«Марыянеткі і лялькаводы»

647

Описание

Раман апавядае пра закуліснае жыццё драмтэатра “Кіцеж”, якое выходзіць з-за межаў тэатра на прастору сучаснага мегаполіса. У сатырычнай форме паказваецца жыццё маладога акцёра, які робіцца марыянеткай уласных страсцей і нерэалізаваных творчых амбіцый.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Марыянеткі і лялькаводы (fb2) - Марыянеткі і лялькаводы [calibre 0.9.26] 993K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Михаил Южик

Міхась Южык

МАРЫЯНЕТКІ І ЛЯЛЬКАВОДЫ

раман

“Яшчэ трохі, і свет ужо не пабачыць Мяне;

а вы пабачыце Мяне, бо Я жыву,

і вы будзеце жыць” (Іаана 14 : 19).

1

— Не! Ну гэта ж няможна болей цярпець! — ускрыкнуў галоўны рэжысёр, ён жа дырэктар драмтэатра “Кіцеж” Аркадзь Бабаеўскі. — Я спыняю! Чуеце, я спыняю гэты агідны фарс! Перапынак!

Ён ускочыў са свайго крэсла, павярнуўся да акцёраў спінай і жвава рушыў да выхаду з залы. Але раптам, нібы падстрэлены, спыніўся, павярнуўся да сцэны і кінуў:

— Пугач, чакаю вас праз пяць хвілін у сваім кабінеце. — І пайшоў, ужо не азіраючыся.

Акцёры пачалі гаманліва разыходзіцца па грымёрных, а памянёны Пугач, малады чалавек гадоў трыццаці ў вопратцы старасвецкага лёкая, панурыўшы голаў, паплёўся ў бок службовых памяшканняў.

Неўзабаве ў кабінеце галоўнага адбыўся наступны дыялог.

— Скажыце, Пугач, — гаварыў чырванатвары таўстун Бабаеўскі, разваліўшыся ў мяккім крэсле. — Скажыце па праўдзе… Вам што, надакучыла ў мяне працаваць? — І з непрыхаванай нелюбоўю ўтаропіўся на свайго падначаленага.

Тут варта зрабіць некаторыя паясненні. З усёй трупы толькі да Сяргея Пугача звяртаўся Аркадзь Рыгоравіч на “вы”. Гэты афіцыйны зварот як бы трымаў яго на належнай дыстанцыі ад нялюбага акцёра, ганарлівы характар якога раздражняў Бабаеўскага з першых жа дзён іх супрацоўніцтва. Калісьці, гады тры таму, галоўны на рэпетыцыі моцна накрычаў на Пугача, аблаяў, і той прылюдна асадзіў яго, папрасіўшы выбіраць словы і называць яго на “вы”. З тае пары Бабаеўскі, які быў запанібрата амаль з усімі акцёрамі, знарочыста, напаказ звяртаўся да хлопца на “вы” і пры гэтым зрабіўся непамерна патрабавальным і прыдзірлівым да Сяргеевых службовых абавязкаў. Пугач стаў іграць у яго малазначныя, непрэстыжныя і нават абразлівыя ролі.

Вось і зараз смешна выглядала гэтая пара: мажны самаўпэўнены Бабаеўскі ў крэсле і нехлямяжы ў мудрагелістай старадаўняй вопратцы, хударлявы, быццам недакормлены Пугач. Праўда, зазначым, што да роляў другога-трэцяга плана Сяргей дайшоў збольшага па сваёй віне, з’явіўшыся колькі разоў на рэпетыцыі п’яным, а аднойчы сарваў і спектакль. Пасля гэтага здарэння тры месяцы ён знаходзіўся па-за штатам, а затым быў пастаўлены Бабаеўскім на ролю маўклівага слугі Івана. Гібеў ён на такіх іванах і па сённяшні дзень.

Пугач ужо з год прыкладаў каласальныя намаганні, каб знайсці сабе месца ў іншым тэатры, бо разумеў, што жыцця яму тут не будзе. Але ў сталічныя трупы было не прапіхнуцца, у правінцыю ж з’язджаць не хацелася. Ён са студэнцкіх гадоў быў напалоханы апавяданнямі рускіх класікаў аб нядолі правінцыйных акцёраў. Аднак надзеі не губляў, не спыняў пошукаў месца пад сонцам, а пакуль мусіў трываць здзекі Бабаеўскага, якога цярпець ненавідзеў.

— Дык я слухаю вас, — з’едліва пазіраў знізу ўверх Аркадзь Рыгоравіч на чалавека ў лёкайскай вопратцы. — Чаму вы не жадаеце выконваць вашыя службовыя абавязкі?

— Чаму… жадаю… — прабурчаў спадылба Сяргей, цярэбячы фалды каптана.

— Слухайце, Пугач, — раздражнёна зморшчыўся рэжысёр, — вы нармальны чалавек, ці не?

— А што такое? — насупіўся падначалены.

— А тое “такое”, што я вас звольню да дзёўбанай маці, калі яшчэ хоць раз палезеце за рамкі дадзенай вам ролі! Якога ражна вы ў трэцяй дзеі шпацыравалі на заднім плане з разумным тварам, а пасля ўселіся на крэсла і пастуквалі абцасамі?!

Акцёр прамаўчаў.

— Ці не вам заўчора было сказана стаяць слупам…. Чуеце, слу-пам на заднім плане і не торгацца, не парушаць цішыню, бо ў гэты момант доўжыцца паўза ў ключавым маналогу галоўнай гераіні. — (Галоўную гераіню іграла трыццацігадовая Танька Зарэмба, сужыцелька Бабаеўскага.)

— Дык навошта ж чалавек на заднім плане, калі ён стаіць слупам?

— Маў-чаць! — гаркнуў галоўны, прыўскочыўшы з крэсла. — Не разважаць! — Ён скамячыў на стале нейкую паперыну і злосна вытарашчыўся на Пугача.

Той дзёрзка (так здалося рэжысёру) паглядзеў на начальніка.

— Работа артыста — таксама творчасць… — заўважыў ён.

Пасля гэтых слоў Бабаеўскі адчуў, што кроў хлынула ў галаву, і не на жарт спужаўся, што яго разаб’е паралюш. Нядаўна ўрач, яго добры знаёмец, з прычыны паўнакроўя папярэджваў яго аб наступствах. Канешне, Аркадзь Рыгоравіч ненавідзеў гэтага сугнея Пугача, але ж не на шкоду свайму бясцэннаму здароўю!

Ён неяк абмяк, апусціўся ў крэсла і асцярожна, каб не спарадзіць голасам павелічэнне ціску ў мазгавых сасудах, ціха і абыякава прамовіў:

— Ідзіце, Пугач… Гэта апошняе вам маё папярэджанне.

Сяргей, з ледзь улоўнай крывой усмешкай, павярнуўся і патупаў у сваім нехлямяжым каптане лёкая да выхаду. Нават са спіны ён здаваўся Бабаеўскаму занадта ганарлівым і непакорлівым.

“У, мардасіна! — зноў прачнуўся не дарэшты ўтаймаваны гнеў, але рэжысёр спахапіўся і пачаў сябе ўлагоджваць: — Спакойна, толькі спакойна…” — Ён прыклаў пальцы да соннай артэрыі і баязліва прыслухоўваўся да сардэчных тактаў, што пакрысе радзелі і прыходзілі да нормы.

Яшчэ не хапала яму траціць нервы на такія пусцяковіны! У свае пяцьдзесят год ён толькі і адчуў смак жыцця, калі нарэшце кінуў агорклую састарэлую жонку і сышоўся з маладой белацелай Таняй Зарэмбай. Таму здароўе цяпер вой як спатрэбіцца! Тым больш што сышоў з сям’і Аркадзь Рыгоравіч нядобра, са скандалам. І не ў жонцы тут справа: з гэтай псіхапаткай ён даўно, ужо гадоў дзесяць, як на нажах. А апошнія два гады дык хоць зусім дамоў не прыходзь — так замучыла дробязнымі прыдзіркамі, рэўнасцю. Як жанчына яна даўно яму нецікавая. А ён творчы чалавек, між іншым! Яму патрэбны імпэт, бадзёрасць, страсць, калі ўжо на тое пайшло. А іначай які ён да халеры рэжысёр! І вось тут падвярнулася Зарэмба са сваім пышным бюстам… У-ух! Прайшоў год іхняй сувязі, а пры адной згадцы пра гэтую частку цела вар’яцее ён, пяцідзесяцігадовы галава сямейства, нібы юнак у пару палавога выспявання. Канешне, здраджваў ён жонцы і раней, здраджваў заўсёды. Не тое каб вельмі часта, але былі такія перыяды жыцця, уласцівыя кожнай творчай асобе, калі ну нішто не вяселіць, не вабіць, усё астабрыдла. Гэты настрой, гэты назапашаны стрэс рэжысёра, а затым і кіраўніка тэатра ён здымаў не рыбалкай і не гарэлкай — жанчынамі. Балазе ахвочых хапала, толькі дай знак! Але рабіў гэта Аркадзь Рыгоравіч без усякіх прыкмет кахання, любові, паважаючы толькі цялесны аспект. Таму жанчын (пераважна актрыс) выбіраў маладых, гарачых, пачуццёвых да бессаромнасці. З імі лёгка было сыходзіцца, лёгка развітвацца, лёгка сыходзіцца зноў. Дый не патрабавалі яны нічога, апроч гэтай ліхаманкавай валтузні ў яго кабінеце — у няўрочныя часы, а тое і ў перапынках рэпетыцый, перад спектаклямі. Дзеля жыццёвага тонусу. Каб спорылася праца ды не пакідала творчае натхненне. Такую псіхалагічную ўстаноўку, такое апраўданне сваім любоўным прыгодам шмат гадоў даваў сабе Бабаеўскі і таму пазбег ён згрызот сумлення і ў вочы жонцы і дзецям глядзеў адкрыта і шчыра. Дзяцей ён любіў, жонку цярпеў і разлічваў гэтак прычакаць паважаную, добрапрыстойную старасць.

І трэба ж было такому надарыцца, што ў пяцьдзесят гадоў з’ехаў ён з глузду настолькі, што, пакінуўшы чатырохпакаёвую ўтульную кватэру і двух сыноў-студэнтаў, перасяліўся да трыццацігадовай актрысачкі ў варты жалю аднапакаёвы катух. Пакахаў, стары чорт! Пакахаў напраўду, страсна, раўніва, учэпіста.

А пачыналася ўсё з таго ж банальнага цела! З таго ж бюста, з тых жа ручак і ножак! Утрэскаўся, уляпаўся, угруз па самую макаўку… Старэеш, старэеш ты, брат Бабаеўскі. Сантыментаў хочацца табе, дружа, ласкі, ціхіх сямейных вечароў з каханым чалавекам, паэтычнага інтыму… Не задавальняюць ужо цябе гэтае хапатлівае лажанне пад спадніцы, паспешлівае зрыванне адзежын, гэтае звярынае навальванне ўсім сваім грузам на мініяцюрных Анжэл, на крутабёдрых Наташак. Хочацца, каб і па галоўцы нехта пагладзіў, і згатаваў нешта смачненькае, і гальштук паправіў перад работай, і… Карацей, усяго таго хочацца, чаго ўжо даўно-даўно не дадае яму законная жонка.

Так што нічога не заставалася Бабаеўскаму, як сысці з дому і сужыцельстваваць са сваёй падначаленай. Хлопцы падраслі, разважаў ён год таму назад, на ногі пастаўлены, у інстытуты ўладкаваны, дый грашыма ён іх не пакрыўдзіць… Але выйшла неспадзяванка: праклялі яго сыны, адракліся ад роднага бацькі; ды яшчэ і ў прэсу гэты скандал прасачыўся. Тады, у эйфарыі свайго любоўнага захаплення, не надта бедаваў з тае прычыны Аркадзь Рыгоравіч. “Свінюкі няўдзячныя! Ну і хрэн з імі! — адмахваўся ён тады ад гэтай праблемы. — Чакай, папросяць яны ў мяне грошай”. Але не толькі грошай не папрасілі няўдзячныя нашчадкі, а і знаць яго не хацелі і за год не пазванілі ні разу. І Рыгоравіч ім не званіў — не дазваляў гонар. Тым больш што дайшла да яго пагудка, нібыта распаўсюджваюць пра яго сыны па горадзе розныя мярзотныя плёткі, так узненавідзелі роднага бацьку.

І вось, праз год пасля разрыву з сямействам, затрывожыўся апальны яго галава, не на жарт задумаўся пра сваю будучыню. Міжволі паўставалі непажаданыя, вярэдлівыя пытанні перад пяцідзесяцігадовым Аркадзем Рыгоравічам. Нішто не вечнае пад гэтым небам і калісьці (а магчыма, і нядоўга чакаць) састарыцца ён, Бабаеўскі, зблажэе. Страціць ён пасаду і дырэктара драмтэатра, і рэжысёра. Выпруць яго адтуль маладыя і дужыя. І ўжо як само сабой зразумелае ўяўлялася яму страшная перспектыва расстання з маладой і прыгожай Таццянай. Бо будзе ёй у яго шэсцьдзесят гадоў усяго толькі сорак… На які хрэн ёй нямоглы пенсіянер?

Гэтая дваццацігадовая розніца паміж імі найбольш прыгнятала Аркадзя Рыгоравіча. Каму, як не яму, ведаць, на чым грунтуюцца цесныя ўзаемаадносіны паміж мужыком і жанчынай. А тут, як на бяду, ужо ў пяцьдзесят гадоў — недаравальна рана! — пачалося рэзкае аслабленне яго мужчынскай фізіялогіі. А пару разоў дык і наогул выходзілі канфузы. Даводзілася блытана апраўдвацца стомленасцю, недамаганнем. Гэта яму, Бабаеўскаму, пра “геройствы” якога ў кулуарах тэатра ходзяць легенды!

І занепакоіўся з гэтай прычыны Аркадзь Рыгоравіч, запанікаваў, па дактарах кінуўся. Цяперака хапае розных прыватных сексолагаў. Супакоіў адзін, прапісаў таблетак дарагіх замежных, параіў не ператамляцца, не нервавацца, знізіць крывяны ціск… Знізіць ціск! Ды дзе ж ты яго панізіш, пракляты, калі такія, як Пугач, яго падвышаюць і падвышаюць. Тут або звальняйся, або памірай стоячы. І няма куды адступаць, у старую сям’ю не прымуць. З жахам, усё часцей і часцей, трызнілася Бабаеўскаму яго недалёкая, нямоглая і плаксівая, старасць. Напорыста рысавала жвавае ўяўленне рэжысёра брудны пакой і высахлага неахайнага дзеда, што сядзіць ля акна, бязмэтна ўтаропіўшы ашклянелыя вочы на вуліцу. А тое паўставаў перад унутраным вокам інвалідны дом на Дражні (Рыгоравіч неяк ладзіў там для інвалідаў і састарэлых дабрачынны спектакль). Гэтыя прапахлыя мачой, медыкаментамі і маннай кашай калідоры, гэтая казённая мэбля, гэтая жывая магіла… Гэх, доля яго гаротніцкая. Кіне, абавязкова кіне яго красуня Зарэмба, сыдзецца з нейкім плячыстым кабялём, або знойдзе сабе новага рэжысёра-сужыцеля. І паняволі апаноўвала стоеная злосць на Таццяну за яе маладосць, за яе бессаромна прыгожае цела, за тое, што жыве яна з Бабаеўскім дзеля кар’еры. І гэтак, і гэтак далей…

Але нічога, ён яшчэ пазмагаецца! Толькі трэба сябе берагчы, толькі прыняць таблетак…

Зладзеявата азірнуўшыся, Бабаеўскі наліў з графіна шклянку вады, затым вывудзіў з верхняй шуфляды стала сіні пачак, дастаў з яго ружовую капсулу, паклаў у рот і пракаўтнуў, запіўшы вадою. Пачак тут жа схаваў у шуфляду і замкнуў на два абароты ключа.

Гэта быў нейкі мудрагелісты прэпарат па амаладжэнні арганізма і павелічэнні палавой актыўнасці. Паводле слоў доктара, гэтыя капсулы робяць з мужчыны тыгра. Прымаў іх Бабаеўскі пяты дзень, але з трывогай зазначаў, што не стаў ён не толькі тыграм, але і простым шэрым ваўком не зрабіўся. Супакойваў сябе тым, што прайшоў малы тэрмін ад пачатку прыёму, што лякарствы, нават самыя дзейсныя, не могуць даваць імгненнага эфекту. Але патаемная трывога, боязь стацца нікчэмным і быць адпрэчаным, трывала сядзела ў свядомасці і апошні месяц літаральна атручвала яго жыццё.

2

Як толькі Сергей Пугач вылузаўся з дырэктарскага кабінета і паплёўся ў недарэчным сваім адзенні па калідоры, з процілеглага боку, з выхаду на лесвічны пралёт, высунулася жаночая постаць у парыку і, крыху счакаўшы, імкліва прашалахцела ў апартаменты Бабаеўскага. Гэта была Танька Зарэмба.

Але перш чым распавесці, што ж адбылося ўнутры кабінета, прыпынімся на гэтай асобе.

Родам з райцэнтра, выхаваная ў сям’і звычайных служачых, Таццяна Зарэмба ўжо ў чатырнаццаць гадоў зразумела, што будзе артысткай. Прырода не пакрыўдзіла Таню ні фігурай, ні тварам. Хутчэй наадварот, зляпіла з яе гэтакі дасканалы ўзор жаночай прыцягальнасці, заганнай прыгажосці. Была яна сярэдняга росту, з точанымі плячыма і шыяй, вузкай таліяй, стройнымі доўгімі нагамі, у меру шырокім, не вульгарным, тазам. Чарнявая, з чорнымі ж хітраватымі агністымі вачыма, са смуглым румяным тварам. Усе пералічаныя вартасці цела самі па сабе не надта рэдкія ў прыродзе, але вельмі рэдка яны спалучаюцца ў такіх цудоўных прапорцыях, як у Таццяны. Часцяком геніяльны мастацкі твор — а трэба прызнаць, Зарэмба была геніяльным тварэннем прыроды — мае невялічкую хібу, няправільнасць, якая адно надае яму сілы. Такой няправільнасцю былі дзівосныя, большыя, чым таго вымагаюць класічныя прапорцыі, Таніны грудзі.

Менавіта з-за гэтых шчодрых грудзей адчувала Таццяна пастаянную, упартую і напружаную ўвагу да сябе з боку мужчынскага полу. Ужо з пятнаццаці гадоў рэдка ўдавалася ёй прайсціся па горадзе, каб не падвергнуцца сексуальнаму дамаганню. Ляпіліся да яе ўсе — ад саплівых малалеткаў да пляшывых старых, ад самавітых сямейнікаў да валацугаў. Гэта быў бясконцы, няспынны паток юрлівых асобін, гэткая ўяўная чарга, што неадступна стаіць пад дзвярыма Танінай кватэры. Часам ёй рабілася страшна і брыдка, усё далейшае жыццё бачылася як адчайнае адмахванне, адбіванне ад гэтай зацятай чаргі. І Зарэмба некаторы час змагалася супраць яе. Але рэчаіснасць узяла сваё. На адной вечарынцы яна спазнала мужчыну: амаль гвалтам яе ўзяў прыяцель аднакласніка, студэнт. І з першага ж разу, што ў дзяўчат бывае крайне рэдка, Таццяна адчула ўсю плоцкую слодыч такіх стасункаў. Праз тры месяцы яна ўжо жыла напружаным любоўным жыццём, ухітралася мець некалькіх каханкаў адначасова. Зарэмба хутка зразумела, што гэты паток юрлівых мужыкоў, якога яна раней так палохалася, не такая ўжо і благая штука. Бо некаторыя жанчыны здольныя прынадзіць за жыццё двух-трох мужчын — не болей, і за гэта гатовыя ахвяраваць чым заўгодна. А ёй, Зарэмбе, усё даецца лёгка, гуляючы. Трэба толькі ўмела кіраваць гэтым патокам, пускаць яго ў патрэбнае рэчышча. Таму што багаты ён на мужчын, якія за тое, каб лапаць яе за грудзі, ціскаць клубы ды кусаць за жывот, будуць слацца перад ёй посцілкай, поўзаць на каленях, дадуць грошай, прададуць родную маці…

Прыгажосць, што напачатку прыносіла Тані гэтулькі праблем, зрабілася таварам, за які можна займець многае.

Пераважна дзякуючы гэтай прыгажосці (а не акцёрскаму таленту, які быў пасрэдны) удалося ёй паступіць у сталічны тэатральны інстытут, паспяхова здаваць сесіі, а затым уладкавацца ў адзін з прэстыжных тэатраў. У Бабаеўскага яна працавала толькі два гады і ўжо праз год зрабілася фактычна другім чалавекам у тэатры, пасля дырэктара. Бо за пятнаццаць гадоў блізкіх узаемадачыненняў з мужчынамі ведала яна пра іх усё і кіравала імі зайздросна.

І тым не менш, асабістае жыццё Таццяны Зарэмбы можна лічыць няўдалым. Так нярэдка бывае з празмерна прывабнымі жанчынамі. Бо надта ўжо доўгая, разнамасная, шалёная стаіць па іх чарга, надта няпроста ў ёй разабрацца і выбраць таго адзінага правільнага, што дасць і каханне, і дабрабыт, і дзяцей, і апірышча…

Пры ўсіх сваіх здольнасцях, замужам Таня была толькі раз. Але і гэтага разу хапіла з лішкам. У дваццаць пяць гадоў выйшла яна за акцёра свайго тэатра, равесніка. І таленавіты, і Апалон целам. З двухпакаёвай кватэрай у цэнтры сталіцы. І каханне было такое, што зімой шыбы ў іх спальні плавіліся. Але накахаўшыся да пасінення, недзе праз тры месяцы пасля загса, выявілася, што трэба ж неяк яшчэ і жыць. Што жыццё — не адно пасцель, і не адно сцэна, а паўсядзённая барацьба за існаванне з усімі яе, барацьбы, атрыбутамі: здабываннем і гатаваннем харчоў, прыбіраннем у кватэры, мыццём бялізны і іншым непаэтычным друзам. А тут два халерыкі, два разбэшчаныя эгаісты, якія гэтага не толькі рабіць не любяць, не хочуць ды не ўмеюць, а яшчэ не церпяць ніякай улады над сабою, прынукі.

І ўжо праз паўгода сямейнае жыццё сталася для Таццяны кашмарам. Кватэра зарастала пылам і брудам, у халадзільніку было пуста, а колісь палкае каханне ператварылася ва ўзаеманянавісць, узаемарэўнасць і ўзаемамучыцельства. Тут упершыню зведала Зарэмба, што мужчына можа не толькі лашчыць, цалаваць і насіць на руках, а яшчэ і біць яе слабае цела. У запале скандалаў гэты малойчык, бывала, цягаў яе па кватэры за валасы, запіраў у ваннай, выганяў голую на лесвічную пляцоўку, разбіваў табурэткамі шыбы акон. Словам, свавольнічаў з усім тэмпераментам і фантазіяй артыста. А потым каяўся, поўзаў перад ёй на каленях, абдымаў, нёс у пасцель і зноў кахаў да бяспамяцтва.

З цяжкасцю ўдавалася Таццяне запудрываць перад рэпетыцыямі-спектаклямі сляды мужавых пабояў. Так вытрымала яна крыху больш за год. Потым дамаглася разводу: шумнага, буйнага, праз суд і грамадскую суполку тэатра, куды давялося прынесці заяву з апісаннем некаторых інтымнасцяў.

У выніку мужа звольнілі з тэатра, неўзабаве мусіла сысці адтуль і Таня, бо калектыў, што чамусьці абраў мужаў бок, ад яе адвярнуўся. З год валэндалася яна без сталай працы, падзарабляла ў тэлевізійных масоўках і аднаразовых шоу. Добра што ўдалося хоць паўкватэры адцяпаць у нарачонага — было дзе прытуліцца. А па праўдзе, жыла яна гэты год за кошт мужчын розных. Быў у яе і малады мастак, і добрапрыстойны сем’янін прафесар, і бізнесмен сярэдняй рукі і нават адзін волат грузчык.

Калі нарэшце знайшла работу ў тэатры Бабаеўскага, ужо праз месяц, наслухаўшыся плётак пра ахвочасць дырэктара да слабага полу, ведала Зарэмба, што яго песенька спета. Аднак праходзілі тыдні і месяцы, а не ўдавалася завабіць спрактыкаванай Таццяне ў свае цянёты старога распусніка. А ўсё таму, што працавала яна ўсё з іншымі рэжысёрамі, і ўбіцца на ролю да Бабаеўскага не выпадала магчымасці. Кароткія ж сустрэчы ў людных кулуарах тэатра не прыносілі плёну. Але цярпела Таццяна, знарок не заводзіла сабе палюбоўніка з маладых акцёраў, што з першых жа дзён актыўна яе дамагаліся. Яна ведала, што рана ці позна возьме дырэктара з патрахамі, а мужыкі дужа раўнівыя да мінулага. Таму жыла па-ранейшаму з мастаком і прафесарам.

І ледзь толькі Таццяне ўдалося патрапіць на рэпетыцыю да Аркадзя Рыгоравіча, лёс яго быў вырашаны канчаткова і беспаваротна. Кінуў Бабаеўскі сям’ю, быў публічна пракляты сынамі, завочна абсмяяны трупай, перасяліўся з чатырохпакаёўкі ў Зарэмбін катух, але ўважаў сябе за найшчаслівейшага чалавека на свеце.

Хутка стаў Рыгоравіч рабом сваёй падначаленай. Выдыхся гэты дзед ужо пасля трох месяцаў любоўнага жыцця з маладой і дужай Зарэмбай. Не паспяваюць яго магчымасці за яго апетытамі. І, адчуваючы гэту віну, на ўсё для яе гатовы цяпер дырэктар тэатра “Кіцеж”. Галоўная роля ў лепшым спектаклі — Таццяніна. Хай зайздросцяць калегі, хай заліваюцца жоўцю. Чхаць ёй на іх любоў, ёй патрэбныя павага з пашанаю. А паважаюць і шануюць моцных, паспяховых ды ўплывовых. Прабіў ёй Бабаеўскі і кінапробы ў двух серыялах. Адна, праўда, правалілася — ніяк не захацеў паверыць галоўны рэжысёр у яе геніяльнасць. Дык ён і ў пасцелі з ёю не быў! Паверыў бы мігам. Ну ды халера з ім. Затое ў другі, яшчэ больш грашавіты, серыял, яна прайшла як па масле. Цяпер чакае пачатку здымак.

3

— Колькі разоў я цябе прасіў, Танюсік, — з дакорам пазіраў Аркадзь Бабаеўскі на Зарэмбу, — не заходзіць сюды ва ўрочныя гадзіны.

Ён ускочыў з крэсла, жвава затэпаў да дзвярэй і замкнуў іх.

Таццяна, пусціўшы міма вушэй яго заўвагу, пакіравала да халадзільніка, што стаяў у далёкім куце прасторнага кабінета. Як у сябе дома, яна адчыніла яго і ўсчала шнарыць унутры. Неўзабаве вывудзіла пачак ананасавага соку, наліла ў фужэр і развалілася ў крэсле, пацягваючы жаўтлявы напітак.

— У-у-ф, нешта я сёння ператамілася, — штучна млявым голасам сказала актрыса і, раптам нешта ўспомніўшы, дадала куды жывей: — Што гэта Пугач такі пабіты выходзіў?

Бабаеўскі сярдзіта махнуў рукой і апусціўся ў сваё рабочае крэсла.

— А тое, што гэты жываглот у магілу мяне загоніць сваімі выбрыкамі. — Ён узяў самапіску і пачаў нервова перабіраць яе ў пальцах. — Вось ужо дзе — малая куча ды смярдзюча! Мёртвага дапячэ…

— Ты проста да яго нераўнадушны.

— Ды, па мне б, хоць ён пад зямлю праваліся! — фыркнуў Аркадзь Рыгоравіч. — Не ўмееш іграць, дык хоць не замінай іншым. Якога нячысціка ён толькі што падносам круціў, як жанглёр, калі ў сцэнарыі чорным па белым напісана: падай гаспадарам віно, пакланіся ды адыдзіся пачціва?!

— Не ведаю… — прыжмурылася Зарэмба. — Мне дык гэты яго жэст спадабаўся. — Ёй чамусьці хацелася зараз заесці Бабаеўскага, а Пугач быў яго любімым мазалём.

— Ага! — ускінуўся рэжысёр. — А то я бачыў, як ты на яго скасавурылася! Замест таго каб глядзець на суразмоўцу, што, дарэчы, — ён зрабіў націск на апошнім слове, — табе па ролі належыць.

— Дык я што, па-твойму, дрэнна іграла?! — падробна абурылася Зарэмба; а насамрэч ёй было напляваць і на гэтую рэпетыцыю і на меркаванне рэжысёра, настолькі ўпэўнена яна тут пачувалася.

— Я ж не гавару, што ўвогуле дрэнна іграла. Але ў гэтым элеменце схібіла. І вінаваты ў тым твой любімы Пугач!

— Чаму мой любімы? — крыва ўсміхнулася Таццяна.

— А таму, што зачаста ты яго, як пагляджу, бароніш, — прабурчаў Аркадзь Рыгоравіч.

— Я не бараню, а проста бачу, што ты цкуеш таленавітага чалавека, гноіш яго на ўсялякіх дзярмовых ролях… — Таццяна паставіла пустую шклянку на тумбачку, устала з крэсла і зноў падышла да халадзільніка.

— У гэтага таленавітага, як ты кажаш, чалавека было дастаткова магчымасцяў сябе праявіць. Хіба не даваў я яму роляў?! Дык ён мне спектакль праваліў. Сволач! — гаркнуў рэжысёр і ў запале змахнуў са стала нейкую паперыну.

Але тут жа перапужаўся магчымага прыліву крыві ў галаву і, адкінуўшыся на спінку прывольнага крэсла, замоўк і пачаў лічыць пульс на шыйнай артэрыі.

А Зарэмба тым часам шнарыла па халадзільніку.

— Слухай, Рыгорыч, — звярнулася яна да рэжысёра, — я тут учора паўшакаладкі пакінула. Не бачыў?

Бабаеўскі дэманстратыўна маўчаў, падлічваючы сардэчныя такты.

— Я ў цябе пытаюся, — патрабавальна павярнулася да яго Таня, дзівосна прыгожая ва ўбранні сярэднявечнай пані.

— А халера яе ведае. Я не еў, — адмахнуўся ад яе Бабаеўскі.

Ён быў дужа ўстрывожаны тым, што пры замеры пульсу адзначыў не толькі пачашчэнне, але і перабоі ва ўдарах сэрца. Гэта тахікардыя, прадвесце інфаркту. А тут Зарэмба са сваім паганым шакаладам…

Танька падышла да яго рабочага стала і бесцырымонна пачала рыцца ў службовых паперах і папках.

— Што ты тут забыла? — агарошана паглядзеў на яе Аркадзь Рыгоравіч. — Ды не камячы ты дакументы!

— Не, ну дакладна ж памятаю, што палову шакаладзіны я не даела. — Таццяна не звяртала ўвагі на яго абурэнні.

Раптам яна нагнулася і высунула ніжнюю шуфляду рэжысёравага стала. Бабаеўскі абамлеў, бо ў верхнюю ён толькі што паклаў лекі, пра існаванне якіх ведаць яго палюбоўніцы было зусім неабавязкова. У Аркадзя Рыгоравіча заняло мову, і ён здранцвела ўтаропіўся на Таццяну, што па-свойску корпалася ў гэтай аб’ёмістай скрыні. Добра што ён замкнуў верхнюю шуфляду! Але тут жа варухнулася ў галаве трывожнае: ці замкнуў, ці дакладна ў верхнюю шуфляду паклаў ён тыя ганебныя таблеткі? І адчуў дырэктар найвядомейшага тэатра сталіцы, як па яго спіне прабег халадок…

А тым часам Зарэмба, не здаволіўшыся павярхоўнымі пошукамі, стала вымаць з шуфляды папкі з дакументамі ды вывальваць іх на стальніцу, каб лацвей было шукаць сваю шакаладзіну.

— Э, ды ты што, Танюсік! — усклікнуў Рыгоравіч, хапаючы яе за рукі. — Ды тут жа міністравы ўказы ляжаць! Калі што згубіцца… — Ён збянтэжана пазіраў на стройны стан Таццяны, што нахілілася і арудавала ў напаўпустой шуфлядзе.

Беспаспяхова скончыўшы там пошукі, яна тарганула ручку верхняй скрыні стала. Бабаеўскаму падалося, што сэрца яго спынілася ад страху. Ён ужо ўсур’ёз прайграваў варыянт, як — калі шуфляда раптам падасца — коршунам кінецца на сіні пачак, каб не даць прачытаць Таньцы яго прызначэнне…

Але шуфляда не падалася, бо ўсё-ткі была абачліва замкнута.

— Дзе ў цябе ключ? — нахабна павярнула да яго Зарэмба свой прыгожы твар.

Яшчэ не хапала яму апраўдвацца перад ёй у сваім кабінеце! Гэта ўжо занадта.

— Слухай, — узяў строгі тон дырэктар, — а табе не здаецца, што ты не тым займаешся ў працоўны час?

— Я хачу есці, — з выклікам, карцінна ўзяўшыся ў бокі, сказала Таццяна.

— Для перакусаў унізе ёсць буфет і ён, дарэчы, адкрыты на ўвесь час рэпетыцый. — Бабаеўскі ўзяўся засоўваць назад выцягнутыя сужыцелькай службовыя паперы.

— А я хачу шакаладу, — капрызна заладзіла Зарэмба.

— Я табе не шакаладная фабрыка, а, між іншым, дырэктар гэтага тэатра. І наогул, прызначаны мной перапынак скончаны… Так што давай, — ён нервова махнуў рукою ў бок дзвярэй, — на рэпетыцыю.

— А я гавару, што я тут учора пакінула сваю шакаладку і хачу яе ўзяць. — Таццяна пачала жвава торгаць ручку замкнутай шуфляды.

Бабаеўскі схапіў яе за руку. Завязалася барацьба.

— Ну няма тут твайго шакаладу! — роспачна ўсклікнуў ён. — Няма, чуеш? Я, я яго з’еў!

— Няпраўда! — упарта дужалася з ім ля стала палюбоўніца. — Ты не любіш салодкага.

І богведама чым бы гэта скончылася, каб не раздаўся мілагучны званок дырэктарскага тэлефона.

— Слухаю, Бабаеўскі, — узяў трубку задыханы Аркадзь Рыгоравіч. Раптам яго твар прыняў дагодліва-адказны выраз, уся пастава выструнілася, а дыханне само сабой нармалізавалася. — Так. Так, Матвей Лукіч. Так. Зразумеў. Зробім. Так. Прымем да ўвагі. Так. Запісваю: адзінаццатага ў 15.00.

Ён павярнуўся да Таццяны, якая, скарыстаўшыся тэлефонным званком, зноў намагалася пранікнуць у таямніцы верхняй шуфляды. Дырэктар, што не пераставаў рабалепна падтакваць міністру культуры (гэта званіў ён), тузануў Зарэмбу за плячо і сваім перакошаным тварам, страшнымі вырачанымі вачыма, а таксама ўзмахамі рук стаў упрошваць яе пакінуць кабінет і не замінаць размове з начальствам.

Зарэмба, якая ўвогуле вызначалася кемлівасцю, зразумела, што жарты скончыліся, і прашалахцела да дзвярэй. На выхадзе яна павярнулася да сужыцеля і зляпіла саркастычную міну. На што дырэктар пагразіў ёй кулаком свабоднай ад трубкі рукі.

Па заканчэнні тэлефоннай размовы Аркадзь Бабаеўскі зноў запёр дзверы, кінуўся да стала і хапатліва дастаў з яго злашчасны сіні пачак. Затым адамкнуў службовы сейф, паклаў таблеткі туды. Секунду павагаўшыся, ён працягнуў руку па бутэльку каньяку, што стаяла там жа, і паўнютка наліў сабе невялікую чарку. Доктар параіў гэтак здымаць стрэсы, што з’яўляюцца першапрычынай усіх хвароб і функцыянальных разладаў.

4

Пасля рэпетыцыі, цягам якой Сяргею Пугачу яшчэ пару разоў даводзілася ўдаваць хадзячага балвана, ён прыбыў у сваю грымёрную ў кепскім настроі. Злосна сарваў з галавы парык і шпурнуў яго на крук. Парык не ўтрымаўся і ўпаў на падлогу. Гэтак жа зацята сарваў з сябе акцёр і каптан, а тады плюхнуўся ў крэсла і прыняўся здымаць пантофлі.

Грымёрная — цесная невыгодная кабінка — была не адно Сяргеева, ён дзяліў яе з Янкам Тышкевічам, які сюды пакуль не дабраўся. Пугач чуў яго голас у адной з грымёрак па калідоры, дзе, відаць па ўсім, наладзіліся чарговыя пасядзелкі.

Сяргей выслабаніў ногі з пантофляў і пачаў абціраць грым з твару. Рабіў ён гэта нядбайна і нават грэбліва. Крыўда, нанесеная яму ў чарговы раз галоўным рэжысёрам, не аціхала. Цяпер акцёра душыла неспатоленая злосць, і свярбела з кімсьці пагаварыць, пажаліцца на прыдзірлівасць Бабаеўскага, пакпіць з яго тупасці. Але гаварыць так шчыра ён мог з нямногімі — з Тышкевічам ды яшчэ з парай-тройкай акцёраў.

Увесь час, пакуль галоўны распякаў яго ў кабінеце, Сяргей змагаўся з дзіўным жаданнем моўчкі падысці да Аркадзя Рыгоравіча, ухапіць яго за строгі гальштук і марудна, праз стол, пацягнуць на сябе. Уяўлялася, як збарвянее яго тлусты твар, як вылезуць ад неспадзеўкі вочы. Пугач нават рукі схаваў за спіну, каб не паддацца гэтай спакусе.

Такія жаданні даўно, з самага дзяцінства, мучылі Сяргея Пугача, і часцяком ён ім даваў волю.

Аднойчы, калі яму было гадоў пяць, пад час урачыстага шматлюднага банкету ў іх доме нейкі адказны чалавек прамаўляў тост. Усе прыціхлі. Сяргея, у прынцыпе, за стол не пускалі, але перад самым тостам ён без дазволу ўвайшоў у залу і ўзлез на калені бацьку, што сядзеў якраз насупраць прамоўцы. Ці то падзейнічала на хлопчыка надзвычайная цішыня, ці то напружаныя ўрачыстыя твары застольшчыкаў, а толькі схапіў ён знячэўку з талеркі масліну, запусціў у прамоўцу і, дзіка зарагатаўшы, выскачыў вон. Бацька, які пры выхаванні сына ніколі не ўжываў рукапрыкладства, пакараў яго зняволеннем у пустым пакоі на паўсутак.

Падобныя прыступы раз за разам паўтараліся з Сяргеем і ў школе. Асабліва на ўроках фізікі, якую вяла суровая дырэктарка. І чым больш гнятлівай і адказнай была атмасфера ў класе, тым часцей карцела Пугачу выкінуць нейкае штукарства. На кантрольных, калі ўсе тужыліся над складанымі задачамі, а строгая настаўніца хадзіла па радах, каб не дапусціць спісвання, Сяргея душыў рогат. Нярэдка ён быў пакараны за гэта двойкамі, выгнаннямі з урокаў і выклікамі ў школу бацькі. Затым хлопец стаў хітраваць і, апярэджваючы прыступ неўтаймоўнага смеху, закрываў твар хусткай, імітаваў насавое кровацячэнне і выбягаў з класа. Насоўку ён насіў у кішэні папярэдне заляпанай чырвонай гуашшу.

Вельмі няпроста было Сяргею і ў час службы ў войску, дзе не дапускалася парушаць цішыню ў страі перад якім-небудзь грозным палкоўнікам ці генералам. Таму ён навучыўся заўсёды станавіцца ў другі рад, і не многія бачылі, што за страшная барацьба адбывалася на яго твары, якія высілкі прыкладаў гэты салдат, каб не заржаць сваім недарэчным, вар’яцкім рогатам.

Пугач нежартоўна баяўся сябе, нібы сядзеў у ім нейкі іншы, непадуладны яму чалавек, здатны на самыя эксцэнтрычныя ўчынкі, што ніяк не стасаваліся з агульначалавечымі правіламі.

Толькі за апошні тыдзень яму тры разы карцела на рэпетыцыях падскочыць да Бабаеўскага і заляпіць поўху, два разы Сяргей змагаўся з жаданнем прылюдна пацалаваць яго палюбоўніцу — Таньку Зарэмбу, адзін раз — даць у калідоры падножку народнаму артысту Дамаронку, старому паважанаму чалавеку, а яшчэ раз — сарваць афішу на тумбе перад тэатрам.

…Па меры таго як акцёр здымаў з сябе мудрагелістыя вопраткі і сціраў грым, праступала сапраўднае яго аблічча.

Гэта быў бялявы малады чалавек сярэдняга росту, нядрэннага целаскладу, з худым і нервовым тварам. Выглядаў ён маладзей за свае пашпартныя дваццаць дзевяць гадоў. Але асноўнай адметнасцю яго твару быў невялічкі шрам над левым брывом, атрыманы Сяргеем яшчэ ў дзяцінстве. Ён як бы падаўжаў гэтае брыво і загінаў яго дагары, надаваў твару нешта мефістофелеўскае і адначасова камічнае. Пугач з дзяцінства камплексаваў з гэтай прычыны, бо якіх толькі мянушак і клічак не прыцягвала на яго галаву гэтая хіба. Але, можа, дзякуючы шраму і паступіў ён калісьці ў тэатральны.

Сяргей памыў твар і рукі, нахапкам апрануўся і выйшаў на калідор. Па дарозе ён хацеў стрэльнуць пару цыгарэт у Тышкевіча і таму скіраваў да кабінкі, адкуль даносіўся зухаваты перасмех акцёрскіх пасядзелак. Але, калі наблізіўся да дзвярэй, то расчуў там голас Альберта Сычова, свайго заклятага нядобразычліўца і халуя Бабаеўскага. Альбертаў тонкі гугнявы голас, перабіваючы суразмоўнікаў, нёс нейкую несусвеціцу… “Мярзотная душа!” — вылаяўся Пугач і прамінуў дзверы.

У фае, перад гардэробам, ён сустрэў Людку Дробаш, маладую актрысу, сваю добрую прыяцельку.

— Прывітанне ўніжаным і абражаным, — сказала яна, жартаўліва ўшчыпнуўшы Сяргея за вуха.

— Прывітанне ўзвышаным і знакамітым, — буркліва адказаў Пугач. — У цябе курыць ёсць?

— “Гродна”.

— Давай перакурым.

— Я, увогуле, у буфет збіралася. Хадзем, са мной пасядзіш.

— Угаварыла.

Адносіны Сяргея Пугача з Людкай Дробаш былі неадназначнымі хаця б таму, што гады тры назад яны перажылі бурны і кароткі раман. Каханне доўжылася які месяц, потым адбылася невялікая размоўка — з тых, што звычайна вядуць да прымірэння. Але прымірэння не адбылося, таму што Людка, нечакана нават для сябе, праз два тыдні выскачыла замуж за нейкага журналіста. І, як бывае ў абсалютнай большасці падобных выпадкаў, стаўся гэты шлюб няўдалым. Журналіст, што літаральна зачараваў Людку красамоўствам і густымі чорнымі вусамі, насамрэч аказаўся чалавекам даволі пустым і нікчэмным: ныцікам, фантазёрам ды яшчэ і п’яніцам. Ён кінуў яе праз паўгода, з’ехаўшы ў іншы горад, — кінуў на трэцім месяцы цяжарнасці, а таксама з даўгамі за кватэру, якую яны здымалі. І мусіла бедная Дробаш вяртацца ў свой камунальны пакойчык. Блізкіх родзічаў у яе не было і таму, як ні балела душа, давялося ёй паспяшацца з абортам. Вось такая гісторыя.

Людку, што раней была вяртухай і рагатухай, з год было не пазнаць. Яна пацямнела з твару, зблажэла целам, замкнулася, і Пугачу, які ведаў толькі пра няўдалы шлюб, адно заставалася здагадвацца, якія буры бушуюць у душы яго колішняй каханкі. Толькі яе ігра на сцэне — гэта таксама кідалася ў вочы — стала куды больш глыбокай і драматычнай. Неўзабаве Дробаш пачалі даваць небывала значныя ролі, яе імя зачасціла на старонках культурніцкіх газет, а праз некаторы час яна патрапіла ў расейскі тэлесерыял і прагрымела на ўсім постсавецкім абсягу.

Цяпер Дробаш мела трохпакаёўку ў цэнтры, аўтамабіль “Таёта”, і Аркадзь Бабаеўскі ўсур’ёз непакоіўся, што яна пакіне тэатр “Кіцеж” з яго смяхотлівымі, капеечнымі зарплатамі. Але Людка была (а мо за апошнія тры гады стала) разумнай жанчынай і ведала, што жыццё — гэта страшэнна зменлівая і непрадказальная штука, што няблага, пакуль там лунае ў небе яе журавель, мець у руках і сініцу — у выглядзе іхняга скромнага, аднак паважанага тэатра, сваёй невялікай, але пастаяннай зарплаты, свайго сварлівага і зайздрослівага, але звыклага калектыву.

Рана, нанесеная Людцы законным мужам (з якім яна і па сёння афіцыйна не развялася), дарэшты не загаілася. З тае пары яна ўзненавідзела мужыкоў, лічыла іх нізкімі, юрлівымі, карыслівымі істотамі і толькі Пугачу, перад якім як бы адчувала сваю віну, яна давярала. Сяргей, у сваю чаргу, па-чалавечы спачуваў Людчынай жаночай нядолі і шчыра захапляўся яе акцёрскім талентам. Словам, на момант, з якога пачынаецца гэты аповед, паміж імі ўстанавіліся цёплыя, сяброўскія, беззаганныя адносіны.

У напаўпустым буфеце яны селі за кутні столік, папярэдне ўзяўшы сёе-тое за стойкай. Дакладней, узяла паесці Людка, а Сяргей абмежаваўся бутэлькай “Кока-колы”.

— Ты б таксама чагосьці перакусіў, — кіўнула актрыса на свой поўны паднос.

— Не хачу. Бабай ужо накарміў — кусок у горла не лезе.

— Дык да чаго ён прычапіўся?

— А ліха яго ведае, — зморшчыўся Пугач, — не з той нагі ўстаў, мусіць. Ён, бач ты, хоча, каб я быў гэткім бязмоўным ёлупам — “падай-прынясі”. І не дацямяць яго глузды атлусцелыя, што нават слуга, лёкай на сцэне іграць павінен.

— Табе б, Серж, да іншага рэжысёра перайсці.

— Ды спрабаваў, Людок, хіба не ведаеш! Яны ж усе пад бабаеўскую дудку скачуць. Тут кожная сабака ведае, што я ў яго ў апале. А каму трэба заядацца з галоўным!

— Ты перабольшваеш яго магчымасці. — Людка адсунула пустую талерку і прынялася за новую. — Вунь Фурсаў — чалавек зусім самастойны…

— Вой не смяшы! — ажно папярхнуўся Сяргей “Кока-колай” і ўзмахнуў левай рукою. — Славік Фурсаў? Ды першы падпявала Бабаеўскага, яшчэ і баязлівец якіх пашукаць.

— Ды ну? — здзівілася Дробаш. — Дзяўчаты яго хвалілі…

— Не ведаю, за што там яны яго хвалілі, — фыркнуў Сяргей, — а толькі гэты “самастойны” чалавек прамым тэкстам заявіў, што ён надта даражыць сваім месцам, каб з такімі, як я, звязвацца. Ледзь стрымаўся, каб яму па мордзе не з’ездзіць! — Ён сціснуў жылісты кулак на стале.

— Таму што не ўмееш ты з людзьмі дамаўляцца. Адразу на ражон прэш.

— Канешне! — ускрыкнуў Пугач, і на іх абярнулася некалькі чалавек за суседнімі столікамі. — Канешне, — панізіў ён голас і нахіліўся да суразмоўніцы, — не ўмею я дамаўляцца, не ўмею запабягаць, не ўмею ў лазню звадзіць, напаіць ды ўлагодзіць карыснага чалавека, не магу ў пасцель легчы з кім трэба. Гэтага я не ўмею. І, чуеш ты, — ён ізноў узвысіў голас, — не-ха-чу! Але яны яшчэ пра мяне пачуюць. Смяецца той, хто смяецца апошні, Людок. — Астатнюю фразу Сяргей прамовіў з помслівай шматзначнасцю.

— Гэта ў якім сэнсе? — зацікаўлена зірнула на яго прыяцелька.

— А так. Няважна… — махнуў рукою Пугач. — Проста тэатр для мяне — нішто. Гэта схованка, дзе я адседжваюся ў чаканні сапраўдных роляў. Тэатр адмірае, Людочак.

— Ну, гэта збітая тэма, — насмешліва хітнула галавой Дробаш. — Адмірае ды не адамрэ. Ужо колькі дзесяцігоддзяў яму гэта прарочаць…

— Адамрэ, харошая мая, адамрэ. Бо тэатр — гэта прыдумка антычнасці. Ён нясе з сабой тыя формы, што ў сучаснасці выглядаюць не толькі наіўнымі, але і недарэчнымі, як манная каша на п’яным застоллі.

— Не згодная.

— Таму і кінуліся цяпер усе тэатры — апроч такіх дапатопных нерушаў, як наш — шукаць новыя формы, прыёмы, голымі па сцэне скачуць, гавораць сальнасці, ледзьве палавымі органамі не трасуць. А ўсё дарма! — Ён высмактаў рэшткі напітку і паставіў пляшку на стол. — Бо яно гэтак жа падобнае на рэальнасць, як дзіцячыя мульцікі! Хіба ў жыцці так голасна, напаказ прамаўляюць, як на сцэне? Хіба там ёсць такія карцінныя жэсты, такія паўзы, заломліванні рук, поўзанне на каленях?

— Ёсць.

— Дзе? Ачніся, Людочак! Агляніся. Не ўбачыш ты гэтага ў жыцці, бо яно нашмат болей скрытнае, намнога прасцейшае і адначасова больш драматычнае, чым на сцэне! Там ніхто сваіх пачуццяў напаказ не выстаўляе, ніхто не выкрыквае на ўсю залу свайго запаветнага, працягваючы дрыготкія рукі да гледачоў. А калі хто і распускае нюні — то адно ў п’яным выглядзе сабутэльніку.

— А чаго ж тады тэатр перажыў тысячагоддзі?

— А таго, што не было яму альтэрнатывы, любая. Таму што толькі за апошняе стагоддзе чалавецтва зрабіла крок, даўжэйшы за ўсю сваю папярэднюю гісторыю. Мы цепер перажываем жахлівы час, калі руйнуюцца ўсе шматвяковыя ўяўленні чалавека пра светабудову. І пра культуру, мастацтва — у тым ліку… Кінематограф — вось што пакуль можа паспець за нашым шалёным часам, толькі ў кіно можна сыграць набліжаную да жыцця ролю.

— Але ж ёсць вечныя каштоўнасці: каханне, вернасць, спагада, што былі і пры Гамеры, пры Шэкспіры, пры Чэхаве…

— Ха! Былі ды сплылі! — з’едліва ўхмыльнуўся Пугач. — Ты зірні зараз у тэлевізар і адразу дацяміш, якія цепер каштоўнасці.

— Ну і якія?

— Свабодная любоў, то бок секс без разбору! Крутыя нізкалобыя хлопцы з аўтаматамі ды не менш крутыя і тупыя “мянты”, якія гэтых бандзюгаў ловяць. Вось яны — каштоўнасці і героі сучаснасці. Табе гэтага мала?

— Дык якраз для таго, каб супрацьстаяць гэтаму, існуе тэатр.

— Ну і што, супрацьстаяў ён, перамог бездухоўнасць? — пранікліва паглядзеў на Людку Сяргей. — Ды давай жа будзем шчырымі — не супрацьстаяў, не перамог, а сам гэтаму паддаецца. І ўжо бегаюць па некаторых сцэнах галаногія дзеўкі, ужо ганяюцца за імі голыя ж мужыкі, ужо прамаўляюцца на публіку каляпасцельныя (не шэкспіраўскія!) пошласці, ужо прапагандуецца гвалт… — Пугач перавёў дух. — Тэатр новага часу, тэатр камерцыйны — гэта язычніцкі балаган, групавая распуста, пададзеная пад вытанчаным соусам.

— А чаму ж у нас, дзе ідзе класічная драматургія, аншлагі? Чаму ж… — запнулася Людка, бо Сяргей ухапіў яе за локаць.

— А таму, — страсна зашаптаў ён, — што з двух-трох мільёнаў заўсёды знойдзецца кучка людзей, каб запоўніць нашу маленькую глядзельную залу. Трэба ж неяк час бавіць. Тэлевізар тэлевізарам, а тут усё-ткі жывыя блазны крыўляюцца.

— Дык хай бы хадзілі туды, дзе, як ты кажаш, бегаюць аголеныя дзеўкі, — хацела злавіць Сяргея на супярэчнасці суразмоўніца.

— А пакуль што не ўсе да гэтага апусціліся. — парыраваў Пугач. — Дый, відаць, не звядуцца дарэшты тыя ёлупні, каго цікавіць не толькі голае цела, а і яшчэ сёе-тое на свеце.

5

Кватэра Леаніда Нілыча Пугача, Сяргеевага бацькі, была не з маленькіх: чатырохпакаёўка ў пасляваенным, сталінскім доме. З трохметровымі столямі, з прасторнымі кухняй і ваннаю. Дый чалавек Леанід Нілыч быў нешараговы. Калісьці, яшчэ за брэжнеўскім часам, ён заняў даволі высокую пасаду ў Саюзе мастакоў і змяніў сваю несамавітую двухпакаёўку на гэтыя харомы ў цэнтры горада. Была ў яго непадалёк і майстэрня.

Але прыйшла перабудова, за ёй — наш варварскі капіталізм, і з майстэрняй прыйшлося расстацца. Не, Леанід Нілыч не разгубіўся ў новых умовах. Наўсперач, пайшоў угору дзякуючы прыроджанай камерцыйнай жылцы і ўменню ладзіць з людзьмі. І майстэрню ён мог бы зняць новую… Ды проста замнога аказалася яму для адзінокага жыцця і чатырох пакояў кватэры. Сяргей, сын, пажадаў жыць асобна ад бацькі. Здымае, за бацькавы ж грошы, кватэрку ў Богам забытым раёне. Так што два пакоі Нілыч пераабсталяваў пад рабочыя.

Жонкі ў яго няма так даўно, што часам здаецца, не было ніколі.

А іншым разам наляціць, апануе туга Леаніда Нілыча, перанясе яго гадоў гэтак на трыццаць назад, і наноў, балюча перажыве ён тыя падзеі…

І ўсё было тады не так, і ўсё было лепей, таму што былі яны маладыя, таму што кахалі, і жыццё ўяўлялася няспыннай квяцістай стужкаю… Ён любіў сваю жонку, ва ўсякім разе цяпер пастаянна пераконвае сябе ў гэтым. А тады… Тады была страсць, тады былі першыя творчыя поспехі і народзіны першынца — сына. І блаславёны той час, калі чалавек не задумваецца пра сэнс існавання, пра глыбіню сваіх пачуццяў, правільнасць учынкаў, а проста жыве, проста дзейнічае, проста кахае.

Яны былі на рэдкасць розныя з Ірай. Ён мастак, непаседа, любіў кампаніі. Яна матэматык, як казалі — таленавіты. Працавала ў Акадэміі, пісала нейкую пакручастую дысертацыю, цяжка пераносіла застоллі і Леанідавых шумных, зухаватых прыяцеляў. Але хто сцвердзіў, што толькі блізкія па інтарэсах людзі ствараюць шчаслівыя шлюбы? У іх сям’і панавалі спакой і паразуменне. І пражылі б яны, магчыма, доўгае і ўзаемаўдзячнае жыццё, і мелі б яшчэ дзяцей… Ды, напэўна, прызначана было Ірыне ў нябесных дакументах пражыць усяго дваццаць пяць…

А жыла яна, як ні дзіўна, так, нібы адмерана ёй гадоў дзевяноста. Бо напрарочыла ў маладосці Ірыне — будучаму кандыдату матэматычных навук! — нейкая шарлатанка доўгае жыццё, здаровую старасць, а неўзабаве — і сустрэчу са сваім нарачоным, які, аказалася, па ўсіх прыкметах супаў з Леанідам Нілычам. І захапілася з таго часу Іра гараскопамі, свята паверыла ў сваю шчаслівую зорку. Вылічвала па іх: калі ісці на адказную справу, а калі дома адседжвацца, калі выпадзе ёй удача, а калі не… Вось і падгадала сабе паехаць у камандзіроўку ў Тбілісі, спадзявалася прабіць новую распрацоўку… І была ўпэўненая, што праб’е.

Аднак занадта складаны Сусвет, каб ахапіць яго гараскопамі… Запрасілі там яе ў горы на шашлыкі. Вярталіся зацемна. І тысячу ж разоў раней пралятаў над той цяснінай бывалы вадзіцель, і яшчэ б столькі разоў праехаў, ды собіла яму памыліцца менавіта тады, калі ў кабіне, на заднім сядзенні з прыяцелямі, знаходзілася Леанідава жонка, яго каханая Іра…

Леаніду Нілычу толькі праз два тыдні пасля трагедыі прывезлі урну з сімвалічным прахам. Казалі, што і даставаць там не было чаго — кіламетровая глыбіня, камянюкі. І як найстрашнейшае вылучае цяпер яго памяць нават не раптоўную звестку пра Ірыну гібель, а тое тыднёвае стаянне урны з парэшткамі ў калідоры. Балазе Сярожка, якому ледзь споўнілася тры гады, мала чаго разумеў… Эх, не хацелася зарываць у зямлю яе прах, але і глядзець на урну было невыносна. Помніцца, апанаваны адчаем, два разы прымаў Леанід яе з трумо і хаваў на антрэсоль. І неўзабаве, змучыўшыся душою, вяртаў назад — да вазы з кветкамі.

Пакутлівы год пражыў мастак пасля гібелі жонкі. Магільнымі чарвякамі, днём і ноччу, заядалі яго згрызоты сумлення. Усё малазначнае ды неістотнае, што дзеелася пры яе жыцці, набывала цяпер надзвычайны сэнс. І здавалася, што недастаткова ласкавы і чулы быў Леанід з нябожчыцай, многага не дадаў, у многім пакрыўдзіў. Ды што там пакрыўдзіў! Якраз у апошні год і пачаў ён ад яе падгульваць, тыповаму мужчынскаму эгаізму паддаўся. Здалося, бач ты, яму, што замала ўвагі стала надаваць ягонай асобе Ірына — усё больш за кніжкамі ды за сшыткамі прападала, на канферэнцыях розных, калоквіумах. А калі адрывалася ад навук — усё сына лашчыла ды песціла. І не спытае ніколі, як там у яго, Леаніда, творчыя поспехі. А мастакі — народ датклівы, раўнівы да свайго рамяства… Гэх! І пачалося ж з пусцяковіны. Ну зусім не па сваёй волі здрадзіў ён жонцы. Хлопцы, у нос ім перцу, падставілі. Запрасілі ў лазню на выхадныя ды не сказалі, што і плыўчых туды маладых гарачых завабілі. І выйшла такая неспадзяванка, што толькі мужчына і зразумее, — нельга было адступіць, не асарамаціўшыся. Як не паказаць, што і ты не ў кулак смаркаешся, у рэшце рэшт?.. І тым не менш, сорамна было потым, балюча. Месяц не мог глядзець Ірыне ў вочы. А яна і не падазравала, бедная: усё дыферэнцыравала там на сваіх паперынах. А далей… Ці то ў смак увайшоў трыццацігадовы Леанід Нілыч, ці то зноў падаткнуў нячысцік, а толькі ўжо наступную жанчыну ніяк выпадковай не назавеш. І ў рэстараны ён тую актрысачку вадзіў, і рамантычныя букеты дарыў, і ў акно па пажарнай лесвіцы лазіў. Неяк поначы і сарваўся ён з тае лесвіцы, паламаў галёнку і два месяцы на мыліцах праскакаў.

Леанід Нілыч, на той час чалавек няверуючы, але забабонны, успрыняў гэта як знак, папярэджанне: годзе, спыніся, будзе горай. І спыніўся ён, і зарокся не блуднічаць болей. Сям’і аддаўся. Дальбог, так кахаў жонку, як і пад час мядовага месяца не здаралася, усе хатнія справы ў яе перахопліваў, на каленках з сынам поўзаў, у салдацікі ды параходы гуляючы. І думалася, перахварэў ён, усё прайшло, забыта, будзе лепей і лепей… Гэх, не спыніш, не пераматаеш назад, як у кінематографе, жыццёвую стужку. За ўчынак кожны, за слова неабдуманае, нават за подлую думку — плаці пажыццёва.

Так грыз сябе цэлы год Леанід Нілыч. Працаваць не мог, перажыў творчы крызіс. Цяпер перад сынам, перад малым Сяргеем, гатовы быў ён укленчаны поўзаць за здраду ягонай маці, за недастатковую любоў да яе. І знаходзіў ён у малым мілыя сэрцу рысы твару і характару нябожчыцы. Пакляўся тады сабе Леанід, што ніколі не ажэніцца ён паўторна, што абароніць Сяргея ад мачахі, што ў блін разаб’ецца, а зробіць сына шчаслівым.

Сваё слова стрымаў — не ажаніўся ні з кім, хоць жанчын абысці за наступныя дваццаць пяць гадоў, вядомая рэч, не ўдалося. Не, з год, пакуль выдзіраўся з душэўнага мораку, ён на іх не глядзеў і ні аб чым заганным не думаў. Але так ужо зладжаны чалавек, што не можа ён пакутаваць вечна: або памірае ён, або жыве ды імкнецца да радасці, да шчасця, да асалоды. Вярнуліся да Леаніда і творчае натхненне, і пахі фарбаў, кветак, зеляніны, жаночых духоў. Бо не пераставаў яго магутны сялянскі арганізм прасіць ежы, паветра і сонца, не пераставалі ў ім выпрацоўвацца пэўныя гармоны. Прырода брала сваё. Але душа! Душа яго засталася там, з Ірынай, і ніхто не здолеў заняць яе месца.

Азіраючыся назад, з вышыні пяцідзесяці трох гадоў, бачыў мастак як бы расколатасць, размежаванасць свайго жыцця на дзве палавіны: да і пасля трагедыі. Зусім іншымі крытэрыямі і каштоўнасцямі вызначаліся гэтыя жыцці. Белае стала чорным, а чорнае белым. Праўда, з цягам часу чорнае крыху пасвятлела і пашарэла белае, размыліся межы, прытупіўся боль, але новым, напраўду новым і памудрэлым чалавекам стаў Леанід не цяпер, не год дзесяць таму, а тады — пасля Ірынай гібелі.

Раней, да трыццаці гадоў, шкура на ім гарэла: хацелася і ў Саюз мастакоў, хацелася грошай і славы. І радаваўся ён па-дзіцячаму сваім поспехам, быў чуйны і раўнівы да крытыкі і ўхвалы. Важна, надзвычай важна было тады, каб ведалі сябры, ведалі яго і жончыны родзічы пра гэтыя часовыя, мімалётныя поспехі. Была ў іхняй сябрыне маладых мастакоў задзірыстая творчая канкурэнцыя, бравада, фатаўство, паказушнае вальналюбства, жаданне адзін аднаго пераплюнуць, каб усе апладзіравалі.

Усё знікла разам з Ірынай… І калі праз год выйшаў-такі спакутаваны Лёня на творчую арбіту, то не хвалявалі яго больш ні Саюз мастакоў, ні выставы, ні кар’ера, ні грошы. Але, як почасту бывае ў жыцці, дамагаемся мы з дзіўнай лёгкасцю якраз таго, да чаго найменей імкнёмся. Таму што не перажываем за гэта, а менавіта перажыванні, нецярплівая прага дасягнуць мэты з’яўляюцца нашымі першымі ворагамі.

Дамагаўся Леанід Нілыч чаго-кольвек толькі таму, што цвёрда ведаў: жыццё — гэта рух наперад; без паступальнага руху, без развіцця яно ёсць балота. Дапамагала і выратоўвала Леаніда ад многіх нягодаў тое, што заўсёды, нават у пару славалюбнай маладосці, ён цвяроза ацэньваў свае магчымасці — не “мнил себя гением”. Нейкім прыроджаным чуццём, яшчэ на пачатку творчага шляху, уразумеў ён адну простую ісціну: нішто ў жыцці на сподачку не падносіцца, за ўсё трэба змагацца, усё трэба браць з боем. Каму ж, як не яму, хутарскому хлопцу, які калісьці прыехаў пакараць сталіцу, было ведаць, што ўсе месцы пад сонцам даўно заняты ў такой жа зацятай барацьбе, што ніхто іх проста так не саступіць. Ніхто не раскрые гарачыя абдоймы ад захаплення Леанідавымі талентамі, не ўсцеліць яму дарогу кветкамі, не пападае ніцма. А наадварот, будуць браты-мастакі, учуўшы моцнага канкурэнта, усяляк замінаць яму дабрацца да запаветнага п’едэстала, каб не адабраў ён у іх хлеб і славу. І наконт талентаў сваіх трэба маўчаць моўчкі, калі не хочаш быць спляжаным яшчэ на сваім зачатку. Трэба непрыкметным шэранькім конікам караскацца на вяршыню грамадскай піраміды і, толькі набраўшы пэўную вышыню, набыўшы і вагу і сувязі, заявіць людзям пра свае творчыя здольнасці. А іначай паляціш ты з гэтае піраміды потырч, няшчадна разаб’ешся аб дол.

Усё гэта ўцяміў сабе Леанід Нілыч. Ён ішоў угару паступова, не ўсцешваўся часовымі поспехамі, не бедаваў ад няўдач, нікому не зайздросціў, ні з каго не зларадстваваў. Ён ніколі не падводзіў ні таварышаў-мастакоў, ні заказчыкаў. Ён уважаўся за абсалютна неславалюбнага, неамбіцыйнага чалавека, гэткага цягавітага, добрага рамесніка — і не болей. Але менавіта таму і любілі, і давяралі яму браты па пэндзлі, абіралі на розныя пасады ў Саюзе мастакоў, прабівалі яму памяшканні для выстаў і прэзентацый.

Грымнула гарбачоўская перабудова, і тут не знячэвіўся, не прапаў Леанід Нілыч. Бо, як аказалася, асноўны капітал — гэта не грошы, не талент, а сувязі. А сувязяў і знаёмстваў з патрэбнымі людзьмі было ў яго досыць. Да таго ж за гады творчай дзейнасці склалася свая кліентура, і бывала, што напісаную за адну ноч карціну ўдавалася прадаць за пяцьдзесят, за сто долараў. Ён стаў модным мастаком, харызматычнай постаццю. І самае дзіўнае, што, малапрыкметны напачатку, яго талент як бы ўзрос, падужэў, раскрыўся. Леанідавы палотны, год ад году, дзякуючы нястомнай, уседлівай працы пачалі набываць усё болей адметныя, вартыя рысы.

Асаблівы рывок зрабіў Нілыч за апошнія пяць гадоў, калі асэнсаваў працэсы, што так рэзка адбыліся ў яго краіне, — у кантэксце сусветнай гісторыі. Гэтае падзенне жалезнай заслоны, што справакавала паток новай літаратуры, новых ісцін, каштоўнасцяў і псеўдакаштоўнасцяў у мазгі непадрыхтаваных да свабоды людзей, зрабіла моцны пераварот і ў душы заўсёды разважнага, памяркоўнага, псіхалагічна ўстойлівага Леаніда Нілыча.

Ён адкрыў, што перайначанае на яго вачах жыццё ніяк не ўкладваецца ў тыя схемы, па якіх ён прывык існаваць, і не падпарадкоўваецца ўжо тым ісцінам, у якія ён раней верыў; што тыя ісціны не ёсць аксіёмы, а толькі пробныя мадэлі жыцця, якія не вытрымалі выпрабавання часам. Свет нібы пашырыўся перад Леанідам Нілычам, стаў гразнейшым, аб’ёмнейшым і цікавейшым. Атрымаўшы доступ да раней забароненых кніг гістарычнай, эзатэрычнай і мастацкай літаратуры, ён выразна ўбачыў, што ісцін, якія руйнаваліся няўмольным часам, за перыяд існавання чалавецтва было мноства. І толькі шараговая з іх, не лепшая за ўсе астатнія, — марксізм-ленінізм.

Дзе ж праўда? Гэтае адвечнае пытанне змучыла мастака пасля падзення ягоных ідалаў. Як, чым і па якіх правілах яму цяпер жыць? І галоўнае, навошта? Чуццё гаварыла, што адказ ёсць. Ён стаў чытаць далей, насычацца базай сусветных ведаў, што былі подла ўтоены ад яго на працягу сарака гадоў свядомага жыцця. Ён кінуў маляваць карціны і стаў шукаць нейкую сакральную кропку ў гісторыі чалавецтва, нейкую падзею, што б адказала адразу на ўсе пытанні, прымірыла супярэчныя тэорыі, прасвятліла б яго паняцце аб светабудове. І прыйшоў ён туды, куды прыходзяць, у рэшце рэшт, усе шукальнікі — на дзве тысячы год назад, на Галгофу. Бо толькі там, і пакуль аднойчы, сышліся ў смяротным баі сусветныя дабро і зло, святло і цемра, праўда і псеўдапраўда. Толькі там Пераможаны стаў Пераможцам, а Забіты — Вечна Жывым…

Гэтае азарэнне ўвайшло ў мастакову душу, знітавалася з яго творчасцю. І па-новаму, зусім па-іншаму глядзеў ён цяпер на палотны Рэмбрандта і Рафаэля, Шагала і Гоі. Там, дзе з маладосці быў знаёмы кожны штрых і мазок, свіцілася тое самае: Галгофа і крыж са сваёй страшнай Ахвяраю, месца, дзе яднаюцца зямля і неба, дзе ў кропку сціскаецца час і бяжыць ужо ў іншым напрамку.

6

Багата знаёмых, кліентаў, усялякіх сяброў-прыяцеляў меў Леанід Нілыч Пугач. Ён лёгка знаёміўся, сыходзіўся з людзьмі і сам быў, што называецца, чалавекам лёгкім. Але толькі адну дружбу пранёс ён з маладосці да сённяшняга дня, толькі з адным чалавекам на свеце быў ён самім сабой, адкрытым і шчырым — з Адынцом Валерыем Віктаравічам.

Адвечар таго дня, з якога пачаўся наш аповед, Адынец завітаў да Леаніда Нілыча ў госці. Адвячорак, дарэчы, стаяў марозны і ветраны, але ў вялікай зале Пугачовай кватэры было горача — не то ад батарэй ацяплення, не то ад палкай спрэчкі, якую вялі між сабою сябры.

Адынец быў чалавекам незвычайным ва ўсіх адносінах. Пазнаёміўся з ім Нілыч у пару рамантычнай маладосці, пад час байдарачнага паходу. Неяк разгаварыліся яны ля вогнішча, і адразу ўразіў Леаніда небывалы і не абы-які для свайго ўзросту культурны досвед суразмоўніка, яго манера грунтоўна і ненавязліва адстойваць свае думкі. А быў Адынец усяго толькі маладым інжынерам.

І гутарка, што завязалася тады паміж імі на беразе возера, як бы не канчаецца і па сёння, хоць састарыліся суразмоўнікі, хоць шмат чаго памянялася ў іх жыцці, хоць жывуць яны ўжо не пры сацыялізме, а пры капіталізме.

Апрача таго, што Валерый Адынец заўсёды быў для Леаніда Пугача цікавым чалавекам і надзейным сябрам, ён яшчэ з’яўляўся як бы сувязной ніццю паміж маладосцю і сталасцю, паміж колішнім рамантычным, жанатым і шчаслівым Лёнем і цяперашнім мудрым, разважлівым, мацёрым мастаком Леанідам Нілычам.

Сам жа Адынец не змяніўся нітрохі. Вецер далёкіх вандровак па-ранейшаму гуляў у галаве гэтага эстэта, летуценніка, ідэаліста. За трыццаць год ён выслужыўся адно да вядучага інжынера і атрымоўваў у сваім СКБ мізэрную, вартую жалю зарплату. Гэтай зарплаты, аднак, хапіла, каб сабраць пакрысе адну з найбагацейшых прыватных бібліятэк сталіцы, мець зайздросны архіў нашых і замежных музычных кружэлак, процьму касет з песнямі ўсемагчымых бардаў, некалькі альбомаў рэдкіх марак з усіх куткоў свету, калекцыю старадаўніх манет і шмат чаго іншага. А змяшчалася тое багацце ў невялічкай двухпакаёвай кватэры.

Як ні дзіўна, збіраў усё гэта Адынец не з азартнай карысці, не з жадання праславіцца, не для навуковых і культуралагічных даследаванняў, а з банальнай любові да жыцця і мастацтва.

Тады, калі большасць грамадзян былога Савецкага Саюза марнела ад сухіх лозунгаў і дэманстрацый, калі культурніцкая эліта пакутавала за так званай жалезнай заслонай, не адчуваў Валерый ні лозунгаў тых, ні заслоны гэтай не бачыў. Бо ў яго несамавітай двухпакаёўцы заўсёды лунаў дух Шэкспіра, гасцяваў Моцарт, завітваў Мальер, стала пражывалі Пушкін, Талстой, Дастаеўскі…

Адно прыкра — не было сярод іх жывых людзей, ніколі не раздаваўся прарэзлівы дзіцячы крык, не гаспадарылі на кухні шумлівыя жаночыя рукі. Так, Адынец быў перакананы халасцяк. Прычын таму шмат. У першую чаргу — тое, што нельга было ўявіць паміж гэтым дзіваком і яго раўніва, дзесяцігоддзі збіранымі калекцыямі яшчэ кагосьці трэцяга, чацвёртага, пятага… Тут і аднаму было не павярнуцца між шафаў, грувасткіх паліц, сакрэтнікаў, між скульптур і палотнаў, якія, нібы дзеці, патрабавалі да сябе нязводнай увагі, догляду і любові.

Праўда, аднойчы, даўно-даўно, ледзь не ажаніўся па мужчынскай слабасці Адынец, ды ўратаваў яго ўсё той жа рамантычна-ідэалістычны погляд на рэчы. Пакахаў ён у трыццаць гадоў адну журналістку. І здавалася, разумная была, развітая жанчына. Можна было з ёй гаварыць пра Веласкеса і Байрана, і Шылера яго любімага яна прымала як быццам… А толькі за два тыдні да вяселля, калі жылі яны ўжо як муж з жонкай, неяк поначы, собіла яго сяброўцы ляпнуць, што некаторыя мужчыны робяць нешта там так, а яшчэ і вось так і вось гэтак… Тых неабдуманых слоў хапіла, каб моўчкі ўстаў Адынец з ложа страсці, моўчкі апрануўся і пабрыў па начным горадзе да сваіх карцін, кружэлак і кніжак…

З таго часу ён ужо не дазваляў сабе ўплятаць у светлае паняцце любові цялесны аспект і жыў абсалютным аскетам. З гадамі гэтае самотніцтва і ненармальнае пазбяганне слабага полу ператварылася ў неваяўнічае жаночаненавісніцтва, якое было пастаянным яблыкам разладу паміж Адынцом і Леанідам Нілычам. Бо мастак, хоць і не “ашчаслівіў” сына мачахай, усё ж не пагарджаў жаночымі вабнотамі і заўсёды меў сяброўку жыцця. За што папракаў яго Валерый Віктаравіч і, у запале спрэчак, называў старым ханжой і “спаднічнай” душою.

Між іншым, іхнія гутаркі часцяком насілі нямірны характар, і бывала, развітваліся сябры, ажно ў дзвярах праклінаючы адзін аднаго ды надзяляючы абразлівымі мянушкамі. Але мірыліся хутка, праз пару гадзін, па тэлефоне. Бо гэтыя запальчывыя сваркі былі неад’емнай і неабходнай часткай іх інтэлектуальнага, духоўнага існавання, з’яўляліся сродкам выплескаў як адмоўных, так і станоўчых эмоцый.

Валерый Віктаравіч належаў да тае катэгорыі халасцякоў, што хваравіта педантычныя ў справах і неверагодна дбайныя да чысціні і парадку рэчаў. У яго кватэры ўсё ляжала, стаяла і вісела строга на сваіх месцах, старанна аберагалася ад пылу і бруду. Адынец быў просты і акуратны ў адзенні і наўздзіў непераборлівы ў ежы. Змесціва яго халадзільніка і цяпер, пры капіталізме, не вызначалася багаццем і разнастайнасцю. У ліхія ж часіны гайдараўскага абвалу халадзільнік і наогул збольшага пуставаў, а яго гаспадар перабіваўся з кефіру на хлеб. Таму што не мог Адынец дазволіць сабе марнаваць вольны час на беганіну па горадзе ў пошуках чагосьці пажыўнейшага, выстойваць у тлумных чэргах. І ў галодную, і ў сытую пару ён захоўваў сваю нязменную сухую камплекцыю, упэўненасць у рухах і светлы дапытлівы розум.

Чаму найболей дзівіўся Леанід Нілыч, то гэта непазбыўнай бадзёрасці, пастаяннай жыццярадаснасці Адынца. Як ні пазвоніш — у голасе яго свіціцца блазнаватае захапленне, як ні сустрэнешся — па-маладому гараць яго вочы. Нават раздражняла гэта падчас. Уважаў жа сябе Леанід Пугач за моцнага, трывалага чалавека, але і ён, бывала, упадаў у меланхолію, паддаваўся нудзе і маркоце. Так часам дапячэ жыццё — ці сын выкіне чарговае штукарства, ці напаскудзіць нехта з нядобразычліўцаў, ці палаешся з палюбоўніцай, — і падкоціць пад горла даўкі камяк, і сам сабе зробішся ненавісным, і бачыць нікога не хочацца. Тады запіраўся Нілыч у сваёй майстэрні, адключаў і тэлефон і мабільнік ды на некалькі сутак унурваўся ў працу. Або, калі ўжо зусім было моташна, кідаў усё да чортавай маці, адпраўляўся на вакзал, сядаў у любую электрычку, вылазіў на малалюдным паўстанку і брадзіў, брадзіў па лясных і палявых дарогах, па бездаражы да самае цемры… І гэта ён — чалавек, не абдзелены ні грашыма, ні славай, ні грамадскай увагаю!

Ды не ведаў Леанід Нілыч, што ў створаным Адынцом маласвеце вольны выбіраць гэты дзівак толькі прыемных сабе людзей — якія не падвядуць, не аблаюць, не здрадзяць; людзей адукаваных, высокадухоўных, лагодных. А іменна аўтараў шматлікіх раманаў, філасофскіх трактатаў, энцыклапедый, стваральнікаў разнастайных сімфоній і операў. Таму і вяселіцца яго душа, таму роўны яго настрой, таму жыццярадасны яго голас.

Але ёсць яшчэ адна тайна ў Валерыя Віктаравіча, пра якую не ведае яго найбліжэйшы сябар. Страшная тайна, якая, тым не менш, дае яму сілы жыць пабожна, удзячна і жыццялюбна.

Каля дваццаці пяці гадоў у загараднай псіхбальніцы жыве — не жыве, а марудна памірае яго брат-блізнюк, Алег Віктаравіч.

Калісьці Алег вучыўся ў тэхналагічным інстытуце і быў самым звычайным хлопцам — вясёлым, з кучай сяброў і сябровак, аматар студэнцкіх вечарынак, дыскатэк і іншых жыццёвых радасцяў. Аднак на апошнім курсе як падмянілі Алега. Ці прычынай таму няшчаснае каханне, ці здрада сябра, ці яшчэ якое душэўнае ўзрушэнне — ніхто не дазнаўся дагэтуль. А толькі абарваў ён усе знаёмствы, стаў прападаць у чытальных залах і горамі цягаць з бібліятэк розныя мудрагелістыя кнігі. Збольшага зацятай бязбожнасцю, спірытызмам аддавала тое чытво. Паглынаў яго брат запоем, нешта пісаў у сшытках, мармытаў пад нос, не выходзіў з дому і па трое, і па чацвёра сутак. Устрывожыліся бацькі, сталі распытваць Алега. Навуковую працу пішу, у аспірантуру збіраюся, схлусіў ён. Крыху супакоіліся дамашнія. Ды ненадоўга. Неяк стрэў Валера ў горадзе Алегавага прыяцеля-сукурсніка, свайго шапачнага знаёмца, і дазнаўся, што ўжо паўгода як не паказваецца ў інстытуце Алег, на сесію не з’явіўся, але акадэмічны не браў і таму найхутчэй адлічаны... А далей — усё горай: стаў брат сам з сабой размаўляць, а на роспыты бацькоў лухту нейкую несці. Што, маўляў, усё мана, што ўсё роўна памром, дык хоць трэба ратаваць свае душы… што ў апраметнай нас чакаюць — не дачакаюцца, але ён ведае выйсце… І падобную несусвеціцу. Спужаліся бацькі, пачалі псіхолагаў выклікаць розных, падпольных экстрасэнсаў вышукваць. Толькі палохалі яны сваім выглядам няшчаснага брата, толькі глыбей заганялі яго ў вар’яцкую прорву. Трызнілася ўжо Алегу, што палюе за ім нейкі каратканогі пляшывы чалавек (гэта асабліва запомнілася Валерыю), што ваюе той чалавек з кітападобнай пачварынай — дэманам, у закладзе ў якога нашыя жыцці, што бегае той пляшывы па дэманавай тушы і рэжа яе крывым нажом, а адрэзаныя кускі ажываюць, у маленькіх пачварын ператвараюцца ды кусаюць, намагаючыся пажраць, вялікую тушу. Блытана так гаварыў Алег, вісклівым голасам. І ўсё паказваў у акно, што стаіць той пляшывы каратканогі то за тэлефоннай будкай, то ў дзвярах пад’езда процілеглага дома, то ў альтанцы нібыта хаваецца… Перастаў брат есці, бо баяўся, што падсыпле яго вораг атруту, перастаў мыцца, бо не вада гэта, а пякельная вадкасць. Прымусова яго кармілі; сілком, у шэсць рук, вадзілі ў ванную, абмывалі пад душам. А сесці ў ваду не хацеў, бо той уяўны пляшывы чалавек мог і пад вадой дыхаць, дык зацягне яшчэ на дно і будзе трымаць…

Карацей, сербанулі яны ліха на ўсю закрутку. Хоць не хацелася, а прыйшлося пакласці Алега ў вар’ятню. За пяць наступных гадоў, пакуль не загнала гора бацькоў у магілу, некалькі разоў, у часы прасвятлення, забіралі яны Алега дамоў. Ды кожны раз і месяца з ім не вытрымлівалі…

І ўжо чвэрць стагоддзя (ніводны знаёмы не ведаў гэтага) кожныя два тыдні закупляў Валерый Віктаравіч валізу ласункаў і фруктаў ды адпраўляўся за горад, дзе за высокай мураванай агароджай мучыў свой век яго брат-блізнюк, яго кроў, яго вобраз і падабенства…

Апошні год было зусім туга: Алег ужо не ўставаў з ложка і амаль не пазнаваў Валерыя Віктаравіча. Але неяк пасвятлеў тварам, заўсёдныя жахі пакінулі яго гаротны розум, і здавалася, што Бог злітуецца і неўзабаве прыбярэ да сябе гэтую пакутную душу.

Валерый Віктаравіч мужна нёс свой крыж. Ён быў упэўнены, што брат узяў на сябе нейкія цяжкія грахі яго далёкіх, нязнаных продкаў, тым самым дараваўшы яму ясны розум і радаснае светаўспрыманне. Дзеля гэтага спакутаванага бледна-сіняга твару, дзеля гэтай згарбелай спіны і высахлых братавых ног не можа, ні ў якім разе не можа наракаць Адынец на свае жыццёвыя нягоды і злыбеды, а толькі — шукаць дабро, збіраць яго па крупінках.

7

— Назад у паганства! Вось як бы я ахарактарызаваў сённяшні дзень, — гаварыў, узрушана тэпаючы па зале, Леанід Нілыч.

Яго суразмоўнік, наадварот, патанаў у выгодным крэсле і быў як быццам зусім бестрывожны. Левая яго рука расслаблена ляжала на мяккай парэнчы, а правая трымала фігурысты фужэр з чырвоным віном, якое Адынец пакрысе і пацягваў.

— Што ты маеш на ўвазе? — прыжмурыўся ён, пазіраючы на каржакаватага барадача Нілыча.

— А тое, браце, што адбываецца вакол нас за апошняе дзесяцігоддзе, — раздражнёна махнуў Нілыч рукою. — Гэта ж кашмар несусветны! Маральныя каштоўнасці хрысціянства знішчаюцца на нашых вачах, а мы толькі ў ладкі пляскаем: ай дэмакраты, ай малайцы!

— Старая песня, — з нудою ў голасе зморшчыўся Адынец. — І не надакучыла табе з пустога ў парожняе пераліваць…

— Не, не надакучыла. І не надакучыць, пакуль будуць на экранах выпендрывацца тупагаловыя выскачкі, пакуль будуць яны…

— А ты не глядзі! — перабіў яго Валерый Адынец.

— Як “не глядзі”?

— А не ўключай тэлевізар, і годзе.

— Я яго, лічы, і так не ўключаю. Патрэбны ён мне як мёртваму прыпаркі! — гарачыўся Леанід Пугач. — Моладзь шкада. Што ж з яе вырасце на гэтых пошлых ток-шоу, баевіках, парнусе? На гэтай мярзоце, што выліваецца на кволыя галовы нашых сыноў, дачок, унукаў…

— Це, це, це, це, — пагардліва адмахнуўся ад яго суразмоўнік. — Чу-улі, Леанід Нілыч, усё гэта мы тысячу разоў чу-улі.

— Аднаго не зразумею, навошта было развівацца ад малпы да чалавека, стагоддзямі душыць у сабе паганскія звычкі, каб на парозе трэцяга тысячагоддзя ад нараджэння свайго Збавіцеля ўсё адрынуць, распрануцца дагала і зноў, як у добрыя старыя часы, скакаць вакол вогнішча?

Адынец ніяк не хацеў падхапіць гэтую тэму і ад таго яшчэ больш распаляў Леаніда Нілыча.

— Ты ж паглядзі, Валер, што наўкол вытвараецца. Я ніколькі не перабольшваю, калі кажу, што мы да паганства вяртаемся. Людзі, мабыць, толькі таму пабудавалі цывілізацыю, стварылі шэдэўры мастацтва, што год за годам, на працягу тысячагоддзяў выціскалі з сябе жывёльны пачатак. І першы да гэтага крок — вопратка. Не прыкрываючы голае цела, нам немагчыма прыглушыць юр, а не прыглушыўшы яго, не можам мы мысліць, бо юр ачмурае... Нездарма ж раней ажно ўлетку людзі ў пальчатках хадзілі.

— Ага! Тыя, хто жыў за кошт чужой працы. Лайдакі, свалачное панства.

— Не свалачное панства, а шляхетнае панства. Таму і думкі ў іх былі высокія, і на жанчыну яны глядзелі як на боскую таямніцу, і паводзіліся далікатна, што цела сваё хавалі пад вопраткамі. А цяпер?! У школу — на заняткі для спасціжэння мудрасці! — ходзяць у данельга кароткіх спадніцах, у празрыстых майках. А потым бядуе нейкая матуля, што згвалціў яе пятнаццацігадовую дачку аднакласнік. Ды няўцям ёй, бесталковай, што тая дачка два гады распаляла яго маладую жарсць сваім какецтвам, сваімі аголенымі нагамі. І дагулялася!

— Лоўка завярнуў! — тэатральна пляснуў у далоні Адынец. — Поспехі робіш, Нілыч.

— Смейся, смейся, зубаскал. — Пугач падышоў да часопіснага століка, наліў сабе паўфужэра віна і мігам яго пракаўтнуў. — Паглядзім, што ты далей прахіхікаеш. — Ён зноў пусціўся шпацыраваць па зале. — Дык вось, дабраўшыся да вяршынь інтэлекту, чалавецтва не знайшло нічога лепшага, як зноўку павярнуць да сваіх каранёў, то бок да язычніцтва. Зноўку ўзнялі на п’едэстал фалас і яму пакланяюцца. І вяршэнствуюць душамі ўжо не літаратары і асветнікі, як было сто гадоў назад, а галапупыя эстрадныя зоркі, плячыстыя героі баевікоў, сексбомбы эратычных трылераў…

— Дзякуючы тваёй жа цывілізацыі.

— Не зразумеў… — здзівіўся Леанід Нілыч.

— А ты падумай. — Валерый Адынец з’едліва ўсміхнуўся. — Памазгуй, брат славуты мастак, пакумекай. І можа, дапнеш нарэшце, што якраз дзякуючы тэлевізарам, магнітафонам, інтэрнэтам і верхаводзяць народнымі масамі ўжо не мысляры, не навукоўцы, а эстрадныя выскачкі. Ці не так?

— Яно так… канешне… Але ж не для таго прыдумляліся электронныя сродкі зносінаў, каб народ разбэшчваць. Упэўнены, дзеля дабра вучоныя шчыравалі…

— Це, це, це, це. — Адынец лянотна і пазяхліва, з выглядам інтэлектуальнай перавагі глядзеў на прыяцеля.

— Я ж памятаю, колькі радасці было, калі я тэлевізарам абзавёўся. Гэта быў рывок у прастору, духоўны ўздым, увесь пад’езд да мяне збягаўся. А каляровы тэлевізар! О, як я радаваўся, калі ўбачыў блішчастыя чырвоныя шлемы зборнай СССР па хакеі: чырвоная форма на белым лёдзе! Ды я, нібы хлапец, ад шчасця трымцеў. А цепер: гэты тэлевізар, гэтае акно ў свет, ворагам робіцца найлюцейшым!

— Заеўся ты, значыць. Трэба, відаць, цябе зноў на сталінскае радыё пасадзіць ды павадзіць на дэманстрацыі. Тады б ацаніў ты гэтага “найлюцейшага” ворага.

— Не, Валер, не куплюся я цяпер на яго. Тому што ведаю д’ябальскую сутнасць гэтай гаваркой скрыні. Нячысты яе апанаваў, апаганіў, як ён апаганьвае ўсё на свеце: царкву, каханне, літаратуру. А тэлевізар для яго, д’ябла, самая ласая пазіцыя, бо ўадначас ахоплівае сотні мільёнаў душаў. І прапагандуе ён па ўсіх каналах наступнае: панаванне дужага над слабым, уладу грошай, гвалт і цынічны секс.

— І не надакучыла табе штампамі гаварыць? — У знак пратэсту Адынец ажно прыкрыў рукой вочы. — Ты ж не лектар па чысціні нораваў.

— А за гэта, за чысціню нораваў, з якой ты насміхаешся, варта жыццё аддаць! — Нілыч ізноў плюхнуў сабе віна. — Бо без той чысціні няма мастацтва, а без мастацтва нам з табой — гамон. Затопча нас асатанелы натоўп.

— Ну, ты ўсё сказаў?

— Не, не ўсё! Не ўсё, братка. Мы дагуляліся да таго, што ніводная кніга, ніводны фільм не будуць прададзены, пакуль у іх няма вышэйпералічаных “каштоўнасцяў”: мора грошай, гвалту і голага цела. Гэта, што называецца, фінал! Прыплылі, спадарове… — Нілыч перавёў дух. — Цяпер адкрыта, у час, калі і немаўляты спаць не кладуцца, па любым канале можна ўбачыць, як нейкія багацеі “культурна” адпачываюць у лазні з адборнымі дзеўкамі. Яны, так бы мовіць, увасабляюць ідэал адпачынку: камфортная цеплыня, вытанчаныя ежа, курыва, выпіўка, а галоўнае — бабскія целы на любы густ, што сноўдаюцца перад іх блудлівымі вачыма. І яны, багацеі, выбіраюць гэтыя грудзі і задніцы, як персікі і ананасы з талерак, што стаяць у іх тут жа. Бо за целы, як і за фрукты, заплачана. І заўваж, заплачана тымі ж паскуднымі грашыма, на якія гэтыя багатыры вучаць у Англіях і Швейцарыях сваіх сыночкаў і дочачак, на якія апранаюць сваіх раскормленых жонак і выпраўляюць іх у разнастайныя круізы.

— Ну-ну.

— Дзе тут мараль, я пытаюся? Нямашака.— Нілыч карцінна развёў рукамі. — Але ім на яе напляваць. Ім напляваць і на элементарную гігіену: нават жывёлы не спаруюцца там, дзе ядуць ці адпачываюць. А ім, нашым “новым беларусам”, усё адразу падай! Ну, ладна, — на табе, задушыся! А далей што? Што далей, калі ты ўсё атрымаў, усё купіў за свае грошы? Да чаго ж заўтра імкнуцца? А да таго, адкажуць мне яны: сёння крэветкі нашанскія, а заўтра японскія; сёння піва нямецкае, а заўтра бельгійскае; сёння пышнацелая Машка, а заўтра хударлявую Светку хачу! І так да бясконцасці, а праўдзівей — да скону, пакуль іхняя плоць здатная прымаць дарункі жыцця.

— Ды ты, брат, філосаф.

Тут зазваніў тэлефон. Леанід Нілыч схамянуўся і ўвішна дастаў з кішэні штаноў мабільнік.

— Слухаю… А, Макарыч! І ты будзь здаровы. — Ён грузна апусціўся ў крэсла, што стаяла з другога, насупроць Адынца, краю часопіснага століка. — Ну зробім, Макарыч, я ж ужо казаў. Падыходзь заўтра гэтак… гадзінак у адзінаццаць… Добра… Добра. Толькі патэлефануй папярэдне. Згода. — Нілыч вярнуў у карман мабільнік і неяк рассеяна паглядзеў на прыяцеля.

— Дык вось слухай мяне, — сказаў яму той роўным, упэўненым голасам. — Усё, што ты тут прамаўляў, я называю, прабач, прыгожымі соплямі.

Пугач саўгануўся на крэсле і ўжо хацеў абурыцца, але Адынец папераджальна ўзняў руку дагары.

— Чакай! Ты тут памудраваў досыць. То дай і мне сказаць пару слоў. — Ён скрыжаваў на грудзях рукі. — Я сцвярджаю, што літаральна за дзесяць хвілін магу тваю тэорыю разнесці ўшчэнт.

— Паспрабуй! — задзірыста буркнуў Леанід Нілыч.

— Але спачатку адкажы мне на адно пытанне.

— Валяй.

— Навошта ты тут разводзіў маралізатарствы ды прапаведаваў чысціню нораваў, калі сам жывеш з жанчынай у незарэгістраваным шлюбе? Толькі не крыўдуй.

— Ну ты даеш! — ажно засмяяўся мастак. — Хто ж вінаваты, што прырода зрабіла мяне мужыком, а яе жанчынай! Тут, браце, святы інстынкт падаўжэння роду.

— Ну, спадзяюся, ты не будзеш казаць, што вы сустракаецеся дзеля працвітання чалавечага роду?

— Не… ну… гэта ж іншае…

— Не, шаноўны, гэта якраз тое самае, пра што казаў вялікі Свіфт яшчэ трыста гадоў таму. А іменна: што дзеці не абавязаны дзякаваць бацькам за сваё жыццё таму, што бацькі ў момант зачацця думалі не пра іх, а кіраваліся адно сваімі страсцямі. У цябе ж ёсць дарослы сын, у яе, Марыны, дванаццацігадовая дачка, і значыць — свае абавязкі перад прыродай вы выканалі...

— Вярзеш нейкія глупствы, — бянтэжліва прамовіў Нілыч і ўзяў за рыльца бутэльку, мерачыся папоўніць фужэры. — Ну, апрача таго што ёсць здаровы інстынкт, існуюць яшчэ і цеплыня, духоўная блізкасць паміж…

— Духоўная, кажаш? — саркастычна ўхмыльнуўся Адынец.

— Ды што ты да мяне прычапіўся! — з крыўдай, але без злосці ў голасе ўсклікнуў Пугач.

— Ну ладна, ладна, даруй! — Валерый Віктаравіч пацягнуўся цераз стол і паляпаў суразмоўніка па руцэ. — Больш не буду. — Ён зрабіў паўзу, пракашляўся і загаварыў сур’ёзна: — Усё гэта я, брат, распачаў з мэтай паказаць, што бязгрэшных людзей не бывае; што “не судзі, ды не будзеш асуджаны” — гэта бессмяротныя словы. І калі ты крытыкуеш сучасную рэчаіснасць за падзенне нораваў, то падумай, ці нашмат былі вышэйшыя тыя норавы гадоў дваццаць, трыццаць таму.

— Вышэйшыя адназначна.

— Добра. Так і запішам. А вось цяпер слухай. — Валерый Віктаравіч ізноў скрыжаваў рукі і прыўзняў падбародак. — Я сцвярджаю, што чалавек, па сваёй прыродзе, заўсёды быў нізкай, блудлівай, хлуслівай і зайздрослівай істотаю. І прынцып, якім ён адвеку кіруецца, ёсць дасягненне ўласнае асалоды. Усё пытанне ў тым, ці дазволіць грамадства яму гэтую асалоду атрымаць. Бо кожная з асобін грамадства таксама імкнецца да асабістай асалоды. Адсюль і натуральны адбор. Адсюль і перавага дужага над слабым і багатага над бедным, адсюль і выбіраем мы пародзістых жанчын, а не розных там вырадкаў. А жанчыны, акрамя фізічнай пароды, яшчэ глядзяць і на нашы жыццяздольнасць, уменне зарабляць грошы, а значыць, утрымліваць будучую сям’ю. Ужо ў гэтым ты мне павер!

— Веру! Аднак не згодны з тым, што выключна натуральны адбор кіруе чалавечай супольнасцю…

— Вось! Слушна, — зноў узяў вяршэнства Адынец. — І менавіта таму, што існуюць яшчэ іншыя, духоўныя, каштоўнасці, мы і называемся людзьмі, а не быдлам. Але! — Ён узвысіў голас. — На пэўных этапах свайго развіцця чалавечая супольнасць можа кіравацца выключна жывёльным аспектам. Паясняю: пасля развалу Савецкага Саюза зруйнаваліся не толькі духоўныя ідэалы, але і ежы, элементарнага хлеба, можна сказаць, не стала. І што было рабіць: шукаць іншыя ідэалы і паміраць з голаду? Тут ужо не да парасят, калі свінню смаляць! Галоднаму не да кніжак, не да тэатраў, не да высокадухоўнасці. Трэба было целы свае тленныя ратаваць. І кінулася грамада здабываць тую банальную пажыву — па-іншаму і быць не магло.

— Ну, а цяпер? Цяпер жа часы разрухі мінуліся, — свідраваў Леанід Нілыч позіркам суразмоўніка. — Пара, так бы мовіць, зноў людзьмі станавіцца.

— І станем! Не спяшай, станем! Ты ж зразумей, што семдзесят гадоў камуністы мучылі нашы блудлівыя, прагныя да асалоды целы, нашы вольналюбівыя душы прыгняталі яны сваім цемрашальствам. А тут — гоп! — і адкрыліся нам свабоды заходнія небывалыя: музыка не ўрачыстая, а забаўляльная; адзенні не саўдэпаўскія нехлямяжыя, а зграбныя целалюбівыя вопраткі; жаніцьба не па штампе ў пашпарце, а грамадзянскім шлюбам — маўляў, жыві, пакуль кахаецца, а разлюбіў, то хоць і каленам пад зад. Пацярпі, Нілыч, — куражыўся Адынец. — Дай жа наесціся! Мучылі нас ідэалогіямі, кармілі нас замест сексу і ежы абяцаннямі пра светлую будучыню, дык ужо не крыўдуйце, што мы цяпер наталяемся. А насыціўшыся, гэтак гадоў праз дваццаць, мы і пра культуру падумаем, пра літаратуру і мастацтва ўспомнім. Карацей, станем такімі ж паважнымі і добрапрыстойнымі, як амерыканцы, французы і немцы.

— Хрэн калі мы станем такімі! — фыркнуў мастак.

— А я гавару — станем. І ўжо становімся, ужо наядаемся мы гэтымі баевікамі, эротыкай, жахамі. І неўзабаве захочацца нам душэўнага, лагоднага, сентыментальнага. Ужо — а я сачу за гэтым, Нілыч — з’яўляюцца маладыя эстрадныя спевакі і спявачкі, што нясуць у масы прыстойнае слова і высокую музыку. І кіно наша, перахварэўшы на хамства і пошласць, пакрысе паварочваецца да традыцый савецкага кінематографа.

— Не ведаю. — Леанід Пугач устаў з крэсла. — На мой погляд, дык сучасная эстрада нічым не адрозніваецца ад сакавіцкага кацінага ляманту, калі самцы раз’юшана клікаюць самак. “Прыйдзі, бо я цябе хачу!” — вось асноўны матыў гэтых шматтысячных песень. Або: “Ты кінуў мяне, і таму мне дрэнна!” І пад гэты прымітывізм вар’ююцца тысячы на стадыёнах, і пускаюць соплі мільёны тэлегледачоў. Жах!

— А я сцвярджаю, што і такія прымітыўныя песні надзвычай неабходныя грамадству. Таму што яны найбольш расслабляюць маладзёнаў, даюць выйсце іхняй прыроднай агрэсіі. І, наскакаўшыся пад гэтую бязглуздую музыку, юнак прыйдзе дамоў улагоджаным і будзе добрым сынам, братам, дбайным вучнем.

— Ды ну?

— А ты ведаеш, што менавіта з прычыны недахопу забаўляльных відовішчаў за савецкім часам працвітаў тэрарызм настаўнікаў над вучнямі, бацькоў над сынамі, мужоў над жонкамі? Што ў кожным класе быў свой падпольны пахан, шэрая скацінка і “апушчаныя” — самыя безабаронныя, фізічна кволыя вучні. Пра ПТВ я і казаць не буду! А гэтыя бойкі раён на раён, вуліца на вуліцу паміж падлеткамі? Ды тады можна было быць збітым проста за тое, што ты з чужога раёна, нетутэйшы. А адбіранне грошай старшакласнікамі ў маладзейшых вучняў! І ўсё гэта рабілася пад вонкавай абалонкай добрапрыстойнасці, паміж камсамольскімі сходамі і піянерскімі лінейкамі. А чаму? Таму што душыла гэтая ідэалогія агрэсіўную чалавечую прыроду, штучна заганяла яе ўглыб, не давала натуральнага выйсця. На Захадзе — гэта спорт, разнастайныя шоу, дыскатэкі, канцэрты, каханне без забабонаў, для інтэлектуалаў — магчымасць сябе праявіць у навуцы, літаратуры, мастацтве, магчымасць заняць у грамадстве месца, адпаведнае свайму таленту і працавітасці. А пры Саветах?! Усе гэтыя народныя дзеячы мастацтваў, пра якіх народ і блізка не чуў! Гэх, не спяшай асуджаць, Нілыч, не грашы перад Богам. Не прыніжай наш няшчасны народ…

— Ды я сам гэты народ, — з прыкрасцю сцепануў плячом мастак, — і сам жа прыніжаны. — Ён падышоў да аднаго з двух акон залы, сашчапіў за спінай рукі і ўтаропіўся долу — на двор.

8

Там, унізе, на абкружаным дамамі двары, было зусім цёмна. Дзень дагараў. Але на вуліцы, кавалак якой віднеўся ў прасвеце паміж двума будынкамі, было значна святлей, а на антэне адной дзевяціпавярхоўкі нават паблісквала апошняе сонечнае праменне.

Падворак перад Пугачовым домам быў прамакутны, утульны, на яго выходзілі пад’езды ўсіх чатырох пасляваенных будынін. Вясной і ўлетку тут было шумнавата, хаця народ пражываў збольшага прыстойны — мастакі, акадэмікі, прафесары, не абы-якія пісьменнікі, драматургі. Праўда, за апошнія два гады падсялілася колькі бізнесоўцаў. Але бізнесоўцы не шараговыя, не шушамець капеечная, і паводзяць сябе ціхамірна. Зачаста толькі іхнія аўтамабілі лямантуюць процівыкрадальнымі сірэнамі, калі дзятва мячом у іх трапіць, ці закране, гарэзуючы. Зрэшты, для мячоў ёсць непадалёку, за супрацьлеглым домам, стадыён. Бацькі тут усё людзі творчыя, сур’ёзныя, не церпяць шуму, і таму іх дзеці гуляюць пераважна на спортпляцоўках.

І яшчэ цэнны іх двор тым, што не забрыдаюць сюды п’яныя гаманлівыя кампаніі, ніхто не буяніць, не галосіць пасярод ночы. Было пару выпадкаў, дык хутка міліцыя прыязджала і карала хуліганаў на ўсю закрутку. Двор на адмысловым уліку ў органаў правапарадку.

На лавачках ля пад’ездаў ці ў альтанках пад дрэвамі сядзяць тут людзі выключна паважныя, добранадзейныя, цікавыя суразмоўнікі. Тут ніхто не б’е бутэлек, не вылівае на двор памыяў, не вытрасае з балконаў дываны і, ужо тым болей, не мочыцца ў кустах і пад’ездах.

Цяпер, з прычыны студзеньскай халадэчы, людзей унізе амаль не было. Сіратліва выглядалі голыя бярозы і таполі. На снезе тыднёвай даўнасці не заўважна чалавечых слядоў, тут ніхто не ходзіць па цаліку, а толькі — па ачышчаных сцяжынах-дарожках. Стаіць некалькі машын, з адной выйшаў мужчына ў кажусе і хутка знік у пад’ездзе.

Леаніду Нілычу стала сумна — ці то ад выгляду бязлюднага змрачнаватага двара, ці то ад тэмы, узнятай у размове з сябрам. Заўсёды ж умее заесці гэты Адынец за балючае. Рамантык рамантыкам, а, калі трэба, і цынізму, стары чорт, не пашкадуе. І ўсё ў яго ладна так, абгрунтавана выходзіць. Аргументамі, як гарохам, сыпле. І бачыць жа сам, што гіне культура, быдлее народ, а не — будзе даказваць адваротнае. Прымі зараз Пугач яго пазіцыю, пачні горача яе адстойваць, Адынец і гэта абвергне. Во ж дзе саплівая філасофія: не кляніся, не заракайся, не асуджай, — быццам баіцца ён заняць пэўную пазіцыю. Леанід Нілыч так не прывык.

У гэты момант у пярэдняй ляпнулі дзверы, раздаўся шоргат і нехта затупаў па калідоры ў напрамку залы.

Мастак абярнуўся, пытальна зірнуў на Адынца, які, хоць і глядзеў у пройму, працягваў бестрывожна пацягваць з фужэра віно…

У пакой, у зімовым паліто, але без шапкі і чаравікаў, уваліўся мастакоў сын — Сяргей Пугач — і, не вітаючыся ні з бацькам, ні з госцем, пакіраваў да буфета.

— Прывітанне, нашчадак! — здзіўлена аслупянеў Леанід Нілыч. — Што за пажар?

Сын буркнуў няўцямнае “Дабрыдзень”, адкрыў дзверцы буфета, выбраў бутэльку піва і спрытна яе адкаркаваў.

Быў ён у паганым настроі. Пасля памятнай размовы з Людкай Дробаш за столікам тэатральнай кавярні, дзе ён нічога не еў, Сяргей яшчэ добрых тры гадзіны лётаў па горадзе па нейкіх справах. Ён намёрзся, здарожыўся, але не вырашыў таго, што хацеў, і таму быў галодны, злосны і схільны да сварак.

— Ты б хоць з госцем павітаўся, дзеля прыліку, — папікнуў беспардоннага сына бацька.

— Даўно бачыліся, — прабурчаў той пад нос, заядаючы цёплае піва салёнымі арэшкамі.

— Гэта сучасныя норавы, — пракаменціраваў Сяргееву непачцівасць Адынец.

На што хлопец нічога не адказаў, а са смакам прыклаўся да бутэлькавага рыльца.

Піва хутка сагравала нутро. Дасмактаўшы яго, Сяргей, зноў жа моўчкі, прайшоў міма прысутных да выхаду, прамінуў доўгі калідор і скрыўся ў кухні.

— Вось яна, свінтухатая наша змена! — сказаў агарошаны Леанід Нілыч. — Людзі, так сказаць, новай фармацыі. — Ён з’едліва зірнуў на Валерыя Віктаравіча. — Гадаванцы твайго ўлюбёнага капіталізму.

Мастак сеў у крэсла.

— Ды не, Нілыч, гэта якраз нашы з табой, сацыялістычныя, гадаванцы. І прычынай іхняй расперазанасці ёсць няправільнае выхаванне. А іменна душэнне ўсялякае ініцыятывы і вольнадумства, прымус хадзіць па лінейцы і гаварыць лозунгамі. А адсюль — непазбыўны інфантылізм у спалучэнні з ваяўнічым цынізмам і бездухоўнасцю.

— Ды кінь ты, Віктаравіч! — зморшчыўся Пугач-старэйшы. — Хто яго да чаго прымушаў! Ды я ж, — ён панізіў голас, — пасля Ірынай смерці парушынкі з яго здзімаў. Ніводнага разу рэменем не прайшоўся. А было за што!

— І дрэнна. Мяне бацька лупцаваў да чатырнаццаці год. Таму я паважаў не толькі яго, а і ўсіх навокал. Бо чалавек адно страх разумее. Не былі б мы дужэйшыя за сваіх дзяцей, пакуль яны яшчэ пад стол ходзяць, то, мусібыць, зямля даўно ў апраметную правалілася. Тут жа важнейшае не гэта, а тое, што раб (а за савецкім часам ці не ўсе рабамі былі), як толькі ўчуе слабіну, гатовы свайго пана ў багну ўвагнаць ды яшчэ памачыцца на яго голаў. Лепей, вядома ж, без бізуна абыходзіцца. Але раз узняў яго, то не апускай аніколі!

— Ат, тут не тое! — скубануў бараду Нілыч. — Не ладзіцца ў яго ў тэатры, вось ён і псіхуе. Накухталяюць там у каршэнь, дык значыць увесь свет вінаваты! — гаварыў ён узрушаным шэптам. — Пара ж, здаецца, уразумець трыццацігадоваму чалавеку, што на халяву нішто не даецца, што за кожны свой поспех крывёй і потам чалавек плаціць… Да таго ж і работа ў артыстаў не прывядзі Божа. З тысячы мо адзін і праб’ецца, ды не заўсёды самы таленавіты. Там, лічы, кожны асуджаны шэрай скацінкай быць, гэткім падносчыкам снарадаў абраннікам лёсу. Простая тэорыя імавернасці…

— То гэтак жа паўсюль, куды ні ткніся, — усміхнуўся Адынец.

— Не зусім так, Валера. У артыстаў гэта асабліва балюча, бо ім не выпадае разлічваць, што праз дзесяцігоддзі нехта прачытае і выдасць іх геніяльныя рукапісы, што збярэ раскіданыя па ўсім свеце і раней непрызнаныя карціны, што нехта будзе захапляцца іхнімі санатамі і операмі, — як цешаць сябе некаторыя апальныя пісьменнікі, мастакі, кампазітары. Не, браце! Тут рэалізуйся, пакуль дыхаеш. Ды бяда ў тым, што іграць і спяваць ты можаш толькі ў кіно ці на сцэне. А дзе ж на ўсіх сцэнаў набрацца? Вось і ідзе закулісная валтузя за месца пад сонцам. І каб прабіцца на гэтае панаднае месца, трэба з дзесяткамі людзей паладзіць. Дастаткова, каб адзін-адзінюткі з іх цябе знелюбіў, і будзеш усё жыццё ў масоўках марнець, або сап’ешся ад безвыходнасці. Артысты народ ранімы, тэмпераментны. Яны сапраўды без сцэны не пражывуць.

— Дык ты хочаш сказаць, што сапраўдны талент не адужае жыццёвых абставінаў?

— А хто яго знае, хто там сапраўдны, а хто побач стаяў. У нейкім класічным, не помню якім, літаратурным творы спытаўся герой у Бога, хто самы таленавіты палкаводзец за ўсю гісторыю чалавецтва, і Бог указаў на драхлага шаўца, што ўсё жыццё гарбеў у душнай майстэрні, не ведаючы свайго прызвання.

— А па-мойму, дык толькі гвалтоўная смерць здольная прыпыніць генія на яго шляху. І цяжка мне ўявіць, як бы не былі акцёрамі, напрыклад, Папанаў з Міронавым. Таму што такія постаці — катэгорыя містычная, за іх пуцявіны сам Бог дбае. І падкажа ім заўсёды анёл-ахоўнік, што рабіць, куды звяртацца і як паводзіцца, каб на сцэну такі прабіцца. А калі не прабіўся, не спраўдзіўся як артыст, значыць такая твая доля, значыць малакаштоўны твой лёс для Усявышняга, мала ён у цябе ўклаў, каб перажываць за цябе.

Яны крыху памаўчалі.

— Ты паглядзі, якія раней былі фільмы! — працягваў Адынец. — Праз адзін — шэдэўр, дый годзе. А ўсё чаму? Таму што не рабілі іх цяп-ляп, абы грошай нарэзаць, а працавалі грунтоўна, з любасцю. Дый артысты ого якія былі, рэжысёры… Вунь разанаўская “Іронія лёсу” дваццаць пяць гадоў усе рэйтынгі б’е. Там жа кожная фраза, песня, жэст — у гармоніі. Там душу народа рэжысёр паказаў. Прычым, нягледзячы на фантастычнасць сюжэта, мне і дагэтуль падаецца, што напраўду жывуць на той вуліцы Будаўнікоў Жэня з Надзяй, — настолькі яны праўдзівыя.

— Ды лухта гэта ўсё! — раздаўся знячэўку рэзкі голас. — Прыгожая казка для п’яных ёлупаў ці захопленых істэрычак. — У праёме дзвярэй стаяў Сяргей, твар яго меў раздражнёны, агрэсіўны выраз.

У адной руцэ ён трымаў ладны кавалак вэнджанай каўбасы, у другой лусту чорнага хлеба і надкушаны салёны гурок.

— Балазе цяпер не казкі здымаюць, — пагардліва скасавурыўся на Сяргея Валерый Віктаравіч, — людзей на кавалкі сякуць, а мяса з крывёю — дзецям у вочы, каб спакайней засыналі. Гэта, па-твойму, правільна?

— Правільна. Бо праўдзіва. Няхай прывыкаюць гэтыя дзеткі да сучаснага жыцця, асноўны прынцып якога — чалавек чалавеку воўк. Хоць будуць знаць, як бараніць сваю шкуру. — Сяргей гаварыў нядобрым, задзірыстым тонам.

— Так, ты сюды для чаго прыйшоў — палаяцца? — папікнуў яго бацька. — То ідзі на базар, да бабак сварлівых. А ў нас тут інтэлігентная размова…

— Бязглуздая ў вас размова, — з набітым каўбасой ротам грубіяніў Сяргей, — сю-сю-му-сю, саладжавы кісель. Я гэтага за жыццё да млосці наслухаўся. І вашых кніжак казачных начытаўся, і вашых хлуслівых фільмаў нагледзеўся! Гэтыя карлсаны, добрыя кракадзілы гены ды каты леапольды, байкі пра спагадлівых следчых, што чытаюць маралі зладзеям, і зладзеі робяцца чэснымі. Ха-ха-ха! — закаціўся ён здзеклівым рогатам. — І самае подлае, што я ў гэта, на сваю бяду, колісь паверыў. Ды толькі гэта не жыццё, — узвысіў голас прамоўца і злосна ўтаропіўся на бацьку, — гэта мана, фантазія. І за тую фантазію я дорага заплаціў, сутыкнуўшыся нарэшце з рэальным жыццём, якое гэтак жа падобнае на фільмы і школьныя падручнікі, як гара на камень.

— Слухай, ішоў бы ты жраць на кухню, — гаркнуў на сына бацька. — Хочаш мітынгаваць, шыбуй да Дома ўрада і там свае прэтэнзіі выкладзі.

— Ды навошта, Лёнь, дай выказацца маладому пакаленню, — паблажліва сказаў Адынец. — Мне дык нават цікава, чым яны дыхаюць.

— Вам цікава! — усклікнуў Сяргей. — Вам цікава глядзець, як мы мучымся! Што ж, глядзіце, цешцеся, што за жыццё вы нам збудавалі. І фільмы вашыя — дрэнь, з іх наіўнасці нават дзеці смяюцца, і кнігі вашы — дзярмо, з іх чорна-белымі героямі, з іх агорклым маралізатарствам і бязглуздым павучаннем, як жыць. Што, навучылі? Хрэн вы чаму нас навучылі!

— Во ідыёт, — абярнуўся Нілыч да сябра.

— Не, ён жа праўду мовіць.

— Навучылі вы нас таму, — Сяргей у запале так сціснуў рэшткі гурка, што пырснуў сок, — што мы ўжо нічому не хочам вучыцца. Абрыдла! Я хачу проста жыць, і хай мне ніхто не перашкаджае.

— Ды “проста жыць” не атрымаецца, Сярожка, — спакойна заўважыў Валерый Віктаравіч, — іначай вэрхал будзе, іначай адно аднаго на шматкі парэжаце ў змаганні за сваё “я”. Жыццё — гэта, брат, найскладанейшая сістэма.

— А я не жадаю ніякай сістэмы! Дасістэматызаваліся, хопіць! Я хачу, каб ніхто мне не чмуціў галаву, ніхто не ціснуў на псіхіку, не лез з павучаннямі. Я хачу вольнага самавыяўлення, творчай прасторы! І начхаць мне на ўсё астатняе.

— Во куды загнуў! — узяў бацька слова. — А калі табе на ўсё начхаць, то навошта ж ты на сцэну рвешся? Выйшаў бы на вуліцу з шапкай ды скамарошнічаў. Навошта ты да мяне прыстаеш, каб я табе прабіваў кінапробы? Табе ж на ўсіх напляваць!

Сяргей са злосцю свідраваў бацьку вачыма. Яго нервовы твар выяўляў складаныя пачуцці.

— Так што ты, дружа, на грамаду не плюй! — працягваў Леанід Нілыч. — А то не ўтрэшся, калі яна плюне. І законы чалавечыя не гань, бо без іх ты ніхто — базарны крыўляка, скамарох, пудзіла. Ды такіх, як ты, тысячы…

Адынцу на міг падалося, што сын кінецца на бацьку, каб ударыць па твары. Але той з бледным, мярцвяцкім тварам, заікаючыся, прамовіў:

— Не, бацька, гэта такіх, як ты, — тысячы. Гэта на цябе забудуцца хутка пасля тваёй смерці, бо ўсе твае выставы, кліенты — толькі даніна модзе. І аўтарытэтны ты толькі таму, што займаеш пэўныя пасады ў грамадстве, выкладаеш у акадэміі. Ты патрэбны людзям, можаш вырашаць іхнія лёсы, вось табой і захапляюцца. А творчасць твая ламанага шэлега не вартая…

— Адкуль такая ўпэўненасць, малады чалавек?.. — запярэчыў быў Адынец, аднак Нілыч яго прыпыніў:

— Чакай, Валера. Ва ўсякім разе, я цяпер ведаю прычыну непрыязнасці да мяне роднага сына. Ён мне зайздросціць, — з горыччу вымавіў мастак. — Зайздросціць маёй вядомасці, выстаўкам, павазе людзей. Але праўда яго, я не Мікеланджэла, не Леанарда, і талент мой сціплы. Ды ведаеш, сынку, у чым асноўная мая над табой перавага: я знаю свой паталок і дзякую Богу за тое, што ён мне прызначыў. У мяне няма тваіх непамерных амбіцый, я не лезу на недасяжныя вышыні, а калі зрываюся з нейкіх прыступак, то не вінавачу ў гэтым усё чалавецтва. І табе раю, пакуль не позна, так паступаць. Супакойся, агледзься, ацані нарэшце свае магчымасці…

— Што ты гэтым хочаш сказаць? — спадылба зіхатнуў вачыма Сяргей.

— А тое, што, можа, і ты не Міронаў?

На некалькі секунд утварылася няёмкае маўчанне.

— Апусціўшы планку, лягчэй жыць, сынок. Ты ўжо павер мне, мацёраму дзядзьку. — Нілыч падышоў да сына і хацеў быў пакласці руку на яго плячо, але той адхіліўся.

— Дык навошта тады жыць? — не то спытаўся, не то сцвердзіў Сяргей. — І пакуль я жыву, — сказаў ён пасля невялікай замінкі, — то, прабач, буду ставіць сабе планкі самыя высокія ды іх пераскакваць.

— Глядзі, не разбіся, — сур’ёзна сказаў бацька.

— А разаб’юся, то туды мне і дарога, — нявесела ўсміхнуўся сын. — Адным дурнем менш будзе. — Ён павярнуўся і выйшаў з залы.

— Твая справа… — задумліва прамармытаў услед яму Нілыч і, ужо зусім пад нос, прабурчаў: — А мой галаўны боль.

9

Дзень у Анатоля Гаруна, маркёра більярднай залы рэстарана “Ветразь”, выдаўся нялёгкі. А праўдзівей, такога кепскага дня не было яшчэ за чатыры гады Анатолевай службы.

Ужо трэція суткі ў рэстаране гуляў і сваволіў адзін нягоднік.

Прывялі яго з сабой два мясцовыя аўтарытэты — зладзюгі буйнога маштабу, — нешта там яны адзначалі. Як заўсёды, наладзілі страшэнны гармідар, кідаліся грашыма, паілі ўсялякіх дармаедаў і прастытутак. У тры гадзіны ночы целаахоўнікі пагрузілі іх, у поўнай непрытомнасці, на машыны… Але толькі гэтых двух, тутэйшых. Іхні ж таварыш (па чутках — бывалы піцерскі злодзей) у п’янцы ўдзелу не браў, а практычна ўвесь вечар і ноч правёў у більярднай.

Пачынаў ён спачатку сціпла, трымаўся досыць прыстойна і прыемна адрозніваўся ад сваіх сябрукоў, якіх, дарэчы, тым не менш вельмі цаніў дырэктар рэстарана, бо пад час іхніх загулаў прыбытак вырастаў амаль удвая.

Дык вось, згаданы спадар аказаўся не раўнуючы більярдным карыфеем і апусціў некалькіх паважаных заўсёднікаў на буйныя сумы. Як потым выхваляўся — агулам каля тысячы долараў. І па меры таго як разыгрываўся і багацеў гэты госць, ён усё больш смялеў, хамеў, патрабаваў да сябе ўвагі і рабалепства з боку рэстараннай абслугі.

На другі дзень ён заявіўся адразу пасля абеду, заказаў у галоўнай зале тры столікі, куды назбіраў рэстаранных шлюх, дробных жулікаў, наркаманаў, а затым паіў і карміў іх на выйграныя грошы цалюткі вечар. Там біўся посуд, раздаваліся адборныя мацюкі, бабскае хіхіканне і грубы мужыцкі рогат. Піцерац моцных напояў не піў ды амаль што і не сядзеў у гэтым хаўрусе, бо мэтанакіравана “высаджваў” з грошай більярдных аматараў. У залу ён заяўляўся перакусіць, адпачыць і паслухаць дыфірамбы, якія спявала яму загуляўшая на яго ж грошы кампанія. Асабліва шчыравала Марынка, танная прастытутка. Прывычная алкагалічка, ачмурэлая ад французскага каньяку, яна злавіла кураж і проста-такі збівала з ног афіцыянтак сваімі бязглуздымі, супярэчлівымі заказамі. Заказы яна рабіла загадным тонам, выкрыквала “Гэй, ты!”, “Ф’ю, як там цябе…” і падобнае. А Пашка Смаржок, рэстаранны блазан, падонак, запабягаючы перад піцерскім карыфеем, сваім карміцелем, раз-пораз падлятаў да аркестра і, крыўляючыся, заказваў песні ў яго гонар, выхопліваў у музыкаў мікрафон і называў яго “бацюхнам”, “блізкім сябрам” і “мілым, дарагім чалавекам”.

Рэстаранная публіка была вельмі незадаволена такімі паводзінамі. І ахоўнікам даўно б пара выкінуць і більярдыста і яго хаўрус на вуліцу, ды нельга было гэтую мярзоту кранаць, паколькі прывялі сюды неспакойнага госця людзі, пад прыкрыццём якіх, у прынцыпе, “Ветразь” існаваў. Усе супрацоўнікі гэта ведалі, а тым больш — дырэктар, Ашот Гаспаран, які даў строгае ўказанне ўсяляк залагоджваць піцерца, патураць ягоным капрызам і іншае.

А госць не сунімаўся. На другі дзень ён выйграў яшчэ больш і на трэці карміў і паіў удвая большую колькасць народу, удвая больш было шуму, і абстаноўка станавілася злаякасна нездаровай. У выніку ўзнікла сварка паміж адной прыстойнай кампаніяй і збродам, што гуляў на більярдыставы грошы. Сварка мерылася перарасці ў тузаніну, якую з цяжкасцю ўдалося папярэдзіць. Ды не зусім: праз дзесяць хвілін у прыбіральні, пры нявысветленых абставінах, нехта расквасіў нос аднаму хлопцу з вышэйпамянёнай прыстойнай кампаніі. Хтосьці выклікаў па тэлефоне нарад міліцыі, і Ашоту давялося мець доўгую непрыемную размову з лейтэнантам у сваім кабінеце, даваць грошы.

Але і гэта б яшчэ не бяды, начхаць бы Анатолю Гаруну і на рэстаранных наведвальнікаў, абражаных паводзінамі піцерцавага хаўрусу, і на Ашотавы грошы, якіх у таго прорва. Уся рэч у тым, што гэты прыхадзень з гадзіну таму моцна абразіў самога Анатоля: прылюдна плюхнуў яму ў твар півам, аблаяў “сукай” і “шмаравозам”.

Анатоль, будучы чалавекам маленькім, тым не менш заўсёды балюча перажываў прыніжэнні сваёй годнасці. Яшчэ ў дзяцінстве, з прычыны разнастайных хвароб, ён адстаў ад сваіх равеснікаў у цялесным развіцці і нязменна падвяргаўся фізічнаму і маральнаму ўціску з іх боку. Ажно да шостага класа, дзень пры дні, яго мучыў адзін здаравіла. Пабіўшы некалькі разоў, ён панаваў над Анатолевай воляй і вытанчана, з бязлітаснай вынаходлівасцю малалетка здзекаваўся з Гаруна. Нават і зараз не можа без трымцення ўспомніць Анатоль, як тэрарызаваў яго той аднакласнік загадамі, хамаватымі падколкамі, абразлівымі мянушкамі. Ды ўсё пры дзяўчатах. Анатоль ведаў, што ў іхніх вачах ён раб, бязвольны пігмей, паганка. Даводзілася хавацца на перапынках па ўсялякіх закутках школы, або наогул збягаць на вуліцу і блукаць па раёне, — настолькі не выносіла яго ранімая душа тых здзекаў. Колькі разоў карцела кінуцца на здаравілу і малаціць, малаціць сціснутымі да болю кулакамі па ненавісным таўсматым твары, ударыць у пах каленам!.. А там — будзь што будзе. Аднак ведаў Анатоль, што з прычыны сваёй баязлівасці не тое што кінуцца на мучыцеля, а нават запярэчыць яму не насмеліцца. О, як ненавідзеў сябе за гэта Толік! Ад затоенай крыўды на сваю фізічную кволасць ён на пераменках, употай, скусваў да крыві рукі, а дома, на адзіноце, заходзіўся істэрычным плачам злоснага карліка і біўся лбом аб сцяну.

У шостым класе Гаруну стала асабліва невыносна цярпець здзекі гэтага вырадка, які год ад года адно здаравеў і ўжо ледзьве не ўдвая пераўзыходзіў Анатоля вагою. Рос і псіхалагічны комплекс Гаруна перад сваім катам, пры адным гуку голасу якога хлапца разбірала дрыготка. Ён усур’ёз думаў пра тое, каб угаварыць бацькоў перавесці яго ў іншую школу. Але дзе ўпэўненасць, што на новым месцы не знойдзецца чарговы аднакласнік-сатрап, што не будуць там гэтак жа зацята цкаваць Анатоля? Чуццё падказвала, што так будзе паўсюдна. Таму што ведаў, ох ведаў хлопец сваю прыроджаную, да поту ў далонях, баязлівасць, няздатнасць пастаяць за сябе. Але жыццёва неабходна было нешта мяняць. І Анатоль знайшоў выйсце.

Ён упарта, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя сродкі, пачаў шукаць сабе сяброў-прыяцеляў з шэрагу дужых, але не такіх агрэсіўных, як ненавісны здаравіла, аднакласнікаў і вучняў старэйшых класаў. У ход пайшлі ліслівасць, подкуп, запабяганне, дапамога на кантрольных; Гарун даваў спісваць хатняе заданне патрэбным людзям, частаваў іх у буфеце ласункамі, а галоўнае — стараўся не адыходзіць ад іх ні на крок. Яго ўжо ляпалі па плячы “крутыя” хлопцы-равеснікі, весела аклікалі і здароўкаліся старшакласнікі, яго пачалі цаніць. І здаравіла, Анатолеў закляты вораг, тут жа адстаў. Такія людзі звярыным нюхам адчуваюць сілу ці слабасць і не соваюцца туды, дзе можна сустрэць адпор або атрымаць па карку. Больш за тое, праз паўгода Гарун наладзіў хітрамудрую інтрыгу і, сам застаўшыся ў цяні, нацкаваў на здаравілу двух старшакласнікаў, якія бязлітасна яго адмяцелілі. Пасля таго выпадку закляты вораг і зусім зрабіўся рахманым.

З той пары Анатоль заўсёды ставіў сябе на такія жыццёвыя пазіцыі, дзе меней за ўсё можна падвергнуцца гвалту, фізічнаму і маральнаму здзеку, перад якімі ўсё-ткі непазбыўна камплексаваў. Канешне, было б найлепей увайсці ў інтэлігенцкае асяроддзе, дзе пераважаюць не звярыныя, а чалавечыя ўзаемадачыненні. Але, апрача ўсяго, не выйшаў Гарун і розумам — праваліў ён у свой час дзве спробы паступіць у ВНУ. Тады канчаткова ўцяміў Анатоль, што яго козыры — хітрасць, абачлівасць, уменне ладзіць з уплывовымі і моцнымі людзьмі.

Калі хто думае, што месца рэстараннага служкі, якое займае Анатоль, ёсць месца несамавітае, непрэстыжнае і малааплатнае, то гэта памылка. Рэстаран “Ветразь” з’яўляецца адной з самых вядомых, дарагіх і прыстойных устаноў нашага велізарнага горада. Толькі тут ёсць більярдная зала на пяць сталоў, што размешчана асобна, на трэцім паверсе вытанчанай архітэктуры будыніны. Зала працуе па шаснаццаць гадзін у суткі, бывае — усю ноч, сюды збіраецца самая заможная публіка, і, зразумела, тут круцяцца не самыя малыя грошы. Залу, апроч прыбіральшчыц, абслугоўвае дзевяць чалавек, што працуюць па мудрагелістым графіку. Але ў кожны момант тут знаходзіцца не менш як тры высокакваліфікаваныя маркёры. У іх абавязкі ўваходзіць: сачыць за парадкам і правільным падлікаў ачкоў, папярэджваць канфлікты, падаваць і мазаць крэйдай кіі, расстаўляць шары, выконваць разнастайныя заказы кліентаў і іншае. Адно тут найстражэйшым чынам не дазваляецца — прыносіць спіртныя напоі, уключаючы піва. Бо більярд — гульня тонкая, вымагае бездакорнай каардынацыі. Да таго ж стаўкі тут бываюць нежартоўныя, а буйныя грошы здатныя спараджаць буйныя ж канфлікты, у якіх алкаголь добры памочнік. Адным словам, надпіс перад уваходам у залу “Унос спіртнога строга забаронены” ёсць святое правіла не толькі для персаналу, што абслугоўвае більярдную, але і для сталых яе наведвальнікаў, і для ўсіх добранадзейных грамадзян. Канешне, і раней здараліся недарэчнасці і непаразуменні, аднак іх удавалася ціхамірна гасіць.

Але нядаўна, гадзіну таму, надарыўся выпадак, проста неверагодны па сваім нахабстве і подласці.

У піцерскага більярдыста сёння быў асаблівы шанцунак. Паводле прыблізных падлікаў Гаруна, да дзевяці гадзін вечара ён выйграў ужо тысячы паўтары. Вакол яго сабралася ладная колькасць цікаўных, сярод якіх былі, відаць па ўсім, людзі грашавітыя. Апанаваны прагай “нарэзаць” як мага больш даляраў, піцерац амаль не спускаўся ў рэстаранную залу, каб адпачыць. Гадзін у восем Анатоль змеціў у яго руцэ бляшанку піва і хацеў быў зрабіць заўвагу, але не асмеліўся. Да таго ж ён не адказваў за стол, дзе гуляў гэты нахабнік; там упраўляўся Хведзька Кандыбін, які таксама ніякіх заўваг піцерцу не рабіў.

Падагрэты півам і салідным выйграшам, більярдыст быў у гуморы. Ён яўна пазіраваў перад цікаўнымі, што згрупаваліся каля яго стала, гуляў на публіку. Жэсты яго, трэба прызнаць, былі элегантныя, рухі вывераныя, голас зычны, упэўнены, пастава відная. Гэта быў дзяцюк гадоў сарака, чырванаморды, укормлены, крамянага здароўя. Гарун ненавідзеў такі чалавечы тып, бо заўжды пасаваў перад здароўем і дужасцю. А чортаў піцерац, нібы ўчуўшы гэта, пастаянна, ужо на працягу трох дзён, мардаваў беднага Анатоля дробнымі прыдзіркамі, заказамі ды загадамі. То кій яму крывым падасца, то крэйда мокрай, то збегай яму ўніз па цыгарэты, то пакліч каго-небудзь, то нешта камусьці на словах перадай. І менавіта Гаруна падзываў, нібыта больш не было ў зале абслугі! Ды прытым так уладарна, падлюга, абразліва выкрыкваў: “Гэй, чалавек! Ну ты, сутулы!” Ды за ўсю службу тут ніхто так не звяртаўся да Анатоля.

І вось сёння: здаецца ж, закрыў Гарун вочы і на піва яго, і на паводзіны празмерна шумлівыя, дык не прыставай жа ты, абразіна, да чалавека. Аж не! А палове дзевятай усчаў піцерац братацца з адным бізнесоўцам, якога толькі што выставіў на даляраў трыста. Суцяшаў, абдымаўся, даваў свае каардынаты, абяцаў памагчы, “калі што”, а ў дадатак выклікаў да сябе Анатоля і безапеляцыйным парадкам загадаў прынесці два куфлі піва, каб “абмыць новую дружбу”. Гэта было ўжо занадта. Гарун узяў афіцыйны абыякавы тон і далікатна давёў, што гэта ніяк немагчыма, таму што ў іх не дазваляецца насіць спіртныя напоі ў більярдную, што, калі спадар жадае, можа спусціцца ўніз і заказаць што заўгодна… Ён не дагаварыў, бо гэты бандзюган страшна змяніўся з твару, адной рукой ухапіў яго загрудзікі і, прасіпеўшы: “Раздушу, падла, па сценцы размажу!” — выплюхнуў з бляшанкі, што трымаў у левай руцэ, рэшткі ліпкага піва Гаруну ў твар. Анатоль быў гатовы заплакаць ад крыўды. А піцерац тузануў яго ў грудзі і, на смех прысутным, загадаў: “За півам, бягом марш!” — і брыдка вылаяўся.

Ашаломлены Анатоль павярнуўся і пабрыў да выхаду. На хаду дастаў насоўку і як мог абцёр твар, кашулю і пінжак ад мярзотнай вадкасці. Яму падалося, што разам з півам на яго твар выплюхнуліся і сліні гэтага падонка. “Бягом, я сказаў!” — куражыўся той услед.

Гарун прыспорыўся да выхаду, але накіраваўся не ў залу, а ў кабінет Ашота Гаспарана, дырэктара, з рашучым намерам паскардзіцца на піцерскага більярдыста, запатрабаваць, каб таго заклікалі да парадку. Ашота ў кабінеце не аказалася. Анатоль спусціўся на другі паверх і высветліў, што дырэктар ужо з’ехаў у няпэўным напрамку. Распалены несціханай крыўдай, хлопец набраў нумар яго мабільнага тэлефона і далажыў сітуацыю.

Ашот, які ў той момант застольнічаў з прыяцелямі, быў дужа незадаволены званком такой нікчэмнасці, як Гарун. Ён сурова вылаяў бесталковага падначаленага, абазваў “асліным хвастом” і загадаў імчацца ў більярдную і выконваць усе жаданні дарагога кліента, а інакш заўтра Гаруну не паздаровіцца, і гэтак далей. На заканчэнне паабяцаў, што калі той яшчэ раз адарве яго ад важных спраў сваімі пусцяковымі праблемамі, то можа шукаць іншае месца працы.

Зусім замаркочаны хлопец пабрыў у бар, наліў два куфлі піва і, сцяўшы зубы, аднёс іх свайму крыўдзіцелю. Усе бачылі яго ўніжэнне.

Пасля гэтага Гарун запёрся ў прыбіральні і зарыдаў, як школьнік. Было пакутліва шкада сябе, бо жыццё яшчэ раз нагадала Анатолю, што ён чарвяк, якога можа раздушыць кожны багаты дый проста бязлітасны і дужы чалавек. Змываючы пад кранам слёзы і соплі, хлопец бедаваў над тым, які ён слабы, адзінокі, нікім, апроч маці, не любімы чалавечак. А матуля, для каго ён сапраўды дарагі і любімы, вось ужо паўгода ляжыць у паралюшы, і няма ніякіх спадзяванняў, што акрыяе. А калі пакіне яго мама, за якой і цяжка і пакутна яму даглядаць, то ўжо зусім ніводнай блізкай душы не застанецца на зямлі ў трыццацігадовага Анатоля. Адны ворагі, ашуканцы, зласліўцы. Ён нават сям’ёй не змог абзавесціся, таму што не кахаюць яго жанчыны, такога нясмелага, і прымушаны Гарун купляць іхнія ласкі за грошы. А хочацца, жудасна хочацца ўтульнага сямейнага агменю, дзяцей хочацца. Анатоль вельмі любіць дзяцей…

10

Аднак зараз, праз гадзіну пасля нанесенай Гаруну смяротнай крыўды, нечакана з’явілася магчымасць адпомсціць.

Спусціўшыся па справах у вялікую залу, Анатоль згледзеў там аднаго знаёмца. Так, гэта быў ён — Яніс. Акрамя імені, пра яго ў “Ветразі” ведалі хіба тое, што гэта класны більярдыст і крайне неразгаворлівая, таямнічая асоба.

Яніс паяўляўся тут зазвычай а дзесятай гадзіне вечара, не больш як два разы на месяц. Ён заказваў у зацішным куце залы столік, куды яму прыносілі лёгкую рыбную закуску і нязменную шклянку гранатавага соку; прычым загадзя расплачваўся і даваў шчодрыя чаявыя. Яніс няспешна вячэраў, на месцы выкурваў адну цыгарэту і паважна паднімаўся ў більярдную. Столік заставаўся за ім. У більярднай ён бавіўся не больш за дзве гадзіны, спускаўся назад, выпіваў фужэр “Бардо”, што чакаў яго на стале, выкурваў яшчэ адну цыгарэту, спускаўся ў фае, адкуль ужо не вяртаўся. І так штораз.

Анатоль таму так дасканала ведаў павадкі Яніса, што ў “Ветразі” пра яго хадзілі легенды. Першая адметнасць памянёнага спадара была ў тым, што ён ніколі не прайграваў. Ва ўсякім разе, ніхто не згадае такога выпадку. Другая адметнасць — гэта тое, што Яніс знікаў гэтак жа нечакана, як і з’яўляўся. У любую пару года ён прыходзіў у нязменнай чорнай тройцы, таму не меў справу з гардэробам і часцяком, выйдучы на вуліцу нібыта перакурыць, знікаў бясследна. Спачатку думалі, што ён жыве недзе непадалёк. Але неяк адзін рэстаранны заўсёднік убачыў, як каля Яніса, што задумліва прагульваўся ўздоўж прылеглай вулачкі, рэзка спынілася чорная іншамарка, той спрытна заскочыў у яе, і машына рванула з месца. Як выяснілася пазней, кожнага разу яго забірае новае аўто. Гэта яшчэ больш падагрэла інтарэс да Яніса.

Гуляў у більярд Яніс выбітна. Манера яго была някідкая, разважлівая, халодны прыбалтыйскі твар не выяўляў пры гульні ніякіх пачуццяў. Рот ён адкрываў крайне рэдка і выключна па сутнасці справы. Забітым шарам не радаваўся, не бедаваў ад прыкрых промахаў, якія, трэба сказаць, надараліся нячаста. Гэта быў нібы не чалавек, а дасканалая, безадказная машына. Многія падазравалі ў Янісе заезджага прафесіянала, які сумяшчае тут трэніроўку і магчымасць падзарабіць; некаторыя, уважаючы на яго шляхетныя манеры і маўклівую ганарлівасць, — замежнага дыпламата ці арыстакрата. Карацей, якіх толькі домыслаў не спараджала гэтая напраўду нешараговая, прыцягальная асоба.

І яшчэ. Яніс ніколі не праводзіў больш як тры партыі, агульная стаўка ў якіх не перавышала паўтары тысячы долараў. Але мог гуляць і на чыста сімвалічную, дробную стаўку. Гэта давала падставы меркаваць, што яму прыносіць асалоду сам працэс, а не канчатковы вынік, што більярд не ёсць для яго галоўнай крыніцай даходаў. Праўда, некаторыя заўсёднікі схіляліся да думкі, што “Ветразь” — гэта не адзіны Янісаў “палігон”, што ёсць яшчэ не адно месца ў горадзе, дзе ён дэманструе свае таленты, і што быццам бы нехта яго бачыў у іншых більярдных залах.

Анатоль Гарун, які трэці год назіраў за выбітным більярдыстам і часцяком прыслужваў яму пры гульні, пільнаваўся версіі, што той быў высакакласным прафесіяналам. З Янісавых выйгрышаў нямала перападала Гаруну на чай, нават калі той непасрэдна яму не прыслужваў. Словам, для Гаруна гэта быў выгадны і звышпаважаны кліент, а цяпер нібы само наканаванне пасылала яго Анатолю, каб выпатрашыць грошы з агорклага піцерскага злодзея, збіць з яго пыху і тым самым ускосна адпомсціць за выплюхнутае ў твар піва, за “суку” і “шмаравоза”.

Гарун ніколі не дараваў крыўдаў. Ён мог насіць іх у душы гадамі, па-мазахісцку іх смакаваць, прытым ветліва ўсміхаўся і нават сябраваў са сваімі крыўдзіцелямі. Але нічога не забываў, быў напагатове і пры першай жа магчымасці, як толькі пакаўзнецца, захістаецца яго вораг, — Анатоль наносіў неадхільны ўдар. Наносіў, вядома, спадцішка, почасту чужымі рукамі, нярэдка — ананімнымі паклёпамі, нагаворамі. Толькі тады ён мог засынаць са спакойнай душою, толькі тады не грызла яго неспагнаная злосць і не даймалі думкі пра ўласную несамадастатковасць, калі быў пакараны яго вораг.

…Маркёр яшчэ раз зірнуў на Яніса, што ціхамірна закусваў у сваім куце, уважліва агледзеў залу і накіраваўся на кухню.

Там ён наблізіўся да купкі афіцыянтак, што завіхаліся каля стойкі, стаўляючы на падносы заказаныя стравы. Злёгку крануў адну з іх, мініяцюрную бландзінку, за плячо і, калі тая да яго абярнулася, зрабіў знак адысціся. Сам жа каля яе не спыняўся, а прайшоў далей і скрыўся ў цесным выгінастым калідорчыку. Хутка за ім працокала і згаданая афіцыянтка.

— Так, Ліка, ёсць справа, — дзелавіта шапнуў ёй Анатоль, калі яны засталіся сам-насам, і насцярожліва стрэльнуў вачыма па баках.

— Толькі давай шпарчэй, — таксама дзелавіта адказала яму Ліка Табольчыц, маладзіца гадоў дваццаці сямі, — а то з ног збіваюся.

— Ты бачыла, што Яніс прыйшоў? — коратка шапнуў Анатоль.

— Так, я сама яго абслугоўвала. А што?..

— Ну, значыць, нашае шчасце, — ухмыльнуўся Гарун і яшчэ раз жулікавата агледзеўся. — Прыбытак падзелім пароўну, — падміргнуў ён суразмоўніцы.

Дзяўчына заінтрыгавана пазірала на хлопца.

— Слухай сюды, — Анатоль нахіліўся да Лікі і зашаптаў скарагаворкай у самае вуха…

Праз хвіліну яны разышліся ў розныя бакі.

А яшчэ праз дзесяць хвілін Ліка з’явілася ў більярднай і, віхляючы сцёгнамі, рашуча падышла да стала, дзе стоўпілася ладная колькасць народу. Там якраз завяршаў сваю чарговую партыю піцерскі злодзей. Ліка прычакала момант, калі ўдар перайшоў да яго праціўніка, і кранулася рукой пляча піцерца.

Той здзіўлена абярнуўся да яе.

— Ёсць чалавек, які хоча з вамі памерацца, — ледзь чутна, з загадкавым выразам твару кінула афіцыянтка.

— А хто ён такі, каб гэта хацець? — пыхліва, з вышыні свайго немалога росту зірнуў більярдны карыфей на гэтую пігаліцу.

— Самы моцны сапернік, якія тут бываюць, — знарок голасна, каб пачулі тыя, хто стаяў паблізу, адказала Ліка.

Тут яна пацэліла ў самую кропку, бо пасля гэтых слоў фанабэрлівы більярдыст ужо не мог спасаваць; за тры дні, прабаўленых у “Ветразі”, ён дамогся поўнага сабе пакланення, і тое, што прапаноўвала афіцыянтка, было замахам на яго трон.

— Ну гані яго, мілка, сюды, — нядбайна махнуў ён рукою і, змераўшы стол вопытным позіркам, сказаў: — Я закончу хвілін праз пяць.

Ягоны сапернік якраз запароў лёгкі шар. Піцерац узяў працягнуты яму маркёрам кій і, ужо прыстасоўваючыся да ўдару, кінуў афіцыянтцы:

— А грошы ў яго хаця б ёсць?

— Выйграеце — пабачыце, — адказала тая і заспяшалася да выхаду.

— Ну-ну, — з’едліва хмыкнуў більярдыст і хвосткім ударам даслаў шар у лузу.

Неўзабаве, прайшло хвілін дзесяць, у залу ўвайшоў стройны чалавек у чорнай тройцы. Да яго адразу падскочыў бліжэйшы маркёр, а па зале прашалахцеў паважлівы шэпт. Многія абарочваліся ў яго бок, некаторыя прывітальна ківалі, але ніхто не здароўкаўся за руку. То быў Яніс — малады чалавек гадоў трыццаці пяці, сярэдняга росту, з саламянымі валасамі і цвёрдым падбародкам тыповага прыбалта. Высакалобы яго твар нельга было назваць прыгожым, тым больш што над левым брывом віднеўся невялікі застарэлы шрам, які ўносіў дзіўную асіметрыю. Але было ў гэтым твары нешта адухоўленае, шляхетнае, як і ва ўсіх манерах памянёнага спадара — у яго паставе, голасе, далікатнай стрыманасці ў рухах. Яніс быў з тых людзей, што адразу, богведама чаму, выклікаюць павагу. І хоць быў ён тут, можна сказаць, сталым наведвальнікам, ніхто не насмельваўся трымацца з ім запанібрата, тыкаць і, тым больш, хаміць, грубіяніць.

Яніс падышоў да піцерца, які нядаўна закончыў партыю і цяпер разваліўся ў прывольным крэсле, адпачываючы.

— Добры вечар, — сказаў ён з характэрным для прыбалтаў расцягваннем і прапяваннем галосных. — Мяне завуць Яніс.

— Вечар добры, — адказаў піцерскі злодзей і, нечакана для сябе, падняўся і працягнуў руку: — Яраслаў.

Яніс суха парукаўся з ім сваёй халоднай далонню і з расстаноўкай прамовіў:

— Мне сказалі, вы не супраць правесці са мной партыю. Таму хачу найперш давесці пра ўмовы, на якіх я гуляю. Калі яны вас, Яраслаў, не задаволяць, то проста разыдземся па розных сталах. Згода?

— Чаму ж не задаволяць… — хітравата зірнуў на яго піцерац. — Давай…це, выкладайце вышыя ўмовы. — (За тры дні ён яшчэ нікога не называў тут на “вы”.)

— Умовы мае вельмі простыя: я згаджаюся гуляць не болей як тры партыі, гэта ўсе тут ведаюць. — Яніс абярнуўся да людзей, што згрудзіліся каля іх.

— Так… Праўда… Ён гуляе па тры партыі… Гэта праўда… — адразу ж раздаліся разнамасныя галасы.

— Ну, тры дык тры, — паблажліва ўсміхнуўся Яраслаў. Яго пачынала няёмчыць гэтая цырымонія, ён быў чалавек справы.

— Агульная мая стаўка, — як аўтамат працягваў Яніс, — звычайна не перавышае тысячы долараў.

— Гэта мала, — рашыў казырнуць піцерац. — Давайце па пяцьсот. Тры партыі, па пяцьсот кожная.

— Ладна, — пасля трохсекунднай паўзы згадзіўся прыбалт. — Але з адной агаворкай: першая — трыста, другая — пяцьсот, трэцяя — семсот.

— Гэта яшчэ навошта? — падазрона зірнуў на яго сапернік.

— А калі хто прайграе першыя дзве, у яго застанецца шанц амаль усё адыграць у трэцяй, — патлумачыў Яніс. — Але, паўтараю, толькі тры партыі. Вы чулі, спадары? — Ён ізноў звярнуўся да акаляючых.

— Так… чулі… тры партыі… каб усё сумленна…

— Вы згодныя з маімі ўмовамі, Яраслаў? — Яніс пільна і нават строга зірнуў будучаму саперніку ў вочы.

— Ды згодны, згодны. Давайце распачынаць. — Піцерцу карцела як найхутчэй збіць гонар з гэтага самаўпэўненага лабуса; да таго ж ён няўтульна пачуваўся, калі змушаны быў размаўляць на прыстойнай (не прыблатнёнай) гаворцы, якую неяк няўзнак навязаў яму прыбалт.

— І яшчэ, — роўным голасам дадаў пунктуальны Яніс. — Права першага ўдару я звычайна разыгрываю жэрабем.

— Ды што за праблема! — нецярпліва ўзмахнуў рукой піцерац. — Ды я вам саступаю разбіваць першаму. Давайце ж толькі хутчэй!

— Не, — сур’ёзна сказаў гэты невыносны педант, — толькі жэрабем. Так будзе справядліва. Іначай я не магу пачынаць.

— Ды ладна, ладна… — Тут Яраслаў хацеў мацюкнуцца, але невядомая сіла яго стрымала, і ён прабурчаў: — Як вам заўгодна.

Яніс спрытна зняў пінжак, аддаў яго маркёру і застаўся ў чорнай камізэльцы. Піцерац ужо даўно быў у адной кашулі. Ад вялікага згушчэння народу ў празмерна нагрэтай зале было душнавата і на мясістым твары Яраслава блішчалі кропелькі поту.

Анатоль Гарун, стаіўшыся за спінамі прысутных, з нянавісцю пазіраў на гэты таўсматы твар. Яго вар’явала, што піцерац не абцірае пот насоўкай, як усе людзі, і той перыядычна капае на кашулю, стол і падлогу.

Кінулі жэрабя манетай. Прычым манету падкідваў старонні чалавек. Упала яна на сукно стала і вызначыла першым разбіваць піцерцу. Перш чым нанесці ўдар, ён прыдзірліва агледзеў і падправіў піраміду, затым карцінна адышоўся ад стала, прысеў, заціснуў кій паміж каленямі і жвава пацёр далонь аб далонь. А тады імпэтна наблізіўся да стала, элегантна прыгнуўся, нацэліў кій і няўлоўным тычком стукнуў па шары. Той смачна ўрэзаўся ў піраміду, слізгануў па адным з першых шароў і накіраваўся раўнютка ў правую бакавую лузу.

У памяшканні, дзе на колькі секунд устанавілася цішыня, пасля ўдалага шара раздаўся шэпт захаплення. Гарун адвярнуў твар ад стала і пакутліва зморшчыўся. І толькі Яніс застаўся як быццам зусім абыякавы. Ва ўсякім выпадку, ніводзін мускул не таргануўся на яго бледным халодным твары. Ён адно адышоўся яшчэ далей ад стала, даючы магчымасць саперніку дзейнічаць у поўную волю.

А Яраслаў, натхнёны выдатным пачаткам, раскачагарыўся і стаў заганяць шары адзін за адным. Тым больш што піраміда разбілася на рэдкасць удала, і асобныя шары раскаціліся на стопрацэнтныя пазіцыі.

Ух, як хваляваўся ў гэты час Анатоль Гарун. Ён нават забываўся на свае службовыя абавязкі і пару разоў атрымаў вымову ад кліентаў, што гулялі на суседнім стале і якіх ён мусіў абслугоўваць. Рукі Гаруна падрыгвалі, на нервовым абліччы раз-пораз праступалі сляды страшнай унутранай барацьбы, ён нават крадком свідраваў вачыма шары, якія мерыўся даслаць Яраслаў у лузу, каб сурочыць. Але гэта не дапамагала. Піцерац яўна злавіў кураж і ўпэўнена набліжаўся да перамогі.

Яму заставалася набраць толькі два ачкі, і якраз выпала выдатная магчымасць гэта зрабіць. Два шары сталі ў надзвычай зручныя пазіцыі — гэта было бачна нават Гаруну, з няблізкай адлегласці. Але Яраслаў ці то не заўважыў іх, ці то рашыў казырнуць, а толькі перайшоў ён на супрацьлеглы бок стала і прыцэліўся на два збліжаныя шары. Вопытны Гарун адразу скеміў, што піцерац хоча загнаць дубль, забіць, так сказаць, двух зайцоў разам: патрапіўшы паміж шарамі, меркаваў накіраваць адзін у найбліжэйшую бакавую, а другі — у далёкую кутнюю лузу. Гэта быў рызыкоўны і ў дадзеным выпадку малаапраўданы ход. Але Яраславу, які злавіў фарт, рупела эфектна завяршыць партыю.

Ён налёг на стол, зажмурыў адно вока і, як заўсёды, упэўнена ўдарыў.

Але тут адбылося штосьці дзіўнае. Накіраваны ў далёкую лузу шар трапіў у яе, нават не закрануўшы борціка. Але другі, што знаходзіўся ў лічаных сантыметрах ад бакавой лузы, папоўз да яе няўклюдна, тыцнуўся ў адзін край, у другі ды так і замёр, не праваліўшыся.

Піцерскі злодзей ад неспадзеўкі нават мацюкнуцца не здолеў. І тут жа, у замагільнай цішыні залы, леваруч ад яго, раздаўся кароткі радасна-трыумфальны ўскрык, які вокамгненна заглух, нібыта чалавеку заткнулі рот.

Угневаны гэтым выгукам, Яраслаў стрэльнуў вачыма ў той бок, адкуль ён данёсся. Але на піцерца глядзелі адны спагадлівыя, здзіўленыя ягоным промахам вочы людзей. Яніс жа, пра якога ўсе часова забыліся, ужо падыходзіў да стала справа і, бясспрэчна, крычаў не ён. Тады хто ж? Яраслаў гатовы быў морду разбіць за гэты радасны выкрык.

Але разважаць яму доўга не давялося, бо прыбалт узяўся за справу нагэтулькі спорна, што спачатку непрыемна здзівіў, а затым і ўсур’ёз засмуціў Яраслава. Карацей, Яніс закончыў партыю на сваю карысць хвілін за пяць. Наносіў удары прыбалт без перапынкаў, не мудраваў і асабліва не прымерваўся да шароў. Было відавочна, што ён, калі сядзеў наводдаль і назіраў за гульнёй саперніка, дасканала пралічыў усе магчымыя варыянты.

Развітваючыся з першымі трымастамі даляраў, Яраслаў міжволі стараўся згледзець на абліччы саперніка якую-небудзь радасць, насмешку. Але нічога падобнага не было: Яніс суха прыняў грошы, кіўком пакланіўся і адышоў рыхтавацца да наступнай партыі.

Затое з Анатоля Гаруна радасць так і перла фантанам. Вочы яго зіхацелі, на шчаках выступіў румянец, хацелася спяваць і танчыць. Хлопец баяўся аднаго — вонкава не выдаць свайго ненармальнага ўзрушэння. Таму, калі прыслужваў за сваім сталом, усяляк стараўся паварочвацца да заклятага ворага спінай.

Наступныя дзве партыі сталіся для Яраслава кашмарам. У другой ён не набраў ніводнага ачка па той простай прычыне, што яго сапернік аніразу не прамахнуўся: упэўнена разбіўшы піраміду, ён, нібы па нітачцы, раскруціў клубок партыі да пераможнага канца. Яраслаў адно здранцвела і заварожана назіраў, як мяняе Яніс свае паставы над сталом, як пераходзіць з аднаго кута да другога, як шустрыць яго жаўтлявы кій над зялёным сукном. І пры ўсім гэтым — спакойны, амаль абыякавы выраз твару!

І што самае подлае, людзі, якія нядаўна захапляліся ім, Яраславам, цяпер зусім на яго забыліся і ледзьве ў далоні не пляскаюць гэтаму лабусу, гэтаму аўтамату па загонцы шароў у лузы. Вунь адзін, таўстапузы ў рудой камізэльцы, якога Ярасаў учора выпатрашыў на трыста даляраў, — цяпер дык відавочна ўсцешаны. А той заморак, якога Яраслаў сёння півам абліў? Каму ж, як не яму, мярзотніку, радавацца! “З дзярмом змяшаў бы!” — скрыпеў ён зубамі, пазіраючы на сутулую спіну Анатоля Гаруна, які ўвіхаўся непадалёку. Закарцела схапіць шар і шпурнуць яго ў тую рухавую, вяртлявую спіну.

Неспатоленая, несціханая злосць авалодала піцерцам. Пакуль прыбалт няўмольна вёў да завяршэння трэцюю партыю, Яраслаў пачуваўся так, нібы спуталі яму рукі і ногі, як барана, павалілі на дол, і адно застаецца чакаць яму сваёй смертухны. І не крыкнеш, што абжулілі, ашукалі Яраслава. Гэта не карты, тут усё навідавоку, сумленна. Прайграў, май мужнасць прызнаць. Ух, як жа не любіў ён цярпець паразы!

У фатальнай трэцяй партыі Яраслаў, які напачатку ўдала разбіў піраміду, запароў ужо трэці шар. Прытым шмаргануў кіем па стале, што для іграка яго класа выглядала ганебным. І зноў паласнуў па вушах чыйсьці кароткі, яхідны смяшок! І зноў Яраслаў не ўпільнаваў, хто засмяяўся.

Асаблівае ўніжэнне перажыў піцерац, калі разлічваўся з Янісам за трэцюю партыю. Аддаўшы шэсцьсот даляраў буйнымі купюрамі, ён выявіў, што ў яго кашальку адна дробязь. Давялося шнарыць па ўсіх кішэнях, збіраць дзесяткамі і пятакамі апошнюю сотню. Да таго ж — ці то ад шалу, ці то ад боязі не расплаціцца — па-здрадніцку закалаціліся рукі. І гэта бачыў не толькі Яніс, што бязмоўным манекенам паўстаў каля яго і чакаў свайго выйгрышу, а і людзі, для якіх ён яшчэ гадзіну таму быў неаспрэчным аўтарытэтам.

Нарэшце расплаціўшыся з Янісам, агаломшаны паразай Яраслаў спусціўся ў бар і, што з ім здаралася крайне рэдка, на працягу пятнаццаці хвілін выпіў за стойкай некалькі чарак каньяку. Але раздражненне не аціхала, нясцерпна хацелася адыграцца, і нішто іншае не лезла ў галаву. Да таго ж падавалася, што бармен, які дагодліва напаўняў яму чаркі, хавае за сваімі вусамі кплівую насмешку.

Так, трэба было браць рэванш. І Яраслаў, ачмураны каньяком і падбухтораны нячысцікам, зноўку пацёгся ў більярдную.

— Дзе Яніс? — схапіў ён за лацкан першага ж маркёра, што яму трапіўся.

— Не ведаю. Мусіць, на другім паверсе, — адказаў служка.

— Чорт вас усіх раздзяры! — Яраслаў павярнуў наўспят і, пераскакваючы праз тры прыступкі, паляцеў у рэстаранную залу.

— Гэй ты, бялявая! — акрыкнуў ён Ліку, якая, заўважыўшы піцерца, паспрабавала прашмыгнуць на кухню. — Стой, я табе кажу! Дзе Яніс?

— Яніс?.. — удала недаўменне Ліка і знерухомела.

— Ну гэты, такі бялявы, — падскочыў да яе і нецярпліва замахаў рукамі Яраслаў, — лабус, прыбалт, Янісам яго зваць… — І раптам успомніў: — Дык ты ж сама мне яго падсунула, курва! Гавары, а то цыцкі паадрываю!

— А… Дык ён уніз пайшоў, здаецца… да гардэроба, — нібыта пакрысе ўспамінала Ліка; па праўдзе, яна вельмі спужалася.

— Даўно?! — злосна тарашчыўся на яе Яраслаў.

— Ды хвілін пяць, мусіць.

— Ат! — махнуў ён рукой і пабег да выхаду з залы.

Тут трэба сказаць, што за час, пакуль Яраслаў у роспачы жлукціў каньяк, Ліка паспела падысці да Яніса, што вярнуўся да свайго століка, узяць у яго сто даляраў (умоўлены працэнт з выйгрышу) і, мала таго, нават аддаць пяцьдзесят даляраў Гаруну, які і без тых грошай быў на сёмым небе ад шчасця.

Усё адбылося прывычна, упраўна і незаўважна для акаляючых.

Яніс жа выпіў заўсёдны келіх “Бардо”, ціха ўстаў і прывідам выслізнуў з залы, у супрацьлеглым куце якой, за стойкай бара, бедаваў і заліваў пройгрыш каньяком піцерскі злодзей.

Словам, калі піцерац выскачыў у фае, Яніса ўжо і след прастыў.

— Гэй, стары! — кінуўся Яраслаў да пажылога самавітага швейцара. — Тут Яніс не паяўляўся?

— А хто гэта такі? — спытаўся добра абучаны вартаўнік.

— Ну, прыбалт, бялявы такі, у більярд тут гуляе заўсёды, — нерваваўся Яраслаў.

— А хто яго ведае… — няпэўна буркнуў швейцар. — Хіба мала сюды народу спускаецца.

— Дык на які хрэн ты тут пастаўлены, ёлуп! — насунуўся на яго піцерац. — Гавары, падла, праходзіў Яніс ці не! А то ўраз мардасіну размяжулю. — Ён схапіў дзеда за каўнер, націснуў кулаком на кадык.

Перапалоханы такім паваротам, крыху прыдушаны, швейцар зашаптаў:

— Ну, праўда ж… не ведаю я дакладна… Ну спускаўся… ён пару разоў перакурыць… мо і на вуліцу прашмыгнуў.

— Дык выходзіў ці не? — штомоцы тузануў яго піцерскі злодзей. — Гавары, плесня смярдзючая!

Вакол іх ужо сабралася колькі чалавек, але ніхто не наважваўся ўступіцца за швейцара.

— Ну выйшаў. Дык што з таго? — сіпеў дзед. — Я ж яму не пастух. — Ды адпусці ты каўнер, шалёны!

Піцерац адштурхнуў дзеда прэч і грозна звярнуўся да акаляючых:

— Хто бачыў прыбалта?

— Малады чалавек, — аклікнуў яго нехта збоку траскучым голасам; гэта быў гардэробшчык. — Яніс ужо не вернецца, ён прыйшоў сюды без верхняй вопраткі. І заўсёды без яе прыходзіць. А скандаліць тут не трэба, — загаварыў ён ужо смялей, бо па прыступках спускаліся два плячыстыя мардатыя ахоўнікі.

— Усё нармалёва, хлопцы, — правільна ацаніўшы сітуацыю, кіўнуў ахоўнікам Яраслаў, калі тыя наблізіліся.

Ён з цяжкасцю ўтаймаваў гнеў, зашпіліў і паправіў пінжак ды зноў падняўся па лесвіцы ў рэстаранную залу.

— Апусцілі падонка… Так яму і трэба… Не лезь у чужую стайню… Малайчына лабус… — запанаваў у фае зларадасны перашэпт.

Але Яраслаў не чуў гэтых слоў.

Гэты вечар ён завяршыў катастрафічна. Зразумеўшы, што сёння Яніса не знайсці, ён наважыў пільнаваць яго тут заўтра і паслязаўтра, а пакуль падняцца ў більярдную, каб адыграцца на нейкім ёлупні. Але выпіты каньяк і душэўны разлад ад ганебнай паразы адыгралі не на яго карысць, і ўдача канчаткова адвярнулася ад піцерца. За тры гадзіны ён прайграў яшчэ пяцьсот даляраў, і толькі паручыцельства мясцовых аўтарытэтаў, да якіх Яраслаў дазваніўся па мабільніку і звязаў з Ашотам, дазволіла яму выдрацца сухім з гэтае калатнечы: сябрукі паабяцалі за яго заплаціць.

У дадатак да ўсяго — па прынцыпе: чым горш, тым лепей — Яраслаў, які заўсёды кепска пераносіў алкаголь, перад самай раніцай набраўся як жаба твані, у беспамяцтве быў пагружаны на аўто і дастаўлены ў свае апартаменты ў гасцініцы “Інтурыст”.

У “Ветразі” яго больш ніколі не бачылі.

11

Анжэла Гольцава была жанчына мажная, дзябёлая і бязвольная. У трыццаць пяць гадоў з-за паўнаты, нездарова пухлага бледнага твару і нейкай агульнай недагледжанасці наўрад бы хто даў ёй менш за сорак. А між тым яшчэ ў дваццаць пяць яе цела было ўсяго толькі схільнае да паўнаты, твар прамяніўся гарэзным румянцам, а валасы былі не зляжалыя, а пышныя і блішчастыя. Развітыя формы заўсёды прываблівалі да яе кавалераў, падабалася ім і Анжэліна памяркоўнасць: у тым плане, што можна было лёгка да яе падступіцца.

Стаўшы жанчынай ужо на другім курсе інстытута, Гольцава ажно да дваццаці пяці гадоў не магла выйсці замуж. Нават тыя яе сяброўкі, у каго не было прыкметнага поспеху сярод хлопцаў, адна за адной браліся шлюбамі. А ўсё ад таго, што былі яны, не ў прыклад Анжэле, хітрыя ды ўчэпістыя.

Але нарэшце пашэнціла і Гольцавай. Праўда, жаніх, Антось, аказаўся не высокі ростам, не волат, пра якога яна даўно і патаемна марыла, а нават з рэдзенькімі бясколернымі валасамі, з праплешынамі. Дый не хакеіст, не афіцэр, не кінаакцёр, а ўсяго толькі эканаміст — як ён сябе называў. А па праўдзе, шараговы бухгалтар.

Ну ды нішто. Галоўнае, ён кахаў Анжэлу, і ад гэтага кахання неўзабаве, і паўгода пасля вяселля не прамінула, нарадзіўся Андрэйка, прыгожанькі такі, здаровенькі хлопчык.

Год шчасліва пражылі маладыя ў Анжэлінай трохпакаёўцы, што засталася ёй пасля рана памерлых бацькоў. Праўда, не муж насіў на руках Анжэлу, а яна гатовая была з яго пылінкі страсаць: абмывала, абшывала яго, пазбаўляла ад прыбірання кватэры, ад беганіны па прадукты і іншага. Ды ўсё спагадліва выслухоўвала ягоныя жальбы на беднасць, на несправядлівасць начальніка Аксёнкіна, на тое, што яго, Антося, не разумее ніхто.

На трэці год іх сумеснага пражывання выявілася ў мужа новая рыса: стаў ён пакутліва зайздросціць розным людзям — тым, хто ў час развалу імперыі спрытна зарыентаваўся ў рэчаіснасці і пайшоў угору. Вельмі заядала яго, няшчаснага, што многія былыя аднакурснікі паўладкоўваліся ў прыватныя фірмы, сталі галоўнымі бухгалтарамі, а тое і свае справы паадкрывалі. Цяпер раскашуюць, чэрці. А ён, які і разумнейшы і сумленнейшы за іх, вымушаны гібець на смехатворным акладзе і есці нішчымны боршч, які з года ў год — аж абрыдла! — гатуе яму Анжэла.

Гэтыя жальбы-нараканні закончыліся тым, што замкнуўся ў сабе Антось, як бы ўзлаваўся на ўсё і ўсіх, стаў прыходзіць позна, скрытнічаў. Гольцава небеспадстаўна западозрыла, што завёў муж сабе сяброўку. Аднак перажывала гэта ціха, затоена: ні спытаць, ні, тым больш, папракнуць не адважвалася яна свайго чалавека.

А ўсё аказалася куды як сур’ёзней: у адзін памятны дзень Антося арыштавалі, у кватэры правялі ператрус і знайшлі на антрэсолі пакунак са скарбамі, украдзенымі ў адной заможнай сям’і: сталовае срэбра і золата, пярсцёнкі з дробнымі дыяментамі. Як казаў адвакат, наняты свякрухай, і невялікая гэта была кража, і артыкул не такі грозны, і стаяў Антось толькі на шухеры, але запраторылі-такі яго на тры гады — падкарміцца на казённых харчах, папрацаваць на карысць дзяржавы.

Першы год раскайваўся, слёзныя лісты дасылаў. Кахаю, пісаў, ты чакай толькі. Анжэла каўтала слёзы, чакала; працуючы на паўтары стаўкі, гадавала малога Андрэйку.

Затым, праўда, лісты сталі прыходзіць усё радзей і радзей, зніклі адтуль сантыменты і слёзнасць, з’явіліся нязвыклая каснаязыкасць і прыблатнёныя слоўцы, праглядвалася падазронасць да жонкі: ці не гуляе, ці не рыхтуе яму свінню ў выглядзе разводу, адмовы ў прапісцы і падобнае. Адчувалася нават скрытая пагроза.

І вось прайшлі чарадой зімы і леты, ды явіўся аднойчы ўвечары Анжэлін законны муж: нейкі схуднелы, замацярэлы, з насцярожана-нядобрым (гэта яна заўважыла) выразам твару.

Ну, абняліся, пацалаваліся. І адразу ж, не спытаўшыся нават пра пяцігадовага сына, Антось зашыўся ў пакоі, дзе стаяў тэлефон, ды з гадзіну гаманіў там са сваёй маці. Ласкава так называў яе: “матуля”, “родненькая”. Гэта моцна заела Анжэлу, бо са свякрухай у яе былі цяжкія, напружаныя адносіны.

За вячэрай размова яўна не клеілася. Жарты ў Антося былі прымітыўныя, аддавалі пахабшчынай, вочы зеўралі пустатою. Гольцавай нават страшнавата стала: нібы прыйшоў гэта не доўгачаканы муж, бацька яе сына, а чужы, небяспечны чалавек заявіўся. Піў і еў ён прагна. Але асушыўшы паўпляшкі гарэлкі, пазмрачнеў, піць перастаў, адно безуважна калупаў відэльцам у талерцы і смаліў моцныя папяросы. Попел страсаў у шклянку. Затым прысунуўся да жонкі, агладзіў сукаватай рукой, на пальцах якой былі вытатуіраваны нейкія літары, і раптам, абхапіўшы левай за шыю, драпежна прыпаў губамі да Анжэліных вуснаў, акунуў правую кісць у яе раскошны бюст. Праз хвіліну, без усякіх слоў і цырымоній, ускінуў на рукі і занёс у спальню. Святло ў зале так і гарэла да раніцы, стол застаўся непрыбраным.

Муж мучыў яе ў пасцелі цалюткую ноч, гадзін сем. Толькі перад світаннем захроп. Анжэла ж так і ляжала з адкрытымі вачыма, тупа глядзела ў столь. Ужо займаўся восеньскі золак, праз гадзіну трэба было будзіць сына, карміць і адводзіць у садок. На работу вырашыла не ісці, узяць адгул.

Калі ўстала з пасцелі, балела ўсё цела і ламала косці, а зірнуўшы ў люстэрка, убачыла цёмныя мяшкі пад вачыма і пару сінякоў ад засосаў на шыі. У ваннай жа, прымаючы душ, заўважыла некалькі сініх плям на жываце і сцёгнах, драпіны на грудзях.

Муж прадрых сном немаўляці да першай гадзіны. Устаўшы, загадаў выпрасаваць яму кашулю і стары касцюм. З аппетытам і амаль моўчкі паснедаў, узяў у Анжэлы дваццаць даляраў (“на разжытак”) і, сказаўшы: “Вечарам буду”, — знік за дзвярыма.

Антось і сапраўды прыйшоў вечарам. Толькі позна, а першай гадзіне ночы, пад добрай чаркаю. На скулах у яго выпнуліся жаўлакі, на кашулі быў адарваны верхні гузік і віднелася цёмная пляма — верагодна, ад віна; вочы калюча блішчалі. Ён па-свойску палез у халадзільнік, вывудзіў недапітую ўчора бутэльку гарэлкі і сёе-тое з закусі. Выпіў першую чарку, а тады падазваў да сябе Анжэлу, што нясмела тапталася ў дзвярах. Усадзіў на калені, прапанаваў выпіць. Яна адмовілася.

— Грэбуеш, значыць! — Муж саштурхнуў яе з каленяў і брудна вылаяўся.

Дапіўшы дарэшты гарэлку, Антось запатрабаваў грошай. Анжэла жахнулася і сказала, што ў яе толькі на харчы засталося, што хай ён падумае пра дзіцёнка, якога яшчэ не бачыў, — як таму жылося тры гады без бацькі.

Але муж падскочыў да яе, кароткім разважаным ударам сунуў кулаком пад дых і тут жа, калі жонка, захліпваючыся, сагнулася крукам, выцяў у твар каленам.

Ашаломленая, ледзь не паўзком, калі з носа і губ цякла кроў, трымтлівымі рукамі дастала Анжэла з заначкі і аддала Антосю апошнія грошы. Добра што днямі чакаўся аванс, інакш бы яны з Андрэйкам папросту галадалі.

Муж скрупулёзна пералічыў грошы і паклаў у кішэнь. Ён адразу падабрэў, скрывіў лагодную ўхмылку і падышоў да жонкі. Анжэла, душачыся слязьмі, абцірала кроў насоўкай і стаяла тварам да акна.

— Ну-ну, не крыўдуй, Анжэл, — прасіпеў гэты вылюдак і гулліва ляпнуў жонку далонню ніжэй ад спіны.

І тут жа з’едліва папракнуў:

— І ты ж не без грашкоў. Прызнайся, нябось падгульвала тут без мяне? Га? — З гэтымі словамі муж ізноў дабрадушна пляснуў Анжэлу па мяккім месцы.

— Адстань! — грэбліва сцепанула тая плячыма.

— Ну-ну, Анжэл, — прымірэнча сказаў нядаўні зэк і раптам абхапіў яе ззаду, груба, шчыпаючы пальцамі саскі грудзей, прыцягнуў да сябе.

— Гад! — прастагнала Анжэла, крутанулася, выцяла яго локцем у плячо і рванулася з кухні.

Антось нагнаў яе ў калідоры, пасля нядоўгай барацьбы, выкруціўшы левую руку за спіну, завалок у спальню і кінуў на высокую тахту, галавой у груду падушак. Наваліўся ззаду… Роспачныя Анжэліны енкі патаналі ў задушлівай пухлай падушцы. За дзесяць хвілін знаходжання ў такой позе яна думала, што або задыхнецца, або зломяцца яе шыйныя пазванкі.

Усё наступнае Анжэліна жыццё абяцала быць пеклам.

З гаспадыні яна ператварылася ў абслугу, кухарку для свайго мужа і яго блатных сябрукоў, што днявалі і начавалі ў іхняй кватэры. Тут не выветрываўся смурод танных він і гарэлкі, ад тытунёвага дыму ў пяцігадовага сына з’явілася бяссонне. Пастаянна нехта прыходзіў, сыходзіў, тупаў па кватэры.

Анжэла з Андрэйкам перабраліся ў маленькі кутні пакойчык і вечарамі сядзелі, як зацкаваныя звяркі. Муж мог у любы час — хоць бы і поначы — выклікаць жонку, каб яна кашаварыла для чарговага дарагога госця, бегла ў краму па жратву і гарэлку. У яго паявіліся пачкі грошай, што пужалі Анжэлу сваёй таўшчынёй, і небеспадстаўна меркавала яна, што грошы тыя мазольнай працай не зарабляліся.

Антось, калі быў цвярозы, ставіўся да жонкі з сынам даволі цярпіма, нават дабрадушна. Але тое была дабрадушнасць пана да сваіх прыгонных, якая ў любую хвіліну — калі яму чымсьці не ўнаровіш — гатовая была перарасці ў пагарду, нянавісць, агрэсію. Аднойчы сын за вячэрай палез у цукарніцу мокрай лыжкай, дык родны бацька зароў на яго як тыгр, аблаяў “свінтухом” і вывернуў цукарніцу пяцігадоваму хлопчыку на галаву. Той заплакаў. Яго слёзы толькі раз’ятрылі нервовага зэка, і ён, пакрыўшыся барвовымі плямамі, загадаў Андрэйку заткнуцца. Ад страху той разрумзаўся яшчэ больш. Тады бацька схапіў яго ручку сваёй лапінай, вышмаргнуў з-за стала і завалок у туалет. “Будзеш сядзець да ночы!” — вынес ён свой прысуд і запёр цёмны туалет на зашчапку.

“Толькі паспрабуй яго выпусціць!” — прыгразіў ён Анжэле, якая была так агаломшана гэтай сцэнай, што нават рота не пасмела раскрыць, не кажучы пра якое-небудзь супраціўленне.

А галава сям’і адкаркаваў пляшку піва, раскінуўся ў крэсле, паклаў ногі на часопісны столік і стаў глядзець тэлевізар. Увесь вечар якраз ішоў “Аншлаг”: крыўляліся гумарысты, і Антось паміраў з рогату.

Мяркуючы, што ён астыў і даўно забыўся на сына, Анжэла крадком выпусціла перапалоханага пасінелага Андрэйку з яго вязніцы і адвяла ў спальню. Хлопчыка біла дробная дрыготка, і ён доўга не мог слова вымавіць.

Бацька, насмактаўшыся піва, праз колькі часу пайшоў аблягчыцца ў прыбіральню і ўбачыў, што яго асмеліліся аслухацца. Раз’юшаны, уварваўся ён у спальню, адштурхнуў Анжэлу, што паўстала на яго шляху, выцягнуў паўсоннага маленькага сына з пасцелькі, кінуў на падлогу і зняў свой тоўсты, з важкай спражкай скураны рэмень…

Хвосткія ўдары абрушыліся на слабае цельца. Але трэба было бачыць твар ката: нейкая патоля, ухмылістая радасць выяўляліся на ім. Анжэла кошкай рынулася на мужа, учапілася ў валасы, падрапала шчокі пазногцямі. Аднак хутка адляцела да сцяны і выцялася хрыбетнікам аб рабро батарэі. Цяпер рэмень замалаціў ужо па ёй: па жываце, грудзях, галаве, якую яна няўмела бараніла рукамі.

Чорту ведама, чым бы скончылася гэтая сямейная разборка, каб у дзвярах не раздаўся настойлівы, працяглы званок.

“Замрыце тут, а іначай…” — загадаў муж такім голасам, што адразу стала ясна, як можа быць “іначай”. Ён шчыльна зачыніў спачывальню і падыбаў да ўваходных дзвярэй, куды нехта настойліва званіў і стукаў. “Хто?” — пачула Анжэла яго хрыплы голас.

Аказалася: дружкі; выклікалі па нейкай тэрміновай справе. Яны пашапталіся ў калідоры і неўзабаве зніклі.

Раніцой выявілася, што Андрэйка стаў заікацца. Забягаючы наперад, скажам, што потым яго доўга лячылі ў розных неўрапатолагаў, лагапедаў і псіхіятраў. Залячылі. Але і дагэтуль — мінулася шэсць гадоў — у хвіліны моцных душэўных узрушэнняў з болем заўважае Анжэла, як зрываецца і вібрыруе сынаў голас, наскакваюць адно на адно словы… І тады ўспамінаецца тая страшная ноч.

Бог злітаваўся з яе, і праз тыдзень мужа арыштавалі.

На гэты раз не адкараскаўся ён малым тэрмінам, а атрымаў на поўную закрутку — дванаццаць гадоў. Адбіраючы грошы, адкалашмаціў ён з хаўруснікамі пажылога дзядзьку, а той вазьмі ды сканай праз пяць дзён у бальніцы. Адным словам, забойства з абцяжваючымі абставінамі. Запраторылі Антося ў калонію строгага рэжыму. І гэта яшчэ прамаўчала на судзе Анжэла, які асвенцым наладзіў ёй муж за месяц сумеснага пражывання, а то б падкінулі яму гадкоў.

Усё адносна пад гэтым небам. І жыццё, што настала пасля другой мужавай пасадкі, — жыццё адзінокай маці, якое раней яна лічыла гаротным з гаротных, падалося Анжэле Гольцавай ледзьве не раем.

Праўда, даймала свякруха. Дакучліва званіла па тэлефоне і папракала за тое, што не адказвае Анжэла на мужавы лісты, не падтрымоўвае яго маральна. Падтрымоўваць пачварыну, якая выйдзе і зноў пачне яе мардаваць! Ну не! Анжэла цвёрда рашыла абарваць з Антосем усякія сувязі. З сынам пра бацьку не размаўляла; ён стаўся для іх больш чым нябожчыкам: пра тых хоць успамінаюць зрэдчас. Цяпер аднаго хацела яна — каб загнуўся яе законны ў той калоніі, каб ніколі з яе не выбраўся. Тым больш што праз паўтара года прыйшло паведамленне, што накінулі яму яшчэ пяць гадоў — за панажоўшчыну. Ва ўсякім разе можна было спадзявацца, што калі вылузаецца Антось на волю, то ўжо прыйдзе не зухам, не малайцом, які збівае сына і гвалціць жонку, а драхлай развалінай, імпатэнтам.

Але падчас верадзіла яе душу трывожнае: што як уцячэ муж з калоніі ды заявіцца неспадзеўкі? Проста халодны пот прабіваў тады Гольцаву, і ліхаманкава шукаў яе розум выйсце. І не знаходзіў. Менавіта гэты ўчэпісты страх перашкаджаў Анжэле зрабіць правільны крок: развесціся з агорклым бандытам, памяняць кватэру, пастарацца знайсці новага мужчыну, каб забыць, забыць усё даастатку. Яшчэ ж паўжыцця наперадзе! Тым больш і сяброўкі так раілі. Але па прыроджанай сваёй бязвольнасці, ад жаху перад магчымай помстай кончанага зэка, ад успамінаў пра яго кулакі не магла наважыцца Анжэла на развод.

Адно што зрабіла: вярнула сабе дзявочае прозвішча — Гольцава. І не так для сябе, як дзеля сына, якому належала ісці ў школу. Не хацелася Анжэле, каб па некалькі разоў на дні гучала там услых ненавіснае прозвішча, каб аклікалі па ім сябрукі-прыяцелі яе Андрэйку.

А сын рос разумным, кемлівым хлопчыкам, вучыўся амаль на выдатна. Адно што хвалявала — надта дамасед ён, нібы людзей цураецца. Равеснікі на вуліцы дурня валяюць, у футбол гойсаюць, а ён сядзіць, у кнігі занураны. Прычым чытае ўсё не па ўзросце. У чацвёртым класе да Купера, да “Трох мушкецёраў” дабраўся. Хіба гэта нармальна? І ўрачы кажуць, што не: гуляць трэба болей, на свежым паветры знаходзіцца, у школе і так мазгі дзецям будзь здароў замарочваюць. Вось і зрок у яго дрэнны, ужо мусіць надзяваць акуляры, а ў акулярах дзецям цяжэй — дражняць іх бязлітасныя аднагодкі, уціскаюць. Хаця Андрэйка не зломак: і ростам удаўся, і дужасцю, так што дасць, калі трэба, здачы. Але адзіночка ён, адзінокім цяжэй жывецца. Каму, як не Анжэле, гэта ведаць…

Пасля апошняй пасадкі мужа, на працягу першых двух гадоў, яшчэ рабіла яна вялыя спробы знайсці сабе сябра. І кандыдаты, здаецца, былі, і лёгкі флірт, аднак да сур’ёзных спраў не даходзіла. Зашчоўкнулася нешта ў Гольцавай, не давярала яна больш мужчынам, баялася іх. Так і пражыла шэсць гадоў адна.

12

І ўсё ж, прыкладна паўгода таму, у Анжэлы Гольцавай з’явіўся мужчына. Пазнаёмілася яна з ім выпадкова, калі вярталася з далёкага рынку, па выхадзе з аўтобуса: нейкі хлопец вызваўся памагчы дацягнуць дадому ёмістыя валізы з прадуктамі. Выгляду ён быў зусім някідкага — сярэдняга росту, са светлымі валасамі і невыразным тварам — і таму не выклікаў у Анжэлы недаверу, як, зрэшты, і асаблівай сімпатыі. Па дарозе, а дом Гольцавай адлягаў ад аўтобуснага прыпынку на добры кіламетр, яны разгаварыліся. Аказалася, хлопца завуць Віталь, ён студэнт чацвёртага курса політэхнічнага інстытута, у гэтым раёне выпадкова — едзе ад сябра.

Яны б так і развіталіся ля яе пад’езда, каб бабулі, што нязводна бавяцца тут на лавачцы, голасна не абураліся нахабным, на тры гадзіны запар, адключэннем электрычнасці. Зразумела, ліфт не працаваў. А Гольцава жыла пад самым дахам, на дзевятым паверсе. Абыходлівы малады чалавек, даведаўшыся пра гэта, не мог пакінуць жанчыну на вырак лёсу і пацягнуў валізы наверх. Анжэла ж у сваю чаргу, без усякай задняй думкі, таксама не магла не аддзячыць такога чулага хлопца хаця б чаем з булачкамі. Віталь, млява пасупраціўляўшыся, згадзіўся. Пакуль распранаўся, мыў рукі, ішоў на кухню па вузкім калідорчыку, убачыў, што і краны цякуць, і кепска функцыянуе зліўны бачок у туалеце, а пераключальнікі святла працуюць з сур’ёзнымі збоямі. За чаем Віталь далікатна пацікавіўся ў гаспадыні, у чым прычына такога дамашняга заняпаду, на што тая ўздыхнула і спярша неахвотна, а потым усё больш шчыра і горача распавяла выпадковаму знаёмцу аб сваёй нядолі. Да таго ж адкрыла, што ўпраўдом хам і дзяляга, а сантэхнік не бывае цвярозым, і ад яго прыходаў вада цячэ яшчэ больш. І гэтак далей…

Студэнт паспачуваў і без ваганняў прапанаваў — калі, вядома, яе гэта не бянтэжыць — сваю сціплую дапамогу: тое-сёе адрамантаваць, прывесці да ладу. Праўда, зараз ён спяшаецца на лекцыю, а вечарам трэба рыхтаваць курсавую, але заўтра, пасля абеду, ён неадменна прыйдзе да Анжэлы і, па меры магчымасці, штосьці зробіць.

Ён не падвёў, прыйшоў наступнага вечара і ўзяўся выпраўляць хібы заняпалай Анжэлінай гаспадаркі. Адзінаццацігадовы Андрэйка, сын Гольцавай, не адыходзіў ад яго ні на крок, цікаўна за ўсім сачыў, падаваў патрэбныя інструменты. Працы аказалася прорва. Трэба было ссунуць некаторыя шафы на кухні і ў жылых памяшканнях, паколькі за дзевяць гадоў за мэбляй назапасіліся горы пылу і бруду. Акрамя таго, узнікла неабходнасць выбіць усе дываны, што былі прыціснуты да падлогі грувасткімі шафамі, а цяпер з-пад іх вызваліліся. Словам, яны не ўправіліся за адзін вечар, і спатрэбілася яшчэ некалькі прыездаў дабрадзейнага студэнта, каб прывесці кватэру ў больш-менш гожы выгляд.

За гэты час студэнт здружыўся з Андрэйкам, а самае важнае, паміж ім і Анжэлай устанавілася трывалая сімпатыя. Яна разрасталася пры кожным спатканні, і неяк суботнім днём, калі Андрэй быў у школе, спраўдзілася тое неадхільнае, што бывае паміж маладымі мужчынам і жанчынай і дзякуючы чаму тысячагоддзямі жыве чалавечы род, жыве і не зводзіцца…

Пасля гэтага Віталь, які быў маладзейшы за Анжэлу аж на дванаццаць гадоў, стаў час ад часу начаваць у яе кватэры. Дарэчы, пры спакойным стаўленні да гэтага Андрэйкі, якому мяккі і абыходлівы характар мамінага сябра яўна быў даспадобы. Мабыць, спрацаваў тут кантраст паміж лагодным Віталем і шалёным, бязлітасным родным татам, якога сын і дагэтуль не мог успамінаць без агіды і жаху.

Анжэле ж Гольцавай мужчына быў крайне патрэбны. Змучаная адзінотай, вярэдлівымі ўспамінамі і бязрадаснымі думкамі душа была гатовая прыняць любога, хто дасць ёй цяпло, пяшчоту і ласку. Літаральна за месяц у Анжэлы выправілася паходка, у жэстах і голасе з’явілася нармальнае жаночае какецтва, зноў засвяціліся вочы, зарумянеў твар… І толькі празмерная паўната ніяк не спадала, бо ад добрага настрою ўзрос апетыт. Аднак тое ўжо была не паўната друзлай малапрывабнай кабеты, а пышнай сімпатычнай маладзіцы, на якую зноў сталі аглядвацца мужчыны.

Віталь жа, як выявілася ў хуткім часе, сам меў нямала праблем і таксама адчуваў моцную патрэбу ў сяброўцы жыцця, якой можна было б распавесці пра сваё набалелае, прытуліўшыся ўночы, абагрэць і душу і цела.

Быў ён родам з глухога мястэчка пад Полацкам, адкуль усе маладзёны, хто не хоча прапасці і спіцца, уцякаюць на злом галавы. Адслужыўшы ў войску, выправіўся і Віталь у сталіцу ў пошуках свайго шчасця. Але паступіў ён не ў тэатральны, не ў мастацкі, не ў медыцынскі, а ў банальны політэхнічны інстытут, на самую малапрэстыжную спецыяльнасць. Даводзілася зубрыць супраматы і тэорыі механізмаў, карпець над бясконцымі мудрагелістымі чарцяжамі. А ўмоў для гэтага не было, таму што пасялілі студэнта ў самы заняпалы інтэрнат, у пакой да заядлых гулякаў і бузацёраў. У пакойчыку ледзьве змяшчаліся тры казённыя ложкі і кульгавы столік, на якім не тое што чарціць — есці было немагчыма. Сужыцелі пастаянна вадзілі сюды п’яныя хаўрусы: з раўлівымі песнямі, гітарай і дзеўкамі. Віталю ўсе чатыры гады, каб сяк-так выконваць вучэбную праграму, давялося туляцца па чытальнях, бібліятэках, прыяцелевых кватэрах. Нярэдка, калі позна вечарам вяртаўся ў інтэрнат, заставаў там разнастайных алесяў, васілёў і наташак, якія спакойна сабе дрыхлі на яго ложку пасля чарговай гулянкі. Дый не толькі дрыхлі…

Усё гэта, ціха жалячыся, расказваў Віталь сваёй новай сяброўцы. Зрэшты, не будзем многа пра яго гаварыць, бо ён яшчэ пра сябе выкажацца. Тым больш што акурат у той марозны студзеньскі вечар, калі разыгралася драма ў рэстаране “Ветразь”, чакала Анжэла Гольцава чарговага Віталевага прыходу.

Ён пазваніў на пачатку адзінаццатай і паабяцаў быць праз гадзінку. Жанчына вельмі ўзрадавалася гэтаму, паколькі Віталь здаваў зімовую сесію і аж з Новага года не мог да яе прыехаць. Звычайна ж ён начаваў у Гольцавай два разы на тыдзень. Часцей не мог, бо, уважаючы на буяных сужыцеляў, апасаўся за сваё месца і няхітрую маёмасць. Ужо некалькі разоў, калі Віталь ездзіў на пабыўку дадому, сужыцелі самавольна сялілі на яго ложак разнамасных прыяцеляў-алкашоў, якіх затым было надзвычай цяжка вытурыць. Гэтыя “пасяляне” спалі на яго ложку, елі яго лыжкай з яго талеркі ды, мала таго, валтузіліся з жанчынамі сумніўнай чысціні на яго просцінах… Словам, кватэра Гольцавай была запаветным прыстанкам для гэтага шматпакутнага студэнта і добрага, мяккага чалавека.

…Гадзіннік паказваў дзесяць хвілін першай, а Віталя ўсё не было. Гольцава хвалявалася. Яна нервова тупала па кухні, раз-пораз падыходзіла да акна і ўзіралася праз шыбу ў начную цемру. Іх двор быў асветлены нядрэнна, але квартал перад аўтобусным прыпынкам, цераз які мусіў ісці Віталь, сёння быў вусцішна цёмным. Яна трывожна ўслухоўвалася і быццам бы чула адтуль выгукі і п’яны рогат тутэйшых хуліганаў, якія заўсёды наводзілі на яе агіду і страх. Тут ужо двойчы забілі ціхамірных жыхароў, што вярталіся дамоў поначы. Аднаго — у суседнім доме, непасрэдна пад Анжэлінымі вокнамі: на саракагадовага мужчыну напаў нейкі вырадак з арматурынай і наводмаш, бязлітасна малаціў па грудзях, спіне і галаве, пакуль той не ўпаў мёртвым. Гэта бачылі жыхары, пад чыімі вокнамі адбываўся той жудасны гвалт. Міліцыя, якую яны выклікалі, не толькі не выратавала нябогу, але і ягоны забойца бясследна растаў у начным цемрыве.

Гэтая і падобныя жахлівыя гісторыі ўпарта лезлі ў галаву беднай Гольцавай. А яшчэ даймаў Андрэйка, які захапіўся чарговай прыгодніцкай кніжкай і ніяк не хацеў засынаць. Маці ўжо два разы заходзіла ў яго спальню і загадвала гасіць святло. Сын, бледны ад празмернага чытання, спрачаўся з ёй і капрызнічаў. Анжэла, вычарпаўшы ўсе слоўныя аргументы, вырвала кнігу з яго рук, і Андрэйка нечакана закрычаў на яе, пачаў нешта тараторыць і, як почасту з ім бывала, збіўся на заіканне, заплакаў. Расплакалася і Анжэла. Яна кожнага разу пасля такіх выпадкаў успамінала мужа, што быў прычынай гэтага заікання, і нібы перажывала нанова падзеі шасцігадовай даўнасці. А надоечы ёй прысніўся сон, ад якога яна і дагэтуль не можа прыйсці да душэўнае раўнавагі. У сне тым сярод ночы нешта стукнула, рыпнула, а затым стала нязвыкла ціха. Анжэла пакутліва ўслухоўвалася ў цішыню, і ёй падалося, што ў кватэры ёсць нехта трэці. Яна ўскочыла з ложка і, пераадольваючы жах, прадыбала ў калідор. Паспрабавала ўключыць святло, але пераключальнік заела. І тут яна ўбачыла, што з залы, дзверы ў якую былі няшчыльна зачынены, прабіваецца прывіднае блакітнае святло. Яна пракралася да шчыліны, прыпала да яе, спрабуючы зазірнуць у пакой. Раптам дзверы знасцежыліся самі, і Анжэла ўбачыла пасярод залы свайго мужа Антося, залітага месяцовым святлом; бязмоўны і страхалюдны, ён трымаў у адной руцэ крывы доўгі нож, а ў другой, за валасы, чыюсьці адсечанаю галаву. Галава была павернута да Анжэлы патыліцай, але недарэчная здагадка працяла яе існасць: гэта галава Віталіка! Ашаломленая страшнай здагадкай, яна рынулася з залы і пабегла па калідоры да спальні. Але калідор аказаўся бясконцым, ногі Гольцавай блыталіся і вязлі ў чымсьці смярдзючым і ліпкім, а ззаду гулка бухалі неадхільныя крокі яе мужа-забойцы… У гэты момант Анжэла прачнулася. Яна ляжала на левым баку, за грудзінай тахкала і замірала напалоханае жаночае сэрца…

І якраз наступнага дня прыперлася свякруха. А дагэтуль з паўгода не паказвалася і не тэлефанавала. Гольцаву як перуном жахнула: нездарма такія супадзенні. Свякруха, гэтая старая карга, апошнія шэсць гадоў упарта даймала Анжэлу сваімі прыходамі. Заявіцца, бывала, без папярэджання — паі яе чаем, вынаходзь нейкія пустыя словы, бо пра мужа Гольцава зараклася з ёй не размаўляць. І дзіўна, тая таксама амаль не ўзгадвала свайго сына, а толькі яхідна-дакорліва пазірала на нявестку ды шнырыла калючымі злоснымі вачыма па кватэры. Анжэла ведала — шукае сляды мужчыны, сынку свайму ненагляднаму плошчу зберагчы хоча. Сама ж жыве ў камуналцы, і калі вернецца сынок-забойца, то ёй хоць з дому збягай. Хоча, старая гадаўка, каб ён да Анжэлы вярнуўся, каб ізноў мучыў яе і Андрэйку. А іначай нашто ёй прыходзіць? Пра ўнука свайго адзінага амаль не спытаецца: ці не хварэе ён, як вучыцца? За шэсць год прынесла яму дзве заляжалыя, пакрытыя белым налётам шакаладкі. Анжэла іх выкінула ў смеццеправод. І сыну загадала, каб не адпіраў бабулі, калі адзін дома. Аднойчы і не адпёр Андрэйка, убачыў старую ў дзвярное вочка — і не пусціў. Доўга, напорыста, з паўгадзіны, званіла свякруха, цвяліла нервовую сістэму дзіцяці. Той мусіў патэлефанаваць Гольцавай на работу, і яна стрымгалоў, праз паўгорада, памчалася дадому, каб падраць праклятай ведзьме твар і навек адвадзіць ад іхняй сям’і. Дзякаваць Богу, не застала яна старую. Некалькі месяцаў яе не было з таго часу.

А ўчора, акурат пасля жудлівага Анжэлінага сну, і заявілася свякруха. Страшная нейкая, змарнелая. Прыняла яе Гольцава на кухні, кавы наліла, падала сёе-тое. Не кранулася старая ні пітва, ні ежы. А толькі абыякава так, нязвыкла абыякава глядзела на нявестку, блытана гаварыла то пра надвор’е, то пра тое, як цяжка стала на пенсію жыць… Спыталася пра ўнука. “Да сябра пайшоў”, — зманіла Анжэла, бо перад тым як адчыніць дзверы, загадала сыну заперціся ў спальні. Так бесталкова і тамліва праседзелі яны на кухні хвілін дваццаць, затым зазбіралася старая, пайшла да выхаду. І ўжо ў дзвярным праёме, калі пераступала парог, нехлямяжа абярнулася і кінула:

— Ад Антося табе прывітанне… — Гольцава так і здранцвела ад гэтых слоў.

Праз колькі секунд ачомалася і зыкнула ўслед свякрусе, што ўжо спускалася да ліфта:

— Што значыць — “прывітанне”? Што ён ад мяне хоча?!

Не адказала свякруха, не павярнула да яе твару, а борздзенька шмыгнула ў ліфт, што якраз падышоў, націснула кнопку.

Гольцава рынулася да ліфта і замалаціла кулакамі ў дзверы з немым крыкам:

— Адчапіцеся вы ад мяне, ірыды! Ненавіджу вас, і род ваш свалачны ненаві-іджу!!!

І асеклася: а раптам гэтае прывітанне ад мужа — з волі, раптам ён уцёк і рыхтуе над ёй расправу, раптам, пакуль яна спускалася да ліфта, ён пранік у адкрытую кватэру і там затаіўся? Рукі і ногі адняліся ў Анжэлы ад жаху, у спіну нібы ўсадзілі кол і вярэдзілі ім цела… Яна ледзьве давалаклася да кватэры, ліхаманкава зачыніла дзверы і клікнула сына.

Той тут жа выйшаў са спальні; напэўна, падслухоўваў іхнюю гаворку праз дзвярны шчыт. “Усё нармальна, сынок?” — кінулася да яго Анжэла і стала асыпаць пацалункамі. “А што здарылася?” — недаўменна глядзеў на яе адзінаццацігадовы Андрэйка. “Усё добра, сынку… усё добра”, — прашаптала яму на вуха маці. Аднак тут жа вярнулася да ўваходных дзвярэй, заперлася на ўсе замкі, пачапіла ланцужок і спусціла “сабачку”.

…І зараз, на пачатку першай гадзіны ночы, калі трывожна чакала Віталя, не выходзілі з Анжэлінай галавы ні сон той пракляты, ні візіт ненавіснай свякрухі, ні д’ябальскае “прывітанне”, вымаўленае той нейкім таямнічым, зларадным і злапомслівым тонам. І чым далей перавальвала стрэлка гадзінніка за поўнач, тым мацней разыгрывалася Анжэліна фантазія. Уяўлялася, напрыклад, што сцеражэ зараз ейны пачварны муж Віталіка ў нетрах пад’езда, тоячы за пазухай крывы доўгі нож… А мо ўжо падсцярог?! І вырывалася тады бедная жанчына на лесвічную пляцоўку, і пільна ўслухоўвалася ў рэдкія начныя гукі…

13

Віталь з’явіўся толькі а палове першай. Задыханы, узрушаны, з нейкім цёмным пакетам у руках. Быццам падымаўся ён на дзевяты паверх пешкі.

— Прывітанне, — цмокнуў ён Анжэлу ў шчаку, пераступаючы парог кватэры. — Андрэйка спіць?

— Павінен спаць. — Гольцава пачала памагаць яму здымаць паліто. — Хаця, можа, і чытае ўпотай. Пэўна ж здагадаўся, што ты прыйдзеш.

— На вось, — Віталь дастаў з мятага пакета шакаладку, — перадай яму заўтра.

— Дык сам перадасі. Раніцой жа ўбачыцеся.

— Не ведаю, мне заўтра рана ўставаць трэба.

— Гэта яшчэ чаму?

— Не шумі, хлопца разбудзіш, — шэптам сказаў Віталік. — Зараз раскажу. — І накіраваўся ў ванную, каб памыць рукі.

— Дрэнныя мае справы, — сказаў начны госць, калі яны селі за кухонны стол, куды Анжэла выставіла сёе-тое паесці. — Сёння гэтыя чэрці мой зборачны чарцёж зглумілі.

— Хто?

— Ды гаўрыкі мае, Сашка з Пецькам. — (Ён назваў сужыцеляў па інтэрнацкім катуху.) — Прывялі зноў чортведама каго, гармідар наладзілі… — Віталь безнадзейна махнуў рукой і ўзяў са сподачка скрылёк сыру. — Здаецца ж, пад ложак чарцяжы прыхаваў, паперай іх паабгортваў — усё адно півам пазалівалі.

— Я ж табе прапаноўвала іх да мяне перанесці, — папікнула яго Анжэла. — І наогул, чарцяжы трэба ў футарале трымаць.

— Ды што цяпер у пусты след гаварыць, — уздыхнуў Віталь. — Канешне, я вінаваты. Прыйшоў сёння ўвечары: сядзяць пяць чалавек лыка не вяжучы. Распітыя такія, нахабныя будкі. Двое — на маім ложку. У пакоі накурана, чатыры пустыя трохлітровікі валяюцца і піўная лужына на падлозе. У мяне аж сэрца спынілася: прапалі мае чарцяжы! Рынуўся пад ложак — так і ёсць: мокры скрутак. Ды па законе подласці зборачны чарцёж, самы з іх складаны, найбольш пацярпеў. Бо абгортваў сабой усе астатнія.

— Дык, можа, высушыць яго, адпрасаваць і…

— Дзе там, Анжэла! — усклікнуў Віталь. — Я ж спрабаваў. Ён цяперака на туалетную паперу падобны. Ды прытым, прабач, на тую, якой добра пакарысталіся. Ох… — Ён аблакаціўся на стол і закрыў твар далонямі. — Капец мне, Анжэла. Я яго за тыдзень не аднаўлю, да экзамена мяне, натуральна, не дапусцяць. А калі буду чарціць (а іншага выйсця няма), то правалю і астатнія экзамены. Э-эх… Прападаць дык з музыкай. — З гэтымі словамі ён дастаў з пакета, які ўвесь час трымаў на каленях, бутэльку партвейну ёмістасцю 0,7 літра.

— Ну вось яшчэ! Знайшоў час, — здзівілася Гольцава. — Хіба гэта вырашэнне праблемы? Нап’ешся, як будзеш заўтра працаваць?

— Дык тое ж заўтра, — з адчайнай абыякавасцю сказаў студэнт, адкаркоўваючы пляшку. — Ненавіджу алкаголь і, верыш, ніколі ў жыцці не здымаў стрэсы з яго дапамогай. Але і рэдка ж мне было так пагана, як сёння…

— Ты паеш хоць, Віталік. Лягчэй стане. — Гольцава пасунула да яго талерку з нарэзанай варанай каўбасой і вяндлінай. — Хочаш, яешню згатую?

— Не, Анжэла, кусок у горла не палезе. Падай лепш пару шкляначак, калі ласка.

Гольцава з неахвотай паставіла на стол два грувасткія нязграбныя фужэры. Віталь наліў сабе поўны, ёй — палавіну.

— Вып’ем не чокаючыся. — Ён адным махам праглынуў нізкаякасны напой, зморшчыўся.

Анжэла толькі прыгубіла.

— І што ты цяпер думаеш рабіць?

— Ат! — матнуў студэнт галавой. — Пераначуем — лепш пачуем. Неяк выкручуся. Чарцяжы я да Івана занёс. Я табе гаварыў, ёсць у мяне прыяцель з тутэйшых. Харошы чалавек. Абяцаў мне пакой і поўны камфорт на тыдзень.

— А навошта да сябра? Да мяне б ехаў… — сказала Анжэла.

Яна нічога не ела, а толькі спачувальна глядзела на Віталя, які, хоць і сказаў, што “кусок у горла не палезе”, раптам прыняўся спорна ўпісваць каўбасу, вяндліну і сыр, адрываў ад лусты буйныя кавалкі хлеба і запіхваў у рот. Відаць, партвейн вярнуў яму апетыт.

— Дык Іван жыве ў двух кроках ад інстытута, а мне трэба туды перыядычна заскакваць. У мяне ж і па іншых прадметах хвасты.

— І па іншых?

— А ты думала! Праўда, кароценькія.

Калі Віталь схіляўся над талеркай, доўгая пасма валасоў падала яму на вочы, ён завучаным рухам адкідаў іх улева. Але праз колькі секунд непаслухмяныя валасы зноў спадалі з ілба. І так раз за разам.

Гольцаву заўсёды смяшыў гэты Віталікаў жэст. Так часцяком робяць эстрадныя спевакі: наўмысна адпускаюць доўгую чупрыну, якая раз-пораз захінае вочы, каб элегантным узмахам рукі збіваць яе ўбок. Але гэта робіцца на публіку. У Віталіка ж была іншая прычына: валасы зачэсваліся набок, каб схаваць застарэлы шрам над краем левага брыва, якога хлопец чамусьці дужа саромеўся.

Анжэла аднойчы не сцярпела і спыталася пра гэты шрам, пра Віталеву звычку хаваць яго пад валасамі рухам, падобным на нервовы цік. Хоць тады была ноч і пакой асвятляўся толькі слабым таршэрам, Гольцава заўважыла, як пачырванеў Віталікаў твар. Пасля няёмкай паўзы ён усё ж расказаў, што ў дзяцінстве столькі нацярпеўся з-за гэтага шрама ад равеснікаў, што камплексуе і стараецца ўсяляк хаваць гэтую хібу. Віталік нават адкрыўся, што з-за агорклага шрама ў яго да дваццаці гадоў не было сяброўкі, бо лічыў сябе ўродам і баяўся дзяўчат. Хаця і ў кніжках чытаў, і ад людзей чуў, што шрамы на мужчыне адно дадаюць яму гонару, — нічога не мог з сабой парабіць.

— Ну што — давай яшчэ па трошачкі? — Віталь плюхнуў у свой фужэр партвейну, абнавіў сяброўчын. Ад выпітага яго нос збарвянеў і неяк абвіс, у голасе з’явіліся жывейшыя, задзірлівыя ноткі.

— Давай вып’ем за тое, — студэнт падняў фужэр, — каб усё ж менш зла было на зямлі, каб подлых людзей паменшала.

— Давай, — журботна сказала Анжэла і неспадзявана для сябе выпіла ўсё налітае.

— Я ведаю, мной некаторыя пагарджаюць за мяккасць маю і дабрадушнасць, — сказаў Віталь, перажоўваючы салёны гурок. — Мяне нават слабым чалавекам лічаць. Прынамсі — тыя малойчыкі, што сёння мой чарцёж півам пазалівалі. Яны толькі б тады запаважалі мяне, каб я камусьці з іх морду за гэта начысціў. Але давай рэальна, Анжэла. Што я мог зрабіць, апроч як сабраць свае манаткі і пайсці, так бы мовіць, прыніжаным і абражаным? А крыўдна ж! Ох як крыўдна было… Я нават спінай адчуваў, як яны з мяне пасміхаюцца…

— Ды ладна табе, што за размова… — супакойлівым голасам пачала Гольцава; ёй, па праўдзе, хацелася закругляцца ды ісці спаць.

— А рэч, мілая мая, у тым, — Віталь пацягнуўся па пляшку і наліў ужо толькі сабе, — што такія, як яны, мяне лічаць за нікчэмнасць, за камара, якога можна раздушыць адным пальцам. І раздушылі б, паспрабуй я толькі абурыцца наконт чарцяжоў, ад якіх, можа, усё маё жыццё залежыць. Гэта ж недачалавекі нейкія! Сядзяць пяць мардасін, адна за адну шырэйшая, з во такімі сківіцамі, — ён паказаў далонямі памер, — і жалезабетоннымі лбамі. Гэтакія сытыя, укормленыя бульдогі. І самае страшнае, Анжэла, што яны — студэнты! Хай сабе не гуманітарыі, не музыкі, але яны будучыя інжынеры — будаўнікі, так сказаць, еўрапейскай дзяржавы. Яны не ходзяць на лекцыі, ніколі не робяць курсавых, не рыхтуюцца да экзаменаў, а тым не менш ціхамірна здаюць сесію за сесіяй, атрымоўваюць дыпломы… А я, — Віталь нервова адкінуў валасы з ілба, — і на лекцыі хаджу, і бібліятэкі наведваю, і над курсавымі гарбачуся, а ў выніку вылечу з інстытута я, такі дбайны, а не яны, каму на вучобу начхаць і нас…ць.

— Ну неяк жа яны вучэбную праграму здаюць.

— Здаюць, зразумела. Чаму б не здаваць! Курсавыя яны купляюць за грошы, а на залікі ды экзамены ходзяць да таго, пакуль выкладчыку не надакучаць іхнія тупыя фізіяноміі, і ён не падмахне ім па “траяку”. І выходзяць праз пяць гадоў з нашага інстытута інжынеры, якія за гэты час добра папілі піва, уволю пераймелі жанчын, удосыць наскакаліся на дыскатэках, але не прачыталі ніводнага падручніка! Пра мастацкую літаратуру не буду казаць — яны яе проста ненавідзяць. І вось ідуць яны ў жыццё. Добра калі не па спецыяльнасці. Найхутчэй — гэта будучыя дзялкі, круцялі, бандыты. Але ж некаторыя, мізэрная з іх колькасць, уладкуюцца ў СКБ і пачнуць праектаваць механізмы, дамы, віядукі, дарогі. Якія ў нас дамы і якія дарогі, я думаю, табе не трэба казаць. — За размовай Віталь ужо размахваў рукамі; апроч носа, у яго цяпер збарвянелі і шчокі.

— Давай я табе чаю налью. — Анжэла ўсур’ёз апасалася, што яе сябар зусім з’едзе з рэек.

— Не хачу чаю, і партвейну болей не буду. — Віталь з грэблівасцю адсунуў локцем бутэльку, яна пахіснулася і ўпала б, каб Гольцава яе не падхапіла. Бутэльку яна рашуча схавала ў халадзільнік.

— Дзе ж ім ведаць пра апорныя канструкцыі, — працягваў разгарачаны студэнт, — калі ўся іхняя апора — піва, гарэлка ды бабы. Вось чым яны сілкуюцца ўсе пяць гадоў. А не будзе ў іх гэтай пажывы, то яны чалавека прыб’юць, а сваё возьмуць. Я табе, Анжэла, не казаў, а ў нас паўтара года таму найжахлівейшы выпадак здарыўся. Перад летняй сесіяй пазычыў адзін з такіх “супермэнаў” грошы ў прыстойнага студэнта. Прыйшоў тэрмін — не аддае, сабака. А таму хлопцу грошы да зарэзу патрэбныя: прыйшла тэлеграма — з бацькам дрэнна, трэба тэрмінова ляцець дадому. Пайшоў ён да свайго даўжніка, а там сядзіць прыкладна такая кампанія, як і ў мяне сёння: п’юць, жаруць, заліваюцца рогатам тры бязмозгія быдляніцы. Той і так, і гэтак упрошваў вярнуць грошы, ды хіба можа чалавек з малпай паразумецца? Я падрабязнасцяў, канешне, не ведаю, але раззлаваў ён гэтую п’яную хеўру, і нехта з гарачкі заехаў яму бутэлькай па галаве. Хлопец упаў, знепрытомнеў. Тыя ў ачмурэнні падумалі, што забілі яго. Заўваж, толькі падумалі! Але каб не рызыкаваць, яны вось што зрабілі: завалаклі нябогу на адзін паверх вышэй (а былі яны на дванаццатым) разбілі шыбу на лесвічным пралёце і скінулі чалавека з гэтакай верхатуры. Маўляў, сам сігануў.

— І што?! — вылупіўшы вочы, з жахам спыталася Гольцава.

— Вядома, насмерць. — Віталь сціснуў кулакі на стале, і па яго твары прабегла сутарга. — А можа, яго толькі аглушылі бутэлькай? Як цяпер дазнаешся?..

“Глядзі, як супадае! — напалохана думала Анжэла. — І сон мой жудлівы, і свякруха прыперлася, і цяпер гэты расказ…”

— Во як хвацка гэтыя зухі распарадзіліся чалавечым лёсам! Шух — і няма дваццацігадовага хлопца… Ды мала таго, нічога ніхто не даказаў, хоць апошні ёлупень у інтэрнаце цяпер ведае, як гэта было. Сужыцелі ж таго хлопца зналі, каму ён грошы пазычыў, да каго ў той вечар адправіўся… “Самагубства” — канстатавала правасуддзе, бо бацькі ў гэтых вырадкаў аказаліся не ўломкі і падкупілі ўсіх каго трэба. Хадзіла пагалоска, што ў аднаго з тых трох нават асабняк у правінцыі прадалі, каб выплаціць хабар. Правільна! Чаго не зробіш дзеля выратавання бясцэннага нашчадка свайго! Толькі хацеў бы я паглядзець, — скрывіў страшную ўсмешку Віталік, — як цяпер жывуць тыя вылюдкі: ці не прапаў у іх апетыт, ці не мучыць іх начамі бяссонне? Не! — бухнуў ён кулаком па стале. — І не глядзеўшы, ведаю, што і з апетытам яны жаруць, і з насалодай баб топчуць, і нават прастуда іх не бярэ.

— А яны зараз вучацца?

— Не, паўгода таму паспяхова атрымалі дыпломы. І, упэўнены, занялі не апошнія месцы ў нашым грамадстве. Бо мараль: памры ты сягоння, а я заўтра — яна самая надзейная.

— Гэта не мараль.

— Не, Анжэла, для іх — мараль, то бок жыццёвыя прынцыпы, якіх яны няўхільна пільнуюцца. Калі трэба ім будзе пажраць адно аднаго — і зжаруць, не трывожся… — Віталь абхапіў галаву рукамі. — Тут жа страшнае што — безвыходнасць. Безвыходнасць у тым, што нам з імі жыць, і нікуды тут не падзенешся… Больш за тое, быць нам давеку пад іх уладаю, таму што такія гарлахваты — заўжды наверсе, заўжды верхаводзяць, іх нельга ўявіць падначаленымі, нейкімі там дробнымі клеркамі. Нават пры поўнай адсутнасці мазгоў — яны начальнікі, яны чыноўнікі, яны ўладары нашых лёсаў. Нават калі й не вылечу я з інстытута, калі неяк зачаплюся за горад (што досыць праблематычна) — усё адно буду рабом такіх вось мардасін, чалавекам на пабягушках. Да скону. А вылечу, вярнуся дамоў — тады зусім мне хана! Сап’юся, як мой бацька і брат. Брацельнік старэйшы мой, я табе раней не казаў, цяпер інвалід, аднаногі. А якім малайцом быў! Усё гарэлка… Раней трактарыстам працаваў, дзевак меў колькі душа пажадае; у мясцовым клубе, калі якая сварка ці бойка, — ён першы. І прасіла маці, і маліла яго: жаніся, Сяргей, — усё дарэмна. Зірне на яе, дурнавата ўсміхнецца — і да крамы. А там сябрукі, блатхата, шлюхі… Прыцягнецца дамоў перад світаннем, пару гадзін падрыхне, здаровы бугай, і на работу, за трактар. Так штодзень. Хіба гэта нармальна для трыццацігадовага чалавека?

Анжэла моўчкі і не вельмі ўважліва слухала.

— Пакуль не дагуляўся Сярога наш… — унурыўшы пагляд у стол, гаварыў Віталь. — Неяк зімой напіўся да ачмурэння і заваліўся ў сумёт ля плота. Так да ранку і пралежаў, бядак… Адну нагу адмарозіў — адрэзалі па калена; другую, дзякуй Богу, выратаваць удалося. А яшчэ — двухбаковае запаленне лёгкіх. Словам, тры месяцы брацельнік мой па бальніцах праваляўся, выйшаў на мыліцах. А тут: вясна, красавік, зеляніна бярэцца, вішні зацвітаюць, птушкі прыляцелі… І як бы — не для яго гэта ўсё. Прывык жа мой Сярога над усім верхаводзіць, усё сілай ды нахрапам браць; за здароўем сваім магутным і не заўважаў ён, які гэты свет цудоўны, колькі ў ім і без гарэлкі, і без баб сэнсу ёсцека… — Віталь уздыхнуў. — Цяпер ужо другі год інваліднічае. Цяжка яму, бо не прывучыўся ён за жыццё ні чытаць, ні галавой думаць. Ляжыць, добра калі тэлевізар уключыць. А больш — у столь глядзіць, маркоціцца. Папівае, але ціха цяпер, без буйства, з бацькам на пару. Бацька ж мой, Анжэла, таксама выпіць не зломак. Звычайна не многа п’е, пагаманіць любіць за чаркаю, палітыку абмеркаваць, футбол… Але колькі разоў на год так запівае, што не дай Божа. Электрык ён, спецыяліст, якіх у нашым мястэчку нямашака, таму і не гоняць яго з работы, церпяць… Карацей, і братава інвалідства, і бацькавы запоі, і маё безнадзейнае студэнцтва — усё кладзецца на маміны плечы. Яны ж свае грошы прапіваюць амаль дарэшты, і каб не хатняя гаспадарка, якую мама цягне практычна адна, то я б, Анжэла, вучыцца не змог. Стыпендыі цяпер смяхотлівыя. А так то сала, то каўбасы свойскай маці падкіне, то яшчэ чаго. Праўда, каб адзін я жыў, а то і сужыцеляў кармі — Сашку з Пецькам, — апетыты ж у іх будзь здароў, асабліва калі пад чаркай. А пад чаркай яны заўсёды. Эх… — Віталь пацёр далонню асавелыя вочы. — Але як бы ні кепска мне жылося ў інстытуце, усё ж буду за яго зубамі трымацца. Таму што як уяўлю сябе ў нашай хаце, з братам-інвалідам ды з састарэлым запойным бацькам, то хоць вешайся. Бедная, бедная мая мама…

Недарэчны, прарэзлівы ў начной цішы тэлефонны званок данёсся з калідора. Гольцаву аж перасмыкнула; яна вокамгненна падхапілася з месца і кінулася з кухні, баючыся, каб званок не разбудзіў і не напужаў сына.

— Ало! — нервова шапнула яна ў трубку.

Маўчанне. Злавеснае маўчанне было ёй адказам. Дзіўны, містычны страх скаваў Анжэлу. Ёй здалося, што нехта схапіў абцугамі за яе страўнік і выварочвае.

— Ало… — ледзьве вымавіла яна. — Хто гэта?

І тут, нібы адказваючы на паўторнае пытанне, у трубцы раздаліся кароткія, бяздушныя, як сама смерць, гудкі.

“Абцугі” адпусцілі яе страўнік, але пад лыжачкай ныла, сардэчныя такты было чуваць увушшу, а далоні брыдка і баязліва ўспацелі… Гольцава на дыбачках падышла да выхадных дзвярэй, прыпала да іх, з хвіліну хваравіта ўслухоўвалася ў цішыню. Затым старанна праверыла замкі і засаўкі, зірнула ў вочка: слаба асветленая пустая пляцоўка, насупраць — чорныя абабітыя дзверы з нумарам “156”, каля іх — дабіты дзіцячы ровар без аднаго кола…

“Які невыносны, які вярэдлівы дзень!” — прашаптала Гольцава сабе пад нос і пацягнулася на кухню.

Віталь стаяў ля акна і задуменна глядзеў на непрывабны начны мікрараён. Цяпер толькі асобныя вокны свяціліся ў целах грувасткіх шматпавярховак.

— Хто гэта так позна? — не абарочваючыся спытаў ён.

— А ніхто. — Анжэла надала свайму голасу штучную абыякавасць. — Відаць, на лініі збой, або нумарам памыліліся…

— Слухай, — прамовіў Віталь. — Ты даруй, што я тут табе разнюніўся. Але праўда, няма ў мяне чалавека, бліжэйшага за цябе… Апроч мамы, канешне… Я больш не буду.

— Што ты… — Гольцава ласкава абняла яго ззаду, прытулілася мяккімі формамі. — Што ты, харошы мой чалавек…

Праз дзесяць хвілін яны былі ў пасцелі.

14

Марозным студзеньскім ранкам па яловай алеі, што цягнулася ад дачнага пасёлка да лесу, рушылі дзве постаці: Леанід Нілыч Пугач і яго сяброўка, Марына Паспелава. Яны ўжо адышліся ад жылой зоны на паўкіламетра і былі ў алеі адны, калі не лічыць жоўтага лыжніка, што маячыў далёка наперадзе. Леанід Нілыч і Марына аб чымсьці ажыўлена гаманілі: мастак ускідваў рукі, жэстыкуляваў; жанчына раз-пораз запавольвала крок, спынялася, хапала спадарожніка за рукаво кажуха і нешта горача яму даказвала. Час ад часу яны перарывалі гаворку, ішлі моўчкі, і тады пад кашлатымі аснежанымі ялінамі раздаваліся адно мерныя рыпы крокаў.

Перш чым распавесці, што прывяло гэтых людзей у яловую алею дачнага пасёлка і аб чым яны тут так горача гаманілі, трэба падрабязней спыніцца на асобе Марыны Паспелавай. Бо з Леанідам Нілычам — слынным мастаком, бацькам артыста Сяргея Пугача — мы ўжо дастаткова знаёмыя.

Марыне на дадзены момант было трыццаць восем гадоў, чатыры з якіх яна знаходзілася ў грамадзянскім шлюбе з Леанідам Пугачом, які быў на пятнаццаць гадоў за яе старэйшы. Але не трэба думаць, што Паспелава купілася на яго славу і грошы і з’яўлялася банальнай утрыманкай. Не. Яна была жанчына дастаткова незалежная як у сваім матэрыяльным становішчы, гэтак і ў поглядах на жыццё, свабодзе меркаванняў і мыслення. Марына працавала галоўным дызайнерам буйнога выдавецкага дома, мела кватэру і машыну “Volvo”. Яе дачцэ Вікторыі ішоў дванаццаты год. Што тычыцца ўзаемаадносін Паспелавай з Леанідам Пугачом, то яны былі досыць неардынарныя хаця б таму, што жылі палюбоўнікі паасобку і сустракаліся адно час ад часу. І гэта пры тым, што Марына была ў разводзе ўжо шосты год, і нішто як быццам не перашкаджала ім з’ехацца.

Марына Паспелава, апрача вышэйпрыведзеных якасцяў, была яшчэ і высокай, віднай, прыгожай жанчынай. Але першае замужжа, нягледзячы на магчымасць выбіраць і перабіраць кавалераў, атрымалася ў яе нагэтулькі няўдалым, што назаўжды адбіла ахвоту рэгістраваць шлюбы і пражываць пад адным дахам з асобамі мужчынскага полу.

Марына ў дзявоцтве не імкнулася як найхутчэй выскачыць замуж. У атачэнні нястомных залётнікаў яна скончыла архітэктурны факультэт, паступіла ў праектнае бюро і прарабіла там аж тры гады, перш чым зразумела, што прыроду не падманеш і становішча замужняй жанчыны, як ні круці, найбольш трывалае і паважанае ў нашым грамадстве. Да таго ж увага кавалераў розных масцей рабілася ўсё больш невыноснай. Каб адкараскацца ад назойлівых заляцанняў, хацелася пачапіць на сваю руку абярог у выглядзе заручальнага пярсцёнка і нарэшце, упершыню за апошнія дзесяць гадоў, зажыць спакойна. Але неабходна было зрабіць правільны выбар, не прагадаць і выйсці за чалавека, так бы мовіць, на чалавека падобнага. Бо за дзесяць гадоў, што прамінулі з пары палавога выспявання, ведала дзяўчына, што насамрэч патрэбна ад яе шматлікім залётнікам. За словамі пра высокія і чыстыя пачуцці, якія адрасавалі Марыне прыгожыя высокія хлопцы (а пераважна такія і дамагаліся ейнай прыхільнасці), навучылася яна бачыць адно: дапатопнае жаданне зверам кінуцца на яе, сарваць адзенні, паваліць на ложак, падлогу, стол і мяць, ціскаць, тузаць яе пяшчотнае цела.

Таму і выйшла Паспелава ў рэшце рэшт за чалавека не вельмі прыгожага, нават ростам крыху ад яе ніжэйшага, але спакойнага, паважнага, добрапрыстойнага. Іван Іваныч Скубач быў старэйшы за яе на сем гадоў і на той час займаў дастаткова ўплывовую і перспектыўную пасаду ў міністэрстве. Ён быў з сям’і патомных “наменклатуршчыкаў”, а таму меў асобную трохпакаёўку ў цэнтры горада, службовую машыну. У бацькоў жа яго, апрача чатырохпакаёўкі, былі яшчэ і дзве дачы: адна каля горада, другая на возеры Нарач. А калі сказаць, што Іван Іваныч быў іх адзіным нашчадкам, то зразумела, што перспектывы для маладой сям’і Скубачоў вымалёўваліся досыць прывабныя.

Адразу пасля замужжа Марына адчула і ацаніла, што значыць не жыць на сторублёвую зарплату, не таўчыся ў грамадскім транспарце, не стаяць у даўжэзных чэргах па несамавітыя макароны, а лётаць на чорнай “Волзе”, атаварвацца ў спецбуфетах разнастайнымі далікатэсамі ды раскашавацца ў выгоднай прасторнай кватэры з відам на чысты сквер ля ракі. Усё гэта было непрывычна, дзівосна і радасна. Тым больш што ў хуткім часе з’явілася на свет здаровенькая дзяўчынка, названая бацькамі Вікторыяй, жыццё якой, як было заведзена ў родзе Скубачоў, абяцала быць беспакутным і сытым.

Каб нехта сказаў тады Марыне, што праз сем гадоў яна ўзненавідзіць і саліднага мужа свайго, і ўсе гэтыя выгоды да такой ступені, што зноўку перабярэцца да састарэлых хворых бацькоў, яна б проста весела рассмяялася.

Аднак не прайшло і года сытага і лагоднага існавання, як пачала Паспелава раздражняцца, няёмчыцца. Гэта выяўлялася ў перыядычным зніжэнні працаздольнасці, прыступах абыякавасці і, наадварот, у празмернай жыццёвай актыўнасці, што часам даходзіла да істэрычнасці. І прычынай таму сталіся Іван Іваныч, яго добранадзейныя бацькі і ўвогуле ўвесь лад іх жыцця, куды няўхільна ўцягвалася сама Марына.

У сям’і Скубачоў былі свае трывалыя правілы, якім тыя безагаворачна падпарадкоўваліся і дзякуючы якім заўсёды знаходзіліся на вяршыні грамадскай лесвіцы. Яны, правілы, моцна адрозніваліся ад быційнага ўкладу, да якога прывыкла Марына Паспелава з дзяцінства, які панаваў у іхняй скромнай сям’і; яны выклікалі міжвольны пратэст, раздражнялі. Скубачы сталі ўяўляцца Марыне нейкай кастай завоблачных людзей, якая не толькі не падпарадкоўваецца звычайным людскім законам, але і адкрыта грэбуе як-небудзь з тымі звычайнымі людзьмі перасекчыся.

На двары найжвавейшым чынам ішла гарбачоўская перабудова, тэлевізар дэманстраваў руйнаванне закасцянелых догмаў і норм, заклікаў да свабоды і дэмакратыі, затым распалася цэлая імперыя, а ў іхняй сям’і, як і ў іншых “наменклатурных” сем’ях, царавалі спакой і непахісная бестрывожнасць. Іван Іваныч па-ранейшаму ездзіў на работу на чорнай “Волзе”, вырашаў лёсапераваротныя для краіны задачы, па-ранейшаму поўніўся іхні халадзільнік далікатэсамі, па-ранейшаму адпачывалі яны па льготных пуцёўках на Поўдні былой імперыі. І гэта ў той час, калі пуставалі прылаўкі ў крамах, а шараговы абывацель не атрымоўваў зарплаты па два, тры, па чатыры месяцы…

Праўда, змянілася шыльда на міністэрстве, дзе працаваў Іван Іваныч, змянілася і адно слова ў назве ягонай пасады.

Яшчэ да развалу Савецкага Саюза, адразу пасля выхаду Марыны з дэкрэтнага адпачынку, уладкаваў яе муж у гарвыканкам. Яна не хацела, супраціўлялася, казала, што яна архітэктар і не можа быць простым сакратаром пры самадурным чыноўніку. Угаварыў, пераканаў, прымусіў. А праз тры месяцы даведалася Марына, што зачынілася тое праектнае бюро, дзе яна з цікавасцю прарабіла тры гады, — зачынілася і ліквідавалася як бесперспектыўнае. Містычны страх перад Іванам Іванычам пасяліўся ў ёй з таго часу. Уяўлялася, што і не з чалавекам яна жыве, а з нейкай да Бога набліжанай, усёмагутнай і ва ўсім дасведчанай істотаю.

Яна спакваля стала аддаляцца ад мужа, боязь і трапятанне перад яго аўтарытэтам паступова перараслі ва ўстойлівую непрыязнасць. Злавалі Іванавы самаўпэўненыя меркаванні, якія ён выказваў усім і ўсюды безапеляцыйным, абрыдлым ёй тонам. Дома муж быў педант і зануда. Ніколі не павышаючы на Марыну голасу, ён прыдзіраўся да кожнай дробязі хатняй гаспадаркі і неадхільна настойваў на сваім: будзь тое мыццё падлогі ці варка супу. Ён бурчаў і пілаваў яе нервовую сістэму да таго часу, пакуль не было ўсё зроблена правільна, бездакорна, як трэба. Ён ведаў, якія прадукты карысныя для здароўя, а якія не, і цаніў у ядзе не смак, а колькасць калорый і вітамінаў. У вопратцы — не прыгажосць, а трываласць, немазлівасць і адпаведнасць прынятым нормам. Усё гэта ён навязваў і дачцэ і жонцы. Калі ж яго не слухаліся, папярэджваў, што можа адбыцца нешта нядобрае, і гэта нядобрае не прымушала сябе чакаць. Аднойчы ўзімку ён параіў Марыне не апранаць боты на высокіх абцасах, бо цяпер галалёд, можна пакаўзнуцца і пакалечыцца. Яны доўга спрачаліся ў калідоры, жонка не паслухалася і выйшла за парог на высокіх абцасах. Наўздагон ён гукнуў: “Зламаеш нагу, будзеш сама вінаватая!” У гэты дзень яна сапраўды пакаўзнулася, зламала ступню і два месяцы прамучылася на мыліцах. Чорная, нямая злосць на Івана затаілася ў Марынінай душы. Увесь праведзены на мыліцах час ёй здавалася, што муж, нягледзячы на вонкавую спагаду і чуласць, унутрана задаволены гэтым няшчасным выпадкам: маўляў, будзе табе, бесталковай, навука.

А колькі разоў ён бурчаў на дачку, каб тая не ела марожанага, ад якога можна падхапіць ангіну, або папракаў за прамочаныя ногі і недастаткова цёплую для сезона вопратку! І літаральна праз дзень у Вікі ўздымалася тэмпература, з’яўляліся соплі і кашаль. Нібы псоту наводзіў на яе бацька сваімі запужваннямі!

На пяты год сумеснага жыцця Марына ўздрыгвала ад аднаго Іванавага голасу, бо ён устойліва асацыіраваўся з павучаннямі, настаўленнямі, папрокамі ды ўгаворамі. Невыносны стаў і яго выгляд. Ад празмернага апетыту муж растаўсцеў і нагадваў самазадаволенага крамніка. У будныя дні ён з’яўляўся ў шэсць вечара і доўга, грунтоўна і з насалодаю вячэраў на кухні. Марына праглынала сваю ежу за колькі хвілін і затым з гадзіну мусіла назіраць, як наталяецца гэтая прорва каўбасамі, сырамі, чырвонай рыбай, як рухаюцца пры жаванні яго румяныя шчокі, як паблісквае ўспацелая лысіна. Ды каб толькі гэта! За ядой несупынна, занудліва і павучальна гучаў яго сухі, безжыццёвы голас. Пры канцы вячэры Марыне здавалася, што гэта не голас, а доўбня, што мерна і неадхільна б’е па яе патыліцы.

“Гіне жыццё! Ён мяне засушыць, замарынуе! Трэба штосьці рабіць”, — такія думкі ўсё часцей забрыдалі ў галаву Паспелавай.

Нават шлюбныя абавязкі гэты сухар выконваў бяздушна, нібы па правілах: у пэўны час, тры разы на тыдзень, не болей, не меней. Быццам не каханнем ён займаўся, а ажыццяўляў чарговы прыём ежы ці спраўляў натуральную патрэбу ў туалеце. На пятым годзе замужжа з гэтай прычыны ў Паспелавай развіўся стойкі неўроз: пры набліжэнні часу інтыму яе пачынала біць дрыготка, халадзела скура, абручом сціскаліся скроні.

Міжволі маляваўся ёй вобраз маладога, стройнага, гарачага палюбоўніка, што кахаў бы яе не па распісанні, а запаляючыся яе душэўнай прыгажосцю і вабнотамі цела.

“Гіне жыццё! Гіне жыццё!” — днём і ноччу стукала ў галаве Паспелавай гнятлівая фраза.

А яшчэ Марына баялася за дачку: каб не расла яна гэткім міні-Скубачом; і для тае трывогі былі падставы. Таму што неяк суха і прагматычна, па правілах намагаўся выхоўваць яе бацька. З чатырох гадоў усчаў мучыць Віку разнастайнымі настаўнікамі, што спрабавалі адшукаць у яе якія-небудзь мастацкія здольнасці. Дачку сілком саджалі за піяніна ці мальберт, якія тая неўзабаве ўзненавідзела. Нават для немузыкальнай Марыны было ясна, што ў дачкі начыста адсутнічае слых і ёсць вельмі пасрэдныя здольнасці да малявання. Але жулікаватыя настаўнікі, якім Іван Іваныч шчодра плаціў за ўрокі, запэўнівалі, што ў дзяўчынкі ёсць несумненныя мастацкія здольнасці і, калі рупліва і ўседліва з ёю займацца, то ў перспектыве, праз колькі гадоў, гэтыя здольнасці раскрыюцца і расцвітуць. Аднак і ў шэсць з паловай гадоў Віка гэтак жа негарманічна лупцавала па клавішах ды стварала на аркушах і палотнах убогія аляпаватыя фігуркі, як і ў чатыры. Прычым было відавочна, што дзяўчынцы гэта дужа не падабаецца, што яна адбывае агорклую павіннасць, а карціць ёй як найхутчэй выскачыць на двор да сябровак і гуляць у звычайныя лялькі ці рыцца ў пясочніцы.

Але ўпарты бацька не сунімаўся і, падбухтораны настаўнікамі, строга сачыў за выкананнем дамашніх заданняў, змушаў дачку гадзінамі карпець над нотнымі сшыткамі, піяніна, малюнкамі. За праяўленую на занятках нядбайнасць, за дрэнныя ацэнкі Іван Іваныч строга караў малалетнюю Віку. Не, ён ніколі не ўжываў фізічную сілу. Пакаранне заключалася ў тым, што бацька пазбаўляў дачку прагляду чарговай серыі мульцікаў, гульні з прыяцелькамі, пірожнага за абедам, — словам, усяго таго, што прыносіла ёй асалоду. Прычым не забываў ніводнай правіны і бязлітасна, незважаючы на плач і слёзы, спраўджваў прысуд.

Марына з трывогай заўважала, што ў Вікі ад празмерных заняткаў бляднее твар, зніжаецца апетыт і з’яўляецца ненармальная для гэтага ўзросту апатыя. Некалькі разоў яна спрабавала пераканаць Івана Іваныча пазбавіць дачку ад непатрэбных ёй малявання і музыкі. Але той заводзіў сваю заўсёдную буркатню, ад якой пухлі вушы і хацелася ўцякаць з дому.

“Уцякаць з дому!” — з’явіўшыся раз, гэтая думка трывала засела ў Марынінай галаве, цвяліла свядомасць і падсвядомасць і нарэшце перарасла ва ўпэўненасць, што іншага выйсця няма, як толькі забраць Віку і перасяліцца да сваіх бацькоў.

Так яна і зрабіла ў адзін памятны летні дзень. Дачцэ тады не споўнілася і сямі.

Напэўна, не варта апісваць тут падрабязнасці разводу і станаўленне Марыны Паспелавай як самастойнага, незалежнага чалавека. Скажам толькі, што праявіла яна пры гэтым і цвёрдасць, і мужнасць, і псіхалагічную ўстойлівасць. Дапамаглі і добрыя людзі. У прыватнасці, інстытуцкая прыяцелька, муж якой узначальваў адно выдавецтва, уладкавала яе туды на пасаду дызайнера. Марына асвоіла кампутарныя праграмы, і кнігі, аформленыя ёй, карысталіся попытам і хутка разыходзіліся. За пяць гадоў выдавецтва зрабіла прарыў на кніжным рынку, называлася ўжо выдавецкім домам, а Марына з шараговага дызайнера вырасла да галоўнага.

Гэта, бадай, усё, што меліся мы пакуль расказаць пра жанчыну, якая рушыла поруч з Леанідам Нілычам Пугачом па яловай алеі марозным студзеньскім ранкам. Была нядзеля і мастак з сяброўкай прыехалі сюды проста адпачыць ад гарадской мітусні, пабыць на прыродзе. Машына стаяла ў дачным гаражы Леаніда Нілыча, у доміку палілася буржуйка, а яны вырашылі пакуль прайсціся, пагаварыць, падзівіцца на зімовыя краявіды.

15

— Чуеш, Марыся, — гаварыў Леанід Нілыч, — як мяне сын аддзячыў за дабрыню. Заяўляе нядаўна, што яшчэ зрабіў мне вялікую ласку, калі на асобную кватэру з’ехаў. А што я тое жытло аплачваю, то гэта, па яго словах, я ад яго адкупляюся. Во як завярнуў нашчадак!

Паспелава ішла, апусціўшы голаў, і слухала.

— Для мяне тая кватэра — капейкі, — абураўся мастак, — справа ж не ў грошах. Я яму дзесяць такіх кватэр здыму, каб ён толькі чалавекам зрабіўся, каб не гаварыў роднаму бацьку такія крыўдныя словы… Гэх, ды што там казаць! Не складваюцца ў нас з сынам адносіны.

— Ды нармальныя ў вас адносіны, — зірнула на яго Марына, — звычайны канфлікт пакаленняў.

— Не канфлікт пакаленняў, а непаразуменне паміж нармальным чалавекам і інфантылам, паміж працавітым мастаком (прабач за няскромнасць) і гультаяватым, з няўстойлівай псіхікай акцёрчыкам. Ух, як ненавіджу я гэтае скамарошае племя! — Нілыч са злосці ўзняў нагой фантан снегу.

— За што так сурова? — усміхнулася гэтай успышцы яго спадарожніца.

— А таму, што гэта не людзі, а паразіты. Не ўсе, вядома, але большая з іх частка — дакладна. Яны ж і гадзіны не пражывуць, каб які фортэль не выкінуць. Паразітуюць на нашых эмоцыях, жываглоты. Дарэчы, па сынку маім з пяці гадоў было відаць, што стане артыстам. Так і наравіў заўсёды схлусіць, разыграць, абжуліць. Прычым натуральна ілгаў, не чырванеючы. А ў школу пайшоў — зусім праўды ад яго не дазнаешся. У чацвёртым класе ў яго двайны дзённік быў, дакладней — два дзённікі: адзін для настаўнікаў, другі для мяне. І галоўнае ж, так удала, шэльма, подпісы падрабляў, што я, мастак, не заўважыў. Толькі праз тры месяцы, на бацькоўскім сходзе, адкрылася, што мой сын — двоечнік і хуліган, а не ўзорны вучань, як вынікала з фальшывага дзённіка. — Леанід Нілыч ціха рассмяяўся.

— Напэўна ж, сам вінаваты, — таксама рассмяялася Паспелава, — навучыў яго маляваць на сваю галаву, вось ён і рашыў прымяніць, так бы мовіць, сваё ўмельства на практыцы.

— Ох, Марынка, — уздыхнуў мастак, — ды каб ён меў да малявання ахвоту, я б толькі ўсцешаны быў. Колькі намаганняў да таго мной прыкладалася. З пяці гадоў з ім біўся. І здольнасці ж былі ў чалавека! Усё марна. Не было ў Сяргея асноўнага — уседлівасці і зацікаўленасці. Сядзіць, малюе, пакуль я над ім стаю, а ледзь адышоўся — шусь і пабег па кватэры. Або выводзіць алоўкам гожую форму, аж любата глядзець, і раптам, чортведама ад чаго, як заверне нейкую крывую недарэчную лінію. У мяне аж валасы ўздыбяцца. “Што ж ты творыш! — крычу. — Хіба так можна!” Апусціць ён вочы, памаўчыць, паслухае мае ўшчуванні — нібы ўсё зразумеў. А не далей як заўтра тое ж самае выкіне. Гэх… Як цяпер разумею, гэтае заганнае зерне артыста ў ім ад нараджэння сядзела. І нічога тут не паробіш.

— Ды за што ж ты артыстаў не любіш? Што яны табе такога зрабілі?

Нілыч зморшчыўся. Не мог жа ён сказаць Марыне пра тую актрысачку, што дваццаць пяць гадоў назад закруціла яму галаву, ачмурыла, змусіўшы духоўна і цялесна здрадзіць яго любімай жонцы, яго Ірыне, светлую памяць якой мастак шануе беззапаветна. Не мог.

— А таму што нібы не людзі гэта, а фантомы нейкія, — адказаў Леанід Пугач пасля невялікай замінкі. — Ніколі не ведаеш, чаго ад іх чакаць. Ніколі не знаеш, з чалавекам ты размаўляеш у дадзеную хвіліну ці з чарговым яго персанажам. Няма ў іх стрыжня, за які б можна было ўхапіцца ды сказаць: вось гэта добры чалавек, а вось гэта нягоднік. Расплывістыя яны нейкія, як мядузы.

— Не ведала я, Нілыч, — гарэзна зірнула на яго Паспелава, — што ты такі артыстаненавіснік. Гэта нешта для мяне новенькае…

— Не новенькае, а старэнькае… — прабурчаў мастак у бараду. — Проста ў кожнага чалавека павінна быць нейкая аснова, нейкі светапогляд і маральныя прынцыпы, якімі ён кіруецца. Будзь тое нават дрэнная, няправільная, злачынная аснова! Тады выбіраеш: сябраваць з гэтым чалавекам ці не; кахаць яго ці не; мець дзелавыя стасункі ці трымацца ад яго падалей. Вось мы з табой ужо пяты год і, калі не ўсё, то многае адно пра аднаго ведаем. Ці не так?

— Так, так, Нілыч. Не гарачыся.

— Ды не гарачуся я. — Пугач засунуў рукі ў кішэні кажуха. — А проста хачу быць у чалавеку ўпэўнены. І калі шпацырую з табой, то ведаю, што ты не адмочыш нейкага штукарства, не скажаш недарэчнасці, не абразіш мяне па пусцяковіне. І ўжо адно гэта для мяне радасна. Не тое з артыстамі! Бо яны чамусь лічаць, што крыўляцца ды скамарошнічаць — гэта самая вартая справа.

— Ты так гаворыш, нібы ўсё жыццё толькі з артыстамі й дычыняўся. Ёсць жа розныя людзі. І розныя акцёры — таксама. Добрыя, дрэнныя, удачлівыя, апальныя, шчаслівыя і гаротныя… Завошта агулам на ўсіх нападаць?

— А таму, мілая, што гэта самы небяспечны народ. Ніхто так, як акцёр, не здольны завалодаць нашымі душамі. Асабліва цяпер, у век татальнага наступу тэлевізара на чалавека. І калі дадзена яму такая здольнасць, то і адказнасць на яго ўскладаецца агромністая. Адна справа, калі пануюць над мільёнамі людскіх псіхік барадатыя мысляры, а другая — калі нейкія архараўцы, малакасосы, недаробленыя акцёрчыкі, карыстаючыся магчымасцямі сродкаў масавай інфармацыі, прапагандуюць у народ антымараль.

— Што такое антымараль, і дзе яе крытэрыі?

— Крытэрыі ўсе ў Бібліі, даражэнькая. А паколькі яе мала хто чытае, то і крытэрыяў дабра і зла ў народа нямашака. Таму і замбіруецца ён усялякімі злаподлымі серыяламі, дзе ўсё круціцца вакол таго, хто з кім пераспаў і хто ад каго зацяжараў.

— А гэта немалаважна, — усміхнулася Паспелава.

— Табе ўсё жарцікі! А я сур’ёзна хачу гаварыць. — Нілыч дастаў рукі з кішэняў і стаў імі размахваць. — І сцвярджаю, што амаральны, разбэшчаны артыст значна небяспечнейшы для грамады, чымся нават таленавіты падлюга пісьменнік. Каб таго прачытаць, трэба прынамсі кніжку купіць ды патраціць на яе колькі гадзін запар. Кнігі не так замбіруюць, як тэлевізар і кінафільмы, бо на экране ўсё разжавана — адно развальвайся ў крэсле і атрымоўвай асалоду ад голых ног, ад гвалту, ад бесперастанных боек і страляніны.

— Нешта ты разышоўся, Лёня. Прыехаў адпачыць і сам сябе заводзіш. — Марына любоўна страсянула з яго шапкі снег, што пастаянна церусіўся на іх з ялін.

Раптам мастак знерухомеў і здзіўлена ўтаропіўся наперад.

— Глядзі, — крануўся ён Марынінага пляча і ўзмахнуў рукой перад сабою.

Спадарожніца падняла вочы і ўбачыла наперадзе, метрах у ста пяцідзесяці, лыжніка ў пунсовым спартыўным касцюме, што аддаляўся ад іх. Але ішоў ён неяк дзіўнавата: раз-пораз мяняў лыжню, пераскакваючы з уезджанай, што пралягала па цэнтры алеі, на старую разбітую, якая тулілася бліжэй да правых прысадаў і па якой зараз крочылі Леанід Нілыч з Марынаю. На галаве ў лыжніка была белая шапачка з пунсовым кутасікам, што гарэзна матляўся на бягу.

— Табе ён нікога не нагадвае? — спытаўся Пугач.

— Хто яго ведае… — задумалася Паспелава. — Можа, і нагадвае… Пэўна ж нехта з пасёлка.

— А табе не здаецца, што гэта сын мой, Сяргей? — зірнуў на яе Леанід Нілыч так, нібы сам не верыў у сказанае.

— Ды што за глупства! З якой радасці яму тут быць… — Марына пільней прыгледзелася да лыжніка, што, гэтак жа мяняючы лыжні, усё больш аддаляўся ад іх. — У яго што, ёсць такі спартыўны касцюм?

— Няма, здаецца… — Мастак знячэўлена глядзеў наперад. — І на лыжах я яго ўжо гадоў пяць не бачыў… І тым не менш — гэта мой сын. Лухта нейкая… Сярге-ей, гэй, Сяро-ога!!! — зыкнуў мастак і паскорыў крок, быццам намагаўся дагнаць імклівага лыжніка.

А той зусім не зрэагаваў на гэты крык а, узнімаючы снежны пыл, гнаў і гнаў наперад.

— У цябе ўжо трызненні пачынаюцца, Нілыч. — Марына трывожна зірнула на сябра. — Ды адкуль яму тут быць?

— Можа, сапраўды з глузду з’язджаю… — Леанід Пугач запусціў руку ў бараду і задумаўся.

— Гэта ўсё ад перанапругі. Працуеш замнога… — Марына ўзяла яго пад локаць.

— Слухай, але нас жа ніхто не абганяў? Ці мы не заўважылі за размовай?

— Здаецца, не абганяў.

— Дык як ён тады з’явіўся перад намі, не разумею. — Леанід Нілыч абярнуўся назад, абярнулася і Паспелава.

Доўгая прамая алея звужалася ў перспектыве, і пачатак яе скрываўся за навіслымі яловымі лапамі. Ззаду не было ні душы.

Калі яны зноў павярнуліся наперад, таямнічы лыжнік знік, хаця да лесу, куды ўпіралася алея, было яшчэ метраў трыста.

— Нейкая д’ябальшчына, — прашаптаў мастак і ў раздражненні збіў з найбліжэйшай яловай галіны снежную хмару.

— Ды што ты нервуешся па пусцяковінах! — супакойвала яго Марына. — Ну выскачыў нейкі лыжнік з бакавой сцяжынкі, а потым на бакавую ж сцяжынку завярнуў…

— А ты бачыла, як шчыльна пасаджаны тут дрэвы? Праз іх не праціснешся…

— Слухай, Нілыч, ты, відаць, дэтэктываў начытаўся. — Марына паспрабавала перавесці размову ў жартаўлівае рэчышча; хоць саму яе таксама здзівіла нечаканае з’яўленне і затым знікненне пунсовага лыжніка.

— Ладна, халера з ім. — Леанід Нілыч узяў сябе ў рукі. — Дык на чым мы спыніліся?

— Калі?

— Ну, пра што гаварылі, пакуль лыжніка не ўбачылі?

— А… Ды артыстаў ты чамусь бэсціў за амаральнасць…

— Ну з гэтым досыць: не вартыя яны таго, каб з-за іх спрачацца. Я вось што хацеў сказаць. Неяк быў у мяне кепскі настрой (сынок чарговы раз нахаміў па тэлефоне) і, каб адцягнуць увагу, уключыў я тэлевізар. Ішоў там хакей, а я да яго з дзяцінства нераўнадушны. Але нават хакей, мо ўпершыню за жыццё, мяне не развесяліў, а наўсперач, уразіў сваёй бязглуздасцю. Гляджу: бегаюць нейкія мужыкі, немаведама чаго апранутыя ў даспехі, каскі ды яшчэ і на каньках; штурхаюць адно аднаго, стукаюць клюшкамі па лёдзе, ганяюцца за чорнай кропкаю; прытым робяць гэта сур’ёзна, захоплена, страсна; і натоўп, што на трыбунах, раве-надрываецца. А я гляджу і думаю: навошта, для чаго ўсё гэта? І страшна зрабілася мне, Марына! Ад таго страшна, што адкрылася бессэнсоўнасць не хакея толькі, а ўсяго, наскрозь усяго жыцця — з яго здабываннем і спажываннем ежы, з яго гульнямі і палітыкай, з яго пачуццямі, паэзіяй, мастацтвам. І падступіў адчай… Потым, калі прайшла мая часовая дэпрэсія, я, канешне, уразумеў, што гэта з-за майго прыгнечанага стану было, што не хакей, не жыццё бязглуздыя, а толькі мой мозг няправільна іх успрымаў. Але камень, нейкі гнятлівы камень залёг у маім сэрцы з таго часу. І не дае спакою мне думка, што рэчаіснасць — гэта зман, падладжаны пад нашу свядомасць… Разумееш?

— Туманна, — прызналася Паспелава.

— Ну як бы табе сказаць, Марыся… — Мастак наморшчыў лоб і пагладзіў рукой бараду. — Гэта, у прынцыпе, адвечнае быційнае пытанне: навошта. Без яго і чалавек — не чалавек. Увесь прагрэс на ім грунтуецца, на гэтым “навошта”. І прыходзіць яно да нас, стукаецца ў нашы сэрцы неаднойчы. Але мы яго або не чуем, або не хочам, баімся яго пачуць. Таму што жыць, існаваць як біялагічны арганізм, значна прасцей, калі такое пытанне цябе не мучыць. Аднак назваўся чалавекам — адказвай. Я, можа, сябе і памятаю акурат з таго часу, калі пачаў задумвацца пра сэнс светабудовы… Але ніколі, ніколі так востра не паўставала перада мной гэтае “навошта”, як ва ўзгаданым выпадку, калі праглядаў хакей.

— Ну цяпер зразумела, куды ты хіліш, Леанід Нілыч, — усміхнулася Марына. — Я такое пытанне сабе тысячу разоў задавала, але не з мэтай падвергнуць сумневу значнасць сусвету, а з прычыны сваёй нямогласці перад яго таямніцамі, з багавейным трапятаннем, калі хочаш. А калі ўсё ж узнікае збродлівая думка пра бязглуздасць светабудовы, то яе трэба гнаць у тры шыі. Яна ад нячысціка.

— Гэта так… — Нілыч задумліва глядзеў перад сабой. — Але рэч у тым, што чалавек гатовы абазваць бессэнсоўным усё навокал, апроч самога сябе. Ва ўсім расчаруецца: у каханні і сяброўстве, у дзяржаўнай і прыроднай велічы; усё гатовы праклясці і знішчыць, — толькі пашкадуе ён сваё “я”. Бо гэта для яго — цэнтр сусвету, праз яго ён той сусвет бачыць, праз яго дазнаецца пра рэчы і душы. Сваё “я” — гэта святое для чалавека. Без “я” няма для яго нічога. І тут парадокс: абвяргаючы значнасць жыцця, чалавек непазбежна ўтыркаецца ў сябе, у сваё найдаражэйшае “я”, аспрэчыць значнасць якога ён аніяк не насмеліцца. Разумееш?

— Ты хочаш сказаць, што, не аспрэчыўшы сваё “я”, чалавек не можа канчаткова расчаравацца ў рэчаіснасці?

— Прыкладна так. У гэтым парадоксе палягае і сэнс існавання. Гэта ахоўны механізм светабудовы. Таму што кожны беззапаветна любіць сябе, а паколькі ён ёсць цаглінкай светабудовы, то ёй нічога не пагражае, і адвечнае пытанне “навошта” ў рэшце рэшт прыводзіць нас не да адчаю, а спараджае творчую энергію. Кожны ж з нас крыху бог, або маленькі бог, прынамсі так пра сябе думае. А Бог ёсць усёабдымная, бясконцая, несупынная творчасць.

— Хвацка сказана, — жартаўліва зірнула на мастака Марына. — Яшчэ так пашпацыруем колькі разоў, і філасофскі трактат атрымаецца.

— А вось цяпер жарты ўбок, Марына, — апалым голасам прамовіў Леанід Нілыч і паказаў рукой на лыжню: ад яе аддзяляўся новы лыжны след, збочваў у сумёты і скрываўся пад навіслым яловым веццем. — Акурат тут ён павярнуў.

— Ну і Бог з ім. — Паспелава ўбачыла, як хваравіта збляднеў твар яе спадарожніка. — Што ты на ім зацыкліўся!

— А табе не здаецца дзіўным, што чалавек кідае ўезджаны шлях, збочвае на цалік і прэцца на калючыя елкі? — утаропіўся на яе мастак. — Давай сходзім паглядзім.

— Яшчэ чаго! Каб набраць поўныя чаравікі снегу?

— Ну тады пачакай. — Леанід Нілыч рашуча ступіў на свежы лыжны след і адразу ўгруз па калені.

— Во ненармальны! Як дзіцё, дый годзе… Нілыч!

Але мастак ужо прабраўся скрозь гурбы да строю елак.

— Дзіўна, — крычаў ён Марыне, — тут у адным месцы снег на метр не даходзіць да голля, і след акурат у гэтую арку пранырвае. — Нілыч нагнуўся, запыхкаў і папёрся пад елкі.

Паспелава разгублена назірала за яго дзеяннямі.

Леанід Пугач вярнуўся толькі хвілін праз дзесяць, Марына ўжо ўсур’ёз хвалявалася і колькі разоў яму безвынікова гукала. Прычым вылез не з таго месца, дзе знік, а метрах у дзесяці наперадзе. Быў ён расчырванелы, задыханы і раздражнёны; на ўскалмачанай барадзе ляжаў снежны пыл, штаны і кажух былі белыя.

— Нічога не разумею, — развёў ён рукамі, падыходзячы да Марыны. — Метраў пяцьдзесят правалокся па следзе… там куп’ё адно, шчыльны падлесак, у некаторых месцах гурбы па грудзі, а след па іх — хоць бы хны… Нейкая д’ябальшчына.

— Як дзіцё, далібог, Нілыч, — дакорліва глядзела на яго Паспелава.

— Ат, ладна… — з прыкрасцю матнуў галавой мастак і пачаў абабіваць з вопраткі снежны бісер; Марына яму памагала.

Неўзабаве яны зноў рушылі наперад. Лес віднеўся ў канцы алеі.

Спачатку ішлі моўчкі, затым Леанід Нілыч загаварыў:

— Дык вось, Марына, я не сказаў галоўнага. А іменна, што пасля таго выпадку з хакеем, калі адкрылася мне бессэнсоўнасць жыцця, упёрся я ў сваю бясцэнную асобу і, як заўсёды бывае, пачаў яе ўсяляк апраўдваць. Маўляў, усё лухта, акрамя майго любімага занятку — малявання. Бо мастак, разважаў я, спасцігае таямніцы прыроды і дзеліцца гэтым з людзьмі, ён ідзе наперадзе чалавецтва… Словам, панёс і панёс я падобную несусвеціцу. І тут нібы па галаве мяне шчоўкнулі: я толькі адкрываю ўжо існыя таямніцы, якіх, магчыма, незлічоная колькасць. А хто іх стварыў?! Хто стварыў гэтае неба, гэты цудоўны лес, — ён паказаў на сасновы бор, да якога заставалася метраў сто пяцьдзесят, — гэты снег, які чамусьці халодны?.. Не кажучы ўжо пра тое, што мы з табой, Марына, складанейшыя за самыя сучасныя кампутары і механізмы, прычым непараўнальна складанейшыя! Стоп, сказаў тады я сабе! Ты што, гэтага не ведаў? Ведаў, адказваю, але за ачмурэннем ад навуковага прагрэсу, ад захаплення сваёй творчасцю, ад эгаізму самаўзвелічэння забыўся я, небарака, што сам створаны з праху, што ў любую секунду магу зноў у той прах перайсці. І я, гэты хадзячы прах і разам з тым найскладанейшая істота сусвету, насмельваюся падвяргаць сумневу асэнсаванасць быцця! Хіба можа зраўняцца мая вартая жалю мазня на палотнах з гэтымі ялінамі, што вырастаюць з маленькіх зярнятаў, або з небам і сонцам, дзякуючы якім я жыву? Як ніколі праяснілася тады мне мая нікчэмнасць, Марына, і не толькі мая, а ўсёй плоймы вучоных, філосафаў, паэтаў і раманістаў, што ўяўляюць сябе выкшталцонымі творцамі, уладарамі над прыродай і чалавечымі душамі. Мы ж, слепакі, толькі карыстаемся маленькай долькай прыродных сілаў, а думаем, што з’яўляемся вялікімі творцамі! А колькі ад нас скрыта, колькі мы не спазналі і, можа, ніколі не спазнаем з прычыны нашага непамернага гонару…

— Але пачакай, Нілыч, — уступіла ў размову Паспелава. — Творчасць, наколькі я разумею, гэта заўсёды захапленне перад Усявышнім. Калі яна нармальная творчасць… Большасць карцін Рафаэля, Мікеланджэла — на евангельскія сюжэты. Творчасць Дастаеўскага…

— Э-э-э, — балесна зморшчыўся Пугач. — А колькі бязбожнікаў было паміж Мікеланджэла і Дастаеўскім! Колькі пастаўлена пахабных драм і камедый, колькі напісана раманаў і паэм, дзе апяваюцца адно міжпалавыя стасункі, а чалавек падаецца гэткім пыхлівым героем, расчараваным у жыцці эгаістам, якому нудна жыць без вайны, кахання, гульні ў карты. Пракляты байранізм! Ледзьве не на паўтысячы гадоў творцы на Бога забыліся. Успомнілі пры канцы дзевятнаццатага стагоддзя, у Расеі, ды позна — камунізм наваліўся, усё спляжыў. Толькі цяпер нейкія пробліскі пабожнасці паяўляюцца. І тое — асцярожненькія такія, кволыя. Бо нямодна зараз інтэлігентнаму чалавеку ў Бога верыць, прынамсі выказваць гэта ў сваёй творчасці. Рэлігія абмяжоўвае свабоду самавыяўлення, крычаць гэтыя вашывыя інтэлігенты. Самавыявіцца ім дай ды падай! Бачылі мы такіх самавыразнікаў… — сярдзіта бурчаў мастак. — Толькі яны пра адно забываюцца, што сусвету на іх самавыяўленне начхаць, ён і без іх пражыве. А не пражыве ён без хрысціянскай маралі, без якой гэтыя супертворцы патрапяць у чарговы ГУЛаг і там жыўцом пазгніваюць…

— Дарэмна ты так распаляешся, Лёня. — Яны не заўважылі, як дайшлі да канца алеі, павярнулі і рухаліся назад. — Калі ўявіць, што Космас мае разумны пачатак, то чалавецтва ёсць увасабленнем гэтага розуму ў плоці. Я дык мяркую, што чалавек творчы надзвычай каштоўны хаця б таму, што ён з’яўляецца носьбітам ведаў пра веліч светабудовы і перадае свой досвед нашчадкам… Птушкі ж і дрэвы далей за сябе не глядзяць, а Космасу важна, каб хтосьці разумна яго ацэньваў. Ці не так?

— Прыгожая казка, — скептычна хмыкнуў мастак. — Але рэальнасць паказвае тое, што празмерны розум, калі ён не грунтуецца на рэлігійнай маралі, як правіла спараджае празмерныя беды — як для носьбіта таго розуму, гэтак і для людзей, што з ім дачыняюцца… Творцы, а артысты найперш, уявілі сабе, што ім усё дазволена, раз яны такія адораныя. Заўваж: адораныя! Нехта ж іх адарыў! Але яны нават гэтага не заўважаюць і галосяць са сваіх сцэн, карцін і кніжак: я вялікі, любуйцеся мной і цаніце! я геній, я першапраходнік, я вас павяду!.. Як абрыдла мне гэтыя шматстайныя “я” слухаць… Цяпер ужо лічыцца за благі тон публічна сказаць, што я захапляюся творчасцю Талстога ці Салжаніцына — засмяюць, гідліва скрывяцца твае крытыкі. Цяпер модна ўсхваляць Маркеса, Борхеса, якія, па адной прыродзе сваёй, не могуць быць блізкія беларусу ці рускаму. Бо гэта людзі іншай культуры, іншага менталітэту, іншых задач, калі хочаш. Як незразумелы славяніну бразільскі карнавал, гэтак незразумелая яму і творчасць паўднёвых пісьменнікаў. І гэта нармальна. Трэба спярша сябе спазнаваць навучыцца, сябе палюбіць, тады мо і другія народы палюбіш…

Нілыч замоўк і сярдзіта мясіў нагамі снег.

— Іншы раз, — зноў загаварыў ён раздражнёным голасам, — проста свярбіць выцягнуць нейкага фанабэрлівага прамоўцу з трыбуны за шыварат ды колькі разоў цюкнуць галавой аб сцяну, каб выбіць з яго самалюбнае ачмурэнне, каб прымусіць цвяроза сябе ацаніць. А то развялося настаўнікаў чалавецтва! Разумнікі… чортава вымя. — Хмура памаўчаўшы, ён дадаў: — Сапраўдная творчасць, ды наогул стваральная дзейнасць, Марына, не могуць пачынацца іначай, як з усведамлення ўласнай мізэрнасці, з пакаяння. І яшчэ важна, надзвычай важна ведаць наступнае: мастацкая творчасць ніколькі не вышэйшая за любую іншую ў прыродзе. Цякуць вясной раўчукі, змываюць снег, наталяюць глебу, арэ селянін зямлю, рубіць цясляр хату — усё гэта патрэбная, неабходная, жыццёва важная творчасць!

…Перад дачным пасёлкам Леанід Нілыч як бы выдыхся, замаўчаў, і па вуліцы яны ішлі ў казачнай марознай бязмоўнасці. Было гадзін дзесяць раніцы. Засмужанае сонца палівала мяккай барвай аснежаныя і ад таго нязграбныя домікі, вялізныя сумёты ўздоўж агароджаў, чэзла бліскала на ўзорыстых шыбах і заінелых дрэвах. Пасёлак, такі жывы ўлетку, цяпер амаль не падаваў прыкмет жыцця, толькі над трыма комінамі віўся слабы дымок.

Калі праміналі адзін з дамоў, мастак спыніўся, агледзеў двор і сумна сказаў:

— Дзіўная ўсё-ткі штука — жыццё… Вось ужо другі раз прыязджаю сюды, бачу, што гэты дом пустуе, і мне ніякавата… Тут жа стары скульптар зімой і летам жыве. Дзівак, сышоў з сям’і, самотнічае. Я з ім амаль незнаёмы: прывітаемся кіўкамі, і ўсё. Адно ведаю — Генам яго завуць…

— Я памятаю яго. Такі хударлявы, з сівой барадой… Яшчэ заўжды ў целагрэйцы заношанай ходзіць.

— Во-во. Калі ні прыедзеш — у мароз, завею, хлюпоту, — ведаеш, што Генка тут, і цяплей робіцца на душы… не адзін ты, значыць, пасярод лесу. А зараз пусты яго двор, нячышчаны, і непакоюся я за яго, як за блізкага чалавека. Як жа ўсё звязана на зямлі…

Яны яшчэ крыху пастаялі перад безжыццёвай хацінай скульптара, памеркавалі ды рушылі да свайго доміка, да якога цяпер было зусім недалёка.

16

Панядзелак выдаўся для Аркадзя Рыгоравіча Бабаеўскага днём турботным. Праўда, ранішняя рэпетыцыя прайшла без асаблівых збояў. Былі невялічкія хібы ў ігры некаторых акцёраў, але іх можна прызнаць неістотнымі.

Аркадзь Рыгоравіч зайшоў у свой кабінет з думкамі пра вячэрні спектакль. Гэтая пастаноўка была яго козырам, ішла яна толькі чатыры разы і заўсёды з вялікім поспехам. Хваліў і міністр культуры, які быў на прэм’еры. Адно азмрочвала сённяшні добры настрой: на пятнічнай рэпетыцыі гэтага спектакля адбыўся непрыемны эксцэс, і віноўнікам яго з’явіўся ўсё той жа Сяргей Пугач.

Ізноў заеўся з ім Аркадзь Рыгоравіч, не стрываў. Здалося галоўнаму рэжысёру, што адцягвае Пугач увагу патэнцыйных гледачоў сваёй малазначнай роляй і што робіць гэта наўмысна. Неяк тушавалася ў адным эпізодзе Таня Зарэмба: хоць стаяла на пярэднім плане і гаварыла пераважна яна, але падалося Бабаеўскаму, што не вельмі пераканаўча, не так, як ён задумаў, гэта рабіла. А віной таму — ненавісны Пугач, які занадта кідка дзейнічаў на заднім плане.

З гарачкі, толкам не разабраўшыся, Бабаеўскі выскачыў на сцэну з крыкам “Не так! Ну не так жа!”, стаў махаць рукамі, бязладна тлумачыць, збіўся і ў рэшце рэшт проста аблаяў Сяргея Пугача, прыгразіў зняць з ролі за самавольства. І тут, што самае прыкрае, падляцела да яго гэтая ганарліўка Дробаш, уступілася за Пугача і нагаварыла Аркадзю Рыгоравічу многа дзёрзкіх і крыўдных слоў. А ён, нечакана для сябе, адчуў, што не толькі не можа яе абарваць, паставіць на месца, але і ўсур’ёз запярэчыць баіцца. Бо пакрыёма апасаецца, што пакіне Людка Дробаш яго тэатр, а на ёй усе паспяховыя пастаноўкі сезона трымаюцца. Гэта трэба прызнаць. Даўно падазрае Бабаеўскі, што Дробаш адно зачэпку шукае, каб з ім развітацца і перайсці на больш выгаднае, грашавітае месца.

Змаўчаў тады Рыгоравіч, утаймаваў свой нораў. Але крыўда і неспатоленая злосць на Людку тачылі яго ў выхадныя дні, і рашыў дырэктар, паколькі не можа цяпер нічога парабіць з Людкай, адыграцца на Сяргеі. А іменна прыдзірліва сачыць у панядзелак за памянёным эпізодам спектакля і, калі зноў згледзіць якое самавольства з Пугачовага боку, даць яму прачуханца на ўсю поўніцу, афіцыйным загадам зняць з ролі.

Бабаеўскі якраз разважаў над пятнічным выпадкам, калі ў яго кабінет прыцёгся народны артыст Алесь Дамаронак і, як аказалася, не па справе, а з мэтай пажаліцца на свае сямейныя нягоды. Па-старэчы плаксівым, занудлівым голасам ён цалюткую гадзіну скардзіўся, што замучыла яго шалапутная дачка са сваім гуляшчым, запойным палюбоўнікам, што няма яму, Дамаронку, жыцця і хоць з дому ад гэтых людажэраў збягай… Дваццаціпяцігадовая дачка яго, аказваецца, бяспамятна закахаўшыся ў нейкага прыгажуна, уадначас кінула мужа, з якім няблага пражыла пяць гадоў у яго кватэры, і прывяла новага сябрука да састарэлых бацькоў. Што паробіш, давялося сяліць іх у адным з трох пакояў і, як неўзабаве выяснілася, карміць ды ўсяляк абслугоўваць. Бо наваяўлены палюбоўнік — тыповы альфонс, што жывіцца каханнем палкіх і бязмозгіх паненак, а такой і была дачка Алеся Яўхімавіча Дамаронка. Прыгажун не зарабляў ні капейкі, а тым не менш хадзіў па іх кватэры гогалем, спаў да паўдня, жор ад пуза ды яшчэ ўхітраўся вечарамі дзесьці прападаць і з’яўляцца п’яным. Ад чаго ў іхняй кватэры праз дзень адбываліся душараздзіральныя скандалы, якія наладжвала свайму сужыцелю раўнівая сяброўка — дачка Алеся Яўхімавіча…

Усё гэта, раз-пораз смаркаючыся ў нячыстую насоўку, надрыўна расказваў Бабаеўскаму няшчасны бацька. Аркадзь Рыгоравіч хмура падтакваў, гаварыў няскладныя спачувальныя словы і з яўным нецярпеннем пазіраў на наручны гадзіннік; пры гэтым дэманстратыўна паднімаў кісць да ўзроўню твару і адводзіў рукаво пінжака. Нарэшце дырэктар змогся цярпець слязлівыя нараканні старога і, папрасіўшы прабачэння, сказаў, што яму трэба схадзіць да дэкаратараў. З кабінета яны выйшлі разам. Да дэкаратараў Бабаеўскі не хадзіў, а счакаў за рагом калідора, пакуль дакучлівы Дамаронак збочыць на лесвіцу, подбегам вярнуўся назад і запёрся на ключ.

Аднак не паспеў Бабаеўскі сабрацца з думкамі, як знізу патэлефанавалі і далажылі, што яго прыёму дамагаецца Генадзь Халапук — драматург, які з незапомных часоў супрацоўнічае з іх тэатрам. Прыйшлося прапусціць, прыняць, выслухаць.

Сямідзесяцігадовы Генадзь Пятровіч прыйшоў даведацца, ці чытаў галоўны рэжысёр яго п’есу, пачуць канчатковы вердыкт. Калісьці, гадоў дваццаць таму, п’есы Генадзя Пятровіча з поспехам ішлі на сцэнах рэспублікі. Халапук быў тады дужа папулярны. Але з цягам часу, як пабляк і зблажэў колісь высокі прыгажун Генадзь Пятровіч, гэтак жа пабляклі і паступова страцілі мастацкія вартасці яго творы. Усё цяжэй станавілася прабіваць іх на сцэну Халапуку, усё больш супраціўляліся і крывіліся рэжысёры, часцей прасілі дарабіць ці наогул перайначыць некаторыя эпізоды. Дапамагала слыннае імя драматурга. Але і яно не выратоўвала гаротнага Генадзя Пятровіча апошнія пяць гадоў, цягам якіх ён здолеў прапіхнуць у сталіцы толькі адну п’есу; дый тая пратрымалася на афішах нядоўга. Халапук, які прызвычаіўся жыць раскошна і прывучыў да таго дзве свае сям’і са шматлікімі дзецьмі і ўнукамі, балюча перажываў гэты факт. З зайздросным юначым імпэтам ён працягваў асаджваць тэатры сталіцы ў спадзеве быць зразуметым, пастаўленым і зноў праслаўленым, як ён прывык. Ён унушаў сабе, што гэта часовыя няўдачы, што ён перажыве творчы крызіс і тады… Нібы забываўся Генадзь Пятровіч, што не трыццаць, не сорак і нават не пяцьдзесят яму гадоў, а ўсе семдзесят, і што гэта не творчы крызіс зусім, а неадхільная, балесная і бурклівая старасць. Ён безнадзейна адстаў ад сучаснасці, жыў застарэлымі хімерамі і догмамі і не толькі не хацеў, а папросту не мог успрымаць цяперашняе феерычнае жыццё такім, як яно ёсць. А публіка, што прагнула новага і незвычайнага, у сваю чаргу не магла ўспрымаць яго п’есы, нават калі б яны былі паспяхова пастаўлены. Але п’есы, можа на карысць састарэламу драматургу, ніхто не ставіў, тым самым міжволі захоўваючы яму добрае імя. Чаго ніяк не хацеў зразумець Генадзь Пятровіч, які з надыходам творчага старэння не страціў ахвоты пісаць і, што самае прыкрае, прапаноўваць свае творы ў тэатры.

Вось і зараз ён ставіў у няёмкае становішча Бабаеўскага сваім прыходам, змушаў таго крывадушнічаць і падбіраць гладзенькія, супакойлівыя, някрыўдныя фразы, каб пераканаць упартага драматурга прапанаваць сваю п’есу ў іншы тэатр. Хаця ведаў Аркадзь Рыгоравч, што калі і возьмуць гэты твор для пастаноўкі, то ніяк не ў сталіцы, а ў нейкім замшэлым правінцыйным тэатрыку. Ганарары ж там такія, што Халапуку не тое што на шматлікіх сыноў, дачок і ўнукаў, — сабе на кефір не хопіць.

Яшчэ два тыдні таму, калі Генадзь Пятровіч урачыста і адначасова з ліслівым выразам твару ўручыў Бабаеўскаму рукапіс, той, мякка кажучы, не ўзрадаваўся. Калі ж прачытаў першыя пяць старонак, то ўжо быў адназначна ўпэўнены, што п’еса не пойдзе ні пад якім выглядам. Але зважаючы на слыннае імя драматурга, ён мусіў прагледзець п’есу дарэшты, хоць у кожным абзацы так і карцела закрычаць станіслаўскае “Не веру!” і адрынуць рукапіс прэч.

Гэта быў зацёрты, збіты, заезджаны сюжэт сямідзесятых гадоў, гэта была ненатуральная, прыгладжаная і прылагоджаная, мёртвая мова. Коратка: у добрапрыстойнай сям’і расце сын-аболтус, які насміхаецца з бацькоўскай старамоднасці, адстойвае свабоду мыслення, паводзінаў і кахання; у выніку ён знюхваецца з дрэннай кампаніяй, прызвычайваецца да алкаголю і брудных дзевак і трапляе ў турму за рабунак; кульмінацыяй аўтар лічыць сцэну ў судзе, дзе бацька бярэ слова, чытае мараль свайму сыну і ледзьве не адракаецца ад яго; канец. Бацька ў прамове нагэтулькі не па-хрысціянску злосны і непрыхільны, настолькі не адпавядае свайму ж, выведзенаму папярэдне, характару, што збянтэжыў бы нават цяперашнюю, звыклую да любых паваротаў, публіку і дакладна б праваліў п’есу… каб яна і была пастаўлена. Але ставіць яе Аркадзь Рыгоравіч не збіраўся і не менш як гадзіну пераконваў Халапука паспрабаваць яе аднесці… і называў шэраг сталічных рэжысёраў, якім, ён упэўнены, п’еса спадабаецца. На пытанне засмучанага і пакрыўджанага Генадзя Пятровіча, чаму не бярэцца за пастаноўку сам Бабаеўскі, Рыгоравіч глядзеў убок і пачынаў расплывістыя разважанні пра загрузку матэрыялам, пра дзікунскія густы сучаснай публікі ды пра кепскі продаж білетаў.

Але і выправадзіўшы Халапука, не займеў дырэктар тэатра “Кіцеж” спакою. Літаральна праз дзесяць хвілін раздаўся тэлефонны званок ад Барыса Дымшыца, прадзюсэра серыяла, у якім мерылася здымацца Таня Зарэмба. Звесткі ад Дымшыца былі сумныя: адзін вераломны спонсар у апошні момант адмовіўся ад свайго саўдзелу ў здымках, і яны адсоўваюцца з канца студзеня на няпэўны тэрмін. Прычым аб’явіў пра гэты зрыў Барыс нейкім несур’ёзным, гуллівым тонам, што асабліва ўсердзіла Бабаеўскага. Ён ведаў, што Зарэмба пячонкі яму за гэта ад’есць.

Аркадзь Рыгоравіч доўга думаў, як мякчэй паведаміць Таньцы непрыемную навіну, аднак не дакеміў нічога лепшага, як заявіцца ў яе грымёрку перад спектаклем. Развар’яваная зрывам здымак палюбоўніца нагаварыла яму процьму несправядлівых і абразлівых слоў. Выгнала вон.

Засмучаны Бабаеўскі наважыў быў выйсці ў прылеглы сквер, супакоіцца на свежым паветры. Дырэктар нават выбраўся на ганак, як па мабільніку яго дастаў адміністратар Валадзько, як заўсёды — па неадкладнай справе. Прыйшлося шыбаваць назад у свой кабінет ды з паўгадзіны ваяваць з адміністратарам па тэлефоне; трымаючы перад вачыма дакументы, даказваць яму сваю праўду.

Аркадзь Рыгоравіч гэтак расхваляваўся за спрэчкай з уедлівым Валадзьком, што мусіў затым выпіць паўчаркі лячэбнага каньяку і дзесяць хвілін праседзець у крэсле, падлічваючы пульс. Удары сэрца былі нядобрыя, збівістыя.

А яшчэ нагадаў пра сябе голад: за справамі ён так і не паабедаў, як прывык, у рэстаране насупраць. Давялося спусціцца ў буфет, каб чагосьці перакусіць. І нахабства! — там нават яго любімага кефіру не аказалася. Задаволіўся рэдзенькім малаком з булачкамі. Бо кава, што мелася ў продажы, магла выклікаць сэрцабіццё і раздражненне, а на спектаклі трэба быць спакойным.

Дырэктар умяў у пустым буфеце штук пяць булачак з дзвюма шклянкамі малака і падняўся наверх. Тут жа, нібы чакаючы свайго гаспадара, затрашчаў тэлефон. За прарэзлівым, вярэдлівым званком Аркадзь Рыгоравіч западозрыў новую нервовую размову і таму не падняў трубку. Але нехта з упартасцю яго дамагаўся і званіў не перастаючы. Бабаеўскі чарговы раз памянуў нядобрым словам сакратарку Ніну, што была на бальнічным і тым самым змушала яго самога адказваць на шматлікія званкі, чартыхнуўся і выскачыў з кабінета. Да спектакля яшчэ было далекавата і ён рашыў, каб усё ж супакоіцца, выйсці ў сквер і пахадзіць па набярэжнай. Дакучлівы мабільнік пакінуў у вахцёра.

Але ў скверы Бабаеўскі напаткаў знаёмага крытыка, які ўзахлёб, назойліва стаў распавядаць пра новую пастаноўку ў суседнім драмтэатры, на якой ён учора быў. Крытык занадта хваліў галоўнага рэжысёра спектакля, не ведаючы, што Аркадзь Рыгоравіч яго недалюблівае і крыху, зусім трошкі, раўнуе да яго славы і паспяховасці.

Адным словам, прагулка не ўзняла Бабаеўскаму настрою.

Аднак у свой кабінет Аркадзь Рыгоравіч вярнуўся расчырванелы ад студзеньскага марозіку, з нармалізаваным дыханнем і пульсам. Ён сеў і ўзнавіў у памяці вузлавыя моманты будучага спектакля, унутрана адзначыў сілу і выкшталцонасць некаторых сцэн; уявіў апладысменты гледачоў, убачыў нават сябе ў пачэснай ложы — самавітага, у бездакорным касцюме і гальштуку, у атачэнні высокапастаўленых гасцей… Зрэшты, сур’ёзных гасцей сёння не прадбачылася. Але гэта да лепшага — можна расслабіцца і атрымаць эстэтычную асалоду ад самога дзейства, пільна прасачыць за ігрой акцёраў і на заўтрашняй рэпетыцыі ўнесці сякія-такія папраўкі. Гэта, трэба прызнаць, неабходная рэч. Бо спектакль малады, як след не абкатаны і некаторыя шурпатасці, безумоўна, будуць час ад часу выяўляцца. Важна іх заўважыць самому і неадкладна выправіць, пакуль не раскрычаліся ў газетах тэатральныя крытыкі. Бабаеўскі ведаў, што некаторыя нядобразычліўцы проста палююць за яго пастаноўкамі, вышукваюць слабыя месцы. Трэба быць уважлівым.

Да спектакля заставалася з паўгадзіны. Па сваёй даўняй завядзёнцы, у гэты час Рыгоравіч ужо не заходзіў за кулісы — за парадкам сачылі памочнікі і дакладвалі яму па тэлефоне. Вось нядаўна патэлефанавалі, супакоілі, сказалі, што ўсё на мазі. Добра. Сам жа ён не будзе дарма нервавацца, а з’явіцца ў ложы толькі пасля другога званка.

17

Без пяці хвілін сем Аркадзь Рыгоравіч апошні раз падышоў да люстэрка, паправіў гальштук, зняў парушынку з пляча, праверыў, ці няма парэзаў на твары пасля галення, і накіраваўся да выхадных дзвярэй. Ён крутануў барабан унутранага замка і таргануў дзверы за ручку. Але дзверы не паддаваліся. Азадачаны гэтым, Бабаеўскі апусціў правую руку, якую быў падняў да пераключальніка святла, і ўсю ўвагу засяродзіў на дзвярным замку. “Заеў, пракляты! — варухнулася ў галаве прыкрая думка. — Слесара павесіць мала…” Рыгоравіч узяўся за барабан, каб яшчэ яго пракруціць, але хутка выяснілася, што справа тут не ў верхнім замку. Дзверы не пускала нешта іншае. І гэтым іншым быў ніжні замок, які дырэктар, на сваю бяду, загадаў нядаўна ўрэзаць. Бабаеўскі прысеў і ясна разгледзеў у шчыліне між дзярным шчытом і вушаком стальны язычок. Што за чартаўшчына! Аркадзь Рыгоравіч не запіраў гэты замок.

Брыдка, па-люмпенску вылаяўшыся, дырэктар дастаў з кішэні штаноў звязку ключоў, хутка знайшоў патрэбны і ткнуў яго ў шчыліну. Тут ён адчуў, як пахаладзелі шчокі, а ў нагах з’явілася здрадніцкая кволасць: ключ не пралазіў! Праўдзівей, пралазіў, але толькі на адну чвэрць. Яму нешта замінала.

Бабаеўскі дрыготкай рукой запаліў сярнічку і паднёс да шчыліны. Яна не прасвечвалася наскрозь. А гэта выдавала на тое, што з супрацьлеглага боку ў шчыліну ўстаўлены яшчэ адзін ключ. Праклён! Рыгоравіч уміг абнядужаў і апусціўся на кукішкі. І тут, нібы здзекуючыся з яго, у дынаміку над галавой раздалася пералівістая трэль апошняга званка. Спектакль пачынаўся. Гэтая гарэзная трэль вывела дырэктара з імгненнай разгубленасці. Ён ускочыў і шалёна замалаціў кулакамі ў дзверы. Але яны, па загадзе самога ж Бабаеўскага, былі абабіты з абодвух бакоў таўшчэзным слоем дэрмаціну. Гукі ўдараў амаль не пранікалі ў калідор. Скеміўшы гэта, вязень усчаў грукаць рукамі, а затым нагамі па вушаку. Аднак вынікам было толькі тое, што ён рассадзіў да крыві два пальцы. Ніхто не адгукаўся на яго покліч.

Нямы, бяссільны адчай авалодаў Аркадзем Рыгоравічам. Ён зароў, як паранены леў, і мітусліва забегаў па пакоі. Падскочыў да аднаго, да другога акна, затым шарахнуўся да рабочага стала і, нарэшце, яго азарыла выратавальная думка: тэлефон! Тэлефон… Як жа ён, стары ёлуп, адразу не здагадаўся! Зараз Рыгорыч пазвоніць вахцёрам, а тады… Тады ўжо ён разбярэцца, хто засунуў ключ з таго боку. Ён навядзе ў гэтым прытоне парадак…

О, Божа! Тэлефон, гэтае апошняе яго спадзяванне, маўчаў. Бабаеўскі раз’юшана бразгаў гашэткай, намагаючыся выціснуць з апарата гудкі, але трубка не ажывала. Дык вось хрэн вам: мабільнік! Ён ухмыльнуўся і паказаў дулю ў бок дзвярэй. І адразу ж, як апошні акорд гэтай драмы, успомніў няшчасны дырэктар, што няма пры ім і мабільніка, гэтай танюткай нітачкі, што звязала б яго са знешнім светам. Бо ўласнаручна, ратуючыся ад дакучлівых званкоў, аддаў яго вахцёру. Гэта была неймаверная, дзікая насмешка лёсу. Але ў нерэальным спадзеве на цуд Бабаеўскі яшчэ хвілін пяць ляпаў па ўсіх кішэнях касцюма, затым абшукаў кабінет. Марна.

Знясілены і ашаломлены, дацёгся дырэктар да акна. Неба было цёмнае, бяззоркавае. З трэцяга паверха адкрываўся прывабны вячэрні краявід: віднеліся асветленыя ліхтарамі дарожкі сквера, пустэльныя лавачкі; аснежаныя зграбныя яліны маляўніча зіхацелі ў штучным святле. Правей выцягнулася набярэжная з заваленым гурбамі парапетам, з лесвіцай, што вяла да самай вады. Дакладней, не да вады, а да лёду, які тоўстым слоем ужо другі месяц пакрываў раку. Там-сям прагульваліся асобныя людзі, пары.

На міг узнікла думка ўзабрацца на падваконне, адкрыць фортку і гукнуць кагосьці на дапамогу. Але тут жа ўявілася, як недарэчна будзе выглядаць ён у праёме акна, як сарве голас, пакуль хоць нехта зверне на яго ўвагу, як збівіста будзе тлумачыць Аркадзь Рыгоравіч, што яму трэба. А калі раптам хто выкліча міліцыю, то назаўтра ён стане пасмешышчам для ўсяго горада, газеты запярэсцяць загалоўкамі тыпу: “Зняволены дырэктар”, “Змова ў тэатры “Кіцеж”, “Хто замкнуў Бабаеўскага?” і падобнымі. Ну не, дудкі! Не дачакаюцца. Не такі ён дурань, каб даваць пажыву зласліўцам. Бабаеўскі гатовы хоць ноч тут праседзець. Тым болей што, упэўнены, ужо ў антракце нехта сюды прыбяжыць — абавязкова ж заўважаць яго адсутнасць. І тут, дзіўна што толькі зараз, узгадалася, што ад ніжняга замка маюцца ўсяго тры экзэмпляры ключоў: адзін у яго, другі на шчыце ў вахцёра, трэці ў Танькі Зарэмбы. Значыць, гэта вахцёр, стары хрэн, вінаваты! “Звольню, заўтра ж звольню шалудзівую псіну!” — Аркадзь Рыгоравіч выцяў кулаком падваконне і войкнуў: ён збіў кісць яшчэ раней, аб вушак, калі клікаў падмогу.

Як сабака, залізваючы пабітае месца, ён вярнуўся да стала і зноў узяў трубку. Не, тэлефон безнадзейна маўчаў. Бабаеўскі карпатліва даследаваў шнур, які ішоў па плінтусе, вушаку і пранікаў у маленечкую адтуліну. Шнур анідзе не быў перарэзаны ці пашкоджаны.

За доўгія гады сядзення ў гэтым кабінеце тэлефон псаваўся толькі пару разоў. І трэба ж надарыцца такому подламу супадзенню: замок, тэлефон, пачатак спектакля… “Супадзенне? — трывожна і разам з тым злосна падумаў Бабаеўскі. — А ці супадзенне гэта?” Няўжо нехта насмеліўся з яго пасмяяцца, паздзекавацца? Калі так, то гэты нехта пашкадуе, што нарадзіўся на свет! Твар Бабаеўскага сказіла лютая грымаса.

Але зараз не час злоснічаць. Трэба кумекаць, як выбрацца. Аркадзь Рыгоравіч грузна апусціўся ў мяккае крэсла, стаў разважаць. Аднак у галаву, як на грэх, прыходзілі не выратавальныя думкі, а ўсялякая брыдота з прамінулага жыцця, пра што не задумваешся ў віры паўсядзёншчыны. Прыгадалася нядаўняе выступленне ў прэсе яго сына Пашкі, малодшанькага. Гэты сапляк, за якім Аркадзь Рыгоравіч пялёнкі ад дзярма вымываў, якога непамерна ўсё жыццё песціў, цяпер абражае бацьку ў інтэрв’ю. Гаворыць, напрыклад, што для дырэктара драмтэатра каханне маладой і прыгожай асобы важнейшае, чым шлюбны доўг перад жонкай, чым лёс сыноў; што ён, Пашка, маўляў, разумее гэтую акалічнасць і не мае прэтэнзій да бацькі, раз ужо той так закахаўся. Словам, увесь тон таго артыкула наскрозь саркастычны, з’едлівы, абразлівы для Аркадзя Рыгоравіча. Балюча ўдарыў яго нашчадак… Гадзянё! “Пачакай, — суцяшаў сябе Бабаеўскі, — дапячэ цябе рэчаіснасць, прыйдзеш ты да мяне”. Уяўленне жвава намалявала карціну Рэмбрандта пра блуднага сына, на месца якога Рыгоравіч з асалодай паставіў Пашку.

Але такі прыемны расклад сапсавала новая згадка: таблеткі, якімі Аркадзь Рыгоравіч выпраўляў патэнцыю, аказаліся нікчэмнымі, не дапамаглі. Тры дні таму ён выказаў сваю незадаволенасць доктару, у гневе накрычаў на таго, і яны рассталіся. З таго часу Бабаеўскі звярнуўся да новага прыватнага лекара. Той, даведаўшыся пра лякарствы, якія раней прымаў кліент, абурыўся сваім калегам і абазваў яго шарлатанам; ён тэрмінова выпісаў Рыгоравічу новыя таблеткі, якія неадменна памогуць. А яшчэ рэкамендаваў пажылы самавіты ўрач басейн, лёгкія прабежкі ці, на благі канец, шпацыр на свежым паветры. Свежае паветра! Ух, як патрэбнае зараз Бабаеўскаму свежае паветра, замест агорклага кабінета, дзе ён зняволены па прыхамаці лёсу.

Дырэктар ускочыў з крэсла і падбег да акна. Усё той жа вечаровы краявід, той жа сквер, ліхтары, набярэжная. Адно людзей паменшала на дарожках, ды апускаецца пакрысе на дол марозная імгла…

Новы, мацнейшы прыступ страху разабраў Аркадзя Рыгоравіча: што як не прыйдзе да яго ніхто? А гэта зусім верагодна, паколькі на трэці паверх, дзе толькі службовыя памяшканні, пасля спектакля заходзяць рэдка, па выпадковых справах. Праўда, па інструкцыі павінен абыходзіць паверхі вартаўнік, але дырэктар ведае, як выконваюцца інструкцыі ў іхнім тэатры. Праклён! Але ж павінна быць выйсце…

І тут, азораны новай ідэяй, Рыгоравіч падбег да пераключальніка і пагасіў святло. Затым запаліў зноў. Так, ён будзе сігналізаваць на вуліцу ўключэннем і выключэннем люстры. Мірглівыя вокны, толькі два на ўсім паверсе, абавязкова прыцягнуць увагу прахожых. Нехта захоча разабрацца, даложыць вахцёру, і тады ён выратаваны! Каб так… А калі міліцыя, калі разгалошванне ў прэсе? Гэх, халера з імі, не гібець жа тут усю ноч. Будзе яшчэ недарэчней, калі яго знойдуць тут заўтра раніцай.

Рыгоравіч рашуча засігналіў магутнай люстрай. Напачатку ён проста мерна гасіў і запальваў святло, хвілін пяць запар. Затым стаў мяняць перыядычнасць і міргаць хітрамудрымі камбінацыямі. Тут ён пашкадаваў, што калісьці ў гуртку юных тэхнікаў кепска вучыў азбуку Морзэ.

Прайшло хвілін дзесяць, але на падмогу ніхто не спяшаўся. Дырэктар некалькі разоў кідаў выключальнік і падбягаў да акна — паназіраць рэакцыю прахожых. Але рэдкія постаці безуважна крочылі па сваіх маршрутах, ніхто не спыніўся перад будынкам тэатра. “Сволачы! Абыякавае быдла!” — вылаяўся Бабаеўскі і прыняўся яшчэ шалёней націскаць пераключальнік. Аднак неўзабаве нешта бухнула, і пакой акунуўся ў цемрадзь. Гэта вылецелі засцерагальнікі электрычнасці. Няшчасны Рыгоравіч абамлеў і ледзьве не разрыдаўся ад безвыходнасці: электрашчыт быў выведзены на калідор; цяпер нават таршэр не ўключыш.

Да цемры ён звык хвілін праз дзесяць. Да таго ж ліхтарні сквера часткова асвятлялі яго кабінет. Але менавіта ў гэтым прывідным святле і згледзеў Аркадзь Рыгоравіч на сваім гадзінніку страшнае: прайшла першая дзея спектакля, прамінуў антракт, а галоўнага рэжысёра, выходзіць, не спахапіліся… Ногі зноў аслабелі, Бабаеўскі давалокся да крэсла і паваліўся ў яго. У нямым здранцвенні ён праседзеў немаведама колькі часу. У галаве ўтварылася пустата, якая не перамяжалася ні злосцю, ні жахам.

Але тое, што вывела яго з гэтай прастрацыі, было намнога страшнейшым за ўсё папярэдняе — за сапсаваныя замок і тэлефон, за бязмоўную цемру: рэзкая спазма скруціла ніз жывата шаноўнага спадара дырэктара. Ён пахаладзеў. Пахаладзеў не так ад болю, як ад прадчування магчымых наступстваў гэтай кішэчнай спазмы.

“Спакойна, галоўнае — быць спакойным, — малітоўна зашаптаў Бабаеўскі, баючыся паварухнуцца. — Гэта мне падалося, гэта проста ад нерваў… не трэба хвалявацца… то была звычайная нервовая сутарга… Усё будзе добра. Я тут ціхенька пасяджу, неўзабаве нехта прыйдзе, адкрые дзверы, а там… там, у дзесяці метрах, выратавальная службовая прыбіральня…”

Пры слове “прыбіральня” новая, куды мацнейшая за папярэднюю спазма працяла дырэктарава нутро. Аркадзь Рыгоравіч застагнаў і роспачна сціснуў мяккія падлакотнікі пальцамі. Не трэба шавяліцца, рух правакуе перыстальтыку кішак, думаў гаротны вязень. Трэба нерухома пасядзець, і ўсё пройдзе. І не думаць, не думаць пра боль у жываце, не даваць яму падставы ўзнавіцца. Няблага ўзгадаць нешта прыемнае, напрыклад… Але нішто прыемнае не лезла ў галаву, страх перад новым прыступам болю скаваў свядомасць Рыгорыча. Шаноўны дырэктар драмтэатра “Кіцеж” і кішачны боль, гэты закляты вораг чалавецтва, што падпільноўвае ўсіх — ад старых да малалеткаў, ад бамжоў да прэзідэнтаў супердзяржаў у розных недарэчных месцах, — як бы затаіліся, насцярожана чакаючы першага кроку праціўніка. Так прайшло пару хвілін. І боль вярнуўся, вярнуўся цэлай серыяй жахлівых, пакутлівых спазмаў, што прастрэльвалі жывот Бабаеўскага, нібы кулі. Сутаргі ішлі справа налева, зверху ўніз і пераходзілі ў здрадніцкае, такое знаёмае з немаўлячага ўзросту ныццё ў прамежнасці. Ныццё зрабілася няспынным, і здавалася, што сама прырода дужаецца з арганізмам беднага Аркадзя Рыгоравіча, як бы намагаецца разарваць напалам яго цела.

Цяпер дырэктар трымаўся за жывот аберуч. Ён спрабаваў гладзіць яго, масіраваць, але гэта адно спараджала новыя і новыя, нясцерпныя, невыносныя сваёй безвыходнасцю спазмы. Чамусьці падумалася, што падобныя мукі трываюць парадзіхі, але прырода заўсёды аказваецца дужэйшай за іх і прымушае хоць памерці, а доўг свой аддаць. Адвечны покліч прыроды, нястрымны позыў вонкі ўступіў у дужанне з целам Бабаеўскага, а ў гэтым баі чалавек прайграе неадменна.

Скарыстаўшы невялікую перадышку паміж двума прыступамі, Рыгоравіч устаў з крэсла, дашкандыбаў да канапы і асцярожна лёг на яе. Ён ведаў, што ў гарызантальным становішчы боль не такі пакутлівы, можна яго ўлагодзіць, як бы закансерваваць і дацярпець такім чынам да заканчэння спектакля… Спектакля! А калі ніхто, як і ў антракце, пра яго не згадае? Або падыдзе да дзвярэй і пройдзе міма, не даведаўшыся пра яго гора? Трэба падпаўзці да дзвярэй, прынікнуць да замочнай шчыліны і прыслухоўвацца! Ён зрабіў рух, каб устаць, але чарговая спазма дзеранула жывот і прыбіла дырэктара да канапы.

“Праклятая буфетчыца! — заскрыгатаў зубамі Аркадзь Рыгоравіч. — Тлустая свіння, гэта яна падсунула мне нясвежае малако… Яны там яго вадой разбаўляюць… Усіх звольню! Звольню да чортавай маці…” Боль быў ужо такім, што слёзы засцілі вочы, галава стала нібы чыгуннай, а ў мозгу засела адна неадчэпная думка: аблягчыцца, аблягчыцца любой цаною. Але як? У кабінеце стаіць адна сметніца для папер, празрыстая, з дроту, — яна яўна непрыдатная для такой мэты. Хаця, калі заслаць сценкі тоўстым слоем паперы… Што за нізкая, што за пошлая думка! І гэтак разважае ён, слынны рэжысёр, дырэктар найвядомейшага тэатра… Рыгоравіч з грэблівасцю адрынуў такі варыянт. Аднак сакрушальны боль, ад якога не пацямнела, а пачырванела ўваччу, зноў вярнуў яго да неабходнасці дзейнічаць. Затуманены позірк Бабаеўскага спыніўся на вялізным фікусе, а праўдзівей, на гаршку, у якім стаяла гэтая расліна. Рыгоравіч прагна ўтаропіўся на яго… Так, ён вытрасе фікус з гаршка разам з зямлёю… Але гэта ў апошні, крайні момант, а пакуль цярпець, цярпець, як бы там ні было.

Прайшло яшчэ колькі хвілін, спазмы ў жываце не то паменшалі, не то Бабаеўскі да іх прывык. Але да іх далучыліся тахікардыя, боль за грудзінай і ўдушша; шалёна стукала ў скронях. Няшчаснага раптам напалохала думка, што яго зараз разаб’е паралюш, ці надарыцца інфаркт — і ён знепрытомнее, страціць кантроль над сабой і абгадзіцца па самыя вушы. Гожую ж карціну тады пабачаць людзі: паралізаваны дырэктар тэатра на канапе ў лужыне дзярма. Тады ўжо лепей адразу памерці… Памерці?! Ну не, ён не збіраецца паміраць, ён ненавідзіць смерць, гэтую старую каргу, гэты нябыт, чарнату, бязмоўнасць… У яго ёсць любімая работа, каханая жанчына, нашчадкі, — дудкі, смерць ніяк не ўваходзіць у ягоныя планы!

Пераадольваючы боль, які, здавалася, апанаваў усё цела, дырэктар з крэхтам падняўся з канапы і грузна пацёгся да дзвярэй. Па дарозе ён скінуў на падлогу пінжак, апусціў падцяжкі — каб пры пільнай патрэбе лацвей было сцягнуць штаны… Перад дзвярыма Рыгоравіч укленчыў і прыпаў вухам да замочнай шчыліны. Цішыня, безнадзейная, як сама смерць, пранікала ў яго мозг, паралізоўвала волю. Ён ужо не рабіў спроб падысці да тэлефона: раптам той выправіўся, — ён не думаў, ці паспее дапяць да гаршка з фікусам, калі няможна будзе цярпець. Ён проста стаяў на каленях і пакутна стагнаў… Затым апусціўся і, як сабака, лёг на падлогу.

Невядома, колькі хвілін прамінула, а толькі падалося Аркадзю Рыгоравічу, што нехта крочыць па калідоры. Ён хацеў закрычаць, але так аслабеў ад болю, што з яго рота вырваўся толькі несамавіты, амаль бязгучны хрып. Ён хацеў калаціць па вушаку кулакамі, аднак рукі не паднімаліся… І тут нешта заскрыпела, заварушылася над галавой: нехта звонку намагаўся адчыніць дзверы. Непаўторная радасць збавення вярнула Бабаеўскаму апошнія сілы, ён падняўся, наваліўся на вушак і адчайна ўсклікнуў: “Гэта я! Я тут, адкрывайце!”

Нарэшце дзверы саўгануліся на яго, дырэктар адхіліўся і ў бляклым дзяжурным асвятленні калідора ўбачыў жаночую постаць. То была Танька Зарэмба. Яна, здзіўлена лыпаючы вачыма, глядзела на Аркадзя Рыгоравіча. Ён хацеў нешта сказаць, але боль з небывалай сілай працяў ніз яго жывата — той боль, які ўжо не стрываеш…

Бабаеўскі кінуўся ў праём, адштурхнуў агарошаную Зарэмбу і ў адной кашулі, з падцяжкамі, што матляліся на тоўстым задзе, памчаўся па калідоры ў бок прыбіральні. Балазе, апроч Танькі, нікога паблізу не аказалася.

18

З прычыны слабага слыху Яніна Пятроўна не расчула, як адчыняліся ўваходныя дзверы. Разабрала яна ўжо крокі па калідоры: у пакой увайшоў Кастусь, малады чалавек дваццаці сямі гадоў, прыходу якога састарэлая гаспадыня даўно чакала.

— Добры дзень, паважаная Яніна Пятроўна. — Госць імкліва падышоў да бабулькі, галантна ўзяў ейную руку і, нахіліўшыся, пацалаваў. — Ну, надвор’е, я вам скажу, сёння акурат пушкінскае. Не “мороз и солнце, день чудесный”, а “вьюга мглою небо кроет” — дакладна.

— Холадна? — Гаспадыня сядзела на канапе і пазірала на маладога чалавека знізу ўверх.

— Не холадна, Яніна Пятроўна, — звонкім, жыццярадасным голасам прамовіў Кастусь. — Самы лёгкі марозік. Затое які снег, які снег!

— І я вось сяджу ды ў акно дзіўлюся. Такога снегападу яшчэ не было гэтай зімою…

— Так, не было… Гэта вам. — Госць хапатліва дастаў са скураной сумкі, што трымаў у руках, кіпу газет і працягнуў бабульцы. — І гэта таксама вам. — Ён выняў празрысты пакет з мандарынамі.

— Ой, Косця, я ж вас прасіла не бянтэжыць мяне падарункамі, — з дакорлівай удзячнасцю паглядзела на хлопца Яніна Пятроўна. — Зусім вам не трэба на мяне траціцца…

— А я, можа, не на вас, а на сябе трачуся. — З гэтымі словамі хлопец вывудзіў з дна сумкі бутэльку сухога віна і паставіў на часопісны столік. — У мяне сёння добры настрой, вось і хачу яго з вамі адзначыць.

— Ой… — старая разгублена пазірала на прынесеныя пачастункі. — Ну, ва ўсякім разе ўсцешна за ваш добры настрой.

— Вось так, Яніна Пятроўна, — Кастусь выпрастаўся і дабрадушна глядзеў на гаспадыню, — сёння гуляем. Але перш папрацуй, а тады і танцуй. Я там на кухню прадукты перанёс. Пайду што-небудзь згатую, прыбяруся…

— Думаю, прыбірацца сёння не варта. Я па меры сіл падмяла, пыл выцерла.

— Ну, паглядзім, Яніна Пятроўна, паглядзім… — Малады чалавек паклаў сумку на крэсла і весела рушыўся ў бок кухні; у калідорчыку ён прыпыніўся і гукнуў: — Можа, вам тэлевізар уключыць, каб не нудзіліся?

— Не, Косценька, я павяжу пакуль.

Пятроўна, між іншым, другі тыдзень вязала свайму памочніку шкарпэткі. Але ён пра тое не ведаў.

— Ну я мігам. — Праз хвіліну хлопец ужо гаспадарыў на кухні: бразгаў каструлямі, ляпаў дзвярыма халадзільніка, уключаў і выключаў вадаправодны кран.

Старая ж дастала з нішы паміж канапай і падваконнем вязанне і занурылася ў яго.

Яніне Пятроўне Мачульскай ішоў восемдзесят другі год. Яна была чалавекам хворым і адзінокім, але пражыла сумленнае, праведнае жыццё і таму магла смела глядзець у твар ужо недалёкай смерці.

Адзінота яе не пужала, таму што была спадарожніцай Мачульскай, па меншай меры, палову жыцця. Жанчына да яе звыкла. Страшна падумаць, удоўствуе яна шэсьдзесят гадоў, з лета сорак першага, калі вайна разлучыла іх з мужам — маладым афіцэрам, лейтэнантам Максімам Ягоравічам Тарасенкам.

Калі ў Гродна, дзе яны жылі да вайны, уварваліся нямецкія войскі, Максім знаходзіўся ў часці, на баявым дзяжурстве. Так, яны не бачыліся з першага ж дня вайны. І ніколі больш не бачыліся… Хаця потым, за ліханосныя гады нямецкай акупацыі, пакрысе даведалася Яніна, што некаторыя савецкія часці здолелі адступіць, не былі дарэшты разбіты.

Усю вайну Мачульская цешыла сябе надзеяй, што ўратаваўся яе Максім, што ваюе і б’е ворага, што толькі не можа перакінуць ёй вестку праз лінію фронту. Так лягчэй было выжываць…

Аднак закончылася Вялікая Айчынная, нармальна запрацавалі пошта і адрасны стол, а пра мужаў лёс па-ранейшаму было ані гуку. Не аб’яўляўся ён, не шукаў лістамі і запытамі сваю Яніну і, што самае страшнае, не напісаў і ў Львоў, да свайго бацькі і сястры, якія ацалелі ў вайну і жылі на старым месцы…

Прайшло яшчэ пяць гадоў, і стала ясна, што Максіма няма ў жывых. Стала ясна розуму, а не сэрцу. Сэрца па-ранейшаму было з ім, каханым маладым афіцэрам, з якім пажыла Яніна ўсяго год да вайны. Затое як пажыла! Кахалі яны адно аднаго бязмерна, нейкай рамантычнай, адданай, ненармальнай любоўю. Так не кахаюць цяпер.

І таму вырашыла Яніна чакаць. Чакаць свайго любага. Чакаць калі не для жывога чалавека, то хаця б дзеля яго светлай памяці. Пакуль не прыйдзе дакументальнага пацвярджэння Максімавай гібелі.

Пацвярджэнне не прыходзіла. І жыла Мачульская адна, заміраючы ад кожнага нечаканага званка ў дзверы, ад кожнага пісьма з незнаёмым адрасам, ад новага голасу па тэлефоне.

Міналіся гады. Яніна пераехала ў Мінск, пасялілася на кватэры ў незамужняй цёткі, паступіла на завод. Бацькі ж яе, адны за адным, памерлі яшчэ ў сорак чацвёртым у Гродне. Цётка Ксеня засталася, па сутнасці, адзінай яе раднёй. Пасля скону цёткі, у 1961 годзе, кватэра перайшла да Яніны, а разам з ёй — і непазбежная адзінота. У сорак два гады не выпадала знайсці сабе спадарожніка па жыцці, ды Яніна і не хацела — прывыкла да ўдавінай долі, сцярпелася. Старалася гнаць ад сябе думкі пра самотную хворую старасць, занурвалася ў работу. Дарэчы, яна скончыла завочна інстытут, стала інжынерам.

Але старасць прыйшла. Прыйшла, незважаючы на тое, што ажно дзесяць гадоў прарабіла пасля пенсіі Яніна Пятроўна. Як ні цанілі яе, як ні не хацелі адпускаць, а сама адчула, што ўсё — вычарпала свае магчымасці, не паспявае за часам. І сышла.

Да сямідзесяці чатырох яна трымалася малайцом: мацавалася, не губляла аптымізму, перазвоньвалася і сустракалася з былымі саслужыўцамі, сяброўкамі, хлебасольна прымала гасцей. Але паступова звужалася гэтае кола. Па той простай прычыне звужалася, што сталі паміраць равеснікі, а з імі — сплывалі ў нябыт кавалкі Янінінага жыцця. Цяпер толькі ў памяці можна было іх уваскрашаць — балюча, надрыўна і трапятліва.

Асабліва ашаламіла Пятроўну, калі перастала адказваць на лісты гарадзенская сяброўка юнацтва — Тамара Хоміч. Яны цэлых паўвека не бачыліся: хутка пасля вайны выйшла сяброўка замуж і з’ехала ў далёкі Іркуцк, там яны і аселі; працавалі, нарадзілі траіх дзяцей, мелі семярых унукаў і двух праўнукаў. Пра ўсё гэта, у падрабязнасцях, ведала Яніна, бо не менш як два разы на месяц ліставалася з Тамарай. А тут — ураз абарвалася перапіска, і навалілася гнятлівая думка: няма больш Тамары, не жыве яна цяпер сярод нас… не жыве. Страшна стала тады Яніне. Не ад таго страшна, што хутка самой паміраць, смерці яна не баялася, бо выхоўвалася ў сям’і строгіх каталікоў, — страшна было пачуць словы бязлітаснай праўды ад яе мужа, сыноў ці дачок. Не змагла Яніна набраць нумар іркуцкага тэлефона сяброўкі…

І стала недамагаць, прыхворваць Мачульская з таго часу. Не тое каб пэўнымі хваробамі, а проста слабела, кволілася, губляла цікавасць да рэчаіснасці. Бывала, прымецца з імпэтам прыбірацца ў кватэры, а праз дзесяць хвілін замрэ з анучкай недзе перад акном і бяздумна глядзіць на вуліцу. А то кашаварыць на кухні, залетуценіцца, і перакіпіць, перасмажыцца ў яе ежа.

Раней штогод убірала Яніна Пятроўна Навагоднюю ёлку, па-дзіцячаму радавалася яе прыгажосці, хоць заўсёды на адзіноце сустракала Новы год. А пасля страты сяброўкі юнацтва ўпершыню не захацелася ёй важдацца з шарамі ды гірляндамі. Проста падабрала каля крамы пару пабэрсаных яловых галінак, прынесла дамоў, паставіла ў вазу на тэлевізар і абсыпала іх бісерам. А некалькі шароў пачапіла на кніжную секцыю. Дык вось тыя шары ажно да наступнага Новага года віселі… І віселі яны адны, у апусцелай цёмнай кватэры, таму што патрапіла гаспадыня ў бальніцу.

На пачатку студзеня разбіў Яніну Пятроўну паралюш. Надарыўся ён на досвітку, у пасцелі. Адняўся язык, занямела цела — і ні крыкнуць, ні дапаўзці да тэлефона яна не магла. Толькі малітвы чытала нерухомая бабулька. Не жыцця прасіла, а лёгкае смертухны. Пачуў Яніну Бог, аднак вызначыў жыць і пакутаваць. Апоўдні пазваніла ў дзверы суседка па нейкай патрэбе, насцярожылася, што адказу нямашака. Вярнулася праз некаторы час, яшчэ пазваніла-пастукала. А праз гадзіну ўжо ламалі дзверы сантэхнік з міліцыянтам… Яшчэ б трошкі, казалі потым у клініцы, — ляжаць бы Яніне Пятроўне не на бальнічным ложку.

Хоць дыягназ быў несуцяшальны і пераваліла хворай за семдзесят пяць, аднак пачала яна папраўляцца. Марудна, але аджывалі левая рука і нага, цалкам вярнуўся голас. Сем месяцаў пралежала ў розных месцах старая. Толькі суседка Ларыса — вонкава грубы, але надзвычай сардэчны чалавек — наведвалася. Яна ж і кошку Люсю ў сябе прытуліла. Шкада, не дачакалася састарэлая кошка гаспадыні, праз паўгода памерла. А яшчэ Ларыса адвадзіла нейкіх дзялкоў ад бабульчынай кватэры: зачалі былі шастаць па іх пад’ездзе і выпытваць пра Мачульскую быстравокія ўвішныя дзядзькі, яўна хацелі адцяпаць жылплошчу махінацыямі. Добра пужанула іх Ларыса міліцыяй — ледзь далі драла.

Так што ў сярэдзіне лета вярнулася акрыялая Яніна Пятроўна ў сваю двухпакаёўку. Адчыніла акно… Бэзавы хмызняк калыхаўся ад подыхаў цёплага ветру, дзірван пярэсціў летнімі кветкамі, па нябеснай сінечы паважна шпацыравалі бела-ружовыя аблачынкі. У грудзі лілося жыццё.

Але разам з тым разумела Мачульская, што цяпер прыйдзецца глядзець на гэтую раскошу пераважна праз аконныя шыбы. Не спусціцца ёй ужо са свайго трэцяга паверха па крутых сходах. І тым больш — не падняцца.

Летам яна пакутавала ад спёкі і духаты. Канец верасня і кастрычнік, пакуль не ўключаць ацяплення, мерзла, прастуджвалася, хварэла. Кароткімі зімовымі днямі старая ўладкоўвалася ў крэсле перад акном, захутвала ногі шалем і падоўгу назірала, як гарэзуе дзятва на лыжах, санках, ваюе ў хакей, снежкі, будуе крэпасці. Снежныя зімы былі для Пятроўны любімай парою. Тады яна цэлымі днямі не ўключала тэлевізара, не слухала радыё, не чытала газет і кніг, а проста любавалася дзецьмі, радавалася іх непасрэднасці і жыццялюбству.

Восень і лета, наадварот, былі для Яніны Пятроўны сумнымі порамі. Таму што ў восеньскую непагадзь дзеці гулялі менш і не так захапляльна, як узімку, — пераважна бухалі мячамі па сценах ці ганяліся адно за адным з цацачнымі аўтаматамі і пісталетамі… Пятроўна не выносіла вайны, нават несапраўднай.

Летам, асабліва ў ліпені і жніўні, двор пусцеў, цішэў, зарастаў травою — дзеці раз’язджаліся па лецішчах, і толькі птушкі несупынна шчабяталі пад вокнамі. Гэтыя памысныя трэлі зрэдчас перарываліся зыкамі якой-небудзь маладой п’янай кампаніі; падчас маладзёны бушавалі да ранку, выклікаючы ў Яніны Пятроўны бяссонне. Назаўтра балела галава і нядужалася.

У кватэры было мала кніг. Да пенсіі не прызвычаілася Яніна чытаць — усё работа, грамадская нагрузка, дачыненні з жывымі людзьмі, якія нашмат цікавейшыя за кніжных герояў.

Аднак апынуўшыся ў вакууме адзіноты, яшчэ да хваробы, прагна схапілася Пятроўна за нешматлікія томікі на паліцах, перачытала ўсё за некалькі месяцаў. Купляць новыя кнігі не дазваляла пенсія, запісацца ж у бібліятэку яна пасаромелася: зайшла і забаялася, што будуць з яе кпіць маладыя адукаваныя бібліятэкаркі; так і выйшла ні з чым.

Выпісала газету. Але надарылася гарбачоўская перабудова, і газеты з добрапрыстойнымі назвамі, як тое: “Комсомольская”, “Советский труд”, “Факты і аргументы” — рэзка памянялі сваё змесціва і неслі ў масы ўжо не ідэалы камунізму, а рэаліі новага часу: падрабязныя расповеды пра сексуальнае жыццё знакамітых людзей, пра якасць прэзерватываў, пракладак і памперсаў, пра бясконцыя шлюбы і разводы эстрадных зорак, пра тое, як пахуднець, прыбраць лішні тлушч ці, наадварот, павялічыць аб’ём грудзей і зрабіць іх пругкімі.

Яніна Пятроўна чытала і не разумела, што здарылася з чалавецтвам. Рэчы, пра якія раней было не толькі недапушчальна, а і сорамна расказваць нават законнаму мужу, цяпер сталі выстаўляцца напаказ мільёнам людзей. Каб тыя радаваліся, напрыклад, што нейкая знакамітая багатая асоба купіла сабе мужа, маладзейшага за яе на пятнаццаць гадоў, ці абзавялася чарговай сядзібай у экзатычнай краіне.

Тэлевізар дык проста пужаў бедную бабульку. Канешне ж, — не сам тэлевізар, не гэты дапатопны чорна-белы “Гарызонт” з барабанным пераключальнікам, а тое, што ў ім жыло і віхурыла. Усе да адной праграмы запоўніліся крымінальнымі зводкамі, дзе паказвалася, як лютуе “братва” ў дзяльбе савецкай маёмасці; крыклівымі сенсацыйнымі навінамі; фільмамі, дзе з асалодай секлі людзей на кавалкі, дзе пралівалася мора крыві, дзе галоўныя героі шалёна кахалі адно аднаго (каханне яны разумелі як бессаромны, цынічны секс). На змену глыбокім савецкім фільмам прыйшлі лацінаамерыканскія серыялы, што ўражвалі колькасцю пазашлюбных сувязяў і любоўных трохкутнікаў; акцёры там ігралі, нібы ў заняпалым правінцыйным тэатры, — манерна, з напышлівым фальшам.

Толькі зрэдзь часу ўдавалася Яніне Пятроўне знайсці ў праграме любімыя фільмы 50—70-х гадоў, дзе ўслаўляліся дружба, рамантычнае каханне і самаахвярнасць, дзе на чалавека глядзелі не як на матэрыял, не на груду касцей, а як на духоўную існасць. Але нават гэтыя карціны нельга было спакойна глядзець, паколькі праз кожныя дзесяць хвілін яны беспардонна перарываліся рэкламай трусоў, пракладак, тампонаў, шампуняў і зубных шчотак. Пры гэтым пародзістыя дзеўкі круцілі задамі, трэслі грудзьмі і валасамі, а мужыкі-атлеты дэманстравалі свае біцэпсы і здаровыя беласнежныя зубы.

За пяць хвілін такой рэкламы Мачульская забывалася, на якім кадры спыніўся фільм, і затым не адразу ўлучалася ў яго канву. Бо мозг пасля перанесенага інсульту працаваў замаруджана. Але ледзь толькі яна засяроджвалася на любімых героях, як чарговы рэкламны блок урываўся ў яе свядомасць прарэзлівымі, дэманічнымі выгукамі.

Цяжка было старой пасля хваробы перад тэлевізарам, але яшчэ цяжэй зрабілася, калі ён сапсаваўся. Выклікала майстра з атэлье. Той прыйшоў пеўнем, пакалупаўся хвіліны тры і заявіў, што не зможа нічым дапамагчы. Згарэлі лямпы, якія ўжо колькі год прамысловасцю не выпускаюцца. “А што ж рабіць?” — спыталася засмучаная Пятроўна. “Сухары сушыць! — здасціпнічаў малады прыгажун і, змякчыўшыся, параіў: — Выкіньце вы, паважаная, гэтую дамавіну на звалку. Трэцяе тысячагоддзе на носе: цяперака ўся апаратура на мікрасхемах”. Задаволены сабой, выйшаў. Не забыўшыся, праўда, узяць па тарыфе за выклік.

Спрабавала Яніна Пятроўна званіць па прыватных атэлье. Там пацвердзілі, што такія дэталі не выпускаюцца, аднак гэта не значыць, што іх немагчыма дастаць. Трэба пахадзіць па радыёрынку, пашукаць. І зычліва назвалі яго месцазнаходжанне — у гіблым раёне, на другім канцы горада.

Словам, пакінула старая спробы адрамантаваць свой “Гарызонт”, змірылася з лёсам. Толькі пыл тры гады з яго выцірала. Слухала ж радыё — таксама старадаўняе, прыштукаванае да кухоннай сцяны яшчэ ў шасцідзесятых гадах. Уключыўшы яго на поўную гучнасць, за рыпамі і трэскам усё ж можна было расчуць і голас дыктара, і мелодыю, і нават прагноз надвор’я паслухаць.

Запомнілася Мачульскай сустрэча Новага года, калі сядзела адна-адзінюткая на кухні, піла гарбату з куском пірага (што прынесла суседка) і некалькі гадзін запар слухала навагодні сімфанічны канцэрт у пярхлівым дынаміку. Нуднавата было. За апошнія гады ўсё ж прывыкла Пятроўна глядзець у гэты вечар па тэлевізары “Блакітны агеньчык” або фільм “Карнавальная ноч” Э.Разанава… Але ж перажыла яна і вайну, і разуруху і ведала, што адсутнасць тэлевізара — не самае страшнае выпрабаванне.

Па гаспадарцы дапамагалі работнікі з Аддзела сацабароны. Яны ж і прадукты прыносілі з крамы. Чула Яніна Пятроўна, што часцяком бываюць сярод іх сардэчныя, спагадлівыя людзі. Ды, відаць, не пашанцавала ёй на такіх. За сем гадоў чатыры жанчыны ў яе памяняліся, і ўсе — нейкія негаваркія, бяздушныя, грэблівыя. Зробяць сваю справу — і спяшаюцца знікнуць, не хочуць пагаварыць з самотнай бабулькай. Пэўна, баяліся, што скардзіцца пачне яна, нэндзаць. А каму чужы боль патрэбны? І правільна: маладому дрэву — цвісці, а драхламу — чэзнуць. Відавочна было, што працавалі тыя жанчыны ў Аддзеле сацабароны толькі па неабходнасці, з-за куска хлеба, і што пры першай жа магчымасці гатовыя адтуль уцякаць на скрут галавы. Каб не бачыць чужых пакутаў.

Тут Пятроўна крыху памылялася. Бо як урач не можа блізка перажываць хваробы сваіх кліентаў — інакш не зможа нармальна лячыць, — гэтак і сацработнікі не выконвалі б як след сваіх абавязкаў, каб празмерна спагадалі адзінокім старым калекам. Чэхаўскі доктар, які гатовы заразіцца дыфтэрыяй, ратуючы хворага, — усё ж выключэнне; да таго ж ён памёр…

19

Прайшло сем гадоў пасля інсульту. Жыццё Яніны Пятроўны Мачульскай як бы сціснулася ў кропку, а час спыніўся: дні былі падобныя на дні, ночы на ночы; знешнія падзеі бурлівага свету амаль не пранікалі ў яе кватэрку. Падчас находзіла на старую зацьменне, і не магла яна ўспомніць, які зараз дзень, месяц і год на двары. Тады глядзела яна ў акно і бачыла, напрыклад, як аблятае яблыневы квет. Значыць, сярэдзіна траўня… Або валіў снег, нагадваючы, што зіма ў разгары. Толькі які месяц? Снежань, студзень ці люты? Тады клыпала Пятроўна на кухню, садзілася пад старэнькае радыё, якое ніколі, дарэчы, не выключалася. І слухала, слухала, слухала, пакуль не назаве нехта з дыктараў год, месяц і дзень…

Адна засталася ўсцеха ў Яніны Мачульскай — разглядаць фотаальбом. З пажоўклых нягеглых картачак пазіралі на яе любыя твары мамы, таты, усміхаўся ў малайцаватыя вусы высокі лейтэнант — муж Максім. Былі тут і пазнейшыя фотаздымкі — пасляваенны Мінск у руінах; а вось Яніна перад Вечным агнём, на плошчы Перамогі; а гэта лагоднае мора пад скаламі — Ялта… у пеністых хвалях, па пояс, — Яніна з сяброўкамі; вось яна на банкеце ў гонар свайго пяцідзесяцігоддзя… Усё, з таго часу не фатаграфавалася больш Мачульская. Хацела застацца ў гісторыі маладой і прыгожай. Хаця… хто будзе тыя карткі калі разглядаць?

Паўгода таму, улетку, пазваніў Яніне Пятроўне незнаёмы малады голас, прадставіўся служыцелем Дома міласэрнасці прыхода, назву якога яна не запомніла, і прапанаваў сваю дапамогу. Здзівілася ціхмяная бабулька: адкуль ён пра яе даведаўся? Адказаў, што іх Дом збірае інфармацыю пра хворых адзінокіх людзей, каб падтрымоўваць іх, — гэта адна з ягоных задач. Голас быў настолькі ветлівы і прыемны, што Пятроўна, якая хоць і зняверылася ў такой дапамозе, не магла ўсумніцца ў шчырасці маладога чалавека.

Вечарам ён завітаў да яе. Назваўся проста Кастусём. “А як па бацьку?” — пацікавілася Мачульская. “Я сірата. Выхоўваўся ў дзетдоме. Так што называйце мяне проста Косцем”. — І абаяльна ўсміхнуўся. На выгляд яму было гадоў дваццаць сем. Сярэдняга росту, светлавалосы з добрымі блакітнымі вачыма.

Увесь вечар Кастусь захоплена распавядаў пра свой прыход, пра тое, з якімі цяжкасцямі яны будавалі Дом міласэрнасці, якая гэта небывалая па сваёй задуме ўстанова і як яна цяпер хораша дапаможа абнядоленым людзям. Хваліў айца Аляксандра, мудрага, высокадухоўнага і адначасова дзелавітага чалавека, які здолеў звярнуць увагу дзяржавы на свой аб’ект і дамагчыся нармальнага фінансавання будаўніцтва.

Распытваў і пра Яніну Пятроўну. З яўнай цікавасцю слухаў яе аповеды пра вайну, пра мужа, — пра ўсё тое, што было для яе набалелым і запаветным. Пайшоў Кастусь у той вечар позна. А назаўтра, гадзін у дзесяць, з’явіўся зноў і распачаў грунтоўнае прыбіранне кватэры. За тыдзень ён навёў узорны парадак, аднёс у пральню кучу бялізны, адрамантаваў тэлевізар, напоўніў халадзільнік такімі прадуктамі, пра існаванне якіх Мачульская толькі здагадвалася. “Не хвалюйцеся, гэта па гуманітарнай дапамозе, — адказваў на яе недаўменныя пытанні малады чалавек. — Наш дом замежныя пасылкі атрымоўвае”.

А галоўнае, Кастусь аказаўся ці не першым за апошнія гады, хто паставіўся да хворай Яніны Пятроўны з душою, хто з ёй жыва і зацікаўлена размаўляў, хто бачыў у ёй не інваліда, а чалавека. Прыходзіў ён два-тры разы на тыдзень, тэлефанаваў штодня, даведваўся пра настрой і здароўе. Хлопец як бы ўдыхнуў жыццё ў кватэру Мачульскай. Рэчы і прадметы абыходку, якія яна лічыла старызнай і хламам, цяпер ажылі і зноўку вабілі да сябе. Пятроўна сядала перад трумо і падоўгу разглядала бацькавы попельніцу і трубку, пасля вайны перавезеныя з Гродна, раскрывала старую мудрагелістую шчатулку, даставала адтуль танныя каралі і пярсцёнкі, чысціла іх шаўковай хусткай, любавалася бляскам, які набываюць пасля гэтага метал і каменьчыкі. У адной з каробачак адшукала старэнькі медальён з выцвілай фотакарткай і раптам страпянулася: пекная светлавалосая дзяўчына, што глядзела на Пятроўну скрозь шматгадовы пыл, была яе мама! Гадоў трыццаць як забылася Яніна на гэты медальёнчык, так ён і ляжаў сярод гузікаў, караляў і завушніц. Дрыготкімі рукамі паднесла бабулька яго да вуснаў, пацалавала, расплакалася і на некаторы час стала яна маленькай… маленькай дзяўчынкай Яніначкай, якая так любіла сядзець у матулі на каленях, туліцца да мяккіх грудзей, слухаць лагодны голас. І, як ніколі, адчула тады Пятроўна, што не паміраюць любімыя людзі, заўжды яны сярод нас: з кожнай драбнюткай рэчы, з люстэрак, з нябеснай сінізны і прымятай травінкі глядзяць на нас іхнія вочы…

— Яніна Пятроўна, — перарваў бабульчыны роздумы Кастусь; ён стаяў перад ёй са швабрай у руках. — Вы мяне проста крыўдзіце.

— Я? — здзівілася Мачульская.

— Я ж прасіў вас, не мыць у ваннай свае рэчы. Вам жа нельга згінацца пасля інсульту, каб кроў да галавы і прылівала. А вы…

— Ну, Косценька, — сумелася Пятроўна, — не хапала, каб вы маёй бялізнай займаліся. Да таго ж я ў ракавіне мыю, а над ёй згінацца не трэба…

— Яніна Пятроўна, — з сур’ёзным дакорам зірнуў на яе хлопец. — Я вас прашу, каб гэтага больш не было. Мне нават невыносна такія гаворкі слухаць.

— А вы думаеце, як я жыла ўсе сем год, пакуль з вамі не пазнаёмілася? Усё па кватэры сваімі рукамі рабіла. Мне толькі прадукты прыносілі ды пыласосілі раз на месяц. А я ж тады куды слабейшая была, чым цяпер.

— Што яны там рабілі, то Бог ім суддзя. А я адказваю за сябе і за вас. І таму настойліва прашу вас не выконваць цяжкую працу. — Кастусь укленчыў і шураваў швабрай пад канапай.

— Дык што ж мне, зусім засесці і чакаць скону? — пакрыўдзілася старая. — Нерухомасць у маім стане яшчэ страшнейшая…

— А ніхто вам і не кажа не рухацца. Але ж — разумна, у меру, адпаведна сваім магчымасцям. Вы ж падумайце, калі з вамі што здарыцца, як мне потым жыць на зямлі. — Ён падняўся і сур’ёзна паглядзеў на Пятроўну. — Напрыклад, пражыву я яшчэ паўвека, а ўсё буду думаць, што па маёй віне вы… Гэх! — узмахнуў ён рукой. — Нават і гаварыць пра гэта не хочацца.

— Дык мне ж усё адно паміраць. І хутка.

— Усім паміраць, мілая мая Пятроўна. А хутка — не хутка, пра тое Бог ведае. Пра тое маўчаць трэба. Як кажа наш айцец Аляксандр: дзякуй сённяшняму дню, а думай пра вечнае. Жыві, кажа ён, так, быццам зусім не памрэш, паколькі з Хрыстом у душы не паміраюць ніколі.

Крыху памаўчалі.

— Глядзі ты, як завея разбушавалася, — кіўнуўшы на акно, сказала гаспадыня.

Кастусь адставіў швабру і падышоў да падваконня. Упёрся лбом у шыбу.

Нібы жывая істота, шчыравала на двары завіруха. Раі сняжынак шарахаліся ў розныя бакі, накідваліся на яблыні, тэлефонную будку, шыбы. Людзі ішлі, тулячы галовы ў плечы, некаторыя паднімалі каўняры. Была толькі дванаццатая гадзіна дня, але з-за снегавых хмар сцямнела, як адвячоркам.

— Прыгожа ўсё гэта глядзіцца з-за шыбаў, — задумна прамовіў хлопец. — Але на двары не вельмі ўтульна: вецер, калючы снег… Калі я ішоў, не было яшчэ такога моцнага ветру.

— А па мне, дык хоць самы люты мароз — усё адно на вуліцы лепей. Я ўжо забылася нават, як снег рыпіць і чым зіма пахне. — Пятроўна з замілаваннем глядзела ў акно: скрозь снежную завесу ледзь праступаў абрыс суседняга дома.

— Каб я, Яніна Пятроўна, за вас не баяўся, даўно б на двор вывеў. Але гэта лепей па цёплым часе рабіць. Як павесіце на сябе зімовую вопратку — адразу ж на сэрца нагрузка. Спусціцца мы яшчэ спусцімся, а вось угору…

— Ды ладна, — усміхнулася Мачульская. — Гэта я проста да слова. Ведаеце, калі невылазна дома сядзіш, то звыкаешся неяк і падчас ловіш сябе на думцы, што ці то не хочаш, ці то пабойваешся адкрытай прасторы.

— Усё, Яніна Пятроўна, вырашылі, — ажывіўся хлопец, — як пацяплее, будзем на двор выбірацца: да птушак, да кветак, да ласкавага ветрыку…

Абое на хвіліну прымоўклі, і было чуваць, як стукаецца ў шыбу завея.

— А ўсё ж няма для мяне нічога, вабнейшага за зіму, — прамовіла старая. — Гэта як іншы свет, чараўніцтва. Праўда, цяпер зімы зусім не такія, як колісь. У дзяцінстве, памятаю, на нашай вуліцы сумёты платы завальвалі… Што ты!

— І я вельмі люблю зіму, Пятроўна. Марозную, снежную… Асабліва, калі сонца па свежых гурбах гуляе. Тады — на лыжы і ў лес. І каб абавязкова адзін… А бывае, проста сяджу дома, як мы зараз, і на снегапад любуюся. Тады ўзгадваюцца любімыя вершы. Напрыклад, такі:

Снег идет, снег идет,

Снег идет, и все в смятенье:

Убеленный пешеход,

Удивленные растенья,

Перекрестка поворот.

— Нешта знаёмае, — задумалася Пятроўна і пытальна зірнула на Кастуся: — Гэта ж песня такая ёсць?

— Ёсць і песня. А верш гэты — Барыса Пастарнака, — адказаў суразмоўнік. — Няма паэта, які б танчэй і выразней зіму разумеў, чым ён. У яго нібы сама душа са снегу народжана. Паслухайце:

Небо сверху любуется лепкой

Мертвых, крепко придавленных век.

Все в снегу, двор и каждая щепка,

И на дереве каждый побег.

— Хіба гэта не цуд! Жыві ды не памірай пасля такіх вершаў, — з натхненнем працягваў хлопец. — Гэх, Яніна Пятроўна, а давайце зараз з вамі вып’ем за тое, — ён узяў са стала бутэльку, — каб адно любаваліся мы на зіму, а не мерзлі, каб грэліся мы на сонцы, а не пакутавалі ад спёкі, каб дажджы наталялі зямлю, а не выклікалі паводкі ды няўроды. І каб чалавек, у сваю чаргу, не брыдзіў сваёй хцівасцю навакольнае хараство, каб не труціў ён рэкі і азёры, каб бярог паветра і глебу ад розных адкідаў цывілізацыі…

— Ну, за гэта варта выпіць, — падтрымала старая.

Хлопец пайшоў на кухню і вярнуўся з двума фужэрамі і штопарам.

— Мне толькі трошачкі, — папярэдзіла Пятроўна.

— Само сабой, — кіўнуў Кастусь і наліў ёй чвэрць фужэра. — Вось так самы раз будзе… Гэта “Алігатэ” — бяскрыўднае белае віно. — Ён напоўніў свой келіх, падняў да ўзроўню грудзей. — За прыгажосць, Яніна Пятроўна, і за дабрыню чалавечую.

Асцярожна чокнуліся, выпілі.

— Паслухайце, Косця, — пасля невялікай паўзы спыталася бабулька. — Можна вам задаць адно далікатнае пытанне?

— Думаю, можна.

— Вось вам гадоў… дваццаць сем…

— Дваццаць восем, — удакладніў Кастусь.

— Тым болей, — працягвала Пятроўна. — Хлопец вы сімпатычны, добры… Але нежанаты. Калі не сакрэт, ёсць у вас каханая дзяўчына?

— Няма, — з чыстасардэчнай прастатой адказаў малады чалавек.

— Чаму? Не шукалі?

— Ведаеце, Яніна Пятроўна, я не адчуваю, што народжаны для сямейнага жыцця.

— Як так? — здзівілася старая.

— Як кажа наш айцец Аляксандр, кожны чалавек павінен прыслухоўвацца да свайго ўнутранага голасу і ў пэўны час вызначыць, для чаго ён жыве. Калі гэтага па розных прычынах не адбываецца, то Бог пасылае нам выпрабаванні, каб абразуміць і наставіць на правільны шлях. А калі чалавек глухі і ўпарта не хоча жыць сваім жыццём, можа надарыцца катастрофа… Я не ведаю яшчэ, Яніна Пятроўна, свайго заклікання, але прадчуваю, што шлях мой будзе нялёгкі і пакручасты. Можа, у рэшце рэшт прывядзе ён мяне ў манастыр… Ва ўсякім разе, наўрад ці калі-небудзь я ажанюся.

— Нейкія вы дзіўныя рэчы, Косця, гаворыце. Вось жа перад вамі прыклад чалавечага адзіноцтва сядзіць. Думаеце, я ад таго шчаслівая?

— Вам жыццё вайна паламала, Яніна Пятроўна. А шлях вы абралі правільны. Для вас ён — замужжа, дзеці… Што яны не нарадзіліся, не ваша віна. Затое вы захавалі вернасць памяці героя. Бог ведае пра вашу ахвяру і пра вас не забудзецца. — Ён крыху памаўчаў. — У мяне ж іншы выпадак. Я паважаю жанчын, мне, канешне ж, падабаюцца дзяўчаты, але пакахаць не магу, бо каханне — гэта страсць, а страсць для мяне — пагуба. Захварэўшы на каханне, я не змагу выканаць тое, дзеля чаго народжаны, хоць — як гэта ні смешна — яшчэ не ведаю, дзеля чаго. Палюбіўшы кагосьці выключна, нехрыстовай любоўю, я не змагу ставіцца з любасцю да ўсяго чалавецтва, бо тая адзіная, выключная перацягне на сябе маю існасць, зробіць прадузятым, патрабавальным, эгаістычным. Няма большых эгаістаў, чым закаханыя.

— Але ж… Як жа… — з недаўменнем пачала старая, ды не знайшла слоў.

— Даруйце, Яніна Пятроўна, — вінавата зірнуў на яе Кастусь, — што ўстурбаваў вашу душу… Даруйце.

Неўзабаве размова скіравала ў іншае рэчышча, Кастусь выпіў яшчэ віна, павесялеў, цытаваў зімовыя вершы Пушкіна, якіх ведаў неверагодную колькасць. Ажывілася і Яніна Пятроўна.

Пайшоў госць за поўдзень, калі крыху ўлеглася завіруха. Перад адыходам уключыў тэлевізар і настроіў яго на нейкую забаўляльную перадачу.

20

Перад дзесятым пад’ездам дома №24 па вуліцы Жаўлая, нягледзячы на марознае ветранае надвор’е, было шумна. Тут у разгар працоўнага дня сабралася кампанія лайдакоў-пераросткаў. Чалавек шэсць.

Гэтыя маладзёны былі бічом дома №24 ужо некалькі гадоў запар. Канешне, не менавіта тыя, што зараз дурыліся перад дзесятым пад’ездам, а ўвогуле гэтая кліка. Яе штогод папаўнялі падонкі мікрараёна — тыя, хто перарос школу, далей вучыцца не можа, а працаваць не жадае. Дзень і ўначы, узімку і летам задзірыстыя хлапчыны і разбэшчаныя дзеўкі скаланалі вокны ціхамірных жыхароў тупатам, дзікунскім рогатам, шумам тузаніны і тымі дапатопнымі воклічамі, з дапамогай якіх у старажытнасці збіраліся нашы прашчуры ў статак.

Асабліва цярпеў ад тае моладзі дзесяты пад’езд памянёнага дома. Акурат тут збольшага таўкліся гэтыя дармаеды, бузілі, распівалі спіртное і зухавата лупасілі бутэлькі аб муры і прыступкі ганка. Відаць, іх прыцягвала суседства тэлефонных кабін, усталяваных каля пад’езда №10.

Неаднойчы прачыналіся ўночы добрапрыстойныя жыльцы ад жудлівага галашэння і мусілі слухаць, як нейкі Янка крые мацюкамі нейкага Хведзьку, а нейкая Наташка хіхікае да ўпаду. Насельнікі дома №24 баяліся вяртацца дамоў цемначы, бо даводзілася прамінаць гэтую нязводную, нахабна-ўхмылістую кампанію.

Управы на хуліганаў не было, паколькі ў найбліжэйшым міліцэйскім пункце ставіліся да іх з дабрадушнай паблажлівасцю. Маўляў, няхай лепш дурэюць навідавоку, чымся цішком рабуюць кватэры ці “шыраюцца наркатой” па блатхатах. І толькі зрэдку, пасля настойлівых званкоў-скаргаў, пасылалася з апорнага пункта брыгада міліцыянтаў, каб разагнаць свавольных малайцоў, а праўдзівей, проста адагнаць ад пад’езда. Як толькі міліцыянты сыходзілі, хеўра вярталася на сваё месца зборышча і з новым імпэтам прымалася цвяліць спакой добрых людзей.

Аднаго разу нехта, адчаяўшыся дамагчыся цішыні, набраў у вялізны поліэтыленавы пакет гарачай вады і скінуў яго з верхатуры на галовы нягоднікам. У адказ тыя ўзнялі небывалы лямант і, каб адпомсціць, уключылі штомоцы магнітафон.

У халоднае ці даждлівае надвор’е шпанюкі збіраліся непасрэдна ў пад’ездзе. Там яны абгаджвалі батарэі ацяплення пляўкамі, мачыліся і апраўляліся па-сур’ёзнаму на лесвічным пралёце, каля адтуліны смеццеправода. Іх раўлівая гамана, бывала, доўжылася цалюткую ноч, узмацнялася выдатнай акустыкай пад’езда, і нават жыльцам дзевятага паверха здавалася, што нехта бушуе за іх сцяною.

Раней сяк-так утаймоўваў расперазанцаў адзін пяцідзесяцігадовы дзядзька, жылец другога паверха. Ён спускаўся ўніз і нацкоўваў на іх сваю раз’юшаную аўчарку. Выганяў вон. Але ён быў чалавекам занятым і не мог цэлы дзень вартаваць пад’езд ад гэтай пошасці. Маладзёны ж мелі часу колькі заўгодна, і калі гэты рашучы дзядзька раптоўна памёр ад інфаркту, жыльцам стала зусім кепска. Пад’езд пакрысе ператварыўся ў клааку. У ліфт было немагчыма зайсці, не заціснуўшы нос пальцамі. На прыступках нязменна валялася бітае шкліва, горы акуркаў, прэзерватывы і іншыя адкіды жыццядзейнасці пераросткаў.

Лаўку перад пад’ездам яны дабілі дашчэнту, таму што сядзелі на ёй не так, як нармальныя людзі, а нагамі на сядзенні і задамі на спінцы. З сядзення яны пакрысе, проста дзеля забавы, павыдзіралі ўсе дошкі, і ад яго засталася адна бетонная аснова.

Бабулькі, каб пагаманіць на свежым паветры, вымушаны былі ісці да суседніх пад’ездаў, дзе яшчэ ацалелі лаўкі.

Вось і зараз дзве пажылыя кабеты стаялі і зводдалеку назіралі, як бушуюць ля іх пад’езда шэсць “сынкоў” — бамбізаў прыкладна семнаццацігадовага ўзросту. Твары састарэлых грамадзянак выяўлялі нездавальненне.

Нядаўна аціхла завіруха, што наваліла горы снегу, і гэта выклікала ў хлопцаў неўтаймоўнае жаданне дурэць, штурхацца, кідацца снежкамі, проста падаць і ўставаць. У такога кшталту людзей менавіта свежасць, навізна і белізна спараджаюць умоўны рэфлекс знішчэння. З гэтай прычыны яны не марудзячы спісваюць унутранасць новага ліфта брыдкімі словамі, калупаюць сцізорыкам пластыкавае пакрыццё школьных партаў, б’юць шыбы і вырываюць з коранем трубкі ў тэлефонных будках, шпурляюць на мецены тратуар абгорткі, плююць у аўтобусе, выдзіраюць старонкі з новых бібліятэчных кніжак. Зараз іх знішчальную энергію прыцягнуў свежы снег.

З гіканнем і драпежным ровам насіліся яны адзін за адным па пляцоўцы перад пад’ездам, заскаквалі на лаўку, станавіліся нагамі на спінку, звальваліся ад штуршкоў долу, збіваліся ў клубкі целаў і разляталіся ў розныя бакі. Гэткая дэманстрацыя спрыту і дужасці.

Прахожыя, якія мерыліся прайсці пад арку за пад’ездам №10, мусілі рабіць крук і крочыць да суседняй аркі — каб не быць збітымі з ног буйнай сябрынай.

Ад гэтых малойчыкаў, якія ў дзяцінстве гадзілі ў штаны і міма гаршкоў, якія ў малалецтве былі двоечнікамі, а з юнацтва і па сённяшні дзень яшчэ нічога стваральнага не рабілі, — ад гэтых лайдакоў і нікчэмнасцяў цярпелі сумленныя працавітыя людзі. Гэтыя людзі здабывалі ад зямлі ежу, шылі адзенне, выраблялі тэлевізары і магнітафоны, узводзілі будынкі для таго, каб памянёныя дзецюкі сытна харчаваліся, прыгожа апраналіся, пражывалі ў цёплых кватэрах і наталяліся шматстайнымі тэлевідовішчамі. А ў падзяку, за сваё сытае бестурботнае жыццё, дзецюкі гарланілі пад іх вокнамі, кідалі ў шыбы снежкі, абражалі і рабілі іх існаванне нязносным.

Вось з дзвярэй пад’езда паказалася адна бабулька з кульбай. Убачыла, што творыцца ўнізе, і замерла ў нерашучасці. Яна б спусцілася, ды ганак быў напалову замецены снегам, і можна было спатыкнуцца. З хлапчынаў жа, што іржалі і гойсалі перад ганкам, ніхто на яе не зважыў, ніхто не прапанаваў памагчы. Патапталася старая пад павеццю, пазябла і павярнула назад. Калі праходзіла ў пройму дзвярэй, у яе спіну патрапіла выпадковая снежка, кінутая адным з хуліганаў у таварыша.

Вось выйшлі дзве жанчыны з-пад аркі і таксама спыніліся, не ведаючы што рабіць, паколькі крыклівы клубок целаў перакрыў ім дарогу. Жанчыны ўсё ж рушылі праз бузацёраў. Тыя ў запале тузаніны некалькі разоў іх штурхнулі і абсыпалі снежным пылам.

— Ну, маладыя людзі, — паспрабавала абурыцца адна, — вы б трохі цішэй весяліліся…

На што таўстун у кажусе, па клічцы Фядул, павярнуў да іх свой разгарачаны тлусты твар, ухмыльнуўся, паказваючы шэраг здаровых зубоў, і тупа зарагатаў ва ўсё горла.

З аднолькавым поспехам жанчына магла рабіць заўвагу арангутангу.

Праўда, малпы толькі няўцямна крычаць, а з ратоў гэтых зухаў усё ж выляталі як асобныя словы, так і словазлучэнні. Як тое:

— Сука, Фядул… Хадзі сюды, тлустае мяса!

— Хрэн табе, Макарон… Паліжы ў мяне задніцу! Хе-хе.

— Гэй, трымай Сыча, Джэксан! Падножку яму, свалаціне…

— Падла, Фядул! Га-га-га.

— Кол табе ў рот, Лупаты. Кароткія ў цябе завароткі.

(Чытач павінен разумець, што выказваліся хлапчыны з дапамогай значна каларытнейшых слоў, але рамкі мастацкага твора абмяжоўваюць тую палітру.)

Тут шосты, нехта Металіст, які адлучаўся ў краму, прыцягнуў валізу з півам. Бузацёры тут жа кінуліся да яго і, піхаючыся, сталі хапаць бутэлькі. Кожнаму выйшла па дзве, акрамя Лупатага, адна пляшка якога ў штурханіне ўпала і цюкнулася аб бетонную аснову лаўкі.

Лупаты доўга мацюкаў Фядула, па віне якога ён застаўся з адной порцыяй піва, і патрабаваў, каб той з ім падзяліўся. На што таўстун пасылаў Лупатага далёка-далёка і спрытна выліваў змесціва пляшкі ў свой бяздонны трыбух.

Піва яшчэ больш завяло маладзёнаў, і яны зачалі баяць пахабныя анекдоты і выбухова рагатаць. Затым Сыч, хлопец з тварам бывалага алкаголіка, павёў падрабязны аповед пра свае любоўныя подзвігі. Расказваў такое, у што, зважаючы на яго васпаватае шызае аблічча і нязграбную постаць, паверыць было няможна.

Фядул загарэўся гэтай тэматыкай і стаў распавядаць, як ён надоечы дамогся былой настаўніцы гісторыі. Прычым зрабіў гэта на лесвічнай пляцоўцы, па-каўбойску, і маладая настаўніца, па словах Фядула, была ім вельмі задаволена.

— Хлусіш ты, таўстамясы, — выказаў сумненне даўгалыгі Макарон. — Цябе, мядзведзя, бабы не любяць. Вось я, дык…

— Каго не любяць, мяне? — ускінуўся на яго Фядул. — Ды я за тыдзень па тры штукі мяняю, мне толькі свіснуць — бабы ўвобмірг збягаюцца…

Усе яхідна зарагаталі з яго слоў.

Фядул са злосцю агледзеў хаўруснікаў і знячэўку кінуўся на Макарона. Той уюном вывернуўся ад яго, а Джэксан, што стаяў паблізу, даў таўстуну падсечку, і ён ляснуўся на ўтаптаную пляцоўку. Макарон скамячыў снежку і заляпіў Фядулу ў твар.

Таварышы здзекліва заржалі.

— Сукі, сукі вы паганыя! — ледзь не плакаў Фядул; ён устаў і абабіваў снег з кажуха. Раптам ён выпаліў: — Давайце аб заклад, што любую бабу ўраз закадру. Тады пабачыце…

— Ха-ха, гы-гы-гы, хе-хе-хе, — на ўсе лады глуміліся супольнікі.

— Што, неданоскі, слабо вам?! Сас…лі? — перайшоў у наступ пакрыўджаны Фядул. (Дачыненні з супрацьлеглым полам былі яго ахілесавай пятой — жанчыны сапраўды абдзялялі таўстуна пяшчотай.)

— Хто сас…ў? — куражыўся Макарон. — Давай, закадры! А мы паглядзім. Ух-хе-хе…

— Падла ты! — Фядул зачарпнуў прыгаршчу снегу і сыпануў у таварыша. — Давай на тры пляшкі гарэлкі, што першая ж маладуха са мной пойдзе!

— Усе чулі?! — ажывіўся Макарон. — Давай па руках, хлопцы?

Яны сышліся і разбілі заклад пры сведках.

— Не падкачай, таўстапуз! — не пераставаў пацвельваць з’едлівы Сыч.

— Давай ты, погань драная, — павярнуўся да яго Фядул, — сам мне дзяўчыну і ўкажы!

— Так ужо і любую? — расплыўся ў пахабнай ухмылцы Сыч.

— Слабо?

Сыч крыху сумеўся і агледзеўся па баках: наводдаль стаялі дзве бабулькі, якія пры ўсім жаданні не маглі стаць аб’ектамі любоўных дамаганняў Фядула; вось нейкі мужык прайшоў у тэлефонную будку… Тут драпежны пагляд Сыча натрапіў на дзяўчыну, што жвава крочыла па замеценым тратуарчыку ў бок тэлефонных кабін. Яна была метрах у пятнаццаці ад хаўруснікаў.

— Вось тая, — як хан на наложніцу, указаў на дзяўчыну Сыч.

Фядул абмацаў блудлівым позіркам яе постаць і ацэначна кінуў:

— Падыдзе.

Ён счакаў, пакуль ахвяра параўняецца з пад’ездам, а тады борзда рушыў у бок тэлефоннай будкі.

— Гэй, прыгажуня, счакай трошкі, — з гуллівай развязнасцю аклікнуў таўстун дзяўчыну.

Тая зіхатнула на яго вялікімі прыгожымі вачыма, у якіх з’явілася трывога. Яна не спыніла хаду і не адказала на яго вокрык.

— Ну ты, малая! — рыкнуў угневаны яе абыякавасцю Фядул. — Спыніся на пару слоў. — Ён паскорыўся і нагнаў дзяўчыну.

Яна была даволі высокага росту, і нават пад дублёнкай вырысоўваліся яе добрыя, правільныя целаформы. На галаве была вязаная шапачка, з пад якой выбіваліся доўгія цёмна-русыя валасы і спадалі на плечы. Шыя была какетліва абвязана белым шалікам.

— Гэта вы мне? — непрыхільна паглядзела на таўстуна прыгажуня.

— Табе, ластаўка. — Сальная ўсмешка перакрывіла яго і без таго ўродлівы твар.

— Што табе трэба? — таксама перайшла на “ты” дзяўчына.

— Каб ты мяне палюбіла. — Ён няскладна падміргнуў. — Хадзем павяселімся.

— А не замнога будзе? — з непрыхаванай нянавісцю сыкнула дзяўчына.

— А ты паспрабуй, — казырыўся Фядул, — я гарачы…

— Ты не на мой густ.

— Чаму, мілка? — зноў недарэчна падміргнуў дамагальнік.

— А зад у цябе тоўсты. Не люблю.

Хаўруснікі, што стаялі непадалёк і пільна прыслухоўваліся, так і пакаціліся з рогату.

— Во як адпрасавала! Саступай, Фядул! Абас…лі цябе, небараку. Ха-ха! Гы-гы-гы…

І тут таўстун, разлютаваны гэтымі насмешкамі, схапіў дзяўчыну за шалік і рвануў на сябе.

— Пойдзеш са мной, курва! Я тваю задніцу ў мачалку пашкуматаю.

Дзяўчына заляпіла яму поўху.

Тады Фядул, не выпускаючы шалік, учапіўся другой рукой за яе каўнер і рыўком прыгнуў долу. Дзяўчына адчайна супраціўлялася, але іх вагавыя катэгорыі былі несупараўнальныя.

У гэты міг зухаваты Фядул адчуў, як нехта стальнымі халоднымі пальцамі сцяў яго вуха, выкруціў… Ад страшнага болю агрэсар адпусціў ахвяру і паспрабаваў выпрастацца, але не змог і толькі заўважыў: за вуха яго трымаў хлопец гадоў дваццаці пяці.

Хлопец знаходзіўся ў адкрытай тэлефоннай кабіне, калі ўбачыў напад таўстуна на дзяўчыну, і з’явіўся для гвалтаўніка нечаканасцю.

— Слухай мяне, пузаты, — суровым голасам сказаў хлопец, усё прыгінаючы Фядула за вуха долу адной рукою; у другой ён трымаў скураную сумку, — бяжы да сваіх гаўрыкаў, і каб праз дзесяць секунд я вас не назіраў. Ясна?

Таўстун маўчаў, бяздзейнічалі і яго паплечнікі, збянтэжаныя такім паваротам.

— Ладна, ідзі! — хлопец велікадушна выпусціў Фядулава вуха. — Ідзі, я сказаў.

Таўстун нарэшце выпрастаўся; ён моршчыўся і цёр зашчэмленае вуха. І тут ён убачыў, што праціўнік на паўгалавы за яго ніжэйшы, а ў плячах — далёка не Геракл. Грэбліва і пераможна пазірала на Фядула гвалтаваная ім дзяўчына, з нямой насмешкай, як падалося, глядзелі на яго хаўруснікі. Стала нясцерпна сорамна за сябе, і Фядул, ахоплены імгненным парывам, ірвануўся на свайго крыўдзіцеля і ўзмахнуў вялізным кулаком, цаляючы ў галаву…

І тут усе астатнія ўбачылі, як хлопец ударыў яго на апярэджанне — у шыю, маланкавым тычком рукі. Удар быў нанесены фалангамі пальцаў, пад кадык. Таўстун усхліпнуў, схапіўся за горла і марудна асеў на зямлю. Праціўнік піхнуў яго нагой, і трыбухаты заваліўся дагары: з барвяна-чорным тварам, з вылупленымі вачыма…

— Ды што ж гэта! Нашых б’юць, братаны! — прарэзаў цішыню вокліч Сыча.

Гэта абудзіла астатніх, і яны рынуліся на падмогу спляжанаму таварышу.

Дзяўчына зажмурыла вочы ад страху, а яе выратавальнік выступіў наперад і, калі першыя двое — Макарон з Джэксанам — наблізіліся да яго, выхапіў са скураной сумкі нейкую змеепадобную прыладу, узмахнуў ёй у паветры і выцяў нападнікаў па каленях. Ускрыкнуўшы ад рэзкага болю, абодва паваліліся як падсечаныя. Макарон паспрабаваў падняцца, але тут жа войкнуў і лёг, бо хлопец хвастануў яго сваёй зброяй (гэта былі нунчакі) па тыльным каленным згібе.

— Ляжаць, сапляк! — Ён паставіў на Макаронаву спіну чаравік і новым узмахам зброі, для постраху, збіў з яго шапку. — Ляжаць, а то зубы павыбіваю.

Макарон распластаўся па доле, ганебна ўткнуўшы твар у снег.

Джэксан жа праявіў больш розуму і, як атрымаў першы ўдар па каленях, то ўпаў і не варушыўся.

На астатніх хаўруснікаў нунчакі падзейнічалі застрашлівым, гіпнатычным чынам. Яны так і замерлі ў трох метрах ад хлопца, які раз-пораз вырабляў сваёй зброяй мудрагелістыя кругі і, спыняючы, заціскаў пад пахай.

У Сыча была ў руцэ пустая бутэлька, якую ён быў схапіў для нападу, але зараз не ведаў, адкінуць яе ці трымаць далей.

— Яшчэ ёсць пытанні? — пераможна звярнуўся да бузацёраў хлопец. — Чаго замаркоціліся? — І весела кінуў: — Вось ты, у чырвонай шапцы, хадзі сюды. — Ён указаў складзенымі нунчакамі на Сыча.

— Я-я? — заікастым голасам прамямліў той.

— Ты-ты, блазнюк, — пацвердзіў хлопец. — Падыдзі да мяне.

Сыч, пазіраючы як трус на ўдава, нерашуча патупаў да хлопца. У руцэ ён па-ранейшаму недарэчна трымаў пустую бутэльку.

— Слухай, байструк, уважліва. Я сёння добры, і таму вам пашанцавала. Але зрабіце так, каб я вас ніколі не бачыў у гэтым двары. А я тут хаджу штодня. Зразумеў?

— Зразумеў, — пакорліва адказаў колісь адважны Сыч.

— Дык дзейнічай.

Сыч павярнуўся і хацеў ісці.

— Стой! — аклікнуў яго хлопец. — А пра героя свайго забыліся? — Ён паказаў нунчакамі на Фядула, які хоць крыху і акрыяў, але бязмоўна сядзеў на снезе і трымаўся за горла; Макарон з Джэксанам ужо дапаўзлі на карачках да лаўкі.

Сыч нехаця падышоў да Фядула, сагнуўся і штосьці шэптам спытаў.

— Ідзі ты ў балота! — злосна гыркнуў на яго таўстун.

Хлопец з нунчакамі тым часам павярнуўся да дзяўчыны, пра якую ўсе на некаторы час забыліся.

— Ты тутэйшая? — спытаўся ён памякчэлым голасам.

— Не, я ад сяброўкі ішла… Я з цэнтра.

— То давай давяду да прыпынку, — прапанаваў хлопец.

Дзяўчына згадзілася, узяла яго пад руку, і яны горда рушыліся з поля бітвы.

Праціўнікі з баязлівай нянавісцю глядзелі ім услед.

Бабулькі, кабеты і паасобныя дзеці, што сталіся мімавольнымі сведкамі вышэйапісанай сцэны, атрымалі небывалую асалоду.

— Правучылі нарэшце падонкаў… Знайшлася і на Мамая сякера… Цяпер будуць знаць… Трэ было яшчэ ўсыпаць мардатаму… Я б іх зусім пастраляла… — шалахцелі над снежнымі гурбамі радасныя галасы.

21

— Цябе як зваць? — спытаўся хлопец, калі яны завярнулі за рог дома.

— Света. А цябе?

— Сяргеем.

З хвіліну, пакуль спускаліся з пагорка па замеценых снегам сходах, яны памаўчалі.

— Ты пару тыдняў пастарайся сюды не хадзіць, — сказаў Сяргей, — каб яны на цябе забыліся.

— А я ўсё адно тут рэдка бываю. — Дзяўчына, ідучы поруч, краем вока прыглядалася да новага знаёмца. Гэта ёй не вельмі ўдавалася, павярнуцца ж і разглядаць хлопца пільней было няёмка.

— З гэтымі паршыўцамі толькі дубцом размаўляць можна. Іначай не разумеюць… Нічога, калі я закуру? — Ён спыніўся і запусціў руку пад зімовы плашч.

— Нічога, — усміхнулася Света.

Хлопец дастаў з унутранай кішэні пачак “Космасу”, падпаліў і вярнуў цыгарэты ў кішэнь. За гэты час дзяўчына нарэшце разгледзела свайго спадарожніка: някідкі, худы, але валявы твар; з пад шапкі высоўвалася светлая чупрына; апрануты ў сціплы шэры плашч, такога ж колеру штаны і карычневыя чаравікі. Нічога асаблівага. Толькі позірк, які Сяргей пару разоў кінуў на яе спадылба, быў надзвычай выразны — жартаўліва-сур’ёзны, праніклівы. Нібы іранізаваў гэты позірк і з яе, і з сябе, і з усяго свету.

— Слухай, а ты з гэтымі дубцамі заўсёды ходзіш? — Света кіўнула на сумку.

— Не заўсёды, але часцяком. І недарэмна, як бачыш. Хаця трэба б не з дубцамі, а з пісталетам ці аўтаматам хадзіць. Ты ж бачыла, яны яшчэ вагаліся, калі я таўстапуза паклаў. А каб стрэльнуў з якой зброі, яны б уміг паабпісваліся. Ладна. Хадзем… Табе на гэты прыпынак? — Ён паказаў рукой на павець, што стаяла метрах у ста наперадзе.

— Ага, — сказала Света і ўзяла хлопца пад руку.

Па тратуары, яшчэ ненатаптаным пасля завірухі, яны прасоўваліся марудна. Снег у некаторых месцах быў ледзь не па калена.

— Дык кажаш, у цэнтры жывеш? — спытаўся Сяргей, калі яны наблізіліся да прыпынку.

— Так. Недалёка ад цырка.

— Так-так… — Хлопец паглядзеў на купку людзей, што чакалі аўтобуса, затым ступіў на праезджую частку і зірнуў па баках. — Ну што, Света. Дрэнь нашы справы — абедзенны перапынак зараз, аўтобуса паўгадзіны правалэндаць можна.

І праўда, на гэтым раёне з транспартам было тугавата. Ён і ў гадзіну пік хадзіў не надта шчыльна.

— Ну, пачакаем. — Святлана паправіла на плячы сумачку. — Ці як?

Яе спадарожнік не адказаў, паколькі ўсё ўзіраўся ў чараду легкавікоў, што крыху запавольвалі свой ход перад прыпынкам, за якім стаяў святлафор.

Праз хвіліну ён гучна свіснуў і замахаў рукамі. Тут з агульнага патоку машын вылучыўся чырвоны “жыгуль” і пад’ехаў да броўкі. Сяргей самавіта падышоў да яго і адчыніў пярэднія дзверы.

— Шэф, да цырка падкінеш? — пачула Света.

Неўзабаве яны, уладкаваўшыся на заднім сядзенні, імчалі па заснежаным горадзе.

— Глядзі, — сказаў Сяргей, — колькі ўжо праехалі, а ніводнага аўтобуса не напаткалі. Во саўдэпія подлая! Не любяць у нас просты народ, што ж ты паробіш.

— А я, бывала, адразу на канцавую ішла, там лягчэй можна сесці…

— Гэта… тры прыпынкі назад? — здзівіўся Сяргей.

— Ага.

— Ну, ты маладая, ты можаш… А што ж нам, старым, рабіць? — перавёў ён на жарт і тут жа звярнуўся да вадзіцеля: — Праўда, шэф, не любіць наша дзяржава людзей…

Пажылы вадзіцель прамаўчаў.

— Ну ды табе нішто. Табе яшчэ і лепей, каб транспарт радзей хадзіў. Твой хлеб…

— Гары ён гарам такі хлеб, — прабурчаў дзядзька. — Больш бензіну спаліш, чым накалыміш. Ды паспрабуй пасядзі дванаццаць гадзін крукам.

— Гэта яшчэ што! — разгаманіўся Сяргей, чым крыху бянтэжыў Святлану, нязвыклую да такой развязнасці. — А як сядзе ззаду якая пачварына ды на шыю — зашмаргу, ды цела — у кювет… Ха-ха-ха! Народзік цяпер не дай Бог. Во Светка ведае! — Ён падміргнуў дзяўчыне.

— Ваўкоў баяцца — лесу не бачыць… — мудра адказаў вадзіцель. — Памерці і ад прастуды можна.

— Слушна, шэф, кажаш. Аднак непрыемна, калі ззаду нейкае мурло сядзіць ды маўчыць не па-добраму. Я б не змог. Не для маіх гэта нерваў.

— А ў мяне нервы жалезныя.

— Зайздрошчу… А ведаеш, што ў цывілізаваных краінах кіроўца ад пасажыраў непрабіўнай шыбаю адгароджаны? — не сунімаўся Сяргей. — То ж любата: едзеш і толькі пасвіствай. Дый для пасажыраў ямчэй: гамані сабе пра што заўгодна, з жанчынамі цалуйся, — ён ізноў падміргнуў спадарожніцы. — А то няёмка неяк бывае, калі адзін сядзеш. Не будзеш жа ўсю дарогу маўчаць як сугней. Таму і мянташыш языком, сціраеш вадзіцелю вушы… Ха-ха! Ты не крыўдуй, шэф. Люблю я пагаварыць.

І сапраўды, ён балбатаў усю дарогу. Свеце нават крыўднавата стала, што на яе, маладую і прывабную, Сяргей як бы і забыўся зусім. Усё прыставаў да кіроўцы, які з прычыны сваёй негаварлівасці яму амаль не адказваў. І гаварыў жа хлопец розныя глупствы. Нешта там пра глабальнае пацяпленне клімату вёрз, што зімы, маўляў, цяпер не такія, як колісь… Як жа не такія, думала Света, калі якраз у гэтую зіму снегу па плечы нападала. І зараз, дарэчы, ледзь толькі вырулілі яны з мікрараёна, узнавілася ранішняя завіруха. Снегапад залепліваў лабавую шыбу, “дворнікі” з ім не спраўляліся, і дзяўчына дзівілася, як вадзіцель арыентуецца ў вірлівым аўтапатоку. Іх “жыгуль” то рыпеў тармазамі, то роў рухавіком, то вішчаў пры рэзкіх паваротах, рызыкоўных абгонах, якія раз-пораз усчынаў зухаваты дзядзька. Іх жа, здаецца, яшчэ ніхто не абагнаў. Света амаль не адрознівала слупы снегу, што біліся ў лабавую шыбу “жыгулёнка”, ад аблепленых снегам сустрэчных машын. Зрэдчас з-за белых хмар праступалі размытыя абрысы кіёскаў, будынін, больш-менш выразна бачыліся агні святлафораў.

І ўсё гэта пад няспынную вясёлую балбатню яе новага знаёмца, які адно дакучаў вадзіцелю і мог стацца прычынай дарожнай неспадзяванкі.

Раптам, прайшло хвілін пятнаццаць, Сяргей павярнуўся да яе і спытаў:

— Ну, пад якую арку заязджаць?

— Ужо прыехалі? — страпянулася Света. — А я ж нічога не бачу…

За снежнай павалокай, праваруч, віднеўся нейкі мур, паўз які марудна рухалася іх машына.

— То ж гэта твой дом! — паказаў хлопец на мур. Ён яшчэ раз перапытаў у яе адрас. — Ну правільна, дом №75. Ды ты прачыні свае дзверы, паглядзі.

Света адшчоўкнула замок, падала створку і высунула галаву. У твар рынуліся калючыя сняжынкі…

Дом сапраўды аказаўся яе родным домам. Адно патрэбную арку яны ўжо праехалі. Дзяўчына хацела была падзякаваць і пайсці пешкі, але Сяргей запрацівіўся, усадзіў яе назад і скамандаваў “шэфу” руліць у панадворак. Там яны доўга выкручваліся і буксавалі, пакуль дабраліся да схаванага ў глыбіні двара Свецінага пад’езда.

Кінуўшы вадзіцелю: “Пачакай”, хлопец выскачыў вонкі і правёў Свету да самых дзвярэй. Усё ён рабіў неяк мітусліва, быццам кудысьці спяшаўся. Яшчэ ў салоне заўважыла дзяўчына, што ён раз-пораз, праўда не перапыняючы балбатні, пазіраў на наручны гадзіннік.

І зараз, калі ўжо развітваліся, зусім нечакана для Светы і без якой-небудзь сарамлівасці ён папрасіў яе даць нумар свайго тэлефона. Аргументаваў гэта тым, што з-за спешкі нават не даведаўся пра яе нічога, акрамя імені, і што будзе вельмі крыўдна разысціся і назаўжды прапасці ў двухмільённым горадзе.

Святлане, па праўдзе, таксама крыўдна было расстацца назусім з такім рашучым і крыху дзівачлівым маладым чалавекам, таму яна без ваганняў дала яму свой нумар. Адно здзівілася, што ён яго не запісаў, а сказаў, што запомніць. “Не запомніць. Шкада”, — міжволі прамільгнула ў галаве, калі ўжо падымалася па лесвіцы.

Пад’езд быў цёмны, з крутымі прыступкамі і выкручастымі парэнчамі. Пасля сляпучага снегу на вуліцы тут быў зусім змрок. На другі паверх прыйшлося ісці амаль вобмацкам. Перад дзвярыма №41 Света спынілася, дастала з сумачкі ключы, паваждалася з замкамі і пранікла ў кватэру.

Жылі яны ўдзвюх з мамай, Нэляй Аляксандраўнай. Мама зараз на рабоце.

Дзяўчына распранулася і, пабыўшы ў ваннай, прайшла на кухню. За вузкім акном валіў снег, збялелае голле клёна калыхалася пад імпэтамі ветру, страсала долу лішкі пухнатай ваты. Дрэва засланяла ад яе тры чвэрці двара.

Кухня была маленькая, але чыстая і ўтульная. Света паставіла на пліту чайнік, села на лакіраваную драўляную лаўку, што стаяла ўздоўж сцяны, журліва задумалася.

Думала яна зараз пра тое, як бяздарна праходзяць чарговыя студэнцкія канікулы, якіх яна так чакала. Ізноў — адзінота, адчужанасць ад усяго свету, адчуванне сябе найняшчаснай з людзей. Нягледзячы на дваццацігадовы ўзрост, прывабную знешнасць, дапытлівы розум, у Святланы не было ні жаніха, ні проста блізкага хлопца. Магчыма, розум тут якраз і зашкодзіў… А зрэшты, мэтазгодна будзе адкрыць, што пасля распаду іх сям’і, які адбыўся тры гады таму, у душы яе ўтварылася трэшчына. Незагойная рана. Гэты ашаламляльны сыход колісь любімага бацькі… Гэтая нянавісць, што знячэўку ўспыхнула ў ёй… Нянавісць, якая змяняе любоў, — найстрашнейшая штука. Тады пачынаеш разумець, што няма нічога трывалага на зямлі, што ўсё ашуканства і зман, вераломства і эгаізм. Тады адкрыццём паўстае, што нельга нікога любіць і давяраць нельга нікому. Каб у адзін момант не апынуцца ля разбітага карыта, твар у твар з пустатою…

З таго часу стала Света цурацца хлопцаў, рэзка і груба супрацьстаяць іхнім дамаганням. А тое, бывала, прыносіла ёй дзіўную патолю прывабіць кагосьці, падпусціць — ды адрынуць. А затым глядзець, як мучыцца гэты былы залётнік, як слёзна (ці пагрозна) тэлефануе ёй з ранку да вечара, прыніжаецца… “Ага! — торгалася нешта ў Свецінай душы. — Табе балюча! А якога ліха ты да мяне заляцаўся? Цярпі, братка, цярпі паганае мужчынскае племя…” Аднак унутраны голас не спаў і нашэптваў Святлане, што гэтак паступаць нельга, што зло множыцца злом, што гэта не ёсць для яе выйсцем…

Але імкліва мінаўся час, і ўсё прыгажэла Света, сталела, паступіла ў тэхналагічны інстытут, дзе семдзесят працэнтаў — хлопцы. Куды ж падзенешся ад іхніх залётаў, ад гэтага назойлівага прыставання ў калідорах, ад гэтых бясконцых прапаноў схадзіць у кіно, тэатр, кавярню? А дыскатэкі! Інстытуцкія дыскатэкі, куды нельга не хадзіць — каб не думалі пра цябе немаведама што сяброўкі. Але ад тых танцпляцовак за вярсту тхне распаленым жывёльным юрам, свербам агрэсіўных самцоў, што шнараць у пошуках самак. Гэткае дзікае гульбішча, якое ладзілася яшчэ сотні мільёнаў гадоў таму дыназаўрамі, яшчарамі, якое ладзіцца і па сённяшні дзень змеямі, птушкамі, звярамі і чалавекам…

Колькі разоў заракалася Света не хадзіць на дыскатэкі, загідзіўшыся гэтымі потнымі ліпучымі рукамі, ухмылістымі хцівымі тварамі хлопцаў. Там кожны так і наровіць шчыльна прыціснуць, блудліва абмацаць формы, плюнуць у душу… А словам, што вымаўляюцца за танцамі, абы не маўчаць, яна нітрохі не верыць. Дый проста не слухае тыя словы — пошлыя, нікчэмныя жарцікі або псеўдасур’ёзныя разважанні…

У кожным мужчынскім твары ўгадвае яна ненавісныя рысы свайго бацькі, Лявона Міхалыча, у кожным мужчынскім руху — яго павадкі. Павадкі здрадніка, крывадушніка, подлага чалавека.

Вось кароткая гісторыя іхняй сям’і, якую цяпер ужо нельга не распавесці.

22

Яшчэ чатыры гады таму гэта была самая звычайная сям’я. Можна нават сказаць, што добрая. Лявон Міхалыч Стрэчань любіў жонку і дачку, жыў хатнімі клопатамі. І Свету, адзінае дзіцё ў сям’і, найбольш песціў якраз бацька. Мама была стражэйшая. Міхалыч жа і нявывучаныя ўрокі, і двойкі дачцэ дараваў, і па два разы на тыдзень вадзіў у кіно на новыя фільмы. Зімой браў з сабой на лыжы ў лес, а з шасці гадоў навучыў Свету на каньках катацца. І хадзілі яны ўзімку кожныя выхадныя ў парк Горкага на адкрыты каток. Вярталіся румяныя і жыццярадасныя, з зайздроснымі апетытамі. Ад сталых заняткаў фізкультурай і спортам у Светы быў заўжды добры настрой, яна ніколі нічым не хварэла.

Летам жа яны зазвычай ехалі на месяц у Крым, на Каўказ ці на азёры Беларусі, у дамы адпачынку. Ужо там і плавалі ўволю, і па гарах лазілі… У верасні аднакласнікі заўсёды дзівіліся Свецінаму шакаладнаму загару, заслухваліся ейнымі расповедамі пра адпачынак у мясцінах далёкіх і незнаёмых. Дарэчы, Лявон Міхалыч кожнае лета вёз сям’ю на новае месца — цярпець не мог паўтарэнняў. А таму і ў Батумі пабывалі яны, і ў Сочы, і ў Ялце, і Еўпаторыі.

Так, добрая гэта была сям’я. І гарнуліся да яе людзі: на святы іх дом поўніўся разнастайнымі цікавымі гасцямі. Часта хадзілі ў госці і бацькі, нярэдка і дачку з сабой бралі. А там — дзеці, захапляльныя гульні, весялосць, радасць…

Вядома, як у кожнай сям’і, надараліся і канфлікты паміж бацькамі, непаразуменні. Але неяк не памятае Святлана, каб даходзіла гэта да слёз, ляманту і праклёнаў, не прыгадае, каб, у знак непрыхільнасці, не размаўлялі паміж сабой Лявон Міхалыч з Нэляй Аляксандраўнай. Не, мірыліся яны хутка, таму што незлапомнымі, добрымі былі людзьмі.

Маці ўсё жыццё працавала настаўніцай геаграфіі, бацька — у канструктарскім бюро на заводзе, у сорак тры гады даслужыўся да начальніка аддзела, зарабляў самавіта і ні ў чым не адмаўляў любімай дачце. Апранута была Света заўсёды гожа, модна, у халадзільніку нават у пакутныя часіны развалу імперыі не пераводзіліся якасныя прадукты. Але не гэта, не гэта было галоўнае. Значна важней выглядалі бацькавы ўвага, памяркоўнасць, лагода і ласка. Аж да дванаццаці гадоў усаджвалася Света да яго вечарамі на калені, шаптала на вуха розныя пусцяковіны, і абое радасна, блазнавата смяяліся…

Але аднойчы ўвосень, чатыры гады таму, прыйшоў Лявон Міхалыч дамоў надзвычай узрушаны і, жвава жэстыкулючы, расказваў за вячэрай пра нейкіх вернікаў, якія выступалі ў клубе іхняга прадпрыемства. Паколькі Святлане было тады толькі шаснаццаць год і ў галаве віравалі праблемы далёка не рэлігійныя, то не запомнілася ёй, пра якую менавіта хрысціянскую секту ішла гаворка. Аднак ужо тады з трывогай заўважыла назіральная дзяўчына нязвычны, нейкі апантаны бляск у вачах Лявона Міхалыча. Яна нават прыраўнавала бацьку да тых сектантаў, бо надта ўжо палка, узахлёб, расказваў ён пра іх мудрыя прамовы, пра іх любасць да бліжняга, прастату і даступнасць. Помніцца, узгадваў праваслаўных святароў, бэсціў іх за пыхлівасць, за аддаленасць ад народа, за сквапнасць. Ды зноў прымаўся хваліць, спрачаючыся з мамай, прапаведнікаў, што выступалі сёння ў іхнім клубе — якія яны малайцы. Сказаў, што ўзяў адрас іх прыхода і абавязкова пойдзе ў нядзелю на сустрэчу з тымі цікавымі, высокадухоўнымі людзьмі. Затым вышмаргнуў з дыпламата кіпу каляровых, добра выдадзеных буклетаў, брашур, часопісаў. Расклаў іх на стале і да ночы любаваўся карцінкамі на евангельскія сюжэты, зачытваў услых некаторыя прамудрыя месцы з артыкулаў, змешчаных на старонках.

Свеце напачатку гэта было цікава, яна таксама разглядвала каляровыя малюнкі. Асабліва падабаліся анёлы з ажурнымі крылцамі, якія сядзелі на ружаватых аблоках. Затым, праўда, ёй патэлефанаваў аднакласнік, і дзяўчына, адасобіўшыся ў спальні, хутка забылася за гуллівай балбатнёй і на буклеты, і на бацькаў дзіўны аповед пра нейкіх там вернікаў.

Але ў нядзелю Лявон Міхалыч дбайна пагаліўся, прыняў ванну, спырснуўся адэкалонам, апрануў парадны касцюм і накіраваўся ў далёкі кут горада, дзе ў нейкай школе арандавала памяшканне тая рэлігійная суполка. Клікаў туды і жонку, але яна, па неахвоце, спаслалася на галаўны боль.

З таго часу стаў Міхалыч наведваць памянёныя сходы па два разы на тыдзень. Прыходзіў адтуль нейкі прасветлены, незямны, падоўгу дзяліўся з Нэляй Аляксандраўнай сваімі ўражаннямі ад гэтых мерапрыемстваў. Спрабаваў навязацца з расповедамі і дачцэ, але тая, інтуітыўна адчуўшы нядобрае, пад рознымі прычынамі ўхілялася: то ўрокі трэба дарабіць, то пазваніць камусьці, то фільм цікавы па тэлевізары…

Праз тры тыдні, у суботу, раздаўся ў іхняй кватэры неспадзяваны званок. Калі Святлана адчыніла, то спужалася: перад ёй стаялі два самавітага выгляду дзядзькі і пыталіся на ламанай мове, ці дома Лявон Міхалыч. Былі яны белавалосыя, белатварыя, вельмі ахайныя і прыветлівыя. Распранаючыся ў пярэдняй перад усхваляваным бацькам і яго дачкою, за ўсё дзякавалі ды прасілі прабачэння за прынесеныя невыгоды. Неўзабаве яны адасобіліся з Лявонам Міхалычам у зале і завялі гутарку, якая доўжылася не менш за дзве гадзіны. Бубнёж іх роўных, добра пастаўленых галасоў, што напачатку выклікаў цікаўнасць у Светы, праз гадзіну стаў на яе дзейнічаць самым гнятлівым чынам. Нібы паклаў нехта яе галаву на кувадла і мерна біў молатам. Праз шчыльна зачыненыя дзверы залы даносіліся адно нізкія частоты: “Бу-бу-бу, бу-бу-бу…” — бясконца!

Як потым выяснілася, гэта прыходзілі амерыканскія місіянеры, заснавальнікі філіяла іхняй секты ў Мінску — Біл і Джэк. Гэтыя “слаўныя хлопцы”, як называў іх Лявон Міхалыч, завіталі да яго з мэтай праводзіць падрыхтоўчыя гутаркі, пасля якіх ён, бацька, будзе рэкамендаваны для ўступлення ў іхнюю суполку.

Пачуўшы гэта, маці схапілася за галаву, а дачка падумала, ці не сніцца ёй усё гэта. Не, не снілася. Гэтым вечарам, першы раз за жыццё, Нэля Аляксандраўна, змогшыся пераканаць мужа адумацца, сур’ёзна пасварылася з ім і начавала ў пакоі дачкі.

Але гэта, як паказалі далейшыя падзеі, былі толькі кветачкі. Наведванні місіянераў сталіся рэгулярнымі і ўсё болей працяглымі. А ў тыя вечары, калі Лявон Міхалыч не гутарыў з імі, то прападаў у малельным доме.

У снежні, пасля іспыту, яго прынялі ў секту, пра што бацька з гонарам паведаміў дамашнім. А заадно і аб’явіў, што Біл і Джэк ужо не будуць хадзіць да яго з пропаведзямі, бо ён сам цяпер прапаведнік ніжэйшага рангу і сам павінен далучаць да іх праведнай веры аблудныя душы. Цяпер ужо ён будзе, на пару з нейкім Сымонам Францавічам, хадзіць па дамах і гутарыць з кандыдатамі на ўступленне.

У хуткім часе бацька выступіў з паўгадзінным зваротам да дачкі і жонкі, дзе спавяшчалася, што ад гэтага часу ён мусіць парваць усякія дачыненні з ранейшымі сябрамі-прыяцелямі, паколькі яны вядуць грахоўны лад жыцця, у прыватнасці — спажываюць алкагольныя напоі, што катэгарычна забаронена іхняй верай. Гэта раз. Другім, і самым страшным, было тое, што Лявон Міхалыч давёў пра заклапочанасць кіраўніцтва секты недалучанасцю да яе Нэлі Аляксандраўны і Святланы. Гэта ў іх недапушчальна, таму што ёсць такія мерапрыемствы, дзе паяўляцца без сям’і — вялікі грэх. І прапанаваў бацька дамашнім сур’ёзна задумацца над гэтым пытаннем. Тэрміну ён дае ім месяц.

І літаральна праз дзень адбылося здарэнне, якое проста шакіравала няшчасную Свету.

У суботу, па абедзе, яна, мама і Лявон Міхалыч вярталіся з рынку. На выхадзе з метро, калі праміналі падземны пераход, бацька знячэўку аддзяліўся ад іх, падскочыў да жабрака, які сядзеў ля сцяны, падабраўшы пад сябе ногі, і стаў на яго крычаць. Жабрак быў нестары, зацухмолены, варты жалю дзяцька — з брудным змарнелым тварам, закарузлымі рукамі, смярдзючы. Сыты і мажны, дагледжаны Лявон Міхалыч усчаў гарлаць на ўвесь пераход: лаяў дзядзьку за папрашайніцтва, вінаваціў у жульніцтве, папракаў у тым, што ён — малады і здаровы — не працуе і дурыць людзям галовы. Пры гэтым трос рукамі, у якіх былі валізы, набітыя мясам, рыбай, сырамі і садавінаю…

У Светы нібы парвалася нешта ўнутры. Яна аслупянела і з жахам вытарашчылася на бацьку. Маці ж падбегла да яго і намагалася суняць. Марна. Усё больш шалеючы ад выгляду бруднага дзядзькі, бацька роў, тупаў нагамі, а затым адмахнуўся чарговым разам ад жонкі і ўдарыў нагой па жабраковай шапцы, што ляжала на доле. З яе паляцелі, закружлялі ў паветры папяровыя грошы.

Але найбольш уразіла Свету тое, што ніхто з людзей, якія знаходзіліся паблізу, не ўступіўся за няшчаснага жабрака, не асадзіў развар’яванага Лявона Міхалыча. Помніцца, апанавала Святлану нездаровае жаданне, каб нейкі дужы мужык падскочыў да яе бацькі, заляпіў кулаком у твар, збіў з ног і пачаў мяцеліць нагамі. Але не аказалася такіх рашучых заступнікаў… У лепшым выпадку нехта спыняўся і з цікаўнасцю назіраў, што ж будзе далей. А большасць дык і наогул спяшалася як найхутчэй прамінуць месца канфлікту.

У роспачы пабегла Света ўверх па прыступках. Не памятае, як дамчалася да дома, як апынулася ў кватэры, дзе з ёй здарылася працяглая і моцная істэрыка. Мама, што падаспела праз пяць хвілін, выклікала “хуткую”. Урач зрабіў дзяўчыне супакойлівы ўкол, прывёў да прытомнасці.

З таго дня маці перасялілася жыць у даччын пакой, пакінула бацьку з’язджаць з глузду на адзіноце.

Гэтае жыццё з чужаком у двухпакаёўцы было невыносным. Хоць Лявон Міхалыч, паглыблены ў абавязкі прапаведніка і выратавальніка душ, цяпер рэдка бавіўся дома, але калі прыходзіў, то пачынаў свае несканчоныя назойлівыя казанні пра тленнасць цела, пра бязглуздасць зямных уцех, пра сапраўдную веру ў Госпада, якую толькі і дае людзям іхняя секта.

Каб менш сустракацца з бацькам, Света на выхадныя збягала да сябровак, а ў працоўныя дні старалася не бываць дома па вечарах. Калі не было куды і з кім пайсці, то проста бяздумна і самотна блукала па горадзе. Аднойчы да яе прычапіліся два п’яныя хлопцы і ледзь не зацягнулі ў падваротню. Выратаваў нейкі дзядок з аўчаркай, што, на шчасце, праходзіў паблізу.

Але сутыкненняў з продкам пазбегнуць не ўдалося. Аднаго разу, па прыходзе са школы, прывычна плюхнулася Света на сваю тахту, уключыла магнітолу і апусціла руку ў кардонную скрыню, дзе захоўваліся касеты… Скрыня была пустая. Не аказалася касет і ў другіх месцах пакоя. Дзяўчына спярша падумала, што, магчыма, маці кудысьці іх прыбрала. Але навошта? Чым і каму маглі перашкодзіць яе любімыя касеты?

І хоць Света старалася сябе супакоіць, заняць галаву іншымі думкамі, нешта трывожнае ўсё ж закралася ў душу. І нездарма. Недзе праз паўгадзіны, калі абедала ў кухні, адкрыла дзяўчына тумбачку, каб выкінуць у сметніцу аб’едкі, і абамлела: на дне амаль пустога вядра, паверх бульбянога шалупіння і яечных шкарлупін, ляжала гара раструшчаных ушчэнт ейных касет. Ад нечаканасці, ад недарэчнай бязглуздасці гэтага факта ў яе закружылася галава, на вачах выступілі слёзы. У роспачы павалілася Света на падлогу і зарыдала наўзрыд. Душэўны стан быў такі, што карцела кінуцца ў бацькаў пакой і біць, ламаць, пляжыць усё запар. Аднак яна, сама не ведае чаму, стрымалася, зашылася ў спальні і, лежачы на тахце, бяздумна глядзела ў столь. Гэтак яна прабавілася да пяці гадзін, пакуль не прыйшоў бацька. Лявон Міхалыч у апошні месяц заўсёды вяртаўся з работы на гадзіну раней, чым звычайна, бо клікалі яго неадкладныя справы місіянера: штодзень на пару з таямнічым Сымонам Францавічам ён наведваў з душавыратавальнымі гутаркамі два-тры дамы.

Света ўварвалася да бацькі з папрокамі якраз у той момант, калі ён пераапранаў кашулю перад люстэркам. На немыя зыкі і слёзы дачкі ён нават не павярнуў галавы і сталёвым, адчужаным голасам сказаў, што так, гэта ён раструшчыў і выкінуў касеты, паколькі не можа дапусціць, каб яго дачка слухала бязбожную, сатанінскую музыку. А калі ўжо яна без гэтага памірае, то хай ідзе на дыскатэкі, у клубы, да сяброў і сябровак. “У маім доме гэтай парнаграфіі не будзе”, — спакойна завяршыў Міхалыч, з любасцю павязваючы строгі гальштук.

— Ды ты… — пачала была Света, але захліпнулася ад абурэння і слёз. — Ды як ты пасмеў!.. Ды я… цябе… за гэта… — Твар яе спалатнеў, міміка яго была жахлівая. І тут, як бы насмеліўшыся на нешта адчайнае, яна заламала рукі і выкрыкнула тонкім прарэзлівым голасам: — Сектант!

— Маўчаць! — рэзка павярнўшы да яе ўкормлены твар, гаркнуў бацька. — Маўчаць і мне не пярэчыць! — Ён узняў дагары кулакі і зрабіўся жудлівым. — Лахудра, блудлівая дзеўка, не смець мне тыкаць, не смець мне тыкаць ніколі! — Лявон Міхалыч трос велізарнымі кулакамі над галавой. — Толькі на “вы” да мяне надалей звяртацца! Толькі на “вы”! І стукацца, стукацца ў мой пакой, калі хочаш сюды зайсці! А цяпер — вон! Вон!! Вон!!! Паганка!

Ён схапіў яе за руку, балюча выкруціў плячо і вышпурнуў з залы.

Света рыдала ў спальні да самай ночы. Маці яе суцяшала як магла, паіла валяр’янкай і абяцала даць грошы на новыя касеты.

У гэты ж час Лявон Міхалыч, з іголачкі апрануты, ахайны і светлы душою, прапаведаваў па кватэрах іх мікрараёна. Схіляў на шлях праведны новыя і новыя душы.

Наступны месяц быў для Светы пякельным кашмарам. Даходзіла да таго, што яна ўсур’ёз думала атруціць роднага бацьку — настолькі ненавіснымі сталі яго фізіяномія, пастава, голас… І невыказна палягчэла ў яе на душы, калі ў адзін цудоўны дзень Лявон Міхалыч паведаміў маці, што з’язджае ад іх, каб сысціся і жыць з добрай жанчынай. Забраў ён не толькі свае манаткі, але і тэлевізар, і дарагі сервіз, і сталовае срэбра. Асноўнай прычынай сыходу называў ён немагчымасць жыць пад адным дахам з людзьмі, якія плююць на Хрыстовыя запаведзі, якія пагразлі ў хлусні і распусце і якіх ён змогся наставіць на правільны шлях… “Толькі ў тым я грэшны, — некалькі разоў паўтарыў бацька, — што пакідаю вас у паняверцы… Толькі ў гэтым”.

Але вера верай, а і пра цела не забывай, і неяк так выйшла, што новая сужыцелька Лявона Міхалыча аказалася гадоў на дваццаць за яго маладзейшая. Як потым высветлілася, была тая жанчына адной з актывістак іхняга прыхода, таксама зацятая верніца. У першыя тры гады падарыла яна Лявону Міхалычу аж трох сыноў, прычым двое нарадзіліся блізнятамі ўжо праз сем месяцаў пасля таго, як Міхалыч пачаў жыццё новае і праведнае. Пра што і пахваліўся бацька Нэлі Аляксандраўне ў мнагаслоўным лісце, у якім, дарэчы, заявіў, што разводзіцца з ёй не збіраецца, таму што не лічыць штамп у пашпарце за сапраўдны шлюб, а сапраўдным лічыць ён толькі шлюб, азораны дабрадаццю Гасподняй, то бок асвечаны іх царквою.

З гэтай жа прычыны і аліменты ён не плаціў на Свету цэлых паўтара года — пакуль ёй не стукнула васемнаццаць. Спагнаць жа з бацькі па законе было немагчыма, таму што ён звольніўся з СКБ і стаў адным з кіраўнікоў прыхода. Там жа, відаць, і карміўся.

А яшчэ пісаў бацька, што ён непамерна цяпер шчаслівы, бо знайшоў сэнс існавання чалавека на зямлі. Пісаў, што не можа нарадавацца на сваіх карапузаў і любімую жонку Юлю, якая амаладзіла яго гадоў на дзесяць, дае яму энергію і духоўную моц. Пры канцы ліста збіўся на маралізм і павучаў, што яго лёс можа ім стацца прыкладам, як сапраўдная вера прыносіць шчасце, душэўны спакой, з’яўляецца апірышчам у цяжкіх жыццёвых калізіях. Не трэба адчайвацца, заканчваў ліст Лявон Міхалыч, трэба любіць, спадзявацца і верыць, трэба маліцца, рабіць людзям дабро, і тады Бог паможа.

23

Свой дзень нараджэння Леанід Нілыч Пугач на гэты раз адзначаў даволі сціпла. З усяе процьмы сяброў, таварышаў і знаёмцаў ён запрасіў толькі сына, Марыну Паспелаву і, вядома ж, Валерыя Віктаравіча Адынца.

З закускамі мастак таксама асабліва не размахваўся і прывёз сякі-такі харч з рэстарана, дзе папярэдне зрабіў заказ. І хоць яды было не многа, затое ўся яна мела досыць вытанчаныя і пажыўныя якасці.

На невялікім прыземістым століку, абкружаным чатырма фатэлямі, апрача закусак стаялі пляшка армянскага каньяку і дзве бутэлькі французскіх він. Каньяк, дарэчы, быў ужо адкаркаваны і гаспадар з адзіным пакуль сваім госцем — Адынцом — пакрысе яго папівалі.

Леанід Нілыч з нецярпеннем чакаў астатніх запрошаных, бо было ўжо сем гадзін вечара, а і сына і сяброўку ён настойліва прасіў прыходзіць не пазней за палову сёмай. Да таго ж ён забегаўся з самага ранку па справах, перажыў віншаванне на кафедры ад студэнтаў і выкладчыкаў, шматлікія званкі па мабільніку, дужа змарыўся і ўсур’ёз хацеў есці.

Валерый Адынец, наадварот, быў у самым бестрывожным душэўным стане, у настроі між іншым паспрачацца з імяніннікам, пафіласофстваваць. Яны сядзелі ўжо з гадзіну, і за гэты час не раз прыводзіў Адынец свайго гарачага сябра ў раздражненне, узнімаючы злабадзённыя, балючыя для мастака тэмы.

— Не гавары, чуеш, ніколі не гавары пры мне дрэнна пра простых людзей! — кіпяціўся Леанід Нілыч, ёрзаючы ў крэсле. — Яны нашмат за нас лепшыя хаця б тым, што цэняць сам працэс жыцця, а не выдумляюць розныя там карціны ды вершыкі. І ў гэтым іх сіла.

— У табе гаворыць нязжыты марксіст, ленінец, — падбаёдваў Валерый Віктаравіч суразмоўніка, — тыя таксама любілі рабочы люд. І да чаго далюбіліся? Тое, што адбылося восемдзесят гадоў таму, — гэта звычайнае паўстанне рабоў. З шэрагу тых, што ўспыхвалі тысячакроць за гісторыю чалавецтва. І заўваж, ніколі да дабра не даводзілі.

— Ды пры чым тут паўстанне! — абурыўся Леанід Нілыч. — Што ты абвастраеш увесь час!

— Я не абвастраю, а проста перасцерагаю цябе ад найтыповейшай памылкі інтэлігента — ад памылкі распусціць нюні і замілоўвацца рабацягамі. Не дай Бог!

— “Рабацягамі”, — перадражніў яго мастак. — І слова ж якое падабраў: абразлівае, прыніжальнае, грубае. А вядома табе, інтэлігент-разумнік, што на гэтых, як ты кажыш, рабацягах свет трымаецца. Бо якраз яны нясуць праз тысячагоддзі ўвесь вопыт рамёстваў, дзякуючы якім мы з табой не бегаем на чатырох лапах, а сядзім лютай зімой у цяпле і каньячок армянскі пацягваем. Пра гэта падумаў?!

— Ну-ну, — хітра прыжмурыўся Валерый Віктаравіч, прыгубіў каньяк.

— Нукае ён! — фыркнуў Леанід Нілыч і нервова зірнуў на наручны гадзіннік. — Я вунь, на што ўжо не беларучка, на хутары гадаваўся, з малалецтва ў баразну ўлягаў, а як тры гады таму паляцеў у мяне дзвярны замок, то не ведаў, як да яго падступіцца. Поркаўся, торкаўся — нават стары выняць нармальна не здолеў, не кажучы ўжо, каб новы замок урэзаць. І гэта я, які сотні скульптур наляпіў, тысячы палотнаў пэндзлем выпацкаў! А прыйшоў малады хлопец, слесар, і за паўгадзіны замок так прыладзіў, што залюбуешся. І прычым не лічыў гэта вялікай справаю, нейкай там творчасцю недасяжнай. Прыйшоў, зрабіў, атрымаў грошы і развітаўся…

— А потым узяў на тыя грошы чарніла, нажорся да ачмурэння і пачаў жонку за валасы цягаць ды дзяцей сваіх калашмаціць, — прадоўжыў за яго з’едлівы Адынец.

— Ды што ты ўсё апашляеш! — трэснуў кулаком па стале Пугач. — Зубаскал дзёўбаны. Я з ім усур’ёз гавару, а ён усё са шпількамі ды з падколачкамі… Ты ведаеш, што такое для цывілізаванага чалавека дзверы? Гэта не кусок дрэва памерамі метр на два, а цэлая філасофія. Дзверы — гэта шчыт, за якім пачынаецца духоўны свет чалавека. Дзверы — гэта інтым, сям’я, творчасць. Гэта тое, што свяцей за ўсё ахоўваецца грамадскімі законамі. З дзвярэй, калі хочаш знаць, сам чалавек пачынаецца.

— Чалавек пачынаецца знутры.

— Э не, браце! — усклікнуў Леанід Нілыч. — Нармальны чалавек пачынаецца з дома, з сям’і, з мамы з татам, што адмяжоўваюцца ад вірлівага свету тымі ж банальнымі дзвярыма. А іх прыдумалі, удасканалілі, данеслі да нас з глыбіні вякоў не мысляры, не навукоўцы, а рамеснікі, умельцы, майстры. І калі псуецца гэтая святая святых чалавецтва — дзверы, — то рамантаваць іх зноў жа бягуць простыя людзі. А мы, інтэлігентная погань, адно соплі жуём і хныкаем: “Памажыце!”

— Чаму ж ты так інтэлігентаў не любіш? — спытаўся Адынец, прывольней развальваючыся ў фатэлі. — Завошта ж тады мастаком стаў? Ішоў бы кайлом махаць.

— І пайду! — з запальчывасцю ўсклікнуў Нілыч і выплюхнуў у рот рэшткі каньяку. — І пайду, калі гэта спатрэбіцца. Не перажывай, я да мазольнай працы прывучаны. А інтэлігентаў не люблю таму, што кволы гэта народ, паршывы нейкі. Амаль усе неўротыкі, псіхапаты, шызафрэнікі і самагубцы з інтэлігенцкага асяроддзя выходзяць. А гэта гаворыць аккурат пра тое, што няправільна, непабожна яны жывуць. Няма ў іх унутранае гармоніі.

— Глядзі, у рабацяг яна завялікая, — саркастычна скрывіўся Валерый Віктаравіч,

— Вялікая не вялікая, а лепшая, чым у нас з табой, адназначна. — Нілыч пацягнуўся па пляшку каньяку, наліў сабе на донца і прапанаваў Адынцу; той адмовіўся. — Рабацяга ў пятлю палезе, адно калі дап’ецца да белай гарачкі. Таму што ў цвярозым стане ён да такой дураты не дадумаецца, для яго, простага чалавека, няма нічога даражэйшага за жыццё. Яго з работы звальняюць, яму зарплату не выплачваюць месяцамі, ад яго жонка сыходзіць — а ён нішто, ён бадзёры, жвавы і нават жыццярадасны. Ён пойдзе нап’ецца з таварышамі, ён будзе за п’янкай бэсціць і ўрад, які яго галечай мардуе, і жонку, што гуляе напрапалую, але ніколі не прыйдзе яму ў галаву легчы тварам да сцяны ў гнілой меланхоліі, а потым вены сабе парэзаць — маўляў, усе падлюганы і жыць з вамі я не жадаю. Не! — пляснуў далонню аб далонь мастак. — Ён людзей любіць, ён жыццём даражыць.

— Глупства! — з пыхлівай адназначнасцю сказаў Адынец. — Несусветнае глупства гародзіш. Па-першае, вены сабе ён не ўскрые таму, што ў яго мозгу звілін на гэта не стане, а зусім не з жыццялюбства, табой прыдуманага. Жывёліна таксама ніколі сябе не заб’е. Стоп! Не перабівай, — ускінуў руку Віктаравіч, калі Нілыч раскрыў рот запярэчыць. — Не перабівай, я цябе выслухоўваў… Дык вось. Па-другое, ён, рабацяга, любіць не жыццё ў тваім разуменні — з яго паэзіяй, жывапісам, хараством прыроды ды іншымі аздобамі. Не! Ён любіць сябе, а ўсё акаляючае для яго ёсць асяроддзем, з якім ён мусіць змагацца за выжыванне і з якога мусіць зубамі выдзіраць харч, жанчын і забавы шматстайныя. Канешне, ён сваё “я” шануе і ў цвярозым розуме на самагубства не пойдзе. Што ён — дурань, калі можна ўзяць пляшку ды паваліць Машку?

— О, як жа ты ўсё спрашчаеш! — ускінуў дагары рукі Пугач. — Як жа ты ўсё зводзіш да пошлага прымітывізму! Для цябе працоўны чалавек — гэта нейкае быдла, якое мусіць такіх разумнікаў, як мы, абслугоўваць…

— Я так не казаў.

— Не, якраз гэта ты ўвесь час і меў на ўвазе. Які абсурд! І гэта кажа чалавек, які сядзіць на мяккім крэсле, вырабленым рукамі рабочых; які п’е каньяк, зроблены з вінаграду, сабранага селянінам; які грэецца ў дваццаціградусны мароз у доме, узведзеным будаўніком. А дом гэты, між іншым, ацяпляецца качагарам, так — тым мурзатым качагарам, што дзяжурыць у бруднай кацельні цэлыя суткі дзеля таго, каб нам было ўтульна і цёпла…

— Згодны. Не гарачыся, Нілыч, не гарачыся… — прымірэнча пачаў Адынец. — Толькі не забывайся і ты, што крэсла гэтае мяккае спраектавана ў СКБ нейкім меланхалічным інтэлігентам; што вытворчасць і дастаўку да цябе каньяку арганізавалі людзі з вышэйшай адукацыяй; што чарцяжы і дома і кацельні таксама выкананы інжынерамі. А інакш гэта былі б не будынкі, а груда камення. І тварыў бы ты не ў выгоднай майстэрні, а сядзеў у пячоры і ў лепшым выпадку высякаў бы свае малюнкі на гранітных плітах.

— Ды ну цябе! — Нілыч нервова скубануў бараду і ўскочыў з крэсла. — Цябе не пераспрачаеш, казуіст дзёўбаны. — Ён падышоў да акна, прыціснуўся лбом да шыбы і пакрыўджана замаўчаў.

Адынец, ухмыляючыся ў вусы, спакойна сабе сядзеў і час ад часу падносіў да вуснаў кілішак.

Так прайшло хвіліны тры.

— Не, ну хіба яны не паршыўцы! — перарваў цішыню хрыплаваты голас Нілыча. — Гадзіну назад падысці папрасіў. І гэта, заўваж, не з пустой прыхамаці, а з нагоды майго дня нараджэння.

— А ты пазвані. У Марыны ж мабільнік ёсць.

— Не хачу, — бурклівым тонам адказаў Нілыч. — Мая справа запрасіць, арганізаваць закусь-выпіўку, а там — як ім заўгодна. А не прыйдуць, то і без іх пасядзім. Вось на злосць сёння нап’юся.

— Ды не перажывай ты так.

— А хто перажывае! — горда сказаў мастак, хоць у голасе яго пэўна чуліся і прыкрасць і крыўда.

Памаўчалі яшчэ некалькі хвілін, цягам якіх Нілыч не адыходзіў ад акна і паныла глядзеў на двор.

— Вось жа зіма сёлета: то мароз за дваццаць, то снегапады! І ніводнай адлігі яшчэ не было, — прамовіў нарэшце Леанід Нілыч.

— А навошта яны здаліся — адлігі? З імі адна нуда ды прастуда.

— Не. Я ж не кажу, што маразы і снег — дрэнна. Я проста дзіўлюся, што так рэдка бывае, каб…

Тут мілагучна запілікаў тэлефон, што вісеў на сцяне. Нілыч шпарка падышоў да яго, рыўком зняў трубку.

Званіла Марына Паспелава. Званок, як і прадчуваў Пугач, быў несуцяшальны: у Марыны захварэла дачка, і яна сёння не прыйдзе.

Усё гэта Леанід Нілыч выслухаў спакойна, зрэдку ўстаўляючы толькі “Так” і “Угу”. На развітанне пажадаў Марынінай дачцэ хутчэй папраўляцца і сказаў, што яшчэ патэлефануе.

— Ну што, Валер, пачнём памаліўшыся? — падміргнуў мастак прыяцелю, калі ўсаджваўся за стол.

— Сяргея чакаць не будзем? — Адынец пасунуў крэсла бліжэй да закусак.

— А навошта? — буркнуў Нілыч, спрытна адкаркоўваючы бутэльку белага віна. — Прыйдзе — нальём. А не — то яму ж горай. — Ён паўнютка наліў у келіхі. — Давай, брат, без тостаў, па-дзяжурнаму.

Яны чокнуліся, Нілыч імгненна асушыў свой фужэр і прагна накінуўся на ежу. Валерый Віктаравіч выпіў толькі палову налітага віна, узяў нож і відэлец. Еў ён паважна і нетаропка.

— Слухай, — сказаў Адынец праз колькі часу, — якую я нядаўна кнігу прачытаў.

— Валяй, — адобрыў яго гаспадар. Сам ён няспынна жаваў і накладваў на талерку новыя і новыя порцыі.

— “Псіхалагічныя развагі” нейкага Сакрасава. — Тут Віктаравіч шматзначна ўхмыльнуўся. — Сам я падобным чытвом не захапляюся і, тым болей, не трачу на яго грошай. Але ёсць у мяне супрацоўніца, якая завернута на эзатэрычнай літаратуры. Скупляе ўсё, што пад руку трапіцца, чытае запоем, шчыра ўсяму верыць і затым узахлёб распавядае кожнаму стрэчнаму пра чарговую “геніяльную” кнігу. — Адынец узяў келіх і дапіў рэшткі віна, выцер сурвэткай вусны і адкінуўся на спінку крэсла. — Дык вось, тыдзень таму прынесла яна мне гэтага Сакрасава і настойліва параіла яго пачытаць. Па праўдзе, узяў я тую кніжку толькі з ветлівасці, мяркуючы адно прагартаць. Але, неспадзявана для сябе, той жа ноччу прачытаў дарэшты. І ведаеш чаму?

— Ну? — гугнява спытаўся Пугач, бо быў з набітым ротам.

— Таму што не розумам аўтарскім захапіўся, а, наадварот, вучонай яго бязглуздасцю. Са мной такое бывае: крайне бяздарнае і крайне тупое прыцягвае мяне не меней, чым геніяльнае. Карацей, прыняўся я чытаць тыя “Псіхалагічныя развагі”, і напачатку яны нават мне спадабаліся. Не навізной думкі, канешне, а сваёй нязлоснасцю, неагрэсіўнасцю, калі хочаш. Пачаў аўтар добра: усе нашы беды, маўляў, унутры нас; жыццё не мяняеецца, а мяняецца наша яго ўспрыманне; калі мы светла настроены, то і свет паварочваецца да нас тварам; трэба любіць людзей, і тады яны цябе палюбяць… Словам, у такім духу на старонак дваццаць размазаў. Нават схемы маляваў у пацвярджэнне сваіх выкладак, будаваў графікі. Тут бы я, з-за банальнасці выказванняў, тыя “Псіхалагічныя развагі” адклаў і ціхамірна на іх забыўся, але заела мяне адна старонка. Пасля гэтай мяккай пасцелі, пасля гэтага шчадралюбнага кісялю раптам заяўляе аўтар, што не трэба, маўляў, чакаць, пакуль шчасце зваліцца з неба, а трэба самому сябе шчаслівым рабіць. Насцярожыўся я ад гэтых слоў спадара Сакрасава.

— Чаму? — здзівіўся Пугач. — Слушна кажа твой дзядзька: сам шчасце і заваёўвай.

— Ат, ну перабіваеш жа, Лёнь! Ты ж слухай, куды я схіляю.

— Валяй.

— Насцярожыўся я менавіта гэтаму рэзкаму пераходу — ад саладжавых слоў пра любасць і чалавечнасць да эга канкрэтнага чалавека. Як жа, думаю, ён будзе сябе шчаслівым рабіць? Паглядзім. — Адынец узяў скрылёк каўбасы і закінуў сабе ў рот; перажаваўшы, працягваў: — Стаў я чытаць уважлівей. І вось што пачуў. Абвяшчае гэты вельмішаноўны аўтар, гэты навуковец-псіхолаг, што чалавецтва можа быць шчаслівым толькі тады, калі кожны чалавек будзе шчаслівы. А таму, выводзіць Сакрасаў, трэба кожнаму паставіць сябе ў цэнтр светабудовы і змагацца за сябе ўсімі сіламі. Хітра! — усклікнуў тут Адынец. — Яшчэ больш зацікавіла мяне тая кніга. Чытаю далей і праз пару старонак натыкаюся на выснову, што для дасягнення асабістага шчасця любоў трэба разбіць на прыярытэты. Не любіць, маўляў, усіх і ўсё пароўну, а любіць так: найбольш — жанчыну, сваю жонку; крыху менш — сваіх дзяцей; яшчэ менш — бацькоў, яшчэ менш — родзічаў і бабуль-дзядуль; яшчэ менш — старонняга чалавека; і ўжо зусім мала — коцікаў-сабачак, птушак і раслінак. Як табе?

— Ну… — завагаўся мастак. — Мяркую, што ты тут нешта перагібаеш… альбо нечага не дагаворваеш…

— “Не дагаворваеш”! — ускінуўся суразмоўнік. — Ды тут, здаецца, спадар Сакрасаў усё дагаварыў. Да таго нават дагаварыўся, што Хрыстову любоў рассек на прыярытэты. Пасля гэтага я ўжо, можна сказаць, супакоіўся, бо здагадваўся, што будзе ў той кнізе далей. І не памыліўся. Карацей, сфармуляваўшы рэцэпт асабістага шчасця, аўтар заклікае нас браць у рукі зброю і за яго змагацца. Прычым заахвочвае нас тым, што, калі мы здабудзем асабістае шчасце, то ўнясём сваю лепту ў сусвет, зробім і яго шчаслівейшым. Але паколькі аўтар выставіў на пярэдні план каханне, то бок любоў самца да самкі, а па-навуковаму — палавую любоў, то адразу ж уявіліся мне шэрагі агрэсіўных самцоў, якія выйдуць на паляванне. Гэтакія шарэнгі фаласаў — непрыхільных, суровых, эгаістычных, да таго ж абнадзееных аўтарам, што гэтае паляванне ёсць святой справай прадаўжэння чалавечага роду. — Валерый Віктаравіч гадліва зморшчыўся. — Уяўляеш сабе, Лёнь, войска самцоў, кожны з якіх зараз рынецца здабываць сабе самку?

— А чаму ж не? Так і ёсць.

— Ага, так і ёсць, — кіўнуў Адынец. — Толькі аднаго не ўлічыў спадар аўтар, што кожны з гэтых ваяроў-фаласаў будзе старацца заваяваць сабе найпародзістую жанчыну. А паколькі такіх — пародзістых — далёка не сто працэнтаў, то ў гэтым працэсе будуць немінучымі сутыкненні паміж фаласамі, крывавая дзяльба — з мардабоем, панажоўшчынай, трупамі. І блаславенне на тое кровапраліццё дае не хто іншы, як спадар Сакрасаў, навуковец, кандыдат псіхалагічных навук. Крута?

Леанід Нілыч насуплена прамаўчаў і зірнуў на наручны гадзіннік. Адынец наліў сабе чырвонага віна, прамачыў горла і доўжыў:

— Што ж, я працягваў чытаць гэты навуковы трактат, хаця з пэўнага моманту меў толькі адно жаданне: узяць тую кнігу і адхвастаць ёй шаноўнага Сакрасава па шчаках. І, шчыра скажу, нават адчуў нейкую мазахісцкую асалоду, калі аўтар абвінаваціў праваслаўе ў бедным і гаротным жыцці рускага народа — што, маўляў, гэта з-за доўгацярпення, якое прывіваецца верай. Каб не цярпеў народ, а сам змагаўся за сваё шчасце, то, паводле Сакрасава, жыў бы ён цяпер куды багацей і самавіцей. Як табе? Але і гэта яшчэ не ўсё. Напрыканцы разышоўся паважаны аўтар да таго, што пачаў бэсціць не толькі праваслаўе, а і хрысціянства ўвогуле. Яно, кажа, вінаватае ў тым, што чалавецтва за апошнія дзве тысячы гадоў не дасягнула ўсеагульнага шчасця! І як апошнюю кропку ведаеш, што заляпіў?

— Ну?

— Што ідэя хрысціянства, аказваецца, мала чым адрозніваецца ад ідэі марксізму-ленінізму, таму што асноўныя палажэнні ў іх тоесныя. Так сцвярджае гэты пісака! І яшчэ: на ўсім працягу яго трактата праглядваецца нейкая нездаровая туга па язычніцтве. А іншым разам і прамым тэкстам гаворыць нам аўтар, што пры язычніцтве паважаліся жаданні чалавечага цела, а гэта здорава, гэта нармальна, гэта навукова абгрунтавана. Няблага б, паводле Сакрасава, і цяпер пераняць штосьці адтуль. І ўсё гэта, заўваж, ён раіць нам дзеля дасягнення ўсеагульнага росквіту чалавецтва. Не болей, не меней.

Валерый Віктаравіч дужа разгарачыўся за размоваю, а таму на гэты раз наліў сабе не віна, а ліманаду і з патоляй яго выпіў.

— Што я табе магу адказаць, — узяў слова Пугач. — Усё, здаецца, слушна ты выкладаеш… Аднак рэзка неяк, непрыхільна, аднабакова, губляючы аб’ектыўнасць. Адчуваецца, прабач, твая асабістая непрыязнасць да гэтага… як яго… Сакрасава. Нібы ён цябе асабіста пакрыўдзіў…

— Так! — зноў завёўся Валерый Віктаравіч. — Ён і ёсць асабісты мой вораг. Бо такім людзям трэба рукі паадбіваць, каб пісаць было не панадна. Ды ад такіх кніг проста смярдзіць сатанізмам, а спадар Сакрасаў ёсць найтыповейшы лжэпрарок, якіх у гісторыі чалавецтва было безліч. Яны заўсёды гладзенька ды мякенька пачыналі. І непрыкметна, няўзнак рабілі адно-адзінае адступленне, а іменна пераносілі цэнтр цяжару сусвету на чалавечае эга. І ўсё! — ускрыкнуў Адынец. — І гэтага было дастаткова, каб выклікаць на зямлі хаос, разбой, кровапраліццё. Дастаткова сказаць: ты, чалавек, ёсць бог і таму маеш права ўзяць усё пажаданае. Толькі бяда ў тым, Лёня, што жаданні заўжды ў нас завялікія, а пры адсутнасці крытэрыяў дабра і зла яны, жаданні, вядуць ізноў жа да плоймы ваяўнічых фаласаў, гатовых на ўсё, толькі каб быць шчаслівейшымі. Адсюль — і войны, і рэвалюцыі, і нават прыродныя катастрофы вынікаюць… Таму што прагны чалавек, непамерна прагны і амбіцыйны. І калі не правесці яму рысу дабра і зла, не абмежаваць у правах ды не застрашыць законамі, то ён шар зямны падарве. Хіба не для таго прыходзіў Хрыстос, каб даць нам арыенцір і, калі хочаш, апусціць з нябёс на зямлю? Каб сказаць: не ты, чалавек, ёсць Бог, а Я; на мяне і раўняйся. А калі няма гэтага раўнення, Нілыч, то тады — капец чалавецтву. Прынамсі ў тым выглядзе, у якім мы яго, чалавецтва, сабе ўяўляем. Без Бога людзі ёсць статкам, што бегае па зямлі ў пошуках пажывы, — не болей.

Валерый Віктаравіч заціх, чакаючы, што скажа сябар. Але Пугач быў не вельмі схільны зараз спрачацца. Ён надзьмута адмоўчваўся і час ад часу пазіраў на гадзіннік. Быў відавочна занепакоены тым, што сын кудысьці прапаў і не звоніць.

Нарэшце Леанід Нілыч устаў і сярдзіта захадзіў па пакоі, набіраючы па мабільніку нумар.

Яму доўга не адказвалі. Праўда, гудкоў праз сем на тым канцы лініі неспадзявана адгукнуліся.

— Ну ты што, зусім аскацініўся?! — раптам рыкнуў Пугач у трубку. — Колькі, я пытаюся, зараз часу і калі я цябе папрасіў падысці?! Га? Ды мне напляваць, што ты стаміўся! Стаміўся ён… Ты што, не мог пазваніць і сказаць? Табе не прыйшло ў галаву, што я хвалююся?! Не кажучы ўжо пра тое, што нармальны сын хаця б павіншаваў бацьку з днём нараджэння… Ах, ты ненармальны?! — Твар Нілыча зрабіўся барвовым. — Што?!. Ды як ты можаш так гаварыць! Сволач ты пасля гэтага! Ідзі ў задніцу! — Выкрыкнуўшы гэта, мастак узняў тэлефон над галавой, і Адынцу здалося, што ён мерыцца разбіць яго аб падлогу. Аднак, своечасова адумаўшыся, гаспадар шпурнуў мабільнік на мяккую канапу і, развар’яваны, затупаў па пакоі.

— Ну, які ж падлюган, га? — апеляваў Нілыч да сябра. — Чуў, Валерка? Яго ягамосць, аказваецца, спачываюць! У яго, аказваецца, настрою ісці сюды не было! Вось сволач! — Нілыч у шале то засоўваў, то вымаў рукі з кішэняў цеснай камізэлькі.

— Ды годзе табе, Лёнь. Мажліва, у хлопца праблемы, — суцяшаў яго сябар.

— Праблемы! А пазваніць ён не мог? — Пугач злосна вытарашчыўся на Валерыя Віктаравіча, быццам той у чым вінаваты. — У яго што, тэлефона няма?

І тут, ахоплены вокамгненным парывам, Леанід Нілыч падышоў да бара, рэзка адкрыў дзверцы і дастаў непачатую бутэльку гарэлкі. Дрыготкай рукой ён адкаркаваў яе на стале і, наўздзіў Адынцу, наліў сабе поўны фужэр “вогненнай”. Выпіў гэтую порцыю мастак секунды за тры і, абмяклы, апусціўся ў фатэль.

Такім чынам, Нілычаў дзень нараджэння быў непапраўна сапсаваны. Валерый Віктаравіч, які гэта добра ўразумеў, пасядзеў для прыліку яшчэ хвілін дваццаць, паразбаўляў нуду малазначнымі словамі і развітаўся.

…На двары было марозна, фанабэрыста ззяла поўня, надаючы краявіду прывідна-блакітныя тоны. Калі Адынец крочыў да найбліжэйшага прыпынку, было бязлюдна і ў навакольнай цішы снег рыпеў пад нагамі так, нібы каркаў стары груган.

24

Гэтым жа месяцовым вечарам, гадзін у адзінаццаць, бізнесовец Генадзь Марушкевіч вяртаўся з рэстарана дадому. Праўда, не зусім дамоў вёз яго асабісты вадзіцель Сашка. А яшчэ праўдзівей, зусім не дамоў, таму што на заднім сядзенні, акрамя самога Марушкевіча, сядзела расфуфыраная асоба — рэстаранная танцоўшчыца Альбіна. Бізнесовец мерыўся змястоўна правесці з ёй ноч, а таму кіраваў на сваю запасную кватэру, якая прызначалася акурат для такіх мерапрыемстваў. Ведалі пра гэтую кватэру толькі Генадзь і яго верны вадзіцель.

Сённяшні працоўны дзянёк стаўся зусім не шараговым для трыццаціпяцігадовага Марушкевіча. Бо менавіта сёння ён нарэшце вырашыў пытанне, якое таміла яго два гады: адцясніў ад справы Мішку Загорскага, таварыша, сакурсніка па інстытуце, з якім яны на пачатку дзевяностых заснавалі невялікую гандлёвую фірму. Хто ж тады мог прадбачыць, што справа пойдзе гэтак паспяхова, і з вечна галоднага нягеглага студэнта Генадзь Марушкевіч ператворыцца ў аднаго з буйнейшых бізнесоўцаў горада. Ну, буйнейшых не буйнейшых, а сур’ёзную кампанію сотавай сувязі ён узначальваў. Узначальваў, паўторымся, з сённяшняга дня, адцясніўшы ад справы свайго кампаньёна.

Цяпер можна ўздыхнуць прывольна. А то за апошнія два гады, калі іх бізнес стаў асабліва паспяховым і калі грошы да іх пацяклі небывалым патокам, нават адной ночы спакойна не паспаў Генадзь Марушкевіч, нават не паабедаў ні разу з апетытам. Бо апанавала яго жахлівае падазрэнне, што паквапіцца напарнік на агульныя грошы, і прыстрэляць яго, Марушкевіча, з якой-небудзь высокадакладнай зброі. Дальбог, ніякавата зрабілася. І стаў усур’ёз падумваць Генадзь, як бы гэта бязбольна адцясніць Мішку Загорскага ад карыта, ды каб без шуму, без страляніны, па-добраму. І распрацаваў ён план, якому б і ваенныя стратэгі пазайздросцілі.

Карацей кажучы, роўна тыдзень таму выклікаў лепшы сябар і паплечнік Мішку ў парк на “важную размову” і на шпацыры, пад ацярушанымі снегам хвоямі, выклаў яму ўсе свае козыры. Даваў Марушкевіч Загорскаму добрага адступнога — на тыя грошы хоць новую кампанію адкрывай. А калі раптам, налёг на гэтыя словы Генадзь, той не захоча, то… І раскрыў папку з копіяй дакументаў, ад выгляду якіх прыяцель і знячэвіўся, і збянтэжыўся, і памякчэў раптам. А каб зусім яго супакоіць, дадаў Генадзь, што арыгіналы гэтых дакуменцікаў ляжаць у надзейным месцы і што аднаму знанаму юрысту даручана імі ў хуткім часе заняцца… Дарэчы, у тым жа месцы і касета адна прытулілася, дзе выдатны сем’янін, бацька траіх дзяцей Міхась Загорскі займаецца вядомымі справункамі з не зусім паўналетнімі асобамі… Але гэта ўжо больш для ягонай жонкі.

Даў Марушкевіч свайму таварышу на роздумы і на падрыхтоўку “адступных” папер усяго толькі тыдзень. І вось сёння, на вялікую яго ўсцеху, усё было скончана. Менавіта з гэтай нагоды і застольнічаў толькі што Генадзь ва ўлюбёным сваім ціхім рэстаранчыку, акурат таму і вёз адтуль танцоўшчыцу Альбіну, на якую пару тыдняў таму паклаў сваё блудлівае вока.

Дзяўчына была не зломак: высокая, худая, неверагодна рухавая, чорнавалосая, з вузкімі сцёгнамі — такія заўсёды, з незапомных часоў хвалявалі ўяўленне Генадзя Марушкевіча. Аднак менавіта такія да нядаўняга часу і былі для яго недаступныя. Уся бяда ў тым, што Марушкевічаў рост быў усяго 161 см, а фігура — не раўнуючы як у бегемота: без таліі, з тоўстым, віслым задам. Да таго ж — шчакасты твар і маленькія невыразныя вочкі… А яшчэ пацеў Генадзь так, што ніякія дэзадаранты не дапамагалі. І гэтак з самага дзяцінства. Калі разбітныя яго равеснікі ўвіхаліся каля фігурыстых і высокіх аднакласніц, ці не крыўдна было Генадзю? Калі Віцька Махноў, сужыцель па інстытуцкім інтэрнаце, заядла вадзіў у іх пакой даўганогіх путан, ці не балюча было Генадзю? А калі жонка таго ж Мішкі Загорскага Алена мае знешнасць топ-мадэлі, а яго, Марушкевіча, Олька — няўклюднай каровы?..

Яшчэ да замужжа Олька здавалася Генадзю (ажаніўся ён рана — у дваццаць адзін год) зусім нават ніштаватай жанчынаю. І талія была, і формы цела выразныя, і з твару сімпатычная… Але як толькі нарадзіла яму дзвюх дачок, то і распаўзлася данельга. Апошнія пяць гадоў неверагодна саромеўся Генадзь ейных тоўстых ног, празмерных грудзей і рэдкіх, нібы павыскубаных валасоў. Перастаў з ёй бываць на людзях… Ужо два гады як не жыве ён з Вольгай, як павінен жыць з жонкай муж. Адно што з-за дзяцей не развёўся. Жыве яна ў яго асабняку, нібы прыслуга, і даўно не дае ёй Генадзь справаздач аб сваіх запозненых вяртаннях дамоў ці наогул начных адстутнасцях. Іх спальні знаходзяцца на розных паверхах.

Многа нацярпеўся з-за сваёй мешкаватай знешнасці Генадзь Марушкевіч ад пекных, высокіх і стройных жанчын, якія доўгія, пакутліва доўгія гады былі для яго недасяжнай мараю. Багата згрыз сабе ногцяў ад злосці. Але ж прыйшло і на яго вуліцу свята, і ўжо тры гады як становішча на любоўным фронце кардынальна змянілася. Бо перайшоў Генадзь Марушкевіч у статус буйнога бізнесоўца і ўплывовага чалавека, а такіх, незалежна ад знешнасці, шануюць жанчыны ўсіх масцей і гатункаў.

Нарэшце змог ён пераадолець абрыдлы дзіцячы комплекс перад высокімі прыгажунямі і цяпер ужо ён іх выбірае, ён ім загадвае, ён імі валадарыць бязмерна! Вось і даўганогая дваццацігадовая Альбіна, што яшчэ гадзіну таму звівалася на сцэне пад юрлівымі позіркамі мужыкоў, неўзабаве будзе звівацца і стагнаць у ягоных абдоймах, пад яго пяціпудовай вагою. Асабліва цешыла Марушкевічава самалюбства тое, што яго будучая партнёрка амаль на галаву за яго вышэйшая. Бач ты, вышэйшая, а едзе з ім, пузатым карлікам, а не з нейкім маладым атлетам, якіх, дарэчы, сёння ў рэстаране не бракавала!

Плаўна пагойдваючыся на мяккім сядзенні, Генадзь раз-пораз адабральна трапаў Альбіну па плячы, гаварыў пошлыя пусцяковіны і пад дзявочыя хіхіканні прайграваў у галаве палка-фантастычныя хітраспляценні сённяшняй ночы. Сальная дурнаватая ўхмылка крывіла яго фізяномію. Гэта быў адзін з лепшых яго дзён на зямлі…

Яны доўга вырульвалі паміж нягеглых пяціпавярховак, пакуль заехалі ў патрэбны двор. Варта сказаць, што сваю кватэру спатканняў Марушкевіч наўмысна купіў у закінутым і нерэспектабельным раёне, у нязграбнай блочнай “хрушчоўцы”. І не толькі дзеля канспірацыі. Ён любіў назіраць ашаламленне чарговай сяброўкі, калі яна, падняўшыся на трэці паверх па запляванай вузкай лесвіцы, пранікала за аблезлыя шэрыя дзверы і раптам трапляла ў неверагодную раскошу. Таемная кватэра Генадзя Марушкевіча складалася з двух- і трохпакаёўкі, хітра злучаных паміж сабою, перапланавыных выбітным архітэктарам і абсталяваных вопытным дызайнерам. Пераходы з пакоя ў пакой там былі выкананы ў выглядзе арак, і кожнае памяшканне, без перабольшвання, можна было назваць шэдэўральным — настолькі густоўна там спалучаліся колеры сцен, узоры паркету, мэбля і насценныя аздобы. А гонарам Генадзя была ванная, зробленая па сусветных стандартах — з падагрэвам падлогі, з душам, што рэгуляваўся электронікай, з невялікім басейнам. Бізнесовец дужа любіў пялёхкацца тут з кім-небудзь на пару.

…З машыны яны вылузаліся моўчкі. Марушкевіч не даў указанняў вадзіцелю — Сашка і так знаў, што назаўтра, роўна ў сем гадзін раніцы, ён павінен стаяць з гарачым маторам пад вокнамі, каб павезці дадому дзяўчыну, а затым вярнуцца па гаспадара. Так у іх было заведзена. Калі ж меркаваліся якія змяненні, то Генадзь сам іх папярэдне даводзіў.

Сёння яны не пад’ехалі, як звычайна, да самага пад’езда, таму што, пасля пазаўчарашняй завірухі, двор быў завалены гурбамі. Усцяж пад’ездаў была прабіта вузкая дарожка, па якой магла ехаць толькі адна машына. А паколькі перад іхнім №4, што з’яўляўся апошнім у гэтым доме, ужо стаяў легкавік, то Генадзь загадаў вадзіцелю не заязджаць на згаданую дарожку, а спыніцца ад яе метрах у дзесяці.

І зараз, адправіўшы машыну, Марушкевіч з Альбінай, што трымала яго пад локаць, зухавата пакрочыў наўскос двара да свайго пад’езда. Дыміў цыгарэтай.

Двор быў пустэльны, пратаптаная сцяжынка павіхляла між сумётаў, абагнула купку сметнікаў, уперлася ў металічны гараж інваліда і пайшла паўз яго. І тут з-за рага гаража вынырнула цьмяная мужчынская постаць, а хрыпаты голас ціха, але разборліва скамандаваў:

— Стаяць! Хто крыкне — кішкі павыпускаю.

Ад гэтых слоў душа Марушкевіча сышла кудысці ў трыбух, далоні па-здрадніцку ўспацелі, а ў самае вуха нехта нібы шапнуў: “Загорскі навёў. Гэта капец”. І трэба ж было так па-шкалярску папасціся: паблізу — ні душы, гараж надзейна адгароджваў іх ад акон пяціпавярхоўкі, шэраг сметніц затуляў іх ад суседняга дома. У голасе ж незнаёмца, апрача гартаннага каўказскага маўлення, выразна прагучалі бязлітасныя, крыважэрныя ноты.

Пасля яго вокрыку, ад неспадзеўкі, Марушкевічава сяброўка віскнула і шарахнулася ўбок.

— Маўчаць! — прыглушана рыкнуў нападнік і вышмаргнуў з-за пазухі пісталет, на рулі якога выразна зіхатнула цыліндрычнае падаўжэнне.

Альбіна больш не ўскрыквала, а з нечаканай моцай учапілася ў плячо Марушкевіча.

“Гэта капец”, — яшчэ раз шапнуў нехта ў Генадзева вуха, і на памяць прыйшоў вобраз састарэлай маці, якая ўжо, мусіць, ніколі не пабачыць свайго сына. На міг стала балюча ад таго, што якраз сёння Генадзь запланаваў з’ездзіць на выхадныя да яе, у вёску. Ён, увогуле, даўно думае перавезці старую ў горад…

— Зараз, мужык, слухай уважліва, — вярнуў яго да рэчаіснасці каўказец і зрабіў пару крокаў да сваіх ахвяр. — Гэтая штука страляе без трэску. І не дай вам алах мяне раззлаваць.

Цяпер Марушкевіч мог разгледзець, што ў нападніка была шырокая чорная барада, якая злівалася з цёмнай зімовай курткай. Цёмнымі былі і штаны мужыка, і боты, і шапка, насунутая на самыя вочы. Была відна толькі частка твару — ад выліц да запалых вачніц; кантрастуючы з барадой і шапкай, яна ўражвала сваёй нездаровай, прывіднай бледнасцю.

— Калі тарганецца твая лярва, — указаў каўказец пісталетам на Альбіну, — то першая куля — табе ў галаву. Зразумеў?

— Угу, — адно мыкнуў Генадзь, бо ад страху заняло голас.

— А цяпер — даставай партманэ. — Ліхадзей навёў пісталет яму ў твар. — І ўсё з кішэняў. Хутчэй! — У апошніх словах Генадзю пачулася нейкая хваравітая злосць.

— Ага… канешне… зараз… — вярнулася да яго мова. — Усё аддам… зараз… — Марушкевіч заваждаўся ў нагруднай кішэні, таму што праклятае партманэ за штосьці зачапілася, захрасла. — Усё… усё аддам… — Нарэшце партманэ было вышмаргнута і Генадзь, акрылены подленькай радасцю, працягнуў яго незнаёмцу і нават, адштурхнуўшы Альбіну, пасунуўся ў яго бок…

— Стаяць! — напаўголасу гаркнуў той. — Стаяць, а то развалю чэрап!

— Дык я ж… я толькі хацеў аддаць… — апраўдваўся працяты жахам бізнесовец. — Вы ж самі сказалі…

— Замаўчы, смярдзючы ішак! Замаўчы! — сыкнуў скрозь зубы каўказец і наблізіў рулю да Марушкевічавага твару. — Партманэ — на снег.

— Куды? — затрапятаў Генадзь.

— На снег, аслінае вымя! Пад ногі, пад ногі сабе кідай!

Партманэ паляцела на снег каля Марушкевіча.

— А цяпер: гадзіннік, пярсцёнкі, бразготкі — на снег! — загадаў нападнік раз’юшаным голасам. — Варушыся!

Дрыготкімі пальцамі стаў здымаць Генадзь пярсцёнкі, нашыйны залаты ланцужок з медальёнам, бранзалет з тоўстага запясця. Усё паляцела да кучы.

— Усё дастаў? — з пагрозлівай падазронасцю запытаўся каўказец.

— Усё… здаецца, усё… далібог… — залепятаў Марушкевіч. — Ды бярыце… мне ж не шкада… бярыце… — Ён з маладушнай дагодлівасцю паказваў рукой на дол.

Пра Альбіну яны як быццам забыліся. Дзяўчына стаяла за Генадзевай спінай і з нямым спалохам глядзела на гэтую сцэну.

— Зараз рабі тры крокі да мяне, — сказаў нападнік.

— Да вас?

— Хутчэй, смярдзюк!

Марушкевіч зрабіў тры крокі, пераступіўшы праз кашалёк і аздобы.

— Паварочвайся тварам да сваёй лярвы. Ну!

Марушкевіч павярнуўся.

— Расшпільвай шырынку, — вылецеў выразны загад.

Аднак Генадзь не даў веры вушам:

— Што?..

— Шырынку расшпільвай, — больш-менш спакойна паўтарыў ліхадзей.

Бізнесовец управіўся з гузікамі штаноў.

— Даставай прычындалы і мачыся на партманэ.

Ад гэтых слоў Марушкевіча, незважаючы на нежартоўны страх смерці, перасмыкнула. Ён зірнуў на Альбіну, якая стаяла ад яго кроках у пяці, — стаяла, гадліва адвярнуўшы галаву ўбок.

— А н-нав-вошта? — заікаста пралапатаў няшчасны.

Але не паспеў ён закрыць рот, як нападнік падскочыў да яго і выцяў паміж лапатак нечым надзвычай каляным. Ад гэтага ўдару ўздоўж хрыбетніка нібы прабег ток і стрэльнуў у паясніцу. Ногі абнядужалі. Аднак да прытомнасці бізнесоўца вярнула сцюдзёная сталь рулі, што вярэдліва ўперлася ў шыю.

— Мачыся, дзярмо, роўна на партманэ. Ну! — прашыпеў на самае вуха няўмольны загад. — Мачыся! — І руля ўтулілася ў пухлую шыю Марушкевіча.

Не жывы не мёртвы, спраўляў Генадзь малую патрэбу на свае грошы, пярсцёнкі, залаты ланцужок і бранзалет.

Як на бяду, мачы аказалася замнога, і ён хвіліны дзве прастаяў за гэтым звышынтымным заняткам, павернуты тварам да пекнай Альбіны,

Прычым недзе на сярэдзіне справы каўказец, згледзеўшы, як сарамліва дзяўчына адварочвае галаву, скамандаваў:

— Гэй ты, даўганогая! А ну глядзець на свайго хахаля!

Тая не паслухалася. І тады Марушкевіч атрымаў паўторны ўдар ручкай пісталета паміж лапатак і пачуў загад:

— А ну скажы ёй, каб не адварочвала рыла! Ну! — І руля яшчэ мацней убілася ў Генадзеву шыю.

— Глядзі сюды, курва! — з нечаканым для сябе шалам выгукнуў бізнесовец; аднак голас выйшаў не так пагрозным, як тонкім і баязліва надрыўным. — Глядзі, чуеш, глядзі на мяне, б…дзь, а то вірлы павыдзіраю!

Альбіна з непрытоенай агідай павярнулася тварам да Генадзя і ўтаропіла вочы ў раён ягонай шырынкі. “Прыб’ю за гэта скаціну!” — варухнулася ў Марушкевічавай галаве помслівая думка.

Балазе ён хутка закончыў.

— Цяпер — збіраць усё назад! — скамандаваў ліхадзей.

— Што збіраць? — шчыра не даўмеўся бізнесовец і атрымаў трэці ўдар паміж лапатак.

— Жывей, падла, збірай свае манаткі са снегу!

— А!.. канешне… я проста адразу не зразумеў… — Марушкевіч паслухмяна нагнуўся і пад нязводным позіркам Альбіны, пад наглядам каўказца стаў збіраць абгаджаныя рэчы. Слізкія ад падмерзлай мачы, яны выпадалі з рук, бізнесмен ізноў згінаўся і падымаў іх.

— Што стаіш, як ішак! — рыкнуў на яго нападнік, калі Генадзь урэшце сабраў свае рэчы з долу. — Вяртай усё туды, дзе было. Даю табе дзве хвіліны.

Марушкевіч ліхаманкава стаў нацягваць спруцянелы ланцужок на шыю, насоўваць пярсцёнак на палец, а бранзалет — на руку… Як ні дзіўна, у дзве хвіліны ён уклаўся.

І тут жа прагучала новая каманда ліхадзея:

— Станавіся на карачкі і паўзі, смярдзюк, да свайго пад’езда. Хвіліна табе. Час пайшоў.

Бізнесовец бухнуўся наўсколенцы і папоўз.

Каўказец саступіў яму дарогу, адышоў у глыбейшы снег. Але пісталет увесь час быў нацэлены Марушкевічу ў галаву.

— Хвіліна табе, свіння! — нагадаў каўказец, калі няшчасны валокся міма. — І не падумай устаць на дзве лапы. Мамай клянуся, прыстрэлю!

— Ды не… я ш-што ж… я-я чэсна… — мармытаў Генадзь, таропка перабіраючы скалелымі рукамі.

Завярнуў за рог гаража. Да пад’езда было метраў сем. Не так і далёка. Але шлях стаўся пакутным: канечнасці ацяжэлі — быццам у кашмарным сне, у тым кожнаму вядомым сне, калі ўцякаеш ад пякельнай пачварыны, а ногі западаюць у вязкі грунт. Да таго ж ён увесь час страшэнна баяўся кулі. Так, бязгучнай смертаноснай кулі, якая з лёгкасцю разарве і кажух, і пінжак, і кашулю, якая са смакам увойдзе ў цела. Ад гэтага жахлівага прадчування смылела спіна — смылела пад левай лапаткай…

Ужо перад самым пад’ездам ён трапіў у бітае шкліва, распароў правыя кісць і калена. Прычым у кісці асколак так і захрас. Але гэта Марушкевіч выявіў ужо пазней, значна пазней… Пад прыцэлам каўказца ён не адчваў болю.

І яшчэ: дужа няёмка было паднімацца на карачках на заледзянелы высокі ганак. Два разы бізнесовец кучай з яго зваліўся. І кожнага разу думаў, што гэта канец. Акрамя таго, у гэты момант з суседняга пад’езда нехта выйшаў і знерухомеў на ганку, напэўна цікуючы за няшчасным Марушкевічам. Бізнесовец не бачыў гэтага выпадковага чалавека, але ўсёй душой узненавідзеў за тое, што той доўга, да непрыстойнасці доўга глядзеў на яго мучэнні. Яму нават здалося, што гэты пільны цікаўны позірк замінае ўзбіцца на ганак…

О, з якой палёгкай і радасцю заваліўся ён у чэрава пад’езда. Але гэта яшчэ не ўсё! Трэба было бегчы, спрытна бегчы на трэці паверх — каб незнаёмец не нагнаў яго тут са сваім пісталетам… Аднак сілы сталі пакідаць Генадзя: ногі нібы адняліся, ён не здолеў на іх устаць. Як сляпое кацянё, поўзаў ён у цёмным пад’ездзе, натыкаўся на муры, на батарэі ацяплення, на дзверы… Дзверы! За імі смерць! У роспачы схапіўся Генадзь за ручку дзвярэй, сутаргава сцяў яе пальцамі. Усё яшчэ ўкленчаны, адхіліўся ўсім корпусам назад… Але позна! — дзверы ўжо цягнулі знадворку. Няўмольна, неадхільна цягнулі на сябе… Марушкевіч не мог супрацьстаяць гэтай вонкавай сіле. Ён жаласна застагнаў і, ад чарговага рыўка, паваліўся на парог…

— Генадзь Кірылыч! Генадзь Кірылыч, як вы?! — у пройме чорнай зданню стаяла Альбіна.

— У-у-у… — толькі і змог ён вымавіць у адказ.

— Трэба вызваць міліцыю, Генадзь Кірылыч… Вось ваш пярсцёнак… на снезе… я падабрала… Давайце ўставаць…. Генадзь Кірылыч… — скрозь каламутную павалоку бяспамяцтва даляталі да Марушкевіча асобныя Альбініны фразы.

Генадзь адчуваў, як настойлівыя рукі варушаць яго, мнуць, сіляцца перасунуць…

Гэта было апошняе, што ён адчуваў за сённяшні дзень.

25

Ужо тры гадзіны Света Стрэчань не знаходзіла сабе месца. Яна то нервова крочыла па пакоі, то сядала ў крэсла і спрабавала чытаць, то ўскаквала з яго і падбягала да акна, за якім царавала глыбокая зімовая ноч. Акно выходзіла на несамавіты завулачак, які і ўдзень быў амаль заўсёды пусты. Па другі яго бок цягнулася высокая бетонная агароджа фармацэўтычных складоў. Толькі зрэдчас завулак асвятляўся фарамі аўтамабіляў. І кожнага разу Света ўздрыгвала, прыціскалася тварам да шыбы і ўзіралася-ўслухоўвалася ў прадонне лютаўскай ночы. Яна чакала Сяргея.

Рэшткі студзеня і палова лютага прайшлі ў яе пад знакам кахання. Яны не прайшлі — праляцелі імкліва і незаўважна. Адно што занатавалася ў памяці — гэта белазубая ўсмешка дарагога твару, гарачыня яго вуснаў і напорыстая сіла мужчынскіх рук, ад якой яна раставала і млела, ад якой не было паратунку.

Калі, ужо на трэцім спатканні, ён уладарна абхапіў яе стан і прыцягнуў да сябе ў паўзмроку пад’езда, Света ўпершыню за жыццё адчула неверагодна салодкую слабасць, тую слабасць, у якой яна сабе не належала. Ён рабіў тады з ёй усё што хацеў, і захаці ён большага, зажадай ён яе да апошняй мяжы, Света б не змагла супрацьстаяць. І гэта яна, якая ніколі не губляла галавы з хлопцамі, да якой ніхто так блізка не падступаўся!

Што гэта, пыталася ў сябе дзяўчына наступнага дня, — каханне, страсць, ачмурэнне? І не знаходзіла вызначэння таму пачуццю на роднай мове. А толькі да болю памяталі яе душа і цела сляды вечаровых пацалункаў на шыі, вуснах, валасах, мочках вушэй; памяталі ласкавыя і разам з тым нахабна-бессаромныя далоні Сяргея, што валадарылі над ёй цэлыя паўгадзіны…

Пасля таго яны сустракаліся праз два, праз тры дні, і кожнага разу іх спатканні заканчваліся палкімі абдымкамі ў нетрах яе пад’езда. Праўда, гаварыліся там і словы, але словы былі адно дадаткам да таго важнага і неадхільнага, да таго неўтаймоўнага дзейства, што адбывалася паміж імі. Ён быў смелы з ёй, вельмі смелы… Але, дзіўна, ніводнае яго дзеянне не абражала дзявочай цнатлівай годнасці, а наўсперач, было прыемным і міжволі хацелася яго паўтарэння… Чаго ніколі не было пры сустрэчах з ранейшымі яе кавалерамі: пасля пацалункаў некаторых з іх карцела выцерці хусткаю вусны ці прапаласкаць рот. Не тое — Сяргей. Гэты мужны валявы твар з невялічкім шрамам над левым брывом! Яна так любіла адшукваць у цемры і цалаваць той шрам. А мяккасць яго светлых валасоў, якую Света адчувала на сваёй шчацэ, калі Сяргей прыпадаў вуснамі да яе шыі…

У гэтым чароўным сне прамінула тры тыдні. І зусім не здзівілася Света, калі Сяргей сказаў, што прыйдзе да яе сёння ўночы. Ён сказаў як бы безапеляцыйна, ведаючы, што адмовы быць не магло. Яна нічога не адказала, а толькі з сарамлівай пакорлівасцю зірнула яму ў вочы. Яна не ведала, што гаварыць. І тут ён залез у сваю сумку і дастаў поліэтыленавы непразрысты пакунак. Працягнуў Свеце.

— Гэта лесвіца, Свецік. — І, вывудзіўшы з пакунка вяровачны скрутак з танюткімі драўлянымі планкамі, паказаў пятлю, якую трэба будзе зашмаргнуць за батарэі ацяплення. — А палове другой я ў цябе. Зможаш расчыніць акно?

— Змагу.

…Лесвіца ўжо шмат разоў раскладвалася, правяралася і зноў згортвалася ў скрутак узрушанай Светай. Часам яе апаноўваў сумнеў, ці вытрымае гэтая з выгляду нетрывалая вяроўка Сяргея. А часам ахоплівала трывога: што калі ён проста пажартаваў, што калі ён не прыйдзе? Вядома ж, не прыйдзе! Каму можа замануцца лезці ў пятнаццаць градусаў марозу па вяровачнай лесвіцы? І навошта, калі можна бясшумна адчыніць дзверы? Мама б і так не пачула, бо апошнія два тыдні прымае снатворнае. Нейкая недарэчнасць, глупства…

І тут жа ўяўлялася ёй, як пераваліць хвілінная стрэлка за палову другой, наблізіцца да трох, пяройдзе і гэтую адзнаку, а яна, няшчасная, будзе сядзець і чакаць. Потым заплача, будзе шарахацца па пакоі як апантаная. І гэтак усю ноч, таму што не зможа ўжо заснуць. А заўтра Сяргей не пазвоніць, не пазвоніць і паслязаўтра… Страх ахінаў яе душу чорным крыллем: не пазвоніць! Здавалася, нічога страшнейшага не можа здарыцца на белым свеце. Што яна будзе тады рабіць?! Ён і адраса свайго не пакінуў, ён тэлефануе, калі яму ўздумаецца, ён прыходзіць, калі пажадае. А яна стала яго рабой. Яна без яго не можа…

Свецін пагляд безуважна слізгаў па рэчах, якія зараз здаваліся чужымі. Вось пісьмовы стол, дзе яна ўжо гадоў дванаццаць рыхтуе хатнія заданні; вось утульны фатэль, у якім яна любіць слухаць магнітолу; вось кніжная паліца, з якой яна часцяком дастае штось пачытаць; карціна над ложкам са смешнымі зверанятамі… Але ўсё гэта не мае зараз для яе ніякай каштоўнасці, усё гэта — тлен, калі не прыйдзе яе каханы.

Дзяўчына нясмела падняла вочы на насценны гадзіннік: дваццаць пяць хвілін на другую. О, Божа! Яшчэ пяць хвілін, і ейнае сэрца не вытрымае. Яно і цяпер калоціцца так, што вось-вось грудную клетку разломіць…

І тут Света ўспомніла, што не заперла дзверы на зашчапку, як прасіў Сяргей. Яна стрымгалоў кінулася да іх, замкнула. Затым адамкнула, высунула галаву ў калідор, прыслухалася. Ціха. Уваход у залу, дзе спачывае Нэля Аляксандраўна, знаходзіўся ў іншым канцы калідора. Але дзверы ў залу (так здалося дзяўчыне) на гэты раз прыадчынены. Так, прыадчынены на некалькі сантыметраў. Трэба падкрасціся і зачыніць! Не, не, не… няма болей часу.

Света зноўку закрыла свае дзверы, засунула зашчапку. Да паловы другой заставалася каля дзвюх хвілін. “Ён не прыйдзе!” — чамусьці ўпэўнена стукнула ў галаве. “Як не прыйдзе! — ледзь не ўскрыкнула Света, нібы звярталася да нейкага рэальнага апанента. — Як жа не прыйдзе!!” Але ціша была ёй адказам. Толькі мерна цікаў гадзіннік.

Дзяўчына падбегла да акна. Завулак патанаў у начным прадонні. Ані гуку, ані руху ўнізе. Яна здранцвела прыпала да шыбы шчакою і прастаяла так богведама колькі часу. Яна не хацела паварочваць галавы да гадзінніка, бо баялася звар’яцець ад адчаю. Але раптам завулак азарыла святло фар: нейкі аўтамабіль набліжаўся справа. Так, легкавік прашорхаў паўз яе акно. Аднак не прытармазіў, не спыніўся… І зноў вярнулася цішыня. Хацелася плакаць ад крыўды.

Стрымліваючы рыданні, дзяўчына дабегла да тахты, павалілася на яе ніцма. Але нервовая сіла тут жа прымусіла яе сесці. Сесці і ўслухоўвацца. А над галавой цікаў няўмольны гадзіннік. Колькі ж паказвае гэты кат? Света адкінулася на локці і паглядзела дагары: трыццаць сем хвілін на другую!

Лёгенька бразнула шыба акна. Ад гэтага раптоўнага гуку сэрца выкінула ў артэрыі велізарную порцыю крыві, і рукі на імгненне знямелі. Затым знямелі і ногі. На шчасце, гэта доўжылася якую секунду, і неўзабаве Света была ля акна. Яна ўставала на дыбачкі, казеліла вочы ўніз, але, вядома ж, нікога там не ўбачыла. Трэба было высунуцца на вуліцу, а для таго адчыніць створкі. З гэтым дзяўчына справілася спорна, бо папярэдне колькі разоў прарэпеціравала — для чаго давялося акуратна паддзець нажом уцяпляльныя палосы паперы, ададраць іх ад клею.

Холадам абдало яе твар, рукі і грудзі пад хатнім халацікам. Света вынікнула ледзь не па пояс: пад акном стаяў чалавек у цемнай шапцы і, наколькі было відаць, цёмнай форме. Ён падняў да яе твар і моўчкі ўзмахнуў рукой. Гэта Сяргей.

Хутка лесвіца была спушчана долу, і ён спрытна стаў паднімацца. Аднак, калі начны верхалаз дасягнуў падаконніка, Света адчула страх. Яна не зразумела яго прычыну, але машынальна кінулася ад акна да дзвярэй, ліхаманкава праверыла зашчапку. Прыпала вухам да шчыта. Але ўсё заглушалі ўдары ўласнага сэрца. Дзяўчына зноў шарахнулася да акна. У гэты міг Сяргей бясшумна саскочыў на падлогу. Затым яны разам, вельмі дбайна і асцярожліва, зачынілі створкі, апусцілі ніжнія засаўкі, пакінуўшы незашчэпленымі верхнія.

Сяргей быў у цёмнай камуфляжнай форме вайскоўца, у вязанай чорнай шапцы. Усё гэта ён скінуў на крэсла. На ім аказаўся сіні шарсцяны світэр, сінія спартыўныя штаны.

Ён падышоў да яе, мякка абняў і цмокнуў у шчаку.

— У цябе ў шафе многа адзення? — шапнуў ён на самае вуха, вокамгненна агледзеўшы пакой.

— А што? — здзівілася дзяўчына.

— Калі раптам будзе стук у дзверы, то я шмыгну туды. — Ён падышоў да шафы, ціхенька адчыніў дзверцы і зазірнуў унутр. — Нармальна. Давай, Свецік, сюды маю вопратку сунем.

Света ўзяла ягоныя штаны і куртку, панесла да шафы. Павесіла. Сяргей тым часам важдаўся за яе спінай.

Дзяўчына зачыніла створку, павярнулася і абамлела: ён стаяў перад ёй у адной майцы, стаяў амаль усутык. Света разгублена знерухомела і зірнула яму ў вочы. І тут, толькі зараз, да яе дарэшты дайшло, што гэта не жарты, што зараз, мо праз пару хвілін, здарыцца тое, пра што патаемна марыць кожная дзяўчына з незапомных часоў. Але чаму ж так страшна? Чаму ж так стала няёмка, калі ўсе праз гэта праходзяць? Не, ужо лепей яно здарыцца зараз, у дваццаць гадоў, а не пазней, — з каханым, вельмі ёй каханым чалавекам…

І ён, нібы апярэджваючы Свеціны палахлівыя думкі, абхапіў яе за талію і моцна не прыцягнуў — кінуў на сябе так, што яна ўстала на дыбачкі. Прыпаў да ейных вуснаў сваімі. Ён туліў яе з такой сілай, што Свеціны грудзі расплыліся па яго мускулістых грудзях, дзявочы жывот адчуваў на сабе кубікі яго прэса…

— Я кахаю цябе. — Каб сказаць гэтыя словы, ён на міг адарваўся ад яе вуснаў. — Любая… — І прынік, горача прынік зноўку.

Гэтая гарачыня праз шыю, грудзі, жывот папаўзла ўніз па Свеціным целе. І тут яна адчула, што Сяргеевы рукі, якія раней былі на яе таліі, ужо гладзяць клубы, прычым арудуюць не па халаце, а пад ім, па саменькім целе. Ай! — яго далоні апынуліся на яе ягадзіцах і ўжо нават не гладзяць, а мнуць, акунаюцца ў іхнюю мякаць. Ад гэтых настойлівых грубых рухаў было б, напэўна, балюча, каб не сталася так прыемна. Ад іх Свеціна плоць нібы ператваралася ў кісель, вочы зацягнула туманам. Яна нават не бачыла твару каханага, які безупынку яе цалаваў…

Раптам, калі гарачыня ў нізе цела дасягнула небывалае моцы, Сяргей з нечаканай лёгкасцю — а Света была зусім не худасочная і амаль аднаго з ім росту — адарваў яе ад падлогі і ўскінуў на плячо. Яго цупкая рука абручом сышлася на яе клубах, як бы спутаўшы. “Божа, няўжо гэта ўсё?” — страпянулася штосьці ў дзявочай душы, і Света адчайна тарганулася ў Сяргеевых руках, узняла корпус пад самую столь. І адразу, быццам зразумеўшы марнасць супраціўлення, бяссільна апусцілася на яго спіну. Яна нагадвала цяпер касманаўта, што ўжо адарваўся ад зямлі, і ўсякае супраціўленне палёту можа прывесці толькі да катастрофы. Скораная закону ўсёмагутнай прыроды, ляжала Света на Сяргеевым плячы жыватом. Ён нёс, рашуча нёс яе да тахты… Нельга было ні ўскрыкнуць, ні слова вымавіць. Усё мусіла адбывацца моўчкі і як мага ціха.

На тахту ён яе не апусціў, не паклаў, а скінуў у нейкім неўтаймоўным шале. Імкліва наваліўся, падмяў, апёк пацалункамі твар, шыю, грудзі… Света амаль не заўважыла, як ласкавыя і разам з тым настойлівыя, умелыя рукі сцягнулі з яе рэшткі адзення, паспяваючы пры тым прыўзнімаць патрэбныя часткі цела ад тахты, паспявалі і лашчыць і песціць… Валасы яго грудзей казыталі яе саскі, а далоні нястомна шчыравалі над клубамі і ягадзіцамі. Там было страшэнна, нясцерпна горача! А затым гарачыню пранізаў ашаламляльны кароткі боль, і з гэтага мігу яны ўжо сталі адным жыватом, аднымі грудзьмі і аднымі вуснамі… Салодкая млявасць апанавала Свеціна цела, цеплыя хвалі рытмічных штуршкоў гушкалі яе ў акіяне лагоды. Часам яна акуналася ў бяспамяцтва, часам слёзы засцілі ейныя вочы.

Адно ўрыўкамі запомніла Света тую ноч. Памятае, як ляжалі яны абняўшыся, як плакала, а ён яе суцяшаў пяшчотнымі і пустымі словамі. Памятае, як хацелася спаць, як забірала ў свае цянёты стома. А Сяргей не адпускаў, прымаўся зноў цалаваць, гладзіць, ціскаць, варочаць і перакульваць яе разамлелае цела. Памятае, як зноў было горача, лагодна, балюча…

Ён пайшоў толькі без пятнаццаці шэсць.

26

Колькі разоў праклінаў Леанід Нілыч гэты Богам забыты раён, дзе па сваёй бязглуздай прыхамаці здымаў кватэру яго сын Сяргей. Гэта не раён — а нейкія катакомбы. Мала таго, што ад цэнтра да яго шураваць і шураваць, дык яшчэ і спланаваны ён так, што сам чорт заблукае.

І зараз, седзячы за абаранкам аўто, раз-пораз чартыхаўся Пугач-старэйшы: кляў мудрагелістае спляценне вуліц, узгорысты рэльеф мікрараёна і невыразна пазначаныя на будынках нумары. Аднаго разу ён заехаў не ў той двор, буксаваў у гурбах, блытаўся ў праездах і арках, а затым ледзь адтуль выдраўся.

Нарэшце ён дапяў патрэбнага дома. Цагляная пяціпавярхоўка недарэчна тулілася на невысокім пагорку, прычым з аднаго боку будыніны вокны першага паверха ледзьве на даставалі зямлі, а з другога знаходзіліся на ўзроўні трох метраў. Гэткая аляпаватая касавурына, а не дом.

Леанід Нілыч нямала пакруціўся ў цесным заснежаным дворыку, перш чым убіў свой легкавік паміж шэрагам сметніц і пацёрханым “жыгулёнкам” няпэўнага колеру. Недаверліва азірнуўся вакол, дбайна запёр дзверы і ўключыў сігналізацыю. Непадалёк, па ўтаптанай дарожцы перад пад’ездамі, чацвёра хлапчукоў заядла гойсалі ў хакей і маглі, у прынцыпе, заляпіць шайбай у шыбу Нілычавай машыны. Аднак іншага месца для паркоўкі ў гэтым убогім двары папросту не было.

Перад адным з чатырох пад’ездаў, нягледзячы на мароз, рагатала кампанія маладзёнаў, і слых славутага мастака міжволі лавіў адборныя мацюкі гэтых малойчыкаў. Зрэшты, там былі і дзяўчаты, якія не нашмат саступалі ў красамоўстве сваім прыяцелям. Пугач гідліва паморшчыўся і скіраваў у суседні пад’езд. Ганак быў неасветлены, высокі і коўзкі, парэнчы адсутнічалі. Абшарпаныя дверы з непрыстойнымі надпісамі рыпнулі перад яго носам, адчыніліся, і знутры вышмыгнула худая постаць няяснага полу, ад якой дало ў ноздры нечыстотамі і алкагольным смярдоццем. Постаць борздзенька збегла ўніз і пашыбавала нацянькі да суседняга дома. Леанід Нілыч з цікаўнасцю паглядзеў ёй услед, але так і не вызначыў яе палавую прыналежнасць. Гэта чамусьці непрыемна падзейнічала на мастака, і па лесвіцы ён узбіраўся хмурны.

Вось і дзверы на пятым паверсе з нумарам дваццаць дзевяць. Вось і званок, які ліпіць на адным шурупе. Усё гэта было добра знаёмае Леаніду Нілычу, хаця за апошнія паўгода толькі аднойчы наведваў ён сынава жытло. Сяргей ніколі не запрашаў сюды бацьку. І сёння не запрашаў…

Нілыч пацягнуўся да званка, намацаў у паўцемрадзі кнопку ўказальным пальцам… і перадумаў. Замест гэтага ён расшпіліў кажух, пашнарыў на поясе і дастаў мабільнік. Уключыў падсветку, набраў нумар. На тым канцы лініі даволі хутка, пасля чацвёртага сігналу, адгукнуліся.

— Ало, слухаю, — пачуў мастак сонны і, як здалося, непрыветлівы голас сына.

— Слухаеш? — бадзёра зыкнуў Пугач-старэйшы. — Добра слухаеш? Ну тады адчыняй — я пад тваімі дзвярыма.

Прайшло не так і мала секунд, перш чым сын упусціў бацьку ў кватэру.

— Здароў, мазгакрут! — ляпнуў Леанід Нілыч Сяргея па плячы, пранікаючы ў пярэднюю.

— Прывітанне… — млява адказаў сын; ён яўна не прымаў бацькавага панібрацкага тону. — Што здарылася?

— А што павінна здарыцца? — усё яшчэ са штучнай весялосцю сказаў Нілыч.

Не чакаючы запрашэння, ён спрытна скінуў кажух і шапку на тумбачку і прайшоў у адзіны пакой гэтай несамавітай кватэры.

Так, кватэра была несамавітая. У чым мастак яшчэ раз пераканаўся, калі акінуў вокам пакой. Не раўнуючы бярлог, а не жытло чалавека. Старыя безгустоўныя шпалеры месцамі паадставалі ад сцен. Асабліва гэта было заўважна пад акном, справа, — там, відаць, некалі нацякала дажджавая вада. Падаконнік меў брудны выгляд, на ім стаяла шклянка-попельніца, каля яе валялася пару акуркаў і, здаецца, адна чорная шкарпэтка. Другая шкарпэтка вісела на спінцы крэсла, што тулілася тут жа, пад акном. Вэрхал быў і на пісьмовым стале, злева ад акна. Тут, канешне ж, даўно нічога не пісалі, затое грувасцілася вельмі дарагая на выгляд магнітола з акустычнымі калонкамі. Прычым калонкі стаялі адна на адной, ды так, што верхняя рыхтавалася ўпасці. Каля магнітолы ляжалі навушнікі, мікрафон, касеты, нейкія кнігі, што збольшага выкарыстоўваліся як падстаўкі-падпоркі для мікрафона і яшчэ сякіх-такіх невядомых мастаку прычындалаў. Тут жа стаяў кубак, цукарніца, валялася пару чайных лыжачак і сцізорык. На тахце, што стаяла справа ад акна, пасцель была амаль не прыбрана: частка прасціны вылузвалася з-пад неахайна пасланага паверх яе пакрывала і падмятала сабой падлогу; падушка з нясвежай навалачкай ляжала на пакрывале; збітая ў камяк вярблюджая коўдра была адсунута да сцяны. Відаць па ўсім, сын самазабыўна дрых на гэтай тахце, калі пазваніў бацька. А было, між іншым, толькі восем гадзін вечара і для сну ранавата.

Але галоўнае, што найперш кінулася ў вочы Леаніду Нілычу, — гэта вялізная баксёрская груша, якая звісала са столі, трымаючыся на круку, прызначаным для люстры. Люстры ж не было наогул, і пакой асвятляўся хітрамудрай сістэмай лямпачак у шкляных каўпачках, размешчаных на стыку столі і сцен, па перыметры. Такога раней не было. Лямпачак Нілыч налічыў восем, аднак гарэла толькі чатыры — праз адну. Узгаданая баксёрская груша была яўна не новая, разбітая, там-сям нават прапоратая, ці што.

— Дык што ў цябе за пажар? — перарваў сын бацькавы разглядванні і дзіваванні. — Што за дурнота — званіць не ў дзверы, а па тэлефоне. Дый увогуле, можна б было папярэдзіць…

— Папярэдзіць, кажаш? — рэзка, з суровым тварам павярнуўся да яго Леанід Нілыч. — А можа, мне яшчэ прашэнне аб аудыенцыі табе напісаць ды заказным лістом адправіць?

— Пры чым тут прашэнне, — паморшчыўся сын. — А раптам бы мяне дома не было? Дарэмна б бензін паліў…

— А цябе заўсёды дома не бывае, калі бацька звоніць. Можа, ты толькі выбраных прапускаеш… чорт цябе ведае.

— Калі я цябе не пускаў?! — Сяргей дастаў з кішэні пачак “Космасу”, выцягнуў зубамі цыгарэту, пстрыкнуў запальніцай.

Бацька схапіў яго за руку.

— Ты можаш хоць пяць хвілін гэтую брыду не смаліць?

— А што такое?

— Ведаеш жа, што не выношу я тытунёвага дыму. Няўжо нельга без гэтага пацярпець? Нябось не кожны дзень я ў цябе бываю.

— Ды што ты, у рэшце рэшт, хочаш! — абурана ўсклікнуў сын, аднак кінуў цыгарэту на стол. — Уварваўся як смерч, разбудзіў ды яшчэ тузае па пусцяковінах. Я, можа быць, стаміўся і спаць хачу…

— Спаць ён хоча! Вось якраз пра гэты твой сон бясконцы я і прыйшоў гаварыць. То ты набярыся цярпення, паслухай.

— Э-э-э, бацька, — скрывіўся і неяк безнадзейна махнуў рукой Сяргей. — Ды чуў я ўжо твае павучанні, чуў ужо досыць. — Ён накіраваўся да канапы і залез на яе з нагамі. — Калі па справе якой прыйшоў — гавары. А на гнілую тваю філасофію ў мяне няма часу…

— А на спаннё ў сем гадзін вечара ў цябе часу стае?! — гаркнуў гарачы Леанід Нілыч і падскочыў да сына. — На гэтае бяздзейнае валянне ў агідным сваім катуху ты час знаходзіш?! Слухай, сын, — тут ён гэтак жа раптоўна панізіў тон і быццам паспакайнеў, — ты ўвогуле разумееш, што з табой адбываецца? Ты хоць трохі ўяўляеш сабе, да чаго можа прывесці твая жыццёвая пазіцыя, ці не ўяўляеш?

Сын з нудой паглядзеў на бацьку знізу ўверх, перасунуўся да самай сцяны і падкурчыў ногі. А затым, дзёрзка зіхатнуўшы вачыма, кінуў:

— А я проста жыву.

— Як проста жывеш?.. — на міг сумеўся Нілыч.

— А так — проста жыву, — пацвердзіў сын і дадаў: — Проста жыву і не дазволю, каб мне заміналі ў гэтым працэсе. Не жадаю, каб мяне павучалі і настаўлялі, як жыць. Не жадаю выслухоўваць тваіх ушчуванняў, маралізаванняў — я іх да млосці наеўся. А таму, калі гэта ўсё, з чым ты да мяне прыйшоў, то я паступаю вось гэтак. — Тут Сяргей схапіў коўдру, дзелавіта яе расправіў, а тады прыняў гарызантальнае становішча, накрыўся і павярнуўся тварам да сцяны: ён дэманстратыўна лёг спаць.

Нілыч агаломшана назіраў за яго дзеяннямі. Толькі не раней як праз хвіліну прамовіў:

— Добра, сын. Дзякуй табе за ветлы прыём, за павагу да бацькі. Дзякуй. Я, канешне, пайду і не буду трывожыць тваю шаноўную асобу, не буду замінаць спачываць — ты слаўна сёння папрацаваў, а таму спі…

— Вось толькі не трэба іроніі, — буркнуў сын праз падушку.

— Добра, адкінем іронію, і, калі ўжо я патраціў час на дарогу, то на развітанне скажу табе пару слоў… — Нілычаў твар за апошнюю хвіліну стаў нездарова-барвовага колеру: мастак даўно пакутаваў на паўнакроўе і павышаны крывяны ціск.

— Дарэмна стараешся — я слухаць не буду. — Сын нацягнуў коўдру на самую макаўку. Ад таго агаліліся яго ступні ў драных шкарпэтках.

— Не слухай, калі ты такое свінчо. Але калі ў табе засталося хоць крыху чалавечага, то нешта з маіх слоў усё ж дойдзе да твайго розуму. Прынамсі, я на тое спадзяюся.

Сяргей не адказваў.

— Дык вось. Мне надакучыла цярпець твае выхадкі і штукарствы, мне надакучыла бяздзейна назіраць, як мой адзіны сын заганяе сябе ў духоўную немарач і гіне на маіх вачах. Гіне як чалавек. Мне невыносна глядзець, як ён удае з сябе супермэна, як ён плюе і чхае на людскія законы, як ён жыве ў паганым смуродным катуху, замест таго каб жыць сярод людзей, у нармальнай кватэры. Усё гэта мне надакучыла.

Леанід Нілыч дастаў насоўку і абцёр узмакрэлы лоб. У пакоі было гарачае застаялае паветра.

— Ты ў дваццаць дзевяць гадоў не стварыў сям’ю і нават патуг тваіх не відаць у гэтым кірунку. Хіба гэта нармальна для здаровага мужыка? Хіба я цябе нарадзіў вырадкам, і ад цябе дзяўчаты шарахаюцца? Разбярыся з сабой, сынок, — голас бацькі крыху памякчэў, — разбярыся. Не бегай ад людзей, гэта шлях у нішто. Прымі свет такім, якім ён ёсць, і табе палягчэе. Бог памагае толькі добраму сэрцу, ад ліхіх адварочваецца. Вось ты зараз нацягнуў коўдру на вушы, затуліў твар падушкай і думаеш, што адварочваешся ад мяне. А насамрэч захінуўся ад усяго свету. Гэта не вырашэнне праблемы, сынок. Ад свету не адвернешся. Больш за тое, ён не перайначыцца па тваім хаценні, а будзе такім, як заўжды: суровым і ласкавым, праўдзівым і хлуслівым — усякім… Ніхто не захопіцца тваім, хай і неблагім, талентам, калі ў сэрцы тваім няма любасці, а наадварот, паўстане супраць цябе. Палюбі людзей, сынку! А іначай… — голас мастака зноў павышэў, — іначай і насамрэч праляжыш усё жыццё тварам да сцяны, а да жыцця задніцай: нераскрыты, непрыняты, забыты ўсімі, нікчэмны…

— Замаўчы! — знячэўку ўскрыкнуў Сяргей і рыўком сеў на тахце; бледная грымаса злосці на яго твары не пакідала сумневу ў тым, што ён пільна прыслухоўваўся да бацькавых слоў, што яны яго балюча паранілі. — Замаўчы!! — ускрыкнуў ён другі раз, задыхаючыся ад гневу.

Бацька асекся і з грэблівым шкадаваннем глядзеў на сына.

— Не хачу… Не жадаю выслухоўваць твае подлыя папрокі… Ды ты сам… ты сам усяго толькі ханжа, які прымае мярзотныя законы гэтага грамадства, адно каб не быць затаптаным гэтым быдлам, гэтым табуном раз’ятраных коней… Ты проста халуй у багацеяў, якім заманулася абстаўляць свае кватэры прыгожай мазнёй, якія прагнуць увекавечыць на партрэтах свае драпежныя твары!..

— Што ты вярзеш, дурань! — узяўся за галаву мастак; цяпер у яго быў чырвоным не толькі твар, але і бялкі вачэй.

— Ага! — зларадасна ўскрыкнуў сын. — Не падабаецца?! Праўда вушы пячэ?! Ды ва ўсіх вакол, і ў цябе таксама, мяшок грахоў за плячыма. Такіх грахоў, у якіх нават самому сабе брыдка прызнацца. І таму хаваеце вы іх за гладзенькімі крывадушнымі штампамі: любоў, сям’я, доўг, чалавечнасць… Цьфу! А самі толькі і пільнуеце, каб свой куш ухапіць, каб ашукаць адно аднаго, жыўцом з’есці. Ненавіджу вашу мараль! Ды для мяне злодзей у законе тысячакроць сімпатычнейшы, бо ён жыве па жадунках сваёй жывёльнай прыроды! Ён хаця б не ханжа!

— Ідыёт! — усклікнуў Нілыч. — О, Госпадзе, мой сын ідыёт!

— Ды любы ідыёт лепшы за цябе, такога паважанага, добрапрыстойнага і правільнага. Бо ў яго душа чыстая, дзіцячая, ён ніколі не крывадушнічае! А ты… нябось не адзін шкілет у шафе трымаеш, ханжа!

Тут ужо мастак не саўладаў з сабой, падаўся наперад, ухапіў сына загрудкі, рвануў на сябе.

— Замаўчы! — Ён рэзка збляднеў, дыхаў са свістам і не мог больш вымавіць нічога ўцямнага; адно круціў кашулю на сынавых грудзях.

Сяргей паспрабаваў выслабаніцца, але не справіўся з моцнымі мастаковымі пальцамі — тыя нібы прыраслі да кашулі. Бацькаў твар быў страхотлівы ў гневе.

І тады сын з нейкай нахабнай смеласцю зірнуў яму ў вочы і сказаў:

— Што, бацька, сапраўды ёсць у цябе грашок, калі так раз’юшыўся?

Пачуўшы гэта, Нілыч нечакана абмяк, аслабіў захоп, але Сяргей ужо не вырываўся, а працягваў глядзець яму ў вочы. У бязмоўнасці яны прастаялі з хвіліну.

Пагляд бацькі быў збянтэжаны, безуважны і як бы павернуты назад — у сваю існасць. Нарэшце ён адпусціў сына, адступіў на пару крокаў і апалым, не сваім голасам сказаў:

— Так, я грэшны… Я шмат у чым перад табой грэшны… Ды толькі адно памятай, Сяргей: пакуль я жыву, пакуль трымаюць гэтыя рукі пэндзаль, — ён падняў свае спрацаваныя кісці да ўзроўню твару, — я ўсё для цябе зраблю. Таму што нас на зямлі толькі двое… — Нілыч уздыхнуў. — Аднак памятай, сын, і тое, што мне ўжо за пяцьдзесят. Я магу пражыць яшчэ столькі, а магу і памерці ў любую секунду. І ўсё гэта будзе выглядаць на натуральную смерць. З гэтага ўзросту, сынок, прырода ўжо за мяне не адказвае. Так што, я цябе проста прашу, калі ёсць у цябе якія праблемы (а яны відавочна ёсць), давай іх вырашаць зараз, пакуль я ў сіле.

Сяргей не адказаў і сядзеў, схіліўшы твар долу. Многа б цяпер даў бацька за ягоны адказ…

— Ну, да пабачэння, сын. І даруй, калі што не так… — Леанід Нілыч паклаў далонь Сяргею на галаву; той працягваў сядзець панурыўшыся і маўчаў.

І толькі, калі Нілыч ужо перасякаў парог пакоя, ледзь чутна, з хрыпоцінкай у голасе кінуў:

— Да пабачэння.

Душэўны стан Леаніда Нілыча пасля гэтай сустрэчы быў такі паганы, што ён дабраўся дадому на аўтамаце. А затым, ведаючы, што не зможа заснуць, прыняўся маляваць новую карціну і праваждаўся з ёй да світання. Там былі горы з заляселымі схіламі і аснежанымі вяршынямі, аб падножжа якіх біліся ўспененыя хвалі; нізкае вечаровае сонца пагасала на горных вяршынях. Людзей, звяроў і птушак там не было…

27

Учора, а палове дзесятай вечара, калі Таццяна Зарэмба была дома адна, раздаўся тэлефонны званок. Незнаёмы голас паведаміў, што для яе маецца ліст да запатрабавання на адной з поштаў (назваў нумар), і што заўтра яна можа яго атрымаць. Як толькі Таццяна паспрабавала дамагчыся тлумачэнняў, незнаёмец павесіў трубку.

Першае, што прыйшло тады ў галаву, гэта тое, што ліст не можа ўтрымліваць адмоўную інфармацыю. Паведамленні пра трагедыі, раптоўныя сконы родзічаў і іншыя непрыемнасці, як правіла, даводзяцца праз тэлеграмы, у крайнім выпадку — праз заказныя лісты. Усё гэта прыносіцца паштальёнамі дамоў, пад распіску атрымальніка.

Не, тут, дзякуй Богу, нешта іншае. Прычым, найхутчэй, прыемнае. Што ж, Зарэмба любіла такія сюрпрызы. Праўда, ёй досыць часта даводзілася атрымоўваць розныя запіскі, цыдулкі, ананімныя лісты з прызнаннямі ў каханні, са страснымі просьбамі аб спатканнях, з абяцаннямі залатых гор і падобнымі мужчынскімі глупствамі. Нельга сказаць, што Зарэмба заўсёды адмаўляла сваім паклоннікам. Нават за апошні год, ужо сужыцелькай Бабаеўскага, яна двойчы адгукалася на пасланні, падкінутыя ёй у грымёрку немаведама кім. І адна з сустрэч закончылася даволі весела, у гасцінічным нумары “Ітурыста”. Але цяпер ёй было не да забаў: Зарэмба дужа перажывала ад зрыву здымак у серыяле, які абяцаў ёй і славу і грошы. Здымак хутчэй за ўсё не будзе наогул, а гэта ніяк не ўваходзіла ў Таніны планы.

Так, ёй зараз не да любоўных прыгодаў, і яна б не пайшла сёння ў тое аддзяленне сувязі па ўзгаданы ліст, каб не меркавала атрымаць нешта сур’ёзнейшае: усё ж любоўныя запіскі рэдка высылаюцца да запатрабавання.

Адбыўшы ранішнюю рэпетыцыю, дзе яна пару разоў накрычала на няшчаснага Аркадзя Рыгоравіча, Зарэмба хуценька выслізнула з тэатра, узяла таксі і праз дзесяць хвілін была ля патрэбнага паштовага аддзялення.

Бляклая сухая паштарка — відаць па ўсім, старая дзева — па-будзённаму выкінула ёй ліст праз акенца выдачы, папярэдне папрасіўшы распісацца. Ужо пры першым позірку на канверт Таццяну ахапіла расчараванне: канверт быў па Беларусі, больш за тое — стаяў мінскі зваротны адрас. Пісаў нехта А.Б.Шарповіч. А чаго можна чакаць ад прыватнага паслання Шарповіча, як не чарговых прызнанняў у захапленні яе пекнатой? Астабрыдла!

Таццяна, аднак, падышла да свабоднага століка, прысела і, паморшчыўшыся, разарвала канверт: пасланне было аддрукавана на якаснай ружаватай паперы. Вось што яна прачытала.

“Паважаная Таццяна Яўгенаўна!

Адразу прашу ў Вас прабачэння, што патрывожыў гэтым лістом, што так фамільярна да Вас звяртаюся. Не верце зваротнаму адрасу і можаце адразу выкінуць гэты канверт. Адрас нічога не значыць. Таксама прашу Вас, у нашых агульных інтарэсах, знішчыць і сам тэкст, а запомніць толькі ніжэйнапісанае.

Я з’яўляюся супрацоўнікам адной (не буду пакуль называць) сур’ёзнай амерыканскай кінакампаніі, якая мае намер праз месяц распачаць здымкі шырокафарматнага двухсерыйнага кінафільма. Фільм будзе здымацца на расійскім матэрыяле, на расійскі сюжэт сярэдзіны дзевятнаццатага стагоддзя, у Санкт-Пецярбургу.

Аднак у нас узнікла наступная праблема. У апошні момант галоўны рэжысёр (а гэта найвядомейшае імя Галівуда) прыйшоў да высновы, што не зможа задзейнічаць у адной з галоўных роляў амерыканскую актрысу, як тое раней меркавалася. Ён лічыць, што тут павінна дзейнічаць мясцовая актрыса, з тыповай славянскай знешнасцю. Прызнаюся, што на гэтай глебе надарыўся канфлікт паміж галоўным рэжысёрам і першым прадзюсэрам, і паўстала пагроза зрыву здымак. Прыйдзецца плаціць няўстойкі, а гэта мільёны долараў.

Адным словам, кампанія даручыла мне заняцца пошукам прыдатнай актрысы на гэтую ролю, таму што я грамадзянін Расійскай Федэрацыі і, зразумела, лягчэй за іншых магу зарыентавацца ў нашым культурніцкім асяроддзі. Скажу шчыра, ужо за тыдзень я знайшоў у Санкт-Пецярбургу аж тры кандыдатуры на гэтую ролю. Я нават адаслаў па Інтэрнэце фотаздымкі актрыс галоўнаму рэжысёру, і ён, у прынцыпе, іх адобрыў як кандыдатак на кінапробы. Але, ужо пасля гэтага, знаходзячыся па службовай справе, звязанай таксама з будучымі здымкамі памянёнага фільма, я аказаўся ў Мінску. Чыста выпадкова сябры запрасілі мяне ў Ваш тэатр, на спектакль, дзе Вы граеце галоўную ролю.

Шаноўная Таццяна Яўгенаўна, не стану гаварыць Вам банальных кампліментаў (накшталт таго, як я быў зачараваны Вашай ігрой і падобнае). Скажу па-дзелавому і коратка: я зразумеў, што на вышэйзгаданую ролю нашага фільма патрэбная якраз такая актрыса — з Вашым страсным позіркам, з Вашай выразнай мімікай і жэстамі, з Вашымі жаноцкімі, па-славянску пышнымі формамі. Даруйце, калі дапусціў некаторую вольнасць у апошнім сказе, але па-іншаму не мог перадаць свае ўражанні ад… Ну ды ладна.

Цяпер пра галоўнае. Ужо праз дзень я завалодаў двума дзесяткамі Вашых каляровых фотаздымкаў (думаю, Вы мне даруеце гэтае самавольства), адсканіраваў іх і выслаў па Інтэрнэце галоўнаму рэжысёру. Ён адказаў не марудзячы, прычым ягоныя меркаванні цалкам супалі з маімі: знешне Вы ідэальна прыдатныя на гэтую ролю. Праўда, галоўнаму неабходна пабачыць Вас у справе, правесці сякія-такія кінапробы. Думаю, Вы разумееце, што без гэтага немагчыма. Аднак магу запэўніць, што шанцаў у Вас непараўнальна больш, чым у астатніх дзвюх кандыдатак (адну актрысу галоўны, калі атрымаў Вашы фотаздымкі, адразу ж выкрасліў). Такім чынам, у Вас ёсць рэальная магчымасць зняцца ў аднаго з найбуйнейшых сусветных майстроў, у фільме, які абяцае стаць звышкасавым. А гэта мільёны долараў, шаноўная Таццяна Яўгенаўна.

Але ж пяройдзем да канкрэтыкі. Кінапробы намечана правесці роўна праз два тыдні, у Санкт-Пецярбургу. І калі Вы пагодзіцеся ўзяць у іх удзел, то сардэчна прашу Вас быць сёння роўна а палове восьмай вечара каля цырка, а іменна ля крайняй правай афішнай тумбы. Я да Вас сам падыду, і мы скіруем у рэстаранчык, дзе ў асобнай кабіне ціхамірна абмяркуем дэталі.

Вы можаце спытацца, хто я, і як вы мяне пазнаеце. Не трывожцеся, шаноўная Таццяна Яўгенаўна. Мой скромны твар, мяркую, добра знаёмы Вам па штотыднёвай перадачы аднаго з галоўных расійскіх тэлеканалаў. Я там вядоўца.

Што ж, да сустрэчы, Таццяна Яўгенаўна? Спадзяюся, усё ў нас атрымаецца.

І апошняе. Думаю, не трэба казаць, што наша спатканне павінна застацца таемным. Не варта заўчасна, пакуль не падпісаны кантракт, даваць розгалас у газетах і спараджаць кулуарныя плёткі. Да таго ж, здымкі будуць працягвацца да лета, і Вы ажно тры месяцы не зможаце прымаць удзел у рабоце Вашага тэатра. Мяркую, гэта не вельмі спадабаецца яго дырэктару. А там — хто ведае — можа, будзе новы кантракт, новы фільм?..

З нецярпеннем чакаю сустрэчы.

Даруйце, што не падпісваю свайго прозвішча”.

У складаных пачуццях выходзіла Таццяна з паштовага аддзялення. Гэта было хваравітае спалучэнне радаснага экстазу і напружанай падазронасці. “Не можа такога быць, — гаварыла сабе Таццяна, — гэта занадта добра, каб быць праўдаю”.

З апушчанай галавой, з лістом у руках, пабрыла Зарэмба па тратуары. Але ж чаму — не можа? Чаму гэта не павінна быць праўдай? Хіба не заслугоўвае ўрэшце яна, Таццяна, усіх тых добрых слоў, таго захаплення, што выказваў у сваім пасланні незнаёмы прадзюсэр? Не, Зарэмба з дзяцінства ведае, што гэта так, што яна народжана для лепшае долі, чымся гнісці ў агорклым Мінску, у гэтым задрыпаным драмтэатры. Можа, гэта прабіў яе час? Можа, дайшла яна нарэшце да той доўгачаканай лёсапераваротнай кропкі? Заслужанай, заўважце, заслужанай кропкі!

Таццяна завітала ў кавярню, што тулілася ў вуглавым доме, прайшла да кутняга століка, заказала кубачак кавы. Так, трэба пасядзець і спакойна абмазгаваць тое, што адбылося. Лёгка сказаць: спакойна! Ці да спакою тут, калі з незапомных часоў марыла Зарэмба стаць зоркаю. Няважна якой — актрысай, спявачкай, тэлевядоўцаю…

Не вельмі якасная, але гарачая і досыць моцная кава яшчэ больш узрушыла яе нервовую сістэму. Ну ладна, думала Таццяна, хай усё высветліцца толькі сённяшнім вечарам. Але чаму не пажыць гэтым імгненнем радасці, навошта атручваць сабе душу падазрэннямі, недаверам? У яе і так было мала ўсцешнага ў жыцці, недаравальна мала ў параўнанні з тым, што яна заслугоўвае сваёй пекнатой, здольнасцямі. Лёс заўсёды быў да яе скупаваты, і чаму б не ўявіць, што менавіта зараз выпраўляецца гэтая несправядлівасць? Так, цяпер усё стане на свае месцы! Да ліха тэатр, да ліха Бабаеўскага! Зарэмба і без таго запланавала сужыцельстваваць з ім не болей за пяць гадоў. Ды за гэтыя пяць гадоў меркавала выціснуць яго як анучку: займець вядучыя ролі, стварыць імя, зняцца ў некалькіх расейскіх фільмах. Ха, расейскіх! Ды яны папросту пігмеі побач з сапраўдным, амерыканскім кіно, зняўшыся ў якім, ёй не тое што Мінск — Масква будзе нягегліцай! Дзякуючы расейскай прэсе, гэтым гарлапанам і снобам, яна, Зарэмба, ледзь толькі пачаўшы здымацца ў Піцеры з амерыканцамі, праславіцца на ўсю постсавецкую прастору. Яе будуць малітоўна дамагацца лепшыя тэатры Масквы… Але Масква — толькі бляклы цень Галівуда… Галівуд! Адно гэтае слова прымушала яе трымцець з маленсва ад захаплення і зайздрасці. Аднак ужо тады, калі праглядала ў сваім паршывым правінцыйным кінатэатрыку кінастужкі з Манро, ведала Зарэмба, што яна зробіць усё магчымае і немагчымае, каб заняць месца гэтай пышнацелай бландзінкі… І цяпер гэты час набліжаецца.

Апанаваная такімі лагоднымі мроямі, Зарэмба нават і не заўважыла, што выйшла з кавярні і брыдзе ўздоўж вуліцы. Прычым рушыць у накірунку, адваротным патрэбнаму. Таццяна ўзмахнула рукой, і першы ж легкавік спыніўся ля яе ног.

— У цэнтр, — развальваючыся на заднім сядзенні, пагардліва сыкнула яна пажылому вадзіцелю.

І ўсё ж рэшткі дня, да прызначанага часу спаткання, Зарэмба правяла ў трывозе. Салодкія летуценні пра хуткія і шчаслівыя змены ў ейным жыцці раз-пораз перарываліся сумненнямі, няўпэўненасцю, чорнымі падазрэннямі. Падчас здавалася, што розум не вытрымае гэтае барацьбы. А калі распраналася ў тэатральным гардэробе, заўважыла Таццяна, як няздорава блішчаць яе вочы, як брыдка расчырванеўся твар. Яна нават прашмыгнула перад абедам у грымёрку і забяліла тую празмерную чырвань.

Абедала яна, па завядзёнцы, разам з Бабаеўскім у рэстаране непадалёку. Каб скрыць надзвычайнае хваляванне, каб чым-небудзь не выдаць сваіх запаветных думанняў, Зарэмба была з ім, як ніколі, гаваркая і ветлівая. Хваліла новую пастаноўку, за кампанію бэсціла нялюбага дырэктару Пугача, строіла сумесныя планы на лета: куды яны паедуць адпачываць. І толькі нервовы — да месца і не да месца — смяшок, які зачаста вылятаў з ейных вуснаў, гаварыў пра небывалае душэўнае ўзрушэнне. Аркадзь Рыгоравіч нават пацікавіўся, чаму яна такая вясёлая.

Што ж, ён неўзабаве пра гэта даведаецца!

…А палове шостай Таццяна сказала, што ў яе баліць галава, і таму яна паедзе дадому. Гэта не выглядала падазроным, паколькі яна рэдка заставалася глядзець спектаклі, у якіх не прымала ўдзелу. Аркадзь Рыгоравіч, які ў гэты момант лаяўся па тэлефоне з адміністратарам, адно адабральна кіўнуў.

Дзве гадзіны Зарэмба прабавілася непадалёку ад цырка. Яшчэ за паўгадзіны да спаткання з незнаёмцам яна згледзела агавораную ім афішную тумбу. Гэта было сапраўды гожае месца для сустрэч, бо знаходзілася ўбаку ад цыркавога ганка, убаку ад шляхоў, па якім падыходзяць гледачы. А ў палове восьмай, праз паўгадзіны ад пачатку вечаровага відовішча, тут наогул павінна быць пуста. Да слова, свой мабільнік яна абачліва адключыла.

І вось, роўна ў прызначаны час Таццяна заняла сваё месца ля тумбы — тут было не да дзявочых крыўлянняў, калі наўмысна спазняешся на спатканні з мужчынамі, каб набіць сабе кошт. Паўз яе шмыгалі тралейбусы, аўтобусы і легкавікі, крочылі нешматлікія пешаходы. Якраз насупраць, праз праспект Скарыны, знаходзіўся прыпынак грамадскага транспарту. Зарэмба міжволі накіроўвала туды позірк. Што за глупства! Не на тралейбусе ж будзе дабірацца супрадзюсэр амерыканскага фільма. Але ж на чым? Таццяна адышлася на пару крокаў ад тумбы і зірнула па баках: і злева і справа набліжаліся сякія-такія людзі. Але яны былі нейкія несамавітыя, пераважна звычайныя абывацелі — парамі, тройкамі, з дзецьмі…

Наручны гадзіннік няўмольна паказваў сорак хвілін на восьмую, сорак пяць… пяцьдзесят… роўна восем… І з гэткай жа няўмольнасцю станавілася для Таццяны відавочна, што не толькі ніякі прадзюсэр да яе не падыдзе, а яшчэ і насміхаецца з яе, рагоча, згінаючыся напалам, нейкі нядобразычлівец, які ўсё гэта наладзіў. Стаіць ён, магчыма, вунь за тым кіёскам, глядзіць на яе, недарэку, і пацяшаецца. А назаўтра папаўзуць па тэатральных закутках плёткі-перасмешачкі…

Лютая, чалавеканенавісніцкая злосць апанавала Зарэмбу. Закарцела кінуцца на праклятую тумбу, здзерці з яе афішу, з асалодай парваць на шматкі. А затым аблаяць прахожых асламі і сволачамі. Але нельга было паказваць выгляду, нельга было даваць пажыву вераломнаму назіральніку. Яна засунула рукі ў кішэні паліто і сцяла кулакі так, што доўгія пазногці ўвайшлі ў далоні і пазгіналіся. У вачах памутнела. Таццяна наўздагад рушыла прэч. Хацелася разадраць ужо не афішу, а свой твар — твар дурніцы і ідыёткі. На дне правай кішэні ляжаў пачак цыгарэт. Зарэмба навобмацак, не вымаючы пачка, паспрабавала дастаць цыгарэціну, але заблыталася пальцамі ў абгортцы, змяла яе, а тады ашалела дазвання і сціснула ў камяк, раздушыла, раструшчыла бязвінныя цыгарэты. Ад гэтага крыху палягчэла. Але толькі крыху…

У бяспамяцтве дабрыла яна да нейкай падваротні і там, у цемрадзі аркі, прыткнулася да сцяны, няпэўнымі пальцамі дастала сумна вядомы ліст, дастала запальніцу і аддала агню сваю хуткаплынную мару… Пакуль папера не прагарэла дарэшты, пакуль не апякла ёй кончыкі пальцаў, Зарэмба няўцямна глядзела на язычкі полымя. А затым бязгучна, густа і несуцешна заплакала.

28

Вечарам таго ж дня, каля шасці гадзін, Аркадзь Рыгоравіч Бабаеўскі ўбачыў на сваім стале голы канверт. Голы ў тым сэнсе, што не было на ім ні адрасата, ні зваротнага адраса, ні якіх-кольвечы каментарыяў. Гэта непрыемна здзівіла дырэктара, прымусіла перарваць працу са службовымі паперамі і ўзяць канверт. Так, паварочаўшы яго ў руках, Рыгоравіч не знайшоў ніякіх пазнак. І тым не менш, ліст быў шчыльна заклеены.

Дырэктар націснуў кнопку перагаворніка, узяў трубку і звярнуўся да сваёй сакратаркі:

— Ніна, што гэта за канверт у мяне на стале?

— Канверт?.. А-а… Ды гэта, мусіць, ад ранішняй пошты, — успомніла сакратарка.

— Дык я ж яго толькі зараз убачыў!

— А я яго вам пятнаццаць хвілін назад і прынесла. Вы яшчэ тады па тэлефоне крычалі. Памятаеце?

— А чаму толькі зараз? Чаму не з усёй поштай? — прыставаў Бабаеўскі, яўна раздражнёны безыменным лістом.

— Сама не ведаю… — сумелася Ніна. — Мне здавалася, я ўсё тады вам занесла. А нядаўна гляджу — нейкі канверт ляжыць… Падумала — з ранішняй пошты выпаў.

— Ну ладна… — буркнуў Аркадзь Рыгоравіч і выключыў перагаворнік.

Ён нядбайна разарваў канверт. Тэкст быў выведзены на прынтэр, прычым мудрагелістым, вычварным шрыфтам.

“Высокашаноўны Аркадзь Рыгоравіч, — чытаў дырэктар, — піша Вам пастаянны, шматгадовы, адданы глядач Вашых пастановак. Бязмерна цэнячы Ваш дар рэжысёра, а таксама ўсведамляючы Вашу значнасць у беларускім культурным працэсе, хачу выказаць заклапочанасць тым, што актрыса Таццяна Зарэмба, якая неабыякавая Вам не толькі з прычыны выканання вядучых роляў, але і з цалкам мной зразумелых сардэчных прычын, не цэніць Вас належным чынам і паводзіць сябе амаральна. Карыстаючыся бязмерным даверам і прастадушнасцю геніяльнага чалавека, гэтая асоба, на жаль, не захоўвае жаночай вернасці, пра што я з сумам і болем нядаўна даведаўся. Каб не быць галаслоўным, скажу, што ў дадзены момант, калі вы напружана рыхтуецеся да спектакля, Зарэмба знаходзіцца на спатканні з адным расейскім прадзюсэрам, якога таксама намерваецца закілзаць у сваіх карыслівых мэтах. А іменна атрымаць месца ў яго дарагім і прэстыжным фільме. Вы, канешне, можаце зараз набраць нумар яе мабільнага тэлефона і ўпэўніцца, што ён каварна адключаны. Аднак лепш за ўсё паслухайцеся маёй сяброўскай парады і кіньце, кіньце зусім гэтую нікчэмную, вартую жалю інтрыганку, вярніцеся ў сям’ю і радуйце надалей гледачоў сваім рэжысёрскім талентам.

Усяго Вам добрага, шаноўны Аркадзь Рыгоравіч, і даруйце, калі крыху Вас засмуціў. Але нельга было маўчаць.

Добразычлівец”.

Хвіліны тры праседзеў Аркадзь Рыгоравіч нерухома. Тупа і рассеяна глядзеў на ліст. Затым страпянуўся, схапіўся за тэлефонную трубку і тут жа, як апечаны, адняў ад яе руку. Ашчаперыў галаву, у якой не было ніякіх канструктыўных думак — нібы выцялі Бабаеўскага па патыліцы мяшком з бульбаю. Ускочыў, таропка і бязмэтна захадзіў па пакоі. Сеў на канапу, вывудзіў з кішэні мабільнік, стаў ліхаманкава націскаць кнопкі. Але не набраўшы да канца, неяк баязліва выключыў апарат і зладзеявата схаваў яго назад у кішэню.

Нарэшце мозг пачаў ацэньваць тое, што адбылося. Вярнулася і магчымасць дзейнічаць. Бабаеўскі падляцеў да стала, уключыў перагаворнік і штучна спакойным голасам прамовіў:

— Ніна, зайдзі да мяне.

Затым абабег стол, плюхнуўся ў рабочае крэсла і стаў чакаць. Рукі, што ляжалі на стальніцы, не знаходзілі сабе прымянення і хапалі то акуляры, то аловак, то самапіску. Прытым відавочна падрыгвалі. Рыгоравіч схаваў іх уніз.

Ніна нешта замарудзілася і не прыходзіла. Гэта раззлавала дырэктара і яшчэ раз нагадала пра тое, што трэба ўсё ж здвоіць іхнія кабінеты і зрабіць агульны ўваход — каб усе наведвальнікі праходзілі праз сакратарку, а ён, у сваю чаргу, мог яе рукой дастаць. Заўважым, што гэтае пытанне непакоіла Аркадзя Рыгоравіча, па меншай меры, апошнія два гады, але не давала яго вырашыць адна важкая акалічнасць: як быць з інтымнымі спатканнямі ў кабінеце, да якіх, як да наркотыкаў, прызвычаіўся Бабаеўскі? І як знайсці кампраміс? А, пакуль тое, даводзілася гукацца з сакратаркай праз перагаворнік ды, вось як зараз, чакаць, пакуль яна выйдзе з суседняга кабінета, замкне яго і толькі тады дасягне дырэктарскай.

Нарэшце Ніна, як заўсёды без стуку, нешырока адчыніла дзверы і праслізнула ў кабінет Бабаеўскага. Гэта была сухарлявая рыжавалосая жанчына гадоў сарака пяці, не прыгажуня, маці траіх дзяцей, верная жонка. А найгалоўнае — руплівы работнік і чалавек, бязмерна адданы Аркадзю Рыгоравічу.

Сакратарка дзелавіта наблізілася да дырэктара і вышкалена замерла.

— Слухай, Ніна, ты дакладна памятаеш, што гэты канверт прыйшоў з ранішняй поштай? — спытаўся Аркадзь Рыгоравіч, незвычайна, як змеціла сакратарка, устурбаваны; канверт ён трымаў у руках.

— Па праўдзе, не магу сказаць дакладна, — прызналася Ніна. — Я ўбачыла, што ляжыць ліст і рашыла, што ён вываліўся з агульнае кіпы… Вы ж ведаеце, колькі ў мяне папер на стале. Мог жа ён упасці на іншы стос і згубіцца… Тым больш — белы, без надпісаў.

— Так… — задумліва мяў шчокі пальцамі Бабаеўскі. — Ну добра. А пошту ты сама забірала?

— Канешне. Як заўсёды — у вахцёра. Мне толькі заказныя лісты непасрэдна ў кабінет дастаўляюць.

— А падкінуць гэты канверт не маглі? Хто да цябе пасля абеду заходзіў?

— Ну, вы скажаце! — усміхнулася сакратарка. — Ды чалавек трыццаць было, Аркадзь Рыгоравіч. Уся ж дакументацыя праз мяне.

— З чужых хто завітваў?

— Так. — Ніна паспрабавала прыгадаць некалькіх чалавек.

Затым перабралі акцёраў і рэжысёраў, што па справе і без паяўляліся ў сакратарскай пасля абеду. Аказалася — ледзь не траціна тэатра.

— Ладна, Нінок, — сказаў Бабаеўскі. — Я толькі цябе прашу надалей не прымаць ніякіх ананімных лістоў. Сур’ёзна прашу, — ён зрабіў націск на слове “сёр’ёзна”. — Ты чула, што ў Амерыцы лісты з заражаным мікробамі парашком дасылаюць?

— Так… — напалохана зірнула на яго Ніна.

— А таму загадваю табе іх не ўскрываць, а несці ў сметніцу, што на заднім двары. Зразумела?

— Ага…

— Ну вось і лады. — Бабаеўскі падняўся з крэсла. — Ідзі займайся, калі ёсць справы. Калі не — можаш ісці дадому.

Ніна кіўнула, павярнулася, як салдат, і мерна працокала да выхаду.

Аркадзь Рыгоравіч, як толькі яна выйшла, памкнуўся да дзвярэй і два разы крутануў барабан верхняга замка. Затым вярнуўся да стала, усеўся на рабочае месца, зняў тэлефонную трубку і набраў нумар сваёй кватэры. Кватэра маўчала. І вось толькі зараз з усёй выразнасцю дайшло да яго тое, што зусім не важна, хто і як пераслаў яму ананімны ліст, а важна, што ўсё сказанае там — праўда. Нябачны абруч сцяў дырэктаравы скроні. Ад непазбыўнасці гэтай бязлітаснай праўды, ад яе д’ябальскай вастрыні захацелася схавацца пад стол, заплюшчыць вочы і заціснуць вушы далонямі.

“Яна ж сказала мне, што пайшла дадому. Як жа так?” — разгублена, па-дзіцячаму наіўна паўтараў пра сябе Бабаеўскі, раз за разам набіраючы хатні нумар — быццам бы колькасць набораў нешта мяняла. Затым схапіў пракляты ліст і яшчэ двойчы яго перачытаў. Мабільнік! Там сказана пра мабільнік. Ну, канешне, яна проста выйшла ў краму па хлеб, у іх якраз кончыўся ўчора хлеб — яны яшчэ, помніцца, з-за гэтага пасварыліся. Абнадзеены Рыгоравіч набраў нумар Таццянінага мабільнага тэлефона. Але незнаёмы мілагучны голас паведаміў, што “нумар зараз недасяжны для прыёму або адключаны”. Ад слова “адключаны” Бабаеўскага апанаваў мітуслівы адчай. Ён яшчэ раз утаропіўся ў ананімны ліст і хутка знайшоў: “Вы, канешне, можаце зараз набраць нумар яе мабільнага тэлефона і ўпэўніцца, што ён каварна адключаны”, — так раіў незнаёмы добразычлівец.

Усё, што адбывалася з Бабаеўскім у наступныя некалькі гадзін, не падлягала ніякай логіцы. Яго вяло ачмурэнне.

Недзе без пятнаццаці сем, незважаючы на спектакль і запрошаных ім жа высокапастаўленых гасцей, выбраўся дырэктар з тэатра праз чорны ход і, расхрыстаны, без пальчатак і шапкі, памчаўся ў бок праспекта. Злавіў таксі і ўзяў кірунак на свой дом. А праўдзівей, не свой, а Зарэмбін. Прычым гэтая аднапакаёўка, калі верыць лісту, неўзабаве можа зачыніць для яго свае гасцінныя дзверы. Але пра тое дырэктар не думаў. Жахлівая, сакрушальная рэўнасць душыла яго. У пад’езд ён уварваўся віхрам і ледзь не збіў з ног ціхмяную бабульку, што спускалася яму насустрач.

Дапяўшы дзвярэй, Аркадзь Рыгоравіч даў працяглы безупынны званок, а тады замалаціў па іх кулакамі. У дзікунскім шале ён нават забыўся пра ключы. Затым усё ж вывудзіў звязку ключоў і доўга не мог знайсці патрэбныя, доўга не мог патрапіць у шчыліну… Кватэра была пустая і акурат у такім выглядзе, у якім яе Бабаеўскі пакінуў раніцай. Але гэта якраз і давала падставы меркаваць, што Танька тут не паяўлялася. Не было ні яе палітона, ні ботаў, ні шапкі, не было наогул слядоў прыходу яго сужыцелькі. “Яна мяне падманула, — дэпрэсіўна зашаптаў Бабаеўскі. — Яна ж сказала, што пойдзе дадому. Як жа так?” Ён знясілена апусціўся на канапу і з паўгадзіны праседзеў у кволай бяздумнасці.

Устаў з канапы дырэктар пастарэлым гадоў на дзесяць — не злы, не апанаваны прагай адпомсціць, а нейкі млявы і абыякавы. Выйшаў з кватэры і пачаў спускацца па лесвіцы. І тут штосьці нібы стукнула яму ў патыліцу: Рыгоравіч абярнуўся і паглядзеў на дзверы. “У апошні раз”, — упэўнена прагучала ў яго галаве, і раптам з усёй выразнасцю ўявілася, як наступным разам сустрэнуць яго перад гэтымі дзвярамі два яго чамаданы — чорны і рыжы, вялікія пукатыя чамаданы; а выставіць іх нейкі ўхмылісты малады здаравіла. Добра яшчэ, калі кухталёў не навешае.

Праставалосы і ў незашпіленым паліто, брыў Бабаеўскі куды вядуць вочы. А прывялі яны напачатку ў нейкі шынок, за стойку са спіртнымі напоямі. Рыгоравіч яшчэ даволі някепска памятаў, як заказаў два разы па сто грамаў гарэлкі. Закускі не браў. Далейшае занатавалася няпэўна і нейкімі беспарадкавымі ўрыўкамі. Помніць толькі, што апынуўся каля яго спагадлівы таварыш — нізкі нягеглы дзядзька ў пацёрханай куртцы, — якога дырэктар паіў, частаваў, якому жаліўся на жыццё. Стаялі яны, здаецца, за стойкай бара, потым сядзелі за сталом, потым ізноў стаялі за іншай стойкай, мабыць — ужо ў іншым шынку. Затым ехалі на таксоўцы, доўга і дрогка ехалі… Цьмяна праступала ў свядомасці харчовая крама на шырачэзнай вуліцы, затым — падваротня і змрочны пад’езд, бутэлька, якую яны пілі з дзядзькам па чарзе з рыльца… А потым адбылося нешта неверагоднае: спагадлівы твар сабутэльніка знячэўку зрабіўся ачужэлым і злым, ён схапіў Аркадзя Рыгоравіча за адварот палітона і стаў нешта патрабавальна крычаць. Бабаеўскі ўслухоўваўся і не ўспрымаў задурманеным розумам, чаго дзядзька хоча. Тады сабутэльнік ірвануў яго на сябе за адварот, ударыў ілбом у зубы і тут жа, не марудзячы, — у пах чаравікам. Ад пранізлівага болю прытомнасць на імгненне вярнулася да Бабаеўскага, ён выпрастаўся і абрушыўся на нягеглага дзязьку ўсёй сваёй масай, падмяў… Але нешта навалілася на яго з бакоў і зверху, нечыя кулакі замалацілі па галаве і спіне. Яго зрынулі долу і білі нагамі…

29

Сёння, у апошні дзень лютага, Валерый Віктаравіч Адынец пасля абеду сарваўся з работы і паехаў дадому. Прычына была тая, якой ён найболей баяўся апошнія тры месяцы: Адынцу пазванілі з клінікі для душэўнахворых і паведамілі, што яго брат, Алег Віктаравіч, знаходзіцца “ў крытычным стане”. Што азначала — пры смерці. Да гэтага ішло даўно. Ад працяглай нерухомасці ў брата ўзніклі праблемы з ныркамі, да таго ж адказвала сэрца, шматлікія пролежні псавалі кроў, знясільвалі і без таго дарэшты аслабелы арганізм няшчаснага Алега.

Валерый Віктаравіч зрабіў крук і заехаў дадому. Ён доўга і бесталкова пераапранаўся, даставаў нейкія мяшкі і торбы, колькі разоў пералічыў у кашальку грошы і толькі тады зразумеў, што ўсё гэта яму не патрэбна, што ён проста валаводзіць са страху перад недалёкім спатканнем. Ён апусціўся на канапу і безуважна ўтаропіўся на кніжную секцыю, што займала супрацьлеглую сцяну, ад падлогі да столі. Усе мудрацы, што жылі і жывуць на зямлі, думкі якіх былі згрупаваны на гэтых паліцах, наўрад ці змаглі б зараз суцешыць Адынца. Не змаглі б па той простай прычыне, што самі смяротныя. А Валерый Віктаравіч мусіць зараз ехаць на спатканне са смерцю — ён з усёй неадхільнасцю прадчуваў гэта.

Адна толькі кніга прыцягнула яго ўвагу, — тая кніга, што ніколі не ставілася ім у адзін шэраг з астатнімі. Яна і зараз ляжала на тумбачцы, ва ўзгалоўі канапы. Адынец узяў яе ў рукі, раскрыў і, не гартаючы, тут жа прачытаў наступнае: “Яшчэ трохі, і свет ужо не пабачыць Мяне; а вы пабачыце Мяне, бо Я жыву, і вы будзеце жыць” (Іаана 14 : 19).

Неўзабаве ён ужо тросся на маршрутным аўтобусе па горадзе, які з набліжэннем каляндарнай вясны і не думаў пазбаўляцца ад снегу. І хоць марозік быў лёгенькі, градусаў пяць — не болей, адчувалася, што людзі і птушкі, кіёскі і вітрыны, тратуары і вуліцы дужа стаміліся ад зімы.

На ўскраіне Валерый Віктаравіч перасеў на іншы маршрут, які вывез яго за горад і ў хуткім часе дамчаў да прывычнага высокага і працяглага муру клінікі для вар’ятаў. Гэты мур, а таксама і двор і будынкі даўно ўжо перасталі шакіраваць Адынца. Ён быў тут сталым наведвальнікам. Не мог толькі спакойна глядзець на хворых, што трапляліся яму на тэрыторыі і ў калідорах вар’ятні. Валерый Віктаравіч міжволі прыжмурваў вочы і бачыў толькі іхнія размытыя постаці, чуў галасы, на твары ж зірнуць не насмельваўся. Яму хапала братавага спакутаванага аблічча, што ўжо чвэрць стагоддзя, удзень і ўночы, стаяла перад ім. Ён пры ўсім жаданні не змог бы забыцца на гэты твар, бо тое быў, па сутнасці, сам Валерый Віктаравіч Адынец — блізнюк хворага Алега.

Але зараз, як ніколі страшна, агаломшылі Валерыя Віктаравіча братавы бледнасць, зляжалыя рэдзенькія валасы, сінія кругі пад вачыма. Алег знаходзіўся ў рэанімацыйным боксе. Ён паўляжаў на некалькіх падушках, падаткнутых пад спіну і галаву, у бальнічнай піжаме, накрыты казённай коўдрай па грудзі; тонкія рукі былі выцягнуты ўздоўж цела, паверх коўдры. Уражвала шкілетная худзізна братавых пальцаў, а таксама касцістасць твару. Валерый Віктаравіч і сам быў чалавекам сухарлявым, але ніколі не думаў, што мае такі ўродлівы вуглаваты чэрап, такі востры нос, такую выпнутую наперад ніжнюю сківіцу.

Брат ляжаў адзін, суседні ложак быў акуратна засланы. На Алегавай тумбачцы стаялі два пустых і адзін поўны балоны для кропельніц. Стойка для кропельніцы ўзвышалася ад брата леваруч. Паветра ў боксе не падалося нясвежым, аднак моцна пахла хлоркай і лекамі.

Алег млява перавёў позірк на Валерыя Віктаравіча, і — дзіўна! — упершыню за апошнія два гады ў ім мільганула радасць. Так, ва ўсякім разе, падалося Валерыю.

— Гэта я, Алежак, — ціха сказаў ён, наблізіўся і стаў над братам.

— Сядзь, Валерка, — слабым, але, як здалося, цалкам адэкватным голасам прамовіў Алег і паказаў вачыма на табурэтку, што стаяла ля самага ложка, праваруч ад яго.

Валерый Віктаравіч хацеў адказаць, але ў горле ўтварыўся даўкі камяк. Ён насілу не разрыдаўся. Сеў на ўказанае братам месца.

— Што там на двары? — усё тым жа слабым і непрывычна ўцямным голасам спытаўся брат.

— Апошні дзень зімы, Алежка, — механічна прамармытаў Валерый; за два гады — з таго часу, як брат упаў у беспрасветнае вар’яцтва — ён развучыўся з ім размаўляць як з роўным.

— Зіма… — раздумліва прамовіў брат. — Я забыўся, як яна выглядае…

“О, Госпадзе, дай мне сілы стрываць”, — падумаў Валерый, бо надрыўная спазма зноў сціснула насаглотку.

— Затое я бачу снег… Вунь, у акне. — Алег паказаў вачыма на вузкае высокае акно, знізу, на тры чвэрці, зафарбаванае пад зялёны колер сцяны. — Снег ішоў учора, і тры дні таму… Тры дні таму ён быў асабліва прыгожы… Ведаеш, Валерка, там… — ён хацеў паказаць правай рукою, але толькі перабраў пальцамі, — там, пад акном, вечарам уключаецца ліхтар і дзівосна падсвечвае шыбу… Калі ідзе снег… — хворы запнуўся і аблізаў пасмяглыя губы, — то сняжынкі здаюцца такімі цудоўнымі… І кожная мае сваю душу… Гэта матылькі, якія прылятаюць мяне наведаць…

“Божа, памілуй яго душу, — сказаў пра сябе Валерый, міжволі адвёўшы пагляд ад братавых вачэй. — Не, ужо лепей поўнае вар’яцтва, чым усведамляць сваё маруднае паміранне…”

— Усё будзе добра, Алежак, усё будзе добра… — толькі і здолеў ён з сябе выціснуць.

— А ведаеш, мне ўжо лепей, мне значна лепей апошнім часам. — Голас Алега быў хоць і нядужы і надтрэснуты, аднак страшэнна падобны на братаў голас.

І раптам зімна стала на душы ў Валерыя Віктаравіча, зімна і вусцішна ад таго, што ўявілася, як ён сам — праз гадоў трыццаць ці праз тры месяцы — гэтак жа апынецца на смяротным ложы: з касцістым сінюшным тварам, з прыліплымі да лба рэдкімі пасмамі, з нямоглымі дротападобнымі рукамі. Але ў адным будзе іх розніца — у тым, што не прыйдзе да Валеры брат Алег, не прыйдзе ніхто… Небывалы адчай авалодаў Валерыем Віктаравічам. Закарцела ўпасці перад братам на калені, цалаваць рукі, вымольваць прабачэнне за сваё здароўе і розум. Але не змог, баючыся парушыць адносны спакой няшчаснага, а толькі напружыўся ўсімі цягліцамі. А той нібы адчуў братаву душэўную барацьбу і прамовіў:

— Ты не шкадуй мяне, брат. Кожнаму сваё. Бачыш, я ў ясным розуме, а гэта добра. — Алег вымучыў на твары ледзь прыкметную ўсмешку. — Я хачу табе сказаць пару слоў…

— Канешне, — паспешліва падхапіў Валерый Віктаравіч, — канешне, гавары. Я…

— Ты зачыні, калі ласка, як найшчыльней дзверы, — брат нават злёгку кіўнуў падбародкам у іх бок.

У дзвярах і напраўду была шчыліна сантыметраў дзесяць. Валерый устаў і зачыніў іх, а тады вярнуўся да Алега.

— Слухай, брат, слухай мяне ўважліва. — Голас хворага крыху ўзмацніўся, параўнеў. — Я ведаю, што са мной адбывалася ўсе гэтыя гады… цяпер ведаю… Пекла бывае і на зямлі, Валерка, непасрэдна на нашай зямлі… Я там быў — так было трэба…

“Ён ізноў трызніць!” — са шкадаваннем падумаў Валерый Віктаравіч, але слухаў уважліва.

— Тое пекла, дзе я знаходзіўся, ёсць толькі адлюстраванне, толькі слабае падабенства сапраўдных катавальняў Сусвету… Тых катавальняў, дзе томяцца душы грэшнікаў… О! Мне толькі аднойчы дазволілі туды зазірнуць… туды — у тагасветнае пекла… Гэта жах, Валерка! Я скажу табе больш: калі б чалавек, што жыве паўнакроўна, той самы звычайны абывацель… убачыў на імгненне сапраўднае пекла, ён бы… ён бы, мусіць, памёр ад адчаю… А калі б не памёр, то ўжо зарокся б не грашыць да скону. Ды што там абывацель, брат! Забойца дзяцей, гвалтаўнік, знішчальнік цэлых народаў увобмірг бы зрабіўся рахманай авечкаю, каб туды зазірнуў… Ён бы на зямлю ўпаў, цалаваў бы яе ў слязах… ён бы на жываце папоўз да самай Дамавіны Гасподняй… тысячы кіламетраў бы адужаў на жываце, каб вымаліць сабе дараванне… Толькі не дадзена ім туды зазірнуць! — хваравіта, тонка ўсклікнуў Алег і збіўся з дыхання.

“Гэта, відаць, агонія”, — мільганула ў галаве Валерыя Віктаравіча.

Ён ужо хацеў выйсці і клікнуць медсястру, але брат нечакана падняў бяссільную, здавалася б, правую руку і паклаў яе на братава калена.

— Пачакай, брат, пачакай, мілы, даслухай… — Яго голас цяпер гучаў сіплай фістулай. — Ніхто б не толькі не грашыў, каб ведаў наступствы… але жыў бы ў бясконцай любові, у злагадзе з усім акаляючым: з людзьмі, птушкамі, са звярамі і чарвячкамі… Пра чарвячкоў асобна скажу… Не крыўдзь іх, Валерка, ні словам ні дзеяннем… Істоты яны самыя чыстыя, хоць і жывуць у зямлі, у цемрадзі… Таму што не ядуць яны жывой плоці, а толькі гноем сілкуюцца… Чалавек жывёлу знішчае, рыбак і птушачак… І тыя, у сваю чаргу, адно аднаго паядаюць… А чарвяк, ён не тое што жывую істоту не з’есць, ён травінку грызці не стане… ён толькі мёртвым харчуецца… ён наш санітар, ён бязгрэшны…

“Бедны, бедны мой брат!” — са скрухай глядзеў на Алега Валерый Віктаравіч.

— Ты пра пекла тое людзям перадай… каб страх Божы яны не гублялі… Шкадую іх, і забойцаў, і гвалтаўнікоў, і самагубцаў, і здраднікаў вой як шкадую… Няма ў іх любові Хрыстовай, то хай хоць на страху пякельным трымаюцца… Пра чарвяка хай памятаюць, не крыўдзяць хай чарвячка — ён за іх у іншасвеце заступнік.

Брат перапыніўся, аддыхваючыся. Аблізаў вусны. У яго вачах з’явіўся ліхаманкавы бляск. Валерый Віктаравіч з трывогай крануўся ягонай рукі — тая была гарачая, але не моцна.

— Табе нельга стамляцца, Алежка. Вунь і лоб узмакрэў… — Адынец дастаў насоўку і выцер некалькі кропелек поту на братавым ілбе. — Паляжы ціха… А я медсястру прывяду…

— Не трэба, Валерка, не трэба сястру… Я іх баюся… хоць і ніколі зла ад іх не было… Я буду ціха гаварыць… ужо хутка закончу… А ты не перабівай… не перабівай, нават калі не згодны са мною…

Валерый Віктаравіч узяў і гладзіў яго сухую руку.

— Памятаеш… Памятаеш двор наш на старой кватэры, на вуліцы Усходняй?.. Цяністы такі, зацішны дворык…

— Памятаю, Алег. Канешне, памятаю…

“Госпадзе, ды я ж ніколі не ўспамінаў пра той дом!”

— Ні аб чым не шкадую… нітрохі не наракаю на свой лёс… А па двары тым нуджуся… Каштан у нас пад акном рос. Прыгожа так зелянеў, пахуча… І цвіў кожны травень… Памятаеш?

— Памятаю… — Валерый Віктаравіч ужо не мог стрымліваць слёз, яны бобам каціліся па яго шчаках.

— А пад каштанам тым лавачка стаяла, жоўтая, з сіняй спінкаю… Я там сядзець любіў… асабліва вясною і лецейкам… І глядзець, як двор наш жыве… галасы яго слухаць… Сонца гуляе па траўцы, па дарожках, па бялізне развешанай, галасы людскія шарахаюцца між будынкаў, глушацца зелянінаю… А я на арку гляджу, што ў супрацьлеглым канцы двара… Адтуль бацькі нашы з работы вяртаюцца… Убачу іх і бягу галопам, цалуюся… А мама то цукерку з валізы дастане, то пячэнне, а то і марожанае…

— Госпадзе, а я?! Дзе ж я быў тады, Алежак?! — ускрыкнуў Валерый і сам спужаўся гучнасці свайго голасу.

— А ты?.. — здзіўлена і ласкава паглядзеў на яго брат. — А там жа, там жа непадалёк. З хлапчукамі.

— А я… я хіба не сустракаў разам з табой тату з мамаю?! — Валерый Віктаравіч начыста забыўся на падрабязнасці тых гадоў.

— І ты сустракаў, Валерык… І ты таксама… А толькі ты з хлапчукамі больш бавіўся, цябе было дамоў не загнаць… — Алег крыху памаўчаў. — Ты звязі мяне, брат, у наш дворык. Як пацяплее, звязі… Мне б адным вокам зірнуць на яго, пад каштанам тым пасядзець, пацікаваць за той аркаю, дзе тата з мамай выходзілі…

Адынец не мог гаварыць ад пакутлівых спазмаў, што разрывалі яго грудзі і горла. І раптам — толькі ў гэтую секунду! — ён успомніў, што няма, некалькі гадоў ужо няма ні двара іх старога, ні дома: знеслі іх, зруйнавалі; новабудоўлі там узвышаюцца ганарыстыя… Ні каштана няма, ні аркі той запаветнай…

— Добра, Алежак! — роспачна ўскрыкнуў ён. — Завязу, пакажу… пабудзем у нашым двары… Мы з табой яшчэ пажывём, браце. Праўда? — Ён укленчыў перад ложкам і прыпаў да Алегавых грудзей, рыдаючы. — Усё зраблю, усё што ні пажадаеш… А пакуль… Пакуль хочаш, я цябе дамоў забяру? Хутка вясна, зеляніна, дзьмухаўцовае царства… Га? Паедзеш, Алежак?

— Паеду… — задумліва, упершы пагляд у столь, сказаў брат.

— То я пабягу зараз, з галоўным перагавару… Ты пачакай… Я ўпрашу яго цябе адпусціць… упрашу неадменна… — Ён ускочыў на ногі. — Пачакаеш? Я мігам.

— Пачакаю. Дзякуй… Дзякуй табе, Валерык. — Брат глядзеў на яго абсалютна яснымі, не замглёнымі шматгадовым вар’яцтвам вачыма.

Валерый Віктаравіч як хлапчук кінуўся з палаты на злом галавы. У палату якраз уваходзіла медсястра.

Ён доўга, слёзна і збівіста ўгаворваў сухарлявага галоўурача — старога яўрэя з надзвычай ласкавымі ільснянымі вачыма. Той глядзеў на Валерыя Віктаравіча і толькі са шкадобай хітаў галавою. Марк Яўсеевіч ведаў, што не зможа выпісаць Алега Адынца… Больш за тое, ён ведаў, што рэшта Алегавага жыцця вымяраецца не днямі — гадзінамі. Пра гэта адназначна казалі пасля ранішняга агляду і уролаг, і кардыёлаг, і тэрапеўт… Праз дзесяць хвілін гэтай шчымлівай спрэчкі ўрачу патэлефанавалі, ён папрасіў Адынца пачакаць і таропка выйшаў з кабінета.

У яго адсутнасць распалены мозг Валерыя Віктаравіча прыдумваў галаваломныя аргументы, каб пераканаць доктара адпусціць Алега дадому. Адынец узрушана крочыў па памяшканні, размахваў рукамі і гаварыў сам з сабою… Ён ведаў, што дзеля братавай перадсмяротнай волі пойдзе на ўсё. Ён сам стаяў на грані вар’яцтва…

А за акном зноў пацерусіў снег. Несканчоная, непазбыўная, дакучлівая зіма!

…Дзверы расчыніліся неяк марудліва і нясмела, і Марк Яўсеевіч зайшоў у кабінет — з пануранай галавою, з апушчанымі ў кішэні халата рукамі.

— Доктар! — памкнуўся да яго Адынец. — Я вас прашу… доктар!..

— Не трэба, Валерый Віктаравіч… Не трэба… — Урач знерухомеў пасярод пакоя і вінавата зірнуў на прасіцеля сваімі добрымі, у заўсёднай вільготнай павалоцы вачыма. — Ваш брат сканаў… Толькі што… прабачце…

30

З той самай ночы, калі Сяргей упершыню залез да Светы Стрэчань праз акно, прайшло каля двух тыдняў. За гэты час падобныя сустрэчы зрабіліся рэгулярнымі: праз ноч, рэдка — праз дзве. Акрамя таго, Сяргей некалькі разоў вадзіў яе ў рэстараны.

Аглушаная рамантыкай начных спатканняў, Света толькі нядаўна пачала вяртацца да рэчаіснасці, разумець, што адбываецца паміж імі нешта дзіўнае і вычварнае — не як у людзей. І справа тут нават не ў таемных лажаннях праз акно, не ў палкай валтузні ў нетрывала запёртым пакоі, калі родная маці спіць ад іх праз сцяну. Не. Найбольшую Свеціну трывогу выклікала тое, што яна, па сутнасці, нічога пра Сяргея не ведае. Каханы сам не распавядаў пра сябе. Рэдкія і нясмелыя спробы Святланы пранікнуць у таямніцу яго жыцця заканчваліся безвынікова. Сяргей або пераводзіў ейныя пытанні на жарт, або наогул адмоўчваўся. Зрэшты, усё гэта не дужа непакоіла закаханую ў яго Свету, паколькі з лішкам кампенсавалася тым, што дзеелася паміж імі ў спальні. Але толькі да ўчарашняга дня…

Пазаўчора Сяргей падарыў ёй пярсцёнак і завушніцы. Прыгожыя, жоўта-бліскучыя, з каменьчыкамі — гэта, бадай, усё, што магла Света пра іх сказаць. Як кожная нармальная жанчына яна ўзрадавалася пераважна не вартасці падарунка (тым болей што ў гэтым не разбіралася), а ўвазе, праяўленай з боку каханага чалавека. Наступнага дня, зусім без пошлай думкі пафанабэрыцца, яна надзела ўзгаданыя аздобы і пайшла ў інстытут, на заняткі. Але там адбылося нешта нешараговае: каля Светы непрывычна шчыльна сталі ўвіхацца знаёмыя і малазнаёмыя хлопцы, а дзяўчаты з групы кідалі на яе здзіўлена-зайздрослівыя позіркі. Найбліжэйшая сяброўка Іра Кароліч дык і наўпрост спыталася, адкуль у яе такі файны пярсцёнак і завушніцы. Прыйшлося зманіць, што неяк падарыў бацька. Зманіла і тут жа задумалася: навошта? Чаму было не сказаць праўду? І зразумела Святлана, што вось акурат праўды яна больш за ўсё і баіцца. Надта ўжо стасаваліся тыя шыкоўныя рэстараны, куды вадзіў яе Сяргей, з гэтым каштоўным падарункам, а таксама з непрабіўнай таямнічасцю яго асобы… Яна паспрабавала выцесніць з галавы такія непрыемныя разважанні, і гэта ёй збольшага ўдалося. Дамоў Света ехала ў добрым гуморы, прадчуваючы вечаровы Сяргееў званок па тэлефоне, яго п’янлівыя пяшчотныя словы.

Аднак у тралейбусе сусед па сядзенні, пажылы грузнаваты дзядзька ў самавітай дублёнцы, доўга адкашліваўся і хмыкаў, быццам на нешта наважваючыся, а затым крануў Свету за плячо, схіліўся і шапнуў ёй на вуха: “Вы мяне, напрамілы Бог, прабачце, але я б вам параіў усё ж пальчаткі надзець…” — І шматзначна кіўнуў на яе пярсцёнак. Збянтэжаная Света хацела была адкрыць рот, нават абурыцца хацела, але дзядзька па-змоўніцку прыклаў указальны палец да вуснаў і зноў зашаптаў ёй у самае вуха: “Паверце, я стары ювелір і ведаю кошт вашаму пярсцёнку… і завушніцам. Такія рэчы, спадарынька, небяспечна ў грамадскім траспарце напаказ выстаўляць — здымуць, і маргнуць і паспееце. Надзеньце, надзеньце свае пальчатачкі…” Свеце стала ніякавата ад гэтых слоў, яна паспешліва нацягнула пальчаткі, якія раней зняла, каб прабіць квіток. Калі ж ішла дадому, ёй у кожным стрэчным мужчыне бачыўся патэнцыйны нападнік, што кінецца выломліваць ёй правую кісць, або з мясам вырываць завушніцы. Арку, што вяла ў яе двор, Святлана прамінула бягом; стрымгалоў прамчала і тры лесвічных пралёты да кватэры. Аздобы яна, зразумела, зняла перад дзвярамі, сунула ў сумачку. Мамы дома не было і таму ставала часу як след прыхаваць Сяргеевы падарункі. Але пытанне, як з імі быць, засталося нявырашаным.

Да сённяшняга вечара Света думала гэта ціхамірна замяць, то бок нічога Сяргею не гаварыць наконт пярсцёнка і завушніцаў. Яна небеспадстаўна меркавала, што залішнія пытанні могуць сапсаваць іхнія ўзаемаадносіны. Але сёння Сяргей ізноў, ледзь толькі перабраўся цераз падаконнік, расцалаваў яе і выцягнуў з кішэні прадаўгаваты аксамітны футаральчык. У ім ляжалі каралі. Света сумелася, аднак падарунак прыняла, падзякавала. Вядома, што падазрэнні адносна цаны і паходжання Сяргеевых “паднашэнняў” толькі ўзмацніліся…

Прайшло дзве гадзіны, як яны ляжалі ў пасцелі, насценны гадзіннік адстукаў палову чацвёртай. У пакоі панавала непраглядная цемра, паколькі на завулку, што пад акном, ліхтары не тое што не ўключаліся — іх не было. Асобныя ж пражэктары на прылеглых да завулка фармацэўтычных складах былі скіраваны ў глыб тэрыторыі; рассеяныя адбіткі іх святла прыпыняла высокая бетонная агароджа. Цемра спальні добра спалучалася з цішынёю, якую толькі калі-нікалі перарывалі асцярожныя варушэнні, як мага сцішаны шэпт і быццам бы гукі пацалункаў.

— Сяргей, ты мяне прабач, але я не магу прымаць такіх дарагіх падарункаў, — прашаптала Света крыху гучней, чым звычайна.

— Ды кінь ты — дарагіх, — нядбайна буркнуў Сяргей.

— Дарагіх, — упарта паўтарыла Света, — я ведаю, што гэта дарагія аздобы.

— Ну і што! — прыдушана ўсклікнуў Сяргей. — А хоць бы і дарагія? Што, я не магу зрабіць падарунак сваёй каханай жанчыне? Нават дзіўна было, каб я табе абы-што падарыў… У даўніну мужчыны да ног каханак галовы ворагаў прыносілі! А ты кажаш…

— І ўсё ж я не магу прымаць такіх падарункаў.

— Чаму! Чаму не можаш?

— Не здагадваешся?

— Не здагадваюся і здагадвацца не хачу.

— А я табе падкажу. Справа ў тым, што мы з табой тут не першую ноч… забаўляемся, але я нічога пра цябе не даведалася… — Света зрабіла наўмысную паўзу, але Сяргей прыціх, не адказваў.

— Я ад цябе не скрывала нічога: дзе вучуся, хто мая мама, нават пра бацьку свайго чокнутага расказала… А ты? Чаму ты ад мяне тоішся… Я табе вораг, Сяргей? Скажы…

Той варухнуўся ў ложку, яшчэ крыху памаўчаў, а тады прамовіў:

— Усё так, усё слушна, Свецік… Ты маеш права пра мяне ведаць больш. І я даю табе слова, што паслязаўтра запрашу цябе ў госці… што ўсё пра сябе раскажу. Хаця… як вучыць мяне жыццё, часцяком не ведаць лепей, чым ведаць…

— Што ты гэтым хочаш сказаць?

— А тое: хіба нам не цудоўна ўдваіх? Хіба нам, калі мы ўключым зараз святло, будзе цяплей, утульней?.. Мы будзем больш закаханыя?

— Не разумею… пры чым тут…

— Я толькі хачу сказаць, што ад добрага лепшага не шукаюць… Ну а наконт аздобаў, што я табе падарыў, то не трывожся — яны не крадзеныя… Слова даю. А не запрашаў я цябе ў сваю кватэру таму, што жыву, так бы мовіць, па-халасцяцку… І маё жытло, у сваім штодзённым выглядзе, наўрад ці б табе спадабалася… Вэрхал там, Свецік, неверагодны халасцяцкі вэрхал.

— Ну дык я табе прыбраць памагу…

— Ні ў якім разе! — спужаўся Сяргей. — Гэта для мяне справа гонару. Дай толькі суткі, і кватэра мая заблішчыць… Карацей, паслязаўтра я за табой заеду… гадзінак гэтак… у шэсць вечара. Нармальна?

— Нармальна. На машыне?

— На машыне, канешне.

— Дамовіліся.

Тут яны замаўчалі, і хвілін пяць раздавалася варушэнне і цмоканне.

— Слухай, ледзь не забылася, — раздаўся ўрэшце задыханы Свецін голас. — Нам цяпер трэба быць асцярожней.

— Гэта як? — вясёлым шэптам спытаўся Сяргей.

— Ну… як бы табе сказаць… У нас цяпер яшчэ адзін чалавек начуе… акрамя мамы.

— Хто такі? Сваяк, родзіч?

— Ды ў тым і справа, што не сваяк і не родзіч, а… тут цэлая гісторыя.

— Ну?

— Словам, учора вечарам мама вярталася з гасцей, недзе а палове дванаццатай… і наткнулася на лесвічнай пляцоўцы, паміж паверхамі… на чалавека, які ляжаў на падлозе. Ён пачуў яе крокі, варухнуўся, застагнаў і папрасіў памагчы. Мама схадзіла дамоў, разубудзіла мяне. Узялі ліхтарык. Карацей, гэтага чалавека падпаілі, завабілі ў пад’езд, збілі і абрабавалі… Твар яго быў у крывавых пісягах, сіняках… паліто ў брудзе і пыле, парванае. Ён нават не мог стаць на ногі, і мы ледзь дацягнулі яго да кватэры.

— Дык навошта ж адразу ў кватэру? — здзівіўся Сяргей. — Трэ было міліцыю выклікаць. Мо гэта звычайны валацуга ці бандзюган?

— Які валацуга! Тут самае цікавае і пачынаецца. Ведаеш, кім ён аказаўся?

— Ну.

— Дырэктар драматычнага тэатра, найвядомейшы рэжысёр.

— Дырэктар тэатра?

— Так, дырэктар тэатра. Прычым мы з мамай раней на яго спектаклі хадзілі. Во як у жыцці бывае!

— Ды што за глупствы — дырэктар! — недаверліва прабурчаў Сяргей. — А вы правяралі?

— А вось і правяралі! — задзірыста сказала Света. — Кішэні ў яго нападнікі вычысцілі, там нічога не было. Затое раніцой мы знайшлі на пляцоўцы, дзе ён ляжаў, і пашпарт і пасведчанне… як яго… заслужанага дзеяча мастацтваў. Гэта Аркадзь Рыгоравіч Бабаеўскі, найвядомейшае ў Беларусі імя!

Сяргей нічога на гэта не адказаў.

— Няўжо не чуў пра такога? — працягвала Света захопленым голасам.

— Ды… чуў… здаецца, — прамармытаў Сяргей. — Нешта чуў, мабыць…

— Карацей, у яго там праблемы з сям’ёй… ён пакуль у нас пажыве.

— У вас?! — з нечаканым нездавальненнем усклікнуў хлопец.

— Так… А што? — здзівілася Света ягонаму тону.

— Ды як жа — чужы чалавек, а вы так лёгка яго пускаеце! Бязглуздзіца нейкая…

— Ды чаго ты гарачышся? Табе што за клопат?

— Нічога не разумею… Дзве жанчыны прывячаюць абсалютна незнаёмага чалавека. Неверагоднае легкадумства! Ды ў вас жа два пакоі ўсяго!

— Дык ён на кухні, на раскладушцы спіць.

— Крута! — фыркнуў Сяргей і нервова хіхікнуў. — І доўга ён тут збіраецца… пражываць?

— Не ведаю… Ну, папрасіў некалькі дзён. Ды чаго ты так ускінуўся!

— “Ускінуўся”! Чужы мужык спіць у трох метрах ад маёй каханай жанчыны, а я радавацца павінен?! Нейкі п’янтос і стары распуснік…

— Чаму ён п’янтос і распуснік? Чаго ты незнаёмага чалавека ганіш?

— А таму п’янтос, што вы яго ў сцельку п’яным знайшлі! А таму распуснік, што пасяліўся ў незамужніх жанчын! Сволач.

— Ну, не чакала ад цябе такога, Сяргей…

— Канешне, — у голасе хлопца прагучаў ядавіты сарказм, — ты чакала, што я ў ладкі запляскаю ды пабягу з ім расцалоўвацца!.. — І тут жа дадаў крыху спакайней: — Слухай, а як, цікава, ты ў туалет па начах будзеш хадзіць? У вас жа кухня якраз насупроць туалета. І ты, маладая дзяўчына, у начной сарочцы… А дзверы ў кухню, нябось, празрыстыя? Га?

— Я не буду адказваць, калі са мной такім тонам…

— Ну і не адказвай, а я пайду! — Сяргей падхапіўся з ложка і ўсчаў важдацца ў цемры.

— Куды ты пойдзеш — самая ноч! — устрывожылася Света і таксама саскочыла на падлогу.

Яна паспрабавала перашкодзіць Сяргеевым апрананням, але хлопец яе адхіліў.

— Тс! Ты што — здурнела? Зараз твой дырэктар прымчыцца.

— Куды ты, я цябе пытаюся, папрэшся пасярод ночы? — усхвалявана шаптала Света.

— Не праблема, — ужо не так сярдзіта, з прымірэнчымі ноткамі ў голасе сказаў Сяргей. — Выскачу на праспект, там у любы час таксоўку можна злавіць.

— Ды пачакай ты хаця дзве гадзіны.

— Не магу. Нешта нервы мае растузаліся.

— Ну чаго ты так на гэта зрэагаваў? Ну пажыве ён некалькі дзён і з’едзе.

— Ладна, Свецік, — у цемры раздалося некалькі паспешлівых пацалункаў, — не будзем пра гэта. А паслязаўтра — як і дамаўляліся. Добра?

— Добра…

— Не крыўдуй.

Яны прывычна расчынілі акно, перакінулі вяровачную лесвіцу, і праз колькі хвілін Сяргей цвёрда стаяў на зямлі. Ён развітальна ўзмахнуў рукой і пашыбаваў налева, каб завярнуць за рог дома.

31

Апошні мясяц Анжэла Гольцава жыла ў пастаянным стрэсе. Усё было не так, усё з рук валілася. А галоўнае, даймалі штоночныя званкі па тэлефоне ад нейкага вырадка. Рэдка якую ноч не было гэтых пакутлівых званкоў. І нават калі тэлефон маўчаў, то ўсё адно не магла спаць спакойна Анжэла, бо кожную хвіліну чакала, што затрашчыць апастылы аппарат, і прыйдзецца наўзгалоп ляцець да яго, каб сын не прачнуўся.

На тым канцы лініі, калі Анжэла брала трубку, злавесна маўчалі. І гэта найбольш вярэдзіла яе нервы. Іншым разам хацелася ўзняць тэлефон дагары і са смакам разбіць аб падлогу. Карцела выкрыкнуць у трубку праклёны начному дамагальніку, паслаць яго да чортавай маці. Але не насмельвалася на гэта Гольцава, а толькі здымала трубку, з трымтлівым сэрцам прыпадала да яе і баязліва ўслухоўвалася ў цішыню. Яна чамусьці была ўпэўненая, што гэта штукарствы яе ненавіснага мужа, які і з турмы, праз нейкага памагатага, хоча яе даканаць. А можа?.. Не, яна нават думаць сабе не дазваляла пра гэтае “можа” — пра тое, што Антось выйшаў на волю і, перш чым нанесці смяротны ўдар, з асалодай шкуматае яе душу. А на волю ён выйсці не мог іначай, як праз уцёкі… Гэта было самым жахлівым, што магло здарыцца, і Гольцава ўсяляк адганяла, адштурхоўвала ад сябе такія здагадкі. І, вядома, не магла пазбыцца дазвання — не давалі начныя званкі.

А яшчэ Віталік, сужыцель, стаў начаваць у яе ўсё радзей, спасылаўся на жыццёвыя цяжкасці і праблемы, якія ён павінен адолець. Прыходзіў добра калі раз на тыдзень, быў негаваркі, маркотны, нязменна прыносіў бутэльку таннага віна… Не, не магла Анжэла дзяліцца з ім сваімі трывогамі.

Да таго ж сын Андрэйка стаў на сябе не падобны, закінуў вучобу, атрымоўваў тройкі і двойкі, а аднаго разу моцна пабіў аднакласніка. Анжэлу выклікалі ў школу, і адбылася непрыемная размова з класным кіраўніком, а таксама прыйшлося прасіць прабачэння ў бацькоў збітага хлопчыка. Сам Андрэйка на яе ўшчуванні не рэагаваў, урокі па-ранейшаму рыхтаваў абы-як, а ўсё больш праседжваў у закутку з прыгодніцкімі кніжкамі. Чытаў запоем. Анжэла не ведала спосабу, як прымусіць Андрэйку ўзяцца за розум, акрамя фізічнага пакарання. А гэта, зважаючы на сынава заіканне, было недапушчальна.

Аднойчы ў суботу, пасля аж трох начных званкоў, што раздаліся з двухгадзіннымі прамежкамі, Гольцава адважылася на адчайны крок. Выправіўшы Андрэйку ў школу, яна неабачліва лёгка апранулася і паехала ў супрацьлеглы кут горада, дзе ў даваеннай чатырохпавярхоўцы, у камунальным пакоі, пражывала ненавісная ёй свякруха. Не, Анжэла не пайшла да яе, а змяшалася з натоўпам пакупнікоў перад крамай “Садавіна-гародніна” (там быў невялічкі рынак) і цікавала за свякрушыным пад’ездам. Нягледзячы на мароз і пранізлівы вецер, яна пратырчала там гадзіны тры ў вар’яцкім спадзеве пабачыць Антося. Што яна будзе рабіць, калі сапраўды згледзіць абрыдлага мужа, Гольцава не ведала.

Адно што займела Анжэла ад гэтае варты — абветраны твар, азяблае цела і скалелыя да болю ў пазногцях пальцы. Нават свякруха з пад’езда не выйшла.

Па вяртанні дадому Гольцаву чакаў новы сюрпрыз. У паштовай скрыні, якую яна рэгулярна правярала (хоць па беднасці і не выпісвала газет), ляжаў безыменны канверт. Яна паспяшалася ў кватэру, скінула паліто на тумбачку, прайшла ў кухню і там, пры гожым дзённым святле, ускрыла каверт і прачытала напісаны ад рукі тэкст:

“Анжэла! Даруй, што паведамляю табе гэтую сумную навіну ў пісьмовай форме. Але, павер, гэта адзіны спосаб сказаць табе ўсё неабходнае, каб не захліпнуцца ад слёз. Прыйшла пара падвесці непазбежную рысу ў нашых узаемаадносінах. Пагадзіся, што яны не маглі працягвацца доўга ў такім млявым, выродлівым выглядзе. Усяму ёсць мяжа. Аднак крый мяне Божа ў чымсьці цябе вінаваціць. Вінаватыя мы абое, паколькі легкадумна, надзвычай легкадумна ставіліся да жыцця, да нашага сумеснага пражывання. Такія сустрэчы Бог дае толькі раз, іх трэба цаніць. Мы не скарысталі свой шанц.

Калі ты чытаеш гэтыя радкі, я ўжо ў дарозе: пад мерны грукат цягніковых колаў журліва гляджу ў акно, з кожнай хвілінай аддаляюся ад сталіцы, якую за чатыры гады ўзненавідзеў усёй душою. Так, Анжэла. Я кінуў інстытут, нягледзячы на тое, што ўсё-такі агораў зімовую сесію, і накіроўваюся на радзіму. Праўдзівей, інстытут я не кінуў, а толькі ўзяў акадэмічны водпуск. Аднак сумняваюся, ці знайду сілы калі-небудзь яшчэ прыехаць у Мінск. Надта ўжо няшчыра, меркантыльна, бязбожна жывуць тут людзі. Яны думаюць, што жыццё — гэта яркія фарбы, тэлевізійныя шоу, расфуфыраныя даўганогія дзяўчаты; яны лічаць, што жыццё — гэта імклівыя аўто, мабільнікі, “відзікі”, кампутары і факсы… Не, Анжэла, яны памыляюцца. Жыццё — гэта трэль салаўя над росным разлогам, гэта ўсплёск карася ў зацішным лясным азярцы, гэта пах сенажаці… А галоўнае — гэта наша шчымлівая, узвышаная самота, калі адчуваеш сябе здатным гутарыць з вечнасцю. Мы ўсё роўна адны, Анжэла, адны на ўсім свеце: кожны самотны, страшэнна самотны і асуджаны на смерць ад самага нараджэння. А сям’я, сябры, саслужыўцы адно памагаюць нам адолець гэты пакутны шлях ад калыскі да дамавіны… А часам і перашкаджаюць, бо адно што патрэбна нам на жыццёвым шляху — далучыцца да вечнага… А тады і памерці не страшна.

Я еду дамоў, Анжэла. У той кут, дзе ўпершыню ступіў басанож на маці-зямельку. Еду, каб прыдбаць душэўны спакой. Я знаю, што будзе мне там няпроста — сямейнае становішча маё ты ведаеш. Але шлях да Бога заўсёды ляжаў праз выпрабаванні, праз згрызоты сумлення і цялесную змору. Аднаго баюся, каб не спіцца, зламаўшыся духам. Гэта самае страшнае і адначасова самае верагоднае, што можа мяне чакаць…

Не памінай мяне ліхім словам, Анжэла. Не таі крыўды і злосці — яны толькі атручваюць наша жыццё і, як правіла, не памочнікі ў вырашэнні праблем. Расстанёмся ж па-добраму. А там… нязведаны шляхі Гасподнія, і можа так стацца, што яшчэ раз сустрэнемся мы з табой пад гэтым захмараным беларускім небам…

Аб адным прашу, не гавары Андрэйку пра гэты ліст, не траўміруй дзіцячую псіхіку. Пастарайся наогул маўчаць пра мяне — ён спакваля і забудзецца. А хлопец ён добры, гэта я табе з усёй адказнасцю гавару. Ведаю, вырасце чалавекам.

Усё ж не развітваюся назусім, не гавару “бывай”, роўна як і не кажу “да пабачэння”. Дамо ж Госпаду вызначыць нашыя пуцявіны.

А таму: шчасця вам, здароўя і дабрабыту…

Віталік”.

Скончыўшы чытаць, Анжэла не заплакала, не пабляднела, і ніводзін мускул не таргануўся на яе твары. На ім застыў выраз няўцямнага ашаламлення. Маруднай, увобмірг ацяжэлай хадою яна патупала з кухні. Ліст трымала ў апушчанай уздоўж цела правай руцэ. Яна зайшла ў залу і накіравалася да кніжнай секцыі. Пацягнула на сябе адну з шуфлядаў, дастала сярэдніх памераў шкатулку, дзе захоўваліся ўсе найважнейшыя дакументы (пашпарт, метрыкі, ашчадная кніжка, разнастайныя пасведчанні). У гэтай жа шуфлядзе, пад жоўтым лістом кардону, што засцілаў дно, ляжаў маленечкі серабрысты ключык. Анжэла дастала яго і адперла шкатулку. Затым няспешна і дзелавіта склала ў чатыры столкі Віталікаў ліст і засунула яго ў кіпу, між іншых папер.

Усё гэта яна прарабіла з тым жа застылым на твары бездапаможным ашаламленнем. Хутка шкатулка была заперта і вернута на сваё сталае месца.

Гольцава самнамбулічна павярнулася, зрабіла некалькі млявых крокаў да цэнтра залы, і тут, нібы прабіўшы нябачную плаціну, з яе грудзей вырваўся сіплы, усхліпісты енк, а твар мігам перакасіла роспачная грымаса. Жанчына пахіснулася на аслабелых нагах, з цяжкасцю дапяла канапы, што знаходзілася праваруч, і ніцма павалілася на яе; поўнае нехлямяжае цела закалацілася ў плачы.

Упала на канапу Анжэла няёмка: не плазам, а больш левым бокам, прычым левая рука выродліва падвярнулася ў локці, заламалася, і цела, што ўздрыгвала ў слёзных сутаргах, ціснула на гэтую падвернутую руку. Спадніца збілася і высока адкрыла правае сцягно ў празрыстай панчосе — тоўстае друзлае сцягно жанчыны бальзакаўскага ўзросту.

Так рыдала яна, немаладая і ўжо не вельмі прывабная жанчына, якую на дадзены момант не кахаў ніводзін мужчына на свеце, і, верагодна, ніхто ніколі не пакахае. Рыдала ў агромністай шматпавярхоўцы, дзе зверху, знізу, з усіх бакоў знаходзіліся людзі, людзі і людзі… Адгароджаныя мурамі і бетоннымі перакрыццямі, яны не чулі ейнага плачу і былі бясконца далёкія ад яе. Іх быццам не існавала.

Але ўсё ж Анжэла была не адна і таму, прарыдаўшы з паўгадзіны, яна схамянулася, села, выцерла слёзы насоўкай і пацягнулася на кухню, дзе неўзабаве застукаў нож аб шаткавальную дошчачку, забразгалі каструлі, зашквырчэла на патэльні цыбуля, палілася з крана вада…

Праз паўгадзіны вярнуўся са школы Андрэйка.

32

Света Стрэчань так і не дачакалася званка ад Сяргея ў той дзень, на які яны змовіліся сустрэцца і паехаць да яго на кватэру. Не было ад яго ніякіх звестак і ў наступныя некалькі дзён.

Душэўны стан Светы ўвесь гэты час быў крайне складаны. Крыўда і боль ад таго, што каханак яе падмануў, чаргаваліся з раптоўнымі прыступамі трывогі за Сяргея — што з ім здарылася нешта непрадбачанае і катастрафічнае. Яна знемагала ад бяздзейнага адчаю, ад таго, што не толькі нічым не можа яму дапамагчы, але і даведацца пра яго няздатная. Станавілася жудасна ад думкі, што ў агромністым Мінску, з яго двума мільёнамі жыхароў, яны могуць не спаткацца, нават пражыўшы сто жыццяў. Але тут жа прыходзіла ў галаву, што калі Сяргей жывы і здаровы, то не аб’яўляецца ён якраз таму, што парашыў яе кінуць. Так, банальна кінуць, удосталь пакарыстаўшыся яе целам… Падлюга! І нянавісць, чорная, замяшаная на рэўнасці да невядомай саперніцы нянавісць апаноўвала Свету.

Хадзіць у інстытут стала для яе сапраўднай мукай, бо розум, заняты сваім набалелым, начыста адмаўляўся ўспрымаць прамовы выкладчыкаў. Света адседжвала лекцыйныя гадзіны, безуважна ўтаропіўшыся на кафедру, і амаль нічога не запісвала. На семінарах пару разоў атрымала нездавальняюча і неўзабаве наогул перастала іх наведваць. Але самым нязносным было цярпець смех, рогат і хіхіканне аднагрупнікаў, якія жылі звычайнымі клопатамі і не здагадваліся, якія пакуты прычыняюць Свеце сваімі бадзёрымі, жыццярадаснымі галасамі. Яна з жахам адкрыла, што ўсё, чым займаюцца яе аднакашнікі ў інстытуце, гэта зусім не вучоба, а пастаянны, шматстайны, бясконцы флірт. Хлопцы прыстаюць да дзяўчат з прымітыўнымі досціпамі, дзяўчаты гэтак жа дасціпна стараюцца ім адказаць, какетнічаюць. Прычым робіцца ўсё гэта пад маскай цынізму і грубасці. О, як брыдка, як мярзотна станавілася ў яе на душы ад гэтых пошлых амураў! Света не адказвала на жарцікі-заляцанні хлопцаў, што ляпіліся да яе на занятках; на перапынках жа спяшалася адысціся як найдалей ад сваёй групы. Аднак гэта не дапамагала, таму што і каля іншых аўдыторый, у калідорах, на розных паверхах інстытута адбываўся, цвіў і працвітаў той жа ўсепаглынальны флірт.

Света не даседжвала да канца заняткаў і, з агідаю ў душы, зрывалася дамоў. Да таго ж яна апасалася, што Сяргей патэлефануе ўдзень, калі яна ў інстытуце. Але тэлефон маўчаў. Канешне, ён не маўчаў наогул, ён званіў, але тыя званкі не толькі не прыносілі Святлане радасці, а станавіліся ўсё больш ненавіснымі. Калі тэлефанавалі якія прыяцелькі, яна адказвала ім непрыветлівым, адчужаным голасам і не магла дачакаццка, калі яны ад яе адчэпяцца. Аднак пры кожным новым званку ляцела да тэлефона стралою, з крыкам “Гэта мне, не кранай!” апярэджвала маці… каб каторы раз расчаравацца, каб каторы раз узненавідзець увесь чалавечы род.

Дома Света не магла нічым займацца, як толькі паныла сядзець ці ляжаць на канапе і шкуматаць сваю душу думкамі пра Сяргея, пра тое, як вераломна ён яе кінуў. Раздражняла ўсё: тарахценне машын пад акном, скрэб дворнікавага шуфля, крокі пешаходаў, верашчанне тэлевізара ў зале. Дарэчы, тэлевізар цяпер працаваў да глыбокае ночы, і перад ім, гамонячы, праседжвалі мама і іх новы сужыцель, Аркадзь Рыгоравіч. Ім, відаць па ўсім, было весела. Весялей з кожным днём. Так весела, што Света баялася выйсці ноччу ў туалет, каб не адкрыць для сябе, што госць ужо не начуе на кухні… О, як жа ўсё прымітыўна, як брыдка на свеце! Амаль штовечар Нэля Аляксандраўна выпраўлялася з Бабаеўскім у тэатр. І хоць Свеце было зараз не да тэатраў і яна б нізашто туды не пайшла, усё ж было крыўдна, што яе з сабою не клікалі.

Але і мама з Аркадзем Рыгоравічам, і інстытут як бы адышліся ад Светы на задні план, з’яўляліся нейкім малазначным фонам для адзінай сапраўднай душэўнай пакуты, якая не давала ні спаць, ні есці. Каханне пакідала яе. Яго месца займала нянавісць. Палкія ўзаемадачыненні з Сяргеем, што доўжыліся каля месяца, паўставалі цяпер зусім у іншым святле, уяўляліся пошлымі, нячыстымі і крывадушнымі. У падрабязнасцях прыгадвалася Свеце, як цешыліся яны па начах, якія словы адно аднаму гаварылі. Усё — зман, вераломства і подласць! Усё пустое. Пустое, таму што завяршаецца нелюбоўю. Балюча ўспаміналася тая сарамата, якой ён абучаў яе ў пасцелі. Тое, што прыносіла раней неймаверную асалоду, цяпер здавалася агідным, нізкім і млосным — тым, на што чалавек у цвярозым розуме ніколі не пойдзе. А яны ішлі, а яны бессаромна наталяліся адно адным, а затым… Затым ён проста выкінуў яе, як скарыстаную, непатрэбную рэч. Як зношаныя чаравікі. Падонак!

У панядзелак вечарам, калі мама з Аркадзем Рыгоравічам па завядзёнцы адсутнічалі, раздаўся тэлефонны званок. Было каля дзевяці гадзін.

— Ало, Света? — прамовіў у трубку п’яны, як здалося, голас Сяргея.

— Гэта ты?! — усклікнула Света; яна хацела сказаць многае, хацела асыпаць яго папрокамі, але вострае жаночае чуццё падказала, што ўсё гэта лішняе…

— Света, я званю табе сказаць, што я подлы, нізкі, нікчэмны чалавек. Я нават прабачэння ў цябе не буду прасіць, бо тое… тое, што я зрабіў, нельга дараваць.

— Што?.. Што такое ты кажаш?..

— Забудзь мяне, Света! Забудзь, і гэта лепшае, што ты можаш зрабіць. Такія, як я, не вартыя не толькі жыцця на зямлі, але і людское памяці.

Ад гэтых слоў Света атрымала палёгку. Цяпер, прынамсі, усё праяснілася. Цяпер…

— Ды што? Што, нарэшце, такое! — аднак мімаволі ўскрыкнула яна і спужалася свайго прарэзлівага голасу ў пустым калідоры.

— Нічога, абсалютна нічога, Света. Я проста прывід, мяне няма, а прывідаў нельга кахаць… Забудзь, уяві, што нічога не было паміж намі… Так будзе лепей.

— Як?! Як нічога не было?! Што ты такое нясеш! Апамятайся! А ночы, гэтыя бессаромныя нашы ночы, калі мы крадком, нібы зладзеі… Ды як ты можаш такое казаць, Сяргей?!

— Гэтага не было, Света! Нічога гэтага не было, таму што я прывід, міраж, мыльная бурбалка!

— Не, Сяргей! Ты не міраж, не прывід, бо яны не пазбаўляюць дзявочай цноты, яны не пакідаюць пасля сябе вяровачных лесвіц і дарагіх упрыгожванняў. А ты… Ты зусім рэальны нягоднік. І я… — тут Света ўсхліпнула, голас яе сарваўся, з вачэй хлынулі слёзы. — Я цябе ненавіджу…

— Правільна! — усклікнуў Сяргей. — Правільна, Света! Я варты нянавісці. Але… Але ты мяне ўсё яшчэ кахаеш, бедная мая Света.

— Ненавіджу! — рыдаючы, крычала ў трубку дзяўчына. — Гад! Падонак! Вырадак подлы!

— Ты яшчэ кахаеш! — з недарэчным зларадствам доўжыў Сяргееў голас. — І каб стала табе лягчэй… каб было лягчэй са мной развітацца, то я… я табе вось што скажу. Я здрадзіў табе! Чуеш? Здрадзіў! У той дзень, калі мы збіраліся ехаць да мяне на кватэру, я стаяў, ужо стаяў ля твайго дома, ужо хацеў патэлефанаваць. Але не патэлефанаваў, а замест гэтага пайшоў у бліжэйшы шынок і нарэзаўся да ачмурэння! Напіўся як люмпен… А тады… тады, Света, я ўзяў за грошы звычайную прастытутку. Чуеш?! — выкрыкваў ён распаляючыся. — І правёў з ёй ноч… у гасцініцы “Мінск”, цэлую ноч кахання.

— Ты хлусіш, падлюга! Хлусіш!

— Гэта праўда, гэта такая праўда, пасля якой… пасля якой нам лягчэй будзе расстацца.

— Ты хлусіш… хлусіш… — Света ўжо не магла крычаць, голас яе апаў да шэпту.

— Бывай. Бывай, Света! І забудзь пра мяне, забудзь назаўсёды…

На тым канцы лініі раздаліся кароткія гудкі.

…Света правяла жахлівую ноч. Кожны гук, кожны рып і шоргат вярэдліва аддаваліся ў яе мозгу. Яна чула, як вярнуліся мама з Аркадзем Рыгоравічам, як яны пастуквалі і гаманілі на кухні, потым уключылі ў зале тэлевізар і доўга яго глядзелі. Яна чула, як мама, па прыходзе, паспрабавала да яе зайсці, але дзверы былі запёрты на засаўку. Нэля Аляксандраўна пару разоў тарганула іх і адышлася. Яна, відаць, падумала, што дачка спіць.

А Света не спала, не спала гадзін да пяці раніцы, змардаваная не думкамі нават, а нібы залезлі ў яе мозг прутом і шуравалі ў звілінах. Было душна, было мулка, было невыносна…

І вось здалося, што дыхнула на яе свежасцю — быццам павеў начнога ветру ўварваўся ў Свецін пакой. Яна страпянулася, села на ложак і пачала ўзірацца ў цемрадзь. Вочы пакрысе прывыкалі, і яна разабрала, што павеў — цёплы вільготны павеў — ідзе ад акна, якое расчынена. Расчынена? Кім? Света падхапілася, саскочыла на падлогу і падыбала да акна. Па меры таго як яна набліжалася, стала чутно, што знадворку шчабечуць птушкі. Шчабечуць па-веснавому, залівіста. Але адкуль птушкі, калі за акном снег, сакавіцкая слота? І ноч… а птушкі збольшага маўчаць па начах. Каля падаконніка Света ахнула: вяровачная лесвіца ўмацавана за батарэю і перакінута ўніз. Дзяўчына перагнулася і ўбачыла, што па лесвіцы паднімаецца чалавек у чорным камбінезоне і чорнай вязанай шапцы. Мерна, прывычна лезе. Гэта Сяргей! Ён вярнуўся. Неверагоднай радасцю напоўнілася Свеціна сэрца. Сяргей вярнуўся! А на двары вясна — цёплы ветрык авявае яе рукі, забіраецца пад начную сарочку, лашчыць твар. Шчабечуць-заліваюцца птушкі. Але адкуль, з якіх дрэў? Усё патанае ў вільготнай вясновай смузе, у начным прыцемку… А Сяргей набліжаецца. Вось ён ухапіўся правай рукой за падаконнік, левай, падцягваецца, вось-вось перакіне нагу… І тут ён падняў твар: на Свету нахабна глядзела, выскалялася ваўчыная морда. Бяздумныя маленькія вочы, вялізныя белыя зубы. Жудасны, немы Свецін крык прарэзаў начную цішу; ён зліўся з глухім, сіплым ваўчыным рыкам у нейкі вычварны унісон. Гэты падвойны крык нібы сарваў ваўкалака з падаконніка, і ён каменем шухнуў долу. Света перастала крычаць, уражаная рэзкім знікненнем начнога прыхадня, але доўга, ненатуральна доўга чула яго перадсмяротны енк, нібы ляцеў ён у прорву, а не падаў з другога паверха. Госпадзе, хутчэй бы… хутчэй бы скончыўся гэты д’ябальскі енк!

Света прачнулася ў ліпкім поце. За акном займаўся пахмурны світанак. Гадзіннік паказваў палову сёмай.

Але гэты нованароджаны дзень, што нёс радасць абуджэння мільярдам жывых істот на зямлі, не абяцаў Святлане ні дабра, ні спакою.. Яна баялася ўставаць, баялася падыходзіць да акна, каб не ўбачыць усё той жа зляжалы снег, абрыдлую сакавіцкую слоту. Што рабіць ёй у гэтым бяздушным горадзе, у інстытуце, дзе ўсе ёй чужыя? Не, яна пакуль што не будзе ўставаць.

Света павярнулася да сцяны, нацягнула коўдру на самую макаўку і заціхла. Праз паўгадзіны павінна ўстаць мама, за ёй — Аркадзь Рыгоравіч. Дзяўчыне не хацелася яго бачыць апошнімі днямі, яна штораніцы чакала, пакуль ён паснедае і пойдзе на працу. Так будзе і сёння. Ну ладна, пойдзе ён, тут жа пыталася ў сябе Света, а далей што? А далей тыя ж назойлівыя, душазнішчальныя думкі? Трэба заснуць, забыцца, сасніць нешта лагоднае, адмежавацца ад жыцця, з яго вераломствам і подласцю…

І дзяўчына на міг задрамала, але не было ёй збавення ў гэтым сне: глухі працяглы стогн ваўкалака скалануў яе існасць. Начны прыхадзень усё яшчэ ляцеў у сваю бяздонную прорву!

Света рыўком страсянула з сябе коўдру, села на тахце, падкурчыўшы ногі да грудзей; ногі абхапіла рукамі.

Неўзабаве кватэра ажыла: пачуліся галасы мамы і Аркадзя Рыгоравіча. Няўжо ён усё-такі начаваў у маміным пакоі? Якая мярзота! Як жа брудна, як нізка ўсё на зямлі! Света не хацела, зусім не хацела іх бачыць.

Вось і мама пад дзвярыма, зараз пастукае. Стукае.

— Свецік, уставаць бы пара. Свецік!

— Мне сёння на другую пару… — адказала дачка падробна сонным голасам.

Маці не стала настойваць, пайшла карміць гэтага Аркадзя Рыгоравіча. Канешне, ёй цяпер ёсць пра каго клапаціцца. “Ненавіджу, ненавіджу іх! — грэбліва зморшчылася Света. — Тараканы”.

Недзе праз паўгадзіны яна засталася ў кватэры адна. Прайшла на кухню — у начной сарочцы, басанож, з разбэрсанымі пакутлівым сном валасамі. Трэба было выпіць кавы, каб узбадзёрыцца. Света скіпяціла вады, дастала бляшанку з растварымай кавай, усыпала дзве чайныя лыжкі ў кубак, усыпала цукру… Піла прагна, апякаючы язык і паднябенне. Але калі выпіла палавіну, адчула млосць, даўкія спазмы ў горле. Яна кінулася да ракавіны, сагнулася напалам… Здавалася, што сам страўнік вылеціць праз рот — такая жахлівая была рвота.

“Гэта ад духаты, ад начнога кашмару, — думала Света, калі валаклася на аслабелых нагах у сваю спальню. — Трэба выйсці на вуліцу, абавязкова… падыхаць… падыхаць свежым паветрам”. Сяк-так яна апранулася. Збітыя валасы, не расчэсваючы, схавала пад шапку; не наводзіла і макіяж — навошта?

Ранак сустрэў яе імжой, туманам, горамі бруднага снегу. Толькі на праспекце Скарыны, на самай праезджай частцы, шарэў асфальт. Па асфальце порстка імчалі разнамасныя аўтамабілі. Пешаходы ж тэпалі па тратуары, пакрытым вадзяністай адліжнай плёнкай. Тут лёгка можна было ўпасці і пакалечыцца.

Света брыла ўверх, у бок ГУМа. Рып, тарахценне і бразганне машын балюча цвялілі яе нервы. Раздражнялі і жвава-бадзёрыя пешаходы, якія спяшаліся як на пажар. Навошта? Куды яна так шыбуюць? Куды імкнуцца, калі ўсё мана, ашуканства і подласць? Трэба дайсці да сквера, думала дзяўчына, там мала людзей, там можна ціха пасядзець і падумаць… Але пра што? Пра што яна можа думаць на гэтай зямлі?..

Дзяўчына ўжо набліжалася да ўвахода ў сквер, калі з падземнага выхаду станцыі метро, непасрэдна на яе, высыпала гурма іншаземцаў, чалавек пятнаццаць. Гэта, відаць па ўсім, былі экскурсанты. Румяныя, усмешлівыя, дагледжаныя і густоўна апранутыя, яны весела гергеталі па-англійску, выкрыквалі, размахвалі фотаапаратамі. Некаторыя абярнуліся да Палаца Рэспублікі, паказвалі на яго рукамі, наперабой нешта гаварылі, ускліквалі, рагаталі…

Света як заварожаная глядзела на гэтую гурму: сытыя ўсмешлівыя твары, бялявыя валасы і, галоўнае, англійская мова іншаземцаў мігам нагадалі дзяўчыне разбуральнікаў яе сям’і, сумна вядомых Біла і Джэка. Але не згадка пра тых сектантаў паласнула Свеціна сэрца, а вобраз роднага бацькі — Лявона Міхалыча. Бацькі, які ўжо тры гады як пакінуў яе на вырак лёсу, які за гэты час ніводнага разу не патэлефанаваў, не пацікавіўся роднай дачкою. Света нібы наяве ўбачыла Лявона Міхалыча — на мяккай канапе, у абдымку з маладой пекнай жонкаю Юляй; а па каленях, руках і плячах гэтай парачкі поўзаюць сыны — тры гарэзныя румяныя карапузы… А яшчэ прыгадала Света эпізод чатырохгадовай даўнасці, калі тут, менавіта ў гэтым падземным пераходзе, чыхвосціў Лявон Міхалыч жабрака, успомніла, як ударыў бацька нагой па шапцы няшчаснага, як падняліся ў паветра папяровыя грошы…

Стрымгалоў, спатыкаючыся, як і чатыры гады таму, памчалася Света дамоў. Два разы пакаўзнулася і ўпала на пакрыты вадою лёд. Болю яна не адчувала.

Дома яна не марудзячы прайшла ў ванную — хацелася набраць гарачай вады, залезці ў яе і ляжаць, сагравацца. Ляжаць цэлы дзень і не бачыць, не бачыць нікога… Але гарачай вады не было, ішла толькі халодная. Божа, за што?! Ёй жа так патрэбна зараз гарачая вада. Света рынулася на кухню, крутанула тамашні кран: пацякла халодная — рудаватая, з іржою. Холадна, як жа холадна на гэтым свеце!

І тут яе позірк упаў на нож — звычайны кухонны нож, што ляжаў каля ракавіны. На ім былі відны ільсняныя сляды чорнага хлеба… Страшнае рашэнне ўвобмірг саспела ў Свецінай душы. Яна схапіла нож у правую руку і прыціснула да грудзей, нібы апасаючыся, што яго адбяруць. Цяпер у галаве панавала толькі адна ідэя — ідэя збавення ад холаду, ад вераломства і подласці: ад жыцця.

Спалатнелая, усё яшчэ ў верхнім адзенні, хісткай хадою рушыла Света з кухні, усё прыціскаючы кухонны нож да грудзей; прайшла ў свой пакой, зачыніла дзверы і зашчоўкнула засаўку…

33

Яшчэ за два метры да сваёй грымёркі Сяргей Пугач расчуў там голас Альберта Сычова і гідліва паморшчыўся. Увайшоўшы, убачыў, што Альберт сядзеў на тумбачцы Янкі Тышкевіча, боўтаў нагамі і ўзахлёб распавядаў нейкую займальную гісторыйку. Тышкевіч ёрзаў на крэсле перад люстэркам і прыдзірліва разглядаў свой твар.

Сяргею не хацелася рукацца з Альбертам і таму ён проста сказаў: “Здароў, хлопцы”, — і адразу ж усеўся за свой грымёрны столік; прыняўся перабіраць рыштунак.

Альберт яўна не спяшаўся сыходзіць і несупынна цвяліў Сяргееў слых тэатральнымі показкамі. Пры гэтым раз-пораз усклікваў “Вой, не магу!”, хапаўся за жывот і скаланаў цесную грымёрку грымлівым рогатам. Тышкевіч жа з захапленнем яго слухаў, падсмейваўся, і відавочна было, што ён таксама не спяшаецца грыміравацца.

— А што, хлопцы, можа, сёння рэпетыцыі не будзе? — з’едліва і раздражнёна спытаўся Пугач у дакучлівых хлопцаў.

— Будзе, толькі без Бабаеўскага, — нядбайна кінуў яму Альберт і, ляпнуўшы далонь аб далонь, тут жа ўскрыкнуў: — А во, Янка, яшчэ хохма была! — І ўсчаў рагатліва распавядаць Тышкевічу чарговае пашлоцце.

— Як не будзе? — перабіў яго Сяргей. — А хто за яго?

— Хутчэй за ўсё Фурсаў, — адказаў Янка. — Так што лафа.

— Дык а што з Баб.. — Пугач хацеў сказаць “з Бабаем”, але ўспомніўшы пра Альберта, запнуўся і паправіўся: — З Рыгорычам?

— А нешта там дома ў яго, — ухмыліста зірнуў на Сяргея Альберт. — Надзвычайнае здарэнне нейкае…

— Адкуль ты ведаеш?

— Ведаю, калі гавару, — нават пакрыўдзіўся Сычоў. — Ён яшчэ з вячэрняга спектакля сарваўся. І сёння, Нінка казала, яго да абеду не будзе… Рыгорыч жа ўжо з Зарэмбай — цю-цю, памахаў, так бы мовіць, ручкай, — працягваў ухмыляцца Альберт. — У старой сям’і, мабыць, што здарылася…

Тут Альберт пераключыў увагу на Тышкевіча, усклікнуў: “А во, Янка, паслухай лажу!” — і, артыстычна крыўляючыся, запоўніў грымёрку новай показкай.

Ён залівіста распавядаў хвілін пяць, як адчуў, што яго схапілі за плячо, тарганулі і сашмаргнулі з тумбачкі. Перад ім, з раз’юшаным перакошаным тварам, стаяў Сяргей і трымаў загрудкі.

— Перастань тут іржаць, чуеш! — хрыпеў Пугач і да трэску камячыў Сычову кашулю.

— Ды ты што, ачмурэў?! — абурыўся Альберт і схапіў Сяргея за рукі, намагаючыся выслабаніцца; цыбаты, ён быў на добрых паўгалавы вышэйшы за Пугача.

Але той з нечаканай сілай сарваў яго з месца, давалок да дзвярэй і вышпурнуў у калідор. Усё адбылося нагэтулькі вокамгненна, што Янка Тышкевіч нават не паспеў да іх падскочыць, каб спыніць тузаніну. Ён толькі лыпаў ад здзіўлення вачыма.

— Дэгенерат! — гарлаў з калідора асмялелы Альберт. — Псіх! Я на цябе ў суд падам!

Пугач не адказваў на яго выкрыкі. Выставіўшы Сычова з грымёркі, ён неяк звяў, абмяк, шаргатлівай хадою дацёгся да свайго крэсла, сеў і абхапіў галаву рукамі.

— Навошта ты з ім так? — падышоў да Сяргея Тышкевіч.

— А хай не рагоча, — буркнуў той ужо без ранейшай злосці.

…Пасля абеду, недзе паміж трыма і чатырма гадзінамі, Сяргей Пугач уляцеў у пад’езд дома Святланы Стрэчань і шпарка пабег па сходах. Аднак адолеўшы два лесвічныя пралёты, перад трэцім ён замарудзіў крок і ўжо не ляцеў па прыступках, а нібы краўся. Выгляд Сяргей меў насцярожаны і зладзеяваты, быццам гатовы ён быў у любую секунду павярнуць наўспят і ўцякаць на злом галавы.

На лесвічнай пляцоўцы Пугач зусім сцішыўся і на дыбачках падышоў да крайніх левых дзвярэй; прыпаў да вушака, прыслухоўваючыся. Нерухомы, ён прастаяў так даволі доўга. Затым гэтак жа на дыбачках пракраўся да супрацьлеглых дзвярэй, падняў руку да званка, павагаўся, апусціў, а тады зноў падняў руку і на гэты раз націснуў на кнопку.

— Хто там? — амаль імгненна раздаўся за дзвярыма старэчы голас: відаць па ўсім, за Сяргеем сачылі праз вочка.

— Прабачце, калі ласка, бабуля, — падробна зычлівым голасам пачаў Пугач, — можа, вы мне падкажаце, дзе дзяўчына з сорак першай кватэры… Нешта там з самае раніцы ніхто трубку не падымае… Я падумаў, мо тэлефон сапсаваўся…

— А вы хто будзеце, малады чалавек?

— Ды аднагрупнік я Свецін. Яе два дні на занятках не было. Група хвалюецца. Тэлефанавалі дамоў — ніхто не адказвае…

— У бальніцу забралі Свету, ледзь не памерла яна ўчора… — Голас бабулькі за дзвярыма, як здалося Сяргею, сарваўся на ўсхліп.

— Як у бальніцу?.. — залепятаў Сяргей. — Як жа ў бальніцу, бабуля?! Куды?! Як?! Ды што ж з ёй такое здарылася!! — Апошнюю фразу ён амаль пракрычаў.

Але з-за дзвярэй не было адказу.

— Бабуля! Адчыніце, бабуля! — Сяргей замалаціў кулакамі спярша па вушаку, а потым і па абіўцы. — Мне трэба! Чуеце, мне трэба ведаць, што здарылася!

— А тое, — раптам агрэсіўна ўскрыкнуў старэчы голас, — што даводзяць такія, як ты, дзяўчат да самага самагубства! Набаюць, наабяцаюць залатых гор — і ў кусты!

— Як… што… што такое вы кажаце…

— Бязлітасныя, эгаісты, вырадкі — вось вы хто! — плакала за дзвярыма незнаёмая бабуля. — Яе, калі хочаш знаць, ужо б на свеце не было, каб маці не задумала паміж урокамі дамоў заскочыць. Два літры крыві сабе выпусціла, бядачка…

— Як крыві?! — роў і грукаў у дзверы Сяргей. — Чаму? Навошта? Гэтага быць не можа!

— Ды я сама ёй рукі жгутом перацягвала, пакуль “хуткая” падаспела. Вены яна паўскрывала… Э-э-х, не цэніце вы жыцця…

— Бабуля! Чуеце, бабуля! У якую… у якую бальніцу яе павезлі?..

— Не ведаю. Мабыць, у бальніцу “Хуткае дарпамогі”… куды звычайна вязуць…

Сяргей пабег уніз па лесвіцы. Першым памкненнем яго было лавіць таксоўку ды імчацца ў бальніцу. Але на праспекце Скарыны гэты парыў нечакана змяніўся цяжкой, бяздоннай дэпрэсіяй. Ён пабрыў куды вядуць вочы і бяздумна блукаў па горадзе некалькі гадзін.

Апамятаўся на незнаёмай вячэрняй вуліцы, апамятаўся ад таго, што быў без шапкі, і ад спорнага дажджу намоклі валасы і каўнер кашулі — халодныя цуркі ўжо цяклі па спіне. Сяргеевы паліто і штаны мелі некалькі вялікіх брудных плямаў, таму што ён колькі разоў упаў у вясновую куламесу. У роце было, як у памыйніцы. Муціла.

Вось што адбывалася з ім цягам апошніх гадзін.

Сяргей зайшоў на праспекце ў бар і выпіў гарэлкі. Выйшаў, збочыў з праспекта і блукаў па прылеглых да яго і паралельных вуліцах. Пару разоў, машынальна рэагуючы на шыльды, ён заходзіў у прыдарожныя шынкі і выпіваў не закусваючы. Затым сеў на аўтобус, але ў цісканіне яму зрабілася млосна, і ўжо праз прыпынак ён выйшаў. На выхадзе, у шчыльным натоўпе, Сяргей незнарок, але даволі груба штурхнуў пажылога мужчыну. Той доўга гарлаў на яго, абзываў п’янюгам, патрабаваў прабачэнняў, а затым размахнуўся і кухталём збіў з Сяргея пыжыкавую шапку. Тая ўпала ў калюжыну. У адказ, зусім беспамятна, Пугач тузануў дзядзьку ў грудзі. Той пакаўзнуўся, хлюпнуўся ў куламесу і прыціх. Сяргей жа шапкі не паднімаў і павалокся прэч ад прыпынку. Нехта гукнуў яму ўслед: “Нягоднік!”, нехта пракрычаў: “П’янтос!”, а хтосьці: “Падымі ж сваю шапку!” Пугач не чуў ні таго, ні другога, ні трэцяга.

Вуліца, на якой зараз стаяў Сяргей, была вузкая і цямравая. Наперадзе, і даволі далёка, віднеліся толькі два кволыя ліхтары, што кідалі святло на раскіслы ад дажджу снег, на шэрыя камяніцы. Вуліца наперадзе мела ўзвышэнне, і стуль цяклі цэлыя патокі вады — быццам прарвалася нябачная плаціна, і горад залівае паўнаводнае возера. На тратуары яшчэ было цярпіма, але на праезджай частцы рэдкія легкавушкі акуналіся па самыя дзверы.

Пугач абярнуўся і ўбачыў, што ззаду, праз квартал, гэтая вулка перасякаецца з добра асветленай шырокай вуліцай. Праз скрыжаванне шчыльна сноўдалі аўтобусы і тралейбусы, мітусіліся людзі. Сяргей пазнаў тую вуліцу — яна ўпадала ў праспект Скарыны непадалёку ад ГУМа. Там можна было злавіць таксоўку і з’ехаць, нарэшце, з гэтага агорклага цэнтра. Пугач, мокры як цуцык, пацёгся ў бок скрыжавання.

Ён выйшаў на ўзгаданую вуліцу і ўжо прыглядаў зручнае месца, дзе б можна было выйсці на праезджую частку, каб галасаваць, як яго аклікнулі:

— Сяргей! — У двух метрах, праваруч, стаяла Людка Дробаш.

Яна была ў скураной куртцы, без шапкі, захіналася ад дажджу парасонам. У левай руцэ Людка трымала непразрыстую поліэтыленавую сумку.

Пачуўшы яе голас, Пугач здрыгануўся і, як здалося, зусім не ўзрадаваўся гэтай сустрэчы.

— Сяргей, — дзяўчына зрабіла да яго пару крокаў, — што з табой?

— Нічога… — прамямліў хлопец; ён стаяў да яе бокам і пазіраў спадылба.

— Як нічога?! — Людка кранулася Сяргеевага пляча і апусціла вочы на яго штаны і ніз палітона. — Ты ж увесь у брудзе… Пачакай, — яна пранікліва зірнула яму ў твар і вызначыла: — Ды ты п’яны.

— А хаця б! — блазнавата ўсміхнуўся Сяргей і як бы перайшоў у атаку: — А каму якая справа, п’яны я ці цвярозы?!

— Ды як жа… як жа… чакай, у цябе ж сёння спектакль! — успомніла Людка. — Цябе што, падмянілі?

— Які яшчэ спектакль! — раздражнёна ўзмахнуў рукой Сяргей, пры гэтым пахіснуўся ўсім целам і мог бы ўпасці, каб Дробаш не прытрымала яго за локаць. — Які спектакль, Люда! — узвысіў ён голас. — У нашым прадажным балагане хіба даюць спектаклі?! Вось, глядзі! — Пугач груба схапіў яе за руку. — Вось сапраўдны спектакль! Вось акцёры! — Ён паказваў пальцам на людзей, што шчыльна шыбавалі па тратуары.

— Перастань! — шыкнула на яго Дробаш. — Перастань, чуеш!

— Ведаеш, што значаць усе гэтыя агні, вітрыны, аўтамабілі, будыніны? — хрыпла гарлаў Сяргей. — Гэта дэкарацыі для мільёнаў акцёраў, — тых акцёраў, што намнога лепшыя за нас з табою! А ведаеш чаму? А таму, што яны заўсёды іграюць без фальшу; таму, што стаўка для іх — жыццё. Але яны заўсёды ў пройгрышы, небаракі! Іх спектакль нязменна заканчваецца смерцю! Ім нельга паправіцца, перайграць, зрабіць нанова!

— Ты п’яны, Сяргей! — нават без дакору, а з нейкім няўцямным жалем глядзела на яго Дробаш.

З мокрымі зліплымі валасамі, з зеленавата-бледным тварам, Пугач выглядаў страхалюдна.

— Яны, — паказваў ён тэатральнымі жэстамі на прахожых, — ад самага нараджэння прагнуць любові, цяпла і спагады. А замест гэтага жыццё ўпарта падсоўвае ім боль, холад, нячуласць — у выглядзе бацькавага рэменя, у выглядзе паганага беларускага клімату, у выглядзе здрады сяброў і каханых! А яны ўсё спадзяюцца, нябогі! Яны працягваюць іграць свой спектакль! Яны выжыльваюцца і сапраўды зрэдку дамагаюцца тае любові. Але праходзіць час — і сябар робіцца заклятым ворагам, каханы — здраднікам, а дзеці… дзеці вырастаюць і забываюцца на сваіх бацькоў!

— Ды што ты вярзеш! — Людка схапіла яго за каўнер той рукой, дзе была сумка, і, тузаючы, гаварыла: — Ненармальны! Усё не так, усё не так, як ты кажаш! Здымі свае чорныя акуляры! Чуеш, здымі!

— Няма! — хрыпеў Сяргей з пакутліва перакошаным тварам. — Няма! — Ён правёў далонню па сваіх вачах. — Бачыш, няма ў мяне ніякіх акуляраў. Я бачу свет у яго сапраўдным абліччы. І гэтае аблічча… Гэтае аблічча — жудлівае!

— Ты проста п’яны… — Людка неяк безнадзена адпусціла Сяргееў каўнер і адступіла на крок.

— Я п’яны! І хацеў бы быць тысячакроць п’янейшым, каб забыцца, каб не думаць пра гэты злавесны спектакль! — Ён ізноў узмахнуў рукой, паказваючы на прахожых, дамы і машыны. — А лепш… — Тут яго твар сказіла грымаса адчаю. — Лепш бы мне зусім не нарадзіцца на свет!

— Што ж ты вярзеш, дурань! — У голасе Дробаш цяпер была шкадоба, і толькі. — Хадзем да мяне, абсушышся, адпачнеш… — Яна ўзяла Сяргея за рукаво. — Хадзем, ты ж яшчэ ні разу ў мяне не быў… на новай кватэры…

Але Пугач таргануў рукой, выслабаніўся і, нібы спуджаны хлопчык, адбег ад яе на тры крокі.

— Пайшлі, Сяргей! — ласкава прасіла яго Людка і спрабавала наблізіцца. — Куды ж ты — у такім стане?!.

Сяргей, утаропіўшы на яе вар’яцкі пагляд, адступаў задам.

— Не падыходзь да мяне! — знячэўку выкрыкнуў ён не сваім голасам — так страшна, што Людка аслупянела.

— Ды вазьмі хоць мой парасон… — пралепятала яна.

— Не падыходзь! — яшчэ прарэзлівей выкрыкнуў няшчасны, сарваўся з месца і кінуўся праз вуліцу.

Бег ён між машын, ды так зыбка, што Дробаш ажно зажмурыла вочы… Калі ж ізноў паглядзела на вуліцу, то не заўважыла Сяргея на тым баку. Відаць, ён змяшаўся з натоўпам.

…Уцёкшы ад Людкі, Пугач не марудзячы і зусім бязмэтна сеў у аўтобус. Ён праехаў некалькі прыпынкаў і выйшаў. Выйшаў таму, што млосць, якую ён адчуваў пастаянна, узрасла ад дрогкай язды і пагражала ванітамі. Нядрэнна б было аблягчыцца, і таму Сяргей збочыў у першы ж завулак: змрочны, бязлюдны, але з даволі высокім і сухім тратуарам. Хлопец прайшоў па ім метраў дваццаць, як адчуў кволасць у нагах. Ён схапіўся за тоўстае дрэва, што тырчала непасрэдна з тратуара, сагнуўся напалам…

Ірвота зняла млосць, аднак ногі ўсё яшчэ былі нядужыя і Пугач некалькі хвілін прастаяў, аберуч трымаючыся за дрэва. І тут… тут ён успомніў гэты зацішны завулак — з гэтымі даваеннымі двухпавярхоўкамі праваруч, з гэтай заводскай агароджаю злева. Успомніў таму, што калісьці, гадоў дзесяць назад, хадзіў па ім, напэўна, сотню разоў. Хадзіў узімку і летам, увесну і восенню. Хадзіў цэлы год. Там, метрах у пяцідзесяці наперадзе, некалі жыла яго каханая — першае сур’ёзнае захапленне ў Сяргеевым жыцці… Тая вулачка ў густых прысадах, што прылягала да Свіслачы, мела прыгожую і запамінальную назву — “Лодачная”. Там было некалькі альтанак, дзе яны любілі сядзець, цалуючыся… А кватэра каханкі — трохпакаёўка, столі з ляпнінаю. Утульны пакойчык з акном на ціхі цяністы дворык… Ён некалькі разоў, калі бацькі каханай былі на дачы, начаваў у гэтым пакойчыку… Як прыемна было ўстаць на летнім досвітку, знасцежыць акно і ўвабраць у грудзі водар бэзу, каштанаў… Усё адышло ўраз, неяк подла і ганебна закончылася. Яны пасварыліся па пусцяковіне, а ён, з прычыны паганага гонару, рашыў не тэлефанаваць першым, памучыць. І не званіў пару тыдняў, не званіў з асалодаю. Не, ён не хацеў яе кінуць. Але праз два тыдні падвярнулася палка-бессаромная дзеўка, і прапаў Сяргей на цэлы месяц… А потым і позна было мірыцца. І самае дзіўнае, што не засмуціўся ён з тае прычыны, не бедаваў, а, наадварот, начыста забыўся ў віры маладога жыцця на каханне, што доўжылася цэлы год. І надалей амаль ніколі не ўспамінаў…

У панурай разгубленасці брыў Сяргей назад… і ўспамінаў кожнае дрэва. А вось і кіёск на рагу — ён гэтак жа прытуліўся пад ліпай. А насупраць — харчовая крама ў вуглавым доме, маленькая старамодная крама. Яны там часцяком пілі сок ці куплялі марожанае. Яна і цяпер адчынена, і можна зайсці… Але не зойдзе туды Сяргей.

Ён збочыў направа і плёўся па вузкім тратуары. Злева час ад часу шмыгалі легкавікі і грукаталі па рэйках трамваі. Усё як тады… А вось і Свіслач, і мост праз яе. Сяргей спыніўся на яго сярэдзіне і задумліва глядзеў на ваду. Так, ваду, бо лёд захаваўся толькі ўздоўж берагоў — крывыя зубчастыя палосы лёду. Чорная нячутная вада адбівала разнастайныя гарадскія агні. Вабіла да сябе. Госпадзе, яна яго да сябе вабіла!

Сяргей адхіснуўся ад біла. Але рук з яго не здымаў. Ён толькі зараз зразумеў, што свядома ішоў да гэтага моста… Дакладней, не свядома, а пад уплывам непадуладнай розуму сілы. Але ведаў, што ідзе менавіта сюды. Навошта? Ну як жа! Вось яна, чорная супакойлівая вада, што прынясе забыццё і збавенне. Яна, нібы заслона, што апусціцца пасля заканчэння спектакля, які ён, Сяргей, ужо дайграў. Аднак заслона не будзе паднята зноў, і не прадставіцца магчымасць выйсці і прыняць удзячныя воплескі. Там не будуць яму апладзіраваць. Ні ў якім разе не будуць. Дый не патоне ён бязбольна і вокамгненна, а спярша балюча ўдарыцца аб ваду, апячэцца яе смертаносным холадам, будзе бездапаможна цялёпкацца і клікаць людзей… Тых людзей, якімі пагарджаў усё жыццё, якіх лічыў за нікчэмнасцяў. А насамрэч яму важна, надзвычай важна было пачуць іхнія апладысменты, убачыць слёзы, пакуты душэўныя. Ён іграў для іх. Ён іграў з імі.

“Баязлівец! Нават гэтага ты няздатны зрабіць, — з грэблівасцю да сябе і са страхам перад сцюдзёнай плынню адыходзіў Сяргей ад біла. — Ты не можаш іграць і жыць па-людску не можаш”.

З апушчанай галавою пацёгся Пугач цераз вуліцу… Ён не чуў віскату тармазоў і аграмадзіну, што няўмольна насоўвалася на яго, убачыў толькі ў апошнюю секунду. Чорны чатырохвокі абрыс засланіў ад яго жыццё, але не выклікаў ні адчаю, ні жаху…

34

Напорыстая, дружная ішла ў той год па Беларусі вясна. Насуперак меркаванням скептыкаў, яна ў два тыдні пазмывала цёплымі дажджамі снег, што назапашваўся цэлых чатыры месяцы.

Да красавіка не толькі па паўднёвых раёнах, але і на традыцыйна халаднейшай Полаччыне зямля цалкам пазбавілася ад снегу. А ў Мінску дык яшчэ і паспелі ўпарадкаваць вуліцы і двары, прыбраць з іх зімовае смецце. Амытая дажджамі, вымеценая і вычашчаная сталіца радавала сваіх жыхароў. На вольных ад асфальту лапіках зямлі зазелянелі травы. У сярэдзіне красавіка, першым з кустоў і дрэў, выпусціў лісточкі агрэст. Паглядзеўшы на яго, сталі ўбірацца вербы, а неўзабаве і паласатыя ствалы бяроз ахуталіся пухкімі салатавымі аблачынамі.

На ўсю гэтую раскошу, дзень пры дні, апускаліся чароды птушак, што паспешліва вярталіся з выраю. Яны запоўнілі сваімі жыццярадаснымі галасамі паркі, скверы, двары.

Горад у чарговы раз перамог зіму.

Яніна Пятроўна Мачульская радавалася вясне, як і ўсе людзі, хоць назірала яе з-за шыбаў сваіх акон. У першай палове дня яна ўладкоўвалася ля кухоннага акна, паколькі там было сонечна. Яна вязала. А калі стамляліся вочы і рукі, апускала вязанне на калені і глядзела, як унізе, па шырокай вуліцы, шастаюць разнастайныя аўтамабілі, як убіраецца ў зелень пагорак на тым баку вуліцы, як рухаюцца людзі па стромых бетонных лесвіцах — на пагорку стаяла некалькі дзевяціпавярховак. Яніна Пятроўна другі месяц вязала Кастусю шарсцяны світэр. Вязала па мерках, што зняла ў апошні яго прыход, восьмага сакавіка. У той раз Кастусь прынёс і падараваў ёй новы тэлевізар “Soni”, усталяваў яго на тумбачку ў зале, паваждаўся з ім, а затым сказаў, што прыйдзе заўтра з патрэбнымі інструментамі і падключыць да кабеля. Таму што з хатняй антэнай, праз якую Яніна Пятроўна глядзела стары тэлевізар, “Soni” працаваў кепска.

З таго часу тэлевізар так і стаіць не падключаным, бо Кастусь прапаў: не прыходзіў і не званіў. Але Яніна Пятроўна яго чакала і, каб было гэтае чаканне не такім сумным, вязала яму світэр.

У другой палове дня бабулька перамяшчалася ў спальню, што выходзіла на двор, дзе гулялі дзеці, дзе чуўся іх смех і вокрыкі старэйшых. Там гупалі мячом, выбівалі дываны, а вечарамі кампаніі мужчын са смакам рэзаліся ў даміно. З акна быў крыху відзён і зацішны брукаваны завулак з нязграбнымі двухпавярхоўкамі — рэшткі даваеннага Мінска, што цудам пакуль ацалелі. Завулак караскаўся на ўзгорачак, праз метраў трыццаць збочваў направа і скрываўся за разлапістым клёнам. Па меры таго як клён зелянеў, усё меншая частка завулка была відна Яніне Пятроўне.

Перад самым Вялікаднем Мачульская давязала світэр, узяла яго ў празрысты пакет і паклала ў зале на трэльяж — на віднае месца. На гэтай сіняй апранасе, на грудзях, яна вымудравала тры кляновыя лісцікі: зялёны, чырвоны і жоўты.

У той жа дзень, вечарам, Яніна Пятроўна сядзела па завядзёнцы ў спальні, задумна глядзела ў акно. Дзень быў сонечны, на двары весяліліся дзеці. Праз расчыненую фортку струменілі вясновыя подыхі, яны неслі водары цёплай зямлі, разнатраўя, водары першых сёлетніх кветак. Танюткімі ніцямі ўпляталіся сюды лясныя, палявыя і азёрныя пахі. Так, прынамсі, здавалася Яніне Пятроўне.

Сонца ніжэла, на брукаваны завулак, што віднеўся між будынкаў, апускаліся мудрагелістыя цені дамоў і прысадаў. Прысады пагойдваліся ад ветру, і па бруку гулялі сонечныя плямы. І вось Яніна Пятроўна ўбачыла, што на сярэдзіне завулка стаіць і нібыта глядзіць на яе хлопец. Зрок у Мачульскай быў няважны, але постаць хлопца здалася надзвычай знаёмай. Ён стаяў, курыў і быў зусім адзін на завулку. Хто ён? Так доўжылася некалькі хвілін, а затым хлопец павярнуўся і мернай хадою стаў аддаляцца. І па гэтай пругкай хадзе Яніна Пятроўна пазнала яго… пазнала свайго маладога мужа — бравага лейтэнанта Максіма Ягоравіча Тарасенку.

Аднак ён няўхільна адыходзіўся ад яе і быў ужо пад разлапістым клёнам. Яшчэ колькі секунд — і Максім знікне за яго заценню. Гэтага нельга было дапусціць, ні ў якім выпадку нельга. А таму, стаўшы бязважкай, выпырхнула Яніна праз фортку і паляцела за сваім нарачоным…

Там, за разгалістым клёнам, на залітай сонцам брукаванай даваеннай вулачцы, неўзабаве вітаў яе муж Максім, віталі мама і тата. Віталі душу, што больш за паўстагоддзя пражыла пасля іх на зямлі, але не знайшла сабе новых блізкіх.

Нарэшце яны сабраліся разам.

2002—2003 гг.

Падрыхтаванае на падставе: Міхась Южык, Марыянеткі і лялькаводы: раман — Мінск: Мастацкая літаратура, 2008. — 263 с.

ISBN 978-985-02-0991-7

Раман апавядае пра закуліснае жыццё драмтэатра “Кіцеж”, якое выходзіць з-за межаў тэатра на прастору сучаснага мегаполіса. У сатырычнай форме паказваецца жыццё маладога акцёра, які робіцца марыянеткай уласных страсцей і нерэалізаваных творчых амбіцый.

© Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2011

© PDF: Камунікат.org, 2011

© ePub: Камунікат.org, 2012

Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

Комментарии к книге «Марыянеткі і лялькаводы», Михаил Южик

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!