Крыніца: Генадзь Сагановіч. Невядомая вайна: 1654-1667. Менск, Навука і тэхніка, 1995.
ПРАДМОВА...Вайна крывавая, несправядлівая,
без прычыны і абвяшчэння.
Веспасіян КахоўскіПопел і чорнае вуголле, наверша стралы ў шкілеце і мноства магілаў - вось чым пазначаны для мяне пачатак непасрэднага вывучэння беларускага сярэднявечча. Перш быў Амсціслаў, археалагічная экспедыцыя А.Трусава. Пасля - даследванні ў Менску, раскопкі рэшткаў Дамініканскага касцёла пад кіраўніцтвам З.Пазняка. Ізноў тое ж ХVІІ ст.: расчыстка пахаванняў у лёхах былога храма, вялізных групавых магілаў, у якіх прабітыя, рассечаныя чарапы, а сярод цаглянага друзу - гарматнае ядро. Затым яшчэ былі Койданаў, Гарадок, раскопкі ў іншых гарадах і мястэчках, і паўсюль зноў і зноў уражвалі папялішчы ды чалавечыя косці, косці, косці...
Сляды якой трагедыі так неадступна спадарожнічаюць даследванням беларускага феадальнага горада? Базавыя гістарычныя веды, атрыманыя ў ВНУ, афіцыйна даступная літаратура не тлумачылі гэтага. Наадварот, яны ўсё заблытвалі. Бо, паводле прынятых уяўленняў, ХVІІ ст. на Беларусі не вылучалася асаблівым трагізмам, а самая доўгая трынаццацігадовая вайна - гэтак званая расейска-польская - была вызваленчай па характары. Нездарма, маўляў, жыхары беларускіх гарадоў і вёсак з радасцю сустракалі царскае войска, усяляк дапамагалі яму.
Але ў такім разе што гэта за жудасныя знішчэнні скрозь у археалагічных раскопах? Чаму ў Амсціславе на сцяне Кармяліцкага касцёла з правага боку каля хораў - фрэскавая выява гэтак званай «Трубяцкой разні»? І чаму, урэшце, звесткі пра тыя падзеі зацята ўтойваюцца?
Пошукам адказу на гэтыя пытанні колькі гадоў таму і пачалася мая даследчыцкая праца, вывучэнне матэрыялаў, непасрэдна ці ўскосна звязаных з вайной другой паловы ХVІІ ст. Што да завяршэння працы, дык яго, здаецца, не будзе ніколі, настолькі важнае і надзённае, з аднаго боку, і ў той жа час складанае і працаёмкае, з другога, поўнае даследванне гэтай тэмы.
Так, надзвычай важнае. Бо калі б у мяне спыталіся, што ў беларускай гісторыі я лічу найслаўнейшым, а што - самым трагічным, дык на першае пытанне адразу, бадай, і не знайшоў бы адказу, а на другое сказаў бы без сумневу: вайна 1654-1667 гг.
Комментарии к книге «Невядомая вайна: 1654-1667», Геннадий Николаевич Саганович
Всего 0 комментариев