«Спачатку была цемра»

1103

Описание

Мы жывём, пакуль святло ў нас перамагае цемру… Да такой высновы прыходзіць галоўны герой гэтай кнігі, які прабыў без прытомнасці — у цемры — амаль тры гады і паступова вяртаецца да жыцця, згадваючы, хто ён, адкуль і за што яго хацелі забіць… Падзеі разгортваюцца ў 90-я гады мінулага стагоддзя ў жахлівых умовах закінутага дома-інтэрната на чарнобыльскім Палессі, на фоне вялікіх пераменаў, што адбываліся тады ў незалежнай Беларусі. 



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Спачатку была цемра (fb2) - Спачатку была цемра 621K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Борис Петрович Петрович

Барыс Пятровіч СПАЧАТКУ БЫЛА ЦЕМРА

Падрыхтаванае на падставе: Барыс Пятровіч, Спачатку была цемра. Аповесць, — Мінск: Кнігазбор, 2013. — 220 с.

ISBN 978-985-7057-97-9

Рэдактар: Алесь Пашкевіч

Copyright © 2015 by Kamunikat.org

Наском чаравіка Славік грэбліва падчапіў Касінера за шчаку, павярнуў тварам да сябе і адпусціў. Абмяклая і бязвольная, галава вярнулася да зямлі, уткнулася носам у жменьку леташняй светла-жоўтай травы.

– Гатовы, — прамовіў Славік неслухмянымі, сухімі вуснамі, — не дыхае…

– Cыходзім! — гучна скамандаваў чалавек у джынсоўцы і пляснуў у далоні: — Так!.. Агледзеліся, каб чаго не забыць!

Невялікі лясок пры даволі ціхай дарозе прастрэльваўся зрокам наскрозь. Між старымі хвоямі ды бярозамі за свежа-зялёным аксамітам руні віднеліся запалкавыя карабкі хатаў ды лецішчаў недалёкае вёскі. На рэдкіх купках ужо ажылае травы, на счарнелых ігліцы ды лістоце засталіся сляды барацьбы: відаць, хлопец, які цяпер ляжаў нерухомы, так проста не здаўся — доўга чапляўся за жыццё. Бачна было гэта і па свежых драпінах на Славікавым носе і шчацэ, па чырвані пад правым вокам.

Славік акінуў хуткім позіркам пашкрабаны нагамі дол — бліснулі плямкі цёмна-лакавай крыві на лістоце… Больш нічога не відаць.

Чалавек у джынсоўцы, які быў тут за галоўнага, падаў знак людзям, што стаялі па двух краях ляску: ад’язджаем… А Славіку сказаў:

– Адцягні яго пад куст і дай яшчэ раз пляшкай па галаве. Хай думаюць — на п’яных нарваўся... — зноў падкрэслена ўважліва агледзеўся наўкола і рушыў да машыны.

Славік нагнуўся над хлопцам, ад якога ўжо ішоў пах нежывога цела, і ледзь не званітаваў. «Цяжкі, зараза…» — уратавала думка. «Але чаму я павінен яго цягаць? — Славік злосна зіркнуў у бок мужчынаў, што сышліся ля «жыгулёў» на дарозе. — Паны знайшліся». І жахнуўся ад здагадкі, што раптам працяла яго: «Яны забілі… з маёй дапамогай… а цяпер захочуць і ад мяне пазбавіцца, як ад сведкі... каб сляды замесці…»

Славік пасоўваў цела пад куст, краем вока назіраючы, як размахваюць рукамі — спрачаюцца пра нешта — чалавек у джынсоўцы і двое памагатых. Трэба было яшчэ разбіць бутэльку аб галаву хлопца. Раней, у гарачцы бойкі, раз’ятранага Славіка ледзь адарвалі ад скурчанага на зямлі непрытомнага чалавека, а цяпер ён ніяк не мог адважыцца ўдарыць яго — замёр наўколенцах з бутэлькай у руках.

Ад дарогі нервова і настойліва пасігналілі: хутчэй!

«Заб’юць… і мяне заб’юць… цяпер точна заб’юць…» — стомлена і асуджана падумаў Славік, не гледзячы, шваркнуў пляшкаю туды, дзе павінен быць лоб. Падхапіўся, кінуў да ног адбітае рыльца і шпарка рвануў да машыны, нібыта нават і абрадаваны, што тут усё скончана...

Частка першая. Сонечны Зайчык

1.

«...Я не люблю, калі сонца свеціць проста ў твар… я ненавіджу колер крыві, у які афарбоўваюцца павекі… я ўвогуле не пераношу ўсё чырвонае… я не цярплю ўдушлівае спякоты, і мяне раздражняе гэтая муха, што паўзе па шчацэ... уніз... і другая, што так марудна апускаецца ад вока да вуха... ад вока да вуха... не, гэта не муха... гэта — пот, бязногі пот… пот паўзе… тугі казытлівы пот… паўзе па мне, як муха... ці то слёзы… брыдка… невыносна... спякота... як я яе ненавіджу!.. але чаму такія цяжкія павекі… хто склеіў іх? навошта? чаму не падняць іх, не разняць… а рукі? дзе мае рукі? у мяне павінны быць рукі… і пальцы… чаму я іх не адчуваю?.. чаму ў мяне ёсць толькі галава, твар… вочы пад чырвонымі павекамі… і гэтае сонца, што ўядаецца ў мяне… бязлітасна б’е ў цемя… скварчыць мазгі... выпякае вочы…

Я сплю… гэта сон… так, я спаў… я прачнуўся… але — дзе я? І — хто я? ХТО Я?»

Чалавек зморшчыў твар і неверагоднымі высілкамі прымусіў вочы крыху расплюшчыцца.

Аднак лепш бы ён гэтага не рабіў... Бо да яго кінулася нейкае дзіўнае стварэнне — малпа не малпа, дзяцюк не дзяцюк. Маленькая, стрыжаная, лапавухая, непрапарцыйная тулаву галоўка, нітка сліны на падбароддзі... худое, гнуткае цела з даўгімі рукамі…

– Га-а! — закрычала стварэнне. — Глядзіць! Славік глядзіць!.. — І зарагатала так радасна, што чалавеку ажно стала вусцішна. Ён хацеў абараніцца. Але рукі яго не слухаліся: загад на рух паміраў, не даходзячы да пляча, і ён толькі з жахам пазіраў, як скача то да яго, то ад яго і як сакоча невядомая істота.

Сонца і сапраўды свяціла яму ззаду, з вакна, у цемя, саслізгвала на лоб, спадала на твар. Ён ляжаў на ложку ў нейкім пакоі, падобным да бальнічнае палаты. Дзённае святло балюча рэзала ягоныя ледзьледзь расплюшчаныя вочы, яны слязіліся, гарэлі і рабілі мутным і туманным усё, на што ён глядзеў…

Слязінкі павольна сцякалі і казыталі шчаку, вуха… Нясцерпна хацелася выцерці іх, але ён не мог. Ён нічога не мог зрабіць, толькі маўкліва пазіраў на новы для яго свет, які расплываўся, размываўся: то павялічваўся, то памяншаўся, то мутнеў, то праясняўся… Гэты пакой, гэтага дзецюка і іншых людзей, што сабраліся на крык вакол яго, ён, здаецца, бачыў упершыню, і хто яны, а галоўнае, хто ён сам — а гэтае пытанне навісла над ім адразу — ён не ведаў і не памятаў… «Глядзіць!.. Глядзіць!..» — сакатала і сакатала істота, то падскокваючы да ложка і капаючы слінай на коўдру ля самага твару, то адбягаючы.

– Ты ведаеш, хто ты, ты памятаеш сябе? Як цябе завуць? Скажы імя… Скажы мне сваё імя… Сваё ІМЯ!.. — над ім схіліўся мужчына, увесь у белым, і толькі вакол шыі чырванеў з-пад халата каўнер кашулі з дробным чорным гузікам. Мужчына неспадзявана выкуліўся з нейкае дзіркі, што раптам расчынілася ў сцяне. «З дзвярэй...» — зразумеў чалавек.

Ён аднекуль ведаў, што гэтыя дзіркі ў сценах, якія нечакана з’яўляюцца, называюцца дзвярыма. Ён увогуле шмат што ведаў. Толькі вось на пытанне мужчыны ў белым халаце ён нічога сказаць не мог. Галава нібыта памкнулася думаць адказ, але з цемры выпаўз тупы і невыносны боль, накрыў яго, сціснуў скроні бы абцугамі, і ён зноў страціў прытомнасць... І толькі слова «Славік», прамоўленае невядомай істотай, завісла высока над ім і павольна-павольна апускалася, пагражаючы прыдушыць сваёй вагой... А потым стала пісклява аддаляцца, змяншацца і знікаць: «Славік… Сла-вік… Сла-вііііік… Сла-а-а-аааа-іііііііііі…»

– Хто паклаў яго на сонца?! — закрычаў урач. — Навошта вы гэта зрабілі? Прыкрыйце, прыкрыйце твар, а то ён аслепне назаўсёды… Хто, хто яго паклаў на сонца?!!

Нехта заапраўдваўся, што трэба было пад ложкам пыл прыбраць, таму і адкацілі ад сцяны, але чалавек, якога невядомая істота назвала Славікам, ужо вярнуўся назад у сваё цемрыва і гэтае спрэчкі не чуў...

2.

Тое, што Славік — а чалавека, які так раптоўна расплюшчыў вочы, усе тут звалі менавіта гэтак — ажыў, стала падзеяй для ўсяго інтэрната. Славік ляжаў без руху ўжо некалькі гадоў. Сэрца ягонае ледзь чутна білася, ён слабка дыхаў, значыць, быў жывы, але больш ніякіх прыкметаў жыцця не падаваў. Калі яго знайшлі ў лесе, то, па ўсім, ён праляжаў там без прытомнасці тыдзень, не менш.

У міліцэйскай трупярні, куды яго паклалі, ён застагнаў, і яго перавезлі ў бальніцу. Вусны ягоныя нешта шапталі. Разабраць удалося толькі адное слова:

«Славік». Дакументаў пры ім не знайшлі, а таму й запісалі ў бальнічнай картцы ягонае імя без прозвішча — Славік. Больш нічога ён не сказаў і ў клініцы да прытомнасці так і не прыйшоў. Але і не памёр. Страшныя спачатку, раз’етыя мухамі ды мурашамі, раны на ягоным твары, на целе паступова зацягнуліся, зажылі. Яго падкормлівалі праз кропельніцу і вітамінныя ўколы. Аб’яўлялі росшук родных, ды ніхто не адгукнуўся.

Зрэшты, па тым здымку распухлага, скрываўленага «трупа», які расклеілі каля райаддзелаў міліцыі, яго не пазналі б нават самыя блізкія людзі. Ды і хто глядзіць на тыя стэнды «Іх шукае міліцыя»?.. І калі стала зразумела, што ніхто з радні не знойдзецца і што да нармальнага стану мозг «Славіка» хутчэй за ўсё ўжо не вернецца ніколі, нават калі ён і апрытомнее, яго накіравалі ў дом-інтэрнат для інвалідаў у вёсачку на поўдні Беларусі, на Палессі, дзе ён і ляжаў па сёння. Гуманнае грамадства забіваць яго — усыпляць — не стала. Была нібыта яшчэ нейкая надзея, што ён, калі не памрэ сам, дык, можа, ажыве, хоць бы так, як ажывае расліна пасля маразоў доўгае зімы.

І вось гэта здарылася...

Урач Станіслаў Сцяпанавіч у каторы раз перагарнуў тонкі сшытачак «гісторыі хваробы» Славіка — пералік траўмаў і пашкоджанняў, «не сумяшчальных з жыццём», з якімі ён патрапіў у бальніцу, анамнез, з якім накіравалі яго ў інтэрнат. Згадаў размову, што была пры паступленні Славіка са строгім чалавекам у чорным, які яго суправаджаў. Чалавек сказаў, каб пры першых прыкметах вяртання да Славіка свядомасці Станіслаў Сцяпанавіч яму патэлефанаваў, — і пакінуў дзеля таго візітоўку.

Станіслаў Сцяпанавіч зазірнуў у шуфляду стала, пакорпаўся ў паперах, дастаў жоўты прастакутнічак з гербам пасярод, пару разоў пругка сагнуў яго ў пальцах, зірнуў на мінскі тэлефон і… паклаў картку назад. Пра якое вяртанне свядомасці тут можна гаварыць?

Расплюшчыў вочы? Ну і што… Можа, гэта больш і не паўторыцца... Пажывём, пабачым. Бо з той яміны, у якую трапіў гэты няшчасны хлопец, мала хто ў наш свет вяртаўся, а калі і вяртаўся, дык… мякка кажучы, інвалідам: калодай, якая нічога не ўсведамляе, толькі лыпае вачыма, бо мозг за гэты час мог атрафіравацца. Да таго ж ён, столькі гадоў лежачы ў цемры, мог і аслепнуць, упершыню расплюшчыўшы вочы на яркім сонцы. А значыць, калі зноў прачнецца, магчыма, і бачыць нічога не будзе… А можа, яму і прачынацца не варта было, бо невядома, хто ён. Мо нават і злачынца які... Чаму ім гэтак цікавяцца людзі з шэра-жоўтага дома з вежачкай у цэнтры Мінска?.. А мо ён нейкі важны сведка? Ці проста пацярпелы… Пажывём, пабачым… Паспею патэлефанаваць.

3.

Свядомасць зноў вярнулася да Славіка. Гэтым разам, пэўна, была ноч. Славік ачуўся, аднак нічога не змянілася. Перад ім была тая ж цемра, і ён нават не зразумеў, расплюшчыў ужо вочы ці не. Бо павекі былі не ружовыя, а чорныя. Як ноч…

Славік ляжаў і думаў. І ўвесь час ён быў там, дзе думаў: у нейкай кропельцы, кропачцы мозгу, што была падвешаная ў пустэчы-цямрэчы… Няма нічога, ёсць толькі цемра і гэтая кропачка ў ёй, сусвет яшчэ не створаны — яго трэба адбудоўваць патроху-паціху… Ёсць толькі цемра і ён у гэтай цемры. Як да нараджэння… Але ён ужо адчувае свой твар і павекі на вачах. Іх трэба будзе расплюшчыць… Ціха-ціха… Ага, нічога пакуль не змянілася. Проста дагэтуль яго не было, і раптам ён з’явіўся, як вынырнуў з-пад вады на паверхню. Высунуў толькі галаву, каб агледзецца…

Галава жыла, дакладней, адчувала, чула жыццё вакол. Нехта побач у пакоі соп з прысвістам — перарывіста і нервова, неспакойна. З вакна цягнула прахалодай — мусіць, яно было прыадчыненае. Там, за вакном, шумеў у дрэвах вецер. Трывожна, быццам збіралася на дождж, на навальніцу.

Славік паволі расплюшчыў вочы шырэй. Не, гэта пачынаўся ранак. Паветра сівела, насычалася туманам і сінечай, чарната набывала празрыстасць. Паступова на блізкім небе за вакном пачалі вымалёўвацца далёкія аблокі — таксама нетаропкія, а можа, і зусім нерухомыя. Прырода прачыналася, скідвала з сябе сон. І адпачылы ранішні вецярок з лёгкім шэптам лагодна перабіраў першую лістоту на дрэвах, нібы прычэсваючы іх.

Славіку падабалася глядзець і нешта бачыць, слухаць і чуць. Яго цешылі гэтыя новыя адчуванні. Ён памятаў толькі спякоту сонечных далоняў таго першага разу, калі расплюшчыў вочы, памятаў балюча размытыя слязьмі плямы людзей, якія тады сабраліся вакол яго. Дакладней, не памятаў, а проста паўставалі яны перад ягонымі вачыма цяпер, калі ён пра іх думаў. А можа, гэта і ёсць памяць? Яны пра нешта ў яго пыталіся... Ён разумеў іх словы… І разам з тым не разумеў, чаго яны ад яго хацелі. Якое імя? Ага, так: пыталіся, як мяне завуць? Значыць, мяне павінны неяк зваць… У мяне павінна быць імя… Усё на свеце мае свае назвы ды імёны… Нельга жыць, існаваць, быць тут, не маючы імя. Вакно, неба, дрэвы, лістота, вецер, хмары, сонца… Я ведаю гэтыя словы, гэтыя назвы, гэтыя і-мё-ны, значыць, я ўжо быў у гэтым свеце…

Так, усё тут мае свае імёны, нельга тут быць без гэтага. Толькі я не маю… не памятаю…

Яму стала страшна… Страшна? Вусцішна!.. Ён раптам адчуў сваю адзіноту ў гэтым свеце, куды вярнуўся… Вярнуўся? Адкуль? Дзе ён быў? Адкуль ён прыйшоў у гэтае жыццё? І хто ён?

Так — і ў яго таксама было імя. Ён згадаў, што і яго самога гэтае пытанне ўсхвалявала першым: хто я? А гэта значыць — як мяне завуць? Я таксама павінен неяк называцца…

Калі Славік пачаў думаць пра сваё імя, зноў тупы, густы боль падступіў да галавы і ахутаў сваім туманам вочы, якія міжволі прымружыліся… Славік застагнаў — проста ў горле нарадзіўся нейкі кволы, хрыпаты гук: г-г-гу-у-у-у… Чужы, быццам не ён выдыхаў яго, а хтосьці побач.

Каб пазбыцца болю, Славік ціхенька — ледзьледзь — павярнуў галаву ўправа, агледзеў пакой, у якім ляжаў. Уяўленне свету вакол яго паступова пачынала вяртацца, а з ім і самі сабой прыходзілі згадкі пра тое, што ён некалі бачыў і ведаў: як яно называецца. Разам са світанкам, з паступовым прыходам святла ў пакой, якое спачатку пазначала абрысы прадметаў, што былі ў ім, а потым патроху вымалёўвала цалкам, ён прыгадваў іх назвы. Вось гэта «стол», а гэта «крэсла», «ложак», там, на ложку — «коўдра», пад коўдрай — «чалавек». У «куце» — «кран» з... як называецца белая прылада пад кранам, ён не мог згадаць. Галава зноў пачала балець, як тым разам, калі ў яго спыталі пра… імя…

Змагаючыся з непераадольным болем амаль нерухомае шыі, ён зірнуў на «вакно», адкуль цягнула прыемнай прахалодай. Шмат што ён ведаў, памятаў незразумела адкуль, з якіх часоў… Ён проста ведаў, што паветра — гэта паветра, вакно — гэта вакно, сцяна — гэта сцяна, пакой — гэта пакой, рука — гэта рука, а ён — Славік…

Ага, Славік… Так яго назваў той чалавек з маленькай галавой і дзіцячым тварыкам, які цяпер спіць на ложку вачыма да сцяны і стрыжанай патыліцай да яго… Ён бегаў і крычаў па складах: «Сла-вік глядзіць! Сла-вік гля-дзіць!» Славік — гэта пра мяне ён казаў, думаў чалавек, разглядаючы пакой. Вось — «дзверы», так, дзверы. Праз іх і ўвайшоў чалавек у «белым халаце» — «урач». Так, урач, значыць, я ў «бальніцы»... Значыць, са мною нешта здарылася… Аварыя? Машына? Цягнік? Са-ма-лёт… Не памятаю… Нешта здарылася, а што — не памятаю… Урач таксама пытаўся ў мяне пра «імя»… А побач скакаў вушасты чалавечак і крычаў: «Славік глядзіць!..» Так, і сапраўды, гэта пра мяне ён казаў, а значыць, я — Славік… Мяне завуць Славік… Маё імя Славік... Але адкуль бярэцца гэты страшны боль?..

Славік яшчэ трохі павярнуў галаву і краем вока ўбачыў уверсе, за раскрэсленым чорнымі прэнтамі вакном, неба. Голае неба. Ужо сіняе з бела-шэрымі воблакамі. Падобнымі да камякоў бруднаватае вогкае ваты. Яшчэ пахмурнае… І больш нічога. Але з-за вакна чуўся шум. І Славік ведаў, што недзе там, унізе, павінна быць шмат іншага, апроч неба. Там павінны быць «дрэвы»... Мажліва, «дамы»… «людзі»... «птушкі»... «трава»... «дарога»... «машыны»...

Славіку захацелася ўстаць і падысці да вакна. Ён паспрабаваў падняцца, але не змог. Толькі ледзь-ледзь прыўзняў над «падушкаю» галаву, нейкае імгненне патрымаў яе ў «паветры», і яна цяжка ўпала глыбока ўніз. Ад слабасці ў яго задрыжэлі вусны — і сілы зноў пакінулі цела.

4.

– Раз захацеў есці, значыць, пойдзеш на папраўку, — казала баба Маня, кормячы Славіка з лыжачкі, як маленькага, акуратна падбіраючы рысавы адвар, што сцякаў з рота па барадзе і шчоках. — На жывой касце — мяса нарасце…

Так, яму захацелася есці. Гэта было яшчэ адно новае адчуванне, што вярнулася да яго: пачуццё голаду.

З першых дзён, як толькі Славік пачаў прачынацца, санітарка баба Маня стала апекавацца ім і рабіла гэта з радасцю, бы знайшла нарэшце сабе сэнс жыцця. Яна і раней даглядала яго, галіла хоць раз на тыдзень ці два, каб не зарастаў шчаціннем, і называла яго, ласкава паляпваючы па худой, абцягнутай скурай, але мяккай і далікатнай шчацэ, «мой красунчык». Яна і мыла яго раз на месяц — працірала мокрым ручніком цела, каб не закарэла і дыхала. Цяпер жа і ўвогуле кожны дзень завіхалася толькі каля Славіка, як ля свайго роднага…

А яшчэ яна прыдумала яму ласкавае імя, якое адразу прыжылося ў інтэрнаце, — Сонечны Зайчык. Праз колькі дзён яго пачалі гэтак зваць усе. Праўда, скарацілі з часам да проста Зайчыка, але ад таго бабаманіна імя менш ласкавым не стала. Яму яно спадабалася, і ён адгукаўся на покліч Зайчык гэтаксама, як і на Славіка…

Дагэтуль яго «кармілі» праз кропельніцу нейкімі растворамі спажыўных рэчываў так, каб толькі не памёр, каб душа трымалася ў целе. А цяпер пачалі адходжваць: спачатку давалі піць голы вар, затым рысавы адвар, потым курыны булёнчык, а прасцей — ваду, у якой варыўся кавалачак мяса, напоі з журавінаў і разынак... І яго цягліцы сталі паступова налівацца сілай, набірацца моцы. Ён пачаў адчуваць спачатку рукі, а потым і ногі. Праз нейкі час ужо мог паднесці далонь да твару. Калі ўпершыню ўбачыў сваю паднятую руку, яго здзівіла яе худзізна: косці, абцягнутыя скурай… Гэтакі ён быў увесь: можна вывучаць анатомію.

Праз колькі тыдняў ранкамі да Славіка стала прыходзіць медсястра-фізкультурніца. Яны разам варушылі пальцамі — рук, ног. Зрабіць гэта пасля столькіх месяцаў нерухомасці было няпроста. Да таго ж, відаць, былі ў яго і пераломы, можа, скабаў, можа, ключыцаў ці яшчэ чаго, і косці невядома як зрасліся… Паступова ён навучыўся згінаць локці, калені, падымаць і трымаць галаву, і нарэшце яшчэ праз некалькі тыдняў — сядзець!

Незабыўнае адчуванне, незвычайнае: галава кружыцца, быццам ён ляціць, лунае над ложкам, над зямлёю, вочы разбягаюцца, і ўсе прадметы вакол бачацца зусім па-іншаму… нібыта ўсталі і павярнуліся да яго тварам яны, а не ён да іх.

І вось надышоў час, калі Славіку-Сонечнаму Зайчыку дазволілі спусціць ногі з ложка да падлогі. А яшчэ праз некалькі дзён ён пачаў вучыцца хадзіць. Другі раз у жыцці.

Тут толькі ён заўважыў, што ляжаў у ложку абсалютна голы. Але гэтай сваёй аголенасці ніколькі не саромеўся, бо яшчэ не ведаў, што трэба яе саромецца. Калі ён упершыню скінуў з сябе коўдру, каб сесці, яму стала холадна. Ён задрыжэў усім целам, і тады медсястра прынесла яму белую кашулю. А потым, калі зразумела, што ён вось-вось паспрабуе ўстаць і пайсці, выдала сіні бальнічны касцюм, які насілі ў інтэрнаце амаль усе мужчыны — ён і цяпер ляжаў побач на тумбачцы.

Славік звесіў з ложка свае худыя папярова-белыя ногі, пакрытыя дробнымі светлымі валаскамі. Баба Маня, якая стаяла побач, заўважыла ягоную нерашучасць і трывогу.

– Ну, уставай, лежабок! — сказала яна грубаваталаскава, падышла да Славіка: — Смялей, смялей!

Славік ссунуўся, пакратаў пальцамі падлогу — лёгенька, нібы ваду перад купаннем. Яна падалася яму лядзяна-халоднай і цвёрда-слізкай. Як першы лёд на лужыне. Баба Маня дапамагла злезці з ложка. Ён апусціў ступні на роўнядзь падлогі і паспрабаваў абаперціся на іх. Ногі трымцелі, хіліліся і не трымалі яго: цела, здавалася, з’язджала з касцей уніз, як мокрая вата, ціснула на ногі, і яны падгіналіся. Ды і падлога была хісткай, быццам хацела выгнуцца і ўцячы... З-пад кашулі было відаць толькі адное месца, якое не пахудзела, а засталося ранейшым, і на тле тонкіх — скура ды косці — ног здавалася тоўстым і ненатуральна вялізным...

Ад новага стану — вертыкальнага — у Славіка зноў закружылася галава, і ён, як раптоўна ап’янелы, увесь у халодным поце, асеў на ложак.

Тым не менш, радасць перапаўняла Славіка. Смяяцца ў яго не было сілаў, не засталося, аднак шчаслівая ўсмешка блукала па твары… І твар ягоны, які яшчэ таксама не навучыўся перадаваць эмоцыі, быў цяпер, як у немаўляці… Страшны і прыгожы разам… Баба Маня не вытрымала, адвярнулася, заплакала і выйшла з палаты.

Праз тыдзень Славік ужо без боязі стаяў каля койкі, трымаючыся за біла і калі-нікалі асцярожна адпускаючы яго. Потым пачаў па сантыметры прасоўваць ногі наперад уздоўж ложка. Ногі не слухаліся… Нязвыкла, пэўна, было іншым назіраць збоку, як дарослы чалавек, у белай бальнічнай сарочцы на голым целе, хвілінамі стаіць амаль нерухома каля ложка, дрыготкімі рукамі моцна трымаючыся за яго.

Ад мыліцаў Славік адмовіўся. Ён навучыўся стаяць, а затым і хадзіць — маленькімі крокамі і па-качынаму перакульваючыся з нагі на нагу. І вось настаў дзень, калі ён адпусціў рукі ад ложка, падышоў да вакна і ўбачыў за ім не брудна-зялёныя сцены палаты і не шэра-белую столь, і нават не блакітнае неба, спярэшчанае аблокамі, а зусім іншае жыццё, тое, якое ён дагэтуль толькі чуў і пра існаванне якога мог хіба здагадвацца. Набліжаючыся да вакна і назіраючы, як паступова пашыраецца краявід, ён зразумеў, чаму раней бачыў толькі неба. Дом быў шматпавярховым, і ягоная палата знаходзілася высока, на… на чацвёртым ці, можа, і пятым паверсе.

Славік зірнуў уніз і ўбачыў там лета: бліскучазялёную лістоту дрэваў і кустоў, аксамітна-смарагдавую траву... Лёгкія белыя, жоўтыя і чырвоныя плямкі кветак на ёй… Светла-шэрыя пясчаныя сцяжынкі, брудна-блакітныя лаўкі ўздоўж іх і постаці людзей у сіняй вопратцы, раскіданыя па прасторы двара. Усё такое яркае і прыгожае…

Ён быў шчаслівы.

5.

Пакуль Славік не хадзіў — жыццё ў пакоі было аднастайным. Палату пад нумарам пяцьсот чатыры яны займалі ўдвох з тым самым лапавухім хлопцам з дзіцячым тварыкам, якога ён першым убачыў, калі ачуўся. Хлопца звалі Сашкам, быў ён алігафрэнам, і жыў у інтэрнаце ўжо гадоў дзесяць. Так, гэта быў дом-інтэрнат, а не бальніца, як спачатку падалося Славіку. Інтэрнат для «душэўна хворых», а таксама для састарэлых людзей і адзінокіх бездапаможных інвалідаў. Праўда, у вёсцы, на ўскрайку якой ён стаяў, інтэрнатам называлі яго толькі супрацоўнікі ды насельнікі. Астатнія ж казалі проста — дурдом... І гучала гэта так будзённа і звыкла, як «крама» ці «сельсавет», што чалавека новага ад неразумення праціналі роспач і жах.

Сашка быў мітуслівым і крыклівым, але добрым і спагадлівым, і Славік, не ведаючы іншых, звыкся з ім. Час ад часу ў Сашкі здараліся прыпадкі: ён падаў на падлогу і пачынаў біцца аб яе, ранячы сябе і крывавячы. Тады ў палату збягаліся сёстры, санітары, Славіка выносілі ў калідор, каб ашчадзіць ягоны кволы яшчэ розум, і нешта там рабілі з Сашкам. Некалькі дзён потым той ляжаў амаль без рухаў, не дакранаўся да ежы, што прыносілі са сталоўкі, і, здавалася, спаў са страшна, шырока расплюшчанымі, закочанымі пад лоб вачыма. Славік падыходзіў, зазіраў яму ў твар, але Сашка ніяк не рэагаваў на гэта, толькі хрыпата соп з дзіка ашчэраным ротам.

Гэтыя гадзіны, а дакладней дні, былі самымі цяжкімі для Славіка. Яму хацелася паразмаўляць, хай сабе і з алігафрэнам, яму патрэбны былі кантакты з людзьмі… Праўда, сківіцы ягоныя і язык рухаліся яшчэ павольна і то была не размова, а спроба яе, бо ён, бывала, «застраваў» на нейкай літары і доўга не мог яе вымавіць, цягнучы, як заікаючыся: н-н-н-н-н-аа-а-а... Але размаўляць яму трэба было. І ён радаваўся тым хвілінам, калі да яго прыходзілі баба Маня альбо сястра-фізкультурніца.

Крыху лягчэй стала, калі ён пачаў асвойваць новую тэрыторыю — калідор. Палата знаходзілася амаль у самым канцы яго (ці пачатку?). Калідор быў доўгім — метраў мо восемдзесят ці болей (прынамсі, з канца ў канец Славік налічваў дзвесце пяцьдзясят сваіх дробненькіх, качыных крокаў). Пачынаўся і заканчваўся калідор шырокімі вокнамі, каля якіх Славік любіў спыняцца і падоўгу стаяць ды глядзець удалеч. За адным вакном, тым, што бліжэй да палаты, адразу за інтэрнацкім плотам быў лес — здавалася, бясконцы: на даляглядзе ён зліваўся з небам. За другім, дальнім — дарога, колькі хатаў вёскі, гароды і далей таксама лес да небасхілу. Паабапал калідора былі палаты ад нумара 501 да нумара 540, пасярод знаходзіўся пост, дзе дзяжурылі сёстры і санітары, насупраць паста — хол, у якім стаяў даўно сапсаваны тэлевізар. Па краях калідора былі прыбіральні і насупраць іх — выхады да лесвічных пляцовак і ліфтоў, якія не працавалі ніколі, хоць будынак і быў сяміпавярховы.

Невядома было, ці ўвогуле меліся тыя ліфты ў прызначаных для іх шахтах... Пазней Славіка проста замучыла пытанне: хто дадумаўся паставіць сяміпавярховік дома-інтэрната ў далёкай палескай вёсцы? Бо відавочна любому, нават алігафрэну, што прасцей і зручней было б пабудаваць некалькі адна-двухпавярховых карпусоў... У якога хворага на галаву архітэктара нарадзілася такая «звышарыгінальная» ідэя? Для Славіка гэта так і засталося таямніцай. Бо быў гэты высотны гмах настолькі ненатуральным сярод драўляных хатаў вёскі, што нават руіны Калізея не здаваліся б тут такімі чужымі: ці мала разбураных замкаў ды палацаў раскідана па беларускіх вёсках… Аднойчы Славік захацеў па лесвіцы спусціцца на паверх уніз, але не здолеў. Ён падышоў да прыступак, паспрабаваў апусціць нагу і… не змог паставіць яе на ніжэйшую прыступку: адна нага не слухалася яго, не апускалася, вісела роўна, нібы збіралася ісці проста па паветры, а другая не згіналася ў калене, быццам не ўмела, а ён стаяў і не здагадваўся зрабіць гэта. Забыўся, развучыўся, і не было каму падказаць яму, што, каб правай нагой ступіць уніз, трэба левую падагнуць і паўпрысесці на яе… Праз хвіліну такога вісення нагі ў паветры Славіка кінула ў пот — ці то ад стомы, ці то ад жаху. А тут яшчэ растаптаны тапак споўз з нагі і кульнуўся глыбока ўніз… Славік роспачна паглядаў, як запаволена спаўзае ён ніжэй і ніжэй. Самому не дастаць. І ён, накульгваючы на нагу без тапка, вярнуўся ў свой пакой.

Падымацца падалося лягчэй: прыступка, як мэта, была перад ім, і зразумела было, што нагу да яе трэба сагнуць і падняць. Можна і дапамагчы сабе рукамі… Ён узняў нагу і спыніўся, бо зразумеў: потым трэба ж будзе спускацца… А як?

І таму ён не здалеў пабыць ні паверхам вышэй, ні паверхам ніжэй, хоць і карцела яму пабачыць, што там, хоць санітары і не забаранялі яму, у адрозненне ад іншых хворых, зрабіць гэта.

Але ўражанняў Славіку пакуль хапала і ад падарожжаў па доўгім калідоры. На паўдарозе ён мог пасядзець, перадыхнуць, пагаманіць з медсёстрамі, адказаць на колькі іхніх простых пытанняў: «Як справы, Зайчык?» — «Д-добра»; «Як сябе адчуваеш?» —

«Д-добра»; «Трэба што-небудзь?» — «Н-не, н-нічога…», «Далёка сабраўся?» — «Д-д-д-д-да в-вакна!»… І ўсё гэта з вінаватай усмешкай шчаслівага чалавека. Хоць і гаварыў ён яшчэ марудна, па складах, калі не па літарах: ледзь варочаючы языком, і кожнае слова д-д-д-давалася яму з в-в-вялікай ц-ц-цяжкасцю.

Патроху пазнаёміўся Славік з насельнікамі свайго паверха. Дзіўны і страшны народ быў на ім сабраны. Нават чыста знешне — дзіўны і страшны. Хоць Славік іншых не памятаў і не бачыў, аднак разумеў, што нешта тут не так, што людзі гэтыя — не зусім звычайныя, не проста хворыя.

Так і было. З усёй Беларусі, а найперш і найбольш з паўднёвых палескіх раёнаў, звезлі сюды адрынутых альбо пакінутых роднымі людзей. З маладых — у асноўным псіхічна хворых, са старых — адзінокіх альбо тых, ад каго адмовіліся дзеці, а таксама тых, хто не меў дзяцей, бо ўсё жыццё «пражыў» у турмах. Было і колькі «нармальных» з маладзейшых — інвалідаў: без ног ці без рук. Усе яны называлі сябе «афганцамі» і былымі дзетдомаўцамі, хоць Славік потым пераканаўся, што не заўсёды было тое праўдай. Гэтыя прывыклі да даўнёнкаў, алігафрэнаў, дэбілаў, нядаўніх зэкаў і бамжоў, нягеглых пенсіянераў, што вакол іх, размаўлялі з імі звысоку, бо лічыліся тут «элітай».

На Славікавым паверсе жылі толькі мужчыны. Казалі, што яны, у сэнсе — мужчыны, займаюць з пятага па сёмы паверх; жанчыны — з другога па чацвёрты, а адміністрацыя дома-інтэрната — першы. Таму левая лесвічная пляцоўка «працавала» навылёт, толькі дзверы на другі, трэці і чацвёрты паверхі былі забітыя крыж-накрыж дошкамі і ніколі не адчыняліся, а ў правай паміж чацвёртым і пятым паверхамі меліся краты, пэўна, каб адгарадзіць мужчынаў ад жанчын.

Дарэчы, краты ў інтэрнаце былі паўсюль, і спачатку Славік нават не заўважаў іх на вокнах за шклом, быццам так і трэба. Прычым большасць кратаў была зробленая ў форме ўзыходзячага сонца: гэта значыць, да прыкладу, у правым ці левым куце вакна быў паўкруг, з якога ўверх адыходзілі прэнты, бы промні. Пазней Славік заўважыў такія ж краты на мясцовай краме ды іншых будынках і падумаў — дзіўная краіна, у якой нават краты стараюцца рабіць не ў клетачку, а ў форме сонца з прамянямі. Відаць, каб хоць такім чынам прыхарашыць існаванне тут… Краты ў выглядзе ўзыходзячага сонца былі своеасаблівым сімвалам гэтай дзяржавы, пабудаванай на хлусні, на жаданні выглядаць лепей, чым ёсць насамрэч, на імкненні прыхаваць жудасную праўду хоць бы «прыгожым» — сонечным — фасадам.

Аднак краты між паверхамі ніякім чынам не перашкаджалі мужчынам трапляць да жанчын і наадварот. Тым болей удзень у двары дазвалялася прагульвацца разам. А таму сэкс сярод гэтых напаловучалавекаў быў ці не галоўнаю забаваю. А можа, і адзінаю даступнаю ім радасцю. Дэбілы, алігафрэны, калі ім край была патрэбная жанчына (а казалі, у некаторых з іх мужчынскі пачатак дамінуе ў такім стане), лезлі да сясцёр, накідваліся на іх, хапалі за грудзі… распраналіся, бегалі голыя, трэслі сваімі чэлесамі… ананіравалі проста на калідоры…

Сёстры ды санітары стаміліся змагацца з гэтым. А таму заплюшчвалі вочы, не зважалі на «любоў» між насельнікамі інтэрната — хай цешацца, абы цішэй было. Дзяўчаты, маладыя жанчыны-алігафрэнкі ці не штогод зацяжарвалі. Іх забіралі ў радзільню на колькі тыдняў, а потым прывозілі назад, без дзяцей — бо немаўлят адразу ж адпраўлялі ў дзіцячыя дамы-яслі.

Славіку нават глядзець на такія сцэны, якія разпораз узнікалі ў калідоры, у незачыненых удзень палатах, было агідна. Брыдотна. Калі ён чуў наперадзе характэрнае мужчынскае «ха-а, ха-а, ха-а!» і жаночае «ай-яй…», разварочваўся і вяртаўся ў сваю палату. Ён разумеў, што нават назіраць за тым непрыгожа, некультурна, а не тое што рабіць адкрыта, разумеў, хоць размовы на гэтую тэму ўсе пазбягалі. Славік проста давяраў, аддаваўся сваім пачуццям: яму было бязмежна гідка і сорамна, сорамна і гідка: усё ж былі гэта не бяздумныя жывёлы, а якія-ніякія людзі… Хоць і адчуваў, што недзе глыбока ў ім жыве цікавасць да ўсяго падобнага, тая цікаўнасць, што некалі заваблівала яго і іншых хлопцаў сачыць за дзяўчынкамі, якія купаліся і бегалі выкручваць свае трусікі за кусты, і цяпер прымушае торгацца сэрца ад вызірнулага з-пад белага халата аголенага калена адной медсястрычкі…

6.

Славік вяртаўся да жыцця даволі хутка. Праз нейкія два месяцы ён ужо адносна добра хадзіў і мог падтрымаць любую размову, хоць сківіцы ягоныя паранейшаму зводзіла сутарга, і ён пачынаў нібыта заікацца. Але яму яшчэ не хапала словаў, каб выказаць свае думкі, прычым некаторыя слоўцы ўсплывалі з памяці, і ён ужываў іх, цалкам не ведаючы дакладнага значэння, а на назвах некаторых прадметаў і рэчаў «тармазіў» і запінаўся, згадваючы іх.

І тады ён пачаў чытаць. Дзіўна, але літары, лічбы і іх значэнне ён памятаў, і вучыцца нанава яму не давялося. Аднекуль ведаў, што «А» — гэта «а», а «Б» — «б» і гэтак далей. Станіслаў Сцяпанавіч ухваліў ягоную прагу да чытання, ніколькі не здзівіўшыся, што ён умее:

– Чалавек, які аднойчы навучыўся ездзіць на веласіпедзе альбо граць на гітары, ніколі не развучыцца рабіць гэта, — сказаў ён, — і праз дзесяць, і праз пяцьдзясят гадоў ён сядзе — і паедзе, возьме — і заграе… бо некалі пераадолеў ужо страх пачатку, бо памяць мышцаў больш жывучая, чым нават памяць мозгу… Чытай — гэта для цябе самы лепшы шлях набрацца словаў, патрэбнай інфармацыі. Толькі не злоўжывай пакуль, не перанапружвайся…

Славік жа чытаў шмат і ўсё запар, што ні трапляла на вочы: газеты, часопісы, кнігі — быццам бы наталяўся, насычаўся ведамі. Праўда, у кнігах незразумелыя словы сустракаліся яшчэ часцей, чым у гутарках. Тады Станіслаў Сцяпанавіч прынёс яму з дому «Тлумачальны слоўнік», і стала лягчэй.

Тым часам Станіслаў Сцяпанавіч пачаў заходзіць з размовамі да яго ў палату ўсё часцей. Славік палюбіў гэтага доктара і стаў таксама падоўгу прападаць у ягоным кабінеце на першым паверсе, дзе было шмат кніжак і часопісаў. Апроч медыцынскіх выданняў, каб скрасіць сабе вясковае жыццё, Станіслаў Сцяпанавіч выпісваў на інтэрнат расейскія часопісы «Наука и жизнь», «Техника — молодёжи», «Вокруг света»... Станіслаў Сцяпанавіч усё стараўся далікатна выпытаць у Славіка, што ён памятае, якія сняцца сны, і ласкава называў цёзкам, бо некалі і яго маці называла гэтак. Радаваўся за Славіка, што запомніў і не забыўся, як упершыню ачуўся і ўбачыў яго ды Сашку, і прасіў зазіраць далей у памяць, запамінаць і пераказваць яму ўсё, што ўсплывае, асабліва імёны і прозвішчы.

– Гэта дапаможа нам знайсці тваіх родных, — казаў Станіслаў Сцяпанавіч, спакойна і павольна, бы тлумачыў малому, — яны, безумоўна, цябе таксама шукаюць і хвалююцца… У цябе была сур’ёзная траўма галавы. І не толькі… Думаю, ты гэта ўжо ведаеш. Некалькі гадоў ты праляжаў без прытомнасці.

– А што здарылася? Гэта была аварыя? Я нічога не памятаю…

– Я магу сказаць толькі тое, што запісана ў гісторыі хваробы. Цябе знайшлі ў лесе, пры дарозе. Моцна збітага, пакалечанага... Нейкі хлопец выпадкова ўбачыў цябе пад кустом. Амаль год ты праляжаў у Мінску, у бальніцы, а потым трапіў да нас. Цяпер у цябе амнезія — посттраўматычная страта памяці. Звычайная рэч пры такіх цяжкіх пашкоджаннях... Таму я раю табе, дарагі цёзка, усё, што ўспомніш, запісваць. Ты ж і пісаць умееш, так? Добра… Гэта варта рабіць, каб не перагружаць слабую яшчэ галаву. Ды і пісанне развівае і пашырае памяць. Вось табе ручка і блакнот. Пішы сюды ўсё, што ўспомніш… Усё.

– Калі я спрабую думаць пра мінулае, — сказаў Славік, — дык у мяне адразу пачынае балець галава. Вось тут… — ён паказаў месца, дзе намацваўся доўгі рубец.

– Не спяшайся, — ласкава папрасіў яго Станіслаў Сцяпанавіч, — не ўсё адразу: твой мозг табе яшчэ трэба трэніраваць, — і сам нібыта супакоіўся, стаў не такім настойлівым у роспытах пра згадкі.

Аднак Славік, хоць і выглядаў шчырым, як дзіцё, сказаў яму не ўсё, што ўжо ведаў.

Сапраўды, ён памятаў сябе толькі з таго моманту, як ачуўся ў палаце на сонцы. Што было раней — цемра… Толькі цемра і прыступы болю. Цемра і пустата, з якой ён нарадзіўся некалі ці не трыццаць гадоў таму і ў якую патрапіў зноў, і быў, пакуль не ачомаўся цяпер. А што было паміж тым — паміж цемрай і цемрай? Як ён жыў, дзе ён жыў і ці жыў увогуле? Адказам на такія пытанні быў яму толькі тупы ўсеахопны боль. Невыносны, абрыдлы і ўжо раздражняльны. Але з нядаўняга часу ён пачаў бачыць сны — у паўдрымоце сталі ўсплываць карцінкі і мроі, у якіх з’яўляліся людзі, пэўна ж, з яго ранейшага жыцця, бо тут, у інтэрнаце, ён такіх не сустракаў.

Славік вырашыў нікому, нават мілейшаму сябру Станіславу Сцяпанавічу, пакуль нічога не казаць пра сны і ўбачаных у іх людзей, а паспрабаваць разабрацца самому. З расказу Станіслава Сцяпанавіча ён запомніў, што яго знайшлі ў лесе, а значыць, траўма не магла быць выпадковай: гэта не цагліна, што ўпала на галаву, калі ён праходзіў паўз дом, і хутчэй не аўтааварыя: тут нешта іншае і, можа быць, таямнічае… І яшчэ адно турбавала Славіка: ён разумеў, што не з’явіўся ніадкуль, з нічога ў свае дваццаць пяць– трыццаць гадоў, што было ў яго дагэтуль жыццё, у якім засталіся бацькі, мажліва, браты і сёстры, сябры, а мажліва, жонка і… дзеці… Яны існуюць недзе паралельна, даўно пахаваўшы яго, і ён павінен іх успомніць і адшукаць, знайсці.

Каб знайсці сябе.

7.

Так, Славік пачаў бачыць сны. Зрэшты, здаецца, яны сніліся яму і тады, калі ён ляжаў без прытомнасці. Прынамсі, перад тым, як ён ачуўся. Каляровыя сны. А таму ён цяпер і не мог разабрацца, што ёсць ягонае жыццё, а што — сны. Ён пачаў ведаць і ўспрымаць сябе толькі з таго моманту, як прачнуўся ад спякоты, ад сонца, што падала яму проста на твар. Ён некалі ўжо адчуваў тое сонца, ён некалі (ці не ў тым лесе, пра які казаў яму доктар?) узненавідзеў яго. І мух, што поўзалі па твары, па руках... Але пэўна сказаць, што было з ім да таго, як апрытомнеў, і хто ён, Славік не мог. І ўвогуле, ён заблытаўся ў тым, што яму прыснілася і што магло быць ягоным ранейшым сапраўдным, аднак забытым жыццём. Бо разумеў ужо: сон і жыццё — розныя рэчы, сны не ёсць рэальнымі падзеямі, хоць і падобныя да іх. Але тыя, хто яму сніўся-мроіўся, могуць быць людзьмі з ягонага мінулага: сябрамі, знаёмымі, роднымі… Толькі як іх вылучыць сярод іншых — чужых і невядомых яму раней? Як здагадацца, што гэта сябар, гэта брат, а гэта — проста персанаж сну… Да таго ж яму ўжо сніліся сны з цяперашняга жыцця, героямі якіх былі і Станіслаў Сцяпанавіч, і Сашка... Настолькі рэалістычныя, што ён, прачнуўшыся, не мог зразумець: жыве ён ужо ці яшчэ спіць?

А раней — спаў ён ці жыў?.. Калі жыў, дык і спаў… І дзе цяпер тая мяжа між сном і явай, як яе знайсці?

Была тут адна прыгожая маладзенькая медсястрычка, якая ад першых дзён сімпатызавала яму і з якой ён любіў пасядзець на пасту ды паразмаўляць па дарозе ад вакна да вакна. Яна прыснілася яму адной з першых… І яны рабілі тое, што ён бачыў, як робяць алігафрэны — мужчына з жанчынай, яму было страшна прыемна, а калі прачнуўся, стала глыбока сорамна. А таму ранкам ён, праходзячы паўз пост, на якім сядзела Таня, так яе звалі, сарамліва адварочваўся і ўціскаў галаву ў плечы.

– Славік! — клікала Таня тым самым прыснёным ласкавым голасам. — Сонечны Зайчык, ты што праходзіш міма? Прысядзь каля мяне…

А ён падціскаў вусны і, не гледзячы на яе, бы дзіцё, што нашкодзіла, ішоў далей: гэтак яму было няёмка за тое, што прысніў.

– Пакрыўдзіўся за што, Зайка?.. — чуў услед зычлівы і спагадлівы голас Тані, якая, вядома ж, ні пра што не здагадвалася, але як ён мог нешта патлумачыць ёй, калі сам пакуль не зразумеў, што яна пра ягоныя начныя прыгоды нічога не ведае і саромецца яму няма чаго…

Ці бачыў сны раней, калі «спаў» без прытомнасці, і якія то былі сны, ён не памятаў… Цікава, а ці былі сярод іх такія, як з Таняй?

Калі былі, дык, можа, ён і не паміраў, а жыў увесь час снамі...

Апошнім часам сны сталі сніцца часцей і часцей, кожную ноч і не па адным. Але галоўнае не тое, што яны сніліся, галоўнае, што яны цяпер запаміналіся і памяталіся. Ён прачынаўся, але вочы ў ноч не расплюшчваў, каб не спужнуць нядаўні сон. Ляжаў і пераганяў у галаве ўбачанае, каб запомніць самае істотнае: падзеі, людзей, пачутыя імёны, назвы…

Адзін з першых сноў з невядомымі яму, неінтэрнацкімі, людзьмі, прысніўся такі.

Зрэшты, мо то і не сон быў, а ўспамін, бо ён, здаецца, і не спаў зусім, а проста паўпрылёг у ложку і пра нешта думаў. Дагэтуль ён чытаў кнігу. Яна ляжала на грудзях і ціснула сваім лёгкім, прыемным цяжарам.

Яму ўбачыўся-прымроіўся горад. Не вёска, у якой ён цяпер быў, — вялікая вёска з драўляных хатаў, крыху наводшыбе якой стаяў сяміпавярховы будынак дома-інтэрната інвалідаў, і сам гэты адзінкавы гмах з кацельняй побач і двухпавярховікам для абслугі быў у вёсцы гэткім жа чужым, як і ягоныя насельнікі між вяскоўцаў...

Не, Славіку прысніўся горад з плоймаю падобных высокіх і яшчэ вышэйшых шматпавярховых дамоў — натуральных, сваіх сярод сваіх. Ён толькі прыехаў сюды з іншага, яшчэ большага горада. У першы дзень пасяліўся ў гатэлі, ляжыць у нумары на ложку з кнігаю на грудзях, якая не чытаецца, бо яму вельмі і вельмі кепска. І згадваецца Славіку не сама тая падзея, а пачуцці, што агарнулі яго тады: няўтульнасці і пакінутасці, няпэўнасці ды самоты…

Чаму яму так дрэнна? Таму, што да яго раптам прыйшло ўсведамленне, што вось гэты дзень і ёсць ягонае развітанне з дзяцінствам. Не з юнацтвам, не з маладосцю, а менавіта з дзяцінствам, хоць ішоў яму ўжо дваццаць першы год і ён скончыў інстытут ды прыехаў па размеркаванні працаваць у гэты горад. Студэнцкае, інтэрнацкае, агульна-дружнае жыццё было своеасаблівым працягам школьнага, дзіцячага, сямейна-хатняга. А вось цяпер ён застаўся сапраўды адзін. Бацькі былі недзе далёка ў вёсцы, але ён пра іх не надта і згадваў, бо забыў, адвык за гады вучобы. Яму было адзінока без сваіх студэнцкіх сяброў, што, як і ён, раз’ехаліся па ўсёй Беларусі. І недзе, мажліва, гэтаксама сумавалі ў пустых пакоях гатэляў... Ён ледзь не фізічна адчуваў гэты сум і боль, што вылучалі цяпер тысячы і тысячы студэнцкіх сэрцаў — птушанятаў, выкінутых з роднага гнязда, рыбінаў, выплюхнутых з іхняе стыхіі — вады — на бераг... Адарваных адно ад аднога па жывому і раскіданых па ўсёй краіне…

Сапраўднае дарослае жыццё пачыналася толькі цяпер. І ён раптам глыбока зразумеў тых хлопцаў, якія паспяшаліся ажаніцца на апошнім, чацвёртым, курсе, перад самым размеркаваннем, і яшчэ больш — тых дзяўчат-аднакурсніц, што гэтак трымцелі хутчэй выскачыць замуж...

О, як яму адзінотна было цяпер! Жыццё, здавалася, скончылася, наперадзе нешта абсалютна невядомае і страшнае… Ён і дагэтуль бываў далёка ад радзімы. Адзін. Але тады ён ведаў, што гэтая адзінота ягоная часовая, што пройдзе месяц-два, і ён вернецца назад, у звыклае жыццё. А цяпер? Што яго чакае цяпер? Гэтая невядомасць палохала. Аж да таго, што жыць не хацелася. У яго нават варухнулася думка — засіліцца... Альбо залезці на самы высокі паверх гатэля і скочыць уніз... Далейшае жыццё яму здавалася бессэнсоўным, непатрэбным у сваёй незразумеласці і няпэўнасці.

Ён тады злавіў сябе на гэтай думцы і спалохаўся. Адчай і самота сапраўды былі моцнымі. Але ж не настолькі! Не настолькі, каб скончыць жыццё самагубствам. Не ты адзіны цяпер у сваёй адзіноце ды самоце — казаў ён сабе, — што, калі ўсе пачнуць забіваць сябе пасля першых выпрабаванняў «даросласцю»? Трэба неадкладна выходзіць з гэтага стану, інакш і сапраўды да дурноты недалёка.

Славік схапіўся за тую думку, як за саламінку, разумеючы, што пакуль не ўвагнаў сябе ў стан, з якога вярнуцца нельга, пакуль яшчэ можа крытычна мысліць і ўсведамляць навакольнае, трэба нешта змяняць. Прынамсі, выйсці з гэтых шэрых сценаў, з гэтага гатэльнага пакоя з высокаю, упрыгожанаю ляпнінай, трохметроваю сталінскаю столлю, якая цісне на яго ўсім сваім цяжарам, пагражаючы абваліцца, упасці ды раструшчыць, і наводзіць на такія думкі...

І ён пайшоў у горад, у знакаміты парк, у якім быў толькі аднойчы, у дзяцінстве: у трэцім класе іх, як лепшых вучняў, прывезла сюды на экскурсію піянерважатая.

Парк знаходзіўся зусім блізка ад гатэля, за некалькі сотняў метраў, і быў сапраўды раскошным, багатым. Старым. З былым княскім палацам, на якім вылучаўся надпіс ранейшым правапісам «Палац піонэраў», і знакамітым лебядзіным возерам. Ён спусціўся ўніз да птушак. Лебедзяў было чатыры: два белыя і два чорныя, і дзюбы чорных здаваліся больш чырвонымі, чым белых. Гледзячы здалёк на іх, тут, на прыродзе, сярод зеляніны і жыццёвага хараства, ён выпусціў на волю і самую галоўную думку, ад якой і было яму вусцішна і самотна: там, у вялікім горадзе, адкуль прыехаў, ён развітаўся з дзяўчынаю, якую кахаў... Кахаў без узаемнасці, але, тым не менш, на нешта спадзеючыся. Там ён штодзень быў побач з ёю… І вось гэтая павуцінка надзеі, якую ён так песціў і аберагаў, абарваная… Усё. Больш ніколі ў жыцці яны не сустрэнуцца. Дым, які выйшаў з цыгарэты, назад у яе не вернецца. Яны цяпер не ў розных гарадах — яны на розных планетах… І зразумеў гэта ён тут, у гатэлі. І далейшае існаванне стала бессэнсоўным, непатрэбным, вусцішным... І пацягнулася шыя да пятлі...

Ён стаяў на беразе возера, стаяў ля вады — яшчэ адной стыхіі, якая ўмее забіраць чалавечае жыццё, хаваць у сабе чыесьці сумлівы і гора. Лебедзі, прывучаныя да падачак, ужо плавалі каля яго, аднак ён не зважаў на іх. Як яму было кепска! Як яму было самотна! Як яму было адзінотна! Як раздражнялі яго гэтыя шчаслівыя сваім птушыным шчасцем нахабныя і сквапныя лебедзі. І як выводзіў з сябе радасны смех дзяўчыны, што стаяла з хлопцам на мосце па-над возерам. Не смех нават, а рогат з гідкім папіскваннем. Нерваваў, злаваў, але і ацверажаў. Усё часовае, супакойваў ён сябе, усё праходзіць. Пройдзе і гэта. Жыццё ёсць змаганне. І трэба жыць. Каб выканаць сваё прызначэнне, дагэтуль невядомае яму… І якое, можа, так і застанецца неразгаданым да апошніх дзён... Трэба жыць!.. Як бы цяжка ні было… Як бы ні палохала тая невядомасць, што прытаілася недзе наперадзе… І тады будуць там, у нябачнай будучыні, і радасці, і… каханне… новае каханне.

Ну хіба гэта можна назваць сном?

Сны бываюць яркімі і падрабязнымі. Але ж не настолькі… Ці не варта ўзяць яго за нейкую аснову, за пункт адліку? Бо трэба ж з чагосьці пачаць, ад чагосьці адштурхнуцца…

Але як дакладна: жыццё ёсць змаганне.

8.

Блукаючы па калідорах і паверхах інтэрната, Славік звярнуў увагу, на якой мове ён размаўляе. На «трасянцы», як і большасць хворых, як і амаль увесь персанал, апроч хіба Станіслава Сцяпанавіча, мову якога ўмоўна, у параўнанні, можна было назваць рускай, хоць наўрад ці жыхары, да прыкладу, Свярдлоўска палічылі б яе сваёй з-за набытага акцэнту і шыкоўных мясцовых слоўцаў — навязлівых і непазбыўных, бо ёмістых і дасціпных. У Славіка хіба ўласна беларускіх — літаратурных — словаў было трохі больш, чым у палешукоў — жыхароў інтэрната ды персаналу. Аднак усё ж мова ягоная была не мінскаю, а хутчэй таксама паляшуцкаю. Зрэшты, тут усе казалі «му» замест «мы», «мула» замест «мыла», «буў», а не «быў», адзін ён «мыкаў» ды «быкаў» і ўжо гэтым, як і Станіслаў Сцяпанавіч, таксама адрозніваўся ад астатніх.

Славік назіраў за жыццём насельнікаў інтэрната і бачыў, што апроч сэксуальнай заклапочанасці найбольш турбаваў іх заўсёдны голад. Кармілі хворых, якія былі хворымі «на галаву» альбо былі без ног, без рук ці старымі, аднак у цэлым, можна сказаць, фізічна здаровымі, не проста кепска, а вельмі дрэнна. Ранкам падфарбаваная вада, часта без цукру: гарбата з кавалкам хлеба. У абед такая ж вада, але ў талерцы, і ў ёй плавала колькі макаронінаў альбо крупінаў ці кавалачкаў бульбы, рыбіныя косці альбо ніткі мяса, і лыжка прэснай кашы на другое. Увечары зноў лыжка кашы ці жменя макаронаў. Казалі — у дзяржаве крызіс, праблемы, няма грошай. Ён гэта разумеў: у ягонай дзяржавы заўсёды былі праблемы з харчамі, і слова «дэфіцыт» ён памятаў. Асабліва пакутавалі ад голаду ляжачыя, калекі і тыя, хто не меў ні капейкі пенсіі. Маладыя ж дэбілы, алігафрэны, якіх выпускалі ў вёску, маглі падпрацаваць там і нешта зарабіць альбо ўкрасці.

Дэбілы ўвогуле адразу прынялі Славіка за «свайго». Нават не так: яны палічылі яго ніжэй за сябе. І пакуль ён і сапраўды быў як малое дзіця, не разумеў нічога, пасмейваліся з яго і здзекаваліся. Някрыўдна, але жорстка. Налілі яму паўшклянкі віна, «чарніла» — выпі, сказалі, сок. Ён выпіў, а яму з ягонымі слабымі псіхікай ды страўнікам рабіць гэта яшчэ нельга было. Ён, бы ў памараку, блукаў па калідоры ад сцяны да сцяны, падаў, галёкаў нейкую нібыта песню, а яны хадзілі за ім услед і рагаталі… Далі закурыць — у Славіка «паехала» галава ад тытуню, бы ад наймацнейшага наркотыку. Зноў жарты і здзекі. Прывялі маладую дэбілку і за «выпіць» прымусілі яе распрануцца нагала перад імі ўсімі, і найперш, вядома, перад Славікам, і паказваць, што ў яе ёсць. П’яная голая дзяўчына са слінявымі вуснамі, раскірэчанымі нагамі і клокам ускудлачаных рудаватых валасоў выклікала ў яго яшчэ большую агіду, чым апранутая. Іншых жа гэта «завяло», яны накінуліся на яе і па чарзе згвалтавалі пры ім... Прымушалі і Славіка, але ён, калі падштурхнулі, сілай падвялі зусім блізка да бездапаможнай, у слязах дзяўчыны, званітаваў проста на яе засмарканы спермай жывот… а потым міжволі крутнуўся ў руках, што сціскалі яго, — і здаровыя дэбілы адляцелі, як пустыя мяшкі. Ён здзівіўся: цягліцы аднекуль памяталі прыёмы, як вырывацца з абцугоў чужых абдымкаў… Яшчэ больш здзівіліся хворыя, якія з таго часу пачалі нават пабойвацца яго і жартаваць перасталі.

Што яго ўразіла не менш. Мала таго, што гэтыя людзі з інтэрната самі па сабе былі страшныя — недагледжаныя, недакормленыя, абы-як апранутыя, дык яшчэ і ў большасці з іх былі кепскія зубы. І ўсмешка іхняя выглядала дзікай, як у разбойнікаў з мульцікаў… Зубы ім ніхто не лячыў, а калі ў кагосьці пачынаў невыносна балець зуб, яго вырывалі. Часам самі хворыя, каб і да ўрача не хадзіць. Абвязвалі, чаплялі неяк ніткай і цягнулі… Пры гэтым той, у каго вырывалі зуб, жудасна верашчаў, а астатнія рагаталі… І гэтыя бяззубыя, шчарбатыя і ўпалыя раты ў нестарых яшчэ людзей найбольш палохалі яго напачатку. А потым прывык. Нават навучыўся бачыць у іх прыгажосць: бо і сярод пачварных ёсць прыгожыя і непрыгожыя, бо прыгажосць — рэч адносная, як і ўсё ў гэтым свеце… І яшчэ Славік заўважыў, як жорстка абыходзіцца персанал з хворымі — за людзей не лічыць. Санітарымужчыны білі іх за любую, самую малую, правіннасць. Білі бязлітасна, з асалодай, атрымліваючы ад гэтага, відаць, найвялікшае задавальненне. Не да крыві — навучыліся, але збівалі таго, хто нібыта парушыў «парадак», так, што некалькі дзён ён не выпаўзаў з палаты, пакуль не агойтваўся. Дзяўчат гвалтавалі, прымушалі «іграць на дудцы», прычым задавальнялі сваю патрэбу з дзікай радасцю, адкрыта, не зважаючы ні на кога побач, не саромеючыся, быццам вакол іх былі не чалавекі…

Статус жанчыны тут увогуле быў зведзены да нічога: да ролі самкі — бы ў жывёльным статку…

І самі жанчыны з персаналу нібы гэтага не заўважалі. Найперш медсёстры са старэйшых, якія не адставалі ў жорсткасці ад мужчынаў. Крычалі на хворых, абзывалі брудна і крыўдна, білі беспакарана. Прычым хлопцам у сваёй злосці і нянавісці стараліся пацэліць нагой менавіта ў пахвіну — каб балючай…

Хоць Славік і разумеў, што, відаць, па-іншаму з такімі людзьмі, як гэтыя хворыя, нельга, бо не прымаюць і не баяцца яны нічога, апроч сілы, бо калі быць з імі добрым і ласкавым, дык на галаву сядуць… Але, тым не менш, падавалася яму гэта несправядлівым.

Асабліва цяжка было старым. Нармальным, звычайным людзям, але састарэлым і бездапаможным, ад якіх адмовіліся родныя і блізкія ды аддалі сюды. Відаць, у дзяржавы і сапраўды былі кепскія справы, калі яна трымала ў адным доме-інтэрнаце і дэбілаў, і старых, што ўсё жыццё працавалі на яе. «Старикам везде у нас почёт…» — спявалася ў знакамітай песні, якая колькі разоў гучала па радыё і тут. Як здзек. Што ж, большага «пачоту», пэўна, яны не заслужылі, як дажываць свае апошнія дні ў дурдоме сярод алігафрэнаў...

Увогуле, усё ў гэтым інтэрнаце было на нервах. Трымалася на нечым тонкім, бы павуцінка, што ірвецца імгненна і непрадказальна. Знешне спакойны чалавек мог у хвіліну сарвацца з ланцугоў з-за нейкага нязначнага, непрыкметнага, здавалася б, слова ці ўчынку, разысціся да пены на губах і біцця галавой аб падлогу, да ірвання адзежы на сабе і бесперапынных наскокаў на ўсіх сустрэчных, як на сценку, каб збіць, стаптаць, знішчыць… Супакойваць яго накідваліся санітары ўдвох-утрох, і толькі пырскі сліны ляцелі ва ўсе бакі…

Аднак і голад, і жорсткасць асабіста Славіка пакуль міналі. Яго палюбілі і медсёстры, і санітары. Стараліся падтрымаць ласкавым словам і падкарміць прынесенымі з дому прысмакамі. Яго шкадавалі... Чаму яго? Чаму пашанцавала стаць любімчыкам і недатыкальным менавіта яму? Хіба ж можна на гэтыя пытанні адказаць? Хто растлумачыць, чаму чалавечы статак раптам пачынае любіць аднаго і ганіць, таптаць іншага... Нават псіхолагі могуць толькі даваць свае надуманыя здагадкі ды меркаванні, а праўды не ведае ніхто.

Шмат часу Славіку не спатрэбілася, каб зразумець, што ў гэтым жыцці, прынамсі, у гэтым інтэрнаце, ды, відаць, у гэтай краіне, а мо і ў гэтым свеце наогул, так — у гэтым свеце… усё проста: цябе альбо шкадуюць, альбо табе зайздросцяць. Трэцяга не дадзена. І мяжа паміж адным і другім няўлоўная. Варта табе крыху падняцца з самага нізу, як замест шкадавання з’яўляецца зайздрасць. Бо шкадаванне гэтае ад пачатку рэдка шчырае, як у бабы Мані, часцей — пагардлівае. Таму і «шкадуюць», бо радыя, што ёсць нехта, каму яшчэ горш, чым ім. А зайздрасць… зайздрасць заўсёды адмоўная. Няважна, да цябе яна скіраваная ці ад цябе... Няма ў свеце нічога больш страшнага, чым зайздрасць. Колькі людзей з-за яе загінула — прыгожых, шчырых, сумленных, колькі войнаў пачалося — крывавых, жудасных, несправядлівых. І тут, у гэтым доме, усім правяць шкадаванне, якое адмоўнае, і зайздрасць, якая чорная… Прасцей жывецца таму, хто змірыўся з тым, што яго «шкадуюць». Няхай ім пагарджаюць, але яму ўтульна ў ягоным унутраным жыцці. Яму добра і спакойна, бо ніхто не прэтэндуе на тое малое, што ён мае.

Гэта ўсё так. Але — я не хачу, каб мяне шкадавалі. Хай лепш зайздросцяць. Як бы там ні было, шкадаванне апускае, а зайздрасць уздымае. Хоць куды мне падзецца ад гэтага: адны мне будуць зайздросціць, другія шкадаваць — і так скрозь усё жыццё. Бо заўсёды ёсць тыя, хто вышэй за цябе, і тыя, хто ніжэй, як бы высока ты ні ўзняўся ці як бы нізка ні ўпаў. Змяняецца толькі колькасць зайздроснікаў і шкадуючых… Але і адныя і другія — твае ворагі… Але я не хачу, не хачу, каб мяне шкадавалі… Лепш хай зайздросцяць… Хай лепш зайздросцяць, чым шкадуюць.

Такім было жыццё вакол Славіка, такімі былі думкі пра яго. І трэба было ўваходзіць у гэтае жыццё, вяртацца і прымаць такім, якое яно ёсць: найчасцей жорсткае і несправядлівае, рэдка — добрае і шчаснае… Гэта ён сяк-так разумеў нейкім глыбінным розумам. Аднак больш за ўсё яго здзівіла вось што: аднойчы, блукаючы па калідорах, ён падышоў да вакна ў холе, за тэлевізарам. Звычайна ён спыняўся каля вокнаў у канцах калідора, з якіх быў бачны толькі лес і трохі хатаў вёскі. Вакно ў холе выходзіла на другі бок, іншы, чым у ягонай палаце і па краях калідора, і з яго прад Славікам адкрыўся від на амаль усю вёску. Яна аказалася немаленькай: па гэты бок некалькі вуліцаў цягнулася кіламетры на два, і туды, зразумеў Славік, быў зрушаны вясковы цэнтр. З-за дрэваў вызірнуў белы цагляны двухпавярховы будынак са сцягам — сельсавет. Сцяг на ім быў… Славік хітнуў галавой і працёр вочы… Мроіва не знікла… Сцяг быў такі, які ён бачыў колькі разоў у снах у руках людзей: бел-чырвона-белы, а не чырвона-зялёны, як павінна было б быць у гэтай дзяржаве, як было, калі ён жыў у ёй раней...

І тады Славік зразумеў, што казаць пра нейкае выздараўленне і вяртанне пакуль рана, што жыве ён, відаць, у нейкіх паралельных светах, вынырваючы пачаргова то там, то тут... Бо гэтыя колеры сцяга над сельсаветам — ці не ёсць працяг ягоных сноў-мрояў, ці не ёсць трызненне на яве… Такога не магло быць, не можа, бо не было амаль ніколі за гісторыю гэтай краіны… Бо сцяг гэты забаранялі, за яго збівалі, саджалі ў турму, расстрэльвалі, і ніколі, ніколі раней ён не вісеў над сельсаветам і вісець не мог.

І Славік адчуў, што зусім заблытваецца: дзе сон, дзе ява, дзе мроя, дзе жыццё. Дзе ён сённяшні, а дзе… учарашні, пра якога яшчэ трэба згадаць…

9.

Славік сядзеў на пасту і гутарыў з медсястрою Таняй, мясцовай дзяўчынай гадоў васямнаццаці, якая пасля школы не прайшла па конкурсе ў медыцынскі інстытут і працавала ў інтэрнаце дзеля «стажу», каб праз год яшчэ раз паспрабаваць паступіць... З ёю яму было добра, бо адчуваў (а цяпер ён больш адчуваў, чымсьці разумеў: як сабака), што і ёй прыемна з ім, што і ён сімпатычны ёй. Таня, каб дастаць нейкія лекі, расчыніла шафу, насупраць якой ён сядзеў, і там бліснула нешта падобнае да здымка чалавека — нейкага дужа знаёма-незнаёмага яму мужчыны. Гэта быў… твар чалавека, які яму колькі разоў… сніўся… толькі значна старэйшага… Славік падхапіўся да Тані:

– Хто там у цябе? Пакажы…

– Дзе? — перапытала здзіўлена Таня.

– У шафе!

– Ха-ха-ха! — зразумела і засмяялася. — Нікога там няма. Гэта ж люстэрка…

– Як нікога? Я ж бачыў, там чалавек, пакажы…

– Глядзі, — Таня шырока расчыніла дзверцы. Славік падняўся, падсунуўся бліжэй, каб лепш разгледзець таго чалавека, і ўбачыў, што гэта не здымак, а нейкае шкло і чалавек у ім рухаецца — жывы.

– Сябе не пазнаў, Зайка? — усміхнулася Таня.

І сапраўды, не адразу Славік зразумеў, што гэта люстэрка, і ў ім ён сам… Перастала ўсміхацца і Таня, ёй дайшло, у чым рэч, і яна стаяла моўчкі, падцяўшы вусны і міжволі склаўшы рукі на грудзях, быццам адразу пасталела.

Так, той чалавек у снах і гэты ў люстэрку — і ёсць ён, Славік. А сны такія яркія і запамінальныя, бо гэта ягонае мінулае ці нешта звязанае з ягоным мінулым. Запамінальныя, можа, яшчэ і таму, што ён прахопліваўся пасярод ночы і доўга ляжаў з заплюшчанымі ці нават з расплюшчанымі ў цемру вачыма, згадваючы тыя «фільмы», якія толькі што паглядзеў, і нібыта працягваючы іх. Але што, якія моманты, якія імгненні і людзі ў іх, тых снафільмах, былі праўдай, а што — уласна сном?.. Ці ўсё — толькі сном, хай і з ім самім у «галоўнай ролі»… Як яму разабрацца ў гэтым, каб не заблытацца яшчэ больш?

Калі зноў дзяжурыла Таня, ён папрасіў яе яшчэ паказаць яму люстэрка. Яна расчыніла шафу, а сама адышла, быццам па справе. Славік асцярожна зазірнуў у люстэрка. Адтуль глядзеў на яго чужы яму чалавек, у твары якога ён з цяжкасцю пазнаваў свае, так — свае, рысы. Па-першае, там быў не хлопец, а мужчына. Малады, але мужчына... Па-другое, твар у гэтага чалавека быў відочна нездаровы: замоцна схуднелы — адны вочы, якія гарэлі на паўтвару, блішчэлі дзіка-хвора, глыбока, сквапна зазіраючы ў таго, хто цяпер глядзеў у іх. І ён спалохаўся сябе самога… схапіўся за гэты чужы яму твар, заплюшчыў вочы, але і ў цемры, пад рукамі, ён адчуваў тыя — свае і не свае — скулы і пашчэнкі, яміны вачэй і цвёрдасць носа... Нос... Так, нос быў ягоны. Буйны, паляшуцкі і з заўважнай гарбінкай. Такі ж нос, толькі без гарбінкі, быў і ў яшчэ аднаго чалавека, які яму таксама сніўся, — у сябра-журналіста, і таму іх незнаёмыя людзі лічылі ледзь не братамі. Ён саромеўся свайго носа. Ён камплексаваў з-за яго. І, мажліва, яму і не шанцавала ў каханні якраз з-за гэтай сарамлівасці. Ён жартаваў з хлопцамі, што можа прысніцца дзяўчатам толькі ў эратычных снах. І меў на ўвазе якраз свой доўгі нос.

Некалі, сустракаючы сваіх былых аднакласнікаў, ён здзіўляўся, гледзячы на іх, як хутка яны сталеюць, як грубеюць рысы іх твараў, як робяцца яны дзядзькамі ды цёткамі. І смяяўся ў адказ, калі яны яму казалі тое ж: трэба бачыцца часцей, каб не заўважаць, як мы старэем…

З самім сабою ён не бачыўся... амаль тры гады. Так, там у люстэрку быў ён. Зрэшты, Славік у гэтым ужо ні на хвілю не сумняваўся. Проста ён не прымаў пакуль сябе новага.

Змучанага, змененага хваробай, пасталелага, калі не пастарэлага... Не чужога, але іншага.

10.

З таго выпадку ён крыху па-іншаму пачаў ставіцца да сваіх сноў і «трызненняў». Там, у снах, пабачанага ім у люстэрку чалавека, а значыць яго самога, звалі зусім не так, як тут, не Славікам... Яго аклікалі, здаецца… зусім іншым імем, расчуць якое яму ніяк не ўдавалася. Але чаму яго завуць Славікам? Гэта пакуль не ўкладвалася ў ягонай галаве, прымушала пакутаваць.

І ад залішніх галаўных боляў у тым ліку. А тут яшчэ Станіслаў Сцяпанавіч са сваім навязлівым жаданнем дапамагчы і ласкавымі роспытамі: ну, як справы? як галава? не баліць? што снілася? як спіцца?..

Ага, Станіслаў Сцяпанавіч якраз і можа патлумачыць, чаму яго завуць Славікам… І ў бліжэйшы момант ён скіраваў да прыадчыненых дзвярэй кабінета доктара. Той сядзеў, унурыўшыся ў нейкія паперы.

– Можна да вас? — спытаў Славік.

– Заходзь, цёзка, — ветліва сказаў Станіслаў Сцяпанавіч (мо ветліва, а мо і паблажліва, але ўсё ж не так, як да іншых, а дабрэй…). — Што ты хацеў?

– Нічога. Проста пагутарыць. Мне чамусьці здаецца, што мяне завуць не Славік, а неяк інакш…

– Ну-ну… Добра. Можа быць, можа быць. А як?

– Не ведаю. Спрабую думаць, і пачынае балець вось тут… — Славік паднёс руку да галавы, паказаў, — і ўсё… і больш не магу… як не пускае нешта далей… Але мне здаецца, што раней мяне звалі іначай. Не Славік... Не, зусім не Славік... А чаму мяне ўсе завуць Славікам?

– Ну, наколькі я ведаю, гэта было адзінае слова, якое ты прашаптаў, апрытомнеўшы на нейкі час у бальніцы. Таму цябе так і запісалі Славікам. Ні прозвішча, ні іншага імя ў тваёй гісторыі хваробы няма. Ты сам павінен цяпер іх успомніць…

– Не магу… Хачу і не магу.

– Не спяшайся… Каб не засмеціць галаву. Уяві сабе: твой мозг — гэта такі пакойчык, які можна заставіць рознай мэбляй. Можна ўпарадкавана: тут ложак, там стол, там шафа… А можна зваліць усё ў адным куце… Можна і запоўніць абсалютна непатрэбнымі ў кватэры рэчамі. Старайся пакідаць самае важнае. Гэтаксама і чытаючы вось гэтыя часопісы ды кнігі, — паказаў на паліцы. — Добра, што шмат чытаеш. Але задужа не захапляйся, бо там вельмі шмат таго, што табе ніколі не спатрэбіцца… Ніколі. Уявіў сабе гэты пакойчык?

– Так.

– Ну і добра. І яшчэ запомні: не хвалюйся залішне. Не прымушай сябе нешта згадваць. Ты і так успомніў шмат. Ты малайчына. Я ўжо казаў табе: калі ўспомніш што новае, не саромейся — раскажы каму-небудзь. Мне, напрыклад. Гэта дапаможа нам разабрацца ў тваім мінулым, у біяграфіі, — ён зрабіў падкрэслены націск на апошнім слове. — Добра?

– Добра… Я вам усё расказваю.

Ну як яшчэ мог Славік адказаць Станіславу Сцяпанавічу? Толькі так. Не мог жа ён распавесці пра свае сны-трызненні? Якія? Тыя, дзе ён з Таняй? І што гэта дасць? Іншыя «сны», пра «горад», пра «сяброў», таксама могуць быць такімі ж дадумкамі чагосьці, а не праўдай, не тым, што было з ім, а простымі мроямі… І можна не толькі самому не разабрацца, а і Станіслава Сцяпанавіча збіць з тропу…

«Не, і яшчэ раз — не, — падумаў Славік. — Пачну расказваць патроху толькі тады, калі ўспомненае ў мяне самога складзецца ў больш-менш цэльную карціну». І яшчэ адно ён для сябе вырашыў, каб не заблытацца ад пачатку і канчаткова: тут, у інтэрнаце, у гэтым жыцці, заставацца Славікам… І хоць бы такім чынам падзяляць для сябе гэтых двух, так ён падумаў, гэтых двух людзей: таго, што жыве тут, і таго, што жыў… там… Дакладней, таго, хто прыходзіць да яго ў снах ды мроях з цемры мінулага.

У блакнот, які яму даў Станіслаў Сцяпанавіч, ён вырашыў нічога з успамінаў і сноў не запісваць — хай застаецца чыстым і ляжыць навідавоку. Сам жа папрасіў бабу Маню, каб прынесла сшытак унучкішкольніцы. І ў ім пачаў паціху рабіць запісы ўзгаданага і хаваць у сваім ложку пад матрацам. Чысты блакнот і ручка заўсёды ляжалі на тумбачцы каля ложка, ён глядзеў на іх і радаваўся сваёй прыдумцы, не здагадваючыся, што Станіслаў Сцяпанавіч, раскруціўшы аднойчы асадку, пабачыў, што колькасць пасты ў стрыжні паступова змяншаецца, зразумеў, што Славік робіць патаемныя запісы, знайшоў іх і чытаў, калі яго не было ў палаце…

А прымроілася-ўспомнілася Славіку, ці «прыснілася», ужо нямала... Толькі адно ва ўсім гэтым паранейшаму спыняла яго: не мог ён сам разабрацца, дзе праўда, а дзе ягоныя дадумкі… І ніхто ў гэтым не здольны яму дапамагчы. Ніхто. Бо ён пераканаўся: успамінаць трэба на яве, а не паводле сноў. Іначай можна толькі яшчэ больш заблытацца. Бо часам сніліся яму абсалютна фантастычныя, неверагодныя прыгоды, якія, зразумела, падаваліся яму рэальнымі, пакуль спаў. Часта ў снах ён лятаў: падскокваў і плыў нізка над зямлёю, раскашуючы ў пачуцці палёту і волі… Альбо, скажам, сніў, як лезе на нейкую крутую гару, зрываецца са скалы і падае, ляціць у жудасным страху ўніз, але не разбіваецца, а ўстае і зноў караскаецца, баючыся сарвацца. Нарэшце, шчаслівы, узлазіць на вяршыню і… прачынаецца ў сваім ложку — ажно ўспацелы ад перажытага…

Вядома, гэтага не магло быць у жыцці. Падобны сон ён лічыў сімвалічным — знакам таго, што пройдзе праз усе цяжкасці і ў рэшце рэшт даб’ецца свайго. Гэта відавочна. Але былі і сны рэалістычныя, звычайныя. І як не прыняць іх за праўду, як аддзяліць тое, што на справе было, ад таго, што прыснілася, каб не выплюхнуць разам з прыснёным важныя падзеі з мінулага?

Ён так і запісаў у сваім таемным сшытку: «Не ведаю, што праўда, а што сон, дзе я ў сваіх снах-успамінах сапраўдны, а дзе прыснёны…» І як адрозніць адно ад другога, ён прыдумаць не мог. Бо не было ў яго памяці — той асновы, той глебы, якая іншым дазваляе не з’ехаць з глуздоў, не заблытацца ў саміх сабе. Бо ўспаміналася яму начамі ўсё не запар, а кавалкамі: адтуль, адсюль — патроху. Розныя падзеі. Зусім не звязаныя між сабою. З розных гарадоў — як мінімум з двух, здагадваўся ён. І яшчэ з вёскі. Уперамешку. Фрагментамі…

Каб неяк упарадкаваць згаданае ноччу, ён сыходзіў з палаты ад Сашкі, які, калі не ляжаў пластом у ложку пасля ўкола, быў невыносным і навязлівым: лез з пустымі — бесталковымі, непатрэбнымі — размовамі, шумна дурэў, пырскаючы слінай… Сыходзіў у хол, сядаў ля вакна на адзіноце, на самоце, і мог сядзець так гадзінамі: ад палудня да вячэры, ладуючы падзею да падзеі, адбудоўваючы сваё мінулае, як дзіцё з рознакаляровых кубікаў ды плашак канструктара складвае нешта падобнае да будынка…

Станіславу Сцяпанавічу не верылася, як урачу, што Славік так хутка аднаўляецца, так прагрэсуе. Столькі часу праляжаць у бяспамяцтве, у коме, і цяпер пачаць узгадваць сваё мінулае! Ну ці не цуд… Праўда, не зусім згадваць: цяжка разабрацца пакуль, дзе яго сны цяперашнія, а дзе ўспаміны пра мінулае. Але якраз сны і дапамагаюць яму вярнуцца ў сённяшняе жыццё, адаптавацца ў ім. Інакш было б зусім цяжка… Мозг працуе. Ён, мусіць, працаваў і тады, калі Славік «спаў», так, спаў, і стан ягоны, відаць, пасля траўмы быў падобны да летаргічнага сну. Так, бо інакш за гады адбылося б поўнае разбурэнне свядомасці… Зрэшты, думаў Станіслаў Сцяпанавіч, я гэтаму не вучыўся, і трэба папытаць у спецыялістаў у Гомелі альбо ў Мінску, ці магчыма такое? І як увогуле бывае ў падобных выпадках… Ці паспрабаваць у кніжках пашукаць адказу… Хоць апроч агульных, апісаных у медыцынскіх падручніках паводзінаў, відаць, бываюць і выключэнні — у кожным канкрэтным выпадку адбываецца па-свойму.

Ці не з такім выключэннем з правілаў я і маю справу ў гісторыі са Славікам? — думаў Станіслаў Сцяпанавіч.

11.

Славік разумеў, што яму трэба займець тут сябра, з якім ён мог бы проста размаўляць і, між іншым, дзяліцца думкамі, а то і «снамі». Не трымаць усё ў сабе, а час ад часу пераказваць узгаданае, каб нейкім чынам упарадкаваць тое для сябе. Але — дзе ўзяць такога сябра? Ён перабіраў у галаве тых, каго ведаў, і прыкідваў, з кім можна падзяліцца сваім самым таемным.

Баба Маня… Можа быць. Але што яна яму параіць? І ці гатовая яна да сур’ёзных размоваў. Да доўгіх гутарак. Яна вечна некуды спяшаецца. Ёй трэба паспець усё зрабіць. Ды і якая яна баба? Ёй, можа, трохі за пяцьдзясят. Мае дзве ўнучкі. Таму і завуць бабай, што ёй падабаецца... Не, баба Маня не падыходзіць. Трэба чалавек больш вольны. Як мінімум.

Станіслава Сцяпанавіча, згадаўшы, Славік адразу адпрэчыў. Верыць яму ён не мог. Таму і ўтойваў запісы. І не спяшаў душу раскрываць. Чамусьці Славіку не хацелася давяраць і давярацца гэтаму чалавеку да канца. Нешта спыняла — мо тое, што называецца інтуіцыяй, калі яна ў яго была?.. Але — не… Нельга…

Самому ва ўсім трэба спачатку разабрацца, а потым ужо ўрачу пераказваць. Бо ён тут той першы, які павінен стаць апошнім…

Сцяпан... З ім ён час ад часу гуляе ў шахматы. Добры дзядзька, але — просты вясковец, які жыве толькі сваімі клопатамі… Здаецца, Сцяпан ні пра што не думае, а толькі пра гульню, і ад гутарак пра іншае адмахваецца, як ад назойлівае мухі. Не, яго і разгаварыць будзе цяжка, а не тое што раіцца з ім пра нешта.

Таня… Яна, хоць і зусім маладзенькая, магла б яго зразумець. І дапамагчы, захоўваючы таямніцу. Але яна дзяжурыць праз двое сутак на трэція. Не зможа ён вычакаць столькі яе, калі закарціць пра нешта тэрміновае пагаварыць. Тут трэба чалавек, да якога можна падысці ў любы момант, можа, нават ноччу пабудзіць.

Значыць, хтосьці з інтэрнацкіх, з «хворых». Сашка… Не, і думаць няварта. Калі ён будзе ў больш-менш нармальным стане, дык разнясе, разбрэша ўсё, пра што даведаецца, бо іншых ведаў і падзеяў у ягонай галаве няма, не трымаюцца. А калі ў яго прыпадак… Не. Ну вядома, не… Да таго ж Сашка вельмі любіць салодкае. Асабліва цукеркі. Шакаладныя.

«Кара-кум», «Беларускія», «Маска»… — паўтарае ён назвы, як заклінанне, і па барадзе цякуць ручаіны сліны. За цукерку ён гатовы зрабіць усё. Нават самую прыкрую непрыемнасць. А тым болей — расказаць чужую таямніцу... Разнясе па інтэрнаце, разбалбоча адразу ж… Ды Сашка і выслухаць не зможа: ён жа на месцы і пяць хвілінаў не ўседзіць.

Славік згадваў іншых насельнікаў інтэрната, з якімі тут пазнаёміўся. Цікавыя тыпы. Адзін хадзіў з галавой, апушчанай да зямлі, і з кішэнямі, набітымі нейкімі паперамі ды паперкамі — старымі газетамі са здымкамі, абгорткамі цукерак, папяроснымі і цыгарэтнымі пустымі пачкамі, увогуле рознымі «прыгожымі» абрыўкамі паперы, якімі даражыў больш, чым грашыма, і якія ўвесь час і ўсюды шукаў і падбіраў… Другі, з горда ўзнятай галавой і з крыху пагардлівай усмешачкай, падыходзіў да Славіка на калідоры некалькі разоў на дзень, працягваў руку, каб «пазнаёміцца», а дакладней, назвацца і зноў расказаць пра сябе, хто ён, адкуль і якім вялікім начальнікам некалі быў… Трэці… Трэці ненавідзеў усё і ўсіх. Пазіраў на свет спадылба і, каб здавацца страшнейшым, зыркаў цяжка, злосна, як самурай. Ён падыходзіў да кожнага сустрэчнага і казаў глухім голасам: «Я цябе ўб’ю». З-за слінявасці ў яго выходзіла: «убю». Яго так і звалі ўсе — Убю. Праходзячы па калідоры, Славік стараўся абмінуць яго, але раз-пораз натыкаўся і чуў услед пагрозлівае шыпенне: «Я цябе ўбю!», да якога ніяк не мог прывыкнуць… Чацвёрты… Чацвёрты, пяты, шосты, сёмы… звалі сябе вядомымі — гучнымі — гістарычнымі імёнамі, і незразумела, напраўду так лічылі ці… дурачыліся ў дурдоме… «Фантазія» іхняя, праўда, сягала не так далёка: не было сярод іх, як «прынята», Напалеона альбо Македонскага, затое быў Машэраў, які даказваў усім, што не загінуў у аўтааварыі, а яго проста выжылі і схавалі сюды, у дурдом, каб не быў канкурэнтам… Гарбачову. Быў Гагарын, якога з падаючага самалёта выхапілі і ўратавалі іншапланецяне, а потым вярнулі на зямлю, але ніхто ў гэта не верыць, і таму ён тут… Быў таксама Сталін, які хадзіў увесь час грозна надзьмуты, з рукамі за спінай і пакусаным алоўкам замест люлькі. Быў Шолахаў, у якога з кішэні на грудзях тырчэла з дзясятак зламаных асадак і алоўкаў, а ў руках — брудны скрутак пашарпаных папераў… Усе яны настойліва, а часам і пераканаўча, з красамоўнай белай пенай вакол вуснаў — распавядалі пра сябе… Але большасць тут усё ж былі «безыменнымі» дэбіламі — проста Васькамі, Ванькамі, Сашкамі, Колькамі… незалежна ад узросту. Усіх іх яднала адно: у гэтым доме іх найперш цікавілі жанчыны, дзяўчаты. Яны цікавалі за імі, увесь час хацелі ўшчыпнуць, прыціснуць, памацаць, зацягнуць куды… і маглі размаўляць толькі пра жанчын, толькі «пра гэта самае», як яны казалі. Дарэчы, сярод дзяўчат і жанчын, сярод Галек, Танек, Валек, Лілек… не было ніводнай «царыцы Кацярыны» альбо «Церашковай». Іх нейк не цікавіла зямная слава…

Састарэлыя, нармальныя дома людзі, тут замыкаліся ў сабе, больш ляжалі ў ложках ці то ад слабасці, ці то ў дэпрэсіі і, зрэдку сабраўшыся ўдвох, утрох, маглі гаварыць толькі пра сябе — успамінаць мінулае. Дзяды распавядалі пра перажытае ў вайну, пра службу ў арміі, часцей недзе далёка: у Сібіры, на Далёкім Усходзе, і тое было адзінай прыгодай у іхнім жыцці, якое прайшло пры конях ці трактары ў калгасе, а бабулькі — пра сваіх дзяцей, унукаў, калі яны ў іх былі, і яшчэ — пра першае каханне. Кантакту з імі ў Славіка чамусьці не атрымлівалася.

Ага… Вось яно… Бязногі «афганец». Валодзька. Які таксама колькі разоў зваў пагуляць у шахматы… Можа быць. І гульня тут акурат дарэчы. За гульнёй шмат пра што можна пагаварыць.

Валодзька… А вось ён якраз — можа быць, можа быць...

І Славік вырашыў прыгледзецца да гэтага хлопца. Валодзька быў сапраўдным «афганцам», а не прыдуманым, у сэнсе не нейкім інвалідам, што патрапіў у аварыю ці п’яны пад колы аўтамабіля. Ён сапраўды ваяваў у Афганістане і там страціў ногі. Да таго ж ён быў дзетдомаўцам, сіратой. Нікога з родных у яго не было. Славік паназіраў за ім дзень-другі. Нармальны хлопец. Але, што яму не спадабалася, — «хітрасць» Валодзькі. Наколькі наіўная і заўсёдная, адкрытая і відавочная, настолькі і непрыемная. Валодзька ніколькі не саромеўся гэтага, а часам нават і ганарыўся, нібыта хітрасць замяняла яму розум. Але так — была яна і насамрэч ад розуму, а не ад хцівасці…

І сапраўды, падумаў Славік, Валодзька не вінаваты ў тым, што яму даводзіцца хітраваць і падманваць. Само жыццё яго паставіла ў такія ўмовы. Хітруючы, ён выжываў, рабіў сваё існаванне ў інтэрнаце прасцейшым. Зрэшты, тут хітравалі ўсе — у залежнасці ад магчымасцяў і розуму. Абдурыць кагосьці не лічылася заганай, а наадварот — гэтым хваліліся і з падманутага смяяліся, усяляк здзекаваліся.

Славік падумаў-падумаў і вырашыў згуляць з Валодзькам у шахматы, каб бліжэй пазнаёміцца з ім і, магчыма, пасябраваць.

12.

Вялікая радасць здарылася ў інтэрнаце: у холе нарэшце адрамантавалі тэлевізар. У першы вечар дазволілі паглядзець яго ўсім насельнікам пятага паверха. Праграма ішла толькі адна, і глядзелі ўсё: ад навінаў да нейкае перадачы пра балет. Пад наглядам санітараў каля тэлевізара сабраліся ўсе. Славіку зрабілася ажно вусцішна ад аднаго выгляду стварэнняў, што насялялі гэты паверх, — самых страшных і пачварных з якіх ён дагэтуль не бачыў. На іх тле нават Сашка вылучаўся, як здавалася, адэкватным выразам твару.

Папраўдзе, глядзець было немагчыма, бо каля тэлевізара, як ні пакрыквалі санітары, панавала разгульная весялосць, усеагульная радасць, рогат бесперастанку. Асабліва падчас балета. Але Славіка больш уразіла іншае. Навіны пачаліся з застаўкі, на якой мільгануў бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня», а потым дыктарка некалькі разоў сказала «ў нашай краіне» і «выбары першага беларускага прэзідэнта», Расію назвала суседняй дзяржавай, а замест СССР гаварыла ўвогуле нейкае «СНД», расшыфроўваючы як Саюз незалежных дзяржаваў...

Ад усяго гэтага ў Славіка пачала кружыцца галава, і яму падалося, што падае з зэдліка. «Дзе я? — думаў ён. — Куды я патрапіў? Беларусь — незалежная дзяржава? Беларусь мае свае гістарычныя сцяг і герб? І выбірае прэзідэнта... Не можа такое быць. Гэта сон. Гэта мроя. Гэта няпраўда. Я проста трызню... Сню на яве?.. Бо такога быць не можа».

Ён устаў і падышоў да вакна, за якім некалі разгледзеў сцяг над сельсаветам. Сон працягваўся: над тым будынкам і сапраўды лунаў бел-чырвона-белы сцяг. Славік заплакаў, гледзячы на яго, заплакаў ці то ад роспачы, ці то ад радасці ўсведамлення, што гэта не сон.

Трымаючыся сцяны, з шырока расплюшчанымі вачыма, але, як сляпы, нічога не бачачы перад сабою, ён выйшаў з хола. На пасту насупраць сядзела Таня — было якраз яе дзяжурства.

– Зайка, ты плачаш? Што такое? Хто цябе пакрыўдзіў?

Як мог, ён патлумачыў, што здарылася.

– Ага, дык ты нічога не ведаеш… Бедны. Пакуль ты спаў, — яна так і сказала: спаў, — Савецкі Саюз разваліўся… Так-так — распаўся на асобныя краіны. Беларусь цяпер незалежная рэспубліка. Дзяржава. Мае свой даўні герб. І сцяг. Той самы: бел-чырвонабелы. Які на сельсавеце… Хутка будуць выбары першага прэзідэнта. Пра гэта і перадача па тэлевізары.

Вось яно што… Такое яму і ў снах прымроіцца не магло… Адбылося тое, за што яны… так… некалі яны з хлопцамі збіраліся змагацца без аніякай надзеі не толькі на перамогу, нават проста на перамены, бо СССР — гэты калос, хай і на гліняных нагах, здаваўся непарушным. Прынамсі, у бліжэйшай будучыні. Так, у бліжэйшай… А за той час, што Славік ляжаў без прытомнасці, за тыя тры гады Савецкага Саюза не стала… І Беларусь цяпер — не-за-леж-на-я дзяр-жа-ва… Пра гэта яны маглі хіба марыць. І вось яно — сталася… Як жа шмат важных падзеяў ён прапусціў, пакуль… спаў.

А яшчэ Таня паказала яму новыя грошы — беларускія! І няхай то былі «зайчыкі» — звяры родных пушчаў ды балотаў, — але ж гэта былі «свае» грошы: упершыню за такую вялікую гісторыю свае… І з «Пагоняй»… Славік зноў расчуліўся, гледзячы на іх, і слёзы свае не хаваў.

Тэлевізар змяніў жыццё ў інтэрнаце. Дакладней, не тэлевізар, а надыходзячыя выбары прэзідэнта. Да іх заставалася некалькі тыдняў, і ўсе, і супрацоўнікі, і насельнікі інтэрната, якія, нягледзячы на свой стан і становішча, мелі права голасу, гаварылі і спрачаліся пра адно: за каго галасаваць. Кіраўніцтва ў сваёй большасці было за прэм’ер-міністра Кебіча. Сёй-той, праўда, цішком спачуваў Пазняку ці Шушкевічу. Санітары ж і сёстры разам з хворымі аднагалосна сыходзіліся на думцы: толькі за Лукашэнку — за Сашку, казалі ласкава і замілавана. Малады, харошы, з сяла, дзярэктарам буў… Словам, свой хлопец. А гэтыя кебічы-шушкевічы накраліся ўжо — дык няхай на пенсію йдуць.

Інтэрнат так і гуў на розныя галасы: Саша, Сашка… за Сашку, за Лукашэнку… Калі Славік чуў гэтае «за Сашку…», прад ім няўмольна паўставаў воблік лапавухага суседа па пакоі і ягоная дураслівая ўсмешка… Усе Сашкі здаваліся яму такімі — іншых ён не ведаў.

Славік не меў права галасаваць. Па-першае, яго не было ў спісах, бо ніхто не разлічваў, што ён апрытомнее. Па-другое, не было ў яго ніякіх дакументаў, нават прозвішча пакуль не было — адно імя. Але ў гутарках і абмеркаваннях ён прымаў непасрэдны, актыўны ўдзел. І яму таксама вельмі падабаўся Лукашэнка. Славік гатовы быў глядзець яго на экране тэлевізара дзень і ноч: неакрэплыя мазгі прасілі гэтага чалавека, як наркотыку. А калі той прыкладаў правую руку да сэрца і нешта казаў, Славіку ажно плакаць хацелася, так палюбіў яго. Нават калі ён вёрз абсалютную лухту — верылася. І не аднаму яму, заўважаў Славік. Асабліва ўпадабалі гэтага кандыдата вясковыя ды інтэрнацкія жанчыны. І не адзін раз Славік чуў ля тэлевізара: «Які мужчына! Які мужчына!!! Калі б можна было, я б яму не толькі голас аддала…» І ўспрымалася гэта зусім не як жарт… Падчас выступаў кандыдата Лукашэнкі да тэлевізара нельга было падступіцца. Калі ён заканчваў, тут і пачыналася: за яго, за яго галасаваць… толькі за яго… наш, наш, свой… ён ім пакажа!..

Каму «ім», што пакажа? Не важна. Пра гэта ніхто не думаў. Жаданне помсты за сваё няўдалае, скалечанае жыццё — перамагала іншыя пачуцці. І каб жа толькі ў падобных інтэрнатах — так было па ўсёй краіне, асабліва ў вёсках. А пакараць за бязладдзе, за рэзрух мог менавіта ён… Усіх. Камуністаў і дзермакратаў. Без разбору. Злосці ў народзе накапілася праз край. Адчуць гэта і скарыстацца здалеў толькі ён. Прагай помсты свяціліся найперш ягоныя вочы. І людзі тое бачылі. Яны свядома ці падсвядома хацелі і чакалі новага Сталіна, якога ўжо не баяліся. Наадварот, настальгавалі па ім, як настальгуе раб па сваім гаспадару. Ім патрэбен быў нехта жорсткі і ўладарны, хто прыйдзе і «навядзе парадак».

Сярод хворых, якіх разам урачы і санітары называлі «кантынгент», адзін Валодзька-афганец быў за Пазняка. Ці на справе, ці насуперак іншым… Дык яго аднойчы ледзь не прыбілі з крыкамі: «Фашыст! Нацыяналіст! Паліцай!»

А ўвогуле, «кантынгент» асабліва агітаваць не трэба было — за каго галасаваць. Як і сясцёр ды санітараў, што спакутаваліся ад безграшоўя, пустых крамаў, інфляцыі ды беднасці. Ім хацелася пераменаў, і яны гатовыя былі верыць любым абяцанням, нават ад пачатку абсалютна невыканальным. А прыгажэй за ўсіх гаварыў і больш за ўсіх абяцаў якраз Лукашэнка: запушчу заводы, якія стаяць, карупцыянераў адпраўлю ў турму, катэджы, што растуць пад Мінскам, быццам грыбы, забярэм і аддадзім шматдзетным сем’ям, кожнай маладой сям’і дам кватэру, каб не перашкаджалі бацькі маладым у першую шлюбную ноч, усім жадаючым дам пятнаццаць сотак на дачу…

«Дам, дам, дам…» — як звон гучала ў вушах, і слова гэтае салодкае не пакідала абыякавым нікога… Вось ён, наш заступнік, міжволі думалася ўсім, вось хто разгоніць усю гэтую шушару, што накралася і набудавала катэджаў, толькі ён, адзін ён і ніхто болей…

Станіслаў Сцяпанавіч спрабаваў спрачацца, казаць: ну няўжо вы не бачыце, што ён проста балбатун, і Кебіча яму не перамагчы, бо за Кебічам сіла: улада, міліцыя, КДБ… За ім гарады, сталіца, а такія, як нашая, вёскі нічога не вырашаць, хоць і прагаласуюць за тога папуліста. Яно то, здавалася, і так: праўду ён казаў. Але… Калі Станіслаў Сцяпанавіч захацеў узяць сабе ў падтрымку Славіка: ну скажы, ці не маю я рацыю, хто пераможа на выбарах? — Славік упэўнена, нібы зазірнуўшы ў будучыню, адказаў адназначна:

«Пераможа Лукашэнка». Станіслаў Сцяпанавіч рукой махнуў у роспачы: і ты таксама…

У хвіліны, калі Славік быў сам-насам, ён быў за Пазняка. Нейкім далёкім розумам ён адчуваўразумеў, што толькі з ім можна звязваць надзеі на лепшае. А той, пра каго сёння гудзе інтэрнат-дурдом, назаўтра ж забудзе ўсе абяцанні, здасць усё і ўсіх, нават сваю жонку...

13.

І сёстры, і хворыя не маглі не заўважыць, што Славік, тоячыся, усё нешта піша ды піша. Да яго ледзь не прыліпла новая мянушка — «пісацель»…

Вядома, інтэрнат — не родны дом, а палата — не твая кватэра, дзе можна ўпотайкі рабіць нейкія запісы. І тады ён адкрыта пачаў нешта занатоўваць у блакнот, які даў яму Станіслаў Сцяпанавіч, і не хаваць, ведаючы, што яго «знаходзяць» і чытаюць. Туды ён запісваў розныя свае «ідэі», што прыходзілі яму ў галаву, пэўна, з вычытаных у кнігах ды часопісах, але пераасэнсаваных, дадуманых, а значыць, як яму здавалася, «сваіх». Адной ён захапіўся так, што прысвяціў ёй некалькі «сур’ёзных» запісаў. Яму захацелася раптам стварыць агульную сістэму распазнавання розных тайнапісаў і невядомых моваў.

Павінен жа быць у іх аснове нейкі не адкрыты яшчэ агульны прынцып, універсальны закон, код, які дазволіць «прачытаць» забытыя мовы, што захаваліся, можа быць, толькі ў запісах невядомымі літарамі ці знакамі на гліняных таблічках, папірусе, камянях ці нават у кнігах, і… зразумець мову іншапланецянаў, якія прыляцяць некалі да нас. Вось уявім: прызямліліся яны — як з імі паразумецца?.. А тут Славік са сваёй сістэмай. Калі ласка, карыстайцеся…

Калі гэта яму абрыдла, бо ніякога «закону» ён не вынайшаў, захапіўся іншай «ідэяй»: наш сусвет — жывы арганізм… Сонца і планеты — гэта звычайная клетка, у якой ёсць ядро і атамы. І планеты-атамы круцяцца вакол ядра-сонца. З такіх клетак складаецца нешта жывое, і мы — увесь наш свет — знаходзімся, можа, у назе нейкага коціка альбо ў крыле камара, якія жывуць і паміраюць на сваёй планеце, што круціцца вакол свайго сонца, але гэта ніяк не ўплывае на нас, як і нашае існаванне на іх ці тых, хто ў нас, з-за несумяшчальнасці і несуадноснасці памераў… Бо гэтаксама клеткі нашага цела ёсць цэлыя планетныя сістэмы, а мы — сусветы для кагосьці. І ўсё паўтараецца, здрабняючыся альбо павялічваючыся да бясконцасці… Калі ён думаў пра бясконцасць, галава ягоная пачынала кружыцца: нібыта ён усведамляў, што гэтая бясконцасць павінна недзе скончыцца, але дзе і як?.. І ў чым тады наш сусвет вісіць ці куды падае? Ягоны неакрэплы розум бунтаваў і не хацеў прымаць таго, вочы засціў туман, бо канца сусвету ніякім чынам не магло быць… Славік заўважыў, што пасля прачытання падобных «ідэяў», а ён ужо дапісваў імі адзін блакнот і папрасіў прынесці другі, Станіслаў Сцяпанавіч пачаў ставіцца да яго больш спакойна — пэўна, гэта ўкладвалася ў ягоныя «рамкі» паводзінаў такіх хворых, як Славік. І яго, відаць, не палохала, а можа і радавала тое, што яшчэ не акрэплы розум Славіка палез раптам у нейкія «філасофскія» глыбіні, мяркуючы па тых запісах. А Славік стаў пісаць ужо нейкія афарызмы ды сентэнцыі, кшталту: «Рабі для іншых больш, чым для сябе… — вось мой дэвіз, па якім я буду жыць далей…». «Калі я змагу аблегчыць лёс хоць аднаму чалавеку, дык, значыць, жыў я не дарэмна»…

Дзе ты будзеш жыць, «хвілосаф», думаў Станіслаў Сцяпанавіч, усур’ёз успрымаючы гэтыя радкі. Тут ты будзеш жыць для іншых? Тут ты будзеш аблягчаць жыццё іншым? У гэтым інтэрнаце? Якім чынам?.. Не, трэба неяк асцярожна паразмаўляць з хлопцам, каб з ім нічога не здарылася. Бо ідэі гэтыя могуць завесці яго далёка… І ў здаровых людзей, бывае, ад падобных думак пра бясконцасць ці канец сусвету галава кругам ідзе, «дах» едзе: ад іх да поўнага вар’яцтва — адзін крок…

Але гэтую размову ён усё адкладваў і адкладваў, аж пакуль Славіку самому не абрыдла пісаць у тым блакноце.

Частка другая. Я ведаю — я памёр

1.

Дызель-цягнік, што замяняў у гэтых мясцінах электрычку, як звычайна перад выходнымі, быў перапоўнены. Дачнікі, якіх Славік неўзлюбіў з-за таго, што яны свой сорам пакідалі дома і лічылі, што, выпраўляючыся на лецішча, можна апрануць усё самае горшае, вынашанае і непрыдатнае, ехалі недалёка. Кіламетраў праз сорак ад горада выветрываўся нават іхні пах цвілі і старызны ў вагоне. З незнаёмых, нязвыклых твараў заставаліся толькі рыбакі ды паляўнічыя, што дабіраліся ў ягоны край, багаты рыбай і дзічынай. І, як заўсёды на выходныя, з горада дамоў ехала шмат нядаўніх вяскоўцаў. Яны па-зямляцку збіраліся ў купкі і скарачалі трохгадзінную дарогу гульнёю ў карты.

Колькі ён папаездзіў у гэтым цягнічку, што, як казалі, спыняўся каля кожнага слупа і цягнуўся марудна-стомлена, нібы стары, знясілены працай конік. Як вывучыў ён гэтую дарогу за чатыры гады вучобы ў інстытуце. Якой знаёма-абрыдлай і разам жадана-сваёй была яна яму...

Хлопцы і дзяўчаты гулялі ў карты, у «дурня», гуляў і Славік таксама, калі да яго падсеў Андрэй — хлопец з суседняй вёскі, які хадзіў у іхнюю школу ў дзявяты-дзясяты класы, быў камсоргам, скончыў школу на год раней за Славіка, вучыўся таксама ў Мінску і, здаецца, сёлета, так-так, сёлета, скончыў свой журфак.

Ага, Андрэй... Гэта быў Андрэй... Ён звярнуўся да Славіка ці проста спытаў нешта? Спытаў. Так, спытаў, весела і нязмушана:

– Ты дзе цяпер? Здаецца ж, таксама адвучыўся ўжо...

– Ды тут, адкуль еду, — у Гомелі.

– Ха! І я ў Гомелі. Па размеркаванні. Дзіўнаваты я скажу табе, гарадок...

– Гэта табе пасля сталіцы так здаецца. А ўвогуле — нічога горад.

– Ну, месцамі і сапраўды нічога… Парк, цэнтр… — пагадзіўся і раптам спытаў: — Ты адзін прыехаў? Сяброў завёў?

Славік сумеўся:

– Не…

– Не? Тады прыходзь да нас. Мы ў рэдакцыі збіраемся. У нас свой гурток. Думаю, й табе будзе цікава.

«Гурток» збіраўся кожную сераду. Знаёмым Славіку быў тут толькі Андрэй, але ён якраз і кіраваў усім. Прыйшло чалавек дзесяць хлопцаў і дзяўчат. Што адразу здзівіла яго: усе размаўлялі выключна пабеларуску. Андрэй прадставіў яго як свайго земляка і сябра. Назваў... Калі думкі Славіка зноў даходзілі да імя, галава ягоная пачынала балець недзе ўнутры, а там, дзе ён намацаў рубец, што застаўся ад, пэўна, глыбокай раны, пачынала нібыта звінець — з-з-з-з… І звон гэты балючы перакрываў словы, і ён нічога не мог пачуць, толькі абхопліваў галаву рукамі…

Што было на тым гуртку? Першае пасяджэнне яму запомнілася тады добра, бо яго захапілі і ўзрушылі новыя знаёмцы. Ён увогуле цікавіўся гісторыяй, быў гэта ягоны, можна сказаць, любімы прадмет у школе. І калі б не спорт, то хутчэй за ўсё паступаў бы на гістфак. Школьныя падручнікі ў наступны клас ім звычайна прывозілі з раённай кнігарні напрыканцы траўня, у апошнія дні перад канікуламі. Цікаўнасць перамагала, і ён за тры летнія месяцы прачытваў увесь падручнік гісторыі наперад...

Хлопец Янка... Ага, дарэчы, імёны ва ўсіх гурткоўцаў былі наўмысна беларускія ці збеларушчаныя: Сяржук, Вінцэсь, Алесь… І Андрэй тут быў Андрусём… Дык вось, Янка прачытаў лекцыю пра невядомыя старонкі гісторыі Гомеля, распачаўшы яе ад радзіміцкага князя па прозвішчы Воўчы Хвост, які разбіў на Сажы палянаў... Сказаў, што хоць афіцыйна Гомель і старэй за Маскву, на самай справе ўзрост горада яшчэ значна большы, прынамсі, як мінімум, гадоў на дзвесце–трыста. Гэта пацвярджаюць і раскопкі, якія яны разам з выкладчыкам-археолагам робяць на гарадзішчы ля ручая Гомій, што і даў назву гораду, у парку каля кінатэатра імя Ісачанкі. Расказаў і пра тыя «цёмныя» гады з трынаццатага па васямнаццатае стагоддзе, пра якія нічога невядома, быццам гісторыя старажытнага места пачалася толькі з прыходам сюды расейцаў, а Вялікага Княства Літоўскага тут і блізка не было.

Потым лекцыю прачытаў мастак Сяржук, за ім Алесь... Увогуле ўсё выглядала б звычайнай краязнаўчай суполкай, калі б не нейкая ўрачыстасць і таямнічасць ці, дакладней, таямнічая ўрачыстасць, з якою гаварылі пра простыя, здавалася б, рэчы гурткоўцы. Нібыта за тым, што яны сабраліся, стаіць нешта большае, нібыта яны якіясьці змоўцы, «дзекабрысты» ці «падпольшчыкі».

Што стаяла за гэтай таямнічасцю і своеасаблівым «масонствам», ён зразумеў, калі яны з Андрусём вярталіся дамоў.

– Ты ведаеш, якія ў беларусаў сапраўдныя сцяг і герб? — спытаў Андрусь.

– Што значыць сапраўдныя? Сцяг у нас чырвоназялёны з арнаментам. Адметны, ні на чый не падобны, мне падабаецца… Мы былі ў будатрадзе, у Сібіры, дзе жыло шмат землякоў-беларусаў, дык, калі ад’язджалі, калі развітваліся, мужчыны знялі наш выцвілы сцяг, які вісеў над лагерам, цалавалі і плакалі, прасілі пакінуць ім на памяць…

– Цікава… Яны, як і ты, відаць, іншых сімвалаў і не ведалі. Вось ты кажаш, у Сібіры. А адкуль там узяліся беларусы?

– Не ведаю. Мусіць, на камсамольскую будоўлю некалі прыехалі — завербаваліся.

– Ты ўпэўнены?

Славік паціснуў плячыма.

– А пра ГУЛАГ, пра раскулачванні ў 30-я гады, пра ссылкі ў Сібір, у тым ліку і за вернасць гістарычнаму, сапраўднаму сцягу ды БНР, не чуў?

– Што такое БНР?

– Беларуская Народная Рэспубліка, ведаеш пра такую?

– Не…

– О, як у нас усё запушчана, — нязлосна пажартаваў Андрусь, — доўга расказваць… Калі я кажу «сапраўдныя сімвалы», гэта азначае — гістарычныя, а не прыдуманыя, намаляваныя і навязаныя нам камуністамі пасля Другой сусветнай вайны, бо да вайны ў савецкіх рэспублік сцягоў не было. І пад гэтым чырвона-зялёным сцягам за Беларусь ніхто ніколі не ваяваў, што б там ні казалі ветэраны і як бы ні плакалі землякі…

– Ну не ведаю я іншага сцяга. І што?

– Глядзі, — і Андрусь дастаў з кішэні два значыкі. На адным чаргаваліся тры палоскі: белая, чырвоная і белая, а на другім быў коннік з тарчай і мячом, узнятым над галавою. — Пад такім сцягам змагаліся слуцкія паўстанцы з бальшавікамі, а гэтаму гербу, які называецца «Пагоня», сямсот гадоў. Пад ім нашыя продкі перамаглі крыжакоў у 1410 годзе пад Грунвальдам, маскалёў пад Оршай у 1514-м. Чуў пра такое? Не… Ну як жа, зразумела: мы па адных падручніках вучыліся. Я спецыяльна паглядзеў іх цяпер. Там ёсць пра «лядовае пабоішча», як Аляксандр Неўскі нібыта патапіў пяцьсот псоў-рыцараў, а пра бітву народаў, дзе беларусы з палякамі ды летувісамі разбілі больш за трыццаць тысячаў тэўтонцаў, — ні слова. Але нам пра гэта не гаварылі, нам казалі, што нашая гісторыя пачалася з 1917-га года, з Кастрычніцкай рэвалюцыі... Нібыта да таго Беларусь была лапцюжнай і мужыцкай… А ў нас вялікая гісторыя, і Беларусь павінна стаць незалежнай краінай, а не нейкай там рэспублікай у складзе СССР. Э, ды ты яшчэ шмат чаго даведаешся, калі з намі будзеш. Мы не проста так збіраемся. Мы будзем змагацца за Беларусь, за незалежную Беларусь. Нават калі давядзецца, то і са зброяй у руках...

«Са зброяй» — гэта было занадта смела сказана. Чаму раптам панесла Андруся на такую шчырасць пасля першай сустрэчы, Славік так і не зразумеў. Але менавіта гэтыя словы і зачапілі яго. Спачатку спалохалі, агаломшылі. Як гэта змагацца? З кім змагацца? Навошта… За што? І тут згадаўся яму іншы даклад, пачуты на тым пасяджэнні. Даклад Алеся пра тое, як на працягу двухсот гадоў знішчалася, забаранялася, выкаранялася акупантамі беларуская мова. І што цяпер у Беларусі няма ніводнае беларускамоўнае ВНУ (і праўда, падумаў ён тады, — няма), радыё і тэлебачанне, газеты — спрэс расейскамоўныя, і калі далей так пойдзе, дык заўтра мова народа — немалога, еўрапейскага — памрэ, і нашая найпершая задача ўсяляк зберагаць і адстойваць сваю мову, паўсюль і заўсёды размаўляць на ёй, як бы цяжка ні было, як бы нам ні забаранялі і не здзекаваліся з нас розныя прыхадні. Алесь прачытаў напрыканцы словы нейкага паэта, здаецца, аварца Расула Гамзатава, які напісаў: «Калі мне скажуць, што заўтра памрэ мая мова, дык я гатовы памерці сёння…» Неяк так... І вось за гэта, за сваю мову, за сваю гісторыю, «за сваю ідэнтычнасць», сказаў Алесь, і змагалася большасць народаў свету супраць розных каланізатараў. Будзем змагацца і мы. «Буду і я, — паддаўшыся агульнаму настрою, падумаў тады Славік, — змагацца за сваю мову, культуру, гісторыю, за незалежнасць…» А цяпер, паслухаўшы Андруся, дадаў: за свой сцяг і герб — пад сваім сцягам і гербам… і, калі трэба, нават са зброяй у руках…

Прыняў гэта неяк адразу і без вялікіх сумненняў. Відаць, так яно і бывае, толькі так і не інакш: альбо адразу, альбо ніколі…

Ім пашанцавала: Гарбачоў пачаў ужо сваю «перабудову». Тады само паветра было насычанае жаданнем і чаканнем зменаў. «Партыя, дай паруліць!» — гучала нібы ад камсамола, а на самай справе ад усёй моладзі, што пасля «пяцігодкі пахаванняў» састарэлых маразматыкаў з Палітбюро ЦК КПСС зразумела: так далей жыць нельга. Маладым хацелася нешта рабіць, хацелася пераменаў, і дзеля гэтага яны гуртаваліся, стваралі нефармальныя аб’яднанні. Што і як змяніць, за што змагацца, можа, яшчэ да канца не было зразумела і акрэслена. Але сам дух змагання за свабоду і права самім выбіраць, як жыць, ужо лунаў над краінай…

– А чаму ты літоўцаў назваў летувісамі? — спытаў ён у Андруся.

– Таму што яны самі сябе так называюць… Бо сапраўдныя літоўцы — гэта мы. І так, а не беларусамі, нас называлі аж да дзевятнаццатага стагоддзя, а яны — жамойты, жмудзь, аўкштайты… І Вялікае Княства Літоўскае — нашая дзяржава, дзе дзяржаўнай мовай была беларуская. І Статут ВКЛ — першы ў свеце звод законаў, фактычна Канстытуцыя, напісаны на нашай мове. І Скарына... Эх, калі б наш народ ведаў сваю гісторыю хоць бы так, як ведаюць летувісы, калі б быў не такім забітым… Прабач, гэта доўгая размова… Спадзяюся, табе ў нас спадабалася і ты будзеш прыходзіць у гурток, на нашыя лекцыі па гісторыі.

– Прыйду. Сапраўды цікава. А ты мне такія вось значыкі дастанеш?

– Знайду.

Развіталіся яны словамі: «Жыве Беларусь!». Ён ішоў дамоў і згадаў, што менавіта гэтыя словы ён бачыў раней, надрапаныя ў адной гомельскай тэлефоннай будцы, але тады і не здагадваўся яшчэ, што яны азначаюць, як і не ведаў тое, што напісалі іх тыя самыя гурткоўцы-«падпольшчыкі», хаваючыся ад міліцыянтаў.

Гэта яшчэ не было змаганне, але гэта быў ужо супраціў, які незаўважна набіраў сілу і тут, у краі, дзе, здавалася б, усё нацыянальна-патрыятычнае было вынішчанае аж да пятага калена… Таму і не дзіўна, што да той сустрэчы з Андрэем Славік не задумваўся нават: дзе жыве, як жыве… Калі і цікавіла яго гісторыя, дык хутчэй Старажытнай Грэцыі і Рыма, а не зямлі, што была пад нагамі. Амерыканскі фільм «Спартак» быў любімым фільмам, з рускай гісторыі ведаў былінных багатыроў, Пятра Першага ды Аляксандра Неўскага, а з беларускай — нічога, хіба подзвігі партызанаў у вайну — Колі Гойшыка, Валі Коціка ды Марата Казея, чыё імя насіў іх піянерскі атрад: які ўжо там Грунвальд... Вучыўся, займаўся спортам і нават задумацца не мог, што гісторыя — вось яна: побач, вакол. Жыў, як усе, як набяжыць, у нейкіх дурных клопатах, і не было часу спыніцца і агледзецца, каб задумацца: хто я і адкуль?

Таму, можа, і перавярнула ўсё ў ім гэтае пасяджэнне і размова з Андрэем-Андрусём: як маланкай шандарахнула. Але не аглушыла, а асвятліла шлях наперад, паказала сэнс жыцця, мэту, якую ён якраз і шукаў у гэтыя дні ў новым, чужым горадзе.

2.

Тым часам начамі Славіку пачала сніцца яна — дзяўчына, з якой ён некалі сябраваў, якую… кахаў.

Але найчасцей тая дзяўчына снілася яму так, быццам яна з ім тут, у інтэрнаце, а не ў тым горадзе, у Гомелі, дзе яны гулялі па вуліцах, размаўлялі пра нешта неістотнае… Ён разумеў нават у сне-мроіве, што яна не можа быць побач з ім, але нічога не мог зрабіць. Прачнуўшыся, ён думаў, што яна з таго, ранейшага ягонага жыцця, а не з гэтага, бо тут такой не было дакладна. Але калі яна яму снілася і паўтаралася ў снах, то ён стаў лічыць яе рэальнай асобай.

Аднойчы ў сне ён пачуў яе імя: Люда. Пачуў ці яно проста ўсплыло побач з ейным вобразам, але менавіта так ён і пачаў называць яе ў сваіх думках. Паступова звестак пра Люду — прыгаданых і вылушчаных са сноў — рабілася ўсё болей. Ён ужо ведаў, што яна студэнтка ўніверсітэта. Але нешта турбуе яго ў сувязі з гэтым… Ён разумеў: прайшло тры гады, і наўрад ці яна цяпер у Гомелі. Пэўна, з’ехала адтуль. Ну, вядома, прайшлі гады і яна адвучылася. Але куды яна з’ехала? Дзе яна можа быць? У якім іншым горадзе? Ці мо вёсцы? Гэтага пакуль ён згадаць ніяк не мог. У ягоных вушах гучаў ейны голас, у вачах стаяла мілая постаць хударлявай дзяўчынкі з дробнымі, тонкімі рысамі твару, маленькім вострым носікам і светла-жытнёвымі валасамі…

Здаецца, ён адчуваў яе рукі ў сваіх руках, яе галаву на сваім плячы, пах яе валасоў… Вусны ягоныя шукалі і краналіся ейных вуснаў і шапталі «каханая»… Яна была такой блізкай і такой… недасягальнай.

Ён не ведаў, а таму бясконца сумняваўся, ці ёсць яна, Люда, недзе на белым свеце ўвогуле, ці яна не прыдумка ягоная, навеяная… Таняй альбо яшчэ якой дзяўчынай. Калі яна ёсць, дык дзе яна цяпер? Ці памятае яго, ці згадвае? А можа, і яму не варта ўспамінаць яе, бо, падобна, каханне іхняе тады неяк раптоўна абарвалася, і можна лічыць, што яны рассталіся назаўсёды… Магчыма, яны пасварыліся, раз’ехаліся ў розныя гарады і забыліся адно пра аднога.

Дзе яна ўсе гэтыя гады? Што з ёю, хто з ёю? Так, яна магла за гэты час выйсці замуж, нарадзіць дзетак... Жыве цяпер сваім жыццём, сваімі клопатамі і турботамі… Бывала, дзяўчаты і з войска хлопцаў не чакалі — нейкія там адмераныя і пэўныя два гады, а тут столькі часу прайшло, і дзе ён — ці жывы — невядома… Дык ці трэба пра яе згадваць і толькі раніць сябе? І ці трэба шукаць яе?

Трэба… Яму трэба, каб прыгадаць самога сябе. Трэба хоць бы таму, што гэтыя ўспаміны ці не найлепшыя з ягонага мінулага — светлыя і шчасныя...

3.

І ён прыгадваў далей ды патроху парадкаваў успаміны, расстаўляў мэблю ў сваім пакойчыку, як вучыў яго Станіслаў Сцяпанавіч…

Увосень пасяджэнні «Талакі», а яны так, па мінскім прыкладзе, назвалі сваю суполку, сталі больш люднымі. Вярнуліся з вакацыяў студэнты. Ага, менавіта тады, там, на адным з пасяджэнняў, ён і вылучыў для сябе дзяўчыну — тую самую Люду. Яна сарамліва трымалася збоку, але тое, што адбывалася, казалася тут, ёй, безумоўна, было цікава. Была яна першакурсніцай філфака мясцовага ўніверсітэта, спрабавала пісаць вершы. Зрэшты, у гэтай суполцы амаль усе былі людзі творчыя — мастакі, паэты, празаікі, гісторыкі... Адзін ён выглядаў «белай варонай» — спартоўцам, хай сабе і з цікавасцю да гісторыі. Ён назіраў за імі такімі рознымі (мітуслівымі і гарачымі, якія бойка адстойвалі свае думкі і перакананні; маўклівымі і зануранымі ў сябе, што за вечар не прамаўлялі ні слова). Усе яны былі шчырымі і сумленнымі. Як і іх памкненні. Ва ўсіх іх быў адзін клопат: пра родную мову ды культуру. Назіраў і думаў: а як быць з тым, пра што казаў Андрусь у першы вечар? Як жа вы будзеце змагацца за Беларусь? Вершамі? Карцінамі? Дык гэта смешна... Зборам подпісаў бацькоў дзеля стварэння беларускамоўнага класа ў заводскім раёне горада, як рабілі гэтым летам? Ну, сабралі трыццаць подпісаў з неймавернымі высілкамі, а дырэктар школы перад першай «лінейкай» за некалькі хвілінаў усіх бацькоў «разагітаваў». І толькі шасцёра не адмовіліся ад сваіх подпісаў — і ўсе не беларусы, а тыя, што некалі прыехалі на камсамольскую будоўлю «Гомсельмаш» і засталіся ў горадзе. Але дзеля шасці вучняў клас адчыняць не сталі.

Ну а стварылі б той клас — што змянілася б?

Тут ён падзяляў думку Андруся, які выказаўся пажурналісцку вобразна, супакоіў іншых, каб моцна не перажывалі за няўдачу: што такое адзін клас на паўмільённы горад — дзясятак васількоў у бязмежным калгасным полі… хатні акварыум з дэкаратыўнымі рыбкамі пасярод мора-акіяна, населенага акуламі… Так, пагаджаўся ён, беларусізацыю школаў пачынаць трэба не знізу, а зверху, з галавы. Альбо хоць бы адначасова. Адтуль і адсюль. А для гэтага трэба мець сваю ўладу. Каб не прасіць і нават не патрабаваць, а рабіць паступова і мэтанакіравана. І так, каб гэта быў не прымус, а палітыка, якая трымаецца на ўласным прыкладзе. Загаворыць па-беларуску ўрад, загаворыць і народ. Так было ў іншых краях, так будзе і ў беларусаў. Ад іўрыту засталася адна кніга, габрэі па розных краінах размаўлялі на ідыш, але з’явілася свая дзяржава і адрадзілася з нічога мова, адноўленая, дарэчы, выхадцам з Беларусі… Па-свойму, але падобна было і ў чэхаў, і ў нарвегаў, дзе напачатку дваццатага стагоддзя родная мова жыла толькі ў далёкіх вёсках ці на забытых астравах… Значыць, аснова — улада. Ці можна атрымаць яе ў нашых умовах? Ці мажліва гэта? Зразумела, нічога немагчымага няма: бальшавікі змаглі, кубінцы, побач з Амерыкай, здалелі… Усе вялікія імперыі распадаліся ў рэшце рэшт. Не вечная і савецкая. Але без змагання нішто само ў рукі не ўпадзе. І трэба разумець гэта, не забываць досведу папярэднікаў. У тым, што пазмагацца за сваё давядзецца, Славік не сумняваўся. І варта быць да гэтага гатовым, каб, калі надыдзе такі момант, не разгубіцца і не страціць шанец…

Так, Славіка пачаў цікавіць іншы супраціў. Яго зацікавілі баскі, ірландцы. Слова «змагацца» ён разумеў менавіта так, як яго разумелі ірландскія ці хоць бы ўкраінскія патрыёты. І як беларускія ў дваццатых гадах… Першай пра гэта ён сказаў Людзе. Восень стаяла цёплая — залатая, і яны зрабілі звычкай гуляць вечарамі па горадзе, па ягоных старых драўляных — дарэвалюцыйных, габрэйскіх — вуліцах. Былі гэтыя мясціны адметнымі і, пэўна, адзінымі такімі на Беларусі. Захаваліся яны амаль у цэнтры горада, трохі наводшыбе, каля рэчкі, але займалі даволі вялікую плошчу. Тут некалі жыў мясцовы «сярэдні клас». Сустракаліся дамкі проста музейныя: аздобленыя драўлянымі карункамі-ліштвамі, з каванымі металічнымі ўпрыгожваннямі. Цуды, што невядома як перажылі войны ды пажары, якія не раз пракочваліся па гэтай зямлі. Яны хадзілі па вузкіх вулках, на якіх месцамі захавалася брукаванка, і радавалі сябе шчаслівымі адкрыццямі-знаходкамі будынкаў мінулага стагоддзя: то дома купца, то, відочна, звычайнага гомельскага багатага габрэя, а то хутчэй нейкага чыгуначніка — інжынера ці майстра... Яны блукалі, забываючы, у якім стагоддзі жывуць, размаўлялі пра ўсё і ні пра што, ім было добра разам.

– Баскі, — паўтарыла Люда, — кажуць, у нас ва ўніверсітэце быў такі гурт «Баскі». Там гралі хлопцы, якія пісалі песні і спявалі па-беларуску. Адзін з іхніх сяброў чапляў пры дзвярах дыскатэкі беларускі сцяг — чырвона-зялёны — і прымушаў усіх перад уваходам цалаваць яго... Хлопцы ўжо скончылі вучобу, але такая вось легенда пра іх засталася — мне адразу распавялі яе, як толькі паступіла...

– Я ведаю гэтых хлопцаў. Заспеў некаторых тут. Але цяпер усе яны па вёсках. Па розных вёсках.

Настаўнічаюць. А хто і ў войску. Забрылі служыць, каб абламаць… «Баскамі» яны назваліся невыпадкова. Ёсць такі народ у Іспаніі, які змагаецца за сваю незалежнасць.

Часам і сапраўды тыя хлопцы з «Баскаў» прыязджалі на пасяджэнні гуртка, хоць жыццё і раскідала іх па ўсёй вобласці, сувязі між сабой яны не гублялі. Тым больш, што справа іх не знікла марна — з’явілася вось цэлая суполка аднадумцаў... Той, пра каго казала Люда, што прымушаў пры ўваходзе на дыскатэку цалаваць сцяг, працаваў у веткаўскай раённай газеце карэспандэнтам, пісаў неблагія вершы і бачыў у тым сваю будучыню. Ён у «Басках» не граў і не спяваў. Увогуле, «Баскі» — была хітрая абрэвіятура з першых літараў прозвішчаў хлопцаў, удзельнікаў гурта. «Б» цяпер быў у войску, «А» настаўнічаў у Рэчыцкім раёне, «С» — у Веткаўскім, а «К» — у Жлобінскім… Славік працягваў сустракацца з хлопцамі і дзяўчатамі з «Талакі», але яшчэ слаба і абсалютна няпэўна ўяўляў, што сам будзе рабіць далей і як. Бо разумеў, што вершаў складаць не стане — не яго гэта, што пойдзе крыху іншым шляхам, чымсьці ўсе гэтыя «пісакі». Аднак яму падабалася быць сярод іх. Асабліва цікава было, калі з выступамі прыязджалі пісьменнікі з Мінска, Полацка, барды з Оршы, Гародні. Яны чыталі свае творы, спявалі песні, проста гутарылі. Адзін з мінскіх хлопцаў запомніўся яму найболей, бо казаў не толькі пра вялікую забытую беларускую гісторыю, не менш значную культуру, як і ўсе, а пра тое, што ў сапраўднага беларуса павінна быць усё прыгожа: калі ты размаўляеш па-беларуску, ты павінен быць ва ўсім прыкладам для іншых — у паводзінах, у маральнасці, у інтэлекце, у адзенні… «Тым больш у адзенні, — падкрэсліваў ён, — до вясковасці! У нас прывыклі — раз ты размаўляеш па-беларуску, значыць ты «калхознік», да таго ж апрануты неахайна, абы-як. Не і яшчэ раз не!.. Калі я размаўляю па-беларуску, я суперінтэлігент. Ва ўсім. І прыклад іншым, як трэба сябе паводзіць, як выглядаць…»

Тая сустрэча адбылася ў тым самым знакамітым гарадскім парку, дзе яны сабраліся ўпершыню пасля таго, як іх выгналі з рэдакцыі. Ён выйшаў з парку ў горад разам з Людай, ішоў і разважаў над гэтымі словамі мінскага госця, калі раптам трохі паперадзе спынілася міліцэйская машына, з яе выскачылі двое ў шэрай форме і накіраваліся подбегам да іх. «Вашы дакументы!» — голасна выгукнуў адзін і казырнуў.

«А ў чым справа?» «Вы падобны да злачынца, якога мы шукаем…» «Калі ласка, вось дакумент», — сказаў ён, а сам падумаў, як добра, што прыхапіў з сабой пасведчанне з працы. Міліцыянт разгарнуў чырвоную кніжыцу, угледзеўся ў фотакартку. «Калі хочаце, давайце пройдзем да будынка, дзе я працую, ён тут побач… Там пацвердзяць маю асобу». «Не трэба…», — адказаў міліцыянт, нешта запісаў сабе і, не спытаўшы дакументаў у сяброўкі, развітаўся: «Да пабачэння!» — і пабег да машыны. «Не хачу я больш з вамі бачыцца», — буркнуў Славік яму ўслед, але гэты выпадак прымусіў яго задумацца, што невыпадкова пыталі дакументы міліцыянты. Відаць, за імі ўжо сачылі і проста высвятлялі, удакладнялі для нечага ці некага, хто ён.

Разгадка прыйшла неўзабаве.

4.

Пераход з рускай на беларускую мову даўся Славіку лёгка. Усё ж скончыў ён вясковую школу і да дзясятага класа ўвогуле вучыўся па беларускіх падручніках. Праўда, настаўнікі ў іх школе ўжо з пятага класа выкладалі толькі па-руску. Пачалося ўсё з новага дырэктара школы — матэматыка, якога за рускія тэрміны так і празвалі «тождество» — надта нязвыклым беларускаму вуху падалося гэтае слова, больш прывычна і куды прасцей было па-нашаму: «тоеснасць». То была змена пакаленняў у іхняй школе: старыя настаўнікі пайшлі на пенсію, а таму разам з дырэктарам прыехалі яшчэ чацвёра маладых, якія пачалі выкладаць большасць школьных прадметаў па-руску, і школа ператварылася ў рускамоўную. Усё адбылося як бы само сабой і абсалютна лагічна: настаўнікі ж у сваіх інстытутах вучыліся па-руску... Ніхто не абураўся, а ён сам перад дзясятым класам, калі ўсвядоміў, што будзе паступаць вучыцца ў інстытут, дзе ўсё таксама выкладаецца па-руску, спецыяльна з’ездзіў у райцэнтр і купіў сабе падручнікі на рускай мове.

Славік быў выдатнікам, амаль выдатнікам, і яшчэ — займаўся спортам. Настаўнік фізкультуры — самбіст — арганізаваў у школе барцоўскі гурток. Славік і там быў лепшым, стаў чэмпіёнам вобласці, прызёрам рэспубліканскіх спаборніцтваў і выканаў норму кандыдата ў майстры спорту. А таму пытанне, куды паступаць вучыцца, для яго вырашылася адразу: вядома, у інстытут фізкультуры. Так і настаўнік раіў. Для вясковага хлопца з небагатай сям’і гэта было не горшым варыянтам.

Паступіў без праблемаў. І там вучыўся выдатна. Праўда, асаблівымі спартыўнымі поспехамі не вылучаўся. На другім курсе стаў майстрам спорту і далей не пайшоў. Зразумеў: гэта не ягонае. Тым болей, «спорт высокіх дасягненняў» трымаўся на анаболіках, на спецыяльных леках, карацей. Калі, каб яму «ісці» далей, ехаць на чэмпіянат СССР, паўстала неабходнасць «калоцца» з мэтай нарасціць «мышачную масу», ён катэгарычна ад гэтага адмовіўся. І цалкам пераключыўся на навуку, хай і спартыўную.

Інстытут скончыў з чырвоным дыпломам, але на кафедры барацьбы застацца не ўдалося: не было вакансіяў. Месца вызвалялася толькі гады праз тры, і загадчык кафедры паабяцаў, што яно будзе абавязкова ягоным. «Пакуль, — сказаў, — едзь у вобласць, папрацуй, набярыся вопыту, а праз год вяртайся да нас у аспірантуру, а там і на кафедру...» На размеркаванні, са сваім чырвоным дыпломам, ён ішоў першым з курса, а таму месца выбраў сабе не самае горшае: усё ж другі па велічыні горад Беларусі, праца інструктарам у абласным упраўленні спартыўнага таварыства «Спартак», а не ў нейкай вёсцы настаўнікам фізкультуры.

Цяжэй пакуль было з бацькамі, якія не разумелі яго. Хоць вёска і была беларускамоўнай, яны, выправіўшы сына ў горад, думалі, што там ён «чалавекам стане». Напачатку не маглі нарадавацца. А потым, калі па сканчэнні пачаў прыязджаць і размаўляць з імі не па-руску, як было ўжо і цешыла іх, і нават не павясковаму, а па-беларуску — на літаратурнай мове…

– Ты што, здурнеў, сынок? — сказаў яму бацька, які працаваў калгасным брыгадзірам, цягнуўся да начальства, да мясцовай «інтэлігенцыі» і таму сам на людзях стараўся размаўляць нібыта па-руску, хоць толькі «да» і «нет» у яго і атрымлівалася амаль без акцэнту. Амаль… — Ніхто ж у горадзе так не гамоніць. Усе смяяцца з цябе будуць. «Калхознікам» за вочы зваць…

А калі ён пачаў казаць бацьку, што беларусы маюць вялікую гісторыю і трэба ганарыцца сваёй мовай і культурай, той адразу яго абсек:

– А вось у палітыку, сынок, не лезь…

– Якая тут палітыка, — пасміхнуўся ён, — гэта ж мова…

– Знаю, якая... Табе не казалі. А матчын дзядзька, твой дзед стрыечны, яшчэ перад вайной паехаў у Мінск, вучыўся там, вершы пісаў па-беларуску, прыязджаў сюды, пра гісторыю нам, малым, расказваў, кніжкі з вершамі чытаў і загрымеў у Сібір… Не знаем, дзе і костачкі яго ляжаць… Вораг, сказалі, нацдэм… Перапужаліся ўсе тады — страшкае слова… Цяпер будзе тое самае. Я камуніст і знаю, што кажу. Партыя зноў можа пайсці на хітрасць. Дазволіць выявіцца ворагам і — пад нож іх… Таму кідай сваю мову, калі жыць хочаш.

Мачыха маўчала, але відаць было, што яна цалкам на баку бацькі. А ён падумаў: дзед, аказваецца, паэтам быў… І рэпрэсаваны ў трыццатыя… Дык вось адкуль у мяне цяга да беларушчыны… Гены, як-ніяк… Трэба пацікавіцца ім, вершы пашукаць у бібліятэцы і пачытаць…

А потым пачаліся праблемы і на працы: літаральна праз некалькі месяцаў сустрэч у «Талацэ» Славіка выклікаў да сябе начальнік упраўлення. Яго таксама здзіўляла тое, што ў Славікавай мове цэлыя фразы пачалі гучаць па-беларуску, хоць той стараўся размаўляць на працы па-руску. Выклікаў і разгублена сказаў:

– Табой зацікавіліся там...

Дзе там — тлумачыць не трэба было: пра ўсё казала інтанацыя, з якой гэта вымаўлялася, і паднятыя ўверх бровы.

5.

Цікаўнасць тая была невыпадковай. Яны з хлопцамі даўно заўважылі, што нехта фіксуе ўсе іхнія размовы. Пра гэта казаў Андрусь, якога зацягаў рэдактар газеты да сябе ў кабінет на гутаркі. Прычым назаўтра ранкам рэдактар перадаваў іх вячэрнюю гамонку на гуртку з такімі падрабязнасцямі, што Андруся ажно жах браў. Зразумела, ніякай крамолы яны там не гаварылі, былі чыста гістарычна-этнаграфічныя даклады і спрэчкі. Але ўжо адно тое, што размаўлялі яны толькі па-беларуску, не магло не выклікаць падазрэння і цікавасці пэўных службаў. Пра тое, што за імі сочаць, казаў і Сяржук, якому Славік верыў, як сабе. Сержука, дарэчы, першым выклікалі «туды». Што ў яго за гутарка была, не ведае ніхто, але па тым, як потым трымаўся Сяржук, адчувалася, што ён выкруціўся… І вось на табе — зацікавіліся ім. Начальнік сказаў, што паведаміў гэта яму па сакрэце ягоны сябар «адтуль», з якім яны разам гулялі ў футбол за «Гомсельмаш», а цяпер ходзяць па суботах у лазню. «Глядзі, — сказаў начальнік, — ты хлопец разумны, перспектыўны, не сапсуй сабе кар’еру. І калі паклічуць, успрымі тое, што будзе адбывацца, вельмі сур’ёзна. Там не жартуюць...».

Славіка выклікалі на «прыём» літаральна праз тры дні пасля гэтай размовы. У шэры дом каля старога парку ён ішоў з трывожным хваляваннем. Як да зубнога ўрача. Праігнараваць «запрашэнне» не мог, хоць ісці зусім не хацелася.

У невялікім і не дужа ўтульным кабінеце сустрэў яго мужчына гадоў пад сорак. У цывільным касцюме, без гальштука, з расшпіленым верхнім гузікам кашулі, выглядаў ён даволі простым чалавекам — сваім дзядзькам, а не нейкім там суперагентам. Калі Славік увайшоў, ён адразу пстрыкнуў выключальнікам і запаліў святло, хоць у пакоі і без таго было светла, бо на вуліцы — сонечна. З першых словаў чалавек, які назваўся Паўлам Мікалаевічам, даў зразумець Славіку, што ведае пра яго калі не ўсё, дык вельмі шмат. Чым агаломшыў, хоць Славік і быў нібыта гатовым да гэтага. Усё ведаў Павел Мікалаевіч і пра іхнія, як ён сказаў, «пасядзелкі».

– Малады чалавек, — павучальна прамовіў Павел Мікалаевіч, — я не разумею, навошта вам гэтыя гульні ў Беларусь. У вас усё так нармальна складваецца па жыцці. Я ведаю, вы з няпростай сям’і, дзяцінства вашае было цяжкім, а паглядзіце, з кім вы звязаліся. Вы ведаеце, хто бацька Сержука? Не? Дык папытайце ў яго, пацікаўцеся. Ён генерал. Міліцыі! А ў Віктара, ці як там яго па-вашаму, Вінцэся, намеснік міністра, у Івана, ці як там — Янкі, у гаркаме партыі працуе, трэці сакратар... Па ідэалогіі, дарэчы… Вядома, ім можна і павыпендрывацца — таткі, калі што, прыкрыюць. А хто абароніць вас? Яны вам яшчэ не прапаноўвалі са зброяй у руках бараніць Беларусь ад акупантаўмаскалёў? Што, прапаноўвалі ўжо?

Павел Мікалаевіч запытальна ўзіраўся яму ў вочы і маўчаў. Трэба было нешта казаць.

– Не, — выціснуў ён з сябе.

– Дык прапануюць. Не сумнявайцеся. І што вам за гэта будзе, вы ведаеце? — Павел Мікалаевіч зноў пільна ўгледзеўся ў яго. — Літаратуру добра ў школе вучылі? Някрасава? «Чахотка і Сібір»…

Ён маўчаў. Шчыра сказаць — трохі разгубіўся. Ад новай інфармацыі, што пачуў ад гэтага чалавека, ад таго, што і сапраўды задумаўся пра свой лёс. А той ціснуў далей:

– Скажу вам, што ўсё адбываецца пад нашым кантролем. Думаеце, мы дадзім падняць галаву тут гэтай швалі, як у Прыбалтыцы? Франты, панімаеш, задумалі… не ўдасца! А калі і ўдасца, дык пад нашым шчыльным кіраўніцтвам. Лабусы ніколі не былі нам братамі, яны заўсёды былі ворагамі славянаў. Дык няхай пацешацца пакуль свабодай. А ў нас — прысячэм гэтыя гульні на корані. І жорстка. Не сумнявайцеся.

Славік маўчаў.

– Мы тут параіліся, — працягваў Павел Мікалаевіч, які, пэўна, адчуў у ім слабіну, — і вырашылі прапанаваць вам супрацоўніцтва. Я ведаю, вы хочаце пераехаць у Мінск, у аспірантуру. Што ж, варта. Абароніце кандыдацкую. Мы вам дапаможам. Вы хлопец талковы. У Мінску будзеце працягваць займацца сваёй любімай справай, у тым ліку і гісторыяй, калі вам гэта так падабаецца. Хадзіць на розныя пасяджэнні — там таксама «суполак» хапае. Вы ж ведаеце многіх хлопцаў, што называюць сябе «свядомымі беларусамі», якія адсюль туды пераехалі. Але пакуль папрацуеце тут. Час ад часу будзеце сустракацца з нашым чалавекам ды сёе-тое расказваць. І ўсё... Мы дамовімся, як, дзе і калі. Вы не сумнявайцеся — ніхто пра гэта не даведаецца… Ніколі. Гарантую.

Павел Мікалаевіч увесь час назіраў за ім і са свайго вопыту здагадваўся: гэты адмовіцца, не пагодзіцца. Славік, вядома, быў разгублены, але трымаўся даволі ўпэўнена. Павел Мікалаевіч бачыў, што ўгаварыць падобраму яго не ўдаецца, і змяніў тон на больш грубы:

– Калі вы думаеце, што мы не ведаем, чым вы там займаецеся, пра што гаворыце, дык вы памыляецеся. У нас усюды ёсць вушы. Вы ўсе ў нас пад каўпаком! Мы дазваляем вам гэта рабіць, каб выявіць патэнцыйных ворагаў і трымаць пад кантролем. Я хачу вас выцягнуць з той яміны, у якую вы патрапілі па ўласнай недасведчанасці, паддаўшыся ўгаворам аднаго сябра — вы разумееце, каго я маю на ўвазе… Я ведаю — вы наш, вы спартсмен, вам няма чаго рабіць з тымі адшчапенцамі-нацыяналістамі, якія мо толькі і думаюць, як зганьбіць, аклевятаць краіну, напісаць нейкую херню ды эміграваць на захад.

Славік маўчаў, сядзеў, апусціўшы галаву, і думаў: значыць, дакладна і да нас дабраліся… Бацька меў рацыю… Тое, што ў гэтай краіне ўсё адсочваецца, ён не проста здагадваўся, ён быў перакананы ў тым. Але каб настолькі… І галоўнае, цяпер, калі нібыта дазволілі дыхаць лягчэй, вальней, калі пачалася пе-ра-бу-дова і, як грыбы пасля даджджу, пачалі расці розныя нефармальныя аб’яднанні… Аказваецца, служба не дрэмле, усё пад яе кантролем… І ў «Талацэ», сярод, здавалася б, сваіх, невыпадковых хлопцаў і дзяўчат, ужо ёсць «стукачы». І мала ім іх, яны яшчэ і мяне хочуць завербаваць… Не, ні за што! Бо шыла ў мяшку не ўтоіш і рана ці позна яно вытыркнецца, і пра гэта стане вядома, як бы ні абяцалі таямніцу... Як я тады ў вочы хлопцам пагляджу? А калі і не даведаецца ніхто, усё роўна — «сексотам» быць не хачу!

Павел Мікалаевіч убачыў, што Славік сядзіць агаломшаны, і вырашыў даціснуць:

– Вы ж яшчэ не служылі ў арміі, так? У інстытуце ваеннай кафедры не было. Дык вось… Увосень будзе чарговы набор у Афганістан. Не хацелася б рэкамендаваць нашым сябрам забраць вас на службу, прынамсі, звярнуць увагу на тое, што вы яшчэ не служылі... — Зрабіў паўзу і працягнуў: — Я не настойваю, каб вы менавіта сёння прынялі рашэнне. Падумайце... Пазваніце мне на працягу тыдня па гэтым нумары, — дастаў з шуфляды і падаў падрыхтаваны аркушык з напісанымі на ім лічбамі.

Вось гэта і было памылкай «вярбоўшчыка». Калі б ён не даў магчымасці падумаць, хто ведае, як яно было б: мог бы і даціснуць Славіка, узяць подпіс, тым больш напалохаўшы войскам. Але, калі быў дадзены час узважыць, на гэтым усё і скончылася. Ужо з шэрага будынка Славік выходзіў з цвёрдай перакананасцю: лепш, калі давядзецца, пойдзе ў Афган, на вайну, чым стане «стукачом».

Афганістан Славіка не страшыў. Некалі, у школе, у дзясятым класе, ён, акрылены патрыятызмам, нават думаў падаць заяву ў ваенкамат і не паступаць вучыцца, а пайсці добраахвотнікам выконваць «інтэрнацыянальны абавязак», змагацца за вызваленне афганскага народа ад ярма капіталістаў. Тады, дзякуй Богу, хапіла розуму не зрабіць гэта. Але цяпер, калі яго ставяць перад выбарам, то… на супрацоўніцтва ён не пойдзе. У любым выпадку — не… Лепей ужо войска.

6.

Так, «Талаку» ўрэшце выгналі з рэдакцыі: нядоўга цярпелі. Каб захаваць суполку, трэба было шукаць мажлівасць недзе збірацца. Колькі разоў пасядзеліпагаманілі на кватэры ў Сержука. Пакуль ён не заспеў у сябе «водаправодчыкаў». Сталася тое выпадкова. Аднойчы Сяржук выйшаў з дому раней, але на тралейбусным прыпынку згадаў раптам, што забыў узяць з сабой абяцаную камусьці кнігу. Вярнуўся, адчыніў кватэру, а там у ванным пакоі калупаюцца нейкія невядомыя людзі ў добрых цывільных касцюмах.

«Хто вы такія? Што тут робіце?» «Мы водаправодчыкі…» — мужчыны відавочна не чакалі, што гаспадар кватэры вернецца і заспее іх... «Хто вас выклікаў? Як вы патрапілі ў кватэру?» «Мы з ЖЭСа, нас ЖЭС паслаў зрабіць…» — і, не дагаварыўшы што, хуценька рэціраваліся, ледзь не забыўшы свой чамаданчык. Той, што вяртаўся па яго, сказаў Сержуку на парозе шэптам: «Прабач, хлопец…»

Было зразумела, што за «водаправодчыкі» прыходзілі. Таму пасля гэтага пачалі збірацца, пакуль цёпла, у парку... Прагульвацца па ім, размаўляючы. Праўда, тут ужо было не да лекцый па гісторыі. Сыходзіліся, каб проста пабачыцца і не страціць сувязь. Урэшце згадалі пра моду на маладзёжныя нефармальныя арганізацыі, што кацілася па краіне. Вырашылі афіцыйна зарэгістравацца ў гаркаме камсамола як суполка, што цікавіцца краязнаўствам і мінулым сваёй зямлі. Спрацавала. Больш за тое, з’явілася надзея, што з дапамогай камсамола ўдасца «выбіць» памяшканне. Што і зрабілі.

Але выдзелілі ім — Андрусь дабіўся, які якраз і адказваў за асвятленне камсамольскага жыцця і нефармальных аб’яднанняў у газеце, — падвал у адным з дамоў на паралельнай цэнтральнай вуліцы. Іншага месца ў вялізным горадзе ім не знайшлося. Падвал да таго ж лічыўся бамбасховішчам, і ў яго вялі цяжкія жалезныя, даўно не фарбаваныя іржавыя дзверы, якія расчыніліся са страшным скрыпам і натугай. Бетонная лесвіца нырала глыбока ўніз і выводзіла ў змрочныя сутарэнні. Адзіная лямпачка пад нізкай бетоннай столлю ўсё доўгае памяшканне не асвятляла — толькі пачатак яго. Далей была цемра, і здавалася, што скляпенні бамбасховішча не маюць канца… Першае, што яны ўбачылі ў кволым святле самотнай лямпачкі, — гару зваленай старой пашарпанай мэблі.

– Гэта з кватэры аднаго крымінальніка, — патлумачыў начальнік ЖЭСа, які прывёў іх у падвал. — Ён цяпер зноў сядзіць недзе на Віцебшчыне і сюды больш не вернецца: з дома яго выселілі… Можаце карыстацца, калі вам што спатрэбіцца.

Брыдка было, асабліва таму, што ўсё тоўстым слоем пакрывалі пыл і бруд, але хлопцы разгрэблі грудок мэблі, выцягнулі даволі прыстойны круглы стол, канапу, некалькі крэслаў... Якраз пад лямпачкай зладзілі нейкі ўтулак. Астатнюю мэблю аднеслі ў далёкі цёмны кут.

Селі адпачыць — у бамбасховішчы да ўсяго было душна і сыра — Славік ажно ўспацеў, цягаючы мэблю. Панавала лёгкая ўзбуджанасць: нарэшце займелі нешта сваё — адсюль не пагоняць…

– Мы тут як першыя хрысціяне, — сказаў Андрусь, — яны некалі таксама сустракаліся і маліліся ў пячорах, у катакомбах… А сёння ледзь не палова свету прымае іх веру і Бога… Няўжо ў нас не атрымаецца нешта змяніць хоць бы тут, у нашым маленькім краі?

7.

І ўсё ж найчасцей начамі сніліся-мроіліся Славіку не сябры, не бацькі, не праца і не «вярбоўшчыкі», а Люда. Каханне іхняе, пачаўшыся бойка, перарастаць у нешта іншае, большае ці меншае, не спяшалася. Было яно цнатлівым і доўга далей пацалункаў на развітанне не йшло. І гэта іх не палохала.

Увогуле яму з жанчынамі, ці, дакладней, дзяўчатамі, не шанцавала па жыцці. У школе ён ледзь не з першага класа кахаў адну дзяўчынку. Выбраў, як на свой густ, найпрыгажэйшую. А яна і сапраўды была найлепшаю і падабалася надта многім. Настолькі многім, каб не заўважаць яго. Ён захварэў на яе, цэлымі ўрокамі крадком пазіраў у бок парты, за якой сядзела яна, і не мог вочы адвесці, забываючы пра ўсё і не заўважаючы іншых. Але аднойчы на кар’ерах ля цагельні, дзе яны купаліся, ён убачыў, як суседскі хлопец, што толькі прыйшоў з войска, ціскаў на траве ягоную Светку, а меншыя дзеці стаялі вакол і назіралі, як ён залазіць ёй то ў трусы, то пад станік… Потым, увечары, ідучы разам у клуб, той самы сусед са смакам расказваў яму, як водзіць пасля кіно Светку ў закінутую клуню наводшыбе, і хваліўся, якая яна гарачая і ненасытная… Сэрца Славікава разрывалася на часткі ад болю, хацелася плакаць і… біцца, мясіць гэтага хлопца нагамі, качаць яго па зямлі за тое, што ён спляжыў ягоную мару. А Светка… Светка яму і потым падабалася, можа, яшчэ і больш, і нянавісці да яе ў яго не было. Была нібыта пагарда ад таго, што ён нешта пра яе ведае такое, пра што сама яна не здагадваецца.

Не дужа шэнціла яму на ўзаемную «любоў» і на ягоным курсе ў інстытуце. Яму падабалася адна дзяўчына з гімнастак, якую ён вылучыў для сябе яшчэ на «бульбе». І без ніякай надзеі сох па ёй усе чатыры гады вучобы, хоць і чуў пра яе гулі з іншымі хлопцамі, з трэнерамі на зборах, і гатовы быў дараваць нават два спароны, што зрабіла яна на другім і трэцім курсах… Але — не лёс...

Гэта якраз па ёй і сумаваў ён тады, калі ўпершыню прыехаў у Гомель і, не стрываўшы самоты, што раптам апанавала ім у гатэлі, пайшоў у парк.

А цноту сваю Славік страціў на трэцім курсе, калі прымусілі яго паехаць працаваць, ці, як казалі, «на практыку», у піянерскі лагер фізруком. Начальніца лагера неяк пасля сумеснай вечарыны, якую яна разам з важатымі зладзіла ці не дзеля таго, каб падпаіць яго, адзінага, калі не лічыць старога ветэрана — загадчыка гаспадаркі Іванавіча, мужчыну ў той лагернай змене. П’янага, яна зацягнула Славіка да сябе ў пакой, у ложак, дзе і прачнуўся ён ранкам голы побач з жоўтай гарой — начальніца была з такіх, пра якіх Іванавіч жартаваў: плясні па жываце — да раніцы дрыжэць будзе... Цэлы дзень не ведаў ён, куды падзецца. Яму здавалася, што ўсе дазналіся пра ягоную «прыгоду» і таму гэтак хітра на яго паглядваюць. Нават дзеці са старэйшых атрадаў, а не тое што дзяўчаты-піянерважатыя. А Іванавіч дык і наогул пры кожнай «выпадковай» сустрэчы па-змоўніцку падміргвае яму…

Славік не хацеў сабе прызнавацца, але сёе-тое з той ночы памятаў, яно яму спадабалася і вабіла... Пад канец змены ён перакаштаваў-перакуштаў амаль усіх дзяўчат-піянерважатых, якія лёгка ішлі да яго, як да свайго. Яны былі з іншага інстытута — педагагічнага, і, пэўна, спадзяваліся, што раз’едуцца і ўсё забудзецца. Так яно ўрэшце і сталася. Начальніца лагера напачатку хацела быць у Славіка адною, а потым змірылася і на развітанне, на сканчэнне змены, нават прэмію выпісала — без крыўдаў.

Цяпер ён не шукаў спецыяльна «гэтага», і таму з Людай яму было проста добра. Як, здаецца, і ёй з ім. Акрамя пацалункаў — у шчочку, нібыта жартам: «пакуль-пакуль…», яны нічога больш сабе не дазвалялі. Можа таму, што пакідалі «гэта» на потым, абсалютна ўпэўненыя ў тым, што будуць разам нягледзячы ні на што.

Але хто мог прадбачыць, што ў іх жыцці здарыцца… непрадбачанае.

8.

У бамбасховішчы яны зразумелі, што хопіць замыкацца ў саміх сабе, трэба неяк выходзіць на людзі.

– Раз мы талака, дык трэба і ладзіць талокі, — сказаў Сяржук. — Якраз набліжаецца чарговы камуністычны суботнік, дык ці не з’ездзіць нам у Ветку? Там, ведаю, распачалі рэканструкцыю мясцовага музея — вельмі цікавага, дарэчы, у ім ёсць старадрукі шаснаццатага-сямнаццатага стагоддзяў, шмат абразоў… Варта пабачыць гэта ўсё, а заадно і дапамагчы ў рамонце…

Ветка — гарадок стараверскі, у ім і ваколіцах сапраўды захавалася шмат рарытэтаў — старадаўніх кніг і абразоў, выкупляць якія ў бабулек за капейкі ды перапраўляць за валюту на захад даўно ездзілі масквічы з ленінградцамі. Не цікавіла нічога толькі беларускіх навукоўцаў. Але сярод веткаўцаў знайшоўся чалавек, які не пабаяўся рызыкнуць і пачаў збіраць спадчыну старавераў, — Фёдар Шкляраў. Дакладней, не збіраць, а ратаваць ад знішчэння. Бо камуністы ў змаганні з рэлігіяй сотнямі адбіралі ў вернікаў старадрукі і абразы, звозілі ў райцэнтр і палілі імі грубкі — ацяплялі так зімою свае кабінеты ў райкаме і райвыканкаме... А Шкляраў, калі надышла чарговая адліга, якую назвалі перабудовай, скарыстаў момант і на аснове свайго таемнага збору стварыў унікальны музей. Спачатку хатні, а цяпер вось пад яго выдзелілі асобны будынак.

Дырэктар музея, якому ўжо сказалі, што прыехала з Гомеля нейкая моладзь, якая гаворыць па-беларуску і хоча працаваць бясплатна на рамонце дома, сустрэў іх на парозе, гаворачы сам сабе пад нос, але каб і яны пачулі:

– Гаварят па-беларускі… Ну і пускай… Абы сабак па уліцы не ганялі…

«Талакоўцам» гэта спадабалася, бо то была ці не першая станоўчая рэакцыя на іх беларускасць. Хай і грубаватая. Часцей ім даводзілася сустракацца з іншым — з неразуменнем і адкрытай пагардай. Бо чыстая, літаратурная мова даўно не гучала тут, а можа, і не гучала ніколі. Зрэшты, як і руская. Размаўлялі ў большасці на так званай «трасянцы» спакон веку. Асабліва ў гэтых мясцінах — на памежжы з Расіяй. Хоць якраз тут, побач з вернікамі-кансерватарамі, і захавалася найбольш беларускага дахрысціянскага фальклору на мове, паганскіх святаў і… ручнікоў, посцілак ды іншых тканых вырабаў з найцікавымі ўзорамі, што таксама былі сабраныя ў музей Шкляравым.

Праца была простай: падай-прынясі, падмяцівыкінь… Але і яна была дужа патрэбнай, бо рамонт будынка былога веткаўскага купца ў самым цэнтры горада на плошчы, што, як і маскоўская, мела назву Красная, рабілі самі музейныя супрацоўнікі на чале з майстрам на ўсе рукі, цесляром, сталяром, разьбяром па дрэве, мастаком — дырэктарам. І любая дапамога была тут не лішняю. За гарбатай пасля працы ў цесным музейным пакойчыку Андрусь прапанаваў прыязджаць сюды на кожныя выходныя. Пагадзіліся адразу — вельмі ж сімпатычнымі падаліся ім і музей, і ягоны дырэктар з супрацоўнікамі.

Між талокамі яны па-ранейшаму па некалькі разоў на тыдзень збіраліся ў сваім падвале, слухалі лекцыі па гісторыі, спявалі песні. Ізноў гэта нагадала Славіку нейкае сектанцтва. Бо развіцця не было. Так, ён любіў гісторыю. Так, ён любіў беларускія песні. Асабліва народныя. Тыя, што спявалі ў іхняй вёсцы на вяселлях, хрэсьбінах, увогуле на святах аж да «акцябскіх». Але не тыя, што спявалі «талакоўцы». Асабліва неўзлюбіў тую, што гучала найчасцей, са словамі:

«Сабралася бедна басота…» Пэўна, усё ж быў у яго розум задужа канкрэтны. Ну якая басота? «Цвет» інтэлігенцыі сабраўся — дзеткі бацькоў з высокімі пасадамі, усе з закончанай вышэйшай адукацыяй ці студэнты ВНУ… Ну не бачыў ён за гэтым тонкага жарту, пакеплівання з саміх сябе. Наступаюць на тыя ж самыя граблі, думаў ён: шляхетны Янка Купала з

«нашаніўскай» камандай сядзелі ў віленскіх кавярнях за філіжанкамі кавы і складалі вершы пра «дурных» ды «цёмных» лапцюжных мужыкоў для… дурных ды цёмных лапцюжных мужыкоў, як яны, відаць, лічылі… І тут праз семдзесят гадоў зноў — «басота»… А яшчэ расказваюць пра «найбагацейшую» гісторыю.

Але не гэта галоўнае. Ён разумеў, што калі не будзе нейкага руху наперад, то гэтыя «пасядзелкі» большасці чальцоў хутка надакучаць, і яны разбрыдуцца. А развіццём ідэі магло быць толькі канкрэтнае змаганне, тое, пра што шапнуў яму Андрусь пасля першай сустрэчы ў рэдакцыі і што спадабалася яму найбольш: рэальная барацьба за незалежнасць. Толькі гэтым можна было б зацікавіць, заінтрыгаваць, толькі ў гэтым быў той самы патрэбны патэнцыял, перспектыва, бо экстрым ды рэальная небяспека заўсёды больш вабілі пэўную частку моладзі, чым розныя «спеўкі» ды лекцыі…

9.

Той чалавек у цывільным больш Славіка да сябе не выклікаў. Мажліва, хапала «стукачоў» і без яго, мажліва, чакаў, што Славік сам прыбяжыць, мажліва, зразумеў, што Славік супрацоўнічаць не будзе. А хутчэй за ўсё — трэба ж было кагосьці з «дысідэнтаў» пакінуць «на развод», каб было за кім сачыць і, адпаведна, не дарэмна хлеб есці. Так думаў Славік, згадваючы тую не надта прыемную для яго размову і радуючыся, што не чапаюць больш, не клічуць да сябе. А што сочаць… дык няхай — асцярожней буду.

Пранесла?.. Не, аднак... Пра яго не забыліся. І недзе на пачатку восені, як толькі аб’явілі новы прызыў у войска, яму прыйшла позва ў ваенкамат.

Усё было б добра, калі б не сустрэчы з Людай. Адслужыў бы — не праблема. Але ён баяўся яе страціць. Яна то студэнтка, другі курс, ёй яшчэ вучыцца ды вучыцца, але ж за паўтара года войска ці мала што можа адбыцца…

У той дзень яны пайшлі прагуляцца па ваколіцах Гомеля, якія ён тым часам палюбіў нават больш, чым сам горад…

Палюбіў крынічку пад былым крутым берагам Сожа, за Домам культуры інвалідаў па зроку, куды па ваду хадзілі толькі абраныя: тыя, каму адкрылася чысціня яе, ці тыя, хто проста не ленаваўся прайсці сотню метраў па горадзе, а потым спусціцца з высокае стромы ўніз, да яе празрыстае вадзіцы, бо не хацеў піць з крана вадкасць, што пахла хлоркай ды іржой усіх трубаў, праз якія прайшла...

Палюбіў блукаць з Людай між ярка-зялёных лазовых кустоў па бела-жоўтым сыпучым пяску, што быў некалі дном рэчкі, якая змяніла рэчышча; палюбіў і сам Сож — шырока-прыгожы тут, поўна-выпуклы, калі глядзець з берага, ад вады, ціхі і ласкавы ля ног і хуткаплынны пасярэдзіне…

Палюбіў напаўразбураную царкву, якая, казалі, была пабудаваная некалі па праекце знакамітага архітэктара Растрэлі. Яна стаяла пры вёсцы з файнай назвай Валатава на ўзвышшы ля старога рэчышча Сожа, і на рэштках яе сценаў любілі трэніравацца мясцовыя альпіністы. Калі яны з Людай упершыню прыйшлі сюды, ён быў уражаны іржавымі крукамі, што ўпіліся ў цела царквы: яно падалося яму жывым, і ў Славіка ажно забалела ўсярэдзіне яе болем, нібыта гэтыя крукі забівалі ў яго самога, і то не іржа была, а кроў...

Іх вабіла гэтая царква, і часта, вандруючы па ваколіцах горада, яны і не заўважалі, як зноў і зноў ногі прыводзілі іх да яе. Менавіта каля царквы, назаўтра пасля атрымання позвы, ён і сказаў Людзе:

– Ведаеш, мяне бяруць у войска. Учора прынеслі позву... — Памаўчаў, гледзячы, што яна адкажа на гэта, і спытаў: — Будзеш мяне чакаць?

Люда страсянула галавой: не можа таго быць… Яна, відавочна, не была гатовая да такой навіны. Але зразумела, што ён не жартуе, і таму праз кароткі одум з сумам адказала адным словам:

– Буду…

– Ну, ты так адразу, не падумаўшы, сказала. А мне служыць мінімум паўтара года… Гэта ж немалы тэрмін… Прыкінь: амаль дзясятая частка твайго жыцця…

– Ну і што… Не ведаю, што ты хочаш гэтым сказаць. Але мне яшчэ вучыцца больш за тры… амаль чатыры гады. Дык што тыя паўтара года... Праляцяць незаўважна… Вось каб была я на пятым курсе, тады, магчыма…

– Што магчыма?

– Ды нічога. Проста ў нас у суседнім блоку ў інтэрнаце пяцікурсніцы жывуць. Размеркаванне папярэдняе ў іх прайшло — усім у вясковыя школы... А яны так да горада прывыклі. Цяпер з глуздоў з’язджаюць, вар’яцеюць, каб застацца ў Гомелі.

– Так ужо і вар’яцеюць…

– Ага... З-за адной з іх нядаўна хлопца-гамяльчаніна выключылі з універсітэта. Ён сказаў, што ў Афганістане служыў, і «коркі» нейкія падробленыя паказаў, што медалём узнагароджаны. Мо пахваліцца перад ёй хацеў, цану сабе набіць… А яна даведалася, што хлопец паступіў пасля школы і нідзе служыць не мог. Калі яе кінуў, у камітэт камсамола напісала, што ён ганьбіць сваім учынкам памяць тых, хто аддае інтэрнацыянальны доўг і свае жыцці ў Афганістане. Усе думалі, што пасмяюцца з яе, дурніцы, а там наладзілі разборкі і хлопца выключылі з камсамола. А потым, аўтаматам, і з універсітэта.

– Во як сур’ёзна ў вас, якія жарсці!.. А мяне і сапраўды ў Афганістан паслаць могуць. А там страляюць і забіваюць…

– Не кажы так. Усё будзе добра. У цябе ж вышэйшая адукацыя. І ты адзін у бацькоў… Цябе не пашлюць на вайну… Але… Але я ў любым выпадку цябе чакаць буду. І пісаць. Часта-часта.

Гучала шчыра і пераканаўча. Толькі — што можа быць пераканаўчым і тым болей даўгавечным у гэтым узросце?.. Адно Славік зразумеў яшчэ вастрэй: яму сапраўды не хочацца губляць гэтую мілую дзяўчынку, і з часам яна і сапраўды можа стаць яму цудоўнай сяброўкай-жонкай. У размове яны незаўважна для сябе ўвайшлі ў царкву, і толькі цяпер ён заўважыў, што стаяць пасярод яе, перад тым месцам, дзе павінен быць алтар.

І ён сказаў, гледзячы ў высокае неба над галавой:

– А давай вось тут, перад вачыма Бога, якому нішто не замінае бачыць нас: ні сцены, ні столь, — сімвалічна заручымся: паабяцаем адно адному, што б з намі ні здарылася…

Славік замоўк, засумняваўся: навошта ён гэта кажа? Але Люда падышла да яго, стала поруч, узяла за руку і ўгледзелася ў «алтар»…

– Паабяцаем што?..

– …Быць разам… назаўжды… і нішто ніколі нас не разлучыць…

І яны пакляліся ў вечнай вернасці, перашкодай якой не стане… нават… Пра гэта яны і думаць тады не хацелі…

10.

Напачатку была «вучэбка», якая пакінула яму адзін успамін. Славіка прыпуталі ў прыбіральні, каля ўмывальнікаў, тры сяржанты, аднаму з якіх ён адмовіўся чысціць боты. Яны ведалі, што ён

«вучоны» — мае па сканчэнні інстытута вышэйшую адукацыю. І гэта яшчэ болей злавала іх. Але яны і не здагадваліся, што ён самбіст... І з той прыбіральні выпаўзалі на чатырох, крапаючы крывёй з разбітых насоў і губ на вечна мокрую падлогу.

Словам, пасля гэтага яго не толькі не чапалі, а нават набіваліся ў сябры. Андрусь, спачуваючы яму, казаў на развітанне, што ніколі і ні за што не пайшоў бы служыць, бо не хоча, не ўмее і не здольны прымусіць сябе выконваць бязглуздыя загады, кшталту: капаць адсюль і да абеду альбо фарбаваць лісце па восені ў зялёны колер. Бязглуздых загадаў і сапраўды хапала ў «вучэбцы», як і начальнікаў-ботаў, але ён стараўся на іх не зважаць.

Атрымаў лычкі малодшага сяржанта, ужо ведаючы, што пойдзе служыць у Афган. Зрэшты, ён у гэтым ніколькі не сумняваўся, яшчэ ў ваенкамаце прыгадаўшы тую гутарку з чалавекам з «органаў». Тым больш і «вучэбка» месцілася на самым поўдні СССР, паблізу афганскай мяжы — у Туркменіі.

І ўсё ж ён не думаў, што будзе гэтак цяжка. Полк іхні ў баях не ўдзельнічаў, стаяў у тыле. Але што значыць «у тыле» на чужой, варожай тэрыторыі? Абстаноўка ўсё роўна была баявой, і раз на некалькі дзён нехта з салдатаў прападаў без вестак, альбо некага знаходзілі прыстрэленым ці з перарэзаным горлам. Гінулі і знікалі хлопцы ў асноўным па сваім глупстве, пагнаўшыся за «прыгодамі» на сваю галаву, ці, як гучала ад камандзіраў пасля чарговага выпадку — «на сваю жопу». Ведалі яны пра гэтыя знікненні і тым не менш лезлі ў недалёкі кішлак па нейкую выпіўку, а сёй-той і па наркотыкі, на якія паспеў «падсесці» тут.

А ўвогуле «шураві-інтэрнацыяналісты» паводзілі сябе з мясцовымі бесцырымонна і нахабна: не як сябры-вызваліцелі, а як заваёўнікі-гаспадары. Асабліва афіцэры і прапаршчыкі. Кожны хацеў нешта ўрваць, каб дамоў прыехаць не з пустымі рукамі.

Славік не паддаўся гэтаму памкненню, але частку грошай, што выдаваліся як нібыта заробак, вымушаны быў здаваць у агульны кацёл — на дэмбель. Каб і самому, звольніўшыся, атрымаць нейкую капейку, за якую ў бліжэйшым кішлаку можна было купіць недаступную ў Саюзе мару маладзёнаў — да прыкладу, японскі магнітафон «Шарп».

З першых дзён ён пачаў весці дзённік. Пісаў пабеларуску. Ніхто не разумеў, што ён там крэмзае, ды і асабліва не цікавіліся. Але аднойчы дзённік ягоны патрапіў у рукі землячку — лейтэнанту-асабісту. Той пачытаў і пераклаў запісы камандзіру палка. Дзённік знішчылі, спалілі перад строем, а ён атрымаў дзесяць сутак гаўптвахты — «губы». За антысавецкія, неінтэрнацыяналісцкія настроі, за ачарненне імя савецкага воіна… А папросту — за праўду, якую фіксаваць, запісваць нельга было. Шкада, вядома, дзённіка, але яму яшчэ пашанцавала, бо за гэта маглі адправіць і ў штрафны батальён…

То быў яму ўрок на ўсё астатняе жыццё: будзь асцярожным і душу сваю не раскрывай ні перад кім, ні перад чым — нават перад чыстым аркушам паперы. Асабліва паперы, бо што напісана пяром, тое… ужо дакумент супраць цябе.

І, падобна, памяць пра той выпадак жыла ў ім дагэтуль. Жыла ў ім дагэтуль…

Намінальна ён лічыўся ў разведроце. Але сядзелі яны ў гарнізоне і нікуды не выходзілі. Да пары да часу. Калі да дэмбелю заставалася літаральна сто лічаных дзён, раптам распачаліся буйныя баі на поўдні, каля Пакістана. Там «духі» акружылі горад Кандагар, бамбардавалі яго, білі з артылерыі, і трэба было дапамагчы сваім выстаяць і адбіцца. Вось тады ён і ўбачыў вайну зблізку, убачыў смерць сяброў — зазірнула старая з касой і яму ў вочы.

На верталётах іх кінулі на адну з вышыняў прыкрываць праход войскаў па дарозе. Трое сутак у страшэнную спякоту ўдзень і невыносную халадэчу ўночы яны сядзелі на голым узгорку за грудкамі сабраных абломкаў скалаў і камянёў і ўжо трохі разняволіліся, супакоіліся ды зусім не чакалі нападу.

«Духі» ссунуліся на іх з навакольных гор пад раніцу чацвёртых сутак. Добра, што адзін з вартавых паспеў перад смерцю націснуць курок і даць чаргу ў неба. Інакш перарэзалі б іх, сонных, тады ўсіх, як авечак… І давялося Славіку страляць па іншых людзях, якія яму асабіста не былі ворагамі, але лёс паставіў іх па розныя бакі адной жыццёвай дарогі і сказаў, што ўсім месца на ёй не хопіць… Можа, якраз тады і награшыў ён, за што і расплочваецца цяпер... Але што яму было рабіць: па ім стралялі, і ён страляў у адказ. Выконваў не інтэрнацыянальны абавязак, а бараніў сваё жыццё — такое крохкае, аказваецца, кволае, як у немаўляці. Прычым стараўся страляць прыцэльна, бо ад гэтага залежалі яшчэ і жыцці ягоных сяброў… Пакуль падышла дапамога, з іхняе роты засталося менш за палову. І большасць з жывых — параненыя, пакалечаныя, а ў яго, як ні дзіўна, ні драпіны. Толькі плячо сіняе ад аддачы прыклада кулямёта. У баі не заўважалася, а пасля смылела доўга.

Але бой той потым часта бачыўся яму ў кашмарных снах, і кожны раз не паспяваў ён на выручку сябру Сёму, зямелю з-пад Віцебска, і кожны раз прачынаўся ў халодным поце і пераконваў сябе: жывы Сямён, застаўся жывым… усё добра, я ж паспеў... І сапраўды, так і было: ён злаўчыўся тады ў апошні момант павярнуць рулю свайго кулямёта на «духа», які выскачыў з-за скалы проста на Сямёна. І цяпер ужо стаяў у вачах той «дух», які, падаючы, так глыбока зазірнуў у яго…

Ён быў не адзіным, каго давялося Славіку забіць тым ранкам. Але запаў у душу менавіта ён. Мо таму, што быў бачаны зблізку, што паспеў паглядзець яму ў вочы... І перад ім адчуваў Славік сваю непапраўную віну, якая з гадамі не праходзіла. А праз яго і да ўсіх іншых забітых і пакалечаных на той чужой вайне. Ні ў чым не былі вінаватыя тыя людзі — чыесьці браты і сыны... Аднак... Аднак — чаму жыццё такое жорсткае? Чаму людзі такія жорсткія?.. Што ім трэба ў чужых краях? Навошта яны пасылаюць сваіх дзяцей на смерць: ваяваць і забіваць тых, хто прагне аднаго — жыць па сваіх законах і быць свабодным?

Адказу на гэтыя пытанні не меў ён і цяпер.

На шчасце, паколькі ён меў вышэйшую адукацыю, служыць яму было, у адрозненне ад іншых, не два гады, а паўтара. Бо яшчэ паўгода ў той «мясарубцы» ён бы не вытрымаў: ці псіхіка здала б, ці не выжыў бы...

Так, адслужыўшы, ён вярнуўся ў Гомель. Сам горад застаўся ранейшым, але жыццё ў краіне памянялася кардынальна, непазнавальна. Перабудова набрала ход, асабліва ў газетах. Першы тыдзень ён абклаўся старымі выданнямі і не мог начытацца — насыціцца праўдай… Праўдай пра ўсё: пра мінулае, пра ГУЛАГ і сталінізм, пра вайну і партыйных бонзаў, але толькі не пра Афган…

11.

Валодзька-афганец служыў пад Кабулам. Пра тое, як страціў ногі, ён згадваць не любіў. На ўсе пытанні ў яго была адгаворка, якую ці сам ён прыдумаў, ці нехта навучыў так казаць. «Легенда» была спрошчанай і нібыта пазычанай з кіно: няроўны бой, выбух гранаты ля ног і — медсанбат. Не раўнуючы, як у тым фільме, хай і не пра вайну: пакаўзнуўся, упаў, адкрыты пералом, гіпс… Славік, ведаючы афганскія рэаліі, Валодзьку не паверыў: якая граната ля ног? Усё можа быць, вядома, але… Стаў перапытваць.

І Валодзька здаўся ды распавёў праўду, як афганец афганцу, папрасіўшы нікому не казаць. Усё было, як для Афгана, больш проста і звычайна: збег з часці ў самаволку і, літаральна за сотню метраў ад яе, падарваўся на міне…

– Ёлкі-палкі, — раздражнёна кінуў Валодзька сваё любімае выслоўе, — табе не збрэшаш… А мне дык усе тут вераць.

Шчырасць гэтая была адказам на Славікаву адкрытасць. Бо сам Славік перад тым сказаў яму, што згадаў сёе-тое са свайго жыцця. Прынамсі, што таксама служыў у Афгане. Прычым назваў некалькі момантаў, па якіх «інтэрнацыяналісты» бясспрэчна пазнавалі і прызнавалі сваіх. І гэта іх яшчэ больш зблізіла. Славік нарэшце знайшоў чалавека, якому можна было паспрабаваць даверыцца, раскрыць душу, з якім можна было параіцца. У пэўных межах, зразумела, пра якія Славік не забываў. Валодзька аказаўся не такім і дурным, як прыкідваўся, розум у яго быў не засмечаны, і ён мог дапамагчы Славіку адкінуць некаторыя ўспаміны і звярнуць увагу на тыя, што яму падаліся неістотнымі.

Згадкі пра Люду і Гомель Валодзька вылучыў сярод іншых. Хоць яны зачэпак не давалі, бо Славік не мог ведаць, дзе цяпер тая дзяўчына. Аднак яны маглі вывесці на ягоных бацькоў, якія, зразумела ж, не мянялі месца жыхарства. А Славік з Людай перад ягоным сыходам у войска разам з’ездзілі да іх у вёску, дзе бацькі наладзілі нешта кшталту «провадаў», бо так прынята… Толькі як і куды яны тады ехалі, Славік пакуль прыгадаць не мог. Ніякіх назваў у ягонай галаве не ўсплывала, як і ў згадках пра Андрэя. Пэўна, яны былі настолькі звычайнымі і знаёмымі яму, што проста сцерліся, у адрозненне ад Гомеля ды Мінска. Як і прозвішча бацькоў, а значыць, і ягонае.

Валодзька перастаўляў каня з с6 на е5 і, хітра, як кот, прымружваючыся, мурлыкаў Славіку:

– Вось каб ты шпокнуў там у бацькоў на сене сваю

Люду, тады б ты ўсё помніў…

– Чаму шпокнуў і чаму на сене?

– Сена пахкае, а пахі найлепей захоўваюць памяць пра мінулае. Цяпер бы панюхаў скошанай травы і ўспомніў, як цябе завуць і з якой ты вёскі.

Валодзькавы словы пра пахі Славіку запомніліся. Ён стаў зважаць на гэта. Але колькі тых пахаў было цяпер вакол яго? Прынамсі, вырашыў ён, у папярэднім сваім жыцці ніколі не ляжаў у бальніцы, бо бальнічныя пахі, якія панавалі ў інтэрнаце, і смурод, што ішоў ад хворых, яму ні пра што не нагадвалі. А пахі ў двары — кветак, дрэваў, травы — былі настолькі агульнымі, што таксама нічога новага яму не казалі. А вось пах самагону, якім дыхнуў на яго аднойчы Сцяпан, рэзка ўдарыў яму ў галаву, і ён нібыта пачуў злосны вокрык мачыхі на п’янага бацьку: «Клішун сраны, ты дзе гэта так набраўся, адыдзі ад малога, поскудзь!» — бо бацька тым часам нахіліўся над ім і хацеў пацалаваць… Ён адчуў, як колецца бацькава няголенае колькі дзён шчацінне, і нават страсянуў галавой… Так, Клішун — гэта была вулічная мянушка бацькі, які хадзіў трохі нага за нагу чапляючы і шоргаючы. Даволі рэдкая мянушка, і яна магла чымсьці яму дапамагчы. Ад клічкі да прозвішча шлях доўгі, аднак…

Аднак — гэта хоць нешта.

Успамін пра Люду — а Славік хацеў верыць, што гэта ўспамін, а не прыдумка, і сны пра Таню — а ён зразумеў ужо, што гэта сны, а не рэальнасць, абудзілі яго імкненне да жанчын. Ён не думаў пра тое, што ён бачыў на калідорах і ў палатах. Ён проста прагнуў ласкі, гульні, якая пераходзіць у каханне і доўгую-доўгую асалоду, а не ў механічныя рухі, працу ды пот. «Я пяць разоў запар магу…» — чуў ён, як хваліўся адзін дэбіл. «А я сем…» — перабіваў яго другі. Ну і што? Ды хоць сто, думаў Славік, справа ж не ў тым... Але тэма гэтая пачала яго ўсё больш і больш непакоіць. І толькі адзін чалавек, толькі адна дзяўчына ва ўсім гэтым вялізным доме магла зняць гэтае ягонае хваляванне. Так-так… вядома ж, толькі Таня. Якая па-ранейшаму сімпатызавала яму. Таму ейныя дзяжурствы паступова ператвараліся для Славіка ў святы.

Калі ўсе на пятым паверсе клаліся спаць, калі аб’яўляўся «адбой» і палаты замыкаліся на ноч, Славік прыходзіў да Тані, і яны падоўгу размаўлялі, здавалася б, ні пра што. Бо гутаркі гэтыя былі своеасаблівай любоўнай гульнёй маладых людзей, прыемнай ім абаім. Ён не кранаўся Тані, сядзеў насупраць, усім сваім целам адчуваючы яе блізкае калена. І яму дастаткова было таго, што яна побач. Яны размаўлялі, і ціхія галасы іх, спачатку жорсткія і калюча-вострыя, паступова і незаўважна для іх саміх размякалі і плавіліся, рабіліся лагоднымі і плаўнымі, быццам яны гладзілі і лашчылі адно аднога. Пра што яны гаварылі? Цяжка пераказаць. Сэнс быў неістотны. Але кожнае слова было, прынамсі, так ім здавалася, на сваім месцы і не парушала гармоніі іхняга ўзаемства, якое не пераходзіла межы дазволенага.

Потым, калі Славік сыходзіў ад Тані, бывала і пад ранак, ён, лежачы ў ложку, думаў: «А што робіць цяпер Таня? Што думае, застаўшыся адна, яна? Няўжо і ёй іхнія адносіны нагадваюць… з’яву, якая называецца…» Ён нават у думках не хацеў ужываць тое слова, але іншага не ведаў: «ананізм». І ці не пара з гэтым канчаць?

Першы крок, магчыма, і незаўважна для сябе, кіруючыся нечым падсвядомым, зрабіла Таня, якая падчас вясёлай размовы, смеючыся, нібыта незнарок узяла ягоную руку. І ён учапіўся ў яе маленькую, з тонкімі-тонкімі пальцамі, гарачую далоньку і не адпусціў, прыціснуў да сябе. А яна, не вырываючыся, у радасным смеху дакранулася да яго пляча сваімі грудзьмі — укалола іх пругкай вастрынёю… Славік пацягнуў Таню да сябе, пасадзіў на калені, і вусны самі знайшлі вусны…

12.

Гомель прыняў Славіка, можна сказаць, ветліва. Асабліва старыя сябры і знаёмыя. Героем яго ніхто не лічыў, але павагі дадалося: усё ж пабыў на сапраўднай вайне. У краіне за гэты час адбыліся сякія-такія змены. Дэмакратызацыя, якая, пісалі, адрознівалася ад дэмакратыі гэтаксама, як каналізацыя ад канала з чыстай вадой, ахапіла краіну. Так, але ўсё ж гэта былі пробліскі свабоды. А ў параўнанні з нядаўнім мінулым і не пробліскі нават, а сапраўдная вольніца — адліга… «Талака» разраслася. І стала даволі вядомым нефармальным моладзевым аб’яднаннем.

Люда была ўжо на трэцім курсе. За час ягонай службы яна ніколькі не змянілася. Не пасталела нават. Засталася тым жа горкім дзіцём. Быццам час для яе спыніўся.

Іх вандроўкі па ваколіцах да царквы, да крынічкі, да Сожа аднавіліся.

– А з кім ты хадзіла тут, пакуль мяне не было?

– Ні з кім… Не хадзіла я сюды. Не магла. Бо тут кожны куст пра цябе нагадваў бы. А тым больш — царква…

– Дзякуй… Ты сама не ўяўляеш, як гэта важна ў войску, што цябе нехта чакае. Твае лісты для мяне, прабач за высокія словы, былі вось гэтай жыватворнай крынічкай…

Люда не распытвала Славіка пра Афганістан, і ён быў удзячны ёй за гэта. І яшчэ больш уразумеў, што яна менавіта той чалавек, які яму неабходны побач. Але, хоць Людзе трэба было вучыцца яшчэ два гады, заставацца ў Гомелі ён не хацеў. Тры гады ссылкі «маладога спецыяліста» заканчваліся, і ён вырашыў ехаць у Мінск, паступаць у аспірантуру. Добра, што так атрымалася: дэмабілізаваўся ён у траўні, і дзеля гэтага не губляўся год. Летам ён падвучыў нямецкую мову, каб здаць іспыт, і паехаў. З Людай яны вырашылі, што варта пачакаць, пакуль яна скончыць універсітэт, а ён крыху асвоіцца ў Мінску. Потым яна прыедзе да яго, і яны возьмуць шлюб...

Гэта здавалася ім разумным.

Да таго ж, з Гомеля выганяў Славіка і Чарнобыль, які здарыўся яшчэ перад ягонай выпраўкай у войска. Тады ён ішоў служыць, зусім не ведаючы праўды пра тое, якая жудасная катастрофа насамрэч адбылася: спачатку Гомель поўніўся рознымі чуткамі. Аднак святкаванне Першамаю прайшло як звычайна — спякотным поўднем калоны дэманстрантаў пад чырвонымі сцягамі і з піянерамі наперадзе прамаршыравалі паўз трыбуну з помнікам Леніну. Да дня Перамогі горад не выселілі, хоць да таго часу пра аварыю ў недалёкім Чарнобылі ўжо ведалі і размовы пра тое былі. А потым, калі адпала пагроза новага выбуху на атамнай станцыі, усе і ўвогуле супакоіліся: раз’ехаліся капаць грады на лецішчах, у вёсках, садзіць бульбу. Уцягнуліся ў працу, маўляў, якая там радыяцыя: не пячэ, не коле… У партыйным друку пісалі хіба пра герояў-пажарнікаў, якія цаною жыццяў уратавалі ўсіх ад большай бяды. Пра небяспеку радыяцыі, якая нікуды не знікла, пра тое, як берагчы сябе ад яе, што можна есці, піць, а што не — ні слова. І для Славіка лета тады таксама праляцела ў дробных клопатах, а ўвосень яго загрэблі...

У газетах у войску ён чытаў сёе-тое пра высяленне ды перасяленне, але не думаў, што гэта набыло тут, на Гомельшчыне, такія маштабы. Больш за палову вобласці засыпала цэзіем, стронцыем ды іншай радыяцыйнай халерай з табліцы Мендзялеева. Сам Гомель неяк абышло краем, але ўжо ў той самай Ветцы — усяго за нейкіх дваццаць кіламетраў — дазіметры зашкальвалі, і жыць там было немагчыма. Пагаворвалі пра высяленне ўсяго гарадка, а музейныя рэчы, каштоўнейшыя старадрукі ды абразы, хацелі перавезці ў Гомель ці Мінск.

Вядома, і ў сталіцы было неспакойна, але там у яго магла б быць любімая праца… Палітычнае жыццё ў Мінску кіпела, шмат сяброў, у тым ліку і Андрусь з Сержуком, перабраліся туды, і ён падумаў, што, мажліва, цяпер будзе таксама больш патрэбным менавіта там.

13.

Чым болей Славік назіраў жыццё ў інтэрнаце, тым яскравей яно нагадвала яму дзяржаву ў мініяцюры. За гэтымі кратамі ў выглядзе ўзыходзячага сонца ўсё было не так міла і спакойна, як магло падацца збоку. Кіраваў усім галоўны ўрач, ён жа па сумяшчальніцтве дырэктар — Станіслаў Сцяпанавіч. Славіку не хацелася называць яго дыктатарам, дэспатам альбо нават самадурам, бо з ім ён быў у меру добрым і мяккім. Але з іншымі, у тым ліку і з персаналам інтэрната — жорсткім і ўладарным. Магчыма, інакш тут, на краі свету, у гэтай Богам забытай вёсачцы, удалечыні ад усялякага начальства — нельга было. Гаспадарка немалая, і без цвёрдай рукі яна даўно б развалілася, рассыпалася ў часы ўсесаюзнага бязладдзя ды безуладдзя. Разам з тым менавіта на гэтай жорсткасці і боязі трымаліся і квітнелі беспакаранасць ды несправядлівасць. Станіслаў Сцяпанавіч стварыў своеасаблівую вертыкаль сваёй улады і трымаў пад кантролем усё, з верху да нізу. Было ў яго чынавенства — персанал: намеснікі, загадчыкі аддзяленняў, урачы, медсёстры… Быў «народ» — хворыя ды старыя. Быў і свой спецназ — санітары, гатовыя ў любы момант прыдушыць любое незадавальненне. Была і апазіцыя, якая тое незадавальненне зрэдку выказвала — хоць бы тым, што задавала пытанні ды казала пра тое, што галадуха ў інтэрнаце, што вопратка знасілася… Была і свая турма — карцар для асабліва буйных і самых незадаволеных нечым…

Сістэма страху дзейнічала спраўна. І бездакорна. Персанал трымаўся працы, баяўся, каб Станіслаў Сцяпанавіч не звольніў, бо куды ж пойдзеш тады ў вёсцы? У калгас?.. Але ў інтэрнаце хоць нейкая стабільнасць, усё ж праца дзяржаўная, пад’есці можна на кухні, і заробак своечасова выплацяць. Не тое што ў калгасе, дзе нават трактарысты і даяркі гарбеюць за капейкі, і тыя калі аддаюць, дык вялікае свята... І «кантынгент» таксама быў амаль пастаянным. Асабліва нікога ў інтэрнаце не лячылі, тым больш не «выпісвалі». Тут жылі і паміралі. Так, для большасці хворых і састарэлых выхад адсюль быў адзін — на «зялёныя». Гэтак насельнікі называлі могілкі пры недалёкім лесе…

Пазней Славік даведаўся, пры ўсёй сваёй любові і павазе да галоўнага ўрача, што ў інтэрнаце яго не проста не любяць, а ненавідзяць, і за вочы называюць па скарочаных ініцыялах — «эсэс»… Ведаў пра гэта, відаць, і сам Станіслаў Сцяпанавіч, бо не аднойчы потым чуў ад яго Славік: лепш няхай ненавідзяць, але баяцца, чым бардак тут разводзяць.

Між іншым, бардак у прамым сэнсе разводзіў у інтэрнаце і сам Станіслаў Сцяпанавіч. Зрэшты, дзіўна было б, калі б ён не змог скарыстаць сваё становішча. Бо, па вялікім рахунку, ён быў тут не проста гаспадар — ён быў цар і бог. І не толькі Славік хадзіў у ягоных улюбёнцах. Было ў яго і некалькі маладых дзяўчатак, якіх Станіслаў Сцяпанавіч час ад часу «прымаў» у сваім кабінеце. Праз некалькі месяцаў, відаць, нападпітку, бо атрыманы на інтэрнат спірт ён трымаў у сябе, Станіслаў Сцяпанавіч нават прапанаваў адну з іх Славіку. Той катэгарычна адмовіўся.

– Як урач кажу табе — не пярэч мне: лепшага лячэння, чым тэрапія маладой дзяўчынай, чалавецтва яшчэ не вынайшла, — сказаў Станіслаў Сцяпанавіч, — я табе раю скарыстацца: хутчэй на папраўку пойдзеш… І яшчэ не тое ўспомніш… — падміргнуў. — А яна — дэбілка, усё роўна нічога не разумее…

«Ага, не разумее… — падумаў Славік. — Вы ж не такі наіўны… Яна якраз добра разумее, бо з усіх інстынктаў гэты самы жывучы… І тое, што яе топча менавіта галоўурач, а не нейкі там прыдурак ці нават санітар, у сваім асяроддзі скарыстоўвае напоўніцу…» Ён не раз чуў, як «алігафрэнкі» хваліліся сваёй сувяззю са Станіславам Сцяпанавічам — гэта іх узвышала ў вачах іншых і абараняла. «Я эсесю ськажу», — шапялявіла бяззубая Галька, калі ёй пад халат лез Убю, і той адступаў. Проста Славік раней не даваў таму веры: навошта тое Станіславу Сцяпанавічу? Ды і — няўжо яму не брыдка?.. Не мог і Станіслаў Сцяпанавіч не ведаць пра пахвальбу. Але і ён, пэўна, скарыўся сваім невынішчальным інстынктам і пляваў на ўсё, што пра яго маглі гаварыць. Бо разумеў: размовы гэтыя ўсё роўна пойдуць, нават калі будзе ён свяцей за святога. Бо жыць у такім куратніку і не скарыстаць мажлівасці паласавацца… Ніхто яго не зразумеў бы, і ніхто ў рэшце рэшт, нават манах з манахаў — праз год, праз два, праз дзесяць — не ўстояў бы, не змог захаваць сваю «чысціню» тут, сярод блуду і спакусаў… А ён доўга трымаўся. І «здаўся» не так даўно — гадоў пяць таму, калі зразумеў, што баяцца яму ў такой глухамані пры суцэльным бязладдзі ў краіне няма чаго: далей гэтай вёскі не пашлюць; калі падумаў раптам: яшчэ пару гадоў, і ён шкадаваць будзе, што не пакарыстаўся вольніцай… Адважыўся адзін раз і далей ужо спыніцца не змог — рассмакаваў… Спачатку яшчэ ацверажаў яго абавязак перад жонкай, а потым супакоіў сябе, што дзяцей у іх усё роўна няма, — і аддаўся волі лёсу… Таму і раіў цяпер Славіку не стрымлівацца. Да таго ж, відаць, пакуль нічога не ведаў пра стасункі, якія завязаліся ў таго з Таняй…

Але пасля гэтай «шчырасці» Славік зірнуў на Станіслава Сцяпанавіча па-іншаму. І зразумеў, што ў гэтым сяміпавярховіку пасярод лясной, далёкай ад цывілізацыі, вёскі самы няшчасны не прыкаваны да ложка алігафрэн, якога ўсе завуць Залатаром, бо ходзіць ён пад сябе і есць сваё дзярмо, калі санітаркі не пачуюць смурод і не паспеюць вымыць, і не Сонька-мамулька, якую… э, ды што там казаць — ніхто з ўсіх тутэйшых хворых-калек, інвалідаў не такі няшчасны, як галоўны ўрач Станіслаў Сцяпанавіч, які добраахвотна сядзіць за гэтымі кратамі ў выглядзе ўзыходзячага сонца ўжо дваццаць пяць гадоў…

Частка трэцяя. Палескі Настрадамус

1.

Славіка перавялі на першы паверх: бліжэй да зямлі — там было, аказваецца, некалькі палат для «выбраных». Каб гуляў у двары, сярод кустоў і дрэваў, ды набіраўся на свежым паветры сілаў. Яму трохі шкада было развітвацца з Сашкам, да якога прывык, як да роднага, але ён разумеў, што гэта трэба. Дый недалёка яго пераводзілі, не ў іншы інтэрнат, а значыць, у любы момант ён мог прыйсці да Сашкі ў пакой «у госці», як і той да яго…

Славік быў рады, што нарэшце пакінуў прапахлы прыбіральняй, спермай ды лекамі калідор пятага паверха і апынуўся ў гэтай цішы і раскошы. У невялікім, метраў сто на сто пяцьдзясят, інтэрнацкім дворыку, агароджаным вакол высокім — метры тры ці больш — шчыльным плотам, ён знайшоў сабе зацішнае месцейка, дзе ўпадабаў сядзець. Сядзець і думаць. Думаць і згадваць. Зрэшты, згадваць — гэта не зусім дакладна, бо калі ён і сапраўды намагаўся зазірнуць у мінулае, у яго пачынала балець галава і ад бяссілля нешта ўспомніць накочвалася хваля болю, а потым — гневу на сябе, злосці, роспачы і ледзь не істэрыкі. Ён стрымліваўся і пераводзіў вочы на высокае блакітнае неба, на павольныя белыя хмаркі, на зялёныя вершаліны акацыяў, а думкі — на нешта цяперашняе, ад чаго галава не балела, бо было яно зразумелым, вядомым і простым. Успомніць нешта сваё, пра сябе альбо пра тое, што было з тым чалавекам, які жыў у ягоным целе першыя дваццаць пяць ці трыццаць гадоў, яму па-ранейшаму ўдавалася толькі ноччу ў паўдрымоце, паўсне-мроіве, і ён верыў і не верыў таму, што згадваў. Не верыў, бо мог лічыць гэта снамі, а не тым, што было на яве, не верыў, бо не верыў і самому сабе.

А яшчэ Славік, седзячы на самоце, якой не было ў яго ні ў палаце з мітуслівым Сашкам, ні ў холе каля паста, куды даляталі крыкі і стогны з калідора, заўважыў, што, не памятаючы мінулага, ён пачаў прадбачыць будучыню. На некалькі хвілінаў, гадзінаў, дзён наперад. А можа і далей... Ну, ці можа прадбачыць на некалькі гадоў наперад, ён праверыць пакуль не мог, а вось тое, што будзе праз колькі хвілінаў (гадзінаў ці дзён), ён мог прадказаць амаль дакладна. Вось сядзіць ён у сваім пакоі-палаце, чытае, і раптам яму, здавалася б, ні з таго ні з сяго думаецца, што зараз зойдзе да яго Станіслаў Сцяпанавіч… Ён падымае вочы да дзвярэй — і сапраўды, праз якую хвілю яны расчыняюцца і ў палату заходзіць… так, Станіслаў Сцяпанавіч.

Трэніраваў (ці правяраў?) ён сваю здольнасць прадбачыць, гуляючы ў шахматы са Сцяпанам і Валодзькам. Да прыкладу, Сцяпан яшчэ не пахадзіў, а Славік ужо ведаў, якую фігуру ён будзе рухаць. І атрымлівалася, нібыта той не сам ходзіць, а падпарадкоўваецца Славікаваму загаду. Зрэшты, можа, так яно і было. Бо Славік, падобна, валодаў і дарам, блізкім да гіпнозу: мог прымушаць іншых людзей да нейкіх дзеянняў па-за іхняй воляй.

Потым Славік заўважыў яшчэ адну сваю здольнасць: паглядзеўшы на чалавека, праз нейкі час ён мог расказаць пра яго шмат — мінулае і будучыню, хваробы і клопаты, добрае і кепскае: быццам бы не проста чытаў ягоны твар, на якім гады пакінулі шмат пазнакаў былога, а зазіраў у памяць, у душу…

Пра чужое ён мог расказаць… А пра сваё… Ён паспрабаваў, застаўшыся адзін каля люстэрка, угледзецца ў твар чалавека перад сабою — у свой твар — убачыць ягонае (сваё) мінулае і будучыню. І не змог… Галава, як і раней гэта было, а дакладней, як і заўсёды, забалела, закружылася… Ён сеў міма крэсла на падлогу, губляючы прытомнасць і з’язджаючы ў цемрыва. І больш не эксперыментаваў, бо тое цемрыва па-ранейшаму палохала сваім невяртаннем з яго, а заставацца там ён не хацеў.

Да нейкага часу пра гэтую ягоную здольнасць — прадказваць будучыню — ніхто не ведаў. Але аднойчы, зірнуўшы на бабу Маню, ён убачыў, што можа здарыцца з ёю праз некалькі гадзінаў. І вырашыў папярэдзіць яе. Сказаў як мага лагодней:

– Вы збіраецеся сёння пасля абеду ехаць у райцэнтр на аўтобусе… Можна, я папрашу вас, каб вы нікуды не ехалі? Не трэба… Паслухайце мяне, паедзьце лепей заўтра.

Баба Маня здзівілася:

– Зайчык, а адкуль ты знаеш, што я хацела ехаць? Я ж нікому пра ета не казала…

Ён маўчаў. Тады яна хітра спытала:

– Можа, ты знаеш і чаму мне трэ ехаць?

– Ведаю, — адказаў ён, — вы хацелі на прыём да ўрача, у вас вось тут баліць, — ён паказаў на грудзі бабы Мані, — але, прашу вас, сёння нікуды не едзьце… Я сам вас пазней вылечу.

Апошняе ў Славіка само сабой вырвалася. Пэўна, каб канчаткова пераканаць бабу Маню не ехаць. Ён не зразумеў нават, як гэта здарылася. І не ведаў, як лячыць будзе. Аднак сказаў. Бо дужа ж шкадаваў бабу Маню і хацеў стрымаць яе ад паездкі. Бо не было ў яго тут чалавека бліжэй і радней — па нейкіх невыказальных і неўразумелых адчуваннях. Не было…

Баба Маня сумелася. Пра свае болькі яна нікому не расказвала, нават дачцэ. Адкрыцца думала толькі доктару ў раённай паліклініцы...

Славік так пераканаўча прасіў яе не ехаць, што яна паслухалася. А пад вечар стала вядома, што кіроўца мясцовага аўтобуса загаварыўся з падабраным па дарозе пасажырам і выехаў на павароце на сустрэчную паласу. А там «Масквіч»… Удар лоб у лоб, кювет… У аўтобусе ніхто не загінуў, але пабіліся і паламаліся людзі моцна. А вось кіроўца сустрэчнай — на месцы насмерць…

Баба Маня прыбегла да Славіка ў той жа вечар, як толькі даведалася пра здарэнне. Узняла перапалох на сем паверхаў інтэрната. Усе толькі і гаварылі пра тое, што Славік прадказаў аварыю і не пусціў яе ў райцэнтр да доктара.

Баба Маня села ля ложка Славіка і рашуча сказала:

– Лячы мяне. Пакуль не вылечыш — не пайду ад цябе!

Славік сумеўся:

– Ды не ўмею я….

– А нашто казаў?

– Не ведаю, само сказалася…

Баба Маня крыху адтала, паласкавела:

– Каласок мой, а адкуль знаў пра аварыю?

– Ды не ведаў я.

– А чаму прасіў мяне не ехаць?

– Не ведаю… Проста падумалася, што вам не трэба ехаць, — вось і сказаў. А што там здарыцца, не ведаў.

– А чаму так угаворваў мяне, га? А тады сказаў, што сам вылечыш…

Славік адвярнуўся да сцяны, паказваючы тым, што не хоча размаўляць з бабай Маняй. Ён і сапраўды не ведаў, як убачыў, што ёй не трэба ехаць на тым аўтобусе… убачыў і ўбачыў... Проста прыйшло ў галаву аднекуль, калі падумаў пра яе, а адкуль — хто ведае? Пашкадаваў, таму і папрасіў.

– А як жа ты дазнаўся, дзе ў мяне баліць?

– Бачу.

– Як?

– Не ведаю, бачу і ўсё. Бачу, дзе ў грудзях у вас баліць.

– Зайчык мой, ты хоць прытуліся датуль, дзе ў мяне баліць, — папрасіла баба Маня.

Відаць, яна паверыла ў Славікаву сілу адразу і беспаваротна. У палескіх вёсках вера ў знахароў ды ведзьмакоў жывучая.

Славіку сорамна было кранацца менавіта гэтага месца ў бабы Мані. Тым болей, трэба было да голага… Але падумаў: не адчэпіцца яна, ды і не так страшна гэта, што тут такога, дакрануся, хай супакоіцца. Наіўнасць ягоная і гэтым разам спрацавала. Да таго ж хацелася яму зрабіць дабро бабе Мані, якая яго выхадзіла. І ён прыклаў руку да мяккіх грудзей жанчыны і ўяўна прыдушыў рачка, які быў там завёўся. Прыдушыў, выцягнуў і выкінуў у расчыненае вакно… Абтрос рукі, выцер іх аб коўдру і адчуў такую стому, бы на трэніроўцы трохгадзіннай пабыў. Ажно ногі падагнуліся і пот на ілбе ў кропелькі сабраўся…

Баба Маня вохнула, нібы і сапраўды ён нешта вырваў з яе грудзей, а потым абмякла, як заснула. Пасядзела яшчэ трохі каля Славіка з апушчанай да грудзей галавой і, бы п’яная, пайшла, нават не падзякаваўшы.

А Славік і сам сур’ёзней задумаўся: што ж ён сапраўды можа? І першае, што зрабіў дзеля праверкі сябе, — запісаў прагноз на магчымыя вынікі выбараў, да якіх заставалася менш за тыдзень. Пісаў не думаючы, а слухаючы ўнутраны голас, быццам нехта дыктаваў і ён толькі паспяваў занатоўваць… Якая яму розніца, хто пераможа на тых выбарах? Ды ніякай, абсалютна абыякава. Не дужа хвалявала яго гэта. Проста хацелася праверыць сябе такім чынам — ці сапраўды ён можа нешта... не, не прадбачыць, а спрагназаваць.

Проста праверыць?

Не, відаць, усё ж «палітыка» не адпускала яго, а значыць, было ў ягоным жыцці раней нешта цёмнае, звязанае з ёю, пакуль не згаданае да канца, але важнае, каб зразумець, як і чаму ён апынуўся ў інтэрнаце. І таму спрагназаваць яму захацелася менавіта вынікі блізкіх выбараў, а не што іншае… Ён пісаў і пасміхаўся сам сабе, настолькі нерэальнымі падаваліся яму лічбы.

Назаўтра баба Маня прывяла да Славіка сваіх зяця і меншую ўнучку. Зяць, п’яны, згубіў недзе правы кіроўцы і не мог знайсці. Славік падумаў, прыслухаўся да сябе, злавіў думку і сказаў, дзе яны ляжаць. Унучцы было тры гады, але яна не гаварыла. Славік убачыў — дзеўчынёха спалоханая: яе малую падняла на рогі карова. Сказаў гэта бабе Мані. Тая пацвердзіла: было такое. Як зняць «спуг», Славік не ведаў. Проста прыгарнуў да сябе дзяўчынку з жаданнем аддаць ёй сваю дабрыню і дабрыню ўсяго навакольнага свету, якога не трэба баяцца…

Правы знайшліся адразу — у тым самым месцы, якое і назваў Славік. А ўнучка пад вечар паказала на гладышку з малаком і сказала бабе: «Дай!..»

Гэтага хапіла, каб праз некалькі дзён чутка пра знахара Славіка, які не толькі прадбачыць будучыню і знаходзіць згубленыя рэчы, але і лечыць людзей ад самых страшных хваробаў, пайшла з вёскі па ўсім раёне і далей. Пра гэта шапталіся на лавачках пры хатах, у чэргах у крамах, а потым пра дзіўны выпадак прадказання аварыі, карыстаючыся «галоснасцю», напісалі ў раённай газеце.

2.

Стук у вакно — заўсёды трывожны... Асабліва ноччу. Хто можа прыйсці, калі не вораг? А пад ноч нават сябар становіцца ворагам. Прывучаныя сталіншчынай ды партызаншчынай, беларусы на генетычным узроўні баяцца груку ў вакно. Вось і Славік, пачуўшы ад шыбы «тук-тук, тук-тук-тук», страпянуўся і напяўся. І трывожна забілася сэрца. Ён прахапіўся.

Быў позні вечар, добрыя летнія прыцемкі. Аказваецца, ён заснуў пасля вячэры на сваім ложку. Прылёг і незаўважна задрамаў. Вячэра была сытнай, бо святочнай — сёння з ранку ішлі выбары першага беларускага прэзідэнта. Скрыні для галасавання стаялі ў холе на першым паверсе пры ўваходзе. Інтэрнацкія прагаласавалі дружным натоўпам, як толькі стала магчыма: з чатырох гадзінаў раніцы яны не спалі, соваліся па паверхах — кожны лічыў за гонар укінуць бюлетэнь у скрынку першым. Двое самых дужых дэбілаў нават пабіліся ля скрыні за гэта. Пакуль яны валтузіліся, астатнія баязліва стаялі і назіралі. Валодзька не вытрываў, рашуча падкаціў у сваім вазку да скрыні, кінуў бюлетэнь і стаў на ўвесь ранак героем размоваў у інтэрнаце, бо, як казалі,

«зламаў цэлку»… За ім пайшлі да скрыні іншыя, і хвілінаў праз пятнаццаць пасля пачатку пад мітусню, цісканіну і страшэнны гвалт справа была зробленая.

Вяскоўцы ж цягнуліся ўсю раніцу аж да абеду. Славік трохі паназіраў за імі, паслухаў — размовы былі толькі пра адно: «Ты за каго?» — «За Лукашэнку…». — «І я за яго…» — і шчырая радасць аднадумцаў танчыла на тварах, падвяселеных чаркаю ў буфеце, адчыненым з нагоды свята…

Свае надзеі на будучыню і вяскоўцы, і жыхары інтэрната звязвалі толькі з адным кандыдатам. Зрэшты, якія надзеі, на што? Калі б іх цяпер спытаць, ніхто не змог бы пэўна адказаць, апроч таго, што абрыдла ўсё і хочацца чагосьці іншага. Лепшага жыцця? Відаць, так, але што значыць лепшага? Ні вяскоўцы, ні тым больш хворыя патлумачыць гэта не змаглі б, бо разумелі нават апошнія з апошніх: тое, чаго ім хочацца, наўрад ці рэальнае ў гэтай краіне і ў гэты час, бо цудаў не бывае… Але людзі пакуль жывуць — спадзяюцца, і заўсёды знаходзіцца той, хто гэтай надзеяй скарыстаецца… Падмане? Так, але галоўнае тут не ўдзел, а перамога.

…А ў вакно стукаў, дакладней па вакне, прыбіваючы шыбку, якая даўно ўжо абяцала выпасці, бо трымалася на чэсным слове і адным цвічку, інтэрнацкі сталяр. Нешта ж яго прывяло да Славіка, інакш мог ён гэтую работу зрабіць і заўтра. А вось прыйшоў у нядзелю, у выходны дзень і так позна. Цвярозы, па ўсім, хоць і свята. Ён убачыў праз шыбу, што Славік прачнуўся, падхапіўся на ложку, і заўсміхаўся яму: расцягнуў шырока, да вушэй, свае вусны, не паказваючы зубы, бо трымаў у роце цвічкі.

Гэта быў Сцяпан — шахматны сябар Славіка. Мужчына гадоў пад шэсцьдзесят, не па-вясковаму тоўсты і пузаты. Ён любіў выпіць, пажартаваць і пасмяяцца — «кхе-кхе-кхе-кхе…». Кожны раз смех ягоны пераходзіў у кашаль, ён казаў — сардэчны:

«Бо сэрца ў мяне добрае». Сэрца ў Сцяпана сапраўды было добрае, але хворае, адсюль і адвіслае чэрава, адсюль і задышка...

«Кампаніі» ў яго ў вёсцы не было. Праца не бі ляжачага, амаль увесь час вольны, а вясковыя мужчыны, трактарысты ды шафёры, ад відна і да цямна былі хто ў полі, хто на лузе, хто на ферме, а таму ён знаходзіў сабе сяброў сярод больш-менш нармальных насельнікаў інтэрната. Славіка ж увогуле палюбіў. Сцяпан чытаў газеты і сёе-тое петрыў — не, не ў палітыцы: у жыцці. У адрозненне ад сваіх аднавяскоўцаў ён ад пачатку цвёрда і пераканана быў супраць Лукашэнкі.

– Ну што? Прагаласаваў? — спытаў Славік.

– Угу, — неяк надта самотна адказаў Сцяпан, не вымаючы з рота цвічкоў.

– За каго?

Сцяпан выплюнуў на руку цвічкі:

– Цьфу! За каго, за каго!.. За яго...

– За Лукашэнку? — здзівіўся Славік. Сцяпан кіўнуў.

– Як? Чаму? Ты ж збіраўся за Пазняка...

– А й сам не знаю, зайшоў у кабіну і як памарак які-та насунуўся: шах, і за яго прагаласаваў. Вуйшаў, думаю, што я зрабіў? Нашто? Чаму? А паправіць ужэ німа як... І не адзін я такі — будта ачмурэнне якое на ўсіх находзіла ў тых кабінках: думаеш адно, а робіш зусім іншае…

Сцяпан памаўчаў вінавата і збянтэжана, паціснуў плячыма і спытаў Славіка:

– Згуляем?

Ён даўно знаравіўся гуляць у шахматы са Славікам. Прынёс дошку, паказаў, як ходзяць фігуры. Славік збольшага і сам памятаў, бо некалі гуляў даволі някепска, толькі чамусьці ніяк не мог успомніць, як ходзіць конь. І калі Сцяпан сказаў: «буквай «Г», ён вельмі здзівіўся: ніколі б не здагадаўся… Усе ходзяць проста, а гэты… загагулінай нейкай.

Конь, між іншым, быў любімай фігурай Сцяпана. Гуляў ён двума сваімі канямі надзіва ўдала, нават бліскуча, і таму Славік звычайна ў пачатку партыі стараўся выбіць у дзядзькі коней. Калі ўдавалася, то лічы ўжо выйграў. А ўвогуле гульня Сцяпанава была песняй. У войску ён служыў матросам на караблі Паўночнага флоту і там, падчас доўгіх паходаў, а ён казаў, што быў і ў «кругасветцы», насабачыўся гуляць у шахматы. Хваліўся нават, што аднаго разу выйграў у самога «чымпіёна міру Анатолія Карпава», які ў Мурманску наведаў іх карабель і згуляў адначасова з трыццаццю маракамі. І хоць час службы ягонай супадаў хутчэй з маленствам Карпава, а не з чэмпіёнствам, Славік таго не аспрэчваў, бо надта падабаўся яму той смачны дзядзькаў аповед.

Усе фігуры Сцяпан называў на стары лад: слана — ахвіцэрам, ладдзю — турой, ферзя — каралевай... І меў дзясятак трапных выслоўяў, якія паўтараў перад ходам. Асабліва любіў ён ужываць розныя нямецкія слоўцы, кшталту «донэрвэттар», «шайзэ», «о, майн гот» ды «гут», якіх нахапаўся ў сваім дзяцінстве, калі разам з бацькамі быў вывезены на працу ў Нямеччыну. Цяпер ажылі яны ў ім пасля таго, як старэйшая ўнучка па чарнобыльскай праграме пабыла ў Баварыі і нават не хацела адтуль вяртацца ў сваю вёску, так ёй спадабалася. Сцяпан унучку здрадніцай не лічыў, бо і ў яго пра тыя ваенныя гады засталіся не самыя горшыя згадкі: з «баўэрам» ім пашанцавала — добры немец быў, спагадлівы, прынамсі, пасля калгаснай нішчымніцы і галадухі там Сцёпка ўпершыню пакаштаваў масла, цукеркі і «ад пуза наеўся хруктаў»… Пад «хруктамі» ён разумеў слівы, грушы ды абрыкосы. Што да «экзатычных», дык апельсіны, бананы і ананасы ён упершыню пакаштаваў толькі ў той самай «кругасветцы». А ягоныя аднавяскоўцы, а тым болей насельнікі інтэрната, за савецкім часам пра іх нават не чулі, а не тое што бачылі ці елі. Славік ведаў: і ў Мінску набыць апельсіны ці бананы можна было толькі зімой і адстаяўшы вялікую чаргу, а пра ананасы, а тым болей пра іншыя там манга ды авакада, ён і сам толькі чытаў. Што ўжо казаць тады пра забытую Богам вёсачку, дзе жылі і паміралі людзі, якія за ўсё сваё жыццё не бывалі далей сенакосу на поплаве ля рэчкі… І таму са Сцяпана, калі ён пачынаў расказваць пра экзатычныя прысмакі, пакеплівалі, і да яго прыліпла мянушка «Хрукт».

Сцяпан, як і большасць вяскоўцаў, «меў гонар» і вельмі не любіў прайграваць. Спачатку Славіку цікава было назіраць за ім, выйграваць і прайграваць па ўласнай ахвоце, а потым гарачлівасць і ўзбуджанасць Сцяпана яму крыху абрыдлі, і ён пачаў адмаўляцца ад гульні, маўляў, не магу — галава баліць. Вось і цяпер ён паднёс руку да скроні. І Сцяпан зразумеў, расчаравана-спачувальна хітнуў у адказ.

Славік згадаў, як Сцяпан паспрачаўся пра вынікі выбараў з адным з санітараў і яны прыйшлі да яго, каб «рассудзіў». Сцяпану падабаўся Пазняк, асабліва ягоныя выступы ў тэлевізары на пасяджэннях Вярхоўнага Савета — разумна гаворыць, прыгожа і па-нашаму: «Ну, як му тут прастарэкуем…».

– Не, Пазняк не мае шанцаў, — сказаў Славік.

– Ну вядома, — адразу падхапіў супернік Сцяпана, — ён жа паліцай — немцам служыў, а такіх у нас не любяць… А шчэ кажуць — ета ён убіў бацьку Лукашэнкі…

– Дзе ты такое чуў? — раззлаваўся Сцяпан.

– У газетах пісалі, што Пазняк паліцай.

– Як ён мог быць паліцаем, дурная твая галава, калі радзіўся послі вайны… ну, ці як немца пагналі з Беларусі. Ты знаеш, колькі яму гадоў? І як ён мог убіць бацьку Лукашэнкі на вайне — з калыскі смальнуць? Ды ты пачытай біяграфію — на кожным слупе вісіць: Лукашэнка радзіўся ў підзісят чацёртым годзе… Ад каго ён тады радзіўся? Ад убітага на вайне бацькі?

Санітар сумеўся:

– Ну, сам Лукашэнка казаў, што яго бацька на вайне пагіб. Я па цілівізару бачыў.

– І ты верыш? Прыкінь сваімі курынымі мазкамі, як такое магло буць? Як жа яго бацька на вайне ўбіты, калі ад вайны прайшло підзісят гадоў, а яму ж сарака няма, ён за цябе маладзей, а ты ж посліваенны.

– І праўда, ён жа малады саўсім… хоць і лысы… — сказаў санітар. — Ай-яй, во накруцілі-і… І каму трэба такое вудумляць, нашто так брахаць нам у вочы…

– Каму-каму, — задаволена хмыкнуў Сцяпан, — такім, як ты, што вераць не думаючы…

Але дарэмна Сцяпан павесялеў, бо Славік паўтарыў яшчэ раз для яго:

– Пазняк не выйграе выбары, пераможа Лукашэнка… У другім туры.

І вось Сцяпан прагаласаваў… Відаць, нейкае падсвядомае пачуццё віны і прывяло яго так позна да Славіка. Віны перад самім сабой, ад якой было моташна на душы — так, што нават выпіць не хацелася, а карцела з кім-небудзь пагаварыць. Таму і прыцёгся да Славіка, нібыта шыбку падрамантаваць.

Яны ўсё ж згулялі адну партыю: не змог Славік вось так адпусціць яго. Але Сцяпан увесь час маўчаў і, хутка прайграўшы, моўчкі сышоў, прабачліва і вінавата кіўнуўшы Славіку…

Вынікі першага тура выбараў Славік угадаў з дакладнасцю аж да працэнта. Ведаў ён, чым скончыцца і другі тур, паспрабаваў пабачыць і далей. Але — зазірнуў і сам сабе не паверыў, вельмі ўжо змрочнай падалася яму будучыня… Адсюль, ад сёння, яму і думаць не хацелася, што ўвогуле магчыма тое, што ён бачыў, а таму ён адмахнуўся ад тых відзежаў, скінуў усё на свае нездаровыя фантазіі ды прыдумкі…

3.

Знайсці ў Мінску аднадумцаў і наладзіць з імі кантакт Славіку было няцяжка. Ён шмат каго ведаў па іх удзеле ў сходках гомельскай «Талакі» і па наездах у горад. Да таго ж тут адным з лідараў быў Сяржук, які, пераехаўшы на працу ў Мінск, уладкаваўся мастаком у нейкі часопіс. Культурнае і літарацкае жыццё на гэты час гуртавалася ўжо вакол Таварыства маладых літаратараў пад назовам «Тутэйшыя», у якім рэй вялі якраз гомельскія хлопцы. Ён пабыў пару разоў на іхніх пасяджэннях і канчаткова пераканаўся, што гэта не яго. Ён разумеў, што хлопцы займаюцца цікавай ім самім і патрэбнай, пэўна ж, іншым справай. Але ён не збіраўся ісці ў літаратары, маляваць ці песні спяваць. А таму распачаў працу над кандыдацкай па дужа актуальнай і цікавай яму самому тэме: спалучэнне спорту і працоўных навыкаў, выкладаючы пры гэтым у адной ПТВ фізкультуру. Там ён набраў сабе групу хлопцаў, за якімі сачыў для доследаў па дысертацыі. Прыдумваў спецыяльныя фізічныя практыкаванні па развіцці менавіта тых цягліцаў, якія запатрабуюцца потым у іхняй прафесіі муляра, рабіў тэставанні і... паступова далучаў да беларушчыны, бо заняткі вёў на роднай мове. Зыходзіў з таго, што рана ці позна тым літаратарам-барацьбітам спатрэбяцца не толькі галовы, але і моцныя рукі.

Ён хадзіў на пасяджэнні, бо нідзе больш сваіх аднадумцаў не ведаў, хоць і пачаў раздражняць яго іхні плач па занядбанай мове, па растаптанай культуры і размовы пра неабходнасць адраджэння… Асабліва абурала і злавала Славіка гэтае слоўца «адраджэнне». Ды не адраджэнне, спрабаваў спрачацца ён, але яго не слухалі, не адраджэнне, а вяртанне. Бо адраджаецца наноў нешта не проста забытае, а загінулае, мёртвае, нам жа трэба вяртанне да сваіх каранёў. Вяртанне! Вяртанне нас, а не нам: вяртанне нас саміх да мовы, да гісторыі. Нам трэба пазітыў, а не плач, нам ёсць да чаго вяртацца, на што абаперціся…

Між тым падзеі развіваліся імкліва. У тую ж восень быў створаны спачатку «Мартыралог Беларусі», а потым і «Беларускі Народны Фронт». І зноў ён спрачаўся з хлопцамі: які «фронт», навошта «фронт» у мірны час… У знявечанай войнамі Беларусі павінна быць табу на гэтае слова. Чаму не «рух»? Беларускі народны рух — вось тое, што трэба, іначай можна толькі адштурхнуць ад сябе людзей. Ды ніхто яго не слухаў… Затым былі «Дзяды». Калі ў першых дзвюх падзеях ён не прымаў ніякога ўдзелу, дык на «Дзядах» атрымаў не толькі «дэмакратызатарам» (так называлі дручкі, якімі на амерыканскі манер узброілі савецкіх міліцыянтаў) па спіне, але і нюхнуў слезацечнага газу — «чаромухі».

Ён прайшоў з мітынгоўцамі ўвесь шлях амаль да Курапатаў, дзе бальшавікі-сталіністы напрыканцы трыццатых гадоў расстралялі больш за сто тысячаў нявінна рэпрэсаваных. З надзеяй глядзеў на Пазняка: вось ён лідар. Сядзеў у аснежаным халодным полі наўколенцах разам з усімі ў атачэнні міліцыянтаў. Быў рады і ўзрушаны. І яму ніколькі не было страшна. Ён маральна падрыхтаваўся ўжо прайсці за Беларусь нават праз турмы, калі спатрэбіцца. Зрэшты, да гэтага ён быў гатовы і раней, але тут ці не ўпершыню адчуў, што ён не адзін… Адчуў, што ёсць разам з кім і ёсць за што пазмагацца. І, магчыма, вельмі хутка...

Было зразумела, што гэтым усё не скончыцца. Імперыя канала на вачах. Людзі ўдыхнулі вольнага паветра і ап’янелі ад яго. А ап’яненне свабодай, а дакладней, у гэтым, савецкім, выпадку — беспакаранасцю, бо раней за падобныя мітынгі можна было атрымаць лагер, кулямётную чаргу альбо вар’ятню, заўсёды робіць людзей больш смелымі і актыўнымі. Першымі выйшлі на вуліцы з пратэстам маладыя казахі ў Алма-Аце. Іх жорстка разагналі. Потым крывава выбухнулі Сумгаіт і Баку… Затым міліцыянты і салдаты папрацавалі сапёрнымі рыдлёўкамі ў Тбілісі…

Пасля выбараў народных дэпутатаў у Вярхоўны Савет неспакойна было і ў Беларусі. Але паперадзе ўсіх была Прыбалтыка. У студзені 1991-га паўстала Летува — запатрабавала самастойнасці і аддзялення ад СССР... Славік выправіўся ў Вільню: балазе, гэта ад Мінска ўсяго нейкіх 170 кіламетраў. Стаяў каля тэлевежы з бел-чырвона-белым сцягам. Можна лічыць, што найсапраўднае выпрабаванне страхам у мірны час ён прайшоў менавіта тут. Асабліва калі на абаронцаў незалежнасці з гучным металічным лязгатам выпаўзлі прыплюснутыя аграмадзіны танкаў і пачуліся стрэлы — для Славіка то быў амаль другі Афган… Пасля гэтага, казаў ён сваім сябрам, яго асабіста нішто не спыніць, і трэба браць прыклад з летувісаў, іначай волі не бачыць нікому: ні ім, ні нам. Выйсці з савецкай турмы народаў можна толькі разам і, магчыма, праз хрышчэнне кроўю…

Але і ў Мінску гэбісты зноў пра Славіка згадалі... Ён выкладаў ужо ў інстытуце фізкультуры, куды яго ўзяў на працу загадчык кафедры, які даведаўся пра наробкі Славіка да кандыдацкай — прачытаў у спартыўнай газеце — і згадаў пра сваё абяцанне былому найлепшаму студэнту. Аднак не паспеў Славік адпрацаваць і паўгода, як інстытуцкі «назіральнік» паклікаў яго да сябе. Славік ведаў, да каго ідзе: такія людзі амаль афіцыйна былі ў кожнай навучальнай установе, у кожным вялікім калектыве. Іх ведалі, яны стваралі сабе павучыную сетку «стукачоў» і збіралі кампрамат на кожнага. Але Славік не думаў, што той у кабінеце будзе не адзін. Калі зайшоў, інстытуцкі гэбіст сказаў яму:

– Тут з табой хочуць пагутарыць, — і сам з пакоя выскачыў.

Невядомы ў цывільным назваўся Іванам Сяргеевічам. Зрэшты, ён мог назвацца і Дзмітрыем Паўлавічам, і Сямёнам Ігнатавічам, якая розніца, наўрад ці, разумеў Славік, гэта ягонае сапраўднае імя.

Іван Сяргеевіч ведаў усё, у тым ліку і пра гутарку ў Гомелі.

– Ну вось, — сказаў ён, — не паслухаліся вы нас тады — і мінімум паўтара года згубілі… Але мы не сталі перашкаджаць вашаму пераезду і ўладкаванню ў інстытут, — зрабіў шматзначную паўзу: — Хацелі, каб вы зразумелі, што яшчэ можаце страціць. Цяпер у вас добрая праца, а можа быць яшчэ лепшая. І кандыдацкая на падыходзе. Не зламіце ў чарговы раз свой лёс. Мы ведаем, што вы тут вярнуліся да сваіх ранейшых спраў, да старых знаёмых. Наведваеце іх пасяджэнні. Думаю, вам няцяжка будзе раз на месяц сустракацца з нашым чалавекам і расказваць яму, чым яны займаюцца, даваць некаторым характарыстыкі… — і, убачыўшы, што Славік сядзіць, апусціўшы ў скрусе галаву, маўляў, зноў пачынаецца, дадаў: — Вы не спяшайцеся з адказам, падумайце, а праз колькі дзён мы з вамі яшчэ раз сустрэнемся. У гэтым пакоі. І, спадзяюся, цяпер адказ будзе станоўчым: вучыцеся хоць бы на сваіх памылках…

На тым развіталіся.

Што было рабіць? Гэтым разам, відаць, не выкруцішся, разумеў Славік. Памазгаваўшы трохі, ён вырашыў параіцца з Сержуком. Той ніколькі не здзівіўся пачутаму, але задумаўся сур’ёзна.

– Не ты першы пра гэта расказваеш, — вымавіў нарэшце, — дзякуй, што даверыўся… Грунтоўна за нас бяруцца. Прадбачу, яны ад цябе не адчэпяцца… — памаўчаў, нібыта пралічваючы нешта, і рашуча дадаў: — Я параіў бы табе пагадзіцца. Але інфармацыю для іх фільтраваць. Не ты адзін там будзеш. Некалькі хлопцаў ужо прызналіся ў вярбоўцы. І мы параілі ім даць згоду. Хадзіць на сустрэчы, дакладаць нешта неістотнае… Падумай сам, можа, і табе варта зрабіць тое ж? І калі вы будзеце даваць ім адпаведныя звесткі, то мы зможам і перайграць іх… Падумай… Бо ў рэшце рэшт вырашаць, што і як рабіць, толькі табе самому. Ніхто тут табе не дарадца.

Між тым за гэты час Славік у Мінску паабабіўся і ўбачыў, што ўсе гэтыя пісьменнікі-мастакі-гісторыкі з апазіцыі ніколькі не ўяўляюць, у якую бойку яны ўлазяць. Бо тут аднымі выступамі-заклікамі, артыкуламі ды лозунгамі не абыдзешся. Прайшоўшы Афган і маючы за плячыма хай і кароткую спартыўную кар’еру, пабачыўшы віленскія падзеі, Славік усведамляў, што час ужо думаць і пра атрады самаабароны. І пачаў паціху-патроху ствараць сваю структуру з надзейных хлопцаў — пэтэвэшнікаў і студэнтаў, якіх дзяліў на «пяцёркі», каб кіраўнікі «пяцёрак» ведалі ў твар толькі яго і астатніх чатырох. Стаўку рабіў на глыбокую канспірацыю, на падполле, рыхтуючыся да доўгай барацьбы. Час быў няпэўны, непрадказальны. Адлігаперабудова магла скончыцца чарговым пахаладаннем, і тады спраўдзіліся б словы бацькі: «Аартыя выявіць сваіх ворагаў — і пад нож…». Таму пра «пяцёркі» пакуль не здагадваўся нават Сяржук. «Няўжо ў шэражоўтым доме пра іх пранюхалі?» — думаў Славік. І сам сябе супакойваў: «Не, калі б даведаліся, тады не сталі б мяне выклікаць… Зрабілі б стукачом каго іншага», — і сам сабе пярэчыў: «А можа, якраз наадварот — вырашылі пачаць з галавы…»

– Лёгка табе казаць, — спакойна, у тон Сержуку, сказаў ён, — а сам ты што рабіў бы на маім месцы? Не спяшайся, не спяшайся, — спыніў ён Сержука, калі той памкнуўся адказаць яму, — ты не ведаеш: мяне яшчэ ў Гомелі хацелі «стукачом» зрабіць. Я адмовіўся. Таму і апынуўся ў Афгане. Мне так і сказалі: не будзеш супрацоўнічаць — пойдзеш у Афган. Я і пайшоў…

Памаўчалі. Сяржук закурыў, глыбока зацягнуўся і цяжка выдыхнуў. Ён і не здагадваўся пра такое. А Славік загаварыў настойліва і горача:

– Хачу, каб ты ведаў: я катэгарычна супраць прыстасаванства ў любым выглядзе. Мне штырліцы ніколі не падабаліся: служыць адным і іх жа здаваць другім… Не па мне гэта. Я ўвогуле супраць любога супрацоўніцтва з ворагамі, нават супраць калабарацыі. Хоць на вайне ўсё зразумела — разведка, шпіёнства, інтарэсы сваёй дзяржавы... А тут… Навошта гэта? Зрэшты, якая калабарацыя? Якое шпіёнства?

«Стукацтва» — найгоршае з таго, што наогул можа быць… Тут трэба мець асаблівы характар, а я не ведаю, ці змагу весці двайную гульню… Відаць, не сумею... Я чакаў, што ты мяне падтрымаеш, скажаш: не звязвайся з лайном, вымажашся ўсё роўна. А ты… На што ты мяне штурхаеш?

– Ды не штурхаю я… — Сяржук ці не пакрыўдзіўся. — Кажу ж: табе самому вырашаць. Аднаму табе. Але не забывай і пра агульную справу. Не завярбуюць цябе — завярбуюць іншага. І мы яго ведаць не будзем. Але калі ты будзеш даваць дазаваную інфармацыю, дык той будзе зліваць усё, напоўніцу… А мы яго за свайго лічыць будзем. Дык што лепей для нас, для справы? Ты сказаў пра Афган, пра вайну… Няўжо ты не разумееш, што мы і сапраўды даўно тут як на вайне? І нам, якія толькі вучацца змагацца, супрацьстаяць прафесіяналы. Зразумей, пра-фе-сі-я-на-лы. Будзь «двайным агентам». Але нашым, а не іхнім. Трэба толькі верыць: тое, што ты робіш, — дабро… Адно скажу табе: не падпісвай ніякіх папер, ніякіх… Пагаджайся толькі на сустрэчы…

Словы гэтыя спадабаліся Славіку. Значыць, хлопцы ўсё ж нешта разумеюць, падумаў ён, да чагосьці рыхтуюцца, небяспеку і рызыку пралічваюць… Але ісці ў «сексоты» ён не хацеў.

– Ты ж ведаеш, што не мяне аднаго вярбуюць? Так, я прызнаўся, але знойдуцца тыя, што прамаўчаць. Падпішуцца і будуць рабіць сваю чорную справу. І я нават не буду ведаць, хто за мной сочыць. Я нават не ведаю, хто ты? Чаму я павінен табе верыць?

– Ну вось, пачынаецца... Яны толькі таго і хочуць, каб паміж намі разлад пайшоў. Каб мы перасварыліся, падазраючы адзін аднаго ў тым, чаго няма. Верыць ці не верыць — справа асабістая. Я ж вось табе веру… Не спяшайся. Падумай. На гэта трэба ісці альбо не ісці абсалютна свядома. З халоднай галавою, — Сяржук міжволі ўсміхнуўся, відаць, згадаўшы, каму належаць гэтыя словы. — Ты ўжо адзін раз пацярпеў, не згадзіўшыся. Чым цяпер цябе могуць запалохаць? Другі раз на вайну не пашлюць: няма вайны... Хіба што пачнуць пужаць звальненнем з працы ды іншымі жыццёвымі праблемамі і абяцаць спрыянне, кватэру ды ўсё такое… Але тут кожны сам выбірае… Кар’ера змагара з акупантамі за свабоду свайго краю не самая горшая ў свеце… Ты сам казаў, што гатовы пацярпець за гэта. Ну вось і прыйшоў час выбару…

Сержука ён выслухаў уважліва і з удзячнасцю: сапраўды, канчатковае рашэнне прымаць выключна яму самому. Аднаму яму і больш нікому.

Лёгка сказаць: аднаму. У ім цяпер змагалася як мінімум двое, і перамагаў той, які казаў пра безвыходнасць. Славік ведаў, што такое даць згоду на супрацоўніцтва. І яму да апошняга не хацелася гэтага рабіць.

Ды выбар быў невялікі…

4.

Дні цягнуліся марудна, і чытанне не дапамагала… Але гэта азначала, што Славік стаў адчуваць час, яго хаду — няспешную і запаволеную тут, у інтэрнаце, што было добрым знакам: да яго пачало вяртацца пачуццё жыцця. Блукаючы па інтэрнацкім дворыку, які толькі напачатку падаўся яму невялікім, ён знайшоў у ім яшчэ некалькі файных мясцінак. У адным з кустоў акацыі ён заўважыў прыхаванае між галінак гняздзечка невядомай птушкі, у якім ужо вывеліся маленькія. Ён затойваўся і падоўгу назіраў, як яны ў чаканні бацькоў таўкуцца ў цеснаце і разяўляюць да неба чырвоныя з жоўтым роцікі. У куце двара, пад высокім інтэрнацкім плотам, ён знайшоў чмялінае кубельца — проста дзірку ў зямлі, з якой з тоўстым гудам выляталі і ў якую вярталіся нечым заклапочаныя прыгожыя пухнатыя стварэнні. Ён мог падоўгу назіраць за імі не стамляючыся. Нешта гэта яму нагадвала. І аднойчы раптам ён згадаў — ясна і ярка, што некалі даўно, у дзяцінстве, яны з хлопцамі гэтаксама назіралі за чмялямі, а потым вырашылі паспрабаваць здабыць чмялінага мёду. Падказаў ім, як зрабіць тое, дзед. Каб выкурыць чмялёў з іхняе схованкі, яны над выхадам у зямлі расклалі цяпельца. Адны чмялі кружлялі над сваім домам і не маглі патрапіць у яго, а іншыя, што былі ў ім, гінулі ад агню і дыму. Потым хлопцы раскапалі гарачую зямлю над чмяліным сховішчам і дасталі соты, падобныя да маленькіх бочачак, і елі, высмоктвалі з іх духмяны мёд, жавалі і выплёўвалі вязкі воск… Славік так ясна згадаў той выпадак, што нават адчуў у роце смак чмялінага мёду. Ён гэтак захапіўся ўспамінам, што і не адзначыў для сябе важны момант: ён упершыню ўспомніў штосьці не ў паўсне, а на яве…

…Але больш за ўсё ўпадабаў ён сядзець на адной лаўцы, з усіх бакоў затуленай маладымі дрэўцамі акацыі, дзе можна было падумаць на адзіноце. Ён сядаў на яе, даставаў прыхаваны дубчык і маляваў-чыркаў ім перад сабой на пяску розныя фігуркі ды літары. Гэта не перашкаджала яму, а наадварот, дапамагала складваць асобныя кавалачкі мазаікі ўспамінаў у цэльныя малюнкі. За ўсё лета на Палессі прайшло толькі некалькі кароткіх дажджоў. І тыя прашумелі ноччу. А таму пясок быў сыпкі, лёгка прымаў на сябе ягоныя крамзолі, і гэтак жа лёгка, нагой, яны сціраліся-раўняліся, і зноў можна было нешта крэсліць… Занятак бясконцы, заварожвальны сваёй паўтаральнасцю. Славік згадаў, што ў адным часопісе ён чытаў артыкул-дыскусію: ці ўмеў Ісус Хрыстос пісаць, ці быў ён пісьменным? Звестак пра гэта няма. Ёсць толькі ў Новым Запавеце, у Евангеллі ад Яна, згадка, што калі кніжнікі ды фарысеі прывялі да Хрыста жанчыну, спайманую на чужаложстве, каб асудзіў яе, ён сядзеў і нешта пісаў «пярстом» на пяску. Ісус сказаў ім словы, якія ведаюць многія: «Хто з вас без граху — хай першы кіне ў яе камень…» — і зноў, нізка нахіліўшыся, пісаў на зямлі. Што: літары ці нейкія знакі — ніхто не бачыў…

Славік мог гадзінамі сядзець на гэтай лаўцы — малюючы нейкія фігуры ці пішучы асобныя літары, словы і засяроджваючыся на сваім так, што не чуў нічога вакол. Праўда, і тут пабыць на самоце ўдавалася яму не заўсёды. Бо адпачываў у двары ён не адзін. Выпускалі на прагулкі і іншых. Былі сярод іх і маладыя дзяўчаты, якія здалёк, і асабліва ззаду, выглядалі даволі прывабнымі і нават нечым нагадвалі Таню. Але Славіка яны не цікавілі: ён слізгаў па іх вачыма гэтаксама, як па навакольных дрэвах, кустах, аблоках…

Не, дрэвамі і аблокамі ён любаваўся, ён мог падоўгу глядзець на іх: яны не перашкаджалі думаць. А дзяўчаты гэтыя выклікалі ў яго толькі раздражненне, а часам і агіду, асабліва сваёй навязлівасцю і доўгімі, як яны, відаць, меркавалі, шматабяцальнымі, позіркамі. Стаялі непадалёк, навідавоку, і ўсяляк імкнуліся прыцягнуць ягоную ўвагу да сябе. Яны хацелі кахання. Гэта чамусьці нагадвала Славіку адносіны ў статку малпаў, і ён, адарваўшыся ад сваіх думак і заўважыўшы на сцяжыне за кустом дзяўчыну, якая, злавіўшы ягоны позірк, адразу ж падміргвала яму, уставаў і сыходзіў у іншую мясціну ці вяртаўся ў свой пакой.

Затое тыя дзяўчаты цікавілі мясцовых маладзёнаўпадлеткаў. Ён сутыкнуўся з гэтым літаральна на другі дзень жыцця на першым паверсе, шукаючы ў двары месцейка па сабе — у меру ціхае і, калі гэта можна тут, у перыметры агароджы, бязлюднае. Ён забрыў у густа зарослы акацыяй самы далёкі кут двара, засмечаны бруднымі абрыўкамі паперы, іржавымі бляшанкамі, бітым шклом... Меркаваў, што там ужо нікога не будзе, але пачуў у зарасцях шолахі і чыесьці стогны. Ён падумаў, што камусьці трэба дапамога, і рынуўся туды. Зайшоў за куст і агаломшаны спыніўся. Трое неінтэрнацкіх — вясковых — хлопцаў стаялі са спушчанымі штанамі і шморгалі рукамі туды-сюды… а чацвёрты ляжаў на адной з маладых дэбілак і торгаў голым задам. Яна і вохкала, скосу паглядваючы на Славіка. У руцэ яе ён заўважыў кавалак булкі, шчака таксама была адтапыраная. «Батон есць, галодная, пакуль яе…» — зразумеў Славік і перавёў вочы на хлопцаў… Яны пазіралі на яго з відочнай нянавісцю і пагардай. Самы здаровы паспешліва падцягнуў штаны, нервова хаваючы тое, што ніяк не хавалася, і падышоў да Славіка.

– Што табе тут трэба? Жыць надаела? Дак мы здзелаем шчас табе харакіры… — правёў вялікім пальцам па горле, дзеля нагляднасці.

Славік усміхнуўся, згадаўшы, што такое «харакіры».

– Што лыбісся? Драпай адсюль і нікому не гавары, што бачыў. А то знойдзем і зарэжам.

Славік не спалохаўся тых пагрозаў. Пры ўсім пры тым гэтыя хлопцы — маладыя і ружовашчокія, дагледжаныя і вольна апранутыя — падаліся яму людзьмі з іншага свету, і ён менш бы здзівіўся, каб убачыў у гэтым засмечаным інтэрнацкім кутку спароўванне зэдліка са сталом, а не чалавекаў… Славік стаяў, амаль не рэагуючы на выкрыкі, і паглядаў на хлопца. Той сам сумеўся.

– А мо і ты хочаш? Колька, злазь, дай енваліду папробаваць.

Славік адвярнуўся і пайшоў прэч, пачуў толькі ўслед мат і словы:

– …Дак нікому не гавары, а то — зарэжам…

Ён і не збіраўся нікому казаць. Ён здагадваўся, што пра гэта і без яго ўсе ведаюць. У вёсцы нічога не схаваеш. Тым болей, ён быў упэўнены, што нехта з тых герояў камусьці пахваліўся ўжо, а той пераказаў іншаму, што прыходзяць сюды не першы раз і не апошні… Станіслаў Сцяпанавіч, зразумела, пра гэтыя справы ведае, але не перашкаджае ім. Чаму? Хай пацешацца… І адны, і другія. Абы па згодзе, без прымусу, без гвалту. За хлеб надзённы… З усіх жыццёвых задавальненняў Бог пакінуў інтэрнацкім насельнікам толькі гэтае. Відаць, і сапраўды сэкс — апошні прытулак чалавека… Пакуль у ім застаецца хоць штосьці чалавечае… Няма ў жыцці шчасця, дык няхай хоць такое ім будзе: «Хто з вас без граху — хай першы кіне ў… мяне камень…»?

5.

Чым болей Славік згадваў, тым мацней у ім абуджалася пачуццё перасцярогі, пачуццё небяспекі. Гэта ён лічыў сваёй самай важнай адваёвай у жыцця і пачаткам выздараўлення. Сашка ды іншыя хворыя гэткага адчування не мелі. Іх шчырасць і адкрытасць здаваліся бязмежнымі, як лясы вакол вёскі. У Славіка ж недзе ўнутры ад першых дзён, як ён вярнуўся з цемрыва, жыло разуменне таго, што не ўсё, што ведаеш, што ўспомнілася, трэба расказваць. І чым болей ён згадваў, чым здаравейшым рабіўся, тым мацней і яскравей было яно. Асабліва пасля гутарак са Станіславам Сцяпанавічам, які, убачыўшы ягоныя поспехі і паслухаўшы размовы, пачаў настойліва распытваць, што ён памятае. Славік тады схітраваў і цяпер парадаваўся за сябе, што быў здольны на гэта. Можа, то была генная нелюбоў да начальства, можа, спрацавала памяць, а можа, прачнулася інтуіцыя… Ён нейк адчуў, што ўрач гэты мае свой інтарэс і хутчэй за ўсё не той сябар, якому можна давяраць. І што ўвогуле ў яго сяброў няма. Нідзе, тым болей — тут… Пакуль не згадае дакладна, хто ён і што з ім здарылася, — лепш маўчаць. Можа, ён учыніў нейкае злачынства, а можа, яго нехта за нейкую таямніцу забіць хацеў… У любым выпадку нельга пакуль паказваць выгляд, што нешта прыгадалася.

Але і адмоўчвацца немагчыма, бо здагадаюцца, што ён штосьці ўспомніў і хітруе — трымае ў сабе, утойвае. Трэба заставацца для ўсіх нібыта гранічна шчырым, наіўным, як малое дзіцё, як Сашка. Добра, што ў Славіка была магчымасць паназіраць за ім, і ён цяпер ведаў, як трэба сябе паводзіць і які выраз твару мець, каб паверылі ў шчырасць… А таму Славік распавёў Станіславу Сцяпанавічу, што яму пачалі сніцца-мроіцца выпадкі з чыйгосьці жыцця, мажліва, і ягонага былога. І пераказаў свой успамін-сон пра Афган. Бой за вышыню, крыкі ды стогны сяброў, якія і сапраўды, нават цяпер, калі расказваў, стаялі ў ягоных вушах: ён абхапіў рукамі галаву, каб не чуць іх, і заплюшчыў вочы... Доктар задаволена пасміхаўся, гледзячы, як ён перажывае, ківаў галавой і казаў:

– Вось-вось... Так і павінна быць... Усё нармальна… На пачатку і будзе згадвацца самае яркае з перажытага. Не хвалюйся. Значыць, ты выздараўліваеш... — хоць сам і не паверыў, што Славік быў у Афгане. Падумаў: наслухаўся ў інтэрнаце размоваў інвалідаў, сярод якіх было папулярна выдаваць сябе за герояў, за «афганцаў», таму і трызніць. Можа, і сніць нешта, але пад уражаннем чужога, пачутага тут, бо свайго — няма…

Але, тым не менш, пачаў заходзіць да Славіка з роспытамі часцей. Славіку ж, які не мог яму адмовіць у гутарцы, стала ўсё цяжэй і цяжэй утойваць згаданае і аднеквацца на пытанні. Адно хіба супакойвала яго: у гэтым інтэрнаце быў ён не адзін такі, хто не памятаў свайго мінулага. Наколькі ён зразумеў, былі яшчэ дзве жанчыны і сем ці восем мужчынаў, большасць з якіх жылі тут ужо не адзін год, але так нічога пра сябе і не ўспомнілі: ні месца, адкуль яны, ні імя, ні родных. Трымаліся яны адасоблена, паводзілі сябе ціха, нібыта хацелі быць незаўважнымі: як цені соваліся па паверхах, па двары, усе ў саміх сабе, часам нешта мармычучы пад нос, і нагадвалі нейкіх манахаў і манашак, што ходзяць, шэпчучы малітвы... Розум у большасці з іх аднавіўся да ўзроўню двух-трох ці пяці-шасцігадовых дзяцей. Яны нават хадзілі як дзеці і былі сарамлівыя, крыўдлівыя ды плаксівыя.

Славік неўпрыкмет паназіраў за імі дзеля таго, каб асабліва не вылучацца і не выдаць сябе. Аднак хутка зразумеў, што цяпер ужо гэта позна: ён не мог ды і не хацеў быць падобным да іх. Падабенства заставалася толькі ў адным: ён таксама любіў адзіноту і на самоце праводзіў большую частку дня. У астатнім ад пачатку ён рэзка адрозніваўся ад гэтых людзей: лёгка ішоў на кантакт, на размову, яго любілі тут, і… ён нешта ды змог згадаць са свайго з перажытага расказаць Станіславу Сцяпанавічу.

«Не вылучацца» — гэта яму так думалася. На самай справе Славік ад першых дзён, як ачуўся, і асабліва як акрыяў і пачаў хадзіць, зрабіўся ў інтэрнаце даволі папулярнай асобай, да якой цягнуліся іншыя. А калі ён прадказаў будучыню і вылечыў бабу Маню, слава пра яго як пра экстрасэнса — а слова гэтае пачалі шырока ўжываць і ў вёсках пасля тэлетрансляцыяў Чумака ды Кашпіроўскага: адзін зараджаў ваду, а другі рассмоктваў шнары ад ранаў — пайшла гуляць па інтэрнаце і далей. Як ні дзіўна, ад пачатку не аспрэчыў магчымасць ягоных здольнасцяў і Станіслаў Сцяпанавіч, які сказаў, што, улічваючы атрыманыя Славікам траўмы і ягонае доўгае знаходжанне ў коме, гэта абсалютна рэальна. Такія прыклады ў медыцыне ёсць. Больш за тое, менавіта ў гэткіх выпадках, пасля клінічнай смерці, падобных траўмаў ці стрэсаў, і адкрываюцца ў людзей нейкія звышздольнасці, як у той жа Вангі…

Да Славіка пацякла ручаінка людзей са сваімі бедамі, хваробамі і клопатамі, прыпыніць якую пасля некалькіх удалых прадказанняў пра зніклых сваякоў, якіх знайшлі там, дзе ён сказаў, ды некалькіх вылечванняў цяжкахворых стала немагчыма. З раніцы ля ўваходу ў інтэрнат пачала збірацца чарга з тых, хто хацеў патрапіць «на прыём» да Славіка. Ручаінка гэтая не перасыхала ні на хвіліну і паступова стала ператварацца ў рачулку: гора людскога разліта па зямлі шмат... Сталі прыязджаць ужо і з суседніх раёнаў.

Станіслаў Сцяпанавіч, з мэтай паназіраць за Славікам зблізку, не тое каб дазваляў яму «прымаць» у дзень не больш за дзесяць чалавек, а нават прымушаў гэта рабіць. Больш Славік і не мог: хутка стамляўся. Але ён і не здагадваўся, што Станіслаў Сцяпанавіч збірае з людзей за «кансультацыі» грошы, бо сам Славік рабіць гэта катэгарычна адмаўляўся. Праўда, Станіслаў Сцяпанавіч браў не сабе, а на патрэбы інтэрната — афармляў як дабрачынную дапамогу і купляў прадукты, абсталяванне, мэблю.

Славік патроху-патроху пачаў уваходзіць у смак, яму стала цікава бачыць абсалютна незнаёмага чалавека і «чытаць» чужы лёс, угадваць клопат. Яго радавала і ўзбуджала, калі ён заўважаў, як здзіўляецца наведнік, пачуўшы ад яго нешта трапнае і дакладнае, пра што, можа, і сам забыўся... Заходзіла ў пакой жанчына. З парога бачна — не вясковая. Нават па тым, як віталася, як сядала насупраць. І адразу пачынала казаць пра сваю патрэбу: «У мяне…». Славік даваў ёй знак — маўчыце, і ўзіраўся ў твар. І праз хвілю сам расказваў, што за нагода прывяла яе сюды. Выбіраў з убачанага самыя эфектныя моманты. Жанчына рабіла вялікія вочы і нерухомела. А Славік «чытаў» перажытае ёй, і гэта прыносіла яму не толькі задавальненне: так ён яшчэ і вывучаў чалавечае жыццё паводле лёсаў «пацыентаў» і сам уваходзіў у тое мінулае, успаміны пра якое ў яго былі сцёртыя. Бо, па вялікім рахунку, лёсы людзей толькі падаюцца рознымі, на самай жа справе яны аднолькавыя аж да дробязяў… Асабліва калі прыходзіць бяда ці хвароба. А здаровыя ды шчаслівыя да Славіка не ехалі.

Увогуле — яму хацелася дапамагчы ўсім-усім… Каму мог і чым мог. Найперш тым, хто жыў тут, у інтэрнаце. Аднак якраз іх ён ужо ўратаваць не мог… Сюды рэдка траплялі людзі, у якіх была будучыня. Найчасцей у гэтым доме проста дажывалі адведзеныя гады тыя, хто адсюль ніякім чынам ніколі не выкараскаецца, нават калі і заставаліся ў яго недзе родныя альбо дзеці… Яны нікому не былі патрэбныя. І тут Славік анічога зрабіць не здолеў бы. Ён зазірнуў у мінулае жыццё аднаго, другога, трэцяй… і жахнуўся… Лепш бы ён гэтага не рабіў. Ён і не ўяўляў, і не думаў, што столькі гора і болю могуць насіць у сабе гэтыя кволыя, спакутаваныя целы… А часам і зла… Ну чым ён мог дапамагчы Івану-куксе, ад якога адмовілася жонка-п’яніца, а сам ён быў з дзетдома і ногі ды рукі страціў не на вайне (хоць казаў усім, што ён «афганец»), а па ўласным глупстве — напіўся зімой у лютыя маразы, дадому познім вечарам не дайшоў, заснуў у снезе і да раніцы адмарозіў рукі вышэй локцяў, ногі вышэй каленяў, нос і вушы… І цяпер быў цурбаном, бервяном, якое з боку на бок перакочвалася з цяжкасцю…

6.

У Вільні Славік даведаўся і сумную вестку: Люду выключылі з універсітэта. За нацыяналізм. Дакладней, не выключылі, а папрасілі перавесціся на завочнае аддзяленне. Час быў ужо не той, але перастрахоўка ў рэктараце заставалася ранейшай... І ён з Вільні кінуўся ў Гомель.

«Нацыяналізмам» на факультэце назвалі праведзеную Людай з сябрамі вечарыну, прысвечаную нядаўна адзначанаму стагоддзю з дня нараджэння рэпрэсаванага адным з першых, яшчэ ў дваццатыя гады, беларускага паэта і палітыка, імя і творы якога было забаронена згадваць: нацыяналіст, бачыце... Ды яшчэ вершы чыталі з запаленымі свечкамі — камсамольцы і са свечкамі, ну-ну — аўдыторыя вам не царква… Прычым вечарыну не забароненую, хоць і не афіцыйную. Люда проста паведаміла ў дэканаце, што пасля заняткаў студэнты збяруцца ў адной з аўдыторыяў, каб пачытаць вершы…

Пачыталі… Нехта далажыў. Меры прынялі… І гэта нягледзячы на перабудову, якая подбегам бегла, паводкай расцякалася па краіне, зазіраючы ў самыя аддаленыя яе куточкі; нягледзячы на тысячы публікацыяў, якія вярталі «незаслужана забытыя імёны бязвінна рэпрэсаваных»…

Удар быў моцны, неспадзяваны, не пралічаны імі… Яны спланавалі, што Люда давучыцца, ён абжывецца і…

– Што рабіць будзем? — сумна спытаўся Славік у Люды.

– Паеду ў вёску, у школу, папрацую настаўніцай. Буду вучыць дзяцей і сама давучвацца, — адказала Люда, — усяго год застаўся.

– А можа, усё ж у Мінск, да мяне... — прапанаваў ён.

– Куды да цябе? На здымную кватэру, без прапіскі... Хто мяне на працу возьме? Як жыць будзем?.. Не, болей чакалі, пачакаем яшчэ...

Шчыра прызнацца, Славік і сам з цяжкасцю ўяўляў гэта, але не прапанаваць не мог. Хоць часы былі і сапраўды цяжкія. Савецкі Саюз канаў у канвульсіях.

Гарады галадалі. Крамы стаялі пустыя. Тэрмінова была ўведзеная карткавая сістэма, як у вайну. Літаральна ўсе прадукты прадаваліся па талонах і ў пэўнай колькасці на чалавека: кілаграм цукру на месяц, кілаграм мукі, макароны, крупаў і г. д., дзве пляшкі віна і пляшка гарэлкі таксама на месяц… Прычым талоны выдаваліся па месцы прапіскі, а значыць, гамяльчанам, якія пераехалі ў Мінск, трэба было іх атрымліваць і «атаварваць» у Гомелі — у Мінску гомельскія квіткі не дзейнічалі. Такія ж талоны ці чэкавыя кніжкі выдалі на ўсе тавары — ад шкарпэтак і трусоў да тэлевізараў і лядоўняў. І без іх купіць нешта ні ў сваім, ні ў іншым горадзе ці вёсцы было немагчыма. Але і па талонах ды чэках не дужа разгонішся. Калі ў гарадскіх крамах «выкідвалі» нешта, адразу збіралася чарга.

Пражыць, здымаючы кватэру, на яго сціплы інстытуцкі заробак удваіх ды без мінскіх талонаў было немагчыма. І Славік пагадзіўся з Людай: трэба пачакаць… Мо за які год жыццё іхняе трохі наладзіцца.

Развітваліся яны перад ад’ездам Люды ў вёску так, быццам ён яе на фронт праводзіў, так, як перад ягоным адыходам у войска, калі яму «свяціў» Афган… Люда заплакала, прытулілася да Славіка, шаптала: «Ты не забудзеш мяне... Ты не кінеш мяне… У…» — так-так, Люда называла яго па імені... ага… яна называла яго па імені…

Ён нібы пачуў яе мілы-мілы, пяшчотны і ласкавы шэпт скрозь слёзы…

Яна шаптала: «У-ла-дзя...» Уладзя!..

Дык вось яно: нарэшце ён згадаў сваё імя… (Дзякуй, Люда, ты і тут мне дапамагла… — падумаў ён.) Вось яно, імя, якім звалі яго ў тым папярэднім жыцці... Уладзя... Так, Андрусь, Люда, сябры мяне звалі Уладзя… Але бацькі клікалі іначай — Воўка. Ага, Воўка… Валодзя… Толькі я пра гэта нікому не скажу. Не скажу, пакуль не ўспомню ўсё... І таму не буду запісваць сваё імя нікуды...

Але, захваляваўся ён, як не забыць гэтае імя, маё імя? Ці, аднойчы ўспомненае, яно ўжо не пакіне мяне? Не забыць… Не забыць… Запісваць нельга… Але як запомніць?.. З чым, з кім звязаць маё імя, каб не забыць? А-а-а, ага… Валодзька-афганец… У яго маё імя, а ў мяне ягонае… Мы цёзкі. Цёзкі! У нас адно імя, і гэта я не забуду… Але ад цяпер буду працягваць думаць пра сябе так, як і раней: толькі Славік, ці ў крайнім выпадку так, як кажа баба Маня, — Сонечны Зайчык, а сваё сапраўднае імя не буду згадваць ніяк і нідзе — гэта да пэўнага часу будзе мая самая вялікая таямніца…

Славік усхапіўся, сеў на ложку. Рубец-шнар на галаве не балеў, а салодка ныў… Была цёмная хмарная ноч, чорная-чорная: рукі, набліжанай да самых вачэй, не відаць, сон нібыта працягваўся, і ўспаміны, воблачка за воблачкам, паплылі далей…

7.

Станіслаў Сцяпанавіч бачыў, што Славік ужо адэкватна рэагуе на ўсе навакольныя з’явы, назіраў за тым, як ён гуляе ў шахматы, як размаўляе з іншымі. Найбольш яго ўражвала, як часам Славік трапна жартуе сам і разумее жарты. Бо, назіраючы за хворымі, ён заўважыў, што для большасці з іх «жартам» быў злосны і жорсткі здзек з бліжняга, са слабейшага — гэта выклікала ў іх неўтаймоўны смех.

А ўласна гумару яны не разумелі і з бяскрыўднага анекдота маглі не зарагатаць, а накінуцца на расказчыка з кулакамі… Станіслаў Сцяпанавіч назіраў за Славікам і верыў-не верыў сваім вачам: бо таго, што адбывалася, паводле медыцыны быць не магло. Прынамсі, ён не ведаў і не сустракаў у спецыяльнай літаратуры апісанняў выпадкаў, падобных Славікаваму. І ніводзін з тых бяспамятных, што гадамі жылі ў інтэрнаце, не тое што не згадаў нешта пра сябе — яны бяздумнай травой хадзілі па калідорах, па падворку і заставаліся «рэччу ў сабе» з пустымі, увагнанымі глыбока ў сябе вачыма, якія здаваліся сляпымі, бо на гук гэтыя людзі, бы робаты, паварочвалі галаву, а вочы заставаліся нерухомымі.

А вось Славік… Станіслаў Сцяпанавіч лічыў, што на ягоных вачах здзяйсняўся цуд… Цуд вяртання фактычна памерлага чалавека да жыцця, цуд, які без боскай міласці і боскага блаславення адбыцца не мог. Ці не таму і праявіліся ў Славіка гэтыя экстрасэнсорныя здольнасці, што сам Бог парупіўся пра гэтага хлопца, не захацеў яго забіраць…

Станіслаў Сцяпанавіч у Бога не верыў, быў ён камуністам са стажам, дый, нарадзіўшыся ў СССР і прайшоўшы школу атэізму ад акцябрацкай зорачкі да партбілета, да гэтага часу неяк і не думаў пра Бога ўвогуле: ёсць ён, няма яго — якая розніца. Для кагосьці ёсць, для кагосьці няма… Вера толькі тады вера, калі яна сляпая, без лішніх роспытаў. А хто пачынае задумвацца пра Бога і задаваць пытанні, той хутка ў гэтай краіне робіцца атэістам, бо адказы яму будуць адназначнымі... І толькі прачынанне Славіка і найперш ягоныя надзвычайныя здольнасці прымусілі Станіслава Сцяпанавіча задумацца: нешта ў гэтым свеце ёсць такое, што не паддаецца элементарнай логіцы і застаецца пакуль па-за навукай… Памятаючы пра мінскую візітоўку, ён хацеў усё ж хоць на крок быць паперадзе тых назіральнікаў, каб не нашкодзіць хлопцу, якога палюбіў. Не тое каб палюбіў… але яму было шкада Славіка. Чамусьці ў ім ад пачатку жыла ўпэўненасць, што Славік не злачынца, а хутчэй ахвяра. Але ў гэтым трэба было яшчэ пераканацца…

Ён гутарыў са Славікам і нібыта павінен быў верыць таму, што той казаў: ён амаль нічога не памятае, але, мяркуючы па ўсім, гэта было… трохі наіўнай хлуснёй. «Дзе праўда, дзе няпраўда?» — сумняваўся Станіслаў Сцяпанавіч. Але сумняваўся дзеля выгляду ды ў сваіх запісах у гісторыі хваробы. Бо чым болей ён кантактаваў са Славікам, тым сімпатычней ён яму падаваўся. І з кожным днём большала ўпэўненасць, што ніякі ён не рэцыдывіст і не крымінальнік. Яму карцела сказаць Славіку пра тое, што ім цікавяцца «людзі ў цывільным» з Мінска, але ён зноў жа сумняваўся: а раптам той і сапраўды нічога не памятае і гэтае веданне яму нічога не дадасць, а ён выкрые сябе. А таму імкнуўся толькі дапамагчы Славіку выкарасквацца з яміны, у якую той патрапіў з чыёйсьці дапамогаю. Бо здагадваўся: Славік — «птушка» няпростая. Адчувалася, што ёсць у ім магутная ўнутраная спружына, якая цяпер была разамкнутая, разняволеная і бяздзейнічала. Але яна магла ў пэўны момант сцяцца… Славік ужо трохі набраўся сілаў, дужасці, і бачылася, што ў гэтае цела вяртаецца былая моц — рашучага і ўпэўненага ў сабе чалавека, цэльнага і мэтанакіраванага. Прынамсі, так думалася Станіславу Сцяпанавічу. Аднак ён разумеў, што не толькі таму ім цікавіліся людзі з «органаў». Ён заўважыў, што Славік размаўляе на мове, блізкай да беларускай літаратурнай. А значыць, быў ён як мінімум з інтэлігенцыі. Магчыма, культурнай — літаратар, мастак, журналіст, а мо і філосаф нейкі, а значыць, ідэйны лідар, бо адкуль у яго цяга да абстрактнага мыслення, далёкага ад інтэрнацкага жыцця, — аж да думак пра зоркі і быццё наогул… А таму, хутчэй за ўсё, належаў ён раней да нейкага «народнага фронту» ці «руху». А за такімі ў гэтай дзяржаве сачылі заўсёды і ў першую чаргу...

Прыём Славікам людзей Станіслаў Сцяпанавіч не павялічваў, хоць натоўп пад інтэрнатаўскімі дзвярыма рос не па днях, а па гадзінах. Прыезджыя займалі чаргу за некалькі дзён, жылі ў вёсцы суткамі ў чаканні, хто ва ўласнай машыне, а хто здымаў пакой у мясцовых жыхароў, якіх гэткі бізнес таксама радаваў. Станіслаў Сцяпанавіч бачыў, што з дапамогай Славіка можна зарабіць немалыя грошы. Калі б быў ён звычайным хворым, магчыма было б не толькі павялічыць прыём тут, а нават наладзіць «гастролі» з выступамі ў клубах і дамах культуры, як рабілі цяпер іншыя «экстрасэнсы» па ўсёй краіне. Але — паспрабуй арганізуй… Тыя цікаўныя з Мінска адразу заварушацца…

Добра, што яны пакуль не тэлефанавалі. А сам Станіслаў Сцяпанавіч апярэджваць іх не хацеў. Хоць і добра разумеў: не можа маўчанне цягнуцца бязмежна, і скончыцца гэта для яго кепска.

8.

Адзін сон Славіка ўвесь час паўтараўся: ён едзе дамоў і ніяк не можа даехаць... То на аўтобусе, то на цягніку, то на «спадарожных»... Кожны раз здаецца, што родная хата ўжо блізка. Яшчэ трошкі, і ён будзе дома... Ён у думках ужо даехаў... Ён ведае, што іхні падворак ужо блізка-блізка. Там, за хатай, амаль насупраць, было — павінна быць! — і вось-вось пакажацца футбольнае поле, на якім ён прападаў усю вясну, лета і восень. Быў капітанам каманды і ўвогуле завадатарам ва ўсіх вясковых хлапечых гульнях ды справах у школе і пасля яе. Грошы на футбольныя, валейбольныя мячы збіраў ён, купляў сам і захоўваў у сябе пад ложкам, выносячы пагуляць сябрам. Прыціх трохі хіба ў інстытуце, дзе лідараў хапала і без яго… Так, павінна быць хата: яшчэ паварот і… Але... Хаты ён не бачыць... Прачынаецца, так і не даехаўшы... Зноў і зноў правальваецца ў цемру, такую шчыльную і густую, што, здаецца, яе можна памацаць, ухапіцца, пацягнуць да сябе і разарваць… І ён хапаў яе ў нямой злосці і намацваў перад сабою толькі пустату. О, як не хацеў ён, як баяўся гэтых правалаў у цямрэчу. Як стараўся пазбягаць іх… Бо каб ведаў хто, як пуста і цёмна ў нас унутры… Так пуста і цёмна, відаць, толькі ў сусвеце, у космасе. І таму словы «Чалавек — гэта цэлы сусвет» — абсалютная праўда… Першымі вечарамі, калі трохі агойтаўся і пачаў усведамляць сябе, Славік баяўся нават класціся спаць і засынаць. Бо сон без сноў (ды і са снамі таксама) нагадваў яму менавіта той стан, у якім ён знаходзіўся дагэтуль некалькі гадоў і вяртацца ў які яму не хацелася... Ён баяўся, што зноў праваліцца ў тую яміну і заўтра ранкам не вынырне з яе, не прачнецца… Памрэ зноў. І гэтым разам назаўсёды. Але страчаныя за дзень сілы і стома перамагалі — ён ляжаў з расплюшчанымі вачыма, не збіраючыся засынаць, ляжаў і думаў, і сам не заўважаў, як адольваў яго сон… Дык вось, адзін сон увесь час паўтараўся: ён ехаў дамоў і ніяк не мог даехаць… Бачыў лясную дарогу да роднага дома. Ведаў, што недзе там, за гэтымі дрэвамі, пачынаюцца першыя дамы… чаго? Горада ці вёскі? Хутчэй вёскі, здагадваўся ён, ці ўскраіны невялікага раённага гарадка са звычайнымі драўлянымі хатамі. Не, усё ж вёскі… Але дакладна ён не ведаў, бо далей ніколі не сніў: прахопліваўся і не хацеў расплюшчваць вочы, каб прымусіць сябе дагледзець сон. Каб пабачыць сваіх бацькоў. Пачуць іх… Ды нічога больш на экране цемры, апроч самой цемры, ужо не ўзнікала, як ён ні стараўся ўявіць. І тады ён канчаткова «прачынаўся», раззлаваны на сябе.

Пакуль з тых, каго ён успомніў, самай блізкай яму была Люда. І ён пачаў пасылаць у прастору, у неба, мольбы, як заклінанні, каб яна адчула, што ён жывы, каб яна пачула яго, стала шукаць і… знайшла.

«Людачка, дарагая, — роспачна думаў ён у ноч, — калі ты ёсць недзе ў свеце, калі ты не прыдумка маіх сноў, адгукніся… згадай пра мяне… я жывы… я ёсць… знайдзі мяне… знайдзі!..»

Але гэта была часовая слабасць, бо за ёй прыходзіла разуменне, што нікому ён, тым болей Людзе, цяпер не патрэбны: адно слова — інвалід…

9.

Для бабы Мані і раней Славік быў ледзь не родным, а цяпер стаў і ўвогуле сваім. Яна старалася падкормліваць яго хатнімі прысмакамі і кожны дзень заходзіла да яго — нават калі не працавала. Ад яе пачуў Славік пра дзеда, што некалі жыў у інтэрнаце:

– Буў у нас тут да цябе дзед адзін. Знахар, вядзьмак — так усе звалі яго. На сёмым этажы жыў. Вісока. Сам так хацеў. Лячыў усіх падрад замовамі. Шаптаў. Лячыў ад прыстрэку, ад зубнога болю, ад спугу…

Кажуць, памагала. Толькі сваіх, інтэрнацкіх, лячыў. А да цябе, бач, з усяго раёна едуць…

– А дзе ён цяпер, гэты дзед?

– Памёр… — Баба Маня перахрысцілася. — Памёр у той дзень, як ты ажыў… — Памаўчала і дадала: — Ён і пра цябе казаў.

– Як?.. Што?

– Калі паміраў, я пры ім була. Плакала: што му будам без вас рабіць, Васілевіч? А ён мне каа: «Ня плач. Свята места пуста не бувае. Іе мне замена. Хлопец адзін. Ён ужэ тут, але пакуль ня з намі...» Так і сказаў: тут, але ня з намі... Я толькі цяперака здагадалася, што ён пра цябе гаварыў: ужо тут — значыць, у інтэрнаце нашым, а не з намі, бо без памяці ты буў...

Славіка ў каторы раз здзівіла мова бабы Мані, асабліва гэтае «каа» замест «кажа». Недзе ён падобнае чуў. Некалі чуў. Ажно сэрца шчымліва азвалася на гэтае «каа» — ці не бабуля ягоная так гаварыла… А мо і мама?

– Вы думаеце — ён пра мяне казаў... — Па целе Славіка прабеглі дрыжыкі, і ён пацепнуў плячыма.— Скажыце, а чаму я ажыў, чаму не памёр?

– Ці мне пра тое думаць... Значыць, Богу так трэба було, значыць, Бог так хацеў.

– Бог так хацеў? Што — толькі ён адзін вырашае, колькі жыць чалавеку і калі паміраць? І ніхто не ведае, калі памрэ? Не ведае, ці памёр ён ужо, ці яшчэ ачуняе і будзе жыць?..

– Справядлівасць у гэтым вялікая, што не знаем му, калі памром. Мне мама, калі я малая була, расказвала, што колісь людзі зараней зналі дзень і час, калі памруць. Даўно тое було. Тады яшчэ Бог хадзіў па зямлі між людзей. І вось ідзе ён аднойчы па сялу, бачыць — гаспадар плот перасыпае, бо разваліўся.

Падвязвае колікі да жэрдкі саломай. Здзівіўся Бог і каа: «А чаму ты, чалавеча, саломай падвязваеш плот, ён жа па першым ветры рассыплецца...» А чалавек гавора: «А навошта мне лепей рабіць — заўтра падвечар усё адно памру...» Яшчэ болей падзівіўся Бог і тады ж рашыў, што не павінны людзі нічога знаць пра сваю смерць. Вось і не знаем му, жывом пакуль жывецца. Таму і прымаўку маем: «У дарогу збірайся, а жыта сей.» Значыць, памірай, а жыта сей…

«Бог хадзіў па зямлі...», «На Беларусі Бог жыве...»,

«Калі Бог дзяліў зямлю, беларусы спазніліся, прыйшлі апошнімі, і Бог сказаў: «Аддам вам самую лепшую зямлю, якую для сябе бярог, але ў пакаранне за гэта — самае горшае начальства...» — фразы і словы ўсплывалі ў галаве Славіка — некалі чутыя ці недзе прачытаныя. Ён быў узрушаны расповедам бабы Мані і пра дзеда-знахара, і пра Бога. Яе трапяткое стаўленне да Бога перадалося яму. І кожны раз, калі Славік думаў пра Бога, яго ахутваў невядомы, незразумелы, высокі страх... Ёсць, аказваецца, нехта, хто ведае пра яго ўсё-ўсё: нават тое, чаго ён сам не ведае. І не толькі тое, што ён зрабіў, але і тое, пра што грэшна падумаў...

А між тым да Славіка і сапраўды ехалі ўжо не з усяго раёна — з усёй вобласці. Ён працягваў прымаць людзей, лячыць іх, дапамагаць ім. Аднак, на жаль, вельмі мала з таго, што ён бачыў, з таго, пра што даведваўся, ён мог змяніць. Ён мог дапамагчы аднаму чалавеку — уратаваць яго ад, здавалася б, невылечнай хваробы і тым перайначыць ягоны лёс і працягнуць жыццё (зрэшты, і гэта нейкай выпадковасцю, а не загадзя спланаванай, спрагназаванай дзеяй — прадбачанай кімсьці сустрэчай яго, Славіка, і хворага менавіта тут і ў гэты час — назваць можна было з цяжкасцю), мог падказаць камусьці, як бабе Мані, не рабіць нешта: не ехаць сёння некуды на гэтай машыне альбо не ляцець на самалёце, але ўплываць на лёсы многіх людзей, на народ — ён не мог… Нават ведаючы, колькі няшчасцяў прынясе народу той ці іншы ягоны выбар, паўплываць на гэта ніяк не змог бы. Для гэтага, можа быць, яму спачатку трэба было б стаць чалавекам публічным, дапушчаным да тэлеэкрана, але ён разумеў, што гэта немагчыма…

Ён мог толькі дапамагаць простым людзям, тым, хто нейкім чынам дачуўся пра яго здольнасці і прыехаў сюды, мог убачыць, ад чаго пакутуе чалавек, што яго турбуе, і вылечыць альбо падказаць, як пазбавіцца гора… І паколькі такіх людзей рабілася ўсё болей і болей, ён, каб абмежаваць прыём, па падказцы Станіслава Сцяпанавіча сказаў, што будзе прымаць толькі дзяцей і толькі маці з дзецьмі. Ён ужо ведаў, дзе знаходзіцца. Гэта была прычарнобыльская зона Гомельшчыны. І хворых, нялечаных увогуле альбо недалечаных, ці тых, у каго нешта балела, але да ўрачоў яны звяртацца не хацелі, затое па-ранейшаму, па-даўняму, верылі, што дапамагчы ім могуць толькі «знахары» ці «ведзьмакі», да якіх адразу залічылі і «экстрасэнса» Славіка, было не проста шмат, а вельмі шмат.

Не паменшала іх і тады, калі ён пачаў прымаць і лекаваць толькі дзяцей…

10.

З неспатольным болем назіраў Славік за жыццём, у якое вярнуўся… пасля смерці. Назіраў нібыта збоку. І хоць не было перад ім усёй карціны, але і таго, што ён бачыў вакол і па тэлевізары, чуў па радыё, ведаў з газетаў, а таксама са згаданага з папярэдняга жыцця, хапала яму, каб зрабіць страшную выснову, нават не заглядваючы ў будучыню: людзей на гэтай тэрыторыі — а ён меў на ўвазе не толькі Беларусь, хоць найперш якраз Беларусь, а ўвесь былы Савецкі Саюз — адвучылі думаць, адвучылі самастойна прымаць рашэнні, адвучылі выбіраць… А як можна нешта выбраць, не ўмеючы прыняць рашэнне? І як можна прыняць рашэнне, развучыўшыся думаць? Больш за тое, многім з іх страх за заўтрашні дзень, за сваю будучыню замяніў розум. Страх штодзённы, заўсёдны, боязь зрабіць лішні крок, сказаць лішняе слова, бо любы твой учынак, любое слова могуць быць павернутыя супраць цябе — у кожным гарадскім доме, двары, у кожнай вёсцы памяталі такія выпадкі, калі сярэдначы будзілі іх сваім нахабным і няўкормным вуркатаннем «варанкі». Хочаш не хочаш, а чарвячок страху пасяліўся ледзь не ў кожным і паціху з’ядаў любое памкненне не тое каб да свабоды, волі, а нават да нейкага самастойнага дзеяння… За семдзесят гадоў суцэльнага запалохвання большасць ператварылася ў людзей, гатовых верыць любой хлусні, давяраць бязмежным хоць і невыканальным, але прыемным абяцанням, цешыць сябе думкай, што вось мы перапакутуем, але нашым дзецям будзе лягчэй, нашыя дзеці зажывуць шчасліва — нармальна, галоўнае — каб не было вайны... Таму і робяць яны выбар, грунтуючыся на сваіх жаданнях і страхах, а не кіруючыся ўласным досведам і розумам, вераць нахабным абяцанням, а не праўдзе жыцця. Таму цяпер, калі гэта стала магчыма, і абіраюць сабе такіх лідараў-папулістаў, такіх, як стала модным называць — прэзідэнтаў…

Другі тур выбараў скончыўся тым, пра што Славік і ведаў: перамогай Лукашэнкі… І тады ён вырашыў зазірнуць у будучыню.

Нічые… Нічые надзеі не спраўдзяцца — убачыў ён. Ні тых, хто паверыў абранаму прэзідэнту, проста паверыў у ягоныя словы, што будуць змены да лепшага ў звычайным чалавечым жыцці, што зможа атрымаць кватэру для сваёй сям’і, як гэта было пры Саветах, ці займее стабільную добра аплочвальную працу, ці зможа развіць свой бізнес… Ні тых, хто паспадзяваўся не на новаабранага, якому лёгка было паабяцаць на вярбе ігрушы, прычым ні на імгненне не засумняваўшыся ў гэтым, а на ягоную каманду «маладых ваўкоў», якія, маўляў, наўмысна выставілі яго паперадзе сябе, каб выйграць і самім скарыстацца плёнам перамогі, адціснуўшы свайго стаўленніка ад улады… Ні тых, хто, зразумеўшы, што спыніць яго немагчыма, падумаў, што доўга пры ўладзе ён не ўтрымаецца: адна справа кіраваць саўгасам і зусім іншая — цэлай дзяржавай… Ні нават ягоная жонка, якая потым адмовіцца ехаць у сталіцу, скажа: «Мой Саша нідзе больш за два гады не працаваў, а таму я са сваёй вёскі ў Мінск і пераязджаць не буду…»

Сапраўды, бачыў Славік, адзін з самых сур’ёзных крызісаў улады будзе ў яго менавіта праз два гады — увосень 1996 года, але і тады, калі ад яго адвернуцца амаль усе паплечнікі, ён адзін пераможа ўсіх… Адзін! Бо мае моцнае жаданне захаваць уладу, бо любіць і хоча ўлады, як мужчына хоча жанчыны, і такой прагі ўлады, як у яго, няма ні ў кога больш на гэтай зямлі. Але самае вялікае расчараванне чакае тых, хто паверыў у незалежнасць і адраджэнне. Бо такога заняпаду, у які патрапяць мова, культура і гісторыя Беларусі, гэты край не ведаў ні пры якіх акупантах… І ўсё гэта будзе рабіцца дзеля падкрэслівання «дружбы» з Расіяй, стварэння сумеснай дзяржавы і жадання патрапіць на «крамлёўскі прастол»… І такая магчымасць — блізкая-блізкая — у яго будзе, толькі рэалізаваць яе не ўдасца: расейцы своечасова апамятаюцца… а таму ў рэшце рэшт ўсё ператворыцца ў вымаганне ў Расіі танных энерганосьбітаў, крэдытаў, каб проста ўтрымацца пры ўладзе… паступовую здачу дзяржавы пад умелым кіраўніцтвам… Крамля… І над краінай запануюць усеагульныя жах і… страх…

Славіка агарнула роспач. Адно супакойвала яго: не раз гучала па тэлевізары, што па Канстытуцыі кіраваць дзяржавай ён зможа толькі два тэрміны — дзесяць гадоў, не больш. Што такое для гісторыі дзесяць гадоў — імгненне… А потым прыйдзе новы лідар і… Новы? Хто? Славік паспрабаваў зазірнуць далей… Няма там новага… Ага, той крызіс 1996 года і будзе якраз таму, што ён захоча перапісаць — і перапіша! — Канстытуцыю, каб кіраваць і абірацца на пасаду бясконцую колькасць разоў… А потым «паплечнікі» скарыстаюць супраць сваіх апанентаў і канкурэнтаў даўно апрабаваны прыём... так, яны проста знікнуць... бясследна… Бясследна для родных, для ўсіх. І пошукі іх нічога не дадуць. Знікнуць... А на самай справе будуць…

Няўжо нельга папярэдзіць іх? Сумленных людзей, «вінаватых» толькі ў тым, што хочуць дабра свайму народу…

Не, ну хто табе паверыць — інваліду з далёкага інтэрната. І як да іх дастукацца, бо сёння яны на кані, яны пераможцы, яны пры вялікай уладзе і магчымасцях — міністры і вышэй… Яны так высока ўзляцелі, што цябе і слухаць не захочуць, нягледзячы на славу «экстрасэнса»… І ці не прымроілася гэта табе, бо ніхто не ведае таго, што будзе, бо і будучыня можа змяніцца ў кожны момант…

Не, казаў нехта Славіку, усё ўжо адбылося наперадзе, і ніхто не ў моцы змяніць тых падзеяў, у тым ліку і ты — тым болей ты… І ўсім вам застаецца толькі дачакацца іх, ці, як вы кажаце, дажыць да іх…

Славік ведаў, што паўплываць на «масы», на мноства людзей адразу ён не можа. Але можа на аднаго асобнага чалавека. На аднаго асобнага? Які сам уплывае на масы?.. А чаму б і не… І Славік паспрабаваў пранікнуць у таго чалавека, пра якога думаў, каб зразумець, чым ён жыве, якімі думкамі кіруецца, а даведаўшыся — паспрабаваць нейкім чынам паўздзейнічаць на яго, і… натыкнуўся на сцяну ледзь не ў прамым сэнсе гэтага слова. І зразумеў, што той чалавек калі не сам мае нейкія здольнасці, дык завёў сабе экстрасэнсаў, якія абараняюць яго і блакуюць усе спробы пранікнення… Блакуюць? Абараняюць? Ці ўплываюць на яго і кіруюць ім?.. Адказу не было. «Хто пасее вецер — пажне буру…» — зноў даляцеў аднекуль да Славіка голас, і ён зразумеў, што гэта пра таго, пра каго ён думае, і што скончыць той урэшце вельмі кепска. Вельмі кепска… І канец яму прыйдзе зусім неспадзявана і не адтуль, адкуль ён яго будзе чакаць… але будзе гэта не хутка… кіраваць ён будзе нават дольш… даўжэй, чым Брэжнеў…

Галава Славіка закружылася, забалела, і ён ледзь не страціў прытомнасць ад нахлынулых думак ці… атакі ў адказ… Хістаючыся, ён устаў і пайшоў да будынка інтэрната. Яму трэба было сустрэць нейкіх людзей, каб загаварыць з імі пра што-небудзь і выбіць сябе з гэтага стану ачмурэння… Але быў пасляпалудзенны «ціхі час», і ніхто яму не сустракаўся, толькі каля ўваходных дзвярэй стаяла некалькі настырных наведнікаў, якія чакалі ягонага прыёму. І ён вырашыў падысці да іх.

Яго зацікавіла жанчына, якая трымала на руках дзіцё — дзяўчынку. Ён падышоў да яе, бо бачыў толькі яе, хоць звярнуць на сябе ягоную ўвагу назойліва стараліся іншыя: торгалі за рукаў, навісалі над плячыма, зазіралі ў вочы…

– Памажыце мне, — сказала маці, — памажыце маёй дачушцы.

Ён паглядзеў. Гэткіх чарнобыльскіх дзяцей, з падобнымі ды іншымі паталогіямі, ён бачыў ужо некалькі. І кожны раз вымушаны быў прызнацца сабе, што нічым дапамагчы не можа. Могуць толькі ўрачы. Маці разгарнула дзіцё і паказала голенькія грудзі, злева на якіх білася сэрца — адкрытае, не абароненае скабамі сэрца…

Ён не мог расчараваць гэтую жанчыну. Узяў на рукі дзіця, пагушкаў — дзяўчынка заснула.

– Усё будзе добра, — сказаў ён маці, — але сёння ж едзьце ў Мінск, там ёсць кардыялагічны цэнтр. Вас адразу прымуць урачы… Толькі яны могуць дапамагчы вам. Толькі яны… Ніхто больш… Не адкладвайце. Едзьце сёння ж…

І зусім спустошаны, не звяртаючы ўвагі на просьбы ды мольбы іншых наведнікаў, пайшоў да сваёй палаты.

11.

Славіку стала цесна ў інтэрнацкім двары. Добра, што Станіслаў Сцяпанавіч глядзеў паблажліва, як хворыя хадзілі на падзаробкі ў вёску, дапамагалі бабулькам сена на кароўку накасіць, бульбу скапаць, дровы пасекчы… То і Славік пачаў выходзіць за інтэрнацкі паркан, каб пагуляць на большай прасторы. На гэтыя шпацыры ён зваў з сабою Валодзьку-афганца, якога па ягонай просьбе перавялі з пятага паверха на першы. Валодзьку таксама абрыд разведаны да драбніцаў двор, але адзін ён за межы яго не здолеў бы выбрацца, бо колы вазка грузлі, вязлі ў сыпучым пяску разбітай машынамі ды трактарамі вясковай вуліцы — асфальту тут яшчэ не было. Да іх звычайна чапляўся маленькі шчанючок, які невядома адкуль браўся, калі яны выпраўляліся з двара, нібыта чакаў іх заўсёды. Шчанючок, якога яны назвалі Шарык, круціўся вакол іх — то забягаў наперад, то адставаў, то цёрся аб Славікавы ногі і ледзь не трапляў пад колы — сваёю мітуснёю адцягваў увагу і ствараў нейкі такі ўтулак, што і гэтая вёска, і гэтае наваколле рабіліся ім зусім роднымі…

Гутаркі ў дарозе, на прыродзе атрымліваліся больш душэўнымі і працяглымі, чым за шахматамі. Валодзька адчуваў сваю залежнасць ад Славіка і таму хацеў дагадзіць яму, як дагаджаў усім, хто быў вышэй за яго. Звычка гэтая выпрацавалася ў Валодзькі з гадамі інваліднасці, бо раней ён быў не такім, о, не… Але годнасць і гордасць сваю ён прыдушыў, прыхаваў у сабе, бо цяпер яны маглі толькі нашкодзіць. Жыццё прыціснула яго сваімі плячыма да сцяны, і што яму было рабіць у гэтым выпадку, як не хітрыць, не выкручвацца, каб выжываць...

Славік не верыў Валодзьку, бо гэта быў зламаны чалавек, зламаны лёсам і абставінамі, інвалід не толькі фізічна, але і… маральна, духоўна. Спадзявацца на яго не выпадала. Падчас іхніх шпацыраў быў такі выпадак: яны ўбачылі, што насустрач ім нясецца натоўп. Паперадзе яго бяжыць «дурдомавец» Хведзька.

Відавочна, гоняцца за ім мясцовыя не проста так. Можа, Хведзька ўкраў што. Дагоняць — паб’юць да паўсмерці. У іх з Валодзькам быў час падумаць: паспрабаваць загарадзіць сабой Хведзьку і абараніць яго ці і самім уцякаць з дарогі. Славік стаў перад натоўпам і падняў руку: «Стойце!». Разгарачаныя вяскоўцы спыніліся, стаялі цяжка дыхаючы, абапершыся на калы і перакрыкваючыся. Што Славік ім казаў, ён не вельмі памятае, але хлопцы паабураліся-паабураліся ды павярнулі назад. Толькі тады Славік азірнуўся і ўбачыў, што Валодзька яго кінуў, але далёка не ўцёк на калясцы, загруз у пяску, перакуліўся і цяпер ляжыць бездапаможны і няшчасны, нават не спрабуючы ўзабрацца ў вазок, ляжыць, прыціснуўшыся шчакою да зямлі, і вялікімі вачыма пазірае на Славіка. Можа, гэтая дзея, што адбывалася за спінай у Славіка, гэтая бездаможнасць хлопца, які зваліўся з вазка, і спыніла вясковых… Навошта Валодзька ўцякаў? Чаму? І Славік тады зразумеў — вось так Валодзька можа кінуць яго ў любы момант, у любой небяспецы. Перамагчы набыты тут інстынкт самазахавання ён не здалее… Але і з гэтым веданнем ён працягваў «сябраваць» з Валодзькам, нічога яму не сказаўшы і не паўшчуваўшы ні трохі…

Тым болей, Славік заўважыў, што ў іхніх гутарках Валодзька мае свой інтарэс: раз-пораз спрабуе выцягнуць яго на шчырасць, прычым пра штосьці відавочна ведае больш за яго. А таму ў іх час ад часу пачыналіся «гульні розуму», у якіх кожны хацеў нешта выведаць у «суперніка», пры гэтым ніякім чынам не выдаючы сваю ў тым зацікаўленасць.

– Я памятаю, як цябе прывезлі, — казаў Валодзька, — усе хадзілі ў тваю палату паглядзець, а ты ляжаў, бы мёртвы, не варушыўся, не стагнаў, вочы не расплюшчваў… і спаў ці не спаў — ніхто не ведаў. Усе дзівіліся, ёлкі-палкі: нашто яго сюды прыпёрлі? І казалі: відаць, важная птушка, калі і такога даглядаюць… — і адразу выказваў здзіўленне: — Няўжо і праўда ты нічога не памятаеш?

Славік каціў яго перад сабою і думаў: добра, што ты не бачыш цяпер мой твар і мае вочы, а то пра многае мог бы здагадацца: «важная птушка» — гэта цікава…. А сам адказваў нібыта гранічна шчыра:

– Нічога не памятаю. Толькі сны нейкія дзіўныя сняцца. І я ў іх яшчэ больш заблытаўся — дзе сапраўднае нешта, а дзе прыснёнае…

– А што табе сніцца?

– Ды нейкія людзі, якіх я не ведаю і якіх тут няма. І я думаю: ці то яны з майго ранейшага жыцця, ці то проста сон.

– З ранейшага, з ранейшага, — упэўнена казаў Валодзька, — хіба можа прысніцца тое, чаго ніколі не было?

Яму відавочна хацелася «выцягнуць» у Славіка хоць якую новую інфармацыю, няхай і прыснёную. Сам то ён ведаў, што яму найчасцей сніцца якраз тое, чаго няма і ніколі не будзе, бо ў снах ён бачыў сябе хай і ў гэтым інтэрнаце, але з дзвюма нагамі… У снах ён хадзіў, гуляў у футбол з хлопцамі, бегаў хутка, нібы лятаў… Прачынаўся і адчуваў ногі: яны нылі, свярбелі, асабліва ступні, пяткі… Ён хапаўся за іх і… намацваў рукамі пустэчу пад коўдрай.

Колькі разоў, прачнуўшыся гэтак, ён плакаў да раніцы над сваім лёсам. Славік, вядома, можа вылечыць людзей ад нейкіх хваробаў, але яму, Валодзьку, ужо ніхто ніколі не верне ног…

– І я спадзяюся, што сапраўды з ранейшага, — казаў Славік, — і думаю, што хоць з дапамогай сноў нешта згадаю, бо на яве — нічога не помню. У галаву як цагліна замест мазгоў пакладзена… — стукаў сябе па ілбе: — Камень вось тут..

– Табе трэба хоць нешта ўспомніць. Мо ты і не сірата, як я, мо недзе бацькі цябе чакаюць, браты, сёстры… А можа, ёлкі-палкі, — Валодзька паварочваў галаву ўверх, каб сустрэцца вачыма са Славікам і вымавіць штосьці сакральна важнае, — нават жонка і дзеці… Дык што табе сніцца?

Славік памкнуўся было расказаць яму нешта з бяскрыўднага, напрыклад, сон пра Таню, які запаў яму ў памяць, але перадумаў. А іншыя сны — пра Гомель, пра Мінск — ён расказваць не хацеў. З той жа прычыны — асцярожнасці. Хоць Валодзька яму і сябар, хоць і думаў ён яго скарыстаць калі не як памочніка ў сваіх заблытаных успамінах, дык як слухача, але пакуль не адважваўся. Ды нешта ж гаварыць трэба.

– Сніцца нейкі горад, а які — я пазнаць не магу… Відаць, я раней жыў у горадзе. Дамы, аўтобусы, трамваі…

– Трамваі? — спахапіўся Валодзька. — Трамваі ў Беларусі ёсць толькі ў некалькіх гарадах. У Мінску, у Віцебску, у Мазыры і яшчэ, здаецца, у Наваполацку… Бачыш, ужо прасцей: можна нейкім чынам зону пошукаў абмежаваць.

– А можа, мне і не Беларусь сніцца… Можа, я не адсюль, а аднекуль з Украіны... ці Расіі...

– Не, цябе прывезлі з Мінска. Знайшлі непадалёк ад яго — у лесе. Значыць, сніцца Мінск. Але родам ты можаш быць з іншага трамвайнага горада... А людзі чым займаюцца ў тваіх снах? Пра што ты з імі гаворыш? Можна такім чынам тваю прафесію дазнацца. Ты ж некім быў, недзе працаваў. Мяркуючы па ўсім — адукацыю добрую меў, вышэйшую…

Славік зноў згадаў Таню. Менавіта яна, а не Люда, успаміналася чамусьці першай у гэтай размове. Чым займаюцца людзі? Дакладнае пытанне — глядзі ты. Гэты Валодзька не такі просты. Можа, ён і сапраўды мне ў нечым здалее дапамагчы… Што сказаць яму, каб і сябе не выдаць і даведацца праз яго нешта? Я ж і хацеў мець якраз такога сябра.

– Праца не сніцца. Афган сніцца, а праца — не… І вучоба таксама не сніцца. А я ж недзе вучыўся, відаць, акрамя школы…

– А кім ты ў Афгане быў?

– Сяржантам… Пастой-пастой… — Славік вырашыў усё ж «даць нейкую інфармацыю». — Мне сніцца, што служыў паўтара года, а гэтага не можа быць. Служба ж ва ўсіх два гады.

– Якраз і можа: значыць, у цябе вышэйшая адукацыя. У нас у роце былі такія. А ў якіх войсках ты служыў?

– Не памятаю.

– Дзе вашая часць стаяла? Пад Кабулам?

– Не памятаю…

– Тэхніка якая ў вас была?

– Не памятаю… Бронемашыны, відаць, бэтээры… не памятаю…

Далей у адказ было толькі «не памятаю…» І пытанне да Валодзькі:

– Пра мяне ніхто не пытаў, ніхто не шукаў мяне, калі я ляжаў?

Валодзька крыху сумеўся і адказаў:

– Не… Пры мне — ніхто. Але лепш распытаць пра гэта Эсэса. Калі і пыталіся пра цябе, дык у яго.

Так яны кружлялі вакол ды каля, аднак нейкую выгоду з гэтых размоваў Славік усё ж меў. Пэўна, і Валодзька таксама. Але тое, урэшце, няважна, неістотна... Бо, галоўнае, яны гулялі на свабодзе, на прыродзе — выязджалі за вёску, на ўзгорак ля чыгункі, дзе раслі ажыны, якія ўжо даспявалі да чарнільнага колеру, дзе сарамліва чырванела жаўтабокая яшчэ шыпшына, дзе спявалі невядомыя нябачныя птахі, кружлялі стракатыя, няўлоўныя нават зрокам, матылькі… і дыхалася так вольна-вольна, што яны зусім забываліся пра свой надакучны інтэрнат… Часам яны дазвалялі сабе раскошу — распальвалі маленькае цяпельца… І тады спыняліся размовы. Вогнішча заварожвала іх. Славік і Валодзька маглі моўчкі бясконца глядзець на яго: маўчанне, якое жыве ў кожным з нас, перамагала і не падавала свой голас… У гэтым, у маўклівай любові да агню, яны супадалі цалкам. І не аднолькавае імя, дадзенае ім бацькамі, збліжала іх, а нешта большае, невытлумачальнае, паганскае… Яны зачаравана глядзелі на агонь, як ён патрэсквае і ападае, спальваючы сухія галінкі, спальваючы ўсё дрэннае, што вакол іх і ў іх саміх, — дрэнныя справы і кепскія думкі…

12.

«Што ты за птушка і навошта ты зваліўся на маю галаву…» — разважаў Станіслаў Сцяпанавіч, ідучы да Славіка, які сядзеў на лаўцы ў сваім любімым куточку інтэрнацкага двара. Ніколі ён не думаў, што гэты хлопец, якога прывезлі сюды цурбаном нерухомым, можа даць яму столькі клопатаў… А тут яшчэ нейкія звышздольнасці ў яго праявіліся. Прадбачыць можа...

«Дык ён і пра тое, што я да яго йду, ведае, і з якой размовай — таксама?»

Убачыў Славіка, прывітаўся. Той выйшаў нібыта з трансу, усміхнуўся ў адказ шчыра і міла:

– Дзень добры, Станіслаў Сцяпанавіч…

«Альбо ні пра што не падазрае і не здагадваецца, — падумаў Станіслаў Сцяпанавіч, — альбо ўмела прыкідваецца… Буду лічыць — другое. Не трэба недаацэньваць яго — ні ў якім разе…» А сам сказаў:

– Ты ведаў, што я да цябе падыду цяпер?

– Не, я пра гэта не думаў. Каб даведацца нешта, мне трэба падумаць. Хай і міжволі, раптоўна, а не наўмысна, але падумаць.

– А можаш падумаць і ўгадаць, пра што я хачу пагаварыць з табой?

– Магу паспрабаваць, калі гутарка будзе пра вас. Я не магу нічога прадбачыць наперад толькі наконт самога сябе. Пра іншых магу, а пра сябе — не… Ніяк… Спрабаваў, але не атрымліваецца. Магу ўбачыць, што будзе з бабай Маняй увечары ці заўтра: дзе яна будзе і што будзе рабіць. Магу — пра Валодзьку, пра Сцяпана… А пра сябе — не магу… не ведаю, чаму так. Можа, таму, што не хачу… Падсвядома не хачу. І гэтае нехаценне перамагае жаданне, якое часам узнікае.

– Ого, малайчына! Во як ты фармулюеш ужо… А як ты патлумачыш сваё нехаценне?

– Ніяк… Каб жа я ведаў. Калі спрабую ў нечым разабрацца наконт сябе самога — пачынае моцна балець галава… Можа, я баюся менавіта гэтага болю?

– Ну, не спяшайся. У цябе цэлае жыццё наперадзе. Рабі толькі тое, што прыносіць задавальненне, а не боль.

– Так. Таму я і хачу паспрабаваць даведацца пра сябе праз іншых людзей, зазіраючы ў іх мінулае і будучыню. Мы ж жылі і жывём у адзін час. А значыць, у нас шмат падобнага.

– Калі гэта на карысць і табе, і людзям, дык чаму б і не. Але ўвогуле прадказанне, прадбачанне, зазіранне ў будучыню — няўдзячная справа…

– Я ведаю… разумею.

– Як-небудзь я табе прынясу кнігі пра вядомых прарокаў, вешчуноў, аракулаў, што былі ў мінулым… Я цікавіўся некалі гэтым. Вось, да прыкладу, самая знакамітая прадказальніца старажытнасці Касандра. Яна магла прадказваць найчасцей толькі непазбежныя непрыемныя падзеі. А які толк ад таго, што ты ведаеш, што гэта адбудзецца, калі пазбавіцца таго не можаш… Вось ты згадаў бабу Маню. Ты папярэдзіў яе, каб не ехала на аўтобусе. Але ж паехалі іншыя, табе невядомыя людзі, і патрапілі ў аварыю, якая ўсё роўна адбылася… І пацярпелі… Адзін нават загінуў. Табе не шкада яго?

– Шкада. Але я яго не ведаў і пра існаванне ягонае ды пра той выпадак не падазраваў бы, калі б не баба Маня. Ён жыў недзе паралельна. Колькі такіх аварый адбываецца штодзень… І страшнейшых… Тысячы. Усім не дапаможаш, усіх не пашкадуеш, жыццё не спыніш... Да таго ж… Ну калі б я сказаў тады ўсім не ехаць — ніхто б мне не паверыў, і знайшліся б тыя, што паехалі… А калі б ніхто не паехаў, калі б аўтобус застаўся ў гаражы і нічога не адбылося, дык якое тады гэта прадказанне? Падман... Так можна «напрадказваць» чаго заўгодна, а калі не збудзецца, сказаць, што не збылося таму, што я вас папярэдзіў і вы падрыхтаваліся… Вось я магу сказаць вам: не падыходзьце зараз да інтэрната, бо з даху ўпадзе камень і заб’е вас. Вы не падыдзеце, застанецеся жыць, а значыць, нічога не здарыцца з вамі, а я проста выдумаў гэта…

– Выдумаў? Але ж камень упадзе?

– Упадзе… Калі я гэта не прыдумаю, а ўбачу… І ўпадзе на вас.

– Вось як… Але, калі ты мяне папярэдзіш, я магу прайсці побач, міма…

– Не ведаю. Відаць… Але ў гэты час там можа ісці іншы чалавек… Нішто не адбываецца проста так. І камень упадзе невыпадкова.

– Значыць, усё ж непазбежнасць… Значыць, ёсць тое, што ніякім чынам не залежыць ад нас, што абавязкова адбудзецца, бо ўжо адбылося і мы толькі ідзём да яго ў часе. І ты тое бачыш… прадбачыш. Цікава… Вось Настрадамус, скажам… Таксама прадказваў у сваіх цэнтурыях непазбежную будучыню. Але так завуалявана-зацемнена, што найчасцей нашчадкі пачыналі разумець, што ён меў на ўвазе, пра што іх папярэджваў, толькі тады, калі падзеі ўжо адбыліся. Дык якая карысць ад такіх прароцтваў? Хіба толькі радасць ды задавальненне ўласна прадказальніку: маўляў, я ж казаў, што гэта будзе — рэвалюцыя там нейкая ці прыход да ўлады тырана… Але што з той радасці, калі самога прадказальніка ўжо даўно няма на гэтым свеце і ён ніколі не даведаецца, збылося наканаванае ці не збылося…

– Вы так думаеце? Вы сапраўды мяркуеце, што ён не ведае?

– О, няўжо?.. — Станіслаў Сцяпанавіч пільна ўгледзеўся ў Славіка. — Ну прабач, прабач… Тут мы пераходзім на такую тэму, ад якой у мяне самога галава кругам ідзе…

– Ну чаму ж… Тут якраз усё проста — калі б насамрэч не было бессмяротнасці душы, дык яе трэба было б прыдумаць…

– Не, давай пра гэта не будзем… Я да чаго вяду ўвогуле. Прароцтва — гэта добра. Але ўсё ж гэта — гульня. Даруй. Калі прадказанне ці прадбачанне сур’ёзнае, то яно непазбежнае, а значыць, карысці ад яго… Ніякай. Вось ты за шахматамі казаў Сцяпану — я ведаю, — што першы прэзідэнт прыйшоў надоўга, што б мы ні рабілі — на значна больш доўгі тэрмін, чым мяркуем цяпер і чым нават запісана ў Канстытуцыі… Дык што рабіць з гэтым веданнем? Нічога… Толькі жыць, проста жыць і чакаць, калі пройдзе ягоны час, што немінуча таксама, бо ўсе мы смяротныя. Так? Так… Я да чаго. Ты можаш лячыць канкрэтных людзей ад канкрэтных хваробаў. Гэта і ёсць тое, на што ты павінен скіраваць свой дар. А не траціць сілы, якіх у цябе і без таго няшмат, на нейкія прадбачанні.

– Я гэта і не раблю.

– Вось і добра. Лячыць, паўтару: дапамагаць канкрэтным людзям, ратаваць іх — найлепшае прымяненне твайго дару.

– Вы так думаеце? А я сумняваюся. Ці не грэх гэта? А як жа быць з прынцыпам — не нашкодзь?.. Людзі да мяне едуць з надзеяй, ім трэба дапамога… а я… я не ведаю нават, як гэта ў мяне атрымліваецца, што я бачу іх хваробы і… і… і… як лячу іх… я зусім нічога не ведаю… не ведаю, ці сапраўды дапамог ім, вылечыў, ці толькі адцягнуў час і… і… і… — Славік, калі хваляваўся, пачынаў заікацца.

– Ну, не перажывай. Не заводзься так. Я ж урач, і я заўсёды побач з табой.

– Дзякуй вам за ўсё… Дзякуй за гэтую размову. Мне сапраўды вельмі цяжка. Я таксама не разумею — навошта мне гэты… дар… Ён Божы? Ад Бога? Не ведаю… Калі я нічога не магу змяніць і ніхто не можа нічога змяніць, дык… Навошта гэтая мітусня… Хрыстос таксама ўсё ведаў. Ведаў, на што ішоў і дзеля чаго ішоў на Галгофу… А чаго дабіўся? Ужо дзве тысячы гадоў без аніякіх зменаў да лепшага цягнецца гэтае змаганне за… за… Божа, даруй, якая каша ў мяне ў галаве!.. Прабачце, Станіслаў Сцяпанавіч, вы маеце рацыю: калі я і сапраўды магу дапамагчы хоць нечым, хоць аднаму чалавеку, дык трэба гэта рабіць… Бо іначай — дзеля чаго я жыву?

– Гэта цяжкія для цябе думкі. Пазбягай іх. Проста жыві… Я табе ўсё ж прынясу кнігу пра Настрадамуса. Цікавая рэч. Павучальная.

– Не трэба… У вас ёсць Біблія?

– Ёсць.

– Прынясіце мне Біблію…

Пра «сваё» Станіслаў Сцяпанавіч так і не загаварыў са Славікам. А, відаць, дарэмна — шкадаваў ён, ідучы дамоў… Дарэмна. Бо хто ведае, да чаго яму рыхтавацца цяпер… Ды і Славіку таксама… А мог бы сваёй цікавасцю папярэдзіць і яго. Зазірнуў бы Славік у маю будучыню, глядзіш, убачыў бы і сваю… А не толькі «камень з даху»…

13.

А ў Славіка і сапраўды пачынаўся крызіс. У галаву лезлі думкі, якія лішнія заўсёды, у любога чалавека, а тым болей у такога, як ён: «Дзеля чаго жыву?.. Навошта я выжыў?.. І ці выжыў… Я ведаю, што я памёр. І гэта ведаюць усе, хто мяне памятаў. І цяпер я жыву… ну, зразумела, жыву пасля смерці, але нібыта ў крэдыт… Ці маё гэта жыццё? Мяне няма ні ў якіх спісах. Адусюль выкраслены. Пахаваны і забыты ўсімі. У мяне няма нават імя і прозвішча, а без гэтага жыць немагчыма. Я магу ўзяць цяпер сабе любое імя, але гэта ўжо будзе іншы чалавек, а не той, што некалі нарадзіўся і жыў да… сваёй… да маёй… смерці. А таго чалавека, можа, ужо няма і ніколі не будзе?

Дык хто тады я? І навошта тут? Чаму мяне вярнулі? Каб людзей лячыць? Не думаю. Каб прадказваць будучыню? Тым болей — не. Дык навошта мяне вярнулі сюды і чаму не пакінулі там? Чым я магу быць карысным, калі нават простае сутыкненне з гэтым жыццём мяне палохае і я не ўяўляю, як буду жыць, калі раптам мяне выпішуць з інтэрната. Хадзіць на нейкую працу, зарабляць грошы на існаванне. І жыць… Дзеля чаго? Навошта…

Зрэшты, гэта можна прыдумаць. А вось як?.. Як я буду жыць, абсалютна непрыстасаваны да тых умоваў, у якіх жыве большасць у гэтай краіне? Я ж зусім не той чалавек, які жыў ува мне да… да маёй смерці. Я іншы. У мяне іншая карма, бо іншы дзень народзінаў, іншы знак, а значыць, іншы лёс: нельга двойчы ўвайсці ў адно і тое ж жыццё…

Дык навошта вяртацца ў ранейшыя ўспаміны, якія, магчыма, ужо і не мае, шукаць родных, якія, можа быць, даўно забыліся пра мяне — для іх я мёртвы. А мёртвыя таксама паміраюць — паміраюць тады, калі пра іх забываюць жывыя… Я зусім не ведаю таго чалавека, якім я быў дагэтуль. Цяпер я Славік… Маё жыццё тут і толькі тут. І трэба пачынаць яго з нуля, а не корпацца ў сабе з надзеяй згадаць тых людзей, якія мяне забылі, пахавалі… лічаць мёртвым і зусім не чакаюць, а можа і не жадаюць, майго вяртання ў іхняе жыццё…

Я жывы і мёртвы адначасова. Я ёсць, і мяне няма. Я на тонкім лязе, на мяжы між жыццём і смерцю, смерцю і жыццём — між мінулым і будучыняй… але мінулага ў мяне няма, а будучыня… ці ёсць яна? Я не ведаю дакладна, што было ў маім мінулым і хто я, і не ведаю таго, як складзецца маё жыццё ў будучыні і ці ёсць у мяне тая будучыня… Я пакуль маю толькі сёння. Я існую толькі тут і цяпер. І, значыць, у адрозненне ад тых, хто вакол мяне, — ад Валодзькі, Тані, бабы Мані, Сцяпана… я магу пачаць з чыстага ліста, магу перапісаць сваё жыццё нанава… Гэта, відаць, файна — нарадзіцца адразу дарослым, нарадзіцца з ведамі, каб спасцігнуць якія немаўляці трэба некалькі гадоў… Дык чаму я не скарыстоўваю сваю перавагу над іншымі? Не над немаўлятамі, а над Валодзькам і Таняй, над Станіславам Сцяпанавічам, урэшце… Чаму? Як блыха, я магу скокнуць адразу з сёння ў паслязаўтра, бо ўчора і пазаўчора ў мяне фактычна няма, і нішто мяне не трымае, як іх. Перада мною ўсё адкрыта і… і… ўсё закрыта. У тым свеце, што за парканам дома-інтэрната, я жыць не змагу. Якраз з-за таго, чаго ў мяне няма і што ёсць ад нараджэння ў Тані і Сцяпана: у іх ёсць мінулае — грунт, глеба, аснова, напрацаваныя не толькі імі, але і тымі з іхняга роду, што былі да іх: бацькамі, дзядамі, прадзедамі. У іх ёсць дом, сям’я, продкі… А я… Вось выйду я за агароджу дома-інтэрната — і каму я там трэба? Куды мне ісці? Направа, налева, проста? Усе дарогі адкрытыя… Усім. А мне — толькі адна: вярнуцца назад. Назад у дом-інтэрнат… Бо там, у новым жыцці, ніхто мяне не чакае і нікому я не патрэбны…

А таму я не магу і не хачу адсюль сыходзіць, я хачу застацца тут, у гэтым доме інвалідаў, які стаў мне ўсім — маёй радзімай, маёй сям’ёй — назаўсёды... Дык што: дзеля таго, каб пражыць апошнія гады тут, у гэтым пекле на зямлі, мяне і вярнулі?»

Чым болей думаў так Славік, тым страшней рабілася яму ад непазбежнага разумення таго, што некалі давядзецца пакінуць гэты дом. У каторы раз, калі ён паспрабаваў зазірнуць у сваю будучыню, яму стала млосна ад болю, што раптоўным туманам насунуўся на яго, нібыта супраць падобных думак была нейкая «ўстаноўка», якая адразу заводзіла яго ў ступар… Але ж пра іншых ён мог думаць. І таму вырашыў пабачыць, што чакае яго краіну, свет у перспектыве. І аказалася, што вельмі хутка суседзі па Еўропе аб’яднаюцца ў супольны саюз, увядуць адзіную валюту (ён сам сабе пасміхнуўся, назіраючы за тымі пераменамі, што маляваў-паказваў яму нехта — ягоны розум ці яшчэ невядома што і хто… бо было яму смешна: ён і ўявіць сабе не мог, што літоўцы, якія так доўга хацелі незалежнасці і першымі ўвялі — вярнулі — свае грошы-літы, раптам адмовяцца ад іх… і няўжо адмовяцца ад сваіх марак немцы, ад франкаў — французы, ад ліраў — італьянцы?.. Не, дарагі мой стомлены розум, — гэтага ніяк не можа быць…). Што і ў Беларусі не будзе межаў? І Расія ўвойдзе ў гэты саюз… А далей — далей адна мова, адна нацыя, не нацыя… проста адна супольнасць — зямляне, з адною на ўсіх мовай… Дык за што мы цяпер змагаемся? Чаго мы хочам, навошта мітусімся? Якая незалежнасць? Якая мова? Калі ўсё роўна вернемся да таго, што было некалі… было да Бабілона. Да таго, з чаго пачыналася, толькі тады было, скажам, двое — Адам і Ева (прыму дзеля простасці гэтую «канцэпцыю»), у якіх была адна мова, а цяпер нас трыццаць мільярдаў, але мы адно цэлае, мы — зямляне… А не беларусы, расейцы, індусы, кітайцы, немцы, шведы, якуты, чукчы… Бо, сказана, няма ні грэка, ні іудзея…

Стоп!!! Трыццаць мільярдаў? Ён пасміхнуўся сам сабе: адкуль такая лічба выскачыла? Цяпер на Зямлі і шасці мільярдаў няма… Трыццаць мільярдаў… Нічога сабе лічбачка… Значыць, будучыня ёсць… Хай сабе і з адной мовай (не нашай), і з адной верай (таксама не нашай)… Але… Стоп! Трыццаць ці трынаццаць? Мне не пачулася дакладна, і я не паспеў перапытаць агаломшаны гэтай лічбай. Надта ж вялікая яна — трыццаць мільярдаў… Можа, усё-ткі трынаццаць? Гэта важна. Вельмі. Бо менавіта адсюль, з гэтае лічбы, пачнецца адлік назад. Нараджальнасць паўсюль, нават у Кітаі ды Індыі, пачне скарачацца, смяротнасць перавысіць яе, як перавышае цяпер у еўрапейскіх ды іншых «цывілізаваных» краінах, і паступова чалавецтва будзе адкочвацца назад, калі не да нуля, дык да тых самых двух — Адама і Евы… І ніякія праграмы ды законы нічога не змогуць зрабіць. На змену людзям прыйдуць спачатку клоны, потым робаты: штучны інтэлект — анёлы, — які пачне засяляць далёкія планеты, пакуль недзе не знойдзе такую, як наша, з патэнцыялам новых Адама і Евы…

Трынаццаць мільярдаў... Ці не замнога, ці не задужа? Не верыцца ўсё ж. Колькасць душ на свеце — мераная вада, як кажа баба Маня. Іх ні больш, ні менш, а пэўная лічба, перасягнуць якую чалавецтва не зможа. І яна не трынаццаць мільярдаў...

До фантазіяў! Што са мною? Адкуль гэтыя думкі? Дзе я гэтага набраўся? Няўжо там, пад тым кустом? Але там, дзе я быў, куды адлятаў, не было такіх паняткаў, як час і прастора. Тым больш — мова, словы. Аднак усё было зразумела без іх — было простае, неапасродкаванае ўсведамленне, якое прыходзіла на нейкай універсальнай, адзінай (зноў адзінай?)… мове… не ўвасобленай у словы. Бо слова будзе потым... Напачатку… Тут, на зямлі… Яно проста гучала ў «галаве»… не, нават не гучала, а проста ўзнікала ніадкуль, як узнікаюць думкі… але было не тваім, а знешнім… успрымалася знешнім, чыімсьці… Чыім?

І што ж то было за месца? Дзе я быў?.. Ага, яно ўва мне і паўсюль… Ува мне і паўсюль… Там, пад кустом, нешта адбывалася: да мяне прыходзіла мамачка… я нібыта некуды ляцеў скрозь цемру — уверх да вабнага мяккага матавага святла… але гэта адбывалася не ў прасторы і часе, а ўва мне нерухомым. Час ішоў паза мной — свяціла сонца, спявалі птушкі, па дарозе побач імчалі машыны з заклапочанымі і бесклапотнымі па-са-жы-ра-мі, па мне поўзалі ж-ы-в-ы-я мухі і му-ра-шы… — а ўва мне ўсё спынілася. Жыццё ў тыя гады, калі я быў без памяці, ішло па-за мной гэтаксама, як ідзе цяпер, але мяне ў ім не было, тут прысутнічала толькі цела. А дзе быў я? Тут і нідзе… Нідзе і тут? Гэтага не можа быць… Я быў тут. Толькі тут. Тут!..

Усё крычала ўнутры Славіка, але знешне ён заставаўся спакойным: як і тады, раней, ён яшчэ жыў у сабе… Я памёр, але быў, думаў ён, значыць — смерці няма! Як няма пачатку і канца! Пачаткам не можа быць, не ёсць нашае нараджэнне, а канцом — смерць. Нашае «я», якое можна назваць душой, вечнае, і яно жыве (як сказаць па-іншаму?.. існуе…) незалежна ад таго, маем мы цялеснае ўвасабленне ці не…

А значыць, усё ёсць бясконцасць і бясконцае ў часе і прасторы — як сусвет, космас — без пачатку і канца... Усё разгортваецца, бязмежна сціскаючыся ў адну кропку.

Разгортваецца бязмежна. Сціскаючыся… У Кропку…

А таму Пачатак і Канец усяго — Кропка. Кропка, якой няма… Няма!

Вось так, адным махам, лёгенька, ён разабраўся з бясконцасцю сусвету, якая так мучыла яго… Не трэба нічому вісець ці падаць у нейкай прасторы, бо — нічога няма.

Якое ёмістае слова — «няма»… Яно ўмяшчае ў сябе адказы на ўсе пытанні і вытлумачвае ўсе праблемы. Скажы сабе «нічога няма», і сапраўды — нічога няма. Усё прыдумка чыйгосьці стомленага розуму — твайго стомленага розуму… твайго стомленага розуму…

Аднекуль прыйшоў і агарнуў сэрца Славіка супакой, яно перастала рвацца з грудзей, стукацца і кідацца, прасіцца, як птушка з клеткі… Хай будзе, што, будзе, бо ні ад кога нічога не залежыць. Ну, дапусцім, праз мільярд гадоў патухне сонца, дык што нам сёння канчаць з-за гэтага самагубствам? Невядома яшчэ, што і як здарыцца. Бо будучыня мае такую асаблівасць: быць пэўнай на кожны дадзены момант часу. Але праз хвіліну сітуацыя памяняецца і зменіцца будучыня. Як у тым апавяданні Брэдберы пра растаптанага матылька… І невядома, што яшчэ будзе насамрэч: сёння будучыня нават у маёй свядомасці малюецца такой, а заўтра, можа быць, — зусім іншай. Таму прадказальнікі так і пісалі — абсалютна неканкрэтна: некалі недзе з’явіцца такі лідар, які захоча запанаваць над усёй зямлёй і развяжа страшную вайну. А потым, пасля «страшнай вайны», знаходзіўся нехта, хто, перачытваючы «прадказанні», біў сябе па ілбе: блін, дык гэта ж пра нас было (пра французаў, немцаў, рускіх… пра Напалеона, Гітлера, Сталіна…), а мы не зразумелі і не ацанілі своечасова прароцтва, дурні. А каб здагадаліся раней, маглі б захаваць мільёны жыццяў…

Ды нічога вы не маглі б — не варта дакараць сябе. Як нічога не мог і ваш прарок…

Ёсць некалькі агульных формулаў, якія спрацуюць абавязкова ў будучыні. Да прыкладу, у пэўнага чалавека якасці для таго, каб быць добрым кіраўніком (хай і дзяржавы), не супадаюць з тымі якасцямі, якія трэба, каб стаць добрым кіраўніком… І таму ён ніколі не будзе добрым кіраўніком, стаўшы кіраўніком, бо не дадзена... І так будзе заўсёды. І ўсюды.

Выйграваць выбары і кіраваць намі будуць не лепшыя людзі… Бо дабро можа перамагчы зло, толькі скарыстаўшы сілу зла, а тады яно само робіцца злом… Таму большасць прагнозаў «настрадамусаў» якраз пра нешта дрэннае, што чакае нас і да чаго нас вядуць кепскія кіраўнікі. А пра добрае… Якое там добрае… Адкуль? Бо калі ёсць пекла ў сусвеце, дык яно тут… не ў гэтым канкрэтным доме інвалідаў, у які мяне вярнулі, а на гэтай планеце ўвогуле…

Пекла тут… Няма сумневаў… І як доўга гэта будзе працягвацца? Трынаццаць мільярдаў?.. Ці… усё ж… трыццаць мільярдаў чалавек?.. Але ў любым выпадку гэта азначае, што канец свету адкладваецца… І ў 2000 годзе ён не адбудзецца. І ў 2012-м таксама, што б там ні прадказвалі розныя прарокі ды майя. І, відаць, у 2060-м — паводле Ньютана — канца свету не будзе… Але ж некалі ды ён адбудзецца. Бо як смяротны адзін чалавек, так смяротнае і ўсё чалавецтва. І нічога страшнага ў гэтым няма. Бо чалавецтва запраграмаванае на самазнішчэнне, таму і абыходзіцца гэтак жорстка з прыродай, з той маленькай, безабароннай планетай, якая яму дасталася… Зрэшты, не такой ужо і безабароннай, як здаецца, і шкадаваць трэба найперш дурных і нездагадлівых чалавекаў… Зямля была да іх, будзе і пасля іх… Зможа абараніцца ад гэтых казюрак, што ўявілі сябе «царамі прыроды».

Славіку прыгадалася любімая показка Станіслава Сцяпанавіча, з якой ён некалькі дзён не развітваўся і пераказваў усім: «Доктар, а мне можна піва? — Вы што, хворы? Якое піва! — Ну, не цяпер, а ў будучыні… — Якая будучыня!..»

«Добра, няхай, паверу: канец свету непазбежны, але калі, калі ён адбудзецца?» — спытаўся Славік.

«Не пры тваім жыцці», — быў яму адказ… Мудра, — падумаў ён, — так сказаць — значыць нічога не сказаць. Бо маё жыццё можа скончыцца заўтра, а паслязаўтра адбудзецца канец свету. Аднак я ўжо пра гэта не буду ведаць. Дакладней, мне будзе ўсё роўна. Таму і кажуць, што смерць не страшная, бо пакуль мы ёсць — яе няма. А калі яна прыходзіць — нас ужо няма. Гэтаксама нястрашны і Апакаліпсіс ці Армагедон, бо пакуль мы ёсць — яго няма, а калі надыдзе яго час — нас не будзе… І, як нехта казаў, страшна не тое, што Апакаліпсіс некалі будзе, страшна, што яго можа не быць…

Але… але… але… агульначалавечыя праблемы — гэта бздура… бздура… глупства… І не трэба табе ў іх лезці… Забудзься… На гэтым свеце ёсць толькі адзін чалавек, які павінен быць цікавым табе і ў якім ты павінен разабрацца, — гэта ты сам... Больш ніхто і нішто. Толькі твае адчуванні, думкі, пакуты і радасці належаць табе, пакуль ты ёсць. І ўвесь свет створаны дзеля цябе і круціцца вакол цябе. А таму, думаў Славік, мяне асабіста і турбуе больш за ўсё іншае — дзеля чаго мяне сюды вярнулі? Навошта? Чаму не пакінулі там, дзе было так добра? Дзе мая мама!.. Чаму? Што я не паспеў дарабіць на гэтым свеце? Я не ведаю… Няўжо каб лячыць людзей, каб дапамагаць ім жыць, выжыць, выжываць, працягваць свае дні на гэтай зямлі? Няўжо?.. — зноў і зноў сумняваўся ён і, не знаходзячы іншых высноваў, сам сабе адказваў: можа быць… Можа, і так. Але — навошта, да прыкладу, вось той дзяўчынцы з адкрытым сэрцам жыць? Што зменіцца ад таго, што яна выжыве, не памрэ цяпер, а застанецца? Ну вылечаць яе, вырасце яна, стане камусьці жонкай, народзіць сына, дачку… І што? Што з таго? Ці пазбавіцца яна тых пакутаў, што пераследуюць тут усіх? І ці будзе яна шчаслівай? А дзеці, яе дзеці, на якіх яна пакладзе сваё жыццё, таксама будуць народжаныя на пакуты… Дык навошта яе ратаваць, гэтую дзяўчынку? Не разумею... Не ведаю… Не магу ўбачыць у гэтым нейкага вышэйшага прызначэння… Свайго і яе… Пэўна, я зусім нічога не ведаю… Але тады — навошта… Зноў і зноў — навошта? Навошта? Навошта?.. НАВОШТА!!!

Думкі Славікавы пачыналі блытацца, набягаць адна на адну, словы — перамешвацца і губляць пачатковы сэнс... Стома засмоктвала яго ў сябе, і ён абмякаў, аддаючыся ёй.

Але ў выніку развагаў адно ён разумеў конча: як бы тут, у гэтым доме, ні было страшна, там, за ягонымі сценамі, за ягоным парканам, яшчэ страшней. І чым больш набліжалася для яго магчымасць пакінуць дом-інтэрнат, тым жахлівей яму здавалася неабходнасць зрабіць гэта. Куды ісці? Каму ён трэба там? У тым жорсткім свеце, пра які ён даведаўся, чытаючы лёсы не толькі жыхароў інтэрната, але і людзей, што прыязджалі да яго на лячэнне. Дык у інтэрнаце ўсё было прасцей і прадказальней. А тое, што рабілася там, — у Мінску, у Гомелі, у вёсцы за інтэрнацкім плотам — палохала яго бясконца неразуменнем: адкуль у людзей столькі жорсткасці і зла да бліжніх? Навошта гэта — «калі ўсе мы разам ляцім да зор», згадаў ён словы класіка. Так, навошта, калі нашае знаходжанне тут, на гэтым свеце, такое кароткае… І як давесці гэта іншым? Як пераканаць, што трэба быць дабрэй і спагадлівей, і не толькі да бліжніх… што не трэба рыхтавацца да вайны… што трэба імкнуцца да асабістага шчасця кожнаму, і тады будуць шчаслівымі ўсе… што трэба жадаць і рабіць бліжняму толькі тое, чаго жадаў бы сабе…

Зрэшты, колькі розных прарокаў і павадыроў спрабавалі ўжо давесці, данесці людзям гэтыя празрыстыя ісціны… а свет і зараз там… два тысячагоддзі мараль топчацца на месцы і ніяк не можа зрушыць з яго… тэхніка развіваецца, сродкі знішчэння прыроды і чалавека ўдасканальваюцца і павялічваюцца, а мараль застаецца там жа… А значыць… значыць, гэта ісціна: няма будучыні ў людства, у чалавецтва, а ёсць пагроза самазнішчэння… і дарэмна я стараюся зазірнуць у прышласць… там пакуль пуста… пустка… пустэча, над якой пануюць цішыня і цемра…

…такія, як былі да стварэння свету…

Частка чацвёртая. Дым, альбо Смерць і жыццё Уладзі Касінера...

«Дык не бойцеся іх, бо няма нічога патаемнага, што не адкрылася б, і ўтоенага, пра што не стала б вядома…»

Евангелле ад Мацвея, 10, 26

1.

Пра тое, што Уладзя прапаў, Люда даведалася недзе праз месяц. Яны перапісваліся даволі актыўна. Бывала, Уладзя ў адказ на яе ліст дасылаў некалькі. А тут амаль месяц маўчанне, і ніводнага — на чатыры яе лісты. Спачатку яна пакрыўдзілася — маўляў, знайшоў там, у Мінску, сабе нейкую цацу гарадскую і пра яе забыў. Бывае. Звычайная справа. Навошта яна яму — недавучаная вясковая настаўніца. Але потым, супакоіўшыся, падумала, што не падобна гэта на Уладзю: ён бы нейкім чынам паведаміў ёй пра перамены ў сваім жыцці. Нешта тут не так: можа, што здарылася, можа, захварэў сур’ёзна… І вырашыла сама паехаць да яго ў Мінск.

Па адрасе на канверце знайшла кватэру, якую ён здымаў. Сустрэла яе сухенькая сівая бабулька гадоў за семдзесят, крыху прыгорбленая жыццём, але рухавая, з яснымі, светлымі вачыма — гаспадыня той двухпакаёўкі, у адным з пакояў якой жыў Уладзя. Сустрэла спачатку насцярожана, але ў кватэру пусціла. А потым, калі даведалася, што Люда — даўняя сяброўка Уладзі, а дакладней, здагадалася, нявеста, заплакала…

– Добры хлопец… Не піў, не курыў, дапамагаў ва ўсім, у краму хадзіў, калі прасіла… Прыветны. Уважлівы заўсёды… Як унук мне быў…

Пасля бабульчынага «быў» слёзы нагарнуліся на вочы і Людзе: як гэта «быў»? А бабулька працягвала.

– З месяц ужо як прапаў. Раніцай пайшоў на працу і не вярнуўся. Ні ўвечары, ні назаўтра… Міліцыя прыязджала шукаць. Распытвалі мяне. А што я магу сказаць — ціхі, акуратны хлопец. У мяне да яго двое студэнтаў здымалі пакой, дык нацярпелася, ледзь выгнала. І дзевак вадзілі, і пілі беспрасветна… А на такога кватаранта, як ён, нарадавацца не магла. Казала: вось бы табе дзеўку добрую ў жонкі, дык я і кватэру адпісала б. А ён — дзяўчына ў мяне ёсць, вось уладкуюся лепш і забяру яе ў Мінск. Пра вас, мусіць, казаў…

Яны плакалі ўжо ўдзвюх, хоць Люда яшчэ не разумела, што ж здарылася… Усялякае бывае, але як можа ў вялікім горадзе ў наш час знікнуць чалавек без следу? Не вайна ж на вуліцы…

– Мне міліцыя нічога не сказала. Спыталі хіба — колькі дзён ужо яго няма… — Бабуля выцерла слёзы ражком хусткі, што ляжала на плячах, прысела. — А тады прайшло дзён дзесяць, мусіць, ці болей… Схадзі ты, дзетачка, у міліцыю, можа, табе што раскажуць… Шкада хлопца, вой як шкада… Прапаў, як і не было… — Агледзелася, быццам хацела ўбачыць Уладзю. — А я ўсё чакаю яго. Рэчы яго тут нечапаныя ляжаць. Музыка вунь стаіць, — паказала на магнітафон. — Можа, ён у больніцы дзе. Мо ў аварыю якую папаў… Схадзі ў міліцыю. Я сама схадзіла б, ды далёка па горадзе, а ногі ў мяне слабыя. Схадзі, дзетка…

Буйныя, нястрымныя слёзы каціліся па шчоках Люды, зрываліся, падалі на падлогу і разбіваліся... І разам — разбівалася і распырсквалася надзея…

2.

Вясною ў Мінску пачаліся страйкі рабочых. Такога Беларусь яшчэ не бачыла. Плошча Леніна — ці не самы вялікі па тым часе пляц у Еўропе — была запоўненая працоўным людам ад краю да краю. Казалі, што страйкуе больш за сто тысячаў чалавек з розных прадпрыемстваў горада. Ходзяць сюды пазменна, як на працу.

Чорна-шэрыя аднастайныя робы, камбінезоны і халаты зліваліся з асфальтам, і толькі твары гарэлі рашучасцю і нібыта асвятлялі сабой трывожна-змрочную плошчу. Лозунгі былі эканамічныя, але над шэрагамі рабочых светлымі сполахамі луналі бел-чырвонабелыя сцягі. Чырвоных, з серпам ды молатам, амаль не відаць. Камуністы здавалі пазіцыю за пазіцыяй, і даверу ім ужо не было. Тым болей павагі да іхніх сімвалаў. Людзей на плошчу вывела беспрасветнасць і… прага пераменаў. Ва ўсім. Можа, яшчэ не да канца ўсвядомлена, якіх. Але жыць па-ранейшаму, з чэргамі ды талонамі, з пустымі паліцамі ў крамах, з мізэрнымі абясцэненымі заробкамі, яны не хацелі. Даста-ла-а!.. Уладзя разумеў: вось ён прыходзіць, яго час. І час ягоных хлопцаў. Міліцыя бяздзейнічала, але пагаворвалі, што ўлады могуць не стрываць і скарыстаць для разгону пратэстуючых войска — як у Вільні і Тбілісі. На плошчы пачалі стварацца дружыны самаабароны. А ва Уладзі былі практычна гатовыя некалькі «пяцёрак». І таму ён прыйшоў падтрымаць страйкоўцаў не адзін і ад пачатку стаў поруч з лідарамі самаабароны. Да іх далучыліся адстаўнікі — афіцэры-вайскоўцы, якія разумелі неабходнасць арганізаваных атрадаў.

Гэтым Уладзя і прыцягнуў да сябе больш пільную ўвагу. Менавіта тады пачаў яго абходжваць Славікбард, з якім ён пазнаёміўся некалі на пасяджэнні «Тутэйшых». Славік-бард, не па гадах каржакаваты і шыракаплечы, з крывымі, як у кавалерыста, нагамі і рукамі каваля, у якіх гітара здавалася дзіцячай цацкай, нібыта выпадкова ўбачыў яго на плошчы і падышоў са словамі пра тое, што час ужо са зброяй змагацца за незалежнасць Беларусі, што трэба ствараць вайсковыя адзінкі — гэтыя думкі Уладзя ўголас ніколі не выказваў, але і не здзівіўся: імі было насычанае само паветра над пляцам, і не аднаму яму прыйшлі яны ў галаву. Славік-бард увесь час круціўся каля яго і, безумоўна, пралічыў, што адбываецца. Зрэшты, схаваць тое было цяжка, а хутчэй — проста немагчыма. Да Уладзі падыходзілі хлопцы, дакладвалі пра сітуацыю. Акрамя таго была эйфарыя — партбосы перапалохаліся, здрэйфілі. Адчувалася, што іх стаўленік неўзабаве будзе адпраўлены ў «задні праход». Надзея на блізкія перамены стала такой рэальнай, што і Уладзя сам, відаць, трохі страціў пільнасць.

Увогуле, быў ён максімальна асцярожным, да чаго прывучаў і сваіх хлопцаў, бо не вельмі давяраў розным «знаёмым». Асабліва тым, хто дужа выхваляўся сваёй смеласцю. Не любіў ён і паказны (фальшывы) патрыятызм, які раптам стаў папулярным і на вачах ператвараўся ў шавінізм, асабліва ў Расіі. Хапала падобных «патрыётаў» і ў Беларусі, якія адкрыта хадзілі з «Пагонямі», намаляванымі на куртках на ўсю спіну, і лаялі ўжо не бальшавікоў, а маскалёў. Ён такіх да сябе стараўся не падпускаць. Яны падаваліся яму правакатарамі, бо сваім паказным «гераізмам» маглі нарабіць толькі шкоды і адвярнуць ад нацыянальнай ідэі звычайных людзей. Больш за тое, яшчэ з гомельскай «Талакі» ён засвоіў ісціну, што самыя «смелыя» ў падпольнай барацьбе якраз тыя, хто мае «дах», і не абы-дзе, а менавіта ў «органах». Яны правакуюць іншых на неабдуманыя ўчынкі. І таму трэба баяцца не тых, хто асцярожнічае, а тых, хто празмерна актыўнічае і падбівае супольнікаў на «смеласць». Гэта чыстая падстава… З часам ён пераканаўся, што не памыляўся. І сапраўды, самыя смелыя і рашучыя ў рэшце рэшт і аказваліся правакатарамі. А з іншага боку — некаторыя з ціхмяных, што наведвалі пасяджэнні той жа «Талакі» ці «Тутэйшых», таксама былі са «стукачоў», бо прыходзілі сюды, як на працу — ім было нецікава, яны з цяжкасцю даседжвалі да канца і ажывалі толькі тады, калі можна было разыходзіцца, ісці дамоў…

Славік-бард быў якраз са «смелых» і «актыўных» (меў заўсёдную кідкую бел-чырвона-белую стужачку на галаве, некалькі значкаў з «Пагоняй» на грудзях і нязменную сімпатыю ў моладзі), лез не ў свае справы і быў для любой дзіркі затычкай, таму ў фронце яму не дужа давяралі. Уладзя таксама трымаў Славікабарда на адлегласці і да стварэння самаабароны не падпускаў і блізка. Але і «службы» не драмалі, справу сваю ведалі і цягнулі лямку да апошняга, па-свойму рыхтуючыся да мажлівых пераменаў…

Аднойчы ў другой палове дня Уладзя са Славікамбардам разам выйшлі са штаб-кватэры фронту.

– Табе куды? — спытаў Славік-бард.

– На праспект Казінца, на сустрэчу.

– А мне на плошчу ягоную. Па дарозе, значыць. Давай таксоўку возьмем на дваіх, напалам…

– Давай, бо я не паспяваю.

Славік-бард кінуўся да вуліцы з узнятаю рукою. Праз колькі імгненняў каля яго спыніліся чырвоныя «жыгулі». Прыватнік, але якая розніца, цяпер многія так зарабляюць, спакойна падумаў Уладзя. Славік-бард зазірнуў у салон, перамовіўся з кіроўцам і паклікаў яго.

– За дзясятку завязе. Сядай, — і сам сеў наперадзе. На светлафоры «жыгулі» прыпыніліся, прыцерліся да збочыны. Уладзя не паспеў зрэагаваць, не зразумеў нават, што адбылося: з двух бакоў да машыны падышлі моцныя мужчыны, расчынілі дзверы і селі справа і злева ад яго. «Ня рыпайся, парэнь», — папярэдзіў адзін з іх, які быў у джынсоўцы. «Сядзі спакойна, і ўсё будзе хара... добра», — дадаў другі.

Машына ірванула да выезду з горада. Мужчыны былі мускулістыя, «качкі» — казалі пра такіх, і Уладзя нават праз адзенне адчуваў, як перакатваюцца іх цягліцы, — сядзець было цесна. Ён разумеў, што гэта не жарты. Але і не ўяўляў, што можа быць далей. Да Славіка-барда не апеляваў, бо той увагнуўся ў пярэднім крэсле, уціснуўся ў яго, каб быць не бачным яму.

– Задумаў гуляць з намі? Не выйдзе — не такіх абломвалі, — пачаў казаць той, што сядзеў злева, звяртаючыся, вядома ж, да Уладзі, але гледзячы наперад, застаючыся нерухомым, як помнік. — Думаў абдурыць нас, даваць дазаваную інфу... — Павысіў голас да злосці і павярнуўся да Уладзі: — Ты, сапляк, хацеў абыграць нас! Сваім дакладваць усё, а нам херню падсоўваць?.. Спачатку падпіску даяце, а потым у сваіх выданнях прызнанні друкуеце, як вас «стукачамі» рабілі. Свалата! Чысценькімі хочаце быць, калі смажаным запахла. Не выйдзе… Не на тых нарваліся!.. Мы ж цябе папярэджвалі, што ў нас вушы ўсюды, а рукі — доўгія… Войска ствараць надумаў — не выйдзе. Незалежнасці захацелася… Перакрыем кісларод. Мы вам галаву падняць не дадзім. Беларусь заўсёды была з намі, і нікуды мы яе не адпусцім… І прыбалтаў таксама. Хай яны пацешацца пакуль. А ў вас такія думкі — прысячэм на корані. Паднялі галаву з дзярма — шах, і няма галавы.

Уладзя слухаў моўчкі, прыкідваючы, што для яго асабіста могуць азначаць гэтыя словы «прысячэм на корані», якія ён ужо чуў некалі. Любяць яны так казаць: «прысячэм на корані», «перакрыем паветра», любяць папалохаць… Але гэтым разам, у машыне, якая, падобна, імчыць за горад, гучалі яны не папераджальна, а страшней. Няўжо адважацца на… Не, відаць, прыпужаюць толькі.

Далей ехалі ў цішыні. Мужчыны надзьмута маўчалі, гледзячы ў вокны. Уладзя згадаў, што ў апошнія дні зніклі некалькі хлопцаў, з тых, што таксама не сядзелі склаўшы рукі. Іх пакуль не шукалі, бо нехта распаўсюджваў чуткі, што з’ехалі: хто дамоў — у іншы горад ці вёску, а хто да знаёмых ва Украіну, у Расію… Ды і ці будзе нехта шукаць кагосьці ў гэтай мітусні, у гэтым хаосе, што цяпер вакол. Кожны дзень знікаюць людзі на дарогах, найперш тыя, што едуць на сваёй машыне ці гоняць сабе машыну з-за мяжы. Дарога Брэст–Масква, да якой яны, падобна, кіраваліся, ад заходняй мяжы да Смаленска падзеленая на ўчасткі ўплыву паміж бандамі рэкеціраў, якія дзейнічаюць жорстка і беспакарана. І міліцыя альбо нічога зрабіць з імі не можа, альбо сама ў долі…

Выехалі з горада. Уладзя разумеў, што яго заманілі ў гэтую машыну — Славік заманіў — не проста так, а каб… Што «каб» — дадумваць не хацелася… Ён варухнуўся інтуітыўна, і тыя двое напружыліся і цісканулі яго з бакоў: «Ціха!» — прабурчэў адзін з іх і балюча штурхануў локцем пад скабы. «Ну што ж, так проста я вам не дамся», — падумаў Уладзя, калі ўбачыў, што машына звярнула з шасейкі да ляска. Але і амбалы ведалі, пэўна, што ён самбіст. Як толькі «жыгулі» спыніліся, адзін з іх рэзка нахіліў яго галаву і ўдарыў рабром далані па карку. Уладзя на імгненне «адключыўся». Як мяшок, выцягнулі яго з машыны, аднак ужо ў наступны момант ён ачуўся. Згадалася «вучэбка», але там быў цесны пакой, а тут вольны лес. І ён вырашыў не адбівацца, а паспрабаваць збегчы, уцячы. Ён бы вырваўся і, магчыма, уцёк, каб не Славік, які апынуўся ззаду. Калі амбалы адляцелі пасля падсечкі аднаму і ўдару ў пахвіну другому, Славік ускочыў яму на плечы, абхапіў рукамі шыю і павіс на ім, душачы і завальваючы на зямлю… Тут падаспеў кіроўца з нечым металічным у руках… Славік адхінуўся, трымаючыся за правае вока: Уладзя паспеў гваздануць яму локцем.

Білі доўга. Ён аказаўся жывучым. Хацелі з’імітаваць бойку — нібыта напалі на яго нейкія п’янтосы, але грошай не знайшлі і ў злосці забілі насмерць. Таму зброі ніякой не скарысталі. Нават нажоў. Дабівалі нагамі і падабранымі пад дрэвамі тоўстымі галінамі, бы доўбнямі...

Нарэшце Уладзя здаўся, абмяк. Пульс не прамацваўся, сэрца замёрла, не шалохалася. І тады Славіку загадалі зацягнуць яго пад куст і шваркнуць пляшкай па галаве...

3.

Ісці наўпрост у міліцыю Люда не адважылася: як патлумачыць, хто яна такая Уладзю… Паспрабавала спачатку знайсці Андруся, які быў земляком і даўнім сябрам Уладзі. Яна ведала, што ён працуе ў рэдакцыі адной з газетаў.

Ёй пашанцавала — Андрусь якраз быў на месцы, у сваім кабінеце: толькі што вярнуўся з камандзіроўкі. Пра знікненне Уладзі ён, вядома, нешта няпэўнае чуў, але не надаў значэння. Пераехаўшы з сям’ёю — малымі дзецьмі і жонкай — у чужы горад, ён так закруціўся ў сваім бескватэр’і, безграшоўі, дробных праблемах ды клопатах, што за месяц нават не пацікавіўся лёсам сябра: сам Уладзя не турбуе, значыць, у яго ўсё добра.

Яму было сорамна і няёмка перад Людай. Ён гатовы быў на любую дапамогу ёй, каб хоць крыху згладзіць, змякчыць сваю віну.

— Што рабіць?.. Што рабіць?.. Што можна зрабіць? — Андрусь узбуджана хадзіў па кабінеце, разумеючы, што месяц — немалы тэрмін, каб без дай прычыны не з’яўляцца ў кватэры. — Эх, Уладзя! Эх, Касінер… Памятаеш, мы так яго звалі… Дзе ты? Як ты?.. І дзе цябе шукаць?

Вядома, спадзявацца на тое, што Уладзя раптоўна захварэў ці патрапіў у аварыю і знаходзіцца недзе ў бальніцы, не выпадала. Знайшоўся б за гэты час, азваўся нейкім чынам, хоць бы бабулі патэлефанаваў… Ці з бальніцы паведамілі б… Тым болей — яго шукала міліцыя. Пайсці туды? Так. Але спачатку трэба на былую працу Уладзі, у інстытут…

Сакратарка на факультэце відочна спалохалася, пачуўшы прозвішча Уладзі. Убачыўшы журналісцкае пасведчанне, яна, нічога не патлумачыўшы, правяла Андруся і Люду да загадчыка кафедры. Той расказаў ім: прыходзіў следчы, распытваў яго ды іншых… Непрыемна зморшчыў вусны і выдаў сваю версію таго, што адбылося, пра якую ведае цяпер увесь інстытут: маўляў, Уладзя быў замешаны ў нейкіх грашовых — валютных, падкрэсліў ён, махінацыях, на яго наехаў «рэкет», і ён прапаў… Знік сам ці дапамаглі... А можа, і схаваўся недзе… Краіна ў нас вялікая: ад Брэста да Курыл… І цяпер на яго аб’яўлены ўсесаюзны вышук.

Андрусь і Люда зразумелі, чаму ў інстытуце ад іх, як ад пракажоных, шугаліся ўсе, калі чулі прозвішча Уладзі. І толькі на выхадзе прыпыніла і адклікала іх убок адна жанчына. Сказала: «Не верце нікому… Ніякі ён не валютчык. І ніколі нічым такім не займаўся. Гэта ўсё прыдумка гэбістаў. Ён сумленны хлопец... У апазіцыі быў. Я ведаю… Знайдзіце яго. Ён пакутуе ні за што… Не верце нікому… не верце…», — заплакала і знікла за дзвярыма аўдыторыі.

Узрушаныя Люда і Андрусь нават не спыталі, хто яна. Але слова «пакутуе» іх абнадзеіла.

На жаль, паход у міліцыю пасля гэтага таксама нічога не даў. Следчы, які вёў справу аб знікненні, сказаў ім пра «таямніцу следства» і пра тое, што на Уладзю аб’яўлены вышук. І дадаў: хутчэй за ўсё Уладзі ўжо няма сярод жывых, проста труп пакуль не знойдзены. Так і сказаў: труп…

– Як такое можа быць у наш час? — перапытаў Андрусь. — Быў чалавек і няма…

– Ведаеце, колькі ў нас цяпер такіх выпадкаў? Забылі, у якой краіне жывяце! — следчы раптам перайшоў на крык. — У нас ёсць звесткі, што ён займаўся валютнымі афёрамі! У асабліва буйных

памерах! І за гэта яго маглі б прыбраць кампаньёны, якіх ён падвёў, ці канкурэнты.

– Ды не мог ён гэтым займацца…

– Адкуль вы ведаеце? Вы што — працавалі разам? Ну-ну, раскажыце. Можа, і прасвятліце нам цёмную справу, бо гэты «вісяк» мне абсалютна не патрэбны…

– Мы проста даўнія знаёмыя, сябры, і з ім ніякім чынам не працавалі. Я ўвогуле жыву ў вёсцы далёка ад Мінска, — сказала Люда.

– У вёсцы? Добрае прыкрыццё. Ну-ну… расказвайце… сябры.

– Вы што? — раззлавалася Люда. — Мы да вас па дапамогу, а вы свае праблемы на нас перакідваеце?

Следчы памякчэў:

– Прабачце, праца такая. Разумею, вам балюча гэта чуць… Але я не жартую. У нас нераскрытае злачынства — чалавек знік… І надзеі на тое, што ён знойдзецца, — нуль працэнтаў… Таму я і чапляюся за любую нітачку.

На тым і развіталіся. Праўда, следчы ўсё ж узяў у іх кароткія паказанні пра знаёмства з Уладзем і ягонае жыццё да знікнення.

Выйшлі з міліцэйскага аддзялення Андрусь і Люда яшчэ больш засмучаныя, чым да таго.

– Што рабіць? — зноў спытаў сам у сябе Андрусь. Што будзем рабіць?

Паглядзеў на Люду… Што яны маглі зрабіць? Распачаць сваё следства? Якім чынам? Калі міліцыя за месяц нічога не знайшла... Яны і падумаць не маглі, што следчы, гаворачы пра труп, ведаў, што кажа, але яму настойліва параілі «забыцца» на гэтую справу, а ўсіх, хто будзе цікавіцца лёсам Уладзі, фіксаваць і пра іх дакладваць...

А тады Андрусь і Люда, агаломшаныя няўдалымі пошукамі, вырашылі пачакаць крыху — а раптам нешта прасвятліцца…

4.

Так прайшло амаль тры гады.

Тры гады, скрозь якія Люда не забывала пра Уладзю. Аднак зноў і зноў паўставала тое ж пытанне: што яна магла зрабіць? Пісаць кудысьці… Нешта патрабаваць… Але ў краіне такое бязладдзе пачалося. Сапраўды развал. Ва ўсім. Найперш у эканоміцы. А потым і развал самой краіны пад гучнай назвай СССР. Якія там пошукі… Каму цікавы лёс нейкага чалавека, калі такое адбываецца…

І ёй заставалася толькі спадзявацца… На што? На Бога, на лёс…

На Бога… Яна згадвала тую іхнюю наіўную клятву ў вернасці перад алтаром разбуранай Валатоўскай царквы пад Гомелем і думала: ну хіба ж яны маглі прадбачыць такое? Баяліся Афганістана, лічылі, што самае страшнае можа быць там, але абышлося. А бяда прыйшла адтуль, адкуль яны зусім не чакалі…

Аднак чым болей праходзіла часу, тым меней заставалася надзей на тое, што Уладзя жывы і знойдзецца. Спачатку яна думала, яго выкралі каўказцы да сябе ў рабства — такіх выпадкаў напрыканцы васьмідзясятых, у пачатку дзевяностых было шмат. Хлопцы вярталіся з Чачні ці Дагестана, бывала, праз год-два і расказвалі журналістам жахі пра тое, што там робіцца, колькі славянаў знаходзіцца ў палоне як бяспраўныя рабы. Потым і гэтая надзея адпала... Сказаць, што яе амаль не было і на пачатку, пасля звароту ў міліцыю? Можа, й так. Толькі нешта ўсё ж стрымлівала Люду, нейкая патаемная, да канца не асэнсаваная нават, вера жыла ў ёй, што яны з Уладзем яшчэ ўбачацца…

Яна скончыла ўніверсітэт і засталася працаваць у той самай вёсцы, куды з’ехала па пераводзе на завочнае аддзяленне. У прычарнобыльскай вёсцы, дзе дзяцей у школьных класах з кожным годам меншала, якая памірала на вачах, бо жыхары з’язджалі з яе ў «чыстыя мясціны». Трэба было і ёй уцякаць адгэтуль, ад усюдыпранікальнай радыяцыі, але яна прывыкла да дзяцей і не хацела пакідаць іх. Ды і як тут кінеш, куды паедзеш? Надта цябе чакаюць недзе...

Замуж не выйшла. Ад саўгаса атрымала катэдж з невялікім агародзікам — застаўся ад збеглага пасля Чарнобылю «спецыяліста»: парторга. Згадвала шчаслівыя хвіліны, што правяла некалі з Уладзем, і не бачыла нікога побач, хто мог бы замяніць яго. Вядома, мясцовыя хлопцы, трактарысты ды шафёры, заляцаліся да яе. Закахаўся нават адзін вучань-старшакласнік, які ёй і пасля школы год праходу не даваў, пакуль не забралі ў войска. Ісці за якога-небудзь іншага «трактарыста» яна не хацела. Хоць што гэта азначае «за трактарыста» — галоўнае, каб чалавек быў талковы, казала ёй завуч Антаніна Пятроўна, якая сама гадоў трыццаць таму прыехала ў гэтую вёску па размеркаванні і засталася на ўсё жыццё, пабраўшыся з мясцовым хлопцам, на той час якраз трактарыстам. Хлопец з яе дапамогай скончыў Горацкую акадэмію і цяпер працаваў галоўным аграномам у калгасе. І яна, і ён усім былі задаволеныя, выгадавалі трох дзяцей, якія раз’ехаліся па краіне: старэйшая дачка працавала доктарам ажно на Сахаліне, а сыны жылі ў Мінску, і меншы давучваўся ва ўніверсітэце на юрыста…

Так то яно так, думала Люда, адна, вядома, не пражывеш… Дый нічым я не абавязаная Уладзю, не салдатка, не з вайны чакаю. Ну, сябравалі некалі, ну, знік ён трагічна, дык не трываць жа з-за гэтага ў адзіноце ўсё жыццё…

Дарэчы, пра гэта, пра Уладзю, у школе іхняй ніхто не ведаў. Ну, пэўна, і здагадваліся, што быў у яе некалі недзе сябар, але што з ім сталася — ніхто і не думаў: ці мала што па маладосці бывае — пасустракаліся і развіталіся… «Няшчаснае» студэнцкае каханне — звычайная рэч. Таму, можа, і выяўляла клопат да яе Антаніна Пятроўна, бо спачувала.

Усё так, зноў і зноў думала Люда, але супраць сваёй волі падпусціць да сябе кагосьці не жадала. Казала сабе: ну няхай прыйдзе каханне — такое, як у кніжках пішуць, калі за каханым хоць у горы… хоць на край свету… Гэта ж не выдумка, так і сапраўды бывае… А пакуль такога няма, дык навошта ж самой сябе на гвалт аддаваць… І яна ўвесь свой час прысвячала вучням, была іх любімай настаўніцай, і яны ёй замянялі і магчымага мужа, і сваіх дзяцей…

І толькі прачнуўшыся раптам сярод ночы, яна ціхенька плакала над сваім лёсам, над сваёй адзінотай… І думала, што трымае, не адпускае яе нешта ці нехта, хоць ты да бабулек ідзі... І гэта не толькі памяць пра Уладзю. Хутчэй гэта надзея, што ён недзе ўсё-ткі ёсць, жывы: бо магілкі ж ягонае няма... А таму трэба шукаць альбо яго, альбо… Не, пакуль не пабачыць яна ягонай магілкі — ён жывы, жывы!.. І зноў, і зноў успамінала яна тыя іх, зробленыя ў царкве пад адкрытым боскім позіркам з блакітнага неба, заручыны… Жартам ці ўсур’ёз зробленыя… Неістотна. Але яны, тым болей цяпер, успрымаліся якраз усур’ёз.

Бо было тое ў царкве...

5.

Амаль тыдзень Уладзя праляжаў пад кустом. Удзень сонца свяціла яму ў самы твар. Спачатку голае голле ніяк не абараняла яго, але лістота на дрэвах і кустах з кожным днём распроствалася і гусцела... Твар ягоны і рукі абляплялі мухі ды мурашы. Ён ляжаў нерухома, але — ён быў жывы. Правальваўся ў пустэчу, а потым на хвілю выходзіў з яе, каб застагнаць і зноў праваліцца. Ён не памятаў, ці расплюшчваў хоць раз вочы пад тым кустом. Ён не памятаў голля над сабою. Ён не памятаў нават сонца. Ён памятаў толькі ягоную спякоту і жар. Быццам сядзіць блізка да расчыненай грубкі. Колькі разоў цемра рассоўвалася. Гэта было тады, калі да яго прыходзіла маці. Яго родная мамачка, памерлая пры родах і якую ведаў ён толькі па адным здымку, знойдзеным у свайго дзядулі — яе бацькі. Мамачка — так ён называў яе, у адрозненне ад мачыхі, якую клікаў мамай, — была апранутая ў лёгкую белую сукенку. Такую лёгкую, што яна свіцілася наскрозь. Мамачка была маладой — ягонага ўзросту — і прыгожай-прыгожай — у такую можна было закахацца. Мамачка ўзяла яго за руку і павяла некуды сярод светла-туманнага мроіва. Яны былі адны, але ён нібыта ведаў пра прысутнасць іншых… людзей побач, хоць і не бачыў іх. Ён адчуваў сябе адначасна і дарослым, і маленькім. Яму было добра.

«Мамачка, я хачу застацца з табой», — прасіў ён, але яна яму адказвала: «Не, сынок, табе яшчэ рана сюды, табе трэба вярнуцца...».

Так паўтаралася двойчы. Не — тройчы. Апошні раз прыходзіла да яго мамачка перад тым самым момантам, калі яго знайшоў хлопчык з недалёкае вёскі. Вясна была сухой, лес стаяў пусты, і вяскоўцы ў яго амаль не хадзілі. А чаму забег туды хлопчык? Мо дубец які ці свістульку выразаць хацеў, ці проста паглядзець: мо паспелі першыя ягады, а мо і грыбы з’явіліся? Ён быў удзячны таму хлопчыку. Так, удзячны, але... Але недзе глыбока ўнутры сядзела крыўда на тое, што ён разлучыў яго з мамачкай...

Пасля мамачка больш яму не снілася. Нават цяпер. Хоць яму вельмі хацелася з ёй сустрэцца. Ён бы больш не прасіўся застацца там, але ў яго ёсць аб чым распытаць яе…

Што было тады і што было потым? Летаргічны сон? Кома? Гэта вырашаць урачам. Але Уладзя — насуперак усяму і ўсім — вярнуўся да жыцця. Не тое дзіва, што вярнуўся, а тое, што вярнуўся праз такі час у сваё ранейшае цела… Болей за тое — ён амаль не страціў памяць, што ёсць неверагодным, ён загаварыў, успомніў літары, увогуле, шмат чаго ўспомніў, што таксама неймаверна, бо самым натуральным было б, што, нават ажыўшы, ён застаўся б маўклівай раслінай, якая лыпала б вачыма, але не магла б ні паварухнуцца, ні нейкім чынам выказаць свае пачуцці, тым болей — думкі… А яго яшчэ і пацягнула на філасофстваванне, на развагі пра лёс і будучыню ча-ла-вецт-ва, чаго раней, у тым сваім жыцці, ён ніколі не рабіў і не зрабіў бы… «Філасофстваваць — значыць вучыцца паміраць», — згадаў ён вычытаны недзе афарызм і ўсміхнуўся сам сабе: старажытныя ведалі, дзеля чаго мы жывём, а я ўсё сумняваюся…

Так, ён вярнуўся ў жыццё, каб… вучыцца жыць і паміраць… Наноў… Хоць самым верагодным было — назаўсёды застацца яму ў тым стане, які называецца «нішто»…

Усе мы прыходзім у гэты свет з нічога і сыходзім у нішто, — хто раней, хто пазней… І жыццё нашае ўціскаецца між двума невядомымі, адпаведнікам якім можа быць толькі слова цемра: паміж цемрай і цемрай… У кожнага з нас спачатку была цемра, і кожнага з нас потым чакае цемра. Але ў асобных людзей ёсць шанец, трапіўшы ў «нішто», вярнуцца адтуль, трапіўшы ў цемру, вынырнуць з яе. Хто дае ім гэты шанец? За што? За якія такія заслугі і дзеля якіх такіх добрых ці кепскіх учынкаў? Альбо: за якія такія правіны і дзеля якіх такіх пакутаў?

Чаму замест насычэння сабою глебы і ператварэння ў глебу некаторых з нас пакідаюць яшчэ на нейкі час хадзіць і думаць, любіць і пакутаваць, быць і жыць?.. Я ж не хацеў вяртацца. Прасіўся застацца там, з мамачкай... Бо жыве кожны з нас на зямлі — пакуль хоча таго, пакуль чапляецца за жыццё, пакуль не здаецца, пакуль мае мэту… Я не меў ні мэты, ні жадання. Дык навошта, чаму я вярнуўся?..

Ну добра, не памёр я. Не стаў зямлёй. Не падтрымаў сваімі сокамі жыццё травінкі, дрэўца… Што мне рабіць цяпер з гэтым шчасцем? Як яго скарыстаць? Калі нехта хацеў мяне зберагчы для людзей, дык чаму дапусціў маё знікненне, маю смерць? Калі вырашыў вярнуць, чаму не вярнуў адразу, а толькі праз гады? Навошта была перарваная повязь паміж мною і… мною? Дзе я быў увесь гэты час? Не разумею… Зусім не разумею. Таму і не радуюся свайму вяртанню. Таму і не ведаю, што з ім рабіць. Таму і губляюся — як жыць далей? Дзе жыць? Тут, у гэтым доме-інтэрнаце? Ці ўсё ж паспрабаваць вырвацца адсюль?..

Стоп! Я зноў зусім забыўся на тых, дзякуючы каму я трапіў сюды. Не сумняваюся: яны не дрэмлюць. А значыць, усё толькі пачынаецца. Не з нуля, хоць і наноў. А значыць, жыццё мне зноў не пакідае выбару. Бо што там наперадзе? Што там…

Яго палохала гэтая невядомасць. І яму хацелася бегчы ад яе назад… ва ўлонне маці. Ён быў як нованароджаны. Але ў немаўляці ёсць мама ці няня, ёсць нейкі апякун. У яго ж нікога не было. Ён быў адзін на цэлым свеце... Ці можа хто сабе ўявіць, як гэта цяжка — быць аднаму?.. Не толькі без маці і бацькі, гэта бывае, а без нікога ўвогуле: сяброў, знаёмых, суседзяў…

Ці можа хто сабе ўявіць, як гэта няпроста — нарадзіцца ў дваццаць восем гадоў?

І чым больш Уладзя згадваў, чым болей заглыбляўся ў існае і ўсведамляў сябе ў гэтым свеце, тым болей яму не хацелася выздараўліваць канчаткова, пакідаць інтэрнат і вяртацца ў звычайнае жыццё. Ён не ўяўляў сябе там. Інтэрнат быў ягоным усім… І ўратаваць яго магло толькі тое, што знайшліся б ягоныя бацькі, родныя, знаёмыя… Але шукаць іх, каб стаць ім лішнім клопатам, ён не хацеў… І таму вырашыў закінуць свае запісы і ўспаміны… Спакваля спела ў ім жаданне застацца тут, у гэтым інтэрнаце, назаўсёды, бо нічога лепшага ён не ведаў, бо жыццё за ягоным парканам страшыла яго бязмежна… Бо тут ён не быў такім адзінокім, як там. Бо ніколі яму не снілася, не ўяўлялася, не бачылася ягоная будучыня. Ці ёсць яна ў яго? І якая яна? Яму чамусьці думалася, што яна светлая. Такое было прадчуванне. Ён не мог пакуль зазірнуць у сваю будучыню і ўбачыць яе. Проста яна яшчэ не аформілася ў словы і вобразы, падзеі і факты… але яна ёсць… праўда ж, ёсць…

Уладзя падзяліўся гэтым са Станіславам Сцяпанавічам, і той супакоіў яго: не хвалюйся, усё будзе добра, нікуды мы аднаго цябе адсюль не выправім… І дадаў: вучыцца табе трэба, прафесію нейкую набываць, а тады ўжо думаць пра далейшае… А вучыцца можна і жывучы тут — паступіць у інстытут ці ва ўніверсітэт завочна. Я дапамагу аднавіць патрэбныя дакументы…

Сам жа падумаў: ну вось, пачынаецца тое, чаго і баяўся, — часовае прасвятленне заканчваецца, арганізм Славікаў здаецца… Цяпер можа развіцца рэгрэс і вяртанне назад у той стан, з якога ён так нечакана выйшаў...

А потым задумаўся: не, усё ж не хапае мне спецыяльных ведаў у гэтым канкрэтным выпадку… Можа, гэта і не рэгрэс зусім, а наадварот: Славік цалкам адаптуецца да жыцця і таму пачынае пакутаваць ад нармальных чалавечых страхаў — звычайных клопатаў звычайнага чалавека: як жыць, як выжываць, дзе жыць, за што жыць і гэтак далей?..

6.

І вось раптам Уладзя пачаў сніцца Людзе. Ледзь не кожную ноч. Сны былі розныя: і проста згадкі пра іх сустрэчы, і трохі нечаканыя... Яны прагульваліся з ім па ваколіцах Гомеля, як гэта і было раней. Ён быў вясёлым і гаваркім… Яна прачыналася і, уражаная сном, доўга не магла заснуць. Згадвала, пра што яны размаўлялі ў сне, каб выцягнуць адтуль нейкія звесткі пра яго, і не магла: не было там нічога адметнага… Адна толькі думка ўсё мацней і мацней апаноўвала ёй: Уладзя жывы, ён недзе блізка, ён думае пра яе, кліча да сябе, просіць знайсці яго…

І яна вырашыла зноў пашукаць Уладзю. А раптам ёсць нейкае прасвятленне ў следстве, а раптам у міліцыі нешта даведаліся пра яго. А можа, і праўда ён знайшоўся. Вунь жа казалі па тэлевізіі, што чачэнцы па-ранейшаму выкрадаюць на вакзалах «рускіх» і вязуць да сябе ў парабкі, у рабы… І людзі гадамі працуюць на чачэнаў, жывуць у пакутах, пакуль нехта не вызваліць іх альбо самі нейкім чынам не ўцякуць… З-за гэтага вунь зноў размовы пра вайну пачаліся.

Яна неяк нават сама сабе паверыла, што Уладзя знайшоўся. Ну не мог спартовец, які прайшоў Афган, так проста знікнуць… У тое ж, што Уладзя быў замазаны ў нейкія валютныя ці грашовыя махінацыі, яна, ведаючы яго, не верыла ад пачатку.

Згадваўся ёй Уладзя, як жывы, і яна затоена лавіла ў сабе пачуццё, што па-ранейшаму кахае яго.

Пакуль я яго памятаю, думала яна, ён жывы, пакуль кахаю — не памёр…

І таму пад канец летніх канікулаў паехала ў Мінск.

Андрусь за тры гады змяніўся. Пасаліднеў, пакруглеў, адпусціў жывоцік і модную бародку. Стаў намеснікам галоўнага рэдактара адной з рэспубліканскіх газетаў. Сустрэўшы выпадкова на вуліцы, яна не адразу пазнала б яго. Вядома, пошукамі Уладзі ён не займаўся: наогул забыўся не толькі пра сябра і земляка, але і адышоў ад сваіх былых паплечнікаў з «Талакі» ды «Тутэйшых», цалкам аддаўся газетнай працы — на «культуру». Гэта было зразумелым у першых 90-х гадах, калі поўным ходам ішла беларусізацыя, калі была надзея на лепшае жыццё, але цяпер, калі пачаўся адкат па ўсіх пунктах і калі зноў дзясяткі тысячаў людзей сталі выходзіць з пратэстамі на вуліцы… тое было як здрада…

– Ведаеш, — сказаў збянтэжаны нечаканым прыходам Люды Андрусь, — столькі часу прайшло, а мне таксама нешта неспакойна на душы. Не сярэднявечча ж на двары, не вайна — канец дваццатага стагоддзя… А тут знік чалавек, і нікому няма да таго справы…

Давай паспрабуем папытаць у былых ягоных сяброў. Можа, яны займаліся пошукамі. Калі ён і сапраўды знайшоўся, то не могуць жа яны не ведаць: хоць на каго ды выйшаў, хоць нехта ды нешта чуў… Уладзя даволі цесна быў звязаны з тагачаснай апазіцыяй… Яна, дарэчы, нягледзячы на перамены, засталася практычна той жа. Давай звернемся да іх. Няўжо і там ніхто не цікавіўся ягоным лёсам?

Пасля некалькіх размоваў і сустрэчаў з былымі «талакоўцамі», «тутэйшаўцамі» ды «фронтаўцамі» аказалася, што апошнім, хто бачыў Уладзю, быў Славік-бард. Так па ўсім выходзіла.

Славік-бард прыкінуўся спачатку, што не памятае, пра каго ідзе гаворка. Потым «успомніў» Уладзю… Уладзю Касінера. Толькі ці ён апошнім сустракаўся з ім?

– Даўно тое было… — урэшце прамовіў ён і аблізаў засмяглыя вусны. — Столькі гадоў прайшло, столькі розных падзеяў адбылося… — Ён відавочна цягнуў час, разважаючы, што і колькі можна сказаць, а пра што трэба маўчаць нават пад катаваннем… — Усё змяшалася, і нічога я дакладна не памятаю. Мы бачыліся з ім тады ледзь не кожны дзень. Былі агульныя справы… А потым ён раптоўна знік. Куды? Як? Не ведаю… Хлопцы расказвалі, у міліцыі былі нейкія версіі. Праўдападобныя і непраўдападобныя… версіі… Нешта пра мафію, валюту… Чым пошукі скончыліся, а яго доўга шукалі, — не ведаю. Ці знайшлі вінаватых, ці знайшлі яго самога… Неяк не пацікавіўся. Закруціўся, як і ўсе мы. Хоць справа і сапраўды цёмная… Трэба было б да яе вярнуцца… Але, дакладна, калі б Уладзя знайшоўся, то мы ведалі б пра тое. Думаю, да нас бы ён прыйшоў абавязкова, адгукнуўся б… Тут яго сябры — куды ж яшчэ яму ісці, як не да нас…

На тым і развіталіся.

7.

У першы год, калі ў інтэрнат прывезлі Уладзю пад імем Славіка, ягоным лёсам з Мінска цікавіліся даволі часта: прыблізна раз на месяц. Але месяцы складваліся ў гады, а сітуацыя не змянялася, стан Уладзі заставаўся ранейшым. І званіць пачалі ўсё радзей і радзей. Пэўна, пераканаліся, што ён ужо не апрытомнее, альбо калі і ачуецца праз нейкі час, дык без памяці і згадаць ды распавесці пра сябе нічога не зможа. Апошні раз проста папрасілі Станіслава Сцяпанавіча паведаміць ім, калі нешта здарыцца. Пад гэтым «нешта» разумелася хутчэй смерць Уладзі, чым ягонае выздараўленне.

Станіслаў Сцяпанавіч падазраваў, што там, у Мінску, ведаюць сапраўднае імя «Славіка» і ягоную гісторыю. Але да іх у інтэрнат прыйшла разам з ім толькі кароткая «суправадзілаўка»: знойдзены ў лесе каля вёскі... траўня… 1991 года ў непрытомным стане. Паводле экспертызы, праляжаў гэтак не менш за тыдзень. Далей ішло апісанне ранаў, пашкоджанняў і мажлівых вынікаў, сярод якіх і амнезія — страта памяці...

Вядома, разумеў Станіслаў Сцяпанавіч, тут у іх ёсць чалавек, які сочыць і за гэтым хлопцам, і за ім. І, пэўна ж, не адзін: сістэма «стукацтва» дзейнічае спраўна. І тыя людзі даўно ўжо далажылі куды трэба, што Славік акрыяў. Хто гэта мог быць? Станіславу Сцяпанавічу самому стала цікава. Ну, вядома, найперш той, хто абходжвае Славіка, хто цяпер у ягоных добрых сябрах: каб быць бліжэй да яго і, карыстаючыся бездапаможнасцю ды даверлівасцю, паспрабаваць выведаць, што ён успомніў. Хто? Баба Маня? Не, не верыцца, не можа быць… Сцяпан-слесар? Гэта рэальней. Хоць ён і вясковы, адсюль родам… Недурны мужык. А ягонае захапленне шахматамі, дзіўнае для простага вяскоўца?.. Так, пэўна, дакладае нехта з іх. А ўвогуле, гэта можа быць любы чалавек, пра якога я нават і падумаць не магу — з санітараў, з персаналу, з хворых ці састарэлых… Казалі, што пры Сталіне кожны другі «стукаў» на свайго суседа. Дык ці далёка мы ад таго часу адышлі, ці шмат што з той пары змянілася? Дурдом застаўся дурдомам.

Што казаць пра дзяржаву… Ёсць і ў яго самога тут некалькі «добраахвотных памочнікаў» і сярод хворых, і сярод персаналу, якія перыядычна, а то і па-за чаргою, калі здараецца нешта неардынарнае, дакладаюць яму, пераказваюць падзеі знутры, з падрабязнасцямі: дзе, калі, хто, з кім... Некалі ён на пачатку працы першага, хто завітаў да яго з даносам, выгнаў, хоць той і дастаўся яму ў спадчыну ад папярэдняга дырэктара і зайшоў па звычцы. А потым сам зразумеў, што без гэтага нельга, і паступова завёў сваю «агентуру». Дарэчы, і Валодзька-афганец быў адным з такіх — вушлы хлопец. Калі б не інвалід — далёка пайшоў бы… Вось ён якраз з тых, хто можа дакладаць не толькі мне, а і яшчэ некуды «наверх».

Дваццаць пяць гадоў таму прыехаў Станіслаў Сцяпанавіч сюды, у гэтую вёсачку, працаваць. Пагадзіўся нібыта на павышэнне — усё ж галоўным урачом і дырэктарам прызначылі. Вырваўся сюды з-пад Бранска — тады была адзіная дзяржава, — і абраў ён Беларусь яшчэ і таму, што тут, у параўнанні з Расіяй, жылося багацей, сытней… спакайней і культурней. І ні разу не пашкадаваў, што пераехаў. Адзінае — не збіраўся ён надоўга заседжвацца ў вёсцы. Думаў перабрацца ў бліжэйшы горад. Але і не заўважыў, як уцягнула яго жыццё. Спачатку затрымала перспектыва — на мейсцы драўлянага дома-інтэрната запланавалі пабудаваць новы, каменны. Калі праектавалі, парваў нервы, адбіваючыся ад шматпавярховіка. Аднак яго не паслухалі: падлічылі, што адзіны гмах абыдзецца ці не ўдвая танней… Потым пачалася будоўля, якой у значнай меры кіраваў ён, затым абсталяванне… Пераехалі ў новы дом, а тут падаспела «перабудова». І пайшло-паехала: не агледзеўся, як яшчэ дзясятак гадоў праляцеў. А тут ужо і пенсія… абжыўся… відаць, і паміраць давядзецца на Палессі.

Станіслаў Сцяпанавіч зноў згадаў Славіка — так, з Мінска пакуль не турбавалі. Не званілі падазрона даўно: ужо каля года. А сам Станіслаў Сцяпанавіч не спяшаў набраць той нумар з візітоўкі. Хоць і адчуваў, што вось-вось званок з Мінска будзе, думаў пра тое і не ведаў, як на яго адказаць. Што сказаць? Праўду? Ну, вядома, праўду… Толькі праўду… Але якую праўду і колькі? Хто можа быць тым чалавекам, які сочыць і за ім, і што ён паведамляе?

Той нежаданы званок пачуўся, як звычайна бывае, раптоўна і заспеў Станіслава Сцяпанавіча знянацку. Уздрыгнуўшы ад настойлівага і рэзкага гуку міжгародняга, ён зразумеў: адтуль… Цікавіўся той самы наўмысна металёвы голас, які ён не забыў. На пытанне: «Як там наш пацыент?» — Станіслаў Сцяпанавіч не змог адказаць адразу ж, а праз паўзу толькі прамармытаў нешта няўцямнае. На тым баку насцярожыліся:

– Што такое? Вы нешта недагаворваеце?

Што сказаць? Станіслаў Сцяпанавіч задумаўся. Усё вы разумееце, прыкідваў ён, не хацеў я вам званіць і не збіраўся… І не толькі таму, што Славік яшчэ зусім слабы, што яму трэба набірацца сілаў і залішняя ўвага «органаў» можа толькі нашкодзіць неакрэпламу розуму...

Але цяпер адмоўчвацца не выпадала, трэба было нешта казаць. Нават калі ён схлусіць, хлопца не зберажэ. Можа наадварот выклікаць на яго агонь. І на сябе. Бо наўрад ці інфарматары не даклалі ўжо пра падзеі тут.

Паўза зацягнулася, мінскі суразмоўца адчуў гэта і перайшоў на «ты»:

– Калі будзеш нешта ўтойваць ад нас, то мы хутка разбярэмся з табой. Сядзеш у два дні… — і дадаў яшчэ больш жорстка: — Ведаем мы пра твае справы… Ну што там? Расказвай.

Станіслаў Сцяпанавіч узяў тэлефон і падышоў да вакна — пад дзвярыма ў двор інтэрната з ночы стаяў натоўп у чарзе на прыём да Славіка. «Ну, канечне, яны ўсё ведаюць. Дзіўна было б, каб не ведалі… Таму і тэлефануюць».

– Я ўжо сам збіраўся пазваніць вам, — прамовіў ён. — Пацыент ваш… наш… нядаўна апрытомнеў… ажыў… прыйшоў у сябе... Ён ужо ходзіць, размаўляе… Але, на жаль, мы нічым вам дапамагчы не можам: ён абсалютна нічога не памятае... Нават сваё імя… Тактак, я ў гэтым упэўнены… Трымаю пад кантролем… Так-так… сачу ўважліва…

Станіслаў Сцяпанавіч, па вялікім рахунку, не хлусіў: ён быў упэўнены, што наўрад ці нехта акрамя яго штосьці ведае з таго, што Славік змог узгадаць пра сябе. Мінскі суразмоўца яго не даслухаў, перабіў груба і нярвова:

– Ага, пацыент нядаўна ажыў… І ўжо людзей лечыць… Будучыню прадказвае. На прэзідэнта клявешча…

Станіслаў Сцяпанавіч здрыгануўся: і гэта ведаюць…

– Якое там — ён зусім слабы. А тое, што слава такая пра яго пайшла, дык вы ж разумееце, як гэта ў нас бывае: не паспееш…

– Разумею, — абарваў яго мінскі голас, — але чаму адразу нам не паведаміў, як абяцаў, чаму маўчаў столькі часу?

– Ды я назіраў за ім, як вы і казалі…

– Назіраў… Чакай нас. Прыедзем — разбярэмся… І — шукай сабе новую працу.

Размова абарвалася. Той чалавек нават не развітаўся, як бывала раней. Проста паклаў слухаўку, як кропку паставіў…

Станіслаў Сцяпанавіч некалькі хвілінаў яшчэ стаяў у роспачы, трымаючы ў руках тэлефон і не зважаючы на раздражняльны піск…

«Шукай працу…» Дзе яе шукаць у гэтай вёсцы, да якой ён ужо прывык, у якой прыжыўся і пакідаць якую ў ягоныя планы не ўваходзіла. Думаў, сустрэне тут старасць, нават месца на могілках прыгледзеў.

«Давядзецца, відаць, некуды з’язджаць, — сумна падумаў Станіслаў Сцяпанавіч. — Гэтыя людзі словамі не раскідваюцца…» Але куды? Куды з’язджаць?.. На радзіму, на Волгу, пад Кастраму? Цяпер, у такім узросце — каму ён там трэба, пенсіянер… І тут на пенсію, без сваёй гаспадаркі, без сваёй кароўкі, не пражывеш. А яны з жонкай ніколі нічога не трымалі: жылі з інтэрната…

І непрыемнасць гэтая — хто б мог падумаць! — здарылася ў Станіслава Сцяпанавіча з-за Славіка... Але крыўды на яго не было. Надварот, чым болей Станіслаў Сцяпанавіч назіраў за ім, тым бліжэй і сімпатычней рабіўся яму гэты няшчасны, мілы і добры хлопец, у якім увасобіліся ці не ўсе лепшыя і горшыя рысы, характэрныя народу. Народу, што, як і Славік, праспаў сваю незалежнасць, не памятае свайго мінулага, адлічваючы яго то ад сямнаццатага, то ад сорак пятага года, баіцца пакінуць дурдом, які называецца «саўком», і зажыць самастойна, народу, які нават імя свайго не памятае — беларусы, крывічы, ліцвіны…

8.

Прыезд Люды і размова са Славікам-бардам абудзілі і Андруся. І ў яго не спадаў цяжар з душы наконт лёсу сябра. Столькі часу прайшло, а ён не парупіўся нават яшчэ раз пацікавіцца ў міліцыі, хоць можна было проста патэлефанаваць… І няма яму цяпер апраўдання нібыта жыццёвымі клопатамі, тым самым бескватэр’ем, якога ён так і не пазбавіўся. Бо, як кажуць, апраўданні прыдумвае той, хто не хоча штосьці рабіць…

Ён паверыў Людзе, што Уладзя і сапраўды можа быць жывым. Можа, пакуль дакладна не вядома іншае, пакуль, як яна кажа, не пабачылі магілы… Чакала ж ягоная бабуля свайго мужа з вайны, не верыла той паперцы «загінуў без вестак», усё думала, што недзе ў палоне, медсанбаце ці ляжыць пакалечаны ў доме інвалідаў… Былі такія выпадкі. І нямала. Чакала, чакала, а таму больш замуж так і не выйшла… І колькі такіх удоў па Беларусі... А некаторыя ж дачакаліся: «жди меня, и я вернусь…» «Блін, прычым тут лірыка…» — раззлаваўся Андрусь на сябе. Але дзе ж Уладзя можа знаходзіцца ўвесь гэты час? У турме? Гэта адпала пасля першых жа росшукаў. У міліцыі б ведалі і не ўтойвалі. За мяжой? Эміграваў? Мажліва. Але ў яго не было падставаў, па-першае, з’язджацьуцякаць, па-другое, не было прычынаў так доўга хавацца і не адгукацца. Абавязкова азваўся б нейкім чынам, даў бы знак сябрам: мне, фронтаўцам ці таму ж Славіку-барду. Дый не такі ўжо й вялікі наш свет, каб у ім схавацца з канцамі можна было.

Значыць, калі ён можа быць жывым, то трэба шукаць. Дзеля Люды, дзеля сябе самога… Яго выкралі? Можа быць. Чуў пра такія выпадкі. І бывала, што вярталіся людзі з Каўказа — пакалечаныя фізічна, маральна зламаныя. Як журналіст ён у гэта верыў. Але сам з такім не сутыкаўся. Усё можа быць. Аднаго не павінна — не можа цяпер знікнуць чалавек бясследна, і каб ні міліцыя, ні родныя не знайшлі яго ці… ягоную магілу, хоць бы праз год, праз два… праз тры… Аднак і тут ён зноў пачынаў сумнявацца, бо адразу разумеў: няма надзеі, што Уладзя недзе жыве і не падае пра тое знаку. І ўсё ж — а раптам? Можа, сапраўды займеў нейкі бізнес — жылка такая ў яго была, — з’ехаў у Маскву ці Піцер да сваіх афганскіх аднапалчанаў, змяніў пашпарт і грамадзянства, ажаніўся і жыве сабе прыпяваючы, забыўшыся і на Беларусь, і на беларускасць, і на мары юначыя…

Але першыя спробы пошуку Андрусю нічога не далі. Не было такога чалавека, і ўсё. Нават аднафамільцаў-цёзак па ўсім былым СССР не знайшлося. Сідарэйчанка Уладзімір Лаўрэнавіч (дзякуй бацьку за рэдкае імя і прозвішча) ні ў якіх спісах пасля 1991 года не значыўся. Быў ён у ліку студэнтаў, быў сярод тых, хто служыў у Афганістане, і, аказваецца, узнагароджаны медалём «За адвагу», пра што Андрусь не ведаў, бо Уладзя не хваліўся, быў у спісах зніклых вясной 1991 года. А далей — цьма, цемень, цемра, цішыня, пустэча, пустэльня… Ні магілы, ні пазнакі нейкай, апроч: знік і знаходзіцца ў вышуку… Адзіны, апошні варыянт яму параіў праверыць ягоны рэдактар, з якім ён неяк падзяліўся сваім клопатам.

– Бываюць выпадкі, — сказаў рэдактар, — калі чалавек пасля траўмы ці няшчаснага выпадку, стрэсу, нейкага нягеглага падзення альбо ад таго, што злачынцы напояць нечым, каб абабраць, губляе памяць, забывае і не можа ўспомніць, хто ён. Такіх людзей звозяць у спецыяльныя бальніцы, а то і ў псіхбальніцы. Пашукай у іх.

Гэта быў варыянт, пра які Андрусь сам чамусьці не падумаў.

Але нідзе ў бальніцах і псіхбальніцах Сідарэйчанка У. Л. не значыўся. Не было такога хворага. Ну не значыўся, і не дзіва: ён і не мог значыцца, паколькі там былі тыя, хто не памятаў, як іх завуць, і каго не знайшлі родныя. Такіх было не дужа шмат на ўсю Беларусь, і Андрусь, каб пераканацца, у Мінску сустрэўся ледзь не з кожным з іх, хто падыходзіў па ўзросце. Уладзі сярод іх не было, хоць кожны пазіраў на Андруся з надзеяй: а раптам я той, каго ты шукаеш?

Урэшце яму параілі з’ездзіць у адзіны на Беларусі інтэрнат, у які звозяць з усёй краіны самых безнадзейных хворых, што не памятаюць сябе, не могуць нічога ўзгадаць і каго не пазнаў і не шукае ніхто з родных. Там запісваюць іх пад нейкімі клічкамі, нумарамі, ці месцам, дзе іх знайшлі: Слуцкі, Хвайніцкі, Пінскі ці яшчэ як...

– А раптам вам пашанцуе, — сказаў, прыкурваючы ў Андруся, незнаёмы ўрач з псіхбальніцы ў Навінках, сказаў і глыбакадумна пусціў дым у неба: — Такія выпадкі бываюць… Рэдка, але бываюць.

9.

Сны не давалі спакою Людзе. «Жывы ён, жывы…» — убіла яна сабе ў галаву, але дзе ён, як яго шукаць?

У адну з суботаў яна вырашыла з’ездзіць да бацькоў Уладзі — можа, яны нешта ведаюць… І была страшна здзіўлена тым, што яны ўжо і забыліся пра адзінага сына.

Бацька, праўда, пусціў п’яную слязу, а мачыха толькі галавой пахітала: прапаў, прапаў, і дзе магілка, нават не знаем...

– Міліцыя прыязджала, донька мая, — ласкава сказала мачыха, — аж з Мінска. Путаліся пра яго. Мабуць, шукалі, правяралі, ці не ў нас дзе схаваўся?

«Ага, — падумала Люда, — раз шукалі, значыць, ёсць надзея, што ўсё ж не загінуў…»

– А што пыталі?

– Калі паследні раз прыяжджаў дадому, што казаў…

– А што з ім магло здарыцца — не паведамілі?

– Не, толькі ў нас путаліся, а нам нічога не казалі.

– А вы ў іх чаму не спыталі, дзе ён?

– Дзе там… Перапужаліся самі, тайка мая. Страх такі: ета ж мі-лі-іцы-я… — Мачыха так жаласліва і маркотна зірнула на Люду, што ёй стала няёмка: вядома ж, мачыха разумела, што зусім невыпадкова Люда прыехала да іх праз столькі часу і пытае пра Уладзю.

У аўтобусе па дарозе дамоў Люда пачула размову дзвюх бабулек, што сядзелі паперадзе: у суседнім раёне, у доме-інтэрнаце, з’явіўся чалавек, які не толькі лечыць людзей ад усіх хваробаў, як Кашпіроўскі, але і знаходзіць прапалых родных. Да яго з усёй Беларусі цяперака едуць… І ўсім-усім памагае.

«Во яно, тое, што мне трэба… — з радасцю падумала Люда. — На бліжэйшыя выходныя трэба будзе паехаць да яго. А раптам… раптам ён і мне дапаможа ці падкажа што…»

Дамоў яна вярнулася з надзеяй на невядомага «экстрасэнса». І тут ёй пазваніў Андрусь. Распавёў пра свае пошукі і пра апошнюю зачэпку — домінтэрнат.

– Не можа быць, — сказала Люда, — гэта ж зусім недалёка і ад мяне. А ад вёскі ягоных бацькоў дык і ўвогуле — літаральна дваццаць кіламетраў праз лес…

– І тым не менш, — сказаў Андрусь, — мяркую, варта праверыць і гэты варыянт, каб потым быць спакойным. Заўтра я еду туды, у той дом-інтэрнат. Калі хочаш, па дарозе заскочу па цябе і разам пабудзем.

– Вядома, хачу. Я сёння чула, што там жыве чалавек, які дапамагае адшукваць родных. Заадно паспрабуем з ім сустрэцца і пагутарыць.

10.

Прыход журналіста і Люды Славіка-барда насцярожыў. Ён пастараўся забыць, выкрасліць з памяці той выпадак з Уладзем. Былі за гэты час у яго іншыя, больш рызыкоўныя заданні. Але тое было ці не першым сур’ёзным выпрабаваннем. Хоць увогуле «сакрэтна супрацоўнічаць» ён пачаў яшчэ студэнтам і да «Тутэйшых» прыбіўся невыпадкова.

Шмат вады за прамінулы час сплыло. Дабраўся ён да вяршыняў апазіцыі... Утварыў сваю арганізацыю, вядомую экстрэмісцкімі, правакацыйнымі дзеяннямі ды заявамі. Сярод іншых «апазіцыйных дзеячаў» ён вылучаўся сваёй актыўнасцю, рашучасцю і неардынарнасцю ўчынкаў ды выказванняў, за што яго адны паважалі, а другія ненавідзелі, бо ягоныя выхадкі, пошленькія песенькі ды цытаткі з «прамоваў» улады напоўніцу скарыстоўвалі супраць апанентаў — пісалі ў газетах, паказвалі па тэлебачанні, маўляў, бачыце: якія яны і чаго хочуць....

Але ўпэўненасць той дзяўчыны, што Уладзя жывы, і роспыты сябра-журналіста вымусілі яго перастрахавацца, пайсці да «куратара» і перапытаць. Хоць да таго ён ні разу і на хвілю не засумняваўся, што Уладзі ўжо тры гады няма на гэтым свеце. Больш за тое, ён на ўсе сто адсоткаў быў упэўнены, што так і ёсць. Бо сам жа... Аднак пераканацца не пашкодзіць…

«Куратар» пасмяяўся з яго: знайшоў, што ўспамінаць. І адразу ж, нібы дубінай, аглушыў навіной, што Уладзя і сапраўды жывы і яны за ім сочаць...

– Як жывы? — перапытаў Славік. — Не можа быць! Мы ж разам… — замоўк агаломшаны.

– Жывучы аказаўся… Праз тыдзень знайшоў яго хлапчук у тым ляску. Завезлі спачатку ў трупярню, а потым адзін дурань, які пачуў стогны, адправіў яго ў бальніцу. Тут мы ўжо нічога рабіць не сталі...

– Як так?

– Ды не хвалюйся: ён хоць і ачуўся, але нічога не памятае. Не ведае нават, як яго звалі, хто ён і адкуль. Не дзіва — звычайная справа для тых, хто перажыў такое і праляжаў у коме столькі гадоў… Жыве ён, дарэчы, пад тваім імем: Славік. — «Куратар» падняў вочы і ўгледзеўся, як той рэагуе. — Да нядаўняга часу ўвогуле ляжаў, як мяшок з гаўном. А вось колькі месяцаў таму раптам ачуняў трохі, пачаў нават хадзіць... — «Куратар» выйшаў з-за стала, падышоў да Славіка, паляпаў па плячы. — Ды перастань, не хвалюйся так, мы сочым за ім. Там у нас свае «памочнікі» ёсць. Дакладаюць. Нічога ён не памятае. Падкрэсліваю: ні-чо-га. Урачы гэта пацвярджаюць. Што і не дзіўна… А калі і ўспомніць што, дык хто яму паверыць? Палічаць за хворае трызненне. А мы — адразу даведаемся. Бо людзі пасля гэткіх траўмаў — адкрытыя, як трава, і шчырыя, як дзеці... Усё адразу расказваюць. Ім хочацца даказаць, што яны нармальныя.

Славік-бард сядзеў моўчкі, унурыўшы галаву ў плечы. Не, ён не спалохаўся, чаго яму было баяцца…

«Дах» у яго надзейны. Імя сабе ён ужо зрабіў. Гэта тады, у лесе, яго маглі прыкончыць разам з Уладзем, і ніхто не рыпнуўся б шукаць. А цяпер ягонае знікненне альбо нават «разаблачэнне» будзе нявыгадным і аднаму, і другому боку: і ўладам, і апазіцыі.

Але спакою не стала. Ідучы дамоў, Славік згадваў, як яго некалі «завербавалі». Яны выпівалі са старшакурснікамі ў сваім інтэрнацкім пакойчыку. А тут — рэктарская праверка. Уварваліся ў пакой — перапісалі ўсіх. Ён, можна сказаць, і не піў, проста прысутнічаў, але — запахла выключэннем. А яму так хацелася вучыцца…

Праз колькі дзён выклікалі яго да намесніка дэкана. Там ужо сядзеў той, каго называлі «куратарам» іхняга факультэта. Ад «органаў». Размова была нядоўгай. Яго не білі, не заціскалі пальцы ў дзвярах... Амаль адразу «куратар» паабяцаў Славіку, што, калі той пагодзіцца на супрацоўніцтва, пахадайнічае, каб не выключылі.

«Стукачом» Славік рабіцца не хацеў. І калі б цяпер, дык здолеў бы адмовіцца. А тады — другакурснік і нядаўні вясковец — здрэйфіў і падпісаў паперы… Яшчэ і абрадаваўся, што гэтым скончылася. Не разумеў, што туды трапляюць, як пад цягнік — аднойчы і назаўсёды… Бо, як пісаў паэт, «былых» там не бывае.

Цяпер Славік ведаў, што п’янку тады наладзіў адзін сусед па пакоі — вядома ж, наўмысна, што ўсё было разыграна, як па нотах, бо па заканчэнні вучобы той хлопец адразу ж уладкаваўся на працу ў адпаведнае Берасцейскае абласное ўпраўленне… Але на лёс свой Славік не скардзіўся. Адно толькі начамі мучылі думкі ды страх, што некалі ягонае «сексоцтва» стане вядомым. Асабліва пакутнымі сталі яны, калі падчас развалу СССР і ў першыя гады незалежнасці загаварылі пра неабходнасць перлюстрацыі… У газетах нават з’явілася некалькі пакаянняў «стукачоў». Сярод іх быў і адзін ягоны знаёмы паэт, пра якога ён і падумаць не мог. Тады Славік сапраўды струхнуў і ледзь не прызнаўся ў сваім «супрацоўніцтве».

І вось пагроза «разаблачэння» паўстала зноў: аб’явіўся жывы Уладзя. І ночы ягоныя сталі бяссоннымі. Ён сам сябе ўзненавідзеў за гэткую слабасць, але думак пра Уладзю пазбавіцца не мог. І выйсце бачыў толькі адно…

11.

Уладзя Касінер, ужо прыгадаўшы збольшага пра тое, што з ім адбылося, як і за што яго забівалі, сядзеў у сваёй палаце ля расчыненага вакна і думаў усё пра тое ж: што яму далей рабіць? За «сонцавымі» кратамі была жаўціня яркага сонечнага дня. Бабіна лета. Сухое і цёплае. Сама бульбу капаць. І таму ў інтэрнацкім двары не было людзей: ніхто не гуляў — усе, хто мог хадзіць і працаваць, былі на вясковых гародах. Хто капейку зарабляў, а хто проста «за паесці» дапамагаў.

Але думкі Уладзі былі далёка ад гэтага светлага дня. «Я не адзін у гэтым свеце, — думаў ён, — вакол мяне так шмат людзей. Нават тут, у інтэрнаце. І кожны — асоба, кожны — адметны характар, кожны са сваім лёсам, жыццёвым сюжэтам… І не ўсе яны добрыя. Наадварот, часцей подлыя, хітрыя, нахабныя. Бо ім трэба змагацца за сваё месца пад сонцам. Толькі я пакуль жыву ў самім сабе і нікога ды нічога не заўважаю. Усе, хто вакол мяне, нібыта тло, цені, манекены. Але ж гэта не так, зусім не так, зусім не бяскрыўдна… За мной, безумоўна, сочаць. Хто? Вядома, найперш сам Станіслаў Сцяпанавіч. Але ў гэтай дзяржаве нехта сочыць і за Станіславам Сцяпанавічам, і за мною, а нехта за ўсімі адразу… Такая шматпавярховая сістэма кантролю спрацоўвае найлепей, бо калі Станіслаў Сцяпанавіч, як першы ў гэтым выпадку ў ланцужку, раптам захацеў бы нешта ўтаіць, то яму хутка сказалі б: «Што гэта ты… у нас тысячы вачэй, і не спрабуй…» — «Ды я не…» — «Як гэта! А чаму не паведаміў, замаўчаў?..» — «Ды я…» — «Глядзі, каб болей не паўтаралася…» А значыць, Станіслаў Сцяпанавіч стараўся дакласці як хутчэй, як раней, каб яго не апярэдзілі і ні ў чым не западозрылі. І такіх «Станіславаў Сцяпанавічаў» было ў кожным калектыве па некалькі, і працавалі яны навыперадкі.

Такім чынам наладжвалася і гадамі адбудоўвалася сістэма кантролю і страху ў грамадстве, у краіне, якая і па сёння дзейнічала бездакорна. Знешне быццам бы ўсё спакойна, усё добра і нічога ніякага нікому не пагражае — працуй і гора не ведай. Але — пра лаяльнасць не забывай і памятай кожную хвіліну. Язык не развязвай, а тым болей не падумай у нейкіх акцыях удзельнічаць. «Вялікі брат» за табой сочыць і ўсё пра цябе ведае… Ляпнеш што крытычнае пра ўладу, пасмяешся з лідара, і мала не пакажацца: загрыміш далёка. Кратаў у нас хапае, і не толькі ў выглядзе сонца, але і ў клетачку… Страх па-ранейшаму — наймагутная сіла ў кіраванні чалавечым статкам. Улады тое цудоўна ведаюць і карыстаюцца без сумненняў і напоўніцу. Бо страх — гэта брыдотны ўкус павука, які паралізуе нават імкненне чалавека да волі. Страх — гэта смярдзючы труп свабоды, гэта труна, магіла... Страх у гэтай краіне заўсёды адмоўны, бо ён не перасцярога і не асцярожнасць, а ступар, капітуляцыя, дэградацыя: ад мяне нічога не залежыць, а таму няхай будзе, як будзе, а я лепш не высунуся, перачакаю збоку… Мая хата з краю — адгаворка на ўсе часы.

Страх як апраўданне бяздзеяння…

Кепска, калі ў дзяржаве асноўнай рухальнай сілай робіцца страх, думаў Уладзя, бо няма будучыні ў такой дзяржавы. Няма… Яна паціху канае, разбураецца знутры, банкрутуе — і яе прыбіраюць да рук суседзі… Тэорыю страху можна было б вывучаць на прыкладзе гэтага канкрэтнага дома-інтэрната, у якім ён жыў. Хоць бы тое, што чым менш мае чалавек, чым меншым рызыкуе і валодае, тым мацней за яго трымаецца і баіцца страціць. Дом-інтэрнат не проста дзяржава ў мініяцюры, гэта — своеасаблівы канцлагер, дзе ў жаданні выжыць кожны кожнаму робіцца ворагам. А калі ўся дзяржава — адзін канцлагер? Калі ліпкія лапы павука-страху ты ўвесь час адчуваеш на сваёй шыі. Калі ведаеш, што кожны рух твой некім фіксуецца і можа быць скарыстаны супраць цябе… Усё адсочваецца, усё кантралюецца… І не толькі ўладамі, што само сабой зразумела, але і суседзямі, сябрамі… так-так, нават тымі, каго ты да пары да часу лічыш сваімі сябрамі… Уладзя сам сабе сумна пасміхнуўся, бо ён бачыў: чым далей, тым больш жорсткім і татальным будзе рабіцца гэты кантроль, тым больш сродкаў дзеля яго з’явіцца. Усё новае, што будзе прыдумвацца ў свеце з мэтай нібыта пашырэння масавай камунікацыі, на самай справе стане служыць кантролю за кожным дзеяннем і словам кожнага чалавека ў кожны момант ягонага жыцця… Тэлефоны, відэа, кампутары… — усё гэта бязмоўныя, безадказныя, усёбачныя, пакорлівыя шпіёны, якія будуць занатоўваць любы крок…

Няўжо і сапраўды так ёсць? Ці гэта выдумка майго хворага розуму? Бо тысячы — мільёны! — людзей жывуць і не заўважаюць гэтага. Можа, і здагадваюцца, што ўсё кантралюецца, але, не сутыкнуўшыся самнасам з гэтым, робяць выгляд, што нічога падобнага няма… як няма іншапланецянаў… У радыяцыю, якая пасля Чарнобылю засыпала і гэтую вёску, вунь ніхто тут не верыць: не пячэ, не коле, кажуць. А значыць, яе няма…

Ну і хай сабе. Але ён не сумняваецца: за ім тут, безумоўна, сочаць. Сёмым пачуццём, восьмым… дзявятым… ныркамі, пячонкай, скурай адчувае гэта. І пра тое, што ён жывы, недзе там, адкуль некалі прыйшоў загад яго «прыбраць», — ведаюць. Павінны ведаць… Калі не ад Станіслава Сцяпанавіча, які выглядае чалавекам прыстойным, дык ад кагосьці іншага. А значыць, прызнавацца пра тое, што ён прыгадаў, хто ён і што з ім здарылася, ніяк нельга. Нават Станіславу Сцяпанавічу. Трэба заставацца Славікам, прыкідвацца бездапаможным і менш кантактаваць з людзьмі. А то зусім расслабіўся: запісы, размовы, шахматы, Таня, прыёмы хворых…

Ён узгадаў ужо шмат. Вельмі шмат дзеля таго, каб упэўніцца, адкуль, чаму і як ён сюды патрапіў, каб пераканацца ў тым, што няма для чалавека нічога больш страшнага за ягонае мінулае... Адно заставалася яму незразумелым: за што з ім так жорстка абышліся, чаму яго вырашылі… забіць? Навошта? Якую такую пагрозу ці небяспеку ён і ягоная «дзейнасць» камусьці ўяўлялі? Проста зачышчалі прастору? Дык нічым асаблівым ён не вылучаўся сярод іншых. Нават між ягоных сяброў былі больш актыўныя, больш яркія асобы. Ці гэта так яму самому здавалася, а «збоку» відней?

І тым не менш адказ на пытанні «За што?» і «Навошта?» ён у сабе не мог знайсці, а яны не давалі яму спакою… Зрэшты, можа, ён і недаацэньвае сябе. Нездарма ж сябры далі яму мянушку Касінер — так звалі беларускіх паўстанцаў-сялянаў, якія змагаліся за волю ў атрадах Касцюшкі і Каліноўскага…

Але яшчэ больш няўтульна было яму ад іншых думак. Добра, разважаў ён, ёсць «быццё» ўнутры мяне, і я яго ведаю. Але ж ёсць яшчэ і «быццё» па-за мною. Якое яно? Ну, частку я бачу тут, у інтэрнаце. А што далей? Што там, за парканам, у тым жыцці, адкуль едуць да мяне ўсе гэтыя хворыя і пакалечаныя? Тое, што паказваюць па тэлевізары? Але мне яно, тое жыццё, дужа не падабаецца. І я не хачу туды вяртацца. Не ха-чу!.. Бо не змагу жыць там. Але і тут заставацца нельга. Бо… Бо трэба нейкае развіццё, а тут можна толькі дэградаваць канчаткова. Тут я спыняюся… Ужо адчуваю, што пачынаю тармазіць, што перарос гэты дом, што трэба вучыцца… Трэба жыць далей. Таму людзі і не заседжваліся на адным месцы, таму заўсёды і плылі да невядомых земляў — Магелан, Калумб… — і, адкрываючы іх, адкрывалі і прадаўжалі сябе… Таму цяпер зямляне імкнуцца да зор. І паляцяць — імкненне гэтае нішто не спыніць. Бо цесна ім стала на сваім кавалачку зямлі, на сваёй планеце… І мне цесна тут, у гэтым доме. І хоць я трымаюся таго, што ведаю, і мне страшна вярнуцца ў тое, што я бачу пакуль толькі па тэлевізары, і я не хачу губляць тое, што маю, дзеля чагосьці невядомага і, магчыма, варожага мне, усё ж трэба будзе адважыцца і адплыць адсюль… Рана ці позна, але давядзецца гэта зрабіць… Самому ці… пад уплывам абставінаў… Як? З кім? З Таняй? З Таняй! Не, яна сама яшчэ дзіцё… І я ёй нічога не магу прапанаваць… Я адчуваю, што недзе там, у прасторы, ёсць людзі, якія памятаюць пра мяне і якія, мажліва, шукаюць мяне… Не трэба адчаю, не трэба губляць надзеі, той Хрыстовай надзеі — не трэба губляць веру, трэба да апошняга спадзявацца: яны не пакінулі мяне, як не пакінуў Бог свайго сына. Я з імі сустрэнуся… Некалі… І ў гэтым заключаецца непазбежнасць.

Непазбежнасць, каб прадбачыць якую, не трэба быць Настрадамусам…

Так, людзі, якія не забылі мяне, ёсць. Безумоўна, ёсць. Недзе. Але я бясконца сумняваюся, што яны — з тых, што мне сняцца і… мрояцца. Я ўзгадаў шмат, аднак не маю ніводнае рэальнае асобы, якая магла б стаць пунктам адліку для мяне і майго жыцця, якая пацвердзіла б мае здагадкі і… згадкі. «Дайце мне кропку апоры…» — казаў Архімед. А я прашу пункт адліку. Свайго жыцця. Але ў адказ — цішыня…

Пакуль я маю толькі мроі і сны, якія не магу назваць сапраўднымі ўспамінамі. Не магу… Бо гэта сны… Сны…

Зрэшты, перапыніў сябе Уладзя, а што ёсць і само нашае жыццё? Ці не сон? Так, сон. Сон… Усяго толькі сон… Адзін кароткі сон… Настолькі куртаты, што людзі нават не паспяваюць усвядоміць: хто мы, адкуль, куды і навошта? І сыходзяць, так і не зразумеўшы, што спалі…

Дзясяткі лепшых розумаў, геніяў чалавецтва, спрабавалі вытлумачыць саміх сябе і нас усіх, знайсці прычыны і апраўданні хоць бы ўласнага жыцця. Але сон не паддаецца аналізу і не падпарадкоўваецца законам логікі і прыроды. Ён проста цячэ з нічога ў нікуды. І ў кожнай кропцы сваёй ён ужо быў, ёсць і яшчэ будзе...

Усё, што вакол, — ёсць сон. Які прысніўся Богу… ці травінцы… ці мне… Так, я таксама сплю, і мне толькі сніцца, што я прачнуўся… Таму я і не магу ніяк знайсці апору ў сваім мінулым...

Уладзя адышоў ад вакна, узяў часопіс. Разгарнуў і адклаў. Чытаць не было жадання. Думкі не пакідалі яго… О, калі б гэта быў сон… Тады было б усё проста і вытлумачальна. Але жыццё, на жаль, не сон. Асабліва тут, на гэтай пост… прасторы, у гэтай… ньюкраіне. Дзе ўсё засталося па-ранейшаму і дзе розныя «спецслужбы» яшчэ не хутка аддадуць сваю ўладу, умела «пераводзячы стрэлкі» на народ, які сам будзе ва ўсім вінаваты за сваю «талерантнасць», «цярплівасць», «працавітасць»… Вось так лепшыя якасці становяцца найгоршымі, і «без віны вінаваты» народ будзе пакутаваць, цярпець бясконца і ганіць сваіх лепшых сыноў за тое, што яны не такія, «як усе», што не служаць пакорліва, а яшчэ і галаву падымаюць, енчаць пра нейкую «мову»… Бацька меў рацыю?.. Няўжо бацька некалі казаў мне праўду? Праўду, якую выпакутавалі пакаленні… Няўжо менавіта ў гэтай пакоры і ёсць «мудрасць народная»: выжыць любым коштам… Няўжо дзякуючы гэтаму мы яшчэ ёсць? Калі б усе былі Касцюшкамі ды Каліноўскімі — нас бы даўно ўжо знішчылі…

Няўжо праўда ў бацькавых словах? Не лезь! Маўчы! Цярпі! Выцерыся… І — гадуй дзяцей. Важна не памерці героем, а проста выжыць… Бацька… Народ… Выжыць… Мова…

Думкі блыталіся. Беглі наперад, абганяючы ўсведамленне, азіраліся і вярталіся, каб пераплесціся ў яшчэ большы клубок супярэчнасцяў ці недарэчнасцяў... Уладзя не мог саўладаць з іх наплывам. Яму патрэбны быў суразмоўца. Больш дасведчаны ва ўсім гэтым. Хоць бы такі, як Андрусь. Каб дапамагчы разблытаць той клубок думак. Але побач нікога не было… Нікога… Такіх людзей яму трэба будзе яшчэ знайсці. Але як? Дзе?..

Уладзя страпянуўся: пачуў, як нехта шкрабнуў каля дзвярэй. Насцярожыўся: за дзвярыма дакладна хтосьці стаяў — не заходзіў і не адыходзіў — значыць, цікаваў за ім, віжаваў, падслухоўваў? «Вось табе, хлопец, і пацвярджэнне… — падумаў Уладзя. — Ці мо ў мяне ад гэтых дурных думак пра ўсеагульны кантроль манія пераследу пачалася?..»

На дыбачках, ціхенька, Уладзя падышоў да дзвярэй і рэзка расчыніў іх. Сашка, а гэта быў ён, адскочыў спалохана і спыніўся: стаяў, схіліўшы галаву, і ўсміхаўся яму — бяскрыўдна і лісліва, як умеў толькі ён.

– Што здарылася, Сашка?

– Я, гэта, да цябе ў госці прыйшоў. Ага, у госці.

– Дык заходзь…

Сашка зайшоў, агледзеўся.

– Добра табе. Ты адзін у палаце. Ага, адзін. А мне замест цябе дурня нейкага падсялілі.

– І што?

– Жыцця няма. Дастаў. Цэлы дзень крычыць, вішчыць, свішча, на вакно кідаецца і сцыць уніз праз краты на галовы людзям… Ага… Побач з ім і мне ўжо нельга дурнем быць…

«Глядзі ты, — падумаў Уладзя, — і Сашка можа разважаць… Цікава. Раней не заўважаў за ім…»

А Сашка сеў, і вочкі на яго маленькай стрыжанай галаве не бегалі, як звычайна, а былі сумныя-сумныя.

Уладзю стала шкада яго. Ён нейк зусім забыўся пра Сашку, выкінуў са свайго жыцця, выкрасліў… А прад ім сядзеў — ён гэта бачыў цяпер — не алігафрэн, а проста няшчасны, пакінуты ўсімі, нават роднай маці, чалавек, у якога не было іншага выйсця ў жыцці, як заставацца тут… «У яго няма, а ў мяне ёсць, — ці не ўпершыню падумаў ён так пра сваю будучыню, — у мяне ёсць… і не трэба здавацца… Усё нашае жыццё — змаганне… і не толькі з «ворагамі», з наваколлем, а найперш з самімі сабой, са сваімі надуманымі сумненнямі і прыдуманымі безвыходнымі сітуацыямі ды праблемамі… Але — якія ж мы адзінокія ўсе ў гэтым свеце, кожны ў сваёй шкарлупіне-целе такі самотны, што…»

– Ты вось хутка адсюль паедзеш, — сказаў Сашка, нібы ўлавіўшы ягоныя думкі, — а што я без цябе рабіць буду? У мяне ж нікога тут німа… нікога… німа… нікога…

– Куды я паеду? Мне няма куды ехаць…

– Я тут адзін… А ты паедзеш, я ведаю: ты адсюль паедзеш… — і сумна паківаў галавой. — Ага… Яшчэ да зімы паедзеш… Ты вось спаў зімой, не ведаеш нічога. А зімой тут холадна-холадна і страшка-страшка… Не хачу зімы… А яна прыйдзе, прыйдзе…

Вось гэтага Уладзя ніяк не чакаў ад Сашкі: «Дзіва, проста дзіва… і як я мог гэтак недаацэньваць яго: ён можа думаць, ён адчувае, ён чалавек… і яму адзінотна тут…». І міжволі слізганула параўнанне: такое ж дзіва чакае і тых, хто паставіў на ягонага цёзку, і не змогуць апамятацца яны, разбягуцца, як пацукі, пакінуўшы яму краіну…

Сашка падняўся і, больш нічога не кажучы, пайшоў. Калі ён тупаў да дзвярэй, Уладзя заўважыў раптам, як Сашка смешна чапляе нага за нагу — клішуе, і ўзгадаў свайго бацьку. Так, мянушка ў яго была Клішун… А яшчэ ў вёсцы звалі яго Сідар, успомніў Уладзя. І яго самога дражнілі: «Сідар, Сідар гоп-ляля, з’еў карову і цяля…» Ён страшна злаваў на хлопцаў і кідаўся біцца, хоць што тут такога... І не толькі яго, а ўвесь іх род так абзывалі. Значыць, Сідар — не проста імя, а нешта большае… Гэта… прозвішча. Сідар… Сідараў… Сідарчук… Сідарэнка… Сідарчэнка… Сідарэйчанка… Вось яно!..

Чуллівасць не пакідала Уладзю. Ён не стрымаўся і заплакаў.

Уладзя і не думаў, што літаральна праз некалькі хвілінаў зноў пабачыць Сашку. Ён сядзеў у пакоі, крыху агаломшаны нядаўняй размовай і асабліва згаданым… як з вуліцы, зверху ўніз, пранёсся дзікі працяглы крык і амаль адразу ж пачуўся глухі ўдар аб зямлю: гуп!.. Быццам упала нешта цяжкое і мяккае. Потым кароткая цішыня і — пачалася беганіна, мітусня, гвалт, плач… Уладзя выскачыў са свайго пакоя, абабег дом і згледзеў купку хворых, што стаяла пад сцяной. Падышоў, людзі расступіліся перад ім, і ён убачыў на зямлі ненатуральна скурчанае, скамечанае цела… Сашкі. Уладзя ўсё зразумеў. Сашка вярнуўся ў сваю палату, расчыніў вакно, праціснуўся скрозь краты — худому і гнуткаму, зрабіць гэта яму было нескладана, і скочыў уніз… Але чаму? Навошта?..

«Не хачу зімы…», «Тут страшка і холадна…», «У мяне нікога німа», «А ты паедзеш…» — у вушах ягоных гучаў Сашкаў голас, а Сашка…

…Сашка яшчэ быў жывы, хоць і ўпаў, падобна, уніз галавою. Ён часта дыхаў і з-пад разбітага, крывавага ілба шырока расплюшчанымі вачыма пазіраў у неба. Потым павярнуў вочы, сустрэўся позіркам з Уладзем, глыбока хапануў ротам паветра і замёр…

Смерць і пахаванне Сашкі моцна запалі ў душу Уладзі, не давалі спакою. Дужа нечаканым і недарэчным гэта было. Ён не мог дараваць сабе, што не зразумеў тады, чаму прыходзіў да яго Сашка. А ён прыйшоў развітацца… І Уладзя не спыніў яго…. Быў заняты сабой і сваім. А што чакае блізкага чалавека, і не падумаў… Гэта недаравальна… недаравальна… Ён палічыў ужо сябе экстрасэнсам, які бачыць далёка, а не прадухіліў самае простае.

Здарэнне ўскалыхнула інтэрнат. Але ніхто, нават Славік, і ўявіць не мог, што гэта было не самазабойства... Сашку аглушыў і выкінуў праз вакно дэбіл — той самы Убю, якога падсялілі да яго ў палату замест Уладзі.

12.

Славік-бард, пасля таго як даведаўся, дзе знаходзіцца Уладзя, не мог супакоіцца. «Вядома, нават калі Касінер нешта ўспомніць, гэта ніяк і нічым не будзе пагражаць мне, — разважаў ён. — Аднак перастрахавацца ўсё ж не пашкодзіла б. Хто яго ведае, як гэта можа паўплываць на далейшую «кар’еру» і ў «органах», і ў апазіцыі… «Рэпутацыя» можа быць падарваная. І небяспека зыходзіць ад таго, пра каго я і думаць забыўся...»

Славік-бард вырашыў цішком праведаць Уладзю. І не проста праведаць, а, калі ўдасца, прыбраць — раз і назаўсёды… «Гэтага чалавека не было ў маім жыцці, і яго не павінна быць, — думаў ён, — дваім нам будзе цесна на гэтым свеце… А значыць, трэба дарабіць тое, што не ўдалося тады… Каб потым жыць спакойна. Зрабіць так, каб ён там, у тым інтэрнаце, раптоўна памёр. Ці мала што можа здарыцца пасля тых траўмаў галавы, якія ён перанёс. Кровазліццё ў мозг… Мікраінсульт… Сардэчны прыступ... Трэба параіцца з «урачамі ў цывільным», і ўсё будзе ў ажуры. І яшчэ — трэба даведацца, хто там, у інтэрнаце, свае людзі, каб дзейнічаць праз іх і з іхняю дапамогай».

І ён зноў пайшоў да «куратара».

– Што, няймецца, свярбіць… — пажартаваў той і зарагатаў, пачуўшы Славікаву просьбу. — Баішся, ён нешта ўспомніць і кар’еру тваю апазіцыйную зарубіць. Нічога, у нас будзеш расці. Дарэчы, якое там у цябе званне? Можа, ужо вышэй за маё? Ну-ну, жартую… не бойся! Кажу ж: там надзейныя таварышы сочаць за ім — сам галоўурач, ён жа дырэктар дома-інтэрната, і яшчэ пара чалавек з персаналу ды пара-другая з «хворых», якія і за дырэктарам сочаць заадно. Ты ж нашую сістэму ведаеш: давярай ды правярай...

– Дзіўна, але навошта яму захавалі жыццё? Ці не прасцей было прыкончыць, пакуль ляжаў непрытомны?

– Ты ж ведаеш, у нас гуманнае грамадства, — «куратар» ізноў засмяяўся, як гусак: — Га-га-га!

Славік-бард сумеўся і прамаўчаў.

– Не, проста мы былі ўпэўненыя, што ты яго дабіў, — сказаў «куратар» пасміхаючыся, а Славіка зноў страсянула, нібы токам працяла, — там, пляшкай — я ж цябе прасіў… А калі знайшлі яго і ён трапіў у бальніцу, да ўрачоў, то ўжо не сталі чапаць — хай пагуманнічаюць… Усё роўна ж ад яго ніякай небяспекі няма. А карысць ёсць.

– Якая карысць?

– А-а-а, ты не ведаеш… Ён там цяпер людзей лечыць. Экстрасэнс, панімаеш… Кашпіроўскі проста… А яшчэ будучыню прадказвае — Настрадамус, птамаць… Я вось і сам хачу да яго з’ездзіць, падлячыцца ад алкагалізму. Га-га-га! Патэнцыю падправіць. І калі генералам стану, даведацца… Га-га-га!

Апошняе Славіка-барда пераканала канчаткова: трэба неадкладна ехаць у той інтэрнат. Гэтыя «жартаўнікі-рагатуны» разам з галоўным урачом-дырэктарам не ведаюць, з кім маюць справу: калі Уладзя ажыў, то прыкінецца авечкай бязмозгай і абвядзе іх вакол пальца. Хто-хто, а ён добра памятаў Уладзю і ведаў, які той асцярожны і абачлівы… Славік глядзеў на «куратара» і злаваў: здаецца ж, разумны чалавек, а ўсё нейкія смех… — ёчкі строіць. «Ці я пра нешта не здагадваюся, ці яны настолькі ўпэўненыя ў сваёй (і маёй) беспакаранасці… Але нутро, нутро не пераробіш. Памяць з галавы не выкінеш… Дый страх уласцівы ўсім, а не толькі тым, хто хоча здавацца лепшым, чым ёсць…»

– Слухай, а можа ты хочаш з’ездзіць туды, каб палюбавацца сваім былым калегам і пераканацца, што ён расліна, а не чалавек, і цябе не пазнае? Дык я пазваню ў інтэрнат, скажу, каб сустрэлі, а?

Відаць, і ў «куратара» прачнулася нешта спачувальнае. Але Славік нічога не сказаў на гэта. Прамаўчаў. І тады голас суразмоўцы пасур’ёзнеў, набыў металічны тэмбр:

– Без узгаднення не рыпайся нават… Калі што надумаеш, скажы мне. Ты да нас крывёю прывязаны. І не толькі Касінеравай… Павінен разумець, што ты не адзін такі: калі што, знойдуцца і на цябе рукі.

«Крывёю павязаны»… Павязалі… Гэта яны ўмеюць… — падумаў Славік. — Цяпер палохаюць… Не трэба мне вашая дапамога. Сам заблытаўся, сам і расхлёбваць буду…» Ён даўно прыйшоў да думкі, што няма на гэтай зямлі ў яго сяброў, а ёсць толькі ворагі. І няма на каго спадзявацца, апроч самога сябе, тым больш няма каму верыць і давяраць свае думкі і намеры…

Славік кіўнуў «куратару», нібы на знак згоды, развітаўся і выйшаў з кабінета.

«Куратар» моўчкі правёў яго вачыма. Даўно ён не бачыў Славіка такім: разгубленым і рашучым разам.

«Эге, хлопец, дык цябе моцна зачапіла навіна пра «сябра»... – падумаў ён. — Як бы ты ў гэтакім стане глупстваў не нарабіў, не кінуўся да... як яго... Касінера, блін, памылку сваю выпраўляць... Не, хлопец, трэба будзе і за табой прасачыць...»

Славік павольна крочыў дахаты і згадваў, як тое было некалі… Яго выклікаў тады гэты самы «куратар». Сказаў: «Нам трэба твая дапамога. Ты бачыш, што робіцца ў краіне. Асабліва на ўскраінах. Па так званых рэспубліках. Паднялі галовы нацыяналісты, незалежнасці хочуць, народных франтоў настваралі… І ў нас таксама заварушыліся. Трэба было б іх актыўнасць суцішыць трохі, прыпалохаць. Прайсціся па лідарах, па самых дзейных ды гарачых… Ты ўсіх ведаеш. Арганізуй нам сустрэчы з некаторымі дзеля больш блізкага знаёмства. Пагутарым з імі пра будучыню…»

Славік-бард тады і не падазраваў, чым могуць скончыцца тыя гутаркі ды прыпалохванні, думаў, як і яго, завербаваць хочуць… Першым, з кім папрасілі сустрэцца, быў якраз Уладзя, які тады таемна займаўся стварэннем самаабароны. Па ўласнай ініцыятыве, пакуль нікому з кіраўніцтва пра гэта не гаворачы, каб лішне не засвяціцца. Відаць, хацеў прыйсці і сказаць: вось надзейныя хлопцы, без якіх нам не абысціся… І, пэўна, недзе на некім «пракалоўся», нехта «стукнуў», раз пра гэта даведаліся ў «органах». Бо Славік, хоць і здагадваўся пра тое, данесці не паспеў: значыць, было каму яго апярэдзіць.

Тая «сустрэча» закончылася знікненнем, альбо, як цяпер выявілася, няўдалым забойствам Уладзі. Потым былі яшчэ «знаёмствы». Цяпер, аналізуючы тое, што адбывалася, Славік-бард бачыў, што «выбівалі» найбольш перспектыўных, не чапаючы хіба толькі вярхушку — самых засвечаных: народных дэпутатаў ды блізкіх да іх… Пэўна, там, у жоўта-шэрым доме з вежачкай ці хутчэй на Лубянцы, ужо пралічылі, што краіну-монстра пад назвай СССР ім не ўтрымаць, што развал непазбежны (і ён адбыўся літаральна праз некалькі месяцаў), а як пойдуць справы далей — невядома… А таму варта закласці падмурак і паспрабаваць пакіраваць… калі не ў Прыбалтыцы, дык хоць бы ў славянскіх рэспубліках — у Беларусі ды ва Украіне… Захаваць расейскі ўплыў, рабіць стаўку на «сваіх»… Таму і выбівалі самых-самых. Непадкупных, зацятых, як ім здавалася, а значыць, небяспечных. Прычым не столькі тых, хто быў навідавоку, не бесхрыбетных крыкуноў — філолагаў, пісьменнікаў, мастакоў, гісторыкаў, — а найперш тых, хто меў за спінай жорсткую школу і мог у адказны момант узяць ініцыятыву на сябе.

Выпіваючы пасля адной з такіх «сустрэчаў» з чарговым «знікненнем», куратар нібы наўмысна прагаварыўся: «Што гэтыя ўсе пісьменнічкі-гісторыкі са сваім плачам пра мову і мінулае… Баязліўцы яны, трусы ўсе, мы іх адным ногцем прыжмём, яны хвасты падціснуць і пад венік…»

Славік-бард глядзеў назад і жахаўся: колькі талковых хлопцаў у «мяцежныя дзевяностыя», пад рознымі, нібыта «эканамічнымі», падставамі — прадпрымальнікі, валютчыкі, пазыкі — згінула без следу. А яшчэ смерці ў бальніцах на аперацыйным стале, у аўтааварыях, няшчасныя выпадкі пры купанні, не кажучы ўжо пра «самапавешанні» ды «самастрэлы» — у арсенале спецслужбаў, пачынаючы з 20-х бальшавіцка-нкусаўскіх гадоў, было назапашана шмат варыянтаў «выпадковых смерцяў»… Прычым працаваў на гэта, па ўсім, не адзін ён і не адзін «куратар»…

Уладзя… Уладзя быў адным з першых… Але — чаму? Чаму выбралі менавіта яго? Нічым асаблівым ён не вылучаўся сярод іншых. Ні празмернай актыўнасцю, ні лідарскімі якасцямі, ні харызмай, як сказалі б цяпер. І ўбачыць у ім пагрозу, убачыць перспектыву мог толькі хворы розум. Ці нечым раззлаваны… Мусіць, я чагосьці не ведаю. Відаць, хлопца ламаліламалі ды не даламалі… Бо што з таго… Ствараў ён нейкія там «пяцёркі», ну і што? Згарнуць гэта было прасцей простага: аднаго запалохаць, другога заманіць абяцанкамі — і ўсё… Ну, магчыма, стаў бы ён з часам добрым памочнікам, нават правай рукой якоганебудзь партыйнага лідара. Але не болей за тое. Сам бы ў кіраўнікі не лез ніколі — не той характар, не тыя амбіцыі. А хутчэй за ўсё праз год-другі наогул расчараваўся б у «змаганні», выйшаў з апазіцыі і працаваў бы дзе-небудзь спакойненька, чытаў лекцыі спартсменам, пісаў бы за кандыдацкай — доктарскую... Сядзеў бы ціха, як сябар ягоны — гэты журналіст Андрусь… Дык не, захацелі прыбраць менавіта яго. Дакладней, і яго ў тым ліку. Відаць, нехта з «куратараў» зуб на яго меў за нешта. Але — няхай бы забілі… З канцамі… Дык не — далі выжыць. І жыве, бач. Інвалід. Без памяці. Але жыве, блін! І ці мала чаго ён там можа наўспамінаць?!

Трэба супакоіцца… Можа, Касінер нічога і не згадае. Нават як завуць і хто ён... А можа… Можа… Можа… Не, пакідаць яго жывым ніяк нельга, нягледзячы на смяшкі і жарты «куратара»… Раз лечыць людзей, раз «Настрадамус», дык значыць, усё ж не зусім глузды страціў, хоць і прабыў у коме столькі часу…

13.

Да дома-інтэрната, у якім жыў Уладзя, з Мінска можна дабірацца дзвюма дарогамі: адна ідзе з боку Калінкавічаў, другая — з боку Рэчыцы… Праз Рэчыцу бліжэй, але Андрусю трэба было забраць Люду, і ён, заехаўшы па яе, кіраваў ад Калінкавічаў.

Славік-бард імчаў наўпрост — праз Рэчыцу. Сцяўшы зубы, упарта ціснуў на газ, раз-пораз абганяючы спадарожныя машыны і зацята гледзячы перад сабой.

Андрусь і Люда ехалі няспешна, аднак, тым не менш, атрымлівалася, што апярэджвалі Славіка на некалькі хвілінаў. Праўда, яны яшчэ не ведалі, ці ёсць у тым інтэрнаце Уладзя. Славік жа ведаў пэўна... Ён не хацеў сведкаў і таму гнаў адзін, упарта ўзіраючыся ў дарогу і прадумваючы, што і як казаць галоўнаму ўрачу. Запалохаць яго, вядома ж, будзе няцяжка, але як перацягнуць на свой бок, як прымусіць дапамагчы зрабіць тое, што Славік надумаў?

«Як-як? — узлаваў на самога сябе Славік. — «Куратар» казаў, галоўны ўрач — наш чалавек. А там не проста інтэрнат, там, лічы, бальніца — адзін укольчык, і ўсё… І ніякіх падазрэнняў: раптоўна ажыў — раптоўна памёр…»

Славік памацаў рукой кішэню, якая адтапырвалася ад ладнага скрутка грошай: «Усё будзе добра, — пераконваў ён сябе. — Адзін укольчык і — канцы ў ваду… Толькі — ніякай спагады, ніякага жалю… Гэтым разам схібіць нельга…»

* * *

Уладзя сядзеў у дворыку інтэрната і чытаў Біблію. Раніца была не па-восеньску цёплай, сонечнай. Высока ў небе ляцелі журавы, жалобна курлыкалі, развітваючыся з родным краем перад дальнім выраем. Уладзя падняў галаву да птушак у празрыста-светлым небе: жураўліны клін ляцеў у напрамку сонца…

«Бог ёсць святло, — падумаў Уладзя. — А значыць, маё вяртанне з цемры да святла ёсць… вяртанне да… Бога... Да Бога!.. Усё проста? Усё так проста!.. Мы жывём, пакуль імкнемся да святла, пакуль святло ў нас перамагае цемру...»

Яму стала спакойна і лёгка на душы. Мо ўпершыню за тыя месяцы, як ён ачуўся.

Уладзя адгарнуў Біблію на першай старонцы і прачытаў уголас, каб чулі дрэвы і птушкі: «На пачатку стварыў Бог нябёсы й зямлю. Зямля была бясформнай і пустой, і цемра была над бяздоннем; і Дух Божы лунаў над вадою. І сказаў Бог: хай будзе святло. І стала святло. І ўбачыў Бог святло, што яно добрае; і аддзяліў Бог святло ад цемры…»

Вось ён, пачатак пачаткаў… Тое, адкуль усе мы прыйшлі і куды ідзём…

1995, восень 2011

Барыс Пятровіч

Барыс Пятровіч (cапраўднае імя Барыс Сачанка) прыйшоў у гэты сьвет 17 ліпеня 1959 году. Памёр увечары 1 верасьня 1970-га, каб ранкам наступнага дня зноў нарадзіцца і жыць... У кастрычніку 2002 году сышоў з часопісу "Полымя", каб налета ў верасьні заснаваць часопіс "Дзеяслоў" і жыць вольна... У перапынках між гэтым скончыў факультэт журналістыкі БДУ, працаваў у савецкіх і беларускіх выданьнях, выдаў некалькі кніг прозы.

Галоўны рэдактар часопіса «Дзеяслоў»

Барыс Пятровіч пра “Дзеяслоў”: “Ня думаў, што давядзецца так надоўга затрымацца на гэтым полі. Думаў: ну сапраўды, вось ёсьць цудоўная ідэя, ёсьць хлопцы – чаму б нам не паспрабаваць зрабіць пару-тройку, як вы кажаце, нумароў, не засьведчыць тое, што і мы нешта можам, што мы не скарыліся. Холдынгавая ідэя ад пачатку была заганная, і думалася, што, можа быць, апамятаюцца тыя людзі, якія ўтварылі гэты холдынг. Я вось згадваю дахолдынгавыя часы: цэнзура была, але цэнзура пасьля выхаду часопісу. Сьмеласьць выданьня шмат у чым залежала ад пазыцыі галоўнага рэдактара – мог ён сабе дазволіць друкаваць Быкава ці іншых аўтараў, на той час забароненых, ці ня мог. А ўжо потым, калі выйдзе нумар, яго выклічуць некуды на дыван і будуць разьбірацца. Але гэта будзе потым, і гэта будзе ведаць адзін ён, наколькі цяжка ў гэтай сытуацыі працаваць. А для чытачоў самае важнае будзе тое, што ёсьць нумар, ёсьць тэксты. Такім чынам мы і працавалі ў дзяржаўных часопісах да 2002 году.

Верылася, што гэтая сытуацыя можа вярнуцца. Але іншыя людзі, якія стваралі холдынг, думалі іначай. Таму нам давялося рэгістраваць незалежны “Дзеяслоў”, што было вельмі няпроста. Мы паставілі перад сабой мэту быць выданьнем сур’ёзным, а сур’ёзнае выданьне мае на ўвазе найперш пэрыядычнасьць. Сказаўшы А, трэба казаць Б, В – і так да канца алфавіту. Карацей, гэтая справа нас зацягнула ў сябе, і мы вось так, не агледзеўшыся нават, і прайшлі гэтыя гады на адным дыханьні.

Адным з нашых галоўных прынцыпаў, калі мы пачыналі ствараць часопіс, быў той, што мы павінны даць альтэрнатыўную недзяржаўную трыбуну маладым літаратарам. Каб у іх быў выбар: несьці свае творы ў падцэнзурныя выданьні альбо ў незалежныя. І таму зь першых нумароў мы пачалі друкаваць творы маладых у рубрыцы “Дэбют”. Прычым друкуем абсалютных дэбютантаў, тых, хто сапраўды ўпершыню адважыўся паказаць свае творы шырокаму чытачу. Такіх дэбютантаў у нас за гэтыя гады больш за пяцьдзесят. Як яны даведваюцца пра часопіс? Дзякуй Богу, цяпер ёсьць інтэрнэт, а ў інтэрнэце ёсьць “Дзеяслоў”.

Барыс Пятровіч у 2009 годзе быў узнагароджаны літаратурнай прэміяй Гліняны Вялес за кнігу Жыць не страшна.

Оглавление

  • Барыс Пятровіч СПАЧАТКУ БЫЛА ЦЕМРА
  • Частка першая. Сонечны Зайчык
  • Частка другая. Я ведаю — я памёр
  • Частка трэцяя. Палескі Настрадамус
  • Частка чацвёртая. Дым, альбо Смерць і жыццё Уладзі Касінера...
  • Барыс Пятровіч Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Спачатку была цемра», Борис Петрович Петрович

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!