Кузьма Чорны
Млечны Шлях
Раман
Рыжы бык адбiўся ад вялiкай чарады, якую нямецкiя салдаты гналi кудысьцi на станцыю, i рынуўся з дарогi ў поле. Па iм стралялi, але яму пашанцавала ўцячы i вырабiцца з бяды. Гэта было вясною. Да добрай восенi ён бадзяўся па лесе i полi i стаў порсткi i ўскiдзiсты на рух. Ён зусiм адзiчэў, але не схуднеў. Травы яму хапала. Яшчэ i цяпер пад кустамi было зяленiва, хоць i пачарнелае ад халадоў. Стаяла восень. Але яшчэ часам дзень зiхацеў сонцам, i тады птушкi не зважалi на прымаразак. Iх было многа. Яны пырхалi крыллем у вяршалiнах дрэў i спявалi, малыя i вёрткiя. Часамi бык рыкаў, але ў гэтых мясцiнах, дзе ён бадзяўся, яго можа i не чуў нiхто. Тут льга было прайсцi вялiкую прастору i не напаткаць чалавека i яго аселiшча. Вельмi многа тут чарнелася печышчаў i асмалкаў, i ў сухiя днi вецер круцiў i ўзнiмаў сухi попел. Многа лётала варання, i брахалi валачашчыя сабакi. Часамi было падобна, што пройдзе струмень трупнага духу. Вельмi магло быць, што дзе-небудзь гнiў хто непахаваны. Спачатку тут прайшлi былi нямецкiя танкi, а пасля не раз праходзiлi нямецкiя карнiкi. Жыццё стулiлася ў лясы i цiхiя закуткi, далей ад язджалых дарог. Гэтакае спустошанне цяглося кiламетраў можа на трыццаць. Якраз тут i знайшоў сабе бадзячую аселасць адзiчэлы бык. У адным кутку тут, дзе на месцы спаленага сяла печышчы паспелi ўжо абрасцi блёкатам i драсном, шэсць вялiкiх вязаў узнiмалiся ў неба пышнымi сваiмi вярхамi. Дзе-нiдзе счарнелае лiсце на iх так i аставалася на зiму. Густы зараснiк крушыны i шыпшыннiку стаяў пад iмi. Гэта было крокаў за тысячу ад вялiкага пажарышча i не больш як за чвэртку кiламетра ад лесу. Тут быў узгорак, i навокал далёка вiдно было ў поле. Як начамi пачала мерзнуць зямля, рыжы бык пачаў худнець. Шэрсць на iм падаўжэла i паднялася. Аднойчы ён убiўся пад шэсць вязаў у зараснiк, нюхаў кару на дрэвах i кустах, укруцiў хвост у шыпшыннiк, стаў iрвацца, яшчэ мацней ублытаўся, паабдзiраўся аб сукi i калючкi i, не могучы адарвацца, астаўся так стаяць. Ён аслабеў без яды i ад трывогi i пасля доўгай ночы i ранiцы зарыкаў на высокiм тоне. Блiзкiм лесам прайшло рэха. А пасля i яшчэ. Многа разоў. Раз-поразу. Жывёлiна прасiла ратунку. Рэха iшло па лесе.
Комментарии к книге «Млечны Шлях (на белорусском языке)», Кузьма Черный
Всего 0 комментариев