«Апавяданні ў перакладзе Валерыі Далевіч»

663

Описание

У кнізе ўтрымліваюцца чатыры апавяданні розных гадоў выдання: Падарунак (1959), Мяркую, Ты цікавішся, чаму мы тут? (1984), Заданне на падзел (1988), Вітаю, мне трэба ісці (1997) Аўтаркай перакладу ёсць Валерыя Далевіч — маладая дзяўчына з Магілёва, якая захапляецца літататурай, мастацтвам і аўтаспынам. Валерыя займаецца перакладам творчасці Рэя Брэдбэры ня так даўно, але ўжо плануе выдаць цэлую кнігу яго твораў у перакладзе на беларускую мову.



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Апавяданні ў перакладзе Валерыі Далевіч (fb2) - Апавяданні ў перакладзе Валерыі Далевіч (пер. Валерыя Далевіч) 188K скачать: (fb2) - (epub) - (mobi) - Рэй Брэдбери

Рэй Брэдбэры Апавяданні ў перакладзе Валерыі Далевіч

vk.com/dalevicz_bredbery

dalevicz.livejournal.com/

Падарунак 1959

Заўтра Новы год. Ужо па дарозе на касмадром бацька і маці хваляваліся. Для іхняга сына гэта будзе першы палёт у Космас, упершыню ў жыцьці ён сядзе ў ракету, і ім хацелася, каб усё прайшло самым лепшым чынам. Таму, калі ім не дазволілі пранесьці ў карабель падрыхтаваны для яго падарунак, вага якога апынулася ўсяго толькі на некалькі ўнцый больш дапушчальнага, і маленькую ялінку з чароўнымі белымі сьвечкамі таксама прыйшлося пакінуць на мытні, і яны адчулі, што іх пазбавілі і сьвята, і любові да сына.

Хлопчык чакаў іх каля ўваходу на пасадку. Даганяючы яго пасьля безвыніковых пярэчаньняў з чыноўнікамі Міжплянэтнае службы, маці і бацька перашэптваліся.

– Што будзем рабіць?

– Нават ня ведаю. Зараз нічога ня зробіш.

– Дурныя інструкцыі!

– А яму так хацелася ялінку!

Рэзка прагучала сірэна, і сьціслы людзкі натоўп накіраваўся да ракеты, якая мусіць ляцець на Марс. Бацька і маці падняліся на борт самымі апошнімі, іх маленькі бледны сын ішоў паміж імі моўчкі.

– Што-небудзь прыдумаю, – сказаў бацька.

– Аб чым ты? – не зразумеў хлопчык.

Ракета стартавала, іх імкліва шпурнула ў чорную прастору.

Ракета ляцела, пакідаючы за сабой агністы хвост, пакідаючы ззаду Зямлю, на якой ішоў апошні дзень сьнежня 2052 г., накіроўваючыся да мейсца, дзе зусім не было часу, не было месяца, не было года, не было хвілінаў. Яны праспалі астатак першага палётнага дня. Апоўначы, калі лічыць па зямных гадзінах, хлопчык прачнуўся і сказаў:

– Я хачу паглядзець у ілюмінатар.

На караблі быў усяго адзін ілюмінатар, наверсе, вышэй за палубу, вакно вялікіх памераў зь неймаверна тоўстым шклом.

– Яшчэ рана, – адгукнуўся бацька. – Сходзім наверх крыху пазьней.

– Я хачу паглядзець, дзе мы і куды ляцім.

– Давай пачакаем. Потым зразумееш чаму, – сказаў бацька.

Ён ужо даўно ляжаў з расплюшчанымі вачыма і варочаўся з боку на бок, думаючы пра пакінуты падарунак, аб тым, як быць са сьвятам, і аб тым, як шкада, што ялінка зь белымі свечкамі засталася на Зямлі. Нарэшце, усяго за пяць хвілін да таго, як прачнуўся сын, ён ўстаў, адчуваючы, што прыдумаў плян. Ажыцьцявіць яго – і падарожжа стане па-сапраўднаму радасным і цікавым.

– Сынок, роўна праз паўгадзіны наступіць Новы год, – сказаў ён.

Маці ціха войкнула, напалоханая тым, што ён нагадаў пра сьвята. Было б лепей, калі б хлопчык як-небудзь забыўся на гэта, так ёй хацелася.

Твар хлопчыка ўзгарэўся ад хваляваньня, і вусны задрыгацелі.

– Я ведаю, ведаю. Вы мне падаруеце нешта, так? У мяне будзе ялінка. Вы абяцалі...

– Так, вядома, і падарунак, і ялінка, і нават больш, – сказаў бацька.

У маці задрыжаў голас:

– Але...

– Слова гонару, – паўтарыў бацька. – Даю слова гонару. Усё, што абяцалі, і нават больш, нашмат больш. Чакайце мяне тут. Я хутка павярнуся.

Яго не было хвілін дваццаць. Ён вярнуўся усьміхаючыся.

– Засталося нядоўга.

– Можна, я буду трымаць твае гадзіньнікі? – Папрасіў хлопчык, і яму падалі гадзіньнікі, і ён трымаў іх, яны цікалі ў яго на пальцах, адлічваючы апошнія хвіліны дня, якія несьліся ў агні і бязмоўі, у неадчувальным руху.

– Усё, наступіў! Новы год! Дзе мой падарунак?

– Хадзем, – бацька паклаў руку на плячо сына і павёў яго з каюты, па калідоры, уверх па трапе; маці накіроўвалася за імі.

– Нічога не разумею, – паўтарыла яна некалькі разоў.

– Хутка зразумееш. Вось мы і на мейсцы, – сказаў бацька.

Яны спыніліся перад зачыненымі дзьвярыма вялікае каюты. Бацька пагрукаў тэлеграфным кодам: тры разы і потым яшчэ два... Дзьверы адчыніліся, а сьвятло ў каюце згасла, у цемры перашэптваліся галасы.

– Уваходзь, сынок, – сказаў бацька.

– Там цёмна.

– Вазьмі мяне за руку. Пойдзем, маці.

Яны пераступілі цераз парог, дзьверы зачыніліся, у каюце была поўная цемра. А адразу перад імі незразумела вымалёўвалася вялізарнае шклянае вока, ілюмінатар, вакно чатырох футаў у вышыню і шасьці футаў у шырыню, празь яго можна было вызірнуць у космас.

Хлопчык прытаіў дыханьне. У яго за сьпінай бацька і маці таксама зьдзіўлена прыціхлі, і ў гэты момант некалькі галасоў засьпявалі ў цемры.

– З Новым годам, сынок.

Галасы ў цемры сьпявалі калядны гімн, старажытны, незабыўны; хлопчык рушыў асьцярожна наперад, пакуль не прыціснуўся тварам да халоднага шкла ілюмінатара. Ён доўга стаяў каля вакна і глядзеў у адкрыты космас, проста глядзеў у прадонную ноч, дзе палымнелі сьвечкі, мільярд мільярдаў белых, цудоўных, палымнеючых сьвечак.

Мяркую, Ты цікавішся, чаму мы тут? 1984

Калі ён прыехаў, у рэстарацыі было бязлюдна. Шостая гадзіна – час яшчэ ранішні, наведвальнікі ў добры дзень зьбіраюцца пазьней, і гэта яго задавальняла, таму што трэба было падрыхтавацца. Ён глядзеў збоку, як ягоныя рукі машынальна разгортваюць сурвэткі каля трох прыбораў, перастаўляюць шклянкі для віна, зрушваюць і перакладаюць нажы, відэльцы і лыжкі, быццам сам ён зрабіўся мэтрдатэлем або наваяўленым шаманам. Ён чуў, як зь языка зьлятае то бяссэнсоўны рэчытатыў, то прыглушанае загаварваньне, бо ён паняцьця ня меў, як гэта бывае, але адступаць было няма куды.

Ён уласнаручна адаткнуў віно, а афіцыянты стаялі ў аддаленьні, шэпчучыся з шэф-поварам, і ківалі ў ягоны бок, быццам западозрыўшы ў ім вар'ята.

Але на чым памяшанага – ён і сам ня ведаў. На сваім жыцьці? Здаецца, не. Хутчэй, не. Часам і зусім не. Як бы там ні было, сёньня ўвечары ён чакаў пераменаў.

Сёньняшні вечар мусіў даць яму адказы на некаторыя пытаньні альбо крыху суцешыць яго.

Дадаўшы сабе крыху віна, ён ацаніў водар, пакаштаваў з заплюшчанымі вачыма, дачакаўся сапраўднага густу. Добрае. Не сказаць, што выдатнае, але добрае.

Трэцім разам перасоўваючы сталовыя прыборы, ён думаў: “у мяне ёсьць дзьве праблемы. Гэта дачкі, якія ёсьць далёкімі і незразумелымі, як марсіянкі. І яшчэ бацькі – гэта галоўная праблема”. Таму што іх ужо дваццаць гадоў як няма ў жывых.

Незалежна ад таго, ці маліўся ён, ці моўчкі прасіў, ці апантана клікаў, зьбіраючы ўсю сваю волю, пры гэтым навучыўшыся кантраляваць сэрцабіцьцё і неспакойныя думкі, засяродзіўшы ўвагу на зеляніне, што знаходзіцца на бліжэйшым лузе – усё гэта мусіла атрымацца. Бацька і маці як па чарадзействе паўстануць з праху, падымуцца, пройдуць тры кварталы па вячэрнім бульвары і, быццам бы так і мае быць, увайдуць у гэты рэстаран гэтаксама, які і калі…

Божухна, я й шклянку віна яшчэ ня выпіў, падумаў ён і, рэзка разгарнуўшыся, выйшаў, каб падыхаць сьвежым паветрам. Калі ён выйшаў у гэтую летнюю ноч, прычыніўшы ўваходныя дзьверы рэстарацыі, ён пільна разглядаў мейсца, дзе ўдалечыні цямнелі могілкавая брама. Так. Усё амаль гатова. Дакладней сказаць, ён–та гатовы. Але... ці гатовыя яны? Ці правільна абраны час?

Сурвэткі і сталовыя прыборы пісьменна раскладзеныя, добрае віно на стале...ці саслужыць гэта сваю службу?

Хопіць, падумаў ён і перавёў позірк ад далёкае могілкавае брамы на бліжэйшую тэлефонную будку. Ён падыйшоў да дзьвярэй – увайшоў у будку, кінуў у шчыліну дзесяць цэнтаў і набраў нумар.

Голас ягонае дачкі гучаў на аўтаадказьніку. Ён заплюшчыў вочы і моўчкі павесіў слухаўку, адмоўна паківаўшы галавой. Набраў іншы нумар. У другое дачкі наўпрост ніхто не адказваў. Ён павесіў слухаўку, паглядзеў напрыканцы ў бок могілак, якія ў зьнікаючым зьмярканьні ўжо не здаваліся такімі блізкімі, і пасьпяшаўся вярнуцца ў рэстарацыю.

Там паўтаралася тое ж самае: шклянкі, сурвэткі, сталовыя прыборы. Трэба было дакрануцца, пакласьці і пераставіць, каб да кожнага з гэтых прадметаў перацякла ягоная энэргія, каб яны, як і ён сам, пранікліся надзеяй. Задаволена кіўнуўшы, ён заняў сваё мейсца за сталом, уважліва агледзеў сталовыя прыборы, талеркі, шклянкі для віна, зрабіў тры глыбокіх ўдыхі, ягоныя заплюшчаныя вочы былі сканцэтраваныя, і ён пачаў апантана маліцца ў чаканьні.

Яму было вядома: калі доўга чакаць і горача жадаць...

Яны прыйдуць, сядуць, павітаюцца зь ім, як звычайна: маці пацалуе ў шчаку, бацька схопіць за руку і моцна сьцісьне. У рэшце рэшт гучныя прывітаньні сьціхнуць, і тады можна будзе пачаць развітальную вячэру ў рэстарацыі гэтага мястэчка.

Мінула дзьве хвіліны. Ён чуў, як цікаюць гадзіньнікі на запясьці. І больш нічога. Мінула яшчэ хвіліна. Ён засяродзіўся. Пачаў маліцца. Сэрца грукала зусім ціха. І зноў нічога. Яшчэ хвіліна. Ён прыслухоўваўся да свайго дыханьня. Зараз, ён падумаў. Зараз, чорт пабяры. Давай жа!

Сэрца ў яго моцна загрукала.

Дзьверы ў залю адчыніліся.

Ён не падымаў галавы, затаіў дыханьне, не расплюшчыўшы вочы.

Хтосьці накіроўваўся да ягонага століка. Хтосьці спыніўся. Хтосьці глядзеў на яго зьверху.

– Я ўжо думала, мы ніколі больш не дачакаемся ад Цябе запрашэньня на вячэру, – сказала яму маці.

Калі ён расплюшчыў вочы, яна як раз нахілілася пацалаваць яго ў лоб.

– Колькі гадоў, колькі зім! – Бацька схапіў яго за руку і моцна паціснуў. – Як маешся, сынку?

Сын падскочыў, ледзь не перакуліўшы шклянку.

– Выдатна, Тату. Прывітаньне, Маці! Сядайце, што ж Вы, сядайце, божухна, сядайце!

Чамусьці яны так і засталіся стаяць. Усе зьдзіўлена глядзелі адзін на аднаго, быццам аглушаныя, пакуль...

– Не хвалюйся, тут усе свае, – сказала маці . – З таго моманту, як мы цябе паклікалі. Мы...

– Гэта быў доўгі час. – Бацька ўсё яшчэ сьціскаў ягоную руку сталёвай хваткай. Ён падміргнуў, нібы запэўніваючы, што ўсё добра. – Мы ўсё разумеем. У цябе справаў па горла. Усё добра, сынку?

– У парадку, – адказаў сын. – Мне здавалася, что я засумаваў па Вас! – Тут ён парывіста прыціснуў да сябе іх абодвух, вочы зрабіліся вільготнымі. – А вы… – ён спыніўся і пачырванеў. – Я меў на ўвазе...

– Не бянтэжся, сынку, – сказаў бацька. – У нас усё выдатна. Некаторы час гэта было жорстка. Я маю на ўвазе, што ўсё гэта было для нас упершыню. Як, чорт пабяры, гэта выказаць словамі? Вы ня можаце, таму і я ня буду...

– Джордж, богам прашу, хопіць балбатаць, і знайдзі нам столік, – сказала маці.

– Гэта і ёсць наш столік, – сказаў сын, паказваючы на ​​вольныя мейсцы. Ён раптам прыгадаў, што не запаліў сьвечку, і дрыготкімі рукамі зрабіў гэта цяпер. – Сядайце. Выпіце віна!

– Твайму бацьку піць шкодна... – пачала маці.

– Богам прашу, – сказаў бацька, – зараз гэта ня мае аніякага значэньня.

– Зусім забылася. – у маці зьявілася дзіўнае адчуваньне, быццам яна толькі што прымерыла новую сукенку і заўважыла, што ўсе швы былі накась. – Я ўвесь час забываюся.

– Гэта тое ж самае, калі некаторыя забываюцца, што жывуць! – Бацька засьмяяўся ўголас. – Людзі жывуць семдзесят гадоў і проста не заўважаюць. Яны забываюцца казаць: чорт пабяры, бо я жывы! Калі гэтак адбудзецца, ты сапраўды мусіш стацца…

– Джордж, – перапыніла маці.

– Паглядзіце на гэта зь іншага боку, – працягваў бацька, сядаючы за стол і пакінуўшы жонку і сына стаяць. – Пакуль чалавек яшчэ не нарадзіўся на сьвет – гэта адзін стан, пакуль жыве – другі, а ўжо пасьля – трэці. І кожным разам ня трэба забывацца казаць услых: Гэй, я на першай стадыі, я на другой! Нічога ня зробіш, мы, чорт пабяры, знаходзімся на трэцяй. І як твая маці прызналася, часам яна на гэта забываецца. Затое я магу піць гэтага праклятага віна, колькі ўлезе! Ён разьліў віна сабе і астатнім і пачаў піць вельмі хутка:

– Няблага!

– Як ты можаш казаць гэтак? – Вырвалася ў сына, але ён тут жа прыкусіў язык. Але бацька гэтага не пачуў і паляпаў мейсца побач зь ім на крэсле:

– Хадзем, Ма!

– Не кажы мне «Ма». Мяне зваць Эліс!

– Сядайце, Ма-Эліс!

Маці асьцярожна прысела ў крэсла па адзін бок ад яго, а сын – па другі. Упершыню, калі ўсе трохі супакоіліся, у сына выпаў шанец аглядзець, як апранутыя ягоныя бацькі.

Бацька прыйшоў у твідавым пінжаку, у нагавіцах для гульні ў гольф і ў яркіх высокіх шкарпэтках з арнамэнтам. Ягоныя чаравікі былі сьветла-памяранцавага колеру, вычышчаныя да бляску, ягоны гальштук быў чорны ў рысачку, колера мандарыну, і на галаве ён насіў кепі з шырокімі палямі, зробленым быццам бы з карычневага твіда, зусім новага і сьвежага.

– Шыкоўна выглядаеш, тату. А ты, мам...

Яна была добра апранутая для сустрэчы: ейнае файнае паліто з шэрае тонкае воўны, пад якім была бела-сіняя ядвабавая сукенка і блакітны шалік на шыі. На галаве трымаўся капялюшык – той, якія насілі калісьці модніцы, і гэты капялюшык моцна трымаў ейныя прыгожыя, непаслухмяныя валасы.

– Дзе я мог бачыць гэтую вопратку? – Спытаў сын. – Яна падаецца мне вельмі знаёмай.

Але перад тым, як яны адказалі яму, ён прыгадаў: на аматарскім фатаздымку, на якім быў ён з братам, што быў зроблены на лужцы каля хаты ці то ў Дзень Памінаньня[*], ці то ў Дзень Незалежнасьці, чацьвёртага ліпеня, шмат гадоў таму. Яны з братам, апранутыя ў кароткія нагавіцы, куртачкі і кепкі, патаемна казыталі адзін аднаго, а ззаду стаялі бацькі, якія жмурыліся ад сонца, якое, здавалася, назаўжды застыне ў тым паўдзённым небе.

[*] Дзень Памінаньня - дзень памяці загінуўшых у грамадзянскай вайне ў ЗША 1861-1865 гг., у гішпанска-амэрыканскай і іншых войнах. Адзначаецца 30 траўня.

Бацька, нібыта прачытаўшы ягоныя думкі, сказаў:

– Мы тады як раз вярнуліся з царквы – справа была на Вялікдзень, 1927 год. Я апрануў касьцюм для гольфа. Маці ледзь не згубіла прытомнасьць.

– Аб чым вы тут балмочаце? – Маці палезла ў торбу, дастала люстэрка, праверыла як нафарбаваны вусны, і падправіла памаду мезенцам.

– Нічога асаблівага, Эліс-ма. – Бацька яшчэ раз напоўніў шклянку, але на гэты раз, пад пільным позіркам сына, піў віно павольней.

– Нядрэнна, калі звыкнешся. Гэта не такая складаная справа. Але віскі мне больш падабаецца. Дзе мэню? Чорт, вось жа яно. Давайце паглядзім.

Ягоны бацька доўга перачытваў мэню, вышукваючы там знаёмыя словы.

– Чаму тут усё на французкай? – Ён заплакаў. – Няўжо нельга пісаць на ангельскай? Кім яны сябе ўявілі?

– Мэню на ангельскай, тату. Глядзі сюды. – Сын правёў пазногцем па некалькіх назовах у мэню.

– Д’ябал, – фыркнуў бацька. – Чаму б ім не сказаць пра гэта?

– Та, – сказала маці, – прачытай мэню і абяры страву.

– Заўсёды былі праблемы з выбарам. А што ядуць іншыя? Што чалавеча можа тут з’есьці? – Бацька падаўся наперад, выцягнуў шыю і паглядзеў за столік на тым баку.

– Выглядае прыемна. Думаю, я замоўлю тое ж самае.

– Твой тата, – сказала маці, – заўсёды абіраў такі шлях. Калі б людзі за тым столікам грызлі цвікі або сьвіныя страўнікі, ён бы ўсё роўна замовіў тое ж самае.

– Памятаю, – ціха сказаў сын і дапіў віно. Ён затаіў дыханьне, пачакаў трохі, нарэшце выдыхнуў. – Што ты будзеш, мам?

– А ты, сынку?

– Стэйк па-гамбургску...

– І я таксама буду, – сказала маці, – каб не было лішніх праблем.

– Маці, – запярэчыў сын, – якія могуць быць праблемы? У мэню тры дзясяткі страваў.

– Не, – адрэзала маці і, перагарнуўшы мэню, накрыла яго сурвэткай, быццам маленькае нежывое цельца. – Размова скончаная. Густ майго сына – мой густ.

Пацягнуўшыся за бутэлькай віна, сын заўважыў, што там было пуста.

– Божухна, – сказаў ён, – няўжо мы ўсё выпілі?

– Хтосьці выпіў. Закажы яшчэ віна, сын. Пакуль чакаем, давай я з табой падзялюся. – Бацька даліў яму палову сваёй шклянкі. – Я мог бы выпіць міску такого віна.

Было прынесена яшчэ больш віна, якое адразу ж адчынілі, разьлілі па шклянках.

– Беражы печань. – Нагадала маці.

– Гэта што: пагроза ці тост? – Спытаў бацька.

Калі яны чарговым разам паднялі шклянкі, сын злавіў сябе на думцы, што вечар не задаўся: яны не размаўлялі аб тым, аб чым ён больш за ўсё жадаў паразмаўляць.

– Тваё здароўе, сынку!

– І тваё, Тату. Мам, за цябе!

І зноўку ён змоўк, каб падумаць, і раптам успомніў тое мейсца, адкуль сёньня з'явіліся бацькі – маўклівыя шэрагі цесных прыстанкаў з мармуровымі стрэхамі, на якіх высечаны вялікія імёны; такое мейсца, дзе зашмат крыжоў і амаль няма анёлаў.

– Вашае здароўе, – ціха паўтарыў сын.

Маці нарэшце падняла сваю ​​шклянку і прыгубіла ня больш кроплі, нібы палявая мышка.

– Ой, – зморшчылася яна, – кіслае.

– Зусім не, мам, – сказаў сын. – Адчуваецца смак віннага склепу. Гэта нядрэннае віно, сапраўды...

– Калі яно такое добрае, – сказала маці, – чаму вы стараецеся яго хутчэй праглынуць?

– Ну, Маці! – Ня вытрымаў бацька. – Ты як скажаш! – Яго разабраў сьмех, ён пляснуў у ладкі, абапёрся на стол з выглядам, які паказваў “несапраўдную” шчырасьць. – Мяркую, Ты цікавішся, чаму мы тут?

– You didn't call, Father. He did. Your son.

– Гэта проста жарт, матуля.

– Ну, сынку, скажы, навошта ты гэта зрабіў? – Бацькі пільна сачылі за ім і чакалі адказу.

– Чаму я зрабіў што?

– Паклікаў нас сюды!

– Ах, вось яно што...

Сын зноў напоўніў апусьцелую шклянку. Ён пачаў пацець, і з-за гэтага працёр лоб і вусны сурвэткай.

– Чакайце, – сказаў ён, – мне трэба сабрацца з думкамі...

– Ня цісьні на яго, тату, дай хлопчыку прыйсьці ў сябе.

– Вядома, вядома, – пагадзіўся бацька. – Але ведай, што нам прыйшлося шмат часу папрацаваць, каб прывесці сябе ў належны выгляд, знайсьці час і прыйсьці сюды. Тут, на вяршыні...

– Муж...

– Не, Эліс, дазволь мне скончыць. Сын мой, тое мейсца, дзе ты нас разьмясьціў, – далёка ня самае лепшае.

– Ня горш за іншыя, – сказала маці.

– Значна горш, і ты гэта ведаеш. – Бацька ўзяў відэлец і намаляваў нешта на абрусе. – Тут чорт пабяры, мала мейсца. І мы занадта далёка. Аніякі зьнешні выгляд там. Пра ацяпленьне і казаць няма чаго!

– Ну, сапраўды, зімой бывае халаднавата, – прызналася маці.

– Халодна, чорт пабяры! Так халодна, што з расколін дзьмуе ва ўсе бакі. О, яшчэ адна рэч. Мне зусім не падабаюцца нашыя суседзі.

– Табе заўсёды не падабаліся суседзі, у любы час, улюбым мейсцы, пры любых абставінах, – заўважыла маці. – Суседзі выязджалі – ты казаў: «Дзякуй Богу». Новыя заязджалі, а ты: «А, Божухна, толькі ня гэта...»

– Ну, а гэтыя самыя горшыя: яны прынесьлі торт. Сынку, ты ня мог бы нам як-небудзь дапамагчы?

– Дапамагчы? – перапытаў сын і падумаў: божа мой, яны проста не разумеюць, адкуль прыйшлі, ня ведаюць, дзе былі дваццаць гадоў, не разумеюць, чаму ім там халодна...

– А ўлетку занадта горача, – дадаў бацька. – Плавімся ад сьпякоты ў нашым абутку. Не глядзі на мяне такім чынам, маці. Сын хоча гэта пачуць. Ён што-небудзь прыдумае, так, сынку? Знойдзе нам новае мейсца...

– Так, тату.

– Галава баліць, сын?

– Не. –Сын расплюшчыў вочы і пацягнуўся за віном. – Я гэтым займуся. Абяцаю.

Цікава, падумаў ён, ці даводзілася каму-небудзь падшукваць у такой сытуацыі новы прыстанак выключна дзеля добрага выгляду і прыемнага суседзтва? Ці дазволіць гэта закон? Ды і куды іх везьці? Куды яны захочуць перабрацца? Можа, у Чыкага? Ёсць там адно мейсца на ўзгорку...

Толькі цяпер да іхняга століка падыйшоў афіцыянт, каб прыняць замову.

– Мне – тое ж самае, што яму. – Маці кіўнула на сына.

– Мне – тое, што есьць вось той чалавек, – сказаў бацька.

– Hamburger steak, – замовіў сын.

Афіцыянт сышоў і хутка павярнуўся. Яны пачалі хутка есьці.

– Гэта што, спаборніцтва на хуткасьць?

– Супакойся, хлопча. Ах!

І тут раптам усё скончылася. Мінула роўна гадзіна, як сын, апусьціўшы відэлец і нож, дапіў чацьвёртую шклянку віна. Нечакана ягоны твар азарыўся усьмешкай.

– Я ўспомніў! – Усклікнуў ён. – Я маю на ўвазе, што ўспаміны вяртаюцца да мяне! Чаму я вас паклікаў, чаму выцягнуў Вас сюды!

– Ну? – спытала яго маці.

– Кажы як ёсьць, сын, – сказаў бацька.

– Я... – пачаў сын.

– Што?

– Ну-ну?

– Я, – сказаў сын, – люблю Вас.

Ягоныя словы адкінулі бацькоў на сьпінкі крэслаў. Іхнія плечы аселі; яны абмяняліся позіркамі, галовы апусьціліся.

– Чорт, сынку, – прамовіў бацька. – Мы гэта ведаем.

– Мы таксама цябе любім, – сказала маці.

– Так, – ціха сказаў бацька, – гэта так.

– Але мы імкнемся ня думаць пра гэта, – сказала маці. – Гэта робіць нас сумнымі, калі ты нас ня клічаш.

– Маці! – Усклікнуў сын і спыніў сябе, ледзь не сказаўшы: ты зноў забылася!

Замест гэтага ён паабяцаў:

– Я буду клікаць вас часьцей.

– У гэтым няма патрэбы, – сказаў бацька.

– Я буду, паверце, так і будзе!

– Не давай абяцаньняў, калі ня маеш патрэбы іх выконваць, вось што я скажу. Але зараз.. – Бацька зрабіў глыток віна. – Скажы мне, сын, што яшчэ ты нам хацеў сказаць?

– Што яшчэ? – Сын быў уражаны. Хіба недастаткова таго, што ён прызнаўся ім у вялікай, бясконцай любові...

– Як сказаць...

Ён замяўся. Ягоны позірк паў па-за вакно рэстарацыі на маўклівую тэлефонную будку, дзе ён апошнім разам званіў.

– Мае дзеці... – пачаў ён.

– Дзеці! – Расхваляваўся стары. – Божухна, як я мог забыцца! Хто яны ў цябе?

– Дачкі, вядома! – Сказала жонка, адштурхнуўшы яго рукой. – Што здарылася з табой?

– Калі ты за дваццаць гадоў не зразумела, што са мной адбываецца, то тлумачыць няма сэнсу. – Бацька павярнуўся да сына. – Дачкі, зразумела. Яны мусілі ўжо зусім вырасьці. А былі такія крохі, калі мы апошнім разам бачыліся...

– Пачакай, няхай сын сам пра іх распавядзе, – перапыніла яго маці.

– Няма чаго распавядаць – Сын няёмка запнуўся. – Чорт, насамрэч шмат чаго. Але гэта ня мае сэнсу.

– А ты паспрабуй, – сказаў бацька.

– Часам бывае...

– Так?

– Часам бывае, – павольна працягваў сын, апусціўшы вочы, – вось гэтае пачуцьцё, быццам мае дачкі – ўдумайцеся: мае дачкі памерлі, а вы, вы жывыя! Ці мае гэта сэнс?

– Сэнс у тым, што амаль ва ўсіх сем’ях адбываецца падобнае, – сказаў бацька, дастаўшы цыгару, адрэзаўшы ейны кончык і закурыўшы яе. – Цябе не адразу зразумееш, сынку.

– Тат... – сказала дакорліва маці.

– Ну, так было і зараз адбываеца тое ж самае, чорт пабяры. Гэта сьмешна, але так і ёсьць. Я хачу сказаць: яго не адразу зразумееш. Але ты працягвай, кажы і, пакуль ты гэта робіш, налі мне яшчэ віна.

Сын наліў яму віна і сказаў:

– Не магу іх зразумець. Так, і я маю дзьве праблемы. Вось чаму я вас і паклікаў. Першая: я сумую па вас. Другая: мне вельмі дрэнна бяз іх. Вось гэта нечакана для вас. Чаму так атрымліваецца?

– На першы погляд... – пачаў бацька.

– Такое жыцьцё, – дадала маці, ківаючы.

– Гэта ўсё, што вы можаце мне параіць? – Усклікнуў сын.

– Прабач, але мы ведаем, што ты сёньня пастараўся, і вячэра была выдатнай, і віно першаклясным, але мы проста ад гэтага адвыклі, мой хлопчык. Мы нават ня можам прыгадаць, якім ты быў! Як мы можам табе дапамагчы? Зусім ніяк! – Бацька дастаў запалкі і назіраў, як полымя праглынае чарговую цыгару. – Не, сын. Праблема ў іншым. Няёмка пра гэта казаць. Нават ня ведаю, як растлумачыць...

– Твой бацька хоча сказаць…

– Не, дазволь мне сказаць, Эліс. Спадзяюся, мой хлопчык, ты ўспрымаеш гэта добра...

– У любым выпадку, тат, я разумею, – запэўніў яго сын.

– Божа, як цяжка. – Бацька кінуў цыгару і прыкончыў чарговую шклянку віна. – Чорт і пекла, справа ў тым, сынку, прычына, чаму мы ня бачыліся на працягу многіх гадоў... – Ён затрымаў дыханьне, а потым выпаліў: – Ды проста з-за тваёй нудоты!

На стол быццам падкінулі бомбу. Ашаломленыя, утрох яны замерлі.

– Што? – Перапытаў сын.

– Я сказаў...

– Не, не, я чуў, – сказаў сын. – Я чуў. Вам са мной невыносна. – Ён паспрабаваў гэтыя словы на густ. У іх быў дзіўны смак. – Вам са мной нудна? Божа! Вам са мной нудна!

Ён заліўся фарбай, з вачэй пырснулі сьлёзы, і ён пачаў рагатаць што ёсьць моцы, стукаючы па стале кулаком правае рукі і прыціскаючы левую руку да ныючага ад болю ў грудзях сэрца, а затым выцер вочы сурвэткай.

– Вам са мной нудна!

Бацька з маці для прыстойнасьці памаўчалі, а потым таксама пачалі пырхаць, пасьмейвацца, затаілі дыханьне, а потым наступіла разрадка, а зь ёй прыйшла весялосьць.

– Прабач, сынку! – Крычаў бацька. Сьлёзы цяклі з вачэй, але сам ён усьміхаўся.

– Ён не знарок... – зь цяжкасьцю вымавіла маці, якая гойдалася туды-сюды, выдаючы сьмяшкі пры кожным уздыхе.

– Не, знарок, знарок! – Крычаў сын.

Зараз усе ў рэстарацыі глядзелі на вясёлае трыа.

– Яшчэ віна! – Запатрабаваў бацька.

– Яшчэ віна.

І да таго часу, калі адчынілі і разьлілі апошнюю бутэльку, усе трое сядзелі ў задаволеным маўчаньні, усьміхаючыся і цяжка дыхаючы. Сын падняў шклянку і сказаў тост: – За таго, хто самы занудлівы!

Гэта іх зноў разварушыла, яны рагаталі, абдымаліся, лавілі паветра, білі рукамі па стале, выціралі сьлёзы радасьці, падштурхоўвалі адзін аднаго ў рабрынкі локцямі.

– Ну, сын, – сказаў нарэшце бацька, трохі супакоіўшыся. – Ужо позна. Нам сапраўды трэба ісьці.

– Куды вам сьпяшацца? – Рагатнуў сын і тут жа змоўк. – Так, дакладна. Я забыўся.

– Ды не хвалюйся ты, – сказала маці. – Гэтае мейсца не такое ўжо і дрэннае, як бацька яго апісвае.

– Разумею, – ціха сказаў сын, – але хіба там ня... сумна?

– Можна прылаўчыцца... Піце віно. Годзе.

Яны дапілі апошняе віно, яшчэ трохі пасьмяяліся, ківаючы галовамі, потым выйшлі з дзьвярэй рэстарацыі і акунуліся ў цяпло летняе ночы. Было толькі 20:00, з возера дзьмуў лёгкі ветрык, у паветры быў водар кветак – хацелася проста ісьці без перапынку.

– Дазвольце мне правесьці вас, – прапанаваў сын.

– Го, у гэтым няма патрэбы.

– Мы самі гэта зробім, сынку, – сказаў бацька. –Так будзе лепш.

Яны стаялі і глядзелі адзін на аднаго.

– Добра, – сказаў сын, – затое было весела.

– Ня надта. Прыемна, так. Так, па-хатняму, таму што мы – адна сям'я, мы цябе любім, сынку, а ты любіш нас. Ці весела? Ня думаю, што гэтае слова падыходзіць. Сумна, так. На самой справе – сумна, але па-сямейнаму: сямейна й сумна. Дабранач, сынку.

Яны яшчэ трохі памарудзілі, паабдымаліся, цалуючыся і абліваючыся сьлязьмі, напрыканцы разам пасьмяяліся, і ягоныя бацькі пайшлі па цёмнай вуліцы, па накірунку да свайго прыстанку.

Сын стаяў даволі доўга, назіраючы, як іхнія фігуры становяцца ўсё менш і менш, а потым адвярнуўся, зайшоў, амаль не раздумваючы, у тэлефонную будку, набраў нумар і зноў пачуў аўтаадказьнік.

– Вітаю, Элен, – сказаў ён і зрабіў паўзу, таму што цяжка было падабраць словы, цяжка было сказаць: – Гэта тата. Мы дамаўляліся павячэраць ў чацьвер. Можа, скасуем дамову? Ніякіх праблем. Шмат працы. Я патэлефоню наступным тыднем, і мы прызначым новую дату. Так, і зьвяжыся, калі ласка, з Дэбі – скажы загадзя. Люблю цябе. Бывай.

Ён павесіў слухаўку і ўгледзеўся ўдалячынь.

Бацькі як раз праходзілі скрозь жалезную браму могілак. Яны азірнуліся, памахалі яму на разьвітаньне і зьніклі ў цемры.

Маці, Тата, паўтараў ён сам сабе. Элен. Дэбі. І зноў: Элен, Дэбі, Маці, Тата. Ім са мной нудна. Ім нудна са мной! Чорт пабяры!

Сьмяючыся скрозь сьлёзы, ён нетаропка павярнуўся і паплёўся назад у рэстарацыю. Ягоны сьмех прыцягнуў увагу наведвальнікаў рэстарацыі.

Але ён не зьвяртаў увагі, бо віно, што было выпітым да дна, было не такім дрэнным.

Заданьне на падзел 1988

- Ды Ты ніяк замок зьмяніла!

Зьбіты з панталыку, ён стаяў каля дзьвярэй і глядзеў на круглую дзьвярную ручку, якую спрабаваў павярнуць адной рукой, сьціскаючы ў другой руцэ стары ключ.

Яна прыбрала далонь з такой жа ручкі, толькі па іншы бок дзьвярэй, і ўвайшла ў хату.

- Каб чужыя не хадзілі.

- Чужыя! – закрычаў ён. Яшчэ раз пакруціў ручку, з уздыхам прыбраў у кішэню непатрэбны ключ і прычыніў за сабой дзьверы.

- Мабыць, напэўна, так і ёсьць. Мы цяпер чужыя.

Стоячы пасярод гасьцёўні, яна глядзела на яго ва ўпор:

- Ну, прыступім.

- Відаць, Ты ўжо пачала. Ну і ну. – Ён акінуў вачыма шматлікія стосы кніг, якія былі зь вялікай акуратнасьцю складзеныя на падлозе. – Няўжо нельга было пачакаць мяне?

- Навошта марнаваць час? – Яна паказала падгардзёлкам спачатку налева, потым направа. – Гэтыя - мае. А вось тыя – Твае.

- Давай хаця б паглядзім.

- Зрабі ласку. Глядзі, колькі хочаш, але ўсё роўна: гэтыя - мае, а вось тыя - Твае.

- Не, так ня пойдзе! – Ён нахіліўся і пачаў перакладваць кнігі, хапаючы па адной то праваруч, то леваруч. – Прыйдзецца пачаць з самага пачатку.

- Ты зараз усё пераблытаеш, – запярэчыла яна. – А я, між іншым, змарнавала процьма часу, каб іх упарадкаваць.

- Што ж зробіш. – Цяжка дыхаючы, ён стаў на адно калена. – Прыйдзецца змарнаваць яшчэ нейкі час. «Псіхааналіз па Фрэйдзе»! Вось бачыш? Як гэтая кніга трапіла ў мой стос кніг? Цярпець не магу Фрэйда!

- Я проста вырашыла ад яе пазбавіцца.

- Пазбавіцца? Такім чынам? Хопіць навязваць ўсялякае халусьце чужому чалавеку, нават калі гэта Твой былы муж. Значыцца, трэба дзяліць не на дзьве, а на тры часткі: для Цябе, для мяне і для Войска Выратаваньня.

- Вось і забяры з сабой кнігі для Войска Выратаваньня – ня я ж гэтым буду займацца.

- Уласна, чаму? Патэлефонь зараз. Чаму я павінен цягнуць гэтую макулатуру праз увесь горад? Ці не прасьцей...

- Добра, добра, супакойся. Ня трэба раськідваць кнігі. Праглядзі спачатку мой стос, потым свой. Калі будуць нейкія пярэчаньні...

- Я ўжо бачу: на тваім баку ляжыць мой Тэрбэр[1] – што ён там робіць?

- Ты сам падараваў мне гэты томік на Каляды дзесяць год таму. Няўжо ня памятаеш?

- Хіба? – сказаў ён і задумаўся. – Так, дакладна. Ну, добра, а што там робіць Ўіла Кэтэр[2]?

- Ты мне падараваў яе на дзень народзінаў дванаццаць год таму.

- Здаецца мне, я Цябе занадта песьціў.

- Так, чорт пабяры, была справа. Шкада, што мінулага не вярнуць. Можа, не давялося б цяпер дзяліць гэтыя кнігі, каб іх.

Ён пырснуў, адвярнуўся і асьцярожна пасунуў адзін зь ейных стосаў наском чаравіка.

- Карэн Хорні[3] – мне яна задарма не патрэбна, зануда прыстойная. Юнг[4]... Юнг лепей будзе, мяне ён заўсёды цікавіў, але так і быць, можаш пакінуць сабе.

- Ах, якая шляхетнасьць.

- Для Цябе ж на першым мейсцы заўсёды былі думкі, а не пачуцьці.

- Той, хто гатовы апусьціцца на любы падсьціл, ня мае права разважаць ні пра думкі, ні пра пачуцьці. Той, у каго на шыі засосы...

- Мы гэта ўжо абмяркоўвалі, колькі можна? – Ён зноў апусьціўся на калені і пачаў вадзіць пальцамі па загалоўку на кніжных карэньчыках. – Ага, Кэтрын Энн Портэр, “ Карабель дурняў” – няўжо Ты гэта адолела? Добра, карыстайся. Апавяданьні Джона Кальера[5]! Ты выдатна ведаеш: гэты зборнік – зь ліку маіх улюбёных! Забіраю яго сабе.

- Не, пачакай! – запярэчыла яна.

- Забіраю. – выцягнуўшы кнігу зь сярэдзіны стосу, ён шпурнуў яе на падлогу.

- Асьцярожна! Сапсуеш вокладку!

- Мая кніга, што хачу, тое і раблю. – Ён падштурхнуў зборнік нагой.

- Уяўляю, калі б Ты кіраваў гарадзкой бібліятэкай. – сказала яна.

- Так, Гогаль: не цікаўлюся, Сол Бэллоў[6]: не цікаўлюся, Джон Апдайк[7]: стыль – нядрэнны, але думак няма. Не цікаўлюся. Фрэнк О'Конар[8]? Добра, бяры сабе. Гэнры Джэймс[9]? Не цікаўлюся. Талстой – не запомніць, як каго зваць: нават цікава, толькі занадта наварочана, – пакінь сабе. Олдас Хакслі? Стоп! Ты выдатна ведаеш, што я цаню ягоныя эсэ куды больш, чым раманы!

- Збор твораў нельга дзяліць!

- Гэта яшчэ чаму? Ты зьбіраешся падзяліць нават дзіця. Раманы пакінь сабе, а ідэі забяру я.

Схапіўшы тры тамы, ён кінуў іх па дыване на іншую палову гасьцёўні.

Пераступіўшы праз кнігі, яна пачала вывучаць стосы, якія сама склала для яго.

- У чым справа? – узрушыўся ён.

- Трэба сёе-тое пераглядзець. Вазьму-ка я назад Джона Чывэра[10].

- Яшчэ чаго?! Табе – што лепей, а мне – што атрымаецца? Чывэра не кранай. Вось табе Пушкін. Нудота. Роб-Грые[11] – нудота на французкі манэр. Кнут Гамсун[12]? Нудота на скандынаўскі манэр.

- Хопіць прычэпліваць цэтлікі. Няма чаго заносіцца, нібыта я двоечніца. Разьлічваеш забраць самыя каштоўныя кнігі, а мяне пакінуць з носам?

- Можна і так сказаць. Гэтыя дутыя аўтарытэты толькі і робяць, што корпаюцца адзін у аднаго ў пупку, сьпяваюць ўзаемныя дыфірамбы на Пятай авеню і ўсю дарогу паляць халастымі!

- Дыкенс, па-твойму, таксама дуты аўтарытэт?

- Дыкенс?! На працягу гэтага стагодьдзя яму не было роўных!

- І на тым дзякуй Богу! Калі Ты заўважыў, Табе дастаецца ўвесь Томас Лаў Пікок[13]. Уся фантастыка Азімава. А гэта што, Кафка? Суцэльныя банальнасьці.

- Дык хто з Нас навешвае цэтлікі? – Ён нецярпліва перабіраў то ейныя стосы, то свае. – Пікок! Ледзь не найвялікшы гумарыст усіх часоў. Кафка? Глыбіня. Бліскучае шаленства. Азімаў? Гэні.

- Ох, скажыце, калі ласка! – Яна села ў фатэль, паклала рукі на калены і нахілілася наперад , ківаючы ў бок кніжных гор. – Здаецца, я пачынаю разумець, дзе паміж Намі прайшла расколіна. Твае ўлюбёныя кнігі для мяне – глупства. Мае для Цябе – барахло. Смецьце . Чаму Мы гэтага не заўважылі дзесяць год таму?

- Мы шмат чаго не заўважаем, пакуль ... – ён запнуўся, – ...пакуль кахаем.

Нарэшце гэта было вымаўлена ўголас. Адкінуўшыся на сьпінку фатэля, яна няёмка склала рукі на грудзях і чапурыста зрушыла калены. У вачах з'явіўся здрадлівы бліск.

Ён адвёў позірк і пачаў мераць крокамі пакой.

- Ат д’ябал, – прамармытаў ён, з асьцярогай кранаючы нагой то адзін, то другі стос. – Мне пляваць, што куды патрапіла. Якая розніца, я ж...

- Зможаш ўсё забраць за адзін раз? – ціха спытала яна, гледзячы на яго ва ўпор.

- Думаю, так.

- Дапамагчы Табе пагрузіць кнігі ў машыну?

- Не, ня трэба. – У пакоі зноў павісла доўгае маўчаньне. – Я сам.

- Сапраўды?

- Абсалютна.

Зь цяжкім уздыхам ён пацягнуў да дзьвярэй першы ахапак кніг.

- У мяне ў багажніку ёсьць скрынкі. Зараз прынясу.

- А астатняе ня будзеш праглядаць? Можа, Ты палічыш, што там шмат лішняга.

- Наўрадці, – адазваўся ён. – Ты ведаеш мой густ. Я ж бачу – усё прасартавана з розумам. Проста ня верыцца: як быццам Ты ўзяла аркуш паперы і акуратна разрэзала яго напалам.

Ён перастаў нагрувашчваць кнігі каля дзьвярэй і акінуў поглядам спачатку адзін кніжны вал, потым усе іншыя літаратурныя фартэцыі зь вежамі і, нарэшце, сваю жонку, заціснутую на нэўтральнай паласе. Недзе далёка-далёка, у процілеглым канцы.

У гэты час зь ядальні прымчаліся дзьве чорныя коткі, адна буйная, іншая меньшая; яны пачалі скокаць па шафах і паліцах, а потым гэтак жа раптам зьніклі, ня выдаўшы ані гуку.

У яго здрыганулася рука. Правая нага разгарнулася наском ў адчыненыя дзьверы.

- Не, ня трэба! – спыніла яна. – Тут коткам вальней. І Мод, і Модлін застануцца са мной.

- Але ж ... – пачаў ён.

- Не, – рэзка сказала яна.

Зноў наступіла паўза. У яго тужліва апусьціліся плечы.

- Чорт пабяры, – упаўголас сказаў ён. – Навошта мне гэтыя кнігі? Пакінь сабе.

- А праз пару дзён Ты перадумаеш і прыедзеш за сваёй доляй.

- Мне яны не патрэбны, – кінуў ён. – Мне трэба зусім іншае.

- У тым і жудас, – сказала яна, стоячы нерухома. – Я ўсё разумею, але зьмяніць нічога нельга.

- Так, відаць, так . Зараз вярнуся. Трэба схадзіць за скрынкамі. – Адкрыўшы дзьверы, ён яшчэ раз недаверліва агледзеў новы замок. Дастаў зь кішэні стары ключ і паклаў на столік у пярэднім пакоі. – Гэта можна выкінуць.

- Вядома, – пацьвердзіла яна, але так ціха, што ён не пачуў.

- Я пагрукаю, – сказаў ён і павярнуўся з парога. – Спадзяюся, Ты разумееш, што ўвесь гэты час Мы старанна абыходзілі галоўнае пытаньне.

- Якое?

Ён завагаўся, пераступіў з нагі на нагу і вымавіў:

- Зь кім застануцца дзеці?

Яна не пасьпела адказаць – за ім ужо зачыніліся дзьверы.

Вітаю, мне трэба ісьці 1997

У дзьверы ціхенька пагрукалі. Калі Стыў Ральфс выйшаў на парог, перад ім стаяў Гэнры Гросбак, вышынёй ў пяць футаў і адзін дзюйм, бездакорна апрануты, спакойны, вельмі бледны.

- Гэнры! – задыхнуўся Стыў Ральфс.

- Чаму такі тон? – папракнуў Гэнры Гросбак. – Я чымсьці правяніўся? І ўвогуле, што ў мяне за выгляд? Куды я іду?

- Заходзь, заходзь, Цябе могуць убачыць!

- Ну і што з таго?

- Ды ня стой жа Ты слупам, дзеля ўсяго сьвятога. Хопіць спрачацца.

- Ладна, зайду, тым больш, што ў мяне да Цябе ёсьць размова. Адыдзі-ка. Ну вось, я на мейсцы.

Стыў Ральфс падаўся назад у пакой і паказаў на фатэль.

- Сядай.

- Відаць, мне тут ня надта рады. – Гэнры спусьціўся ў фатэль. – Ці ня знойдзецца ў гэтай хаце чаго-небудзь гарачыльнага?

- Я толькі хацеў прапанаваць. – Стыў Ральфс кінуўся ў кухню і праз хвіліну павярнуўся з падносам, на якім стаялі дзьве шклянкі, вядзерца зь ільдом і бутэлька. Калі ён разьліваў шатляндзкі віскі, у яго заўважна дрыжалі рукі.

- Цябе трасе, – сказаў Гэнры Гросбак. – Што здарылася?

- Нібы Ты ня ведаеш! Здагадайся сам. Вось, трымай. - Гэнры ўзяў шклянку.

- Куды столькі?

- Табе не пашкодзіць. Пі.

Яны выпілі, і Гэнры ўважліва агледзеў рукавы і лацканы свайго пінжака.

- Ты так і не адказаў, куды я іду, – нагадаў ён. – Альбо адкуль? Гэты касьцюм я апранаю зрэдку, хіба што ў дні канцэртаў. Калі выходзіш на сцэну, хочацца, кажучы высокім штылем, здабыць павагу шаноўнае публікі. Хвацкі напой. Дзякуй. Ну, што скажаш?

Ён сьвідраваў Стыва Ральфса неміргаючым, пранікнёным позіркам.

Стыў Ральфс нагбом выпіў паўшклянкі і заплюшчыў вочы.

- Гэнры, памілуй, Ты ўжо бываў вельмі, вельмі далёка, але чамусьці павярнуўся. Цяпер Ты абавязаны вярнуцца туды ж.

- Дзе гэта “вельмі, вельмі далёка”? Не кажы загадкамі!

Расплюшчыўшы вочы, Стыў Ральфс адказаў пытаньнем на пытаньне:

- Як Ты патрапіў сюды? Прыехаў аўтобусам, таксоўкай, спадарожнай машынай… альбо… ішоў пешшу ад самых могілак?

- Аўтобусам? Таксоўкай? Пешшу? Пры чым тут могілкі?

- Дапівай віскі. Гэнры, Ты ўжо чатыры гады на могілках.

- Не нясі лухты. Што мне там рабіць? Аніразу за жыцьцё не наймаўся… – Гэнры запінуўся і марудна патануў у фатэлі. – Ты хочаш сказаць?...

Стыў Ральфс кіўнуў:

- Так, Гэнры, гэта так.

- Атрымліваецца, я нябожчык? Чатыры гады ляжу на могілках? Чаму ж мне ніхто не паведаміў?

- Нябожчыку складана паведаміць, што Ён памёр.

- І то слушна.

Гэнры спустошыў шклянку і пацягнуўся за яшчэ адной порцыяй. Стыў Ральфс дадаў яму яшчэ віскі.

- Ну і справы, – працянуў Гэнры Гросбак. – Хто б мог падумаць. Вось, значыцца, чаму мяне больш ня цягне нюхаць зельле.

- Так, вось чаму, Гэнры. Нешта я затрымліваюся. – Стыў Ральфс дадаў сабе віскі і не раздумваючы выпіў.

- Вось, значыцца, чаму Ты так ашалеў, калі ўбачыў мяне на парозе…

- Так, Гэнры, менавіта таму.

- Ну, выбачай. Кажу Табе, у мяне і ў думках не было…

- Не ўставай, Гэнры. Сядзі, калі прыйшоў.

- Але ўлічваючы абставіны…

- Усё нармалёва. Я ў парадку. Нават улічваючы абставіны, Ты застаешся маім лепшым сябрам, і мне, не пабаюся гэтага слова, радасна Цябе бачыць.

- Дзіўна. Я таксама не зьлякаўся, калі Цябе ўбачыў.

- Гэта розныя рэчы, Гэнры. Гэта значыць у нейкім сэньсе…

- Ты жывы, а я – зусім наадварот, так? Зразумела. Вітаю, мне трэба ісьці.

- Як Ты сказаў?

- У Граўча Маркса была песьня з такой назвай.

- Ах, так. Памятаю.

- Цудоўны актор. Сапраўдны комік. Ён яшчэ выступае? Альбо таксама памёр?

- Баюся, што памёр.

- А Ты не палохайся. Я, напрыклад, нічога не баюся. Сам ня ведаю чаму. Ну ладна. – Гэнры Гросбак распрастаў плечы. – Давай бліжэй да справы.

- Хіба ў Цябе ёсьць да мяне справа?

- Я адразу папярэдзіў. Справа важная. Абмінуць яе маўчаньнем нельга. Я вельмі ўзрушаны.

- Спачатку я таксама быў узрушаны, але спіртное робіць цуд. Не цягні, Гэнры, распавядай.

- Тут якая справа… – пачаў казаць Гэнры Гросбак, пасьпешна скончыўшы другую шклянку. – Жонка ад мяне аддалілася.

- Гэта натуральна, Гэнры. У Яе…

- Не перапыняй. Спачатку Яна прыходзіла штодня. То кветкі прынясе, то кніжку побач пакладзе, то пасядзіць-парумзае. І так дзень на дзень. Потым праз дзень. А зараз і ўвогуле не з’яўляецца. Як гэта разумець? Дадай-ка.

Стыў Ральфс нахіліў бытэльку.

- Гэнры, чатыры гады – доўгі тэрмін…

- Не спрачаюся. Але гэта нішто ў параўнаньні зь вечнасьцю. Вечнасьць – вось сапраўдная камэдыя.

- Няўжо Ты сур’ёзна разьлічваў, што Цябе будуць забаўляць вечна?

- Чаму б і не? З Эвелінай сумаваць не прыходзілася. Мяняла сукенкі, калі я пажадаю, па два-тры разы на дзень. Не прапускала ніводнае кніжнае крамы, купляла для мяне апошнія навінкі, чытала ўголас добрую старую клясыку, сама выбірала мне гальштукі, нават чысьціла чаравікі – а як эмансіпіраваныя сяброўкі зьдзекаваліся з-за гэтага! Карацей кажучы, расьпесьціла мяне. Не хаваю: жадаю, каб і надалей дбала пра мяне.

- Так не бывае, Гэнры.

Паразважаўшы, Гэнры Гросбак змрочна кіўнуў і зрабіў пару глыткоў.

- Няхай, Ты мае рацыю. Але гэта яшчэ ня самая вялікая непрыемнасьць.

- Што яшчэ?

- Яна ўсьцешылася. Раней плакала днём і ноччу: за сьняданкам – абавязкова, потым па два разы да абеда, потым перад вячэрай. Кладзецца спаць, вымкне сьвятло – і зноўку румзае.

- Безь Цябе Ёй было самотна, Гэнры.

- А зараз туга зьнікла?

- Як кажуць, час лякуе старыя раны.

- Не, прабач, я не прасіў лекаваць гэтыя раны. Мне ўсё падабалася. Хай бы ўволю рыдала на сьвітанку, потым – можна ўпаўсілы – гадзіне а пятай, і яшчэ надосталь – бліжэй да ночы. Толькі сёньня і гэтае дробязі не дачакаешся. На мяне не зьвяртае ўвагі.

- Гэта можна параўнаць зь мядовым месяцам. Ён жа ў Вас з Эвелінай таксама скончыўся ў належны тэрмін.

- Не кажы. Іскрынкі ўспыхвалі ўсе сорак гадоў.

- Але Ты разумееш, аб чым я кажу?

- Мядовы месяц скончыўся. Жыцьцё скончана. Тое, што засталося – ужо не для мяне. – Тут Гэнры Гросбак ахінуўся. Ён раптам паставіў шклянку. – Пачакай, ці не ўблытаны тут хтосьці іншы?

- Хтосьці…

- …іншы! Ці няма ў Яе?...

- Няхай і ёсьць?

- Як Яна пасьмела?!

- Прайшло чатыры гады, Гэнры, цэлых чатыры гады. Але Яна… павер, у Яе нікога няма. Яна да канца сваіх дзён застанецца ўдавой.

- Падобна да праўды. Добра, што спачатку я завітаў да Цябе. Ты мяне пераканаў. Значыцца, Яна як і раней адна і… не, пачакай. Чаму ж Яна больш ня плача – ні ўночы, ні раніцай?

- Толькі не рабі выгляд, быццам Ты разлічваў на невычэрпны фантан сьлёз.

- Каб яго, мне гэтага вельмі не стае. Мусіць жа чалавек мець нейкую аддуху!

- Хіба ў Цябе няма сяброў… сярод?.. – Стыў Ральфс зьбянтэжыўся, пачырванеў ды даліў віскі ў абедзьве шклянкі.

- Ты хацеў сказаць – “сярод нябожчыкаў”? Ад іх толку не даб’ешся. Зануды. Слова прамовіць няма зь кім.

- А Ты ж быў непараўнаным апавядальнікам, Гэнры.

- Чаму “быў”? Я такім і застаўся, хіба не? А Ты – самы ўдзячны слухач.

- Распавядай, Гэнры. Я Цябе слухаю.

- Здаецца мне, самае галоўнае ўжо было сказана. Яна перастала да мяне прыходзіць. Гэта дрэнна. Перастала плакаць. Гэта яшчэ горш. Сьлёзы – бальзам, які дае магчымасць… такім, як я… існаваць далей. Як Ты лічыш, калі я да Яе завітаю, Яна будзе па мне плакаць, як і раней?

- Навошта Табе да Яе хадзіць?

- Па-твойму, няма патрэбы?

- Ты Яе толькі напалохаеш. Гэта будзе неадпусна.

- Ад каго, скажы калі ласка, я павінен чакаць дараваньня?

- Ад мяне, Гэнры. Я Табе гэтага не дарую.

- Та-а-ак. Вось яно як. Ну-ну. Лепшая парада ад лепшага сябра.

- Менавіта так, ад лепшага сябра. – Стыў Ральфс падаўся наперад. – Ты, аднак, і сам не жадаеш, каб Яна адолела сваю бяду?

- Не! Так. Не. Цьфу ты, ня ведаю, што і сказаць. Так, напэўна, жадаю.

- Памятай: Яна па Табе смуткавала і плакала дзень пры дні амаль чатыры гады.

- Я памятаю. – Гэнры Гросбак пагайдаў у руцэ сваю шклянку. – Што змагла, яна зрабіла. Напэўна, час Яе адпусьціць.

- Гэта высакародны ўчынак.

- Няма ў мяне высокародзтва, не жадаю быць высакародным, але, відаць, прыйдзецца. Надта я Яе кахаю, маю Любую.

- Пагадзіся, Гэнры, у Яе наперадзе яшчэ доўгія гады жыцьця.

- І то слушна. Ат д’ябал. Мужчыны старэць не сьпяшаюцца, а паміраюць раней. Жанчыны старэюць раней, а паміраць не сьпяшаюцца. Цудоўна распарадзіўся Бог. Які ў гэтым сэнс?

- Вось Яго і спытай. Ты ж цяпер у Яго пад бокам.

- У каго? У Бога? Я, нікчэмны харахоня? Ну-ну. Скажаш яшчэ чаго. Ммм… – Гэнры прысёрбваў віскі. – Ладна, вырашана. Але чым Яна будзе займацца? Раз’язджаць зь кімсьці ў адчыненых лімузінах? Куды Ёй дзецца?

- Будзе браць урокі танцаў, Гэнры. Займецца разьбярствам. Мастацтвам.

- Яна заўсёды аб гэтым марыла, але неяк усё не атрымлівалася. У мяне то канцэрт, то вячэра са спонсарамі, то сольны выступ, то лекцыя, то гастролі. У Яе нават была прыказка: куды сьпяшацца, усяму свой час.

- І гэты час прыйшоў, Гэнры.

- А я і не заўважыў, вось яно як. Урокі танцаў, кажаш? Разьбярствам? Хіба ў Яе атрымаецца?

- Танцуе Яна пасрэдна. А скульптуры робіць проста выдатна.

- Пахвальнае захапленьне. Альбо лепей сказаць “правальнае”? Так альбо іначай. Ну што, можна толькі нарадавацца. Так-так, мяне гэта цешыць. Прынамсі, хоць які-небудзь занятак. А мне самому што застаецца? Вырашаць крыжаванкі.

- Чаму крыжаванкі?

- Каб яго! А што Ты прапануеш у маім-та выпадку? На шчасьце, я памятаю ўсе крыжаванкі, што былі надрукаваныя ў “Ню Ёрк Таймс” і “Сэтэрдэй Рэв’ю”, – і разумныя, і дурныя. Так, крыжаванкі. Егіпецкі фараон, знакаміты сваімі скарбамі, дзесяць літар. Тутанхамон. Адно зь вялікіх азёраў, тры літары. Эры! Ну, гэта лухта. А вось, напрыклад, пятнаццаць літар – старажытная сталіца ў Міжземнамор’і. Тут трэба паварушыць мазгамі! Канстантынопаль.

- Імя зь пяці літар. Свой у шчэнт, лепшы сябра, узорны муж, скрыпач-віртуёз.

- Гэнры?

- Адгадаў. Гэта Ты. – Стыў Ральфс, усьміхаючыся, паднес да вуснаў шклянку.

- У такім выпадку мне застаецца толькі апрануць капялюш і разьвітацца. Аднак, я прыйшоў без капелюша. Ну, не істотна.

У Стыва Ральфса вырваўся нейкі прыглушаны гук.

- Што гэта было? – захваляваўся Гэнры, нахіліўся да яго і прыслухаўся.

- Ня вытрымаў сьлёз, Гэнры.

- Малайчына! Мне ўжо лепей. Павер, гэта грэе маё зьнявечанае сэрца. Калі ласка…

- “… паўтарай гэтую спробу хаця б некалькі разоў на тыдзень цягам наступнага года”. Я не памыліўся?

- Мне, сапраўды, няёмка…

- Паспрабую, Гэнры. – У Стыва Ральфса зноў засеў ком у горле. Ён пасьпяшаўся заліць яго глытком віскі. – Ведаеш, што мне надумалася? Патэлефоню-ка я Эвеліне. Скажу, што пішу пра Цябе кнігу і жадаю атрымаць Твае дзёньнікі, нататкі, клюшкі для гольфа, акуляры і астатнюю дробязь, а сам буду раз на тыдзень і праглядваць ды скарбець па Табе. Ня супраць?

- Да Ты галава! Вось што значыць сапраўднае сяброўства. – Гэнры Гросбак зазьзяў. На ягоных шчаках нават праступіў ірдзень. Дапіўшы віскі да апошняе кроплі, ён узьняўся з фатэлю.

Каля дзьвярэй нешта прымусіла яго абярнуцца і пільна паглядзець на Стыва Ральфса.

- А Божухна, няўжо гэта сьлёзы?

- А што ж яшчэ, Гэнры?

- Давай, давай. Ужо лепей. Да Эвеліны, вядома, далёка, ды й рыданьні глухаваты. Але сыйдзе і так. Прымай маю падзяку.

- Не кажы лухты, Гэнры.

- Ну, добрага пакрысе. – Гэнры адчыніў дзьверы. – Да хуткага.

- Ня будзем падганяць падзеі, Гэнры.

- У якім сэньсе? Ах вось Ты аб чым? Вядома ня будзем. Шчасна, Дружа.

- І Табе шчасна, Гэнры. – З горла маладзейшага вырваўся яшчэ адзін падазроны стогн.

- Працягвай у тым жа духу, – усьміхнуўся Гэнры. – Каб я спакойна прайшоў па калідоры. Ну, як казаў Граўча Маркс…

З гэтымі словамі ён зьнік. Дзьверы зачыніліся.

Павольна падышоўшы да тэлефона, Стыў Ральфс прыладзіўся на крэсла і набраў нумар.

На другім канцы проваду прагучала пстычка; па тэлефоне загучаў голас.

Стыў Ральфс выцер вочы тыльным бокам ладоні і, памаўчаўшы, вымавіў:

- Эвеліна?

1

Тэрбэр, Джэймс (1894-1961) — амэрыканскі пісьменьнік-юмарыст і карыкатурыст; супрацоўнічаў з часопісам «Ню-Ёркер».

(обратно)

2

Уіла Кэтэр (1873-1947) — амэрыканская пісьменьніца; была народжаная і гадавалася ў штаце Нэбраска падчас ягонага засяленьня і шмат пісала пра жыцьцё франтыра.

(обратно)

3

Карэн Хорні (1885-1952) — амэрыканскі псіхатэрапеўт. Сьпецыялізавалася ў галіне жаночае псіхалёгіі; шмат у чым адышла ад вучэньня 3.Фрэйда.

(обратно)

4

Юнг, Карл Густаў (1875-1961) — швайцарскі псыхіятр; напачатку супрацоўнічаў з 3.Фрэйдам, потым заснаваў сваю школу.

(обратно)

5

Джон Кальер (1901-1980) — ангельскі пісьменьнік, сучасны клясык «літаратуры аб звышнатуральным»; ляўрэят узнагароды ім. Э. А. По за 1950г.

(обратно)

6

Сол Бэллоў (н. 1915) — адзін зь відных амэрыканскіх празаікаў XX ст., ляўрэят Нобэлеўскае ўзнагароды па літаратуры 1977г.

(обратно)

7

Джон Апдайк (н. 1932) — амэрыканскі пісьменьнік, аўтар сацыяльна-псіхалягічнае і гіранічнае прозы.

(обратно)

8

Фрэнк О'Конар (1903-1966) — ірляндзкі драматург і празаік, папулярызатар ірляндзкае культуры і літаратуры (сапраўднае імя — Майкл О'Донаван).

(обратно)

9

Гэнры Джэймс (1843-1916) — амэрыканскі пісьменьнік, стаяў у вытокаў мадэрнізма ў літаратуры; фонам падзеяў большасьці ягоны кніг ёсьць супастаўленьне амэрыканскае і эўрапейскае культурных традыцый.

(обратно)

10

Джон Чывэр (1912-1982) — амэрыканскі пісьменьнік, сацыяльна-псіхалягічны рэаліст.

(обратно)

11

Роб-Грые, Алэн (р. 1922) — уплывовы французкі пісьменьнік, адзін з пачынальнікаў «новага рамана».

(обратно)

12

Кнут Гамсун (Кнут Пэдэрсан, 1859-1952) — нарвэскі пісьменьнік, на чыю раньнюю творчасьць знаяна паўплывала філязофія Ніцшэ; ляўрэят Нобэлеўскае ўзнагароды па літаратуры 1920г.

(обратно)

13

Томас Лаў Пікок (1785-1866) — ангельскі сатырык, паэта і эссэіст.

(обратно)

Оглавление

  • Рэй Брэдбэры Апавяданні ў перакладзе Валерыі Далевіч
  • Падарунак 1959
  • Мяркую, Ты цікавішся, чаму мы тут? 1984
  • Заданьне на падзел 1988
  • Вітаю, мне трэба ісьці 1997 Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Апавяданні ў перакладзе Валерыі Далевіч», Рэй Брэдбери

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

    РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

    Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства