Сонца ўжо схавалася на захадзе, неба было чыстае, паветра ціхае, у лесе чуліся мілагучныя і дзікія спевы птушак; блізкі быў час начлегу, і я спяшаўся як найхутчэй пакінуць засень лясоў. Выходзячы ў поле, заўважаю на пагорку прывабны шляхецкі дамок, на ўраджайных нівах даспявалі залатыя каласы, і вялікая чарада кароў, рыкаючы, вярталася з пашы. Ведаючы шчырую беларускую гасціннасць, зварочваю туды на адпачынак пасля дзённага падарожжа.
Бачу чалавека, што вяртаецца з поля, ужо пажылы, з загарэлым тварам, капот з шэрага свойскага сукна, галава сівая, на твары спакой і бадзёрасць. Здагадаўшыся, што гэта гаспадар, вітаюся і прашу, каб быў ласкавы дазволіць адпачыць з дарогі да наступнага дня.
— Проша, проша, — шчыра адказаў ён. — Цяпер дзень доўгі, можна не спяшаючыся шмат прайсці. Пан Бог, пэўна, накіраваў у Полацак, адсюль яшчэ сорак вёрст дарогі праз пусткі і пясчаныя баравіны, аднаму, а яшчэ пеша, маркотна і нядобра ісці цёмнаю ноччу.
Калі падыходзілі да жытла, два вялікія сабакі спаткалі нас на дзядзінцы і насцярожана пазіралі на мяне.
— Не палохайся, — кажа гаспадар, — чалавека яны не чапаюць, але дзікіх звяроў блізка не падпусцяць і жывёле найлепшыя вартаўнікі, у нашай гаспадарцы такія сабакі вельмі патрэбныя: мноства ваўкоў і мядзведзяў, не раз нападалі на суседскія аборы.
Ён завёў мяне ў святліцу, дзе былі стол, крэслы і іншыя рэчы сваёй работы з бярозы, простыя, але зручныя. На сценах у ракітавых асадах віселі абразы Збавіцеля, Маткі Божае з надпісам унізе: «Klauber Svulpsіt»[1] і гравіраваныя некалі ў полацкай друкарні партрэты св. Ігнація Лаёлы[2], Андрэя Баболі[3], Францішка Ксаверыя
Комментарии к книге «Драўляны Дзядок і кабета Інсекта», Ян Барщевский
Всего 0 комментариев