«Рэшта»

929

Описание

Папковіч Уладзімір, нарадзіўся 25.03.1935 г. у вёсцы Дварэц Вілейскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і. Скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў (1958), выкладаў у гэтым інстытуцё нямецкую мову (1958-1962). Працаваў інжынерам-перакладчыкам патэнтнага бюро Інстытута навукова-тэхнічнай інфармацыі і прапаганды пры Савеце Міністраў БССР (1962-1963), старшым выкладчыкам кафедры замежных моў Менскай вышэйшай інжынерна-радыётэхнічнай навучальні (1963-1964), інжынерам-перакладчыкам аддзела тэхнічнай інфармацыі Менскага оптыка-механічнага завода. У 1966-1970 гг. настаўнічаў у школе №– 20 у Віцебску, у Віцебскім педінстытуце. Зноў працаваў інжынерам-перакладчыкам. З 1973 г. выкладчык нямецкай і ангельскай моў Віцебскага індустрыяльнага тэхнікума, з 1982 г. - старшы выкладчык Віцебскага педінстытута. Сябра СП СССР з 1981 г. У друку выступае з 1962 г. з вершамі і апавяданнямі. Аўтар зборнікаў вершаў «На досвітку» (1978), «Зерне» (1982), «Самы кароткі цень» (1988). На беларускую мову перакладае творы нямецкіх і польскіх паэтаў. У яго перакладзе выйшлі кнігі І.Р.Бехера «Вяртанне да сябе» (1988), Р.Крафта...



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Рэшта (fb2) - Рэшта 80K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Уладзімір Папковіч
Ўладзімір Папковіч
Рэшта

Вершы

Пытанні Не пытайся, чаму я такі, не шукай, дзе прычыны ды фактары... Пераблыталіся вякі у душы маёй і ў характары. Не пытайся, хто я такі, і адкуль такая парода... Не высокага роду я... І бацькі мае выйшлі, як кажуць, з народа. Не пытайся, а як я, такі выжываю і што адчуваю... Сілу Боскай магутнай рукі зведаў я і сябе не хаваю. Надзея Сяргею Макарэвічу У працы, у сяброўстве, у каханні не абыходзіцца зазвычай без тугі. Шчаслівы быў... і вось расчараванні... Усё сплялося у клубок тугі. Ты волю страціў, ты не бачыш выйсця, і на падмогу аніхто не йдзе. Ты ўжо забыў, што дужы быў калісьці і мог супроцьстаяць любой бядзе. Цябе пужаюць змрочныя падзеі, і страх жыве, стаіўшыся ў грудзях. Каб не іскрынка кволае надзеі, хто вывеў бы цябе на светлы шлях… Не стрымаць Як хутка, нястрымна бяжыць малое дзіця за вароты! Упала, крыху паляжыць, зноў рынецца ў цемру і слоту. Кроў на каленях, лакцях... Пусціце ж яго, панове... Надзеяй завецца дзіця, імкнецца яно да Любові. Мара жанчыны Я ведаю, як гэта ўсё бывае – Не першы дзень жыву на белым свеце, – як дождж ліе, і вецер завывае, як плачуць горка без нагляду дзеці. Зімовы шэры сум і краскі мая у хаасе і ў мітусні праходзяць. І гэта шчасце? Не прымаю. Святла не бачу. Сцены сум наводзяць. Мне выбрацца б на волю, у абшары, Каб вецер лёгка валасы кудлаціў, адчуць на целе лёгкі сверб загару, прабегчы басанож па сенажаці. І засмяяцаа ўголас, без прычыны, і радасці слязу змахнуць употай, зазнаць сябе жаданаю жанчынай усёй істотай. * * * Мінулае не апяю, не ўслаўлю і не зашклю у гожай раме. Пайду і свечачку пастаўлю, пакутніцы вялікай – маме. Яна свой век адгаравала, малую долю хто ці зведаў таго, што маме перапала з несправядлівасці і бедаў. Калі ж здаецца мне: валюся, нічога ў свеце больш не міла, тады я кленчу і малюся, як мама некалі рабіла. Навошта зноў... Табе здаецца: атрымалася, пачатак ёсць, канец даробіш, што толькі ў думках планавалася цяпер жыццёва ты ўвасобіш. Надзеі, мэты – па парадку належна здзейсняцца. І кропка. Навошта ж зноў усё з пачатку ты выштукоўваеш таропка? Старасць Мне старасць не падабаеца, зусім не люблю сваю. Нічога ўжо не адбываецца... Моўчкі ў натоўпе стаю. Бягуць, мітусяцца, штурхаюцца, ад ранку да ночы – штодня. Мне гэта не падабаецца... Прайграная мной гульня… * * * Жыццю я болей не супраціўляюся, няхай сабе ідзе, як Бог святы дае, працую мала, болей забаўляюся, і слухаю душу, калі яна пяе. Куды спяшацца, да чаго імкнуцца? Чаго няма – няхай, хапае мне, што ёсць. Жаданне маю: раніцай прачнуцца, і азірнуцца – што за прыгажосць! Ці сонца ў небе, а ці дождж грукоча, ці снегавеі круцяць за вакном, мая істота існай Веры хоча, перш чым засну глыбокім вечным сном. Пара ўжо нам суцішыцца, старыя: гады прайшлі, і мы не вернем іх. Папросім Бога, хай ён нас закрые сваёй рукой ад чорных сіл сляпых. * * * Злуюся, бо не разумею... Загадкі мяне бянтэжаць. Мой розум нямее, я трачу надзею... Сумненні мой гонар карэжуць. Я ад усіх у сабе замыкаюся, бо на пытанні не знаю адказаў... З дурасцю ўласнай паціху звыкаюся. Перажываю спакойна паразу. Страчаны рай Было з прыродаю адзінства... Дзе ты, чароўны край? Не вернемся ніколі мы ў дзяцінства, у блаславёны рай. * * * Сыпаўся зорны дождж чэрвеньскай ночкай з неба. Шаптала каханаму: «Больш мне ў свеце нічога не трэба». Ён яе не разумеў: «А грошы, а ‘тачка’, а дача?» Каханы ўсё гэта меў. Нямеў: чаго яна плача? * * * Хачу пазбыцца слабасцяў сваіх: я нерашучы, не актыўны, кволы, з людзьмі ў размовах надыходзіць міг, калі ў адкрытасці стаю, як голы. Мо’ лішні тут? Дык як цяпер мне быць? Гляджу і шчыра з прабіўных дзіўлюся. Хачу ўсе слабасці ў сабе забіць... А кім зраблюся? * * * А было ж: з нягоднікамі біўся, не трываў я пошасці ніколі. А было ж: з малодкамі любіўся У пакоях, пунях і на волі. Як вірліва кроў наша кіпела, толькі вочы ў вочы – замыканне. Вельмі хутка жарсць у целах спела для кахання. Зазіраючы малодцы ў вочы, замыкання зноў дарма чакаю. Ах, дзе тыя дні і тыя ночы? Уздыхаю. * * * Сёння я нібы ў чужой краіне, не арыентуюся ані. Крочу па няходжанай сцяжыне, спатыкаюся аб карані і пні. Не, я заблудзіўся не ў прасторы – час, куды я трапіў, мне чужы. Ведаю ж: між «сёння» і «ўчора» не было ніякае мяжы. А цяпер падзелена ўсё чыста, нават вера – на «была» і «ёсць». Той, хто камунізм хваліў квяціста, сёння у царкве найпершы госць. Той, хто дзетак навучаў «узорна», меў за іх падзякі, медалі, сёння запаўняе рынак «порна», каб цяклі даляры і рублі. «Белыя вароны» не ў пашане. Лепш замоўкні, дурань, і сядзі... Я й сяджу, асуджаны зарання, не чакаю літасці суддзі. * * * Аплецена ўся планета сеткай шумлівых шляхоў. Усе да адзінай мэты імкнуцца з розных бакоў. Бягуць, лятуць, мітусяцца, побачкі і па адным, быццам вельмі баяцца страціць належнае ім. Звужаецца шлях шырокі у тонкі струмень гадзін. Свае апошнія крокі раблю, непрыкметны, адзін. * * * Ноч надыходзіць, і зоры міргаюць нам таямніча. Космас – бяздоннае мора – нырца даць завабліва кліча. Ён заклікае скарыцца самай магутнай сіле, забыцца і растварыцца у вечным сусветным пыле. Няхай паўнаводная Лета нясе нас на хвалі кіпучай... Ці ж гэта благая мэта – зрабіцца пылінкай бліскучай? * * * І мне таксама хочацца гармоніі душы і цела, жарсці й чысціні. Жыву ж аглушаны, у какафоніі, спакою на душы – ані. Я сам сябе караю і пакутую. Дзе выйсце з пекла гэткага знайсці? Іду я ўпарта праз завею лютую, збіраю сілу ўсю сваю: «Не адпусці...» Праходжу ўрэшце праз заслону шэрую, І ясны голас чую: «Не адрынь...» На неба пазіраю, паўтараю: «Верую...» Амінь. * * * Ты ведаеш усе мае грахі, ты ведаеш, за што баюся кары, ты ведаеш, куды вядуць шляхі маёй таемнай запаветнай мары. Ты ведаеш, каго начамі сню, ты ведаеш, каго я днём шукаю, ты ведаеш: табе я не зманю, пакуль кахаю. * * * Каханая заснула без мяне, безабаронна-кволая такая... Трывога агарнула яе ў сне, на твары неспакой не патухае. * * * Быў ціхі вечар і задумны сад, вяла сцяжынка вузкая да саду. Мы ў ноч патрапілі, нібы ў засаду. Згубілі сцежку, каб сыйсці назад. Ноч незабыўная была... Там над сабою страцілі мы ўладу, і пад суквеццем зарападу любіліся да першага святла. * * * Абміраю ад твайго пагляду і гару ад поціску рукі. Бачу я ў вачах тваіх прынаду, што вядзе ў нірвану нацянькі. Да крыніцы хмельнай асалоды прыпадае мой сасмяглы рот... Маладосці грэшныя прыгоды дараваў Гасподзь нам напярод. * * * Шкада мне, што так атрымалася, я сваркі з табой не хацеў. Гарачае слова сарвалася, дакор з языка зляцеў. Цяпер мы амаль не вітаемся, а толькі махаем рукой. Адзін аднаго не пытаемся, ці ёсць на душы спакой. У нас у душы сумяціца. Не ведаем, што і рабіць. Хто першы павінаваціцца? Як пад прыгнётам жыць? * * * Давіду Сімановічу Бяжыць, бяжыць, амаль ляціць на крылах духу і натхнення, і гучным водгукам трымціць, вунь там, наперадзе імгненне, калі захочацца сказаць: «Усё! Я прыручыў удачу. Я лёс свой здолеў закілзаць і свет хоць крышку перайначыў». Не, гэта, брат, не мітусня, А дзея, барацьба і мэта. Мацуецца жыццё штодня у мужным дзённіку паэта. Адважыўся ён сэнс і тло, дабро і зло як ёсць пазначыць. Ён кажа нам: «Вось так было»... Жыццё па-свойму кожны бачыць. * * * Змрочны, захмараны, шэры туліцца дзень да дзвярэй. Я адчыняю дзверы, мне ціўкае зноў верабей. Я зразумеў, бедалажка, што ты прадказваеш мне: мне дзень будзе вытрываць цяжка... А табе хіба – не? * * * Улукаткі іду, без маяка плыву, губляю шлях, у цот-няцот гуляю, сабе і людзям назаляю... Але жыву. * * * У кожнага сны і мроі свае, усе вар’яцеюць па-свойму. Не разумею, што мне спаць не дае, ляжу, спавіты змрочным сувоем. Пакутны, я літасці ўсё ж не прашу, я вымавіць слова не ў стане. Поп ціхамірны мне справіць імшу, адпусціць душу без пытанняў. * * * Пра што падумаў, не скажу... Я сёння не гатовы адолець вечную мяжу між думкаю і словам. Бо Слова, што ў Яго было, з Ім мусіць і застацца. Мне ж Неба сілы не дало як след ім скарыстацца. Бездапаможны, мармычу, нашу ў душы святое. Я выказаць яго хачу... Не тое ўсё, не тое... * * * Нічога. Аніводнага слупка. Ані радка, ні слова, ні паўслова. Хацелася магутнага рыўка да шчырасці... Ды аднялася мова. І гэты дзень безвынікова знік... Што ў ім было? Бязладдзе і бязлюддзе... Міргае мне гарэза-маладзік, ён суразмоўнікам мне сёння шчырым будзе. * * * Каля помніка А.С. Пушкіну Гайдаюся, плыву на лёгкакрылай хвалі, я сёння ўцёк ад непатрэбных спраў... Здаецца мне, што мы б пасябравалі, калі б сустрэліся... Але мне Бог не даў... Высока ты, я ж кропачка малая, стаю, задраўшы ўгору галаву. Кастром нябесным геній твой палае, і, бачачы цябе, я весялей жыву. Яшчэ ўсё можа быць! На цесным раздарожжы, дзе пыл касмічны паміж зор курыць, мая душа аж захлынецца: «Божа!» Ад блізкасці з табой дашчэнту ўся згарыць... * * * Ужо цяпер мне зразумела, што год улукаткі ідзе. Супраціўляюся бядзе, але няўпэўнена, нясмела. Нясу свой крыж абавязковы на звыклай да яго спіне. Мяне цяжар да долу гне... Але трымае гарт вясковы. * * * Ішоў баязліва, таропка па вузенькай сцежцы быцця, Сусвету малое дзіця, зямная маленькая кропка. Наканаваны быў шлях, з яго я ўвесь час збіваўся, даўгі аддаваць забываўся, і гонар свой пляжыў наўзмах. Паціху брыду пад гару, пакорлівы, паслухмяны... Звалюся ў мурог духмяны, «О, Божа!» скажу. І памру. * * * Удзень не пішуцца лісты, я іх адкладваю на потым, калі настане змрок густы і апануе адзінота. Тады з глыбокіх таямніц праб’юцца вонкі думкі, мроі, падобна да вады з крыніц, што лечыць перапад настрою. Бягуць, бягуць тады радкі, душа зліваецца са словам. Той ліст, сардэчна-трапяткі, абудзіць згаслае нанова. * * * Сяргею Рублеўскаму А што сапраўдная паэзія? Не ведаю. Чытаю штосьці. Штосьці не чытаю. Я не вучоны. Слова не даследую. Калі не спіцца, зборнічкі гартаю. Бывае, што зачэпішся знянацку: чаму ж раней на вока не траплялася? Трымаеш кніжку, як малое цацку, з якой яно яшчэ не нагулялася. Смакуеш слова, чуеш пах і гукі, і так і гэтак – вось яно, сапраўднае! Не трэба тут ніякае навукі: яно адно, высокае і слаўнае! Перад табою новы свет адчынены, ты здзіўлены: як жыць было без гэтага? Уся зямля – з чужынамі, з Айчынаю ёсць толькі кропка зьмесціва сусветнага. * * * Мне раілі, як трэба жыць паэту. Ёсць людзі, кампетэнтныя ва ўсім. Не жалься, гаварылі, аніколі свету, І, лепей, меней сутыкайся з ім. Жыві адзін. Жыві сабе і мыслі. Калі ж не мысліш, думай проста так. Глянь, вунь туманы над ракой навіслі. Паслухай, хто там ціўкае ў кустах. Сплылі аблокі. Сонца добра грэе. У белы свет расчынена вакно. Старэе дзень. Паціху вечарэе... І я з прыродай зліўся у адно. Гляджу: цвіце вясновая алея, і далятае шумны гул падзей, і на душы ў мяне цяплее... Імкліва выбягаю да людзей. * * * Старасць мяне штурхае на шалёныя ўчынкі. За сцяной ноч глухая, б’юць у вокны дажджынкі. Ну, а мне не сядзіцца, штосьці цягне на волю. у самоце нудзіцца невыносна мне болей. А сусед мой смяецца: і чаго яму трэба? Ах, нялёгка даецца парыванне да неба. * * * Да ночы сядзіш і чакаеш пісьма, хоць бы якога е-мэйла... Ды ў скрынцы зноў нічога няма, і віртуальнасць знямела. Не мае спраў з табой белы свет, маўчыць, смеючыся таемна. І ты супакойся, занудлівы дзед, да свету стаўся ўзаемна. * * * Ёсць імгненне паміж сном і явай, тут як тут з’яўляюцца прывіды: гарады, пустыні, піраміды, і лугі з някошанай атавай, і цягнік, які на адыходзе, ведаю, заканчвае пасадку. Голас раптам закрычыць: «Валодзя! Вып’ем на апошнюю дзесятку...» Я прымаю хуткае рашэнне: верх бярэ вясёлая распуста. Ляпаю рукамі па кішэнях, ды ў кішэнях, як заўсёды, пуста. * * * Пра суіцыд задумаўся паэт, узрадаваўся, што нарэшце – кропка. Наліў гарэлкі ў келіх нетаропка, і выпіў за пракляты белы свет. * * * Cэнс жыцця – прыдуманыя словы, іх язык прамовіў – памяло. Дрэва вырастае – будуць дровы, чалавек памрэ і – толькі тло. Век прайшоў – і нам пакінуў атам. Менш для міру, болей для вайны. Чалавек! Не будзь такім вар’ятам, Не паддайся «праўдзе» Сатаны. * * * Спявай, хлапец, спявай, мне так прыемна душу вясёлай песняй суцяшаць. Нам жыць лягчэй, калі сябры ўзаемна настрой святочны ўмеюць падвышаць. Давай па чарцы вып’ем для настрою, давай вяндліны, што з дымком, куснём. Адзін за аднаго стаяць будзем гарою. А звалімся... Дык разам і заснём. * * * Ах звалілася, ах пакацілася грукатлівая лёсу падвода. Чалавецтва не спахапілася, ні слязы не ўраніла прырода. І сяброўкі-сябры не заплакалі, і нябёсы не спахмурнелі. На выбоінах колы пратахкалі... А жыты з лёгкім шэптам рунелі. Багна прагная гучна зацмокала, бццам ў вусны пацалавала. Свет згубіў не арла і не сокала. Чалавека... А гэта – ці мала? * * * Не бойцеся праўды, панове... Вылазьце з хлуслівых бярлог... Сказана ж: Бог ёсць у Слове, і Словам кіруе сам Бог. Вядома, вам не даруюць, тыя, што ў праўду плююць. З вамі не пасябруюць... Магчыма, нават заб’юць. Ды праўда, што паляцела на вольную волю – жыве. Магчыма, заб’юць ваша цела. А Дух аж да Бога ўсплыве. * * * Я чытаю старога паэта, ледзь не класіка, ад зямлі. Ды ж не так было... гэта... і гэта... Мы й тады не роўна жылі. Кожны свой выбіраў накірунак. Хто не ведаў, паказвалі шлях. Наравістых вучыў пастарунак. Лізунок быў у каралях. Анікога не папракаю, і нікога зусім не віню. Праўды я ад улад не чакаю, а ў паэтаў праўдзівасць цаню. * * * Прамаўчыш, калі хочацца крыкнуць. пашукаеш спагадных вачэй, і пачвары агідныя знікнуць, раптам сонца заззяе ярчэй. Ты ж прасветленым нанава зрокам свет убачыш, які адкрыў. І адчуеш сябе прароракам, быццам з небам пагаварыў. * * * Ты кажаш злосць? Ты кажаш кпіны? Табе баліць, а ты трывай. Шапчы сабе: я вінны, вінны, і боль душэўны прыхавай. Няхай сабе яны злуюцца, што ты не гэткі, не такі. Няхай сабе мячы куюцца, куюцца для крыжа цвікі, і ладзяцца табе спакусы, спужаць, купіць, захамутаць... За ўзор сабе ты ўзяў Ісуса. Не дай святое растаптаць... * * * Я не забыўся, дзе мой родны дом, я кожны дзень яго прыпамінаю: ці з-за стала ўстаю, ці ў ложку засынаю, і ў дождж, і ў снег, і раніцай, і днём. Маё дзяцінства мне ўваччу стаіць – і з печы блін, і баразна у полі. Як мне забыць? Я – частка горкай долі. Што я адтуль, мне проста не ўтаіць. Ніколі не вярнуся ўжо туды, у гэны час, гаротны і пяшчотны. Прыжыўся ў іншым месцы я, залётны, а ўсё вяртаюся ў дзіцячыя гады. * * * Зноў вяртаюся з падарожжа, а няўпэнены быў, ці вярнуся ... Са слязамі шапчу: «Як прыгожа На Радзіме маёй – Беларусі...» Быццам бы аніколі не бачыў нашых вёсачак, нашы палеткаў, «мерседэсаў» ля новых дачаў, і з грыбамі мурзатых падлеткаў. Гэта ж наша ўсё – і прысады, і цялё, што за студняй пасецца, і на возе малыя, што рады, як пад імі той воз трасецца. Тое ж самае ўсё – ды не тое, Беларусь мая твар свой змяняе. Хай жа боскае ў ёй, святое цень ніякі не засланяе. * * * Прабіўся я цяжка праз голад і сцюжы, праз жорсткія пасткі, што ставіў мне лёс. Не стаўся нахабны, ні вёрткі, ні дужы, праз продань нявыкруткі Бог мяне нёс. Не сумняваюся: верыць – не верыць? Вера мне моцы ў жыцці надае. А звычка свой поспех «зялёнымі» мераць да слабай душы маёй не прыстае. Прыходжу на фініш. Ні славы, ні грошай... Я не наўчыўся дабро набываць. Затое валодаю мудрай раскошай: на беды не скардзіцца, звягі трываць. * * * Яна сядзела злева ля вакна, а ён круціўся, як з сабой ні біўся. Хлапца зусім не бачыла яна. Ён злосным неслухам рабіўся. Тры кучаравінкі каля яе вушэй... Вачэй не адрываў ад іх, нябога. У свеце анікога харашэй і разумней не ведаў ён нікога. Яшчэ і сёння вобраз той жывы... Як склаўся лёс яе? Жывецца «кучарава»? Не павярнула аніразу галавы убок яго, дурненькага, направа... * * * Вакол мяне настала ціша, як быццам і няма мяне. Ніхто не звоніць і не піша, і проста так не зазірне. Я не прывык да адзіноты, мне сэрца ад яе баліць. Меў сябра, з жартам, анекдотам, і меў гатовага наліць. Чакаю, можа, хто заскочыць, без мэты, так, пагаманіць. Душа камунікацый хоча, яе ніяк мне не змяніць. Сяджу, нуджуся і чакаю, на двор праз шыбу глядзь-паглядзь. Вось так паволі прывыкаю з сабой, самотным, размаўляць. * * * Люблю падацца ў белы свет, у шлях нязнаны і няблізкі, купіць да пункта N білет, жыць без нагляду і прапіскі. Пакінуўшы свой родны дах, пакуль душа зноў не заные, павандраваць па гарадах, дзе ёсць музеі і піўныя. Худым, счарнелым, з барадой вярнуцца і паспавядацца… Піць роднай мовы сырадой, і ад зласліўцаў адбівацца. * * * Неба пацямнела ўжо і пайшлі дажджы, гамана цішэе ў лістоце густой. Чуецца настойлівы шэпт: «Дапамажы!» Мне чужым здаецца ўласны голас свой. Да каго звяртацца мне і каго гукаць... Неба патыхае першым халадком. Што даўно мінула, больш не адшукаць: вечнасцю засыпана, жвірам і пяском. Я іду разгублены праз глухі натоўп, сяброў не знаходжу, не бачу радні. Аб сцяну каменную разбіваю лоб. Цемра непраходная... Божа барані... * * * Гэта дзіўна – як мы давяраем словам, што пачулі ад людзей. Бестурботныя, не правяраем, добры чалавек, ці ліхадзей. Прасцякі мы, поўныя наіву, часта зноў не пазнаём ліхіх... Не прыдатныя да супраціву, мы хутчэй любіць гатовы іх. Нам жывецца мулка і нялёгка, ды не хочам пра бяду крычаць. Коцяцца калёсы. Вельмі дрогка. Бомкі шчасця у вушах гучаць. * * * Ужо і сонейка ўставала, клі мы выйшлі з-за стала. Размова жорсткаю была. Абодвум словаў не хапала. Спрачаліся: дабро ці зло дужэйшае – што пераможа, як перажыць навалы гожа, душа ёсць цемра ці святло. І ўвогуле, які ў тым сэнс, што мы ўсё лепшага чакаем, а рэчаіснасці ўнікаем, бо рэчаіснасць – гэта стрэс. І ясны дзень настаў даўно, а мы спрачаліся бясконца, гуляла колерамі сонца праз недапітае віно. * * * Я прызнаю сваю віну, у тым, што ў свеце грэху многа, сваю таксама даніну я ўнёс, не слухаючы Бога. Паслухаўся ерэтыкоў, паверыў, што я нешта значу без веры ў боскую любоў, у найвялікшую задачу: жыць і душою не крывіць, ў няпраўдзе не шукаць карысці... Хачу жыццё я абнавіць... У дабрыні шукаю выйсця. * * * Ад гучнай фразы да маленькай коскі я навучыўся грамаце усёй у непрыкметнай беларускай вёскі, настаўніцы, дарадчыцы маёй. Яна мне песень ціхіх наспявала, яна мне сцежкі разаслала ў свет, бывала, што і пальцам мне ківала, калі ступаў у крываваты след. Так і жыву па простых тых уроках, якія я праходзіў кожны дзень… Мне маляўнічасць бачыцца ў аблоках… Дарма што ад святла бывае цень… * * * Ды не паеду я ў Анапу, не палячу ў гаючы Крым. Пайду, прылягу на канапу, зраблю сабе маленькі дрым. Душу паціху супакою, настроюся на дабрыню, і, лежачы ў сваім пакоі, сяброў прыпомню і радню. І задрамлю я ў сэрцы з імі, і ўбачу каляровы сон: я побач з мёртвымі й жывымі іду да Бога на паклон. * * * Варта камусьці крыкнуць і сэрца маё задрыжыць. Ніяк не магу прывыкнуць, што можна без страху жыць... Выйду я ў чыстае поле і ў неба загалашу: «О дайце мне, дайце ж мне волю, болей нічога я не папрашу.» Ноч мяне змрокам накрые, прыспіць на ўвесь свет аднаго. О Маці святая, Марыя, Дай сілу мне сына твайго...

Песні

* * * Нястрымна і смела ляцелі арэлі, Насуперак страхам, насустрач вятрам... І тахкалі сэрцы, і шчокі гарэлі І вольнае волі хацелася нам... А сонца свяціла і мружыла вочы, Хацелася гучна крычаць і спяваць, Імкнуліся ў высі мы, у зааблочча, І вецер за намі не мог паспяваць. Ах, вольная воля, ты вабіш і клічаш, Пяшчотна ўсміхаешся людзям здаля, Ты рай абяцаеш, ты радасці зычыш, А ўнізе чакае нас маці-зямля. Мы дом павітаем, мы маму абдымем, Мы іх не забудзем, дзе б мы ні былі. Жыць будзем заўжды з незаплямленым імем, І весяліцца на роднай зямлі. * * * Ціхі вецер вее ў полі, Мякка гладзіць каласы. Песня чуецца на волі, Звонка льюцца галасы. Дзеці рушылі ў паходы, На жаданы вольны ўрок, Да прыроды, дзе прыгоды Іх чакаюць, што ні крок. Разгадаюць таямніцы, Здзівяцца не раз, не два… Піць ваду будуць з крыніцы, Слухаць, як расце трава. Сонца сыйдзе за пагоркі І на змену ноч прышле, Заміргаюць хітра зоркі, Месяц ў небе паплыве. І ніхто больш не гамоніць У зялёным шалашы. Толькі звон нябесны звоніць У прасветленай душы. Любы край Любы край, жыцця крыніца, Ружай гожаю цвіцеш. Мне табой не надзівіцца, Песняй мне душу усцеш. Любы край, званочкі кветак Урачыста ўсім звіняць. Радуеш старых і дзетак. Хочацца ўвесь свет абняць. Любы край, ты напаўняеш Слодыччу маю душу. І ты, пэўна, добра знаеш, Да каго найперш спяшу. Любы край, сваю Радзіму, Я з малых гадоў люблю. Я ў бядзе цябе не кіну, Віншаванні ў песні шлю. * * * На вольную волю, да сонца Імкнемся душою заўжды, У свет наш, шырокі, бясконцы, Вясёлы і малады. На волі спяваецца звонка Пра луг, пра палі і лясы. А з намі спявае старонка На розныя галасы. У доме высокім ці ў хаце Імкнецца народ да святла, Мы чуем, як родная маці, Свой голас у песню ўпляла. І ў хоры магутным запела Прырода і з ёю народ. І песня удаль паляцела Без межаў і перашкод. Расслабцеся! * * * Стаўся да сябе так, як ставішся да іншых. Жудасна будзе тады застацца сам-на-сам з сабой! * * * Дэманстравала дзеўка гожасць ног. Дзед не глядзеў. А што ён мог? * * * Як гэта нясмачна, як гэта банальна. Але рагочуць дружна ўсе, павальна. * * * Адбіваюся сам ад сябе... Няма пераможцы ў той барацьбе. * * * – На тым і стаю! – упарціўся муж. – Паглядзі, куды ўлез... – кпіла жонка. * * * У цесным трамваі жанчына пайшла на мяне грудзьмі. Ніякай эротыкі. * * * Прафесар студэнту пасля вельмі сціслага адказу: «Мала, мала, мала...» Студэнт: «Іваноў даў яшчэ менш.» * * * Была прыгажуня нялёгкіх паводзін, Таму з ёй ужыцца не мог аніводзін. * * * Схаваўся за суседаву шырокую спіну. Ударылі ззаду. * * * Ад думак замарыўся, лёг у ложак, Ды колкай прасціна была, як вожык. * * * Схапіліся ў бойцы вар‘ят і псіх. «Давай, давай!» – падзуджавалі іх, пакуль адзін нарэшце не заціх. * * * Нядбайла на хвалу начальніка купіўся, наліў яму віна, сам, як свіння, напіўся. * * * «Без мяне народ няпоўны»... Народ маўчыць, бо ёсць Галоўны. * * * Дзіка б’юць пад дыхаўку, а ён не здаецца. «Вы не замарыліся?» – з’едліва смяецца. * * * Хочацца глыбока задумацца.Толькі, пра што, не ведаю. * * * Дурань ёсць дурань. Трымайся спакойна. Не пераробіш яго пад сябе. Войнаў не трэба. Паводзься прыстойна. Сорам Быць з дурнем у барацьбе. Нарэшце Пад старасць болей цягне да прыроды, да траваў, дрэваў, нівы і раллі. Разгадваю затоеныя коды, як дасягнуць мне існасці зямлі. Ці не зачаста мы грашылі словам, не ўкладваючы ў слова пачуцця? Хваліліся нябачаным «уловам», урваўшы кус тлусцейшы у жыцця. Здавалася: ажыццявяцца мары, і мы адмолім цяжкія грахі. Гляджу на неба... Праплываюць хмары. І сонейка між іх. У сэрцы боль глухі. * * * Ну вось і ўсё. На гэтым развітаюся. Што на душы ў вас, не пытаюся...

Оглавление

  • Вершы
  • Песні Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Рэшта», Уладзімір Папковіч

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства