Якуб Колас
Хмарка
Не шукай ты шчасця, долi
На чужым далёкiм полi.
Янка Купала
Нiякага клопату i гора не ведала гэта прыгожая белая Хмарка. Яна не ведала, з чаго i як радзiлася на свет, адкуль узялася яна; не ведала нават, цi ёсць у яе мацi. Можа, затым яна i была такая шчаслiвая, што нiчога не ведала аб белым свеце.
Той дзень, праўдзiвей, тая ранiца, калi з'явiлася яна на небе, была вельмi ж цiхая - такая цiхая, што нават чутно было, як спявалi, седзячы на круглым лiсцiку зялёнай лотацi, два прыўдалыя конiкi. Сiваваронка, снуючыся каля таўшчэразнага жаралiстага дуба, дзе было яе гняздо, трашчала, бы тая трашчотка, на ўвесь луг, сварачыся з цыбатым i даўганосым Буслам, якi, праўда, i вухам не вёў на ўсю гэту плявузготу сярдзiтай суседкi, а любоўна цешыўся са сваiх дзетак, што таксама сядзелi ў гняздзе на тым жа дубе. Дзесь у небе жалобна пiшчэў галодны каршун, i гукi яго далёка расплывалiся ў нерухомай цiшы летняй ранiцы.
У ветра, вiдаць, было нейкае свята ў гэту ранiцу, або добра нагуляўся ён дзе за ўчарашнi дзень, бо яшчэ не варушыўся i спаў, хоць сонейка падбiралася пад поўдзень.
I гарачая была гэта ранiца. Грэчка, якая зачынала ўжо зацвiтаць, i даўно акучаная бульба проста млелi ад гарачынi i ў знемажэннi тужлiва паапускалi сваё лiсце. I лiсточкi iх таксама пачыналi жаўцець. Маленькi, беленькi камячок, якiм спярша была гэтая Хмарка, пачынаў тым часам павялiчвацца, шырыцца i рабiцца болей грузкiм.
Добра было гэтай Хмарцы плыць высока-высока ў безгранiчных разлогах светаў i акiдаць поглядам прыгожыя малюнкi зямлi, што ляжала пад ёю.
Комментарии к книге «Хмарка (на белорусском языке)», Якуб Колас
Всего 0 комментариев