«Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне»

2476

Описание

отсутствует



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Рувім Фраерман Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне

I

Тонкая лёска была спушчана ў ваду пад тоўсты корань, што варушыўся ад кожнага руху хвалі.

Дзяўчынка лавіла фарэль.

Яна сядзела нерухома на камені, і рака абдавала яе шумам. Вочы яе былі апушчаны. Але позірк іх, стомлены бляскам, што быў рассеяны паўсюды над вадой, не здаваўся пільным. Яна часта адводзіла яго ўбок і глядзела ўдалячынь, туды, дзе круглыя, парослыя лесам горы стаялі над самай ракой.

Паветра было яшчэ светлае, і неба, абмежаванае гарамі, здавалася сярод іх раўнінай, ледзь азоранай захадам.

Але ні гэта паветра, знаёмае ёй з першых дзён жыцця, ні гэтае неба не вабілі яе зараз.

Шырока адкрытымі вачыма сачыла яна за вечна бягучай вадой, сілячыся ўявіць у сваёй фантазіі тыя нязведаныя краіны, куды і адкуль бегла рака. Ёй хацелася пабачыць новыя землі, іншы свет, напрыклад, аўстралійскага сабаку дзінга. Яшчэ ёй хацелася быць пілотам, а таксама яшчэ спяваць. І яна заспявала. Спачатку ціха, потым гучней. У яе быў прыемны голас. Але побач нікога не было. Толькі вадзяны пацук, напалоханы песняй, плюхнуўся ля самага кораня і паплыў у зараслі чароту, валочачы ў нару зялёную чарацінку. Чарацінка была даўгаватая, і пацук дарэмна стараўся, не маючы сілы працягнуць яе праз густую рачную траву.

Дзяўчынка з жалем паглядзела на пацука і замоўкла. Потым паднялася і выцягнула лёску з вады.

Спалоханы ўзмахам яе рукі пацук шмыгнуў у чарот, а цёмная ў плямах фарэль, што да гэтага нерухома стаяла ў светлым струмені, падскочыла і знікла ўглыбіні.

Цяпер дзяўчынка засталася адна. Яна паглядзела на сонца, якое хілілася на захад і кранулася вяршыні яловай гары. І хаця было ўжо даволі позна, дзяўчынка не спяшалася дадому. Яна паволі крутанулася на камені і нетаропка пайшла ўгору па сцежцы, адкуль насустрач ёй па схіле гары спускаўся высокі лес.

Яна смела ступіла ў яго.

Шум вады, бягучай паміж камянёў, застаўся за плячыма, і адкрылася перад ёю цішыня.

У гэтай векавой цішыні раптам пачуўся ёй гук піянерскага горна. Ён прабег па прасецы, дзе, не калышучы галінамі, стаялі старыя піхты, і пратрубіў ёй у вушы, напамінаючы, што трэба спяшацца.

Аднак дзяўчынка не прыбавіла кроку. Абагнуўшы невялікае балотца, дзе раслі жоўтыя саранкі, яна нахілілася і вострым сучком выкапала з зямлі разам з каранямі некалькі кволых кветак. Яна ўжо набрала іх поўныя рукі, калі ззаду пачуліся ціхія крокі і нехта ўголас пазваў яе:

— Таня!

Яна павярнулася. На прасецы, каля высокага мурашніка стаяў нанайскі хлопчык Філька і зваў яе рукой. Яна падышла, прыветна гледзячы яму ў твар.

Побач з Фількам на шырокім пні ўгледзела яна поўны кацялок брусніц. А сам Філька вузкім паляўнічым нажом з якуцкай сталі састругваў кару са свежага бярозавага дубца.

— Хіба ты не чула горна? — спытаў ён. — Чаму ж ты не спяшаешся?

Яна адказала:

— Сёння бацькоўскі дзень. Мая маці прыехаць не зможа — яна працуе ў бальніцы, — у лагеры мяне ніхто не чакае. А чаму ты не спяшаешся? — дадала яна, усміхнуўшыся.

— Сёння бацькоўскі дзень, — паўтарыў ён яе словы, — і да мяне прыехаў са стойбішча бацька, я ішоў правесці яго да яловай сопкі.

— Хіба ты правёў яго? Гэта ж далёка.

— Не, — адказаў з годнасцю Філька. — Навошта мне яго праводзіць, калі ён застаецца начаваць каля ракі паблізу нашага лагера. Я пакупаўся ля Вялікіх камянёў і шукаў цябе. Я чуў, як ты спявала.

Дзяўчынка глянула на яго і засмяялася. І смуглявы Фількаў твар пацямнеў яшчэ болей.

— Калі ты не спяшаешся нікуды, дык пастаім тут. Я пачастую цябе мурашкавым сокам.

— Ты частаваў мяне раніцай сырой рыбай.

— То была рыба, а гэта зусім іншае. Пакаштуй! — сказаў Філька і ўторкнуў бярозавы дубчык у самую сярэдзіну мурашніка.

Схіліўшыся над ім удваіх, яны счакалі трохі, пакуль тонкая акораная галінка не пакрылася ўся мурашкамі. Тады Філька страсянуў іх, стукнуўшы злёгку галінку аб кедр, і паказаў яе Тані. На свежай забалані блішчалі кроплі мурашкавай кіслаты. Хлопчык лізнуў іх і даў пакаштаваць Тані. Яна таксама лізнула і сказала:

— Як смачна. Я вельмі люблю мурашкавы сок.

Яны рушылі далей, і Філька пайшоў з ёю побач, не адстаючы ні на крок.

Яны маўчалі. Таня — таму, што прывыкла думаць патроху аб усім і маўчаць усякі раз, калі ўваходзіла ў гэты маўклівы лес. А Філька таксама не хацеў гаварыць пра такую дробязь, як мурашкавы сок. Зрэшты, гэта быў толькі сок, які яна магла здабываць і сама. Так прайшлі яны ўсю прасеку, не сказаўшы ні слова, і выйшлі на процілеглы схіл гары. І зусім блізка, пад каменнай кручай, ля той самай рэчкі, якая, не знаючы стомы, спяшаецца да мора, убачылі яны свой лагер — прасторныя палаткі, што стаялі на ўзлеску.

З лагера даносіўся шум. Дарослыя, відаць, паехалі ўжо дадому, і шумелі адны дзеці. Але галасы іх былі такія моцныя, што тут, наверсе, у маўчанні шэрага маршчыністага каменя, Тані памроілася, нібы недзе далёка гудзе і хвалюецца лес.

— Мусіць, ужо строяцца на лінейку, — сказала яна. — Табе, Філька, трэба было б прыйсці ў лагер раней за мяне, бо ці не будуць смяяцца з нас, што мы часта вяртаемся ўдваіх?

«Не трэба было б ёй гаварыць пра гэта», — з горкай крыўдай падумаў Філька.

І, учапіўшыся за дзікі слойнік, што тырчаў над кручай, ён скокнуў уніз на сцежку так далёка, што Тані зрабілася страшна.

Але ён не ўдарыўся. І Таня кінулася другой сцежкай, між нізкіх сасонак, крыва парослых на каменнях…

Сцяжынка вывела яе на дарогу, якая, нібы рака, выбягала з лесу і, як рака, бліснула ёй у вочы каменнем і друзам, шумнула доўгім аўтобусам, поўным людзей.

Гэта дарослыя ад'язджалі з лагера ў горад.

Аўтобус прайшоў міма. Але дзяўчынка не праводзіла вачыма яго колаў, не зазірнула ў яго вокны, бо не думала ўбачыць там сваякоў.

Яна перасякла дарогу і ўбегла ў лагер, лёгка пераскокваючы праз канавы і купіны, таму што была вельмі спрытная.

Дзеці сустрэлі яе крыкам. Узняты на мачце сцяг лунаў у паветры. Яна стала ў сваю шарэнгу, паклаўшы кветкі на зямлю. Важаты Косця пагразіў ёй вачыма і сказаў:

— Таня Сабанеева, трэба ў час станавіцца на лінейку. Смірна! На-пра-ва раўняйся! Адчувайце локцем суседа.

Таня шырэй рассунула локці і падумала: «Добра, калі справа побач з табой сябры. Добра, калі ёсць яны і злева. Яшчэ лепей, калі яны і там, і тут».

Павярнуўшы галаву направа, Таня ўбачыла Фільку. Пасля купання твар яго блішчаў, што камень, а гальштук пацямнеў ад вады.

І важаты звярнуўся да яго:

— Філька, які ж ты піянер, калі кожны раз робіш са свайго гальштука плаўкі. Толькі не мані, калі ласка! Я ўсё ведаю. Пачакай, вось я пагутару з тваім бацькам сур'ёзна.

«Бедны Філька, — падумала Таня, — як яму не шанцуе сёння».

Яна глядзела ўвесь час направа. Налева ж зусім не глядзела. Па-першае, таму, што гэта было не па правілах, а па-другое, таму, што там стаяла тоўсценькая дзяўчынка Жэня, якую яна не любіла.

Ах, гэты лагер, дзе пяты год запар праводзіць яна сваё лета! Чамусьці сёння ён не здаваўся ёй такім вясёлым, як раней. А яна ж заўсёды так любіла прачынацца на світанні ў палатцы, калі з тонкіх калючак ажыны капае на зямлю раса! Любіла голас горна ў лесе, падобны на рык ізюбра, і стук барабанных палачак, і кіслы мурашкавы сок, і песні ля вогнішча, якое яна ўмела распальваць лепш за ўсіх у атрадзе.

Што ж здарылася сёння? Няўжо гэтая рака навяла яе на такія дзіўныя думкі? З якім няясным прадчуваннем сачыла яна за ёю. Куды хацелася ёй плыць? Навошта спатрэбіўся ёй аўстралійскі сабака дзінга? Нашто ён ёй?

А можа, гэта адыходзіць ад яе дзяцінства? Хто ведае, калі адыходзіць яно?

Са здзіўленнем думала Таня пра гэта, пакуль стаяла смірна на лінейцы, і думала пра гэта пазней, вячэраючы ў сталоўцы. І толькі ля вогнішча, якое даручылі ёй раскласці, яна ўзяла сябе ў рукі.

Яна прынесла з лесу тонкую бярозку, ссохлую на зямлі пасля буры, і паставіла яе ў сярэдзіну вогнішча, а вакол па-майстэрску развяла агонь.

Філька ж абкапаў яго і счакаў, пакуль зоймуцца сучкі.

І бярозка гарэла без іскраў, але з лёгкім трэскам, з усіх бакоў атуленая змрокам.

Падыходзілі дзеці з другіх звенняў палюбавацца вогнішчам. Прыходзіў і важаты Косця, і доктар з паголенай галавой, і нават сам начальнік лагера. Ён запытаўся, чаму яны не пяюць і не гуляюць, калі ў іх такі цудоўны касцёр.

Дзеці праспявалі адну песню, потым другую.

А Тані не хацелася спяваць.

Як раней на ваду, вялікімі адкрытымі вачыма глядзела яна на полымя, такое ж вечна рухомае, пастаянна памкнёнае ўвысь. Яно шумела аб нечым, навявала на душу няясныя прадчуванні.

Філька, які не мог бачыць яе засмучанай, прынёс да вогнішча свой кацялок з брусніцамі, каб парадаваць яе тым нямногім, што меў сам. Ён частаваў усіх таварышаў па звяну, а Тані выбраў ягады самыя буйныя. Яны былі спелыя і халодныя, і Таня з'ела пачастунак з задавальненнем. А Філька, убачыўшы яе зноў вясёлай, пачаў расказваць пра мядзведзяў, бо яго бацька быў паляўнічы. І хто іншы мог бы так добра расказаць пра іх!

Але Таня спыніла яго.

— Я нарадзілася тут, у гэтых мясцінах, у гэтым горадзе, і больш нідзе ніколі не была, — прамовіла яна, — але заўсёды мяне здзіўляла, чаму так многа гавораць пра мядзведзяў. Заўсёды пра мядзведзяў…

— Таму, што вакол тайга, а ў тайзе жывуць мядзведзі, — адказала тоўстая дзяўчынка Жэня, у якой не было ніякай фантазіі, але якая ўсё ведала і на ўсё ўмела знаходзіць прычыну.

Таня моўчкі паглядзела на яе і запытала ў Фількі, ці зможа ён расказаць што-небудзь пра аўстралійскага сабаку дзінга.

Але пра дзікага сабаку дзінга Філька нічога не ведаў. Ён расказаў бы пра злосных нартавых сабак, пра лаек, а пра аўстралійскага сабаку яму нічога не вядома.

І тоўстая дзяўчынка Жэня спыталася:

— Скажы, калі ласка, Таня, навошта табе аўстралійскі сабака дзінга?

Але Таня не адказала нічога, бо не ведала, што адказаць. Яна толькі ўздыхнула.

Нібыта ад гэтага ціхага ўздыху, бярозка, што гарэла дагэтуль роўна і ярка, раптам пахіснулася, як жывая і павалілася, рассыпаўшыся попелам. У коле стала цёмна. Цемра падступіла зусім блізка. Усе зашумелі. У гэты момант са змроку пачуўся незнаёмы голас. То не быў голас важатага Косці.

Ён сказаў:

— Ай-ай, друга, нашто крычыш?

Чыясьці цёмная вялікая рука пранесла над галавой Фількі бярэма ламачча і кінула яго ў касцёр. То былі яловыя лапкі, што даюць шмат святла і іскраў, якія з гудзеннем ляцяць угору. І там, угары, яны гаснуць не хутка, а гараць і мігцяць, нібы россыпы зорак.

Дзеці ўскочылі на ногі, а да вогнішча падсеў чалавек. З выгляду ён быў невялікі, насіў скураныя накаленнікі, а на галаве ў яго быў капялюш з бяросты.

— Гэта Фількаў тата, паляўнічы! — закрычала Таня. — Ён сёння начуе тут, побач з нашым лагерам. Я яго ведаю.

Паляўнічы падсеў бліжэй да Тані, заківаў ёй галавой і ўсміхнуўся. Усміхнуўся ён і іншым дзецям, паказаўшы свае шырокія зубы, сточаныя доўгім муштуком меднай люлькі, якую ён моцна сціскаў у руцэ. Штохвілінна ён падносіў да сваёй люлькі вугольчык і соп ёю, нічога не гаворачы. Аднак гэтае сапенне, гэты ціхі і мірны гук нібыта гаварылі ўсім, хто сабраўся яго слухаць, што ў галаве гэтага дзіўнага паляўнічага не было ніякіх благіх намераў.

І таму калі да агню падышоў важаты Косця і запытаўся, чаму ў лагеры чужы чалавек, то дзеці закрычалі ўсе гуртам:

— Не чапай яго, Косця! Гэта Фількаў тата, хай ён пасядзіць з намі! Нам весела з ім!

— Дык гэта бацька Фількі, — сказаў Косця. — Цудоўна! Я пазнаю яго. Але ў такім разе я паведамляю вам, таварыш паляўнічы, што ваш сын Філька любіць есці сырую рыбу і частуе ёю іншых, напрыклад, Таню Сабанееву. Гэта адно. А па-другое, са свайго піянерскага гальштука ён робіць плаўкі і купаецца ля Вялікіх камянёў, што яму катэгарычна забаронена.

Сказаўшы гэта, Косця пайшоў да другіх кастроў, якія ярка гарэлі на паляне. А паколькі паляўнічы не ўсё зразумеў з таго, што гаварыў яму Косця, то ён паглядзеў услед яму з павагай і на ўсякі выпадак паківаў галавой.

— Філька, — сказаў ён, — я жыву ў стойбішчы, палюю на звера і плачу грошы, каб ты жыў у горадзе, вучыўся і быў заўсёды накормлены. Што ж з цябе будзе, калі за адзін толькі дзень ты нарабіў столькі ліха, што на цябе скардзяцца начальнікі? Бяры рэмень, ідзі ў лес і прывядзі сюды майго аленя. Ён пасвіцца недзе паблізу. Я пераначую ля вашага вогнішча.

І ён даў Фільку рэмень, выраблены з ласінай скуры, такі доўгі, што яго можна было закінуць на вяршаліну самага высокага кедра.

Філька ўстаў, пазіраючы на сяброў, ці не падзеліць хто з ім пакаранне. Тані стала шкада яго: гэта ж ён частаваў яе раніцай сырой рыбай, а ўвечары мурашкавым сокам і, можа, дзеля яе купаўся ля Вялікіх камянёў.

Яна ўскочыла з зямлі і сказала:

— Пойдзем, Філька. Мы зловім аленя і прывядзём яго да твайго бацькі.

І яны пабеглі да лесу, які сустрэў іх па-ранейшаму маўкліва. Скрыжаваныя цені ляжалі на імху паміж ялін, а воўчыя ягады блішчалі на кустоўі пад зорным святлом. Алень стаяў зусім блізка, пад піхтай, і аб'ядаў мох, што звісаў з яе галін. Алень быў такі рахманы, што Фільку не давялося нават разгортваць аркан, каб накінуць яго на рогі. Таня ўзяла аленя за повад і па роснай траве вывела яго на ўзлесак, а Філька прывёў яго да вогнішча.

Паляўнічы засмяяўся, убачыўшы дзяцей з аленем. Ён падаў Тані сваю люльку, каб яна пакурыла, бо ён быў добры чалавек.

Але дзеці засмяяліся. А Філька строга растлумачыў яму:

— Тата, піянеры не кураць. Ім нельга курыць.

Паляўнічы быў вельмі здзіўлены. Але ж нездарма ён плаціць грошы за сына, нездарма ж сын жыве ў горадзе, ходзіць у школу і носіць на шыі чырвоную хустку. Ён павінен знаць такія рэчы, пра якія не ведае бацька. І паляўнічы закурыў сам, паклаўшы руку Тані на плячо. А алень падыхаў ёй у твар і дакрануўся да яе рагамі, якія таксама ўмелі быць далікатнымі, хаця ўжо даўно зацвярдзелі.

Таня села на зямлю побач з ім амаль шчаслівая.

На паляне гарэлі кастры, вакол кастроў спявалі дзеці, і доктар хадзіў сярод дзяцей, турбуючыся за іх здароўе.

І Таня здзіўлена думала:

«Сапраўды, хіба гэта не лепш за аўстралійскага сабаку дзінга?»

Чаму ж ёй так хочацца плысці па рацэ, чаму звініць у вушах голас рачных хваль, якія б'юцца аб каменне, і так хочацца перамен у жыцці?

II

Саранкі, якія ўчора Таня выкапала вострым сучком з зямлі, цудоўна захаваліся да раніцы. Яна ахінула іх карані мокрай травой і мохам, загарнула сцябліны ў свежую бяросту і, калі ўзяла кветкі пад паху, а на плечы прыладзіла свой рэчавы мяшок, адразу зрабілася падарожнікам, гатовым у далёкую дарогу.

Змены аказаліся нечакана хуткімі. Лагер вырашылі закрыць, а дзяцей завезці ў горад, бо доктар палічыў, што начная раса вельмі шкодзіць іх здароўю. Што ні кажыце, а была ўжо восень.

І сапраўды, паменела летніх траў, і вось ужо тыдзень, як палаткі раніцай пакрываліся шэранню, а на лісці ў лесе да паўдня віселі кроплі расы, ядавітыя ўсе да адной, як змеі.

Аднак шлях, які чакаў Таню, не быў далёкі. Карацей кажучы, гэта была тая самая дарога, па якой учора праехаў з шумам аўтобус. І хаця яна выбягала з лесу, і ўцякала ў лес, і здавалася новай, сёння на ёй стаяў пыл — крамяністы пыл, які ніяк не маглі суняць нават старыя піхты, што раслі ўздоўж абочын. Яны только адмахваліся ад яго сваімі сінімі лапамі.

Таня добра бачыла гэта, ідучы ззаду ўсіх у залатым вянку з пылу. А побач з ёй ішоў Філька разам са сваім бацькам, і самы апошні — алень. Ён таксама не любіў пылу і галасістых медных труб, у якія кожныя паўгадзіны трубілі лагерныя музыканты, ідучы за вазамі з паклажай. І калі міма праехалі на танках чырвонаармейцы і крыкнулі дзецям «ура», ён так моцна нацягнуў повад, што вырваў яго з рук паляўнічага і знік у лесе разам з уюкам. А якраз там былі самыя дарагія рэчы Фількі і Тані. Аленя давялося шукаць.

Яны ўбачылі яго між тонкіх бярэзін, якія, як і ён, калаціліся ад страху.

Доўга не хацеў алень выходзіць з лесу. І калі нарэшце паляўнічы вывеў яго на дарогу, музыкі ўжо не было чутно і пыл улёгся на тыя ж самыя камяні, з якіх падняўся. І піхты больш не махалі галінамі. Лагер пайшоў далёка наперад.

Менавіта гэтая акалічнасць стала прычынай таго, што калі Таня прыйшла ў горад з палатнянай торбачкай за плячыма, у тапках, падраных аб вострую шчабёнку, то дома ў сябе нікога не застала.

Маці, не дачакаўшыся яе, пайшла на работу ў бальніцу, як хадзіла кожны раз, а старая нянька паласкала на рэчцы бялізну. Вароты былі адчынены.

І Таня ступіла на свой двор.

Ці многа трэба падарожніку? Напіцца халоднай вады, адпачыць на траве, апусціўшы рукі на зямлю. Вось трава пад плотам. Яна патанчэла, яе спалілі ўжо начныя зазімкі, але ўсё ж пад вечар у ёй сакочуць конікі, невядома як трапіўшыя ў горад. А вось і вада. Праўда, яна не бяжыць, не струменіцца. Яна зіму і лета стаіць пасярод двара ў дзежцы, прыкаванай да старых саней.

Таня дастала затычку і дала напіцца кветкам, намачыўшы іх карані, ухутаныя белым мохам. Пасля напілася сама і падышла да дрэў, што раслі ля ганка. Шырокая елка і бяроза з тонкімі галінамі стаялі ціха побач. Елка яшчэ была ладная. Яе ценю хапала на паўдвара і нават болей. Але бяроза! Яна пачала жоўкнуць.

Таня пакратала яе белы ствол, увесь пакрыты нарасцям.

«Што гэта? Няўжо восень?»

І бяроза скінула зморшчаны ліст у яе падстаўленыя далоні.

«Так, так, — сказала сабе Таня, — сапраўды, гэта восень. Аднак касачы пад акном яшчэ стаяць. Можа, і мае саранкі трохі пастаяць. Але дзе ж усё-такі нашы?»

Тут яна пачула ля сябе ціхую мітусню і бурчанне. Гэта старая кошка Казак прывяла сваіх кацянят і загадала ім паскакаць перад Таняй. Пасля прыбегла качка з чарвяком у дзюбцы.

Кацяняты падгадаваліся за лета, і самы маленькі з іх, Арол, цяпер не палохаўся ні чарвякоў, ні качкі.

Затым у брамцы з'явіўся сабака. Быў ён мізэрны ростам, галаваты, і было яму сама мала гадоў дзесяць.

Заўважыўшы Таню, ён стаў у варотах, і ў яго старых слязлівых вачах свяціўся сорам — яму было сорамна, што ён не першы даведаўся пра Танін зварот. Міжвольным рухам яго было пайсці назад, не заўважыўшы Таню. Бываюць і такія выпадкі ў сабачым жыцці. Ён накіраваўся было да вадавозкі, не вільнуўшы нават хвастом. Але ўсім яго хітрыкам прыйшоў канец, як толькі Таня паклікала яго:

— Тыгр!

І адразу сабака падскочыў на кароткіх лапах і кінуўся да Тані, проста ў калені.

Таня доўга гладзіла яго галаву з кароткай жорсткай поўсцю, дзе пад скурай намацваліся старэчыя жаўлакі.

Так, усё гэта былі старыя і слабыя істоты, хаця імёны ў іх былі грозныя.

Таня глядзела на сабаку з ласкай.

А падняўшы вочы, убачыла няньку, такую ж старую, з глыбокімі маршчынамі, з поглядам вачэй, пацямнелых ад доўгага жыцця.

Паставіўшы вядро з бялізнай на зямлю, нянька пацалавала Таню і сказала:

— Якая ты чорная стала, не раўнуючы, як твой Філька. А маці вось няма дома. Чакала, чакала, не дачакалася, пайшла на працу. Засталіся мы з табой. Мы заўсёды адны. Хочаш, самавар пастаўлю? Ці пад'ясі чаго? Ужо і не ведаю, чым яны там вас у лагеры кармілі. Нябось ледзьве выплюнеш?

Але Таня не хацела есці.

Яна занесла ў хату сваю торбачку, пахадзіла па ціхіх пакоях, пакратала кнігі на паліцы.

Так, нянька гаварыла праўду. Як часта Таня заставалася адна гаспадыняй свайго часу і жаданняў. І толькі яна адна ведала, як гэтая свабода абрыдала ёй. У яе ні сясцёр, ні братоў. І маці часта не было дома. Грудзі напаўняе пачуццё горкай пяшчоты, ад якога на вачах з'яўляюцца слёзы. Адкуль яно? Можа, гэта пах рук і твару маці, яе вопраткі. альбо гэта яе погляд, памякчэлы ад пастаяннай турботы, якую Таня носіць у сваёй памяці ўсюды і заўсёды?

Раней, бывала, як маці збіралася з дому, Таня плакала, а зараз думала пра яе з бесперастаннай пяшчотай.

Яна не запыталася ў нянькі, ці скора вернецца маці. Яна толькі паглядзела на яе рэчы ў шафе, пасядзела на яе ложку і выйшла ў двор. Трэба было нарэшце неяк прыладзіць кветкі, якія яна выкапала ў лесе на балаціне.

— Але ж на дварэ восень, Таня! — здзівілася нянька. — Якія ж цяпер кветкі?

— Ну, якая ж восень! Глядзі, — адказала Таня.

Восень, як заўсёды, праходзіла над горадам без туману. Навакольныя горы, як і вясной, цямнелі ад хвой, і сонца доўга не схілялася над лясамі, і доўга ў дворыках пад вокнамі цвілі буйныя без паху кветкі.

На самай справе, можа, і саранкі пастаяць яшчэ трохі. А калі пасохнуць, то карані іх захаваюцца ў зямлі.

І Таня шырокім нажом выкапала ў зямлі некалькі ямак на градцы і пасадзіла саранкі.

Тыгр хадзіў паміж градак і абнюхваў іх. А потым падняў сваю вялікую галаву і глянуў угару на плот. Таня таксама паглядзела туды.

На плоце сядзеў Філька. Ён быў босы, у адной майцы, без гальштука, і твар яго гарэў ад хвалявання.

— Таня, — выгукнуў ён, — бяжы хутчэй да нас! Бацька падарыў мне сапраўдных ездавых сабак.

Але Таня не кінула капаць, рукі яе былі чорныя ад зямлі, твар ільсніўся.

— Не можа быць, — адказвала яна, — ты маніш. Калі ён паспеў гэта зрабіць? Мы ж сёння разам прыйшлі ў горад.

— Гэта праўда, — сказаў Філька. — Ён прывёў іх у горад яшчэ тры дні назад і трымаў у гаспадыні ў хляве. Ён падарыў іх мне і кліча, каб ты паглядзела.

Таня ўважліва паглядзела на Фільку.

Зрэшты, гэта магло быць і праўдай. Дораць жа дзецям такія рэчы, пра якія яны мараць. І робяць ім падарункі бацькі, як яна пра гэта чытала.

Яна кінула нож на градку і выйшла за вароты на вуліцу.

Філька жыў праз двор. Яго вароты былі зачынены.

Ён адчыніў іх перад Таняй, і яна ўбачыла сабак.

Побач з сабакамі на зямлі сядзеў Фількаў бацька і курыў. Люлечка яго хрыпела гучна, як і ў лесе ля вогнішча, а твар яго быў прыветны. Алень стаяў, прывязаны да плота. А сабакі ляжалі ўсе разам, з круглымі хвастамі, сапраўдныя лайкі. Не падымаючы вострых пыс, выцягнутых на зямлі, яны па-воўчы глядзелі на Таню.

Паляўнічы засланіў яе ад звяроў.

— Яны злыя, друга, — сказаў ён.

А Філька дадаў:

— Гэта табе не аўстралійскі сабака дзінга.

— Я добра ведаю такіх сабак, — сказала Таня. — Але ж гэта не дзікі сабака дзінга. Калі ласка, запражыце іх.

Паляўнічы быў крыху азадачаны. Запрэгчы сабак улетку? Гэта была такая неразумная забава. Але і сын папрасіў. І паляўнічы вынес з хлява лёгкую нарту і вупраж і падняў сабак на ногі. Забурчаўшы, сабакі падняліся.

А Таня залюбавалася іх прыгожай вупражжу, зробленай з сукна і скуры. Султанчыкі на галовах сабак развяваліся, як белыя мяцёлкі павейніка.

— Які багаты падарунак, — сказала Таня.

Паляўнічы быў рады пахвале сваёй бацькоўскай шчодрасці, хаця выказала яе ўсяго толькі дзяўчынка.

Яны пасядзелі ў нарце, і Таня патрымала каюр — доўгую палку з ясеню, акаваную на канцы жалезам.

Сабакі круціліся, налягаючы на заднія ногі, — збіраліся бегчы, цягнуць нарту па голай зямлі. Паляўнічы даў ім за старанне юколу. Ён дастаў з-за пазухі яшчэ дзве сушаныя рыбкі, дзве маленькія карушкі, зіхоткія на сонцы, працягнуў іх сыну і Тані. Філька пачаў гучна грызці, а Таня адмовілася. Але скончылася тым, што і яна з'ела сваю рыбку.

Паляўнічы пачаў збірацца ў дарогу. Пара было пакінуць гэты горад, дзе яго алень цэлы дзень стаяў някормлены. Ён загнаў сабак у хлеў і распрог там нарту. Потым адвязаў ад плота аленя і даў яму з далоні солі. Паклажа была гатова даўно.

За варотамі паляўнічы развітаўся з дзецьмі.

Ён падаў Тані руку, спачатку адну, потым другую, як падаюць на развітанне суседу, і запрасіў па снезе прыехаць на сабаках у госці.

Сына абняў за плечы.

— Будзь, калі зможаш, добрым паляўнічым і вучоным, — сказаў ён. — І, відаць, успомніўшы скаргі начальніка на сына, дадаў задуменна: — І насі сваю хустку на шыі, як гэта трэба.

Вось ён падышоў да павароту, ведучы аленя за повад, і павярнуўся яшчэ раз. Яго цёмны твар, нібыта зроблены з дрэва, і здалёк здаваўся прыветным. І Тані стала шкада, што ён так хутка знік.

— Добры ў цябе бацька, Філька, — сказала яна ў роздуме.

— І я яго люблю, калі не б'ецца.

— Хіба ён біў цябе калі-небудзь?

— Вельмі рэдка, і толькі тады, калі п'яны.

— Вось як! — Таня паківала галавой.

— А твой бацька хіба цябе ніколі не біў? І дзе ён? Я ніколі яго не бачыў.

Таня паглядзела яму ў вочы — ці няма там цікавасці альбо ўсмешкі. Яна ніколі не гаварыла з ім пра свайго бацьку.

Але Філька глядзеў ёй проста ў твар, і ў вачах яго была адна прастадушнасць.

— Ніколі, — сказала яна, — ён мяне не біў.

— Ты, мусіць, вельмі любіш яго.

— Не, не люблю, — адказала Таня.

— Вось як, — прамовіў у сваю чаргу Філька. І, памаўчаўшы крыху, крануў Таню за рукаў: — Чаму?

Таня нахмурылася.

І адразу ж у Фількі скончыліся ўсе словы, быццам яму адрэзалі язык. Здавалася, ніколі ўжо ён нічога не запытае ў яе.

Але раптоўна Таня пачырванела.

— Я яго не ведаю зусім.

— Хіба ён памёр?

Таня павольна паківала галавой.

— Дык дзе ж ён?

— Далёка, вельмі далёка. Можа, нават за акіянам.

— Значыць, у Амерыцы?

Таня кіўнула галавой.

— Я ўгадаў!.. У Амерыцы? — паўтарыў Філька.

Таня моўчкі павяла галавой справа налева.

— Дык дзе ж ён? — спытаў Філька.

Тоўстыя губы Фількі адтапырыліся. Па праўдзе кажучы, Таня здзівіла яго.

— А ты ведаеш, дзе Алжыр і Туніс?

— Ведаю. У Афрыцы. Значыць, ён там?

Таня зноў адмоўна заківала галавой, гэтым разам з большым сумам, чым раней.

— Не, Філька. Ведаеш, ёсць такая краіна — Марасейка.

— Марасейка? — паўтарыў за ёй задуменна Філька. Гэтая назва спадабалася яму. — Відаць, прыгожая краіна — Марасейка.

— Так, Марасейка, — ціха прамовіла Таня, — дом нумар сорак, кватэра пяцьдзесят тры. Ён там.

І яна знікла ў сваім двары.

А Філька застаўся адзін на вуліцы. Ён усё больш дзівіўся з Тані. Калі казаць праўду, ён быў зусім збіты з панталыку.

— Марасейка, — сказаў ён.

Можа, гэта востраў, пра які ён забыўся за лета? Гэтыя праклятыя астравы ніяк не трымаліся ў яго памяці. Ён быў толькі звычайны школьнік, хлопчык, які нарадзіўся ў глухім лесе ў скураным будане звералова. Ну навошта яму тыя астравы!

III

Вада лілася з дзежкі ў бляшаную палівачку з такім цудоўным шумам, нібыта гэта была не старая вада, замкнутая ў гнілой дзежцы, а маленькі вадаспад, які нарадзіўся высока ў гарах пад каменнем.

Яго голас быў чысты і поўны ўдзячнасці гэтай дзяўчынцы, якая адным рухам сваёй рукі вызваліла яго і дала магчымасць выбегчы на волю. Ён гучна звінеў ёй проста ў вушы і так прыгожа струменіўся ў паветры, магчыма, толькі з-за аднаго жадання звярнуць на сябе яе ўвагу.

А Таня зусім не чула і не прыкмячала яго.

Трымаючы ў руцэ драўляную затычку, яна думала пра бацьку. Размова з Фількам растрывожыла яе памяць.

Цяжка думаць пра чалавека, якога ніколі не бачыла і пра якога нічога не памятаеш, апроч таго, што ён твой бацька і жыве дзесьці далёка, у Маскве, на Марасейцы, дом нумар сорак, кватэра пяцьдзесят тры. У такім разе можна думаць толькі пра сябе. А што да сябе, дык Таня даўно зразумела, што яна не любіць яго, не можа любіць і не павінна гэта рабіць! Яна добра ўсё ведае! Ён пакахаў другую жанчыну, пакінуў яе маці, ён пайшоў ад іх шмат гадоў назад і, можа стацца, мае другую дачку, іншых дзяцей. Дык што ён такое для Тані? Хай маці не гаворыць пра яго толькі добра. Гэта толькі гонар, не больш. Але і Тані знаёма гэта пачуццё. Хіба не з-за гонару яна заўсёды маўчыць пра яго? А калі і вымавіць некалькі слоў, то хіба яе сэрца пры гэтым не рвецца на часткі?

Так думала Таня, а вада з дзежкі ўсё цякла і цякла, маленькі вадаспад усё шумеў і весяліўся, пакінуты без усялякай увагі. Даўно напоўніў ён бляшаную палівачку Тані і бег па зямлі, нічога не баючыся. І, прыбегшы да Тані, дакрануўся да ног.

Але і тут не звярнула яна на яго ўвагі. Тады ён пабег далей, да градкі з кветкамі, сярдуючы і шапочучы па-змяінаму паміж чорных каменьчыкаў, што скрозь валяліся на дарожцы.

І толькі крыкі нянькі вывелі Таню з задумення.

Старая стаяла на ганку і крычала:

— Чаго дурэеш? Усю ваду выпусціла! І сама вымакла. Глянь на сябе! Не шкада табе матчыных грошай? Мы ж за ваду грошы плацім!

Таня агледзела сябе. Рукі яе былі запэцканы зямлёй, тапачкі падраныя, панчохі мокрыя.

Яна паказала іх старой. Тая перастала крычаць і толькі пляснула рукамі. Яна прынесла Тані з калодзежа свежай вады ўмыцца.

Калодзеж быў далёка ад двара, а вада халодная. Пакуль Таня мылася, нянька бурчала:

— Расцеш ты, як пагляджу, хутка. Пятнаццаты год пайшоў, — гаварыла яна, — а ўсё ніяк не паразумнееш. Думная ты вельмі.

— А што гэта такое? — запытала Таня. — Разумная?

— Ды не разумная, а думаеш шмат, з таго і неразумная. Ідзі сухія панчохі надзень.

Яна гаварыла на сваёй асобай мове, гэтая старая з жылістай спіной і цвёрдымі жылістымі рукамі, якімі яна мыла Таню ў маленстве.

І Таня, зняўшы на парозе мокры абутак, увайшла ў свой дом басанож. Яна пагрэла ногі на матчыным дыване, на танным дыванчыку з аленевай шкуры, пацёртай у многіх месцах, і засунула рукі пад падушку, каб сагрэць і іх. Калодзежная вада была такая халодная. Але халадней за яе здалася Тані цвёрдая папера, што зашамацела ў яе пад пальцамі.

Яна дастала з-пад падушкі ліст. Ён быў трохі пакамечаны, з адарваным краем, чытаны ўжо некалькі разоў ліст.

Што гэта?

Маці ніколі не хавала пад падушку лістоў.

Таня паглядзела на капэрту. Гэта быў бацькаў ліст да маці.

Таня здагадалася па тым, як моцна стукнула яе сэрца, і яшчэ таму, што ўнізе прачытала яна бацькаў адрас. Відаць, ён вельмі баяўся, что ліст не дойдзе, калі на самым краі напісаў так старанна: «Марасейка, дом нумар 40, кватэра 53».

Таня паклала ліст на ложак і босая пахадзіла па пакоі. Потым узяла яго ў рукі і прачытала:

«Дарагая Маша, я пісаў табе раней некалькі разоў, але, відаць, лісты мае не даходзяць: вы жывяце так далёка — на другім канцы свету. Спаўняецца, нарэшце, мая даўняя мара — мяне накіравалі на Далёкі Ўсход. Буду служыць якраз у вашым горадзе. Вылятаем самалётам утраіх — з Надзеяй Пятроўнай і Колем. Ты павінна ведаць, што значыць для нас з Надзеяй гэты хлопчык. Яго ўжо прынялі ў вашу школу, у той самы клас, дзе вучыцца Таня. Ва Ўладзівастоку сядзем на параход. Чакайце нас першага чысла. Падрыхтуй, прашу цябе, Таню. Мне сорамна прызнацца табе, Маша, як я вінаваты перад ёю. Справа не ў тым, што мы з табой разышліся, што ўсё так атрымалася ў жыцці: у цябе, у мяне, у Надзі, не ў гэтым мая віна перад Таняй. Хаця клопаты за яе ніколі не пакідалі мяне, з першага дня яе нараджэння, але я так рэдка пісаў ёй, так часта забываўся пра яе. І яна мне вельмі рэдка пісала. І нават у тых лічаных лістах, з часу, як яна навучылася пісаць, калі рука яе няўмела выводзіла па тры словы на старонцы, я знаходзіў абвінавачванне для сябе. Яна мяне зусім не ведае. Як мы сустрэнемся з ёю — вось чаго я баюся. Ёй жа было толькі восем месяцаў, калі мы з табой рассталіся. У яе былі такія кволыя ножкі, а пальцы — як гарошынкі, і ручкі з чырвонымі далонькамі. Я так добра гэта помню…»

А Таня нічога не помніла. Яна глянула на свае босыя ногі, смуглявыя па калені, з гладкай скурай, лёгкімі ступнямі. На іх так добра стаяць! Яна разглядвала свае рукі, тонкія ў кісцях, але з моцнымі пальцамі, дужай далоняй. Але хто, акрамя маці, радаваўся іх росту і сіле? Бо нават пасеяўшы гарох пры дарозе, чалавек прыходзіць наведаць яго і радуецца штораніцы, заўважыўшы ўсходы.

Таня горка заплакала.

А паплакаўшы, адчула заспакоеную радасць, якая прыйшла да яе, як прыходзяць голад і смага.

Гэта ж прыязджае яе бацька!

Таня ўскочыла на ложак, паскідвала падушкі на падлогу. Потым легла ніцма і доўга ляжала так, плачучы і смеючыся паціху, пакуль не ўспомніла, што зусім не любіць бацьку. Дзе ж дзелася яе гордасць? Ці не той хлопчык Коля забраў у яе бацькаву любоў?

— А ўсё ж я ненавіджу іх, — сказала яна.

І старая крыўда то авалодвала яе сэрцам, то зноў праходзіла.

Таня ўскочыла на калені і з сілай грукнула кулаком па раме.

Акно расчынілася ад яе ўдару, і Таня зноў убачыла Фільку — трэці раз на дзень.

Відаць, у сэрцы яго не было ні туману, ні крыўды, якую адчувала Таня.

Ён сядзеў на прызбе пад акном і трымаў на каленях атлас.

— Няма такой краіны Марасейкі, — сказаў ён. — Ёсць далёкая краіна Марока, ёсць востраў Маёрка. А Марасейка — гэта не востраў, не паўвостраў, не мацярык. Навошта ты падманваеш мяне?

Таня глядзела на Фільку і не бачыла яго, нібыта глядзела праз яго на пясок.

— Маўчы, маўчы, Філька, — прамовіла яна. — Усё адно не люблю.

— Хіба я цябе чым пакрыўдзіў? — спытаў Філька.

Ён апусціў рукі, як толькі заўважыў на Таніных вейках слёзы. Яго душу агарнула слабасць. Але зманіць Філька мог лёгка, як і сказаць праўду, і ён ляпнуў далоняй па атласе, усклікнуўшы:

— Ёсць такая краіна Марасейка! Ёсць! Гэта дрэнны атлас. Я цяпер успомніў, як настаўнік расказваў нам пра яе.

Таня толькі цяпер пачула Фільку. І яго прастадушная мана вярнула ёй спакой.

«Вось хто будзе сапраўдным маім сябрам, — вырашыла яна. — Ні на каго яго не прамяняю. Ці ж не дзеліцца ён са мной усім, што ў яго ёсць, нават самай дробяззю?»

— Філька, — сказала яна, — я не пра цябе гаварыла. Я ўспомніла зусім іншага хлопчыка, якога завуць Коля. Не крыўдуй на мяне.

А Філька даўно забыў крыўду, як толькі з вуснаў яе зляцела першае ласкавае слова.

— Калі пра другога, — сказаў ён, — ты можаш яго і не любіць. Мне ўсё роўна. Але скажы, за што ты яго не любіш?

Таня адказала не адразу і, памаўчаўшы крыху, запытала:

— Як ты думаеш, Філька, чалавек павінен быць гордым ці не?

— Павінен, — адказаў Філька цвёрда. — Але калі ганарышся не ты, а Коля — гэта іншая справа. Тады ўспомні пра мяне, калі табе будзе трэба моцная рука, альбо аркан, якім ловяць аленяў, альбо кій — я навучыўся добра валодаць ім, палюючы ў тайзе за дзікушамі.

— Але ж ты зусім не ведаеш таго хлопчыка, за што ты збіраешся яго набіць?

— Я ведаю цябе, — запярэчыў Філька.

І думка плаціць за крыўду не слязьмі, а помстай здалася ёй у нейкі момант зусім яснай, без усялякай цьмянасці, якую насіла яна ў сабе. Яна і сама ўмела выдатна збіваць з дрэў дзікуш, трапна шпурляючы ў гэтых спакойных птушак каменнем і сучкамі.

Але праз хвіліну ёй падумалася: «Здаецца, я раблюся злою».

А Філька раптам адышоўся ад акна ўлева, сумеўшыся, паглядзеў паверх Таніных плячэй і, прыціснуўшы свой атлас локцем, нечакана кінуўся бегчы з двара.

За Танінымі плячыма блізка стаяла маці. Яна ўвайшла нячутна. У дажджавым плашчы, у белым доктарскім халаце, яна здалася Тані зусім інакшай, чым месяц назад. Так прадмет, паднесены блізка да вачэй, траціць раптам сваю знаёмую форму. І Таня, не паспеўшы апамятацца, секунду, дзве глядзела не маргнуўшы на маці. Яна ўбачыла ледзь прыкметныя маршчынкі, якія разбегліся ад куточкаў носа, і худыя ногі ў туфлях, занадта свабодных для яе — маці ніколі не ўмела глядзець за сабой, — і худыя, слабыя рукі, што так добра лячылі хворых. Толькі позірк яе застаўся нязменным. Такі заўжды ён быў у памяці Тані. Маці глядзела на яе вялікімі шэрымі вачыма. І ў гэтых вачах, як дробка солі ў моры, імгненна растала Таніна крыўда. Яна пацалавала маці асцярожна, стараючыся не крануцца вачэй, нібы баялася лішнім рухам патушыць іх погляд.

— Мама! — сказала Таня.

Маці абняла яе.

— Я спяшалася дадому, — сказала яна, — як я сумавала па табе, дачушка.

Яна агледзела дачку доўгім і ўважлівым позіркам. Спачатку зірнула на валасы — яны выгаралі і сталі падобныя на сталь, потым паглядзела ў твар — ён быў гарачы і скура пацямнела ад загару.

«Відаць, ёй было добра ў лагеры», — падумала маці.

Затым маці зірнула на ногі і здзівілася, што Таня сядзіць босая. Толькі цяпер заўважыла маці непарадак: падушкі валяліся на падлозе, ложак быў памяты і на ложку ліст і капэрта.

І позірк яе вачэй, які Таня так баялася патрывожыць сваёй ласкай, патух сам сабой, нібыта вецер, наляцеўшы раптоўна, замуціў яго яснасць. У ім з'явіліся неспакой, няўпэўненасць, трывога. Нават прытворства знайшла ў ім Таня. Інакш навошта маці так павольна збірае з падлогі падушкі і наводзіць парадак на ложку?

— Ты прачытала гэта без мяне, Таня? — ціха спытала маці.

Таня моўчкі апусціла галаву.

— Ты павінна радавацца, Таня.

Але і гэтым разам Таня прамаўчала.

А маці цярпліва чакала.

— Мама, гэты хлопчык мой брат? — запытала Таня.

— Не, — адказала маці. — Ён чужы. Гэта пляменнік Надзеі Пятроўны. Але ён гадаваўся ў іх, і тата яго любіць і шкадуе, бо ў хлопчыка няма ні бацькі, ні маці. Тата — добры чалавек. Я заўсёды казала табе пра гэта.

— Дык ён мне чужы, ён нават мне не брат, — сказала Таня, яшчэ ніжэй нахіліўшы галаву.

Маці ласкавым рухам падняла яе галаву і пацалавала два разы ў твар.

— Дачушка, любая, мы з табой яшчэ пагаворым. Мы пра ўсё пагаворым. Ты сустрэнеш іх, Таня, і ўбачыш сама. Бацька будзе рады. Ты ж пойдзеш на прыстань, праўда?

— А ты, мама?

Але маці адвярнулася ад яе ўважлівых вачэй.

— Не, Таня, я не змагу. Ты ж ведаеш, як мне заўсёды некалі.

І, адвярнуўшыся, яна не ўбачыла, а толькі адчула, як Таня схавала галаву пад яе слабую руку і моцна прытулілася да яе.

— Мамачка, я люблю толькі цябе. Я буду толькі з табой. І ніхто не патрэбны мне болей. Я не пайду сустракаць іх.

IV

Як ні дзіўна, але кветкі, што Таня пасадзіла на градцы, яшчэ жылі ў тую раніцу, калі павінен быў прыехаць бацька. Ці то жвавая ручаінка, што лілася з дзежкі, так добра напаіла іх карані, ці то яны былі проста жывучыя, як многія кветкі на Поўначы, якая не дае ім паху, але пакідае доўгае жыццё, — ва ўсякім разе яны трымаліся на высокіх ножках, калі Таня ўбачыла іх. Яна вырашыла іх нікому не аддаваць.

Таня прагнала качку, што сядзела між кветак на градцы, і паглядзела ўгору на драўляную каланчу. Яна панавала над гэтым горадам, дзе ў дварах на зары спявалі лясныя птушкі. На каланчы яшчэ не ўзнялі сігнальны сцяг. Значыць, парахода яшчэ не было. Ён мог і спазніцца. Але Таня не цікавілася сцягам. Яна зусім не збіралася на прыстань. А калі яна і перавязала свае тонкія валасы стужкай і апранула самую лепшую сукенку, то гэта магло быць з прычыны сённяшняга свята: пачынаўся новы навучальны год.

Але да школы яшчэ шмат часу!

Чаму ж яна ўстала так рана?

«А што рабіць, калі не спіцца», — адказала б яна маці, калі б тая прачнулася ад рыпу дзвярэй у доме.

«Ну што ж мне рабіць, — паўтарыла б яна, — калі сёння я не магу заснуць».

Але ці прыйдзе нарэшце той параход? Ці існуе ён на самай справе? Або, можа, гэта прывід, для якога ў свеце няма месца і няма часу, і які плыве зараз, магчыма, па іншай рацэ, і іншы туман стаіць за яго кармой?

На дварэ было таксама туманна. Галіны бярозы яшчэ блішчалі кроплямі начной вільгаці, ствол быў сыры — дрэва яшчэ не прачнулася.

Вельмі рана выйшла Таня з дому, надзвычай рана. Але ўжо чуліся крокі ў завулку, нехта топча траву, ходзіць па зямлі. Хтосьці спяшае ўжо на прыстань. Можа, гэта брат ідзе сустрэць сястру, ці бацька абняць сына, ці звычайны рыбак чакае з параходам вестак? А можа быць, гэта Фільку не церпіцца апошні раз перад школай палавіць ля прыстані яршоў.

Таня апусцілася на лаўку ля варот.

Яна прыслухоўвалася. Чуйны Танін слых насцярожыўся сярод соннай травы, што драмала пад яе нагамі, і сонных галін, заціхлых над яе галавой.

І далёкі свісток, такі далёкі, што сэрца магло пачуць яго толькі ў доўгім чаканні, устрывожыў Таню. Гэта свісцеў параход за Чорным мысам, ля маяка.

Таня адчыніла весніцы і выйшла, потым зноў зайшла ў двор, пастаяла ля кветак. Можа, нарваць іх, пакуль яны яшчэ жывыя і змогуць прынесці радасць бацьку. Гэта было адзінае, што яна мела.

І Таня сарвала кветкі — саранкі і касачы, якія клапатліва вырошчвала дагэтуль.

Потым клікнула сабаку. Тыгр з ахвотай пайшоў за ёю на вуліцу. Яны прайшлі горадам, які яшчэ не прачнуўся. І толькі каланча ніколі не знала сну. Яе маленькія дзверы, падобныя на байніцу, былі адчынены насустрач ветру. Сцяг быў падняты і глядзеў толькі ў адзін бок — на раку.

Да ракі на прыстань ішлі людзі. Таня на секунду спынілася ля спуску, каб зверху палюбавацца ракой. Якая ж яна светлая, нягледзячы на цёмныя ў хвоях горы, што стаялі па берагах! Якая вялікая! Нават цені ад гэтых гор не здолелі яе закрыць. Ці не па ёй так хацелася Тані плысці далёка, у невядомыя краіны, дзе жыве дзікі сабака дзінга?

А параход усё набліжаўся. Чорны каржакаваты, як скала, ён здаваўся невялікім на гэтай рацэ, губляўся на яе светлай раўніне, хаця роў ягоны, падобна ўрагану, трос кедры на гарах.

Таня імкліва пабегла ўніз. Параход ужо аддаваў прычалы, наваліўшыся на прыстань, поўную народу. На прыстані было цесна ад бочак. Яны валяліся ўсюды і стаялі, падобныя на кубікі лато, у якое нядаўна гулялі асілкі.

З парахода махалі хустачкамі. Можа, гэта ёй? Яна пабляднела. Яна таксама памахала рукой, праз сілу падняўшы яе ўгору. Як гэта ўсё смешна! Як жа пазнаць у натоўпе бацьку, якога яна ніколі ў жыцці не бачыла? І ці пазнае ён яе? Яна перастала думаць пра гэта, калі бегла да прыстані. Навошта паддалася яна міжвольнаму жаданню сэрца, якое зараз так моцна б'ецца і не ведае, што яму рабіць: проста памерці ці біцца яшчэ мацней?

І вось стаіць яна цяпер сіратліва з кветкамі каля бочак, і стары сабака ліжа яе ногі, не ведаючы, чым дапамагчы ёй.

А людзі ідуць міма.

Можа, вось гэта яны — трое: ён у капелюшы з бліскучым ворсам, немаладая кабета, а хлопчык высокі і худы, і наогул праціўны.

Але не. Яны ідуць міма, не гледзячы ні на каго, не чакаючы сустрэчы.

А можа, вось гэтыя — іх таксама трое: ён тоўсты, у кепцы з грубага сукна, яна маладжавая і непрыгожая, а хлопчык быў таксама тоўсты і брыдчэйшы за першага.

Мусіць, яны.

Таня ступіла наперад. Але позірк чалавека быў сухі і кароткі, а тоўсты хлопчык, паказваючы рукой на кветкі, спытаў:

— Прадаеш?

Калоцячыся ад крыўды, Таня адышлася ўбок. Яна прамаўчала. Яна толькі схавалася за бочкі і прастаяла там увесь час. Нікога больш не было на прыстані. Не грукаталі дошкі пад нагамі. Усе разышліся. Навошта чакаць? Яны не прыехалі сёння.

Таня выйшла з-за бочак. Матросы пайшлі ў горад, і міма прайшлі санітары з насілкамі. Гэта былі апошнія пасажыры з парахода. Таня пайшла побач з імі. На насілках пад цёплай суконнай коўдрай ляжаў хлопчык. Твар яго гарэў ад жару. Аднак ён быў у прытомнасці і, баючыся зваліцца, моцна трымаўся за насілкі. Ад гэтай натугі, а можа, ад страху, на вуснах у яго блукала збянтэжаная ўсмешка.

— Што гэта з ім? — запытала Таня.

— На параходзе захварэў, малярыя, — коратка адказаў санітар.

Заўважыўшы Таню, што ішла побач, хлопчык пабароў свой страх, лёг роўна і доўгім позіркам паглядзеў ёй у твар.

— Ты плакала нядаўна? — спытаў ён раптам.

Таня закрыла кветкамі вусны. Яна ўткнулася ў іх тварам, быццам гэтыя бедныя саранкі мелі калі-небудзь прыемны пах. Але што мог ведаць гэты хворы хлопчык пра пахі паўночных кветак?

— Ты плакала, — упэўнена сказаў ён.

— Ну што ты! Табе здалося, — адказала Таня, кладучы да яго на насілкі кветкі. — Я не плакала. Гэта адзін тоўсты хлопчык сыпнуў мне ў вочы пяском.

І чалавек, які апошнім збег па трапе на прыстань, не ўбачыў ужо нікога, апроч адзінокай дзяўчынкі, што сумна падымалася ўгору.

V

Гэты першы школьны дзень, такі радасны для ўсіх дзяцей, здаваўся невясёлым для Тані. Яна ступіла на школьны двор, вытаптаны дзіцячымі нагамі.

Вартаўнік даўно адзваніў.

Яна штурхнула цяжкія дзверы. У калідоры, як і на двары, было светла, пуста, ціха. Няўжо яна спазнілася?

— Не, — адказаў вартаўнік, — бяжы хутчэй. Настаўнікі яшчэ не разыходзіліся па класах.

Але яна не пабегла. Павольна, як узбіраючыся на строму, ішла яна па доўгім нашараваным воскам калідоры, а над яе галавой віселі плакаты. Праз усе дзесяць вялізных акон асвятляла іх сонца, высвечвала кожны знак прыпынку:

«Дзеці, віншуем вас з пачаткам новага года. Заходзьце! Будзем вучыцца на „выдатна“!»

Маленькая дзяўчынка з тонкімі коскамі, завітымі на кончыках, прабегла міма Тані і, бегучы, павярнулася да яе.

— Іх бін, ду біст, эр іст! — пракрычала яна па-нямецку і высунула язык.

Якія тонкія, хуткія ногі ў гэтай маленькай дзяўчынкі! Ці не маленькая Таня, ранейшая Таня, паказала сама сабе язык?

Але дзяўчынка знікла за паваротам, а Таня спынілася ля высокіх дзвярэй. Тут быў яе новы клас.

Дзверы былі зачынены, і ў класе шумелі.

І гэты шум, як мілы гоман ракі і дрэў, з ранніх год знаёмы ёй, супакоіў яе думкі.

Яна, нібы мірачыся сама з сабой, сказала:

— Ну, добра, забудзем, што было.

Яна адчыніла дзверы. Гучны крык сустрэў яе на парозе.

А яна ўжо ўсміхалася. Так чалавек, увайшоўшы з марозу ў хату, не разбіраючы з холаду ні твараў, ні рэчаў, усміхаецца загадзя цеплыні і словам, якія яшчэ не сказаны, але якія — ён ведае — не будуць варожымі яму.

— Таня, ідзі да нас! — крычалі адны.

— Таня, сядай з намі! — крычалі другія.

А Філька зрабіў на парце стойку, цудоўную стойку, якой мог пазайздросціць любы хлопчык, хаця выгляд яго і быў сумны.

А Таня ўсміхалася.

Яна выбрала ў сяброўкі Жэню і села з ёю, як у лагеры ля кастра, а Філька прымасціўся ззаду.

І ў тую ж хвіліну ў клас увайшла Аляксандра Іванаўна, настаўніца расейскай мовы.

Яна паднялася на кафедру, але адразу пакінула яе.

«Калі чатыры фарбаваныя дошкі могуць падняць чалавека ў вачах іншых, — падумала яна, — то гэты свет нічога не варты».

І, абышоўшы кафедру, яна наблізілася да вучняў настолькі, што паміж імі не стала ніякіх перашкод, акрамя ўласных недахопаў кожнага.

Яна была маладая, твар яе быў свежы, позірк светлы і спакойны, які міжволі прывабліваў да сябе ўвагу самых адчайных свавольнікаў. І заўсёды на яе чорнай сукенцы ззяла маленькая зорачка, вытачаная з уральскага каменю.

І дзіўна: яе свежасць і маладосць дзеці ніколі не прымалі за нявопытнасць, з якой яны б выбралі момант пасмяяцца. Яны ніколі не смяяліся з яе.

— Дзеці, — сказала яна, пасля доўгага летняга перапынку спрабуючы свой голас. Ён быў па-ранейшаму глыбокі і зноў прыцягваў да сябе ўвагу. — Дзеці! — сказала яна. — Сёння свята — мы пачынаем вучыцца, і мне радасна, што я зноў з вамі, зноў буду вашым класным кіраўніком — вось ужо каторы год. Усе вы падраслі за гэты час, а я трошкі пастарэла. Але вучыліся мы заўсёды на «выдатна».

І яна, вядома, сказала б усё, што гавораць дзецям перад пачаткам новага года, калі б у клас не зайшлі два новыя вучні. Гэта былі тыя самыя хлопчыкі, якіх Таня сустрэла раніцай на прыстані. Адзін — худы і высокі, другі — нізенькі, таўсташчокі, на выгляд сапраўдная бестыя.

Усе глядзелі на іх з цікаўнасцю. Але ніхто з гэтых сарака хлопчыкаў і дзяўчынак, што неспакойна сядзелі на партах, не глянуў на іх з такім чаканнем, як Таня. Зараз яна даведаецца, хто з іх прынёс ёй муку, яшчэ большую, чым страх. Можа быть, гэта ўсё-такі Коля.

Настаўніца спыталася іх прозвішчы.

Тоўсты хлопчык адказаў:

— Гадзіла-Гадлеўскі.

А худы сказаў:

— Боршч.

«Значыць, сапраўды „яны“ не прыехалі, — падумала з палёгкай Таня і сказала самой сабе: — Добра, пакуль што забудзем гэта».

Затое смех, што зазвінеў у класе, не абяцаў нічога добрага настаўніцы.

І яна сказала:

— Пачнём заняткі. Спадзяюся, што за лета вы, дзеці, нічога не забылі.

Філька голасна ўздыхнуў.

Настаўніца секунду глядзела на яго. Але позірк яе не быў строгім. Яна вырашыла сёння быць паблажлівай да дзяцей. Усё-такі гэта іх свята, і хай ім здаецца, што сёння яна ў іх у гасцях.

— Што ты ўздыхаеш, Філька? — запытала яна.

Філька падняўся з-за парты.

— Я ўстаў сёння на світанку, каб напісаць свайму сябру ліст, але адклаў яго, бо забыўся, якія знакі трэба паставіць у такім сказе: «Куды ты раніцай так рана хадзіла, дружок?»

— Дрэнна, калі ты забыў, — сказала настаўніца і паглядзела на Таню.

Тая сядзела, апусціўшы вочы.

І, зразумеўшы гэта, як жаданне не адказваць зусім, Аляксандра Іванаўна сказала:

— А Таня Сабанеева, ты не забылася, якія знакі прыпынку трэба паставіць у гэтым сказе? Скажы нам правіла.

«Што гэта? — падумала Таня. — Гэта ж ён пра мяне. Няўжо ўсе яны, пават Філька, такія бязлітасныя, што ні на хвіліну не даюць забыць мне пра тое, што ўсімі сіламі я стараюся не помніць».

І, падумаўшы так, яна адказала:

— У сказе, дзе ёсць зваротак, патрэбна коска або клічнік, або пытальнік.

— Вось бачыш, — звярнулася да Фількі настаўніца, — Таня добра помніць правіла. Ідзі ж да дошкі, напішы які-небудзь прыклад, дзе быў бы зваротак.

Філька, падышоўшы да дошкі, узяў крэйду ў рукі.

Таня сядзела па-ранейшаму, апусціўшы вочы, закрыўшыся рукой. І твар яе здаўся хлопчыку такім няшчасным, што ён быў гатовы праваліцца на месцы, калі яго жарт выклікаў у яе незадаволенасць.

«Што з ёй?» — падумаў ён.

І падняўшы руку, крэйдай напісаў на дошцы:

«Эй, товарищь, больше жизни!»

Настаўніца пляснула рукамі.

— Філька, Філька, — сказала яна з дакорам, — ты ўсё перазабыў! Чаму ты слова «товарищ» пішаш з мяккім знакам?

— Гэта дзеяслоў другой асобы, — адказаў, не сумеўшыся, Філька.

— Які дзеяслоў, чаму дзеяслоў? — усклікнула настаўніца.

— Вядома, дзеяслоў другой асобы, — упарта паўтарыў Філька. — «Таварыш! Ты, таварыш, што робіш?» Адказвае на пытанне: «што робіш?».

Рогат прайшоўся па класе, прымусіўшы Таню ўзняць галаву. І калі Філька зноў зірнуў на яе, яна ўжо смяялася сваім мілым смехам мацней за ўсіх.

Філька, усміхнуўшыся, страсянуў с пальцаў мел.

Філька быў задаволены.

А настаўніца, нічога не разумеючы, сачыла за ім, прыхінуўшыся да сцяны.

Як гэты хлопчык, якога яна цаніла за спрытны розум і знаходлівасць, мог быць задаволены грубай памылкай? Не, тут крыецца нешта іншае. Дзеці падманваюць яе. А яна думала, што добра ведае дзіцячае сэрца!

VI

Тыя рэдкія хвіліны, калі пасля працы маці выходзіла ў двор адпачыць на траве каля градак, былі самыя ўцешныя для Тані. Няхай сабе кволая асенняя трава дрэнна ўсцілае зямлю, а градкі пустыя, а ўсё-такі добра! Таня лажылася побач з маці і клала сваю галаву ёй на калені. І адразу мякчэла трава, удвая святлей станавілася неба. Яны абедзве падоўгу і моўчкі глядзелі ўгору, дзе ў недасяжнай вышыні над ракой, цікуючы рыбу ў лімане, пастаянна луналі арлы. Яны стаялі нерухома, пакуль самалёт, што пралятаў у небе, не прымушаў іх крыху пасунуцца ўбок. І пошум матора, прыглушаны лясамі, даносіўся да двара ледзь чутным гулам. А калі ён раптоўна сціхаў ці знікаў над дваром дзіўным воблакам, абедзве маўчалі.

Але сёння, прыслухоўваючыся да гэтага гуку, маці сказала:

— Які вялікі шлях паміж намі! Значыцца, яны не прыехалі.

Таня маўчала.

Маці выцягнула руку да градкі, дзе ўжо не было нічога, апроч пустых сцяблінак, сказала:

— Касачы — куды ж падзеліся яны? А як тут было прыгожа, на тваёй маленькай клумбе! Няўжо гэта пражорлівая качка склявала ўсе кветкі?

— Я сама прагнала яе раніцай, — сказала Таня і засталася ляжаць нерухома.

— Саранкі, — паўтарыла маці, — яны ж не растуць пад Масквой. Бацька вельмі любіў нашы кветкі, і мне так хацелася, каб ты падарыла іх яму!

Таня нічога не адказала, і маці дадала:

— Ён добры, цудоўны чалавек.

Таня хутка паднялася, села і зноў нахілілася да зямлі, прылегла ля маці.

— Ты нешта хацела сказаць мне? — спытала маці.

— Калі ён добры чалавек, — сказала Таня, — дык навошта ён пакінуў нас?

Маці варухнулася на траве, пасунулася, нібы мулкі камень трапіў ёй выпадкова пад локаць. А Таня, імгненна адчуўшы жорсткасць сваіх слоў, стала на калені, цалуючы сукенку маці, цалуючы яе твар і рукі.

Як было добра і спакойна абедзвюм, калі яны маўчалі, лежачы на гэтай кволай траве, у гэтым цесным дворыку, над якім няма нічога, апроч неба! І адно толькі слова «бацька» забрала іх жаданы спакой. Як жа ёй любіць яго?

— Мама, — гаварыла Таня, — я болей не буду. Не трэба. Як добра, што яны не прыехалі! Як гэта добра! Хіба нам блага ўдзвюх? І што кветкі? Я пасаджу другія. Я назбіраю насення — я ведаю ў лесе балота, я ўсё зраблю, і ў нас у двары будзе зноў прыгожа, прыгажэй, чым было.

Так мармытала яна, не ведаючы, што гаворыць, не пачуўшы, як бразнула клямка на брамцы, ні голасу маці, якая ўжо некалькі разоў паўтарала ёй:

— Адчыні, Таня! Нехта не можа адчыніць. Мусіць, з бальніцы прыслалі.

Нарэшце Таня паднялася на ногі, пачула крокі ля варот і падышла да брамкі. Ей зусім не хацелася нікому адчыняць, нават хворым.

Яна сярдзіта спытала:

— Вам каго трэба? Да ўрача? Вы хворы?

Але перад ёю стаяў здаровы чалавек, высокі і вясёлы. Ён быў апрануты ў боты, шынель палкоўніка і нічога не пытаўся, а толькі глядзеў на яе, усміхаючыся. Як гэта было дзіўна!

І тут за сабой пачула яна слабы крык маці. Таня прыжмурыла вочы і прыціснулася да варот.

«Бацька!» Яна зразумела гэта адразу.

Ён ступіў праз дошку, што ляжала на зямлі, рушыў трошкі наперад, нібы схіліўся над маці, нібы хацеў яе пацалаваць. Яна адступіла назад і падала толькі руку. Ён пакорліва прыняў яе і патрымаў у сваіх далонях. Другой рукой маці паказала на Таню. Ён павярнуўся так хутка, што рыпнулі рамяні яго партупеі. Ён і ёй працягнуў свае вялікія адкрытыя далоні. Таня падышла да яго. Яна была бледная і глядзела на яго спалохана. Ён пацалаваў яе ў лоб, прытуліўшы галаву да сябе. Ад яго пахла сукном і рамянямі. Потым ён сказаў:

— Ты такая вялікая. Трэба было прынесці табе кветкі, а я прынёс цукеркі.

Ён засунуў руку ў кішэню, каб дастаць каробку. Але кішэня была цесная, а каробка — вялікая, яе не пускала падшэўка. Ён драў яе пальцамі, ён камячыў каробку, ён стараўся. Твар яго пачырванеў. Ён нават паціху стагнаў. А Таня чакала, усё болей бляднеючы. І гледзячы ў ягоны твар, няшчасны, разгублены як у дзіцяці, яна думала: добры ён чалавек ці не?

І вось ён дастаў каробку і падаў яе Тані. І Таня ўзяла, не ведаючы, што з ёй рабіць, — яна ёй таксама замінала.

Яна паклала каробку на старыя сані каля бочкі з вадою, і кроплі адразу ж пачалі капаць на яе. Яны стукалі, як гром у цішыні. Потым прыйшоў сабака, прыйшла кошка Казак з кацянятамі — усе яны стараліся абнюхаць каробку.

Маці паціху ківала галавой. Задумліва паглядзела на каробку і занесла яе ў дом.

А Таня засталася на двары.

Бацька абняў яе яшчэ раз.

Цяпер, калі барацьба з цукеркамі закончылася, ён загаварыў. Ён быў узбуджаны і размаўляў вельмі голасна, увесь час напружана ўсміхаючыся:

— Шкада, што цябе не было на прыстані! Мы з цёткай Надзяй чакалі цябе. Праўда, мы крыху затрымаліся на параходзе. Коля захварэў на малярыю. Чакалі санітараў, каб занеслі яго. Уяві сабе, нейкая дзяўчынка падарыла яму на прыстані кветкі. Гэта былі саранкі, якіх я не бачыў ужо шмат гадоў. Так, уяві сабе, яна паклала кветкі на насілкі. Яму так хацелася, каб гэта была ты. Але цябе не было.

Таня падняла руку да скроні, націснула на яе пальцамі, нібы хацела спыніць кроў, што прыліла да твару, і адступіла трохі назад.

— Ты што, Таня? — спытаў бацька.

— Тата, не гавары так гучна, — сказала яна. — Я добра цябе чую.

І свой дворык ашаламіў яе раптам цішынёй.

Бацька змоўк. Яго ўзбуджаны твар стаў строгім. Усмешка знікла. А вочы засталіся добрымі. Ён кашлянуў. І дзіўна, гэты кашаль быў знаёмы Тані. Яна сама так парывіста кашляла, калі сумныя думкі, як халодны віхор, знянацку наляталі на яе.

Ён уважліва глядзеў на Таню, паціху сціскаючы яе плячо.

— Я ведаю, што ты на мяне сярдуеш, Таня, — сказаў ён.

— Але ж мы будзем сапраўднымі сябрамі, так?

— Пойдзем піць гарбату, — сказала Таня. — Вы хочаце гарбаты?

— Ого! Вось ты ў мяне якая, — ціха вымавіў бацька, мацней сціскаючы плячо Тані.

Яна зразумела яго і выправілася.

— Пойдзем піць гарбату да нас, тата, — сказала яна. І слёзы паказаліся на яе вачах. — Я не прывыкла яшчэ, тата. Я не прывыкла…

Ён пакінуў яе худое плячо і рукой правёў па халоднай шчацэ Тані.

— Гэта праўда, дачушка, — сказаў ён ледзь чутна. — Цяжка ўсё гэта ў пятнаццаць год. А ўсё-такі мы будзем сябрамі. Пойдзем піць гарбату.

І ўпершыню на драўляным нізенькім ганку Танінага дома прагучалі інакшыя крокі, чым яна прывыкла чуць, — цяжкія крокі мужчыны, яе бацькі.

VII

Калі ў школе запыталіся ў Тані, ці не даводзіцца ёй сваяком або стрыечным братам Коля Сабанееў, што нядаўна прыйшоў да іх у клас, то адным яна адказала — так, другім сказала — не, і паколькі большасць аднеслася да гэтага абыякава, то хутка яе перасталі распытваць.

А Філька, патраціўшы столькі марных намаганняў на пошукі краіны Марасейкі, болей ні пра што не распытваў Таню.

Але затое ён сядзеў на парце якраз за Таняй і мог глядзець ёй у патыліцу, колькі яму хацелася. Аднак і патыліца можа пра многае расказаць. Яна можа быць халоднай і жорсткай, як камень, з якога Філька крэсіў агонь у лесе. Яна можа быть пяшчотнай, як сцяблінка адзінокай травы.

Патыліца ў Тані была і такая і інакшая, часцей за ўсё яна выказвала толькі адно яе жаданне — не думаць пра тое, што робіцца ў яе ззаду.

А ззаду на парце сядзелі Філька і Коля.

Да каго ж з іх адносіцца гэта ўпартае жаданне Тані?

І паколькі Філька глядзеў па рэчы заўсёды з добрага боку, то вырашыў — гэта датычыцца перш за ўсё не яго. Што да Колі, то калі Таня назвала яго тады гордым, то Філька павінен быў прызнацца, што гэта няпраўда. Яму Коля не здаваўся гордым. Ён, можа быць, быў слабы здароўем, у яго вельмі вузкія рукі, занадта бледны твар, але гордым ён не быў — гэта бачылі ўсе.

Калі Філька паказаў яму ўпершыню, як жуюць у іх у школе серу, Коля толькі запытаўся:

— Што гэта?

— Гэта піхтавая смала, — адказаў яму Філька. — Ты можаш дастаць яе ў кітайца, які прадае на рагу ліпучкі. За палціннік ён дасць табе цэлы кубік серы.

— А што такое ліпучкі? — спытаў Коля.

— Э, браток! — адказаў яму з прыкрасцю Філька. — Пра ўсё ты хочаш даведацца адразу.

І Коля не пакрыўдзіўся на заўвагу Фількі.

— Добра, — сказаў ён, — я пасля даведаюся. Але дзіўная звычка ў вашай школе. Я нідзе не бачыў, каб жавалі піхтавую смалу.

Але серы купіў багата, і пачаставаў Фільку, і сам пажаваў, навучыўшыся вельмі хутка гэтак жа шчоўкаць ёю на зубах, як і іншыя.

Ён прапанаваў пажаваць і Тані са шчырасцю, у якую яна не магла не паверыць. Яна нехаця ўсміхнулася яму, паказаўшы бліскучыя, як снег, зубы.

— Ці не дзякуючы гэтаму, — сказаў ён, — у вас ва ўсіх такія белыя зубы? Гэта сера добра ачышчае іх.

Усе яго словы здаліся ёй брыдкімі.

— Так, дзякуючы гэтаму, адчапіся ад мяне! — сказала яна.

Ён прамаўчаў і ўсміхнуўся.

Ён глянуў на яе светлымі, як лёд, вачыма, і Таня ўпершыню ўбачыла, што позірк іх упарты.

Ці была гэта сапраўдная сварка, Таня не магла вырашыць, але менавіта з той пары пачалася іх варожасць, і гэты хваравіты хлопчык пачаў займаць яе думкі болей, чым у першыя дні.

У выхадныя дні Таня абедала ў бацькі.

Яна праходзіла ля гарадскога гаю, што недалёка ад яе дома, і выходзіла на дарогу, якая вяла да крэпасці. Дарога не была прамая. Яна бегла берагам, зварочвала то ўправа, то ўлева, нібы штохвіліны заглядвалася на раку, якая, расштурхаўшы ў розныя бакі горы, слалася пад ёю далёка.

Таня ішла нетаропка, часта аглядваючыся на раку. Калі на дарозе было ціха, яна слухала шыпенне гліняных камлыг, што аселі пад берагам у ваду. І сабака яе таксама прыслухоўваўся да гэтага гуку. Ён хадзіў за ёй усюды.

Так праз паўгадзіны яны паволі падыходзілі да бацькавага дома.

Дом быў крайні з усіх, дзе жылі камандзіры. Акропленае вапнай каменне ўсцілала дарожку, але і скрозь вапну выбівалася трава, крыху пабеленая на кончыках сваіх пёрак. Тут было ціха. І шкляныя дзверы былі заўсёды адчынены. Праз гэтыя шкляныя дзверы Таня заходзіла ў хату, а сабака заставаўся ля дзвярэй. Як часта Таня хацела сама застацца ля дзвярэй, а сабака каб увайшоў у дом!

А між тым у гэтым доме ўсе былі з ёю ласкавыя. Надзея Пятроўна першая сустракала Таню на парозе. Ціхая, простая ў абыходжанні, з мілым тварам, яна кратала Таню за плячо ці цалавала ў галаву, кожны раз паўтараючы:

— Ага, вось і Таня прыйшла!

І хаця голас яе здаваўся мяккім, Таніна сэрца міжволі перапаўнялася цераз край недаверам.

«Навошта яна глядзіць на бацьку, калі цалуе мяне? — думала Таня. — Ці не каб паказаць яму: „Вось бачыш, я пешчу тваю дачку, і цяпер ты нічога не зможаш сказаць мне, і яна таксама нічога не зможа сказаць“».

Пры адной гэтай думцы ў Тані адбірала мову і вочы не слухаліся яе — яна не магла паглядзець бацьку проста ў твар.

І толькі калі падыходзіла да яго, адчуваючы яго руку ў сваёй, яна спакайнела. Тады яна магла сказаць і Колю:

— Добры дзень!

— Добры дзень, Таня! — адказваў ён прыветліва, але не раней і не пазней той хвіліны, калі яна кіўне яму галавой.

Бацька ж не гаварыў нічога. Ён толькі кранаўся злёгку яе шчакі і прыспешваў абедаць.

Абедалі весела. Елі бульбу з аленінай, якую куплялі самі ў праезджых тунгусаў. Сварыліся з-за лепшых кавалкаў, смяяліся з Колі, які засоўваў цэлую бульбіну ў рот, і лаялі яго за гэта, а бацька, бывала, нават удараў яго пальцамі па носе так моцна, што нос аж прыпухаў.

— Татка, — гаварыў тады Коля, нахмурыўшыся, — што гэта за жарты! Я ўжо не маленькі.

— Сапраўды, шалапут, ты не малы, — гаварыў бацька. — Усе вы ўжо вялікія. Так проста цераз вас не пераскочыш. Паглядзім толькі, што вы заспяваеце, калі пададуць піражкі з чаромхай.

І бацька хітра паглядаў на Таню.

А Таня думала:

«Што піражкі з чаромхай, калі я ведаю, што ён ніколі не будзе мяне так любіць, як Колю, ніколі не назаве шалапутам, не ўдарыць па носе, не адбярэ лішняга кавалка! І я сама ніколі не назаву яго „дурным таткам“, як гэты нікчэмны падліза. Няўжо піражкамі з чаромхай можна мяне падмануць?»

І сэрца яе зноў сціскала крыўда.

І ў той жа час усё ёй падабалася тут. І голас жанчыны, паўсюды чутны ў доме, яе стройны стан і добры твар, звернуты да Тані заўсёды з ласкай, і бацька вялікі, з яго рамянямі з тоўстай бычынай скуры, кінутымі на канапе, і маленькі кітайскі більярд, на якім яны ўсе гулялі, пазвоньваючы жалезным шарыкам па цвіках. І нават Коля, заўсёды спакойны хлопчык з упартым поглядам вельмі чыстых вачэй, вабіў яе да сябе. Ён ніколі не забываў пакінуць костку яе сабаку.

Але пра яе, здавалася Тані, ён ніколі не памятаў, хаця хадзіў з ёю разам у школу, і абедаў, і гуляў на більярдзе. І ўсё ж ён не меў часу думаць пра яе хаця б адну хвіліну ў дзень, хаця б дзеля таго, каб ненавідзець яе так, як яна ненавідзела яго.

Дык чаму ж тады згадзілася яна пайсці з ім лавіць рыбу і паказаць мясціну, дзе бярэ лешч?

VIII

Таня любіла зоркі — і ранішнія, і вячэрнія, і вялікія лэтнія зоркі, што гараць нізка ў небе, і восеньскія, калі яны стаяць высока і іх вельмі многа. Добра тады ісці пад зоркамі ціхім горадам да ракі, каб убачыць, што і ў рацэ поўна гэтых самых зор, нібы наскрозь свеціцца імі цёмная і ціхая вада. А потым сесці на гліну на беразе, прыладзіць вуды і чакаць, калі пачнецца клёў, і ведаць, што ні адна хвіліна, адпушчаная законам палявання табе на лоўлю, не прапала марна. А світанку ўсё няма, і сонца яшчэ не хутка працягне туман над ракой. Яшчэ будуць клубіцца ў тумане дрэвы, а пасля ўжо задыміцца вада. А пакуль можна думаць пра што хочаш: пра тое, чым заняты пад кустом бурундук, ці спяць калі-небудзь мурашкі і ці бывае ім зябка пад раніцу.

Так, добра было на світанку.

Але сёння, калі Таня прачнулася, зорак было ўжо мала: адны зніклі зусім, а іншыя бледна гарэлі на краі небасхілу.

«Відаць, не будзе сёння дабра, — падумала Таня. — Коля сабраўся з намі».

І тут жа пачула яна стук. Гэта ў акенца стукнуў два разы Філька.

Таня ў цемнаце апранула сукенку, накінула на плечы хустку і, расхінуўшы акно, саскочыла проста ў двор.

Філька стаяў перад ёю. Яго вочы ў бледных прыцемках былі дзіўнага колеру, блішчалі, як у шалёнага, а вуды ляжалі на плячы.

— Ты што так запазніўся? — спыталася Таня. — Увечары чарвякоў не накапаў?

— А ты паспрабуй накапай іх у горадзе! — хрыпла сказаў Філька. — Яшчэ не позна, якраз прыйдзем.

— Так, — сказала Таня, — з чарвякамі ў нас кепска. Вуду маю ўзяў?

— Узяў.

— Дык пойдзем? Чаго чакаць!

— А Коля? — запытаў Філька.

— А, Коля! — І Таня нават паморшчылася ў цемры, быццам зусім забыла пра Колю, быццам не ўспамінала пра яго ў тую самую хвіліну, калі прачнулася і паглядзела ў акно на зоркі. — Мы пачакаем яго ў завулку на набярэжнай, — сказала яна і ціха свіснула свайму старому сабаку.

Той нават не зварухнуўся пад сенцамі, не перамясціў нават лапы. Толькі зірнуў на Таню, нібы хацеў сказаць ёй: «Хопіць! Хіба мала я хадзіў з табой улетку на рэчку за рыбай, зімой на каток, і хіба не я так часта цягаў у зубах твае канькі! А цяпер досыць. Ты падумай толькі, куды я пайду ў такую сляпую рань!»

І Таня зразумела сабаку.

— Добра, — сказала яна, — ляжы.

«А можа, кошка пойдзе?»

Таня клікнула:

— Казак!

Кошка паднялася і пайшла разам са сваімі кацянятамі.

— Нашто яна табе? — спытаў Філька.

— Маўчы, маўчы, Філька, — сказала Таня. — Яна лепей за нас з табой ведае, чаго мы ідзём на раку.

І яны пайшлі, усё паглыбляючыся ў раніцу, як у чароўны лес, што вырастаў перад імі раптоўна. Кожнае дрэўца ў гаі здавалася клубам дыму, кожны дымок з коміна ператвараўся ў мудрагелісты куст.

На рагу, каля спуску, яны пачакалі Колю.

Ён доўга не ішоў, і Філька дзьмухаў сабе на рукі: холадна было ўначы здабываць чарвякоў — капацца ў астылай зямлі.

А Таня са зларадствам маўчала. Але і яе азяблая постаць з голай галавой, тонкімі валасамі, якія ад вільгаці закруціліся ў кольцы, нібыта гаварылі: «Вось паглядзіце, які ён, гэты Коля».

Нарэшце яны ўбачылі яго. Ён выходзіў з завулка. Ён зусім не спяшаўся. Ён падышоў, гучна тупаючы нагамі, і зняў вуду з пляча.

— Выбачайце, калі ласка, — сказаў ён, — я спазніўся. Учора мяне зацягнула да сябе Жэня. Яна паказвала мне розныя рыбы. Толькі трымае яна іх у акварыуме. А ёсць прыгожыя. Адна ўся залатая з доўгім чорным хвастом, падобным на сукенку. Я заглядзеўся на яе… Так што даруйце мне, калі ласка.

Таня задрыжала ад гневу.

— «Выбачайце, калі ласка», — паўтарыла яна некалькі разоў. — Якая ветлівасць! Ты б лепш не затрымліваў нас. Праз цябе мы не наловім рыбы.

Коля маўчаў.

— Мы яшчэ не празявалі, час ёсць. Гэта наверсе светла, а на вадзе паплавок яшчэ не бачны. Чаго ты злуеш? — сказаў Філька, больш спрактыкаваны, чым яна.

— Я таму злую, што не люблю вельмі ветлівых, — адказала Таня. — Мне заўсёды здаецца, што яны могуць падмануць.

— А я, напрыклад, — сказаў, звяртаючыся да Фількі, Коля, — не люблю ніякіх кошак: ні тых, якія ходзяць лавіць рыбу, ні тых, што нікуды не ходзяць. Аднак з гэтага не раблю ніякага вываду.

І Філька, сэрца якога не выносіла цяжару сварак, сумна паглядзеў на абаіх.

— Чаму вы заўсёды лаецеся — і тут, і ў класе? А я вось што скажу: перад паляваннем сварыцца — дык лепш сядзець дома. Так гаворыць мой бацька. А ён ведае, што гаворыць.

Коля паціснуў плячыма.

— Я не ведаю… Я ніколі не сваруся з ёю. А яна заўсёды нечым не задаволена. Бацька гаворыць, што мы павінны быць сябрамі.

— Гэта не абавязкова, што гаворыць бацька, — сказала Таня.

Філька яшчэ больш скрушліва паглядзеў на яе. І Коля таксама быў засмучаны яе словамі, хаця не падаў знаку.

— Не, я не згодзен, — сказаў Філька. — Мой бацька паляўнічы, ён гаворыць са мной мала. Але ўсё, што скажа, — праўда.

— Вось бачыш, — сказаў Коля, — нават Філька, твой верны Санча Панса, не згодзен з табой.

— Чаму ж гэта ён Санча Панса? — здзекліва запыталася Таня. — Ці не таму, што ты нядаўна прачытаў «Дон-Кіхота»?

— Не, «Дон-Кіхота» я прачытаў даўно, — адказаў Коля спакойна, — але хаця б таму, што ён заўсёды носіць твае вуды, капае табе чарвякоў.

— Таму, што ён у тысячу разоў лепшы за цябе! — крыкнула Таня, пачырванеўшы. — Філька, не давай яму чарвякоў!

А Філька падумаў:

«Ліха на іх, яны гавораць пра мяне, як пра забітага мядзведзя, але ж я жывы!»

Коля яшчэ раз паціснуў плячыма.

— І не трэба, я сам накапаю на беразе і месца знайду сабе. Не трэба мне тваіх чарвякоў!

І ён знік пад берагам, дзе кусты і камяні схавалі яго імгненна з вачэй. Толькі крокі яго доўга чуліся знізу, з дарожкі.

Таня глядзела яму ўслед, ужо не бачачы яго. Белы туман падымаўся ёй насустрач з ракі, плыў па гліне, ступаў на лісце, на траву і пясок. І такі ж белы туман стаяў у яе на душы.

Філька з жалем глядзеў у яе твар і маўчаў. І нарэшце сказаў праўду:

— Што табе трэба ад яго? Навошта ты да яго чапляешся? Я сяджу з ім на адной парце і ведаю: ніхто табе пра яго нічога благога не скажа. І я не скажу. Я не бачу ў ім ганарлівасці, хаця ён вучыцца лепш за іншых, нават лепш за цябе. Я сам чуў, як ён гаварыў па-нямецку з настаўніцай нямецкай мовы і гаварыў па-французску. Але ж у класе пра гэта ніхто не ведае. Дык чаго ж ты хочаш ад яго?

Таня нічога не адказала Фільку. Яна ціха рушыла наперад, насустрач рацэ, што драмала ўнізе пад туманам. І кошка з кацянятамі таксама паплялася ўніз да ракі.

А Філька ішоў следам за імі і думаў: дзіўны гэты хлопчык Коля! Няхай тысячы кошак ходзяць на раку здабываць сабе рыбу, няхай мільён кошак! Але калі яны з Таняй, то хіба яму, Фільку, горш ад гэтага? Не, яму добра! І дзіўная гэта дзяўчынка Таня. Хай сабе Коля называе Фільку і Санчам і Пансам, пра якіх ён не чуў пакуль што нічога благога, але хіба яму, Фільку, хоць на кроплю горш ад таго? Не, яму добра!

Так спусціліся яны па крутым беразе і дайшлі да ракі, да вузекькіх масткоў, куды прыставалі шампункі[1], і ўбачылі, што Коля сядзіць на дошках якраз на тым месцы, дзе заўсёды бяруцца ляшчы.

— Усё-такі знайшоў ён гэта месца! — сказаў з радасцю Філька, таму што ў душы быў гэтым задаволены.

Ён наблізіўся да Колі, зазірнуў у ягоную банку, дзе на ржавым дне ляжала толькі жменька пустой зямлі, і, павярнуўшыся, каб не ўбачыла Таня, усыпаў туды чарвякоў.

Але Таня ўбачыла гэта і нічога не сказала.

Яна ўзяла сваю вуду і чарвякоў, прайшлася на масткі і села амаль побач з Колем. А Філька адышоўся далей, выбраўшы сабе таксама нядрэннае месцейка. На паляванні ён любіў быць адзін.

І на хвіліну, а можа, і болей рака завалодала дзецьмі і нават кошкай з кацянятамі, што з тых самых масткоў пільна глядзелі ў ваду.

А там, у глыбіні ракі, адбывалася нешта дзіўнае. Нібы чыёсьці дыханне падымала з глыбіні туман, нібы чыесьці нябачныя рукі, што валодалі ім усю ноч, выпусцілі яго на волю, і ён ляцеў цяпер па паверхні ракі, цягнучы над вадой свае доўгія ногі. Ён бег за сонцам, люляючыся ў вышыні. А сама рака святлела, усё вышэй узнімалася неба, віднелася глыбіня. Рыба выйшла пасвіцца да берагоў, пачала добра брацца. Божа, якая гэта была лоўля! Таня ніколі такога не бачыла.

Але калі ты глядзіш не на свой паплавок, а на чужы, то рыба гэта добра разумее. Можа, яна ў гэтую секунду здзекуецца з цябе, павярнуўшыся галавой на струмень.

А Таня штохвілінна падымала вочы і глядзела на Колеву вуду. Коля ж глядзеў на яе паплавок. І страх, што другі зловіць раней, не даваў ім абаім спакою. Здабыча зрывалася з кручка, аб'еўшы прынаду.

Коля першы ўзняўся на ногі, нічога не злавіўшы. Ён пацягнуўся, пазяхнуў, косці яго хруснулі.

— Я так і ведаў, што нічога з гэтага не выйдзе, — прамовіў ён услых, аднак не звяртаючыся да Тані. — Невыносна ўвесь час глядзець на ваду, адразу хочацца спаць. Лепей ужо, як Жэня, трымаць гэтых дурных рыб у акварыуме.

— Вядома, яны дурныя, — сказала Таня, — калі не адрозніваць ваду ад звычайнага шкла.

А Коля не ведаў, што б яшчэ сказаць.

Ён пайшоў па мастках, не крануўшы пальцам сваёй вуды. Дошкі гнуліся ад яго крокаў. Кошка Казак, якая паспела ўжо лапай нацягаць на масткі дробнай рыбы, паглядзела на яго з асцярогай. Яна пасунулася, даючы яму дарогу. Але кацяня Арол, пахістаўшыся на мокрай дошцы, з ціхім усплёскам упала ў ваду. Ці было яно так захоплена малькамі, што шнырылі ля самай дошкі, ці вельмі блізка падышло да краю, не выпусціўшы ў час кіпцюры, толькі Таня ўбачыла кацяня па другі боі; масткоў, куды несла яго плынь. Кацяня захлыналася, а кошка мяўкала, бегаючы па мокрым пяску.

Таня ўскочыла на ногі, ледзь крануўшыся масткоў — такая яна была лёгкая.

Яна саскочыла на бераг, увайшла ў ваду, і рака надзьмула яе сукенку — яна стала падобная на лясную кветку. Кошка таксама скочыла ў ваду. А Коля застаўся на месцы.

Таня выцягнула руку і ўзяла кацяня ў далонь. Яно стала меншае за пацука. Рыжая поўсць яго вымакла, яно ледзь дыхала.

Таня паклала кацяня на камень, і кошка аблізала яго.

А Коля ўсё стаяў на месцы.

— Ты знарок скінуў яго ў раку! Я сама гэта бачыла! — крыкнула Таня сярдзіта.

Коля маўчаў.

«Можа, ён баязлівец», — падумала Таня.

І тады яна прытупнула на яго нагой.

Але і гэта не заставіла яго зварухнуцца. Ён не мог вымавіць ні слова — настолькі быў здзіўлены.

Таня кінулася прэч ад яго. Яна бегла па сцяжынцы ўгору, і калені яе абдымала мокрая сукенка.

Коля дагнаў яе на самай вяршыні гары, каля рыбацкіх дамоў, і тут, задыхаючыся, узяў яе за руку.

— Таня, — сказаў ён, — павер мне, я не хацеў… гэта выпадкова. Кацяня само ўпала ў ваду.

— Пусці мяне, — сказала яна, вырываючыся. — Я больш не буду лавіць! Я пайду дахаты!

— Тады і я пайду.

Ён адпусціў яе руку і ступаў шырока, каб не адставаць.

— Не хадзі за мной! — крыкнула Таня.

Яны спыніліся ля высокага каменя, што падпіраў хацінку рыбака.

— Але ты прыйдзеш да нас абедаць? — спытаў Коля. — Сёння выхадны. Тата будзе цябе чакаць. Ён скажа, што я пакрыўдзіў цябе.

— Вось чаго ты баішся! — сказала Таня, прыхінуўшыся да высокага каменя.

— Не, ты не так зразумела мяне. Я люблю тату, а ён будзе засмучаны. Вось што ты павінна зразумець. Я не хачу, каб тата…

— Маўчы, — сказала яна, — я добра цябе зразумела. Я не прыйду сёння абедаць. Я больш ніколі да вас не прыйду.

Яна павярнула налева, і сцяна рыбаковай хаты адразу ж закрыла яе.

Коля сеў на камень — яго ўжо нагрэла сонца, ён быў сухі і цёплы, і толькі ў адным месцы цямнела сырая пляма. Гэта мокрая сукенка Тані кранулася каменя і пакінула на ім свой след.

Коля пакратаў яго.

«Дзіўная дзяўчынка Таня, — падумаў ён таксама, як і Філька. — Ці не думае яна, што я баязлівец? Дзіўная дзяўчынка, — рашыў ён цвёрда. — Хіба можна здзіўляцца таму, што яна зробіць ці скажа?»

І, зноў паклаўшы руку на камень, ён задумаўся.

А Філька нічога не бачыў. Ён сядзеў за мыском на гліне і цягаў гусцёрак — плоскіх рыбак з чорнымі вачыма — і выцягнуў карпа з вялікай галавой, якога тут жа каменем забіў на пяску.

Пасля гэтага ён вырашыў адпачыць. Зірнуў на масткі. Дзве вуды гойдаліся над вадой, лёскі былі туга напятыя — на іх хадзіла рыба, — але нікога паблізу не было — ні Колі, ні Тані.

І крамяністая сцежка бязлюдная.

Ён паглядзеў таксама ўверх, на горы. І над гарамі хадзіў толькі вецер, таксама пустэльны, які не наганяў нават асенніх воблакаў.

Толькі адна кошка з кацянятамі валаклася з прыстані ўгору.

IX

І ўсё-такі Таня прыйшла абедаць. Яна паднялася на ганак з шклянымі дзвярыма і рэзка адчыніла іх, шырока расхінуўшы перад сабой, а сабака, як заўсёды, застаўся на ганку.

Таня гучна ляснула дзвярыма. Урэшце, гэта яе права прыходзіць, калі ёй захочацца, у гэты дом. Тут жыве яе бацька. Яна ходзіць да яго. І няхай ніхто не думае, што дзеля каго-небудзь альбо дзеля чаго-небудзь іншага, напрыклад, дзеля піражкоў з чаромхай.

І Таня яшчэ раз стукнула дзвярыма, яшчэ мацней, чым да гэтага.

Дзверы зазвінелі і запелі шкляным голасам.

Таня зайшла і села на сваё месца за сталом. У доме ўжо абедалі, і на стале стаяла поўная міска з пельменямі.

— Таня! — узрадаваўся бацька. — Ты прыйшла? А Коля сказаў, што не прыйдзеш сёння. Сядай хутчэй і еш. Еш як след. Цёця Надзя зрабіла сёння для цябе пельмені. Паглядзі, як Коля іх лоўка зляпіў.

«Вось як, — падумала Таня, — ён і гэта ўмее!»

Яна ўпарта глядзела на бацьку, на сцяну, на добрыя рукі Надзеі Пятроўны, што падавалі ёй то хлеб, то мяса, а на Колю зірнуць не магла.

Яна сядзела, нізка схіліўшыся над сталом.

Коля таксама сядзеў на сваім месцы, унурыўшыся, увабраўшы галаву ў плечы. Аднак вусны яго моршчыліся ад усмешкі.

— Тата, — сказаў ён, — навошта ты сказаў Тані, што я зляпіў гэтыя пельмені? Яна іх не будзе есці.

— Хіба вы сварыліся, дзеці? — запытаў з трывогай бацька.

— Што ты, тата! — адказаў Коля. — Мы ніколі не сварымся. Ты ж сам казаў, што мы павінны быць сябрамі.

— Але, — сказаў бацька.

А Коля, перагнуўшыся праз стол да Тані, прагаварыў шэптам:

— Хто ж гэта казаў мне, што сёння не прыйдзе абедаць?

Таня адказала яму ўголас:

— Я зусім не прыйшла абедаць. Я не хачу есці. Не, не, я зусім не хачу есці! — гучна паўтарыла яна бацьку і яго жонцы, якія разам загаварылі з ёй.

— Як жа гэта ты не хочаш есці? — разгублена запытаўся бацька яшчэ раз. — А пельмені?

— Дзякуй, я паабедала з мамай.

— Не прасі яе, тата, у трэці раз, — сказаў насмешліва Коля, — яна ўсё роўна не будзе есці.

— Шкада, — пашкадаваў бацька, — не хоча — дык не будзе. А дарма: пельмені такія смачныя!

Вядома, яны былі смачнымі, гэтыя кавалачкі празрыстага цеста, напханыя ружовым мясам, якія гэтыя недарэкі паліваюць воцатам. Хто ж палівае іх воцатам — неразумныя людзі! Іх ядуць з малаком, і пасыпаюць зверху перцам, і глытаюць, як чароўны агонь, які імгненна ажыўляе кроў.

Думкі Тані праносіліся ў галаве як маленькія віхуры, хаця сама яна строга глядзела ў сваю талерку, дзе стылі пельмені. І галава яе ціха круцілася, таму што дома яна не пад'ела і таму што ў яе былі здаровыя плечы, моцныя рукі і дужыя ногі, і толькі сэрца яе не знала, чаго ж яму трэба. І вось прыйшла яна сюды, як сляпая, у гэты дом, і нічога не бачыць, нічога не чуе, акрамя стуку сваёй крыві. Можа, вучоная спрэчка супакоіць яе?

— Тата, — сказала раптам Таня, — а праўда, што селядцы ў моры салёныя? Так гаварыў мне Коля. Ён зусім не прызнае заалогіі.

— Што такое? Не разумею, — спытаў бацька.

Коля перастаў есці. Ён выцер губы і правёў рукой па сваім здзіўленым твары. Ён ніколі не гаварыў так. Аднак здзіўленне яго хутка знікла, як толькі ён успомніў, што яшчэ раніцай рашыў не здзіўляцца, што б ні было — ні таму, што зробіць, ні таму, што скажа Таня.

І праз момант ён зноў спакойна і нерухома глядзеў на Таню чыстымі вачыма, у якіх, нібы з глыбокага дна, падымалася ціхая ўсмешка.

— Так, не прызнаю, — сказаў ён. — Што гэта за навука: у кошкі чатыры нагі і хвост.

Лоб і шчокі Тані пачырванелі. Яна добра ведала, пра якую кошку ён гаворыць.

— А што ты любіш? — спытала яна.

— Матэматыку люблю… Калі дзве акружнасці маюць агульную кропку, то… Літаратуру люблю, — дадаў ён, — гэта навука пяшчотная.

— Пяшчотная, — паўтарыла Таня.

І хаця душа яе была схільна да мастацтва і сама яна любіла і Дзікенса і Вальтэра Скота і яшчэ болей любіла Крылова і Гогаля, аднак з пагардай сказала:

— А што гэта за навука: «Асёл убачыў салаўя»?

Так размаўлялі яны, не смеючыся з уласных жартаў, з вачыма, поўнымі пагарды адзін да аднаго, пакуль бацька, які не мог зразумець іх спрэчкі, не сказаў:

— Дзеці, не гаварыце глупства, я вас перастаю разумець.

А Таніна галава круцілася, моцна стукала ў вушах. Яна хацела есці. Голад мучыў яе. Ён разрываў ёй грудзі і мозг і пранікаў, здавалася, у кожную кроплю крыві. Яна закрыла вочы, каб не бачыць ежы. Калі ж яна адкрыла іх, то ўбачыла, што са стала ўжо прыбіраюць. Прыбралі міску з пельменямі, прыбралі хлеб і соль у шкляной сальніцы. Толькі яе талерка ўсё яшчэ стаяла на месцы. Але і па яе пацягнулася ўжо Надзея Пятроўна. Таня міжволі прытрымала талерку рукой і тут жа пракляла сваю руку.

— Ты што? — спытала Надзея Пятроўна. — Можа, пакінуць пельмені табе?

— Не, не, я толькі хацела даць сабаку некалькі штук. Можна?

— Зрабі ласку, — сказаў бацька, — аддай хоць усю талерку, гэта ж усё тваё.

Таня, пачапіўшы на відэлец некалькі халодных пельменяў, выйшла на ганак. І тут, прысеўшы на кукішкі перад старым сабакам, яна з'ела іх адзін за адным, амываючы слязьмі кожны.

Сабака, нічога не разумеючы, гучна брахаў. І гэты гучны брэх перашкодзіў Тані пачуць крокі за спіной.

Бацькавы рукі раптам леглі ёй на плечы. Якім пільным позіркам паглядзеў ён ёй у вочы і на яе вейкі! Не, яна і не плакала зусім.

— Я ўсё бачыў праз гэтыя шкляныя дзверы, — сказаў ён. — Што з табой, родная Таня? Якое ў цябе гора?

Ён падняў яе над зямлёй і патрымаў так, быццам уласнымі рукамі хацелася яму ўзважыць, наколькі цяжкое яно, гора дачкі. Яна паціхеньку аглядвала яго. Ён здаваўся ёй яшчэ вельмі далёкім і вялікім, як тыя дрэвы ў лесе, якія яна не магла адразу ахапіць вачыма. Яна магла толькі дакрануцца да іх кары.

І Таня лёгенька прытулілася да бацькавага пляча.

— Скажы мне, што з табой, Таня, можа, я дапамагу. Раскажы, што цябе радуе, аб чым ты смуткуеш і пра што ты думаеш цяпер.

Але яна яму нічога не сказала, таму што думала так:

«Ёсць у мяне маці, і дом у мяне ёсць, і абед, і нават сабака і кошка, а вось бацькі няма».

Хіба магла яна сказаць яму гэта, седзячы ў яго на каленях. Хіба, сказаўшы яму гэта, не прымусіла б яна яго змяніцца ў твары, можа, нават пабляднець, як не бляднеў ён перад самым страшным штурмам — смелы чалавек?

Але ў той жа самы час хіба магла яна ведаць, што цяпер — і калі спіць, і калі не спіць — ён не пераставаў думаць пра яе, з пяшчотай вымаўляў яе імя, якое раней так рэдка ўспамінаў. Што нават у гэтую хвіліну, трымаючы яе на каленях, ён думаў:

«Сплыло маё шчасце, не гушкаў я яе на руках».

Што магла яна ведаць?

Яна толькі прытулілася да яго, прыпала да грудзей.

Хаця была і не вясна, а ганак вільготны ад халодных дажджоў і целу холадна пад лёгкай вопраткай, але і ў познюю восень, у гэты час, Тані было цёпла. Яна сядзела з бацькам доўга, пакуль над дарогай у крэпасць, над пабеленым вапнай каменнем, над хатай са шклянымі дзвярыма запаліліся яе родныя сузор'і.

X

І дрэва можна лічыць істотай даволі разумнай, калі яно ўсміхаецца табе вясной, апранутае лісцем, калі яно гаворыць табе: «Добры дзень», калі ты раніцай прыходзіш у свой клас і сядаеш на сваё месца ля акна. І ты таксама міжволі гаворыш яму: «Добры дзень», хаця яно стаіць за акном на заднім двары, дзе складваюць дровы для школы. Але праз шкло добра яго відаць.

Яно цяпер без лісця. Але і без лісця яно было прыгожае. Жывыя галіны яго імкнуліся ў неба, а кара была цёмная.

Быў гэта вяз ці ясень, альбо якое іншае дрэва, Таня не ведала, але снег, што падаў зараз, першы снег, які нібы п'яны валіўся на дрэва, чапляючыся за кару і сукі, не мог утрымацца на ім. Ён раставаў, ледзь дакрануўшыся да ягоных галін.

«Значыць, і па ім імкнецца цяпло, такое ж, як і па мне», — думала Таня і ціхенька ківала яму.

А Коля адказваў урок. Ён стаяў ля дошкі перад Аляксандрай Іванаўнай і расказваў пра старую Ізергіль.

Яго твар быў кемлівы. З-пад крутога лба глядзелі вясёлыя і ясныя вочы. І словы, што зляталі з яго вуснаў, былі заўсёды жывыя.

Настаўніца з задавальненнем думала пра тое, што гэты новы хлопчык пасябруе з класам.

— А я бачыў Горкага, — сказаў ён нечакана і моцна пачырванеў, бо ніводнай кроплі пахвальбы не выносіла яго душа…

Дзеці зразумелі яго няёмкасць.

— Раскажы! — закрычалі яны.

— Вось як! — сказала і Аляксандра Іванаўна. — Вельмі цікава! Дзе ж ты бачыў яго? Можа, ты гаварыў з ім?

— Не, я бачыў яго толькі з-за дрэў у садзе. Гэта было ў Крыме. Але я дрэнна памятаю. Мне было дзесяць гадоў, калі мы з татам прыехалі туды.

— Што ж рабіў Аляксей Максімавіч у садзе?

— Ён распальваў каля дарожкі вогнішча.

— Раскажы нам пра тое, што ты помніш.

Ён памятаў нямнога.

Ён расказаў пра гарысты край на поўдні, дзе каля шэрых дарог, нагрэтых сонцам, за загарадзямі, складзенымі з каменю, цямнее шурпатае лісце вінаграду, а раніцай крычаць аслы.

І дзеці слухалі яго вельмі ўважліва.

Толькі Таня адна, здавалася, нічога не чула. Яна ўсё глядзела ў акно, дзе першы снег падаў на голае дрэва. Яно пачынала ўжо дрыжаць.

«Вінаград, вінаград, — думала Таня. — А я, апроч елак і піхтаў, нічога не бачыла».

Яна задумалася, стараючыся ўявіць сабе не вінаград, а хоць яблыню ў квецені, хоць хлеб, які расце на полі. І ўяўленне малявала ёй нябачаныя кветкі і каласы.

Настаўніца, абапершыся на падаконнік, ужо даўно назірала за ёю. Гэтая дзяўчынка, якую яна любіла болей за другіх, пачынала яе непакоіць.

«Ці не думае яна пра танцулькі? Яшчэ цудоўная памяць яе не аслабла, але позірк безуважны, і мінулы раз па гісторыі яна атрымала толькі „добра“».

— Таня Сабанеева, ты не слухаеш на ўроках.

Таня з цяжкасцю перавяла з акна свой позірк, які блукаў у яе далёкім мроі, і ўстала. Яна была яшчэ не тут, у класе. Яна нібыта не вярнулася са сваёй нябачнай далячыні.

— Што ж ты маўчыш?

— Ён расказвае нецікава.

— Няпраўда. Ён расказвае добра. Мы ўсе слухаем яго з прыемнасцю. Хіба ты была калі-небудзь у Крыме і бачыла Аляксея Максімавіча? Падумай толькі — жывога Горкага!

— Мой бацька мяне туды не вазіў! — сказала Таня дрыготкім голасам.

— Тым больш, табе варта яго паслухаць.

— Я не буду яго слухаць.

— Чаму?

— Таму, што гэта не датычыцца ўрока расейскай мовы.

Бог ведае, што яна гаварыла.

Настаўніца павольна адышлася ад акна. Яе лёгкія, звычайна ціхія крокі загучалі гулка па класе. Яна ішла да Тані, і позірк яе сурова гарэў, накіраваны нерухома наперад.

Таня пакорліва чакала.

— Перадасі пасля заняткаў бацьку, каб ён зайшоў да мяне заўтра, — сказала Аляксандра Іванаўна.

Яна строга зірнула на Таню, на яе палаючы лоб і вусны, і здзівілася, як пабялелі раптам гэтыя вусны, якія толькі што вымавілі такія дзёрзкія словы.

— Я перадам маці, яна прыйдзе, — ціха сказала Таня.

Настаўніца марудзіла. Яна ўсё думала: «Што з ёю робіцца? — і не знаходзіла поўнага адказу ў Таніных словах. — Можа, гэты хлопчык хвалюе яе?»

Яна вырашыла схадзіць да яе дадому. Рука яе паднялася і кранулася пальцаў Тані.

— Ты не ашукаеш мяне сваёй дзёрзкасцю. Няхай ніхто не прыходзіць. Я дарую табе ў гэты раз. Але ведай: ты паводзіла сябе зараз не як піянерка. Ты думаеш не тое, што гаворыш. А раней ты заўжды была справядлівая. І што з табой — мне незразумела.

Яна, усё яшчэ засмучаная, пайшла да сваёй кафедры. Усе сядзелі нерухома і маўчалі. Толькі дзяўчынка Жэня павярнулася назад так хутка, што ледзь не звіхнула сваю тоўстую шыю.

— Таня проста закахалася ў яго, — сказала яна шэптам Фільку.

Ён піхнуў яе нагой.

Ну што рабіць, калі гэтая балбатуха была такая дурная, што ў яе галаве з кучаравымі валасамі не было аніякай фантазіі!

А Таня ўсё стаяла, трымаючыся рукамі за парту. Пальцы яе знясілена дрыжалі. Яна магла б упасці, калі б воля яе маўчала, як маўчаў яе скаваны язык.

— Чаго ж ты стаіш? — сказала Аляксандра Іванаўна.

— Дазвольце мне сесці за іншую парту.

— Навошта? Хіба з Жэняй табе нязручна сядзець?

— Не, зручна, — сказала Таня, — але гэтае дрэва за акном адцягвае маю ўвагу.

— Садзіся. Якая ты аднак дзіўная!

І Таня села за апошнюю парту, дзе нікога не было, апроч яе.

— Сядай і ты, Коля, — сказала настаўніца.

Яна зусім забылася на яго, занятая думкамі пра Таню. Але і цяпер, калі яна ўспомніла, ён не крануўся з месца.

Ён стаяў, крыху падаўшыся наперад, нібыта перад ім была не гладкая падлога, а крутая сцежка на гару; твар яго быў чырвоны, а позірк прыжмураны.

— Добра, Коля, — сказала настаўніца, — сядай. Я стаўлю табе «выдатна».

— Дазвольце мне сесці на месца Сабанеевай Тані?

— Ды што гэта з вамі?

Але дазволіла.

Ён сеў на лаўку побач з дзяўчынкай Жэняй з-за адной толькі ўпартасці.

Таня засталася адна. Яна глядзела ў акно, сапраўды спадзеючыся не бачыць дрэва.

Але і адсюль яно было відно. Першы снег накрыў яго галіны. Ён больш не раставаў. Першы снег кружыўся над яго галавой, што знікала ў туманным небе.

XI

«Калі чалавек застаецца адзін, ён рызыкуе трапіць на дрэнную дарогу», — падумаў Філька, застаўшыся ў адзіноце на пустыннай вуліцы, па якой звычайна вяртаўся разам з Таняй са школы.

Цэлую гадзіну чакаў ён яе, стоячы на рагу каля латка кітайца. Ці ліпучкі з салодкага цеста, што кучай ляжалі на латку, ці сам кітаец у драўляных чаравіках заняў увагу Фількі, але толькі цяпер ён быў адзін, і Таня пайшла адна, і гэта было аднолькава дрэнна для абаіх.

У тайзе Філька б ведаў, што рабіць. А тут, у горадзе, яго могуць прыняць за паляўнічага сабаку і пасмяюцца з яго.

І, падумаўшы пра гэта, Філька прыйшоў да горкага вываду, што ён ведаў шмат чаго, што ў горадзе было яму не патрэбна.

Ён ведаў, напрыклад, як каля ручая ў лесе высачыць собаля па парошы, ведаў, што калі да раніцы хлеб змерзне ў клеці, то можна ехаць у госці на сабаках — лёд вытрымае нарту, і што калі вецер дзьме з Чорнай касы, а месяц стаіць круглы, то будзе буран.

Але тут, у горадзе, ніхто не глядзеў на месяц; ці моцны лёд на рацэ, даведваліся проста з газеты, а перад буранам вывешвалі сцяг на каланчы альбо стралялі з гарматы.

Што датычыць самога Фількі, то яго прымушалі тут не высочваць звера па снезе, а рашаць задачы і знаходзіць у кнізе дзейнік і выказнік, чыіх слядоў не знайшоў бы самы лепшы паляўнічы ў стойбішчы.

Але няхай Фільку лічаць сабакам, каму гэтага хочацца, і няхай смяюцца з яго, але ў гэты раз ён зробіць па-свойму.

І Філька сеў на кукішкі пасярод вуліцы і праверыў усе сляды, якія былі на снезе.

Добра, што гэта быў першы снег, і выпаў ён нядаўна, і што па гэтай вуліцы амаль ніхто не хадзіў.

Філька падняўся і пайшоў, не адрываючы вачэй ад зямлі. Ён пазнаў іх усіх, хто тут быў, нібыта прайшлі яны ў яго перад вачыма. Вось адзінокія Таніны сляды ля самага плота — яна ішла адна паперадзе, ступаючы асцярожна, каб не вельмі таптаць нагамі гэты слабы снег. Вось сляды Жэні ў галёшах і Колі — яго крок нешырокі, але ўпартасць надае яму адзнаку цвёрдасці.

Але як дзіўна яны сябе паводзілі! Паварочвалі, падпільноўвалі Таню і зноў даганялі яе. Было падобна на тое, што яны смяяліся з яе. А яна ўсё ішла, ішла наперад, і неспакойна было ў яе на сэрцы. Хіба такія сляды пакідае яна на Фількавым двары ці на пяску ля ракі, куды ўдваіх яны ходзяць на акунёў?

Але ж куды яна знікла?

Таніны сляды канчаліся раптоўна на месцы, дзе не было ні ганка, ні брамкі ў плоце. Яна, як ластаўка, паднялася проста ў паветра. А можа, гэта само паветра, цёмнае ад першага снегу, падхапіла яе ўгору, як ліст, і круціць цяпер у воблаках і калыша? Не магла ж яна, на самай справе, пераскочыць праз такі высокі плот!

Філька пастаяў секунду, потым рушыў далей па слядах Жэні і Колі — яны ішлі спачатку побач, а на рагу разыходзіліся ў розныя бакі, не вельмі задаволеныя адно адным.

«Яны пасварыліся», — падумаў Філька і павярнуў назад, смеючыся.

Ля плота ён зноў пастаяў у роздуме над слядамі Тані і падняў руку ўгору.

«Так, на краі плота ёсць выступ, за які можна зачапіцца рукой. І ў Тані дужыя ногі, — сказаў сабе Філька. — Але ў мяне павінны быць удвая дужэй. Інакш няхай мяне фізкультурнік наш закапае ў зямлю жывым».

І Філька, перакінуўшы сумку з кнігамі, падскочыў так высока, што старая, праходзячы міма, назвала яго «нячысцікам».

Але Філька ўжо не чуў таго. Ён быў за плотам і ішоў па чужым гародзе далей, побач са слядамі Тані.

У канцы гарода ён пераскочыў яшчэ праз адзін плот, ужо не такі высокі, і выйшаў да гаю, які быў блізка ля дома. Тут абагнуў ён кусты невысокай каліны, што губляла ягады ў снег, і глянуў на гай. Увесь белы ад шаўковых каменных бярозак і маладога снегу, ён здаўся яму выдумкай, якая ніколі і не снілася яму, выгадаванаму ў лесе. Кожная галіна бачылася рэзка, нібы акрэсленая крэйдай, ствалы нібы дыміліся, светлыя іскры прабягалі па іх кары. І ў гэтым сярэбраным гаі, сярод нерухомых дрэў нерухома стаяла Таня і плакала. Яна не чула ні ягоных крокаў, ні шуму рассунутых галін.

Філька адышоўся за кусты і пасядзеў нядоўга на снезе. Потым ціхенька адпоўз і нячутна пакрочыў назад.

«Калі чалавек застаецца адзін, — зноў падумаў Філька, — то ён, вядома, можа трапіць на дрэнны шлях: ён можа бегаць па слядах, як сабака, і скакаць праз плот, і, як ліса, назіраць з-за кустоў за іншымі. Але калі чалавек плача ў адзіноце, то лепш яго не чапаць: няхай плача».

І Філька, абышоўшы гай, павярнуў у завулак і падышоў да варот Тані. Ён адчыніў брамку і зайшоў у яе дом смела, як ніколі не заходзіў.

Старая спытала, што яму трэба.

Ён адказаў, што прыйшоў пабачыць маці Тані і сказаць ёй, што ў школе сёння гурток і Таня запозніцца. Старая паказала яму на пакой, дзе сядзела маці. Ён прыадчыніў дзверы і зноў хутка зачыніў іх. У пакоі на чырвонай канапцы побач з маці сядзела Аляксандра Іванаўна.

Абняўшы маці Тані, яна гаварыла ёй нешта, і абедзве трымалі ў руках маленькія белыя хусткі, якія яны зрэдку падносілі да вачэй.

Няўжо і яны гаравалі аб нечым?

Філька падаўся назад, не рыпнуўшы ніводнай палавіцай. Ён выйшаў на ганак і хутка пакрочыў да варот. Так, ён ведаў многія рэчы, якія ў горадзе яму не былі патрэбны. Ён ведаў галасы звяроў, ведаў карэнне траў, ведаў глыбіню вады, ведаў нават, што не варта хату ў лесе канапаціць лямцам, таму што птушкі цягаюць яго на гнёзды. Але калі людзі не смяюцца, а плачуць удваіх, ён не ведаў, што ў такім выпадку рабіць. Няхай сабе ўсе яны плачуць, а яму лепей займацца сваімі сабакамі, таму што настала зіма, і хутка лёд падымецца над вадой і ад месяца стане зялёным, як медзь.

XII

Снег падаў амаль да самых вакацый; пераставаў і падаў зноў і засыпаў увесь гарадок. У дамах стала цяжка адчыняць аканіцы. На тратуарах капалі траншэі. Дарога ўзнялася высока. А снег усё падаў, авалодваючы і ракой, і гарамі, і толькі ў адным месцы на школьным двары, дзе пастаянна тапталі яго дзіцячыя ногі, ён нічога не мог зрабіць. Тут, утаптаны да зямлі, ён стаў тугім і гладкім, і можна было з яго ляпіць усё, што захочаш.

Вось ужо некалькі дзён запар на кожным вялікім перапынку Таня лепіць са снегу фігуру вартавога.

Сёння яна скончыла яе. Хлопчыкі, што дапамагалі ёй, аднеслі да плота лесвіцу, адставілі вядро з вадой. І Таня адышлася ўбок, каб паглядзець на сваю працу.

Гэта быў вартавы ў шлеме, з плячыма шырокімі, як у бацькі, і з яго паставай. Нібы на краі свету стаяў ён, абапіраючыся на ружжо і глядзячы ўдалячынь, а перад ім рассцілалася цёмнае мора. Вядома, ніякага мора не было. Але такое моцнае было ўражанне, што дзеці ў першую хвіліну маўчалі. Потым хлопчыкі, старэйшыя за Таню, непрыкметна абкружылі яе і з воклічамі паднялі ўгору.

Дзяўчынкі, якіх ніхто не чапаў, завішчалі. А Таня нават не ўскрыкнула. Яна толькі сумелася, што на самай справе вартавы атрымаўся цудоўна. А яна і не ведала, як гэта зрабіць. Яна толькі схапіла сваю думку і моцна трымала яе, не выпускаючы са сваіх пальцаў да тае пары, пакуль не зрабіла штык да вінтоўкі, пакрыўшы яго бліскучым ільдом. І цяпер пальцы яе балелі ад вады і снегу, і яна грэла іх, засунуўшы ў рот.

Коля стаяў убаку, не падыходзячы да Тані.

Аляксандра Іванаўна, зацікаўленая крыкамі дзяцей, таксама выйшла на двор і пастаяла без футра ля снежнага вартавога. Яна была здзіўлена яго прыгажосцю.

Тонкія варсінкі на чорнай сукенцы настаўніцы пакрыліся шэранню, гранатавая зорачка затуманілася на яе грудзях, а яна ўсё стаяла, думаючы пра сваё маленства.

І яны таксама калісьці ляпілі фігуры з снегу. Адну яна запамятала добра. Гэта быў снегавік у кутку на двары. Уначы, калі двор і цагляны мур заліваў месяц, на яго было страшна глядзець, на круглую распухлую галаву з чорным вугалем замест рота. І аднойчы, зірнуўшы на снегавіка вечарам з акна, яна спалохалася і заплакала. Ніхто не ведаў, чаго яна плача. А яна не магла заснуць. Усю ноч у месячным святле мроіўся ёй гэты снегавік, падобны на прывід невядомых падземных істот.

І цяпер, праз дваццаць гадоў, настаўніца азірнулася: ці няма і тут гэтага страшэннага снегавіка. Не, яна не ўбачыла яго. Тут былі і іншыя фігуры, зробленыя не так па-майстэрску, як вартавы, але ўсё гэта былі воіны, героі, быў нават волат на кані — фантазія наіўная і ўзнёслая насяліла ўсе куткі двара.

— Гэта ты зляпіла вартавога? — спытала яна ў Тані.

Таня кіўнула галавой і выняла пальцы з рота.

— Вам холадна, Аляксандра Іванаўна, — сказала яна, — ваша зорачка зусім пацямнела. Можна мне яе пакратаць?

І Таня, працягнуўшы руку, пацерла зорачку пальцам, і зорачка зноў заблішчала на гранях.

— Хочаш, я табе падару яе за тое, што ты так добра вылепіла вартавога? — спытала настаўніца.

Таня спалохана спыніла яе:

— Не трэба! Не рабіце гэтага, Аляксандра Іванаўна. Мы помнім вас усе з гэтай зорачкай. Не трэба адбіраць яе ў другіх.

Таня пабегла да варот, дзе стаяў Філька і клікаў яе да сябе рукой.

А настаўніца, не спяшаючыся, пайшла да ганка і, пакуль ішла, увесь час думала пра Таню. Як часта яна заўважае ў апошні час дзяўчынку сумнай і безуважнай, і ўсё-такі кожны яе рух поўны хараства. Можа, сапраўды, каханне кранула сваім ціхім дыханнем яе твар?

«Гэта зусім не страшна, — думала з усмешкай настаўніца. — Але што гэта яна жуе так старанна? Няўжо зноў яны здабылі ў кітайца гэту агідную серу? Так яно і ёсць! Любоў, о мілая любоў, якую яшчэ можна ўлагодзіць серай!»

Настаўніца засмяялася ціхенька і пайшла прэч ад дзяцей.

Сапраўды, Філька здабыў у кітайца цэлы кавалак піхтавай смалы і цяпер ахвотна раздаваў яе ўсім. Ён даў тым, хто стаяў ад яго направа, і тым, хто стаяў налева, і толькі Жэні не даў нічога.

— Чаму ж ты мне не даеш серы? — крыкнула яму Жэня.

— Філька, не давай дзяўчатам серы, — сказалі хлопчыкі са смехам, хаця яны ведалі добра, якая шчодрая ў яго рука.

— Чаму ж не даць? — адказаў ім Філька. — Я дам ёй самы вялікі кавалак. Хай падыдзе да мяне.

Жэня падышла.

Філька дастаў з кішэні маленькі папяровы пакунак і асцярожна паклаў ёй у руку.

— Ты багата мне даеш, — са здзіўленнем сказала Жэня.

Яна разгарнула паперку.

Маленькае, нядаўна народжанае мышаня дрыжучы сядзела ў яе на руцэ. Жэня з крыкам кінула яго на зямлю, а дзяўчынкі, што стаялі паблізу, разбегліся.

Мышаня сядзела на снезе і дрыжала.

— Што вы робіце? — сярдзіта сказала Таня. — Яно ж змерзне!

Яна нахілілася і, падняўшы мышаня, падзьмухала на яго, абагрэла сваім цёплым дыханнем і сунула яго да сябе пад футру за пазуху.

Да натоўпу падышоў чалавек, якога ніхто ў гэтым горадзе раней не бачыў. Ён быў у сібірскай шапцы з лісінага футра і ў дарожным кажушку. Ногі ж ягоныя былі абуты дрэнна. І гэта заўважылі ўсе.

— Нехта прыехаў сюды, — сказаў Філька, — не тутэйшы.

— Не тутэйшы, — пацвердзілі астатнія.

Усе глядзелі на яго, пакуль ён падыходзіў. А маленькая дзяўчынка са спрытнымі нагамі нават схапіла яго за кажух.

— Дзядзька, вы інспектар? — спытала яна.

Ён падышоў да натоўпу, дзе стаяла Таня, і сказаў:

— Скажыце, дзеці, як трапіць да дырэктара?

Усе падаліся назад. Гэта мог быць на самай справе інспектар.

— Чаму ж вы маўчыце? — спытаўся ён і звярнуўся да Тані: — Праводзь мяне ты, дзяўчынка.

Таня азірнулася, мяркуючы, што ён гаворыць каму-небудзь іншаму.

— Не, ты, дзяўчынка, ты, з шэрымі вачыма, у якой мышаня.

Таня паглядзела на яго, шырока раскрыўшы вочы і гучна жуючы сваю серу. З-за пляча яе пазірала мышаня, што прыгрэлася пад каўняром яе футра.

Чалавек усміхнуўся яму.

І тады Таня выплюнула серу і пайшла да ганка.

— Хто гэта? — запытаўся Коля.

— Гэта, відаць, інспектар з Уладзівастока, — адказалі яму.

А Філька раптам выгукнуў спалохана:

— Гэта герой, даю слова! Я бачыў на ягоных грудзях ордэн.

XIII

А між іншым гэта быў пісьменнік. Хто яго ведае, чаму ён прыехаў у гэты горад зімой без валёнак, у адных толькі ботах. Дый боты яго былі не з каровінай скуры, прашытай, як у старацеляў, жылкамі, а са звычайнага шэрага брызенту, які ўжо ніяк не мог сагрэць ногі. Праўда, на ім было і доўгае цёплае футра, і шапка з рыжай лісы. У гэтым футры і шапцы яго бачылі і ў клубе ў пагранічнікаў. Казалі, нібыта ён нарадзіўся ў гэтым горадзе і нават вучыўся ў гэтай самай школе, куды сёння прыйшоў.

Можа, захацелася яму ўспомніць сваё дзяцінства, калі рос ён тут хлапчуком, і няхай халодны, а ўсё ж родны вецер дзьмуў у ягоны твар, і знаёмы снег клаўся яму на вейкі. Ці, можа быць, захацелася яму паглядзець, як новыя парасткі шумяць цяпер на беразе яго ракі. А можа, засумаваў ён са сваёй славай у Маскве і рашыў адпачыць, як тыя вялікія зоркія птушкі, што цэлы дзень лунаюць высока над ліманам і потым апускаюцца на нізкія яліны, каб адпачыць тут у цішыні.

Але Таня думала не так.

Хай сабе гэта не Горкі, думала яна, няхай гэта іншы, але затое ён прыехаў сюды, да яе дадому, у яе далёкі край, каб і яна магла паглядзець на яго сваімі вачыма, а можа, нават і дакрануцца да ягонага футра рукой.

У яго былі сівыя валасы на скронях, хаця ён быў не стары, і тонкі голас, які ўразіў яе.

Яна толькі баялася, каб ён не спытаў яе, ці любіць яна Лушкіна і ці падабаюцца ёй яго ўласныя кнігі.

Але ён ні пра што не запытаўся. Ён толькі сказаў:

— Дзякуй табе, дзяўчынка. Што ты будзеш рабіць з мышаняткам?

І хаця многія чулі, што пісьменнік нічога асаблівага не сказаў, але клопатаў праз яго было ўсім нямала.

Як добра бывала раней, калі раз у дзесяць дзён Аляксандра Іванаўна па вечарах, пасля заняткаў, займалася з літаратурным гуртком.

Яны сядалі за доўгі стол у піянерскім пакоі, а Аляксандра Іванаўна сядала ў крэсла. Яна рабілася нібыта зусім іншай, чым у класе, нібы з далёкага падарожжа прыплывала да іх на нябачным караблі. Яна клала падбародак на свае пераплеценыя пальцы і пачынала раптам чытаць:

Когда волнуется желтеющая нива И свежий лес шумит при звуке ветерка…

Затым падумае крыху і скажа:

— Не, не гэта хацела я вам сёння прачытаць. Лепш паслухайце вось што:

И он к устам моим приник И вырвал грешный мой язык. И празднословный, и лукавый, И…

Ах, дзеці, я так хачу, каб вы зразумелі, якім цудоўным бывае паэтава слова, якім чароўным сэнсам напоўнена яно!

А Філька нічога не разумеў і гатовы быў без жалю вырваць свой язык, які толькі і рабіў, што калаціўся без толку аб зубы, дапамагаючы яму жаваць усё, што ні трапляла ў рот, а ніводнага такога верша скласці не мог. Але затое ён выдатна гаварыў, як кітаец, што стаяў на рагу з ліпучкамі.

«І мала-мала ёсць, — гаварыў ён, — і худа ёсць, і шыбка харошо».

Усе смяяліся з яго.

Потым Жэня чытала вершы пра пагранічнікаў, а Таня — апавяданні. Коля ж заўсёды ўсё крытыкаваў раўнадушна, жорстка і сам нічога не пісаў — ён баяўся напісаць дрэнна.

Але зусім нядаўна, некалькі дзён назад, Таня прачытала ім сваё апавяданне пра маленькае мышаня, якое пасялілася ў рукаве старога футра. Яно жыло там доўга. Але аднойчы футра вынеслі з кладоўкі на мароз, і ўпершыню мышаня пабачыла снег. «І як толькі людзям не сорамна таптаць яго, — падумала мышаня, — гэта ж цукар!» — і выскачыла з рукава. Беднае мышаня! Як яно цяпер будзе жыць?

У гэты раз Коля не сказаў нічога благога. Яго маўчанне Таня прыняла за пахвалу і цэлы дзень і ўсю ноч, нават у сне, адчувала шчасце. А раніцай парвала апавяданне і выкінула.

«Няўжо, — думала яна, — нават не пахвала, а маўчанне гэтага дзёрзкага хлопчыка можа зрабіць мяне шчаслівай?»

Але сёння на занятках было зусім інакш.

Дзіўныя турботы апанавалі іх. Дзе дастаць кветак, каб падарыць іх увечары пісьменніку? Дзе ўзяць іх зімой, пад снегам, калі нават звычайны хвошч на балоце, калі нават апошняя траўка ў лесе не засталася жывой?

Усе думалі пра гэта. Таня думала, але нічога не магла прыдумаць — у яе болей не было кветак.

Тады таўсташчокая Жэня сказала (яна заўжды гаварыла карысныя рэчы):

— У нас дома, у гаршках, расцвілі царскія кучары.

— І ў нас, — разам сказалі дзяўчынкі, — зацвілі кітайскія ружы і фуксіі.

— У нас… — сказаў Філька і ў той жа момант змоўк, таму што яго гаспадыня не трымала кветак у хаце. Яна трымала свінню, якую яго сабакі, чаго б гэта ні каштавала, хацелі разарваць на кавалкі.

Такім чынам, назбіралі шмат кветак. Але хто ж аддасць іх яму? Хто пры ўсіх, у вялікай школьнай зале, дзе будуць ярка гарэць сорак лямпаў, падымецца на драўляную сцэну, і пацісне пісьменніку руку, і скажа: «Ад імя ўсіх піянераў…»

— Няхай гэта зробіць Таня! — выгукнуў Філька мацней за іншых.

— Хай Жэня, — сказалі дзяўчынкі. — Гэта ж яна прыдумала, як сабраць кветкі.

І хаця яны мелі рацыю, але ўсё ж хлопчыкі спрачаліся з імі. Толькі Коля маўчаў.

І ўсё ж калі абралі Таню, а не Жэню, ён прыкрыў вочы рукой. І ніхто не зразумеў, што ён гэтым хацеў сказаць.

— Значыць, — сказала Аляксандра Іванаўна, — ты ўзыдзеш на трыбуну, Таня, падыдзеш да госця, паціснеш яму руку і потым падасі кветкі. Ты скажаш яму тое, што мы тут вырашылі. Памяць у цябе добрая, больш я цябе вучыць не буду. Да пачатку засталося нямнога. Вазьмі кветкі.

І Таня выйшла, трымаючы кветкі ў руках.

«Вось яна справядлівасць! Вось сапраўдная ўзнагарода за мае ўсе крыўды! — думала Таня, прыціскаючы да сябе кветкі. — Не хто іншы, а я пацісну вядомаму пісьменніку руку, і аддам кветкі, і буду глядзець на яго, колькі захачу. І калі-небудзь потым, як пройдзе многа-многа часу — гадоў так праз пяць, — і я змагу сказаць сябрам, што пабачыла штосьці на свеце».

Яна ўсміхалася ўсім, хто падыходзіў да яе блізка. Яна ўсміхалася і Жэні, не заўважаючы яе злосных позіркаў.

— Дзіўна, чаму ўсё-такі выбралі Таню Сабанееву, — сказала Жэня сябрам. — Я не гавару пра сябе — я не ганарлівая і мне гэта зусім не трэба, — але лепш было б выбраць Колю. Ён разумнейшы за яе. А зрэшты, хлопчыкаў лёгка зразумець. Яны выбралі яе таму, што ў яе прыгожыя вочы. Нават пісьменнік штосьці сказаў пра іх.

— Ён назваў іх толькі шэрымі, — сказаў Коля, смеючыся. — Але ты, Жэня, сказала праўду. Яны прыгожыя. І ты, відаць, хацела б, каб у цябе былі такія вочы?

— Чаго-чаго, а гэтага не! — сказала Жэня.

Таня болей не слухала. І кветкі, што трымала яна ў руках, здаліся ёй цяжкімі, як каменнымі. Яна кінулася бегчы міма класаў, міма вялікай залы, дзе, рассаджваючыся, грымелі крэсламі.

Яна збегла па лесвіцы і ў пустой цьмянай раздзявальні спынілася, задыхаючыся. Яна яшчэ не ведала ўсяго красамоўства зайздрасці, яна была такая слабая.

«Ці магчыма, каб яна так гаварыла пра мяне? Гэта ж было б недастойна мяне, піянеркі. Няхай шчасце не ўсміхаецца мне. Ці не лепш зусім адмовіцца, чым слухаць такія словы?»

Ногі не трымалі яе.

«Не, гэта ўсё няпраўда! — сказала яна сабе. — Усё гэта глупства».

А ўсё-такі ёй захацелася пабачыць свае вочы. У раздзявальні, дзе, нібыта на лясной прагаліне, заўсёды панавала змрочнае святло, было ціха ў гэтую гадзіну. Вялікае старое люстра, нахіленае злёгку наперад, стаяла ля белай сцяны. Яго чорная лакіраваная падстаўка заўсёды ўздрыгвала ад крокаў школьнікаў, калі яны прабягалі міма. І тады люстра таксама рухалася. Нібы светлае воблака, праплывала яно наперад, адлюстроўваючы мноства дзіцячых твараў.

Але зараз яно стаяла нерухома. На падстаўцы стаялі чарніліцы, толькі што вымытыя вартаўніком. І чарніла стаяла тут жа на высокай падстаўцы ў простай бутэльцы, і ў высокай чвэрці з этыкеткай, і яшчэ ў вялізнай шкляной пасудзіне. Як многа чарніла! Няўжо яго трэба аж столькі, каб ёй, Тані, зачэрпнуць кроплю на кончык свайго пяра?

Асцярожна абышоўшы бутэльку, што стаяла на падлозе, Таня падышла да люстра. Яна азірнулася — вартаўніка не было бачна — і, паклаўшы на падлюстэрнік локці, наблізіла свой твар да шкла. З глыбіні яго, больш светлай, чым навакольны змрок, глядзелі на Таню шэрыя, як у маці, вочы. Яны былі адкрытыя, роўны бляск пакрываў іх паверхню, а ўглыбіні хадзілі лёгкія цені, і здавалася, што ў іх не было дна.

Так стаяла яна некалькі секунд, здзіўленая, як лясны звярок, што ўпершыню пабачыў сваё адлюстраванне. Потым цяжка ўздыхнула:

— Не, якія ж гэта вочы!

З пачуццём жалю Таня адсунулася назад і распрамілася.

І адразу ж, нібы паўтараючы яе рух, хіснулася на падстаўцы люстра, вяртаючы Тані яе вочы. А бутэлька з чарнілам раптам нахілілася наперад і пакацілася, зазвінеўшы аб пустыя чарніліцы.

Таня хутка працягнула руку. Але, як жывая істота, бутэлька вывернулася і пакацілася далей. Таня хацела злавіць яе на ляту, нават дакранулася пальцамі. Але бутэлька коўзалася, выкручвалася, як спрут, выкідваючы чорную вадкасць. Яна звалілася на падлогу нават не вельмі звонка, хутчэй з гукам гліны, што абрываецца з берага ў ваду.

З Таняй здарылася тое, што хоць раз у жыцці здараецца з кожнай дзяўчынкай, — яна разлівае чарніла.

— Вось гора! — усклікнула Таня.

Яна адскочыла, падняўшы левую руку, у якой увесь час трымала кветкі. Усё ж некалькі чорных кропель блішчала на кволых пялёстках кітайскіх руж. Але другая рука! Таня з адчаем круціла ёю перад вачыма, паварочваючы далоняй то ўверх, то ўніз. Да самага згібу кісці яна была чорная і страшная.

— Цікава!

Так блізка ад яе быў гэты вокліч, што ёй падалося, нібы яна сама сказала гэтае слова. Яна хутка ўскінула галаву. Перад ёй стаяў Коля і таксама пазіраў на яе руку.

— Цікава, — паўтарыў ён, — як ты цяпер паціснеш пісьменніку руку. Дарэчы, ён ужо тут і сядзіць зараз у настаўніцкай. Усе сабраліся. Аляксандра Іванаўна паслала мяне па цябе.

Секунду Таня стаяла нерухома, і ў вачах яе, якія толькі што глядзелі ў люстру з цікавасцю, цяпер была пакута.

Проста дзіва, як ёй не шанцуе!

Яна падала яму кветкі. Яна хацела сказаць: «Вазьмі ў мяне і гэта. Няхай іх паднясе Жэня. У яе ж таксама добрая памяць».

І ён забраў бы гэтыя кветкі і, напэўна, разам з Жэняй пасмяяўся б з яе.

Таня жвава адвярнулася ад Колі і памчалася далей паміж радоў дзіцячых футраў, што суправаджалі яе, нібы строй нерухомых сведак. Ва ўмывальніку яна знайшла ваду. Яна выліла яе ўсю да апошняй кроплі.

Яна церла руку пяском, але рука заставалася чорнай.

«Усё роўна ён скажа! Ён раскажа Аляксандры Іванаўне. Ён скажа Жэні і ўсім».

Значыць, яна не выйдзе сёння на сцэну, не падорыць кветак і не пацісне пісьменніку руку.

Проста дзіва, як не шанцуе ёй з кветкамі, якія яна так любіць! То аддае іх хвораму хлопчыку, а той аказваецца Колем, і зусім іх не трэба было яму аддаваць, хаця гэта былі звычайныя саранкі.

І зараз — гэтыя пяшчотныя кветкі, якія растуць толькі ў доме! Патрапілі б яны да другой дзяўчынкі — колькі цудоўных і прыгожых гісторый магло б з імі здарыцца! А яна павінна адмовіцца ад іх.

Таня страсянула з рукі кроплі вады і, не выціраючы яе, пабрыла з раздзявальні, не спяшаючыся нікуды. Цяпер ужо ўсё роўна!

Яна ўзышла па прыступках, абітых меднай палоскай па краі, і пайшла па калідоры, заглядваючы ў вокны, каб убачыць на двары сваё дрэва, якое парой суцяшала яе. Але і яго не было. Яно расло не тут, яно расло пад іншымі вокнамі, з другога боку. А насустрач, перасякаючы ёй дарогу, ішоў па калідоры пісьменнік. Яна ўбачыла яго, адарваўшыся на секунду ад акна.

Ён ішоў, таропка перастаўляючы ногі ў сваіх брызентавых ботах, без футра, у доўгай каўказскай кашулі з высокім каўняром, перацягнутай у таліі вузкай папружкай. І блішчалі яго сярэбраныя валасы на патыліцы, блішчаў сярэбраны пасак, і гузікаў на яго доўгай кашулі Тані было не палічыць.

Вось ён заверне за вугал калідора да настаўніцкай і знікне назаўсёды.

— Таварыш пісьменнік! — крыкнула яна з адчаем.

Ён спыніўся. Ён павярнуўся кругом, як на спружыне, і пайшоў ёй насустрач, размахваючы рукамі і зморшчыўшы лоб, нібы намагаўся загадзя ўспомніць, што трэба гэтай дзяўчынцы, якая спыніла яго на дарозе. Ці не кветкі яна прынесла яму? Як шмат, як часта дораць яму кветкі! Ён не зірнуў на іх нават.

— Таварыш пісьменнік, скажыце, вы добры?

Ён нахіліў да яе твар.

— Не, скажыце, вы добры? — з мальбой паўтарыла Таня і павяла яго за сабой у глыбіню пустога калідора.

— Таварыш пісьменнік, скажыце, вы добры? — паўтарыла яна ў трэці раз.

Што ён мог адказаць на гэта дзяўчынцы?

— Чаго ты хочаш, дружок?

— Калі вы добры, то прашу вас, не падавайце мне рукі.

— А хіба ты зрабіла што-небудзь благое?

— Ды не, не тое! Я хацела сказаць другое. Я павінна паднесці вам кветкі, калі вы скончыце чытаць, і сказаць ад імя ўсіх піянераў дзякуй. Вы пададзіце мне руку. А як я вам падам? Са мной здарылася няшчасце. Паглядзіце.

І яна паказала сваю руку — худую, з доўгімі пальцамі, усю выпацканую чарнілам.

Ён сеў на падаконнік і зарагатаў, прыцягнуўшы Таню да сябе.

Смех яго ўразіў яе яшчэ болей, чым голас, — ён быў яшчэ танчэйшы і звінеў.

Таня думала:

«Ён, напэўна, добра спявае. Але ці зробіць ён тое, што я прашу?»

— Я зраблю так, як ты просіш, — сказаў ён ён.

Ён пайшоў, пасмейваючыся і размахваючы рукамі на свой асаблівы манер.

Гэта была вясёлая хвіліна ў яго доўгім падарожжы. Яна прынесла яму задавальненне, і на сцэне ён быў таксама вясёлы. Ён сеў бліжэй да дзяцей і стаў чытаць ім, не дачакаўшыся, пакуль яны сціхнуць. Яны перасталі. Таня, якая сядзела блізка, увесь час слухала яго з удзячнасцю. Ён чытаў ім пра развітанне сына з бацькам — вельмі горкае развітанне, дзе кожны ішоў выконваць свой абавязак. І дзіўна: яго тонкі голас, які так уразіў Таню, гучаў цяпер у яго кнізе інакш. У ім чулася цяпер медзь — звон трубы, на які адгукаліся камяні, — усе гукі, якія Таня любіла болей, чым гукі струны пад ударамі пальцаў.

Вось ён скончыў. Вакол Тані крычалі і пляскалі ў далоні, яна ж не наважвалася выняць рукі з кішэні свайго швэдара, звязанага з грубай поўсці. Кветкі ляжалі ў яе на каленях.

Яна глядзела на Аляксандру Іванаўну, чакаючы знаку. І вось усе сціхлі, і ён адышоўся ад стала, закрыў сваю кнігу, тады Аляксандра Іванаўна злёгку кіўнула Тані.

Таня ўзбегла па прыступках, не вымаючы рукі з кішэні. Яна набліжалася да яго, хутка перабіраючы нагамі па дошках, потым пайшла павольней, потым спынілася. А ён глядзеў у яе бліскучыя вочы, не рухаючыся.

«Ён забыўся, — падумала Таня. — Што будзе цяпер?»

Мароз прабег на яе скуры.

— Ад імя ўсіх піянераў і школьнікаў… — сказала яна слабым голасам.

Але ён не забыўся. Ён не даў ёй скончыць: шырока раскінуўшы рукі, падбег да яе, засланіў ад усіх і, узяўшы кветкі з яе моцна сціснутай далоні, паклаў іх на стол. Потым абняў яе, і разам яны сышлі са сцэны ў залу. Ён нікому не даваў да яе дакрануцца, пакуль з усіх бакоў не акружылі іх дзеці.

Маленькая дзяўчынка ішла перад ім і крычала:

— Дзядзя, вы жывы пісьменнік, сапраўдны ці не?

— Жывы, жывы, — гаварыў ён.

— Я ніколі не бачыла жывога. Я думала, ён зусім не такі.

— А які ж?

— Я думала, тоўсты.

Ён прысеў перад дзяўчынкай на кукішкі і патануў сярод дзяцей, як у траве. Яны краталі яго рукамі, яны шумелі вакол, і ніколі самая гучная слава не спявала яму ў вушах так соладка, як гэты дзіўны крык, што аглушаў яго.

Ён на момант закрыў вочы рукой.

А Таня стаяла побач, амаль кранаючыся яго пляча. Раптам яна адчула, як нехта сіліцца выцягнуць яе руку, схаваную глыбока ў кішэні. Яна ўскрыкнула і адсунулася. Гэта Коля трымаў яе руку за кісць і цягнуў да сябе з усяе сілы. Яна не давалася, сагнуўшы локаць, пакуль не аслабела рука. І Коля выняў яе з кішэні, але не падняў угору, як чакала Таня, а толькі моцна сціснуў сваімі рукамі.

— Таня, — сказаў ён ціха, — я так баяўся за цябе. Я думаў, што будуць з цябе смяяцца. Але ты малайчына! Не сярдуй на мяне, не сярдуй, я прашу. Мне так хочацца танцаваць з табой у школе на ёлцы.

Ні звычайнай усмешкі, ні ўпартасці не пачула яна ў яго словах.

Ён паклаў сваю руку ёй на плячо, нібыта вясёлы танец пачаўся зараз, і яны пачалі кружыцца.

Яна пачырванела, разгублена гледзячы на яго. Пяшчотная ўсмешка асвятліла яе твар, напоўніла вочы і вусны. І, нічога не баючыся, яна таксама падняла сваю руку. Яна зусім забылася на свае крыўды, і некалькі секунд яе перапэцканая худая рука ляжала на яго плячы.

Раптам Філька абняў абаіх. Ён запытальна глядзеў то на Таню, то на Колю, і бестурботны яго твар у гэты раз не выяўляў радасці.

— Памірыліся, значыць, — гучна сказаў ён.

Таня зняла руку з пляча Колі і апусціла.

— Глупства ты гаворыш, Філька! — сказала яна, пачырванеўшы яшчэ больш. — Ён толькі прасіў мяне, каб я запрасіла яго да сябе заўтра на свята. Але я не запрашаю. А наогул, няхай прыйдзе, калі яму так ужо хочацца.

— Так, так, — злёгку ўздыхнуў Філька, — заўтра Новы год, я памятаю — гэта тваё свята. Я прыйду да цябе з бацькам, ён прасіў мяне. Можна?

— Прыходзь, — паспешліва сказала Таня. — Можа, у мяне не будзе сумна. Прыходзь, — сказала яна і Колю, дакрануўшыся да яго рукава.

Філька з сілай праціснуўся паміж імі, а за ім натоўп, які імкнуўся наперад, як шырокая рака, развёў іх.

XIV

Навагодняя ноч прыходзіла ў горад заўсёды ціхая, без завей, парой з чыстым небам, часам з тонкай імглой, што загаралася ад кожнага мігцення зоркі. А вышэй за гэтую імглу, над ёй, у вялізным на паўнеба крузе, хадзіў па сваёй дарозе месяц.

Гэтую ноч Таня любіла болей, чым самую цёплую ўлетку. Гэтай ноччу ёй дазвалялася не спаць. Гэта было яе свята. Свята ёсць свята, калі яно тваё і калі вакол цябе таксама радуюцца. А ў гэтую ноч у горадзе ніхто не спаў. Снег скідвалі з тратуараў на дарогу і хадзілі адзін да аднаго ў госці, і ўначы чуліся песні, рыпелі крокі па снезе.

У гэты дзень маці ніколі не працавала, і Таня, прыйшоўшы са школы, яшчэ з парога крычала:

— Стойце, без мяне піражкоў не рабіце!

А маці стаіць пасярод пакоя, і рукі ў яе выпацканы цестам. Яна адводзіць іх назад, як два крылы, якія гатовы падняць яе ў паветра. Але маці застаецца на зямлі. Яна нахіляецца да Тані, цалуе яе ў лоб і кажа ёй:

— Са святам цябе, Таня, з вакацыямі. А мы яшчэ нічога не пачыналі рабіць, чакаем цябе.

Таня, кінуўшы кнігі на паліцу, спяшалася надзець сваю старэнькую ў чорных мушках сукенку. Яна ледзьве надзявала яе. Яе падрослае за год цела напаўняла яе, як вецер, што дзьме ў ветразь са спрыяльнага боку. І маці, гледзячы на Таніны плечы, пачынала ківаць галавой:

— Вялікая, вялікая!

А Таня, не баючыся запэцкацца ў цесце, хапала яе ззаду за рукі і, падняўшы невысока ад зямлі, праносіла праз увесь пакой.

— Ты надарвешся! — крычала спалохана маці.

Але маці была лёгкая. Лягчэй вязанкі сухой травы была гэтая ноша для Тані.

Яна асцярожна апускала яе на падлогу, і абедзве глядзелі, сумеўшыся, на старую, што стаяла ў дзвярах.

— Падурнелі абедзве, — гаварыла старая, — забыліся на цеста!

І тады надыходзілі самыя прыемныя гадзіны. Усё, што ўвечары Таня піла і ела і чым частавала сяброў, — усё яна рабіла сама. Яна церла чорнае зерне маку, выціскаючы з яго белы сок, падобны на малако адуванчыка. Яна бегала штохвіліны ў кладоўку. А ў кладоўцы такі страшэнны холад! Усё змерзлася. Усе рэчывы змянілі свой выгляд, свой стан, на які асудзіла іх прырода. Мяса было цвёрдае, як камень. Таня пілавала яго маленькай пілкай. А малако кавалкамі ляжала на паліцы. Таня крышыла яго нажом, а з-пад нажа сыпаліся ёй на рукі доўгія валокны і пыл, падобны на пыл каніфолі. Потым яна прыносіла хлеб. Ён сівеў у кладоўцы, як стары. З кожнай яго поры веяла смерцю. Але Таня ведала, што ён жывы, што ўсё жыве ў яе кладоўцы. Нішто не памерла. Яна ставіла мяса і хлеб на агонь і давала ім жыццё. І мяса мякчэла, пускаючы сок, малако пакрывалася пенай, і хлеб пачынаў дыхаць.

Потым Таня хадзіла на лыжах у гай. Яна збягала па палогаму схілу ўніз, дзе з-пад снегу былі бачны толькі вярхушкі маладзенькіх піхтаў. Яна выбірала адну, самую маладую, хвоя якой была больш блакітная. Яна зразала яе вострым нажом і на плячах прыносіла дахаты.

Гэта было маленькае дрэўца, якое Таня ставіла на табурэт. Але і на маленькай піхце знаходзіла яна некалькі кропель смалы, якую любіла жаваць. І пах гэтай смалы доўга жыў у хаце.

Упрыгожанняў на піхце было мала: яе блакітная хвоя, на якой блішчала ад свечак каніцель, па галінах спаўзалі срэбныя танкі, залатыя зоркі спускаліся на парашутах уніз. Вось і ўсё.

Але як добра было ў гэты шчаслівы дзень! Заходзілі госці, і Таня радавалася сябрам. А маці заводзіла для іх патэфон, які прыносіла з сабой з бальніцы.

І сёння павінна быць не горш. Прыйдзе іх бацька, прыйдзе Коля… Ці прыйдзе ён?

«Я, здаецца, пакрыўдзіла яго зноў, — падумала Таня. — Навошта? Якая дзіўная істота чалавек, калі два словы, сказаныя дурным хлопчыкам Фількам, могуць замуціць ягоную радасць, затрымаць добрыя словы, што гатовы вырвацца з сэрца, спыніць працягнутую для сяброўства руку!»

Тані захацелася паглядзець на сваё плячо, дзе нядаўна некалькі секунд ляжала рука Колі. Ніякага знаку не было на плячы.

Але затое, павярнуўшы галаву, убачыла яна маці, што ўважліва глядзела на яе.

Маці трымала яе дзённік — школьную ведамасць. Не ўсё было ў гэтым сшытку так выдатна, як раней, але маці ў гэты раз маўчала. І позірк яе, звернуты да дачкі, быў задумлівы і жаласлівы, нібы разглядвала яна не Таню, а маленькую істоту, якую некалі гушкала на каленях.

Маці была ўжо апранута ў святочную сукенку з чорнага шоўку. І як стройна трымалася сёння яе галава, якімі цяжкімі і бліскучымі былі валасы на патыліцы! Хіба ёсць у свеце чалавек, прыгажэйшы і мілейшы за яе?

«Як не можа зразумець гэта бацька?» — падумала Таня.

Некалькі ватных пушынак прычапіліся да сукенкі маці. Таня садзьмула іх сваім дыханнем.

— Хутка прыйдзе бацька, — сказала яна.

— Так, я чакаю, — сказала маці, — і Надзея Пятроўна прыйдзе. Я прасіла яе прыйсці.

— Лепш бы яна не прыходзіла! — міжволі ўсклікнула Таня.

— Чаму, Таня? — запытала маці.

— Не трэба.

— Чаму ж усё-такі, неразумнае дзіця?

Але замест адказу Таня пакружыла маці вакол свайго маленькага дрэўца, увесь час баючыся, што, можа стацца, і дарослыя прыкідваюцца таксама, як і дзеці: яна кружыла яе доўга.

Рып крокаў і тупат на ганку спыніў іх гульню.

— Тата прыйшоў, — сказала маці са смехам. — Перастань.

Таня адскочыла ў кут.

— Коля прыйшоў, — сказала яна, пабялеўшы.

Але не, гэта прыйшлі іншыя — тры дзяўчынкі, з якімі Таня сябравала ў атрадзе.

Таня выйшла да іх з кутка.

— А танцаваць у цябе можна? — запыталіся дзяўчынкі, хаця з марозу вочы іх нічога не бачылі і твары былі чырвоныя.

— Можна. Сёння ўсё можна! — сказала Таня. — Я зараз завяду патэфон.

Гучная музыка запоўніла ўвесь дом, як сонца, заліла яго гукамі, набіла да самага даху.

Потым прыйшоў бацька з Надзеяй Пятроўнай. Ён некалькі разоў абняў Таню і павіншаваў яе са святам, а Надзея Пятроўна падарыла ёй тарбасы і маленькую даху, усю вышытую бісерам.

А Колі не было.

І маці запытала:

— А дзе ж Коля?

— Вось упартае хлапчаня! — сказаў бацька. — Ні за што не хацеў ісці разам з намі. У мяне, кажа, свой падарунак Тані, я прынясу яго сам.

Услед за імі прыйшоў Філька з бацькам, з маці і з трыма маленькімі братамі, якія прыехалі на сабаках да яго ў горад. Усе яны былі смуглыя і сталі ў рад перад Таняй, пакланіўшыся ёй, як гаспадыні, нізка. Потым усе, як адзін дасталі з кішэняў хусткі, складзеныя ў чатыры столкі, і выцерлі імі насы. І паляўнічы ганарыўся іх паводзінамі, а маці спакойна курыла люлечку, абітую меднымі цвікамі. І цвікі гэтыя блішчалі пры свечках.

Дзяцей падымалі на рукі, і Таня цалавала іх, усіх без разбору, зрэдку аглядаючыся на сваю маці. Тая ўвесь вечар стаяла з Надзеяй Пятроўнай, трымаючы яе пад руку, хаця Таня ўжо некалькі разоў намагалася іх разлучыць: то прасіла патрымаць яе маленькую даху, то памагчы надзець тарбасы. Але кожны раз, з усмешкай паляпаўшы Таню па плячы, маці вярталася на сваё месца да Надзеі Пятроўны, па-сяброўску размаўляючы з ёй.

Госці зноў папрасіліся танцаваць.

Таня падышла да патэфона, радуючыся, што хоць на секунду можа павярнуцца да ўсіх спіной.

Яна старанна круціла ручку, і чорны бліскучы круг круціўся перад яе вачыма, і, працавітая, як конь, іголка хадзіла па сваёй баразёнцы. Яна спявала ў тры галасы і спявала ў адзін, яна іграла, іграла, нібы цэлы хор медных труб і флейт, як светлыя духі, пасяліўся на яе вастрыі.

А Колі не было.

— Дзе ж ён? — думала Таня з тугой.

За яе спіной, калышучы маленькую піхту і вялікі папяровы абажур пад столлю, танцавалі дзеці. З імі разам танцаваў бацька. Ён быў вельмі вясёлы сёння і скакаў цудоўна, захапляючы дзяцей.

— Паглядзі, Таня, — гаварыла штохвілінна маці, — гэта ж бацька танцуе!

— Так, — адказала Таня, — я бачу, мама, ён танцуе вельмі хораша.

Яна глядзела на бацьку. Але думкі і позірк яе блукалі. І хутка яна злавіла сябе на тым, што бацька, і танец яго, і весялосць мала прыцягваюць яе ўвагу. А зусім нядаўна колькі горкіх і салодкіх пачуццяў цяснілася ў яе сэрцы пры адной толькі думцы пра бацьку! Што з ёй? Яна ўвесь час думае пра Колю.

«Дзе ён цяпер? У Жэні сёння таксама ёлка».

Але тут Філька з братамі пачаў ціха кружыцца, пашыраючы круг. Яны закідвалі ногі мякка, ледзь падымаючы іх з падлогі, і то адзін з іх, то другі клікаў да сябе Таню. Яны танцавалі танец, які звычайна танцуюць вясёлыя эвенкі на пясчаным беразе Тугура ў час, калі ўзыходзіць над лесам месяц.

Таня ўвайшла ў іх кола. Яна танцавала, штохвілінна пазіраючы на дзверы.

— Малайцы! — крыкнуў у захапленні бацька. — Чорт пабяры, мы будзем сёння весяліцца! Таня, папрасі ў мамы віна. Я маю для вас яшчэ адзін падарунак.

Маці сказала:

— Бацька, не дурэй. Віна ім нельга.

— Я ведаю цвёрда толькі адно, — сказаў бацька: — Нельга есці воўчыя ягады. А віна — па кроплі можна.

— Па кропельцы можна, — паўтарылі дзеці.

І нянька прынесла на вялікім падносе бутэльку салодкага віна. А ўслед за нянькай зайшоў зусім малады чырвонаармеец Фралоў. Ён быў у кажусе шафёра, усміхаўся ўсім хітрай усмешкай, а ў руцэ трымаў вядро.

— Фралоў, дружок, — сказаў бацька, — пакажы-тка наш падарунак дзецям.

Дзеці самі зазірнулі ў вядро, але ўбачылі там толькі снег.

— Што гэта? — спыталіся яны. — Тут снег і больш нічога няма.

— А вось зараз, дзеці, — сказаў Фралоў.

І, запусціўшы руку ў вядро, ён дастаў з-пад снегу вялікі апельсін, потым яшчэ два і яшчэ. Дзеці крыкамі сустрэлі гэтыя плады. Яны бралі іх у рукі і адразу ж клалі назад, таму што апельсіны былі халодныя і цвёрдыя. Трымаць іх было цяжка, як жалеза, якое доўга ляжала на марозе.

— Пачакайце, дзеці, — сказаў смеючыся бацька. — Іх трэба спачатку размарозіць. І тады — даю слова — яны спадабаюцца вам.

Ён апусціў апельсін у халодную ваду, і на паверхні яго праз імгненне выступіў лёд. Ён пакрываў яго тонкай скарынкай, і апельсін блішчаў, як шар на маленькай піхце. Бацька ўдарыў па скарынцы нажом, яна раскалолася на часткі, і з асколкаў лёду, якія раставалі хутка на далоні, выйшаў круглы і свежы плод. Незнаёмы і цудоўны на Поўначы быў ягоны пах і колер. І маленькі брат Фількі баяўся яго і не еў.

Сам жа Філька прынёс свой апельсін бацьку.

— З'еш яго, — сказаў паляўнічы, без усялякага здзіўлення гледзячы на гэты дзіўны плод. — Ён падараваны табе сябрамі і не можа быць шкодным. Калі б ён не быў такі вялікі, я палічыў бы яго за ягаду, што ўпала з рабіны на зямлю, і пачысціў бы ім сваю люлечку, на якой медзь так хутка цямнее ад холаду ў нашым лесе. Аднак, — дадаў ён з гонарам, — рабіна ў нас таксама бывае буйная перад марозам.

Ён адхіліў апельсін рукой. Ён быў ужо стары і не хацеў аддаваць перавагу таму, што не расло ў яго родным лесе.

Тады Філька сунуў свой апельсін за пазуху, каб падзяліцца ім з Таняй. Нічога не мог ён з'есці адзін — ні салодкага кораня, які знаходзіў у лесе, ні веснавой абалоны ліп, ні чмялінага мёду, ні кіслага соку мурашак.

Але Тані не было ў натоўпе яе гасцей. Куды яна пайшла? Яна была сёння сумная.

Філька зазірнуў у другі пакой, дзе было цёмна і на ложках ляжалі футры.

Яе і тут не было. Тады ён пайшоў на кухню і ў сенцах убачыў Таню. Яна непрыкметна прабіралася да дзвярэй. Яна была апранутая ў кажушок і, нагнуўшыся, зацягвала на шчыкалатках раменьчыкі сваіх новых тарбасаў.

Філька моўчкі адсунуўся, засланіў яе ад позіркаў гасцей.

Таня выйшла на ганак. Паветра слупамі падымалася ўгору. І на страшэннай вышыні ператваралася ў тонкія аблокі, што валачыліся па асветленым небе. І скрозь іх, нібы скрозь празрыстае шкло, затуманенае дыханнем, глядзеўся невялікі халодны месяц.

Таня ступіла на снег, стараючыся не рыпець. Лёгкая зіхатлівая імгла пасыпалася ёй на плечы, на твар. Яна правяла рукой па сваёй непакрытай галаве і выйшла за вароты. Яна перабегла вуліцу і спынілася ля дома, дзе жыла Жэня. Яна ўся патанула ў сумётах.

Таня прысела на снег і пасядзела трохі, саромеючыся зазірнуць у акно. Потым стала на сумёт. Акно было якраз перад вачыма. І скрозь шкло было бачна святло, падобнае на месяц сваёй смутнай белізной. Гэта гарэлі свечкі на ёлцы. А вакол яе рухаліся дзеці. Цені іх праплывалі міма нерухомага позірку Тані, і ў кожнай яна пазнавала Колю.

Галава яе палала на марозе.

А яна ўсё глядзела. І цені плылі і плылі, як у цьмяным царстве вады. І толькі адна заставалася нерухомай, больш глыбокай і нерухомай, чым іншыя, — цень вялізнай рыбы з апушчаным хвастом. Але і яна таксама паплыла. Яна рухалася то ўверх, то ўніз, то станавілася ўпоперак усяго шкла. І нават бурбалкі, што яна выпускала з рота, былі добра бачны.

«Што гэта? — з дзікім страхам падумала Таня. — Дык гэта ж акварыум Жэні, які стаіць на акне».

Але вось чыесьці цёмныя рукі пацягнуліся да акна, і рыба знікла. Знікла і ўся чароўная карціна, якая доўга займала Таню. Нехта спіной засланіў акно.

Блізка стукнулі дзверы на ганку. Таня хутка прысела. Яна слізганула з сумёта і, пераскокваючы цераз снег, цераз лёд, праз мёрзлыя дошкі палісада, памчалася прэч.

Яна бегла немаведама куды, блукала без напрамку, пакуль хваляванне яе не сціхла. Але якая глыбокая журба ўсё яшчэ цясніла яе істоту!

Таня не адважвалася зайсці ў свой дом. Яна пастаяла яшчэ на двары пад плотам за ствалом бярозы, якая схавала яе ад усіх.

— Што гэта са мной? — гаварыла яна, невядома да каго звяртаючыся. — Што са мной? Адкуль усё гэта, скажыце мне хто-небудзь!

Бяроза маўчала, і шумела адна толькі яліна, неахвотна прапускаючы скрозь хвою халоднае паветра.

Філька выйшаў без шапкі на ганак і ціха паклікаў Таню. Яна не азвалася. Ён зазірнуў нават за браму і пайшоў назад. І толькі калі ён схаваўся, Таня вярнулася ў дом. Яна ўвайшла ў свой пакой, дзе дзеці па-ранейшаму кружыліся вакол яе бацькі. А на крэсле стаяў Коля і мяняў згарэлыя на піхце свечкі. Калі Таня ўбачыла яго, у яе перахапіла дыханне. Яна пахіснулася. Валасы яе былі вільготныя ад інею, уся вопратка ў снезе.

— Таня, дзе ты была? — спытаў з трывогай бацька.

— Я выходзіла на вуліцу падыхаць. У мяне закруцілася галава.

— Тады ідзі лажыся на мой ложак, — сказала маці.

Коля саскочыў з крэсла і падышоў да Тані зусім блізка.

— Пачакай, — сказаў ён, — я хачу паказаць табе свой падарунак. Я хадзіў па яго далёка да знаёмага кітайца.

Ён прынёс ёй спачатку цэлую кучу матылёў — тонкіх чарвячкоў, чырванейшых за ягады шыпшыны ў лесе. Яна паклала іх на печ, дзе сушыліся дровы. Потым ён паказаў ёй маленькі акварыум, дзе плавала залатая рыба. Яна была вялікая, з апушчаным хвастом, падобным на доўгую сукенку. Яна штурхалася ў шкло. Яна ледзьве змяшчалася ў сваіх празрыстых сценах. Лісточкі зеляніны плавалі зверху па вадзе.

Таня сказала:

— Ты хадзіў па яе да кітайца? І зусім дарэмна. Я не трымаю, як Жэня, рыбак за шклом на акне. Прыйдзецца яе засмажыць.

Коля ссунуў бровы, вочы яго пацямнелі, зрабіліся непранікальныя. Ён як быццам не чуў слоў Тані. Толькі рукі яго аслабелі, акварыум захістаўся, рыба, пляснуўшы хвастом, усплыла наверх, і некалькі кропель вады вылілася цераз край на падлогу.

Коля падышоў да старой, якая ўвесь вечар стаяла ў дзвярах.

— Няня, — сказаў ён, — засмажце гэтую рыбу з бульбай. Таня просіць.

— Так, так, — сказала Таня, — засмажце яе, няня. Яна вельмі смачная. Яна з пароды карасёвых.

І падышоўшы да бацькі, яна ўзяла яго за рукі.

— Тата, мы будзем з табой сёння многа танцаваць. Ты добра танцуеш.

І вось ногі яе, што так многа выбегалі па сумётах і па снезе, зноў пачалі рухацца — цяпер па гладкай падлозе. Яна станавілася на дыбачкі, каб пакласці руку на плячо бацькі. І калі галава яе, злёгку закінутая назад, стамлялася, Таня нахілялася і лбом прыціскалася да ягонага рукава. А рукі бацькі злёгку пагойдвалі яе. Яна хілілася туды і сюды, як рачная трава, што вырасла на ціхай плыні. І ён быў шчаслівы, усміхаўся. Нарэшце ён быў узнагароджаны за свае намаганні, якія здаваліся яму сёння дарэмнымі: за свае багатыя падарункі, за вясёлыя танцы, за апельсіны ў лёдзе, за некалькі кропель віна, якія дазволіў ён выпіць дзецям.

Маці хадзіла сярод гасцей таксама шчаслівая. Хаця кожны крок яе быў стрыманы, але твар жывы, і нават голас быў у яе іншы.

Таня танцавала і з маці, і з Надзеяй Пятроўнай і, стаміўшыся, спынілася ў кутку за сваім прыбраным дрэўцам. Побач з ёй ля акна стаяў адзінока Філька. Пра яго яна зусім забыла: за ўвесь вечар не сказала яму ні слова.

Філька некалькі разоў паклікаў яе. Яна ўзняла на яго свой няўважлівы позірк.

— А заўтра нехта з Колем пойдзе на каток, — сказаў Філька.

— Ты хіба? — спытала Таня.

Філька паківаў галавой.

— Дык хто ж?

— Жэня.

— А-а…

Таня схапілася за дрэўца. Яно захісталася пад цяжарам яе рукі, і срэбны шарык зваліўся і пабіўся аб падлогу. Таня наступіла на асколкі нагой.

— Што яшчэ прасіў цябе сказаць мне Коля?

Але Фільку ўжо стала шкада яе.

Яго твар, цёмны, як у бацькі і братоў, блішчаў пры святле свечак.

Ён сказаў:

— А я магу свечку з'есці.

Таня моўчкі глядзела на яго. А Філька сапраўды ўзяў з піхты запаленую свечку, пагасіў яе і пачаў жаваць. Таня схамянулася.

— Што ты робіш, Філька? — закрычала яна. — Можа, гэта шкодна!

— Ты што, Таня, гэта зусім не шкодна, — сказаў Філька. — Гэта не так смачна, але затое смешна. Праўда?

Сапраўды, Таня не магла ўтрымацца ад смеху.

А на вачах у Фількі загарэліся слёзы. Яны, быццам агеньчыкі, свяціліся з-пад ягоных тоўстых павек. Ён усё жаваў і жаваў.

«Чаму ён быццам плача?»

Таня азірнулася, але не знайшла нікога, праз каго Філька мог бы плакаць.

«Можа, у гэтыя дзіцячыя свечкі падмешваюць якое-небудзь горкае рэчыва?»

Яна сілай адабрала ў яго свечку.

— Ты захварэеш, Філька, — сказала Таня. — А раніцай я хацела пайсці з табой на спектакль у школу. І навошта ты, — дадала яна, — паказваеш дзецям дурныя прыклады? Паглядзі.

Побач з Фількам стаяў яго маленькі брат і таксама жаваў свечку. Але ён, напэўна, не адчуваў пры гэтым ніякай горычы. Яго твар з шырокімі сківіцамі быў толькі хітраваты і выказваў поўнае задавальненне.

А ў руцэ ён трымаў апельсін.

XV

Госці разышліся за поўнач, і Таня ўсім пажадала шчасця: сваім дружным і нядружным сяброўкам, і паляўнічаму, і Фільку, і бацьку, і маці, і Надзеі Пятроўне.

І Колю сказала:

— З Новым годам, Коля! Будзь, сябра, шчаслівы і забудзем пра гэтую дурную рыбу.

Яна вырашыла болей не думаць пра яго.

А сярод ночы Таня спалохана прачнулася. З лічынак, што яна ўчора паклала на печ, вывеўся малады камар. Можа, гэта быў і стары камар, які абагрэўся паміж матылёў на печы, але толькі ён раптам ажыў і зазвінеў.

Гэта было так страшна! Ён звінеў сярод ночы ўзімку, калі яму зусім не трэба звінець.

Таня сядзела на ложку, гледзячы ў цемру, і слухала гэты звон, гэтае трапятанне камарыных крылаў, а сэрца яе стукала моцна, нібы ляскотка начнога вартаўніка.

Няўжо гэты слабенькі гук мог яе спалохаць?

«Трэба яго забіць», — падумала Таня.

Але камар папішчаў яшчэ трохі і змоўк. Ён памёр сам.

Таня зноў заснула і раніцай прачнулася з радасцю.

Маці пайшла ўжо ў бальніцу на дзяжурства, але гэта не засмуціла Таню. Якое раздолле было ў яе на душы, якім лёгкім стала яе цела — яно нібыта згубіла сваю вагу.

«Што гэта, — думала яна, — вакацыі? Ці, быць можа, на самай справе каханне, пра якое без усякага сумнення гаворыць тоўстая Жэня? Ну і няхай каханне… Няхай яно… Але я буду з ім сёння танцаваць на ёлцы. І я пайду на каток. Я ім не буду перашкаджаць. Я пастаю там з краю за сумётам і пагляджу, як яны будуць катацца. І, можа, у яго на каньку развяжацца які-небудзь раменьчык. Тады я завяжу яго сваімі рукамі. Так, я зраблю гэта абавязкова».

І пакуль Таня мылася і снедала, яна ўвесь час думала пра гэта. І вочы яе ззялі, і новым уражаннем здаваўся ёй кожны яе крок, кожны рух рукі.

Яна натачыла канькі, перавязала іх моцна раменьчыкамі і паклікала старога сабаку, кінуўшы яму на снег кавалачак цукру. Той пашукаў яго, тыцкаючы пысай у розныя месцы, але пры сваім слабым нюху так і не змог знайсці.

І ўсё-такі бедны Тыгр і гэтым разам пайшоў з ёю. Але, як потым разважыў ён сваім старэчым розумам, гэта было абсалютна дарэмна. Яны дарма прастаялі цэлую гадзіну на рацэ ля катка, хаваючыся за кожны сумёт. Нікога яны тут не напаткалі. Пуста было вакол. А тое, што яны ўбачылі ўнізе на рацэ, было нават небяспечна. З-за далёкага мыса, пакрытага лесам, ціха краўся вецер, ён краем чапляў скалы і з сіпеннем здуваў снег з камення.

Так прастаялі яны з Таняй даволі доўга і пайшлі назад. Але толькі яны падняліся наверх па сцежцы за рыбаковымі хатамі, як адразу ж убачылі Колю. Ён ішоў, падтрымліваючы Жэню, а яна нахілялася, коўзалася па ледзяных дарожках, раскатаных дзецьмі рыбакоў. У руках яны трымалі канькі.

Таня завярнула налева ў завулак і стаілася за хатай, схаваўшы свае канькі ў сумёт. Тыгр прысеў побач, гледзячы на яе. Ён не разумеў яе.

Вось Коля прайшоў міма, нічога не прыкмеціўшы, а яна ўсё стаяла. Тыгр паскуголіў трошкі, лапы яго задрыжалі. Ён успомніў пах птушыных костак, якія Коля часта прыносіў яму, і сумленне яго заныла. Ён з віскам скочыў з-за хаты і кінуўся следам за Колем. Той азірнуўся.

— Тыгр, ты тут? — сказаў ён здзіўлена. — А дзе ж Таня?

А Таня — вось яна — выйшла з завулка і стаіць: хавацца больш няма чаго. Твар яе залівае яркая фарба, гусцейшая, чым гэта магло быць ад халоднага ветру, які яшчэ з раніцы дзьмуў з усходу.

— Тыгр, — сказала яна, — хадзі зараз жа сюды.

Коля пакланіўся Тані і пайшоў ёй насустрач, як папала размахзаючы канькамі.

— Ты была ўжо на катку, так рана? — спытаў ён. — А я думаў, ты з Фількам пайшла на спектакль у школу.

Таня стаяла нерухома, павярнуўшы твар убок, і словы дрэнна слухаліся яе, хаця яна гаварыла ганарліва:

— Я зусім не была на катку, ты ж бачыш, што канькоў у мяне няма. Філька сказаў табе праўду. Мы ідзём з ім у школу на спектакль.

Коля зірнуў на Таніны рукі. Так, канькоў яна не трымала ў руках, не было іх і на плячы.

— Дык гэта праўда? Выдатна! — сказаў ён. — У такім разе, Тыгр, хадзі сюды.

Таня крыкнула:

— Тыгр, ні з месца!

І стары сабака застаўся на месцы, хаця пах смачных костак не ішоў у яго з галавы. Ён пасядзеў яшчэ крышку каля Тані, і, можа, падумаў, што яму рабіць у такім цяжкім выпадку, і, успомніўшы, відаць, пра свае справы, кінуўся назад у завулак, пакінуўшы дзяцей адных.

Услед за ім шпаркімі крокамі пайшла і Таня.

Яна ішла, стараючыся не азірацца назад.

«Не, я не буду больш хавацца ад Колі за хатамі і сумётамі, — думала Таня, ідучы па вуліцы. — Я не завяжу яму раменьчык на каньках, і ніколі не трэба гэтага рабіць».

І як мала ні жыла Таня на зямлі і як доўга ёй яшчэ ні заставалася жыць, але яна рашыла ўсё астатняе жыццё нават не ўспамінаць пра Колю, забыць думаць пра яго. Ёсць жа на свеце радасці лепшыя, чым гэтая, і, напэўна, больш лёгкія.

Яна іх ведала раней, яшчэ зусім нядаўна ловячы фарэль у рацэ ці слухаючы гукі горна на лінейцы ў адным радзе з іншымі.

І Філька зараз чакае яе ў школе на спектаклі, і ля адкрытых варот тоўпяцца яе сябры.

Нарэшце яна можа проста глядзець па баках, ні пра што не думаючы, можа разглядаць свой родны горад. Ён таксама прыносіць ёй радасць. Ён невялікі, але, як і яна, сябруе з яе небам, з чорнымі ад хвой лясамі. І вясной рачныя арлы любуюцца ім з вышыні. Ён і цяпер, узімку, прыгожы. І ён не ўвесь драўляны. Яго прыстань каменная, і школа каменная, і каменны новы дом, у якім плавяць золата. А колькі новых дарог бяжыць да яго з лесу і зноў уцякае ў лес, дзе ў самай глыбіні днём і ўначы чутно дыханне высокіх труб, плыве новы дым над вяршалінамі кедраў! А колькі машын праходзіць праз горад, абкруціўшы ланцугамі свае колы, каб яны не коўзаліся па снезе!

А вось і стары меднік таксама праходзіць праз горад і крычыць на скрыжаваннях: «Лудзіць, паяць!» Вясной ён носіць сваю маленькую рэйку на плячах, а зімой цягне яе на вяроўцы па снезе, і яна слізгоча, палягчаючы яму працу, — бяжыць за меднікам, як сабачка. Каму што трэба — слізгацца ці не слізгацца. Хіба гэта блага?

І, праводзіўшы вачыма медніка, які грукатаў жалезам, Таня пакрочыла шырэй, хутчэй пабегла наперад да адчыненых варот школы.

Каля школы тоўпіліся дзеці. Але дзіўна, яны не заходзілі, а выходзілі з варот. Яны з крыкам беглі насустрач Тані, і яна доўга не магла зразумець іх словы.

— Буран, — крычалі яны, — буран! Ніякага спектакля не будзе!

Маці, хутаючыся ў футра, хапалі малых за рукі і вялі дадому. Іншых забіралі бацькі.

З варот выйшла Аляксандра Іванаўна, ведучы за сабой тую самую дзяўчынку, хуткія ногі якой так часта перабягалі Тані дарогу. А за другую руку настаўніцы трымаўся маленькі хлопчык, каторы, як здавалася, нікуды не хацеў ісці.

Таня ўважліва агледзелася вакол. Яна ўзняла вочы і ўбачыла неба, падзеленае рэзка на два колеры — чорны і сіні. Чорным яно было злева, на ўсходзе, і стаяла там прамой сцяной. І сцяг на гарадской каланчы ляцеў наперад, таксама прамы, як струна. На горад насоўваўся буран. Ён плыў высока, ён яшчэ не апускаўся на зямлю.

Таня паглядзела на паветра скрозь пальцы. Яно было цёмнае і густое.

«Буран, — з трывогай падумала Таня, — а яны на рацэ».

— Буран! — крыкнула Аляксандра Іванаўна. — Вяртайся, Таня, дадому. Скажы пра гэта ўсім, каго сустрэнеш.

Але Таня не павярнула. Яна падбегла бліжэй.

— Я не баюся бурану, — сказала яна. — Я дапамагу вам. Дайце мне дзяўчынку, я завяду яе дадому.

— Яна жыве далёка, каля ракі, дзе баржы.

— Нічога, я ведаю, дзе яна жыве.

— Ну, добра, адвядзі, а я павяду хлопчыка. Толькі глядзі, хутчэй вяртайся дадому, — неспакойна сказала настаўніца.

— Я зраблю ўсё добра, — таропка сказала Таня, — не хвалюйцеся, Аляксандра Іванаўна.

Яна схапіла дзяўчынку за руку, і ўдваіх яны пабеглі па доўгай вуліцы, дзе, не гледзячы на поўдзень, гаспадыні зачынялі аканіцы на вокнах і запальвалі ў дамах агні.

Яны беглі хутка, не спыняючыся, толькі вецер на скрыжаваннях затрымліваў іх.

Ля ракі з вышыні Таня ўбачыла баржы, занесеныя снегам па самыя мачты. А направа — каток. Шырокі і роўны лёд быў чысты ад снегу. Па краях яго на ўбітых колах віселі гірлянды з яловых лапак. Яны матляліся, як снасці на шхуне, якую застала бура. А далёка за катком, на рацэ, на вяршынях адкрытых гор, як кветкі, падымаліся на тонкіх сцяблінах белыя віхуры. На катку нікога не было. Толькі дзве маленькія постаці, трымаючыся за рукі, каталіся па краі.

Таня збегла ўніз па сцежцы і памчалася ўздоўж берага, паглядаючы то на каток, то на дзяўчынку, якая задыхалася ад бегу.

Яна спынілася на секунду.

— Гэта нашы, — сказала дзяўчынка. — Чаго ж ты ім не крычыш?

Але замест адказу Таня прыклала руку дзяўчынкі да свайго сэрца.

— Паслухай, як б'ецца.

— У мяне змерзлі вушы, — сказала дзяўчынка. — Я нічога не чую. Ідзе буран, а яны катаюцца. Чаму ты ім не крычыш?

І Таня зноў не адказала ёй. Яна ўзяла яе на рукі і панесла ў дом, які стаяў на самым беразе.

Праз імгненне Таня зноў паказалася на парозе дома, цяпер адна. Яна скочыла ўніз на лёд і пайшла паміж барж па сцежцы, дзе ногі патаналі ў снезе. Яна вырашыла зусім не спяшацца. Яна пойдзе яшчэ марудней па гэтай цяжкай сцежцы. І хай буран засыпле ёй вочы, засыпле і каток, і гірлянды з яловых галін, да самых гор няхай ён пакрые ўсю раку снегам. Яна не будзе спяшацца. Яна прыйдзе на каток і скажа ім груба: «Пара вам адумацца і разысціся па дамах. Толькі не думайце, што я прыйшла сказаць вам гэта. Я вадзіла дзяўчынку дамоў і выпадкова праходзіла міма. Гэта ваша шчасце, таму што я бачу — вы абое забыліся на ўсё. А калі і не дзяўчынка, то мне проста падабаецца гуляць тут, на рацэ, перад буранам. Можаце не верыць мне, як хочаце. Толькі вы бачыце — вось я павольна прыйшла сюды і пайду зараз, зусім не спяшаючыся».

Так мармытала Таня, паскорваючы крок, пакуль ногі не панеслі яе, як на крылах. Яна імчалася міма змёрзлых барж, і цёмнае паветра гудзела ў яе вушах. А дарожка аказалася самай кароткай з усіх. Яна хутка прывяла яе на каток. Але тут Таня нікога не застала. Яна абвяла вачыма ўсю раку, бераг, што дыміўся на высокіх мясцінах. І нечакана заўважыла Колю блізка, амаль каля ног. Ён сядзеў на снезе побач з хвойнымі гірляндамі, што ўпалі ад ветру, і Жэня сядзела побач з ім. Імгла падбіралася ўжо да сонца.

Таня грудзьмі разадрала яловыя галіны.

— Вы што, сляпыя? — сказала яна Жэні. — Хутка пачнецца буран. Аляксандра Іванаўна загадала, каб усе ішлі па дамах.

Але, сказаўшы гэта, яна ўбачыла, што Жэня і без таго напалохана: хаця шчокі яе былі чырвоныя, але яна ўся дрыжала.

— Што здарылася? — у трывозе спытала Таня.

— Гэта ўсё Коля падстроіў, — сказала Жэня, дрыжучы. — Яму хацелася пакатацца са мной на каньках. Але мне страшна, тут вецер.

— Нашто ты маніш? — сказаў Коля. — Хіба ты не хацела пакатацца раніцай?

— А хіба ты не прасіў Фільку, каб той сказаў Тані, што мы раніцай пойдзем сюды? — злосна адказала Жэня.

Але Таня не слухала іх. Яна занепакоена схілілася над Колем.

Твар яго быў бледны, ён трымаўся за нагу, не маючы сілы ўстаць з сумёта.

— Ідзі ты, дурніца, — сказаў ён Жэні. — Ідзіце вы абедзве, я застануся адзін.

Жэня ўсё не пераставала калаціцца.

— Я пайду дамоў, — сказала яна.

Таня ўзяла Жэню за плечы, ціха павярнула тварам да горада.

— Ідзі, — сказала яна. — Толькі зайдзі да Фількі і скажы, што мы тут. Мамы няма дома.

— Не, не, я пайду дадому. Я баюся — хутка пачнецца буран.

Жэня пабегла ўверх на гару, рукавом закрываючы ад ветру твар.

Таня села на лёд перад Колем, пачала рукамі развязваць рамяні.

— Ты ўдарыўся? Табе баліць? — спытала яна.

Ён прамаўчаў.

Навокал цямнела ўсё: рака, і лёд, і неба.

Пальцы яе змерзлі. Яна сагравала іх, зрэдку моцна заціскаючы паміж каленяў. Коля сіліўся не стагнаць. Яна падала яму руку. Ён устаў і зноў апусціўся на снег.

— Ты зламаў нагу? — сказала Таня з жахам.

— Не, — адказаў Коля, — я толькі трохі расцягнуў сабе жылу. Гэтая дурная Жэня зусім не ўмее катацца.

Потым яна пачула яго смех, між тым як смяяцца яму было б не варта.

Можа, ён смяецца з яе, з яе страху за жыццё? Можа, гэта толькі прытворства і жарт — нага ў яго зусім не баліць?

— Паглядзі на дарогу, — сказаў ён са смехам, — гэта ж Тыгр нясе твае канькі ў зубах. Я так і думаў, што ты іх схавала.

Яна паглядзела на дарогу.

Так, гэта Тыгр бег па лёдзе, цягнучы за раменьчыкі канькі. Ён паклаў іх ля яе ног і прысеў побач, чакаючы падзякі. Яна правяла змерзлай рукой па яго халоднай поўсці. Але навошта ёй цяпер канькі і дзе ён іх узяў? Ён, відаць, выкапаў іх з сумёта за домам. Ён валок іх па вуліцы, палохаючыся сустрэчных. І вецер кідаў у яго снегам. Яму, відаць, цяжка было цягнуць. А ўсё дарэмна: ёй цяпер не патрэбны канькі.

— Што ж мне рабіць? — сказала яна. — Мамы няма дома. Няма нікога, апроч Тыгра. Але калі ты не можаш ісці, я на руках занясу цябе да рыбаковых хат. А тут заставацца нельга. Ты не ведаеш нашых буранаў.

— Я не баюся вашых буранаў, — упарта адказаў Коля. — А калі ты думаеш, што я спалохаўся глыбокай вашай ракі і не пайшоў тады ў ваду па тое няшчаснае кацяня, — твая справа. Думай, як хочаш. Ідзі, калі ты баішся.

— Не, — сказала Таня, — я не бурану баюся, я баюся за цябе. Гэта небяспечна, і я застануся тут з табой.

Яна села на снег каля Колі. Яна глядзела на яго з пяшчотай і не хавала яе больш. І твар яе выказваў трывогу.

Ён апусціў галаву.

— Я павінен быць дома, — сказаў ён. — Я даў слова бацьку. Ён жа не ведае, дзе я.

— Што ж мне рабіць? — паўтарыла Таня.

Яна адвяла вочы ад Колі і задумліва паглядзела на Тыгра, што дрыжаў на лятучым снезе, потым ускочыла на ногі, ужо вясёлая.

Неба спаўзала з гор, сцелючыся, як дым, па цяснінах. І чорная далячынь была блізкая, стаяла за скаламі побач. Але самы страшны вецер яшчэ не выйшаў з-за пясчанай касы, дзе былі раскіданы камяні. І снег яшчэ не падаў зверху. Буран насоўваўся павольна.

— У нас ёсць час, — сказала Таня. — У Фількі сабакі, а я праўлю нартай выдатна. Я прыганю іх сюды. Мы можам паспець. Пачакай мяне тут, і я завязу цябе да бацькі. Толькі не палохайся. З табой застанецца сабака. Ён нікуды не пойдзе.

Таня пасадзіла Тыгра ў сумёт і дала яму лізнуць сваю руку. Ён застаўся на месцы, гледзячы са страхам на поўнач, дзе бура ўжо рухала снег і калыхала лясы на гарах.

Таня ўзбегла на бераг.

Нахіліўшы твар і рассякаючы вецер целам, яна прабегла па вуліцы, заваленай высокімі сумётамі. Усе вароты былі ўжо зачынены. Толькі адны Фількавы вароты стаялі адкрытыя насцеж. Толькі што ён прыехаў з бацькам на сабаках. Ён стаяў на ганку, і чысціў свае лыжы, і, убачыўшы побач Таню, якая дыхала моцна, здзіўлена адступіў перад ёй. А сабакі ляжалі ля варот на двары, запрэжаныя ў нарту, — іх яшчэ не паспелі распрэгчы. І каюр — доўгая палка з ясеню — быў уторкнуты побач з імі ў снег.

Таня схапіла каюр і ўпала ў нарту.

— Што ты робіш, Таня! — крыкнуў спалохана Філька. — Асцярожна, яны злыя.

— Маўчы, — сказала Таня, — маўчы, любы Філька! Мне трэба хутчэй адвезці да бацькі Колю. Ён звіхнуў сабе нагу на катку. Я зараз прыганю тваю нарту. Па рацэ гэта блізка.

Яна ўзмахнула каюрам, крыкнула на сабак па-нанайску, і сабакі вынеслі яе з варот.

Пакуль Філька паспеў саскочыць з ганка і надзець на ногі лыжы, нарта ўжо была далёка. Але ўсё ж ён бег за Таняй і крычаў з усёй моцы:

— Буран, буран! Куды ты? Пачакай мяне!

Але Таня ўжо не пачула яго крыкаў.

Яна сядзела на нарце вярхом, як сапраўдны паляўнічы. Яна правіла выдатна, трымаючы напагатове каюр. І дзіўна, сабакі слухаліся яе, хаця голас яе быў ім незнаёмы.

Філька спыніўся. Вецер ударыў яго ў плечы і прымусіў прысесці на лыжы. Але ён не павярнуў назад.

Ён пасядзеў крышку на лыжах, раздумваючы пра тое, што ўбачыў, пра вецер, пра Таню і пра сябе самога. І, рашыўшы, што ўсё добрае павінна мець добры напрамак, павярнуў раптоўна ад дому і, рушыўшы на дарогу, што вяла ў крэпасць цераз лес, пабег па ёй насустрач буры.

А пакуль ён бег, сабакі яго дружна вывезлі Таню на лёд. Яна прытармазіла нарту побач з Колем, з сілай уткнуўшы паміж палазоў доўгі каюр. І адразу сабакі палеглі, зусім не сварачыся адзін з адным.

Коля, хістаючыся ад болю, цяжка ўстаў. Але ён усміхаўся. Нават задавальненне свяцілася на яго змёрзлым твары. Ён упершыню бачыў у запрэжцы сабак, упершыню яму даводзілася ездзіць на іх.

— Сапраўды, гэта нядрэнна прыдумана, — сказаў ён, паглядзеўшы на лёгкую нарту, падбітую кітавым вусам, і на сабак, што грызлі снег па баках. — Гэтыя сабакі не такія злосныя, як пра гэта бесперапынку гаварыў мне Філька, і не такія дужыя на выгляд. Яны не намнога большыя за нашых шпіцаў.

Але Таня, якая лепей ведала іх злосць, нястрыманы нораў і непатольную прагу свабоды, ні на крок не адыходзіла ад нарты. Толькі на момант адлучылася яна, каб асцярожна падхапіць на рукі Колю і пасадзіць яго ў сані. Потым падняла дрыжачага ад страху Тыгра, прыціснула яго да грудзей, скокнула ў нарту і пусціла сабак наперад.

Але якія няўлоўныя былі пры гэтым яе рухі, і якія дакладныя, які пільны быў позірк на снег, што пачынаў сіпець і варушыцца па дарозе, і якім нясмелым рабіўся ён, калі яна скіроўвала яго назад — на Колю.

— Табе не вельмі баліць? — пыталася яна. — Пацярпі, хутка прыедзем. Толькі б паспець да бурану!

Ён здзіўляўся. У яе вачах, якія трывожна гарэлі пад абмерзлымі ад ветру вейкамі, і ва ўсёй яе істоце бачыўся яму другі, зусім незнаёмы сэнс. Нібыта на гэтых дзікіх сабаках, запрэжаных у лёгкія сані, скрозь калючы снег, што сек скуру на твары, несліся яны абое ў нязведаную, новую краіну, пра якую ён яшчэ нічога не чуў.

І ён трымаўся за яе вопратку, каб не вываліцца.

А завея ўжо займала дарогу. Яна ішла сцяной, як лівень, паглынаючы святло і звонячы, як гром паміж скал.

І Таня, аглушаная гэтым ветрам, убачыла смутна, як ад гэтай белай сцяны, нібы стараючыся адарвацца ад яе, ускач імчыцца па дарозе конь. Каго ён выносіў з бурану, Таня не магла ўгледзець. Яна адчула толькі, як сабакі з лютасцю рвануліся насустрач, і закрычала на іх дзікім голасам. Коля не зразумеў яе крыку. Але сама яна ведала, чаму крычыць страшна: сабакі больш не слухаліся.

Нібыта цяжкім кап'ём, Таня паківала каюрам і, натужыўшы руку, з сілай уторкнула яго ў снег. Ён увайшоў глыбока і зламаўся. Тады Таня павярнулася, і Коля на адно толькі імгненне ўбачыў на твары яе жах. Яна крыкнула:

— Трымайся мацней за нарту!

Яна падняла Тыгра над галавой і кінула яго на дарогу. Ён з віскам упаў у снег.

Потым, нібы зразумеўшы, што яму трэба рабіць, імгненна ўскочыў і з гучным выццём панёсся побач з вупражкай. Ён апярэдзіў яе, быццам сам асуджаючы сябе на пагібель. Сабакі заўважылі яго. Ён кінуўся прэч з дарогі, і яны панесліся ўслед за ім.

Конь праскакаў міма.

«Дарагі мой, бедны Тыгр!» — падумала Таня.

Ён скакаў па цаліне высока, ён патанаў, ён задыхаўся ў снезе. Ён, можа, нават праклінаў людзей, якія знявечылі ягонае цела, зрабілі кароткімі ногі, шыю доўгай і слабай. Але ён любіў гэтую дзяўчынку, з якой разам гуляў шчанюком і вырас разам, і толькі ён адзін састарэў. Ці ж справядліва гэта?

А Таня прыпала да нарты, пачуўшы доўгі віск, і хрыпенне, і стук сабачых іклаў, які заглушаў шум ветру.

Нарта, якую не стрымліваў больш тормаз, наляцела на сабак, паднялася, перакулілася набок.

І сабакі памчалі ў глухую завею.

Ніхто не варушыўся: ні Таня, што ляжала побач з нартай, ні Коля, які ўпаў ніцма, ні мёртвы Тыгр з разарваным горлам, які глядзеў у непагоднае неба, — усё было нерухомае. Рухаўся толькі снег і паветра, якое туга хадзіла туды-сюды па рацэ.

Таня першая ўскочыла на ногі. Яна нахілілася, падняла нарту і зноў нахілілася, дапамагаючы ўстаць Колю. Падзенне не ашаламіла яе. Як і раней, усе яе рухі былі няўлоўныя, моцныя, гнуткія. Яна страсянула снег з твару спакойна, нібыта нічога не здарылася.

Коля ж не стаяў на нагах.

— Мы загінем. Што я нарабіў, Таня! — сказаў ён са страхам, і нават слёзы выступілі ў яго на вачах, але яны змерзліся, не паспеўшы нават скаціцца па вейках.

Коля пачаў зноў хіліцца на бок, апускацца на зямлю. І Таня зноў падхапіла яго, стараючыся ўтрымаць.

Яна закрычала яму:

— Коля, ты чуеш, мы ніколі не загінем! Толькі нельга стаяць на месцы — занясе. Ты чуеш мяне, Коля, мілы! Рухацца трэба!

Яна напружвала ўсе сілы. І так стаялі яны, нібыта абняўшыся. І завея прытуліла іх на хвіліну ў сваіх воблаках, а потым аглушыла сваім моцным голасам.

Таня нагой падсунула нарту бліжэй.

— Не, не, — крыкнуў Коля, — я гэтага не хачу! Я не дазволю табе мяне везці!

Ён пачаў вырывацца, Таня абхапіла яго за шыю. Халодныя твары іх краналіся адзін аднаго. Яна прасіла, паўтараючы адно і тое ж, хаця цяжка было вымавіць слова — кожны гук на губах паміраў ад жорсткага ветру.

— Мы выратуемся, — гаварыла яна. — Тут блізка. Хутчэй! Нельга чакаць.

Ён апусціўся на нарту. Яна шалікам сцерла з яго твару снег, агледзела рукі — яны былі яшчэ сухія — і моцна завязала ля кісці шнуркі яго рукавіц.

Учапіўшыся за абрывак вяроўкі, Таня пацягнула нарту за сабой. Высокія хвалі снегу каціліся ёй насустрач — заступалі дарогу. Яна падымалася на іх і зноў апускалася і ўсё ішла і ішла наперад, плячыма рассоўваючы густое, увесь час рухлівае павегра, якое пры кожным кроку адчайна чаплялася за вопратку, як калючкі паўзучых траў. Яно было цёмнае, поўнае снегу, і нічога скрозь яго не было бачна.

Часам Таня спынялася, вярталася да нарты, штурхала Колю і, нягледзячы ні на якія яго пакуты і скаргі, прымушала зрабіць дзесяць крокаў наперад. Дыхала яна цяжка. Увесь твар яе быў мокры, і вопратка цвярдзела — пакрывалася тонкім лёдам.

Так ішла яна доўга, не ведаючы, дзе горад, дзе бераг, дзе неба, — усё знікла, схавалася ў гэтым белым мораку. Але Таня ішла, нахіліўшы твар, намацваючы дарогу нагамі, і, як у самую страшную спёку, пот струменіўся па яе спіне.

Раптам яна пачула стрэл з гарматы. Яна зняла шапку, паслухала, падбегла да Колі і зноў прымусіла яго ўстаць з санак.

Яна закрычала, і гукі з цяжкасцю выляталі з яе горла. Але крык яе здаўся не мацнейшым за шоргат сухіх сняжынак.

— Ты чуў, гармата страляе з крэпасці. Можа, гэта нам падаюць знак.

Ён слаба кіўнуў галавой. Здранцвенне ахоплівала яго ўсё мацней. І Таня ўжо не пасадзіла, як раней, Колю ў санкі, а, абхапіўшы за пояс і паклаўшы яго руку сабе на шыю, пацягнула зноў наперад, прымушаючы яго перабіраць нагамі. А нарта засталася на месцы.

Яны збочылі ўлева, адкуль пачуўся яшчэ адзін стрэл. Гэты быў гучнейшы і прайшоўся па ўсёй рацэ.

Таня мацней налягла на вецер грудзьмі, благаслаўляючы моц сваіх лёгкіх, якія дапамагалі ёй неяк дыхаць у гэтую страшэнную буру, і моц сваіх ног, што неслі яе наперад, і сілу рук, што не выпускалі з абдымкаў сябра.

Але часам на імгненне нападаў на яе страх. І тады здавалася ёй, што яна адна ў свеце сярод гэтай завірухі.

А між тым насустрач ёй, ахутаныя гэтай жа завірухай, рухаліся на лыжах пагранічнікі. Яны ішлі густым ланцугом, які раскінуўся далёка па рацэ. У руках у кожнага была доўгая вяроўка, канец якой трымаў другі. Так былі яны аб'яднаны ўсе да адзінага і нічога не баяліся ў свеце. Такая ж імгла, тыя ж таросы, тыя ж высокія сумёты, што каціліся наперад і назад, паўставалі перад імі, як і перад Таняй. Але стралкі лёгка збягалі з іх і лёгка ўзбіраліся, не губляючы дарэмна дыхання. А калі вецер мацнеў, яны прыгіналіся да зямлі, нібы стараліся пад ім праскочыць.

Так набліжаліся яны да таго месца, дзе была Таня. Але і за два крокі яе не было бачна. Па-ранейшаму адзінокай здавалася сярод завірухі гэтая дзяўчынка з абледзянелым ад поту тварам, якая трымала на руках свайго аслабелага сябра. Яна яшчэ рухалася наперад, але ў яе не хапала ўжо сіл. Яна хісталася ад кожнага парыву ветру, падала, зноў уставала, працягваючы наперад толькі адну вольную руку. І раптам адчула яна сваім локцем вяроўку. Яна сутаргава ўчапілася за яе. Гэта магла быць і вяроўка з баржы, што ўмерзла недалёка ў лёд. Але ўсё-такі, перабіраючы рукой па канаце, Таня закрычала:

— Хто тут, памажыце!

І нечакана дакранулася да бацькавага шыняля. У змроку, без усялякіх бачных адзнак, не вачыма, аслепленымі снегам, не пальцамі, змярцвелымі ад сцюжы, а сваім цёплым сэрцам, што так доўга шукала ў цэлым свеце бацьку, пазнала яна яго тут, у халоднай пустыні, якая пагражала смерцю, у поўнай цемры.

— Тата, тата! — закрычала яна.

— Я тут! — адказаў ён ёй.

І твар яе, знявечаны мукай і стомай, пакрыўся слязамі.

— Ён жывы, — сказала яна, падштурхнуўшы Колю да бацькі, і сама, уся ўздрыгваючы ад громкага плачу, прыпала лбом да яго каленяў.

Ён прысеў на кукішкі і, сарваўшы з сябе шынель, ухутаў прыціснуўшыхся да яго дзяцей.

Што з ім? Ён таксама плакаў, і твар яго, перакрыўлены пакутай, як у Тані, быў зусім мокры. Але гэта мог быць і снег, што растаў ад яго дыхання пад цёплым шаломам.

— Філька… Філька прыбег да нас, — сказаў бацька.

— Філька, Філька, — паўтарыла гучна Таня, хаця Фількі не было тут.

Хвіліны са дзве яны заставаліся нерухомыя. Снег поўз на іх усё вышэй.

Бацька моцна таргануў за вяроўку. Злева і справа пачалі падыходзіць чырвонаармейцы, не выпускаючы з рук ліны. Яны, як белыя клубы снегу, узнікалі з завірухі і спыняліся каля дзяцей.

Апошні падышоў чырвонаармеец Фралоў. Ён увэсь быў закручаны ў завею. Ружжо яго вісела за плячыма, а твар быў у снезе.

— Знайшлі, — сказаў ён. — Я ж казаў, што знойдзем. Без гэтага нельга.

Чырвонаармейцы цесным колам акружылі дзяцей і палкоўніка, і ўвесь натоўп рушыў па завірусе назад.

А з крэпасці пачуўся яшчэ адзін стрэл.

XVI

Даўным-даўно мінуўся той дзень, калі Таня так смела білася з буранам і з воблакамі халоднай завеі за сваю жывую душу, якую ўрэшце без усякай дарогі знайшоў бацька і сагрэў сваімі рукамі.

Вецер уранні павярнуў і спыніўся надоўга. Ціха стала на рацэ, і над гарамі было ціха — над усім Таніным светам. Вецер садзьмуў з кедраў і елак снег: лясы сцямнелі. І позірк Тані, упіраючыся ў іх, спакойна стаяў на адным месцы, не шукаючы нічога іншага.

Коля толькі злёгку абмарозіў вушы.

Таня з Фількам кожны дзень наведвалі яго ў доме бацькі, часта застаючыся абедаць.

Але гадзіна абеду не здавалася Тані такой цяжкай, як раней. Хаця і не так старанна частаваў яе пірагамі з чаромхай бацька, не так моцна цалавала на парозе яе Надзея Пятроўна, а ўсё-такі бацькаў хлеб, які Таня спрабавала на язык і так і гэтак, здаваўся ёй цяпер другім. Кожны кавалак быў ёй салодкі.

І скураны рэмень бацькі, што валяўся заўсёды на канапе, здаваўся ёй таксама іншым.

Яна часта надзявала яго на сябе.

І так добра Тані яшчэ не было ніколі.

Але не вечна цягнуліся вакацыі. Скончыліся і яны. Вось ужо некалькі дзён, як хадзіла Таня ў школу.

Яна насіла кнігі без раменьчыка і сумкі. І заўсёды, перад тым як распрануць кажушок, кідала іх у раздзявальні на падлюстэрніку. Сёння яна зрабіла гэтак жа.

Яна кінула кнігі і, зняўшы кажушок толькі з аднаго пляча, зазірнула ў люстра, хаця заўсёды пазбягала глядзецца ў яго, таму што гэта было тое самае люстра, якое калісьці так жорстка пакарала яе.

Але цяпер, пазіраючы ў люстра, яна накіравала позірк не на свой твар і не на свае вочы, у глыбіні якіх па-ранейшаму хадзілі лёгкія цені, а на іншае відовішча, што як быццам не мела да яе ніякіх адносін.

Яна ўбачыла натоўп дзяцей, што стаяў паўкругам насупраць. Усе яны стаялі да люстра спіной, а галовы іх былі паднятыя ўгору. Яны чыталі газету, якая вісела пад жалезнай сеткай на сцяне.

І Жэня, што стаяла бліжэй за іншых да сцяны, сказала:

— За такія справы яе трэба было б выключыць з атрада.

— Выкінуць проста вон, — сказаў тоўсты хлопчык, які паступіў у школу разам з Колем.

Не разумеючы, да каго маглі адносіцца гэтыя словы, Таня не спяшалася падысці.

Але, адвёўшы вочы ад люстра, яна падышла да натоўпу. Газету яна пазнала. Гэта была раённая газета, якую выпісваў атрад.

Яна запытала:

— Што тут робіцца?

Пачуўшы яе голас, дзеці павярнуліся да яе і зноў адвярнуліся і зніклі раптам усе як адзін.

Таня прывыкла адчуваць заўжды побач з сабой сяброў, бачыць іх твары і, пабачыўшы іх спіны, была вельмі здзіўлена.

— Што гэта значыць? — усклікнула яна.

Ёй ніхто не адказаў.

Тады яна падняла руку да жалезнай сеткі, замкнутай на замок, і прачытала.

«Школьныя справы.

У школе нумар два чыняцца страшэнныя агіднасці. Вучаніца сёмага класа Таня Сабанеева ў буран павезла катацца на сабаках вучня таго ж класа Колю Сабанеева. Хлопчык пасля таго праляжаў у ложку ўсе вакацыі. А вучань таго ж класа Белалюбскі, які прыбег у крэпасць паведаміць пра гэта бацьку Колі, адмарозіў сабе палец. Дзяцей выратавалі нашы слаўныя пагранічнікі. Але пра што думаюць настаўнікі і піянерарганізацыя, дапускаючы ў школьным асяроддзі падобныя задумы, небяспечныя для жыцця?»

— Што гэта значыць? — паўтарыла Таня ціха, азірнуўшыся вакол і не ўбачыўшы каля сябе нікога, апроч Фількі.

Ён стаяў прама.

І Таня зразумела, што гэта значыць. Яна зразумела, што халодныя вятры дуюць не толькі з аднаго боку, але і з другога, блукаюць не толькі па рацэ, але пранікаюць і скрозь тоўстыя сцены, нават у цёплым доме даганяюць яны чалавека і збіваюць яго імгненна з ног.

Яна апусціла рукі. Кажушок споўз з яе пляча і ўпаў на падлогу. Яна не падняла яго.

— Але ж гэта ўсё няпраўда, Філька, — сказала яна шэптам.

— Вядома, няпраўда, — таксама шэптам адказаў ён ёй і паказаў свой палец, абматаны доўгім бінтам. — Мне зусім не баліць. Што яны выдумляюць, не ведаю. Але ты паслухай мяне, паслухай, Таня.

А Таня глытала паветра, якое здалося ёй яшчэ больш колкім, чым тады на рацэ. Вушы яе нічога не чулі, вочы не бачылі. Яна сказала:

— Што са мной будзе цяпер?

І, схапіўшыся за галаву, кінулася ўбок, імкнучыся, як заўсёды, моцным рухам супакоіць сябе як-небудзь і знайсці якое-небудзь рашэнне.

Шырока ідучы, як ходзяць у сне, яна ішла па калідоры, стукаючыся плячом аб сцяну, натыкаючыся на малых, якія з віскам кідаліся ад яе. За вуглом яна абышла старэнькага, які замахаў на яе ўказкай. Яна нават не пакланілася яму, хаця гэта быў дырэктар. Стары з глыбокай роспаччу паківаў ёй услед галавой і паглядзеў на настаўніка гісторыі Арыстарха Арыстархавіча Арыстархава, які дзяжурыў у гэты дзень у калідоры.

— Гэта яна, — сказаў Арыстарх Арыстархавіч Арыстархаў, — і я зусім не шкадую, што паведаміў пра гэты выпадак у газету.

А Таня ўсё ішла па калідоры. І ў роўным шуме мноства дзіцячых галасоў, у якім знікаў кожны гук, кіпела і калацілася яе сэрца. Але што рабіць? Усё стала ўпоперак яе дарогі.

«А сябры? Дзе яны?» — думала Таня, хаця пайшла ад іх сама і зараз ніяк не магла іх убачыць.

XVII

Ніхто лепш за Фільку не ведаў, ці была ў яго сэрцы хоць якая-небудзь іншая думка, чым памагчы Тані як мага хутчэй. А ўсё ж ён не быў задаволены ні сваімі ўласнымі паводзінамі, ні паводзінамі сяброў у гэты дзень.

У першы момант ён быў кінуўся следам за Таняй па калідоры, але ўбачыўшы за вуглом Арыстарха Арыстархавіча Арыстархава, яго плечы, паднятыя занадта высока, яго раўнадушныя акуляры, якія займалі там многа прасторы, што, здавалася, нікому не заставалася месца на свеце, Філька спыніўся міжволі і рашыў павярнуць назад.

Але і ў раздзявальні ён не пабачыў нічога добрага. У цемры паміж вешалкамі ля газеты ўсё яшчэ тоўпіліся дзеці. Кнігі Тані былі скінуты з падлюстэрніка на падлогу. І тут жа на падлозе ляжаў кажушок, які падараваў ёй нядаўна бацька. Па ім хадзілі. І ніхто не звяртаў увагі на сукно і бісер, якімі ён быў абшыты, на выпушку з барсучынай футры, што ззяла пад нагамі, як шоўк.

Засвоіўшы сабе дзіўную звычку час ад часу раздумваць, Філька падумаў, што, калі б старажытныя воіны — і не старажытныя, а іншыя, якіх ён бачыць сёння пад суконнымі шаломамі з чырвонай зоркай, — не дапамагалі адзін аднаму ў паходзе, то як бы яны маглі перамагаць? Што, калі б сябар успамінаў пра сябра толькі тады, калі бачыць яго, і забываўся б на яго, калі той пайшоў у дарогу, то як бы ён мог калі-небудзь вярнуцца назад? Што, калі б паляўнічы, згубіўшы свой нож на сцежцы, не мог папытаць пра яго сустрэчнага, то як бы ён мог засынаць спакойна, заўсёды адзінокі, ля вогнішча?

Раздумваючы так, Філька апусціўся на калені ў пыл сярод натоўпу, і многія наступалі яму на пальцы. Але ўсё ж ён сабраў Таніны кнігі і, учапіўшыся за Танін кажушок, з усяе сілы стараўся вырваць яго з-пад ног.

Нават і гэта было не так лёгка зрабіць. Наступіўшы на яго цяжкімі валёнкамі, не рухаючыся з месца, стаяў на ім тоўсты хлопчык, якога Таня заўсёды лічыла нягоднікам. Ён крычаў на Колю:

— Я магу гэта тысячу разоў паўтарыць! Так, магу паўтарыць: трэба выкінуць тваю Таню вон з атрада.

А Коля ў цёплай шапцы — ён не паспеў яе зняць, — падняўшы бледны твар, моўчкі глядзеў яму ў вочы. І ад абурэння яму не хапала голасу.

Ён ціха прамовіў:

— Ну, скажы яшчэ што-небудзь пра яе, і я не пагляджу, што ты такі тоўсты, — я скручу цябе, як шчанюка, і выкіну на вуліцу!

— Гэта ты мяне скруціш? — з гучным рогатам адказаў хлапчук. — Ты ж мяне з месца не зрушыш!

Коля схапіў яго за грудзі, але, аслабелы пасля хваробы, не мог яго нават пахіснуць.

А між тым хлапчук падняў ужо руку над Колем, гатовы ўдарыць яго кулаком.

Тады Філька, не раздумваючы больш ні аб чым, распрастаў сваю далонь, вельмі цвёрдую ад звычкі хапацца за дрэвы, і рабром ударыў тоўстага хлапчука з такон сілай, што той кулём паляцеў на падлогу.

Коля не паспеў атрымаць удару. А Філька хутка выхапіў кажушок і, асцярожна страсянуўшы яго ад пылу, павесіў на кручок. Такім чынам, ён зрабіў адразу дзве справы і, не адкладваючы, узяўся за трэцюю. Ён падышоў да хлапчука, ашаломленага ад падзення, і, узяўшы яго за плечы, асцярожна паставіў на ногі. Потым пагразіў яму абмарожаным пальцам, на якім павязка была ўся ў брудзе і матлялася.

— Ты ў нас у горадзе і ў школе яшчэ зусім чужы, — сказаў Філька, — і я прашу цябе вельмі — будзь хоць раз чалавекам. І ты будзеш ім, слова гонару!

Ён паспеў сказаць гэта якраз у час, таму што ў тую ж хвіліну заўважыў перад сабой Арыстарха Арыстархавіча Арыстархава. Рукі яго былі на гэты раз апушчаны і не займалі многа месца, паколькі побач з аднаго боку з ім стаяў Косця, важаты, чалавек яшчэ зусім малады, а па другі — дырэктар, стары і добры чалавек.

— Зараз жа знайдзіце Таню Сабанееву і прышліце да мяне, — сказаў Арыстарх Арыстархавіч.

У голасе яго не адчувалася ніводнага гуку, падобнага на літасць.

Тады тоўсты хлопчык паглядзеў на Фільку, Філька — на яго, і абое яны зірнулі на Колю, і ўтраіх нізка пакланіліся Арыстарху Арыстархавічу Арыстархаву.

Ім ужо расхацелася біцца і сварыцца.

— Дзе ж мы яе знойдзем? — сказалі яны. — Мы яе нідзе не бачылі, як жа мы яе да вас пашлём, Арыстарх Арыстархавіч?

Сказаўшы так, яны пасунуліся ўбок — абняўшыся, пайшлі, заняўшы ўсю дарогу і спяваючы нягучна песеньку, знаёмую ўсім:

Не надо, не надо, не надо, друзья, Гренада, Гренада, Гренада моя…

XVIII

Цэлую раніцу яны спявалі гэтую песеньку, а Таня ўсё не прыходзіла ў клас. Калі ж яна не з'явілася і на апошні ўрок, яны перасталі спяваць. Яны сядзелі ціха, як і ўсе астатнія, і пальцы не трымалі пяра, памяць нічога не помніла.

Такая ж ціхая і няўважлівая была і Аляксандра Іванаўна. Яе твар, які падабаўся ім заўсёды сваёй прыгажосцю і весялосцю, цяпер выказваў трывогу, і зорачка ззяла ім у вочы быццам не так ярка, як раней.

— Дзе ж яна, куды яна магла пайсці? Ужо апошні ўрок, а Тані няма ні тут, ні дома. Няўжо мы не знойдзем яе, дзеці? — пыталася Аляксандра Іванаўна. — Ёсць жа ў яе сябры! Ці няма іх — так выходзіць?

Няўтульны выгляд апусцелай пасля заняткаў школы. Шум заціхае, як дождж, што прайшоўся раптоўна над лесам. Яшчэ пад важкасцю кропель трапечацца ліст на асіне, а між елак блукае ўжо маўчанне.

Ціха і ў школе. Парой толькі, як апошняя кропля, пацэліўшая з галіны на корань, празвініць дзіцячы голас у самым канцы калідора ці, як вецер па каменнях, прамчацца па цэментных плітах чыесьці спрытныя ногі.

А сёння як доўга не сціхалі крокі! Дзеці блукалі па калідоры і ў канцы і ў пачатку яго і абыходзілі вартавога, па-майстэрску зробленага Таняй з лёду. Вільготны вецер з'еў яго плечы, на шаломе віселі ледзяшы, а ўсё-такі глядзеў ён далёка, ён усё яшчэ бачыў суровае мора.

— Можа, яна зноў пайшла на раку, — сказаў Фільку Коля.

«Можа, яна зноў у гаі стаіць адна і плача», — падумаў Філька сам сабе.

Яны разышліся ля варот.

Коля прыбег на каток. Ён спусціўся да барж, прайшоў па сцяжынцы, засыпанай снегам, ступіў на край чыстага лёду. Цяжка было пазнаць раку зараз. І зблізку і здаля снег ляжаў спакойна. Вакол катка цяпер не гушкаліся гірлянды з яловых лапак. Яны ўпалі, пайшлі пад сумёты, нібы ў сыпучы пясок.

Коля некалькі разоў крыкнуў. Але рака наўкола толькі сляпіла яго і маўчала.

А зусім на іншым канцы горада клікаў Таню Філька. Ён стаяў на ўзлеску ў гаі, як стаяў надоечы ў кустах. Тады ішоў першы снег, такі лёгкі, што, здавалася, яго з усяго гаю можна было б панесці ў далоні. А цяпер пад цяжарам снегу пагнуліся ў старых ялін галіны, маладыя бярозы схаваліся ў яго па грудзі. Але Філька крычаў. І калі б хоць рэха адказала на яго крыкі, ён лёг бы пад кусты і заплакаў — дарма што быў адзін.

Аднак ніхто не адказваў. І Філька пайшоў назад па глыбокім снезе.

З Колем яны зноў сышліся каля варот. Затым сабраліся ў раздзявальні, у самы далёкі кут, і тут з трывогай паглядзелі адзін аднаму ў вочы.

— Што цяпер рабіць? — спытаўся Філька.

І раптам яны пачулі ціхі плач. Плакаў нехта ў цемры ля сцяны, дзе вартаўнік складваў дровы для печкі.

— Таня! — крыкнулі яны абое і падышлі.

Але гэта плакала Жэня, заціснуўшыся паміж сцяной і печкай, і твару яе не было відаць.

Філька павярнуў яе за плечы да сябе.

— Ты нікуды не хадзіла? — спытаў ён.

— Не, — адказала Жэня.

— Дык чаго ж ты плачаш?

— А можа… — сказала яна з плачам, — можа, яна памерла ўжо.

Тады Коля, які нічога не пытаўся, нічога не сказаў, адышоўся ў кут і сеў на падлогу, прыціснуўшы галаву да каленяў.

Між тым у пакоі наверсе, пра які ўсе забыліся — дзе звычайна захоўвалася піянерская маёмасць, — спала Таня.

Сцяжкі і плакаты на доўгіх дрэўках з усіх бакоў акружалі яе. Партрэты віселі наўскасяк, як птушкі, гатовыя ўзняцца са сцяны, барабаны валяліся на падаконніку, горны блішчалі на цвіках.

Піянерская маёмасць! Свет гучных рэчаў глядзеў на яе з куткоў. Як горка было расставацца з ім нават у сне.

Нават у сне цяжка было Тані. Шчаслівы сон прыйшоў да яе, і яна моцна заснула ў гэтым кутку, дзе праседзела з самай раніцы на тоўстым сенніку, напханым апілкамі.

Але і гэты добры сон нічога не мог зрабіць з яе нядрэмным уяўленнем.

І сніўся ёй сход звяна.

Снілася Тані, нібыта ў гэтым самым пакоі, дзе яна спіць, сядзяць яе сябры — дзе хто: на барабанах, на табурэтах, на драўлянай кабыле, абітай чорнай цыратай. Рухі іх грозныя, твары суровыя, і кожны позірк накіраваны прама ў сэрца Тані, але не даходзіць да яго. Ён дрыжыць і ламаецца, як прамень, што засланілі знянацку рукой.

— Судзіце яе страшнай помстай, — гаворыць чалавек, якога Таня не ведае.

Вопратка ў яго незвычайная: да шыняля прышыта палярынка, каўнер з куніцы блішчыць на яго плячах, а твара зусім не відаць — доўгія валасы закрываюць яго з бакоў.

— Судзіце яе, — гаворыць ён зноў, — яна жорсткая.

— Так, так, яна жорсткая, — паўтарае за ім Жэня. — Гэта яна загадала засмажыць маю прыгожую рыбу. А рыба была залатая.

— Судзіце яе — яна зайздросніца.

— Так, так, яна зайздросніца, — паўтарае тоўсты хлапчук. — Яна зайздросціць Колю, гэта мы бачылі ўсе. Яна павезла яго ў буран, каб зусім загубіць.

А голас Тані знямеў, вусны змярцвелі, нічога яна не можа сказаць.

І чалавек у палярынцы падыходзіць да яе бліжэй, а Таня адступае да сцяны. Яна са страхам пазнае ў ім Гогаля, партрэт якога вісіць над дзвярыма.

— Якая я няшчасная! — шэпча яму ледзь чутна Таня. — Хто абароніць мяне? Я нічога не ведаю.

Яна пераводзіць свой позірк вышэй і бачыць: светлыя аблокі, якія плылі па небе, зазірнулі паціхеньку ў акно. Усе яны высокія, апрануты ў бліскучыя латы, і бляск іх латаў, падаючы на падлогу, цурчыць і струменіцца падобна маленькім раўчукам. І ўсе яны імкнуцца да Тані.

Яна падбірае ногі і лёгка адрываецца ад зямлі.

Яна ляціць, як лётаюць усе ў сне. І пакоя даўно ўжо няма, і любімае дрэва Тані, што расце ў двары пад акном, застаецца далёка ўнізе. Як лоўка абагнула яна яго вяршаліну, не закранула ніводнага лісціка!

Шырокі свет прасціраецца на ўсе бакі ад сцяжынкі, па якой яна цяпер ідзе.

Яна ўзнімаецца ўгору. Кусты дурніцы шумяць у яе пад нагамі. І ўсё круцей сцяжынка — вада і каменне коцяцца па ёй са звонам.

І з вяршыні адкрываецца перад Таняй лес. Яна ніколі не бачыла такога. Гэта не лес і не драбналессе, якое яна ведае з маленства. Нізкія дрэвы трымаюць свае галіны распасцёрта над самай зямлёй. І ўсе яны пакрытыя белымі кветкамі. У ціхім паветры кружацца пялёсткі, пяшчотна ружавеючы на сонцы.

— Што гэта? — пытаецца Таня ў захапленні.

У звоне вады і камення чуецца ёй адказ:

— Гэта цвітуць сады, Таня.

«А дзе ж піхты? — хочацца Тані папытацца. — Я не бачу іх зусім».

Але лес знікае.

Яна накіроўваецца далей і ступае цяпер па роўнай дарозе, дзе няма ні камянёў, ні схілаў, і спыняецца на краі жытняга поля. Цені знаёмых арлоў плывуць па ім, і перад вачыма Тані поле калышацца ўверх і ўніз, як неба ў час гайданкі. А каласы шоргаюць і труцца адзін аб адзін.

— Як прыгожа! Што гэта? — пытаецца Таня, заміраючы.

І ў роўным шуме поля чуюцца ёй словы:

— Гэта выспявае наш хлеб.

— Ах, я люблю, я люблю, — бязгучна шэпча Таня. — Ці гэта ўсё сон! Ну, вядома, я сплю. Мы ж жывём так далёка.

Але сонца раптоўна цямнее. І Таня бачыць, як чорная хмара ў клубах туману імчыцца над полем проста на яе. Ніколі не бачаныя, тонкія, як волас, маланкі скачуць у шумлівае жыта, і Таня з жахам падае на калені. Доўгі гром пракатваецца па небе з краю ў край.

Сон скончыўся, але Таня не прачнулася, і гром працягваў грымець.

У калідоры пад дзвярыма пакоя стаяла маленькая дзяўчынка. На шыі ў яе вісеў барабан. Яна стукала, уважна гледзячы, як лёгкія палачкі скачуць у яе ў руках.

Яна практыкавалася.

І на гэты гром, на водгук яго, што разносіўся ў гулкім калідоры, падняліся па лесвіцы дзеці, спачатку Коля, а за ім Філька і Жэня, і тоўсты хлапчук, які цяжка ступаў па прыступках. А Косця-важаты ішоў побач з Аляксандрай Іванаўнай, і галасы іх былі сцішаныя — яны не будзілі рэха пад столлю.

Коля спыніўся каля дзвярэй і пачакаў, калі падыдуць іншыя.

— Вось вольны пакой, — сказаў ён, — мы зможам тут правесці сход нашага звяна.

Ён адчыніў дзверы і зайшоў першы ціха, не азіраючыся па баках. Але і не гледзячы, ён шукаў Таню і думкай і сэрцам, увесь час думаючы пра яе. І нечакана ўбачыў яе ў кутку на тоўстым сенніку, які падсцілаюць пад ногі пры вельмі высокіх скачках.

Ён адкрыў вусны, каб вымавіць яе імя, і не вымавіў. Ён прысеў на кукішкі, каб крануць яе за плячо, і не крануў, таму што яна моцна спала, і вейкі яе былі вільготныя, а твар ужо высах ад слёз.

І Коля, звярнуўшыся да іншых, замахаў на іх рукамі. Усе спыніліся і паглядзелі, як Таня спіць.

— Няхай спіць. Не чапайце яе ніхто, — сказала шэптам Жэня, таму што ў яе было не такое ўжо злоснае сэрца, хаця часцей, чым другія, яна гаварыла слушна і прымушала Таню плакаць. — Няўжо мы не можам правесці гэты сход без яе? — дадала яна. — Коля ж нам усё расказаў, мы ведаем праўду.

Аляксандра Іванаўна падумала крышку. Яна зазірнула кожнаму ў твар і ўбачыла, што гэта жаданне было добрае. Яна прыкрыла вусны рукой — яны насуперак яе волі ўсміхаліся.

— Вядома, мы можам, дзеці, — сказала яна. — Я дазваляю вам гэта. Мне здаецца, што Косця згодзен са мной.

І Косця-важаты, таксама паглядзеўшы кожнаму ў твар, убачыў, што гэта жаданне было агульнае.

— Хаця я і за піянерскую дысцыпліну, — сказаў ён, — але ў дадзеным выпадку мы, вядома, можам. Гэта рашэнне агульнае. А калі так, то мы можам усё.

Тады Коля падазваў да сябе Фільку і сказаў яму:

— Калі мы можам усё, то выйдзі адсюль і шапні на вуха барабаншчыку, што я яго зараз заб'ю.

Філька выйшаў.

Ён злёгку ўдарыў дзяўчынку па спіне паміж лапаткамі. Але і ад гэтага слабага ўдару яна прысела, ногі яе падагнуліся. Яна перастала стукаць.

— Чалавек заснуў, — сказаў ёй Філька, — а ты грыміш на ўвесь свет. Няўжо ты не маеш ніякага сумлення? Хоць самага маленькага, якое павінна быць у цябе па твайму малому росту?

І ўсе пайшлі, нягучна пакрочыўшы адзін за адным, а за імі ішла дзяўчынка з барабанам, падняўшы палачкі ўгару.

XIX

Дзеці не разбудзілі Таню. Яна прачнулася ў цішыні і пайшла сама, і румянае ад захаду паветра праводзіла яе да самага дому. Яно асвяжыла ёй грудзі, галаву, плечы, але сумленне ныла болем.

Як раскажа яна пра ўсё гэта маці, як зможа яе засмуціць?

Але дома, акрамя старой, яна зноў нікога не застала.

Яна не папрасіла гарбаты ў старой, нічога не з'ела і, не здымаючы вопраткі і абутку, легла ў ложак, хоць маці заўжды забараняла ёй гэта рабіць.

«Няхай, — рашыла Таня. — І што я зрабіла благога — хто вінаваты, што ўсё так выйшла, што няма ў мяне ні сясцёр, ні братоў, што я чакаю зараз невядомую кару, што бабуля старая і ў цэлым доме няма каму слова вымавіць? Што заўсёды адна, што заўсёды сама? Хто ў гэтым вінаваты? Ці не маці? Чамусьці ж пакінуў яе бацька і пайшоў. Чаму?»

Таня ляжала доўга, не запальваючы агню, пакуль накіраваны ў змрок позірк яе не стаміўся і вейкі не пагасілі яго.

Таня нібыта не драмала, гатовая чуйна ўстаць на матчын голас ці на водгук яе крокаў.

Аднак яна не пачула іх.

Маці патрэсла яе за плячо. Таня прачнулася. Агонь яшчэ гарэў, але сон не адышоў ад яе, і сярод смутных вобразаў і пачуццяў, якія агарнулі яе ў сне, пабачыла яна схілены над сабой твар маці. Ён быў таксама смутны, нібы цень накрываў яго, і выказваў ён такое ж смутнае хваляванне і незадаволенасць, а позірк стаяў нерухома на адным месцы. І раптам Тані падалося, нібы матчына рука падымаецца над ёй для ўдару.

Яна ўскрыкнула і села.

Маці толькі хмурылася.

— Чаму ты спіш апранутая? — сказала яна. — Устань, я ж прасіла цябе гэтага не рабіць.

Але не пра адзенне думала маці — Таня бачыла гэта…

— Устань, — паўтарыла маці, — і выпі гарбаты. Я толькі што была ў дырэктара школы. Мяне выклікалі. Уставай жа, мне трэба з табой пагутарыць.

А Таня не зварухнулася, не ўстала.

Яна сядзела, учапіўшыся за край драўлянага ложка, і маці апусцілася побач з ёй на пасцель.

Яна ледзь дакранулася да Тані. Але і ў гэтым лёгкім дотыку яна адчула ўсё засмучэнне маці.

— Як жа гэта ўсё ў цябе атрымалася? — запытала маці.

— Гэта няпраўда, — адказала Таня. — Няўжо ты паверыла?

І голас Тані быў прыглушаны, быў затуманены яе доўгім маўчаннем. Яна сёння не сказала і двух дзесяткаў слоў.

— Я не паверыла — ніхто не паверыў, акрамя Арыстарха Арыстархавіча. Ён патрабаваў нават, каб цябе выключылі.

— Чаму? — глуха спыталася Таня.

— Ён смешна гаварыў пра гэта, — сказала маці. — Таму, гаварыў ён, што ты засмечваеш дзіцячыя кадры. Так, ён вельмі смешна гаварыў пра гэта, — паўтарыла маці і сама ўсміхнулася крыху.

А Таня зусім не ўсміхалася.

Маці гаварыла:

— Але ў цябе шмат сяброў — гэтым я задаволена, і Аляксандра Іванаўна твой друг, і дырэктар у вас добры і разумны чалавек, хаця ён і злаваў на твайго бацьку.

— Хіба і тата быў там? — спытала Таня спалохана.

— Так.

Маці прыкрыла вочы, твар яе нібы асунуўся за гэты вечар.

— Але не гэтая гісторыя з газетай засмучае мяне, Таня, — сказала яна нягучна, — а ты; ты нічога не расказваеш. Я пра ўсё даведваюся збоку: пра Колю, пра твае дзіўныя паводзіны, за якія дзеці празвалі цябе дзікім сабакам дзінга. А дома ты цяпер заўсёды маўчыш. Няўжо ты палохаешся мяне, ці не паважаеш, ці не любіш? Адкажы мне.

Таня павяла галавой. Ёй цяжка было гаварыць.

— Я заўсёды адна, я заўсёды сама, — нячутна сказала Таня. І дадала цішэй: — Чаму бацька пайшоў ад нас? Хто вінаваты ў гэтым, адкажы мне.

Цяпер маці маўчала хвіліну, дзве, а можа, і болей. І Таня ні разу не глянула ёй у твар: не хапіла адвагі гэта зрабіць.

Але тут яна пачула роўны і спакойны голас маці. Ніводзін гук не дрыжаў у яе вуснах.

— Таня, — сказала маці, — людзі жывуць разам, калі кахаюць адзін аднаго, а калі не кахаюць, яны не жывуць разам — яны разыходзяцца. Чалавек вольны заўсёды. Гэта наш закон на ўсе часы.

Тады Таня рашылася глянуць на маці, спачатку асцярожна, знізу ўгору, павярнуўшы шыю, як маленькая птушка, якая, перад тым як узняцца з галіны, шукае, ці няма ў небе небяспекі.

Маці сядзела нерухома, высока ўзняўшы галаву. Але твар яе выказваў пакуту, нібыта нехта катаваў яе доўга словамі ці жалезам — усё роўна, але толькі страшэнным катаваннем.

«Хто гэта зрабіў?» — падумала Таня з болем, уважна ўглядаючыся ў твар маці.

А з гэтага бледнага твару глядзелі на яе самыя чароўныя ў свеце вочы — вочы яе маці, вільготныя да краёў; вільгаць ззяла на зрэнках, і пад вейкамі, і ў кутках яе цёмных вачэй.

— Ці не паехаць нам лепей, Таня? — сказала маці.

Таня схапілася за грудзі.

— Мама, — крыкнула яна са здзіўленнем і глыбокім шкадаваннем, — ты кахаеш яго да гэтага часу!

Яна абхапіла рукой галаву маці, гарачай шчакой прытулілася да яе валасоў, абдаўшы іх сваім дзіцячым дыханнем.

— Мама, не слухай мяне, не слухай, родная! Я больш нічога не разумею. Усё круціцца перада мной.

І ў гэтую хвіліну здалося Тані, што ўвесь свет на самай справе круціцца над яе галавой. Ён здаўся ёй дзіўным, як той незразумелы шар, пра які спявае ў сваёй песні юны Максім:

Крутится, вертится шар голубой, Крутится, вертится над головой, —

то матавы, як вячэрні туман за акном, то блакітны і бліскучы, як родная рака, асветленая сонцам з раніцы, як сад і поле, якія яна бачыла ў сне.

Крутится, вертится — хочет упасть…

— Мама, не трэба ехаць нікуды, — шаптала Таня, плачучы разам з маці.

XX

— Бываюць розныя віды кахання, — сказала тоўстая дзяўчынка Жэня.

Яна сядзела ў сваім пакоі з Таняй ля акна перад вялікім акварыумам са свежай вадой.

Яны больш не былі ворагамі. І абедзве дзяўчынкі глядзелі скрозь шкло на ваду і вуліцу, дзе за акном даўно ўжо была вясна.

Маленькія палонныя рыбкі хвастамі раздраблялі вялізнае сонца, што вольна плыло міма, і на тонкіх промнях, як на канатах незвычайныя танцоркі, танцавалі над плотам пылінкі. Стары меднік крычаў на скрыжаванні, стукаў па жалезнай рэйцы, і Тані здавалася, што ён разам са сваім жалезам прынёс у горад вясну.

— А ты кахала калі-небудзь? — спытала Таня.

— Кахала, — адказала Жэня, — толькі гэта было даўно, яшчэ ў трэцім класе.

— Але як ты даведалася пра гэта?

— Вельмі проста. Ён спытае, бывала: «Жэня, пакажы мне задачу». А я ведаю, што паказваць нельга. «Не буду», — кажу сабе. Але ён скажа: «Жэня, я болей не буду дражніцца». Ну, і пакажаш. Нічога са сваім сэрцам зрабіць не магла. А цяпер мінула. Пабачыла, што дрэнна вучыцца пачала, і кінула. Рашыла — хопіць!

— Але як жа ты гэта зрабіла? — з цікавасцю запытала Таня.

— Вельмі проста! Перастала глядзець на яго. Не гляджу, не гляджу — і забуду.

Таня разагнула спіну, але не перастала глядзець на шкло і на ваду, пасля без усмешкі спыніла ўважлівы позірк на сяброўцы. Усёй душой пазайздросціла яна яе круглым шчакам, яе цвярозай галаве, напоўненай такімі дзівоснымі думкамі, і ўздыхнула. Яна ціха свіснула.

— Не свішчы, — сказала Жэня, — гэта прыносіць няшчасце ў дом.

І Таня затрымала дыханне ў гэтым доме, дзе зімой зацвіталі царскія кучары і сярод тонкіх водарасцяў жылі залатыя рыбы.

Абедзве яны памаўчалі.

— Так, гэта праўда, — сказала Таня, — бываюць розныя віды кахання, — і нечакана пайшла, не прамовіўшы больш ні слова.

А стары меднік усё крычаў на скрыжаванні, бразгаў жалезам, і за акном стаяла вясна.

У гайку за домам Тані таксама стаяла вясна, тая ж самая. Яна падняла траву ля падножжа каменных бярозак, свежым мохам абагрэла карэнне сініх піхтаў. І піхты паківалі сваімі густымі, цяжкімі галінамі, навяваючы самі на сябе цёплы вецер.

Таня паклікала Фільку. Ён адказаў ёй з дрэва, матляючы босымі нагамі. Сваім вострым, як шыла, нажом вастрыў ён аловак, а на каленях ляжалі сшыткі і кнігі — цяжкі для хлопчыка груз, ад якога гнулася не толькі яго галава, але і хісталіся нібыта вяршаліны дрэў, увесь лес навокал хадзіў ходырам.

Ён вучыўся старанна.

І Таня з таго страшнага дня на рацэ не пакідала яго. Яны займаліся разам, і яе вострая памяць прыходзіла на дапамогу ім абаім.

Таня ўчапілася за тоўсты сук, падскочыла і таксама залезла на дрэва.

Гэта была даурская бяроза, амаль без лісця, што парасла крыва над зямлёй. Так зручна было сядзець на ёй побач!

— Заўтра апошні экзамен, — сказаў з папрокам Філька, — а ты пайшла на цэлую гадзіну. Сама ўсё ведаеш, а другі чалавек няхай прападае. І ён прападзе. Я даю табе слова. І, можа стацца, каб ён не прапаў, яму трэба вучыцца, — з горыччу заўважыў Філька, — а цябе, калі патрэбна, няма.

— Філька, — сказала Таня яму, — ты мог бы і адзін вывучыць гэтую тэарэму за гадзіну, пакуль я хадзіла да Жэні.

— А што ты скажаш, — з сумам запярэчыў Філька, — калі я яе вучу, вучу, а яна коціцца ад мяне, як на колах?

— Тады пачнём хутчэй.

Таня, выцягнуўшы руку, узяла ў Фількі свой сшытак.

— Калі дзве акружнасці маюць агульную кропку… — сказала яна, гледзячы на кіпеўшае ад ветру лісце.

Але Філька ўсё вастрыў і вастрыў аловак, і паляўнічы нож яго ззяў на сонцы, як крыло ляснога голуба.

— Не, пачакай, — сказаў ён, — ты скажы мне спачатку праўду. На самай справе ты сёння на світанні пойдзеш з Колем на мыс?

— Я сказала табе праўду.

— І дзеля гэтага ты надзела сваю святочную сукенку і лазіш па дрэвах і не шкадуеш яе?

— Так.

— А калі Коля спалохаецца і не прыйдзе на мыс?

— Ён прыйдзе, — сказала Таня, не адрываючы вачэй ад лісця.

— А калі бацька даведаецца?

— Не даведаецца.

— Ты не баішся хіба, што хто-небудзь раскажа яму?

Таня паціснула плячыма:

— Апроч цябе, ніхто не ведае. А ты ж не скажаш?

Але ўсё ж яна зірнула на Фільку з падазрэннем: ці не смяецца ён.

Але ніколі ў жыцці Філька не быў такі сур'ёзны.

— Я ведаю тую мясціну, — задуменна сказаў ён. — Там на зары пасуцца фазаны. Добра іх страляць раніцай… Але ты не хадзі. Я цябе, як дзяўчынку, прашу.

— Не, я пайду, — адказала Таня.

І па голасу яе Філька зразумеў, што і Тані ўласціва ўпартасць.

Усё, што ён мог спытаць, ён спытаў; усё, што ён мог сказаць, то сказаў. Што яшчэ заставалася рабіць?

Ён моўчкі паглядзеў на Таню. Сонечнае святло гарэла на яе твары, на руках, на лёгкай прыгожай сукенцы, якую яна не баялася папсаваць.

І ён падумаў:

«Дарэмна, аднак, я пра ўсё гэта пытаўся. Яна нічога не баіцца».

І ў тую ж хвіліну ён заўважыў у вачах Тані незвычайны страх, якога раней ніколі не заўважаў ні ў позірку, ні на твары.

Ён адсунуўся з міжвольным спалохам:

— Што з табой?

— Вусень!.. — крыкнула Таня.

Яна адцягнула плацце на шыі, моцна сціснуўшы яго ў вузельчык, і з жахам паўтарыла некалькі разоў:

— Вусень! Вусень! Вось ён тут! Брыдка! Рэж хутчэй!

Самую малую долю секунды Філька вагаўся, гледзячы на свой нож, якім здабываў мурашкавы сок, і рэзаў серу, і рабіў столькі прыемных для Тані рэчаў.

І раптам, узмахнуўшы ім, адхапіў вялікі кавалак Танінай сукенкі.

Нічога не адчуваючы, акрамя страху і брыдкасці, Таня ў першы момант усё яшчэ сціскала ў руцэ адрэзаны кавалак тканіны, потым павольна разгарнула яго. Замест страшнага вусеня на яе руцэ ляжаў звычайны сучок.

Страх на Таніным твары змяніўся неўразуменнем, неўразуменне — адчаем, калі яна ўбачыла на сваёй сукенцы вялізную дзірку. Яна пляснула рукамі:

— У чым я цяпер пайду! Навошта ты гэта зрабіў, Філька?

— Знарок, — сказаў ён, — хаця ты сама мяне прасіла. Але, можа, ты цяпер не пойдзеш на мыс?

— Усё роўна я пайду. Я пайду, я пайду! — закрычала Таня і, саскочыўшы на зямлю, знікла, патанула за дрэвамі.

І Філька не паспеў заўважыць, як знікла яна між чорных і белых бяроз.

Нібы віхор памчаў ад Фількі друга.

Ён застаўся на дрэве адзін. Геаметрыя, што ляжала ў яго на каленях, упала на траву. Паласаты бурундук, самы цікаўны з усіх жывучых у гэтым гаі пад каранямі даурскай бярозы, падышоў да кнігі і спыніўся перад ёй. У пярэдніх лапах ён трымаў арэх, які нёс у сваю норку.

Філька сярдзіта запусціў у бурундука нажом. І востры нож уткнуўся ў зямлю перад самай пысай звярка.

Бурундук кінуў арэх і таксама знік.

А Філька павольна споўз з дрэва. Ён падняў арэх паклаў яго на далонь і ўзважыў — арэх быў поўны. Філька некаторы час глядзеў на яго не рухаючыся, увесь час думаючы пра Таню, і потым, вырашыўшы, што ўсё-такі кожны арэх павінен быць з'едзены, гучна разгрыз яго.

XXI

Ноччу горад спаў. І хаця кожны далёкі гук ноччу здаецца блізкім, не было чаго слухаць у немаце горада.

Толькі Таня ішла і ішла.

Аднойчы яна хадзіла ўжо гэткай парой і па гэтай дарозе. Але тады побач ішоў Філька, ён нёс яе вуды на плячы. Абое яны трохі дрыжалі ад холаду, таму што была восень і на світанні лісты зрываліся і даганялі вецер, не датыкаючыся да зямлі. І зоркі гарэлі тады толькі на самым краі небасхілу. А цяпер яны не пакідалі неба, чакаючы зару, каб знікнуць з яго.

А пакуль яны гарэлі ў цішыні, Таня ўсё ішла пры іх святле, накіроўваючыся да лясістага мыса.

Яна ўвайшла ў лес і выбрала сабе шырокую сцяжынку, дзе было святлей, чым пад дрэвамі. Доўгія карані і цені ляжалі ў яе на дарозе. Але ёй не было страшна. Толькі вільготныя лісты вольхі палохалі яе зрэдку, чапляючыся за твар. Яна адхіляла іх рукой. Яна была ў задуменні.

Яна думала: што рабіць, калі Коля скажа ёй аб каханні? Што рабіць? Учора ён прыйшоў да яе і сказаў: «Прыходзь. Я прашу цябе, прыходзь дзеля мяне. Я не бачыў яшчэ сапраўднага світання ў лесе. Прыходзь».

І вось праз імгненне яна прыйдзе.

Што рабіць? Што рабіць наогул, калі табе гавораць пра каханне, а ў цябе ёсць толькі маці, для якой ты ў жыцці адна, і няма ў яе нікога болей?

Яна злёгку дрыжала, думаючы пра гэта, і хуталася ў доктарскі халат сваёй маці, які надзела крадком.

А лес ішоў усё далей і далей, ведучы яе па сваіх сцяжынках да мыса, дзе былі рассеяны вялізныя камяні.

Коля выбраў сабе месца сярод іх. Ён сядзеў і чакаў, гледзячы ў бок лесу. А пад патухлымі зорамі ўжо бялеў пясок і, быццам пад дажджом, блішчала каменне.

Таня з'явілася перад ім раптоўна. Ён не пазнаў яе ў белым халаце і кінуўся прэч ад яе. Таня клікнула яго. Ён азваўся. Але бянтэжлівасць яго прайшла не адразу.

Час цягнуўся павольна. Яны моўчкі ішлі назад да ўзлеску, дзе, быццам верацёны, ахутаныя пражай, стаялі ў дыме востраканечныя елкі.

Яны выбралі лістоўніцу з шырокімі галінамі і спыніліся пад ёй.

— Навошта ты надзела гэты халат? — запытаў Коля.

Таня адказала:

— У мяне цяпер няма той прыгожай сукенкі, якая так падабалася табе.

— Нашто ты гаворыш пра сваю прыгожую сукенку, я яе зусім не памятаю. Я думаю толькі пра цябе.

— Заўсёды? — спытала Таня.

— Заўсёды. Нават тады, калі я цябе не бачу. Вось што для мяне дзіўна.

— Так, гэта дзіўна, — сказала яна.

Потым яны прыселі ля падножжа лістоўніцы і прыслухоўваліся да трэску галін над галавой. Гэта прачыналіся птушкі ў сваіх сховішчах. Над вяршалінай суседняй елкі замахала крыламі арэхаўка і паляцела, пакінуўшы за сабой у цёмным паветры цьмяны след.

— Гэта вельмі дзіўна, — паўтарыла Таня, сочачы за яе палётам. — Вось яна правяла між галін, тут, на елцы, доўгую ноч. А цяпер на зары паляцела… Але гэта добра. Значыць, ты будзеш думаць пра мяне заўсёды і тады, калі мяне тут не будзе? Хутка я паеду.

Коля ціхенька ўскрыкнуў. Ён не пасаромеўся крыкнуць, пачуўшы гэтыя словы, якія за адну секунду перавярнулі яго душу.

Таня ж, наколькі хапала сілы, старалася стрымаць свой голас.

— Хіба ты хочаш паехаць адсюль? — спытаў ён.

— Так, я вырашыла. Няхай бацька застаецца з табой і цёткай Надзяй — яна ж таксама добрая, ён яе любіць. Але я ніколі не пакіну маму. Нам трэба паехаць адсюль.

— Але чаму, скажы мне? Ці ты ненавідзіш мяне, як раней?

— Ніколі не кажы мне пра гэта, — глуха сказала Таня. — Што было са мной спачатку, я не ведаю. Але я так баялася, калі вы прыехалі да нас. Гэта ж быў мой бацька, а не твой. І, відаць, таму я была несправядлівая да цябе. Я ненавідзела і баялася. Але цяпер я хачу, каб ты быў шчаслівы, Коля…

— Не, не! — у хваляванні закрычаў ён, перабіваючы яе. — Я хачу, каб і ты была шчаслівая, і твая маці, і бацька, і цётка Надзя. Я хачу, каб былі шчаслівымі ўсе. Хіба нельга так зрабіць?

— Можа быць, можна, — у роздуме адказала Таня, — не ведаю.

І яна змоўкла, думаючы пра сваё ўласнае шчасце, і пра шчасце бацькі, і пра маці.

Яна сядзела ціха, прыціснуўшыся спіной да цёмнага ствала шырокай лістоўніцы, нібыта ёй хацелася абаперціся на нешта непарушнае, больш надзейнае, чым яе няясныя думкі, што смутна плылі ў яе галаве.

Але і лістоўніца ледзь калыхалася пад сілай ранішняга ветру. Ён ішоў ад кары па вяршалінах, гойдаючы іх.

Світанак каціўся за ім, як прыбой, б'ючыся ў стромую сцяну лесу.

А ў небе над ракой не было ўжо ніводнай зоркі.

— І мне б хацелася, каб усе былі шчаслівыя, — сказала Таня, неадступна гледзячы ўдалячынь, на раку, дзе ў гэты час паднялося і ўздрыгнула сонца. — І вось я прыйшла да цябе. І цяпер пайду. Бывай, сонца ўзышло.

І Таня паднялася з травы, павярнулася спіной да ракі і пайшла па лесе, не разбіраючы дарогі.

Коля дагнаў яе на сцяжынцы, дзе ўбаку між ялін стаялі кедры.

— Таня, не ідзі! — крыкнуў ён. — Хіба сказала ты мне ўсё? Няўжо гэта ўсё?

— Вядома, усё, — адказала яна са здзіўленнем. — А хіба яшчэ што-небудзь трэба табе, Коля?

Ён не асмеліўся зірнуць на яе пяшчотна: ён баяўся пачырванець і апусціў вочы.

Яна ж працягвала глядзець у яго твар з мілай і рахманай увагай.

Тады ён нахіліўся і наблізіў свае вусны да яе шчакі.

Яна не адсунулася ад яго.

Было ціха з усіх бакоў.

І ў тое ж імгненне два гучныя стрэлы прайшліся ў цішыні па лесе. Потым у гарах быў водгук.

Невысокі кедр узмахнуў галінамі, і вялізны фазан у зялёных і залатых пёрках упаў да ног дзяцей.

Яны спалохана разбегліся.

А фазан пачаў біцца ў траве і сціх. І другі фазан з белымі вушамі, праляцеўшы трохі наўскось, зігзагамі, мёртвы прыпаў да зямлі каля Тані.

З-за тоўстых елак выйшаў на сцяжынку бацька. А за ім з'явіўся Філька.

У абаіх былі ружжы ў руках, і блакітны дымок курыўся над іх галовамі між дрэў.

— Цудоўна! — сказаў бацька.

Таня кінулася да бацькі.

Ён нібы зусім не быў здзіўлены, убачыўшы яе ў лесе.

Ён ласкава ўзяў яе пад руку і сказаў:

— Дзеці, пара вам дадому. Сёння апошні экзамен.

Філька ж падабраў цяжкіх птушак, разам з ружжом закінуў іх за спіну, спыніўся побач з Колем.

— А мы, брат, тут палявалі, — сказаў ён. — Шмат фазанаў пасецца раніцай на мысе.

Коля дрыжаў усім целам. Філька зняў сваю куртку і накінуў яму на плечы. Ён узяў яго таксама пад руку.

Але сцяжынка была вузкая для дваіх. І яны пайшлі адзін за адным, а Таня з бацькам наперадзе.

Яна прыціскалася да яго ўсё шчыльней, каб плячом не збіваць расу з дрэў.

Зрэдку яна падымала вочы і глядзела яму ў твар. А ён ступаў па сцяжынцы прама, не баючыся расы і стукаючы абцасамі па каранях. Ён не круціўся, не кружыўся па лесе. Ён быў просты. Ён усміхаўся і трымаў яе моцна.

— Як ты падобна на сваю маці ў гэтым белым халаце! — сказаў ён.

А Таня раптам падняла руку бацькі, паклала сабе на плячо так, як яна ляжала ў першы дзень іх сустрэчы. Потым пагладзіла яе, пацалавала першы раз.

— Тата, — сказала яна, — мілы мой тата, даруй мне. Я на цябе раней сердавала, але цяпер разумею ўсё. Ніхто не вінаваты: ні я, ні ты, ні мама. Ніхто! Але ж многа, вельмі шмат ёсць на свеце людзей, вартых любві. Праўда?

— Праўда, — сказаў ён.

— Ці даруеш ты мне калі-небудзь маю злосць? Я болей не буду сердаваць. А ты, — ціха спытала Таня, — не сярдуеш на мяне, што я была тут у лесе разам з Колем?

— Не, мілая Таня. Я ж таксама знаю: добра ў лесе на світанні!

XXII

Вясна скончылася. Абмялела ля берагоў рака, выступілі камяні, і яшчэ да паўдня награваўся на беразе пясок.

Бляск над вадой зрабіўся вастрэй, драбней. Летняя спёка ўдарала цяпер прама ў горы, і па гарачых токах паветра падымаліся павольна ў вышыню арлы. Толькі з мора далятаў часам чысты вецер і доўга шумеў у лясах.

Таня апошні раз абыходзіла бераг, развітваючыся з усімі. Яна ішла па пяску, побач са сваім ценем, і рака бегла ля самых яе ног — як сябра, праводзіла Таню ў дарогу.

Доўгая пясчаная каса загарадзіла ім абедзвюм дарогу.

Таня спынілася. На гэтай касе раніцай яна любіла купацца з Фількам. Дзе ён цяпер? Цэлую раніцу яна дарэмна шукае яго ўсюды. Ён уцёк, не хочучы развітацца з ёю. Ні тут, ні там не можа яна яго знайсці.

Ці не сама яна вінавата?

Як часта за гэты год, такі багаты для Тані падзеямі, забывалася яна на свайго друга, якога абяцала калісьці ні на кога не мяняць! Ён жа ніколі яе не забываў, заўсёды памяркоўны ў дружбе.

І цяпер, пакідаючы дарагія мясціны, Таня думала пра яго з удзячнасцю, упарта шукала.

— Філька! Філька! — крыкнула яна гучна двойчы.

І вецер аднёс яе голас на самы край касы. І там, з-за пясчанай грады, раптам падняўся Філька і стаў на калені ля вады.

Таня падбегла да яго, пагружаючы свае ногі ў пясок.

— Філька, — сказала яна з дакорам, — маці мяне чакае на прыстані, а я шукаю цябе з самай раніцы. Што ты робіш тут на касе?

— Так, нічога, мала-мала, — адказаў Філька. — Мала-мала ляжу.

Словы яго былі ціхія, вочы ледзь прыадкрытыя. І Таня пасмяялася з яго журботнага выгляду.

— Мала-мала, — са смехам паўтарыла яна і раптам змоўкла.

Ён быў без майкі. І плечы яго, аблітыя сонцам, ззялі, як камяні, а на грудзях, цёмных ад загару, вызначаліся светлыя літары, выведзеныя па-майстэрску.

Яна прачытала: ТАНЯ.

Філька сарамліва закрыў гэтае імя рукой і адступіў на некалькі крокаў. Ён адступіў бы вельмі далёка, зусім пайшоў бы ў горы, але ззаду сцерагла яго рака. А Таня ўсё ішла за ім, крок за крокам.

— Пачакай жа, Філька! — гаварыла яна.

І ён не пайшоў далей.

«Няхай, — рашыў ён, — няхай пабачаць гэта ўсе людзі, раз так лёгка пакідаюць яны адзін аднаго».

Але Таня глядзела не на яго. Яна зірнула на сонца на бляск, рассеяны ў паветры над гарамі, і павярнула пустыя рукі Фількі да сябе.

Яна была здзіўлена.

— Як жа ты гэта зрабіў? — спытала яна.

І ў адказ Філька моўчкі нагнуўся да зямлі і дастаў з-пад кучы адзення, складзенага ім на пяску, чатыры літары, выразаныя ім з белай паперы. Ён паклаў іх на грудзі і сказаў:

— Я кожную раніцу прыходжу сюды і даю сонцу пячы свае грудзі, каб імя тваё засталося светлым. Але прашу цябе, не смейся болей з мяне.

Ён паклаў сваю далонь на горла, што было ў яго знакам найвялікшага смутку. І Таня зразумела, што лепш ёй цяпер не смяяцца.

Яна з новай для яе ласкай зірнула яму ў вочы і ціхенька дакранулася пальцам да яго скуры.

— Які ж ты маленькі, Філька! Ты дзіця. Гэта ж усё адгарыць і знікне, як толькі надыдзе зіма і ты надзенеш кашулю.

Філька нахмурыў твар, здзіўлена абвёў вачыма наўкола — і гарачы пясок і раку, што зіхацела між гор падобна залатой даліне. Разгубленасць яго была вялікая. Ён забыў пра зіму, ён зусім не думаў пра яе, калі паліў сваё цела пад сонцам.

«Дурань, дурань!»

Ён гатовы быў махнуць на сябе рукой.

— Але сонца такое дужае, — сказаў ён усё ж упарта. — Няўжо ўсякі след знікне? Можа, што-небудзь і застанецца, Таня? Падумай.

І Таня, падумаўшы нядоўга, згадзілася з ім.

— Цудоўна, — сказала яна. — Што-небудзь павінна застацца, усё не можа мінуцца. Інакш куды ж… — спыталася яна са слязьмі, — куды ж падзенецца наша верная дружба навекі?..

Дзеці абнялі адзін аднаго.

Цёплае паветра абдало іх твары. Адзінокія птушкі глядзелі на іх з вышыні.

Скончылася маленства! Як гэта здарылася? І хто б мог ім пра гэта сказаць? Ні пясок, ні лес, ні камяні, якія былі з імі заўсёды.

Толькі родная рака іх бегла ўсё далей да ўсходу, струменілася паміж цёмных гор. І там, у непрагляднай далечы, паўставала перад імі іншая, чарадзейная краіна, распасціраўся светлы край.

І, абняўшыся, яны неадрыўна глядзелі ў адзін бок, не назад, а наперад, таму што ў іх яшчэ не было ўспамінаў.

Але першы смутак расстання патрывожыў іх.

— Бывай, дзікі сабака дзінга, — сказаў Філька, — бывай!

Яму хацелася горка заплакаць, але ён быў хлопчык, які нарадзіўся ў маўклівым лесе, на беразе суровага мора.

Ён лёг на пясок ля вады і заціх.

А Таня пайшла па пяску ўздоўж ракі, і чысты вецер, што прыляцеў з таго ж суровага мора, дзьмуў увесь час ёй ў твар.

Примечания

1

Шампунка — рыбацкая лодка кітайскага тыпу.

(обратно)

Оглавление

  • I
  • II
  • III
  • IV
  • V
  • VI
  • VII
  • VIII
  • IX
  • X
  • XI
  • XII
  • XIII
  • XIV
  • XV
  • XVI
  • XVII
  • XVIII
  • XIX
  • XX
  • XXI
  • XXII Fueled by Johannes Gensfleisch zur Laden zum Gutenberg

    Комментарии к книге «Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне», Рувим Фраерман

    Всего 0 комментариев

    Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!