«Чырвоная брама»

327

Описание

отсутствует



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Чырвоная брама (fb2) - Чырвоная брама 486K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Виктор Филимонович Карамазов

Дамо па здольнасьцi —

сьпеў...

любоў...

малiтву сэрца...

Кiрыла Тураўскi.

Прымглёнае сонца ўзышло над распранутым за зiму i ўсё роўна прывабным старым паркам, над графскiм палацам, над пазалочанымi крыжамi сабора, змушана вернутага бязбожнiкамi божым дзецям, над найпрыгожым сынам бацькi Дняпра — Сажом. Ад ранiцы да позьняга вечару ў парку над кручаю стаялi людзi, слухалi, як пад змыленым адлiгамi лядовым мостам настройвала вясновыя струны рака, лавiлi першы гук, што нечаканым стрэлам узьнiкаў у рачных глыбiнях, імчаў мiж берагоў далёка i хутка, як імчыць гук, i як недзе там яго сустракалi iншыя гукi-стрэлы, прыглушаныя далiною, i як усе яны зьлiвалiся ў сьцiшаную мелодыю.

Сьпяшалася вясна. I тут, на беразе ў парку, нехта, яе пачуўшы, сказаў, як тым, хто не пасьпеў пачуць:

— Сёньня лёд рушыць.

I нехта радасна пагадзiўся, нiбы з самой вясною:

— Калi ня ўдзень, дык уначы.

Казалi, як забыўшыся, што каляндар паказваў яшчэ далёка не апошнiя днi зiмы.

Ды што той каляндар? I на старуху, кажуць, ёсьць праруха.

Сьнежань ды студзень сыпалi сьнегам дзень пры днi, пахавалi ў белых гурбах платы па вёсках, накiдалi пухавiкоў пад самыя вокны, пад стрэхi, па гарадах, змогшыся, сьнег ужо не адкiдалi з тратуараў ды маставых, а гулёна-вясна ўскруцiлася, за колькi дзён сагнала дазваньня i сьнег, i лёд, нават па глухiх лясах, куды сонейка не заглядала.

У тыя днi зiмовай паводкi нешта падобнае, нечаканае, адбылося ў Гомелi на вулiцы Карповiча. Дзесяткi гадоў стаяў шэры, нiчым ня вабны воку дамок i раптам пачысьцеў аблiччам, пасьвятлеў, прырос дзе крылом, дзе падкрылкам, дварок вакол ганка памыўся-прычасаўся, сонечныя ходнiчкi з бятонных плiтак гасьцям пад ногi паклаў, расчынiў дзьверы. I госьцi далёка не затрымалiся. I я прыйшоў — зьняў з галавы зiмовы капялюх.

У большай зале на другiм паверсе было шматсьветла i шматлюдна. Стаяў пасярод залы гаспадар гасьцёўнi ў сьвятле ўсiх, яму насустрач скiраваных лямпаў, лiхтароў, аб’ектываў кiно i фота, на скрыжаваньнi людскiх позiркаў. Хваляваўся, але трымаўся годна. На iм, пад барадою на грудзях, ляжаў вялiкi срэбны медаль мастака ды чалавека дваццатага стагоддзя, вылiты сусьветна вядомым Бiяграфiчным цэнтрам Англii. Твар быў у аправе не адных гадоў, але i велiчы, той, што вянчае волатаву працу, вышэйшы талент — дар Божы. А вочы, мяккiя ў цёплым блакiце, усёвiдушчыя ня толькi там, куды глядзелi, па-за сабою, але i там, адкуль глядзелi, у сабе, праменiлi сьвятло, дарылi яго кожнаму, хто прыйшоў у залу i яшчэ заходзiў. I не было гасьцей нежаданых, усе былi сябрамi, вучнямi, улюбёнымi ў палiтру i дабрыню мастака. Што думаў ён цяпер? Куды вёў прыязнаю ўсьмешкаю ды словам?

— Тут, вакол, маё Палесьсе, бацькаўшчына.

Сюды i вёў?

Акiнуўшы паглядам птушак, людзей, коней, дрэвы, кветкi, палеткі і лугi ў сьцiплых рамах па сьветлых сьценах, схiлiў галаву, нiбы ў паклоне iм, зямлi ды небу, i ў гэты час над мастаком прыўзьняўся вялiзны, на ўсю сваю натуру, бусел, якi стаяў у раме на адной назе, другую прыгожа падцяўшы, нiбы той балерун у танцы, узьняўшы крылы i выкiнуўшы з iх, бялюткiх, чорныя пёры, якiя тырчэлi ў неба i насьцярожвалi, як абгарэлыя людскiя пальцы.

— Лёс мастака i лёс радзiмы — адзiн.

Цяпер яго я толькi чуў, а бачыў бусла, бялюткага, з жалобна ўскiнутымi ў прычарнобыльскае неба пёрамi.

Старажытны горад сьвяткаваў адкрыцьцё карцiннай галерэi свайго мастака. Ён быў тут свой па праву каранёў, адзiнакроўнасьцi, жыцьця пачаткаў i дарогаў, якiя неаднойчы вялi адсюль у шырокi сьвет, як i сюды вярталi — у родны дом.

Пра каранi

Жыў-быў Пампей.

У вёсцы Чыкалавiчы, пад Брагiнам, ён аб’явiўся нячутна, ды заўважылi яго тут адразу, ня толькi таму, што вёска ёсьць вёска, навылёт прадзiмаецца вятрамi ды прастрэльваецца вачамi, але яшчэ таму, што быў Пампей вельмi прыгожы, асiлак. Цiха зьявiўшыся, цiха i будавацца пачаў, ня ў вёсцы, як усе будавалiся ды жылi, а за вёскаю, на рэчцы Брагiнцы. Людзi думалi, што Пампей будуе сабе дом, а ён iм пабудаваў млын. Падалiся мужыкi на млын зерне малоць, i кожны казаў: “Еду да мельнiка”. Гэтак Пампей прыдбаў сабе ў Чыкалавiчах яшчэ i прозьвiшча Мельнiк.

Далей — болей: закахалася ў Пампея мясцовая панi Навашыцкая. Аж сохла па iм. Ды ён яе не заўважаў. I тады зазлаваў пан. Цi што панi закахалася ў мужыка, цi што мужык не хацеў яе бачыць? Каб выжыць з Чыкалавiчаў, пан спалiў ягоную сядзiбу. А сьледам i вясна пасобiла не мужыку — пану: паводкаю змыла млын. Надта не бядуючы, Пампей пабудаваў дом у вёсцы, самы, на ўсю вёску, вялiкi ды прыгожы, а за домам паставiў новы млын, вятрак, i ўзяў у жонкi мясцовую сялянскую дзяўчыну. Нарадзiўся ў iх сын Мiхась. Далёкай навукi, як i бацька, не шукаў, узяў ад яго мужыцкую сiлу, мудрасьць, да любога сялянскага занятку здатнасьць i грамату. Малоў мужыкам ячмень ды жыта, са свайго мазаля забагацеў i ажанiўся з дзяўчынай Ганнай. Нарадзiла Ганна пяцёра дзяцей — Надзею, Вiктара, Клаўдзю, Алёну ды Цiмоха. Усе яны жылi з зямлi, за зямлю ваявалi i памiралi.

За якiм часам гэта ўсё адбывалася? Ды можна сказаць, што нядаўна. Мiхась нарадзiўся за дваццаць гадоў да пачатку мiнулага дваццатага стагоддзя, а Пампей памёр пад самую калектывiзацыю. Пампея караў пан Навашыцкi, у панства ўзьведзены царом, а Мiхася — ГПУ, ад якога мужык змусiў кiдаць сваю зямлю, сям’ю, вёску, хавацца на Украiне. Будаваў у Чарнобылi яўрэям дамы, як званы, i ў родную вёску вярнуўся, як надышоў час памiраць.

Гэтакi радавод ад Пампея Мельнiка. А яму насустрач, каб параднiцца, прыйшоў род Мiны Вашчанкi, таксама мужыцкi.

На сьвет Мiна зьявiўся ў вёсцы Калыбань, што каля Брагiна, дзе i Чыка­лавiчы, i там ажанiўся з мясцовай дзяўчынай Сынклетай, якая нарадзiла два­наццаць дзяцей. Памёр Мiна яшчэ не старым, а Сынклета пражыла сто васемнаццаць гадоў, перажыла ўсiх сваiх дзяцей i да апошняга дня працавала.

Харытон, першынец Сынклеты, ажанiўся з Надзеяй Мельнiк з роду Пампея. Надзея ўдалася вельмi прыгожая ды працавiтая, уся ў дзеда. Да яе сваталiся лепшыя хлопцы, гаспадары, i быў дзень, калi ў вёску наехала ажно дванаццаць жанiхоў. Але з усiх, сабе па сэрцы, яна выбрала Харытона i ад яго нарадзiла двух сыноў — Мiкалая i Гаўрылу. Харытона неўзабаве раскулачылi, выслалi, праз пяць гадоў лагерных пакутаў ён быў вярнуўся, але яшчэ праз тры гады зноў забралi, як нейкага там ворага народу, i ён памёр у сiбiрскiм ГУЛАГу. Дом Харытона калгас раскiдаў, бярвеньне перавёз на сваю будоўлю, i Надзея з малымi дзецьмi шмат гадоў хадзiла па чужых хатах, пакуль у сям’i не падрасла мужчынская сiла. Калi старэйшаму Мiкалаю набегла шаснаццаць, а малодшаму Гаўрылу дзесяць i хлопцы ўжо трымалi ў руках сякеры, збудавалi новы дом. Было гэта ў трыццаць восьмым. А праз пяць гадоў, у вайну, дом згарэў падчас бою партызанаў з немцамi. I пачала Надзея з сынамi зноў будавацца. Хоць тым пашанцавала, што з Чарнобылю ў вёску вярнуўся бацька Надзеi Мiхась, сын Пампея, ды што карову пасьпелi схаваць у лесе i ад немцаў, i ад партызанаў. Дзед Мiхась навучыў яе хадзiць у ярме, станавiцца ў плуг, i ёю вывезьлi бярвеньне на дом, аралi зямлю. А тут — галадоўка, пайшоў касiць тыф. Карова была i цяглом, i кармiцелькаю — ад усiх бедаў ратавала. Дом паставiлi новы, а Гаўрыла, якi вучыўся ўжо ў сёмым класе, яшчэ i адмысловую браму выштукаваў з дугою наверсе.

Iшоў апошнi год вайны — сорак пяты.

Iканастас

Я падымаюся на ганак, адчыняю высокiя дзьверы, за iмi паварочваю направа, торкаю пальцам у белае вока на сьцяне i апынаюся ў кабiне лiфту — лячу ў неба. Там — яшчэ прыпынак, белая сьцяна i на ёй тры вокi — выбiраю сярэдняе. Дзьверы адчыняюцца, i я бачу перад сабою ветлiвы iнтэлiгентны твар у срэбнай аправе гадоў.

— Праходзьце.

Магчыма, я недарэчы ўсьмiхнуўся, успомнiўшы восень, мастацкi салон на прасьпекце Скарыны ў Менску, адкрыцьцё выставы Анатоля Бараноў­скага. Было там шмат людзей. Я ўскiнуў сваё палiто на вешалку, а як выставу пакiдаў, падышоў да вешалкi i палiто апрануў, па кiшэнях — цап-лап: дзе шалiк? Аказаўся ў бакавой кiшэнi. На шыю ўскiнуў: ня мой? У мяне чырвоны, а тут — сiнi. Чужое палiто? Але ж старамоднае рацiнавае, шэрае, нават гузiкi як мае, блакiтам адлiвалi. Маё, такое самае, вiсела побач. На выхадзе з салону знаёмаму прызнаўся, як паблытаў д’ябал, а ён, ухмыльнуўшыся, кажа: “Ты азiрнiся”. Я азiрнуўся: палiто, да якога прымерваўся, было ўжо на плячах у Гаўрылы Вашчанкi, i сiнi шалiк быў у яго руках. Ну трэба ж улезьцi ў вопратку жывога класiка!

Цяпер я апынуўся ў прасторы мяккага сьвятла ды цёплых колераў. Агле­дзеўся. Тут паяднаныя былi два сьветы — зямны i нябесны. Тут быў сусьвет. Ня проста быў, а жыў у дзiўных кампазiцыях, формах, колерах, да сябе вабiў i ад сябе адпужваў, супакойваў i насьцярожваў, абяцаў рай i паказваў край пекла, каб людзi не падманвалiся ў сваiх празьмерных радасьцях. Стаялi сьветлыя хацiны, такiя дробныя ў пашчы сусьвету, што i сьвятло не ратавала ад хмарных думак: якiя самi — такiя нашы санi. Былi хацiны, у якiх нiхто ня жыў, патаналi ў высокiм быльнягу, сьляпыя ды глухiя, людзьмi пастаўленыя i людзьмi забытыя. Густою сiнiзною шыкоўна цьвiлi касачы, у зямное хараство, нiбыта на таемную вячэру, зманiўшы з неба маладзiк рагаты, хаваючы яго ў сiнiх сховах. З начное цемры да нябеснага сьвятла ўзьляталi конi, адкiнуўшы чырвоны пасак страху. У сьвятле лiхтарным, дзе промняў даўжыня была напэўна роўная шляху ад сонца да зямлi, раiлiся матылi, падобныя да палявых рамонкаў, i над iмi ўзвышалася трывожнае бяздоньне — ня тое неба, што жыцьцядайна i ласкава грэла кожны зямны парастак, а чырвоны космас i нават пазакосмас, у якiм плылi ня хмары, а планеты, кiпела-булькатала гняўлiвымi бурбалкамi расплаўленая магма. За чырваньню галактык з кратэраў агню ўзьляталi галавешкi, з якiмi разам ва ўсе бакi страляла каменьне попелу. Адтуль, нiбыта НЛА, зьнiжалася астыла-сьсiнелая iльдзiна сьмерцi, з якой, як з вымя дойнае каровы, цурболiў струмень жоўтай атруты, i той струмень, пралiты на людзей i вёскi, скарынку зямлi прабiўшы, дзе здаўна сеялi, дары зьбiралi, сьпявалi ды скакалi ў сьвяты, разьлiўся атрутнай жоўцю, i нам у рукi пайшло расьцi калосьсе не жыцьця, а сьмерцi. Вострымi пiкамi стаялi, нiбыта стражнiкi на службе, брамы цемры — вялi ў пекла, стаялi брамы сьвятла — паказвалi дарогу ў рай, брамы чакалi чыстых i нячыстых, праведнiкаў i зладзеяў, годных i халуёў, сейбiтаў i цмокаў — усiм хапала месца. Тут я адчуў, як загуляўся ў харастве прыроды i тым падмануўся ў задоўгiх радасьцях — схамянуўся i захiстаўся: за што схапiцца, каб утрымацца на сваiх хадулях? Убачыў перад сабою браму i рукi працягнуў да брамы. Але адскочыў: яна была з агню. Стаяў насупраць брамы слуп — агняны. На iм вiселi кубкi — чырвонае вугальле.

— Сядайце.

Ён, запрасiўшы на канапу, сеў сам, i я сеў побач. Ён разглядаў мяне — што я за птах?

— Прабачце. Так незвычайна тут у вас. Як быццам на зямлi, але i ў небе. Вось брама...

Ён супакоiў:

— Чырвоная ад сонца. Быў вечар. Сонца заходзiла на пералом надвор’я. Я пакiдаў вёску, iшоў, малады, з чамаданам, у сьвет ня блiзкi. За браму выйшаў, азiрнуўся — чырвоная, з агню жывога. Сэрца зашчымела: што абяцае чырвань? Якi яшчэ пажар? Можа, вярнуцца? Не, пайшоў. А пазьней браму напiсаў. У тым колеры, у тым настроi.

Ён разважаў лагодна, нiбы ў агнiстай чырванi былi ўсяго толькi настрой ды колер. Але задумаўся. I тады я спытаў, перахапiўшы думку:

— Настрой i колер брамы спраўдзiлiся?

Ён галавою хiтнуў, нiбы ў згодзе з маёй здагадкаю, але змаўчаў. У думках, можа, адчальваў ад брамы, як усё сказаўшы i сказанага з мяне даволi. А мне адчальваць ад брамы нi ў якiм чоўне не было ахвоты. Я адчуваў, што тут ня проста брама — вiр, выток жыцьця, можа, з найпершых, i ад яго павiнны разыходзiцца кругi настрояў, думак, вобразаў, якiя не зьнiкаюць i не канчаюцца на пэўнай лiчбе, ня маючы канца i межаў, множацца бясконца, ад кожнага круга адскоквае наступны круг, за кругам — круг, як у вандроўках — за дальлю даль. Па iх мне б плысьцi, з круга на круг, калi ёсьць човен i я ў чоўне.

Але падняўся ён. Выйшаў на сярэдзiну майстэрнi, вачыма да сябе паклiкаў. Я падышоў, глянуў туды, куды i ён глядзеў: насупраць узвышалася сьцяна, якую нельга было з канапы бачыць, а на сьцяне ў два рады пад столь — карцiны. Я iх заўважыў, як завiтаў у майстэрню, ды адно цяпер убачыў, што тут ня проста сьцяна i ня проста карцiны — iканастас з нiбыта абразамi, рама да рамы, у кожнай выява, калi не чалавека, дык хвоi, дуба, крыжа, дарогi, печы, бусьлiнага гнязда, i ўсюды, у кожнай раме, дух чысьцiнi i сьвятасьцi, хоць i натура не бiблейская — зямелька родная. Мастацтва, якое будзiла ўва мне пытаньнi. Але мастак, як я пасьпеў заўважыць, не любiў пытаньняў пасьпешлiвых i недакладных, у лоб, як кажуць, з прысмакам прымiтыву мысьленьня цi дробных правакацыяў, чым прымушаў мяне сачыць ня толькi за словам, але за думкаю, якая слова магла не дачакацца, за настроем, што крынiчыў i слова, i думку. Я быў, вядома, вольны, як у вольнiцы, ён не навязваў свой лад размовы, але што тая воля, калi цiкавiлi загадка i яе адгадка?

Хвоя — у сьвятой аправе? Ну, вядома, тут — Палесьсе, нетры якога сваiмi каранямi трымаюць дубы ды хвоi.

— Пампей, мой прадзед, як зьявiўся ў Чыкалавiчах, пасадзiў тры хвойкi, дзьве з iх салдаты сьсеклi ў вайну, але адна вырасла, стаiць, смалой налiтая, корань — у зямлi, ад якой увесь род Пампея.

Як жа гэтакую хваiну не паставiць у iканастас?

Цi млын, вятрак на беразе ракi, што будаваў Пампей. Пад млынам, пад яго крыламi, на беразе, хлопчык, прыгрэты сонейкам, сам — сонейка, зьвесiў танклявыя ногi да блакiтнай вады, быццам з яе вось толькi выскачыў — галяком на падасланай белай кашульцы. Тут усё дарэшты — кожная былка на зямлi i плямка ў небе, кожная рыска ў твары хлопчыка i ў аблiччы ветрака — сьветлае ды чыстае, жывое. Вятрак — сам прадзед у доўгай бурцы са стрэшкай-башлыком раскручвае на ветры крылы, абцягнутыя белай палат­нiнай, цi ня той самай, якую ткала мацi хлопчыка, Пампеева ўнучка, з якой пашыта i кашулька сына. Тут усё, усе вобразы i дэталi, адно з адным зьяднанае, адно другое высьвечвае ды паглыбляе, як, дарэчы, пячуркi ў пясчанай строме, гнёзды стрыжоў, — iх заўважыш i бачыш, што на стрыжа падобны хлопчык. А як цёпла, натуральна глядзяцца побач вятрак i хлопчык, Пампей i хлопчык, хоць няма Пампея, адно ягоны дух, духоўная прысутнасьць — яны яднаюць усё, пранiзваюць.

А печ? Ну, так, звычайная, як у кожнай хаце палешука, з загнеткаю, пячуркамi, з агнём глыбокiм у чэраве, дзе чыгункi ды гаршчочкi вакол агню бакi падсмальваюць, з фiраначкаю збоку загнеткi, каб печ прапаленую ня толькi засланкаю прыкрыць, але i фiраначкаю зашморгнуць, схаваць яе найчыстае начыньне ад чужога вока. Печ у хаце — жыцьця аснова, трываласьць i цяплынь, сьвятло. Але i гэтакiя развагi пiльнуе прыдзiрлiвая думка: печ усё ж перш-наперш — гарантыя ад гневу страўнiка, каб кiшкi, як кажуць, марш ня гралi? Тады якое яе права стаяць у iканастасе, дзе права адно — дух?

Пытаньне, як тую птушку, рызыкоўна пускаць на волю — чым вернецца: годным адказам альбо разгубленым маўчаньнем?

А ён ужо каля жаночага партрэта:

— Каця, стрыечная сястра. Яе ўбачыш — печ успомнiш. Зiма завейная, за вокнамi блакiтны вецер сьвiшча, у комiне гудзе i стогне, а мы з ёю ляжым на цёплай печы ды чытаем “Вiя” Гогаля. У нас свая ноч, свая зiма, свой вецер, свае чэрцi ў комiне шкрабуцца, кожны гук да костачак праймае, i так выразна бачыш, нiбы жывога, бурсака Хаму, як ён ляцiць на ведзьме, як ноччу адпявае яе ў царкве, як дамавiна лётае вакол яго, як ведзьма вылазiць з дамавiны, Хаму шукае. Вецер грымне — ты здрыганешся, здаецца, што чэрцi блiзка, да цябе крадуцца, чуеш, як Вiй дзьвярыма рыпнуў, па тваю душу iдзе. Маўчыш, ня дыхаеш. То было страхоцьце! А цi адно страхоцьце?

— Што яшчэ?

— Мы з Гогалем пераадольвалi зямное прыцягненьне, ляцелi ў неба, у космас, бывалi там, дзе зоркi, месяц, адтуль бачылi зямлю, свае хацiны, як бачыў Хама, калi ляцеў на ведзьме.

Тады i печ — ня проста печ з чыгуном бульбы цi капусты, ня толькi грэлка да сьпiны, да ног. Гэта таксама, нават, можа, найперш гэта, але ж ня толькi — яшчэ i карабель касьмiчны.

Ну, а дарога як трапiла ў iканастас? За якiя заслугi? Што вяровачкаю бяжыць памiж людзей, вёсак, гарадоў, усiх ды ўсё на зямлi зьбiрае ў сем’i, род, народ, дзяржаву? Апiрышча нагам у вандроўках?

— Тут iх дзьве побач, — кажа мастак. — Адна старая, коламi выбiтая да белага пяску, а другая новая, яшчэ ня выбiтая, цёмная, пракладзеная ў аб’езд, каб не загрузнуць. Скрозь гэтак на Палесьсi.

А што яшчэ яны, дзьве побач, кажуць, сьветлая ды цёмная? Што адна — да сьвятла, другая — у цемень, што ў кожнай свая мэта, доля, сваё наканаваньне, хоць i пралеглi побач. Загадка выбару: якой iсьцi альбо ехаць?

— Ваша найпершая ў далёкi сьвет?..

Я ведаў, што яна легла ад чырвонай брамы i што чырвань на браме ня толькi ад заходу сонца — за ёю ўшчэнт згарэла ад войнаў ды рэвалюцый ажно тры хаты.

— За браму я надоўга выйшаў у сорак пятым. У Камарын, адтуль — Дняпром у Кiеў. Год быў цяжкi. Ехаў вучыцца. Брат Мiкалай дэмабiлiзаваўся з армii, працаваў аграномам i палову заробку пакiдаў сабе, а палову, па-брацку, аддаваў мне. Пасаблялi вучыцца, як маглi, i мама, i дзед Мiхась, i нават баба Сынклета.

Баба Сынклета сядзела на парозе i ў мiсе на прыполе трымала яйкi. Нiбыта несла з-пад курэй i села перадыхнуць, на яйкi падзiвiцца: чысьцюткiя, бялюткiя, буйныя.

— Яйка ў вёсцы было сiмвалам жыцьця. — Во як! — А фiласофiя Сынклеты ў чатырох словах Iовы: Бог даў — Бог узяў. Тут — i жыцьцё чалавека, i ўвесь сьвет. Бог даў жыцьцё — жывi, пра сьмерць ня думай, Бог пра яе падумае, жывi так, каб Бог ад цябе не адвярнуўся. Гэтак Сынклета i жыла. Верыла ў Бога i веру сеяла па людзях. А я, бывала, як да яе зайду, дык i перахрышчуся. Нiдзе больш, а ў яе заўсёды.

Сынклета, як я адчуў, гонар мастака, як i Пампей, у сьвятым нiмбе. А бацька, мацi?

— Ад мамы я вучыўся працаваць. Кладзешся спаць, а яна яшчэ працуе, прачнешся — яна ўжо працуе. Калi спала, мы, дзецi, ня бачылi. I чым далей жыву, тым больш пераконваюся, што навука працаваць для мастака самая патрэбная. Якi б талент нi быў, а без вялiкай працы мастак не атрымаецца.

Партрэт мацi ў цэнтры на сьцяне. Вакол яе — сыны, вясковыя кабеты, крыжы, хаты, дарогi, ручнiкi. I нават — Жыцень.

— Мы з братам ведалi шмат народных песьняў, паданьняў. Ад мамы, ад дзеда Мiхася, ад Сынклеты. Пра Жыценя мама казала. Дзядок невялiчкi, валасы тырчаць ва ўсе бакi, прыгнуты, iдзе нячутна, добры, але як раззлуец­ца, то бяды наробiць. Увосень, ходзiць па палетках ды выглядае, хто як працаваў. Убачыць бароды непрыбранага калосься — зьвяжа ў сноп i сноп паставiць на чыста прыбраным полi. Там, дзе знайшоў бароды, у наступным годзе збажына не зародзiць, а дзе паставiў сноп — зародзiць. I дзед Мiхась казаў, што злаваць Жыценя ня трэба, а то завяжа жыта ў вузел — бяды не мiнеш. I што птушак любiць, аберагае.

Як жа было не натхнiцца пачутым ад дзеда i мацi, якiя гэтак паэтычна казалi пра Жыценя, быццам мелi шчасьце трымаць яго калi не за бараду, дык за крысо сьвiткi, i самi бачылi, як той завязвае бароды, чубы. Натхненьне мастака на ўзроўнi народнага, i пад пэндзлем атрымалася выява дзядка ў жыце: вусы ды бровы — сьпелае калосьсе, падрэзаная барада — колкiя голкi ржышча, вочы з-пад каласоў ды з каласоў высьвечваюць сiнюткiя, як васiлькi па жытнёвых межах, у жменi — пук жыта, каб вузел камусьцi завязаць, i птуш­кi ля яго ў жыце, перапёлачкi, весела пырхаюць, нiбыта супакойваюць, што дзед ня злосны, што яго кара — ад дабрынi, ахайнасьцi, любовi. Тут навука сэрцу чыстаму i сэрцу не зусiм чыстаму, тут таямнiцы асеньняй ночы, ад якой можна чакаць бяду i радасьць, трывогу i спакой, тут дыхаюць зямля i неба, зямля — зямным, працай ды збажыною, неба — высокiм, дзе жывуць багi, нават такiя, што на зямлю сыходзяць да людзей, як Жыцень. Тут бачыш ды чуеш паляшуцкае паданьне ў рэi зьбiральнiка тутэйшага фальклору Сержпутоўскага i разам з тым украiншчына, якая ня проста па суседстве за Прыпяцьцю, геаграфiчна блiзкая, але духоўна свая з маленства для мастака, якi ў прасторы ад Прыпяцi да Кiева i ад Кiева да Львова меў ахвоту i час надыхацца высокай паэзiяй яшчэ i ад Гогаля, ад бачаньняў бурсацкага фiлосафа Хамы.

Тут напэўна i школа жывапiсу, народнага i свайго, далёкага ды блiзкага ў часе, паэтычна-ўзьнёслага ды будзённага. Найжывапiсных узаемных пра­нiкненьняў, уплываў душ роднасных.

— Калi я выйшаў за браму, iшоў у далёкi сьвет, на Беларусi не было сваёй мастацкай школы.

— А Вiцебск?

— Там былi таленавiтыя настаўнiкi i генiяльныя вучнi, але не было нацыя­нальнай школы. Перад беларускiм хлопцам у жывапiсе рэальна ляжалi дзьве дарогi: адна — саматужная, другая — праз школы суседнiх народаў i мастацт­ваў, на поўначы — Расеi, перадзьвiжнiкаў, на поўднi — Кiева i Львова. Мяне, палешука, завабiла суседка Украiна. Адно ў нас Палесьсе, адна Прыпяць, адны гiстарычныя каранi, блiзкiя мовы, песьнi, буслы, але там больш нацыя­нальнай волi, як у нас, а воля — глеба, на якой каласуе народ.

На сьцяне карцiна — матыў звычайны для Палесься: бусьлiнае гняздо, у iм бусьляняты, дзюбы якiх яшчэ ня высьпелiлi, чорныя, а над малымi — мацi бусьлiная раскiнула крыльле. У звычайных для Палесься сюжэце ды вобразе незвычайна моцнае для мастака пачуцьцё, якi бяз бацькi рос пад матчынымi крыламi. А вось i фотаздымак: Надзея Мiхайлаўна трымае на каленях сваiх двух хлопчыкаў, абхапiўшы iх рукамi, нiбыта крыламi. Дакладны нават у малюнку паўтор матыву мацярынства. Але i гэтакае, глыбока эмацыянальнае, бачаньне карцiны няпоўнае: у гнязьдзе бусьлiным, у выяве бусьлiхi-мацi, як у чалавечай мацi, жыве Айчына — ня толькi матыў ды вобраз, але i нацыя­нальны шлях, вышэйшы сэнс ды лёс — тэма не аднаго матыву i не адной карцiны, а ўсёй творчасьцi i ўсяго жыцьця. Яе пачатак, магчыма, быў тут — у матыве бусьлiнага гнязда. I тады ня мае значэньня, калi напiсаная карцiна, раней, як тэму рушыла паводка птушыных крылаў, альбо пазьней, у рэчышчы паводкi, — прываблiвае пачуцьцё, укладзенае ў вобраз, дастатковае, каб кожны раз, працуючы, знаходзiць новыя ды новыя арыгiнальныя выявы, даваць iм нечаканыя ды сьмелыя мастацкiя рашэньнi. У кожнай рабоце, у кожным вобразе i птушкi, i крыла жывога, i ваяра з вышынёю, з космасам ёсьць узьнёсласьць рамантычнай мары, бунт маладой крывi. Калi ж рамантыка трымае мастака ўсё жыцьцё, хiба не азначае гэта, што мастака не пакiдае маладосьць?

Ён успамiнае:

— Палесьсе ў вачах з маленства: i край, i рай птушыны. Вясна, бывала, пачнецца — аблогi стогнуць ад шолаху ды сьвiсту пёраў. Птушыны мiжкан­тынентальны порт. Усе птушкi, што лятуць праз Палесьсе з поўдня на поў­нач i з поўначы на поўдзень, у нас садзяцца, кормяцца, гняздуюць, ладзяць вясельлi, кiрмашы, а мы, палешукi, з маленства на iх падобныя. Малымi не хадзiлi — лёталi. Рукi i ногi вырасталi доўгiя, моцныя, нiбы ў птушак крылы. Раскiнеш рукi i ляцiш з гары на рэчку, а там — вада, зямля i неба, птушкамi затканыя, i ўжо ты сам у тым выраi птушыным. Такое дзiва!..

I ня дзiва, што, узгадаваны ў царстве птушак, мастак злавiў аднойчы на пэндзаль адну з iх, першую, а за ёю ўзьняў у неба цэлы вырай. Сам ад сябе не чакаў гэткага натхненьня? Магчыма. Але той вырай закружыў на доўгiя гады.

“Крылы I”.

“Крылы II”.

“Крылы III”.

“Крылы IV”.

“Крылы V”.

Чым iх паяднаў мастак? Малюнкам, колерам, iмклiвасьцю палёту? Дзе тое перавясла, што зьвязвае, яднае вырай? Была задума памiрыць зямлю i неба?

— Пiсаў я радасьцю...

А радасьць не яднае? Гармонiя крыла, зямлi i неба — хiба ня вечная крынiца прыгажосьцi, радасьцi? Iх трэба паяднаць яшчэ i з сэнсам, з мэтай? Асаблiва для мастака, якi i прыгажосьць, i радасьць да поўнай волi ня пусьцiць. Не зьняволiць, нi ў якiм разе, але з разумным сэнсам павянчае, выштукуе вянец адмысловы — шлюб вечны.

— Я крылы першыя задумаў белымi...

Вось яно: пiсаў дзіцячай, лiчы — стыхiйнай, радасьцю, i ў той самы час задумаў крылы белымi, сьветлымi ды чыстымi, як сьвятасьць. Нагледзеўшыся ў птушыным царстве на чаек, гусей, буслоў? Ня толькi. Усё белае з маленства — сьвята: печ беленая да Вялiкадня, пагафтаваныя фiраначкi на вокнах, бабулiнымi ды мамiнымi рукамi вытканыя ручнiкi, крылы дзедавага ветрака. Белы ручнiк — шлях беларуса, як млечны ў небе — шлях Бога. А крылы — ручнiкi ў небе. Усё, што ёсьць рэч, мае свой цень, нават крупiнка рэчы. I белае крыло — таксама? Але цень — ня цемень. Ён — колер. Бывае, што чырвоны, як кроў. Дык хай крыжуе белае крыло — чысьцейшым будзе.

— Крылы iмкнуцца ў неба, а там — блакiт...

Блакiтных пара крылаў — сталасьць белай мары, яе мэта, прарыў рамантыка ў вышэйшую рэальнасьць. А што далей — за блакiтам? Рай цi пекла? Вогненны кратэр, вогнiшча? Там — плата за палёт у блакiце як у радасьцi, раскошы? Дык што рабiць? Ляцець у вогнiшча цi павярнуць назад? Што мае большы сэнс — рызыка цi асьцярога?

— Для сьветлай мары няма пытаньня. Праз полымя ляжыць шлях вартага ды годнага жыцьця.

Крылы смыляць у агнi, але ляцяць далей i вышэй. Што далей? Бой? Яны гатовыя да бою хоць з д’яблам: меч блiснуў пад крылом. О, там мужны рыцар? Але ён не анёл з нябесных войскаў Бога — дзiця зямное, завабленае небам, узьнятае на крылах белай мары. Пральецца кроў? На белае крыло чырвоны пасак ляжа? Гэта — наш сьцяг, наш лёс. Ён Богам бласлаўлёны. Мы — з Богам!

— Залоцiць крылы сонца...

За мужнасьць i адданасьць небу ўзнагарода — сонца. Яно прывецiла крылатага Iкара, сагрэла крылы i чало, у кожнае пёрца ўпляло сваё ласкавае праменьне. Iкар, нiбы сьвяты, паруе вольна, узьняўшы годна крылы i склаўшы рукi на грудзях. Бог даў нiмб сьвятасьцi, а ён ляцiць па небе i тужыць па зямлi, з неба глядзiць унiз ды молiцца хацiнам. Ён, дзiця зямлi, працяў сваiм палётам неба, зрабiў усё, што мог i чаго прагнуў, скарыў магутным крыльлем усе вышынi, злучыў зямлю i неба, даў небу веру ў сiлу i чысьцiню зямлi, вярнуў зямлi надзею ўратавацца небам. Далей куды ляцець?

— Апошнiя крылы чорныя...

Гэта ж сьмерць? Навошта? Хiба сьвятлом нельга закончыць круг крылаў у глыбiнях неба, як зусiм нядаўна зрабiў бы кожны мастак сацрэалiзму?

— Я рэалiст...

Ён яшчэ i фiлосаф. З тых, што свае крылы, як рэалiсты, складалi на Са­лаўках, на Вiшары, на Магадане. Iх доля ў мiнулым? Хай дасьць нам гэта Бог — жыцьцё без Салаўкоў нарэшце, без Вiшары, без Магадану. Ён рэалiст — успомнiм — ад Iовы i ад Сынклеты: Бог даў — Бог узяў. А гэта значыць, што сьмерць крылаў — не канец сьвету. Крыло, дастаўшы сонца, дастала вечнасьць. Iкар, гiнучы, пакiне зерне жыцьця ў крыльлi новым, маладым, якое прадоўжыць палёт да сонца i па сонца. Няма жыцьцядайнага зярняцi ў хлусьнi сьветлага канца. Але чаму памiж абвугленага крыльля ў прасторы ночы гарыць, як сьветлафор, чырвонае загадкавае вока? Кропля трывожнай чырванi сьвiдруе насельнiкаў зямлi — распальвае ў сэрцах прагу волi, вышынi ды сонца?..

Зьдзекуецца з хiжых?..

— Вы бачылi Гаспадара Палесься?

Мастак гэтак спытаў, што ў самiм слове адчуўся Гаспадар.

— Вашу карцiну?.. Прызнаюся, ня бачыў.

— Як-небудзь...

— Пагляджу. Там бусел?

— Вялiзны, годны, як паляшук.

Нiякавата было глядзець у даверлiва-сьветлыя, з блакiтам неба вочы: мастак iм, Гаспадаром Палесься, ганарыўся, а я ня бачыў — ай-яй! Затое цяпер адчуў большае, як пытаньне: цi не Гаспадар блаславiў у высокi космас самога мастака i ўсю яго сiмфонiю крылаў? Ды не адных птушыных. Туды, у неба, iмкнулiся ляцець звычайныя палешукi, мужчыны i жанчыны, прырослыя як быццам да зямлi, якую аралi i засявалi, а з iмi — конi, дрэвы, крыжы, каменьне, нават квадрат Малевiча адтуль вярнуўся на зямлю i, нiбыта з люка карабля, выкiдваў сейбiта i Еву, спакушальнiцу з чырвоным яблычкам у руцэ, самога мастака з палiтрай. Хто iм даў крылы? Стаялi тры кабеты, у кожнай у думках i ў сэрцы жыла надзея, кожная сваю надзею мкнула ў неба: адна — да Бога, другая — да каханка, трэцяя — да дзетак. Усе тры там бачылi ратунак, хоць жылi на зямлi, дзе жыў i Гаспадар. Над вёскаю па небе на ружовых крылах раньняй вясны ляцела Лада, багiня i дзяўчына, з кветкамi ў руках, якiя з вышынi працягвала жанчыне, што з хлева выганяла карову на маладую пашу, i маладым, якiя яшчэ напэўна спалi за прыцемненым дрэвамi акном. I мудрай радасьцю зьзяў тварык у дзяўчынкi, якая ўжо адчула, што яе ручкi — крылы: цягнулася iмi да сонейка ў небе.

Туды, дзе неба, у тую чысьцiню, усе iмкнулiся. Адны ляцелi на белых крылах, другiя караскалiся па чорных лесьвiцах, зрывалiся з iх, бразгалiся вобзем, ачуньвалi, зноў паўзьлi да лесьвiцаў, па iх дзерлiся на неба. Нехта з бяскрылых ляцеў на парасоне — i ён да сонца? З каменьня будавалi гмахi ў неба вышэй ды вышэй, а пад гмахамi ляжалi руiны раней пабудаваных гмахаў. нават i вежа Вавiлонская стаяла, дакладней — камель ад вежы, як помнiк дурням. Той вышынi шукалi i самыя ўбогiя — гарбамi беспрасьветных халуёў масьцiлi шлях да ката, хлуса ў белай сарочцы, пад гальштукам прыстойнасьцi, кесара саманазванага, якi ўзяў свой партрэт у дарагую раму i даў чэрнi: малiся Бацьку — трапiш у рай. I халуi, здрадзiўшы Богу, малiлiся пачвары.

Тэатр абсурду аблiваўся потам — ад веку ў век.

Мастак усё i ўсiх бачыў. Аднымi захапляўся, з другiх сьмяяўся, усiм, як хрысьцiянiн, хацеў пасобiць, нават халуям i кесару, даючы адным — крылы, другiм — розум. А сам працаваў дзень пры днi. Былi i ночы — адпачынак. Спаў, як Харытон, бацька, да раскулачваньня, кулак падклаўшы пад галаву, напрацаваўшыся, аж сiлаў ня маючы дайсьцi да ложку. Анёлы над iм ня спалi, сон мастака ахоўвалi ад злыдняў, а ён i ў сьне ткаў працягi жыцьця — сюжэты, вобразы, каляровыя кiлiмы. Чуў пошум крылаў. Лёталi анёлы цi птушкi? Цi сам ляцеў далёка i высока? I сам, вядома. Бо ведаў, што мастак бяз крылаў — Сiзiф, якi нiколi ня ўскоцiць на Алiмп свой камень.

То ляцеў, то плыў.

А куды плыў?..

Дняпром — у Кiеў

Параход быў ну проста дзiва: сам бялюткi, труба над iм чорная, яе працяг у небе — чорны дым, па борце справа — вялiзнае кола, як у Пампеевым млыне на Брагiнцы, з лапамi-клацамi, каб ваду грэбсьцi, па рацэ — пялёх, пялёх, пялёх. Ад Камарына па Дняпры ў Кiеў ён, небарака, пялёхаў ноч i дзень — суткi. Вёз у старажытную сталiцу палешукоў з мяхамi, хатылямi, скрынямi.

Была ноч першага лета пасьля вайны, лiставаў трэцi ад вайны месяц — жнiвень. Людзей на параходзе — што селядцоў у бочцы. Гаўрыла зьнёс драўляны чамадан па вузкай лесьвiцы ў трум, пралез памiж людзей да трубы, якая гнала дым у неба. Труба была добра цёплая. Пад ёю паставiў чамадан, сеў на яго, загарнуўся ў салдацкую коўдру, якую мама зьмяняла на малако i, як зьбiраўся ў дарогу, паклала ў чамадан, сьпiною прыхiнуўся да трубы i заснуў.

Сьнiў тое, што якраз выдалася надоечы, нiбы хто ў галаве пракручваў нявыдуманую кiнастужку. Як выйшаў з мацi за парог роднага дому, як разьвiтаўся i пайшоў, як азiрнуўся, зьдзiвiўся, што брама за сьпiной чырвоная, нiбы ў агнi палала, хутчэй пакрочыў, каб не гадаць, не вагацца, iсьцi альбо вярнуцца, спужаўшыся той чырванi. А тым часам сутонела. Сьпяшаўся i на параход, каб не спазьнiцца. Як падыходзiў да Камарына, з дарогi ў змроку зьбiўся, шукаючы наўпрост шлях карацейшы, блукаў, праз малую рачулку пераскокваў i пакаўзнуўся, у касьцюме з чамаданам шаснуў у ваду па пояс. Адразу — i бяда, i радасьць. Бяда, што выкупаўся ў вопратцы, а радасьць — чамадан уратаваў, пасьпеўшы выкiнуць на бераг, не замачыў сухары, якiя мама сушыла яму ў дарогу. Мокры прыбег у Камарын на прыстань, а параходу нямашака — цяпер ужо ён пазьнiўся.

Сон i ня сон — усё як было.

Прачнуўся ад рогату. Усхапiўся: хлопец з дзяўчынаю над iм стаялi. Чым ён быў сьмешны? Тым, што пара ад яго ўгару валiла, як дым з трубы? А коўдры на плячах ужо не было. Звалiлася, як спаў? Не было i пад нагамi. Садралi ўначы з плячэй? Укралi?

Да ранiцы ў цяпле абсох. Падняўся з трума на палубу — сонца зьзяла над Дняпром, i чайкi кружылi над вадою, узьляталi і сыпалiся на ваду — лавiлi рыбу. Енк, вiзгат.

На палубе дзень прастаяў, любуючыся вялiкаю ракою.

У Кiеў параход прыплыў на схоне ночы. Агнямi былi ўсыпаныя абодва берагi i неба, i ўсе агнi, што там, па берагах ды небе, адбiвалiся ў рацэ. Усё навакольле здавалася адным неверагодным пажарам — палалi вада, зямля i неба.

Над параходам, памiж iм i небам, насустрач, адзiн за адным, плылi масты — даўжэзныя, ад берагу да берагу, залочаныя ручнiкi. Вiталi параход.

Усё бачылася загадкавым i новым, нiбы ў казцы. Пра коўдру ўжо ня думаў.

За кармою, над параходам i побач з iм, ляцелi, быццам варта, чайкi, як тыя самыя, што з Камарына праводзiлi, вялi ўсю дарогу, нiбыта лоцманы, каўчэг палешукоў. Крычалi, ранiцы ды сонцу радыя. I супакойвалi. Як са­праўды свае — крылатыя палешукi.

Пазьней, праз шмат гадоў, ужо ў сьвятле грунтоўнай сiвiзны, мастак згадае той час — прызнаецца:

— Я быў для Кiева як чысты аркуш паперы.

Тым аркушам, на якiм славянская сталiца пiсала свае аўтографы i чула за гэта толькi ўдзячнасьць, была найперш маладая душа. Яна нi з чым не спрачалася, адкрытая да новага жыцьця. На ёй ужо стаялi аўтографы Палесься? Ну, так. Але ж i Кiеў жыў з Палесьсем у згодзе, бо сам — Палесьсе.

— Я нi тады, нi пасьля не сумняваўся, што выбраў шлях i горад, якiя ня мог ня выбраць.

I ўсё жыцьцё дзiвiўся: адкуль, з якiх глыбiняў памяцi i генаў, узьнiкла тая маладая iнтуiцыя выбару?

Лёс? Рок? Наканаваньне? Яны вялi, цi ўсё гэта — прывiд, мiраж? Гаданьнi на картах?

Былi i карты.

Вёска гадала на тых, што выштукаваў-вымаляваў ён, Гаўрыла, бо iншых тады не было. Гадалi на вайну i мiр, што пераможа, на жыцьцё i сьмерць, на хлеб i галадуху, хто з прорвы вайны прыб’ецца да роднага парогу, а хто ўжо без вайны, як у вайну, вiрам накрыецца. Гадалi, каму куды дарога сьвецiць: у заробкi, у прымы цi замуж, у вучэльню цi пад крыж Гасподнi? Вясковым хлопцам, такiм, як Гаўрыла, сябрам па школе, вучэльня выпадала адна — чыгуначная ў Гомелi. Цi вiнаватыя карты, што кожнаму сьвяцiлi сталёвыя рэйкi? Картам верылi: рэйкi дык рэйкi — рамантыка дарогаў. А што самому паказалi? Калi ўжо здаў экзамены i быў залiчаны ў студэнты-чыгуначнiкi, раскiнуў перад сабою на зямлi тузоў, дам, каралёў, вальтоў, а там вада жывая, блакiтны шлях i птушкi над вадою. Дняпро, Прыпяць, Сож? Цi чаратовая Брагiнка? Кранула, як не кранала раней, прыгажосьць дам, вальтоў, каралёў, iх вопратак ды збройнай амунiцыi — сэрца заныла, нiбы iм здрадзiў. Вярнуўся ў вучэльню, забраў дакументы i — на параход.

Першая сустрэча з Кiевам запомнiлася Дняпром шырокiм, высокiм берагам. Як узышоў на тую вышыню, як глянуў за Дняпро, а там — лугi, старыя рэчышчы, гаёчкi. Падалося, што i не адплыў далёка ад вёскi, што тут — Палесьсе.

Адшукаў вучэльню прыкладнога i дэкаратыўнага мастацтва. Экзамены iшлi — спазьнiўся? Паперы паказаў. Дык вы, сказалi, усё здалi, што трэба, у Гомелi, яшчэ адзiн прадмет здаць — сьпецыяльнасьць. Што выбiраць? Керамiку альбо ляпнiну? Падацца ў разьбяры па дрэве? Цi ў жывапiсцы-альфрэй­шчыкi? А што такое альфрэйны жывапiс? Спыталi: малюеш — пакажы работы? А дзе iх узяць? Дома на Брагiнцы маляваў вербы — суседзi хвалiлi: як жывыя. Аднак па iх не пабяжыш у Чыкалавiчы. Раскласьцi тузоў, дам, каралёў, вальтоў — малюнкi таксама ад душы. А раптам скажуць, што карцёжнiк-шулер? О не, тут у дурня не згуляеш — ня вёска. Паставiлi нацюрморт: збан, каласкi ў збане, яблыкi. Дыхнула родным садам, полем за вёскай. Збан з малаком у руках у мамы ўбачыў — супакоiўся. I маляваў, як сваё, роднае. Настаўнiк падышоў, узяў з-пад рук малюнак: вы — наш студэнт.

Палала жаўцiзною восень. Па рацэ плылi белыя параходы i вохрыста-чырвонае лiсьце каштанаў. Цяпер iх зноў убачыў, нiбы ў сьне, i запялёхала вада, пасыпалiся ў яе сьпелыя плады цi жвiр, а там — вiр-яма i ён наўколенцах, студэнт, усё роўна як гогалеўскi бурсак, над ямаю чуб зьвесiў, утаропiў вочы, поўныя ня то сьлёз радасьцi, ня то жарствы. А зьверху — лагодны голас:

— Там першая падлога хрысьцiянства. Ёй тысяча гадоў.

Сафiя?.. Божухна!..

Рука цягнулася на дно той ямы, куды iмкнулi вочы, але ж было там цёмна, зямлёю жахлiвых скiфаў тхнула.

З-за сьпiны стрэльнуў прамень сьвятла, зьверху, адкуль быў голас, на камень звалiлася малая плямка, руку лiзнула i паплыла нiжэй, яшчэ нiжэй, на брыжыку плiты павiсла, затрымцела. Рука схапiла плямку, а ў ёй жменя каменьчыкаў i кожны з жывым бляскам, кожны не адшчыкнеш — сплаў на вякi.

— Вы будзьце асьцярожныя. Там, памiж першай i апошняй падлогай, на якой стаiм, два метры глыбiнi...

Плямка сьвятла паўзла ўгару з плазу на плаз, з падлогi на падлогу, па разломе агромнiстага пiрагу, i ты, твая рука, таксама, не адстаючы, з плазу на плаз, з падлогi на падлогу — па ўсiх стагоддзях Кiеўскай Русi.

— Ну?.. Вы бачылi там першую падлогу?..

Гаўрыла з захапленьнем глядзеў на Мiкалая Адрыянавiча Прахава, свайго загадкавага настаўнiка, гiсторыка тысячагоддзяў, прафесара, бачыў яго iнтэлiгентную бародку i думаў: якое блiзкае далёкае, якое простае сьвятое, як моцна, у маналiт, яднаецца такое рознае, як дзiўна з усiмi ды ўсiм паяднаны ты сам, гомо, з усёй цывiлiзацыяй, трымаеш у руках аж цэлае тысячагоддзе, калi з табою побач мудрэц, калi сьвятло яго лiхтарыка — табе ў рукi.

Першыя пасьля вайны зiму ды вясну Кiеў ляжаў у развалiнах. Студэнты сноўдалi па iм галаднейшыя за бяздомных шчанюкоў. Быў люты мор. Кавалак, калi зьяўляўся ў каго з сяброў, цяжка было дзялiць на шмат ратоў, але здабыць можна было толькi гуртам. Гурты галодных студэнтаў, як заканчва­лiся заняткi, брылi па вулiцах у пошуку таго кавалка. З вулiцы Арцёма, дзе вучылiся, звычайна падымалiся ў багацейшы Верхнi Горад, адтуль спускалiся на дабрэйшы, з рабочым людам, Падол, а далей была апошняя надзея — Дняпро i рынак, рыбакi i гандляры, мянялы. Знаходзiлi цi не знаходзiлi, што зьесцi, а на ноч вярталiся да вучэльнi, бо iншы прытулак меў мала хто. Актавая зала на трэцiм паверсе ператваралася ў начлежку, а там усе, як мухi на са лодкае, цягнулiся да батарэяў ацяпленьня, хоць цяпло ад iх было сiмвалiчным. Аднойчы ранiцай, калi начлежнiкi прачнулiся, пазгортвалi шмоткi, каб актавая зала выглядала прыгоднай для заняткаў, нехта пад батарэяй усё яшчэ ляжаў, не варушыўся. Студэнта паднялi — быў мёртвы. У той дзень хавалi i студэнта, i начлежку. На яе дзьверы адмiнiстрацыя павесiла замок.

Дзе жыць? Дзе спаць? На кватэры студэнтаў ня браў нiхто, ведаючы, што плацiць у iх няма чым. Гаўрыла з сябрамi выйшлi за горад, знайшлi напалову разбураны барак былой цагельнi. У бараку стаяла печка, вакол бараку можна было зьбiраць гальлё. I там зазiмавалi. А на другiм курсе Гаўрылу i яго двум сябрам удалося ўбiцца ў ласку да дырэктара вучэльнi, i той iх прытулiў у сваiм рабочым кабiнеце. Дзень да вечара там працаваў дырэктар, а на ноч ключы ад кабiнету аддаваў хлопцам.

Аднойчы пасьля заняткаў, як сьцямнела, у час рандэву зiмы з вясною, калi на вулiцы мяло дажджом i сьнегам, Гаўрыла адважыўся прапанаваць Прахаву правесьцi яго дадому, а як падышлi да пад’езду, дзе жыў прафесар, той запрасiў на вячэрнюю гарбату, i Гаўрыла не адмовiўся — калi яшчэ студэнту давядзецца пiць гарбату з прафесарам? Цукру ў Кiеве не было, але быў сахарын. I дужа смачныя пiражкi былi ў глыбокай прыгожай талерцы на стале. Гаўрылу ўсё хацелася спытаць, хто iх пёк, каб дазнацца, з кiм прафесар жыве, бо насьцярожвала цiшыня ў кватэры — нi галасоў, нi крокаў, нi жывога ценю, i ўсё падказвала, што тут жыве самотнiк. Але размову вёў гаспадар, i ён бачыў, куды страляюць вочы студэнта, угадваў яго думкi.

— Сюды нашая сям’я пераехала з Пецярбургу, калi Кiеву спатрэбiлася бацькава галава, як знаўцы Кiеўскай Русi, гiсторыка яе культуры, археолага, эксьперта. У нас тут была вялiкая кватэра, у пакоях заўсёды чулiся галасы i крокi вялiкiх мастакоў, вучоных, артыстаў. Прыйшла рэвалюцыя — пакоi нацыяналiзавала, нам з iх пакiнула два невялiчкiя ды калiдорчык. I ўсё ж, калi ўмееце слухаць рэчы, сьцены, падлогу, тут i цяпер пачуеце галасы i крокi Васьняцова, Несьцерава, Урубеля. Дарэчы, вы любiце Урубеля? Студэнты яго любяць.

Прахаў падышоў да шафы з кнiгамi, прынёс i паклаў на стол перад Гаўрылам таўстую папку:

— Вось тут сам Урубель, нават такi, якога мала хто ведае. А ў крэсле, у якiм вы седзiцё, ён любiў па вечарах сядзець i маляваць. Малюнкi, як адыходзiў, пакiдаў. А мама складала iх у папку. Берагла.

Неяк Гаўрыла i другi раз апынуўся ў гасьцях у Прахава. Гаспадар кватэры прынёс ужо iншую папку. У ёй былi малюнкi i акварэлi Васьняцова, Несьцерава, Сьвядомскага, Катарбiнскага, якiх старэйшы Прахаў прыцягваў да росьпiсу Уладзiмiрскага сабору ў Кiеве. Ляжалi ў папцы i малюнкi Уру­беля. Заўважыўшы, як iмi зацiкавiўся студэнт, прафесар сказаў тое, што не казаў раней:

— Калi Урубель расьпiсваў Уладзiмiрскi сабор, ён шмат пiсаў i замалёўваў маму, яе твар, вочы, рукi, сьцiплую ўсьмешку. Шукаў у ёй выяву Багародзiцы.

У папцы ляжалi малюнкi алоўкам, акварэльныя эскiзы з Эмiлii Львоўны, i ў тых работах Гаўрыла бачыў ня толькi тэхнiку, майстэрства штрыха ды лiнiяў, празрыстую прывабнасьць акварэльнай плямы, але парывiстае дыханьне мастака, пачуцьцё да натуры, чысьцiню i лёгкасьць у кожным дотыку да аркушу.

Раптам, нiбы адчуўшы, што выявiў у малюнках ды акварэлях студэнт, Прахаў, хвалюючыся, прызнаўся:

— Урубель кахаў маму.

I ўжо сьпяшаючыся, як баючыся, каб студэнт не падумаў штосьцi большае, як было, дадаў:

— Бацька як мог ратаваў справу аздабленьня сабору i мастака, залiшне, па маладосьцi, тэмпераментнага, паслаў на свае сродкi ў Венецыю, каб ён там пабачыў работы выдатных майстроў iканапiсу, павучыўся ў iх, пiшучы, трымацца маральных рамак i папрацаваў над iконамi для сабору. Але памы­лiўся ў сiле тэмпераменту Урубеля, як, дарэчы, памылiўся i Чысьцякоў, прафесар Пецярбургскай акадэмii, рэкамендуючы для гэтае работы ў кiеўскiх саборах Урубеля. Венецыя, якую мастак, разам з Джаванi Белiнi, багатварыў, надоўга не ўтрымала, i ён вярнуўся ў Кiеў, калi яго тут яшчэ не чакалi...

Кожны чацьвер кватэра Прахавых зьбiрала гасьцей. Прыходзiў i Урубель. Ён сядаў у крэсла насупраць Эмiлii Львоўны i маляваў яе ў розных ракурсах, кампазiцыях, настроях. Маляваў яшчэ да ад’езду ў Венецыю, але, вярнуўшыся адтуль, настойлiва шукаў у ёй вобраз для iконы.

Нарэшце Багародзiца была напiсаная. Усе, каму давялося яе ўбачыць, былi ў захапленьнi ад жывапiсу i мастацкага вобразу. На залацiстым фоне, у аксамiтавых, чырвона-бардовых тонах, Багародзiца трымала на каленях дзiця, седзячы ў крэсьле з высока ўзьнятай, ня ў правiлах царкоўнай дагма­тыкi, галавою, накрытаю хусьцiнай, а ў твары, у вачах былi i радасьць, i год­ная самота, i прадчуваньне выпрабаваньняў лёсу. Высокае i звычайнае, нябеснае i зямное, боскае i людское ядналася ў твары, безумоўна, Эмiлii Львоўны. Гэта зьбянтэжыла айцоў царквы. Ды i самога Адрыяна Прахава. Сабор iкону не прыняў. А што ж Урубель? Ён гэта чакаў цi не? Хоць нечым, пiшучы, перасьцярогся? Iканапiсны твар хаваў, вядома, усю абаяльнасьць Эмiлii Львоўны, яе вельмi выразныя, страсна-прыпухлыя вусны тут былi сьцiпла самкнёныя, вялiкiя ясныя вочы глядзелi на сьвет адчужана, амаль бясстрасна. Мастак шмат чым ахвяраваў. Але пачуцьцi да Эмiлii Львоўны як да жанчыны сьвецкай схаваць ня змог. Пахаладаньне ў адносiнах з Прахавым стала немiнучым. I разам з тым немiнучаю была драма каханьня. Прыйшло i большае: Урубель пачынае выпешчваць у творчым уяўленьнi вобраз Дэмана.

Па Кiеве загаварылi: прыехаў, каб знайсьцi Бога, а знайшоў д’яб­ла — якi жах!

Драма накладалася на драму.

Але што ўсё гэта азначала i вызначала для маладога Гаўрылы Вашчанкi? Сардэчная драма Урубеля — што? Бо ўсё ж не Урубель, хоць ён i генiй, вядзе нас па суцемках свайго жыцьця ў мастацтве, вядзе Вашчанка, тут Урубель — знак прыдарожны, ня болей. Што знак студэнту высьвецiў? Цi прафесар выпадкова паклаў перад iм папку з малюнкамi i ўсё гэта, пачутае ды ўбачанае, ня выклiкала водгуку ў душы i ў думках маладога чалавека?

О, не! Гаўрыла ўжо думаў пра жыцьцё ў мастацтве i драму вялiкага мас­така адчуў як драму не абывацеля, а творцы, дзе ўсё дарэшты вытлумачвалi не абывацельскiя страсьцi, а таемныя парывы творчай душы, яе звышсiлы, звышэмоцыi. Ён бачыў, што тэмперамент мастака выяўляўся ня толькi ў пакоях Прахава, дзе жыла Эмiлiя Львоўна, але i ў саборах, дзе на тынкоўку скляпеньняў, сьценаў, калон мастак клаў арабескi росьпiсаў, ствараў вобра зы ў абразах i фрэсках, за акварэльнымi аркушамi i за мальбертам. Сэрца мастака не магло дваiцца, яно аднолькава крывавiла ўсюды, у саборах i ў пакоях. Гэта ведаў i Прахаў, бо быў прафесарам у навуках тонкiх. Дык цi не хацеў ён, знаёмячы студэнта з драмай генiя, давесьцi, што радасьць i бяда ў мастацтве калi не раўназначныя, дык раўнапраўныя, i чым большая даецца радасьць, тым большая наканаваная драма? Навошта гэта было прафесару? Каб запалохаць студэнта? Каб не спазьнiўся потым з пытаньнем да сябе: цi варта пнуцца ў вялiкае мастацтва, калi там вар’яцее нават генiй?

Прафесар грунтоўна засяваў аблогу маладой душы. Але каб узьнялася рунь страху цi хоць малой разгубы? Не.

Гаўрыла памятаў, як ад папак з Урубелем бег у саборы, шукаў там жыва­пiсныя сюжэты i вобразы, арнаменты i фрэскi мастака на белых сьценах, па скляпеньнях ды арках. Там пакутаў творцы не знаходзiў. Былi там радасьць ды благадаць.

Плылi апсiды, купалы, крыжы, нэфы, аркi, дэкаратыўныя аблямоўкi аконных проймiшчаў, абразы i мазаiкi, пабiтыя, нiбы маланкамi ды маразамi, шчылiнамi стагоддзяў, уваччу ўспыхвалi фрагменты славутых старадаўнiх фрэсак, i ён, ужо не студэнт, мастак, якi прайшоў абраную навуку, пазнаваў “Дары Пятра Магiлы” — даўнiну!, — “Цудоўную лоўлю рыбы” — яшчэ даўнейшае, што пражыло аж тысячу гадоў, у рыбацкiх сецях ды марской пене бачыў сьляды ня толькi доўгага жыцьця, але i сьмерцi фрэскi, а далей мiльгацеў адноўлены дэкор над аркамi фасада Троiцкай надбрамнай царквы i, нiбы асобна ад яе, надбрамнай, “Еўхарыстыя” — у агняным тоне лiкi сьвятых айцоў-цароў, “Хрышчэньне Эфiопа” з пейзажам i ў пейзажы, дзе рэчка i над ёю каменны мост, замак, карэта на дарозе i паломнiк, а сам Бог у храме ня крыжам, а венiкам хрысьцiў нячыстых, мёў з храма гандляроў — пад ногi сыпалiся кашы, з кашоў — цыбуля, яйкi, ад гневу нябеснага беглi авечкi, козы, сьвiньнi, нiбы якi патоп iх гнаў, i ўсё гэта было жывое — высокi жывапiс у пластыцы фiгураў i рэчаў. Тут не адзiн надбрамны храм. Былi Хрыстос i Майсей, апосталы, анёлы ў стылi ня толькi Вiзантыi, але i часоў навейшых. Царква Кiрылаўская? О, матухна! Пераўстварэньне Урубеля. “Сашэсьце” на харах i “Плач” у прытворы — да iх, каб хоць аднойчы бачыць, iшлi як да крыжа, хто верыў i ня верыў, усе iшлi ў веру. Тады, iх пiшучы, мастак яшчэ ня думаў пра антыхрыста, дэманы яшчэ не абжылiся ў яго душы i целе, ня iх шукаў-выпешчваў, прыехаўшы ў Кiеў, а Бога, хоць Бiблiю чытаў вачыма сьвецкага чалавека i для выявы апосталаў браў сьвецкую натуру. За гарбатаю з сахарынам ды пiражкамi прафесар паведаў студэнту зусiм нечаканае, што яшчэ вышэй узвысiла яго ў вачах Гаўрылы: апосталаў, усiх дванаццаць, мастак пiсаў з жывых людзей. Iх Прахаў ведаў. Шмат з якiмi быў блiзкi. Паказваў нават апостала, напiсанага з бацькi Адрыяна Вiктаравiча. Сам Мiкалай Адрыянавiч пачаў бачыцца Гаўрылу ў сьвятле агню, што на апосталаў клаў Сьвяты Дух, Голуб, зьляцеўшы з неба. Тут была воля Урубеля, падобная ледзь не на волю Сьвятога Духа. Дык што ж гэта, мастацкi талент, як не пячатка Бога? Тым больш мастацкi генiй. Цi не апякуе сам Бог кожнага добрага мастака?

Яшчэ не мастаком, студэнтам паклаўшы ўсе тыя думкi ў адзiн ланцуг, iх асьвяцiўшы прыхiльнасьцю да сябе прафесара, Гаўрыла адчуваў, што ён таксама можа апынуцца ў коле апекуноў Сьвятога Неба. Навошта хiтраваць? Хiба ён не прыйшоў у мастацкую вучэльню, каб знайсьцi поўню радасьцi?

А страх усё ж быў. Калi i тут не хiтраваць i не манiць. Хiба ж ня ён i гнаў ад Прахава ў тую начную цемень, шытую яшчэ зiмовым сьнегам i ўжо вясновым дожджыкам, на бераг Дняпра? Бег, не дапiўшы гарбату ў кубку. з кавалкам пiражка ў руцэ.

Белая лесьвiца ў неба

Сталiца мела свой нораў: то апускала на дно глыбозных, нiбы расколы д’ябла, яроў, заманьвала ў старадаўнiя пячоры, у нетры хрысьцiянскай ды славянскай даўнiны, з каменю ды смаловага дрэва клала пад ногi сходы, доўгiя вiхлястыя лесьвiцы, а то ня менш доўгiмi ды вiхлястымi падымала на стромы, пагоркi, горы, званарнi ды муры, заваблiвала вышэй i яшчэ вышэй. А з усiх лесьвiцаў былi дзьве, што вызначалi жыцьцё наперадзе, вялi ў сьвет i да сябе самога. Адна — унiз, у нетры Кiеўскай Русi, ключы ад якой ляжалi ў руцэ Прахава. Другая — з белага мармуру, угару, i там, куды вяла, здалёк былi вiдаць белыя, з таго мармуру, калоны, белыя залы, ля ўваходу ў якiя стаяла маладая прыгожая жанчына ў сьветлай сукнi, з доўгай чорнай касою, перакiнутаю цераз плячо, стромая i лёгкая, усьмiхалася насустрач кожнаму, хто зьнiзу падымаўся да яе.

— Завiце мяне Тацянай Нiлаўнай. А прозьвiшча — Яблонская. Я буду вучыць вас жывапiсу...

Вядомая ў Кiеве мастачка ставiла перад студэнтамi першага курсу гiпс, збан i казала: малюйце. Хацела адразу ўбачыць, хто як трымае ў руцэ аловак. А яны — таксама нецярплiвыя: што вы цяпер пiшаце? У той час шмат гаварылi пра яе апошнюю работу “Перад стартам” — студэнцкую зiму на лыжах. Карцiна дыхала маладой сьвежасьцю, расхiнутасьцю, свабодаю пачуцьцяў, выяўляла вобраз самой мастачкi, блiзкi студэнтам, а друк накiнуўся: уплыў варожага iмпрэсiянiзму. Чаму варожага? Усе чакалi: чым яна адкажа на крытыку? I адказала чатырохмятровай карцiнаю “Хлеб” — той самай, сабе ня здрадзiўшы, шчырасьцю характараў, багацьцем сьвятла, пленэрнай натуральнай пластыкай. Зьбянтэжылiся ахоўнiкi сацрэалiзму: ёсьць аптымiзм, але чаму так мала лiтараў на мяху са збожжам — “К-п iм. Лен.”? I дзе тут, у самае жнiво, парторг? Дзе старшыня калгоспу? Прыгожая дзяўчына ў цэнт­ры — уся iдэя?

Аднойчы настаўнiца зайшла ў клас, а там спрэчкi вакол яе карцiны. Цiха села за стол — слухае. Як усе замоўклi, яе раптам заўважыўшы, яна прадоўжыла размову:

— Ой, далася мне гэтая работа! Усё, здавалася, знайшла. Сьвятло, тон, вобразы, настрой, а не хапала стрыжанька — натура наравiстая, разьлятаецца. Чым паяднаць? I вось прыходзiць да мяне дадому дзяўчына — з вёскi малако насiла. Чарнявымi вачыма кiнула па маiх непрыбраных пакоях ды кажа: я вам памыю падлогу. Адразу падол спаднiцы за пояс заткнула, рукавы кофты закасала — дзе вада, ануча? А твар аж зьзяе радасьцю, здароўем. Ня дзеўка — песьня. Тут я адразу: стой, мая ты красачка, я ж цябе шукала!.. I — за аловак.

Вучыла: хочаце быць мастакамi — назiрайце за жыцьцём, лавiце мастац кую дэталь, нават няўлоўную, заўважайце iмгненны абрыс, жэст, рух, характар, вобраз — у адным штрыху, настройвайце сябе на кожнахвiлiнны пошук. Казала i паказвала, як гэта робiцца. Выкладала i малявала. Такая была методыка: у аснове — мастацкi вопыт, пошук, тэмперамент.

— Чаму пасьля “Хлебу”, якi вас так уславiў, вы раптам адышлi ад складаных тэм i кампазiцыяў у побыт асобнага чалавека, у сцэнкi, настроi? Вас “Хлеб” стамiў, расчараваў? Узялi адпачынак?..

Хвалi студэнтаў адна за адной пакiдалi вучэльню, сьпяшалiся да сваiх мальбертаў, з-пад апекi настаўнiкаў разьязджалiся па краiне. На месцы былых вучняў прыходзiлi новыя, але i ў новых было зьдзiўленьне:

— Вы пачалi пiсаць народным прымiтывам? “Лета” — вы цi ня вы пiсалi? А “Май”? А “Лебедзi”? А “Калыска”?..

Яна казала:

— Працуйце. Шукайце.

Ня ўсе ўсё разумелi:

— Але ж вы сябе знайшлi. Шукаеце, каб знойдзенае ды ўхваленае страцiць?

Яна цярплiва паўтарала:

— Заўсёды шукайце. Спынiцеся — згубiце тое, што знайшлi. Гэта ня форма, гэта — зьмест, лёс мастака. Прырода не дае паўтораў. Тут ёсьць усё, але ўсё абнаўляецца.

Ужо Гаўрыла быў у Львове i пазьнейшых спрэчак студэнтаў з Тацянай Нiлаўнай ня чуў. Але i там сачыў за яе творчасьцю. Там былi iншыя настаўнiкi, а пра яе думаў. Пытаўся невядома ў каго: цi разумна зрабiў, што зьмянiў Кiеў на Львоў? Закончыўшы вучэльню, хацеў вучыцца далей? Яблонская запрашала ў iнстытут, што ў Кiеве, дзе сама выкладала. Ён не пайшоў. Манументальны жывапiс, куды намецiў сабе шлях, там вывучалi, была кафедра, ды памёр яе стваральнiк i карыфей Крычэўскi, а без яго на кафедры ўсё мiзарнела. На раздарожжы, крыху разгублены, папрацаваў мастаком на кiнастудыi, але кiно па­трабавала iншага мастацтва — бутафорыя не захапiла. I тады падаўся ў Львоў.

Заходняя сталiца Украiны была шмат чым непадобная на ўсходнюю. Два амаль роўнавялiкiя, адной краiны i аднаго народа гарады выдалiся не аднаго твару i не зусiм адной культуры. Гэта Гаўрыла адчуў адразу.

Галоўны корпус Iнстытута прыкладнога i дэкаратыўнага мастацтва ўжо ў вестыбюлi сустрэў шыкоўным барока ў ляпнiне высокiх сьценаў i столi. Стаяў, задраўшы галаву, уражаны, як дзядзька ў Вiльнi, а тут — прафесар у акулярах.

— Здраствуйце, — першым прывiтаў Гаўрыла.

Стары схiлiў галаву, глянуў на яго з-за шкельцаў акуляраў, што зьехалi на носе, спытаў:

— А вы чому ў кашкецi?

Хуценька сьцягнуў з галавы кепку:

— Я не успел сняць...

— А чому вы са мною размаўляеце па-расейску?

Зусiм сумеўся:

— Я з Беларусi.

Прафесар спачатку ўсьмiхнуўся, потым нахмурыўся:

— Колы я шов з Украiны вчыцца ў Рым, у Акадэмiю мiстэцтва, то па дарозi вiвчыв iталiйску мову...

Украiнскую мову, каб гаварыць на ёй, Гаўрыла ведаў i любiў. Проста Кiеў, адкуль прыехаў, быў не такi, як Львоў, раўнiвы да свае мовы, меў да яе стаўленьне савецкае, блiзкае да таго, што ў Беларусi. Львоў гэтакай грэблiвасьцi альбо абыякавасьцi не дазваляў нiкому, у iм усё дарэшты, а мова — найперш, казала, што тут Украiна. Гэта настолькi ўражвала Гаўрылу, што ён адчуў, нiбыта тут куды больш, як нават у Беларусi, ратавалася яго роднае беларускае слова. I адразу, у той жа дзень, прысаромлены, загаварыў моваю Тараса Шаўчэнкi.

Мова Украiны яму заўсёды была моваю “Кабзара”, якi зьявiўся ў роднай хаце ў Чыкалавiчах яшчэ да вайны, ляжаў на стале побач з Бiблiяй, калi не хадзiў з рук у рукi па людзях, — чытала ўся вёска. Яго прынёс брат Мiкола, якi ведаў Шаўчэнку напамяць. Цяпер Гаўрыла сам з сабою загаварыў вершамi Тараса, бо, як i брат, шмат iх насіў у галаве, аж цэлыя паэмы, як “Кацярыну”, “Сон”.

Лечу, лечу, а вiтер вiе,

Передо мною снiг бiлiе,

Кругом бори та болота,

Туман, туман i пустота.

Людей не чуть...

Чытаў i бачыў роднае Палесьсе, i дзiвiўся: адкуль усё тое, што вакол Чыкалавiч, ведае Тарас?

Урокi жыцьця, ня кажучы пра ўрокi мастацтва, Львоў даваў кожны дзень. А найчасьцей — Бакшай. З выгляду прафесар як быццам нiчога прафесар­скага ня меў: нехлямяжа-шыракаплечы, як селянiн, апрануты заўсёды вельмi проста, у вясковае, хадзiў то з торбачкаю, то з кошыкам, плеценым з лыка, падшытым рагожкаю, i студэнты ведалi, што ў той рагожцы ляжаць фарбы, пэндзлi, анучы, хлеб, сала. З кожным студэнтам гаварыў па-сялянску скупа, слоў не падбiраючы, як бацька з сынам. Як аднойчы — да Гаўрылы:

— Ты дзеда хочаш слухай, хочаш ня слухай, але шмат працуй, i тады ўсё будзе добра.

Жыў Бакшай за Карпатамi, праз горы ад Львова, ва Ужгарадзе, i калi яго не было ў iнстытуце, студэнты жартам казалi, што стары iшоў праз перавал на лекцыi i заблудзiў у гарах, цяпер, можа, дзе ў лесе на пень вытрас з рагожкi фарбачкi ды пiша пейзажык, i як напiша, падмацуецца салам ды хлебам, горнай вадою зап’е, успомнiць, куды iшоў, i прынясе на лекцыю новы эцюд — тады ўсiм будзе пра што гаварыць.

Жартуючы, старога любiлi.

Мiж тым за вонкавай сялянскай шарачковасьцю ў настаўнiку жыў глыбока адукаваны мастак. Ён вучыўся ў Парыжы, там скончыў мастацкую акадэмiю, якраз у самы росквiт постiмпрэсiянiзму, ведаў увесь заходне­еўрапейскi жывапiс i тут, у Львове, яго веды вызначалi шмат якiя напрамкi i методыкi выкладаньня мастацкiх навукаў. Праўда, каменьня ў ягоны бок ляцела шмат. У той час кiруючая iдэалогiя змагалася з заходнееўрапейскiмi ўплывамi, з iмпрэсiянiстамi, якiх ён любiў, i тое каменьне кiдалi цi ня ўсе, хто хацеў выслужыцца перад уладамi. А ён i не апраўд­ваўся нi перад кiм. Хiба тады не маўчаў, калi ў бойку ўвязвалiся студэнты.

Тыя, хто папярэднюю навуку прайшоў у Кiеве цi Харкаве, Маскве цi Ле­нiнградзе, даводзiлi, як там вучылi:

— У мастацтве ўсё павiнна быць як у жыцьцi. Мастацтва — гэта праўда жыцьця.

Ён слухаў, iранiчна ўсьмiхаўся i казаў:

— Мiстецтво це не е життя, мiстецтво це требо придумать, алэ придумать требо так, що б було бiльш переконавчо, як саме життя.

Аднойчы ўвосень, найсамай залатой парою, Бакшай прывёў студэнтаў у Стрыйскi парк пiсаць тое золата. Усе разышлiся, кожны — шукаючы матыўчык да душы, а Гаўрыла надумаў падпiльнаваць, што будзе пiсаць Бакшай i пiсаць тое самае. Прафесар доўга не выбiраў. Вытрас са свае рагожкi фарбы, палiтру, пэндзлi, расклаўся на вялiзным каменi i хуценька пачаў накiдваць на кардонку кашлаты клён. Праз нейкi час да яго неўпрыкмет, з-за спiны, падышоў Гаўрыла i зьдзiвiўся: клён у натуры стаяў зялёны, там-сям крануты чырвонай охрай, а стары ляпiў фiялетавай. Ня бачыў у натуры колер? Тут i варухнулася каварная думка: сёньня я табе, дзед, дакажу, як трэба бачыць i тон, i колер. Паставiў эцюднiк за сьпiною ў Бакшая i весела, нiбы ўжо ўзяў верх над прафесарам, пачаў класьцi фарбы, i чым далей, тым сьмялей. Клаў ды паглядаў старому пад руку: а можа, перакрые фiялетавую iншым колерам? Не, iншым ня крыў. Напiсалi, кожны сваё i кожны па-свойму, спакавалi эцюднiкi, вярнулiся ў iнстытуцкую майстэрню. Ну, кажа, паказвайце, хто што зрабiў. Усе выставiлi эцюды, паставiў свой i Бакшай. Гаўрыла як глянуў на яго i на сваю работы — жахнуўся. Зялёныя ды чырвоныя колеры, якiя бачыў у натуры, пажухлi, клён выглядаў цьмяным, агнём, што быў у парку, не гарэў, а ў Бакшая стаяў жывы, што нi мазок — драбок агню, кожную сьветлую плямку вылучаў мазочак фiялетавай.

То быў яшчэ адзiн урок старога майстра: фарба — ня глiна, не зямлi нашлёпак, у ёй i колер, i ня толькi, яшчэ сьвятло, у прыродзе на адкрытым паветры i ў майстэрнi яна не аднаго тону, i гэта, мастак, помнi, як пiшаш, ведай, якая з якою ў суседстве загараецца, а якая ля якой гасьне. Гаўрыла ня ведаў, куды са сваiм эцюдам схавацца ад вачэй Бакшая. Адно супакойвала, што не сказаў нiкому, як хацеў павучыць жывапiсу прафесара.

Быў i яшчэ дзень, калi Бакшай прывёз студэнтаў да сябе ў горы. Знайшлi там маляўнiчы куточак, расклалiся. Пiсаў Бакшай, пiсаў Гаўрыла. Прафесар падышоў, паглядзеў, што ён робiць, i цiха, каб нiхто ня чуў, параiў:

— Кiдай работу. Вытры пэндзлi. Сёньня ня твой дзень. Будзеш у музеi — паглядзi, як пiша дзед Бакшай.

Прыглядаўся да ягоных работ ня толькi па музеях, але i на прыродзе, пiшучы з iм побач. I кожны раз дзiвiўся майстэрству старога жывапiсца. I вучыўся.

А павучаць той не любiў — раiў:

— Цi быў у оперы? Знайдзi час.

Будынак оперы ў Львове хто ня ведаў? Кожны раз, iдучы мiма, Гаўрыла любаваўся iм як творам выдатнага барока. Але адчынiць дзьверы ў тэатр, паслухаць цудоўных сьпевакоў усё ня мог выбраць часу. I вось — Бакшай: калi параiў, дык i выпадак знойдзе, каб спытаць, цi быў у оперы — дзед чэпкi, настырны. Куды ты ад яго дзенешся? Пайшоў. Як апынуўся ў вестыбюлi, адразу прыкiпеў да гледзiшча на велiчна-высокiх сьценах: роспiсы старых майстроў, ляпнiна, жывыя фарбы — галава кругам. А тут званок: дзе крэсла? Зайшоў у залу — забыў пра крэсла. Стаяў, нiбы ў саборы перад сьвятой iконаю, глядзеў на аграмадную заслону i ўжо нiчога, акрамя яе, ня бачыў. У яркiм сьвятле пражэктараў i лiхтароў палаў Алiмп багоў, i ўсе яны, антычныя, апекуны мастацтваў, былi там, на сьвятым Алiмпе, з Алiмпа ў залу праменiлi такую прыгажосьць ды радасьць, быццам уся опера тут i была — заслона, расьпiсаная Генрыхам Семiрадскiм, выдатным мастаком Расii ды Польшчы, iмператара ды караля. I з таго часу ўжо ня мог не хадзiць у оперу. Слухаў усё, што там сьпявалi, i кожны раз дзiвiўся, якая высокая гармонiя жыла ў цудоўным будынку памiж музыкаю i жывапiсам, скульптурай, дой­лiдствам. Нiбыта сам Алiмп з багамi Семiрадскага яе ствараў, ахоўваў. Там, у львоўскай оперы, Гаўрыла глыбей адчуў сакрэты захопленасьцi Мiкелян­джэла ўсiмi абсягамi i вiдамi мастацтваў, ды не аднаго Мiкелянджэла, усёй эпохi Адраджэньня, дзе таленты i генii жылi ня ў нейкiм адным, сваiм мас­тацтве — ва ўсiх сумежжах.

Опера шчодра аддзячыла за тую да яе любоў.

Аднойчы ў Львоў прыехаў Лiсiцыян — сьпяваў у оперы Вердзi “Травiята”. Гаўрыла прыйшоў з дзяўчынай, i там сустрэўся з сябрам, якi таксама быў з сяброўкай.

З тэатра выйшлi ўсе разам.

На плошчы перад операй стаяў утульны шынок, i яны завiталi, селi за столiк. Было паўзмрочна, iграў аркестрык — скрыпка, вiяланчэль, раяль. Нехта заказаў паланез Агiнскага “Разьвiтаньне з радзiмай”. Заварушылася ў сэрцы настальгiя — Палесьсе так далёка. А тут дзяўчына сябра прызналася, што беларуска, з Капыля. I ўжо ён ад яе ня мог вачэй адвесьцi. Бачыў i чуў яе адну.

Дзяўчына, з якой прыйшоў, устала з-за столiка i выйшла з шынка. Сябра падхапiўся, каб вярнуць. Але абое не вярнулiся.

Гаўрыла з Мацiльдаю засталiся ўдваiх. На ўвесь той вечар i на ўсё жыцьцё.

Высокi аўтарытэт еўрапейскага жывапiсу ў iнстытуце падтрымлiваў не адзiн Бакшай. Большасьць прафесуры выйшла з заходнееўрапейскай мастацкай школы. Быў Раман Юлiянавiч Сельскi, выглядам — Бакшаю процi­легласьць. Суперiнтэлiгент, педант, хударлявы i доўгi, два метры ў вышыню, ён скончыў Мюнхенскую мастацкую акадэмiю, вучыўся ў Рыме, у Парыжы, шмат езьдзiў па Еўропе, ведаў багацьцi ўсiх мастацкiх музеяў, архiтэктуру шмат якiх краiнаў, стыляў, напрамкаў, новую i антычную, эпоху Адраджэньня. Выкладаў кампазiцыю i працу ў матэрыяле — сграфiто, фрэску, мазаiку, вiтраж, — i цi ня ўсе студэнты, якiя праходзiлi праз яго майстэрню, рабiлiся выдатнымi майстрамi фрэскi, вiтражу, мазаiкi. Iншыя прафесары прайшлi праз мастацкiя акадэмii ў Рыме, Вене, Варшаве. Яны адкрывалi перад студэнтамi ўсе вокны i дзьверы да мастацкiх шэдэўраў Еўропы, не зьвяртаю­чы ўвагi нi на якiя iдэалагiчныя пастановы i забароны. Як можна было не пускаць моладзь да карыфеяў эпохi Адраджэньня цi iмпрэсiянiстаў, калi выкладчыкi самi выхоўвалiся на iх мастацтве? Ды i атмасфера Львову гэтаму спрыяла: багатая архiтэктура з цудоўнымi ўзорамi готыкi i барока, бiблiятэчныя фонды, сабраныя яшчэ ў часы Аўстра-Венгерскай iмперыi, нацыянальная годнасьць людзей. Гаўрыла меў магчымасьць працаваць у найбагацейшай мастацкай бiблiятэцы Акадэмii навук Украiны, там захапiўся жывапiсам Iспанii ды Iталii — Веласкесам, Эль-Грэка, Леанарда да Вiнчы, Тыцыянам, Мiкелянджэла. Апошняга абагаўляў. Здавалася, любога генiя павiнна было б вычарпаць зробленае Мiкелянджэла ў скульптуры, узяць з яго ўсё, душу i цела, а тут адкрываўся яшчэ i жывапiс мастака, якому ў ахвяру таксама мог быць толькi генiй, а яшчэ — дойлiдства, а яшчэ ня меншае зьдзiўленьне — паэзiя, дзе што нi вобраз — глыба, нiбы з таго, што ў скульп­туры, гранiту: “Я атрымаў за працу зоб — хваробу, А падба родкам урэзаўся ў вантробу. Грудзi — як у гарпiй, чэрап мой — вурода, Палез да горба, дыбам — барада. А з пэндзля мне на твар цячэ бурда, Абгортвае ўсяго, нiбы ануча — цела гроба”.

Харомы мастацтва былi харомамi духу. Там нельга было думаць толькi пра жывапiс — вузка. Зьяўлялiся думкi пра час, эпоху, родны край, народ. Чаго было ў генiя найбольш — чалавека цi эпохi? I што кожнаму давала эпоха? Хоць i Мiкелянджэла? З аднаго боку клаў на шалi выявы з гранiту, фарбаў, слоў, металу, з другога — выбух: “Навошта над сваiм мастацтвам чах, Калi такi канец мой — нiбыта мора Я пераплыў i затануў у саплях”.

Яшчэ Прахаў у Кiеве паставiў пытаньне: навошта? У яго, праўда, яно гучала хiтра — з прыцэлам на маладосьць студэнта: якая будзе рэакцыя? Паставiў лёсам Урубеля, ведаючы, што сам Урубель задаваў пытаньне сабе i сьвету неаднойчы, пазьней — ужо ў вар’яцкiм доме, калi пiсаў партрэт Брусава, на якiм, па сьведчаньнi самога Брусава, доўгi час была выява ўсяго паловы галавы: навошта? У Кiеве на гэтае пытаньне цi знайшоў адказ? Маладое захапленьне адказам не было. А пазьней?

Львоў, сталiца не артадаксальнага ўсходу, а больш вольнага ды сьмелага на думку i слова захаду, адказ цi ведаў?

Аднойчы, спытаўшы ў сябе пра гэта, пачуў на вуснах, на слых i смак, знаёмыя са школы вершы: “Любiтеся, браты моi, Украйну любiте, i за неi, безталанну, Господа молiте...” Згадаў i ня менш знаёмае: “Як умру, то поховайте Мене на могилi, Серед степу широкого, На Вкраiнi милiй. Поховайте та вставайте, Кайдани порвiте...”

Адказы на ўсе пытаньнi, нават генiям, былi ў Тараса. Што ж гэта за паэт? I чаму толькi тут, у Львове, ён, Гаўрыла, гэтак зразумеў i пачуў Кабзара? “Украiна, мати моя...” — вось адказ на пытаньне: навошта? Дзеля Мацi Украiны! А што сабе, як не паэту — шэраму чалавеку? “Дай мнi Украiну!..” А яшчэ, акром высокага? Як чалавеку слабому — што?.. “Мiнаюць днi...”? Ёсць: “Доле, де ти? Доле, де ти? Нема нiякоi! Коли доброi жаль, божэ, То дай злоi! злоi! Не дай спати ходячому, Серцем замирати, I гнилою колодою По свиту валятись. А дай жити, серцем жити I людей любити!..” Тут — усе адказы генiям i прафесарам усiх часоў? I ня генiям — таксама. Усiм, у каго ёсьць радзiма. Ну, а на яго, Гаўрылава, пытаньне, якое насiў у сабе з таго часу, як адкрыў паэзiю Кабзара i ўбачыў, чым жывуць сяляне ў Чыкалавiчах, свае палешукi, адказ цi быў? Якое яго пытаньне? А такое: чаму цi ня ўсё беларускае Палесьсе чытае Тараса, любiць Тараса, як нiкога з паэтаў-духоўнiкаў, можа, болей, як сваiх беларускiх? Гэтую загадку доўга насiў у сабе як разгубу, разам з паэзiяй Кабзара, у сэрцы, ня мог адно з адным зьвязаць, адным другое высьвецiць, адным другое зразумець. А хiба ня тут, у вершах-думах, i быў адказ? Хiба не таму палешукi-беларусы любiлi Тараса, што ён нiводным словам не прынiзiў нi мужыка, нi народ, i калi гаварыў пра iх, гаварыў iм, а пра iх i да iх усе кабзаровы песьнi-думы, то рабiў гэта ня так словам, як болем прыгоннага селянiна ды катаржнага салдата, якi жыў у кожным мужыку i ва ўсiм народзе.

Восень лiстападу.

Мы стаім на беразе возера Баравое пад Бягомлем.

Ціха. Сонечна. Крыху, на разьвітаньне з летам, ядрана.

З-за возера да нашага берагу час ад часу падлятае нязлосны вецер, зухавата цярэбіць бярозам чубы, зьмятае з іх жоўтае лісьце нам пад ногі і на ваду. У нязмушанай лагодзе і цішыні мастак спакойна, як у працяг ранейшае размове, кажа:

— Шаўчэнка — мой любімы паэт.

Прызнаньне ў настроі восені? Пытаюся:

— А з нашых?

Ён усьміхаецца:

— Максім Багдановіч. А чаму? нідзе ня схлусіў. Гэта — як Шаўчэнка ніводным словам не прынізіў мужыка. Дзьве формулы аднолькавай вагі. А які жахлівы быў у Максіма лёс! Гэтак любіць свой народ, амаль не жывучы ў ім! Якая драма і якая годнасьць! Ня кажучы пра паэтычны дар, пра мову.

Зноў падлятае і шапоча ў чароце вецер.

— А можа, адарванасьць ад радзімы і абвастрае пачуцьці, інтуіцыю паэта? Я толькі ў Львове зразумеў, што нічыім ня буду мастаком, ні ўкраінскім, ні расейскім, ні малдаўскім, колькі б дзе ні жыў і як бы ні любіў суседзяў, магу быць толькі беларускім, пісаць адну сваю краіну-браначку. Як скончыў інстытут у Львове, прыехаў, ня маючы накіраваньня, у Менск, каб тут застацца. А дзе жыць? Дзе працаваць? Быў не адзін — сям’я. Зайшоў у Саюз мастакоў. А там Ахрэмчык. Ён кіраваў Саюзам. І ён мне сказаў, не саромеючыся: нам тут самім няма што есьці. І больш я з ім не гаварыў. Вярнуўся ў Львоў.

— Былі пакрыўджаныя?

— Не за сябе. За тое, што на маёй радзіме гэтакае разуменьне жыцьця ў мастацтве ды і мастацтва. Там я ня бачыў і ня чуў хамства.

— І апынуліся ў Кішынёве?

— Туды накіравалі працаваць. У мастацкай вучэльні выкладаў жывапіс, кампазіцыю, малюнак. Далі кватэру.

— І нават неўзабаве ордэн?

— Медаль за працу. Але...

Замоўк, нібыта вецер, што шугануў з-за возера, падхапіў-панёс з сабою думкі, словы.

— Але?.. — нагадаў я.

— Аднойчы ў Кішынёве пайшлі мы з сябрам на рынак. А там такая яркая палітра

фарбаў, усё гарыць пад сонцам, вочы разьбягаюцца. Мора гародніны, садавіны і яшчэ болей вялізных чорных мух. Пір з мухамі — жывапіс! Пачалі пісаць. Сябра мясцовы, фарбы кладзе як у натуры, агонь ды сонца, а ў мяне прысак тлее. Ён супакойвае: бяры сьмялей колер, пішы адкрытым. А я кажу: не, я твой малдаўскі пір люблю, а пішу сваё Палесьсе. У нас там і яблыкі, і памідоры не такія. Дамоў хачу...

І прыйшло лета. І быў дзень.

Самалёт ляцеў з Кішынёва ў Менск. Сонца выблісквала з-за бялюткіх воблакаў і зноў хавалася. Воблакі плылі насустрач паверхамі, пляцоўкамі, чародамі, вяртаючы да памяці белую лесьвіцу ў Кіеве, яе блішчасты мармур, што падымаў да сонца, дзе стаяла, чакала сваіх вучняў Яблонская. Але ж ня там, дзе яна стаяла, была апошняя вышыня. Лесьвіца вяла вышэй.

Як Прахаў вёў — глыбей, яшчэ глыбей.

У Прахава была мяжа: пачатак хрысьціянства на Кіеўскай Русі — там першая падлога. А куды вышэй? Там — ці ёсьць мяжа? Сама Тацяна Нілаўна што ўсё жыцьцё шукала? Аднойчы падышла ды кажа: Мы з вамі, Вашчанка, адной крывіцкай нівы. Адразу не зразумеў. Яна ўсьміхнулася: Я са Смаленшчыны, там хата родная, жылі там мама, бацька, у нашай хаце не навалокамі былі і мова беларуская, і песьні вашыя. Яму тады як вочы іншыя хто ўставіў — наноў убачыў яе карціны, асабліва тую, дзе курганы магільныя ва ўсе бакі і ўглыб прасторы, што пад курганным небам, курганнае бязьмежжа, паміж курганьня вёсачка малая. О, як дыхнула Беларусьсю! І палатно другое: хлапец над сажалкаю, сіняй-сіняй, з вандроўнай кайстрай за плячом, глядзіць у сінь, як моліцца, а вакол сажалкі — бясконцае і вечнае курганьне. Родныя магілы? Нібы ён сам, Гаўрыла, стаяў над тою сіняю вадою. А прывяла туды — яна. Сама там што шукала? Кут родны, крывіцкі, дзе маці, бацька, свой народ? Але чаму да роднага такая доўгая пятлястая дарога? Усё жыцьцё трэба яе шукаць? Хіба яна і ён не адтуль выйшлі? Ці, блукаючы па сьвеце, з дарогі зьбіліся? З народу выйсьці і народ шукаць — шлях мастака? Як у іншых? Як у Тараса? А ў Максіма? Пакутліва шукалі таксама? Чаму ж так? Можа, што пакідаеш родны дом з маміным сухарыкам у кайстры, з вольным ветрам у галаве, са сьляпенькім, як кацяня, сэрцам, а вяртаешся з паходняю паэта, з агнянаю палітрай мастака? Ці ведала гэта настаўніца? А Прахаў – ведаў? Ён у сваіх пячорах сам быў глебай, глінай, жвірам, падмуркам той белай, у неба, лесьвіцы? І зноў жа беларус, хай і адным крылом, з-пад званоў Мсьціслава, што на Віхры, якая бяжыць у Асьцёр, з Астром — у Сож, з Сажом — у Дняпро, а там — у мора, што з небам цалуецца. Выток — ад маці, ад бабулі. Ці ж не таму, пачуўшы цяплынь бабулінай ды матчынай крыві, прафесар гэтак шчодра ў галодны год частаваў зямелю піражкамі? Ды яшчэ і таямніцамі ня толькі Урубеля, але сваёй сям’і? Як усё складана і як сьветла.

— Пра што ты думаеш?..

— Мацільда?..

Ён схамянуўся, глянуў налева, направа: саплі ў крэслах, закрыўшы вочы, людзі. Чужыя. Мацільда з сынамі, Міколам ды Косьцікам, у Кішынёве? Так — прымроіў. У Менск ляцеў адзін.

За шклом ілюмінатару плылі аблокі. Плыло праз іх і з імі разам сонечнае сьвятло, зіхоткае і трапяткое. Паміж аблокаў — плямы блакіту, сагрэтыя тым самым сонцам. Успыхвалі і зьнікалі ўсе колеры сьпектру, усе адценьні, пасьпяваючы адны ў другіх сагрэцца і растварыцца. Плямы сьвятла тапіліся і ў шараватай пене, з якое ўздымалася вялізнае смарагдавае воблака — гусьцела, налівалася зялёнай вірыдонавай з падмесам ультрамарыну і ў момант разьляцелася, нібы нажом раскроенае на дзьве роўнавялікія палосы. Там, дзе прайшоўся востры нож, зайграла вастрыё блакіту ў аздобе смарагдава-зялёнай пены. Прыпяць? Жаўтлява-сонечныя шнуры ўздоўж берагоў — яна? Гаўрыла ўтаропіў у ілюмінатар вочы, але — так хутка зьнікла? І зноў плылі аблокі. Гаўрыла адкінуўся да сьпінкі крэсла, заплюшчыў вочы і тады зноў, нібы жывая, зайграла блакітам стужка, бліснула між куп’я, чароту, хмызоў, пясчаных выспаў, уперлася ў дрэва і адступіла, уважыўшы ягонай моцы. Стаяў дуб у галоўцы ракі. Крона — усё неба. Сукі — дарогі ў небе. Камель — харома на ступаках таўсматых, у шчылінах ды раўчуках, сьлядах агню, маланак, з дуплом вялізным — проймаю ў харому. А што за латы блішчэлі на грудзіне асілка, сталёвымі трасамі аперазанай? І да вады — канцы тросаў. Там, на тросах, чаўны, баркасы, баржы — аж цэлую флатылію трымаў ля берага асілак-дуб. Прычал і прыстань? А што яшчэ — дуб? Дупло — як зала-пачакальня? Ад ветру, дажджу, завеі, сонца. Угары, дзе воблакі, — гнезьдзі­шча буслоў. Стаяць — доўгімі дзюбамі аблокі лічаць. Клац-клац — метэаролагі? І ліхтары сьвятла.

Ну, дзед Бакшай, што б ты сказаў, пабыўшы на Палесьсі? Усё гэта — ява жыцьцёвая альбо мастацкая?

За ілюмінатарам неслася белая кудзеля, матляючыся, нібы на прасьніцы ў бабы Сынклеты ці ў мамы на шырокім, расчэсваць воўну, грэбені. Кожная пасмачка і нават нітачка ў пасмах выпростваліся на стрэчным ветры паасобна, і ў кожнай зіхацела палітра ўсіх колераў зямлі ды неба.

О, жывапіс! Ты — увесь сьвет!.. Сусьвет!

Самалёт садзіўся на зялёны аблог.

Цыкламены

Жыцьцё ходзіць кругамі, і да таго часу, пакуль круг ня выпрастаецца, як той нябога, у пасак, жыцьцё не затухае. За кожным кругам — новы круг.

Другі раз Менск сустрэў Вашчанку больш прыхільна. Кафедра яго чакала, хоць кафедрай, па сутнасьці, былі ўсяго толькі сьцены інстытуту ды чые­сьці добрыя намеры. Ні сьпецыялістаў-выкладчыкаў пад новыя праграмы, ні саміх праграмаў, планаў, методыкаў.

Выкладаць малюнак, аснову асноваў для будучых мастакоў, прыйшоў Стальмашонак. Яго Вашчанка ведаў яшчэ працуючы ў Кішынёве, з ягонае парады трапіў і на конкурс у інстытуце. Данцыг ды Стасевіч прыйшлі на жывапіс. Мазаіку, тэкстыль, вітраж пагадзіўся весьці Кішчанка. А ён узяўся за кампазіцыю і жывапіс — тое, што выкладаў у Кішынёве.

Кафедра сабралася маладая, а маладых заўсёды вабяць новыя ідэі, жывая праца, свабода выбару. Тут і спрэчкі, нібы маланкі з громам у ясны дзень. Што, скажам, для мастака найпершае — тэорыя ці практыка? Ніхто не сумняваўся, што трэба вывучаць малюнак, кампазіцыю, персьпектыву, тэхніку жывапісу, але якім шляхам? Што, урэшце, кампазіцыя — навука альбо інтуі цыя? Як спасьцігалі яе вялікія мастакі? Творчая свабода, актыўны, па-за догмамі, пошук, такія жаданыя ў маладосьці, рабілі верхам інтуіцыю, прыродны дар, іх абагаўлялі. Але тады як быць з даўным-даўно прызнанымі правіламі сіметрыі, персьпектывы, раўнавагі, рытму, гармоніі, стылявога адзінства ўсіх кампанентаў твору? Класныя штудыі і пленэрная практыка, пройдзеныя Гаўрылам у Кіеве ды Львове, па-еўрапейску адкрытая атмасфера вывучэньня сусьветных шэдэўраў, якую стваралі мэтры-выкладчыкі львоўскага інстытуту, давалі адказы ледзь не на ўсе пытаньні. Але для тых, хто твае пленэры ды штудыі не прайшоў? Сказаць — яшчэ не даказаць. Даказвае ўласны вопыт.

Спрэчкі, якія ўспыхвалі сярод выкладчыкаў на кафедры, працягваліся ў аўдыторыях студэнтаў.

— Ваш ідэал – мастацкая інтуіцыя, і вы спасылаецеся на Мікелянджэла? Так, гэта геній інтуіцыі. Але што з яго жывапісу вы маеце на ўвазе? Росьпі­сы Сікстынскай капэлы, шэсцьсот квадратных метраў, ці “Бітву пры Кашыне”? “Расьпяцьце Пятра” ці “Пераўвасабленьне Паўла”? А можа, скульптуру — “Давіда”, “Майсея”, “Плач над Хрыстом”, “Піету Раданіні”? І вы ня бачыце ўсюды дакладна разьлічаных формаў і кампазіцыяў? Шасьціметровы гігант “Давід” стаіць стагоддзі на каркасе адной інтуіцыі? У ім няма мысьляра, які разьлічваў і ўзводзіў у цэнтры Рыму сабор Пятра ці Капітолій?..

Сыпануўшы да студэнтаў пытаньнямі, маўчаў, вытрымліваў паўзу, слухаў дыханьне аўдыторыі. Любіў у спрэчках хвіліну цішыні, бо ведаў: калі маўчаць — то думаюць, маўчаць даўжэй — глыбей думаюць.

Каго там не пераканаў?..

— Вас, можа, пераканае геній Леанарда, ледзь не звар’яцелага ад навуковых разьлікаў сваіх мастацкіх шэдэўраў?..

Гасіць маладыя спрэчкі не сьпяшаўся. Іх цікавей было распальваць. Сыпаў пытаньнямі, якія новымі пытаньнямі вярталіся назад. Гэтакі творчы дэмакратызм прывабліваў студэнтаў, даваў прастору, каб кожны сам дайшоў да ісьціны. Але апошні акорд напагатове меў.

— Заглянем у сьвятцы? Той самы Леанарда: “Жывапіс — гэта і навука, і законная дачка прыроды!” Ці ёсьць ахвотнікі аспрэчыць Леанарда да Вінчы?..

Пазьней, калі аддасьць студэнтам і трыццаць, і болей гадоў жыцьця, калі аднойчы ў яго спытаюць, як у мастака, ці шмат за тыя гады страціў мастацкіх вобразаў, сюжэтаў, твораў, ён не схітруе: “Я вучыў маладых, а яны вучылі мяне. Яны сталелі, а я, на іх гледзячы, не сьпяшаўся старэць. Яны ў мастацтве сябе шукалі, а я з іх маладым імпэтам шукаў сябе. Блукалі яны, блукаў і я. Яны без мяне былі б ня тымі мастакамі, якімі сталі, а я бяз іх ня быў бы гэтакі, які ёсьць. Паміж нас розьніца адна: я сваю птушку павінен быў злавіць раней, як яны сваю. Іначай, які б я быў для іх настаўнік? І вось, здаецца, злавіў. І паказаў, як гэта робіцца. І тады яны, кожны сваю, злавілі. Калі вы лічыце, што я страціў, дык толькі тое, што набылі яны...”

Але па інстытуце пайшлі шэпты: хахол сеў на каня, як той казак Мамай — чырвоная кашуля, у роце піпка з куродымам, у руцэ шабля. Жартачкі? Не зусім. Цэлілі не ў Мамая: на беларушчыне ў выкладаньні прышчэпваўся чужы павой?

Якраз тады і госьць з Масквы прыехаў, віцэ-прэзідэнт Акадэміі мастацт­ва СССР Дайнека — вядомы жывапісец, графік, манументаліст, прафесар і тэарэтык вядучых мастацкіх установаў краіны. Пабываў на лекцыях, практычных занятках, пазнаёміўся з планамі, праграмамі, метадычнымі распрацоўкамі, пагутарыў з выкладчыкамі, студэнтамі. Усе чакалі, што скажа мэтр пра кафедру, а камусьці хацелася і большага: ці сутыкнуцца маскоўская ды львоўская школы, ці ўседзіць на кані хахол? І вось сабраўся навуковы савет інстытуту. Дайнека выступіў і ўхваліў работу кафедры. Больш за тое — быў захоплены, як выкладаньне мастацкіх дысцыплінаў увязвалася з архітэктурай, як студэнты працавалі ў матэрыяле — фрэсках, мазаіках, вітражах, тэкс­тылі. Папрасіў падрыхтаваць дакументы на Вышэйшую атэстацыйную камі­сію, якою сам кіраваў, дзеля прысваеньня высокіх выкладчыцкіх званьняў. А яшчэ праз тры месяцы малады загадчык кафедры стаў яе першым дацэнтам.

Пасьля заняткаў, стомлены за дзень у студэнцкім калаўроце, Гаўрыла ехаў за горад і, пакуль не сьцямнее, хадзіў па маўклівых палетках. Вынайшаў сродак і месца супакаеньня: ня горад і ня лес лячылі нервы, а ціхата палёў, прастора. Хоць там і пачынаўся новы неспакой — творчы. На гэтакі выпадак у кішэні ляжалі блакнот, алоўкі — замалёўваў пагоркі, дрэвы, дарогі. Супакойваўся, ды ненадоўга: малюнкі прасіліся на палатно. Сьпяшаўся дадому, хоць у малой кватэрцы на вуліцы Карла Лібкнехта не было месца мальберт паставіць. І ўсё ж пісаў. Не заўсёды тое, што хацела душа? Гнялі сумненьні: ён — мастак ці выкладчык? Выбраць адно? Адчуў — ня зможа: прыкіпеў і да жывапісу, і да кафедры.

А штосьці ў новым жыцьці і ладзілася. Як у інстытуце пабываў Дайнека, атрымаў майстэрню. Ад інстытуту і ад кватэры далекавата, але ў самым цэнтры Менску, у паддашку дома на Ленінскім прасьпекце, дзе ўнізе, на першым паверсе, была вядомая ў сталіцы крама кветак. Што майстэрня на дваіх з мастаком Іванам Рэем, можна было мірыцца. Калі прыходзіў і бачыў, што сусед працуе, майстэрню пакідаў, каб не перашкаджаць, і тое самае рабіў Рэй. Неяк абодвум падалося, што можна працаваць разам. Прынесьлі прасьці­ны, перагарадзілі пакой — два з аднаго зрабілі. Але за ўмоўнай сьценкаю праца не пайшла ні ў аднаго, ні ў другога. Кожны гук, які б ні быў ціхі, адбіваў ад работы, блытаў думкі, псаваў настрой. Самападман абурыў абодвух: сарвалі на падлогу прасьціны, абняліся, як даўно ня бачыліся, і доўга з сябе рагаталі.

Аднойчы пасьля апошняй лекцыі Гаўрыла выйшаў з інстытуту і, не чакаю­чы тралейбуса, пашыбаваў па прасьпекце. Зіма канала, з неба лілося сонеч нае сьвятло, зганяючы абрыдзелую шэрань, цяплом дыхаў асфальт, і гэтак, як зямля ў прыпарку, вясьне радаваліся душа і цела. Ідучы, думаў пра вёску, як чысьценька цяпер у ёй, пасьля маёвага дажджу, пра хату, дзе, як маму да сябе на Украіну забраў брат, жыла стрыечная сястра Марыя. Раптам спыніў­ся: кветкі — крама? Адчыніў дзьверы — зайшоў у краму. І адразу, яшчэ ад парогу, з паліцы насупраць позірк выхапіў срэбна-зялёны кусточак, як вылеплены з буйнога круглага лісьця, з якога рухомымі агеньчыкамі гарэлі кветкі, непадобныя адна на адну і абрысамі, і нюансамі колераў, дзе цямнейшымі, да сіняга, а дзе зусім сьветлымі.

З крамы выйшаў, аберуч трымаючы вазон з цыкламенамі. Падняўся на шосты паверх у майстэрню, зрабіў тры крокі, паставіў вазон на падлогу каля сьцяны, да белага палатна на падрамніку, адышоў, сеў на крэсла і дзівіўся: мяняліся ў кветках сьвятло, формы, колер кожнага лісточка і пялёстка, белыя плямы палатна за вазонам прымервалі на сябе то адзін, то другі, то трэці тон, гулялі паўтоны, сьвятло рэфлексавала, адно ў адным адбівалася, што ў вазоне і што за ім. Баль правіла сонейка з акна? Але было гэтак і ў краме, хоць там не было гэтакага сонца, шэрая сьцяна стаяла за вазонам. Што ж асьвятляла кветкі тут, акрамя сонца? Сьвятло, можа, праменіла ад мастака — з душы, з вачэй? Ён сам, можа, быў сонцам? Была яго ўлада над натурай, над палатном, над колерамі і танамі?

Ніколі яшчэ такога ня бачыў, не адчуваў. Нахабства — выклік нябеснаму сьвяцілу? Але ад нечаканай думкі не адступіў: улада мастака — ня прывід. Яна ў ім — чуў яе голас, сілу. Схапіў з падлогі палатно, паставіў на мальберт, палітру — у рукі, узяўся ціснуць фарбы з тубаў. І раптам, паклаўшы чэпкі позірк на цыкламены, затрымаў яго на лісьціне, потым на кветцы, што вытыркнулася з-за той лісьціны, глядзелася ў яе, як у люстэрка, адчуў фактуру лісьця, кветак, іх важкае ліцьцё, усё роўна як яны з металу, з агню, каваныя цудоўным майстрам молата. Гуляў і металёвы бляск па лісьці, срэбна-смарагдавы, ажно сіні, як перапаленага жалеза, па пялёстках — чырвань золата, халодная, аж да фіялетавага тону, з ван-дзігам у контурах. Алей ці мог справіцца з гэтакай фактурай? Мо пластыка металу — уява зроку? Падышоў бліжэй да кветак, узяў лісток на пальцы. Так, была ляпніна, як у скульптуры, ды не было цяжару, зводдаль адчутага. Пісаць мякчэй? Не пагадзіцца з тым, што адчуваў? Прэч суб’ектыўныя мітрэнгі? І тады — прэч сам сярмяжны танец? Пісаць зноў тое, што па-за мастаком, але ня тое, што высьпела ў ім, у душы і ў воку? Дакладнасьць натуры — школа і праўда, а тое, што адчуваеш, — блуд мастацкі? Ды і дзе фарбы, каб блуд матэрыялізаваць? Якою тэхнікай? Можа, тою, што вынайшлі тры тысячы гадоў назад у Егіпце? На камянях славутых пірамід мастацкі геній егіпцянаў злучыў пігмент з пчаліным воскам, даў сьвету энкаўстыку, а як гэта рабіць, цябе, мастак, вучыў сам Раман Сельскі. Ну?.. Дзе воск, пігмент, агонь?..

Клаў фарбы, гарачыя, трымаючыся ня так арыгіналу, як сваіх адчуваньняў вясны. Жывы арыгінал страчваў над мастаком уладу там, дзе выяўлялася ўлада свайго ўнутранага зроку. Ствараў уласнае адчуваньне гульні сьвятла ў кветках, маленькія народзіны вясны, свой вобраз хараства, свой сьвет, якім — ну, не вар’ят? — хацеў пераўзысьці арыгінал. Быў дыялог супернікаў? І не бяскроўны. Крывавілі квяты. Дастаў з іх кроў? Плямка за плямкай успыхвала на палатне ня ў формачках пялёсткаў, а ў формах кропляў, якія выцягвалі­ся, нібы ў зьдзіўленьні, застывалі, і тады ў іх высьпявалі боль і радасьць — аж апякалі сэрца. Адкуль яны ў куплёных кветках? Сьцябліны ў лісьці былі равочкамі той самай чырвані. І водгук быў — паветра, сьценаў, драпіровак — на тую чырвань, боль ды радасьць. Усё, што на палатне, уздымалася, віхурыла, кружыла ў дзіўным коле, мкнула ўгару, у прастору не пакою-майстэрні, а сьвету. Якая сіла туды, высока, мкнула? Квятоў прыроды, сэрца мастака? Дык што ж пісалася: партрэт квятоў альбо самапартрэт душы ягонай?

Нябеснае сьвяціла, быццам стамлёны астранаўт, садзілася за дом у пяць паверхаў на процілеглым баку прасьпекту.

Гаўрыла адклаў палітру, падышоў да акна і глядзеў з яго ўніз на людзей, якія кудысьці плылі бясконцым вясновым ручаём па шэрым асфальце.

Вярнуўся да мальберта, узяў нацюрморт за падрамнік, нібы малога свавольніка за каўнер, павярнуў выяваю ад вачэй.

Набраў з крана вады ў бутэльку з-пад кефіру і выліў ваду ў вазон пад цыкламены — аддзячыў за цярплівасьць.

Зьмяніў на плячах вопратку і пакінуў майстэрню.

Мінуў дзень ды яшчэ дзень — у майстэрню не заглядаў. Астыў, перагарэў ці змогся? Але быў трэці дзень — прыбег і доўга ўглядаўся ў свой нацюрморт. Узяў вазон у рукі, павярнуў у адзін бок, затым у другі, пачаў кружыць вакол уяўнай восі, хутчэй, яшчэ хутчэй. Лісты ды кветкі плылі па крузе, мяняючыся ў формах, сьвятле, а вочы лавілі, выхоплівалі з калаўроту нечаканыя абрысы, дэталі, кампазіцыі.

Паставіў вазон на стол, сеў і задумаўся: столькі арыгінальнага ў ляпніне кветак праплыло за паўхвіліны ў вачах, а што ў нацюрморце? Натуры вартае?

Схапіў палітру, пэндзлі — стаў да мальберту. І тут нехта ўзяў за руку. На руку глянуў — стрэлкі гадзіньніка паказвалі хвіліны, што заставаліся да блізкай лекцыі.

Быў выратаваны нацюрморт? Мог і загінуць? Хто ўратаваў? Архангел Гаўрыіл — ахоўнік?..

Як выйшаў з інстытуту, чакаў тралейбус, каб зноў ехаць у майстэрню, загледзеўся на дзьвюх сваіх студэнтак. Іх бачыў у гэты дзень на лекцыі. Сяб­ровачкі сядзелі побач, слухалі лектара, пісалі ў сшытках, як усе студэнты, і тым былі на ўсіх падобныя, а тут, на вуліцы, бясконца шчабяталі адна адной у тварыкі, нібы шпачыхі на сонейку, нікога, акрамя сябе, не заўважалі, абедзьве такія сьветлыя, узьнёслыя, вытанчаныя ў рухах, жэстах, лініях фігурак, нібыта сышлі з вядомай кожнаму студэнту фрэскі Бацічэлі, кожным жэстам ды слоўкам радуючыся вясьне, вясну радуючы. Ня мог адвесьці ад іх вачэй. І калі яны зьнянацку ўскочылі ў тралейбус, за імі быў памкнуўся, але наперадзе стаялі мужчыны — не пасьпеў. Дзьверы тралейбуса зачыніліся. Сеў у наступны — свой.

У майстэрні ўжо ня думаў пра тыя, што раніцай трымаў у руках з вазонам, ракурсы ды кампазіцыі кусточка цыкламенаў, ужо бачыў іншае — як нестае нацюрморту дзьвюх красак, падобных да яго студэнтак. І калі праз нейкі час яшчэ дзьве краскі, сагрэтыя вясновым сонейкам, узьняліся над купай лісьця, калі іншыя краскі з той купы заўважылі дзьве новыя, кожная па-свойму прывеціла залётных, мастак адчуў, што большага на палатне ня трэба. Адклаў палітру, адышоў ад мальберта, сеў на крэсла і шчасьліва ўсьміхнуўся сваім цыкламенам.

Пачуў крокі. Павярнуўся да іх, пачутых, тварам. Дзьверы адчыніліся — на парозе стаяў Іван Рэй.

— Ну, дзякуй Богу!.. Я колькі дзён цябе чакаў!..

Сказаўшы, пасьля толькі падумаў, што сапраўды чакаў сябра. Хто яшчэ, як ня ён, мог і павінен першым убачыць новую работу, сказаць пра яе слова праўды?

— А я прыходзіў. Ты працаваў. Апантаны, як мог мяне заўважыць?

— І ты быў тут? І я цябе ня бачыў?

Ня мог паверыць.

Сябра глядзеў на пастаноўку — жывыя цыкламены.

— Я іх таксама прыкмеціў у краме. Яны і мне там спадабаліся. Таксама хацеў купіць. Ты апярэдзіў.

Сказаў пра цыкламены ў краме і маўчаў пра тыя, што былі на палатне. Гаўрыла чакаў: яшчэ напэўна скажа? Але маўчаў і сябра. Тады не стрымаўся:

— А я, ведаеш, гэтым нацюрмортам адчуў, што пісаць, як мы з табою пішам, больш не магу. Капіраваць натуру, якую

нам на радасьць дае прырода, дакуль можна? Ну, вядома, натуру кожны бачыць па-свойму. Але гэтае меры творчасьці на палатне мне мала. Хачу ствараць сваю прыроду. Жывой натуры можна дазволіць, каб мастака натхняла, запальвала сваім, ад Бога, узорам, але — не далей. Прырода хай кіне мне, як быку Гоі, чырвоны амулет, каб я, як бык, разьятрыўся ў творчым шаленстве, адчуў, як зьвер, пах крыві — пах поўнай волі, і ў бойцы, можа, з самой натурай, спрачаючыся з ёю, сьцьвердзіў сябе на поўніцу.

— Але як зразумеюць такога людзі?

Ад нечаканай думкі прыціх, ажно ўвесь згарнуўся, сьцяўся, а потым яшчэ мацней узарваўся:

— Што?! Хто-о?! Вуліца?.. Каб яна, ня ведаючы, што ў мастака на душы, у сэрцы, нават, можа, не жадаючы гэта ведаць, судзіла?.. Гэта табе галоўнае?.. Ну, не!.. Я ім, суддзям, сам-Бог, а не пастух, ня шыбенік тым больш!..

Чакаў, што і на гэта адкажа сябра. Не дачакаўся і гэтым разам. Размову зьвёў на жарт:

— Такая мне бяда, хто што падумае ды скажа. Ну, хадзіў у хахлах, буду хадзіць у фармалістах. Што больш ганаровае? Быць хахлом ці фармалістам?

Зьняў нацюрморт з мальберту і загарнуў у стары плакат, які пыліўся на падаконьніку.

Калі выйшаў з майстэрні, ужо на прасьпекце, трымаючы нацюрморт у руцэ, падумаў, як добра зрабіў, што ўзяў з сабою, — навошта пакідаць там, дзе яго не разумеюць? І яшчэ пра тое была думка, што сябру трэба быць удзячным. Калі і не ўхваліў работу, дык гэта не бяда. Хіба ён сам усё прызнае ў Рэя, у іншых? Добра, што не зманіў, тое сказаў, што думае.

Ішоў па Менску з дзіўным адчуваньнем, як усё роўна нёс не карціну, а нештачка такое, чаго яшчэ ніколі не трымаў у руках, бо ня меў, і што давала незвычайнае, новае адчуваньне самога сябе. Адчуў сябе новым мастаком. І нават новым чалавекам.

Мінула яшчэ паўгода. Была восень. У Мастацкім музеі адчынялася выстава маладых жывапісцаў. Работ сабралася шмат — ледзь зьмясьцілі на першым паверсе, аддаўшы пад выставу ўсе залы. Гаўрыла вывесіў нацюрморт. І вось — першыя наведнікі: самыя сур’ёзныя аматары жывапісу і самі жывапісцы. Эмоцыі стрыманыя — цішыня. Кожны глядзіць ды аглядаецца: што скажуць іншыя, зьлева і справа, сьмелыя. А сьмелых мала, як заўсёды.

І ўсё ж загаварылі.

— Дзе аўтар знайшоў гэтакія кветкі?

— Вам падабаюцца?

— Хачу бачыць натуру, з якой яны напісаныя.

— Вы не туды прыйшлі. Вам трэба ў батанічны сад.

Каля нацюрморта людзей пабольшала.

— Дазвольце дакрануцца да лісьцінкі. Фактура, каларыт — жывы агонь?!

— Агню тут цесна — малы квадрат.

І раптам — дзяржаўны бас:

— Ці можна падысьці бліжэй? Дазвольце. Хто сказаў, што на выстаўцы няма моладзі? Яна, аказваецца, уся тут, дзе Вашчанка. Студэнты са сваім настаўнікам?..

Моладзь рассунулася, даючы месца насупраць нацюрморта сівагаловым ды сівабародым: што карыфеі скажуць пра цыкламены?

Гаўрыла апынуўся ў цэнтры натоўпу. Пачуўшы заўвагу пра настаўніка ды студэнтаў, а ў ёй і кроплю атруты, хацеў адмахнуцца жартам, спагадліва, ды чалавек, які заўважыў строгім басам, глядзеў ужо кудысьці праз галовы, забыўшы і пра яго, і пра нацюрморт. Змоўчаў, як не пачуўшы рэпліку. Тады адзін са старых, яшчэ і не стары, чарнявы, але з тых карыфеяў, твар да яго з ухмылкаю наблізіў, спытаў:

— Студэнты вас яшчэ не вінавацяць у фармалізме?

Пытаньне ці прысуд?

Ухмылку з твару суддзя скінуў, нібыта маску, нахмурыўся, задраў угору, як пераможца, голаў, загледзеўся на неба залы і пакрочыў удоўж сьцяны, а за ім сьледам, нібыта гусі за важаком, пасунулася ўся сівагаловая чарада.

Па натоўпе хітнуўся шапаток:

— Што ён сказаў?..

— Хто гэта?..

— Сам!..

Зьявілася Мацільда:

— Пайшлі адсюль, Гарык. Яшчэ пусьцяць чутку, што ты знарок сабраў студэнтаў каля свайго нацюрморта.

— Што?..

Яна вяла мужа падалей ад цыкламенаў, а ён ішоў ды думаў, што тлумачыць нікому нічога ня трэба. Рэй па-сяброўску хіба не папярэджваў? Як у ваду глядзеў.

Палесьсе — што за планета?

Калi кругамi ходзяць ценi, яны — таксама жыцьцё. Тое, што было калiсьцi, даўнiна? Магчыма. Але калi ценi гуляюць па нашых, разам з намi, абшарах, яны — наша жыцьцё.

Кругамi несьлiся конi з коньнiкамi, i коньнiкi не былi бяззбройнымi, як i конi выглядалi зусiм ня клячамi.

Палатно на мальберце стаяла з мiнулай зiмы. Вясною, улетку i ўвосень я бачыў яго час ад часу, заглядаючы да мастака, i заўважыў, як паступова на iм штосьцi мянялася. Мацней сьцiскалася спружына пагонi, гарачэлi конi, i рагатая здань, вакол якое кружыла пагоня, набывала ўсё больш выразныя абрысы старадаўняга замка. Адно поўня над замкам сьвяцiлася, як i раней, цьмяна, загадкава.

Аднойчы я заўважыў, як па начных ценях насустрач пагонi плылi трывожна-барвовыя, нiбыта старавечная кроў, плямы, грэлi шэрыя постацi коней ды коньнiкаў, распальвалi iх немiнучай на тых кругах ваяўнiчасьцю. Агледзеўшыся, заўважыў, што чырвань накатвалася ня толькi на палатно, але на ўсё ў майстэрнi, сачылася ў паветры. Ад вокан?

За вокнамi клалася зiма. Сьнегу яшчэ не было, але за ўсё зямное браўся чэпкi марозiк. На кволым цыганскiм сонейку ў шыбах iскрылася, пахрумст­ваючы, намаразь.

Мы сядзелi на канапе i разважалi пра мастацтва. Я спытаў, узiраючыся ў незавершанае палатно:

— Ёсьць i назва?

— Блакiтная поўня Уладзiмiра Караткевiча. Гэтак хацеў назваць. А цяпер зьявiлася яшчэ адна — Ценi Гальшанскага замка.

Якраз нядаўна я быў у Гальшанах, i тое, што бачыў там ад замка, не супадала з выявай на карцiне.

Пацiкавiўся:

— А вы былi ў Гальшанах?

— Ну, як жа? Доўга хадзiў па замчышчы i навакольлi. Хацеў ня толькi ўбачыць тое, што засталося ад былой велiчы, але вокам i думкаю прабiцца праз стагоддзi ў даўнiну. Хоць тут у мяне ад вядомага рамана не шмат, больш ад паляваньня караля Стаха. Нам ад тых часоў застаўся ўсяго толькi зваблiвы подых гiсторыi.

Чырвань плыла па палатне, з палатна сплывала ў паветра майстэрнi, гусьцела, адлiвала сiнiзною адвячорка, рабiлася пурпурова-трывожнай i зноў сьвятлела, празрысьцела. Я глянуў на акно — па шыбах гулялi срэбра i золата. Устаў з канапы, павярнуўся тварам да iканастасу: чырвоная брама пад сонцам ад акна была падобная на вогнiшча, ажно рама карцiны плавiлася ў чырванi, i цi не адсюль, цi не ад брамы яе чырвань у сонечным праменьнi рэфлексiравала па карцiнах-абразах, па майстэрнi, запальваючы нават i шэрыя таны незакончанай, на мальберце, работы. Пагоня прыкоўвала ўвагу — думкi вярталiся да яе.

— З Караткевiчам былi добра знаёмыя?

Мастак зрэагаваў адразу, як усё роўна тое, што я хацеў пачуць, ляжала блiзка ў памяцi:

— Мы пазнаёмiлiся на Сьвiцязi...

Была вясна, быў год 1967. ЦК камсамола сабраў на Сьвiцязi творчую моладзь. Прыгожае возера каго не натхняла? Была ахвота i ўладзе натхнiць маладых паэтаў ды мастакоў на сьпевы пра партыю ды камсамол. Прывезьлi Караткевiча, каб павучыў маладых лiтаратараў, як пiсаць оды. Прывезьлi Вашчанку — даверылi мастакоў. Першы дзень — знаёмствы, сон на беразе возера. А ранiцай разьвялi па семiнарах. Пайшлi чуткi, што Караткевiч сваiх выхаванцаў павядзе да старажытнай цэркаўкi. Вашчанка да яго: можа, i мастакам будзе цiкава? А той i рады вялiкаму гурту: цудоўна, стары, пой­дзем разам. Пайшлi. Шукалi занядбаную цэркаўку, а знайшлi прыгожы касьцёл i там людзей мора — сьвятар маладых, жанiха ды нявесту, бласлаўляе. А ў той час што было? Стаць пад вянец — як пад сякеру. Дазволу не давала ўлада. I раптам — вянец пры ўсiм народзе. Тут паэты з мастакамi i прыкiпелi: паэзiя! Вярнулiся на возера — сустрэў сам сакратар ЦК. Дзе былi ды што рабiлi не пытаўся: саксоты ўжо данесьлi i пра вянец, i пра паэтаў з мастакамi ў касьцёле. Пасьля абеду паклiкаў Караткевiча i Вашчанку да сябе ды кажа: зьбiрайце манаткi, сядайце ў аўтобус ды вяртайцеся ў Менск — тут вам ня месца.

Я спытаў:

— Прывезьлi i назад павезьлi? Не прадбачылi?.. Але ж звычайна служба ЦК прамашкi не давала?..

Мастак усьмiхнуўся, як не ўсьмiхаўся, напэўна, тады на Сьвiцязi, i падышоў да карцiн, што шэрагам, адна каля адной, стаялi ў масiўных рамах на падлозе, пачаў iх рассоўваць, пераглядаць. Дастаўшы адну, паставiў насупраць каля мальберту.

Перада мною быў партрэт Караткевiча. Непакорны грабянцу чуб, тонкiя рысы маладога твару, востры позiрк вялiкiх задумлiвых вачэй за небакрай, а над галавою — iмклiвая, у хуткiм палёце, ластаўка. Ён мне глядзеўся тут такiм, як быў у свае самыя рамантычныя гады, калi пiсаў «Цыганскага караля», «Рамана Ракуту», «Каўчэг», а то, магчыма, i «Дзiкае паляваньне караля Стаха» — дасьвiцязянскае.

— I сам як ластаўка...

— А яна гэтакая птушка, — заўважыў мастак, — заўсёды пiльнуе сваё гнязь­дзечка. Як пiльнаваў сваё паэт. З гнязда вылецiць i да яго вернецца. Роднаму дому нiколi ня здрадзiць.

Паэту гнезьдзiшчам быў замак за сьпiною. У высокiм аконным проймiшчы, з якога выпырхнула ластаўка, палала падобнае да вогнiшча сонца, ва ўсе бакi сыплючы чырвоным праменьнем.

Мастак злавiў маю рэакцыю — заўважыў:

— Дадому, у роднае, ён нас усiх вяртаў. Я гэтакiм яго ўбачыў, запомнiў i напiсаў.

— З натуры?

— Валодзi ўжо не было. Пiсаў па памяцi.

Чырвонае сьвятло гуляла па твары паэта i па птушыных крылах.

З майстэрнi мы выйшлi на лесьвiчную пляцоўку да лiфта. Выклiкаць лiфт не сьпяшалiся. Тут было вялiкае акно, i мы стаялi каля яго, з вышынi шостага паверху глядзелi на вулiцу, на горад. Сыпаў сьнег. Было адчуваньне, што памiж размоваю ў майстэрнi i прыпынкам каля лiфта прабегла доўгая пара году. Там зiхацела сонечная чырвань, тут — ляжаў белы сьнег.

Гэтак у галовах сiгалi думкi — мастак зноў вярнуўся да размовы ў майстэрнi:

— Ня ведаю, чаму ЦК прывезла Караткевiча, на што разьлiчвала, а як з мастакоў выбралi мяне — здагадваюся. Памiж выставаю з маiм iдэйна заганным нацюрмортам i Сьвiцязьзю прайшло паўгоду, i ў тым прамежку была адна падзея. Ды я ўжо расказваў...

Мацнеў марозiк, сыпаў сьнег, было i сонечна, i сьветла ня толькi ад сонца, але i ад маладога першага сьнегу. Дадому ў гэтакае надвор’е я не сьпяшаўся, iшоў, гуляючы, вакол сябе чуў толькi сьнег, зiмы лагоду, а ў сабе — запiсаныя на нейкую там стужку ўспамiны мастака пра тое, як яшчэ да той вясновай Сьвiцязi ў Маскве на ВДНГ, абрэвiятуры добра вядомай у краiне саветаў, ладзiлiся днi Беларусi i з гэтае нагоды адкрылася вялiкая мастацкая выстава. Тады ў жывапiсе панавала жорсткая iерархiя тэмаў ды жанраў, узнагароду мог атрымаць твор, напiсаны пра Ленiна цi Кастрычнiк, цi пра гегемона — рабочы клас, на крайнi выпадак пра калгаснае сялянства. Увагi на пейзаж не зьвярталi, а нацюрморт iшоў самым апошнiм радком: нi прэмiяў, нi медалёў. I раптам — гром з яснага неба: медаль, самую высокую ўзнагароду, атрымлiваюць «Цыкламены». Упершыню ў краiне — за нацюрморт. А яшчэ i Трацьцякоўка зьдзiвiла: купiла з выставы ўсяго адну работу i тая работа — зноў «Цыкламены».

Я тады спытаў:

— Адтуль вярталiся i не хахлом, i не фармалам?

Мастак задумаўся. У яго, як я заўважыў, была вартая iнтэлiгентнага чалавека звычка не сьпяшацца са словам, не выпускаць яго на волю наперадзе думкi.

— Але пасьля Сьвiцязi абулi ў лапцi нацыяналiста.

Апошняе ён вымавiў бяз жалю i бяз суму, як звычайнае ў нашым камунальным доме, яшчэ ўсьмiхнуўшыся, хоць усьмешка адразу i пагасла. Вясёлага ў тым было мала.

Аднойчы, сустрэўшы Вашчанку пасьля падарожжа па Прыпяцi, Караткевiч, у захапленьнi ад вандроўкi, скажа: «А цi ведаеш, старычок, што тваё Палесьсе i не Беларусь, i не Украiна, i тым больш не Расея? Гэта — Палесьсе».

Яны тады абдымуцца, па-маладому шчасьлiвыя: адзiн — што сам сабе адкрыў казачны край, загадку яго красы, другi — пачуўшы тое, што думаў неаднойчы ды не адважваўся каму-небудзь сказаць, нiбы ў той iсьцiне была ня толькi сутнасьць, але яшчэ — крамола. Ды i сумнiў тачыў мазгi — цi сапраўды так? — пакуль сваё насiў у сабе. Цяпер сумнiў зьнiкаў, калi адкрыцьцё аказвалася не адным сваiм: Палесьсе непаўторнае. Шмат раней, у Львове ды Кiшынёве, чуў голас сэрца: ты можаш спраўдзiцца адно як беларус. Калi ж вярнуўся ў Беларусь, узяў палiтру ў рукi, то ўбачыў, што мэта, якую выясьнiў сабе на поўднi — быць беларускiм мастаком, — мела патрэбу ў больш канкрэтнай формуле. Адна Беларусь — Браслаўшчына, другая — па Дняпры, Сажы, трэцяя — па Нёмане. А Нарачанскi край, Лагойшчына цi Белавежа? Тым больш Палесьсе — дзiва!

Як фраза, вязьмо словаў, гучала прыстойна: беларускi мастак. Але якi ён як непаўторнасьць, на этнiчнай глебе, у мастацкiх творах?

Штолета, калi заканчвалiся экзамены ў iнстытуце, з сям’ёю ехаў у Чыка­лавiчы i там бясконца пiсаў ды замалёўваў птушак, коней, дубы, дарогi, хаты, людзей. Усё бачыў i адчуваў як сваё, але яно было з пячаткай калектыўнай спадчыны, i тое, што пiсаў ён, пiсалi цi маглi пiсаць, як сваё таксама, iншыя. Хацелася ж такой натуры, каб на ёй ляжала ўласная пячатка, бо ведаў: мастацтва — не калгас, мастак аднаасобнiк, за гэта хоць ты яго на Салаўкi, як i было, а ён — асоба. «Цыкламены» падказвалi выйсьце: галоўнае ў карцiне не натура, а ты сам, тое, як ты натуру бачыш, — пiшы сябе ў натуры, свой шлях, сваё пачуцьцё. Але ж i гэта, як потым агледзеў, не выясьняла ўсё. Нацюрморт мог напiсаць усюды, нават ня будучы палешуком.

Якраз тады, калi насiў у галаве той клопат, да рук трапiла кнiга Караткевiча «Сьвятло i золата дня». Чытаў i дзiвiўся: такое невялiчкае апавяданьне «Каўчэг», а як шмат у iм Палесься! Дых займала. Вясна — дык ледзьве не сусьветнае шаленства ў прыродзе, паводка — дык патоп бязьмежны, гулянка — дык у абдымкi з усiмi вёскамi i нават не па хатах, а ў чоўнах на вадзе, кахаць — дык не iначай, як кахае паляшук Юрка, у ваўчынай шапцы, з дзiкам на стале каханай, з абложанаю рысьсю ў яе ў нагах. Хто яшчэ бачыў гэтакае Палесьсе? Хто гэтак мог сказаць? А ён, паэт, мiж iншым, не паляшук. Тут — моц першага ўражаньня? Дык што тады рабiць палешуку, калi пяршак спажыты яшчэ ў маленстве?

Аднойчы, прыехаўшы ў вёску, ляжаў на беразе ракi, глядзеў у неба, а там такая чысьцiня, такi блакiт, п’еш — усё недасыта. I раптам — воблака: усплыло з-за дрэваў i пайшло расьцi ўгару, нiбыта грыб вясновы, агромнiсты смарчок, калматы, маршчакаваты, валасаты, пасма на пасьме, яшчэ i на сабаку падобнае — пашчу разявiў i брэша, белымi лапамi грабе пад сябе сьсiнелы далягляд. Пальма? А верхам — хлапчук. I чуваць голас: «Сынок, куды ты?..» Згадаўся сон, як ён, малы, iмчыць па небе на Пальме, унiз на зямлю глядзiць, а там вёска, хата, мама стаiць каля чырвонай брамы, глядзiць у неба, гукае: «Сынок, вярнiся!» Ён вачыма ловiць унiзе рэчку Брагiнку, выган Дамаху, Раўкi — лясок, Татарскi брод — лагчыну, дубы, з зямлi падобныя да воблакаў у небе, на выгане — карову Машку, чырвоных коней — шэпча: «Садзiся, Пальма», бо ў Раўках грыбы, дадому iх трэба прынесьцi ў кашульцы. Ляцеў i сам дзiвiўся, што неба трымае яго i Пальму, як птушак. Маме тое пасьля сказаў, а яна за твар схапiлася рукамi: «Што ты, сынок, такое кажаш? У небе толькi Бог ды птушкi!..» А ён знайшоў што адказаць: «Дык я, мама, можа, таксама птушка?..» Даўно ня хлопчык, ён i тады гля­дзеў тымi вачыма на воблака, i не стрымаўся, каб не пасадзiць яго на мятровы квадрат кардону. Так i назваў карцiну: «Воблака». А напiсаў — падумаў: можна i цяпер, пражыўшы на Палесьсi паўжыцьця, пiсаць тым першым бачаннем, тым пачуцьцём?

Карцiна сталася сваiм Палесьсем, бо хто яшчэ яе мог напiсаць? I ўсё ж, ня мог сказаць, як на яе глядзеў: «Маё Палесьсе». Розьнiца як быццам малая: маё цi сваё — i не малая. Маё — шмат большае за сваё. А што там — шмат?..

Праз колькi гадоў зноў вернецца да воблака, якое плыло над Чыкалавiчамi. Гэта ўжо калi памяцьцю ды ўражаньнямi ад маленства ўспомнiць сваю Красуню.

Адкуль яна прыбегла ў ягонае жыцьцё?

Дагарала лета сорак першага году. Немцы яшчэ не прыйшлi, а нашы пылiлi за вёскаю, адступаючы на ўсход i пакiнуўшы каля вёскi жаробачку: танканогую, трапяткую, масьцю як вылепленую з чарнёнага старога срэбра. Прывёў яе ў свой двор. А як вёску пачалi наведваць то немцы, то партызаны, схаваў у лесе. Сам рос, i жаробачка падрастала, дужэла. Прыйшоў дзень — ускочыў на яе. Узьвiлася, нiбы птушка, панесла, каб з сябе скiнуць блазна, а ён за грыву аберуч учапiўся i ўтрымаўся. А ўжо як немцы адступiлi за Прыпяць, падыходзiла наша войска, наладзiлi ў вёсцы, як на сьвята, гонкi на конях — не адзiн жа Гаўрыла хаваў скакуна ў лесе. Красуня ўсiх абышла. Ён тады даў ёй у зубы цуглi, i ўжо на фiнiшы ўзяў повад на сябе, забыўшы, што зацугляная. Жалеза як пеканула, дык яна зьлёту i прыкiпела капытамi да зямлi. Ён — праз яе. Грудзьмi аб зямлю храснуўся — кроў з роту. Ляжыць, а яна вакол кругамi ходзiць, галаву зьвесiўшы, вялiзным вокам косiць — столькi ў iм болю! А на ногi падняўся — заржала, радая, ажно ўсе, хто там быў, скаланулiся.

Зноў на мальберт кардон паставiў, большы, як з першым воблакам, i яшчэ воблака паклаў, другое, падобнае на тое, хоць i паўтору ня даў. Быў тут i лес, Раўкi, была Дамаха, але бяз тых, на выгане, чырвоных коней. У паветры, на ўзьлёце ў неба, Красуня — жывое срэбра на фоне трывожна ўзьвiхураных зямлi ды неба, дрэваў i кустоў. Узьвiлася, як пад iм, у дзiкай радасьцi. А можа, у трывозе? Выганчык сьветлы, сонечны, а пад кабылкай цень i ў ценi плямка чырванi густой. Чыя кроў?

Карцiну назаве нечакана: «Душы iмкненьне». Нечаканасьць — не выпадковасьць. Вандроўкi па Палесьсi, закаранёнасьць у iм давалi адчуваньне прысутнасьцi жывой душы ва ўсiм, што вакол бачыў, у тых самых дрэвах, воблаках, конях, птушках, i безумоўна ў Красунi, у Пальмы, у Машкi.

Красуня загiнула ў дзень вызваленьня.

Была ўжо восень. Зранiцы праз Чыкалавiчы на Прыпяць прайшла нямецкая вайсковая калона. Мужыкi, у кожным з якiх у той час жыў ваенны стратэг, загаварылi, што ўнюхаў вораг гарачы порах. А ўвечары зьявiлiся партызаны i загадалi вёсцы рыхтавацца да сустрэчы з вызвалiцелямi. Мацi пабегла па хатах шукаць самагонку — тут i чырвонаармейцы. Толькi выставiлi на стол пачастункi, як з усiх бакоў пайшла стралянiна. А гэта немцы, ранiцай адышоўшы на Прыпяць, да сваiх там не прабiлiся i павярнулi назад — завязаўся бой. Людзi зноў кiнулiся да лесу. Мацi пасьпела адчынiць хлеў, у якiм стаяла Красуня, каб не згарэла, бо ўжо гарэлi хлявы i хаты. Кабылка далёка i не адбегла. Калi чырвонаармейцы пагналi немцаў зноў на Прыпяць, людзi пачалi выходзiць з лесу, вёска датлявала ў вугальлi, Красуня ляжала каля хаты, а Пальма поўзала каля яе на жываце па чорным прысаку. падпаўзла да Гаўрылы, узьняла галаву — па белай поўсьцi з вачэй кацiлiся буйныя сьлёзы.

Гэтакi край — Палесьсе. Тое, што недзе магло сысьцi за сон цi казку, тут было жыцьцём. Гаўрыла адчуваў гэта з гадамi ўсё мацней i верыў у тое, што Красуня мела яго душу, што Пальма плакала мамiнымi сьлязьмi, што ў каровы Машкi жыў бацькаў клопат, як пракармiць сям’ю, уратаваць ад галоднай сьмерцi. Што ж казачнага магло быць у карцiне, калi там воблака плыло па небе ў футры Пальмы, ляцела ў неба Красуня, нiбы птушка, а каровы з пашы вярталiся ў вёску, выцягваючыся ў нiтку, як далягляд зямлi, як Машка iшла па ральлi, цягнучы на сабе жалезны плуг? Тады, у першую пасьля вайны вясну, Машка заворвала ня толькi свае соткi, але i калгаснае поле — у ярме зарабiла ажно мех жыта.

Зямлю арала i за Красуню. А Красуня раней за Машку прыйшла на палотны ў рамах i там нагадвала то коней Нептуна ў белай марской пене Лукаса Кранаха, то найдабрэйшага ды наймудрэйшага кентаўра Хiрона, то трапяткiх стаеньнiкаў Тэадора Жарыка.

Мастак пiсаў Палесьсе.

Вобраз роднага краю ўскладняўся, поўнiўся асацыяцыямi.

Аднойчы ўбачыў на беразе Брагiнкi вятрак Пампея, i пачалiся варыяцыi на дарагую, з глыбiняў сэрца i радаводу, тэму. Першае захапленьне млынам, вольнай, як крылы ветрака ў свавольствах ветра, душой Пампея, багата чаго ўзварушыла ў памяцi. Спачатку вятрак стаў у карцiну адзiн, самотнiкам у прасторы памiж зямлёй i небам, затым, ужо на другой карцiне, адбiўся ў люстры Брагiнкi, сьвятло ягоных белых крылаў легла на ваду ды строму, пасьвiдраваную пячуркамi ластавак-беражанак, яшчэ на адной карцiне з ветраком зьявiўся хлопчык, з вады халоднай выскачыў, сядзеў на беразе, дрыжэў, зьвесiўшы са стромы голыя ногi, i гэта ўжо быў цудоўны аўтапартрэт мастака, яго маленства ў прадзедавым краявiдзе. Але i тут наўрад цi ўсё сказаў пра Пампея i вятрак. Яшчэ зьявiцца палатно: тыя самыя бераг ракi, вятрак — белыя крылы, над ветраком бусел раскiне, як i вятрак, крылы, таксама белыя, чыстыя, а пад iмi, пад небам усiх тых крылаў, раскiнуўшы, як бусел i вятрак, рукi-крылы, блазнуе хлопчык, нашчадак Пампея, ляцiць нырцом у рэчку маленства. Ужо тут, здаецца, усяго даволi, каб сэрца ўзрадавалася: маё Палесьсе! I толькi крытык прагугнявiць: цi не замнога асацыя­цыяў для адной карцiны? А чаго замнога? Крылаў — душы высокай? I зноў ён: жывапiс — не лiтаратура. Пакута пошуку дакладнай рысы i меры: то мала, то замнога — схапi птушку за хвост?

Мастака хвалюе задума стварыць карцiну-эпас роднага Палесься. Але якiм шляхам? Шукаць у шматвобразных кампазiцыях альбо ў лакалiзаваным вобразе-сiмвале?

Шукае з палiтрай — пэндзлем. Пiша нацюрморты, пейзажы, партрэты землякоў, тэматычныя карцiны.

Хлеб — шлях таксама. Хто, вёскаю ўзгадаваны, яго ня славiў? А як пiсаць? Як пiшуць iншыя мастакi? Але ж тут — хлеб роднай хаты. Чым не такi, як у iншых? А хоць i тым, што выпякала мама: круглы, высокi, пастаўлены на белы ручнiк рубам, сподам — да сьцяны, часанага ды габляванага бярна, арыгiнальным ракурсам — хто гэтак яшчэ пiсаў? — франтальна адкрыўшы воку сферычна выгнутую верхнюю скарынку, нябесны, у мiнiяцюры, купал, па якiм, быццам вось толькi з печы, варушыцца, як на вулкане, сiнi агонь у водблiсках чырвонага па вохрыста-карычневых праталiнах, кранутых, для каларыту, яшчэ i зялёна-чорным бляскам. Два хлябы побач — два паўшар’i адной планеты, вылепленыя з зямных фарбаў, жывапiс пушчы, смарагдава-сiнiх балотаў i нават цi не ўспамiнам, з легендаў, Герадотавага мора. Усё дыхае зямной красой ды моцай, спрадвечнай таямнiцай родных нетраў i разам з тым — узвышана-лiрычнай песьняй. Сваiм хлебам мастак, здавалася, на поўнiцу выказваўся ў любовi да зямлi. Але ён зноў кладзе на стол у той самай хаце белы подсьцiл i на яго — зноў хлеб, той ды ня той, што быў, сподняй скарынкай унiз, а побач кладзе яйка, нiбыта з тых, якiя баба Сынк­лета любiла трымаць у прыполе як сiмвалы жыцьця, i ўсё гэта на фоне часанага бярна ў сьцяне глядзелася вясковым космасам, планетамi адной арбiты. Толькi цяпер на бёрнах былi ў чырвонай гаме прапiсаныя сукi, iх зрэзы-элiпсы, формамi падобныя на яйкi i на хлябы ў профiль — мастак як далучаў да яйка i да хлеба на белым подсьцiле яшчэ планеты. Плошча стала цёмная, падобная на падгарэлы спод хлеба, каб i яна дыхала зямлёю-чарназёмам, сьцяна ж над ёю — чырвона-сьвiтальным небам, усыпаным смалова-бурштынавымi пацеркамi. I ўсё гэта не Nature morte, як ахрысьцiлi жанр французы, ня мёртвая натура, бо тут сам рух у багацьцi адпаведных рытмаў, што ўтваралi чырвона-сiнiя разводы i расплывы па бёрнах, самой прыродай накрэсьленыя лiнii слаёнай хвоi, яе, калi яшчэ на коранi стаяла ў бары, янтарнаю смалою вылiтыя кругi жыцьця ды росту.

Як манументалiст, мастак фармiраваўся, вядома, у Кiеве ды Львове, яго вучылi там Бакшай ды Сельскi, але, пры ўсёй да iх, майстроў, павазе, хiба не прырода Палесься сталася найпершай i самай плённай школаю манументальна-ўзьнёслага натхненьня ды мысьленьня? У вучэльнях падказалi, як чытаць прыроду, яе таемнапiс, як з фарбаў збудаваць прыгожы хорам. Калi ж вярнуўся да свае калыскi, далёка не наiўнымi вачыма ўгледзеўся ў не заўсёды сьветлае, часта замглёнае, а то i змрочнае хараство бацькаўшчыны, зьдзiвiўся: натура тая, што ў памяцi з маленства, але i не зусiм тая, цяпер яна стаяла перад iм, як скiнуўшы з сябе ўсе лiшнiя вопраткi, як выйшла на сьвятло дзе з зацемкаў, дзе са сьвятла падманнага, адпрэчыўшы драбноцьце, шэрань, а вартае ўзьнёсшы, узбуйнiўшы, высьвецiўшы. Тое ўсё, што бачылi вочы, класьцi на палатно ў фарбах не сьпяшаўся, адно для памяцi замалёўваў: тыпы палешукоў, твары ды постацi, вопраткi, абрысы выспаў, зьвiвы дарог i рэк, карункi ў дрэвах, воблаках. Дома малюнкi пераглядаў, выкладаў кампазiцыi, планы сшываў ды перашываў нiцямi рэк, дарог, прамянямi сонечнага сьвятла, выкройваў месцы то дубу, то каню, то буслу, то хаце, прастору жыцьця выбудоўваў то позiркам зьнiзу, як з-пад куста, то зьверху, нiбыта бусьлiным вокам, далягляды дзе падымаў, дзе апускаў, шукаў у кампазiцыях адзiнства вобразаў, дэталяў, плямаў i лiнiяў, выразнасьць i гармонiю, нават i просты пейзажык будаваў як складаную тэматычную карцiну. Гэтак працаваў яшчэ над «Цыкламенамi», але там шукаў канцэпцыю i метад, тут — iх сьцьвярджаў i разьвiваў. Вось план — пагорак, за iм — дарога, крытая сонцам, уздоўж далягляду, справа — зьбег у лагчыну, па дарозе — дубы, як верставыя слупы, волаты. А як iх волатамi зрабiць у малым фармаце? Дарогай пад дубамi пылуе воз — конь, дуга. Воз, конiка, дугу — садзiць нiжэй? Так — дуб вышэйшы. Ня тыя, што ў натуры, прапорцыi? Але ж цяпер i дуб — волат, i праўда не парушаная — конь з возам знайшлi другое месца. Гэтак i з колерамi: у iх нораў свой, а ў цябе, мастака, свой таксама. Восень шукае чырвань з охрай, у зелянiну — тон сiнi, фiялетавы. Ня тое ў натуры? Дык хай натура шукае iншых мастакоў: Ы, Ю, Я — скапiруюць.

Лета — з алоўкам, з фарбамi. Пiсаў прыроду i людзей. Там i там шукаў i вылучаў характарнае, акцэнты i дэталi цэлага, драбiнкi вобразаў i тыпы — адна плынь.

Вось натура: белы квадрат палатна i перад iм белы, як палатно, мастак. Што памiж iх i далей? Цiша? Пустэча? Ах — думкi? Пачуцьцi? Прадчуваньнi паядынку Дон-Кiхота з ветраком?

Пляма чырвонай бронзы — восень на Палесьсi.

Пляма блакiту ў небе — успамiн лета.

Пасак сiнi — рака.

Плямкi сьвятла — буслы зьбiраюць вырай.

Дзе барвы з золатам хаваліся ў блакіце і блакіт шыўся ў барвы ды золата, сыходзіліся ў роздуме зямля і неба. Кропка сыходу завысака? А калі зямны рай ставіць на папа, каб як найбольш зямлю ўбачыць? Там — сыход, а тут — пярэдні край і мама. Першы дотык пэндзлем да палатна — мама. І каб не сумавала — цётка Кацёра побач. Як ім бяз дзядзькі Антося? І Антося — сюды. Кацёры як бяз брата ў лесавым плашчы, як вёсцы без лесьніка? І ён тут са сваім вечным рухавіком — веласіпедам. Сябра са школы Мікола Пугач — калгасны брыгадзір? Як без начальства? На баку, цераз плячо, афіцэрская сумка, а ў сумцы што? Не працадні — падман даўно падманутым. Такім, як цёткі з Пінску — яны і тут, хадзякі. У белых хусьцінках, фартушках, а твары, рукі не адмыеш ад вечнай бронзы — колеру сялянскай, пад лютым сонцам, працы. І яшчэ паляшучкі не чыкалавіцкія, з вандровак па Прыпяці, паілі малаком бадзягаў-мастакоў — як не аддзячыць? Прыбегла Пальма — на сваім рабочым месцы ў нагах. Сюды б яшчэ і Машку, ды Машка за ракой — на заднім плане. Яшчэ б — Красуню?..

Паставіў у раму тых, хто ў сэрцы, з сэрца — у раму. І шмат, і мала — у сэрцы болей. Як усіх ды ўсё зьмесьціш? Абагульняць? У зорцы бачыць неба зорак? Ну, так. Дзядзька Антось — не сам жа па сабе? Колькі гэтакіх зухаў перапісаў пляменьнік у свае блакноты, на кардонкі, фанеркі? Заканапаціць у раму, як паўнамоцнага пасла вясёлых мужыкоў, даўно задумаў: чырвоная кашуля, нібы агонь, каўнерык белы, твар — бронза, як у пінскіх цётак, рашуча сьцятыя цяжкія, перад песьняй, вусны, нос — рубільнік, нібы ў вялізнай птушкі, кепка блінам — казырок на вочы, з-пад кепкі на патыліцы сівоцьце — мацёры певень. І кадык мацёры. А вочы — блакіт празрысты, нявінны. О, гэтая нявін­насьць! Вечны гуляка ды задзіра. Кроў закіпіць — кашулю, хоць і новую, ля каўняра — у кулачча, рукі — уразьлёт, з адной кашулі — адразу дзьве, распалавініць, каб не няволіла душы і цела, каб сэрцу і рукам прастору даць для радасных абдымкаў ды і для бойкі за праўду-матку. А жонцы — шытво ды сьлёзы. Гэтакі тып — свой усяму Палесьсю.

Ды і Кацёра — дзе яе няма? У кожнай вёсцы: скупая радасьць і нескупыя сьлёзы.

А цёткі пінскія? Хіба ня ўсюды і яны, дзе трэба апошняе аддаць?

Карціна была напісаная. Сядзеў перад ёю і то глядзеў, то не глядзеў нікуды, заплюшчыўшы вочы. То бачыў палатно, а то — жывы абшар за вёскай: рэчку, ляскі — Высокае, Раўкі, Дамаху, Гарадзішча, за імі — Татарскі брод, дзе яшчэ продкі продкаў то ад татараў хаваліся, то войска супраць іх зьбіралі.

Устаў з крэсла, узяў палітру, на пэндзаль накруціў фарбачку, зьняў карціну з мальберта, з другога боку прыклаўся пэндзлем да палатна і вывеў два слоўкі:

«Маё Палесьсе».

Вецер з-за Прыпяці гнаў хвалі адну за адной. Дзьмуў ня моцны, нават слабы, тварам ня чуўся, а хвалі падымаў, кідаў у бераг.

У тым месцы, дзе стаяў мастак, бераг ляжаў пясчаны — пясок буйны, жвірысты. Пад вадою прыберагам нібы насыпана адшліфаванага каменьня — галышоў. І сонца, не патрывожанае ніводнай аблачынаю, стаяла ў паў­дзённым блакіце, праменьнямі гуляла з галышамі, высьвечвала з іх то бялюткія, то шэрыя, то чырвоныя, а то і паласатыя, як піражкі слаёныя.

Стаяў па-над вадою, не заўважаючы, як дробныя хвалі цалуюць чаравікі, углядаўся ў гульню сонечных плямкаў пад вадою, па галышах, якія варушыліся, вадою ды сонцам перасоўваліся з месца на месца, драбнейшыя зганяліся ў плынь, зьнікалі, прыплывалі новыя, з іх выбудоўваліся новыя ды новыя малюнкі, фігуры. Нябачная рука зьбірала па колерах, памерах, адметных метах, якія меў кожны галышок.

Каменьчыкі былі нетрамі Палесься, драбінкамі ці вапняку, ці граніту, і Гаўрыла, як неаднойчы, думаў пра тое, што гэта — ня пыл зямны, а найпрыгожы ды найтрывалы матэрыял, сам жэмчуг для мясцовае мазаікі. Прырода гэта ведала, а чалавек, хоць ласы на дармавіну, падняць жэмчуг з зямлі, з рачнога дна, ленаваўся. Галышам радаваліся вада ды сонца.

— Творцам рухаецца зямля і сыплецца каменьне...

Схамянуўся: голас сьвятара слаўнага гораду Турава? Дык ці ня сам Кірыл тут, на Прыпяці, сыпаў са свае длані жэмчуг?..

Яшчэ раней меў думку: каму-каму, а златавусту найпершаму сярод славянаў трэба і аблічча, і постаць вымураваць мазаікай, класьці ў іх ня смальту, а родны жэмчуг, падабраўшы яго па тону, колеру, фактуры. Дзе ўзяць выяву-вобраз? За даліною ў восем стагоддзяў, як жыў ды гаварыў з людзьмі і Богам златавуст, выяў час не пакінуў, але засталося неўміручае слова казаньняў, паэзія ягоных пропаведзяў, у іх адбітыя, як у рацэ сонца ды неба, натх­нёнае аблічча, агонь вачэй, чыстых і мужных перад людзьмі і Богам. Гэта шмат ці мала? Як і чым мераць? А дзе ёсць болей? У дагмаце іканапісцам? «Прэпадобны айцец наш Кірыл, епіскап Тураўскі, іжэ бліз Кіева, выглядам надсед, власы з вушэй, брада з Міколаву, але не курчаватая, простая, рызы сьвяціцельскія, у амофары, у руках кніга». Догма іканапісная — ня догма жывапісцу сьвецкаму? Ну, вядома. Шукаць далей? Адно пытаньне знаходзіла другое: дзе вобраз Кірылы бралі першыя іканапісцы? Адкуль браў дзіўна выразныя паўночна-рускія абліччы сьвятых для фрэсак Спаса-Прэабражэнскай царквы ў Вялікім Ноўгарадзе мастак зусім не славянскага паходжаньня, візантыец грэцкай крыві Феафан? Альбо як не заўважыць тое, што мадоны Леанарда да Вінчы ці Рафаэля маюць абліччы безумоўна італійскія, мадонны Гейнсбора — ангельскія, мадонны Дзюрэра — нямецкія, мадонны Сурбарана — іспанскія? Ці не таму гэта так, што мастак бачыць нацыянальны тыпаж мадэлі, з якое піша, калі ж мадэлі няма і піша па ўяўленьні — тыпаж хоць зборны, а ўсё адно нацыянальны? А тады да месца і яшчэ пытаньне: хто як этніч­ны тып Кірыла Тураўскі? Хто як не паляшук? Тут і пайшла праца: пошукі этнічных формаў чэрапа, рысаў твару, характару, зборы гістарычных зьвестак, дасьледаваньне Кірылавых казаньняў. Нарэшце — малюнкі, эскізы дэталяў, твару, постаці златавустага ў натуральную велічыню. І засталося знайсьці мур, сьцяну, прывезьці матэрыял, хоць галышы з рэчкі, каб працаваць далей.

А дзе сьцяна, якая прыняла б аблічча айца сьвятога? Быць не магло, каб не знайшлася ва ўсёй дзяржаве. Нават у Рыме, вечным горадзе вечных мас­тацкіх шэдэўраў, ня ўсе сьцены — творы мастацтва. У нас ня так? Ну, вядома. Калі б для пралетарыя з гаечным ключом, то сьцяна знайшлася б, а тут — сейбіт сьвятога духу.

Бегла вада па рэках, цёк час і разумнелі людзі. Дзе самі па сабе, а дзе ад Бога. Зьявіліся прасьветліны ў дзяржаўных галовах — сьцяну знайшлі і мастака ўспомнілі: працуй, натхняй народ на думкі высокія, пачуцьці глыбокія, учынкі праведныя. А сьцяна — Дом настаўніка ў Менску. Трон высокі — хто на яго варты?

Кірыла Тураўскі быў безумоўна варты. Ён ня толькі даваў сваё аблічча, але падказваў пад росьпіс тэму: народныя асьветнікі. Каго паклікаў у свой гурт? Першадрукара ўсходніх славянаў Францішка Скарыну, вальнадумнага багаслова-рэфарматара Сымона Буднага, асьветніка ды гуманіста сярэднявечча Васіля Цяпінскага, найпершага сапраўднага паэта з Белай Русі Сімяона Полацкага, рэвалюцыянера-дэмакрата Кастуся Каліноўскага. А як спатрэбіўся працяг шэрагу прарокаў нацыі, настаўнікі ў навейшым часе, дык і яшчэ сабраўся гурт да гурта: Алаіза Пашкевіч, Максім Багдановіч, Яўхім Карскі, Якуб Колас, Янка Купала. Кожны — асоба, кожнаму дай арыгінальную выяву твару, постаці, душы. І каб усе разам былі ансамблем.

Запрэглі геніі, захамуталі. Сам з радасьцю запрэгся.

— Творцам рухаецца зямля і сыплецца каменьне...

Творца — усявышні?..

Але ж і ты, зямны ды грэшны, назваўся творцам — будзь у Бога вартым і мастаком, і сынам. У цэнтры росьпісу паставіў тонда: сонца і прамяні сьвятла ядналі жывапісную прастору, агняна-сьветлым фонам высвечвалі постаці настаўніцы і дзяўчынкі — сімвал жыцьця, асьветы. На адным краі пано — энергічны Скарына з наймудрым заклікам: «Ня толькі дзеля сябе нараджаемся на сьвет, але найбольш дзеля служэньня агульнай справе», а на другім — Купала з кнігай душы: варты паэта адказ на подзьвіг першадрукара.

Яшчэ мастак чараваў над эскізамі асьветнікаў, калі пад росьпіс прапанавалі Палац культуры заводу штучнага валакна ў Сьветлагорску. Тут — асьветнікі, там — прадзільшчыцы, ткачыхі: такія непадобныя стыхіі, тэмы, вобразы. І ўсё ж у Сьветлагорск паехаў: калі яшчэ надарыцца, каб пад твае пэндзлі — адразу два палацы? Ды і сваё Палесьсе — Чыкалавічы блізка. Хіба адмовіш землякам?

Прыехаў, а сьцены — не пад росьпіс. Перакладаць? Як — ня ведаюць будаўнікі. Сам — і мастак, і дойлід, і прараб. Бурылі ды перакладалі і сьцены, і падлогу.

Будаўнікам гэтакі мастак — костка ў горле. Намёк далі:

— Не забывайце, што тут будоўля, цагліна можа скінуцца на галаву.

Пачуўшы пра цагліну, усьміхнуўся. Успомніў пра яе, як сьцены вывелі пад росьпіс. А што пісаць?

Пайшоў па заводзе. Шукаў і тэму, і вобразы, і каларыт. Зачапіўся за пра­зрыстыя, сінтэтычныя шарыкі, з якіх, нібы з кудзелі, высмыкваліся ніці. Шарык — сонца, ніці — сонечнае праменьне, якое лавілі ды прыручалі рукі ткачыхі. Тут — тэма? Зямная, але вяла ў космас. Зямля ды космас ядналіся чалавекам працы. Як жывое лона, кантэкст жыцьця зямнога, космас хваляваў заўсёды, а тут — такія арганічныя стасункі з зямлёю. Плошча для роспісу, прастора, прасіла, магчыма, большай, як даваў завод, насычанасьці паэ­тычнымі вобразамі, але хіба завод — мяжа дазволенага мастаку? У Сьветлагорску ён кватараваў у драўляным дамочку старога, якому было пад сотню гадоў і той сам быў ракой жыцьця, безданьню ўспамінаў: яшчэ будаваў тут першую ў краіне Васілевіцкую ДРЭС, ставіў апоры першых электралініяў, нацягваў правады пад першы электрычны ток. Успаміны старога давалі гістарычны зрэз тэмы, з глыбіняў усплывалі вобразы. Эпас прасіў сучаснай лірыкі? Хата старога стаяла ў садзе, а там — мора яблык і ў кожным — сонца. На хаце — бусьлянка і буслы, за хатаю — Бярэзіна і хлапчукі на конях...

Але яшчэ быў Менск: сюды праводзіў і адсюль, з Бярэзіны, чакаў прыезду.

Эскізы для «Асьветнікаў» былі гатовыя, калі на ідэалагічнай нарадзе выступіў першы сакратар ЦК кампартыі Машэраў і сказаў: шмат хто з мастакоў ды пісьменьнікаў узяўся славіць манахаў у сутанах ды расах як прарокаў Айчыны...

У майстэрню Вашчанкі са сьвітаю зьявіўся міністр асьветы, які курыраваў работы ў Доме настаўніка. Агледзеў эскізы пад роспіс і, нічога пра іх не сказаўшы, разьвітаўся. Кірылу Тураўскага Вашчанка не паказаў — манахаў у эскізах хапала без яго.

Насталі дні чаканьня.

Нарэшце міністр паклікаў да сябе:

— Эскізы вашыя мне спадабаліся, але я іх не падпішу.

Мастак не зразумеў:

— Вы прыпыняеце работу?

Адказ быў нечаканы:

— Я вам сказаў, што эскізы мне вельмі спадабаліся. Працуйце далей. Але...

— Працаваць па незацьверджаных вамі эскізах?..

Гэтак і атрымлівалася: адказнасьць за работу мастак павінен быў цалкам браць на сябе.

Надышлі восеньскія халады. Рыштаваньні пад росьпіс на сьцяне зманці­равалі, але Палац не падключалі да сістэмы ацяпленьня. У памяшканьні было сыра, халодна. Тэхніка росьпісу патрабавала пастаяннага падагрэву фарбаў, воску, каніфолі. А яшчэ давялося выгарадзіць рабочае месца шчытамі, завесіць плёнкаю, каб выпадковыя людзі, якія хадзілі праз памяшканьне, ня бачылі, як піша сваіх манахаў — злыя вочы ды размовы, якіх хапала, ня толькі псавалі настрой, але маглі спыніць работу. Электрычныя пліты, увесь час уключаныя, дымілі ад воску, фарбаў, у выгарадцы зьбіраўся смурод, які зьнясільваў мацней, як сама праца.

На рыштаваньнях выстаяў усю зіму. Пачаўшы росьпіс увосень, закончыў работу вясною, як ужо з вуліцаў сагнала сьнег і ваду. Быў ушчэнт зьнясілены. З Палацу вывозілі на «хуткай дапамозе» — адразу ў бальніцу.

А чым закончылася спрэчка вакол манахаў?

Кірыла Тураўскі ў насьценны росьпіс ня трапіў. Яго партрэт на ўвесь рост мастак зрабіў асобна і перадаў у Дзяржаўную бібліятэку. Пра манаскія расы ў «Асьветніках» размовы аціхлі: што паробіш, калі айцы сьвятыя якраз і былі асьветнікамі народу? Загаварылі пра сьвятло ды колер, наколькі выразна ідэя, тэма, вобразы, нацыянальны каларыт выявіліся ў спалучэньні вогненна-чырвонага тону ў постацях асьветнікаў са спакойным белым, у якім, як водгульле чырвонага, прабіваліся глыбокія, нібыта аблачыны ў небе, вохрыстыя наплывы. Ужо ў энергічных малюнках кожнай постаці, у арыгінальных дынамічных ракурсах і кампазіцыях мастак заклаў ня толькі гістарычна-аргументаванае, але і сваё эмацыянальнае бачаньне як кожнай асобы, так і ўсяго асьветніцкага шляху на Беларусі.

Працуючы над росьпісамі ў Палацах, Вашчанка ў той самы час выконваў яшчэ і вітражы для Дома кіно, ранейшага і сёньняшняга Чырвонага касьцёлу ў Менску. Тут ён фарміруе не асобныя, з каляровага шкла, кампазіцыі ў вокнах ды разетках, а складаную сістэму вітражных блокаў на тэму «Кіно і людзі», наскрозь прашытую ды сшытую сонечным праменьнем. Каб вітражным шклом выбудаваць шматпланавую мастацка-вобразную задуму, спатрэбілася, як у Сьветлагорску, даваць і ўкараняць свае арыгінальныя архітэктурныя ды будаўнічыя рашэньні. Зноў чуў: ня сунься не ў сваё. А дзе мяжа паміж сваім і не сваім? Дэкаратыўнае мастацтва і архітэктурна-будаўнічае аблічча ансамбля не існавалі паасобна — залежалі адно ад аднаго.

Калі работы закончыліся, у касьцёл прыехалі Машэраў і старшыня Савета Міністраў Кісялёў. Падняліся на другі паверх і там, як потым скажуць сьведкі, разгубіліся. Дзень выдаўся пагодлівы, сонечнае сьвятло праз вокны з вітражамі напаўнялі залу плямамі ўсіх колераў вясёлкі, а пад стольлю ў сьвятле, адбітым ад чырвонай мэблі і залацістага паркету, вітражным шклом у чырвона-залацістай гаме казачна гарэлі плафоны.

Машэраў схапіўся за галаву — усклікнуў:

— Якая прыгажосьць!.. А мы ж хацелі зруйнаваць касьцёл?!

Побач з ім стаяў Вашчанка. Машэраў глядзеў яму ў твар, усьміхаўся, а ў вачах былі і шчырая радасьць, і несхаваная віна, і ціхая ўдзячнасьць.

Бывае, што і ўладу мастак ратуе ад злачынства.

Росьпіс па сьценах палацаў і такі малы, у параўнаньні са сьцяною, фармат падрамніка на мальберце — кантраст ня толькі памераў ды формаў, але і бачаньня сьвету, прынцыпаў мысьленьня мастака. І як не разгубіцца майстру манументальна-дэкаратыўнага росьпісу, які, пакінуўшы на рыштаваньнях вялізныя пэндзлі і вёдры з фарбамі, становіцца ў майстэрні да мальберту з палітрай станковага жывапісца?

Пра гэта Вашчанка выказаўся нечакана, але ўзважана:

— Праца ў розных тэхніках — маё багацьце. Станковы жывапіс выхоўвае цяплыню пачуцьцяў, не дае зьбяднець насьценнаму. Манументальны жывапіс прывучае да маштабнасьці мысьленьня, выпрацоўвае кампазіцыйную дакладнасьць. А да ўсяго яшчэ — адны рэчы бачыш у малых, камерных формах, другія ў карціне, трэція на сьцяне, у ансамблі.

І ўжо тут цікава, што стаяла ў яго на мальберце, якія пісаліся карціны ў той час, калі ён расьпісваў Дом настаўніка, Палац культуры? Ці ўплывалі і як уплывалі на станковыя работы настроі ды пошукі насьценных росьпісаў?

Ёсьць у яго карціна «Сакавік». Год народзінаў — 1973.

Вясна.

Яшчэ ні зелянінкі, ні ставочка вады. Вясна сьвятла — найпершая ў прыродзе. Вёска пад сьнегам, а сьнег — шарпак вясновы, да бляску зацалаваны сонцам. Па гэтым бляску — шэсьце вясельнае. Вароты ў двор адчыненыя. Бацькі чакаюць маладую ды маладога з хлебам-сольлю на ручніку. Тут і сарока-белабока — разносіць навіну па вёсцы. Усё — сама ўрачыстасьць. Але не яна найбольш прываблівае вока. Здаецца, што гэта мастаку нават ня трэба і толькі таму вёска з яе сьвятам напісаныя фармальна-абстрактнай жывапіс­най мовай, падобнай на тую, якой расьпісваў сьцены. Ён прымушае нас заўважыць іншае сьвята вясны, сьвята самой прыроды: блакітна-залацісты тон сакавіцкага сьнегу, такое ж неба, яшчэ нясьмелую цяплынь паветра, абновы ў колерах і тоне. Вясна яшчэ не разгулялася, але ўжо сочыцца ў лазурным небе, праз пацяплелы шарпачок, праз усё, што ёсьць у вёсцы, — хаты, платы, дрэвы, ужо грэе і людзей, вясковае жыцьцё. Тут сакавік — ня толькі слова, назва месяца ды карціны, а сам сок, падобны на бярозавік, кляновік, які і адчыняе вароты вясельлю маладых, жыцьцю.

Адміністратар выставы жывапісу гэта не зразумеў і назву карціны «Сакавік» закрэсліў, напісаў: «Март». Мастак заўважыў і абурыўся: які ж тут март? у Левітана — март, у Грабара — март, а тут — сам сок вясны, сакавік. Ня чуеце на смак ці тое, што па-беларуску, не па сэрцы? О, байструкі — ні глебы, ні каранёў, ні... сэрца!

А за сокам «Сакавіка» зьявілася і жніво «Жніўня». Апошняя работа пісалася пазьней, калі яшчэ на сьцяне не астыла гарачая энкаустыка «Асьветнікаў» і сам Спас сыпаў дзяўчатам у прыполы ды кошыкі чырвоны бурштын яблыкаў, засыпаў сады і агароды, дарогі, ганкі, сьвірны. І зноў жа — ня яблыкі і не дзяўчаты чаравалі вока ды сэрца, а сьвятло ды колер, бурштын ды чырвань жніўня, які ніяк ня мог зрабіцца «августом». Сьвятло ды колер, каларыт — дамінанта хараства, настрою.

Мастак шукаў сьвятло інтэнсіўнае, жывое. Шукаў яго на тынкоўцы сьценаў. Шукаў у вітражным шкле. Шукаў і за мальбертам, на палатне ў алейных фарбах. Усюды. Але ці толькі пошукі сьвятла і каларыту ядналі той, па сьценах, росьпіс з камерным жывапісам на палатне?

«Балада пра мужнасьць» — станковы эпас.

Вайну пісаў і раней. Ня мог не пісаць, бо перажыў. У яго быў свой вопыт вайны, а свой — жывы, пякучы. Жывое, як вада жывая, як рака, заўсёды шукае выйсьця. Для болю, назьбіранага ў сэрцы за вайну, выйсьце знаходзіў у пейзажах, эцюдах, нацюрмортах. А тут — эпас.

Народ і пушча — узрушаныя вайной стыхіі. Яе і людзі, і прырода чуюць як канец сьвету, сьмерць. У гэтым адчуваньні яны яднаюцца: людзі ідуць у пушчу, якая заўсёды ратавала беларуса — ад голаду, ад рабства, ад вайны. Ідуць усе — як у бой: і хто са зброяй, і хто бяз зброі. І з імі разам — хвоі, прыгнуўшы зялёныя вяршыні, хаваючы пад імі ўсё жывое. Агром­ністы, складаны сьвет, падобны на ўстрывожаны мурашнік, сабраў мастак на плошчы палатна. Як гэты сьвет і выявіць у асобных тварах, лёсах, і ў той жа час зьяднаць? Складаная мастацкая задача патрабавала нетрадыцыйных сродкаў. Ня грэбуючы ўмоўнасьцю будовы, аўтар дае магчымасьць бачыць твор адразу з розных кропак. Пярэдні план — як з макушы хвоі; другі план лесу, зялёную пушчанскую сьцяну, — нібы спусьціўшыся з вяршыні хвоі на зямлю; яшчэ з ніжэйшай кропкі — далягляд, зьбег пушчы з небам, па якім з далечы, нібы ад Бога, да нас ляжаць раўнюткія і сьветлыя шляхі ратунку.

Эпічны твор не ўзьнікае на адгалінаваньнях ад бальшака. Ён сам — бальшак. Ці скрыжаваньне бальшакоў. «Балада» — скрыжаваньне глыбокага філасофскага роздуму над жыцьцём і яго манументальна-ўзвышанага бачаньня жывапісцам. Тое самае скрыжаваньне, якое дало нацыянальнаму мастацтву «Асьветнікаў» і «Зямлю сьветлагорскую».

Ён ня любіць шмат гаварыць пра свае работы, але ня супраць іх паказаць: глядзі, думай, разважай — ён будзе слухаць.

Любіць назіраць за чалавекам, як той углядаецца ў ягоную карціну. Чытае адразу і яго, і сябе ў сваёй рабоце.

Я шкадую, што ні разу ня бачыў яго з палітрай і пэндзлем у руках. Як толькі дзьверы адчыняю ў майстэрню — ідзе насустрач: рукі — для вітальных абдымкаў, поціскаў.

Пытаюся:

— Калі-небудзь ці выдасца выпадак: прыйду, а вы — з палітрай, з пэндзлямі каля мальберту? Ці пашанцуе мне?..

Ён усьміхаецца, як зразумеўшы маё нясьціплае жаданьне, падыходзіць да паліцы з кнігамі, знаходзіць там альбом, гартае. Гартаць спыніўся — што знайшоў? Мне падае альбом разгорнуты — на ўсю старонку аўтапартрэт.

Я даўно заўважыў: аўтапартрэты ён пісаць любіць, для кожнага знаходзіў арыгінальную кампазіцыю, цікавы ракурс, невыпадковы фон, пісаў сябе то ў калядным сьне пад крыламі анёла, то на крыжы ў трыпціху трох Гаўрылаў, з арханёлам ды малым праўнукам, то хлапчуком у вёсцы. Гэты партрэт быў, можна сказаць, звычайны, традыцыйны, і фон як бы нейтральны. Ды толькі твар быў незвычайна сумны, спакутаваны — насьцярожваў. Я паглядзеў і, не зразумеўшы жэст з альбомам у адказ на маё пытаньне, альбом адклаў. Спытаў, каб не пакрыўдзіць мастака сваёй няўвагай да аўтапартрэту, ці ў майстэрні арыгінал. Ён мог быць, як я падумаў, і на сьцяне ў іканастасе, дзе маці, брат, жонка, баба Сынклета. Але яго тут не было. Ён быў у Трацякоўскай галерэі.

Тады я пацікавіўся:

— Калі вы гэты партрэт пісалі?

А ён як не пачуў мяне.

Я зноў узяў альбом у рукі, сам адшукаў у ім аўтапартрэт — быў там па­значаны і год: 1975. Я схамянуўся: хіба ня гэты твар мастака хацеў убачыць, слухаючы пра работу ў Палацы, прамерзлым і прасмуроджаным, над «Асьветнікамі»?..

На мяне глядзеў твар чалавека, які забыў, што такое сон, зьняможана-счарнелы ад бяссоньніцаў, але і засяроджаны на яму вядомай радасьці. Зьнямога ляжала на ацяжэла-нерухомай скуры, у глыбінях сініх вачэй, у зьзелянелых заценях-паўкружжах пад вачыма, у непаголенасьці ды непрычасанасьці зарана пасівелай шавялюры, ва ўпарта самкнёных ад нейкага цяжару вуснах і завостранасьці падбародку, але за ўсім за гэтым, як за вонкавым і малазначным, угадвалася жывая высакародная душа і там, у ёй, агонь натхненьня. Напружаны каларыт стваралі фактурнасьць курткі, нібы сатканай з пашэрхла-позьняга іржэўніку, пастозна-чарназёмнага «пад полем курткі сьвітара», шурпатасьць сялянскай нівы за Татарскім Бродам, лапінкамі ўгадвалася нават у твары. Зьлёгку чырвона-залацісты німб ад верхняга сьвятла ў шавялюры глядзеўся не німбам хараства ці сьвятасьці, а колам пакутаў. Чырвонага тону, які мастак любіў, было ня шмат, але ўсюды, у вопратцы і ў твары, як і за імі, у фоне, гулялі віхуры — адбіткі блізкага, як перад самым тварам, у самы твар, агню. Мастак нібы глядзеў у полымя, і тым полымем мне бачыліся яго «Асьветнікі».

Партрэт быў у пояс — рук я ня бачыў. Але я бачыў чырвоную ў руках палітру — агонь любімых фарбаў.

Я бачыў мастака чорнарабочым.

Акварэльнае падарожжа

Ад пясчанага берагу Случы, ніжэй Салігорску, адчаліла судзёнца, падобнае да рачнога катэру. Пад тэнтам, узьнятым ад сонца, плылі тры чалавекі: яна ды ён, мастак, у найпрывабных гадах і спартыўным выглядзе, ды сын-падлетак з мараю стаць мастаком, як бацька, а ўсе разам — Вашчанкі. Сямейны экіпаж выпраўляўся ў немалы шлях, пра што сьведчылі і вопратка, і посуд, і рыбацкія прылады, і акрамя таго — эцюднікі, планшэты, фарбы, рыштунак, без якога мастакі не мастакі, а звычайныя турысты, вандроўнікі.

Лоцыяй на судне меўся быць альбом для замалёвак, запісаў. У ім сваё месца ўжо знайшоў і самы першы радок:

«Месяц — ліпень, год — 1982».

Лета выдалася пагодлівае, а ліпень — за ўсе месяцы цяплейшы. У ясным небе зьзяла сонца, нізкія берагі Случы хаваліся ў чаратовай аблямоўцы, на забурэла-зялёных сподачках лотаці пад чаратамі залаціліся гарлачыкі, пырхалі матылі, а надзвычай ціхая, быццам сьвятая, вада ў рацэ абяцала прыемнае падарожжа. І калі праз нейкую гадзіну, як адплылі, у неба ўзьнялося падазрона-шэрае воблака, расплылося ў фіялетава-сіняй цяжарнасьці, ніхто не падумаў, што выпадковая хмара можа прынесьці нейкую непрыемнасьць. А гэта якраз адбылося. Раптам ускруціўся вецер, нагнаў штармавую хвалю і змрок, тэнт падхапіла віхура і секануў дождж. Схавацца ад яго не пасьпелі ды і не было дзе. На беразе ні дрэва, ні хаціны, ні нават кусточка — роўнядзь лугоў ды палеткаў. Праўда, страх быў нядоўгі. Хмару вецер сагнаў і сам суняўся, вада супакоілася і зноў зазьзяла, як ні ў чым не вінаватае, сонейка.

Ваду з катэру выплескалі, вопратку разьвесілі сушыцца на сонцы і паплы­лі, нібы пад ашмоткамі ветразю, далей.

Наступны запіс мог быць такі:

«Першае вадохрышча на Случы паспрыяла паглыбленьню падарожнікаў у паганскую веру палешукоў. У іх вачах шмат якія воблакі, выспы, дрэвы ды хмызы пачалі набываць абрысы жывых істотаў, а буслы, коні, чаплі, бабры і нават матылі ды стракозы паводзілі сябе так, быццам мелі разумныя боскія душы».

За катэрам у вадзе бегла дарожка з блешнямі, і на дне катэра ўжо ўздрыгвалі першыя шчупакі. Малюнак двух з іх зьявіўся ў лоцыі. На паперы яны выглядалі ня менш прыгожа, як у вадзе: доўгія і лупатыя, заплытыя пад скураю тлушчыкам, пералівіста-срэбныя, з шырока растапыранымі, нібыта плылі ў натуральнае стыхіі, хвастамі.

За шчупакамі ў лоцыі зьявіліся стракозы над касачамі з дзіўна доўгімі ды вострымі крылцамі, падобныя на верталёцікі.

Пад касачамі ды стракозамі запіс:

«Прышвартаваліся да вольхі. Рака цячэ паміж лугоў. Цудоўная раніца. Сонечна. Стракозы бясконца шапочаць крыльлем над вадою, вельмі празрыстаю».

Шчупакоў мастак замалёўваў з радасьцю, што вельмі прыгожа зіхацяць на сонцы, а са стракозамі было іначай. Спачатку, як прышвартаваліся, у хвіліну выключнай цішыні пачуў празрыстае, нібы ад фольгі, шархаценьне, падумаў, што шапоча трысьнёг, і ці здолее напісаць эцюд рэчкі з берагам, каб потым на яго глядзець і чуць гэтую мелодыю? Як дамагчыся гуку ў матэрыяле? Якімі фарбамі пісаць? Якія будуць гучаць? А потым заўважыў матыўчык чыста жывапісны: пёры касачоў, тарчма ў неба, і над імі воблачка стракоз. У вачах адразу ўспыхнула акварэлька, нібы напісаная. Быў пасьпяшаўся да фарбаў, але стрымала перасьцярога: бяры паперу і аловак, малюй, пакуль стракозаў ня зьдзьмуў вятрыска, а як будзе замалёўка — тады і фарбам воля. Гэтак і атрымалася. Ледзь пасьпеў замаляваць стракозаў над касачамі, як зрабілася ціха ды сумна. Спачатку пачуў цішу ды сум, а потым агледзеў, што стракоз над касачамі як не было. Супакоіўся, выйшаў на бераг, расклаўся з фарбамі, каб напісаць, што хвалявала, па малюнку ды памяці. І добра, што быў малюнак.

Пад вольхаю і заначавалі. Мацільда з сынам паставілі на беразе палатку, прынесьлі з сенажаці сена, а ён, Гаўрыла, з прыемнасьцю ўлёгся ў катэры пад зорным небам. Ноч выдалася цёплая і ціхая, без камарэчы, сон шчодра аплочваў акварэльны аркуш, ад якога нават уначы чулася шапаценьне стракозаў і касачоў. Пішучы матыў, разьлічваў, што тыя згукі ўдасца захаваць у сонечнай празрыстасьці фарбаў, калі іх не замуціць на паперы ды сонейка ў крылцах не пагасіць. І не замуціў. І не пагасіў. І вось — слухаў, чуў. У падарожжы ня трэба іншых фарбаў, як акварэльная вада, што адгукаецца найтанчэйшым настроям прыроды.

Прачнуліся як сонца ўзышло. Па рацэ плыў туман, прашыты яго пром­нямі. З той белай воўны вострымі, нібыта лёзы вядомай мужыцкай зброі, тырчэлі касачы. Стракозы спалі на збройных лёзах, прыцяўшы крылцы.

Пад катэрам штосьці пялёхнула. Ці рыбіна, ці выдра?

У той дзень зьявіўся новы запіс:

«Праходзім праз бабровыя плаціны...»

Плаціна за плацінай — нібы завалы франтавыя. Падплыўшы да яшчэ адной, глушы матор, выкідвай якар, скачы ў ваду ды разьбірай звярыную будоўлю, каб плысьці далей. А далей — зноў завалы.

«Ужо трэці дзень, як у дарозе. Рака выбегла на забалочаныя гоні. Плывем на вёслах. Вада празрыстая, добра відаць дно, як па ім бегаюць рыбіны. Спрабавалі дарожыць, але згубілі блешню і на гэтым спыніліся. Рэчка рыбная.

Была першая юшка.

Прайшлі яшчэ адну бабровую плаціну. Прышвартаваліся да карча і тут заначавалі».

Сьцямнела, вада пагасла, па берагах сплылі ў змрок хмызы і дрэвы. Там, дзе плаціна, нешта жывое бухала ў вадзе, пялёхалася, чаўкала. Калі з-за хма­раў выплыў паўкруглы месяц, у тым месцы, дзе разьбіралі плаціну, высьвецілася галава бабра — зьвярок плыў з таўстым сукам у зубах і галава блішчэла, нібы на ёй была жаўтлявая шапачка, а вада ад яго, нібы ад катэра, бегла ў бакі жаўтлявымі ды чорнымі шнурамі сьвятла і цемені. Калі месяц схаваўся за воблакі, зьнік і бабёр. Але ў тым месцы па-ранейшаму і бухала, і пялёхалася, і чаўкала, пакуль не заснулі падарожнікі. Калі ж прачнуліся, а сонца, аранжаваю плямай узышоўшы на даляглядзе, сагнала з рачнога люст­ра туман, убачылі, што плаціна, учора раскіданая, каб правесьці катэр, зноў стаяла на калах, быццам яе ніхто і не чапаў.

Што засталося ў лоцыі пра раніцу? Замаляваная плаціна ды ўспамін пра згукі ночы. Баброў-будаўнікоў не было. Увечары, калі яны працавалі, мастак, захоплены відовішчам, забыў і пра аловак, і пра сшытак, і пра сябе як мастака.

Там, далей у сшытку, з таго дня быў малюнак: парог хаты і на парозе — жанчына. І подпіс:

«Парог. Памяць».

Наступная старонка — тое самае: адчыненыя дзьверы ў хату, прыступкі, парог, на ім сядзіць жанчына, склаўшы рукі на прыполе. Адно ўжо іншы ракурс. Подпіс амаль той самы:

«На парозе».

Быў дзень — хадзілі ў вёску. Купілі прадукты. Вярнуліся. Што ў вёсцы ўсхвалявала? Парог хаты, жанчына на парозе? Так. Яна ў лоцыі буйным планам: пад хусткай вусны сьцятыя да болю, вочы прыпухлыя, абвісьлі рукі — не да працы. І подпіс:

«У бабулі ўтапіўся ўнук. Цела не знайшлі. Яна ўжо два месяцы ходзіць на рэчку, шукае ўнука. Вяртаецца — ногі ў хату не ідуць. Сядзіць усё на парозе, глядзіць у той бок, дзе рэчка. Чакае ўнука».

У той дзень катэр не адплыў ад плаціны, ад карча. Што не пускала? Бабры? Пра іх болей ні слова, ні малюнка. Затое твар жанчыны з прыпухлымі вачыма — то профіль, то анфас.

Бяда старой не пускала? Але чым мог пасобіць мастак? Малюнкам? Словам?..

Малюе хату, двор. Малюе хлеў. Сьцяжыну з двара ў сад. У садзе — яблыні, за імі — плот вясковы, у калы. За плотам — лог. За логам — рэчка. Сьцяжынка берагам. І зноў той самы двор: раскіданыя дровы, панылая карова, сабака сумны. І зноў парог — жанчына ў хустцы, рукі на прыполе. Далей — сьцежка з двара на рэчку, чарот і асака пад берагам, вярба, пад ёю — чорны вір. І зноў — твар жанчыны...

Кругі, кругі... Жанчына ў палоне кругоў бяды. Мастак кругамі ходзіць: парог хаты, двор, хлеў, сад, сьцяжына, рэчка, зноў парог, жанчына... І зноў — двор, хлеў, сьцяжына...

Малюнак вёскі на ўзгорку, як на далоні.

Хаты і вокны, хаты і вокны. І запіс:

«Дзіўна прыгожыя ў нас людзі. Заўсёды дапамогуць. Бяз выгады для сябе. Бывае вельмі няёмка, калі трэба купіць ці малако, ці тварог, ці яйкі, а людзі ўсё даюць і не бяруць грошы. Як можна браць задарам? Ня возьмеш — крыў­дзяцца. І крыўдзіць чалавека нельга».

Зноў — замалёўкі людзей вясковых.

Жанчына каля варотцаў у цёплай куртцы. За ёю — карова, стажок сена, рог хаты з ганкам, акном, страхою. Дрэва над плотам. Пейзаж звычайны для вёскі. А твар жанчыны — скруха! Як у той бабулі, што чакае ўнука. Ня мілыя ні карова, ні стажок ля хаты, ні хата. Глядзіш на яе — думаеш: што ў хаце, што за жыцьцё?..

У рабочай вопратцы сядзіць мужчына. Відаць, што стомлены. З адной рукі зьняў рукавіцу, з другой як не пасьпеў — заснуў. Ногі ў цяжкіх, як гіры, ботах. Мастак замаляваў адну нагу, сагнутую ў калене, а ніжэй — дзьве, пару: падвёрнутыя, нібы ў мядзьведзя, насамі ботаў адзін да аднаго, нос у нос. І зноў ногі: адна на адной, бот на бот — выпрасталіся, адпачываюць. Такое вока ў мастака: дэталь схапіў, за ёю назірае, замалёўвае, і ўжо напэўна бачыць дэталь карціны. Дзе замалёўкі — там думкі, бягуць у галаве і на паперу кладуцца:

«Ужо колькі думаў за дарогу і зноў думаю: цудоўны ў нас край, цудоўныя нашы людзі. Душы спагадлівыя, добрыя...»

Але...

«Падплываем да вёскі Панямоньне. Наплыўны мост. Катэр паставілі на шасі. Падышлі мужчыны, сказалі, што наперадзе яшчэ пяць гэтакіх мастоў. Параіўшыся, вырашылі далей не плысьці. Атабарыліся каля хутара Добраў. Бераг высокі, падыход да катэра складаны, але пейзаж цудоўны. Рака выгі­наецца падковай, і мы бачым яе ў абодва бакі.

Хадзілі ў госьці да суседзяў. Мілыя людзі. Нас адарылі бульбай і малаком. Тут дача пісьменьніка і літаратуразнаўцы Калесьніка. Пазнаёміліся. Ён у гэтых краях партызаніў, расказваў, як іх атрад паліў у навакольлі па вёсках школы і маёнткі, каб не было прытулку нямецкім гарнізонам. Тут партызаніў і Янка Брыль. Гаспадары хутару таксама былыя партызаны».

Але чаму Нёман? Плылі ўніз па Случы — заплылі ў Нёман?.. Куды далей?.. З Нёмана — у Прыпяць?..

«З Калесьнікамі разьвітваемся. Я падарыў эцюд «Хутар Добраў». Які цудоўны адпачынак! У гэтакіх сустрэчах мацнеюць сілы і любоў да роднага краю». Зразумела: у альбоме не адно падарожжа і запісы ды замалёўкі кожнага — не працяг папярэдняга, ранейшага, а на тых самых старонках, дзе было месца для занатовак-замалёвак, і атрымаўся нечаканы зьбег часоў, уражаньняў, геаграфічна несумяшчальных мясьцінаў, пейзажаў — цікава. Найперш тым, што аўтара, як мастака, вядзе ў падарожжы ня столькі думка, як настрой, прамень унутранага, з душы, сьвятла на жывую натуру, вобраз, колер, урэшце — на эцюд, карціну. Пад настрой і чарговы запіс:

«На дзіва пустыя ў каларыце хмары па сьвінцовым небе, глухі хваёвы лес на даляглядзе, пясок сьсінелы, шэры ядловец ды хвойка скарлючаная на пярэднім плане. Стаіць, нахохліўшыся, самотны бусел — адзіная ў пейзажы сьветлая плямка. А калі больш дакладна — толькі кропка...»

Настрой выразны. Не пісьменьніка — мастака. І філосафа:

«Шкада, што адыходзім ад натуральнага жыцьця ў цывілізацыю, дзе чалавек губляе адзінства з прыродаю. І ўжо, як да яе дарвецца, хапае ўпохапкі. І цяжка дыхае. І душыцца».

Паміж тым, ранейшым, і гэтым апошнім запісамі, як выяўленьне эмоцыяў выключна мастака, малюнак з дзяціную далоньку: рака ў зьвівах рэчышча, далёкі бераг — нізкі, блізкі — высокі, далёкі цёмны лес, а на пярэднім плане — скарлючаная хваінка. Тут усё сьвятлейшае, як там, дзе выпісана словам. Там больш эмоцыяў, літаратуры, а тут, у малюнку, больш натуры, у якой заўсёды ёсьць прадчуваньне жывапісу.

А ўсё ж — куды плыў карабель?

«Вёска Беражна. Пантонны мост. Лодку валаклі волакам. Дапамаглі два хлопцы, якія вудзілі рыбу. Прыгожыя і дужыя. У канцы вёскі былая сядзіба з прыгожымі алеямі з ліпаў, явараў. Чыя яна? Хто і калі яе разбурыў? Цяпер тут маглі быць цудоўны клуб ці школа».

На гэты роздум падобны і наступны:

«Цудоўная алея — былы маёнтак генерала Шчарскага, які партызаны спалілі ў 1942 годзе».

Алея паўкругам на малюнку, за ёю далей вёска, а бліжэй да алеі, паміж алеяй і вёскай, пустка, папялішча.

І не чытаеш, а чуеш сучасьніка:

— Шкада...

Звычайная мясьціна ў альбоме, дзе радасьць і бяда разам. І тут жа глыбокі, ад абуджанага пачуцьця, роздум, не абавязковы, магчыма, для іншага чалавека, але абавязковы для мастака: ці можа ён апраўдаць тыя разбурэньні? Ня можа. Але палілі партызаны, паліў атрад Калесьніка, паліў, выходзіць, і ён сам, пісьменьнік-гуманіст, якога тут, на хутары Добраў, пасьпеў палюбіць? Была вайна?.. І ўсё ж: ці можа такое апраўдаць мастак?..

Ён углядаецца ў зямное, а чуе неба:

«Вянчайма, браты, нядзелю, дзень Хрыста ўваскрэсеньне, царыцаю дзён і з вераю ў новае зьвеставаньне прыносьма свае дарункі!

Дамо хто што па здольнасьці ды моцы:

хто міласьціну ды незласьлівасьць,

хто цноту,

хто любоў,

хто веру праўдзівую ды зьмірэньне,

хто псалмасьпеў,

хто прыклад апостальскага вучэньня,

хто малітву сэрца...»

Мастак чуў голас неба, знаны ад тых гадоў, калі пісаў выяву Кірылы Тураўскага:

«Не аб’яўляйся перада мною

парожні

ў дзень сьвяточны...»

Чуў неба, а бачыў замчышча ў Тураве, Кірылаву абіцель. І бачыў магутны дуб на беразе вялікае ракі — стаяў высока, над пясчанай стромай, на самым яе абрыве, аж корані ручаіліся з-пад камля па строме да вады, у ваду і пад ваду сьцякалі.

Прыпяць?..

Пакінуўшы катэр на рацэ, увесь дзень па Тураве хадзілі, дыхалі старажытным паветрам, а на ноч гледзячы — сышліся пад вячыстым дубам. Там, за Туравам, дубы ўсьцяж, хоць перад кожным фарбы раскладай.

Гаўрыла спаў у катэры пад дубам, на вадзе, Мацільда з сынам — на беразе ў палатцы.

Ноч выдалася ціхая, чуйна-напятая, нібы струна на грыфе скрыпкі. А што трывожыла? Горад, які побач, здань замчышча? Хмарна-чорнае, без знаку месяца, неба? Ці дуб над стромаю, над катэрам навіслы, апора неба, у якім і бачыўся, і чуўся златавусты? Усё было адзіным і неахопным. А ты — хто ты, малы ды грэшны?

З вяршыні дуба голас грукатаў:

«Дык прынясем Госпаду нашыя дарункі, бо не пазбавіць ён добрае долі таго, хто прыйдзе з дарункамі веры...»

І голас яшчэ вышэйшы, як не Кірылаў:

«Хто мяне славіць —

таго праслаўлю...»

Божа!.. Дык з чым я, раб твой, да цябе прыйду? Што прынясу? Дары мае — што?..

Ляжаў, ня спаў, думаў, бачыў перад вачыма вёску, людзей вясковых, сябе на ральлі з сяўнёй, сябе на пашы, бачыў Высокі лес, Раўкі, Дамаху, Татарскі брод, нібыта там хадзіў, блукаў, шукаў. Бачыў вятрак Пампея, Брагінку вакол Чыкалавічаў, Прыпяць у пясчаных берагах, маму, бацьку, аперазанага калючым гулагаўскім дротам, бабу Сынклету з яйкамі ў прыполе, дзядзьку Алеся ў чырвонай кашулі, жанчын у белых вопратках, Красуню ды Машку пад старымі хвоямі, Пальму над вёскай у небе, у шлёмах ды кальчугах мільгацелі воі Грунвальда, у доўгіх сутанах непахісна стаялі манахі, якіх не пахаваў Машэраў, Сымон Будны ды Сімяон Полацкі вялі, тварам у твар, гутарку, стаяў на бруку ў Тураве златавусты Кірыла, сьвятар ды стоўпнік, над хатамі палешукоў узвышаўся чалом высокім і доўгімі, да плячэй, валасамі, на белых крылах з кніжкамі сьвятымі зьляталі з неба анёлы, кружылі вакол дзетак, у якіх ён бачыў сваіх дзяцей ды ўнукаў, і кніжнікі былі — Купала, Багдановіч, Колас, Цётка і Скарына, Яська з-пад Вільні трымаў над галавой «Мужыцкую праўду», каб людзі бачылі, чыталі. Яшчэ там было шмат дубоў і хвояў, буслоў і ластавак, усялякіх кветак. Усе ў залатых рамах. Сон? Ня спаў. Дары свае нёс Госпаду і думаў, і шаптаў: даруй, што мала...

Бо голас адтуль, дзе шапка дуба, паўтараў: «Дамо па здольнасьці...

сьпеў...

любоў...

малітву сэрца...»

Спаў моцна, да золку — без прабуду. Прачнуўся, калі разьвіднела. Прыўзьняў спачатку над падушкай галаву, агледзеўся, сеў і глядзеў з-пад тэнта на рэчку, як калываўся, чапляючыся за берагі, кволы туман, плямамі сівы, шэра-блакітны, залацісты, ружовы. Адценьні колераў то загараліся, то гасьлі, пакуль угары, над галавою, нешта ня крэкнула, ды моцна, парвалася і зарыпела, застагнала. Зьверху, са стромы, сыпаўся ці жвір з пяском, ці то каменьне. Жанчына закрычала:

— Ду-уб!.. Га-рык!..

Мацільда?.. Голас пазнаў не адразу, але тым голасам яго аж выкінула з катэра ў ваду. Ускінуў голаў: дзе яна?..

Па неглыбокай каля берага вадзе на жвір прыбярэжны выграбся, шукаю­чы вачыма ўверсе, на кручы, жонку, але найбольшым дзівам было ўжо тое, як з вялізным аскепкам мурагу, што адваліўся ад берага, з гары спаўзаў сам аграмадны дуб, і яго шапку зносіла аж на сярэдзіну ракі. Яшчэ не разумею­чы, што адбываецца, але адчуўшы нейкую сваю Пампею, землятрус, сьпіною, задам наперад, падалей ад бяды, адсоўваўся ад дуба, забыўшы пра катэр, але ўжо заўважыў у вышыні на кручы жонку з сынам. Вада кіпела-булькатала, камель з карэньнем, выварацень, завіс на строме, верх дуба ляснуўся ў ваду, загарадзіў рацэ дарогу, зялёным горбам, не зьмясьціўшыся ў рацэ, тырчэў з яе, вада па ім хадзіла, віравала, штурхала, нібы п’янога гіцаля, каб не ляжаў калодай, падымаўся, і ён устаць намогся, валтузіўся ў вадзе, соп, ды ўстаць ня мог і супакоіўся. А жвір з гары яшчэ ўсё сыпаўся.

— Дзе катэр, Гарык?..

На вадзе катэра не было відаць. Там, дзе ён стаяў, цяпер ляжаў дуб, катэр як апынуўся пад ім. З-пад дуба штосьці белае ўсплыло, тузанулася, зноў патанула і зноў усплыло.

Зьбеглі з берагу, знайшлі ў вадзе трос якара, паднялі якар са дна, і тады катэр сам, патузаўшыся, усплыў з-пад гольля дуба.

Месца начлегу пакідалі наторапе, як хто гнаў. Але, адплыўшы, калі ўжо ня бачылі ні таго берагу, ні дуба, супакоіўшыся, пачалі гадаць: там валадарыў Бог ці д’ябал? Каб спаць пад дубам, які ўраньні на цябе абваліцца, самому выбраць гэткае месца — што, як не заварушка д’ябла? Але прачнуцца ў самае апошняе імгненьне, з-пад дуба выскачыць, калі ён ужо клаўся на твой бярлог — каго дзячыць? Ахоўніка па веры Гаўрыіла ці па жыцьці ахоўніцу Мацільду?

Плылі як нованароджаныя. На дуб-самазабойцу, як і на ўсе па Прыпяці дубы, скаргаў ня мелі. Запіс у лоцыі зьявіўся палюбоўны:

«Вось дзе вячыстыя палескія дубы...»

Мастак малюе дубы. За дубам — дуб. Уражаньні наймоцныя ад пластыкі камлёў і кроны. Але як зьмесьціш асілка на паперы? Каб выявіць алоўкам хоць нейкую фактуру дуба, мастак бярэ яго да кроны. Камель — самая казка: вузлы і нарасьці вакол старых сукоў, жывых ці ўжо засохлых, вакол дуплаў, у якіх, як у хатках, сваё жыцьцё, кара шурпатая, лускатая, узарваная то стрэламі маланак, то маразамі, па шчылінах завараная вуграстым, як жалеза, швом-кіпнем, спавітая яшчэ паверх жгутамі, жгут на жгут, жыла на жылу, а там і нарасьці, як добрае кулачча, кап каля капу, а то і кап на кап, і чым ніжэй, тым і таўсьцей, у зямлю — як ногі-лапы дыназаўра. А то двайны камель, у адным аж два магутныя дубы — п’едэстал хоць для выявы Волі, хоць для Моцы, хоць каб Красу ўславіць альбо Гармонію прыроды. І зноў рубішча, як пасьля бою, раўнюткі сьлед магутнага мяча. Вой — дзед Мароз. Пакінуў дубу свой сьлед на вякі: хай дзеда-воя ведае. А яшчэ ж пярсьцёнкі-колцы вакол камлёў, абшмыгі, лядовага палону пацалункі, сьляды абдымкаў з крыгамі ў паводкі. Тут усе дубы з тае вясновай сечы сотні разоў выходзілі — таму і волаты-палешукі. Ствол ад камля бяжыць маразабоінай распалаві­нены ажно да футра кроны, нібыта сьпіна воя. І гэта — музыка. То гульбішча вясновага, то поля бою. Вясны і лета, восені, зімы. Усіх пор года мелодыі і рытмы, тоны і абертоны, акорды. Сімфонія і лірыка. Унізе, у камлях, як ад зямлі, з яе глыбінных нетраў, а ўверсе, у кучаравай кроне, з крыніцаў нябесных. Мастак гэта ўбачыў і пачуў. Схапіўшы музыку камлёў ды каранёў, адліўшы яе ў жывапісных ды графічных лініях і формах, ён раптам малюе вяршыню дуба, а на вяршыні, усяго адной, у небе, аж тры бусьліныя гнязды, ды і буслы ва ўсіх трох гнёздах: адны — дзюбы пазьвешвалі ўніз, высоч­ваюць, што там, на зямлі, робіцца, другія — дзюбы ўгару, там нешта выглядаюць. Унізе — эпас, уверсе — лірыка. Жыцьця — поўніца.

І... нібыта яшчэ мала: зноў у лоцыі дубы. І зноў — нечаканая выява: магутны дуб, а камель ушчэнт выпалены агнём, зяўро вугальна-чорнае, стаіць махіна на скарынцы-забалані — ну, малайчына, пад гэтакім і выспацца ня­блага. А як яму зваліцца, калі пад ім, пад зяўром чорным, на фоне вугальным узьняўся да жыцьця найсьветлы парастак маладога дубочка?

Ёсьць прыгажосьць зямная. Мастак яе ўбачыць — замалюе. Бо ён — мастак. А дзе аловак бясьсільны — там слоўка:

«Лес сьсінела-чорны. Над лесам фіялетавая хмара. З-за хмары выпаўз жаўтлявы месяц. Поўня выбеліла краёчкі, як выкачалася ў муцэ, і гэтакая адбілася ў цёмнай вадзе».

Тут і малюнак: ноч, за ракой лес, над лесам хмара, за хмарай поўня, адбілася ў рацэ.

А гэта — без малюнка:

«Стракозы, колерам берлінскае лазуры...»

Ёсьць рызыка, калі слова алоўку не падмога? Але ж на падмогу яшчэ ў скрыні фарбы? І вось зьяўляюцца акварэльныя аркушы, з іх ёсьць такія, што маюць у лоцыі аналаг — замалёўкі. Хоць тая ж начная Прыпяць з чорным лесам, хмаркаю над ім, з поўняй над хмаркаю і поўняй у рацэ. Так лёгка ўявіць яе зьяўленьне. Як мастак расклаўся ноччу каля палаткі, ліхтар павесіў, каб у фарбачках не памыліцца, тым больш, што акварэль — не алей, памылкі не даруе, ня тую фарбу пакладзеш — не перапішаш, адразу трэба браць дакладны колер. І не прамахнуўся. Ноч ціхай цемені ды плямка белай, ледзь жаўтлявай поўні — тое пачуцьцё, што вызначана словам: «выпаўз месяц»— у танах кантрастных стан вусьцішы і таямніцы ночы, сховаў выпаўзка. Тут сховы самой паэзіі.

Яшчэ аркуш — Прыпяць ураньні. Над вадою вохрыста-цёплыя касачы па сініх ценях, кожная кветка — істота вастрадзюбая, стракозы над касачамі ў залацістым сьвятле сонца. Быў гэтакі малюнак у лоцыі. Быў запіс назіраньняў за стракозамі ў касачах. Ды тое — на Случы, дзе не стракозы — стракозкі. На Прыпяці — што ні крыло, то сонца лужынка і само сонца.

А вось дзьве птушкі ў рацэ ля берага — шэрыя чаплі. Адна стаіць у вадзе па калені, зьвесіўшы даўгую дзюбу, глядзіць у ваду, а другая побач — крыльле ўскінула, узьлятае. Такі лірычны і ў той жа час звычайны для падарожніка ў гэтых мясьцінах пейзаж: вада і чаплі. Чапля — ня бусел. Яна ня любіць лішніх гукаў, прысутнасьці людской. Яе стыхія — ціша і адзінота. Як і стыхія мастака. Яна, чапля, магла б яго шмат чаму навучыць. Як, скажам, на золку стаць у вадзе калі ня з вудай-дзюбай, дык з вудай-пэндзлем і прастаяць да вечару ў чаканьні свае калі ня рыбіны, дык фарбачкі. Як пашанцуе, у адно імгненьне выхапіць здабычу і зноў рыбаліць. Як і на гэтай акварэлі: адна ўзьлятае — ёй больш пашанцавала на рыбалцы, а другая, можа, будзе трымаць напагатове дзюбу ажно пакуль сьцямнее.

А гэта што за акварэль? Чарада выспаў ці валуноў? Гарбоў, хлябоў, аблокаў?..

Зубры ішлі паўз лес. Адзін ля аднаго, бок каля боку — зубры і зубраняты. Краса і веліч пушчы.

Цякла Прыпяць, плыў катэр і множыліся замалёўкі ды акварэлі. У лоцыі-альбоме зьяўляюцца назіраньні ня толькі за прыродай, жыцьцём на рацэ, але сваім настроем, за тым, як у прыродзе працуецца, за станам душы, думак, пра што думкі, як узьнікаюць ад назіраньняў за жыцьцём, як бягуць у пражытае, за рысу падарожжа, нават, бывае, вельмі далёка — у вечнасьць.

«Праца не стамляе. Адчуваньні не прытупляюцца. Ёсьць жаданьне ўсё навокал бачыць, пра ўсё думаць».

Гэта — як творчая радасьць.

«Прышвартаваліся каля вёскі Зьбледнева. Дамы дабротныя і вялікая царк­ва ў расейскім стылі канца дзевятнаццатага стагоддзя. Ёсьць падабенства на Уладзімірскі сабор у Кіеве».

Тут як ня ўспомніш і студэнцкія гады, сябе ў тым кіеўскім саборы побач з Прахавым?

«Не магу зразумець разважаньні некаторых калегаў: гэта пішу для душы, а гэта для выстаўкі. На мой погляд, тут духоўная прастытуцыя. Я заўсёды пішу тое, што мне падказвае душа. Калі я пісаў штосьці ня тое, ня так, як трэба, дык толькі таму, што ў той час яшчэ ня ўсё ўмеў рабіць, ня ўсё разумеў».

Вячэрні роздум? Ці начны? У хвіліны, калі ня спалася?

«Вочы адпачываюць, а галава працуе».

Уражаньні ад пражытага доўга хвалююць і адганяюць сон.

«Тэма для мяне ніколі не вызначала вартасьці твора. Іх вызначаюць толькі высокамастацкія пластычныя якасьці».

У назіраньнях за жыцьцём, прыродай, у працы зьяўляюцца думкі, якія зноў вядуць да працы і назіраньняў.

«Начавалі на дзіўна прыгожым беразе. Хваёвы лес. Шышкінскія матывы. Бераг сточаны норамі, у якіх жывуць стрыжы. Сюды прыходзяць лісіцы. Зьверху раскапваюць зямлю і з нораў выцягваюць птушанятаў».

Цікавае назіраньне натураліста. Але як яго пераліць у пластычны жывапісны вобраз?

«9 жніўня.

Сьпякота. Агароды палеглі. Бярэзіна пасьля таго, як у яе ўлілася Іслач, зьмянілася. Вада мутная, плынь ціхая, як у вярхоўі Нёмана. Лясы па берагах з абодвух бакоў, дрэвы вісяць над вадою, шмат таплякоў. Трэба добра кіраваць катэрам, каб не разьбіць вінт матору...»

Але якім чынам з Прыпяці трапілі ў Бярэзіну?

«11 жніўня.

Вусьце Бярэзіны. Берагі высокія, па берагах шмат ядлоўцу. Трава выпаленая сонцам, пажоўклая, на гэтым фоне цёмна-зялёныя кусты ядлоўцу стаяць, нібы ракеты на старце. Гэта нагадвае фантастычныя бёклінскія пейзажы».

Малюнкі берагоў з ядлоўцам. Адны дрэўцы паасобна, другія ў сямейных чародах. Кожнае — піка ў неба, вастраверхае. Што ні пейзаж — ракетадром. Па малюнках відаць, што мастак у захапленьні ад натуры. Малюе пейзаж за пейзажам. Дрэўцы замаляваныя то з катэру, то з берагу, дзе планам далёкім, дзе зусім блізкім. А вось у адным кусьце аж пяць вастрапікіх, нібы сапраўд­ныя ракеты, дрэўцаў, і стаіць гэтая купа на высознай кручы, па-над вадою. Выдатная кампазіцыя. Калі глядзіш на гэтакі малюнак, то шкадуеш, што тут ня быў, пейзажу гэтага ў натуры ня бачыў, і рады, што тут пабыў мастак і паказаў табе ў сваім малюнку тое, пра што ты не здагадваўся.

О, немалая наша Беларусь!

«...зьліліся рэкі — зьмяніўся колер вады. І настрой мяняецца. Пейзажаў і мой. Была паэзія, цяпер — больш прозы. Вада змутнела — дна не відаць. Жыцьцё пад вадою зрабілася падводнай таямніцай».

У лоцыі шмат пра надвор’е, яго капрызы.

«Будзе навальніца. Атмасферны ціск нізкі. Кінула браць рыба. Настрой паганы».

«Прычалілі да берага. Пайшоў дождж з маланкамі ды громам. Аж праліў­ны. Падарожніку ён непатрэбны, але патрэбны селяніну. Зямля даўно просіць вільгаці».

Гаворыць не мастак — селянін.

«15 жніўня.

Начавалі на дзіўна прыгожым беразе каля вёскі Латышы. Адкуль назва, ніхто ў вёсцы ня ведае. Жывуць адны беларусы.

Злавіў кілаграмовага ляшча. Хвост давялося адсекчы, каб рыбіну зьмясціць у пячурцы для вэнджаньня. Атрымалася смаката!»

«16 жніўня.

Неба завалаклі хмары. Да абеду пасьпелі з Косьцем напісаць па эцюду. Потым пайшоў дождж. Абедаць давялося паасобна, хаваючыся. Як дождж аціх, я вудзіў рыбу. Мацільда адпачывала ў палатцы. Прадукты засталіся на беразе непрыбраныя, і нехта прыбраў паўслоіка масла. Мясцовыя людзі гэтага ня зробяць».

«17 жніўня.

Зьняліся з якару. Фарватар складаны. Частыя перамелы, камяні ды таплякі. Косьця ўжо даволі спрытна вядзе лодку. Рэльеф зусім зьмяніўся. Берагі высокія. Ідзем як па каньёне. Чакаем выйсьця ў Шчару. За вёскаю Галубай нам сказалі, што да Шчары 12 кіламетраў, аднак ішлі мы яшчэ чатыры гадзіны і толькі ноччу, у 22 гадзіны, увайшлі ў Шчару. Шчара сустрэла праліўным дажджом».

І нават Шчара пацякла ў Прыпяць? Ці Прыпяць прыблудзіла да Шчары?

Цікавая замалёўка: на вадзе пад дажджом лодка, у ёй — дзьве побач галавы пад тэнтам, мужчынская і жаночая, як пад адной коўдрай, у змроку гэта падобна і на капу сена ў лодцы, а пад лодкаю цень, і цень таксама за лодкай, ужо на тым беразе ракі, пераходзіць у цемень ночы, у цёмны створ начнога неба, абапал якога на даляглядзе сьветлыя, у тоне лодкі, тэнтакоўд­ры і твараў пад тэнтам, бліскавіцы. Ёсьць кампазіцыя, малюнак, раскладка сьветлых ды цёмных, апраўданых надвор’ем, плямаў, і ёсьць іх варыяцыі. Нават у залеву мастак нагледзеў, вывучыў і замаляваў цікавы начны сюжэт, убачыўшы ў ім будучую карціну, і шукаў найбольш выразную кампазіцыю. Лодка — каўчэг ратунку. Рэальны эпізод перарастае ў твор мастацтва, сюжэт інтымна-камерны — у выразны сімвал з глыбокім філасофскім зьместам.

«Плывем па Прыпяці далей на ўсход. Па берагах — дубы, дубы... Да самай Пцічы будуць нас вітаць і праводзіць».

Як быццам у Прыпяць бягуць Случ, Нёман, Шчара, Бярэзіна, Пціч, Дняпро і ці ня ўсе астатнія рэкі Беларусі. У Прыпяць іх вадаспад?.. Бо тут зямля Гаўрылы Вашчанкі?.. Ён паварочвае сюды, у родны край, усе рэкі і дарогі?..

«Прышвартаваліся і начавалі ў тым месцы, дзе Пціч уліваецца ў Прыпяць. На нашым беразе стаялі палаткі геолагаў. Да глыбокай ночы яны варылі юшку, вячэралі, частавалі юшкаю нас, расказвалі пра нетры Палесься, адкуль тут столькі рэк і балотаў. Аказваецца, што пад намі, палешукамі, агромністае гранітнае плато, той самы крэмень, з якога продкі здабывалі агонь і які ў нас валяецца па ўсіх дарогах і які, хоць малы драбок, мудры чалавек не адкіне, ня зглуміць, а прынясе ў дом, настоіць на ім ваду, гарэлку, лекі, настоямі на крэмені сябе прамые, ачысьціць ад хворасьцяў. Кажуць, што гэтае крамянёвае плато, калі прыкласьці рукі, дасьць беларусам нечуваныя багацьці, шчасце, бо крэмень — ядро зямлі, яе магніт, жыцьця падмурак. Бог нам яго даў, каб жылі ды не тужылі, а мы?..»

Зноў у лоцыі замалёўкі краявідаў.

Дарогі ляжаць па ўзгорках, палетках, бягуць у адным напрамку, а паміж іх — хвоі.

Ідзе дарогаю жанчына з вялізным клункам на сьпіне. Сьпіна, клунак, пад імі — таўстыя ногі. А твару не відаць. Як і няма. Яе ўвесь твар — у цяжары, які на ёй, яе згінае.

Наступная старонка — зноў жанчына з клункам. У профіль.

Трэцяя сядзіць на аграмадным клунку, падпёршы галаву рукамі. Стамілася. Шырокі твар пад хусткай, рукі ды ногі таўстыя, моцныя, што ні ўзвалі — па сілах. Крамнёвая паляшучка? Але падбілася.

Ідуць дзьве жанчыны побач, нясуць аднолькава вялізныя клункі. Ногі падгінаюцца, але нясуць.

Яшчэ адна з клункам стаіць, абедзьве рукі сьціснула ў кулакі пад падбародкам на перавязі. Галава ад стомы — набок, вочы сьвету ня бачаць, за­плюшчаныя. Няма сілы ні далей ісьці, несьці цяжар, ні скінуць яго з сябе, бо як прыкіпеў.

Пад малюнкам — запіс:

«Учора, як цямнела, прышвартаваліся пад масточкам. Месца прыгожае. Заначавалі. На сьвітанку выйшаў на бераг, каб зрабіць малюнак Пцічы. Падняўся на ўзгорак. Было яшчэ расяна і ціха. Дарога — вільгацьцю прыбіты пясок. А за дарогаю лагчынка і зноў узгорак, дарогаю аперазаны, і за ўзгоркам — вёска: дахі нізкіх дамоў, вербы, бусьлянка на бліжэйшай вярбе, бусьлянка і на вярбе далей. Буслы ў гнёздах стаяць у белых фраках. Гляджу на вёску, а чую блізкае — пялёхае: вада — не вада, птушкі — ня птушкі. Азіраюся і бачу, як па дарозе ў мой бок ідзе жанчына, са­гнутая пад ношкай на сьпіне, а ношка вышэй галавы, шырэйшая за плечы. Галаву ў хустцы зьвесіла, як конь у баразьне, у дарогу нагамі ўпіраецца, сапе і мяне ня бачыць. А я яе напругу чую, як смыляць яе жылачкі, сваім жыльлем чую, твар пад хусьцінаю бачу загарэлы, блішчасты ад поту, кулакі масластыя пад падбароддзем на рагах посьцілкі, і маму бачу ў жанчыне, як яна раніцай нясе з поля сьвірэпу ў посьцілцы, набраўшы, пакуль мы, дзеці, яшчэ спалі. Бывала, прывалачэ не сьвірэпу дык атаву, не атаву дык крапіву, не ў карыта дык на подсьціл, з плеч на двары скіне, на клунак сядзе, рукі на каленях — крыж-накрыж, аддыхваецца. І пакуль я пра маму думаў на тым узгорку, незнаёмая жанчына міма прайшла. Тады я толькі ўспомніў, што ў мяне ў руцэ альбомчык, разгарнуў: пачаў жанчыну замалёўваць, ды і ня так яе, са сьпіны, як клунак на сьпіне. А тут зноў чую — пя-лёх, пя-лёх. Вачыма кінуў па дарозе ў два канцы: ідуць у мой бок яшчэ дзьве босыя, з гэтакімі клункамі. Іх пачаў замалёўваць з твару. Як наблізіліся, мяне заўважылі, паздароўкаліся, я адказаў, рукі з алоўкам ды альбомам апусьціў, адчуўшы, што жанчыны каля мяне прыпыняцца, але яны, паздароўкаўшыся, прайшлі міма, нават і не зьвярнуўшы ўвагі на тое, што я раблю, на мой альбомчык. Тады мае ногі самі пайшлі за імі сьледам. Ідучы, пачаў замалёўваць постаці жанчын са сьпінаў. Ішоў ды маляваў то адну, то другую, то абедзьвюх побач. А за лагчынаю спыніўся, каб малюнак паправіць, узяць больш дакладна лініі ды штрыхам сьветлацені, галаву ўскінуў, дзе там натура, і ўбачыў хату. Захапіўшыся малюнкамі, жанчын, аказваецца, давёў да вёскі, і ўжо яны схаваліся за хатаю, а я стаю і ў тую вёску няма сілы зайсьці. Не той сілы, што ў нагах, а той, што ў грудзях. Крыжы, бачу, на вокнах, што ні акно, то крыж-накрыж, і дзьверы з ганка ў хату — крыж-накрыж. Прайшоў у вёску: крыжы, крыжы...

Стаяў ды ўглядаўся: куды я трапіў? куды пайшлі жанчыны? куды, каму панесьлі клункі?

Тады Чыкалавічы ўбачыў. Там, у маёй вёсцы, хіба ня гэтакія крыжы ды клункі? Пад клункамі хіба ня гэтакія сярод крыжоў жанчыны? Аж сэрца заняло ў грудзях...»

Крыж-накрыж

Зіму ён хварэў.

Аднойчы я наведаў яго і ўбачыў, што на мальберце замест легенды Гальшанаў з пагоняй стаіць яшчэ большы памерам падрамнік. На палатне — вясковая вуліца, хаты, пазабіваныя дошкамі вокны, на другім баку вуліцы слуп з абарванымі правадамі, на правадах зачапілася і вісіць нібыта прасьці­на з расшкуматанага ложка, падобная да белага ветразя. Як прасьціна здалася ветразем, дык адразу і слуп падаўся мачтаю карабля, а паколькі слуп стаяў моцна пахілены, як ля зямлі падсечаны, дык і карабель разам з вулі­цаю, хатамі, платамі набок хіліўся, быццам у Бермудскім віры цярпеў крушэньне. А пад ветразем, пад рэштай плота сядзела вялікая прыгожая лялька, і яе блакітныя вочы глядзелі мне ў вочы, пыталіся: дзе тая дзяўчынка, што любіла з ёю гуляць?

Мне прыгадалася молада-ўпэўненая дэкларацыя мастака: «Жывапіс павінен сьцьвярджаць прыгожае...» Але адразу пачуў і думку, яго таксама: «Мастак павінен быць заўсёды сучасны...» Паміж імі, першай, аднойчы занатаванай, і другой, пазней выказанай, ляжала гадоў трыццаць жыцьця ды працы ў мастацтве, і гэты прамежак часу іх абедзьве вытлумачваў, а першую яшчэ і апраўдваў. Лялька з-пад плоту глядзела на мяне вачыма жывога сучасьніка, і я, забыўшы, што гэта лялька, губляўся, ня ведаючы, што ёй адказаць на пытаньне пра дзяўчынку.

За год да выбуху ў Чарнобылі яму страшэнна захацелася пабыць у вёсцы з малодшым сынам, паказаць сваю радзіму. Было адчуваньне: або цяпер, або ніколі. Сын якраз скончыў школу, паступіў у інстытут, да заняткаў і ў яго, і ў бацькі выдалася дзён дзесяць вольных, і яны паехалі. Што ў вёсцы зьдзівіла сына? Як шмат у яго радні. Кожны дзень ішлі ды ехалі сваякі, каб пабачыцца, дзьверы не зачыняліся ад раніцы да ночы, і як хто ў хату — на стол гарэлка, пачастунак. Сын узмаліўся: сап’юся, бацька, як адсюль зьбегчы? Выехалі праз пяць дзён, бо на дзесяць сілы не хапіла. А яшчэ што ўразіла? Як памірала вёска. Ужо тады хаты праз адну стаялі пустыя — крыжы на вокнах. Толькі і размова: паехаў з вёскі той, паехаў гэты. І амаль усе па шчасьце ехалі ў Чарнобыль на атамную станцыю. Бо блізка і там за працу плацілі. Чалавек жа меўся зарабіць, каб жыць...

Мы гаварылі пра тое, што нашыя людзі вастрэй прадчуваюць бяду, як радасьць, бо вопыт бяды ў нас нашмат большы за вопыт радасьці.

— Але Чарнобыль хто прадбачыў? — спытаў я.

— Мы яго чакалі і нават прысьпешвалі, — адказаў ён.

Спрадвечная дарога ў вёску да зямлі як да жыцьця ператваралася ў дарогу з вёскі, ад зямлі — да жыцьця, і гэта было для вёскі ня стратаю Івана ці Мар’і, а стратаю самое сябе, самапахаваньнем. Мастак, селянін ад роду, адчуў гэта як страшэнную катастрофу.

У яго ёсьць, тады ўжо была, карціна: ляжала дрэва, сьпілаванае ў пні, а за тым пнём стаяла безьліч пнёў ажно да далягляду, і зрэз кожнага пня блішчаў д’яблавым вокам. Усе разам пні зьліваліся ў шлях, а над тым шляхам разлягалася неба, дзе воблакаў было столькі, колькі пад імі пнёў, кожнае здавалася адбіткам пня, і з кожнага воблака сачылася пагроза сьмерці, якая таілася ў кожным пні на зямлі. Зямля ад неба мела тую ж ласку, якую засявала на сваіх аблогах, і пнямі брукаваны шлях вяртаўся з неба на зямлю тым самым брукам сьмерці.

Пісаў дарогі, больш прасёлкавыя, у вёскі ды з вёсак, шмат дарог, як быццам пракладаў, каб людзі імі вярталіся ў вёскі, ці ўжо, зьнявераны, выводзіў з вёсак? А па дарогах стаялі хаты, слупы, крыжы, дрэвы, камяні. Усё роўна як сам блукаў па тых дарогах і спыняўся: вось — перад хатай, вось — перад дрэвам, вось — перад крыжам. І ўглядаўся, і думаў. З гадамі думка мастака станавілася ўсё больш трывожнай ня толькі там, дзе бачыў і пісаў, але і ў прадчуваньнях. Сучаснасьць, натура, рабіліся падмуркам прадчуваньняў: куды ідзем і што нясем? што нас наперадзе чакае? Маладое, яшчэ ад першае ў жывапісе настаўніцы Яблонскай, крэда — пісаць і славіць прыгажосьць зямную — хвалюе мастака, як і раней хвалявала, але прыгожае ўсё часцей не мела згоды з рэальным днём, які ён бачыў, пісаў. Як прымірыць іх? Яго, як маладога, чаравала прастора зямлі, вады і неба роднага Палесься, ён гэта пісаў, даваў карціне назву радочкам з верша незабыўнага Уладзіміра Караткевіча «Паміж Дняпром і крыкам жураўліным», у ёй адкрываў звонкія глыбіні хараства прыроды, але ўсё тое хараство было ўжо з мазочкам трывожнай чырвані ў аблачынах. Тады, як напісалася карціна, да Чарнобылю, мазочак можна было і не заўважыць, заўважыўшы, сьпісаць на схоны дня, захад сонца, але Чарнобыль даваў мазочку іншы акцэнт і сэнс — сэнс прадчуваньня і акцэнт бяды. І ўжо здавалася, што гэта там, у той самай прасторы, мастак пісаў «Боль на стагоддзі»: блакітны, з-пад птушыных крылаў, з прысмакам стронцыю ды ёду, дождж на раскошу траваў і кветак, радыяцыйную залеву, пад якою і кропля чырвані ператваралася ў чырвоную, як кроў, паводку.

Аднойчы ён пад’едзе да роднай вёскі — спыніць калючы дрот. Праз сьцяну дратоў, што ўзьнікла паміж ім і вёскай, будзе ўглядацца ў злавесна-абноўлены пейзаж маленства і заплача ад болю, што родны кут ня пусьціць да сябе. Сябе адчуе ў тых дратах. І бацьку, ягоны боль, у дратах ГУЛАГу. І напіша «Смутак» — чыкалавіцкую жанчыну, паляшучку, якая праз сталёвыя драты глядзіць на родную сялібу.

Ад тых дратоў дарога застанецца толькі ў адзін канец, назад, ды сэрца з лёсам ня зьмірыцца, і мастак зноў сюды прыедзе, ужо не адзін — з людзьмі кіно. Сяброў будзе цікавіць бяда, яе ўся, напоўніцу, мера, яны будуць рабіць сваё, здымаць бяду на кінаплёнку, а ён будзе шукаць па вёсцы хоць нейкія драбочкі былое радасьці жыцьця. Яны сваё, што трэба, знойдуць, а ён — не. Яны будуць здымаць кадры да фільмаў «Адлучэньне» і «Смутак», а ён — углядацца ў роднае і ўжо чужое. Вось котлішча — стаяла хата, што з мамай, братам Міколам і дзедам Міхасём ладзілі адразу пасьля вайны на папялішчы. Калі ўжо брат забраў маму да сябе на Украіну, у хаце жыла з дачкою чужая бабуля. Потым яны пераехалі ў суседнюю вёску і хату з сабой павезьлі. А вось старая таполя, на ёй заўсёды была бусьлянка. Цяпер таполя ўсохлая, ані лісьціны, бо плюшч аблытаў, высмактаў з яе ўсе сокі. Вось сад, які пасьля вайны, прыехаўшы з вучэльні, сам садзіў, дзічкі з лесу прыносіў, прышчэпліваў. Сад і цяпер у яблыках. А наймацней зарадзіла любімая, бяз назвы, чырвоненькая. Пайшоў далей — уся вёска ў яблыках. І нікому не патрэбныя. Сьцежак няма, пазарасталі, платы паваленыя ці ветрам, ці якой бядою, гнілі ў траве, у крапіве вышэй за чалавека, саламяныя стрэхі паправальваліся, кроквы тырчэлі з саломы, падобныя на рэбры мёртвых істотаў, дзе быў шыфер — кроквы ды латы, бо шыфер пазьдзіралі марадзёры. І вокны, дзьверы, дзе былі мацнейшыя, павыдзіралі з хатаў. Няма дзьвярэй ды вокнаў — туды, у дзіркі, палезьлі зьдзічэлы вінаграднік, хмель, ажно праз стрэхі павыбіваліся да неба. А самае жахоцьце — мёртвая цішыня. Ні галасочку. Як ад’язджалі, ужо цёмначы, на другім канцы вёскі агонь у хаце бліснуў і патух. Быў нехта, запаліў, ды патушыў хутчэй, каб сябе ня выдаць. Ціша, аж сэрца замірае, і яшчэ паветра — чужое, пустое, мёртвае. Толькі з аднаго хлява праз выламаныя вароты дыхнула яшчэ ня выпетраным гноем. Зайшоў у хлеў — пуста, але па сьлядах-ямках было відаць, што дзікі жылі. Ішоў і думаў: за што вялікай, амаль на чатырыста двароў, вёсцы гэтакая кара? За якія грахі? Спытаў, можна сказаць, несьвядома, як чалавек пытаецца заўсёды, калі бяда: за што? А як падумаў ды ўспомніў, што адбывалася ў вёсцы і да вайны, і ў вайну, і пасьля вайны, дык і язык не варухнуўся, каб апраўдаць. Не было за што? Хоць і царкву ўспомні — якія зьдзекі! Спачатку зрывалі з яе крыж. Знайшлі бязбожніка, напаілі, у даху зрабілі дзірку, яго — у тую дзірку з вяроўкаю, залез на купал, вяроўку на крыж накінуў — звалілі крыж. Мужык і сам зваліўся. Мядзьведжая хвароба ўклала, панос звычайны, паляжаў з тыдзень — і пахавалі. З царквы зрабілі клуб, каб дзеці ў ім грашылі, але яшчэ ня дурні былі бацькі — скакаць у царкве іх не пусьцілі. Прадалі царкву на цэглу ў суседнюю вёску. Пачалі бурыць і не ўзялі ніводнае цагліны — рассыпалася на друз. У тых руінах дзеці ў вайну гулялі — вайна аж два разы агнём выкаціла вёску. Паставілі там, дзе царква стаяла, школу — школа згарэла. Паставілі новую — а ўжо і дзетак ня стала ў вёсцы, ня стала каго вучыць. І вось — за дрот калючы вёску пасадзілі.

Позна, цемначы, пакідалі Чыкалавічы — загразьлі ў калюжыне. Спачатку жартавалі: вёска не пускае. А як пабузаваліся пад коламі ў гразі ды адчулі, што пасобіць няма каму, навокал пуста, мёртвая зямля — куды і жарты па­дзеліся.

Уражаньні ад той паездкі на гады прывяжуць мастака да мальберта. У трагедыі Чыкалавічаў ён ня толькі ўсьвядоміць, але сэрцам, да болю, адчуе трагедыю ня столькі асабістую, нават і роднай вёскі, як усяго Палесься, Айчыны, сьвету. Увесь сьвет убачыў і адчуў у трагічным вобразе сваёй, ім выгадаванай, яблынькі. Да сьлёз усхвалявала, як яна яго сустрэла гарою найбуйных чырвоных яблыкаў, а ён, з маладосьці ведаючы яе мядовы сок, узяў адзін з усёй раскошы, у руках патрымаў і не паклаў на зуб, паклаў у кішэню, як нейкую не для ежы рэч, ведаючы, што ў ім ужо ня мёд, а стронцый. За садам жоўтай сьмерцю стаяла і ня рухалася, як прывязаная, хмара. А ён тое пісаў. І яблынку, і ўсю, здаецца, чырвань яблыкаў, і хмару — сьмерць. І не сылгаў нават у назьве карціны: «Зона стронцыю». А ці лёгка было гэта сказаць, ведалі толькі ён сам ды Бог. Як толькі яны ўдвух ведалі і тое, якою мераю пакут мастак разводзіў на палітры фарбы, калі пісаў «Зорку Палын». Там — воблака, плыло над вёскай, як быццам з тых, што бачыліся ў маленстве то Пальмай, то Красуняй, былі падобныя на Машку, на яе вымя, у якім насіла з пашы малако. Было і тое воблака нібыта вымем, але не з малаком, з атрутаю, як яблыка ў «Зоне». Атрута была разьлітая і па дарогах, якімі жанчыны з вёсак выносілі свой скарб у посьцілках («Сыход»); у паветры надмагільных бярозаў і хвояў, да якіх людзі несьлі яшчэ адну дамавіну («Адмучылася»); пад небам «Чарнобыльскага рэквіема», пачуўшы і ўбачыўшы які, цьверазелі ня толькі крамлёўскія сейбіты чарнобыльскай бяды, але і Парыж, які яго бачыў на выставе; праменіла з вяночка дзяціных чарапоў-галовак вакол мадонны беларускага Палесься («Выбух»). Боль ды гаркоту ліў з сэрца. А як выліць, калі бяздоньне?

Пісаў з натуры, але пісаў і тое, што не ўкладалася ў канкрэтныя абрысы, абстрактны роздум, у ім таксама шукаючы ачышчэньне ды прасьвятленьне. У канкрэтным не сустрэўшы, уяўляў у абстрактным. Браў чалавека галяком, каб не хаваў сваё аблічча ў вопратках, такога, які ён ёсьць, голым азадкам садзіў на ўзвышак зямной планеты, зьверху над ім вывешваў круглы, нібыта кратэр вулкану, космас і прымушаў абарыгена думаць, сябе рэальна суадносіць з усім сьветам, з зямною і касьмічнаю прасторай. Чыніў над галяком суд? Не — самасуд. І не чыніў, а толькі падказваў, даваў магчымасьць самаачышчэньня. Што ж ён, галяк? На самасуд згадзіўся? Маўклівага як прачытаеш? Даў твар — убачыў, што маска: няма ёй веры. Твар змыў, пакінуў формы галавы, як зьмесьціва мазгоў, і рукі, ногі — нямко. Убачыў над галяком касмічную расколіну, як папярэчыну крыжа, — павесіў на яе, над галавою, вянок. З лаўра або церна? Было пытаньне: дай лаўр — адчуе сябе богам, убачыць церн — сканае ад страху, а навошта? Сьплёў разам і церн, і лаўр — даў выбар. І што галяк выбраў? Згарнуўся, уціснуў галаву ў плечы, твар, якога і не было, — бацнуў на калена, а мастаку ў вочы — круглая плеш. Калоціцца, вядома: душа раба. А што найбольш жахлівае, як ня раб?

Дзе ж прыгажосьць? Як адшукаць яе сярод рабоў? Ці крэда — славіць прыгажосьць — было часовым, у маладосьці, калі па белай лесьвіцы ў неба вяла Тацяна Нілаўна, даючы ўрокі рамантызму, каб у суровыя пасьля вайны гады яе падлеткі ня страцілі смак да жыцьця ў радасьцях ды колерах па­літры?..

Аднойчы настаўніца прыехала ў Менск, знайшла яго майстэрню. Сядзелі за сталом і пілі каву. Вялі размову пра мастацтва, жывапіс. Яна была ўжо ў гадах далёка не маладых, а ён — далёка не юначых. Яна паміж глыточкаў кавы глядзела яго работы, а ён, забыўшыся пра каву, чакаў, што скажа пра іх настаўніца — ці ёсьць расчараваньне вучнем?

Сказала нечакана:

— Мне ў цябе цёпла.

А ён тады падумаў: гэта — пра чырвоную палітру? Заўважыў:

— Палітру я не выбіраў. Мне яе ў рукі дало Палесьсе. Вы ці бачылі нашыя паляшуцкія ручнікі? Чырвонае па белым. І чорнае па белым.

На гэтае пытаньне яна яму адказала праз паўгода, а ў той вечар, пакідаю­чы майстэрню, устала з-за стала і доўга стаяла перад «Чырвонай брамай», якая вісела на сьцяне ў яго прыватным іканастасе.

Прайшло паўгода.

У Кіеве быў пагодлівы дзень красавіка. За сьпіной прымоўк, нібыта спыніўшы ў бетонных берагах сталічны рух, Крашчацік, а ўперадзе з-пад ног угару вёў белы мармур вясковым сонцам памытай і адпаліраванай да бляску лесьвіцы. Гаўрыла з Мацільдай падымаліся па лесьвіцы вышэй і яшчэ вышэй, і ён у гэты час ня думаў, куды вядзе іх белая дарога. Але прыступкі скончыліся — апынуліся на белым мармуры пляцоўкі. Ён сказаў:

— Калі мы былі маладыя і гэтай лесьвіцай Тацяна Нілаўна вадзіла нас, жаўтаротых мастакоў, мне здавалася, што лесьвіца — да сонца, і што настаўніца дарэмна спрабуе давесьці нас на тую вышыню.

— Вунь і яна.

Ён угледзеўся перад сабою і ўбачыў знаёмы ўваход у музей мастацтва. Дзьверы былі адчыненыя і праз іх з лона музею на белы мармур пад нагамі праменіла малінавае сьвятло. Абапал стаялі ў чорных фраках людзі, а найбліжэй, на малінавым фоне ды на фоне чорных фракаў стаяла ў белым Яблонская з букетам чырвоных ружаў.

Ён быў пайшоў насустрач, але ў гэты час да ног на белы мармур зьверху зьляцеў зялёна-залацісты ліст каштана. Над ім схіліўся, падняў і паклаў, як дарагую рэч, у нагрудную кішэню свайго параднага пінжака. У Нацыянальным музеі сучаснага ўкраінскага мастацтва адкрывалася выстава мастака беларуса Гаўрылы Вашчанкі.

P. S.

Агромністы чырвоны бык імчаў па небе з захаду на ўсход. Пад прагнымі малавыразнымі вачыма ў шырокай лбіне блішчала незямная зорка і два магутныя рогі над ёю ў сваім адзінстве здаваліся злавесным маладзіком у небе. Але найбольшай нечаканасьцю карціны была прыгожая ў натуральным выгля­дзе дзяўчына. Яна сядзела на сьпіне быка з расьплеценай ільнянаю касою, з якой на стрэчным ветры выбілася і ляцела белая стужка. Вакол быка з дзяўчынай плылі аблокі, а пад імі — палеткі, лясы, азёры.

Калісьці Зеўс, вышэйшы бог з усіх багоў Алімпа, ператварыўся ў быка і выкраў цудоўную Еўропу, дачку фінікійскага цара Агенора, і Міжземным морам памчаў у свае палацы на Алімпе. Загадка гвалту стагоддзі хвалявала мастакоў. Сюжэт пісалі і Рэмбрант, і Рафаэль, і Тыцыян, з бліжэйшых нам — Сяроў. Кожны, вядома, і бога-быка, і Еўропу бачыў па-свойму. У Сярова на невялікай адлегласьці ад Зеўса па моры плыў дэльфін, пільнуючы напэўна ж не быка — Еўропу. Каб ратаваць?..

І вось — сучасны беларускі варыянт вядомага сюжэту. Год? 1997. Як сьведчыць японскі каляндар, быў год чырвонага быка. Яго драпежны нораў якраз адчулі беларусы — пачаўся гандаль: краіну прадаваць кавалкамі ці цалкам?

Хто ж Зеўс, што паляваў не на старэнькую Еўропу — на маладую Беларусь з белае стужкай у касе ільнянай?..

Мастак у майстэрні зьбіраў сваю чарговую выставу. Адныя карціны апранаў у рамы, другія браў пад шкло. Былі такія, з якімі клопату вялікага ня меў: краса прыроды кожнаму па сэрцы. Але стаяў на подыуме гвалтаўнік.

— Куды яго?..

— У раму, — сказаў я мастаку.

— А потым?

— На выставу. Народ хай бачыць, ведае, думае.

— Выстава адчыніцца і зачыніцца. А далей куды?

— Прадасьце.

— Хто купіць?.. Людзі зьбяднелі. Галодным не да карцінаў.

— І ёсьць багатыя.

— Але багатым непатрэбная Беларусь. Ім патрэбныя прастытуткі.

— Падорыце самому зеўсу?..

— Але наш зеўс ня бог.

— Бугай калгасны...

Пра бугая мастак ня думаў доўга.

Ён адчуваў сябе дэльфінам.

Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

Комментарии к книге «Чырвоная брама», Виктор Филимонович Карамазов

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства