Мiхась Зарэцкi
У Саўках
Апавяданне
1
У Саўках чорная, густая, што дзёгаць, ноч распаўзлася па хмызняку. Заляпiла ўсе шчылiнкi, усё ў адну цемру злiла. Равы патулiлiся, схавалiся ў воўне арэшнiку. Нешта ў сабе затаiлi - таемнае, страшнае - i ждуць-падсцерагаюць, гатовыя праглынуць у сваё чорна-аксамiтавае нутро. Маўчаць... Ды i ўсё навакол маўчыць у нейкiм чакаючым напружаннi. Быццам во-во нешта здарыцца - дзiкае, страшэннае...
Далёка-далёка, на колькi вёрст цягнуцца бяздонныя прорвы-равы. Папарэзалi яны туды i сюды шырокае ўзгор'е. Быццам волат-асiлак праехаў з сахой велiзарнай i глыбокiя раны парабiў у целе зямлi. Раны зараслi хмызняком-поўсцю, але такiмi ж глыбокiмi засталiся...
Страшна ноччу ў Саўках. Узгоркi, абрывы жывымi становяцца, сочаць вачыма чорнымi... Быццам з пагрозай гавораць: "Ану-тка, увайдзi!.." I мала хто адважыцца ў нетры пайсцi, як цяжка заляжа ў равы хмурная ноч...
Цiха ў Саўках... Але зыкi чуваць... Цiхiя зыкi-шэпты. Саўкi шэпчуць скрыдламi птушак-начнiц, цiкуючым хрустам сухiх ветак пад лапамi дзiкiх звяроў...
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
У самай глушы, там, куды вока людское не загляне нiколi, сумна-дрыготны бляск прашчупвае цёмныя веткi. Вогнiшча... Людзi навакол... На тварах iх вогнiшча грае дрыжачымi плямамi. Воддаль, афарбаваныя ў жоўта-чырвонае, галiны схiлiлi галоўкi i слухаюць... А за iмi - цемра-жудасць...
Iх пяцёра... Адцятых ад усяго свету. Уцяклi, вырвалiся з кiпучага мора жыцця. Ад iх адраклося жыццё, - i яны ад яго адраклiся. У Саўках знайшлi сабе схову.
Дзецi зямлi. Ад свае вёскi таксама адарвалiся. Перш была сувязь: хлопцы прыходзiлi, нават дзяўчаты часамi заблуджвалi. Апавядалi, што дзеецца там. Есцi насiлi даволi. Саломы на будку, таго-сяго.
А потым усё слабей ды слабей сувязь трымалася. Нешта расло памiж тымi i гэтымi... Нейкая сцяна. Асаблiва як маладыя пайшлi. Тыя сюды схавацца не адважылiся, пайшлi ваяваць. I цяпер - як адвярнула ўсю вёску...
Ужо з тыдзень, як не было нiкагутка. Два днi ўжо, як есцi няма чаго. Пяклi грыбы, ягады збiралi, але ўсё ў жываце нешта ссе, нешта цягне...
Цяпер - хто ляжыць, хто сядзiць вакол вогнiшча, i кожны думае сваю думку асобную. Маўчаць, а ў кожнага з вачэй глядзiць пытанне, рашуча паўстаўшае:
- Што далей?..
Грышка маўчанку парушыў...
- Ну што, хлопцы, прызаўнылi? Га?.. Дрэнна, кажаце? Што, Смоўж, нос павесiў?..
Комментарии к книге «У Саўках (на белорусском языке)», Михаил Зарецкий
Всего 0 комментариев