Андрэ Маруа
МIРЫНА
Лепшыя пiсьменнiкi нашага часу захаплялiся Крысцiянам Менетрые. Праўда, i ворагаў прыдбаў ён шмат, паколькi iх заўсёды плодзiць чужая ўдача i асаблiва таму, што ўдача гэта прыйшла да Менетрые позна, тады ўжо, калi сябры i крытыка прывыклi лiчыць яго паэтам для нямногiх, вартым пашаны, але не здольным распальваць страсцi, i ўвага да яго твораў набыла характар спакойны i бяскрыўдны. Яго жонка, Клер Менетрые, асоба з прэтэнзiямi, гарачая i энергiчная, вывела Крысцiяна ў людзi ў 1927 годзе, угаварыўшы кампазiтара Жана Франсуа Мантэля напiсаць оперу "Мерлiн i Вiвiяна" на сюжэт драматычнай паэмы свайго мужа. Але найбольшая заслуга ператварэння Крысцiяна Менетрые ў папулярнага драматурга належыць акцёру Леону Ларану. Гiсторыя гэта мала вядомая, i, можа, будзе цiкава яе прыпомнiць, паколькi яна асвятляе некаторыя слаба даследаваныя праявы творчага працэсу...
Леон Ларан, якi так многа зрабiў для адраджэння французскага тэатра ў перыяд памiж дзвюма войнамi, на першы погляд здаваўся чалавекам далёкiм ад акцерскай прафесii. Нiякага зазнайства, заўсёды гатовы з поўнай аддачай узяцца за пастаноўку добрай п'есы, ён глядзеў на тэатр, як на храм. Яго культурнасць проста здзiўляла. Ён меў бездакорны густ i мог дасканала разабрацца ў самым складаным i нязвычным. Кiруючы ўласнай трупай, ён адважыўся паставiць "Праметэя" Эсхiла, "Вакханак" Эўрыпiда i "Буру" Шэкспiра. Яго Праспера i Арыэль у выкананнi Элен Месьер - цудоўныя, незабыўныя вобразы. Ён асвяжыў Мальера, Мюсэ, Марыво арыгiнальным прачытаннем i рэжысёрскай трактоўкай яшчэ тады, калi Камедзi-Франсэз соладка спала, чакаючы, пакуль яе пабудзiць Эдуард Бурдэ. Нарэшце, ён умеў вышукваць сярод пiсьменнiкаў нашага часу тых, хто быў гатовы падтрымаць слаўныя традыцыi тэатра паэтычнага. Французскай драматургii ён даў школу i сцэну.
Я сказаў, што на першы погляд у iм не было нiчога акцёрскага. Гэта праўда. Тонам, манерай, падборам слоў ён хутчэй нагадваў маладога настаўнiка альбо лекара. Але такое ўражанне трымалася нядоўга. Некалькi хвiлiн iгры - i вы пераконвалiся, што перад вамi артыст магутнага дару i шырокага дыяпазону, якi мог зрабiцца велiчным Аўгустам у "Цынне", пацешным абатам у "Дарма слова не давай!" альбо трагiкамiчным донам Базiлiо ў "Севiльскiм цырульнiку".
Комментарии к книге «Мiрына (на белорусском языке)», Андрэ Моруа
Всего 0 комментариев