Мiхась Стральцоў
Блакiтны вецер
Лагацкi прачнуўся як бы ад нейкага штуршка: усё адбылося ненатужна i лёгка. Колькi часу ён ляжаў, не расплюшчваючы вачэй. Тое няўлоўнае i хiсткае, што яшчэ лунала над iм, было, напэўна, успамiнам аб сне. Сон адыходзiў у святле, у пахах, у струменнасцi ветру. Нiбыта стала над нейкiм возерам у духмянай парнасцi сонца. Пахлi сосны, узнiмаўся над вадою блакiтны вецер, i такi звонкi i чысты чуўся на беразе смех. Як хораша, як лёгка! Вось нiбыта Лагацкi бяжыць да вады - як прыемна жвiр халадзiць босыя ногi, як засцiлае вочы блакiтны вецер!
У пакоi цiха. Ноч. Дзве гадзiны ночы - Лагацкi гэта ведае. Зараз вось пройдуць, калi не прайшлi, з фабрыкi работнiцы: яны заўсёды праходзяць у гэты час, i так ясна чуваць тады ўночы крокi. I яшчэ гамонку: "Ой, дзеванькi, ды ён жа кажа: "Я табе гадзiннiк куплю". Ой, трымайце мяне, а то ўпаду!" I смех залiвiсты, нястрымны... Смех заўсёды будзiць Лагацкага, як i гэты вецер, што снiцца ў апошнi час.
Ноч. Цiха. Мусiць, прайшлi ўжо работнiцы, мусiць, таму i прытрызнiўся яму гэты смех.
Якая светлая, якая чуйная ў пакоi цiшыня! Тонкi прамень зламаўся ў люстэрку - таямнiчыя глыбiнi адкрылiся ў шкле. Павуцiннай сеткай на сцяну ляглi ценi: наблытаў адсюль нябачны вулiчны лiхтар. I хораша ад думкi, што можна нiкiм не ўгледжаным стаць ля акна i гэтак сцiшыцца перад маўклiвасцю ночы...
Лагацкi выставiў руку, шукаючы на крэсле адзенне. Уставаць лёгка, i няма той млявасцi, што ранiцай хiне да сну i зводзiць павекi. Усё было незвычайна, трошкi таямнiча, было прыемна i хораша. Лагацкi стаў ля акна, паглядзеў на вулiцу. Лiхтар свяцiў слаба, з-пад аснежанага каўпачка звiсала сусолка застылая, нерухомая жылка вады. Пазаўчора была адлiга, потым цiскануў марозiк, потым усё прыцярушыла сняжком. Недабудаваны дом па той бок вулiцы, вастравата блiшчыць зорка ля вежавага крана. Дахi i цiшыня. Ланцужкi лiхтароў мецяць у горадзе вулiцы. Позна.
Комментарии к книге «Блакiтны вецер (на белорусском языке)», Михаил Леонович Стрельцов
Всего 0 комментариев