Уладзiмiр Арлоў
Мы стамiлiся
Как наш ЦК писал в письме открытом,
Мы одобряем линию его.
Уладзiмiр Высоцкi.
Мы стамiлiся.
Мы стамiлiся ад дасягнутых пад кiраўнiцтвам партыi велiчных посьпехаў у ажыцьцяўленьнi велiчных iдэяў.
Мы стамiлiся ад нашых маштабных дасягненьняў у Харчовай праграме, пасьля якiх есьцi робiцца ўсё меней i меней.
Мы стамiлiся ад усенароднай барацьбы з п'янствам i алкагалiзмам, у вынiку якой на месцы вiнаграднiкаў пасадзiлi бульбу й iншыя культуры, што там не растуць, айчынная самагонная тэхнiка перасягнула ўзровень японскiх стандартаў, а алкаголiкi, выпiўшы ўсе ласьёны, ужо чакаюць нас у лепшым сьвеце.
Мы стамiлiся ад шырока разгорнутага сацыялiстычнага спаборнiцтва, калi ад несьвядомае каровы, якая не канспэктавала твораў клясыкаў, трэба атрымаць малака болей, чым яна можа даць, а iдэалягiчна непадкаваная кура-нясушка канае, ня справiўшыся з падвышанымi сустрэчнымi абавязацельствамi.
Мы стамiлiся бясконца перавыконваць народнагаспадарчы плян i думаць, што лепей было б, каб мы яго нiколi не перавыконвалi, а хоць адзiн раз проста выканалi.
Мы стамiлiся есьцi прадукты, у якiх няма радыенуклiдаў толькi датуль, пакуль у нас няма дазымэтраў.
Мы стамiлiся ад удзячнасьцi стваральнiкам сацыяльнае праграмы "Жульлё" (прабачце, "Жыльлё") - 2000.
Мы стамiлiся змагацца за правы гарлемскiх мурынаў, што маюць, як пiсала нашая прэса, у сярэднiм усяго па 5 квадратных мэтраў жылой плошчы на чалавека, у нас жа гэтых мэтраў у сярэднiм крыху болей толькi за кошт тых, хто рэгулярна езьдзiць глядзець на гарапашных мурынаў i мабiлiзоўвае нас на барацьбу за iхнiя правы.
Мы стамiлiся, едучы ў грамадзкiм транспарце, думаць пра тое, чым накармiць дзяцей, ведаючы, што нехта ўжо ўехаў у свой камунiзм ня толькi на пэрсанальнай машыне, але й на пэрсанальнай нумарной карове.
Мы стамiлiся перадаваць у лiстох i па тэлефоне прывiтаньнi людзям, якiя ўдзень i ўначы самааддана захоўваюць таямнiцу нашага лiставаньня й тэлефонных перамоваў.
Мы стамiлiся глядзець на аточаны чорнымi "Волгамi" й аздоблены гранiтам гмах, ведаючы, што цераз вулiцу ад яго гараць i гнiюць у сутарэньнях кнiгi нашае галоўнае бiблiятэкi.
Мы стамiлiся чытаць i слухаць прамовы чалавека, якi, рыхтуючыся да сустрэчы сваiх маскоўскiх гаспадароў на нейкiм сэмiнары, загадаў да лёзунгу "Человек - это звучит гордо" прымаляваць на пачатку слова "советский".
Комментарии к книге «Мы стамiлiся (на белорусском языке)», Владимир Алексеевич Орлов
Всего 0 комментариев