Джон Стэйнбек
Гронкi гневу
Раман
Пераклад: Сямён Дорскi
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
На чырвоныя землi i частку шэрых зямель Аклахомы апошнiя дажджы падалi мякка i не размылi сухую, патрэсканую глебу. Плугi ўдоўж i ўпоперак прайшлiся па канаўках - слядах дажджавых ручайкоў. Пасля дажджоў кукуруза хутка прарасла, на абочынах дарог сям-там вышугалi трава i бур'ян, i пад зялёным покрывам пачалi знiкаць шэрыя i цёмна-чырвоныя фарбы. У канцы траўня неба зрабiлася бялёсым, i аблокi, што ўсю вясну вiселi кучкамi высока ў небе, паступова расталi. З дня ў дзень сонца апякала гарачымi промнямi падрослую кукурузу, i па краях зялёных расткоў пачалi праступаць карычневыя беражкi. Хмары наплывалi i хутка знiкалi, а неўзабаве i зусiм перасталi збiрацца. Ратуючыся ад сонца, пустазелле набыло цёмна-зялёны колер i ўжо не перакiдвалася на новыя ўчасткi. Паверхня зямлi запяклася ў тонкую цвёрдую скарынку, i па меры таго як выцвiтала неба, выцвiтала i зямля - чырвоная ружавела, а шэрая выгарала да белiзны.
У размывах, што засталiся пасля дажджоў, зямля асыпалася сухiмi струменьчыкамi. Шмыгаючы па iх, суслiкi i мурашкаеды абрыналi маленькiя лавiны пяску. Дзень за днём жорстка палiла сонца, i лiсце маладой кукурузы трацiла пруткасць i прамiзну - спярша лiст крыху прагiнаўся пасярэдзiне, потым падоўжная жылка яго слабела i ён панiкаў долу. У чэрвенi сонца пачало пячы шалёна. Карычневыя палоскi па краях кукурузных лiстоў шырэлi, падбiралiся да галоўнай жылкi. Пустазелле зморшчылася, яго бадылiны панiклi верхавiнкамi да каранёў. Паветра зрабiлася празрыстае, неба зусiм злiняла, зямля таксама з кожным днём усё больш блякла.
На дарогах, - там, дзе па iх хадзiлi работнiкi, дзе зямлю крышылi колы павозак i рассякалi конскiя капыты, скарынка запечанай гразi ператваралася ў пыл. Усё, што рухалася па гэтых дарогах, падымала яго ў паветра - пешаход узнiмаў верхнi пласт пылу сабе па пояс, фургон вiхурыў пыл на вышыню агароджы, за аўтамашынай ён клубiўся воблакам i потым доўга не асядаў на зямлю.
Комментарии к книге «Гронкi гневу», Джон Эрнст Стейнбек
Всего 0 комментариев