Уладзімір МАЖЫЛОЎСКІ
ПА ДРУГІ БОК ЦЕНЮ
Аповесць
1
Цёмная ноч шчыльнай покрыўкай ахінула наваколле. Абрысы дрэў і кустоўя паступова гублялі сваю форму і павольна, быццам не згаджаючыся, знікалі ў цемры, што асядала на зямлю. Лёгкі туман, які яшчэ нядаўна няўпэўнена курэў у забалочаных нізінках, падняўся вышэй і асцярожна папоўз па нешырокай лясной дарозе.
Навокал было ціха, пуста і дзіка, і ад гэтых цішыні і пустаты патыхала нейкай жудасцю. Нават неба занепакоілася, нібы не верыла спакою, што панаваў на зямлі, і апусцілася ніжэй да яе. А праз нейкі час, каб лепш агледзецца, запаліла ў сваёй вышыні тысячы зорак-ліхтарыкаў. У іхнім нежывым святле ажылі клубы туману. Заварушыліся, здавалася, пераўтварыліся ў агромністую галодную пачвару, якая нервова шукала здабычу сярод гэтага забалочанага лесу. Жудасць расплывалася паўсюль. Яна ўжо адчувалася не толькі ў вусцішнай цішыні лесу: ёю напаўнялася зямля, яна зыходзіла з кожнай роснай травінкі, з кожнага нерухомага лісточка, куста, дрэва.
Неўзабаве яна запанавала паўсюль і адчуваць яе жывой істоце было невыносна цяжка, таму дзіўна, што тут, па дарозе, на магутным чорным кані ехаў коннік.
Ён ехаў нетаропка і збоку магло падацца, што і вершнік, і яго конь пераадолелі немалы шлях, моцна стаміліся і зараз толькі і шукаюць прыдатнае месца для адпачынку.
Але коннік і не думаў спыняцца, ён ехаў далей, нават не ехаў, а, здавалася, плыў разам са сваім канём над вузкай дарогай. Ні тупат капытоў, ні ляскат зброі, ні конскае фырканне не парушалі цішыню і гэтым яшчэ больш узмацнялі пачуццё асуджанасці і страху.
Коннік спыніўся, пачуўшы чалавечыя галасы: непадалёк ад яго на беразе невялікага ляснога возера гарэла пяць вогнішчаў, ля якіх мітусіліся людзі. Адтуль да яго слыху даляталі словы нейкай вясёлай песні. Там, ля вогнішчаў, віравала жыццё, там можна было адпачыць, падсілкавацца, выпіць кубак гарэлкі, але конніка гэта зусім не цікавіла. Наадварот, ён незадаволена, па-воўчы ўзвыў, потым павольна выцягнуў з похваў вялікі двухручны меч, прашаптаў нешта свайму каню ў вуха і ўпэўнена накіраваў яго проста на вогнішчы.
Комментарии к книге «Па другі бок ценю», Владимир Борисович Можиловский
Всего 0 комментариев