Лірычнае
Падрыхтаванае на падставе: Янка Брыль, Блакітны Зніч. Лірычнае, — Мінск: Про Хрысто, 2004. — 92 с. (Бібліятэка часопіса «Наша вера»)
Рэдактар: К. Лялько
Copyright © 2013 by Kamunikat.org
ЦІ-ШЫ-НЯ * * *Каторую ўжо раніцу з крутога павароту дарогі бачу вялікі барвяны шчыт нізкага сонца — праз рэдка-лісцяную крону старое ліпы. Летась асірацелай, калі буран абярнуў з яе таксама старую, грувасткую ад бясконцых вясновых рамонтаў буслянку. I не пустую, а з нялётнай моладдзю, якую мы, суседзі, дружна шкадавалі, асабліва дзеці.
* * *Калі мне трапляе на вочы штотыднёвая «таўсцюшка» модна легкадумнай ды развязнай «Комсомольской правды», я ў ёй адразу шукаю пад канец старонак абавязковы прыродазнаўчы нарыс Васіля Пяскова. Ён многа ведае i тонка, чыста адчувае.
Сёння ў яго пра кулікоў.
А мне не проста цікава, — я жыва ўспамінаю неверагодна далёкую раннюю восень трыццаць восьмага года. Сонечную, калі касілі атаву. Людзей паблізу мяне не было, я адзін убачыў як на зацішны брод нашай рыбнай Вушы чародкай аселі кулікі. Перада мною быў крутаваты ўзмежак, i я, прылёгшы, поўз на вышэйшае, каб убачыць тых кулікоў бліжэй.
Радасць ледзь не дзіцячай цікаўнасці. Хоць на душы ў мяне толькі што былі туга i страх. Па дэтэктарным радыёпрыёмнічку пачуў дома ўранні, што ў палякаў з чэхаславакамі, мусіць, дойдзе ўсё-такі да найгоршага. Словы такія: Заользе, канфлікт, ультыматум... А за імі такое простае, жахлівае — вайна!.. Мне пайшоў з лета дваццаць другі, вясною адбыў прызыўную камісію. Яшчэ адно страшнае слова: мабілізацыя... А я ж так мірна настроены маладою душой, любасцю да жыцця, антываеннымі кнігамі, я ж у такім жахлівым тупіку!..
На той час найстрашнейшае адклалася.
Я неўзабаве напісаў апавяданне «Кулікі». У вайну яно прапала. I часта, даволі часта ціха, радасна ўспамінаецца. Але ж няма як праверыць, ці й сапраўды яно было добра напісана.
* * *
Комментарии к книге «Блакітны зніч [Лірычнае]», Янка Брыль
Всего 0 комментариев