«Чытаю тайнапіс вачэй»

488

Описание

110 вершаў, якія склалі гэтую кніжку, напісаны ў розныя гады. Але ўсе яны прысвечаны вечна маладому і светламу пачуццю кахання, у вернасці якому шчыра і ўсхвалявана прызнаюцца і наіўны, рамантычны юнак, і сталы сівы мужчына. Многія з вершаў зборніка пакладзены вядомымі беларускімі кампазітарамі на музыку і сталі папулярнымі песнямі.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Чытаю тайнапіс вачэй (fb2) - Чытаю тайнапіс вачэй 169K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Генадзь Мікалаевіч Бураўкін

Генадзь Бураўкін ЧЫТАЮ ТАЙНАПІС ВАЧЭЙ

Падрыхтаванае на падставе: Генадзь Бураўкін, Чытаю тайнапіс вачэй... Вершы пра каханне, — Мінск: Юнацтва, 2001. — 158 с.

Рэдактар: Н. Давыдзенка

Copyright © 2015 by Kamunikat.org

* * * "Вяршыня самазабыцця — Каханне. Зарука вечнасці жыцця — Каханне. Калі абвал сэрцабіцця Не ў стане Стрымаць няўцямнае, Як сон, Прызнанне. Натхнення сакаліны ўзмах — Каханне. Каліны прысмак на губах — Каханне. Калі заледзянелы жах Расстання Ад промня ў дарагіх вачах Растане..." Калі ўжо ўблыталася ў чуб Мне лета, Ці то адчуў, Ці то пачуў Я гэта, Ці песню з тых, Што не стае, Склаў не такую... Не можа быць, Што без яе Звякую... * * * Я думаў: Без кахання пражыву. Я верыў: Без цябе не засумую. Пайду да рэчкі, Лягу на траву, Знайду дарогу да нябёс прамую. Жыць буду сярод кветак і стракоз У сінім свеце, Чыстым і прывольным. I шчасце мне падорыць мудры лёс. I буду я расхрыстаным і вольным. Я быў саманадзейны і сляпы, Падсміхваўся над чарамі тваімі. А мне I тэлеграфныя слупы Гудуць тваім, Праклятым мною, Імем. Твой погляд запаўняе сіняву, Твой голас напаўняе наваколле... Не , без кахання я не пражыву. Не пражыву я без цябе ніколі... ЮНАЦТВА СІНІЯ АРЭЛІ

Юлі

Яны прыглушана рыпелі Сярод старых кашлатых ліп Мы тыя сінія арэлі Зламаць нікому не далі б. Над імі гойдаліся далі, Яны нам казкаю былі — I ў неба сіняе ўзляталі, I ледзь краналіся зямлі. I як бы мы ні пастарэлі, Няхай і летам, і зімой Юнацтва сінія арэлі Ляцяць між небам і зямлёй. ЛІСТОК АЛЬБОМА З XIX СТАГОДДЗЯ «У шляхетным палацы, У аздобленай мармурам зале, Дзе грымела мазурка I свечкі гарэлі ледзь-ледзь, Перад дамамі сэрца Паэты калені схілялі — I жанчыны шчасліва Пачыналі уміг маладзець. Гнеўны верш, як пальчатку, Кідалі збялелым тыранам, Ад сябе лёгкім жэстам Адвёўшы знямелую смерць. На світанні паэты Прыносілі кветкі каханым — I жанчыны шчасліва Абяцалі ім век не старэць. З-пад чужых небасхілаў, Дзе крыж свой пакутніцкі неслі, Дзе ў душы дагаралі Летуценні былыя і злосць, Прысылалі паэты сяброўкам Лебядзіныя песні — I жанчыны шчасліва Бераглі праз гады маладосць. I няхай у высокіх палацах Цацямнеюць паркеты I прыглухне мазуркі Шляхетная медзь — Пакуль будуць жанчыны, Не замоўкнуць паэты, Пакуль будуць паэты, Жанчыны не будуць старэць...» * * * Я ўсіх вас, Закаханыя зямлі, Назваць братамі роднымі гатовы, Калі вы ў гэтым свеце бесталковым Сустрэцца з нарачонымі змаглі. Я падзяляю вашу весялосць, Я разумею добра вашу ўдачу I сам ад шчасця часам ледзь не плачу, Бо і ў мяне цяпер каханне ёсць. I я жыву ва ўладзе пекнаты, Забыўшыся на скаргі і на страты... I ўсё ж я перад вамі вінаваты. Вы мне даруйце, Родныя браты. Я самую прыгожую з дзяўчат Схаваў ад вас, забраў ад вас нсівекі. Яе радзімкі, локаны і вейкі Пяшчотна лашчыць толькі мой пагляд. Адну яе стварыў натхнёны Бог. Другой такой ніхто ўжо больш не знойдзе. Я абакраў вас, як нахабны злодзей. Даруйце мне. Іначай я не мог. Я скарыстаў міг вашай слепаты. Але і вы ўсе можаце, На шчасце, Мяне падобным чынам абакрасці... Дык будзем квіты, Родныя браты... ЗНОЎ ПАБАЧЫЎ ЦЯБЕ... Цэлы тыдзень хадзіў я прыгнечаным, Не гулялася, не спявалася. Кожнай раніцай, Кожным вечарам Сэрцу нечага не ставала ўсё. А сягоння Зусім няпрошана, Нечакана, неспадзявана я Зноў убачыў цябе, Харошая, Дарагая, Нецалаваная. I гатоў салаўём заліцца я На лады, на калены розныя, Каб дзівілася нават міліцыя, Што такімі бываюць цвярозыя. I нясу, каханнем асвечаны, Па вясновай зямлі сэрца гром-біццё. Паглядзяць на мяне сустрэчныя — I таксама шчаслівымі робяцца. I магу я звярнуць нават гор хрыбты — Сіла рвецца з грудзей нечуваная... Ты ж пайшла. I нічога не ведаеш ты, Дарагая, Нецалаваная... * * * Не, Мы з табою не святошы. Мы прагна выпілі да дна I ласку вечароў харошых, I пацалункі довідна. I мне не раз яшчэ Салодка Спаць на тугім тваім плячы I, як маланкаю, дрыготка Аб вусны вусны апячы. I раптам сцішыцца ў здзіўленні, Калі няўмольна, Як прысуд, Мяне зноў кіне на калені Жаночай прыгажосці цуд. Няхай яно жыве са мною, Да скону грэючы жыццё, Маё мужчынскае, Зямное, Святое гэта пачуццё. А калі скрывяцца святошы,— Ну што ж, Мы выпілі да дна I ласку вечароў харошых, I пацалункі давідна. * * * Такі спрадвечны лёс мужчын: Рвануцца з мілых рук, Пайсці I зноў перамагчы Сто слот і завірух, Заблытаць тысячу дарог I выпіць дзесяць рэк, I любай Палажыць да ног Увесь свой скарб і грэх. Ну а калі Праз сто разлук, Праз сто смярцей вайны Да мілых, незабытых рук Не вернуцца яны,— У тым няма віны мужчын, Зусім няма віны, Што рана леглі на спачын Пад сосны і кляны... * * * Вочы сінія-сінія... Косы тугія... Хтось шчаслівы, як кажуць, дзяўчыну хрысціу Трэба вытаптаць многа дарог, Каб другія Вочы гэткія, гэткія косы знойсці. Пра такіх, пэўна, казкі складалі ў народзе, Надзяляючы сотнямі светлых імён, А цяпер Горманісты чародамі ходзяць, Носяць песні-прызнанні ўначы ля акон. А яна — Маладая ў сваёй прыгажосці. Ні прызнанняў, ні песень не хоча яна. Аднаго прычакаць бы ёй толькі у госці. Ды з зямлёю яго абвянчала вайна. Не згуляе вяселля той, Хто гэтак абвенчан. А яна ўсё чакае, Верыць казачным снам, Адганяе сватоў, што прарочаць: Не вечна Будзе доўгай каса, будзе яркай краса. I даўно з хаты ў хату І з вуха у вуха Носяць бабы па вёсцы няўімольны прысуд Застанецца яна назаўжды векавухай, Нізавошта састарыць, загубіць красу... Я не знаю, Быць можа, і праўда, не трэба Ёй, прыгожай такой, адзінокаю жыць. Я ж яе разумею. I вельмі хацеў бы Вось такое каханне ў жыцці заслужыць * * * Другія 3 доўгіх падарожжаў Дамоў, Да любых у двары, Што найдзіўней, Што найдарожай, Вязуць заморскія дары. А я 3 далёкае дарогі Табе на памяць прывязу Падкову — Месячык двухрогі — I зорку — Сінюю слязу. I, не абмыўшы пот салёны, На шчасце наша ці бяду, Табе ў халодныя далоні Свой лоб гарачы пакладу. * * * У прысадах цяністых Я сустрэўся з табой, Маёй светлаю, чыстай Веснавою журбой, Маёй ціхаю казкай, Маёй першаю ласкай. Тут мы часта хадзілі Ля альтанак пустых, Ціхім шэптам будзілі Юных клёнаў лісты, Новых сцежак шукалі, Першых промняў гукалі. А сягоння блукаю Я адзін да святла I прычыны не знаю, Што з табой развяла, Маім шчасцем пявучым, Маім болем пякучым, I усё, як калісьці, У прысадах вясной: Ліпкі ліпкае лісце Парасправілі зноў, Клёны росамі ззяюць, Птушкі сонца гукаюць, Росам зоры варожаць, Успамінам трывожаць Маё сэрца. * * * Месяц — жоўтая лодка — Плыве між аблокаў. Пахне мятай Салодка-салодка, Далёка-далёка. У абвялых пракосах Дрэмле ціша святая. Твае цёплыя косы Я няўмелай рукой расплятаю. I з рамонкамі белымі Уплятаю ў іх сцежку вузкую, I лаўлю ашалела Гарачыя мілыя вусны. I цалую I шыю, і локці... А ва ўсім вінаваты Месяц — жоўтая лодка — Ды салодкая мята. ЭЛЕГІІ СТАРОГА САДУ Я зноў прыйшоў у наш зарослы сад, Дзе пахне зазімкам і лісцем прэлым. Ён не такі, Як дваццаць год назад. Ён, Як і я, Здаецца пастарэлым. Мне вусцішна між яблыняў ступаць, Страсаць з галін абуджаныя згадкі. I за спіной не веснічкі рыпяць, А памяці разгойданыя кладкі... I У ціхім садзе нашага дзяцінства Даўно сабе звіваюць гнёзды птушкі. I я нячаста ў сад хаджу, Каб раптам Няўклюднага падлётка не спалохаць. А можа быць, Я больш за ўсё баюся, Што ўспырхне, Нібы жаўранак вясновы, Забытае імя дзяўчынкі мілай У белай блузцы і спаднічцы сіняй, 3 чарнілам перапэцканымі пальцамі I русаю худзенькаю касой? Што, як яна жыве ў забытым садзе — Абсыпаная рыжымі вяснушкамі, Абстрыканая крапівой пякучай, Цыбатая, Нібыта бусляня?.. Чаго баюся — Успамінаў смешных Ці горкай і запозненай сустрэчы 3 юначаю неразгаданай тайнай I першым неўсвядомленым каханнем? Ды не, Якое там было каханне! Было няўцямнае зямное шчасце, Што вось жыве дзяўчо на белым свеце, I лічыць мяне дужым і прыгожым, I з захапленнем на мяне глядзіць. I я пераканаць яе стараўся, Што я папраўдзе нейкі незвычайны, Што я прыгожы, Дужы I разумны, А быў няўклюдны I дурны як бот. Я пасмяяўся з той дзяўчынкі мілай Па-хлапчукоўску жорстка і бяздумна — 3 яе вяснушак, I з касы худзенькой, I з нехаванай радасці ў вачах. I я хадзіў, як певень, ганарысты, Суровы, Незалежны I дасціпны, I быў не варты нават шкадавання, Не тое Што яе няўцешных слёз... Мы вельмі часта позна разумнеем... Цяпер я ў сад заходжу асцярожна — А што, як раптам хрусне пад нагою Птушынае гняздо?.. II Ты помніш сад, Парэчкамі зарослы, Дзе ля паркана быў куток таемны, Куды ўцякалі мы з табой штовечар Ад пільных матак і сяброў цікаўных? Ты помніш? Там нас хавала яблыня старая. Мы слухалі маўчанне цёплай ночы, I я нямеў, Калі плячом гарачым Ты прыпадала да майго пляча. Там я аднойчы Пры святле маланкі, Як цуд, нікім не зведаны, Убачыў Твае блакітныя, як неба, вочы I белыя, як яблыкі, калені. На круглыя, Як белыя налівы, Клаў галаву я на твае калені I піў каўшом Мядзведзіцы Вялікай Тваё такое блізкае дыханне, Наіўны і салодкі наш спалох. I валасоў тваіх густая хмара Мне засланяла і зямлю, і неба — I гасла ўсё ў вачах, I толькі вусны, Твае сляпыя і сухія вусны, Як месяц, Прабіваліся праз цемру I зноў вярталі мне ў душу святло... Ты помніш? Растуць парэчкі ў садзе, Як калісьці. А ля паркана — Восеньскае лісце. Сюды з табой штовечар мы ўцякалі Ад пільных матак і сяброў цікаўных. Тут пры святле маланкі я аднойчы Зірнуў табе ў спалоханыя вочы... Стаіць пад ветрам яблыня старая. Ні павуцінкі На галінах голых... А я вачамі маладымі бачу Два белыя налівы... III Быў позні і туманны адвячорак. Сад звонка лапатаў пасля дажджу — Як быццам тысяча срабрыстых гномікаў Саскоквала з галінкі на галінку, З ліста на ліст, А з лісця На траву. Я ў сад пабег Паслухаць гэты вэрхал, Палюбавацца, Як цяжкія кроплі Ляцяць свінцовым шротам на пясок, А яблыні абмытыя стаяць, Нібыта маладзіцы пасля лазні. Па лужынах і ручаях імчаў я. У сэрцы калацілася гарэзнасць, I мне хацелася такое крыкнуць, Каб цэлы свет, Уражаны, Пачуў. Тады арліным хлапчукоўскім вокам Я ўгледзеў іх пад вымаклаю вішняй — Яны застылі ў доўгім пацалунку, Як у палёце спыненыя птушкі. Яны мяне не бачылі, не чулі. I я падкраўся — I зарагатаў, Спалохаў тое светлае імгненне, Якое ўжо не зможа паўтарыцца. Я загалёкаў: «Цілі-цілі цеста!..» Улёг за імі шчанюком звяглівым. і ўсё чакаў, Як голас мой падхопіць I панясе пад гулкім небам рэха. А сад маўчаў. Маўчалі змрочна кроплі, Што на лістах званочкамі віселі. А яблыня старая Поўнай жменяй Дажджу мне сыпанула за каўнер. I я замоўк. Як быццам спатыкнуўся. Мяне спыніў цяжкі дарослы сорам. Пачуў я раптам, Як замоўк чамусьці У шапатлівых кронах звонкі лопат, Як стала ў садзе золка і будзённа. Я дзякую, Што ты маўчыш, Мой сад... Мой сад... * * * Скажы мне, Скажы мне, Што гэта было — Адчаю імгненне, У вечнасць імкненне, Аб шчасці маленне, Ці проста здзіўленне, Ці проста Зямнога кахання святло? Скажы мне, Скажы мне, Што гэта было — Ад гора збавенне, Душы наталенне, Прыход прасвятлення, Ці проста збліжэнне, Ці проста Грудзей тваіх пудкіх цяпло? Скажы мне, Скажы мне, Што гэта было — Жыцця патуханне, Ці смерці дыханне, Ці неба ў абдымках зямлі Калыханне, Калі ні вяртання назад, Ні адхлання, А толькі Рыдане, Гарэнне, Згаранне?.. Скажы мне, Няўжо гэта з намі Было?.. НЕЗНАЁМКА Яна ішла сцяжынкай вузкай Да вечаровага сяла. I ветразем Над сіняй блузкай Касынка белая плыла. Ішла няспешна і стамлёна, Спакой дзявочы несучы. I шаўкавістай пасмай лёну Каса ляжала на плячы. I ў затуманеным прасторы Ці то ў душы маёй Плылі Вачэй бяздонныя азёры, Крылатых броваў жураўлі... Ах, незнаёмка, незнаёмка, Неспадзяваная бяда! I прыпыніць цябе няёмка, I адпусціць цябе шкада. Калі яшчэ на сцежцы вузкай Цябе сустрэну ля сяла?.. Як ветразь, Над блакітнай блузкай Касынка белая плыла... * * * Каля твайго паркана снег мяце, Парыпвае азяблая ігрушына. А я шукаю след твой зацярушаны, Блукаю ў несканчонай маяце. Завея рве свае пухавікі, Па твары б'е халоднай белай лапай. Мне хоць бы лёгкі ўзмах тваёй рукі, Хоць бы прамень з твіаёй настольнай лямпы. Мароз тваё акно замураваў. Паміж табой і мною — Шкло настылае. Ты каля печы грэеш рукі, Мілая, А я б дыханнем іх адаграваў... я б * * * Яшчэ доўга на ўсіх раздарожжах, Між чужых, незнаёмых людзей Буду я табе сэрца трывожыць Успамінамі кожны дзень. I калі пацалунак нейчы Раптам губы твае апячэ, Ты успомніш: А той, ранейшы, Цалаваў усё ж гарачэй. I, быць можа, на тых раздарожжах Зразумець ты паспееш яшчэ: Ад мяне уцячы ты можаш, Ад кахання ж — Ніяк не ўцячэш. * * * Табе, нібы прароку, веру, Што пражывём шмат зім і лет. I калі смерць мне грукне ў дзверы, Я ператрушчу ёй хрыбет. Ну, а калі не саўладаю, Ты да мяне прыйдзі тады, Прыгожая і маладая, Як у юнацкія гады. Падай мне рукі палахліва I калі я ўсё ж упаду, Дык у цябе, Маёй цярплівай, Маёй адзінай, На віду. * * * Вы чуеце — Чаромха расцвіла? Гайда ў лясы, У веснавыя нетры! Раз'ятраныя, халастыя ветры Гуляюць ад сяла і да сяла. Чаромхавая бель — Як цёплы снег, Як незаплямлены вясельны вэлюм... I галава ўжо кружыцца завельмі, I так салодка вабіць першы грэх... Заві сваю адзіную, Заві, Бяжы да мілых вуснаў напярэймы, Ламай чаромхі душныя бярэмы, Кідай вясну да ног сваёй любві. I шчасцем спапялі душу датла Рашуча, Безразважна I чароўна... Ах, што ты робіш, Горкая чаромха! Навошта гэтак рана расцвіла?.. УСПАМІН ПРА НАЧЛЕГ Лазім па арэшніку, Бадзяемся па лесе, Дзвіну на бераг цягнем у мокрых невадах. А ў вачах — Смугою — Сіняе Палессе, Нетаропкай Прыпяці бурая вада. Асака высокая — Зялёнымі штыкамі, Забытымі шаломамі — Пахучыя стагі. I над зямлёю стомленай Цішыня такая! I месяц, Як антонаўка, Жоўты і тугі. I жнівеньскія зоры, Пахучыя, Як дыні, Сінія, Нібыта верасы... А ў чарнабровай нашай гаспадыні Пахлі кменам рукі, Мятай — валасы. Нам яна выносіла кварту сырадою, Аржаны акраец ламала напалам, I частавала потым самагонкаю рудою, I добрых сноў бязгрэшных на ноч жадала нам. I вось мы цэлы месяц бадзяемся па лесе, Дзвіну на бераг цягнем у мокрых невадах, А ў вачах — Смугою — Сіняе Палессе, А на губах — Тугою — Далёкай мяты пах. * * * Ты пазваніла мне з дзяцінства, Далёкага, Амаль забытага,— I сэрца мне ўспамінам сціснула, I сэрца спуджана забілася. Няужо былое зноў вяртаецца Няўжо навекі не памерлі I клятвы даўнія, I тайны, I вернасць даўняя, I вера?.. ..У сэрцы I ў мембране выстылай Твой смех, Як майскія грымоты... Ты пазваніла мне з дзяцінства, Далёкага I незваротнага. * * * Зайздрошчу шчасцю юных закаханых, Што так баяцца дотыку рукі,— I ад яго грудзей Адмежаваны Яе грудзей тугія астраўкі. Зайздрошчу іх святому аняменню, Калі без слоў усё адчуць лягчэй, I смешнаму, дзіцячаму няўменню Хаваць пачуцці ад чужых вачэй. Зайздрошчу іх наіўнаму спалоху, Яшчэ незразумеламу агню, Калі ўвесь свет змяняецца патроху I дорыць азарэнне ўпершыню I паміж кожным позіркам і словам, Ужо зусім бяссільная, Звініць Напятая, Як песня жаўрукова, Збліжэння недазволенага ніць... СУСЕДКА Калі раніцай вёдрамі ляскала I да рэчкі спяшала босая,— Я цябе цалаваў краскамі, Я цябе цалаваў росамі. Калі ў поўдзень ішла палеткамі, Маладога спакою поўная,— Я цябе цалаваў кветкамі, Я цябе цалаваў промнямі. Калі ўвечар да весніц выйшла I стаяла пад вішнямі колкімі,— Я цябе цалаваў цішаю, Я цябе цалаваў зоркамі. Што, як ноччу ў акно пагрукаю, Недасяжная і спакусная?.. Я цябе цалаваў думкамі, А хачу цалаваць вуснамі. * * * Сотні раздарожжаў паміж намі, Прывакзальны тлум I шум травы. Ды ўсё роўна над тваімі снамі Я стаю — Нядрэмны вартавы. Месяцаву срэбраную сцежку У руцэ трымаю, як прашчу. Нават прынца казачнага ўсмешку Да твайго акна не падпушчу. А калі світанне Ценем белым Ляжа на прыціхлую ваду, У разлуцы доўгай асмялелы, Да цябе нясмела падыду. Прыўзніму ўспамінаў грэшных дымку, Дзе схаваў я ад чужых людзей Сонейка заспанае — Радзімку — У лагчынцы белай між грудзей. ЦІХІ ВЕРШ Ціхая засень старэнькай альтанкі. Ціхае шчасце — Шэпат каханкі. Ціхія гукі. Цёплыя рукі. Лісця чаромхі вячэрняя словедзь. Вусны дыханне спалохана ловяць. Сіняя ціша Зоркі калыша. Крылаў птушыных апошнія ўзмахі. Святло патушылі шэрыя гмахі. Чуеш, Як б'ецца Сэрца ля сэрца?.. * * * Над лясамі самоты Да цябе нацянькі Паняслі самалёты Мае аганькі. Над зямлёю бяссоннай На нябачным крыле Колер шчасця — Чырвоны — Паплыў у імгле. Над спакоем загонаў, Над журбою людзей Засвяціўся Зялёны — Весні колер надзей. І з завоблачнай стыні Апаў на лугі Крыкам кнігаўкі Сіні — Ціхі колер тугі... * * * Схаваўся месячык за дрэвы. Міргаюць зоркі-спарышы. Тваё акно салодка дрэмле У цёплай жнівеньскай цішы. Я сон твой палахлівы чую, Да раніцы паберагу Тваю даверлівасць начную, Тваю няясную тугу. Не пабягу, Як неба грымне, За лесам рэха крактане I грукнуць срэбраныя грыўні Па незачыненым акне, Як ломкае святло маланкі На момант Выхапіць з начы Твае закрытыя фіранкі, Каля паркана касачы. Я сцерагчы ўсё роўна буду Цябе, Шчаслівую ад сну, Сябе, Цыбатага няўклюду, I нашу першую вясну... * * * Сон мой сіні, Салодкі верад — У зацішку палян лясных Зацвітае бахматы верас Над цяжкімі слядамі ласіх. Зацвітае. I зноўку верыш: Пад шырокімі лапамі хвой Сцеражэ крэпканогую неруш Баравік запаветны твой. I бяжыць верасовай сцяжынкай, Топча хмельны асенні мёд Тая, Лёгкая, як сняжынка, Незабыўная, Як крыгаход. ... Безнадзейнай, наіўнай верай На далёкай юначай вярсце, Сіні верас, бахматы верас I сягоння яшчэ цвіце... * * * Плыве ў тумане вечар разамлелы. I ў духаце чаромхавых завей Шчыруе Асмялелы, Ахмялелы, Бяссонны, Утрапёны Салавей. Сок, Сок, Сок Цёк, Цёк, Цёк - Цур-р-р, Цур-р-р, Цур-р-р. Ці-мох, Ці-мох Піў, Пі-іў, Піў. У цяньку-у, У цяньку-у-у Аўдоц-цю, Аўдоц-цю Цмок, Цмок, Цмок I ўцёк. Маленькі птах уздрыгвае ад ветру, Падскоквае, Нібыта на агні. На цэлы свет вясковыя сакрэты Апавяшчае ў гулкай цішыні. I покуль ён У гордай адзіноце Раскідвае сярэбраны гарох, Заснуць не можа сумная Аўдоцця I курыць аж да раніцы Цімох. * * * Не баюся, што нехта табе аб каханні далдоніў, Не баюся, што нехта табе пра нявернасць плявузгнуў, Не баюся, што нехта да ног тваіх скарб валачэ, — Твае плечы чакаюць маіх нецярплівых далоняў, Твае вусны чакаюць маіх перасмяглых вуснаў, Твае вочы чакаюць маіх пацямнелых вачэй. Напляваць на чужыя залёты і клятвы! Напляваць на чужую ману і пагрозу! Напляваць на чужыя спакусы і грошы! Хто там глупства, Што ты мне — не пара, Чаўпе?.. Я з табою, як вольная птушка, крылаты, захмялелы ад шчасця, ад шчасця цвярозы. Я з табою багаты, разумны, харошы... Дык няўжо ты дазволіш , Каб стаў я нічым Без цябе?.. * * * Чуеш, Наплывае цёплы гром? Бачыш, Зацвітае навальніца? Не спяшайся ў свой зацішны дом Ад сухога ветру зачыніцца. Пачакай у садзе. Не бяжы. Хай знікае той, Хто трэці лішні. Не бяда, Што летнія дажджы Чохнуць з дрэў, Як срэбраныя вішні. Прытаіся на грудзях маіх. I пад лопат вымытага лісця Неба Не зямлю, А нас дваіх Зыркаю маланкай перахрысціць. * * * Я не думаў пра вершы Толькі што ты паробіш з душой, Калі ў ёй, Як вясновыя кветкі, Прабіліся вершы? I я з цэлым бярэмам Да цябе Без дазволу Прыйшоў, Свае тайны, I страхі, I надзеі ўсе Словам даверыўшы. Я паклаў іх табе на калені — Бяры, Рассыпай, Варушы I раскладвай — Адчай і прызнанні, Папрокі і лёсткі. А захочаш — На кожным Задумліва паваражы, Перабраўшы радкі, Як вясёлых рамонкаў пялёсткі. Я аддаў іх табе, Самай гордай 3 сучасных багінь. Ты скажы — І яшчэ Прынясу я ахвотна. Можаш іх раздарыць. Ды адзін Літасціва Пакінь — Той, Што, як васілёк, Непрыкметны, Блакітна-самотны... * * * Бязглуздая спрэчка. Паспешлівы поціск рукі. Глухое маўчанне. Падкрэслены холад расстання. І крокі заціхлі. I выплыў туман з-за ракі. I сэрца балела ў адчаі Ажно да світання... А ты хіба спала спакойна? — Прызнайся сама. I сэрца табе не кальнула Туга шкадавання? Калі не кальнула, Дык, можа, яго і няма, Маленькага сэрца, Якое баліць ад кахання?.. НАПАМІН ХАЛАСЦЯКУ Так спрадвеку павялося, Што знайсці мы ўсе павінны Свайго шчасця, свайго лёсу, Свайго сэрца палавіну. I пакуль ты адзінокі Пасярод жыццёвай прозы,— Ты як быццам аднабокі, Несалідны, несур'ёзны. Хоць дасведчаны і знаны I жывеш на ўзроўні века, Ты ўсё роўна без каханай — Палавіна чалавека. Як людзей ні судзіш строга, Ды без жончынага вока Ты яшчэ сябе самога Разумееш неглыбока. Так што вер наіўным вершам I навек адно запомні: Толькі любую сустрэўшы, Станеш ты нарэшце поўны. Ды глядзі (I так бывае), Каб цябе не падлавіла Дарагая, дзелавая, Ды чужая палавіна. * * * Бег да цябе праз буран і імжу. Поўз да цябе з летуценнем і скрухай Болей маўчаць не магу. Я скажу. Ты мяне ўважліва толькі паслухай. Вуснамі смелыя словы ляплю, Цяжка і горача іх выдыхаю: Чуеш, каханая? — Верна люблю. Чуеш, любімая? — Шчыра кахаю. Можаш пасля адмахнуцца — «Бывай!» Можаш пасля адвярнуцца сурова. Толькі даслухай, Не перабівай. Як мне баліць маё кожнае слова! Вуснамі смяглыя вусны лаўлю I перад вечнаю тайнай сціхаю... Чуеш, каханая,— Верна люблю. Чуеш, любімая,— Шчыра кахаю... * * * Каля бярозак беланогіх Рабіны стройныя стаяць. I стала торнаю дарогай Сцяжынка вузкая мая. I нашы клёны разрасліся, I хуткаплынныя гады Пазамялі апалым лісцем Мае хлапечыя сляды. За сіняватаю імжою Ля нашай згубленай вярсты Каханне новае, чужое Збірае жоўтыя лісты. А нам з табой упарта сніцца Сцяжынка вузкая мая, Бярозак юных завушніцы, Рабін зялёная сям'я. * * * Паваражы, Паваражы На далані задубленай. Што наварожыш, Не кажы — Я сам усё задумаю. Паваражы, Паваражы На вуснах нецалованых. Вузлом на памяць завяжы Сцяжынку вечаровую. Паваражы, Паваражы На чубе ускудлачаным I на плячо мне палажы Сваю руку гарачую. Не захінайся, Не бяжы, Спыніся каля ганачка. Паваражы, Паваражы, Бялявая цыганачка!.. * * * Любая, Ты засланіла свет Шэры, Аднастайны I будзённы — Электрычак цесныя вагоны, Мокрыя, цяжкія парасоны, Душны непрыбраны кабінет, Гуд аўтамабіляў манатонны Быццам бы расталі неўпрыкмет. Любая, Ты расчыніла свет, Рознакаляровы I ўрачысты — Звонка дождж раздорвае маністы, Сінява застыла ў шыбах чыстых, Ловіць жвавых «зайчыкаў» паркет, Электрычка кліча галасіста На лясны прастор — За ёю ўслед. Свет запаланілі перамены. Матылёк успыхнуў на акне... Гэта ты Прыветна і праменна Раніцой зірнула на мяне. * * * Навек з табою нас жыццё звяло. I мы ніколі між сабой не дзелім Усё, што маем,— I дабро, I зло, I цень трывогі, I святло надзеі. Што нам дзяліць найлепшае з дзівос, Якое нават смерць забраць не ў стане? — Зямное непаўторнае каханне Адно на двух нам даў шчаслівы лёс. Як раніцу з берасцяной трубы, Яго мы п'ём — I ўсё нам мала, мала. Нам ні дзяльбы, Ні здрады, Ні кляцьбы Яшчэ зязюля не накукавала. I сняцца нам Палянкі дзён сваіх Адным неадцвітаючым надзелам. I мы нічога на дваіх не дзелім. Мы ўсё заўсёды Множым на дваіх. * * * Хто мудрэйшы быў — Адам ці Ева,— Мы не будзем усчыняць садом. Дзякуй ім, Што адшукалі дрэва З грэшным і спакуслівым пладом. Што спалох пераступілі смела, Нецярпліва згледзелі ў галлі I сарвалі Яблык недаспелы, Надкусілі, Нам перадалі. Пэўна, Мудра ўсё зрабілі продкі, Калі столькі часу ўсім наўздзіў Яблык той, I горкі, I салодкі, Нам яшчэ аскомы не набіў... * * * Жанчын прыгожых трэба берагчы Ад пошласці, Каварства I знявагі, I ад мяшчанскай зайздрасці і звягі, I ад залішняй ветласці і ўвагі, I ад рукі нахабнай на плячы. Яны прыйшлі на грэшную зямлю, Як сны і летуценні залатыя, Жаданыя I трошачкі святыя, Нязнанага суладдзя панятыя,— Святлом напоўніць вечнае "люблю". Не дайце іх зняславіць і запляміць, Не рвіцеся ўчыняць над імі суд. Хай горда па зямлі яны нясуць Вясны юначай радасную памяць, Зачаравання невыказны цуд... * * * Непрыгожых жанчын не бывае. Паглядзі — Вунь насустрач ідзе Асляпляльная, Баявая, Як маланка, Як выклік нудзе. Ці плячом павядзе, Ці брывамі — Абрываецца Сэрца на міг, Як світальнай расой аблівае, Ад халоднай зямлі адрывае І ўзнімае да зор агнявых. Непрыгожых жанчын не бывае. Паглядзі — Вунь насустрач ідзе Сарамяжліва- Снегавая, Як лілея на ціхай вадзеі Вочы ўзніме — I сінь палявая Павявае Лагодай такой, Што глухая трывога сплывае, I пяшчота душу спавівае, I прыходзіць Шчаслівы спакой. На жніве, Ля ракі, У трамваі — Паглядзі — Прыгажунь не злічыць. То — нібы сон-трава баравая, То – як зорка Венера ўначы... Непрыгожых жанчын не бывае. Проста шмат невідушчых мужчын. * * * Назіраю ўпотай За табой, За табой. Суцішаю работай I сум свой, I боль. Сню і думаю ўпарта Пра цябе, Пра цябе. Як нядрэмная варта, Мая мара жыве. Да бяссоннай пакуты Табою, Табой Я пакорна прыкуты Надзеяй слабой. О, не рві мае путы! Я сцярплю гэты боль.. РЭЧАЧКА-ПЯТЛЯНКА 3 вечарынкі-пагулянкі Я сваю красуню вёў Каля рэчачкі-пятлянкі, Ля чаромхавых гаёў. I вада вірыла смела I дражнілася са мной: То наперадзе шумела, То звінела за спіной. Ну адкуль такая сіла? — Адцягнула ад сяла, Закружыла, Закруціла I да лесу прывяла. Дзе там сцежка, Дзе палянка, Дзе туману сіні дым, Нават рэчачка-пятлянка Не дазнаецца аб тым. Да пары Без дай прычыны Не прызнаемся мы ёй, Колькі зорак палічылі, Колькі ўчулі салаўёў, Дзе праседзелі да ранку I шапталіся аб чым, Разам з рэчачкай-пятлянкай Мы пакуль што памаўчым. Хоць няпрошанаю сведкай Неадступна — Вось бяда — Не драмала, як суседка, Булькатлівая вада. Ды не дай Бог — Нечаканка, I ў каханкі ля варот Наша рэчачка-пятлянка Зробіць рэзкі паварот... * * * Як хочацца вярнуць усё назад: I маладосць, I салаўіны сад, I закаханы позірк той дзяўчынкі, Якую міма ветрам пранясло, I неба без адзінай аблачынкі, I на ружовай завадзі вясло. Але ад пылу пацямнелі далі. Сад высеклі. Сцяжынкі затапталі. Прайшлі дажджы шырокой паласой. I юны рыцар Тонкую дзяўчынку, Сустрэўшы на аўтобусным прыпынку, Ад скразняку хавае пад крысо. I мкне маторка па рацэ імкліва... I гэта ўсё, вядома, справядліва. I сумна гэта. Вельмі сумна ўсё... * * * Мне не забудзецца ніколі, Як у азёрнай старане Гуло сяброўскае застолле I ты глядзела на мяне. I сэнс, I тайна, I надзея Былі ў бязладнай гамане, Бо за сталом вясна сядзела I ты глядзела на мяне. Усё тады было дарэчы: I драч , I юшка ў чыгуне, І плыў туман над соннай рэчкай I ты глядзела на мяне... Яшчэ не раз мне па-юнацку Твой позірк знічкаю мільгне. Хаця б на міг, Хаця б знянацку Зірні здалёку на мяне! * * * Не знаю , Гэта добра ці нядобра, Ды што хаваць мінулыя грахі — I мне таксам а міні даспадобы, Хоць я ім запазніўся ў жаніхі. Зноў прымушае здзіўлена спыніцца Жаночы цуд, Як гэты свет, Стары . У цесным калчане міні-спадніцы Дзве юныя нагі — Як дзве стралы. I плёткі — міма. Забабоны — міма. І цокаюць Па сонным сэрцы Лодачкі. I мілая дзяўчына ў моднай міні — Як чарачк а крыштальная на сподачку. I чырванеюць посныя персоны. I адарваць вачэй не можа Бог Ад лёгкага, Як хмарка, Парасону Над грэшнай пара й загарэлых ног. Пад пошласць — міны. Пад святошасць — міны. Аж крэкча цынік качкаю падсаднаю. А стройныя дзяўчаты ў смелых міні — Як строгія цюльпаны ў палісадніку. I цёплы вецер ім каленкі мые. I я без шкадавання і трывог Гляджу, Як небу адкрываюць міні Зямную прыгажосць дзявочых ног. * * * Патухаюць, цямнеюць высі. Зоркі ўспыхваюць над сінявой. Да пляча майго прыхініся Залатою сваёй галавой. Чуеш вецер I чуеш вечар ? Чуеш, Ціха шапоча сад? На твае худзенькія плечы Асыпае ноч зарапад . Гэта я табой вечарую, Туманамі цябе чарую, Васількоў шапатліваю моваю Зачароўваю, Зачароўваю, Роснай сцежкайю, Рэчкай ціхаю Закалыхваю, Закалыхваю... I ад рук няўмелых, нясмелых Не схаваешся ты нідзе. Поўня белая Яблыкам спелым На далоні твае ўпадзе. Ты шапнеш мне адчайныя словы Што шаптаў табе ўчора я , Вечаровоя, Зачарованая, Закалыханая Мая. * * * Я за тваім плячом не разглядзеў У доўгую хвіліну развітання, Што за вакном — Змярканне ці світанне, Ці месячная ноч, Ці хмарны дзень. Было адно імгненне на дваіх. Было адно спякотнае дыханне. I вусны — Як кругі выратавання, Калі ў бяссіллі мы шукалі іх. Быў шэпт твой непрытомны: «Дарагі...» I неслухмяных рук перапляценне — Як крылы птушак, Што не даляцелі Да выраю I ўпалі на лугі. I захлынуўся і спыніўся час, I ты прынікла да мяне адчайна... Я добра помню ўсё, Што нас злучае. I ўсё забыў, Што разлучыла нас. ЭЦЮД РЭЎНАСЦІ Нядаўна быў я чысты, Як дзіця, Не кранутае цвіллю недаверу, I чалавеку верыў больш, чым зверу, I кожны дзень чакаў я адкрыцця. О Божа мой, Як ты змяніла ўсё, Як зруйнавала свет сваёю здрадай! Цяпер я менш тваёй усмешцы рады, Чым позірку прыручаных ласёў. Цяпер я лепей птушкам занясу Маю, Табой адпітую, Пяшчоту. Хай п'юць з маёй далоні, Як расу, Ні кроплі не пакінуўшы на потым. Нічога не чакаю я, Ані. Хай зерне шчасця склёўвае сініца... Чаму дала ты права мне ўсумніцца У вернасці людской і дабрыні?.. * * * Сябе да адзіноты прывучаю, А шэпт твой горкі ўсё па сэрцы б'е, Як жураўліны кліч, Як крык адчаю: "Я так засумавала без цябе!" Навошта зноў? Усё даўно забыта, Закрэслена маршчынкай на ілбе, Я нашых сцежак болей не разблытваў — Рассек I за сябе, I за цябе. Ды толькі над разлівам іван-чаю, Над палыном ссівелым У журбе, Як жураўліны кліч, Як крык адчаю, Плыве: "Я так сумую без цябе!" * * * Я ніколі наш сад не забуду, Дзе сінічкі ўзляталі гурбой, Дзе, як вечнаму весняму цуду, Мы дзівіліся бэзу з табой, Дзе аддаў табе ў рукі пастронкі Ад свайго залатога ярма, Дзе свае запаветныя гронкі Раніцой для цябе адламаў... Тое ўсё — Як за дальняй гарою. Ды, знябыўшы і сум, і бяду, Я аднойчы Асенняй парою Да забытага бэзу прыйду. Будзе мокры лісток целяпацца. Будзе стынуць пад ветрам шчака Будуць доўга Азяблыя пальцы Маладую галінку шукаць... РАЗВІТАННЕ 3 ВЕРАНІКАЙ

Максіму Багдановічу

Ён нахіліўся над сталом Пралескай позняю паніклай. Самота стыне над чалом. А вусны трызняць Веронікай. Яна, Як месяца святло, Яму ўжо не сагрэе грудзі. Такой, Як сніў ён, Не было. Такой ніколі ўжо не будзе. Пагасне месяц у акне, А зоркі скоцяцца слязамі. I смерць бязлітасна ўзмахне Сваімі чорнымі крыламі. Навек зламаецца вясло На пеннай хвалі ў сіняй бухце. Вачэй Максімавых святло Трывожыць больш яе не будзе. Што ж, Паўглядаліся здалёк I моўчкі разышліся жыцці... А ўсё сінее васілёк У спелым беларускім жыце.. * * * Шкадую жанчын, Што пасля пацалунка мужчыны Не зведалі асалоду пацалунка дзіця, Што навек ад сваіх грудзей адлучылі Ненасытную, бессмяротную завязь жыцця. Шкадую жанчын, Што пасля мужчынскіх абдымкаў Не зведалі пяшчоты абдымкаў дзіця, Калі каля вуха даверліва дыхае Безабаронны працяг твайго зямнога быцця. Шкадую жанчын, Што пасля ночы бяссоннай На плячы сваім чулі холад няголеных шчок I не песцілі цёплы і круглы, як сонца, Плод кахання — Няўцямны жывы камячок... Аблысеюць паклоннікі. Перамруць палюбоўнікі. Супакоіцца ўрэшце шалу майскага каламуць. I ці будзе каму ўспаміны Аднолькавыя, як апалонікі, Чыстай плоткаю ўскалыхнуць?.. * * * Я збіраўся на чоўне Па Дунаі ўначы Ад вачэй тваіх чорных На край свету ўцячы. Я хаваўся ў сябрыну Ад цыганскіх павек. Думаў — Кіну ўсё, Рыну I забуду навек. Ды праз пушчы і гала, Праз Карпаты і Крым Ты мяне даганяла Ціхім шэптам сваім. Маю роспач і горыч Запаўняла сабой — I смяялася поруч, I блукала са мной... Таямніца такая Д'ябла з тропу саб'е: Чым далей уцякаю, Тым бліжэй да цябе... * * * Кагосьці безнадзейна кліча каня. Зязюля шчодра дзеліцца гадамі... А можа быць, Яны маё каханне Сваёй душой птушынай разгадалі? Не заціхае салаве й да рання. Жаўрук неўтаймавана будзіць далі А можа быць, Яны маё каханне На свой птушыны лад пераказалі? Ці не таму мне спеў іх зразумелы, Такі трывожны I такі прыгожы?.. А я перад таб й стаю , Нясмелы, Душа пяе, А слоў знайсці не можа... * * * Расстайныя дарогі. Дзявочая туга. I месячык двухрогі. I зорак мітульга. I прывідныя цені. I крылаў мяккі ўзмах. I рук перапляценне. I горыч на губах. Разгойданае вецце. Цяжкі, самотны ўздых. I вечнасць. I бяссмерце... Жыцця кароткі міг. * * * Як на сэрца ляжа горыч, Пацямнеюць дні мае. Дык цябе са мною поруч Мне так часта не стае. Я зусім не папракаю. Проста я цябе прашу: Клапатлівымі рукамі Прытулі маю душу. Паміж здрайцаў і прублудаў Захіні мяне ямчэй Ад бязлітасных прысудаў, Ад зайздрослівых вачэй. I не дай з душы ўспаміну Адляцець у сіняву. I тады я не загіну. I тады я аджыву. * * * ...У прыцемку халодным прыскам тлеючы, Твая сукенка ўпала каля ног — І ты рукамі засланіла плечы, Бо я ад іх святла аслепнуць мог. Ты смеласці сваёй сама здзівілася. А у мяне ў збянтэжаных вачах Нібыта поўня белая дваілася. I сэрца ашаломленае білася, Як выпушчаны з цеснай клеткі птах. Ты не ішла — Асыпаная зорамі, Хмурынкай лёгкай да мяне плыло, Уся з адчаю, Чысціні I сораму, 3 даверлівасці, Страху I святла. Цьмянелі, Аддаляліся I чэзнулі Зямныя і нябесныя агні. I я ступіў насустрач цёплай бездані Здзіўлення, Шчасця, Тайны, Цішыні. * * * Мне з табой бы лепей размінуцца, Міма праляцець на паўкрыла... Дык чаму ж малюся той мінуце, Што з табой няпрошана звяла? Не было нічога, Што б на свеце Да цябе не падарыў мне лёс... Дык чаму ж мне так таемна свецяць Вочы твае, Цёмныя ад слёз? Мне з табой бы лепей развітацца Кожная сустрэча — Як турма... Дык чаму ж твае слабыя пальцы Я ў сваёй далоні затрымаў? Размінуцца б лепей, Размінуцца, Каб душа спакойнаю была!.. А я ўсё малюся той мінуце, Што з табой няпрошана звяла... * * * Больш табе я не пазваню, Не ўстрывожу самотную ростань. Сам сабе канчаткова зманю, Што зобыў цябе вельмі проста. Ні вачэй тваіх, Ні плячэй Злым папрокам я не абражу. Без цябе Будзе несці лягчэй Летуценняў наіўных паклажу. Што паробіш, Колі пагас Пад дыханнем тваім халодным Той агеньчык, Што неколі нас Нечакана апёк мімаходам. Адбалела. Прайшло. Адплыло. Не пакінула нават суму... А быць можа, I не было? А быць можа, Я ўсё прыдумаў?.. * * * Атруці мяне Вясновым хмелем, Апляці мяне Рукамі цёплымі. На дваіх з табою мы падзелім Ноч, Што льецца залатымі кроплямі. Ап'яні мяне Дыхоннем чыстым, Ахіні мяне Прызноннем ціхім. Мы ў далоні 3 неба Зор маністы Ссыплем рук суладным ускалыхам. Прытулі мацней, Мая абранніца. Наталі Мае сухія вусны... О, як хутка прыплывае раніца — Сну і явы сонечнае вусце!.. * * * Мы з табой сустрэліся аднойчы На перанаселенай зямлі. Да пляча плячо, I вочы ў вочы, У руцэ — рука Ў жыццё пайшлі. Шчасце, Таямніцы I руціна. Грэшныя, Няўцешныя гады... Нас жыццё каціла і круціла, Біла і па карку, і пад дых. Не мінаў Ні журавель, Ні бусел. Абсыпала попелам бяда... На былое як ні азірнуся — Мне зусім нічога не шкада. З берага другога Свечкі свецяць, Хоць, здаецца, спалены масты... Як тады, На цэлым белым свеце — Двое: Ты і я. I я, і ты... * * * Не глядзі мне ўслед, Нібы старому. На расстанне не махай рукой Яшчэ доўга нашаму парому Плысці віратліваю ракой. Ты яшчэ не раз Зязюляй шэрай Будзеш перагуквацца са мной. Будзе ціха набліжацца бераг 3 адзінокай гонкаю сасной. Будуць над высокімі слупамі Пралятаць вясновыя шпакі. Будзе нестарэючая памяць Узірацца ў заўтра з-пад рукі... Помню я завеі і дажджы ўсе I цябе з рамонкавым вянком. Хоць і да сівых валос дажыўся, Я ў душы застаўся юнаком. * * *

Свеча горела на столе,

Свеча горела...

Барыс Пастарнак На ўсёй зямлі спыніўся час. I ў гэтым часе Ты засталася ля пляча, Ты засталася. I месяц Стомленым ваўком Схаваўся нанач. Шумела Нарач за вакном, Шумела Нарач. Каб зоркі бліскалі ў акне, Мы не хацелі. Трымцелі цені но сцяне, Трымцелі цені. Нам сну не даў вясновы час — Вясёлы скнара. I вечнасць цэлую Для нас Шумела Нарач... * * * Як абрынецца ў зялёных шатах Квецені чаромхавай абвал, Майскімі начамі Сняць дзяўчаты Тайны свой мужчынскі ідэал. I да іх, Калі не прынц, Дык рыцар Скача на запыленым кані, Каб насупраць весніц прыпыніцца I спытаць дарогу ў цішыні. Як трапеча ўзрушанае сэрца — Аж да горла коціцца адчай: Што, калі ён міма пранясецца, Нават не зірнуўшы з-за плячэй I ў сталіцах, I ў сеседніх сёлах, На развілках тысячы шляхоў Так іх мала, Дужых і вясёлых, Стройных і прыгожых жаніхоў! Так нячаста выпадае дзіва Між жартаўнікоў і запявал Напаткаць аднойчы Свой адзіны, Свой зямны мужчынскі ідэал! I ніколі, Аж да самай смерці, Да завейных адзінокіх дзён, 3 запаветнай памяці Не сцерці Той вясновы, той чароўны сон * * * На шырокім лузе, На папары, У затоцы ціхай, У трысці I буслы, і качкі ўсе — Па пары. Так ужо заведзена ў жыцці. Пад дажджом, Пад ветрам радыяцый, Калі ўсё пастаўлена на кон, Толькі ўдвух і можна пратрымацца — Гэтакі няпісаны закон. У цяжкой мітрэнзе шматвяковай Удваіх Заўжды прасцей было I гняздо ад ворагаў ахоўваць, I падлёткаў ставіць на крыло... Вось і чалавеку Не да твару Не захоўваць мудрасці ключы — Вечна Богам дадзеную пару, Як жыцця заруку, Берагчы. * * * Ты снішся мне, Далёкая такая, Як незваротнай маладосці знак. Я зноў цябе здарожана гукаю I дагукацца не магу ніяк. Шукаю нашы даўнія сцяжыны, Што зараслі высокаю травой. I колецца мне кожны куст ажыны Маёй віной. А можа, і тваёй. Ні злоснага дакору, Ні праклёну, Ні рэўнасці ў маёй душы няма... Маўчаць табой пасаджаныя клёны. I стыне на губах тваё імя. * * * Мае аднагодкі-сяброўкі, Мой першы наіўны спалох. Ускінуты здзіўлена броўкі. На вуснах — рамонкаў, пылок. Дзяўчаты майго юнацтва, Зялёнай, бяссоннай пары... Змаглі вы такімі ж застацца. А я - Беззваротна стары. 3 касынкай Ці ў модным бярэце Вы зноў прыбягаеце ў сне... Я ўсіх вас прашу: Не старэйце I не праганяйце мяне. Як майская песня для птушак, Я з выраю часу Гатоў Вярнуцца да вашых вяснушак, Да сцежак дзіцячых гадоў. Я помню I воблакі тыя, I здані ўначы ля куп'я... Якія вы ўсе маладыя, Адзін толькі ведаю я... * * * Прыцішыцца няма калі Мне на жыццёвым перавале. На грэшнай стомленай зямлі Мяне любілі і кахалі. Жанчыны — Лепшыя з жанчын — Мне лоб далонямі студзілі. I локця жураўліны клін Мільгаў, Як цень, На небасхіле. Я і цяпер яго лаўлю 3 надзеяю і ласкай шчырай I не спяшаюся Зямлю Пакінуць, Выбраўшыся ў вырай. * * * Я не сквапны — Вы паверце. Не прыслужваю рублю. Лепшы яблык на талерцы, Не шкадуючы, ўступлю. Сувеніры, Кветкі, Рэчы, Нават тыя, што люблю,— Забірайце. Не пярэчу. Пашкадую — І ўступлю. Сцежку лепшую ў прысадах, Поля лепшага раллю I высокую пасаду, Не крыўдуючы, ўступлю. А тваіх вачэй смяшынкі, Як нябесны дар, каплю. Ні адной тваёй маршчынкі I слязінкі Не ўступлю. Праз пагрозы, Пасміханне — Праз усё пераступлю. А цябе, Маё каханне, Анікому не ўступлю. * * * Ты стала ля дзвярэй У гулкай цішыні. Шаптала мне: «Скарэй...» Прасіла: «Зачыні». Адвага і адчай Маўчаннем сцялі рот. I паварот ключа — Як лёсу паварот. Ніхто не адамкне Зачыненых дзвярэй. Цяпер ніхто ў мяне Цябе не адбярэ. Шалёны сэрца ўдар Каля маіх грудзей — Як шчасця шчодры дар, Як бурны ўсплёск надзей. Ноч выблескам пляча Працята навылёт... I паварот ключа... I лёсу паварот... * * * Не веру, Што з гадамі адыходзіць, Згасае палкасць маладых сустрэч. Прыйдзі ка мне ў пакоры і лагодзе, Маім рукам і вуснам не пярэч. I не хавай, Як хітрая цыганка, Няўтольнага агню ў сваіх вачах. Хай будзе тонкі месяц за фіранкай. Хай будзе ціхі стогн каля пляча. Хай згіне ўсё, Што ўжо было, Што будзе. Але хай застануцца на вякі Твае ненапалоханыя грудзі I ля шчакі цяпло тваёй рукі... * * * Так, я перад табо ю вінаваты За доўгія самотныя гады, За непаразуменні ўсе і страты, За майскія замоўклыя сады, За словы непатрэбныя і ўчынкі, За наш касцёр, Шт о ледзьве не ачах, За сівізну I раннія маршчынкі I стому вечаровую ў вачах, За вольніцу I шумны хмель пракляты, За ростані I тайны недавер. А больш за ўсё Бязмежна вінаваты, Што я цябе кахаю і цяпер. * * * Ці ўспамінала ты мяне, Калі я доўга быў далёка? Хоць у нядзелю, Хоць у сне Ці ўспамінала ты мяне 3 пяшчотай і журбою лёгкай? Ці выглядала мілым вокам Мой цень у ранішнім акне, Ці чула ў незнаёмых кроках Маю хаду? Было ці не? Ці ўспамінала ты мяне? Было мне ў дальняй старане Тужліва так і адзінока, Што я паверу і мане, Што ўспамінала ты мяне, Калі я доўга быў далёка... * * * Помніш, Ты даверылао Мне ключы, Адчыніла дзверы Уначы, Не дала і трохі Ачуняць, Бо цябе палохала Цішыня, Што шапоча голлем Ля акна, Ходзіць завуголлем Давідна? Дыктавала правілы Ты сама. I мяне адправіла. А — дарма. Ад варот не вернуты, Я замоўк. Зачыніла дзверы ты На замок. І заснула ў радасці I ані Не баішся Ранішняй Цішыні. * * * Я сябе старым не адчуваю, Хоць прайшлі юначыя гады. Прылятаюць з маладога маю Салаўі ў асеннія сады. Разарву тугую павуцінку I, цяпло даверыўшы плашчу, 3-пад крыса азяблую дзяўчынку Я ў халодны свет не адпушчу. Цепліцца яшчэ вясна былая — Тонкая і кволая свяча. Хай яна спакойна дагарае Ля майго пахілага пляча. Ну а што на скронях стыне іней — Гэта хітры восеньскі падман. Проста пазаблытваўся ў чупрыне Дым кастроў і ранішні туман. * * * Не трашчы так настырна, Сарока, Побач з даўнім, Былым, Дарагім. Тут каханне прайшло недалёка. Не са мною прайшло, А з другім. Я і сёння іх постаці бачу — Хто іх ведае: Дзве ці адна. Я і сёння не веру ва ўдачу, Хоць чакаю яе давідна. А яны Насцярожаным крокам Прамільгнуць міма нас паначы. Памаўчы побач з імі, Сарока. Памаўчы, як і я, Памаўчы. * * * Зноў наш сад вечаровы весніцца, Сыпле з яблынь ружовы квет. Ты стамлёна ідзеш за весніцы За блакітным туманам услед. 3 хмарак першыя зоркі выцеклі, За бярозкамі вецер прыціх. Ты вось-вось схаваешся ў прыцемках, Не пачуўшы крокаў маіх. Пачакай мяне за варотамі, Дзе буяе духмяны май. Непаўторнае, Незваротнае Хоць на міг адзін затрымай. Прыпыніся з журбой-вячэрніцай На старых раздарожжах нямых. Можа, Нешта ўсё-такі вернецца. Хоць на міг. На кароткі міг... * * * Забываю звонкі вокліч: «Тата!» Прывыкаю да звароту: «Дзед» «Мілы» - Як юначая цытата, Так даўно не чуецца мне ўслед! Новы час — I новыя найменні, Новая самота і журба. У вачах гарэзнасці ўсё меней. I ўсё больш гаркоты на губах. У душы Ні зайздрасць, ні нянавісць Не хаваю нават у кутку, Хоць мяне ўжо ўнукі абганяюць На жыццёвым людным бальшаку. Я спакойна памахаю маю: Хай за небасхіл сплывае сінь... Толькі ад дзявочага «Кахаю» Адвыкаць не хочацца зусім. * * * Ты спытала, Што вазьму я У дарогу ў снег і слоту, Калі вельмі засумую. Адказаў: — Тваю пяшчоту. Ты пытала ў задуменні, Што важней за ўсё — Работа, Шчасце, Поспехі, Натхненне? Я шаптаў: — Твая пяшчота. Без падказкі і прымусу У адчаі і самоце Давяраю і малюся Толькі ёй — Тваёй пяшчоце. I калі б ты запытала У дзесяты раз і ў соты, А чаго ў жыцці мне мала, Я б сказаў: — Тваёй пяшчоты. * * * Я не помню ўжо, З якой прычыны Лёс мяне закінуў незнарок У той сад наднёманскі, шпачыны, У далёкі, ціхі гарадок. Не было ні песень, ні прызнанняў — Толькі жоўты месяц між прысад, Толькі зорнай хвалі калыханне, Толькі сіні-сіні твой пагляд. А мне ўсё яшчэ і зараз сніцца Той далёкі, Той вясновы сад, Дзе, Як недаспелыя брусніцы, Ліхтары вячэрнія вісяць... * * * Па той зямлі, Дзе ўсё табою дыша, Дзе твой каснік заблытаўся ў траве, Плыве ў чаўне сярод туману ціша, Мой сон пудлівы да цябе плыве. З чужых краёў Да вокан незабытых Яго ўспамінам ціхім занясло. Ляжыць вясло зламанае, Нібыта Сіваваронкі шызае крыло. I ходзіць над садамі сонны месяц, I ў вокнах гаснуць познія агні... Калі ты ўбачыш човен каля весніц, Не адгані яго, Не адгані... * * * Даўно забыў юначыя спакусы, Вясновы шал, Асеннюю тугу. А вось забыць Твае сухія вусны I шэпт твой непрытомны Не магу, Калі тваё наструненае цела Цягнулася нястрымна да майго I ўсё ўва мне спявала і трымцела, I кроў паліў адчайнасці агонь, I мне чаромхаю лясною пахлі Распушчаныя валасы твае... Дыхне ўспамін — Як прысак неачахлы, Мне гэта ўсё зноў сэрца саграе... * * * Ты выйшла да мяне. Той ноччу зорнай Я верыў: Шчасце нас не проміне I ласка будзе доўгай, непаўторнай... Ты ж думала зусім не пра мяне. Ты цалавала вуснамі сухімі, Няўцямна паўтарала, Як у сне, Каля майго пляча Чужое імя. Адкуль было ўсё гэта ведаць мне? Са мной дзяліла ты адчай і стому, Са мной хавала смутак у віне. А паклялася ў вернасці другому... Чаму так доўга ты маніла мне? I вось астаўся я, Табой пракляты, Адзін 3 халодным ценем на сцяне. I я ва ўсім, Па-твойму, Віноваты? I гэта — Праўда, Слушная ўпаўне. * * * Не перанось спатканне на пасля. Хто ведае, Што заўтр а нас чакае — Ці то ад шчасця спыніцца Зямля, Ці напаткае нас бяда якая. Сагрэй мне вусны сённяшнім агнём. Абмый душу мне сённяшняю ўсмешкай. Хай кажуць, Што жывём кароткім днём, А не халоднай вечнасцю няспешнай. Хвіліны нават не паўторыць час, Хоць папракай яго ты, Хоць упрошвай . Што, як сустрэча гэтая якраз Для нас галоўнай стане і... апошняй?.. * * * Чам у павінен плакаць чалавек , Калі ён хоча весела смяяцца, Калі яму ўсяго гадоў семнаццаць I таямніца свеціць з-пад павек ? За што яму бязладнае жыццё Суровыя сюрпрызы падкідае, Калі яго сяброўка маладая Нясе ў сабе ягонае дзіцё? Навошта ён даверліваі пачаў Начную споведзь з вопытным суседам, Калі пасля прыйшлі за ёю следам І здрада, I знявага, I адчай? Чаму такі непрымірымы век I помніць крыўду горкую старую, I ўсіх памылак даўніх не даруе?.. Чам у павінен плакаць чалавек?! * * * А я не веру, Што пайшло каханне З гадамі маладымі на спачын, Што нашых вуснаў, Нашых душ яднанне Не можа сівізны перамагчы. Я і цяпер разгадваю, Як тайны, Твой кожны дотык, Кожны позірк твой. Ад старасці ахоўваю адчайна Святыя хвілі радасці жывой, Калі тваё спякотнае дыханне Сціхала ўранні на маім плячы... I я не клічу новае каханне. Мне б тое, Маладое, Зберагчы. * * * Як вецер лісце шугане Па скверу, Ты засумуеш без мяне — Я веру. 3-за хмар збяжыць змяркання міг Па промню. Як добра нам было ўдваіх, Я помню. Плыла ад поўні паласа Скразная. Ты страхам поўнілася ўся — Я знаю. На зрокі клаўся цень крыла Ціхутка. Ноч тая цёплая прайшла Так хутка. Ей грэцца ў памяці маёй, Як цуду. Да скону дзён маліцца ёй Я буду. * * * Чам у ты помніш сумнае адно? Было ж у нас вясёлае , Здаецца, I ад кахання абмірала сэрца, I ноч нам зоркі сыпала ў вакно. Няўжо яно забылася даўно I ў памяці жывой не адзавецца, Як залатое поўнае вядзерца, Што нечакана ўпушчана на дно? А мне Адно шчаслівае відно Удалечы, Што мараю завецца. Так і сягоння не закрыты дзверцы I не дапіта хмельнае віно. Хай не знайшлі мы дзіўнае руно, Але прайшлі сцягой адзінаверцаў, I на вячэрняй роздумнай паверцы Не ўспамінай журботнае адно. * * * У хвіліну адчаю Пакладзі мне далонь на чало, Адкожы на пытанне маё На расстанне: Ці патрэбны я быў, Як мяне не было, Ці патрэбны я буду, Як мяне ўжо не стане? Не маўчы, Не хлусі, Не ховай своіх чорных вочэй. Не фліртуй, Не жартуй; Не ўцякай ад адказу. Праўду ўсю мне скажы — I мне стане лягчэй. I ўзрушэнне Ці ўспыхне ярчэй, Ці патухне адразу. Што б ты мне ні сказала, Долонь не ўбірай ад чала. Будзе мне не хапаць Лёгкіх пальцаў тваіх прохалоды... Для мяне ты заўсёды Патрэбнай была. Для мяне ты патрэбнаю Будзеш заўсёды. * * * Я прайшоў вясновыя дарогі I сухі асенні лістабой. Быў я незгаворлівы і строгі Да сустрэчы жнівеньскай з табой. Ад спакус хаваўся I злаваўся, I лічыў зямлю такой-сякой. Мне тады здавалася трава ўся Шорсткаю калючай асакой. А цяпер з табой мы навасёлы Пад страхою райбкаю святой. Стаў я паслухмяны і вясёлы Пад тваёй бязлітаснай пятой. Галава адной табой занята. У вачах гусцее сінява. I на ўсіх палянах — Рута-мята, Мяккая, шаўковая трава. * * * Дзе лагчына, Дзе ляшчына, За пагоркамі Ты нуду маю лячыла Прыгаворкамі: "За пясчаным касагорам, Дзе крутыя берагі, Давай, Мілы, Пагаворым Мы з табою на мігі. Я сама табе пазычу Маладых вясновых чар. Я сама цябе паклічу У ядлоўцавы гушчар. Пад сасною залачонай Скіну страху паранджу, Да сябе касою чорнай Назаўсёды прывяжу. Звонкім сокатам сарочым Смех твой хітры заглушу. Не скалечу, Не сурочу, Не ўкраду тваю душу. Спакушальніца былая, Да ласункаў прывучу, Як лясунка, Залюляю, Зашапчу, Заказычу. Хай прарвецца праз ігліцу Мліва нуднага дажджу. Будзеш ты ка мне прасіцца. Ну а я дык пагляджу..." ...I твайго вядзьмарства сіла Сапраўды Мяне тады Палячыла, Прыручыла, Прысушыла Назаўжды. * * * Найвышэйшыя сілы Нашы зоркі звялі На святым небасхіле I на грэшнай зямлі. I сцяжынкаю зорнай Лёсы побач пайшлі I па небе прасторным, I па цеснай зямлі. Нам ніколі замнога Не было на дваіх I кахання зямнога, I трывог незямных. I жыцця прыбаўляе, Незычліўцам назло, Таямніца былая — Нашых зорак святло. * * * Адвярніся хаця б на хвілінку адну — І сум з вачэй маіх пацячэ. I я патану, Патану, Патану У ямачцы на тваёй шчацэ. Твой смех на мяне абрынуў вясну, Нібы крыгалом на бурлівай рацэ — I я навек патану, Патану У ямачцы на тваёй шчацэ. Яшчэ не разбуджаную струну У сэрцы тваім закрануць я хацеў... Ды што тут хітрыць? Я даўно патануў У ямачцы на тваёй шчацэ. * * * Хай душа над былым не рыдае. Плечы нам не прыгнулі гады. Па-ранейшаму ты маладая. Па-ранейшаму я малады. Не бяда, Што сняжок ападае На юначыя нашы сляды. Па-ранейшаму ты маладая. Па-ранейшаму я малады. I ніхто яшчэ не разгадае Нашы хованкі, Нашы брады. Па-ранейшаму ты маладая. Па-ранейшаму я малады. Толькі сэрца вясну прыгадае — I акрыюцца белым сады... Па-ранейшаму ты — маладая? Па-ранейшаму я — малады?.. * * * У засяроджанай цішы Неспадзявана Сярод ночы Скацілася з тваёй душы Сляза адчайнасці жаночай . Паплач, Любімая, Паплач. Хай роспачы тваёй паможа Сваёю музыкай скрыпач, Што за сцяной не спіць. О Божа!.. Хай буду ведаць толькі я, Як плакалі ў дрымоце зыбкай Душа самотная твая І растрывожаная скрыпка... * * * Хоць не закончаны раман, Ды мне фінал вядомы,— Што без цябе Мяне няма Ні ў прымаках, Ні дома. Ці ў свеце лета, Ці зіма, Ці маразы, Ці спёка,— А без цябе Мяне няма Ні блізка, Ні далёка. Ты добра ведаеш сама , Хоць і не кажаш гэта: I без мяне Цябе няма... Такі вось паварот сюжэта. * * * 3 усмешкай сумнай Па вясне Праводжу позіркам дзяўчатак, Што, Як касуль пудлівых статак, Бягуць імкліва паўз мяне. Майму пахіламу плячу Плячо дзяўчына не падставіць. Я страціў даўнія падставы Аклікнуць тых, Каго хачу. Цяпер я, Нібы папскі нунцый Ці нават сам суровы Бог, Адно, што маю,— Азірнуцца І ціха адысціся ўбок. Ну што — Дажыўся, Галубок?.. * * * Калі пад зорным купалам высокім I для мяне журботны звон праб'е, Адкінуўшы і крыўды, і папрокі, Я зноў цябе паклічу да сябе. I прыпаду ў апошнім парыванні Да дарагіх халаднаватых рук: "Даруй мне ўсе грахі. Даруй каханне. I вернасць старадаўнюю даруй. Сагрэй хаця б усмешкаю слабою, Пакінь мне пацалунак на ілбе. Калі мы там сустрэнемся з табою, Я зноў навекі выберу цябе..." * * * Як цябе няма са мною побач, Белы свет халодны і пусты. I гукаю я тады на помач У адчаі: — Любая, дзе ты?! Хай вакол вірыць жыццё нястомна, Маладосць ад шчасця ў бубны б'е, Я ўсё роўна Быццам непрытомны I асірацелы Без цябе. Поспех, Слава, Дабрата зямная, Што ў душу завабілі вясну? Без цябе, Я гэта добра знаю, Трацяць сваю даўнюю цану. Адплываюць жураўліным клінам Летуценні, Песні I лісты... Можа, Я пасля сябе пакіну Толькі крык мой: — Любая, дзе ты?! * * * Не пакідай мяне. Пабудзь яшчэ. Перашапчу табе ўсе казкі свету. I прачытаю тайнапіс вачэй. I зразумею ўсе твае сакрэты. Дазволь, Як пасля першага глытка, Забыць вясновай хмельнасці гарчынкі I залатым крылом маладзіка Разгладзіць твае лёгкія маршчынкі. Няхай расстання чорная жуда Нас не кране сваім агнём халодным. Не пакідай мяне. Не пакідай. Не пакідай I сёння, I заўсёды. * * * Ты, мой строгі крытык і дарадца, Галавой хітаеш над радком: "Вось і пачынаеш паўтарацца, Да юнацтва цягнешся крадком. Сённяшні самотны дзень кароткі Да сябе ў памочнікі бяры! Там твае галоўныя знаходкі, Там твае бясцэнныя дары..." Я ж аддам наступныя дары ўсе, Не спытаўшы нават аб цане,— Толькі б дзень той светлы поўтарыўся, Калі ты ў жыццё прыйшла ка мне. * * * Патушы у сваёй душы нянавісць, Запалі ў сваёй душы любоў. Чорныя часы бываюць нават У бязгрэшных белых галубоў. Роспачнасць і ім ламае крылле, Кідае бязлітасна на брук. Пазнавата мы з табой адкрылі, Што няма кахання без разлук. Верылі мы доўга, Што заўсёды Будзе з намі наш шчаслівы час, Што расчараванні і нязгоды Існуюць на свеце не для нас. I прыгадваць сёння недарэчы Боль ранейшы і папрок любы... Вунь і ў галубоў бываюць спрэчкі. Ну а мы ж з табой — Не галубы... * * * Каму б я верыў, Каб не ты? Мне б дзень быў шэры, Каб не ты. I цуд дзявочай пекнаты Не грэў бы вочы, Каб не ты. Пра што б я думаў, Каб не ты? Памёр бы з суму, Каб не ты. У свеце, Поўным Нематы, Я б стаў бязмоўным, Каб не ты. Я б быў няшчасны, Каб не ты — Без дабраты, Без праваты. I ўсё ў душы маёй дачасна Даўно б пагасла, Каб не ты... * * * Абцалую цябе, Абшапчу, Адагрэю, Не пушчу ні на міг У сівую зіму. Над вяршынямі сосен, Над вольным палётам барэю На далонях прызнання Да Бога самога ўзніму. Я не дам табе слова сказаць — Я ўсе іх разгадаю. Я на вуснах тваіх Прачытаю найлепшы свой верш. Над шляхамі і снамі, Над песнямі і над гадамі Ты, Як месячык ясны, У казку маю паплывеш. А на грэшнай зямлі Мы прысядзем пад яблыняй белай — I ўсе кветкі і травы Пакладу табе моўчкі да ног, Ад нязнанага шчасця, Ад удачы сваёй захмялелы, Малады і наіўны I твой раб, I твой Бог... * * * Калі хто скажа, што ў каханні ён Усё спазнаў і вычарпаў дазвання,— Не верце. Ен не знаў яшчэ кахання. Ён яшчэ трапіць да яго ў палон, I будзе плакаць над сабой былым, I пракляне ўчарашняе бяссонне, I здзівіцца, Што, можа, толькі сёння Узнік кахання воблік перад ім. Калі хто скажа, што даўно Ані Ужо няма ў каханні таямніцы,— Не верце. I яму яшчэ прысніцца Яно, Як цуд нязнанай чысціні, I ён, як невядомыя дары, Адшукваць будзе для прызнання словы, Каб спаконвечнае адкрыць нанова, I тайну тайн шчасліва паўтарыць, I зразумець аднойчы, Што жыццё Было б пустым і вартым спачування, Калі б на свеце не было кахання, Дзе ўсё спрадвек — Сакрэт і адкрыццё... * * * Імклівы час — Мудрэц вялікі. Як паяднаў чароўна ён Каханых незямныя лікі, Зямныя воблікі мадон! Як звёў іх проста і прароча, Злучыў развагу і парыў, На прыгажосць жывую вочы Велікадушна нам адкрыў! І абнавілося каханне, I ў разняволенай душы Зямлі і неба паяднанне Даспела, Нібы спарышы. I ў снах пакутлівых узніклі, Неразгаданыя спокон, Коханых незямныя лікі, Зямныя воблікі мадон... * * * Калі з начнога плёса Праз трысцё Ты бегла, Каб ка мне на рукі ўпасці, Я думаў, Што каханне — Гэта шчасце, Якога хопіць мне на ўсё жыццё. Калі ў расчаравання на мяжы Мне вечнасцю здаваліся мінуты, Я думаў, Што каханне — То пакуты, Якія немагчыма перажыць. Калі ж суцішыў час мой гнеў пусты I мудра ўраўнаважыў Сум і радасць, Давер і рэўнасць, Жорсткасць і спагаднасць, Я зразумеў: Каханне — Гэта ты... * * * Твая прысутнасць у гэтым свеце Дае стамлёнай душы надзею, Што я злаўлю ўсё ж блакітны вецер, Што я аднойчы памаладзею. I хай сустрэцца не давядзецца, I хай не спраўдзіцціш мара тая, Твая прысутнасць у гэтым свеце Мяне ў юнацтва маё вяртае. Не маладое шаленства мая I не спайманы блакітны вецер — Мяне на грэшнай зямлі трымае Твая прысутнасць у гэтым свеце.

Оглавление

  • Генадзь Бураўкін ЧЫТАЮ ТАЙНАПІС ВАЧЭЙ Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Чытаю тайнапіс вачэй», Генадзь Мікалаевіч Бураўкін

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства