«Проста фантастыка»

323

Описание

У зборнік «Проста фантастыка» уключаны апавяданні, напісаныя Уладзімірам Садоўскім у перыяд 2008-2018 гадоў. Скразная тэма зборніка — фантастыка ва ўсіх яе праявах: ад касмічных палётаў да альтэрнатыўных сусветаў. Нон-фікшну тут не месца! Тэксты падаюцца ў аўтарскай рэдакцыі. В сборник «Просто фантастика» включен рассказы, написанные Владимиром Садовским в период 2008-2018 годов. Сквозная тема сборника - фантастика во всех ее проявлениях: от космических полетов к альтернативным вселенных. Нон-фикшн здесь не место! Тексты подаются в авторской редакции.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Проста фантастыка (fb2) - Проста фантастыка 338K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Владимир Артурович Садовский

Уладзімір Садоўскі

Проста фантастыка

Усе правы абаронены. Ніякая частка гэтага выдання не падлягае адлюстраванню, капіяванню, захаванню ў базах дадзеных альбо пошукавых сістэмах, распаўсюджванню любымі магчымымі сродкамі і спосабамі без папярэдняга пісьмовага дазволу праваўладальніка.

Электронная кніга падрыхтавана па выданні:

Садоўскі, Ул.

Проста фантастыка / Уладзімір Садоўскі. — Мінск : ІП А.М. Янушкевіч, 2018. — Электрон. тэкст. дан. (0,25 Мб). — Лічбавае электрон. выд. — Загал. з тытул. экрана.

ISBN 978-985-7165-86-5

У зборнік «Проста фантастыка» уключаны апавяданні, напісаныя Уладзімірам Садоўскім у перыяд 2008-2018 гадоў. Скразная тэма зборніка — фантастыка ва ўсіх яе праявах: ад касмічных палётаў да альтэрнатыўных сусветаў. Нон-фікшэну тут не месца!

Тэксты падаюцца ў аўтарскай рэдакцыі.

© Садоўскі, Ул., 2018

© Афармленне і распаўсюджванне e-book.

ТАА «Электронная кнігарня», 2018

Залежнасць

— Ці дзейнічае ваша праграма на людзей згубна? Ці можа чалавек наогул памерці падчас сеансу? Хіба тое, што дзеецца з чалавекам у віртуальнасці, не адлюстроўваецца на яго арганізме ў рэальным свеце, як гэта любяць паказваць у фантастычных фільмах?

— На ўсе пытанні адзіны адказ: безумоўна, не! У вас састарэлае ўяўленне аб віртуальнай рэальнасці. У працэсе ўспрымання віртуальнасці ўдзельнічае толькі мозг. Інфармацыя падаецца толькі на зоны мозгу, якія ўспрымаюць пачуцці, абмінаючы зоны, што перадаюць гэтыя пачуцці на цела. Так што нават калі чалавек атрымлівае калецтва ў віртуальнасці, то ў рэальнасці яго арганізм застаецца непашкоджаным. Тое ж самае можна сказаць і пра смерць. Ды і наогул за бяспеку можаце не турбавацца. У нашым мінскім філіяле выкарыстоўваецца самае найноўшае абсталяванне, такое ж, як у Амерыцы ці Кітаі. І да таго ж для ўваходу ў нашу віртуальнасць не трэба свідраваць дзірку на патыліцы.

— Ха, я зразумеў ваш жарт пра дзірку у галаве. «Матрыца», я памятаю такі фільм. Сябры, нагадваю, што перада мной сядзіць дырэктар мінскага прадстаўніцтва фірмы «Watch», вядучага распрацоўніка і распаўсюдніка віртуальных атракцыёнаў.

Сяргей, пазяхаючы, увайшоў на кухню і кінуў позірк на экран тэлевізара, убудаванага ў сцяну над сталом. У эфіры ішла перадача «Добрай раніцы, Мінск». На экране малады вядучы пра нешта распытваў бізнэсоўца ў стылёвым гарнітуры.

Сяргей паставіў пакет з ежай у мікрахвалёўку і міжволі прыслухаўся да іх размовы:

— Зараз навінкай сезону і сусветным хітом з’яўляецца праграма віртуальнай смерці, распрацаваная вашай кампаніяй. Раскажыце, калі ласка, пра яе падрабязней.

— Вядома, вядома. Адразу прадбачу наступныя пытанні, і магу з упэўненасцю сказаць, што яна цалкам бясшкодная для чалавека. Тэставанне не выявіла ніякіх адмоўных адхіленняў у падыспытных. Праграма паспяхова выкарыстоўваецца ўжо амаль год. Ніводнага адмоўнага інцыдэнту за гэты час не адбылося.

— Зразумела.

Печка падала сігнал гатоўнасці. Сяргей дастаў свой сняданак, прысеў за стол і пачаў есці, гледзячы адным вокам у талерку, а іншым у тэлевізар. Прадстаўнік фірмы «Watch» працягваў сваю прамову:

— Слоганам нашай рэкламнай кампаніі ёсць выраз: «Перажыві тое, што яшчэ ніхто не перажываў!» Я вось, напрыклад, цалкам з ім згодны. Такую паўнату пачуццяў і вастрыню адчуванняў, якую забяспечвае наша праграма, можна атрымаць хіба што пры рэальнай сваёй смерці, ды і тое не ад усякай. Але ж вы не будзеце чакаць гэтага ўсё сваё жыццё?

— Так, вядома.

— Таму прыходзьце да нас і атрымаеце ўсё ў найлепшым выглядзе. І не забудзьцеся, сёння першы дзень запуску праграмы віртуальнай смерці і таму ўсім наведвальнікам будзе зніжка 50%, а кожны дзясяты можа прайсці сеанс бясплатна.

Бізнесовец так пільна паглядзеў у камеру, што Сяргею падалося, што дырэктар «Watch» глядзіць прама яму ў вочы. Рука з лыжкай замерла на паўдарозе ад талеркі да рота.

— Вядома. Гэта важна, — голас вядучага вывеў Сяргея са здранцвення, — Надышоў час развітвацца. Дзякуй вам за цікавую гутарку. Да пабачэння. Нагадаю вам, дарагія тэлегледачы, што з намі быў дырэктар мінскага філіяла фірмы «Watch». А цяпер пра тое, што вас чакае ў працягу нашай праграмы.

Сяргей акурат разабраўся з рэштай сняданку і пачаў збірацца да выхаду. Накінуў куртку, захапіў заплечнік і хуткім крокам выйшаў на лесвічную пляцоўку. Ліфт чакаць было доўга і Сяргей пачаў спускацца ўніз пехам. Ён па звычцы не зачыніў дзверы і хатняя праграма замкнула выхад самастойна, як толькі гаспадар аддаліўся ад кватэры на некалькі дзясяткаў метраў. Разам з тым выключыўся тэлевізар, пагасла святло на кухні і ў пакоі, а з-пад ложка выехаў робат-пыласос і прыняўся за працу.

У офісе Сяргея выдаўся цяжкі дзень. Хлопца літаральна завалілі дакументацыяй, з якой ён так і не змог разабрацца да канца працоўнага дня. Прыйшлося браць некаторыя паперы дадому. Раздражнёны і стомлены Сяргей ехаў у машыне па праспекце Францыска Скарыны. Галава яго была поўная змрочных думак. Штодзённае руціннае паўтарэнне адных і тых жа дзеянняў скоўвала волю Сяргея. Сняданак, паездка на працу, дзе кожны дзень прыходзілася пералапачваюць горы дакументаў, затым зноў дарога дадому, некалькі гадзін сумнага сёрфу ў інтэрнэце і нядоўгі, нервовы сон, а затым усё па новай. Пакутліва хацелася вырвацца з гэтага зачараванага кола.

На скрыжаванні загарэлася чырвонае святло. Пагружаны ў свае думкі Сяргей не заўважыў гэтага і працягваў ехаць далей. Праз секунду спрацавала сістэма аўтатармажэння, Сяргея кінула на стырно, ён моцна прыклаўся ілбом аб цвёрды пластык. Гэта раззлавала Сяргея і вярнула ў рэальны свет.

— Халера, што за бздура, павырубаў бы ўсю гэтую электроніку! — вылаяўся Сяргей.

Паціраючы лоб далонню, хлопец азірнуўся па баках. Над дарогай лунала, палаючы усімі колерамі вясёлкі, галаграфічнае рэкламнае палатно.

— Наведай «Watch»! Толькі сёння і толькі для цябе зніжка 50% на сеанс віртуальнай смерці. Кожны дзясяты праходзіць сеанс бясплатна. Спяшайся!

Сяргей ўспомніў ранішнюю перадачу. У ім прачнулася цікавасць да віртуальных забаваў.

— Чаму б і не? — падумаў ён. — Дома ўсё адно няма чаго рабіць.

Прастаяўшы пяць хвілін у невялікім заторы, Сяргей перабудаваўся ў левы шэраг і павярнуў да офіса фірмы «Watch».

Вялізныя літары з назвай фірмы луналі над дахам старога, але цалкам адрамантаванага дома ў самым цэнтры сталіцы. Сяргей завёў машыну на бясплатную падземную паркоўку пад будынкам офіса «Watch». Тут ужо было досыць шмат аўтамабіляў і месца для стаянкі давялося выбіраць доўга. Сяргей падумаў, што наўрад ці гэта ўсё машыны аматараў віртуальных забаў — было тут і шмат тых, хто проста скарыстаўся выгодамі бясплатнай паркоўкі у загружаным цэнтры горада. Па выхадзе з машыны Сяргей накіраваўся да бліжэйшага ліфта. Хлопец націснуў кнопку выкліку і дзверы бясшумна раз’ехаліся.

У прасторным холе наверсе ўсё было зроблена па апошнім слове тэхнікі і ў адпаведнасці з найноўшымі павевамі дызайнерскага мастацтва. Тоўстыя шкляныя калоны падтрымлівалі празрыстую столь, за якой было відаць надзіва чыстае начное неба з шматлікімі пацеркамі зорак.

— Галаграма, відаць — падумаў Сяргей, — у вялікіх гарадах зор ужо даўно не бачна.

Уздоўж сцен вузкай стужкай неслася паласа навін, рэкламы і біржавых зводак. Мяккае святло, здавалася, лілося адусюль, яўных кропак асвятлення бачна не было.

Удосталь налюбаваўшыся зорным небам, Сяргей накіраваўся да стала адміністратара. Хоць сталом гэты цуд тэхнікі назваць было цяжка. Гэта быў доўгі і выгнуты экран, па якім трансляваліся рэклама і ролікі найлепшых віртуальных гульняў, створаных фірмай. Сяргей падышоў да адміністратара, не адрываючы позірку ад таго, што разгортвалася на экране. Велізарны дзяцюк у рагатым шлеме і са здаравеннай сякерай раскідваў натоўпы атакуючых ворагаў. Унізе экрана красаваўся надпіс: «Адчуй лютасць Одзіна». Усё гэта было падобна на сцэну з якога-небудзь гістарычнага баевіка апошніх гадоў. Нават не верылася, што гульня можа быць настолькі рэалістычнай.

— Чым магу быць карысны? — адцягнуў Сяргея ад сузірання подзвігаў адважнага вікінга адміністратар.

— Я хацеў ... — пачаў казаць Сяргей і азірнуўся па баках. Людзей у прасторным холе было мала: некалькі чалавек накіроўвалася да выхаду, адзін выходзіў з дзвярэй у глыбіні залы. Выгляд у таго быў нейкі разгублены і ў той жа час узрушаны.

— Сеанс віртуальнай смерці пакідае вельмі моцнае ўражанне, — з усмешкай сказаў адміністратар, злавіўшы кірунак позірку Сяргея.

Хлопец спахапіўся і працягнуў:

— Я таксама хацеў бы прайсці сеанс віртуальнай смерці.

— Вы, напэўна, чулі пра 50% зніжкі на сёння? — твар адміністратара азарыўся яшчэ адной усмешкай.

— Так, — аўтаматычна адказаў Сяргей, працягваючы азірацца па баках, быццам першакласнік перад піўным ларком.

— Ды вы не хвалюйцеся, усё цалкам бяспечна.

— Я не хвалююся, — апамятаўся Сяргей, — проста цікава, які я па ліку.

— А, вы пра гэта, — усмешка не сыходзіла з твару адміністратара. — Хачу вас засмуціць, вы не дзясяты. Але скажу вам па сакрэце, вы былі блізкія, вельмі блізкія, вы дзявяты кліент пасля папярэдняга шчасліўца.

Сяргею ўвесь час не шанцавала ў такіх рэкламных акцыях. Кожнаму трэцяму — зніжка, для кожнага пятага — падарунак, кожнаму дзясятаму — бясплатны сеанс. А як ні прыйдзеш то другі, то чацвёрты, то, як цяпер дзявяты.

— Колькі з мяне? — упэўнена вымавіў Сяргей, ён канчаткова вырашыў прайсці ўсе выпрабаванні гэтай хвалёнай віртуальнай смерці.

— Пяцьдзясят рублёў, — ветліва адказаў адміністратар, не здымаючы з вуснаў ветлівай ўсмешкі.

Сяргей працягнуў банкаўскую картку і атрымаў маленькую пласцінку з эмблемай фірмы.

— Заходзьце ў тыя дзверы, — паказваў дарогу адміністратар, — кабіна нумар шэсць.

— Дзякуй.

Шырокія шкляныя створкі бясшумна раз’ехаліся прама перад Сяргеем, прапускаючы таго ў доўгі калідор, па абодва бакі якога цягнуліся дзверы, падпісаныя нумарамі. Сяргей накіраваўся да шасцёркі, каля якой ужо стаяў малады чалавек у касцюме з бэйджам на лацкане.

— Я аператар віртуальнага вылічальнага цэнтра, я буду праводзіць з вамі сеанс ВС, — адрапартаваў малады чалавек, які хутчэй паходзіў на вышыбалу ў модным клубе, чым на тэхніка-аператара.

Сяргей працягнуў яму картку. Бамбіза ўзяў пласцінку, павярнуўся, засунуў яе ў шчыліну замка і дзверы адчыніліся. Аператар жэстам запрасіў Сяргея ўвайсці. За дзвярыма знаходзіўся невялікі пакой, напоўнены прытушаным святлом. У цэнтры пакоя стаяла крэсла, падобнае на стаматалагічнае, у якім чалавек знаходзіцца ў напаўляжачым стане. Аператар зачыніў дзверы і падышоў да Сяргея.

— Пачнем! — бадзёра сказаў ён голасам маладога стаматолага, якому ўпершыню давялося вырываць зуб у жывога чалавека.

Сяргею раптам стала не па сабе. Боязь незразумелай тэхнікі, якая нагадвала пра зубны боль, дапаўнялася страхам перад самой віртуальнасцю.

— Які чорт мяне тузануў пайсці на гэта? — думаў ён.

— Сядайце, — аператар падвёў Сяргея да крэсла.

Розныя невясёлыя думкі раіліся ў галаве Сяргея, калі ён апускаўся ў «стаматалагічнае» крэсла, якое апынулася, дарэчы, вельмі зручным.

Аператар падышоў ззаду, пачакаў, пакуль Сяргей уладкуецца на месцы зручней, і апрануў яму на галаву шлем. Шлем быў глухім і закрываў амаль усю галаву. Нічога са звыклых стэрэа-экранчыкаў перад вачыма або навушнікаў каля вушэй у ім не было. Толькі нешта стала лёгка паколваць віскі і патыліцу пасля таго як аператар запусціў машыну.

 «Інфармацыя падаецца непасрэдна на зоны мозгу, якія ўспрымаюць пачуцці ...» — успомнілася Сяргею фраза з ранішняй тэлеперадачы, — «і не трэба свідраваць дзірку на патыліцы».

— Ну як, нармальна? Не цісне? — спытаў аператар.

— Усё добра.

— Тады пачнем. Якую смерць вам загрузіць?

— Што вы звычайна ставіце пачаткоўцам?

— Крушэнне трансатлантычнага лайнера.

— Давайце, — сказаў Сяргей і міжволі сцепануўся, узгадаўшы «Тытанік».

— Выдатна. Ляжыце спакойна. Усё хутка пачнецца.

Па-за шлемам чуўся ціхі гуд вылічальнай тэхнікі. Цела раптоўна ахапіла лёгкасць, вочы сталі закрывацца, а думкі прыйшлі ў дзіўны спакой. Сяргей заплюшчыў вочы і заснуў.

Ачухаўся Сяргей у прасторным пакоі на велізарным двухмесным ложку. Вакол усё ззяла раскошай: разьбяныя крэслы з шаўковымі падушкамі, канапа насупраць ложка, элегантныя столікі з гнутымі ножкамі, залачоныя кандэлябры на іх, жырандоля з электрычнымі лямпамі і вялікае, ва ўсю сцяну, люстэрка, рама якога была сапраўдным творам мастацтва.

Ён не адразу зразумеў, дзе знаходзіцца. Толькі ўбачыўшы характэрнае круглае акно, Сяргей ўсвядоміў, што ляжыць у каюце карабля. Раптам патушылася і зноў запалілася святло. Сяргей убачыў, што падлога пачала прыкметна хіліцца налева, а рэчы на століках пачалі з’язджаць да краю. Ён устаў з ложка і паглядзеў уніз. Так і ёсць — ножкі ложка і століка, які стаяў побач, былі прыкручаныя да падлогі.

Святло зноў згасла і доўга не запальвалася. Аднекуль пацягнула холадам. Сяргея прабралі дрыжыкі. Аказалася, што адзенне на ім тое ж самае, у якім ён прыйшоў на сеанс: лёгкія штаны, кашуля і гальштук, куртку ён пакінуў у машыне.

Сяргей захацеў падысці да дзвярэй, але карабель моцна скаланула і хлопец паваліўся на падлогу. Падняўшыся з каленяў, ён усё ж дайшоў да дзвярэй і тузануў ручку. У туфлі хлынула ледзяная вада. Сяргей ускочыў як апараны і адбег назад, але было ўжо позна. Вада пакрыла ўсю падлогу, і ўзровень яе імкліва ўздымалася. Калі вада дайшла яму да каленяў, Сяргей запанікаваў.

Ён выбег у калідор і агледзеўся. Калідор быў вельмі доўгім, Сяргей не змог убачыць яго канец ні злева ні справа. Усюды былі драўляныя дзверы з нумарамі, а на сценах ўздоўж калідора віселі электрычныя свяцільні. Сяргей не ведаў, што рабіць і куды бегчы. Думкі аб віртуальнасці вылецелі ў яго з галавы. Адзінае, чаго ён хацеў, гэта выратаваць сваё жыццё.

Вада дабралася Сяргею да пояса. У вадзе цяжка было знаходзіцца, яна была жудасна халодная. Сяргею ж здавалася, што ён стаіць у плыні палаючай вадкай лавы. Ногі, нібы сколатыя тысячамі голак, балелі пры кожным яго руху.

Хлопец не мог больш стаяць на адным месцы і чакаць канца. Ён пабег. Пабег, што было сіл, прабіваючыся скрозь тоўшчу ледзяной вады, пабег, перамагаючы нясцерпны боль. Сяргей бег, а вада падымалася ўсё вышэй і вышэй. Ён стаў трымацца за сцяну, каб не ўпасці, але ўсё роўна страціў раўнавагу і пагрузіўся ў ваду з галавой. Цела звяло моцнай курчай, павекі зліпліся і не жадалі расплюшчвацца, дыханне перахапіла так, што немагчыма было выдыхнуць. Сяргей перастаў адчуваць ногі і рукі. Ён на імгненне страціў прытомнасць.

Хлопец ачуняў, з сілай адштурхнуўся рукой ад сцяны і, нарэшце, вырваўся з вады. Было цёмна, Сяргей расплюшчыў вочы, але нічога не змянілася. Рукой ён адчуваў сцяну, а галавой — столь. Хлопец на імгненне спалохаўся, што аслеп, і стаў шалёна круціць галавой і церці вочы, думаючы, што гэта дапаможа вярнуць яму зрок. Але раптам ён заўважыў чырвоны агеньчык далёка наперадзе. Сяргей прыгледзеўся і зразумеў, што гэта гарыць аварыйная лямпа. Але праз імгненне і яна патухла, на караблі канчаткова знікла электрычнасць.

Дзіўны спакой ахапіў Сяргея. Вада даходзіла да падбароддзя, але яму было ўжо ўсё роўна. Ён не адчуваў ані рук ані ног, ён у прынцыпе дрэнна адчуваў сваё цела, хоць і ведаў, што яго ногі цяпер апантана малоцяць ваду, імкнучыся вынесці хлопца бліжэй да паветра, а яго рукі хапаюцца за згаслую свяцільню, імкнучыся трымаць раўнавагу. Самому Сяргею было ўсё адно.

Вада дайшла да ўзроўню вачэй, але Сяргей ужо не стараўся ёй перашкаджаць. Ён зрабіў маленькі ўдых — вада ўвайшла ў ноздры. Ён закашляў, вызваляючы лёгкія ад рэшткаў паветра. Ногі перасталі працаваць, рука адпусціла свяцільню, цела пагрузілася на падлогу, на «дно» калідора. Сяргею было ўжо ўсё роўна. Ён чакаў. Цела не хацела паміраць, але розум ведаў, што ўсё скончана. Сяргей адчуваў, як слёзы нямоглай лютасці выцякаюць з яго вачэй і тут жа распушчаюцца ў спакойнай, саланаватай і нясцерпна халоднай вадзе. Сяргею было ўжо ўсё роўна. Цела не хацела, але хлопец усё ж зрабіў свой апошні глыбокі ўдых. У лёгкія ўварвалася вада, руйнуючы тканіну, раздзіраючы плоць на часткі. Сэрца яшчэ стукала, яшчэ гнала літры крыві, ужо нежывой крыві па целе. Розум патухаў. Сяргею было ўжо ўсё роўна. Сяргей ужо памёр.

Маленькі пакой з нязыркім асвятленнем, нізкая столь і чалавек у гарнітуры з бэйджам — гэта ўсё, што ўбачыў Сяргей пасля смерці. Цьфу, якой яшчэ да чорта смерці!? Праз некалькі імгненняў Сяргей узгадаў, дзе знаходзіцца.

— Ну як? Усё ў парадку? — спытаў малады аператар.

— Так, халера пабяры, — перад вачыма Сяргея яшчэ стаяла перадсмяротная цемра, але ў целе не было ніякага болю і дыханне было роўным і спакойным. Усё было ў поўным парадку.

Засталося толькі пачуццё нездаволенасці. Як калі б цябе адарвалі ад любімай справы ў самы непадыходзячы момант. Дзіўнае пачуццё.

— Як адчуванні? — са стандартнай усмешкай спытаў малады чалавек.

— Жудасна, — з абурэннем адказаў Сяргей. Ён узгадаў ледзяную ваду і лёгкія, якія разрываюцца ад болю. І яшчэ ён успомніў сваю абыякавасць да ўласнай смерці і яму стала прыкра.

Але што цікава, Сяргею захацелася ўсё гэта выпрабаваць нанова. Толькі ён не хацеў сабе ў гэтым прызнавацца. Сяргей стараўся забыцца пра гэта пачуццё, схаваць яго пад маскай абурэння.

— Гэта было маё першае і апошнія наведванне вашай канторы, — Сяргей груба адштурхнуў руку, працягнутую яму ў дапамогу аператарам.

— Навошта ж так, — пакрыўдзіўся аператар і затым шэптам, сабе пад нос, дадаў: — Усе ў пачатку так кажуць.

Сяргей зрабіў выгляд, што не пачуў гэтага і хуткім крокам накіраваўся да дзвярэй. Ён быў злы на сябе, злы на аператара, у прынцыпе, нядрэннага хлопца, ён быў злы на ўсё, што было каля яго.

— Да новых сустрэч! — ветліва развітаўся адміністратар.

Сяргей не адказаў. Ён ударыў далонню па кнопцы ліфта. Спусціўся, дайшоў да машыны і з сілай націснуў вялікім пальцам на сэнсарны замок дзверцы. Рэзка крануўся з месца і хутка выехаў з гаража, ледзь не заехаўшы на сустрэчную паласу. На што бартавы кампутар зрабіў яму заўвагу. Сяргей паслаў кампутар падалей. Ён ад’язджаў хутка і не азіраючыся. Але ў глыбіні душы Сяргей ведаў, што яшчэ вернецца сюды. Яго нутро прагнула смерці. Сваёй уласнай смерці.

***

Ішоў час, Сяргей пастаянна завісаў на працы, часу не заставалася ні на адпачынак, ні на асабістае жыццё. Праца адымала ўвесь вольны час. Сяргей паступова звярэў, ён пачаў грубіць калегам, часта выходзіў з сябе і наогул стаў невыносным ў зносінах. Хлопец агрэсіўна паводзіў сябе за стырном, настолькі, што бартавы кампутар заблакаваў яму права кіравання на тры месяцы. Дырэктар, які заўважыў такія паводзіны супрацоўніка, аднойчы выклікаў яго да сябе.

Сяргей увайшоў у кабінет хмурны, бухнуўся ў крэсла для наведвальнікаў і ўтаропіўся ў цэнтр падлогі.

— Што з табой такое стала? — пачаў размову дырэктар.

— Нічога, усё як заўжды, — буркнуў Сяргей.

— Вось, што Сяргей, ты гэта кінь. Зрабі сабе выходны, я дазваляю. Адпачні пару дзянькоў, супакойся, — працягваў начальнік мяккім заспакаяльным голасам. — Не ведаю, схадзі, напрыклад у «Watch», там, кажуць, шмат што памянялася. Там зрабілі цэлы парк віртуальных атракцыёнаў.

— Яшчэ чаго, — прабурчаў Сяргей, з агідай прыгадаўшы сваё адзінае наведванне гэтай канторы.

— Увогуле, ты мне ў такім стане не патрэбны. Вяртайся калі адпачнеш. Усё, вольны! — сказаў дырэктар і адвярнуўся да манітора.

— І вось яшчэ што, — кінуў начальнік у спіну Сяргею, калі той стаяў у дзвярах, — Калі хочаш, можаш узяць маю машыну. Твая ж яшчэ заблакаваная, так? — Сяргей кіўнуў, — Лаві ключы.

Сяргей злавіў звязку і, здзіўлены шчодрасцю начальніка, накіраваўся ў гараж. Ён сеў у дырэктарскі аўтамабіль, пасядзеў некалькі секунд, каб крэсла прыняло зручную для яго цела форму, завёў рухавік і паехаў наўпрост да офіса «Watch».

Ужо здаля Сяргей зразумеў, што тут шмат што памянялася. Офіс «Watch» ўжо не быў проста офісам, на яго месцы размяшчаўся вялікі забаўляльны комплекс, які расцягнуўся на цэлы квартал. Фірма выкупіла ўсе дамы ў акрузе, аб’яднала іх у адзін вялікі корпус і паставіла над гэтай плошчай велізарную шкляную піраміду. Усе стракацела агнямі і паветранай 3D рэкламай. Вялізныя зялёныя стрэлкі, што віселі ў паветры, паказвалі месца бліжэйшай паркоўкі.

Сяргей заехаў у падземны гараж. Стаянка была, як і раней, бясплатная, так што свабоднае месца зноў прыйшлося доўга шукаць. Ліфт з падземнага паверху падняў хлопца ў самы цэнтр прасторнага хола, наўпрост пад вяршыняй велізарнай шкляной піраміды-купала. На гэты раз комплекс быў запоўнены людзьмі пад завязку. Сотні людзей хадзілі навокал, запісваліся на сеансы, падсілкоўваліся ў вялікім фуд-корце, гулялі на старых прыстаўках, пастаўленых паўсюль фірмай для бясплатнага карыстання. Сяргей рушыў да бліжэйшага інфармацыйнага стэнду і стаў у канец невялікай чаргі.

— Я вас слухаю, — адміністратар ўсміхаўся пастаянна ўсім і кожнаму.

— Я хацеў бы запісацца на сеанс віртуальнай смерці, — хмурна сказаў Сяргей.

— Выдатна. Цяпер як раз свабодна 3 кабіны, — адміністратар адвёў позірк ад манітора, — Вам новага тыпу або старога.

— Давайце новага. Колькі з мяне?

— Трыццаць рублёў.

У думках параўнаўшы гэтую суму са старой, Сяргей зразумеў, што кошты тут прыкметна знізіліся.

— Дзякуй, што наведалі нас, — сказаў адміністратар, беручы картку, — Праходзьце вось у тыя дзверы, вас там ужо чакаюць.

Сустрэў Сяргея усё той жа малады аператар падобны на вышыбалу ў нязменна строгім касцюме з бэйджам.

— Добры дзень, праходзьце сюды, — сказаў ён, адкрываючы дзверы.

— Прывітанне, — Сяргею стала цікава, ці пазнаў хлопец яго. Хаця з таго часу калі Сяргей быў тут у першы раз, сеансамі скарысталася ўжо сотні людзей, хіба ўсіх запомніш?

Пакой змяніўся мала, хіба што сцены памянялі колер, дый неонавага асвятлення стала трохі больш.

— Значыць, ВС новага тыпу. Што менавіта вы хочаце? — пацікавіўся аператар.

— Стаў тое, што цяпер бяруць больш за ўсё.

— Выдатна, — сказаў ён і пачаў падключаць Сяргея да сістэмы.

Сяргею стала цікава, якой смерці аддаюць перавагу наведвальнікі ў гэтым сезоне. Ён у думках пачаў перабіраць варыянты, але машына пачала працаваць і ўсе думкі зніклі. Вочы заплюшчыліся самі сабой і Сяргей праваліўся ў глыбокі сон.

Ачуняў ён на беразе мора. Толькі гэта быў не звычайны пляж, запоўнены турыстамі. Гэта быў пляж, завалены металічнымі супрацьтанкавымі яжамі, калючым дротам, заліты жалезабетонам і перакапаны варонкамі выбухаў. Гэты пляж быў полем бітвы.

Сяргей стаяў на лініі прыбою. На бераг накатваліся нізкія хвалі, але ён не чуў іх шуму. Сяргей адразу аглух ад стрэлаў, выбухаў, свісту куль і крыкаў, якія шчыльна запаўнялі паветра. Ён убачыў у сваіх руках вінтоўку, загорнутую ў пластыкавы пакет. Ён убачыў дзясяткі людзей у зялёнай уніформе, якія беглі па пляжы, і дзясяткі тых, што ляжалі на пяску ў нехарактэрных для чалавечага цела позах. Ён убачыў грамады жалезабетонных дотаў, што навісалі над пляжам, нібы скалы.

Сяргей ўспомніў, што гэта за вайна. Ён нават прыгадаў, што ўжо недзе бачыў усё гэта. Ён усё зразумеў і хацеў ужо зрабіць першы крок, як нешта ўдарыла яго ў жывот з такой сілай, што Сяргей не выстаяў і ўпаў на пясок наўпрост у новую хвалю прыбоя. Сяргей здзівіўся і не адразу зразумеў, што з ім адбылося. Ён паспрабаваў устаць. Але тут прыйшоў боль. Жудасны боль у жываце. Яго вантробы гарэлі агнём, нібы хтосьці абліў іх бензінам і падпаліў. Сяргея ўсяго скруціла. Ён чуў, як трашчаць яго зубы, сціснутыя дзікім болем. Сяргей не адразу адчуў, што адкусіў сабе кавалак языка. Боль быў жахлівым. У вачах пацямнела, ён амаль нічога не бачыў. І толькі надарваны хрыплы голас проста над яго вухам, захоўваў сувязь з рэальнасцю.

— Доктара, хутчэй лекара сюды!

Перамагаючы боль, Сяргей павярнуў галаву і ўбачыў малады твар. Мокрае, бруднае, але неймаверна сур’ёзнае аблічча. Салдат нешта засяроджана шукаў у сумачцы на поясе. Праз імгненне ён дастаў з яе пластмасавую ампулу з іголкай на канцы. Ён зняў з яе каўпачок і нагнуўся над левай рукой Сяргея. Момант уколу Сяргей не заўважыў, усё цела скаваў новы прыступ жудаснага болю. Толькі калі боль крыху аслаб, хлопец адчуў, як па левай руцэ расцякаецца цеплыня. Ён адчуваў, як яна даходзіць да грудзей, ўліваецца ў галаву, запаўняе жывот. Сяргею стала лягчэй. Ён ужо нічога не бачыў і амаль нічога не чуў, але адчуваў, як боль сыходзіць. Не, не сыходзіць, адступае на другі план. Сяргей адчуў незвычайную лёгкасць ва ўсім целе. Хлопец раскінуў рукі і ўзняўся ў неба.

Грубы, але ўжо ледзь чутны голас на імгненне перабіў асалоду.

— Не, гэтаму ўжо не дапаможаш. Хадзем далей.

Сяргей застаўся ў адзіноце. У шчаслівай адзіноце. Ён не адчуваў цела, не адчуваў больш ніякага болю, ён ляцеў і яму было добра. Настолькі добра, што Сяргей адчуў сапраўднае Шчасце. Не тое эфемернае шчасце, што вечна маячыць наперадзе, нібы гарызонт. І як ні стараешся, як ні спрабуеш яго дамагчыся, яно ўвесь час сыходзіць наперад і хвіліны не пабыўшы з табой. А гэта Шчасце было сапраўдным, і Сяргей ведаў, што яно будзе доўжыцца вечна.

Кволае святло маленькага пакоя абпаліла Сяргею вочы.

— Што за бздура, — прашыпеў ён у абурэнні.

— Ну як? Усё ў парадку? — прыемны голас аператара раптам стаў жудасна агідным.

— Так, абадай цябе, — Сяргей быў жудасна незадаволены, тым, што яго адарвалі ад чагосьці ўзнёслага, вечнага і бясконца прыемнага.

— Як адчуванні? — спытаў тэхнік, здымаючы шлем.

— Жахліва, — агрызнуўся Сяргей і выскачыў з крэсла. Хуткім крокам ён выйшаў з пакоя.

Яму пакутліва хацелася падоўжыць адчуванні ад сеансу і ён з змагаўся з сабой, каб не кінуцца зноў да стойкі адміністратара і не замовіць яшчэ адну ВС. Дома Сяргей адразу лёг спаць і амаль імгненна пагрузіўся ў глыбокі сон.

З наступнага дня ўсё пайшло наперакос. Усё падала з рук. Усё, што Сяргей пачынаў, не атрымлівалася. Па дарозе да офіса Сяргей ледзь не трапіў у аварыю. Хлопец пакінуў дырэктарскую машыну на стаянцы каля офіса і на метро паехаў у цэнтр «Watch».

Замовіўшы дзве смерці запар — больш было нельга — Сяргей трохі супакоіўся. Віртуальнасць прынесла тыя жаданыя хвіліны асалоды, дзеля якіх варта жыць. Але гэта была толькі кропля радасці ў моры штодзённасці.

Так стала паўтарацца кожны дзень. Віртуальная смерць стала сэнсам яго існавання. Сяргей не мог пражыць і дня, не памёршы. На працы ён больш не з’яўляўся, на званкі таварышаў па службе не адказваў, стаў весці затворніцкі лад жыцця, выбіраўся з дома толькі для таго, каб у чарговы раз памерці. Калі ў хлопца здарыўся прыступ, у прэсе ўжо пачалі з’яўляцца першыя артыкулы пра згубны ўплыў віртуальнай смерці на псіхіку. У той дзень аператар як заўжды зняў шлем з Сяргея, але хлопец не ачухаўся і ўвогуле не падаваў прыкметаў жыцця. Аператар спалохаўся, выклікаў начальства, штатны доктар фірмы праверыў стан хлопца. Пульс прысутнічаў, Сяргей слаба дыхаў, але ў прытомнасць не прыходзіў. Кіраўніцтва «Watch» вырашыла накіраваць беспрытомнага кліента на абследванне ў прыватную клініку за свой кошт. Прысуд лекараў быў суравы: глыбокае паражэнне мозгу, адключэнне ўсіх разумовых і рухальных функцый. Патрабавалася тэрміновая шпіталізацыя, але шанцаў на выздараўленне было мала. Праўда, хутка кіраўніцтва мінскага філіяла фірмы перастаў цікавіць лёс Сяргея, новыя выпадкі пашкоджанняў мозгу ад віртуальнай смерці сталі адбывацца па ўсім свеце.

***

Крэсла-каталка павольна ехала па калідоры. Санітар, шчуплы хлопец у зялёным халаце, напяваў сабе пад нос нейкую вясёлую песеньку. Пацыент у каталцы невідушчымі вачыма ўтаропіўся на свой левы тапак. Каля пакоя адпачынку санітар спыніўся, каб паглядзець, што там адбываецца. Некалькі пацыентаў глядзелі нейкую навуковую праграму.

— Сёння ў нас, дарагія тэлегледачы, сур’ёзная размова з доктарам віртуальнай псіхалогіі Валерам Ягловым. Тэма самая што ні ёсць актуальная: ўплыў віртуальнай смерці на псіхіку людзей. Скажыце, калі ласка, Валерый, ці частыя выпадкі пашкоджанняў мозгу ў людзей, што карыстацца паслугамі «Watch»?

— Вы правільна заўважылі, што толькі віртуальная смерць выклікае расстройствы ў людзей, іншыя атракцыёны бясшкодныя для чалавечага здароўя. Адносна выпадкаў пашкоджання мозгу, то іх вельмі мала. У нашай краіне толькі чатыры чалавекі з усіх, хто праходзіў праз сеансы ВС, страцілі розум. Але гэтага цалкам дастаткова, каб спыніць распаўсюд гэтага віду атракцыёнаў.

— Так, віртуальная сьмерць ужо забароненая па ўсё планеце. «Watch» нясе шматмільярдныя страты, выплачвае вялікія кампенсацыі пацярпелым. Але вы б не маглі ўдакладніць прычыны страты розуму?

— Вядома. У «Watch» шмат разоў сцвярджалі, што іх праграмы не дзейнічаюць на цела і нервовую сістэму, што яны загружаюцца проста ў мозг. Але вось, што адбываецца ў мозгу, яны не ўдакладнялі. А мозг гэта вельмі складаная сістэма. У некаторых людзей выяўлялася асаблівая адчувальнасць да віртуальнай смерці. Цела заставалася ў нармальным стане, але вось клеткі мозгу, успрымаючы вобразы, што пасылала машына, як рэальныя, адміралі. І з кожнай новай смерцю ўсё часцей і часцей. З часам спынялася разумовая дзейнасць, а пазней і рухальная. Толькі вобласці мозгу, якія адказваюць за атрыманыя чалавекам задавальнення, заставаліся некранутымі і пры гэтым увесь час ўзбуджаліся. Людзі, якія ўваходзілі ў гэтую групу рызыкі, ужо пасля першага сеанса віртуальнай смерці не маглі адарвацца і праходзілі ВС зноў і зноў. У пацыентаў развівалася самая сапраўдная наркатычная залежнасць ад сеансаў.

— Дзякуй, спадар Валер. Нашых тэлегледачоў цікавіць пытанне, а ці можна вылечыць гэтую хваробу?

— Не, шанец на выздараўленне амаль нулявы.

— Дзякуй.

Санітар пастаяў некалькі хвілін, хмыкнуў і пакаціў каляску далей. Пацыент за ўвесь гэты час так і не адарваў позірку ад свайго тапка.

3.15

«Рэчаіснасць уваходзіць у тваё жыццё неадольна, няспынна, крок за крокам, ад гэтай брыдкай рэальнасці нікуды не дзенешся, не схаваешся за акулярамі манітораў і кінескопаў, рэчаіснасць уваходзіць у тваё жыццё ў прамоклым абутку і сырых шкарпэтках…» — такую вось цікавую алюзію на суравую бытнасць жыцця круціў і перакручваў у галаве Хведар, шкандзёхаючы па лужынах у новых велюравых боціках. Круціў доўга, ажно ад пад’езду і да цяперашняга невялічкага возера, што расцягнулася ўпоперак паркавай дарожкі. Гэтае кручэнне замяняла Хведару думанне. Увогуле, Хведар часта лавіў сябе на тым, што апошнім часам зусім не думае. Што выразна сфармуляваныя думкі не з’яўляюцца ў ягонай галаве. Што ўся ягоная вышэйшая разумовая дзейнасць зводзіцца да простых, на аўтамаце, рэакцый на знешнія і ўнутраныя раздражняльнікі, ды ўспрымання інфармацыі, зусім без аналізу. Максімум з’явіцца ў галаве цікавая алюзія, як вось гэтая з рэчаіснасцю і мокрымі боцікамі, альбо ўзнікне дзіўная асацыяцыя, ці ў лепшым выпадку прыгадаецца думка кагосьці з вялікіх, вычытаная з кнігі. Гэтая акалічнасць засмучала Хведара. Хведар не адчуваў сябе ў поўнай меры «чалавекам разумным». Уласна кажучы ён і пайшоў сёння на працу пехам, каб хоць трошкі падумаць. Бо, наколькі ён памятаў, выразна сфармуляваныя думкі калісьці з’яўляліся ў ягонай галаве менавіта пад час манатонных і аўтаматычных дзеянняў, кшталту той жа хады, альбо збору ўраджаю бульбы. Але атрыманая ўчора эфімерная асалода ад пакупкі новых прыгожых ботаў, сутыкнуўшыся сёння з рэчаіснасцю мокрых лужынаў, нарадзіла брыдкую алюзію, што разбурыла ўсе надзеі Хведара на разумовую дзейнасць і апанавала ягоную галаву сырасцю шкарпэтак. Хведар не думаў ужо два гады. Хоць гэта і не зусім дакладны час. Два гады таму Хведар першы раз усвядоміў, што ня думае, і з цягам часу пачаў сумнявацца ці думаў ён увогуле раней.

Два гады таму Хведар як раз скончыў універсытэт і распачаў самастойнае жыццё: кватэра, машына, праца. Увогуле амаль усё ў жыцці давалася Хведару лёгка. Каб мець добрых сяброў, поспехі ў навучанні, цікавыя забавы і шмат іншага Хведар не прыкладаў намаганняў. Усё наўпрост ішло яму ў рукі. Дый прыкладам тыя ж кватэра, машына і праца. Старую аднапакаёўку ў цэнтры пакінулі яму бацькі, калі перасяліліся ў новы мікрараён, патрыманую іншамарку, што стаяла на кансэрвацыі гадоў дзесяць, падарыў дзед, як толькі Хведар атрымаў пасведчанне кіроўцы, а працу, з добрым заробкам і ўмовамі, дала дзяржава, размеркаваўшы Хведара ў праектны інстытут пасля ўніверсытэту. Гэтую лёгкасць, з якой ён крочыў па жыцці, Хведар перыядычна вінаваціў у адсутнасці думак у ягонай галаве. Ва ўяўленні Хведара, людзі, якія з найвялікшымі цяжкасцямі і непасільнымі намаганнямі здабываюць тое (адукацыю, машыну, працу), што яму, бяздумнаму Хведару, дастаецца аўтаматычна, проста вымушаны думаць. Выразна фармуляваць думкі ў сваіх галовах іх прымушаюць цяжкія абставіны жыцця і імкненне пераадолець іх. Цяжкіх абставін у жыцці Хведара не было, і таму ён шчыра паважаў людзей, што ў супрацьстаянні з гэтымі абставінамі, як кажуць, усяго дабіваліся сваімі рукамі. Такіх людзей Хведар лічыў лепшымі за сябе, што адлюстроўвалася ў наданні ім уласцівасці думання, у якой адмаўляў сабе.

Працаваў Хведар у праектным інстытуце, дзе займаўся нібыта інжынернай работай. Нібыта інжынерная работа палягала ў кампіляцыі стандартаў, спрошчаных разлікаў і тыпавых рашэнняў адпаведна выдадзеных тэхнічных умоваў. Такая работа не патрабавала ад Хведара ані разумовых, ані тым больш нейкіх інжынерных высілкаў і таму Хведар шчыра лайдачыў. Ён чытаў, граў у гульні на кампутары, слухаў музыку ці проста глядзеў у вакно. Ён быў з гатунку тых лайдакоў, што, як і ільфапятроўскі загадчык багадзельні ня мог ня красці, ці ў выпадку Хведара, ня мог не лайдачыць. Хведар чырванеў, калі хто-небудзь з аддзелу заспяваў яго за праглядам фільма. Ён шчыра пакутаваў ад думкі, што ён тут вось цяпер раскладае пасьянс, а ягоныя калегі ў гэты ж час шчыруюць над праектамі. Ён выразна ўяўляў сябе шчыруючым разам з імі. Але не ленавацца ён не мог. І гэтую сваю ляноту Хведар таксама, як і лёгкасць быцця, вінаваціў у адсутнасці думак у сваёй галаве.

Лянота і невыносная лёгкасць быцця пазбавілі Хведара права чалавекам разумным звацца. Ператварылі яго ў бяздумны аўтамат. Свядома ці мімаволі Хведар шукаў паратунку ад гэтага стану ў кнігах. Не маючы магчымасці фармуляваць уласныя думкі, Хведар спажываў з кніжных старонак думкі чужыя. Так шмат, як на працы, Хведар не чытаў ніколі. Фантастыка, класіка, постмадэрнізм, кнігі па гісторыі, філасофіі, мастацтву, навукова-папулярныя працы. Хведар пагружаўся ў кніжны свет са стараннасцю глыбокаводнага аквалангіста. Кожная прачытаная кніга напаўняла ягоную галаву новымі цудоўнымі думкамі, ствараючы ілюзію разумовай дзейнасці. Аўтарскія словы ўспрымаліся галавой за свае і на пэўны час суцішалі гуд адсутнасці ўласных думак. Але Хведар нядоўга цешыўся з чужога думкавага працэсу. Ён добра ўсведамляў ілюзорнасць кніжнай думкі. І нават, у глыбіні свайго бяздумкавага розуму, ставіў сваю прагу да кніг на адзін узровень з лянотай і лёгкасцю, то бок вінаваціў кнігі ў сваім бяздумстве.

Пермаментнае бяздумства падштурхоўвала Хведара да адной не вельмі станоўчай высновы: не думаю — значыцца, не існую. Сумнеў ва ўласнай існасці і існасці навакольнага свету апанаваў пазбаўленую думак Хведараву галаву. Хведар стараўся ўсімі сіламі супраціўляцца гэтаму сумневу. Стараўся ўсё часцей шукаць доказы ўласнага існавання. Дарэчы, тая алюзія на рэчаіснасць у прамоклых велюравых боціках, якая няўмольна ўваходзіць у жыццё, была нічым іншым, як спробай намацаць існасць у такіх побытавых, прыземленых рэчах, як прамоклы абутак. Хведару заўжды здавалася, што менавіта прыземленыя, паўсядзённыя здарэнні, дробныя фізічныя нязручнасці, неспадзяванкі, як тая ж лужына, ці, проста кажучы, бытавуха, з’яўляюцца доказам таго, што Хведар — гэта не хворая фантазія звар’яцелага пісьменніка альбо радок машыннага коду.

Рэчаіснасць навакольнага свету хвалявала Хведара не менш. Аднойчы падчас прыняцця чарговай ін’екцыі кніжных думак, Хведар наблукаў на калянавуковы артыкул пра «тэорыю струн». У тым артыкуле апроч усяго разглядалася магчымасць існавання бясконцай колькасці паралельных сусветаў, якая абгрунтоўвалася тэорыяй. Самі па сабе паралельныя сусветы ня надта хвалявалі Хведара. Ён быў дасведчаны ў гэтай тэме, бо чытаў якасную фантастыку. Усхвалявала і зацікавіла Хведара нешта іншае: існаванне ў гэтых паралельных сусветаў адрозных паміж сабой фізычных законаў. Ці, як пісаў аўтар артыкулу, — «у межах «тэорыі струн» можа існаваць сусвет, у якім, напрыклад, лічба «пі» мае іншае значэнне і, адпаведна, ў ім пануюць зусім іншыя законы светабудовы».

Вось і цяпер гэтая лічба «пі» раптоўна ўсплыла ў галаве Хведара. Кручаная-перакручаная алюзія з рэчаіснасці і ботаў гэтак жа раптоўна сышла ў нябыт. Хведар стаяў перад паркавай лужынай-возерам і стараўся ўявіць, як гэта так перакруціць паміж сабой дыяметар і даўжыню адной і той жа акружнасці, каб іхняе дачыненне склала адрознае значэнне ад таго, што існуе. Хведар абыйшоў лужыну і зноў ступіў на паркавую дарожку. Цяпер у сваёй бяздумнай галаве ён круціў і перакручваў гэтыя няшчасныя дыяметр і даўжыню адной акружнасці. Круціў доўга, ажно ад невялічкага возера, што расцягнулася ўпоперак паркавай дарожкі, і да прахадной праектнага інстытуту. Гэтае «пі» так захапіла Хведара, што павітаўшыся з калегамі, ён хуценька ўлучыў працоўны кампутар і запусціў праграмны калькулятар. Хведар націснуў на кнопку «пі» і на экране з’явілася лічба з дакладнасьцю да трыццатага знака пасля коскі.

3,1516837646986843495737544943886

Чырвонае на шэрым

Мікалай Іванавіч стаяў на прыпынку. Час ад часу да іржавага павільёна прыпаўзалі аўтобусы. У іх нутро з цяжкасцю ўпіхваліся пасажыры, дзверы натужліва зачыняліся і аўтобусы, равучы перагружанымі рухавікамі, ад’язджалі. Патрэбнага нумара ўсё не было. Мікалай Іванавіч пачаў хвалявацца. Яму не падабалася чакаць. Цяжэй за ўсё на свеце, ведаў Мікалай Іванавіч, чакаць і даганяць. Ён ужо дваццаць хвілін чакаў свой нумар, але аўтобус усё не прыходзіў. Гэта было невыносна.

А тут яшчэ, як на зло, пачаўся дождж. Слабы, гідкі, дробны дождж. Людзі, якія стаялі на прыпынку, збіліся ў кучу пад іржавым, месцамі дзіравым навесам. Мікалай Іванавіч здолеў прыбудавацца збоку. Цяпер велізарныя брудныя кроплі, што зрываліся з краю навеса, падалі яму на галаву і плечы.

Абліччы людзей, што стаялі побач з Мікалаем Іванавічам, былі напружаныя. Бледныя, змарнелыя твары былі накіраваныя ў адзін бок. Людзі пільна ўглядаліся скрозь заслону дажджу туды, адкуль павінны быў прыйсці чарговы аўтобус. Яны былі напагатове, здольныя ў любую хвіліну ўзяць прыступам прыбылы транспарт.

Каля галавы Мікалая Іванавіча хтосьці раскрыў чорны парасон. Спіцы старога парасона былі пагнутыя або зламаныя. Яны ўвесь час імкнуліся патрапіць Мікалаю Іванавічу ў вока. Мікалай Іванавіч зморшчыўся і адвярнуўся. Ён пачаў глядзець у іншы канец вуліцы. Уздоўж пабітай асфальтавай дарогі цягнуліся аднолькавыя шэрыя скрынкі дамоў. З тратуара тырчалі чорныя крывыя ствалы дрэў. Неба было зацягнута непрагляднымі шэрымі хмарамі.

Проста над дарогай была нацягнута шырокая паласа чырвонай матэрыі. На ёй вялікімі акуратнымі літарамі была выведзена: «У новае тысячагоддзе — з новым грамадскім ладам!».

Мікалай Іванавіч залюбаваўся гэтай паласой.

— Чырвонае на шэрым, у гэтым нешта ёсць, — падумаў ён, — Чырвонае на шэрым. Прынамсі, хоць нейкая разнастайнасць.

Пра сэнс напісанага ён задумвацца не стаў.

Мікалай Іванавіч адарваў позірк ад чырвонай расцяжкі і павярнуў галаву. І своечасова. Да прыпынку пад’язджаў, равучы рухавіком, патрэбны Мікалаю Іванавічу аўтобус. Мікалай Іванавіч з вялікай натугай улез у набіты людзьмі салон. Ён прымасціўся на апошняй прыступцы, упіраючыся спінай у дзверы. Перад кожным прыпынкам Мікалаю Іванавічу прыходзілася ўціскаць сваё цела ў людскую масу ў салоне, каб даць магчымасць дзверцам адчыніцца. Затым яго выштурхваў вонкі натоўп людзей. Тых, што выходзілі з аўтобуса. Мікалаю Іванавічу даводзілася паўтараць штурм нанова. Ад дома да завода, дзе працаваў Мікалай Іванавіч, было восем прыпынкаў.

Мікалай Іванавіч рабіў слесарам на заводзе эксперыментальных канструкцыйных матэрыялаў. І хоць фармальна завод лічыўся за нейкім НДІ, працаваў ён на абаронку. Мікалай Іванавіч не ведаў, што ў выніку атрымлівалася з тых дэталяў, якія ён выточваў на сваім станку. Танкі? Самалёты? Падводныя лодкі? Уласна, гэта было яму зусім не цікава. Мікалай Іванавіч проста рабіў сваю працу. І рабіў яе добра. Ён быў ударнікам вытворчасці. Яго фота пастаянна красавалася ў самым версе дошкі гонару. Неабсяжная цётка Марфа, якая сядзела на прахадной, кожны раз, калі які-небудзь рабочы прыходзіў са спазненнем або нападпітку, тыцкала сваім мясістым пальцам у фатаграфію Мікалая Іванавіча і казала:

— У-у-у, бездар. Глядзі, на каго ты павінны раўняцца.

Але Мікалай Іванавіч ніколі гэтага не бачыў. Ён заўсёды прыходзіў своечасова і ніколі не выпіваў перад працай. Вось і цяпер, па выхадзе з аўтобуса, Мікалай Іванавіч набліжаўся да прахадной роўна за дзесяць хвілін да пачатку змены. Цётка Марфа ветла ўсміхнулася Мікалаю Іванавічу. Мікалай Іванавіч выгнуў вусны ў падабенстве ўсмешкі і прайшоў праз турнікет.

Каля ўваходу ў цэх Мікалай Іванавіч убачыў двух рабочых, якія кешкаліся з прыстаўной лесвіцай. Трэці стаяў далей і, мацюкаючыся, кіраваў працэсам ўстаноўкі драбін. У руках ён трымаў згорнутае чырвонае палатно.

— Зноў расцяжка, — падумаў Мікалай Іванавіч. Ён уявіў, як будзе глядзецца чырвоная стужка на шэрай бетоннай сцяне цэха.

— Чырвонае на шэрым, — ціха прамовіў Мікалай Іванавіч.

У цэху было ціха. Да пачатку працоўнага дня заставалася яшчэ некалькі хвілін. Мікалай Іванавіч зняў сваё прамочанае шэрае паліто і павесіў яго ў шафу. Дастаў з шафы шэрую робу, шэры барэт і шэрыя пальчаткі. Выняў з кішэні робы акуляры і накіраваўся да свайго рабочага месца. Станкі ў цэху былі велізарныя, масіўныя. Іх круглявыя бакі ўзвышаліся над Мікалаем Іванавічам яшчэ на добрую галаву. Гэта былі старыя нямецкія станкі. Трафейныя, яшчэ з той, перадапошняй вайны. Мікалай Іванавіч некалі спрабаваў прачытаць да канца надпіс на незразумелай нямецкай мове, які ўпрыгожваў тарэц ягонага станка.

— Штурбф ..., — лепятаў Мікалай Іванавіч, ўчытваючыся ў адзінае, але вельмі доўгае, з дваццаці пяці літар, слова на эмаляванай шыльдзе, — ... груберш ... м-м-м.

Пасля некалькіх спроб Мікалай Іванавіч кінуў гэтую безвыніковую справу і ўжо больш не звяртаў увагі на надпіс.

Мікалай Іванавіч падышоў да свайго станка. Узяў балванку і ўставіў яе ў заціск. Нацягнуў на вочы ахоўныя акуляры. Дастаў патрэбны разак і націснуў на кнопку «пуск». Цэх напоўніўся мерных гудзеннем магутнага электрычнага рухавіка.

Мікалай Іванавіч адбыў палову змены і ніводнага разу не адышоў ад станка. Ён не курыў і яшчэ з вайны ўмеў стрымліваць пазывы свайго арганізма. Мікалай Іванавіч быў ветэранам АІВ. Апошняй імперыялістычнай вайны. Ён не часта пра яе ўспамінаў. Мікалаю Іванавічу проста няма чаго было ўзгадваць. Армія заблакавала Мікалаю Іванавічу ўсе ўспаміны пра вайну, каб яны не забруджвалі галаву будучага перадавіка вытворчасці. Мікалай Іванавіч не надта пра гэта шкадаваў, бо вайна зрабіла яго лысым, бяззубым і бясплодным.

Пачуўся званок, што запрашаў рабочых на абед. Мікалай Іванавіч паклаў у скрыню для гатовай прадукцыі другую звыш нормы дэталь, зняў пальчаткі і накіраваўся ў сталовую ўслед за іншымі слесарамі.

Ужо стоячы ў чарзе з падносам у руках, Мікалай Іванавіч назіраў, як хлапчукі чаляднікі развешваюць чырвоныя сцяжкі і гірлянды па велізарным памяшканні сталовай. Ярка-чырвоная тканіна сцяжкоў рэзка кантраставала з бледна-шэрай роўняддзю кафлянай пліткі, якой былі выкладзеныя ўсе сцены памяшкання.

— Чырвонае на шэрым. Да чаго б гэта, — падумаў Мікалай Іванавіч, ставячы шклянку з кампотам сабе на паднос.

У канцы змены да Мікалая Іванавіча падышоў сакратар партыйнай ячэйкі цэха. Мажны нізенькі мужчына ў шэрым пінжаку. На лацкане яго пінжака Мікалай Іванавіч заўважыў ярка чырвоны значок. Успацелы твар парторга асвяціла шырокая ўсмешка, ён падышоў ушчыльную да станка і паляпаў Мікалая Іванавіча па спіне, пакуль той выточваў чарговую дэталь.

— Прыемна, што ў нашым цэху працуюць людзі, якія зрабілі магчымым заўтрашняе свята. Слава ветэранам Апошняй імперыялістычнай вайны, — парторг яшчэ раз пляснуў Мікалая Іванавіча па спіне, — Партарганізацыя завода выпісала вам прэмію, зайдзіце ў аддзел, калі скончыце.

Парторг дастаў з кішэні насоўку, выцер пот з ілба, яшчэ раз усміхнуўся і хуткім крокам пайшоў прэч. Мікалай Іванавіч толькі хмыкнуў яму ўслед. Ён некаторы час спрабаваў успомніць, якое ж свята будзе заўтра, але, так і не ўзгадаўшы, накіраваў усю сваю ўвагу на дэталь. Да канца змены Мікалай Іванавіч паспеў вытачыць яшчэ дзве дэталі. Затым ён выключыў станок і накіраваўся ў галоўны партыйны аддзел завода. Там яго яшчэ раз павіншавалі. Парторг моцна паціснуў сухую тонкую далонь Мікалая Іванавіча і ўручыў яму картку на дзесяць чалавека-гадзін. Затым з сілай прыціснуў да сябе, так, што чырвоны значок на пінжаку парторга з болем упіўся Мікалаю Іванавічу ў грудзі. Мікалай Іванавіч буркнуў словы падзякі і пайшоў з кабінета, завешанага чырвонымі сцягамі і партрэтамі правадыроў.

На выхадзе з прахадной Мікалай Іванавіч павярнуўся. Ён некалькі секунд глядзеў на новы надпіс над уваходам, які абвяшчаў: «Сардэчна запрашаем у камунізм!».

За тэрыторыяй завода, Мікалай Іванавіч перш за ўсё накіраваўся ў бліжэйшы магазін. Там ужо было поўна народу. У віна-гарэлачным аддзеле з нагоды свята выдавалі шампанскае. Адна бутэлька ў адны рукі. Мікалай Іванавіч стаў у чаргу каля мяснога аддзела. Перад ім стаяў знаёмы зваршчык Пецька. Твар зваршчыка асвятляла блажэнная ўсмешка, а позірк быў накіраваны ўдалячынь. Пад паліто ён горача прыціскаў да грудзей нейкі прадмет. Заўважыўшы Мікалая Іванавіча, Пецька страпянуўся. Азірнуўшыся па баках, ён па-змоўніцку падміргнуў і адсунуў крысо паліто. З-пад шэрай тканіны выглядвала непачатая бутэлька гарэлкі.

— Вось дастаў з нагоды свята, — прашаптаў Пецька і летуценна паглядзеў у пачатак чаргі, — Можа каўбаскі яшчэ адрэжуць. Трэцім буш, — зваршчык ударыў сабе па шыі двума бруднымі пальцамі і запытальна ўтаропіўся на Мікалая Іванавіча, — Свята ўсё-такі. Такое, кажуць, раз у тысячу гадоў бывае. І дзяржаўны лад не кожны дзень мяняем.

— Не, не сёння, — прамовіў Мікалай Іванавіч і пачаў глядзець па баках, спрабуючы зразумець, аб якім жа ўсё-ткі свяце ўсе сёння кажуць.

Незадаволены адказам зваршчык буркнуў: «Ну, як хош», і стаў азірацца, шукаючы ў натоўпе іншага сабутэльніка.

Позірк Мікалая Іванавіча спыніўся на рудай, асыпанай яловай галінцы, якая тырчала з шкляной банкі каля пыльнай вітрыны крамы. На канец галінкі была пасаджана пакамячаная папяровая зорка. Ніякіх асацыяцый гэты нацюрморт ў галаве Мікалая Іванавіча не выклікаў. Ён перастаў матаць галавой і ўтаропіўся на патыліцу зваршчыка Пецькі.

Праз гадзіну дастаяўшы чаргу Мікалай Іванавіч атрымаў 200 грамаў варанай каўбасы і звыш таго яшчэ 100 грам прэміяльнай сыравэнджанай, якую выдалі Мікалаю Іванавічу ў гонар свята, як перадавіку. Хлеб дома яшчэ быў, і таму Мікалай Іванавіч не стаў затрымлівацца ў хлебным аддзеле і пайшоў на прыпынак.

З аўтобуса Мікалай Іванавіч адразу накіраваўся ў сваю кватэру. Ідучы па вуліцы, ён пабачыў яшчэ некалькі новых расцяжак, а на ўсіх жалезабетонных слупах свежавывешаныя чырвоныя сцяжкі.

— Чырвонае на шэрым, — прашаптаў ён і ўвайшоў у пад’езд. Дома Мікалай Іванавіч падрыхтаваў сабе няхітрую вячэру: запарыў гарбату і зрабіў бутэрброд. Узяўшы ў адну руку кружку з кіпенем, а ў іншую кавалак чэрствага хлеба з лустай варанай каўбасы, Мікалай Іванавіч накіраваўся ў залу глядзець тэлевізар.

Стары кінескоп доўга разаграваўся, па экрану паўзлі шэрыя палосы. Прымальная карцінка у тэлевізары з'явілася толькі праз хвіліну пасля ўключэння. Ішла застаўка. Чорна-белая хроніка. Шэрая маса людзей цякла па вуліцы, нібы рака, што выйшла з берагоў. У натоўпе раз-пораз мільгалі сцягі. Сцягі былі чырвонымі. Яркімі плямамі яны вылучаліся на экране.

— Чырвонае на шэрым, — сказаў Мікалай Іванавіч. Рука з бутэрбродам спынілася на паўдарозе да рота.

Мікалай Іванавіч ўспомніў. Успомніў, дзе ўжо бачыў такое спалучэнне колераў. Чырвонае на шэрым. Чырвоная кроў на шэрым ад сажы і парахавога пылу снезе. Кроў штуршкамі выбіваецца з нагі дзяўчыны, якая нерухома ляжыць на зямлі. Кроў імгненна насычвае снег, фарбуючы яго ў свой чырвоны колер. Побач з дзяўчынай курчыцца ад болю другі чалавек. Мікалай Іванавіч ўспомніў. Ён не павінен быў гэта ўспамінаць, але ён успомніў. Іх было двое: хлопец і дзяўчына. Яны спрабавалі сысці з тэрыторыі, вызваленай нашымі войскамі. Пракрасьціся міма кардонаў і выйсці на зямлю, усё яшчэ кантраляваную імперыялістамі. Але партыя і ўрад далі загад не дапускаць пераходу мяжы вызваленай зоны. Партыя і ўрад загадалі страляць без папярэджання. Мікалай Іванавіч устаў над яшчэ жывым хлопцам і націснуў на спускавы кручок. Шэры снег паблізу афарбаваўся ў чырвоны колер. Чырвонае на шэрым.

Мікалай Іванавіч не павінен быў гэтага успамінаць, але ён успомніў. Спрацавала блакаванне памяці. Свядомасць адключылася. Мікалай Іванавіч бокам заваліўся на канапу і хутка заснуў без сноў. Бутэрброд выпаў з паслабленай рукі на дыван.

Мікалай Іванавіч спаў, а ў гэты час на экране тэлевізара з’явіўся дыктар і пачаў сваю прамову:

— Віншую вас, таварышы, з вялікім святам! Да гэтага дню мы ішлі гадамі, дзесяцігоддзямі. Шматлікія пакаленні камуністаў аддалі жыццё за гэты дзень. І вось спраўдзіліся мары народныя. Партыя і ўрад паведамляюць, што з першага дня новага 2001-га года ў нашай краіне ўсталёўваецца самы сумленны і справядлівы лад, у нашай краіне абвяшчаецца камунізм. Ура, таварышы!

Дарункі багоў

Мы жылі як у раі. Багі заўсёды былі добразычлівыя да нас і дасылалі свае дарункі кожную змену месяца. Падарункі валіліся з неба па начах. Іх былі цэлыя горы. Вядома, жрацы забіралі сабе ўсё найбольш каштоўнае, але і простым людзям таксама даставалася. Багі дарылі нам шмат карысных рэчаў: жалезныя пласціны розных формаў, з якіх мы будавалі свае хаты, рабілі сталы і крэслы; мноства рознакаляровых лапікаў, з якіх мы шылі адзежу; ежу ў жалезных слоіках, трохі нясвежую (напэўна, доўга валілася з неба); трапляліся нават амаль цэлыя рэчы, якія заставалася толькі падлатаць ці паправіць. Часта валіліся зусім незразумелыя штукі, мы нават не разумелі, што з імі рабіць. Напэўна, штосьці чароўнае, незразумелае для недасканалага чалавечага розуму. Але галоўнае дарункаў было так шмат, што часамі нам прыходзілася перасоўвацца ў іншыя месцы, бо дарункі завальвалі нашы селішчы і узвышаліся над імі цэлымі горамі. Але і на новых месцах дарункі ўсё адно валіліся нам на галовы.

Так, гэта было райскае жыццё. Але ўсё скончылася. Месяц завяршаў свой абарот і жрацы ўжо гатовыя былі прыняць чарговы дарунак богаў, але ўначы яго не сталася. Не было яго і на наступную ноч і на ноч за ёй. Месяц ужо зрабіў два звароты, але дарункаў усё не было. Мы, вядома, маглі жыць і папярэднімі дарункамі, але жрацы спалохаліся не на жарт. Аднойчы вярхоўны жрэц паведаміў, што мы чымсьці ўгневалі богаў і, што для таго каб уласкавіць іх трэба прынесці ахвяру. Чалавечую ахвяру.

Ахвяру прынеслі, але багі не жадалі гэтага чуць і працягвалі гневацца. І жрацы вырашылі, што гэта была занадта маленькая ахвяра і вырашылі аддаць багам больш жыццяў. Сёння лёс абраў мяне. І я гатовы прынесці сваё жыццё ў ахвяру літасцівым багам, каб забяспечыць добрае жыццё сваім дзецям і людзям, з якімі я жыў. Прабачыце нас, багі. Калі ласка.

— Сэм, куды ты ляціш? Нам жа сказалі, што на гэтую планету больш смецце высыпаць нельга. Хутка наляціць экалагічны кантроль і замерыць узровень забруджанасці паверхні, а ён там і так вышэй нормы.

— Ды памаўчы ты! Не збіраюся я туды нічога скідаць. Ты не заўважыў, што вакол планеты яшчэ месяц круціцца?

Дзень нараджэння

Месяц — царства вечнага дня і вечнай ночы адначасова. За круглым ілюмінатарам асветленая палаючым сонцам шэрая пустэльня рэзка кантрастуе з абсалютнай чарнатой бяззорнага неба. Але, нягледзячы на ўсю халоднасць навакольнага пейзажу, у маленькім паўцыліндрычным пакойчыку пануе свая, па-дзіцячы цёплая атмасфера. Аднаго погляду дастаткова, каб зразумець, што гэта сапраўды дзіцячы пакой: невялікі ложак, занадта нізкі для сярэдняга чалавека стол, скрыначка з надпісам «цацкі», ну і вядома сцены аблепленыя творамі няўмелай дзіцячай рукі. Толькі адно пытанне, адкуль на такім сур’ёзным аб’екце, як месяцовая база, узялося дзіця? Усё проста. Валя — названая так ў гонар першай жанчыны-касманаўта Валянціны Церашковай — першае дзіця, што нарадзіўся па-за Зямлёй, тут, на Месяцы, у «Месяцовым горадзе» — першым іншаланетным фарпосце чалавецтва.

Гэты «Месяцовы горад» нельга параўнаць па памерах са звычайным зямным горадам. Так, ён невялікі, але ўвесь час пашыраецца. На двух галоўных вуліцах — Гагарына і Лявонава — размешчаны дзясяткі навукова-даследчых лабараторый, мноства жылых і грамадскіх збудаванняў, маецца таксама свой парк — купальная аранжарэя — і помнік першым заваёўнікам космасу. Акрамя таго, у 10 кіламетрах ад горада знаходзіцца касмадром, на які кожны месяц садзяцца караблі з Зямлі, прывозяць у горад новую змену спецыялістаў, прадукты харчавання, апаратуру, жылыя і навуковыя модулі. Жыццё ў горадзе кіпіць: ні дня без цікавых адкрыццяў.

Не сакрэт, што і сама Валя з’яўляецца часткай праграмы даследаванняў месяцовага комплекса. Бо ніколі раней дзеці не нараджаліся на адлегласці ў чатырыста тысяч кіламетраў ад роднай планеты. Але ад гэтага факту любові да дзяўчынкі з боку насельнікаў базы не становіцца менш.

Валя жыве звычайным дзіцячым жыццём, шмат у чым падобным на жыццё зямнога дзіцяці. Дзяўчынка, як і любы пяцігадовы зямны дзіцёнак, наведвае школьныя заняткі. Толькі ў «Месяцовым горадзе» няма сваёй школы і таму настаўнікамі для Валі выступаюць яе ўласныя бацькі, якіх час ад часу падмяняюць іншыя члены даследчай групы. Яна, як і ўсе дзяўчынкі яе ўзросту, гуляе ў лялькі. Добрыя дзядзькі-касманаўты з кожным зямным рэйсам прывозяць ёй новую цацку. Вось нядаўна дзядзька Алесь нават кацяня прывёз, а інжынеры з Байканура збудавалі для яго спецыяльны скафандр-кошык у якім кацяня можна выносіць за межы дамоў-купалоў. Ёсць у кошыку немалы запас кіслароду і кішэнькі для цюбікаў з малаком і ежай, каб кацяня не заставалася галодным. Валя была ў захапленні ад такога падарунка. Дзіцё, якое ні разу не бачыла Зямлю, атрымала часцінку зямной прыроды. Пасля гэтага дзяўчынка ўжо ніколі не раставалася са сваім Кузям — такое імя яна дала кацяняці — і паўсюль насіла яго з сабой у хатцы-скафандры.

Сёння ў Валі дзень народзінаў. Вале споўнілася шэсць гадоў, шэсць гадоў бесперапыннага жыцця па-за Зямлёй на месяцовай станцыі. Толькі адзінкі касманаўтаў ва ўсім свеце могуць пахваліцца такім тэрмінам пражывання ў космасе.

З нагоды свята дзяўчынка ўстала рана. На яе століку ляжала паштоўка з бацькоўскімі віншаваннямі і вялікая кніжка-размалёўка з вясёлымі героямі мультфільмаў. Валя радасна абняла Кузю і наліла яму святочную порцыю малака. Пакуль кацяня хлябтала свой падарунак, дзяўчынка апраналася. Яна нацягнула лёгкі камбінезон, а затым на яго свой дзіцячы скафандр, з прышпіленым да спіны шлемам. Па тэхніцы бяспекі належала ўсюды, нават у межах купалоў, хадзіць у скафандры. Дзяўчынка ўзяла Кузю, пасадзіла яго ў пераносны кошык і выйшла са свайго пакоя. Валя зазірнула спачатку на кухню, а потым і ў бацькоўскі пакой, але ні таты, ні мамы нідзе не было. Тады Валя насунула на галаву шлем, загерметызавала свой скафандр і кошык кацяня, адкрыла падачу кіслароду і ўвайшла ў кесон, які вёў на вуліцы «Месяцовага горада».

Дзяўчынка ведала, што бацькі працуюць у цэнтры сувязі і таму панеслася туды з усіх ног. На вуліцах сёння было незвычайна шматлюдна: усе кудысьці беглі, ці проста вялізарнымі скачкамі пераадольвалі адлегласць, каля кесонаў жылых купалоў утвараліся чэргі на выхад і уваход. У горадзе панавала незразумелая ажыўленасць.

Валя не хацела выклікаць бацькоў па рацыі, яна жадала ўбачыць іх ужывую, і таму наўпрост накіравалася да прысадзістага шырокага купала з вялізарнай парабалічнай антэнай на даху. Калі дзяўчынка заходзіла ў кесон, адтуль якраз выходзіў дзядзька Алесь. Ён са здзіўленнем паглядзеў на Валю, але нічога не сказаўшы, пабег па сваіх справах. Унутры купала было шумна і цесна: мноства людзей у грувасткіх скафандрах сноўдала ад адных тэрміналаў да іншых. Валя не адразу ўбачыла бацьку, ён стаяў ля вялікага шыпячага экрана і гучна крычаў у мікрафон, а мама сядзела побач за сталом, падпёршы галаву рукамі. Дзяўчынка падышла да сваіх бацькоў.

— А, добрай раніцы, Валечка, — твар мамы быў сумны і нават нацягнутая ўсмешка, не змагла сцерці журбу з яе аблічча, — З Днём нараджэння, родная.

Тата павярнуўся, паглядзеў на дачку, кіўнуў і зноў пачаў нагаворваць у мікрафон.

— Ведаеш, дачушка, вяртайся ты лепей дахаты, пагуляй з цацкамі, у нас тут з татам тэрміновая справа, — мама падышла да Валі і ўзяла яе за руку.

— Зямля. Зямля. Кажа «Месяцовы горад». Што там у вас, адкажыце, — працягваў паўтараць тата.

Да яго падбег дзядзька Слава і працягнуў тэчку з паперамі.

— Вось паглядзіце — гэта новыя фотаздымкі з абсерваторыі. Вось тут і тут на паверхні нейкія ўспышкі, вельмі падобна на выбухі, — хутка прагаварыў ён, паказваючы штосьці на сваіх лістках.

— Так, вельмі падобна, — адказаў тата. — Што ж у іх там здарылася?

— Зямля. Зямля. Адкажыце ...

Але дзяўчынка ўжо не чула слоў, мама праводзіла яе да кесона і строга загадала сядзець дома, на вуліцу больш не выходзіць.

Валя неахвотна пайшла ў бок жылога купала. Крочыла павольна і часта зазірала ў кошык да кацяняці. З-за гэтага дзяўчынка станавілася перашкодай на шляху людзей, што сноўдалі па сваіх неадкладных справах па горадзе. Каля помніка першым касманаўтам дзяўчынка спынілася, каб у чарговы раз палюбавацца касмічнымі героямі.

Раптам дзіўны агеньчык прыцягнуў яе ўвагу. Нібы маленькі светлячок агеньчык падморгваў Валі з-за бліжэйшага дома-купала. Дзяўчынка вырашыла паглядзець, што ж там такое. Каля будынка ў паўметра ад паверхні вісеў невялікі агністы шарык.

«Ідзі сюды, ня бойся» — сказаў светлячок. Голас раздаваўся проста ў шлеме дзяўчынкі.

Валя падышла бліжэй, моцна абхапіўшы дзвюма рукамі кошык з кацянём.

«З днём нараджэння, Валечка», — сказаў агеньчык маміным голасам. — «Хочаш, я зраблю табе падарунак?»

Дзяўчынка згодна пахітала галавой.

«Тады ідзі за мной», — сказаў светлячок і павольна паляцеў у бок мяжы «Месяцовага горада», туды, дзе знаходзіліся падмуркі недабудаваных купалоў.

Дзяўчынка паслухмяна пайшла следам.

«Не бойся», — паўтарыў агеньчык, калі яны разам выйшлі за межы месяцовай базы.

— Я хачу да таты, — першыя слёзы з’явіліся на вачах Валі.

«Добра», — сказаў светлячок і пачаў надзімацца, паступова набываючы форму чалавечага цела.

Дужыя татавы рукі паднялі дзяўчынку і пяшчотна прыціснулі яе да грудзей.

— Хочацца спаць, — сказала дзяўчынка, пазяхаючы, і паглядзела на кацяня. Кузя ўжо скруціўся клубочкам на дне свайго доміка-скафандра і мірна пасопваў.

Чалавечая постаць з дзіцём на руках усё далей і далей аддалялася ад «Месяцовага горада». Шырокія татавы плечы абаранілі спячую дзяўчынку ад яркага, сляпучага святла новага сонца, што ўзышло над месяцовай базай. Сонца тэрмаядзернага выбуху.

«Спі спакойна, усё будзе добра».

Месяцаход на пераплаўку або таемны план Вернера фон Браўна

Вітаем на хвалях першага крыптагістарычнага радыё! У нас толькі факты!

На днях наш карэспандэнт знайшоў на рассакрэчаных фотаздымках паверхні зваротнага боку Месяца, зробленых савецкім спадарожнікам Месяц-3 у 1963 годзе, выявы вялікай колькасці агнёў на дне аднаго з буйных кратэраў. Пры бліжэйшым разглядзе нашаму даследчыку стала бачна, што тыя агні размешчаны ў кратэры не хаатычна, а знаходзяцца ў пэўным парадку. Па яго словах, на выяве можна адрозніць паралельныя ланцужкі агнёў, а таксама іх перакрыжаванні. У іншых месцах бачныя прастакутнікі і квадраты, якія утвараюцца такімі ж агнямі. Усё гэта наводзіць на думку, што гэтыя агні — самая сапраўдная сістэма асвятлення сакрэтнай месяцовай базы. Але адкуль узяцца месяцовай базе на адваротным баку месяца ў далёкім 1963 годзе? І каму яна ў такім выпадку належыла? У свой час савецкія даследчыкі абышлі гэты феномен бокам, і здалі незразумелыя фатаграфіі ў архіў на доўгія дзесяцігоддзі. Але цяпер, калі архівы рассакрэчаныя, заслона таямніцы стала патроху адсоўвацца.

Як кажуць нашыя эксперты, структура агнёў на паверхні Месяца цалкам супадае з асвятленнем нямецкай базы люфтвафэ ў Дрэздэне. Гэта было ўстаноўлена па фотаздымку, зробленым брытанскім начным бамбавіком ў красавіку 1945 года. А выяўленая нядаўна ў архівах НСДАП дырэктыва, падпісаная асабіста Гітлерам, кажа аб стварэнні рэзервовай ваеннай базы на паверхні Месяца на выпадак, калі Германія прайграе ў Другой сусветнай вайне.

Усё гэта не пакідае ніякіх сумненняў у тым, што загадкавая месяцовая база — справа рук фашысцкай Германіі. У той час, калі жыхары Лондана тушылі пажары і разбіралі завалы, пакінутыя рэактыўнымі снарадамі ФАУ-1 і ФАУ-2, нямецкія касманаўты здзяйснялі першыя палёты ў калязямную прастору і нават высаджваліся на Месяц. Гісторыя, на жаль, не захавала імёны першых людзей, што пабывалі ў космасе, але чалавек, чыё імя непасрэдна звязана з нямецкім ракетабудаваннем і згадваецца ў ліку першых у вышэйназванай дырэктыве фюрэра, Вернер фон Браўн, пакінуў прыкметны след у гісторыі сусветнай касманаўтыкі.

Пра яго мы і вырашылі распытаць знакамітага знаўцу гісторыі Трэцяга рэйха, ганаровага акадэміка Міжнароднай Акадэміі Псеўдагісторыі, кандыдата паранармальных навук Васіля Германавіча Пупкіна.

Карэспандэнт: Вітаю вас, шаноўны прафесар. Як вы пракаментуеце выявы нямецкай месяцовай базы, якія сталі нядаўна здабыткам грамадскасці?

Васіль Пупкін: З прычыны нядаўніх адкрыццяў не падлягае сумневу тое, што ўся амерыканская месяцовая праграма была задумана і арганізавана выбітным нямецкім інжынерам Вернерам фон Браўнам з адзінай мэтай — забяспечыць харчамі і матэрыяламі нямецкую месяцовую базу. Гэтая ідэя атрымала падтрымку кіруючых колаў ЗША, якія шукалі новых саюзнікаў у халоднай вайне супраць СССР. Цяпер гэтак жа станавіцца ясна, што меў на ўвазе Ніл Армстронг, калі пасля слоў «Гэта маленькі крок для чалавека і вялізны скачок для чалавецтва» раптам вымавіў «Прывітанне Ганс. Як у вас тут справы?». Гэтыя словы былі запісаны энтузіястамі падчас прамога эфіру з Месяца, на афіцыйным запісу НАСА іх пакуль што няма.

К.: Цікава, але як жа жылі немцы на Месяцы ўвесь гэты перыяд з 1945 па 1969 гады?

В.П .: Хутчэй за ўсё ў іх меўся вялізны запас прадуктаў і матэрыялаў на той час, пакуль спецыяльна пакінуты на Зямлі Вернер фон Браўн не арганізуе новыя палёты да Месяца. Але не выключана і тое, што практычныя немцы выкарыстоўвалі тыя касмічныя апараты, якія пасылаў на Месяц савецкі ўрад, які нічога не ведаў пра таемную базу. Цалкам верагодна, што знакаміты савецкі месяцаход быў падабраны нямецкай экспедыцыяй і адпраўлены ў перапрацоўку. Магчыма, немцы натыкнуліся і на сляды старажытных іншапланетных караблёў.

К .: Значыць, цяпер мы ўжо не ўбачым знакаміты месяцаход на дне кратэра? Як шкада. Але скажыце, чаму ж амерыканцы спынілі забеспячэнне?

В.П .: Па цалкам зразумелых фінансавых прычынах. Кожны палёт абыходзіўся амерыканцам ў кругленькую суму. Ды і да таго ж толку ад месяцовых саюзнікаў было мала, а на зямныя падзеі яны мала як маглі паўплываць. Але цалкам магчыма, што да таго часу, калі апошні «Апалон» пакінуў Месяц, немцы здолелі наладзіць аўтаномную працу базы. Але мне гэта, на жаль, не вядома.

К .: Дзякуй за цікавую і змястоўную гутарку пану Васілю. Паважаныя слухачы, як бачыце, нямецкая база на Месяцы — гэта бясспрэчны гістарычны факт. І цяпер застаецца толькі адно пытанне: ці змогуць павітацца касманаўты будучыні, якія адправяцца на Месяц, з нашчадкамі нямецкіх заваёўнікаў космасу ці заспеюць толькі руіны, занесеныя месяцовым пылам ...

Яны ёсць!

Гэй, хлапчук, ты мо касмалётчык? Нядаўна выпусціўся, так? Не жадаеш са мной выпіць? Вазьмі вось, налі сабе гэтай марсіянскай барматухі. Мне не шкада. Вось так. Добра. Паслухай старога касмічнага ваўка. Табе ж карысць будзе. Вось што я табе распавяду.

Колькі мы ўжо лётаем? Гадоў дзвесце. Ды пачакай ты. Я кажу не пра нас з табой, а пра чалавецтва ў цэлым. Ну, дык вось, дзесьці каля двухсот чатырнаццаці гадоў атрымліваецца. Гэта калі браць адлік ад шэсцьдзесят першага. Ну, памятаеш? Ракеты, Гагарын, і ўсё такое. Але галоўнае не гэта. Галоўнае… э-э-э, гэта я аб чым? А, прыгадаў! Галоўнае тое, чаго мы за гэты час дамагліся. О, а мы дамагліся шмат чаго. Ды, не мы з табой, дурыла — чалавецтва! Гэта і міжзоркавыя пералёты. І калоніі на далёкіх планетах. Ды што там казаць, Альфа Цэнтаўра, Сірыус, усё гэта даўно зоркі Унутранай Сферы. Хоць зусім нядаўна — а я чытаў гістарычныя кніжкі — людзі марылі толькі дабрацца туды. Мы адляцелі на сотні, на тысячы светлавых год ад Зямлі. І што мы там знайшлі? Планеты, кажаш? Зоркі? Не-е-е. Нічога мы не знайшлі. Я маю на ўвазе ніякіх слядоў, ніякіх прыкмет разумнага жыцця. Так, сотні планет падобных да Зямлі, мы безумоўна знайшлі. А на некаторых нават і зародкі жыцця ёсць. Але розуму няма. Зусім. Ты ўяўляеш? Тысячы радыётэлескопаў скануюць глыбіні космасу. Сотні даследчых зондаў пасланы ў самыя далёкія куткі нашай галактыкі. Кожны год здзяйсняецца дзясяткі звышдалёкіх рэйдаў глыбіннай выведкі. І нічога. Увогуле, нічога. Дзвесце гадоў у космасе і ніводнага кантакту. Ніводнага, хоць бы ўскоснага сведчання пра існаванне іншых разумных істот. Ведаеш, ствараецца такое ўражанне, што мы адны ў сусвеце. Што акрамя нас тут нікога няма. Зусім нікога…

Але гэта не так! Я ў гэта ня веру. І ведаеш, чаму? Я сам іх бачыў. Не верыш. Налівай яшчэ. Афіцыянт, нам яшчэ бутэлечку гэтага пойла.

Я быў глыбінным выведнікам. Ды стой ты, пачакай смяяцца. Ты, напэўна, думаеш, што глыбінныя выведнікі толькі казкі ўмеюць распавядаць? Нажаруцца, і давай трызніць пра блукаючыя планеты. Пра могільнікі іншапланетных караблёў. Пра сустрэчы з зялёненькімі чалавечкамі. Так? А вось і не. Я не такі. Усё, што я табе распавяду, было насамрэч.

І было гэта ў адным глыбінным рэйдзе. У апошнім маім глыбінным рэйдзе. Курс трымалі да цэнтра галактыкі. Большая шчыльнасць зорак. Большая верагоднасць каго-небудзь сустрэць. Прынамсі, мы так думалі. Сотні дзве скокаў зрабілі і наткнуліся на планетарную сістэму. Невялікі такі чырвоны карлік. Дзесьці 0,6-0,7 санлайтаў. Чаго, чаго? Санлайтаў кажу. Гэта свяцільнасць зоркі па старой амерыканскай класіфікацыі. Адносна свяцільнасці Сонца. Дурыла ты не вучаная, а яшчэ касмалётчык. Лепш налі мне яшчэ.

Ну дык вось, у поясе жыцця ў таго карліка толькі адна планета. Але і тая, голы камень, ды і толькі. Атмасфера разраджана, паверхня пакрыта кратарамі. Ты Месяц бачыў? Вось і там тое ж самае, толькі памеры разы ў два большыя. Лавіць няма чаго, але інструкцыя глыбіннай выведкі прадпісвае абавязковую пасадку на ўсе планеты ў поясе жыцця. Што? Ты не ведаеш, што такое пояс жыцця? Чаму вас у вашых акадэміях толькі вучаць? Пояс жыцця — гэта такая вобласць поруч зоркі, у якой, ну, у вобласьці той, а не ў зорцы, створаны аптымальныя ўмовы для ўзнікнення і развіцця бялковай формы жыцця. Вось. Гэта значыць нашай з табой формы жыцця. Натуральна, гэты панятак не датычыцца небялковых формаў, але праўду кажучы мне з такімі сутыкацца не прыходзілася. Але не ў тым справа. Справа ў тым, што селі мы на гэтую планетку, і пачалі выведку. Хе, вось ужо і вершамі загаварыў. Налівай яшчэ.

Не, вядома, глыбінная выведка не толькі пошукам жыцця і розуму ў галактыцы займаецца. Мы бо не дармаеды якія-небудзь. Мы і планеты для далейшай каланізацыі падшукваем. І аналіз рэсурсаёмістасці праводзім. Руды, металы, мінералы. Увогуле, займаемся карыснай справай, а не толькі за зялёнымі чалавечкамі ганяемся. Як некаторыя пра нас думаюць. Таму нашая высадка на такую бесперспектыўную ў плане жыцця планету як той голы касмічны камень, была ўсёткі не марнай справай.

Яшчэ з арбіты запрыкмецілі мы кратар, багаты рудой. Туды і селі. Выслалі групу для ўзяцця спроб грунта. У яе ўваходзіў і я. Разбрыліся мы па тым кратары. А сувязь лайновая. Ці то магнітная анамалія, ці то яшчэ што. Халера яе ведае. Увогуле, у слухаўках толькі шыпенне і трэск. Таму мы імкнуліся трымаць адзін аднаго ў межах простай бачнасці. Але я, дурны, захапіўся. Знайшоў цікавы абразчык. За ім яшчэ адзін. Прайшоў яшчэ трохі і не заўважыў, як згубіўся. А калі заўважыў, то не моцна знерваваўся. Кірунак да карабля я ведаў. Ды і знікнуць у абмежаванай кратарам прасторы складана. Калі трэба, мяне б хутка знайшлі. Аўтаномнасці скафандра хапала на некалькі сутак.

Карацей, іду я сабе далей, толькі пад ногі гляджу. А там усё цікавей і цікавей. Спачатку трапляліся каменьчыкі з украпваннямі. Потым кавалкі руды ў чыстым выглядзе, што само па сабе вялікая рэдкасць. І, нарэшце, здаравенны такі камень, увесь з найчысцейшай і самай якаснай руды. Я зусім пільнасць страціў і не гледзячы панёсся да гэтага каменя. А дарма. Проста перад ім была роўная пляцоўка. Я спачатку падумаў, што каменнае плато. Але потым, калі нага пачала правальвацца, не знаходзячы апоры, зразумеў, што гэта пыльная яма. Ведаеш, такія паглыбленні запоўненыя пылам часта сустракаюцца на планетах без атмасферы і з малой гравітацыяй. З выгляду звычайная роўная паверхня. І па колеры нічым не адрозніваецца ад іншых участкаў. Але ступіш і адразу па грудзі ў пыл правальваешся. І затым яна, халера гэткая, цябе павольна далей засмоктвае. Як зыбкія пяскі на Зямлі. Чуў пра такія? Я спачатку боўтацца спрабаваў. Ды куды там. Яшчэ мацней цягнуць стала. Тады я супакоіўся. Зразумеў, што канец надышоў. Загубіла мяне мая цікаўнасць. Вядома, скафандр падоўжыць мне жыццё. І ёсць верагоднасць, што мяне знойдуць. Але калі яма глыбокая, то ляжаць мне на яе дне да сканчэння часоў. Ніякія геарадары не дапамогуць.

Увогуле, змірыўся я са сваім сумным лёсам, амаль з галавой у пыл сышоў. І тут адчуваю, што нейкая сіла пачала мяне з пылу выцягваць. Стаў я пакрысе выбірацца з ямы. Высунуўся спачатку па грудзі, потым па пояс. А затым, калі ў пыле заставаліся толькі ногі, гэта сіла ўзяла і шпурнула мяне на бліжэйшы камень. Цвёрды камень. Я ад удару на імгненне прытомнасць страціў. Калі ачуняў, паматаў галавой і краем вока заўважыў нейкі бляск. Выбліск. А затым іскру, што ўздымалася вертыкальна ўгару. У неба. Можа, гэта мне ўсё і падалося. Можа, гэта ў мяне ў самога зоркі ў вачах заскакалі. Як гэта часам пасля ўдару бывае. Але я чамусці не сумняваюся, што гэта былі яны. Яны дапамаглі мне выбрацца, а затым зляцелі.

Калі вярнуўся да сваіх, я нічога ім не стаў расказваць. Толькі паказаў камяні. І ўсё. Ды яны і нічога не заўважылі. Вельмі перспектыўнай сталася планета. А потым і мы паляцелі. Больш я ўжо не лётаў. Стары стаў. А на той планеце цяпер быццам бы перапрацоўчы завод пабудавалі.

Пра той выпадак я нікому не распавядаў. Не ведаю чаму. Можа таму, што сам не да канца ўпэўнены… Не, я сапраўды ведаю, што яны ёсць. Іх проста не можа не быць. Як не можа ў полі быць толькі аднаго каласка. Ты ж касмалётчык, можа табе прыйдзецца з імі сустрэцца. Успомніш тады старога выведніка.

Што? Ты не касмалётчык? Куртку ў знаёмага ўзяў. І хто ты тады? Журналіст! Гора мне! Яшчэ адзін артыкул пра звар’яцелых глыбінных выведнікаў і сустрэчах з зялёнымі чалавечкамі. Правальвай! Бачыць цябе не хачу! Афіцыянт! Яшчэ бутэльку.

Сын ветра

Паскарэнне прыціскае цябе да крэсла. Верашчыць зумер перагрузкі. У вачах цямнее. Ты адчуваеш, што вось-вось страціш прытомнасць. Слабы гравітацыйны кампенсатар, якім абсталяваны твой карабель, не спраўляецца са стартавай нагрузкай. Вас аб гэтым папярэджвалі падчас кароткага навучання — скампенсаваць велізарнае паскарэнне ад катапульты амаль немагчыма. Проста ніхто не казаў, што яно пераносіцца настолькі пакутліва.

Ангар, знішчальнікі, катапульта — усё імгненна знікае. Адлятае за спінку крэсла з паскарэннем у дзясяткі «ж», пакідаючы цябе сам-насам з бязмежным абшарам космасу. Перагрузка паступова спадае. Табе становіцца лягчэй. Карабель пераходзіць на сталую хуткасць. Зялёныя агеньчыкі на прыборнай панэлі паведамляюць табе пра спраўнасць усіх сістэм. Ты супакойваешся. Зараз ты гатовы выканаць сваю задачу.

Новыя кропкі на радары аддзяляюцца ад вялікага паралелепіпеда — авіяноснага крэйсера «Дон» — і накіроўваюцца ў твой бок. Ты не адзін. Дзве кропкі збліжаюцца з квадратам, якім абазначаны твой карабель, і бяруць курс паралельны твайму. Звяно ў зборы.

— Сікорскі, ты як? — голас у слухаўках.

— Нармальна, — адказваеш ты.

— Удачы. Удачы нам усім, — апошнія словы, далей рэжым радыёмаўчання.

Бартавы кампутар разлічвае сумесную траекторыю і задае вектар цягі для рухавіка. Ты зноў адчуваеш паскарэнне. Звяно накіроўваецца да мэты. У цябе ёсць некалькі хвілін, каб падумаць. Потым не будзе часу.

Хата, бацькі, сябры, вучэбка, вайна. Не тое. Яе погляд. Яе вусны. Цёплая шаўкавістая скура, мяккія валасы. Ты ўспамінаеш вашую апошнюю сустрэчу перад адпраўкай на «Дон». Ты заўважыў яе ў натоўпе на ўскраіне стартавай пляцоўкі. Яна пабачыла цябе ў групе новаспечаных пілотаў, што ішлі да транспартнага карабля. Некалькі секунд вы глядзелі адзін аднаму ў вочы. Затым ты падняў далонь угару, каб памахаць на развітанне, і схаваўся ў металічным чэраве транспартніка.

Запішчаў радар. На краю экрана ўзнікла шэрая кропка, за ёй яшчэ адна і яшчэ. Праз імгненне шэрыя кропкі становяцца чырвонымі — аб’екты не прайшлі запыт «свой-чужы». Ты адчуваеш, што твае далоні змакрэлі, стала цяжка дыхаць. Варожыя знішчальнікі на радары імкліва набліжаюцца да твайго звяна.

Ты пераключаешся ў ручны рэжым кіравання. Твой карабель з вялікай нацяжкай можна назваць знішчальнікам. Корпус ад грамадзянскага міжпланетніка абсталяваны армейскім рухавіком і лёгкім узбраеннем. Выбіраць не даводзіцца. Знясіленая вайной планета не можа забяспечыць запатрабаванні ваенна-касмічнага флоту ў поўным аб’ёме. Даводзіцца выкарыстоўваць тое, што ёсць. Зрэшты, збіваць варожыя знішчальнікі — гэта не твая задача. Табе проста не пашчасціла нарвацца на перахопнікі.

Гудзе назапашвальнік лазернай турэлі. Ізноў пішчыць сігнал перагрузкі. Ты закладваеш віраж, выходзячы на сустрэчны ворагу курс. Звяно паўтарае твой манеўр. Звініць радар — ракетная пагроза. Ты ліхаманкава ўспамінаеш, што трэба рабіць у такіх выпадках. Твой сумарны налёт не перавышае дзесяці гадзін і ўсё на сімулятары — фронту былі тэрмінова патрэбныя пілоты. Суседні карабель выстрэльвае касету цеплавых пастак. Адна з выпушчаных супернікам ракет выбухае ў мешаніне падманных цэляў. Ты заўважаеш гэта краем вока і ціснеш на спуск. Да кантакту тры секунды. Лазер б’е ў бок бліжэйшага знішчальніка. Напэўна трапляе. Беспаветраную прастору вакол твайго карабля пранізваюць магутныя энергетычныя струмені — варожая атака. Загараецца і тут жа згасае выбліск з левага борта. У тваім звяне цяпер два караблі.

Кантакт. Супернік праносіцца міма. Зялёныя і чырвоныя кропкі на радары імкліва разыходзяцца. Табе пашчасціла. Нават калі ворагі задумаюць развярнуцца для пераследу, ім вас не дагнаць. Ты ўключаеш фарсаж і твой карабель уздрыгвае, паскараючыся. Цэль ужо блізка.

Выведка здолела здабыць каардынаты варожага лінкора. Тактычны рэзерв у невялікім аддаленні ад сферы фронту. Супернік планаваў увесці яго ў бой на самым праблемным участку на ўскраіне сістэмы. Гэты лінкор твая цэль. Твая і яшчэ трыццаці такіх жа пілотаў, як ты. Зрэшты, іх ужо дваццаць дзевяць. Ці менш.

Рознымі курсамі звёны павінны выйсці да цэлі. Прадрацца скрозь караблі заслоны і ісці на прамы кантакт з лінкорам. Прамы кантакт гучыць неяк будзённа. Таран. Вось як ты завеш мэту сваёй місіі. Для яе ў кармавым адсеку прызапашана адна дробязь — вадародная боегалоўка. Менавіта таму ў цябе такая слабая лётная падрыхтоўка, а ў твайго карабля такое мала магутнае ўзбраенне і моцны рухавік. Ты не павінен ваяваць з варожымі асамі, твая мэта — таран. На апошнім інструктажы казалі, што зусім не абавязкова прабіваць ашалёўку лінкора. Хопіць выбуху ў радыусе дзвюх-трох кіламетраў ад карабля суперніка. Але ў цябе з іншымі пілотамі быў свой угавор: героем будзе той, хто падарве сябе як мага бліжэй да ворага. Маладзёвае блазенства і дурасць — сказаў бы капітан, калі б даведаўся пра ўгавор. Але для цябе ўсё сур’ёзна.

І вось, нарэшце, з’яўляецца шанец паказаць сябе. На экране радара ўзнікае вялікі чырвоны паралелепіпед. Вакол яго рой кропак. На мяжы ахопу радара ты заўважаеш яшчэ некалькі зялёных агеньчыкаў. Вашы пілоты заходзяць на цэль. Ад лінкора адзін за адным, насустрач вам ляцяць перахопнікі. Ты не актывуеш турэль. Перанакіроўваеш максімальную магутнасць на рухавік. Цэль блізка. Цябе атачае чорная глыбіня космасу, з мільёнамі яскравых кропак-зорак. Некаторыя з іх рухаюцца. Радар верашчыць пра ракетную атаку. Ты хапаеш штурвал. Супрацьракетны манеўр на фарсажы ледзь не пазбаўляе цябе прытомнасці. Ракета метэорам уносіцца ўдалячынь.

Лінкор. Чорная кропка. Цямней, чым міжзоркавая прастора. Толькі таму ты можаш яго бачыць. Кропка расце. Набывае аб’ём і форму. Працуюць зенітныя турэлі. Другі карабель твайго звяна знікае з радара.

Лінкор усё бліжэй. Ты перастаеш зважаць на мітусню зялёных і чырвоных кропак на радары. Ты сканцэнтраваны на варожым караблі. І на кнопцы актывацыі бомбы. У боегалоўкі ёсць аўтаматычны выбухоўнік, які спрацоўвае пасля смерці пілота. Але гэта яшчэ адзін пункт вашага угавора: ты павінен сам падарваць карабель. Ужо бачны бартавы нумар лінкора. Рубка. Рухавік. Гарматы. Лазерным стрэлам твайму караблю зразае кансоль з рухавіком. Але ты працягваеш несціся да цэлі па інэрцыі.

Успаміны. Яе погляд. Валасы. Ветрык. Пацалунак. Ты націскаеш на спуск. Выбух.

Стрэл «Акацыі»

— Асцярожней, гэта вельмі далікатны груз, — прыкрыкнуў на салдат штабс-капітан Аляксей Храптовіч. Пяцёра шараговых сцягвалі з чыгуначнай платформы ў кузаў грузавіка вялікую, вышынёй у чалавечы рост, драўляную скрыню.

— Не хвалюйцеся, Аляксей Міхайлавіч, хлопцы дасведчаныя, за апошні час столькі грузаў перацягалі, не пералічыць, — унтэр-афіцэра Івашчанка заступіўся за падначаленых, — Дарэчы, а што там?

— Новая машына Чарнышова, — адказаў штабс-капітан, не адрываючы позірка ад скрыні з гербамі артылерыйскага ўпраўлення Генеральнага штаба і Расійскай імператарскай акадэміі навук на баках.

— Ну, цяпер-та, дакладна патрапім, — усміхнуўся Івашчанка.

— Не выключана, — хмыкнуў Аляксей.

Да платформы пад’ехаў легкавы аўтамабіль. Адкрыты Мэрсэдэс чорнага колеру з адкідным верхам з брызенту. Бразнулі дзверцы і да назіральнікаў шырокім крокам накіраваўся афіцэр у чорным шынялі.

— Аляксей Міхайлавіч, галубок, рады вас бачыць, — маёр-артылерыст працягнуў далонь для поціску, — як справы ў Пецярбургу?

— Усё як заўсёды, Мікалай Сцяпанавіч, бюракратыя і цяганіна, — няпэўна адказаў Храптовіч.

— А мы ў Арлоўцы, бач, толькі вас і чакаем, — працягнуў маёр, моцна сціскаючы далонь Аляксея. — Столькі пускаў няўдалых было. Палім ледзь не кожны дзень: то недалёт, то пералёт, то ўвогуле невядома што. Вылічальнік гэты паравы так-сяк фурычыць. Спрабавалі ўручную разлічыць, да дзе там. Тыдзень кешкаліся і зноў міма. Уся надзея на машынку гэтую вашую новую, — Мікалай Сцяпанавіч кіўнуў у бок грузавіка, — электрычную.

***

Мэрсэдэс ехаў хутка. Дарога была роўная як стол, ні выбаінкі, ні купіны. Шафёр у прыцемненых акулярах-кансервах лёгка трымаў руль правай рукой, а левую разпаволена паклаў на дзверцу, нібы сталічны кіроўца таксаматора.

— Як бачыце, Аляксей Міхайлавіч, пакуль вас не было, — маёр павысіў голас, каб перакрычаць шум ветру, — мы тут скончылі дарогу ад Царыцына. Бетоннае пакрыццё! Дарог такога класу больш нідзе ў Расіі няма.

Легкавы аўтамабіль абыходзіў шматлікія грузавікі і конныя падводы, што рухаліся па шырокай роўнай дарозе ў абодва бакі. Амаль усе машыны былі армейскімі. Храптовіч злавіў сябе на думцы, што бачыў такое перасоўванне вайсковай тэхнікі толькі каля лініі фронту, але Царыцын знаходзіўся ад фронту за тысячы вёрст.

Справа ад дарогі за лесам віднеліся коміны новага металургічнага завода Круппа, пабудаванага пасля пачатку вайны на месцы ўзарванага французскімі дыверсантамі завода Дзюмо. Побач знаходзіўся новы зброевы завод і электрастанцыя. Наперадзе, там, куды ляцела шэрая роўнядзь дарогі, падымаліся з-за гарызонту яшчэ два коміна. Толькі яны не былі завадскімі.

***

Мэрсэдэс спыніўся каля бетоннага бліндажа. Шырокі пляскаты прастакутнік быў пакрыты сеткай, сплеценай з карычневых і зялёных шматкоў. Каля ўваходу ў бліндаж стаялі на варце два салдаты з аўтаматамі сістэмы Фёдарава ў руках. Над масіўнымі металічнымі дзвярыма была прымацаваная таблічка з трыма літарамі «ПАВ» — пункт артылерыйскіх вылічэнняў.

За бліндажом на прамавугольнай бетоннай пляцоўцы ўзвышаўся вялізны металічны цыліндр, які, звужаючыся, сыходзіў далёка ў неба — стратасферная гармата.

— Акацыя, — прамовіў Мікалай Сцяпанавіч, вымаючы з унутранай кішэні шыняля пасведчанне, — Як бачыце, Аляксей, мантаж Гіяцынту практычна завершаны. Дарэчы, без дапамогі немцаў мы б так хутка рады не далі.

— Пахвальна, — штабс-капітан паглядзеў у бок другога цыліндру, які стаяў на аддаленні, і працягнуў дакументы вартавому.

— Праходзьце, — радавы павярнуў тумблер на сцяне і створкі дзвярэй сталі павольна раз’язджацца ў бакі.

***

Унутры бліндажу было цёпла і вельмі светла. Храптовіч з нязвычкі заміргаў ад яркага электрычнага святла. Вузкі калідор вывеў афіцэраў у прасторнае памяшканне, дзе раней стаяла паравая вылічальная машына. Няўдалы артылерыйскі вылічальнік паспелі дэмантаваць і збудавалі на яго месцы металічны памост, куды павінна была стаць новая машына інжынера Чарнышова. Да памосту было падведзена некалькі электрычных кабеляў.

Шырокія вароты ў іншым канцы залы расчыніліся. У памяшканне заехала грузавая каляска са скрыняй, якую суправаджаў Храптовіч. Салдаты і тэхнікі ў белых халатах прыняліся адымаць драўляныя панэлі, вызваляючы машыну ад палону. Штабс-капітан і маёр назіралі за іх дзеяннямі з-за аднаго са сталоў.

— Вось, ўдакладнены разлік каардынатаў цэлі, — Аляксей Міхайлавіч паставіў на стальніцу невялікі сакваяж, ўнутры якога ляжаў стос прадзіраўлены кардонных лістоў. — Навукоўцы запэўнівалі, што цяпер памылкі быць не павінна.

— Выдатна, — усміхнуўся Мікалай Сцяпанавіч, — калі ўсё пойдзе як трэба, то гэтая вайна можа скончыцца вельмі хутка.

***

Праз два дні электрычны артылерыйскі вылічальнік Чарнышова быў змантаваны і апрабаваны. Вынік перасягнуў чаканні. Шпіёны і інфарматары з Парыжа паведамілі, што пробны снарад лёг роўна ў цэнтр горада, і нават знёс верхавіну металічнай вежы Эйфеля. З Стаўкі па тэлеграфе прыйшлі віншаванні і новы загад — пры наступным стрэле выкарыстоўваць спецыяльны снарад.

Храптовіч ў прысутнасці рускіх і нямецкіх артылерыйскіх афіцэраў асабіста павярнуў рубільнік, які ўключае машыну. Вылічальнік — металічная шафа з некалькімі дзесяткамі паліц — ледзь чутна загудзеў. Вантробы машыны асвятліліся святлом сотняў невялікіх электрычных лямпаў. Штабс-капітан адкрыў сакваяж, дастаў з яго стос кардонак і паклаў яго ў прымальную прыладу машыны. Заляскалі шасцярэнькі і лісткі зніклі ў вантробах машыны.

— Каардынаты загружаныя, — выразна прамовіў ён.

Да машыны наблізіўся тэхнік і перадаў Аляксею Міхайлавічу яшчэ адзін стос картак — апрацаваныя дадзеныя аб вільготнасці паветра і атмасферным ціску ад сіноптыкаў. Наступны пачак — напор і хуткасць ветру на розных вышынях. Вылічальнік размерана паглынаў інфармацыю. Электронныя лямпы гарэлі цёплым, прыглушаным святлом, нібы ўнутры шкляных колбаў знаходзіліся не металічныя ніткі напальвання, а невялікія свечкі.

— Дадзеныя па зарадзе, — прамовіў штабс-капітан, прымаючы з вантроб машыны свежапрабітыя кардонныя лісты.

— Зарад Акацыі — 17 042 пуда, 17 фунтаў і 5 залатнікоў пораху, затрымка парахавых рухавікоў снарада на 25 секундаў поўнай магутнасці, — тэхнік хутка перавёў пазнакі на картцы ў зразумелыя лічбы.

— Прыгатаваць гармату да стрэлу!

***

Аляксей Міхайлавіч не мог бачыць, перашкаджалі тоўстыя бетонныя сцены ПАВ, але ведаў, што цяпер на парахавым складзе звышдакладныя насыпныя машыны запаўняюць цыліндр зарада порахам у разлічанай колькасці. Магутны паравы кран падымае зарад і ўздымае яго на чыгуначную платформу. Манеўровы электравоз падштурхоўвае платформу з зарадам да падножжа гарматы. Тэхнікі настройваюць секундамер парахавых рухавікоў снарада. Салдаты ў чорных прагумаваных камбінезонах і супрацьдымных масках загружаюць у снарад ёмістасці з цёмнай алеістай вадкасцю. Гідраўліка штурхае платформу са снарадам у ствол, услед за снарадам ў прыладу ўваходзіць зарад. Казённая частка зачыняецца. Акацыя гатовая да стрэлу.

У бліндажы ўсе заміраюць у чаканні каманды. Афіцэры, салдаты, тэхнікі — усе стаяць з адкрытымі ратамі, берагуць вушныя перапонкі.

— Агонь!

Капсуль падпальвае зарад. Выбух неймавернай сілы выштурхвае снарад са ствала. Металічны конус з велізарнай хуткасцю ўгрызаецца ў паветраную прастору. Сілы выбуху хапае, каб выпхнуць шматтонную даўбешку за межы зямной атмасферы. Там на вышыні трохсот вёрст снарад на імгненне замірае. Спрацоўваюць запалы парахавых рухавікоў, што часова ўтрымліваюць яго ад зваротнага падзення. Пазіцыя гарматы блізу Царыцына знаходзіцца на тым жа мерыдыяне, што і цэнтр Парыжа. За той час пакуль снарад вісіць нерухома, Зямля пад ім робіць пэўны абарот. Такім чынам, калі спрацоўвае верхні штурхальны парахавы зарад і снарад пачынае падаць, ён знаходзіцца ўжо не над Арлоўкай, а над Манмартрам.

***

«Цемра Егіпецкая ў Парыжы» — абвяшчаў загаловак адной з пецярбургскіх газет, што даставіў у Царыцын ліцерны цягнік. «Тысячы памерлых, дзесяткі тысяч атручаных», «чорны газ знішчыў горад», «Францыя пераможана». Храптовіч адклаў газету, устаў і накіраваўся да століка, каб наліць сабе каньяку. Сёння Аляксей Міхайлавіч ў другі раз у жыцці сур’ёзна задумаўся пра самагубства.

Лабірынты безыменнага горада

Прадмова аўтара

Тэрмін «мэшап» (англ. mashup) паходзіць з электроннай музыкі, дзе ў пачатку 2000-х склаўся накірунак стварэння трэкаў шляхам змешвання двух падобных кампазіцый. У літаратуры ўпершыню пра «мэшап» загаварылі ў сувязі з творчасцю амерыканскага пісьменніка Сэта Грэма-Сміта. У 2009 годзе ён перапрацаваў класічны раман Джэйн Осцін «Пыха і перадузятасць» у зомбі-хорар «Пыха і перадузятасць і зомбі» і пры гэтым выкарыстаў каля 80% арыгінальнага тэксту пісьменніцы. Надалей гэтай тэхнікай пачалі карыстацца іншыя пісьменнікі і ў наступныя гады выйшлі раманы «Андроід Карэніна» Бэна Х. Уінтэрса, «Прыгоды Гекльберы Фіна і зомбі Джыма» Біла Чалгоша і інш. Зрэшты, прыклады перамешвання тэкстаў розных аўтараў у адной кнізе сустракаліся і раней. Так Умберта Эко у дэбютным рамане «Імя ружы» 1980 года выкарыстаў вялікія кавалкі тэкстаў аўтараў часоў сярэднявечча без пазначэння цытаты, прычым так арганічна ўбудаваў іх у свой тэкст, што пазнаць запазычванне змог бы толькі вузкі спецыяліст-гісторык.

Апавяданне «Лабірынты безыменнага горада» створана шляхам перамешвання двух апавяданняў: «Лабірынты» беларускага гісторыка Вацлава Ластоўскага і «Безыменны горад» амерыканскага культавага пісьменніка літаратуры жахаў Говарда Лаўкрафта (у тэксце таксама выкарыстаны ўрыўкі з яго апавядання «Фэст» у перакладзе Уладзіславы Гурыновіч). Абодва апавяданні напісаныя амаль у адзін час: «Безыменны горад» у 1921 годзе, «Лабірынты» у 1923-м. Уражвае сугучча твораў двух пісьменнікаў, якія жылі на супрацьлеглых баках планеты і стваралі настолькі тэматычна, стылістычна і атмасферна падобныя рэчы. Гэтае сугучча аўтар пастараўся перадаць у сваім мэшапе, наколькі добра гэта атрымалася — вырашаць чытачу. Па заканчэнні чытання раю таксама азнаёміцца з арыгінальнымі тэкстамі перамяшаных пісьменнікаў.

***

Ад некалькіх гадоў стала ў мяне звычаем выязджаць на тыдзень-два ў які-колечы закутак Беларусі для апазнання роднай старасвеччыны. Мяне даўно маніў к сабе наш сівагорбы Полацак сваім рамантычным мінулым, сягаючым у легендарныя часы, і гэтага году я пастанавіў сабе пару вольных летніх тыдняў правесці ў Полацку. На маю пастанову канчаткова заважыў ліст, атрыманы з Полацка ад тамтэйшага аматара-археолага Івана Іванавіча, які даносіў, што зацікавіўся маімі даследаваннямі, друкаванымі ў гістарычных часопісах і хацеў бы падзяліцца здагадкамі і таямніцамі наконт гісторыі свайго горада.

«У мяне ёсць доказы таго што Полацк больш старажытны чым гэта лічыцца цяпер... » — пісаў ён мне ў сваім лісце.

Раніцой наступнага дня я сеў у вагон у Вільні, а ўвечары ўжо ішоў старымі вуліцамі Полацка, шукаючы сабе памяшканне ў гасцініцах. Разабраўшыся з гэтай справай я выправіўся да Івана Іванавіча, у лісце ён даў свой адрас. Я спытаў у нумарнога як мне дайсці да патрэбнага месца і ён расклаў мне шлях, які быў не блізкі. Я рашыў неадкладна выбірацца ў дарогу. Узышоўшы на грэбень аднаго з пагоркаў, я ўбачыў няветлы, скрыты вечаровым туманам горад, які распасцёрся перада мною ў прыцемках: дахі са старасвецкімі флюгерамі і шпілямі, вільчакамі і комінамі, прычалы на рацэ Дзвіне і масткі для мыцця бялізны, цвінтары, зарослыя вербамі, бясконцыя лабірынты вузкіх стромкіх вулачак, высачэзныя груды велічных старадаўніх храмаў, бязладная мешаніна дамоў, якія то грувасціліся ўшчыльную адзін да аднаго, то разбягаліся па пагорках, лепячыся пад неймавернымі вугламі, нібы рознакаляровыя кубікі, раскіданыя нядбайнай дзіцячай рукой. І па-над гэтымі архаічнымі франтонамі і мансардамі на сівых крылах лунала старажытнасць.

Сярод гэтых дамкоў быў і патрэбны мне будынак. У вокнах дома, на парозе якога я стаў, гарэла святло. Шыбы былі ромбападобнай формы, як іх рабілі стагоддзі таму, — пэўна, гаспадары мелі густ да старасвеччыны. Верхні ярус будынка навісаў над вузкай, зарослай пажоўклай травою вулачкай, амаль датыкаючыся грувасткага верхняга паверха дома насупраць, так што я апынуўся ледзь не ў тунэлі. Ходнікаў тут не было, і дзверы многіх дамоў размяшчаліся высока — да іх вялі падвойныя лесвіцы з жалезнымі парэнчамі. Мне гэта падалося дзіўнаватым, бо я ніколі раней не бачыў нічога падобнага ў Беларусі. Наогул, гэтая даўніна мне падабалася, хоць мяне і засмучалі пустынныя вуліцы мястэчка і вокны, наглуха зацягнутыя фіранкамі.

Калі я ўзяўся за важкае жалезнае колца і грукнуў у дзверы, мне раптам зрабілася жудасна. Пэўна, страх спакваля выспяваў ува мне, спароджаны панурымі прыцемкамі, і злавеснай цішынёй, што панавала ў гэтым старажытным горадзе. І калі на мой грук адказалі, мяне перасмыкнула, бо я не пачуў гуку крокаў, перш чым дзверы з рыпеннем адчыніліся. Аднак страх мой прайшоў, калі на парозе паўстаў гаспадар дома — адзеты ў хатні халат і мяккія пантофлі мужчына з вельмі добрым, прыязным тварам.

Мы павіталіся і гаспадар жэстам загадаў мне рушыць за ім. Іван Іванавіч правёў мяне ў асветлены свечкамі пакойчык з масіўнымі бэлькамі пад нізкай столлю і грувасткай, пацямнелай ад часу мэбляй мінулага стагоддзя. У гэтым доме захоўваўся жывы дух мінуўшчыны, не бракавала ніводнай дэталі — тут быў нават вялізны, падобны да пячоры камін, ля якога стаяў старасвецкі калаўрот. Паветра ў пакоі было халоднае і насычанае вільгаццю, ня гледзячы на летнюю цеплыню за вокнамі. Злева ад акна, зацягнутага фіранкамі, стаяла крэсла з высокай спінкай, на якім, здавалася, хтосьці сядзеў.

-Пазнаёмцеся, гэта Грыгор, — сказаў на парозе Іван Іванавіч. Фігура ў крэсле паварушылася, насустрач мне падаўся сівавусы старац. Пры цьмяным святле свячок я разгледзеў размоўцу больш уважліва. Скура яго была бледная з кропелькамі поту на шчаках, у рысах ягонага аблічча, як мне падалося, было нешта ад змяі.

Пазнаёміўшыся, расселіся мы за сталом на выгодных так званых клубных крэслах, глыбокіх і мяккіх, з шырокімі поручамі. На стале ў талерках панадна была параскладана ўсякага гатунку дымляніна: кумпячына, сальцісона, каўбасы, якія не маюць роўных сабе ў свеце, калі бываюць прыгатаваны паводле старасвецкіх рэцэптаў. Іван Іванавіч у дадатак выставіў перад гасцямі запарушаную пылам і плесню, бутэльку з водкай «старкай».

Гутарка ішла жвава, Іван Іванавіч распытваў пра мае даследаванні ў віленскіх архівах, распавядаў пра тое чым жыве местачковая археалогія і гістарычная навука. Грыгор, якога гаспадар дома зарэкамендаваў таксама пад найменнем Падземны чалавек, быў маўклівы, а калі прамаўляў, то словы вымаўляў з нейкім прысвістам ці нават шыпеннем. Спецыяльнасцю яго было веданне розных фантастычных легенд аб падзямельных ходах і дзівах, скрытых у іх, якія ён умеў апавядаць з паражаючым рэалізмам, але на заканчэнне заўсёды дадаваў: «Так пераказуюць, а хто ж ведае, ці ёсць у гэтым хоць кропля праўды».

Пасля другой-трэцяй чаркі Падземны чалавек пахінуўся да мяне і пачаў даводзіць, што гара, на якой стаіць Верхні замак — гэта самая старажытная штучная пабудова горада. Што яна існавала першапачаткова да таго як тут з’явіўся летапісны Полацак. Першыя князі, што прыйшлі на гэтыя землі, абралі менавіта гэтую гару ў якасці фарпосту, бо на ёй ужо былі рэшткі абарончых збудаванняў ранейшых часоў. Звестак пра тыя часы надзвычай мала, але археалагічныя знаходкі кажуць пра наяўнасць невядомай культуры, што апярэджвала летапісныя падзеі на стагоддзі ці нават тысячагоддзі. Мабыць, горад на гэтым месцы існаваў яшчэ да ледавіка.

— На гары стаяла бажніца, — працягваў Падземны чалавек, — пасвячоная Дзеве-Сонцу, якую шанавалі тут калісці ў постаці агністага яшчара з дзявочай галавой. Пры гэтым ён сягнуў у кішэнь і падаў мне бронзавы медаль са стылізаваным рысункам, характэрнага вельмі, але нябачанага мной дагэтуль стылю. На адной старане медалю быў змеявік, а на другой — Дзева-Сонца, у постаці яшчара з людской галавой, акружанай аўрэоляй.

— Гэткія медалі даўней знаходзілі часта каля гары, а гэты — я сам выкапаў у пясочку.

У нашу размову ўмяшаўся Іван Іванавіч, які сказаў:

— Я бачу, што вас застанаўляе закончаны стыль рысунка. І я пэўны, што вы думаеце — вот сабе грубы прымітыў! Людзі імкнуліся нешта адчыніць, але не маглі перабароць тэхнікі, а дзеля гэтага зрабілі быццам цень падобнасці да рэальных змеяў. Вось акурат у гэтым крыецца нашае самае грубае неразуменне старасвеччыны. Пасачыце за развіццём мастацтва ў Грэцыі: там пасля груба рэалістычных скульптураў Фідзія і яго сучаснікаў, пасля вульгарнага класіцызму настае перыяд пазнейшы — візантыйскі. Стыль візантыйскі — гэта не ёсць упадак мастацтва, а яго вышэйшая ступень. Першы перыяд належыць, як і ў развіцці рэлігіі, да богатворання прыроды, другі — да тварэння прыроды па свайму замыслу і хаценню. У першым перыядзе чалавек няпэўны сваіх духовых сіл, і яму здаецца, што звер не толькі фізычна, але і духова мацнейшы за яго, яму імпануе зверачы свет, і ён пачынае яго багоміць. Калі ж ходам развіцця культуры чалавек даходзіць да пазнання самога сябе, да ацэнкі сваіх духовых сіл ён разам з бычынымі рагамі скідае з сябе і багомленне рэальных форм у мастацтве. Пачынае сам тварыць неіснуючыя формы, устанаўляе канон мастацтва. Гэты медаль сведчыць нам, што на гэтай зямлі, у гэтым краю, людзі праходзілі ўжо раз росквіт высокай самаістай культуры, якая загінула, якой астанкі, вельмі рэдкія, з’яўляюцца пакуль што для нас таемнымі крыптанімамі, даступнымі толькі рэдкім, як я сказаў бы, пасвячоным людзям.

Тут ізноў узяў слова Падземны чалавек:

— Ведае паньства Богінскае возера? Цікавы закутак! Уся ваколіца поўна старога жыцця. На возеры ёсць паўвостраў Богіна, а таму Богіна, што там былі знакамітыя бажніцы. На востраве, яшчэ да скасавання паншчыны, трымаўся высокі капец, у сярэдзіне каторага была старой веры бажніца з адзіным аконцам, праз якое прамень сонца ўсярэдзіну падаў толькі роўна ў поўдзень. Капец гэты ўзарвалі маскалі ў часе польскага паўстання, думаючы, што гэта нейкая крэпасць. Там, у Богіне, ёсць так жа падземныя хады, як і ў нас, пад Верхнім замкам, у сярэдзіне гары. Старая веда і старая культура не загінулі. Кажуць людзі, а хто ж ведае, ці ёсць у гэтым хоць кропля праўды, пад Верхнім замкам, за магілай невядомага валадара, ёсць склады з багаццямі вялікімі. Кажуць, у абход прасторнай грабніцы, направа, ёсць мураваны праход крокаў 60 даўжыні, і праз яго ёсць ход у скарбец... Толькі дужа страшна ісці там.

Голас яго абарваўся спазмай у горле, ён сам неяк згарнуўся ў крэсле, а вочы застыглі, быццам угледжаныя ў няведамую даль.

На момант спынілася размова, а пазней памалу перайшла на знакамітую полацкую бібліятэку, якой, здабываючы Полацак у 1572 годзе, шукаў Іван Грозны і не знайшоў. Якую даручаў папа Грыгор ХІІ Пасевіну знайсці і пераслаць у Рым. Усе аднагалосна ўтрымлівалі, што бібліятэка гэта была тады добра схавана і сёння ёсць недзе ў падземных полацкіх лёхах. Гутарка зацягнулася да позняй ночы.

Развітаўшыся, я крочыў па цёмным горадзе ў бок начлегу і абдумваў сказанае Падземным чалавекам пра старажытныя сутарэнні Замкавай гары.

Мой пакой у гасцініцы быў на другім паверсе, і вакно выходзіла ў сад, за якім, на мураваным доме, красаваўся агаловак коміну ў якасці кароны. Полацкія старажылы кажуць, што даўней больш было гэткіх аздобных комінаў у горадзе, з часам яны вывеліся, і я пашкадаваў у душы заміранню роднай старасвеччыны. У стылю агалоўка было нешта няўхватнае, што напамінала мне стыль нядаўна бачанага медалю, які паказваў Падземны чалавек. Ці ж бы рэшткі стылю яшчэ жылі? Я пахінуў галаву на абраменне вакна і задумаўся. Перада мной, у фантазіі, стаў расці стылёвы горад з аграмаднымі дзіўнымі будовамі.

***

Першы мой сон стрывожыў ціхі стук у вакно. Я ўскочыў з ложка і, падышоўшы, пабачыў у вакне вусатае аблічча Падземнага чалавека. Ён даваў мне знакі рукамі, каб адчыніць яму вакно, прычым клаў палец на вусны, даючы гэтым знак, каб я не нарабіў гоману.

Калі вакно было адчынена, ён сеў на падваконне, зажыў з сярэбранай табакеркі і пачаў гаварыць шэптам:

— Я даўно ўжо ведаю ход у сутарэнні замкавай гары, але сам не рухаў туды і нікому не паказваў, маўчаў, баючыся, каб не скралі ў нас і гэтае багацце. Адзявайцеся, пойдзем! Я ўзяў з сабой свечку, ліхтарню і ўсё патрэбнае...

Няма што казаць аб тым, як хутка я быў апрануты і гатовы ў дарогу.

Мы сышлі па драбіне ўніз, аднеслі яе ў старану і паклалі на зямлі, а самі цішком вымкнуліся з брамы і скіраваліся ў старану Верхняга замка. Мы крочылі лабірынтам цёмных звілістых вулачак гэтага неймаверна старажытнага горада. За завешанымі вокнамі адзін за адным згасалі агні, а на бязмесячным небе ззяў Сірыус — Сабачая Зорка. Сярод прывідных камянёў горада адчувалася чыясьці нябачная прысутнасць, а зірнуўшы на месяц, я ўбачыў, што ён пульсуе і калышацца, нібы адлюстраванне ў рабізне на вадзе. Цяжка знайсці словы, каб перадаць мой страх, і ўсё ж ён не заглушыў смагі адкрыццяў. Мінут за дваццаць мы былі на месцы.

Пасярод пусткі на вяршыні гары грувасціліся рэшткі старажытнай будовы. Разбураны стагоддзі назад храм стаяў ашчацініўшыся рэшткамі магутных канструкцый. Падземны чалавек паказаў непрыкметную сцяжынку сярод глыбаў, што вяла да спуску ва ўцалелыя скляпенні. Мы ўпоцемках дабраліся да вялікай вуглавой, у скляпах, салі, сцены якой і столь былі пакрытыя старымі фрэскамі, што месцамі асыпаліся, месцамі сцёртыя і павыдзіраныя. Справа, між дзвюх палавінак ад дзвярэй, была круглая ніша да самага памосту.

— Во тут ход у падзямелле, — сказаў мой павадыр і пачаў рукамі адгартаць насыпаны на добрага паўаршына друз. Супольнымі высілкамі мы ачысцілі дно нішы, якое было зроблена з адной, у квадратны метр, каменнай пліты.

— Гэта дзверы, — сказаў Падземны чалавек і, засунуўшы ў шчалугу між камянёў загнуты жалезны прут, з высілкам павярнуў яго. Нешта глуха храснула, і пліта адной стараной пачала апускацца ўніз. Адкрыліся вітыя мураваныя сходы, якімі мы пры слабым святле сляпой ліхтарні пачалі сыходзіць уніз. Калі нашыя галовы зраўняліся з канцом павісшай пліты, то пліта сама сабой паднялася ўверх, зашчоўкнулася пры помачы прыладжанага да яе механізма.

— Акром мяне, з жывых ніхто не ведае аб гэтым ходзе. Ты другі будзеш ведаць аб ім і перадасі патомным. Але перш чым увайсці ў тайныя ходы, ты павінен даць абяцанне, злажыць прысягу на вечную тайну, — казаў стары і вочы яго бліснулі ў цемры нежывым халодным агеньчыкам.

Я выказаў сваю згоду, і ён рушыў далей. Ішлі мы мінут дзесяць вузкім, з пачарнеўшымі сценамі ходам, маючым многія павароты, але ўсцяж пахіляючымся ўніз. За адным з паваротаў мы знайшлі ў сцяне нізкія чорныя дзверцы, за якімі была рухомая сценка, адсунуўшы каторую, увайшлі ў даволі вялікі пакой, з мураванымі лавамі каля сцен і высокім падмуркам пасярэдзіне, на каторым стаяла старасвецкая труна, знаная яшчэ да нядаўна месцамі ў Беларусі пад назовам «корста». Гэта — тоўстая калода з высечаным усярэдзіне дуплом, у якое клалі нябожчыка; верх закрывалі плашкай ад такой жа калоды. Гэткія корсты бачыў я раней, калі адной вясны Дзвіна падмыла старое магілішча, і вада то зносіла ўніз, то прыбівала да берагу іх, а сяляне спрабавалі вылавіць, каб нанова закапаць у зямлю.

— Гэта корст, у якім ляжыць той, хто дабудаваў гэтыя ходы, — сказаў мне праваднік. — Тут ты і зложыш прысягу, а на знак датрымання слова пацалуеш у чало гэтыя шаноўныя астанкі.

Пры гэтым ён запаліў тоўстую, як добрая бэлька, васковую свячу, што стаяла ў канцы труны. Кнот трашчаў і дыміў, але памалу ўгарэўся. Мы адкрылі корст, і маім вачам паказаўся забальзамаваны нябожчык з густой сівой барадой, адзеты ў злататканую павалоку. Я заўважыў што твар памерлага быў нечым падобны да аблічча Падземнага чалавека і таксама быў выцягнуты нібыта меў змяіныя сківіцы. Ляжаў нябожчык, крыху на правы бок павернуты, адна рука яго была пад галавой, другая ляжала на залацістым поясе; левая нага крыху паднятая ў сагнутым калене. Выглядала, што гэта не нябожчык, а заснуўшы старац з шэра-папялістым абліччам.

Падземны чалавек сказаў мне стаць у нагах, а сам стаў каля галавы на ступеньках падмурка. Ад руху, калі ён праходзіў, закалыхалася полымя свечкі, і мне здалося, нябожчык змігнуў вачыма.

Сярод неапісанай цішы прагучалі ўрачыстыя словы формулы прысягі, якую чытаў мне праваднік з узятага з-пад галавы нябожчыка скрутку пергаміну.

Словы былі так урачысты, закляцці такія страшныя, акружэнне так незвычайнае і нечаканае, што мне закружылася галава. Мой праваднік таксама стаўся бледны і ўвесь дрыжэў. Раптам ён, як быццам аступіўшыся, зваліўся ўніз, адначасна падсвечнік з грукатам рынуў на памост, гасячы свячу. Запанавала непраглядная цемень і ціш. Я пачаў клікаць яго. Глухое маўчанне ды нягулкае рэха былі адзінай адповеддзю на мой кліч.

Маланкай праз мысль прабеглі страшныя абразы з легенд і сапраўдных здарэнняў, а так жа той факт, што пры мне няма серчыкаў. Я чуў, што ў гэтай нямой цішы і чорнай, да болю ў мазгах, цемні, пад уражаннем свежага страсення нерваў знаходжуся на самым рубе да ўтраты прытомнасці. У мазгах інстынктыўна пачала біцца адна-адзіная думка: трэба быць спакойным, трэба быць спакойным! Я чуў, разумеў, што цяпер адзіны ратунак у захаванні спакою. І, як лунацік, з працягнутымі наперад рукамі, пайшоў у старану, шукаючы бачаных мной пад сценамі мураваных лавак.

Я сеў на лаўку і пачаў глыбока ўдыхаць паветра. У вушах званіла цішыня, пры якой чыканне гадзінніка ў кішэні чулася, як рытмічны ход паравой машыны, ды глухое тутненне крыві ў шыі і скронях. Як доўга я сядзеў — змеркаваць нельга, магла гэта быць адна мінута, як і цэлая вечнасць.

Урэшце надумаў пайсці шукаць майго правадніка і пры ім серчыкаў і ліхтарні. З гэтай мэтай я ссунуўся з лавы і папоўз на руках і каленях к сярэдзіне. Хутка нашчупаў падмуроўку, на якой я нядаўна стаяў, і папоўз кругом яе, бо не мог змеркаваць, з якой стараны знаходжуся. За другім паваротам рука натрапіла на нешта мокрае і клейкае. Я падумаў, што гэта кроў, што недзе тут блізка ляжыць мой праваднік, і асцярожна выцягнуў руку наперад, якая наткнулася спярша на масіўны металічны падсвечнік, а пасля на людское цела. Я падаўся яшчэ бліжэй, шукаючы рукі. Пульс не біўся, галава яго была мокрая і сцюдзёная. У бакавой кішэні курткі яго я нашчупаў серчыкі і з радасцю хапіўся паліць іх, але рукі мае былі мокрыя і дрыжэлі, серчыкі ламаліся або толькі давалі іскры. Перапсаваўшы штук з дзесяць, я спахапіўся, што іх у скрынцы не шмат, і сілай волі стаў паўстрымліваць сябе, каб не псаваць болей дарэмна. Высілак над самім сабой даў найлепшыя вынікі, з увагай выняты серчык і пацёрты аб скрыначку загарэўся, асвятляючы страшэнны абраз: перада мной ляжаў дагары мой праваднік з разбітай і акрываўленай галавой. Ад правага вока і да вуха зеўрала страшэнная крывавая рана. Сернік дагарэў і згас. Цяпер я толькі заўважыў, што, акром сернікаў, у мяне больш няма нічога. Куды паставіў праваднік ліхтарню, якую згасіў пасля таго, як запаліў свечку, я не заўважыў. Сернікаў было ўсяго толькі некалькі ў скрыначцы, і я пастанавіў ужываць іх з мудрай асцярожнасцю. А дзеля гэтага ізноў папоўз па памосце. Па доўгіх шуканнях была знойдзена і запалена ліхтарня. Пры святле ліхтарні я сцвердзіў сумны факт смерці майго правадніка. Ён такі сапраўды аступіўся, зыходзячы, і, падаючы, ударыўся скроней аб востры выступ падстаўкі ліхтарні, якую цяжарам свайго цела абярнуў.

У роспачы я агледзеў сябе і сваё адзенне на прадмет крывавых адмецін і калі абярнуўся, каб яшчэ раз глянуць на старэчае аблічча Падземнага чалавека, якое ж маё было здзіўленне, калі я яго не ўбачыў на зямлі, дзе момант таму назад ён ляжаў. Гэта апошняе страшэнна стрывожыла і парушыла мяне да апошніх глыбіняў усёй маёй істоты. Я яшчэ больш пачуўся бездапаможным і бязрадным у путах невядомага. Уражаны новай тайнай, я падняў уверх ліхтарню, аглядаючы склеп, але нідзе не было цела, якога я шукаў. Затое я толькі цяпер заўважыў, што памяшканне, у якім я знаходжуся, мае трохкутную форму, трылук якой, звужаючыся, зыходзіўся ўверсе высокім скляпеннем. Як толькі я быў прыняў у сабе пастанову вяртацца назад той самай дарогай, як раптам нешта скрыгнула за мной. Пахопліва абярнуўшыся назад, я ўбачыў рассунутую сцяну і паміж дзвюх яе палавін аксамітна-чорную цемру праходу. Некаторы час я сядзеў без руху ў поўнай цішы і назіраў за адтулінай. Нічога не адбывалася і я пастанавіў дзейнічаць.

Я прасунуў у праём ліхтарню і ўбачыў чорны тунель, пад нізкай скляпеністай столлю якога знаходзіўся пралёт шматлікіх дробных, груба высечаных прыступак. Прыступкі крута збягалі ўніз. У той момант я нават не ведаў, як іх лепш назваць: ступенькамі лесвіцы або проста выступамі для ног, па якіх можна было спусціцца ў бездань. У галаве ў мяне раіліся вар’яцкія думкі: што калі гэты спуск стане для мяне апошнім і што калі падземныя сілы, якія, як я адчуваў, хаваліся недзе побач, не захочуць бачыць мяне ў сваім безыменным горадзе. Пасля хвіліннага вагання я апынуўся па той бок ўваходу і пачаў асцярожны спуск па прыступках, спрабуючы кожную з іх нагой, нібы спускаючыся па драбіне з заплюшчанымі вачыма.

Такі жудасны спуск можа здацца хіба што ў цяжкім трызненні ці ў страшным наркатычным ап’яненні. Вузкі праход зацягваў мяне ўніз і ўніз, ён быў бясконцы, быццам страшны, населены паскуддзем калодзеж, і святла свяцільні ў мяне над галавой было недастаткова, каб асвятліць тыя невядомыя глыбіні, у якія я апускаўся. Я страціў адчуванне часу і забыўся, калі апошні раз глядзеў на гадзіннік, а думка аб адлегласці, пройдзенай мною ў гэтым тунэлі, прымушала мяне трымцець. Месцамі спуск станавіўся яшчэ больш стромкім або, наадварот, больш спадзістым, месцамі змяняўся ягоны кірунак; аднойчы мне трапіўся доўгі, нізкі, спадзісты праход, у якім у першыя імгненні я ледзь не вывіхнуў сабе нагу, спатыкнуўшыся на камяністай падлозе. Прасоўвацца прыйшлося з асцярожнасцю, трымаючы свяцільню перад сабой на адлегласці выцягнутай рукі. Столь тут была такой нізкай, што нават стоячы на каленях нельга было цалкам выпрастацца. Затым зноў пачаліся пралёты стромкіх прыступак. Я працягваў свой бясконцы спуск, калі мая слабая свяцільня згасла. Здаецца, я не адразу заўважыў гэта, а калі ўсё ж выявіў, што застаўся без агню, мая рука па-ранейшаму сціскала свяцільню перад галавой, як калі б яна працягвала гарэць. Стан невядомасці напоўніў мяне трывогай, я адчуў сябе няшчасным зямным бадзягам, які незнарок патрапіў у далёкія, старажытныя месцы, што ахоўваюцца невядомымі сіламі.

У цемры на мяне абрынуўся паток разнастайных думак. Здавалася, час спыніўся, як раптам я зноў адчуў, што ногі мае стаяць на роўнай гарызантальнай падлозе, і выявіў, што знаходжуся ў нейкім памяшканні. Яно было нашмат меншым за той пакой з труной, які знаходзіўся цяпер наверсе, няўяўна далёка ад мяне. Я не мог стаяць у поўны рост: выпрастацца па-ранейшаму можна было толькі апусціўшыся на калені. У поўнай цемры я замітусіўся наўздагад, і вельмі хутка зразумеў, што знаходжуся ў вузкім калідоры, уздоўж сцен якога стаяць радамі драўляныя скрыні са шклянымі вечкамі — я вызначыў гэта на навобмацак. Зроблены скрынкі былі больш вытанчана чымся корст у першай салі, куды адвёў мяне Падземны чалавек. Адпаліраваныя дрэва і шкло ў гэтай палеазойскай бездані? Думкі пра тое, што можа хавацца за гэтым, прымусілі мяне здрыгануцца. Скрыні былі відавочна з намерам расстаўленыя па абодва бакі праходу на аднолькавай адлегласці адна ад адной. Яны былі даўгаватай формы і стаялі гарызантальна; сваімі памерамі і формай яны таксама нагадвалі труны, і гэта ў чарговы раз напоўніла мяне жахам. Паспрабаваўшы зрушыць з месца адну, затым другую і трэцюю скрыні, я выявіў, што яны трывала замацаваныя на месцы.

Праход гэты, наколькі я зразумеў, быў даволі доўгім. Таму, не асцерагаючыся сустрэць перашкодаў на сваім шляху, я хутка накіраваўся наперад, імкнучыся бегчы, але гэта атрымлівалася ў мяне дрэнна. Я мог толькі ледзь-ледзь перасоўваць ногі; напэўна, з боку гэта выглядала б смешна, але хто мог убачыць мяне ў гэтым цямноцці? Час ад часу я абмацваў прастору то злева, то справа ад сябе, каб пераканацца, што сцены і шыхты скрынь ўсё яшчэ цягнуцца ўздоўж праходу. Як кожны чалавек, я ўжо так прывык думаць візуальнымі вобразамі, што амаль забыўся пра цемнату і маляваў у сваім уяўленні бясконцы аднастайны калідор з расстаўленымі ўздоўж яго скрынямі з дрэва і шкла, як калі б гэтая карціна была даступная маім вачам уяве. І раптам у нейкі момант мяне на імгненне ахапіла нейкае неапісальнае пачуццё, і я сапраўды ўбачыў гэты калідор.

Я не магу сказаць дакладна, калі маё ўяўленне трансфармавалася ў цяперашні зрок; проста ў нейкі момант я заўважыў наперадзе цьмянае свячэнне, і да мяне дайшло, што я бачу абрысы калідора і скрыняў. Святло нібыта праступала адусюль з прычыны нейкай невядомай падземнай фасфарэсцэнцыі. У першыя хвіліны ўсё было якраз урыхт, як я сабе ўяўляў, паколькі свячэнне было вельмі слабым; але па меры таго, як, спатыкаючыся і ледзь утрымліваючы раўнавагу, я працягваў механічна прасоўвацца наперад, у простым напрамку, станавілася ўсё больш відавочным, што маё ўяўленне малявала толькі слабое падабенства сапраўднай карціны. Сцены лабірынта не былі крануты пячаткай недапрацаванасці, як выява на бронзавым медальёне, які паказваў мне Падземны чалавек; не, гэта быў дасканалы помнік самага велічнага экзатычнага мастацтва.

Яркія, насычаныя і абуральна фантастычныя ўзоры і малюнкі складваліся ў бесперапынны насценны роспіс, лініі і колер якога нельга было апiсаць. Скрыні былі зроблены з незвычайнага залацістага дрэва, а верхняя іх частка з тонкага шкла, і ўнутры іх я ўбачыў муміфікаваны фігуры, якія па сваёй гратэскавасці пераўзыходзілі вобразы самых дзікіх начных сноў.

Я не магу перадаць усю ступень іх выродлівасці. Слушней за ўсё было б параўнанне з рэптыліямі: было ў іх абрысах нешта ад яшчараў і ў той жа час нешта ад цюленяў. Але больш за ўсё яны былі падобныя на нейкія фантастычныя істоты, аб якіх наўрад ці чуў хоць адзін біёлаг ці палеантолаг. Па сваіх памерах яны набліжаліся да чалавека маленькага росту, а іх пярэднія канечнасці завяршаліся дробнымі, але выразна акрэсленымі ступамі, падобна таму, як чалавечыя рукі завяршаюцца далонямі і пальцамі. Але самай дзіўнай часткай іх целаў былі галовы. Іх абрысы супярэчылі ўсім вядомым у біялогіі прынцыпам. Немагчыма назваць нічога пэўнага, з чым можна было б параўнаць гэтыя галовы. Я быў падумаў пра яшчара, бульдога, міфічнага сатыра і чалавека. Сам Юпітэр не мог бы пахваліцца такім велізарным выпуклым ілбом, аднак рогі, адсутнасць носа і змяіныя сківіцы ня дазвалялі ўціснуць гэтыя галовы ў межы якіх-колечы вядомых крытэраў. Некаторы час я разважаў пра сапраўднасць гэтых мумій, схіляючыся да сур’ёзнага падазрэння, што гэта ўсяго толькі рукатворныя ідалы, але спыніўся на тым, што ўсё ж перада мной прадстаўнікі нейкіх архістаражытных відаў, якія насялялі мясцовасць, калі гэты безыменны падземны горад быў яшчэ ў росквіце. Як завяршальны штрых да недарэчнасцяў у іх выглядзе можна адзначыць адзенне пачвараў, большасць з іх была з надмернай шчодрасцю загорнута ў багатыя тканіны і абвешана ўпрыгожваннямі з золата, каштоўных камянёў і невядомых мне бліскучых металаў.

Значнасць гэтых гадаў была, пэўна, велізарнай, паколькі яны займалі першае месца ў сюжэтах вялікіх фантастычных фрэсак на сценах і столі. З цудоўным майстэрствам мастак адлюстраваў іх жыццё ў свеце, які быў іх светам, з гарадамі і садамі, пабудаванымі і размечанымі ў адпаведнасці з іх памерамі, і я не мог адаксціцца ад думкі, што іх гісторыя, прадстаўленая ў гэтых выявах, не больш чым алегорыя, якая, відаць, дэманстравала развіццё народа, які пакланяўся гэтым дзіўным істотам. Я вырашыў, што для людзей, якія засялялі безыменны горад, яны былі тым жа, чым была ваўчыца для Рыма ці якія-кольвек татэмныя жывёлы для індзейскіх плямёнаў.

Спыніўшыся на гэтым пункце гледжання, я мог бачыць на свае вочы вехі несумненна выдатнай гісторыі безназоўнага горада. Я нібы слухаў паданні аб магутнай сталіцы на ўзбярэжжы буйной ракі, якая кіравала светам да таго, як Афрыка паднялася з акіянскіх хваль; я назіраў за ходам барацьбы з багнай, якая пасля адступлення мора насунулася на ўрадлівую даліну, дзе стаяла сталіца. Я бачыў войны, у якіх яна ўдзельнічала, яе трыумфы і паразы, беды і радасці і, нарэшце, стаў сведкам страшнай бітвы горада супраць ледавіка, калі тысячы насельнікаў яго (алегарычна прадстаўленых тут у выглядзе гратэскавых рэптылій) былі вымушаныя прасякаць скрозь лёд падземны шлях, прызначаны нейкім цудам прывесці іх у іншы свет, пра існаванне якога казалі іх прарокі. Усе гэтыя сюжэты, зусім звышнатуральныя на першы погляд, былі прадстаўлены вельмі праўдападобна.

Разглядаючы апошнія фрэскі, я падумаў, што бачу прыкметы творчага крызісу мастака. Выявы былі выкананы менш па-майстэрску, а іх сюжэты адрозніваліся несуцішнай фантастычнасцю і ў гэтым яны нашмат пераўзыходзілі нават самыя неверагодныя з ранніх сцэн. Напэўна, гэта было захаванае ў фарбах сведчанне павольнага заняпаду старажытнага народа і адначасовага ўзрастання нянавісці гэтых людзей да навакольнага іх сусвету, які наступаў на іх разам з ледавіком. Фігуры людзей па-ранейшаму прадстаўленыя ў выглядзе святых рэптылій паступова памяншаліся і высільваліся, аднак іх душы, намаляваныя ў выглядзе арэоляў, што луналі над руінамі ў святле месяца, захавалі ранейшыя прапорцыі. Змарнелыя сьвятары, на фрэсках гэта былі рэптыліі ў маляўнічых вопратках, пасылалі праклёны прынесенаму звонку паветру і ўсім, хто ўдыхаў яго; фінальная сцэна адлюстроўвала, як нейкі чалавек самага звычайнага выгляду, верагодна, адзін з новых насельнікаў гэтых мясцін, быў разадраны прадстаўнікамі больш старажытнай расы. На гэтым фрэскі абрываліся, а далей ішлі нераспісаныя сцены і столь.

Пасля гэтага відовішча я лёг ніцма на каменны пол і полымя вар’яцкіх думак ахапіла мяне, нават пад націскам смяротнай стомы не пакідалі яны маёй свядомасці. Зачыніўшы вочы, я ляжаў і аддаваўся разважанням, і зноў у галаве ўзнікалі сюжэты фрэсак, але на гэты раз яны былі напоўнены новым, злавесным сэнсам. Я кажу пра сцэны, якія захавалі росквіт безназоўнага горада: раслінны свет даліны вакол яго, далёкія краіны, з якімі вялі гандаль яго купцы. Для мяне заставалася загадкай нязменна выбітнае становішча алегарычна намаляваных яшчараў, і я падумаў, што прадстаўленая ў карцінах гісторыя хутчэй за ўсё досыць адпаведна адлюстроўвала сапраўдны стан рэчаў. Прапорцыі безыменнага горада на фрэсках былі падагнаныя пад памеры рэптылій. Новы прыступ страху ахапіў мяне, калі я падумаў пра гэтых старажытных яшчараў, чые агідныя муміфікаваныя формы былі раскладзены у драўляных трунах навокал. Я ўвесь сцяўся ад думкі пра тое, што, за выключэннем таго няшчаснага, разадранага натоўпам на апошняй фрэсцы, я быў адзіным носьбітам чалавечага аблічча сярод гэтага скопішча рэліквій і сімвалаў першароднага жыцця.

Здавалася, з першабытных камянёх і высечаных у скале лёхах безназоўнага горада выступала сама старажытнасць, глыбіню якой нельга было выказаць ніякімі вымярэннямі; пазнейшая з неверагодных геаграфічных карт, убачаных мною на фрэсках, утрымлівала абрысы акіянаў і кантынентаў, невядомых сучаснаму чалавеку, і толькі нешматлікія з контураў цьмяна нагадвалі мне сягоння контуры некаторых зямель і берагоў. І ўжо нікому не дадзена даведацца, што адбылося на працягу мінулых геалагічных эпох, бо сцерліся роспісы і скацілася ў агідную багну заняпаду некалі ганарлівая раса, якая ненавідзела смерць. Быў час, калі ў гэтых пячорах ключом біла жыццё, а цяпер тут стаяў я, адзін сярод ацалелых помнікаў глыбокай старажытнасці, і уздрыгваў ад думкі аб незлічоных стагоддзях, на працягу якіх гэтыя рэліквіі знаходзіліся тут у маўклівым чуванні.

Урэшце, змучаны думкамі, я вырашыў рухацца наперад. Прайшоўшы дзесяткі два метраў, я апынуўся перад глыбокай нішай, у якой была памешчана фігура яшчара з бліскучымі вачыма. У меру збліжэння да яе, вочы фігуры штораз ярчэй свяцілі, прычым чулася ў іх нейкая прыцягальная сіла. Калі я быў на адлегласці крокаў дзесяць ад фігуры, я ўжо не меў сілы стрымаць сябе, нешта незразумелае, не паборнае цягнула наперад, і высілкам усёй волі я не мог спыніць сябе, каб не ісці далей. Ад сіняватага бляску святла вачэй фігуры, які быў скіраваны наўпрост ў мае вочы, я чуў, як цела маё млела. У гэты момант фігура правай рукой ударыла тры разы ў шчыт, які быў у яе на левай руцэ. Аглушаючы патройны гук дарэшты спаралізаваў мяне, і я страціў прытомнасць.

***

Калі я адкрыў вочы, то ўбачыў, што ляжу ў гатэлі на сваёй пасцелі ў адзежы. Праз вакно ярка свяціла сонца і двума агністымі стаўпамі клалася на памост перад маім ложкам.

У гэты момант нехта пастукаў у дзверы.

— Але! Прашу! — сказаў я.

Адчыніліся дзверы, і я ўбачыў на парозе Падземнага чалавека. Ён падышоў да мяне і, павітаўшыся, сеў пры ложку. Глянуўшы на яго, я ўбачыў шырокую блізну на левай шчацэ, ад вуха да падбародка. Мне зразу ўспомнілася падзямелле, і я ўскочыў з ложка. Стары глядзеў нейкім цвёрдым сталёвым поглядам мне ў вочы. Гэты яго погляд наводзіў на мяне нейкі забабонны страх, і я зноў сеў на ложку.

Стары моўчкі пачаў капацца ў падысподным кішэні сваёй спанцэркі і па нейкім часе выняў адтуль даволі пакомканы канверт, падаючы які мне, сказаў:

— Гэта вось вам цэдулка ад Івана Іванавіча.

Я паспешна схапіў канверт і, раздзёршы яго, дабыў запіску, у якой было напісана:

«Паважаны Дружа, заўтра мае імяніны, а сягоння вечарам свята Купалле. Загляньце вечарком, пагаворым ізноў аб мілай старасвеччыне. Стол я прыгатаваў паводле сваіх рэцэптаў. Спрабуеце, ці годная мая кулінарыя да ўжытку. Ваш Іван Іванавіч.

Полацак, 23 чэрвеня».

Я хутка глянуў на сцяну, дзе вісеў адрыўны каляндар, там віднелася дата 20 чэрвеня.

Гэта быў дзень, калі я прыехаў у Полацак і вечарам гасціў у Івана Іванавіча.

— Якая сягоння дата? — спытаў я ў Падземнага чалавека.

— А якая ж, то ж ведама — 23 чэрвеня, — адказаў ён, пасміхаючыся.

— А калі я ў вас быў?

— То ж вы заўчора былі ў нас, у аўторак, а сягоння мы маем, дзякаваць Богу, чацвер, заўтра будзе пятніца, святога Яна.

Голас Падземнага чалавека здаўся мне нейкім скрыпучым, уплываючым на нервы, як пілаванне па жалезу.

Мяне агарнуў ізноў забабонны страх, і я пастараўся чым хутчэй пазбыцца госця. На адходным, замест звыклых слоў пры развітанні, ён сказаў:

— Мы яшчэ ўбачымся.

Застаўшыся адзін, я прыпамінаў вобраз па вобразе ўсё мной бачанае ад часу павароту дамоў з гасціны ад Івана Іванавіча. Не, я не сніў. Думаў, перадумваў і ізноў прыходзіў да пераканання, што ўсё гэта было наяве, усё гэта было рэальнасцю. «Можа, я пераблытаў даты», — глянуў я і, каб пераканацца, выняў з кішэні запісную кніжку. Так, праўда: выехаў я з Вільні раніцай 20 чэрвеня, тады ж быў у Полацку. Я пазваніў.

Калі прыйшоў нумарны, я спытаўся ў яго, якая сягоння дата?

Перш чым адказаць на пытанне, ён хутка загаварыў:

— Добра, што вы, панічу, вярнуліся, а то ўчора прынеслі вам тэлеграму, а як вас не было, то я не ведаў, што рабіць з ёю. Дата ж, панічыку, сягоння дваццаць трэцяе. Але дзе гэта вы, паніч, бавілі так доўга? Як мне сказалі, што вы выехалі ў госці, то я, прызнацца, і не прыбіраў, — і ён заклапаціўся каля ўмывальніка.

— Хто табе сказаў, што я выехаў у госці? — спытаўся я парывіста.

— Ды ж во гэты самы, што быў цяпер у вас, панічыку, Падземнік, як яго ў нас называюць.

А пасля ён спахапіўся і борзда пабег па тэлеграму.

Тэлеграма была з дому:

«Прыязджай назад першым поездам, важныя справы», — пісалася ў тэлеграме. Я крэпка занепакоіўся, бо, выязджаючы, ніякіх «важных справаў» не правідзелася. Што там? Хвароба? Няшчасце? Чаму не сказана, якія там справы?

І, гэтак раздумваючы, я пачаў складаць свае рэчы. Пасля сеў і адпісаў Івану Іванавічу на яго запросіны, што з прычыны клічучай дамоў тэлеграмы не буду ў яго на імянінах, і, пажадаўшы яму ўсяго лепшага, закончыў лісток.

Таго ж дня, позна вечарам, быў я ўжо дома. Аказалася, ніякіх важных спраў дома не было і ніхто з дамовых мне тэлеграмы не высылаў. Хоць на паперы выразна было памечана: «Выслана з Вільні, прынята ў Полацку».

У ранічнай газеце 24 чэрвеня я прачытаў тэлеграму з Полацка гэткага зместу: «Учора, 23 чэрвеня, вечарам, памёр мясцовы полацкі археалог і гісторык Іван Іванавіч».

1920-я — 07.11.2017

Уладзімір Садоўскі via Вацлаў Ластоўскі via Говард Лаўкрафт (пераклад Уладзіславы Гурыновіч і Ўладзіміра Садоўскага)

На крукі свая

Гэта быў сон, гэта быў сон, гэта быў сон.

Бывае прысніцца нешта непрыемнае, брыдкае, але па адчуванням вельмі рэальнае, такое, што ты нават думаеш, што вось і ўсё, сканаў, жыццё пад адхон. А потым прачынаешся, некалькі імгненняў не разумееш дзе ты, хто ты, і затым з вялікай палёгкай усведамляеш — гэта быў сон. Толькі сон. Тое, што хвіліну таму здавалася непазбежным, аказвалася ўсяго толькі насланнём.

Гэта быў сон, гэта быў сон, гэта быў сон.

Міхась расплюшчыў вочы. Нізкі металічны дах, драўляная лава пад бокам і маленькае вакенца забранае ў краты. Гэта быў не сон. Міхась пацягнуўся, прыўстаў, закалола ў назе ад нязручнай позы. Валізка з рэчамі, што збіраў прыхапкам, валялася ў нагах.

Яны прыйшлі з раніцы, не, нават уночы. Грукат у дзверы, білі кулаком у скураной пальчатцы, затым ботам з каванымі бляхамі на падэшве. Уся камуналка ўсхапілася. Заспаныя жыхары выглядалі з пакояў у калідор. Першай зварухнулася і падыйшла да дзвярэй баба Стася.

— Хто там?

— Адкрывай, — падпарадкоўваў голас з таго боку.

Іх было двое. Высокі ў фуражцы і сініх брыджах, выпрастаўся як слуп, так што рамяні на грудзях зарыпелі. За спінай — жаўнер са стрэльбай у руках. Абодва глядзяць сычамі. У высокага рука на кабуры.

— Пятроўскі Міхаіл тут жывёт, — не пытанне, пагроза.

— Так, — Міхась нясмела адгукнуўся з-за дзвярэй свайго пакоя.

— Пяць мінут на зборы, урэмя пайшло, — моўная мяшанка і валадарны тон неяк не вязаліся паміж сабой, у іншай сітуацыі Міхась бы ўсміхнуўся. Зараз было не да смеху.

Нацягнуўшы нагавіцы, ён ліхаманкава прыняўся піхаць у валізку рэчы, што аказваліся пад рукамі, кашулю, змену бялізны, скрутак з кавалкам сала, за нейкім чортам схапіў са стала кнігу — слоўнік Александровіча. Незашпілены выскачыў у калідор.

— На выхад, — кінуў галоўны.

Працэсія з Міхасём у галавае выйшла з камуналкі. Толькі тут, за дзвярыма, Міхась пачаў разумець, што адбываецца. Дыханне перахапіла, ногі запляліся, Міхась спатыкнуўся на роўным месцы і ледзь не паваліўся.

— Без фокусаў, — гыркнулі з-за спіны.

У двары чакаў фургон. Непрыкметны грузавік з надпісам «Хлеб». Яшчэ адзін жаўнер стаяў каля адчыненай дзверкі.

— Падымайся, — Міхась забраўся ў кузаў па нязручнай лесвічцы.

Унутры знаходзіліся яшчэ людзі, чалавек сем, спужаныя позіркі, прытхлае паветра. Міхась ледзь уціснуўся на лаву. Услед за ім у фургон падняліся жаўнеры. Дзверы зачынілася. Байцы моўчкі паселі па абодва бакі ад выхада. Ляснулі дзверкі кабіны і фургон крануўся. Скрозь маленькае акенца прабівалася ўсярэдзіну электрычнае святло рэдкіх вулічных ліхтароў.

Неўзабаве грузавік спыніўся. Рыпнулі вароты і фургон на малой хуткасці пацягнуўся наперад, праехаў трохі і стаў. Жаўнеры выскачылі на вуліцу і зачынілі дзверкі. З-за металічных сценак даносіліся прыглушаныя загады.

— Вывадзіць па аднаму.

— Так точна.

— Пыткевіч, на выхад, — гаркнуў жаўнер скрозь прыадчыненыя дзверы.

Лысенькі дзядзечка ў пінжаку паверх майкі падняўся з лавы і няўклюдна саскочыў з прыступак. Наступнага вызава чакалі доўга. У цемры і цішыні. Час ад часу здаля чуўся рокат рухавіка і грукат падкаваных ботаў па бруку.

— Апанасенка, — яшчэ адзін часовы жыхар фургона знік за дзвярыма.

Міхась змагаўся са сном. Страх змяніўся пачуццём апрычонасці. Нічога не паробіш, дык мо хоць паспіш. Скрозь дрымоту хлопец чуў, як адчыняліся і зачыняліся дзверы, чуў галасы з вуліцы і фразу, сказаную камусьці з жаўнераў:

— Гэтава астаў у машыне, не збяжыць. Там места ўжо нет.

Затым ён усё-ткі заснуў. І цяпер праз невызначаны час Міхась сядзеў адзін у пустым фургоне і глядзеў як сонечны прамень скрозь краты малюе на пашарпанай сцяне паласаты прастакутнік.

Гэта быў не сон.

Хлопец падняўся з лавы каб зірнуць вонкі. За невялікім праёмам зарашочанага акенца быў бачны брукаваны двор і частка глухой цаглянай сцяны дома. Ніводнага чалавека ў поле зроку не трапілася. Міхась не адразу зразумеў, што падалося яму ненатуральным у навакольнай абстаноўцы. Цішыня. Калі Міхась засынаў, двор быў поўны гукаў і рухаў, цяпер хлопец мог пачуць як ледзь чутна патрэсквае бляшаная абшыўка фургона, разагрэтая ранішнім сонцам.

Асцярожна ступаючы па дошках падлогі, нібыта баючыся парушыць стукам крокаў нечаканы ранішні спакой, Міхась падышоў да дзвярэй фургона і прыслухаўся. Ані гука. Міхась штурхануў зверы і яны надзіва лёгка адкрыліся. У кабіну ўварвалася прахалоднае ранішняе паветра. Хлопец напружана чакаў, што цуд зараз скончыцца. Ахоўнік гыркне: «Куда?!» і начны кашмар працягнецца. Але нічога не адбылося, дзверка фургона ўжо хвіліну стаяла адчыненай і ніхто звонку не збіраўся яе зачыняць. Міхась высунуў галаву з дзвярнога праёму і азірнуўся. Пуста, ні душы. Хлопец, прыхапіўшы з падлогі валізку з рэчамі, спусціўся з фургона долу і адышоў ад машыны на пару крокаў. Рэха адбівалася ад змрочных сцен унутранага двара той установы, куды Міхася прывезлі на грузавіку з надпісам «Хлеб». Менскі НКУС. Міхась нават у думках пабойваўся ўзгадваць гэтую абрывіятуру.

Ён азірнуўся і пабачыў што за фургонам сярод двара ўзвышаецца невысокі будынак дзіўнай формы — два цагляных барабаны розных дыяметраў, меншы ў адзін паверх на большым двухпавярховым. «Амерыканка». Так паўшэптам называлі гэтую турму менчукі, прынамсі, тыя не многія, хто асмельваўся падымаць такую тэму ў размовах. Міхась сцепануўся нібы спіну працяла ледзяным павевам. Па адчуваннях менавіта ў бок гэтай турмы адводзілі канваіры ўначы Міхасёвых папутчыкаў. Хлопцу стала няўтульна знаходзіцца побач з гэтым будынкам і ён пачаў азірацца ў пошуках выхаду. Пляцоўка аточаная дамамі, глухія сцены без вокнаў. Стваралася ўражанне, што знаходзішся ў каменнай скрыні са знятым вечкам. Міхась заўважыў непадалёк ад сябе прыадчыненыя дзверы і накіраваўся да яе. Металічная створка лёгка паддалася і хлопец апынуўся у доўгім калідоры, што ішоў углыб будынка. Калідор быў цёмны, свяцільні пад столяй не гарэлі. Міхась паляпаў па сцяне ў пошуках выключальніка, але без плёну. Ён асцярожна рушыў наперад і адразу ледзь не грымнуўся на падлогу. Нага зачапілася за прадмет, што ляжаў пасярод калідора. Гэта была стрэльба. З такой жа вінтоўкай да Міхася ўначы завітаў адзін з нязваных гасцей. Жаўнер-канваір, які асуджальным позіркам сачыў за тым, як хлопец у спешцы запіхвае пажыткі ў валізку. Маўляў, даскакаўся здраднічак, з рэчамі на выхад, вось і канец твой. Міхась, стоячы на каленях сярод чорнага калідора са стрэльбай пад рукамі, нечакана для сябе заплакаў наўзрыд. Усё псіхічнае напружанне папярэдняй ночы, нібы выпрасталася ўзведзеная спружына, выходзіла з хлопца з усхліпамі, слязьмі і саплямі.

Праз некалькі хвілін гістэрыкі Міхась трохі супакоіўся і нарэшце падняўся з падлогі. Пераступіў праз вінтоўку і няроўным крокам пайшоў далей уздоўж сцяны калідора да цьмянага святла ўдалечыні. Толькі зараз ён упершыню падумаў пра тое, куды ж падзеліся ўсе ягоныя канваіры. Тэрміновая нарада ў высокага начальства? Выклік на барацьбу з бандытамі? Ці не дай бог вайна? Адказаў не было. Міхась дабраўся да дзверак з невялікім зарашочаным акенцам, з якога, як і ў фургоне лілося святло. Праход быў зачынены, хлопец дрыжачымі рукамі цягнуў ручку на сябе, штурхаў дзверы плячом. Марна. Сэрца загрукала, а расхістаныя нервы сталі хіліць да панікі. Нарэшце, далонь намацала пад ручкай ключ у замку. Паварот і дзверы адчыніліся. За ёй таксама быў калідор, але шырокі і светлы. Скрозь шматлікія вокны ў памяшканне з вуліцы лілося сонечнае святло. Засцелены дывановай дарожкай паркет, расліны ў кадках, карціны з пастаральнымі сюжэтамі па сценах. Тыповая атмасфера дзяржаўнага бюро, каб не абітыя бляхай дзверы з рашоткай на ваконцы, дык і не скажаш, што знаходзішся ў наркамаце ўнутраных спраў.

Міхась прыжмурыўся ад яркага святла і зірнуў праз шкло. Вокны выходзілі на цэнтральную вуліцу горада, на Савецкую. Хлопец пабачыў вагон трамвая, які стаяў пасярод маставой, таксама было бачна некалькі машын, пакінутых на абочыне ці проста сярод дарогі. Звычайнага дзённага дарожнага руху не было. Не было на вуліцах і людзей. Сэрца Міхася зноў шалёна закалацілася. Няўжо сапраўды вайна?! Газавая атака, пра якую так шмат расказвалі на занятках Асавіяхіма, выкасіла ўсіх жыхароў. Калі так, то чаму ён, Міхась, яшчэ жывы? І дзе тады трупы з крывавымі нарывамі на адкрытых участках целаў, пра якія так маляўніча распавядаў інструктар? Вуліца была пустыннай і як заўжды чыстай.

Можа гэта ўсё сон?

Хлопец азірнуўся ў пошуках выхаду з калідора і рушыў у адвольным кірунку. Міхась дайшоў да павароту. Тут стаяў столік з тоўстым журналам наведванняў. За столікам павінны быў сядзець вартавы і запісваць дадзеныя з дакументаў усіх, хто праходзіў далей, але вартавога не было. У будынку па адчуванням Міхася ўвогуле нікога не было. Цішыня ціснула на вушы не горш чым вада на глыбіні басейна. За паваротам быў хол і выхад вонкі. Насупраць дзвярэй ля сцяны на чорным гранітным пастаменце ўзвышаўся бюст Дзяржынскага. Жалезны Фелікс працінаў бронзавым позіркам кожнага, хто ўваходзіў ва ўстанову праз парадныя дзверы. Міхась з палёгкай хутка прайшоў, амаль прабег скрозь хол і выбраўся на вуліцу.

Выхад з будынка НКУС месціўся на рагу Савецкай і Урыцкага. Міхась, стоячы ў прамянях ранішняга сонца сярод пустой вуліцы, думаў, ці не абазначыць яшчэ неяк сваю прысутнасць. Крыкнуць «Людзі!», альбо «Ауууу!» як у лесе? Не, відаць, не варта. Хлопец не адчуваў прысутнасці хоць аднаго жывога чалавека ў навакольным свеце. Дзіўнае пачуццё, якое нельга патлумачыць рацыянальна. Міхась ужо быў сабраўся ісці далей, як раптам страпянуўся — чорны цень прабег па краю поля зроку. Рэзка павярнуўшыся, хлопец пабачыў фігуру злева ад сябе. Гэта быў сабака, які крочыў сярод вуліцы па сваіх сабачых справах. Ён таксама заўважыў чалавека, спыніўся і утаропіўся на Міхася. Хлопец заўважыў, што ў пашчы сабака трымаў цэлы батон кілбасы. Звер чмыхнуў носам і рушыў далей, абмінуў трамвай і схаваўся ў ценю дамоў на процілеглым баку вуліцы.

Мімаволі Міхась пацягнуўся услед за сабакам па Савецкай вуліцы. Абышоў той жа вагон і выйшаў да новага будынка НКУС, узведзенага зусім нядаўна. Цёмна-шэры бетонны гмах узвышаўся над старымі камяніцамі цэнтральнай вуліцы на цэлых два паверхі. За падманліва шчырымі вялікімі панарамнымі вокнамі хавалася злавесная цемра. Многія праёмы былі завешаны цяжкімі шторамі, а ў тых, дзе завесы былі рассунуты, усё роўна нічога нельга было пабачыць. Ранішняе святло без следу знікала ў чорных прастакутніках вокнаў. Зусім недалёка праз пару старых дамоў знаходзіўся новы універмаг. Дакладней, універмаг тут адчыніўся нядаўна, але сам будынак стары, нейкі дарэвалюцыйны капіталістычны банк. Міхась не памятаў падрабязнасцяў. Каля вітрыны з радыётаварам на вуліцы была пакінута тумба на колцах, застаўленая вядзёркамі з кветкамі — вулічная кветкавая крамка. Міхась мімаходзь заўважыў, што у вядзёрках былі толькі цюльпаны.

Думкі раіліся ў галаве: чаму ён? Чаму яны прыйшлі за ім? Міхась не мог зразумець, як стаў ворагам. Гэта нейкая памылка. Вось калі забралі дзядзю Шуру з суседняга дома, ён спачатку спужаўся. Увесь двор спужаўся. Але потым у газетах напісалі пра справу шкоднікаў-чыгуначнікаў, а дзядзя Шура працаваў на Маскоўскай станцыі, тады стала зразумела, што сусед сапраўды вінаваты. Шкоднікі псавалі абсталяванне, зацягнулі рамонт паравозаў і ўсімі сіламі перашкаджалі сацыялістычнаму будаўніцтву ў краіне. Але ён, Міхась, нічога такога не рабіў. Дый не мог рабіць, ён працаваў фатографам у атэлье «Белсаюзфота» і ніякай шкоды дзяржаве прынесці не мог. Ці мог? Можа там разбяруцца, што да чаго.

Калі вернуцца.

Хлопец ішоў далей, азіраючыся па баках. Гэты пусты бязлюдны горад, заліты сонечным святлом, з кожным крокам стаў здавацца яму усё больш і больш незнаёмым, хоць Міхась і пражыў тут ужо амаль палову жыцця. Тое адчуванне, калі прыглядаешся да твару старога знаёмца і пачынаеш заўважаць на ім нейкія новыя непрыкметныя раней рысы, новыя зморшчыны, валасок над вуснай, несіметрычны нос. Гэтых рысачак накопліваецца так шмат, што ўжо ўвесь твар падаецца чужым і здаецца, што бачыш чалавека упершыню. Так і гэты Менск, пусты, стэрыльны, падаваўся Міхасю новым горадам. Ён ішоў уздоўж галоўнай вуліцы, зазіраў у вокны, чытаў шыльды. Бачыў незаўважаныя раней хібы ў будынках: там-сям патрэсканая тынкоўка, вышчарбленая цэгла з падмурку, зацягнутае фанерай замест шкла акенца. А вось тут за брамай знаходзіцца цікавы двор, у які ніколі не заходзіў і нават не заўважаў, калі сотні разоў праходзіў побач па дарозе з працы да дому. Міхася забаўлялі гэтыя маленькія гарадскія адкрыцці, але напружанне і трывога ў душы нарасталі. Куды б ні зазірнуў хлопец, паўсюль было пуста. Ніводнага сляда чалавека, нібыта ўсе жыхары горада адначасова зніклі. Той сабака на перакрыжаванні быў адзінай жывой істотай, якую за сёння пабачыў Міхась. Нават птушак не было. Калі хлопец усвядоміў гэта, то яго прабрала холадам.

Можа, гэта сон?

Міхась не еў ад абуджэння і падчас хады па горадзе голад стаў давацца ў знакі. Хлопец узгадаў пра шмат сала, што цягаў з сабой у валізцы, але есці яго на сухую было цяжкавата. На шчасце, побач знайшлася крама «Менхарчгандлю». Міхась трохі павагаўся перад тым, як прайсці за прылавак і самому ўзяць неабходнае. Яму было нязвыкла браць задарма чужое і таму хлопец пакінуў каля касы жменю дробных капеек — усё што было ў кішэнях. Калі прадаўцы вернуцца, то амаль не будуць мець недастачы. Калі вернуцца.

Міхась прысеў перакусіць у скверы ля фантана. Доўгае хаджэнне па горадзе, цёплае дзённае сонейка, ежа і бутэлька «Аксамітнага» вытворчасці менскага піўзавода «Беларусь» — усё гэта разам хіліла арганізм да сну. Хлопец уладкаваўся на лаўцы і хутка забыўся дзённым дрымотным сном. Калі ён прачнуўся, сонца ўжо апускалася да гарызонту. Апроч гэтага нічога ў навакольным свеце не змянілася, Менск усё гэтак жа стаяў бязлюдным, бязгучным і пустым. Міхал падняўся, выпрастаў вопратку, змятую нязручнай позай сну. Зірнуў у бок фантана з фігурай хлопчыка і лебедзі ў цэнтры. Звычайна ў скверы паўсюль віравалі зграйкі галубоў і вераб’ёў, але зараз пляцоўкі і дарожкі былі пустыя. Факт адсутнасці птушак ва ўсім горадзе зноў застрашыў Міхася. Нешта гэта павінна было значыць, але што, ён не мог узгадаць.

Заход сонца стаў фарбаваць чырвоным сцены, і Міхась раптоўна вырашыў вяртацца дадому ў камуналку. Куды ж яшчэ, калі падумаць, яму зараз ісці. Хлопец падабраў з лавы валізку і рушыў са сквера ў бок Ляхаўкі. Міхась прайшоў міма тэатра, абышоў плот вялікай будоўлі на рагу Энгельса і Кірава, спусціўся на Лекерта, міма школы і першай бальніцы выйшаў да маста праз Свіслач. Чырвонае сонца ўжо напалову схавалася за дахамі дамоў, і ад ракі павявала халодным ветрыкам. Ідучы па мосце Міхась бачыў, як над паверхняй вады пачынае паціху збірацца смуга. Белае покрыва засцілала раку. На імгненне хлопцу падалося, што ў тумане ён можа адрозніць асобныя фігуры і постаці, нібыта па рацэ з берага на бераг ідуць людзі наўпрост па вадзе. Але навод хутка знік. Пэўна, дзень у адзіноце даўся ў знакі. Міхась рушыў знаёмай дарогай па Варашылаўскай вуліцы паміж шматлікімі фабрычнымі карпусамі. На разваротным кругу ў канцы вуліцы сумавалі тры трамваі. Абышоўшы іх, хлопец выйшаў да чыгункі.

Сонца схавалася за даляглядам. Ліхтары не ўключыліся, а вокны дамоў былі чорнымі. Менск залівала нязвыклая для вялікага горада цемра. На вуліцу Фабрычную Міхась выйшаў ужо ў паўзмроку. Тут у рабочым пасёлку ў адным з двухпавярховых стандартных дамоў хлопец атрымаў пакой у камуналцы. Заўжды тлумны па вечарах пасёлак зараз стаяў ціхім і мёртвым. Шэраг аднолькавых будынкаў, што з роўным крокам узвышаліся ўздоўж вуліцы, нагадваў шэраг магільных пліт. Міхасеў дом быў з дальняга краю пасёлка каля ўрочышча Тры Карчмы, так называлі гэты раён мясцовыя.

Размераная хада раптоўна перарвалася. Міхась стаў як укапаны. Яго вочы ўтаропіліся ў адну кропку. Вакно пакоя, дзе ён жыў, зараз было асветленае яркім электрычным святлом. Светлавы прастакутнік у цемры прыцягваў позірк і не адпускаў. Аслупянелы хлопец бачыў як у ягоным вакне прамільгнуў цень. Нехта чужы быў у пакоі. Ступар змяніўся дзейнасцю, Міхась адарваўся ад назірання за вакном і стаў азірацца па баках. Ля дома, як падалося хлопцу, ён заўважыў цёмны контур легкавой машыны.

— Вобшук. Яны шукаюць мяне. Яны вярнуліся, — вір думак закруціўся ў галаве. — Не пайду. Лепш я сам. Трэба вяртацца. Каб не было горш.

Міхась прыхапіўся, развярнуўся і пайшоў хуткім крокам у адваротным кірунку. Туды адкуль прыйшоў. Міхась ішоў цёмнымі вуліцамі, раз спатыкнуўся аб пакінуты сярод дарогі веласіпед, не з’арыентаваўся ў цемры і павярнуў не туды, прайшоў лішні квартал, але нарэшце выйшаў на рог Савецкай і Урыцкага. Калі Міхась праходзіў праз цёмны хол будынка НКУС, яму падалося, што бюст Дзяржынскага, які стаяў насупраць увахода, свеціцца ледзь бачным унутраным святлом. Такім святлом, ад якога ўсё навокал становіцца яшчэ цямнейшым. Хлопец мог пабіцца аб заклад, што пабачыў на бронзавым твары правадыра злавесную ўсмешку. Міхась хутка знайшоў металічныя дзверы, прайшоў неасветлены калідор, памятаючы пра вінтоўку на падлозе і вярнуўся ва ўнутраны двор. Дзверы фургона з надпісам «Хлеб» заставалася адчыненай, як яе і пакінуў хлопец. Міхал забраўся у кузаў, зачыніў за сабой дзверку, сцягнуў валізку, лёг на лаву і заплюшчыў вочы.

Гэта быў не сон.

Оглавление

  • Залежнасць
  • 3.15
  • Чырвонае на шэрым
  • Дарункі багоў
  • Дзень нараджэння
  • Месяцаход на пераплаўку або таемны план Вернера фон Браўна
  • Яны ёсць!
  • Сын ветра
  • Стрэл «Акацыі»
  • Лабірынты безыменнага горада
  • На крукі свая Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Проста фантастыка», Владимир Артурович Садовский

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства