Далей экспазiцыя музея ўключала камеры катаванняў - адна з даўнiх часоў, другая - сучасная, якая павiнна была дэманстраваць спосабы катаванняў дваццатага стагоддзя ў нацысцкай Германii або ў французскiм Алжыры. Мадам Цiбо - а Клайв вельмi сумняваўся, што яна сапраўды iснавала, - крочыла ў нагу с часам. Былi, безумоўна, паказаны i забойства Кенэдзi, i крывавая бойня, у час якой была забiта Тэйт*, i адно забойства, што адбылося ўсяго каля месяца назад.
* Шарон Тэйт - славутая амерыканская актрыса, жонка вядомага кiнарэжысёра Р.Палянскага, якая загiнула ад рук сябраў секты фанатыкаў.
Першым канкрэтным амбiцыёзным жаданнем Клайва ў дачыненнi да "ВАСКОВАГА МУЗЕЯ ЖАХАЎ МАДАМ ЦIБО" было правесцi там ноч. Аднойчы ён яго здзейснiў, прадбачлiва захапiўшы з сабой у кiшэню сандвiч з сырам. Зрабiць гэта было даволi лёгка. Клайв ведаў, што ў самым музеi - яго "вантробах", як ён у думках называў унутраныя памяшканнi музея, працавалi тры чалавекi - чацвёрты, пухлявы чалавек сярэднiх год у марской шапцы, прадаваў бiлеты ў будцы каля ўвахода. З трох служачых, што працавалi ў "вантробах", двое - мужчыны, а трэцiм супрацоўнiкам была жанчына, таксама пухлявая з курчавымi карычневымi валасамi, у акулярах, якая выглядала гадоў на сорак. Яна правярала бiлеты ў цёмным канцы калiдора, дзе i пачынаўся сам музей.
Адзiн мужчына, якi працаваў унутры музея, увесь час чытаў лекцыi, хоць звычайна iх слухала не больш паловы наведвальнiкаў.
- Тут мы бачым фанатычны выраз сапраўднага забойцы, увасоблены непераўзыдзеным майстэрствам у галiне васковай фiгуры мадам Цiбо, - i гэтак далей.
Другi мужчына, якi працаваў у музеi - брунет у акулярах з чорнай аправай, гэткай жа як i ў жанчыны. Ён хадзiў па залах, адганяючы дзяцей, якiя спрабавалi залезцi ў дыярамы, i, можа, абараняючы кiшэнi наведвальнiкаў ад злодзеяў, а жанчын - ад непрыстойных чаплянняў. Клайв гэтага не ведаў.
Аднак ён дакладна ведаў, што можна даволi лёгка прашмыгнуць у якi-небудзь цёмны куток цi ў нiшу побач з жалезнымi шыбенiцамi, а магчыма, нават унутр шыбенiцы, але, на думку Клайва, нягледзячы на яго хударлявасць, можна было напароцца на зубцы, i таму ён адмовiўся ад гэтай iдэi. Ён заўважыў, што наведвальнiкаў пачыналi ветлiва выправаджаць у 9.15 вечара, бо музей зачыняўся ў 9.30. I, затрымаўшыся аднойчы вечарам як мага пазней, Клайв даведаўся, што за двярамi ў адным дальнiм кутку было нешта накшталт службовага пакоя для пераапранання, адтуль жа чуўся шум вады ў туалетным бачку.
Комментарии к книге «Гальштук Вудра Вiльсана (на белорусском языке)», Патриция Хайсмит
Всего 0 комментариев