Камiсар упершыню паехаў з Сантонi i цяпер нiяк не мог дачакацца, калi ж яны прыедуць на месца - так моцна наадэкалонiўся iнспектар. Каб здацца вышэйшым, нiзкарослы карсiканец насiў чаравiкi на высокiх абцасах, валасы ў яго былi напамаджаныя, на безыменным пальцы жаўцеў буйны брыльянт, напэўна, фальшывы.
На бульвары Сэн-Мартэн стаяў натоўп чалавек трыццаць. Iх стрымлiвалi палiцэйскiя ў накiдках. Нэвэ, якi чакаў камiсара, адчынiў дзверцы машыны.
- Я папрасiў доктара пачакаць вас, - сказаў ён.
Быў той час, калi гэтая частка Вялiкiх бульвараў робiцца найбольш шматлюднай. Вялiкi святлiсты гадзiннiк над ювелiрнай крамай паказваў дваццаць хвiлiн на шостую. Але ў краме штучных кветак, якая выходзiла на вулiцу толькi адной вiтрынаю, было ўжо цёмна. Шкло вiтрыны было такое бруднае, што, здавалася, у краму нiхто нiколi i не заглядваў.
Памiж крамай i крамкаю - вузкi тупiчок, дакладней, неасветлены, якiх багата ў гэтым квартале, праход ва ўнутраны двор.
Нэвэ працiснуўся наперад, вызваляючы дарогу камiсару. Метры за тры-чатыры ад пачатку праходу iх чакалi ў цемрадзi нейкiя людзi. У двух былi лiхтарыкi, але твары можна было разгледзець толькi зблiзу.
Тут было яшчэ халадней, чым на бульвары - дзьмуў скразны вецер. Памiж ног круцiўся, колькi яго нi адштурхоўвалi, нейкi сабака.
На зямлi, ля сырой сцяны, ляжаў чалавек. Адна ягоная рука была закiнута за спiну, а другая, выцягнутая ва ўсю даўжыню, загароджвала амаль увесь праход.
- Мёртвы?
Доктар кiўнуў:
- Смерць, вiдаць, наступiла iмгненна.
Усё роўна як пацвярджаючы гэтыя словы, святло лiхтара прапаўзло па целе забiтага i спынiлася на нажы, усаджаным у спiну. Другi лiхтар асвяцiў паварот твару, адкрытае вока, шчаку, разадраную аб камянi пры падзеннi.
- Хто яго знайшоў?
Адзiн з палiцэйскiх, якi толькi гэтага i чакаў, выступiў наперад.
- Я рабiў абход. Я звычайна зазiраю ва ўсе закуткi, бо ў iх усё i здараецца. I тут убачыў яго. Спярша я падумаў, што ён п'яны.
- Ён быў ужо мёртвы?
- Напэўна. Але цела было яшчэ цёплае.
- Якi гэта быў час?
- Без чвэрцi пяць. Я засвiстаў паставому i пабег званiць у аддзяленне.
- Слухаўку падняў я, - уступiў у размову Жэнэ. - I адразу ж прыбыў на месца. Загадаў выклiкаць доктара. Палiцэйскае аддзяленне было паблiзу.
- Нiхто нiчога не чуў?
- Не ведаю.
Непадалёк вiднелiся невялiкiя дзверы, над якiмi гарэла слабенькая лямпачка.
Комментарии к книге «Чалавек на лаўцы (на белорусском языке)», Жорж Сименон
Всего 0 комментариев