- Што гэта?
- Дзверы ў кантору ювелiрнай крамы. Iмi рэдка карыстаюцца.
З'явiлiся эксперты, якiх Мэгрэ выклiкаў, выязджаючы з набярэжнай Арфэўр.
- А што там, у канцы двара? - спытаўся Мэгрэ.
- Нiчога. Сцяна. Ёсць дзверы ў дом па вулiцы Мэле, але яны даўно закалочаныя.
Было вiдавочна: чалавека забiлi ўдарам нажа ў спiну, як толькi ён зайшоў у глыб тупiчка. Нехта, праслiзнуўшы ўслед за iм, цiха зрабiў сваю справу.
- Я праверыў кiшэнi i выняў кашалёк.
Нэвэ працягнуў яго Мэгрэ. Адзiн з экспертаў пасвяцiў лiхтарыкам. Кашалёк як кашалёк, не новы, але i не надта заношаны, з добрай скуры. Усярэдзiне - тры паперкi па тысячы франкаў i некалькi па сто, пасведчанне, выдадзенае на iмя Луi Турэ, кладаўшчыка, жыхара Жувiзi (вулiца Таполяў, 37), картка выбаршчыка з тым самым iменем, шматок паперы, на якiм напiсаны алоўкам пяць-шэсць слоў, i старая фатаграфiя маленькай дзяўчынкi.
- Ну што, прыступiм? - спытаўся эксперт.
Мэгрэ кiўнуў. Зазiхацелi блiцы, зашчоўкалi фотаапараты. Эксперты рабiлi свае вымярэннi спакойна, не задавалi нiякiх пытанняў, адчувалася адно, што iм трохi нязручна працаваць у такiм вузкiм праходзе. Натоўп з боку бульвара павялiчваўся, i палiцэйскiя з цяжкасцю стрымлiвалi яго.
Эксперты асцярожна вынялi нож i паклалi яго ў скрыню. Перавярнулi цела на спiну. На твары ў забiтага, чалавека гадоў сарака - пяцiдзесяцi, застыла здзiўленне. Было ў гэтым здзiўленнi штосьцi дзiцячае. Чалавек, напэўна, так i не зразумеў, што з iм здарылася. Нехта, гледзячы на яго, узнервавана хiхiкнуў.
Апрануты ён быў прыстойна: чыстыя цёмны гарнiтур i бэжавае дэмiсезоннае палiто. Але вось на нагах былi жоўтыя чаравiкi, зусiм не па сезоне.
Каб не яны, то на вулiцы гэтага чалавека нiхто i не заўважыў бы, такi ён быў неадметны.
Аднак палiцэйскi, якi знайшоў яго, сказаў:
- Мне здаецца, я яго недзе бачыў...
- Дзе?
- Не памятаю. Але твар мне знаёмы. Ведаеце, часта сустракаеш адных i тых самых людзей, а твары неяк не запамiнаюцца.
Нэвэ пацвердзiў:
- Мне ён таксама некага нагадвае. Магчыма, працаваў тут непадалёк.
Але што магло спатрэбiцца нябозе ў гэтым тупiку?
Мэгрэ паглядзеў на Сантонi. Карсiканец доўга працаваў у палiцыi нораваў i мог запомнiць яго, як аднаго з маньякаў - шукальнiкаў адзiноты. Там iх ведаюць амаль усiх. Часам гэта значныя людзi. Зрэдку iх ловяць, але калi адпускаюць, яны зноў бяруцца за сваё.
Комментарии к книге «Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)», Жорж Сименон
Всего 0 комментариев