Альгерд Бахарэвіч
ПРАКТЫЧНЫ ДАПАМОЖНІК ПА РУЙНАВАНЬНІ ГАРАДОЎ
Проза 1997-2001
ПАРАЗЫТ
Я хацела бы нарадзіцца ў вадзіночнай камары — прынамсі, уся яе прастора належала бы мне адной.
Аксьціся Ай
1
„Т, Т, Т,” — казаў двор. Вецер цёрся аб размешаную там бялізну, недзе пэнсыянэры гадалі на птушыным памёце: альбо грошы, альбо госьці...
Дыктатар з вузкай лесьвічнай пляцоўкі назіраў, як крадзецца па двары вялізны касы цень. З пункту погляду гэтай зямлі быў пачатак траўня, Дыктатар меў сваё часазьлічэньне; „Дзень” — думаў Дыктатар; „разаграваўся” — лянотна працягвала сонца, „надта марудна” — сканчаю я пачаты імі сказ.
Дыктатар стаяў перад наскрозь зафарбаваным, нядыхаючым вакном ужо гадзіны з тры, адзінота яго была парушаная толькі двойчы, спачатку нечая размова, цыркулюючы вакол дызэльнага паліва, нарадзілася ў глыбіні пад'езду, усё галасьнеючы прайшла за сьпіной Дыктатара й памерла на паверсе вышэй. Затым адтуль жа па прыступках скацілася, дзынкаючы, шчанё, і пасьля гэтага яшчэ выразьней стала нерухомасьць уціснутай у неба таполі, і стрыманае пагойдваньне пад'езду.
Унізе зашморгала, затупала — Дыктатар азірнуўся. Дзяўчо, гледзячы проста на свае аранжавыя гетры, цягнула па лесьвіцы заплечнік: мур-мыр-мар-ой — сказала дзяўчо, падняўшы вочы на Дыктатара, паспрабавала ўсьміхнуцца й тут жа, нібыта заплечнік усё ж яе перамог, кінулася ўніз. Дыктатар зноў павярнуўся да вакна: дзяўчо, як балерына пераступаючы на мысках тоўстых ног, стаяла ля тэлефона-аўтамата й набірала нумар.
Цень, адкідаемы домам, дасягнуў ужо арэляў, па-футбольнаму бялеючых сярод травы... За сьпіной Дыктатара расчыніліся дзьверы, і раздражнёны голас, у якім, аднак, угадваліся яшчэ нейкія рэшткі ветлівасьці, сказаў:
— Гэй, вы, вы што тут робіце?
Дыктатар павярнуўся на голас — тут жа дзяўчо ў аранжавых гетрах праскочыла міма й шумна паднялася ў сваю кватэру, мімаходзь кінуўшы на яго хаця й баязьлівы, але зацікаўлены позірк.
— Вы, вы!
Зь цяжкасьцю выгінаючы ў словы той непаслухмяны плястылін, які стыў у яго галаве, Дыктатар усё ж здолеў выдыхнуць:
— Чакаю... чакаю Міхаіла Арнольдавіча...
Комментарии к книге «Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў», Ольгерд Иванович Бахаревич
Всего 0 комментариев