казкi для дарослых
Падрыхтаванае на падставе: Адам Глёбус, Новы дамавікамерон: Казкi для дарослых — Мінск: Выдавецтва Літаратура, 1998.
© Камунікат.org, 2012
1 — Анёл-1Анёл з’яўляецца з-за паркана.
Можа, хто з маiх суседзяў i бачыў, як Анёл выходзiць з пад’езда цi як вылятае са слухавога акенца майстэрнi, што некалi належала савецкаму разьбяру, а цяпер — уласнасць нацыянальнага музея. Можа i так. Толькi сапраўдны Анёл уздымаецца з-за жалезабетоннага паркана, на якiм напiсана чырвонае слова НЕЗАЛЕЖНАСЦЬ, з-за таго самага плота, што адгароджвае стары двор ад новабудоўлi.
Спачатку паказваецца анёльская галава: кудзеры доўгiх светлых валасоў вакол вузкага белага твару з тонкiм доўгiм носам ды круглымi сiнiмi вачыма. Потым з’яўляецца шыя з акуратным кадыком i выплываюць плечы, за якiмi можна ўбачыць магутныя крылы.
Можа, хто з маiх знаёмых i сустракаў Анёла ў залатым плашчы цi ў блiскавiчным панцыры мадрыдскага тарэадора. Можа... Але Анёл, якi ўздымаецца з будоўлi, носiць яскрава-чырвоны хiтон. На Анёле доўгi, колеру артэрыяльнае крывi хiтон i больш нiчога. Нават зiмою, у лютыя маразы, Анёл босы. Зрэшты, Анёл не ходзiць па грэшнай зямлi. Ён лунае, планiруе, лётае. Анёл уздымаецца, узносiцца, творыць урачыстасць. Анёл — лётчык ад Бога.
"Мой мiлы таварыш, мой лётчык, — думаецца мне, калi бачу, як над Мiнскам плыве Анёл, — Вазьмi ты з сабою мяне". Толькi ён не здагадваецца пра мае вершаваныя рэфлексii. Анёл не ўмее чытаць чужыя думкi. А я не магу пагаварыць з Анёлам, бо не вывучыў анёльскую мову. Застаецца адно глядзець, як доўгiя лёгкiя пальцы сыплюць з-пад хмараў ружовую яблыневую квецень. У Раi заўсёды ёсць яблыня ў квеценi. I я не бядую, што Анёл не разумее мяне.
Можа, хто з маiх сяброў мае iншыя думкi пра Божага лётчыка. Хай... Толькi даўжыня прамоўленай малiтвы не вызначае шчырасцi веры ў Анёла.
14.09.1994
2 — ТапольнiкНевялiчкi двор з боку вулiцы адгароджваў фундаментальны паркан з веснiцамi. З другога боку цягнулiся запыленыя шыбы дрэваапрацоўчага прадпрыемства. Памiж парканам i мэблевым цэхам уклiнiлася двухпавярховая хiмчыстка. Каля ўвахода ў цэх стаяла ўкапаная ў зямлю лаўка. Яе спрэс зрэзалi падлеткi. Найглыбей у дрэва быў ўтоплены надпiс: Мiласлаў + Веранiка.
Комментарии к книге «Новы дамавікамерон», Адам Глобус
Всего 0 комментариев