Ад аўтара
У томе III «Живописной России» («Литовское и белорусское Полесье»), што выйшаў у 1882 годзе ў Санкт-Пецярбургу, у артыкуле А.Кіркора «Следы язычества» ёсць цікавы сказ: «2 траўня і 24 ліпеня, у пачатку і ў канцы палявых работ, народ святкуе памяць заступнікаў земляробства, князёў Барыса і Глеба, якія ўспрынялі ў народным уяўленні некаторыя рысы старажытных блізнят Асвінаў».
Здавалася б, браты-блізняты Ашвіны, якім у старажытнай «Рыгведзе» адведзена вельмі пачэснае месца (па ліку ўспомненняў яны ідуць пасля Індры, Агні, Сомы), не маюць ніякага дачынення да беларускай міфалогіі. Але ці так гэта? Той жа А.Кіркор піша, што ў Беларусі іхні культ існаваў яшчэ ў пачатку ХІХ стагоддзя.
Навука наша даволі мала даследуе індаэўрапейскія карані беларусаў, аднак жа зусім невыпадкова, што той жа А.Кіркор даволі часта згадвае пра культуру і міфалогію старажытных арыяў, уплеценую ў нашы паданні, старажытныя святы. Сучасныя даследнікі таксама гавораць пра індаэўрапейскія карані нашай цывілізацыі.
Культ Блізнят — адна з асноўных рысаў старажытнаіндыйскай арыйскай цывілізацыі, нездарма ж у «Рыгведзе» Ашвінам прысвечана ажно 54 гімны, а таксама адведзена шмат месца ў «Махабхараце», «Шатапатха-брахмане», «Брыхадзеваце» і іншых помніках старажытнай індыйскай культуры эпохі арыяў. Думаецца, што менавіта іхні культ да сёння праіснаваў у выглядзе канькоў на нашых дахах, конскіх галоў на вышыўках.
Гэты, засыпаны попелам забыцця, культ светлых, сонечных братоў-лекараў мае права на ўспомненне. І я, выкарыстоўваючы даступныя мне матэрыялы, паспрабавала рэстаўраваць гэтую незвычайную старонку нашай культуры.
КНІГА ПЕРШАЯ
…Кажуць дасюль, што ў прадоннях,
Над якімі бяжыць чарот,
Жывы ў гарадах падводных
Стары палескі народ.
Жывыя яго паданні,
І песня, і мовы строй
У недасяжных глыбінях,
Пад сіняй азёрнай вадой.
Яны зберагаюць скарбы
За сябе і за нас усіх,
А мы цягнем свой крыж штодзённы,
І мы забываем іх.
У.Караткевіч
(«Званы ў прадоннях азёр»)
Комментарии к книге «Залатая жрыца Ашвінаў», Ольга Михайловна Ипатьева
Всего 0 комментариев