Кузьма Чорны
Быльнiкавы межы
I
Азалацiла восень поле ржышчам, дрэвы лiсцем, гумны снапамi; абвеяла хаты жытнiм пылам; вострым пахам кастрыцы напоўнiла вулiцу...
Кароткiмi днямi хутка пабегла жыццё ў вечнасць. Аднолькава яснымi нараджалiся яны, гэтыя днi, i такiмi ж гаслi, i на змену iм прыходзiлi доўгiя асеннiя ночы - то туманныя, то зорныя, з вострым халадком першых замаразкаў...
Дзень пры днi стагнаў ток пад Паўлавым цэпам. Ячменныя асцюкi з пылам забiвалiся яму за каўнер i ў лапцi, падала зверху на яго пыльнае павуцiнне, i ён некалькi разоў на дзень выходзiў атрэпацца на двор.
А на двары i вакол было ўсё так, як i дзесяць, дваццаць год таму назад. Таксама плакалi замурзаныя дзецi, абсыпаў вецер пяском трухлявыя сцены, на пустых агародах панура цягалiся дробныя худыя конi. I той жа самы стары стук цапоў абуджваў пустое поле. Поле ж гэтае, яшчэ больш, здаецца, абрасло за апошнiя гады густым быльнiкам на шырокiх межах. Так што здалёк зусiм хавалiся ў iм вузкiя палосы...
I вытрасаючы мякiну з лапцей на двары, i стукаючы цэпам, Павал не пакiдаў думаць.
Гэтыя думкi, цяжкiя для яго непрывычнай галавы, блытаныя, як павуцiнне, пачалi з'яўляцца ў Паўла патроху i непрыкметна за апошнiя часы...
Прыязджалi раз людзi з горада, тры днi былi ў вёсцы, i адзiн з iх дзве ночы начаваў у Паўлавай хаце.
Былi тады два сходы ў вёсцы, i мала хто хадзiў на iх - не хацелi слухаць "гарадскiх абармотаў", смяялiся над iмi.
- Гэ-э! - гаварылi. - Горад аб'елi, ужо тут умацавацца хочуць, харчоў там не хапiла; хiтрыя! Па вёсках распаўзацца сталi.
I тыя ўтрох, спатканыя халоднай сцяной ледзянога недавер'я бясхiтрасных вяскоўцаў, прасядзелi паўдня на гнiлых бярвеннях у канцы вёскi, не дачакаўшыся сходу. I так разышлiся па хатах нанач.
З паўвечара Павал нiчога не гаварыў са сваiм начлежнiкам.
У той дзень зранку хадзiў ён па раллi, i поўныя лапцi набiлася яму пяску. I цэлы дзень не меў ён часу высыпаць пясок з лапцей. Вечарам спяшаў зашыць хамут, каб скарэй зрабiць гэта. Каравымi пальцамi перабiраў ён дратву i маўчаў, сагнуўшыся ў кутку.
Начлежнiк падышоў к Паўлу.
- Цёмна шыць, - сказаў ён.
- Газы няма, - адказаў панура Павал.
Памаўчаўшы, дадаў:
- У вас там у горадзе газы, пэўна, хоць залiся.
- У нас там электрычнасць, - адказаў начлежнiк i падсеў к Паўлу, як бы ўзрадаваўшыся гаворцы.
Комментарии к книге «Быльнiкавы межы (на белорусском языке)», Кузьма Черный
Всего 0 комментариев