Іван ПТАШНІКАЎ
НЕ ПА ДАРОЗЕ
Аповесць
I
Сёння ж закончылі касіць на лузе, хоць была і спякота. Дайшлі да крыніцы, абкасілі міжлоззе, пералезлі па гнілым бярвенні праз раку і дабілі густую балотную сінюху ў затоцы. Ляпалі мянташкамі па косах, абтрасаючы прыліплую траву, мылі іх у радэ, выціралі насуха мяккай, прывялай за дзень дзяцелінай; а ля будак на беразе, дзе размяшчаліся на ноч касцы і грабельніцы, падкідалі на «ўра» Лаўкіна— старшыню, гушкалі, віншавалі і дамагаліся замачыць дакоскі.
Гоман і вэрхал запаўнялі луг і аддаваліся рэхам, далёкім, маўклівым пад вечар бары і плылі дзесь далей, услед за сонцам.
Поўны, таўставаты Лаўкін, у дарагім, даўно не прасаваным гарнітуры, разгублена лыпаў вачыма, махаў рукамі, абяцаў, але, адчуўшы пад нагамі зямлю, двёрда сказаў, што замочкі ніякай не будзе, што ён не ведае, як было летась, ды і не хоча знаць. Паклікаўшы двух брыгадзіраў, ён загадаў збірацца дамоў, каб заўтра ж зранку касцы маглі выйсці на канюшыну.
Калі ж Лаўкіна пачалі ўпікаць і папракаць у скнарасці, ён паўтарыў яшчэ раз, што нічога не выйдзе, але запэўніў, што не супраць агульных калгасных дажынак і зробіць іх як належыць, але ў свой час; а цяпер касцы павінны, не адкладваючы, ехаць, а тут застануцца толькі грабельніцы.
Мужчынам нічога не заставалася, як паехаць дадому ды чакаць тых дажынак, якія хто ведае калі яшчэ будуць.
Больш за ўсіх спахмурнеў Андрэй. Ён пакінуў луг пазней за ўсіх, прыцемкамі, калі ўжо за лазняком, куды скацілася сонца, даўно пагасла малінавая палоска. Наўмысля выехаў апошні, а каб затрымацца, дык доўга нокаў і лаяўся ў затоках, быццам ніяк не мог злавіць каня.
На возе яны сядзелі ўдвух: Андрэй і Раман Сідарка, двадцацігадовы хлопед з вострым носам і ўскудлачанымі доўгімі валасамі, які справіўся нейкім чынам «дзябнуць» за ракой, відаць, паабяцаўшы, калі нават не падкінуўшы, сянца якому-небудзь гаспадару (дзе ты за ўсімі ўгледзіш!). Ён дзёўбаў носам, пагойдваўся, а пасля заснуў і хроп, не зважаючы, што на карэнні ў лесе трэсла і падкідвала.
Андрэй, прывязаўшы лейцы да аглабіцы, сашчапіў рукі на каленях ды даў волю каню і сваім думкам.
Комментарии к книге «Не па дарозе», Иван Николаевич Пташников
Всего 0 комментариев