- Жонка, - гаворыць гандляр, - нехта там ёсць. Я не магу тут намылiцца. То, мусiць, даўнi, вельмi даўнi клiент - той, што ўмее так пранiклiва прамаўляць да сэрца...
- Што ў цябе? - кажа кабета, кiдаючы на хвiлю работу i прыцiскаючы вязанне да грудзей. - Нiкога там няма, на вулiцы пуста, усiх нашых клiентаў мы забяспечылi; нам можна на некалькi дзён зачынiць краму i крыху перадыхнуць.
- Але ж я сяджу тут, на скрынi, - крычу я да iх, i нячулыя слёзы халоднай зiмы засцiлаюць мне вочы. - Прашу вас, паглядзiце ўгору, i вы адразу мяне ўбачыце. Мне трэба ўсяго адзiн шуфель, а калi насыплеце два, дык шчасцю майму не будзе мяжы. Вы ж усiм астатнiм насыпалi... Ах, я ўжо чуў, як ён, вугаль, грукоча ў маёй скрынi!
- Iду, iду, - кажа гандляр i хоча на сваiх кароткiх нагах узлезцi па сходах, ды жонка ўжо стаiць побач i трымае яго за руку, кажучы:
- Стой, куды? А будзеш упарцiцца, дык я сама паднiмуся. Успомнi, як сёння ноччу кашляў. А з-за гешэфту, хай сабе i ўяўнага, ты забываешся на жонку i дзiця i нiшчыш свае лёгкiя. Я сама пайду.
- Тады назавi яму ўсе гатункi, што ёсць у нашых сховах; а колькi якi каштуе, я табе скажу пасля.
- Добра, - адказвае жанчына i паднiмаецца ў завулак. Зразумела, тут яна адразу бачыць мяне.
- Панi гаспадыня, - кажу я. - Вiтаю ад душы. Адзiн шуфель вугалю - проста сюды, у скрыню; я завязу дадому сам; адзiн шуфель - няхай самага дрэннага... Вядома, я за ўсё заплачу, толькi не цяпер, не цяпер.
Гэтыя два словы - нiбыта спеў званоў: "не цяпер", i як яны бянтэжаць розум, блытаючыся з вячэрнiмi званамi, што акурат чуюцца з блiзкай званiцы.
- Ну, дык чаго яму трэба? - падае голас гандляр.
- Ды так, нiчога, - адказвае кабета. - Нiчога там няма, нiчога мне не вiдаць i не чутно: толькi вось б'е шостую, i нам трэба зачыняцца. Сцюжа, напрамiлы бог, - заўтра ў нас, гледзячы па ўсiм, будзе яшчэ шмат працы.
Яна нiчога не бачыць, нiчога не чуе, але ўсё-такi адвязвае свой хвартух i спрабуе хвартухом прагнаць мяне прэч. На жаль, ёй гэта ўдаецца. У маёй скрынi ўсе якасцi шпаркага скакуна: сiлы супрацiўляцца няма, яна занадта лёгкая, i ад жаночага хвартуха яе ногi ўзлятаюць у паветра.
- Злюка! - крычу я кабецiне, адыходзячы ад яе, у тую самую хвiлю, калi яна, ужо вяртаючыся ў сваю краму, трохi пагардлiва i трохi задаволена махае рукою ў паветры.
Комментарии к книге «Вершнiк на скрынi (на белорусском языке)», Франц Кафка
Всего 0 комментариев