вось тады прыехала тая, з горада. Худая, вочы гараць ліхаманкавым бляскам. Гаварыла грубаватым, глыбокім голасам. Пачала баб збіраць. Смеху было! Бабы адна адну пад бок штурхалі. Міргалі з усмешкай.
- А бач! На баб мода пайшла. Во табе. Цяпер мы ў сілу ўвойдзем, людзей сваіх пад уладу возьмем.
Смяяліся. І на сходцы таксама. Не маглі без смеху слухаць, як кабета з горада запэўняла, што баба з мужчынам роўная.
- Паненачка! А я ж касіць не ўмею. І мой таксама дужэйшы за мяне. Не я яго б'ю, а ён мяне лупцуе.
Тая тлумачыла, а бабы ізноў рагаталі, у бокі ўзяўшыся.
А Гануля не смяялася. Яна развучылася смяяцца. Часам толькі вусны крывіла жаласна, пакутна. Смяяцца не магла, бо на вусны пячатка была накладзена. Моцная пячатка гора.
Яна слухала ўважна. І, як тая казала пра долю гаротную бабскую, у яе мінулае варушылася ў сэрцы. Паўставала, злучалася ў адзін малюнак чорны, слязьмі падступала да горла, вымагала нейкай надзеі, нейкай уцехі. Думку напружную, палкую раджала, думку аб будучыні.
Пасля сходкі, калі бабы гурмай, лапочучы, павалілі з хаты, яна нясмела падсунулася да гарадской.
- Паненка! А ці ёсць якое паляпшэнне?
Ціха спыталася, баючыся, каб хто не пачуў. Тая зірнула з цікавасцю.
- А што, цяжка жывецца?
- Ой, цяжка, галубачка. Нічога не маю, за кавалак хлеба хаджу на падзёншчыну. А часамі - зусім няма чаго есці. Дзіцёнак малы.
- Удава?
- Не, не ўдава. Я... так сабе... дзеўка...
- А... Хату маеш?
- Не маю, родненькая. Была ў нас хатка старэнькая, дык, як матуля памёрла, яна брату дасталася. А ён прагнаў мяне пасля таго... Жыву цяпер, дзе прыйдзецца, куды пусцяць.
Гарадская доўга з Гануляй гаманіла. Тлумачыла ёй, малявала абразы пекныя, прыгожыя, захапляючыя. Шляхі адчыняла ў Гануліным розуме - шырокія, гладкія, квяцістыя. Пасля кніжак дала пачытаць і паехала.
Гануля трохі пісьменная была. Кніжкі чытала ноччу пры лучыне. Удзень хоць бы і быў час - нельга, засмяюць. І то трохі кпілі: грамацейкай празвалі.
І пачало ў Ганулі нешта расквітаць усярэдзіне. Сярод чорнай беспрасветнасці пачалі мігаць ружовыя праменні надзеі. Часамі смяялася Ганулька. Невыразная радасць дух уздымала.
- А мо што і будзе? Хоць бы пад старасць дажыць...
Пад вясну яшчэ з горада тая прыехала. Бабы ізноў усміхаліся, жартавалі. А Гануля, як роднай, узрадавалася.
Цяпер гарадская проста падышла. І як пачала гаварыць аб жыццёвым, магчымым, бабы сур'ёзнасцю трохі працяліся. Слухалі з палахлівасцю, з нейкай апаскай, недаверлівасцю.
Гарадская яслі адчыніць захацела. Дзіўная... Чаго ёй прыспела? Што ёй за наўда: ну, жывуць бабы і жывуць, як спрадвеку жылі.
Нялюба бабам, што жыццё іх кратаюць, ды варушаць, ды пераглядаюць з усіх бакоў. Прывыклі ў запеччы...
І гвалтам узняліся:
- Як жа! Аддадзім мы сваіх дзяцей невядома каму. Каб згубілі!..
Гарадская - рады не дасць, што з бабамі рабіць. Але Гануля тады ўзялася. Як пачала гаварыць, дык голас дрыжэў: гэтак абурылася.
- Дурныя вы, бабы. Самі не ведаеце, чаго баіцёся. Кожнай жа дзеці ў абузу ўлетку. Дык тут жа просты рахунак. Заместа таго каб кожнай дзяўчыну трымаць ля дзяцей, - знесці іх у адно месца ды даручыць адной бабе - няхай з імі возіцца.
Ой, як спрачаліся бабы. Не раўнуючы - быццам іх у пятлю хто цягнуў. Але ўрэшце ўсё ж паддаліся. Перш адна да розуму прыйшла:
- Пастойце, бабкі! А можа, гэта і ўпраўды рахуба? Во Гануля... яна не пры месцы, вандруе з хаты ў хату... няхай забаўляе дзяцей.
Іншыя далучыліся. Толькі самыя ўпартыя на сваім стаялі.
- А хто ж гэта пусціць да сябе ў хату гэтае пекла? Каму гэта люба?
- Па чарзе можна. Тыдзень у адной хаце, другі - у другой.
Дагаварыліся. Гарадская, здаволеная, паехала. На развітанне моцна паціснула Гануліну руку.
- Во вам пачатак і ёсць. Адно паляпшэнне ўжо бачым. Працуйце тут.
А Гануля святкавала ў душы. Радасцю дзіўнай гарэла.
Надышло лета. Жаркае, потнае. На гародах, у полі мурашкамі людзі запоўзалі. У напружанай спякоце смага павісла. Душнай зморай на людзей перакінулася. Занылі працоўныя плечы. Цяжка... Ганулі таксама - хоць разарвіся. У цеснай хацёнцы - пузатымі клёцкамі поўзаюць. Гвалтуюць на весь шырокі дзіцячы рот. Сапраўднае пекла. Свежы чалавек звар'яцее, калі зойдзе ў хату.
Але Ганулі нішто. Рупная, рухавая, яна ва ўсе бакі. Аднаго пакарміць, другога ўняць, трэцяга закалыхаць. Усюды спраўляецца.
Сама аж цвіце. Быццам тое даўнейшае вярнулася. Нават памаладзела, папрыгажэла.
Часам матка якая - распараная, зняможаная - прыйдзе адпачнуць. Пасядзіць момант - з ласкавай усмешкай паўзіраецца на муравейнік.
Пажартуе:
- Во табе, Гануля... І замужам не была, а дзяцей - поўная хата, як тых парасят.
Тады Ганулі нешта ў сэрца кальне. Успомніцца старое: тыя сонечна-светлыя дзянькі, зорныя ночы. Возьме яна тады свайго Яначку, шчыльней прытуліць, галоўку сукрыстую гладзіць. Песціць сумна-ласкавым поглядам.
Але ненадоўга гэта. Усміхнецца апошняй, смутнай усмешкай і - зноў замітусілася па хаце.
У адну з душна-лянівых, санлівых нядзель Гануля баб вясковых сабрала. Бабскую сходку. Каля крайняе хаты, на мяккай зялёненькай траўцы, паселі ў гурток. Гануля - у сяродку.
І вось што сказала бабам Гануля:
- Ведаеце, бабачкі, што я надумалася. З дзяцьмі карагодзіцца - малая гэта для мяне праца. З гэтым і дзяўчына якая справіцца. А калі дзве, дык і казаць няма чаго. Пад маім наглядам яны абыдуцца з вашым насеннем. А я тым часам іншай бы працай займалася. Вам жа цяпер, цётачкі, вопраткі памыць няма часу. Вось бы я і мыла патроху. Усё вам дапамога, ад пільнай працы не адрываліся б...
Бабы згадзіліся. Толькі падзякавалі Ганулі. Да дзяцей дзвюх дзяўчынак прыставілі, а Гануля вопраткі сялянскія мыць пачала. А калі многа збіралася, цяжка было, - па чарзе пасабляць прыходзілі.
Усе паважаць сталі Ганулю. Нават мужчыны, што калісь кпілі з яе, грамацейкай жартуючы звалі, цяпер іначай да яе абарачваліся. Калі ўбачыць каторы, што кніжку часам Гануля чытае, дык, замест смеху, - павага, сур'ёзнасць на твары з'явіцца. Падыдзе ды аб сур'ёзных «палітычных» рэчах пагаворыць.
Увосень у сельскі Савет Ганулю выбралі. Во было гутарак! А бабы! Усе насы ўзнялі на добрую пядзю. Козырам захадзілі.
- Во, цяпер наша панства. Канечна, наша. Што яны, мужчыны, пхе!..
Мужчыны моўчкі ў вусы ўсміхаліся. А часам кідалі няўважна:
- Што ж. І бабы не ўсе бабы. Часам і разумныя бываюць... Хоць і рэдка, трэба сказаць...
А то яшчэ:
- Што ж. Ёй вальней, часу хопіць. Гаспадаркі не мае, не звязана нічым.
І Гануля пачала справамі заварочваць. Загад які - фурманкі альбо падатак які - зараз сходку ці па хатах пойдзе. Гаспадары моршчацца, плююць убок.
- А бадай цябе! Абабралі бабу на бяду сабе. Усюды яна круціць сваёй спадніцай... У, я цябе, кудлатая...
А потым разам з Гануляй смяюцца і загад выконваюць.
Ахвотна слухалі Ганулю, дарма што баба. Слухалі, бо зналі, што яна ўсё добра разрахуе - што каму, нікога не пакрыўдзіць.
А ўзімку, як вальней стала селяніну, як пайшлі зімовыя вечары - доўгія, нудна-цягучыя, - тады Гануля іншай працай занялася.
У Лявона, у досыць раскошнай хаце, чытальню адчынілі. Лявон ахвотна дазволіў. Вясёлы дзядзька! Любіць, калі ў хаце народ таўчэцца. У чытальні - газеты, кніжкі сякія-такія. Кожны вечар - народ. Гануля газеты чытае сялянам, тлумачыць усё чыста, што сама ведае, чула. І моладзь тут трэцца. Хлапчукі, дзяўчаты - яны, вядома, больш жартуюць, дурэюць, каханнем практыкуюцца. Але часам, як надакучыць гарэзваць, і яны лезуць за стол.
- Старшыніха, дай газетку!
- Старшыніха, дай кніжку цікавую...
А дзядзька Лявон важна зазначае скрозь піпку:
- Якая табе старшыніха... Камісар! Во як, дурань зялёны!..
А на «Ражство» што было, як Рыгораў Мікола прыехаў!
Мікола ў горадзе вучыцца. Як прыехаў, сабраў хлопцаў, дзяўчат ды і кажа:
- Давайце спектакль паставім!
Ну, дык што ж... і паставілі. Ды яшчэ як! На ўсю акругу загрымела. У свірні, дзе спектакль ставілі, ад людскога натоўпу замалым сцены не праламаліся.
Гануля таксама іграла на сцэне. Што ж, што старая трохі... Абы дух малады! Яшчэ як ролю Альжбеты выканала - проста любата!..
Дык во як было. А пад вясну змянілася.
Нешта раз Гануля паперку атрымала. Пісалася:
«Ганне Ахрэмчыкавай. N-скі павятовы аддзел па працы сярод кабет запрашае Вас да пастаяннае працы ў названым аддзеле. Аб згодзе паведаміце».
Гануля без канца чытала, перачытвала паперку. З усіх бакоў яе аглядала. І верыла і не верыла. А сэрца, быццам клявец па касе, - цюк-цюк-цюк!..
Дужа ўзрадавалася Гануля. Перад вачмі шырокія, раскошныя, прывабныя прасцягі развярнуліся.
Праца. Вялікая праца. Шмат работы, карыснай, цікавай. І ўсё дзеля сваёй пакрыўджанай гаротнай сястры.
Толькі шкада было Ганулі пакідаць сваю вёску. Родная вёска. Радзілася тут, узрасла, узгадавалася. Тут першае шчасце, дзявочае шчасце пазнала, тут і пакутвала.
Але гэта ж не ў дальны свет... Пэўна, не раз прыйдзецца сюды прыязджаць, даведвацца.
І Гануля, вядома, паехала.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Дык во якой стала Гануля!..
Адна партыя ў шашкі
Гэта - з таго часу, як у маладой савецкай краіне полымем барацьба бушавала, як у смяротную бойку схапіліся былі паўстаўшыя работнікі з сваімі адвечнымі ворагамі - панамі. Тады кожны куток нашай краіны працяты быў вострай напружнасцю, якая часам прасякалася агнявымі бліскавіцамі бурных уздымаў.
У той час на кожным кроку хаваліся ў цемры падкалодныя гадзіны. Часам выпаўзалі яны на свет і атрутныя джгалы паказвалі. Мужыкі-сярмяжнікі зніштажалі іх сваімі рукамі мазольнымі, карузлымі. І не было тады меры мужычай моцы жалезнай, не было меры і гневу народнаму, бурнаму.
У фальварку Струшні тры дні паслугачы панскія сядзелі замацаваўшыся. Акружаны былі кальцом непарушным - чырвонаармейскім атрадам на чале з Асначом - селянінам-героем. Не здаваліся, хоць і бачылі, пэўна, што не будзе ратунку. А мо чакалі адкуль дапамогі?
Аснач наўмысля не браў фальварка з бою: хацеў жыўцом захапіць непакорных бандытаў. Расстанавіў вакол панскага дома людзей сваіх, сам сядзеў у старажоўскай халупцы, што ад дома крокаў на сто ля дарогі стаяла. Пад вусамі густымі вялізнымі хаваў увесь час хітравата-давольную ўсмешку. Пэўна, сам сабе думаў:
«Няхай пасядзяць сабе троху, адпачнуць пасля працы. А канец - адзін...»
Ноччу панскі дом хаваўся ў старожкую цемру. Тады Аснач падыходзіў да дома і хадзіў вакол безупынку. Упаўголаса аклікаў чырвонаармейцаў, бадрыў іх жартам вясёлым. А сам усё хадзіў і ўсё слухаў пільна, уважна, ці не робіцца што там за сцяной, ці не гатуюцца да чаго непрыяцелі.
На трэцюю ноч, калі ён хадзіў так - бяссонны, настарожаны, - яго чулае вуха злавіла ледзь чутныя рухі ў пакоях. Умомант ад чалавека да чалавека перадалася чырвонаармейцам яго перасцярога. Шчыльней абступілі дом, ля дзвярэй, ля акон пасталі з нарыхтаванымі стрэльбамі.
Застыгла ўсё, быццам самлела наўкола. Так ціха было, што як з саду над домам праляцела нейкая птушка начная, дык чуцен быў мерны ўзмах яе скрыдлаў.
Часінка, другая...
Раптам адчыніліся дзверы панскага дома. Уздрыганула паветра ад стрэлу. Невядома, хто першы страляў: ці армейцы, што чакалі каля дзвярэй, ці мо бандыты, каб спалох узняць нечакана, палягчыць сабе магчымасць уцячы.
Потым ужо ў пакоях пайшла страляніна. Тлум, замятня... А праз колькі хвілін асвяціўся дом святлом няроўным, дрыжачым; з акон косы віхрыстыя заскакалі па кустах палісадніку.
Гэта Аснач рабіў вобыск па доме. Замест лямпы з паперы зрабіў нібы факелы і асвятляў імі пакоі.
Доўга не аставаліся ў доме. Аснач хутка сабраў сваіх хлопцаў.
- У вёску, усе... Пільна сачыць за бандытамі... Рукі скруціць... як мае быць... Марш!..
Пасунуліся няроўнай чарадой па цёмнай дарозе. У невялічкай вёсцы - вярсты тры ад фальварка - спыніліся. Там мусілі начаваць.
Разышліся па хатах, а забраных бандытаў стоўпілі ў адзін з сялянскіх свірнаў. Да іх варту прыставілі. Толькі правадыра іхнага павёў з сабой чамусьці Аснач. Двое чырвонаармейцаў яго вартавалі, трымалі нарыхтаваныя стрэльбы.
Увайшлі ў сялянскую хату. Аснач сеў адразу за стол, задумаўся, паклаўшы твар на далоні. Усе маўчалі. Толькі гаспадар з гаспадыняй нешта шапталі ўцішку. З цікаўствам паглядалі на гасцей і больш за ўсё на таго, што стаяў паміж двух узброеных салдат.
Яго выгляд прыцягваў да сябе ўвагу. Вопратка нібы панская, але так абшарпалася, што зусім страціла свой калішні выгляд. Калматым шкумаццем недалужна звіслі парваныя полы сурдуту, а скрозь дзіркі на каленках свіцілася брудная бялізна.
Стаяў ён панура, нерухома, у дол апусціўшы сярдзіта прыжмураныя вочы. Твар быццам драўляны, быццам мёртвы. На ім застыгла, закамянела хваравітая напружнасць.
Аснач раптам узняў галаву. Акінуў хату ўраз павесялеўшым, светла-іскрастым паглядам.
- Гаспадыня! А як будзем з вячэрай, га?..
Замітусілася баба, забегала па закуцці.
- А бадай яно цямілася. Гэта ж мне з галавы вон. Такі праўду кажуць, што сыты галоднаму не спагадае...
Неяк ураз змяніўся ўсіхны настрой. Быццам нейкі гулліва-радасны промень працяў тую напружную цяжкасць, што гнётам вісела ў хацёнцы. Закулдыячылі дзеці, загаварылі армейцы. Гаспадар падсеў к Асначу, пачаў гаманіць з ім - сперш асцярожна, нясмела. Зазіраў у яго дабрадушныя вочы з цікаўствам, з павагай, распытваў пра падзеі ў фальварку. Аснач апавядаў, і ўсе смяяліся давольна, радасна.
Толькі адзін палонны маўчаў. Быццам не чуў, не ўважаў, што наўкола, углыбіўшыся ў думкі свае асабістыя.
Падалі вячэру. Аснач разгарнуўся, расшпіліўся, вольна раскапусціўся за сталом, гатуючыся як мае быць узяцца за ежу. Па твары разлілася давольнасць - шырокая, млявая, якая заўсёды бывае ў тых, хто пасля цяжкае працы знаходзіць сабе адпачынак.
У гэты момант пагляд Аснача спаткаўся з паглядам бандыта. Толькі хвілінку глядзелі яны адзін у вочы другому, але гэтага досыць было, каб Аснач згадаў тое, што перажывае ў гэты момант збянтэжаны пан. Скрозь усю тую варожасць і злосць, якія свіціліся ў прыжмураных вачах, нястрымана прарывалася моцнае жаданне, і гэта жаданне, відаць, панавала цяпер над усім пачуццём, над усёй істотай гэтага чалавека.
- Есці! Есці! - быццам крычалі напружна-бліскучыя вочы бандыта.
І тады Асначу яшчэ весялей зрабілася. Не было ўжо злосці на недалужнага, бяссільнага ворага. Нават жаль нейкі з'явіўся. А панская ўпартасць, замкнёнасць здалася смешнай і недарэчнай. Ён праказаў вясёла з захаваным смяшком:
- Можа, пан не адмовіцца павячэраць?
Злосцю і пагардай бліснулі панскія вочы. Адвярнуўся, не глядзеў нават у бок Аснача. Але Аснач ведаў, што голад пераможа ўпартасць.
- Хлопцы! Развяжыце пану рукі, няхай падмацуецца троху...
Развязалі. Пан не рушыўся з месца. Відаць, змагаўся з сабой. Але ўрэшце не вытрымаў. Утупіўшы вочы, падышоў да стала. Больш не чакаў, каб прасілі, накінуўся на страву, як звер галодны. Мусіць, доўгі час нічога не еў.
Як скончылі вячэру, як у ціхай сямейнай прытульнасці зацягнуў сваю ветлую песню самавар ля парога, Аснач заўважыў на акне дошку ад шашак.
- А бач! Вось дык знаходка... А дзе шашкі? Дзядзька! - звярнуўся ён да гаспадара.
- А ліха іх ведае... Як быў сын у дварэ, гулялі часам хлопцы... А потым, мусіць, параскідаліся, бо гуляць няма каму, так вось бадзяюцца...
- Кепска, кепска. Але нішто, мы наробім...
Узяў кавалак хлеба і пачаў крышыць шматкамі маленькімі.
- Ну, сядай, хлопцы, згуляем...
Але з чырвонаармейцаў ніводзін не ўмеў гуляць.
Аснач зірнуў у бок пана. Той сядзеў за сталом, упяўшы пагляд некуды ў пусты працяг. Думаў усё. На твары цяпер спакой быў, ціхамірнасць.
- Ці згуляе, ці не?
Хочацца Асначу ў шашкі пагуляць, дужа хочацца. Шашкі - гэта ж яго ўцеха найпершая... Пэўна, гуляе пан, але ці згодзіцца? А цікава было б з ім...
Ён абярнуўся да пана, і той, быццам схапянуўшыся, зірнуў на яго чакаючым паглядам.
- Можа, згуляем партыю? - запытаўся Аснач.
- Давайце.
Узяў нейкую паперку з акна і пачаў таксама, як і Аснач, гатаваць шашкі.
Расстанавілі - Аснач хлеб свой пакрышаны, а пан кавалкі паперы.
Чамусьці раптам заціхлі ўсе ў хаце. Армейцы падсунуліся бліжэй, глядзелі з цікавай усмешкай.
Пачалася гульня. Напружаная, цягучая ціша агарнула хацінку. Настойным, назоллівым гнётам павісла пытанне: «Хто каго?»
Глядзела гэта пытанне з цікавых вачэй армейца, з маўкліва ўпятага ў шашаніцу пагляду гаспадара. І нават гаспадыня, сноўдаючыся па хаце, часам падыходзіла да стала і зазірала на шашкі, хоць і не разумела ў іх нічагутка.
Аснач насупіўся. Упарта глядзеў на дошку, асцярожна, зважна пераставіў кавалачкі хлеба. І чым далей, тым больш і больш моршчыліся яго бровы, а вусы шавяліліся, як у таракана.
Дзіўная была гульня ў Аснача з панам. Абодва напружыліся, абодвух цалком захапіла адна вострая, палкая думка: каб не прайграць.
У Аснача пад звонку нібы зусім спакойным выглядам хавалася моцнае абурэнне. Адно звінела, гудзела ў мазгах: ён павінен абыграць, ён не павінен паддацца. Чаму - невядома, але так трэба, так павінна быць.
І нешта дзіўнае, незвычайнае рабілася з Асначом. Ніколі ён не гуляў з гэткім запалам. Быццам усёй істотай увайшоў ён у шашкі, у гэтыя цьмяныя кавалачкі хлеба, усю моц сваю, волю ўклаў у іх. І здавалася, што гэта не шашкі ўжо, што не іх справа. Здавалася, што няма ўжо шашак, што счэзлі яны, распаўзліся, разгарнуліся ў нешта вялікае, шырокае, у нешта без форм, без пачатку й канца. І асталіся тут толькі яны ўдвух - адзін проці аднаго - з гэтым панам, што блішчыць варожа вачмі, што ўсміхаецца смешкай саманадзейнай.
Абыграць яго, перамагчы! Бо йначай - немаведама што...
Гульня к канцу падыходзіла. Асталося па некалькі шашак у кожнага. Абодва не паддаваліся.
Напружнай чырванню пакрыўся акамянелы твар Аснача, вочы заблішчэлі агнём жорсткім, сталёвым. Упарта глядзеў на дошку. Уваччу ўжо не хлебныя крошкі, а нейкія вялізныя камлыгі каменныя. Здаецца, заваліў бы, раструшчыў імі гэтыя заядлыя белыя паперкі. А разам з імі гэтага ўпартага, злоснага ворага.
У парозе гаротна, недалужна пішчэў самавар. Усе на яго забыліся, усе абступілі гульцоў, з зацятым дыханнем чакалі, чым скончыцца. Ува ўсіх на твары відаць было шчырае спачуванне Асначу, жаданне, каб выйграў ён, не паддаўся. І разам трывога, напружная, палкая.
- А што, калі ды прайграе?..
Гэтак і выйшла. Зрабіў Аснач ход дрэнны, няўдалы; і твар пана раптам зайграў давольнай, радаснай усмешкай.
Аснач прайграў. Аснач паддаўся варожаму пану.
Раптам глыбокая цішыня стала жудаснай, злавеснай. Дзіўна дапасаваў ёй завыўны, жалобны посвіст самавара.
Узняўся Аснач. Упяў пагляд проста ў твар пану. У гэтым паглядзе нешта гарэла, бушавала шалёнае, лютае.
Пан таксама ўстаў. Смела глядзеў у твар Асначу, усміхаўся зларадасна.
І вось тады здарылася тое, чаго, пэўна, ніхто не чакаў, што спалохам агнявым усіх агарнула.
Аснач вынуў з кішэні наган і навёў яго на пана. Стрэл быццам ускалануў, разадраў усю хату.
А пасля - ціха стала, як у магіле. Пан марудна, паволі апусціўся на лаву.
Аснач стаяў нерухома. Не ведаў ён сам, нашто забіў пана, за што. Дый не думаў пра гэта. Нешта падказала з нутра, што трэба так, што павінен забіць, што вораг гэты кроўны, упарты - узяў і забіў...
Усе моўчкі стаялі, спалоханыя. Усе ўзіраліся ў недалужна-паніклае панскае цела. І дзіўна, што ні ў каго не мігнула ў гэты жудасны момант думка асуджэння. Быццам усе згодны былі з Асначом, быццам кожны разважаў сваім простым, нямудрым розумам:
- Яму трэ было гэтак зрабіць...
Дык вось якая была адна партыя ў шашкі. Гэта было тады, як у нашай краіне барацьба бушавала, як у смяротную бойку схапіліся былі паўстаўшыя работнікі з сваімі адвечнымі ворагамі - панамі.
Тады не было меры мужычай моцы жалезнай, не было меры й гневу народнаму, бурнаму...
Бель
1
Ціха, лагодна патрусілася з неба. Потым завіхрылася маладым, жвавым карагодам. У дзівосных, адчайных скоках замітусілася, быццам хацела падражніцца, пашкуматаць трохі счарнеўшую старую зямлю.
І ўрэшце ўзляглася - цяжка, пухка, пластом ваты; захінула, сціснула ў мякка-ўпартых абнімках.
Бель... Першая бель - прывітанне доўгачаканай гасцюхі-зімы...
Весела, радасна спатыкаць першы снег!
Чаму?
Можа, таму, што смерць прыроды ярка адзначае, быццам падкрэслівае жыццё чалавека? Мо затым і настрой тады ахапляе чалавека такі, што - жыць, разгарнуцца, упіцца жыццём хочацца? Мо затым гэта смяротнае адзенне, гэты саван прыроды - бель - абуджае душу чалавека, цягне яго некуды ў зачарованы прасцяг, туды, далёка па гэтым бяскрайнім белым дыване, на спатканне чамусь невядомаму, светламу?
Можа, і затым? Але ладна...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Гэта пачалося яшчэ ўлетку, калі горад купаўся ў едкім пылу. Тады былі сонечна-светлыя, палкія дні, якія падскварвалі, як на патэльні, праціналі душнаю млявасцю, і вечары халаднаватыя, ціхія.
Данілу Чаборскаму дні былі - жорсткая праца ў заводзе, а вечары - або сходкі якія, або нудная сумятня, дробныя жыццёвыя клапоты.
Ён любіў, калі сходкі. Збярэцца чалавек паўсотні камуністых, а часам завод увесь. Прамовы, спрэчкі...
І адчуваеш сябе тады часткай чагось вялікага, значнага. Расцеш неяк, уздымаешся, адчуваеш сябе не проста работнікам, а нечым вялікшым і патрэбным. Мо тым пасам, што спавівае рухавыя колы ў заводзе?
А ў двары інакш. Там жонка, дзеці, там розная драбяза жыццёвая. Абцугі. Сціскаюць яны, і робішся маленькім, нязначным. Стуляешся ў будзённую шалупу.
А дзе чалавек, там ці тут?
Даніла аб гэтым не думаў. Нашто? Не ўсё роўна, ці гэта так ці так... Жывеш - і добра.
Але вось што прытрапілася...
На завод паступіла дзяўчына. Даніла даўно не глядзеў на кабет - не цікавілі. А на гэту зірнуў. І штодня ўзіраўся - перш здалёк, потым бліжэй.
Ёй было гадоў дваццаць. Ганнай звалі. Прозвішча - Матузова. Пекнатой - так сабе, але вочы - шэрыя, буйныя вочы... Яны хапалі за сэрца. Былі гэткія глыбокія, прамяністыя.
Даніла і не ўгледзеў, як сышоўся з гэтай дзяўчынай. Першы раз загаварылі нешта ўвечары, ідучы ў двор.
Ён ішоў ззаду вясёлай гурмы дзяўчат-работніц. Дзяўчаты, ідучы, стракаталі, штурхаліся, гарэзвалі. І яна была сярод іх.
А потым звярнула ў тую вулку, куды і яму трэба было ісці.
Ён дагнаў яе.
- Вы куды ідзіцё?
- Дахаты.
- А дзе ваша хата?
- На Ленінскай.
- Во як? Значыцца - суседзі... Вы ў каго?
- А хто яго ведае! На рагу жоўценькі домік, там я каморку займаю.
- Вы адна жывіцё?
- Адна, - адказала, нібы здзівіўшыся гэткаму пытанню. Ускінула на Данілу дапытлівы погляд шэрых вачэй.
- Далёка да заводу, - буркнуў ён.
- Во гэта горш за ўсё. Я дык ніколі не хаджу на полудзень, не справішся. Вось і цяпер... Трэба наспех перакусіць і зноў бегчы за блізкі свет: сходка ж сёння партыйная.
- Вы камуністка! - здзівіўся ён.
- Ага. А хіба баба камуністкай не можа быць?
Яна ўсміхнулася. Вясёлая ў яе ўсмешка!..
- Мала, - адказаў Даніла. - У нас ёсць дзве, але і то з служачых.
- Гэта і дрэнна. Дурныя яшчэ бабы. Затым і здзекуецца ваш брат над імі. Верна?
Яна гучна зарагатала. Брызганула вясёлымі іскрачкамі з шэрых глыбокіх вачэй.
Даніла таксама ўсміхнуўся.
- Можа, й так... Але варта вашаму брату: неспакойны народ. Ведама - бабы...
- Ну, кажыце вы...
Пакуль дайшлі да двара, усё гаварылі.
А праз гадзіну Даніла сядзеў у работніцкім клубе і нецярпліва чакаў, ці скора прыйдзе Ганна.
Работнікі сядзелі гурткамі, упаўголаса гутарылі адзін з адным. За сталом «верхаводы» сядзелі. Разбіралі паперы, аб нечым паціху спрачаліся.
Даніла ўсё азіраўся. Ляпнуць дзверы - ён і зірк: ці не яна? Пакой напаўняўся новымі людзьмі, а Данілу здавалася, што ён пусцее.
Пачалася сходка. Даніла не слухаў, аб чым гаварылі. Думкі лёталі ва ўсе бакі, што косы пражэктару. Неяк ураз спыняліся ў абшары і траіліся. Быў непарадак у галаве, і ніяк не ўдавалася сабраць думкі да ладу.
Хацелася ўсё назад азірнуцца, ды стрымліваўся, быццам саромеўся сам сябе. Але ўрэшце не вытрымаў - і ўбачыў яе на краю лаўкі.
Шэрая сукенка, шэрыя вочы...
Адразу настрой змяніўся. Весела стала. І сталі зразумелымі словы прамоўцы.
А як кончылася сходка, як запелі «Інтэрнацыянал», - усё азіраўся Даніла, баяўся, каб не пайшла без яго.
Пайшлі разам. Ганна спяшалася.
- Заўтра ўставаць раненька-раненька, а сёння яшчэ многа зрабіць чаго трэба... Нават і пачытаць некалі. Кніжку цікавую ў бібліятэцы дастала - проста не адарвацца... А вы ці чытаеце што?
- Некалі...
- Ну, што там некалі... Столькі сама часу, колькі і ў мяне, калі не больш.
- У мяне сям'я...
- А!.. Ну, гэта іншая рэч.
Яна ўсё турбавалася, каб хутчэй дабрацца дадому. А яму хацелася памарудзіць. Ён любіў увечары прайсціся па горадзе, падзівавацца на яго кіпучае, бурлівае жыццё. Зірнеш усцяж на вуліцу - агні, свет, людзі, людзі бясконца... Увушшу зліваецца ў дзіўную гутарку-песню: грукат калёс, гвалты хлапцоў, гоман усяго гэтага людскога натоўпу...
Як праходзілі міма рэстарана, абодва міжвольна зірнулі ў шырокія вокны, поўныя яркага свету.
- Вунь яны... П'юць, ядуць... Ліха ім!.. Во каму жывецца!
- Гніллё, - азвалася Ганна. - Мне брыдка глядзець на іх... І ні крушыначкі я ім не зайздрошчу.
- А ведаеце што, Гануля, мне часамі дужа смешна бывае. Я люблю глядзець на спекулянтаў, сачыць за імі, як яны ходзяць, як гамоняць, які часамі важны-важны від робяць, быццам яны не абы-што... І вось часамі яны выдаюць мне нейкай жывёлай, непадобнай да ўсіх людзей. Мне пачынае здавацца, што іх наўмысля разводзяць, як, напрыклад, малпаў якіх або свіней... на паказ... для заводу... І ўзапраўды, яны дужа на свіней на завадскіх падобны...
Гануля смяялася...
2
Прыйшоўшы ў двор, Даніла доўга думаў пра Ганну. Прыемна было думаць. Як лёг у ложак, выпрастаў змораныя ногі і акунуўся ў салодкую нерухомасць, - шэрыя вочкі зазірнулі аднекуль і працялі нутро ціхаю ласкай.
- Добрая дзяўчына. А разумная якая, відаць...
Снілася нешта. Не помніў што, як прачнуўся. Толькі на душы засталося лёгкае, ружовае абуджэнне.
На заводзе ўсё прыглядаўся, шукаў шэрую сукенку. І не пазнаў, як праходзіла воддаль. Не заўважыў...
Яна азвалася:
- Дзень добры! Як маецеся?
- А, я й не пазнаў вас... Дзякую. Як вы?
- У, я заўсёды добра. Мяне ніякае ліха не бярэць!..
Засмяялася і пайшла. А Даніла з асаблівай шчырасцю завінуўся каля свайго станка. Па вуснах блукала нейкая ўсмешка. Яго сусед па рабоце не ўтрымаўся:
- Што гэта, дзядзька Даніла, на дзяўчат заглядацца пачаў? Ой, скажу жонцы, дадушы скажу...
- Ды не. Гэта - суседка.
- Суседка, суседка... Знаем мы вас!
Хітра падміргнуў.
Данілу трохі сорамна стала.
- Ат... выдумаў...
Гудок у гэты дзень быў дужа позна для Данілы. Прачакаўся, небарака. А як загудзеў - зычна, прарэзліва, - у Данілы сэрца забілася мацней.
Ніколі не выходзіў ён так раптоўна з завода. Бывала - пакурыць, пагутарыць... А то - ураз.
Выйшаў на вуліцу, спыніўся каля купы работнікаў, якія аб нечым гутарылі. А сам усё пазіраў на вароты - ці скора работніцы выйдуць. Няўважна слухаў, аб чым сябрукі гаманілі.
Вось і высыпалі пярэстай, сумятлівай гурмай. Вунь і яна. Расчырванелася ад жару, шчочкі рдзяцца, як мак. Уся пыхае сілай, здароўем.
Даніла пайшоў услед. На звароце зноў дагнаў, пайшоў разам. Любаваўся на яе. Асвятлёная ружовым водблескам заходзячага сонца, яна здавалася прыгожай, дужа прыгожай. Быццам уся складалася з маладосці, сілы, здароўя; быццам была жывая вясна. Зграбная, крамяная...
Яна заўважыла яго погляд. Усміхнулася гарэзліва, узняла на яго іскрыстыя шэрыя вочы.
- Чаго гледзіцё так?
Ён хацеў адказаць, але яна далей загаварыла:
- Горача дужа... Там, у заводзе. Ух... Проста як у пекле.
- Нічога. Вам, маладым, гэта не шкодзіць.
- У, стары які!.. Падумаеш!..
- Вядома, стары. Я ўжо аджыў сваё. Цяпер толькі так, працяг нейкі...
- Ну, кіньце вы!
- Што кідаць? Вас, маладых, тое цікавіць, другое... А мне што? У мяне ўжо адны клопаты, адны турботы... Гняздо цэлае. Ды ўсе есці просяць. А накарміць не дужа лёгка. Вы ж ведаеце, колькі нам плоцяць.
- Ну, паехала! Нялюба слухаць. Калі сям'я ёсць, значыцца - усё... лажыся ды памірай... Глупства. Адно другому не замінае.
- А што ж рабіць?
- Што-хоця. Чытаць, вучыцца. Я дык дужа чытаць люблю.
- А часу дзе ўзяць, а?
- Знойдзецца.
Даніла задумаўся. Раней ён ніколі не думаў аб жыцці. Не думаў, бо пагадзіўся з ім - нічога не парадзіш. Ён і цяпер загаварыў проста так, каб пагутарыць. Але неўзаметку захапіўся ўсур'ёз гэтай думкай.
Ліха ведае... І праўда - дрэнь жыццё. Узваліў сабе ношку на плечы, цягнеш... І немаведама, калі дацягнеш яе, калі адпачнеш. Дый, напэўна, - ніколі. Хіба, як здохнеш...
Калі ўжо падходзілі к двару, Данілу дужа захацелася спытацца ў яе, але сорамна неяк было - ні з таго ні з сяго... Урэшце-ткі адважыўся.
- Вы, Ганна, замужам былі калі?
- Я? А што, гэта вам цікава?
- Ні то што... Калі не хочаце, не кажыце...
- Была.
- А цяпер?
- Цяпер не...
- А дзе ён?
- Хто, мужык? А хто яго ведае...
- Як гэта?
- Ды проста так...
- Вы што... развяліся?
- Як вам сказаць... Мы й не жаніліся так, як гэта зазвычай разумеюць. От, проста жылі, дый годзе...
- Ну?..
- Што ж тут такога? Жылі, пакуль не надакучыла, а потым разышліся. Ён, можа б, і жыў яшчэ са мной, але мне абрыдла...
- Пачакайце... Але ж чалавек прывыкае да чалавека, зжываецца. Пэўна, не лёгка й разлучыцца...
- Глупства! Прывыкнуць і адвыкнуць дваццаць разоў можна. А калі й пасумуеш часам... Яно, праўда, як разлучышся, дык і мілей чалавек робіцца і нібы зноў любіць яго пачынаеш. Але гэта самападман. Разлюбіў, значыцца - кончана.
- Мм... Гэта, па-мойму, таксама не рахуба... Сёння адзін, заўтра другі...
- Ха-ха-ха! Што так? Гэта, як трапіцца. А можа, спаткаеш такога, з якім век пражывеш і не надакучыць. Хто яго ведае? Гэта загадня не згадаеш... Паспытаць трэба, ха-ха-ха!
- Бывайце!
Яна пабегла ў сваю кватэру.
- Маладосць! - крыкнуў услед Даніла.
3
Праз тыдзень Даніла быў разам з Ганнай у клубе. Адчыніўся марксісцкі гурток. Было першае пасяджэнне.
Не пайшоў бы, напэўна, Даніла, бо зазвычай хадзіў толькі туды, куды абавязкова было хадзіць. Але знаў, што Ганна там будзе, затым і прыйшоў.
Цікава было. Даніла наогул не пакаяўся, што пайшоў.
Лектар - з чужых, малады хлопец - прыгожа, складна апавядаў пра тое, як жылі калісь людзі. Тады, як не было яшчэ ні паноў, ні мужыкоў, як былі ўсе роўныя. Даніла міжвольна пералятаў сваім уяўленнем у тую пару, калі вандравалі яны - дзікія, безабаронныя - гурмамі па непраходных, старадаўных лясах, поўных нявідных ворагаў. Людзі - прабацькі сучаснага чалавека, гаспадара свету. Людзі - жывёлы...
І дзіўна рабілася. Не хацелася верыць...
А пасля лекцыі спрэчкі пайшлі. Гарачыя, заўзятыя. Непрыкметна і тэму пакінулі, перайшлі на сучаснасць.
Даніла не важыўся гаварыць, хоць і меў што якое ў думках. Як гаварыла Ганна, глядзеў на яе з захапленнем, лавіў кожнае слова.
А яна ўмела гаварыць. Гаварыла з пачуццём, абуджэннем. Натхненне ззяла з вачэй, і ўся была нейкая дзіўная, новая. Змянялася. Даніла нават не знаў, што яго больш захапляе - словы яе ці сама.
А як пачалася гутарка пра сям'ю, пра штодзённае жыццё камуністага, тады Ганна стала асяродкам. Адны накідаліся на яе з гарачым, шчырым імпэтам, другія абаранялі. А яна ўся гарэла задорным агнём.
- Трусы вы, во што! Здалелі зрабіць рэвалюцыю, свет перавярнуць, усё дыбарам паставіць, а жыццё сваё змяніць баіцёся. Жонак спалохаліся. Не, ужо, па-мойму, рушыць - дык рушыць! Усё... дашчэнту... Нічога старога! Новае будаваць трэба, а не чакаць, пакуль варункі зменяцца, ды абаранкі з неба пасыпяцца, ды бабы вас вучыць возьмуцца... Як ні кажыце, як ні спрачайцеся, а мужчына ў сваім уласным сямейным быцці - сам кансерватар... Во!..
У Данілы кожнае слова адбівалася ў мазгах цэлай плоймай гарачых думак, кожнае слова адчыняла розуму новыя, дасюль невядомыя пуцявіны... Было прыемна і страшна.
Як ішлі ў двор пасля пасяджэння, гаманілі аб тым самым. Не ўгледзелі, як дайшлі да Ганнінае кватэры.
- Можа, да мяне зайдзіцёся? - прапанавала Ганна. - Я вам пакажу кніжкі. Многа ў мяне цікавых ёсць. Калі хочаце, чытаць бярыце...
Даніла проста асалапеў.
- Як? Ноччу?..
- Ха-ха-ха! Во табе й маеш... Ну дык што... Не ўсё роўна - ці ўдзень, ці ўноч? Можа, ваўкоў баіцёся, дык у нас у хаце няма іх.
Данілу жонка ўспомнілася. Ні то стыдна было, ні то страшна чагось. Не важыўся.
- Во... Ці ні я казала, што мужчына яшчэ больш прыхільны да розных забабонаў, чымся баба. Я, баба, не баюся запрашаць яго ў хату, а ён, мужчына, ісці баіцца... Эх, вы!..
Яна паляпала ў дзверы. Адчыніла старая гаспадыня з заспаным тварам. Даніла адхіліўся ўбок, каб не пазнала.
Увайшлі. Ганна запаліла невялічкую лямпу, якая цьмяна асвятліла пакой.
Пакойчык невялічкі. Ложак, спраўна засланы чырвонай коўдрай, стол, пара крэслаў. На стале кнігі. Побач люстэрка, яшчэ колькі дзявочых прылад.
- Ну во... яшчэ ніхто не ўкусіў вас? Трымайцеся, зараз укусіць...
Даніла ўсміхнуўся.
- Кіньце ўжо смяяцца. Я ж думаў, можа, вам гэта нялоўка...
- А, дзякую... Ну, сядайце ў мяне.
Даніла адчуваў сябе не надта добра. Чужая кватэра, вока на вока з дзяўчынай... Жонка не выходзіла з галавы, і ўсё турбавала думка: ці пазнала яго гаспадыня?.. Тады толькі пачуў сябе больш-менш вольна, як запэўніў сам сябе, што па дзелу прыйшоў - кніжку ўзяць.
Сядзелі доўга, больш як гадзіну. Пераглядалі кніжкі, гутарылі. Гадзіна хутка праляцела.
Тады ўжо Данілу і йсці не хацелася. Прыемна было сядзець тут, у прытульным пакойчыку, поплеч з гэтай дзяўчынай. Шэрыя вочкі... Здаецца, глядзеў бы ў іх без канца - у прамяністыя, бяздонна глыбокія...
Выйшаў Даніла, як у чадзе. Чорная ноч ахаладзіла твар, але не ахаладзіла думак. Ішоў у цемры, як зачараваны. Не ўгледзеў, як к двару падышоў. Махінальна паляпаў у дзверы, а сам у задуменні глядзеў у густую цемень-заслону.
Ноч была цёмная-цёмная...
У сенцах пачуліся крокі, Даніла схамянуўся, узяўся за клямку. Чагось асабліва ўважна прыслухаўся, што чуваць з-за дзвярэй. Нудным, агідным здалося заспанае сапенне і буркатня жонкі. Увайшоў у хату, як у чужую, непрытульную...
Жонка варочалася, сапела на ложку. Бурчэла...
- Дзе гэта шлындаў дасюль?
- Сходка была, - адказаў Даніла.
4
З таго часу ўсё дыбарам пайшло. У Данілы нешта ламалася ўнутры, нешта ўздымалася - вялізнае, моцнае, важкае. Быццам ляжаў недзе глыбока-глыбока тоўсты пласт - закарэў, зляжаўся, засох. І вось нехта крышыць, ламае яго. З кавалкаў будуе новы будынак - высокі, смелы, як барыкада.
Хмарай уздымаецца пыл, парахня. Часамі душыць - галава баліць...
Цяжка Данілу. Чуе, як крышыцца нутро. Баліць. Але трывае і рад. Адзін бы не вытрываў: Ганна... Яна заўладала нутром. І не страшна. Няхай...
Чуў Даніла жыццё. Кожная жылка яго адбівала. Пранікала яно ў самую глыб, кратала ўсё, варушыла. Часамі балюча было - ну дык што: без горкага й салодкае не будзе салодкім.
Рос Даніла. Нутром рос, уздымаўся духам. Бачыў вакол усё болей прыгожых, таемных абшараў. І пазнаў, што магутны чалавек. Магутны і вольны...
З Ганнай сышоўся. Доўга баяўся сказаць сам сабе, прызнацца; баяўся і думаць. Толькі як восень ужо маханула сваім брудным, набракшым вільгаццю скрыдлам, як праляцелі ўжо, згінулі душна-квяцістыя, светлыя дні, - толькі тады адважыўся сказаць сам сабе: «Ганну люблю».
Яны часта сядзелі ўдваіх у яе прытульным куточку. Вечары - цягучыя, доўгія - праляталі неўзаметку і былі гэткія ціхія, ласкавыя. Што яны рабілі?
Усяк было: то чыталі, то гутарылі, спрачаліся. Заўсёды разам, поплеч сядзелі адзін з адным. Заўсёды ён адчуваў, як нейкія нявідныя ніткі злучалі яго з Гануляй. Яны дрыгацелі мякка, квола, прыемна казыталі нервы. Яна здавалася блізкай-блізкай, адчувалася ўсёй істотай, перараблялася ў частку самога сябе.
А шэрыя вочкі ззялі роўным агнём: заўсёды роўна, аднолькава песцілі, грэлі...
Быў вечар. Яны сядзелі, апавітыя дзіўнай прытульнасцю. Разам лёталі смелымі думкамі, марылі, загадвалі.
Дасюль Даніла ніколі не думаў аб чымсьці агульным, вялікім, што заходзіць за межы ўласнага жыцця, рукой махаў на ўсякую «палітыку». Цяпер іначай. Цяпер разам, рука ў руку, яны луналі ў шырокіх, невядомых, але чароўных абшарах; разам загараліся маладымі парываннямі, жаданнем пазнаць усё чыста. Пазнаць - і зрабіць нешта важнае, пільнае...
Лямпа безуважна асвятляла роўным бляскам іх абуджаныя твары. Ён стукаў кулаком па стале.
- Гэта праўда... Жыццё само паказвае. Кіруе... Людзі што дробныя часткі магутнай, вялізнай машыны... закон, непарушны закон жыцця... Пазнаць гэты закон - значыць стаць з нічога ўсім... І цікава гэта штука: маленькі шрубчык раптам пазнае ўвесь складаны механізм машыны. Што ж тады?..
- А тады ён пачынае рабіць. Заўважыў дзе на сабе ці каля сябе ржу якую - прэч! Бачыць, што якая часціна машыны сапсулася, замінае толькі - прэч яе...
- Ха-ха-ха!.. А тады дабярэцца й да ўсяе машыны, пераробіць яе на свой капыл... Добра... А ведаеце, Ганна, мы ж пазналі гэты закон...
- Ну? Ці ткі пазналі?.. Даўно? Мы дык гэта ўжо больш паўсотні гадоў як ведаем. А вы трохі спазніліся, здаецца, Даніла Кірылавіч...
Даніла пацёр мокры лоб.
- Вы жартаваць любіце, Ганна. Яно й праўда, што я цяпер толькі гэта пазнаў... І, ведаеце, жыццё стала цікава. Ахвота бярэ жыць. Працуеш - і то з ахвотаю...
- Гэта, ведаеце, што з вамі стала? Не? Я вам скажу... Вы на камуністага трохі падобны сталі... Ну, але ладна... Даклад у вас гатовы? Не? Вось і працаўнік. Відаць, што ахвоты ў вас да працы уй-юй-юй колькі!..
- Я зараз вазьмуся. Трэба кніжку во гэту прачытаць.
- А я не буду вам замінаць, пайду гарбату наладжу...
Яна выйшла на кухню. Даніла раскрыў кніжку, прачытаў колькі радкоў і не зразумеў нічога. Куды там! Каб гэта з ёй разам, тады ўсё зразумела. Тады ўсе думкі ў двары. А то - адна там, другая там, ліха ведае што такое...
А Ганна ўсё роўна тут, нікуды не выходзіць. Зірнеш у кнігу, дык між радкоў - шэрыя вочкі... Дражняць, смяюцца...
Даніла ўпяўся вачмі ў святло, задумаўся. Не ўгледзеў, як падышла Ганна. Моўчкі абхапіла рукой яго кудлатую галаву, паварушыла.
- Працаўнік!..
Ён узяў яе руку, адхіліў убок. Потым...
Ён ніколі не думаў, што зробіць гэта... Прыхіліў яе да сябе і моцна, горача сціснуў у сваіх абнімках. Пачуў пад рукамі жаркае, крамянае дзявочае цела. Сэрца забілася, у галаве кляўцы затукалі. Хваля - гарачая, бурлівая ўзнялася, усяго заліла. Яшчэ мацней сціснуў, шукаў вуснамі твару...
Яна вырвалася, адскочыла.
- Як вы смееце! Ноччу... дзяўчыну... Нахал! Вон пайшлі! Вон!..
Нават нагой тупнула...
У Данілы ўсярэдзіне пуста стала. Да болю пуста. Быццам усё павысыпалася. Стаяў воддаль, вінавата ўтупіўшыся, зрэдку кідаў з-пад лоба палахлівы погляд. Бачыў адны шэрыя бліскучыя вочы. А ў іх... гнеў?.. Не, нешта іншае. Зорачкамі зіхацяць гарэзлівыя іскрачкі... Вусны дрыжаць, быццам ад стрымленага смеху...
- Што ж гэта?!
А Ганна пакацілася на ложку ў нейкім адчайным, гуллівым смеху.
Даніла зусім асалапеў. Як ні напружваў свой розум, нічога не мог зразумець.
А Ганна смяялася.
- Чаго вы? - спытаўся.
- Ой! Ой! Каб вы зналі, які ў вас выгляд быў... ха-ха-ха!..
Зноў пакацілася. Зірнула на яго - яшчэ горш...
- Ды кіньце вы, Даніла... Хіба хочаце, каб я памёрла ад смеху... Досыць стаяць аслупянеўшы. Сядзьце лепей!..
Даніла сеў.
- Ну і дзівак вы. Ці ж гэтак можна? Няўжо вы й сапраўды падумалі, што я так раззлавалася... Мо думалі, што спалохалася? Ды не, я мужчын не баюся, я ж не інстытутка...
- Але я ўсё-ткі нічога не разумею.
- Тут і разумець няма чаго. Гэта нават не было для мяне неспадзявана. Я ж даўно знаю, што падабаюся вам... Нават больш таго: знаю тое, чаго вы не ведаеце. Я знаю, што і вы мне падабаецеся... Што, не верыце? Не? Хочаце, я пераканаю вас... Хочаце?
Яна раптам падбегла да яго, ускочыла к яму на калені, абняла горача, моцна і стала цалаваць...
- Во! Во! Цяпер верыш? верыш?..
Даніла нясмела абнімаў яе гарачы стан...
5
Жыдкая гразь слюнява лізала ногі. Цвякала.
Было цёмна, як у магіле. Толькі здалёк, з канца вуліцы, ліхтар скрозь туман падміргваў. Плюскаў чагось мокрым вокам. Мо плакаў?..
Каля дома свайго Даніла ў лужыну ўпёрся. Не заўважыў. Ля дзвярэй спыніўся. Узняў руку паляпаць, але заместа таго абапёрся на дзверы і ўтаропіўся ў цемру. Туды, назад...
Яшчэ гарэў твар, яшчэ нешта салодкае пералівалася ўсярэдзіне. П'яніла, ружовым тлумам галаву спавівала. Глядзеў у тупую, мокрую цемень і бачыў... яе бачыў, ласкі яе адчуваў.
Стаяў, пакуль не працяла наскрозь мокрая золь. Тады здрыгануўся і з давольнай усмешкай абярнуўся к дзвярам.
Заспаная жонка. Бруд. Нейкі пах непрыемны на кухні. Цяжэрная ціша, маўчанка...
Даніла паморшчыўся. Утуліўся сам у сябе, быццам адмежаваўся ад усяго, што навокал. Вошчупкам пасунуўся ў свой куток.
Доўга не спаў. Не мог заснуць, не давала Гануля. Чуць заплюшчыць вочы - іскрысты туман віхаецца, звонам няўпынным звоніць. Рассуваецца і паказвае Ганну. Яна таксама віхаецца. То нахіляецца блізка-блізка, вусны чуваць, то далёка адносіцца, здалёк мігаціць. Круціцца... І соладка і дрэнна. Нудзіць нешта... А вочы расплюшчыў - цемра адна.
Раз-поразу жонка цяжка на ложку варочалася. Стагнала, нешта бурчэла. Не разабраць... Не спіць, пэўна.
Тады Даніла настаражваўся, адганяў ад сябе вобраз Ганулі, напружна, нецярпліва чакаў, пакуль сціхамірыцца жонка. Потым ізноў аддаваўся ва ўладу гарачых, захапляючых думак, мар.
Зноў бачыў Ганулю, чуў яе блізкасць...
Пад ранне заснуў, але раптам праснуўся, бо дзень зашарэў; час на работу ісці. Потым успомніў - нядзеля! - усміхнуўся здаволена і зноў заснуў.
Абудзіў грукат на кухні: жонка качэргамі арудвала.
Уявіў сабе яе - худую, высокую, чорную. Яшчэ не старая гадамі, а ўжо састарылася. Жыццё наклала пячатку. Непрыгожая...
Данілу не хацелася ўставаць. Не хацелася сустракацца з Арынай. Знаў, што пойдуць упінкі, сварка. Абрыдла.
Ляжаў, не варушыўся. З спальні выбегла Манька, дачушка. Беленькая, маленькая. Даніла заплюшчыў вочы, прыкінуўся, што спіць. Яна спынілася ля яго і ціха, нясмела гукнула:
- Татка!
Даніла не вытрымаў. Схапіў на рукі дзяўчынку, пасадзіў к сабе на ложак. Яна сядзела, утупіўшы вочы. У руцэ абаранак трымала.
- Хто табе даў? - спытаўся бацька.
- Мамка, - ледзь чутна прашаптала і потым дадала троху весялей: - А ў Сцёпкі няма... Ён свой з'еў... Во...
У Данілы сціснулася сэрца. Шкада стала дзяўчынкі. Чаго - і сам не разумеў. Потым успомніў тое, што было ўчора; успомніў, што даўно ўжо ад дзяцей, ад сям'і адарваўся, і сорамна зрабілася. Сорамна да болю.
А Манька ажывілася, лапатала:
- А ў мяне лялька ёсць... Прыгожая... Во...
- Ну? Дзе ж яна?
- Там.
- Ану-тку прынясі, пакажы...
Яна саскочыла, пабегла ў спальню і зараз вярнулася з самадзелкавай лялькай. За ёй паказалася калматая галавёнка Сцёпкі.
- А ў мяне конь ёсць!..
- Давай яго сюды.
Праз момант абодва сядзелі ў яго на ложку і наперабой лапаталі...
- Сцёпка! Манька! - пачулася з кухні. - Мыцца хадзіце! Зараз снедаць будзем.
Ускочылі, пабеглі смеючыся.
Даніла стаў апранацца. Апрануўшыся, доўга не важыўся выйсці на кухню. Адтуль чувалася звычайнае сямейнае жыццё: дзеці пішчэлі, матка сцішала іх. Гэта пужала яго: адвык ад сям'і. Лішнім зрабіўся, а сям'я - для яго. Дзеці... Яны любыя, бедныя дзеткі. Кветачкі дробненькія...
Як выйшаў у кухню, не глядзеў на Арыну. Толькі, як сеў на лаўку, нясмела перавёў погляд з дзяцей на яе.
Яна маўчала, сціснуўшы вусны. Худая якая! Яшчэ больш пахудзела. Кругі пад вачмі - сінія, страшныя. Але не шкада было - проста цікава...
Дзеці за стол пазалезлі, штурхаючыся. Яна гарнушак паставіла з бульбай. Накінуліся, што галодныя ваўчаняты. Сцёпка праз туга напхнуты рот пракулдаячыў:
- Татка, чаму снедаць не йдзеш?
Арына нервова галавой дзерганула.
- Татку не трэба снедаць. Ён добра ўчора павячэраў. У яго ёсць дзе паласавацца. Знайшоў сабе месца...
Пачалося... Даніла выйшаў у пакой. Спяшаючыся, стаў апранацца. Хутчэй, каб не чуць...
А з кухні няслося - Арыну прарвала:
- Злодзей ты! Згубіцель наш! Дакуль гэта я пакутваць буду... Дакуль мае дзеткі мучыцца будуць... Дзетухны мае родныя! Ясачкі мае! Няма ў вас бацькі... Злодзей гэта, злодзей... Адрокся ён ад вас, мае любыя. Знайшоў сабе шлюху... Ходзіць, каб яго нутро так хадзіла!
Даніла не мог трымаць: сэрца на часткі рвалася. Рукі трасліся, як апранаўся. Угрунь кінуўся з хаты.
Як праходзіў праз кухню, зірнуў на дзяцей. Бедныя... Твары застыглі ў недаўменні, адчаі. У Сцёпкі так і застаўся поўна напхнуты рот. Кінуў есці. З'есць тады хіба, як пасоліць слязьмі. А яны капаюць ужо, коцяцца буйнымі кроплямі...
Уваччу ў Данілы засталіся дзеці. Не мог пазбыцца. Ішоў і бачыў перад сабой толькі іх, гаротных, пакрыўджаных. У горле нешта клубком звівалася, душыла. Грудзі балелі ад мукі.
Што ж рабіць? Вярнуцца? Пагадзіцца з Арынай, з жыццём шэрым, будзённым?
Не, не змога! Жыць хочацца, жыць!.. Разумець, адчуваць жыццё. Будаваць яго, тварыць... А тут... Пахаваць сябе... Не!..
Уявіў сабе ранейшае: клапоты, турботы... Адны ўсягды... Хлеба, дроў, адзежы... І ўсё жыццё ў гэтым. Жыццё ўсё... Ланцугі!..
Ішоў Даніла і не знаў сам - куды. Безуважна сігаў па гразі, не ўважаў, што наўкола. Мо затым не ўважаў, што наўкола ўсё было таксама невясёлае, змрочнае, бруднае. Плакаў горад, плакала ўсё. Плакала неяк слізка, агідна, як той старац, што сядзіць на рагу вуліцы. Не плач, а слюмачанне нейкае...
Не ўгледзеў Даніла, як к заводу прыйшоў. Пахадзіў трохі вакол і ў клуб накіраваўся.
Там было ціха, пуста. У чытальні таксама нікога, адна бібліятэкарша. Пульхная, свежа-гнілая. Мухамор... Не любіць Даніла.
Не прывітаўся. Сеў за стол, газету ўзяў. Але не чыталася, не да таго было. Усё думаў. І слухаў, як душа баліць, ламаецца.
Прыйшоў Змітровіч, сакратар ячэйкі. Убачыў Данілу - усміхнуўся. Знае ўсё пра Данілу. Але нішто, не прыкра. Бо добры сябрук, хоць часам пасмяецца трохі, пашкеліць...
Падышоў, лэпнуў Данілу па плячах.
- Ну як, Даніла?
- Дрэнна.
- Што, жонка сварыцца?
- Ат!..
- Знаю, брат, знаю. Ці толькі ў цябе? Цяпер, брат, усё так... Крызіс быту, як кажуць. Ты што, разводзіцца думаеш?
Даніла здрыгануўся, з спалохам утаропіўся ў Змітровіча. Як ён проста!..
- Не думаў аб гэтым.
- Ага... Гэта самае лепшае. Гэта ўсё развяжа. Што ж цягнуць... Калі вы адзін аднаго не разумееце, калі ў вас нічога няма супольнага...
Данілу ў вачах дзеці паўсталі: гаротныя тварыкі, буйныя слёзы, дзіцячае гора ў вачах блакітных.
- Дзеці! - вымавіў з сумам.
- А... Гэта горш... У дзіцячы дом аддаць, мы паклапочам.
- Не дасць яна, нізашто не дасць. Голадам паморыць, а не аддасць. Я знаю яе.
- Ну, мала што... І сілком можна ўзяць, цераз суд.
- А як, хіба суд прысудзіць можа?
- Вядома.
Гутарка перайшла на драбноты, на спосабы, як можна ўладзіць усё гэта. Даніла й не прыкмеціў, як думка аб разводзе ўсур'ёз захапіла яго. Гэта выйшла неяк раптам, нечакана. І цяпер Даніла выпытваў у Змітровіча пра ўсе парадкі, законы, усё абмяркоўваў, быццам справа гэта даўно вырашана і засталося толькі здзейсніць яе. Ясней стала і лягчэй.
У гутарцы Змітровіч неяк спытаўся:
- А Матузова як жыве?
І ўсміхнуўся. За ім Даніла. Уявіў сабе Ганну - свежую, маладую, моцную. Цяплом нутро сагрэлася. Пачуў сябе дужэйшым, пачуў падвойную сілу. Успомніў, што ўчора было.
- Ганна разумная, - адказаў.
- Толькі?.. Глядзі, брат Даніла, каб не выйшаў пшык у цябе... Мо толькі з-за дзеўкі і гармідар узняў?
- Нічога я не ведаю...
- Што, сэрца на старасці зажадала кахання, а?..
Данілу ўжо весела, добра было. З ахвотай на жарты Змітровіча адказваў жартамі...
6
Ганна вясёлая была дзяўчына. Любіла і з хлопцамі часам пакарагодзіцца. А яны за ёй - на пераспехі...
Часам моладзь вечарынкі наладжвала. Трэба ж адпачыць, забавіцца: маладосць свайго патрабуе. Даніла, вядома, не хадзіў на іх: куды яму, старому... І раней - нішто, а цяпер - мука. Хочацца заўсёды быць з Ганнай. Без яе - нуда, жыццё не люба.
Вось і сягоння... Сядзіць у чытальні, бо ў двор пайсці - сварка, упінкі вечныя. А Ганна на вечарынцы ў прыяцелькі.
Сумна Данілу. Чагось не стае. Няма яе - значыць, пуста. Нічога няма. Ходзяць вакол, сядзяць, чытаюць, часам гутаркай кратаюць, а пуста ўсё роўна. У кніжцы, у газеце - таксама пуста. Ёсць нейкія словы, але сухія, застыглыя. Парахня... Словы таксама пустыя.
Цягне ў Данілы нешта з сэрца, цэдзіць нуду шэрую, цягучую - талакно гнілое. Думкі - таксама шэрыя. Невясёлыя. Родзяць абразы беспрасветныя, цяжар на душу пакладаюць.
А тут яшчэ гэты Аўсеенка. Павярнуўся толькі, а след пакінуў - нейкую трывогу ўзняў невыразную.
Падышоў адзаду, хіхікнуў, паказаў твар свой агідны, хітры.
- Добры вечар, Чаборскі! Хе-хе... чытаеш? Ай думаеш? Аб чым? Хе-хе... Аб міжнароднай палітыцы?..
У, брыда! Так і лезе ў душу. Калупае жорсткімі пальцамі.
- А Матузова дзе? Хе-хе-хе...
- А я адкуль ведаю.
- Не ведаеш?.. У Рабавай вечарынка сягоння. Можа, там?
- Можа, і там. Схадзі паглядзі...
- Хе-хе-хе... Можа, каму больш цікава паглядзець, хе-хе!..
Падміргнуў, засмяяўся брэхам шчанячым, знік. Даніла яму ўслед шчырую лаянку ў думках паслаў.
А сам занепакоіўся. Чаго - невядома. Да нуды турбота нейкая няясная далучылася. Разам апанавала, захапіла, прымусіла зрушыцца з месца. Куды - усё роўна. Абы не сядзець. Цяжка.
Выйшаў на вуліцу. Здзівіўся, што суха. Мо раней не прыкмеціў, а мо цяпер толькі сціснуў мароз, высушыў раптам восенныя слёзы.
Лёгка на дварэ. Грудзі п'юць набгом свежае, халоднае паветра. Многа яго, поўна ўсюды! Угару куды раздалося - да самых зорак! Вунь яны зіхацяць - чысцюткія, вострыя. Міргаюць, смяюцца...
А ўсцяж па вуліцы - таксама зоркі. Знікаюць далёка-далёка. Прыгожа. Добра так.
Ідзеш - тук! тук! ту!.. Гулка, смела раздаюцца крокі. Аж на другі бок вуліцы пералятаюць. І наўмысля цвярдзей нагамі ступаеш. Няхай далей, яшчэ далей ляцяць зыкі, няхай будзяць вячэрні спакой!..
На галоўнай вуліцы - тлум, гоман. Гуляюць пярэстай, гаварлівай грамадой. Вокны ззяюць раскошай, багаццем. І людзі таксама.
Нэп. Весяляцца, рагочуць, ловяць жыццё... Ладна. Жывіце, святкуйце... Лавіце хвіліны - яны вашыя... Толькі хвіліны, бо час наш, бо мы ўладары жыцця - наша яно...
Успомнілася Данілу даўнейшая гутарка з Ганнай.
- Свінні. Завадскія свінні...
Даніла ўзняў галаву. Ішоў проста, нікому не даваў дарогі. Адчуваў нейкую гордасць, давольнасць.
- Глядзіце на нас! Гэта мы - пралетары. Захочам - і не будзе вашага бляску, раскошы...
А як дайшоў да канца вуліцы, спыніўся і не знаў, куды йсці. Доўга стаяў, пакуль надумаў, адважыўся. Пайшоў туды, дзе жыла Рабава.
Чаго там? Хіба ён не малады? Хіба яму нельга гуляць?..
Ішоў усё шыбчэй і шыбчэй. Каб не спазніцца, каб не прыйсці, як шапкі разбіраць будуць. Тады сорамна будзе...
Як падыходзіў ужо, парачку ўбачыў, гуляла па вуліцы. Міжвольна ход замарудзіў. Можа, Ганна?..
І нейкая незразумелая трывога скрабанула за сэрца.
Спаткаўся. Не... Хлопец знаёмы з дзяўчынай. Хлопец прыгледзеўся да яго, пазнаў.
- А, Даніла! Адкуль, куды?.. На вечарынку йдзі к Рабавай! Там усе нашы.
- У Рабавай? - перапытаў Даніла.
- Во тут, за рогам. Агонь там убачыш...
Данілу захацелася ўгрунь пабегчы.
- Значыцца, нішто... Нават запрашаюць...
А Ганна ўваччу, як жывая...
У невялічкім пакоі, што селядцоў у бочцы, людзей панабіта было. У кутку хлопец на гармоні рыпаў. Усё - моладзь. Свае.
Ганну Даніла адразу ўбачыў... На ложку сядзела. А поплеч Змітровіч. З захапленнем гаварылі аб нечым. Як убачыла Данілу, быццам здрыганулася, па твары цень нездаволення прамігнуў. А мо так здалося Данілу?
Азвалася першая:
- А... Даніла. Адкуль гэта ты? Як сюды трапіў?
Змітровіч глядзеў з нейкай гультаяватай усмешкай. Прыкрай яна здавалася Данілу. І да Ганны нейкая варожасць з'явілася. Ледзь прыкметная. Не адказаў ёй, звярнуўся да ўсіх:
- Добры вечар, кампанія! Старых прымаеце?
- Прымаем! Сядай!..
А адзін з кутка важна адазваўся:
- Старых з маладым сэрцам - ахвотна...
Даніла падсеў к гуртку хлапцоў. Гаманіў з імі і разам сачыў за Ганнай. Яна таксама кідала на яго погляды. Усміхалася. І ўсё з Змітровічам гаманіла.
Данілу не па сабе было. Не знаў, што рабіць. Адчуваў сябе не на сваім месцы. І дужа ўзрадаваўся, як хлопцы папрасілі на гармоні сыграць.
Іграў Даніла па-мастацку. Калісь на заводзе першым гарманістам быў. Гармонь у яго руках жывой рабілася, пела галасамі чароўнымі, захапляючымі. То плакала, галасіла - сэрца жалем сціскала, - а то ўраз рассыпалася радаснымі, гуллівымі акордамі, узбуджала маладыя, бурлівыя настроі.
Цяпер Даніла зайграў нешта сумнае-сумнае. Плакала гармонь, жалобу адвечную ў зыкі ўкладала.
Усе паціхлі, слухалі. Ганна таксама сціхла. Глядзела на Данілу. Сур'ёзна, глыбока глядзела. У шэрых вачах бяздонне адкрылася, сумам спавітае.
Даніла зірнуў на яе. Стрэўся поглядам. Злёгку ўсміхнуўся. Яна быццам схапянулася, галавой трахнула...
- Годзе, Даніла! Каму пахаванне граеш?..
- Таму, што не вернецца.
Ён спыніўся.
- А цяпер - таму, што жыве і жыць будзе!.. Міхась, выхадзі!..
Трахануў валасамі, адкінуўся назад, шырокім, смелым махам гармонь ірвануў.
Брызганула, зайскрылася бурна-гуллівае. Зайграла ўсмешкамі па тварах, аганькамі ў вачах. Міхась - спрытны хлопец - выскачыў, у бокі ўзяўся, застыгнуў у маладзецкай постаці...
- Э-э-э-х!
І ў скокі пусціўся...
Потым агульныя скокі пайшлі. Даніла іграў, ні на часінку не пакідаў гармоні. Ганна не скакала. Адзін хлопец выцягнуў быў яе, крутануў колькі разоў пад агульны рогат дый пусціў - не хоча.
Вечарынка позна кончылася, гадзіне а чацвёртай. Даніла падышоў да Ганны.
- Дахаты разам пойдзем?
- Ну, вядома. Чаго пытаешся? З кім жа я пайду?
І яна загадкава ўсміхнулася. Даніла не зразумеў гэтае ўсмешкі.
Дарогай маўчаў. Змора адчувалася. А ўсярэдзіне ссала нешта, нейкае новае пачуццё раджалася. Якое - не знаў Даніла. Невыразнае. Але звязанае з Ганнай.
Ганна азвала яго:
- Што маўчыш, мой дзядулька? Злуеш, можа?
- На каго?
- Можа, на мяне?
- Ды не, за што я буду злаваць. Так, нешта дрэнна... Змора нейкая... Цяжка. Падумаеш - страшна робіцца. Слабы я, Ганна. Мо стары ўжо, затым... Каб што яснае, выразнае, а то - цемра. Невядома, што далей...
- Глупства. Што далей? Усё, што належа... Будзем жыць, працаваць... Чаго ж табе яшчэ?
- Жонку кіну, сям'ю... А ці ведаеш ты, Ганна, што ўрасла яна ўжо ў мяне... сям'я... Часткай мяне зрабілася. А тады што ж: пуста... Чым запоўніць?
- Ну, аб гэтым і думаць не варта. Запоўніць? Абы посуд быў, а чаго наліць - стане... Ды што ты нешта? То бадзёры быў, смелы, жыць хацеў, а то... нядобра гэта.
Даніла маўчаў трохі.
- Ты, Ганна, дужэйшая за мяне. Ты маладая. І ты падтрымліваеш мяне...
- Куды там!..
- А знаеш, Ганна, чаго я баюся?
- Ну?
- Я баюся, што занадта люблю цябе...
- Ат, кінь ты... Люблю, люблю... Трэба прасцей на рэчы глядзець. Ну, здружыліся, зразумелі адзін аднаго... Ну, можа, упадабалася табе трохі... як жанчына... Хочаш мяне... Навошта выдумваць яшчэ нешта надзвычайнае, вялізнае, страшное... Час ужо знаць, што такое любоў...
- Ды я не спрачаюся. Ну, няхай так, няхай любоў - гэта тое, што ты гаворыш... Дык хіба не можа быць яно моцным, вялізным, такім, што - страшна...
- Ат!..
Колькі часу маўчалі. Загаманіла зноў Ганна:
- Гэта праўда, нядужы ты. Мала ў цябе гэтага задору жыццёвага, упартасці... Не стары ты... надарваўся...
- Надарваўся... Ну, вядома, надарваўся... Але ж хочацца быць дужым, смелым, упартым...
Памаўчаў трохі.
- Слухай, Ганна! Ты паможаш мне, ты не пакінеш мяне?..
Нейкая трывога чувалася ў голасе. З напружнасцю чакаў адказу.
- Адкуль жа я ведаю, - ціха сказала Ганна.
7
Ляцелі дзянькі. Яны заўсёды ляцяць, мільгаюць у вечнасці, як матылі. Ніколі не спыняюцца. Мо б каму й хацелася іх спыніць, затрымаць, але дарма!
Вось Данілу часам таксама дужа хацелася спыніць бягучы час, каб застыгнуў ён на адным моманце, каб тое, што перажываў ён у той момант, век не знікала...
А часамі інакш. Часамі нудна было, і жыццё марудным здавалася. Тады - каб шпарчэй, каб не прыкмячаць, як цягнецца час, каб не адчуваць яго нуднага поступу... Або - праваліцца ў скрозьдонне...
Усяк было...
Ужо, растрасаючы мокрую жоўць, пракавыляў кастрычнік. Лістапад скуў ледзянымі ланцугамі аголеную зямлю. Ужо марознай празрыстасцю працялося паветра. Але снегу яшчэ не было - рана.
Адсвяткавалі вялікае свята - гадавіну Кастрычніка. Хораша было. У Данілы ўвесь дзень быў узняты настрой. Як ішоў у дэманстрацыі, пяяў на ўсё горла. І ў вачах быў агонь. Сталёвы... Адчуваў сябе часткай магутнага, моцнага і сам быў смелы, магутны.
Чырвань усюды ззяла пабедна, урачыста. Чырвань гарэла крывавым агнём. І агнём разлівалася наўкола. Запальвала, уздымала, абуджала.
Даніла йшоў поплеч з Ганнай і рад быў, што яна маленькай, нязначнай цяпер здавалася. Цяпер Даніла быў сам моцны, дужы. І думаў са здавальненнем: «Дык не, не з-за Ганны ўсё гэта, яна таксама - дробязь. А цягне мяне, уздымае з жыццёвае багны во гэта - чырвонае. Агульнае, вялікае і магутнае. Яно ўсім дае моцы, усіх адраджае».
І з натхненнем глядзеў уперад, скрозь людзей, скрозь будынкі і бачыў, як у сне, нешта таемна-прыгожае. Такое, што ні да чаго не падобна, што ў зорных праменнях...
А ўвечары быў спектакль у клубе. Ганна на сцэне іграла, Даніла сядзеў сярод людзей адзінотны, пакінуты. Прынамсі настрой быў такі ў яго.
Чагосьці нялоўка было. Асабліва як вуха лавіла гутаркі пра Ганну. Усе казалі, што добра іграе яна. Хвалілі. Даніла тады тупіўся, нават чырванеў.
Дзіўна гэта... Яму чагось быццам стыдна было за Ганну. А мо не падабалася, што ўсіхная яна сёння, што ад яго далёкая? Хто яго ведае... Толькі дрэнна было яму. І без следу згінуў святочны настрой.
На сцэне таксама Змітровіч іграў, Ганнінага каханка. Як заставаліся яны разам на сцэне, як кахаліся, мілаваліся, тады ў Данілы едкім шчолкам аблівалася нутро. Здавалася, што ўсе на яго глядзяць, хоць, пэўна, ніхто і не думаў. Здавалася таксама, што занадта шчырасці ў Ганны з Змітровічам, што не йграюць яны, а ўзапраўды кахаюцца.
Злосць ахапляла, рэўнасць дурная чарвяком атрутным шавялілася.
Нялюба й тое было, што на сцэне Ганна надта прыгожая была. Такая, што ўсе захапляліся, усе любаваліся ёй.
Як кончыўся спектакль, Даніла за сцэну пайшоў, туды, дзе артысты малююцца.
У невялічкай каморцы тлум стаяў страшэнны. Артысты разгрыміроўваліся. Жартавалі, смяяліся.
Даніла не ўвайшоў у каморку. Спыніўся перад напаўадчыненымі дзвярмі і з цікавасцю азірнуў пакой.
Ля стала мітусіліся хлопцы, дзяўчаты, з гвалтам хапалі адзін у аднаго баначкі, люстэркі, шмотачкі. Сумятня страшэнная...
А воддаль у кутку Ганна стаяла з Змітровічам. Ён хустачкай твар выціраў ёй. Жартуючы, цёр там, дзе не трэба. Яна быццам злавалася, кідала на яго прытворна-сярдзіты погляд. Але Даніла ўбачыў нешта іншае ў бліскучых шэрых вачах, тых, што часамі чароўным святлом сагравалі яго, песцілі, заманьвалі ў сваё прамяністае бяздонне...
Даніла стаяў скамянелы. Сударгава схапіўся за прыталку. Агіднае, нават для яго самога, пачуццё расло ўсярэдзіне. Чуў, як крывяцца вусны ў хваравітую ўсмешку, як агідная злосць абурае. Чакаў, што далей...
А Змітровіч усё жартаваў з Ганнай. Узяў пушачку з пудрай і стаў яе пудрыць. Яна заплюшчыла вочы і ўсміхнулася нейкай дзіцячай, чароўнай усмешкай. Потым ён выцер пудру, адхіліўся, нібы разглядаючы, любуючыся яе тварам, і потым... шчыра, горача пацалаваў яе ў вусны.
Яна схапянулася і з вясёлым, гарэзлівым смехам пагналася за ім.
Колькі хвілінак тузаліся па пакоі. Потым - змораныя, вясёлыя, маладыя - паваліліся на канапу і ўглыбіліся ў жвавую гутарку.
Што з Данілам рабілася - і сам ён не ведаў. Непрыстойна тросся ў ліхаманкавым абурэнні.
Туды кінуцца... Да іх... Разарваць на шкумаццё гэтага маладога, нялюбага...
Не, смех будзе. Сорамна... Пабегчы... згінуць... схавацца... Не бачыць, не ведаць нічога!..
І ён пабег, што звар'яцелы. Увушшу пякельныя званы перазвоньвалі, рэзалі нутро...
«Як яна... З ім... Жартуюць... цалуюцца... Здрадніца!..»
З клуба ўгрунь выбег...
А на дварэ - празрыста-сталёвая ноч. Маладзік малако разліў. Сцюдзёнае. Яно прыемна галаву ахаладжае.
У Данілы прасвятляецца, знікае туман. Злосная напружнасць змяняецца зморай. Але змора нервовая: ліхаманка трасе, хоць і не надта сцюдзёна.
Зноў Даніла маленькі, недалужны. Плакаць хочацца. Хочацца выплакаць усё, крывавымі слязьмі...
Ён не злосны ўжо на Ганулю. Ён кахае яе, яна - дарагая яму... Ён, здаецца, маліўся б ёй, каб толькі яго не кінула. Ён слабы, надарваны...
Дык ці ж ён вінаваты? З дзяцінства працуе, цяжка, да знямогі працуе. З дзяцінства яго рукі вунь у якіх мазалях. Карузлыя... Ён выклаў сілы, ён выпетраў увесь. Ён стары ўжо, хоць трыццаць пяць гадоў толькі мае... Дык што ж яму рабіць?..
Страшная гэта Ганна. Страшная затым, што незразумелая, дзіўная... І разам простая. Яна ўсё проста, праўдзіва робіць, так, як належыць... І калі з Змітровічам - таксама праўдзіва... А ён, Даніла, няздольны, ён заблытаны ў сетцы. І век заблытаны быў - не вырвацца. Урос у старое...
Ішоў Даніла проста туды, к Ганнінай кватэры. Не мог больш нікуды ісці, бо куды ж пойдзе? Дахаты? Не! Куды хоця, толькі не дахаты. Асабліва сягоння. Сягоння ён яе павінен бачыць... Вось сядзе на ганку і будзе чакаць. Будзе сядзець, пакуль не прыйдзе яна.
Так і зрабіў. Прытуліўся ў куточак, захінуўся шчыльней, бо сцюдзёна, і сціхамірыўся, аддаўшыся думкам на волю.
І паплылі яны - няясныя, халодныя. Абудзілі пачуццё глыбокай адзіноты, адарванасці ад усяго.
Вось навакол... Горад. Людзі жывуць. Спяць каторыя, каторыя гуляюць. Вунь нават песня недзе тонкім срэбрам ліецца...
А ён асобна... Ён адзін... У яго няма таго, што ва ўсіх. Ён воддаль стаіць, адзінотны...
Гэтак думаў Даніла, аж пакуль за рогам галасы не пачуліся...
- Ганна! - усхапіўся Даніла і зараз жа ўцяміў, што з ім ідзе... з Змітровічам...
Настаражыўся, што заяц... Шкада, не відаць. Пэўна, пад ручку, а мо абняўшыся...
Спыніліся. Гутараць. Што - не разабраць. Зараз развітаюцца. Ці пацалуюцца на развітанне?..
Даніла з болем, з напружаннем чакаў пацалунку. Ён жадаў яго, ён быў патрэбны яму, каб падагрэць пачуццё рэўнасці...
Хто яго ведае... Можа, далёка? Толькі не пачуў Даніла.
З-за рога дома Ганна з'явілася. Знецікі, відаць, спалохалася, застыгла на месцы.
- Хто гэта?
- Я.
Вольна ўздыхнула.
- Ух... Нядобры, напалохаў... Хоць бы азваўся, а то сядзіць моўчакам. Ці даўно прыйшоў?
- Не.
- Хата зачынена, не ведаеш?
- Не ведаю.
Пачала ляпаць у дзверы. Даніла маўчаў. Праз колькі часін адчынілі.
- Пойдзем у хату! - звярнулася да Данілы.
Ён нічога не сказаў. Пасунуўся ўслед. Хацелася нешта сказаць, балючае, ад самага сэрца, але не было сілы.
У хаце сеў на ложку, утупіўся.
Яна запаліла лямпу і падсела к яму. Узняла рукой галаву, зазірнула ў вочы.
- Што прызаўныў, мой дзядулька?
У шэрых вачах Даніла ўбачыў шчырую ласку.
Горка стала. Захацелася пажаліцца, як дзіцяці пакрыўджанаму. І ёй - нікому болей... Ёй, гэткай прыгожай, добрай, ласкавай... Ён раптам схапіў яе руку і стаў цалаваць. Яна вырвала, занепакоілася.
- Што ты гэта, Даніла, звар'яцеў, ці што?.. Я ж не поп, што ты мяне ў рукі цалуеш...
Даніла зірнуў на яе жаркім, пакутным поглядам.
- Гануля! Я дужа люблю цябе... Я... сам не ведаю... Ты - усё... Ты жыццё маё...
Яго твар пакрывіўся. У голасе слёзы чуваліся. Мужчынскія - дзіўныя і мнагазначныя.
Гануля моўчкі абняла яго, з пяшчотай прытуліла да сваіх грудзей.
Ён плакаў, як дзіцёнак. А яна гладзіла яго калматую галаву, супакойвала.
- Ну чаго ты, Даніла... Кінь... Што з табой зрабілася? Раскажы лепей...
Як супакоіўся, ён устаў, пахадзіў па хаце.
- Знаеш, Гануля... Я табе без смеху скажу, сур'ёзна... Я не перажыву, калі ты кінеш мяне... Я не здужаю перажыць гэтага...
- Адкуль ты ўзяў, што я цябе кінуць збіраюся?..
- Гануля, я бачыў сёння. Я ля дзвярэй стаў. Ты з Змітровічам...
- А, во што... ха-ха-ха!..
Яна весела, гучна рагатала.
- Дык во ты чаго? Ну, гэта ж глупства, Даніла. Пажартавалі трохі... Праўда, ён мне трохі падабаецца... Хлопец нішто - спрытны...
- Я знаю...
- А кінь ты, Даніла. Мала што... На кожную драбязу ўвагу звяртаць... Ну, хадзі лепей, сядзем поплеч, пагамонім аб чым-небудзь другім.
Даніла сеў, абняў яе, з каханнем глядзеў у шэрыя іскрыстыя вочы.
- Гануля, сонейка маё... Ты аджывіла мяне, але, мусіць, ты й загубіш...
- Зноў ты сваё, кінь!..
- Ды не, Ганначка... Я ведаю, я чую. Ну ты ж, скажы па праўдзе, ад шчырага сэрца... Змітровіч табе падабаецца?.. Так?
- Ну, ладна...
- Магчыма, што ты яго палюбіш... Толькі па праўдзе скажы: магчыма ж гэта?
- Ну, няхай сабе магчыма... Ну дык што?..
- Ты кінеш мяне.
- Як гэта кіну? Мы астанемся прыяцелямі, будзем памагаць адзін аднаму, адзін аднаго падтрымліваць...
- Не тое гэта...
- Ай, які ты, Даніла! Ну, ці ж можна быць нюняй гэткай? Трэба бадрыцца, вышэй галаву трымаць. Няўжо ж так аслабеў, што не можаш смела, бадзёра зірнуць на жыццё?.. Сорамна. Табе ж не прывыкаць. Ты - работнік, радзіўся ў працы, у працы ўзрос... Слухай, Даніла, ведаеш што?.. Кінем мы пра гэта... Во што... Абяцай мне, што не паддасіся, што заўсёды будзеш смела, бадзёра глядзець на ўсё, што не будзеш урывацца ў што-небудзь адно, у адзін куточак, а будзеш шырэй глядзець: тут дрэнна, дык там добра; тут пуста, дык там поўна... Во так! Ну, дык абяцай мне гэта... Добра? Абяцаеш?.. Ну ты, мужчына!..
Яна палажыла яму на плечы свае рукі і ўпарта глядзела на яго вясёлым, задорным поглядам. Ён пачуў, як і яму робіцца весела. Усміхнуўся...
- Ладна. Я папрабую. Абяцаю табе, мая галубачка. Паваюем яшчэ...
8
Снег... Снег... Снег...
Разам пасыпаўся, як з вялізнага каша. Сняжынкі беленькія, кволенькія замітусіліся мітульгой у гулліва-вар'яцкіх скоках...
- Гэй, беражыся! Дарогу нам! Аблепім, спаўём, беллю пабелім... Усё!
І пабялілі... Зямлю атулілі коўдрай мяккай, пухкай. А на будынкі, на дрэвы - бровы белыя панавесілі, дзядамі сівымі зрабілі...
Людзі хаджалыя твары хаваюць: не хочуць гарэзлівых пацалункаў спрытных сняжынак. Але ці ж ад іх схаваешся - гэткія пройды... Залезуць пад шапку, за каўнер, разліюцца вільгаццю, мыюць чалавека гвалтам... Во якія дасціпныя!..
Але людзі не злуюць. У кожнага твар вясёлкай грае. Куды ж там... Светла, прыгожа... Чысценька, як у свята. Весела!..
У гэты першы зімовы дзень Даніла ў сваёй хаце сядзеў.
Свята... Жонка сышла некуды, дзеці ў спальні дурэюць. А Даніла ля акна.
Акно на гароды. Пакуль воку відаць - белы прасцяг чыстым абрусам. На ім прыкрымі плямамі - праслы, дрэўкі. А ўдалеч там усё апавіта туманам. Гэта сняжынкі спляліся ў цэлую хмару, загараджваюць, хаваюць ад вачэй, жартаўніцы, што дзеецца там далёка.
Даніла якраз у тую шэра-бялясую заслону нерухомым поглядам упяўся. Не бачыць нічога, бо ўвесь у думках. А вочы так у прасцяг узіраюцца. Толькі бачаць адну бель - новую, свежую.
У гэтую бель душа просіцца, хоча зліцца з ёй, сама ў бель абярнуцца. Каб памыцца, пачысціцца, каб свежай стаць, маладой.
Данілу немаведама што ў галаву лезе...
...Каб пайсці туды, у туманную далеч... туды, за заслону за снегавую... Ісці, ісці... Усё далей і далей. Каб аставалася ззаду ўсё гэта будзённае, нуднае, каб нешта новае, невядомае, непазнанае агарнула. Каб новае жыццё. Такое, як у казцы... Не, не ў казцы... Такое, як яны з Ганнай малявалі. Такое, як Ганна, бо яна новая і непазнаная... Яна дзіўная, чароўная... І зараз уваччу ў Данілы паўстала яна - Ганулька. Тая, за якой пайшоў услед, якая вабіць непераможнай, цудоўнай сілай. Ганулька любая, дарагая... Усё жыццё яго...
- А калі раптам... кіне...
Сэрца ў Данілы холадам сціснулася.
- Не, не можа гэтага быць. Не павінна... Не будзе... бо калі будзе, тады... немаведама... страшна...
Даніла ўстаў, трахануў галавой. Захадзіў нервовым крокам па хаце.
Ахапіла нецярплівасць, трывога.
Хутчэй трэба што якое рабіць. Во зараз жа, не марудзячы... Трэба схапіць, заўладаць шчасцем... і жыццём... А як?..
Ён азірнуўся наўкола, быццам шукаючы, з чаго пачынаць. І зараз жа агнём працяло:
«Тут... Во тут трэба рабіць што... Трэба канчаць. Дзеці... Эх, каб не яны! Тады б усё было ясна, зразумела. Тады б не цягнула назад, не прыціскала б да долу нейкая вага, да якой ланцугамі прыкуты».
Дзеці... Бедныя, гаротныя...
Даніла прыслухаўся. З спальні нёсся вясёлы рогат дзяцей. Яго пацягнула да іх, захацелася ўбачыць, прыгалубіць...
Увайшоў у спальню. Дзеці змоўклі, сціхамірыліся, быццам спалохаліся. Адвыклі.
Ён узяў меншую Маньку на рукі. Яна падалася, моўчкі прытулілася да яго.
- Дзетачка роднае... Гаротніца мая маленькая! - шаптаў Даніла, носячы дачку па хаце.
Хацелася нешта сказаць - добрае, ласкавае, але не было слоў. Толькі з пяшчотнай ласкай прыціскаў да сваіх грудзей: здавалася, што гэта не дачка, а частка яго грудзей, частка сэрца.
Потым сеў на крэсла, Сцёпку к сабе падазваў. Пасадзіў на калені. Сцёпка таксама да яго прытуліўся.
- Што, дзеткі, можа, казку вам збаяць?
- Збай, татачка! - у адзін голас прагукалі.
Ён пачаў:
- У далёкай-далёкай старонцы, там, дзе ніколі зімы не бывае, дзе сонейка свеціць заўсёды, там жыў адзін волат. Цяжка яму жылося, бо не меў ён волі. Спакон веку ён быў прыкуты да каменя магутнымі, цяжкімі ланцугамі. Яны спавівалі ўсё яго цела і былі гэткія моцныя, што нават павярнуцца не давалі. Ён часта напружваўся, хацеў парваць ланцугі, але толькі глыбачэй уядаліся яны ў цела. Ён стагнаў і плакаў... Якраз каля таго каменя, да якога быў ён прыкуты, выраслі дзве кветкі. Такія, што ўюцца каля якога-небудзь прадмета, нібы хмель наш. Толькі яны былі гэткія прыгожыя-прыгожыя. І вось яны абвіліся вакол таго волата. Яны прыбралі яго, аздобілі і давалі яму вялікую ўцеху сваім хараством. Ён палюбіў іх больш за ўсё на свеце, бо яны быццам палягчалі яго няволю... Але прыйшоў час, і ланцугі з'ела ржа. Волат зрабіў апошнюю патугу, і яны рассыпаліся. Вольна ўздыхнуў волат, радасна, смела зірнуў наўкола і шукаў толькі напрамку, куды б пайсці. Бо ён быў вольны і магутны. І вось тады ён убачыў, што тыя кветачкі, якія абвівалі яго, засталіся цэлыя, бо яны былі маладыя і гібкія. Ён папрабаваў іх заблытаць, але ўбачыў, што прыраслі яны да яго цела сваім голлейкам. Яму так шкада было гэтых кветачак, што ён доўга думаў, ці парваць іх, а самому пайсці ў вольны свет, ці застацца, каб не згубіць іх маладога жыцця. Бо ён дужа-дужа іх палюбіў...
Даніла змоўк. Углыбіўся ў думкі. Сцёпка азваў яго:
- Татка! А яму ж можна было выкапаць іх з карэнькамі і панесці з сабой туды, куды сам хацеў ісці...
Бацька зірнуў на сына кахаючым поглядам.
- Праўда, сынок... Ён так і зробіць...
- Як зробіць?
Але ў гэты момант ляпнулі дзверы - матка прыйшла. Даніла пакінуў дзяцей, сам выйшаў з спальні і зноў стаў хадзіць узад і ўперад. У яго ўжо склаўся замер канчаткова пагаварыць з Арынай.
Трэба кончыць, парваць гэтую блытаніну.
Арына ў кухні нешта парадчыла. Зараз увойдзе, пачнецца...
- Ну, няхай. Апошні раз.
Арына ўвайшла, спынілася, убачыўшы яго.
- Прыйшоў... каб па табе трасца хадзіла! Чаго табе трэба? Ты ж адрокся ад усяго, ты ж змяніў сваю сям'ю... Чаго ты прыходзіш сюды? Чаго ты мучыш мяне?
Даніла перапыніў яе:
- Слухай, Арына. Кінь лаяцца. Я хачу з табой сур'ёзна пагаварыць...
Яна ўраз змоўкла, спалоханая. Яна дагадалася, аб чым хоча ён гаварыць. Яна кожны дзень чакала гэтага, хоць аб гэтым баялася думаць, бо яшчэ не згубіла надзеі на добры канец. І вось яно падышло...
- Ну, гавары, - сказала дрыжачым голасам.
- Я, Арына, больш не магу зносіць гэткага жыцця. Я многа думаў аб гэтым і рашыў, што жыць з табой я не магу...
- Ну? - крыкнула яна з адчайным голасам.
- Я цвёрда надумаў развесціся...
Арына раптам загаласіла.
- Божухна-бацюхна! Да чаго дажылася... Ці дзеля гэтага ж я кахала яго, ці ж дзеля гэтага я замуж пайшла, каб цяпер сорам убачыць... Шлюха гэта, разлучніца праклятая! Абваражыла яна яго, ачмуціла...
- Арына, не чапай яе. Яна не вінавата... Не дзеля яе гэта. Проста жыццё гэта мне не ў змогу. Не здавальняе мяне...
Арына ўраз схапянулася.
- Дык жа не! Не будзе гэтага, не будзе!.. Ты думаў - так проста ад мяне адкараскаешся? Не!.. Я - няхай, дык жа дзеці ёсць... Што ж ты сабе гэта думаў: напладзіў, а цяпер - на, кармі, гадуй... Не, пачакай!..
- Дзяцей я к сабе вазьму.
- Што? Дзяцей? Ад роднае маткі? Каб я ды дзяцей сваіх аддала? На пагібель, на смерць? Ды няхай у мяне рукі, ногі паадсыхаюць, калі я кіну дзетак сваіх!.. Родныя мае, залаценькія! Хадзеце сюды, на бацьку зірнеце, як ён кідае сям'ю сваю, як ён вас, сваіх дзетак, зракаецца...
Сцёпка з Манькай ля дзвярэй. Плакалі - горка, адчайна...
Даніла нічога больш не сказаў. Узяў шапку і выйшаў з хаты...
Ён хацеў цяпер пайсці да каго параіцца, як пачаць справу аб разводзе. Але куды, к каму? Доўга перабіраў у думках сваіх сябрукоў.
«Змітровіч», - раптам у галаве мігнула.
І пацягнула да яго. Захацелася ўбачыць, паглядзець на яго, прыгледзецца, палюбавацца на яго - маладога, прыгожага. Можа, з зайздрасцю? Ну дык што ж!..
Даніла пайшоў перш у клуб, але там не было Змітровіча. Пайшоў на кватэру - там заспеў.
Змітровіч сядзеў за сталом, нешта пісаў. Як убачыў Данілу, ветла ўсміхнуўся.
- Здароў, дзядзька! Як гэта затрапіў сюды?..
Як ні прыслухваўся Даніла, але не пачуў у голасе Змітровіча нічога такога, апроч прыяцельскай ветласці. Сам трымаўся нацягнута, афіцыяльна.
- Па справе прыйшоў.
- Ну, ладна... Справа справай, але сядай перш... Як маешся?
- Нічога сабе...
- Як з жонкай? Ваюеш?
- Вось аб гэтым і прыйшоў да цябе. Сёння канчаткова гаварыў з ёй, надумаў ужо развесціся. Прыйшоў да цябе папытаць, як гэта зрабіць...
- Во! Даўно пара... Я ж казаў табе... А як яна, згодна?
- Не.
- А, дык гэта праз суд трэба. Напісаць заяву, ну й грошай ладнага заплаціць. Але гэта глупства... Калі не хопіць - выручым... Заяву ведаеш, як напісаць?.. Не?.. Сядай, пішы, я прадыктую...
Даніла стаў пісаць. Як скончыў, зараз жа йсці нарыхтаваўся. Хоць і некуды было, хоць і не хацелася нікуды йсці, але ў Змітровіча таксама не хацеў заставацца.
Змітровіч затрымліваў.
- Пастой, куды ты... Пасядзі троху, зараз гарбату згатуем, нап'ёмся па-халасцяцку.
- Не, трэба яшчэ ў адно месца зайсціся. Некалі...
Ён развітаўся і наладзіўся выходзіць, але ў гэты момант адчыніліся дзверы і ў пакой убегла Ганна.
- Андрэй! - яшчэ на парозе крыкнула яна свежым, вясёлым голасам, і гэта слова нажом разнула Данілу.
«Андрэй... не Змітровіч», - падумаў.
- А, Даніла, - заўважыла Ганна. - Здароў! А ты як сюды трапіў?.. Хлопцы! - звярнулася яна да абодвух. - На спектакль пойдзем! Чаго вы седзіцё тут, як тараканы ў запеччы?.. Пагода якая! Снегу ўжо - во пакуль... Мяккі, пульхны, як вата. Так і хочацца пакачацца... Ну, жывей! Даніла, чаго ўтупіўся? Марш!..
Даніла моўчкі глядзеў на яе, любаваўся. Было чагось сумна, маркотна.
Яны пайшлі разам. Як выйшлі з хаты, Ганна з вясёлым смехам адбегла, схапіла снегу ў жменю і шыбнула ў Змітровіча. Той - у яе. І пачалі ў снежкі гуляць...
Даніла йшоў у задуме. Зайздрасць гадзюкай у грудзёх шавалілася. Ён думаў:
«Жыццё маладых любіць».
9
Праз тыдзень быў суд. У гэты дзень Даніла не пайшоў на работу. Хадзіў усё па горадзе. Без усякае мэты, так сабе, бо не мог заставацца на месцы. Рупіла ўсё, турбавала тое, што будзе сёння.
Раз-поразу ў суд заходзіў, хоць і знаў, што толькі пад вечар яго справа разбірацца будзе.
Хадзіў Даніла па вуліцах горада, утупіўшыся, і ўсё думаў. Думаў, што вось сёння кончыцца адно, а заўтра - другое. Заўтра ён будзе зусім вольны. Зусім, зусім як птушка... Не, не як птушка, як вецер, во гэты, што шугае па заўголлю, што круціць віхрам... Ён вольны і малады.
А заўтра і Даніла будзе такім. Тады - куды хоця, тады ўсе дарогі адкрыты. Тады жыццё пачнецца.
Заўтра, заўтра... Толькі хутчэй бы вось гэта кончылася. Гэта прыкрае, нялюбае... Людзі будуць глядзець, слухаць. Будуць шаптаць адзін аднаму, будуць і ў вочы соллю кідаць. Будуць смяяцца зларадасна. Эх, прыкра... Хутчэй бы мінулася гэта, кончылася пакута!
А тады - дзяцей у дзіцячы дом, няхай там растуць, развіваюцца, да жыцця новага гатуюцца. Выцягнуць толькі іх з багны. А сам... Вольная праца, вольны адпачынак... І Ганна. Яна будзе з ім, яна не кіне. Толькі хутчэй, хутчэй! Каб не спазніцца, каб не прамінула, не згінула шчасце...
І Даніла, сам таго не прыкмячаючы, ішоў усё шыбчэй і шыбчэй, быццам і сапраўды спяшыў за шчасцем. Схамянецца, азірнецца наўкола, на апранутыя ў зімовую бель вуліцы, быццам сам сабе задзівіцца, куды ён рупіцца так, - а потым ізноў углыбіцца ў думкі, ізноў пад уплывам іх шпаркага лёту ўсё падбаўляе і падбаўляе ходу.
Як ужо ў паветры ледзь прыкметна разлілося рэдзенькае валакно змроку, Даніла ізноў падходзіў к будынку народнага суда.
У досыць раскошным пакоі было поўна людзей. Як увайшоў Даніла, усе нацэліліся ў яго цікавым поглядам. Зашапталіся.
Адразу ўцяміў Даніла, што сабраліся на яго паглядзець, яго цікавую справу паслухаць. Дасадна зрабілася і прыкра. Нахмурыўся, але смела, проста стаў усіх азіраць.
Шукаў вачмі Ганну - ці не прыйшла... Не, няма. Замест яе жонку ўбачыў. Сядзіць у кутку, акружаная суседкамі. І з ёй яны... дзеці. Прытуліліся палахліва да маткі.
- Нашто прывяла! Нашто душы псаваць дзіцячыя!..
І злосць на Арыну выбухнула ў Данілы.
Сеў у другім кутку на зэдлік, абапёрся аб сцяну, задумаўся. Прыемна ціхамірыла стрымленая аднамерная гутарка. Драмаць захацелася.
Але зараз усе ўзняліся. Выйшаў суд з бакоўкі. Суддзя стаў чытаць прыгавор па папярэдняй справе. Няўважна слухаў Даніла дакучліва-нудныя словы...
...Украў... Паказанні сведак... Па стацці...
Лягчэй стала, як кончыў. Паселі ўсе. І Даніла. Суддзя ўзяў з вялізнай кучы адзін сшытак і абвясціў важным, але нудным, змораным голасам:
- Слухаецца справа грамадзяніна Данілы Кірылава Чаборскага па заяве яго аб развязанні браку з грамадзянкай...
Данілу скрозь зямлю праваліцца захацелася - гэтак было не па сабе. Усе паціхлі ў напружнай нерухомасці. Толькі моўчкі перабягалі вачмі з яго на Арыну і назад.
А потым вальней стала, як суддзя пачаў дапытваць, як пайшло звычайным ладам.
На запытанне суддзі, ці згодна на развод, Арына скрозь слёзы пачала жаліцца на свой лёс, на тое, што чакае яе, на гаротную долю дзяцей... Суддзя перапыніў яе:
- Аб гэтым потым...
І звярнуўся да Данілы:
- Якія вы маеце прэтэнзіі на агульную вашу маёмасць і чым можаце забяспечыць жыццё вашых дзяцей?
Даніла ўстаў.
- Таварыш суддзя! Я нічога не хачу і нічога не вымагаю. Мне нічога не трэба. Няхай ёй усё застаецца. Вось толькі дзеці... Дзяцей я хочу сабе ўзяць. Я прашу суд зрабіць гэта. Я маю на гэта пэўныя прычыны...
І ён пачаў гаварыць аб выхаванні дзяцей, аб тым, у якія абставіны трапяць яны, калі застануцца пры матцы, і г. д. Доўга і горача гаварыў. Арына колькі разоў памыкалася перапыніць яго, але суддзя яе сунімаў.
Як скончыў Даніла, суддзя запытаў Арыну, ці згодна яна аддаць дзяцей. Тая зноў палілася плоймай рэзкіх, слязлівых слоў, перамешаных з жорсткай кляцьбой. Пра яе згоду і гутаркі не магло быць. Ледзь уціхамірыў яе суддзя.
- У гэтай справе мы павінны прыслухацца да голасу саміх дзяцей. Іхная прыхільнасць вырашыць спрэчку. Дзеці, вы да каго хочаце пайсці: да таткі ці да мамкі?
Глыбокая ціша агарнула пакой. Усе погляды абярнуліся туды, адкуль палахліва глядзелі сумныя вочкі. Даніла ўзняўся, падаўся да іх. Голасам, поўным шчырае ласкі, пяшчоты, паклікаў:
- Дзетачкі! Сцёпка, Манечка! Пойдзем ка мне!
Яны маўчалі, спалоханыя. Суддзя яшчэ раз запытаў:
- Ну, ды к каму ж вы хочаце: к мамцы ці к бацьку?
- К мамцы, - праказалі ледзь чутна і раптам абодва горка, жаласна заплакалі.
Нервовы гоман прабег па пакоі. Даніла да суддзі рваўся:
- Таварыш суддзя! Дазвольце сказаць...
- Пачакайце! - перапыніў той. - Мы чулі ўжо вашыя словы, і ўсё будзе прынята пад увагу.
Яшчэ колькі дробных запытанняў.
- Суд выходзіць на нараду...
Бурлівая гаворка напоўніла пакой. Усе напераспехі дзяліліся ўражаннямі, выказвалі свае думкі, загадвалі на тое, які прыгавор будзе.
Даніла сеў на сваё месца, у куток. Нервова церабіў бараду, разважаў, што можа пастанавіць суд. Ён не думаў раней, што так абернецца справа. Ён быў перакананы, што дзеці з ім застануцца. А цяпер - усё перавярнулася. Толькі астатнія словы суддзі давалі надзею. Пэўна ж, і сапраўды суд прыме пад увагу яго словы, не дапусціць, каб дзеці загінулі ў багне беспрасветнага мадзення.
Доўга цягнулася нарада. Нецярплівасць усіх ахапіла. Але вось адчыніліся дзверы. Усе ўсталі, замярцвелі ў напружным чаканні. Толькі чутна было сударгавае хліпанне дзяцей...
- Імем Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі... - аднатонна-ўрачыста зычэў голас суддзі.
Даніла з нецярплівасцю прапускаў міма вушэй усе непатрэбныя словы, напружна ждаў, калі пра дзяцей... І вось - «...дзеці, як выказаўшыя відавочную прыхільнасць да маткі, астаюцца пры грам. Арыне Чаборскай. На іх пракорм і выхаванне гр. Даніла Чаборскі павінен кожны месяц выдаваць па пятнаццаць рублёў...»
І далей зноў непатрэбныя, нудныя словы. А тыя - важныя, прыкрыя - усё звінелі ўвушшу ў Данілы, перапляталіся з акраўкамі думак.
Усё... Усё парвалася. Нават тыя кветкі, што прыраслі да цела, да сэрца. З каранём вырвалася старое...
І дужа балюча, цяжка было. Стаяў, аслупянелы, як і суд кончыўся, як і людзі пачалі разыходзіцца. Потым паціху, як лунацік, выйшаў з пакоя. Не бачыў, што ўсе дарогу яму ўступаюць, што ўсе глядзяць на яго - хто з гнеўнай усмешкай, хто з спачуваннем. Не чуў, як услед яму ляцелі не надта прыемныя словы...
10
Выйшаў Даніла і стаў ля парога. Куды ісці? Куды прыхіліцца?
На дварэ зіма спраўляла сваю першую буяную вечарынку. Вецер - злы, як шалёны сабака, - штурхаў, шкуматаў, абдаваў сцюдзёнымі хвалямі снегу. Па вуліцах - цемень, завея. Холадна, непрытульна.
І пацягнула Данілу туды, у цёплы, прытульны куточак, дзе жаркая ласка, дзе шэрыя вочкі... К Ганне пайшоў.
Пайшоў шпарка, паспешна, з нейкай асалодай акунуўшыся ўсім сваім тулавам у жорсткія парыванні сустрэчнага ветру. Жадалася чагось вострага, балючага. І прыемна было адчуваць, як вецер сцёбае па твары жменямі шурпатага снегу.
Яшчэ здалёк убачыў, згадаў ветлы агеньчык у Ганнінай кватэры. Стрымліваў сябе, каб не пабегчы ўгрунь, бо нешта ўсярэдзіне бушавала, штурхала наперад.
Вось і дом. Узбег па старых, расхістаных ганках, у цёмных, трухлявых сенцах намацаў знаёмыя дзверы.
У кухні абдало густой цеплю. Бліснула ў шчэлку святло з Ганнінага пакоя, і галасы пачуліся.
«Ёсць нехта», - падумаў Даніла.
Паморшчыўся ад дасады і з нейкай невыразнай трывогай адчыніў дзверы.
«Змітровіч!» - маланкай жыганула ў мазгах.
Сядзяць поплеч на ложку. Абодва з усмешкай глядзяць на яго. Твар у Ганны гарыць: вочы, апавітыя салодкай млявасцю, гараць глыбокім, страсным агнём. Сукрыстымі змейкамі звіслі на твар пакалмачаныя валасы.
Яшчэ нічога не зразумеў Даніла, а ўжо пачуў, што - канец, што ён тут непатрэбны. Стаяў у парозе і моўчкі з глыбокім жалем глядзеў на Ганулю. Быццам у астатні раз хацеў наглядзецца на яе, пацешыцца яе хараством. Быццам разлучаўся з ёй назаўсёды...
Цяжка было, нутро балела. Быццам з сэрца выціснуў нехта ўсе сокі, кроў выцягваў з жылаў. Здавалася, што валішся ўвесь у бяздонную процьму, дзе жудасна-пуста, дзе ані косачкі свету, дзе страшна...
Змітровіч з Ганнай звярнуліся да яго, у адзін голас спыталіся:
- Ну, як?
- Кончана.
- А дзеці?
- У яе засталіся.
- Ну! раскажы, як было...
Але Данілу не хацелася расказваць. Здавалася, што й тут простая цікавасць, як там, у тых чужых, далёкіх людзей, што на судзе.
- Ат! - нецярпліва махнуў рукой і сеў на зэдлік - хмуры, пахілы.
Запанавала напружна-прыкрая ціша. Даніла чуў, што на яго глядзяць, як на хворага, баяцца варушыць яго нутро. Але чуў таксама, што і Змітровіч і Ганна гатовы зрабіць цяпер для яго ўсё, што ён захоча. Бо хвораму заўсёды дагаджаюць.
Ён хворы... Вядома - хворы. Гора - таксама хвароба. Калі нутро ўсё крышыцца, калі руйнуецца ўсё ўсярэдзіне - гэта цяжкая, апасная хвароба. А раз хворы - ён мае права на ўвагу. Ён можа папрасіць, патрабаваць, каб Змітровіч пайшоў, бо цяжка пры ім, бо хочацца з Ганнай застацца. З ёй напэўна лягчэй яму будзе. Мо яна яму зелля якога знойдзе - яна ж разумная, добрая... Любая яна, блізкая, дарагая...
І ён проста сказаў:
- Гануля, я хачу з табой адзін на адзін застацца...
Змітровіч адразу ўзняўся.
- Я пайду.
Яны перакінуліся з Ганнай мнагазначным поглядам. Ганна выйшла разам з ім - правесці яго. Даніла знаў, што яны там зговар вядуць, як з ім абысціся.
«Няхай сабе! Усё роўна...»
Ганна вярнулася, села з ім поплеч, але не кратала яго. Не знала, пэўна, з чаго пачаць, баялася, каб яшчэ горш не раскалупаць рану. Даніла чуў гэта. Каб не мучыць яе і сябе, пачаў першы:
- Значыць, Гануля, зроблена справа. Я цяпер вольны - разарваў путы...
Памаўчаў трохі.
- А ведаеш, Ганна, нярадасна нешта... Можа, што дзеці... Шкада іх... Гэткія любыя, мілыя...
- Гэта пакуль што, Даніла. А потым абыдзецца. Галоўнае - напоўніць жыццё, каб не было пустое... А то, вядома, цягнуць будзе да старога, маркотна будзе і цяжка.
- Чым жа напоўніць? Гэта ж - усё, я ж толькі гэтым і жыў... Дзетачкі... асабліва яны. Я гэтак люблю іх... Чым я здолею іх замяніць?..
Ён задумаўся.
- Ведаеш, Ганна...
Ён раптам узрушыўся, схапіў яе за руку.
- Я на цябе спадзяваўся, я верыў у цябе, я думаў - ты мне паможаш, ты падтрымаеш мяне, ты заменіш мне страчанае...
Яна мякка ўсміхнулася.
- Даніла! Дык гэта ж неразумна... Якая ж карысць, якая выгада? Ты адны путы хацеў змяніць на другія? Ты хацеў вырвацца з багны сям'і, каб у другую трапіць?
- Ды не, Гануля, не так... З табой іначай. Ты ж не такая, ты разумееш... Ты сама жывеш поўным жыццём, у цябе гэткія інтарэсы, як у мяне. Я не так думаў, як ты гаворыш. Я марыў аб прыгожым, шырокім жыцці...
Колькі хвілін абодва маўчалі. Потым ён пачаў нізкім, сціснутым голасам у відавочным абуджэнні:
- Дык, Ганна... Значыць, не будзе так? Ты не будзеш маёй... ну, не жонкай... прыяцелькай, сябрам, але зусім, каб усягды, каб жыць разам, разам працаваць...
- Мы будзем, як і раней, прыяцелямі. Будзем памагаць адзін аднаму...
- Не, не тое... не так... Ты разумееш мяне, Ганулька, толькі не хочаш прызнацца... Ну, скажы проста, канчаткова: не будзе так, як я кажу?
- Не, не будзе.
- Чаму?
- Я сама люблю волю... Я знаю, што дрэнна так будзе...
- Ізноў ты не тое гаворыш. Ты не хочаш сказаць... Ганулька, я ж сам бачу, я ж разумею. І чаму ты не хочаш мне шчыра сказаць усё як ёсць... Ты... Змітровіча любіш...
- Ну, няхай сабе й так... Я люблю яго... моцна люблю, бо ён прыгожы, разумны, ён... падабаецца мне...
Даніла моўчкі ўзняўся.
- Ладна. Я пайду, Ганулька!
У яе вачах бліснула трывога.
- Куды ты, Даніла? Чаго табе па начы бадзяцца... Ты ў мяне пераначуй.
Ён заўважыў яе трывогу. Усміхнуўся.
- Ты не бойся, Гануля. Я ж помню твае словы: тут дрэнна, дык там добра; тут пуста, дык там поўна... Дабранач!..
Ён выйшаў на вуліцу. Цемень, вецер, завея. Відаць, на ўсю ноч зіма разгулялася.
У канцы вуліцы бялясай міргаючай плямай ліхтар свеціцца. Даніла проста на яго падаўся. Ён знаў, што гэты ліхтар якраз проці Янкеля. Знаў таксама, што ў Янкеля двор заезджы, што там можна пасядзець, пагрэцца...
Вось толькі спяць, можа? Не, яшчэ свецяцца вокны. Даніла паляпаў. Адчыніў Янкель, пазнаў яго і ветла запрасіў у хату. Там не было нікога, толькі на лаўцы спаў нейкі падарожны. Даніла сеў за стол, паклаў галаву на далоні. Слухаў, як ные, ссе штось усярэдзіне. Думаць не думаў, бо ў галаве было пуста, нібы павымецена ўсё. Толькі слухаў, як садніла сэрца...
Янкель падышоў да яго.
- Можа, перакусіш чаго, Даніла?
У голасе спагада чулася. Даніла рукой махнуў.
- Нічога не хачу.
Потым, нібы ўспомніўшы штось, схапіў за руку Янкеля.
- Слухай! Можа... выпіць ёсць што?..
Янкелеў твар у патаемную ўсмешку расплыўся.
- Пашукаем...
Даўно ўжо не піў Даніла. Не любіў піць. Але цяпер узрадаваўся, што можна выпіць. Мо палягчэе?..
Ён піў не закусваючы. Піў чарку за чаркай, але не лягчэла. Нешта ссала, цягнула. Нешта балюча тачыла сэрца.
Потым растала нешта ўсярэдзіне, разлілося, ахапіла агнём усе грудзі, к горлу падышло, перасела ў ім, аж дыхаць цяжка... Потым слёзы з вачэй пакаціліся. Многа слёз!.. І жаласна-жаласна стала.
Даніла плакаў, схіліўшы на стол галаву. А як узняў яе, пачуў, што круціцца. «П'яны», - падумаў.
І яшчэ піў, каб зусім ап'янець, каб не помніць нічога. У галаве буйнымі хвалямі віхаўся зялёны туман. Унутры нешта ўздымалася, бурліла, штурхала, рушыла з месца. Хацелася пабегчы, паскакаць, дагнаць кагосьці...
Вылез з-за стала і, хістаючыся, пайшоў з хаты. Дзіўна, смешна стала, калі Янкель хацеў затрымаць. Ганна тож не пускала. Баяцца... А чаго - немаведама...
На вуліцы весела. Снег гэты, бель бяскрайняя... Круціцца ўсё, скача ў шалёным карагодзе... Вецер жартуе. З-за вугла выскачыць, шпургане ў твар ахапкам снегу і наўцёкі...
Ну ладна... жартуй, шпургай... Ты ж малады, вясёлы. Даніла тож малады. Ён тож жартаваць, гуляць хоча... Ён - разам з ветрам, разам з гэтай раз'юшанай беллю...
Даніла спыніўся ля Ганнінае хаты. Хістаючыся падышоў пад акно, абапёрся рукамі аб сцяну.
Агонь яшчэ ёсць. Не спіць. Во тут яна, блізка... Зусім блізка, у колькіх кроках... Каб пранікнуць праз сцяну... Тады абняць яе, цалаваць... бо тут жа яна, во-во, зусім блізка... Яна ж дужа добрая, ласкавая такая, яна салодка ўмее галубіць... Хіба паляпаць у акно? Ці згадае - хто?.. Але не, не варта. Не трэба... Трэба пайсці, не кратаць яе... Няхай! Яны абодва маладыя... няхай...
Ён адштурхнуўся ад сцяны, пайшоў далей па вуліцы. Куды - не знаў. Ды ці не ўсё роўна? Трэба ж ісці куды-небудзь... Як выйшаў за горад, у цёмнае поле, спыніўся на момант, азірнуўся.
Цемра. Завіруха. Штурхае гуллівы вецер, рагоча, вочы снегам жорсткім, шурпатым запарушвае. Чаго яму трэба? Што ён ісці не дае?..
Гэты снег... Бель гэта... І ўсярэдзіне - тож бель, бо ружовае знікла. Нічога няма - адна бель...
Але ж трэба ісці... Цёмна, заслона перад вачыма - калючая, чорная. За заслону трэба - там светла... Далей трэба йсці...
Ногі вязнуць у снезе. Цяжка. А мо гэта не дарога? Дзе ж дарога? Чаму ён не па дарозе ідзе? Дарога ці не?.. Трэба пашчупаць, няйначай... Нагой не пазнаеш таго, што рукой. Толькі нагнуцца, і адразу ўбачыш: ці дарога ці не?..
Даніла нагнуўся і - забурыўся. Устаць не мог.
Дый навошта ўставаць? Добра так, мякка, прытульна. Галава так прыемна круціцца, у вачах квяцістыя, прыгожыя палосы віхаюцца... Мо гэта тыя пасы, што ў заводзе колы злучаюць?
А во й Ганулька. Нахілілася з радаснай усмешкай. Абнімае рукамі мяккімі, прытуляе да сябе, песціць, галубіць...
Якая яна любая!..
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Завіруха атуляе, укрывае Данілу пухаваю беллю. Вецер шалёны хаўтурную песню спявае...
На маладое
1
Калі ў сонечным моры празрыстымі хвалямі калышацца душная смага, калі пярэсціцца, ззяе вакол пышна-квяцісты дыван бясконцавых палёў, калі стромкі бор, самлелы, зняможаны палкай, напружнай ласкай шчодрага сонца, рассылае наўкола свой ап'яняючы пах, калі жаўранак тонкім срэбным цурочкам улівае ў самае сэрца сваю няўпынную пераліўчатую песню, - тады па жаркаму маладому целу Марылькі разліваецца салодка-калючая млявасць.
Тады сэрца неяк дзіўна тупа і салодка садніць, а ў вачах Васілёк з'яўляецца. Гэткі назойлівы, прыліпчаты Васілёк. Нават не адзін Васілёк, а два васількі, бо вочы яго, ясныя, любыя, - якраз васількі. Глядзяць яны ласкава, смела ў самую глыб, у нутро самае, і ад гэтага погляду нешта хваляй прабягае па целу, к сэрцу прылівае, уздымае высока крамяна-пухкія грудзі.
Васілёк... О, яна нікому не скажа пра Васілька. Анікому... І яму самому не скажа. Яна ўцішку, у думках будзе песціць яго, галубіць, будзе здалёк усміхацца яму гарачай млявай усмешкай, будзе дражніць яго палкай спакусай жаночай.
Толькі адна, уцішку. А як спаткае яго, яна толькі суха, няўважна ўсміхнецца і адвернецца ад яго ўпартага погляду, ад гэтых смелых вачэй-васількоў...
А каму горш за ўсё не скажа Марылька пра свайго Васілька, дык гэта свайму мужыку - Ахрэму даўгалыгаму, чаплі нялюбай. Ого, яму сказаць!..
Марылька не любіць Ахрэма. Яна тры гады за ім замужам і з гэтых трох год паўтара года ўжо не любіць яго.
Яшчэ і Васілька не было, яшчэ не ўглядалася Марылька ў яго блакітныя вочы, яшчэ зазірала яна часам з патаемным чаканнем у шэрыя слізкія вочы Ахрэма, а ўжо ў сэрцы, у целе маладым, жадаючым вострага, палкага, расла несвядома агіда. Прыкрымі сталі нязграбныя, недалужныя ласкі мужыка, прыкрымі затым, што распальвалі яны нутро агнём, агортвалі дзіўным смаглым жаданнем, а не здавальнялі.
І балюча было, і сорамна чагось. І злосць расла на мужыка-недарэку... Злосць і агіда.
Гэтак было. А потым Марылька навучылася не прыкмячаць мужыка. Сціснуўшы зубы зносіла яго прыкрыя мужчынскія жарты, стрымлівала сваё жаночае пачуццё.
Так і цягнулася. Шэрай нудой жыццё завалаклося, забалоціла брудам будзёншчыны.
А тады Васілёк з'явіўся. Ён - малады хлопец, нядаўна зусім дзіцянём быў. І твар у яго як у дзіцяці: чысты, адкрыты, вясёлы. Вочы - крышталь блакітны...
Пачалося гэта зусім проста. Дый што пачалося? Нічога ж і не было такога... Аднаго разу зірнуў на яе Васілёк. Троху не так, як зазвычай глядзяць людзі адзін на аднаго. Нешта было ў яго поглядзе ўпартае, смелае. І на вуснах усмешка блукала таемная, хітраватая.
Марылька тады таксама ўсміхнулася. А ўсмешка неяк міжвольна выйшла такая, як і ў Васілька. І нешта з'явілася тады паміж іх - блізкае, патаемнае, быццам бясслоўны зговар які.
З таго часу закрасаваў у Марылькі ў вачах малады Васілёк, заўладаў думкамі-марамі. І дзіўна неяк: з таго часу яны радзей сталі сустракацца, радзей гутарыць.
Страшна чагось было Марыльцы з ім сустракацца, а ад гутаркі з ім яна проста ўцякала. Бо дзіўныя словы ён ёй гаварыў, такія словы, што зусім іншае яны азначалі, чымся зазвычай. Слова якое простае, звычайнае, а за ім - чуе Марылька - іншая думка хаваецца. Негавораная, але ясная, знаёмая, без слоў зразумелая.
Неяк страшна рабілася Марыльцы. Палохала тое, што думка гэта супраць волі ўпарта і настойна асядала ў галаве і нязмога была яе адтуль выгнаць. Быццам пчаліны рой, буяла й няўпынна гудзела ў мазгах, мёдам атрутным залівала свядомасць і прымушала сэрца млець і сціскацца ад невыразных, няясных жаданняў.
2
Цяжка Марыльцы жаць далёкую паласу за гушчарным сасоннікам. Глуха, але ўпарта, дакучліва ные сярэдзіна: пакланяйся ж так дзень у дзень у пояс спеламу залачонаму жыту. Але гэта дарма - не тое вытрымае дужае, спрытнае цела маладзіцы, ніпачым яму цяжкая, цяглая праца!
Вось сумна-сумненька толькі. Суседкі аджаліся, адной выпала дажынаць сваю вузенькую палоску, а адной жаць у два разы цяжэй.
Серп аднастайна, нудна цямкае пад рукой, а жыта, недалужна звісаючы на моцнай руцэ, шамаціць ціха-ціха, быццам апавядае штось сумнае або жаліцца на сваю гаротную долю. І гэты шолах плаўка, памалу цягне за сабой няясныя думкі Марылькі, заводзіць іх далёка-далёка - невядома куды, пакуль не давядзе да Васілька.
А тады ўжо думкі рвуцца, блытаюцца, мітусяцца ў атрутным тумане. Тады Марылька кідае сноп недажаты і, соладка пацягваючыся, выстаўляецца ўся пад гулліва-палкія праменні паўдзённага сонца.
Па целу - цяплынь прыемная, млявая, а ў закрытых вачах - Васілёк сінявокі. Пад белай кашуляй двума пульхнымі ўзгоркамі грудзі ўздымаюцца, калышуцца ад моцнага тукання сэрца. Марылька глядзіць на іх і ўсміхаецца ўсмешкай гарэзлівай. Думае:
«Нашто яны мне?..»
Потым уздыхне і зноў жаць пачынае.
Ад сонца галава троху круціцца, быццам у чадзе. Смага, хочацца піць. Там, на ўзлессі, у прытульнай засені вада ў гарлачыку. Добра там - халадок, трава дываном мяккім... Адпачыць часіну, напіцца і падумаць. Звіць у цішку квяцісты вянок з прыгожых мараў, атуліць на хвілінку патаемнай ласкай свайго Васілька...
І пабегла Марылька к лесу, як дзяўчынка малая. Напілася вады халоднае і выпрасталася, нерухомая, на шаўковай траве.
На вуснах зайграла ўсмешка давольная, шчаслівая. У заплюшчаных вачах - ён, Васілёк, як жывы... Любы такі, прыгожы. Яе Васілёк - нязнаны і каханы...
Так ляжала Марылька, пакуль лёгкі шолах не пачуўся паблізу. Зірнула і ўбачыла над сабой сінія вочы. Не знала: ці думка гэта яе, ці ён, жывы Васілёк?
- Дзень добры, Марылька!..
Тады дазналася, што ён гэта - жывы, праўдзівы. Хацела спалохацца, але, замест гэтага, сказала з міжвольнай усмешкай:
- Адкуль ты?
І глядзела на яго ласкава, ветла.
Як сеў ля яе, не схапянулася, а таксама глядзела ў яго блакітныя, цяпер чагось дужа бліскучыя вочы. Дзіўна было, нашто ён узяў яе гарачую руку, нашто ціснуў яе моцна, балюча. А як пачула на сваіх узрушаных грудзях нясмелыя, няпэўныя рухі грубой мужчынскай рукі, затрапяталася ў знаёмым пачуцці душнага нездавальнення.
Смешна стала і весела, дужа весела. Раптам схапіла сукрыстую галаву Васілька і моцна, шчыльна прытуліла к грудзям. Рагатала чагось шалёным, гуллівым смехам, з гарачым запалам аддавалася рашучым недазволеным ласкам мужчыны...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
У зялёным лісці распаўзлася празрыста-кволая жоўць. Сонца касой палахлівай з цікавасцю пад куст зазірнула, дзе Марылька з Васільком снавалі жывую казку кахання.
Марылька сядзела і трымала на каленях галаву Васілька. Гладзіла сукрысты мяккі лён валасоў і з пяшчотай у глыбокі блакіт любых вачэй заглядала. Бачыла ў іх давольную гордасць уладання і шчырую ўдзячнасць за яе каханне, за дзявоцтва яе чыстае, непарушанае.
3
Змрок на вёсцы доўга ў жмуркі гуляе. Па заўголлю хаваецца, нікае начніцай вялізнай, крыластай. Стуль выпаўзае, сцелецца долам, хавае ў запазуху ўсё, што трапіць па дарозе.
Вёска туліцца, гарбаціцца старой бабулькай, бурчыць ціхамірна памалу знікаючым гоманам.
К сваёй новай хацёнцы ў завулку падыходзіць Марылька. Серп на плячы, у руцэ клумак з посудам.
Як ішла па вуліцы, нешта таўхала адзаду і галаву долу загінала. Быццам сорамна было альбо страшна чагосьці. А як у завулак звярнула, - усё разляцелася, вольна ўздыхнула Марылька. У хату ўвайшла, быццам і не было нічагутка...
У хаце цішыня комам цягучым, ліпучым згрудзілася, спакоем агортвае. Марылька села на лаўку і адразу пачула, як па ўсім целе папаўзла прыкрая змора.
Увайшоў Ахрэм. Прайшоў раз па хаце, яе не заўважыўшы, потым, мусіць, убачыў - спытаўся:
- Марылька?
- Я. Што, не пазнаў?
- Дзе гэта ты была дасюль?
- На паласе... Няўжо ж з хлопцамі гуляла!
Сказала гэта Марылька неяк махінальна, а потым і сама схапянулася: сорамна стала...
- Ці блізкі свет? Гэта ж пакуль дацягнулася...
- Дажала?
- Дзе там... Гэта на пагляд, дык там крошка здаецца, а як папрабуеш жаць, дык і канца яму няма...
Сама сабе дзівілася Марылька, як спакойна яна гутарыць з Ахрэмам. Як ішла, думала - у вочы зірнуць пабаіцца. І чагось прыкра было, што ўсё так проста, звычайна. Гэта пасля таго, пасля тых хвілін, што ўзварухнулі, здаецца, усё нутро, перавярнулі ўсё дыбарам, адкрылі новыя, нязнаныя, страшныя сваёй незвычайнасцю прасцягі.
Абыклымі рукамі Марылька запаліла святло, дастала вячэру. Ахрэм, узлёгшыся, нерухома сядзеў за сталом. Быў у яго змораны, скалмачаны выгляд. Брыдка, агідна блішчэў доўгі асліглы нос, а ў рэдкіх - тарчаком - вусах застрала сухая сяніна. Мітусіцца яна ў вачах Марыльчыных прыкрай назоллівай плямай, але сказаць - няма сілы. Трымае нешта Марыльку воддаль ад Ахрэма, пужае звычайная сямейная блізкасць. Хочацца бачыць чужога ў ім, хочацца, каб і ён не глядзеў на яе гэткімі спакойнымі, самадавольнымі вачмі, як на сваю непарушную ўласнасць.
Пасля вячэры Марылька доўга не клалася спаць. Здаваўся агіднай мярлогай супольны ложак. Яшчэ адчуваліся на целе ласкі таго, яшчэ з галавы не вывеяўся салодкі туман нядаўнага захаплення.
А мужык варочаўся неспакойна на ложку, чмыхаў нецярпліва носам.
- Ну, ты што ж не кладзешся, га? Гасі лямпу.
Яна адчувала, што не зможа сёння спаць разам з Ахрэмам, яе цягнула вон з хаты, куды хаця, абы не быць разам.
- Я, Ахрэм, пайду ў пуню на сена. Душна ў хаце.
- Яшчэ што выдумай. Кладзіся хутчэй: уставаць заўтра рана.
- У мяне галава баліць, напякла сягоння на сонцы, а тут душна, яшчэ горш забаліць.
Хацелася пабегчы, выскачыць з хаты і ўцячы далёка куды, як найдалей ад нялюбага мужа. Прыкрай дрыготай абдавалася цела, як думка мігала, што прыйдзецца адчуваць блізка, поплач чужога, знялюбелага. З агідным жахам глядзела ў куток, дзе цьмяны дрыжачы свет карабаціў цыбатую постаць Ахрэма.
Знала, што не вытрымае, калі пакліча яшчэ, проста сарвецца з месца і пабяжыць вон з хаты, абураная страхам, злосцю і яшчэ нейкім невыразным і невымоўным пачуццём.
Але Ахрэм маўчаў. Марылька яшчэ троху сядзела, а потым паціху пасунулася к дзвярам. Чакала, што гукне яе, і баялася. Але ўжо ля самага парога дагнаў яе мерны, раскацісты подсвіст: змораны муж заснуў, не дачакаўшыся жонкі.
На дварэ - мяккая цемра. Цёплы ветрык пяшчотна ласціць распалены твар. Двор ахутвае прытульным, з дзяцінства знаёмым пахам.
Нешта ўспамінаецца - дужа далёкае, роднае. Пакінутая тры гады назад бацькаўшчына ўстае ўваччу прыгожымі роднымі малюнкамі. Хочацца быць маленькай, несвядомай у сумятні жыццёвай, чыстай і бязвіннай.
Марылька ўздыхнула глыбока-глыбока. Асцярожна адчыніла бакоўку, выйшла на вуліцу. У камочак звінулася на прызбе і ўпялася задуменным поглядам у цемру.
Сэрца знібела. Нешта ўзляглося на яго цяжкім гнётам. Адчувала сябе адзінотнай, пакінутай, быццам усе забыліся на яе, быццам увесь свет ад яе адвярнуўся.
Жаласна стала Марыльцы. Чаму няма яго, Васілька, чаму не тут ён, каля яе? Чаму ён не прыйдзе падзяліць з ёй трывожна-цягучныя часіны?
Крыўда нейкая родзіцца ў сэрцы Марылькі. На яго, на блакітнавокага Васілька. Хочацца заплакаць - па-дзіцячаму, горка, жалобна, але так, каб ён бачыў, каб прытуліў яе да сваіх грудзей, каб суцяшаў пацалункамі жаркімі...
А мо ён прыйдзе? Мо пачуе яго сэрца нуду яе, сум невыводны?
Напружна ўглядаецца Марылька ў старожка-маўклівую цемень, шукае знаёмую постаць.
Не, няма нікагутка.
Няма Васілька.
4
Кожная справа мае свой пачатак і канец. Прыйшоў канец і кароткавечнаму шчасцю Марылькі. Здарылася гэта ўжо тады, як за плячмі асталося не мала чароўных прыгожых спатканняў, поўных гарачай уцехі.
Васілёк для Марылькі стаў ужо не той марай, патаемнай і палахлівай, як калісьці, а палкай патрэбай, нявычарпанай крыніцай, здавальняючай непазбыўную смагу кахання.
Васілёк і жыццё... Зблыталася гэта ў адзін клубок, дзівосна звязаны, зраслося адно з адным жывым целам - не парваць.
Неяк раз Ахрэм на начлег рыхтаваўся. Яму Марылька прыгатавала вопратку і села на лаўцы, чакаючы з захаванай нецярплівасцю, калі ён паедзе.
Ахрэм нешта поркаўся на паліцы, марудзіў. Не знаў, пэўна, што Марыльку аж падмывае, што па ўсім яе целе перабягаюць ліхаманкавыя хвалі нецярплівасці, што ў вачах у яе стаіць ужо, мігціцца аблічча маладога палюбоўніка.
- Ну, чаго ты яшчэ марудзіш? - раптам азвала яна мужыка. І сама схапянулася. Дадала борздзенька:
- А то паедуць усе, будзеш адзін блытацца па полі...
Скрывіў Ахрэм вусны ва ўсмешку хваравітую, брыдкую.
- Што ты мяне з хаты хутчэй выжываеш... Знялюбеў табе, мусіць, не хочаш і бачыць?
Здрыганулася Марылька - не так ад слоў, як ад нечаканага тону Ахрэма. Ад яго ўпартага погляду адвярнулася, старалася гаварыць спакойна, няўважна:
- Не ў тым, а самому ж горш будзе, як ад людзей астанешся.
Гадала ў думках, што скажа Ахрэм. Да ўсяго гатавалася. Дыханне стрымлівала, ад гэтага яшчэ горш білася сэрца ў грудзях устрывожаных.
Ахрэм нічога не сказаў, моўчкі выйшаў. З сянец праказаў нездаволена:
- Цялушцы сена закінь, не забудзься!
Тады вольна ўздыхнула Марылька, успакоілася. Пачакала колькі часінак і выйшла на вуліцу. На момант убачыла Ахрэма, які выязджаў ужо з завулка на вясковую вуліцу.
На дварэ ўжо восень патыхала свежым ветрыкам. Здавалася, што прыляцеў ён аднекуль здалёку і прынёс з сабой квола-празрыстую маркоту восені. Марыльцы прыемна было апаласквацца гэтым ветрыкам; здавалася, што пранікае ён у самае нутро і там ласкава казытае нешта добрае, такое сумнае.
Яна колькі хвілін стаяла нерухома перад дзвярмі, потым ураз схамянулася, пабегла ў хату і пачала паспешна парадкаваць хатнія рэчы. А як скончыла, выйшла на двор, занясла сена цялушцы, як казаў Ахрэм, і потым праз бакоўку ў задняй сцяне двара выйшла ў невялічкі, цесны і лахматы садок. Згінаючыся пад цяжарна звісшымі галінамі дрэў, прайшла ў самы далёкі куток, дзе к трупехламу паркану шчыльна прытуліліся цыбатыя кусты сухога малінніку. Там стаяла, прыхінуўшыся да паркана, і, цікуючы, узіралася на карузлае, пакалупанае лайно гарода.
Агарнула салодка-радасная давольнасць, як убачыла знаёмую постаць. З хітраватай усмешкай прысела, схавалася за парканам і чакала. Скрозь шчэлкі ў паркане сачыла моўчакам, як падыходзіць развальнай пэўнай хадою, як прыглядаецца ўважна, шукае вачмі сваю Марыльку.
- Марылька! - пачуўся мілагучны насцярожаны голас.
Яна маўчала.
- Марылька!
Зноў не азвалася. Смешна стала, што стаў зусім ля яе, узлёгся плячом на паркан і пачаў у чаканні высвістваць нейкую песню.
Смешна да таго, што не вытрымала і раптам залілася вясёлым, гуллівым смехам.
Ён аж здрыгануўся ад нечаканасці.
- А бадай табе ліха не будзе! Гэта ж ты да смерці магла перапалохаць. Во ж табе, во-во, за гэткія штукі!
Ён схапіў цераз паркан яе галаву і цалаваў у гарачыя, слухмяныя вусны. Потым спрытна пераскочыў цераз паркан, абняў так, што дух заняло ў Марылькі і ад болю і ад тае цудоўнае радасці, што дзівоснай кветкай закрасавала ў сэрцы.
Пад старой разложыстай яблыняй была прытульная мясцінка. Там Васілёк з Марылькай у чароўнай ап'яняючай злучнасці праводзілі начныя часіны.
Сёння Васілёк дужа вясёлы. Сёння ён асабліва горача, моцна песціць яе дрыжачае ў чароўнай знямозе, слухмянае цела.
Лятуць залатыя хвіліны. Як яны шпарка лятуць! Так шпарка, што не прыкмеціш, як і пеўні пяюць - адны, другія, трэція, як ночка ўжо рыхтуецца рассыпацца, распаўзціся ў шэры цікуючы золак. Хутка ўжо й расстанне надыдзе, апошні доўгі пацалунак.
Марылька шчыльна туліцца да Васілька, блукае смаглымі вуснамі па любаму твару.
- Васілёк! Ты ж любіш мяне, га? Дужа любіш? Ці гэтак, як я цябе?.. Ну, кажы, чаго ж ты маўчыш, недарэка мой любы!..
Васілёк пацалункам адказвае, абдымкам моцным, парывістым...
У гэту самую хвіліну здарылася тое, што заўсёды здараецца з смелымі злачынцамі-палюбоўнікамі. У шараватым змроку раптам вырасла, як страшэнная здань, нечаканая постаць. Голас пачуўся, поўны шалёнай, нястрыманай злосці:
- Марыля!
Анямелі абое. Па сплеценых руках быццам ток электрычны ўдарыў.
У Марылькі сэрца сціснулася, зайшлося ў агнявой, балючай трывозе. А як убачыла, што Ахрэм сагнуўся, хапаючы нейкую ўручыну, быццам кальнула нешта па ўсяму целу. Шпарка ўскочыла, загарадзіла дарогу Ахрэму.
- Ахрэм, не бі! - крыкнула не сваім голасам.
На сябе забылася, за Васілька агнявы страх ахапіў. Як хацеў кінуцца Ахрэм, схапіла яго за рукі, павісла ў сударгавай напружанасці. І прасіла адчайным, поўным жудаснай трывогі голасам:
- Васілёк! Ідзі, ідзі, хутчэй! Уцякай, а то заб'е!
Ахрэм вырываўся. Вусны - сінія, з пенай - выплёўвалі агідныя словы:
- Злодзей! Шчанёнак пракляты! У-у-у, паскуда!..
Васілёк стаяў нерухома, і гэта яшчэ горш распальвала Ахрэма. Марылька ўсе сілы напружыла, трымаючы яго, і ўсё прасіла ўзрушаным голасам:
- Васілёк, ну што ты робіш... Ідзі, уцякай! Ці ж хочаш, каб забіў цябе...
Але, відаць, у Ахрэма канчаўся запас шалёнага гневу; ён ужо не рваўся да Васілька, а замест гэтага загвалтаваў ва ўсё горла:
- Пайшоў, каб я цябе і ў вочы не бачыў, сукін ты сын! Пайшоў вон з майго саду!..
Тады Васілёк паціху пайшоў к бакоўцы.
- Бывай здарова, Марылька! Да пабачэння! - сказаў, ідучы.
- Я цябе так пабачуся, што й сваіх не пазнаеш, шчанёнак паршывы!
Асталіся ўдваіх. Яшчэ больш зашарэла ў паветры. Пачынаўся ўжо золак.
Марылька стаяла ўтупіўшы вочы. Было сорамна, дужа сорамна. Але не за тое, што было, не за каханне - не! Сорамна было, што хавалася яна дасюль, што хавала, як злодзей, шчасце сваё, нібы крадзенае. І яшчэ сорамна было, што вось гэты жорсткі нялюбы мужчына - яе законны мужык, што мае ён уладу над ёй, мае права гнаць ганебна таго, хто мо ў тысячу раз ёй бліжэй і мілей...
Во чаго было сорамна Марыльцы. І цяжка.
Ахрэм пастаяў троху моўчкі. Потым штурхануў яе, як непакорную скаціну, гукнуў здушаным голасам:
- У-у, шкура... Пайшла, кароў выганяй!
Крыўдна стала Марыльцы. Лепш забіў бы яе, чымся так, як скаціну якую. Схіліўшы галаву, выйшла з саду і тады толькі заплакала слязьмі пакутнымі, горкімі.
5
З таго дня пачалося Марыльчына гора. Біць яе мужык пачаў пасля таго, як нешта, вярнуўшыся з места, не заспеў яе ў дварэ і як яна, прыйшоўшы потым, проста, адкрыта сказала, што была ў Васілька. У Ахрэма тады вочы зрабіліся чырвоныя, страшныя і дзіўна, незвычайна бегалі, як у вар'ята, а на вуснах, як і той раз з Васільком, дрыгацела брудная пена.
Марылька не плакала, не крычала, толькі, як кінуў яе, сказала выразна і смела:
- Не люблю цябе, а люблю Васілька. І буду хадзіць да яго...
Ён перш памкнуўся быў зноў да яе, але стрымаўся, гукнуў сціснуўшы зубы:
- Пабачым!
З таго часу так і пайшло: мужык з двара, а Марылька шукае свайго Васілька, кахаецца з ім. Дазнаецца Ахрэм (а лацвей яму дазнацца, калі Марылька сама не патоіцца, скажа) і б'е яе, лае, здзекуецца над ёй, небаракай.
Церпіць Марылька. Дый чаму не цярпець, калі ёсць за што, калі гэтак добра з Васільком кахацца, калі Васілёк такі любы, харошы, так кахае яе, так умее суцешыць сваім шчырым каханнем.
Смешны гэты Васілёк - зусім блазнота. Як пажаліцца яму Марылька на Ахрэмавы здзекі, як пакажа сінякі на белым целе, дык ён сам не ведае, што робіць: і злуе, і плача разам з Марылькай, цалуе ў дзіўнай пяшчоце сінякі яе крывавыя.
Тым часам надышлі халады. Вёска ды і ўсё наўкола забрудзела чорным, аголеным. Толькі ў лесе цешыць вока шуматлівая кволая жоўць. Але сцюдзёна там, няма той прытульнасці даўнейшай, той мураўкі шаўковай, тых кусцікаў густых, што хавалі ўсё ад людскога вока цікаўскага.
Перастала хадзіць Марылька к Васільку на спатканні. Цяпер толькі калі з'едзе Ахрэм куды на доўгі час, праведае пра гэта Васілёк і прыйдзе даведацца да свае любуткі.
Аднаго разу ў нядзелю якраз так і трапіла, што паехаў Ахрэм на места падатак здаваць. Марылька чакала Васілька. Чамусьці пэўна была, што прыйдзе.
І неўзабаве прыйшоў. Ды такі вясёлы, што - дзіва...
Як ускочыў раптам у хату, схапіў яе знецікі, закруціў гвалтам па хаце.
- Чаго ты гэта? Кінь, вар'ят, - адбівалася Марылька. - Чаго ўзрадаваўся так?..
Васілёк, запыхаўшыся, бухнуў на лаўку.
- Марылька!
- Ну?
- Ці ведаеш ты, што мы з табой абое дурні?..
- Як гэта?
- А зусім проста... Ты ж любіш мяне?
- Не.
- Я, Марылька, сур'ёзна...
- Дык чаго пытаешся!
- А я цябе люблю?
- Ого! Больш за ўсё на свеце...
- Не, троху не так. Ну, але добра - няхай сабе. Цяпер далей... Ахрэма ты не любіш?
- Не.
- Ён цябе б'е?
- Б'е.
- Ён табе жыцця не дае?
- Ну?..
- Дык навошта ты з ім жывеш?
Марылька й вочы вытрашчыла.
- Як гэта?
- А во што, любенькая... Я толькі цяпер уздумаў пра гэта. Чаго ж табе жыць з нялюбым, жыццё сваё губіць, зносіць пабоі, ганьбу? Кінь мужыка, і будзем жыць з табой, як галубы, усягды ўдваіх, разам, усё жыццё... Добра?
Марылька галавой пакачала.
- Не, Васілёк, не дазволю я, каб нада мной людзі смяяліся, каб усе пальцам у мяне тыкалі. Ого!.. Тады ж на вуліцу не выйдзеш, заклююць усе...
- Не тое ты гаворыш, Марылька, што трэба. Што нам людзі? Няхай брэшуць. Спачатку пабрэшуць, а потым і кінуць. Дый мы ж не абы-як, мы па закону. Цяпер жа не даўнейшае. Цяпер - не хочаш жыць, дык зараз табе і развод дадуць, і з другім пажэняць. Цяпер жа гэта - хм, глупства адно...
Марылька задумалася.
- Не, Васілёк, не трэба гэтага. Баюся я, не адважуся. Будзем лепш так. Ну, няхай ён б'е, няхай здзекуецца, абы ты не кінуў мяне, абы ты кахаў мяне так, як цяпер кахаеш.
Васілёк ласціўся к Марыльцы, угаворваў:
- Ну, Марылечка, ну, золатца маё, котачка... Чаму ты такая ўпартая? Гэта ж найлепшы спосаб, як жыццё сваё нам наладзіць, як шчаслівымі быць.
Марылька на сваім стаяла.
- Кінь, Васілёк! Лепш і не думай пра гэта. Не ўгаворыш. Буду ўсё зносіць, буду пакутваць, а гэткага сораму не вазьму на сваю галаву. Не, не.
Але хіба можа ўстаяць маладая жанчына проціў ласкавых настойных угавораў любага, проціў пацалункаў шчырых, гарачых? Здалася Марылька. Заплакала на грудзях у свайго Васілька і скрозь слёзы гаварыла, узрушаная:
- Добра... Ты дрэнны такі, ты мяне хочаш згубіць...
А калі ён хацеў што супярэчыць, сціскала яго сударгава і не давала гаварыць.
- Маўчы, маўчы! Я больш нічога не хочу слухаць. Ты нядобры - і ўсё.
Аднак праз якую часіну заспакоілася Марылька. Была сур'ёзная, задумёная. Не цалавала, а галубіла свайго Васілька.
У бліскучых ад нядаўных слёз вачах свяціўся напружаны смутак. Якраз у гэты момант пачулася з вуліцы ляскатанне калёс - прыехаў Ахрэм. Марылька нічога больш не сказала Васільку, толькі моўчкі пацалавала і праводзіла да дзвярэй.
Зірнула ў акно і ўбачыла, як на рагу завулка спаткаліся Ахрэм з Васільком. Села на лаўку і сядзела нерухома, чакаючы мужыка.
Ахрэм уляцеў у хату, як абвараны.
- Ізноў быў у цябе гэты шчанёнак?
- Быў.
- Калі ж гэта скончыцца? Калі ты пазбавіш мяне ад гэтага сораму?
- Хутка кончыцца, - сказала Марылька. Сказала так, што Ахрэм міжвольна змоўк, утаропіўшыся ў яе здзіўленым поглядам. А яна далей гаварыла тым самым спакойным, незвычайна цвёрдым голасам:
- Чаму ж ты не б'ешся? Бі, калі хочаш, апошні раз, бо больш не прыйдзецца...
Ахрэм маўчаў, бо не знаў, што мае на думцы Марылька, чакаў, што скажа далей.
- Я, Ахрэм, больш не буду жыць з табой.
- Як гэта не будзеш?
- А проста, бо не люблю цябе, не магу з табой жыць.
- Развядзешся, значыць? Дурная!..
- Хай сабе і дурная, але я гэта канчаткова надумала. І гэта так будзе...
Ахрэм змоўк і ў той вечар хоць бы слоўца выкінуў. А назаўтра зранку пачаў абыходзіцца з Марылькай так, як быццам нічога не было, як быццам забыўся на словы яе. І зусім асалапеў, як Марылька раптам сказала:
- Ну, Ахрэм, як мы, ці будзем судзіцца?
- За што?
- Ці, можа, так, ціхамірна расстанемся?..
У Ахрэма ў вачах засвяцілася палахлівая трывога.
- Гэта ты сапраўды, Марылька?
- Вядома, сапраўды.
- Як сабе хочаш...
Сеў на лаўцы, схіліўшы галаву. Твар непрыгожа скрывіла глыбокая крыўда. Жаласць шавяльнулася ў грудзях у Марылькі, дзіцёнкам пакрыўджаным здаўся Ахрэм. Але трымалася:
- Ну, дык жа як рабіць будзем?
- Ат! Як сабе хочаш, - ізноў панура азваўся Ахрэм.
Марыльцы не па сабе стала. Не ведала, што рабіць. Уявіла сабе будучае - цёмна там, невыразна. Куды падацца адразу? Да каго пайсці? Васілёк - той сам у бацькі на хлебе... Хіба ў двор? Так, гэта найлепей. Там татулька з матулькай, яны прымуць, не прагоняць родную дачку...
- Я заўтра ў двор паеду, Ахрэм. Ты мне каня дасі?
- Не ўжо, няхай ён цябе вязе куды хоча.
Як пачула гэта Марылька, адразу быццам гара з плеч скінулася. Згінула жаласць, што ўжо зарадзілася ў мяккім сэрцы жаночым, замест яе закіпела варожасць.
6
Ахрэм не знаўся з бабай Гаўрыліхай з таго часу, як жаніўся на Марыльцы. Не то што ў злосці былі, а так неяк не ладзілася паміж іх сяброўства. Было гэта, мусіць, затым, што Ахрэм не ўзяў дачкі Гаўрыліхінай, а старая Гаўрыліха на гэта дужа спадзявалася. Вось з гэтага, пэўна, і пачалася іхняя нязгода. Цягнулася б яна мо і да самай смерці Гаўрыліхінай, якая ўжо во-во павінна была стацца, каб не тая бяда, якая нечаканым гнётам узляглася на Ахрэма. Яна й штурханула яго ў хацёнку Гаўрыліхі - старую, крывую, падслепаватую, як і яе гаспадыня.
Увечары хацёнка Гаўрыліхі карчом карузлым пад дзвюма вялізнымі бярэзінамі хаваецца. Не свеціць акенцамі-шчэлкамі, бо Гаўрыліха ніколі святла не паліць.
Ахрэм ледзь намацаў нізенькія дзверы, што палахліва адкінуліся назад, быццам хацелі ўцячы ў сярэдзіну хаты.
У хаце ціша. Каб не сударгавае сапенне недзе ў кутку, Ахрэм падумаў бы, што нікога няма ў дварэ.
- Хто там? - цяжка прарваўся скрозь сапенне рыпучы напружаны голас. Цяжка гаварыць Гаўрылісе - дыхавіца апанавала старую.
- Добры вечар, бабулька! - нясмела гукнуў Ахрэм.
Старая не адказала адразу. Ахрэм слухаў, як сіпіць недзе ў цемры, і здавалася яму, што злуецца старая Гаўрыліха.
- Ну, якім ветрам цябе занясло, га? - зарыпела ўрэшце.
- Прыйшоў да цябе на параду.
- Ай што здарылася?
- Затым і прыйшоў...
- Ага, як бяда, тады і да бабы Гаўрыліхі, а пакуль няма бяды, дык і не ўспомніць... Ну, кажы, што ў цябе?
Страшна рабілася ад гнеўнага голасу старой. Пачаў гаварыць ціхім дрыжачым голасам:
- З жонкай у мяне ладу няма...
- Мм, - нешта прамычэла старая, але не сказала нічога.
Ахрэм далей гаварыў:
- Як жаніўся, нішто было: жылі, як усе людзі жывуць. Ані сваркі не было, аніякае спрэчкі. Было зусім добра. А потым ураз неяк, ліха ведае, з чаго б гэта, - неўзлюбіла мяне. Быццам урок хто, ці што. Так - нішто сабе: жывём, як раней, але ўжо відаць, што прыкра ёй, нялюба са мной... Ну, а далей палюбоўнік з'явіўся...
- Ведаю. Усё ведаю. Нічога не схаваецца ад Гаўрыліхі... Усё чысценька ведаю. Кажы проста, што табе трэба ад мяне?
Ахрэм збіўся з панталыку, не ведаў, што казаць далей.
Усё ведае ведзьма старая. Пэўна, знае і тое, зачым ён прыйшоў, але выпытаць хоча... Добра, што цёмна, - не так сорамна гаварыць.
- Бачыце, бабулька, зусім звар'яцела баба. Сказала, што больш жыць са мной не будзе, што развядзецца...
- Ха-ха-ха-ха! - нейкім страшэнным, нечалавечым свістам засмяялася Гаўрыліха і потым, запыхаўшыся, доўга парывіста дыхала, напаўняючы хату цяжкімі, густымі, быццам апухшымі зыкамі.
- Ну, што ж, не прыйшоўся, значыць, да густу, захацела лепшага... А шкода красуні, га?.. Салодкая ягадка, ды не па табе, ха-ха-ха!.. Перабірлівы ты, Ахрэм, занадта перабірлівы...
Ахрэм злаваўся. Хацелася кінуцца туды, у цёмны куток, парваць на шкумаццё гэтую старую брыдзь. Але прыходзілася трымацца. Замест таго - прыкінуўся рахманым, ласкавым.
- Дык вось, бабулька, прыйшоў да цябе параіцца. Ці няма якога спосабу, каб заспакоіць яе, каб яна свае вымудры кінула, каб хаця трошку мяне палюбіла?
- Ага! Затым і прыйшоў? Чаму ж няма, ёсць... Да ўсяго спосаб знойдзем. У каго другога, а ў Гаўрыліхі на ўсё зелля ёсць. Толькі...
- Вызвальце, бабулька, зрабіце ласку! Падзякую, чым толькі змагу...
- Ды гэта што - глупства... Я ўжо й сама не ведаю. Не варта б было табе памагаць, бо ганарлівы ты занадта, старое бабы чураешся... Ну, але добра... Пачакай, зараз...
Чуваць было, як цяжка ўзнялася з месца Гаўрыліха, зашумацела, засіпела па закуццю. Ахрэму здалося, што ва ўсіх кутках разам шолах узняўся: у цемры не згадаць было, дзе нікае старая.
Страшна чагось стала. А калі набліжаўся шолах, агіда ахапляла. Брыдка было адчуваць блізкасць старое.
Прайшоў ладны час, пакуль адшукала Гаўрыліха ў цемры тое, што трэба. Урэшце яна падышла бліжэй да яго.
- Ну, дзе ты тут? Вось, бяры! Парашок... добрае зелле, ураз адверне ад любага і да таго прыхіліць, хто дасць яго. Кожны дзень па дробачцы давай: ці ў страве, ці з вадой - як хоця. Толькі абы яна не заўважыла. Праз які месяц усё скончыцца. Адверне назаўсёды, як лепей і не трэба. І цябе палюбіць - во як...
Ахрэм дрыжачай рукой намацаў пухлую мяжджэрыстую руку Гаўрыліхі. Схапіў закручаны ў паперку камочак, быццам баяўся, каб не перадумала часам Гаўрыліха, каб не ўзяла назад гэтае цудадзейнае зелле...
Гаўрыліха зноў палезла ў свой куток.
- Па дробачцы па маленькай кожны дзень. Калі выйдзе ўсё - зайдзіся, яшчэ дам.
Ахрэм затурбаваўся.
- Не ведаю, як і дзякаваць вас, бабулька. Заўтра прынясу вам чаго-колечы: мучыцы, сальца.
- Добра, добра.
- Ну, бывайце!
З разгону ледзь не трапіў галавой у прыталку - так шпарка пашыбаваў з хаты. Не чуў, як услед засіпела Гаўрыліха страшным зларадасным смехам.
А ў двор прыйшоўшы, ласціўся да Марылькі, цалаваў ёй у рукі і прасіў, каб яна не кідала яго, каб не губіла жыцця. Казаў:
- Усё дарую, забудуся на ўсё. Нават калі з Васільком, што ж, калі ты так кахаеш яго... Але не рабі сораму. Ты ж, пэўна, не падумала, як на гэта людзі паглядзяць. Яны ж праходу не дадуць ні табе, ні мне, соллю вочы закідаюць, славу пусцяць на ўсю акругу.
Марылька слухала моўчкі. Не выказвала, што робіцца ў яе ўсярэдзіне. А там агнём барацьба бушавала, надламвала тую моц, што дало ёй каханне.
Як ужо пеўні прарэзлівым гвалтам абвясцілі поўнач, страцілася ўся сіла ў Марылькі. Дала яна шчырую прысягу Ахрэму не кідаць яго, не парушаць сямейнага ладу.
7
За вёскай, там, дзе пажоўклы бор свяціўся новымі блакітнымі прагаламі, было астатняе спатканне Марылькі з Васільком. На вёсцы, выпадкова спаткаўшыся, шапатнула яму, каб прыходзіў сюды, сказала, што пільна трэба пагутарыць.
Цяпер стаяла на ўзлессі, угарнуўшыся ў невялічкі кажушок, і чакала.
Жаль ціснуў сэрца, быццам сокі з яго, кроў выцэджваў. Ціснуў так цягуча, станоўка. Шкада было сябе, Васілька шкада - любага хлопчыка. Ён такі шчыры, сумленны. Добры такі. Цяжка крыўдзіць яго. Здаецца, усё б аддала за тое, каб не гаварыць з ім аб гэтым, каб спаткацца так, як раней, каб забыцца на ўсё, нічога не знаць.
Але не можа Марылька іначай. Не здольна яна хаваць што ад любага, усё скажа па праўдзе, адразу скажа. Няхай будзе, што будзе.
Як падыходзіў к лесу Васілёк, відаць было, што спяшаецца ён. Пэўна, трывога запала ў сэрца, здзівіла нечакана назначанае спатканне.
Убачыў яе, падышоў. Упяўся палахліва-ўстрывожаным поглядам.
- Ну, што, Марылька?
- Васілёк, не будзе нічога... Я перадумала, не буду развадзіцца з Ахрэмам.
- Як гэта так!..
- Не магу я, Васілёк, баюся. Сорамна... Дый усё роўна - не будзе нічога...
- Чаго не будзе?
- Не наладзім мы з табой, Васілёк, жыцця свайго. Ты яшчэ маладзенькі зусім, дзіцёнак... Дужа патрэбна табе нахабу браць на сябе! Потым каяцца будзеш, ды позна...
Васілёк глядзеў у дол пахмурым, троху загневаным поглядам.
- Не буду я каяцца. Не дзіцёнак я маленькі і ведаю, што раблю. І не тое ты гаворыш, Марылька, не затым ты не хочаш рабіць гэтага. Пэўна, другая прычына ёсць у цябе, ды не хочаш сказаць, хаваеш ад мяне.
- Ды не, Васілёк! Дадушы, нічагутка ад цябе не хаваю, шчырую праўду кажу. Я адно чую, што замест шчасця - няшчасце, гароту мы сабе здабудзем. Так, Васілёк, ты й сам добра падумай...
- Не любіш ты мяне, во што. Каб любіла, не гаварыла б гэтага. Пэўна, надакучыў, знялюбеў...
Вочы Марылькі раптам слязой нечаканай бліснулі.
- Сорамна табе, Васілёк, так гаварыць! Крыўдзіш мяне дарэмна. Сам ведаеш добра, ці люблю я цябе, ці не...
Васілька таксама шкрабанула за жывое.
- Ну, дык чаго ж ты, Марылька? Нашто ж ты мяне крыўдзіш? Думаеш, мне лёгка чуць гэта, думаеш, я - так сабе, жартую, думаеш, у мяне сэрца няма, камень замест яго ў грудзях...
Яго голас дрыжэў. Шчырае, маладое абурэнне чувалася ў ім. Марылька памкнулася да яго, моцна сціснула за рукі.
- Васілёк! Ты даруй мне, але я не магу іначай. Я ведаю, што раблю, бо я больш за цябе пражыла на свеце, больш чаго набачылася: і шчасця, і гора людскога.
Часіну маўчалі. Ціха, жалобна шапацелі панурыя дрэвы. Было сцюдзёна, непрытульна ў лесе.
Васілёк абапёрся аб дрэва, глядзеў у адну кропку на жоўцю пасыпаны дол, думаў. Вочы - халодныя, застыглыя, сталлю працятыя. Марылька да яго прытулілася, абняла пяшчотна, ласкава.
- Не, так ужо не будзе! Я не хочу. Не будзем мы з табой сустракацца. Можа, й ніколі не ўбачымся.
- Чаму так?
- А так...
- Ты скажы, Васілёк, што ты хочаш зрабіць?
- Ат! Свет вялікі, знайду сабе месца. Толькі не буду тут жыць больш, на вёсцы. Паеду ў горад, паступлю на завод. Рукі ёсць і - нішто сабе, не слабыя - здалею працаваць.
Васілёк цяпер узіраўся ўдалеч, у халодны бязмежны прасцяг, і свяцілася ў яго вачах адчайная бадзёрасць, адвага, якая гаварыла, што чалавек гэты можа цяпер усё зрабіць, што захоча.
Міжвольна Марылька нейкай павагай працялася да Васілька, чувала ў ім моцнага, дужага мужчыну, які толькі цяпер нарадзіўся з хлапца-падуросты.
Яны больш нічога не гаварылі, стаялі моўчкі нейкі час, апанаваныя кожны сваймі асобнымі думкамі. Потым Васілёк раптам схапянуўся.
- Ну, бывай здарова, Марылька!
Сказаў голасам цвёрдым, спакойным. Па-сяброўску паціснуў руку і хацеў ужо йсці, але Марылька не выпусціла яго рукі. Сударгава прыціснула да грудзей, зазірнула ў халодныя вочы Васілька поглядам, поўным журбы і дакору.
- Васілёк!
Апошні пацалунак - сухі, мімалётны.
Пайшоў. Знаёмай любай хадою.
Асталася адна.
Холад вакол. Холад на сэрцы.
Сумна-сумна!..
8
Васілёк знік. Хадзілі чуткі, што ў горадзе на завод паступіў, нішто сабе жыве. Праз два тыдні і ліст прыслаў хлопцам вясковым. Пісаў, што весела ў горадзе: жыццё бушуе, праца кіпіць. Пісаў, што многа працуе, а ў вольны час кніжкі чытае, на сходкі ходзіць - розуму набіраецца.
Марылька, як прачула пра ліст Васількоў, заплакала ўцішку слязьмі ціхімі, горкімі. Крыўдна было, што Васілёк забыўся на яе, што жыве ён весела, не так, як яна, гаротная.
І стала думаць Марылька аб сваім жыцці. На ружовым, светлым фоне мінулага бруднымі плямамі агідна адзначаліся малюнкі сучаснага. Безуцешнае мадзенне, нялюбы мужык, пастаяннае знібенне нездаволенага журбуючага сэрца.
Знікла ўсякая цікавасць да жыцця, быццам праходзіць яно воддаль, не кратае яе.
Нават на здароўе сваё мала звяртала ўвагі Марылька. Той боль, што прыкрым клубком у апошні час з'явіўся ў грудзях, тая слабасць, што часам блытала, цяжарыла ногі, прымушала ў знямозе садзіцца на ложак, - усё гэта мала турбавала Марыльку. Вось толькі часам, як убачыць у люстэрцы свой паніклы, зжаўцелы твар, уздыхне цяжка, задумаецца.
З чаго б гэта? Вось з таго часу, як паехаў Васілёк, і пачалося. Сохне нешта Марылька, як галіна, сцятая з дрэва, слабее, усё болей і болей хворасць у сабе адчувае. Хворасць - нішто, але вось шкада Марыльцы прыгаства свайго жаночага. Прыкра, што цела такое друзлае, брыдкае, што грудзі шмоткай нялюбай паніклі, што чырвань на твары змянілася жоўцю сінявай. З чаго б гэта?
Ніяк не згадае Марылька. Нічога не ведае маладзіца, нічога не прыкмячае. Не бачыць, як часам мужык узіраецца ў яе нецярплівым поглядам, быццам напружна чакае чагось ад яе.
Але прайшоў час, і Марылька заспакоілася. Гэта было тады, як пачула яна ўсярэдзіне нейкае дзіўнае і прыемнае трапятанне, быццам узварухнулася нешта пад сэрцам. Тады Марыльчын твар закрасаваў усмешкай шчаслівай, і ў думках праняслося маланкай:
«На маладое...»
Пасля гэтага яна ўжо не задумвалася аб сваёй хваробе. Усё стала зразумела. Дзіўна было, як яна дасюль не дазналася. Гэта ж зусім звычайная рэч, гэта ж заўсёды ў гэткім выпадку хварэюць.
«На маладое...»
Нават павесялела Марылька. Часцей Васілька ўспамінала і песціла думку, што будзе ў яе Васілёк - другі, але такі самы дарагі, любы. Таксама будзе кахаць яго Марылька. А мо яшчэ болей, бо ён будзе за двух: і за таго, што паехаў, што недзе далёка.
Пасля Пакрову захацелася Марыльцы да маткі старой з'ездзіць, даведацца. Так пацягнула, што проста жыцця не стала - усё рупіць. Ноччу не спіць, уваччу родныя вобразы, матуля старэнькая ўспамінаецца, глядзіць чагось сумнымі, жаласнымі вачмі. І ў сне таксама хату родную бачыць...
Сказала Марылька мужыку пра тое, што хоча з'ездзіць да маткі, дык той рукамі замахаў: не хоча, дый годзе. Але Марыльку трудна было адгаварыць ад задуманага. Сказала Ахрэму, што калі не завязе, дык пяшком пойдзе, не паглядзіць на хваробу, на слабасць сваю. Тады згадзіўся Ахрэм. Паехалі.
Да вёскі, адкуль брадзена Марылька, было вёрст дваццаць. Ехалі лесам. Шумацеў лес пудлівым, жалобным шолахам, дрэвы голымі драцянымі галінамі шкрабалі неба.
Неба далёкае, халоднае і нейкае зеленаватае. Быццам не паветра, а лёд расплыўся ўгары празрыстай пялёнкай...
Добра адчувалася Марыльцы. Ядранае вясенняе паветра глыбока ўлівалася ў грудзі свежай, халоднай хваляй, пранікала, здаецца, у самую глыб, моцным парываннем жыццёвую сілу ўздымала.
Затрапяталася сэрца соладка, вольна. Твар зардзеўся даўно страчанай чырванню. Здалося Марыльцы жыццё зноў павабным, прыгожым, як калісьці, даўней. Не яе, Марыльчына жыццё, а жыццё наогул, тое, што ўсё абымае, злучае, усё напаўняе духам непакойным, бурлівым, штурхае ўсё наперад, да лепшага, да прыгажэйшага. Мо гэта жыццё і ёй яшчэ дасць колькі сонечных, ясных дзянькоў? Мо ёй зусім і не варта яшчэ пакладацца на брудна-цягучую, тухлую плынь марнага мадзення?
Нібы ў пацверджанне гэтых думак пачула Марылька знаёмае варуханне пад сэрцам. Усміхнулася ласкавай дзіцячай усмешкай, заплюшчыла вочы, утулілася, схавалася з тварам у вялізную дзядоўскую хутру.
Галава чагось закруцілася - пэўна, ад гэтага вострага, ап'яняючага паветра. Але нішто - гэта мінецца.
Ужо пайшлі знаёмыя, родныя мясціны. Ужо ўспамінкі пачалі вострымі, нечаканымі йголкамі працінаць узрушанае, насцярожанае сэрца.
Неяк так: глядзіць, напрыклад, на якую лагчыну, і - нібыта што. А потым ураз маланкай мігне які абразок з мінулага, звязаны з гэтай лагчынкай, і раптам кальне неяк у сэрцы. І ажыве лагчынка, зусім іншай зробіцца - не пазнаць. Кожны кусцік, кожнае дрэўка - усё сваё, знаёмае. Здаецца Марыльцы, што ўсё гэта жыве, радуецца, вітае яе...
А Ахрэм сядзеў моўчкі ўсю дарогу. Думаў аб нечым. Марыльцы ён чужы быў, далёкі, быццам не мужык гэта яе, а нейкі падарожны, да якога яна села пад'ехаць.
У дварэ першая спаткала Марыльку старая матка. Заплакала, зарумзала старая, як убачыла дачку. І з радасці, і з таго, што так змянілася яе дачка, так дрэнна выглядае.
- Чаго ж гэта ты так схуднела, га? Ці не хварэла ты часам? І вестачкі не прыслала ніякай!..
Марылька не адказвала нічога: цяжка было гаварыць, нешта грудзі сціскала.
Гоман, тлум, сумятня... Заўсёды ўжо гэтак бывае, як з'явяцца нечаканыя госці. Гаварыў больш Ахрэм, а Марылька толькі моўчкі ўсміхалася ціхай усмешкай. З дарогі слабасць адчувалася. Хацелася легчы, адпачыць, але неяк нялоўка было.
Матка падышла да яе, ціха спыталася:
- Дык чаго ж ты, дачушка, гэтак знядужала? Што гэта табе прытрапілася?
Марылька зачырванела, шапарнула матцы на вуха:
- На маладое гэта, матулька, - цяжарная я...
- А... Дык дужа ж нешта табе гэта пашкодзіла... Пэўна, на хлопчыка... Так, так...
І заспакоілася старая, больш не пытала Марыльку.
Сышліся суседкі. Загудзелі ўвушшу аднамерна траскучай гутаркай. У галаве ў Марылькі званы няўпынна звінелі, зыбкі туман рассцілаўся.
Пілі гарбату. Ахрэм чамусь сам наліваў ёй - дзіўна... І гарбата нясмачная - пахне зеллем нейкім.
Гутарка, тлум, духата... Не вытрымала Марылька. Устала, дацягнулася да ложка, лягла.
Невядома: ці заснула, ці мо самлела, зняможаная...
9
На другі дзень Марылька не ўстала з ложка. Усё цела быццам свінцом налілося, было не сваё, а чужое нейкае.
І ў галаве - таксама свінец, давіць на чэрап балюча, прыкра. Трудна варочаць цяжкім свінцом, каб выціснуць думку якую.
Але горш за ўсё - гэта грудзі. Нешта сядзіць там клубком, важкім, цвёрдым, бы камень які. Хочацца выхаркнуць гэты клубок, каб лёгка было ў грудзях хворых, ды нельга. Як кашлянеш, боль у грудзях - тупы нейкі, але моцны - дух зацінае.
У хаце затурбаваліся ўсе, засумяціліся. Матка кожную часінку падыходзіла, заглядала дапытліва ў вочы. Не гаварыла нічога, толькі глядзела. Марылька бачыла ў яе цьмяных слязлівых вачах адбітак свайго болю. Ахапляла шчырая ўдзячнасць, каханне да старое маткі.
Ахрэм таксама нічога не гаварыў, нават не падыходзіў. І за гэта дзякавала яму ў думках Марылька. Яна нават баялася, каб часам не падышоў да яе, не пачаў гутарыць. Яна і сама не ведала, чаму так прыкра бачыць яго, чаму цяжка адчуваць яго прысутнасць.
Чорнай, бруднай плямай здавалася Марыльцы фігура мужыка. Гэтая пляма гняла яе, непакоіла і міжвольна цягнула да сябе, як часам прыцягвае наш пагляд іншая нялюбая і прыкрая рэч. Здаецца, не глядзеў бы на яе, уцёк куды-небудзь, а тым часам глядзіш, адарвацца не можаш.
Глядзела Марылька на мужыка, проці волі ўпівалася вачмі ў яго непрыгожыя, рэзка, агідна скрыўленыя рысы. Яны свяціліся ў яго слізкіх вачах.
Часам чагось уздрыгваў раптам Ахрэм, быццам нейкая думка працінала яго, абдавала нервова-турбуючай хваляй.
Прыйшоў у двор браценнік Марылькі - Міхась-камсамолец. Быў недзе на вечары, там начаваў і не ведаў яшчэ, што сястра прыехала.
Міхась - хлапец сакавіты, прыгожы, у Марыльку ўрадзіўся. Унёс у хату з сабой маладую рухавасць. Да Марылькі звярнуўся:
- Эге! Што ж ты гэта, галубачка, хварэць уздумала? Нядобра гэта, не па-камсамольску. Так часам і памерці можна - куды ж гэта варта...
Марылька ветла ўсміхнулася. Міхась ёй напомніў яе Васілька. Той таксама гэткі рухавы, вясёлы.
- А за дохтарам паехаў хто? - пытаўся Міхась. - Не? Вот табе й маеш. Ці не з глузду вы ўсе паз'ехалі? Чаго ж чакаеце? Контррэвалюцыянеры вы гэткія! Татка! Пайшоў запрагай сваю шаўлюжку, я зараз паеду сам у горад.
Ахрэм раптам чагось страпянуўся.
- Ат! Выдумае - дохтара. Дохтар пасобіць, якраз. За блізкі свет ехаць, што гэта, жартачкі? Мы зараз у двор паедзем, там баба Гаўрыліха паглядзіць, не горш якога дохтара лечыць.
Міхась зірнуў на яго скосу, сказаў жартоўна-пагардлівым тонам:
- Цемра! Маўчы! Сам у бабы лячыся, калі да таго свету маеш сімпатыю.
А Ахрэм сапраўды ўзлаваўся.
- Ды ты ўжо дужа разумны. Порсткі які! Не ты хварэеш, дык няма чаго і гвалт уздымаць.
Міхась уважна зірнуў на яго.
- Але ж ты таксама, здаецца, здаровы. Марылька! Ехаць за дохтарам?
- Як сабе хочаш. Толькі ў двор не паеду я. Нізашто не паеду. Я тут папраўлюся... Або памру.
- Ну, вось бачыш? Татка, ідзі запрагай!
Як ужо Міхась наладзіўся ехаць, Марыльку раптам працяла нечаканая палкая думка. Непакойна заварушылася на ложку, змагалася сама з сабой: ці сказаць Міхасю, ці лепш устрымацца, каб не выйшла чаго нядобрага.
Але, урэшце, не вытрымала, паклікала да сябе хлопца. Сказала яму ціха-ціха, каб ніхто не пачуў, асабліва Ахрэм:
- Міхаська! ці ведаеш ты Васіля, нашага хлопца?
- Гэта такі белы, валасы сукрыстыя?
- Во-во.
- Чаму не ведаю. Ну?
- Ён там, у горадзе, на заводзе недзе працуе. Калі будзе час, адшукай яго там.
- І што яму сказаць?
- Скажы... ну, скажы, што я хворая, што...
- Добра, разумею. Усё раскажу як належыць.
Ён падміргнуў хітравата.
- Так... іш ты - справа якая... Добра, абавязкова знайду. Скажу, што ляжыш ты, сумуеш, успамінаеш яго.
Марылька ўсміхнулася саромліва.
- Ну, добра, едзь ужо...
Міхась паехаў. Марылька праводзіла яго ў думках. Рахавала:
- Да гораду дваццаць вёрст; пэўна, будзе ехаць гадзіны са тры... Там будзе дзве або тры гадзіны... Назад тры. Якраз к вечару вернецца.
І потым увесь дзень Марылька жыла вострым чаканнем. Лічыла часіны і дзівілася, чаму так марудна яны паўзуць. Не дзень, а год цэлы...
Думкамі Марылька пераляцела ў горад, туды, дзе жыццё бушуе, дзе весела, прыгожа. Там іншыя людзі. там разумныя ўсе.
І яе Васілёк, пэўна, таксама разумны стаў, вучоны: усё ж кніжкі чытае.
Ці ўспомніць яе? Ці ўспомніць мінулае? Яна дык ні на хвілінку не забываецца на тое, што было калісь, што непазбыўнай красой жыццё ёй аздобіла. Яна толькі й жыве гэтымі ўспамінкамі... Ды яшчэ надзеяй, захаванай надзеяй, што будзе ў яе Васілёк. Другі - маленькі, любы...
К вечару Марыльцы пагоршала. Грудзі вострым агнём агарнуліся. Зусім цяжка стала дыхаць, быццам не хапала паветра. Здавалася, каб чаго сцюдзёнага, ледзянога ўліць у нутро, дык бы палягчэла, бо - агонь там, жывы агонь бушуе...
А свінец у галаве распусціўся, расплыўся, заліў свядомасць пялёнкай зыбкай, атрутнай.
Заснула Марылька ліхаманкавым сном, затрызніла ў гарачцы...
10
Марылька бачыла сон. Цяжкі, страшэнны. Як толькі заснула, пачула адразу, быццам нехта моцным цяжарам узлёгся на яе. Нехта вялізны, страшэнны. Клюшнямі балюча ўпіўся ў бакі, а грудзямі сваймі грудзі ёй душыць. Марылька ўяўна адчувае гэтыя страшэнныя грудзі. Жорсткія, жалезныя. У іх костка ўрасла - мулкая, вострая. Яе асабліва балюча адчувае Марылька. Здаецца, праламала яна ёй грудзі, уелася аж у нутро саменькае, муліць, цісне, не дае ўвабраць у грудзі паветра.
Варочаецца, стогне Марылька, стараецца скінуць з сябе жудасную нахабу. Але не даецца.
Смяротны адчай, спалох агнявы ахапляе. Бачыць Марылька твар над сабой - жорсткі, страшэнны, агідна скрыўлены, працяты нечалавечай злосцю. Нешта знаёмае, блізкае, нехта свой...
Ахрэм!.. Гэта ж ён мучыць яе, ён задушыць яе хоча...
- Ахрэм! Пусці! За што ты?.. Людцы, ратуйце!..
Але ніхто не ратуе, няма навокал нікога... Не, нехта ёсць, стаіць воддаль няясным ценем. Хто гэта?.. Гэта ж Васілёк... ён, вядома, ён... Ён ратуе зараз, ён звольніць яе ад Ахрэма...
- Васілёк! Ну чаго ж ты стаіш? Ці ж ты забыўся на Марыльку на сваю? Ратуй яе, абарані!.. Бачыш, душыць ён, хоча забіць... Васілёк!..
Але дзе ж ён падзеўся?.. Няма Васілька. Плакаць хочацца Марыльцы, слёзы падступаюць да горла. Каму пажаліцца?
У каго шукаць абароны?..
Вось нехта, здаецца, падыходзіць. А, гэта Міхаська, браток.
- Міхась мой, родны!..
Міхась хоча схапіць Ахрэма, узнімае руку, але, замест Ахрэма, хапае яе проста за сэрца.
Ужо Ахрэма няма, толькі Міхаська ўсё нешта трымае за сэрца, цісне яго, вырывае з грудзей. І крычыць чагось, як звар'яцелы:
- Дохтара прывёз! Дохтара прывёз! Марылька, Марылька! Прачніся!..
І прачнулася Марылька... З здзіўленнем азірнулася наўкола.
У цьмяным жаўтаватым святле схінуліся над ёй нейкія постаці. Міхась лапатаў весела:
- Ну, вось... Моцна ты спіш, Марылька, ледзь узбудзіў... Вось дохтар прыехаў, зараз абгледзіць цябе.
Марылька ўбачыла поплеч з Міхасём незнаёмага чалавека ў чорнай вопратцы. З цікавасцю зірнула на яго твар. Мяккія вусы, бародка, вочы сур'ёзныя, але ветлыя. Пачула шчырую даверлівасць да гэтага чужога чалавека.
А там далей нехта трэці. Таксама ў чорным. Нешта знаёмае ў адкрытым прыгожым твары...
Васілёк!.. Ён прыехаў, ён тут. Не кінуў, не забыўся на яе!..
Радасць агнём працяла. Адразу ўскочыць хацела, кінуцца да любага, але прыціскала нешта да ложка.
Потым Марыльцы добра так, прыемна зрабілася. Нейкай асаблівай прытульнасцю ахінулася хата. Быццам пасля доўгай адлучкі трапіла яна ў кола сваіх родных, блізкіх.
- А дзе Ахрэм? - раптам усплыло на думку.
Азірнула хату. Матка нікае ўзад і ўперад, паспешна парадкуе хатнія рэчы. Бацька на лаўцы сядзіць, узіраецца на ўсё безуважным поглядам: стары ўжо, яму толькі каб сядзець у спакоі, каб не чапалі яго.
Ахрэма няма. Пэўна, некуды выйшаў. Як гэта добра, што яго няма! Няма й таго цяжару, што гнётам ускладае яго прысутнасць.
Тым часам доктар пачаў абслухваць яе, абстукваць. Яна трывала цярпліва, але ў думках чакала, каб хутчэй адышоўся, бо вочы міжвольна шукалі Васілька, яго чакала да сябе Марылька.
Доктар абслухаў, сказаў бадзёрым, вясёлым голасам:
- Нішто, маладзіца, паправіцеся. Арганізм дужы, малады - ён пераможа...
Доктар адышоўся, сеў да бацькі на лаўку, пачаў гутарыць з старым.
Тады падышоў Васілёк. Прывітаўся, сеў на край ложка. Яна сударгава прыціснула яго руку да сваіх хворых грудзей. Зазірнула ў твар яму палкім, ліхаманкавым поглядам.
- Ты прыехаў, Васілёк... Які ты добры...
Больш не магла гаварыць. Сціснулі горла нечаканыя слёзы. З усіх сіл трымалася, каб не заплакаць.
Васілёк пяшчотна гладзіў яе галаву, глядзеў ёй у вочы кахаючым, поўным нявыказнага жалю поглядам.
- Марылька, любая, што ж гэта ты... Як табе прытрапілася? Пэўна, не сцераглася, застудзілася...
- Я папраўлюся, Васілёк, хутка папраўлюся... Мне ўжо лягчэй. Я заўтра, пэўна, ужо ўстану... Як ты добра зрабіў, што прыехаў. Ой, як мне сумна было ўвесь час, як цяжка. Кожную хвілінку цябе ўспамінала. Мо з нуды і прылучылася мне гэтая хвароба?..
- Марылька! Навошта ты тады так зрабіла? Не было б гэтага...
- Маўчы, Васілёк, я і сама каялася... Слухай. Я хутка папраўлюся... Тады я кіну Ахрэма... Бо не змога мая ўжо... А мо ты цяпер не захочаш? Васілёк?..
Ён моцна сціснуў яе гарачую руку.
- Як табе не сорамна, Марылька!..
- Ну, добра... А ведаеш што? Я маю сказаць табе нештачка дужа-дужа цікавае. Давай сваё вуха...
Васілёк нахіліўся да яе.
- Слухай, Васілёк, у мяне будзе нехта... сын будзе... твой, Васілёк...
Яна глядзела саромліва і разам здаволена, чакала, як ён адкажа на гэтую навіну. У вачах Васілька загарэлася новае пачуццё, новая пяшчота. Сказаў толькі:
- Марылька, сонейка маё яснае!..
А яна далей гаварыла:
- Гэта і хвароба ў мяне з гэтага. Так заўсёды бывае, кожная хварэе. Гэта ў мяне - на маладое. А дохтар не ведае, я не сказала яму. Я нікому не казала, толькі мамцы адной... А ты, Васілёк, будзеш любіць яго?
- Буду...
- Ну, вось і добра. Цяпер ты раскажы, як табе там жылося... Васілёк, ты мяне ў горад возьмеш з сабою, га?..
- Ну, дык як жа. Абавязкова вазьму. Будзем жыць з табой разам. Ты таксама на работу паступіш. У нас на заводзе жанчыны поруч з мужчынамі працуюць. І няма таго, каб - калі ты баба, дык ужо і не лезь туды, куды табе не належыць. Баба зусім роўная з мужчынам.
Васіль пачаў апавядаць пра рабочае жыццё, пра заводскія парадкі. Марылька ўважна прыслухоўвалася да яго спакойнага, ласкавага голасу. Чула ў ім новыя таны, якія нібы адбівалі тое невядомае, свежае, што ўвабраў у сябе Васілёк за час расстання. Слухмянае ўяўленне малявала ёй вобразы таго жыцця, з якога прыйшоў цяпер да яе Васілёк. Жывога, цікавага і разумнага.
Стала Марыльцы добра так, лёгка. Быццам зляцеў той цяжарны гнёт, што душыў грудзі. Толькі муць у галаве яшчэ плавала, яшчэ блытала неслухмяныя думкі.
Раптам у хату з'явіўся Ахрэм. Пахіліў галаву; твар задуменны, пануры. Васілёк, як убачыў яго, устаў, адышоўся.
З спалохам чакала Марылька, як спаткаюцца. Мо лаяцца будзе Ахрэм? Сэрца забілася, а ўзрушаны ўздох спаткаўся глыбока ў грудзях з балючым клубком...
Не, нішто. Толькі сярдзіта зірнуў Ахрэм у бок Васілька ды вусны скрывіў у недалужна-злосную ўсмешку.
Прыкрая маўчанка на момант атуліла хату...
11
Доктар згадзіўся астацца нанач. Дужа прасіў Васілёк, бо бачыў, што моцна хварэе Марылька, што смерць ужо павісла над ёй.
Ноччу Марылька страціла прытомнасць, трызніла страшэнна, жудасна. Часта памінала Ахрэма, Васілька, горад, завод. Часам стагнала, крычала, быццам мучыў хто яе, а часам нібы заціхала, заспакойвалася. Тады ўсе прысутныя адчувалі ўзмах скрыдлаў смерці, з спалохам чакалі канца.
У адну з гэтых хвілін Васілёк адвёў убок доктара.
- Слухайце, скажыце, калі ласка... толькі праўду, шчырую праўду... ці ёсць якая надзея?
І чакаў з напружанасцю, што скажа доктар. Той паглядзеў на яго сваім мяккім, ласкавым поглядам.
- Хто яго ведае? Трудна згадаць, чым кончыцца... Але мала надзеі. Арганізм надламаны ўжо, цяжка змагацца яму з хваробай...
- А якая гэта хвароба?
Твар доктара стаў асабліва сур'ёзным. Ён упіўся поглядам у Васілька.
- У мяне ёсць падазрэнне, але, вядома, я не пэўны ў гэтым і калі скажу вам, дык толькі спадзяваючыся на вашую сумленнасць і сціпласць. Ёсць прыметы, што хворая атручана. Якой атрутай - невядома. Можна меркаваць, што ўжо доўгі час яна нейкай атрутай падрывала свой арганізм, а цяпер мы бачым астатні, заключны акт...
Васілёк аслупянеў ад нечаканасці. Потым мігнула ў думках:
- Ахрэм!..
Невыразная, няясная здагадка прымусіла здрыгануцца ад міжвольнага жаху, і разам пякучай гаркотай разліўся па нутру невымоўны жаль. Кінуўся да Марылькі, з адчаем, з бязмернай пяшчотай глядзеў на яе змучаны, збялелы твар.
Скрозь любыя, дарагія рысы свяцілася нешта незнаёмае, халоднае, страшнае...
- Няўжо гэта смерць? Няўжо няма ратунку? Няўжо не будзе яе, зусім не будзе?.. Што ж гэта такое?..
А поплеч доктар стаіць. Чаго ён чакае? Чаму ён не дасць зелля якога, каб вылечыць, каб выратаваць?..
- Дохтар! Зрабіце што-колечы, ратуйце... Няўжо вы не маеце спосабу?..
Доктар пакачаў галавой.
- Бываюць выпадкі, калі і навука нічога не можа зрабіць.
Тады сеў Васілёк на лаўку, закрыў твар рукамі і ціха, па-дзіцячаму заплакаў.
Ціха ў хаце было. Не спаў ніхто, але ўсе маўчалі або гаварылі шэптам, быццам сцерагліся, каб не парушыць астатняга спакою хворай. Трывожная ўрачыстасць распасцёрлася ў хаце.
Потым раптам замітусілася матка старая, да абраза чагось пабегла. Міхась ціха, але цвёрда сказаў:
- Не трэба!..
І матка скарылася, моўчкі хліпнула носам.
Яшчэ колькі хвілінак напружанай, застыглай маўчанкі і потым - быццам загачаная рэчка прарвалася, разлілася наўкола бесканцовай патокай. Гэта загаласіла, завыла на ўсю хату старая матка.
- А дачушка мая родная! Зорачка ты мая ясная! А навошта ж я цябе паіла-карміла? А навошта ж я цябе гадавала? Нашто ў людзі выпраўляла?..
Васілёк узняўся. Дзіка азіраўся наўкола, быццам не разумеў, што тут робіцца. Дзіўным здаваўся гэты працяжлівы гвалт старое, дзіўным і жудасным, бо шкуматаў ён, ірваў нутро сваімі надрыўнымі ўзвывамі.
Зірнуў Васілёк на Марыльку... Не пазнаў. Дзе падзеліся тыя любыя, прыгожыя рысы знаёмага твару? Замест іх - нешта бязлічнае, застыглае, вашчана-белае.
Тады яскрава зразумеў Васілёк, што няма ўжо Марылькі. Няма і не будзе ніколі...
Пуста стала ўнутры. Не плакаў. Толькі моцна сціснуў зубы, каб стрымаць душэўны боль.
Азірнуў моўчкі прысутных. Спыніўся поглядам на Ахрэме, які стаяў воддаль і слюнява сморгаў чырвоным носам. Ці плакаў, ці мо від рабіў толькі, што плача...
Васіль раптам падышоў да яго. Упяўся халодным сталёвым поглядам у спалоханы, раптам збялелы твар, сказаў-прасіпеў ад гневу здушаным голасам:
- Што ты зрабіў з ёй?
Ахрэм затросся, засумяціўся. Залепятаў узрушаным, спуджаным голасам:
- Што я зрабіў?.. Нічога не ведаю... Нават не знаю, з чаго гэта ў яе пачалося...
Васіль бліжэй наступіў на яго, сцебануў проста ў твар жорсткім шэптам:
- Гавары ўсё, зладзюга!..
Затросся яшчэ болей Ахрэм.
- Не ведаю. Дадушы, не ведаю. Можа, з гэтага зелля... Гаўрыліха мне давала...
- З якога зелля?..
І тады Ахрэм, захліпаючыся, збіваючыся, стаў апавядаць пра ўсё: як браў зелле ў Гаўрыліхі, даваў неўпрыметку Марыльцы, як ён тут ужо, у бацькоў, баючыся, каб не прапала дарэмна ранейшае, даў ёй апошнюю, мусіць, занадта вялікую частку гэтага зелля...
Усе змоўклі, слухаючы Ахрэмава каянне. Было дзіўнае, жудаснае яно над свежым целам Марылькі. Здавалася, што чуе нябожчыца гэта, што пільней за ўсіх прыслухоўваецца яна да страшэннага прызнання свайго мужыка. Кожны нібы адчуваў сябе вінаватым перад гэтай без пары загінуўшай, згубленай жанчынай.
Васіль сядзеў ля нябожчыцы, пахіліўшы галаву ў глыбокай задуме. Не злаваўся больш на Ахрэма. Што ж ён? - цёмны, мізэрны. У цемры радзіўся, жыў у цемры. Урос у спрадвечныя забабоны.
А Марылька... Бедная яна... Панікла без пары, як кветка ў дрэнным, атрутным паветры. Зацягнула небараку згубная прорва жыццёвае багны...
Сэрца знібее. Невыгодны жаль гняце, сціскае нутро абцугамі балючымі. Але плакаць не хочацца. Няма слёз. Слёзы ў таго, хто губляе ўсё, хто стаіць перад цёмнай пустыняй, не бачыць нічога наперадзе. Слёзы ў таго, хто разам з каханым прадметам губляе надзеі, губляе сэнс свайго жыцця.
Васілёк не з такіх. Васілёк моцна стаіць у жыцці, не зварухне яго няшчасце. Ён ведае, што наперадзе - не заблудзіць...
Успамінае Васілёк астатнія часіны жыцця Марыльчынага. Як яна хацела жыць! Як радавалася, што ён з'явіўся падтрымаць яе, пасобіць узняцца з гнілога балота... А тая палкая надзея, смаглае жаданне таго, хто звязаў бы іх, ды ўжо нават звязаў новымі нязведанымі путамі...
«На маладое...»
Бедная, любая! Ці ведала яна, што праўду казала гэтымі словамі? Ці ведала яна, што цяпер у муках, у болі нараджаецца новае жыццё - разумнае, вольнае? Многа цяжкіх, часам бязвінных ахвяр справаджае гэта нараджэнне. Але гэта - неабходная, няўхільная хвароба жыцця...
Бо гэта - на маладое...
Дзіўная
1
Узімку гэта было. Пасля дзянной сумятні Блонскі сядзеў у сваім кабінеце, атулены шэра-ваўнянымі згусткамі змроку. Вольна раскінуўся ў старасвецкім крэсле, погляд акунуў у аксамітную мякаць цёмнага кутка і з асалодай адчуваў ціхую нерухомасць.
Лёгка, не турбуючы, варушыліся думкі, гарэзна спляталіся ў зыбучую чараду. Было прыемна, вальготна. Адпачывала цела, адпачывала змардаваная галава. Так сядзеў нерухома, слухаў, як маятнік на сцяне ўпарта таўхае марудныя хвіліны.
У сумежным пакоі глуха раздаліся крокі, вывелі Блонскага з адзервянення. У кабінет, не папытаўшыся, увайшла жанчына. Ля парога спынілася, азірнула ўважна пакой. Угледзела Блонскага і падышла да яго рэзкім крокам.
- Вы старшыня выканкома? Добры вечар!..
На стол бесцырымонна партфель кінула, села насупраць. Блонскі не змяніў выгаднай позы.
- Я... Добры вечар!..
- Да вас прыехала, толькі што з чыгункі. Дзе прытуліцца?
Блонскаму не падабалася. Надакучылі гэткія. Мітусяцца, ламаюцца, быццам хочуць здзівіць.
- Чаго прыехалі?
- Камандзіравана на працу сярод жанчын... Ды што вы ў цемры? Свету няма?
- Ёсць. Там на сцяне выключацель.
Яна памацала, адкруціла. Балюча ўдарыў па вачах яркі свет электрычнасці, вымеў за акно мяккія цені змроку.
Блонскі зірнуў на жанчыну. Убачыў перш за ўсё вочы - яркія, вострыя, з шчырым вясёлым агеньчыкам. У іх - смелая, дапытлівая цікавасць. Упадабаліся. Міжвольна ўсміхнуўся, як спаткаліся поглядамі.
«Нішто», - падумаў.
Яна азірнула пакой.
- Вы заўсёды тут седзіцё?
- Не, часам не сяджу. Зараз пасяджэнне будзе, чакаю.
Глядзеў на яе з лёгкай усмешкай, чакаў, што далей.
- Я надта змарылася... Я працаваць люблю... ведаеце, так, з захапленнем, з запалам. Але я фізічна слабая і не магу вытрымаць. Дрэнна. Завідую вось гэткім, як вы...
Апошнія словы яна працягнула задуменна. Спыніла ўважны, сур'ёзны погляд на яго фігуры. Ён таксама зірнуў на свае дужыя члены. Быццам сам здзівіўся сіле сваёй дубовай, быццам засаромеўся за яе.
- Так. Я нішто сабе... так.
Яна раптам рассыпалася задорным іскрыстым смехам:
- Ха-ха-ха! Які вы смешны... вялікі які... Ха-ха!
І ўраз праглынула смех, затурбавалася.
- Добра. Як жа мне быць? Дзе пакуль што прытуліцца? Я да вас заўтра прыйду. Вы, здаецца, і сакратар укому? Я заўтра зранку, пагаворым аб усім. А цяпер... я сапраўды не ведаю, дзе прытуліцца. Парайце.
Блонскі расказаў, дзе гасцініца. Як выходзіла, чамусьці сказаў:
- Не зранку заўтра, а гадзіны ў чатыры зайдзіцеся. Тады вальней будзе пагутарыць.
- Добра! - кінула яна з дзвярэй.
Як выйшла, Блонскаму пуста стала ў пакоі. Заныла цягуча-едкая ціш старога каменнага дома, балюча напяла мазгі.
Нецярпліва чакаў, калі зноў пачуюцца крокі, на пасяджэнне пачнуць прыходзіць.
А ў галаве думкі тачыліся: старожкія, пудлівыя, як цішыня навокал пустога вялізнага дома. Думаў аб гэтай жанчыне. Хацеў уявіць яе ў сваіх думках, ды чамусьці не ўдавалася. Вобраз неяк пляміўся і развейваўся. Толькі вочы яскрава ўцяліся ў памяць. Здаровыя, ясныя, з шчырым агеньчыкам.
Назаўтрага Блонскаму мінуты здаваліся за гадзіны, а гадзіны за вечнасць. Чакаў чатырох. Не хацеў сам сабе ў гэтым прызнацца, не хацеў пагадзіцца з гэтым. Ахапляла дасада, злосць на самога сябе.
А як падышло да чатырох, зусім узбурыўся. Хадзіў з кутка ў куток, поўны прыкрай нецярплівасці. Часам спыняўся, аглядаў сам сябе, дзіваваўся:
«Што ж гэта такое? Нервы, ці што?.. Вось дык гісторыя».
Злаваў, абураўся і зноў хадзіў узад і ўперад.
Урэшце яна прыйшла. Паспешна прывіталася, села каля стала.
- Ну, давайце пагутарым, як тут у вас... З чаго пачынаць?..
Пачала гаварыць аб справе. Блонскі глядзеў на яе і дзівіўся яе сціслай сур'ёзнасці. Зусім не так, як учора. Ніводнага старонняга слова, быццам, апрача справы, нічога няма ва ўсім свеце. Нават аганькі ў вачах - сталёвыя нейкія, цвёрдыя.
Доўга гутарылі. Змрок разліў па пакоі безуважна-шэрую муць, згрудзіў у калматую масу прадметы. Электрычнасці не палілі, сядзелі ўпацёмку. І тады Блонскі неяк асабліва моцна, напружна стаў адчуваць гэту жанчыну. Затушаваная цьмяным валакном змроку, яна здавалася нейкай хваравіта-назойлівай плямай, якая ўпарта цягнула да сябе ўвагу. Ён пільна прыслухаўся да гуку яе голасу, напружна стараўся знайсці ў ім нешта, злавіць. Здавалася, што пад гэтым сухім, троху мітынговым тонам ёсць нешта схаванае, палахліва затоенае. Адчуваўся нейкі ледзь прыкметны фальш у гэтых цвёрдых, энергічных словах аб вызваленні жанчыны, аб змаганні з іржавымі путамі сям'і, аб рэвалюцыі быту і г. д. А часам Блонскі выяўна чуў у яе голасе мімалётныя ноткі няпэўнасці, нейкага сумнага неўразумення. Гэтыя ноткі чамусьці выклікалі сімпатыю да яе, спачуванне.
Блонскаму ўрэшце надакучыла гаварыць аб сур'ёзным. Ён раптам перапыніў яе:
- Слухайце... Я ж дасюль не ведаю вашага прозвішча... Зусім з думкі сышло.
Яна засмяялася.
- Бяда вялікая, падумаеш... прозвішча... Але ж і сапраўды, трэба як-небудзь зваць... Шумава - маё прозвішча... А ваша я ведаю, бо вы ж тут вядомы на ўвесь павет...
Нейкі час маўчалі. Цішыня раджала напружаную вострую блізкасць. Гэта цяжарыла. Здавалася, што даўно-даўно знаёмы і ўжо надакучылі адзін аднаму.
Блонскі ўстаў, запаліў электрычнасць. Зірнуў на яе. Яна сядзела ў задуменні. Аб нечым цяжкім думала, бо вочы атуліліся цьмянай, сталёвай глыбінёй. Потым яна нецярпліва траханула галавой, узнялася. Усміхнулася - ні то зморанай, ні то сумнай усмешкай.
Блонскі агарнуў яе ўсю ўважным поглядам. Залюбаваўся міжвольна. Яна вельмі прыгожай здалася яму.
Шумава быццам заўважыла гэта. Задорна кінула яму насустрач адкрыты вясёлы погляд. У вачах аганькі заблішчэлі, зайскрыліся. Загаварылі жвава, паспешна.
- Заседзелася я... Гадзін дзевяць, пэўна, ужо ёсць... Трэба ісці ў свой палац... Ну і ўдружылі вы мне, таварыш Блонскі! Высока-высока і брудна. Адзін толькі й быў вольны нумар. Сёння ўсю ноч ваявала з мышамі... Надта злосны вораг... Ну, я пайшла. Бывайце!
- Я таксама пайду. Пойдзем разам.
Дарогай яна лапатала аб розных драбніцах. Блонскі маўчаў, не хацелася гаварыць. Думкі цяжэрна, грузка перавальваліся, давілі мазгі.
На рагу вуліцы развіталіся.
2
З таго часу яны сустракаліся часта. Блонскі любіў глядзець, як працуе Шумава. Захапляў запал яе, упартасць у драбніцах, у будзённых, марудных справах, упартасць, якая пераходзіла ў азарт, ап'яненне. Гэтая ўпартасць часам хваравітай здавалася, але заўсёды захапляла, зараджала, абуджала і ў Блонскага нейкі востры апетыт да работы.
Праз два тыдні Шумава склікала з'езд жанчын-дэлегатак. На з'ездзе Блонскі сядзеў у прэзідыуме. Глядзеў на белыя, чырвоныя, чорныя хусцінкі, на задуменныя, застыглыя ў глыбокай сур'ёзнасці твары. І адчуваў, як усе гэтыя твары - маладыя й старыя, прыгожыя й непрыгожыя - зліваюцца для яго ў адзін твар жанчыны-работніцы: змораны, сумны.
Шумава рабіла даклад. Яна была ўзрушана, гарэла жарам шчырасці, веры ў тое, аб чым гаворыць. Яе словы зычэлі той непасрэднай, простай праўдзівасцю, якая бывае звычайна ў тых, хто не толькі ведае справу, але адчувае яе, хто звязаны з ёю арганічна, кроўна. Яе слухалі так, як рэдка калі дакладчыкаў слухаюць. Уся зала дыхала напружанай, глухой цішынёй.
А як скончыла, разгарэліся гарачыя, упартыя спрэчкі. Раскрыліся заледзянелыя ў горы грудзі жанчыны-работніцы, бурнымі павадкамі завіхрыліся, пырснулі крывавай пенай адвечнай пакуты.
Усё правільна Шумава выказала, толькі ў адным перабавіла, у нутро жаночае балюча ўрэзалася. Выступіла супраць ядынай уцехі, шчасця жаночага: сказала, што не трэба матцы дзяцей сваіх гадаваць, што зло ў гэтым нейкае ёсць. Прапанавала: адбіраць ад матак іхніх дзяцей і дамы выхавання наладжваць. Каб матка не знала сына свайго, а сын маткі, каб агульныя, усіхныя дзеці былі. Проці гэтага жанчыны-маткі агнём загарэліся. Казалі: жорстка гэта і крыўдна.
А Шумава на сваім стаяла, сваю думку з запалам адстойвала.
Потым, як пасля пасяджэння вярнуліся з Блонскім у двор, усё яшчэ гаварыла, узрушаная:
- Гэта злачынства... так, злачынства. Гэта псаванне дзяцей... І сабе нахаба... Слухайце, гэта ж ясна, як дзень. Нам трэба тварыць новых людзей, людзей калектыву, у якіх няма матак, бацькоў, у якіх бацькі - усё чалавецтва. Да гэтага трэба ісці. І гэта магчыма... у невялічкай мерцы, але і цяпер ужо магчыма... Ці ж няпраўда?..
Блонскі любаваўся яе захапленнем. Спрачацца не хацеў. Ды навошта? Лепей вось так слухаць і адчуваць моўчкі яе свежае сакавітае парыванне, чыстату яе думкі - простай і шчырай.
А яна далей гаварыла:
- Мы псуем іх. Мы з дзяцінства навальваем на іх лішнія прыхільнасці, прывычкі, якія шкодны, якія шмат для каго путамі будуць. Гэта ж несправядліва. За гэта яны клясці нас будуць.
Яна доўга яшчэ гаварыла, даводзіла, пакуль не заўважыла, што Блонскі маўчыць, адданы сваім думкам. Тады змоўкла.
Падышлі да таго месца, дзе трэба было развітацца, пайсці ў розныя бакі. Яна спынілася.
- Ну, бывайце!..
Але Блонскаму не хацелася ў двор. Ён наўмысля марудзіў. Часінку стаялі на рагу пад жорсткімі ўзмётамі сцюдзёнага ветру.
- А мо да мяне зойдземся? У мяне цёпла на новай кватэры.
Блонскі згадзіўся з ахвотай:
- Пойдзем.
Была завіруха. Вецер з шалёным выццём віўся па вуліцах. Падцікаўся з-за рога і ўраз налятаў, шкуматаў, сцёбаў па твары жменямі калючага снегу. Хацелася барзджэй перабегчы і схавацца ў цёмным прытульным пакоі.
Блонскі і Шумава ішлі шыбка-шыбка, часам застраваючы да кален у сумётах, спатыкаючыся. Хісталіся, быццам п'яныя, штурхалі адзін аднаго. Горача стала і весела.
Шумава смяялася звонка, раскаціста. Смех дзіўна, нязграбна сплятаўся з злосна-трывожнымі ўзвывамі ветру. Здаваўся дзікім, недарэчным.
Спыніліся на рагу адной з акрайных вуліц. Шумава паляпала ў акно, узбегла, тупаючы, на скрыпучы, адубелы ад марозу ганак.
Адчыніла нейкая бабулька. Усміхнулася ветла. На кухні густа агарнула цяплынь. Загарэліся шчокі з марозу.
У пакоі Шумавай Блонскі здзеў паліто, з асалодай сеў на канапу.
- Добра ў вас. Проста, але прытульна. Падабаецца мне...
- Глупства. Гэта - што цёпла, дык прыемна з марозу...
Яна стала поплеч. Уздыхнула глыбока-глыбока, адкінулася на спінку канапы.
- Замарылася. Не магу многа працаваць. А калі-небудзь зусім надарвуся. Дужа баюся гэтага. Тады ж пуста стане, жыццё будзе бясцветнае, нуднае, як змрок.
Яна задумалася. Блонскі ўсміхнуўся.
- Але ж гэта няўхільна. Прыйдзе старасць калі-небудзь...
- Старасць? Я чамусьці не думаю аб ёй. Гэта далёка... Дый наогул - ну яго к ліху!.. Хопіць нас... Сіл шкадаваць не варта. Пакуль ёсць - будзем жыць, будзем браць жыццё, усё, цалкам. Галоўнае - шырэй, глыбей, як мага глыбей. Ці праўда?..
Яна раптам змянілася. Згінула змора, загарэліся вочы бадзёрасцю, палкай энергіяй. Нешта бурлівае, смелае свяцілася ў іх. Цягнула магутнай магнэсавай сілай, як цягне да сябе бурнапеністае бяздонне глыбокае.
У Блонскага ў сэрцы нешта новае зарадзілася, нешта вострае, салодка-пякучае. Прыемна было глядзець у пераліўчаста-светлыя вочы, акунацца ў іх прамяністую чароўную глыбіню.
Гаварыць не хацелася: словы драўлянымі, карузлымі нейкімі здаваліся. Былі ўсе агідныя, брыдкія.
А яна дражніла гарэзнай, задорнай усмешкай, казытала нервы абураючым поглядам. Нахілілася да яго, абдала жаркім дыханнем.
- Мы будзем жыць... Праўда? Мы ж маладыя, вольныя... Жыццё наша... усё наша. Мы будзем працаваць і цешыцца жыццём... Акунацца глыбока ў яго, браць яго... усё, да дна... Праўда?..
Ён мармытаў нешта ў адказ. Адчуваў, як шумнай хваляй кроў к галаве прылівае, парыўчата б'е кляўцом у віскі. Уваччу спакусліва акругліліся мяккія абрысы жаночага цела, абяцалі палкую ўцеху. Салодкім туманам муць разлілася. Яшчэ момант - і схапіў яе, гарачую, слухмяную, сціснуў у моцных абдымках...
А пасля - сорамна чамусьці было і непрыемна. У галаве агідна скаўзанулася прыкрая думка:
«Як з прастытуткай...»
Адвярнуўся, не глядзеў на яе, баяўся глядзець. А калі скоса зірнуў, убачыў, што плача. У вачах рэзка мятнулася аголенае плячо, якое сударгава здрыганулася. Моцна застрала ў мазгах, прыкавала. Часінку толькі і бачыў, як дзівосна трасецца гэта назолліва белае плячо.
Потым раптам нешта растала ўсярэдзіне, разлілося цёплым, добрым такім. Шкада стала. Такой любай, дарагой здалася яна. Захацелася прыгалубіць, суцешыць. Падышоў да яе, сеў поплеч. Хацеў сказаць нешта, многа сказаць - ласкавага, прыветнага, але слоў такіх не было; не знаў ці забыўся на гэту часіну. Злёгку прыткнуўся к яе галаве, пагладзіў пяшчотна, як дзіцё.
- Нашто ты, слухай... Ну, кінь... не трэба...
Яна схапянулася, узняла галаву. Зірнулі на Блонскага распаленыя вочы з іскрыстымі расінкамі слёз, у самую душу праніклі. У іх - разам з глыбокай журбой ціхая дзіцячая радасць. Яна скрозь слёзы ўсміхнулася.
- Любы, ты не думай... мне добра... Ты не зважай... гэта глупства... Бывае часам ні з таго ні з сяго... Я такая... дзіўная, недарэчная... Ты не глядзі...
Яна сударгава прытулілася да яго, схавала галаву ў яго на грудзях... Ён чуў, што плача яшчэ, і не знаў, што рабіць. Раптам яна зноў ажывілася, загаварыла парыўчата, горача.
- Любы! Як добра так... як добра! Мы вольныя, нічым не звязаныя... Шчасця як многа - глыбокага, поўнага, нічым-нічым не абмежаванага! Ты адчуваеш, як гэта проста, натуральна... як гэта моцна!.. Ты згодзен, так? Ну, скажы, любы... добра так? Ты таксама шчаслівы?
Блонскі не разумеў яе хваравітага, бурнага захаплення. Глядзеў на яе з ласкавым неўразуменнем, моўчкі абдымаў яшчэ ахінутыя нервовай дрыготаю плечы.
Так сышліся яны. З таго часу ў Блонскага было шмат вечароў гарачай уцехі, шмат бяссонных начэй, шмат гадзін глыбокай развагі. Ён усёй істотай аддаўся каханню, упіваўся ім. І каханне яго асвяжыла, зрабіла маладым, уліло ў кроў моцнае бушаванне, аквяціла жыццё.
К Шумавай ён прывязаўся, прывык. Бачыў у ёй жанчыну і таварыша. Але не разумеў яе. Дзівілі яе раптоўныя ўзбурэнні, рэзкія пераходы ад незразумелай журбы да парыўчата-бурнага захаплення. Чулася ў гэтым загадка, і многа гадзін Блонскі ламаў галаву над яе развязаннем.
Аднаго разу ён заспеў Шумаву ў глыбокай развазе. Ён колькі дзён перад гэтым не бачыўся з ёй, і за гэты час яна страшэнна змянілася. Блонскі падумаў адразу, што хворая: схудзела, змарнела, вочы глыбока-глыбока схаваліся, хваравіта завастрыліся.
Як убачыла яго, усміхнулася нейкай пакутнай нервовай усмешкай.
- Я якраз аб табе думала. І аб сабе... Я паехаць надумала. Хутка, можа, заўтра...
- Зусім?
- Так, зусім.
- Чаму?
- Гэта трэба. Я растлумачу табе... Я моцна, глыбока к табе прывязалася... Ты ведаеш гэта. Больш, чымся трэба... І вось - я баюся... Сама сябе баюся... Ува мне можа абудзіцца жанчына... Не наогул жанчына, а такая... ну, слабая, адданая, бязвольная... Жанчына-раба, такая, якой не павінна быць, якая - знявага для чалавека... Я спалохалася гэтага і пастанавіла паехаць.
Блонскі маўчаў. А яна адвярнулася і гаварыла далей нейкім вінаватым прыдушаным голасам:
- А потым... Яшчэ ёсць прычына... Але гэтага не скажу, не магу... Ты даруй мне... Я не хачу, каб ты знаў... Я хацела б і сама не знаць гэтага, бо гэта маё слабае месца, ахілесава пята...
Блонскі няўцямна зірнуў на яе. Пастанова Шумавай не здзівіла яго. Чамусьці здавалася гэта простым, звычайным. Але што ж гэта яшчэ за прычына? Што за загадка?..
Хацеў спытацца, дабіцца адказу. Але стрымаўся. Сказаў проста, спакойна:
- Ну, што ж, едзь сабе...
Назаўтрага Шумава паехала.
3
Усміхнулася вясна гулліва, сонечна. Так усміхнулася, што сівавалосая бабулька-зямля зусім растала, захлібнулася з радасці. Недалужна заслязілася цурочкамі спрытнымі, кроплямі звонкімі слюнява хліпнула. Зашамкала вуснамі старчымі, голасам шопатным, ціхім.
А потым зарумзала. Ды так зарумзала, так загаласіла, што ўвесь горад шумам напоўніла, патокай слёз заліла.
А як наплакалася даволі, салодка ўсміхнулася мокрымі, бляскам аблітымі вуліцамі, пачала выцірацца шаўковымі коскамі сонейка.
І пачулася тады, што зямля не такая ўжо бабулька старая. Толькі гэткай прыкінулася, а сапраўды - вунь яна: смяецца задорна, молада, звініць птушкамі шустрымі, пярэстай, гаварлівай грамадой людзей разліваецца. Зусім маладуха!
У гэту пару Блонскі адчуваў бурлівае трапятанне ў грудзях. Вясна бунтоўна распаліла кроў неспакойнымі жаданнямі. Чакалася нешта - турботна, настойліва: нечага хацелася - яскравага, моцнага. Душа рвалася некуды, разгарнуцца хацела.
У гэту пару Блонскі Шумаву ўспомніў. Ды так ярка, выразна, быццам - во яна, перад вачмі. Варухнулася ў сэрцы знаёмае, салодкае, агарнула душным жаданнем. Засумаваў Блонскі. Не то што засумаваў, а адчуваў заўсёды назойліва-абураючую патрэбу, не мог пазбыцца яе. Тыдні два змагаўся з сабой, а потым не вытрымаў - пабачыцца ўздумаў.
Знаў, што Шумава ў N. Скарыстаўшы вольны час, паехаў туды.
Вясна ўжо зусім разгарнулася. Пукалі почкі на дрэвах, у свежым арамаце нараджалася першая зеляніна.
Дарогай, у цягніку, Блонскі не адрываўся ад акна. Смагла глядзеў, як парыцца ў сонцы тлустае поле, як лес кучаравіцца кволым, празрыстым лісцем.
А ў N прыехаў - акунуўся ў сумятлівы рух, у ліхаманку напружанага жыцця. Ішоў сярод гурмы шумлівай і адчуваў, як у грудзях расце непакой нейкі, турбота. Паўставала пытанне:
- Нашто?
Хацелася вярнуцца, паехаць назад. Але ішоў, бо нязмога была пакіраваць сабой.
Шумава спаткала радасна. Моцна, па-прыяцельску руку паціснула.
- На доўгі час прыехаў?
- Дні на два.
- Толькі?.. Ну, як жывеш, як там у вас? Што нашы робяць?
Блонскі безуважна адказваў. Упарта разглядаў яе, шукаў у ёй змены. Але яна была такая, як і тады, паўгода назад. Толькі загарэць ужо справілася. Стала ад гэтага прасцей і прыгажэй. Ён зазначыў з усмешкай:
- Ты на цыганку стала падобна.
- О, куды там!.. Я цяпер - маладзец... Моцная такая, здаровая...
- Працуеш, як і раней?
- Больш. Я ж люблю працаваць. А часам трэба яшчэ, каб забыцца, забавіцца. Вось тады... як ад вас паехала... тады цяжка было, многа нутраной барацьбы...
- А цяпер?
- Цяпер добра. Вымелася ўсё. Час памагае... Вось толькі цябе я зусім не чакала. Мо гэта дрэнна, што ты прыехаў?..
Яны выйшлі на вуліцу, пайшлі па тлуста-бліскучай ад сонца панелі. Паветра абдавала тамлівай спякотай, было душна, млява. Твар у Шумавай разгарэўся, зардзеўся гарачай чырванню.
Блонскі глядзеў на яе, адчуваў яе свежасць, здароўе і захапляўся. Чамусьці не падабаліся, цяжэрнымі былі яе бадзёрыя, простыя словы. Хацелася нечага іншага, хацелася інтымнасці.
А яна з запалам апавядала аб жыцці сваім, рабоце, аб новых планах, задачах. Упарта ўнікала таго, што магло напамянуць аб мінулым.
Яны прайшлі колькі шумлівых кварталаў і потым неўзаметку для саміх сябе збочылі ў бязлюдную ціхую вуліцу. Там яны стрэлі купку дзяцей, якія весела гулялі на панелі. Як падышлі да іх, Блонскі заўважыў, што раптам па твары Шумавай праслізнула нервовая бледнасць. Вочы сумятліва забегалі па баках, працятыя непакоем. Яна загаварыла шыбка-шыбка, у відавочным замяшанні:
- Гэта дзіцячы дом наш, самым лепшым лічыцца. Гуляюць зараз... на сонейку...
Блонскі зірнуў на дзяцей. Свежыя, чысценькія. Жвава пераклікаюцца вясёлымі галасамі-званочкамі.
А з Шумавай тварылася нешта незразумелае. Яна паспешна прыбавіла ходу, быццам хацела хутчэй уцячы ад дзяцей. Потым раптам спынілася, вярнулася назад і парыўчата схапіла аднаго з хлопчыкаў - беленькага, з блакітнымі вочкамі-зорачкамі. Дзіцёнак трапятаўся, нецярпліва адмахваўся, як ад дакучнае мухі, з усіх сіл вырываўся. Злаваў, што яго адарвалі ад цікавай гульні. А яна горача песціла яго, цалавала.
Блонскі глядзеў, нічога не разумеючы. Потым кінуўся ў вочы твар Шумавай: на ім адбітак глыбокай агнёвай мукі, журбы. Маланкай бліснула думка:
«Дык вось дзе разгадка! Вось тое «слабае месца»!»
Як пайшлі далей, Шумава маўчала. Блонскі асцярожна спытаўся:
- Што гэта значыць?
Яна паглядзела дапытліва на яго.
- Ты дагадаўся. Ты знаеш ужо...
- Гэта твой дзіцёнак?
- Так. Толькі не кажы нічога, не трэба. Так павінна быць, я знаю.
Яна зноў замоўкла. У Блонскага гарэла, прасілася на язык пытанне. Ён не стрымаў.
- А ён ведае сваю матку?
- Не, не ведае. Забыўся ўжо, адвык. Ён не павінен знаць, яму не трэба гэта. Нашто? Ён павінен вырасці чалавекам вольным. Нашто звязваць яго лішнімі прывязанасцямі? Не патрэбна гэта, шкодна.
- Але ж табе як? Цяжка гэта, ты ж ламаеш сябе.
Яна нібы раззлавалася.
- Не, няпраўда, няцяжка мне! Часамі толькі. Гэта мінуты слабасці. Але кінем аб гэтым, не будзем гаварыць... я прашу цябе. Гэта расстройвае толькі, раскалупвае рану. І потым... ведаеш, Блонскі, едзь ты лепей. Мне цяжка з табой. Ты расслабляеш мяне. У мяне родзяцца нядобрыя пачуцці. Я не хачу быць жанчынай, толькі жанчынай. Я хачу быць чалавекам.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
На другі дзень Блонскі вярнуўся ў двор. Пад аднамернае калыханне вагона ў галаве бесканцовай чарадой перавальваліся думкі. То цяклі плаўна, спакойна, то раптам спляталіся ў грамоздны клубок, сціскалі мазгі цяжкім неўразуменнем.
Ён думаў:
«Што ж гэта, нарэшце? Фанатызм, вар'яцтва? А мо сапраўды так лепей? Мо гэта натуральна, мо так і павінна быць? Мо гэта адзіны правільны шлях?»
Яму ўспомніўся беленькі свежы тварык дзіцёнка, які з нецярплівасцю вырываўся з матчыных абдымкаў - незнаёмых, непатрэбных. І поплеч - другі твар, поўны вострай мукі, матчынай тугі.
Успомнілася і тое, што было даўней у першы вечар іхняга збліжэння. Успомніўся той дзівосны настрой яе, тыя незразумелыя слёзы.
«Дзіўная яна... Усё-такі дзіўная».
Пра майго прыяцеля
Я не буду расказваць пра майго прыяцеля наогул, а раскажу толькі пра маю апошнюю сустрэчу з ім, якая, трэба сказаць, ускалыхнула ўсе мае пачуцці й прымусіла мяне на ладны час аддацца самым сур'ёзным і глыбокім думкам-разважанням.
У пякельна-гарачы ліпнёвы дзень я мерыў млявымі крокамі вузенькую, залітую сонцам, пылам і агідным пахам вулку невялічкага горада. Нутро маё абцягвалася слізка-цягучай цінай нудоты, а галаву поўніў нейкі тлумны туман. Хацелася пайсці куды-небудзь, ды не было куды, бо горад чужы, незнаёмы. Так і хадзіў без усякае мэты, нікаў па шэрых распараных вулках.
На ганках аднае ўстановы сядзела колькі хлапцоў, відаць - камсамольцаў. Нягледзячы на нясцерпную спякоту, яны гутарылі надта жвава і многа смяяліся. Я б мо не звярнуў на іх свае ацежалелае ад сонечнага ваду ўвагі, каб не злавіў сярод мешаніны іхнай гаворкі і смеху прозвішча свайго прыяцеля. А пачуўшы гэтае блізкае, так знаёмае мне слова, я ўжо не мог ісці далей. Я стаў і звярнуўся да хлапцоў:
- Выбачайце! Якога Харкавіцкага вы памінаеце? Яго не Міколам часам завуць?
Хлопцы ўраз сціхлі і пракалолі мяне цікавымі ўсмешкамі. Адзін азваўся:
- Якраз гэты самы.
- Ён хіба тут жыве?
- О, вядома, што тут!
Некаторыя пырснулі.
- А вы не ведаеце яго адраса?
Мне сказалі.
- А ці не ведаеце, калі можна яго ў хаце заспець?
Хлопцы грыманулі дружным хорам:
- О, калі хочаце... У любы час... У любы момант...
Я нырнуў у пыл і шпарка папёр у той бок, дзе, як паказалі, жыў Харкавіцкі. Нешта падмывала з нутра такім радасным-радасным, зацінала нават дыханне і выціскала з вока неслухмяную ўпартую слязіну. А ўвушшу няўпынна дрынчэла.
- Мікола... Мікола... Коля... Колька...
І стаяў уваччу Харкавіцкі, быццам жывы.
Я неўзабаве адшукаў паказаную мне кватэру. Увайшоў не пазваніўшы, бо званка не аказалася. З сянец у пакой дзверы былі расчынены. Я спыніўся і азірнуў.
Я адразу ўбачыў Міколу. Ён зусім мала змяніўся. Толькі па твары разлілося нешта рахманае, ціхае, пакорнае. Гэты новы выраз, на мой погляд, зусім не прыставаў да Міколы, якога я знаў з самага маленства як заўзятага аторву й буяна.
З момант я глядзеў на Міколу, астаючыся сам незаўважаным. І я разгледзеў, што ён сядзіць на зэдліку і што нага яго падвешана на пачопку, а пачопка прычэплена да таго апарату, у якім звычайна гадуюць малых чалавекаў. Я не ўгледзеў і не пачуў гэтага малога чалавека, але ён быў тут напэўна, бо яго сяліба раўнамерна і плаўна баўталася разам з Міколавай нагой. Немаведама чаму, мне раптам шкода стала Міколу. І, мабыць, пад уплывам майго жаласлівага погляду ён узняў галаву і зірнуў на мяне.
У вачах у яго загарэлася такое жаркае, такое бурлівае полымя радасці, што я не ўтрываў і кінуўся да яго з поўным душэўнага імпэту гвалтам:
- Мікола!
Але ўраз я спыніўся. Я ўбачыў, як востры, агнёвы спалох скрывіў яго твар у страшную грымасу. Сам ён перагнуўся ў тры, а можа, й болей пагібелі і засіпеў, махаючы на мяне вялізным нажом:
- Ссссссс...
Я аслупянеў. Ён, відаць, заўважыў гэта, кінуў сіпець і падбадрыў мяне ласкавай усмешкай, прапусціўшы скрозь зубы прыдушаным шэптам:
- Ціху, дзяцёнка разбудзіш.
Тады я заўважыў яшчэ, што нож у яго толькі ў адной правай руцэ, а ў левай - бульбіна. А між ног невялічкі цабэрак з вадой. І зноў невядома чаго мне стала шкода прыяцеля. Я, нават не прывітаўшыся з ім, сеў поплеч на зэдліку і пахіліў галаву.
Часінку мы абодва маўчалі. Потым пачалі шаптацца.
Я першы шапнуў:
- Расказвай.
Ён глыбока ўздыхнуў і сказаў:
- Ты, пэўна, бачыш, што я ўжо жанаты.
Я таксама ўздыхнуў і адказаў:
- Бачу. І даўно ты замуж... тое... жаніўся?
- Больш года ўжо.
Мне неяк стала не па сабе. Я хацеў аб нечым яго папытаць, ды чамусьці не важыўся: нялоўка было. І ён, мусіць, адчуў мой настрой. Ён перабег раскіданым поглядам у бок ад мяне, шыбчэй пачаў лупіць бульбіну і загаварыў неяк вінавата, саромліва:
- Я служыў раней. Толькі з паўгода, як безработны. А жонка служыць... У фінаддзеле працуе. Я пакуль што па хатняй частцы; вось поркаюся з рознай бульбай, капустай, дзяцёнка даглядаю...
Ён змоўк. Тады я папытаў з вялікай цікавасцю:
- Ну й як?
- А, нічагутка. Добра жывецца. Жонка цяпер ладныя грошы бярэ - сем чырвонцаў у месяц, хапае на ўсё. Вось толькі харчы ўсё даражэюць. Ты знаеш, пачом цяпер мяса? - па 30 капеек. Дый то не мяса, а немаведама што: адны косці ды плёўкі. Укінеш у суп - ні мяса табе, ні навару. А мужыкі як дзяруць! Учора на рынку я парасёнка нагледзеў - маленькі такі, хунтаў 7-8. Хацеў купіць, бо мая, ведаеш, дужа любіць, калі гэта з начынкай, з перчыкам, з цыбулькай. Дык што ж бы ты думаў? Не падступіся...
Я слухаў яго апавяданні, і мне неяк страшна рабілася. Я проста не пазнаваў свайго прыяцеля, таго жвавага, энергічнага, разумнага хлапца, якога я ведаў тры гады таму назад. Галаву маю балюча свідравалі назоллівыя думкі - яшчэ няясныя, неафармаваныя, але такія ж глыбокія, такія сур'ёзныя, што мне ажно цяжка ад іх станавілася. Да такіх думак не прызвычаіўся я.
Урэшце ўжо мне неўсуцерп стала слухаць Міколу. Я памкнуўся змяніць тэму гаворкі і перапыніў яго, тыркануўшы пальцам у калыску.
- Ну, а гэта?
У гэты момант нешта запішчэла і засіпела ў печы, і Мікола рынуў туды, пакінуўшы ля мяне нож, недалупленую бульбіну і цабэрак. Вярнуўшыся, ён зноў загаварыў:
- Пра сына пытаешся? О, ён маладзец, такі крэпенькі, здаровенькі хлопчык. Надовечы нешта з жывоцікам у яго кепска зрабілася. Я ўстурбаваўся ўжо, зараз панёс яго ў больніцу. Ну там агледзелі, кажуць - глупства, на зубкі. У яго ўжо во-во зубкі прарэжуцца...
Ізноў мне цяжка было яго слухаць. Ізноў мяне апанавалі тыя глыбокія, сур'ёзныя думкі. І йзноў яны былі няясныя, неафармаваныя, бо я не прывык да гэткіх думак. Цяпер я ўжо зусім забыўся, што гэта за думкі былі, але добра помню, што яны датыкаліся жанчыны, яе прыроды, арганізма, яе месца ў сацыяльным ладзе нашага жыцця і г. д. Адным словам - сур'ёзныя думкі.
Мікола тым часам сціх і аб нечым глыбока задумаўся. Мне ў трэці раз стала да болю шкода яго. Мне захацелася пранікнуць у самае нутро яго, выведаць яго самыя патаемныя перажыванні. Я сабраў усю сваю прыяцельскую пяшчоту, паклаў сваю руку на яго плячо і сказаў вельмі чулым і вельмі ласкавым голасам, які, як мне здалося, нават дрыжэў ад навалы шчырага пачуцця.
- Слухай, прыяцель Мікола. Скажы ты мне шчыра й адкрыта, так, як мы даўней з табой гаварылі, як табе падабаецца тваё сучаснае жыццё?
Але ў гэты момант разам запішчэла і ў печы, і ў калысцы. Мікола замітусіўся па хаце, потым кінуўся к печы, крыкнуўшы мне па дарозе:
- Калышы!
Я зачапіў сваю нагу за пачопку і пачаў баўтаць. Я баўтаў, дзяцёнак пішчэў, а Мікола ўлез да палавіны ў печку і нешта арудаваў там. Праз момант ён дастаў з печы сваю галаву, абярнуў яе да мяне і закрычаў як ашпараны:
- Вазьмі, братка, на рукі. Вазьмі хутчэй.
Я ніколі не меў ніякіх спраў з малымі людзьмі, і таму мне вельмі нязручна было трымаць на руках гэты маленькі мякенькі камочак. Але я ўсё-ткі трымаў, а камочак усё-ткі пішчэў. Мікола ж тарчэў з печы сваёй ніжэйшай палавінай. Цяпер мне ў чацвёрты раз стала вельмі-вельмі шкода Міколу. На маё шчасце, у гэты момант адчыніліся дзверы і ў пакоі з'явілася Міколава жонка.
Я да жанчын невялікі прыхільнік. Але трэба прызнацца, што жонка Міколава мне ўпадабалася. Я люблю, калі жанчына здаровая, свежая, сакавітая. А Міколава жонка хоць і невялікая ростам, але так і пыхала гэтым здароўем і свежасцю! І вочы ў яе былі ясныя, бадзёрыя, смелыя, што мне даўпадобы таксама. Як увайшла, яна перш-наперш пяшчотна так, ласкава цмокнула ў запэцканы сажаю Міколаў лоб, сказаўшы:
- Добры дзень, мая гаспадынька!
Потым падышла да мяне, ахінула мяне сваім ветлым ласкавым поглядам і, што мяне асабліва ўзрадавала, узяла з маіх рук пісклівы камочак.
Мы хутка з ёй разгаварыліся. Гаварылі больш пра палітыку, пра міжнароднае становішча нашай рэспублікі і г. д. Наогул, пра самыя глыбокія і сур'ёзныя рэчы. А Мікола тым часам канчаў свае гаспадарскія справы. Мне ў пяты раз стала шкода Міколу, і мяне зноў апанавалі назоллівым роем цяжкія думкі, ізноў я думаў аб жанчыне, аб яе гаротнай долі.
У часе абеду жонка сказала Міколе:
- Ну, Коля, хутка ўжо я дам табе волю. Сына гэтымі днямі ў яслі аддам, а палуднаваць будзем хадзіць у сталоўку. І трэба будзе як-небудзь знайсці табе працу.
Мікола не адказаў. Але вочы яго зайскрыліся радасцю. Я гэта добра заўважыў, і гэта дало мне адказ на тое запытанне, на якое Мікола не ўправіўся мне адказаць.
Калі я выйшаў ад свайго прыяцеля і зноў нырнуў у поўныя пылу і душнага сонца завулкі, мне было цяжка. Нешта падмывала з нутра такім сумным, маркотным, зацінала дыханне і выціскала з вока неслухмяную ўпартую слязіну.
А ўвушшу няўпынна звінела:
- Бедны Мікола... Бедны Коля...
42 дакументы
1
АНКЕТА
Прозвішча — Гроцкі. Імя — Ігнат.
Імя па бацьку — Рыгораў.
Колькі год — 27.
Ці жанаты — жанаты.
Нацыянальнасць — беларус.
Сацыяльны стан — селянін.
З якога часу ў партыі — з ліпеня 1917 г.
2
ПРАТАКОЛ
пасяджэння г-1-га павятовага камітэта РКП(б) ад 24 чэрвеня 1919 г.
С л у х а л і: IV. Даклад Чарняўскай ячэйкі РКП. Дакладчык т. Грышчанок.
Становішча ў Чарняўскай воласці небяспечнае. Усё больш і больш пашыраецца антысавецкая агітацыя, якую вядуць тамтэйшыя контррэвалюцыйныя элементы на чале з сынам быўшага памешчыка Заслаўскім. Агітацыя мае частковы поспех. Настрой некаторых вёсак, асабліва з перавагаю кулацкага жыхарства, варожы да Савецкае ўлады. Гэты самы памешчык Заслаўскі арганізаваў атрад бандытаў, з якім туляецца па лясах і адгуль робіць налёты, наганяючы непамерны спалох на жыхарства. Рабіліся спробы наладзіль у мяст. Чарняўцы пагром, але пакуль што без поспеху. Мясцовыя сав. установы працуюць пад пастаяннай пагрозай нападу банды Заслаўскага, якая ўсё больш і больш павялічваецца. Трэба прыняць пільныя і энергічныя меры, каб наладзіць у Чарняўскай воласці рэвалюцыйны парадак.
Пастанавілі: Арганізаваць у Чарняўскай воласці рэўком. Старшынёй рэўкома наслаць т. Гроцкага. Прапанаваць павятовай надзв. камісіі выслаць атрад па барацьбе з бандытызмам. Мясцовай ячэйцы навесці самую шырокую агітацыю сярод сялянства.
3
Горад N. Кацярыне Макараўне Гроцкай
Мая любая жонка!
Вось я i прыехаў. Ураз акунуўся ў гэга трывожнае напружанае паветра. Усё вакол нейкае дзіўнае, на ўсім ляжыць нібы нейкая пячатка небяспекі, нянэўнасці ў тым, што будзе заўтра. Імя Заслаўскага не сходзіць з вуснаў. Аб ім складаюць цэлыя байкі. Асабліва тэрарызавана яўрэйскае жыхарства мястэчка. Чакаюць пагрому. I спалох раджае нейкую панічную ўпэўненасць, што ён будзе. Нашы хлопцы (супрацоўнікі) тож баяцца. Нялёгка дастаецца ўзняць іхны настрой.
А мне, Каця, дужа добра. Я пачуў сябе ў сваёй стыхіі, як кажуць. Я аджыў тутака. Прыемна памерацца сіламі. Весяла! А часамі смешна бывае. Я табе перасылаю дзве запіскі, якія я атрымаў зараз жа пасля прыезду. Пасмейся разам са мной. Як бачыш, мой прыезд не астаўся незаўважаным. А як табе падабаецца гэтая запіска ад дзяўчыны? Праўда, вар'ятка нейкая?
Эх, Каця, як мне шкада, што цябе тут няма. Але пакуль што жыві там, бо тут небяспечна, а ты да гэтага яшчэ не прызвычаілася. Як троху пацішэе, гады прыедзеш. Пабачыш, што гэта за пекная мясцінка! Гэты глухі куточак па свайму хараству нагадвае той рай, аб якім ты чула ў дзяцінстве. Гушчарны лес, рэчка... Адным словам — усё, што трэба.
Ну, а як ты маешся там? Не сумуеш па мне? А мо ўжо знайшла сабе ўцеху? Глядзі, бо за вушы нарву, калі што... А цяпер пацалую многа-многа раз, во.!.
Ну, бывай пакуль што.
4
Старшыні рэўкома Гроцкаму
Вітаю Вас з прыездам. Чуў пра Вас шмат чаго добрага. Вельмі прыемна мець справу з разумным чалавекам, а не з такімі дурнямі, як да гэтага часу. Але наперад кажу, што ані чорта не выйдзе ў Вас. Адылі паспрабуйце, калі галавы, вядома, не шкода. Спадзяюся, што хутка сустрэнемся.
Заслаўскі
5
тав. Гроцкаму
Мне вельмі сорамна пісаць Вам, але я прывыкла заўсёды быць простай і шчырай. Вы мне ўпадабаліся з першага разу, як я Вас убачыла. Чаму — я не ведаю. Вы мне здаліся моцным, дужым мужчынам, героем. Я знаю, што Вы заняты важнай справай, што Вам няма часу глупствам займацца, але так хочацца мне пазнаёміцца з Вамі, што я сама першая прашу Вас аб гэтым. Мне здаецца, што сярод працы ў Вас знойдзецца калі вольная часінка, каб аддаць яе дзяўчыне, якая Вамі вельмі цікавіцца.
Ніна (Загорная, 17)
З падаўцом гэтай дайце адказ. Хоць пару слоў.
6
Загорная, 17. Ніне
Пару слоў? Калі ласка — тры: кіньце глупствам займацца.
7
З А Г А Д № 1
Чарняўскага валаснога рэвалюцыйнага камітэта ад 18 чэрвеня 1919 г. м. Чарняўка
З гэтага дня мяст. Чарняўка і воласць абвяшчаецца на ваенным становішчы. Хадзьба па мястэчку пасля 11 гадзін вечара дазваляецца толькі асобам, якія маюць належныя пропускі. Ніякіх сходаў, вечарын і інш. Без спецыяльнага дазволу рэўкома не дазваляецца. Катэга¬рычна забараняецца распаўсюджванне ўсякіх неправераных чутак, якія наганяюць спалох і дэмаралізуюць жыхарства. Распаўсюджванне такіх чутак будзе разглядацца як крымінальнае злачынства, і вінаватыя будуць аддавацца пад суд. Просьба да ўсіх грамадзян затрымліваць на месцы асоб, якія займаюцца гэтым, і накіроўваць іх у рэўком. Кожны селянін і рабочы павінен помніць, што толькі агульнымі, злучанымі патугамі мы здолеем знішчьшь злачынны бандытызм і наладзіць у воласці рэвалюцыйны парадак.
Старшыня рэўкома Гроцкі
8
Лiст
Таварышу Раўкому ад селяніна вёскі Кудлатаўкі, Чарняўскай воласці Лявона Петрычкі ў собсцвенныя рукі очэн сакрэтна таварыш Раўком я хачу табе паведаміць, што пан у нашай вёсцы местапра-баванне маець і часта наяжджаець у нашую вёску з сваімі бандытамі к багацею нашаму Данілу і заўтрачка небяспрыменна надвячоркам прыедуць і Даніла самагону нагнаў будуць частавацца толькі таварыш Раўком каб ніхто не знаў што я табе напісаў бо я мужык бедны і мяне небяспрыменне заб'юць. Дык прыяжджайце заўтрача і забярыце гэтага пана і ўсю яго банду ў нашай вёсцы толькі таварыш раўком нікому не кажыце, што я напісаў вам аб гэтым...
9
ПРАТАКОЛ
экстраннага пасяджэння Чарняўскага рэўкома ад 20 чэрвеня 1919 г.
С л у х а л і:
1. Т. Гроцкі. Зачытвае ліст ад селяніна в. Кудлатаўкі, Лявона Пстрычкі і прапануе безадкладна выслаць у вёску Кудлатаўку ўзброены атрад. Т. Гроцкі зазначае, што гэта вельмі зручны выпадак, каб адразу і без вялікіх ахвяр распарадкавацца з бандай.
Т. Зянькевіч. Катэгарычна супраць такога плану. Нельга даваць веры нейкаму селяніну, якога ніхто не ведае. Можа, тут якая пастка?
Т. Грышчанок. Я добра ведаю Пстрычку. Гэта бядняк, які шчыра падтрымлівае Савецкую ўладу і якому, безумоўна, можна давяраць.
Т. Зянькевіч. Усё роўна ні ў якім выпадку не трэба пасылаць атрада. Лепш паслаць наведнікаў і распазнаць, як там і што, а таксама вызваць і дапрасіць гэтага Пстрычку.
Т. Гроцкі. Марудзіць нельга. Ліст пісаны, відаць, яшчэ ўчора, значыць бандыты будуць сёння ўначы. Ні разведаць, ні дапрасіць Пстрычку мы не справімся. Прапусціць жа гэты выпадак мы не маем права, бо кожная гадзіна бавення дасць нам новыя бязвінныя ахвяры. Мы нічым не рызыкуем, бо на чале атрада Мякуш, а гэта такі чалавек, які не зблыша ні ў якім становішчы.
Т. Зянькевіч.......
Пастанавілі:
Зараз жа выслаць у в. Кудлатаўку атрад па барацьбе з бандытызмам.
10
(у блакноце Гроцкага)...
...Зянькевіч... Зянькевіч... Зянькевіч... не трэба... не трэба... азнаёміцца... не спяшацца... Дзіўны гэты Зянькевіч...
11
загад № 57
Па асобым атрадзе камандзіра Мякуша Саўкі ад 20 чэрвеня 1919 г. м. Чарняўка
Праз дзве гадзіны выступаць на бандытаў. Пакуль што нішкні. Калі хто, так вашу так, пікне хоць слова, праганю ў каршэнь ка ўсім чарцям. Глядзі мне, хлопцы, каб не падгадзілі. Не першыня ж вам, чэрці лысыя.
Камандзір Мякуш Саўка
Пісар Чаклюшкін
12
Горад N. Кацярыне Макараўне Гроцкай
Мая дарагая Кацечка!
Што ж ты гэта маўчыш? Яшчэ аніводнай пісулькі не напісала. Думаеш, лёгка гэта так жыць, не ведаючы, што там робіцца з любым пісклёнкам? Гэта ж часамі дык так балюча, крыўдна робіцца. Хочацца злавацца на цябе, дужа злавацца. Але хіба ж я магу злаваць, калі так моцна люблю.
Як не шанцуе нам, Каця! Толькі ажаніліся, толькі пачалі наша супольнае жыццё і ўраз прыйшлося расстацца. Нават не было часу, каб як мае быць пазнаць адзін аднаго — блізка, глыбока. Ты ведаеш, Каця, на мяне часам находзіць сумненне. Я так мала яшчэ знаю цябе. Мо ты зусім не такая, як я цябе ўяўляў і ўяўляю? Мо я памыліўся? Ты даруй мне, даражэнькая, але гэткія думкі часам лунаюць у маёй галаве. I як мне цяжка бывае тады, каб ты ведала. Цяжка і страшна чагосьці. Быццам баюся, каб усё тое, што я стварыў у сваім уяўленні, тыя мары аб таварыстве, дружбе, якія гадую я ў сэрцы, каб усё гэта раптам не разляцелася, не рассыпалася попелам брудным... Ну, добра. Гэта так сабе, Каця. Мабыць, ад таго, што я так моцна цябе пакахаў. Хутка ўбачымся, тады добра пагутарым.
Цяпер 11 гадзін вечара. Сяджу ў рэўкоме, чакаю вестак ад Мякуша. Ён паехаў з атрадам у адну вёску, дзе павінны быць бандыты. Ты, Каця, помніш гэтага мядзведзя Мякуша? Што гэта за любы хланец! Колькі ў ім шчырасці, адданасці справе і колькі дзіцячай прастаты! А як яго армейцы любяць. Яны за ім гатовы пайсці хоць у пекла. Эх, каб такіх больш у нас хлопцаў было!..
А як марудна паўзуць хвіліны. Як цяжка так сядзець і чакаць. Здаецца б, птушкай паляцеў туды сам. Але хтопцы не пускаюць. І Мякуш не любіць, каб каля яго лішнія блыталіся.
Справы нашы наогул нішто. Жыхарства блізка ўсе на нашым баку. Я кожны дзень выязджаю ў якую-небудзь вёску — праводжу там мітынгі, гутаркі. І да мяне кожны дзень гурмай сяляне прыходзяць. Кажуць: «О, каб мы ведалі, што гэта за штука — Савецкая ўлада. А то нам вунь што казалі!..»
Відаць, спрытна агітавалі тут паны контррэвалюцыянеры...
Ну, бывай, мая красачка! Не забывайся: пішы. Многа-многа пішы, аб усім чысценька. I рыхтуйся прыехаць да мяне. Я дык з шалёнай нецярплівасцю чакаю таго дня, калі ўбачу цябе і моцна-моцна пацалую...
Бывай яшчэ раз. Пішы.
20 верясня 19 г.
Ігнась Г.
13
Гроцкаму
Сволачы, сцервы, халеры, паскуднікі!.. I ты разам з імі, мой любы! Прыехаў, называецца, выступіў на бандытаў. Хоць бы на смех з паўчалавека. Не толькі бандытаў, а й следу іхняга ані звання. Пстрычка твой — сапраўдная пстрычка. Ну, але добра. Пабачым, што далей. Чакай мяне сёння к вечару. Пакуль што паабнюхаю тут. А кулака, у якога меўся быць Заслаўскі, забраў, прывязу табе — рабі што хочаш. Чуе мой нос, што тут не ўсё чыста. Бывай!
Мякуш Саўка
14
Чарняўскаму рэўкому
Пачатак не надта ўдалы. Але не зважайце на гэта. Не трацце надзеі сустрэцца са мной, бо я маю на ўвазе зрабіць усё ад мяне залежнае, каб наблізіць гэту сустрэчу.
Заслаўскі
А Пстрычку я пстрыкнуў. Хай не лезе куды не просяць.
15
ПРАТАКОЛ
следства па справе аб выкрыцці банды Заслаўскага і дапамозе яе контррэвалюцыйнай дзейнасці
Селянін в. Кудлатаўкі, Чарняўскай вол., Н-га павета Даніла Брудаў, 43 год, жанаты, беспартыйны, са слоў яго, пад судом і следствам не быў,— паказаў па гэтай справе наступнае:
З Заслаўскім я пазнаёміўся месяцы паўтары таму назад. Я тады не знаў, хто ён і чым займаецца. Я толькі знаў, што ён сын памешчыка Заслаўскага і жыве ўтайку. Прыязджаў ён да мяне ў сярэднім раз на тыдзень. Кожны раз з ім было чалавек 8 таварышаў. Звычайна яны гулялі цэлую ноч, пілі самагонку, якую мне прыходзілася дастаўляць, бо яны вымагалі гэтага. Уночы прыходзілі дзеўкі з мястэчка, відаць — гуляшчыя, і таксама з імі гулялі. Я хацеў колькі раз даказаць на іх, але баяўся, бо пагражалі забіць. У той вечар, калі прыязджаў атрад, Заслаўскі таксама быў, але нейкі незнаёмы хлопец прынёс запіску, прачытаўшы якую Заслаўскі раптам сабраўся і знік, строга наказаўшы, каб я нікому не гаварыў аб тым, што ен быў. Больш па гэтай справе паказаць нічога не маю.
16
(На платах у мястэчку й па вёсках)
Грамадзяне!
Два гады ўжо як вы зносіце нечуваны прыгнёт і знявагу. Два гады як вы не можаце вольна дыхнуць, як на вашым карку сядзяць вашыя лютыя ворагі — бальшавікі і жыды. Гэта новыя паны, якія прыйшлі ў нашу краіну, каб забраць наша дабро, каб знішчыць нашу гаспадарку, каб зачыніць нашы праваслаўныя цэрквы, абярнуць іх у жыдоўскія школы.
Грамадзяне! Годзе цярпець гэты здзек! Годзе быць паслухмянай скацінай, з якой робіць усё, што хоча, немаведама хто! Усе, каму дорага наша айчызна, хто шануе веру сваю хрысціянскую, бярэце аружжа й прыходзьце папоўніць рады тых, хто выйшаў на змаганне за волю й жыццё.
Усе да нас!
Усе за аружжа!
Камандзір вольнага атрада паўстанцаў
Заслаўскі
17
(З газетнае хронікі)
БАНДЫТЫ ЗЛАЧЫНСТВУЮЦЬ
У раёне Чарняўскай воласці сабралася хэўра бандытаў, на чале якой стаіць вядомы контррэвалюцыянер, сын памешчыка гэтай мясцовасці — Заслаўскі.
Банда робіць напады на вёскі, зніштажае ўсіх, хто мае якую-небудзь блізкасць да Савецкай улады, не гаворачы ўжо пра камуністаў, руйнуе сялянскую гаспадарку. У банду збіраюцца ўсе тутэйшыя рэакцыйныя элементы, і яна ўсё больш і больш павялічваецца, наганяючы спалох на жыхарства і пагражаючы нават мясцовым савецкім установам.
Да знішчэння банды прыняты пільныя меры, але да гэтага часу напасці на след Заслаўскага не ўдалося.
18
ПРАТАКОЛ
пасяджэння Чарняўскага Рэўкома
ад 25 чэрвеня 1919 г.
С л у х а л і:
т. Гроцкі. Становішча ў воласці робіцца ўсё больш і больш трывожнае. Банда расце. Урэшце мы не можам лічыць сябе забяспечанымі ад нападу на валасны цэнтр. Трэба прымаць пільныя і энергічныя меры. Пакуль што мы не можам спадзявацца на дапамогу з павета. У нас есць весткі, што сталая сяліба банды ў Кудлатаўскім лесе, што паміж вёскай Кудлатаўка і Сёмкава. Я прапаную вось што:
1. Правесці шырокую агітацыю сярод сялянства, каб зкішчыць ахапіўшы ўсіх спалох і знайсці з боку сялянства актыўную дапамогу ў змаганні з бандытызмам. Для гэтага выслаць на вёску нашых лепшых партыйных і савецкіх працаўнікоў.
2. Зараз жа выслаць атрад Мякуша ў той раён, дзе па вестках знаходзіцца Заслаўскі.
3. Тэлеграфаваць у павет аб становішчы ў воласці і прасіць вайсковае дапамогі.
Т. Зянькевіч.....
П а с т а н а в і л і:
Прыняць прапазіцыю т. Гроцкага.
19
Старшыні рэўкома Гроцкаму
«Не шукай мяне ў лесе шумлівым, пад зялёнаю сховай разложыстых дрэў». Дый наогул — кінь ты, усё роўна не зловіш. Лепш пачакай, хутка ўбачымся... Твой шчыры вораг Заслаўскі
20
т. Гроцкаму
Я зноў пішу Вам. Помніце тую запіску ад невядомае Ніны, якую вы атрымалі, як толькі прыехалі к нам? Я знаю, Вы пасмяяліся толькі. Ды зрабіць іначай вы і не маглі. Пэўна, падумалі: «Во, распусніца нейкая, на шыю чапляецца з першага дня...» Так, вядома, распусніца, бо хіба ж іншы хго мог так зрабіць? Распусніца, так, я гэта адкрыта кажу Вам. Як кажуць — прастытутка. Ну, што ж, доля такая... Але цяпер я не маю намеру чапляцца на шыю Вам — не да таго цяпер Вам, дый мне таксама. Вы, пэўна, зноў будзеце смяяцца, калі я скажу, што хачу Вас бачыць і гаварьшь пра сур'ёзныя грамадскія справы. Прастытутка і грамадскія справы... Дзіўна, сапраўды, і смешна? Але чаго не бывае на свеце! Калі Вы хочаце са мной убачыцца, Вы пераканаецеся, што й такі чалавек, як я, можа знадабіцца ў вашай справе. Я сама не ведаю, чаму мне захацелася гэта зрабіць. Можа, усё тое, што перажыла я, што сцярпела за сваё не вельмі прыгожае жыццё, можа, усё гэта раптам радзіла ўва мне злосць і нянавісць, якая штурхае мяне на гэта, якая прымушае ісці да вас, далучыцца ўсёй істотай да вашых імкненняў, да вашай работы? Можа, й так? Я сама не ведаю, што мной кіруе. Я раскажу Вам усё, як убачымся, я раскажу Вам пра ўсё жьшцё маё, у якім Вы, пэўна, знойдзеце многа цікавага. I я спадзяюся, што Вы паможаце мне разабрацца ў маёй душэўнай блытаніне, вызначыць месца маё ў жыцці і паможаце мне зрабіць тое, што я надумала. Пакуль што — бывайце!
Ніна
21
У N-скі павятовы камітэт РКП(б)
Абавязак старога сумленнага партыйца прымушае мяне апісаць вам сапраўднае становішча ў нашай Чарняўскай воласці. Становішча гэта вельмі і вельмі небяспечнае. Бандытызм усё расце, пагражае неўзабаве ахапіць усю воласць і перакінуцца за яе межы. Жыхарства траціць давер'е да Савецкай улады, бо бачыць, што яна нічога не можа зрабіць, каб знішчыць бандытызм. Прычыны ўсяго гэтага — няўдалае, няўмелае кіраўніцтва таварыша, які стаіць на чале рэв. камітэта. Трэба прыняць пільныя меры, бо йначай можна чакаць вялікай небяспекі для ўсяго павета.
Сябра рэўкома Зянькевіч
27 чэрвеня 19 г.
22
Лiст
Міламу майму мужу Саўку Ларывонаву Мякушу ад законнае супругі яго Арыны Аксентавай Мякушыхі.
У першых страках майго ліста спяшу паведаміць вас, дарагі мой муж Саўка Ларывонаў, што мы жывы і здаровы, чаго і вам жадаю...
Яшчэ кланяецца сын ваш Рыгор Саўкаў Мякушаў, ён ужо хадзіць пачынае і гаворыць «тата» і «мама». А жонка твайго прадсядацеля круціцца і хлапцоў водзіць, а пра яго й не ўспомніць. I скажы яму, што яна б... і круціцца, як апошняя шлюха.
Астаюся ваша любімая супруга
Арына Мякушыха
23
(у блакноце Гроцкага)
28 чэрв. 19 г. Першы раз у жыцці бяруся пісаць дзённік. Дзіка й неразумна. Але ж неяк так чалавек ужо ўроджан, што калі гора-бяда якая, калі цяжкім жыццё робіцца, дык хочацца, як той казаў, выліць каму-небудзь сваю душу, падзяліцца думкамі й перажываннямі. Раней ёй пісаў, выліваў усё, раскрываў душу. А цяпер? — Мякуш ёсць... Але ён не зразумее ўсё роўна. Не, ён надта просты для гэтага. Ён так, як жонка яго: «круціцца», «хлапцоў водзіць», «б....» — і ўсё, на гэтым канец, больш не можа быць гутаркі й думкі... А ў мяне не выходзіць так. Мне шкада, што разбіўся той пекны будынак, які я пабудаваў з сваіх мар, што запэцкаўся ў гразь той вобраз, які я стварыў у думцы сваёй, які я злучыў з яе асобай. Эх, Каця, Каця! Ці ведае яна, як цяжка мне разлучацца з тымі думкамі, марамі, якія я песціў, гадаваў у сабе з першага дня знаёмства з ёй? Якая яна была любая, простая тады, якой блізкай, роднай здавалася! Думалася, што можна смела пайсці з ёй у жыццё, што шчырым, верным таварышам будзе, памочнікам... А мо трэба было сюды яе ўзяць, каб акунуцца разам у стыхію жыцця? Мо б гэта стыхія бурлівая зрадніла, звязала путамі таварыстваў?.. Але не, усё роўна. Так яшчэ лепей, што адразу выявілася. Лягчэй так усё-ткі...
Ну, годзе. Досыць папускаць лейцы, бо так дакаціцца можна чортведама да чаго. Час не такі, каб раставаць у блакітна-ружовай чмуце розных «перажыванняў». Агульная справа прымушае забыцца на асабовае, растапіць гэта асабовае ў тым шырокім, агнёвым, што гарыць, бушуе магутным уздымам, што з грукатам, з гулам варочае камні цяжкія гісторыі, і нічога няма тут такога — зусім проста. Толькі больш працаваць, так працаваць, каб часу не было на розныя думкі. I тады на ўсё чыста забудзешся. А калі адгукнецца часам глыбока там недзе, у сэрцы ці яшчэ дзе-небудзь, тады зубы сашчэрыў ды йзноў за работу.
Так. Здаецца, справы наладжваюцца ў нас. Жыхарства блізка што заспакоена. Сярод сялян моцнае абурэнне супраць бандытаў. Пры гэткіх абставінах можна ўраз справіцца з імі. Але сярод нашых ёсць здрада. Адкуль жа б ведаў Заслаўскі ўсё, што мы толькі надумаем рабіць? I што, калі спраўдзяцца мае падазрэнні?
.....................................................
А гэта... Пашлю сёння к ёй. Хай прыйдзе. Цікава. А мо пас-прабаваць змяніць тое туманнае, зыбкае больш простым, рэальным? Мо пашукаць у гэтай дзяўчыне спосабу пазбыцца шчымлівых успамінаў аб той. Кажуць, шго клін выганяецца клінам...
24
Загорная, 17. Ніне
Тое, што Вы напісалі мне апошні раз, зацікавіла мяне і як савецкага працаўніка і проста як чалавека. Ахвотна пабачуся з Вамі. Калі гэта Вас не кампраметуе, прыходзьце да мяне сёння ўвечары. Буду чакаць.
Гроцкі
25
Горад N.
Кацярыне Макараўне Гроцкай
Мяне перш дзівіла Ваша маўчанне. Цяпер мне ўсё ясна і зра-зумела. Я не скажу, што чакаў такога канца, але думка аб магчымасці гэтага даўно ўжо жыла ўва мне. Мяне часта забірала сумненне: ці не памыліўся я ў Вас, ці не стварыў я сам сабе нейкую мару, якую па непаразуменні злучыў з Вашай асобай? Так яно й выйшла.
Я сам не ведаю добра, нашто я пішу Вам. Пэўна, лішняе гэта. Але мне хочацца ўсё-ткі сказаць Вам колькі слоў, апошніх слоў. Эх! Каця, Каця! Як цяжка было мне, калі я ўзнаў і зразумеў, што памыліўся ў табе. Мне й цяпер яшчэ цяжка бывае часамі, калі старое ўспомніцца. А я знаходжу ўцеху сабе ў безадхлыннай рабоце. Ды яшчэ часамі ў іншым у нечым. Хочаш, скажу?..— У абнімках жанчыны, якую завуць прастытуткай. Ты, пэўна, моршчышся? Дарма, бо часамі прастытуткі бываюць лепшыя за «сумленных» жанчын. Ды, урэшце, хто разбярэ, дзе канчаецца сумленная жанчына, а пачынаецца прастытутка?..
Ну, годзе. У мяне ёсць просьба да Вас. Аношняя просьба. Не завіце нідзе і ніколі сябе маёй жонкай, бо Вы ніколі ёй не былі і не будзеце.
Гроцкі
1 ліпіня 19 г.
26
Гроцкаму
Нікаю, як сабака, высалапіўшы язык. Здаецца, натрапіў на гарачы след. Мой атрад удвая пабольшаў. Далучыліся хлопцы сялян-скія. Не раўнуючы, як на ваўкоў выйшлі з аблавай. Адным словам, прыяцель, усё добра. Так што скора зловім. А хітры, халера, як чорт...
Мякуш Саўка
27
ТЭЛЕГРАМА
30-VI-19 партком
Становішча адчайнае кропка зніміце Гроцкага прымайце меры.
28
ТЭЛЕГРАМА
3- VI І-19 Чарняўка рэўком Гроцкаму
Перадайце справы часова Зянькевічу прыязджайце незадаўна.
Сакратар парткама (подпіс)
29
(у блакноце Гроцкага)
3 ліпеня 19 г. Зноў пішу. Зноў хочацца падзяліцца хаця з паперай сваймі думкамі. Тэлеграма з парткома... Ці ехаць, ці не? Не, тут, мусіць, непаразуменне нейкае. У такі момант нельга пакідаць свайго месца. Я павінен быць тут, гэтага патрабуе справа. Няйначай тут нечыя злосныя хітрыкі, бо ў апошнім даносе я добра выклаў сапраўдны стан воласці, і парткому павінна быць ясна, што я не магу цяпер выехаць адсюль. Трэба скарыстаць сучасны настрой сялянства, узрушанага супраць злачынцаў, каб ураз расправіцца з бандытыз¬мам. Раптоўны выезд, замена старшыні рэўкома ў такі напружаны момант, безумоўна, народзіць розныя чуткі і плёткі і шкодна адаб'ецца на справе.
А дзіўна, як складаецца жыццё! Ужо тыдзень, як я знаюся з Нінай. Ужо тыдзень, як я прыглядаюся да яе і знаходжу ў ёй усё больш і больш цікавага. Прастытутка... Я б не назваў яе так, мая мерка не гэткая. Што ж там, што жыццё, як кажуць, «распуснае». Але хіба ж можна назваць прастытуткай таго, у кім так многа здаровых жывых парыванняў, у каго душа поўніцца такімі цэльнымі, такімі шчырымі пачуццямі?
Жыццё над ёй падсмяялася, добра пакомчыла яе. Не жыццё, а лад, той злачынны стары. Яна адна з тых нездаволеных, злосных, што поўны вострага магутнага пратэсту, што гатовы гэты пратэст абярнуць у гарачую ўпартую чыннасць, у дзейнае парыванне. Яна прыйшла цяпер да нас. Я не верыў адразу, мне смешна было. Цяпер ужо ясна мне, што яна сапраўды прыйшла. Прыйшла, бо зразумела, што яна — наша, што пратэст яе — гэта наш агульны пратэст, які выліўся ў рэвалюцыю, што нездаволенне яе — гэта адвечнае агульнае нездаволенне ўсіх, каго ціснуў, ламаў стары лад.
Яна, відаць, кахае мяне. Смешна неяк — ні з таго ні з сяго... А я? — Мне з ёй лягчэй, я забываюся на тую. Я гавару з ёй, як з та¬варышам, і яна разумее мяне. З гэткай можна рука ў руку працаваць і змагацца. Гэткая не здрадзіць... Цікава толькі, чым кончыцца гэта.
30
ТЭЛЕГРАМА
4. VII. 19 партком
Стан справы не дазваляе выехаць зараз кропка падрабязна даносе
Гроцкі
31
Камандзіру атрада тав. Мякушу
З гэтай запіскай прыйдзе да цябе дзяўчына. Яна можа нам дапамагчы. Як — аб гэтым яна сама раскажа. Па-мойму, ёй можна даверыць. Як ты думаеш? Зірні на яе сваім сур'ёзным жорсткім поглядам, знаеш, такім, як ты часам глядзіш на бандытаў, і твой інстынкт падкажа табе, хто яна й што. Прысылай спраўна даносы аб рабоце. Я ведаю, што ты не любіш гэтага «пэцкання паперы», але, братка, так трэба. Бывай!
Старшыня рэўкома Гроцкі
32
Гроцкаму
Дзяўчыну тваю атрымаў у цэласці. Глядзеў на яе больш, чымся ты загадаў, але, апрача вялізных чарнюшных вачэй, нічога не ўбачыў. Прыгожая дзеўка, дабро, і, здаецца, свая. Мы з ёй адразу знюхаліся. Атрад пасылаю ў мястэчка на чале з Кузьмёнкам. Будзем працаваць з дзяўчынай. Ты не думай там абы-што... Ды не, ані ў зуб, цэлай астанецца. Як трэба будзе падмога, накажу. Аб усім, што ўзнаеш пра мяне, ані пісні, бо сам ведаеш, адным словам — бывай!
Мякуш Саўка
33
ПРАТАКОЛ
пасяджэння N-га павятовага камітэта РКП (б)
ад 8 ліпеня 1919 г.
С л у х а л і:
П. Аб барацьбе з бандытызмам.
Дакладчык т..... З кожным днём мы атрымліваем з Чарняўскае воласці ўсё горшыя і горшыя весткі. Бандытызм расце, ахапляе ўсё большы раён і пагражае перакінуцца ў суседнія воласці. Сялянства спагадна адносіцца да бандытаў і варожа да ўлады. З афіцыйных даносаў старшыні рэўкома Гроцкага гэтага не відаць, усе яны пра¬ця¬ты аптымістычным настроем, але сябра таго ж рэўкома т. Зянь¬кевіч, стары надзейны партыец, і іншыя таварышы засыпаюць лістамі і тэлеграмамі аб крытычным становішчы ў воласці і ўсе ў адзін голас тлумачаць гэта няздольнасцю і няўмеласцю Гроцкага. На тэлеграму, якою Гроцкі быў выкліканы сюды, ён адказаў вось як (чытае тэле¬граму Гроцкага). Нам трэба дакладна абгаварыць гэта пытанне, аб¬мер¬каваць усё і прыняць канчатковыя і самыя энергічныя меры, бо...
Пастанавілі:
1. У другі раз прапанаваць т. Гроцкаму неадкладна здаць справы т. Зянькевічу і з'явіцца ў партком.
2. Паставіць на від таварышу Гроцкаму яго недысцыпліна-ванасць, якая выявілася ў невыкананні загаду парткома.
3. Выслаць у Чарняўскую воласць дадатковую вайсковую сілу.
34
ТЭЛЕГРАМА
9. VIІ.19. Чарняўка рэўком
Высылаецца вайсковая дапамога кропка Гроцкаму здаць справы Зянькевічу і неадкладна з'явіцца партком.
Сакратар парткома (подпіс)
35
Гроцкаму ва ўласныя рукі.
Прысылай атрад у вёску Сёмкава сягоння ўночы. Зрабі так, каб аб гэтым не знаў ніводзін чалавек. Асабліва сцеражыся Зянькевіча. Чаму — аб гэтым, пэўна, дазнаешся, як прачытаеш перасланую разам з гэтым запіску. Я выпадкова адабраў яе ў аднаго хлапца, які адмовіўся даваць якія б ні было тлумачэнні. Хлапца я здаў пакуль што ў Кудлатаўскі камбед, а запіску табе пераслаў. Прыгледзься да пісьма і параўнай яго з пісьмом некаторых нашых. Пакуль што — бывай. Чакаю людзей.
Мякуш Саўка
9. VIІ.19 г.
36
Сцеражыся дзяўчыны, Нінай завуць, прастытутка. Яна апошні час з Гроцкім нешта вадзілася і потым, здаецца, яна пайшла ў атрад к Мякушу. Май гэта на ўвазе. З Гроцкім хутка развітаемся, справа йдзе добра.
37
Добры дзень, Гроцкі!
Пішу табе з саменькіх лап звера. Цікава, га? Я ў захапленні проста, таму, можа, й лёгка мне граць сваю ролю. Каб ты ўбачыў мяне, якая я добрая артыстка. Я не ведала, што маю такі талент. А што асабліва цікава, гэта тое, што гульня мая — гульня са смерцю. Так, жыццё маё, як кажуць, вісіць на валаску. Я бачу, што ён нібы трохі дагадваецца. Мо гэта й не так, але ўсе роўна: калі што, дык першая куля прызначана мне. І ведаеш, Гроцкі, я аніні не баюся. Я проста не пазнаю сябе. Мне так радасна, добра. У мяне ж цяпер так поўна, так многа чаго ў жыцці. Цяпер мне ўсё асветлена наперадзе.
Ты знаеш маё жыццё. Ты знаеш, што ў ім было трохі і пекных старонак. Праўда, разбаўляліся, губляліся ў агульнай цямноце, але ж былі ўсё-ткі, як ні кажы. I вось я раўную цяпер самыя лепшыя часіны майго жыцця з цяперашнім. Выходзіць, што там і сотае часткі не было таго, што я цяпер адчуваю.
Адно кепска. Надта непрыемна бывае, калі прыходзіцца з ім... ну, ты сам ведаеш што... Але й тут я найшла спосаб збавення. Я, заплюшчыўшы вочы, уяўляю цябе, нібы не з ім я, а з табой... Ты смяешся? Вядома, што смешна. Я ж пішу табе так адкрыта аб усім, аб усім чысценька. Ты не злуй на маю балбатню, я ж так даўно не гаварыла ні з кім па-прыяцельску.
Цябе, можа, цікавіць, як ён да мяне? Мо, думаеш, ён закахаўся ў мяне? Ды не, тут прасцей. Кожнаму зверу самка патрэбна. Ну, а дзе ж яе знайсці? Як ты ведаеш, мы з ім раней сустракаліся і ён улічае мяне за звычайную прастытутку.
Ну, дык вось, мой любы таварыш (выбачай, што назвала так), у мяне больш шансаў на тое, што мяне заб'юць. I нейкае дурацкае прадчуванне шэпча мне, што так будзе напэўна. Мабыць, мы з табой не сустрэнемся больш. Мне хочацца табе шчыра-шчыра падзякаваць, бо, як ні кажы, праз цябе я знайшла сабе шлях. I яшчэ адна просьба табе. Калі мяне не будзе і калі ты ўспомніш часамі мяне, дык успамінай як жанчыну, якая цябе моцна-моцна кахала. Ты паверыш, цяпер я знаю, бо маніць мне няма ніякага сэнсу. Ну, выбачай, таварыш, за гэту мімавольную сентыментальнасць. Бывай!
38
ТЭЛЕГРАМА
9. VIІ.19 партком
Заўтра выязджаю кропка здаю Грышчанку.
Гроцкі
39
Сакрэтна
Час. камандзіру атрада Кузьмёнку
Загадваю зараз жа арыштаваць сябра рэўкома Зянькевіча і тры-маць пад надзейнай вартай да асобнага распараджэння. Падрыхта-ваць атрад да выступлення сягоння ўночы. Выхад атрада з мястэчка павінен прайсці непрыметна. Аб часе выступлення я дам загад асабіста. Я буду знаходзіцца з атрадам.
Старшыня рэўкома Гроцкі
9. VIІ.19 г.
40
У N-ю павятовую надзвычайную камісію
Разам з гэтым перадаецца на Ваша распараджэнне правадыр шайкі бандытаў Заслаўскі і 15 яго таварышаў згодна прыкладзенага спіску, забраныя ўночы з 9 на 10 ліпеня ў в. Семкаве. Падрабязнасці забрання бандытаў у даносе камандзіра атрада т. Мякуша. Адначасна перадаецца быўшы сябра вал. рэўкома Зянькевіч, які выкрыты ў здрадзе і зносінах з бандытамі, што відаць з прыкладзенай пры гэтым запіскі, якая напісана, відавочна, яго рукой. У мясцовай ячэйцы ат-рыманы толькі што неафіцыйныя весткі, якія прымушаюць сумня-вацца ў яго сапраўднай належнасці да РКП(б).
Час. старшыня Чарняўскага рэўкома Грышчанок
№ 179
10 ліпеня 1919 г.
41
(З газетнае хронікі)
ЛІКВІДАЦЫЯ БАНДЫ ЗАСЛАЎСКАГА
9 ліпеня г. г. у в. Сёмкаве, Чарняўскай воласці атрадам па змаганні з бандытызмам злоўлен правадыр шайкі бандытаў Заслаўскі і яго 15 таварышаў. Падрабязнасці забрання бандытаў вось якія:
За тры дні да гэтага ў банду пранікла абліччам прастытуткі адна мясцовая дзяўчына, якая сышлася з Заслаўскім і ўвайшла ў курс жыцця банды. Узнаўшы, што Заслаўскі рыхтуецца ўночы на 10 ліпеня наведацца ў в. Сёмкава, дзяўчына паведаміла аб гэтым у мясцовы рэўком. У тую самую ноч у в. Сёмкава быў выслан атрад, які абкружыў хату, дзе быў Заслаўскі, і пасля ўпартага адпору з боку бандытаў яны ўсе былі забраны, апрача трох, забітых на месцы. Сам Заслаўскі забраны жывым, але цяжка паранены. З боку атрада — пяць раненых і тры забіты. Сярод забітых — старшыня мясцовага рэўкома т. Гроцкі. Таксама забіта й тая дзяўчына, якая была з бандытамі і выдала іх.
Злоўленыя бандыты накіраваны ў надзвычайную камісію, якой цяпер вядзецца следства з мэтай выкрыцця рэшты ўдзельнікаў банды.
42
N-скі павятовы партыйны камітэт з жалем паведамляе аб геройскай смерці на фронце барацьбы з бандытызмам старшыні Чарняўскага рэвалюцыйнага камітэта Ігната Рыгоравіча Гроцкага.
Пела вясна
Шумам шырокім шугала ў абшары. Песню ліла непазбыўна-жывучую, смелую, гордую песню.
Пела вясна...
У шоламе гучным раз'юшаных павадак гімнам расла, расцвітала магутная свежая сіла.
Расла, расцвітала. Гарнула цудоўным размахам пудліва-слухмянае сэрца, імкнула ў прасторы, віхурыла ўзлётам шалёным.
Парываннем дзівосным хмяліла душу, крамяніла волю сталёвым запалам.
Пела вясна...
Так смела і горда. Так радасна, шчыра.
Пералівала песню ў дражліва-гарэзлівы рогат. Смяялася звонка, задорна.
Над старым, струхнелым смяялася.
Над тым, што гарбаціцца, корчыцца, кручыцца.
Над тым, што гнілой дзеразой засцілае асліглую глебу.
Над тым, што баіцца зірнуць у агністы прасцяг, што сонца баіцца гарачага, палкага.
Над тым, што нязграбна карожыцца ў брудзе бруснелым...
Ой, як вясна пасмяхалася! Як пагардліва сыпалі дробным смяшком галузы-цурочкі бліскучыя!
Аж захадзіліся, аж захліпаліся.
І, хітра міргаючы, у сонца кідалі вясёла-прыжмураны погляд мільёнаў іскрачак-вочак...
А сонца плыло, расплывалася ў мора - душнае, палкае мора.
І абымала ўсё чыста шчыраю цеплю.
І цалавала ўсё чыста салодка-пякучым праменнем.
Сонца плыло. А ў сонцы - у душным распаленым моры - звінелі цурочкамі срэбнымі ядрана-звонкія песні птушыныя.
Птушкамі пела вясна. Пела шоламам гучным раз'юшаных павадак, дробным смяшком дуроных цурочкаў.
Радасна пела вясна.
Двое Жвіроўскіх
1
Жвіроўскі-бацька і Жвіроўскі-сын.
У Жвіроўскага-бацькі нос высах ад ранняе старасці, і на твары, шызым ад куца падстрыжанай шэрсці, ён выдаецца навіслым карчом, пераплеценым сінімі жылкамі-пруццем. На самым канцы заўсёды трасецца бліскучая кропля.
У Жвіроўскага-сына нос не высах - завастрыўся ад ранняй дзіцячай гароты, ад думак цяжкіх, недзіцячых. На сінім змарнелым тварыку ён выдаецца недалужна-ўзнятай птушынаю дзюбкай. І не кропля, а заўсёды падцёкі пад носам. І не трасуцца, а плывуць з настойнай павольнасцю.
Жывуць Жвіроўскія на Завальным завулку ў той старэнькай хацёнцы, што слепа касурыцца вокам крывым з карузлага бруднага садзіку, што ўзляглася трухлявым тулавам на кастылі - падпоркі лабатыя.
У хацёнцы адзін цямнявы пакой, у пакоі - цямнявым і брудным - раскіданы роілам рэчы, грамоздзяць пакой непрытульным халодным бязладдзем. На бруднай, гадамі нямытай падлозе стаіць і ляжыць такое начынне: гарнушкі для стравы, апоркі, падтопа, чайнік, труба пабітая ад грамафона, сноп спарахнелай саломы, цэбар, конь паломаны (цацка), рознае смецце.
Чапяла, вілкі і качарга стаяць, дружна стуліўшыся, у чорным кутку каля печы.
У гэтым пакоі праходзіць-паўзе жыццё двух Жвіроўскіх: Жвіроўскага-бацькі і Жвіроўскага-сына.
Калісьці даўней (і цяпер таксама, але ў думках толькі туманна-цягучых Жвіроўскага-бацькі) было іначай, было так...
На сурдуце - бліскучыя гузікі, на шапцы - кукарда. У гузіках і кукардзе ідзеш па завулку з асаблівай паважнасцю, бо суседзі пазіраюць з пашанай, бо ў сустрэчных твары палахліва сур'ёзяцца або растаюць ветлай усмешкай. Так ідзеш, бывала, са службы. А дома прыстойнай і гладкай плынню цячэ сямейнае шчасце. Жонка - руплівая, слухмяная гаспадыня, ціхія, далікатныя дзеці, канапа мяккая. І грамафон пасля полудня, задорна-вісклівы ёкат - рамансы Вяльцавай.
А мо і не было гэтага? Мо гэта старчыя сны толькі турбуюць нутро малюнкамі пекнымі? Памяць у Жвіроўскага-бацькі ўжо высыхае, памяць дрэнна ўжо служыць. Сціраюцца межы-граніцы паміж успамінаў жывых і туманна-ружовых мар-летуценняў.
Ці было, ці не было... Ці бачыў, ці сніў...
Добра помніцца во што.
Стаў непарадак. Непарадак гэты звалі словам, якое палохала сваёй страшэннай навізной, сваёй жудаснай незразумеласцю. Слова - рэвалюцыя. Непарадак адабраў у Жвіроўскага жонку, канапу, Вяльцаву і бліскучыя гузікі. Асталася хацёнка трухлявая на Завальным завулку і асталася навекі ўнутры турботна-едкая злосць.
А непарадак астоіўся ў новы парадак - у дзіўны, чужы. Асеў гэты новы парадак, разгарнуўся чужым сумятлівым жыццём, сціснуў Жвіроўскіх у хатцы старэнькай, у непрытульным брудным пакоі.
Так і жывуць. Трудна сказаць, адкуль дастае стары Жвіроўскі сабе і сыну свайму на пражытак. Мабыць, яшчэ прадае, што дасюль не прададзена?
Раніцой, толькі золак засцеле цьмянай сівізною вокны, Жвіроўскі-бацька пачынае бубнець, гутарыць з сынам. Ён добра ведае, што сын не слухае, што сын яшчэ соладка спіць, але ўсё роўна гаворыць - цягне цяжкім аднатонным голасам, вядзе бясконцую гутарку, навучае сына, як трэба жыць, як сцерагчыся нядобрых людзей, як ладзіць з начальствам, са старэйшымі.
О, Жвіроўскі прайшоў дасканала навуку жыцця! Ён цяпер ведае ўсё, і ён не дапусціць, каб сын яго трапіў на нядобрую сцежку, не дапусціць, каб ён спазнаўся са злымі людзьмі і паддаўся іх ашуканству. Ого, ім толькі гэтага і трэба, яны толькі і чакаюць, каб узбіўся які неразумны хлапец, каб ашукаць яго, адабраць апошні грош, сарочку з цела садраць. О, трэба ўмець, як з імі жыць, абыходзіцца. Стары Жвіроўскі век пражыў, ведае ўсё.
І гаворыць-гаворыць бясконца Жвіроўскі. І вусны яго, аброслыя куца падстрыжанай шэрсцю, крыва шаволяцца, тонка падцягваюцца таемнай едкай усмешкай.
Гаворачы, ён падтапляе печку, чысціць бульбу, гатуе сняданне. Потым будзіць сына. Каб разбудзіць, ён не аклікае яго, не кратае, а толькі мацней заводзіць гаворку. У сына тады пачынаюць блытацца, сплятацца ў адну недарэчную муць з'явы дзівосныя сну з шэрымі зрыўкамі вобразаў-думак, роджаных бацькавай гутаркай. Але нарэшце бацька нешта пытаецца. Сын толькі чуе апошняе:
- Га?
І, расплюшчыўшы вочы, дапытліва глядзіць на бацьку шырокім нерухомым поглядам.
Бацька заводзіць сваю бясконцую гутарку. Сын млява пацягваецца і апранаецца.
Так пачынаецца дзень двух Жвіроўскіх.
Удзень сына няма - ён ходзіць у школу. Удзень Жвіроўскаму-бацьку няма з кім гутарыць, і ад гэтага цяжка стаўпляецца злосць унутры і не сядзіцца на месцы. Тады Жвіроўскі пачынае гаспадарыць. Ён здзявае сваю старую паддзёўку і садзіць на нос акуляры. Ён кожны дзень правіць паддзёўку і кожны дзень знаходзіць у ёй новыя дзіркі. Такі ўжо парадак.
І яшчэ ёсць работа ў Жвіроўскага. У фанернай скрынцы з-пад мыла складзена вопратка. Там, на саменькім дне, пад кучай рознага рыззя, ляжыць тужурка з бліскучымі гузікамі. Жвіроўскі часамі яе выцягвае і сядзіць над ёй гадзінамі цэлымі, шукае раней незаўважаных дзірачак, старанна іх зашывае, загладжвае. А то яшчэ возьме анучку і чысціць бліскучыя гузікі. Ад чыстага бляску іх у Жвіроўскага плавае мокрая ўсмешка на вуснах і масляцца вочы ўбогай давольнасцю.
Над тужуркай Жвіроўскі ўспамінае. Над тужуркай у тумане старых вачэй пасцілаюцца пекныя ўзоры мінулага, і ў іх так прыемна, так соладка распускаецца жорсткі ком засохлай свядомасці.
І гладзіць тады Жвіроўскі тужурку, з пяшчотай гладзіць, з ласкай, быццам прад ім жывое стварэнне - роднае і блізкае.
І тады сціраюцца межы-граніцы паміж успамінаў жывых і туманна-ружовых мар-летуценняў.
І невядома тады:
Ці было, ці не было. Ці бачыў, ці сніў...
А трэцяй гадзіне (роўна а трэцяй) прыходзіць са школы сын. Палуднуюць моўчкі. Бацька жыдка віхлясты погляд упінае ў міску і аднамерна, размашыста чмякае. А сын есць марудна, спыняецца. Яго скруглёны дзіцячымі марамі погляд - туды, за акно, палунаў, распусціўся ў бялясым прасцягу свежага дня.
Мо гэты прасцяг кліча яго да сябе, у сваё шырокае, вольнае ўлонне? А мо змарыўся проста хлапец, дык нязмога павесці вачмі, адарвацца ад светлае плямы акна...
Пасля полудня бацька крэкча, бурчыць і кладзецца на ложак. Сын прыбірае стол, раскладае кнігі і сшыткі і вучыць лекцыі. У пакоі тады плыве нуднай патокай ціша (бацька, як спіць, не храпе), і, як хвалькі гэтай цішы, шалясцяць маўклівыя кніжкі ў руках Жвіроўскага-сына.
У час пасля полудня, калі так глуха звісае навокал ціша, калі асцярожны бацькаўскі посвіст снуе мяккую пялёнку спакою, Жвіроўскі-сын аддаецца сваім дзіцячым думкам-развагам. Гэты час здаецца яму нечым празрыстым і вязкім, нейкай шырокай густой паласой, у якой так павольна і мякка купаюцца вобразы-думкі, у якой сам увесь расплываешся, пераліваешся ў плаўна-цягучыя мары.
Кніжкі спакойна ляжаць на стале. Пальцы мякка цярэбяць старонкі. А вочы - застыглыя, ціхія - плывуць сваім бляскам празрыстым туды, за акно, дзе шырокі прасцяг, дзе халодна-глыбокія свежыя далі.
Аб чым можа думаць, аб чым можа марыць хлапец у дванаццаць гадоў? От, сцелюцца і сцелюцца смелыя вобразы, пішуцца фарбай шырокай малюнкі жыцця нязнанага, чароўнага сваёй глыбокай нязбытнасцю.
Ён ужо вандраўнік, ужо бродзіць па дзікіх гушчарах адвечных лясоў, жыве сярод лютых звяроў, вядзе з імі бойку. Вось ужо з тыграм лютым сустрэўся. Ашчэрыўся страшны раз'юшаны звер, выгінаецца гібкім спрунжынавым целам, во-во гатоў кінуцца. Але ж у яго добрая спадзейная стрэльба ў руках. Стрэл - і валіцца звер, недалужна рычыць, аблівае крывёй расліны зялёныя.
І ўздыхае вольна Жвіроўскі-сын, быццам сапраўды мінуў небяспеку і, зморшчыўшыся, выцірае пад носам назойлівыя падцёкі.
Потым - ён правадыр, вядзе за сабой мільёны паўстанцаў. Ён абуджан страшэннай адвагай, ён цвёрды, як камень, яго ўсе слухаюць, ён аддае мудрыя загады, іх выпаўняюць з маўклівай павагай. І вось - бой. Льецца кроў, грымяць гарматы, прылятаюць на конях з даносамі, ён сам на кані, на гарачым, буяным стаенніку. Вось націскаюць ворагі, сярод паўстанцаў спалох, сумятня. Ён кідаецца наперад, сам уразаецца ў гушчу ворага. Усе смялеюць, запаляюцца адвагай, усе за ім, у апошнюю напружаную бойку.
І - перамога.
І зноў вольна ўздыхае Жвіроўскі-сын, зноў выцірае падцёкі.
І чуе, як суха кашляе бацька на ложку, як варочаецца, крэкча.
Вымятаюцца ўраз палахлівыя мары, пальцы нервова хапаюць за кніжку. На твары нуда расплываецца кіслай грымасай.
Пачынаецца вечар.
Увечары будзе самае прыкрае. Будзе бацька лекцыі пытаць, будзе глядзець жорсткім чакаючым поглядам, папраўляць па кніжцы суха і рэзка. І будзе гаварыць яшчэ, пазіраючы на сына з апаскай затоенай, што ў кніжцы пішацца так, а сапраўды вось так, што напісалі кніжку бальшавікі, што не трэба ім верыць, а гаварыць усюды трэба, што верыш... І будзе чакаць тады сын, калі ў бацькі твар затрасецца ад злосці на гэтых бальшавікоў і замітусяцца жыдкімі вострымі аганькамі цьмяныя вочы. Будзе чакаць, бо знае, што тады прычэпіцца бацька к яму і балюча будзе цягаць за вушы.
А кончыцца вечар доўгім дакучным маленнем. Будуць стаяць поплеч у змрочнай чырвані лампадкі двое Жвіроўскіх. І будзе сын, шаволячы вуснамі, пазіраць скоса на бацьку, будзе думаць аб тым: чаму гэта бацька, як моліцца, дык падцягвае вусны і непрыемна так шчэрыцца, быццам усміхаецца нечага едка і прыкра.
І будзе чакаць, пазяхаючы, сын, ці скора бацька кончыць маленне, каб легчы хутчэй і яшчэ хоць трошкі, хоць паўгадзінкі памарыць.
2
Бывае так, што адна і тая самая думка гадуецца доўга ў двух чалавек - уцішку, затоена - і баіцца, не важыцца кожны сказаць другому аб ёй, заціскае яе ў самы глыбокі куток істоты свае, беражэ, як патаемную нейкую схову.
І бывае потым, што думка гэта раптам сама па сабе выслізгае напаверх і робіцца простай, звычайнай. Бывае тады адзін момант, што звязвае думка гэта двух чалавек блізкасцю шчырай, сагравае цёплай сяброўскай лучнасцю.
Бывае гэты момант прыгожы і шчасны.
Так гадавалася думка адна ў двух Жвіроўскіх.
Маладое сэрца Жвіроўскага-сына на волю рвалася. Душыў шэры гнёт жыцця нуднага, жыцця тупога і вузкага, як сляпая нара. Нязбытныя мары - далёкія, як небасхіл, як ружовыя цені вячэрняй зары, цягнулі некуды, пенілі ў сэрцы дзіцячым шчымлівыя няясныя парыванні.
Нязбытныя мары, далёкія... Яны толькі акраса, толькі ружовы свет, у які можна на час акунуцца, каб аквяціць хоць у думках, хоць на момант адзін шэрасць жыцця.
А хочацца часам бліжэйшага нечага. Хочацца, каб у жыцці было трохі пярэстасці, каб не драўляная гэтая аднастайнасць заўсёды, штодня. Хочацца смеху, песень хоць трошкі. Каб вырвацца на часінку з-пад бацькавай волі - цяжкай, жалезнай, - быць такім, як іншыя дзеці, як большасць дзяцей.
У школе Жвіроўскі ад усіх староніцца, у школе няма ў яго блізкіх сяброў. Прыйдзе і заб'ецца ў куток свой, стуліцца, сціснецца, як птушанё адзінотнае, і пазірае нясмела, водзіць спалохана востранькім носам, дзюбкай птушынай.
У школе заўсёды поўна жывога дзіцячага тлуму. Сплятаецца ў бязладдзе дружнае звон галасоў - смелых і рэзкіх, працятых свежым задорам дзяцінства вольнага.
Гоман, піск, смех, песні. І ўсё - абрыўкамі ўзмыўнымі, усё - выбухі, узлёты напорнай бурлівасці маладога жыцця.
Жвіроўскаму тлум гэты сэрца сціскае. Жвіроўскаму ён спакуса вечная - цяжкая невымоўная спакуса. Часамі ледзьве стрымаецца, каб не ўбіцца ў гурму дзяцей, каб не зліць свой ціхенькі слабенькі голас з гэтай пярэстай жывой сумятнёй. Хочацца ж і яму гэтага звону вясёлага. Хочацца ж і яму хоць трошачкі смеху, хоць трошачкі песень. І падмывае нешта ўнутры, і цяжка ўседзець на месцы - у куточку сваім. І тады сэрца даўка сціскаецца, а ў востра ўзнятым носе, у дзюбцы птушынай пачынае шчыпаць нешта, выціскаць на вочы балючыя слёзы.
Тады скрозь зацятую злосць, скрозь шчымлівую боль унутры праразаюцца жорсткім рыпеннем сухія бацькавы словы:
- Трымайся сам па сабе, не зводзься ні з кім, кампанія да дабра не давядзе. Сыдзешся з імі, яны і падвядуць цябе, ашукаюць. Ім што, яны выкруцяцца, чыстымі выйдуць адусюль. А ты і ўліпнеш, як мухіна ў цеста. Не глядзі, што яны дружакі такія...
Разам з сухімі жорсткімі словамі выплывае злосны і едкі бацькаў твар, ашчэраны дзікай усмешкай-грымасай.
Страшна Жвіроўскаму, што бацька агідным здаецца, што злосць на яго мімаволі ўціскаецца ў сэрца. Гоніць тады, як мага гоніць вон з галавы спакусныя думкі, сілком прымушае сэрца радзіць пачуццё адданай пакорнасці. Шэпча настойна, упарта, каб заглушыць іншыя думкі, іншыя словы:
- Татачка... татачка... Даруй мне... Я буду слухаць... Я не буду крыўдзіць цябе...
І нецярпліва чакае, ахмелены тлумам, збянтэжаны роілам думак напружаных, каб хутчэй скончыліся заняткі, каб не было ўжо ні тлуму таго, ні звону дзіцячага, каб пабегчы, сціснуўшы сэрца, да бацькі і стуліцца ў норцы сваёй, забыцца на ўсё, толькі ўцішку, непрыметна для ўсіх пацяшаць сябе глыбока нязбытнымі марамі.
Думка тая прыйшла к Жвіроўскаму-сыну перш як далёкая палахлівая мара. Прыйшла ў той дзень, як было нейкае рэвалюцыйнае свята, як разам з бацькам хадзіў ён па вуліцы і з захапленнем углядаўся смаглымі вачыма ў чырвоныя сцягі, у бліскучыя трубы аркестраў, у стройныя рады людскога натоўпу, які піў нутром усім песні бадзёрыя - звонкія і шырокія, як бязмежны прастор.
Бацька бурчаў тады, але цішэй, як звычайна, і голас яго быў убогі, сіпучы - слабы ў злосці бяссільнай.
Сын тады бацьку не слухаў. Сын думаў сваё. Сын марыў аб нязбытным, аб немагчымым і разам такім простым, даступным, марыў аб чырвоным гальштуку.
О, каб знаў тады бацька сынавы думкі!
Вось з таго часу чырвоны гальштук закрасаваў уваччу Жвіроўскага-сына, стаў яго таемнай марай. Ужо ў час пасля полудня ён не брадзіў па дзікіх зараслях лесу адвечнага, не змагаўся са звярамі крывяжэрнымі, а з чырвоным гальштукам на шыі, з радасным боем у грудзях хадзіў у стройных радах піянераў, пад задорны ядраны гул барабанаў, пад бязмежна шырокія, вольныя спевы.
А з часам прыгледзеўся - і мара зрабілася думкай, настойным намерам.
Толькі баяўся, не важыўся сказаць аб ёй бацьку, хаваў яе ў самым глыбокім кутку істоты свае, бярог, як патаемную нейкую схову.
А ў Жвіроўскага-бацькі іначай было.
Жвіроўскі-бацька ўзгадаваў тую думку з болем, з шчымлівым турботным страхам.
Жвіроўскі-бацька думаў часамі аб долі свайго сына, і яго старое счарсцвелае сэрца балюча знібела трывогай. Трывога была чорная, поўная жудасці, бо цёмна было ўсё, губляліся думкі ў няясным, няведамым. Бо тое, што развівалася вакол, што абкружала новым, чужым, - толькі агульны тупы спалох наганяла, сціскала колам варожым, у якім не бачыў стары Жвіроўскі выйсця, не знаходзіў месца свайму слабенькаму сыну.
Знібела сэрца чорнай трывогай, трывога пераходзіла ў страх. А страх звінаўся ў пэўную думку, і гэта жорсткая думка душыла нутро сваёй цвёрдай, халоднай няўхільнасцю.
Загіне сын. Напэўна, загіне. Не хопіць сілы ў яго, каб знайсці сабе месца сярод сучаснага свету, у якім поўна бязбожных жулікаў, у якім на кожным кроку натрапіш на злоснікаў лютых.
Не знойдзе сын сабе месца, не... Загіне, напэўна...
А мо будзе іначай... Мо пойдзе сын на нядобры шлях, сам такім зробіцца, як усе тыя. Забудзецца і на Бога і на бацьку, страціць сумленнасць.
О, гэта будзе самае горшае. Пры думцы аб гэтым у бацькі старога загараюцца вочы цьмяным злосным агнём і трасецца, віхляецца аброслы падстрыжанай шэрсцю твар. А вусны падцягваюцца, крывяцца дзікай усмешкай-грымасай.
Хай лепш загіне, хай лепш памрэ.
Калі гняце старога Жвіроўскага страх, калі шчыміць у сэрцы трывога за сына, ён пачынае маліцца.
Ён доўга стаіць тады на каленях, корчыцца, хліпае ў маленькім экстазе, плача без слёз. Слёз няма - старасць высушыла. Толькі сударгай моршчыцца твар ды нейкі ком горла сціскае.
Просіць Жвіроўскі ў Бога, каб навучыў, надавуміў, што з сынам рабіць.
Муляць калені худыя, ломіць сухая сярэдзіна, у вачах пачынае дрыжаць цьмяны Езусаў твар. І мяшаецца шчыры малельны настрой з бяссільнай старчаскай злосцю. І плача ўжо, хліпае не ад гарачай набожнай чуласці, а ад гэтае злосці, едкай, турботнай.
А трывога не гіне. Трывога гняце, труціць сэрца. Быццам на сэрца капаюць нейкія кроплі гаручыя і ўпіваюцца, колюць, атрутную пену ўздымаюць.
Потым, сустрэўшыся з сынам, бацька Жвіроўскі доўга і ўпарта ўглядаецца, сочыць за ім насцярожаным вокам. Глядзіць, ці не ёсць у сыне змена якая, ці не прынёс з сабой сын чаго новага адтуль, ад таго чужога, варожага. І некаторы час здаецца няшчырым, падробленым ціхі слухмяны погляд сына, здаецца, што ёсць ужо нешта ўнутры ў яго, толькі хавае ён, тоіцца.
Знаў, адчуваў сваім хваравітым інстынктам бацька Жвіроўскі, што калі-нікалі, а ўсё роўна ўбачыць ён у сыне сваім гэта страшнае, новае, чаго так баіцца ўбачыць. Знаў і дрыжаў і нецярпліва, настойна шукаў якога выйсця, шукаў спосабу ратаваць свайго сына.
Адразу спалохаўся быў Жвіроўскі-стары, як гэты спосаб мінуў у думках ценем няясным. Хацеў адагнаць, знішчыць зародак дзікае думкі. Але мімаволі стаў расці, развівацца гэты зародак, і вырасла думка - выразная, ясная.
З воўкам жыць - па-воўчаму выць.
Увесці самому сына ў іх хеўру. Увесці і навучыць, як «з воўкам жыць - па-воўчаму выць». Цяпер, пакуль жыў ён яшчэ, пакуль ёсць яшчэ сілы сякія-такія, ён здолее сына ўтрымаць у межах патрэбных, зможа прывучыць яго быць падвойным - у іх такім, як яны, а тут такім, якім хоча бацька бачыць яго, якім быў і астаўся сам бацька.
Няхай сабе будзе там несумленным бязбожнікам - іначай месца не знойдзе ў іхнім жыцці, іначай загіне. А тут, уцішку, яны разам удвух будуць маліцца, будуць замальваць Бога, каб прасціў ім абодвум гэты міжвольны грэх.
Вырасла думка і захапіла істоту Жвіроўскага-бацькі. Спачатку страшэнная, дзікая - з часам стала простай, звычайнай, стала настойным намерам.
Толькі баяўся казаць аб ёй сыну. Баяўся, каб не падумаў той часам, што здаўся бацька стары, каб не зразумеў сын іначай бацькаву думку.
І хаваў Жвіроўскі-бацька думку гэту ў самым глыбокім кутку істоты свае, бярог, як патаемную нейкую схову.
Быў у Жвіроўскіх адзін такі момант, калі ўзгадаваная кожным з іх думка раптам, сама па сабе, выслізнула напаверх і для абодвух стала простай, звычайнай. І звязала гэтая думка двух чалавек блізкасцю шчырай, сагрэла цёплай сяброўскай лучнасцю.
Быў гэты момант прыгожы і шчасны.
Было гэта ўвечары. Жвіроўскі-сын згатаваў у аблезлым чайніку чай. У запэцканай мухамі пушцы з надпісам «какао Жорж-Борман» было два агрызкі цукру. Бацька і сын пілі чай з цукрам.
Ад чаю цяплынь расплывалася, сагравала пакой мяккай прытульнасцю. Было ласкава на душы ў абодвух Жвіроўскіх, было цёпла на сэрцы. Бацька з сынам завялі ціхую гутарку. Сын апавядаў пра вучэнне, пра школу, пра настаўнікаў, бацька распытваў, цікавіўся. Бацька ўспамінаў даўнія-даўнія часы, калі ён вучыўся ў школе, калі і ён жыў такімі інтарэсамі.
У гутарцы сын памянуў піянераў. Між іншага неяк сказаў:
- Піянерам - тым добра. Яны ўсюды ходзяць, на сходках на розных бываюць, на гуртках. Яны больш чаго знаюць за іншых...
Бацька паволі паставіў на стол недапітае блюдца, выняў з рота недассаны кавалак цукру і спытаўся:
- А калі вышэй куды паступіць, ці лягчэй піянераў прымаюць?
- Вядома, лягчэй... А з піянераў у камсамольцы перавядуць, дык камсамольцаў усюды першых прымаюць.
- А ў гуртках чаму навучаюць гэтых піянераў?
- Усяму. Ёсць спартыўны гурток. Гімнастыку робяць. Кажуць, мацней чалавек ад гэтага робіцца. Прыгожа так, калі пачнуць вырабляць розныя штукі.
Бацька задумаўся, змоўк. Сын таксама. Усплыло паміж імі нешта напятае, вострае і жывое, што вымагала выказу нейкага, што цяпер ужо, у гэты момант, не магло астацца затоеным.
Сын проста, нібы аб звычайнай якой дробнай справе, сказаў:
- Я б дужа хацеў паступіць у піянеры.
Ён не бачыў, што ў бацькі нервова дрыжала ў гэту часінку шчака. Ён не глядзеў на бацьку, адвёў свой шырокі марудны погляд убок. Але чуў, што бацька не лаецца, што не злуе нават. І яму было добра зусім, ён быў спакойны.
Тады бацька сказаў:
- Я ўжо троху думаў аб гэтым. Яно і праўда, не шкодзіла б.
І тож зусім проста выйшла ў яго, быццам гаварыў аб звычайнай якой дробнай справе.
У гэты момант, можа, больш, як калі, Жвіроўскі пачуў свайго бацьку. Яго сэрца растапілася жаркай пяшчотай, хацелася ў гэты час прыгалубіць старога бацьку, пацалаваць у шызы, аброслы падстрыжанай шэрсцю, зморшчаны твар.
Ён радасна бліскаў светлымі вачыма, заўзята шморгаў вострым носам, дзюбкай птушынай, і лапатаў жвава аб тым, як будзе добра яму, як будзе весела, калі ён паступіць у піянеры.
Бацька спыніў яго.
- Толькі во што, сынок. Паступаць ты паступай, але будзь асцярожны... Не паддавайся на іхнія штучкі. Глядзі, каб не ашукалі цябе.
І Жвіроўскі-бацька пачаў навучаць свайго сына, як трэба трымацца яму ў піянерах, як захаваць сумленнасць, набожнасць сваю і г. д.
Жвіроўскі-бацька бурчаў, Жвіроўскі-сын не слухаў нічога. Яму ўсё роўна, ён згодзен на ўсё, будзе рабіць усё чыста, як бацька гаворыць.
У яго будзе чырвоны гальштук.
Ён будзе хадзіць у стройных радах пад дружныя песні, пад звонкі, задорны гул барабана.
Што яму больш яшчэ трэба?
3
Жвіроўскі-сын прыйшоў са школы ў чырвоным гальштуку. Першы дзень у чырвоным гальштуку... Як жа тут не задраць угару востры нос, як жа не чмыхнуць лішняга разу, не падсярбнуць задорна падцёкаў з-пад носа!
Жвіроўскаму-бацьку чырвоны гальштук на худзенькай сынавай шыі непрыемна вока ўкалоў. Ён паглядзеў скоса на гальштук, і яго зморшчаны твар раптам затросся. Скрывіўшы вусны нядобрай усмешкай, ён падышоў да сына і дрыжачымі пальцамі здзеў з сынавай шыі чырвоную стужку.
- Не трэба тут... Там насі сабе колькі хочаш, а тут, у хаце маёй, я не дазволю.
Сын няўцямна зірнуў на бацьку. У вачах у яго бліснулі слёзы. Глядзеў на бацьку, не зводзіў вачэй, быццам чакаў яшчэ нечага. А ў вачах дрыжала слязьмі маўклівая горкая крыўда, і скрозь яе - тонкія іголачкі злосці.
Бацька схаваў гальштук у фанерную скрынку з-пад мыла, дзе было складзена рознае рыззё, дзе на саменькім дне ляжала тужурка з бліскучымі гузікамі.
- Нічога, паспееш. Наносішся...
Сын не сказаў нічога. Моўчкі сеў за стол, моўчкі стаў палуднаваць. А як пасля полудня бацька заснуў, сын асцярожна падкраўся пад ложак і выняў са скрынкі чырвоную стужку. Ён сеў з ёй да акна, глядзеў на яе, любаваўся. І стала спакойна, не было ўжо крыўды, не было злосці.
- Хай сабе. Не ўсё роўна? Абы там, у школе, у горадзе...
У той вечар ён добра адказаў бацьку лекцыі і перад сном шчыра маліўся за сябе, за бацьку, за піянераў.
Назаўтра ўранні бацька аддаў сыну чырвоны гальштук, а сын, прыйшоўшы са школы, сам вярнуў яго бацьку назад.
Так і пайшло з таго часу.
Разгарнулася шумам зялёная вясна.
Была вясна цёплая, ясная. Ахінула яна прыроду ўрачыстасцю свежай, паслала па свеце дыван хараства маладога.
Разгарнулася вясна Жвіроўскаму-сыну. Павесялела жыццё, аквяцілася. Далучыўся - чэзлы, слабенькі - да маладой ядранай руні - і сам зарунеў, сам сокам свежым набраўся.
І не пазнаць стала хлапца. На твары - чырвань, на вострым носе, на дзюбцы птушынай, вяснушка ў капейку асела. Вочы - не вочы, а зайчыкі гарэзныя, спрытныя.
Ходзіць Жвіроўскі-сын на спорт, на гурткі, спявае песні вясёлыя, смяецца смехам звонка-рассыпчастым - сапраўдным поўным смехам дзяцінства.
А дома Жвіроўскі-сын так, як раней. Дома слізкі, віхлясты погляд Жвіроўскага-бацькі заўсёды блукае, сочыць за сынам. Прыглядаецца бацька да сына, быццам наскрозь яго працінае, нутро ўсё хоча ўбачыць. Баіцца стары, каб не згубіць роднага сына, каб не дапусціць яго ў лапы злосных варожых людзей.
І адчувае стары, з страхам, з трывогай нямой адчувае, што робіцца нешта ў сыне, што не той ужо ён. І напружвае сілы свае, каб не выпусціць з рук, каб затрымаць, захаваць хлапца ў спрадвечных дзядоўскіх звычаях, у набожнай строгай сумленнасці.
Жвіроўскі-сын прынёс новыя прыгожыя кніжкі. Кніжкі заўсёды ляжалі пярэстым, стройным грудком на акне. Ляжалі ціха, спакойна - нібыта што. А Жвіроўскаму-бацьку яны здаваліся чымсьці жывым і калючым, як вожык. Бачыў ён у пярэстым стройным грудку нешта злосна чужое, варожае, бачыў пагрозу едкую ў чырвані вясёла размаляваных вокладак, у страшнай незразумеласці новых нечуваных слоў.
Лёг невялічкі ціхі грудок бярэмем цяжкім на свядомасць Жвіроўскага-бацькі, прыціснуў страхам тупым, нямою трывогай. Лез невялічкі ціхі грудок востра назойлівай плямай у вочы старыя, балюча калоў сваім маўчаннем затоеным. Турбаваў, жыцця не даваў Жвіроўскаму-бацьку.
І нешта раз, топячы печку, стары Жвіроўскі спаліў сынавы кніжкі. З злараднай дзікай усмешкай на зморшчаным твары чакаў, калі вернецца сын.
Сын прыйшоў і спытаўся:
- Татка, дзе мае кніжкі?
Бацька жыдкім віхлястым поглядам поўзаў па цёмным кутку. Блукала на твары тая зларадна-дзікая ўсмешка.
- Няма кніжак. Малы ты яшчэ, каб чытаць іх.
Выйшла так, што зірнуў пасля гэтага бацька на сына, і тая дрэнная, дзікая ўсмешка, злараднасць тая маўклівая - з кніжак варожых, з успамінаў аб іх, аб расправе над імі, супраць волі самога Жвіроўскага-бацькі перанеслася на сына, на атарапелую постаць яго, на едка чырвоны гальштук на шыі.
У адказ вочы Жвіроўскага-сына завастрыліся тонкімі іголкамі злосці.
І быў у тую хвіліну бацька ворагам сыну, а сын ворагам бацьку.
Гэта быў пачатак. З таго часу так і пайшло. З таго часу паміж двух Жвіроўскіх прайшла глухая шчыліна і расла з кожным днём і глыбела, разяўлялася чорным непераступным бяздоннем.
Бацька яшчэ пільней стаў прыглядацца да сына, сачыць за кожным крокам яго, выпытваць аб усіх драбнотах яго жыцця за парогам хаты.
Мукай нясцерпнай былі для Жвіроўскага-сына вечары, калі не было ніякіх сходаў, заняткаў, калі трэба было сядзець дома, у брудным пакоі, адзін на адзін з сухім, злосна насцярожаным бацькам. У гэтыя вечары садзіўся бацька за стол супраць сына і пачынаў жорсткі свой допыт.
Не было ўжо цяпер у старога Жвіроўскага руплівай бацькоўскай трывогі, не было і страху за сына, за яго долю. Пытаўся для таго, каб злавіць на чым-небудзь, каб знайсці прычэпку якую і потым пілаваць, упікаць, мучыць бясконца сваёй буркатнёй - звягаю злоснай. Хацелася цяпер, прагна хацелася выпытаць у сына што-небудзь такое, што б падагрэла злосць у старых нячулых грудзях, што б дало магчымасць едка ўскіпець старому счарсцвеламу сэрцу.
І калі мучыў ён сына, калі бачыў, як маўкліва і балюча набягаюць слёзы на крыўдай працятыя сынавы вочы, станавілася лягчэй сэрцу старому, была на душы дзікая нечалавечая давольнасць. Было гэта так мо затым, што паступова злучыўся ў цяжкім уяўленні вобраз сына з вобразам таго чужога, варожага, што сціснула колам глухім, што адабрала некалі жонку, канапу і бліскучыя гузікі.
А сын стуляўся, хаваўся ў маску глухой затоенасці, паказваў бацьку свайму толькі маўкліва напятыя вочы, у якіх скрозь слёзы нямотнае крыўды прабіваліся часам вострыя тонкія іголачкі злосці.
Не было ўжо ў сынавым сэрцы адданай пакорнасці, ужо скрозь панавала ў ім ціснутым комам агіда - цяжкая, шчымлівая, шавялілася чорнай гадзюкай варожасць. Ужо ў часе вячэрняй малітвы Жвіроўскі-сын не маліўся за бацьку, не прасіў дараваць думак нядобрых пра бацьку. У дрыготна-чырвонай цішы, стоячы на каленях перад змрочным панурым Езусам, Жвіроўскі-сын думаў аб тым, як, што зрабіць, каб пазбыцца адвечных бацькавых здзекаў. І карабатая, быццам мохам чорным аброслая постаць, што нязграбна кленчыла поплеч, здавалася чужой, незнаёмай, быццам нейкім дзіўным выпадкам сышліся, сустрэліся і некаторы час церпяць адзін аднаго.
Так не магло доўга цягнуцца.
Так было цяжка, нязносна абодвум. І чулі абодва, што прыйдзе нейкі канец. Не зналі - які, але і чакалі яго. Бацька - з трывогай тупой, а сын - з палахлівай надзеяй, туманнай радасцю.
Блішчала ў той час сонцам і радасцю лета. У сонечнай радасці пералівала сумятнёй квяцістай маладое жыццё. Было ў ім поўна задору моцнага, свежага, поўна размаху шырокага. Захапляла гэта жыццё, цягнула ў сваё бурлівае ўлонне ўсё маладое, здаровае, усё, у чым клякоча крыніцай рунёвы ядраны сок.
Жвіроўскі-бацька пачаў біць Жвіроўскага-сына. Ён біў не так, як звычайна б'е бацька непаслухмянага сына. Ён біў з асаблівай звярынай жорсткасцю, знаходзіў у гэтым сабе бруднае, дзікае здаволенне. Ён перастаў гаварыць, перастаў весці сваю бясконца цягучую буркатню. Ён маўчаў увесь час, у маўчанні збіраў злосць, каб выліць яе ў жорсткіх здзеках-пабоях.
Сын пачаў не прыходзіць дахаты. Сыну хата стала турмой, стала катаргай. Сын аддаўся цалкам сумятні пярэстай жывога жыцця. Прыходзіў дамоў толькі нанач. Прыходзіў з тупым адчаем, з затоенай глуха ў дзіцячым сэрцы варожасцю. Ішоў і знаў, што зараз бацька зашчэпіць дзверы, возьме хлудзіну якую і пачне біць. Біць будзе доўга, бо сын не хоча плакаць, а сцісне зубы ад болю і маўчыць. Будзе біць, пакуль усё-такі сын не заплача. А сын заплача не ад болю, боль ён можа стрымаць, - заплача ад злосці бяссільнай, ад таго, што сілы няма, што не зробіш нічога. І яшчэ ад таго, што доўга ўжо, жудасна доўга б'е раз'юшаны бацька.
І вось прыйшоў нарэшце канец. Канец быў такі.
Прыйшлі нешта раз да Жвіроўскага-бацькі і сказалі, што ён не мае права біць свайго сына. Жвіроўскі-бацька нічога не адказаў, толькі ўсміхнуўся таемна і злосна. Потым сядзеў на ложку і нешта шаптаў, часамі нервова ўздрыгваючы і крывячы ў дзікую ўсмешку-грымасу свой шызы, аброслы куца падстрыжанай шэрсцю, зморшчаны твар.
На полудзень прыйшоў сын. Прыйшоў, як зазвычай, цёмны, насуплены. З-пад зведзеных броў палахліва блішчалі вострыя вочы, вочы загнанага звярка.
Бацька, як сына ўбачыў, адразу затросся, зашамаў бязгучна дрыжачымі вуснамі. Хацеў нешта сказаць, хацеў закрычаць, але замест гэтага вырваўся толькі дзікі зашчэмлены віск.
Ён кінуўся да сына, схапіў сваімі касцянымі пальцамі сына за вуха, вывеў моўчкі з хаты і з усёй сілы штурхнуў за вароты. Сам вярнуўся ў хату, зашчапіў дзверы і сеў зноў на ложку - чорны, страшны, як нейкая дзікая крывяжэрная птушка.
Сын адразу сцяміў, у чым тут справа.
Ён пастаяў часінку на месцы, зірнуў, вока прыжмурыўшы, на пякучае яснае сонца, падшмаргнуў разы са два носам і пайшоў па завулку, адважна махаючы левай рукой, задраўшы задорна ўгару востры нос - дзюбку птушыную.
Так разлучыліся двое Жвіроўскіх.
Жвіроўскі-бацька і Жвіроўскі-сын...
Кветка пажоўклая
1
Дзіўны гэты Арончык. Гэта ж ён так назваў яе:
- Кветка пажоўклая...
Калі ж Булановіч хацеў распытаць што пра гэту жанчыну, Арончык махнуў нецярпліва:
- Эт, кінь ты. Не варта аб гэтым...
І не сказаў нічагутка.
А Булановіча яна зацікавіла. Яна, перш-наперш, - прыгожая жанчына, з павабнай, трошку сумнай і ціхай усмешкай. Невысокага росту, стан досыць зграбны, з мяккай акругласцю форм. На твары троху цьмяная бледнасць і зморшчыкі навокал вачэй - такія маленькія, празрыстыя. Як усміхаецца, дык зморшчыкі збіраюцца праменьчыкамі, ахінаюць вочы ціхай, ласкавай прыветнасцю. Тады ў вачах знікае тая дзіўная палахлівая маркота, якая часам халадзіць іх, робіць пустымі, далёкімі. Тады ў іх - зеленаватыя агеньчыкі; вясёлыя, гарэзныя. І зірнуць тады ў іх, дык не стрываеш, каб не ўсміхнуцца самому. Бо зеленаватыя агеньчыкі - яны пранікаюць дужа глыбока, соладка казытаюць сэрца і поўняць яго нейкім гуллівым уздымам.
Булановіч даўно чуў пра яе, але пазнаёміўся толькі нядаўна.
Так было. Хадзілі разам з Арончыкам дзіцячыя дамы аглядаць. Зайшліся аж на саменькі край горада, туды, дзе раскошнымі купамі сады разгарнуліся, дзе пачынаюцца дачы.
Дом № 30. На Чэрвеньскай вуліцы. Жоўценькі, свежы. Ззяе вясёлымі вокнамі, задорна ўсміхаецца зграбнымі высокімі ганкамі.
Як увайшлі яны ў дом, плоймай абсыпалі дзеці, зазвінелі ўвушшу звонкім смехам - вясёлым, бязрупатным. Сярод іх выхавальніцы плаваюць зважна, напускаюць на твары салодкую ўсмешку. Яе не было, Булановіч адразу заўважыў.
Спыталіся:
- Дзе загадчыца дому?
Дзеці - хорам бязладным:
- У садзе... Цёця Марына ў садзе... Мы паклічам... зараз...
І пабеглі навыперадкі.
Праз хвіліну яна прыйшла. У простай сукенцы, у фартуху. Відаць, нешта ў садзе рабіла. З Арончыкам па-сяброўску спаткалася:
- А!.. Арончык!.. Якім ветрам цябе прынясло?
Руку паціснула моцна, парыўчата. З Булановічам тож прывіталася. Зірнула з цікавасцю, сказала выразна:
- Гарнова.
І затрымала погляд на ім. Але на момант адзін. Зараз жа звярнулася да Арончыка:
- Ну, чаго прыйшлі? Рэвізію наводзіць?..
- Вядома, бо да вас, мусіць, ад самага стварэння свету ніхто не прыходзіў...
- О, не, якраз памыліўся. Такога дабра, як вы, заўсёды хапае. Надакучыла нават...
Булановіч усміхнуўся:
- А вы б гэткіх гасцей мятлой выганялі!
- Эканоміка не дазваляе: на мётлы нам мала грошай даюць... Ну, але што ўжо з вамі рабіць, - хадзем, глядзеце нашае царства.
Як аглядалі дом, Булановіч увесь час сачыў за Гарновай. Думаў сабе: «Няўжо гэта тая, пра якую калісь гаварылі так многа, якую ведаў блізка ўвесь горад?»
І дзівіўся. Здаецца, нічога асаблівага: прыемная жанчына, прыгожая, вабная. Столькі жаноцтва ў ёй, столькі ласкі - да дзяцей асабліва...
І гэта тая, перад імем якой часам дрыжэлі нашыя ворагі? Гэта яна?..
Як агледзелі ўсё, зайшліся ў пакойчык, што лічыўся канцылярыяй дома. Там сядзелі, гутарылі. У часе гаворкі Булановіч спытаўся:
- Скажэце, калі ласка, ці здавальняе вас гэтая справа?
І ўбачыў тады, як вочы ў Гарновай працяліся холадам, пустатой, як засвяцілася ў іх нешта такое, што падобна было да спалоху або да нейкай палкай, балючай журбы. Загаварыла новым - ціхім і працяжлівым голасам.
- Ці здавальняе, пытаецеся? Як вам сказаць... Усяк бывае. Бывае так, што й зусім здавальняе...
Яна змоўкла, задумалася. Булановічу прыкра стала. Каяўся, што аб гэтым пачаў. А Арончык бесцырымонна ляпнуў яе па плячы.
- Ну, ты ўжо й насупілася. Яшчэ раскіселішся часам.
Арончык, відаць, добра ведае Гарнову. Дый не дзіва. Булановіч тут новы зусім чалавек, а Арончык тут з самага свайго нараджэння. І вядома яму ўсё чыста, што было ці што ёсць тут, у горадзе.
Гарнова, аднак, не звярнула ўвагі на Арончыкаў жарт. Праўда, усміхнулася, але ўсмешка была ўжо не тая.
Булановічу было не па сабе. Адчуваў сябе нібы вінаватым у тым, што настрой у яе сапсаваўся. Трэба было нешта сказаць, працягнуць гутарку. І ён пачаў гаварыць аб карыснасці працы па выхаванні дзяцей, аб новых кірунках у гэтай працы. Выйшла яшчэ горш, бо ў голасе яго неяк міжвольна праточвалася асцярожнае спачуванне, быццам хацеў угаварыць, улашчыць. Ад гэтага ў вачах у Гарновай засвяцілася дасада і злосць. Слухала, а потым адрэзала раптам:
- Кіньце навукі чытаць, сама ўсё ведаю добра...
Яшчэ часінку сядзелі, потым Арончык узняўся.
- Ну, паехалі. Бывай!
Як развітваліся, Булановіч стрэўся поглядам з Гарновай. Убачыў у вачах яе смутак і разам нейкае замяшанне. Нібы стыдалася яна за свой дзівачны настрой.
Як ішлі назад, Булановіч думаў пра Гарнову. Тачыла думкі вострая назойлівая цікавасць. Спытаўся ў Арончыка:
- Што яна за жанчына?
Вось тады і назваў Арончык яе:
- Кветка пажоўклая...
А чаму? Адкуль узяў гэта ён? - не разумеў Булановіч.
А Арончык больш не хацеў гаварыць. Сказаў толькі:
- Эт, кінь ты. Не варта аб гэтым...
2
З таго часу ў Булановіча з думак не сходзіла Гарнова. Часам сам сабе дзіваваўся: чаму гэтак моцна й глыбока запаў у душу яе вобраз? Ды так упарта, станоўка думкі гняце, мігціць заўсёды ўваччу плямай нязводнай - не пазбыцца ніяк.
- Мо закахаўся?
Смешна рабілася самому з гэтае думкі. Закахаўся... Ды не, гэта не тое, гэта бывае не так. Ён жа ведае добра, што значыць - кахаць: было калісь гэта. Тады - летуценні, парыванні, кроў агнём бушуе, бурліць непакойна. А тут - не. Тут проста - цікавасць нейкая. Але цікавасць глыбокая, моцная, якая пераходзіць у назойлівую, дакучлівую патрэбнасць. Хочацца выведаць усё, разгадаць. Хочацца бліжэй падысці да яе, прыгледзецца, у самае нутро пранікнуць, каб пазнаць, што дзеецца там глыбока-глыбока, пад гэтым халодным, нібы палахлівым бляскам зеленаватых вачэй.
Булановіч яшчэ раз хацеў распытаць у Арончыка. Злавіў яго неяк на дарозе і затрымаў.
Арончык, як заўсёды, спяшаўся. Бег некуды на нараду ці пасяджэнне. Спыніўся, як Булановіч яго затрымаў, сказаў, дасадліва зморшчыўшы лоб:
- Ну, што табе? Справа якая? Некалі мне!..
Булановіч не знаў, як пачаць. Хацеў, каб як неўзаметку, а тут ён адразу пытаецца. Хацеў нават змоўчаць, але так моцна жадалася пачуць што якое пра Гарнову.
Пачаў проста:
- Ведаеш, Арончык, мяне дужа зацікавіла тая загадчыца дому, ну... гэта... Гарнова... Скажы, што ты ведаеш пра яе?..
Арончык яшчэ больш зморшчыў лоб.
- Ды кінь ты, Булановіч! Што гэта табе закарцела? Ці не ўлюбіўся ты часам на старасці?..
- Ды не, проста цікава. Скажы, дзе яна працавала раней?
- Ну, слухай. Працавала ў надзвычайнай камісіі, займала важную пасаду, добра працавала, была вядома ўсім тутэйшым «контрам» як спрытная чэкістка з пільным вокам і сталёвай цвёрдасцю. Ну, а потым нешта змянілася, страціла свой запал, энергію. Цяпер - сам ведаеш: закапалася ў дзіцячым доме, гатуе нам моладзь на змену... Ну, годзе?.. Бывай, бо мне, дадушы, няма часу...
І пабег. Пакінуў у Булановіча яшчэ большае нездавальненне. Аж раззлаваўся ён на Арончыка.
- Чорт нейкі... Бегае, нікае, ніколі сталага месца не мае. Нават пагутарыць часу няма.
А думкі, як і раней, гняло цяжкое дакучлівае пытанне, і ўваччу лунаў бледны твар з загадкава халоднымі, поўнымі смутку вачмі.
Праз колькі дзён была агульнагарадская партыйная сходка. Булановіч прыйшоў у тэатр яшчэ тады, як жоўтыя рады крэслаў бяздушна блішчэлі сухой пустатой і толькі дзе-нідзе самотна чарнелі невялічкія купкі людзей, парушалі гулкую цішыню бубнявай гаворкай.
Булановіч сеў адзаду на самым праходзе, сачыў пільна за дзвярмі, якія што далей, то часцей і часцей расчыняліся, прапускаючы новых людзей.
Чакаў яе, Гарнову. З дасадай адводзіў вочы ад незнаёмых людзей, зноў і зноў упінаў іх у дзверы.
Прабег Арончык угрунь з партфелем пад пахай. На хаду прывітаўся з ім, нібы задзівіўся:
- Ты тут ужо?
- Тут, - адказаў Булановіч і рад быў, што Арончык пабег. Чамусьці прыкра было, не хацелася з ім цяпер гаварыць.
Зала ўсё напаўнялася, гудзела аднамерным бурлівым гоманам. У ім разбаўляліся, танулі ўсе паасобныя зыкі, блыталіся ў дзівосным бязладдзі. Толькі часам звонкі жаночы смех узлятаў рэзкім зыкам і вызначаўся сярод агульнага гуду.
Булановіч усё пазіраў непакойна на дзверы. Ужо пачало мітусіцца балюча ў вачах, ужо - не людзі, а плямы аднастайныя, прыкрыя. Хацеў адвярнуцца, але раптам угледзеў Гарнову. Яна яго пазнала, заўважыла. Падышла да яго.
- Добры вечар! Ці пазналі мяне?
- Вядома, пазнаў. Добры вечар! Сядайце.
Яна села побач. Раптам чагось засмяялася, зірнула на Булановіча вясёлым іскрыстым поглядам. Бліскучыя вочы ўбраліся тонкай сеткай прыветных маршчынак, працялі гарэзным агеньчыкам.
Булановіч здзівіўся:
- Чаго вы?
- Успомніла, як вы былі ў нас. Помніце, вы мне гэтак сур'ёзна тлумачылі, быццам угаварвалі?..
- Ды не... Я проста выкладаў сваю думку. Я ж не ведаў, што вам не падабаецца, калі чалавек сур'ёзна гаворыць...
- А вы, мусіць, любіце сур'ёзна гаварыць? І заўсёды так?..
- Таксама, мусіць, як вы заўсёды жартуеце...
- Не, я часам тож сур'ёзна магу...
Булановіч хацеў нешта сказаць, але ў гэты момант узнялася заслона і пачалася сходка. Нейкі час сядзелі моўчкі, слухалі ўважна, што гавораць. Булановіч заўважыў на сцэне Арончыка, паказаў Гарновай.
- Глядзіце, ён і там не ўседзіць спакойна, круціцца, як верацяно.
Яна ўсміхнулася, не адказала нічога. А праз хвілінку нахілілася да яго, спыталася ціха:
- Слухайце, ці любіце вы сходкі?
- Як гэта - ці люблю... Я нават не ведаю, як гэта можна сходкі любіць. Можна справу любіць, часткай якой і сходкі з'яўляюцца.
- Не, я дык люблю сходкі. Асабліва, калі вялікія, дзе многа людзей, дзе ў бурлівым уздыме выяўляецца агульная згода, дзе чалавек разбаўляецца ў масе, губляе сябе, забываецца на сваё асабістае і жыве, поўніцца гэтым агульным уздымам. Там неяк робішся смелым, адважным, пазбаўляешся ўсякіх сумненняў, усякай жудасці жыццёвай.
Яна троху змаўчала, падумала.
- Калісь было многа такіх пекных хвілінак. Цяпер не тое, цяпер неяк шэрае ўсё. Нудна часам...
Булановіч зірнуў на яе з цікавасцю. Але сказаў нібы зусім безуважна:
- Усяму свой час. Цяпер, вядома, мінуліся гэтыя, як вы кажаце, пекныя хвіліны. Затое працы цяпер не менш і нудзіцца часу няма.
Яна быццам не чула яго слоў. Угледзелася некуды ў прасцяг задуменным поглядам. Потым зноў загаварыла:
- А дрэнна аднаму, цяжка. Думкі розныя, пустата... Моцы няма, бо моц толькі ў грамадзе, калі так зліешся з усімі, калі гарыш захапленнем магутным. Эх, было калісь!..
Яна нават уздыхнула. І ўсё глядзела некуды ў пустату. А на твары смутак глыбокі свяціўся, адбіваўся ў вачах ціхім зеленаватым бяздоннем.
Булановіч глядзеў на яе і чуў, як аднекуль - з глыбі ўсплывае ў яго нейкае няяснае, непакойнае пачуццё, нейкая зыбучая хваля салодкага суму. Быццам перадаваўся яму настрой Гарновай, быццам той смутак, што халодным бяздоннем спавіў яе вочы, быццам ён і яго захапляў, блізіў да яе, навяваў глыбокую сімпатыю да гэтай жанчыны.
Булановіч зрабіў над сабой патугу і абярнуўся да сцэны. Гвалтам прымушаў сябе слухаць прамоўцу, стараўся ўкласці ў мазгі кожнае слова, кожную думку, каб толькі развеяць гэты непатрэбны настрой.
І выходзіла так: словы запаміналіся, сказы ўкладаліся цалкам у галаву, біліся там, гудзелі гудам траскучым; а недзе ўглыбі ціхенька, але ўпарта вілася асобная думка - дакучлівая, настойная, свідравала нутро цурочкам ціхага суму.
Як злавіў сябе Булановіч на думцы на гэтай, узлаваўся і на сябе, і на Гарнову. Рашыў:
- Калі так, дык пайду.
І хоць нешта цягнула астацца, нешта прыкоўвала да месца, - перамог сябе, узняўся.
- Ну, я пайду. У мяне ёсць надта пільная справа. Бывайце!..
Стараўся не глядзець ёй у твар, не бачыць яе смутных вачэй. Яна затрымала яго руку. Сказала шчырым прыяцельскім голасам:
- Слухайце, заходзьцеся вы калі-небудзь да нас. У нас, дадушы, няма ніводнага чалавека, з якім можна б было пагаварыць.
Ён усміхнуўся.
- Дзякую за камплімент.
- Не, сапраўды. Калі будзе час вольны, прыходзьце.
І калі ўжо завярнуўся ісці, дадала:
- Буду чакаць.
- Добра. Можа, калі і прыйду.
І выйшаў. Па вуліцы пасігаў шпарка, размашыста, бубнеў сабе пад нос:
- Ого! Іш ты, як яно. Так часам і сапраўды ў гісторыю ўлезеш. Так і вабіць, так і зацягвае, быццам якое бяздонне таемнае... Не, брат, пачакай, не паддамся. Не хлопчык маленькі... Во толькі сход прапусціў нізавошта...
Гэта так ён казаў, запэўніваў сам сябе ў гэтым, хацеў, каб так думаць. Але думкам хіба загадаеш? Хіба прымусіш сваё ўяўленне не маляваць таго смутнага твару, тых вачэй выразлівых, ахінутых зеленаватай пялёнкай таемнага суму?..
3
- Дзядзька Булановіч! Вам цёця Марына запіску прыслала.
Булановіч няўцямна зірнуў на маленькую дзяўчынку. Адразу нават не ўспомніў, не зразумеў, у чым справа. Потым схапіўся:
- Гарнова.
Узяў невялічкі кавалак паперы, разгарнуў.
«Тав. Булановіч! Прашу вас прыйсці сёння ўвечары да мяне, маю сказаць нешта важнае. Гарнова».
- Нешта мае сказаць, просіць прыйсці... Што за штука?
І ён пачаў рабіць розныя здагадкі. Углыбіўся ў думкі і на дзяўчынку забыўся. Тая пра сябе напамянула:
- Цёця Марына прасіла, каб адказ далі.
- А...
Адказ... Які ж адказ? Пайсці ці не?.. Але - чаго ж там... Баіцца ён хіба, ці што? Вядома, пайсці. Нават цікава, што скажа яна.
- Перадай, што - добра.
- Бывайце!
У Булановіча думкі роілам завіхрыліся, зблыталіся ў зыбучы бязладны клубок. І толькі да болю яскрава, выразна стаяла ў галаве турбуючым гнётам:
«Што яна скажа?»
Цэлы дзень мардаваўся сярод плоймы напружаных думак, здагадак. А як горад ужо захінуўся ў душную вопратку летняга вечара, пайшоў да Гарновай.
Дзіўна бывае ўвечары на ўскраіне горада. Па завулках крыўлястых, вузенечкіх, па куточках прытульных змрок нікае неяк старожка, цікуючы. Хавае ў сябе пад палой усё чыста, на абрысы прадметаў воўну накладае густую, робіць іх акруглымі, мяккімі. Абымае, сціскае будынкі чарнатой непрагляднай, цалуецца з вокнамі - бліскучымі засланкамі.
І ціха, бязлюдна ў завулках глухіх. Як ідзеш, толькі гукі ўласных крокаў раскідаюцца гулкай чаргой, прабіваюць пухкі застой цішыні. Ды часам насустрач пераборам блытаным прыляцяць з-за рога нечаканыя крокі нейкай кампаніі, і дружная гутарка, смех раптам абудзіць напружаны спакой. Выбухне ўраз з маўклівае цемры, празычыць над вухам і неўзабаве сціхне недзе адзаду. Здалёк яшчэ раз адгукнецца гулліва-прарэзлівым смехам.
Булановіч ледзь адшукаў той дом, дзе калісь быў разам з Арончыкам. А знайшоўшы, часінку стаяў, не важыўся ўваходзіць. Збіраў думкі да ладу, апошні раз меркаваў, як яму лепш абысціся з Гарновай. Потым узняўся на ганак, таргануў моцна званок.
Выйшла незнаёмая жанчына, мусіць, з выхавальніц тутэйшых. Яго, пэўна, пазнала, бо запрасіла адразу:
- Заходзьце!
І павяла некуды ў задні пакой.
Перад дзвярмі Булановіч спыніўся, азірнуўся здзіўлена. З-за дзвярэй няслася жвавая гутарка, смех. Відаць, сышлася нейкая вясёлая кампанія.
Але ўжо позна было разважаць. Увайшоў следам за жанчынай, што яго прывяла. Перш-наперш убачыў Гарнову. Сядзела на крэсле каля стала і глядзела на яго ўпартым гарэзлівым поглядам. На твары - весялосць, задорнасць гуллівая, з вачэй праменнем іскрыстым пырскае смех. А вакол яе - колькі дзяўчат, хлопцаў таксама.
Адзін асабліва яскрава адбіўся ўваччу ў Булановіча. Сядзеў ён воддаль, асобна. Яшчэ малады, але лысы, - лоб закаціўся на самае цемя. На папяляста-шэрым твары разліта сумная летуценнасць, журба ціхамірная. Здавалася - нейкае ціхае гора яго ахінула, прыціснула, налажыла на твар сваю цяжкую пячатку.
Як увайшоў Булановіч, усе на хвілінку сціхлі. Вітаючыся з ім, шчупалі прыкрымі цікавымі поглядамі. А потым зноў загаварылі, не зважалі больш на яго.
Булановіч сеў воддаль і не знаў, што рабіць. Расло ўнутры нездавальненне. Лаяў у думках сябе, што прыйшоў, і меркаваў, як бы хутчэй уцячы.
Гарнова падышла да яго, села поплеч.
- Я думала, вы не прыйдзеце... Я чакала вас дужа... сапраўды...
Булановіч зірнуў на яе з здзіўленнем.
- Я не разумею ўсё-такі, што можа ў вас быць такога, аб чым пільна трэба сказаць мне.
- Ёсць нештачка. Не надта пільнае, праўда... Але не, не... дужа пільнае, такое, з чым нельга чакаць, з чым я не магу, не ўмею чакаць.
Вочы яе загарэліся шчырым агнём. Булановіч адвярнуўся, не мог глядзець у гэтыя вочы. Цягнулі яны да сябе чароўным магнэсам, абуджалі ў грудзях бурлівае, палкае.
- Дык, я спадзяюся, вы скажаце зараз гэтае «нештачка»?
- Зараз? Не, гэта няможна... не, не скажу...
- Дзякую. Дык нашто ж я цягнуўся сюды вярсты дзве? Хіба на тое, каб пабачыць гэтую вашу кампанію?
Яна нібы засмуцілася. Праказала пакрыўджаным голасам:
- Няўжо вам так цяжка прыйсці да мяне? Дык не варта было сябе турбаваць, не пайшлі б, і годзе...
Булановіч падумаў і прызнаўся самому сабе, што схлусіў, што йшоў ён сюды не толькі затым, каб пачуць гэтае «нешта». Проста цягнула, каб пабачыць яе, каб пабыць з ёй, пагутарыць. І сорамна троху зрабілася. Праказаў, нібы ў замяшанні:
- Не, не ў тым... але многа работы, час дарагі...
- У, падумаеш - многа работы... Хлусіце вы, во што...
- Не, выбачайце, вы не маеце права мяне дакараць за гэта, бо не мелі яшчэ часу пераканацца ў тым, што я здольны гаварыць няпраўду.
- Ат, ведаю я вас усіх...
Маўчалі хвілінку. Яна ўтаропіла вочы ў падлогу, думала аб нечым, церабіла нервова сукенку. А Булановічу чамусьці весела стала, захацелася гаварыць. Аб глупстве якім, аб драбніцах, абы не маўчаць. Ён запытаў жартаўліва:
- А гэта ў вас, мусіць, вялікі сакрэт, трэба гаварыць пры зачыненых дзвярах?
- Вядома. Затым я вам сёння і не скажу нічога... Слухайце, - раптам пачала яна сур'ёзна і шчыра. - Вы выбачайце, але гэта выйшла зусім неспадзявана. Я сапраўды хацела пагутарыць з вамі. Мне хочацца многа чаго сказаць вам. Але сышліся вось гэтыя... прынясла іх нялёгкая... Во што, дайце мне абяцанне, шчырае, сяброўскае, што вы прыйдзеце да мяне калі-небудзь пасля. Самі, ведаеце, без запрашэння... Добра?
Булановіч троху падумаў.
- Добра, прыйду. Не думайце, што мне так ужо прыкра прыходзіць да вас...
- Ну, вось і добра. Тады я скажу вам «нештачка»... Абавязкова скажу.
Яна зірнула на яго ваблівым, хітраваным поглядам, які ў Булановіча ўзняў унутры прыемнае абуджэнне, прымусіў яшчэ раз сказаць:
- Добра, прыйду.
Потым гаварылі аб чым пападзя. Між іншага Булановіч спытаўся:
- Хто гэта той лысы, з вачмі гэткімі сумнымі?
- А гэта настаўнік адзін, Абшарскі. Кахае мяне...
- І не мае ўзаемнасці?
- Вядома. Але нішто, не дакучае, больш моўчкі глядзіць сумнымі вачмі ды ўздыхае. Я ўжо прывыкла...
Булановіч уважна паглядзеў на Абшарскага. Стрэўся на момант з яго нерухомым поглядам і адвярнуўся міжвольна з пачуццём нейкай грэблівай жаласці. Так адварочваюцца, калі стрэнуцца з ліхаманкава-напружаным поглядам хворага.
А Абшарскі быццам застыгнуў, упяўшы ў іх бок свае адзервянелыя вочы. І ўвесь час, пакуль не пайшоў, Булановіч адчуваў на сабе гэты ўпарты, ліпучы погляд.
Прыкра было. Затым і не сядзеў доўга. Устаў, развітаўся з усімі. Гарнова яшчэ раз шапатнула:
- Дык прыходзьце калі. Мо ў нядзелю ўдзень... пойдзем гуляць куды-небудзь. За горад, далёка-далёка...
Абшарскі таксама ўзняўся.
- Нам па дарозе, здаецца. Пойдзем разам.
Булановіч звярнуў увагу на яго голас. Якраз такі, якога ён і чакаў: ціхі, марудны, працяты нейкай цяжарнай зморай.
Адказаў:
- Калі ласка. Весялей будзе йсці.
Пайшлі. Ладны час абодва маўчалі. Потым пачаў гаварыць Абшарскі:
- Скажыце, калі ласка, вы даўно знаёмы з Гарновай?
- Не, усяго толькі з тыдзень ці два.
- Толькі? - быццам здзівіўся ён.
Троху змаўчаў.
- Ну, як яна ўпадабалася вам?
Булановіч не чакаў гэтага запытання. Не знаў, што адказаць.
- Выбачайце, але я не разумею - як, з якога боку ці ўпадабалася...
- Наогул з усіх бакоў: як жанчына, як чалавек, ну... як працаўніца...
- Так сабе...
Булановіч наўмысля адказаў так безуважна. Чакаў, што будзе далей.
- Не, мусіць, вы мала яе знаеце. Яна надта добрая жанчына. Такая харошая, ласкавая, ветлая. Я скажу вам ад шчырага сэрца, што такую жанчыну трудна знайсці... Колькі ў ёй жыцця, колькі прыгожых, чароўных рухаў душы! Яна быццам саткана ўся з дзівосных перажыванняў, з квяцістых мар, з хараства незвычайнага.
І пайшоў, і пайшоў. Пацягнуў сваім ціхім, аднатонна-пявучым голасам. Здаецца, не зважаў ён ні на Булановіча, ні на ўсё, што навокал яго. Углыбіўся ў сябе, сам сабе гаварыў.
А Булановіч думаў:
«Ткі не на жартачкі ён закахаўся ў яе. Бедны паэт! Ці ведае ён, што трухляцінай нясе ад яго паэтычных дыфірамбаў, што сам ён выдае нейкім трухлявым паследкам даўно прамінулых гадоў».
А Абшарскі ўсё гаварыў, усё выслаўляў сваю каханую. Урэшце ўжо надакучыла Булановічу. Расла дасада, злосць на яго. Быццам не мае аб чым гаварыць больш, як толькі аб ёй...
І дужа рад быў Булановіч, калі, урэшце, яго падарожнік спыніўся й сказаў:
- Ну, я налева.
- А я направа.
Развіталіся. Абшарскі знік у цемры неяк ціха, нячутна, быццам і не было яго тут, быццам не йшоў з ім Булановіч, а толькі думаў пра яго.
Булановіч пайшоў сваёй дарогай. Думаў, ідучы:
«Дзіўны чалавек. Не от мира сего...»
І наогул было ўражанне ў Булановіча, што акунуўся ён у нейкі асобны, дзіўны свет, у якім ён чужы і яму ўсе чужыя.
А Гарнова здавалася восеньскай кветкай, якая жоўкне сярод сухога былля і яшчэ песціць погляд сваім астатнім сумным хараством.
4
За горадам бесканцовай стужкай выпрасталася чыгунка. Стужка жоўтая з паскамі чорнымі, з дзвюма жалезнымі цвёрдымі жыламі.
А прайсці з паўвярсты па чыгунцы ўдалеч, - там лес разгарнуўся абапал, на чыгунку ўспёрся, сціскае яе, хавае зайздросна ў сваім гушчарным нутры.
Стромкі, сухі бор. Блішчыць свежай жоўцю ствалоў, песціць погляд сваёй цёмнай прытульнай зелянінай. І звініць звонам напружна-ціхім, празрыстым.
У гэты бор пайшлі Булановіч з Гарновай. Ішлі па гладкім абрусе чыгункі, любаваліся шырокім, вольным прасцягам.
У Гарновай твар свяціўся радаснай свежасцю, вочы блішчэлі маладым захапленнем.
Булановічу яна падабаецца сёння. Сёння ў ёй многа хараства, многа дзівоснай павабнасці. Сёння Булановіч не зводзіць вачэй з яе твару, смагла ловіць тонкія рухі яго і адчувае, як нутро соладка растапляецца, расплываецца ў прыгожым, яскравым пачуцці.
Як увайшлі ў лес, Гарнова спынілася.
- Вы не ведаеце, як люблю я чыгунку. Я бачу ў ёй нешта вялізнае, дужае. Мне часам здаецца, што гэта людзі пабудавалі сабе шлях да новага, невядомага жыцця. Забудзешся часам на тое, што станцыі ёсць, паўстанкі, раз'езды, што канец ёсць гэтай магутнай гадзюцы. І здаецца тады, што, каб пайшоў па ёй, пайшоў далёка-далёка, не спыняючыся, не азіраючыся, дык бы й прыйшоў у тое новае жыццё. А яшчэ могілкі я люблю... за іх спакой, цішыню... Бо часам дужа хочацца гэтага спакою... Але чыгунка бліжэй мне, больш захапляе... Ведаеце што, я памру на чыгунцы...
Булановіч міжвольна здрыгануўся. Не словы здзівілі яго, а тон, якім былі яны сказаны. Так сур'ёзна, так пэўна яна іх сказала, і ў вачах у яе Булановіч угледзеў тую дзіўную, халодную пустату, якую бачыў у іх у часе першага знаёмства. Ён хацеў нешта сказаць, але Гарнова не дала. Раптам ажывілася, пацягнула яго па адхону.
- Пойдзем у лес, у самы лес... Далёка, глыбока, туды, дзе няма нікагутка, дзе толькі сасонкі адны... Ну, хутчэй, хутчэй...
І яны блізка што ўгрунь пасігалі па лесе.
Пад нагамі мякка паслаўся мохавы дыван. Як ступаеш, угінаецца пухка, падатна. Запахла смалой. Лес ахінуў цішынёй глыбокай, старожкай.
Булановіч затрымаўся.
- Дык куды ж мы, слухайце...
- Пойдзем, пойдзем... далей...
Ішлі яшчэ. Зайшлі ў самыя нетры. Урэшце выйшлі на невялічкі прагалак. Там Гарнова спынілася, зморана апусцілася на мохам засланы дол.
- Сядайце!
Булановіч паслухаўся.
- Я вам зараз скажу... тое, што абяцала... Толькі бліжэй вы... ну, бо гэта сакрэт... - І прашаптала на вуха: - Я пакахала вас... чуеце, ну?..
І выйшла так, што Булановіч зусім не здзівіўся, хоць і не чакаў гэтага, не думаў пра гэта. Ён узяў абедзвюма рукамі яе галаву, упіўся поглядам у бліскучыя вочы. Сказаў, выгаварваючы паасобку кожнае слова:
- Ты... мяне... любіш?.. А я цябе?..
Яна весела засмяялася.
- Ну, вядома...
Яшчэ раз абдала гарачым поглядам і потым схавала свой твар у яго на грудзях. Шаптала:
- Ты дрэнны. Ты не думай, што ты добры... Не, цябе не варта любіць, бо ты мучыў мяне, не прыходзіў ка мне, нават як клікала я.
Ён узняў яе галаву, зазірнуў ласкава ў зеленаватыя вочы.
- Няпраўда. Я прыходзіў. І сёння прыйшоў...
- Так, праз цэлы тыдзень... Не, не, нядобры...
Ён не даў ёй больш гаварыць. Пацалункам вусны закрыў. Абняў яе горача, смела.
Яна раптам страпянулася, вырвалася.
- Не, пойдзем... Я не хочу, каб было так... не трэба... Лепш любіць, адчуваць заўсёды гэтае нявычарпанае, бурлівае пачуццё нездавальнення.
Ён хацеў затрымаць яе, але ўбачыў у іскрыстых вачах ціхую просьбу, смутны дакор. Пайшлі тады.
Ішлі моўчкі. Булановіч быў пад уплывам таго, што толькі што адбылося. Правяраў сябе, сваё пачуццё і бачыў, што не схлусіў ён там. Грудзі поўніла шчырая ласка, пяшчота. Гарнова была яму дарагая і блізкая.
Як выйшлі на палатно чыгункі, Гарнова зазірнула гарэзліва ў твар яму, засмяялася:
- Ну, чаго ты стаў гэткі маўклівы? Мо нездаволен? Дык бяры свае словы назад...
Ён тож усміхнуўся:
- Не варта. Лепш няхай будзе так, як было.
Яна з пяшчотай прытулілася да яго, зірнула вачмі, поўнымі шчырай удзячнасці.
Далей да самага дома гаварылі аб усім-усякім, жартавалі. Як падыходзілі к дзіцячаму дому, Булановіч убачыў на ганку фігуру Абшарскага. Ён упяў ім насустрач свой сумны нерухомы погляд.
Булановічу неяк прыкра зрабілася. А Гарнова - нібыта што... Падышла да яго, па-сяброўску руку цісканула.
- Вы ўсё сумуеце, мой рыцар няўцешны?..
Твар Абшарскага асвяціўся шчаслівай усмешкай, а ў бліснуўшых раптам вачах Булановіч прачытаў усё тое, аб чым калісь так дакучліва пеў яму гэты незадачлівы палюбоўнік.
І Булановіч падумаў:
«Ці ёсць у каханні маім хоць палавіна таго, што цвіце ў грудзях гэтага недалужнага чалавека!..»
5
З таго часу заўладала Булановічам пачуццё. Ён доўга думаў аб тым, як назваць яго, як растлумачыць. І кончыў тым, што прызнаўся сам сабе - гэта любоў. Мо трэба было б неяк іначай назваць яго, іншую даць яму назву, але слова такога няма.
І разважаў Булановіч:
- Якая бедная наша мова людская! Колькі розных разуменняў прыходзіцца пакрываць адным словам. Любоў... І пяшчотная ласка маткі да дзіцяці свайго, і адважная, шчырая адданасць барацьбіта сваёй справе, свайму калектыву, і гэтае агнёвае, бурнае, што кроў растапляе ў жылах, што грудзі віхурыць прагавітым жаданнем...
Усё - любоў...
І дзівіўся Булановіч, чаму гэткія зусім непадобныя пачуцці адным словам названы.
А сэрца тым часам рабіла сваё, сваё дыктавала. Яно поўніла нутро чароўным захапленнем; думкі, настрой - усё чыста пакрывала адбіткам непазбыўнае смагі.
І цягнула туды, да яе, да тых прыветных іскрыстых вачэй, у якіх гэтак дзіўна сплятаецца смутак з гуллівым агнём весялосці, у якіх часам адкрываецца такое прыгожае, чароўнае бяздонне. І цяжка цяпер Булановічу ўстрымацца, каб не пайсці туды, на край горада, дзе жоўценькі домік ветла ўсміхаецца высокімі ганкамі, вабіць ружовай прытульнасцю. Там, у маленькім пакойчыку, так шпарка, так радасна праходзяць хвіліны, так прыемна засцілаюць галаву салодкім ап'яненнем.
І часта ходзіць Булановіч туды, у гэты жоўценькі домік. Аддае яму ўсе свае вольныя гадзіны. А калі часам не ўдасца схадзіць, калі некалькі дзён не бачыць яе, тады нутро раз'ядае нуда і сэрца маркотаю садніць.
Было нешта так. Не бачыўся цэлых тры дні. На чацвёрты моцы не стала, - пайшоў, хоць і работа была. Пайшоў ужо ўвечары, як горад замігціўся агнямі, як гарадскі тлум ахінуўся прыглушанай таемнасцю.
Гарнова ў двары была. Як убачыла Булановіча, кінулася да яго з бурнай радасцю.
- Як добра, што ты прыйшоў. Як я рада... Ведаеш, гэтыя дні што толькі са мною рабілася... Я думала - ужо канец, не стрываю. Гэткая пустата, гэткі адчай. Знялюбела ўсё чыста, усё назаляе, цяжарыць...
Яе голас звінеў невыводнай журбой, глыбока пранікаў Булановічу ў сэрца. Ён з ласкай абняў яе, прытуліў да сябе, глядзеў з каханнем у твар.
- Дарма ты так, любая. Не трэба гэтага. Трэба перамагаць сябе, трэба пазбыцца гэтага разлому душэўнага... І чаму ты так мардуешся? Хіба цябе не можа жыццё захапіць... Хіба не бачыш ты, колькі ў ім новага бурлівага зместу, колькі творчай радаснай сумятні?.. Гэта ж - смех проста: адчай, пустата... Сорамна табе, во што...
А яна маўчала - ціхая, смутная. Мо зусім і не чула таго, што ён ёй казаў? Бо ў вачах свая асобная думка свяцілася - захаваная, таемная.
Ён тож перастаў гаварыць, моўчкі лашчыў яе, поўны глыбокай пяшчоты. Яму чамусьці здавалася, што далёка яна, незразумелая, цёмная. Загадка неразгадная. І такая - яна яшчэ больш яму дарагая. Далёкая і разам блізкая, родная.
Толькі крыўдна, што не паказвае яна душы свае, што нібы хавае ад яго беражліва нутро сваё, тыя думкі балючыя, страшныя, што наганяюць адчай, пустату, што труцяць жыццё ёй нязводнай атрутай.
І ён ёй сказаў:
- Слухай, чаму ты такая няшчырая? Чаму ты не ўсё мне гаворыш?
Яна зірнула на яго, не разумеючы.
- Як, што не гавару? Я нічога ад цябе не хаваю. Я нікому больш не выказваю свайго настрою, сваіх турботных думак. Толькі табе ўсё адкрываю, бо ты такі дужы, цвёрды... І добры ты. Ты не смяешся над маёй слабасцю. Ты заўсёды хочаш зразумець, уцешыць. Я за гэта люблю цябе, за гэта ты мне дарагі.
Яна памаўчала троху, потым ізноў пачала:
- Ведаеш, любы, мне часам сорамна бывае. Я не магу сабе дараваць таго, што сышлася з табою... Я - эгаістка вялікая... Мо дзеля таго, каб дастаць сабе нейкую ўцеху, падтрыманне, я прынясу табе непрыемнасць, няшчасце. Я часам злую на сябе за тое, што пакахала цябе і з твайго боку выклікала каханне...
Ён спыніў яе.
- Чаму ты гаворыш так?.. Быццам табе ўжо ўсё згінула, пагасла ў жыцці. Глупства гэта. Проста - часовы настрой. Мінецца ён, развеецца - і ўсё будзе добра. І зноў сонейка зайграе ў гэтых любых вочках.
Яна сумна ўсміхнулася.
- Ды не, нашто падманваць сябе. Не будзе так. Я ўжо асуджана. Я ўжо падышла да канца, да мяжы... Я многа жыла - поўным, бурлівым жыццём. Я растраціла моц сваю, той невялічкі запас, што быў у мяне. А цяпер - няма чым жыць...
Булановіч не разумеў нічагутка. То яму здавалася, што словы гэты адны - пустыя, сентыментальныя, - і тады прыкра было, нездаволенне раджалася, гасла добрае пачуццё. А часам праўдай жывой выдавала ўсё гэта, палохала страшэннай жудасцю, паліла вострую, непакойную трывогу. І тады бушавала ў грудзях пачуццё дзіўнай пяшчоты. Хацелася не адходзіць ад яе, быць з ёй кожную хвілінку, няўпынна глядзець на яе, любавацца.
Здавалася, што калі пойдзе ён ад яе, дык навек яе страціць. І згасне тады тое ружовае, светлае, што цяпер дрыгаціць гэткай чароўнай краскай у сэрцы.
Ужо позна было, а Булановіч яшчэ сядзеў у Гарновай. Не мог пайсці, не мог кінуць яе - сіл не ставала.
А яна таксама, калі збіраўся ісці, калі гаварыў пра гэта, - сціскала яго сударгава, тулілася да яго палахліва.
- Не, не йдзі... Пачакай яшчэ... Не кідай адну... Страшна мне, цяжка адной...
У пакойчыку прытульным цурочкам цякла цішыня, навявала чароўную згоду. Здаецца, век бы сядзеў вось так удваіх і адчуваў, як сэрца з сэрцам вядзе бясслоўную ціхую гутарку.
Раптам Гарнова ўзнялася.
- Пачакай, Алесь, я пакажу табе нешта.
У шуфлядзе сярод пруду розных паперак знайшла яна маленькую пісульку і дала яму. Ён прачытаў:
«З гэтага часу будзь ты праклята. Няхай табе жыццё будзе горкаю доляй. Бацькава пракляцце спасцігне цябе на тваім ганебным шляху».
Булановіч зірнуў на яе дапытлівым поглядам. Яна, мусіць, зразумела яго нявыказанае запытанне і адказала:
- Гэта так... маленькая ілюстрацыя да жыцця да майго... Цікавая рэч, сапраўды? Такіх дакументаў я маю даволі...
Булановіч гарэў упартым жаданнем узнаць усё чыста, узнаць пра ўсе драбніцы яе жыцця. Здавалася, што абы ўзнаў ён, і зараз жа знойдзе тое, што дасць выхад з тупіка, у які яна трапіла, што знішчыць яе глыбокі адчай.
Мо тады ўсё гэта здасца нікчэмным і смешным? Мо разляціцца, як дым, гэты дзіўна сплецены, незразумелы клубок яе смутку?
Булановіч узяў яе за руку, ахінуў поглядам, поўным шчырай, глыбокай пяшчоты.
- Марына, родная... Раскажы мне ўсё чыста пра жыццё пра сваё. Мне ўсё здаецца, што хаваешся ты, што не хочаш выказаць мне свае патаемныя думкі... Ведаеш, мне дужа крыўдна і цяжка робіцца, калі аб гэтым падумаю.
Яна ўсміхнулася ласкавай, добрай усмешкай.
- Ды не, Алесь. Я не хачу хавацца і не хаваюся. Я табе ўсё гавару, аб чым думаю. А расказваць пра жыццё - доўга гэта і непатрэбна... Але вось што... я раскажу табе. Раскажу тое, што дасць табе магчымасць многа чаго зразумець. Слухай.
Перш-наперш - гэта табе, пэўна, вядома - я дачка памешчыка з Віленшчыны. Ты не ведаў гэтага? Так, так... Самага сапраўднага пана з тысячамі дзесяцін зямлі. Рэвалюцыянеркай я рана зрабілася, як толькі навучылася глядзець на жыццё крытычна, разбірацца ў ім. Ну, вядома, эсэркай спачатку была. А жыла ў бацькі і часам карыстала яго асаблівую любасць да мяне на нашую справу. Бацька й не знаў, што тыя гасцінцы, якія дае дачцы, ідуць на змаганне з такімі, як ён. Ну, як там было - не цікава... Галоўнае пачынаецца ўжо пасля Кастрычніка. Я ўцякла з дому з адным чырвонаармейскім атрадам у той час, як савецкае войска адступала з нашай мясціны. Уцячы мяне прымусіла многа прычын. Былі й асабовыя чыста... каханне было. Але гэта глупства...
Вось з гэтага часу і пачалося маё жыццё. Я да вас далучылася, увабрала ў сябе тыя парыванні, той запал, што гарэў тады ў сэрцах паўстаўшых работнікаў. Я тады пачула тую магутную волю калектыву, аб якой я калісь табе гаварыла. Я злілася з ёй, у ёй растапілася, працялася наскрозь агульнай сталёвай думкай, агульным бурлівым пачуццём...
І як лёгка, добра было тады! Ведаеш, Алесь, я ўвесь час была тады быццам у нейкім чароўным хмелі, я не прыкмячала, як ляцеў звар'яцелы час. І як добра тады працавалася! Ніколі не чуваць было зморы. А працаваць многа даводзілася... Дзе, на якой справе я працавала - ты ведаеш... І вось нешта раз я атрымала ліст ад бацькоў. Тады нішто яшчэ: лаяліся, вядома, заклікалі вярнуцца назад. Я адказала ім. Напісала вось так, слова ў слова: «Не лічыце мяне вашай дачкой...» Мне тады проста смешна было з усяго гэтага. Між упартае працы гэта была нібы забава маленькая. А яшчэ троху пасля здарылася тое страшнае, што, мусіць, навекі адбілася на маім нутры...
Да мяне прыйшоў брат. Ён працаваў у адной патаемнай контррэвалюцыйнай арганізацыі і ў той час быў прыціснуты да сцяны. Яшчэ колькі дзён - і ён павінен быў трапіць у нашыя рукі. Ён прыйшоў да мяне шукаць абароны, ён спадзяваўся, што я, як сястра, выратую яго. Ах, як прасіў ён мяне, каб я пасобіла яму ўцячы за мяжу, як ён кляўся, прысягаў, што не будзе больш весці сваю контррэвалюцыйную працу. Бедны, ён так спалохаўся небяспекі, што думаў толькі аб тым, каб выратаваць сабе жыццё. Мо каб хто чужы так прасіў, я б не ўстрывала, дала яму ратунак. Але гэта быў брат, а ў той час нікога я не лічыла такімі ворагамі, як сваю радню...
Яго расстралялі. Так. Я сама падпісала смяротны прыгавор... А ўсё-такі я многа тады змагалася сама з сабой. Шавялілася троху кроўнае пачуццё. Мае рукі дрыжэлі як у ліхаманцы, калі я падпісвала гэтую страшную паперку... Хутка пра гэта дома прачулі. Тады вось і пераслаў мне бацька гэту пісульку. І, ведаеш, цяжка мне стала, як я прачытала яе. Быццам нешта навалілася на мяне, прыдушыла страшэнным, жудасным цяжарам. Праўда, я хутка пазбылася гэтага пачуцця, я затапіла яго ў моры напружанай, ліхаманкавай працы. Але след застаўся. Я пачала часам задумвацца, чагось сумаваць. І пачула, як ліпучай павучынай пачынае абвязваць мяне страшэнная змора. А разам раджалася пачуццё адзіноты, нездавальнення...
Апала навальніца бурлівая, жыццё пачало ўкладвацца ў сталыя рамкі. Пачалася другая работа - руплівая, нудная. Я лішняй пачула сябе, не магла прыстасавацца да гэтае новае працы. І заззяла чорным бяздоннем у душы пустата. Холад ахінуў. Сумна так стала.
Гарнова змоўкла, задумалася. Была такая ціхая, смутная. Потым схапянулася, раптам прыціснулася сударгава да Булановіча, задрыжэла ўся.
- Алесь, любы мой... Я табе ўсё... усё чыста скажу аб сабе... Мне ўночы часам дужа страшна бывае. Нейкі смяртэльны спалох надыходзіць... Крычаць тады хочацца, зваць каго, каб прыйшлі, каб быў хто са мной.
Зноў сціхла. Ціша ў пакоі стала старожкай, злавеснай. І раптам гэтую цішу працяў зазыўны прарэзлівы гудок цягніка. Ён быў поўны дзіўнага, смелага задору, у ім бурным воклікам зычэла магутная вешчая воля.
Гарнова ўсхапілася. Загаварыла быццам зачараваная, быццам у сне:
- Во... ён кліча мяне... Ён вабіць мяне сваім настойлівым крыкам. Ён знае, што прыйду да яго, што ў яго буду шукаць ратунку сабе... Алесь, ты не ведаеш, як я люблю чыгунку... Яна будзе магілай маёй...
Булановіч маўчаў, апанаваны цэлай бурай розных пачуццяў. Жаль ціснуў сэрца, ахінаў яго агнём балючай пяшчоты. І разам давіла мазгі нешта цяжкое, неразумелае, нешта такое, што поўніла нутро глухім непаразуменнем...
А ноч усё цякла, усё пасувалася.
У вокнах ужо зашарэла...
6
Сягоння замардаваўся Булановіч. Цэлы дзень упартай, рупатлівай работы падарваў сілы. Як прыйшоў, урэшце, дамоў, паваліўся на ложак зняможаны. Па целе прыемнаю хваляй расцяклася цягучая млявасць, а ў галаве зыбучай пялёнкай захістаўся туман. Сон цяжэрна звесіў павекі.
Ужо ледзь не заснуў Булановіч, але раптам нехта ў дзверы паляпаў.
- Увайдзіце!
Памалу адчыніліся дзверы, і ўсунуўся сваёй даўгалыгай нязграбнай фігурай Абшарскі.
Яго Булановіч ніяк не чакаў і надта здзівіўся.
А Абшарскі прывітаўся, сеў ля стала і пачаў маўчаць. Булановіч тож нічога не гаварыў, сачыў за ім моўчкі. Чуў, што нездарма Абшарскі прыйшоў, што мае нешта сказаць. І дужа карцела пачуць гэта «нешта», але нядобра было запытацца. Чакаў, каб сам ён пачаў.
Урэшце Абшарскі пачаў сваім ціхім маркотным голасам:
- Т[аварыш] Булановіч, я прыйшоў да вас пагаварыць аб надта важнай справе...
- Калі ласка.
- Я ведаю, вас дужа здзівіць тое, аб чым я скажу вам, але... усё роўна... я павінен гэта зрабіць...
Ён ізноў памаўчаў, быццам падбіраючы словы.
- Во што, таварыш Булановіч, я хачу з вамі пагаварыць аб Гарновай...
- Калі ласка. Я слухаю. - А сам падумаў: «Прэтэнзіі хіба хоча свае заявіць...»
Ахапіла цікавасць. З нецярплівасцю чакаў, што скажа далей Абшарскі.
- Т[аварыш] Булановіч... я не ведаю, як вам гэта лепей сказаць... Я хачу прасіць вас, каб вы... жаніліся на Гарновай...
Булановіча нібы варам абдалі. Усяго ён чакаў ад Абшарскага, толькі не гэтага. Глядзеў на яго, няўцямна выпяўшы вочы.
Абшарскі неяк замятушыўся, заварочаўся на месцы.
- Вас гэта дужа здзівіла? Я знаў, што так будзе... Мне цяжка было гаварыць аб гэтым... Але вы паслухайце... Я вам скажу ўсё... Бачыце, я люблю яе, дужа люблю... Мо гэта якая асаблівая любоў, не такая, як зазвычай, не ведаю... І я не магу бачыць, калі яна мучыцца, калі пакутуе гэтак...
- Выбачайце, а чаму вы думаеце, што калі я з ёй ажанюся, дык яна не будзе мучыцца?
- Я знаю, я пэвен у гэтым. У яе гэта з адзіноты. Ёй трэба такі чалавек, які быў бы каля яе, які б яе падтрымаў, памог пазбыцца таго адчаю, які часам яе ахапляе...
Булановіч яго перапыніў:
- Выбачайце яшчэ раз... А чаму вы думаеце, што гэткім чалавекам павінен быць я? Чаму вы, напрыклад, самі не будзеце такім?
Абшарскі ціха ўздыхнуў.
- Я не магу... Яна не захоча, бо яна не любіць мяне. А вас яна любіць, я знаю, я бачу...
Колькі хвілін маўчалі абодва. Потым ізноў Абшарскі пачаў:
- Т[аварыш] Булановіч, вы павінны зрабіць гэта. Я вас дужа прашу... Ратуйце яе, не дайце ёй загінуць... Яна ж такая добрая, такая любая...
Голас дрыжэў у Абшарскага, а ў вачах бліснулі слёзы. Булановічу шкода было гэтага недалужнага чалавека. Хацелася ўцешыць яго, заспакоіць. І дзіўнай, незразумелай здавалася гэткая шчырая самаахвяра, гэткая знявага да самога сябе, гэткая адданасць другому. Ён сказаў яму ласкава:
- Слухайце, т[аварыш] Абшарскі, вы ўгадалі, што мяне дужа здзівяць вашыя словы. Вядома, што я пэвен у іх шчырасці. Я надта дзякую вам за вашую даверлівасць. Але сказаць вам што-небудзь я цяпер не магу. Я буду думаць аб гэтым...
Абшарскі яшчэ сядзеў колькі хвілін. Ужо выходзячы, сказаў Булановічу:
- Я ўчора ў яе рэвальвер знайшоў... Я адабраў яго...
Булановіч міжвольна здрыгануўся.
- А яна што?
- Яна смяялася... Кажа - гэта я так, для забавы дастала, а страляцца не маю намеру...
Як пайшоў Абшарскі, Булановіч яшчэ доўга не спаў. Думкі павадкай біліся ў галаве, уваччу мітусіліся пярэстыя вобразы. Твар Гарновай не сходзіў з памяці, усё лунаў - смутны, прыгожы, - будзіў у сэрцы шчырае пачуццё. І ўжо гатова была скласціся пастанова, ужо гаварыў сам сабе:
- Так, я павінен ратаваць яе, я павінен з ёй жыць, быць заўсёды пры ёй, я павінен памагчы ёй пазбыцца яе згубнага настрою, вярнуць яе да жыцця...
Маляваліся вобразы новага супольнага жыцця - вобразы пекныя, але поўныя нейкай атрутнай млявасці, таго, што мякчыць чалавека, што падцінае яго волю. І вось гэта палохала. Проці гэтага паўставала нешта ўсярэдзіне, перасцерагала. Нейкі голас шаптаў:
«Зацягне, завалачэ ў багну бязволля. Сам тады прападзеш...»
Так цэлую ноч змагаўся з сабой. Заснуў пад самае ранне з пастановай пайсці заўтра параіцца з Арончыкам. Ён добры хлапец, разумны. Не памыліцца, дасць добрую раду.
Прачнуўся Булановіч гадзіне а дзесятай. Наспех выпіў чаю і пабег шукаць Арончыка.
Знайсці Арончыка не так было лёгка. Гэта ж такі чалавек, што не можа пабыць на адным месцы. Ён проста кіпіць ад навалы бурлівай энергіі, ён у клопатах, у працы знаходзіць сабе асаблівую асалоду.
Булановіч злавіў яго недзе на пасяджэнні. Чакаў з паўгадзіны, пакуль кончыцца, потым пайшлі разам.
Вуліца млела ў паўдзённай спякоце. Сонца быццам прыхілілася да зямлі, прыціснула горад сваім густым душным ззяннем, усклала на ўсё адбітак санлівай нерухомасці.
Было цяжка ў гэтым пякельным вары. Зморана спыняліся ногі, цела ўсё нібы распускалася, сцякала бяссільна ўніз. Хацелася сесці, адпачыць.
Булановіч з Арончыкам завярнулі ў гарадскі сад. Там абабралі мясціну прытульную, селі на лавачку ў засені.
Арончык на гэты раз не спяшаўся. Ці мо нейкім дзівам час вольны меў, ці мо й яго гарачыня троху прабрала, троху зменшыла невычэрпны запас яго энергіі. Сядзеў спакойна, уважна слухаў, аб чым апавядаў Булановіч. А той расказаў усё па парадку. Прызнаўся Арончыку ў тым, што паміж ім і Гарновай было, расказаў і пра Абшарскага. Як скончыў расказваць, запытаў Арончыка:
- Скажы мне цяпер - шчыра, па-прыяцельску: што я павінен зрабіць? Толькі сур'ёзна скажы, не жартуй, не аднеквайся...
Арончык насупіў свае густыя, паўкругам бровы, надуўся, напружыўся. Відаць, моцна, станоўка думаў. А потым бровы высока ўзняў, пакрывіўся паважна й пачаў:
- Слухай, што я скажу табе, Булановіч. Зірні ты сам сабе ў нутро, падрахуй свае сілы і дай адказ самому сабе: ці здолееш ты яе ратаваць? Ці здолееш выцягнуць яе з гэтае процьмы? Калі так, дык жаніся. А калі не - лепш не пачынай, бо часам сам можаш трапіць у багну. Ты ж ведаеш, што гэта за штука - каханне. Гэта ж - слабасць... так, слабасць. Гэта такое зелле, якое многа дужых людзей паламала, звярнула іх з пэўнага шляху... Ты добра падумай аб гэтым.
І, памаўчаўшы, дадаў:
- А ёй бы трэба было памагчы. Яна многа чаго нам зрабіла і, можа б, яшчэ сякую-такую карысць прынесла. Трэба б было памагчы...
Булановіч шчыра падзякаваў Арончыку. Больш не пытаўся, нават кінуў гаварыць пра гэта. А як разышліся, пачаў упарта абдумваць справу, пачаў правяраць сам сябе.
- Ці хопіць сілы? Ці здолею?..
Не мог адказаць, бо не было яснасці ў думках, бо ў галаве хваляваўся ружовы душны туман. І больш увагі прыцягвалі апошнія словы Арончыка:
- Трэба б было памагчы...
Яны мацней заселі ў мазгах, бо адпавядалі настрою, пачуццю. І хацелася на іх адных грунтавацца, толькі іх мець на ўвазе.
Трэба памагчы... Вядома, трэба... Ён павінен гэта зрабіць. Ён зробіць гэта...
Пастанова крэпла, расла, пераходзіла ў магутнае імкненне. А вобраз Гарновай смела ўставаў уваччу, вабіў, цягнуў да сябе, абураў грудзі нецярплівасцю прагнай, жаданнем як найхутчэй зрабіць тое, што стала ўжо канчатковым, пэўным рашэннем.
7
Ціха, паволі асядае на горад цёплы ласкавы вечар. Ахінае ціхай прытульнасцю, шэпча на вуха санлівым шолахам дрэў.
Аб чым шэпча?
Мо аб тым, як добра палаць агнём прамяністым кахання, як добра адчуваць непазбыўную душную смагу, жаданне нязведаных радасцей, палкіх уцех? Мо аб тым, як прыемна млець у чароўнай знямозе, у дзівоснай напружанасці ўстурбованых нерваў?
Мо аб тым так соладка шэпча ласкавы вечар? Мо аб тым пяюць ціхую песню таемныя дзіўныя шолахі?..
Булановіч з Гарновай знайшлі сабе ў садзе цудоўны прытулак. Добра тут - у самым глухім куточку, пад ветлай разложыстай яблыняй! Тут так ціха, што чуваць, як сэрца б'ецца ў грудзях. Тут - адны яны, адмежаваныя ад усенькага свету, цалкам адданыя свайму пачуццю.
Гарнова прытулілася шчыльна да каханка свайго, схавала галаву ў яго на грудзях. Сядзіць нерухліва, быццам прыслухваецца да ўцехі, да шчасця свайго, быццам баіцца, каб лішнім рухам, лішнім словам не спудзіць гэтага чароўнага, салодкага настрою.
А Булановіч неспакойны. Турбуе назойлівая, упартая думка, не дае спакою. Сёння ён павінен сказаць Гарновай аб тым... Сёння ён павінен прапанаваць ёй тое, на што рашыўся колькі дзён назад. Кожную хвіліну хоча пачаць ён, хоча выказаць усё. Але нешта спыняе. І стыгнуць на вуснах нявыказаныя словы.
- Што яна на гэта? Як адкажа?
Нібы страшна чагосьці, сіл не хапае сказаць.
Але, урэшце, адважыўся:
- Ведаеш, любая, я хачу нешта сказаць табе, слухай...
Яна ўзняла галаву, упялася ў яго чакаючым поглядам.
- Марынка! Я надумаў нешта зрабіць. Я хочу змяніць нашы адносіны. Мы пакахалі адзін аднаго - шчыра, моцна... Мы адзін аднаго разумеем. Чаму нам не жыць разам, не стаць мужам і жонкай?..
Чуў Булановіч, што неяк нязграбна, карузла выходзіць. Дасадліва моршчыўся, ждаў, каб хутчэй яна што сказала, каб развеялася гэтае прыкрае ўражанне.
А яна маўчала. Доўга маўчала. Мабыць, думала, як лепей яму адказаць. Потым пачала:
- Алесь! Ты выбач мяне, але я табе проста скажу: не хочу я гэтага... і не зраблю. Я не хочу псаваць сабе апошнюю ўцеху. Я ведаю, як гэта будзе: шэрасць, нуда, беспрасвецце. Усё тое прыгожае, што ёсць цяпер, што захапляе, хвалюе, - усё гэта знікне... Не, я не хочу так... не трэба... І ты, Алесь, не настойвай. Кінь гэту думку...
Булановіч не чакаў такога звароту. Гэтыя словы здзівілі яго. І разам яны падлілі ў агонь масла. Замест таго каб згадзіцца, каб кінуць пра гэта, ён ахапіўся цяпер упартым жаданнем дабіцца свайго. Ён увесь гарэў пачуццём, ён у палкай пяшчоце галубіў яе, цалаваў рукі і настойна, упарта прасіў, каб згадзілася. А калі яна адмаўлялася, ён яшчэ больш захапляўся, яшчэ з вялікшай сілай настойваў.
І тады толькі схапянуўся, як заплакала Гарнова, затрапяталася ў моцным сударгавым рыданні. Тады змоўк, не ведаў, што рабіць. Не разумеў, чаму Гарнова заплакала.
А яна парыўчата гаварыла скрозь слёзы:
- Дрэнны ты, злы... Ты мучыш мяне, ты псуеш мне настрой, здзекуешся над пачуццём над маім. І толькі затым, што табе хочацца так... Усе вы такія... без сэрца, эгаісты...
І ўсё плакала бесперастання. Булановіч ледзь суцешыў, заспакоіў яе. Пагадзіліся на тым, што ён даў слова ніколі нават не гаварыць аб гэтым. Гарнова тады заспакоілася, зноў прытулілася да яго і толькі раз-пораз усхліпвала, быццам пакрыўджанае дзіцянё. А як расставаліся, Гарнова сказала яму з ласкавым дакорам:
- Алесь, любы мой... Ты ніколі не крыўдзі мяне... Ты ж ведай, што наша каханне - гэта астатняя ўцеха мая, гэта прыгожая акраса астатніх дзён...
Ён перапыніў яе:
- Што ты гаворыш усё - астатняя, астатняя... Марына, кінь ты настрой гэты свой. Навошта гэта? Адно мучыш і сябе і мяне...
Яна не адказала нічога. Толькі глыбока-глыбока ўздыхнула.
Праз колькі дзён пасля гэтага Булановічу ўсё-ткі прыйшлося яшчэ раз гаварыць на гэтую тэму.
Было так. Ён неяк позна ўвечары вяртаўся з чыгункі: ездзіў на вёску па службовых справах. Проста з вакзала накіраваўся ён да Гарновай.
На галоўнай вуліцы яшчэ гарэлі агні, яшчэ сноўдаліся гаварлівай гурмай начныя гулякі. А ў завулках, у куточках глухіх ужо ўсё сціхамірылася. І вокны не свяцілі ўжо тупа-бліскучымі засланкамі, не цалаваліся з цемрай чарнільнай. Схаваліся, зніклі, быццам і звання іх не было ў гэтых мізэрных хібарках, што палахліва адступалі з дарогі цьмянымі плямамі.
У дзіцячым доме, куды падышоў Булановіч, тож было цёмна. Але тое акенца, якое Булановічу добра знаёма, якое заўсёды спыняе на сябе яго погляд, - гэта акенца яшчэ свяцілася прыветным агеньчыкам.
«Значыць, не спіць...»
Дзверы чамусьці адчынены. Мусіць, ёсць нехта чужы, бо звычайна іх запіраюць.
Булановіч прайшоў проста да пакоя Гарновай і, не папытаўшы дазволу, адчыніў дзверы. І ўбачыў ён: Гарнова на ложку сядзіць, а перад ёй на каленях Абшарскі.
Асалапеў Булановіч. Хацеў адразу назад павярнуцца, але Гарнова спыніла:
- Алесь, пачакай! Што ты спалохаўся?
Абшарскі памалу ўзняўся, сеў у кутку, вінавата ўтупіўшы лысую галаву. Булановіч не разумеў нічагутка. Глядзеў дапытліва ў вочы Гарновай, чакаў тлумачэння.
Яна засмяялася.
- Ну, ты чаго глядзіш так? Быццам цябе аглушылі... Ці мо цябе здзівіла гэтая сцэна, га? Я табе зараз скажу: мой паважаны рыцар сёння чэпіцца да мяне цэлы вечар. Усё просіць... і ведаеш, аб чым? Згадай... Аб тым, каб я за цябе замуж пайшла... Ты, пэўна, і не знаў, што маеш гэткага добрага свата...
Булановічу прыкра неяк стала. Дасада ўзнялася на Абшарскага. Што яму трэба? Чаго ён гэтак турбуецца? Чаго назаляе вечна? Лезе з сваімі паслугамі... І ведае ўсё, гэты нязначны, недалужны чалавек, усё прыкмячае, аб усім дазнаецца! Быццам цень нейкі, сочыць усюды, за ўсім...
Булановіч нічога не адказаў Гарновай, і на колькі хвілін запанавала цяжэрная маўчанка. Потым Абшарскі загаварыў. Гаварыў вінаватым голасам, быццам хацеў перапрасіць Булановіча, выпраўдацца перад ім.
- Я гаварыў аб тым, аб чым калісь вам казаў, т[аварыш] Булановіч. Я зычу толькі дабра. Я хачу, каб Марына Паўлаўна была шчаслівая, каб яна не пакутвала...
Раптам Гарнова ўзлавалася:
- Якое вам дзела? Хто даў вам права аба мне клапаціцца? Я маю свядомасць і сама ведаю, што трэба рабіць...
Яе голас дрыжэў. У вачах гарэлі, пераліваліся аганькі гневу.
Абшарскі моўчкі ўзняўся.
- Марына Паўлаўна! Паверце мне, што я ніколі не хацеў вам зрабіць што благое. Усё, што мучыць вас, мучыць не менш і мяне... а мо яшчэ больш, бо я...
І не даказаў. Выйшаў шпарка з пакоя - высокі, сутулаваты, нязграбны. Пакінуў за сабою ўражанне нейкай напятасці, нялоўкасці.
У Булановіча цяпер не было ўжо ані крушыпачкі злосці. Замест таго жаласць з'явілася да беднага Абшарскага. Ён сказаў Гарновай з дакорам:
- Нашто ты так з ім. Ён жа так любіць цябе. Яму ты даражэй за ўсё...
- Я знаю гэта, Алесь. Але ж часам не хапае цярплівасці. Назаляе гэта маўклівае каханне, нуду наганяе... А часам злосць возьме. Тады й пакрыўдзіш яго нізавошта... Але глупства. Пасля ўлашчыцца.
У той вечар не было паміж Булановічам і Гарновай звычайнай блізкасці, звычайнай ласкі. Гарнова была далёкая нейкая, чужая. Увабралася ў сябе, адгарадзілася ад яго халоднай, сухой пустатой сваіх глыбокіх вачэй. І сама ўся была халодная нейкая, ціхая. Булановічу здавалася, што вінаваты ў гэтым Абшарскі з яго недарэчным учынкам. Зноў востра тачылася ў сэрца прыкрая злосць. Разам з ёй унутры бязладнасць раджалася нейкая, раскіданасць. Не знаў, як падысці да Гарновай, як разагрэць яе ледзяны холад.
І даў тады сам сабе слова ніколі больш не гаварыць з ёй аб жаніцьбе, не кратаць больш гэтага пытання.
8
Прайшло два тыдні. Булановічу яны праляцелі бліскавіцай-маланкай. Увесь час быў нібы ў чадзе і не прыкмячаў, як чарадой аднамернай мігаюць гадзіны. Аддаўся цалком пачуццю, утапіў у ім усю істоту сваю, ачмуціў свядомасць ружовым туманам.
Часам схапянецца, зірне сам на сябе з здзіўленнем. Падумае:
«Што ж гэта? Чым гэта кончыцца ўсё?»
І з жахам адчуе, як глыбей і глыбей уцягваецца ў атрутнае дрыгвяное бяздонне, як губляе моц сваю, волю. А спыніцца, вярнуцца - не змога.
Гарнова дзіўнай стала ў апошні час. Рэдка цяпер весялосць маладая асвеціць яе сумныя вочы. Рэдка калі зазвініць яе задорны, гарэзлівы смех. Больш усё ціхая, смутная. Задумленне маўклівае не сходзіць з паніклівага твару.
І з Булановічам яна дзіўная нейкая. То халоднай няўважнасцю яго сустракае, быццам далёкі ён стаў ёй, чужы, быццам ужо знялюбеў. А то раптам закіпіць пачуццём бурным, парыўчатым, агорне яго нястрымана-гарачай ласкай.
Булановіч бачыць гэта і думае часта аб гэтым. Напружвае розум свой, хоча згадаць, зразумець, што робіцца з ёй. І не можа. Толькі трывогу няясную ў сабе распальвае, прымушае сэрца балюча знібець у нейкім невыразным прадчуванні.
Была субота. У гэты дзень Булановічу заўсёды бывае многа работы. Толькі к самаму вечару зволіўся і адразу пайшоў да Гарновай. Заспеў яе ў дварэ. Сядзела ўпацёмку, не паліла святла. І як Булановіч прыйшоў, нейкі час у змроку сядзелі. Так больш ціхай, прытульнай чароўнасці, калі вакол змрок снуе сваю шэрую павучынку, калі мякка загортвае абрысы прадметаў, сцірае рубы, усё робіць такім павеўным, расплыўчастым. Тады прыемна напінаюцца нервы і пачуцці асабліва глыбокімі робяцца.
Булановіч у змроку зусім не бачыць Гарновай. Толькі мяккімі контурамі рысуецца няясная пляма. Але блізкасць яе адчуваецца моцна, настойліва. Будзіць, уздымае непакойнае пачуццё, казытае сэрца гарачай пяшчотай. Хочацца яшчэ большай блізкасці, хочацца зліцца зусім, патануць у глыбокім захапленні.
А Гарнова сёння чамусьці ўнікае ласкі яго. Быццам баіцца яе, быццам палахліва стрымлівае сябе. І Булановіча ахапляе смаглае нездаволенне, турбуе нутро палкім жаданнем. Нездаволенне пераходзіць у нейкую крыўду, у гнеў. Здаецца - не любіць ужо, надакучыў ёй, знялюбеў. Каб сілы хапіла - устаў бы й пайшоў. Нашто назаляць, набівацца дарэмна сваім пачуццём!
Але замест гэтага бярэ яе рукі, сціскае, гладзіць пяшчотна, абнімае нясмела любы, падатны стан.
- Марынка, галубка мая. Чаго ты такая маркотная? Чаму маўчыш усё, мяне старанішся? Мо ўжо не любіш, мо назаляю табе?
Яна адказвае нібы з нейкай дасадай, але ласкава:
- Ды не... Кінь ты, як табе не сорамна! Ну, проста настрой такі. Думаю я... Я, Алесь, многа думаю цяпер. Мо затым часам і мала ўвагі табе аддаю... Калі ж галава крышыцца з думак. Ведаеш, Алесь, я баюся, каб не звар'яцець. Часам ужо непрытомнасць нейкая находзіць. Тады страх агнявы калоціць усю. Усё тое ўваччу, што было калісь... праходзіць перад вачмі гэткай выразнай, страшэннай чарадой...
Яна часінку маўчала.
- Слухай, Алесь, ці дужа ты любіш мяне?
Замест адказу ён горача сціснуў яе кволую, мяккую руку.
- А што б ты аддаў за мяне? Што б ты мог ахвяраваць, каб было патрэбна для мяне?
- Не ведаю. Здаецца, што я не пашкадаваў бы для цябе нават жыцця...
Яна ўсміхнулася.
- Уга... Як многа!.. Але дарма ты гаворыш так. Гэта звычайна кажуць усе, як сядзяць з любай дзе-небудзь у ціхім прытульным пакоі... Ну, скажам, так: я б памірала і сказала табе, што хачу, каб і ты памёр разам са мной. Ну вось, скажы: ці згадзіўся б ты? Толькі шчыра адказвай. Ну?
Булановіч троху падумаў.
- Ведаеш, Марына, гэта б залежала ад моманту. Вось цяпер, мне здаецца, я б не спыніўся перад гэтым...
Яна не дала яму кончыць.
- Глупства ты кажаш. Ніколі б ты не зрабіў гэтага. І ніхто б у свеце так не зрабіў.
Булановіч падумаў і ў думках з гэтым згадзіўся. Чамусь раззлаваўся сам на сябе.
«Дайшоў да чаго... да чаго раскіселіўся. Не разумею ўжо, што гавару...»
Устаў і нервова засігаў па пакоі. Быў унутры нейкі разлад. Нейкі нутраны голас узнімаўся, паўставаў проці тае ўлады, якую забрала над ім пачуццё, проці бязволля, слабасці, што ўсяго спавілі ліпучымі ланцугамі, што аплялі, акруцілі павучыннем атрутным.
Гарнова тож узнялася, запаліла святло. Булановіч зірнуў на яе і здрыгануўся міжвольна. Убачыў твар, працяты адчайнай, бязмернай мукай. Здалося Булановічу, што гэта страшэнная мука пратачылася ў кожную рыску яе твару, у кожную рыску ўклала яскравы адбітак душэўнага болю.
Яна села за стол, застыгла ў ціхай нерухомасці. Быццам сама прыслухоўвалася да болю свайго, быццам аддалася ва ўладу свайго пачуцця.
А Булановіч гарэў непакойным агнём глыбокага жалю. Сэрца дрыготна сціскалася. Хацелася суцешыць, згладзіць з любага твару гэты страшэнны адбітак душэўнай мукі. Але слоў не было, не знаў, што сказаць. І моўчкі стаяў, глядзеў на яе з спачуваннем, з глыбокім жалем.
Яна раптам устала. Загаварыла ціхім парыўчатым голасам:
- Не магу я тут быць... Цяжка чамусьці. Быццам гэтыя сцены душаць мяне, грудзі сціскаюць. Я пайду, Алесь... К прыяцельцы сваёй схаджу... Мо развеецца настрой. А ты, Алесь, не йдзі нікуды. Мне хочацца, каб ты тут быў, каб я кожную хвілінку знала, дзе ты, уяўляла цябе. Ты тут будзь... Я хутка прыйду... Толькі прайдуся... А калі спазнюся, ты ўсё роўна чакай... Я хачу так, Алесь. Чакай, пакуль не прыйду.
Яна стала апранацца. Булановіча скрабанула нейкая невыразная трывога. Ён звярнуўся да Гарновай:
- Марына! Ноч цяпер, куды ты адна? Лепей я таксама пайду... Я правяду цябе, там пачакаю...
Яна нібы страпянулася.
- Не, не... не трэба... я адна... я зараз вярнуся... Ты пачакай тут, Алесь...
А як выходзіла, падышла да яго, узяла абедзвюма рукамі яго галаву, зазірнула ў вочы гарачым кахаючым поглядам:
- Любы ты мой! Апошняя ўцеха мая!..
І пацалавала даўгім-даўгім пацалункам...
Булановічу пацягнуліся нуднай чарадой хвіліны чакання. Плылі яны так аднамерна, марудна. Так дзіўна закалыхвалі, наганялі тупую, млявую нерухомасць. Думкі ў галаве быццам спыніліся, закамянелі. Толькі па ўсёй істоце ціха, паволі перабягалі лёгкія хвалі невыразнага пачуцця, краталі кволым павевам нейкія балючыя, чулыя струны. Была нейкая невымоўная асалода ў гэтым дзіўным пачуцці. І прыемна было чакаць так, у ціхай маўклівай самоце, у млявай нерухомасці.
Плылі, цягнуліся хвіліны марудныя, грамаздзіліся ў грузка-паўзучыя гадзіны.
Гарнова ўсё не прыходзіла. Булановіча памалу пакідаў спакой, змяніўся вострай турботай. Цяпер хадзіў па пакоі, узрушаны, спыняўся раз-пораз і пільна прыслухоўваўся да начной цішыні, шукаў гуку знаёмых крокаў. Ахапляла нецярплівасць, дасада, калі вуха не лавіла ніякага зыку, калі звонам маўклівым пела ўвушшу глухая цішыня. І хадзіў, усё хадзіў па пакоі.
У акно зазірнула падслепаватым вокам шэрая раніца. Палахліва кранула сваёй празрыстай рукой бяздушны свет лямпы, і зрабіўся ён нейкі мутны і цьмяны. І чым далей, тым больш урываўся ў пакой свежы свет раніцы, гарэзліва варушыў па кутках паследкі начнога змроку, накладаў на ўсё адзнаку дзённай цвярозасці.
Булановіча агарнула трывога. І расла, усё расла ў грудзях, білася ў сэрцы боем няроўным, балючым. А думкі цяпер празрыстай яснасцю працяліся, рэзалі галаву ліхаманкавай работай. Без канца свідравала мазгі:
«Што з ёй? Куды яна пайшла? Чаму так забавілася? Чаму яго прымусіла чакаць?»
Не знаходзіў адказу і мучыўся ў палкай трывозе. І быццам наўмысля, каб павялічыць тую трывогу, прыляцеў знадворку даўгі, гулкі гудок цягніка. Быў ён свежы такі, сакавіты, быццам памыўся ў золкай вільгаці раніцы. Зычэў молада, смела, нібы выхваляўся задорам сваім, нібы дражніўся сваёй вясёласцю гуллівай.
Гэты гудок працяў Булановіча сударгавай дрыготай. Ён пачуў у ім злавеснасць нейкую, нейкае страшное напамінанне.
Жудаснай хваляй агарнула новая думка, абярнулася ў страшэнную здагадку.
Булановіч схапіў шапку і паспешна выйшаў на двор.
9
Паветра ахінула ядранай золлю. Было яно шэра-сталёвае, цьмянае, бо золак толькі яшчэ пачынаўся.
Ціха было. Але ва ўсім адчувалася нейкая жывая напружанасць. Быццам начны спакой працінаўся памалу яшчэ стрыманай энергіяй і пад навалам яе во-во ўжо гатоў быў рассыпацца ў сумятлівую дзянную рухавасць. І застыгла ў шэра-сталёвым паветры маўкліва-трывожнае чаканне.
Булановіч шпарка пасігаў па вілаватых завулках. Свежасць раніцы не заспакоіла, а яшчэ больш нервы завастрыла. Трывога жудаснай хваляй паласкала нутро, халадзіла сэрца ледзяной пустатой, па ўсім целе пускала нервовую дрыготу. Уваччу жывой плямаю стаяла Марына, такая, якою была ў апошнюю хвіліну. Твар свеціцца мукай пякельнай, вочы - бяздонне пустое, халоднае. І быццам чакае яго, быццам кліча, просіць спагады. А ўвушшу няўпынна словы зычаць яе:
«Любы ты мой! Апошняя ўцеха мая!..»
Чаму яна зноў так сказала - «апошняя ўцеха»? Няўжо яна што надумала?
І бурлівым пажарам расла ў грудзях упэўненасць у самым страшэнным. Штурхала яго, прымушала бегчы ўгрунь. Куды? Аб гэтым нават не думаў. Само сабой цягнула туды, дзе гадзюкамі ўюцца сталёвыя рэйкі, адкуль часам ляціць гэты зазыўны прарэзлівы вокліч.
Чыгунка спаткала яго мёртвай цішынёй. І гэта здзівіла. Як бег, думаў чамусьці, што тут павінна быць рухавасць, жыццё, што тут няўпыннай чарадою павінны грымець жалезныя волаты, што тут няма ночы, няма спакою. Аж - маўкліва ляжаць чорныя мокрыя рэйкі, быццам пацягваюцца ў перадранішнім сне. У абодва бакі хаваюцца, точацца ў воўну туману бялясага.
І ўспомніў тады Булановіч, што заўсёды бывае так, што чыгунка тож мае сабе адпачынак. І сціхамірыўся троху. Але не знікла трывога. Бо цішыня на чыгунцы здалася чамусьці таемнай, старожкай. Быццам здрадліва сочыць за ім, хціва хавае ад яго нешта пад палой туману паўзучага.
Стаяў троху, думаў:
«Што ж цяпер? Куды? Хіба туды, дзе лес, дзе хадзілі калісь?..»
І пайшоў, акунуўся ў золкі туман. Як к лесу падыходзіў, ужо дзень расплыўся поўным светам. Сонца чырвонай мятлой маханула па макушках сасонак, уліло ў паветра нешта прыветнае, цёплае.
У лесе птушкі рознагалоссем пярэстым з цішой застыглай спрачаюцца. Льюцца іх песні цурочкамі пекнымі, мітусяцца, блытаюцца ў вецці, снуюць жыццё раніцы - сакавітае, радаснае.
А Булановіч не чуе гэтых чароўных спеваў, не бачыць таго хараства, што навокал раскідаецца пекнымі малюнкамі. Ён упяўся вачмі ў бесканцовую стужку чыгункі і йдзе, углыблёны ў сябе. Ён не ведае, што можа быць там, за туманам. Ён не ўяўляе нават, што можа ждаць яго там. Але здаецца чамусьці, што во-во, яшчэ колькі крокаў - і будзе нешта страшнае, жудаснае.
Булановіч і не прыкмеціў, як зайшоў далёка ў лес, і толькі тады спыніўся, як насустрач вылецеў поезд. Прамчаўся, прагрымеў, ашаламіў сваім рухам магутным і знік за паваротам, вільнуўшы жалезным хвастом.
Тады Булановіч схамянуўся. Завярнуў назад і падаўся на станцыю. Думаў ідучы:
«Што ж гэта я як звар'яцелы? Калі й здарылася што, дык жа напэўна заўважылі... Туды трэба, на станцыю. Ды мо й нічога не было? Проста стварыў сабе дурацкі настрой...»
Ён стараўся заспакоіць сябе, пераканаць, што няма нічога трывожнага, што дарма ён узрушыўся толькі. Ён азіраўся і бачыў, што ўсё навокал такое звычайнае, простае. Сонца, як і заўсёды, залаціць пожню вясёлым праменнем. Птушкі цвіркаюць прыветна, бязрупатна. А вунь - і людзі насустрач. Мужчына з кабетай. Спяшаюцца некуды, захапіліся жвавай гаворкай. Як з ім параўняліся, зірнулі на яго абое з цікавасцю і, прамінуўшы, зноў пачалі сваю гутарку.
К вакзалу падышоў Булановіч зусім заспакоены. Прайшоўся разы са два па бязлюднаму перону, потым пайшоў у пакой дзяжурнага агента. Як уваходзіў, зноў пачуў неспакой усярэдзіне, але стрымаў сябе, звярнуўся да агента звычайным спакойным голасам, быццам яго мала цікавіла тое, аб чым хацеў запытацца.
- Скажыце, калі ласка, у вас сёння ўночы нічога не здарылася на чыгунцы?
Агент зірнуў на яго вострым дапытлівым поглядам, і гэты погляд спалохаў Булановіча.
- А вас чаму гэта цікавіць? - запытаўся агент.
- Я маю на гэта прычыны, аб якіх вам сказаць не магу.
- А хто вы такі?
Булановіч сказаў. Агент, мусіць, здаволіўся.
- Так, у нас было сёння здарэнне...
У Булановіча пахаладзела нутро.
- Якое здарэнне?..
І мімаволі голас яго задрыжэў.
- Сёння а трэцяй гадзіне ўночы цягніком зарэзала адну жанчыну.
Булановіч міжвольна абапёрся аб стол, бо слабасць - цягучая нейкая, ліпкая - паплыла па ўсім целе, падкасіла ногі. Быццам гнёт наваліўся цяжэрны, прыдушыў, прыціснуў, скомчыў пачуццё ў балючы, даўкі клубок. Але яшчэ шавалілася слабая надзея. А мо не яна? Ці мала ж выпадкаў бывае?..
- Слухайце, а яе не пазналі? Невядома, хто яна такая?..
Чакаў адказу як свайго смяротнага прыгавору. А агент адбіваў роўным спакойным голасам. І ўсё дапытліва ўглядаўся ў яго.
- Так, яе пазналі. Гэта - Гарнова, адна камуністка тутэйшая.
Тады быццам парвалася нешта ўнутры ў Булановіча. Быццам адкрылася страшэннае бяздонне і загінула ў ім усё тое, што поўніла жыццё, што давала ўцеху. Заныла ў грудзях пустата, холадам атупіла сэрца, выціснула слязу скупую, балючую.
Потым захацелася ўбачыць яе, зірнуць апошні раз. Здавалася, што тады палягчэе, што тады не будзе гэтай даўкай пустаты ў сэрцы.
- Дзе яна?
- Тут, у пакгаўзе. Вартуюць яе, але вам можна будзе паглядзець.
Як ішлі, Булановіч рыхтаваў сябе да самага страшнага, бо добра ведаў, што можа зрабіць з чалавекам жалезны волат.
Вартаўнік прапусціў іх. Булановіч убачыў на падлозе нешта накрытае брызентам. З краю кроў сочыцца.
Гэта яна! Гэта тое, што нядаўна было чалавекам!
Агент адгарнуў брызент. Адзін толькі момант глядзеў Булановіч. Не мог глядзець, адвярнуўся. Не пазнаў ён Гарновай, бо гэта ўжо была не яна: жалезны волат зрабіў сваё дзела.
Моўчкі выйшаў Булановіч з пакгаўза і ціха пасунуўся ў горад.
Вакол купалася ўсё ў палкім сонечным свеце. Усё ззяла жыццём - вечна маладым, вечна прыгожым, усё пыхала маладосцю і сілай.
Булановіч не ўважаў ні на што. Углыбіўся, утуліўся ў сябе, прыслухваўся к таму, што дзеецца там, унутры. Стараўся ўяўляць сабе Гарнову, будзіў у думках вобраз яе. І калі паўставала яна ўваччу - прыгожая, смутная, - тады ахапляў пякучы жаль. Не верылася, што няма яе. Здавалася - яшчэ стрэнуцца яны, яшчэ будзе тое чароўнае, ружовае, што было дасюль, што аздабляла жыццё.
Сам таго не прыкмячаючы, Булановіч падышоў да дзіцячага дома. З сяродку яго вылучаўся вясёлы, бязрупатны гоман дзяцей. А на ганку сядзеў пануры Абшарскі. Ён спаткаў Булановіча сваім цяжкім, нерухомым поглядам. Булановіч дагадаўся адразу, што Абшарскі ўжо ведае. Ён падышоў да яго, моўчкі прывітаўся. Абшарскі комчыў у руках нейкую паперку. Потым даў яе Булановічу, і той прачытаў:
«Згубіла сваё месца ў жыцці. Дык навошта жыць?
М.Гарнова»
Гэта яна напісала. Гэта яе апошнія словы. Але адкуль узяў гэту запіску Абшарскі? Як яна магла трапіць яму?
І злосць узнялася на Абшарскага. Дурная, прыкрая злосць. Злаваў на Абшарскага за тое, што ён усё ведае, што ён таксама, а мо яшчэ больш, шкадуе яе, што ён таксама любіў яе. І сам адчуваў Булановіч, што злосць гэта нядобрая, брыдкая, але не мог яе пераадолець.
А Абшарскі гаварыў яму з сумным дакорам:
- Вы не ратавалі яе, вы не здолелі... А якая яна была добрая!..
У вачах у яго Булановіч убачыў слёзы. Не адказаў нічога. Адвярнуўся й пайшоў. Ішоў усё шыбчэй і шыбчэй, быццам хацеў уцячы ад гэтага недарэчнага чалавека, ад гэтага дома, ад усяго таго, што перажыў тут, што асадкам гнілым асела на сэрцы.
Гарадскі тлум канчаткова яго ацвярозіў, вярнуў да звычайнай жыццёвай свядомасці. І побач з глыбокім жалем зарадзілася ўнутры нібы здаволенне нейкае.
А мо так лепей? Для яго лепей, бо разарвала тыя ліпучыя путы, павучынне тое атрутнае, што хмелем спавівала волю яго, што цягнула ў прыгожую, але грузкую, дрыгвяную багну.
І лягчэй рабілася на сэрцы. Узнімалася бадзёрасць, смага да гэтага сумятлівага, пярэстага жыцця, поўнага здаровага, магутнага руху.
А тое, што было, адлятала некуды ўдалеч, здавалася даўно-даўно прамінулым, ахіналася туманам зыбучым.
Успомніліся словы Арончыка:
- Кветка пажоўклая...
Так. Кветка пажоўклая. І таму адляцела, адпала ад дрэва жыцця, зволіла месца здароваму, свежаму.
І нямала было такіх кветак, што прыцягнуліся к сонцу Кастрычніка, што закрасавалі ў ім цветам жывым, пышна-дзейным.
Але глыбока ўраслі карані ў атрутна-гнілую глебу, набраклую лёкам смяртэльным.
І не вытрымалі палкага сонца.
Пажоўклі...
Радасць
Чалавек - гэта вір. Глыбокі і цёмны, дна якога не ўбачыць. Не ўбачыць і наогул таго, што дзеецца там, чым жыве таемная глыб гэтага віру.
Мы бачым паверхню яго, пералівы дзівосныя хваль - то буйных, віхурна ўзнятых, то дробных і кволых, як пераборы празрыстага ветрыку па струнах ціхае арфы.
Мы бачым толькі паверхню, а ўглыб зазірнуць, пранікнуць туды, дзе таемным бяздоннем звінулася цемра... О, каб пранікнуць туды! Каб разгарнуць гэты вір і ўбачыць усё, усё чыста, да самага дна...
Або сетку закінуць, каб выняць на свет хаця частку таго, што жыве ў таемным бяздонні...
Мо б бліснулі светлым нябачаным ясныя перлы?
А мо там - глей адзін, ціна, пясок?
Часам у пералівах хваль, што скібамі рэжуць паверхню цёмнага віру, мы бачым адбітак насупленых хмар, душным цяжарам навіслых над намі. Тады мы кажам:
- Гэта Сум.
А часам выблісне сонца і хвалі зайграюць вясёлкай, разарвуць, рассыпяць сонечны бляск у мільёны агнёў-самацветаў, рассеюць наўкола шчодраю жменяй іскры гарачыя. Тады мы кажам:
- Гэта Радасць...
Сонца бывае рознае. То яно - палкае, шчырае - прынікае да самай зямлі, сціскае яе ў сваіх моцных абнімках, цалуе смагла агнёвымі вуснамі. То атуляе нас, песціць ціхай ласкавай цеплю, сагравае нутро, навязвае спакой. А то дык зусім неяк дзіка, недарэчы выгляне збоку, з-за хмар - касавокае - і падражніць, пакпіць над дурным чалавекам.
Рознае сонца бывае.
І Радасць бывае розная...
1
Ён зрабіў цяжкае злачынства: ён забіў чалавека.
Нашто ён зрабіў гэта? Мо хацеў гэтым чаго дасягнуць? Мо знайсці хацеў радасць?
Хто яго ведае. Тады ён не думаў аб гэтым. Наогул не думаў. Ні аб чым. Не мог думаць.
У той вечар, як гэта было, горад заплаканы быў. Камяніцы слязьмі абмываліся - такія панурыя, чорныя. Яны быццам сабралі з цэлага свету шэрую муць і лілі яе ў мокры прагал зарумзанай вуліцы.
Наогул, было ўсё слюнявае, нуднае. У такія часіны звычайныя людзі сядзяць у прытульных кватэрах і цешацца ціхім спакоем. Дзе ж такі знойдзецца дурань, каб шлындаць, як ён, па макроцці і ўбіраць у сябе журботныя слёзы дажджанага вечара!
Таму й вуліцы сёння надзіва пустыя. Калі-нікалі прабяжыць прастытутка ды праплыве часам нехта пад парасонам, прахлюпае важна галёшамі. А то яшчэ дзверы піўнушкі расчыняцца, і півам насычаны гоман выпхне на вуліцу колькі фігур. Хістаюцца, палошчуць у дажджы сіплыя галасы.
Калі стрэнуцца гулякі вясёлыя, у яго ў думках мігне:
«Чаму я сёння не п'яны?»
Дзіўна зробіцца й шкода.
А калі - з парасонам, тады чамусьці ўспомняцца дзіркі ў штанах, у ботах пачуюцца мокрыя ногі і золь мацней цела худое пратне.
Самае ж горшае, калі - прастытутка... Наогул - жанчына. Тады ж сэрца - дык не стрываць. Яно неяк збярэцца ўсё, сціснецца, быццам выскачыць хоча, уцячы. І сам увесь стуліцца, скорчыцца. Здаецца б - знікнуць зусім, праваліцца куды або змыцца гэтым дажджом, што ўжо да касцей дабіраецца. Або...
Эх, каб яна... Узяць так, сціснуць, каб хруснулі і косці... Каб і ў яе, і ў самога дух зацяло, каб упіцца...
І мімаволі кручацца рукі, шукаюць абнімкаў, і мімаволі крывіцца твар у злосна-прагавітую ўсмешку.
Дождж. Золь. Сцюдзёна.
- У-у-у, сцерва!.. Дражніцца... Корчыць невядома каго... курва!..
Стаў на ганку нейкага дома. Знайшоў вачмі халодны ліхтар і распусціў змораны погляд у яго кволым міганні. Не заўважыў адразу, як падышла збоку фігура. Як сказала - хадзем! - тады схапянуўся, зірнуў пад старую хусцінку.
Распухлы твар, размытая фарба. Брыдота...
Штурхнуў з усёй сілы.
- Пашла!
Тая зірнула - і злосна, і жаласна:
- Чаго штурхаешся!
І па звычаі матам прыбавіла. Зашмурыжыла па мокрай панелі. Знікла.
Дождж. Золь. Макроцце. Па ўсім целе прыкрыя дрыжыкі. А крануцца не хочацца. Усё роўна няма куды йсці.
Мо дахаты?
Так, хата ёсць. Не хата - куток. Нават цёплы. Але людзі там, многа людзей, - такіх, што гнятуць сваёй прысутнасцю, што напінаюць у паветры нявідную сетку пільнай варожасці, якая коліць нервы.
Так ужо заўсёды выходзіць. А хто вінават? Можа, і сам ён? А можа, людзі... Усе людзі, увесь свет... і яна...
- Сволач, змяя падкалодная!..
- Любая, харошая, родная...
Каб яе ўбачыць. На рукі ўзяць, цалаваць, мілаваць... Яе вочы... Вунь яны там, дзе ліхтар. Якія ясныя, смелыя. І злыя... Ён найчасцей бачыць злыя...
Каб цалаваць гэтыя вочы...
- Не, не... Сцерва, гадзюка!.. І думаць не варта...
Узбурэнне штурханула з месца. Ізноў пачаў шлёпаць па лужынах.
Дождж троху сціх. Цяпер толькі трубы ўцішку палівалі панель ды дзе-нідзе з шумам зрываўся струмень - невядома адкуль - і разбіваўся аб камень, будзячы ціш звонкім пляскам. Ён трапіў пад адзін гэткі струмень. Здрыгануўся, паслаў некуды моцную лаянку. Пайшоў шыбчэй.
Ён чуў, што злосць усё больш і больш забірае нутро. Знаў, што цяпер ужо не гаспадар сам сабе, што цяпер злосць гэта ім заўладае. І павядзе туды, куды не трэба ісці, прымусіць рабіць дурное, недарэчнае.
А там ужо злосці не будзе. Там горшае будзе. Будзе так, што зробіцца мяккім, агідным, расплывецца, распісціцца. Будуць сабачыя вочы... Ён заўсёды адчувае, выразна адчувае, калі ў яго вочы пачынаюць агідна масліцца, плюскаць недалужна і салавець. Якраз як у сабакі.
Гэта заўсёды бывае. Ён знае гэта і не парадзіць нічога. Бо зазвычай там забярэ яго нешта, заўладае нутром усім, волю скасуе. Заўсёды так...
Ён сышоў з галоўнае вуліцы і пакружыў па завулках. Ішоў шпарка. Не глядзеў пад ногі, наўмысля ступаў проста, шырока, быццам падкрэсліць хацеў, што цяпер ён сабой не ўладае, што цяпер - усё роўна...
А як асталося ўжо блізка, ціха пайшоў. Не таму, што заспакоіўся - не... Сэрца нешта дурэць пачало: то спыніцца, быццам замлее, то раптам сарвецца, заскача, затропае. Калісь нехта казаў - неўроз.
- Неўроз... нервы... неўрасценія... неўрал... трасца ўсякая...
Падышоў да бакоўкі. Адразу, як пачуў, што завалена, замахнуў кулаком, каб паляпаць са злосцю, усмак. Але стрымаўся. Часінку падумаў. Потым схапіўся за плот і пераскочыў.
Пастаяў на месцы, пакуль не растаў увушшу глухі мокры гук. Азірнуў уважліва двор.
Нікога няма, ніхто не ўгледзеў.
Паціху падышоў да акна, зазірнуў.
З момант стаяў, скамянелы. Ногці балюча ўцяліся ў далоні - так моцна кулакі сціснуў. Нахіліўся ўперад, да самае шыбы тварам прынік. У горле даўка застраў прыдушаны крык. Ледзь-ледзь стрымаў яго. Прамычэў толькі, як звер.
Потым ад акна адарваўся, сеў на мокрую лаўку.
- Буду чакаць. Няпраўда, дачакаюся... іш ты... Добра, пастой...
І ўвесь час паўтараў у думках пагрозы. Так лягчэй было, гэта затупляла боль. Але часамі балюча-яскравым малюнкам прарывалася тое, што бачыў там, за акном. Тады па целе едкаю хваляй прабягала турбота. Трудна ўседзець было. Варушыўся, як на вугаллі.
Прайшло многа часу. Можа, сапраўды і не многа, але ж яму цяпер мінуты за гадзіны здаваліся. Ды за даўгія-даўгія гадзіны.
Урэшце пачуліся крокі ў сенцах. Ён схапіўся, прытоіўся. Падаўся наперад, застыгнуў, замлеў. Толькі пальцы нервова перабіраліся, як кіпці ў дзікага звера, гатовага кінуцца на ахвяру.
Расчыніліся дзверы, матнуўся пасмай шырокай сноп свету, расплыўся ў макроцці.
Галасы. Гутарка. Развітанне, мусіць. Потым - высокая фігура на ганках. Да болю знаёмая і нялюбая. Падпявае пад нос:
- Трам-тара-рам-там... ці-та-там...
Кінуцца на яго, упіцца зубамі ў здаволены твар, разарваць гэта горла, каб не дражніла самаўпэўненай песенькай!
А той і стаяў яшчэ, як наўмысля. Прыслухоўваецца. Мо пачуў ворага?
Пайшоў. Не пяе ўжо, а свішча.
- Фю-цю-цю... фю-цю-цю...
Брыдота... Свішча яшчэ, быццам падсміхваецца.
Ляпнула бакоўка. Крокі - на вуліцы ўжо, зусім заміраюць.
- Гэта ж я... прапусціў... пусціў...
І сам дзівіўся, чаму так выйшла. Абмяк. Але зараз успомніў яе і зноў загарэўся. Падышоў да дзвярэй, ірвануў за клямку. Пайшоў.
Яна ўжо клалася спаць, раздзявалася. Дурная, чаму ж дзверы не заваліла за палюбоўнікам!
Яна адразу спалохалася. Ён заўважыў гэта, ён умее сачыць за тварам яе. Але ж яна не такая, каб паказаць сваё замяшанне. Яна стрымала сябе і зусім безуважнай зрабілася. Быццам яе ані-ні не турбуе, што ён к ёй прыйшоў.
О, яна хітрая, яна - змяя! Нават не захінулася. Так і сядзела на ложку без кофтачкі, з голымі рукамі. О, гадзюка! Думала - размякне ён, распусціцца так, як заўсёды... Э, не! Сёння ён не такі. Пачакай, галубка, пабачыш!..
Сеў на крэсла к сталу, затарабаніў пальцамі. Хацеў яшчэ й засвістаць, ды ўспомніў таго, брыдкім здалося.
- Ну, чаго ты прыйшоў?
Пытаецца. Быццам не ведае...
- Начаваць прыйшоў да цябе, во чаго...
- Што, начаваць? Ха-ха!.. У мяне не гасцініца...
- Хіба не ўсім можна?
- Мабыць, і можна каму, але не такому, як ты... Ну, марш, спаць хочацца...
І пачала далей раздзявацца.
О, нашто яна гэта рабіла! Нашто спадзявалася так на сябе!
Ён больш не стрываў. Ён кінуўся на яе, непрытомны. Шалёная страсць злілася з шалёнаю злосцю і затапіла ўсё чалавечае. Астаўся звер.
Ён прыпаў дрыжачымі вуснамі к вуснам яе і адначасна акасцянелымі пальцамі, як абцугамі, сціснуў адкрытую шыю.
Яна трапяталася, хацела вырвацца. Дзе там! Выпусціў тады, як апошні раз здрыганулася і абвяла ў яго на руках.
Адышоўся, сеў ля стала.
Змора... змора... Адна змора... Ні страху, ні жаласці. Безуважнасць глыбокая.
Так сядзеў паўгадзіны. Потым узняў погляд і азірнуў няўцямна пакой. Зірнуў наўмысля ў люстэрка і аслупянеў.
Кроў... на вуснах кроў... у яго. Адкуль яна?
- А-а-а...
Быццам успомніў, задрыжэў увесь чыста. Пачаў азірацца спалохана, як загнаны звер. Адна думка цяпер заняла ўсю істоту:
- Ці бачыў хто? Ці зловяць?..
У галаве памуцілася - цяпер ужо ад страху. Ад вострага, агнёвага страху. Крадучыся, азіраючыся, выйшаў з пакоя, з двара і нырнуў у мокрую цемру...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
А радасць? Дзе ж радасць? І ці можа радасць тут быць? Ці месца ёй тут, дзе чалавек згубіў усё чалавечае, абярнуўся ў дзікага звера?..
Радасць была. Пасля была. Яна ўжо тады зарадзілася, як ён, працяты шалёным страхам, забіўся ў слізкае рыштаванне, што прыхінулася да вялізнай старой камяніцы. Тады ўжо радасць загарэлася ў ім ледзь прыметнай маленечкай іскрачкай.
Яна дзіўна, нязграбна ўткнулася клінам у бурнае мора спалоху, што захлынуў быў нутро. Яна спачатку ледзь кранула ціхім прыткненнем яго сэрца. На твар выдавіла ўсмешку. Не ўсмешку, а след яе - хваравіты, убогі.
- Хе-хе... А мо й не дазнаюцца?
І потым клін гэтай радасці ўсё глыбей і шырэй забіраўся ў нутро, выціскаў памалу спалох.
Больш пачуццяў не было: толькі спалох збітай навалай ды ў яго светлы клік радасці.
Але ж самая радасць была, як хавалі.
Ён пайшоў на пахаванне. Ён заблытаўся ў гурме народу і праводзіў на могілкі цела сваёй ахвяры. Ён глядзеў на людзей, і людзі на яго глядзелі. Гаварылі аб забойстве, здагадкі рабілі. З ім нават загаварвалі аб гэтым. Ён слухаў, усміхаўся ўнутры і думаў сабе:
- Хе-хе... Вось і не ўзналі... вось і не ўзнаеце. А забойца тут, з вамі гаворыць, хе-хе...
Ён усё больш і больш ажыўляўся, ахвотна гаварыў, сам першы заводзіў гаворку. Сэрца рвалася ад затоенай радасці, і хацелася гаварыць. Многа-многа, са ўсімі.
Жалобна ліліся гукі аркестра, узмывалі наўкола цягучыя хвалі журбы. Здавалася, само паветра васенняе раставала ад гэтых жалобных гукаў і асядала на дол ціхім плачам. Жалкавала аб бязвінна загубленым жыцці маладым.
А ён не чуў гэтага. Яму гукі аркестра былі цудоўнай уторай радасці. Яны злучаліся з радасцю, абмываліся ў ёй і пераліваліся ў гулліва-пабедную музыку.
Ён аж корчыўся ўвесь, стуляўся, сціскаўся, каб не выказаць свайго пачуцця. Хацелася голас падаць. Не закрычаць, а піскнуць хацелася - тонка-тонка і дзіка... А потым - кульнуцца катком, пакаціцца па мокрым бруку.
А ў паветры жалобна ліліся гукі аркестра.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Сонца бывае рознае. Часамі яно неяк дзіка, недарэчы выгляне збоку, з-за хмар - касавокае - і падражніць, пакпіць над дурным чалавекам.
Рознае сонца бывае...
І Радасць бывае розная...
2
Я сам сваймі вачмі бачыў той стол. Ён стаяў, неўзаметку прыткнуўшыся да вялізнае паліраванае шафы, у самым брудным кутку гарадскога рынку. Шафа стаяла паважна і салідна - такая шырокая, тоўстая, як гандлярка з суседняга рундука. Здавалася - во-во падшмаргне падолле, схопіць пад пахі акольныя рэчы і паплыве па кірмашовай гразі.
А стол гэты ціхенька, моўчакам прытуліўся пад бокам у шафы і палахліва пазіраў на купцоў, не чакаючы ад іх нічога добрага. І праўда, калі хто й заўважыць яго, дык толькі штурхне пагардліва - і пайшоў. Ён затрасецца на слабенькіх ножках, паенчыць і зноў прыхінецца да шафы.
Стол быў складаны: дошка на дзве палавіны. Цяпер адна з палавін недалужна звісла далоў. Быццам саромеўся стол сваіх ног і схаваў іх ад людскіх поглядаў.
Я колькі раз прайшоў каля гэтага стала і не прымеціў, каб хто ўсур'ёз ім зацікавіўся. Я думаў ужо:
- Навошта лам'ё гэта вынеслі? Хто яго купіць?
Але я памыліўся. Знайшліся купцы.
Я не гандляр і не маю гандлярскага спрыту. Але я адразу згадаў, што яны хочуць, усур'ёз хочуць купіць гэты стол. Яны не спыніліся нават, прайшлі міма - нібыта што... Але ж гэты позірк і потым гэты стрымлены крок, разважанне, нясмелыя рухі рукамі ў той бок, дзе стол... О, нас з гандляром не паддурыш!
Яны былі ўдваіх: пажылая жанчына і хлапец гадоў дзесяці.
Уся худая фігура жанчыны, твар яе, рухі - усё працята было той застыглай смутнай сур'ёзнасцю, якую можа выснаваць толькі цяглае шматгадовае гора. Дый вопратка - досыць зірнуць толькі: рыжая паддзёўка - абшарпаная, з плямамі; спадніца, убога абвіслая; чаравікі... не чаравікі, а так нейкі дзіўны, недарэчны абутак, - мабыць, апоркі, ці што... З усяго выглядае гарота.
А хлапец? Што ж хлапец... У яго - цікавасць. У яго й вочы - дык як не вырвуцца толькі: бегаюць, гараць.
Яны прайшлі разы са два яшчэ воддаль, потым пастаялі, адвярнуўшыся ўбок, і тады падышлі ўжо к сталу.
Жанчына павярнула яго, паківала, а хлапец дошку падняў, зазірнуў. Потым яны пачалі таргавацца.
О, як таргавалася гэта жанчына! Яна надбаўляла толькі па дзесяць капеек і гандляра прымушала на столькі ж збаўляць. Як яна ганіла стол! Колькі знаходзіла ў ім недахвату! Як спрачалася з гаспадаром, калі той яго бараніў!
А хлапец усё нікаў каля стала і тож заганы шукаў. Калі знаходзіў, ён з пачуццём вялікай пабеды паказваў на іх. І вочы яго гарэлі шчырым здаволеннем.
Урэшце яны старгаваліся і ўрачыста паняслі свой здабытак праз рынак. Чуваць было, як яны, ідучы, суцяшалі самі сябе, даводзілі адзін аднаму, што стол добры, што ён не вельмі ківаецца, што «тую ножку можна прыбіць», што наогул заган асаблівых няма - не горш за іншага новага.
Я прагледзеў усю гэту сцэну. Мне неяк не па сабе стала, я расчуліўся. І маё сэрца радзіла мне казку. Я раскажу яе зараз.
Але ці казка гэта? Мо гэта так і было? Мо гэта не казка, а праўда жыцця?..
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Гэта была сям'я рабочага. Сям'я такая... Гаспадар - чорнарабочы, чалавек з вечна змораным тварам, на якім жыццё пасеяла столькі маршчынак, колькі перацягнуў ён тачак цяжкіх, набітых пяском. У якога жонка - жанчына, працятая тэй застыглай смутнай сур'ёзнасцю, якую родзіць шматгадовае гора. І дзеці: дзяўчынка - трынаццаць гадоў, хлапец - гадоў дзесяць і другі - гады тры.
Жыла сям'я гэта ў убогай кватэры на акрайным брудным завулку. Кватэра ў іх у два пакоі. У адным удоўж і ўпоперак ложкі - гэта спальня. А другі - зала, сталоўка і г. д. Тут і мэбля стаіць, гэта значыць: шафа, стол і чатыры крэслы.
Гэты другі пакой шмат гадоў быў галоўным цэнтрам сямейнага жыцця. І праз увесь гэты час у ім быў пусты адзін кут. Недарэчна, дзіка пусты. Пусты - бо не ставала мэблі, каб запоўніць яго.
Гэты кут сваёй пустатой халадзіў увесь пакой, быццам глытаў бяздонным зевам сваім прыветную цепль сямейнага шчасця. Ён не даваў звіцца ў сям'і радаснай, ціхай прытульнасці. Ён напамінаў, крычаў зларадасна аб бядоце, аб цяжкіх нягодах жыцця. Ён - страшэнна, жорстка пусты - уліваў пустату і ў жыццё гэтай сям'і.
Бывала так: збярэцца сям'я, адпачывае. Ціхамерная згода гатова ахутаць усіх сваім лёгкім крылом. Во-во ўжо, здаецца, прыйдзе і цёпла зайскрыцца ў пакоі радасць. Але зірне каторы ў пусты халодны куток і ўспомніць. І пяройдзе да ўсіх, і пратне ўсіх жорсткім павевам скразнік непрытульнасці, злосна выштурхне радасць з пакоя.
Во як бывала...
І вось, урэшце, у сям'ю беднага рабочага прыйшла радасць. Яна ўвайшла ў хату разам з сталом, што прыцягнулі з рынку матка і сын. Яна зусім відочна, прыметна ўвайшла, як нейкая жывая істота.
Яе першая стрэла дзяўчынка-дачка.
Дзяўчынка ў трынаццаць гадоў... Як можна апісаць яе радасць? Ці ёсць словы такія - жывыя, агнёвыя, - якімі б выказаць гэта? Ці мо апісаць выяўленне надворнае гэтае радасці? Мо расказаць, як скакала яна, як пляскала ў ладкі? Мо расказаць пра бляск яе вочак - чыстых, як у крыніцы вада?..
Не, лепей во што...
Яна пацалавала свайго мурзатага брата. Той пачаў быў яе сунімаць, усцішаць. Бо ён жа сур'ёзны зусім, ён з мамкай сам купляў гэты стол, у яго й шапка аблезлая на самыя вочы важна насунута. А яна тады абхапіла яго і пацалавала.
Сястра пацалавала брата. Сястра - брата... Ну, годзе, здаецца?..
Дык вось як стрэла дзяўчынка радасць.
Гэта было ўжо шэрай гадзінай. Неўзабаве прыйшоў гаспадар. Запалілі святло, пілі чай. Пілі, вядома, за новым сталом, хоць і нязручна было. Гаманілі, смяяліся. Дзеці дурэлі. Словам, было так, як заўсёды бывае, калі ў госці прыходзіць радасць.
А потым прачнуўся малы. Заплакаў, заенчыў у спальні - так жаласна, квола. Ён хворы, ён заўсёды плача, як прачынаецца.
Дзяўчынка пабегла, прыцягнула яго.
- Ціху, дзетка... ціху, ну... Глянь, вунь стол... Паглядзі!..
У дзіцяці на твары застыгла плаксівая міна. Часінку моўчкі глядзеў, плюскаў ад свету вачмі. Потым ажывіўся, матнуў парыўчата ручкамі.
- Стол, стол... Тата, гэта стол... Вунь ён...
І худзенькі тварык яго, яшчэ мокры ад слёз, сагрэўся любай чыстай усмешкай.
- Хацу на стол... сесці хацу...
І яго пасадзілі. Рассунулі шклянкі і сярод іх пасадзілі. Сёння ж можна, сёння тут радасць, а радасць - апека дзяцей. Ён сядзеў на стале - шчаслівы, здаволены, - ваяваў пабедна рукамі і гвалтаваў бесперастанку:
- Стол, стол... гэта - стол...
Як скончылі чай, не ўсталі з-за стала. Сядзелі ўсё, гаманілі, смяяліся. Была радасць, была прытульнасць і ціхае шчасце.
А пасля і зусім разышліся. Пачаў гаспадар. Ён выцер распараны твар, вальготна адкінуўся на спінку крэсла і зацягнуў грубым расшчэпленым голасам, рыпучым, як заржавелы блёк...
Дзеці ўраз падтрымалі яго. А тады і гаспадыня не ўцярпела: замылілася соладка і падвяла тоненькім-тоненькім галасочкам.
...У бары зязюля
Кукуе,
Ніхто зязюлі
Не чуе...
І было так цёпла, так светла...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Бывае часамі, што сонца атуляе нас, песціць ціхай ласкавай цеплю, сагравае нутро, навявае ціхі спакой.
Бывае сонца такое...
І такая Радасць бывае...
3
Ён бег два дні. За гэты час ён раз толькі еў і спаў усяго тры гадзіны. Спаць лёг тады, як ногі зрабіліся драўлянымі і на павеках павіс непасільны цяжар. Не лёг, а паваліўся.
Ён бег дзень і ноч. Удзень ён смагла ўпіваўся стомленым вокам у бесканцовую стужку гасцінцу, быццам хацеў працяць сваім зіркам пустую маўкліва-спакойную даль.
А ноччу... Ноччу горш. Цёмная ноч - яна што пялёнкай якой абаўе. Чорнай, ліпучай. На самыя вочы назолліва ліпне гэта пялёнка. Здаецца - скінуць яе, адхінуць бы. Бо цяжка так, нудна блытацца ў цемры. Але - нязмога...
А змора якая! Баліць усё чыста. Баліць і нямее, заходзіцца ў нейкай мутарнай млосці. Легчы б, рынуцца долу. Хоць тут, на брудны пясок. Рынуцца і заплакаць, галосна так зарыдаць, каб страсянуць гэта нямое, нячулае поле, каб працяць яго сваім невымоўным болем.
Але так не ўвесь час. Бывае, што зусім забываецца змора, забываецца крыўда і ўсё. Ён ідзе тады, як лунацік, нічога не бачыць, нічога не чуе. Уваччу - ласкавай зданню любыя твары.
Дзіўна гэта: як калісьці разам жылі, дык не было, здаецца, гэткага пачуцця. Ну - брат, ну - сястра, свае, як кажуць. А каб так жалець - дзе там! А цяпер - паўжыцця аддаў бы, каб толькі ўбачыць, каб знайсці іх там, у горадзе.
Разбушавалася гэта. Разгарэлася, расшугалася полымем - морам агнёвым, пайшло злосна-кіпучымі хвалямі. І расштурхала ўва ўсе бакі, развяло гвалтам па свеце далёкім. Хто куды...
Цяжка было. Ані вестачкі. Чужыя людзі, чужы край. Кідаюць хвалі, як трэску, абдаюць сваёй пенай - шалёна-крывавай. І не відаць знаёмага берагу, і не чуваць прыветнага голасу.
Так было з год. Але ж год усякі бывае. Іншы дык здаецца за цэлую вечнасць. І потым - як гэта выйшла неспадзявана так, раптам... А якой радасцю агарнула гэта нечаканая вестка!
Брат і сястра... Жывыя, здаровыя... сто вёрст усяго...
Эх, паляцець бы птушкай туды! Перапырхнуць бы праз гэты парог, што крывавай мяжой падзяліў свет на дзве палавіны!
Але яшчэ давілі паветра злосна-бурклівыя выбухі, яшчэ даляталі жорсткія водгукі смяротнае бойкі.
Гэта было непасільнай мукай. Часам нібы ашалелы, нібы звер, засаджаны ў клетку, бегаў, ірваўся, скрыгаў зубамі. А як, урэшце, пад напорам чырвонага шквалу адкаціўся далёка смяротны парог, адразу схапіўся і рынуўся, поўны шчымлівай трывогі, туды, за сто вёрст.
Ён бег два дні. Ён забываўся на змору, прынамсі, стараўся забыцца. Яшчэ стараўся так, каб не думаць, каб не было нічога ў мазгах, каб адзін гэты стары гасцінец нутром заўладаў, расплыўся па ім сваёй бесканцоваю жоўцю. Бо калі думкі, дык яны пачыналіся прыгожай радаснай марай, але потым немінуча ўпіраліся ў калючую сцяну трывогі.
І тады садніла сэрца прадчуваннем нядобрым, і па целе цякла цягучая, млосная змора.
Тады хацелася рынуцца долу і заплакаць, зарыдаць на ўсё поле...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
У горадзе раніца бывае сур'ёзная, ціхая. Там не пачуеш пярэстага жвавага шчэбету птушак, там і галузы-скачкі не ашаломяць з квяцістае воўны-травы сваім сухім верашчаннем, сваімі дуронымі дзікімі спевамі.
У горадзе - важна, спакойна. Камяніцы - нібы вяльможы заспаныя - такія сярдзітыя, хмурныя. Не любяць, калі адзінотны хаджалы не ў пару разаб'е іх спакой сваймі паспешнымі гулкімі крокамі.
І сонца ў горадзе зранку бывае нейкае несуразнае. Нікае па гары, гладзіць галовы сівыя старым камяніцам. Ліслівае, убогае нейкае...
Ой, гэты горад! Ён такі безуважны, нячулы. Наўды яму, што нейкі там абшарпаны хлапец шмурыжыць бясконцу панелі, шукае чагось усё ранне. Хай пашукае, хай пашмурыжыць. Мо й дарма? Мо й не знойдзе нічога? Няхай!..
Што там, што слёзы ў яго набягаюць ад зморы і дасады! Эт, слёзы! Горад бачыў не толькі слёзы. Ён бачыў і кроў. Ён мыўся ў гэтай свежай чырвонай крыві - чалавечай крыві.
А хлапец упарты, відаць. Ён абышоў увесь горад, ён перапытваў сотні людзей, а ўсё-ткі знайшоў.
Маленькі, крывенькі домік. Уціснуўся ў цесны завулак, ціхамірна сагнуўся, прысеў. Шэры, падслепаваты дзядулька.
Хлапец пастаяў, паўзіраўся ў яго. Паляпаць не важыўся. Неяк страшна, аж сэрца заходзіцца.
Няўжо тут во, поплеч, свае, родныя? Няўжо зараз убачыць іх, няўжо зараз атуліць мяккім прыветам цёплая радасць?
Год жа. Цэлы год... больш году нават...
А калі ды няма? Калі ды зноў штурханула, адкінула бура?
Рукі трасліся, як браўся за клямку. І калі ў адказ толькі заныла, сабраўшыся ў напружаны згустак, ціша, хацеў, каб даўжэй яна працягнулася, каб не пачуліся адразу крокі там, за дзвярмі.
Мо спяць яшчэ... Пакуль прачнуцца, устануць...
Толькі праз колькі хвілін паляпаў ізноў. Ізноў слухаў густую напружаную ціш. Потым зноў ляпаў, зноў слухаў. Доўга так, пакуль не працяў нечаканасцю грубы воклік адзаду:
- Чаго ляпаеш! Бачыш - нікога няма...
- Як... што...
- Жылі тут, а потым забраліся... Не забраліся, а забралі...
- Хто?
- Вядома хто, белыя...
- Хто жыў тут?
- Людзі жылі.
- Якія?
- А хто табе трэба, га?
Як тут... слоў не знайсці, не падабраць...
- Брат тут з сястрой... ён высокі такі... гадоў трыццаць...
- А, кватаранты... Былі. Тож забралі...
Ну... што яшчэ?.. Усё?..
Нейкі туман пусты ў галаве. Усё наўкола шэрае, нуднае. І змора... Непамерная, едкая змора. Ногі падламваюцца...
Сеў тут жа на парог. Абмяк, апусціўся.
Доўга сядзеў. Не помніў колькі. Узняўся тады, як заўважыў, што людзі праходзяць, што ўсе пазіраюць на яго з задзіўленнем, з падазронасцю. Устаў тады і падаўся да шумлівага цэнтру.
Цяпер - жывы муравейнік. Людзі, людзі... Мітусяцца, як пярэстыя рыбкі-маляўкі ў крыштальнай вадзе чыстае рэчкі. Спяшаюцца ўсе, усім часу няма.
А сонца паднялося ўжо, пасмялела. Яно ўжо не туляецца недзе па вільчыках, а абхапіла цалком камяніцы, паліць, падсмажвае. Аж млеюць вяльможы паважныя, задыхаюцца ў душнай спякоце.
Ён доўга хадзіў без усякае мэты па вуліцах. Потым прыхіліўся ў цяньку да будынку, углыбіўся ў сябе.
Зноў - туман, пустата. Зноў - едкая змора...
Раптам здалёку недзе пачулася музыка. Яна прылятала густымі квяцістымі абрыўкамі, і гэтыя абрыўкі адкладаліся ў сэрцы нечым чароўным такім і далёкім-далёкім, як сіняе неба. Яны настойна гаварылі аб нечым, яны напаміналі нешта балюча-салодкае, даўнае.
Ён смагла лавіў гэтыя абрыўкі ўрачыстае музыкі. Ён хацеў запоўніць імі пустату, што шчымела ўнутры.
А музыка ўсё расла, усё набліжалася. Яна ўжо злілася ў пабедны ўрачысты гімн і плыла шырокімі, моцнымі хвалямі, адбівалася працяжлівым водгуллем у мураваных сценах будынкаў.
І была ў гэтым гімне ўрачыстым вялікая радасць. Такая радасць, што расцвітае дзівосна яскравым праменнем, што захапляе, хвалюе глыбока душу агнёвым бурлівым уздымам, што распаляе тысячы сэрцаў боем адным - віхурна-напружаным, што родзіць буры, родзіць пабеды. Такая радасць была.
А ён стаяў адзінотны, пакінуты і толькі ўбіраў у сябе, смагла ўбіраў гэтыя прыгожыя гукі. Яны растаплялі сэрца яго так, як вясновае сонца камлыгі шурпатага снегу. І яму хацелася ціха-ціха заплакаць...
Замятушыўся народ, засноўдаўся гурмай паспешнай. Потым усе ў адзін бок падаліся. У сонцы яркай крывёю зардзелі чырвоныя сцягі. Многа сцягаў - цэлае мора.
І перамяшалася ўсё: магутныя гукі аркестра, і песні радасна-звонкія, і гоман народу - бурлівы, густы. Перамяшалася ўсё і злілося ў адно - у ўсёабдымную радасць.
Раптам нехта крануў яго за руку.
- Таварыш! У маніфестацыю!..
Ён здзіўлена азірнуўся.
Якая гэта дзяўчына з такімі гарачымі вачмі? І што яна да яго?
- Ну, пойдзем, таварыш, хутчэй!..
Чаго столькі ласкі, прывету ў яе бліскучых вачах? Чаго яна гэткай добрай, блізкай здаецца? І чаго гэта ў горле так перасела, што не можна й слова сказаць? А сказаць... каб сказаць усё чыста... Або проста заплакаць у яе на грудзях...
- Таварыш, пойдзем... Я знаю, вам дрэнна... У мяне тож бацьку забілі...
Яна ўзяла яго за руку і пацягнула ў народ.
Чырвоныя, ярка-чырвоныя сцягі... Музыка, песні, гоман бязмежны... І сонца... Якое гарачае сонца!..
А тут, збоку, гэта дзяўчына. Яна тож пяе. У яе голас такі ўзняты і вочы блішчаць захапленнем... Чаго яна такая добрая? Як сястра, якую забралі, якой не заспеў тут, у горадзе.
Яна зноў узяла яго за руку.
- А вы ведаеце, якое свята сягоння?
Яму сорамна прызнацца, праўду сказаць. Але ёй можна...
- Не, не знаю.
- Мы святкуем сёння вызваленне ад белых... ад тых, што майго бацьку забілі, што хацелі ў ланцугі нас усіх закаваць. Іх прагналі далёка-далёка, яны не вернуцца больш...
Ага. Вось яно што... Бацьку забілі... Прагналі ўжо... Дык і ў яго ж... Трэба сказаць, ёй сказаць, гэтай дзяўчыне...
- Слухайце! У мяне брата й сястру забралі... З сабой павялі, а мо забілі...
Яна зірнула на яго з ласкавым спачуваннем.
- Многа забілі. Кроў лілі, руйнавалі. Але мы перамаглі і вольнымі засталіся. Таму святкуем і радуемся. І вы павінны радавацца разам з усімі... Вы вось зірніце наўкола, прыслухайцеся да ўсяго гэтага, і вы забудзецеся на тое... і радасць пачуеце...
Ён прыслухаўся да ўсяго, увабраў, быццам удыхнуў у сябе ўсю ўрачыстасць, усё захапленне народнае. І пачуў радасць. Яна неяк ураз захлынула яго, узняла на сваіх бурапеністых хвалях, спаласнула нутро, вымела змрочныя цені журбы - і зайскрылася пералівамі чыстымі - светлая і гарачая, як паўдзённы блакіт глыбокага неба.
Яму хацелася пець, але ён не знаў слоў гэтых песень. Ён да дзяўчыны звярнуўся:
- Слухай, ты мне кажы словы песні, бо я іх не знаю. Я буду пець таксама...
І ён пеў. І голас у яго быў дзіўна ўзняты, а вочы блішчэлі захапленнем...
Гарачая чырвань. Пабедная музыка. Звонкія песні. Гоман народу - бурлівы, густы.
І над усім - агнёвае сонца.
І над усім - агнёвая радасць...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Часамі сонца - палкае, шчырае - прынікае да самай зямлі, сціскае яе ў сваіх моцных абнімках, смагла цалуе агнёвымі вуснамі.
Бывае такое магутнае сонца...
І бывае Радасць такая...
Смерць
1
За акном палахліва ўцякаюць назад ускудлычаным роем валокны бруднага дыму. Скрозь іх далёкім прыветам яшчэ раз мігнулі высокія вежы Масквы, нібы наўздагон яшчэ адну ўсмешку паслалі апошнюю. І потым ужо - зялёнаю роўняддзю пожні бязмежныя, ручнікі жоўта-бурыя збожжа. Дзе-нідзе воўнай сукрыстай хмызняк, дарожкі гарэзна-крутлявыя. Усё назад уцякае - з падскокам неяк, жартуючы. Усё на ляту нібы зазірае з цікаўствам у вокны вагона.
Раговіч стаіць ля акна. Узлёгся на стол, абапёрся сівой галавой на далоні і ўпяў нерухомы пагляд у той бок, дзе толькі што знікла Масква. Яшчэ ў старых грудзях бурліць захапленне, яшчэ слёзы цякуць раўчакамі па зрытым, зморшчаным твары.
Добрыя слёзы такія. Яны салодаччу цёплай палошчуць нутро і быццам змываюць з твару старога сляды ліхалецця мінулага, сляды перажытай гароты. Добрыя, цёплыя слёзы...
Раговіч - стары барацьбіт. Ён злучыў быў жыццё сваё з рэвалюцыяй, жыў толькі ёй і аддаў ёй усё, што мог і што меў. Толькі жыццё адно нейкім дзіўным выпадкам асталася. Колькі раз - не злічыць цяпер - думаў ужо, што й гэта аддасць. І хацеў аддаць, не баяўся. Але выходзіла так, што смяротныя хвалі міналі яго - і жыццё аставалася.
А цяпер жыццё гэта - толькі прыліка адна. Не жыццё, а цьменне маруднае. Нібы забытае вогнішча, што кінулі ў лесе начлежнікі.
Ужо два гады, як тое, чым жыў калісь, бушуе, бурліць недзе воддаль, не чапае яго. Ён аддыхае ў самоце, ён дагарае ціхім, марудным агнём.
Цяпер ён не вытрымаў быў. Бо падышло да горла, грудзі сціснула, загарэлася полымем жаркім. Пацягнула ў тое агульнае жыццё - маладое й магутнае. Хоць паглядзець, хоць падзівіцца. А тады й памерці ўжо, навошта марудзіць яшчэ.
Сабраў усе сілы, паехаў у Маскву. Глядзеў, дзіваваўся, поўніўся радасцю, адчуваў глыбокае шчасце. І цяпер во тут, на вакзале... прыйшлі выпраўляць. Віталі, прасілі яшчэ прыязджаць, жадалі, каб жыў доўга-доўга. Усё - свае, старыя сябры, таварышы па жыцці, па змаганні. Яны яшчэ моцныя, яшчэ працуюць, змагаюцца. Жыццё будуюць, тое, аб якім марыў ён з малых дзён.
Кажуць - жыць доўга. Не, навошта, не трэба. Цяпер ён можа памерці. Ціха, спакойна, так, як памірае той, хто бачыць, што мэта жыцця яго здзейснена...
З аднамернай бурклівай гаворкай перабягаюць па рэйках спрытныя каткі вагона. Зюкаюць аб нечым лагодна. Мо напамінаюць мінуўшчыну слаўную?
Гэта мінуўшчына ў Раговіча ўжо зацягнулася зыбкай пялёнкай туману і ледзь-ледзь свіціцца скрозь гэту пялёнку. Толькі часамі, калі ўскалынецца нутро, калі і сэрца заб'ецца на момант так моцна, так свежа, як калісьці даўней, тады ў галаве быццам маланка бліскае і разрывае пялёнку забыцця. Тады кавалкамі вырываюцца з туману ўспамінкі і цешаць старое сэрца.
Вось і цяпер, як у Маскве быў. Там жыў мінулым, быццам перажываў нанова тое, на што ўжо забыўся быў, што ў нябыт адышло. І як выязджаў - тож успамінкі роем жывым мітусіліся, у прыгожую стужку звіваліся і поўнілі сэрца радасцю цёплай.
Але поезд далей і далей усё нёс ад Масквы, і ападалі гарачыя хвалі ўздыму. Нутро зноў прастывала, зноў халадзела, і пялёнка - такая шчыльная, непраглядная - зацягвала, хавала ўсё чыста. Аставаўся спакой - пусты, халодны спакой, безуважнасць глыбокая.
Старасць. Сіл няма. Нязмога нават думаць, варушыць успамінкі. Хай яны там, за пялёнкай. Нашто яны старому, слабому, каму мо тыдзень ці два засталося пражыць? Лепш хай будзе гэты спакой, хай гэта пустач, хай не будзе нічога, схаваецца ўсё за пялёнку.
Раговіч адышоўся ад акна і сеў на канапу. Мяккая канапа - спальны вагон. Для старых касцей гэта добра. Прыемна так апусціцца з вальготай, сагнуцца, згарбаціцца і сядзець ціхенька, нерухліва. Ні аб чым не думаць, нічога не шкадаваць, нічога не чакаць. Так бы й да смерці да самай, каб ніхто не крануў, не патурбаваў. Спакой бязмежны, глыбокі.
У купэ нікога няма. Гэта добра, бо пустата спрыяе спакою: не зачэпіць ніхто лішнім словам, не парушыць цішу лішнім гукам. Толькі каткі мякка пагрукваюць, перабіраюць старанна ўпругія рэйкі. Лагодна зюкаюць нешта.
У купэ ўжо змрок павісае, плаўна калышацца разам з вагонам, ходзіць уваччу, замятаецца доўгімі пасмамі. Ужо вочы старыя не бачаць нічога, апрача гэтага нуднага, аднастайнага віхання змроку.
- Можа, легчы заснуць?..
Падумаў пра гэта дый адразу забыўся - памяць не служыць ужо. Так і застаўся сядзець - сагнуўшыся ў крук, да калень бараду сівую звесіўшы, вочы шырока расплюшчаныя ўпяўшы ў валакно рухавага змроку. Твар скамянелы застыў у глухой нерухомасці і толькі паволі раз-пораз гоўтаўся ад мерных уздрыгаў вагона.
2
Расчыніліся дзверы. Увайшоў праваднік. Спакваля, не спяшаючыся, запаліў на столі ліхтар, зацягнуў на акне занавеску.
Раговіч яго не заўважыў. Усё сядзеў у адной застыглай постаці, усё недалужна, млява ківаў сівой галавой.
Праваднік пастаяў з мінуту, паўзіраўся ў яго.
Потым ціха, з нейкай апаскай спытаўся:
- Вы, можа, хворы?
Раговіч здрыгануўся. Невядома чаму, словы правадніка яго спалохалі, працялі вострым жахам. Здалося яму, што праваднік баіцца, каб ён не памёр - зараз, во тут, у даручаным яго прыгляду вагоне. І пачуў яшчэ ў тоне правадніка нешта чужое, халоднае, не сагрэтае ані кропляй спагады, - такое сухое, казённае. Быццам правадніка зусім не цікавіць, як яму - ці дрэнна, ці добра, ці баліць што, ці не. Абы не памёр тут, у яго вагоне, абы давезці да месца, высадзіць вон. А там - якая справа яму? Хай сабе памірае, бо ўсё роўна нядоўга засталася жыць.
Крыўда гарнула. І злосць на гэтага здаровага з лупатым драўляным тварам чалавека. Чаго яму трэба? Хай жыве, калі здаровы такі, дужы, як вол. Чаго кратае старога, хворага?
Шкода стала сябе. Так, што слёзы набеглі. Загаварыў шапялявым, абрыўчатым і нейкім слязліва-ўзнятым голасам:
- Мне нічога не трэба... Калі ласка, пакіньце мяне... Можаце йсці...
Праваднік няўцямна паціснуў плячмі і выйшаў.
Зноў ціха й пуста. Раговіч з патугай, крэкчучы, узняўся і зашчапіў дзверы. Зноў сеў на старое месца. Апусціўся, сагнуўся і заспакоіўся. Але недзе глыбока-глыбока нешта шчымела, нейкі прыкры балючы асадак астаўся.
З галавы праваднік не выходзіў. Усё крыўда была на яго, і ўсё луналі ўваччу яго дужыя плечы, яго чырвоны, наліты сакавітаю свежасцю твар, лупатыя, поўныя нейкай самадавольнасці вочы. Хацелася забыцца на яго, выкінуць вон з галавы, ды нязмога была. Дзе там! Яшчэ нават цягнула, каб зноў убачыць яго, каб глядзець, упівацца вачмі ў яго дужую постаць і адчуваць гэту вострую, шчымлівую злосць на яго, на яго сілу, здароўе.
Гэты праваднік, здавалася, прыйшоў з нейкага чужога для Раговіча свету, які ад яго аддзяліўся, да якога ўжо ён нічога не мае. Прыйшоў, каб напамянуць аб тым, што чакае яго, што навісла над ім немінучай пагрозай. І прыход яго быццам пакінуў нешта тут, у купэ, - цяжкое, халоднае, прыкрае. Быццам падышло цяпер, блізкім, фізічна адчувальным зрабілася тое, што мінуту назад было яшчэ гэткім далёкім, нязначным. Быццам нешта прывеў з сабой праваднік і запытаў у яго, у Раговіча:
- Вы, грамадзянін, гатовы ўжо? Вам трэба гэта?
Праваднік выйшаў, а гэта тут з ім, асталася ценню халоднай.
І гэта - смерць.
Раговіч дасюль ні разу яшчэ не думаў стала аб смерці. Гаварыў ён, праўда, часамі:
- Стар я, паміраць буду зараз.
Але гэтае «паміраць» не мела для яго пэўнага сэнсу і пэўнае формы. Гэта было слова, якое ён чуў ад кожнага старога, якое сам пачаў гаварыць з таго часу, як завілася ў барадзе першая белая пасма. Гэта слова ўвайшло ў звычай, у абыкласць, ён ужываў яго так, як, напрыклад: «спаць пайду», «будзем палуднаваць», «хочацца піць» і г. д. Думаць аб тым, як гэта прыйдзецца паміраць, што гэта смерць, што яна прынясе з сабой і як яе трэба сустрэць, - аб гэтым думаць не выпадала.
І вось раптам яна падышла. Блізка зусім, так, што чуваць яе подых халодны. Падышла і быццам сказала зларадасна:
- Вось і я. Мо пазнаёмімся?
І ў першы раз Раговічу страшнай здалася смерць. І ў першы раз думкі аб смерці, аб блізкай зусім, немінучай, апанавалі навалаю жудаснай. Ён памыкаўся іх выгнаць, не пускаць к сабе ў галаву, каб сціхамірыцца, каб аддацца зноў пустому халоднаму спакою.
Так было б лепей. Не думаць, не знаць - і памерці.
Але ўпіваюцца з болем вострыя, колкія думкі. Так неяк... Пуста, няма нічагутка, здаецца, ужо і добра. Але раптам асцярожна збоку заходзіць, заходзіць і становіцца перад вачмі перад самымі... Праваднік. Тоўсты, здаровы, чужы. І з ім - жудасны холад магільны, з ім - смерць, страх перад ёй. І думкі - напружныя, жорсткія.
Вочы самі сабой шырока расплюшчваюцца, поўныя жаху, нервова сморгаецца сівая галава, і пагбаныя старасцю рукі - сухія, драўляныя - пачынаюць трэсціся як у ліхаманцы. І гняце, давіць старыя мазгі непакойнае, упартае:
«Смерць... Што яна? Навошта яна? Як пагадзіцца з ёй, немінуючай?»
А ночка плыве так марудна, так ціха і аднамерна, нудна брукуюць няўтомныя гаварлівыя каткі.
Колькі разоў прыходзіў праваднік. Лясне зашчэпкай, расчыніць дзверы й зірне на яго з відочнай апаскай, з халоднай турботай. І, як правяралі білеты, таксама глядзелі ўсе на яго з падазронасцю нейкай. Але не гаварылі нічога.
Як выходзілі людзі з купэ, Раговіч думаў:
«Хоць бы даехаць, хоць бы тут не памерці, у вагоне...»
І тады ўжо здавалася, што толькі гэтага й страшна, страшна, каб не памерці ў дарозе. А як прыедзе да месца, тады і страх гэты мінецца, тады спакойна сустрэне смерць. Гэта супакойвала троху. Думкі аб смерці не былі ўжо гэткімі вострымі, колкімі, нібы адсуваліся некуды ўдалеч. А на іхнае месца раслі думкі аб дарозе, аб тым, каб даехаць хутчэй, каб наогул даехаць, не скончыць жыцця свайго тут.
Пад ранне напружная праца мазгоў змарыла зусім. Старое цела абвяла, галава недалужна на грудзі схілілася - і заснуў-задрамаў неглыбокім абрыўчатым сном, якім звычайна спяць старыя людзі.
3
Шаўлюжкі-коні беглі трушком. Карахвашка падбрыквала то адным, то другім катком на карэннях, і ў такт гэтаму то ў адзін, то ў другі бок перавальвалася шырокая спіна фурмана.
Лес уціснуў вузенькую дарогу ў свой цёмны гушчар, поўны глухога зацішша. Старавечныя разложыстыя бярозы падпаўзлі да самай дарогі, прыселі ў мох і застыглі ў сваіх пакарожаных постацях - магутна-маўклівыя, хмурыя. Нямой цішынёй працяты быў лес, урачыстым глыбокім спакоем.
Спакой агарнуў і Раговіча. Тое, што ноччу было, навальніца тая душэўная, знікла цяпер, і на месца яе - яснасць, святло празрыстае, чыстае.
Смерці ўжо не баяўся. Не чуў яе блізка так, як уначы. Толькі адно ўсё думкі займала, стаяла ў мазгах пытаннем назойлівым:
Што ж гэта? Навошта ён жыў, нашто гараваў, змагаўся, калі вось цяпер - момант адзін - і не будзе нічога, і нішто не будзе цікавіць яго, нішто не кране. Не будзе яго - і нічога не будзе. Для яго, вядома, бо для іншых будзе, іншыя будуць жыць. Будуць так, як і ён калісь, завіхацца, кідацца, адно руйнаваць, будаваць другое, лепшае. А як пачуюць во так перад сабой гэта халоднае, страшнае, тады схапянуцца і скажуць так, як і ён цяпер:
- Навошта ўсё гэта, калі такі бязглузды канец? Нашто жыццё? Нашто смерць?
Раговіч спакойны цяпер. Зусім спакойны. Бо ён спадзяецца, што ўсё-ткі знойдзе адказ на сумненні свае. Ён будзе думаць, разважаць. Ён стала разбярэцца ва ўсім. Абы яшчэ з тыдзень пражыць, не памерці.
Але чаму ж не пражыць яму й некалькі тыдняў яшчэ? Хто сказаў яму, хто запэўніў, што ён канечна во зараз памрэ? Ён прыедзе дамоў, там на адзіноце ўцішку абмяркуе ўсё чыста. Мо ў кнігах якіх знойдзе адказ, мо сам, сваёй галавой даб'ецца яго. А цяпер ён памалу адхінае цяжкую пялёнку, што схавала за сабой мінуўшчыну, і ўважна разглядае гэту мінуўшчыну, правярае сябе. А калі ды там, у мінулым, знойдзецца нешта, што паможа адказ адшукаць на пытанне гэта турботнае!
...Вось ён хлапец-падлетак яшчэ. Даўно было гэта, і цяжка мазгам старым радзіць малюнкі пары той. Першы крок на шлях барацьбы, на шлях рэвалюцыі. На цяжкі шлях, поўны вострых калючак, што ранілі цела, поўны пастак таёмных, што во-во гатовы былі праглынуць, пахаваць...
Што штурханула яго на гэты шлях?
Гэта ён добра помніць. Гэта было зусім проста і нават недарэчна троху. Была дзяўчына - прыгожая такая, разумная, добрая... Яна й цяпер яшчэ ёсць недзе ў яго - мабыць, на саменькім дне сэрца старога. Так, жыве яшчэ, бо часамі свецяцца вочы яе - глыбокія, чорныя, быццам усплываюць з бяздонных хваль забыцця. Ён кахаў яе моўчкі, уцішку. Ёй не казаў ані слова аб гэтым, чуў, што гэтым абразіць яе, адштурхне.
За ёй ён пайшоў. А яна завяла яго на гэты цяжкі, але прыгожы шлях. А потым, як дзяўчыну павесілі, помста асталася. Яна штурхала на змаганне. Дый зацікавіла самая праца, небяспека, рызыка. Гэта ўзбурала кроў маладую, прыемна было.
А пасля ўжо, як гады загасілі пыл захаплення юнацкага, з'явілася ўпартасць, хацелася дасягнуць таго, на што аддаў столькі гадоў. Ды яшчэ бачыў на кожным кроку гаротных, няшчасных людзей, знаў, што можна палепшыць іхную горкую долю. Ды яшчэ й сам не мог вытрымаць жыцця таго трухлага, хацеў дыхнуць вольным паветрам. І зноў змагаўся, зноў гатоў быў аддаць жыццё за справу, за рэвалюцыю.
І так да астатніх дней, пакуль ужо не прыціснула старасць бязлітасная, не прыгнула долу, не закавала ўсяго ў ланцугі слабасці друзлай.
Жыццё было багатае, поўнае. Добрае жыццё. Не наракае Раговіч на яго. Адно дрэнна, што ні разу не падумаў вось аб гэтым, не пашукаў адказу на запытанне, якое цяпер так непакоіць старое нутро.
Мо тады часу не было думаць пра гэта? Не, не ў тым. Проста - далёка гэта было і не цікавіла. А калі часам і прыходзілася, як кажуць, ставіць на карту жыццё, дык тады смерць выдавала нечым прыгожым такім, цікавым, радасным нават. У адвазе, у захапленні змаганнем трацілася думка аб смерці, аб сапраўднай смерці, якая во цяпер надыходзіць. І што ж... Жыў, турбаваўся, кідаўся ва ўсе бакі, шукаў лепшага для сябе і для другіх, а не падумаў аб тым, што вось прыйдзе часіна і не трэба будзе гэтага. Нічога не трэба, бо не будзе цябе, ураз, у момант адзін згінеш і сам і ўсё тое, што насіў у сабе, за што клаў жыццё, за што змагаўся.
Успамінаецца Масква, цяперашняя паездка туды. Там яшчэ раз пераканаўся, што тое, за што аддаў жыццё, дасягнута. Тут, на вёсцы, сумненні з'яўляліся. Рознае думалася. Часам нават неспакой браў, страх нейкі, каб не пайшло ўсё на няправільны шлях. У Маскве пераканаўся, што добра ўсё, што моцна ўрасла, укаранілася тая работа, справа тая, якая пры ім яшчэ зроблена была начарняк. Цяпер толькі выправіць начыста, абгладзіць шурпатасці, якія яшчэ засталіся.
Там, у Маскве, было радасна. Слёзы былі такія салодкія, цёплыя. Эх, каб так да смерці! Каб не радзілася гэтая думка, што ўсё цяпер непатрэбна, што ўсё ўжо - без яго, што ён ужо стаў перад невядомым і страшным, перад цёмнай глыбокай загадкай, якая гняце, спакой адбірае, поўніць балючым неўразуменнем. Эх, каб не было гэтых думак!
Выехалі з лесу. Фурман сцебануў па шалюжках.
- Ннэээ, каб вас...
Тарганулася карахвашка, размашыста баўтанулася спіна фурмана. Паехалі шыбчэй. Там, далёка-далёка, на ўскраі пярэстай аўчынкі палёў бліснулі залатыя крыжы.
- Ці гэта ўжо Грудзіна? - запытаўся Раговіч.
Але ў мяккім ляскатанні калёс загубіўся яго шапялявы старчаскі голас. Ён другі раз гукнуў:
- Гэта ўжо Грудзіна?
Фурман абярнуўся на паўзвароце.
- Га?
Раговіч сабраў усе сілы:
- Ці Грудзіна гэта?
- Вядома, што Грудзіна.
У голасе фурмана Раговіч пачуў тон пагардлівай паблажкі. Нібы гаварыў той з дзяцёнкам малым неразумным. Зноў, як і тады, у вагоне, крыўдна стала. І шкода стала сябе, так шкода, што слёзы набеглі.
4
Раговіч жыў у глухім невялічкім мястэчку, што прыгожа пераблыталася з пышнай зелянінай абапал празрыстае чыстае рэчкі. Жыў у сям'і старога прыяцеля, дзе меў асобны маленькі пакойчык. Яму прапанавалі, прасілі астацца ў Маскве. І раней, і цяпер, як ездзіў туды. Але ён не згадзіўся. Тут вальней яму неяк, лягчэй. Гэтае мястэчка для яго апавіта дарагімі, далёкімі ўспамінкамі, тут ён правёў нямала пекных дзён свайго жыцця. Яго заўсёды вабіў гэты прытульны ціхі куточак. Тут ён рашыў і дажыць свае астатнія дні.
Прыехаўшы ў двор, Раговіч запёрся ў пакой свой, аблажыўся паперамі, кніжкамі і пачаў працаваць.
Цяжка было. Дрэнна служылі ўжо вочы старыя, ад чытання зараз туман набягаў у іх, і цёмна, зусім цёмна рабілася. Кідаў тады, думаў, напружваў старыя мазгі неслухмяныя. Пакуль і ў галаве таксама туманам усё не зацягвалася, не гасла апошняя іскра свядомасці. Тады сядзеў нейкі час нерухома, без воднае думкі, чакаў, пакуль адлягне троху. І потым - зноў за работу. Турботная думка аб смерці гняла-непакоіла, прымушала спяшацца, працаваць не па сілах.
Каб толькі як-небудзь знайсці яму тое, што развяжа гэта цяжкае пытанне аб смерці! Каб адкрыць, адшукаць тое нешта, што б ураз асвятліла ўсё ясным сэнсам, што б пагадзіла смерць і жыццё, што б заспакоіла нутро ўстурбаванае, дало магчымасць спакойна памерці.
Яно ёсць - гэта нешта, яно павінна быць. Іначай - нашто ўсё гэта? Нашто жыццё? Нашто смерць?
Часамі здавалася яму, што ён во-во ўжо знойдзе тое, чаго так упарта шукае. Тады ад радаснага захаплення сцінала дыханне, тады сэрца старое білася боем няроўным, трывожным і рукі старыя трасліся ў нервовай дрыгоце.
Але мазгі не вытрымлівалі, ірвалася слабая нітка развагі, ізноў - цёмна ўсё, дзіка, зноў непаразуменнем балючым гняце галаву:
- Нашто жыццё? Нашто смерць?
На другі дзень Раговіч ужо не мог працаваць - сіл не было. Старасць брала сваё. Быццам спавіла ў пялёнкі ліпучыя. Шчыльна, туга спавіла, так, што не крануцца. Зрання думаў Раговіч яшчэ, што гэта часова, што адпачне троху і зноў за працу возьмецца. А к вечару ясна стала, што - усё. Не ўправіцца ўжо адшукаць тае патаёмныя ніткі, якая можа злучыць, пагадзіць жыццё й смерць. Смерць - лютая, злосная - не дала сябе разгадаць. Падышла і паклала сваю ледзяную руку на старыя сілы яго, каб не памыкаўся больш распазнаць яе таёмнасць халодную, каб не падужаў у сабе страх перад ёй, каб не аддаўся ёй без болю, без енку. Вось ляжы і чакай свайго часу, пары свае.
Страшна зноў стала Раговічу. Зноў ахапіў востры спалох, адчай непамерны. Зноў пачуў сябе далёка ад усяго, што дзеецца там, за сцяной, дзе жыццё. Ён ад яго адарваўся ўжо, ён к смерці бліжэй. Яна во ўжо тут, у пакоі. Ужо падыхае магільным холадам, ледзяніць слабае сэрца прыткненнем рукі свае жудасна-жорсткай.
А ён адзін тут, адлучаны ад усяго свету, адлучаны ад таго, за што жыў, на што траціў сілы свае. Нашто ён каму, - ён непатрэбны цяпер. Таксама, як і яму непатрэбна нічога. Яшчэ момант - і заміж яго будзе нешта нежывое, агіднае. Труп будзе, смецце трухлявае. А закапаюць - не будзе й таго. Нічога не будзе...
Вось гэта страшна, гэта дух халодзіць, кідае цела ў халодны пот. Нічога не будзе... Усё было: жыў, адчуваў, думаў. Было «я» - свядомае, разумнае. І раптам - нічога. Страшнае, халоднае нічога. На тым месцы, дзе было гэта свядомае «я», дзе адчуваў, пазнаваў свет, што акружае цябе; ураз - пустата на тым месцы. Машына жыцця, як і раней, круціцца, рухае сваімі магутнымі коламі. І ніхто не ўгледзіць, ніхто не заўважыць, што няма ў гэтай машыне аднаго малога нязначнага шрубчыка.
А не хочацца, ой як не хочацца з жыццём разлучацца, абарачвацца ў бяздушны, мёртвы кавалак матэрыі.
Смерць... было калісь слова адно - звычайнае, простае. Не баяўся тады. А цяпер ад гэтага слова, як мігне яно ў думках, халадзее ўсё чыста і сэрца заходзіцца ў жудаснай млосці, быццам во-во гатова спыніцца, застыгнуць.
Але ж усе паміраюць. І паміраюць спакойна, ціха, не карожацца ў гэткіх страшэнных перадсмяротных муках. Пэўна ж маюць нешта, што робіць нястрашнай ім смерць, што кідае свет нейкі на гэты таёмны пераход у нябыт. Бог, можа? Не, гэта калісь было. Цяпер ужо гэта неглыбокае, другараднае. Нават тым, хто яшчэ нібы верыць у яго, Бог не з'яўляецца ўжо той усёабдымнай крыніцай, з якой можна чэрпаць духоўную моц, у якой можна знайсці апраўданне ўсяго-ўсяго, што ёсць толькі ў свеце, нават смерці. Не, ёсць нешта іншае, што ўкладзена ў самую ўроду, у інстынкт чалавека і што дае яму моц прыняць смерць без страху, без болю.
Але гэта нешта? Як знайсці яго? Як пазнаць яго розумам чалавецкім?
Ноччу была навальніца. Сцёбала ў вокны маланкай востра-бліскучай, сярдзіта бурчэлі грымоты, злосна будынак траслі. У вокнах палахліва шыбы дрынчэлі, і тады здавалася, што нехта ўпарта, настойна дабіваецца ў хату. А дождж ахінуў, пакрыў усё чыста сваім густым, напружаным шумам.
Раговіч за ўсю ноч і вокам не звёў. Ляжаў з шырока расплюшчанымі вачмі - нерухомы, бледны, быццам працяты ўжо подыхам смерці. Але жыццё яшчэ цьмела ў старым, расслабленым целе. Яшчэ гарэла яго маленькая кволая іскрачка. І гэта жыццё ўсёй сілай сваёй змагалася з смерцю. Яно не згаджалася з тым, што трэба ўступіць месца смерці, яно пратэставала супроць гэтага.
І цьмянае, зыбкае святло начніка, гарэзліва перабягаючы па сівому застыгламу твару, выяўляла на ім маўклівую, але цяжкую, страшэнную муку.
5
Сягоння лягчэй троху Раговічу. Пасля навальніцы такое добрае надвор'е. Усё навакол чыстае, радаснае, як вымыты свежы тварык дзіцяці. Усё ззяе ў гарачых праменнях, усё блішчыць урачыста жыццём маладым.
Сёння больш сілы ў Раговіча. Няма тае млосці цяжарнае ў целе, тае цягучае слабасці, што да ложка прыкоўвае, што родзіць страшную думку аб набліжэнні смерці.
Раговіча радуе гэта. У яго зноў надзея нясмелая бліскае. А мо яшчэ вернуцца сілы? А мо яшчэ хопіць іх, каб адшукаць той цудоўны бальзам, які дасць збавенне ад смяротнае мукі?
Ён сабраў сілы, выйшаў на вуліцу. Сеў на ганках, акунуўся з прыемнасцю ў цёплае сонца. Яно так пяшчотна лашчыць стары зморшчаны твар, такой салодкаю цеплю поўніць недалужнае цела. Агортвае ціхі спакой, вочы самі сабой закрываюцца, галава хіліцца на грудзі. Раговіч пачаў драмаць.
Раптам ён пачуў над сабой слабы голас:
- Дайце, што вашая ласка, старому, хвораму...
Раговіч вочы расплюшчыў. Убачыў проста перад сабой старца сівога. Стаяў ён, сагнуўшыся пад цяжарам сваіх старэцкіх торб, і ўпарта глядзеў на Раговіча, лыпаючы бялясымі, быццам абцягнутымі сізаю плеўкай вачмі. Яго сівая барада спаўзала да самага пояса і надавала яму выгляд патрыярха.
Старац ізноў праказаў:
- Дайце што, калі ласка!
У голасе старца дый ва ўсім абліччы яго відаць быў глыбокі спакой. Гэта кінулася ў вочы Раговічу. Спакой гэты здаўся яму тым, чаго ў яго не ставала, чаго ён гэтак упарта і з гэткай мукай шукаў. Захацелася пагаварыць з старцам, пранікнуць у нутро яго.
- Сядай, дзядулька, адпачні троху.
Старац сеў поплеч, здзеў свае торбы і вольна ўздыхнуў, выпрастаўшы сярэдзіну і выставіўшы к сонцу свае слязлівыя вочы. Ён хутка разгаварыўся, стаў расказваць пра сваё жыццё.
Раговіч слухаў і чым далей, тым больш і больш абураўся, з нецярплівасцю чакаў, што далей. Ён знаходзіў у жыцці старца так многа блізкага, падобнага на тое, што сам перажыў. Здавалася, што вось раскажа ўсё старац, і зразумелым, ясным стане ўсё тое, што гняло дасюль, што пужала таёмнасцю.
А старац цягнуў сваім аднамерным, рыпучым, як старое расшчэпленае дрэва, голасам:
- Цяжка было. Зямля неўрадлівая, дый мала яе. Але працаваў, колькі сіл было, стараўся, каб пракарміць дзетак, каб выгадаваць, вывесці ў людзі, даць ім долю. Бывала, ужо сам недаясі, недап'еш, а дзетак накорміш. Ну, і, дзякуй Богу, не прапалі. Сяк-так прабіліся. Дзеткі выпараслі, прыстроіў усіх. На зямлю троху ўзбіліся, хадзяйства паставілі...
«Вось і я так, - думаў Раговіч, - працаваў увесь век. Не для сябе, для дзетак. Так, для дзетак, бо ўсе, за каго змагаўся, гэта ж адна сям'я, адзін род. Жыў для дзетак, каб вывесці ў людзі іх, каб даць ім долю. І што ж, вывелі ў людзі, далі долю. А цяпер што? Цяпер смерць прыйшла, і ўсё гіне. Нашто яно ўсё, калі мяне не будзе, калі заміж мяне месца пустое астанецца».
Старац тым часам змоўк і сядзеў нерухома, упяўшы погляд некуды ў пусты прасцяг. Мо думаў што, успамінаў, мо проста грэўся на сонцы. І твар яго - цьмяны, зямлісты - выяўляў глыбокі, ціхі спакой. Раговіч глядзеў на яго й думаў:
«Чаго ён спакойны такі? Няўжо ён не ведае, што яго ўжо пільнуе страшная смерць, што ён асуджан ужо? Няўжо смерць яго не пужае?»
Хацеў спытацца ў старца самога - і неяк не важыўся. Гарэла надзея, што пачуе нешта вялікае, важнае, што асвятліць яму ўсё, і разам з тым баяўся, каб не адказаў старац чаго-небудзь дробнага, непатрэбнага. Мо пра Бога што скажа? Гэта так неразумна, так дзіка. Гэта яго не здаволіць ні-ні.
Урэшце спытаўся ён:
- Дзед, а ці думаў ты аб смерці? Ці чакаеш яе?
Старац і не зварухнуўся.
- Смерць? Нешта не йдзе, не прыбірае косці старыя... Чакаю, няўжо ж не... Пара ўжо. Чаго ж капціць свет? Дзетак прыстроіў, даў ім парадак і хадзяйства наладзіў... А што ж яшчэ больш? Цяпер і памерці можна спакойна. Эх, толькі нешта ўсё не прыходзіць, марудзіць смерць гэта...
- А чаму ты, дзед, з дзяцьмі не жывеш?
- Ат, не захацеў. Сам не захацеў. Нашто замінаць ім, глуміць лішнюю хлеба скарынку. Знаю, што жывуць добра, што праца мая не прапала, - і спакоен, не трэба мне больш нічагутка. Абы смерці прыждацца... Ну, трэба пасунуцца.
Раговіч махінальна выняў манету і даў старцу. Не бачыў, як ён сабраўся, пайшоў, не бачыў цяпер нічога, што дзеецца вокал. Ліхаманкава запрацавалі старыя мазгі, завіхрыліся думкі калаўротам пярэстым.
...Дык вось яно ў чым!.. Вось што дае яму гэты спакой! Вось што з смерцю яго пагадзіла! «Дзетак прыстроіў, хадзяйства наладзіў... што ж яшчэ больш?» Ён не жыве ўжо... тут не жыве, у сваім старым, бяссільным целе. Ён жыве там, дзе «дзетак прыстроіў, хадзяйства наладзіў», дзе яго праца, дзе скутак жыцця яго, дзе працяг гэтага жыцця. І гэты працяг жыцця - ён не памрэ, ён астанецца. У ім будзе жыць гэты просты спакойны старац нават і пасля таго, як закапаюць яго старое, недалужнае цела...
- Дык во яно што! Во што дае гэты спакой!
І пачуў Раговіч тады, што знайшоў тое, чаго шукаў, што яшчэ момант - і будзе ў яго ў самога той вялікі спакой, тая згода са смерцю, прыняцце яе без страху, без болю.
...Так, гэта правільна. Справа ўся ў тым, каб не замыкацца ў сваё вузкае «я», каб трымаць сувязь з «дзеткамі», з «хадзяйствам», каб жыць не тут, дзе гніе старое, слабае цела, а там, дзе ўкладзена праца, дзе скутак жыцця ўсяго. Зліцца трэба, злучыцца істотай усёй з «дзеткамі», з «хадзяйствам», з тым, ва што ўклаў усяго сябе, свае сілы, розум, імкненні. Там трэба жыць - і жыццё тое вечнае.
- У мяне ж таксама дзеткі. Многа іх ёсць. Не ўсе яшчэ прыстроены, але я зрабіў усё, што толькі мог, каб «прыстроіць» іх, даць ім долю. І «хадзяйства» наладзілі... А цяпер - хай сабе смерць прыбірае цела старое. Яно непатрэбна, яно толькі замінае.
Лёгка стала Раговічу. На зморшчаным твары засвяцілася шчасная ўсмешка.
Аднаго б толькі хацеў ён цяпер. Яшчэ раз зірнуць перад смерцю на дзетак сваіх, на «хадзяйства». Зірнуць, каб і целу старому лягчэй было, каб уцеха была на астатнія дні.
Ён раптам устаў. Пастаяў з момант, быццам разважаючы нешта, і потым паціху, ледзь пераступаючы нагамі слабымі, пакавыляў па вуліцы.
6
Ён узняўся, успоўз на высокія ганкі зялёнага чыстага доміка, у якім змяшчаўся дзіцячы дом. Ён быў тут раней, ён знаў гэты дом. І яго таксама тут зналі.
Першая стрэла яго адна кіраўніца - маладая, свежая дзяўчына. Яна зірнула на яго няўцямным поглядам.
- Дзядзька Раговіч!..
Відаць, здзівіў яе нечаканы прыход яго і таксама той незвычайны выраз, тое здаволенне, шчасце, якое вясёлкай грала па яго твары. Раговіч заўважыў яе задзіўленне.
- Старому захацелася дзетак убачыць, пагутарыць з імі... хе-хе... А даўно ўжо не быў тут у вас. Як жа вы маецеся?
- Нічога, дзядзька Раговіч, дзякую... Дык пойдзем у сад, там усе дзеці. Дайце я памагу вам...
- Нічога, нічога... кіньце. Яшчэ троху трымаюць старыя косці...
Выйшлі ў сад. Там, сярод зеляніны, жывымі кветкамі мітусіліся дзеці. Як убачылі Раговіча, прысыпалі зараз. Смелыя такія, гаворкія. Падбеглі, апанавалі з усіх бакоў сваёй балбатнёй - званочкамі срэбнымі.
Раговіч сеў на лаўку, пасадзіў на калені двух маленькіх карузлікаў. Рэшта абчапілі, абкружылі ўсяго жывым пекным вянком.
Раговіч глядзеў на дзетак, слухаў іх говар вясёлы і адчуваў, як у сэрцы старым, ачарсцвелым родзіцца новае гарачае пачуццё, якога не знаў ён да гэтай пары. Гэтыя маленькія людзі з яснымі вочкамі, у якіх так часта адбіваецца блакіт далёкага неба, якія так шчодра пырскаюць маладым сакавітым жыццём, - гэтыя маленькія людзі былі такімі дарагімі, такімі роднымі, блізкімі. Здавалася, яны ўсе - частка самога яго; здавалася, кожны з іх носіць у сабе кавалак яго ўласнага жыцця, яго асабовага «я». У парыўчатым захапленні ён цалаваў альняныя сукрыстыя галоўкі дзяцей і шапялявіў усё неслухмянымі вуснамі:
- Дзеткі, дзетачкі... дзеткі мае... дарагія, родныя...
Яго нутро было поўна глыбокага магутнага шчасця, такога шчасця, якое ахапляе ўсю істоту, якое вышэй за жыццё, якое мацней за смерць. У гэты момант яму хацелася сабраць усіх дзяцей са ўсяго свету, усіх абняць, цалаваць і сказаць ім:
- Жывіце, будуйце жыццё, будуйце «хадзяйства». Я тож буду жыць, буду жыць з вамі, у вас. Я не памру, бо я знайшоў тое, перад чым смерць - слабая, бяссільная цацка...
Потым ён гаварыў з дзяцьмі. Ён спытаўся ў іх:
- Дзеткі, ці помніце вы Ільіча?
- Дзядульку Ільіча? О, помнім, вядома што помнім!..
І блакітныя вочкі запетрыліся задуменнай сур'ёзнасцю.
- А ці будзеце вы слухаць свайго дзядульку Ільіча? Ці будзеце рабіць так, як ён нас вучыў?
І ціхім подыхам ветрыку праляцела па вуснах дзіцячых:
- Будзем!
А карузлік малы, што сядзеў на каленях у Раговіча і махаў невялічкімі граблямі, ні з таго ні з сяго пракулдаячыў, вусны надуўшы:
- Я булзуя, во, глаблямі ў пуза...
Паветра зазвінела частым празрыстым смехам.
Храбры карузлік засаромеўся, вочкі ўтупіў. А Раговіч раптам заплакаў. Заплакаў, захліпаў, як дзіцянё. Слёзы павадкамі пацяклі па глыбокіх маршчынах, на жоўты пясок закапалі чыстымі, буйнымі кроплямі. І ўсё шаптаў скрозь нервовае хліпанне:
- Дзетачкі... дзеці...
А дзеткі ўзіраліся на яго шырока расплюшчанымі вачмі, поўнымі задзіўлення. Дзіўна было ім, чаго заплакаў раптам гэты вялікі сівы чалавек. А той карузлік, што сядзеў з граблямі, устаў у яго на каленях і нясмела, нязграбна пагладзіў змочаны слязьмі твар.
- Ціху, дзядулька, не плац!.. А то цёця цукелкі не дасць...
У гэты час выбліснула сонца. Яго схавалі былі сукрыстыя, мяккія хмаркі, мабыць, хацелі, вяртухі, папудрыць свае берагі залатою дармоваю пудрай, падчапурыцца. Але сонца іх растурхала, прабілася косамі спрытнымі, падгледзела, вока прыжмурыўшы, сад і кінулася туды гарачай патокай. Падзівавацца хацела на з'явішча дзіўнае.
Плакаў стары сівы дзед. Смешна так, голасна. Румзаў, як дзяцёнак малы. А дзеці яго сунімалі. Дзеці пяшчотна, ласкава гладзілі яго валасы-кудзелю, закураную дымам гадоў. Былі ў іх вочы вялікія, ціхія, і калі сонца ў іх зазірнула, дык вільготнымі іскрамі бліснула, бо ў дзіцячых вачах, поўных няўцямнасці, тож былі слёзы.
Сонца ярчэй вочы вытарашчыла. Прыпала да зямлі, дзівавалася. Потым прачула, відаць, што непрыстойны тут яго гарэзлівы спрыт. Засаромелася, схавалася моўчкі за хмарку. А як зноў спадкрадня адным вокам зірнула, то ўбачыла:
Раговіч сядзеў ужо на траве, абкружаны жывым, пекным вянком. З гарачым натхненнем глядзеў некуды ўперад, у далеч бязмежную, сінюю. І гаварыў. Гаварыў без канца, рыпеў аднастайным старчаскім голасам.
Ён успамінаў. Разгортваў доўгую-доўгую стужку пражытага. Ён хацеў выкласці ўсё сваім дзеткам. Усё, усё чысценька. Каб не асталося нічога, каб не знесці з сабой у магілу чаго. Хацеў сваё «я», істоту сваю пераліць у гэта жыццё, якое не мае пачатку, канца, якое смерці не мае, не баіцца смерці.
Ён павінен астацца ў жыцці. Ён астанецца ў ім, не памрэ. Смерць - гэта ж слабая, бяссільная цацка.
Ішоў дахаты ўжо надвячоркам. Праводзілі дзеці шумліваю гурмай. Смяяліся весела. І сам ён смяяўся, жартаваў.
Заходзіла сонца. З густа аблітага чырванню неба спаўзала, хавалася за кругавідам.
Мо памірала?
Ды не. Дзе ж памірала, калі аставалася тут, на зямлі, сваёй цеплю жывой, сваім духам, што сілу жыццёвую творыць, што творыць жыццё. Дзе ж яно памірала?..
Вось так і чалавек...
Паэма пра чорныя вочы
Сем гадоў я шукаў цябе ў сумятлівым моры жыцця, каб скончыць недапетую песню нашае дзівосна яскравае дружбы.
Я не сумаваў па табе, я не ўздыхаў і не плакаў. Я толькі часамі бачыў цябе, калі ў маім уяўленні спакусліва разгортваліся шырокія палотны мінулага і сталёва свежая шыр (помніш нашы паходы?) дражніла сваёй непазбыўнай рамантыкай. Я бачыў цябе зусім выяўна - тонкую, гнуткую постаць тваю ў вайсковым адзенні, антычны твой твар, твае вострыя чорныя вочы. І вось тады мне чамусьці здавалася, што я павінен знайсці цябе, што павінны мы скончыць перарваную песню нашае дружбы.
І, нарэшце, я цябе знайшоў. Я выпадкова пачуў, што ты тут, і пайшоў да цябе, поўны смутнай трывогі і радасці.
У гэтым ружовым пакоі з мяккай канапай, з дыванамі па сценах мне чамусьці цяжка, няёмка. Я не ведаю, як з табой гаварыць, я адчуваю, што ты шкадуеш мяне, мне страшна за нашую песню, за нашую дружбу. Чаму не сустрэліся мы дзе-небудзь на вятраных берагах сцюдзёнай Дзвіны, чаму я не ў чаравіках дзіравых з абмоткамі, чаму ты не ў тоўстай салдацкай шынелі, якая сціпла хавае твае дзявоцкія формы, у якой ты мне - дарагі, любы таварыш!..
Я гляджу на твой твар і з трывогай бачу ў ім нешта новае, нешта цяжкое, гладкае. Твае вочы сталі вузкія ад пачуцця дабрабыту, усмешка твая вязне ў цягучай марудлівай млосці. Я хачу не глядзець і не магу адвесці вачэй... Мне шкода, шкода цябе - майго дарагога, любага таварыша, мне шкода мінулага нашага.
Пастой... Я напомню табе аб гэтым мінулым, я квяціста-яскравымі вобразамі сатру з твайго твару гэтую млявую гладзь, твае чорныя вочы зноў загарацца вострым агнём, ты станеш такая, якая была ў тыя бурлівыя дні.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Нашы патомкі складуць шмат прыгожых легенд аб днях, у якія гарэла святая нянавісць і морам лілася кіпучая кроў. Аб іх будуць расказваць старыя дзяды блакітнавокім унукам, і ўнукі будуць загарацца запалам гэтых вялікіх дней.
Калісьці ты прыйшла да нас, поўная такога запалу. Я адразу тады зразумеў, што тваё сэрца кіпіць, што ты прагнеш барацьбы, хочаш аддацца ёй, хочаш загінуць. Ты адразу сказала мне, востра бліснуўшы вачмі:
- Таварыш камісар! Я вазьму вінтоўку і пайду ў роту.
Я пакінуў цябе пры штабе. Мне нялёгка далося ўгаварыць цябе, што і тут можна быць карысным, што небяспека тут не меншая, што і тут людзі патрэбны.
І вось пачало нешта расці паміж нас. Я назваў гэта дружбай, а што гэта было сапраўды - я не знаю. Ты памагала мне.
У цябе ў той час была сіла. Помніш твой жарт наконт «мокрай прытульнасці»?
О, гэта была цяжкая, страшэнная ноч. Калі я ўспамінаю аб ёй, я адчуваю фізічны холад, я здрыгаюся, быццам мяне абдаюць жорсткай, сцюдзёнай золлю. І ты, слабая дзяўчына, суцяшала мяне, выдумляючы нейкае глупства аб тым, што, седзячы пад халодным, ледзяным дажджом і не шаволячыся, можна адчуць асаблівую прыемнасць і цяплынь. Толькі каб ані-ні не зварухнуцца, каб аддацца цалкам дажджу і старацца ўявіць, што дождж цёплы, што ён не халодзіць, а грэе. Ты назвала гэта - «стварыць мокрую прытульнасць». Я, помню, прабаваў гэтак рабіць, і сапраўды было цёпла, і весела было, і я потым хадзіў да чырвонаармейцаў дзяліцца з імі сваёй бадзёрасцю...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Не, я цябе не кахаў. Я не бачыў цябе як жанчыну. Можа, гэта таму, што повен быў у той час другім, больш пільным і важным, таксама, як і ты, як і ўсе, хто з намі быў. Мне ўспамінаецца той вечар у маёнтку... Гэта выйшла неяк зусім няўрымсля і нечакана. Я не хацеў гэтага, не імкнуўся да гэтага. Мне потым было непрыемна. Я помню (аб гэтым смешна казаць, але - хай сабе), калі я цябе неяк узяў за руку, дык адразу мне дзікім здалося, што рука такая малая і мяккая, што яна неяк квола, падатна засталася ў маёй і чамусьці дрыжэла... І ўсё, што потым было, прайшло зусім несуразна і дзіка...
Не, я цябе не кахаў...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Яшчэ вось што... Калі па лясах і палях пасцілаецца жоўтай празрыстасцю восень і глыбачэюць крыштальныя далі, калі сеецца ў полі журавінавы пах пажоўклай травы, я ўспамінаю нашы паходы. Я рассыплю прад тваімі вачмі абрыўкі тых пекных малюнкаў, ты пачуеш непазбыўна-знаёмае, вольнае...
Ахутаныя старожкім шолахам калоны...
Рэдкі - упаўголаса - гоман...
Глухі, уцісклівы тупат стрымленых коней...
Нехта мармыча ледзь чутна нейкую песню...
Нейчы спудзіўся конь, лапатнуў з усіх ног ад куста...
Нехта каманду прапеў упаўголаса: - Пад но-о-г-і...
І маўчыць цёмны санлівы лес, лезе з бакоў у самыя вочы абвіслай сваёй барадой - і сліна цячэ з барады, мажа твар прыкрым макроццем...
Пахне коньмі, пахне цішынёй насцярожанай, пахне шынелямі і людзьмі...
Нечым пахне - дружным, як хвалі, моцным, як сталь, і напорным, як бура...
Або так...
...Лёгкае восеньскае сонца...
Стары бярозавы шлях - дзіравая жоўтая стужка...
Мерны, бадзёры поступ пяхоты...
Пыл здаецца сталёвым налётам, здаецца, што ўсё ў сталі...
Песня...
Песні былі рдзяныя, як усход, звонкія, як восеньскі холад, імклівыя, як прастор...
Ты ішла разам з усімі. Ты пела так: закідала назад галаву, жмурылася, нібы глядзела на сонца, і крычала. Помніш, як цёпла смяяліся хлопцы, калі ты спявала?..
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Слухай, я раскажу яшчэ апошняе. Я напомню табе наш апошні дзень. Мне таксама быў ён цяжкі. А табе была мука, я ведаю. Толькі не каюся я ні ў чым, не шкадую нічога...
Ты помніш, які гэта быў страшэнны, напружаны бой? Помніш, у якой сумятні быў наш штаб, якая была сумятня наўкола? Музыка гэтага бою жыве ва мне да гэтага часу! Яна зраслася ў адзін грымучы акорд, у якім пераблытаны ўздыхі гармат з траскатнёй кулямётаў і стрэльбаў, з адчайным рыпеннем абозаў, з недалужным стогнам параненых, з мітуслівым гвалтам асалапелых ад страху.
Наш полк біўся адважна. Але сіла была не на нашым боку. З кожнай мінутай у штаб прыляталі трывожныя весткі. Нам трудна было ўжо трымаць сувязь з часцямі, мы разагналі ўсіх веставых, і шмат з іх не вярнулася. Штаб паспешна рыхтаваўся адступаць.
Тады прыйшоў загад зняць полк з пазіцыі. З батальёнамі сувязі ўжо не было, пры штабе не было ніводнага ардынарца, не было каго паслаць з загадам.
Я не збіраўся цябе пасылаць, у мяне не было і думкі аб гэтым. Але ты стаяла паблізу, і я няўмысля зірнуў на цябе. Тады ўжо я не мог не паслаць...
Ты была незвычайная. Я добра помню, якая была ў той міг. Ты стаяла нерухома, падаўшыся троху наперад, твар твой быў белы як снег, і з яго зрываліся вострыя чорныя вочы - не вочы, а чорны агонь - жывы і пякучы.
Ты ўся была - парыванне і воля.
Ты ўся была - адно імкненне.
Я тады ўвесь загарэўся магутнай радасцю, я, можа, нават кахаў цябе ў тую хвіліну. Я ледзь стрымаўся тады, каб не кінуцца да цябе, каб не абняць цябе - любага майго таварыша, героя. Гэта ж наўмысля я цябе так суха паклікаў тады, нават назваў па прозвішчу. Гэта ж наўмысля я не сказаў ані слова, апрача сухога лаканічнага загаду...
Я з захапленнем сачыў за табой, я не зводзіў вачэй, любаваўся, як ты адважна схапіла стрэльбу, спрытна ўскочыла на каня і паляцела птушкай па полю насустрэчу смерці.
Ты была прыгожая тады. Ты такой і засталася ў маім уяўленні, такою я бачыў цябе ўсе сем год, такую шукаў.
Потым я сустрэў цябе на дарозе, за вёскай. Мы ехалі насустрэчу нашым часцям, прабіваліся скрозь затоку павозак, конных і пешых людзей, скрозь гармідар адступлення. Цябе везлі на тэлефоннай двухколцы нашы армейцы. Убачыўшы мяне, яны спыніліся і дапытліва зірнулі, чакаючы загаду.
Ты глядзела на мяне ціхімі пагасшымі вачмі, у якіх скрозь маўклівыя слёзы свяціўся стрымлены боль. Я знаю, ты хацела астацца са мной, ты хацела тады ласкі блізкага, хацела добрага спагаднага слова. Я не ведаю, можа, я зрабіў вельмі жорстка, можа, іначай трэба было. Але я не каюся, я не шкадую. Я рабіў па закону барацьбы. Помніш? Я сказаў толькі два словы:
- Адправіць у шпіталь...
Пакуль вы ад'ехалі, я яшчэ раз сустрэўся з табой вачмі. Мне здалося, што ты ўсміхнулася мне. Але гэта, пэўна, толькі здалося, бо я хацеў гэтага, я напружана чакаў гэтае ўсмешкі.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Вось і ўсё. З таго часу сем год я шукаў цябе, каб скончыць недапетую песню нашае дзівосна яскравае дружбы.
І вось я знайшоў. Вось сяджу прад табой, збянтэжаны гэтым ружовым пакоем з мяккай канапай, з дыванамі па сценах, збянтэжаны нечакана - новым выразам твайго антычнага твару.
Не, я цябе не знайшоў, я шукаю яшчэ. Я пільна азіраю тваю прыгожую, пышную постаць, выразна акрэсленую складкамі шоўку, я з балючым напружаннем углядаюся ў твар твой, я хачу працяць сваім гарачым поглядам гэтую млявую гладзь, гэты агідны ўзор дабрабыту. Я хачу ўбачыць цябе - майго дарагога, любага таварыша, героя.
Я шукаю цябе - чуеш? - і не знаходжу.
Я гляджу з болем і страхам на тваю прыгожую постаць, яна чужая, агідная.
Ты ўсміхаешся? Кінь гэту ўсмешку - у ёй плыве давольнасць жывёлы. Не трэба смяяцца...
Твае вочы глухія, як пустата. Няма чорнага агню, няма вострых вачэй майго героя...
Ага... Я разумею... Я цяпер зразумеў. Я шукаў не цябе... Не, ты мне не трэба. У сумятні пярэстай жыцця я шукаў сталёва свежай шыры, я шукаў непазбыўнай рамантыкі.
Я пайду ад цябе. Я цябе не знайшоў, не заспеў.
Я пайду ў сумятлівае мора жыцця. Сярод блытаніны драбніц, у віры гарачай будзёншчыны, у брудным пыле вугалля, цэменту і вапны, у шаломным грукаце дзён - я буду шукаць яе, свайго дарагога, любага таварыша.
Я знайду яе, я ўбачу магутны, чорны агонь яе прыгожых вачэй, яе запал абаўе мяне жыватворчаю сілай.
Я пайду. Я знайду яе, дармо ты смяешся...
Не смейся! Смех твой агідны мне, прыкры.
Не жмур сваіх чорных глухіх вачэй, каб не бачыў я ў іх пачуцця дабрабыту, каб не свяцілася ў іх давольнасць жывёлы...
Не смейся!
Я пайду шукаць...
Я знайду...
Ой, ляцелі гусі...
1
Адам Барковіч, сарамліва ўсміхаючыся, падышоў да паказанага яму ложка. У гэты момант галоўную ўвагу яго займаў кароткі белы халат, які накінула на плечы яму спрытная вастраносая санітарка. Гэты халат рабіў яго страшэнна нязграбным і смешным - прынамсі так здавалася яму самому. Наогул усё тут было неабыклае, дзіўнае: непрыемна рэзала погляд і не давала спыніцца воку яскравая бялосць усяго, што знаходзілася ў памяшканні; сухі і нудны пах медыкаментаў ствараў уражанне бяздушнай мёртвасці і пустаты; а да ўсяго гэтага - напружна-ўедлівыя погляды хворых, якія нібы драцянай сеткай перагароджвалі дарогу.
Стася ляжала тварам да сцяны. Барковіч сеў на табурэтку і асцярожна дакрануўся рукой да яе худога пляча. Хворая з маруднай патугай перавярнулася і паказала чужы незнаёмы твар - цьмяны і непрыгожы. Потым яна ціха ўсміхнулася, і па гэтай усмешцы Барковіч пазнаў сваю Стасю. Ён шчыра ўзрадаваўся і таксама ўсміхнуўся - радасна, светла, на ўсю шырыню свайго буйнога твару.
- Ты прыехаў?
Стася падала яму тонкую сінява-бледную руку. Ён патрымаў яе, як нейкую надзвычайна крохкую рэч, і асцярожна паклаў назад, на белую коўдру. Гэтае прыткненне пакінула непрыемны халодны след - з мімавольным жалем Барковіч успомніў даўнейшыя Стасіны рукі, якія дужа яму падабаліся, якія прыемна было гладзіць і цалаваць.
Стася глядзела на яго з ціхай пакорнай радасцю. Ён падумаў, што трэба аб нечым гаварыць, і ні з таго ні з сяго пачаў гаварыць пра восень.
- Ужо, Стася, мая пара надышла. Я цяпер цэлымі днямі шлындаю па нашых балотах і набіраюся восеньскай свежасці. Помніш - мы з табой гаварылі... падае лісце, радзеюць лясы, адкрываюцца далі... ідзеш куды вочы глядзяць... далей, далей, бясконца... Забудзешся на ўсё, адчуваеш сябе вольным, шчаслівым...
Ён на хвілінку змоўк і потым пахваліўся з простай дзяцінай шчырасцю:
- Надоечы я застрэліў двух зайчыкаў і лісіцу.
Ён весела зірнуў на Стасю і ўбачыў яе - смутную, халодную, з глуха запалымі вачмі, з выразам затоенай мукі на твары. Яна ўжо не глядзела на яго - яе хваравіта-застыглы погляд увайшоў некуды ўглыб і забраў з сабой цёплыя аганькі радасці.
Барковіч зразумеў. Сцеражліва насупіўшы бровы, ён азірнуўся наўкола, злавіў некалькі поглядаў хворых і ў кожным ў ім убачыў адбітак таго, што свяцілася ў цьмяным Стасіным твары. А некаторыя проста і выразна глядзелі на яго з едкай зайздрасцю і непрыхільнасцю.
Барковіч зразумеў, успомніў, што хворага заўсёды мучыць чужое здароўе і сіла. Ён адчуў сябе вінаватым і змоўк.
Стася балюча ўсміхнулася:
- Ну, гавары...
Потым дадала, быццам апраўдваючы сябе ці яго:
- Мне дрэнна зусім... Я, мусіць, памру.
Барковіч пачаў распытваць яе пра хваробу, пра лячэнне, пра дактароў. І чым больш гаварылі аб гэтым, тым ясней і прасцей рабіліся яго адчуванні - з'яўлялася звычайная цікавасць і заклапочанасць. Ён пільна аглядаў яе змарнелы твар, яе худыя рукі, дзіваваўся з тае страшэннае змены, што зрабіла ў ёй хвароба, выказваў у простых словах сваё спачуванне, нават не спачуванне, а шчырыя сяброўскія развагі. Калі ж яна з радасна-ўдзячнай усмешкай падала яму сваю руку, ён раптам адчуў, што гэта зусім лішняе, і спалохаўся, каб не давялося яе цалаваць. Ён зноў, як нейкую чужую крохкую рэч, патрымаў гэту руку і асцярожна паклаў на коўдру. У гэты момант у яго вырасла нечакана ясная думка аб тым, што ўсе гэтыя словы, якія ён толькі што гаварыў сваёй Стасі, ён мог бы сказаць кожнаму хвораму чалавеку.
Зноў стала паміж іх нуднае цяжкое маўчанне. Тады Стася, каб разарваць гэта маўчанне, пачала гаварыць пра Сяргея:
- Ён часта прыходзіць да мяне і сядзіць тут доўга-доўга, пакуль не выганіць доктар. Прыносіць мне новыя кніжкі і чытае па тры старонкі за раз: больш не даюць. Ён стараецца ўдаваць, што не ведае пра мой стан, што ўсё добра... Але відаць... Часам не ўтрымаецца і заплача... Смешны такі...
Яна робіць патугу гарэзліва, як раней, усміхнуцца, але выходзіць толькі хваравітая грымаса. Барковічу зразумела: яна пачула яго настрой, яго холад і таму памянула Сяргея. Так рабіла яна даўней - і даўней дасягала свайго. Барковічу і цяпер зрабілася прыкра, але зусім з іншай прычыны: ён не любіў, не мог без агіды глядзець на праявы людскога бяссілля, і яго балюча ўразіла гэтая недалужная спроба какецтва.
Ён адказаў залішне проста і дзелавіта:
- Я яшчэ не бачыў Сяргея. Зараз пайду да яго.
Ён, мабыць, зрабіў нейкі мімавольны рух, бо яна раптам уся страпянулася і ўпілася ў яго прагнымі, поўнымі благання і страху вачмі...
- Праз гадзіну будзе абход. Да абходу ў нас можна сядзець...
Барковіч ласкава ўсміхнуўся. Ён не хацеў крыўдзіць яе і таму застаўся сядзець да абходу, застаўся лічыць цягучыя, нудныя, як у магіле, хвіліны. Адыходзячы, ён пацалаваў яе ў лоб, і яму чамусьці здалося, што ён пацалаваў нябожчыцу. Ён сам здзівіўся гэтаму адчуванню і, нібы для таго, каб пераканацца, што гэта ілюзія, апошні раз зірнуў на хворую.
Стася глядзела на яго поўнымі слёз вачмі. У гэтых пакутных вачах была трагічна перамяшаўшыся смяротная роспач з ціхай палахлівай надзеяй. Ён пацалаваў яшчэ ў яе сухую вашчаную руку і, спакойна азірнуўшыся, выйшаў з палаты.
Разам з тым, як скінуў Барковіч на рукі вастраносай санітарцы свой белы нязграбны халат, ён фізічна адчуў, як скінуўся з яго плеч цяжар гэтай сумнай сустрэчы. Выйшаўшы з бальніцы, ён глыбока, вольна ўздыхнуў і з усмешкай падумаў: «Больш не пайду ў гэты белы астрог».
2
Быў ужо вечар. Скрозь чорную слоту размашыста, грузна сігаў Барковіч, шлёпаючы па лужынах сваімі грамозднымі чабатамі. Пацёкі дажджу абмывалі яго шырока адкрыты твар, але, як ні стараліся, не маглі змыць з яго свежую бадзёрую ўсмешку. Ён любіў восень і любіў горад. Ён з горадам жыў як зайздрослівы палюбоўнік са сваёй нясувернай каханкай. Калі паміж іх паўставаў чарговы канфлікт, калі чорны цень здрады атручваў іхную блізкасць, тады ён уцякаў з горада ў глухія нетры Палесся, каб у раскошных абдымках прыроды затапіць сваю крыўду, каб здрадай помсціцца за здраду. А потым вяртаўся зноў, як блудны сын, як былы гаспадар.
На Савецкай сустракаліся людзі. Адны перабягалі мокрымі скукярэчанымі скакунцамі; іншыя - пад парасонамі - плюхалі з важнай павольнасцю, як старыя баравікі. Сярдзіта, раздражнёна роў, уцякаючы ад дажджу, аўтобус, агідна слюмачыліся асалавелыя вітрыны, не запрашаючы, а адганяючы пакупцоў. У светлых дзвярах кінатэатра заўзята штурхаліся безбілетныя падшывальцы, а прастытуткі туляліся троху далей, на парозе святла і мроку.
Барковіч прайшоў некалькі кварталаў па Савецкай - здзівіў не аднаго падарожніка сваёй высока ўзнятай галавой з загадкава-ўсмешлівым тварам, сваім расхрыстаным адзеннем, сваёй размашыстай безуважнай хадою, - завярнуў у цёмную бакавую вуліцу, потым у завулак, яшчэ ў сляпы і брудны завулак і, нарэшце, спыніўся перад асветленымі электрычнай лямпачкай дзвярмі невялічкага рабочага клуба.
Колькі хвілін Барковіч нерухома стаяў перад дзвярмі, нібы разглядаючы іх, нібы прымерваючыся, як іх спрытней адчыніць.
Яму было смешна і весела. Фактычна, ён добра ведаў наперад, што зараз будзе, і добра ведаў, што ўсё гэта - недарэчнае, непатрэбнае. Ён смяяўся сам над сабой, яго забаўляў гэты мімавольны дзікі капрыз.
Барковіч падняўся па хісткіх, убога асветленых сходнях, прайшоў праз невялічкую прытульную залу, праз калідор і трапіў у бібліятэку. Там стаяла важная, сухая ціша. За сталамі ўрачыста застылі пахмурыя чытачы, ля драўлянага бар'ера таемна і жвава шушкалі піянеркі, а за бар'ерам, сярод кніжных паліц, поркаўся невялічкі беленькі чалавечак.
Барковіч увайшоў за бар'ер, падышоў ззаду да чалавечка і моцна, па-сяброўску сціснуў яго за плячо.
- Здароў, Сяргей!
Чалавечак абярнуў сваю белую сукрыстую галаву, і вочы яго - маленькія, сінія - загарэліся радасным аганьком. Ён парыўчата схапіў Барковічаву руку і моцна яе страсянуў. Потым пачаў мітусіцца.
- Я зараз. Во толькі хвіліначку. Пачакай, я зараз...
Барковіч з ласкавай усмешкай сачыў за ім, пакуль ён парадкаваў свае кніжкі, пакуль угаворваў нейкага цыбатага хлопца пабыць за яго ў бібліятэцы, пакуль даводзіў нешта ўпартым настойлівым піянеркам. Потым яны выйшлі на вуліцу.
Сяргей пачаў паспешна, хапаючыся, нешта апавядаць, але Барковіч адразу яго перапыніў, быццам ён спецыяльна прыйшоў, каб гаварыць аб пэўнай справе.
- Во што, Сяргей. Я быў у Стасі. Я цяпер ішоў ад яе і зайшоўся па цябе.
Сяргей змоўк і старанна насупіў свае бялясыя бровы.
- Ты сёння прыехаў?
- Я прыехаў па тваёй тэлеграме.
- Як Стася?
Сяргей запытаўся ціха, няўпэўнена. Барковіч, у наругу яму, пачаў гаварыць з наўмысна-рэзкай адкрытасцю:
- Стася дужа змянілася. Я не думаў, што так далёка зайшла хвароба. Яна зусім страшная стала, я ледзьве пазнаў. Дужа непрыемна глядзець. На ёй ужо відаць адбітак смерці. І яна сама ведае, яна добра ўсвядоміла свой стан. Чакае канца...
Ён змоўк і насцеражыўся. Цемра схавала ад Сяргея яго таемную ўсмешку - столькі ж дабрадушную, колькі едкую. Гульня пачыналася.
Некалькі крокаў прайшлі моўчкі. Потым Сяргей загаварыў, перамагаючы хваляванне:
- Я хаджу кожны дзень да яе, кожны дзень бачу гэту трагедыю. Каб я меў хаваць праўду, каб пераканаць яе... а то ж яна бачыць... Часам з'яўляецца ўсё-ткі надзея... сама сабой з'яўляецца - жыццё паўстае супраць цяжкой неабходнасці... Яна тады жудасна светлая, летуценная. Успамінае, загадвае на будучыню. Тады з палкай дапытлівасцю глядзіць на ўсіх і чакае, моліць аб падтрыманні яе надзеі, аб заспакаенні.
Ён на момант суняўся, нібы для таго, каб праглынуць даўкі клубок свайго хвалявання, і скончыў няцвёрдым голасам:
- Мне цяжка бывае... Проста, ведаеш, не ў суцерп... У мяне дужа слабыя нервы...
Барковічу здалося, што Сяргей гатоў заплакаць. І, як звычайна, гэта выклікала ў ім не жаль, не спачуванне, а нейкую незразумелую прыкрую злосць, жаданне мучыць, раструйваць. Ён гучна і зусім весела зарагатаў.
- Паміраць лягчэй, чымся быць прысутным пры смерці. Праўда, Сяргей! Я ледзьве вытрымаў сёння дзве гадзіны. Гэта надзвычайна нудны абавязак...
Сяргей перш маўчаў, нібы спалоханы жорсткім смехам Барковіча, а потым ледзь чутна прашаптаў:
- Яна твая жонка.
Барковіч спакойна згадзіўся:
- Праўда, яна мая жонка.
Яны выйшлі на Савецкую вуліцу. Каля гастранамічнае крамы Сяргей зноў замітусіўся.
- Пачакай, я куплю чаго на вячэру... Віна куплю... Нам трэба многа з табой гаварыць. Да мяне пойдзем, добра?
Барковіч з цвёрдым смяшком адказаў:
- Пойдзем у сад.
- У сад?
Сяргей няўцямна ўзняў на таварыша свае наіўныя сінія вочы, але зараз жа схапянуўся і моўчкі падаўся ў той бок, дзе быў гарадскі сад.
3
Яны абодва аднакава не разумелі, што ім тут трэба, у гэтай глухой непрытульнай цямноце бязлюднага саду. Яны аднакава не разумелі і таго, які сэнс маюць усе гэтыя дзіўныя, поўныя вострага напружання, сустрэчы, якія маральна цяжараць іх і якіх яны ўсё-ткі шукаюць з прагнай настойнасцю.
Дождж не ўціхаў. Ён прытоена шамацеў, схаваўшыся ў вецці злітых цемраю дрэў, а па адкрытых дарожках ляскаў з падкрэсленай смеласцю, быццам дражніўся, палохаў жорсткімі ўдарамі сваіх сцюдзёных струменняў. Прыбітыя дажджом дарожкі цьмяна свяціліся ў цемры чорна-сталёвым глянцам.
Было слізка, мокра. Ужо даўно ў абодвух наскрозь прамокла адзежа, абодвум было сцюдзёна. Барковіч, адчуваючы нейкі гуллівы задор, яшчэ вальней расхрыстаў сваю вопратку, яшчэ вышэй узняў свой бадзёры ўсмешлівы твар, а Сяргей стуліўся ў дрыжачы камочак і здаваўся зусім маленькім, ледзьве прыкметным.
Ішлі моўчкі. Балюча гняло гэтае востра напятае маўчанне (удвух заўсёды цяжка маўчаць), але не лягчэй было і знайсці пачатак гутаркі. Абодвум ясна было, што ў гэтых дзікіх абставінах, у гэтай чорнай самоце прыйдзецца гаварыць аб нечым важным і неадступна патрэбным.
Зусім неўзаметку яны сышлі з галоўнай алеі і пачалі блудзіць па вілаватых бакавых сцежках, часта натыкаючыся на мокрыя дрэвы, на кусты, на садовыя лаўкі. Раптам Барковіч спыніўся і ўзяў за плячо Сяргея.
- Стой! Чакай... Во тут, на гэтай лаўцы, мы першы раз цалаваліся са Стасяй. Яна была тады зусім маладая. Яна была дужа прыгожая. Праўда, Сяргей, га? Ты помніш? У яе былі надзвычайна жвавыя і хітрыя вочкі. Калі я браўся іх цалаваць, яны так смешна бегалі, быццам хацелі ўцячы, схавацца... Ха-ха!.. Ты заўважыў, якія сталі цяпер яе вочы? А вусны... Яе вусны тады былі зусім дзіцячыя - задорныя і смяшлівыя... Яна і цалавалася неяк па-дзіцячаму - выстаўляла трубачкай вусны, заплюшчвала вочы і чакала... Ха-ха!..
Ён коратка перарваў смех і змоўк. Гэтая нечаканая паўза была пасткай Сяргею - ён не мог вытрымаць яе напружанасці, ён павінен быў загаварыць. І ён азваўся голасам загнанага звярка:
- Я помню Стасю тады... Яна была прыгожая...
Зноў маўчанне. Яны селі на мокрую лаўку, і тады Сяргей раптам сказаў нейкім новым, глыбока прачулым голасам:
- Адам! Ты не любіш Стасю...
Барковіч, быццам і не чуўшы яго, гаварыў сваё:
- З маладосці ў яе было надзвычайна прыгожае цела. Такое цела бывае ў рэдкай жанчыны. Тут, на гэтай лаўцы, я першы раз пры святле месяца ўбачыў яе свежыя дзявочыя грудзі...
- Адам!
Сяргей больш не вытрымаў - ён, як непрытомны, уцупіўся кіпцямі ў руку Барковіча, сударгава драпаў яе і ні то плакаў, ні то дзіка пішчэў ад злосці. Барковіч спакойна і цвёрда зазначыў:
- Я дужэйшы за цябе - я магу цябе задушыць.
Тады Сяргей стуліўся ў камочак і сціх. Барковіч таксама маўчаў.
Ён прыслухваўся да сваіх адчуванняў і заўважаў, што ў яго ранейшы дабрадушна гуллівы настрой уліваецца хваля едкай прыкрасці і раздражнення. Яму захацелася ўстаць і пайсці ў чорную мокрую цемру, схавацца і ад Сяргея, і ад Стасі, і ад усіх, хто памкнецца так ці іначай увайсці ў яго жыццё. Ён ужо хацеў быў падняцца з лаўкі, але якраз у гэты момант загаварыў Сяргей. Яго голас быў жудасна слабы, разбіты.
- Адам! Я любіў Стасю больш, як ты. Ты не ўмееш любіць - ты шчаслівы... Ты вось цяпер не любіш яе, як яна хворая, ты вясёлы, а я люблю больш, як калі... Я не веру, што яна памрэ... Гэта ж... гэта ж зусім немагчыма... Як гэта... яе не будзе... Стасі... Не, не... Няпраўда! Гэта - няпраўда!..
Ён амаль што плакаў, ён ледзьве здолеў стрымаць сябе, каб гаварыць далей.
- Я люблю яе не так, як ты. Ты па-звярынаму... А мне нічога не трэба, маё шчасце ў тым, што я люблю... Слухай, Адам, я даўно хацеў сказаць табе... Ты, можа, думаў што-небудзь пра мяне... людзі многа казалі... Во што, Адам, я нічога не меў з тваёй жонкай... Ніколі... Ты верыш мне? Верыш?
Барковіч маўчаў. Сяргей нахіліўся бліжэй да яго і зашаптаў - слёзы не давалі яму гаварыць:
- Ведаеш, Адам, аб чым мы больш за ўсё гаварылі цяпер, калі я прыходзіў да яе, да хворай? Мы заўсёды ўспаміналі цябе, мы аб табе гаварылі! Я казаў ёй, што ты страшэнна заняты, што ты б, напэўна, прыехаў, каб меў магчымасць. Яна была тады спакайней. Адам, чуеш ты? - я ніколі і не падумаў нічога благога. Ці верыш ты?
Барковіч паволі, насмешліва працягнуў:
- Прызнанні над свежай магілай...
Тады Сяргей ускочыў і закрычаў істэрычным прарэзлівым голасам:
- Ты брэшаш! Ты не хочаш, каб яна памерла! Няпраўда! Ты любіш яе... ты любіш... любіш!..
Голас яго недалужна сарваўся, і ён зноў зашаптаў:
- Адам! Пойдзем заўтра да яе разам. Добра? Трэба так рабіць, каб ёй больш спакою было, больш радасці... Яна паздаравее.
Барковіч безуважна азваўся:
- Я зараз паеду.
Гэтыя словы, відаць, страшэнна ўразілі Сяргея. Ён нервова падхапіўся, хацеў спачатку пярэчыць, потым стрымаўся, зноў звіўся ў дрыжачы клубочак і, нарэшце, выгаварыў з наўмыснай едкасцю:
- Ты баішся застацца?
- Не хачу.
Барковіч раптам узяў звычайны дзелавы тон:
- Узатры, Сяргей, запалку - я пагляджу на гадзіннік.
Сяргей слухмяна дастаў з кішэні запалкі і пачаў церці адну за адной. Карабок быў волкі, дрыжэлі рукі, і ў яго нічога не выходзіла.
- Эх ты, няўмека!
Барковіч адабраў у яго запалкі і засвяціў.
- Засталася гадзіна да цягніка. Мне трэба ісці.
Сяргей сударгава схапіў яго за руку.
- Адам! Няўжо ты пакінеш яе? Няўжо табе не шкода? Яна ж твая жонка, ты ж кахаў яе, ты і цяпер кахаеш... ты павінен кахаць, ты не звер...
Барковіч моўчкі падняўся з лаўкі. Тады Сяргею раптам адкрылася нешта зусім новае, аб чым ён раней не думаў.
- Адам! Я разумею... Я ведаю... Ты кахаеш другую... У цябе ёсць жанчына... Гэта праўда? Адам, гэта праўда?
- А ты што, зайздросціш?
Барковіч іранічна засмяяўся. Потым узяў абедзвюма рукамі Сяргея за плечы, моцна сціснуў і праказаў сухім сталёвым голасам:
- Сяргей! Ці думаў ты калі-небудзь, што ў нас усё гэта можа нядобра скончыцца... га?
Сяргей вінавата замітусіўся.
- Як гэта скончыцца?.. Я не разумею... Я зычу табе дабра, Адам, я нічога не маю супраць цябе...
- Ну, добра, пойдзем.
Яны пашлёпалі па цёмных слізкіх дарожках. Пры выхадзе з саду промень святла, прыляцеўшы з вуліцы, на момант вырваў іх з цемры, і Барковіч убачыў скурчаную ўбогую постаць Сяргея, з панура схіленай галавой, з бязмежна балючым сумам на твары. Ён ласкава ўсміхнуўся і ўзяў яго пад руку.
- Мы, Сяргей, скора з табой сустрэнемся. Ведаеш што? Прыязджай да мяне - у нас там надзвычайна добрае паляванне.
А сам у гэты момант падумаў:
«Нашто гэта ўсё? Нашто гэта новая непатрэбная сустрэча?»
Сяргей сумна адказаў:
- Я не паляўнічы... я не страляў ніколі.
- Ну, усё роўна - так прыязджай.
- Можа, прыеду.
Яны ўвайшлі ў змрочныя гарадскія вуліцы. Дождж ужо сціх, але горад плакаў яшчэ апошнімі скупымі слязьмі. На скрыжаванні вуліц Барковіч спыніўся.
- Мяне праводзіць не трэба. Ідзі дахаты.
- Ты не застанешся?
- Які ты смешны... Бывай!
Як ужо разышліся, Сяргей раптам спыніўся і крыкнуў:
- Адам! Калі што - я тэлеграфую табе...
- Прыязджай на паляванне!
І кожны пайшоў сваёй дарогай.
4
Поезд яшчэ досвіта прыйшоў на маленькую, забітую ў лясы і балоты палескую станцыю. На брудным станцыйным двары стаяла некалькі сялянскіх вазоў, і нехта з цемры лена азваўся: «Куды вам, таварыш?» - але Барковіч рашыў пайсці пеша. Ён заўсёды хадзіў пеша са станцыі, а сёння ж чакала яго яшчэ асаблівая асалода: ён будзе адзін у дзікай палескай глушы сустракаць таемна-прыгожае восеньскае світанне.
Ён ідзе па добра вядомай грэблі праз дзікі, поўны чароўнай маўклівасці лес. Перад раннем ноч стала яшчэ чарнейшая, а цішыня такая напятая, вострая, што выразна чуваць, як капаюць недзе ў нявідную лужынку дробныя кроплі - сляды нядаўняга дожджыку. Але ў гэтай згусцелай начы абыклае вуха ловіць ужо прыметы блізкага рання - ужо нават цвіркнула недзе руплівая птушачка, а над галавой праляцеў нехта вялікі і важкі, мабыць, сама варона. І раптам усю істоту ахапляе пачуццё свежасці, турботна-ўзнятага напружання сіл. Зрок востра ўпінаецца ў цемру, і здаецца, што там вылучаюцца ўжо няясныя абрысы дрэў. Гэта, мабыць, яшчэ толькі ілюзія.
Ні з таго ні з сяго перад вачмі вырастае вялізны разлапісты пень, за ім карабацяцца рэбры гнілога карча, а далей, сярод дрэў, цьмяна бліснула лужына. Барковіч глядзіць угару, і па твары яго распаўзаецца шырокая - з лапаць - усмешка, - там, паміж дзвюх сцен высокага лесу, лягла цьмяная сталёвая паласа: ужо прачнулася неба. Спалоханы змрок пачынае мітусіцца дрыготнымі хвалямі і паказваць прадметы ў розных фантастычных праявах: там воўк прытуліўся за дрэвам, там стаіць нейкая купка людзей, там шмыгануў зайчык з-пад елкі, там разявіла ляпу нейкае зубатае страшыдла.
Барковіч становіцца сярод грэблі, пільна ўглядаецца ў гэтыя чароўныя жарты світання і раптам пачынае голасна рагатаць, так што па ўсім лесе разлягаецца звонкае рэха.
Якое свежае, якое магутнае адчуванне!
Восеньскі дзень млява, быццам нехаця, займае свой караткавечны пасад. Яшчэ доўга стаіць шэры расплыўчасты змрок, яшчэ доўга хаваецца ён у прытульных закуццях дзікага лесу. Але вось перарваўся лес, адкрылася шырокая балоцвеная паляна, і за ёй, на пасечаным рэдкімі дрэвамі небасхіле, ірдзее халодна ўрачыстае пышнае зарава.
Што можа быць прыгажэйшага за гэтага велічна глыбокага восеньскага ўсходу? Што можа вастрэй абуджаць нутро чалавека адвечным імкненнем, прагнасцю да жыцця, што можа жывей заклікаць яго ў бязмежна чыстыя далі, што можа мацней прымушаць яго ў малельным экстазе кінуцца долу і абнімаць, цалаваць гэту святую зямлю, гэтыя любыя, слаўныя залатыя лісточкі?
Барковіч стаяў тут, пакуль не ўсплыло на неба сцюдзёна-барвяное сонца, пакуль не рассыпала ў лесе сваіх дарагіх бурштынавых кропель. Тады ціха, паволі, ніба зачарованы, пасунуўся далей, насустрэчу свежым ірдзяным праменням.
Падышоўшы да хутара, дзе быў яго выпадковы прытулак, Барковіч чамусьці прыстоіў, з хвіліну падумаў аб нечым і, крута завярнуўшыся ўбок, пайшоў абходам па дробным купкаватым хмызняку. Мінуўшы хутар, ён зноў узышоў на дарогу, сцеражліва азірнуўся назад і пасігаў далей паспешнымі энергічнымі крокамі.
Праз колькі хвілін наперадзе паказалася вёска. Чорныя карузлыя хаткі, яшчэ бяднейшыя, яшчэ бруднейшыя дворныя будынкі і высокія стромкія азяроды. На краю вёскі адзін большы за іншых з гонтавай страхой будынак - гэта вясковая школа. Барковіч рашыў адразу пайсці туды, нават не пабыўшы ў дварэ. Такі быў настрой, што хацелася рабіць якраз тое, чаго не робяць звычайна.
У класе ішла лекцыя. Барковіч смела, як гаспадар, увайшоў у кватэру настаўніцы, пахадзіў троху па яе невялічкім пакоі, з цёплым задавальненнем азірнуўся наўкола - як тут знаёма ўсё і як тут ціха, прытульна! - сеў на крэсла і стаў чакаць. Праз хвілін пяць прыляцеў выбух бязладнага шуму, за дзвярмі пачуўся звонкі, па-дзяцінаму раздражнены голас, дзверы расчыніліся - і ў пакой увайшла настаўніца. Яна ўбачыла Барковіча і спынілася ў парозе - ні то радая, ні то здзіваваная. Каб схаваць сваё раптоўнае ўзрушэнне, яна ўзяла жартліва-сярдзіты тон:
- Якое вы маеце права заходзіць без запытання ў чужую кватэру!
Барковіч, не ўстаючы, працягнуў сваю шырокую цяжкую руку - яна з камічнай сцеражлівасцю падышла і падала сваю, але зараз жа вырвала, быццам спалохаўшыся яго гарачага поціску. Барковіч дабрадушна смяяўся.
- Не злуйся, Тацяна, табе гэта зусім не да твару.
Яна пачала нешта перакладаць на стале, нечага выйшла з пакоя, вярнулася зноў, прапанавала есці яму і ўвесь час старанна хавала ад яго свой хісткі, няўпэўнены погляд. Ён з тонкай усмешкай сачыў за ёй, ён добра ведаў, што будзе так аж датуль, пакуль ён не раскажа пра горад, пра Стасю. Сама яна не запытае - о, не! - да гэтага яна не дойдзе, яна ніводным словам, ніводным рухам не пакажа, што гэта яе цікавіць!
Барковіч пачынае ліквідацыю гэтага неўразумення. Ён спакойна, дзелавіта заяўляе:
- Я толькі што з цягніка. Быў учора ў Стасі, у бальніцы. Ёй зусім дрэнна. Магчыма, што скора памрэ.
Яна як мага стараецца зрабіць хмуры нездаволены твар і, калі ёй гэта ўдаецца, з сярдзітым дакорам кажа яму:
- Як табе не сорамна - у такім стане кідаць яе... Што ты за чалавек!..
Барковіч моўчкі глядзіць на яе і думае:
«Якая бязлітаснасць у гэтых самак! Яна ж надзвычайна рада, што дзеля яе мужык кінуў сваю паміраючую жонку».
Ён падыходзіць да дзяўчыны і, каб без слоў паказаць, што яны добра адзін аднаго разумеюць, пяшчотна абнімае яе за плечы. Яна, хітруння, адпіхае яго.
- Ідзі ты... звер...
Барковіч адыходзіцца, зазірае ў акно, на нудны пакалупаны гарод, і раптам адчувае цяжкую змору. Вочы пачынаюць зліпацца, і ўсё цела цягне да долу нейкая магутная тупая сіла. Ён адварочваецца ад акна і з усёй сілы стараецца гаварыць вясёлым жартлівым голасам:
- Ведаеш, Тацяна, што я зраблю? Я буду ў цябе адпачываць... добра? Ты ідзі ў клас на заняткі, а я буду спаць. Я за ўсю ноч і вокам не звёў.
Яна ў першы раз падымае на яго свой погляд (вядома, сярдзіты яшчэ) і нездаволена адказвае:
- Есці трэба раней.
Барковіч бурна рагоча і зноў абнімае яе. Яна цяпер ужо не бароніцца. Не бароніцца нават і тады, калі ён моцна, з запалам яе цалуе.
На апошняй лекцыі ў школе ў той дзень быў вялікі гармідар. Узняў яго, як і зазвычай, Барковіч. У той час, як дзеці старанна грызлі алоўкі, развязваючы нейкую дужа няўдалую задачу, ён раптам уваліўся ў клас - заспаны, усклычаны, з нязграбнай, яшчэ зусім санлівай усмешкай на твары. У той момант разляцеліся ўсе межы закону і парадку - дзеці, як непрытомныя, паўскакалі з месц і з радасным крыкам абкружылі Барковіча.
- Дзядзька Адам! Дзядзька Адам! Пойдзем у лес!..
- Аўтух зайца ўчора забіў... во які, далібог!..
- У Прыгорку ліса бачылі...
- А журавін колькі ў Чорным маху!..
- Дзядзька Адам! Дзядзька Адам!
Настаўніца няўцямна глядзела на нечаканы бунт сваіх выхаванцаў і ніяк не ведала, што ёй рабіць. Спрабавала злавацца, але нічога не выходзіла: з-пад злосна насупленых броў яе вочы ўсё роўна блішчэлі шчаслівай гордасцю і здаволеннем, ёй падабалася, што дзеці любяць Адама.
Барковіч раптам зрабіў урачысты выгляд і агаласіў:
- Сёння заняткі скончаны. Гайда па хатах!
Але гэта ўжо выйшла звыш меры, і настаўніца ўсур'ёз раззлавалася. Яна так строга крыкнула на сваіх вучняў і такі страшэнны погляд кінула на Барковіча, што яму нічога больш не выпадала рабіць, як толькі вінавата стуліцца і разам з вучнямі рэтыравацца на заднюю лаўку. Для аднаўлення і замацавання свайго аўтарытэту настаўніца колькі хвілін яшчэ мучыла вучняў, але такі, нарэшце, пусціла, і яны з падвойнай энергіяй узнялі ранейшы гармідар.
Клас спусцеў. У раптоўнай цішы мякка расталі адгалоскі дзіцячага смеху і крыку. З-за вокан плылі ўжо смутныя вячэрнія цені - яны ўлівалі ў пакой асаблівую нейкую, цягуча-дрымотную прытульнасць.
Настаўніца папарадчыла на стале вучнёўскія сшыткі і села ля акна, пусціўшы некуды ў чорнае поле свой цяжкі, змораны погляд. Барковіч пільна ўглядаўся ў яе твар, сачыў за тонкімі, ледзь прыкметнымі зменамі, якія рабіў у ім наплываючы змрок. Ён ніколі не бачыў у яе такога глыбока сур'ёзнага твару, такога панурага, сумнага і нават стараватага. Пачынала здавацца, што гэта не яна, што гэта нехта другі. І гэты другі то выдаваў некім абсалютна чужым, незнаёмым, то неадрыўна блізкім і родным, радней за маці, радней за сястру.
Барковіча пацяшала гэта свавольная гульня фантазіі, і ён наўмысля не хацеў парушаць маўклівай цішы, якая глуха лунала ў пакоі. Яго спакойнаму назіранню, аднак, перашкодзіла нястрымная гарачая хваля пяшчоты, якая раптам узнялася ў яго нутры, якая з непераможнай сілай пацягнула яго да гэтае смутнае задуменнае дзяўчыны. Як і зазвычай, пачуццё яго вылілася ў шчырае і троху недарэчнае парыванне. Ён падышоў да дзяўчыны, стаў перад ёй на калені, абняў яе стан і з гуллівай усмешкай зазірнуў у яе глыбокія вочы.
- Тацяна! Нам павінна быць добра... Сапраўды...
І з нейкім па-дзяцінаму радасным смехам ён схаваў свой твар у яе на каленях.
Дзяўчына чамусьці ўздыхнула і пачала пяшчотна гладзіць яго валасы.
5
Гэта было тымі днямі, калі над Палессем - над бяскрайнім прасторам пажоўклых лясоў, над чорнымі лапінамі застылых балот, над спахмурнелымі, сіне-халоднымі рэчкамі, над счарнелым чаротам і жорсткім аголеным лазняком, над пустымі пясковымі грудамі, над убогімі хаткамі палешукоў, над жоўтымі, бурымі шэрагамі тлустых восеньскіх азяродаў, - над усім гэтым адвечна дзікім панурым царствам высокімі стройнымі ключамі ляцелі гусі.
Ляцелі гусі, спяшаліся. У гонкім іх лёце, у клапатлівым, надрыўна радасным клёкаце іх адчуваўся магутны разгон стыхійных імкненняў, вечных, як свет, непераможных, як жыццёвая сіла.
Куды? Чаго? Дзе канец, дзе мяжа гэтага лёту? Дзе той дзівосны зачараваны край, поўны сонца і радасці, поўны невядомага хараства, куды цягне іх гарачае, неспакойнае сэрца?
І ці ёсць ён наогул дзе-небудзь, гэты нябачаны край? Хто даляціць да яго, хто яго ўбачыць?
Усё роўна!.. Наперад! Далей! Больш разгону, больш сілы! Перад вачмі ж такі раздольны прастор, такая шырокая, свежая воля, такая прывабная, вострая невядомасць! Хай будзе, што будзе! Толькі - наперад, далей, далей...
Ляцелі гусі... Гонкія, плаўнакрылыя. За гусямі ляцеў чалавек - лёгкімі думкамі, шчымлівымі парываннямі, ляцеў у дзівосны нябачаны край, шукаў сонца і радасць, шукаў невядомага шчасця.
Хто ўбачыць той край? Хто пазнае радасць тую і шчасце?
Ой, ляцелі гусі...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Барковіч з Тацянай упершыню сёлета пачулі гусей, як варочаліся з свае звычайнае нядзельнае праходкі па бясконцай палескай грэблі. Барковіч адразу знайшоў у высокім небе жывы рухавы трохкутнік і парыўчата схапіў за руку сваю спадарожніцу.
- Вунь яны! Вунь яны!.. Бачыш?
Потым узняў угару свае рукі, быццам вітаючы далёкіх вандроўцаў, і закрычаў, як непрытомны:
- Го-го-го!..
Колькі хвілін ён так і стаяў, нібы застыгнуўшы ў сваім напружаным парыванні, з горача распаленымі вачмі, з хмельнай усмешкай на твары. Ён увесь прасякнуўся дзіка-магутным імкненнем, ён гатоў быў, здаецца, кінуць усё, сарвацца з зямлі і паляцець туды, за гэтым жывым мякказвонным трохкутнікам, - у свет, у прасторы.
Тацяна стаяла поплеч, глядзела на яго (ён быў цяпер надзвычайна прыгожы) і з непрыемнасцю адчувала, што ён зусім забыўся цяпер на яе, што гэта раптоўнае захапленне вымела з сэрца яго ўсе звычайныя пачуцці, як вымела з галавы яго ўсе звычайныя думкі. Нешта падобнае да зайздрасці шавальнулася ў ёй, і яна з рэзкай настойнасцю пацягнула яго за руку:
- Ну, пойдзем ужо.
Барковіч з патугай адарваў свой погляд ад далёкага, ледзьве прыкметнага ў небе трохкутніка і моўчкі пайшоў па дарозе. На твары ў яго яшчэ плавала радасна-светлая задуменнасць.
Яны падышлі да хутара, на якім кватараваў Барковіч. Ля варот стаяў гаспадарскі сын - хлапчук гадоў у шаснаццаць, - ён пільным чаканнем углядаўся ім насустрэчу. Барковіч адразу сцяміў, што ёсць нейкая навіна, і прыспяшыў ход.
- Што, Апанас?
- Вам тэлеграма прыйшла. Там, у хаце, ляжыць на стале.
Тацяна сказала, што пачакае, і Барковіч знік у варотах. Праз хвіліну ён выйшаў назад, трымаючы ў нязграбна выстаўленай наперад руцэ шэры тэлеграфны бланк. Ён у замяшанні глядзеў на паперку і ўсміхаўся нейкай невыразнай усмешкай: ні то вінаватай, ні то дабрадушна-пагадлівай.
Тацяна дрыжачымі пальцамі разгарнула паперку і прачытала:
«Стася памірае. Прыязджай.
Сяргей»
Барковіч дапытліва зірнуў у яе шэрыя вочы, але яна схавала сваё сапраўднае пачуццё пад маскай хмурай турботнасці.
- Калі будзе цягнік? Толькі заўтра... Заўтра а дзесятай гадзіне. Раней няма. Мы пойдзем да мяне... Табе не трэба цяпер быць аднаму.
Барковіч ахвотна згадзіўся. З кожнай хвілінай ён усё жывей і жывей адчуваў нейкі лёгкі, задорна ўзняты настрой, нейкую беспрычынную рызыку, расхадовасць. У кожнага чалавека бываюць такія хвіліны, калі, выбіты з каляіны якім-небудзь надзвычайным выпадкам, ён з балючай слодыччу парывае ўсе абыклыя маральныя сувязі і становіць сябе нібы вонках ад усяго жыццёвага поступу. Тады ўжо бывае не роспач, а вострае, хваравітае адчуванне асабістае волі, шырокіх асабістых магчымасцей. Тады чалавек можа зрабіць самы незвычайны і недарэчны ўчынак.
Ужо звечарэла, і яны, прыйшоўшы ў школу, адразу запалілі святло. На маленькай канапцы ля грубкі быў іх аблюбёны куточак. Тацяна заняла сваё месца і сядзела моўчкі, не спускаючы з твару сур'ёзнага, турботнага выразу.
Барковіч прыслухваўся, як расце ў ім тое лёгкаўзнятае пачуццё, што занялося пасля тэлеграмы. Ужо цяжка было стрымаць гэтае пачуццё, яно патрабавала нейкага выйсця, штурхала на нейкі гарэзны ўчынак. Ён узяў абедзвюма рукамі Тацяніну галаву, абярнуў да сябе яе хмуры, насуплены твар і, востра зазіраючы ў вочы, сказаў ёй:
- Чаму ты не радуешся, Тацяна? Ты можаш радавацца, ты павінна... Будзь сама сабой... Гэта лепш, што яна памрэ... Ты ведаеш...
Яна густа пачырванела, але не адказала нічога. Толькі нецярпліва вырвала з яго рук сваю галаву ды балюча, да крыві, прыкусіла губу.
Ён загадкава ўсміхнуўся і, памаўчаўшы хвілінку, зазначыў:
- Я, Тацяна, нікуды не паеду...
Яна рэзка абярнулася да яго і зірнула проста ў твар яму доўгім уедлівым поглядам. У шэрых ненатуральна бліскучых вачах яе Барковіч убачыў цэлы віхор розных супярэчлівых пачуццяў: там халодная злосць мяшалася з палкаю радасцю, там балючы дакор пераплятаўся з глыбокай, шчырай удзячнасцю. Яна ледзь чутна прашаптала:
- Нашто так... не трэба... Едзь туды... заўтра ўранні...
Барковіч паўтарыў тое, што некалі сказаў быў Сяргею:
- Паміраць лягчэй, чымся быць прысутным пры смерці. Надзвычайна нудны абавязак... і лішні...
Яна здрыганулася - ні то ад спалоху, ні то ад агіды.
- Ты хочаш, каб яна памерла.
- Я кахаю цябе... Ты таксама жджэш яе смерці.
Тацяна зноў упяла ў яго свой напружаны погляд. Цяпер было ў ім поўна цяжкога неўразумення і страху. Так звычайна глядзіш на невядомага чалавека, якога першы раз сустрэнеш дзе-небудзь у дзікім, бязлюдным кутку. Што ён хавае пад сваім абліччам? Ці не чакае ён толькі зручнага моманту, каб цябе загубіць?
А Барковіч спакойна ўсміхаецца шырокай, ветлай усмешкай. Яго ясныя вочы так цёпла, так мякка ахінаюць сваім пяшчотным святлом, так прыемна лашчаць, саграюць. Яго вочы гавораць без слоў, што ён сапраўды кахае, што яму можна верыць.
На Тацяніным твары страх і неўразуменне аддаюць месца цёплай прыязнасці - яна бярэ сваімі маленькімі ручкамі вялізную Барковічаву лапу, гладзіць яе і пачынае даверліва ўсміхацца. Вочы яе раптам робяцца волкімі і бліскучымі, з іх адна за адной капаюць буйныя слёзы. Яна не хаваецца з імі, нават не выцірае вачэй - слёзы цякуць, а яна ўсміхаецца і з даверлівай ласкай глядзіць на Барковіча. Барковіч раптам кідае сваю спакойную нерухомасць, прыцягвае да сябе дзяўчыну і горача цалуе яе мокры, абліты слязьмі твар. Яна хліпае, як дзіцёнак, і жаліцца:
- Ты і мяне так... потым... калі захварэю...
Ён суцяшае яе:
- Што ты, Тацяна? Ты такая здаровая... Мы з табой будзем заўсёды разам.
Яна сударгава прыціскаецца да яго і шэпча ў гарачым забыцці, у непрытомнасці:
- Не едзь... Нікуды не едзь... Я не пушчу... Ты будзеш са мной... Хай сабе, хай памірае... я не люблю яе...
Барковіч слухае і сам сабе ціха ўсміхаецца:
«Якія бязлітасныя гэтыя самкі!»
6
Пайшлі потым марудныя чорныя дні, скрозь якія так нудна цягнуўся бясконцы ланцуг неадчэпна турботных думак і разважанняў. Гэтыя дні выпілі ў Тацяны многа жыццёвае сілы - яны глыбока ўціснулі і абпялі хваравітай сінню яе шэрыя вочы, яны паклалі на вусны ёй рэзкую пячатку затоеных мук, яны разлілі па твары яе нездаровую бледнасць.
Страшная жудасная невядомасць... Перад ёй стаіш, як перад грозным судом, з халодным жахам перабіраючы чорную чараду сваіх мімавольных грахоў. Яна сама родзіць іх, гэтая таемная невядомасць. Яна з ліхамысным падступствам выклікае нядобрыя думкі, летуценні, яна зманліва раскрывае прасторы для злачыннае радасці. А потым гняце суровым дакорам, узнімае ў душы балючае мітусенне, ад якога няма куды дзецца, ад якога нялюбым робіцца ўсё жыццё, увесь свет...
З горада няма ніякае весткі. Няўжо яшчэ цягнецца тое страшнае марудлівае згасанне? Няўжо яшчэ не прыйшоў канец? Яна хоча гэтага канца, яна чакае яго з палкай нецярплівай надзеяй. Дрэнна гэта, дзіка і жорстка. Яна ведае, не хоча сябе падманваць, яна прызнаецца перад сабой у сваіх злачынных думках і пачуццях.
«Будзь сама сабой...»
А Барковіч цэлымі днямі цягаецца са сваёй стрэльбай. Балазе яму, ён знаходзіць добрае сабе заспакаенне. Кожны вечар ён прыходзіць свежы, вясёлы, з дабрадушнай усмешкай, з яснымі, як у дзіцяці, вачмі. Тацяна сустракае яго бледная, устурбаваная. Яна кожны раз з трывогай чакае ад яго жаданае весткі. А ён ставіць у кут сваю стрэльбу, сядае перад ясна палаючай грубкай, шырока раскідае грамоздныя свае чабаты і, паціраючы рукі, апавядае пра ўсякія дробныя здарэнні, якія трапіліся на паляванні. Часта прыносіць ён зайца або ліса - кладзе каля сваіх ног і ў часе гутаркі раз-пораз нагінаецца, каб з замілаваннем пагладзіць роўную пушыстую поўсць.
Тацяна спачатку дасадліва моршчыцца і нервова кусае вусны. Але Барковічаў роўны спакой пераходзіць памалу і на яе - яна забываецца на сваю трывогу, на свае мукі і канчаткова знаходзіць сабе заспакаенне ў шырокіх і цёплых абдымках Барковіча.
Так цягнулася, мабыць, дзён дзесяць. А потым здарылася нешта зусім нечаканае, зусім непрадбачанае, - пайшлі такія падзеі, якія за тыдзень перавярнулі ўсё дагары нагамі.
Неяк раз шэрай гадзінай Барковіч, вяртаючыся з палявання, зайшоў к сабе на хутар. Звычайна ён прыходзіў дахаты толькі позна ўначы, але цяпер быццам нешта падказала яму, што трэба абавязкова зайсціся. І як толькі ўвайшоў у хату, - па стрыманай цішыні, па таемнаму шушканню малых, па салідна-разважлівай постаці гаспадара ён адразу ўцяміў, што ёсць нешта новае. Змрок не даў быў спачатку разгледзець маленькага чалавечка, які сядзеў супраць гаспадара. А чалавечак, як толькі ўбачыў яго на парозе, схапіўся з лаўкі і кінуўся яму насустрач.
- Адам! Стася здарова... Зусім здарова... Чуеш, Адам?
Сяргей у нейкай бурнай экзальтацыі схапіў аберуч Барковіча і пачаў яго тармасіць.
- Гэта цуда, Адам. Гэта вялікае цуда. Разумееш ты, га? Разумееш?
Барковіч спакойна адарваў ад сябе яго рукі і прайшоў далей у хату.
- Скажы, як гэта... было...
Сяргей мітусіўся, бегаў па хаце, махаў рукамі.
- Тады, як я адбіў табе тэлеграму... яна памірала тады... а ты не прыехаў... У тую ноч змянілася ўсё... Рэзкі пералом... Дактары страшэнна здзіўлены... ніколі гэткага не было... Гэта - цуда, Адам, гэта - цуда... Я наўмысля табе не пісаў... Спачатку я сам не верыў... не мог паверыць... А потым я рашыў, што лепш, калі будзе нечаканая радасць. Яна відочна з кожным днём здаравее. Яна ўжо ходзіць... есць усё чыста, тэмпература роўная... Каб ты бачыў, Адам, - яна амаль што такая, як і раней... сапраўды...
Барковіч з метадычнай павольнасцю здзеў з пляча стрэльбу і павесіў яе на сцяну. Потым распусціў паляўнічую торбу і дастаў з яе прыгожага маладога ліса.
- Глядзі, што за цацка... Сумысля цалкам прывалок... Хараство якое, га?
Сяргей няўцямна тыркануў пальцам у звера.
- Заяц...
- Які табе заяц! Ліс...
І Барковіч аж зайшоўся ад нястрымна бурнага рогату. Удостач адсмяяўшыся, ён раптам пацягнуў Сяргея з хаты.
- Паходзім давай. Пагаворым.
Яны падаліся пад вёску. Сяргей бесперастанку гаварыў пра Стасю, пра яе дзівоснае выздараўленне. Барковіч маўчаў. Барковіч адчуваў сябе так, нібы нечакана трапіў у пастку. Здавалася, што нейкі фізічны цяжар наваліўся на яго і тупа прыціскае да долу, не дае зварухнуцца, не дае распрастаць, развінуць дужага цела. І чамусьці гэта прыкрае адчуванне зусім не злучалася з асобай Стасі. Ён не радаваўся дужа таму, што яна засталася жыць, але і не злаваў на яе. Ён прывык усе нягоды, якія б яго ні спасцігалі, разглядаць у агульным плане, як чарговую сутычку з жыццём, як чарговы наступ усіх тых варожых сіл, з якімі яму прыходзіцца весці змаганне. Стася толькі зброя ў руках гэтых сіл, Стася не вінавата.
І Барковіч раптам пачынае з мяккай ласкай распытваць пра Стасю, цікавіцца самымі нязначнымі драбніцамі, злучанымі з яе цудоўным выздараўленнем. Сяргею гэта дужа падабаецца, ён укладае ў апавяданне ўсю шчырасць свае істоты, ён увесь прасвятляецца і зазірае ў вочы Барковічу з асабліва глыбокай палкай удзячнасцю.
Адылі Барковіч больш пытае, чым слухае. У яго - сваё. Скутыя раптоўным цяжарам сілы яго пачынаюць настойна бурліць, уздымацца шумлівымі хвалямі, рыхтаваць нейкі адпор, нейкі ўдар па варожых сілах. Ён адчувае магутны прыліў энергіі, ён гатоў ужо ў бой і шукае толькі першай ахвяры.
Першай ахвярай быў, вядома, Сяргей. Барковіч перапыніў яго ў момант самага шчырага захаплення, калі ён з бязмернай пяшчотай апісваў кожны рух, кожнае слова «здаровай» Стасі. Барковіч выбраў самае балючае месца - ён сказаў з наўмысна падкрэсленым грубым цынізмам:
- Цяпер ты можаш нагнаць тое, чаго не меў быў раней. Помніш «прызнанні над свежай магілай»? Ха-ха...
Сяргей раптам звяў, панура схіліў галаву.
- Нашто ты крыўдзіш мяне, Адам?
- Ты сам сябе крыўдзіш. Не трэба быць сантыментальным.
Далей, да самае вёскі, яны ішлі моўчкі. Каля школы Барковіч спыніўся.
- Зойдзем да настаўніцы.
Сяргею ўсё роўна было, куды ісці. Ён пайшоў да настаўніцы.
7
Тацяна сядзела на падлозе і распальвала сваю грубку. Яна паспешна ўстала ім насустрэчу, пачала прасіць прабачэння за непарадак у хаце. Барковіч прывітаўся і паказаў на таварыша:
- Гэта Сяргей.
- Я так і думала. Я адразу пазнала вас, сапраўды. Мне Адам пра вас гаварыў.
І яна з гасціннай ветласцю завінулася каля Сяргея. Барковіч узяўся распальваць грубку. Перабіраючы трэскі, ён прабурчэў безуважным тонам:
- Жонка мая паздаравела, скора прыедзе сюды.
Наконт прыезду ён проста выдумаў, але выйшла так, што трапіў у самы лад. Сяргей адразу ўсхапіўся:
- Так, Адам, я зусім забыўся на гэта. Яна казала, што як толькі збярэ троху сілы, дык адразу прыедзе сюды. Мабыць, ужо скора...
Барковіч неўзаметку зірнуў на Тацяну. Быў адзін момант, калі ёй, відаць, не ў змогу было хаваць сваё хваляванне, і яна адвярнулася, нібы шукаючы нечага на кніжнай паліцы. Але зараз жа аўладала сабой і нават, каб паказаць сваю цвёрдасць, доўгі час гаварыла выключна пра Стасю. Між іншага, яна зазначыла з едкім націскам:
- Адам зусім быў расчараваўся. Ён ніяк не чакаў, каб яго жонка паздаравела...
Барковіч здзіўлена зірнуў на яе, і яна гэта адчула, але наўмысля адвярнулася, каб не сустрэцца з ім поглядам. Барковічу ясна стала, што яна на яго злуецца.
Увесь той вечар Тацяна гутарыла выключна з Сяргеем. Яна ўдавала сябе вясёлай, бязрупатнай, многа смяялася, жартавала. Гэты вымушаны, ненатуральны настрой потым сапраўды захапіў яе - яна нібы забылася, махнула рукой на ўсе непрыемнасці, якія зазнала ў апошнія дні, і цалкам аддалася гэтай мінутнай вясёласці. Яе настрой знайшоў шчыры адгалосак у Сяргея. Ён быў сягоння надзіва спрытны ў гаворцы, апавядаў многа пра гарадское жыццё, жартаваў, смяяўся сам і досыць удала смяшыў Тацяну. Некалькі раз Тацяна паміж смеху і жартаў пільна ўглядалася ў яго, старанна вывучаючы яго знадворны выгляд. Ёй упадабаліся яго белыя сукрыстыя валасы, і яна папрасіла дазволу пацерабіць іх - з гэтага выйшла ў іх цэлая забава.
Барковіч сядзеў у сваім кутку і моўчкі сачыў за імі. Яму было цесна тут, яго ўстурбаваная энергія патрабавала нейкага выйсця - яму хацелася ўстаць і пайсці куды-небудзь, каб хоць у бязмэтным руху адкрыць вытоку для сваіх сіл. Але ён не мог кінуць Тацяны - яму ў гэты момант да болю патрэбна была яе прысутнасць.
Гэта было нейкае дзіўнае, назойліва-прыкрае пачуццё, зусім непадобнае да той прагнай патрэбы ў жаночай блізкасці, якая звычайна прыцягвала яго да Тацяны. Ён не чуў цяпер гэтае блізкасці. Ён спрабаваў абудзіць у сабе звычайную ласку, пяшчотнасць, але заставаўся халодны. Быццам лягла паміж іх нейкая глухая пустэча і ў ёй тупа абрываліся ніці яго пачуцця. Ад гэтага ўзнімалася ў сэрцы едкая злосць і расло ўпартае непераможнае жаданне заставацца тут, каля яе, і настойна чакаць, што будзе далей.
Яны пайшлі ад настаўніцы зусім ужо позняй парой. Яна выпраўляла іх з шумнай клапатлівасцю і прасіла заходзіць яшчэ. Барковіч, развітваючыся, затрымаў яе руку і з цвёрдай дапытлівасцю зірнуў ёй у твар, але яна сярдзіта насупілася і рашуча ўнікала ад яго погляду. Гэта выйшла ў яе троху камічна, Барковіч не вытрымаў - і засмяяўся. У гэты момант яму надзвычайна пацешнай і любай здалася яна - з сваёй напружанай стараннасцю быць сярдзітай, з сваёй беспрасветнай суровасцю. Хваля гарачай пяшчоты затапіла нутро яго - яму захацелася прыцягнуць яе да сябе, моцна-моцна абняць і цалаваць - зараз жа, тут, пры Сяргею. Яна, мусіць, адчула гэты настрой, бо раптам уздрыганулася, вырвала сваю руку і бліснула на яго кароткім поглядам, поўным настойнае просьбы ці, можа, перасцярогі.
Барковіч пайшоў ад Тацяны ў добрым гуморы.
Сяргей, як выйшлі, адразу спытаўся:
- Гэта твая каханка?
Барковіч, хвіліну змаўчаўшы, адказаў запытаннем:
- А ці варта яе кахаць? Як па-твойму?..
І са спакойнай усмешкай слухаў, як Сяргей хваліў Тацяну.
- Мне яна ўпадабалася. Яна такая ласкавая, ветлая... І вясёлая. З ёй надзвычайна прыемна гутарыць. Я нават не заўважыў, як праляцеў гэты вечар...
Барковіч, смеючыся, перапыніў яго:
- Ты глядзі, і ў яе не закахайся...
Ён наўмысля сказаў «і ў яе», каб падражніць Сяргея. І ён добра ведаў, што Сяргей, раптам змоўкнуўшы пасля гэтых слоў, думае цяпер пра Стасю. Ён рашыў выкрыць Сяргеевы думкі.
- Стася прыгажэй за яе, але прасцей. У тае пачуццё заўсёды роўнае і нязменнае, а ў гэтае нават цяжка вызначыць часам, ці яна кахае цябе, ці ненавідзіць. Мабыць, яна і сама не ведае...
Сяргей зазначыў, нібы раптам успомніўшы:
- Праўда... Я заўважыў... яна сёння была да цябе такая... халодная...
- Як лёд...
І Барковіч засмяяўся. Больш яны не гаварылі аб гэтым.
Рэшту дарогі Барковіч апавядаў Сяргею пра Палессе, пра дзікае, поўнае нягод і жорсткай красы жыццё беларусаў-палешукоў. Сяргей задаваў наіўныя, чыста дзіцячыя запытанні.
У гэты вечар яны былі адзін аднаму шчырыя прыяцелі.
8
А назаўтрага ўранні, прачнуўшыся гадзіне а дзевятай, Сяргей заўважыў, што ў хаце няма ўжо ні Барковіча, ні яго стрэльбы. Апанас, гаспадарскі сын, расказваў, што Барковіч устаў яшчэ досвіта і, нічога не сказаўшы нікому, падаўся некуды ў лес.
Гэта было зусім неспадзявана. Сяргей дужа дрэнна сябе адчуваў сярод незнаёмай сялянскай сям'і. Далікатная абыходлівасць гаспадароў здавалася яму залішне перавялічанай і наганяла на яго прыкрае замяшанне. Яму цяжка было сядзець у хаце, і ён цэлы дзень бадзяўся па ваколіцах хутара, зазіраючы ў хату толькі затым, каб дазнацца, ці вярнуўся Барковіч.
Барковіча не было да самага вечара. Тады Сяргей рашыў пайсці да настаўніцы.
Тацяна сустрэла яго без асаблівага здзіўлення, быццам загадзя ведала, што ён прыйдзе і што прыйдзе адзін. Калі Сяргей пажаліўся ёй на Барковіча, яна з усмешкай яму адказала:
- Ці ж вы не ведаеце гэтага лесуна? У яго вечна такія фокусы...
Сяргей адразу, як толькі ўвайшоў у прытульны Тацянін пакойчык, як толькі ўбачыў яе ласкавы вясёлы твар, яе шэрыя ўсмешліва-ветлыя вочы, - адразу пачуў сябе лёгка і вольна, быццам прыйшоў да старога добрага свайго таварыша. Зноў, як і ўчора, занялася ў іх жвавая гутарка, зноў яны дружна смяяліся, жартавалі. Яны селі ў той чароўны цёплы куточак, дзе зазвычай сядзеў з ёю Барковіч, і Сяргею здалося, што ён сядзеў тут многа-многа разоў, што ўсё тут такое знаёмае яму, такое блізкае.
Тацяна абыходзілася з ім трохі паблажліва, як старэйшая з малодшым, - ён адчуваў гэта, але зусім не абражаўся. Гэта было нават прыемна яму, бо ўлівала ў іхныя адносіны асаблівую мяккасць і цеплату.
- Раскажыце што-небудзь пра Стасю.
Яна папрасіла так проста і непрыкметна, што Сяргей зусім не здзівіўся з гэтага раптоўнага яе жадання. Ён заўсёды рад быў гаварыць пра Стасю і быў шчыра ўпэўнены, што кожнаму прыемна пра яе слухаць. Цяпер ён гаварыў такім тонам, быццам спрачаўся з некім, абараняў яе ад нечых нявідных нападаў, упарта адстойваў яе добрыя якасці. Ён так захапіўся, што зусім не сачыў за Тацяніным тварам і не заўважыў, як на ім адзначыўся быў цень глыбокае роспачы, як потым з балючай патугай перамагла яна гэтае пачуццё і глядзела на яго, на Сяргея, з несхаваным жалем, з ласкавым матчыным спачуваннем.
Сяргей змоўк і задумаўся. У яго сініх вачах застыла сумная летуценнасць. Тацяна моўчкі паклала сваю руку на яго сукрыстыя валасы і пяшчотна перабірала іх. Ён спачатку нібы не чуў гэтае ціхае ласкі, а потым, схамянуўшыся, схапіў яе руку і пачаў цалаваць.
Яна чамусьці прыкусіла губу, і ў вачах у яе заблішчэлі слёзы.
У гэты момант з сянец пачуўся бязладны грукат. Гэта прыйшоў Барковіч. Ён увайшоў у пакой, даў «добры вечар», усміхнуўся, заўважыўшы, што занята яго звычайнае месца, сеў зводдаль і застыў у немым маўчанні.
Сёння выйшла так, як і тады. Барковіч моўчкі сядзеў, а яны вялі ўдваіх вясёлую жвавую гутарку. Раз-пораз яны кідалі адзін на аднаго кароткія выразлівыя погляды, і калі вочы іх сустракаліся, яны гарэзліва ўсміхаліся адзін аднаму, як тыя дзеці, што напракудзяць чым-небудзь, адылі не выкрытыя застануцца без пакарання.
Паміж іх было ўжо нешта падобнае да супольнае тайны.
На развітанні Тацяна зноў, насупіўшыся, старанна ўнікала Барковічавых вачэй, яму зноў смешна было ад гэтага і люба было глядзець на яе, і зноў узнялася была ў ім гарачая хваля пяшчоты.
З таго часу так і пайшло. Барковіч на цэлы дзень знікаў у палескіх нетрах, а Сяргей, апанаваны чорнай нудотай, бадзяўся па ваколіцах хутара. Як толькі асядала на зямлю шэрая гадзіна, Сяргей, поўны радаснай нецярплівасці, бег да Тацяны - у яе прытульным куточку так чароўна звіваліся хвіліны сяброўскай гутаркі, перамешанай з ціхай нясмелай ласкай.
Гадзіне а дзевятай прыходзіў Барковіч. Ён моўчкі сядзеў да канца вечара і, выходзячы ад Тацяны, нязменна ўсміхаўся дабрадушна-загадкавай усмешкай.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Гэтай парой над Палессем яшчэ ляцелі гонкія плаўнакрылыя гусі.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Сяргею доўга не ўдавалася стала пагаварыць з Барковічам. Іхнія выпадковыя гутаркі ніколі не выходзілі за межы малазначных драбніц, роўна нецікавых ні аднаму, ні другому. Ці толькі Сяргей памыкаўся закрануць якую-небудзь жыццёва вострую тэму, Барковіч ураз абрываў размову або рэзка пераводзіў яе на іншы прадмет. Сяргею гэта давала вялікую непрыемнасць. Яму цяжка было насіць у сабе нявыказаныя думкі - ён да гэтага не прызвычаіўся. Праўда, большую частку думак сваіх і пачуццяў ён выліваў у шчырых гутарках з Тацянай, але было і такое, аб чым яму цяжка было з ёй гаварыць. І ён з упартай цярплівасцю чакаў, калі, нарэшце, можна будзе выказаць усё Барковічу.
Гэта здарылася дзён праз пяць пасля яго прыезду. Позным вечарам яны вярталіся ад настаўніцы. У Сяргея, як і звычайна пасля сустрэчы з Тацянай, застаўся ўнутры лёгкі хмель радаснага захаплення. Густая волкая цемра, праз якую яны ішлі, спрыяла яго самаўглыблёнасці - ён моўчкі прыслухваўся да прыемнага свайго пачуцця і шырока, п'янавата ўсміхаўся - балазе ніхто не бачыць. І вось раптам Барковіч ні з таго ні з сяго пытаецца:
- Ты, Сяргей, чакаеш Стасю?
Ён здрыгануўся ад неспадзяванасці і не ведаў, што адказаць.
- Чаму ты пытаеш пра гэта?
Барковіч спакойна растлумачыў:
- Я бачу тваё новае захапленне, і ў мяне з'яўляецца трывога за Стасю. Яна можа згубіць свайго апошняга вернага прыхільніка.
- Чаму «апошняга»?
Барковіч не адказаў. Сяргей падумаў, што цяпер якраз надышла пара для шчырай размовы, і рашыў пачаць.
- Слухай, Адам, я даўно ўжо хацеў сказаць табе... я цябе не разумею... Мне здаецца, ты зусім не рады, што Стася паздаравела, што скора прыедзе да цябе, будзе зноў, як даўней... Няўжо гэта праўда?.. Няўжо ты сапраўды больш яе не кахаеш?..
- А ты?
Сяргей замяшаўся.
- Я... ты, Адам, ведаеш... Я яе зусім асабліва любіў і люблю... не так, як ты... Я табе не замінаю... Я яе буду заўсёды любіць... заўсёды...
- Ты дужа смешны...
Сяргей зразумеў гэтыя словы як выказ недавер'я да яго і захваляваўся.
- Так, Адам, я гэта шчыра кажу... Я разумею, што так нядобра... Людзі многа чаго гавораць... Наогул неяк... бязладна ўсё... Я разумею... Я многа думаў аб гэтым. Мы нешта зробім... Ты не ведаеш, я ж гэта наўмысля хаджу да Тацяны... Яна мне адразу надзвычайна ўпадабалася. У ёй ёсць нешта такое, што ўвесь час цягне мяне да яе - я гатоў цэлыя суткі сядзець з ёй, сапраўды... Яна разумная і добрая. У ёй так многа ласкі, сімпатыі... Слухай, Адам, усё можа быць... Магчыма, што я...
- Магчыма, што ты з ёй ажэнішся?
- Можа, я пакахаю яе... так, як звычайна... як ты...
Ён сам спалохаўся гэтага свайго прызнання і змоўк. Барковіч запытаў безуважным тонам, скрозь які, аднак, прабівалася пільна схаваная насцярожанасць:
- Ты з ёй аб гэтым не гаварыў?
Сяргей зусім засаромеўся.
- Я не ведаю.... Ды не, не гаварыў... Але мы з ёй... наогул... мне здаецца, што яна да мяне добра адносіцца...
На гэтым скончылася іхняя гутарка. Яны падышлі да хутара, моўчкі ўвайшлі ў хату і моўчкі паклаліся спаць. Назаўтрага Барковіч зусім не прыйшоў да Тацяны.
9
Заўтра прыедзе Стася. З самага таго моманту, як учора надвечар прынеслі тэлеграму і Сяргей першы за ўсіх яе прачытаў, яго ні на хвіліну не пакідаў вясёлы радасна-ўзняты настрой. Ён быў зусім шчаслівы. Ён не толькі рад быў, што скора сустрэне Стасю: ён чакаў ад прыезду яе нечага большага, нечага асаблівага. У яго вырасла дзіўная ўпэўненасць у тым, што прыедзе Стася - і будзе ўсё добра. Будзе добра і ёй, і Барковічу, і ўсім чыста. Ён учора гаварыў аб гэтым Тацяне, і яна згаджалася - яна таксама з нецярплівасцю чакае Стасінага прыезду.
Адно непакоіць Сяргея - гэта незразумела дзікі настрой Барковіча. На яго тэлеграма зрабіла, мусіць, дрэннае ўражанне. Ён, праўда, спачатку толькі ўсміхнуўся і прабурчэў, нібы сам да сябе:
- Ну што ж, гэта добра...
Але потым спахмурнеў, усцервіўся нечага, пачаў кідацца, як загнаны звер. То пойдзе куды-небудзь, то зноў вернецца ў хату, ходзіць ад сцяны да сцяны, не гаворыць ні з кім, ні на кога не звяртае ўвагі.
Сёння зранку пайшоў са стрэльбай. Мабыць, паходзіць, дык заспакоіцца. А заўтра выясніцца ўсё, усё чысценька.
І Сяргей цалком аддаецца свайму бязрупатна-радаснаму пачуццю.
Барковіч вярнуўся рана - толькі пачало цямнець. Ён кінуў на лаўку свае прылады, падышоў да Сяргея і сказаў з выразным націскам:
- Я сёння пайду да Тацяны.
Сяргей зразумеў.
- Добра, я застануся дома.
І Барковіч адразу пайшоў.
У Тацяны агню яшчэ не было. Яна сядзела ў сваім куточку, ахінутая густым валакном змроку. Ён адразу заўважыў яе, як увайшоў у пакой. Ён моўчкі падышоў да яе, схіліўся перад ёй - вялікі, грамоздны - і з парыўчатай палкасцю пачаў цалаваць яе рукі. Яна слаба адпіхала яго ад сябе.
- Пастой... Я запалю лямпу.
І яна ўстала, падышла да стала. Яна чамусьці дужа доўга шукала запалак, хоць яны некалькі разоў бразгалі ў яе пад рукой. Нарэшце знайшла, запаліла святло. Барковіч толькі цяпер заўважыў, што стаіць на каленях перад канапай. Ён устаў, падышоў да Тацяны, зазірнуў ёй глыбока ў вочы.
- Я ведаю, Тацяна, за што ты злуеш на мяне. Ты злуеш за тое, што не памерла Стася.
Тацяна спалохана адшаснулася ад яго.
- Досыць, Адам. Я больш не магу... Ты мучыш мяне...
- Я кахаю цябе - ты гэта ведаеш... Заўтра прыедзе Стася... Нам трэба нешта рабіць...
- Не-не, нічога не трэба... Я не хачу, я нязгодна...
- Ты баішся?
Тацяна з цвёрдай рашучасцю ўхапілася за гэтае слова:
- Так, так, Адам, я баюся... Я баюся Стасі... Мне здаецца, што гэта яна не памерла... вярнулася, каб толькі нас разлучыць... Я ведаю, што гэта глупства, але ўсё роўна... мне не будзе спакою...
Барковіч абняў яе сваёй дужай рукой.
- Ты будзеш са мной, Тацяна... заўсёды... Я буду цябе бараніць... Мы можам паехаць куды-небудзь, знікнуць ад іх, ад усіх...
- З табой... заўсёды... Нашто ты гэта гаворыш? Ты сам не верыш гэтаму... Ты ж усё роўна кінеш. Такі ты чалавек... Я і цябе баюся... больш, можа, чымся Стасі...
У Барковіча ў вачах пыхнуў едкі агеньчык.
- Што гэта: практычнасць ці сантыментальнасць? На ўсё жыццё, значыць? Ха-ха!..
Тацяна сурова насупіла бровы.
- Кінуць лягчэй, чымся быць пакінутым.
- Гэта, ведаеш, дужа падобна да Сяргея...
Тацяна яшчэ больш насупілася.
- Ты здзекваешся над Сяргеем... Ты - мацнейшы... А ён добры, лепшы за цябе. Я веру яму ва ўсім.
- А мне не верыш, бо кахаеш мяне. Каго кахаюць, таму ніколі не вераць.
- Ай, не ведаю я...
На яе твары адзначыўся след нутранога болю. Яна адышлася да акна і, адсунуўшы фіранку, пачала глядзець у чорную засланку цемры. Барковіч застаўся на месцы. Хвіліна працякла ў нервова-напятым маўчанні. Потым Барковіч загаварыў глухім, зніжаным голасам:
- Што ж... значыць - усё... канец... Што ж... хай сабе...
Ён памаўчаў, быццам мяркуючы, што яшчэ трэба сказаць, і запытаўся:
- Ты, мусіць, захочаш, каб я з табой больш не сустракаўся?
Яна з нервовай паспешнасцю абярнулася да яго.
- Так, Адам. Больш не трэба... Ты нічым тут не звязаны... Едзь адсюль... Мне будзе лепш... Я хачу добра цябе ўспамінаць, і ты не павінен мучыць мяне... Едзь куды-небудзь... я дужа цябе прашу...
Барковіч пагадліва кіўнуў галавой.
- Добра, паеду. Бывай!
Ён хацеў на гэтым і скончыць усё, хацеў ужо завярнуцца і ісці, аж яна раптам падышла да яго, паклала на плечы яму свае рукі і ўпілася ў яго твар глыбокім балючым поглядам.
- Бывай, Адам!
І ў нейкім раптоўным захапленні, у п'яным экстазе пачала яго цалаваць.
- Бывай!.. Бывай!.. Любы!..
Барковіч пачуў на твары ў сябе гарачую вільгаць: яна плакала. Ён моцна прытуліў яе да сябе і зашаптаў:
- Ты любіш мяне... Тацяна, ты любіш... Нашто так рабіць?..
Яна быццам і не чула гэтых слоў. Яна яшчэ раз паглядзела ў твар яму сваім распаленым поглядам і раптам супакоілася.
- Ну, ідзі... Пачакай, захіні сваю куртку - на дварэ ўжо сцюдзёна. Дай, я. Вот так. Во... Які ты нядбалы! Як дзіцянё... Ну, ідзі...
Яна вывела яго на вуліцу і стаяла на ганку, пакуль не заглухлі ў цемры яго марудныя важкія крокі.
Дзіўнае адчуванне было цяпер у Барковіча. Нейкі тлумны туман атуліў яго свядомасць, і ў гэтым тумане бясформеннымі абрыўкамі мітусіліся асобныя словы і вобразы, бязладна вырваныя з таго, што адбылося там, у Тацяны. Жывей за ўсё адчуваліся Тацяніны пацалункі, якія нібы прыліплі да твару палкімі нязводнымі плямамі. Іншай хвілінай здавалася, што яна і цяпер цалуе яго, і затуманеная свядомасць настойна дамагалася развязаць тупое, назойлівае пытанне: «Нашто гэта яна? Што абазначаюць гэтыя дзіўныя пацалункі?»
Потым памалу туман развеяўся, і раптам, нібы вострым нажом, рэзнуў па сэрцы бязмерна пякучы жаль. Перад ім адкрылася ў вострай, амаль што фізічна адчувальнай канкрэтнасці блізкая магчымасць шчасця, магчымасць глыбокіх салодкіх уцех, якая была, безумоўна, была да гэтай апошняй сустрэчы.
«Няўжо - канец? Няўжо ўсё тое, што засталося там, за некалькі крокаў назад, што адчуваецца такім блізкім, патрэбным, - няўжо яно навек адарвалася? А можа, гэта памылка? Можа, яна чакае яго? Можа, хоча, каб ён вярнуўся?
Не! Яна развіталася назаўсёды. Яна не чакае. Цяпер ужо позна. Жыццё супраць яго, перамаглі варожыя сілы. Скруцілі шчытным калючым вязьмом, не даюць вольна дыхнуць, здзекваюцца, святкуюць сваю паганую перамогу.
Пачакайце! Ён яшчэ не здаўся, яшчэ будзе змаганне. Ён яшчэ возьме сваё!»
І Барковіч, апанаваны раптоўным прылівам шалёнае злосці, сударгава сціскае свае кулакі, скрыгае зубамі і ўпіваецца ў цемру драпежным раз'юшаным поглядам, быццам гатовы кінуцца на нейкага нявіднага ворага.
Раптам ён успамінае Сяргея, і нядобрая ўсмешка крывіць яго дрыжачыя вусны. Ён спыняецца сярод дарогі, з хвіліну аб нечым мяркуе і рашуча заварочвае назад, на вёску.
У Тацяны ў акне свеціцца ціхі прыветны агеньчык. Калі праходзіць міма Барковіч, агеньчык на момант ловіць яго ў сваё жаўтлява-празрыстае ўлонне, - мусіць, затым, каб падзівіцца на яго злосны, дэманічна скрыўлены твар.
Барковіч зайшоўся да Аўтуха, першага сябра свайго па паляванні.
- Дай мне на заўтрашні дзень свае стрэльбы.
- Во... А твая што?
- Мы пойдзем удвух, з таварышам...
- А-а...
Аўтух нешта памыкаецца расказаць, але Барковіч не слухае. Ён забірае стрэльбу і паспешна ідзе да сябе, на хутар.
Сяргей яшчэ не спіць. Ён сядзіць за сталом, узлёгшыся тварам на далоні, і шчыра аб нечым думае. Барковіч стараецца ўзяць дабрадушны, вясёлы тон.
- Бабы казалі, што ў Чорным маху аселі гусі. Пойдзем з табой заўтра ўранні. Я ўзяў табе стрэльбу.
Сяргей узнімае на яго свае наіўныя, ясныя вочы.
- Я ж не ўмею страляць.
- Гэта зусім проста. Во так...
І Барковіч пачынае на скоры поспех тлумачыць яму, як трэба абыходзіцца са стрэльбай. Сяргея надзвычайна цікавіць гэта механіка, і ён ужо шчыра радуецца, што Барковіч надумаў узяць яго на паляванне.
Яны зараз жа кладуцца спаць, каб заўтра яшчэ досвіта быць на нагах.
10
Густы каламутны змрок, патрывожаны першым, яшчэ ледзьве-ледзьве прыметным святлом зарання, санліва варушыўся ў мякка нагрэтым занач гняздзе і доўга не хацеў пакідаць яго - доўга не хацеў падбіраць сваіх чорных, раскіданых па глухім закуцці космаў. Млявы, распараны сном, ён дыхаў цеплаватай вільгаццю, і ў гэтым цягучым дыханні насіўся пах мокрай кары і заляжалага лісця.
З неба на зямлю асядала густая ліпкая парасць...
Спачатку, як выйшлі, Сяргей зусім не бачыў дарогі. Ён чуў наперадзе ў сябе аднамерна важкія крокі Барковіча і дробна семяніў у той бок, спяшаючыся, каб не астацца. Ісці было дрэнна, часта трапляла пад ногі то слізкая лужына, то пень або карчавешка. Дужа замінала стрэльба - ён ніяк не мог прыладзіцца, каб яна добра трымалася, і кожную хвіліну прыходзілася яе папраўляць.
Адылі Сяргею зусім было весела і прыемна.
Пачало днець. Ужо можна было агледзець наперадзе постаць Барковіча, толькі выдавала яна нейкай дзіўнай, недарэчнай: то вырасце раптам вялізная-вялізная, то збярэцца ў маленькі чорны камочак, то зусім знікне, сальецца з цемрай, а потым вылучыцца цёмнай бясформеннай масай, зусім непадобнай да чалавека.
Барковіч увесь час упарта маўчыць. Сяргею страшэнна хочацца гаварыць, і ён раз-пораз пытаецца аб чым-небудзь у свайго спадарожніка, але той або адказвае адным словам, або проста адмоўчваецца. Ён нейкі дзіўны сягоння. Нават голас у яго нібы змяніўся - грубейшы стаў і сурова стрыманы. А тут яшчэ змрок гэты, цені розныя таемныя па баках. Сяргею пачынае залазіць у нутро мімавольная жудасць.
Ага! Нарэшце ўжо сапраўды павіднела. Вырастаюць дрэвы наўкола, вылазяць кудлатыя карчы. Пад нагамі відаць ужо жоўты дыван апалага лісту. І постаць Барковіча зрабілася зусім выразная: ён у звычайнай куртцы сваёй, у высокіх ботах, замест пояса - патранташ. У яго чамусьці падняты каўнер, і гэта надае ўсяму яго выгляду нейкую чэрствасць, замкнёнасць: звычайна ён ходзіць зусім расхрыстаны. Нашто ён паставіў каўнер? Сягоння ж ані-ні не холадна.
Вось і зусім ужо відна. Дзень заняўся сляпы, слізготны. Можа, гэта добра для палявання? А можа, дрэнна?
Сяргей пытаецца ў Барковіча, але той маўчыць. Мусіць, задумаўся моцна. У яго сёння зусім няўдалы настрой.
Яны ўсё ідуць ды ідуць. Ішлі па глухім балоцвеным лесе, потым перайшлі праз сухую выспу, падаліся ўсцяж па канаве, зноў устроміліся ў дзікі непраходны лес. У Сяргея, нязвыклага да хады, ужо млеюць ногі і страшэнна ломіць плячо, на якім ён нясе сваю стрэльбу.
Дзе ж тыя гусі?
Перад імі раптам адкрываецца шырокая чыстая паляна, абкружаная суцэльнай сцяной высокага лесу. Барковіч спыняецца і абарачваецца да Сяргея.
- Вось тут... Давай адпачнём троху...
Ён абапіраецца плячмі аб ствол вялізнага дуба і глядзіць некуды ўбок, у цёмны лясны гушчар. Ён высвіствае нейкую песню - мабыць, затым, каб перамагчы таемна-хітрую ўсмешку, якая во-во гатова ўсплысці на яго твар.
Аб чым ён думае?
Сяргей з радасным палягчэннем здымае з пляча стрэльбу і шукае месца, дзе б паставіць яе. Барковіч раптам спыняе яго.
- Ты не забыўся, як трэба страляць? Пакажы...
Сяргей спраўна прарабляе ўсе патрэбныя маніпуляцыі. Барковіч здаволена ўсміхаецца. Потым ён падыходзіць бліжэй да Сяргея і раптам прымае сур'ёзны, амаль што жорсткі выгляд.
- Во што... Нам трэба з табой пагутарыць... стала... раз назаўсёды.
Тон яго слоў такі незвычайны, такі напружна-цвёрды, што Сяргей мімаволі бляднее і ў вачах у яго пыхае раптоўны спалох.
- Аб чым ты хочаш гутарыць?
Барковіч падыходзіць яшчэ бліжэй, узлягаецца на сваю стрэльбу і ўпінае ў Сяргея жудасна нерухомы погляд.
- Слухай... Колькі часу, як мы спазналіся?
- Даўно ўжо... Год пяць.
- Так. Пяць год. Мы адразу былі здружыліся. Помніш? Гэта дужа цікава... У нас былі моманты, калі мы не маглі жыць адзін без аднаго. Мы часам спрачаліся, лаяліся, крыўдзілі адзін аднаго, а потым шукалі выпадку, каб зноў сустрэцца. Не маглі абысціся без гэтай сустрэчы... Праўда? Ну, вось... Мы пяць год былі самымі блізкімі, самымі шчырымі прыяцелямі...
Ён змоўк, нібы правяраючы ў думках, ці тое сказаў, што трэба было сказаць, або шукаючы слоў для далейшага.
Сяргей з поўнай шчырасцю пацвердзіў:
- Я заўсёды лічыў цябе за лепшага свайго сябра.
Барковіч не звярнуў ніякай увагі на яго словы.
- Вось так... разумееш?.. А ўсё-ткі мы з табой ворагі адзін аднаму.. Найлюцейшыя ворагі, якія толькі могуць быць...
- Адам! Што ты гаворыш?
- Найлюцейшыя ворагі... Фатальныя ворагі... Мы ўвайшлі адзін к аднаму ў жыццё, каб папсаваць яго... Так увесь час і было...
Ён змоўк, нібы аднаўляючы ў памяці драбніцы мінулага.
- Вось з Стасяй... Ты мне псаваў увесь час... страшэнна псаваў... агідна... А я табе... ха-ха!.. ты сам казаў, што нічога не меў... ха-ха!.. нічога не меў...
І ён дзіка зарагатаў. Потым ураз неяк сціх і падблізіў да Сяргея свой скрыўлены злоснай грымасай твар.
- Па праўдзе сказаць, ты паскудненькую ролю там іграў. Зусім такую, ведаеш, нікчэмненькую, туалетную... Ты ж, небарака, нічога не меў... Ха-ха!.. Які недалужны!..
Сяргей яшчэ больш пабялеў, і вочы яго востра заблішчэлі - ні то ад слёз, ні то ад зацятае злосці.
- Адам! Ты мяне абражаеш!..
- Ха-ха! Абражаю? Я думаў, што ты зусім няздольны абразіцца... Слухай далей... Вось з Тацянай... Ты не дужы сам для сябе знайсці што-небудзь у жыцці. Ты, як слімак, падпаўзеш да чужога і рад, што знайшоў дзе прыслініцца. І просты жаль да цябе, перамяшаны з агідай, ты гатоў прыняць за каханне! Ха-ха!.. Цябе кахаць! Такога склізнёнка?
З Сяргеем рабілася нешта надзвычайнае. Яго збялелы твар раптам наліўся крывёй, вочы загарэліся дзікім вар'яцкім агнём, - ён увесь напружыўся і гатоў быў кінуцца з кіпцямі на Барковіча. Ён не мог гаварыць, у яго выходзіў толькі здушаны шэпт.
- Ты... якое права... Я - чалавек!.. Я - чалавек...
Барковіч зусім блізка - твар у твар - прыхіліўся да яго.
- Ты - паскуднік... Я ненавіджу цябе...
З хвіліну яны стаялі так адзін супраць аднаго - лютыя ворагі, гатовыя кожную хвіліну кінуцца ў смяротную бойку. Потым здарылася нешта зусім дзікае і агіднае: Барковіч плюнуў у твар Сяргею і, крута завярнуўшыся, пайшоў на паляну.
Гульня была надзвычайна рызыкоўная, і Барковіч, ідучы роўнымі, нібы зусім спакойнымі крокамі па паляне, з фізічнай яснасцю адчуваў, як па спіне ў яго марознай хваляй перабягаюць мурашкі. Нейкую балюча-вострую звярыную асалоду давала яму гэтае смяротна-напружанае чаканне.
Усё, што адбылося далей, заняло не больш як хвіліну, але тая хвіліна ўвязала ў сябе цэлы віхор самых бурлівых перажыванняў.
Быў адзін момант, калі Барковічу здалося, быццам нешта з тупой сілай штурханула яго ў плечы, і ў галаве яго маланкай бліснула думка, што гэта Сяргей дагнаў яго і ўдарыў прыкладам. Але зараз жа загрымеў стрэл, і за ім - балюча-балюча запякло ў правым плячы.
Цяпер ён ведаў, што трэба рабіць. Са звярынай круткасцю ён абярнуўся назад і абыклым рухам сарваў з пляча зброю.
Сяргей стаяў на ўзлессі - белы як снег - і з нерашучай патугай падымаў стрэльбу, ладзячыся да другога стрэлу.
І раптам - ні з таго ні з сяго - Барковіч зайшоўся ад самага звычайнага, самага вясёлага, гуллівага рогату.
- Бэкасіннік... ха-ха! Бэкасіннік... Шрот такі ў цябе... ха-ха!.. Я забыўся... На дробных птушак... ха-ха!.. Бэкасіннікам у чалавека... у чалавека... ха-ха-ха!..
Сяргей з тупой няўцямнасцю апусціў стрэльбу. Барковіч рашучым махам ускінуў сваю на плячо і, усё яшчэ смеючыся, прайшоў міма Сяргея і ўглыбіўся ў лес.
- Адам! - пачуўся ззаду слабы, надарваны голас.
Ён прыбавіў ходу.
- Адам! - данеслася зусім здалёку - ціха і жаласна.
І ўсё змоўкла.
11
Барковіч усё глыбей і глыбей удаваўся ў цёмны гушчар, і чым далей ён ішоў, тым спакайней рабіўся яго твар, і ўсмешка, з якой ён не разлучаўся з самага таго трагікамічнага моманту, усё больш і больш набывала дабрадушна-лагодны характар.
Глыбокая застылая ціхасць палескае пушчы, хмельны пах волкай зямлі і спрадвечнага жыццёвага праху, ціхі, малельна-пакорлівы шэпт пажоўклых лістоў і самота - поўная, бязмежная самота, салодкая да ап'янення, да забыцця...
Як добра яму тут! Які цудоўны спакой ахінае істоту яго, як расце, развіваецца яго вольны, непакорлівы дух, надламаны жыццёвай нягодай. І як далёка засталася ўся тая нягода - з жорсткай барацьбой, з трывогай, з дробным дакучлівым мітусеннем.
Ён адчувае сябе пераможнікам. Ён сам не ведае, у чым гэта перамога, але ў душы ў яго - урачыстасць, на сэрцы - спакойная, чыстая радасць. З наўмысна навостранай чуласцю ён прыслухваецца да свае раны, і яму чамусьці прыемна, соладка адчуваць, як пякуча садніць плячо, як сцякае па целу ліпучая цёплая кроў.
- Бэкасіннік...
І ён зусім наіўна, па-дзіцячаму ўсміхаецца.
Лес перасякае чорная паламаная грэбля. Гэта - дарога на станцыю. Ён спыняецца, пільна азіраецца наўкола і ідзе далей па дарозе. Яму дужа прыемна, што дарога пустая, што нікога няма насустрэчу.
Але вось наперадзе, ад завароту, паказаўся конь. Недалужна калупаецца па гразкай грэблі, ледзьве цягне за сабой карахвашку.
Пэўна, нехта едзе са станцыі.
Раптам Барковічавы мазгі праразае вострая здагадка. Ён, як злодзей, кідаецца ў бок ад дарогі і прытойваецца за вялізным камялём старавечнага дуба.
- Так, гэта яна... Гэта - Стася.
Яна праязджае зусім блізка каля яго, і ён спакойна, уважліва яе разглядае.
Яна сапраўды паздаравела... Яшчэ відаць на твары сляды цяжкой хваробы, але ўжо шчокі красуюцца свежай чырванню і ў вачах гарыць вясёлы, зусім здаровы агеньчык. Яна амаль што такая, як і раней.
Яна думае аб нечым вясёлым, прыемным. Нават не можа стрымаць мімавольнае ўсмешкі, якая настойна лезе на твар ёй і гарэзліва трывожыць яе тонкія прыгожыя вусны. Пэўна, малюе ў думках радасную карціну блізкай сустрэчы...
Ха-ха! Каб яна ведала, што ён стаіць тут, на некалькі крокаў, схаваўшыся ад яе, як злодзей!
Карахвашка, нязграбна клыпаючы па карабатай грэблі, знікае за заваротам. Барковіч чакае яшчэ хвіліны са дзве, потым вылазіць з свае засады і, сцеражліва азіраючыся, выходзіць на дарогу. На твары ў яго хітра-здаволеная міна. Ён ашукаў і тут. Ён усіх ашукае, пачакайце толькі! Ён не здасца - о, не! Хай цяпер там разбіраюцца, хай!
Радасць яго пераходзіць магчымыя межы. Яе ўжо няможна стрымаць, яна павінна выліцца неяк з яго да краю перапоўненай істоты. Ён яшчэ раз азіраецца на бакі і, нарэшце, дае сабе волю. Магутны раскатны рогат разлягаецца па бязлюднай пушчы і на хвіліну поўніць яе мітуслівым жыццём. Потым ён у адзін момант сунімаецца і стаіць, сударгава застылы ў рэзка напружанай нерухомасці.
Так. Яго вострае вуха не зманіць. Ён выразна чуе гэтыя далёкія гукі, ціхія і меладычныя, як хлюпанне нявіднай крынічкі. Ён упінае свой распалены радасцю погляд у шэрае неба і бачыць (а можа, гэта здаецца яму?), як плаўна сунецца там жывы рухавы трохкутнік.
Гусі... Апошнія сёлета гусі. Рупяцца, каб не застацца, каб не спазніцца ў той зачараваны край. Яны яшчэ вераць, яшчэ спадзяюцца. У іхняй зазыўнай песні так многа імкнення, так многа надрыўнае радасці.
Ляціце, любыя! Ляціце, родныя! Яшчэ не позна. Ніколі не позна...
Шукайце сонца! Шукайце шчасця!..
Барковіч, як і тады, калі бачыў быў першых гусей, у п'яным захапленні ўзнімае ўгару свае рукі і крычыць услед далёкім вандроўцам:
- Го-го-го-го!..
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
На станцыі стаяў некуды поезд. Барковіч падышоў да касы, дастаў свой бумажнік, вытрас усё, што ў ім знайшлося, і папрасіў касіра, каб ён на ўсе грошы даў яму праязны білет.
Пачатак шчасця
1
І вось пайшла Галенка на рэчку плацце праць.
Ішла Галенка паволі, зважна, ёмка наспрунжыніўшы стан пад цяжарам каромысла. Гэты цяжар дзівосным чынам надаваў ёй лёгкасці і радаснага спакою: яна хоць трошачку, хоць адным куточкам свайго сэрца чула сябе праўдзіваю жонкаю і гаспадыняю. Каромысел быў лёгкі, але Галенцы ён без меры цяжкі, бо яна хацела гэтага.
На рэчцы плаваў, куляўся густымі камлыгамі халодны белы туман. Быў ён нечаканы і недарэчны ў агульнай яснасці надвячорка, і таму здавалася, што ўвесь гэты восеньскі холад, усю гэту сцюжу прынёс ён, стары ды такі гарэзны туман. І вада сцюдзёная - аж пячэцца - таму, што плыве з-пад яго ледзяной барады.
Галенка, яшчэ не здымаючы з плеч каромысла, ступіла босай нагой у празрыстую плынь і ўраз адхапілася, здрыгануўшыся ўсім целам. Тады, нібы раздражненая гэтым калючым дотыкам сцюдзёнай вады, рашуча скінула з плеч бялізну, падаткнула высока спадніцу і, шумна шчубоўкаючы нагамі, увайшла да кален у раку.
Звонкі размашысты гук праніка канчаткова разбадзёрыў Галенку, узнёс яе ў нейкай, але дужа вострай радасці. І біла яна ім, як сілы хапала, гонка напружваючы ўсё сваё маладое, дужае цела, радая, што настойны голас яе працы разлягаецца ва ўсе бакі, на ўсю ваколіцу. Пранік, вядомая рэч, разумеў і падзяляў Галенчын настрой, і выбіваў ён сваімі ёмкімі ўдарамі, безумоўна, тое, чым жыла Галенка і што павінен быў ведаць цэлы свет.
- Гэй, чуеце, людзі, вы, недарэкі!.. У Галенкі ёсць добры, прыгожы, разумны малады муж, а Галенка - спраўная, працавітая жонка і гаспадыня!.. Пэўна, што так! Бачыце, як яна спрытна завіхаецца каля плацця, як стараецца, каб дагадзіць свайму любаму мужыку!..
Раптам Галенка сунялася, і пранік недалужна звіс у яе ў руцэ. Па беразе, пад яе бок, гнала карову яе матка. Галенка спалохалася, убачыўшы матку, і зараз жа засаромелася свайго мімавольнага страху. Гэта ж, папраўдзе, сорам - баяцца сустрэчы з маткай!
Хмуры дзень запляміў Галенчын настрой.
- Дачушка! Каб не застудзілася ты, маё дзетухна. Гэткі холад!
- Дармо, мамка, я не баюся...
Матка глядзіць на дачку з балючай спагадай, і дачцэ баліць ад гэтага, і з доччынай любасцю да маткі сплятаецца дрэнная ўпартая злосць.
«Што яна да мяне мае?»
Матка пераводзіць погляд на Галенчына плацце - той самы ціхі спагадлівы погляд. У вадзе паскуднай шмоткай боўтаецца сарочка, на сарочцы паміж рубцоў ды лапікаў - вялізная незашытая дзірка. Мо яе ўжо і зашыць, дык рады не дасі?
Матка ўздыхае.
- Ах-ха-ха!.. Калі тое жыццё настане? Абнасіліся, абшарпаліся... Дзетухна маё любае...
І пагнала далей карову, з старэчай павольнасцю махаючы даўгім рабраватым дубцом.
Галенка глядзіць ёй услед, занядбаўшы работу, твар у яе спахмурнеў і вочы наліліся слязьмі. Свежы ветрык прыляцеў з пагаслых даляў і зняцейкі хапіў яе за голыя мокрыя ногі. Яна закусіла губу і, праглынуўшы слёзы, панура схілілася над дзіравай сарочкай.
На раку асядаў ужо непрытульны халодны змрок.
2
А чый жа лён пад балотам? Заросшы ён увесь травою, Увесь травою-лебядою, Макрыцаю, павіліцаю...На гарэ за рэчкаю, за кудлатым густым хмызняком, калгасныя дзеўкі палолі лён. Гэта было ўлетку, у чэрвені месяцы. На жаўтлява-зялёным празрыстым фоне маладога лёну буйнымі сінімі зоркамі красавалі васількі.
...Ці ёсць што прыгажэйшае ад гэтага мяккага, бязмежнага лірычнага злучэння фарбаў: сінія-сінія васількі ў кволым жаўтлява-зялёным лёне?
(Васількі трэба, полячы, рваць, бо гэта благое зелле.)
Галенка тады палола лён з калгаснымі дзеўкамі. Калгас іхні бадай што цалкам перайшоў на тэхнічныя культуры - у самы прыпар поліва не хапала працоўных рук, дык наймалі.
Працаваць гуртам было весела, а калі дзеўкі вясёлыя, дык яны знойдуць хто якую прычэпку, абы шчыра і гучна на ўсё поле рагатаць, вішчэць, выкрыкваць раптоўныя з нутра непераможным імпэтам прыпеўкі.
Ой, як слаўна, як радасна працавалася тады Галенцы!
Апаўдні залучыў быў да іх старшыня і яшчэ з ім адзін - высокі, чорны, з каротка падстрыжанымі смешнымі вусікамі. Яны раптам вылезлі на іх з хмызняку, і крайняя ад кустоў дзяўчына ў наўмысным спалоху адшаснулася ўбок.
- Авой, цыган! Яй-богу, цыган!..
Дзеўкі ўзнялі несусветны вэрхал.
- Цыган! Цыган!
А суседка Галенчына штурхнула яе пад бок і шапарнула на вуха:
- Прыгожы, на яго ліха!
І Галенцы прыкра было чамусьці, што дзеўкі смяюцца з гэтага прыгожага мужчыны. Яна дасадліва зморшчыла лоб і сярдзітым вокам узіралася ў незнаёмага чалавека.
А «цыган» - нібыта што - спакойна падышоў да дзявочае гурмы і запытаў неспадзявана ціхім, прыветлівым голасам:
- Ну, як, дзяўчаткі, працуецца, га? Чысты лён які, ай-я-я! Тут жа й палоць няма чаго!..
Дзеўкі накінуліся на яго дружнай навалай.
- А ты паспрабуй, дык пазнаеш, ці ёсць што, ці няма чаго.
«Цыган» завёўся з дзяўчатамі ў жартаўлівую звадку, а Галенка стаяла ўбаку і са злосці кусала вусны: па-першае, чаго яны чэпяцца да яго асою, а па-другое, ці ж яму вочы павырвала, што ён і зірку не кіне на яе, калі яна - хоць у каго папытай - найпрыгажэйшая дзеўка з цэлае вёскі!
Тым часам старшыня калгаса троху ўрачыста, як так і належыць у гэтых выпадках, зарэкамендаваў чорнага прыгожага мужчыну:
- Гэта, дзяўчаткі, новы старшыня калгасу. На маё месца... Бо я выязджаю ў раён...
Дзяўчаты пацішэлі і ўзіраліся ўжо ў «цыгана» з паважнай цікавасцю.
Старшыня калгаса дадаў:
- Таварыш Доба.
І таварыш Доба, троху замяўшыся, дасадліва махнуў на яго:
- Бінэ! Бінэ!..
З гэтага дазналіся ўсе, што новы старшыня калгаса так, папраўдзе, хоць мо і не цыган, але ўсё роўна «не наскі».
На адыходзе Доба звярнуў увагу і на Галенку. Праходзячы паўз яе, ён суняўся і апёк яе вельмі выразлівым зіркам чорных вачэй.
- Замарылася?
- Дзе там! На гэтым не зморышся... Ды яшчэ ў гэткай талацэ... Весела!
І яна какетлівай усмешкай падкрэсліла гэтае «весела».
- Даўно ў калгасе?
- Яшчэ не... Пакуль што не ў калгасе...
І Галенка раптам пачырванела.
Упершыню адчула яна прыкры балючы сорам за тое, што яна дасюль яшчэ не ў калгасе. І сама сабе дзівавала: ці ж яна адна толькі гэткая? Ці мала хто яшчэ на паасобку застаўся?
Каб зацяць свой дзіўны незразумелы сорам, яна крыкнула звонка да таварышак:
- Дзеўкі! Чаго пасталі! Старшыня новы злуецца!
Доба глядзеў на яе з спагадлівай ласкай.
- Трэба, дзяўчына, у калгас паступаць. У калгасе лепш... Весялей...
І, мнагазначна ўсміхнуўшыся на развітанне, знік у кустах, пакінуўшы Галенку разгубленую, збянтэжаную і злосную.
...Ці думала тады Галенка, што праз якіх тыдні са два гэты чорны прыгожы мужчына будзе ёй проста Касцюком, а не дык і зусім Касцючком, што гэтыя смяшныя падстрыжаныя вусікі будуць поўзаць, як жукі, па яе распаленым твары і так соладка яго ласкатаць?
3
Ён прыходзіў позна ўвечары ў іхні маленькі прытульны садок і чакаў яе пад навіслым веццем старой яблыні.
Ён заўсёды прыходзіў ушчэнт змардаваны бясконцымі турботамі калгаснага дня і з глыбокаю асалодай адпачываў, паклаўшы ёй на калені сваю калматую галаву.
Яна, працятая новай незазнанай дасюль пяшчотнасцю, церабіла жорсткія яго валасы і чакала ад яго нейкіх нечувана салодкіх слоў. Ён доўга моўчкі ляжаў, упяўшы шырока расплюшчаныя вочы ў зорнае неба, а тады раптам азываўся:
- Галенка! Колькі гэта чатыры разы па трыццаць сем?
Галенка вылічыла, шэпчучы лічбы, як старанная вучаніца.
- Здаецца, што будзе сто сорак восем.
- Бінэ! За чатыры дні мы скончым палоць. Галенка! А якое заўтра будзе надвор'е?
Галенка ўважна ўзіралася ў чыстае зорнае неба і ўжо з відавочным падступствам запэўняла:
- Не іначай, як будзе дождж.
Ён дасадліва торгаў галавой.
- Што, дождж? Драку! Нам не трэба дажджу!
Касцюк Доба ад свае роднае мовы, якою, мабыць, не гаварыў ён праз дзесяць ці болей год, пакінуў сабе гэтыя два словы: «бінэ» і «драку» і трымаўся іх з нязменнай упартасцю. Першае азначала «добра», а другое - «чорт».
Неяк раз тлумачыў Доба Галенцы:
- Я не цыган, я малдаванін. Мая краіна далёка адсюль на поўдзень. Там цёпла, расце вінаград, пшаніца, кукуруза. У нас многа вінаграду, кожны селянін сабе робіць некалькі бочак віна і п'е праз цэлы год, як ваду.
Галенцы больш даўпадобы Касцюковы апавяданні пра дзівосную яго бацькаўшчыну, чымся нудныя разлікі працадзён, і яна з дзяцінай назойлівасцю распытвае, як у іх там жывуць, якія ў іх там хаты, ці прыгожыя ў іх дзяўчаты і ва што яны апранаюцца, ці бываюць у іх ігрышчы, як яны жэняцца, ці гуляюць вяселлі. Асабліва моцнае ўражанне зрабіла было на яе Касцюкова апавяданне пра дзікі звычай, які дзе-нідзе яшчэ захаваўся ў іхняй краіне, - выкрадаць сабе ў жонкі дзяўчыну. Галенка страшэнна ўпадабала гэты звычай і з таемнай зайздрасцю ўяўляла сабе, як было б добра, каб Касцюк украў яе ад бацькоў.
- Ці доўга ехаць да твае бацькаўшчыны?
- Да мае бацькаўшчыны цяпер не даедзеш: яна асталася за мяжой, пад румынамі. Таму я і бадзяюся вось па свеце.
Ён на хвіліну задумваўся і раптам крычаў у зусім незразумелай Галенцы злосці:
- Драку! У мяне няма бацькаўшчыны! Мне ўсюды - бацькаўшчына!
Траплялася, што і засыналі яны так: яна - прыхінуўшыся плячамі да старой каржакаватай яблыні, ён - паклаўшы галаву на яе цёплыя мяккія калені. А як зачынала зараць, прачыналіся раптам абое і глядзелі адно на адно з радасным здзіўленнем, нібы ўпершыню пазнаваліся. Тады Галенка моцна прыціскала да сябе яго калматую галаву, быццам хацела затрымаць яго, адарваць ад гэтых вечных нялюбых турбот, што цалкам паглыналі істоту яго, не пакідаючы ў ёй жаднага месца для яе, для Галенкі.
І чаго яму гэтак старацца? Бач ты, старшыня калгаса, асэсар вялікі!..
4
Як аставаліся бацька з маткаю сам-насам, старая пачынала бубнець у качарэжніку:
- Авой, нахаба! Знайшла сабе набрыдзь - цыгана паганага. Няма й людскага хлопца... Скруціць, збаламуціць, а тады - шукай ветру ў полі!.. Галеча дзіравая...
Бацька - мужык хітры, спрактыкаваны - трымаўся троху інакшае думкі.
- Ат! Хай пагуляе па маладых гадах. Хто гэта не гуляў пад сваю пару? А тым часам - чалавек не абы-які, начальства ўсё-такі... Мала што можа прытрапіцца цяперашнім светам... Дурная ты, Тэкля!
Апошні аргумент гаварыўся тонам катэгарычным, Тэкля змаўкала, здзіўленая глыбокай праніклівасцю свайго мужыка.
Галенка пра гэтыя гутаркі нічога не ведала, дый гэта мала яе абыходзіла. Яе турбавала іншае: яна чула, што з кожным днём, з кожнай гадзінай ёй усё цяжэй і цяжэй робіцца жыць у роднай сям'і. Пачалося гэта ад тае першае гутаркі з чорным прыгожым мужчынам, ад яе дзіўнага незразумелага сораму. Злосць, у якой пакінуў быў яе Доба на лёне, трывала ў ёй тады праз цэлы дзень, а як прыйшла яна ўвечары дахаты, гэтая злосць, вядомая рэч, вылілася на старую матку.
- Ну, як, дачушка, рабілася там, у калгасе?
Дачушка ашчэрылася, як тхор.
- Лепей, чым тут, на гэтай багатырскай гаспадарцы.
Старая пакорна ўздыхнула.
- Як жывём ужо дык жывём. Хлеба кавалак ёсць, а ў кулакі яшчэ, дзякуй Богу, не залічылі!..
Злосць Галенчына, аднак, не згасала, а яшчэ больш разгаралася.
- Як нелюдзь якая ўсё роўна. Чысты сорам! Усе людзі смяюцца. Тодаркавы пайшлі, Міхалёнкі даўно ўжо ў калгасе, Матруніны падалі заяву...
Бацька слухаў усё гэта і маўчаў. Толькі як селі вячэраць, буркнуў нібы сам сабе:
- Можа б, ужо ў калгасе і павячэрала, ахвотніца наша?
Гэта быў ужо кульмінацыйны пункт. Галенка схапілася з лаўкі і хоць страшэнна хацела есці, усё роўна пабегла ў клець, дзе стаяў яе ложак, і паклалася спаць не вячэраўшы. Там убілася тварам у падушку і доўга плакала - троху з крыўды, а больш з нясцерпнага голаду.
Ад тае пары абрыдла Галенцы і родная хата, і родная гаспадарка, і далёкія самотныя палеткі, на якіх у беспрасветнай нудоце прапаўзла сёлета ёй зазвычай вясёлая, як свята, жніўная пара.
Не спявала Галенка ядрана-звонкіх жніўных песень, не віла вянкоў з сініх-сініх, як неба, васількоў. Прыходзіла дамоў знясіленая, змардаваная, быццам за траіх рабіла, а сапраўды, дык і таго не нажынала, што нажне іншая няўздольная баба. Прыйшоўшы дахаты, сядзела, насупіўшыся, як сава, - не крані, барані Божа! - і адно чакала, каб хутчэй павячэраць ды ісці ў клець, а з клеці - у сад пад прытульнае вецце яблынькі.
Маці ўздыхала і бубніла сабе ў качарэжніку.
- Авой, цыганюга пракляты! Звёў дзеўку нашчэнт. Што гэта будзе? Што гэта будзе?
Адылі ў бязмежнай матчынай пакоры схілялася перад жорсткаю неабходнасцю і давала новы, больш лагодны кірунак сваёй буркатні:
- Ну, якая гэта дзеўка, крый Божа! Не напрала сабе, не наткала. Няма з чым у людзі пайсці. Божухна-бацюхна...
І, яшчэ раз глыбока ўздыхнуўшы, шаптала ледзь чутна:
- Дзетухна маё любае...
5
Здарылася гэта, як дажыналі ярыну. І так яно выйшла раптоўна ды проста, што Галенка ніяк не магла ахамянуцца і ніяк не магла ладу дайсці, ці гэта дужа ўжо скора наспела, ці, наадварот, цягнулася немаведама колькі, змардаваўшы яе, небараку, доўгім, прагным чаканнем.
Адным словам, Галенка выйшла замуж за старшыню калгаса, за «цыгана» Касцюка Добу.
Грэла тады паціху добрае, ласкавае восеньскае сонца, плавалі ў паветры срабрыстыя ніці павуціны, мяккія, кволыя, бяссільна адданыя свайму паднявольнаму лёту, а з-пад лесу патыхаў на Галенку лёгкі ветрык, прыносячы волкі пах грыбоў і згаслага вогнішча.
За гоняў трое ад Галенкі шырокім радном ласкалася ў сонцы спелая калгасная ярына. Там неўгамонным гудам гудзелі жняяркі і жвавай мурашкавай плоймай мітусіліся людзі. Галенка раз-пораз узіралася туды і, здавалася ёй, распазнавала сярод людзей знаёмую высокую фігуру. Агорнутая цяжкім смуткам, яна млява схілялася над сваёй самотнай постаццю і нехаця, ледзь не плачучы, скубла ўбогае збожжа. Адылі кінула зусім, выпрастала натруджаную сярэдзіну і, гледзячы туды, да тае жвавае грамады, завяла журботную, слязьмі прасычаную песню.
Мабыць, пазнаў яе песню Касцюк, бо, ідучы з поля, - мог бы пайсці нацянькі, далёка абмінуўшы яе, - а то пайшоў узлессем, проста на яе паласу.
Галенка ў інстынктыўным парыванні схапілася за серп і ўдалася ў шчырую заўзятую працу. Яна і ў той бок не глядзела, адкуль ён павінен быў зараз прыйсці, яна ўдавала, што зусім яго не заўважыла.
Ён падышоў і стаяў моўчкі. Глядзеў на яе, усміхаўся і высвістваў нейкі смешны птушыны напеў. Галенка, не кідаючы жаць, запытала:
- Што ты моўчкі стаіш, Касцюк? Скажы што-небудзь хаця...
- Дзень добры, Галенка! Як ты маешся?
Галенка выпрасталася, перакідаючы цераз руку нажатую жменю, і абліла яго светлай, сарамліва-какетлівай усмешкай.
- Дзякую. Замарылася, сярэдзіну ломіць, во...
І яна, нібы паказваючы, як у яе ломіць сярэдзіну, зрабіла рух, які спакусліва падкрэсліў пругкую стройнасць яе маладога цела.
- А ў нашых жней сярэдзіна не баліць. Нашы жнеі лепшыя...
- Дзіва што лепшыя ў вас! На дрэнных вы і зірнуць не хочаце.
І яна зноў схілілася над сваёй постаццю. Доба падышоў і сеў перад ёй у няжаты авёс.
- Куды ты, мядзведзь!
- Дармо, Галенка, трэба ж мне на цябе паглядзець. Калі ты кончыш сваё жніво? Мы ўжо сёння дажнём, далібог...
Галенка смутным зіркам акінула сваю паласу.
- Ат, абрыдла мне ўсё... Адна ды адна... Мамка слабая, няможна ёй жаць...
- Чаму ты ў калгас не ідзеш?
Галенка раптам узлавалася.
- Як жа я ў калгас, калі бацькі не йдуць? Што я з імі зраблю?
- Не хочуць - не трэба. Ідзі адна.
Галенка толькі ўздыхнула і зноў узялася за серп. Як дажалася да Касцюка, ён схапіў яе за руку і ёмка пасадзіў да сябе ў авёс. Галенка піснула, адылі прыгарнулася да яго з відавочнай ахвотай. Ён абняў яе і загаварыў сцішаным ад узрушэння голасам:
- Помніш, Галенка, як у нас жэняцца, га? Вось так схопяць дзяўчыну ў бярэмя дый ходу... га? Ці хацела б, Галенка, каб я цябе ўкраў? Пойдзеш са мной у калгас, і бацькі нам не трэба будуць... І сярэдзіна не будзе балець. Ну, як, згодна?
Галенка зірнула на яго шырока расплюшчанымі вачмі, з якіх плыло цэлае мора розных пачуццяў: там была і радасць, і недавер'е, і страх, і надзея, і каханне, і смутак, і яшчэ немаведама што.
- Ты, Касцючок... ты хочаш, каб замуж?.. я?.. за цябе?..
Касцюк засмяяўся і папоўз ёй па шчацэ ласкатлівымі сваймі вусікамі, дабіраючыся да вуснаў.
- Ты, Касцючок... гэта сур'ёзна?
І яна нават адхіліла яго ад сябе, каб прасцей і глыбей зазірнуць яму ў вочы.
- Ну, што ты, Галенка! Пэўна, што сур'ёзна. Ну, бінэ?
Далей былі ўжо пацалункі і іншыя выяўленні пяшчотнасці, якія бываюць зазвычай у каханкаў, паміж якіх аб усім дамоўлена.
Такія былі заручыны ў Галенкі і ў старшыні калгаса Касцюка Добы.
6
Перад Галенкай паўстала пышная перспектыва раптоўнага шчасця. Па-першае, яна вызваліцца ад бацькоў, па-другое, яна будзе калгасніца, а па-трэцяе... па-трэцяе, у яе ж будзе ўсё-такі нейкая свая, хоць маленькая зусім, хоць зусім малюпасенькая, гаспадарка. Яна будзе - жонка і гаспадыня...
У Добы ў вялікім і надзіва непрытульным пакоі стаяў саматужны ложак на козлах, стол з нейкае фанернае скрыні, на стале - грудок кніжак, пад сталом, замест ножак, невялічкі куфэрак і на сцяне вісеў пажоўклы партрэт правадыра. Доба ўвёў Галенку ў свае апартаменты троху замяшаны і ад парога зрабіў хоць і шырокі, але не зусім упэўнены жэст.
- Вось і ўся мая гаспадарка. Зусім, як на паходзе. Бачыш, Галенка?
Чаму ж яна не бачыць? Бачыць, добра бачыць. Але яна не гаруе: не такая яна ўрадзілася. Абы было за што рукі зацяць. А рукі зацяць будзе за што - няпраўда!
У той самы дзень яна пайшла да бацькоў і прывалакла адтуль парсючка, дзвюх курак ды пеўніка. Адылі гэты жывы інвентар не пайшоў на добры лад: парсючок назаўтрага збег, вярнуўшыся на сваю бацькаўшчыну, а адважны певень, падаўшыся ў рамантычную авантуру, перайшоў сам і перавёў сваіх курак на сумежны двор, дзе мясціўся калгасны птушатнік. Там яны ўсе добраахвотна абагуліліся.
Касцюк Доба катэгарычна забараніў Галенцы ані ісці да бацькоў па ўцекача, ані спаганяць птаства з калгаснае інстанцыі. Гэта была першая пляма ў наўкорна-чыстых адносінах паміж маладымі.
Стала Галенцы тады пуста ў жыцці. Хадзіла яна штодня на калгасныя работы: там, у грамадзе дзяўчат, яе таварышак, за дружнай, калектыўнай працай было ёй весела і спакойна. Але досыць было ёй успомніць пра пусты свой пакой, пра двор, на якім з нахабна-задаволеным выглядам гуляе чужая жыўнасць, нібы наўмысля напамінаючы ёй пра яе ўбоства, і ў сэрцы яе пачынаў тачыць ліхі атрутны чарвяк, і вясёлы настрой яе ападаў, як лёгкая пена на гарачай вадзе.
А найгорш было, што ёй не даводзілася нават гатаваць у хаце, бо харчаваліся яны ў новапабудаванай калгаснай сталоўцы. Не мела Галенка як дагадзіць свайму Касцючку, паказаць яму сваю шчырасць і адданасць. Не мела сна, як сустрэць яго, змардаванага, у цёплай, прытульнай хаце з гарачай капустай у печы, з пульхнымі смачнымі ладкамі. І не меў ён, Касцючок, як пераканацца, што ягоная Галенка - дармо што зусім маладзенькая! - а добра патрапіць напеч і ладак, і бліноў, і пірагоў нават, абы было з чаго.
Усё ідзе без яе, нібы і не жонка яна, не гаспадыня!
І пачула сябе Галенка лішняй у хаце.
- Нашто я яму? Ці я дагледжу яго, ці я накармлю яго, напаю?.. От, проста як дармаедка якая...
Вярнуўшыся з працы, Галенка бясконца сноўдалася па хаце, перастаўляла з месца на месца рэчы, перасцілала ложак, перацірала стол, вокны - рабіла ўсё гэта механічна, бадай, несвядома, як аўтамат. Сядзела перад акном і доўга глядзела ў акно, чакаючы Касцюка. А Касцюк прыходзіў позна ўночы, апанаваны плоймай турбот, якія ёй, Галенцы, былі чужыя і нават варожыя.
Часам прыходзіла матка і канцом раструйвала даччына сэрца. Сядзела на ўслончыку, падпірала рукой бараду і ўздыхала.
- Палуднуеце, дзеткі, у сталоўцы?
- Ага, мамка! Там добра кормяць, і клопату ніякага. Сеў - табе і пададуць і прыбяруць.
- Так, так, дзеткі. Пэўна, што так... Дык ходзіш рабіць у калгас?
- Хаджу, мамка.
- Ці плоцяць жа табе хаця там?
- Чаму ж не? Яшчэ, праўда, не плацілі, але потым адразу, як падрахуюць усё.
- Так, так, дзетухна...
Старая ўздыхае і крытычным вокам азірае пакой, сунімаючыся на ўбогай, пашарпанай адзежы маладых.
- Даюць жа вам у калгасе крамніну якую, ці што?
Галенцы ўжо няўсцерп. Яна балюча кусае губы, адылі гаворыць бадзёра, жвава, пераказваючы Касцюковы словы:
- А вось збяром лён, пашлём яго на фабрыку, там з яго палатна наткуць і прышлюць нам назад. Мы ім лён, а яны нам мануфактуру.
Матка пакорна ківае галавой і зноў бярэцца ўздыхаць, і ад гэтых яе спагадлівых уздыханняў у дачкі крывёй абліваецца сэрца. А ідзе старая з адведзін усё-такі нібы заспакоеная (не жаліцца дачка, значыць, здаволена) і толькі, ідучы, бурчыць сабе пад нос, няўцямна ківаючы галавой:
- Хто іх разбярэць, цяперашнім светам, дзе ёй каторай добра, а дзе дрэнна...
7
І вось прыйшла Галенка з рэчкі дахаты. Ад бадзёрага, лёгкага настрою, з якім ішла яна плацце праць, не асталося і следу. Яна ішла назад пахмурая, вялая, і каромысел ужо сапраўды быў цяжкі, аж недалужна гнулася пад ім яе пругкая постаць.
Зямлю агарнуў жорсткі сцюдзёны змрок. Ад рэчкі гнаўся за Галенкай сіберны вецер, хапаў яе за голыя ногі, агортваў іх мокрым падалом спадніцы, і Галенка калацілася ўся, як у трасцы.
Прыйшоўшы дахаты і сяк-так, на скоры поспех паразвесіўшы на гары бялізну, Галенка ўвайшла змораная, скалелая ў свой пусты, непрытульны пакой. На парозе вецер задуў газоўку, і яна не паліла яе. Села пад акно і застыла ў тупым сузіранні густой, непрагляднай цемры.
У хаце таксама сцюдзёна. Трэба прапаліць грубку, але Галенцы не змога ўстаць, страпянуцца з свайго панурага здранцвення.
Сумна-сумна... Каб хоць скарэй прыйшоў Касцюк! Але дзе там, прыйдзе, можа, апоўначы. Пакуль набегаецца там са сваімі справамі.
У Галенчыным сэрцы памалу расце крыўда на Касцюка разам з пякучым жалем да сябе.
Нашто яна яму? Што ён ад яе мае, чым яна цікава яму? Каб кахаў, дык бы, пэўна, прыходзіў раней, а то... Брэша, не кахае, ані не кахае!..
Галенцы хочацца плакаць і хочацца жаліцца каму-небудзь. Уваччу ўстае старая маці - глядзіць на яе з любасцю і спагадай. Добрая, даражэнькая мамка! А яна, дурная, злуе толькі на яе, не любіць яе. Дурная, папраўдзе, дурная!.. Мамка лепшая за Касцюка.
Але вось нехта ляпнуў у сенцах клямкаю, і сэрца ў Галенкі радасна страпянулася.
Ён, пэўна, ён!
Касцюк увайшоў і запытаў здзіўленым голасам:
- Галенка, ты тут?
- Тут, Касцючок!
- Чаму ты сядзіш у цемры? Чаму не паліш святла?
- Ат. Што я буду рабіць?
І ў гэтых словах мімаволі выліваецца Галенчына крыўда і нездавальненне. Але Касцюк не заўважае гэтага. Ён запальвае лямпу і раскладвае на стале цэлы пак папер.
У Галенкі пахаладзела на сэрцы: ён зноў цэлую ноч будзе працаваць, забыўшыся на яе і на ўсё на свеце, і калі, упарадкаваўшы свае паперы, Касцюк сядае каля яе і ласкава яе абнімае, яна пяшчотна туліцца да яго і шэпча:
- Касцючок! Давай ляжам спаць сёння. Зараз... Добра? Я так скалела на рацэ...
Ён цалуе яе і мякка, але разам з тым катэгарычна, адказвае:
- Не, Галеначка, не... Заўтра пасяджэнне праўлення, і мне абавязкова трэба скончыць гадавы план. Заўтра будзем абмяркоўваць. Каб ты ведала, Галенка, што ў нас за планы? Ай-яй-я! Мы з нашага калгасу зробім гаспадарку, што ўсе здзівуюцца. Не гаспадарка, а камбінат! Разумееш?
Дзіва, што яна разумее.
- Зноў усю ноч будзеш сядзець?
- Ды не, гадзіну якую. Ты кладзіся, Галенка, спі... Бінэ?
- Бінэ, бінэ...
І Галенка, троху насупіўшыся, ідзе рыхтаваць халодную самотную пасцелю.
8
Ужо далёка за поўнач.
Старшыня калгаса Касцюк Доба сядзіць над гадавымі планамі калгаснае гаспадаркі. У яго вочы чырвоныя ад зморы і бяссоння, калматыя валасы пазвісалі на лоб бязладнымі пасмамі, а на пальцах ды на барадзе красуюцца барвістыя плямы ад чарніла. Ён не чуе ані валасоў на лобе, ані плям чарнільных на барадзе. Ён бачыць іншае...
...Суцэльнымі бязмежнымі масівамі калышацца зялёнае мора высокага чыстага лёну. І там, на гарэ, і пад балотам, і абапал ракі - скрозь адно мяккае празрыстае зеляніва.
...Вось яно пачынае жаўцець, выспяваць, вось яно ўжо абярнулася ў цёмна-масядзовую поўсць, па якой поўзаюць дзівосныя машыны. Ён яшчэ не бачыў ніколі гэтых машын, толькі чуў пра іх, і яны ўяўляюцца яму нечым падобным да тараканаў.
...А там убаку гоніць у неба клубы густога чмарага дыму лёназавод, дзе драцяністае цыбалле лёну абарачаецца ў шаўкова-мяккі бялюткі кужаль, у вялізныя пакі гэтага цудоўнага кужалю, якія бясконцай чарадой коцяцца з брамы завода і жвава, куляючыся, як гарэзныя дзеці, бягуць па абшару карыны, каб вярнуцца назад даўжэзнымі пасмамі тонкага далікатнага палатна.
...У калгасе свята... Усе чыстыя, прыбраныя, апранутыя ў тое цудоўнае палатно, што выйшла з іхніх зялёных палеткаў, з іхняе дружнае калектыўнае працы. Усе - сытыя, здаволеныя. Граюць, пяюць, весяляцца. І спаміж усіх найвесялейшая ды найпрыгажэйшая, не йначай, як яго Галенка. Яна бясконца радая і шчаслівая. Яна не наракае на яго, на Касцюка, што не кладзецца разам з ёй спаць (быццам ён не рад быў бы гэта зрабіць), яна ганарыцца ім, бо ведае, што гэтаму ўсіхняму святу і ён хоць на каліва спрычыніўся.
...А далей... далей...
Але ж усё гэта некалі будзе, а пакуль што на стале ляжаць няскончаныя планы, якія заўтра канечна трэба абмеркаваць на праўленні і зараз жа даць ім далейшы ход.
Найгорш гэтыя лічбы! Яны такія неслухмяныя, такія ўпартыя - ніяк не саўладаць з імі неспрактыкаванаму ў гэтай справе Касцюковаму розуму. Скачуць у галаве, як блохі, а хоць сплятаюцца ў неразвязна заблытаныя клубкі!
- Сем па сем будзе...
Зусім атлуміўся.
- Колькі будзе сем па сем?..
У галаве такая пустэча. Мусіць, таму, што не спаў.
- Колькі ж гэта сем па сем? Сем па сем... Сем па сем... будзе...
І ў самае вуха яму ўлятае цёплы, ласкавы шэпт:
- Сорак дзевяць... Касцючок, сорак дзевяць.
І шыю яго аплятаюць гарачыя рукі, абдаючы яго салодкім пахам здаровага цела.
- Галенка! Ці ты не спіш?
- Я зусім не спала яшчэ, Касцючок. Я скрозь глядзела, як ты працуеш. Як ты змарыўся, любы! А які ты вясёлы быў, аж смяяўся сам сабе...
І, тулячыся да яго, нясмела просіць, нібы саромячыся свае просьбы:
- Пакажы мне, Касцючок, што ў цябе тут. Я ж пісьменная...
Касцюку толькі гэтага і трэба. Ён бярэ яе да сябе на калені, і яны разам пачынаюць разглядаць план калгаса.
- Во... бачыш, Галенка? Тут ты палола лён... тады, помніш? Вось тут - рэчка... тут - лес... тут во... во тут... памятаеш?.. як ты жала...
І Касцюк слова за словам пачынае раскрываць перад Галенкай свае вялікія смелыя планы. Ён ажывіўся, сон ад яго адляцеў немаведама куды, вочы гараць жвавым агнём. Нават лічбы і тыя сталі слухмяныя - строяцца ўраз у зладныя калоны, гатовыя да паслуг.
Галенка слухае яго, зацяўшы дух. Ягоны запал памалу зараджае і яе, яна перажывае разам з ім цудоўнае запаленне, і ёй радасна, лёгка на душы. У яе родзіцца прагнае жаданне дапамагчы яму. Хоць трошачку, хоць у чым у маленькім. Каб ён ведаў, каб чуў, што яна таксама цікавіцца, што гэта ёй не чужое.
Ляцяць хвіліны, як быстрыя іскры. Паволі, але станоўка сунецца наперад глухая шчытная ноч. Сон-небарака канчаткова вылецеў з хаты.
- ...а тут, Галенка, будзе добрая шаша, якая злучыць нас з чыгуначнай станцыяй. Тут будзе вялікі сад... І тут таксама... Тут мы паставім новую школу...
І, абмаляваўшы жывымі яснымі фарбамі карціну недалёкае будучыні калгаса, Касцюк Доба заключае ўсё шырокім жэстам пераможцы:
- Дык вось, Галенка, якая будзе нашая гаспадарка... Бінэ?
Галенка глядзіць на яго вялікімі зачараванымі вачмі і ціха шэпча за ім апошнія словы:
- ...якая... нашая... гаспадарка...
І раптам - немаведама з чаго - абшчапіла Галенка свайго Касцючка за шыю, моцна прыціснулася да ягоных грудзей і голасна на ўсю хату заплакала.
Адылі слёзы былі лёгкія, небалючыя, бо гэта быў пачатак праўдзівага Галенчынага шчасця.
Навела пра каханне
Кожны раз, як глядзела яна так на Ўладзіка - халодна, адчужана, нібы разглядаючы нейкую незнаёмую і не надта прыемную рэч, - у яго з бурнай настойнасцю ўздымаліся мары аб невядомым геройстве. Сціснуўшы зубы ад злосці, ён у думках пагражаў ёй:
- Чакай, я табе яшчэ пакажу! Ты яшчэ пазнаеш мяне...
Ён ішоў потым да свайго стараватага, але заўсёды спраўнага, люботна дагледжанага «Фардзона» і доўга глядзеў на яго - халодна, адчужана, так, як глядзела тое нялюбае ганарыстае дзеўчанё. З пагардлівым дакорам ён гаварыў свайму вернаму другу:
- Эх ты, стары чорт! Ну што я зраблю на табе, ты толькі падумай... Каб быў ты хаця самалётам, або караблём дальняга плавання, або стратастатам, або парашутам нарэшце... О, я б ураз навучыў тады, каго трэба, якімі вачамі на мяне глядзець!
У яго, як у пакрыўджанага дзіцяці, усе мары канчаліся трагічна. Зрабіўшы вялікі геройскі ўчынак, ён неадменна цярпеў аварыю і паміраў пад агульныя слёзы і жалобнае спачуванне ўсяго народа. Тады яна, гэтая нікчэмная задавака, ірвала на сабе валасы з гора і роспачы, з познага каяння, што парой не ацаніла ўсіх захаваных якасцей гэтага маладога і прыгожага (пэўна, што прыгожага!) хлопца, лепшага трактарыста-ўдарніка.
А часам Уладз іку ўсё-ткі здавалася, што Вера кахае яго, добра, моцна кахае, што яна проста хаваецца, хітруха, за гэтым сваім чужаватым поглядам. Бо чаго ж бы іначай прыходзіла яна так часта да яго ў гараж? І чаго б з'яўлялася яна акурат тады, як у гаражы, апроч яго, нікога няма? І чаго б распытвала яна яго пра ўсякую дробязь, каб праз колькі хвілін забыцца і зноў папытаць тое самае?
Уладзік ахвотна гаварыў з ёй пра свайго старога друга, ахвотна паказваў яго выпрабаваны механізм, тлумачыў прынцыпы яго работы. Гаворачы, ён злёгку пагладжваў ясна начышчаныя часткі машыны, і рабіў гэта з такой чулай пяшчотнасцю, якой, напэўна, не дачакалася б ад яго нават самая прыгожая дзяўчына, не кажучы ўжо пра гэтае малое кучаравае стварэнне.
Калі ж кучаравае стварэнне, захопленае, пэўна, яго размовай, само нясмела працягвала руку да машыны і калі гэтая зусім тандэтная ручка чамусьці чаплялася за трывалую, цвёрдую руку трактарыста, Уладзік раптам спыняў сваё тлумачэнне, узнімаў на Веру адважны погляд і раскрываў рот, каб сказаць ёй нешта абсалютна не звязанае з механізмам трактара.
І вось тут якраз натыкаўся ён, небарака, на халодны, адчужаны погляд, які, здавалася, настарожана вывучаў, ці ёсць у ім, у Ўладзіку, сапраўды што-небудзь вартае асаблівае ўвагі.
Тады Ўладзік сціскаў зубы ад злосці і пагражаў у думках:
- Чакай, я табе яшчэ пакажу! Ты яшчэ пазнаеш мяне!..
* * *
Канчаліся канікулы, і Вера выязджала ў горад на заняткі. Дзень яе ад'езду прыпадаў на выхадны дзень трактарыстаў, і Ўладзік чакаў яго амаль што спакойна: ён быў упэўнены, што ўправіцца ў гэты дзень пагаварыць з Верай і сказаць ёй нарэшце сваё рашучае слова. Ён нават сумысля ўхіліўся ў апошнія дні ад сустрэчы з ёй, каб больш важнай і значнай зрабіць развітальную гутарку.
Напярэдадні выходнага, позна ўвечары, калі змораны Ўладзік паклаўся ўжо спаць і ў салодкім тумане першай дрымоты плёў недарэчна яскравыя ўзоры заўтрашняй размовы з Верай, - да яго прыйшоў брыгадзір і сказаў, што па загаду праўлення выхадны дзень пераносіцца і што заўтра раннім золкам Уладзік павінен на цэлы дзень выехаць у поле.
Як выйшаў брыгадзір, Уладзік доўга яшчэ сядзеў на ложку, амаль не дабіраючы сэнсу гэтага неспадзяванага загаду, потым, сам не ведаючы чаго, пачаў паспешна апранацца. Апрануўшыся, выйшаў на вуліцу і без усякае пэўнае мэты пайшоў у той бок, дзе жыла Вера.
Чорныя вокны Верынае хаты глянулі на Ўладзіка холадна і адчужана, як часам глядзелі на яго чорныя Верыны вочы, і ён вярнуўся з яшчэ вастрэйшым пачуццём адзіноты. Дамоў ён не пайшоў, бо ведаў, што ўсё роўна не ўдасца заснуць, - ён пабудзіў брыгадзіра і выдумаў яму, што ў яго не зусім спраўны матор, што трэба загадзя аглядзець яго. Узяўшы ключы, ён пайшоў адзін у гараж і там поркаўся да самага рання, выліваючы ў шчырыя клопаты над машынай усю напружаную сілу свайго нявыказанага кахання і свае крыўды.
А раніцою, зухавата праязджаючы праз вёску, Уладзік яшчэ раз глядзеў на Верыны вокны - яны былі нібыта весялейшыя трохі, але ўсё роўна чужыя. Сэрца ў яго балюча заныла, калі за акном - так, прынамсі, здалося яму - цёпла мільганула была нейкая белая пляма.
* * *
Уладзіку адвялі ўчастак на плоскім узвышшы, якое адным сваім берагам зрывалася ў круты і глыбокі яр. Праз участак ішла дарога. І яр і дарога заміналі ў рабоце, не давалі як след разгарнуцца, і гэта Ўладзіку падабалася. Чым цяжэй было працаваць, тым лягчэй было на душы. Часамі Ўладзіку нават здавалася, што яму весела, і ён спрабаваў сам сабе ўсміхнуцца.
Апаўдні яму дужа захацелася есці, і ён агледзеўся, што не ўзяў з сабой нават кавалка хлеба. Каб заглушыць яшчэ і голад, ён узмацніў тэмпы работы да магчымае крайнасці. І толькі раз-пораз зусім несвядома кідаў погляд на дарогу пад вёску: ці не дагадаецца хто паднесці ўсё-такі чаго-небудзь перакусіць.
Праз гадзіны паўтары на дарозе паказалася жаночая постаць. Яна была надзвычай знаёмая, гэтая невялічкая зграбная постаць, але Ўладзік толькі на зусім блізкай адлегласці пазнаў ці, праўдзівей, паверыў, што гэта Вера: ён ніяк не мог чакаць яе тут.
Яна прыйшла развітацца... Як гэта неспадзявана і як прыемна! Але дарма яна думае, што ён хоць адным словам, хоць адным мігам пакажа ёй сваю радасць! Ён нават не спыніць машыну. Не, машыну ён - хай сабе - спыніць, але зусім не затым, каб пачакаць яе. Яму проста трэба сёе-тое паправіць. Ён нават не выключыць матор, ён толькі на адну хвіліну саскочыць на зямлю.
- Дзень добры, Уладзік!
Уладзік з тугой марудлівасцю падымае галаву, нібы яму проста нязмога адарвацца ад працы, і глядзіць на Веру, злёгку прыжмурыўшы вока, - строга і дзелавіта.
- Добры дзень!
І зноў нахіляецца да машыны, хаваючы ад Веры свой твар і сваё хваляванне. І з затоенным сэрцам чакае, што скажа яна далей.
Але Вера маўчыць. Вера не хоча сказаць больш ніводнага слова. Мабыць, стаіць і чакае, каб ён першы завёў гаворку. Дармо, хай сабе пачакае.
Чамусьці дужа назойліва пыхкае трактар. За гэтым трактарам можна і не дачуць якога, не надта голасна сказанага, слова.
Уладзік спрабуе цішком, неўзаметку зірнуць на Веру і бачыць яе ўжо крокаў за дзесяць ці за пятнаццаць. Яна пайшла далей па дарозе - памалу сабе, спакойненька, нібы зусім не да яго ішла, нібы проста так, мімаходзь, прывіталася з ім.
О, нялюбае стварэнне! Яна ўжо не вернецца - гэта ясна, - яна ўжо не азірнецца нават!
Уладзік момант стаіць аслупянелы, потым, зусім разгубіўшыся, інстынктыўна парываецца ўперад, і рука яго, цвёрдая рука трактарыста, неўзаметку чапляе здрадліва слухмяны рычаг.
Далей было жудасна незразумелае, страшнае...
Нешта раптам ірванула яго за нагу з такой сілай, што ён, як сноп, перакуліўся на дол. І - боль... Вялізны непераможны боль, які ўзнік, здаецца, не там, у раструшчанай колам назе, а недзе глыбока ўсярэдзіне, у самым сэрцы, і, шалёна разросшыся, узлёг на яго чорным бязлітасным гнётам.
У змятушаных, пераблытаных думках чамусьці мільганула зусім непатрэбнае:
- Не крычаць... Толькі каб не крычаць...
І ён, сударгава сціснуўшы зубы, задушыў у сабе гатовы вырвацца енк.
Потым свядомасцю заўладаў абыклы і, як здавалася цяпер, бясконцы, вечны гук трактара. Ён плыў над галавой, над агнёва балючым целам незамутнёна-спакойнай патокай. І ён паволі цішэў, аддаляўся.
Ён аддаляўся...
Працяты раптам трывогай, Уладзік узняў галаву і зірнуў у той бок, адкуль ляцелі знаёмыя гукі.
Трактар, падрыгваючы, няроўна, але ўпарта ішоў туды, дзе поле зрывалася крутым і глыбокім ярам.
Забыўшы на ўсё, Уладзік ірвануўся на ногі і, ашаломлены нясцерпным болем, паваліўся назад на зямлю.
Трактар ішоў на пэўную гібель.
«Трэба на адной назе... скакаць...»
Уладзік устаў на здаровую нагу, скочыў некалькі раз і зачапіўся за раллю, рынуўся долу.
Тады ён рашыў паўзці.
Ён цягнуў за сабой пакалечаную нагу як грамоздны, амаль непасільны цяжар. Нага балюча скародзіла па раллі, і здавалася, што яна набірае на сябе цэлыя пласты вільготнай тлустай зямлі, што яна расце, вырастае ў вялізную неўваротную камлыгу.
Уладзік ужо не трымаецца больш - слёзы наплываюць яму на вочы, пякучыя даўкія слёзы роспачы, і ён, плачучы, гукае свайго свавольнага друга:
- Чакай ты... чакай...
Трактару асталося да абрыву ўсяго некалькі крокаў.
Уладзік напінае астатнія сілы. Галава ў яго пачынае туманіцца, момантамі ён зусім забываецца, дзе ён, што з ім такое, чаму ён мусіць праз гэты нялюдскі боль і напружанне імкнуцца некуды наперад, неадступна некага даганяць. Хворая нага разраслася, здаецца, у цэлую гару - ён не нагу ўжо цягне за сабой, а ўсё гэта поле, усю гэту чорную, прасычаную кроўю раллю.
- Чакай жа ты... Ну, чакай...
Адлегласць да трактара ўсё змяншаецца, яшчэ некалькі крокаў, некалькі секунд нялюдскага напружання - і ён ратуе машыну.
Дзікі прарэзлівы крык, які аднекуль здалёк даляцеў да Ўладзіка, скалануў яго новым прылівам сударгавага парывання. Ён не зразумеў, чый гэта крык, адкуль ён сюды прыляцеў - ён успрыняў яго як сігнал да апошняга адчайнага напружання сіл, якое павінна вырашыць усё. І калі трактар ужо ўзышоў пярэднімі коламі на самы край абрыву, калі ясна Ўладзіку стала, што яму не дапаўзці, не перамагчы гэтых астатніх крокаў, ён ізноў, занядбаўшы боль, узняўся з зямлі, абапёрся з усіх сіл на здаровую нагу і, рынуўшыся ўперад, павіс грудзьмі на сядзенні трактара.
Рука яго - ужо зусім цяжкая, неслухмяная - вяла намацала добра знаёмы рычаг.
Трактар пярэднімі коламі ўгруз у мяккі бераг абрыву і стаў так, нахіліўшыся ўніз, нібы ён затым і ішоў толькі, каб паглядзець, што там ёсць, на дне гэтага крутога, глыбокага яра.
Перад тым як канчаткова страціць прытомнасць, Уладзік убачыў у цяжкіх зыбучых хвалях тумана чорныя вочы, шырока раскрытыя, налітыя полымем дзікага жаху.
* * *
І вось ён, канец...
Белыя сцены пакоя распасціраюць наўкола празрыстую, бязмежна спакойную пустату. Няма на чым суняць вока, няма за што зачапіць млявую думку.
Усё назойліва белае, усё пустое. Белы ложак, белыя прасцірадлы на ім, белая тумбачка побач з ложкам. Не іначай, - з белага зроблен той падазроны скрутак на канцы нагі, што роўненькай горкай уздымаецца пад прасцірадлам.
Уся белая ўваходзіць у палату сястра. Падыходзячы да Ўладзіка, яна ўсміхаецца дужа ласкава і трошачку вінавата - так заўсёды падыходзяць да няшчаснага калекі добрыя чулыя людзі.
Яна сядае пры ложку і мякка загаварвае з Уладзікам. Яна гаворыць пра нейкае геройства, пра яго, Уладзікаў, геройскі ўчынак. Ён, бач, пакалечаны, ледзьве жывы, увесь сыходзячы кроўю, кінуўся ратаваць трактар, грамадскую ўласнасць. І ён ратаваў яго, самааддана рызыкуючы сваім жыццём.
Уладзік дасадліва крывіцца. Ён упэўнены, што сястра гаворыць усё гэта, каб заспакоіць яго, каб пагадзіць яго з тым, што адбылося. Няма чаго казаць, знайшлі героя!
Зноў расчыняюцца дзверы ў палату, і ўваходзіць яшчэ адна ў белым, мабыць, другая сястра. Яна таксама ідзе да ягонага ложка. Першая чамусьці борздзенька ўстае і ў лёгкім замяшанні выходзіць з пакоя. Уладзік з вострым здзіўленнем, з неймавернасцю глядзіць на гэту другую, на малое кучаравае стварэнне.
Ён злосна настарожваецца. Хай толькі падыдзе, хай паглядзіць на яго так, як тады... Ён крыкне ёй проста ў твар:
- Гэта праз цябе! Гэта ты вінавата!
Вера ціха падыходзіць да ложка і з простай, спакойнай ласкай, з матчынскай ласкай папраўляе падушку. Калі яе зусім тандэтная ручка дакранаецца да яго шчакі, яму робіцца раптам лёгка і прыемна. Але ён яшчэ не здаецца, ён з суроваю дапытлівасцю ўзіраецца ў яе чорныя вочы, шукаючы ў іх хоць маленькай дробачкі халоднага, чужога, няшчырага. І бачыць у іх такое яснае, такое глыбокае святло пяшчоты і ласкі, ад якога ўраз растае ў ім увесь лёд варожае недаверлівасці.
Тады - пераможаны, расчулены, ён пераводзіць сумны погляд на ложак, туды, дзе роўненькай горкай уздымаецца белае прасцірадла.
Вера не дае глядзець туды - яна паварочвае да сябе яго твар і з радаснай дзелавітасцю тлумачыць яму:
- Я ўжо аб усім гаварыла... Як ты паправішся, мы паедзем у горад, і там зробяць так, што нават ніякага знаку не будзе... Сто працэнтаў працаздольнасці...
Уладзік моўчкі ўсміхаецца - яго больш за ўсё пацяшае гэтае смешнае нечаканае «мы».
- І наогул мы астанёмся ў горадзе. Цябе пасылаюць на вучобу, гэта вырашана канчаткова. Будзем разам жыць, вучыцца, працаваць...
Уладзік выразна чуе, як празрыстая пустата, што была распасцёршыся навокал яго, цудоўна напаўняецца зусім рэальным і надзвычай прыгожым зместам. Падбадзёраны гэтым адчуваннем, ён узнімае на Веру адважны погляд і раскрывае рот, каб сказаць нарэшце тое, чаго ніяк не патрапіў сказаць дагэтуль.
Але Вера раптам нахіляецца да яго твару і закрывае рот яму ціхім доўгім пацалункам...
Яна ізноў - гэтае нялюбае дзеўчанё - не дала яму сказаць рашучага слова. Але Ўладзік ужо не злуецца, бо ён і сам бачыць, што гэта слова цяпер зусім непатрэбнае.
Голы звер
1
- Ха-ха-ха!.. Ха-ха-ха!..
Смешна Яроцкаму. Ну не стрымаць проста. Смех шалёнай вужакай абвівае нутро і ціснецца-ціснецца вон, каб рассыпацца ў рогат гуллівы.
Ну не стрымаць. Аж дрыжыць усё цела, калоціцца.
- Ха-ха-ха!.. Хі-хі-хі-і-і...
І радасна, добра.
Вольна, як птушцы ў блакітным узвыссі.
Мяккі прытульны вагон на хаду аднамерна парыпвае. У гэтым рыпенні - тлустым, лагодным - нібы адгалосак смеху Яроцкага. Нібы смешна й яму - гэтаму сытому мляваму вагону, смешна й радасна разам з Яроцкім.
- Кох-кох-кох... Кох-кох-кох...
Ну, дадушы ж, ён падсміхаецца. І нават міргае таемна так, ласкава сваймі распаўзлівымі ценямі.
І дзіўна, чаму не смяецца гэты гандляр, што скручыўся вунь на верхняй паліцы. Спіць ён, ці што, - чорт яго ведае. Пуза толькі відаць Яроцкаму і барада. Барада вытыркнулася нерухома і суха, як у мерцвяка.
- Ах, барада... барада... Ха-ха-ха...
У таго - у дурня таго - тож барада. Як недалужна, убога траслася яна на судзе. Бедная бародка. Яна так смешна чарнелася на збялелым ад страху твары, быццам адчувала сябе не на месцы, гатова была сарвацца, уцячы, пераскочыць на голы, але важны твар старшыні.
Весела, смешна было.
Як злосна барадач гэты зірнуў на яго пасля прыгавору. А як ён крыкнуў:
- Падвёў, пагубіў!..
- Ха-ха-ха... Ну і падвёў, пагубіў. А сам выкруціўся, сам буду жыць, бо хачу жыць і ўмею...
Яроцкі салодка ўсміхнуўся.
Ён здаволен сабой. Ён моцны, разумны. Ён бярэ ад жыцця ўсё, што захоча. Для яго няма недаступнага. Усё ў яго волі.
Успомнілася, як валяўся ў нагах у яго барадач, як плакаў, маліў:
- Пашкадуй малых дзетак... Бяры ўсё, што хочаш, што хочаш рабі, толькі вызваль. Пагінуць усе...
- Дурань стары... Ха-ха... дзеткі... Думаў - пашкадую, заміж яго сяду ў турму... Хо-хо, чаго захацеў.
І злосць узнялася ў Яроцкага на дурасць людскую.
Успомнілася яшчэ Наталля. Тож плакала, корчылася. Прасіла, каб узяў з сабой, каб не кідаў. І яна - як згаварыліся - тож усё:
- Падвёў... Пагубіў...
Нібы слоў больш не ведаюць.
Яроцкі зусім раззлаваўся. Прыкра стала, пагасла радасць, здаволенне. Лёг на канапу, каб заснуць. Паляжаў, паварочаўся, але не заснуў. І здалося, што гэта перашкаджае напорна-пісклявы храп з верхняй паліцы. У вочы агіднаю плямай уткнулася круглае пуза. Ух, распароць бы яго!
Устаў, штурхануў. Той здрыгануўся спрасонку.
- Га? Што?..
- Куды едзеце?
- У Гомель... А што?..
- Больш нічога...
- Дык што вы мяшаеце спаць?
- Спеце колькі ўлезе... Праваднік!.. Праваднік!
Гыркнулі дзверы.
- Вы мяне клікалі?
- Як прыедзем у N, разбудзеце...
- Слухаю...
Зноў ціха, спакойна. Вагон курлыкае ласкава. Па целе млосць, пацягушкі... Значыць - можна заснуць.
2
Гэта ўсё было ўладжана ў адзін дзень.
Так. Зранку Яроцкі нікаў па розных канцах горада, выслухваў, вынюхваў, часам распытваў нешта, а ўжо з паўдня прыйшоў у кантору.
Кантора якая... Так, толькі назва адна. Вывеска толькі. А ўсярэдзіну ўвойдзеш, дык во яна ўся: стол, пакрыты залупленай, бруднай паперай, два растапыраных крэслы, ложак ля сценкі, другі пакалечаны стол. А на сцяне жоўты змарнелы малюнак. Яшчэ: за сталом, упяўшы вочы ў паперы, - мужчына чарнявы. Барада лапаткай, вусны чырвоненькім банцікам і вочы наіўна-скруглёныя, нібы ў задзіўленні.
Яроцкі заціснуў у вуснах тонкую ўсмешку. Падумаў:
- Ізноў барада. Гэта добра... Ха-ха...
А звярнуўся з праставатай, ветлай сур'ёзнасцю:
- Дзень добры. Скажэце, калі ласка, гэта вы будзеце старшыня крэдытнага таварыства?
- Я. Добры дзень... Шчупак.
Ха-ха! Гэта ён прадставіўся, прозвішча гэта. Ды гэтак жа важна, з рызыкай.
На вуснах Яроцкага зноў тоненькі хвосцік усмешкі. Але трэба трымацца. Трэба граць. Кошка і мышка. Ха-ха!
- Я чуў, што вам трэба бухгалтар. Я хачу паступіць.
Шчупак сабраў твар у салодкую міну.
- Бачыце... Я вам так скажу... Наша таварыства вельмі слабенькае. Бедненькае... так, зусім небагатае... Я ня ведаю, як вам тут, ці ўпадабаецца... Бачыце... у нас... хе-хе... з пэнсіяй не асабліва...
Яроцкі зусім ужо наіўненька, палахліва:
- А колькі?
- Трыццаць пяць. Усяго толькі... Бачыце?
Часінку падумаць, паморшчыць лоб, быццам мяркуючы, узняць вочы ўгару, патарабаніць пальцамі аб стол - гэта Яроцкаму не першыня.
- Я згодзен.
- Згодны? Так... ну-с... э-э-э... хм...
Гэта Яроцкі тож ведае.
- Будзьце спакойны... Практыку маю, курсы прайшоў спецыяльныя... Вось дакументы.
Шчупак вочы прыжмурыў, надуўся, чытае.
- Так... эге... так... ну... Добра, усё добра. Калі вы можаце стаць на работу?
- Я магу заўтра. А сёння ў мяне ёсць трохі часу, дык, калі дазволіце, я пазнаёмлюся крыху з вашымі кнігамі...
- Калі ласка... Сядайце вось тут. Я зараз дам...
І тады Яроцкі забыўся на ўсё, акунуўся ў стракатае мора лічбаў. Ён арудаваў імі з надзвычайным спрытам.
Яны паслухмяна перабягалі ў яго галаве, збіраліся ў купы, зноў разбягаліся плоймай пярэстай, каб даць месца абрыўкам парваных ліхаманкавых думак.
- Актыў... пасыў... дэфіцыт... ніякіх камерцыйных зваротаў... 3685... Эге... Халасцяк, пэўна, бо ложак стаіць... Прыбытку... сальдо... дурань, відаць, таксама... 7932... Тут можна датацыю... хм... Непрыметна, каб... Ага... так... патрошку, на пражыццё... Студзень, люты... Мой будзе, ясна... Разам 8430... Ага...
А рукі нервова перабіралі шапялявыя старонкі старых замызганых кніг.
3
Так звычайна выходзяць на паляванне.
Уявіце сабе...
Паслалася пухавай беллю шырокае поле. Аж дакуль вока захопіць - мяккі ватовы дыван. А збоку - чорны аголены лес узняў сваё вецце драцянае, бясстыдна раскрыў напаказ свае мёрзлыя нетры.
Хітры лес, дармо што прыкінуўся ціхенькім, просценькім, быццам хоча сказаць:
- Наце, шукайце. Далібог жа, нічога няма. Далібог, не схаваў нічагутка...
Эге! Выбачай, не паддурыш. А вунь пад ахутаны снегам кусцік яленцу гэта якія пабеглі слядочкі? А вунь там, пад сіняй разложыстай хвояй, хто натаптаў так багата? Не, брат, пастой!
І ажывае нутро застыглага лесу. І мітусяцца ў напружаным воку здані гарэзлівых зайчыкаў, спрытных лісіц. І вуха напятае ловіць нячутныя шолахі, ловіць празрыстую музыку мёрзлага лесу.
Што гэта? Праўда ці не? Ці гэта толькі здаецца, ці й сапраўды жыве гэты лес, жыве настарожаным ціхім жыццём, застыглым у нейкім маўклівым чаканні?
Ага! Вунь-вунь, там...
З-пад зялёненькай елачкі выскачыў зайчык. Прыстоіў, замёр, - толькі вушкі так смешна, так прытка рухаюцца.
Які ён прыгожы, гэты зайчонак! Колькі ў ім зграбнасці свежай, крамянай! Колькі ў ім дзікага вольнага спрыту! Колькі жыцця!..
А сэрца ўжо тукае прагна, настойна.
А рукі трасуцца, стрэльбу сціскаюць... Але ўсё гэта проста дарэчы. А справа не ў тым.
Цяпер пра Лідачку.
Лідачка бегла паспешна па вуліцы, ёмка праціраючыся праз шчыльны натоўп падарожных, наіўна й задорна выкручваючы зграбнай фігуркай. У Лідачкі ў руках паўтары кніжкі і сшытак, а ў вачах цэлае сонца гуллівай дзявоцкай вясёласці. Ад гэтай вясёласці неяк асабліва радасна іскрыцца навокал сняжок і асабліва прыветныя перабягаюць усмешкі па тварах мужчын.
На рагу Савецкай і Камсамольскай Лідачку ўбачыў Яроцкі.
Ён ужо трэці дзень выходзіць на вуліцу з пэўным замерам. Ён ужо трэці дзень углядаецца пільна ў твары хаджалых, быццам шукаючы нечага.
Так звычайна выходзяць на паляванне...
Убачыўшы Лідачку, Яроцкі спыніўся. Азірнуў яе ўсю смелым поглядам, усміхнуўся здаволена.
- Красуня!..
Лідачка яго таксама заўважыла і на ўсмешку адказала дражлівай грымасай. Тады ён дагнаў яе.
- Выбачайце... Ведаеце што? Вы надта прыгожая дзяўчына, сапраўды...
- Я й без вас гэта ведаю. Больш нічога не скажаце?
- Магу сказаць тое, чаго вы, пэўна, ня ведаеце.
- Ну?
- Вы мне ўпадабаліся.
- Ага! Гэта я таксама ведаю...
А вочкі гараць. А вочкі кідаюць гарэзлівыя іскрынкі. Яроцкі іх ловіць сваімі вачмі і адчувае з уцехай, як яны мякка казычуць нутро, абураюць сэрца лёгкім запалам.
- Мо яшчэ скажаце што?
Які галасок мілагучны! А вусны дрыжаць. Яшчэ момант, здаецца, і пырсне са смеху.
- Мне з вамі прыемна. Я правяду вас, калі дазволіце.
- Калі ўжо так хочацца вам, дык што ж... можна, я дазваляю.
Звярнулі за рог. Тут мала людзей. Тут лепш адчувае чалавек чалавека. Тут, здаецца, больш снегу, больш сонца, больш гэтай яснай марознай празрыстасці, што ўлівае ў нутро здаровую свежасць, што паліць на твары чырвань вясёлую.
Яроцкі глядзіць на дзяўчыну, любуецца. Салодка жмурацца вочы, туманяцца жарам вільготным. Гаворыць вуснамі толькі аднымі, бо гаворыць адно, а другое наўме.
Так узяць бы яе - любую, свежую, - узяць, як цукерку, як дарагі падарунак-гасцінец, і гладзіць, гладзіць. Не цалаваць, не. Потым хіба...
А сэрца ўжо тукае прагна, настойліва...
Так звычайна выходзяць на паляванне.
4
У кантору вуліца ўглядаецца халодным бяссветна-вадзяным вокам - на дварэ хмарна, адліга. Здаецца, ужо змрок надыходзіць, а яшчэ тры гадзіны ўсяго. Ды яшчэ вокны ў канторы невялічкія, брудныя - зусім шэра і цёмна.
Настрой у такую пару бывае цягучы, санлівы. Праца цяжарыць, па целе тупая нейкая млосць. Толькі сесці ў куток, прыхінуцца да печкі і гаварыць, расказваць што-небудзь з мінулых дзён, успамінаць тое, што ўелася рэзкім рубцом у нутро і абрасло, абгладзілася прыгожым мохам даўнасці. А калі не ўспамінаць, дык марыць на будучыню, будаваць адважна шырокія планы.
Шчупак пацягнуўся, устаў. Пахадзіў па пакоі, пракурлыкаў нейкую песню і стаў, абапёршыся аб печ, у кутку. Па яго круглых адкрытых вачах скаўзануўся цень задумёнасці. Уздыхнуў.
- Эх-ха-ха, Віктар Андрэевіч, кіньце. Давайце пагутарым троху. Надакучыла ўжо працаваць. Лічбы, лічбы - прасвету няма. Хутка зусім высахнуць мазгі. Ведаеце, колькі працую я на гэтай дурацкай рабоце? Пятнаццаць год. Дзень у дзень усё адно і адно. Галаву забіваеш гэтымі лічбамі, тупееш, зусім не чуеш жыцця.
- А вы кіньце.
- Ха-ха! Есці кінуць няможна. Хочацца ўсё, як ні круці.
- За другую працу вазьмецеся.
- Што вы? За якую другую? Я калісьці ў дзяцінстве дудкі з вярбы рабіў ды яшчэ з дзягелю майстраваў спрытныя пырскаўкі. А больш спецыяльнасці ніякай не помню. Вось і вазьміся за якую працу.
Яроцкі ўстаў, захадзіў па пакоі.
- Так, гэта кепска. Я таксама не маю ніякай спецыяльнасці. Але я не бядую й не сохну. У мяне нейкі д'ябальскі спрыт да жыцця. Я ўмею здорава жыць. О, помню, у N што мы рабілі! Мы ўвесь горад дыбарам ставілі! Там я працаваў па кааперацыі. Мы там разгарнулі шырокую справу. За паўгода, пакуль я там быў, аснаўны капітал павялічылі на 100 проц. ...Ну й манета не перавадзілася... хе-хе... У грашах не было недахвату... Бывала, як загуляем, закуцім - уга!..
- Некаторыя добра жывуць, гэта правільна.
- Помню, нешта раз заключылі мы ўмову з трэстам. Добрыя хлопцы! Ну, праўда, зрабілі так, што і ім і нам... хе-хе... Дык мы тады цэлых тры дні без адхлыну гулялі!.. Дзяўчат панабралі, залезлі ў нейкі цёплы прытулак на край горада... І чаго толькі там не рабілі... Эх, дабро!.. Ёсць што ўспомніць часамі... Быў у нас адзін старыкан, дзядзя Косця мы звалі яго. Дык ён - ведаеце, што вымудраў?
І Яроцкі густымі яскравымі хварбамі стаў маляваць вострыя сцэны гулянкі, распусты.
Ён мастацка расказваў. Ён умеў захапіць чалавека, умеў да болю напінаць струны яго пачуцця і граў на іх смела, рашуча, як віртуоз. Ён адразу знаходзіў унутры чалавека звярыныя інстынкты і ўспарваў іх, узбіваў у бурна-шалёную пену, каб захлынула яна ўсё нутро, каб затапіла ўсё чалавечае.
Шчупак слухаў яго як зачарованы. Цяпер яшчэ больш скруглёныя вочы яго блішчэлі нездаровым вострым агнём, а вусны - рухавыя, мокрыя - то сціскаліся сударгай, то распускаліся, расплываліся ў шырокую ўсмешку-грымасу. Раз-пораз ён корчыўся ўвесь, нахіляўся і рагатаў тоненька, брудна, як якоча паршывы шчанёнак.
Не пазнаць было Шчупака.
Бедны стары халасцяк!
А Яроцкі і сам захапіўся. Ён ужо не расказваў, не. Ён ужо прапаведаваў, выкладаў сваю веру, сваю тэорыю жыцця. У гэты момант ён быў зусім шчыры, ён гаварыў тое, у што верыў, і верыў у тое, што гаварыў.
- Ха-ха-ха! Кажуць - так жыві, а не гэтак, тое рабі, а не гэта. Каму якое дзела? Хто мае права мной кіраваць? Я жыву так, як хачу. Я жыву так, як мне прыемна, я хачу ўзяць ад жыцця ўсё, што мне ўцеху дае, асалоду. Якое мне дзела, што людзям дрэнна жывецца! Ха-ха!.. Каб не было дурняў, дык што б тады было рабіць разумнаму?.. Я, я хачу жыць, маё жыццё, толькі маё, мне дарагое. І я жыву. І ні да кога мне дзела няма. Сумленне, закон... Ха-ха-ха!.. гэта ж для дурняў, для асталопаў, для тых, хто сілы не мае ўзяць сваю долю! А я - вышэй за ўсіх гэтых дрындушак... Я - сам сабе пан...
Слухаў Шчупак, і прад ім, у вачах яго, шырока здзіўленых, расла, узвышалася постаць Яроцкага, пакрывала яго сваёй буянасцю, прыціскала цяжкім аўтарытэтам, дражніла салодкасцю дзікай злачыннасці.
І жыццё ўсё, поўнае працы сухой, аднастайнай, здавалася згубленым, пустым, як бясплоднае поле.
Ужо сцямнела, і яны выйшлі з канторы. Пайшлі разам.
У той вечар Шчупаку непрыемна было з непрывычкі піць салодка даўкую гарэлку і дужа прыемна было потым, едучы на рыпучым вазку, абмывацца свежым марозам.
У тую ноч Шчупак першы раз за сорак год свайго жыцця спаў з прастытуткай і выклаў з кішэні апошнюю, размеркаваную на тыдзень, пяцёрку.
5
Ой, гэта жаночае сэрца! Яно такое мяккае і падатнае, як здобнае цеста, і ўвайсці ў яго, калі захочаш, так лёгка, як лёгка збрадлівай карове ўлезці ў чужое дабро.
Нездарма ж матка Лідачкі пакахала Яроцкага больш, як дачка; нездарма ж, калі прыходзіў Яроцкі, яна, падпёршы рукой бараду, падоўгу ўглядалася ў яго салодкім ласкавым поглядам, песцячы недзе глыбока-глыбока ўнутры палахліва ружовую думку.
І браценнік Лідачкін тож пакахаў дзядзю Віцю. Дый як не кахаць, калі ён заўсёды цукеркі прыносіць і так высока-высока гоўтае на назе, што аж дух зацінае.
А сама Лідачка жартуе, гарэзуе, як дзіцянё. Яна сварыцца з Яроцкім, заўсёды сварыцца. І будзе сварыцца, цэлы век будзе сварыцца, бо ён занадта думае аб сабе, а на яе глядзіць з нейкай паблажкай. І яна не пакажа яму, не пакажа ніколі, што ён падабаецца ёй. Ого, яму толькі дай зразумець!..
І, калі прыходзіць Яроцкі, Лідачка з усяе сілы моршчыць свой твар, каб выйшаў сур'ёзны і безуважны, каб паказаць яму, што яе зусім не радуе тое, што ён нарэшце з'явіўся. А сэрца ж не ўбачыш, як яно тукае, як разрываецца проста ад радасці. О, каб убачыў ён сэрца!
Яроцкі часта ходзіць да Лідачкі. Ён упарты і рашыў дасягнуць таго, што намеціў.
У Лідачкі ён пазнаёміўся з Горскім, іхным кватарантам. Вось іх першая гутарка:
- Вельмі прыемна. Яроцкі.
- Горскі. Вы, здаецца, нядаўна прыехалі?
- Так, два тыдні ўсяго. Мабыць, хутка й паеду.
- Чаму?
- Не магу. Не магу доўга сядзець на адным месцы. Цягне нешта, штурхае ў новыя гарады, да новых людзей, да свежых уражанняў.
- Хм... Гэта, мабыць, ад тэмпераменту.
- Мабыць.
Потым маўчалі троху, пакуль не стала нялоўка. Тады Горскі спытаўся:
- Вы дзе працуеце?
- У кааперацыі. А вы?
- У палітасвеце.
І ўсё.
А вось іх думкі аднаго аб адным.
Яроцкі аб Горскім:
- Пэўна, камуністы. Не дурны, відаць па вачах. Трэба асцеражней.
Горскі аб Яроцкім:
- Хлюст.
Лідачку аднаго разу Яроцкі запрасіў у тэатр. Як ішлі ў тэатр, жартавалі, смяяліся, штурхалі адзін аднаго. А назад ішлі моўчкі.
Было ціха, бязлюдна, гарадскі спакой - чулы, старожкі - навяваў палахлівы смутак, і Лідачка мякка тулілася да рукі Яроцкага.
Яроцкага дражніла блізкасць Лідачкі, яе маладога свежага цела. Ноч спакушала сваёй глухатой і бязлюднасцю, і цяжка трымацца было, каб не схапіць, не сціснуць яе, гэтую мілую дзяўчынку, такую прывабную ў сваёй мяккай, яшчэ дзіцячай, наіўнасці.
А Лідачка ўсё бліжэй, усё шчыльней тулілася да яго, люба звінела сваім галаском:
- Ну, кажэце што-небудзь, расказвайце. Чаго маўчыце, як воўк? Раскажэце што-небудзь цікавае.
Тады ён пачаў гаварыць. Дзіўны быў голас яго - грубаваты, абрыўчаты і нейкі глуха-затоены.
- Лідачка! Ці любілі вы калі? Вы ніколі яшчэ не любілі? О, вы не ведаеце, якая гэта радасць... Я знаю... Я праўду кажу... Гэта такая дзіўная, невымоўная асалода, за якую можна многа аддаць... Вы палюбіце мяне... Лідачка, палюбіце... Я наўчу вас, як знаходзіць сабе шчасце... Я наўчу вас, як шэрае нуднае жыццё можна аквяціць пастаяннай уцехай і радасцю. Я шчаслівы чалавек, Лідачка, моцны чалавек. Я знаю жыццё, я яго вывучыў...
Лідачка маўчала. Лідачка не магла гаварыць.
Аб чым ён гаворыць? На што ён думку наводзіць? Які ён дзіўны, таемны! І як прыгожа блукаюць чорныя цені на яго цвёрдым, сур'ёзным твары!
О, нашто ён прыгожы такі!
І да самае хаты Лідачка не сказала нічога. А ў хату ўвайшла ціхая, задумёная.
Горскі не спаў яшчэ. Ён сядзеў у зале і нешта пісаў. Ён заўсёды многа працуе, сядзіць начамі.
Сярдзіты, насуплены. Відаць, злуецца на Лідачку. Мо ён кахае яе?
- Хай сабе! Хай сабе! Хай злуецца. Не трэба мне. Не трэба яго кахання!.. Даўганосы...
Тая глухая зімовая ноч доўга паўзла для Лідачкі. Плакала Лідачка ў тую даўгую цягучую ноч.
6
Увага!
Я буду гаварыць аб першым каханні дзяўчыны, аб тым, як красуецца пышнымі краскамі маладая душа, чыстая, як нябесны блакіт, і глыбокая, як марское прадонне.
Я буду гаварыць аб вясне некранутага сэрца, аб тым, як салодка поўніцца яно мядовымі ўзмывамі, як бруіцца яно пералівам дзівосным і разліваецца буянай, атрутнай паводкаю.
І яшчэ вось аб чым будзе мой сказ. Аб тым, як спрытны ліхі паляўнічы завабіў у сеткі свае дарагую дзічыну.
Увага!
Сэрца цвіце. У ім пеніцца чырванню свежай нязнаная радасць. У ім - новая песня, злітая з вострых магутных акордаў.
Як прыемна, як радасна плысці ў гэтым ружовым тумане, што затуляе розум, прытомнасць, што абмывае нутро такімі пякучымі хвалямі. Як прыемна, як радасна чуць гэтую жаркую блізкасць, гэту смелую сілу, што цягне к сабе, прымушае забыцца на ўсё, на ўсё чыста, і глядзець бясконца ў дзіўна-глыбокія чорныя вочы.
На дварэ завіруха. Скавыча вецер за рогам, плача аб нечым, ці што. Мо гэта ў некага гора, няшчасце якое, і ён так галосіць, заве на ратунак? Роем пасланцы прылятаюць - сняжынкі сухія, халодныя - і ў зморы не могуць крыкнуць, ляпнуць у шыбу, а толькі шэпчуць бяссільна там, за акном:
- Выйдзі, выйдзі... Зірні...
Ён бярэ за рукі, сціскае. Ён глядзіць у самае сэрца сваімі вачмі - дзіўна-глыбокімі, цёплымі. Яго вочы глядзяць, галубяць, у іх так многа пяшчоты. Цягнуць, цягнуць гэтыя вочы, адбіраюць сілы, поўняць салодкім бязволлем.
- Любы! Які ты прыгожы!
Ён абымае сваімі дужымі рукамі. У яго руках так жарка, так добра. Такая гарачая па целе млосць. Як прыемна ляжаць у яго на грудзях!
Якія балючыя яго пацалункі!
- Любы! Ты мучыш...
Снег. Снег. Снег.
Нашто гэтыя ліхтары па дарозе? Нашто яны так хітра міргаюць скрозь завіруху? Хай бы лепш зусім цёмна было, каб нічога не бачыць, каб было адно снегавое радно непрагляднае, каб толькі слухаць, слухаць...
Вые мяцеліца, гоніцца ўслед. А вазок імчыцца-імчыцца ў шэрую муць, у прастор завірухі шалёнай, быццам хоча дагнаць вяртлява звонкую песню званочкаў.
Як шырока, як вольна!
- Любы! Мацней прытулі... Мне халодна... Мне добра... А табе?
Што гэта? Нібы зорачка там, на краі бялясага неба? Адкуль яна?
Зорачка! Любая зорачка! Ты дрыжыш, ты змёрзла зусім... Адзінотная, бедная зорачка. Ці любіш ты? Ці ёсць у цябе хто, каб прытуліцца вось так, каб сагрэцца?
Бедная зорачка!
Бедны далёкі званочак!
- Любы! Кахай мяне... Кахай мяне так заўсёды!..
7
А ці бачыў хто, як разувае Шчупак новыя боты? Вось ён пачынае. На пэўным месцы пад этажэркай у яго ляжыць спецыяльная шмотка. Ён дастае гэту шмотку й сядае на зэдлік. Часінку сядзіць нерухома, паклаўшы на калені рукі і распусціўшы ў прасцяг тупы погляд круглых вачэй. Адпачывае. Шмотка, як шыбельнік, недалужна звісае з калена. Потым, схапянуўшыся, ён павольна моршчыцца, чэша сярэдзіну і асцярожна выцягвае ўперад нагу. На насок бота ён рассцілае шмотку, кладзе другую нагу і зноў хвіліну сядзіць нерухома. У гэты момант ён думае:
- Заўтра трэба канечна падвесці баланс... Так... Трэба, няйначай...
І бярэцца за бот. Цягне яго ён спакваля, з перадышкай, цягне сур'ёзна, зморшчыўшы лоб і прыкусіўшы губу. Калі дрэнна ссуваецца бот, ён гладзіць халяву і адначасна ўсміхаецца сам сабе, задраўшы ўгару галаву.
- Эх, хром... Любата... Такога не ўсюдых і знойдзеш... Гумаляст, адным словам...
А здзеўшы бот, Шчупак доўга яго разглядае, засувае ў халяву руку, шчупае зверху й спадыспаду, стукае пальцам падэшву. Усмешка ўжо не спускаецца з яго твару.
- Гэта дык боты... Боцікі, а не боты. Арэх!..
Боты ён ставіць каля ложка, у галавах, а анучкі (усяго восем штук) рассцілае па хаце. Печка халодная, а так усё-ткі большы доступ паветра - лепш высахнуць.
З ботамі кончана. Але спаць Шчупаку нешта не хочацца. Таму ён стаіць некаторы час сярод хаты, спусціўшы сваю барадзёнку, і аб нечым панура думае.
Хто яго ведае! Можа, у гэту хвіліну ў яго цяжкім уяўленні ціха лунае вобраз невядомай жанчыны - ласкавай і рупнай, якая некалі прыйдзе к яму, каб сваёй ветлай гаспадарскай рукой прыхарошыць жыццё яго халасцяцка-бязладнае?
- Якія брудныя анучкі!
Потым ён падыходзіць да шафы, адчыняе віхлястыя дзверы і дастае новенькі фрэнч. Калі ён глядзіць на фрэнч, яму ўспамінаецца Яроцкі. Ён уздыхае...
- Расхадовы хлапец... Падвядзе, сукін сын... Тады свіснеш...
Але фрэнч такі зграбны, сукно дык аж ззяе. І мякенькае і гладзенькае.
- Памераць.
Ён надзявае фрэнч, бярэ мізэрнае бруднае люстэрка і пачынае перад ім рабіць выкрунтасы, стараючыся з усіх бакоў агледзець сваю фігуру. Здаволены, ён ставіць люстэрка і ходзіць важна па пакоі, салодка, адчуваючы на сабе новенькі, шчыгульненькі фрэнч.
У гэты момант нехта грукае ў дзверы. Па твары Шчупака крывой грымасай спалох. Ён, як злодзей, якога злавілі на месцы злачынства, здзірае паспешна фрэнч, пхне яго ў шафу. На твары астаюцца плямы сарамяжлівай чырвані.
У дзверы шалёны грукат. Урэшце ён адчыняе. Яроцкі.
Яроцкі - свежы, сцюдзёны, ад яго блізкасці па целе перабягаюць шчыпучыя мурашкі холаду. І дзверы не зачыняе, чорт. Увесь дух выпусціць.
А твар у Яроцкага чырвоны, гарачы. Ён п'янаваты, відаць. Як увайшоў, так і пасігаў шырокімі мокрымі крокамі па разасланых анучках. Ня чуе, што Шчупак лаецца, падбіраючы за ім сваю маёмасць. Яроцкі сваё:
- Шчупак! Скажы мне на ласку: ці ведаў ты дасюль, што ты дурны чалавек?.. Ты ж дурніца, сапраўды. Адно: ты сядзіш у хаце ў той час, калі ўсякае жывое стварэнне жыве... Ты ведаеш, што значыць - жыць? Шчупачок, ты ж чалавек барадаты. Скажы, што значыць жыць? Не ведаеш? Эх, дурань, дурань... Кінь анучкі, Шчупак, яны брудныя і смярдзяць. Ведаеш што? Учора я ўжо тае... з тэй дзяўчынкай, помніш, ага? Яна яшчэ цэленькая... была... Хочаш, Шчупак, я табе яе перадам, як надакучыць? Знаеш, Шчупак, у дзяцінстве для мяне было самай лепшай забавай псаваць якую-небудзь прыгожую рэч... Мяне білі за гэта... Нешта, помню, я ўкраў у маткі яе дарагі новы капялюш. Я, як злодзей, пракраўся з ім у хмызняк і там гэтую прыгожую багатую рэч расшкуматаў у пэтлухі. Аб гэтым не даведаліся і не білі мяне... А цяпер я з людзьмі так... ха-ха... Шчупак, я звер, дадушы звер. Мне дужа лёгка загубіць чалавека. Я й цябе пагублю, дадушы, пагублю... А? Спалохаўся? Дрыжыш?.. Ха-ха... не, не бойся, ты мне не патрэбен... Мо ты хочаш грошы? Я дам... Гэта ж нашы супольныя... Хопіць...
Шчупаку - беднаму барадатаму Шчупаку - цяжка ад гэтых вар'яцкіх слоў. Не разумее ён. Яроцкі - загадка. Яроцкі палохае, жудасць наганяе і разам цягне да сябе, вабіць, абуджае сімпатыю. Вось хочацца проста абняць яго, як дзяўчыну, або пацалаваць у руку. Ён дзіўна прыгожы сваёй першабытна-дзікай сілай, сваёй звярынаю свежасцю.
Не, ён не пагубіць. За што ён будзе губіць яго, Шчупака? Шчупак яму нічога благога не хоча і любіць яго.
Яны - прыяцелі шчырыя. І хочацца гэта адзначыць, выказаць неяк.
Ён насуплівае бровы, выпукляе трубачкай чырвоныя вусны і гаворыць груба, наіўна:
- Яроцкі! Ты, чорт, дужа сімпатычны хлапец... Я, халера, люблю цябе, дадушы...
- Ха-ха-ха... Ты струсіў, Шчупак, паддабраешся?.. Ты любіш мяне?.. ха-ха-ха... Дурань ты барадаты!
Шчупаку стала сорамна, крыўдна да болю, да слёз. Так бывае дзіцяці, калі яно, поўнае шчырай пяшчоты, бяжыць да маткі, каб прыгалубіць яе, пагладзіць ёй твар сваёй слабенькай ручкай, і раптам сустракае нечакана жорсткую сухую лаянку.
Шчупак насупіўся, змоўк. А Яроцкі думаў аб нечым. Раптам ён страпянуўся.
- Ну, Шчупак, надзявайся. Паедзем са мной.
- Куды?
- Туды, да дзяўчыны маёй...
- Што ты, здурэў?.. Сярод ночы?
- Дзе табе ноч? Адзінаццаць гадзін толькі... Едзем.
Шчупак паслухмяна стаў абувацца. Яроцкі хадзіў па пакоі.
- Ну, гайда! Паехалі!..
У Лідачкі яшчэ не спалі. У сталоўцы над шырокім сталом, засланым кляёнкай, прыветна гарэла вісучая лямпа. За сталом сядзела Лідачка і чытала. Матка дабрадушна схілілася над швівам, а малы, седзячы на падлозе ў фанернай скрынцы, катаўся на аўтамабілі.
Шчупаку Лідачка здалася надзвычайна прыгожай. У просценькай шэрай сукенцы, валасы ў косы сціпла заплецены, твар такі мяккі, прыветны.
І пра гэту дзяўчыну ён так казаў... Няўжо гэта праўда? Ды каб гэта на Шчупака, дык ён бы, здаецца, і прыткнуцца да яе не пасмеў. Яму каб толькі глядзець на яе, каб многа глядзець, лашчыць, галубіць поглядам толькі, дык нашто лепшае шчасце!..
Яроцкі ўраз разарваў сваім гучным размашыстым голасам пялёнку мяккай прытульнасці, што спакойна грэлася ў цёплым пакоі.
- Добры вечар!.. Будзьце знаёмы - мой барадаты прыяцель. Ганна Кандратаўна! Мы з вамі столькі не бачыліся! Як вашы зубы? А, галапуп! Скач сюды, падшывалец.
Матка ўсміхалася, Лідачка рагатала, а малы пішчэў ад давольнасці.
Шчупак маўчаў. Праз хвілін пяць Яроцкі падняўся.
- Ну, Лідачка, паедзем катацца.
У Лідачкі загарэліся вочы, але нясмела зірнула на матку. Тая падатна ўсміхнулася.
- Толькі вяртайся хутчэй.
А Шчупаку зусім не па сэрцы. Як гэта - на мароз, куды - немаведама... Чаму б не пасядзець тут, у хаце... Пагаварылі б, у карты згулялі. О, ён бы зараз тож разышоўся... Ён бы паказаў, як часамі ўмее ён жартаваць, анекдоты расказваць, асабліва гуляючы ў карты.
І яна б тут... Глядзець на яе, любавацца.
Эх, гэты Яроцкі!..
Абрусамі яскравымі сцелецца белая вуліца. Гоман, тлум, бліскавіцы гуллівага смеху, задорныя выкрыкі, пялёсткамі чыстымі песні званочкаў, рыканне напорнае аўтамабіляў.
Горад жыве.
У горадзе вечарамі жыццё бывае пярэстае, гучнае і б'ецца, кіпіць, як вада на нятушанай вапне. Вечарамі з нор выпаўзаюць начныя стварэнні, у якіх розныя вопраткі і адзін твар, бо ўсе хварбуюцца аднымі хварбамі і жывуць адным жыццём. У жыцці гэтым няма ўздымаў, а ёсць брудныя, калечаныя выбрыкі - на гадзіны кульгава ўскідаецца сэрца, родзіць чорна-лілёвыя радасці. Гэта - прыгожасць жыцця!..
Яшчэ - вечарамі па зырліва асветленых вуліцах на аўтамабілях, на ліхачах, проста на возніках, у шубах, бекешах, у шапках кашлатых ездзяць Яроцкія.
Так ідзе ў горадзе ноч.
Гэта - гніль, парахня.
Каля бліскучага рэстарана Яроцкі загадаў спыніцца.
- Зайдзем павячэраць.
Шчупак другі раз ужо тут, але адчувае сябе нялоўка, раскідана. Праўда, трохі лепш стала, як увайшлі ў асобны пакой, як зачыніліся, асталіся ўтраіх. Нават весялосць пачала ўзнімацца.
Многа пілі. Усе. І Лідачка тож. Яна расчырванелася ўся, і вочы яе заблішчэлі. Прыгажосць яе цяпер нейкая вострая, калючая. У вачах - гуллівы задор, смеласць. Яна бессаромна цалуе Яроцкага, абымае. Перасела к яму на калені, рагоча нядобра так.
Шчупаку ўспомнілася прастытутка - худая, шурпатая. Скомчыў сэрца нейкі цяжарны боль.
Нашто Лідачка гэтак? Такая прыгожая, чыстая - нашто яна брудна так, усё роўна як тыя, што на вуліцы шлындаюць.
А Яроцкі падлівае, прымушае піць. Віхаецца тлум у галаве, нутро ўзбураецца, гатова выліцца ў рогат звярыны ці ў песню гуллівую. Або - у слёзы, горкія, п'яныя слёзы.
Па Лідачцы плакаць трэба. Так, трэба плакаць...
А Яроцкі рагоча. Яроцкі загадаў, каб Лідачка з ім, з Шчупаком, цалавалася.
Як гэта так? Ён з Лідачкай?.. Ён і дакрануцца да яе не важыцца. Яна ж такая прыгожая...
Лідачка сама цалуе яго. Яна села к яму на калені, цягае за бараду, смяецца.
Рукі міжвольна цягнуцца, мацаюць. Горача як!
Лідачка б'е яго па шчацэ і, смеючыся, перасядае к Яроцкаму.
Яроцкі ўстаў. Да яе, як да служанкі:
- Ну, хадзем!
Выйшлі. Дарогай Яроцкі шапнуў Шчупаку:
- Цяпер к чортавай мацеры.
Селі на вазок. Адляцеў злосна-вісклівы званочак.
Шчупак астаўся адзін. Пастаяў хвілінку на месцы і пайшоў, хістаючыся, па вуліцы. Пайшоў шукаць сваю шурпатую прастытутку.
8
Яроцкі не быў тры дні ў канторы. За гэты час ён далікатна ціснуў дзесяткі рук і ў дзесяткі вачэй углядаўся з сяброўскаю шчырасцю, усміхаўся ветла, адкрыта. Ён усюды пакідаў за сабой сімпатыю, яму верылі ўсюды.
Трохі цяжка, непрыемна было. Іншаму хочацца плюнуць у хару, таўхнуць пад сківіцы, бо абрыдлі ўсе, надакучылі. А прыходзіцца скаліць прыветна зубы і ціснуць, трэсці, ціснуць рукі - пульхныя, вялыя.
Гэта - жыццё. У жыцці трэба йграць, трэба змагацца. Каб жыць - трэба быць спрытным, разумным. Трэба рваць з-пад зубоў у людзей ласы кавалак і спажываць яго пад віск, скавытанне гэтых абдураных дурняў.
Гэта - жыццёвы закон Віктара Яроцкага.
Значыць, цэлых тры дні Шчупак не бачыў Яроцкага. Ён турбаваўся, бо ў кнігах лыса бялелі пустыя старонкі, прасілі настойна балансу, а звонкая скрынка з-пад грошай была пустая.
Як увайшоў Яроцкі ў кантору, Шчупак, задраўшы ногі, ляжаў на ложку і глядзеў пустым поглядам у столь. Яго барадзёнка, зусім раскудлычаная, смешным сухім рагаззём недалужна тырчэла ўгару, як клок сена, кінуты на дарозе. Яроцкаму брыдкім здаўся Шчупак; захацелася пхнуць яго выспяткам, як сабаку паршывую.
Але не, няможна. Рана яшчэ, яшчэ гэты дурань нікчэмны павінен служыць. Трэба і з ім так, як з тымі.
- Здароў, Шчупак! Ну, як ты тут маешся? Па мне замаркоціўся?
- Чакаў цябе. Так жа няможна. Збег невядома куды, а тут - сам знаеш, парадак які.
- Я, брат, рабіў вялікую справу. Я зрабіў тое, што цяпер наша таварыства вырасла ў зусім паважную ўстанову. Вядома - гэта пакуль не ўбачылі нашу кантору й цябе, старшыню і загадчыка гэтай канторы... ха-ха... Ты ведаеш, які ў нас аснаўны капітал? Сто тысяч... Маем пяць прадпрыемстваў і яшчэ тры адчыняем. Здорава? Ха-ха-ха...
- Слухай, Яроцкі, нашто гэта?
- Як нашто? Дурань ты, дурань... Слухай, барада, і разумей вялікую мудрасць жыцця... Мне трэба здаволіць свае патрэбы, мне трэба есці, піць, браць прыгожых дзяўчат. Людзі чамусьці зрабілі так, што ўсё гэта прадаецца за грошы. Значыць - мне трэба грошы. Зразумела табе?.. Цяпер слухай, што я задумаў.
Ён паклаў руку на плячо Шчупаку, нахіліўся і пачаў гаварыць роўным і цвёрдым голасам, спакойна ўзіраючыся ў Шчупаковы круглыя вочы. Шчупак слухаў напружана, зацяўшы дыханне.
Лічбы, лічбы. Грошы, шмат грошай. Столькі, што стане на дваццаць гадоў. Нашто тады гэтая служба, мадзенне? Тады - кватэру лепшую, вопратку... хутру абавязкова, такую, як выстаўлена там, у вакне магазіна. І бялізну таксама... Пархумы... А можа... а можа... сорак гадоў... дык што там? Можна знайсці... такую... не зусім прыгожую, не... ня трэба... каб простая, ласкавая, каб з ёй звіць гняздзечка, каб прытуліцца адно к аднаму...
Які спрытны, які разумны гэты Яроцкі! Мабыць, сама доля паслала яго, каб падняць на ногі старога Шчупака. А колькі ў ім сілы! На яго смела можна пакласціся, ён пераможа ўвесь свет, калі толькі захоча.
Вунь ён які. Вочы якія сталёвыя, цвёрдыя, бровы насуплены, твар - камень. Гаворыць як! Кожнае слова - загад, кожнае слова - закон.
О, які добры ў Шчупака прыяцель! За такім Шчупак пойдзе хоць на край свету. Абы толькі не кінуў, абы не прагнаў. Ды не, не прагоніць. За што? Шчупак будзе слухаць яго, будзе рабіць усё, усё, што ён загадае, будзе служыць яму, як парабак, як сабака...
Яроцкі ўжо не гаворыць. Ён смяецца адкрыта, проста, б'е па плячы Шчупака.
- Ну як, дзед, га? Зробім так?
- Зробім, Яроцкі, зробім! Трэба хутчэй, ведаеш, каб не выпусціць моманту, а то яны - тож ня дурні.
- Правільна... Мы пачынаем...
Яроцкі сеў на стол, пачаў нешта шпарка пісаць. Шчупак сядзеў нерухома на ложку. Гарэла галава. У ёй не думкі, а стрыкатыя, балючыя, як агонь, вобразы-бліскавіцы. Не стоўпіць беднай слабой галаве напружнай навалы гэтых буяных вобразаў. Блытаецца ўсё, аж дрэнна, аж мутарна.
Яроцкі гукае к сабе. Перад ім - напісаная паперка.
- На, падпішы. Гэта трэба, не выйдзе без гэтага.
- А... падпісаць. Нашто?
- Трэба. Ты ж казаў сам, каб хутчэй пачынаць.
Суне Шчупаку ў рукі пяро. Падсоўвае паперку.
- Не, пачакай, прачытаць трэба. А, так... Слухай, Яроцкі, я не магу падпісаць. Гэта значыць, што я адзін за ўсё буду адказваць.
- Ты, як старшыня, павінен падпісаць гэтую ўмову. Не я ж буду падпісваць.
- Не магу я, Яроцкі. Гэта ж відочны падлог, гэта жульніцтва... Дай мне падумаць хаця...
- Ты баішся?
- Баюся, Яроцкі! Не буду хавацца, баюся, так...
У Яроцкага ў вачах востры агонь. Вусны сціснуў, яны ледзь прыметна дрыжаць. А потым - дабрадушна смяецца, па плячы Шчупака лэпае.
- Ты смешны, Шчупак. Няўжо ты не пэўны ўва мне? Няўжо ты мне не можаш паверыць? Ха-ха... Дзівак! Калі што, дык я тож не выкручуся... На, падпішы, усё роўна...
Шчупак падпісаў. Ён не мог не падпісаць - Яроцкі добра знаў гэта. Момант развагі? Гэта што ж, можна. У яго ж сумленне, ха-ха... Падлог, жульніцтва...
Шчупак адышоўся, зноў сеў на ложак. Ці гэта здалося яму, ці сапраўды ўслед засмяяўся Яроцкі жудасным смехам-сіпеннем? Не, гэта так, шуміць галава. Вунь ён сядзіць - нерухомы, сур'ёзны, думае нешта. Гэта здалося.
О, Шчупак верыць Яроцкаму!
9
Дзве дзяўчыны-прыяцелькі, лежачы разам у ложку, сагрэўшыся шчыльнаю блізкасцю цел і гарачым хваляваннем расчуленых сэрцаў, могуць правесці ў палкай, абрыўчатай гутарцы цэлую ноч. Так. І гэтая ноч потым здаецца нейкім трызненнем, чмутой, яе не ўспамінаюць. Бо дзянное святло, цвярозае, як старая бабулька, не родзіць ужо тае п'янае шчырасці, таго беспрычыннага жаркага ўздыму. Уначы, толькі ўначы плачуць дзяўчаты, абнімаючы адна адну, цалуючы мокрымі вуснамі, і ўначы толькі смяюцца поўным нутром, схаваўшы твар у падушку.
Так праводзіла ноч адну Лідачка з сваёй прыяцелькай Нінай.
Ніна: статная, зграбная дзяўчына, твар даўгаваты, занадта чырвоны, вочы вадзяна-блакітныя, нос даўгаваты. Я б сказаў - непрыгожая. Прыгожая ў Ніны каса - даўгая, таўстая, мякка-русая. Касу Ніна заўсёды спускае і, калі гутарыць з кім, перакідае наперад.
Лідачка асталася начаваць у Ніны. Як ляглі, сперш патузаліся (каб сагрэцца), потым абняліся туга і пачалі цалавацца. Пастанова: не спаць цэлую ноч, а гутарыць. Усё, усё чысценька адна адной расказаць.
Што Ніна будзе расказваць? Яна зусім нічога не ведае, у яе ў жыцці не было нічагутка. Яна нават яшчэ не кахала, і яе ніхто не кахаў. Во Лідачка! О, ёй ёсць аб чым гаварыць. Хай толькі слухае Ніна, уважліва слухае, ды яшчэ прысягне хай спачатку, што ніколі нікому аж да саменькай смерці не скажа ні слова.
- Ніначка, любая, ты не ведаеш, як гэта добра. Ён мяне дужа кахае. Сапраўды. Я й сама раней думала, што... ну, упадабалася троху, думае: «Дзяўчына нішто, можна пагуляць... так сабе, жартам». Аж не, сапраўды кахае. Я ўжо ведаю, я адразу бачу. Каб ты ведала, Ніначка, як ён часамі глядзіць на мяне. У-у-у, вочы гэта чарнюшчыя, як вугаль, ды блішчаць-блішчаць... Ён часамі возьме мяне на рукі ды носіць, як дзіцянё... Далібог, Ніначка... Смешна так, хм... Ён моцны, дужа моцны, у яго рукі - проста жалезныя. Сапраўды. А прыгожы які... Ты бачыла? Я таксама яго дужа кахаю... Во... во, як кахаю. Ніначка, дзетачка, мне дык заўсёды хочацца яго цалаваць. Далібог... Здаецца б, цалавала, цалавала, цалавала... усё жыццё, во так... во... во... Нінка, я зусім дурная, сапраўды. Гавару немаведама што. Але я зусім рэдка яго цалую. Ого! Няхай ён мяне, калі хоча, а я і хачу, ды ня буду. Во!..
- Лідачка! Раскажы, як ты з ім...
- Што ж табе расказаць? Ну, мы з ім катаемся часта. Паедзем за горад, далёка-далёка, там адзін снег, кругом бела-бялютка. Ведаеш, гэта дужа прыемна... Пуста, нікога няма, адно поле. Ён так моцна, моцна абыме, прытуліць... І не холадна ні-ні... Раней дык ногі мёрзлі. А цяпер у мяне цёплыя боцікі... Ты бачыла мае боцікі? Праўда, любенькія? Ну, вось... А потым заедзем куды ў рэстаран. Вячэраем, п'ём віно, шампанскае... У яго, ведаеш, дужа многа грошай. Ён багаты...
- Лідачка, родненькая... я, далібог, нікому не скажу... скажы, ці ты... аддалася?..
Лідачка хавае саромліва твар у падушку. Гаворыць глуха, ледзь чутна:
- Ага!
І раптам хапае Ніну, абымае парыўчата.
- Нікому не скажаш?
- Што ты! Нікому ў жыцці. Толькі, Лідачка, ты раскажы... раскажы, даражэнькая...
Лідачка прыхіляе вусны да самага вуха і шэпча. Потым часінку моўчкі ляжаць, думаюць кожная сваё. Ніна нясмела пытаецца:
- Ці ён з табою ажэніцца?
- Ня ведаю. Ды мне ўсё роўна. Цяпер не глядзяць на гэта. Гэта раней дык каб абавязкова выскачыць замуж. А цяпер - інакш. Ты яшчэ ня ведаеш, я табе зараз скажу. Цяпер галоўнае, гэта - пажыць. Так пажыць, каб было што ўспомніць. Ніначка, ну што за карысць, калі я выйду замуж? Што тут прыгожага? А так - весела, радасна, добра. Жывеш і не прымячаеш, як цягнецца час. А каханне... гэта ж такое шчасце, такая ўцеха, каб ты ведала толькі. Ну, калі іншая непрыгожая, брыдкая, дык хто на яе і паглядзіць. Такая ўжо доля яе нешчаслівая. Яна й век пражыве, а не пазнае, што значыць - кахаць... Ніначка, дзетачка, што ты? Ты плачаш? Чаго? Кінь, сапраўды... Ты таксама можаш знайсці, хто цябе пакахае, далібог. Думаеш, ты зусім непрыгожая? Што ты! І ня гэткіх кахаюць. Ну, кінь, дзетка, не плач, а то й я зараз зарумзаю... Знаеш што, Ніначка? Я цябе пазнаёмлю з таварышам Яроцкага. Праўда, ён паджылы, але нішто яшчэ... Ты яму загадай, каб ён згаліў бараду, дык зусім будзе прыгожы. Мы тады разам будзем гуляць, будзем катацца, куціць, у тэатры хадзіць. Ну кінь, Ніначка, не плач... Як табе не сорамна... Кінь, а то і я... зараз... таксама... зап...ла...чу...
Уначы, толькі ўначы плачуць звычайна дзяўчаты-прыяцелькі, абнімаючы адна адну, цалуючы мокрымі вуснамі.
10
Назаўтра ўвечары Шчупак сядзеў у Лідачкі. Адчуваў сябе так, як аматар-актор, што першы раз выйшаў на сцэну. Дзіва! Ці думаў ён калі, што ім зацікавіцца маладая дзяўчына! Самая сапраўдная прыгожая дзяўчына!
Яна прыгожая. Вядома, не такая, як Лідачка, бо такіх і наогул няма больш нідзе. Але і ў яе вочы блакітныя, чыстыя, і ў яе вусны, як журавіны. А косы дык лепш, як у Лідачкі.
Шчупак не глядзіць на яе, неяк страшна. Толькі так спадкрадня, няўпрыкметку, каб і яна і ніхто не заўважыў. І гаварыць з ёй не важыцца. З Лідачкай, дык з гэтай нішто - складна, прыемна выходзіць. А з ёй? Аб чым з ёй гутарыць трэба?
Яроцкі шкеліць, пад'юджвае:
- Шчупак! Ты, як ішоў з канторы, не праглынуў тую лінейку, што вісела на сцяне ля вакна?
Шчупак наіўна:
- Не.
- Дзіўна. Чаго ж ты сядзіш так проста, як кол?
Усе рагочуць. Шчупак сарамліва гарбаціцца.
- Чорт гэты Яроцкі. Што ён выгадвае?
А Яроцкі зноў:
- Шчупак! Да цябе не прыходзіў сёння адзін трубачыст?
- Трубачыст? А што яму трэба?
- Ды ён пытаўся, ці не прадасі ты сваю бараду, памяло яму трэба зрабіць?
Зноў рогат. Шчупак чырванее. Рука міжвольна цягнецца к барадзе. Рогат мацнейшы. Шчупак не ведае, што рабіць, і лае ў думках Яроцкага.
Горш за ўсё, калі ўвушшу прасакочыць рассыпчаста-звонкі смех Ніны. Тады не сядзіцца на месцы, хочацца нешта зрабіць, паказаць, што не такі ён зусім, як яны думаюць, што й ён умее сказаць, жарт спрытны выкінуць.
Перад тым як разыходзіцца, усе выйшлі на вуліцу. На дварэ цёпла, адліга. Яроцкі папрабаваў, ці добра комчыцца снег, і шыбнуў у Лідачку. Тая назад. Пачалі ў снежкі гуляць, абудзілі жывой сумятнёй цішу соннае вуліцы.
Шчупак гуляў вельмі нязграбна, і таму напаследак усе на яго наваліліся, засыпалі снегам чыста ўсяго. Ён і не адбіваўся. Хай, усё роўна. Прапала ўсё. Калі й была ў Ніны якая цікавасць, дык ужо й следу не асталося. Хутчэй бы толькі дахаты.
Пачалі развітвацца. Ніна папрасіла праводзіць яе, і Шчупаку выпала йсці.
Доўга маўчалі, Шчупак, як ні тужыўся, нічога прыдумаць не мог, каб сказаць, каб пачаць гутарку. Урэшце ён успомніў, што перш-наперш трэба пад пашку ўзяць - пачынаюць звычайна з гэтага. Ён набраў для храбрасці поўныя грудзі паветра і сказаў надзвычайна ласкавым тонам:
- Можна вас?..
Яна нібы ў задзіўленні на момант к яму абярнулася.
- Калі ласка.
Ён узяў яе за руку так асцярожна і квола, як звычайна бяруць гадзіннік, каб паглядзець на расчынены механізм.
- Як вам падабаецца сёння пагода?
- Нішто, добрая. Цёплая, можна хаця прайсці, пагуляць. А то цалюткі дзень сядзіш, працуеш...
- Вы многа працуеце?
- Я вучуся і, апрача таго, бяру розную работу, каб зарабіць што на пражытак. Але я люблю працаваць, мне няцяжка.
- А я дык зусім не люблю. Мне дужа надакучыла працаваць... Я, можа, і зусім кіну...
- Як гэта? А жыць вы з чаго будзеце?
Шчупаку дужа хочацца ўсё расказаць, усе свае патаемныя думкі-мары, што разрасліся пышнай рунню з насення, кінутага шчаслівай рукой Яроцкага. Гэтай дзяўчыне ён усё б расказаў, бо зусім яна простая і ласкавая. Але не, няможна. Хто яе ведае. Лепш пра яе распытаць.
- Скажэце, Ніна, вы адна жывяцё ці ў сям'і?
- Адна. Сям'я мая на вёсцы, я ўжо год нікога не бачыла. Ёсць тут знаёмыя, я да іх адразу прыехала. Потым паступіла вучыцца, стала шукаць работы.
Яна разгаварылася і жвава, з дзявоцкай паспешнасцю і бессыстэмнасцю расказала яму ўсё жыццё сваё. Потым ён пачаў расказваць. Нічога не хаваў, гаварыў аб усім, што было ў яго несамавітым жыцці. Дый як не сказаць аб усім, калі яна так уважліва слухае, так спагадае яму? Ці быў хоць раз у жыцці ў яго гэткі выпадак, каб старонні, чужы чалавек так чула, так мякка прыслухаўся да яго шчырых прызнанняў?
Ён і сам урэшце расчуліўся, самому стала шкода сябе.
Ну, што ў яго было светлага, добрага? Хто хоць раз сагрэў яго адзінотнае сэрца? Шэрасць, мадзенне, вечны смутак, нудота.
Балюча расчулены сваімі апавяданнямі, сваімі глыбока журботнымі думкамі, сціх Шчупак. І была ў сэрцы растопленым шчымлівая боль і шчымлівая радасць. Соладка й добра было.
У сінява-чорнай начы рассыпаўся свінцом шопат кропляў, што густа сцякалі са стрэх. Было ў гэтым шопаце нешта чужое, настойнае, як у слюнява-злосным маленні старца-калекі. І мокрая непрытульнасць гэтага шопату прыціскала Шчупака да Ніны, напінала салодка-цёплыя струны блізкасці.
Што думала Ніна? Што адчувала? Хто яе ведае! Можа, у змроку мігцела ёй плямай балючай барада Шчупака? Мо ўспаміналіся шчырыя словы расчуленай Лідачкі - «ты яму загадай, каб згаліў бараду, - зусім будзе прыгожы»?
Маўчала. Ішла. Але, падыходзячы к дому, замарудзіла крокі, ласкавей прыціснула Шчупакову руку. На развітанне сказала працяжліва, глуха:
- Заходзьце ка мне калі-небудзь...
І, каб падкрэсліць значнасць гэтых слоў, ураз павярнулася й знікла.
У паўночнай слюнявай шэрасці Шчупак рэзка адчуў сваю адзіноту. Быццам ураз вакол яго вырасла халодным правалам чорная пустач.
Але закапала нешта на сэрца - нешта агнёвае і цягуча-салодкае, успеніла сэрца напорным уздымам.
У волкай цемры, у свінцовай хлюпоце занырала паспешна, нервова яго карабатая постаць.
Эй, Шчупак, Шчупак! Чаго ён так разагнаўся па слізкай дарозе? Чаго ён рукамі махае шырока так, чаго галаву так утупіў? Ці помніць ён, што йдзе дахаты, што там холадна, на падлозе анучкі трэба сушыць (8 штук усяго), што заўтра кантора - сухая, шэрая, што Яроцкі робіць страшную злачынную справу - яго робіць злодзеем, жулікам?..
Ці не ўзбуяла сэрца старое? Ці не ружовы тлум у старой галаве?
Эх, Шчупак, Шчупак!..
11
Радасна-ціхае сонца сыпецца бледным праменнем скрозь іскрыстыя шыбы і цёпла сцелецца па падлозе - рэдка й зыбуча. Празрыстасць ціхая ў сонцы, празрыстасць і ў шыбах іскрыстых і там, за вакном, у белі бліскучай.
Калі сонца так мірна й спакойна цалуе падлогу і калі ў ката, што выгінаецца млява на цеплаватых квадратах, празрыста свіціцца ўзбітая шэрсць (зіма, мароз на дварэ), тады й на душы ціхая празрыстасць, спакойная ласка. Лідачка ў такія часіны спявае ціхую песню («Зорка Венера»), Лідачка кідае кніжку і поркаецца ў старых пажоўклых паперах. Там лісты - радасць і смех маладосці - празрыстыя, ружовыя ўспамінкі.
Цяпер Лідачка тож спявае ціхую песню і шые сабе новую сукенку.
Як гэта радасна - шыць новую прыгожую сукенку, у якой потым убачыць любы! Ён убачыць і ўсміхнецца - ласкавы, светлы, - залюбуецца. Здасца яму больш свежым яе хараство, больш яскравым, гарачэй будзе ён цалаваць. А яна - шчаслівая - прытуліцца да яго, абаўе яго ласкай бязмернай, будзе ўзірацца бясконца ў шаўковыя вочы яго, будзе гарэць чароўнай пяшчотай, адданасцю.
- На, любы, бяры, калі хочаш, і мяне і гэту новую, прыгожую сукенку!..
Сёння свята. Таму за сцяной чуваць крокі Горскага. Ён дома і, як заўсёды, - працуе. А мо думае толькі? Мо аб ёй думае? Ці думае ён калі аб ёй?
Пэўна думае. Ён цяпер ніколі з ёй не гаворыць, ён сярдзіты такі ўвесь час, маўклівы, як воўк. Ён злуецца на яе, а значыць - думае аб ёй. Так.
А Лідачка на яго не злуецца. За што? Што ён не знае, не разумее шчасця яе? Куды яму! Ён такі сур'ёзны, сталы, ён і гаварыць не ўмее зусім пра каханне. Ён не любіць, калі яму дакучаюць, заняты заўсёды, гаворыць толькі аб сур'ёзным.
А Лідачка дык раней любіла дражніць яго. Яна часта хадзіла ў яго каморку і перашкаджала яму працаваць. Ён тады выганяў яе. Аднаго разу ён проста й сур'ёзна, без ніякае ўсмешкі, узяў яе на рукі, вынес з пакоя і прынёс да маткі.
- Наце вашу дачку і не пускайце яе ў мой пакой, бо яна мне перашкаджае.
І пайшоў моўчкі назад. Смешны! Даўганосы!..
Цяпер - дык Лідачка ніколі не ходзіць да яго. Неяк страшна, дзіка. Каб ён цяпер выгнаў яе... можа б, яна і заплакала нават...
Роілам скомчылася на каленях швіва. Рукі млява акунуліся ў хвалі матэрыі. У вачах - празрыстая задуменнасць. Казытае сэрца лёгкі павеў успамінаў нядаўных, сее пялёсткі мяккай пяшчоты.
Не то сум, не то радасць.
Віктар, Віктар...
- Лідачка!
Гэта глухі, здушаны сцяной голас Горскага.
- Што?
- Зайдзецеся да мяне на хвілінку, пагутарым.
Да яго? Гутарыць? Не, гэта не проста так, ён нешта хоча сказаць.
Як уваходзіла, білася сэрца. Ад цікавасці і ад трывогі. Увайшла ціхая і сур'ёзная, мякка падняла на яго марудныя вочы, налітыя ціхім чаканнем: што скажа?
Ён ходзіць узад і ўперад, цвёрда, важка становіць нагу, быццам падкрэслівае правільнасць думкі свае. На твары звычайная ўглыбленасць, сур'ёзнасць. Прыгожы ён ці непрыгожы? Нос усё-ткі даўгі. Брыдкі нос.
Сеў. Ага, і ў яго можа твар пакрывіцца ад абурэння схаванага, і ў яго ў вачах мітушэнне? І нага вунь як дрыжыць у калене. Хвалюецца ён.
Горскі пачаў гаварыць сціснутым, быццам скрозь зубы, голасам:
- Мне, Лідачка, дужа трудна гаварыць з вамі аб тым, аб чым я хачу і аб чым трэба з вамі пагутарыць. Я баюся, што вы растлумачыце йначай мае словы, дасцё ім няправільны сэнс і, самае галоўнае, знойдзеце ім такую прычыну, якая, безумоўна, будзе абразнай для мяне.
- Я вас не разумею.
Голас Горскага сцвярдзеў, стаў сухім, аднатонным.
- Я буду гаварыць пра Яроцкага, і вы можаце падумаць, што я раблю гэта з зайздрасці.
Чамусьці Лідачцы сорамна стала. Нядобра так, прыкра. Чула, як набягае на твар хваля чырвані. А Горскі далей гаварыў-адсякаў цяжкія дзіўныя словы. Кожнае слова - удар па ўзрушаным сэрцы. Сухі ўдар і востры.
- Так. Я вас люблю. Гэта - бадай што не каханне, такое, як разумеюць звычайна. Я люблю вас, як дзіця, можа, прывык толькі, я сам у гэтым добра не разбіраюся. Ну, вось... Пачынаю з прызнання. Гэта смешна, так?.. Я гавару гэта затым, каб яшчэ больш было яснасці ў нас... Вы верыце мне, што я не маю ніякай асаблівай мэты, што хачу гаварыць з вамі проста па дружбе?
Лідачка маўчала, утупіўшыся.
- Верыце ці не?
- Я, т. Горскі, заўсёды вас паважала. Чаму вы пытаецеся?
- Добра. Цяпер да справы. Я бачу, што вы кахаеце Яроцкага, што вы захапіліся ім. Гэта дармо, гэта справа пачуцця, як кажуць, справа сэрца. Я хачу толькі адкрыць вам вочы на тое, што выяўляе сабой гэты Яроцкі. Вы яго не знаеце, лічыце не за таго, хто ён ёсць, і, мне здаецца, гэта прычына вашага захаплення. Вам трэба схамянуцца, Лідачка, бо вы на дарозе да згубы.
Горскі змоўк на хвілінку. Лідачка суха шапнула белымі вуснамі:
- Кажэце далей.
Думала:
«Хай гаворыць усё да канца. Ёй баліць, у яе сэрца гатова разарвацца, у яе горла даўкім комам сціскаецца. Але хай сабе, хай гаворыць. Ён жа не бачыць мукі яе, яму не баліць... Толькі чаму так суха ён, неспагадна? Чаму сярдзіта так, быццам сварыцца?..»
- Вас захапіў яго бляск, вас інтрыгуе яго незвычайнасць, арыгінальнасць. Гэта - надворнае ўсё, гэта - штукарства, ігра артыстычная. О, ён куды прасцейшы, ён зусім просты, звычайны. Такіх, на жаль, яшчэ нямала ёсць. Іх усюды можна сустрэць, толькі ў вопратках розных. Грамадства з імі змагаецца, бо яны яго ворагі, яны сваім звярыным індывідуалізмам падрываюць калектыўную злучнасць грамадства, дапамагаюць развіццю антыграмадскіх інстынктаў. Гэта дэфектыўныя вырадкі чалавецтва, гэта - законны плод буржуазнага ладу, гэта яго спадчына нам, падарунак.
Лідачка слухала моўчкі, утупіўшы вочы. Уваччу - Віктар, шаўковыя, чорныя вочы. Ён - вырадак? З ім змагаюцца? Хто? За што? Каму ён зрабіў што нядобрае? Дзіўна Горскі гаворыць, не зразумець яго... Лідачка чакала нечага іншага. Страшнейшага чакала. Цяпер ёй нават лягчэй, цяпер яна гатова й спрачацца. Ну што ж там такога? Віктар таксама казаў, што ён адзін, што не прызнае грамадства. Ён так прыгожа казаў, ён захапляў сваёй смеласцю, сваёй прыгожай рызыкай.
І Лідачка пасмялела. Яна ўжо з усмешкай - з хітраватай гарэзлівай усмешкай глядзела на Горскага, на яго нос, так смешна нацягнуты важнай сур'ёзнасцю. Хацелася самой гаварыць, здзівіць Горскага нечаканай заявай.
- Т. Горскі! Я шчыра дзякую вас за тлумачэнні, але для мяне гэта не навіна. Я шмат гаварыла з Яроцкім і знаю яго погляды на жыццё. Па-мойму, нічога тут няма страшнага. Я блізка што згодна з ім. Чалавек - эгаіст па сваёй уродзе, і ён такім павінен быць.
Лідачка наўмысля падкрэсліла апошнія словы і дэманстрацыйна, задорна зірнула на Горскага. Горскі ўстаў, пахадзіў па пакоі. Спыніўся і паглядзеў на яе вострым ледзяным поглядам.
- Вашы словы для мяне тож не навіна. Я іх чакаў, яны падкрэсліваюць правільнасць маіх думак. Ха-ха! Значыць, вам падабаюцца гэткія людзі, вы гатовы далучыцца да іх поглядаў на жыццё? Вось у гэтым якраз і памылка ваша, ад якой мне хацелася вас перасцерагчы. Лідачка, мне не хацелася б гаварыць груба і жорстка, вы мяне выбачайце... Вы ведаеце, як завецца на мове грамадскае думкі Яроцкі? Ведаеце, хто ён такі?
Горскі спыніўся. Гэта наўмысля ён так, каб мацней узяць Лідачку. О, Лідачка гэта разумее. Але - няхай, яна вытрымае. Яна здолее выслухаць да канца яго сухія жорсткія словы.
- Яроцкі - жулік. Так. Самы звычайны. Ён - злодзей, які толькі дзіўным выпадкам не сядзіць у турме. Вы гэта ведалі?
Кожнае слова з свінцовым націскам. Кожнае слова - удар. Быццам - кат, быццам наўмысля хоча мучыць, ірваць азнібелае сэрца.
Але - як ён смее? Хто даў яму права так гаварыць? Хто дазволіў яму абражаць яе любага, таго, хто так многа ёй даў, праз каго яна так глыбока, так моцна шчасце пазнала?..
Віктар! Любы Віктар! Каб быў ён тут, каб чуў сам гэту абразу, сам сябе абараніў! Бо яна ж зусім слабая, яна не здолее быць яго абаронцам.
А як жа тукае сэрца, як кіпіць унутры, як хочацца кінуцца зверам на іх, на ўвесь свет, на ўсіх, хто супроць яе мілага, хто так абражае яго.
- Гэта няпраўда. Вы ілжыцё! Вы наўмысля хочаце яго ачарніць. Гэта... гэта... нядобра рабіць так.
Горскі стаіць перад ёй, моўчкі ўсміхаецца. Усмешка гэта нутро ледзяніць, цяжкая яна, як гнёт стопудовы.
- Гэта лёгка давесці. Ён атрымлівае сорак рублёў у месяц. Значыць, усе гэтыя гулянкі, увесь гэты бляск ён дасягае зладзействам. Ён - казнакрад. Гэта першае...
Не, досыць ужо. Яна нічога не хоча больш слухаць, яна больш не вытрымае. Яна не верыць, не верыць... Гэта - наўмысля, гэта па злосці... Якія нядобрыя ўсе! Што ім трэба ад яе, каму яна перашкаджае? Нашто так мучыць, так здзекавацца?
Горскі сядае з ёй поплеч. Ён пытаецца ўжо зусім іншым - мяккім, пяшчотным голасам:
- Чаго вы плачаце, Лідачка?
Яна плача? Яна й сама не заўважыла. Трэба стрымацца, не трэба паказваць яму свайго пачуцця.
- У мяне... баліць... галава... Я пайду лягу...
У хаце нікога няма. Як добра можна паплакаць, аддацца нястрымана свайму пачуццю, свайму гору! Легчы на ложак, уткнуцца тварам у падушку і плакаць, плакаць.
Скрозь празрыстыя шыбы сыпецца мякка-празрыстае сонца, сцелецца па падлозе дрыготнымі жоўтымі плямамі.
Ад сонца ў ката празрыстая шэрсць, і таксама празрыста свіціцца золатам каса Лідачкі, што недалужна звісла з ложка.
Кот шаўкова курлыкае і гуляе з Лідачкінай касой.
12
Вось успамінак мой, аўтара. Ён нам прыдасца як вобраз для ўразумення настрою Яроцкага.
Гэта з дзяцінства яшчэ. Тады і ў маіх вачах быў чысты блакіт, тады й мае валасы так віліся, як белыя хмаркі на сонечным небе.
Так мне казалі. А помню я во што.
Ясны летні паўдзён. Здаецца, што сонца зусім спусцілася на зямлю і расплылося - густое, пякучае, абліло ўсё чыста варам квяцістым. Усё застыгла, быццам самлела, быццам аддалося ў душных абнімках палкага сонца пераліўчаста-цягучай млосці.
Сад разлівае салодкі густы арамат. Арамат гэты звонкі, жывы, бо ў ім распусцілася і напорна-траскучае верашчанне скачкоў, і блакітны званочак песні жаўронкавай, і масляністы клёкат сялянскіх вазоў там недзе, на вёсцы.
Помню, што я ў той паўдзён прыслухаўся першы раз да ўрачыстасці прыроды. Кажу «прыслухаўся», бо няма ж таго слова, якім можна выказаць стан дзіцяці, калі яно ўсё раскрываецца, як пялёсткі нейкай казачнай кветкі, каб уліць, увабраць у сябе песню жыцця, каб злавіць сваёй чуласцю кожны пераліў урачыстай гармоніі.
Я стаяў зачарованы. Мне здавалася, што і ўсё навакол зачарована, што таму й самлела ўсё чыста, што й сам я зараз самлею.
І ў гэты момант я пачуў над сабой звонкі імпэтны гуд. Я не знаў, дзе ён, адкуль, ці гэта пчолы, ці так што - я не разважаў. Адно чуў, што гуд гэты не зліваецца з той агульнай дзівоснай гармоніяй, што ён рэжа яе, дзіка праз яе прадзіраецца.
Мне стала страшна. Я з жахам прыслухоўваўся, як расце гэты гуд, як набліжаецца. Я хацеў уцячы і не мог, бо не знаў, куды ўцякаць, у які бок. Я стаяў і чакаў. Я гатоў быў кожную хвіліну закрычаць, падняць дзікі шалёны гвалт, зваць на ратунак.
А гуд усё рос, усё гусцеў і шырэў. Здавалася, ён паступова ўпарта абкружае мяне, што насуваецца ён разам з усіх бакоў - магутны і злосны, бязлітасны. Яшчэ момант - і спасцігне, абаўе, увап'ецца ў цела болем страшэнным.
Урэшце я не стрымаў. Я кінуўся ніц у траву і заплакаў. Плачам я хацеў заглушыць гэты гуд, але ён настойна ўрываўся ў вушы і паліў нутро агнёвым спалохам. Я біўся ў траве падстрэленай птушкай, я плакаў, крычаў, ахоплены жудасцю.
Потым мяне падняла маці і заспакоіла. Якраз над маёй галавой на яблыні звіўся пчаліны рой.
Мяне тады не ўкусіла ніводная пчолка. Гэта, можа, затым, што тады ў вачах маіх быў чысты блакіт, а валасы так віліся, як белыя хмаркі на сонечным небе?
Пасля мне смешна было. І цяпер смешна. А расказаў я гэта толькі затым, каб даць вобраз настрою Яроцкага.
Быў адзін дзень, калі Яроцкі ў гарачай жыццёвай сумятні, у пярэста-кіпучай штодзёншчыне раптам пачуў небяспеку. Ён не знаў, дзе яна, адкуль насуваецца, але чуў яе ясна, выразна, як гудзенне звонкае пчол у душны паўдзён. Ён нутром пачуў небяспеку.
Чарвяком едкім, назойлівым звіўся страх у грудзях. Зразумеў Яроцкі, што трэба канчаць тут, трэба сябе ратаваць.
Але з чаго пачынаць? Адкуль чакаць небяспекі? Гудзіць яна недзе, навісла над галавой гнётам злосным, уедлівым, пагражае невядомай, грознай навалай.
Яроцкі рэдка ў канторы стыкаецца. Вечарамі - квяціста-атрутны бляск гуллівай распусты. А ўдзень ён ходзіць па шумлівых вуліцах горада, слухае, прыслухоўваецца да напружана-жывога, цвярозага, гарадскога жыцця. Яно - чужое яму, нялюбае, нуднае. У ім няма чаду, яно яснае, белае. Горад удзень - не Яроцкага.
Удзень вуліцы горада перасыпаны звонкай паспешнасцю. Ідуць, перабягаюць, спяшаюцца - маладыя, старыя, важныя, простыя, з партфелямі, без партфеляў, з вусамі, з бародамі, без вусоў і барод. На хаду звіваюцца гутаркі - сціслыя, паспешнасцю разарваныя.
Удзень у людзей розныя твары, кожны твар - сам па сабе, бо дзень не любіць хварбы густой, што пляшывіць твары мёртвай яскравасцю. Удзень хварбы толькі купляюцца.
Яшчэ - удзень у горадзе кажуховымі плямамі ўплятаюцца дужыя спіны. Гэта - вёска.
Вёска: жніўныя песні, як ядраны звон вячэрняй зары, масляністы клёкат сялянскіх вазоў.
Горад: сталёвыя ўзмахі машын, імпэтна-разгонны лёт празрыстага паса.
І яшчэ горад - сінтэз жніўных песень і сталёвых узмахаў.
Горад удзень - не Яроцкага. Ён нудны яму, бо няма чаду. Ён чужы і далёкі яму. Мо затым і чарвяк гэты ўедлівы звіўся ў грудзёх? Мо таму й гудзіць гудам трывожным небяспека няясная? Дзе яна? Адкуль набліжаецца?
Надвячоркам неяк Яроцкі сустрэў у горадзе Лідачку. Яна парыўчата схапіла яго за руку. У яе блакітных вачах дрыжэла цяжкае непаразуменне. Боль, вострая мука гарэла ў вачах.
Яроцкі чакаў запытання. Яна звярнула ў бязлюдную вуліцу.
- Віктар, скажы мне... Гэта ж няпраўда? Гэта налгалі мне, так?
- Я нічога не ведаю.
- Віктар! Знаеш, што мне казалі? Мне казалі, што ты... што ты толькі сорак рублёў у месяц атрымліваеш... што ты... дастаеш грошы...
- Ха-ха-ха! Вось ты аб чым? Магу цябе заспакоіць, усё гэта няпраўда. Я атрымліваю сорак рублёў, але штомесяц мне прысылае брат, ён служыць у Маскве... А ты ўжо й паверыла?..
- Не-не... Я не паверыла... Я так мучылася... Як мне добра цяпер... Любы ты мой, дарагі... Ну, ці моцна люблю я цябе, га? Як ты думаеш?
Яна весела лапатала, радасна тулілася да яго, як дзіця да роднае маткі. Блакітныя вочы гарэлі ўжо шчасцем, здаволеннем.
- Віктар! Пойдзем зараз да нас... Ну, пойдзем, зрабі гэта для мяне... Я дужа хачу, каб ты прыйшоў... Я пакажу гэтаму даўганосаму!..
Яроцкі паморшчыўся: не хочацца йсці. Але не пайсці, дык патраціць веру ў яго. Яшчэ рана... На апошнія дні яна трэба, бо трэба хмель, трэба чад.
Марудна цягнуўся Яроцкаму гэты вечар. У пакой, раней такі ласкавы, ветлы, цяпер халоднай шчылінай непрытульнасць уелася. Матка зацята маўчала, сярдзіта схіліўшыся над швівам. Раз-поразу ўздыхала - густа, дэманстратыўна. Знае нешта й яна. Нават малы і той не дурэе: стуліўся з катом на канапе, не лезе к Яроцкаму.
Толькі Лідачка - вясёлая, жвавая - звініць бязрупатным смехам, дурэе, гарэзуе, як і раней. Яна не зважае на матчын настрой, бо добра ведае, чаму матка так сярдзіта схілілася над швівам. Смешная мамка. Яна ж не ведае, што гэта няпраўда, што Віктар бязвінны, зусім бязвінны. Глупства. Як пойдзе Яроцкі, Лідачка ўмомант разгладзіць маршчынкі на мамкіным твары. І добра пасмяюцца тады яны разам.
Нядобра толькі Лідачцы стала, як у пакой увайшоў Горскі. Пачулася вострая напятасць, напружанасць. Быццам унёс з сабой Горскі халоднасць нейкую - сухую, жорсткую, якая прыкра ўсіх шкрабанула, абудзіла ўва ўсіх настарожанасць.
Горскі прывітаўся з Яроцкім, але рукі не падаў. Лідачка ўбачыла, як нервова трасуцца яго вялікія рукі. Яшчэ ўбачыла ў Яроцкага ў чорных глыбокіх вачах зеленаваты агоньчык. Скаланула сэрца трывога. Чула, што нешта будзе - страшное, нядобрае.
Горскі першы пачаў.
- Вы яшчэ не паехалі?
- Як бачыце. Яшчэ тут марынуюся.
- Ну, як вашы поспехі?
- О, шчасце заўсёды са мной. Яно мяне любіць, бо і я таксама люблю яго і ўмею яго даставаць.
- Так. Гэта не кожнаму ўдаецца. Каб лёгка даставаць тое, што вы завіцё шчасцем, трэба мець асаблівую спрытнасць.
- Ха-ха! Гэта правільна. І галоўнае - розум патрэбен. І сіла таксама, каб перш за ўсё звольніць сябе ад тых забабон, якімі аплецен цяпер чалавек, якія для дурняў з'яўляюцца непарушнымі законамі...
- Задушыць грамадскія пачуцці, што тысячагоддзямі ўзгадаваліся ў арганізме чалавека, скінуць культуру і стаць голым зверам, які перагрызае горла такому ж, як ён, каб адабраць кавалак свежага крывавага мяса.
- Яшчэ раз правільна. Прыгожасць жыцця ў натуральнасці. Чалавек - звер. Моцны перамагае слабога, моцны бярэ ў жыцці лепшы кавалак.
Яроцкі гаворыць з тонкай усмешкай. У вачах, востра прыжмураных, жвава мільгаюць агоньчыкі. Горскага твар нерухомы, застыглы. Калі ён гаворыць, здаецца, што робіць фізічную справу; здаецца, што словы яго маюць пэўную форму, што гэта не словы зусім, а фігуркі жалезныя, цвёрдыя.
Горскі стаў хадзіць па пакоі. Яроцкі вадзіў за ім сваю тонкую ўсмешку.
Раптам Горскі крута спыніўся. І ў яго нібы ўсмешка на вуснах прабегла - крывая толькі, жорсткая. І ў яго вочы прыжмурыліся, бліснулі едкай пагардай.
- Слухайце, грамадзянін Яроцкі. Я хачу шчыра з вамі пагутарыць. Нашто гэтыя гучныя фразы, нашто гэтае дутае геройства? Я ж вельмі добра ведаю, хто вы такі...
Яроцкі міжвольна стуліўся, сабраўся ўвесь у камок, як звер, што пачуў небяспеку.
- Аб чым вы хочаце гутарыць?
- Нават не гутарыць... проста мне хочацца маску садраць з вашага твару. Я вам проста скажу па-мужыцку. Нашто разводзіць філасофію, калі вы самы звычайны прахвост.
Яроцкі ўскочыў. Увесь закіпеў, затросся.
- Што вы сказалі? Гэта абраза!
- Не абражайцеся. Вы маеце досыць розуму й сілы, каб звольніць сябе ад забабон. Абраза - гэта ж адны забабоны.
Лідачка памкнулася нешта сказаць. Яе спыніла матка. Старая дрыжэла ад гневу, доўга бязгучна шаваліла старчымі вуснамі, покуль моцы сабрала сказаць:
- І я... вам скажу... Віктар Андрэевіч... ідзеце вы ад нас... і не прыходзьце больш... Я не хачу, каб вы маю Лідачку зводзілі...
Яроцкі азірнуўся, каб убачыць Лідачку.
Яе не было. Яна плакала ўжо ў суседнім пакоі.
Яроцкі моўчкі завярнуўся й выбег з хаты.
Абмывала чорнаю золлю маўклівая ноч. Ноч на бязлюднай акраіне горада. Ноч густая, як дзёгаць, пільна настарожаная, як вораг. Здаецца, сочыць заўголлем глухім, падцікаецца, гатова схапіць у свае капцюры - мяккія, вязкія, але смяротныя.
У гэтай начы Яроцкаму - гуд небяспекі. Гэтая ноч на сэрца ўзлягаецца страхам звярыным, цяжкім. Будзе, ой, будзе бяда!
Яроцкі паспешнымі лёгкімі крокамі прабіраецца праз глухія завулкі. У целе ўва ўсім - напятасць, спрунжынаванасць нейкая. Пальцы сударгава ў кулакі кручацца.
Бо чуе, інстынктам звярыным чуе, што блізка вораг, што моцны ён, страшны, што з ім бойка - насмерць.
А на твары застыгла грымасай усмешка. Усмешка гэта такая, што ў ёй разам пераплялося: і гэты дзікі незразумелы спалох, і слюнява-недалужная злосць (Горскі з галавы не выходзіць), і злараднасць дзікая. (Ха-ха! Дачку беражэ, дура старая!)
Толькі як загарэліся, заблішчалі морам агнёў, загудзелі сумятнёй хваравітай вуліцы шумнага цэнтру, Яроцкі стаў сам сабой, пайшоў спакойным, размераным крокам. Тут менш страху, тут гуд небяспекі траціць напружанасць сваю, заглушаецца чадам пярэстым вячэрняга горада.
Але пайшоў дахаты. Хочацца схавацца сягоння, хочацца быць аднаму. Думаць, думаць, шукаць, знайсці, што б ні было, а знайсці ратунак, выйсцё.
13
Нехта ціха паляпаў у дзверы. Яроцкі нехаця падняўся з ложка, адамкнуў дзверы. Сярдзіта спытаўся:
- Што трэба?
І здрыгануўся ад нечаканасці. Лідачка. Чаму яна тут? Пасля таго, што там адбылося, пасля знявагі, пагарды?
Лідачка парыўчата кінулася да яго, сударгава схапіла за рукі.
- Віктар, даражэнькі... Ты даруй мне, гэта я вінавата. Я павяла цябе туды, я не знала, што так можа быць. Віктар, любы... Мне бальней яшчэ, як табе. Я іх усіх зненавідзела, я больш не магу... Ты даражэй мне... ты мой, родны, блізкі...
Яна прытулілася да яго, плакала ў яго на грудзях. Яроцкі яе адпіхнуў, засмяяўся сухім, драўляным смехам.
- Ха-ха-ха... Як ты многа гаворыш аб сваім каханні. Якія прыгожыя словы, ха-ха!.. А тым часам - ілжэш ты, не веру я табе. Ты думаеш, у слёзах гэтых, у гэтым слюмачанні пачуццё выяўляецца? Ха-ха, гэта вельмі кісла, ведаеш, і нецікава.
Лідачка адступіла, працятая непаразуменнем.
- Віктар, што ты гаворыш? Што табе трэба яшчэ?
- Мне зусім нічога не трэба. Я не прывык прасіць. Я хачу толькі, каб ты сама сазналася ў тым, што ўсе твае словы - толькі словы, і зусім пустыя... Вось слухай... Усё тое, што ты чула пра мяне, усё тое, што казаў гэты Горскі, усё гэта - праўда. Так, так. Больш таго. Яны мо сотую частку ведаюць толькі. Я - злачынец, я - прахвост, я - чалавек, які згубіў усё чалавечае, я - злодзей, я - распуснік, я - звер. Мне месца ў турме, на катарзе. Я - вораг чалавецтва; такіх, як я, зніштажаюць. І зніштожаць мяне, я чую, хутка прыйдзе мой час, ён набліжаецца.
Лідачка слухала, скамянелая. Білі яе, цяжкімі ўдарамі білі жорсткія словы Яроцкага, гасілі свядомасць, засцілалі мазгі атрутнай чмутой. Сам Яроцкі страшным здаваўся, дзікім, незвычайным. Хацелася бегчы ад яго, уцячы далёка-далёка, каб не бачыць калючых вачэй, каб не чуць сухога, расшчэпленага голасу, каб забыцца зусім, выкінуць з уяўлення яго страшэнны вобраз. І разам з тым нейкая сіла цягнула да яго, прымушала стаяць і глядзець, піць вачмі хараство яго дзіўнае. Бо прыгожы ён быў, ярка-прыгожы - гэты звер-чалавек.
Яроцкі раптам змяніў тон свайго голасу. У ім загучэла мяккая ласка і смутак. Чараваў гэты тон, ірваў сэрца, адбіраў волю.
- Лідачка! Бачыш, хто я такі? Ты не чакала, праўда, не чакала гэтага? Ну, ці скажаш цяпер ты, што любіш мяне, што я табе родны і блізкі? Ці можна кахаць такога, як я? Ці можна кахаць таго, хто ад усіх чыста адбіўся, хто акунуўся ў страшэнную гразь, з якой нязмога ўжо вырвацца?
Бедная Лідачка! Як балела сэрца ў яе, як крышылася, ірвалася на часткі нутро! Шкода яго, дужа шкода, хоць і дрэнны ён, хоць і злачынец. І за што ён абразіў яе, за што пасмяяўся над яе пачуццём? Чаму ён не верыць ёй, яна ж заўсёды адну чыстую праўду гаворыць...
Лідачка зноў падышла да яго, мякка ўзяла за руку.
- Віктар. Я ўсё роўна люблю цябе, хоць ты і такі... дрэнны...
А Яроцкі зноў яе адпіхнуў. Зноў засмяяўся сухім тым драўляным смехам... Устаў перад ёй ва ўвесь рост - жорсткі, скамянелы.
- Ха-ха-ха!.. Гэта літасць, спагада? Шчыра дзякую. Гэтага мне не трэба. Я спагады не хачу. Я хачу, каб знайшоўся такі чалавек, які б забыўся на ўсё, які б убачыў мяне такім, як я ёсць, і такім мяне палюбіў, які б палюбіў мяне ў гразі, які б сам акунуўся ў гэтую гразь, быў разам са мной, быў такім, як я... Ха-ха-ха... Табе не быць такім чалавекам, ты чыстая, ха-ха... ты дабрачынная, ты не можаш з любым сваім паўстаць супроць усіх людзей, супроць усяго свету... Ты - слабая для гэтага.
Тады не стрывала ўжо Лідачка. Пачуццё захлынула палкаю хваляй, панясло ў вір, у прорву бязволля, адданасці. Непрытомная, кінулася яна да яго, плакала, смяялася, стала перад ім на калені, цалавала рукі яго. І гаварыла, як у сне, як звар'яцелая:
- Не гані... я хачу з табой... бяры мяне, рабі што хочаш... я буду ў гразі, буду дрэнная... Я люблю цябе... Віктар, павер, не гані... Любы мой, даражэнькі...
Тая ноч уся была ў чадзе. Было для Лідачкі новае шчасце, дасюль нязведанае, новая радасць. Быў чорны тлум у галаве, а ў сэрцы - атрута салодкая, чорная. Многа піла яна ў тую шалёную ноч, хмель віна мяшала з хмелем пачуцця. І слаўся туман у вачах, у галаве, усюды навокал, увесь свет у туман захінаўся - у квяцісты, дрыготны туман. Было новае шчасце, і была новая Лідачка. Чорная Лідачка была.
Ён загадаў ёй пераапрануцца - у мужчынскае, у яго гарнітур - і павёў яе. Яна пайшла, не спрачалася. Ён павёў яе ў гразь, ёй было добра, яна хацела быць бруднай і дрэннай.
Сутарэнне гнілое. Лямпачка з адбітым шклом, ад яе размашыста цені - крывыя, дрыготныя. Усё крывое, усё гнілое, пратухлае.
Куды ён завёў?
Ля парога ложак. У брудным шмоцці варушыцца нешта, стогне, кашляе надрыўна, хліпуча. А там далей яшчэ ложак. На краі дзяўчына з хлапцом. Абнімаюцца, ціснуцца. За імі ў змрочным выблеску лямпы перапляліся агідным карчом кавалкі голага цела.
Падышоў нейкі плюгавы. Упяў свае вочы, сапліва-бліскучыя, слізкія.
- Няма больш... Усіх разабралі...
Яроцкі смяецца.
- Мы найдзем сваё.
Падыходзіць да дзяўчыны, бярэ яе проста за грудзі. Тая ўхмыляецца, блішчыць на яго тупа-чырвонымі лягушынымі вачмі.
- Чаго лапаеш. Не тваё дабро, дык ня руш.
І потым, яшчэ шырачэй ухмыльнуўшыся:
- Прыгожы які... Глянь, Мікіта, не раўня табе. З гэткім і дарма кожнай у вахвотку...
А хлапец устаў, злосна глядзіць на Яроцкага.
- Не чапай, грошы плочаны.
Яроцкі смяецца.
- Чуеш - дарма... Вось вазьму і адбяру. Пойдзем са мной, га?
Дзяўчына ўхмыляецца.
- Не, мы - чэсныя, мы не то, што... а раз угаварыліся, дык кончана...
І глядзіць на Яроцкага масленым поглядам, выпінае мясістыя грудзі. Яроцкі б'е далонню па іх і адыходзіць. Сядае за стол, вынімае пляшку.
- Эй, абшарпанцы! Частую ўсіх, падыходзь!
Абступілі стол. Яроцкі ўсім налівае, паслаў яшчэ за гарэлкай.
Ажыло сутарэнне. Шалёны смех, лаянка, брудныя жарты. Змяшалася ўсё, загудзела гамам грамоздным, цяжкім, чорным чадам усіх агарнула.
І Лідачка п'е разам з усімі. П'е пякучую, даўкую гарэлку. Трэба піць. Трэба, каб больш тлуму было ў галаве, каб забыцца на ўсё, на ўсё чыста, каб да канца акунуцца ў гэта гарачае, чорнае пекла, каб захлынуцца гэтым брудам распусты.
І Лідачка чуе, як унутры ўзмываюцца дзіка-гуллівыя хвалі, як выпіхаюць з грудзей яны крыкі вар'яцкія, брыдкія, як з месца ўзнімаюць, штурхаюць у скокі - у крыўлянне агіднае, у выкрунтасы шалёныя голых п'яных прастытутак.
- Віктар, глядзі, я таксама...
Рагочыць Лідачка. Смешна ёй дужа, што дзяўчаты да яе прыстаюць, жартуюць з ёй, як з хлапцом. Ды так жа соладка ўхмыляюцца, так пяшчотна лашчуць яе.
- Маладзенькі яшчэ... Зусім яшчэ хлопчык малы... Мо першы раз?..
Дурныя - не ведаюць. Дык жа наце, дзівуйцеся!..
- Віктар, глядзі!
Расшпіліла тужурку, сарочку парвала, паказала грудзі дзявоцка-крамяныя, белыя.
- Ха-ха-ха! Чаго ж раступіліся?.. Бачылі? Бачылі, га?.. Глядзеце, дзівуйцеся!.. Ха-ха-ха!.. Віктар, глядзі! Ці пазнаў?..
У звярыным пале выскаляюцца жоўтыя зубы мужчын. Грабаюць рукамі шурпатымі, лезуць з усіх бакоў.
- Эй, хто мацнейшы... бяры! Ха-ха!.. Віктар! Чуеш, Віктар?..
Шкумацяць, ірвуць, вырываюць. Ці ж гэта людзі? Гэта ж - звяры, гэта ж - жывёлы. Ага, вось Віктар, вось яе звер, самы дужы, самы рашучы. Яе любы самец. Што, расступіліся? Страшна? Спалохаліся? Ён, адзін ён толькі возьме яе, яму толькі дасць яна ўцеху.
- Любы мой!
Ён бярэ на рукі яе. На ложак нясе. Тут, у брудзе гэтым, у пекле, на вачах у гэтай раз'юшанай зграі...
Ат, хай што хоча. Яна яго, ён узяў яе, заўладаў ёй па праву дужага, смелага.
Хай робіць што хоча.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Белы дзень чаду не любіць. Белы дзень жорстка зрывае пялёнкі з вачэй, паказвае свет, як ён ёсць. Раніцой знікаюць ночныя хварбы яскравасці і на іх месцы астаецца адна бледная хворая сінь. Раніцой - прапітае, прагарэлае сэрца абдаецца золкай цвярозасцю і сціскаецца ў холадзе белым.
І тады мокра садніць нутро.
А Яроцкаму дзень - яшчэ новы прыступ напорнай трывогі, новы наплыў цвярозых назойлівых думак. Таму й цяжарыла яго Лідачка, таму й лішняй, непатрэбнай, дакучнай была прысутнасць яе.
У Лідачкі пад вачмі адвісла сінелі мяшкі, а на распухлым твары расплыліся ў бліскучым поце гразёвыя плямы.
Як адпраўляў Лідачку Віктар дахаты, яна не пярэчыла. Яна тупа, алавяна зірнула на яго і толькі сказала, выходзячы:
- Як баліць у мяне галава!
14
Папалуднаваўшы, Шчупак з гадзіну адпачывае. Потым чэша сваю бараду, шмальцуе шчодра фіксатуарам і наогул прыводзіць да ладу сваю асобу. Потым няспешна, паважна, азіраючы гаспадарлівым вокам вітрыны, ён ідзе праз увесь горад да Ніны.
Добра ў Ніны, у яе цесным, прытульным пакойчыку.
Добра таму, што тут ціха і цёпла. Не ад печкі цёпла - не, печка рэдка паліцца ў Ніны. Цёпла ад вачэй Нініных - мяккіх і чыстых, ад яе голасу ветлага.
Ніна заўсёды занята. Але Шчупак не замінае ёй. Яны разам працуюць. Ніна чытае ўголас, да залікаў гатуецца, а Шчупак сядзіць моўчкі і слухае. Ды яшчэ глядзіць на яе, не зводзіць вачэй. А калі засынае ён часам, Ніна ў нос яму пстрычку дае або цягне за бараду. Тады Шчупак глыбока смяецца, вельмі здаволены й рады.
Часамі ж бывае, што ў Ніны збіраюцца хлопцы, дзяўчаты, таварышы па вучобе. Цесны пакойчык поўніцца гоманам, смехам, песнямі дружнымі. Тады хвалюецца ўзмывамі радасці хмель маладосці, рассыпаецца звонам гуллівым весялосць маладняцкая, бурная.
Эх, жыццё ты студэнцкае! У тваёй упартай штодзёншчыне ці ж мала красы, пераліваў свежых, рунёвых! Ці ж мала красы ў гэтым поступе дружным, напорным, у гэтым гарачым імкненні наперад, далей і вышэй па дарозе да сонца, да шчасця!
А бурлівасць твая неспакойная... Хто адважыцца загасіць гэты агонь, гэта кіпенне нястрыманае, гэты магутны бой маладога свежага сэрца!
Чую, чую ў гэтай напорнай бурлівасці сталёвыя ўзмахі машын і жніўныя песні, як ядраны звон вячэрняй зары.
Калі моладзь збіраецца ў Ніны, тады цесна ў яе, недзе зусім павярнуцца. Тады Шчупак узлазіць на шафу і адтуль дабрадушна ўсміхаецца.
Ён больш за ўсё любіць, калі моладзь пяе. Песні гэтыя дружныя так прыемна ўзбураюць нутро, так уздымаюць настрой. Сэрца ад песень бывае свежае, поўнае, ад іх хвалі дзівоснай слодычы па нутры расплываюцца, ад іх і сляза набягае на вочы.
Хочацца Шчупаку самому быць маладым, такім, як гэтыя хлопцы, дзяўчаты. Хочацца, каб і ў яго было нешта наперадзе - вялікае і нязнанае.
І шкода, шкода нязлічаных дзён, засушаных шэрай будзёншчынай.
Быў адзін дзень, калі Шчупак асабліва шчыра часаў сваю бараду. У гэты дзень, ідучы да Ніны, ён у вітрыны ўжо не глядзеў, а пахмура-ўпарта ўзіраўся пад ногі сабе, у лядзяна-шурпаты дол. Ішоў марудна, сагнуўшыся. Мусіць, настойна думаў аб нечым.
З Нінай ён прывітаўся неяк суха, паспешна. Сеў на сваё месца і пачаў слухаць. Ніна чытала палітычную эканомію, гэта давала яму поўнае права драмаць. Але ён не драмаў. Ён бесперастанку варочаўся ў крэсле, соп і ўздыхаў. Урэшце Ніна гэта заўважыла, запытала троху дасадліва:
- Чаго не сядзіцца вам? Вы, мабыць, сказаць нешта хочаце?
- Я ня ведаю... Я хацеў пагутарыць з вамі.
- Давайце.
Шчупак усё комчыўся, адводзіў нерашуча погляд ад вясёла-дапытлівых вачэй Ніны. Урэшце пачаў. Глуха неяк, быццам сярдуючы.
- Ніна...
- Га?
- Ніна...
- Што?
- Я ня ведаю... можа, я... вас... люблю...
Ніна - проста так, нібы-то што:
- А можа, й любіце, хто ж вас ведае.
І ўсміхнулася. А Шчупак зноў закомчыўся. І потым з патугай зноў забубнеў:
- Я думаў... я хацеў вам сказаць... я ня ведаю...
І выпаліў раптам, духу набраўшы:
- Каб вы маёй жонкай былі...
Ніна зарагатала адразу. Але ўраз перарвала смех, загаварыла сур'ёзна, чула і ласкава:
- Я вам праўду скажу. І я к вам прывыкла. Мне нават сумна, калі вы не прыходзіце. Але давайце яшчэ пачакаем. Яшчэ троху прыгледзімся адзін да аднаго. Добра?
Шчупак не мог нічога сказаць. Ён захліпаўся ад радасці, ён хацеў, каб маўчаць цяпер, абодвым маўчаць. Каб у салодка-пявучай цішы доўга, бясконца жыў гэты момант, гэты вясёлкавы выблеск цёплага шчасця.
У той вечар Шчупак варочаўся дахаты з высока паднятай галавой, з шырокай давольнасцю ў круглых вачах. Сняжынкі гарэзныя, ясна, вясёла мільгаючы ў святле электрычнасці, пырхалі плоймай наўкола яго, асядалі на твар сцюдзёнымі кропкамі. Зналі, пэўна, дуроніцы, што толькі цяпер і жартаваць з чалавекам, калі яму ўсё так люба, так міла на свеце. Зналі сняжынкі гарэзныя, што ў такія шчасныя моманты чалавек не твар, а нутро ўсё гатоў адкрыць, расхрыстаць, каб захапіць, увабраць у сябе ўсю радасць жыцця, каб нутро спаласнулася ветрамі свежымі, свежым ядраным подыхам сілы жыццёвай.
Эх вы, сняжынкі, любуткі мае!
А прыйшоўшы дахаты, Шчупак заняўся зусім несуразнаю справай. Ён выцяг з-пад ложка распухлы стары чамадан, адчыніў сваю шафу з дзвярамі віхлястымі і пачаў перабіраць сваё халасцяцкае дабро: сурдуты падраныя, такія ж сарочкі, штаны, чаравікі, анучкі, кніжкі, век нячытаныя, каўняркі папяровыя, рыжыя і г. д.
Напаследак браў новы гарнітур і надзяваў яго спакваля, асцярожна, доўга ўзіраўся ў люстэрка, хадзіў па пакоі.
Потым склаў усё акуратна, раздзеўся і лёг.
Калі ляжыш адзін у халодным пакоі, калі ўкрыешся з галавой цёплаю коўдрай, тады празрыста і востра сябе адчуваеш, тады пачуцці скупяцца неяк, выпукляцца, стануць фізічна адчувальнымі. Тады й аддаешся ва ўладу ім, тады й дазваляеш ім плысці свабодна ўнутры, толькі слухаеш, прыслухоўваешся.
Шчупак адразу чуў толькі радасць. Радасць была бязмерна жывая, пякучая. Такая радасць, ад якой хочаш корчыцца, хочаш пішчэць, хочаш упіцца ў коўдру зубамі.
І прыгажэў, усё прыгажэў уваччу вобраз любае, добрае Ніны. І ўсміхалася краскамі яснымі жаданае, недалёкае.
Было так адразу. А потым сцюдзёнае, чорнае балюча ўелася ў сэрца. Празвінела спачатку нясмелым ледзь чутным водгукам, потым расло і расло, як перад бураю хмары цяжкія на небе. Задушыла радасць, паўстала пагрозаю жудаснай.
- Злодзей жа я... Мо заўтра ў турму... Як я смеў? Як я адважыўся нават казаць ёй аб гэтым?.. Злодзей я, злодзей паскудны...
Цяжка знібела сэрца. Трудна ўлежаць было, хацелася ўстаць, нешта зрабіць, нешта паправіць. А хоць уцячы куды-небудзь. З ёй, з любай Нінай. Пайсці да яе і сказаць:
- Я злачынец. Мне больш няможна тут аставацца. Хочаш - паедзем з табой, паедзем у свет, будзем шукаць сабе долі?
І тады - куды-небудзь у далёкую дзікую краіну, дзе зусім мала людзей, дзе ня трэба ні грошы, ні службы, дзе працаваць толькі трэба, шчыра працаваць. Там, далёка-далёка, яны саўюць гняздзечка сабе, будуць шчасліва жыць удваёчку, ніхто не пакрыўдзіць іх, не ашукае. Ён будзе любіць яе, будзе берагчы ад дзікіх звярэй, будзе здабываць ёй яду. А яна таксама будзе любіць яго й шанаваць...
І аддаўся Шчупак думкам ружовым, марам нязбытным. Яны яму радасць вярнулі.
15
Ірвецца раз'юшаным зверам бура-завея. Падмывае сцены стогнам злавесным, на вокны кідаецца, шморгае снегам, сіпіць у злосці бяссільнай.
Што ёй трэба, гэтай буры-завеі? Чаго так настойна яна дабіваецца ў хату, к Яроцкаму?
А мо гэта не бура зусім? Мо гэта ўжо падышла, агарнула сіла тая магутная, што гудзела ўсё небяспекай, што звілася над яго галавой жудасным роем, што гняла, прыціскала трывогай бязмернай?
Б'ецца, дабіваецца ў вокны, дыхае хрыпла лютасцю, гневам.
А тут у пакоі ціша. Як гэта страшна, як жудасна. Здаецца - гэта ціша наўмысля падкралася, наўмысля абвіла зачарованым колам, каб адкрыць яго, вылучыць, паказаць на яго зларадасна:
- Во ён! Глядзеце! Дзяржэце!.. Во - злодзей, разбойнік!..
Жудасна. Страшна.
Сёння трывога збілася ў камлыгу грамоздную, прыдушыла цяжка, бязлітасна. Куды ўцякаць, куды дзявацца? Страх атачыў, страх упіўся ў сэрца гадзюкаю чорнай, уліў у нутро атруту бязволля і роспачы.
Сёння апошні бой. Жыццё ці смерць. Ці краты, ці вольная воля, раздолле шырокае.
На стале тлуста разбухлі тоўстыя кнігі. Старонкі рабыя едка выскаляюцца вострымі лічбамі.
Лічбы, лічбы, лічбы...
Няўжо ў іх, у гэтых мізэрных, нікчэмных значках, яго доля? Няўжо гэта яны - во гэтыя самыя дробненькія, востранькія кручочкі - з'явяцца моцнымі непадкупнымі сведкамі злачынства яго, няўжо іх заява маўклівая кіне яго за жорсткія краты турмы?
Не, ён не здасца... Ха-ха! Ён добра ведае лічбы, ён ведае, як іх прымусіць маўчаць, як пераняць на свой бок гэтых маленькіх хітранькіх сведак. Яны яго слухаюць, яны ведаюць сілу яго, ён імі арудуе, як добры гулец шахматнымі пешкамі.
Трэба толькі заспакоіцца, пазбыцца гэтага страху, трывогі. Потым напружыць розум і зрабіць некалькі геніяльных хадоў. Яны з'явяцца ў яго галаве, ён пэўны ў гэтым. Толькі каб заспакоіцца. І тады паслухмянай чаргой у жаданым парадку пастрояцца лічбы і завіляюць угодліва кругленькім хвосцікам даўгія драбіны балансаў.
Ха-ха! Думаюць, лічбамі зловяць, бухгалтэрыяй спутаюць.
Толькі вось гэта завея. Нашто яна так злавесна крычыць, нашто пагражае так жудасна, страх у нутро наганяе?
Хіба вокны завесіць? Так, будзе лепей.
Яроцкі завешвае вокны шчытнымі коўдрамі. Слухае. Бура адбегла нібы, скавыча здалёка ціха і жаласна, як набіты шчанёнак.
Цяпер працаваць. Цяпер добра зусім, ціха й спакойна.
Яроцкі сядае за стол. Гартае паспешна шырокія аркушы, упіваецца востра вачмі ў радочкі шурпатых лічбаў. Прагна шукае, ловіць патрэбнае, перабягае дасадліва па непатрэбных слупках. Напружана працуюць мазгі, перакідаюць лёгка і спрытна лічбы-кручочкі, строяць камбінацыі розныя. Здаецца - момант яшчэ, і будзе адкрыта выйсце, і загавораць тлуста-разбухлыя кнігі новай гаворкай - вясёлай і радаснай.
І раптам недзе глыбока-глыбока, пад сэрцам, ці што, затачыў чарвячок. Паплыла па ўсім целе шурпатая нейкая млосць, адзервянеласць балючая. І захапіў усяго, замуціў галаву страх агнёвы, страх звярыны, шалёны. І загудзела жудасным гудам трывога, узляглася, прыціснула гнётам страшэнным, задушыла волю, свядомасць.
А завіруха за вокнамі зноў напірае, зноў дабіваецца. Праз шчытныя коўдры чуваць, як ляпае злосна па шыбах, як вые, гвалтуе пагрозна, адлятае на момант, каб разагнацца, каб з новай сілай ударыць, каб сцяну праламіць, каб насцігнуць, злавіць, разарваць у шкумаццё.
А мо гэта ворагі? Мо гэта людзі сабраліся там за вакном, усе людзі, увесь свет, прыйшлі на расправу з ім, злосным злачынцам? Мо сцерагуць, падцікаюцца, мо ўжо й тут, пад дзвярмі? Ці замкнуты хоць дзверы?
Ага. Дзверы замкнуты. Ён не адамкне. Ён не пусціць нікога. Хай дабіваюцца. І не здасца ён нізашто. Біцца будзе, кусацца, зверам лютым кінецца на таго, хто першы ўвойдзе.
А якая ж па целе балючая млосць расплываецца, слабасць якая! Ногі дрыжаць, трэба сесці. Трэба падумаць - спакойна так, ціха.
І чаго ён узрушыўся так? Нічога ж няма. Гэта вецер там вые, завіруха сягоння, снег пэўна вялікі йдзе. А за дзвярмі, ён жа ведае добра, няма нікагутка. Суседзі ў кватэрах сваіх, чаго ім бадзяцца тут. Вось адпачнуць цяпер троху і тады зноў працаваць. Трэба ж як-небудзь кнігі падвесці. Напружыцца троху - і будзе ўсё добра. І небяспекі ніякай не будзе. Тады - паехаць адсюль, у другі горад, да новых людзей, да новых уражанняў.
Яроцкі зноў сядае за стол. Зноў гартае слухмяныя аркушы, зноў спрытнай, лёгкай чаргой перасыпаюцца лічбы ў мазгах, усплываюць павольна камбінацыі стройныя.
І зноў гэты едкі там, унутры, чарвячок. І зноў шурпатаю хваляй мурашкі па целе. Зноў - страх агнёвы, трывога нямая.
Бегае зноў па пакоі, кідаецца зверам загнаным.
- Не, так няможна. Гэта - нервы. Трэба легчы, троху спачыць.
Лажыцца ніц, галавой у падушку. Лажыцца і чуе, што ўжо не зможа ўстаць, не зможа крануцца, падняць галаву ад падушкі. Бо абступіла сцяной цішыня і ў цішыні гэтай старожкасць, затоенасць страшная. Здаецца, не цішыня гэта ў пакоі, а туга напятыя струны. Адно зварухнуцца і зазвіняць, загалосяць, заенчаць, напоўняць пакой дзікім, жудасным голасам - стогнам.
І ляжыць нерухома, застыгла, толькі твар глыбей уціскае ў падушку.
Раптам нехта ляпае ў дзверы.
- Што? Хто гэта?
Ці адчыняць, ці не? Мо ляжаць так прытоена - падумаюць, дома няма?..
Яшчэ ляпае. Ціха, нясмела. Так ляпаюць дзеці, калі ідуць да сярдзітага настаўніка. Не, трэба пайсці адчыніць.
Засыпаная снегам фігура. Галава хусткай глуха завязана. Хто гэта? Лідачка!
- Што табе трэба?
- Не гані, Віктар, я прыйшла к табе, бо нязмога ўжо больш. Я зусім прыйшла, рабі што хочаш са мной. Не гані толькі, Віктар, не трэба...
Яроцкага злосць забірае. Гэтыя пакорныя слязлівыя вочы, як у сабакі. Мяшкі пад вачмі. Твар мокры ад снегу, ад слёз. Як абрыдла яна!
- Слухай! Мне зусім няма чаго з табою рабіць. Не да цябе мне цяпер. Ідзі, ідзі, калі ласка, мне часу няма...
Яна на калені кідаецца. У яе зноў слёзы, патокі цэлыя слёз. А вочы... міргаюць неяк убога, жаласна. Што яна - маліцца надумала?
- Кінь, калі ласка. Не трэба гэтага зусім. Мне так цяпер некалі, што зусім не выпадае вазіцца з табой.
- Віктар, нашто ты... ціха, не кажы так... Мо ты жартуеш?.. Чаму ты не так, як тады, як раней... Любы мой, родны... што хочаш рабі, толькі так не глядзі на мяне... Я не сабака, Віктар, я - чалавек... Ты казаў, што кахаеш мяне... казаў жа, праўда? Не сон жа гэта быў?.. Не-не, не гані, не трэба... Пачакай... Ты кажаш - заняты... дык я знаю... Я не буду перашкаджаць... я буду сядзець так ціханька-ціханька. Мне толькі каб глядзець на цябе... я не буду перашкаджаць, далібог. Калі што, дык прагані тады, я пайду... Мне ж дужа хочацца, Віктар, пабыць з табой, паглядзець на цябе... Добра, Віктар, ты не прагоніш?
- Ха-ха-ха! Ці не досыць ужо, мая мілая? Здаецца, час ужо кончыць камедыю гэту. Скажу табе проста: ты мне абрыдла, ты зусім надакучыла мне. Ну, пагулялі, пазабавіліся, але ж усяму ёсць канец. Не жаніцца ж мне з табой... ха-ха... Ты, пэўна, думала - век мы з табой будзем кахацца. Дый не кахаў я зусім. Не набярэшся кахання на ўсіх... Зразумела?
Лідачка ўстала. На твары жудасна застыгла непаразуменне. Вочы - тупыя, алавяныя. Так, як тады, пасля ночы тэй бурнай.
- Добра... я знаю... ты проста хацеў мяне пагубіць... я табе верыла, я не знала... Я думала, што ты добры...
Яроцкі нецярпліва здрыгануўся.
- Эх, старая песня. Пагубіць... Проста пазабавіцца трэба было. А ты мне, праўда, падабалася. Ты была прыгожая, свежая дзяўчынка, хе-хе... Ну, але годзе ўжо. Некалі мне. Бывай!..
- Ціха, ціха, Віктар... Пачакай... пачакай...
Яна нібы думала нешта, нібы напружна старалася нешта згадаць... Стаяла - ціхая і безуважная, працятая нейкай халоднай маруднасцю. У вачах расла сухая, бяздонная пустата.
- Ага... Так... я пайду... я зараз пайду, пачакай... Віктар... бывай...
Павярнулася і пайшла - ціха, нячутна, як здань. Здалося Яроцкаму, што, выходзячы, усхліпнула неяк затоена, сціснута, як дзіця над ложкам хворае маткі.
А мо гэта ўсхліпнула бура там, за вакном, у злосці бяссільнай знямогшыся?
Яроцкі пачаў хадзіць па пакоі.
Паволі раставала ўнутры ўражанне стрэчы з Лідачкай. Далей і далей адлятаў яе вобраз. А спачатку дык здавалася ўсё, што стаіць яшчэ тут, у дзвярах, што глядзіць пустым сваім, здзервянелым поглядам, што шэпча ўсё бесперастання:
- Я пайду... я зараз пайду... пачакай...
Ад Лідачкі думкі зноў пераходзяць да кніг, да лічбаў, да небяспекі. Страшна цяпер гэтых кніг, страшна да іх падысці. Упэўненасць нейкая ў тым, што нічога не выйдзе, што зноў апануе дзікі, шалёны страх, што зноў пагрозна, страшэнна загудзіць завіруха.
Няма спакою, няма пэўнасці. Не выйдзе нічога, няможна так. Ат, трэба кінуць сягоння. Легчы, заснуць, а ўранні будзе бадзёрасць, будзе настрой. Не трэба спяшацца, ёсць яшчэ час.
Яроцкі зноў кладзецца на ложак. Слухае, ці не з'явіцца зноў той страх, тая напятасць ціхая, жудасная.
Не, цяпер лепей. Цяпер цішыня мякчэйшая, цёплая. Выццё завірухі далёка, не кратае ўжо, не наганяе спалоху. Цяпер толькі заснуць. Сціхамірыцца, вочы заплюшчыць, і зараз - туман такі вязкі, прыемная млявасць. Як звычайна.
А мо не засне? Мо не дадуць турботныя думкі?
Балюча дрыжаць павекі... Трудна, вочы заплюшчыўшы. І ў галаве празрыстая яснасць, цвярозасць. Думкі плывуць стройным ладам. Трэба наўмысля парваць іх, пераблытаць, каб, як у сне, абрыўкі былі стракатыя, квяцістыя.
Напружваецца Яроцкі, хоча сябе затуманіць, хоча заснуць. Ад гэтага сон яшчэ далей адлятае, яшчэ больш у галаве празрыстае яснасці. Чуе гэта Яроцкі, і злосць яго ахапляе. Не ляжыцца на месцы, варочаецца ўсё, шукае выгаднейшае позы.
Па калідоры настойна выбіваюцца крокі. Бліжэюць. Ці не к яму? Ці замкнуты дзверы? Не, забыўся, пакінуў так, незамкнутыя.
Ахапляе незразумелы, дзікі спалох. Зрываецца з ложка, бяжыць да дзвярэй. На парозе Шчупак.
- Добры вечар, Яроцкі! Ты яшчэ не спіш?
- Не сплю. Што табе трэба?
- Павіншуй мяне, друг Яроцкі...
- Што такое?
Шчупак становіцца ў смяхотна-важную позу, хоча гаварыць урачыста й павольна, але захліпаецца радасцю...
- Яроцкі! Я - жанюся! Я...
І пішчыць ад захаплення, кідаецца да Яроцкага, лезе ў твар барадой. Яроцкі яго халодна спыняе.
- Што ж, гэта добра... Жонка ў турму будзе есці прыносіць.
- У турму?
Ха-ха! Абмяк, асалапеў, дурань стары... Іш, разгуляўся, жаніцца надумаў.
- Так, даражэнькі. Нічога не зробіш... Прыйдзецца нам з табой сесці... Але ты жаніся, гэта не шкодзіць.
Шчупак скругліў свае вочы, упяў бязглузда ў Яроцкага. Задзіўленне тупа застрала ў іх, задзіўленне й сполах. Гэта ў вачах. А па вуснах збялелых, пакрыўленых боль працякла, пакута вострая. Дзе тая дзелася радасць!
Яроцкі ад яго адышоўся, захадзіў узад і ўперад. Садніла нутро злосцю нейкай соленай, едкай. Усё нялюбае, агіднае, усё нервы скрабе, назаляе страшэнна. І гэты дурны барадач... Чаго ён стаіць там, як пень, гаварыў бы, ці што. Спалохаўся, змяк.
- Слухай ты, жаніх барадаты... Доўга ты будзеш стаяць тут?
- Яроцкі! Мо ты жартуеш?
- Ха-ха... Вядома, жартую... Дзе ж мы з табой пападземся! Ого!.. Ты за мной як за каменнай сцяной... Чуеш? жаніся, кажу... Вяселле згуляем, зададзім банкет на ўвесь свет, возьмеш гэта ты красуню сваю, пацалуеш яе, яна цябе тож пацалуе, ну і ўсё іншае, што паложана. Эх, дабро!.. А тады, каб лепш адчуваць мядовы месяц, можна і ў турму, тож нядрэнна, ха-ха... Я цябе бачу, а ты мяне не... Ну, годзе... Марш за гарэлкай... будзем піць, будзем гуляць сёння заручыны... ха-ха-ха...
- Яроцкі, не смейся.
- Не смейся... А калі весела мне, што ж я, плакаць буду, ці што? Ну, ідзі, прынясі... Вып'ем, дык і ты засмяешся...
Шчупак моўчкі пайшоў. Яроцкі хадзіў усё па пакоі, і сапраўды, быццам весела стала. Не то што весела, а ўзнятасць, гуллівасць загарэлася нейкая. Шчупак такі смешны, такі недалужны... Пажартаваць над ім трохі, пакпіць. Павадзіць за нос жаніха... Забава, працягнецца час неўзаметку. А заўтра з свежай сілай за працу. Дзень прынясе яснасць, цвярозасць. Няма чаго турбавацца.
Вярнуўся Шчупак. Прынёс гарэлкі. Яроцкі наліў шклянку і выпіў узапар. Прапаласнула нутро жывая цяплынь, расплылася па жылах салодкім агнём.
Шчупак не п'е. Трэба прымусіць...
- Пі, Шчупак, усё роўна прапалі...
- Не хачу я, Віктар...
- А я кажу - пі!
- Не магу!
- Пі, сцерва!
- Не буду...
- Не будзеш? Не будзеш? Ага...
Устаў, падышоў да Шчупака. Замахнуў кулаком.
- Будзеш піць, га?
І раптам скалануўся ўвесь, задрыжэў. Уваччу цёмна стала, толькі барада Шчупакова віхлялася плямай выразнай, чорнай. Невядома, ці то ашаламіла новая, страшная думка сваёй нечаканасцю жудаснай, ці мо магчымасць лёгкага выйсця захлынула радасцю дзікай, звярынай.
Падышоў да стала, яшчэ выпіў поўную шклянку. На Шчупака не глядзеў, не мог цяпер зірнуць у той бок. Здавалася, што Шчупак пачуў яго думку, што моўчкі сочыць за ім, чакае.
У Яроцкага ў вачах заблыталася. Дзіўна як: п'яны, здаецца, у целе тупасць нямая, разбухлая, у галаве шаломны туман. А думкі не збіваюцца, думкі йдуць так роўна і зладна, як у цвярозага. Нават асаблівая моц у іх, вострая ўпартасць.
І разважае, мяркуе. Гоніць, штурхае напорныя думкі.
- Тады сказаць - забраў усё... Нашто? А мо хацеў, каб не было ніякіх канцоў, ніякіх зачэпак... Ды мне якое дзела? Няма кніг, няма нічога...
- Так... добра... кончана... толькі ўраз...
Ён абярнуўся да Шчупака. Іх погляды стрэліся. Гэта быў адзін кароценькі момант, адзін толькі міг. Але ў ім было поўна нечалавечай напружнасці, дзікай напружнасці, якая востра напяла, зайстрыла інстынкты, падняла іх на тую ступень, дзе страшэнная звярыная прастата, дзе адчуваецца толькі голая вузкая мяжа паміж смерці й жыцця, дзе й гэтая мяжа во-во, здаецца, знікне, сатрэцца.
Так было адзін міг. І Шчупак не вытрымаў. Ён закрычаў дзікім, прарэзлівым голасам. Мо гэтым збянтэжаным гвалтам ён паблізіў канец? Мо гэты бяссільны спалох, што міжвольна вылецеў з горла енкам смяротным, стаў жудасным заклікам, сігналам Яроцкаму.
Ён, як дзікая кошка, кінуўся на Шчупака, за горла схапіў, паваліў на падлогу. Не помніў нічога цяпер, лютасцю страшнай мазгі замуціліся. Адно - душыць, мацней, яшчэ мацней душыць, каб толькі хрыпеў, каб не мог падаць голасу, каб хутчэй перастаў шаваліцца.
І не чуў, не заўважыў, як схапілі адзаду, адвалаклі. З момант стаяў нерухома, шалёна варочаючы страшнымі, дзіка выпятымі вачмі, быццам не знаў, шукаў, за што ўзяцца, куды кінуцца. Потым напружыўся ўвесь, ірвануўся. Туды, да яго. Шаволіцца ж, корчыцца вунь на падлозе. Раструшчыць яго, разарваць, растаптаць.
Не, мала сілы. Здужалі, скомчылі. Не даюць зварухнуцца. Вязаць пачалі.
Эх, прапала ўсё чыста! Не ўмеў, не здолеў, засыпаўся... Ух, дурань набіты!
А Шчупак корчыцца, напінаецца, хоча ўстаць. І ўсё тыркае пальцам у яго, усё хрыпіць голасам, здушаным злосцю і болем:
- У турму яго... Гэта - разбойнік. Ён задушыць хацеў... Ён мяне пакалечыў... Злодзей! Забойца!.. Грошы ўкраў ён, казну абакраў... Таварышы, трымайце мацней, ён уцячэ... Ён хацеў задушыць, каб не накрылі яго, каб не выказаў я... Родненькія, не пускайце, ён заб'е, задушыць... Трымайце!.. Трымайце...
Гэты слязлівы, слюмачлівы енк Шчупака чамусьці заспакойваў Яроцкага, сунімаў яго абурэнне. Злосць ападала, на яе месца ўнутры распаўзалася мокра агіда. Ужо не кідаўся, не рваўся - стаяў халодны, застыглы, з пагардлівай усмешкай на вуснах. Як выводзілі з хаты, кінуў яшчэ адзін погляд на Шчупака, засмяяўся сухім, жорсткім смехам:
- Ха-ха... Не турбуйся, дурань стары... У турме будзем разам.
16
Вось і ўвесь сказ пра Яроцкага - голага звера. На канчатак раскажу яшчэ казку адну. Я не ведаю: чуў я дзе-небудзь яе ці мо выдумаў сам. Але гэта ўсё роўна.
...У лесе гушчарным, дзе глуха разліўся салодкі пах свежасці волкай, расла маладая бярозка. Яна вырасла на бураломе, яе тонкі камель хаваўся ў трухлявым вецці гнілых паваленых дрэў. З гэтага вецця гнілога яна прагна цягнулася ўвысь, бо бачыла там прыгожае, яснае сонца, бо там, угары, было светлае мора блакіту і адтуль прыляталі к ёй чароўныя песні-званочкі, ласкавыя і прыветныя, як ранічны шолах гарэзнага ветрыку.
Ад гнілога галля, што звілося агідным карчом у нагах у бярозкі, ішоў дрэнны пах. Мо таму й цягнулася яна так прагна ўгару, каб не чуць гэтага паху, каб набраць у маладыя грудзі свае светлага, чыстага паветра, што так глыбока ўлілося ў гэты бяздонны блакіт. І часта марыла маладая бярозка аб тым, каб выбрацца вон з буралому, каб выйсці ў прастор, каб хоць туды, да таго маладога дубка, што разгарнуў так вольна сучча сваё на блізкай палянцы. О, як бы яна расцвіла, закрасавала свежай сваёй зелянінай, як засмяялася б сонцу сваімі шаўковымі лісцямі.
Але сілы няма - нязмога. Звязала слабыя ногі вецце старое, трухлявае, адабраў волю гэты атрутны гнілы дух.
І вось нешта раз прыйшоў да бярозкі злы лесавік, жыхар цёмнага дрыгвянога балота. Ён прыйшоў, увабраны ў вадзяныя лілеі - у краскі прыгожыя, яркія. Прыйшоў і сказаў:
- Ты мне ўпадабалася. Хадзі да мяне, у мяне многа багацця і сілы. Я зраблю так, што на тваіх прыгожых галінках вырастуць кветкі, ты ўбярэшся ў чароўныя дзіўныя ўборы, ты закрасуеш красою нябачанай.
Затрапятала радасна бярозка сваім лісцем шаўковым, пацягнулася даверліва к лесавіку - злому духу балотнаму. І лесавік узяў яе к сабе на балота. Ён абсыпаў яе ўсю лілеямі-кветкамі, увабраў у ўборы чароўныя. І яна стаяла бязмерна шчаслівая, поўная радасці яснай, глыбокай. Яна думала, што знайшла сабе долю, знайшла сабе шчасце.
Але прыйшоў час, і бярозка надакучыла лесавіку. І вось ён прыйшоў да яе і пачаў смяяцца з яе, пачаў гнаць з свайго логава - з балота дрыгвянага, цёмнага. На ім не было цяпер кветак, ён быў у звычайным выглядзе сваім - страшны і жудасны. Бярозка яго не пазнала. Ёй стала страшна, яна закалацілася ўся ад спалоху. І пасыпаліся з яе кветкі-лілеі. А разам з імі пасыпаліся і лісточкі яе, бо пажоўклі яны, бо атруціліся лёкам балотным. Хацела бегчы бярозка з балота, ды не змагла. Зацягнула твань яе карэнне, загрузлі яны ў глебе дрыгвянай. І засталася бярозка расці на балоце.
Яна не памёрла. Яна жыла яшчэ, дажывала. Толькі вецце яе - калісь такое зялёнае, свежае - цяпер засвіцілася пруццем счарнелым, бо ападалі ўсё, сцякалі бясконца слязьмі на брудны дол апошнія яе лісточкі.
А камель пакрывіўся, згарбаціўся, параслі на ім валдыры страшэнныя, дзікія. І дупло гнілой пустатой зачарнелася...
Вось і ўся казка...
Гэта пра Лідачку... А Ніна вучыла палітэканомію.
Комментарии к книге «Кветка пажоўклая. Апавяданні», Михаил Зарецкий
Всего 0 комментариев