«Iвета»

1326

Описание



Настроики
A

Фон текста:

  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Текст
  • Аа

    Roboto

  • Аа

    Garamond

  • Аа

    Fira Sans

  • Аа

    Times

Эльза Трыяле

Iвета

Пераклад: Л.Казыра

Калi ў гэтым горадзе i было што прыгожае, то гэта парк на фоне аголеных гор пясчанага колеру. Вострыя горныя вяршынi, здавалася, даставалi да самага неба. Неяк дзiўна было бачыць на гарызонце горы, бо гарызонт як быццам бы павiнен быў засланяцца дамамi. Але справа ў тым, што горад быў не такi вялiкi, як магло падацца на першы погляд: высокiя будынкi ў цэнтры - мясцовыя небаскробы, цесныя завулачкi вакол сабора, дзе жыла бедната, новенькiя акуратненькiя вiлы ў толькi што забудаваным квартале, дзе чамусьцi нiкога не было вiдно, - усё гэта сваёй маштабнасцю магло ўразiць толькi турыстаў. А мясцовыя жыхары добра ведалi, што прайсцi гэты гарадок з канца ў канец можна было за лiчаныя хвiлiны. Парк, якi, здавалася, быў цэнтрам горада, куды ўпiралася асноўная магiстраль, што iшла ад вакзала, на самай справе знаходзiўся на ўскраiне, i таму фонам яму былi горы ды неба.

Парк красаваўся ў далiне. Туды можна было спусцiцца па высокай прыгожай лесвiцы або па шырокай алеi, абапал якой стаялi белакаменныя скульптуры. I варта было зрабiць толькi некалькi крокаў, як чалавек нiбы трапляў у iншы свет: дыхалася лёгка i прыемна, вочы супакойвалiся ад зелянiны i квеценi, а знiзу даносiўся невядомы цудоўны водар, якi, напэўна, iшоў вунь ад тых вялiкiх ружовых кветак, што раслi на лужку пад экзатычнымi дрэвамi... Чалавек рабiў яшчэ два-тры крокi - водар станавiўся мацнейшым, цягнуў да сябе як магнiтам, i на апошнiх прыступках лесвiцы ўжо хацелася бегчы, каб хутчэй апынуцца ў раi.

Чаго тут толькi не было: зялёныя падстрыжаныя газоны, царства рознакаляровых кветак, дрэвы рэдкiх парод, на якiх вiселi шыльдачкi, прасторныя паляны, абкружаныя векавымi дубамi, шырокiя прамыя алеi, ручаёк, уздоўж якога змейкай вiлася вузенькая сцежка, сажалка, цi, дакладней, ставок, дзе плавалi качкi. А крыху воддаль вiднеўся гай. Там на волi бегалi ланi. Былi тут i клеткi з птушкамi. Каля клетак важна паходжвалi паўлiны, распусцiўшы нiбы напаказ свае залацiстыя сiне-зялёныя хвасты. Ну, а белых галубоў было столькi, што пра iх i гаварыць не даводзiцца. У самым канцы парку стаяла агароджа, а за ёй - пыльная дарога, прыгарадныя рэстаранчыкi i аголеныя горы пясчанага колеру...

Адна круглая паляна была адведзена для дзяцей. Тут пад шатамi высокiх разгалiстых дрэў, нiбы ў велiзарнай палатцы, створанай самой прыродай, можна было ўратавацца ад сонечнай спёкi i дажджу. Самых маленькiх тут чакалi пясочнiцы; большых запрашалi да сябе арэлi i кольцы. Вакол стаялi лаўкi i металiчныя крэслы са спружынiстымi сядзеннямi. Такiя крэслы вiднелiся i ў iншых месцах парку: дзе па чатыры, дзе па шэсць, дзе па два - яны былi расстаўлены ў кружок або ў рад i нiбы прапаноўвалi наведвальнiку: пасядзi тут, перадыхнi...

Быў гэта рай зямны, пакiнуты Адамам i Евай, цi рай нябесны, прызначаны для праведнiкаў? Рай першароднага грэху цi ўсiх дабрачыннасцей? Як бы там нi было, але цяпер ён пуставаў. Пыльны горад кiшэў людзьмi, а ў парку не было нi душы. Мясцовыя жыхары прыходзiлi сюды не часцей, чым парыжане падымаюцца на Эйфелеву вежу. Нiхто не сядзеў на металiчных крэслах, хоць чамусьцi здавалася, што на iх толькi што адпачывалi людзi, нiхто не прыплюшчваў вочы, упiваючыся гэтым непаўторным водарам, нiхто не любаваўся ланямi i паўлiнамi... Жоўты пясочак для немаўлят паступова ператварыўся ў пыл, а вяроўкi на арэлях згнiлi... Парк абязлюдзеў. Праўда, як i раней, тут заставалiся раслiны, дрэвы, птушкi, звяры ды яшчэ адзiнокiя садоўнiкi i вартаўнiкi.

Зрэшты, бывалi тут i яшчэ дзве жывыя iстоты: Iвета i Дэдэ. Яны прыходзiлi ў парк з тае самае пары, калi Дэдэ быў у два разы старэйшы за Iвету, гэта значыцьi калi ёй было тры гады, а яму шэсць. З часам рознiца гэтая згладзiлася, i абодвум стала ясна, што iх проста раздзяляюць усяго толькi тры гады.

Але ў любым узросце - i калi яны поўзалi ў пясочнiцы, i калi гулялi ў хованкi цi каталiся на арэлях, i калi цалавалiся ў кустах недалёка ад стаўка, i калi Дэдэ чытаў вершы, а Iвета не слухала, бо ў яе кружылася галава ад поцiску сябравай рукi, - у любым узросце, пакуль яны хадзiлi ў парк, яны хадзiлi разам i бывалi заўсёды разам. Пакуль яны хадзiлi ў парк... Гэта быў iх парк, iх дом, iх радзiма...

...Банальная гiсторыя, калi толькi можна назваць злачынства банальным. А вайна - што можа быць больш банальным за вайну! Але вайна тут нi пры чым. Не вайна прагнала iх з раю, яны самi, па сваёй волi, пакiнулi яго...

Дэдэ вучыўся ў Парыжы. Iвета працавала ў бацькавай краме "Дамскае гатовае адзенне". Гэта прыгожая крама з вялiкiмi люстранымi вiтрынамi стаяла на рагу цэнтральнага праспекта i адной невялiчкай вулiцы.

Iвета была мiлая, добрая i, на сваю бяду, прыгожая. Не было ў ёй нi кропелькi злосцi, як не знойдзеш i намёку на горыч у трапiчным плодзе папаi. Яна ветлiва абслугоўвала пакупнiкоў, а яе цярпенню, здавалася, не было мяжы. Заўсёды з усмешкай завiхалася яна за прылаўкам, i ў гэтай натуральнай, непадробнай усмешцы не было нiчога ад пастаўленай гандлярскай ухмылачкi. З любоўю, пяшчотай адносiлася яна i да бацькi - высокага худога мужчыны, хворага на страўнiк, i да мацi - рухавай мажнай кабеты, якая вечна задыхалася ў сваiм цесным гарсэце. Мацi была трохi бесталковая i мiтуслiвая, затое бацька любiў парадак i, за што нi браўся - усё даводзiў да ладу.

Бацькi не вельмi турбавалiся пра паводзiны дачкi ў вольны час - i так яна, бедная, не зведала маладосцi з-за гэтай вайны, дык цi варта пазбаўляць яе хоць нямногiх забаў, якiя яна можа сабе дазволiць...

Таму дома дзяўчына вечарамi не сядзела, а бацькi не пыталiся, куды яна ходзiць i з кiм бавiць час. Суседзi, праўда, прыкмячалi, што Iвета заўсёды вяртаецца ў самы апошнi момант перад каменданцкай гадзiнай, i лiчылi яе не вельмi сур'ёзнай дзяўчынай. Гэтыя бясконцыя перашэптваннi ў садку, гэтыя два ценi на белай сцяне крамы... Што тут гадаць, хiба гэта да твару прыстойнай дзяўчыне - думалi i гаварылi суседзi...

Пачуўшы, як пстрыкае ключ у замку, мацi падавала голас: "Гэта ты, Iвета? Зайдзi пацалуй нас".

Iвета заходзiла ў спальню бацькоў, там было душнавата i пахла чымсьцi такiм знаёмым! Гэты пах Iвета памятала з самага маленства, калi, бывала, тата з мамай у нядзелю маглi паляжаць у пасцелi пазней i клалi яе памiж сабой на шырокi ложак. Фiранкi былi шчыльна завешаныя, i толькi на тумбачцы гарэў начнiк пад сiнiм абажурам. На крэслах валялася знятая адзежа, стары халат, з якiм бацька нiяк не хацеў развiтвацца, - нiшто так добра не грэе, як старыя рэчы, - мамiна бялiзна... На тумбачцы каля бацькi ляжалi яго пазалочаныя акуляры, кнiжка i мноства пакецiкаў i бутэлечак з лякарствамi. Яго залаты кiшэнны гадзiннiк вiсеў на сцяне ў туфлiку, якi Iвета вышыла яшчэ тады, калi ледзьве навучылася трымаць iголку ў руках. Гадзiннiк падвешвалi да пяткi, а ланцужок хаваўся ў носiку туфлiка. Ля галавы мацi на мармуровай плiтцы тумбачкi ляжалi шпiлькi для валасоў, грабеньчыкi, пярсцёнкi i маленькi гадзiннiчак, якi цiкаў сабе ў мёртвай цiшынi каменданцкага часу. Тут, у спальнi, можна было адпачыць па-сапраўднаму. Тут мацi здымала гарсэт, а бацька мог пакрактаць ды паскардзiцца на боль у страўнiку. Тут душа знаходзiла спакой, калi было асаблiва цяжка. Тут нарадзiлася Iвета. Тут з боку на бок варочаўся бацька, калi не мог у канцы месяца звесцi рахункi. Тут на маленькiм квяцiстым дыванку перад ложкам Iвета гуляла, пакуль мама апраналася. А вось гэтае люстэрка на трохстворкавай палiраванай шафе бачыла, як краўчыха прымярала Iвеце сукенку i як падрастала, сталела Iвета...

Iвета прысаджвалася з краю ложка, i трэба было быць сляпым, як гэта i здараецца з бацькамi, каб не бачыць, якой узбуджанасцю свяцiўся яе твар, як блiшчалi яе вочы, як цудоўна выглядалi яе губы, з якiх сцерлася памада, як безабаронна i спакуслiва гарэлi яе шчокi...

- Ну што, развеялася трохi? - пытаўся бацька, худы, доўгi, нiбы шост; твар яго бялеў сярод белых падушак. А мацi тым часам цмокала дачку ў абедзве шчакi. На яе яшчэ бялявых валасах была сетка, а фланелевая кашуля на мажным целе нагадвала бурдзюк з вадой.

Iвета пераказвала змест вячэрняга фiльма i апошнiя гарадскiя плёткi пра канец вайны, пра ад'езд цi прыезд немцаў...

- Сёння ангельцы перадавалi... - пачынаў бацька.

А мацi скардзiлася, што тата зусiм галаву страцiў з гэтым радыё... тым больш маючы такiх суседзяў... Ды што там суседзi, калi кожны прахожы можа ўдаць...

Iвета iшла на кухню, гатавала там чай, падавала яго на падносе разам з пячэннем i цукеркамi, што заставалiся ад кiно. Потым яна выключала святло, а мацi ўсё павучала бацьку, што трэба быць больш абачлiвым i асцярожным, а то вунь кожны дзень забываецца завешваць вокны ў сваёй канторцы, i ўсё iдзе да таго, што немцы такi паласануць з аўтамата калi-небудзь па акне...

Iвета выходзiла з бацькоўскай спальнi i шчыльна зачыняла за сабой дзверы. I тады ў цемры чуўся бацькаў голас:

- Слухай, мацi, а цi не здаецца табе, што наша дачка з кожным днём прыгажэе...

- У нас з табой не дачка, а золата, - шаптала мацi ў адказ, - i прыгожая, i добрая, i пяшчотная... Але пара спаць, бацька. Дабранач...

Iвета хуценька раздзявалася i клалася спаць. Хацелася хутчэй заплюшчыць вочы i хоць у думках зноў апынуцца на спатканнi. Учора яе праводзiў П'ер, сёння - Жак... А зрэшты, якая рознiца? П'ер цi Жак або яшчэ хто-небудзь - усе яны добра паводзяць сябе, паважаюць яе, i яна iм жадала толькi дабра...

Мелi рацыю яе бацькi, калi гаварылi, што яна не толькi прыгожая, але i добрая... Вось ёй ужо стукнула 20, а ў яе аблiччы, паводзiнах яшчэ столькi дзiцячага: гэтая акругленасць шчок, гэтыя ямачкi на руках, гэтая манера прычэсвацца без люстэрка i абы-як утыкаць грабеньчык у густыя чорныя валасы, гэтая наiўная бессаромнасць, з якой яна выстаўляла напаказ свае голыя каленi, гэтае новае, патаемнае любаванне ўласнымi грудзьмi... А грудзi, мiж iншым, былi ў яе выразныя, налiтыя, пругкiя, як у сталай жанчыны, i губы яна фарбавала па-даросламу. Ох, як прыгожа бялелi памiж гэтымi чырвоненькiмi губкамi чыстыя роўныя моцныя зубы. Ды i ўся Iвета была такой жа чыстай, здаровай, моцнай, як i яе зубы.

Дэдэ рэдка цяпер наведваўся ў родны горад. I ўсё ж калi ён прыязджаў, то перш-наперш забягаў у краму да Iветы i толькi пасля сумеснай прагулянкi ў парку ехаў на ровары ў прыгарадны бацькоўскi маёнтак. Прыемна было пахадзiць па алеях знаёмага парку-раю, ды толькi гэты новы Адам з ясным i ўжо вопытным позiркам трымаўся неяк холадна, адчужана, i здавалася, што ён зноў удвая старэйшы за Iвету. Можа, таму i яна не дазваляла сабе пры iм нiякiх вольнасцей i паводзiла сябе так, нiбы побач з ёю iшоў строгi настаўнiк. Цяпер у кожнага з iх было сваё жыццё са сваiмi радасцямi, трывогамi, таямнiцамi... Праўда, сёе-тое пра Дэдэ Iвета ведала. Ведала яна не толькi гэты яго крыху мешкаваты пiнжачок, якi матляўся на плячах, як на вешалцы, не толькi гэтую наросхрыст расшпiленую кашулю, што ледзьве прыкрывала яго ўпалыя грудзi, не толькi гэтыя зашырокiя ў талii штаны, моцна сцягнутыя рэменем (туга падпяразваў ён свае портачкi i ў дзяцiнстве, бо яны вечна спадалi). Ведала яна i гэтыя жоўтыя скураныя пальчаткi, што вытыркалiся з кiшэнi разам з газетай i кнiжкай, i гэты хуткi позiрк, нiбы метка кiнуты каменьчык, i гэтыя рукi з тонкiмi пальчыкамi, i гэтыя нiколi не ваксаваныя чаравiкi, i гэты спакойны, крыху самаўпэўнены выгляд, ад якога рабiлася i радасна, i трывожна i за якiм хавалася штосьцi патаемнае... Ведала яна i тое, што Дэдэ вёў у Парыжы вясёлае жыццё, як i належыць юнаку з багатай сям'i, i што бацькам было чым аплочваць гэтае вясёлае жыццё, для якога сынок як быццам i быў створаны. Чуткi пра яго парыжскiя любоўныя iнтрыгi дакацiлiся i да роднага горада. Ведала яна i пра тое, што за спартыўнай знешнасцю гэтага чалавека хаваецца страшная хвароба. У яго пачынаўся туберкулёз, - людзi казалi, што гэта ад зацятасцi, бо чым бы ён нi займаўся: спортам, каханнем, навукай - ён за ўсё браўся надта зацята.

Iвета ведала таксама, што за нейкiя лiстоўкi ён паўгода адсядзеў у турме. Яна тады без нiякай цiкавасцi аднеслася да гэтага здарэння, якое ледзьве не каштавала яму жыцця, а калi адразу пасля турмы ён прыйшоў да яе, яна толькi i сказала:

- Ну, вядома ж, ты тут нi пры чым. Якi табе iнтарэс улазiць у такiя справы...

- Ну, вядома! - гаркнуў тады ў адказ бледны схуднелы Дэдэ i пасля гэтага доўга не прыязджаў у родны горад.

* * *

Дэдэ падышоў да знаёмай крамы. Сярод белага дня на вiтрынах вiселi цяжкiя металiчныя шторы. Хвiлiну-другую малады чалавек пастаяў, падумаў, а потым пакрочыў да суседняй кандытарскай. Убачыўшы на парозе Дэдэ, гаспадыня, мадам Бенуа, голасна заплакала. Градам пасыпалiся слёзы на яе чорную сукенку з белымi карункамi: вось ужо дзесяць дзён, як гестапа арыштавала месьё i мадам Валон, Iвету забралi таксама... Ноччу ўварвалiся ў дом i ўсiх павялi... Кажуць, што iх абвiнавачваюць у тым, што яны мелi радыёперадатчык... Кажуць, што яны - жыды, гэта ж трэба выдумаць такое! - а дачка, кажуць, сустракалася з парашутыстамi... ноччу, кажуць, хавала iх у краме i прыносiла iм ежу... кажуць... Не, нiякiх вестак ад iх няма... як забралi, дык нiхто iх больш не бачыў... Кажуць, што iх пасадзiлi ў гарадскую турму, а адтуль мала хто выходзiць... Вось хутка два тыднi... - зноў залямантавала мадам Бенуа.

Не заходзячы дамоў, Андрэ адразу знiк з горада. Праз тры днi ён зноў бег з вакзала ў краму. На вiтрынах, як i мiнулы раз, вiселi жалезныя шторы. Гаспадыня кандытарскай расказала яму, што мадам Валон i Iвету адпусцiлi, а вось бацьку да гэтага часу катуюць у турме. Кажуць, немцы яму прыпомнiлi 1924 год, калi ён быў кандыдатам на выбарах ад сацыялiстычнай партыi... А немцы, мусiць, надта не любяць сацыялiстаў... Кажуць, мадам Валон i Iвету збiлi да смерцi, i мадам Валон нiбыта сказала, што ёй сорамна паказацца на людзях... А што ўжо будзе з яе мужам, то бог ведае... У яго ж такi хворы страўнiк, i мадам Валон сказала, што калi з мужам што здарыцца, то яна не перанясе гэтага... Плача, бедная, дзень i ноч...

Дэдэ выйшаў на вулiцу i накiраваўся да дома Iветы. У яго ў кiшэнi ляжала пiсьмо да прэфекта - за тры днi, пакуль быў у Вiшы, Дэдэ зрабiў усё, што мог. Прасцей, вядома, было звярнуцца да бацькi, але прасiць яго... Да таго ж раз абедзвюх жанчын выпусцiлi... I тут ён убачыў Iвету на ровары.

- Iвета!

Паглядзеўшы, як весела яна нацiскае на педалi i як здалёк усмiхаецца на ўвесь рот, мюжна было падумаць, што адчувае яна сябе проста цудоўна! Аднак калi яна пад'ехала блiжэй i злезла з ровара, у Дэдэ заныла сэрца. Божа! Як жа яна змянiлася! Пад вачыма чорныя кругi, рукi сiнiя, доўгiя ногi яшчэ больш выцягнулiся, спаднiца ледзьве трымаецца на шпiльцы... Але асаблiва перамянiўся выраз твару: знаёмыя рысы нiбы закамянелi...

- Пойдзем у парк, - сказаў Дэдэ i далiкатна, нiбы датыкаючыся да найдаражэйшай крохкай вазы, узяў яе пад руку.

Моўчкi спускалiся яны па лесвiцы: гэта была iх завядзёнка - пасля сустрэчы памаўчаць i пачынаць гаворку толькi тады, калi сыдзеш з апошняй прыступкi. Як лёгка i прыемна тут дыхалася! У той майскi дзень парк выглядаў так прыгожа, што нават яны, як быццам i звыклыя да гэтага хараства, адчулi сябе як у зачараваным царстве. Моўчкi дайшлi яны да стаўка. Тут, як i год назад, стаялi два крэслы, на якiх, здавалася, толькi што сядзела нябачная парачка. У парку не было нi душы... Ох, банальная, якая банальная гiсторыя!..

- Цябе бiлi, Iвета?

- Ды што ты, не! - Iвета глядзела на Дэдэ са сваёй заварожлiвай усмешкай.

- А як гэта ўсё здарылася? За што вас?.. I што будзе з бацькам?

- Нехта напiсаў данос... Нямецкi афiцэр гаварыў мне, што яны заўсёды так робяць: раз ёсць сiгнал - чалавека арыштоўваюць, а потым ужо высвятляюць. Калi нiчога такога не знаходзяць, чалавека вызваляюць. I бацьку, вядома, адпусцяць.

Усё гэта яна сказала такiм мiлым, спакойным тонам, нiбы расказвала пра штосьцi звычайнае i прыемнае.

- А ў чым жа шукаюць бацькаву вiну?

- Не ведаю... Адно мне толькi ясна, што нiякай крамолы ён не зрабiў...

- Ты ўпэўнена? Шкада...

- Шкада? Ты што, хочаш, каб бацьку там i трымалi? - разгневалася Iвета.

- Бедненькая мая... Табе было балюча, скажы...

- Не, - адказала Iвета i паглядзела яму проста ў твар сваiмi спакутаванымi вачыма. - Маладых яны не катуюць... З маладымi i больш-менш прыгожанькiмi яны ласкавыя, ветлiвыя... Аж залiшне ласкавыя, - i яна паблажлiва ўсмiхнулася.

- Залiшне ласкавыя, каб быць прыстойнымi. Ды што гэта я? Пра якую прыстойнасць тут можна... Паслухай, а мацi? Яна ж не маладая!

- Маму яны бiлi.

Дэдэ адвёў вочы ўбок.

- Кажуць, так ужо збiлi, што аж не можа сесцi, - раўнадушна прамовiў Дэдэ.

- Ну, гэта ўжо выдумкi! Людзi самi не ведаюць, што плятуць. Ну, бiлi, вядома, па твары... Ты ж ведаеш маму... Не, каб памаўчаць ды спакойна гаварыць... Яна ж крычала, закатвала сцэны, сама задавала немцам пытаннi, а на iхнiя адказваць не хацела.

Дэдэ апусцiў галаву:

- А з бацькам што?

- Не ведаю. Падобна на тое, што з мужчынамi яны вельмi жорсткiя... Зрэшты, хутка я пабачуся з бацькам... Адзiн афiцэр абяцаў дапамагчы... Занясу перадачу... Ён жа, бедалага, не можа есцi хлеба... Як з'есць, дык адразу прыступ. Трэба будзе сабраць сухароў ды занесцi...

Качкi вылезлi на бераг i, валюхаючыся, па-качынаму, шпацыравалi па траве. Сярод iх вылучалася адна асаблiва гаваркая i рухавая качачка. Iвета глянула на яе i, успомнiўшы вядомы мульцiк пра качара Дональда, весела рассмяялася... Якая ж яна малайчына, гэтая мiлая, слаўная дзяўчынка...

- Iвета, а як было з табой? Як цябе дапытвалi?

- Ды так... глупства... Лейтэнант усё скардзiўся...

- Ах, лейтэнант нават? I малады?

- Малады i да таго ж бландзiн. Такi самы бялявы, як я смуглая. I ведаеш, такi ўжо чысценькi, такi акуратненькi, ну проста дзiва было глядзець на такога дагледжанага чалавека. Мы ж усе пакутавалi ў страшэннай гразi. Увогуле, я табе скажу, нямецкiя афiцэры ўсе такiя ладныя, стройныя, высокiя. Дык вось гэты лейтэнант усё скардзiўся, што ў нас жанчыны не вельмi згаворлiвыя, не хочуць нiдзе бываць з немцамi. Перад тым як прыехаць сюды, ён служыў у Парыжы i кажа, што парыжанкi куды лагаднейшыя...

- Прастытуткi ўсюды ёсць, - прамармытаў Дэдэ.

Iвета з цiкавасцю сачыла за рухавай качачкай, якая цяпер ужо горда плыла па люстраной роўнядзi, сарамлiва хаваючы пад вадой свае няўклюдныя лапкi.

- Я пайду, - сказала Iвета. - Мацi адна ў пасцелi. Плача, бедная, i плача. Як нi ўгаворвалi, як нi супакойвалi, а яна лье i лье слёзы.

- Я, бадай, праводзiць цябе не буду. Ты ж усё роўна на ровары, - неяк нерашуча сказаў Дэдэ i акiнуў яе разумеючым мужчынскiм позiркам...

Ён доўга глядзеў ёй услед... Загадкавая натура гэтая Iвета... Нiколi да канца яе не зразумееш, пра што яна думае, чаго хоча ад жыцця, да чаго iмкнецца?.. Доўга сядзеў Дэдэ, прыгнечаны нейкай беспрычыннай тугой, якая была не пад сiлу нават яму, мужчыну. А парк, гэты страчаны рай, рассцiлаў перад iм свой атлас, аксамiт, муар, свае шырокiя габелены, дзе з-за дрэў выглядваюць бiблейскiя ланi, грацыёзныя, наiўныя, прыгожыя i загадкавыя... Калi побач была Iвета, парк пераставаў быць паркам, ён нiбы рабiўся проста шлейфам яе сукенкi... "З маладымi i больш-менш прыгожанькiмi яны ласкавыя, ветлiвыя... Аж залiшне ласкавыя..." Дэдэ ўявiў сабе камеру. Ён добра ведаў, што такое камера. Уявiў сабе пакой, дзе вядуцца допыты, i афiцэра, высокага лейтэнанта-бландзiна.

Успомнiў позiрк Iветы, калi сам сказаў: "Прастытуткi ўсюды ёсць..."

Дэдэ агарнула страшэнная туга, такая туга, што пакiдае след на ўсё жыццё. Абы толькi Iвета стрымала сваё слова i напiсала яму. А раптам яе зноў забяруць? Немцы - як сабакi. А сабакi любяць вяртацца на тое месца, дзе хоць раз падымалi ножку. Так i гэтыя: калi пабывалi ў доме, то быць не можа, каб зноў не заявiлiся. Дэдэ закашляўся - як быццам у яго ёсць час хварэць!

* * *

"З бацькам я не пабачылася, - пiсала Iвета, - i перадач не прымаюць..."

"Бацьку перавезлi ў Парыж, у турму Фрэн, мне так i не ўдалося з iм пабачыцца", - пiсала Iвета.

"Нiякiх звестак ад бацькi няма", - пiсала яна.

* * *

Жалезныя шторы былi апушчаныя, i Дэдэ зноў мусiў iсцi ў кандытарскую да мадам Бенуа.

- Iвета ў шпiталi, - уздыхнула мадам Бенуа, - у яе перытанiт. Я ўпэўнена, што мацi не вытрывае i ўтопiцца, калi Iвета памрэ. А божа мой, якое няшчасце! Такая прыгожая дзяўчына, такая мiлая, добрая...

- Але ж яна жывая? Скажыце мне праўду!

- Ды што вы... у яе апендыцыт, ну... нейкi злаякасны апендыцыт... Мацi ўсiм кажа, што гэта апендыцыт...

- У якiм шпiталi яна ляжыць?

Не адразу загаварыла мадам Бенуа. Без нiякай на тое патрэбы яна перастаўляла з месца на месца пустыя вазы.

- Вядома, не мая гэта справа - даваць вам парады, але, месьё Дэдэ, лепш не хадзiць туды... Бедная мадам Валон, свету белага не бачыць ад гора...

- Паслухайце, мадам Бенуа, калi Iвета жывая i нават калi мёртвая, скажыце мне, дзе яна!

Мадам Бенуа разглядвала свае карункi на манжэтах, паправiла пярсцёнкi на худых маршчынiстых руках...

- Ну што ж, раз вы такi настойлiвы... Яна ў шпiталi доктара Машона.

Дэдэ куляй вылецеў з кандытарскай, прабег уздоўж крамы з апушчанымi шторамi... Немцы запрудзiлi ўсю вулiцу, кавярнi, крамы, тапталiся ля вiтрын, любуючыся дамскiмi кашулямi, станiкамi, настольнымi гадзiннiкамi, бiжутэрыяй... У касках i з аўтаматамi раз'язджалi на матацыклах, iмчалiся на шыкоўных машынах...

У гэтыя першыя вераснёўскiя днi было вельмi ветрана. У цэнтральным кiнатэатры iшоў фiльм "Вячэрнiя госцi"*. На крывых вузкiх завулках вакол сабора корпалiся мурзатыя басаногiя дзецi. Пасярод рыначнай плошчы, амаль бязлюднай у гэты час, каля самага фантана курчыўся ад болю хлопчык гадоў чатырох. Яго рвала. Побач стаялi дзецi i сумна пазiралi на пакуты малога. Адна дзяўчынка спагадлiва паклала яму на плячо руку i ўсё паўтарала: "Нiчога, Жано, пацярпi, пацярпi..." Малога рвала крывёю, але ён спрабаваў не падаваць выгляду, што яму балiць, i стараўся трымацца, як дарослы мужчына.

* "Вячэрнiя госцi" - фiльм, створаны паводле сцэнарыя Жака Прэвера. Стылiзаваны пад сярэднявечнае фаблiо, гэты паэтычны фiльм апавядае пра барацьбу Дабра са Злом, аб перамозе Кахання.

Дэдэ хутка перасек плошчу. Яго падбiтыя цвiкамi чаравiкi грукаталi, як падковы. Дыхнула смуродам ад канавы. Нейкiя чарнявыя людзi, не то цыганы, не то армяне, штосьцi абмяркоўвалi памiж сабой, энергiчна размахваючы рукамi...

Дэдэ прайшоў яшчэ з паўкiламетра. Далей горад канчаўся, i пачыналася шаша. Над уваходам вiсела шыльдачка. Там было напiсана, што тут i знаходзiцца шпiталь доктара Машона.

- Так, - сказала санiтарка, - можаце да яе зайсцi. Мадам Валон якраз пайшла трошкi адпачыць... Што вы, што вы, самая страшная небяспека ўжо ззаду...

Iвета ўсмiхнулася, калi ён зайшоў, а Дэдэ стала страшна. Усмешка не магла схаваць слёзы горкiх пакут, i ад гэтага рабiлася страшна.

- Бедненькая мая! Табе зрабiлi аперацыю? Ну як, усё нармальна?

Ён прысеў на светлую табурэтку каля белага жалезнага ложка. На акне вiселi светлыя, у гарошак фiранкi, сцены былi пафарбаваныя ў нябесна-блакiтны колер. На столiку, засланым карункавым настольнiкам, красаваўся букет кветак. Але нельга было схаваць эмалiраваных сасудаў i гэтага спецыфiчнага шпiтальнага паху.

- Нiчога страшнага не было, так сабе, - адказала Iвета i ўзняла на яго свае стомленыя вочы. Божа мой, ды гэта ж зусiм не яе вочы! I раптам яму здалося, што цяпер яна ўдвая старэйшая за яго... У яе былi вочы сталай жанчыны з усiм вопытам жаночага жыцця i жаночых бед. Ох, гэтая недасягальная Iвета...

- Табе не ўсё выразалi? - суха спытаўся Дэдэ. Гэта было не проста пытанне, а прыём следчага, пастка.

Яе як быццам i не здзiвiла гэтае пытанне... Зрэшты, хiба яе разбярэш, гэтую Iвету. Гэта магло азначаць i прызнанне, i неразуменне, а можа, гэта была хiтрасць... Дэдэ расшпiлiў скураную куртку - яму стала горача.

- Не, - адказала Iвета, - мне ўвогуле нiчога не выразалi. Дробязь... Нiчога сур'ёзнага са мной не было...

Далей распытваць пра хваробу Дэдэ не адважыўся.

- Ну, а як бацька? - запытаўся ён.

- Бацьку адправiлi ў Германiю.

Больш пытанняў Дэдэ не задаваў, бо сам стамiўся ад гэтай размовы не меней, чым Iвета. Ён не ведаў, што i думаць, нiяк не мог сабе ўцямiць, што гэта ахвярнасць або легкадумная разбэшчанасць...

Праз месяц Дэдэ прыехаў зноў. Iвета была ўжо на нагах, калi толькi гэтая не вельмi маладая i не вельмi прыгожая жанчына была Iвета. Яна стаяла за прылаўкам i нешта паказвала пакупнiцы.

- Дапамагаю вось маме, - сказала Iвета, калi пакупнiца пайшла, - яна адна тут не ўправiцца...

А мадам Валон не давала ёй спакою:

- Не стой, Iвета, табе нельга стаяць... Пакупнiкi i не здагадваюцца, што я ледзьве ў труну не паклала дачку. Дэдэ! Яна ж пятнаццаць кiлаграмаў страцiла. Iвета, дарагая мая, сядай, прашу цябе, сядай, не стой...

Мадам Валон была непрычасаная, хадзiла ў запэцканым халаце i стаптаных туфлях. У краме таксама панаваў беспарадак. Усюды валялiся нейкiя скрынкi, пакеты, паламаныя крэслы... У бакоўцы побач з прылаўкам вiдаць была гурба вугалю, i на ўсiм, да чаго нi дакранешся, ляжаў тоўсты слой чорнага пылу. Вугаль паскрыпваў нават пад нагамi. I ў бакоўцы, i ў самой краме стаяў змрок пабiтыя шкляныя вiтрыны амаль усюды былi залатаны дошкамi i фанерай.

- Нас абакралi, - растлумачыла Iвета, - пабiлi шкло i вынеслi ўсё, што можна было панесцi... Як не шанцуе, дык не шанцуе, - неяк мiла падагульнiла яна.

А Дэдэ аж кiпеў ад злосцi. Гэта ж трэба! Над ёй наглумiлiся, наздзеквалiся, змяшалi з гразёю, а ёй, бачыце, не шанцуе! Толькi i бяды! Якая сцiпласць...

- А што з бацькам? - запытаўся ён, спадзеючыся пачуць у адказ штосьцi страшнае, абы толькi выбiць яе з раўнавагi, абы толькi яна заплакала, загаласiла, пачала раскiдаць праклёны!..

- Тата ў Германii. Атрымалi дазвол на пасылкi. Паслалi ўжо некалькi... Невядома толькi, цi даходзяць яны да яго...

Яна гаварыла спакойна i яшчэ спрабавала хоць трохi прыбраць на прылаўку. Пазногцi ў яе вельмi адраслi i чаплялiся за шоўк сукенкi, якую яна складвала ў скрыначку, а збялелыя, бяскроўныя пальцы здавалiся яшчэ даўжэйшымi. Дэдэ чамусьцi прыгадалася бульбiна, якая пусцiла парасткi... Звычайна Iвета коратка падстрыгала свае густыя чорныя валасы. Цяпер яны падалi на шыю няроўнымi жорсткiмi прамымi пасмамi. I сама Iвета, здавалася, яшчэ больш вырасла... Голыя худыя бледныя ногi, пакрытыя чорнымi валаскамi, выцягнулiся i сталi да непрыгожага доўгiмi. Цяпер Iвета трохi сутулiлася, i ад гэтага яе грудзi здавалiся ўпалымi. Як i раней, зачароўвала яе ўсмешка, але цяпер ужо толькi таму, што яна была недарэчы на гэтым твары...

- А я вось атрымаў позву ў Германiю, - сказаў Дэдэ, адхiнуўшы заслону над сваiм замкнёным загадкавым жыццём, - дык я змываюся...

- А куды?

- Ну, ведаеш, у мяне няма нiякага жадання пакiдаць табе мой адрас! зарагатаў Дэдэ. - Я з ахвотай прыхапiў бы i цябе з сабой, ды падполле - гэта не для хворых дам. А зрэшты, табе адно пальцам пакажы - да немцаў ты пабегла б без аглядкi...

Дэдэ пацалаваў у руку мадам Валон, а Iвеце па-ваеннаму аддаў чэсць.

* * *

Вярнуўся ён акурат пасярод зiмы.

- Ну, як маешся, Iвета?

Як i тады, у iх апошнюю сустрэчу, парадку ў краме не было.

- Можа, пройдземся ў парк?

- Давай пройдземся.

Яна хуценька зняла свой старэнькi швэдар i апранула чорнае паношанае палiто з футравым каўнерыкам. Яна заўсёды ўлазiла ў палiто, падняўшы ўгару абедзве рукi, нiколi не чакаючы нiчыёй дапамогi.

Маўчанне парушыла Iвета, калi яны сышлi з апошнiх прыступак белай лесвiцы:

- У цябе так i няма адраса?

- Не... А што чуваць пра бацьку?

- Пасля яго прыезду ў Германiю мы атрымалi толькi адно пiсьмо. Ён пiсаў, што яго пакiнулi ў Берлiне i ён будзе працаваць па сваёй спецыяльнасцi, краўцом. Усё гэта, вядома, добра. Але ж цi доўга ён пратрымаецца без цёплай вопраткi, без нармальнай ежы... Мы-то пасылаем яму ўсё, што можам...

- А вам удаецца дастаць сёе-тое? Калi не, то, ведаеш, хлопцы з макi дапамогуць.

- Ну, як табе сказаць... На чорным рынку можна купiць усё, што хочаш... Ды толькi да бацькi нiчога не даходзiць. Некалькi пасылак вярнулiся назад...

Каля дзiцячай пляцоўкi голая гiпсавая жанчына зябка прыкрывала грудзi, маленькiя блiшчастыя кропелькi iнею ўсеялi яе плечы, i здавалася, што яна ўся дрыжыць.

- Добра яшчэ, што хоць вяртаюць назад, а не забiраюць сабе! - прамармытаў Дэдэ.

- О, калi б яны вярталi тое, што мы пасылаем! А то швэдары - з адным рукавом, а кожная кансервавая бляшанка абавязкова будзе прасвiдравана.

Ад нечаканасцi Дэдэ спынiўся.

- Ды яны проста насмiхаюцца з нас, - сказала Iвета i села ў белае ад iнею жалезнае крэсла. Яна ўзняла галаву i ўсмiхнулася. I ўсмешка тая была горкая, як палын, горкая, як доля абылганай жанчыны, горкая, як яе паламанае жыццё!.. Бедная Iвета!

Яна не плакала. Яна ўвогуле нiколi не плакала - нi тады, калi ў маленстве ўдарыла сабе ножку, бегучы па алеi, нi тады, калi гадзiнамi не магла дачакацца ў парку Дэдэ, а той усё не прыходзiў, нi тады, калi нямецкi лейтэнант не стрымаў свайго абяцання, за якое было заплочана такой дарагой цаной, нi тады, калi ёй рабiлi аперацыю, нi тады, калi яе змешвалi з гразёю i ў тым сумна вядомым шпiталi выкрадалi ў яе маладосць, здароўе, веру ў людзей, - гэтую бясконцую, дурную, злачынную, подлую веру прыгажунi-дзяўчыны, для якой увесь свет быў падзелены толькi на мужчын i жанчын. Iвета ўстала. Дэдэ моўчкi падаў ёй руку. I на гэты раз ён адпусцiў яе адну, а сам застаўся ў крэсле каля качынага стаўка.

Ён глядзеў, як усё аддалялася i аддалялася Iвета. Яна трохi накульгвала: пэўна, ёй цяжка было iсцi на высокiх абцасах па жвiрыстай алеi, а можа, у яе балелi ногi... Адной рукой яна прытрымлiвала палiто, а другой - жорсткiя чорныя пасмы валасоў, i таму паходка ў яе была нейкая няроўная... Здавалася, што i парк, якi нiбы разам страцiў i сваю красу, i свае кветкi, i сваiх птушак, - здавалася, што i парк маркотна пазiраў, як адыходзiла Iвета...

Iвета, недасягальная, неспазнаная Iвета, панесла з сабой сваё неразгаданае жыццё... Яна iшла да аголеных гор пясчанага колеру, чые вяршынi даставалi да самага неба... Дарэчы, чаму яна iдзе не ў горад, а зусiм у другi бок?..

Банальная, банальная гiсторыя ваеннай пары... калi толькi можна назваць злачынства банальным.

Комментарии к книге «Iвета», Эльза Триоле

Всего 0 комментариев

Комментариев к этой книге пока нет, будьте первым!

РЕКОМЕНДУЕМ К ПРОЧТЕНИЮ

Популярные и начинающие авторы, крупнейшие и нишевые издательства