«Сустрэча ў чаўне Харона»

392

Описание

отсутствует



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Сустрэча ў чаўне Харона (fb2) - Сустрэча ў чаўне Харона 19K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Алесь Бычковский

Алесь БЫЧКОУСКІ

СУСТРЭЧА Ў ЧАЎНЕ ХАРОНА

Элегія

У гэтым свеце бракуе яснага неба. Тут сонца свеціць зусім па-іншаму. Яно ледзь-ледзь прабіваецца скрозь туман і падфарбоўвае марудныя хвалі цёмнай рачной вады, якая пераліваецца на розныя лады то барвовым, то бледна-фіялетавым коле­рам, і гайдаецца-плыве ўздоўж стромкіх берагоў. Часам узнімаецца вецер. Ён то цярэбіць рэдкае сухое галлё, прынесенае з ляска, за якім калючы дрот, то гоніць густыя, нібы кісель, хвалі, якія неахвотна плюхаюцца па чорнарэччы, то ледзь штосьці шэпча ў вуха, то перамешвае-ўзбівае дурманісты пах навакольнай травы.

Процілеглага берага адсюль не відаць з-за туману. Там квітнеюць сады, поўныя райскіх птушак, край муз і натхнення. Трыма словамі: запаветная краіна мараў, у якую можна трапіць адно ў думках, ну або папрасіцца ў каменны човен паромшчыка. Кажуць, там жыве фантазія ва ўсіх сваіх мудрагелістых праявах і формах.

Так, цераз раку рэгулярна перапраўляецца човен. Выдзеўбаны з чорнага камяню, даўжэзны і шырэзны, човен незразумелым чынам трымаецца на густой вадзе і крыху пагойдваецца, калі ахвотнікі перабрацца на другі бераг ступаюць на шурпатую цёмную паверхню. Іх заўсёды хапае ўдосталь. Адметная рыса: з таго берага назад ніхто не вяртаўся, ніколі. Таму тое, што адбываецца за туманам, было загадкай. Хаця мне здаецца, я трошкі крывадушнічаю. Калі за туманам на тым беразе знаходзіцца краіна фантазій і мараў, то пра падзеі ў ёй можна даведацца з кніжак, пераважна фантастычных. Але што ёсць фантастыка, калі не скажоная рэчаіснасць? Аднак тут з якога боку паставіцца...

Мне ўсё свярбела паглядзець у твар паромшчыку. Калі цёмная постаць, шчыльна захінутая ў плашч, набліжалася ў чаўне, я намагаўся зазірнуць пад капю­шон таямнічаму стварэнню. З кожным разам беспаспяхова.

Існавала легенда, што твар паромшчыка можна разглядзець толькі тады, калі сам апынешся ў чаўне, і ніяк не іначай.

Таксама паданне сведчыла, што і паромшчык насамрэч чыясьці выдумка, быццам бы неверагодным чынам матэрыяльна ўвасобленая ў нашым свеце. Так гэта ці не — людзі аб тым не ведалі. Але ўсе пагаджаліся з тым, што без паромшчыка на той бераг не трапіць, хіба толькі ў думках.

...Здаецца, тады метэарыт упаў у выток Нёмана. Альбо тру­бы архіанёлаў загулі ў нябёсах недзе над Уздой і Стаўбцамі. І вада ў Нёмане на хвіліну зрабілася чырвонай, як хто фарбы напусціў ці то соку таматнага націснуў. Штосьці зварухнулася ў той момант у наваколлі. Бабулі пачалі рыхтавацца да канца свету, і жыццё неяк навогул заціхла. Можна было і на працу не хадзіць, але хадзілі па-звычцы ды каб хоць нечым сябе заняць. Увесь Нёман тады накрыўся туманам, непрагляднай цяжкай запавесай-сцяной. І прастора выгнулася так, што з абодвух бакоў Нёмана быў ГЭТЫ бераг, а за туманам схаваўся выключна бераг ДРУГІ, і патрапіць туды можна было, паўтаруся, у каменным чаўне.

Як растлумачыць? Паспрабую прасцей. Чалавек сядаў у човен да паромшчыка, і той кіраваў да сярэдзіны ракі і тамака ў непраглядным тумане знікаў. Затым вяртаўся, толькі ўжо без спадарожніка. Мы памяркоўна разважылі, што паромшчык — злыдзень, топіць нашых наіўных небарак, якія мараць трапіць у шчаслівы край за туманам. Мне нават адна песня выплыла на памяць з назвай «Карабель дурняў». У ёй спяваецца пра добрых людцоў, якія вырашылі ачысціць свет ад блазнаў, сабраць іх усіх у карабель, вывезці далёка ў мора і ўтапіць. Прыпеў там дужа «ладны»: «Не спяшайцеся, месца хопіць усім!». І ў гэтым святле ветлівая гасціннасць паромшчыка выглядала дужа падазронай.

Так і было: хто плыў на па­роме на ДРУГІ бераг, той знікаў у тумане назаўсёды. Дасведчаныя людзі шукалі навуковае абгрунтаванне і знаходзілі! Анамальная з’ява на Нёмане магла тлумачыцца толькі наяўнасцю разлому ў прасторы-часу. Тое значыла, што кліенты паромшчыка знікалі ў іншым вымярэнні. Але ж пакіну разбіраць загадку навукоўцам і не стану загрувашчваць аповед тэрмінамі. Не тое галоўнае цяпер. Важна іншае: адкуль мы ўсе даведаліся, што за туманам хаваецца краіна мараў, мрояў і размаітага шчасця? Вынікала, нехта ж вяртаўся адтуль і расказваў. Аднак — не. Напачатку, яшчэ да калючага дрота, паромшчык быў гаваркім і сам распавядаў пра цуды краіны на ДРУГІМ беразе. За перавоз ён прасіў манетку.

Хітрыя вайскоўцы спрабавалі перабрацца на іншы бок без дапамогі паромшчыка і дзеля эксперыменту паднялі ў паветра пару знішчальнікаў з надзеяй вярнуць назад. Ага, скулля! Летакі зніклі ў густых туманных клубах. Адтуль ніхто і нічога не вярталася.

Насельніцтва ж краіны пакрысе менела: многія спакусіліся аповедамі паромшчыка і сядалі ў човен, каб патрапіць у запаветны край і знайсці шчасце на ДРУГІМ беразе. Навукоўцы памаракавалі сабе і зрабілі выснову, што даследаваць цікавую з’яву не хапае фінансавання. Прыйшлі неяк агулам да думкі, што трэба жыць далей, не гледзячы на нёманскі феномен. Калі ніхто не вяртаецца з ТАГО берага, ГЭТЫ бераг спехам абнеслі калючым дротам і начапілі шыльдачкі «Небяспечная зона». Дзея была імгненна ўхвалена радай ветэранаў і вядомай грамадскай моладзевай арганізацыяй. Бо калі ўсе людцы паспалітыя рынуцца за туман у край мараў, хто ж тады працаваць застанецца і мацаваць дзяржаву, выконваць планы з дырэктывамі-пастановамі? Таму да калючага дрота следам яшчэ і кантрольна-прапускныя пункты дадалі. Ага, мы ахоўваем не зону ад вас, а вас — ад зоны! Ну а каб увесь свет не вінаваціў нас у адсутнасці дэмакратыі, «там, дзе трэба» вырашылі ўсё ж выпускаць невялікімі партыямі тых небарак, хто хоча ў каменным чаўне праплыць у адзін бок.

З улікам абставін у краіну фантазій вырашылі найперш адпускаць пісьменнікаў. А навошта яны тут? Каб лухту ўсялякую сачынялі? Хай лепей ужо сплывуць падалей...

Праўда, належала спачатку перад спецыяльнай камісіяй даказаць, што ты пісьменнік. Тут ужо іншая праблемка малявалася. Тым, хто меў чырвонае пасведчанне чальца творчага саюза ды па дзясятак выдадзеных кніжак у актыве, ды размаітыя прэміі, у тым ліку і дзяржаўныя, — вось тым зусім не свярбела падацца ў край, з якога няма вяртання. Нават у якасці эксперымента. Наадварот, трапіць у каменны човен імкнуліся невядомыя ўзнёслыя асобы, якіх не ўносілі ў выдавецкія планы, і ў каго не было грошай надрукавацца самвыдатам. Яны не маглі даказаць нічым, што таксама пісьменнікі, і спецыяльная камісія іх не прапускала. Верыць ім на сло­ва? Тады зноў праблемка. Гэта ж любы беспрацоўны лайдак, гультай і п’яніца можа прытварыцца пісьменнікам-творцам і, не заплаціўшы адпаведнага падатка, пакінуць краіну. Як жа быць? Думалі-думалі і нарэшце прыдумалі!

Вырашылі прытварыцца ўсёй краінай, што таго ДрУГОГА бе­рага проста не існуе. І не было ніколі. І раку Нёман увогуле не тое каб выдалілі з мапаў, а про­ста выключылі з інфармацыйных стужак і нават са школьнай праграмы, хутка перапісаўшы падручнікі, дзе «забыліся» ўзгадаць. Хто яго ведае, ці быў у нас Нёман той калі, ды з невядомым берагам, ці то проста паданне з сівой даўніны? Міне два-тры пакаленні, ніхто пра ДРУГІ бераг не ўспомніць. Пастанову прынялі, а калючага дрота, праўда, не знялі. Навошта? Забароненая зона.

Праўда, замежным крыніцам і ўсялякім інтэрнэтам іртоў не заткнеш. Плявузгаюць пра наступствы падзення метэарыта і гуд трубы архіанёла. Нёман жа далёка за межы краіны цячэ. У тыя краіны, дзе ДРУГІ бераг афіцыйна прызнаны. І хай сабе. Усім добрасумленным суайчыннікам вядома, што заходняе тэлебачанне хлусіць, у прадажных журналістаў адна мэта: разгайдаць і разбалансаваць нашы пракаветныя каштоўнасці.

Так і жылі далей. ДРУГОГА берага ў нас няма. Краіны мараў дык і пагатоў ніколі не было. Таму нельга фантазаваць, працы непачаты край: бульбу сеяць, кабаноў гадаваць, сумленна галасаваць на выбарах.

Толькі з таго моманту, як выкраслілі з жыцця запаветны край, любая работа стала нашаму чалавеку не ў асалоду. Гульня ў прытворства мела шмат наступстваў. Адны прытварыліся, што працуюць, другія прытварыліся, што плацяць заробак, трэція прытварыліся, што кіруюць працэсамі, чацвёртыя прытварыліся, што пішуць праўду, і далей пералік ужо бясконцы. Увогуле, усе наўкола прытварыліся, што ад іх нешта залежыць. Ну, гэта не ўпершыню ў гісторыі, таму не страшна, бо досвед маецца. Людзі развучыліся марыць.

Толькі паромшчык з камен­ным чаўном нікуды не знік і нікім не прытвараўся ў гэтай гісторыі. Ён заўсёды падплываў, калі які бадзяга-няўдачнік-боўдзіла-куёўдзіла выпадкова апынаўся на стромкім бе­разе і воляй звыш не затрымаўся на кантрольна-прапускным пункце (супрацоўнікі каторага, між іншым, даўно забыліся, навошта яны там пастаўленыя і каго ад чаго ахоўваюць ці абараняюць).

...— Ты зноў бяз грошай? — пачаў першым паромшчык. — Мне трэба заплаціць манетку.

Я развёў рукамі. Маўляў, адкуль грошы ў сталкера? Забароненая зона з анамаліямі наш «сталкерскі» вывіх лёсу, гэта наш свет, наша маці і нашае ўсё. Але ж мне вельмі карціла патрапіць у невядомы край, і я жыў надзеяй адкрыць туды шлях.

— Як там? — пацікавіўся я.

— Па-іншаму, чым тут, — прабурчэў паромшчык.

Я ўздыхнуў і прыняўся маляваць пальцам па пяску. Выпісваў розныя знакі. Потым зачэрпнуў жменю і паднёс да твара. Тоненькія струмні пацяклі скрозь пальцы.

— Скажы, у гэтай рацэ можна ўтапіцца? — спытаў я.

Паромшчык, магчыма, і здзівіўся майму глупству, але выгляду не паказаў.

— Не ведаю, — ён паціснуў плячыма. — Мабыць, нельга. А ты паспрабуй... — нечакана прапанаваў ён.

Я прывык да выказванняў паромшчыка.

— Я перавозіў шмат творцаў, ніхто ні разу не цікавіўся, ці можна ўтапіцца ў вадзе мрояў. Дзіўны ты, смяротны.

Задумаўся міжволі. Сітуацыя складвалася дэпрэсіўная, выдуманая кімсьці. Я зірнуў назад. Далёка ляжаў горад, змрочны да дурнаты і нерэальны, нібы яго і не было на свеце. Адзін з сотні правінцыйных гарадоў без надзеі на штосьці лепшае. Хоць на тысячагоддзе застынь у чаканні, нічога ў наваколлі не зменіцца.

— Слухай, у мяне грошай няма.

— Тады вяртайся назад, — быў сухі адказ.

Я павагаўся.

— У мяне ёсць штосьці большае, чым грошы. Што, калі я распавяду табе цікавую гісторыю ці павучальную казку замест аплаты?

— Дык ты таксама творца? Чаму адразу не сказаў? Калі ласка! — запрасіў паромшчык і саступіў праход.

Нечакана для сябе я ступіў у човен. Нічога не змянілася, толькі вецер дзьмухнуў мацней, зрываючы капюшон з галавы паромшчыка.

І я нарэшце пабачыў яго ў твар.

На мяне глядзеў я сам.

Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

Комментарии к книге «Сустрэча ў чаўне Харона», Алесь Бычковский

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!