Сапраўды, не было такога чалавека, каму б Клайв мог расказаць пра ўчынак, якi здзейснiў мiнулай ноччу. Ён проста не вытрываў бы, калi б хто-небудзь сказаў, гледзячы ў яго бок: "Вось як? Ну, дык i што?", бо для таго, што ён здзейснiў, трэба было ж i мазгамi паварушыць, нават рызыкнуць крыху. Ён павесiў гальштук Вудра Вiльсана побач з гальштукамi, што былi начэплены на шнурок з унутранага боку дзвярэй яго шафы. Гэта быў шэры шаўковы гальштук кансерватыўнага тыпу i дарагi на выгляд. Раз-пораз у той дзень Клайв уяўляў, як хто-небудзь з мужчын - служачых музея, або жанчына, якую завуць Мiлдрэд, глянуўшы на Вудра Вiльсана, усклiкнуць: "Гэй! Цiкава, што здарылася з гальштукам Вудра Вiльсана?"
Кожны раз, калi Клайв думаў пра гэта, ён мусiў апускаць галаву, каб схаваць усмешку.
Праз суткi, аднак, яго ўчынак пачаў здавацца ўсё менш рамантычным i хвалюючым. Клайв пачынаў хвалявацца зноў толькi тады - а гэта магло здарыцца два-тры разы на дзень, - калi ён праязджаў на ровары каля мiгцеўшага агнямi фасада "ВАСКОВАГА МУЗЕЯ ЖАХАЎ МАДАМ ЦIБО". Сэрца ёкала, кроў прылiвала да скроняў, калi ён думаў пра ўсе тыя нерухомыя забойствы, што адбывалiся там унутры, i пра дурнаватыя твары якога-небудзь мiстэра Джона Наведвальнiка i яго жонкi, якiя назiралi за гэтымi злачынствамi з разяўленымi ратамi. Але Клайв не захацеў купляць яшчэ адзiн бiлет - коштам шэсцьдзесят цэнтаў, - каб зайсцi i ўпэўнiцца, што гальштук Вудра Вiльсана знiк, агалiўшы верхнi гузiк ля каўняра, i тым самым пацешыцца вынiкам сваёй работы.
Аднойчы папалуднi ў Клайва ўзнiкла новая iдэя, грандыёзна вясёлая задума, што прымусiць публiку падскочыць ад нечаканасцi i звярнуць на яго ўвагу. Усё ўнутры ў Клайва калацiлася ад зацятага смеху, калi ён круцiў педалямi па дарозе да крамы Сiманса, адвёзшы пакунак з прадуктамi.
Калi ж яму здзейснiць усё гэта? Сёння вечарам? Не, лепш пачакаць дзень-два, каб усё як след спланаваць. Тут трэба добра паварушыць мазгамi. I яшчэ патрымаць язык за зубамi. Да таго ж забяспечыць дакладнасць дзеянняў усё гэта вельмi падабалася Клайву.
Комментарии к книге «Гальштук Вудра Вiльсана (на белорусском языке)», Патриция Хайсмит
Всего 0 комментариев